Каб пазнаёміцца з містэрам Томасам Марвелам, вы павінны ўявіць сабе чалавека з тоўстым, друзлым тварам, з тоўстым доўгім носам, слінявым вялікім рухомым ртом і шчаціністай барадой, якая расла ва ўсе бакі. Фігура яго паказвала схільнасць да паўнаты, — гэта было асабліва прыкметна дзякуючы вельмі кароткім канечнасцям. Ён насіў махнаты цыліндр; а тое, што на самых крытычных частках яго туалета замест гузікаў красаваліся аборкі і шнуркі ад чаравікаў, сведчыла, што ён закаранелы халасцяк.
Містэр Томас Марвел сядзеў, звесіўшы ногі ў канаву, каля дарогі, якая вяла да Эдэрдзіна, прыкладна за паўтары мілі ад Айпінга. На нагах у яго не было нічога, акрамя вельмі ажурных шкарпэтак, а вялікія пальцы, шырокія і прыўзнятыя, што вылезлі з дзірак, напаміналі вушы насцярожанага сабакі. Не спяшаючыся — ён усё заўсёды рабіў павольна — ён разглядваў чаравікі, якія збіраўся прымерыць. Гэта былі вельмі моцныя чаравікі, такія яму ўжо даўно не трапляліся, але яны аказаліся занадта вялікімі для яго; між тым старыя яго чаравікі былі зручныя для сухога надвор'я, але зусім не падыходзілі для сырога, таму што падэшва іх была занадта тонкая. Містэр Марвел цярпець не мог свабоднага абутку, але ён не выносіў і вільгаці. Уласна кажучы, ён яшчэ не вызначыў, што яму больш непрыемна — прасторны абутак ці вільгаць, але дзень быў пагодлівы, іншых спраў не прадбачылася, і ён вырашыў добра падумаць. Пагэтаму ён паставіў на зямлю ўсе чатыры чаравікі, расставіўшы іх у выглядзе маляўнічай групы, і стаў разглядаць іх. І, гледзячы, як яны стаяць у траве, сярод калючага дзядоўніку, ён раптам вырашыў, што абедзьве пары вельмі брыдкія. Ён ніколькі не здзівіўся, пачуўшы ззаду сябе чыйсьці голас.
— Як-ніяк абутак, — сказаў Голас.
— Гэта — ахвяраваны абутак, — сказаў містэр Томас Марвел, схіліўшы галаву набок і незадаволена гледзячы на чаравікі. - І я, каб яго чорт узяў, не магу нават вырашыць, якая пара больш брыдкая.
— Гм… — сказаў Голас.
— Я насіў абутак і горшы. Праўду кажучы, мне даводзілася абыходзіцца і без абутку. Але такіх нахабных вырадкаў, калі можна так сказаць, я не насіў ніколі. Я даўно ўжо шукаю сабе чаравікі, таму што мае мне абрыдлі. Моцныя яны, што і казаць. Але чалавек, які заўсёды знаходзіцца на нагах, увесь час бачыць свае чаравікі. І, ці паверыце, колькі я ні стараўся, я ва ўсёй акрузе не мог дастаць іншага абутку, акрамя гэтага. Вы толькі паглядзіце! А, шчыра кажучы, у гэтай мясцовасці абутак нядрэнны. Толькі маё шчасце такое. Я ўжо гадоў дзесяць нашу тутэйшы абутак, і вось якую дрэнь даюць.
— Гэта агідная мясцовасць, — сказаў Голас, — і народ тут вельмі паганы.
— Правільна ж! — сказаў Томас Марвел. — Ну і абутак! Каб ён згінуў!
З гэтымі словамі ён праз плячо пакасіўся направа, каб паглядзець на абутак свайго субяседніка і параўнаць са сваім, але, да вялікага яго здзіўлення, там, дзе ён чакаў убачыць пару чаравікаў, не аказалася ні чаравікаў, ні ног. Гэта ашаламіла яго.
— Дзе ж вы? — спытаўся Томас Марвел, паварочваючыся на карачках.
Перад ім рассцілалася ўзгорыстая пустыня, толькі далёкія кусты верасу качаліся на ветры.
— П'яны я, ці што! — сказаў Томас Марвел. — Здалося мне? Ці я сам з сабой размаўляў? Што за чорт.
— Не палохайцеся, — сказаў Голас.
— Пакіньце, калі ласка, вашы жарты, — сказаў Томас Марвел, хутка ўскокваючы на ногі. — Дзе вы? «Не палохайцеся!» — скажыце, калі ласка.
— Не палохайцеся, — паўтарыў Голас.
— Ты сам зараз спалохаешся, дурань ты гэтакі! — сказаў Томас Марвел. — Дзе ты? Вось я да цябе дабяруся…
Маўчанне.
— Пад зямлёй ты, ці што? — спытаўся Томас Марвел.
Адказу не было. Томас Марвел працягваў стаяць у адных шкарпэтках, у расхінутым пінжаку, і твар яго выказваў поўнае неўразуменне.
«Пі-уіць», — пачуўся здаля свіст пеначкі.
— Што вы, на самой справе, прыдурваецеся, — сказаў Томас Марвел. Мясцовасць была бязлюдная. У які б бок ён ні паглядзеў, нікога не было відаць. Дарога з глыбокімі канавамі, акружаная радамі белых прыдарожных слупоў, гладкая і пустынная, цягнулася на поўнач і поўдзень, у бязвоблачным небе таксама нічога нельга было заўважыць, акрамя пеначкі. — З намі хросная сіла! — усклікнуў Томас Марвел, зашпільваючы пінжак. — Усё гарэлка праклятая. Так я і ведаў!
— Гэта не гарэлка, — сказаў Голас. — Не хвалюйцеся.
— Ох! — прастагнаў містэр Марвел, збялеўшы. — Усё гарэлка, — бязгучна паўтаралі яго вусны. Ён пастаяў крыху, змрочна гледзячы проста перад сабою, потым стаў паволі паварочвацца. — Я пакляўся б, што чуў голас, — прашаптаў ён.
— Вядома, чулі.
— Вось зноў, - сказаў Марвел, заплюшчваючы вочы і трагічным жэстам хапаючыся за галаву. Але тут яго раптам узялі за каўнер і так страсянулі, што думкі яго зусім змяшаліся.
— Кінь дурыцца, — сказаў Голас.
— Я звар'яцеў… - сказаў Марвел. — Нічога не паможа. І ўсё з-за праклятых чаравікаў. Сапраўды звар'яцеў! Ці гэта духі?..
— Ні тое, ні другое, — сказаў Голас. — Паслухай…
— Звар'яцеў! — паўтараў Марвел.
— Ды пачакай жа! — з найвялікшай пераканаўчасцю сказаў Голас, ледзьве стрымліваючы раздражненне.
— Ну? — сказаў Марвел, адчуваючы дзіўнае пачуццё, як быццам бы хтосьці дакрануўся пальцам да яго грудзей.
— Ты думаеш, я табе толькі здаўся, так? Гэта толькі адно ўяўленне?
— А што ж яшчэ? — адказаў Томас Марвел, пачухваючы патыліцу.
— Выдатна, — сказаў Голас. — У такім выпадку я буду кідаць у цябе каменьчыкамі, пакуль ты не пераканаешся ў процілеглым.
— Дык дзе ж ты?
Голас не адказаў. Свіст — і камень, відаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча містэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другі камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх, павіс на секунду ў паветры і затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухіліцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагі, адляцеў у канаву. Містэр Томас Марвел падскочыў і завыў ад болю. Потым кінуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьці і, перакуліўшыся, сеў.
— Ну, што скажаш цяпер? — спытаўся Голас, і трэці камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх і павіс у паветры над бадзягам. — Што я такое? Адно ўяўленне?
Містэр Марвел замест адказу падняўся на ногі, але тут жа быў зноў адкінуты на зямлю. З хвіліну ён ляжаў не рухаючыся.
— Сядзі смірна, — сказаў Голас, — інакш я кіну камень табе ў галаву.
— Ну і справы! — сказаў містэр Марвел, сядаючы і паціраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. — Нічога не разумею. Камні самі лётаюць. Камні размаўляюць. Не кідайся. Згінь. Мне канцы.
Камень упаў на зямлю.
— Усё вельмі проста, — сказаў Голас. — Я — невідзімка.
— Раскажыце, што-небудзь новае, — сказаў містэр Марвел, вохкаючы і курчачыся ад болю. — Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робіце? Не магу здагадацца. Здаюся.
— Я — невідзімка, толькі і ўсяго. Разумееш ты ці не? — сказаў Голас.
— Ды гэта ясней яснага. І нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.
— Я — невідзімка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты…
— Але дзе ж вы? — перапыніў яго Марвел.
— Ды тут, перад табой, у пяці кроках.
— Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты — паветра. Я ж не такі ўжо невук…
— Так, я — паветра. Ты глядзіш скрозь мяне.
— Што? І ў цябе зусім нічога няма? Адзін толькі балбатлівы голас — і ўсё?
— Я такі ж чалавек, як усе, з плоці і крыві, мне трэба есці, піць і прыкрыць сваё голае цела. Але я — невідзімка. Зразумела? Я — невідзімка. Гэта вельмі проста. Нябачны.
— Сапраўдны чалавек?
— Так.
— Ну, калі так, — сказаў Марвел, — дайце руку. Гэта будзе ўсё ж на штосьці падобна… Ох! — усклікнуў ён раптам. — Як вы мяне напалохалі. Трэба ж так учапіцца!
Ён нашчупаў руку, якая сціснула кісць, затым, вызваліўшыся, нерашуча абмацаў плячо, мускулістыя грудзі, бараду. Твар яго выказваў надзвычайнае здзіўленне.
— Здорава! — сказаў ён. — Гэта цікавей за пеўневы бой. Проста дзіўна. І я мог бы бачыць скрозь вас зайца ў паўмілі адсюль. А вас самога ні кавалачка не відаць… не, урэшце…
Тут Марвел стаў уважліва ўглядвацца ў пустую як быццам прастору перад ім.
— Скажыце, вы не елі хлеб з сырам? — спытаўся ён, не выпускаючы нябачнай рукі.
— Правільна. Гэта ежа яшчэ не засвоена арганізмам.
— А-а, — сказаў Марвел. — Усё-такі гэта дзіўна.
— Сапраўды, гэта і на палавіну не так дзіўна, як здаецца.
— Для майго сціплага розуму гэта дастаткова дзіўна, — сказаў містэр Томас Марвел. — Як вы, аднак, гэта ўладжваеце? Як вам, каб яго чорт узяў, удаецца?
— Гэта занадта доўгая гісторыя. Так, акрамя таго…
— Я проста ў сябе не магу прыйсці, - сказаў Марвел.
— Я хачу вам сказаць вось што: мне патрэбна дапамога. Мяне давялі да гэтага. Я натрапіў на вас нечакана. Я ішоў, не помнячы сябе ад шаленства, голы, знясілены. Я гатовы быў забіць… І я ўбачыў вас…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.
— Я падышоў да вас ззаду, падумаў і пайшоў далей…
Твар містэра Марвела вельмі красамоўна выказваў яго пачуцці.
— Потым спыніўся. «Вось, — падумаў я, — такі ж занядбаны, як я. Вось чалавек, які мне патрэбны». Я вярнуўся і накіраваўся да вас. І…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — У мяне галава ідзе кругам. Дазвольце спытацца: як жа гэта так? Невідзімка! І якая вам патрэбна дапамога?
— Я хачу, каб вы памаглі мне дастаць вопратку, і прытулак, і яшчэ штосьці… Усяго гэтага ў мяне няма ўжо даўно. Калі ж вы не жадаеце… Але вы паможаце мне, вы павінны памагчы!
— Пачакайце, — сказаў Марвел. — Дайце мне сабрацца з думкамі. Не перашкаджайце мне ўстаць на ногі. І не чапайце мяне. Я павінен прыйсці ў сябе. Вы ж ледзьве не зламалі мне палец на назе. Усё гэта так недарэчна: пустыя ўзгоркі, пустое неба, на многа міль кругом нічога не бачна, акрамя ўлоння прыроды, і раптам голас. Голас з неба. І камні. І кулак. Ах ты, госпадзі!
— Ну, не трэба нюні распускаць, — сказаў Голас. — Рабіце лепш тое, што я загадаю.
Містэр Марвел надзьмуў шчокі, і вочы яго сталі круглымі.
— Я спыніў свой выбар на вас, — сказаў Голас. — Вы — адзіны чалавек, калі не лічыць некалькіх вясковых дурняў, які ведае, што ёсць на свеце чалавек-невідзімка. Вы павінны мне памагчы. Памажыце мне, і я многае для вас зраблю. У руках чалавека-невідзімкі вялікая сіла. — Ён спыніўся і гучна чхнуў. — Але калі вы мяне выдадзіце, — працягваў ён, — калі вы не зробіце таго, што я вам загадаю…
Ён змоўк і моцна стукнуў Марвела па плячы. Той завыў ад жаху пры гэтым дотыку.
— Я не збіраюся выдаваць вас, — сказаў ён, стараючыся адсунуцца ад Невідзімкі. — Пра гэта і размовы быць не можа. Я вам з радасцю памагу. Скажыце толькі, што я павінен рабіць. (Госпадзі!) Усё, што вы пажадаеце, я зраблю з найвялікшым задавальненнем.