— Эксперымент скончаны? — сказаў Першы i выключыў эвальвентар.
— Усё?! — Другi быў вiдавочна расчараваны. — Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якiя сапернiчаюць, пачнуцца змаганнi за жыццёвую прастору… Так, стары Спiу быў вялiкiм казачнiкам.
— Стары Спiу валодаў цярпеннем, — прамовiў Настаўнiк.
Маладыя ноблы пераглянулiся.
— Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? — палiчыў Першы.
— Плацiнавы Абруч — надзейны стымулятар, — сказаў Настаўнiк. — Мы бачылi толькi пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзi дэкуртар на поўную магутнасць…
I тут запiс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькi праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснiчалi са сваiмi апаратамi, i Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць…
Вольнаму воля, але цi варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнiчаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькi прыгадаю як факт «Запiскi» Пасвячонага напоўнены такiмi «засмучэннямi» i шкадаваннямi.
Ну як тут усумнiцца, што толькi чыстая цiкаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён цi паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзi, назiрай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага iншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлiвасцi. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне…)
О цiкаўнасць — мацi пачуццяў зямных! Ты — слiзкая горка, i нясе па табе ўнiз злоўленых табою, i няма за што iм зачапiцца. I ўсё нiжэй i нiжэй iмчыць у туманную далiну ганарлiвых вучоных забабонаў. I называецца гэта «прагрэс». Калiсьцi, расказваюць, зямлю не аблытвалi жалезныя i бетонныя iстужкi, неба было светлае i цiхае, у модзе былi спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра…
Цiкаўнасць — той Абруч, той iх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнiкамi.