Містэр Хілас, гаспадар суседняй дачы, спаў у сваёй альтанцы, калі пачалася асада дома Кемпа. Містэр Хілас належаў да той упартай меншасці, якая ніяк не жадала верыць «недарэчным байкам» пра Невідзімку. Жонка яго, аднак, чуткам верыла і не раз потым напамінала аб гэтым мужу. Ён выйшаў пагуляць па свайму саду, як нічога і не было, а пасля абеду, па даўно заведзенай звычцы, лёг спаць. Увесь час, пакуль Невідзімка біў вокны ў доме Кемпа, містэр Хілас спакойна спаў, але раптам прачнуўся з такім адчуваннем, быццам навокал штосьці нядобра. Ён зірнуў на дом Кемпа, працёр вочы і зноў глянуў. Потым ён спусціў ногі і сеў, прыслухоўваючыся. Ён памянуў чорта, але дзіўнае відовішча не знікла. Дом выглядзеў так, як быццам яго пакінулі з месяц назад пасля моцнага пагрому. Усё шкло было разбіта, а ўсе вокны, акрамя вокнаў кабінета на вышцы, былі знутры пазакрываны аканіцамі.
— Я гатовы паклясціся, — містэр Хілас паглядзеў на гадзіннік, — што дваццаць хвілін таму назад усё было ў парадку.
Здалёку чуліся мерныя ўдары і звон шкла. А затым, пакуль ён сядзеў з разяўленым ртом, адбылося нешта яшчэ больш дзіўнае. Аканіцы сталовай расчыніліся, і пакаёўка ў капелюшы і паліто з'явілася ў акне, сутаргава стараючыся падняць раму. Раптам каля яе з'явіўся яшчэ нехта і стаў памагаць. Доктар Кемп! Яшчэ хвіліна — акно расчынілася, і пакаёўка вылезла з яго; яна кінулася ўцякаць і схавалася ў кустах. Містэр Хілас устаў, невыразнымі воклічамі выказваючы сваё хваляванне з нагоды такіх надзвычайных падзей. Ён убачыў, як Кемп узлез на падаконнік, выскачыў у акно і ў тую ж хвіліну з'явіўся на дарожцы, абсаджанай кустамі; ён бег, прыгнуўшыся, нібы хаваючыся ад кагосьці. Ён знік за ракітавым кустом, потым паказаўся зноў на агароджы, якая выходзіла ў адкрытае поле. У адно імгненне ён пералез цераз агароджу і кінуўся бегчы ўніз па адхону, прама да альтанкі містэра Хіласа.
— Госпадзі! — усклікнуў уражаны страшнай здагадкай містэр Хілас. — Гэта той нягоднік, Невідзімка! Значыць, усё праўда!
Для містэра Хіласа падумаць так азначала — дзейнічаць неадкладна, і кухарка яго, якая назірала за ім з акна верхняга паверха, са здзіўленнем убачыла, як ён кінуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяці міль у гадзіну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка і голас містэра Хіласа, які крычаў на ўсё горла:
— Зачыніце дзверы! Зачыніце вокны! Зачыніце ўсё! Невідзімка ідзе!
Увесь дом адразу ж напоўніўся крыкамі, загадамі і тупатам бягучых ног. Містэр Хілас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, і тут з-за агароджы паказалася галава, плечы і калена доктара Кемпа. Яшчэ хвіліна — і Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паімчаў па тэніснай пляцоўцы да дома.
— Нельга, — сказаў містэр Хілас, засоўваючы завалу. — Мне вельмі шкада, калі ён гоніцца за вамі, але ўвайсці сюды нельга.
Да шкла прыціснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы і шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад і пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснічкі, абагнуў дом і кінуўся бегчы па дарозе. І ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй містэра Хіласа, які ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлітасна змялі нябачныя ногі. Тут містэр Хілас памчаўся па лесвіцы наверх, і далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы міма акна, ён пачуў, як грукнулі бакавыя веснічкі.
Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такім чынам, яму давялося самому здзейсніць той жа самы прабег, за якім ён сачыў такім крытычным позіркам з акна свайго кабінета ўсяго толькі чатыры дні таму назад. Для чалавека, які даўно не трэніраваўся, ён бег нядрэнна, і хаця ён пабляднеў і абліваўся потам, думка яго працавала спакойна і цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю і, калі трапляліся нязручныя мясціны, рознае каменне ці асколкі разбітага шкла, якія ярка блішчалі на сонцы, бег прама па іх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбіраць шлях па асабістаму жаданню.
Упершыню ў сваім жыцці Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як ні дзіўна, вельмі доўгая і бязлюдная і што ўскраіна горада там, ля падножжа гары, знаходзіцца занадта далёка. Ніколі яшчэ не існавала больш цяжкага і марудлівага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы і дачы, што драмалі пад паўдзённым сонцам, відавочна, былі замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былі замкнуты і зачынены па яго асабістым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякі выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знікла з поля зроку, унізе былі людзі. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там паліцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокі? Ходу!
Людзі знізу глядзелі на яго; некалькі чалавек кінуліся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусім блізка, у шынку «Вясёлыя крыкетысты» шумна зачыняліся дзверы. За конкай былі слупы і груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мільганула была думка ўскочыць у вагон конкі і зачыніць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накіравацца прама ў паліцыю. Праз хвіліну ён мінуў «Вясёлых крыкетыстаў» і апынуўся ў канцы вуліцы, сярод людзей. Кучар конкі і яго памочнік перасталі выпрагаць коней і глядзелі на яго, разявіўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалі здзіўленыя землякопы.
Кемп крыху суцішыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткі тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавіў хаду.
— Невідзімка! — крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, і, па шчасліваму натхненню, пераскочыў канаву, так што паміж ім і Невідзімкам апынулася некалькі дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў паліцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся міма каляскі зяленшчыка, прамарудзіў імгненне каля дзвярэй каланіяльнай карчмы і пабег па бульвары, які выходзіў на галоўную вуліцу. Дзеці, што гулялі пад дрэвамі, з крыкам разбегліся пры яго з'яўленні; расчынілася некалькі вокнаў, і разгневаныя маці штосьці крычалі яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хіл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыі конкі, і тут жа ўбачыў натоўп людзей, якія крычалі і беглі.
Ён зірнуў уверх па вуліцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццаці ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся і адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за ім імчаў, сціснуўшы кулакі, кандуктар конкі. За імі беглі яшчэ людзі, гучна крычалі і замахваліся на кагосьці. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшаліся мужчыны і жанчыны, і Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.
— Акружайце яго! — крыкнуў хтосьці.
Кемп раптам зразумеў, наколькі змянілася сітуацыя. Ён спыніўся і агледзеўся, ледзьве пераводзячы дух.
— Ён дзесьці тут! — крыкнуў ён. — Ачапіце…
Кемп атрымаў страшэнны ўдар па вуху і захістаўся; ён паспрабаваў абярнуцца да нябачнага праціўніка, але ледзьве ўстаяў на нагах і ўдарыў па пустой прасторы. Потым ён атрымаў моцны ўдар у сківіцу і зваліўся на зямлю. Праз секунду ў жывот яму ўперлася калена, і дзве рукі моцна схапілі яго за горла, але адна з іх была слабейшая. Кемпу ўдалося сціснуць кісці рук Невідзімкі; пачуўся гучны стогн, і раптам над галавой Кемпа ўзвілася рыдлёўка землякопа і з глухім стукам апусцілася на нешта. На твар Кемпа штосьці капнула. Рукі, якія трымалі яго за горла, раптам аслабелі; сутаргавым намаганнем ён вызваліўся, ухапіўся за абмяклае плячо свайго праціўніка і наваліўся на яго, прыціскаючы да зямлі нябачныя локці.
— Я злавіў яго! — завішчаў Кемп. — Памажыце! Ён тут! Трымайце яго за ногі.
Секунда — і да месца бойкі рынуўся ўвесь натоўп. Выпадковы глядач мог бы падумаць, што тут разыгрываецца нейкі асабліва бескампрамісны футбольны матч. Пасля выкрыкаў Кемпа ніхто ўжо не сказаў ні слова, — чуўся толькі шум удараў, тупат ног і цяжкае дыханне.
Невідзімку ўдалося нечалавечым намаганнем скінуць з сябе некалькі праціўнікаў і падняцца на ногі. Кемп учапіўся ў яго, як гончая ў аленя, і дзесяткі рук хапалі, калацілі і рвалі нябачную істоту. Кандуктар конкі злавіў яго за шыю і зноў паваліў на зямлю.
Зноўку ўтварылася груда раз'юшаных людзей. Білі, трэба прызнацца, неміласэрна. Раптам пачуўся дзікі лямант: «Злітуйцеся, злітуйцеся!» — і хутка заціх у прыдушаным стогне.
— Пакіньце яго, дурні! — крыкнуў Кемп глухім голасам, і натоўп адступіў назад. — Ён ранены, гавораць вам. Адыдзіце!
Нарэшце ўдалося крыху адцясніць людзей, якіх згрудзіла і разгарачыла схватка, і ўсе ўбачылі доктара Кемпа, які быў нібы прыўзняты цаляў на пятнаццаць у паветры і прыціскаў да зямлі нябачныя рукі. Ззаду яго палісмен трымаў нябачныя ногі.
— Не выпускайце яго! — крыкнуў рослы землякоп, размахваючы скрываўленай рыдлёўкай. — Прытвараецца.
— Ён не прытвараецца, — сказаў Кемп, асцярожна прыўзнімаючы сваё калена, — а між тым, я яго трымаю. — Твар у Кемпа быў разбіты і ўжо пачынаў апухаць; ён гаварыў з цяжкасцю, з губы цякла кроў. Ён падняў адну руку і, відаць, стаў абмацваць твар ляжачага. — Рот увесь мокры, — сказаў ён і раптам усклікнуў: — Божа праведны!
Кемп хутка падняўся і зноў апусціўся на калені каля нябачнай істоты. Зноў пачалася штурханіна і таўкатня, чуўся тупат падбягаючых цікаўных. З усіх дамоў выбягалі людзі. Дзверы «Вясёлых крыкетыстаў» расчыніліся насцеж. Гаварылі мала.
Кемп вадзіў рукой, быццам абмацваючы пустое паветра.
— Не дыхае, — сказаў ён. — І сэрца не б'ецца. Як яго… ох!
Нейкая старая, якая выглядвала з-пад локця рослага землякопа, раптам гучна ўскрыкнула:
— Глядзіце, — сказала яна, выцягнуўшы маршчыністы палец.
І, глянуўшы ў паказаным напрамку, усе ўбачылі бледныя абрысы рукі, якая бяссільна ляжала на зямлі; рука была быццам шкляная, можна было разгледзець усе вены і артэрыі, усе косці і нервы. Яна губляла празрыстасць і мутнела на вачах.
— Ого! — усклікнуў канстэбль. — А вось і ногі паказваюцца.
І так павольна, пачынаючы з рук і ног, паступова распаўзаючыся па ўсіх членах да жыццёвых цэнтраў, працягваўся гэты дзіўны пераход да бачнай цялеснасці. Гэта было як павольнае распаўсюджанне яда. Спачатку выяўляліся тонкія белыя нервы, утвараючы быццам бы слабы малюнак цела, затым шклопадобныя косці і разгалінаваныя артэрыі, затым мышцы і скура, якія прымалі спачатку выгляд лёгкай туманнасці, але хутка цямнелі і цвярдзелі. Неўзабаве можна было ўжо распазнаць раздушаныя грудзі, плечы і цьмяна праяўляліся рысы знявечанага і разбітага твару.
Калі нарэшце натоўп расступіўся і Кемпу ўдалося падняцца на ногі, усе прысутныя ўбачылі распасцёртае на зямлі голае, вартае жалю, збітае і скалечанае цела чалавека гадоў трыццаці. Валасы і бровы ў яго былі белыя, — не сівыя, як у старых, а белыя, як у альбіносаў, вочы чырвоныя, як гранаты. Рукі былі сутаргава сціснуты, вочы шырока раскрыты, а на твары застыў выраз гневу і адчаю.
— Закрыйце яму твар! — крыкнуў хтосьці. — Дзеля ўсяго святога, закрыйце твар!
Цела накрылі прасціной, якую ўзялі ў шынку «Вясёлыя крыкетысты», і перанеслі ў дом. Там, на ўбогай пасцелі, у бедным паўцёмным пакоі, сярод недасведчанага, узбуджанага здарэннем натоўпу, збіты і зранены, якому здрадзілі і якога бязлітасна замучылі, закончыў свой дзіўны і страшны жыццёвы шлях Грыфін — першы з людзей, які змог стаць нябачным, Грыфін — таленавіты фізік, роўнага якому яшчэ не бачыў свет.