Пра Герберта Ўэста, з якім мы пазнаёміліся яшчэ ва ўніверсітэце і сябравалі доўгі час, я магу казаць толькі з пачуццём неймавернага жаху. Прычынай гэтага жаху сталі не толькі жудасныя акалічнасці яго нядаўняга знікнення, але і наогул усё, чым ён займаўся ў апошні час. Пачалося гэта сямнаццаць гадоў таму, калі мы вучыліся на трэцім курсе медыцынскага факультэта Міскатоніцкага ўніверсітэта, што ў горадзе Аркхэм. Тады я быў проста зачараваны Ўэстам, дакладней яго дзіўнымі і нялюдскімі эксперыментамі, і ўрэшце зрабіўся яго найбліжэйшым паплечнікам. Але пасля таго як ён знік, чары развеяліся, і цяпер мне па-сапраўднаму страшна. Успаміны аб тым, што адбылося, і здагадкі пра тое, што можа здарыцца, палохаюць мяне нават больш, чым рэчаіснасць.
Увесь час нашага сяброўства быў адзначаны чарадой неапісальных па жудасці падзей, і самая першая з іх зрынула мяне ў такі шок, што я дагэтуль стараюся лішні раз пра яе не ўспамінаць. Як я ўжо казаў, здарылася гэта падчас нашага навучання на медыцынскім факультэце, дзе Ўэст ужо здабыў сабе ліхую славу праз свае вар’яцкія ідэі аб прыродзе смерці і магчымасці яе пераадолення штучнымі сродкамі. Тэорыя Ўэста, якую бязлітасна высмейвалі і студэнты, і выкладчыкі, грунтавалася на вучэнні пра механістычную сутнасць жыцця. З яе вынікала, што цела чалавека – штосьці накшталт машыны, якой можна кіраваць з дапамогай хімічных рэагентаў пасля таго, як натуральныя працэсы ў арганізме згаснуць. Эксперыментуючы з размаітымі ажыўляльнымі рэчывамі, Ўэст звёў са свету процьму трусоў, марскіх свінак, катоў, сабак і малпаў, праз што яго ўрэшце зненавідзеў увесь факультэт. Часам паддоследныя жывёлы – меркавалася, што яны мёртвыя – сапраўды пачыналі паказваць прыкметы жыцця, прычым некаторыя экзэмпляры паводзілі сябе даволі буяна. Неўзабаве Ўэст усвядоміў, што вывучэнню і ўдасканаленню гэтага працэсу ён мусіць прысвяціць усё сваё жыццё. Таксама ён зразумеў, што ягоны рэагент неаднолькава дзейнічае на розныя арганізмы, таму дзеля чысціні эксперыменту і далейшага прагрэсу ажыўляльнае рэчыва неабходна выпрабаваць на чалавеку. Менавіта з гэтай прычыны ў яго пачаліся звадкі з кіраўніцтвам факультэта, і справа скончылася тым, што яму сурова забаранілі займацца даследніцкай дзейнасцю. Гэта быў загад дэкана медыцынскага факультэта, доктара Алана Холсі, асвечанага і найдабрэйшага чалавека, чыё самаадданае служэнне хворым і нямоглым аж дагэтуль з падзякай згадваюць аркхэмскія старажылы.