Ну, тут мне няма чаго рабiць са сваiмi каментарыямi, прапусцiм гэта месца з «Запiсак» Пасвячонага, тым больш, што нiякiх, запэўнiваю вас, адносiн да тэмы, як кажуць, iх спрэчка не мае, а так — адна пустая грызня: хто каго пераканае, хто каго перакрычыць.
Прапусцiм дзесяткi тры старонак i зноў вернемся ў птушынае царства.
Зацiшша там, як i трэба было чакаць, было нядоўгае. Не паспелi, як кажуць, атрымаць ад яго асалоду, як на табе! — зноў навiна: скампраметавалi сябе Фiлiн, Каршун i Сакол-Каршачок, а таксама кухары-каршуны. Прычым у абвiнаваўчых актах на гэты раз фiгуравалi такiя словы, як «сладастраснасць», «скажэнне смакавых адчуванняў», «цяга да неўласцiвай птушкам ежы» (Элегантны Сакол-Каршачок нiбыта нават наладзiў патаемную вытворчасць i гандаль мёдам).
Магутны Арол з цяжкасцю ўзышоў на троннае месца i мутным позiркам аглядзеў залу. Змрочнай пустатой дыхнула на яго, час нiбы застыў, ашчэрылiся бязгучныя пашчы вокнаў. Трэба было ляцець да Плацiнавага Абруча. Але чым дапаможа ён на гэты раз? Адновiць парадак? Верне адданых саратнiкаў? Супакоiць?.. Але ж Абруч не дае суцяшэння.
Магутны Арол паклiкаў Цiхага Дзятла i спытаўся пра новыя факты беззаконня i вось якi пачуў адказ.
— Памылкi няма, Ваша Недаступнасць. I не можа быць. Калi кожны з iх невiнаваты, дапусцiм, яўна, дык вiнаваты скрыта, — гэта iсцiна. Перад дадзенай iсцiнай усе законы i Ўлажэннi — поўная бездапаможнасць. Бо вiна, Ваша Недаступнасць, павiнна вызначацца не цяжкасцю ўжо зробленых правiннасцяў, не выкрывальнымi фактамi, а ступенню магчымасцi ўзнiкнення iх. Усе магутныя ўладары ўсiх часоў толькi таму цярпелi крах, што не ведалi гэтай iсцiны або не жадалi яе засвоiць. Кожны з падданных Вашай Недаступнасцi ў розны час дапускаў такое, што наводзiла мяне на роздум. Аднак я да часу чакаў, каб не быць галаслоўным перад Вашай Недаступнасцю. Памяркуйце самi! Вось, напрыклад, яго неўтаймаванасць Спрытны Каршун, якi, як вядома, стаў над канцылярыямi пасля «Справы 666». Неаднойчы я чуў, што ён, адрываючыся ад працы i апускаючы галаву на паперы, казаў: «Ах вы, клопаты-клопаты…» Вось i прааналiзуем… Чаму ён так казаў?.. Чаму ён так казаў;.. i чаму ён так казаў? Да таго ж, вядома, Вашай Недаступнасцi не трэба тлумачыць, што стаiць за гэтым «ах вы, клопаты…». А калi б Ваша Недаступнасць магла чуць, з якiмi iнтанацыямi ён вымаўляў… Акрамя таго, гэтае скажэнне смакавых адчуванняў?.. А кухары? Вечныя перашэптваннi на кухнi, патаемныя азiраннi па баках, i нешта хаваюць пад крыло… я не здзiвiўся б, калi б яго высокасцярвятнiцтва, дэгустуючы, аднойчы павалiўся мёртвы… Дужа баяўся сведак яго раўнадушнасць Зоркi Кондар — варта мне паказацца, як ён злосна праганяў мяне, называючы мярзотнiкам i подлай жывёлiнай. Зразумела, я здагадваўся аб прычыне: ён як быццам сваяк Вашай Недаступнасцi… А Фiлiн як стрыечны брат Вялiкай Княгiнi…
— Пачакай, — перапынiў яго Магутны Арол. — Ты кажаш, што кожны мой падданы дапускаў такое. Значыць, i ты?
— Я вось таму i служу Вашай Недаступнасцi, каб выкрываць такое.
— Але ж i ты мог дапусцiць такое. Мог жа. Можа, твае рапарты толькi нагаворы, каб я ўзвышаў цябе перад iншымi, га? Бо ты пташка, якая любiць пашану!
— Але хiба я калi-небудзь пра што-небудзь такое прасiў Вашу Недаступнасць? Мая служба…
— А навошта яна ўвогуле патрэбна, твая служба, калi ты i сам прызнаёш, што за кожным водзiцца такое, гэта значыць, калi ўжо ўсё загадзя вядома?
— Я ўвесь ва ўладзе Вашай Недаступнасцi, i калi Ваша Недаступнасць мяркуе, што я i мае абавязкi, а больш дакладна, калi Ваша Недаступнасць лiчыць iх…
Магутны Арол ужо не чуў Дзятлавага мармытання. Лютасць ускаламуцiла яго душу, як раптоўны абвал ускаламучвае спакойнае возера.
— Усiх! — закрычаў ён. — Усiх да аднаго — зволiць, зволiць! Кухараў, капельмайстраў, астролагаў, пажарнiкаў… Усiх! Гэта не царскi дом, а прыстанiшча мярзотнiкаў…
— Ёсць! — адказаў Старэйшы Сокал, якi з'явiўся ў дзвярах.
I з гэтага моманту ў замку ўсталявалася поўная цiшыня.
Па пустых калiдорах i залах гуляў вецер, бясшумна варушылiся выцвiлыя шторы, па падлозе тут i там слiзгалi розныя паперкi, шматкi адзення, абрыўкi пер'я i iншая дробязь. Па пустых кабiнетах нячутна рухаўся Цiхi Дзяцел, выстукваў сцены, падаконнiкi, ножкi сталоў i падлакотнiкi крэслаў, заглядваў у пустыя куты, пазяхаў i, сумуючы, кiраваўся далей.
Каля варотаў драмаў адзiнокi Старажытны Крумкач; прачынаючыся, ён блiзарука жмурыўся на сонца i ўздыхаў.
Цiшыня парушалася толькi зрэдку: у нiшы над пустым тронам абуджалася Аракулька, i тады па замку гулка разносiлася:
— У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу… у су-мя-тнi дзён… У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу… Ку-ку… ку-ку…
Крумкач, бразгаючы ключамi, заглядваў у залу i сумна гаварыў:
— Змоўкла б ужо, далiбог…
— Ку-ку, — адказвала Аракулька, i эха разлягалася ў дальнiх памяшканнях, i ўздрыгвалi на верхнiх вежах шулёнкi, чакаючы загаду, i зноў апаноўвала iх адранцвенне, бо загаду не было.
Магутны Арол амаль не пакiдаў сваiх пакояў. Ежу яму прыносiў Старэйшы Сокал, пасцель ён засцiлаў сам. Справы ўжо не цiкавiлi яго.
А ў лясах i далiнах (магчыма, i ў вынiку частых паляванняў) стала мала жыўнасцi, ды i тая, што ўцалела, гiнула ад засухi i хвароб або перасялялася ў далёкiя i змрочныя нетры, так што шулёнкам усё больш цяжка было здабываць ежу сабе i свайму пану. У дадатак на лясы раптам напала казявачная эпiдэмiя амаль нябачныя кузуркi i чарвячкi пажыралi не толькi хвою i лiсце, але i кару, i лясы хутка пачарнелi, пачалi гнiць, i нясцерпны смурод iшоў ад iх. А дзяўчат-соек там даўно i след прастыў.
Магутны Арол, седзячы на падаконнiку, пазiраў удалечыню, i цяжкiя думкi маршчынiлi яго лоб. «Вось, — думаў ён, — вось да чаго я дайшоў. Я — Аквiла Рэгiя Iнвiктус Максiмус Юстус — павiнен перажыць крушэнне самога сябе…»
Ён паклiкаў Аракульку.
— Я — вялiкi?
— Ага.
— Чым?
— Магчымасцямi.
— Якiмi?
— Iмем.
— А велiч духу?
— Прах.
— А свабода?
— Лухта.
— А ўлада?
— Ку-ку.
— Але я быў патрэбны!
— Чарадзе.
— Я — замяняльны?
— Ага.
— Хлусiш, праклятая вяшчунка! — крычаў Магутны Арол i, адвярнуўшыся, закрываўся крылом, каб Зязюля не бачыла перакрыўленага пакутамi позiрку.
— Хто можа замянiць мяне?
— Кожны.
— А iмя?
— Дадуць.
— Хто?
— Чарада.
— Тая, якую я…
— Тая.
— Хлусiш!
— Ку-ку.
— Я — люты?
— Адносна.
— Я варты жалю?
— Адносна.
— Я хворы?
— Адносна.
— Можа, вернецца страчанае?
— Не.
— А што сталася?
— Жыццё.
I заўсёды, пасля паўзы, ён задаваў апошняе пытанне:
— Што мяне чакае?
I адказ заўсёды быў адзiн i той самы:
— Бяссмерце.
Гэтае слова ўпiвалася ў яго, як страла, i ён, пакутуючы, праганяў Зязюлю. «Што мне ад бяссмерця? — думаў ён. — Цi лягчэй ад усведамлення таго, што iмя тваё ўвойдзе ў вякi? У такiм вось веку, скажа нейкi паважны нашчадак, у такiх вось краях жыў-быў Магутны Арол. Але я не ўбачу твару гэтага нашчадка, не пачую, якiм голасам вымавiць ён гэтыя словы… Хто iм раскажа, як шмат у канцы сваiх дзён перажыў той, якому не было роўных? Адзiнокi, непатрэбны…»
Часам авалодвала iм прага дзейнасцi. Ён пакiдаў замак i ляцеў над зямлёй. I хоць яна не была ўжо блакiтная i зялёная, а цалкам чорная, ён дзелавiта аглядваў яе з вышынi, прыкiдваў, як яе змянiць.
— Мы збяром тых, хто застаўся, — казаў ён вернаму свайму целаахоўнiку. Мы ўсё iм адкрыта скажам, i яны пачуюць свайго пана i сябра! Мы аздаровiм рэкi i стэпы, звядзём гэтых праклятых кузуркаў, якiя нiшчаць лясы. Мы забаронiм паляванне — няхай звяры нараджаюцца нанова i пасяляюцца, дзе хочуць…
I вось ужо далёкiя думкi, падобныя свежаму ветру, пранiзвалi яго. «I тады ў мяне будзе новы двор, новыя слугi, я знiшчу ўсе старыя Ўлажэннi i выдам новыя, i абнародаваць iх будзе роўным прыгожым голасам малады Сарыч. Падрасце моладзь, я выберу лепшых для здзяйснення задумаў, мы перабудуем палац, i ў часе шумных прыёмаў маладая царыца будзе сядзець побач са мной на новым троне. А гэтага праклятага Дзятла я загадаю пасадзiць у клетку i кармiць цераз дзень казуркавай падлай…»
Ён так захапляўся, што забываў, куды ляцiць, а калi схамянаўся, то бачыў: унiзе чарнее зямля, а ўдалечынi чарнее лес, а ў абмялелых рэках кiшаць усялякiя стварэннi i цьмянае сонца садзiцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае i напышлiвае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?
Магутны Арол апiсаў круг i ляцеў у замак. «Не, — казаў ён сам сабе стомлена. — Не будзе паўтарэння. I не трэба паўтараць…»
Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нiбы нехта яго паклiкаў. Цi гэта яму прыснiлася, цi хваравiты стан выпадкова выдаў той вокрык — у першыя секунды нiчога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая i месячная, стаяла мёртвая цiшыня. Ён падышоў да дзвярэй — за iмi стукала сэрца Старэйшага Сокала i Магутны Арол зразумеў, што трэба рабiць. Цела яго ныла i хвалявалася, нiбы ён вось-вось мусiў кiнуцца на ворага.
— Сокал? — гучна, як калiсьцi раней, паклiкаў ён.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць!
— Дваццаць шулёнкаў! — Ён не адважыўся загадаць «сорак», як раней: колькасць iх ужо значна зменшылася.
— Ёсць…
I ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне i — спакойны голас: «А цяпер вы павiнны памерцi…» Толькi ўмяшання пана ўжо не трэба было — усе шулёнкi памерлi самi, такiя яны былi слабыя: невялiкая натуга, сутарга i — канец… Ён прыпаў да Абруча i прастагнаў:
— Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае «потым»…
I святло Абруча напружылася i заiскрылася.