СНЫ


Праз шэсць дзён мы паўтарылi эксперымент, бо Акiян нiяк не рэагаваў на яго. Станцыя, якая да гэтага вiсела нерухома на перасячэннi сорак трэцяй паралелi са сто шаснаццатым мерыдыянам, паплыла, застаючыся на вышынi чатырохсот метраў над узроўнем Акiяна, у паўднёвым напрамку, дзе, згодна з паведамленнямi радарных чуйнiкаў i радыёграм Сатэлоiда, актыўнасць плазмы павялiчылася.

Двое сутак змадуляваны маёй энцэфалаграмай пучок прамянёў з iнтэрваламi некалькi гадзiн наносiў нябачныя ўдары па амаль што гладкай паверхнi Акiяна.

Напрыканцы другiх сутак мы былi ля самага полюса. Не паспяваў дыск блакiтнага сонца схавацца за гарызонтам, як на супрацьлеглым баку хмары налiвалiся бурштынам, папярэджваючы аб узыходзе чырвонага. Бясконцая чарната Акiяна i пустое неба над iм запаўнялiся тады асляпляльнай гульнёй фарбаў: рэдкiя, ядавiта-зялёныя, з водблiскам распаленага металу прамянi сутыкалiся з прыглушанымi пурпуровымi сполахамi, Акiян перасякалi прамянi двух супрацьлеглых дыскаў, двух палаючых ачагоў — ртутнага i барвовага. Варта было з’явiцца ў зенiце сама лёгкаму воблачку, як водблiскi на цяжкай пене, якая сцякала з грабянёў хваль, станавiлiся непраўдзiва вясёлкавымi. Адразу ж пасля заходу блакiтнага сонца на паўночным захадзе з’явiлася сiметрыяда — пра яе папярэдзiлi ўжо сiгналiзатары. Яна была ледзь бачная ў рыжаватым тумане i толькi люстрана паблiсквала, нiбыта вялiзная шкляная кветка, якая вырасла там, дзе неба злiвалася з акiянскай пенай. Станцыя не змянiла курсу, i праз чвэрць гадзiны калос, якi ззяў рубiнавым святлом, зноў схаваўся за гарызонтам. Мiнула яшчэ некалькi хвiлiн, высокi тонкi слуп, асновы якога мы не бачылi, бязгучна падняўся ў атмасферу на некалькi кiламетраў, засведчыўшы тым самым пагiбель сiметрыяды. Адна палова слупа ззяла крывавым святлом, а другая была падобная на ртуць; ён вырас, як двухколернае дрэва, затым ператварыўся ў грыбападобнае воблака, верхняя частка яго, якую адносiў вецер, знiкла ў прамянях двух сонцаў, а нiжняя паволi ападала, своеасаблiвымi гронкамi заняўшы трэць гарызонту. Праз гадзiну знiк i апошнi след гэтага вiдовiшча.

Мiнула яшчэ двое сутак, эксперымент паўтарылi апошнi раз, рэнтгенаўскiя прамянi абшарылi ўжо значную частку Акiяна, на поўднi з’явiлiся выдатна бачныя з нашай вышынi, хоць i было больш за трыста кiламетраў, Арэнiды — ланцуг з шасцi скалiстых вяршыняў. Пiкi Арэнiд здавалiся заледзянелымi, але на самай справе iх пакрываў налёт арганiчнага паходжання — горны ланцуг некалi быў дном Акiяна.

Мы памянялi курс, скiраваўшы на паўднёвы ўсход, i праз нейкi час iшлi ўздоўж горнага бар’ера, якi злiваўся з хмарамi, тыповымi для чырвонага дня; пасля ўсё знiкла. Мiнула дзесяць дзён з часу першага эксперымента.

За ўвесь гэты час на Станцыi нiчога не адбылося. Аўтаматычная апаратура паўтарала эксперымент згодна з распрацаванай Сарторыусам праграмай, i я нават не ведаю, цi кантраляваў хто-небудзь дзеяннi аўтаматаў. I ўсё адно на Станцыi нешта адбывалася. Зрэшты, не памiж людзьмi. Я баяўся, што Сарторыус зноў запатрабуе пачаць працу над анiгiлятарам; акрамя таго, я чакаў, як адрэагуе Снаўт, калi даведаецца ад Сарторыуса, што я падмануў яго, перабольшыўшы небяспеку, якую магло выклiкаць знiшчэнне нейтрыннай матэрыi. Аднак нiчога не здарылася, i на першым часе я не мог даўмецца, у чым справа. Вядома, я разлiчваў на нейкую лавушку, лiчыў, што падрыхтоўка i сама праца трымаюцца ў тайне, i таму кожны дзень зазiраў у памяшканне без акон пад галоўнай лабараторыяй — там знаходзiўся анiгiлятар. Нi разу нiкога я там не заспеў; калi меркаваць па слою пылу, якi пакрываў ахоўны кажух i кабелi, да апаратуры нiхто не дакранаўся шмат тыдняў.

Снаўт, як i Сарторыус, таксама некуды знiк, i з iм нельга было звязацца яго вiдэафон не адказваў. Нехта, вiдаць, кiраваў рухам Станцыi, але хто канкрэтна — не ведаю, бо мяне гэта, як нi дзiўна, мала турбавала. Я быў зусiм абыякавы i да таго, што Акiян нiяк не рэагаваў на доследы; праз два-тры днi я не толькi перастаў чакаць альбо баяцца нейкай рэакцыi, а наогул забыўся i пра яе, i пра эксперымент. Я цэлымi днямi праседжваў у бiблiятэцы альбо ў кабiне разам з Хэры, якая хадзiла за мной, як цень. Я бачыў, што нашы справы дрэнь i што гэткi стан тупой апатыi не можа доўжыцца бясконца. Трэба было неяк пераадолець яго, нешта памяняць у нашых адносiнах, але я не мог прыняць нiякага рашэння i адганяў ад сябе нават думку пра перамены. Магу патлумачыць гэта толькi адным — мне здавалася, што ўсё на Станцыi, i асаблiва нашы ўзаемаадносiны з Хэры, знаходзiцца ў стане надзвычай няўстойлiвай раўнавагi i ад любога штуршка развалiцца. Чаму? Не ведаю. Дзiўна, што Хэры адчувала тое ж самае. Калi я думаю цяпер пра гэта, мне ўяўляецца, што няпэўнасць, няўстойлiвасць, прадчуванне магчымага землятрусу былi выклiканы пранiзваючай усю Станцыю прысутнасцю, якая нiчым iншым сябе не выяўляла. Хоць, магчыма, на прысутнасць што-нiшто звяртала ўвагу, а менавiта — сны. Нi раней, нi пасля нiколi ў мяне не было гэткiх прывiдаў, таму я вырашыў запiсваць iх. Дзякуючы запiсам я магу зараз паспрабаваць расказаць пра свае сны, але расказ мой будзе фрагментарным i пазбаўленым непаўторнай разнастайнасцi прывiдаў. Нейкiм незразумелым чынам у прасторы, дзе не было неба, зямлi, падлогi, столi, сцен, я, цi то скурчаны, цi то звязаны, апынаўся ў чужой мне субстанцыi, урастаў у нежывую, нерухомую, бясформенную глыбу, а можа, я i сам станавiўся глыбай, цела маё знiкла, вакол мяне снавалi ледзь прыкметныя ружовыя плямы, яны плавалi ў асяроддзi, якое па аптычных уласцiвасцях адрознiвалася ад паветра: толькi на вельмi блiзкай адлегласцi рэчы набывалi выразныя — нават занадта, ненатуральна выразныя — абрысы. Увогуле ў маiх снах наваколле было значна больш канкрэтным i матэрыяльным, чым на самай справе. Калi я прачынаўся, то адчуваў дзiўны стан: рэальнасцю, сапраўднай рэальнасцю быў сон, а тое, што я бачыў, калi расплюшчваў вочы, — толькi яе бледны адбiтак.

Такi быў пачатак, той клубочак, з якога размотвалася нiтка сноў. Вакол мяне нешта чакала свайго вырашэння, маёй унутранай згоды, а я адчуваў штосьцi ўнутры ў мяне адчувала — я не павiнен паддавацца незразумелай спакусе, бо чым большая спакуса, тым страшнейшы канец. Уласна, я гэтага не ведаў. Калi б я гэта ведаў, то баяўся б, а страху я не адчуваў. Я чакаў. З ружовага туману вакол мяне нараджаўся першы дотык, я, нерухомы, як калода, застыў у той масе, што была навокал i паралiзавала мяне, я не мог нi адсунуцца, нi паварушыцца, а тое нешта абмацвала маю турму сляпымi i адначасова зрокавымi дотыкамi i станавiлася рукой, якая стварала мяне; да гэтай хвiлi я быў сляпы, i вось я пачынаю бачыць — пад пальцамi, якiя абмацваюць мой твар, з нiчога нараджаюцца мае губы, шчокi, i разам з тым, як гэты падзелены на бясконца малыя долi дотык пашыраецца, у мяне з’яўляецца i твар, i дыханне, выклiканыя з небыцця гэтым актам стварэння — узаемным, бо i я, якога ствараюць, таксама ствараю — i ўзнiкае твар, якога я нiколi ў жыццi не бачыў, чужы i знаёмы, я спрабую зазiрнуць яму ў вочы, але не магу — усе прапорцыi парушаны, няма нiякiх напрамкаў, проста ў малiтоўным маўчаннi мы спазнаём адно аднаго i становiмся адно адным. I вось ужо я стаў самiм сабой, але ў ступенi бясконцасцi, а тая iншая iстота — жанчына? — знерухомела разам са мной. У нас адзiн пульс, мы адно цэлае, i вось у гэтую замаруджаную сцэну, па-за якой нiчога не iснуе i не можа iснаваць, закрадваецца нешта незвычайна жорсткае, немажлiвае, ненатуральнае. Той самы дотык, якi стварыў нас i залатым покрывам ахiнуў нашыя целы, ператвараецца ў мiрыяды злосных джалаў. Нашыя целы, голыя i белыя, расплываюцца, чарнеюць, аблепленыя мноствам чарвякоў, якiя выходзяць з нас, як паветра. I вось ужо я станаўлюся — мы становiмся — я станаўлюся блiскучым, сплеценым i расплеценым зноў, лiхаманкава вёрткiм клубком, якi не канчаецца i не скончыцца; у гэтай бясконцасцi я i сам бясконцы, бязгучна крычу, малю пра канец i раптам якраз у гэтае iмгненне разбягаюся адразу, ва ўсе бакi, i ўва мне расце спачуванне, у шмат разоў мацнейшае, чым на самай справе, сканцэнтраванае дзесьцi ў чорнай i чырвонай далячынях спачуванне, якое то цвёрдае, як скала, то блiскучае агнём iншага сонца i iншага свету.

Гэта — самы просты сон, iншыя я не здолею расказаць, бо страх, перажыты ў iх, нельга параўнаць нi з чым на свеце. У сне я нiчога не ведаў пра iснаванне Хэры, дзённыя ўражаннi i перажываннi наогул не адбiвалiся ў маiх снах.

Былi i iншыя сны, калi ў застылай, мёртвай цемры я адчуваў сябе аб’ектам скрупулёзных, няспешных даследаванняў, без усялякiх вядомых нам iнструментаў; гэта быў дотык, драбленне, растварэнне аж да абсалютнага знiкнення, а за ўсiм гэтым — за маўчаннем, за паступовым знiшчэннем — стаяў страх: ранкам толькi ад успамiнаў пра яго пачынала трымцець сэрца.

А днi доўжылiся — аднастайна, сонна, бясколерна, прыносiлi самотную агiду да ўсяго. Я баяўся толькi начэй, але не ведаў, як ад iх уратавацца. Хэры магла зусiм не спаць, я таксама iмкнуўся да гэтага. Я цалаваў i лашчыў яе, разумеў, што справа тут не ў ёй i не ўва мне; мне проста страшна заснуць. Хоць я нi слова не казаў Хэры пра свае кашмары, яна, вiдаць, пра нешта здагадвалася: у яе пакорлiвасцi я адчуваў маўклiвую крыўду i пачуццё знявагi, але нiчога зрабiць не мог. Я ўжо казаў, што за ўвесь час не бачыўся нi са Снаўтам, нi з Сарторыусам. Аднак Снаўт часам заяўляў пра сябе — зрэдку запiскай, а часцей выклiкам па вiдэафоне. Ён пытаўся, цi не заўважыў я якой-небудзь новай з’явы, нейкiх перамен, чаго-небудзь, што магло быць рэакцыяй на гэтулькi разоў паўтораны эксперымент. Я адказваў адмоўна i сам пытаўся пра тое ж самае. Снаўт на экране толькi круцiў галавой.

На пятнаццаты дзень пасля заканчэння эксперымента я прачнуўся раней звычайнага i быў так змучаны кашмарамi, што нiяк не мог ачомацца, нiбыта пасля глыбокага наркозу. Праз незацемнены iлюмiнатар падалi першыя промнi чырвонага сонца, цэлая рака пурпуровага агню перасякала гладкую паверхню Акiяна, i я заўважыў, што паверхня, якая да гэтага часу была безжыццёвая, становiцца мутнай. Яна ўжо была не чорная, а пабялела, нiбыта яе ахiнула iмгла, iмгла i на самай справе была даволi густая. Дзе-нiдзе ўзнiкалi неспакойныя асяродкi, затым бязмэтны рух ахапiў усю бачную прастору. Чорную паверхню закрыла смуга, светла-пурпуровая на грабянях хваляў i жамчужна-карычневая ва ўпадзiнах. Спачатку гульня фарбаў стварала з гэтага дзiўнага акiянскага покрыва доўгiя шэрагi застылых хваляў, пасля ўсё перамяшалася, увесь Акiян пакрыўся пенай, вялiзныя лахманы яе ўздымалiся ўгору i пад Станцыяй i вакол яе. З усiх бакоў адначасова ўзляталi ў рыжае, пустое неба перапончатакрылыя пенныя воблакi, не падобныя на звычайныя хмары. Iхнiя берагi напаўнялiся паветрам, як шары. На фоне нiзка палаючага над гарызонтам сонечнага дыска адны здавалiся вугольна-чорнымi, iншыя, у залежнасцi ад таго, пад якiм вуглом асвятлялi iх промнi ўсходу, успыхвалi рыжымi, вiшнёвымi, малiнавымi водблiскамi. Здавалася, Акiян лушчыцца, крывавыя шматкi то адкрывалi чорную паверхню, то засланялi яе новым налётам зацвярдзелай пены. Некаторыя ўтварэннi ўзляталi ўгору зусiм блiзка, за некалькi метраў ад iлюмiнатараў, а адно сваiм шаўкавiстым з выгляду берагам нават зачапiла шкло. Тыя ж раi, што ўзляцелi першыя, былi ўжо ледзь бачныя, як птушкi, што разляцелiся ва ўсе бакi, яны расплывалiся, знiкалi ў зенiце.

Станцыя знерухомела i стаяла на адным месцы каля трох гадзiн, а незвычайнае з’явiшча не знiкала. Нарэшце, калi сонца сышло ўжо за гарызонт, Акiян пад намi ахутала цемра, мiрыяды лёгкiх ружаватых сiлуэтаў бясконцымi вяршынямi ўздымалiся ў неба ўсё вышэй i вышэй, быццам слiзгалi па нябачных струнах. I гэтае небывалае ўзнясенне доўжылася да поўнай цемры.

Усё гэтае з’явiшча, страшнае сваiм спакоем, уразiла Хэры, але я нiяк не мог яго растлумачыць: мне, салярысту, яно было такое ж новае i незразумелае, як i ёй. Зрэшты, формы i ўтварэннi, не адзначаныя нiдзе ў сiстэматыцы, можна назiраць на Салярыс два-тры разы за год, а калi пашанцуе — то i часцей.

Наступнай ноччу, прыкладна за гадзiну да ўсходу блакiтнага сонца, мы сталi сведкамi яшчэ аднаго феномена:

Акiян фасфараваў. Спачатку на яго нябачнай у цемры паверхнi дзе-нiдзе з’явiлiся плямы святла, а дакладней, слабае свячэнне, бялявае, размазанае, якое рухалася разам з хвалямi. Плямы злучалiся, павялiчвалiся, нарэшце прывiднае ззянне дасягнула лiнii гарызонту. Iнтэнсiўнасць ззяння нарастала на працягу прыкладна пятнаццацi хвiлiн; затым усё скончылася дзiўным чынам: Акiян стаў патухаць, з захаду насоўваўся фронт цемры шырынёй у некалькi соцень мiль, а калi ён дасягнуў Станцыi i мiнуў яе, усё яшчэ ахопленая ззяннем частка Акiяна, якая фасфаравала, стала падобнай на адступiўшае на ўсход i застылае высока ў небе зарыва. Калi зарыва дасягнула гарызонту, яно стала падобным на паўночнае ззянне i адразу знiкла. Неўзабаве зноў узышло сонца, i зноў пад iм распасцерлася нежыццёвая пустыня, зрэзаная маршчынамi хваляў, якiя пасылалi ў iлюмiнатары Станцыi ртутныя водблiскi. Ззянне Акiяна было апiсана ўжо неаднойчы; часта яго назiралi перад выбухам асiметрыяд, наогул жа яно было тыповай прыкметай лакальнага павелiчэння актыўнасцi плазмы. Аднак за наступныя два тыднi нi на Станцыi, нi за яе межамi нiчога не адбылося. Толькi аднойчы, пасярод ночы, я пачуў далёкi крык, якi даносiўся адначасова нiадкуль i адусюль. Гэты крык быў незвычайна высокi, рэзкi i працяглы, быццам у сто разоў узмоцнены плач немаўляцi. Раптоўна абуджаны ад кашмару, я доўга ляжаў i прыслухоўваўся, не зусiм перакананы, што мне не снiцца i гэты крык. Напярэдаднi з лабараторыi, якая часткова размешчана над нашай кабiнай, чулiся прыглушаныя водгукi, нiбыта там перасоўвалi цяжкi груз або апаратуру; мне здалося, што крык таксама чуецца наверсе, зрэшты, было незразумела, як ён пранiкае праз гуканепранiкальны слой, якi падзяляе абодва ярусы. Гэты перадсмяротны крык доўжыўся амаль паўгадзiны. Мокры ад поту, амаль што шалёны, я хацеў ужо кiнуцца наверх, бо нервы мае не вытрымлiвалi. Але нарэшце крык сцiх, i зноў было чуваць, як перасоўвалi нешта цяжкае.

Праз два днi, вечарам, калi мы з Хэры сядзелi на маленькай кухнi, раптоўна ўвайшоў Снаўт. Ён быў у касцюме, сама сапраўдным, такiм, якiя носяць на Зямлi. У iм Снаўт здаваўся вышэйшым, старэйшым. Не звяртаючы ўвагi на нас, ён падышоў да стала, схiлiўся над iм i стоячы пачаў есцi з хлебам халодныя мясныя кансервы проста з бляшанкi. Снаўт чапляўся рукавом за бляшанку, i на iм заставалiся тлустыя плямы.

— Ты заплямiшся, — папярэдзiў я.

— М-мм? — прамармытаў ён з поўным ротам.

Снаўт еў так, нiбыта ў яго некалькi дзён i макавага зернейка не было ў роце. Пасля налiў паўшклянкi вiна, адным глытком выпiў, выцер губы i, адсопшыся, паглядзеў на нас пачырванелымi вачыма. Павярнуўшыся да мяне, Снаўт прамармытаў:

— Адпусцiў бараду?.. Ну, ну…

Хэры бразгала посудам у ракавiне. Снаўт пачаў хiстацца на абцасах, зморшчыўся, гучна цмокнуў, стараўся ачысцiць зубы ад рэшткаў ежы. Здавалася, што ён робiць гэта знарок.

— Табе неахвота галiцца, праўда? — спытаўся Снаўт, назойлiва пазiраючы на мяне.

Я не адказаў.

— Глядзi сам! — дадаў ён праз хвiлiну. — Проста раю табе. Гiбарыян таксама не хацеў галiцца.

— Iдзi спаць, — адказаў я.

— Што? Няма дурняў! Давай лепш паталкуем. Слухай, Кельвiн, а мо ён хоча нам дабра? Мо ён хоча нас ашчаслiвiць, толькi не ведае як? Ён чытае ў нашых галовах жаданнi, а ўсведамляюцца ўсяго толькi два адсоткi нервовых працэсаў. Значыць, ён ведае нас лепш, чым мы самi. Таму яго трэба слухацца. Трэба згаджацца з iм. Разумееш? Ты не хочаш? Чаму, — плаксiва спытаўся Снаўт, — чаму ты не голiшся?

— Перастань, — мармытнуў я, — ты п’яны.

— Што? П’яны? Я? А што? Чаму чалавек, якi з усiмi сваiмi бэбахамi пёрся з аднаго канца Галактыкi ў другi, каб даведацца, чаго ён варты, чаму ён не можа напiцца? Чаму? Ты верыш у асаблiвую мiсiю чалавека, Кельвiн, га? Гiбарыян, яшчэ калi галiўся, расказваў мне пра цябе… Ты менавiта такi, як ён казаў… Толькi не хадзi ў лабараторыю, а то яшчэ страцiш веру… там творыць Сарторыус, наш Фаўст навыварат, ён шукае сродак ад несмяротнасцi. Ведаеш? Апошнi рыцар святога Канчатку, толькi гэткi i мог з’явiцца сярод нас… у яго ўжо была неблагая iдэя — працяглая агонiя. Добра, праўда? Аgоnia реrреtua*… саломка… саламяныя капелюшы… як ты можаш не пiць, Кельвiн?

* Аgоniа реrреtuа — вечная агонiя (лац.).

Яго вочы, амаль што невiдушчыя ў запухлых павеках, спынiлiся на Хэры, якая нерухома стаяла ля сцяны.

— О, чароўная Афрадыта, народжаная з пены, на тваёй далонi боская адзнака, — пачаў дэкламаваць Снаўт i папярхнуўся смехам. — Амаль што… падобна… праўда, Кель… вiн?.. — ледзь вымавiў ён праз кашаль.

Я па-ранейшаму захоўваў спакой, але паступова ён пераходзiў у халоднае шаленства.

— Перастань! — прашыпеў я. — Перастань i выйдзi!

— Ты выганяеш мяне? Ты таксама? Гадуеш бараду, выганяеш мяне? Табе не патрэбны мае прапановы i парады? А я ж — твой верны сябар па зорках. Кельвiн, давай адчынiм донныя люкi i пачнём крычаць яму туды, унiз, мо ён пачуе? Але як яго iмя? Уяўляеш, мы папрыдумлялi назвы ўсiм зоркам i планетам, а мо ў iх ужо былi назвы? Мы ж узурпатары! Паслухай, давай пойдзем туды! Пачнём крычаць… Скажам яму, у што ён нас ператварыў, хай ён спалохаецца… пабудуе нам срэбныя сiметрыяды, i памолiцца за нас сваёй матэматыкай, i пашле нам скрываўленых анёлаў, i яго пакуты будуць нашымi пакутамi, яго страх — нашым страхам, i пачне ён малiць нас пра канец. Бо ўсё гэта — i ён сам, i тое, што ён робiць, малiтва пра канец! Чаму ты не смяешся? Я ж жартую. Калi б людзi мелi большае пачуццё гумару, мо да гэтага i не дайшло б. Ты ведаеш, чаго хоча Сарторыус? Ён хоча пакараць яго, гэты Акiян, хоча прымусiць яго крычаць усiмi вяршынямi адразу… Ты думаеш, ён не пасмее прадставiць такi план арэапагу склеротыкаў, якi паслаў нас сюды адкупляцца ад не нашай вiны? Ты маеш рацыю, ён спалохаецца… спалохаецца з-за саламянага капелюша. Пра яго ён нiкому не кажа, на гэта ў нашага Фаўста не хопiць адвагi…

Я маўчаў. Снаўт усё мацней хiстаўся на нагах. Слёзы цяклi па яго твары i падалi на касцюм.

— Хто гэта зрабiў? Хто з намi гэта зрабiў? Гiбарыян? Гiзэ? Эйнштэйн? Платон? Яны ж злачынцы, разумееш? Падумай, у ракеце чалавек можа лопнуць як бурбалка, або засмажыцца, або хутка сыдзе крывёй, што нават i крыкнуць не паспее, а пасля толькi костачкi грымець будуць на арбiтах Ньютана з папраўкай Эйнштэйна. Вось табе i цацкi прагрэсу! А мы — брава, наперад па слаўным шляху! I вось прыйшлi i сядзiм у гэтых катухах, над гэтымi талеркамi, сярод несмяротных рукамыйнiкаў, з атрадам верных шафаў i адданых клазетаў… Сталi явай нашыя мары… паглядзi, Кельвiн. Я балбачу па п’янцы, але ж нехта мусiць гэта сказаць. Павiнен жа нехта ў рэшце рэшт?.. А ты, нявiннае дзiця, сядзiш тут, на бойнi, шчэццю зарос… А чыя вiна? Сам сабе i адкажы…

Ён паволi павярнуўся i выйшаў, схапiўшыся на парозе за дзверы, каб не ўпасцi; з калiдора чулася рэха ягоных крокаў. Я стараўся не глядзець на Хэры, але раптоўна вочы нашы сустрэлiся. Я хацеў падысцi да яе, абняць яе, пагладзiць па галаве, але не мог. Не мог.

Загрузка...