Чужаніца

Барону беды сніліся ўначы,

І мучылі яго гасцей кашмары —

Вядзьмаркі, чэрці, чорныя іх чары

І чарвякі з магіл…

Кітс[9]

Няшчасны той чалавек, якому ўспаміны дзяцінства прыносяць адно страх і горыч. Няшчасны той, хто толькі азіраецца на доўгія гадзіны, праведзеныя ў вялікіх змрочных пакоях з цёмнымі цяжкімі шторамі і варожымі шэрагамі старадаўніх кніг, ды прыгадвае вячэрнія шпацыры сярод гіганцкіх, гратэскавых, аблытаных плюшчом дрэваў, якія моўчкі калышуць свае галіны. Вось такі лёс падарылі мне багі – мне, ашаломленаму, расчараванаму, пакінутаму, спустошанаму. Але я дзіўна спакойны і чапляюся з усяе моцы за гэтыя прыкрыя ўспаміны, як толькі памяць мая спрабуе перакуліцца на той бок.

Я не ведаю, дзе нарадзіўся, але той замак быў неймаверна стары і неймаверна жахлівы – з цёмнымі калідорамі і высокай столлю, на якой відаць былі адно цені ды павуцінне. Камяні ў здзічэлых калідорах заўсёды выглядалі непрыемна вільготнымі, усюды стаяў гідкі пах, быццам гэта смярдзелі мерцвякі з розных стагоддзяў. У замку пастаянна было цёмна, таму я часта запальваў свечкі і доўга глядзеў на муры, а на дварэ ніколі не было сонца, бо жахлівыя дрэвы ўздымаліся вышэй за самую высокую вежу. Але была адна чорная вежа, якая ўзнімалася над дрэвамі і глядзела ў невядомае мне неба. Яна была часткова разбураная, і падняцца на яе можна было толькі па сцяне, па голых цаглінах.

Я жыў у гэтым месцы гадамі, аднак час вымяраць не ўмеў. Нехта, напэўна, павінен быў задавальняць мае патрэбы, але я не магу прыгадаць аніводнага чалавека, акрамя мяне, аніводнае жывое істоты, за выключэннем пацукоў, кажаноў і павукоў. Думаю, што той, хто мяне даглядаў, быў вельмі стары, бо мае дзіцячыя ўспаміны пра жывога чалавека малявалі некага падобнага да мяне, але скукожанага, няўклюднага, як і сам замак. Косткі і шкілеты, што ляжалі там-сям у некаторых пакоях, асабліва ў лёхах, не ўяўляліся мне чымсьці надзвычайным ці страшным. Я асацыяваў іх са штодзённымі падзеямі, і для мяне яны былі больш натуральныя, чым каляровыя выявы людзей, якія я сустракаў у заплеснелых кнігах. Усяму, што я ведаю, я навучыўся з гэтых кніг. У мяне не было настаўніка, і я не памятаю, каб чуў чалавечы голас за ўсе гэтыя гады, нават свой уласны, бо хаця я і чытаў пра дар мовы, сам нават не спрабаваў прамаўляць. Не ведаў я і пра ўласны выгляд, бо ў замку не было люстраў, і таму інстынктыўна лічыў сябе падобным да аднаго з маладых людзей, малюнкі якіх бачыў у кнігах. Я быў упэўнены ў сваім маладым узросце, бо так няшмат памятаў.

Я часта выходзіў з замка, ляжаў на мяккім імху пад цёмнымі нямымі дрэвамі і гадзінамі марыў аб тым, пра што прачытаў у кнігах. Я ўяўляў сябе ў сонечным святле сярод вясёлага натоўпу, што віраваў за бясконцымі лясамі. Аднаго разу я паспрабаваў збегчы з лесу, але чым далей адыходзіў ад замка, тым больш цямнела і тым мацнейшым рабіўся страх, таму я хутка пабег назад, пакуль не згубіўся ў лабірынце чорнае цішыні.

Урэшце мне нічога не засталося, акрамя як марыць у бясконцым змроку і чакаць, хаця я і не ведаў, нашто чакаю. Аднойчы мая прага святла зрабілася настолькі неўтаймаванай, што я не мог болей заставацца ў спакоі і выцягнуў рукі да адзінае вежы, якая падымалася над лесам і глядзела ў невядомае мне неба. Неўзабаве я вырашыў падняцца на вежу, хаця, караскаючыся на яе, мог зваліцца: лепей убачыць неба і памерці, чым пражыць жыццё, не ведаючы нават, што такое дзень.

У вільготным змроку я падымаўся па старых каменных сходах, пакуль не дайшоў да месца, дзе яны абрываліся, пасля чаго асцярожна рухаўся па друзе ля самага мура. Гэты каменны мёртвы калодзеж быў гідкі і жахлівы – чорны, разбураны, усімі пакінуты, толькі кажаны бязгучна лёталі над галавой. Чым марудней я рухаўся, тым большаў жах: хаця я і падымаўся, цемра наверсе не рабілася меншай. На мяне наваліўся холад ад цвілі на мурах. Я здрыгануўся, падумаўшы, чаму не дайшоў да святла, – і пабаяўся паглядзець уніз. Мне падалося, што раптоўна надышла ноч. Я пацягнуўся рукой да вузкай байніцы, каб выглянуць вонкі і даведацца, наколькі высока падняўся, але нічога не атрымалася.

І раптам, пасля бясконцага вусцішнага пад’ёму ў абсалютнай цемры і адчайнай небяспецы, я адчуў, як галава мая дакранулася да нечага цвёрдага, і зразумеў, што дайшоў да даху або да перагародкі іншага паверха. Я падняў вольную руку і памацаў перагародку: яна была каменная. З паднятай рукой я паволі крочыў паўз мур, пакуль не адчуў, што перагародка заварушылася. Я піхнуў мацней абедзвюма рукамі, і каменны люк пачаў падымацца. Святла там не было, рука пасунулася вышэй, і я зразумеў, што мая вандроўка скончылася. Люк вёў на каменную пляцоўку, значна шырэйшую, чым ніз вежы. Гэта, напэўна, быў нейкі вялікі пакой для назірання. Я асцярожна пралез праз люк і паспрабаваў утрымаць яго паднятым, аднак ён з грукатам зачыніўся. Я без сілаў ляжаў на каменнай падлозе і слухаў дзіўнае рэха ад падзення люка, спадзеючыся, што яго можна будзе адкрыць, калі спатрэбіцца вяртацца.

Палічыўшы, што я на вялікай вышыні, над лесам, я паволі падняўся і пачаў шукаць вокны, каб першы раз у жыцці пабачыць неба, месяц і зоркі, пра якія так шмат чытаў. Але мяне чакала расчараванне: рукі ўсюды натыкаліся на вялікія мармуровыя паліцы з вялізнымі скрынямі. Якія жахлівыя таямніцы могуць хавацца ў гэтым пакоі, што знаходзіцца так высока над маім замкам? Раптам я намацаў дзверы з каменным парталам, на якім было выбітае нешта незразумелае. Дзверы аказаліся зачыненымі, аднак я адчуў прыліў вялікае моцы і, пацягнуўшы іх на сябе, расчыніў і спазнаў найвялікшы экстаз у жыцці: праз жалезныя краты свяціла поўня, вырываючы з цемры кароткія каменныя сходы, што вялі да кратаў. Нават у сваіх марах і відзежах, якія цяжка назваць успамінамі, я не бачыў нічога падобнага.

Я вырашыў, што гэта найвышэйшае месца замка, і пабег быў наверх па сходах, аднак раптам месяц схаваўся за хмарай, і я, спатыкнуўшыся, пайшоў павольней. Калі я падняўся да кратаў, было ўсё яшчэ вельмі цёмна. Я асцярожна крануў іх – незамкнутыя. Аднак адчыняў я іх вельмі павольна, бо баяўся ўпасці з такой вышыні. З-за хмары зноў вызірнуў месяц.

Нічога падобнага я не чакаў і таму не мог паверыць у тое, што ўбачыў. Нішто з таго, што здаралася са мной дагэтуль, нельга было параўнаць з тым, што я бачыў цяпер: усё было да жахлівага цудоўна. Відарыс быў просты і адначасова чароўны: вакол мяне распасціраліся не бясконцыя да млоснасці вяршыні дрэваў, што я бачыў з замка, а даліна з мармуровымі калонамі і руінамі. Непадалёк месцілася старажытная царква, і яе паўразбураны шпіль блішчэў у святле месяца.

Амаль непрытомны ад убачанага, я адчыніў браму і паволі выйшаў на сцежку белага жвіру, што кіравала ў двух напрамках. Розум працаваў хаатычна, але мая прага святла не змяншалася. Нават фантастычны краявід, што мяне ўразіў, не мог перабіць гэтае прагі. Я не ведаў, дый не задумваўся, было ўбачанае трызненнем вар’ята, сном або магіяй, а проста вырашыў любой цаной любавацца раскошай і красой навокал. Я не ведаў ані таго, кім або чым быў, ані таго, што мяне атачае, і марудна крочыў наперад, заўважаючы, што памяць пачала прыгадваць нешта, чаго я ведаць не мог. Я прайшоў пад аркай, пакінуўшы пліты і калоны ззаду, і апынуўся ў чыстым полі. Часам дарога была бачная, а часам хавалася ў траве, і толькі руіны падказвалі, што раней дзесьці тут быў гасцінец. Я нават пераплыў раку, дзе вялізныя заімшэлыя камяні нагадвалі, што калісьці тут быў мост.

Мінула, мабыць, дзве гадзіны, і я апынуўся ля таго, што, магчыма, было маёй мэтай – пакрытага плюшчом замка ў моцна зарослым парку, да болю знаёмага і адначасова абсалютна чужога. Я ўбачыў, што роў вакол замка поўны вады, а некалькі раней знаёмых мне вежаў стаяць разбураныя, затое да асноўнага будынка далучаныя новыя крылы. Але мяне найбольш цікавілі адчыненыя вокны: з іх лілося святло і чуліся гукі шумнае вечарыны. Падышоўшы да аднаго, я зазірнуў туды і ўбачыў дзіўна апранутых людзей, якія весяліліся і размаўлялі. Дагэтуль я ніколі не чуў чалавечага голасу, таму амаль не разумеў, пра што ідзе гаворка. Некаторыя твары чамусьці падаліся мне крыху знаёмымі, іншых я зусім не ведаў.

Я ўвайшоў праз адчыненыя шкляныя дзверы ў ярка асветлены пакой, пераступіўшы тым самым праз сваё адзінае добрае перажыванне, каб абрынуцца ў прадонне найпакутнейшага адчаю. Кашмар пачаўся амаль адразу, бо не паспеў я ўвайсці, як у зале адбылося нешта жахлівае. Усе прысутныя пачалі лямантаваць, твары іх крывіліся грымасамі страху. У паніцы яны пабеглі з пакоя, некалькі чалавек знепрытомнелі, упалі на падлогу, і іх давялося цягнуць да выхаду. Многія закрывалі вочы рукамі, беглі наўслеп, пераварочвалі мэблю, натыкаліся на сцены і з цяжкасцю знаходзілі дзверы.

Гэта быў агульны шок. Я стаяў у ярка асветленым пакоі адзін, ашаломлены, слухаючы крыкі, што паволі знікалі ўдалечыні, і дрыжаў, спрабуючы здагадацца, што ж такое жахлівае знаходзіцца побач. На першы погляд пакой падаваўся абсалютна пустым, але калі я накіраваўся да аднаго з альковаў, то пачуў, быццам там нехта ёсць – хтосьці рушыў праз залатую арку дзвярэй, што вялі да іншага пакоя, вельмі падобнага да гэтага. Падыходзячы да аркі, я ўсё мацней адчуваў прысутнасць гэтае істоты, а потым, выдаўшы першы і апошні ў маім жыцці гук – пудлівае крактанне, якое напалохала мяне не менш за тое, што яго выклікала, – я ў поўны рост убачыў жудасную, неапісальную, страхотную пачвару, якая адным сваім выглядам ператварыла вясёлы натоўп у статак напалоханых уцекачоў.

Я не ў стане нават расказаць, як яна выглядала, бо гэта была мяшанка з усяго бруднага, жахлівага, непагляднага, ненармальнага ды пачварнага, сумесь гніення, старызны і распаду, агідны прывід непатрэбшчыны, гідкае стварэнне, якое ніколі не мусіла з’явіцца на зямлі. Гэта было нешта не з гэтага свету, аднак я з жахам убачыў у яго згнілых рысах падабенства да чалавечае істоты і разам з тым здзек з чалавека, а ў яго цвілым вобліку – нейкую невымоўную якасць, якая спалохала мяне яшчэ больш.

Мяне амаль спаралізавала, хаця я нават не вельмі ўдала паспрабаваў біцца з гэтым страхоццем. Але я не здолеў разбіць чорныя чары безгалосага кашмару, што трымалі мяне пры монстры. Мае вочы не маглі адарвацца ад бязбровых шклопадобных шароў, якія неадрыўна глядзелі на мяне не міргаючы. Дзякуй Богу, пасля першага шоку мае зрэнкі заслаў нейкі змрок, і я не мог дакладна бачыць пачвару. Я паспрабаваў узняць руку, каб цалкам засланіць вочы, аднак быў настолькі ўражаны, што рука не слухалася. Праз гэта я страціў раўнавагу і вымушаны быў зрабіць некалькі крокаў наперад, каб не ўпасці. Я адчуў страшную блізкасць монстра, мне нават падалося, што я чую ягонае дыханне. Я амаль звар’яцеў, але здолеў выставіць наперад руку, каб адпіхнуць пачвару, якая была так блізка, – і ў гэты момант, самы жудасны момант майго жыцця, мае пальцы дакрануліся да халоднай лапы монстра, што схаваўся пад залачонай аркай.

Я не закрычаў, але закрычалі ўсе вурдалакі, якія падарожнічаюць з начным ветрам, і на мяне быццам снегавая лавіна абрынуліся ўспаміны маёй душы. Вокамгненна я ўспомніў, што адбывалася за страхалюдным замкам і змрочнымі дрэвамі, згадаў крыху зменены будынак, у якім цяпер знаходзіўся, аднак самым жахлівым было тое, што я пазнаў вусцішны прывід, які стаяў перада мной. Я адхапіў ад яго свае запэцканыя пальцы.

У сусвеце ёсць лек на ўсе хваробы, і лек гэты – забыццё. У надзвычайным жаху таго імгнення я забыўся, што ж так напалохала мяне, і выбух чорных успамінаў расплыўся ў хаосе самых розных уяўленняў. У сне я паімчаў з гэтага жудаснага месца і бег моўчкі пад святлом месяца. Калі я дасягнуў пакоя, з якога наверх вялі сходы, то аказалася, што каменны люк зрушыць немагчыма, аднак гэта мяне не спалохала, бо я ненавідзеў страхалюдны замак і яго змрочныя дрэвы. Цяпер я лётаю з сябрамі-вурдалакамі на начных вятрах, а днём гуляю ў катакомбах Нефрэн-Ка ў нікому не вядомай даліне Гадота ля Ніла. Я ведаю, што святло не для мяне, хіба што святло месяца над грабніцамі Ментухатэпа, не для мяне і весялосць, хіба толькі святы Нітокрыса пад вялікімі пірамідамі, аднак у маёй новай дзікай свабодзе я амаль рады жорсткасці адчужэння.

Бо хаця забыццё супакоіла мяне, я заўсёды буду памятаць, што я – чужаніца. Я чужы гэтаму стагоддзю і кожнаму, хто пакуль што чалавек. Я ведаю гэта з таго імгнення, калі выцягнуў руку насустрач жахлівай пачвары ўнутры залачонае аркі – выцягнуў руку і адчуў холад цвёрдае паверхні адпаліраванага люстра.[10]

Пераклаў Алесь Кудраўцаў

Загрузка...