Аднойчы ясным павольным ранкам Магутны Арол, несвядома блукаючы па замку, выпадкова забрыў у кабiнет, дзе калiсьцi была Галоўная Канцылярыя. Ад крэслаў i сталоў засталося толькi ламачча, каваныя шафы аселi, заржавелi i раскляпалiся, з прагнутых палiц спаўзалi стосы тоўстых папак. Па сценах сцякала брудная слiзь, капала са столi, усё было зацягнута густым i лiпкiм павуцiннем. Адна з папак была раскрыта, i праз плесню i гнiль неразборлiва праглядвала наступнае:
«…высо…ша загадваю ў…лейшым назы…ць поўн… iмем аквiла рэгiя iнвiктус максi….ма векi…оў…».
Ён апусцiўся на падлогу, побач з папкай. Прамiльгнула здзiўленне: няўжо гэта было калi-небудзь важна?
Доўгi час ён быў у нерухомым стане. Потым устаў i выйшаў. Хада яго была нечакана цвёрдая, позiрк мэтанакiраваны.
Ён падняўся на адну з яшчэ ўцалелых вежаў, стаў на ветры i пачаў абтрасацца, счышчаць з сябе гразь, i гэта заняло нямала часу. Нарэшце ён скончыў i зычна гукнуў унiз:
— Бывай, Аракулька! Бывай, Зязюля!
Потым узмахнуў крыламi, упэўнiўся, што моц у iх яшчэ ёсць, i ўзняўся ў паветра.
Было цiха i бязвоблачна. Ён ляцеў хутка, набiраючы вышыню, i ўбачыў нарэшце спераду палоску мора.
Мора было спакойнае. Адлiвам агалiлiся карычневыя камнi i блiшчэлi на сонцы. Пясчаная каса пад скалой ужо ўся выйшла з вады i абсыхала.
Ён апусцiўся на пясок i пачаў разграбаць яго. Выцягнуў Плацiнавы Абруч, абтрос i паклаў на пясок, далей ад ямы. Потым перадыхнуў, узяў Абруч у кiпцюры i паляцеў над морам.
Ляцеў ён да самага вечара. I калi сонца ўжо садзiлася на ваду, пачаў кругамi знiжацца. I вось за некалькi метраў ад паверхнi ён галавой дакрануўся да Плацiнавага Абруча i сказаў сваё апошняе жаданне:
— Хачу быць дафнiяй. Але дай мне арлом даляцець да маёй радзiмы.
I з гэтымi словамi ён раскрыў кiпцюры.
«Цуд! Адбыўся цуд, — паведамляе Пасвячоны. — Уяўляю супярэчлiвасць i ненавуковасць дадзенага слова, але не магу не вымавiць яго: так, адбыўся цуд. I я хоць i чакаў яго, i быў гатовы, але ў першыя iмгненнi не мог паверыць сваiм вачам: мы прыйшлi да зыходнага. А больш дакладна…»