19

Да гэтага часу не магу зразумець, чаму яны прычапiлiся да гэтых шалапутаў, што п'юць гарбату на беразе возера. Ну наткнулiся выпадкова, а потым чаго чапляцца?

Пасвячоны пераконвае, што гэта нездарма i што бесклапотны юны нобл Другi, значыць, — якi патрабаваў яшчэ i яшчэ раз вярнуцца да «трох фiлосафаў», зусiм не такi ўжо бесклапотны, бо ён, бачыце, улавiў нейкую там сувязь памiж тымi галубчыкамi i дафнiямi i не быў абвергнуты Настаўнiкам. Першаму ён у сваёй жартаўлiвай манеры сказаў, што, значыцца, нiякiя гэта не мясцовыя «вышэйшыя», а, вiдаць, ноблы, якiя аклiматызавалiся на планеце Хi, i прыяцель яму адказаў, што не чакаў такога легкадумства.

I вось яны, нягледзячы на пратэсты Першага, пачалi ганяць свой эвальвентар сюды i туды, i «фiлосафы» з'яўлялiся то зусiм галадранцамi, то ў касмiчным адзеннi, i мова iх, якая толькi што была грубая i непiсьменная, раптам рабiлася культурнай, а то i настолькi перасыпанай вучонымi слоўцамi, што, далiбог, я i ў апiсаннi Пасвячонага нiчога амаль не мог зразумець.

Не ведаю, нашто iм — Другому i яго Настаўнiку — патрэбна была гэта камедыя. Але нарэшце высветлiлася, што iх «фiлосафы» цi нейкiя акцёры, цi дыялектолагi, якiм трэба было апусцiцца, каб здабыць, бачыце, некаторыя спецыяльныя веды. А потым Другi хiтра ўсмiхнуўся i сказаў, што ўлоўлiвае падабенства старэйшага з «фiлосафаў» з iх Вялiкiм Магiстрам (загадчыкам, цi што, гэтай Студыi Прагнозаў?) i што той нiбы таксама носiць з сабой нейкую там пасудзiну. На што Першы адказаў, што гэта ўжо поўны здзек i ў такiх умовах вучэбную практыку праходзiць немагчыма. Другi раптам сур'ёзна запярэчыў, што практыка — самая найлепшая, што нiколi, бачыце, перад iм не паўставала столькi значных пытанняў, як цяпер.

Мне няма нiякай справы да ноблаў i iх праклятай студыi, а таксама да тамашнiх парадкаў i магiстраў. Але мне дзiўна, што Пасвячоны так падрабязна, так акуратна i не без замiлавання нават (ды няхай ён мне прабачыць, калi я чаго-небудзь не зусiм зразумеў) апiсвае ўсё гэта.

Далей — болей.

Маладыя ноблы заспрачалiся пра тое, чым растлумачыць такое iх падабенства з «жыхарамi Хi», гэта значыць з намi. Першы рабiў упор, значыцца, на тое, што нiбы тут выпадковае супадзенне; Другi ж пачаў фантазiраваць, што яны (гэта значыць ноблы) ужо калiсьцi пабывалi на Хi, а то i ўвогуле Хi — iх прарадзiма, i проста яны ў свой час пакiнулi яе i падалiся ў космасу пошуках жыццёвага прастору. I Настаўнiк не пярэчыў фантазii свайго падапечнага.

— Калi мы — Хi, — сказаў абураны Першы, — дык чаму яны такiя адсталыя? Чаму дзiчэюць?

— Можа, мы дзiчэем? — з запалам спытаўся Другi. — Мы, перанасычаныя тэхнiчнымi i навуковымi ведамi, адсталыя i дзiкiя ў параўнаннi з iмi?

— Веды i дзiкасць несумяшчальныя!

— Лягчэй давесцi адваротнае!..

Загрузка...