8

— Настаўнiк, — прагаварыў Другi, — гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькi цi залiчыць Савет Студыi…

— Савет Студыi Прагнозаў залiчыць вашу паслядоўнасць, — адклiкнуўся той.

— Ты казаў нам пра папярэднiя эксперыменты, Настаўнiк, — адклiкнуўся Першы, — пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робiм, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта — гульня.

— Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынiкаў.

— Мы не атрымаем правiльных вынiкаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць — скажаем.

— Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.

— Настаўнiк! — працягваў Першы. — Мы бывалi ў мясцiнах больш далёкiх i неспрыяльных, чым гэта Хi. Нiколi нам не даводзiлася займацца такой… працай!

— Ты хацеў сказаць «такой бяссэнсавай працай»?

— Так.

— Трэба было сказаць — «такой важнай», — далiкатна ўдакладнiў старэйшы. Мы прыступiлi ўжо да галоўнага эксперыменту.

— Нам патрэбны вышэйшы, якi валодае вышэйшым розумам.

— Вышэйшае пазнаецца праз нiжэйшае.

— Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? — асцярожна спытаўся Першы.

— Я хачу сказаь: гульня — выпрабаваны сродак для зразумення сутнасцi.

— Настаўнiк! — сказаў Другi. — За намi назiраюць. Мой iндыкатар сiгналiць з самага пачатку.

— Мой таксама, — кiўнуў Першы.

— Так, — адказаў Настаўнiк.

— Калi гэта назiранне, — то ў межах допуску. Але я лiчу, што гэта спецыфiчныя токi планеты Хi.

— Ты даў два адказы!

— Такая асаблiвасць Хi, — сказаў Настаўнiк. — Далей…

* * *

Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнiкi. Нават розуму недаступна — яны тут, i ў той самы час iх нiбы няма: шчоўк — i прапалi. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далонi, што зусiм побач стаiць нехта i глядзiць i ўсё яму пра цябе вядома, — ведаць гэта i нiчога не бачыць, i няма куды падзецца… Самi, самi вiнаватыя. Навучылiся, наадкрывалi, насiгналiлiся ў белы свет, i цяпер вось — будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды нiхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваiм доме на становiшчы той жа паддоследнай казяўкi: захочуць — пакажуць табе фокус, не захочуць — адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню i даўжыню, ад прашчураў да фiнiты, i ўбачаць яны навылет, як там з табою было i як будзе i цi надаешся ты да ўжытку…

Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што за апошнi час нашы мудрацы i так, дзякуй богу, прымоўклi. Нiхто ўжо без аглядкi не распiнаецца пра ўсяленскае дабро, пра «спрыяльныя i прыхiльныя адносiны да нас нязведанага», няхай гэта будзе космас або што iншае. Цяпер, прынамсi, скемiлi, што калi ён калi-небудзь i адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынiк можа быць розны, усякi, а не вось такi канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калi нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таi зла на другога, але не таi i пiльнасцi.

Урэшце — далей.

Загрузка...