Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.
Следства скончылася за самы кароткi час, «а калi яшчэ, — пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне». Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.
— Цяжка ўявiць! Неверагодна! У маiм уладаннi! У маiм доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная! — Ён у знямозе павалiўся на трон i зайшоўся ў нервовым кашлi. — Лiквiдаваць!
Вялiкую Княгiню прыбралi ў чорнае адзенне, прывязалi на шыю камень, занеслi на мора i кiнулi ў самым глыбокiм месцы. Перад пакараынем яна паспела толькi пралепятаць:
— Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што… — Але дагаварыць не паспела.
Галоўны фiлосаф Грыфус Мантанус Прэдзiтус з прычыны гэтага сумнага здарэння нiбы сказаў, што ў гады росквiту i дабрабыту, у хвiлiну зацiшша пiльнасць асаблiва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасцi i цiшынi, i святочны стан распаўсюджваецца падобна эпiдэмii. А гэта, сказаў ён, вельмi небяспечны i шкодны стан.
Уладар абазваў яго балбатуном, а цiкаўная Аракулька выдала сваё спакойнае «ку-ку».
А сiтуацыя мiж тым развiвалася далей.
Не паспела зацiхнуць гамонка пра складскiя справы, як з Заходнiх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збiралiся вялiкiмi чародкамi, наладжвалi шумныя i недапушчальныя банкеты, у часе якiх абгаворвалi Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалi мясцiны палявання. Каб навесцi парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохцi! — неўзабаве нешта ж падобнае адбылося i на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначылiся перапёлкi. Гэтыя пайшлi яшчэ далей: зрабiлi чучала свайго гаспадара-фiлосафа, вiлiся вакол яго i выкрыквалi (лiтаральна так), «што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякiм калматым жывадзёрам». Акрамя таго, яны знеслаўлялi Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымi брыдкiмi словамi. Над гэтымi нахабнiкамi зрабiлi паказальны суд.
А Зязюля-Аракулька не стамлялася прадказваць смуты, хоць ужо i так было зразумела, што птушыны мацярык перажывае крызiс. Пасля перапёлак слухалася справа аб хабарнiцтве гракоў; потым на павальным браканьерстве папалiся кулiкi, а ў дадатак нешта з вадаплаўнымi… I так — адно за адным… Ды ўсё ж яшчэ можна было мiрыцца, калi б не гэта жахлiвая навiна пра змову. Так-так! у самым палацы рыхтавалася змова, i на чале — хочаце верце, хочаце не — стаяў нiхто iншы, як фанабэрысты Строгi Сарыч.
Спачатку было два-тры сiгналы, якiм уладар не надаў значэння, бо лiчыў гэта чыстай лухтой. Але прыйшоў Яго Непазбежнасць Выпадак — ён заўсёды, урэшце, прыходзiць, i — вочы раскрылiся.
Было так. Магутны Арол iшоў калiдорам, i раптам з пакояў Прыгожай Галубкi пачуўся шчаслiвы смех. Магутны Арол прыслухаўся i пазнаў голас свайго сябра i мiнiстра настрою i парадку. Сумненняў не было, бо ён пазнаў бы гэты цудоўны голас сярод тысячы падобных — столькi Ўлажэнняў было iм зачытана! А праз некалькi хвiлiн адчынiлiся дзверы, i мiнiстр з'явiўся ўласнай персонай. Без адзiнага гуку ўладар адразу сам арыштаваў яго. На допыце Строгi Сарыч прызнаўся, што задумваў пераварот. Калi афiцыйная частка закончылася, Магутны Арол наведаў зняволенага ў камеры.
Строгi Сарыч быў распасцёрты на падлозе i нагадваў хутчэй бясформенную кучу зваляных пёраў, чым жывое цела. Магутны Арол сеў i закрыў вочы крыламi: яму было цяжка бачыць свайго нядаўняга любiмца, якi так нiзка паў.
— Нiколi, Сарыч, — прамовiў ён з болем, — нiколi я не паверыў бы, што ты… — I заплакаў.
— Я невiнаваты, Ваша Недаступнасць, — пачуўся млявы хрып; голас, гэты цудоўны голас, загiнуў назаўсёды (Строгаму Сарычу праламалi горла), i Магутны Арол заплакаў яшчэ мацней.
— Я невiнаваты…
— Так-так, Сарыч. Несумленны i перад смерцю манiць.
— Невiнаваты…
— Ты ж прызнаўся, Сарыч. Нашто цяпер упарцiцца? Ад страху?
— Я не баюся, Ваша Недаступнасць. Але так памерцi…
— Як жа ты думаў памерцi?
— На полi бiтвы.
— На полi бiтвы… Добранькае ж поле ты нагледзеў сабе… Гэтак подла ашукаць мяне… А ты ж быў сябрам. Сокал, той — мой сабака, а ты быў сябрам. Ты памятаеш нашы паляваннi? Ты, значыць, для таго ўгаворваў мяне адлучацца з замка, каб плесцi сеткi здрады? Так, вiдаць, такi настаў час, Сарыч, што i сябрам веры няма. Бывай жа. Памры стойка.
I з гэтымi словамi Магутны Арол выйшаў, выцiраючы слёзы.
Тры днi правёў ён на адзiноце ў патаемным пакоi, на чацвёрты iм раптам авалодаў небывалы прыступ лютасцi. Ён уварваўся ў спальню Прыгожай Галубкi (яна якраз займалася перадабедзенным туалетам), выгнаў соек i раз'юшана закрычаў:
— Распуснiца! Здраднiца! I ты з iм заадно? Ты, якую я падабраў на сметнiку i зрабiў царыцай, хоць у паскудных тваiх жылах няма нi кроплi арлiнай крывi! Ты, якая стала б звычайнай дзеўкай у карчме трэцяга разраду! I ты пасмела зганьбiць маё iмя! — I тут ён пачаў зрываць з яе царскае ўбранне.
— Мiлы, — шаптала яна, ледзь не трацячы прытомнасцi, — Ваша Недаступнасць! Памылка… малю… выслухайце…
— Маўчаць!!!
I на гэтым бiяграфiя Прыгожай Галубкi «мела, як пiша Пасвячоны, свой канец». А фрэйлiны яе былi аддадзены на пацеху iнтэндантам-канюкам, а потым пасланыя ачышчаць лясы ад шкодных жучкоў.
Надышлi цяжкiя часы. Прыёмы i аўдыенцыi былi адменены, установы, дзе можна было б прыемна пасядзець i весела прабавiць час, — замкнутыя, ранiшнiя прагулкi не практыкавалiся. На месца Старога Сарыча, з захаваннем ранейшых абавязкаў, быў прызначаны яго раўнадушнасць Зоркi Кондар, якi адразу выдаў Улажэнне, што забараняецца па начах запальваць святло. I толькi працягвалiся выхады на паляванне. Тут Магутны Арол адпачываў душой i целам.