ХІІ

Аднойчы на сьвяточнай бяседзе ў гонар чарговай перамогі Руаты я сярод шматлікіх гасьцей прыкмеціў знаёмы твар. Яго ўладальнік мала частаваўся і болей прыглядаўся да маёй каханай.

Я пазнаў, гэта быў мой «вызвольнік» Упляйк. Аднаго разу нашы погляды скрыжаваліся, і па тым, як бліснула лязо ў яго зрэнках, я зразумеў, што яму добра вядома, хто я такі. І, безумоўна, ён лічыць мяне ворагам.

Я чакаў, калі ён падыдзе, хоць павітаецца, каб праверыць мае нэрвэйкі. Але ён ня толькі не падыйшоў, а неўзабаве зусім зьнік.

У сьвядомасьці пачаў трывожна зьвівацца вусень пытальніка, я насьцярожыўся. Прадчуваньне ліха наплыло і праз хвілю адкацілася ў далёкі кут, калі я ўбачыў, як да Руаты нялоўка заляцаецца дробны начальнік паліцыі. Пакуль на пагулянцы ўсё было як звычайна, я мог супакоіцца, але весяліцца разам з усімі ўжо не хацелася.

І маё пачуцьцё мяне не падманула!

Калі вельмі пекная дзяўчына з русай доўгай касой ускочыла на стол, за яе распачалася такая дзікая непрадказальная бойка, што амаль усе прысутныя, нават брухатыя чыноўнікі і надзьмутыя шляхцюкі з бліскучымі званочкамі ў вушах, былі ўцягнуты ў яе. Разломваліся і ўзьляталі крэслы, пераварочваліся сталы. Крык, віскат, праклёны.

Двум добра выпіўшым дзецюкам не спадабаліся мае карыя вочы, дзецюкі сумесна наваліліся на мяне. Я быў ня вельмі гатовы да абароны, таму яны лёгка падмялі мяне пад сябе. Давялося дужа якасна папрацаваць лакцямі, каб глынуць сьвежага паветра.

Прайшло даволі часу, пакуль я цалкам вызваліўся ад іх і паглядзеў на трон Руаты. Але яе там не было.

Я абышоў усе закуткі чортавай карчмы, разварушыў усе «куча-малы», якія сваімі тулавамі ўтваралі госьці, раскідаў паламаную мэблю. Нідзе!

Мне стала зразумела, што дзікая, бязглуздая бойка была справакавана, каб выкрасьці Руату. І зьяўленьне Ўпляйка было не выпадковым!

Я ня ведаў, што мне рабіць, я тузаў людзей, якія тут жа, на падлозе, засыналі, пытаўся, ці ня бачылі Руату. Сонным голасам кожны цягнуў: «Не-ее». А начальнік паліцыі нават ня змог паварухнуцца — ён хроп пад сталом сярод раструшчаных памідораў.

Ніхто. Ніхто не памкнуўся мне дапамагчы. Праўда, праз колькі хвілін я сам зваліўся ў зьнямозе.

У віно было падмешана снатворнае.

Я прачнуўся, ня ведаю праз колькі часу, на трохкутным кавалку ад былога стала. Нада мной стаяў дырэктар карчмы, яго чырвонае тварападабенства вішчала аб кампэнсацыі.

— Руата вам заплоціць, — сказаў я.

— Руата! Дзе цяпер тая Руата!

Я здагадаўся, што ён нешта ведае пра яе, і хоча дадаткова адхапіць куш зь мяне, я ўскочыў:

— Дзе яна?

Ён адхіліўся.

— Эй, хутчэй сюды! Выкіньце яго адсюль! — закрычаў ён ахоўнікам.

Тры грамідлы ня вельмі ветліва выпхнулі мяне з карчмы.

Я застаўся адзін на непрыгляднай вуліцы.

Людзей амаль не было. Ніхто не хацеў са мной размаўляць.

Становішча было адчайнае. Ніякіх сьлядоў супраціву. Напэўна Руата таксама была ў сьне.

Дзень я кружляў вакол карчмы, біў у дзьверы, патрабуючы размовы з гаспадаром — безвынікова. Пасьля шныраў па бліжэйшых раёнах, але — аніякай зачэпкі.

Нарэшце я пайшоў на кірмаш — там заўсёды пачуеш апошнія плёткі.

Сапраўды, людзі гаманілі пра бойку ў карчме, сьмяяліся. Я спытаў ці ня бачылі яны Руату.

— А што, Руата зьнікла?

Я даў добрую тэму для плётак, і пакуль дайшоў да процілеглага краю кірмашовай плошчы, Руату тры разы гвалцілі, восем разоў застрэльвалі і бясконцасьць разоў разразалі на часткі і засоўвалі ў мяшок. Кожны з радасным хваляваньнем шаптаў, што Руату выкралі і кінулі ў трубу з бактэрыямі, альбо яе задушыла і схавала палюбоўніца асуджанага злачынцы, альбо прыдумвалі настолькі жудасныя гісторыі, што сінім інеем пакрываўся мой пазваночнік.

Я ня ведаў, што і падумаць. Сапраўды, у Руаты павінна быць шмат ворагаў — сваякі ахвяр, пераможаныя ёю спаборніцы, іх прыхільнікі, дый самі злачынцы. Але пры чым тут Упляйк? А можа, ні пры чым, можа ён быў у сталіцы і выпадкова, завітаў да нас?

Раптам хтосьці таргануў мяне. Я азірнуўся. Старая жабрачка ўсьміхнулася, паказаўшы адзін плястыкавы зуб.

— Вы шукаеце Руату?

— Так, — узрадаваўся я.

— Дайце пяць рутобаў, і я скажу вам, дзе яна.

Я дастаў з кішэні грошы.

— Яна і колькі мужчын на электрамабілі паехалі па чырвоным калідоры. Больш нікому ня вер!

— Там быў такі блакітнавокі, статны з русымі валасамі?

— У спраўнасьць, паночку, паведаць ня можу, але, здэцца, сядзеў тамака такі.

Я даў старой грошы, яна адразу ж скрывілася:

— Вох, якая я неразумная, трэба было болей папрасіць.

Божа ж ты мой, мае неасьцярожнае дзеяньне заўважылі ратазеі, і, нібы галодныя мухі на цукар, накінуліся на мяне.

— Ня верце гэтай пляткарцы! Я адзін толькі бачыў Руату і скажу ўсяго за тры рутобы.

— Не, я ведаю, дзе яна!

— Ды каго вы слухаеце! Паслухайце мяне!

Я ледзьве вырваўся са шчыльнага кола карысьлівых дарадчыкаў і хутка пайшоў да паўднёвага выйсьця з горада.

Праз два кварталы мяне дагналі чатыры-пяць хлопцаў у чорным, у масках. Без папярэджаньня іх кулакі абрушыліся на мяне. Хоць я не слабы, але сілы былі няроўныя.

— Прывітаньне ад Руаты!

— Забудзь пра яе! — апошняе, што пачуў я, перад тым як наступіла малінавая цемра.

Апрытомнеў я, калі на столі ўспыхнуў твар Галоўнага Інфарматара, які і паведамляў, што вялікая спартсмэнка Руата Наяроч Першая па просьбе ўраду адправілася ў Заходнія Тунэлі, для спаборніцтва з тамтэйшымі спартсмэнкамі. Я падняўся да экрана паведамленьняў — каля яго быў наклеены скотч імітацыі. Як толькі я яго сарваў, твар Інфарматара перастаў паведамляць пра Руату, і пачаў несьці нейкую лухту пра эканамічнае гадаваньне сьвіньняў.

Зьнянацку да мяне прыйшоў боль ад гузакоў і выцятых месцаў. Дзесьці гадзіну давялося адлежвацца. За гэты час у падсьвядомасьці зноў гучалі словы Вешчуна-настаўніка.

Калі боль трошкі сьціх, і я мог рухацца, упарта пайшоў да чырвонага, як казала старая, а значыць, да паўднёвага калідора. Мабыць сьмешна і жаласна было глядзець збоку на маю хаду: цела не жадала падпарадкоўвацца, — я нагадваў вялікую марыянэтку ў руках няўмекі, бо ня стаў выконваць патрабаваньне Сьпіральнай Змовы Замоваў — пачакаць содні да поўнага выздараўленьня.

Нарэшце дадыбаў да паўднёвай брамы горада, але яна была зачынена.

— Гэй, — крыкнуў брамніку, — адчыняй, трэба ісьці.

— Сам ідзі адсюль, дохлю, — вылаяўся ён. — Загад ня чуў? Тры дні нікога не выпускаць! Шукаюць вінаватых у пагроме карчмы.

«Значыць, шукаюць мяне? — спачатку падумаў я. — Але ж мяне ўжо адшукалі… Няўжо папраўдзе ловяць зачыншчыка бойкі? Нешта ня вельмі верыцца.»

— Слухай, братку, адчыні, надта сьпяшаюся, маці ў вёсцы хворая.

— Не магу. Чуў?

Усё ж такі я змог прайсьці праз браму, а вось мае грошы — не. Апошнія рутобы, што ціха пабразгвалі ў кішэні маіх штаноў, перасяліліся ў скураны мяшочак, што вісеў на поясе брамніка. Дадаткова я змог выпатрабаваць, каб ён мяне добра пакарміў: мой унутраны лекар, што шаптаў Сьпіральную Замову Замоваў, вымагаў добра падсілкавацца.

Ад брамніка ж я пачуў, што сапраўды Руата і яе выкрадальнікі праяжджалі тут на электрамабілі.

Я памахаў службоўцу рукою, ён шчыра зьдзівіўся, што я ўжо кульгаў ня так моцна, але адзначыў, што і бегма ня можна дагнаць электрамабіль…

Загрузка...