23

Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.

— Нельга! — чаканiў Старэйшы Сокал.

— Вельмi важна! — настойлiва казаў цiхi голас.

— Яго Недаступнасць адпачываюць!

— Прэч!

Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:

— Сокал! Пусцi Дзятла!

I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.

— Дрэнь! — закрычаў ён лютым голасам. — Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! — I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:

— Крумкач, Ваша Недаступнасць… Запiскi… Сшытак…

Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.

А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:

— Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. — I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.

Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага — успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.

Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.

— Сокал! — паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: — Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух — гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?

— Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! — адразу адказаў целаахоўнiк.

— Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.

I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.

Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:

— Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?

— Разумею, Ваша Недаступнасць, — адказваў Крумкач. — Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.

— Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?

— Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.

— Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?

— Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.

— Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?

— Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.

— Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!

Тут Старажытны Крумкач усмiхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара i прамовiў:

— Я гатоў. I хачу пазбавiць Вашу Недаступнасць ад лiшнiх пытанняў. Але гаварыць буду толькi з вока на вока.

— Сокал, выйдзi! — пачулася неадкладнае распараджэнне.

I потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзiм дакладна, як расказваецца ў «Запiсках» Пасвячонага.

«— Арол! Ты магутная i вольная птушка. I я табе служу, як служыў твайму папярэднiку, якога ты перамог у лютым баi. Але служыў я i папярэднiку твайго папярэднiка, i яшчэ раней, i нават тады, калi ты не быў не толькi Магутным Арлом, але i Грозным Мядзведзем, але i Змрочнай Пантэрай, але i Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафнiяй з пароды карычневых, што мiрна жылi каля старога пня сярод гнiлога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат i ведаюць. Ты быў радавой дафнiяй i адрознiваўся ад астатнiх хiба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубiла славалюбства. Яно напаiла ядам тваю гордасць, гордасць кiнула цябе ў вiр крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзiла зайздрасць, а тая — прагу ўлады. Цi памятаеш ты, Арол, што табе, памiраючы, расказала Старая Дафнiя? Яна перасцерагала цябе. Але зернi мудрасцi ўпалi на бясплодную глебу — памылiлася старая. У тваiм уладаннi апынуўся Плацiнавы Абруч — ды цi разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч — ключ да Праўды. А ты з яго зрабiў цацку. Ты пакiнуў сваiх сародзiчаў i здрадзiў iм. З помсты ты наслаў на iх Чорнага Жука, ад продка якога iх выратавала Старая Дафнiя, якая даверылася табе. I табе мала здалося аднаго, дык ты напусцiў i другога. I цяпер няма больш дафнiй каля старога пня, Ваша Недаступнасць, нiводнай не засталося. Чорныя Жукi зрабiлi сваю справу. Яны самi загiнулi: нечым было жывiцца i, раз'юшаныя i галодныя, яны накiнулiся адзiн на аднаго i забiлi самi сябе. Пачварныя iх шкiлеты ляжаць на дне сажалкi, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацiнавы Абруч. I зарастае мясцiна карычневых дафнiй розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй i вышэй i ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялiкiх вышыняў, ты стаў магутны i славуты. Але скажы, цi быў ты хоць хвiлiну шчаслiвы? Цi быў па-сапраўднаму i свабодна шчаслiвы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў i патрабаваў, тваiм убогiм жаданням не было канца, а Плацiнавы Абруч даваў i даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў iм — такая ўмова! I Старая ж Дафнiя, якая папрасiла вызвалiць сваiх, не была суцешана — яе ацуралiся i абвiнавацiлi ў палахлiвасцi i здрадзе, не ведаючы, што выратавальнiца — яна; жыццё яе скончылася ў галечы i невядомасцi. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся — чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол… Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання… Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо — дурны, стары, бездапаможны Арол.

А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..

Я ведаю — ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.

Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў — для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства… А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць…»

Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.

Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:

— Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач… Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней… I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.

Усмiхнуўся Старажытны Крумкач, пакланiўся i выйшаў.

Той жа ноччу царскi брамнiк раптоўна сканаў у сваёй каморцы.

Загрузка...