ХVІІІ

— Ты пашкадавала яго, — сказаў Упляйк, — ты папрасіла пакінуць яго, маўляў, няхай жыве, як хоча… А ён прыйшоў і забіў майго целаахоўніка! Зараз ён мой! І нішто ня спыніць мяне. Адвядзеце вязьня да тых вырадкаў.

Мяне кінулі ў глуха зачыненую залю. Я ўспомніў яе. Менавіта тут я біўся з апраханцамі.

І яны былі тут. Скурчанымі камячкамі там-сям уздрыгвалі на падлозе. Бедныя, брудныя, худыя. Сярод іх былі і дарослыя, і малалеткі. Ва ўсіх на абліччах, падобных да мысак кацянят, назіраўся аднолькавы выраз прыгнечанасьці і пакоры.

Я выбраў сабе месца і лёг. У цьмяным сьвятле дрэнна было відаць, куды класьціся, і незнарок зачапіў кагосьці.

Заварушыўся карлік:

— А-а, ты. Не надта далёка зайшоў.

— Маўчы, не твая справа, куды я ішоў!

— Куды б ні йшоў, апынуўся ж тутака…

Я павярнуўся бокам да яго. Словы карліка абудзілі ў розуме напалову забыты пульсар маёй мэты, але твар Руаты ізноў перакрыў яго. Мабыць, гэтыя два вобразы счэпленыя ў маёй сьвядомасьці.

Страшэнную пакуту цяпер прыносілі малюнкі памяці, мне хацелася іх вырваць, спаліць… ці глядзець, бясконца глядзець, і рыдаць, адчуваючы, як кожная сьляза, нібы скальпель, праразае да крыві скуру…

— Ну, мазахісьце, давай спаць, — буркнуў карлік.

Ён пачынаў мяне раздражняць, карцела сарваць злосьць ці хутчэй забыцца, каб ня кінуцца ў вар’яцкую гістэрыку.

— Гэй ты! Можаш хоць апошнія хвіліны жыцьця пражыць спакойна!? — прарыпеў карлік.

— Слухай, курдуплю, закаркуйся! — злосна прамовіў я.

«Руата… — заенчылі мазгі.— Не, я вырвуся, я сілай вазьму цябе! Ты будзеш мая! Якая б ты ні была жорсткая, злосная, я вазьму цябе, а потым, потым… кіну!»

— Дурань!

— Ты… — я зноў хацеў сказаць нешта крыўднае, але ня мог хутка штосьці такое падабраць… І тут я зразумеў, што ён чытае мае думкі.

— Ты што, чуеш, што я думаю?

— Каму лёгка пакласьці руку на плячо, таму лёгка здушыць горла, — сказаў ён замест адказу. — Ты йшоў… Ты меў сваю мэту. А цяпер ты размазаны, як паўдохлая муха па шкле, якую праз момант цалкам прыціснуць.

— А ты ведаеш хто…

— Забудзь яе. Няўжо ты ніколі не адчуваў, што яна не твая? Яна ня можа быць тваёй. Вы розныя. Ты ішоў, вось і йдзі…

– Ісьці!

І я гучна засьмяяўся.

— Бедны карлік, ня бачыш, мы замкнёныя.

— Ты можаш ісьці… у замкненьні…

Ён паступова «адключаўся».

— Гэй, што з табой.

Яго зрэнкі памутнелі.

— Ты можаш ісьці… у замкненьні… — ледзь чутна паўтарыў ён.

Я магу ісьці ў замкненьні.

…Чалавек замкнёны, можа зруйнаваць і троны…

Я зразумеў яго. Мае думкі, мая сьвядомасьць магла дасягнуць мэты. Маё «Я» магло дасягнуць мэты, але ня сам я! Я ж не хачу так… Я хачу жывым дасягуць сваёй мэты!

Стома, нібыта пухавая пярына, агарнула цела. Дзесьці ў кутку сьвядомасьці ўсьміхнулася Руата, я забараніў сабе засяроджваць увагу на ёй, яна зьнікла…

У цемры сну далёка-далёка мігцеў настойлівы маяк маёй мэты.

Загрузка...