САЛЯРЫСТЫ

Цылiндрычны тунель быў пусты. Хвiлiну я пастаяў перад зачыненымi дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, вiдаць, былi тонкiя, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохi коса i нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпiсам: «Чалавек». Я пазiраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвiлiну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажлiва.

Вар’яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маiх вушах. Я паварушыўся i адчуў на плячах надакучлiвы цяжар скафандра. Цiха, нiбы хаваючыся ад нябачнага назiральнiка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На iх былi таблiчкi: «Д-р Гiбарыян», «Д-р Снаўт», «Д-р Сарторыус». На чацвёртых дзвярах таблiчкi не было. Я завагаўся, але ўсё-ткi нацiснуў на клямку i цiха адчынiў дзверы. Калi яны адчынiлiся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.

Нiкога не было. Такi ж самы, толькi крыху меншы, выпуклы iлюмiнатар, нацэлены на Акiян, якi тут — пад сонцам — тлуста iльснiўся, нiбыта з хваляў сплываў чырвоны алiўкавы алей. Пурпуровы водблiск запаўняў увесь пакой, падобны на карабельную каюту. З аднаго боку стаялi палiцы з кнiгамi, памiж iмi вертыкальна да сцяны быў замацаваны адкiдны ложак на карданах, з другога было поўна шкапчыкаў, памiж якiмi ў нiкеляваных рамках, звязаных пасамi, вiселi касмiчныя здымкi, на металiчных штатывах стаялi колбы i прабiркi, пазатыканыя ватай, пад акном двума радамi стаялi белыя эмаляваныя скрынi, мiж якiмi цяжка было прайсцi. Накрыўкi некаторых былi адкiнутыя — у скрынях мноства iнструментаў, пластыкавых шлангаў, у абодвух кутах знаходзiлiся краны, выцяжкi дыму, маразiльнiкi, мiкраскоп стаяў на падлозе, бо яму не хапiла месца на вялiзным стале ля акна. Калi я павярнуўся, то ля ўваходных дзвярэй убачыў высозную, да самай столi, прачыненую шафу, запоўненую камбiнезонамi, рабочымi i ахоўнымi халатамi, на палiцах ляжала бялiзна, памiж халявамi антырадыяцыйных ботаў паблiсквалi алюмiнiевыя бутэлькi для партатыўных кiслародных апаратаў. Два апараты разам з маскамi вiселi на спiнцы паднятага ўгору ложка. Усюды панаваў такi самы, толькi яшчэ большы, нiбыта ад спешкi, беспарадак i хаос. Я прынюхаўся, слаба пахла хiмiчнымi рэактывамi i нечым едкiм — хiба што хлорам? Мiжволi пашукаў вачыма ў кутах ля столi закратаваныя вентыляцыйныя адтулiны. Прыклееныя да iх рамак палосы паперы трымцелi, гэта сведчыла, што кампрэсары падтрымлiваюць нармальны ток паветра. Я перанёс кнiгi, апаратуру i iнструменты з двух крэслаў у кут, парасстаўляў iх як удалося, у вынiку чаго вакол ложка памiж шафай i палiцамi з’явiлася крыху вольнага месца. Прыцягнуў вешалку, каб павесiць на яе скафандр, узяўся пальцамi за хвосцiк замка-маланкi, але адразу ж яго адпусцiў. Я нiяк не мог адважыцца скiнуць скафандр, нiбыта з-за гэтага мог стаць безабаронным. Яшчэ раз абвёў позiркам увесь пакой, упэўнiўся, цi добра зачынены дзверы, бо ў iх не было замка, пасля кароткага вагання падсунуў да iх дзве найцяжэйшыя скрынi. Забарыкадаваўшыся такiм чынам, я трыма заходамi вызвалiўся з маёй цяжкай, скрыпучай абалонкi. У вузкiм люстэрку на ўнутранай паверхнi шафы адлюстроўвалася частка пакоя. Краем вока я заўважыў там нейкi рух, сарваўся з месца, але зразумеў, што гэта мой уласны адбiтак. Трыкатажны касцюм пад скафандрам быў увесь прапацелы. Скiнуў яго i штурхануў шафу. Яна адсунулася, у нiшы за ёй блiшчалi сцены мiнiяцюрнай душавой. На падлозе пад душам ляжала вялiзная пляскатая скрынка. З цяжкасцю вынес яе ў пакой. Калi апускаў на падлогу, века яе адскочыла, нiбы было на пружыне, i я ўбачыў асобныя аддзяленнi, запоўненыя дзiўнымi экспанатамi: шмат скарыкатураных альбо толькi першасных нарыхтовак iнструментаў з цёмнага металу, часткова падобных на тыя, што ляжалi ў шкапчыках. Усе яны былi не для ўжытку, недапрацаваныя, скрыўленыя, аплаўленыя, быццам вынесеныя з пажару. Сама дзiўнае, што гэткiя ж сляды пашкоджання былi нават на керамзiтавых, практычна не плаўкiх ручках. Нiводная лабараторная печ не давала тэмпературы для iх плаўлення — хiба што ўнутры атамнага рэактара. З кiшэнi свайго развешанага скафандра я дастаў малы iндыкатар выпраменьвання, але яго чорная галоўка маўчала, калi я наблiзiў яе да гэтых дзiўных iнструментаў.

Я быў толькi ў плаўках i сеткаватай майцы. Скiнуў i iх, шпурнуў на падлогу, як анучы, i стаў пад душ. Адразу адчуў прыемнасць. Я круцiўся пад пругкiмi гарачымi струменямi, масiраваў цела, пырскаўся так старанна, нiбы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямi няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.

Я знайшоў у шафе лёгкi трэнiровачны касцюм, якi можна насiць i пад скафандрам, пераклаў у кiшэнi ўвесь мой скупы набытак; памiж старонкамi запiсной кнiжкi я адчуў штосьцi цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапiў туды. З хвiлiну я круцiў яго ў пальцах, не ведаючы, што з iм рабiць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбiцца якая-небудзь зброя. Унiверсальны сцiзорык, вядома, не зброя, але нiчога iншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такiм стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь iншае. Я ўсеўся ў металiчнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму. Я з задавальненнем адзначыў, што ў мяне ёсць яшчэ больш чым паўгадзiны часу; нiчога не парадзiш, у маёй натуры скрупулёзнасць ва ўсiм — цi то ў важным, цi то ў дробязях. Стрэлкi на дваццацiчатырохгадзiнным цыферблаце стаялi на сямi. Сонца заходзiла. Сёмая гадзiна мясцовага часу азначала дваццаць гадзiн бартавога часу на «Праметэi». На экранах Модарда Салярыс, вiдаць, ужо зрабiлася малюсенькай iскаркай i нiчым не адрознiвалася ад зорак. Але якiя стасункi са мной мог мець «Праметэй»? Я заплюшчыў вочы. Панавала абсалютная цiшыня, калi не лiчыць раўнамернага мяўкання труб. У душавой вада капала на парцэляну.

Гiбарыяна няма сярод жывых. Калi я добра зразумеў, што казаў Снаўт, то з моманту яго смерцi мiнула ўсяго некалькi гадзiн. Што зрабiлi з целам? Пахавалi? Праўда, на такой планеце зрабiць гэта было немажлiва. Я доўга разважаў над гэтым, нiбыта лёс мёртвага быў сама важнай праблемай; пасля я ўсвядомiў марнасць гэтых разважанняў, устаў i пачаў хадзiць з кута ў кут, чапляючыся нагой за бязладна параскiданыя кнiжкi, за нейкi малы i пусты планшэт; я нахiлiўся i падняў яго. Ён быў не пусты. Там ляжала бутэлька з цёмнага шкла, такая лёгкая, быццам зробленая з паперы. Я паглядзеў праз яе ў акно, на панура-чырвоны, затуманены бруднай iмглой заход сонца. Што гэта са мной? Навошта звяртаю ўвагу на ўсялякую брыдоту, на любую дробязь, што трапляе ў рукi?

Я здрыгануўся, бо запалiлася святло. Вiдаць, гэта спрацаваў фотаэлемент. Я ўсё яшчэ нечага чакаў, напружанне ўзнялося да такой ступенi, што ўрэшце я ўжо не мог трываць пустаты за спiнай. Вырашыў перамагчы гэтае адчуванне. Падсунуў крэсла да палiц. Выцягнуў добра знаёмы мне другi том старой манаграфii Х’юза i Эйгеля «Гiсторыя планеты Салярыс» i пачаў яго гартаць, паклаўшы тоўстую кнiгу на калена.

Адкрыццё Салярыс адбылося амаль за сто гадоў да майго нараджэння. Планета круцiцца вакол двух сонцаў — чырвонага i блакiтнага. На працягу сарака гадоў з гакам да яе не наблiзiўся нiводзiн касмiчны карабель. У тыя часы тэорыя Гамава — Шэплi аб немажлiвасцi ўзнiкнення жыцця на планетах двайных зорак лiчылася аксiёмай. Арбiты такiх планет няспынна мяняюцца ў вынiку гравiтацыйных адхiленняў, выклiканых пад час кручэння абодвух сонцаў адносна адно аднаго.

Узнiклыя пертурбацыi папераменна скарачаюць i расцягваюць арбiту планеты, i запачаткаваннi жыцця, калi яны з’яўляюцца, знiшчае то прамянёвая гарачыня, то лядовы холад. Такiя змены адбываюцца на працягу мiльёнаў гадоў, гэта значыць, паводле астранамiчнага альбо бiялагiчнага пункту гледжання, за вельмi кароткi час (бо эвалюцыя патрабуе сотнi мiльёнаў, калi не мiльярды гадоў).

Паводле першасных падлiкаў, праз пяцьсот тысяч гадоў Салярыс мела наблiзiцца да свайго чырвонага сонца на паўпарсека, а яшчэ праз мiльён гадоў упасцi ў распаленую сонечную бездань.

Але ўжо праз некалькi гадоў вучоныя пераканалiся, што траекторыя планеты зусiм не выяўляе чаканых змен i з’яўляецца пастаяннай, такой жа пастаяннай, як траекторыi планет нашай Сонечнай сiстэмы.

Былi паўтораны, на гэты раз з максiмальнай дакладнасцю, назiраннi i разлiкi, якiя пацвердзiлi толькi тое, што было ўжо вядома: Салярыс мае непастаянную арбiту.

Да гэтай пары Салярыс была адной з соцень штогод адкрываемых планет, пра якiя ў вялiкiх стотысячных таблiцах маецца ўсяго некалькi радкоў асноўных звестак пра iх рух. Цяпер Салярыс перайшла ў ранг нябесных цел, якiя варты асаблiвай увагi.

Праз чатыры гады пасля гэтага адкрыцця планету абляцела экспедыцыя Атэншэльда, якi даследаваў Салярыс з «Лаакаона» ў суправаджэннi двух дапаможных касмiчных караблёў. Тая экспедыцыя насiла характар рэкагнасцыроўкi, iмправiзаванага доследу, тым больш што яна не магла зрабiць пасадку. Яна толькi вывела на экватарыяльныя i палярныя арбiты значную колькасць аўтаматычных спадарожнiкаў-назiральнiкаў, галоўнай задачай якiх з’яўлялiся замеры гравiтацыйных патэнцыялаў. Акрамя таго, была даследавана паверхня планеты, якую амаль цалкам пакрываў Акiян, i толькi невялiкiя ўзгор’i ўзвышалiся над яго ўзроўнем. Iх агульная плошча не раўнялася тэрыторыi Эўропы, хоць дыяметр Салярыс быў на дваццаць адсоткаў большы, чым Зямлi. Гэтыя бязладна параскiданыя астраўкi скалiстай i пустыннай сушы тоўпiлiся галоўным чынам у паўднёвым паўшар’i. Быў вывучаны таксама састаў атмасферы, пазбаўленай кiслароду, i надзвычай пiльна замерана шчыльнасць планеты, а таксама яе асветленасць i iншыя астранамiчныя характарыстыкi. Як i чакалася, не ўдалося знайсцi нiякiх слядоў жыцця нi на сушы, нi ў Акiяне.

На працягу наступных дзесяцi гадоў Салярыс, якая ўжо знаходзiлася ў цэнтры ўвагi ўсiх абсерваторый гэтага рэгiёна, выяўляла настойлiвую тэндэнцыю да захавання сваёй, без усялякага сумнення, гравiтацыйна нетрывалай арбiты. Праз нейкi час справа запахла скандалам, калi вiну за гэтыя вынiкi назiранняў паспрабавалi звалiць (у клопаце пра навуку) то на пэўных людзей, то на вылiчальныя машыны, якiмi гэтыя людзi карысталiся.

З-за адсутнасцi сродкаў навуковая салярыстычная экспедыцыя затрымалася яшчэ на тры гады, аж да таго часу, пакуль Шанаган, скамплектаваўшы экiпаж, не атрымаў ад Iнстытута тры караблi танажу С, касмадромнага класа. За паўтара года да з’яўлення экспедыцыi, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другi даследчы флот вывеў, па даручэннi Iнстытута, на ваколсалярысную арбiту аўтаматычны Сатэлоiд — Месяц 247. Гэты Сатэлоiд пасля трох чарговых рэканструкцый, якiя падзялялi дзесяцiгоддзi, працуе да сённяшняга дня. Звесткi, якiя ён сабраў, канчаткова пацвердзiлi назiраннi экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акiяна.

Адзiн карабель Шанагана застаўся на высокай арбiце, а два iншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкi зрабiлi пасадку на скалiстым ускрайку сушы, якi займаў каля шасцiсот квадратных мiль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыi скончылася праз васемнаццаць месяцаў i была ў цэлым паспяховая, калi не лiчыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзiлi ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры. Прадметам спрэчкi стаў Акiян. На падставе аналiзу яго палiчылi арганiчным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ нiхто не пасмеў). Аднак калi бiёлагi бачылi ў iм прымiтыўнае ўтварэнне — нешта накшталт вялiзнага суклецця, а дакладней, адну, дзiвосна выраслую вадкую клетку (яны называлi гэта «дабiялагiчнай фармацыяй»), што абгортвала ўсю планету сцюдзянiстым покрывам, якое дзе-нiдзе дасягала некалькi мiль, — то астраномы i фiзiкi сцвярджалi, што гэта павiнна быць надзвычай высокаарганiзаваная структура; па складанасцi будовы яна, магчыма, пераўзыходзiла зямныя арганiзмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбiты. Нiякай iншай прычыны паводзiн Салярыс знайсцi не ўдалося, акрамя таго, планетолагi выявiлi сувязь памiж некаторымi працэсамi ў плазматычным Акiяне i мясцовым гравiтацыйным патэнцыялам, якi мяняўся ў залежнасцi ад акiяннага «абмену рэчываў».

Так фiзiкi, а не бiёлагi, прапанавалi парадаксальную фармулёўку «плазматычная машына», разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэннi, магчыма, i не жывое, але здольнае да мэтанакiраваных дзеянняў — адразу дадамо — у астранамiчным маштабе.

У гэтай спрэчцы, якая за некалькi тыдняў, як вiр, уцягнула ўсе сама знакамiтыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захiсталася дактрына Гамава — Шэплi.

Нейкi час яе спрабавалi яшчэ баранiць, даказваючы, што Акiян не мае нiчога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з’яўляецца нават не «па-за» або «дабiялагiчным» утварэннем, а толькi геалагiчнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабiлiзаваць арбiту Салярыс з дапамогай змены сiл прыцягнення; абаронцы спасылалiся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.

Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з’яўлялiся гiпотэзы, якiя абвяшчалi адна з найбольш распрацаваных гiпотэза Чывiта — Вiта, — што Акiян уяўляе прадукт дыялектычнага развiцця: ад сваёй першапачатковай формы — ад праакiяна, раствору лянiва рэагуючых хiмiчных рэчываў, ён здолеў пад нацiскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлiвых для яго iснавання змяненняў арбiты) перайсцi, iгнаруючы ўсе зямныя ступенi развiцця — з’яўленне адна- i шматклеткавых арганiзмаў, раслiнную i жывёльную эвалюцыi, iгнаруючы ўтварэнне нервовай сiстэмы i мозгу — адразу пераскочыць у стадыю «гомеастатычнага Акiяна». Iнакш кажучы, у адрозненне ад зямных арганiзмаў, якiя сотнi мiльёнаў гадоў прыстасоўвалiся да навакольнага асяроддзя i толькi ў канцы гэтага працяглага перыяду запачаткавалi разумныя iстоты, Акiян адразу ж запанаваў над навакольнымi ўмовамi.

Усё гэта было вельмi арыгiнальна, толькi нiхто па-ранейшаму не ведаў, якiм чынам сцюдзянiсты сiроп можа стабiлiзаваць арбiту нябеснага цела. Амаль спрадвеку былi вядомы механiзмы, якiя стваралi штучнае сiлавое i гравiтацыйнае поле — гравiтатары, — але нiхто нават не думаў, што аморфная жыжка можа даваць эфект, якi ўяўляе — у гравiтатарах — вынiк складаных ядзерных рэакцый i высокiх тэмператур. У газетах, захлiснутых дзеля забавы чытачоў i дзеля страху вучоных сама брыдкiмi выдумкамi на тэму «тайна планеты Салярыс», сустракалiся нават такiя сцвярджэннi, што планетны Акiян з’яўляецца… далёкiм родзiчам зямных электрычных вугроў.

Калi хоць у нейкай ступенi ўдавалася вырашыць адну праблему, высвятлялася, як гэта пасля неаднаразова было з Салярыс, што замест адной загадкi ўзнiкала другая, яшчэ больш неверагодная.

Даследаваннi паказалi, што Акiян не дзейнiчае па прынцыпу нашых гравiтатараў (гэта было б, зрэшты, немажлiва), а валодае здольнасцю непасрэдна мадэляваць метрыку часу-прасторы, што вядзе, мiж iншым, да адхiленняў у вымярэннi часу на адным i тым жа мерыдыяне Салярыс. Такiм чынам Акiян не толькi ў пэўным сэнсе ведае тэорыi Эйнштэйна — Бевi, але нават здолеў iх скарыстаць (што не скажаш пра нас).

Калi гэта стала вядома, у навуковым свеце выбухнула адна з сама значных у нашым стагоддзi сенсацый. Сама непарушныя, усiмi прызнаныя тэорыi рухнулi, у навуковай лiтаратуры з’явiлiся вельмi ерэтычныя артыкулы, усiх распалiла альтэрнатыва «генiяльны Акiян» або «гравiтацыйная сцюдзянiстасць».

Усё гэта адбывалася за добрыя дваццаць гадоў да майго нараджэння. Калi я хадзiў у школу, Салярыс, зыходзячы з выяўленых пазней фактаў, ужо была прызнана планетай, на якой маецца жыццё — праўда, усяго толькi адзiн насельнiк…

Другi том Х’юза i Эйгеля, якi я гартаў амаль механiчна, пачынаўся сiстэматыкай, гэткай жа арыгiнальнай, як i забаўнай. У класiфiкацыйнай таблiцы стаялi па чарзе: тып — палiтэрыi (Роlitеriа), род — суклетныя (Sуnсуtiаliа), клас — метаморфныя (Меtаmоrрhа).

Нiбыта нам было вядома Бог ведае колькi экземпляраў гэтага гатунку, у той час, як прадстаўнiк быў толькi адзiн, праўда, важыў ён семнаццаць бiльёнаў тон.

Пад маiмi пальцамi мiльгалi каляровыя дыяграмы, квяцiстыя графiкi, спектральныя аналiзы, якiя дэманстравалi тып i тэмп асноўнага абмену, яго хiмiчныя рэакцыi. Чым далей я залазiў у тоўсты том, тым больш на яго мелаваных старонках было матэматыкi; можна было меркаваць, што нашыя веды пра гэтага прадстаўнiка класа метаморфных, якi ляжаў, спавiты цемрай чатырохгадзiннай ночы, за некалькi сотняў метраў пад сталёвым дном Станцыi, надзвычай дасканалыя.

На самай справе яшчэ не ўсе прыйшлi да думкi, цi «iстота» гэта наогул, ужо не кажучы пра тое, цi можна назваць Акiян разумным. Я паставiў тоўсты том на палiцу i дастаў наступны. Ён складаўся з дзвюх частак. Першая была прысвечана вынiкам эксперыментаў, праведзеных пад час бясконцых спробаў наладзiць кантакт з Акiянам. Гэтая спроба, я добра памятаў яшчэ са студэнцкiх гадоў, выклiкала бясконцыя анекдоты, кпiны i досцiпы; у параўнаннi з тымi джунглямi, у якiя завяло вучоных пытанне пра кантакт, нават сярэдневяковая схаластыка здавалася зразумелым i даступным акадэмiчным курсам, якi не выклiкае цяжкасцей. Другую частку тома, у якой была амаль тысяча трыста старонак, займала толькi бiблiяграфiя прадмета. Арыгiнальная ж лiтаратура, напэўна, не змясцiлася б у пакоi, дзе я сядзеў.

Першыя спробы кантакту адбывалiся з дапамогай спецыяльных электронных апаратаў, якiя трансфармуюць iмпульсы, што пасылаюцца ў абодва напрамкi. Сам Акiян пры гэтым браў актыўны ўдзел у выпрацоўцы такiх апаратаў. Але ўсё гэта адбывалася ўсляпую. Што значыла «браў удзел у выпрацоўцы»? Акiян мадыфiкаваў пэўныя элементы апушчаных у яго прыбораў, у вынiку чаго змянялiся рытмы разрадаў, якiя запiсвалiся, апараты для рэгiстравання адзначалi мiрыяды сiгналаў, што нагадвалi абрыўкi найскладанейшых матэматычных аперацый, але што ўсё гэта азначала? Мо гэта былi звесткi пра часовае ўзбуджэнне Акiяна? А мо гэта iмпульсы, якiя дзесьцi далёка, за тысячы мiль ад даследнiкаў, нараджалiся яго вялiзнымi ўтварэннямi? А мо перакладзеныя на незразумелую электронную мову адлюстраваннi спрадвечных iсцiн гэтага Акiяна? Або яго творы мастацтва? Хто гэта мог ведаць, калi немагчыма было атрымаць адну i тую ж рэакцыю на раздражняльнiк? Калi Акiян адгукаўся то выбухам iмпульсаў, якiя ледзь не разносiлi на кавалкi апаратуру, то глухiм маўчаннем? Калi нiводзiн дослед нельга было паўтарыць? Увесь час здавалася, што мы вось-вось расшыфруем няспынна нарастаючую лавiну запiсаў, i спецыяльна для вывучэння гэтай iнфармацыi стваралiся электронныя машыны такой магутнасцi, якой не патрабавала дасюль вырашэнне нiводнай праблемы. Сапраўды, некаторыя вынiкi ўдалося атрымаць. Акiян — крынiца электронных, магнiтных, гравiтацыйных iмпульсаў гаварыў быццам на матэматычнай мове; пэўныя выбухi яго разрадаў можна было класiфiкаваць, выкарыстоўваючы найбольш абстрактныя раздзелы зямной матэматыкi, тэорыю множнасцi; там з’яўлялiся гамолагi структур, вядомых у той галiне фiзiкi, якая займаецца пытаннямi ўзаемаадносiн энергii i матэрыi, канечных i бесканечных велiчынь, часцiц i палёў — усё гэта схiляла вучоных да высновы, што яны маюць перад сабой пачвару, якая мыслiць, нешта накшталт протаплазматычнага мора-мозгу, якое шматразова разраслося i абвiло ўсю планету i якое бавiць час у нябачных па сваёй шырынi тэарэтычных развагах пра сутнасць Сусвету, а нашыя апараты ловяць толькi нязначныя, выпадкова падслуханыя абрыўкi гэтага спрадвечнага, глыбiннага, даўжэзнага маналога, якi пераўзыходзiць усялякую мажлiвасць нашага разумення.

Такая думка матэматыкаў. Iхнiя гiпотэзы былi акрэслены аднымi як грэбаванне чалавечымi магчымасцямi, як пакланенне нечаму, чаго мы яшчэ не разумеем, але што дае падставы сказаць пра аднаўленне старадаўняй дактрыны «Ignоrаmus еt ignоrаbimus»[1]; другiя ж лiчылi, што ўсё гэта шкодныя i бясплодныя байкi, што ў гiпотэзах матэматыкаў праяўляецца мiфалогiя нашых дзён, якая бачыць у вялiзным мозгу, усё адно — электронным або плазматычным, вышэйшую мэту iснавання, суму быцця.

А яшчэ некаторыя… Зрэшты, даследнiкаў i пунктаў погляду было бясконцае мноства. Але акрамя пошукаў кантакту iснавалi i iншыя галiны салярыстыкi, дзе спецыялiзацыя стала гэткай вузкай, асаблiва за апошнюю чвэртку веку, што салярыст-кiбернетык i салярыст-сiметрыядолаг з цяжкасцю разумелi адзiн аднаго. «Як жа вы дамовiцеся з Акiянам, калi адзiн з адным дамовiцца не можаце?» неяк жартам спытаўся Вейбеке, якi ў час маiх студэнцкiх гадоў з’яўляўся дырэктарам Iнстытута; у гэтым жарце было шмат праўды.

Акiян невыпадкова быў аднесены да класа метаморфных. Яго рухомая паверхня магла даваць пачатак сама розным формам, зусiм не падобным на зямныя, прычым мэтанакiраванасць — адаптацыйная, пазнавальная або якая-небудзь iншая — гэтых часам бурных вывяржэнняў плазматычнай «творчасцi» заставалася абсалютнай загадкай.

Ставячы на палiцу том, гэткi цяжкi, што мне давялося падтрымлiваць яго абедзвюма рукамi, я падумаў, што нашыя звесткi пра Салярыс, якiя запаўняюць бiблiятэкi, з’яўляюцца непатрэбным баластам i трэсянкай фактаў, а мы знаходзiмся на тым самым месцы, як i семдзесят восем гадоў таму, калi толькi пачыналi збiраць факты. Зрэшты, сiтуацыя цяпер значна горшая, бо ўся праца гэтых гадоў аказалася марнай.

Тое, што мы ведалi дакладна, складалася толькi з адмоўных меркаванняў. Акiян не карыстаўся паслугамi машын i не будаваў iх, хоць у пэўных акалiчнасцях выяўляў здольнасцi да гэтага, калi капiраваў часткi апушчанай у яго апаратуры, але рабiў гэта толькi на першым i другiм годзе даследчай працы; пасля ён iгнараваў усе паўторныя доследы, нiбыта страцiў да нашых прыбораў i вырабаў (а мо i да нас самiх…) усялякi iнтарэс. Акiян не валодаў — я працягваю пералiчваць нашы «адмоўныя звесткi» — нi нервовай сiстэмай, нi клеткамi, нi структурай, якая нагадвала бялковую; ён не заўсёды рэагаваў на раздражняльнiкi, нават на сама моцныя (так, напрыклад, ён цалкам «праiгнараваў» катастрофу дапаможнага ракетнага карабля другой экспедыцыi Гiзэ, якi ўпаў з вышынi трыста кiламетраў на паверхню планеты i знiшчыў ядзерным выбухам сваiх атамных рэактараў плазму ў радыусе паўтары мiлi).

Паступова ў навуковым асяроддзi «справа Салярыс» стала гучаць як «безнадзейная справа», а сярод вучоных, якiя кiравалi Iнстытутам, у апошнiя гады чулiся патрабаваннi ўрэзаць датацыi на далейшыя даследаваннi. Пра лiквiдацыю Станцыi наогул нiхто яшчэ не асмельваўся гаварыць; гэта было б яўным прызнаннем паражэння. Зрэшты, сёй-той у прыватных гаворках адзначаў: усё, што нам патрэбна, гэта мажлiвасць «ганаровага» выйсця з «аферы Салярыс».

Аднак для многiх, асаблiва для моладзi, «афера» паступова станавiлася нечым накшталт пробнага каменя ўласнай вартасцi. «Па сутнасцi, — казалi яны, справа не ў адгадцы салярыснай цывiлiзацыi, а ў нас самiх, у мажлiвасцях чалавечага пазнання».

Адзiн час быў папулярны погляд (яго настойлiва распаўсюджвалi газеты), што Акiян, якi мыслiць i якi абмывае ўсю Салярыс, з’яўляецца вялiзным мозгам, апярэдзiўшым у сваiм развiццi нашу цывiлiзацыю на мiльёны гадоў, што гэта нейкi «касмiчны ёг», мудрэц, спраўджанае ўсёведанне, што ён ужо даўно ўсвядомiў марнасць усялякага дзеяння i таму сустракае нас поўным маўчаннем. Але гэта была няпраўда, бо жывы Акiян дзейнiчаў, ды яшчэ як! — праўда, ён дзейнiчае iнакш, чым уяўляюць сабе людзi; ён не будуе нi мастоў, нi гарадоў, нi лятальных апаратаў, не спрабуе нi перамагчы, нi пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной iмкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылi ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымi пераўтварэннямi — «анталагiчным аўтаметамарфозам»; вучоных тэрмiнаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, якi пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлiвыя звесткi пра Салярыс, цяжка пазбавiцца ад уражання, што перад iм толькi рэшткi iнтэлектуальных збудаванняў, магчыма, i генiяльных, але без ладу i складу змешаных з пладамi глупства, якое знаходзiлася ўжо на мяжы вар’яцтва. Таму насуперак канцэпцыi «Акiяна-ёга» з’явiлася тэорыя «Акiяна-дэбiла».

Гэтыя гiпотэзы зноў ажывiлi адну са старажытных фiласофскiх праблем узаемаадносiны матэрыi i духу, свядомасцi. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзялiў Акiян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагi. Праблема, якую адразу ж прызналi метафiзiчнай, прысутнiчала амаль на ўсiх дыскусiях i спрэчках. Цi магчыма мысленне без свядомасцi? Але цi можна назваць працэсы, што адбываюцца ў Акiяне, мысленнем? Цi справядлiва, што гара — гэта вельмi вялiкi камень? А планета — гэта вялiзная гара? Можна ўжываць i гэтыя тэрмiны, аднак новая шкала велiчынь выводзiць на сцэну новыя заканамернасцi i новыя з’явы.

Гэтая праблема стала квадратурай круга нашага часу. Кожны самастойны вучоны iмкнуўся ўнесцi ў скарбонку салярыстыкi свой уклад; з’явiлася шмат тэорый, якiя даводзiлi, што мы маем прадукт дэгенерацыi, рэгрэсу, якi пачаўся пасля фазы «iнтэлектуальнага росквiту» Акiяна, iншыя пераконвалi, што Акiян гэта глеевы наватвор, якi нарадзiўся ў целе ранейшых насельнiкаў планеты i паеў iх усiх, праглынуў, спёкшы рэшткi ў вечную пазаклеткавую стыхiю, якая здольная да самаамаладжэння.

Пад белым, падобным на зямное, святлом лямпаў я прыняў са стала прыборы i кнiгi, якiя на iм ляжалi, расклаў на пластыкавай дошцы мапу Салярыс i, абапiраючыся рукамi на металiчную акантоўку стала, пачаў узiрацца ў яе. Жывы Акiян меў свае глыбiнi i плыткiя месцы, а яго выспы, пакрытыя налётам выветраных мiнералаў, сведчылi, што калiсьцi яны былi дном Акiяна — было невядома, цi рэгуляваў ён з’яўленне над вадой i знiкненне скальных парод, якiя хавалiся ў яго глыбiнях. Я пазiраў на вялiзныя, з рознымi адценнямi фiялетавага i блакiтнага колераў паўшар’i на карце i каторы ўжо раз у сваiм жыццi быў здзiўлены iх выглядам, як i даўней, у дзяцiнстве, калi ўпершыню пачуў пра iснаванне Салярыс.

Не ведаю, як гэта сталася, але ўсё, што адбывалася дагэтуль — таямнiчая смерць Гiбарыяна, нават мая цьмяная будучыня, — здалося мне гэткiм нязначным, што я нi аб чым не думаў, захоплены аглядам мапы, якая зачароўвала кожнага чалавека.

Асобныя ўчасткi «жыватвору» былi названы iмёнамi даследнiкаў, якiя прысвяцiлi сябе iх вывучэнню. Я пазiраў на глеемасiў Тэхсала, якi ахоплiваў экватарыяльныя архiпелагi. Раптам адчуў на сабе нечы позiрк.

Я ўсё яшчэ стаяў над мапай, але ўжо не бачыў яе, бо быў як паралiзаваны. Дзверы знаходзiлiся насупраць мяне, яны былi застаўлены скрынкамi i прысунутай да iх шафай. Напэўна, гэта нейкi аўтамат, падумаў я, хоць да гэтага ў пакоi не было нiводнага робата, а ўвайсцi непрыкметна ён не мог. Скура на карку i на плячах пачала смылець, адчуванне цяжкага нерухомага позiрку станавiлася нясцерпным. Я мiжволi ўцягваў галаву ў плечы i ўсё мацней абапiраўся на стол, якi раптам пачаў марудна рухацца па падлозе; гэты рух працверазiў мяне. Я рэзка павярнуўся.

Пакой быў пусты. Перада мной чарнела вялiкае паўкруглае акно. Дзiўнае адчуванне не знiкала. На мяне пазiрала пустэча, бязмежная, бязлiкая, бязвокая. За шыбамi, у змроку, не свяцiлася нiводная зорачка. Я занавесiў акно. Яшчэ не мiнула i гадзiны майго знаходжання на Станцыi, але я пачаў ужо разумець, чаму ў некаторых з’яўляецца тут манiя праследавання. Мiжволi згадалася смерць Гiбарыяна. Я добра ведаў яго i да гэтага часу быў перакананы, што нiякiя абставiны не вымусiлi б яго звiхнуцца. Зараз гэтая перакананасць знiкла.

Я стаяў пасярод пакоя каля стала. Дыханне маё супакоiлася, я адчуваў, што пот, якi залiў лоб, высыхае. Пра што ж гэта я толькi што думаў? А — пра робатаў. Тое, што я не сустрэў iх нi ў калiдоры, нi ў пакоях, было дзiўна. Куды ж яны падзелiся? Адзiны, з якiм я меў справу — i то на адлегласцi, — быў з абслугi касмадрома. А дзе ж iншыя?

Я зiрнуў на гадзiннiк. Час iсцi да Снаўта.

Я выйшаў. Калiдор слаба асвятляўся люмiнесцэнтнымi лямпамi. Я мiнуў двое дзвярэй, падышоў да тых, на якiх значылася прозвiшча Гiбарыяна. Доўга стаяў перад iмi. На Станцыi панавала цiшыня. Я ўзяўся за клямку. Па праўдзе кажучы, мне зусiм не хацелася туды заходзiць. Клямка пасунулася, дзверы на дзюйм прачынiлiся, утварылася шчылiна, спачатку чорная, пасля ў пакоi запалiлася святло. Цяпер мяне мог убачыць кожны, хто iшоў па калiдоры. Я хуценька пераступiў парог i зачынiў за сабой дзверы, бясшумна i моцна. Затым павярнуўся.

Я стаяў, амаль што датыкаючыся плячыма да дзвярэй. Пакой быў большы за мой, з такiм жа панарамным акном, на тры чвэрцi захiнутым фiранкай з дробнымi нябеснымi i ружовымi кветкамi, якая, несумненна, была прывезена з Зямлi. Уздоўж сцен стаялi кнiжныя палiцы i шкапчыкi, пафарбаваныя ў вельмi бледны зялёны колер з серабрыстым адценнем. Iх змесцiва, цэлымi стосамi вываленае на падлогу, ляжала памiж столiкамi i крэсламi. Праход загароджвалi два самаходныя столiкi, паваленыя i часткова пахаваныя пад стосам часопiсаў, якiя вытыркалiся з цудоўных папак. Разгорнутыя веерам старонкi кнiг былi залiтыя вадкасцю з разбiтых колбаў i пляшак з прыцёртымi коркамi, у пераважнай большасцi яны былi з гэткага тоўстага шкла, што звыклае падзенне на падлогу нават са значнай вышынi не здолела б iх разбiць. Пад акном ляжаў перакулены пiсьмовы стол з разбiтай лямпай на рухомым кранштэйне; перад iм валялася табурэтка, а яе дзве ножкi былi засунуты ў напалову адчыненыя шуфляды. Уся падлога засыпана карткамi, спiсанымi лiсткамi, нейкiмi паперамi. Я пазнаў почырк Гiбарыяна i схiлiўся над лiсткамi. Падымаючы асобныя аркушы, я заўважыў, што мая рука дае не адзiночны, а двайны цень.

Я павярнуўся. Ружовая фiранка палала, нiбыта падпаленая ўгары, вострая лiнiя асляпляльна блакiтнага агню разгаралася з кожнай хвiлiнай. Я адсунуў фiранку — вочы асляпiў нябачны пажар. Ён займаў трэць гарызонту. Доўгiя, дзiвосна выцягнутыя пераплеценыя ценi беглi памiж хвалямi да Станцыi. Гэта быў усход. У той зоне, дзе знаходзiлася Станцыя, пасля ночы, якая доўжылася ўсяго гадзiну, на неба ўздымалася другое, блакiтнае сонца планеты. Аўтаматычны выключальнiк патушыў святло. Я вярнуўся да раскiданых папер. Натрапiў на кароткае апiсанне доследу, зафiксаванага тры тыднi таму, — Гiбарыян меў намер уплываць на плазму звышжорсткiм выпраменьваннем. Па зместу я зразумеў, што трымаю ў руках копiю iнструкцыi для Сарторыуса, якi павiнен быў правесцi эксперымент. Белыя аркушы паперы сляпiлi вочы. Дзень, якi пачаўся, адрознiваўся ад папярэдняга. Пад ружовым небам астываючага сонца чарнiльны, з крывавым бляскам Акiян амаль заўсёды ахiнала брудна-ружовая iмгла, у якой перамешвалiся небасхiл, хмары i хвалi — зараз усё гэта знiкла. Нават прафiльтраванае праз ружовую тканiну святло нагадвала прамянi магутнай кварцавай лямпы. Загар на маiх руках здаваўся амаль шэрым. Мой пакой змянiўся, усё, што мела чырвонае адценне, збранзавела i паблякла, як колер сырой пячонкi, затое белы, зялёны i жоўты колеры сталi такiмi выразнымi, што здавалася, яны свецяцца ўласным святлом. Прымружыўшы вочы, я паглядзеў праз шэрыя фiранкi: неба ўяўлялася белым морам агню, пад якiм калываўся i дрыжаў вадкi метал. Я сцiснуў павекi, пад якiмi паплылi чырвоныя кругi. На рукамыйнiку (бераг яго быў адбiты) я ўбачыў цёмныя акуляры i надзеў iх, яны закрылi амаль палову твару. Зараз фiранка свяцiлася полымем натрыю. Я чытаў далей, падымаючы аркушы i складваючы iх на адзiны неперакулены столiк. Часткi тэксту не хапала.

Далей iшлi пратаколы пастаўленых доследаў. З iх я даведаўся, што на працягу чатырох дзён у пункце, якi знаходзiўся за тысячу чатырыста мiль на паўночны ўсход ад цяперашняга становiшча Станцыi, на Акiян уздзейнiчалi апраменьваннем. Для мяне гэта была нечаканасць, бо з-за згубнага ўздзеяння звышжорсткiх прамянёў iх скарыстанне забаронена канвенцыяй ААН. Я быў цалкам перакананы, што нiхто не пытаўся ў Зямлi дазволу на такiя эксперыменты. Узняўшы галаву, у люстэрку прачыненых дзвярэй шафы я заўважыў сваё адлюстраванне: смяртэльна белы твар i чорныя акуляры. Дзiўны выгляд меў i пакой, якi палаў белым i блакiтным святлом. Праз некалькi хвiлiн пачулася працяглае скрыгатанне, i звонку iлюмiнатар закрыла герметычная засланка; унутры пацямнела, запалiлася штучнае святло, якое здавалася зараз дзiўна бляклым. Станавiлася цяплей, рытмiчныя гукi кандыцыянера сталi падобныя на адчайны енк. Халадзiльныя апараты Станцыi працавалi на поўную магутнасць. I ўсё адно мёртвая гарачыня нарастала.

Пачулiся крокi. Нехта iшоў па калiдоры. Я зрабiў два бясшумныя скачкi i апынуўся ля дзвярэй. Крокi сталi маруднымi i сцiхлi. Той, хто iшоў, стаяў за дзвярыма. Паволi павярнулася клямка; я iнстынктыўна схапiў яе i затрымаў. Той, з другога боку дзвярэй, па-ранейшаму нацiскаў на клямку, моўчкi, нiбыта яго захапiлi знянацку. Так прастаялi мы даволi доўга. Раптам клямка падскочыла ў маёй далонi — яе адпусцiлi, а ледзь чутнае шамаценне сведчыла, што той адыходзiў. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, але панавала цiшыня.

Загрузка...