Раздзел VII. Выкрыццё незнаёмца


Незнаёмец увайшоў у гасціную карчмы «Кучар і коні» каля паловы шостай раніцы і заставаўся там прыблізна да паўдня; шторы ў пакоі былі апушчаны, дзверы зачынены, і пасля няўдачы, якая напаткала Хола, ніхто не адважваўся ўвайсці туды.

Увесь гэты час ён, відавочна, нічога не еў. Тры разы ён званіў, прычым трэці раз доўга і сярдзіта, але ніхто не адклікнуўся.

— Добра, я яму пакажу «ідзіце к чорту», — бурчала місіс Хол. Чуткі пра начное здарэнне ў доме вікарыя паспелі ўжо распаўсюдзіцца, паміж дзвюма падзеямі бачылі нейкую сувязь. Хол у суправаджэнні Ўоджэрса накіраваўся да суддзі, містэра Шэклфорса, каб з ім параіцца. Наверх падняцца ніхто не адважваўся. Чым займаўся ўвесь гэты час незнаёмец — невядома. Калі-нікалі ён нецярпліва крочыў з кута ў кут, два разы з яго пакоя даносілася лаянка, шамаценне разрываемай паперы і звон разбіваемых бутэлек.

Кучка напалоханых людзей, якія згаралі ад цікаўнасці, усё павялічвалася. Прыйшла місіс Хакстэрс. Падышлі некалькі бойкіх маладых хлопцаў, якія прыбраліся з нагоды духава дня ў чорныя пінжакі і гальштукі з белага піке, і сталі задаваць недарэчныя пытанні. Арчы Гаркер аказаўся самым смелым; ён зайшоў у двор і пастараўся зазірнуць пад апушчаную штору. Бачыць ён не мог нічога, але даў зразумець, што бачыць, і яшчэ той-сёй з айпінгскага маладога пакалення далучыўся да яго.

Дзень для свята выдаўся на славу — цёплы і ясны; на вясковай вуліцы выстраілася з дзесятак ларкоў і цір для стральбы, а на лужку перад кузняй стаялі тры паласатыя жоўта-карычневыя фургоны, а нейкія людзі ў маляўнічых касцюмах наладжвалі прылады для кідання какосавых арэхаў. Мужчыны былі ў сініх світэрах, дамы — у белых пярэдніках і модных капелюшах з вялікімі пёрамі. Відайер з «Чырвонай лані» і містэр Джэгерс, шавец, які таксама гандляваў старымі веласіпедамі, працягвалі папярок вуліцы гірлянду з нацыянальных флагаў і каралеўскіх штандараў (яны засталіся пасля святкавання шасцідзесяцігадовага юбілею каралевы Вікторыі).

А ў паўцёмнай гасцінай з занавешанымі вокнамі, куды трапляў толькі слабы прамень сонечнага святла, незнаёмец, напэўна, галодны і злосны, задыхаючыся ад гарачыні ў сваіх павязках, глядзеў праз цёмныя акуляры на аркуш паперы, пабразгваў бруднымі пляшачкамі і час ад часу страшэнна лаяў хлапчукоў, якія шумелі пад акном. У кутку ля каміна валяліся асколкі паўтузіна разбітых бутэлек, а ў паветры стаяў пах хлора. Вось усё, што нам вядома па расказах відавочцаў і па таму, у якім выглядзе быў пакой, калі ў яго ўвайшлі.

Каля паўдня незнаёмец раптоўна адчыніў дзверы гасцінай і спыніўся на парозе, пільна ўзіраючыся на трох-чатырох чалавек, якія стаялі каля стойкі.

— Місіс Хол! — крыкнуў ён.

Нехта неахвотна выйшаў з пакоя, каб паклікаць гаспадыню.

З'явілася місіс Хол, некалькі задыхаючыся, але даволі рашучая. Містэр Хол яшчэ не вярнуўся. Яна ўсё ўжо абдумала і з'явілася з невялікім падносікам у руках, на якім ляжаў неаплачаны рахунак.

— Вы хочаце заплаціць па рахунку? — спытала яна.

— Чаму мне не прынеслі сняданак? Чаму вы не згатавалі мне паесці і не адказвалі на званкі? Вы думаеце, што я магу абыходзіцца без ежы?

— А чаму вы не заплацілі па рахунку? — адказала місіс Хол. — Вось што я жадала б ведаць.

— Яшчэ тры дні таму я сказаў вам, што чакаю перавода…

— А я яшчэ тры дні таму сказала вам, што не буду чакаць ніякіх пераводаў. Нечага бурчэць, што сняданак позніцца, калі па рахунку пяць дзён не аплачана.

Незнаёмец коратка, але энергічна вылаяўся.

— Лягчэй, лягчэй! — пачулася з распівачнай.

— Я папрашу вас, спадар, трымаць сваю лаянку пры сабе, — сказала місіс Хол.

Незнаёмец замоўк і стаяў на парозе, падобны на раззлаванага вадалаза. Усе наведвальнікі карчмы адчувалі, што перавага на баку місіс Хол: наступныя словы незнаёмца пацвердзілі гэта.

— Паслухайце, галубка… — пачаў ён.

— Я вам не галубка, — сказала місіс Хол.

— Я сказаў вам, што не атрымліваў яшчэ перавода…

— Ды які там перавод, — сказала місіс Хол.

— Але ў кішэні ў мяне…

— Тры дні таму вы сказалі, што ў вас і савярэна не набярэцца.

— Ну, а цяпер я знайшоў пабольш.

— Ого! — пачулася з распівачнай.

— Хацела б я ведаць, дзе ж гэта вы знайшлі грошы? — сказала місіс Хол.

Гэта заўвага, мусіць, вельмі не спадабалася незнаёмцу. Ён тупнуў нагой.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён.

— Толькі тое, што я хацела б ведаць, дзе вы знайшлі грошы, — сказала місіс Хол. — І перш чым падаваць вам рахункі, гатаваць сняданак і ўвогуле штосьці рабіць для вас, я папрашу вас растлумачыць некаторыя рэчы, якіх я не разумею і ніхто не разумее, але якія мы ўсе хочам зразумець. Я жадаю ведаць, што вы рабілі наверсе з маім крэслам; я хачу ведаць, як гэта ваш пакой аказаўся пусты і як вы зноў туды трапілі. Мае пастаяльцы ўваходзяць і выходзяць праз дзверы — такое ў мяне правіла; вы ж робіце па-другому, і я хачу ведаць, як вы гэта робіце. І яшчэ…

Незнаёмец раптам падняў сціснутыя кулакі ў пальчатках, тупнуў нагой і крыкнуў: «Стойце!» — так шалёна, што місіс Хол адразу ж замоўкла.

— Вы не разумееце, — сказаў ён, — хто я і што я такое. Я пакажу вам. Як бог свят, я пакажу вам! — З гэтымі словамі ён прыклаў адкрытую далонь да твару і тут жа адняў яе. На месцы сярэдняй часткі твару зеўрала пустая яміна. — Трымайце, — сказаў ён і, ступіўшы да місіс Хол, падаў ёй штосьці. Не адводзячы вачэй ад яго твару, які так змяніўся, місіс Хол машынальна ўзяла працягнутую рэч. Затым, разгледзеўшы гэтую рэч, гучна ўскрыкнула, кінула яе на падлогу і адступіла назад. Па падлозе, стукаючы, як пустая кардонка, пакаціўся нос — нос незнаёмца, чырвоны і бліскучы!

Потым ён зняў акуляры, і ўсе вылупілі вочы ад здзіўлення. Ён зняў капялюш і шалёна пачаў зрываць бакенбарды і бінты. Яны не адразу паддаліся яго намаганням. Усе замерлі ад жаху.

— О госпадзі! — вымавіў хтосьці.

Нарэшце бінты былі сарваны.

Тое, што ўбачылі прысутныя, проста ашаламіла іх. Місіс Хол, якая стаяла з разінутым ртом, дзіка ўскрыкнула і пабегла да дзвярэй. Усе ўскочылі з месцаў. Чакалі раны, калецтва, адчувальны жах, а тут — нічога! Бінты і парык паляцелі ў распівачную — такога ніхто не чакаў. Усе кінуліся ўніз з ганка, натыкаючыся адзін на аднаго, таму што на парозе гасцінай, выкрыкваючы бязладныя тлумачэнні і размахваючы рукамі, стаяла фігура, падобная на чалавека аж да каўняра паліто, — а вышэй не было нічога, зусім нічога!

Жыхары Айпінга пачулі крыкі і шум, якія даляталі з карчмы «Кучар і коні», і ўбачылі, як адтуль імкліва выбягаюць наведвальнікі. Яны ўбачылі, як місіс Хол упала і як містэр Тэдзі Хенфры падскочыў, каб не спатыкнуцца аб яе. Потым яны пачулі немы крык Мілі, якая, выскачыўшы з кухні на шум, нечакана наткнулася на безгаловага незнаёмца. Крык адразу ж абарваўся.

Пасля гэтага ўсе, хто знаходзіўся на вуліцы — прадавец прысмакаў, уладальнік балагана для кідання ў цэль і яго памочнік, гаспадар арэляў, хлапчукі і дзяўчынкі, вясковыя франты, мясцовыя прыгажуні, старыя ў блузах і цыганы ў фартуках, — усе пабеглі да карчмы. Не прайшло і хвіліны, як перад домам місіс Хол сабралася чалавек сорак, натоўп хутка рос, усе шумелі, штурхаліся, ускрыквалі, задавалі пытанні, рабілі здагадкі. Ніхто нікога не слухаў, і ўсе гаварылі адначасна — сапраўднае стоўпатварэнне! Некалькі чалавек падтрымлівалі місіс Хол, якую паднялі з зямлі амаль што беспрытомную. Сярод агульнага перапалоху адзін з відавочцаў, стараючыся ўсіх перакрычаць, даваў ашаламляльныя сведчанні.

— Пярэварацень! — Што ж ён натварыў? — Раніў служанку? — Здаецца, кінуўся на іх з нажом. — Не так, як гаворыцца, а на самой справе без галавы! Гавораць вам, няма галавы на плячах! — Выдумкі, напэўна, які-небудзь фокус. — Як зняў ён бінты…

Стараючыся зазірнуць у адчыненыя дзверы, натоўп утварыў сабою жывы клін, вастрыё якога, накіраванае ў дзверы карчмы, складалі самыя адчайныя смельчакі.

— Ён стаіць на парозе. Раптам дзяўчына як крыкне, ён павярнуўся, а дзяўчына пабегла. Ён за ёй. Хвілінная справа — ужо ён ідзе назад, у адной руцэ нож, у другой — акраец хлеба. Спыніўся і быццам глядзіць. Вось толькі што. Ён увайшоў у гэтыя самыя дзверы. Гавораць вам: галавы ў яго зусім няма. Прыйшлі б вы на хвілінку раней, вы б самі…

У задніх радах адбыўся рух. Расказчык замоўк і саступіў убок, даючы дарогу невялікай працэсіі, якая з даволі ваяўнічым выглядам накіроўвалася да дома; на чале яе ішоў містэр Хол, вельмі расчырванелы і рашучы, далей містэр Бобі Джаферс, канстэбль, і, нарэшце, містэр Уоджэрс, які асцерагаўся і трымаўся ззаду. У іх быў загад аб арышце незнаёмца.

Ім наперабой паведамлялі апошнія навіны, — адзін крычаў адно, другі — зусім другое.

— З галавой ён там ці без галавы, — сказаў містэр Джаферс, — а я атрымаў загад арыштаваць яго, і загад я выканаю.

Містэр Хол падняўся на ганак, накіраваўся проста да дзвярэй гасцінай і расчыніў іх.

— Канстэбль, — сказаў ён, — выконвайце свой абавязак.

Джаферс увайшоў першы, за ім Хол і апошнім — Уоджэрс. У паўзмроку яны разгледзелі безгаловую фігуру з недаедзенай скарынкай хлеба ў адной руцэ і з кавалкам сыра — у другой; рукі былі ў пальчатках.

— Вось ён, — сказаў Хол.

— Гэта яшчэ што? — пачуўся сярдзіты вокліч з прасторы над каўняром.

— Такіх, як вы, судар, я яшчэ не сустракаў, - сказаў Джаферс. — Але ёсць у вас галава ці яе няма, у загадзе сказана: «суправадзіць», а абавязак службы найперш усяго…

— Не падыходзьце! — крыкнула фігура, адступаючы на крок. У адну секунду ён кінуў хлеб і сыр на падлогу, і містэр Хол ледзьве паспеў прыняць нож са стала. Незнаёмец зняў левую пальчатку і стукнуў ёю Джаферса па твары. Мінула яшчэ секунда, і Джаферс, спыніўшы свае тлумачэнні адносна сэнсу загада, схапіў адной рукой кісць нябачнай рукі, а другой сціснуў нябачнае горла. Тут ён атрымаў моцны ўдар па назе, які прымусіў яго ўскрыкнуць, але ахвяры сваёй не выпусціў. Хол перадаў нож Уоджэрсу, які дзейнічаў, так сказаць, у якасці галкіпера, а сам хацеў дапамагчы Джаферсу. Той учапіўся ў незнаёмца, у шалёнай схватцы праціўнікі наткнуліся на крэсла, яно з трэскам адляцела ўбок, і абодва зваліліся на падлогу.

— Хапайце яго за ногі, - прашыпеў скрозь зубы Джаферс.

Містэр Хол, які ўзяўся выконваць гэтае распараджэнне, атрымаў моцны ўдар у грудзі і на хвіліну выбыў са строю; а містэр Уоджэрс, бачачы, што безгаловы незнаёмец вывернуўся і пачаў адольваць Джаферса, адступіў з нажом у руках да дзвярэй, дзе сутыкнуўся з містэрам Хакстэрсам і сідэрбрыджскім фурманам, якія спяшаліся на выручку ахоўніку закона і парадку. У гэты самы момант з паліцы пасыпаліся бутэлькі і пакой напоўніўся едкім смуродам.

— Здаюся! — крыкнуў незнаёмец, нягледзячы на тое, што падабраў пад сябе Джаферса. Ён падняўся, цяжка дыхаючы, — без галавы і без рук, таму што ў час схваткі ён сцягнуў і правую і левую пальчатку.

— Усё роўна нічога не выйдзе, — сказаў ён, ледзьве пераводзячы дух.

Надзвычай дзіўна было слухаць голас, які далятаў быццам бы з пустой прасторы, але жыхары-Сэсекса, напэўна, самыя цвярозыя людзі на свеце. Джаферс таксама падняўся і вынуў пару наручнікаў. Але тут ён спыніўся ў поўным неўразуменні.

— Вось дык штука! — сказаў ён, цьмяна пачынаючы ўсведамляць недарэчнасць усяго, што адбывалася. — Каб яго чорт узяў! Здаецца, што яны не патрэбны.

Незнаёмец правёў пустым рукавом па пінжаку, і гузікі, быццам па чараўніцтву адшпіліліся. Затым ён успомніў аб сваіх нагах і нагнуўся. Мусіць, ён дакранаўся да сваіх чаравікаў і шкарпэтак.

— Пачакайце! — усклікнуў раптам Хакстэрс. — Гэта ж зусім не чалавек. Тут толькі пустая вопратка. Паглядзіце, можна зазірнуць у каўнер. І падкладку пінжака відаць. Я магу прасунуць руку…

З гэтымі словамі ён працягнуў руку. Здавалася, яна наткнулася на штосьці ў паветры, бо ён тут жа з крыкам адхапіў яе.

— Я папрасіў бы вас трымаць свае пальцы далей ад маіх вачэй! — пачуліся з паветра словы, вымаўленыя раз'юшаным тонам. — Сутнасць у тым, што я ўвесь тут — з галавой, рукамі, нагамі і ўсім астатнім, але толькі я невідзімка. Гэта надзвычай нязручна, але нічога не зробіш. Аднак гэтая акалічнасць яшчэ не дае права кожнаму дурню ў Айпінгу тыцкаць у мяне рукамі.

Перад імі стаяў, узяўшыся ў бокі, касцюм, які быў расшпілены і свабодна вісеў на нябачнай апоры.

За гэты час з вуліцы ўвайшлі яшчэ некалькі чалавек, і ў пакоі стала цесна.

— Што? Невідзімка? — сказаў Хакстэрс, не звяртаючы ўвагі на зняважлівы тон незнаёмца. — Гэтага не бывае.

— Гэта, магчыма, дзіўна, але ж злачыннага тут нічога няма. На якой падставе на мяне накідваецца канстэбль?

— А, гэта зусім іншая справа, — сказаў Джаферс. — Праўда, тут цемнавата, бачыць вас цяжка, але ў мяне ёсць загад аб вашым арышце, і загад у парадку. Вы падлягаеце арышту не за тое, што вы, Невідзімка, а па падазрэнню ў крадзяжы з узломам. Непадалёку адсюль быў абрабаваны дом і зніклі грошы.

— Ну?

— Некаторыя акалічнасці ўказваюць…

— Лухта! — усклікнуў Невідзімка.

— Спадзяюся, што так, судар. Але я атрымаў загад.

— Добра, — сказаў незнаёмец, — я пайду з вамі. Пайду. Але без наручнікаў.

— Так трэба, — сказаў Джаферс.

— Без наручнікаў, - настойваў незнаёмец.

— Не, прабачце, — сказаў Джаферс.

Раптам фігура села на падлогу, і, перш чым хто-небудзь паспеў уцяміць, што адбываецца, чаравікі, штаны і шкарпэткі былі закінуты пад стол. Затым фігура ўскочыла і скінула з сябе пінжак.

— Стой, стой! — закрычаў Джаферс, раптам скеміўшы, у чым справа. Ён схапіўся за камізэльку, але тая пачала супраціўляцца; затым адтуль выскачыла кашуля, і ў руках Джаферса апынуўся пусты камзол. — Трымайце яго! — крыкнуў Джаферс. — Варта яму толькі распрануцца…

— Трымайце яго! — закрычалі ўсе і кінуліся на мільгаючую ў паветры белую кашулю — усё, што засталося бачнага ад незнаёмца.

Рукаў кашулі нанёс Холу вельмі моцны ўдар па твары, што спыніла яго рашучую атаку і штурхнула яго назад, прама на Тутсома, дзяка. У тое ж імгненне кашуля прыўзнялася ў паветры і стала канвульсіўна закручвацца, як усякая кашуля, якую знімаюць цераз галаву. Джаферс ухапіся за рукаў, але гэтым толькі памог зняць яе. Штосьці з паветра стукнула яго ў ніжнюю сківіцу; ён тут жа выхапіў сваю дубінку і, размахнуўшыся з усіх сіл, стукнуў Тэдзі Хенфры проста па макушцы.

— Сцеражыся! — крычалі ўсе, наўздагад наносячы ўдары па паветры. — Трымайце яго! Зачыніце дзверы! Не выпускайце ягб! Я штосьці злавіў! Вось ён!

У пакоі стаяла сапраўднае вавілонскае стоўпатварэнне. Тумакі, здавалася, сыпаліся на ўсіх адразу, і мудры Сэндзі Ўоджэрс, чыя кемлівасць абвастрылася яшчэ і дзякуючы знішчальнаму ўдару, які расквасіў яму нос, адчыніў дзверы і першы выбег на вуліцу. Усе тут жа паследавалі за ім, у дзвярах пачалася страшная даўка. Удары працягвалі сыпацца. У сектанта Фіпса быў выбіты пярэдні зуб, а ў Хенфры надарвана вуха. Джаферс атрымаў удар у падбародак і, павярнуўшыся, ухапіўся за штосьці нябачнае, што ўціснулася паміж ім і Хакстэрсам. Ён намацаў мускулістыя грудзі, і ў тую ж хвіліну ўвесь клубок разгарачаных сутычкай людзей выкаціўся ў калідор.

— Злавіў! — крыкнуў Джаферс, задыхаючыся. Не выпускаючы з рук свайго нябачнага ворага, увесь барвовы, з успухлымі венамі, ён кружыў у натоўпе, які расступаўся перад гэтым дзіўным паядынкам. Нарэшце ўсе скаціліся з ганка на зямлю. Джаферс закрычаў прыдушаным голасам, усё яшчэ сціскаючы ў абдымках штосьці нябачнае і моцна працуючы каленам, потым захістаўся і ўпаў дагары, стукнуўшыся патыліцай аб гравій. Толькі тады ён расціснуў пальцы.

Пачуліся крыкі: «Трымай яго!», «Невідзімка!» Нейкі малады чалавек, не з жыхароў Айпінга, — яго імя так і не ўдалося даведацца, — падбег, схапіў штосьці, але тут жа выпусціў з рук і ўпаў на распасцёртае цела канстэбля. Пасярод вуліцы ўскрыкнула жанчына, якую ледзьве не збілі з ног; сабака, які атрымаў, відаць, выспятак, заскуголіў і з выццём кінуўся ў двор да Хакстэрса, і гэтым закончыўся пабег Невідзімкі. З хвіліну натоўп стаяў уражаны і ўсхваляваны, затым у жаху кінуўся ўрассыпную, быццам апалае лісце, развеянае парывам ветру. Толькі ля самага ганка, тварам да неба і з сагнутымі каленямі, нерухома ляжаў Джаферс.


Загрузка...