«Яны зноў, - чытаем у Пасвячонага, — прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.
Кожны раз, калi яны „знiкалi“, мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што — можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам — абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?
Раскрываючы свае „цуды“, ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, — яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы — проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках — вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.
Такiм чынам, яны зрабiлiся нябачныя, а я пачаў чакаць iх з'яўлення i пакуль што раздумваў над убачаным i пачутым. Я думаў над гiпотэзай — „ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю“. Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю i ноблаў, па ўсёй верагоднасцi, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў i тэхнiчныя магчымасцi робяць iх намнога больш магутнымi. I м у сябе цесна, i гэта сур'ёзная акалiчнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае i мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. „За рукi возьмемся, сябры“, як сказаў паэт мiнулага веку.
Але ёсць i другая гiпотэза: „ноблы шукаюць з намi кантакту, якi разумеюць адпаведна сваёй лагiчнай сiстэме“. I калi яны пакуль яшчэ не iдуць на непасрэдны дыялог, то таму толькi, што не маюць дакладных i поўных, на iх думку, ведаў пра нас. Адным словам, праяўляюць асцярожнасць.
Магчыма (i да гэтага я схiляюся ўсё больш), справа не ў адной асцярожнасцi, а i ў тым, што ноблы неаднолькавыя, гэта значыць — мысляць неаднолькава. Адны больш ваяўнiчыя, кажучы нашай мовай, i прагнуць атрымаць жыццёвую прастору сiлай, другiя ж, мяркуючы па ўсiм, настроены iнакш. Гэта значыць, памiж першымi i другiмi няма поўнай згоды, што, трэба думаць, таксама затрымлiвае ажыццяўленне iх планаў.
Такi вывад напрасiўся ў мае разважаннi, калi я думаў пра Настаўнiка юнакоў, якi пажыў ужо на Зямлi i якога немагчыма адрознiць ад чалавека. Яго погляд, паводзiны, яго словы… Няма сумнення, што ён належыць да другiх у маiм умоўным, прыблiзным iх падзеле.
Я ўвесь час адчуваю, што памiж iм i мною нiбы тэлепатычная сувязь. Ён заўсёды як быццам падказвае мне: вось тут трэба засяродзiць увагу, а тут аслабiць, зразумейце маю працу правiльна, гэта сур'ёзна. А я быццам падтакваю, прашу тут запаволiць, там паскорыць…
Урэшце, час: я адчуў невыразны сiгнал, зараз яны працягнуць…»
Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён iм падтаквае.
Цяжкавата тут, паслягэтага месца «Запiсак», не западозрыць нашага Пасвячонага ў залiшняй даверлiвасцi i мяккасардэчнасцi. Але што зробiш: ён Пасвячоны.