Каб чытач лепш уяўляў адносіны Яшы і Івана Заранка, варта патлумачыць, што cтары Манюк, Яшаў бацька, як ужо гаварылася, сядзеў на хутары і яго на вёсцы не любілі. Зайздроснікі сцвярджалі, што ён мільянер — мае на кніжцы сто тысяч паўнавартасных савецкіх рублёў. А ў Заранка, акрамя Лены, было яшчэ трое дзяцей, а багатага бацькі, такога як Манюк, не было. Даводзілася зарабляць.
У той момант, калі Яша перадаў Паўлу пад столік раскаркаваную бутэльку, Іван Заранок стаў узірацца на Паўла і нечакана прызнаў у ім крыўдзіцеля ягонай дачкі. Не звяртаючы ўвагі на міліцыянераў, гучна выказаўся:
— Яна табе паверыла! А ты што вытварыў?
Самае непрыемнае, што магло здарыцца, здарылася. Гэта як закон. Калі будзеш думаць пра кепскае, яно абавязкова здарыцца. Вывад: ніколі не думаць пра кепскае. Трэба думаць пра добрае, станоўчае, шчаслівае.
Міліцыя забрала і Паўла. Нават не сказалі класічнае — дыхні. Убачылі раскаркаваную бутэльку ў руках (так і не прыдумаў, куды запіхнуць, ды і не было калі), загадалі — пайшлі, у пастарунку разбяромся. І як ні аднекваўся, што не піў, міліцыянты былі няўмольныя.
Ва ўчастку міліцыянеры моўчкі сталі афармляць пратакол. Спачатку на Івана, потым на Яшу. Той прасіўся — адпусціце нас, прыгарадны цягнік ад’язджае раніцай. Наступнага аж да абеду чакаць, згубіцца дзень.
Павел быў упэўнены, што яго адпусцяць, але вочы ў яго палезлі на лоб, калі ўбачыў, што і на яго складаюць пратакол.
— Што вы робіце, — занерваваўся ён, — мяне з універсітэта выганяць!
Міліцыянты толькі ўхмыльнуліся. Павел стаў пратэставаць, заявіў, што будзе скардзіцца.
— Ціха ты, — параіў яму Яша. — А то транспартная міліцыя здасць у гарадскую. А тыя пасадзяць у выцвярэзнік. Нават цвярозага. Хто будзе цяпер, уночы, разбірацца. А гэтыя складуць пратакол, а заўтра раніцай за дзве бутэлькі ты яго забярэш. Толькі да дзевяці гадзін трэба забраць, пакуль яны зводку не здалі. Сядзі, маўчы. Складуць пратакол, ну, улепяць штрапу, і ўсё. А будзеш гізаваць — пераначуеш у выцвярэзніку. Я табе кажу як вопытны чалавек…
— Я ведаю, я — адчуваю! Гэта ён на нас міліцыю наслаў! Ён — майстар. Ён можа. Ён і не такое вытвараў! — гаварыў Іван Заранок.
На Паўлава шчасце прыйшоў начальнік тых сяржанцікаў, якія затрымалі іх. Пажылы, чараваты дзядзька. Пакруціў у руках дакументы, сказаў:
— Ва універсітэце вучышся? На якім факультэце? Ах, на гістарычным. І мой на гістарычным. Мо ведаеш Аляшкевіча.
— Ведаю, — схлусіў Павел.
— Эх ты, студэнт, — расчаравана ўздыхнуў міліцыянер. — Як жа ты яго ведаеш, калі ён у Гомелі вучыцца, а ты ў Мінску? — Міліцыянер неадабральна зіркнуў на Паўла. — Усе вы, студэнты, трусіцеся, каб вас не выгналі. За гэтую справу, — міліцыянер пстрыкнуў пазногцем па рыльцу адкаркаванай бутэлькі, якая стаяла на стале ў якасці рэчыўнага доказу. — А майго выключылі за так званы нацыяналізм.
Міліцыянер уздыхнуў і сказаў ісці. Нават загадаў забраць з сабой бутэльку. Павел зразумеў, што ніякага пратаколу не будзе.
Ленінага бацьку і Яшу адпусцілі перад самым адыходам дызель-цягніка. Павел адвярнуўся, калі ўбачыў іх, і пайшоў у канец дызеля. Але неўзабаве яны знайшлі яго.
— Дзе наша бутэлька? — запытаў дзядзька Іван, сеўшы побач. Яша зайшоў з другога боку, сеў, абняў Івана.
— Эх, нягоднік, ты ўвесь пакрыўся гусінай скурай у той міліцыі. І цябе адпусцілі… — іранізаваў Яша. — А мы… Мы цэлую ночку пракантаваліся на мулкіх лаўках… Наша міліцыя нас беражэ, спачатку скуру злупіць, патом сцеражэ! Кажуць, да цябе свякруха Ліды Варапай бласлаўляцца прыязджала? Прызнайся, прыязджала! А хто адрэзаў каню грыву? А як па вадзе ты хадзіў? У чым сакрэт?
Павел быў бледны.
— А мо той манах і напраўду быў, хто ведае? — мармытаў Іван Заранок. — Мне расказвалі, як адзін машыніст цеплавоза ехаў сабе, рука на рэгулятары хуткасці. Спакойны, фуражка без пылінкі вісіць на нікеляваным гачыку. А тут чмо нейкае па шпалах тралюе. Ды яшчэ рукой крыжы кладзе на цеплавоз. Чокнуты! Точна чокнуты! Саскочыў з рэек перад самым носам. Дык гэта не ты быў?
Павел з кіслай мінай паківаў — маўляў, не, не ён. Аднавяскоўцы крыху памыркалі, потым пераселі, прыхіліліся адзін да аднаго галовамі і паснулі.
Некалькі хвілін Павел глядзеў у акно, за якім плылі вольхі, мільгалі купы лазняку, прасціралася прырэчнае, каля Прыпяці, балота. На небакраі часам узнікала далёкая, замглёная ў ранішняй асмузе лінія лесу. Лес! Павел заплюшчыў вочы і паспрабаваў вярнуцца да харомы на лясной паляне…
Яна быццам паслухалася яго, з’явілася адразу. Сцены яе былі відаць у лесе толькі дасведчанаму, адыдзіся за пару крокаў, і нічога няма, толькі дрэвы.
«Вось што можа абудзіць простая лінія лесу на небакраі, калі едзеш у цягніку», — падумаў Павел і расплюшчыў вочы. Дзядзькі спалі.
«Як пакажуцца знаёмыя мясціны, трэба разбудзіць… — Ён зірнуў у акно, зноў убачыў лінію небакраю. — Што можа параўнацца з гэтай лініяй, намаляванай вершалінамі дрэў, па сіле ўздзеяння на чалавека-летуценніка? Колькі ўсяго яна абуджае ў душы?!»
На развітанне Яша падаў руку і глыбакадумна, хоць не без іроніі, сказаў:
— Не перажывай, перамелецца — мука будзе. Я вось што табе скажу — чым грашыў, тым і будзеш пакараны…
Сказаў і накіраваўся на свой хутар. Падаў руку і Іван Заранок, відаць, ісці разам дахаты яму не хацелася. Нават сказаў:
— Ідзі, у цябе маладыя ногі.
Толькі тут Павел усвядоміў, што ў старога Заранка вушы, якія тырчаць з-пад кепкі, рыхтык як у Лены — верхняя частка крыху адтыркваецца. Гэтая асаблівасць вушэй і яшчэ рыскі-маршчыны на падбароддзі надавалі твару выраз заклапочанасці і трывогі. Калі Іван Заранок, ды і ягоная дачка Лена пасміхаліся, то можна было падумаць, што яны крыўдзяцца.
Цяпер дзяўчына «ходзіць» з Міхасём Сінчуком. Што паміж імі? Каханне, звычайнае ўхажорства? Чым я горшы за Міхася? Ён з твару чорненькі, дробненькі, ды і невысокі. Уга, ты яшчэ стань перад люстэркам, разглядвай сябе і плач.
Вечарам таго ж дня Павел быў у клубе на танцах, дзе спадзяваўся сустрэць Лену. Сустрэў дзяўчыну нечакана — яна разам з сяброўкай выходзіла з клуба.
«Няўжо гэта Лена?» — не паверыў вачам Павел. Але яна і змянілася! Расцвіла, як тая Мележава Г анна. Ну не мог ён летась палюбіць дзеўчынку з мазолістымі, як у вярблюда, каленкамі ад вечнага сядзення ў градках. Усяго год прайшоў, і на табе. Што робіцца з дзеўчынкамі-падлеткамі? Яны становяцца фанабэрнымі, нязноснымі ганарліўкамі. Яны круцяць хлопцамі, як хочуць. Вось і цяпер яна нешта піскнула заміж прывітання, успыхнула, але потым, нібы нешта ўспомніўшы, адвярнулася і выйшла з клуба. Потым прыйшла, але ўжо не адна.
Павел крадком, а то і ў адкрытую назіраў за Заранчыхай. Куды падзеліся рыскікрывулякі з падбароддзя? Цяпер, калі Ленка смяялася, яны ўсё ж з’яўляліся, але цяпер яны прыдавалі твару зусім іншы выраз і выклікалі зусім іншае адчуванне — яны прыдавалі твару своеасаблівую пікантнасць. Нават вушы дзіўным чынам выпрасталіся. Ды і валасы ў Лены цяпер былі зачасаны па-іншаму.
Павел пазіркваў на Лену, яна пазірквала на яго. Але вось з’явіўся Міхась Сінчук. Буркнуў на Паўлава прывітанне здалёк, падышоў да Лены. І ў дзяўчыны адразу змяніўся выраз твару, іншым зрабіўся пагляд! На Паўла глянула ўпэўненая ў сабе жанчына, у якой ёсць свой мужчына. Яна глянула, а Павел Камар нібы ўвесь абмярцвеў — прачытаў у яе вачах, што яна ведае ў свае семнаццаць пра жыццё больш, чым ён у свае дваццаць тры.
— Я ж у цябе верыла… А ты?! — казаў гэты пагляд. — Цяпер у мяне ёсць той, каму можна верыць.
Павел зразумеў, што размовы з Ленкай не выйдзе. Яна проста не захоча выясняць з ім адносіны. А то яшчэ возьме і скажа яму пра ўсё, што пра яго яна думае. Пры Сінчуку яна смелая.
І Пятро не паможа, бо стаіць не з імі. За год яго выгнала ў вышыню, як той дубец, ён займаўся ў валейбольнай секцыі, і ад празмернага росту пачаў нават крыху горбіцца. На размову і шчырасць з Паўлам таксама не ішоў, пашчыпваў маладыя, ні разу не голеныя вусікі і адказваў аднаскладова: «Так», або «не». Відаць, усе ўтраіх яны вырашылі, што Павел лічыў іх за дурняў.
Нечакана ў клубе знікла святло. Некаторы час чакалі — можа з’явіцца ток? Але не з’явіўся, сказалі — «выбіла трансфарматар». Ні кіна, ні танцаў не будзе. Сталі разыходзіцца. Павел выйшаў на вуліцу, стаў слухаць галасы, каб дазнацца, дзе Лена. Канечне ж, яна была з Міхасём — ён праводзіў дзяўчыну дахаты. Павел дагнаў іх.
— Слухайце, маладыя людзі, трэба пагаварыць.
— Няма пра што, — сказаў Міхась. У ягоным голасе чулася няўпэўненасць. Але Лена хіхікнула, і гэта вырашыла ўсё. Не, яны не абзываліся, не кпілі, не абвінавачвалі. Вось Лена гэтак во хіхікнула — і гэтым сказана ўсё.
«Што ж я нарабіў! — падумаў Павел. — Як адбяліцца?»
Не, проста так ён не здасца. У яго ўзрост, розум, вопыт.
Павел пакіраваўся следам за парачкай. Тыя не бачылі яго — моладзь ішла з клуба бязладным гуртом. Павел чуў то голас Міхася, то галасок Лены, бо яны пра нешта гаварылі, часам сцішаючы голас. Падышоў так блізка, каб разбіраць словы. Канечне ж, яны гаварылі пра яго.
— Паставіў вочы праўцом і давайце пагаворым, як нічога не адбылося. Падбухторыў Пятра… — казала Лена.
— Пад’юдзіў… — удакладніў па-свойму Міхась.
— Не, не пад’юдзіў. Пад’юдзіць — гэта спакусіць на здраду. Там святы быў чалавек, сапраўдны манах, а гэты хто?
«Во, во, — падумаў Павел. — Астыла, перастала адчуваць да мяне хоць нешта. І вось, як вынік: «а гэты хто?» Як любіла, то быў «хто». Не, кананне дохлага вераб’я — вось што ёсць тваё каханне. Забудзь. І думаць перастань. Яна — не твая».