Шынок «Вясёлыя крыкетысты» знаходзіцца каля самага падножжа ўзгорка, дзе пачынаецца лінія конкі. Гаспадар, абапершыся тоўстымі чырвонымі рукамі аб стойку, размаўляў пра коней з худасочным рамізнікам, а чорнабароды чалавек, апрануты ў шэрае, аплятаў сухары з сырам, пацягваў віно і размаўляў з палісменам, які толькі што змяніўся з дзяжурства. Мяркуючы па акцэнце, гэта быў амерыканец.
— Што гэта за крыкі? — сказаў рамізнік, раптам перапыніўшы размову і стараючыся паверх бруднай жоўтай фіранкі на нізенькім акне шынка разгледзець дарогу, што цягнулася ўверх па ўзгорку. Хтосьці прабег па вуліцы міма дзвярэй.
— Ужо ці не пажар там? — сказаў гаспадар.
Пачуліся крыкі, якія прыбліжаліся: хтосьці цяжка бег. З шумам расчыніліся дзверы, і ў пакой уляцеў раскудлачаны Марвел без капелюша і з разарваным каўняром, ён плакаў. Сутаргава павярнуўшыся, ён паспрабаваў зачыніць дзверы, але рэмень утрымліваў іх прачыненымі.
- Ідзе! — завішчаў Марвел не сваім голасам. — Ён ідзе. Невідзімка! Гоніцца за мной. Богам прашу… Выратуйце! Выратуйце! Выратуйце!
— Зачыніце дзверы, — сказаў палісмен. — Хто ідзе? У чым справа? — Ён падышоў да выхадных дзвярэй, адчапіў рэмень, і дзверы зачыніліся. Амерыканец зачыніў другія дзверы.
— Пусціце мяне за стойку, — сказаў Марвел, дрыжучы і плачучы, але моцна прыціскаючы да сябе кнігі. — Пусціце мяне. Схавайце мяне дзе-небудзь. Кажуць вам, ён гоніцца за мной. Я ўцёк ад яго. Ён сказаў, што заб'е мяне. І заб'е.
— Вам нечага баяцца, — сказаў чорнабароды. — Дзверы зачынены. А ў чым справа?
— Схавайце мяне, — паўтарыў Марвел і раптам завішчаў ад страху: уваходныя дзверы затрэсліся ад моцнага ўдару, і знадворку пачуліся паспешлівы стук і крыкі.
— Эй! — закрычаў паліцэйскі. — Хто там?
Містэр Марвел, як вар'ят, забегаў па пакою ў пошуках выхада.
— Ён заб'е мяне! — крычаў ён. — У яго нож! Богам прашу!..
— Вось, — сказаў гаспадар, — ідзіце сюды. — Ён адкінуў дошку, і містэр Марвел кінуўся за стойку. Стук у дзверы аднавіўся.
— Не адчыняйце яму! — закрычаў містэр Марвел. — Калі ласка, не адчыняйце! Куды мне схавацца?
— Дык гэта, значыць, Невідзімка? — спытаўся чорнабароды, заклаўшы адну руку за спіну. — Я думаю, пара ўжо і паглядзець на яго.
Раптам акно шынка разляцелася на друзачкі і звонку ўзняліся крыкі і беганіна. Палісмен, стаўшы на лаўку і высунуўшы галаву ў акно, стараўся разгледзець, што робіцца каля дзвярэй. Потым злез і сказаў, здзіўлена падняўшы бровы:
— Гэта ён.
Гаспадар пастаяў перад дзвярыма ў суседні пакой, куды схавалі містэра Марвела, паглядзеў на разбітае акно і падышоў да сваіх наведвальнікаў.
Усё раптам заціхла.
— Шкада, што ў мяне няма з сабой дубінкі, - сказаў палісмен, нерашуча падыходзячы да дзвярэй. — Як адчынім дзверы, дык ён цяпер і ўвойдзе. Нічым яго не спыніш.
— А вы не вельмі спяшайцеся адчыняць, — баязліва сказаў худасочны рамізнік.
— Адсуньце завалу, — сказаў чорнабароды. — Няхай толькі ўвойдзе… — і ён паказаў рэвальвер, які трымаў у руцэ.
— Гэта няварта, — сказаў паліцэйскі. — Гэта ж можа быць забойства.
— Я ведаю, у якой краіне знаходжуся, — запярэчыў чорнабароды. — Я буду цэліцца ў ногі. Адсуньце завалу.
— А калі вы трапіце мне ў спіну? — сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фіранкі на вуліцу.
— Добра, — сказаў чорнабароды і, нахіліўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размізнік і палісмен павярнуліся да дзвярэй.
— Уваходзьце, — нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок і гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спіной. Але ніхто не ўвайшоў і дзверы не адчыніліся. Калі праз пяць хвілін другі рамізнік асцярожна зазірнуў у шынок, усе яны стаялі ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фізіяномія.
— Ці ўсе дзверы ў доме зачынены? — спытаўся Марвел. — Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хітры як чорт.
— Бог ты мой! — усклікнуў гаспадар. — А заднія дзверы! Вы тут папільнуйце. Вось жа… — Ён бездапаможна азірнуўся. Дзверы ў суседні пакой зачыніліся, і ключ шчоўкнуў у замку. — А асобны ход! І дзверы ў двор…
Ён выбег з пакоя.
Праз хвіліну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.
— Дзверы ў двор адчынены! — сказаў ён, і яго тоўстая ніжняя губа адвісла.
— Можа, ён ужо ў доме, — сказаў першы рамізнік.
— У кухні яго няма, — сказаў гаспадар. — Там дзве служанкі, і я па ўсёй кухні прайшоў вось з гэтым нажом, ніводнага кутка не прапусціў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзіў. Яны нічога не заўважылі…
— Вы замкнулі дзверы? — спытаўся першы рамізнік.
— Не маленькі, слава богу, — адказаў гаспадар.
Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду і стукнула адкідная дошка стойкі, загрымела засаўка, гучна заскрыгатаў замок, і дзверы ў суседні пакой адчыніліся насцеж. Яны пачулі, як Марвел завішчэў, быццам злоўлены заяц, і кінуліся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстраліў, люстэрка ў суседнім пакоі трэснула, асколкі са звонам разляцеліся па падлозе.
Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца і боўтаецца перад дзвярамі, якія вялі цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасці, дзверы адчыніліся, і Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачуліся крыкі і стук каструль, якія падалі. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.
Палісмен, праціснуўшыся міма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамізнікам, і схапіў кісць нябачнай рукі, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахіснуўся і адступіў. Дзверы расчыніліся, і Марвел зрабіў адчайную спробу схавацца за імі. У гэты час рамізнік штосьці схапіў.
— Я трымаю яго! — закрычаў рамізнік.
— Злавіў! — крыкнуў ён.
Містэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу і паспрабаваў прапаўзці пад нагамі людзей, якія барукаліся. Схватка перамясцілася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невідзімкі — ён гучна ўскрыкнуў, таму што палісмен наступіў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, і Невідзімка запрацаваў кулакамі, нібы цапамі. Рамізнік раптам завыў і скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавіцу. Дзверы, што вялі ў пакой, зачыніліся і прыкрылі адступленне містэра Марвела. Людзі тапталіся ў цеснай кухні, пакуль не заўважылі, што яны змагаюцца з пустатой.
— Куды ён збег? — крыкнуў чорнабароды.
— Сюды, — сказаў палісмен, выходзячы на двор, і спыніўся.
Кавалак чарапіцы праляцеў над самым яго вухам і ўпаў на кухонны стол, які быў застаўлены пасудай.
— Я яму пакажу! — крыкнуў чорнабароды. Над плячом палісмена бліснула сталь, і ў змрок, у той бок, адкуль была кінута чарапіца, вылецелі адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апісваў рукой дугу па гарызанталі, таму кулі веерам клаліся ў цесным дворыку.
Наступіла цішыня.
— Пяць куль, — сказаў чорнабароды. — Казырная гульня! Дайце ліхтар і пойдзем шукаць цела.