Дзень стаяў макраваты. Дождж прадвяшчаў тугу працоўнага дня. Прырода Нёмана нібыта ўжо добра прачнулася. Свежыя лісткі зеляніны на дрэвах абуджалі прыродны аптымізм. І ўсё ж на душы Данііла вісеў цяжар. Яму вельмі хацелася дакладна выканаць пастаўленую начальствам задачу. Больш за тое, Данііл выдатна памятаў свае думкі перад сустрэчай з Валянцінам Пятровічам ды Таццянай. І вось – пасля іх працяглай размовы нешта іншае свірбела яго. Ці гэта была вясна, ці то закаханасць, ці горад, усведамляючы пагрозу, сабраў усю сваю моц і накіраваў яе на беднага маленькага памочніка па культуры? Можа, горад у захапленні ўласнай недатыкальнай веліччу вырашыў даць гэтай сістэме апошні бой?
Акурат у гэты момант яго паклікалі ў кабінет старшыні.
Папераменна паглядаючы то на аднаго, то на іншага візіцёра, шэф схаваў аркуш са спісам гісторыкаў у шуфляду.
— Справаздачу тваю я вельмі ўважліва прачытаў. Выдатны матэрыял! Мы яго даўно засакрэцілі, а вось усё адно на паверхню ўсплыла гэтае дзясятае стагоддзе.
— Менавіта дзясятае! Я лічу, варта дачакацца камісіі з Інстытута археалогіі. Я рыхтую ім ліст зараз. Вельмі прашу пачакаць з тэхнікай, – ён пакасіўся на незнаёмца, які пры вестцы аб лісце ў інстытут зморшчыўся.
— Ты нармальна кажы, без утайкі. Роберт – наш чалавек, можаш давяраць яму як сабе. Ці нават больш – як мне! Пачакай пакуль з лістамі, пачакай. Думаю, зараз ты зменіш стаўленне. Але яшчэ скажы: вернікі, гісторыкі – што яны могуць нам супрацьпаставіць?
— Гісторыкі і музейшчыкі – супраць. Але яны занадта слабыя для супраціву. Днямі знайшлі забітым самага лепшага з іх. Менавіта ён адкрыў старажытнасць храму. Я пазнаёміўся з шэрагам грамадзян. Годныя людзі. Але цяпер яны не маюць аўтарытэту. Баюся, іх меркаванне ўжо нічога не вырашае.
— А вернікі?
— Няма больш вернікаў. Рэшткі збіраюцца ў храме насупраць. Ім наш чырвоны касцёл без патрэбы.
— Вельмі добра! Ты пацвердзіў нашыя здагадкі, цяпер я шчаслівы!
— Але пачакайце! Горад толькі выйграе ад захавання! Нішто ж не патрабуе знішчэння помніка тут і цяпер.
— Дык мы самі думаем пра гэта. Пра мэтазгоднасць і так далей… Але касцёл мусіць быць разбураны, разумееш? Гэта проста пытанне сродкаў. Яго там не будзе, гэта дакладна!
— І ўсё ж дазвольце запытацца, адкуль такое жаданне знесці гэты касцёл? Антырэлігійная прапаганда? Ужо не той час. Хрушчоўскія захады сышлі ў нябыт. Ды і усё роўна ў горадзе застаецца шмат дзеючых храмаў. Ці вы хочаце зачыніць усе? Але ці варта? Урэшце, вы кажаце, царква нікому не патрэбная, дык чаму не адкрыць там бібліятэку або кінатэатр? Ніхто ж не будзе пратэставаць. Столькі намаганняў… і гэтыя хімічныя эксперыменты наогул блытаюць усялякую логіку. Скажыце ж, навошта?
— А вы, малады чалавек, дасюль не здагадаліся? – Роберт упершыню падаў голас.
— Ці ж пытаўся б я, калі б ведаў і разумеў гэтыя рэчы?
Роберт павярнуўся да шэфа:
— А вы ўсё ж канспірацыю на някепскім узроўні трымаеце. Дарэмна я на вас наскокваў. Ну дык распавядзіце яму!
Шэф яшчэ раз цяжка ўздыхнуў, паглядзеў у столь, у вакно. Меўся падабраць правільныя словы. Як толькі раскажа, дарогі назад для Данііла ўжо не стане.
— Дарагі Данііл Міхайлавіч. Пачаць трэба здалёк. Справа, як ты сам, напэўна, здагадваешся, зусім не ў атэістычнай прапагандзе. Справа нават не ў паляках, якія нібыта жыць не могуць без касцёла. Справа… у аўтэнтыцы.
Данііл падняў бровы.
— Не, не падумай, што я звар’яцеў. Я не краязнаўца, мне гэтыя фінціфлюшкі наогул не патрэбныя, – ён насупоніўся, змоўк на паўхвіліны, разважаючы, і працягнуў.
— Чаму людзі жывуць па-рознаму? Ты, мабыць, чуў пра паспяховыя краіны, раёны ці асобныя гарады? І ведаеш пра іншыя, непаспяховыя. Жывучы ў адных, людзі хварэюць, няма настрою, нічога не прыдумляецца, кепска ўладкаваны побыт. У выніку пяцігодкі правальваюцца, сацыялізм стаіць недабудаваны. І насупраць – ёсць такія месцы, дзе план перавыконваюць, дзеці смяюцца і любое надвор’е ў радасць. Чаму адным – усё, а іншым – нічога? Ад чаго гэта залежыць? І вось партыяй была пастаўленая навуковая задача высветліць, чаму гэта так. Чаму, скажам, у Даніі, дзе клімат горшы, чым у Магілёве, індывідуальная прадуктыўнасць працы ў 2,42 разы вышэй? Ды што там Данія! Чаму ў Прыбалтыцы каўбаса больш смачная? Чаму там людзі ўсміхаюцца?
— Так, відаць, гістарычна склалася…
— Гістарычна… Не вярзі лухты! Даследванні паказалі, што геаграфічнае становічша, палітычны ды эканамічны лад граюць тут толькі ўскосную ролю. Сапраўды істотныя чыннікі палягаюць у іншай плашчыні. Мы доўга думалі – дзе ж яны? Шмат было тэорый і варыянтаў. І толькі адна з іх падцвердзілася навукова.
Справа выглядае так: нашыя і капіталістычныя навукоўцы з сярэдзіны 50-х гадоў вялі даследаванні фізічных уласцівасцяў розных матэрыялаў, а менавіта характару іх уздзеяння на чалавека. Яны вывучалі ды вымяралі інтэнсіўнасць радыяцыйнага выпраменьвання, правадніковыя характарыстыкі, рэакцыю рэчываў на рознага тыпу ўздзеянні. Фактычна, быў прааналізаваны кожны элемент табліцы Мендзялеева. Мэта адна – стварыць такія матэрыялы, якія б максімальна дабратворна ўплывалі на чалавека: на яго настрой, здароў’е ды інтэлектуальныя здольнасці. Наступным крокам, канешне ж, стала бы напаўненне прасторы гарадоў і жылых будынкаў гэтымі рэчывамі.
Але даследванне асобных элементаў не дало выніку. Пясок – аказаўся і ў Афрыцы пяском, граніт ды мармур – тое самае. Тады пачалі разглядацца розныя камбінацыі. Але і гэта марна. Перайшлі да даследвання колеравых, прасторавых параметраў. І тут нічога. Раптам камусьці з заходніх навукоўцаў прыйшла думка пачаць тэсціраваць фактар часу. Яны разабралі некалькі даўніх будынкаў і прааналізавалі ўласцівасці старога раствору, гліны, дрэва і гэтак далей. Эўрыка! Аказалася, менавіта гэта мы шукалі! Старая цэгла і старое дрэва, з якіх складаюцца архітэктурныя помнікі – фарміруюць станоўчую энергетыку прасторы. Атрымліваецца, што помнікі, калі канешне яны сапраўдныя, літаральна зараджаюць людзей.
— Неверагодна!
— Чым старэй будаўнічы матэрыял, тым большы ён нясе ў сабе зарад. Станоўчы эфект пачынаецца з 68 гадоў. А потым – калі ўзяць сукупнасць выпраменьвання стогадовага матэрыяла за N, дык у двухсотгадовага яно ўжо будзе не 2*N, а цэлых 2,4*N, у трохсотгадовага – 4,5*N. Там даволі складаная прагрэсія. Найбольш каштоўны 800-1000-гадовы будаўнічы матэрыял. Але дзе такі ўзяць? Аказалася, ён захаваўся ў сярэднявечных замках і гатычных касцёлах. Была нават пралічана прапорцыя: у горадзе мусіць быць хаця б дваццаць адсоткаў старажытных будынкаў, у такім выпадку эфект іх прысутнасці становіцца заўважным ужо ў сярэднетэрміновай перспектыве. Калі больш – яшчэ лепей, але дваццаць адсоткаў – неабходны мінімум. Ці інакш: наяўнасць у горадзе вялікага сярэднявечнага сабора, асабліва калі большая яго частка была пабудаваная ў дванаццатым стагоддзі, аўтаматычна забяспечвае тры чвэрці агульнай патрэбы ў станоўчай энергіі.
Адразу ж пасля гэтага адкрыцця пачалася адкрытая барацьба гарадоў за старую цэглу. Уяві сабе: раней яна лічылася будаўнічым смеццем, а цяпер стала стратэгічным таварам. Ды такім, кошт на які ўвесь час падвышаецца, расце амаль геаметрычна. Цяпер за кубаметр 200-гадовай цэглы даюць не менш як 1300 грамаў золата. І гэта не мяжа – кошты будуць расці.
— І значыць мы валодаем сапраўдным багаццем?
— У кожнай краіне былі створаныя адпаведныя дзяржаўныя камісіі, якія ацанілі запасы старой цэглы і камня ў гарадах. Аказалася, яго не так і шмат, асабліва па-за Еўропай. Высветлілася, шмат якія дамы толькі выглядаюць старажытнымі. Тады ж французы праклялі барона Асмана, які знішчыў сярэднявечны Парыж.
І вось за гэтым запасам старых матэрыялаў пачалося сапраўднае паляванне. Спачатку еўрапейскія гарады спрабавалі набываць невялікую колькасць старой цэглы – для ўрадавых рэзідэнцый. Потым гойсалі па наваколлях. Нешта падчысцілі ў краінах Варшаўскай дамовы. Потым, як толькі мы дазналіся пра адкрыццё, нават унутры сацлагера пачалася мітусня.
Прыйшлі ў гэтай сферы канфлікты, у тым ліку і міжнародныя. Сітуацыя запатрабавала ўвядзення адмысловага заканадаўства, якое б рэгулявала сусветны зварот культурных каштоўнасцяў. Яго верхавіна – больш-менш вядомая грамадскасці – гэта Венецыянская хартыя 1964 г. Яе самая вядомая тэза – “кансервацыя, а не рэстаўрацыя” як раз і азначале накладанне мараторыя на безкантрольнае выломванне старой цэглы. Пасля яе прыняцця на ўсіх больш-менш значных помніках сталі з’яўляцца адмысловыя ахоўныя шыльды.
Але існуе яшчэ і сакрэтная частка Хартыі, доступ да якой мелі толькі спецслужбы. Яна высвятляе механізм легальнага звароту старых будматэрыялаў, угоды па якіх магчымыя выключна паміж урадамі краін-сябраў ААН, ды і тое пад жорсткім кантролем ЮНЭСКА.
— ЮНЭСКА?
— Так-так, ЮНЭСКА. Ты думаў, гэтая міжнародная арганізацыя з шалёным бюджэтам займаецца моўнай разнастайнасцю і традыцыйнымі танцамі? Канешне ж не! ЮНЭСКА – гэта амаль як АПЕК, толькі ў іншай сферы.
Дык вось, з часу прыняцця жорсткага заканадаўства пачаўся той неверагодны рост коштаў, пра які я казаў. Нядаўна кітайцы вельмі моцна нагрэлі рынак, набыўшы ў швейцарцаў цэлы гарадок Гальштат і паставіўшы яго сабе ў якасці партыйнага курорту. Але ўсё адно ў іх хранічная дыспрапорцыя і недахоп помнікаў на душу насельніцтва. Таму, відаць, у бліжэйшай перспектыве кошты падскочуць яшчэ болей. А вось Еўропа крэпка трымае сваё. Сапраўды, паглядзі – вайну перажылі, паваенную разруху, падаецца, не заўважылі. Усё ў іх атрымліваецца, жывуць па-барску. Думаеш, план Маршала? Ну, гэта нямала канешне, але галоўнае – аснова, на якую план лёг. Помнікі адыгралі істотнейшую ролю ў пасляваенным аднаўленні.
— А што ж Швейцарыя цэлы гарадок прадала?
— Дык вось жа – прыціснула! Хвалёныя швейцарскія банкі пасля вывада нямецкіх ды яўрэйскіх грошаў апынуліся на мяжы банкруцтва. Прыйшлося тэрмінова шукаць спосабы папаўнення залатога запасу.
І вось тут, Данііл, увага! Пераходзім на самага важнага. ЮНЭСКА, убачыўшы такую сітуацыю, наклала мараторый на афармленне любых угод са спадчынай. Ну проста каб чаго не нарабілі пад шумок – гэта ж неаднаўляльны запас. Ты разумееш да чаго я?
— Не зусім яшчэ. З аднаго боку вы даеце загад аб знішчэнні касцёла, а з іншага цяпер атрымліваецца, яго наадварот трэба берагчы?
— Вось глядзі. Савецкі ўрад – ён жа таксама паставіў некаторыя помнікі пад ахову, вызначыў іх недатыкальнасць. І гэта цалкам слушна. Нашыя гарады не менш за капіталістычныя патрабуюць спрыяльнай энергіі. Але адначасова савецкая эканоміка ўсё яшчэ мае істотную патрэбу ў падтрымцы. Можа праз сто гадоў мы іх дагонім і перагонім, але партыя загадала зрабіць гэта сёння. Эканоміка – як вядома, базіс. А базіс вызначае надбудову, тое, як будуць жыць нашыя грамадзяне. Я прабачаюся, у акружэнні кветак, але з голай сракай, ці не горш за капіталістаў, хай і адчуваючы часовыя цяжкасці. Данііл, нам заводы ды электрастанцыі патрэбныя, а іх можна пабудаваць толькі за грошы.
— Вы прадаеце помнікі!
— Чатыры гады таму польскія таварышы звярнуліся да нас з прывабнай прапановай – прадаць чатыры закінутых кляштары. Яны і так без справы стаялі. Нашыя параіліся ў палітбюро, ну і далі дабро. Мы здуру прадалі. Атрымалі адразу золатам. Там яшчэ смешная гісторыя была як мы золата з кур’ерамі ў польскай электрычцы перавозілі. Дык вось, на тыя грошы мы здолелі дабудаваць другую чаргу калійнага камбіната. Мы радаваліся як дзеці! А праз месяц высветлілася, што палякі былі пасярэднікамі. Яны перапрадалі нашыя кляштары немцам, і цяпер тыя ў Кёльне. А мы толькі траціну іх рэальнага рынкавага кошту атрымалі! Уяўляеш як дураць?! Тут галовы паляцелі, але ж скандал міжнародны не падымеш – аперацыя ў таямніцы ад ЮНЭСКА праводзілася. Так што засталіся з носам. З таго часу прынятае рашэнне аб стварэнні сакрэтнага камітэту па продажы спадчыны за мяжу. Я – яго старшыня. А вось Роберт – прадстаўнік пакупніка. У дадзеным выпадку – урада Бельгіі. Роберт кантралюе ўгоды, перавод пляцяжоў, дапамагае чым можа. У іх свая сетка інфарматараў і г.д. А табе я прапаноўваю заняць пасаду адказнага распарадчыка камітэту.
— Чакайце, але ж вы, Васілій Іванавіч, самі сказалі, што помнікі ахоўваюцца па нашых савецкіх законах, і нават па міжнародных. Іх вываз можна пракантраляваць?
— У тым-та і справа, што ў нас большая колькасць помнікаў дасюль не пастаўленыя на ўлік. У той жа Галандыі кожная руіна пад сігналізацыяй. А ў нас – капец: вайна ды зжыванне рэлігійных перажыткаў. Таму ў нас неўлічаных помнікаў – толькі адгружай. Добра калі дзясятая частка пад аховай. Ды і ад тых – фасад пакідай, іншае – адгружай.
— То бок, вы ўжо некаторыя нёманскія будынкі паспелі прадаць?
— Да што ты! Нібыта сёння прыехаў? Няўжо не бачыш, што мы ў гэтым годзе прыступілі да выканання сур’ёзнейшай замовы? Працуем і для Францыі, і для нямецкіх партнёраў. Атрыманыя грошы дазволяць зрабіць бягучую пяцігодку і выканаць усе, разумееш, усе пастаўленыя ўрадам прагнозныя паказчыкі. Адгружаем кварталамі. Але ўсё гэта сакрэтная аперацыя. Калі хтосьці з дыпламатычных назіральнікаў даведаецца, будзе сур’ёзны міжнародны скандал з непрадказальнымі наступствамі. Таму як прагаварышся – адразу заб’юць. У самога рука на здрайцу не дрогне. Гэта вельмі сур’ёзна.
— Так, я разумею патрэбы савецкай эканомікі. Але ж касцёл! Мы ж не можам яго прадаваць проста так, як звычайную камяніцу!
— У тым і справа. Касцёл надзвычайна каштоўны. Бельгійцы замовілі менавіта яго. Зараз у Антвэрпэне плануецца пашырэнне тэрыторыі порта, будуюць тры новых тэрміналы, якія неабходна будзе забяспечыць працоўнай сілай. Адпаведна насельніцтва горада істотна вырасце. У іх і без таго праблемы былі: бруд, алкагалізм, злачыннасць. Гістарычны цэнтр больш не спраўляецца з гэтым лайном. Вось яны вырашылі правесці закупку чагосьці вартага. Разумееш, горад увесь час пад міжнародным наглядам. Мы б ім з радасцю прадалі тры-чатыры вуліцы, але такую вялікую пастаўку ЮНЭСКА з пэўнасцю засячэ. Патрэбна штосьці маленькае, але магутнае. Касцёл з элементамі кладкі дзясятага стагоддзя – тое што трэба. Залатая жыла! Па коштах супастаўны са швейцарскім гарадком, але кампактны – увойдзе ў адзін эшалон. Хаця мы асцярожна, канешне, у некалькі прыёмаў перапраўляць будзем. За атрыманыя грошы здолеем дабудаваць чацвёрты энергаблок нашай новай атамнай электрастанцыі або пашырым магутнасць хімічнага завода ўдвая. Разумееш усю важнасць нашай дзейнасці?
— Атрымліваецца, справа зусім не ў савецкай ідэалогіі, не ў барацьбе з перажыткамі і рэлігіяй? Значэнне маюць толькі грошы?
— Натуральна! А ты як думаў? Падтрыманне станоўчага знешнегандлёвага балансу – самая першая рэч для нашай дзяржавы!
Даніілу далі падпісаць некалькі пепер пра неразгалошванне, а таксама новыя службовыя інструкцыі. І яшчэ ён даведаўся аб прызначанай даце дэмантажу касцёла.