8

Гісторык расправіў плечы, схіліў галаву набок і з выглядам вучонага докі сказаў:

— Уласна, мы маем два тэксты… Першы тэкст, які напісаны паверх ранейшага, вычышчанага, — не ўяўляе для навукі нічога асабліва цікавага, зачытаю фрагмент: «…Много людей об том завешчали, што людзе и грошы побрали. Лепей было, пане Филипе, седзець табе ў Липе. Увалявся есь в великую славу, як свиння ў гразь, горш сталася, коли хто ўпадзе ў новым кожусе ў густое болото, у злому разуменю, у обмовах людзких и ў срамоти седзиць, як дзяцел у дупли…»

— Бачыце? Усё вядомае. Вось яшчэ кавалачак: «По многих книгах заблудився теперычны розум, яко коза па лесе. А на праўду святую ни од кога ока здорового нет. Одна баламутня…»

— Дык гэта ж вядомы хрэстаматыйны тэкст! — усклікнула адна маладая настаўніца, якая яшчэ не забылася таго, чаму яе вучылі ў інстытуце.

— Я ж і кажу, — развёў рукамі гісторык.

— Тады можна датаваць рукапіс! — заявіла дасведчаная настаўніца.

— Можна, — згадзіўся Мікалай Лявонавіч. — Але гэта верхні тэкст. А вось той тэкст, які ўдалося расчытаць пад тэкстам. Слухайце! — гісторык набраў у грудзі паветра, зрабіў на твары важную міну і прачытаў: «О, виват Табе, Адзинаму, Пяруне і Вялесе, Таму, хто пасылае нам вясну! Ты Той, хто праганяе снег и абуджае рэки, хто гониць сок па бярозавых жылах и пасылае сонечныя промни, каб зелянела рунь. Ты Той, каму радуюцца и птушки ў небе, и цьвяты ў поли, и рыбы ў рэках, и жабы ў лужынах. Ты, Пярун, яки мног есть, Ты заснаваў кросны свету…».

Гісторык змоўк і з выглядам рымскага трыумфатара паглядзеў на даволі збянтэжаныя твары настаўнікаў.

— Вы што? Не разумееце? Гэта ж падобна на творы Кірылы Тураўца! Твор сведчыць, што быў мосцік ад нашага славянскага політэізму да ідэі нашага ж славянскага монатэізму! «Пярун мног есть!» — хіба гэта не доказ гэтаму?

Настаўнікі паныла маўчалі. Мікалай Лявонавіч стаў чытаць яшчэ адзін фрагмент:

— «Дараги брат, я зразумеў радасную навину — Пярун ёсць наш Бог, — настаўнік падняў палец, — бо Пярун нам дадзены, и Пярун мног есть. Зельле ўсялякае сьмяецца! Бабры и андатры радуюцца цяплу, и буслы над дубамі клёкатам витаюць Бога, яки есць и Сотвар, и Дух, и Намашчэнец…»

— Ну, — зморшчыўся настаўнік-весялун. — Гэта хто такі — намашчэнец?

— Гэта, прабачце, Ісус Хрыстос, — патлумачыў Мікалай Лявонавіч. — Калегі, прашу хвіліначку цярпення. «Намашчэнец Укрыжаваны, и не Той, не бізантыцки, — настаўнік у каторы раз падняў палец, — бачыце, не візантыйскі! Гэта момант сінтэтычнасці ў рэлігіі, бо нашы продкі спалучалі свае вераванні з візантыйскім праваслаўем. Момант цярпення, калегі, апошні расчытаны фрагмент: «Намашчэнец Укрыжаваны Бог, и не тольки бизантыцки, але и наш Бог, Бог нашага люду, яки яго вярбою ганаруем, бо пальмы, як ты ведаеш, мой пински дружа, у нас не растуць…»

У гэты момант у вышыні неба бабахнуў самалёт, які пераходзіў гукавы бар’ер. Ды так гучна, што фрамуга акна аж падскочыла, а настаўніцы ўздрыгнулі ад нечаканасці.

— О! — адгукнуўся настаўнік-жартаўнік на гэта. — Знак зверху.

Усе засмяяліся і, палічыўшы, што «лекцыя» гісторыка скончана, падняліся, каб рызысціся.

— Ну як? — ужо ўслед ім спытаўся гісторык. Але ніхто не адважыўся на каментарыі. І толькі калі ўсе выйшлі, настаўніца біялогіі, якая не ўмешвалася ў гутарку філолагаў, а нешта пісала за сваім сталом, сказала:

— Дзе вы, Мікалай Лявонавіч, узялі гэтае крэмзанне? Сыны Андрэя Камара прынеслі?

— Крэмзанне? — перапытаў гісторык і гнеўна задыхаў.

— Там спамінаюцца бабры і андатры, так? — жанчына зняла акуляры і запакавала іх у футарал.

— Так, — хрыпла прамовіў гісторык.

— Дык вось, бабры на Беларусі жылі спаконвечна…

— Ага, — голас гісторыка паправіўся.

— А вось андатры, — настаўніца дастала акуляры з футарала і зноў начапіла іх, нібы гэта дадавала яе словам большай вагі. — А вось андатры, мой вы даражэнькі, з’явіліся на Беларусі ў дваццатым стагоддзі. Да гэтага часу яны спакойна грызлі траву ў канадскіх балотах. Вы, дарагі мой калега, дапускаеце, што тагачасны аўтар мог ведаць фауну Паўночнай Амерыкі?

Мікалай Лявонавіч скамянеў.

— Марыя Мікалаеўна, вы шмат ведаеце ў біялогіі, — нарэшце прамовіў настаўнік, — але нічога не разумееце ў пергаментах.

Вось так бясслаўна закончылася расчытка манускрыпта, прынесенага самымі «таленавітымі вучнямі». Пергамент аказаўся звычайнай падробкай. Але каму і навошта спатрэбілася насмяяцца з яго, настаўніка, Мікалай Лявонавіч мог толькі здагадвацца. Не Камаровы хлопцы, Павел і Пятро, былі завадатары. Быў, быў у Мікалая Лявонавіча Савіцкага даўні сябар па студэнцтве, які мог падлажыць яму такую вось свінню. І падлажыў. Звалі даўняга знаёмага Іван Іванавіч Закрэўскі. Ён якраз выкладаў ва універсітэце, дзе вучыўся Павел.

Дахаты Паўла Камара не адпусцілі — на верасень мусіў ехаць на практыку, якую студэнты, што не былі ў будатрадзе, праходзілі летам. З практыкі напісаў Пятру ліст, што, маўляў, хопіць, гульня зацягнулася, раскрывай карты, і так немаведама што нарабілі.

Адказ брата ўразіў Паўла. Той пісаў, што паколькі ён, Павел, заварыў гэтую кашу, яму яе і есці. Паведаміў таксама невясёлую навіну: яго, Пятра, пакінула Лена. Цяпер яна «ходзіць» з Міхасём. Апошні дзьмецца, не падае рукі. І была яшчэ адна вестка — пергамент прапаў. Мікалай Лявонавіч страшэнна заклапочаны. Ці робіць такі выгляд. З ягоных слоў, ён забыўся зачыніць акно, а пергамент ляжаў на стале, адкуль ён і знік. Пятро пісаў, што хутчэй за ўсё яго выкралі Лена з Міхасём.

Павел пацёр лоб. Што яны будуць рабіць з пергаментам? Хоць ён не вялікая каштоўнасць, але яго трэба вярнуць загадчыку кафедры Івану Іванавічу Закрэўскаму. І што цяпер рабіць?

Пасля практыкі пачаліся напружаныя заняткі. Павел абмінаў Івана Іванавіча, стараўся не сустракацца з ім. Ён ездзіў дахаты, але ўсяго толькі на адзін дзень і ні з кім не сустракаўся — было сорамна.

Неяк Павел пасля цэлага дня ў бібліятэцы прыйшоў у інтэрнат і зваліўся на ложак — кроў ад стомленасці аж пульсавала ў галаве. Пераседзеў. Трэба расслабіцца… Стаў думаць пра родныя мясціны. Уяўленне любімых лажкоў, знаёмых з дзяцінства сцежак прыносіла задавальненне, уводзіла ў глыбокае расслабленне, поўны, што называецца, рэлакс. Найлепш уявіць сябе ў вадзе рэчкі, пасля абеду, калі вада цёплая. Нібыта ляжыш у гэткай вадзе, цёплай і цёмнай, як гарбата, і плывеш па цячэнні. Цела разнявольваецца, ты ведаеш у рэчцы кожную яміну, кожны паварот, кожны корч, табе нічога не пагражае. Ты гаспадар гэтых пляжыкаў з самым гарачым пяском і наймякчэйшых муражкоў па берагах. Цела ўпіваецца шчасцем, раскашуе…

Раптам нешта стукнула Паўла, так штурханула, што яго ажно падкінула на інтэрнатаўскім ложку. Нікога! Што такое? Хто штурхануў? І адчуў, што яго ахапіла непрыемнае адчуванне, цела зрабілася нібыта не сваім. Што гэта з ім робіцца? Ператамленне?

Паводле вечнай сваёй звычкі ўсяму даваць тлумачэнне, Павел стаў думаць пра незразумелыя адчуванні. Прыйшла на памяць візія дзіцячага чорціка-анёла. Няўжо нядобрая сіла перашкаджае яму адпачываць метадам рэлаксацыі, поўнага расслаблення?

А ці не ён сам і ёсць — гэтая нядобрая сіла? Ужо не той маленькі чорцік, не чарцяня, але вялікі, дарослы чорт! Той, хто пужае!

Вось яно што! Гэта вобраз, іміджызацыя душы з іншага часу. І які гэты вобраз, комплекс пачуццяў непрыгожы, крывы, непрыемны на адчуванне. Няўжо ён, Павел Камар, некалі стане такім? Не ён сам, але ягоная душа?

Як гэты чарцяка з’явіўся тут, сярод ягоных уяўленняў роднай рэчкі? Так, як і той маленькі анёл-чорцік. Ты сам, разважаў Павел, у будучым яшчэ не адзін раз будзеш рэлаксаваць, уяўляць сябе ў цёплай рэчцы — гэта ж твой любімы спосаб. Там, у прасторы ўяўлення, час свой. Фактычна там няма часу, там вечнасць. Гэтую вечнасць цяжка ўявіць, час там не лінейны, нават не спіральны, а нейкі іншы. Мо які шаравы, гэта значыць той, які займае прастору. Вось і бывае, што ўяўленні рознага лінейнага часу накладваюцца адно на адно. І тады вось так непрыемна.

Павел падняўся, дастаў Петрыкаў ліст, яшчэ раз прачытаў яго. Вось табе і маеш! Нарабіў. Лена кінула брата, «ходзіць» з Міхасём. Часам дзяўчаты так робяць ад помсты. Ну, цяпер да яе не падступішся.

Павел зноў прылёг. Усё ж, як адчысціцца, як адмыцца? Папрасіць прабачэння. Прыдумалі манаха ў дупле, а той манах жыве сваім жыццём. Некалькі інсцэніровак ажывілі яго.

Позна, распранайся і спі. Не візіяніруй. А то пачнеш думаць, што калі выйсці на вуліцу, за вуглом дома сустрэнеш Скарыну. Не, Скарына ці быў у Мінску? Ну, тады ў нелінейным часе можна сустрэць Купалу, Багдановіча, Чарвякова. А як якога Панамарэнку? Або і таго горш — Цанаву? Не, прыемней сустракаць тых, хто думаў пра горнюю Беларусь. Сувораў быў на Беларусі, але ці думаў ён пра горнюю Беларусь? Увогуле, пра якую такую Беларусь ён думаў?

Цікава, якое будзе пакаранне? За гэты розыгрыш. Пакаранне фактычна пачалося, хлопец. Распраніся, а то заснеш.

Тым часам жыццё развівалася паводле свайго сцэнара. Перад самай зімой у студэнцкі інтэрнат, у якім жыў Павел Камар, зайшла немаладая жанчына. Зусім бабулька. На яе адразу звярнулі ўвагу, бо пакланілася вахцёрцы са словамі:

— Мір гэтаму дому.

Вахцёрка пільна паглядзела на жоўты, як дыня, твар, з дробнай сетачкай маршчын. Апранута госця была ў старую, але добра захаваную плюшаўку. Мода шасцідзесятых. Хустка павязана на лоб і буркі на нагах паказвалі, што бабулька з вёскі. Але больш за ўсё вахцёрку ўразіў белы святочны фартух з чырвонымі вышыванымі пеўнікамі і кветкамі. Такіх фартухоў ніхто даўно не насіў. Хіба дзяўчаткі з фальклорных гурткоў. Якія-небудзь «харошкі» ці «скамарошкі». Калі бабуля з вёскі, ёй трэба дапамагчы. Вахцёрка выйшла з-за стала не столькі ад здзіўлення, колькі ад замілавання. Гэтая невядомая бабулька напомніла ёй пасляваенныя гады, калі вахцёрцы даводзілася хадзіць па вёсках у мяшочніках.

— Вы да каго, мілая?

— Тут, даражэнькая, вучыцца з нашых мясцін чысты апостальскі чалавек, — рэкнула старая.

— Што? — Тут ужо ў вахцёркі напраўду вочы на лоб палезлі. Яна ўгледзелася ў незнаёмку. Больш за ўсё ёй не хацелася пераканацца, што тая вар’ятка.

— Назавіце прозвішча, імя… Пашукаем нумар пакоя, і ідзіце сабе да яго.

— Прозвішча ягонае Комар, Камара Андрэя ён сын, а завуць Павалам.

— А-а, Павел, — абрадавалася вахцёрка, бо гэтага студэнта яна добра ведала — да яго часта заходзілі сябры-жартаўнікі з тэатральна-мастацкага інстытута. — А вы, прабачце, кім яму будзеце?

— Да-альняя родственніца… — хітравата адказала бабулька, разгортваючы пашпарт з насоўкі. І насоўка, відаць, была спрадукавана яшчэ за Польшчай. Ад яе тхнула нафталінам і арэхамі — так пахне ў старасвецкіх маляваных куфрах.

Калі ў дзверы пастукалі, хлопцы, Паўлавы сябры па пакоі, перазірнуліся — ніхто са сваіх, суседзяў ці знаёмых, каб увайсці ў пакой, не стукаў. Няўжо праверка з дэканата? Збольшага навялі парадак і адчынілі дзверы.

У пакой увайшла ўжо вядомая чытачу бабулька, бліснула вачамі па кутах, відаць, шукаючы абраз, абвяла позіркам хлопцаў і ўпэўнена накіравалася да Паўла. Той сядзеў за нізенькім часопісным столікам, схіліўшыся над падручнікам.

— Блаславі, ойча! — нечакана папрасіла бабулька. Яна склала рукі на грудзях і нахіліла ў знак пакоры перад Паўлам галаву.

— Які я вам ойча! — ускочыў, як уджалены, Павел.

— Ты Андрэеў сын? — падняла старая галаву. Павел кіўнуў.

— Я й адразу пазнала. Блаславі…

Паўлавы хлопцы перазірнуліся. Яны былі здзіўлены не меней, чым Павел. Бабулька тым часам бухнулася на калені.

— Вы што? Хто вы такія? — спуджаны Павел не ведаў, куды падзецца. Ён стаў падымаць бабульку, але тая ўхапілася цалаваць рукі. Павел ледзьве вырваўся.

— Паўлік… Ты ж наш… Бласлаўлення прашу… — На вачах бабулькі з’явіліся слёзы.

— А-а, вось што яно, — стаў здагадвацца Павел. — Слухайце, жанчына. Я… Я ніякі не… Ну, я не той манах, пра якога вы думаеце…

— Не пайду, пакуль не блаславіш, — заявіла старая.

— Блаславі ты яе, яна адчэпіцца, — параілі хлопцы.

— Сынок, скажы: бласлаўляю, і руку мне на галаву пакладзі, — падказала бабулька і зноў пакорліва падставіла галаву. Павел хуценька зрабіў, што ад яго патрабавалася. Бабулька ўсцешылася, перахрысціла па чарзе хлопцаў і накіравалася да дзвярэй.

— Ну ты даеш! Ты што, секту стварыў? — сказаў адзін з хлопцаў, калі бабулька выйшла.

— Якую секту! — злосна вымавіў Павел. — Гэта абсурд, поўная недарэчнасць.

— Хто вас, палешучкоў, ведае. На Палессі баптыстаў шмат…

Загрузка...