За прамінулыя дні Роберт паспеў нямала. Сустракаўся з патрэбнымі людзьмі: з кантралёрамі, аператарамі, паспеў пераправерыць бухгалтэрыю праекта. Нават вызначыў перспектыўныя для распрацоўкі аб’екты. Канешне, ледзь не забыўшы, усё ж заскочыў на педінстытуцкі гістфак пабалбатаць з дэканам пра міжнароднае супрацоўніцтва. Атрымаў запэўненні ў шчырай падтрымцы, і хопіць.
Сёння вельмі важна было пабачыць загадчыка фондавага аддзела нёманскага музея Валянціна Пятровіча. Ён – ключавая асоба сярод мясцовых краязнаўцаў. Гэты чалавек мог быць небяспечным.
Але надвор’е не прадказвала бяды. На Нёман церушыў прыгожы травеньскі дождж з вялікімі-вялікімі кроплямі. Кожная – з порцыю эспрэса.
Шлях да музея ляжаў паўз два высачэзныя касцёлы на цэнтральнай плошчы. Адзін з іх, чырвоны, акурат быў прадметам Робертавай зацікаўленасці. Не першы ўжо раз за гэтыя дні ён асцярожна зайшоў унутр. У касцёле, як заўсёды, панавала цішыня. Зусім не так, як у Страсбургу або Антверпене. Калісьці іх аграмадныя гатычныя катэдры будаваліся для прытулку месцічаў, як сродак выратавання. Сабор – своеасаблівы каўчэг.
Сёння яны нарэшце пераўтварыліся ў гэтыя каўчэгі. У грандыёзных саборах еўрапейскіх культурных сталіц штодня бывае кожнай турыстычнай істоты па пары. Размаўляюць на дзясятках моваў, і ўсе бязбожнікі. Бо сапраўды веруючаму чалавеку аўдыягід у храме не патрэбны! Прыемны жаночы голас нашэптвае пра год узвядзення, вышыню трансепта ды іншую лухту. А пра выратаванне душы? Маўчыць. Дык адкуль ім ведаць, ці не д’ябал гэта? Урэшце, калі б бог захацеў аднавіць сусветнае аднамоўе, дык усе турысты ўжо сабраліся да яго паслуг у адным месцы. Але бог не хацеў, і яны працягвалі слухаць аўдыёгіды. У Нёманскім жа касцёле стаяла змрочная цішыня.
Састарэлы будынак музея – колішні каралеўскі палац – даўно не бачыў нават касметычнага рамонту. Роберт набыў квіток ды прайшоўся па экспазіцыі. Усё было занадта прадказальна. У найлепшых савецкіх традыцыях.
У адной з залаў ён нават натрапіў на экскурсію для групы з усходніх абласцей. Экскурсавод ціснуў на экскурсантаў, таропка і блытана распавядаў гісторыі пра ратныя подзвігі продкаў. Ён жангляваў датамі, указваў на розныя экспанаты, нібы граючы імі ў напёрсткі. Не даваў слухачам шанцу задумацца. Роберт быў знаёмы з гэтай адмысловай тэхнікай паказу, спецыяльна распрацаванай органамі. Планавалася, што паступова савецкія музеі зусім перастануць прымаць самастойных наведвальнікаў і пяройдуць на выключнае экскурсійнае абслугоўванне. Уласна кажучы, замежнікаў і так ужо некалькі гадоў не пускалі сюды без суправаджэння. Сам ён трапіў у музей толькі таму, што касірка не ўгледзела чужынца.
Роберт выйшаў ва ўнутраны дворык і толькі цяпер адчуў, як там насамрэч агідна і сумна. Трэба было б аддыхацца, магчыма нават выпіць піва, але часу не ставала. Хвіліна ў хвіліну, як і дамоўлена, у дзвярах з’явіўся Валянцін Пятровіч – загарэлы мужчына сярэдніх гадоў, у сандалях на шкарпэткі, па туташняй модзе. Яны прывіталіся, выйшлі з музейнага дворыка і пакрочылі ў накірунку былога губернатарскага палаца, што непадалёк. Прыселі на мокрую яшчэ лаўку. Валянцін Пятровіч дастаў з партфеля маленькую бутэльку гарэлкі – “мярзаўчык”, адзін бутэрброд з паштэтам і складныя кубачкі.
— Вы, дарагі госць, не грэбуеце, я спадзяюся, нашай гасціннасцю? Там, за мяжою, мо і не п’еце такое? Але ж трошачкі за знаёмства, га?
— Я больш па віну, – Роберт хацеў бы, канешне, не піць, але такі расклад не прадугледжваўся. Перадусім трэба было заахвоціць гісторыка на шчырую размову.
— А я ад віна хутка стамляюся, – зацмокаў Валянцін Пятровіч, наліваючы. – Не ў сэнсе, што выпіў віна і стаміўся, а ў тым, што не магу віно піць больш за тры дні запар. Стамляюся. Іншая справа – гарэлка або піва…
— А я вось надоечы набыў у вашым гастраноме бутэльку цёмнага піва, прынёс у нумар. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі не здолеў выпіць нават палову. Піва было надзвычай агідным. Мне падалося нібы яно сапсаванае. Падумаў, што мабыць гастраном вінаваты. І што ж я зрабіў? Я пайшоў ды ў іншай краме набыў яшчэ адно такое самае піва. І на гэты раз яно апынулася такім жа паскудным! Вось так я канчаткова расчараваўся.
— І менавіта гэта, баценька, – падхапіў гісторык, – менавіта гэта выдае ў вас чалавека, які доўгі час правёў за мяжой. Савецкага чалавека на сапсаваным піве не правесці, – зарагатаў ён. Яны чокнуліся і выпілі.
Дапіўшы, падняліся. Валянцін Пятровіч, трошкі асавелы, распавядаў, ці нават хутчэй разважаў услых. Было відаць, што яму моцна баліць.
— Таццяна казала, вам можна давяраць. Вы можаце дапамагчы ў інфармаванні заходняй грамадскасці. Таму буду выкладаць усё, каб вы зразумелі, наколькі гэта насамрэч важна.
— Канешне, але вы мусіце цалкам мне даверыцца, – Роберт захаваў цвярозасць і ўважліва сачыў за суразмоўцам.
— Паглядзіце! Гэта быў адзін з самых прыгожых будынкаў у нашым горадзе. Афіцына, якая пасля рэвалюцыі стала рэзідэнцыяй прэзідэнта Нёмана. Гэты дом стаў іх ахвярай адразу пасля ўварвання. Насупраць, вось тут, стаяла невялічкая царква. Восем гадоў таму яе знеслі, каб вызваліць пляцоўку для кааператыўнага гандлю. Тут ладзяцца майскія, кастрычніцкія ды ўсе іншыя дэманстрацыі, на якія заганяюць рабочых са студэнтамі.
— Але ж ён стаіць!
— Сам палац, як бачыце, пазбавіўся гербоў ды мемарыяльных дошак у гонар нашых вядомых жыхароў. Паглядзіце – адна з іх, у памяць аб каралю Баторыі, была прымацаваная металічнымі штырамі надта трывала, яны не здолелі яе скавырнуць. Тады з дапамогаю долата збілі ўсе літары. Так упершыню выявілася нянавісць.
Затое панавешвалі на будынак іншыя дошкі ў адпаведнасці са сваёй ідэалогіяй. Валянцін Пятровіч паказаў на дошку светлага мармуру, што паспела трошкі закурыцца ад вялікай колькасці праязджаючых непадалёк машын.
“Тут у 1920 г. быў размешчаны нёманскі рэвалюцыйны камітэт, дзе тры ночы праездам спыняўся славуты музыка і выкладчык Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі”.
— Ладу не дабяру, адкуль яны гэта ўзялі? Ды і хто такі гэты Дзяржынскі? Гралі аднойчы яго творы ў гарадскім парку. Так сабе… Перайменавалі вуліцы ў гонар забойц ды падонкаў. Ведаеце, раней я думаў, што гэта ўсё ад няведання ўласнай гісторыі, ад глупства мясцовых начальнікаў. За апошнія ж гады паступова прыйшоў да высновы, што гэта звёны аднаго ланцуга. Толькі я ніяк не ўразумею, адкуль гэты ланцуг ідзе і для чаго ён ім патрэбны.
Роберт насцярожыўся:
— У нас таксама часам зносяць помнікі, але чаму ж у вас узнікла такое дзіўнае пачуццё?
— Разумееце, вось раней яны зносілі старыя будынкі. Прыкладна па пятнаццаць-дваццаць на год. На іх месцы часцяком будаваліся прыдуркаватыя пяціпавярховікі або канторы. Тлумачылі, маўляў, дамы аварыйныя ды могуць самі абрынуцца. Гэта было зразумела.
— І што ж вас насцярожвае?
— Так працягвалася доўга, і я спярша думаў, што гэта такі павеў, што новае, як гэта паказваецца ў кінафільмах, абавязкова мусіць прыйсці на змену старому і ніякага гістарычнага шалупення нам тут не трэба, і наогул… Але ж мне шкада гэтых дамкоў, і я чамусьці думаю, што яны нам патрэбныя.
— Дык можа яны патрэбныя толькі вам? А астатнім нёманцам – зусім не?
— Рацыя! Калі мяне ў лоб запытваюцца навошта менавіта яны патрэбныя, я губляюся, і сказаць асабліва няма чаго. Прыдумляю нейкія прычыны, але калі прамаўляеш, яны выглядаюць такімі недарэчнымі ды смешнымі… Але ж я так адчуваю, я аднекуль упэўнены ў гэтым.
Прабачце, мы збочылі. Уся справа ў тым, што пяць апошніх гадоў на месцы разбураных дамоў ужо нічога не будуецца. Наогул нічога. Проста пустэчы застаюцца, і лебяда расце. А зносы працягваюцца.
— Чаму ж? Выходзіць не надта эканамічна. Хаця, калі паразважаць… - Роберт мітусліва пачаў прыдумваць рацыянальнае тлумачэнне, каб супакоіць гісторыка.
— Яны кажуць, старая цэгла выкарыстоўваецца пры будаўніцтве новых аб’ектаў. Яны яе нібыта крышаць, малоцяць ці яшчэ нешта. Дарогі падсыпаюць ёю. Але мы прасачылі – так, з чыстай цікаўнасці – на самой справе старая цэгла не перапрацоўваецца і нідзе не выкарыстоўваецца. Яе вывозяць на вялікіх самазвалах без нумароў, і немагчыма вызначыць якому будтрэсту належыць тэхніка.
— Вывозяць? Ды хопіць вам! – занерваваўся Роберт. Ён зразумеў, што Валянцін Пятровіч, аказваецца, куды лепш абазнаны. Гэта быў кепскі сігнал.
— І якое ж было нашае здзіўленне, калі мы даведаліся, што вывозяць гэты друз… Вы проста не паверыце! Яго ў бок мяжы вывозяць, туды дзе Польшча. Нібыта кантрабандай… Кажуць там нейкі завод ці што… – Валянцін Пятровіч хахатнуў.
Роберт не на жарт устрывожыўся. Ці паспеў гісторык зрабіць галоўнае адкрыццё? Колькі чалавек ведае пра таемныя самазвалы?
— Гэта непасціжна, – працягваў свой захоплены расповед той. – Але і гэта яшчэ не ўсё.
Яны спыніліся ля аднапавярховага драўлянага будынка з высокім дахам і мезанінам. Дом быў пафарбаваны ў светла-блакітны колер, а на ўваходзе прыбіта мармуровая дошка “Дом-музей Элізы Ажэшкі, польскай пісьменніцы і сацыял-дэмакраткі”.
— Справа ў тым, што не ўсе будынкі можна проста так знесці. Яны пакуль сцерагуцца людзей, хаваюць свае намеры, знішчаюць асцярожна, выбарна. Шмат у нас гавораць пра культуру, пра спадчыну, ёсць нёманскае аддзяленне Таварыства аховы помнікаў. Там шмат людзей. Я сам спрабаваў два разы ўступіць. Не прынялі. Дык вось, апошняя тэндэнцыя – падробка. Мы як раз падыйшлі да такога дому. Выглядае нармальна, праўда? Так і не скажаш, што ён несапраўдны, – Валянцін Пятровіч пацягнуў Роберта на задні двор.
— Вось і ззаду нармальна. Але ж нядаўна быў моцны дождж. Паглядзіце, – ён ткнуў пальцам на верхні кут, пад самым дахам – туды, адкуль адваліўся вялікі кавалак тынку і быў бачны свежы, зусім не васямнаццатага стагоддзя пенаблок.
— Спачатку яны зачынілі музей на рамонт, потым доўга-доўга яго рэмантавалі, а калі адкрылі ізноў, я адразу адчуў: нешта не так. Не было ўжо той энергетыкі, таго адчування прасторы. Проста мёртвыя сцены і экспанаты ўнутры раскладзеныя. А на пазамінулым тыдні абваліўся кавалак тынку і ўсё раскрылася. Думаю, яны гэта хутка замажуць.
— Пачакайце, навошта такія смелыя высновы? Магчыма, вам толькі падаецца? – спрабаваў утаймаваць яго Роберт, але гісторык імкліва каціўся насустрач бядзе.
— Ці вось яшчэ цікавы прыклад: быў такі вядомы нёманскі паэт – Багдановіч. Стаялі побач два дамы на вуліцы. Абодва драўляныя. У адным – правым – яшчэ пры цары жыла сям’я паэта. Дык вось: музеем быў абвешчаны левы дом, а правы незадоўга да адкрыцця музея знеслі.
Калі б Валянцін Пятровіч ведаў, як зараз моцна сабе шкодзіць, ён бы змаўчаў. Але ж не ведаў і працягваў:
— А такіх падробак досыць шмат. Мы, я думаю, не пра ўсё здагадваемся. Ведаю, што ад некаторых старадаўніх будынкаў, якія асабліва прыгожыя, пакідаюць адну фасадную сценку. Рэшта канструкцыі – уся новая. Аддалена падобная, але несапраўдная. Ды і не заўсёды падобная насамрэч. Вось і новы каралеўскі замак цяпер спасцігае той самы лёс. Рамантуюць, і ўвесь час да яго пад’язджаюць самазвалы без нумароў. Ведаю, ёсць адпаведны праект рэканструкцыі старога каралеўскага замку – нашага музея. Выглядае мо і прыгожа, але сэнс той самы – ператварыць у муляж, пазбавіць помніка. Вось толькі каму і навошта гэта патрэбна? Не разумею…
Роберт скрушна ўздыхнуў. Пасля такога прызнання заставаўся толькі адзін варыянт разгортвання падзей, і гэта было тое, чаго найменш хацелася. Але трэба было высветліць апошнюю рэч:
— Валянцін Пятровіч, я абавязкова паспрабую прааналізаваць гэтую інфармацыю і перадам яе нашым сябрам. Але мне падалося, вы некалькі разоў выкарысталі займеннік “мы”. Хто гэта апрача вас самога?
— Мы… – ён апусціў галаву, і было бачна, што чалавек сумняецца, ці трэба раскрываць сетку. Але ж насупраць стаяў замежнік, які мог дапамагчы. Валянцін Пятровіч вырашыўся. – Нас няшмат. Усе гісторыкі. Восем чалавек, пазнаёміліся яшчэ ў інстытуце. Пасябравалі, пакуль працавалі ў музеі. Вось я дасюль працую, магу даведвацца пра важныя рэчы.
— Як вы знайшлі адзін аднаго?
— Спачатку мы аб’ядналіся праз агульную цікаўнасць да гісторыі. Асабліва нам падабалася вывучаць літаратуру, знаходзіць сталых людзей, якія жылі тут да прыходу савецкай улады, распытваць пра старыя часы, як тут усё было. Потым мы пачалі пісаць артыкулы, спрабавалі выдаць свой зборнік. Нам забаранілі, і тады ўжо некаторых звольнілі. Нехта ўладкаваўся да кантрабандыстаў. На нашыя месцы набіраюць маладых спецыялістаў па размеркаванні. Так я застаўся адзін.
— Што вы будзеце рабіць?
— Цяпер, калі мы даведаліся пра гэтыя самазвалы без нумароў, мы распрацоўваем план. Мы будзем ім перашкаджаць, мы не дазволім разбураць наш Нёман. Ёсць намер нападаць ды пракалываць колы. Але гэта не самае галоўнае. Трэба прыдаць іх подлую справу публічнасці. Ёсць сябры ў сталіцы, яны абяцалі дапамагчы надрукаваць артыкул у адным з маскоўскіх часопісаў. Можа тады інтэлігенцыя даведаецца аб мясцовых злачынствах. Дапаможаце нам распаўсюдзіць заяву ў заходняй прэсе?
— Я, безумоўна, гатовы дапамагаць, але, магчыма, вам пакуль належыла б устрымацца ад публікацыі. На захадзе сырая інфармацыя не распаўсюджваецца – яна можа нашкодзіць аўтару.
— Мы цвёрда вырашылі, што мусім дзейнічаць. Тут і цяпер. Не ведаю, ці распавядала вам Таццяна, але яны хочуць знішчыць чырвоны касцёл. І нават копіі яго не пакінуць. Калі яго спасцігне той жа лес, я баюся, што не вытрымаю. Нядаўна пацвердзілася наколькі ён насамрэч стары. Вось у гэтай тэчцы, – ён дастаў тэчку і памахаў ёю ў паветры, – уся інфармацыя, якая пацвярджае даўніну.
— Я чуў, гэта можа быць і чатырнаццатае стагоддзе. Дык, можа, перададзіце мне матэрыял для вывучэння? – Роберт прадумваў новы план.
— Гэта дзясятае стагоддзе! Я зрабіў усяго дзве копіі. Адну перадаў у гарвыканкам, але не маю ніякай надзеі, што гэта дасць плён. Заўтра з другой копіяй еду ў Маскву, у Акадэмію навук. Яны мусяць дапамагчы.
— Добра. У такім выпадку, адразу пасля прыезду рыхтуйце для мяне тэкст. Машынапісны або ад рукі – гэта не так важна, я паспрабую перадаць яго ва ўсе буйнейшыя еўрапейскія газеты. Свет мусіць даведацца пра вашую бяду!
Роберт ужо вельмі выразна зразумеў што ён зробіць.
Яны збочылі на адну са спакойных малалюдных вуліц-варонак. Пачало пакрысе шарэць. Роберт убачыў закінуты дом, які, відаць, таксама рыхтавалі да разборкі. Ён адмыслова пацягнуў Валянціна Пятровіча туды. Краязнаўца не змарудзіў праявіць эрудыцыю:
— Вось, яшчэ адна закінутая камяніца. Хутка і яе спасцігне той лёс. А калісьці тут жыў вынаходнік міжнароднай мовы эсперанта. Чулі пра яго?
— Натуральна, чуў, – механічна ўсміхнуўся Роберт. – Wonderful urbo, sendependa popolo, belega arkitekturo! Думаеце, ён яшчэ моцны?
— Не ведаю. Яны кажуць, аварыйны.
— Давайце ўвойдзем?
— Давайце-давайце! – узрадаваўся Валянцін Пятровіч. – Мне заўсёды было страшнавата заходзіць у закінутыя дамы. Але ў вашай кампаніі не страшна нічога.
Яны ступілі ў паўзмрочныя дзверы. Унутры моцна патыхала кашацінай. Роберт прапусціў Валянціна Пятровіча наперад, яны пачалі падымацца па драўлянай лесвіцы на другі паверх, адкуль праз светавы люк па сценах цяклі апошнія сонечныя промні.
Роберт маланкава і прафесійна, як вучылі ў разведшколе, выхапіў з кішэні тонкую аборку, накінуў на шыю краязнаўца і стаў душыць. Барацьба была вельмі кароткай. Ніхто не пачуў хрып і стук слабеючых рук па драўляных парэнчах. Хутка ўсё сцішылася. Роберт пераканаўся, што ахвяра не мае пульса, дастаў з ягонага партфеля тэчку з дакументамі, паправіў уласны касцюм і накіраваўся да гарвыканкама.