— Крыс, ты з-за эксперымента?
Я скурчыўся ад яе голасу. Ужо колькi гадзiн я не спаў: углядаўся ў цемру, быў самотны, бо не чуў нават дыхання Хэры, i ў заблытаным лабiрынце начных разваг, нерэальных, напаўсвядомых, нават забыўся пра яе, усё набывала новы сэнс, новае вымярэнне.
— Што… адкуль ты ведаеш, што я не сплю?.. — спытаўся я, i ў маiм голасе чуўся страх.
— Я заўважыла па тваiм дыханнi, — адказала Хэры, нiбыта просячы прабачэння. — Я не хацела табе перашкаджаць… Калi не можаш, не кажы…
— Магу… Так, з-за эксперымента. Ты адгадала.
— Што яны чакаюць ад эксперымента?
— Самi не ведаюць. Але нешта чакаюць. Гэтую аперацыю варта назваць не «Думка», а «Роспач». Зараз патрэбен чалавек, у якога хапiла б смеласцi ўзяць на сябе адказнасць за рашэнне. Але гэткi вiд смеласцi большасць прымае за звычайную баязлiвасць, бо падобнае рашэнне — адступленне, разумееш, адмова, уцёкi, нявартыя чалавека. Можна падумаць, што боўтацца i гразнуць, тануць у тым, чаго не разумееш i нiколi не зразумееш, — годна для чалавека.
Я змоўк. Але не паспеў супакоiцца, як мяне ахапiў новы прылiў злосцi.
— Вядома, усюды знойдуцца тыпы практычнага складу. Яны гавораць, што калi не ўдасца наладзiць кантакт, то, вывучаючы плазму — усе гэтыя вар’яцкiя жывыя гарады, што вытыркаюцца на суткi, каб затым знiкнуць, мы хоць бы адкрыем таямнiцу матэрыi. Нiбыта невядома, што ўсё гэта самападман; мы проста шпацыруем па бiблiятэцы, запоўненай кнiгамi на незразумелай мове, i пазiраем на каляровыя вокладкi… Вось i ўсё!
— А такiх планет больш няма?
— Невядома. Магчыма, ёсць. Мы ведаем толькi адну. Ва ўсякiм разе, такiя планеты сустракаюцца вельмi рэдка, не тое што Зямля. Мы банальныя, мы трава Сусвету — i ганарымся нашай банальнасцю, тым, што яна так распаўсюджана; мы думалi — усё можна падагнаць пад нашу банальнасць. З такой схемай мы смела i радасна рушылi ў шлях-дарогу — у iншыя сусветы! Падумаеш — iншыя сусветы! Асвоiм iх альбо яны нас асвояць! Нiчога iншага не было ў нашых няшчасных галовах. Але досыць пра гэта. Не варта.
Я ўстаў, вобмацкам знайшоў аптэчку, узяў пляскаты слоiчак са снатворным.
— Я буду спаць, каханая, — прамовiў я i павярнуўся; недзе высока ў цемры гуў вентылятар. — Мне трэба паспаць. Iнакш… сам не ведаю…
Я сеў на ложак. Хэры дакранулася да маёй рукi. Я абняў яе, нябачную, i трымаў, не кратаючыся, да той пары, пакуль сон не змарыў мяне.
Ранiцай, калi я прачнуўся, адчуў сябе бадзёра, эксперымент здаўся мне такiм нязначным; як мог я так хвалявацца з-за яго?! Мяне мала турбавала i тое, што Хэры пойдзе разам са мной у лабараторыю. Яе намаганнi вытрымаць нават маю кароткачасовую адсутнасць былi марныя, i я адмовiўся ад далейшых спроб, хоць яна настойвала (нават прапаноўвала мне зачынiць яе дзе-небудзь). Я параiў ёй узяць з сабой кнiжку.
Сама працэдура мяне цiкавiла менш, чым тое, што я ўбачу ў лабараторыi. У бела-блакiтнай зале не было нiчога асаблiвага — не хапала толькi сякiх-такiх прадметаў на стэлажах i ў шафах (у некаторых з iх шкло было разбiта, а дзверцы дзе-нiдзе патрэскалiся — вiдаць, нядаўна тут адбывалася барацьба, i яе сляды хоць i паспешна, але старанна лiквiдаваны). Снаўт вазiўся з апаратурай, трымаўся, як заўсёды, карэктна, ён не здзiвiўся з’яўленню Хэры i пакланiўся ёй здалёку. Калi Снаўт працiраў мае вiскi i лоб фiзiялагiчным растворам, з’явiўся Сарторыус. Ён выйшаў з цёмнага пакоя праз невялiкiя дзверы. На iм быў белы халат i чорны антырадыяцыйны фартух амаль да костачак. Дзелавы, энергiчны Сарторыус павiтаўся са мной, нiбы мы былi супрацоўнiкамi буйнога зямнога iнстытута i рассталiся лiтаральна ўчора. Я толькi цяпер заўважыў, што нежыццёвым выраз яго твару рабiлi кантактныя лiнзы, якiмi ён карыстаўся замест акуляраў. Скрыжаваўшы рукi на грудзях, ён сачыў, як Снаўт прыбiнтоўвае электроды, узводзячы на маёй галаве штосьцi накшталт чалмы. Сарторыус некалькi разоў абвёў позiркам усю залу; Хэры ён нiбыта не заўважыў. Яна сядзела скурчыўшыся, бедная, на невялiкай табурэтцы ля сцяны i рабiла выгляд, што чытае кнiгу. Калi Снаўт адышоў ад майго крэсла, я павярнуў галаву ў цяжкiм шлеме з металу i правадоў, каб убачыць, як ён будзе ўключаць апаратуру, але нечакана Сарторыус падняў руку i ўрачыста прамовiў:
— Доктар Кельвiн! Прашу хвiлiнку ўвагi! Я не хачу вам навязваць сваё меркаванне, бо гэта не прывядзе да мэты, але вы не павiнны думаць пра сябе, пра мяне, пра калегу Снаўта, наогул нi пра кога, павiнны выключыць выпадковыя iндывiдуальнасцi, пэўныя асобы i засяродзiцца на нашай агульнай справе. Зямля i Салярыс; пакаленнi даследнiкаў, якiя складалi адно цэлае, хоць кожны чалавек мае свой пачатак i свой канец; наша паслядоўнасць у iмкненнi наладзiць iнтэлектуальны кантакт; гiстарычны шлях, што прайшло чалавецтва; упэўненасць у яго далейшым развiццi; гатоўнасць да любых ахвяр i цяжкасцей; гатоўнасць падпарадкаваць нашай Мiсii любыя асабiстыя пачуццi — вось тэмы, якiя павiнны цалкам запоўнiць вашу свядомасць. Ход асацыяцый, праўда, не залежыць ад вашай волi, але ваша прысутнасць усё-такi дапаможа нам у эксперыменце. Калi ў вас не будзе ўпэўненасцi, што вы справiлiся з заданнем, прашу паведамiць нам, а калега Снаўт паўторыць запiс. Мы маем час…
Апошнiя словы ён прамовiў з абыякавай усмешкай, усё гэтак жа холадна. Мне было непрыемна ад яго напышлiвых, траскучых фраз. На шчасце, Снаўт перапынiў працяглую паўзу.
— Крыс, можна? — спытаў ён, абапёршыся на высокi пульт электраэнцэфалографа i крыху фамiльярна нагнуўшыся да мяне.
Я быў удзячны яму за тое, што ён назваў маё iмя.
— Можна, — адказаў я, заплюшчваючы вочы.
Хваляванне, якое ахапiла мяне, калi Снаўт, замацаваўшы электроды, узяўся за рубiльнiк, цяпер знiкла; праз вейкi я ўбачыў ружовае святло кантрольных лямпачак на чорнай панелi апарата. Вiльготныя i непрыемна халодныя металiчныя электроды, якiя, нiбы манеты, абляпiлi маю галаву, сталi цяплейшымi. Мне здавалася, што я — шэрая, неасветленая арэна. Натоўп нябачных гледачоў амфiтэатрам акружаў пустэчу i маўчанне, у якiм знiкла мая iранiчная пагарда да Сарторыуса i да Мiсii. Напружанне ўнутраных назiральнiкаў, якiя iмкнулiся сыграць iмправiзаваную ролю, спадала. «Хэры?» — у думках, правяраючы сябе, з неверагодным страхам вымавiў я гэтае iмя, гатовы адразу ж адступiць. Але мая насцярожаная сляпая аўдыторыя не пратэставала. Нейкае iмгненне я быў сама пяшчота, шчыры смутак, быў гатовы да цярпення i бясконцых ахвяраў: Хэры, без абрысаў, без формы, без твару, запоўнiла мяне. I хутка яе невыразная адчайная пяшчота саступiла вобразу Гiзэ. Бацька салярыстыкi i салярыстаў з’явiўся ў шэрай цемры ў сваёй прафесарскай велiчы, я думаў не пра гразевы выбух, не пра смуродлiвую бездань, якая праглынула яго залатыя акуляры i выпеставаныя сiвыя вусы, я бачыў толькi гравюру на тытульнай старонцы манаграфii — густа заштрыхаваны фон, на якiм яго галава здавалася ў арэоле; яго твар не рысамi, а выявай добрапрыстойнасцi, старамоднай разважлiвасцi нагадваў твар майго бацькi, i ў рэшце рэшт я нават не ведаў, хто з iх пазiрае на мяне. У абодвух не было магiлы — у наш час гэта здараецца так часта, што не выклiкае асаблiвага хвалявання.
Карцiна знiкла, i на нейкi час (не ведаю, на якi) я забыўся пра Станцыю, пра эксперымент, пра Хэры, пра чорны Акiян — пра ўсё; у мяне ўспыхнула ўпэўненасць, што гэтыя двое — ужо не iснуючыя, бясконца маленькiя, якiя зрабiлiся тленам — саўладалi з усiм, што выпала на iх долю… Адкрыццё супакоiла мяне, i безаблiчны нямы натоўп вакол шэрай арэны, якi чакаў майго паражэння, растварыўся. У тое ж iмгненне нешта двойчы пстрыкнула — выключылi апаратуру. Штучнае святло асляпiла, я зажмурыўся. Сарторыус дапытлiва пазiраў на мяне, стоячы ў ранейшай паставе; Снаўт, павярнуўшыся да яго спiнай, мiтусiўся ля апарата, знарок шлэпаючы тапачкамi, якiя звальвалiся з ног.
— Як вы лiчыце, доктар Кельвiн, цi атрымалася? — пачуўся гугнявы, непрыемны голас Сарторыуса.
— Думаю, што так, — адказаў я.
Мой перакананы, рэзкi тон на iмгненне збiў важнасць Сарторыуса.
— Добра, — мармытнуў ён i азiрнуўся, не ведаючы, чым яшчэ заняцца.
Снаўт падышоў да мяне i пачаў здымаць бiнт.
Я ўстаў i прайшоў па зале, а тым часам Сарторыус, якi знiк у цёмным пакоi, вярнуўся з праяўленай i высушанай плёнкай. На дзесяцi метрах стужкi былi вiдаць дрыготкiя зубчастыя лiнii, падобныя на белую плесню або на павуцiнку на чорным слiзкiм цэлулоiдзе.
Я быў вольны, але iсцi адсюль не хацелася. Снаўт i Сарторыус уставiлi ў аксiдную галоўку мадулятара плёнку, канец якой насуплены i недаверлiвы Сарторыус прагледзеў яшчэ раз, нiбыта спрабуючы расшыфраваць сэнс трапяткiх лiнiй.
Зараз эксперымент iшоў за межамi лабараторыi. Сарторыус i Снаўт стаялi кожны ля свайго пульта i займалiся апаратурай. Слаба загулi трансфарматары, а затым толькi агеньчыкi на вертыкальных зашклёных трубках iндыкатараў пабеглi ўнiз, паказваючы, што вялiкi тубус рэнтгенаўскай устаноўкi апускаецца па стромкай шахце i павiнен спынiцца ў яе гарлавiне. У гэты час агеньчыкi застылi на сама нiжнiх дзяленнях шкалы. Снаўт пачаў павялiчваць напружанне, пакуль стрэлкi, а дакладней, белыя палосы, што замянiлi iх, не зрабiлi паварот управа. Ледзь чутна гуло напружанне, нiчога тут не адбывалася, бабiны з плёнкай нябачна круцiлiся пад накрыўкай, — лiчыльнiк метражу цiхенька тахкаў, нiбыта гадзiннiк.
Хэры пазiрала паўзверх кнiгi то на мяне, то на Снаўта i Сарторыуса. Я падышоў да яе. Яна павярнулася да мяне. Эксперымент скончыўся, Сарторыус паволi наблiзiўся да вялiкай конусападобнай галоўкi апарата.
— Пайшлi?.. — аднымi губамi спыталася Хэры.
Я кiўнуў. Хэры ўстала. Нi з кiм не развiтваючыся — на мой погляд гэта было недарэчна, — я прайшоў мiма Сарторыуса.
Надзiва прыгожы захад асвятляў iлюмiнатары верхняга калiдора. Гэта быў не звыклы, змрачнаваты, крывава-чырвоны захад — зараз ён пералiваўся ўсiмi адценнямi ружовага колеру, прыглушанага смугой, абсыпанага сярэбраным пылам. Здавалася, што цяжкая, лянiвая, ледзьве рухомая чарната бясконцай раўнiны Акiяна адказвала на далiкатнае ззянне бура-фiялетавым мяккiм водблiскам. Толькi ў самым зенiце неба заставалася надзiва рыжым.
Я затрымаўся ў нiжнiм калiдоры. Я баяўся нават падумаць, што мы зноў будзем зняволеныя ў сваёй кабiне, як у турме, адзiн на адзiн з Акiянам.
— Хэры, — сказаў я, — ведаеш… я схадзiў бы ў бiблiятэку… Ты не супраць?
— Добра, я пашукаю што-небудзь пачытаць, — адказала яна з напускной жвавасцю.
Я адчуваў, што ад учарашняга дня мiж намi ўтварылася нейкая трэшчына i што трэба праявiць хоць крыху чуласцi, але не мог пераадолець абыякавасцi. Нават не ўяўляю, што магло б вывесцi мяне з гэтай апатыi. Мы вярталiся па калiдоры, затым па схiле спусцiлiся ў маленькi тамбур з трыма дзвярыма, памiж iмi за шклом раслi вазоны.
Сярэднiя дзверы, што вялi ў бiблiятэку, былi з абодвух бакоў абабiты шурпатай штучнай скурай; адчыняючы iх, я кожны раз стараўся не зачапiць яе. У вялiкай круглай зале з бледна-срабрыстай столлю, з сiмвалiчнымi выявамi сонечнага дыска было крыху халадней.
Я дакрануўся рукой да збору класiчных прац па салярыстыцы i ўжо хацеў дастаць першы том Гiзэ, той, з гравюрай на франтыспiсе, якую прыкрывала папяросная папера, але раптам убачыў не заўважаны раней тоўсты, восьмага фармату том Гравiнскага.
Я ўсеўся ў крэсла. Было цiха. За крок ад мяне Хэры гартала нейкую кнiжку, я чуў шамаценне старонак. Даведнiк Гравiнскага, якi студэнты звычайна выкарыстоўвалi як звычайную «шпаргалку», уяўляў зборнiк усiх салярыстычных гiпотэз, размешчаных па алфавiце: ад «Абiялагiчнай» да «Ядзернай». Кампiлятар Гравiнскi, якi нiколi нават не бачыў Салярыс, капаўся ва ўсiх манаграфiях, пратаколах экспедыцый, у даўнiх запiсах i данясеннях, нават уважлiва вывучыў вытрымкi з прац планетолагаў, якiя займалiся iншымi сусветамi. Ён склаў каталог з фармулёўкамi, такiмi кароткiмi, што iхняя лапiдарнасць часам пераходзiла ў трывiяльнасць, бо губляўся тонкi, складаны ход думкi даследнiкаў. Зрэшты, праца, задуманая як энцыклапедычная, аказалася проста кур’ёзам. Том выйшаў дваццаць гадоў таму, i за гэты час з’явiўся цэлы стос новых гiпотэз, якiя не ўвайшлi нi ў адну кнiгу. Я праглядаў алфавiтны паказальнiк аўтараў, нiбыта спiс загiнуўшых, — большасць памерлi ўжо, а сярод жывых бадай нiхто ўжо не працаваў у салярыстыцы. Такое багацце думак стварала iлюзiю, што хоць нейкая гiпотэза можа быць слушнай, немагчыма было ўявiць, што рэчаiснасць не адпавядае мiрыядам меркаванняў, выкладзеных тут. У сваёй прадмове Гравiнскi падзялiў на перыяды вядомыя яму шэсцьдзесят гадоў салярыстыкi. Пад час першага, пачатковага перыяду даследавання планеты Салярыс нiхто, уласна, не вылучаў гiпотэз. Тады iнтуiтыўна, як падказваў «здаровы сэнс», лiчылася, што Акiян — мёртвы хiмiчны кангламерат, пачварная глыба, сцюдзянiстая маса, якая абмывае планету i стварае дзiўныя ўтварэннi дзякуючы сваёй квазiвулканiчнай дзейнасцi. Акрамя таго, спантанны аўтаматызм працэсаў стабiлiзуе непастаянную арбiту планеты, накшталт таго, як маятнiк захоўвае нязменнай плоскасць свайго руху. Праўда, праз тры гады Машанон выказаў меркаванне, што «сцюдзянiстая машына» па сваёй прыродзе нагадвае штосьцi жывое. Але Гравiнскi датаваў перыяд бiялагiчных гiпотэз дзевяццю гадамi пазней, калi большасць вучоных стала падзяляць думку Машанона. Наступныя гады вылучылi новыя тэорыi жывога Акiяна, надта складаныя, дэталёва распрацаваныя, падмацаваныя бiяматэматычным аналiзам. Трэцi перыяд быў часам распаду адзiнага фронту вучоных.
З’явiлася шмат школ, якiя часам адчайна змагалiся мiж сабой. Гэта быў час дзейнасцi Панмалера, Штробля, Фрэйгаўза, Ле-Грэя, Асiповiча. Уся спадчына Гiзэ была раскрытыкавана. З’явiлiся першыя атласы, каталогi, стэрэафотаздымкi асiметрыяд, якiя да гэтага часу лiчылiся ўтварэннямi, што не паддаюцца вывучэнню. Пералом наступiў дзякуючы новай апаратуры з дыстанцыйным кiраваннем, яе накiроўвалi ў бурлiвыя глыбiнi велiканаў, якiя маглi выбухнуць у любую секунду. Пад час шумных агульных спрэчак чулiся асобныя нясмелыя галасы мiнiмалiстаў: нават калi не ўдасца наладзiць славуты «кантакт» з «разумнай пачварай», то вывучэнне застылых гарадоў мiмоiдаў i шарападобных гор, якiя Акiян вывяргае, каб зноў праглынуць, даюць магчымасць атрымаць безумоўна каштоўныя хiмiчныя i фiзiка-хiмiчныя даныя, новыя звесткi аб малекулах-гiгантах. Менавiта ў гэты перыяд з’явiлiся актуальныя да нашых дзён каталогi тыповых пераўтварэнняў, бiяплазматычная тэорыя мiмоiдаў Франка, хоць i адкiнутая як фальшывая, яна да гэтага часу засталася ўзорам шырынi мыслення i блiскучай логiкi.
Тыя трыццаць з гакам гадоў, што лiчацца «перыядам Гравiнскага», былi часам наiўнай маладосцi, стыхiйнага аптымiстычнага рамантызму, нарэшце, сталай салярыстыкi, пазначанай першымi скептычнымi галасамi. Ужо напрыканцы дваццацiгоддзя ўзнiклi гiпотэзы пра псiхалагiчны характар Акiяна. Гэта было вяртанне да першых калоiдна-механiстычных тэорый, як бы працяг iх. Тады пошукi праяў свядомай волi, мэтанакiраванасцi працэсаў, дзеянняў, матываваных унутранымi патрэбамi Акiяна, былi аб’яўлены аберацыямi цэлага пакалення вучоных. З часам гэтыя доказы былi разбiтыя з публiцыстычным iмпэтам, што падрыхтавала грунт для цвярозых, аналiтычна абгрунтаваных, сканцэнтраваных на скрупулёзнай фактаграфii даследаванняў групы Халдана, Iянiдаса, Столiва. Гэта была эпоха iмклiвага разбухання архiваў, мiкрафiльмаў, картатэк вялiзнай колькасцi экспедыцый, якiя мелi багата розных прыбораў, самапiсцаў-рэгiстратараў, аптыметраў, зондаў — усяго, што толькi магла даць Зямля. Былi гады, калi ў даследчай працы прымала ўдзел адначасова больш за тысячу чалавек. Тэмп бясконцага нагрувашчвання матэрыялаў усё яшчэ нарастаў, а iмпэт вучоных пайшоў ужо на спад. Яшчэ ў аптымiстычны перыяд пачаўся заняпад эксперыментальнай салярыстыкi, часавыя рамкi якога цяжка вызначыць.
Гэты перыяд характарызавалi найперш такiя яркiя, смелыя iндывiдуальнасцi, як Гiзэ, Штробль або Севада. Севада — апошнi з вялiкiх салярыстаў — загiнуў пад час таямнiчых абставiн у раёне паўднёвага полюса планеты. Памылка, якую ён дапусцiў, недаравальная нават навiчку. На вачах сотнi назiральнiкаў ён скiраваў лятальны апарат, якi ляцеў нiзка над Акiянам, у глыбiню «мiгценнiка», што адкрыта саступаў яму дарогу. Казалi пра раптоўны прыступ слабасцi, страту прытомнасцi або няспраўнасць руля, на самай жа справе, як я цяпер думаю, гэта было першае самагубства, першы адкрыты выбух роспачы.
I не апошнi. Але ў Гравiнскага пра гэта нiчога не сказана, я сам згадваў даты, факты i падрабязнасцi, калi гартаў пажоўклыя старонкi.
Зрэшты, патэтычных замахаў на ўласнае жыццё пазней не было. Знiклi яркiя iндывiдуальнасцi. Нiхто не даследаваў, чаму тыя або iншыя вучоныя прысвячаюць сябе пэўнай сферы планеталогii. Людзi з вялiкiмi здольнасцямi i моцнай сiлай волi нараджаюцца дастаткова часта, але прадбачыць iх жыццёвы выбар немагчыма. Iх удзел або iгнараванне пэўнай галiны даследчай працы залежаць, бадай, толькi ад магчымых тут перспектыў. Па-рознаму ацэньваючы класiкаў салярыстыкi, нiхто не можа аспрэчыць iх велiч, а часам i генiяльнасць. Найлепшых матэматыкаў, фiзiкаў, знакамiтых людзей у галiне бiяфiзiкi, тэорыi iнфарматыкi, электрафiзiялогii цэлыя дзесяцiгоддзi прываблiваў да сябе маўклiвы велiкан. I раптам армiя даследнiкаў з кожным годам пачала губляць сваiх палкаводцаў. Засталася шэрая, безаблiчная маса цярплiвых збiральнiкаў, кампiлятараў, таленавiтых эксперыментатараў, але ўжо не было шматлiкiх, задуманых у маштабе планеты, экспедыцый, смелых абагульняючых гiпотэз.
Салярыстыка ўвачавiдкi станавiлася бесперспектыўнай, i ў вынiку гэтага нараджалiся бясконцыя, адрозныя толькi другаснымi дэталямi гiпотэзы пра дэгенерацыю, рэгрэсiю, iнвалюцыю салярысных мораў. Час ад часу з’яўлялiся больш смелыя, цiкавыя заключэннi, але ва ўсiх выказвалася думка, нiбыта Акiян, якi лiчыўся канчатковым прадуктам развiцця, даўно, тысячагоддзi таму, перажыў перыяд сама высокай арганiзацыi, а цяпер, аб’яднаны толькi фiзiчна, распадаецца на шматлiкiя непатрэбныя, бязглуздыя, аганальныя ўтварэннi. Манументальная, праз стагоддзi, агонiя — так успрымалi Салярыс. У «даўгунах» або мiмоiдах бачылi прыкметы новых утварэнняў, шукалi ў працэсах, што адбывалiся ў вадкай тушы, праявы хаосу i анархii. Гэты накiрунак стаў манiякальным, i ўся навуковая лiтаратура наступных сямi-васьмi гадоў, хоць, натуральна, i не ўжывала вызначэнняў, якiя адкрыта выяўлялi пачуццi аўтараў, нагадвала цэлы шэраг зняваг — гэта была помста за сiратлiвую, пазбаўленую палкаводцаў, безнадзейную справу салярыстаў, да якой аб’ект iх вывучэння заставаўся па-ранейшаму абыякавы, па-ранейшаму iгнараваў iх прысутнасць.
Я ведаў не ўключаныя ў гэты каталог салярыстычнай класiкi, бадай што несправядлiва, арыгiнальныя працы некалькiх эўрапейскiх псiхолагаў, якiя мелi з салярыстыкай даўнiя зносiны, вывучалi грамадскую думку, збiралi сама звычайныя, часам некампетэнтныя выказваннi i выявiлi дзiўную залежнасць адносiн неспецыялiстаў да гэтага пытання ад працэсаў, што адбывалiся ў асяроддзi навукоўцаў.
У сферы каардынуючай групы iнстытута планеталогii, там, дзе вырашалася пытанне пра матэрыяльную падтрымку даследаванняў, таксама адбывалiся змены пастаянна, хоць i паступова, скарачаўся бюджэт салярыстычных iнстытутаў i ўстаноў, фiнансаванне экспедыцый на планету.
Галасы пра неабходнасць скарачэння даследаванняў злучалiся з патрабаваннямi выкарыстаць больш дзейсныя сродкi. Найбольш максiмалiсцкiмi былi патрабаваннi адмiнiстратыўнага дырэктара Ўсезямнога касмалагiчнага iнстытута. Дырэктар настойлiва пераконваў, што жывы Акiян не iгнаруе людзей, ён проста не заўважае iх, як слон — мураша, якi паўзе па яго спiне, i, каб прыцягнуць увагу i сканцэнтраваць яе на нас, патрэбны магутныя раздражняльнiкi i машыны-велiканы ў маштабах усёй планеты. Цiкава, што, як з’едлiва падкрэслiвала прэса, такiх дарагiх мерапрыемстваў патрабаваў дырэктар Касмалагiчнага iнстытута, а не Iнстытута планеталогii, якi фiнансаваў салярыстычныя даследаваннi. Гэта была шчодрасць за чужы кошт.
А пазней мiтусня гiпотэз, крыху падноўленых, неiстотна змененых, забыццё адных або перабольшаная ўвага да другiх, заводзiла салярыстыку, да гэтага часу зразумелую, нягледзячы на шматлiкiя адхiленнi, у цёмныя i бесперспектыўныя завулкi лабiрынта. У атмасферы агульнай абыякавасцi, застою, расчаравання iншы акiян — акiян бясплодных публiкацый супернiчаў з салярысным.
За два гады да таго, як я, выпускнiк Iнстытута, стаў працаваць у лабараторыi Гiбарыяна, быў заснаваны фонд Мета — Iрвiнга, якi прызначаўся для заахвочвання тых, хто знойдзе спосаб выкарыстання для патрэб чалавека энергii акiянiчнага глею. Гэта зваблiвала i раней, i неаднойчы касмiчныя караблi дастаўлялi на Зямлю груды плазматычнага сцюдзеню. Доўга i настойлiва вывучалi спосабы яго кансервацыi, скарыстоўвалi высокiя або нiзкiя тэмпературы, штучныя мiкраатмасферу i мiкраклiмат, што адпавядалi салярысным, фiксавалi апраменьванне, прымянялi тысячу хiмiчных рэактываў — i ўсё дзеля таго, каб назiраць больш або менш вялы працэс распаду, зразумела, як i ўсе iншыя шматразова выкладзены сама найлепшым чынам у розных стадыях: самазнiшчэння, высыхання, звадкавання, пярвiчнага i другаснага, ранняга або позняга. Аналагiчныя вынiкi давалi ўсе пробы, якiя бралiся ў розных частках Акiяна i з утварэнняў плазмы. Адрознiвалiся толькi шляхi, якiя вялi да вынiку, а ён быў аднолькавы: лёгкая, як попел, металёва блiскучая, вытанчаная аўтаферментацыяй субстанцыя. Яе састаў, суадносiны элементаў i хiмiчныя формулы кожны салярыст мог назваць нават у сне.
Усе спробы захаваць па-за планетай жыццё (альбо хоць часовую вегетацыю, нават пры звышнiзкiх тэмпературах) большай або меншай часткi пачвары, заканчвалiся няўдачай. Гэта паклала пачатак тэорыi, якую распрацавала школа Менье i Прароха, аб тым, што трэба адкрыць адну-адзiную таямнiцу, i калi да яе будзе падабраны адпаведны ключ, усё стане зразумела…
На пошукi гэтага ключа, гэтага фiласофскага каменя Салярыс дарэмна гублялi час i энергiю людзi, якiя часта не мелi нiякiх адносiн да навукi, а ў чацвёртай дэкадзе iснавання салярыстыкi стала гэтулькi камбiнатараў-маньякаў, якiя выйшлi з асяродкаў, не звязаных з навукай, i апантаных сваiм захапленнем мацней, чым iхнiя папярэднiкi — прарокi «перпетуум-мобiле» i «квадратуры круга», што гэта ўжо набыло характар эпiдэмii i турбавала некаторых псiхолагаў. Аднак праз некалькi гадоў страсцi сцiхлi. Калi я рыхтаваўся да палёту на Салярыс, праблема Акiяна i шум вакол яе ўжо даўно знiклi са старонак газет i з размоў, гэтыя пытаннi больш не абмяркоўвалiся.
Ставячы на палiцу том Гравiнскага, я заўважыў — бо кнiгi стаялi ў алфавiтным парадку — маленькую, ледзь прыкметную сярод iншых фалiянтаў брашурку Гратэнстрама, якая таксама была адным з кур’ёзаў кнiжнай салярыстыкi. Гэта была праца, скiраваная — у барацьбе за разуменне звышчалавечага — супраць самiх людзей, супраць чалавека, гэта своеасаблiвы пасквiль на род чалавечы, праца самавука, хоць i вызначалася яна матэматычнай сухасцю. Спачатку ён надрукаваў шэраг нязвыклых дадаткаў да некаторых надта спецыфiчных i другарадных раздзелаў квантавай фiзiкi. У гэтай сваёй галоўнай, хоць усяго на некалькi старонак, працы ён высiльваўся паказаць, што навука, нават на першы погляд сама абстрактная, найбольш тэарэтычная, матэматычна абгрунтаваная, у сапраўднасцi дасягнула не надта шмат — на крок альбо два аддалiлася ад дагiстарычнага, груба пачуццёвага, антрапамарфiчнага разумення акаляючага нас свету. Вышукваючы ва ўраўненнях тэорыi адноснасцi, у тэарэмах сiлавога поля, парастатыцы, гiпотэзе адзiнага касмiчнага поля сляды цела, усё, што з’яўляецца вытворным нашых органаў пачуццяў, будовы нашага арганiзма, абмежаванасцi i ўбоства жывёльнай фiзiялогii чалавека, Гратэнстрам прыходзiў да канчатковых высноў — нi пра якiя «кантакты» з нечалавекападобнымi цывiлiзацыямi не павiнна быць i нiколi не будзе нiякай гаворкi. У пасквiлi на ўвесь чалавечы род нi разу не згадваўся Акiян, якi мае мажлiвасць мыслiць, але яго прысутнасць, у форме пагардлiва ўрачыстага маўчання, адчувалася амаль у кожнай фразе. Ва ўсякiм разе, калi я ўпершыню знаёмiўся з брашурай Гратэнстрама, я ўспрымаў яе менавiта так. Гэта была дзiўная праца, якая не мела адносiн да салярыстыкi ў звыклым разуменнi. Яна знаходзiлася ў класiчным зборы толькi таму, што туды паставiў яе сам Гiбарыян, якi, зрэшты, i даў яе мне пачытаць.
З дзiўным, падобным на павагу, пачуццём я асцярожна паставiў на палiцу тонкi, без вокладкi адбiтак. Я дакрануўся да зялёна-карычневага «Салярыстычнага альманаха». Хоць i панавалi вакол нас хаос i безнадзейнасць, нельга, аднак, аспрэчваць, што дзякуючы таму, што мы перажылi на працягу некалькiх сутак, мы разабралiся з шэрагам галоўных праблем, якiя на працягу многiх гадоў служылi тэмай бясплодных спрэчак, дзеля вырашэння якiх было змарнавана мора чарнiла.
Упарты i схiльны да парадоксаў чалавек мог па-ранейшаму сумнявацца, што Акiян — жывы. Але аспрэчваць iснаванне яго псiхiкi — усё адно, што разумець пад гэтым словам, — было ўжо нельга. Стала вiдавочна, што Акiян рэагуе на нашу прысутнасць. Такое сцвярджэнне закрэслiвала цэлы напрамак у салярыстыцы, якi даказваў, што Акiян — «свет у сабе», «жыццё ў сабе», што ў вынiку паўторнага адмiрання ён пазбаўлены ранейшых органаў пачуццяў i таму нiяк не рэагуе на знешнiя праявы i аб’екты; што Акiян сканцэнтраваны толькi на кругавароце вялiзных цячэнняў, адрознасць якiх у здольнасцi думаць, а iх крынiца, творца i стваральнiк знаходзiцца ў безданi, якая бурапенiць пад двума сонцамi.
I далей: мы выявiлi, што Акiян умее тое, чаго мы самi не ўмеем — ён штучна сiнтэзуе чалавечае цела i нават удасканальвае яго, невядомым чынам мяняе субатамную структуру, вiдаць, у залежнасцi ад пастаўленай мэты.
Значыць, Акiян iснаваў, жыў, думаў, дзейнiчаў. Магчымасць звесцi «праблему Салярыс» да бязглуздзiцы або да нуля, меркаванне, што Акiян — зусiм не iстота, а таму мы нiчога не губляем, — усё гэта закрэслiвалася назаўсёды. Цяпер людзi, хочуць яны гэтага цi не хочуць, павiнны ўлiчваць такое суседства на шляху iх экспансii, хоць зразумець яго цяжэй, чым увесь астатнi Сусвет.
Верагодна, што мы знаходзiмся на паваротным этапе гiсторыi, думаў я. Рашэнне адступiцца, адысцi магло быць актуальным зараз або ў хуткай будучынi, нават лiквiдацыю самой Станцыi я лiчыў магчымай i цалкам рэальнай. Я толькi не верыў, што гэта дасць хоць нейкую палёгку. Само iснаванне велiкана, якi можа мыслiць, заўсёды будзе турбаваць чалавека. Салярыс будзе вечным выклiкам, кiнутым чалавеку, нават калi мы абшнарым усю Галактыку i наладзiм кантакты з iншымi цывiлiзацыямi падобных на нас iстот.
I яшчэ адзiн невялiкi том у скураным пераплёце знайшоўся сярод штогоднiкаў «Альманаха». Я ўглядаўся ў пераплёт, якi заплямiўся ад дотыку рук, пасля разгарнуў кнiгу. Гэта было старое выданне, «Уводзiны ў салярыстыку» Мунтывуса. Мне прыгадалася ноч, якую я правёў за кнiгай, i ўсмешка Гiбарыяна, калi ён даваў мне свой экземпляр, i зямное святло ў акне, калi я дачытаў кнiгу да канца. «Салярыстыка, — пiсаў Мунтывус, — гэта своеасаблiвая рэлiгiя касмiчнага веку, вера ў апратках навукi; кантакт, мэта, да якой мы iмкнёмся, такая ж замглёная i цёмная, як жыццi святых або прыход Месii. Нашы даследаваннi — гэта лiтургiя ў метадалагiчных формулах; пакорная праца вучоных — чаканых дабравесця, звеставання. Бо няма i не можа быць нiякай сувязi памiж Салярыс i Зямлёй. Гэтыя i шмат iншых фактаў — адсутнасць супольнага вопыту, агульных паняццяў, якiмi можна абмяняцца, — салярысты адпрэчваюць, як вернiкi адпрэчвалi аргументы, якiя абвяргалi iхнюю веру. Зрэшты, на што спадзяюцца людзi, чаго яны чакаюць ад «наладжвання iнфармацыйнай сувязi» з морамi, якiя мысляць? Рэестра перажыванняў, звязаных з iснаваннем, бясконцым у часе, iснаваннем гэткiм старадаўнiм, што, бадай, самi моры не памятаюць свайго пачатку? Апiсання жаданняў, азартных пачуццяў, надзей i пакут, што нараджаюцца ў жывых гарах пад час iмгненных утварэнняў, пераўтварэння матэматыкi — у быццё; адзiноты i пакорлiвасцi — у iснасць? Але ўсе гэтыя веды немагчыма нi перадаць, нi перакласцi на зямную мову. Усялякi пошук каштоўнасцi i значэння будзе марны. Зрэшты, не гэткiх, хутчэй паэтычных, чым навуковых адкрыццяў чакаюць прыхiльнiкi Кантакту. Нават не прызнаючыся сабе ў гэтым, яны чакаюць адкрыцця, якое раскрыла б перад iмi сутнасць самога чалавека! Салярыстыка адраджэнне даўно памерлых мiфаў, яркая праява мiстычнага смутку, пра якi чалавек не адважваецца гаварыць адкрыта, на ўвесь голас, а краевугольным каменем усяго будынка салярыстыкi з’яўляецца надзея на спакушэнне.
Але няздольныя прызнаць гэтую праўду салярысты старанна абыходзяць усялякае тлумачэнне Кантакту. Яны аднеслi яго да лiку святых, з часам ён стаў для iх вечнасцю i небам, хоць напачатку, яшчэ пры цвярозым падыходзе, Кантакт быў асновай, уступам, выйсцем на новую дарогу, адну з многiх…»
Просты i горкi аналiз Мунтывуса, гэтага «ерэтыка» планеталогii, дасведчанага ў адмаўленнi, у развенчваннi салярыснага мiфа, мiфа аб мiсii чалавека. Першы голас, якi наважыўся прагучаць яшчэ ў рамантычны перыяд развiцця салярыстыкi, у перыяд поўнага даверу, быў цалкам праiгнараваны, на яго нiхто не адгукнуўся. Усё гэта зразумела, бо калi прызнаць тлумачэннi Мунтывуса, то неабходна закрэслiць тую салярыстыку, якая iснавала. Новая салярыстыка, цвярозая, непрадузятая, дарэмна чакала свайго фундатара. Праз пяць гадоў пасля смерцi Мунтывуса, калi яго кнiга стала бiблiяграфiчнай рэдкасцю, яе цяжка было знайсцi ў Зборах як па салярыстыцы, так i па фiласофii, з’явiлася школа яго iмя, утварылася суполка нарвежскiх вучоных. Сярод паслядоўнiкаў Мунтывуса было некалькi яркiх iндывiдуальнасцей, якiя па-свойму тлумачылi яго спадчыну. У Эрла Энесона спакойнае выкладанне Мунтывуса змянiлася з’едлiвай iронiяй; у Фаэлангi яно ператварылася ў нейкую грубаватую ўжытковую, iнакш кажучы — утылiтарную салярыстыку. Фаэланга iмкнуўся сканцэнтраваць усю ўвагу на канкрэтнай карысцi, якую можна выцiснуць з даследаванняў, i адпрэчыць усе фантастычныя спадзяваннi на Кантакт, на сувязь двух iнтэлектаў. Побач з бязлiтасным, дакладным аналiзам Мунтывуса працы ўсiх ягоных духоўных настаўнiкаў здаюцца, аднак, другараднымi, калi зусiм не папулярызатарскiмi, выключэнне складаюць толькi творы Энесона i бадай што Такаты. Уласна, Мунтывус сам давёў усё да канца, назваўшы першы перыяд салярыстыкi перыядам «прарокаў» (да iх ён адносiў Гiзэ, Голдэна, Севаду), другi — «вялiкiм расколам» (тады адзiная салярысная вера распалася на мноства сектаў, якiя змагалiся мiж сабой). Мунтывус прадбачыў i трэцi перыяд дагматызму i схаластычнага закасцянення, якi надыдзе, калi будзе вывучана ўсё, што толькi можна вывучыць. Але гэта не адбылося. Гiбарыян, думаў я, меў усё ж рацыю, калi лiчыў развагi Мунтывуса надзвычайным спрашчэннем, якое не брала пад увагу ўсё, што кантраставала ў салярыстыцы з элементамi веры; Гiбарыян сцвярджаў, што ў салярыстыцы сама галоўнае не вера, а карпатлiвая штодзённая праца, вывучэнне канкрэтнай, матэрыяльнай планеты, якая круцiцца вакол двух сонцаў.
У кнiгу Мунтывуса быў уваткнуты складзены папалам, зусiм пажоўклы адбiтак з квартальнiка «Дадаткi да салярыстыкi», адна з першых прац Гiбарыяна, якую ён напiсаў, калi не быў яшчэ кiраўнiком Iнстытута. Пасля назвы «Чаму я стаў салярыстам» iшоў кароткi, амаль канспектыўны пералiк з’яў, якiя даказвалi рэальную магчымасць Кантакту. Гiбарыян належаў да таго бадай што апошняга пакалення даследнiкаў, у якога хапiла адвагi прыняць эстафету першых поспехаў салярыстыкi i не адмовiцца ад своеасаблiвай, што выходзiць за межы навукi, веры, зрэшты, зусiм матэрыялiстычнай, веры ў плённасць намаганняў, калi яны дастаткова настойлiвыя i працяглыя.
Гiбарыян грунтаваўся на добра вядомых, класiчных даследаваннях бiяэлектронiкаў эўразiйскай школы: Хо Ён, Мiна, Нг’янi i Кавакадзе; iх працы прадэманстравалi, што iснуе нейкае падабенства памiж электрычнымi iмпульсамi i пэўнымi разрадамi энергii, якiя адбiваюцца ў плазме Акiяна, што папярэднiчаюць узнiкненню такiх утварэнняў, як полiморфы (на пачатковых стадыях) i блiзняты салярыды. Гiбарыян адпрэчыў антрапамарфiчныя iнтэрпрэтацыi, розныя мiстыфiкацыi псiхааналiтычных, псiхiятрычных, нейрафiзiялагiчных школ, якiя спрабавалi перанесцi на глеевы Акiян чалавечыя захворваннi, напрыклад, эпiлепсiю (аналогiю якой яны бачылi ў сутаргавых вывяржэннях асiметрыяд). Сярод прыхiльнiкаў Кантакту ён быў адзiн з найбольш асцярожных i цвярозых вучоных i зусiм не пераносiў сенсацый, якiя, праўда, усё радзей выпадалi на долю таго цi iншага адкрыцця. Дарэчы, гэткай таннай сенсацыяй стала мая дыпломная праца. Яна знаходзiлася недзе тут, у бiблiятэцы. Праца, вядома, была не апублiкавана, а проста скапiраваная на плёнку, яна захоўвалася сярод мiкрафiльмаў. У сваёй працы я абапiраўся на цiкавыя даследаваннi Бергмана i Рэйнальдса. I м удалося з мазаiкi розных працэсаў выдзелiць i «адфiльтраваць» кампаненты, што суправаджалi сама моцныя эмоцыi: адчай, жалобу, асалоду. Я ж супаставiў гэтыя звесткi з разрадамi акiянiчных iмпульсаў, вызначыў амплiтуду i профiлi крывых (на пэўных участках вяршынь сiметрыяд, ля асновы няспелых мiмоiдаў i iнш.) i выявiў памiж iмi аналогiю, што заслугоўвае ўвагi. Адразу ж у бульварнай прэсе з’явiлiся публiкацыi пад блазенскiмi назвамi накшталт «Студзiна ў адчаi» або «Планета ў аргазме». Але ўсё гэта мне толькi дапамагло (ва ўсякiм разе я лiчыў так да нядаўняга часу). Гiбарыян, як i iншыя салярысты, не чытаў усiх прац па салярыстыцы (iх з’яўлялiся тысячы), а тым болей прац навiчкоў. Але на мяне ён звярнуў увагу, i я атрымаў ад яго лiст. Гэты лiст закончыў адзiн i распачаў другi этап майго жыцця.