ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ "Макары"

Здавалася, што надзея знайсці калі-небудзь капітана Гранта страчана. У якой частцы свету яго шукаць? Як зараз даследаваць новыя краіны? «Дункан»-жа ўжо не існаваў. Пачатыя вялікадушнымі шатландцамі пошукі закончыліся поўнай няўдачай.

Усе надзеі праваліліся...

Гэтыя сумныя словы не здольны ўстрывожыць мужныя сэрцы, але ўсё-такі Гленарван павінен быў прызнаць немагчымасць далейшых пошукаў.

Мэры Грант пры гэтых абставінах знайшла ў сабе мужнасць больш не ўпамінаць імя свайго бацькі. Яна перамагала сваё асабістае гора, думаючы пра няшчасную долю экіпажа «Дункана». Забываючыся пра сябе, яна супакойвала Элен, якая знемаглася ад гора. Яна першая загаварыла пра зварот у Шатландыю. Джон Мангльс з пашанай ставіўся да мужнасці і вытрымкі маладой дзяўчыны. Ён хацеў прапанаваць прадаўжаць пошукі капітана Гранта, але змоўк, спынены яе цвёрдым позіркам.

Пазней яна сказала яму:

— Не, містэр Джон, я не маю права на гэта. Успомніце, колькі ўжо афяр нам каштавалі пошукі. Містэр Гленарван павінен вярнуцца ў Еўропу.

— Ваша праўда, міс Мэры,— адказаў Джон.— Так патрэбна. Мы павінны безадкладна паведаміць англійскае адміралцейства пра лёс «Дункана». Але не трацце надзеі. Калі трэба будзе, я адзін займуся пошукамі капітана Гранта. І я знайду яго або загіну!

Джон Мангльс браў на сябе цяжкія абавязкі. Мэры Грант падала яму руку, як-бы замацоўваючы дагавор. Джон абяцаў ёй вечную адданасць, а яна яму вечную ўдзячнасць.

На працягу дня было прынята рашэнне вярнуцца ў Еўропу. Для гэтага трэба было зараз-жа выехаць у Мельбурн. Назаўтра раніцой Джон Мангльс пайшоў у порт даведацца, калі пойдзе карабль на Мельбурн. Ён не сумняваўся, што між Эдэмам і сталіцай правінцыі Вікторыя маюцца рэгулярныя зносіны.

Але малады капітан памыліўся. Рэгулярных рэйсаў у Мельбурн не было. У парту былі ўсяго тры-чатыры караблі, і ні адзін з іх не збіраўся ні ў Мельбурн, ні ў Сідней. Між тым толькі ў гэтых двух партах Гленарван мог спадзявацца знайсці судны, якія накіроўваюцца ў Англію.

Што заставалася рабіць у такім становішчы? Чакаць судна ў Эдэме? Гэта чаканне магло цягнуцца бясконца доўга, бо караблі нячаста заходзяць у бухту Туфольда.

Пасля доўгіх спрэчак Гленарван вырашыў быў ужо ісці ў Сідней па сухазем'і, калі Паганель унёс прапанову, якая з’явілася поўнай нечаканасцю для ўсіх.

Географ, незалежна ад Джона Мангльса, таксама хадзіў у порт. Ведаючы, што рэгулярных рэйсаў між Эдэмам і Мельбурнам няма, ён пацікавіўся, куды накіроўваюцца тры караблі, што стаяць у Эдэмскім парту. Аказалася, што адзін з іх ідзе ў Оклэнд, на Іка-на-Мануі, паўночны з Новазеландскіх астравоў. Паганель прапанаваў зафрахтаваць гэта судно і паехаць у Оклэнд, які злучаны з Еўропай рэгулярнымі рэйсамі.

Прапанова Паганеля заслугоўвала сур’ёзнага абмеркавання. Супроць свайго звычаю вучоны не гаварыў доўгіх прамоў у абарону сваёй думкі. Ён абмежаваўся тым, што паведаміў аб гэтым факце і дадаў, што пераезд у Оклэнд зойме дзён пяць-шэсць. І сапраўды, ад Новай Зеландыі да Аўстраліі не больш тысячы міль.

Па дзіўнай выпадковасці Оклэнд знаходзіцца якраз на той трыццаць сёмай паралелі, уздоўж якой падарожнікі неадступна ішлі ад самых берагоў Арауканіі.

Безумоўна географ у мінулыя часы не прамінуў-бы выкарыстаць гэтую акалічнасць у якасці доказу ў карысць сваёй прапановы: гэта дазваляла без цяжкасці даследаваць берагі Новай Зеландыі. Але Паганель чамусьці нават не сказаў пра гэтую акалічнасць. Пасля двух паражэнняў ён, відавочна, не хацеў высоўваць трэцяга тлумачэння дакументаў. Ды апрача таго, пра якое новае тлумачэнне магла ісці гутарка, калі ў дакументах ясна гаварылася, што капітан Грант і яго спадарожнікі знайшлі прытулак на кантыненце, а не на востраве? Між тым Новая Зеландыя — гэта астравы. Ці з гэтай прычыны ці з якой-небудзь іншай, але Паганель ні слова не сказаў аб тым, што паездка ў Оклэнд можа быць спалучана з прадаўжэннем пошукаў.

Джон Мангльс падтрымаў прапанову Паганеля. Ён раіў прыняць яе, бо нельга бясконца чакаць судна ў Туфольдскай бухце, а сухаземны шлях у Мельбурн цяжкі, доўгі не пазбаўлены небяспек.

Аднак, перш чым прыняць канчатковае рашэнне, ён прапанаваў наведаць судно, што ідзе ў Оклэнд. Гленарван, маёр, Роберт, Паганель і малады капітан узялі лодку і пад’ехалі к караблю, які стаяў на якары ў двух кабельтавах ад прыстані.

Гэта быў двухсоттонны брыг, які называўся «Макары». Ён рабіў рэйсы між рознымі партамі Аўстраліі і Новай Зеландыі. Капітан «Макары» вельмі няласкава сустрэў наведвальнікаў. Яны адразу ўбачылі, што маюць справу з недалікатным чалавекам. Капітан быў здаравенны мужчына з чырвоным тварам, агрубелымі рукамі, плюскатым носам, вузкімі вочкамі і ніжняй губой, якая звісала ад цяжару люлькі, якой ён не вымаў з рота. Увогуле капітана Біля Галея ніяк нельга было назваць прыгожым. Але гэта не мела ніякага значэння для пераезду ў пяць-шэсць дзён, ды к таму-ж і выбару не было.

— Якога чорта вам тут патрэбна! — ласкава вітаў Біль Галей падарожнікаў, якія лезлі па трапу яго карабля.

— Капітана,— адказаў Джон Мангльс.

— Гэта я. Яшчэ што?

— «Макары» ідзе ў Оклэнд?

— Так. Яшчэ што?

— З якім грузам?

— Ён вязе ўсё, што прадаецца і купляецца. Яшчэ што?

— Калі ён выходзіць?

— Заўтра з паўднёвым адлівам. Яшчэ што?

— Пасажыраў возьмеце?

— Гледзячы якіх і калі яны згодзяцца жорці тое, што жаром.

— Яны возьмуць свой правіянт.

— Яшчэ што?

— Што яшчэ?

— Так. Колькі іх?

— Дзевяць, у тым ліку дзве жанчыны.

— У мяне няма кают.

— Абойдуцца.

— Яшчэ што?

— Згодны? — запытаў Джон Мангльс, не звяртаючы ніякай увагі на грубасць капітана.

— Паглядзім,— адказаў гаспадар «Макары». Біль Галей прайшоў па палубе, грукаючы падбітымі жалезам ботамі і потым нечакана спыніўся перад Джонам Мангльсам.

— Колькі заплаціце? — запытаў ён.

— А колькі вы хочаце? — адказаў той.

— Пяцьдзесят фунтаў.

Гленарван кіўнуў галавой у знак згоды.

— Ёсць пяцьдзесят фунтаў,— сказаў Джон Мангльс.

— Толькі за пераезд,— дадаў Галей.

— Так.

— Без харчавання.

— Так.

— Згодзен. Яшчэ што? — сказаў гаспадар «Макары», працягваючы руку.

— Што яшчэ? — запытаў Джон Мангльс, не працягваючы сваёй.

— Задатак!

— Вось палавіна. Дваццаць пяць фунтаў.

Біль Галей пералічыў грошы і схаваў у кішэню, нават не падзякаваўшы.

— Заўтра прыязджайце раніцой. Роўна апоўдні я падыму якар, будзеце вы тут ці не — усёроўна.

— Будзем.

Пасля гэтага Гленарван, маёр, Роберт, Паганель і Джон Мангльс пакінулі карабль, прычым капітан нават не прылажыў рукі к казырку засаленага бліна, уздзетага на яго рыжую грыву.

— Вось скаціна! — сказаў Джон Мангльс.

— А мне ён падабаецца,— заўважыў Паганель.— Сапраўдны марскі воўк.

— Мядзведзь, а не воўк,— запярэчыў маёр.

— Не сумняваюся, што гэты мядзведзь гандляваў раней рабамі,— сказаў Джон Мангльс.

— Нам-то што да гэтага? — адказаў Гленарван.— Для нас важна толькі тое, што ён камандуе «Макары» і што «Макары» ідзе ў Новую Зеландыю. Мы мала будзем бачыць яго ў часе пераезду ад Эдэма да Оклэнда, а пасля прыезду ў Оклэнд і зусім не будзем сустракацца.

Элен і Мэры былі вельмі здаволены, даведаўшыся, што ад’езд прызначаны на заўтра. Гленарван папярэдзіў іх, што «Макары» па камфорту зусім не падобны на «Дункан». Але смелым жанчынам, якія бачылі столькі гора, гэта было ўсёроўна. Ольбінету прапанавалі загатовіць на дарогу правізію. Небарака-кухар увесь час хадзіў з апухлымі ад слёз вачыма з таго часу, калі стала вядомым, што «Дункан» захапілі разбойнікі. На барту яхты была яго жонка, і яна, безумоўна, падзяліла сумны лёс экіпажа. Не зважаючы на гэта, ён са звычайнай дакладнасцю і сумленнасцю выканаў свае абавязкі буфетчыка. Уласныя запасы правізіі, на якіх так настойваў капітан Біль Галей, забяспечвалі падарожнікам харчаванне, аб якім, пэўна, і не марыла каманда «Макары». Гэтая правізія была загатоўлена за некалькі гадзін.

Тым часам Гленарван памяняў на золата чэкі на Саюзны банк у Мельбурне. Маёр купіў зброю і баявыя прыпасы для ўсіх удзельнікаў экспедыцыі. Паганель задавальняўся тым, што купіў вельмі добрую карту Новай Зеландыі, складзеную Джанстонам.

Мюльрэдзі хутка ачуняў. Ён пачаў ужо забываць пра рану, якая некалькі дзен таму назад ледзь не палажыла яго ў дамавіну. Падарожжа па мору павінна было канчаткова аднавіць яго здароўе.

Вільсон заняўся абсталяваннем на барту «Макары» памяшкання для пасажыраў. З дапамогай мятлы і вядра з вадой ён зусім змяніў знешні выгляд вызначанага для Гленарвана кубрыка. Біль Галей, паціснуўшы плячыма, даў права Вільсону наводзіць «дурную чыстату». Яго зусім не цікавілі будучыя пасажыры «Макары». Ён нават не запытаў, хто яны такія. Для яго яны былі дадатковым грузам, які дае пяцьдзесят фунтаў прыбытку, але, вядома, каштуе многа менш, чым тыя дзвесце тон скуры, якія былі складзены ў труме. «Спярша скура, потым людзі», так разважаў гэты камерсант. Аднак Біль Галей лічыўся і быў нядрэнным мараком добра ведаў гэтыя моры, плаванне ў якіх небяспечна з-за шматлікіх падводных рыфаў.

Гленарван хацеў выкарыстаць апошнія гадзіны прабывання ў Аўстраліі, каб яшчэ раз пабываць на тым месцы, дзе трыццаць сёмая паралель перасякае бераг. Да таго ў яго былі дзве важныя прычыны. Перш за ўсё ён хацеў пабываць на мяркуемым месцы крушэння. Айртон, безумоўна, раней быў боцманам на «Брытаніі», і не было нічога немагчымага ў тым, што гэты карабль пацярпеў крушэнне на ўсходнім беразе Аўстраліі. Таму было невыбачальнай лёгкадумнасцю пакінуць аўстралійскі мацярык, не абследаваўшы дакладна гэтага месца.

Другая прычына была тая, што тут быў захоплены катаржнікамі «Дункан». Можа там адбывалася барацьба, і ўзбярэжная паласа захоўвае якія-небудзь сляды супраціўлення захопленых знянацку матросаў «Дункана»? Калі экіпаж яхты загінуў, мора магло выкінуць на бераг трупы.

Гленарван выправіўся на разведку разам з Джонам Мангльсам. Гаспадар гасцініцы даў ім пару верхавых коней, і яны зноў паехалі па паўночнай дарозе, якая пакручвалася ўздоўж берагу Туфольдскай бухты.

Гэта была сумная паездка. Гленарван і Джон Мангльс не праказалі ні аднаго слова за ўсю дарогу. Але яны разумелі адзін аднаго і без слоў. Адна і тая-ж думка балюча свідравала іх мозг.

Яны агледзелі кожны куточак і шчыліну ўзбярэжжа, кожную пясчынку пляжа, кожную пядзь высокага берагу, куды акіянскія хвалі маглі закінуць абломкі крушэння, але не знайшлі аніякай прыметы ні барацьбы, ні катастрофы.

Сляды «Брытаніі» зноў губляліся ў невядомасці. «Дункан» таксама не пакінуў ніякіх слядоў. Узбярэжжа акіяна было пустое.

Недалёка ад берагу Джон Мангльс заўважыў сляды нядаўна пакінутага лагера, патухшыя вогнішчы, памятую траву, абламанае галлё дрэў. Можа якое-небудзь тубыльнае племя прабыло тут некалькі дзён? Але не. Гленарван раптам убачыў бясспрэчны доказ таго, што гэты лагер быў лагерам банды катаржнікаў.

Гэтым доказам была старая, парваная фуфайка, забытая каля дрэва. Ад яе засталіся два кавалкі тканіны — шэры і жоўты, і на ёй вялікімі літарамі быў напісан нумар. Гэта была фуфайка катаржніка, форменная вопратка зняволенага Перцкай турмы.

— Бачыце, Джон,— сказаў Гленарван,— катаржнікі былі тут. Няшчасныя матросы «Дункана»...

— Так,— глухім голасам адказаў Джон,— ясна, што іх не высадзілі на бераг. Яны загінулі ўсе да аднаго.

— Нягоднікі! — крыкнуў Гленарван.— О, каб яны трапілі мне ў рукі. Я-б адпомсціў ім за экіпаж «Дункана».

Гора надало рысам твара Гленарвана выраз незвычайнай суровасці. Ён адышоў ад Джона і на працягу некалькіх хвілін пільна пазіраў на мора, нібы выглядаючы ў яго бязмежнай далі сваю любую яхту. Але потым позірк яго змрачнеў. Ён правёў рукой па ілбу. Не сказаўшы ні слова, ён падышоў да каня і ў суправаджэнні Джона Мангльса вярнуўся ў Эдэм.

Заставалася выканаць толькі адну фармальнасць: паведаміць уладам аб падзеі. Гленарван зрабіў гэта таго-ж вечара.

Гарадскі галава, ледзь стрымліваючы радасць, запісваў заяву Гленарвана ў пратакол: ён быў шчаслівы, што банда Бена Джойса пакінула правінцыю. Увесь горад падзяляў яго радасць. Важнае паказанне Гленарвана было зараз-жа перадана па тэлеграфу ў Мельбурн і Сідней.

Падпісаўшы пратокол, Гленарван вярнуўся ў гасцініцу «Вікторыя». Апошні вечар у Аўстраліі прайшоў сумна. Усе думалі пра няшчасці, якія спаткалі іх на гэтым кантыненце, пра свае падманутыя надзеі.

Паганель быў увесь ва ўладзе нейкага ўзрушання. Джон Мангльс, які назіраў цішком за ім з часу здарэння каля ракі Сноуі, бачыў, што географ прагне нешта сказаць і не адважваецца. Ён шмат разоў дапытваўся ў яго, але вучоны ўхіляўся ад адказу.

Тым не менш у гэты вечар, ідучы разам з Паганелем у свой пакой, Джон яшчэ раз запытаў у яго, чаго ён так нервуецца.

— Памыляецеся, мой сябра,—адказаў Паганель,— я нервуюся зараз не больш, чым звычайна.

— Паганель, вы гаворыце няпраўду! У вас ёсць нейкі сакрэт, які прыгнятае вас.

— Калі так, дык я вам прызнаюся... гэта мацней за мяне!..

— Што мацней за вас?

— Мая радасць, з аднаго боку, роспач — з другога.

— Вы адначасова і шчаслівы і нешчаслівы.

— Так, я і шчаслівы і бясконца нешчаслівы, што еду ў Новую Зеландыю.

— Вы даведаліся пра што-небудзь новае? — жвава запытаў Джон Мангльс.— Вы згледзелі згублены след Гранта?

— Не, Джон. З Новай Зеландыі не варочаюцца. І тым не менш... вы ведаеце прыроду чалавека. Пакуль дыхаеш — спадзяешся... Вось я і выбраў сабе самы лепшы дэвіз на свеце:

«Дыхаю — значыцца спадзяюся».


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ Мінулае краіны, у якую едуць падарожнікі

Назаўтра, 27 студзеня, падарожнікі зранку з’явіліся на борт «Макары» і размясціліся ў яго вузкім кубрыку. Білю Галею не прышло ў галаву ўступіць сваю каюту пасажыркам. Аднак, шкадаваць гэтага не варта было, таму што логава было такое самае, як і мядзведзь.

Апоўдні, з надыходам адліву, брыг падняў якар. Дзьмуў невялікі брыз з паўднёвага захаду. Экіпаж карабля павольна падняў парусы: пяці чалавек каманды было недастаткова для хуткага выканання манеўраў. Вільсон хацеў дапамагчы матросам, але Біль Галей груба прапанаваў яму не ўмешвацца: ён прывык сам выкручвацца з усякага становішча і цярпець не можа, калі чужыя тыкаюць свой нос у яго справы!

Гэты апошні сказ яўна адрасаваўся Джону Мангльсу, які не мог стрымацца ад усмешкі, бачачы такую павольнасць і няспрытнасць каманды брыга.

Джон Мангльс рашыў надалей не паказваць віду, што яго цікавіць кіраванне караблём, але падумаў, што будзе згодзен капітан ці не, ён не застанецца безуважным гледачом, калі гэта няёмкасць будзе пагражаць бяспечнасці пасажыраў.

Між тым падганяемыя лаянкай капітана, матросы ўрэшце паднялі парусы, і «Макары» паплыў пад фокам, брамселем, стакселем і ліселем. Не гледзячы на вялікую паруснасць, брыг ледзь-ледзь поўз па акіяну. Шырокая пярэдняя часць, нізкая асадка, цяжкая карма — усё гэта разам узятае пагаршала мораходныя якасці брыга, ператварала яго ў тое, што маракі пагардліва называюць «лаханкамі».

Аднак з гэтым трэба было мірыцца, і якім-бы дрэнным хадуном не быў «Макары», але за пяць, найбольш за шэсць дзён ён усё-такі дабярэцца да Оклэнда.

А сёмай гадзіне вечара бераг Аўстраліі схаваўся за гарызонтам, а яшчэ праз некалькі хвілін знік і Эдэмскі маяк. Мора было неспакойным, і брыг моцна гойдала. Ён цяжка падаў у правалы між хвалямі. Пры кожным такім паданні пасажыраў шалёна калаціла. Яны адчувалі сябе вельмі няўтульна ў цесным кубрыку. Але на палубе хлястаў бесперапынку дождж, і мімаволі даводзілася карыстацца кубрыкам.

Абставіны навявалі сумныя думкі. Падарожнікі амаль не гаварылі між сабой. Час ад часу Элен перагаварвалася некалькімі словамі з Мэры Грант. Гленарван не мог сядзець на месцы. Ён нервова хадзіў па кубрыку. Маёр сядзеў нерухома. Джон Мангльс і Роберт час ад часу выходзілі на палубу, каб паглядзець на мора. Паганель забраўся ў самы цёмны куток і нешта бурчэў сам сабе пад нос.

Аб чым думаў шаноўны вучоны? Аб Новай Зеландыі, якую яму прыпадала ўбачыць. Ён успамінаў гісторыю гэтай краіны, і злавесныя вобразы мільгалі перад яго вачыма.

Ён імкнуўся аднавіць у памяці мінулае Новай Зеландыі ва ўсіх дэталях, каб адказаць сабе на пытанне, ці мог сучасны даследчык або марак назваць гэтыя астравы кантынентам?

Як відаць, Паганель не пакідаў думаць пра новае тлумачэнне дакументаў. Гэтая думка праследавала яго, як неадчэпная ідэя. Пасля Патагоніі і Аўстраліі яго ўяўленне, падагнанае адным словам у англійскім тэксце дакумента, было цалкам паглынута Новай Зеландыяй. І толькі адна акалічнасць абмяжоўвала нястрымны ўзлёт фантазіі — незакончанае слова contin з французскага дакумента. Ці можна было лічыць кантынентам Новазеландскія астравы?

— Кантын... Кантын...— паўтараў пра сябе вучоны.— Гэта не можа азначаць нічога іншага, апрача кантынента!

І ён зноў перабіраў у памяці імёны даследчыкаў, якія наведалі гэтыя два вялікія астравы ў паўднёвым паўшар’і.

Трынаццатага снежня 1642 года галандзец Тасман, які толькі што адкрыў Ван-Дыменаву зямлю, прыплыў да берагоў невядомага вострава. Ён прайшоў уздоўж яго берагоў і на чацверты дзень, 17 снежня, апынуўся ў вузкім праліве між двух астравоў.

Паўночны востраў быў Іка-на-Мануі, паўднёвы — Махаі Пуна-Му.

Авель Тасман паслаў на бераг шлюпкі, і яны вярнуліся к судну ў суправаджэнні некалькіх пірог, у якіх сядзелі тубыльцы. Дзікуны былі людзьмі сярэдняга росту з жоўтай і цёмнакарычневай скурай, грубым голасам, чорнымі прамымі валасамі, звязанымі на макоўцы і ўпрыгожанымі белым пяром.

Гэтая першая сустрэча еўрапейцаў з тубыльцамі як быццам праракала сяброўскія адносіны. Але назаўтра-ж, калі адна з шлюпак Тасмана падышла к зямлі, шукаючы больш зручнай якарнай стаянкі, на яе напалі сем тубыльных пірог. Шлюпка перавярнулася ад штуршка і патанула, Боцмана, які камандаваў ёй, ранілі пікай у грудзі. З шасці грабцоў чатырох забілі на месцы, а два ўцалелыя, падтрымліваючы раненага боцмана, уплаў вярнуліся на судно.

Пасля гэтага сумнага здарэння Тасман ураз загадаў падняць якар, адпомсціўшы тубыльцам толькі некалькімі мушкетнымі стрэламі, якія, пэўна, не зрабілі ніякай шкоды. Ён вышаў з бухты, якая была названа з таго часу бухтай Разгрома, падняўся на поўнач і 5 студзеня стаў на якар у паласе паўночнай аканечнасці Іка-на-Мануі. Аднак вялікі прыбой, які з грукатам біўся аб падводныя скалы, з аднаго боку, і відавочная варожасць тубыльцаў — з другога, не дазволілі яму запасціся прэснай вадой, і ён канчаткова пакінуў гэтыя астравы, назваўшы іх Зямлёй Штатаў, у гонар галандскіх Генеральных штатаў.

Галандскі мораплаўца быў перакананы, што гэтыя астравы злучаюцца з астравамі, адкрытымі на ўсход ад Вогненнай Зямлі, і не сумняваўся, што адкрыў «вялікі кантынент паўднёвых мораў».

— Не,— сказаў сам сабе тут Паганель,— мораплаўца семнаццатага стагоддзя мог памыліцца, палічыўшы астравы за кантынент. Але такой памылкі не мог паўтарыць марак дзевятнаццатага стагоддзя. Тут нешта не так!

Адкрыцце Тасмана на працягу цэлага стагоддзя заставалася захавана, і Новая Зеландыя як-бы не існавала, калі адзін французскі мораплаўца, Сурвіль, наткнуўся на яе пад 35° 27' шыраты. У пачатку яму не даводзілася скардзіцца на тубыльцаў.

Аднойчы раніцой узняўся ўраганны вецер, і разгулялася вялікая бура, у часе якой адна з шлюпак, якая перавозіла хворых матросаў, была выкінута хвалямі на бераг бухты Прытулка. Там хворых французаў сустрэў адзін з тубыльных правадыроў па імені Нагі-Нуі; ён добра паставіўся да хворых і нават уступіў ім сваю хаціну. Усё ішло як нельга лепш да таго часу, пакуль у Сурвіля не ўкралі адной шлюпкі. Ён дарэмна патрабаваў у тубыльных правадыроў звароту яе і, не дасягнуўшы свайго, у адплату спаліў адну вёску. Гэта несправядлівая і страшная помста засталася надоўга ў памяці тубыльцаў і паслужыла прычынай далейшых крывавых падзей у Новай Зеландыі.

Шостага кастрычніка 1769 года к новазеландскаму берагу прычаліў славуты Кук. Яго карабль «Спроба» кінуў якар у бухце Тауэ-Роа. Кук хацеў прывабіць да сябе тубыльцаў добрымі адносінамі. Але, каб дасягнуць прыхільнасці людзей, трэба спярша завязаць з імі сувязь. Для гэтага Кук, не хістаючыся, узяў у палон двух-трох дзікуноў і, гвалтоўна абласкавіўшы іх, пусціў з падарункамі дадому.

Неўзабаве многія аднапляменнікі гэтых дзікуноў, спакушаныя іх расказамі, добраахвотна з’явіліся на карабль Кука і пачалі з ім паменны гандаль. Прастаяўшы некаторы час у Тауэ-Роа, Кук пераехаў у бухту Гаукса, вялікую затоку на паўночным узбярэжжы вострава. Там ён сустрэў ваяўніча настроеных дзікуноў, якія трымалі сябе так непрыстойна, што яму давялося ацвярозіць іх залпамі карцечы.

Дваццатага кастрычніка «Спроба» кінула якар у бухце Токо-Маіу, дзе жыло невялікае,— усяго душ з двесце — спакойнае і добрадушнае племя. Батанікі, якія ўдзельнічалі ў экспедыцыі Кука, зрабілі тут шмат назіранняў над мясцовай фаунай, прычым тубыльцы перавозілі іх на бераг у сваіх пірогах. Кук асабіста наведаў дзве тубыльныя вёскі, абнесеныя агарожай, валамі і равамі, якія сведчылі аб надзвычайных фартыфікацыйных ведах дзікуноў. Галоўны з гэтых фартоў знаходзіўся на скале, якая ў часе прыліву была з усіх бакоў акружана вадой, ператвараючыся ў сапраўдны востраў. Вада не толькі акружала гэты форт, але і лілася з яго водаспадам, робячы яго зусім непрыступным.

Трыццаць першага сакавіка, пасля пяцімесячнага прабывання на Новай Зеландыі, сабраўшы досыць вялікую калекцыю раслін, рэдкіх рэчаў і этналагічных назіранняў, Кук развітаўся з Новай Зеландыяй. Ён даў сваё імя праліву, які падзяляе Іка-на-Мануі ад Махаі-Пуна-Му. Ён цвёрда рашыў вярнуцца яшчэ сюды ў часе наступных сваіх падарожжаў.

І сапраўды, у 1773 годзе вялікі мораплаўца зноў наведаў бухту Гаукса; гэтым разам ён быў сведкай сцэн людаедства. Аднак, трэба згадзіцца, што віна за гэта цалкам ляжыць на яго спадарожніках: афіцэры яго судна, знайшоўшы на беразе адрэзаныя часткі цела аднаго маладога дзікуна, прынеслі іх на борт, зварылі і прапанавалі есці тубыльцам. Тыя прагна елі. Дзіўная забава—быць кухарамі на бале людаедаў!

У часе свайго трэцяга падарожжа, Кук зноў пабываў у Новай Зеландыі. Гэтая мясцовасць вельмі цікавіла яго, і ён імкнуўся дапоўніць гідраграфічнае апісанне яе. У канцы лютага 1777 года ён развітаўся з Новай Зеландыяй і гэты раз ужо назаўсёды.

У 1791 годзе Ванкувер пражыў дваццаць дзён у бухце Астравоў, але без усякай карысці для геаграфіі і прыродазнаўчых навук. Д’Антркасто ў 1793 годзе даследаваў паўночны бераг Іка-на-Мануі на працягу дваццаці пяці міль. Капітаны гандлёвага флота Гаузен і Дальрымп, потым Бадэн, Рычардсон, Маодзі заходзілі сюды не надоўга. Доктар Севедж пражыў тут пяць тыдняў, збіраючы весткі аб норавах і звычаях тубыльцаў.

У 1805 годзе пляменнік правадыра Рангі-У, Дуа-Тара, сеў на карабль «Арго», якім камандаваў капітан Бадэн.

Магчыма, што прыгоды Дуа-Тара калі-небудзь будуць апеты якім-небудзь маарыйскім Гомерам. Няшчасны дзікун перажыў шмат несправядлівасці, пабояў, здзекаў усіх адценняў. За паслугі яму плацілі недаверлівасцю, ударамі, турмой. Можна ўявіць, якая думка ў яго склалася аб людзях, якія называюць сябе цывілізаванымі. Яго завезлі ў Лондан. На караблі далі яму месца матроса апошняга разрада. З яго здзекваўся ўвесь экіпаж. Каб не лейтэнант Марсдэн, ён-бы памёр з голаду і дрэннага абыходжання. Але на шчасце гэты афіцэр зацікавіўся маладым дзікуном. Ён убачыў, што мае справу з ціхім, мужным і разумным чалавекам, і ўзяў яго пад сваю апеку. Марсдэн дастаў для свайго пратэжэ некалькі мяхоў з насеннем розных еўрапейскіх хлябоў і неабходныя для земляробства прылады, з тым каб ён завёз іх на бацькаўшчыну. Але ўсё гэта ўкралі ў Цуа-Тара. Няшчасці і пакуты сыпаліся на яго галаву да 1814 года, калі яму ўдалося нарэшце вярнуцца к свайму племені. Здавалася-б, прышоў час сабраць плады сваіх пакут. Але ў тую хвіліну, калі ён толькі пачаў адукоўваць гэту крывяжэрную Новую Зеландыю, яго заспела смерць. Яму было ўсяго дваццаць восем гадоў. Смерць Дуа-Тара была вялікім няшчасцем для гэтай краіны.

Да 1816 года пра Новую Зеландыю як быццам забыліся. У гэтым годзе Тамсон, у наступным Нікола і ў 1819 годзе Марсдэн наведалі абодва астравы. У 1820 годзе Рычард Круйс, капітан дваццаць чацвертага пяхотнага палка, пражыў тут амаль дзесяць месяцаў, сабраўшы за гэты час досыць вялікі матэрыял пра жыццё тубыльцаў.

У 1824 годзе Дзюперэй, камандзір судна «Ракавіна», пражыў пятнаццаць дзён у бухце Астравоў і не мог нахваліцца паводзінамі тубыльцаў.

Але пасля яго, у 1827 годзе, на англійскае кіталоўнае судно «Меркуры» ў гэтым самым месцы нападалі тубыльцы і яно ледзьве выратавалася. У тым-жа годзе капітан Дыльён сустрэў з боку дзікуноў самы сяброўскі прыём у часе двух сваіх стаянак каля берагоў Новай Зеландыі.

У сакавіку 1827 года славуты камандзір «Астралябіі» Дзюмон Дзюрвіль, адзінокі і без зброі, пражыў некалькі дзён з тубыльцамі. Ён пеў песні, мяняўся гасцінцамі, спаў пад адным дахам з імі і бесперашкодна рабіў картаграфічныя здымкі, у выніку якіх навука ўзбагацілася самымі дакладнымі картамі.

Наадварот, Джон Джонс, капітан англійскага брыга «Гаус», які прыстаў к берагу Усходняга мыса ў 1828 годзе, ледзь не загінуў ад здрадніцтва правадыра Энараро. Многіх з яго спадарожнікаў забілі пасля катаванняў.

З гэтых супярэчлівых даных пра ціхасць і крывяжэрнасць новазеландцаў можна зрабіць толькі адзін вывад, што лютасць дзікуноў была не чым іншым, як помстай. Прыём падарожнікаў тубыльцамі цалкам залежаў ад паводзін саміх падарожнікаў: добрых капітанаў добра і прымалі, грубых і прагавітых — дрэнна. Вядома, бывалі асобныя выпадкі, калі тубыльцы першымі нападалі на зусім невінаватых еўрапейцаў. Але часцей за ўсё яны толькі помсцілі еўрапейцам за здрадніцкія напады і лютасць. Можна толькі шкадаваць, што часам помста заспявае не тых, хто заслужыў яе.

Пасля Дзюмон Дзюрвіля этнаграфічнае апісанне Новай Зеландыі было дапоўнена смелым даследчыкам, які дваццаць разоў аб’ехаў вакол зямнога шара, вандроўцам, вечным валацугам, цыганам навукі, англічанінам Ірлем. Ён наведаў недаследаваныя месцы абодвух астравоў. У Ірля не было асабістых падстаў скардзіцца на тубыльцаў, але ён неаднаразова назіраў выпадкі людаедства. Новазеландцы елі адзін аднаго з агідлівай прагнасцю.

Тое-ж самае пацвярджаў і капітан Лаплас, які наведаў астравы ў 1831 годзе. К таму часу бітвы між плямёнамі сталі больш крывавымі, бо тубыльцы авалодвалі еўрапейскай зброяй і навучыліся карыстацца ёю з надзвычайнай спрытнасцю. Таму некалі квітнеючыя раёны Іка-на-Мануі ператварыліся ў пустыні. Цэлыя плямёны зніклі з твара зямлі, як знікаюць цэлыя гурты авечак.

Па сёнешні дзень новазеландскія плямёны ўвесь час жывуць нязгодна. Новазеландцы не падобныя на ціхіх аўстралійцаў, якія без спрэчак аддаюць еўрапейцам-захопнікам сваю зямлю і ўцякаюць у пустыню. Новазеландцы даюць адпор нашэсцю, змагаюцца, ненавідзяць сваіх прыгнятальнікаў — англічан.

Будучыня гэтых двух вялікіх астравоў пастаўлена на карту: іх чакае або неадкладнае далучэнне да ўсіх «благ» цывілізацыі, або зварот на многія стагоддзі ў першабытную дзікасць. Рашэнне гэтага пытання належыць сіле зброі.

Так Паганель, седзячы ў кутку кубрыка, этап за этапам аднавіў у памяці ўсю гісторыю Новай Зеландыі. Але ні адна з перагорнутых ім старонак гэтай гісторыі не давала права называць ні адзін з двух паўднёвых астравоў кантынентам. І мозг вучонага ліхаманкава шукаў новага сэнсу ў дакументах, напісаных рукой капітана Гранта, адкідаючы гіпотэзу за гіпотэзай, таму што яны не растлумачвалі гэтага нешчаслівага спалучэння складаў: "contin"...


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ Разаніна на Новай Зеландыі

Праз чатыры дні пасля выхаду з Эдэма «Макары» не прайшоў яшчэ і двух трэціх часткі дарогі да Оклэнда. Біль Галей мала цікавіўся сваім судном. Ён амаль не выходзіў на капітанскі мосцік — акалічнасць, якая, дарэчы, нікога не засмучала. Нічога нельга-б было сказаць супроць таго, што капітан цэлыя дні праседжвае адзін у сваёй каюце, каб ён не напіваўся там штодня да непрытомнасці. Каманда «Макары» брала прыклад з свайго капітана, і, здаецца, ні адзін карабль не вылучаўся большай бесклапотнасцю ў плаванні, як «Макары» з бухты Туфольда.

Гэтая невыбачальная распуста экіпажа прымушала Джона Мангльса няспынна сачыць за кіраваннем судна. Не раз Вільсон і Мюльрэдзі падбягалі да руля, каб выпрастаць карабль, пакладзены на борт раптоўным шквалам. У такіх выпадках Біль Галей выбягаў з сваёй каюты і лаяў сумленных матросаў «Дункана» апошнімі словамі. Вільсон і Мюльрэдзі ледзь стрымліваліся, каб не даць волі рукам і не адлупцаваць гэтага п’яніцу. Каб не Джон Мангльс, яны даўно звязалі-б капітану Галею рукі і ногі і захавалі-б яго ў труме на ўвесь час пераезду да Оклэнда. Але Джон Мангльс стрымаў іх і ледзьве ўгаварыў адкласці суд.

Між тым яго самога хвалявала становішча судна. Ён не выказваў свае трывогі Гленарвану, які ўсё прымаў блізка да сэрца, каб не засмучаць яго, але расказаў пра свае думкі Паганелю і маёру.

Мак-Набс параіў яму, праўда ў іншым сэнсе, тое самае, што Мюльрэдзі і Вільсон.

— Калі вы лічыце гэта патрэбным, Джон,— сказаў ён,— не хістаючыся, бярыце кіраванне караблём. Пасля таго, як мы злезем у Оклэндзе, мы дамо гэтаму п’яніцу поўную магчымасць затапіць свой карабль, дзе яму захочацца.

— Зразумела, Мак-Набс, я зраблю так, калі гэта будзе абсалютна неабходным. Пакуль што мы знаходзімся ў адкрытым моры, даволі таго, што я і мае матросы не пакідаем палубы. Але, прызнаюся шчыра, мне будзе вельмі цяжка, калі Біль Галей не працвярозіцца і пры набліжэнні к берагу.

— Ці зможаце вы трымаць правільны курс? — запытаў Паганель.

— Гэта будзе цяжка,— адказаў Джон.— Хочаце — верце, хочаце — не, але на гэтай лаханцы няма ні адной марской карты.

— Не можа быць?

— Чэснае слова! «Макары» робіць заўсёды рэйсы між Эдэмам і Оклэндам, і Біль Галей так прызвычаіўся да гэтых месц, што не робіць ніякіх вызначэнняў.

— Відавочна, ён уяўляе, што карабль сам ведае дарогу і бяжыць у Оклэнд, як конь у стайню,— заўважыў маёр.

— О! — усклікнуў Джон Мангльс.— Я не веру ў караблі, якія самі выбіраюць правільны курс. Калі Біль Галей будзе п’яны, як толькі мы падыйдзем да берагавых рыфаў, мне давядзецца ўмяшацца.

— Будзем спадзявацца, што розум вернецца к яму паблізу зямлі.

— Ці азначае гэта, Джон, што вы не зможаце нават у выпадку патрэбы даставіць судно ў Оклэнд? — запытаў маёр.

— Без дакладнай марской карты гэтых мясцін — гэта немагчыма. Узбярэжныя рыфы тут вельмі небяспечныя. Гэта ланцуг невялікіх фіёрдаў з няправільнымі абрысамі, як у фіёрдаў Нарвегіі. Каля берагоў у вадзе захавана безліч рыфаў, і трэба мець вялікі вопыт, каб унікнуць сутычкі з імі. Як-бы ні быў добра пабудаваны карабль, але ён адразу пойдзе на дно, калі наскочыць на адзін з такіх рыфаў, які здрадліва хаваецца пад слоем вады на некалькі футаў.

— У такім выпадку,— сказаў маёр,— нам не застаецца іншага выхаду, як шукаць ратунку на лодках.

— Так, маёр, пры адной толькі ўмове: калі надвор’е дазволіць!

— Гэта даволі непрыемная перспектыва,— заўважыў Паганель,— таму што берагі Новай Зеландыі вельмі негасцінныя.

— Вы гаворыце пра маарыйцаў, Паганель? — запытаў Джон Мангльс.

— Так, мой сябра. У іх няважная рэпутацыя. Гэта не паслушныя аўстралійцы, але моцная, разумная і крывяжэрная раса. Ад іх нельга чакаць літасці.

— Значыцца,— сказаў маёр,—каб з капітанам Грантам здарылася крушэнне каля берагоў Новай Зеландыі, вы не раілі-б выпраўляцца шукаць яго?

— На ўзбярэжжы — так,—адказаў географ.— Там можна было-б разлічваць знайсці сляды крушэння «Брытаніі», а ўнутры краіны — не. Гэта было-б дарэмнай тратай часу. Усякі еўрапеец, які адважыцца зайсці ў гэтыя небяспечныя месцы, павінен трапіць у лапы маарыйцаў, а кожны палонны маарыйцаў асуджаны на смерць. Я настаяў на тым, каб мае сябры перайшлі пампасы і Аўстралію, але я ніколі не дазволіў-бы ім і думаць аб пераходзе праз Новую Зеландыю.

Паганель не перавялічваў небяспекі. У Новай Зеландыі благая слава — і заслужана. Запісы ў кнізе адкрыцця і даследавання яе заліты патокамі крыві.

Пералік імён людзей, якія загінулі пры даследаванні Новай Зеландыі, заняў-бы шмат старонак. Першымі ў гэтым пераліку стаяць імёны пяці матросаў Авеля Тасмана, якіх забілі і з’елі тубыльцы. Пасля іх такі-ж лёс спаткаў капітана Туклея і ўсю каманду яго баркаса. На ўсход ад праліва Фово пяць рыбакоў са шлюпкі «Сідней-Коў» скончылі сваё жыццё на банкетным стале ў дзікуноў. Трэба яшчэ пералічыць чатырох чалавек з брыга «Браты», з’едзеных у парту Малінэ, многія салдаты з атрада генерала Гейтса, трох дэзертыраў з «Матыльды», каб падыйсці да сумнай гісторыі капітана Марыёна дзю-Фрэна.

Неўзабаве пасля першага падарожжа Кука, 11 мая 1772 года, у бухту Астравоў увайшлі два французскія судны — «Маскарэн» пад начальствам капітана Марыёна і «Кастры» пад начальствам капітана Крозе. Двудушныя новазеландцы вельмі цёпла сустрэлі каманды суднаў. Яны нават прыкінуліся спачатку баязлівымі, і давялося раздаць шмат падарункаў і гасцінцаў, каб яны прывыклі прыходзіць на борт суднаў.

Правадыр тубыльцаў Такуры, калі верыць Дзюмон-Дзюрвілю, быў блізкім сваяком дзікуна, якога здрадліва ўзяў у палон Сюрвіль за два гады да прыходу капітана Марыёна.

У краіне, дзе звычай патрабуе крывавай помсты за знявагу гонару роду, Такуры, вядома, не мог забыць і дараваць зневажэння Сюрвілем яго родзіча. Ён цярпліва чакаў прыходу якога-небудзь іншага еўрапейскага карабля, дачакаўся гэтага, задумаў план помсты і выканаў яго з жахлівай стрыманасцю.

Ашукаўшы французаў няшчырай баязлівасцю, Такуры зрабіў усё неабходнае для таго, каб прытупіць іх пільнасць. Ён сам і многія яго аднапляменнікі часта заставаліся начаваць на караблях. Яны прыносілі з сабой смачную рыбу. Прыводзілі на борт сваіх жонак і дачок. Пазнаёміліся з усімі афіцэрамі і запрасілі іх наведаць свае вёскі. Марыён і Крозе, спакушаныя такой ласкавасцю дзікуноў, абышлі ўвесь гэты раён, у якім жыло амаль чатыры тысячы чалавек. Дзікуны сустракалі іх без зброі і ўсяляк стараліся давесці сваю дабрату.

Капітан Марыён прычаліў к берагу Новай Зеландыі, каб замяніць на «Кастры» мачты, паламаныя бурай. У часе сваіх экскурсій на сухазем’е ён знайшоў за два лье ад берагу вялікі кедравы лес. Ашуканы няшчырай ціхамірнасцю тубыльцаў, ён загадаў накіраваць дзве трэці экіпажа на сухазем’е з заданнем працерабіць дарогу ад лесу да берагу і падцягнуць к вадзе дрэвы, прыгодныя для мачт.

Работы па замене мачт патрабавалі шмат часу. Ён скарыстаў гэты выпадак і загадаў хворых матросаў перавезці на бераг маленькага вострава Моту-Аро ў цэнтры бухты, а на беразе вялікага вострава, за паўтара лье ад суднаў, пабудаваць кузню і плотніцкую майстэрню. Дужыя і спрытныя тубыльцы дапамагалі матросам ва ўсіх гэтых работах.

Не гледзячы на відавочную прыязнасць тубыльцаў, капітан Марыён не пераставаў прымаць меры перасцярогі. Дзікунам не дазвалялася ўзброенымі прыходзіць на борт караблёў, а шлюпкі накіроўваліся на бераг не інакш як з добра ўзброенымі матросамі. Але ўрэшце бездакорныя паводзіны дзікуноў прытупілі падазронасць Марыёна і самых недаверлівых з яго афіцэраў, і ён дазволіў матросам наведваць бераг без зброі. Трэба адзначыць, што капітан Крозе імкнуўся ўгаварыць Марыёна адмяніць гэты загад, але не меў поспеху.

Пасля гэтага абыходлівасць і ласкавасць новазеландцаў падвоілася. Іх правадыры здружыліся з афіцэрамі. Такуры неаднаразова прыводзіў на борт свайго сына і пакідаў яго там начаваць.

Восьмага чэрвеня тубыльцы наладзілі Марыёну ўрачысты банкет, у часе якога яго назвалі «вялікім правадыром» астравоў і ўпрыгожылі яго капялюш чатырма белымі пер’ямі.

Так прайшлі трыццаць тры дні прабывання французскіх караблёў у бухце Астравоў. Работа па замене мачт на «Кастры» праходзіла паспяхова; запасы прэснай вады былі адноўлены ў водазборах Моту-Аро. Капітан Крозе асабіста кіраваў работай плотнікаў. Усё было больш чым шчасліва, і ні ў каго не было ані сумнення наконт працяжнасці гэтага шчасця.

Дванаццатага чэрвеня спусцілі на ваду капітанскі вельбот. Такуры запрасіў афіцэраў паехаць у сваю вёску лавіць рыбу. У вельбот селі сам Марыён, лейтэнанты Водрыко і Легу, флаг-афіцэр і трынаццаць матросаў. Іх суправаджалі Такуры і пяць іншых правадыроў-тубыльцаў. Нішто не дазваляла прадбачыць катастрофы, якая павінна была каштаваць жыцця шаснаццаці еўрапейцам з семнаццаці, якія высадзіліся на беразе.

Вельбот адышоў ад барта, паплыў к берагу і неўзабаве схаваўся за гарызонтам.

Вечарам капітан Марыён не вярнуўся на борт. Яго адсутнасць нікога не ўстрывожыла. Усе вырашылі, што ён, напэўна, зайшоў у плотніцкую майстэрню і застаўся там начаваць.

Назаўтра раніцой, а пятай гадзіне, шлюпка «Кастры» вышла, як і раней, на Моту-Аро за прэснай вадой. Яна без прыгод вярнулася назад.

А дзевятай гадзіне раніцы вахценны матрос з «Маскарэна» заўважыў у вадзе чалавека, які плыў у напрамку к караблям. Здавалася, што ён траціў сілы. Адразу к яму на дапамогу паслалі шлюпку. Гэта быў Турнер, адзін з грабцоў капітанскага вельбота. Адзіны з семнаццаці чалавек, якія напярэдадні паехалі на бераг, ён застаўся жывым, дый то ён быў ранены пікай у бок і грудзі.

Турнера распыталі, і тут высветліліся ўсе падрабязнасці крывавай драмы.

Вельбот няшчаснага Марыёна прыстаў к берагу каля вёскі а сёмай гадзіне раніцы. Дзікуны весела віталі гасцей. Яны вынеслі з вельбота на плячах афіцэраў і матросаў, каб тыя не падмачылі ног. Потым французы разышліся ўздоўж берагу лавіць рыбу.

Адразу пасля гэтага дзікуны — дзесяць на аднаго — накінуліся на іх з дубінкамі і кастэтамі. Турнеру, двойчы раненаму пікай, удалося запаўзці ў хмызняк і схавацца там ад дзікуноў. Лежачы там, ён быў сведкай жахлівых сцэн. Дзікуны раздзелі мерцвякоў, распаролі ім жываты, парэзалі іх на кавалкі.

Турнер выбраў хвіліну, і, калі дзікуны пачалі баляваць, кінуўся ў ваду, адкуль яго дастала шлюпка «Маскарэна».

Расказ Турнера раз’юшыў экіпаж абодвух караблёў. Усе настроіліся адпомсціць. Але, перш, чым помсціць за нежывых, трэба было ратаваць жывых. На беразе былі майстэрні, і тысячы канібалаў[77], раздражненых пахам крыві, акружалі іх.

У час адсутнасці капітана Крозе, які начаваў на беразе, камандаванне ўзяў старшы афіцэр «Кастры», Дзюклемер. Ён зараз-жа паслаў на бераг шлюпкі са ўзводам салдат пад камандай афіцэра. Гэты атрад павінен быў дапамагчы таварышам, якія знаходзіліся на беразе. Шлюпка адышла, паплыла к берагу і прычаліла ў тым месцы, дзе яшчэ стаяў прывязаны вельбот няшчаснага Марыёна.

Крозе, які быў на беразе ў плотніцкай, нічога не падазраваў, калі каля двух гадзін апоўдні ён раптам убачыў узвод салдат марской пяхоты.

Прадчуваючы бяду, ён паспяшыў яму насустрач і даведаўся пра падзеі ўчарашняга дня. Каб не дэмаралізаваць матросаў, якія працавалі ў майстэрні, ён забараніў гаварыць ім пра ўчарашнія падзеі.

Дзікуны, сабраўшыся ў натоўп, занялі ўсе ўзвышшы вакол майстэрні. Крозе загадаў сабраць усе каштоўнейшыя інструменты, астатнія закапаў у зямлю, спаліў майстэрню і пачаў адступленне на чале атрада з шасцідзесяці чалавек.

Дзікуны ішлі за ім следам і крычалі: «Такуры матэ Марыён»[78]. Яны думалі напалохаць матросаў, паведаміўшы ім аб смерці іх начальніка. Але, зразумеўшы, у чым справа, матросы раззлаваліся і хацелі накінуцца на дзікуноў. Капітану Крозе ледзь удалося стрымаць іх. Прайшоўшы два лье, адступаючыя дайшлі да берагу і паселі ў лодкі. Тысячы дзікуноў, сабраўшыся на беразе, сачылі за імі нерухома. А калі лодкі адплылі ад берагу, на іх паляцелі безліч камення. Тут-жа чэцвера матросаў нацэліліся і чатырма стрэламі забілі чатырох правадыроў, на вялікае здзіўленне дзікуноў, якія былі яшчэ не знаёмы з агнястрэльнай зброяй.

Капітан Крозе, прычаліўшы к «Маскарэну», зараз-жа паслаў шлюпку на Моту-Аро.

Узвод салдатаў астаўся там на ноч, ахоўваючы перавозку хворых на борт караблёў.

Назаўтра на астравок быў накіраваны другі ўзвод: трэба было ачысціць Моту-Аро ад тубыльцаў. У вёсцы Моту-Аро было трыста жыхароў. Шэсць чалавек забілі, а астатніх адагналі штыхамі ў ваду і вёску падпалілі.

Але «Кастры» не мог выйсці ў мора без мачт. Вымушаны адмовіцца ад думкі паставіць новыя мачты з кедравых ствалоў, Крозе загадаў адрамантаваць старыя.

Так мінуў месяц. Дзікуны некалькі разоў спрабавалі адбіць у французаў астравок Моту-Аро, але дарэмна. Кожны раз, калі пірогі дзікуноў падыходзілі да караблёў на адлегласць гарматнага стрэлу, ядры тапілі іх.

Урэшце рамонт мачт закончылі. Заставалася даведацца, ці не застаўся хто-небудзь жывым з шаснаццаці афяр здрадніцкага нападу, і адпомсціць за астатніх. Шлюпка з вялікім атрадам афіцэраў і салдат пад’ехала к вёсцы. Пры яе набліжэнні здраднік Такуры, апрануўшы плашч Марыёна, уцёк. Французы ўважліва абшукалі ўсю вёску. У доме Такуры яны знайшлі чалавечы чэрап, які не вельмі даўно быў звараны. Чалавечае сцягно са слядамі зубоў канібалаў было ўздзета на драўляны ражон. Тут-жа ў хаціне валялася скрываўленая рубашка Марыёна, вопратка і пісталеты маладога Вадрыкура, зброя матросаў. У суседняй вёсцы знайшлі згатаваныя чалавечыя потрахі.

Атрад сабраў неабвяргальныя доказы людаедства. Знойдзеныя астанкі былі з вайсковым ушанаваннем пахаваны, а вёскі Такуры і яго супольніка Пікіёрэ падпалены з усіх канцоў. 11 ліпеня 1772 года караблі пакінулі новазеландскую ваду.

Такія былі падзеі, якія павінен захоўваць у памяці кожны падарожнік па Новай Зеландыі. Неасцярожны той капітан, які не зробіць вывадаў з гэтага апавядання. Кук пераканаўся ў гэтым у часе свайго другога падарожжа сюды ў 1773 годзе.

Шлюпка аднаго з яго караблёў — «Прыгоды», якім камандаваў капітан Фюрно, накіравалася 17 снежня на бераг за травой, але не вярнулася. У ёй было дзевяць чалавек матросаў і мічман. Устурбаваны капітан Фюрно выслаў на пошукі яе лейтэнанта Бюрнея. Падплыўшы к берагу, Бюрней застаў «сцэну канібалізма і варварства, аб якой нельга ўспамінаць без жаху: галовы, канечнасці, потрахі нашых таварышоў валяліся на сталах, а сабакі тут-жа грызлі іх косткі».

Каб закончыць гэты крывавы пералік трэба ўпамянуць яшчэ карабль «Браты», атакаваны новазеландцамі ў 1815 годзе, разгром карабля «Бойд» у 1820 годзе і ўрэшце напад тубыльцаў на англійскі брыг «Гаус» 1 сакавіка 1829 года, які закончыўся забойствам многіх матросаў, трупы якіх неўзабаве былі з’едзены.

Такім было насельніцтва Новазеландскіх астравоў, к якім набліжаўся «Макары», пад камандай п'янага капітана і п'яных матросаў.


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ Буруны

Тым часам нуднае плаванне ўсё прадаўжалася. Ішоў ужо шосты дзень з часу выхаду з Эдэма, а берагоў Оклэнда яшчэ не было відаць, не зважаючы на тое, што ўвесь час дзьмуў спадарожны свежы вецер. Магчыма, сустрэчнае цячэнне затрымлівала карабль, бо ён ледзь поўз уперад. Высокія хвалі бязлітасна трапалі судно, корпус яго трашчаў, і яно цяжка ўспаўзала на хвалю. Дрэнна нацягнутыя ванты, штагі і бакштаг слаба трымалі мачты ў часе качкі, і яны ходарам хадзілі ў сваіх гнёздах.

На шчасце, Біль Галей не спяшаў прыбыць у Оклэнд і ішоў пад умеранай паруснасцю. У іншым выпадку першы-ж шквал сарваў-бы з яго мачты. Джон Мангльс не баяўся за судно, будучы ўпэўненым, што рана ці позна ён дапаўзе да парта, але яго непакоіла, што падарожніцам невыгодна ў кубрыку.

Элен і Мэры Грант не скардзіліся на невыгоды падарожжа, хоць бесперапынны дождж прымушаў іх цэлымі днямі не выходзіць з кубрыка. Рэдка-рэдка яны ненадоўга выходзілі на палубу ўдыхнуць свежага паветра, але хутка чарговы шквал праганяў іх, і жанчыны зноў ішлі ў душнае і цеснае памяшканне, якое было больш прыгодна для перавозкі тавараў, чым людзей. Спадарожнікі ўсяляк стараліся развесяліць іх. Паганель імкнуўся чым-небудзь запоўніць доўгі нудны час, расказваючы ўсякія гісторыі, але небарака-вучоны быў і сам не вельмі ў добрым настроі, і расказы яго не мелі поспеху. Да таго-ж, падарожнікам, якія ўнутрана перажывалі крушэнне сваіх планаў, было не да весялосці. Наколькі раней яны цікавіліся лекцыямі географа аб Патагоніі і Аўстраліі, настолькі-ж абыякава яны слухалі яго расказы аб Новай Зеландыі — выпадковым этапе па дарозе ў Еўропу.

І сапраўды, у гэтую злавесную краіну яны ехалі не па добрай волі, не з энтузіязмам і надзеяй, а толькі з прычыны неабходнасці.

Гленарван пакутаваў больш як хто-небудзь з астатніх падарожнікаў. Ён амаль не заходзіў у кубрык, дый наогул не сядзеў на адным месцы. Яго нервовая натура не мірылася з зняволеннем у чатырох вузкіх сценах. Цэлымі днямі, а часта і цэлымі начамі ён бываў на палубе, не звяртаючы ўвагі на лівень, не заўважаючы салёных пырскаў, якія аблівалі яго з галавы да ног. Ён то гадзінамі нерухома стаяў, абапёршыся на парэнчы, то гадзінамі-ж нервова крочыў па палубе. Ён доўга пазіраў на мора, як быццам пра нешта запытваючы ў прасторы. Здавалася, ён хацеў разарваць туманную заслону, якая хавала гарызонт. Ён не мог пагадзіцца з няшчасцем, якое на яго навалілася, і яго твар зморшчыўся ад гора.

Джон Мангльс стараўся не пакідаць яго аднаго і разам з ім цярпеў усе капрызы непагоды.

У гэты дзень Гленарван не разлучаўся з біноклем і, як толькі туман разрываўся ў якім-небудзь месцы, адразу-ж з незразумелай настойлівасцю прыкладаў бінокль да вачэй.

— Вы шукаеце зямлю, сэр? — запытаў Джон Мангльс.

Гленарван адмоўна заківаў галавой.

— Аднак сапраўды час было-б ужо ўбачыць сухазем’е. Яшчэ трыццаць шэсць гадзін таму назад мы павінны былі ўбачыць агні Оклэнда.

Гленарван не адказаў яму. Ён бесперапынна пазіраў у бінокль.

— Зямля павінна паказацца там, сэр. Глядзіце лепш у той бок,—сказаў Джон.

— Чаму, Джон? — Я-ж сказаў вам, што шукаю не зямлю.

— А што-ж, сэр?

— Маю яхту. Мой «Дункан»! — горача сказаў Гленарван.— Ён павінен быць недзе тут, у гэтым моры. «Дункан», якога прымушаюць служыць ганебным мэтам піратаў,— тут, Джон! Я адчуваю, што мы спаткаем яго.

— Лепш-бы было нам не сустракацца, сэр.

— Чаму, Джон?

— Вы забываецеся, у якім мы становішчы, сэр. Што будзе з намі, калі «Дункан» пагоніцца за гэтым брыгам? Мы-ж не зможам нават уцячы.

— Уцячы, Джон?

— Так, сэр. Мы і гэтага не зможам зрабіць. Нягоднікі возьмуць нас у палон.. Мы будзем цалкам пад іх уладай... А вы ведаеце, што Бен Джойс не спыніцца перад злачынствам. О, калі мы трапім яму ў лапы, я не дам паламанага граша за наша жыццё. Добра, мы будзем абараняцца да апошняй каплі крыві. А далей? Што будзе потым? Падумайце пра вашу жонку, сэр, падумайце пра Мэры Грант.

— Небаракі...— прашаптаў Гленарван.— Джон, у мяне сэрца разбіта, і часамі я адчуваю як роспач авалодвае мной. Мне здаецца, што нас чакаюць новыя няшчасці, што лёс паўстаў супроць нас. Я баюся, Джон...

— Вы, сэр?

— Не за сябе, Джон, не за сябе, а за тых, каго я люблю, за тых, каго і вы любіце.

— Не хвалюйцеся, сэр,— адказаў малады капітан,— не трэба дарэмна трывожыцца. «Макары» — дрэнны хадун, але ўсё-ж ён ідзе ўперад. Біль Галей — тупагаловы п’яніца, але я не спускаю яго з позірку, і, калі пры набліжэнні к зямлі становішча здасца мне небяспечным, я вазьмуся кіраваць судном. Такім чынам з гэтага боку няма чаго баяцца. Але будзем спадзявацца, што сустрэчы з «Дунканам» не будзе. Па-мойму, вы павінны аглядаць гарызонт, не для таго, каб знайсці «Дункан», а для таго, каб пераканацца, што яго няма паблізу.

Джон Мангльс казаў праўду. Сустрэча з «Дунканам» была-б пагібельнай для «Макары». Між тым не было нічога немагчымага ў тым, што піраты крэйсіруюць іменна ў гэтых водах, дзе яны маглі не баяцца праследаванняў. Аднак шостая ноч з часу выхаду з бухты Туфольда настала, а яхты не было відаць.

Але гэта ноч таіла ў сабе іншую пагрозу. Цемра апусцілася на ваду раптоўна а сёмай гадзіне вечара, неба ўкрылася сінявата-чорнымі хмарамі. Нават Біль Галей устрывожыўся. Відаць, інстынкт марака ўзяў верх над ап’яненнем. Ён вышаў з сваёй каюты, праціраючы вочы і тармошачы свае густыя рыжыя валасы. Спыніўшыся каля парэнчаў мосціка, ён удыхнуў паветра так, як другі выпіў-бы шклянку вады, каб апрытомнець, потым уважліва агледзеў парусы. Вецер мацнеў. Змяніўшы кірунак, ён дзьмуў зараз проста ў бок новазеландскага ўзбярэжжа.

Біль Галей выклікаў наверх свой экіпаж і з тысячай праклёнаў загадаў зменшыць паруснасць. Джон Мангльс моўчкі адобрыў гэта распараджэнне. Ён узяў за правіла без патрэбы не гаварыць з грубіянам-мараком. Аднак ні ён, ні Гленарван не пайшлі з палубы.

Праз дзве гадзіны пасля заходу сонца вецер падвоіўся ў сіле. Біль Галей загадаў узяць ніжні рыф у марселя. Гэты манеўр меў-бы значную цяжкасць для невялікай каманды «Макары», каб не падвойныя рэі амерыканскай сістэмы, пры наяўнасці якіх досыць было спусціць верхнюю рэю, каб плошча марселя значна паменшылася.

Мінула яшчэ дзве гадзіны. Хваляванне ўсё павялічвалася. «Макары» так цяжка падаў у правалы між гіганцкімі валамі, што кожны раз здавалася, нібы дно яго чапляецца за падводныя рыфы. Але гэта было памылковае адчуванне, і праз момант карабль пачынаў павольна паўзці на грэбень хвалі.

Хвалі часта прабягалі па палубе, заліваючы судно патокамі вады. Адну з шлюпак яны ўжо змылі.

Джон Мангльс пачынаў не на жарты трывожыцца. Усякае іншае судно на месцы «Макары» вельмі добра справілася-б з гэтай непагодай, увогуле не вельмі страшнай. Але «Макары» мог пайсці як камень на дно з той прычыны, што вада, якая залівала палубу, не паспявала сцякаць па вузкіх водастоках і абцяжарвала яго. Было-б лепшым у гэтых умовах зрабіць адтуліны ў фальшборце, каб паскорыць сток вады. Але Біль Галей не дадумаўся да гэтага.

Аднак не ў гэтым была галоўная небяспека. Другая, больш сур’ёзная бяда пагражала «Макары».

Каля адзінаццаці гадзін вечара Джон Мангльс і Вільсон, якія стаялі побач на палубе, пачулі нейкі няпэўны гул. Інстынкт маракоў прымусіў іх раптам настаражыцца.

Джон схапіў матроса за руку.

— Гэта прыбой! — усклікнуў ён.

— Так,— адказаў Вільсон.— Хвалі разбіваюцца аб рыфы.

— За два кабельтовы адсюль, не больш.

— Зямля вось тут!

Джон перагнуўся цераз парэнчы, паглядзеў у цёмную ваду і крыкнуў:

— Лот, Вільсон, лот!

Біль Галей, стоячы на мосціку, відаць, нічога не падазраваў. Вільсон схапіў лот і кінуў яго ў ваду. Лотлінь праслізгаў між яго пальцамі, але на трэцім вузле свінец спыніўся.

— Тры сажні! — далажыў ён.

— Капітан! — крыкнуў Джон Мангльс.— Мы каля бурунаў!

Ці бачыў Джон, як недаверліва паціснуў плячыма Біль Галей, ці не — гэта няважна. Але ён кінуўся к штурвалу і павярнуў судно крута пад вецер, у той час як Вільсон, кінуўшы лот, пабег к марселю і выцягнуў яго, каб паставіць брыг к ветру. Рулявы, адкінуты моцным штуршком ад штурвала, нават не зразумеў, чым выкліканы гэты раптоўны напад.

— На брасы! Траві брасы! — крыкнуў Джон Мангльс, ведучы судно ўздоўж лініі бурунаў і паступова аддаляючыся ў адкрытае мора.

За чатыры метры ад штыборта, не зважаючы на цемру, можна было выразна бачыць белую пену прыбою.

Толькі зараз Біль Галей зразумеў, якая страшная небяспека пагражала судну. Ён згубіў роўнавагу і пачаў даваць блытаныя загады, якіх не разумелі ледзь ацвярэжаныя матросы. Яны бегалі па палубе, збівалі з ног адзін аднаго, не ведаючы, што рабіць. Біль Галей быў канчаткова збіты з панталыку. Ён лічыў, што «Макары» знаходзіцца за трыццаць сорак міль ад зямлі, але зямля аказалася тут-жа пад бокам. Плыні знеслі карабль з курса і ледзь не паджартавалі блага са старога марака.

Між тым дзякуючы ўмяшанню Джона Мангльса «Макары» шчасліва ўнікнуў крушэння і зараз адыходзіў ад бурунаў. Але Джон Магльс не ведаў, дзе знаходзіцца судно. Можа яно было ў акружэнні рыфаў? Вецер імчаў яго на ўсход, і кожную хвіліну яно магло наскочыць на падводнае каменне.

І сапраўды, хутка ўперадзе па штырборту зноў пачуўся шум прыбою. Зноў давялося мяняць курс. Джон зноў палажыў руль супроць ветру. Буруны акружалі брыг з усіх бакоў, і трэба было пайсці прама супроць ветру, каб выбрацца з іх акружэння. Але ці ўдасца выканаць гэты манеўр на няўстойлівым судне пры малой паруснасці? Надзея на поспех была малая, але іншага выхаду не было.

— Лева руля! Даадказу! — крыкнуў Джон Мангльс Вільсону.

«Макары» набліжаўся да новай грады скал. Мора вакол яго кіпела белай пенай.

Настаў момант найвялікшага напружання. Белая пена рабіла хвалі бачнымі і ў цемры. Можна было падумаць, што яны вылучаюць святло. Мора раўло з неймавернай сілай. Вільсон і Мюльрэдзі націскалі на штурвал усім цяжарам свайго цела.

Раптам пачуўся штуршок. «Макары» зачапіўся за рыф. Ватэрштагі ў бушпрыта зламаліся, бізань-мачта страціла ўстойлівасць. Ці ўдасца павярнуць судно без іншых аварый?

Не, манеўр не ўдаўся, бо вецер раптоўна сціх і судно па інерцыі плыло пад вецер. Высокая хваля падхапіла яго, панесла проста на рыфы і пасля кінула ўніз з неймавернай сілай. Бізань-мачта са ўсёй аснасткай паляцела за борт. Брыг стукнуўся два разы кілем і застыў нерухома, нахіліўшыся на штырборт пад кутом у трыццаць градусаў.

Шкло ілюмінатараў разбілася нашчэнт. Пасажыры выбеглі на палубу. Але хвалі перакачваліся па ёй з канца ў канец, і заставацца тут было небяспечна. Джон Мангльс, бачачы, што судно моцна сядзіць на рыфе, папрасіў пасажыраў вярнуцца ў кубрык.

— Скажыце праўду, Джон, небяспека вялікая? — ціха запытаў Гленарван.

Між тым Біль Галей, як шалёны, бегаў па палубе. Яго матросы, ачухаўшыся ад перапалоху, выбілі дно ў бочцы з гарэлкай і пачалі піць. Джон прадбачыў, што гэтае пагалоўнае п’янства будзе мець самыя страшныя вынікі. Не варта было разлічваць, што капітан зможа стрымаць разбушаваны запал. Няшчасны рваў на сабе валасы і ламаў рукі. Ён думаў толькі пра груз, які быў не застрахаваны.

— Я ўжо жабрак, я загінуў! — крычаў ён, бегаючы ад правага барта к леваму.

Джон Мангльс і не думаў яго ўцяшаць. Ён прапанаваў сваім таварышам узброіцца і быць напагатове, каб у любую хвіліну даць адпор матросам, якія знаходзіліся ў апошняй ступені ап'янення.

— Першага, хто паткнецца к мосціку,— спакойна сказаў маёр,— я застрэлю, як сабаку.

Пераканаўшыся, што пасажыры цвёрда вырашылі трымаць іх на далёкай адлегласці, матросы разышліся хто куды. Джон Мангльс, не звяртаючы больш увагі на гэтых п’яніц; з трывогай чакаў дня.

Судно было зусім нерухомым. Мора пакрыху супакоілася. Вецер суняўся. Брыг мог пратрымацца на паверхні хваль яшчэ некалькі гадзін. Джон пачаў углядацца ў зямлю, але нічога не мог разглядзець. Каб бераг аказаўся зручным для высадкі, то адзіны на барту ялік павінен будзе перавезці туды экіпаж і пасажыраў. Яліку трэба было зрабіць не менш трох падарожжаў туды і назад, бо ў ім маглі змясціцца ўсяго шэсць чалавек. Шлюпку даўно змыла хвалямі.

Джон Мангльс прыслухоўваўся да шуму прыбою. Ён думаў, дзе і ці далёка знаходзіцца гэтая зямля, жаданая і небяспечная. Буруны часта знаходзяцца на многа міль ад цвёрдай зямлі. Ці здолее такі слабы ялік зрабіць такі вялікі пераход?

У той час як Джон ламаў сабе галаву над усімі гэтымі пытаннямі, марачы пра тое, каб хоць прамень святла прабіў пякельную цемру, пасажыры адпачывалі на сваіх ложках. Брыг стаяў нерухома, і гэта абяцала ім некалькі гадзін спакойнага сну. Джон і яго таварышы, не чуючы больш крыкаў да непрытомнасці п’яных матросаў, хутка заснулі, і ў гадзіну ночы глыбокі спакой запанаваў на брыгу.

К чатыром гадзінам раніцы на ўсходзе зачырванелі першыя праменні зары, і воблакі перамянілі сваю афарбоўку. Джон вышаў на палубу.

Гарызонт быў засланы смугой туману. Нейкія няясныя контуры вырысоўваліся воддаль.

Джон чакаў. З кожнай хвілінай усё больш віднелася. Гарызонт афарбаваўся ў ружовы колер. Здавалася, нібы павольна падымаецца грандыёзная заслона, раскрываючы перад вачыма раскошныя дэкарацыі. З вады паказаліся ўжо чорныя верхавіны рыфаў, і ўрэшце за рысай прыбою вырысавалася асляпляюча бліскучая кропка.

Гэта была зямля. Ад брыга да яе было не больш дзевяці міль.

— Зямля! — крыкнуў Джон Мангльс.

Яго таварышы, прачнуўшыся ад гэтага крыку, усе сабраліся на палубе і моўчкі разглядалі бераг, які зараз ясна быў бачны на гарызонце. Гасцінны ці варожы, ён з’яўляўся іх адзіным прытулкам.

— Дзе Біль Галей? — запытаў Гленарван.

— Я не ведаю, сэр,— адказаў Джон Мангльс.

— А матросы?

— Не выходзілі.

— Пэўна, таму што перапіліся,— дадаў Мак-Набс.

— Трэба знайсці іх,— сказаў Гленарван,— нельга-ж пакідаць іх тут, на гэтым дзіравым рэшаце.

Мюльрэдзі і Вільсон пайшлі на бак і праз дзве хвіліны вярнуліся. Там нікога не было. Яны абшукалі ўвесь карабль і не знайшлі ні Біля Галея, ні яго экіпажа.

— Як? Нікога? — сказаў Гленарван.

— Можа яны ўпалі ў мора? — сказаў Паганель.

— Магчыма,— адказаў Мак-Набс, вельмі ўстрывожаны гэтым знікненнем.

Страшная здагадка мільганула ў галаве капітана.

— Хутчэй, к яліку! — паклікаў ён усіх прысутных.

Вільсон і Мюльрэдзі пабеглі на карму.

Але яліка там не было.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ Матросы супроць волі

Біль Галей са сваім экіпажам, скарыстаўшы тое, што ўсе пасажыры спалі неабудным сном, уцяклі з брыга, узяўшы адзіную ўцалелую на ім лодку. Гэта не падлягала сумненню. Капітан, які павінен сыходзіць з карабля апошнім, пакінуў яго першым!

— Гэтыя нягоднікі ўцяклі,— сказаў Джон Мангльс.— Ну што-ж, тым лепш для нас. Прынамсі, мы пазбаўлены ад неабходнасці быць сведкамі агідных сцэн.

— Я тае-ж думкі,— пацвердзіў яго словы Гленарван.— Нам няма чаго шкадаваць іх, тым больш, што ў нас ёсць свой капітан на барту, а ў капітана ёсць адважныя і паслухмяныя матросы — усе мы, вашы таварышы, Джон. Загадвайце, мы гатовы слухацца.

Маёр, Паганель, Роберт, Вільсон, Мюльрэдзі і Ольбінет запляскалі ў далоні ад слоў Гленарвана. Яны выстраіліся ў рад на палубе, чакаючы распараджэнняў Джона Мангльса.

— Што трэба рабіць? — запытаў Гленарван.

Малады капітан перавёў позірк з мора на пашкоджаную аснастку брыга і, падумаўшы некалькі хвілін, адказаў:

— З гэтага становішча, сэр, у нас ёсць два выхады: першы — адрамантаваць брыг і зноў зрабіць яго мораходным і другі — хутка зрабіць плыт і дабрацца на ім да берагу.

— Калі судно можна адрамантаваць, адрамантуем яго. Хіба не праўда, што гэта лепшы выхад?

— Безумоўна, сэр, бо што мы будзем рабіць на зямлі, пазбаўленыя сродкаў перасоўвання?

— Трэба ўнікаць высадкі на бераг у малазаселеных месцах,— сказаў Паганель.— Не забывайцеся, што гэта Новая Зеландыя!

— Тым больш,— дадаў Джон,— што з прычыны нядбайнасці Галея нас занясло далёка на поўдзень. Апоўдні я паспрабую зрабіць назіранне, і калі маё меркаванне пацвердзіцца, мы паплывем на поўнач, да Оклэнда, ідучы паўз берагі.

— Але-ж брыг мае сур’ёзныя пашкоджанні,— заўважыла Элен.

— Не думаю, што пашкоджанні сур’ёзныя,— запярэчыў малады капітан.— Я пастаўлю на носе часовую мачту замест знесенай бізані, і мы паплывем, хоць павольна, але ў патрэбным нам кірунку. Калі-ж, на няшчасце, выявіцца, што корпус брыга сур’ёзна пашкоджаны, тады мы зробім плыт і як-небудзь дабярэмся да Оклэнда.

— Ну, пачнем агляд пашкоджанняў,— сказаў маёр,— у гэтую хвіліну — гэта самае важнае.

Гленарван, Джон Мангльс і Мюльрэдзі апусціліся па трапу ў трум. Там ляжала амаль дзвесце тон вырабленых скур. Джон Мангльс загадаў выкінуць іх за борт, каб лягчэйшым стаў карабль. Пасля трох гадзін цяжкай работы паказалася дно трума. У ім свяціліся дзве прабоіны на бакборце, на ўзроўні баркоута. «Макары» нахіліўся на штырборт, і гэтыя прабоіны знаходзіліся над узроўнем мора, так, што вада не магла трапіць у трум. Вільсон, хоць часова, але грунтоўна залатаў прабоіны.

У труме было не больш двух футаў вады. Лёгка было выпампаваць яе і тым даць палёгку носу карабля.

Агледзеўшы ўвесь корпус, Джон прышоў да вываду, што ўвогуле ён мала пашкоджаны. Вільсон нырнуў у ваду, каб агледзець стан знадворнага абліцавання корпуса і як моцна судно сядзіць на мелі.

Аказалася, што «Макары» сядзіць на пясчанай мелі, вельмі спадзістай. Ніжняя частка яго фарштэўня і прыкладна каля двух трэціх кіля глыбока ўрэзаліся ў пясок. Астатняя частка корпуса была на вадзе, глыбіня якой пад ахтэрштэўнем дасягала пяці сажняў. Руль не быў пашкоджан і добра круціўся вакол сваёй асі. Гэта была прыемная вестка, бо, зрушыўшы з мелі, судном адразу можна было лёгка кіраваць.

У Ціхім акіяне прылівы не дасягаюць вялікай вышыні. Тым не менш Джон Мангльс разлічваў, што прыліўная вада дапаможа «Макары» зрушыцца з мелі. Брыг сеў на мель прыкладна за гадзіну да пачатку адліву. Нахіленасць яго на штырборт павялічылася ў часе адліву. А шостай гадзіне раніцы, у момант найбольшага спаду вады, нахіленасць дасягнула свайго максімума. Значыцна, баяцца павелічэння нахіленасці не прыходзілася, і не было патрэбы падпіраць штырборт каламі. А гэта дазваляла паставіць рэі, якія былі патрэбны для ўстаноўкі фальшывай мачты замест бізані.

Заставалася толькі зрабіць лягчэйшым «Макары», каб прыліўная вада рушыла яго з мелі. Гэта была цяжкая і марудная работа. Зусім відавочна было, што яе не закончыць к поўдню, калі настане максімум прыліву. За гэтым разам можна будзе толькі праверыць як трымаецца брыг пры прыліве, а к наступнаму прыліву падрыхтаваць усё, каб зняцца з мелі.

— За работу! — скамандаваў Джон Мангльс.

Імпраправізаваныя матросы паслухмяна сталі на свае месцы. Джон Мангльс спярша загадаў зняць усе парусы. Маёр, Роберт і Паганель пад камандай Вільсона ўзлезлі на марс, каб зняць грот-марсель. Яны сяк-так выканалі гэту работу і перайшлі потым на фок. Спрытны і рухавы Роберт лепш спраўляўся са сваёй работай і даў больш карысці, чым дужэйшыя, але няўмелыя яго дарослыя таварышы.

Пасля, калі знялі парусы, трэба было завезці якар ці нават два за карму.

Гэтыя якары павінны былі, стрымліваючы на месцы карму, перадаць увесь націск прыліву ў пярэднюю частку судна, якая зарылася ў пясок.

Няцяжка завезці якары, калі судно мае шлюпку. Якар спускаюць на яе, яго адвозяць на патрэбнае месца і там кідаюць у ваду. Але на «Макары» не было лодак, і трэба было што-небудзь прыдумаць для замены іх.

Гленарван добра разбіраўся ў марской справе і адразу зразумеў неабходнасць адвозкі якараў.

— Як вы зробіце? У вас-жа няма лодкі? — запытаўся ён у Джона Мангльса.

— Зробім плыт з парожніх бочак і абломкаў бізань-мачты,— адказаў капітан. — Гэта цяжка, але магчыма, бо якары «Макары» невялікія. Калі нам удасца завезці іх і яны не адарвуцца, я не трачу надзеі на паспяховы канец справы.

— Добра, Джон. Давайце пачнем гэту работу, не трацячы марна часу.

Усе пасажыры былі выкліканы на палубу. Яны ссеклі абломкі бізані, якія заблыталіся ў снасцях і звісалі за борт, апусцілі іх на ваду і прывязалі да іх парожнія бочкі. Атрымаўся даволі нязграбны плыт. Джон Мангльс загадаў прыстроіць на ім вясло, якое павінна было замяніць руль. Гэта дазваляла ўжо кіраваць плытом па жаданню. Аднак, адліў і без таго павінен быў знесці плыт за карму, а закінуўшы якар, можна лёгка было вярнуцца на карабль, падцягваючыся вяроўкай.

Работа была скончана толькі напалавіну, калі сонца наблізілася к зеніту. Джон Мангльс даручыў Гленарвану кіраваць пачатай справай, а сам заняўся вызначэннем месцазнаходжання судна. Гэта была справа выключнай важнасці. На шчасце, у каюце Біля Галея ён знайшоў брудны, стары секстант, якім усё-такі можна было карыстацца. Там-жа аказаўся і штогоднік Грынвічскай абсерваторыі.

Джон вышаў на мосцік і працёр люстэркі секстанта. Гэтая астранамічная прылада складаецца з вугламернай дугі і двух люстэркаў, якія дазваляюць спалучаць рысункі двух прадметаў. Накіроўваючы падзорную трубу секстанта на сапраўдны гарызонт[79], круцяць люстэркі да таго часу, пакуль рысунак поўдзённага, гэта значыць які знаходзіцца на вышэйшым пункце небасхіла, сонца і гарызонта не сумесцяцца. Калі круцяць люстэрка, шкала на дузе секстанта паказвае вугал нахілу сонца над гарызонтам, гэта значыць шырату мясцовасці. Але якраз на поўначы гарызонт быў заслонены зямлёй, і такім чынам Джон не мог «узяць» яго падзорнай трубой секстанта.

У такіх выпадках сапраўдны гарызонт замяняюць штучным, карыстаючыся тым, што плоскасць сапраўднага гарызонта супадае з вольнай паверхняй вадкасці ў пасудзіне. Звычайна штучным гарызонтам бывае ртуць, налітая ў плоскую пасудзіну і якая дае ідэальную люстраную паверхню. Але на барту «Макары» не знайшлі ртуці, і Джону давялося замяніць яе вадкім дзёгцем, паверхня якога даволі добра адсвечвала сонца.

Джон Мангльс ведаў даўгату мясцовасці, бо яму было вядома, што карабль знаходзіцца каля заходняга берагу Новай Зеландыі. Гэта было шчасцем, таму што на «Макары» не было хранометра, без якога немагчыма вызначыць даўгату. Такім чынам для азначэння дакладнага месцазнаходжання карабля яму дастаткова было вызначыць шырату.

Гэту работу ён і распачаў.

Шкала на дузе секстанта паказала, што вуглавая адлегласць сонца ад гарызонта роўна была 68° 30'. Аднімаючы атрыманы вугал ад простага вугла, гэта значыць ад 90°, Джон атрымаў вуглавую адлегласць ад сонца да заходу — 21° 30’. У астранамічным штогодніку ён знайшоў, што нахіл сонца ў гэты дзень — 3 лютага—быў роўны 16°30'. Дадаўшы гэты вугал да толькі што знойдзенага, ён атрымаў шырату мясцовасці — 38°.

Ітак, «Макары» знаходзіўся пад 171° 13' даўгаты і 38° шыраты з магчымым адхіленнем на адну хвіліну ў той ці іншы бок, абумоўлеваемым недакладнасцю прыбораў.

Даведаўшыся па карце, купленай Паганелем у Эдэме, Джон убачыў, што з «Макары» здарылася крушэнне каля ўваходу ў бухту Аотэа, недалёка ад мыса Капуа, у правінцыі Оклэнд. «Макары», як выявілася, аднесла на цэлы градус на поўдзень у бок ад Оклэнда.

— Нам трэба падняцца на адзін градус на поўнач, каб дасягнуць Оклэнда,— сказаў Джон.

— Усяго дваццаць пяць міль,— сказаў Гленарван.— Гэта адно глупства.

Пасля вызначэння шыраты былі адноўлены выратавальныя работы. У чвэртку першай гадзіны папоўдні прыліў дасягнуў свайго вышэйшага пункта. Джон Мангльс не мог выкарыстаць яго, бо якары не былі яшчэ завезены. Але ён з трывогай сачыў за паводзінамі «Макары»: ці ўсплыве карабль хоць крыху? У такім выпадку можна было спадзявацца на паспяховы канец распачатых работ. Пытанне павінна было вырашыцца на працягу бліжэйшых пяці хвілін. Усе, затаіўшы дух, чакалі.

Пачуўся лёгкі трэск: або судно пачынала ўсплываць, або вада толькі грунтоўна скаланула яго корпус, аказалася апошняе — брыг застаўся на месцы, але тым не менш Джон палічыў гэтыя паводзіны судна спрыяючым вешчаваннем.

Работы прадаўжаліся. А другой гадзіне папоўдні плыт быў гатовы. Якары апусцілі на яго пры дапамозе лябёдкі. Прывязаўшы канец вяроўкі да кармы судна, Джон Мангльс і Вільсон апусціліся на плыт і пачалі выцягваць канат па меры таго, як плыт зносіла плыняй за карму «Макары». За поўкабельтова ад судна яны прыпынілі яго і змералі глыбіню. Лот апусціўся на дзесяць сажняў у ваду. Малы якар моцна зачапіўся за дно. Выцягнуўшы яшчэ крыху канат, Джон Мангльс дазволіў плыні яшчэ далей аднесці плыт і тут кінуў другі якар.

Пасля гэтага, падцягваючыся за канат, Джон Мангльс і Вільсон вярнуліся на борт «Макары».

Якарныя канаты былі накручаны на брашпіль, і зараз заставалася толькі чакаць наступнага прыліву, які павінен быў пачацца каля гадзіны ночы, гэта значыць гадзін праз сем. Джон Мангльс падзякаваў сваім «матросам» і даў зразумець Паганелю, што калі ён заўсёды будзе такім старанным, дык яму нядоўга давядзецца чакаць нашывак боцмана.

Містэр Ольбінет, які дапамагаў «матросам» ва ўсіх манеўрах, атрымаў дазвол вярнуцца на кухню. Ён хутка згатаваў смачны абед. Папрацаваўшы добра, людзі сытна пад’елі і адчулі, што сілы іх цалкам аднавіліся. Пасля абеду Джон заняўся апошнімі падрыхтаваннямі. Ён метадычна і грунтоўна праверыў усё зробленае за дзень, лічачы, што ніякія перасцярогі не могуць быць лішнімі, калі гутарка ідзе аб такой важнай справе, як зняцце карабля з мелі. Часта здараецца, што работа не ўдаецца толькі таму, што судну дадзена недастатковая палёгка.

Яшчэ раніцой Джон Мангльс загадаў выкінуць за борт скуры, складзеныя ў труме. Зараз ён загадаў перагрузіць на карму скрынкі са зброяй, запасныя мачты і парусы, некалькі тон чыгуннага баласту і т. д. Нагружаная такім чынам карма сваім цяжарам павінна была садзейнічаць вызваленню загрузлага носа. Вільсон і Мюльрэдзі ў дадатак да ўсяго перакацілі туды некалькі бочак і налілі іх вадой.

Прабіла поўнач, калі апошнія работы былі скончаны. Экіпаж ледзьве трымаўся на нагах — акалічнасць надзвычай нежаданая, бо поспех справы залежаў ад шпаркасці і сілы, з якой будуць круціць брашпіль у рашучы момант. Гэта прымусіла Джона Магльса прыняць новае рашэнне.

У гэты час брыз суняўся. Вецер ледзь-ледзь кранаў паверхню мора. Паглядзеўшы на воблакі, Джон убачыў, што вецер, відаць, збіраецца змяніць кірунак з паўднёва-заходняга на паўночна-заходні. Марак не мог сумнявацца ў гэтым, гледзячы на колер і размяшчэнне воблакаў. Вільсон і Мюльрэдзі трымаліся той-жа думкі, што і іх капітан.

Расказаўшы пра свае назіранні Гленарвану, Джон Мангльс прапанаваў яму адкласці да заўтра зняцце з мелі.

— І вось па якіх прычынах,— сказаў ён:— перш за ўсё мы вельмі стаміліся, а для зняцця трэба будзе напружыць усе нашы сілы. Па-другое, каб нават і ўдалося зняцца з мелі, дык як я змагу, весці карабль у такую цемру сярод шматлікіх і небяспечных рыфаў? Лепш пачакаць да відна. Нарэшце ёсць яшчэ адзін довад — вецер як быццам збіраецца прыйсці к нам на дапамогу: заўтра ён будзе дзьмуць з паўночнага захаду. Я падыму ўсе парусы, і вецер дапаможа нам зняцца з мелі.

Довады Джона Мангльса былі вельмі важкімі, і Гленарвану з Паганелем — самым нецярплівым з пасажыраў — давялося згадзіцца з імі. Аперацыя была адкладзена да заўтра.

Мужчыны размеркавалі між сабой вахты для назірання за якарамі. Пераначавалі спакойна.

Назаўтра досвіткам прадраканне Джона Мангльса збылося. Вецер пачаў дзьмуць з паўночнага захаду. Гэта была вельмі вялікая дапамога ў задуманай справе. Экіпаж быў размеркаваны па месцах: Роберт, Вільсон і Мюльрэдзі — на гротмачце; маёр, Гленарван і Паганель — на палубе. Усё было разлічана, і ролі размеркаваны так, каб можна было ўмомант паставіць парусы ў патрэбную хвіліну.

Марса-рэя была паднята пры дапамозе блока, а грот і фок былі прывязаны вяроўкамі.

Было каля дзевяці гадзін раніцы. Трэба было чакаць яшчэ чатыры гадзіны пакуль прыліў не дасягне свайго вышэйшага пункта. Джон Мангльс скарыстаў гэты час, каб паставіць фальшывую мачту замест зламанай бізані. Гэта павінна было дазволіць яму хутка адыйсці ад небяспечных бурунаў, як толькі судно будзе знята з мелі.

Экіпаж напружыў усе сілы, і каля поўдня рэя бізані ўжо цвёрда стаяла ў гняздзе зламанай мачты. Элен і Мэры Грант таксама прымалі ўдзел у агульнай рабоце: яны прывязалі да рэі запасны парус. Жанчыны былі рады ўнесці сваю долю работы ў справу агульнага выратавання.

Аснашчоны такім чынам, «Макары» меў не асабліва самавіты выгляд, але — гэта было галоўнае — мог добра плаваць.

Між тым вада прыбывала. Маленькія пеністыя хвалі парушылі паверхню мора. Рыфы зніклі адзін за адным пад вадой, як буйная марская жывёла, хаваючыся ў родную стыхію.

Набліжаўся рашучы момант. Хваляванне падарожнікаў дасягнула вышэйшага пункта. Усе маўчалі, не зводзячы позіркаў з Джона Мангльса і чакаючы яго распараджэнняў.

Малады капітан, перагнуўшыся цераз парэнчы, глядзеў на ваду. Часамі ён трывожна паглядаў на якарныя канаты. У гадзіну дня прыліў дасягнуў свайго максімума. Узровень мора на секунду стаў нерухомым, гэта значыць прыбыванне вады спынілася, а спаданне яшчэ не пачалося. Настаў момант дзейнічаць.

Джон Мангльс загадаў паставіць парусы. Грот і марсель хутка былі ўмацованы і надзьмуліся ад ветру.

— На брашпіль! — крыкнуў Джон.

На брашпілі былі рукаяткі, як на пажарных насосах. Гленарван, Мюльрэдзі, Роберт з аднаго боку, Паганель, маёр, Ольбінет,— з другога пачалі па чарзе націскаць на рукаяткі, круцячы барабан брашпіля.

Адначасова Джон Мангльс, Вільсон уперліся жэрдкамі ў дно і далучылі сваю сілу да сілы таварышоў.

— Націсні! Націсні! — крыкнуў малады капітан.— Дружней.

Якарныя канаты напнуліся, як струны. Якары добра трымаліся за дно. Поспех залежаў ад шпаркасці выратавальных аперацый — высокая вада трымаецца на адным узроўні толькі некалькі хвілін, а потым настае адліў. Падарожнікі падвоілі намаганні. Вецер пачаў дзьмуць з вялікай сілай, і парусы гнулі мачты. Корпус судна задрыжэў. Здавалася, яшчэ адно намаганне, і брыг усплыве. Можа дастаткова было-б каб яшчэ адзін чалавек памог круціць брашпіль, пясчаная мель аддасць сваю афяру.

— Элен! Мэры! — крыкнуў Гленарван.

Маладыя жанчыны паспешна далучыліся да сваіх спадарожнікаў каля брашпіля. Барабан зрабіў яшчэ адзін поўны абарот.

Але брыг не крануўся. Манеўр не ўдаўся. Адліў пачаўся ўжо, і зараз было відаць, што спалучаных намаганняў ветру і групы людзей недастаткова, каб зняць судно з мелі.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ Тэарэтычнае абаснаванне людаедства

Першы спосаб выратавання, паспрабаваны Джонам Мангльсам, не ўдаўся. Трэба было неадкладна паспрабаваць другі. Калі «Макары» не ўдалося зняць з мелі, дык трэба было як мага хутчэй пакінуць яго. Чакаць выратавання на барту пашкоджанага карабля было-б сапраўдным вар’яцтвам. У гэтым месцы не было рэгулярных рэйсаў караблёў, і можна было спадзявацца толькі на прыход выпадковага судна. Між тым першая-ж бура, нават першы моцны вецер мог нагнаць вялікую хвалю, якая немінуча растрасе «Макары» дашчэнту.

Джон хацеў дабрацца да сухазем’я, не чакаючы гэтага. Ён прапанаваў пабудаваць новы плыт, на якім маглі-б змясціцца ўсе ўдзельнікі экспедыцыі і неабходны запас правізіі. Прапанова капітана была прынята аднагалосна. Не да спрэчак было — трэба было дзейнічаць. Адразу ўсе ўзяліся за работу і прыпынілі яе толькі калі сцямнела.

Каля васьмі гадзін вечара, пасля вячэры, калі Элен і Мэры ляглі адпачыць на ложках у кубрыку, Паганель і яго сябры вышлі на палубу і там, прахаджваючыся па кругу, абмяркоўвалі сваё становішча. Роберт не адставаў ад іх, слухаючы з напружанай увагай, што гавораць дарослыя. Адважны хлопчык, не думаючы, кінуўся-б выконваць любы загад сваіх старшых таварышоў, які-б небяспечны ён не быў.

Паганель запытаў у Джона Мангльса, ці нельга праехаць на плыце да Оклэнда. Джон адказаў, што гэта было-б небяспечным мерапрыемствам, бо плыт «сшыты жывой ніткай» і не вытрымае доўгага плавання.

— Скажыце, Джон,—прадаўжаў Паганель,— а ці можна было-б даплысці да Оклэнда на шлюпцы брыга?

— Толькі ў выпадку пільнай патрэбы,— адказаў малады капітан,— дый то пры ўмове, калі плысці толькі ўдзень, а нанач прыставаць к берагу.

— Значыцца, гэтыя здраднікі, якія пакінулі нас...

— О,— перапыніў яго Джон Мангльс,— я баюся, што яны заплацілі жыццём за сваё здрадніцтва — ноч была цёмная, а яны былі зусім п’яныя.

— Так ім і трэба,— сказаў Паганель,— шкада толькі, што разам з імі загінуў ялік—ён якраз патрэбен нам зараз.

— Не разумею вас, Паганель,— сказаў Гленарван.— Нас-жа і плыт безаварыйна давязе да зямлі.

— Вось гэтага-то якраз я і хацеў унікнуць,— адказаў географ.

— Ды што гэта з вамі сёння, Паганель? Няўжо вас палохаюць якія-небудзь дваццаць пяць міль адлегласці? Мы-ж толькі што перайшлі пампасы і ўсю Аўстралію!

— Сябры мае,— адказаў вучоны,— я не сумняваюся ні ў вашай мужнасці, ні ў стойкасці нашых спадарожніц. Дваццаць пяць міль! Такая адлегласць была-б глупствам ва ўсякай краіне... але-ж не ў Новай Зеландыі. Спадзяюся, вы не палічыце мяне за баязліўца. Я першым прапанаваў вам, забрацца ў глыб Паўднёвай Амерыкі, у глыб Аўстраліі. Але тут — іншая справа. Тут я аддам перавагу якім хочаце цяжкасцям і недастачам у параўнанні з падарожжам па гэтай здрадніцкай краіне.

— А я,— адказаў Джон Мангльс,— аддам перавагу сто разоў здрадніцкаму сухазем’ю, чым гінуць на моры.

— Але чаму вы так баіцеся Новай Зеландыі, Паганель? — запытаў Гленарван.

— З-за дзікуноў,— адказаў вучоны.

— З-за дзікуноў? — паўтарыў Гленарван.— А ці нельга пазбегнуць сустрэчы з імі, калі ісці паўз бераг? Апрача таго, мне здаецца, што дзесяці добра ўзброеным еўрапейцам не страшны напад групы нікчэмных тубыльцаў.

— Дарэмна вы называеце тубыльцаў нікчэмнымі,— запярэчыў Паганель, паківаўшы галавой.— Новазеландцы аб’яднаны ў магутныя плямёны, яны заўзята змагаюцца з англійскімі захопнікамі, часта перамагаюць іх і заўсёды... з’ядаюць забітых ворагаў.

— Яны людаеды! — крыкнуў Роберт.— Людаеды...

І ён ледзь чутна прашаптаў:

— А місіс Гленарван?.. А мая сястра?...

— Не бойся, мой хлопчык,— сказаў Гленарван, каб супакоіць Роберта.— Паганель заўсёды пераўвялічвае.

— Я нічога не пераўвялічваю,— жвава запярэчыў географ.— Роберт давёў ужо нам, што ён сапраўдны мужчына, і я кажу пры ім, не тоячыся, шчырую праўду. Новазеландцы — самыя лютыя, каб не сказаць самыя пражэрлівыя, з людаедаў. Вайна для іх не больш, як паляванне на буйную дзічыну. Трэба, аднак згадзіцца, што гэта адзіны лагічны від вайны. Еўрапейцы, забіўшы ворага, хаваюць яго. Дзікуны — з’ядаюць. Бяда, вядома, не ў тым, што яны падсмажваюць сваіх ворагаў пасля смерці, а ў тым, што яны забіваюць іх, калі тыя не хочуць паміраць.

— Гэта супярэчлівае сцвярджэнне, Паганель,— сказаў маёр.— Але зараз не час для дыскусій. Лагічна ці не лагічна, каб цябе з’елі ворагі, але мы не хочам, каб нас з’елі. Скажыце, няўжо еўрапейскай цывілізацыі не ўдалося да гэтага часу перамагчы гэты агідны звычай тубыльцаў?

— Няўжо, Мак-Набс, вы думаеце, што ўсе тубыльцы ўжо цывілізаваліся? Толькі ў мінулым годзе маарыйцы зверскі забілі англічаніна Уолькнера. Спачатку яны павесілі яго, а потым прабілі яму чэрап і з’елі мазгі. Гэта злачынства было зроблена ў 1864 годзе, у Опотыкі, за некалькі міль ад Оклэнда, пад самым носам у англійскіх улад. Не, сябры мае, для таго, каб змяніць чалавечую прыроду, патрэбен час. Маарыйцы яшчэ доўга застануцца такімі, якія яны цяпер. Уся іх гісторыя — гэта гісторыя крывавых боек. Успомніце толькі, колькі еўрапейскіх матросаў яны забілі і з’елі, пачынаючы ад матросаў экспедыцый Тасмана і канчаючы пагромам «Гауса»! Толькі не думайце, што гэта беласкурыя абудзілі ў іх апетыт да чалавечага мяса. Задоўга да з’яўлення еўрапейцаў чалавечае мяса лічылася тут самай далікатнай стравай.

— Глупства! — сказаў маёр.— Выдумка падарожнікаў! Кожнаму пахвальна ўпрыгожыць выдумкай расказ аб падарожжы ў далёкую краіну...

— Дапускаю, што тут не абышлося без пераўвелічэння, але мы маем паказанні людзей, якія безумоўна заслугоўваюць даверлівасці. Кендаль, Марсдэн, Дыльён, Дзюмон-Дзюрвіль, Лаплас і шмат іншых славутых падарожнікаў пацвердзілі, гэта, і ў вас няма падстаў не верыць іх расказам. Новазеландцы лютыя ад прыроды. Калі паміраюць іх правадыры, яны афяроўваюць людзей. Імі яны спрабуюць адхіліць ад сябе гнеў магутнага нябожчыка і разам з тым забяспечыць яго слугамі на тым свеце. Але таму што яны пасля афяравання тут-жа з’ядаюць тагосветных слуг, дык мы маем права сказаць, што ў аснове гэтага звычая ляжыць не столькі страх перад нябожчыкам-правадыром, колькі імкненне яшчэ раз паласавацца.

— Аднак,— заўважыў Джон Мангльс,— я не сумняваюся, што і забабоны маюць тут вялікае значэнне. Норавы зменяцца, калі гэтыя забабоны будуць пераможаны цывілізацыяй.

— Вы закранаеце, Джон, вельмі складанае пытанне,— адказаў Паганель,— пра карэнні людаедства. Што ўтварае яго — рэлігійнасць ці голад? Аднак для нас гэта пытанне не мае ніякага значэння. Няхай карэнні людаедства застаюцца нявысветленымі, для нас важна тое, што яно існуе, і гэта адзінае, пра што мы павінны думаць!

Паганель казаў праўду. На Новай Зеландыі, таксама як на астравах Фіджы і каля берагоў Торэсава праліва, людаедства цвёрда ўкаранілася. Вядома, забабоны адыгрывалі ў гэтым пэўную ролю, але часта канібалізм абумоўліваўся і іншымі прычынамі—недахопам іншай дзічыны і нясцерпным голадам. Дзікуны пачалі есці чалавечае мяса, каб заспакоіць вялікі голад, а жрацы ўзаконілі і асвяцілі гэты агідны звычай, надаўшы яму характар рэлігійнага абрада.

Аднак, з пункту гледжання маарыйцаў, няма нічога больш натуральнага, чым гэта ўзаемапаяданне. На пытанні еўрапейцаў, чаму яны ядуць адзін аднаго, дзікуны адказвалі: рыбы ядуць рыб, сабакі ядуць людзей, людзі ядуць сабак і сабакі ядуць сабак. У іх веры ёсць нават легенда, што адзін бог з’еў другога бога. Чаму-ж пры гэтых умовах яны павінны адмаўляцца ад прыемнасці з’есці свайго ворага?

Апрача таго новазеландцы вераць, што, з’еўшы мозг забітага ворага, яны наследуюць яго душэўныя якасці: адвагу, розум, сілу і т. д. Таму вось чалавечы мозг лічыцца самай пачэснай стравай на банкетным стале. Аднак Паганель падкрэсліў, што ўсё-такі галоўнай прычынай людаедства застаецца недастача і голад і што гэта праўдзіва не толькі для новазеландцаў і акіянскіх дзікуноў, але і для дзікуноў еўрапейскіх.

— Не забывайцеся,— дадаў ён,— што людаедства доўга было ў пашане ў продкаў самых цывілізаваных народаў Еўропы і ў прыватнасці — не крыўдзіцеся, маёр,— у шатландцаў.

— Праўда? — запытаў маёр.

— Праўда, дарагі сябра. Прачытайце ўдумліва гісторыю старадаўняй Шатландыі і вы ўбачыце, якой думкі трэба прытрымлівацца наконт сваіх продкаў. Аднак, не варта глыбока залазіць у гісторыю: у часе царавання Елізаветы, калі Шэкспір пісаў свайго Шэйлока, шатландскі бандыт Сэўней Бек быў катаваны за людаедства. Што штурхнула яго есці чалавечае мяса? Рэлігійная вера? Не. Проста голад.

— З той звычайнай прычыны, што тут амаль няма жывёлы,— адказаў Паганель.— Гэта неабходна памятаць не для таго, каб апраўдаць канібалізм, але для таго, каб растлумачыць сабе прычыны яго ўзнікнення. Чатырохногіх і нават птушак амаль не сустрэнеш у гэтай краіне. Таму ва ўсе часы маарыйцы карміліся чалавечым мясам. У іх бываюць асобныя «сезоны чалавекаядзення», як у цывілізаваных краінах сезоны палявання. Тады адбываюцца вялікія войны, гэта значыць папросту аблавы на двуногую дзічыну, і цэлыя плямёны трапляюць на стол к пераможцам.

— Такім чынам,— заўважыў Гленарван,— вы лічыце, што людаедства звядзецца ў Новай Зеландыі тады, калі на яе лугах з’явяцца гурты быкоў, авечак і свіней? Правільна я вас зразумеў, Паганель?

— Зусім правільна. Трэба толькі агаварыцца, што і праз некалькі яшчэ год маарыйцы будуць аблізвацца пры думцы аб чалавечым мясе. Больш за ўсё на свеце яны паважаюць мяса сваіх землякоў. З іх слоў, у яго смак свініны, але толькі больш далікатны. Што да мяса беласкурых, дык яно не карыстаецца такой павагай, таму што белыя соляць ежу, а гэта псуе смак іх мяса.

— Ну і пераборлівыя,— сказаў маёр.— А скажыце, Паганель, якое яны ядуць чалавечае мяса, сырое ці варанае?

— Чаму гэта вас цікавіць, містэр Мак-Набс? — запытаў Роберт.

— Як ты не разумееш, мой хлопчык? — сур’ёзна адказаў маёр.— Ясна, што калі мне суджана скончыць жыццё ў страўніку людаеда, я лічу за лепшае, каб папярэдне мяне зварылі.

— Але чаму?

— Каб не з’елі жывым!

— Добра, маёр,— адказаў Паганель.— А калі вас жывым звараць?

— Так... так...— маёр паскроб патыліцу.— Цяжка сказаць,якая смерць прыемнейшая.

— Як-бы там ні было, але ведайце, маёр, што новазеландцы ядуць людзей варанымі ці венджанымі. Гэта добра выхаваныя людзі і к таму-ж вялікія гастраномы. Не гледзячы на гэта, павінен прызнацца, што мне зусім непрыемна скончыць жыццё ў страўніку дзікуна. Есці чалавека, фу!..

— З усяго гэтага я раблю адзін вывад,— сказаў Джон Мангльс:— не трэба пападацца ў лапы к дзікунам!


РАЗДЗЕЛ СЁМЫ Падарожнікі высаджваюцца на зямлю

Факты, пра якія гаварыў Паганель, былі бясспрэчныя. Географ ясна давёў, што сустрэча з тубыльцамі мела-б сур’ёзную небяспеку. Але каб гэта небяспека была ў сто разоў большай, усё-ж падарожнікі павінны былі не зважаць на яе і высадзіцца на бераг. Джон Мангльс выразна ўсведамляў неабходнасць як мага хутчэй пакінуць асуджаны карабль. Выбар з двух небяспек — бясспрэчнай і толькі магчымай — быў ясны.

Падарожнікі не маглі разлічваць на тое, што іх выратуе сустрэчны карабль. З «Макары» здарылася крушэнне ў баку ад звычайнага шляху караблёў, якія ідуць у Новую Зеландыю.— Яны праходзяць або на поўначы — у Оклэнд, або на поўдні — у Н’ю-Плімут. «Макары»-ж сядзеў на мелі якраз пасярэдзіне між гэтымі двума пунктамі, каля бязлюднага берагу Іка-на-Мануі. Гэта месца карысталася ў маракоў благой рэпутацыяй, і яны старанна абыходзілі яго, а калі вецер усё-ж адносіў іх у той бок, імкнуліся хутчэй уцячы.

— Калі мы рушым у дарогу? — запытаў Гленарван.

— Заўтра, а дзевятай гадзіне раніцы,— адказаў Джон Мангльс,— прыліў вынесе нас на зямлю.

Назаўтра, 5 лютага, каля васьмі гадзін раніцы, пабудову плыта закончылі. Джон асабіста назіраў за яго будаўніцтвам. Плыт, зроблены для адвозкі якараў, быў вельмі малы і няўстойлівы, каб завезці на зямлю ўсіх пасажыраў і запасы ежы. Тут патрэбен быў трывалы, вялікі, устойлівы плыт, якім можна было-б кіраваць і які мог праплысці дзесяць міль. Для яго будаўніцтва скарысталі мачты «Макары».

Вільсон і Мюльрэдзі ўзяліся за работу. Яны ссеклі і спачатку ўвесь такелаж, а потым узяліся і за грот-мачту. Пасля некалькіх удараў сякеры яна захісталася, нахілілася набок, і, павісеўшы секунду нерухома, з грукатам паляцела за борт. Палуба «Макары» зараз была гладкай, як плашкот. Асноўныя часткі плыта плавалі ўжо на паверхні вады. Матросы звязалі іх і падкацілі пад іх шэсць парожніх бочак, якія павінны былі прыдаць плыту большую плывучасць.

На гэтай «аснове» Вільсон і Мюльрэдзі паслалі замест палубы рашоткавыя пліты ад люкаў для таго, каб вада сцякала праз дзіркі ў рашотцы, калі хваля залье плыт. Апрача таго, вакол усяго плыта былі прывязаны парожнія бочкі. Яны служылі замест барта, які-б мог абараніць плыт ад невысокіх хваль.

Джон Мангльс загадаў паставіць на плыту замест мачты брам-стэньгу. Яе ўмацавалі вяроўкамі і забяспечылі нечым накшталт паруса. Доўгае вясло з шырокай лапатай на канцы прыладзілі на карме. Калі вецер дасць плыту дастатковую хуткасць, гэта вясло з поспехам павінна было замяняць руль.

У такім выглядзе плыт мог трымацца на вадзе, не гледзячы нават на даволі вялікі шторм. Але ці можна будзе ім кіраваць і ці дасягне ён берагу, калі вецер зменіць напрамак? Гэта было пытаннем.

А дзевятай гадзіне раніцы пачалася пагрузка. Перш за ўсё быў нагружаны правіянт у той колькасці, каб яго хапіла да Оклэнда. Не было чаго і думаць пракарміцца прадуктамі гэтай бясплоднай зямлі.

З запасаў містэра Ольбінета захавалася толькі невялікая колькасць сушанага мяса; усе астатнія прадукты з’елі за час працяглага пераходу. Таму давялося ўзяць яе з камбуза «Макары». Там засталіся толькі нясмачныя сухары ды дзве бочкі салонай рыбы. Містэр Ольбінет быў вельмі засмучаны гэтым.

Запасы правізіі склалі ў герметычна закрытыя, непранікальныя для вады скрынкі і прывязалі да нізу мачты. Гэтак-жа клапатліва ўлажылі зброю і баявыя прыпасы, якіх, на шчасце, у падарожнікаў было аж залішне.

На выпадак, калі плыту не ўдасца на працягу першага прыліву дасягнуць берагу, Джон Мангльс загадаў узяць з сабой маленькі якар. Гэта давала яму магчымасць стаяць на месцы і чакаць другога прыліву.

А дзесятай гадзіне прыліў павялічыўся. Дзьмуў слабы паўночна-заходні вецер. Невялікія хвалі варушылі паверхню мора.

— Усё гатова? — запытаў Джон Мангльс.

— Усё, капітан,— адказаў Вільсон.

— Садзіцеся! — скамандаваў Джон.

Элен і Мэры Грант злезлі на плыт па вяровачнай лесніцы і селі на скрынкі з прадуктамі. Іх спадарожнікі размясціліся навакол. Вільсон стаў каля руля. Джон узяўся за снасці паруса, а Мюльрэдзі абсек канат, якім быў прывязаны плыт да «Макары».

Джон нацягнуў парус, і плыт паплыў к берагу.

Да зямлі было дзевяць міль. Гэту адлегласць любая шлюпка прайшла-б на вёслах гадзіны за тры. А плыт не мог рушыць з такой хуткасцю. Калі вецер не пераменіцца, дык Джон Мангльс спадзяваўся даплысці да берагу за гэты прыліў. Але ў выпадку спынення брыза ці перамены кірунку давялося-б стаяць на якары і чакаць другога прыліву. Гэта перспектыва не падабалася асцярожнаму Джону Мангльсу.

Аднак пакуль што ён не траціў яшчэ надзеі на поспех. Вецер мацнеў. Прыліў пачаўся а дзесятай гадзіне раніцы, і можна было спадзявацца, што плыт дасягне берагу да трох гадзін папоўдні, гэта значыць да яго канца.

Пачатак пераезду быў удачным. Чорныя вярхі рыфаў паступова знікалі пад вадой, таксама як і жоўты пясок мелі. Патрэбна была найвялікшая ўважлівасць і майстэрства, каб унікаць сутычкі з захаванымі пад вадой рыфамі на кепска кіруемым і маларухомым плыце.

Апоўдні плыт быў за пяць міль ад берагу. Чыстае неба дазваляла з гэтай адлегласці выразна бачыць усе выгіны ўзбярэжжа. На паўночным усходзе ўзвышалася гара на дзве з паловай тысячы футаў у вышыню. Контур яе выразна вырысоўваўся на гарызонце і быў падобны на ўзнятую запракінутую галаву малпы. Гэта была гара Піронгія, якая знаходзіцца якраз на трыццаць восьмай паралелі.

— Сапраўды,— сказаў Паганель.— Трэба запомніць, дзе гэты рыф знаходзіцца, каб не наскочыць,— вада, напэўна зараз залье і яго.

— Ён знаходзіцца якраз на лініі між вяршыняй гары і гэтым мысам на беразе,— заўважыў Джон Мангльс.— Вільсон, лева руля!

— Ёсць капітан! — адказаў матрос, націскаючы ўсім сваім целам на рулявое вясло.

За поўгадзіны плыт праплыў яшчэ поўмілі. Але к агульнаму здзіўленню чорны верх рыфа ўсё яшчэ тырчэў над вадой.

Джон Мангльс папрасіў Паганеля даць падзорную трубу.

— Гэта не рыф,— сказаў ён пасля хвіліннага назірання.

— Гэта штука плавае па вадзе: яна падымаецца і апускаецца разам з хвалямі.

— Можа гэты абломак мачты «Макары»? — запытала Элен.

— Не думаю,— адказаў Гленарван,— бадай ці аднесла-б яго за такі кароткі тэрмін так далёка ад судна.

— Пачакайце! — усклікнуў Джон Мангльс.— Я бачу зараз, што гэта. Гэта ялік з «Макары»!

— Ялік з брыга? — паўтарыў Гленарван.

— Так, сэр. Ён плыве кілем уверх...

— Няшчасныя! — усклікнула Элен.— Яны загінулі!

— Інакш і быць не магло,— адказаў Джон Мангльс.— Толькі звар’яцеўшы, можна было цёмнай ноччу плысці па бурнаму мору сярод падводных рыфаў.

На працягу некалькіх хвілін падарожнікі моўчкі пазіралі на лодку, якая шпарка набліжалася. Відаць, яна перавярнулася мілі за чатыры ад берагу, і натуральна, што ніхто з яе пасажыраў не выратаваўся.

— Гэты ялік можа нам спатрэбіцца,— сказаў Гленарван.

— Праўда,— пацвердзіў Джон Мангльс.— Накіроўвай к яліку, Вільсон.

— Ёсць, капітан,— адказаў матрос, зменьваючы кірунак плыта.

Але вецер хутка сціх, і плыт даплыў да яліка толькі праз дзве гадзіны.

Мюльрэдзі зачапіў яго багром і падцягнуў к барту плыта.

— Пусты? — коратка запытаў малады капітан.

— Так, капітан,— адказаў Мюльрэдзі.— Ялік ні на што не варты — у ім вялікая прабоіна.

— Значыць яго нельга скарыстаць? — запытаў Мак-Набс.

— Ні ў якім разе,— адказаў Джон Мангльс.— Ён годны толькі на дровы.

— Не зусім прыемна,— заўважыў Паганель.— Я спадзяваўся, што мы даплывем у ім да самага Оклэнда.

— Нічога не зробіш, Паганель,— адказаў Джон Мангльс.— Дарэчы пры такім неспакойным моры я аддаю перавагу нашаму плыту, чым гэтай нетрывалай пасудзіне. Даволі аднаго штуршка, каб яна пацякла. Так, едзем далей, нам тут няма чаго больш рабіць.

— Правільна, Джон,— сказаў Гленарван.

— Трымай проста на бераг, Вільсон,— скамандаваў малады капітан.

Мора забушавала. Здавалася, што хвалі цягнуць плыт к берагу. Гленарван, даведаўшыся, што ім давядзецца стаяць тут усю ноч, запытаў у Джона, чаму ён не скарыстоўвае гэтага руху хваль у напрамку к берагу.

— Гэта вам здаецца, сэр, што яны рушаць,— адказаў Джон Мангльс.— Вы сталі афярай аптычнага падману. Хваля сапраўды нерухомая. Адбываецца толькі бесперапынны рух малекул вады ўверх і ўніз. Кіньце трэску на хвалі, і вы ўбачыце, што яна застанецца на месцы да таго часу, пакуль не пачнецца адліў. Нам нічога не застаецца рабіць, як набрацца цярплівасці.

— І паабедаць,— дадаў маёр.

Ольбінет дастаў са скрынкі некалькі кавалкаў сушанага мяса і сухары. Сумленны буфетчык устурбаваўся, што не мог прапанаваць больш смачнай яды. Але і гэты скромны пачастунак падарожнікі з’елі з вялікім задавальненнем, хоць бесперапынная качка і не спрыяла апетыту.

Сапраўды, рэзкія штуршкі плыта, які спыняўся напятым якарным канатам у часе падымання на грэбень хвалі, надзвычай стамлялі. Бесперапынная качка на кароткай і няправільнай хвалі трэсла плыт так моцна, нібы ён біўся аб падводны камень. Часамі штуршкі былі такія моцныя, што падарожнікам пачынала здавацца, нібы плыт і сапраўды б’ецца аб дно. Каб не разарвала канат, Джон Мангльс падцягваў яго на сажань кожныя поўгадзіны. Без гэтай перасцярогі канат, безумоўна, парваўся-б, і плыт занесла-б у адкрытае мора. Можна ўявіць, як гэта магчымасць непакоіла Джона Мангльса. Варта было парвацца канату ці сарвацца якару — і плыт беззваротна-б загінуў!

Прыцемкі насталі непрыметна. Сонечны дыск ужо схаваўся за гарызонт. Асветленая яго апошнімі праменнямі лінія вады на гарызонце паблісквала, як растопленае срэбра. На захадзе аднастайная роўнядзь лініі гарызонта парушалася толькі адной чорнай кропкай — корпусам «Макары», які нерухома стаяў на мелі.

Прыцемкі хутка згусцелі ў ноч, і неўзабаве і зямля на ўсходзе і карабль на захадзе ахуталіся яе непранікальнай заслонай.

Становішча падарожнікаў на хісткім плыце было не вельмі зайздросным. Большасць з іх не заплюшчыла вачэй усю ноч, а тых, хто ўмудрыўся заснуць, мучылі здані. Раніцой і тыя, што спалі і што не спалі, адчувалі сябе аднолькава стомленымі.

Досвіткам, з пачаткам прыліву, вецер зноў пачаў дзьмуць к берагу. Было шэсць гадзін раніцы, калі Джон загадаў падняць якар. Але аказалася, што лапы яго пад дзеяннем бесперапынных штуршкоў так глыбока ўвайшлі ў дно, што без брашпіля яго нельга было падняць.

Амаль поўгадзіны пайшло на гэтую дарэмную тузаніну з якарам, пакуль урэшце ўзлаваны Джон не загадаў перасекчы канат і кінуць якар. Гэтым ён пазбаўляў сябе магчымасці перашкодзіць зносу плыта ў адкрытае мора, калі з якой-небудзь прычыны прыліў не данясе плыта да берагу. Тым не менш загад яго быў выкананы, і плыт паплыў к берагу.

Мюльрэдзі нацягнуў парус. Плыт павольна падплываў к зямлі, якая здавалася цмянай шэрай масай на фоне неба, асветленага чырванаватымі праменнямі ўзыходзячага сонца. Вільсон па-майстэрску абышоў узбярэжныя скалы. Але тут вецер зноў сціх, і плыт загойдаўся на месцы.

Як цяжка было даплысці да берагу Новай Зеландыі, а між тым колькі небяспекі для падарожнікаў таіў гэты бераг!

К дзесяці гадзінам раніцы да зямлі заставалася не больш адной мілі. Белая пена кіпела на бурунах паблізу яе. Сам бераг быў вельмі стромкі. Трэба было знайсці месца для прычалу. Вецер тым часам зусім сціхнуў, і парус бяссільна і павіснуў на мачце. Джон загадаў спусціць яго. Зараз толькі плынь нясла плыт к берагу, але давялося адмовіцца ад спробы кіраваць яго рухам. Доўгія вадаросты затрымлівалі і без таго павольны ход плыта.

А дзесятай гадзіне плыт быў яшчэ за тры кабельтовы ад берагу. Ён амаль не кратаўся. Якара не было. Няўжо зараз адліў панясе яго назад у мора? Джон, скрыжаваўшы рукі на грудзях, панура глядзеў на гэту непрыступную зямлю, такую блізкую і такую недасяжную!

На шчасце — гэтым разам на шчасце! — раптам плыт рэзка штурханула: за дваццаць пяць сажняў ад берагу ён наткнуўся на пясчаную мель.

Гленарван, Мюльрэдзі, Роберт і Вільсон саскочылі ў ваду і прывязалі плыт канатамі да выступаў скалы. Падарожніц перанеслі на руках, і неўзабаве ўсе ўдзельнікі экспедыцыі, іх зброя і запасы прадуктаў апынуліся на беразе Новай Зеландыі.


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ Сёнешні дзень Новай Зеландыі

Гленарван хацеў рушыць у дарогу ў Оклэнд адразу-ж пасля высадкі на бераг. Але неба з рання ўкрылася густымі воблакамі, і к адзінаццаці гадзінам, калі плыт прычаліў к зямлі, пайшоў буйны дождж. Давялося адмовіцца ад паходу і пашукаць часовага прытулку.

На шчасце Вільсон заўважыў яшчэ з мора вузкі ўваход у пячору ў базальтавых скалах узбярэжжа. Падарожнікі перанеслі туды харчы і зброю і схаваліся самі. Дол пячоры быў засланы густым пластам сухіх вадаростаў, загнаных сюды бурамі. Вадаросты ўтварылі цудоўную пасцель, якую падарожнікі неадкладна скарысталі. Каля ўваходу ў пячору Мюльрэдзі расклаў агонь з ламачча, і ўсе прасушылі вопратку.

Джон спадзяваўся, што працягласць ліўня будзе адваротна прапарцыянальная яго сіле. Але малады капітан памыліўся. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а дождж усё хлястаў ды хлястаў. Пасля поўдня ў дадатак узняўся моцны вецер. Дрэннае надвор’е ўзлавала-б самага цярплівага чалавека. Але не было іншага выхаду; было-б сапраўдным вар’яцтвам высоўваць нос з пячоры ў такую буру. Апрача таго на пераход у Оклэнд трэба было патраціць некалькі дзён, і лішніх дванаццаць гадзін спазнення, урэшце, ані не маглі пашкодзіць экспедыцыі Гленарвана.

У пячоры гутарылі пра вайну, арэнай якой у сучасны момант была Новая Зеландыя. Для таго, каб зразумець, у якім цяжкім становішчы апынуліся людзі, пацярпеўшыя крушэнне на «Макары», трэба ведаць гісторыю гэтай барацьбы, якая заліла крывёю Іка-на-Мануі.

З часу адкрыцця Новай Зеландыі Авелем Тасманам у 1642 годзе астравы гэтыя, не гледзячы на частыя наведванні еўрапейскіх караблёў, захавалі сваю незалежнасць. Ні адна з еўрапейскіх дзяржаў не думала пра захоп гэтага архіпелага, які меў уладу над паўднёвай часткай Ціхага акіяна. Але місіянеры, якія рассяліліся ў розных пунктах астравоў, далучаючы насельніцтва к «благам» хрысціянскай цывілізацыі, у той-жа час нястомна пераконвалі правадыроў падставіць шыю народаў Новай Зеландыі пад англійскае ярмо. Спакушаныя шчодрымі падарункамі, гэтыя правадыры падпісалі пісьмо к англійскай каралеве Вікторыі, у якім прасілі ўзяць «пад высокую апеку» свае астравы. Аднак самыя прадбачлівыя з правадыроў разумелі неразважнасць гэтага ўчынку. Адзін з іх, прыклаўшы к пісьму адбітак сваёй татуіроўкі, прароцкі сказаў: «Мы страцілі сваю краіну. Ад гэтага часу яна не належыць нам больш. Хутка прыдуць чужаземцы і зробяць з нас рабоў!»

І сапраўды, 29 студзеня 1840 года ў бухту Астравоў у паўночнай частцы Іка-на-Мануі прыбыў карвет[80] «Герольд». Капітан карвета Габсон высадзіўся на бераг у вёсцы Каро-ра-Рэка. Жыхарам вёскі было загадана прыйсці на сход, і там ім прачыталі граматы, якія дала каралева Вікторыя капітану Габсону.

Пятага студзеня наступнага года галоўныя новазеландскія правадыры былі запрошаны к англійскаму рэзідэнту, у вёску Пара. Капітан Габсон хацеў схіліць іх к прызнанню дзяржаўнага права Англіі над Новай Зеландыяй. Пачаўшы з таго, што каралева Вікторыя збіраецца паслаць сюды яшчэ судны і войска, ён запэўніў правадыроў, што на іх уладу ніхто не замахнецца, што яны захаваюць цалкам і поўнасцю сваю свабоду. «Аднак,— дадаў ён,— зямля павінна перайсці к каралеве, якая шчодра абдорыць за гэта».

Большасці правадыроў гэты кантракт здаўся невыгодным, і яны адмовіліся зацвердзіць яго. Але каштоўныя падарункі і яшчэ больш шчодрыя абяцанні капітана Габсона спакусілі дзікуноў, і пратэктарат Англіі над Новай Зеландыяй быў прызнаны правадырамі. Пра ўсе падзеі, якія здарыліся з гэтага дня да моманту выхаду «Дункана» з Клайдскай затокі, ведаў Паганель, і ён ахвотна расказаў пра іх сваім спадарожнікам.

— Я паўтараю тое, што ўжо неаднойчы гаварыў вам,— сказаў Паганель у адказ на пытанні падарожнікаў.— Новазеландцы — гэта мужны народ, і, паслухаўшы аднойчы Габсона, яны пасля грудзямі абаранялі ад захопнікаў кожную пядзю сваёй зямлі. Маарыйскія плямёны арганізаваны таксама, як і старыя кланы ў Шатландыі. Гэта роды, якія знаходзяцца пад уладай правадыра, і ён патрабуе безумоўнага прызнання сваёй улады. Мужчыны-новазеландцы — гордыя і адважныя людзі. Адны з іх — высокія, з гладкімі даўгімі валасамі, падобны на мальтыйцаў, другія — невысокія, прысадзістыя, падобныя на мулатаў. Але і адны і другія дужыя, ваяўнічыя і гордыя. Не дзіва, што на тэрыторыі Іка-на-Мануі ідзе бесперапынная вайна з англічанамі, бо тут жыве славутае племя вайкатаў; барацьбой супроць захопнікаў кіруе таленавіты вайсковы начальнік Вільям Тампсон.

— А хіба англічане,— запытаў маёр,— не заўладалі галоўнымі гандлёвымі, насельніцкімі і стратэгічнымі пунктамі Новай Зеландыі?

— Зразумела, дарагі маёр,— адказаў географ.—Пасля таго як астравы перайшлі пад пратэктарат Англіі, капітан Габсон, стаўшы губернатарам калоніі, падзяліў яе тэрыторыю на дзевяць правінцый. Адміністрацыйны падзел астравоў быў зроблены не адразу, а паступова — з 1841 да 1862 года. У сучасны момант астравы падзелены так: Іка-на-Мануі на чатыры правінцыі — Оклэнд, Таранкі, Велінгтон і Гауксбей, паўднёвы востраў — на пяць правінцый: Нельсон, Мальборо, Кентэрберы, Отаго і Саутлэнд. Насельніцтва астравоў па вестках на 30 чэрвеня 1864 года складалася са ста васьмідзесяці тысяч трохсот сарака шасці чалавек. Усюды выраслі даволі буйныя гарады. Калі мы трапім у Оклэнд, вы палюбіце гэты чароўны горад, размешчаны на вузкім перашыйку ў Ціхім акіяне. Оклэнд, не гледзячы на сваё кароткае існаванне, налічвае ўжо дванаццаць тысяч жыхароў. На захадзе вырас горад Н’ю-Плімут; на ўсходзе — Агурыры; на поўдні — Велінгтон. Усё гэта квітнеючыя гандлёвыя гарады з хутка растучым насельніцтвам. На паўднёвым востраве выраслі гарады Нельсон, Піктон, Крыстчэрч, Інверкаргіль і Дэндзін, куды з усіх канцоў свету з'язджаюцца шукальнікі золата. Заўважце, што гэта не зграмаджэнне хацін якога-небудзь дзікага племені; усё гэта сапраўдныя гарады з партамі, банкамі, докамі, царквамі, музеямі, батанічнымі садамі, добрачыннымі таварыствамі, філасофскімі інстытутамі, масонскімі ложамі, клубамі, спявацкімі таварыствамі, тэатрамі і нават палацам сусветнай выстаўкі. Якраз у сёлетнім 1865 годзе тавары і вырабы ўсяго свету выстаўлены ў гэтым палацы ў краіне людаедаў.

— Не зважаючы на тое, што тут не спыняецца вайна з тубыльцамі? — запытала Элен.

— Англічан мала турбуе гэта вайна,— адказаў Паганель.— Яны б’юцца адной рукой, а другой наладжваюць выстаўкі, і, як бачыце, гэта зусім магчыма. Мала таго, пад стрэламі новазеландцаў яны нават пракладваюць чыгункі. У правінцыі Оклэнд збудаваны чыгункі ў Друры і Мэрэ-Мэрэ; рэйкі кладуць па тэрыторыі, занятай паўстанцамі. Я гатовы ісці ў заклад, што рабочыя будаўніцтва не адзін раз кідалі кірку і з вінтоўкай у руках абараняліся, схаваўшыся за лакаматыў.

— I гэтая бясконцая вайна прадаўжаецца і цяпер? — запытаў Джон Мангльс.

— Мінула доўгіх шэсць месяцаў з таго часу, як мы пакінулі Еўропу,— сказаў Паганель.— Таму я не магу вам сказаць пэўна, што тут адбываецца. Весткі, якія я знайшоў у сеймурскіх і мэрыбораўскіх газетах у часе пераезду цераз Аўстралію, маюць занадта павярхоўны характар. Аднак у той час на Іка-на-Мануі здорава біліся!

— Калі пачалася гэта вайна? — запытала Мэры.

— Вы хочаце запытацца, калі яна аднавілася, міс Мэры? — адказаў Паганель.— Першае паўстанне адбылося ў 1845 годзе. Апошняе-ж пачалося ў канцы 1863 года. Аднак ужо задоўга да гэтага маарыйцы таемна падрыхтоўвалі паўстанне супроць сваіх прыгнятальнікаў — англічан. Мясцовыя нацыяналісты хацелі абраць каралём старога маарыйскага правадыра Потатау, а вёску між рэкамі Вайкато і Вайпой, у якой ён жыў, зрабіць сталіцай новага каралеўства. Сам Потатау быў больш хітрым, як адважным старым, але ў яго быў разумны і энергічны першы міністр — Вільям Тампсон, з племені Нгаціхахуа, які валодаў Оклэндскім перашыйкам да захопу яго англічанамі. Тампсон злучыў раскіданыя сілы маарыйцаў. Па яго нагавору адзін правадыр з Таранакі згуртаваў вакол сябе ўсе плямёны сваёй акругі; другі правадыр, з Вайкато, устанавіў сапраўдную «Зямельную лігу», якая пераконвала тубыльцаў не прадаваць сваёй зямлі англічанам. Як у цывілізаваных краінах, тубыльцы пачалі з мітынгаў і закончылі паўстаннем. Англійскія газеты пачалі друкаваць трывожныя карэспандэнцыі з Новай Зеландыі, і ўрад сур’ёзна зацікавіўся дзейнасцю «Зямельнай лігі». Карацей кажучы, міна гатова была выбухнуць, і нехапала толькі іскры,— сутычкі супроцьлеглых інтарэсаў,— каб загрымеў гэты выбух.

— I гэта сутычка адбылася? — запытаў Гленарван.

— Яна адбылася ў 1860 годзе, у правінцыі Таранакі, на паўднёва-заходнім узбярэжжы Іка-на-Мануі. Аднаму тубыльцу належала шэсцьсот гектараў зямлі недалёка ад Н’ю-Плімута. Ён прадаў гэтую зямлю англійскаму ўраду. Але калі прышлі каморнікі, каб змераць участак, правадыр Кінга заявіў пратэст. Ён ператварыў спрэчны ўчастак зямлі ў сапраўдную крэпасць. Але англійскі палкоўнік Гольд лёгка ўзяў гэту крэпасць. У гэты дзень прагучэлі першыя стрэлы каланіяльнага паўстання.

— Ці шмат ёсць маарыйцаў? — запытаў Джон Мангльс.

— Маарыйскага насельніцтва намнога менш стала за апошняе стагоддзе. У 1769 годзе Кук налічваў яго, прыкладна, чатырыста тысяч душ. У 1845 годзе перапіс, зроблены каланіяльнай адміністрацыяй, паменшыў гэтую лічбу да ста дзевяці тысяч. Гэта вынік сумеснага дзеяння карных экспедыцый, хвароб і спіртных напіткаў, прывезеных англічанамі. Сёння тубыльнае насельніцтва астравоў складае, прыкладна, дзевяноста тысяч чалавек, у тым ліку трыццаць тысяч воінаў, якія яшчэ доўга будуць супраціўляцца захопнікам.

— І гэтае паўстанне праходзіць паспяхова для тубыльцаў? — запытала Элен.

— Пакуль што — так,— адказаў географ.— Самі англічане неаднаразова вымушаны былі прызнавацца, што тубыльцы праяўляюць надзвычайную храбрасць. Яны вядуць партызанскую вайну, ухіляючыся ад вялікіх боек, нападаючы на маленькія атрады, на гаспадаркі каланістаў. Генерал Камерон заявіў неяк, што па-за фартамі ён не адчувае сябе ў бяспечнасці, бо за кожным кустом можа быць засада. У 1863 годзе, пасля доўгіх і крывавых боек, маарыйцы замацаваліся на ўзвышшы Вайкато, якое пануе над вялікай тэрыторыяй. Тубыльныя агітатары паклікалі да зброі ўсё насельніцтва, абяцаючы, што «яшчэ адно намаганне, і белыя захопнікі навекі будуць выгнаны з нашай зямлі». Генерал Камерон камандаваў атрадам з трох тысяч чалавек. Англічане больш не мілавалі тубыльцаў з таго часу, як яны забілі капітана Спрэнта. Бітвы былі ўпартыя і лютыя. Некаторыя з іх прадаўжаліся па дванаццаць гадзін, але, не гледзячы на тое, што еўрапейцы выкарыстоўвалі артылерыю, маарыйцы не здаліся і не ўступілі ні пядзі сваіх пазіцый. Асяродкам тубыльных войскаў было лютае племя Вайкато на чале з Вільямам Тампсонам. Гэты вайсковы начальнік камандаваў спачатку атрадам з двух з паловай тысяч чалавек, лік якога ўзрос да васьмі тысяч пасля далучэння правадыроў Шонгі і Хекі. У гэтай вызваленчай вайне разам з мужчынамі прымалі ўдзел і жанчыны. Але ў нашым грамадстве сіла рэдка бывае на баку праўды. Пасля працяжных боек генерал Камерон уціхамірыў паўстаўшую акругу Вайкато. Жывых маарыйцаў засталося. нямнога, і яны паспешна ўцяклі з акругі, пакінуўшы пераможцу бязлюдную краіну. Гісторыя запісала факты вялікага гераізма тубыльцаў. Чатырыста маарыйцаў былі абложаны ў цытадэлі Оракан атрадам генерала Карэя, які налічваў больш тысячы байцоў. Не гледзячы на недахоп яды і вады, тубыльцы больш месяца вытрымлівалі аблогу, адмаўляючыся здацца, і нарэшце, прарваўшы фронт англічан, уцяклі ў непрыступныя балоты.

— Значыцца, вайна скончылася пасля ўціхамірання акругі Вайкато? — запытаў Джон Мангльс.

— Не, мой сябра,— адказаў Паганель.— Заўладаўшы Вайкато, англічане рашылі накіравацца ў правінцыю Таранакі, дзе Вільям Тампсон замкнуўся ў крэпасці Матантава. Але я прадбачу, што гэта перамога нялёгка дастанецца ім.У дзень майго ад’езду з Парыжа прышла вестка, што племя Тарангя скарылася губернатару і «добраахвотна» аддало Англіі тры чвэрткі сваёй зямлі. У гэтым паведамленні гаварылася таксама, што і Вільям Тампсон пачаў перагаворы аб здачы. Але аўстралійскія газеты, якія я нядаўна прачытаў, не толькі не пацвердзілі гэтага, але, наадварот, праракалі доўгае супраціўленне тубыльцаў.

— Выходзіць, Паганель,— сказаў Гленарван,— ваенныя дзеянні разгортваюцца ў сучасны момант у правінцыях. Оклэнд і Таранакі?

— Згодзен з вамі.— адказаў Паганель.— Новазеландцы неймаверна раззлаваны на еўрапейцаў і асабліва на англічан. Было-б вельмі непрыемна, каб мы трапілі да іх у лапы.

— Але можа мы спаткаем паблізу які-небудзь англійскі атрад? — запытала Элен пасля некаторага маўчання.

— Магчыма, але спадзявацца на гэта не варта,— адказаў Паганель.— Маленькія атрады баяцца выходзіць на поле, калі за кожным кустам іх можа падпільноўваць засада. Таму нам няма чаго і марыць набыць канвой з салдатаў. Але ўздоўж заходняга берагу размешчаны маёнткі каланістаў, і, пераходзячы ад аднаго к другому, мы лёгка дойдзем да Оклэнда. Я думаю нават над тым, ці не лепш нам пайсці па шляху, якім прабіраўся Гохштэтэр? — уніз на цячэнню Вайкато.

— А хто гэты Гохштэтэр? — запытаў Роберт Грант.

— Гэта вядомы падарожнік, мой хлопчык,— адказаў Паганель.— Член навуковай камісіі, удзельнічаў у сусветным плаванні аўстрыйскага фрэгата «Навара» ў 1852 годзе.

— Скажыце, пане Паганель,— сказаў Роберт, вочкі якога запаліліся пры думцы аб падарожжах,— ці былі ў Новай Зеландыі свае вялікія даследчыкі, як Бёрк і Сцюарт у Аўстраліі?

— Вядома, былі, мой хлопчык. Напрыклад, доктар Гукер, прафесар Брызар, натураліст Дыфенбах і Юліус Гаст. Але, не гледзячы на тое, што многія з іх аддалі жыццё за свае смелыя спробы, яны не карыстаюцца такой вядомасцю, як даследчыкі Аўстраліі або цэнтральнай Афрыкі.

— А вы ведаеце іх гісторыю? — запытаў хлопчык.

— Вядома, але я бачу, што ты хочаш ведаць аб усім столькі-ж, колькі і я... Няхай так будзе, раскажу табе.

— Калі ласка, пане Паганель, раскажыце!

— І мы паслухаем вас, Паганель,— сказала Элен.— Ужо не першы раз з-за дрэннага надвор’я мы набываем каштоўныя весткі. Расказвайце-ж усім нам.

— Слухаю. Але толькі расказ мой будзе кароткім. Тут не было адважных даследчыкаў, якія біліся сам-на-сам з аўстралійскім мінатаўрам[81]. Новая Зеландыя вельмі маленькая краіна і даследаванне яе не мела асаблівых цяжкасцей. Таму вось героі, пра якіх я вам раскажу, былі не падарожнікамі, а звычайнымі турыстамі, якія сталі афярамі звычайных дарожных выпадкаў.

— Хто-ж гэта былі? — запытала Мэры Грант.

— Геометр Уіткомб і Чарльтон Гавіт,— той самы, які знайшоў астанкі Бёрка,— памятаеце, я вам расказваў пра яго на прывале каля берагоў Вімеры. Уіткомб і Гавіт стаялі на чале двух самастойных экспедыцый, накіраваных для даследавання вострава Таваі-Пуна-му. Абедзве экспедыцыі выехалі з Крыстчэрча ў пачатку 1863 года, каб знайсці перавалы ў горах паўночнай часткі правінцыі Кентэрберы. Гавіт, перайшоўшы горны ланцуг каля паўночных граніц правінцыі, паставіў свой лагер на беразе возера Брунера. Уіткомб-жа знайшоў у даліне Ракапа праход, які вёў к усходняму схілу гары Тіндаля. Уіткомба суправаджаў нейкі Якаў Лупер, які пасля надрукаваў у Літльтон-Таймсе справаздачу аб падарожжы і катастрофе. 22 красавіка 1863 года абодва даследчыкі знаходзіліся каля падножжа ледавіка, з якога выцякала рака Ракапа. Яны забраліся на вяршыню гары і пачалі шукаць выгодных праходаў цераз яе. Стомленыя цяжкім уздымам, Уіткомб і Лупер заначавалі на снезе на вышыні чатырох тысяч футаў над узроўнем мора. На працягу наступных сямі дзён яны цягаліся па гарах у пошуках выгоднага перавалу, заходзячы ў цясніны без выйсця, у лагчыны з бяздоннямі, у праходы, загароджаныя абваламі. Яны не маглі распаліць вогнішча з-за недахопу паліва, пакутвалі ад голаду, бо цукар ператварыўся ў сіроп, а сухары — у мокрае цеста; адзежа іх прамокла да ніткі, абутак парваўся дашчэнту. У дадатак да ўсяго гэтага іх літаральна ела машкара. Так бадзяліся яны да 29 красавіка, праходзячы ў добрае надвор’е па тры мілі за дзень, а ў дрэннае надвор’е — ледзь дзесяць ярдаў, пакуль не набрылі на хаціну маарыйца, у якой знайшлі крыху бульбы. Гэта было апошняе снеданне, у якім удзельнічалі два сябры.

Пад вечар яны спусціліся к берагу мора каля вусця ракі Тарамакау. Трэба было перабрацца на правы бераг яе, каб ісці на поўнач, к рэчцы Грэя. Тарамакау — шырокая і шматводная рака. Пасля двухгадзінных пошукаў Лупер знайшоў дзве пашкоджаныя пірогі. Ён адрамантаваў іх, як умеў, і звязаў іх разам. Перад заходам сонца сябры спусцілі звязаныя пірогі на ваду. Але лодкі напоўніліся вадою, перш чым яны даехалі да сярэдзіны ракі. Уіткомб саскочыў у ваду і вярнуўся на левы бераг. А Лупер, які не ўмеў плаваць, учапіўся за борт пірогі. Гэта выратавала яго, але раней ён нямала пахваляваўся. Няшчаснага занесла к бурунам. Хваля кідала яго на дно; наступная зноў выцягвала яго на наверхню мора. Яго кідала на скалы. Настала беспрасветная цемра. Дождж ліў як з вядра. А хвалі ўсё гулялі з Луперам,— цела яго было ўсё ў сіняках. Тым не менш ён не выпускаў з рук барта лодкі. Урэшце пасля доўгіх мук хваля выкінула лодку на бераг. Тут Лупер знепрытомнеў. Назаўтра раніцой, прачнуўшыся, ён папоўз к вадзе і тут убачыў, што плынь несла яго больш чым на мілю ў бок ад таго месца, адкуль ён пачаў пераправу цераз раку. Напіўшыся вады, ён устаў і пайшоў уздоўж берагу па цячэнню ракі. Неўзабаве ён знайшоў свайго таварыша ў балотнай твані. Уіткомб быў нежывы. Лупер голымі рукамі выкапаў у пяску яму і пахаваў свайго сябра. Праз два дні самога Лупера, які паміраў ад голаду, падабралі жаласлівыя маарыйцы — ёсць і такія! Чацвертага мая яны прывялі яго ў лагер Чарльтона Гавіта каля возера Брунера. Лупер не мог, вядома, прадбачыць, што і гэты даследчык загіне ад такой-жа смерці ледзь праз шэсць тыдняў пасля сканання няшчаснага Уіткомба...

— Так,— сказаў Джон Мангльс,— можна падумаць, што падарожнікі звязаны між сабой нейкім ланцугом, і варта сярэдняму звяну яго лопнуць, як яны гінуць адзін за адным...

— Ваша праўда, Джон,— сказаў Паганель.— Я сам неаднаразова заўважаў гэта. Ну, скажыце, дзеля якога закона салідарнасці Гавіт павінен быў загінуць амаль пры аднолькавых акалічнасцях з Уіткомбам? Я не магу адказаць на гэта пытанне. Чарльтону Гавіту каланіяльны ўрад даручыў намеціць трасу шасе ад даліны Хурунуі да вусця Тарамакау. Ён выехаў 1 студзеня 1863 года ў суправаджэнні пяці чалавек. Ускладзенае даручэнне ён выканаў вельмі добра, і згодна яго ўказанняў была праведзена дарога даўжынёй на сорак міль. Пасля гэтага Гавіт вярнуўся ў Крыстчэрч і, не гледзячы на набліжэнне зімы, прапанаваў прадоўжыць работу. Адміністрацыя дала на гэта згоду. Гавіт папоўніў запасы прадуктаў і вярнуўся ў свой лагер, каб перазімаваць там. Якраз у гэты час ён падабраў Якава Лупера. 27 чэрвеня Гавіт пакінуў лагер у суправаджэнні двух сваіх таварышоў — Роберта Літля і Генры Мюліса. Яны перабраліся цераз возера Брунера. З таго часу ніхто ніколі не бачыў іх. Іх лодку знайшлі перавернутай на беразе. Няшчасных шукалі на працягу дзевяці тыдняў, але дарэмна. Тады стала зразумелым, што гэтыя няшчасныя не ўмелі плаваць і ўтапіліся ў возеры.

— А чаму не дапусціць, што яны жывыя і ўзяты ў палон якім-небудзь новазеландскім племенем? — запытала Элен.— Няма-ж прамых доказаў іх смерці.

— О не, місіс, з таго часу, як яны загінулі, прайшло больш года, і яны не вярнуліся... А калі чалавек больш года не варочаецца з унутранай Новай Зеландыі, дык можна не сумнявацца,— прашаптаў пад канец Паганель,— што ён беспаваротна загінуў.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ Трыццаць міль на поўнач

Сёмага лютага, а шостай гадзіне раніцы, Гленарван падаў сігнал да выхаду. Дождж сціх яшчэ ноччу. Неба, укрытае воблакамі, не прапускала прамых сонечных праменняў. Умераная тэмпература спрыяла падарожнікам і дазволіла без асаблівай стомы зрабіць дзённы пераход.

Паганель прамераў па карце адлегласць між мысам Кахуа і Оклэндам. Яна была роўна васьмідзесяці сухаземным мілям, або васьмі дзённым пераходам па дзесяць міль кожны. Пры складанні маршрута географ адмовіўся ад ходу ўздоўж звілістага марскога берагу і намеціў другі, больш кароткі шлях. Гэты шлях праходзіў цераз месца злучэння рэк Вайкато і Вайпы, трыццаць міль на поўдзень ад пункта, дзе яны высадзіліся. Адсюль маршрут падарожнікаў ішоў па Оклэндскаму паштоваму гасцінцу, цераз увесь востраў ад Напіра да Оклэнда. Па шляху быў гарадок Друры, добрыя гасцініцы якога хваліў Гохштэтэр.

Усклаўшы на спіну кожны сваю долю цяжару прадуктаў, падарожнікі пайшлі ўздоўж берагу бухты Аотэа. Дзеля асцярожнасці яны ішлі цеснай групкай, трымаючы напагатове зараджаныя карабіны і пільна ўглядаючыся ўдалечыню ў узгоркавую раўніну на ўсходзе. Паганель не выпускаў з рук цудоўнай карты Джанстона і радаваўся як артыст, пераконваючыся ў дакладнасці яе ў найменшых дэталях.

На беразе, што заліваўся хвалямі прыліву, гуляла некалькі марскіх жывёл, якія без страху пазіралі на падарожнікаў. Гэта былі цюлені. Іх куртатыя морды з шырокім ілбом і выразлівымі вачыма мелі добрадушны выгляд. Цюленяў безліч на берагах Новай Зеландыі, і паляванне на іх дае вялікія прыбыткі, бо іх тлушч і скуры карыстаюцца вялікім попытам.

Сярод цюленяў Паганель заўважыў некалькі марскіх сланоў. Гэтая вялікая жывёла, ляніва разлёгшыся на мяккай падсцілцы з вадаростаў, падымала свае хобаты, і, нібы грымаснічаючы, шавяліла грубым шоўкам сваіх доўгіх вусоў, закручаных кольцамі, як барада франта.

Сапраўды, каля дзесятка цюленяў, якія толькі што «пад’елі» камення, нырнулі ў ваду і зніклі з вачэй. Цюлені глытаюць каменне як баласт, каб лягчэй хавацца пад вадой. Вярнуўшыся на зямлю, яны выкідаюць гэтае каменне. Але Гленарван не мог траціць каштоўнага часу на чаканне іх звароту, і як не хацелася Паганелю прысутнічаць пры гэтым, як цюлені будуць вызваляцца ад свайго баласта, яму давялося далучыцца да атрада і ісці далей.

А дзесятай гадзіне падарожнікі прыпыніліся, каб паснедаць каля падножжа вялікай базальтавай скалы на беразе мора. Устрычная мель, што была побач, забяспечыла іх дастатковай колькасцю гэтых малюскаў. Але сырыя ўстрыцы аказаліся нясмачнымі. Паганель параіў тады Ольбінету спячы іх на гарачым вугаллі. У такім выглядзе гэта страва намнога смачнейшая.

Потым атрад зноў крануўся ў дарогу ўздоўж берагу бухты. На грэбнях скал знайшлі сабе прытулак безліч птушак. Тут былі фрэгаты, чайкі, альбатросы, глупышы.

К чатыром гадзінам папоўдні атрад прайшоў ужо дзесяць міль. Гэты першы пераход быў лёгкім, і ніхто не стаміўся. Элен і Мэры прапанавалі ісці ўперад да надыходу ночы. Атрад быў у гэты час недалёка ад даліны ракі Вайпы, якая пачыналася за ўзгоркамі.

Дарога вяла полем, якое зарасло густой зялёнай травой. З першага позірку падарожнікі вырашылі, што ісці будзе лёгка. Але, ступіўшы на зялёны дыван, яны зразумелі, што радасць іх была заўчаснай. Траву змянілі зараснікі невысокіх кустоў з белымі кветкамі. Сярод іх раслі папаратнікі, якіх так многа ў Новай Зеландыі. Даводзілася працярэбліваць сабе дарогу сякерай, адваёўваючы кожны крок ў ліпкіх сцяблоў. Тым не менш к васьмі гадзінам вечара маленькі атрад мінуў першыя прыгор’і хрыбта Хакарыхатоа і тут спыніўся лагерам.

Пасля пераходу ў чатырнаццаць міль адпачынак здаўся асабліва прыемным. Таму што ні фургона, ні палаткі не было, падарожнікі размясціліся проста на зямлі, у засені пышнай нарфолькскай сасны. На шчасце, у атрадзе было даволі коўдраў, і, паслаўшы іх, усе ляглі спаць.

Гленарван прыняў неабходныя меры перасцярогі на ноч. Ён сам і яго спадарожнікі, узброеныя да зубоў, павінны былі па чарзе вартаваць усю ноч да раніцы. Яны не распальвалі вогнішча: вогненны бар’ер—выдатная абарона ад дзікіх звяроў, але ў Новай Зеландыі няма ні тыграў, ні мядзведзяў, ні львоў, ні іншых буйных драпежнікаў, калі не лічыць саміх новазеландцаў, а вогнішча магло толькі прывабіць гэтых двуногіх ягуараў.

Пераначавалі спакойна. Падарожнікі маглі паскардзіцца толькі на абрыдлых земляных блох, укус якіх даволі непрыемны, ды на адважнае сямейства палявых мышэй, якія спрабавалі сваімі моцнымі зубамі атакаваць мяхі з ежай атрада.

Назаўтра раніцой, 8 лютага, Паганель прачнуўся ў добрым настроі, амаль зміраны з краінай. Маарыйцы, якіх ён больш за ўсё баяўся, не трывожылі яго нават у сне. Ён адразу паведаміў аб гэтым Гленарвану.

— Я пачынаю спадзявацца,— сказаў ён,— што гэтая маленькая прагулка скончыцца шчасліва. Сёння ўвечары мы дойдзем да месца злучэння Вайкато і Вайпы і выйдзем на Оклэндскі паштовы гасцінец, дзе сустрэча з тубыльцамі будзе ўжо мала магчымай.

— Колькі нам трэба прайсці да гасцінца? — запытаў Гленарван.

— Міль пятнаццаць. Гэты пераход не большы за той, які мы ўчора зрабілі.

— Але мы не пройдзем за дзень пятнаццаці міль, калі дарога будзе як і раней, ісці сярод зараснікаў,— запярэчыў Гленарван.

— Не,— адказаў Паганель,— мы пойдзем берагам ракі Вайпы. Там дарога павінна быць лёгкай.

— У дарогу! У дарогу! — скамандаваў Гленарван, убачыўшы, што падарожніцы падрыхтаваліся к паходу.

На працягу першых гадзін хмызнякі сапраўды затрымлівалі атрад. Дарога была непраходнай ні для экіпажаў, ні для коней, таму падарожнікі не шкадавалі аб сваім аўстралійскім фургоне. Да таго часу, пакуль Новая Зеландыя не перапляцецца сеткай шасейных дарог, па яе сцежачках можна будзе прайсці толькі пешаходу. Папаратнікі, якіх расце тут безліч, абараняюць родную зямлю ад захопнікаў з такой-жа ўпартасцю, як і самі маарыйцы.

Атраду давялося перамагчы тысячы перашкод пры пераходзе па раўніне, акружанай узгоркамі Хакарыхатоа. Але каля паўдня падарожнікі дайшлі да Вайпы, і далей дарога стала лепшай.

Даліна Вайпы была чароўная. Мноства ручайкоў, якія ўліваліся ў раку, павабна выгіналіся сярод хмызнякоў даліны. Як пісаў натураліст Гукер, у Новай Зеландыі расце дзве тысячы відаў раслін, з іх пяцьсот уласцівы толькі гэтым астравам. Тут мала кветак, і яны не адрозніваюцца яркасцю фарбаў. Мала таксама і аднагадовых раслін, але затое папаратнікаў, парасонавых і злакаў — вялікі збытак.

То тут, то там красаваліся асобныя дрэвы з чырвонымі кветкамі — «метросідэрас», нарфолькскія сосны, туі з вертыкальна растучым галлём, рознавіднасці кіпарысаў, так званыя «рыму», такія-ж сумныя, як і іх еўрапейскія родзічы. Усе гэтыя ствалы былі аплецены бясконца рознастайнымі папаратнікамі. Між галлём дрэў і ў кустах пырхалі і шчабяталі какаду, зялёныя какарыкі з чырвоным паяском на грудзях, таупо з пышнымі чорнымі бакамі і велізарныя, велічынёй з качку, рыжыя папугаі з раскошным апярэннем, празваныя натуралістамі «паўднёвымі нестарамі».

Маёру і Роберту ўдалося, не адыходзячы далёка ад атрада, застрэліць некалькі бекасаў і курапатак, якія гарэзавалі сярод нізкарослых хмызнякоў. Каб не траціць часу на прывале, містэр Ольбінет абскуб іх дарогай.

Паганель цікавіўся толькі тымі птушкамі, якія ўласцівы выключна Новазеландскаму архіпелагу. Цікаўнасць вучонага заглушыла ў ім апетыт падарожніка. Ён успомніў,— а вядома, што памяць у Паганеля была дасканалая,— адну дзіўную тубыльную птушачку — туі. Яе еўрапейскія натуралісты завуць то перасмешнікам за яе бесперапынны рэзкі рогат, то манахам — за яе чорнае, як смала, апярэнне з белым каўнерыкам, якое нагадвае адзенне манаха-дамініканца.

— За зіму гэтая птушка так тлусцее,— расказваў ён маёру,— што аж хварэе. Яна не можа больш лягаць. Тады яна раніць сябе ў грудзі ўдарамі дзюбы, каб вызваліцца ад лішняга тлушчу. Хіба гэта не дзіўна, Мак-Набс?

Але затое яму пашчасціла сустрэць другую дзіўную птушку, што ўцякла ў пустэльныя мясцовасці ад чалавека і прыручанай ім жывёлы, і якая, як відаць, пагражае зусім знікнуць з новазеландскай фауны. Роберт, бегаючы сярод кустоў, як сапраўдны разведчык, знайшоў у гняздзе з пераплеценых каранёў пару птушак, падобных на курэй, але без крылляў і без хвастоў, з чатырма пальцамі на лапах, доўгай, як у бекаса, дзюбай і белым густым апярэннем на ўсім целе. Гэтыя дзіўныя стварэнні здаваліся пераходнай ступенню між птушкавымі і сысунамі.

Гэта былі новазеландскія ківі, або бяскрылыя aptrix australis па тэрміналогіі натуралістаў, якія ядуць аднолькава з ахвотай і зерняты, і чарвякоў, і мошак. Гэтая птушка жыве выключна ў Новай Зеландыі, і яе вельмі цяжка акліматызаваць у еўрапейскіх заалагічных садах. Яе арыгінальны выгляд і смешныя рухі заўсёды зварочвалі на сябе ўвагу падарожнікаў. І калі Дзюман-Дзюрвіль арганізаваў сваё славутае падарожжа ў Океанію, Акадэмія навук асоба даручыла яму прывезці ў Еўропу прадстаўнікоў гэтай дзіўнай пароды птушак. Але, не гледзячы на абяцаныя тубыльцам шчодрыя падарункі, славутаму падарожніку не ўдалося атрымаць ні аднаго ківі.

Паганель быў надзвычай шчаслівы, што мае такую знаходку. Ён беражна звязаў разам пару ківі і панёс іх, маючы намер падараваць іх заалагічнаму саду ў Парыжы. Географ, які ад усяго прыходзіў у захапленне, ужо ўяўляў надпіс на бронзавай дошчачцы над самай прыгожай клеткай у садзе:

ПАДАРУНАК ЖАКА ПАГАНЕЛЯ

Між тым маленькі атрад паспяхова пасоўваўся ўніз па рэчцы Вайпе. Мясцовасць была бязлюдная. Ні адна сцежка не сведчыла аб блізкасці чалавека, ні адзін след не папярэджваў аб пераходзе тубыльцаў. Рака цякла то сярод высокіх кустоў, то сярод голых пясчаных берагоў. У такіх месцах відаць была ўся даліна, да самых гор, якія замыкаюць яе на ўсходзе. Гэтыя горы, вяршыні якіх былі ахутаны туманавай смугой, здалёк стваралі ўражанне нейкіх дагістарычных жывёл, якіх заспела раптоўная акамянеласць. Горы былі вулканічнага паходжання. Дый уся Новая Зеландыя ўзнікла параўнаўча нядаўна, у выніку вулканічных працэсаў. Яна на сёнешні дзень прадаўжае бесперапынна падымацца з вады. Некаторыя мясціны яе паверхні за апошнія дваццаць гадоў падняліся на цэлы сажань над узроўнем мора. Агонь яшчэ бушуе ў яе нетрах і вырываецца ва многіх месцах на паверхню зямлі праз шчыліны гейзераў і кратэры вулканаў.

К чатыром гадзінам папоўдні атрад непрыметна прайшоў дзевяць міль. Паганель, які сачыў за ўсімі звілінамі шляху па карце, сказаў, што да месца злучэння Вайкато з Вайпай не больш пяці міль. Там-жа праходзіць Оклэндскі паштовы гасцінец. У гэтым месцы падарожнікі мелі намер заначаваць. Адтуль да галоўнага горада правінцыі не больш пяцідзесяці міль, гэта значыць тры-чатыры дні хады пешкам або максімум восем гадзін язды, калі выпадкова сустрэнуць паштовую карэту, якая двойчы ў месяц праязджае між Оклэндам і бухтай Гаукса.

— Значыцца, заўтра мы ўсё яшчэ будзем начаваць на дварэ? — запытаў Гленарван.

— Так,— адказаў Паганель,— але я спадзяюся, што гэта будзе апошні раз.

— Тым лепш,— сказаў Гленарван,— усё-ж гэта цяжкае выпрабаванне для Элен і міс Мэры.

— Дарагі сэр, калі маеш справу з маарыйцамі, недаверлівасць лепш за даверлівасць. Я не ведаю, у якіх яны цяпер адносінах з англічанамі, ці скончылася паўстанне перамогай ці паражэннем тубыльцаў, або можа яно цяпер у самым разгары. Без асаблівай скромнасці скажам, што мы — зайздросная здабыча для тубыльцаў, і мне зусім не хочацца спрабаваць на сваёй скуры новазеландскую гасціннасць. Таму я выказваюся за тое, каб мы ўсялякімі спосабамі ўнікалі сустрэчы з тубыльцамі і як мага далей абышлі вёску Нгарнавахія. Вось калі мы падыйдзем к Друры, гэта будзе іншая рэч — там нашы мужныя спадарожніцы змогуць адпачыць ад дарожнай стомы.

Думка географа ўзяла верх. Элен згадзілася лепш пераначаваць яшчэ адну ноч на вольным паветры, чым ствараць небяспеку для сваіх спадарожнікаў. Ні яна, ні Мэры Грант не згадзіліся спыніцца нанач, і атрад ішоў далей уздоўж берагу ракі.

Гадзіны праз дзве першыя цені вечара пачалі ўзбірацца па схілах гор. Сонца перад заходам вышла з-за воблакаў і асвятліла сваімі касымі праменнямі ваколіцу.

Вяршыні далёкіх гор загарэліся не надоўга барвовым колерам. Гэта нагадвала развітальны прывет падарожнікам.

Гленарван і яго спадарожнікі паскорылі хаду. Яны ведалі, які кароткі змрок пад гэтай шыратой і што не паспееш вока звесці, як настае ноч. Трэба было абавязкова дайсці да месца злучэння рэк, пакуль сцямнее. Але раптам узняўся густы туман і нельга было знайсці дарогу.

На шчасце, слых замяняў зрок, бяссільны ў цемры. Рокат патока неўзабаве паведаміў падарожнікам, што дзве ракі сышліся ў адно рэчышча. Было восем гадзін, калі яны апынуліся на месцы ўлівання Вайпы ў Вайкато.

— Вайкато тут! — сказаў Паганель.— А Оклэндскі гасцінец цягнецца ўздоўж яе правага берагу.

— Убачым гэта заўтра,— адказаў маёр.— Прыпынімся тут нанач. Мне здаецца, што вунь там расце група дрэў, каля якіх мы можам спыніцца лагерам. Давайце павячэраем і ляжам спаць!

Каля месца злучэння абодвух рэк выпірала востраканечная каса, якая зарасла густым хмызняком. Воды Вайпы, больш шпаркія, на адлегласці, прыкладна, чвэрці мілі не мяшаліся з плыняй Вайкато; але спакойная і магутная рака ўрэшце перамагала бурлівую рэчку і, стрымаўшы яе імклівасць, плаўна нясла свае хвалі ў Ціхі акіян.

Калі туман апаў, на рэчцы паказалася лодка, якая плыла супроць вады. Гэта была пірога даўжынёй у семдзесят, шырынёй у пяць і глыбінёй у тры футы, выдзеўбаная цалкам у ствале ёлкі-кахікатэі. Нос яе задзіраўся ўгору, як нос венецыянскай гандолы. На дне пірогі быў разасланы сухі папаратнік.

Пірога хутка імчалася па паверхні вады пад ударамі вёслаў васьмі грабцоў, якія сядзелі на носе. Чалавек, які стаяў на карме, кіраваў лодкай пры дапамозе кароткага вясла.

Гэта быў тубылец гадоў сарака пяці, высокі, з шырокімі грудзямі, мускулісты, узброены з ног да галавы. Праніклівы позірк яго глыбока запалых вачэй, маршчыністы высокі лоб, сумны выраз твара наганялі страх.

Гэта быў маарыйскі правадыр, і пры тым высокага ранга: гэта відаць было па татуіроўцы, якая спаласавала ўсё яго цела і была выканана па-майстэрску. Ад ноздраў яго арлінага носа разыходзіліся дзве чорныя спіралі, якія акружалі вочы і губляліся на ілбу пад густымі валасамі. Яго рот з двума радамі асляпляюча белых зубоў быў таксама акружаны татуіроўкай, якая спускалася на падбародак і грудзі.

Татуіроўка — «мока» па-новазеландску — адзнака высокага звання. Яе атрымлівае толькі той, хто паказаў сваю храбрасць у бойках. Рабы і просты народ не маюць на яе права. Татуіроўка высокіх асоб, правадыроў адрозніваецца ад татуіроўкі звычайных воінаў сваёй складанасцю і далікатнасцю работы, прычым найчасцей яна мае ўзоры розных жывёл. Некаторыя з правадыроў разоў па пяць церпяць балючую аперацыю татуіроўкі. І чым чалавек знатнейшы, тым больш ён размалёваны.

Дзюмон-Дзюрвіль паведамляе цікавыя факты аб гэтым звычаі. Ён праводзіць зусім правільную паралель між татуіроўкай і гербамі, якімі ганарацца еўрапейскія арыстакратычныя роды. «Аднак,— кажа ён,— у той час, як герб еўрапейскай сям’і сведчыць толькі аб тым, што заснавальнік роду меў нейкія заслугі і вартасці, якіх можа зусім пазбаўлены яго патомкі, «мока» новазеландца сведчыць пра асабістыя якасці і адвагу свайго ўладара».

Дарэчы, апрача таго, што татуіроўка служыць адзнакай, яна мае яшчэ і бясспрэчную выгоду, робячы скуру неадчувальнай да холаду і ўкусаў маскітаў.

Што да правадыра, які кіраваў лодкай, дык у значнасці яго баявых заслуг нельга было сумнявацца: яго твар меў сляды пяцірадовай татуіроўкі.

Ён быў захутаны ў шырокі плашч з даматканай воўны, аблямаваны сабачымі скуркамі, і падпяразаны фартухом, на якім былі яшчэ сляды крыві ад апошняй бітвы. У яго вушах тырчэлі завушніцы з зялёнага нефрыта, а на шыі віселі пацеркі з пунаму — святых каменьчыкаў, якім забабонныя тубыльцы прыпісваюць цудатворную сілу, з-за пляча ў яго тырчэла руля стрэльбы англійскага ўзору, а пры баку — пату-пату, зброя, падобная на двухбаковую сякеру.

Уперадзе правадыра сядзела дзевяць воінаў ніжэйшага ранга, але таксама да зубоў узброеных і не менш лютых з выгляду. Яны сядзелі нерухома, захінуўшыся ў свае плашчы. Каля іх ног ляжалі тры сабакі. Восем грабцоў былі, відаць, парабкамі ці рабамі правадыра. Яны грэблі з усёй сілы, і лодка імкліва імчалася супроць вады ракі Вайкато, дарэчы не вельмі шпаркай. Па сярэдзіне лодкі на падсцілцы з папаратніка сядзела дзевяць палонных еўрапейцаў. Ногі ў іх былі звязаны, а рукі вольныя.

Гэта былі Гленарван, Элен, Мэры і Роберт Грант, Паганель, маёр, Джон Мангльс, Ольбінет і абодва матросы.

Напярэдадні ўвечары маленькі атрад у тумане зайшоў у самае сэрца вялікага лагера тубыльцаў. Ноччу новазеландцы заўважылі сонных еўрапейцаў, узялі іх у палон і занеслі звязанымі ў пірогу. З імі да гэтага часу абыходзіліся някепска, але ясна было, што супраціўляцца дарэмна: іх зброя і снаражэнне трапіла ў рукі тубыльцаў, і кулі з уласных іх карабінаў хутка-б спынілі ўсякую спробу супраціўлення.

Палонныя зразумелі з кароткіх англійскіх слоў, якія ўстаўлялі ў сваю гаворку тубыльцы, што англійская армія разбіла іх атрады і што зараз яны ўцякаюць у далёкія вобласці вярхоўя ракі Вайкато.

Правадыр маарыйцаў пасля дарэмнай спробы супраціўляцца англійскай рэгулярнай сіле, пакінуўшы забітымі і раненымі значную частку сваіх байцоў, вырашыў адступіць у глыб краіны, каб завербаваць новых воінаў у вёсках каля рэк і потым пайсці на злучэнне з непераможным Вільямам Тампсонам, які ўсё яшчэ прадаўжаў барацьбу з захопнікамі.

Гэтага правадыра звалі Каі-Куму — імя, грознае па свайму значэнню — «той, хто есць сваіх ворагаў». Каі-Куму быў беззаветна храбрым і ў той-жа час бязмежна лютым чалавекам. Ад яго дарэмна было чакаць літасці. Яго імя было добра вядома кожнаму англічаніну, які жыве ў Новай Зеландыі, і англійскі ўрад абяцаў буйную ўзнагароду таму, хто даставіць яго жывога або мёртвага.

Гэта страшнае няшчасце навалілася на галаву Гленарвана і яго спадарожнікаў у тую самую хвіліну, калі яны былі амаль на парозе Оклэнда — парта, з якога прамым рэйсам можна было вярнуцца ў Еўропу. Аднак, пазіраючы на спакойны твар Гленарвана, нікому-б не прышло ў галаву, што сэрца яго сціскаецца ад нястрымнага болю.

Шатландзец у хвіліну сур’ёзнай небяспекі цудоўна валодаў сабой. Ён разумеў, што зараз яму трэба быць прыкладам для сваёй жонкі і таварышоў; ён гатовы быў памерці ў любую хвіліну, каб яго смерць магла хоць чым-небудзь палепшыць іх становішча.

Спадарожнікі Гленарвана былі варты такога начальніка. Пазіраючы на іх спакойныя і гордыя твары, нельга было падумаць, што яны падрыхтаваліся да страшнай смерці. Па парадзе Гленарвана, яны рашылі трымацца вельмі спакойна перад тубыльцамі.

Толькі такія паводзіны маглі ўразіць жорсткіх дзікуноў. Варта адзначыць, што дзікуны наогул і маарыйцы ў асаблівасці надзелены пачуццём уласнай вартасці і паважаюць гэта пачуццё нават у ворага. Гленарван ведаў, што, надаўшы сабе павагу гордым і бязбоязным выглядам, удзельнікі экспедыцыі гэтым самым пазбавяцца ад лішніх пакут і дрэннага абыходжання.

З часу выхаду з лагера тубыльцы, маўклівыя, як усе дзікуны, ледзь перакінуліся некалькімі словамі між сабой. Аднак з некалькіх вымаўленых імі слоў Гленарван убачыў, што яны разумеюць англійскую мову. Таму ён рашыў запытаць у правадыра, што ён думае з імі рабіць. Звярнуўшыся да Каі-Куму, ён сказаў цвёрдым голасам, без ценю страха:

— Куды вязеш нас, правадыр?

Каі-Куму няветліва паглядзеў на яго і нічога не адказаў.

— Што ты хочаш зрабіць з намі?

У вачах Каі-Куму мільганула маланка, і ён адказаў:

— Памяняць вас на нашых палонных, калі вы дорагі для вашых землякоў; забіць вас, калі яны адмовяцца ад замены.

Гленарван больш не распытваў. Прамень надзеі сагрэў яго сэрца. Ён зразумеў, што нейкія маарыйскія правадыры трапілі ў палон к англічанам, і дзікуны спадзяваліся вярнуць іх у свае рады шляхам замены. Значыцца, надзея яшчэ не згублена, і становішча палонных не такое безнадзейнае, як яму здавалася.

Паганель, якога прыродная жвавасць заўсёды штурхала на крайнасці, ад поўнай безнадзейнасці мігам пераскочыў да поўнай упэўненасці ў выратаванні. Ён цяпер падумаў, што маарыйцы толькі пазбавяць экспедыцыю ад лішніх турбот і клопатаў, даставіўшы ўсіх удзельнікаў яе проста ў распараджэнне англійскага войска, і што, з гэтага пункту гледжання, іх палон быў не няшчасцем, а ўдачай. Супакоіўшыся, вучоны схіліўся над сваёй картай і сачыў па ёй за ўсімі выгінамі плыні ракі Вайкато. Элен і Мэры, ледзьве стрымліваючы сваю трывогу, паціху гутарылі з Гленарванам, і старонні назіральнік ніколі не здагадаўся-б, што жах смерці сціскае іх сэрцы.

Вайкато — нацыянальная рака Новай Зеландыі. Маарыйцы ганарацца ёй і любяць яе, як немцы — Рэйн, а славяне — Дунай. Рэчышча гэтай ракі, даўжынёй на дзвесце міль, абвадняе самыя ўраджайныя вобласці паўночнага вострава — ад правінцыі Велінгтон да правінцыі Оклэнд. Імя гэтай ракі носяць усе плямёны, якія жывуць на яе берагах, г. зн. цвет новазеландскай расы, неўтаймоўныя і неўціхаміраныя храбрацы, паўстаўшыя ўсім народам супроць тыраніі захопнікаў-англічан.

Рака гэта амаль невядомая для еўрапейцаў; па ёй плавалі і плаваюць толькі тубыльныя пірогі. Толькі вельмі нямногія турысты асмельваліся наведаць яе вусце. На берагі-ж вярхоўя Вайкато ніколі не ступала нага еўрапейца.

Паганель ведаў, з якой пашанай ставяцца да гэтай ракі тубыльцы. Яму было вядома, што ні адзін даследчык прыроды — еўрапеец не заходзіў далей месца яе злучэння з Вайпай. Таму яму да болю хацелася даведацца, куды павязе сваіх палонных Каі-Куму. Але запытаць было немагчыма, і географ так і не даведаўся-б нічога, каб выпадкова не звярнуў увагі на тое, што слова «Таупо» часта ўспаміналася ў гутарках правадыра са сваімі воінамі. Паганель паглядзеў на карту і ўбачыў, што так названа вялікае возера ў гарыстай частцы вострава, на поўдні правінцыі Оклэнд. Вайкато бярэ пачатак з гэтага возера. Між возерам і месцам злучэння з Вайпай рака працякае каля ста дваццаці міль.

Паганель па-французску, каб не зразумелі тубыльцы, папрасіў Джона Мангльса вызначыць хуткасць руху пірогі.

— Каля трох міль у гадзіну,— адказаў малады капітан.

— У такім выпадку,— сказаў географ,— калі мы будзем прыпыняцца нанач, падарожжа да возера зойме каля чатырох дзён.

— А дзе размешчаны англійскія атрады? — запытаў Гленарван.

— Гэта цяжка сказаць,— адказаў Паганель.— Аднак ваенныя дзеянні перанесены зараз у правінцыю Таранакі, і, напэўна, англійская армія згрупавана недалёка ад возера Таўпо, на супроцьлеглым схіле гор, бо там ачаг паўстання.

— Будзем спадзявацца, што гэта так,— сказала Элен.

Гленарван сумна паглядзеў на сваю жонку і на Мэры Грант. «Гаротныя жанчыны,— падумаў ён,— апынуцца ва ўладзе лютых дзікуноў, у глушы, дзе нельга разлічваць на дапамогу з боку!»

Але, заўважыўшы, што Каі-Куму сочыць за ім, ён з штучным спакоем пачаў глядзець на бераг. З-за асцярожнасці ён не хацеў даць зразумець дзікуну, што адна з палонніц — яго жонка.

На поўмілі ад месца ўтокі Вайпы пірога прайшла, не спыняючыся, паўз былую рэзідэнцыю караля Потатау. Некалькі разбураных хацін, якія стаялі адна за адной на беразе ракі, сведчылі аб тым, што гэта мясцовасць нядаўна была арэнай жорсткіх боек. Вёска, здавалася, была без жыхароў. Берагі ракі былі бязлюдныя. Сумную цішыню, якая панавала тут, парушалі толькі некалькі вадзяных птушак.

Спалоханая набліжэннем пірогі, узляцела ў паветра і знікла за дрэвамі тапарунга — балотная птушка з чорнымі крыллямі, белым жывоцікам і чырвонай дзюбай. Чаплі матуку — рознавіднасць бугая, попельнага колеру, з дурною мордай,— і пышныя катуту з белым апярэннем, чорнымі лапамі і жоўтай дзюбай, наадварот, спакойна глядзелі на праходзячую міма пірогу і не краталіся з месца. Там, дзе раптоўны ўздым берагу сведчыў аб пэўнай глыбіні ракі, сядзелі катарэ — зімародкі, якія падпільноўвалі ў празрыстай вадзе здабычу — маленькіх вугроў, якіх мільёны кішаць у новазеландскіх водазборах. У месцах, дзе хмызнякі раслі над самай вадой, можна было бачыць велічных удодаў і курэй-султанак за ранішнімі ўбіраннямі. Усё гэтае крылатае царства цешылася спакоем і бяспечнасцю, якія запанавалі тут пасля таго, як вайна прагнала людзей.

У гэтай частцы плыні шырокае рэчышча ракі Вайкато праходзіла сярод вялікіх пустынных раўнін. Але па меры набліжэння да вярхоўя берагі ракі звужаліся, сціснутыя ўзгоркамі і горамі, якія абступілі іх з абодвух бакоў. За дзесяць міль ад месца злучэння Вайпы на карце Паганеля была адзначана прытока Кіры-Кірыроа. Сапраўды, хутка пірога праехала, не прыпыняючыся, паўз гэты ручай.

Каі-Куму загадаў пакарміць палонных іх уласнымі прадуктамі, якія ён забраў у часе нападу на падарожнікаў. Сам ён і яго воіны і грабцы харчаваліся ўжыўнай папараццю, ptoris esculenta па навуковай тэрміналогіі, якую спяклі на вуголлях, і капана — бульбай, якой расло ўдосталь на абодвух астравах.

Мяса ў тубыльцаў не было, а сушаная ялавічына еўрапейцаў, відаць, не выклікала ў іх апетыту.

А трэцяй гадзіне папоўдні на правым беразе ракі паказаліся першыя адгор’і горнага ланцуга Покараа-Рэндж, падобнага на разбураную зубчатую сцяну. Месцамі на недаступных пляцоўках відаць былі руіны па — фартоў, збудаваных маарыйскімі інжынерамі. Знізу гэтыя фарты выглядалі арлінымі гнёздамі.

Сонца ўжо асядала за гарызонт, калі пірога прычаліла к берагу, закіданаму кавалкамі пемзы; Вайкато, якая сцякае са схілаў вулкана, нясе гэту пемзу разам з вадой.

На гэтым месцы расло некалькі дрэў, пад якімі выгодна было стаць лагерам. Каі-Куму загадаў высадзіць на бераг палонных і размясціць іх у цэнтры лагера. Мужчынам звязалі рукі, а жанчын пакінулі на волі.

Яшчэ раней, чым Каі-Куму паведаміў пра свой намер памяняць іх на палонных маарыйцаў, Гленарван і Джон Мангльс абмяркоўвалі розныя спосабы ўцёкаў з палону. Бачачы поўную немагчымасць уцёкаў з лодкі, яны рашылі спрабаваць шчасця на зямлі, у часе прывалу, карыстаючыся начною цемрай.

Але пасля гутаркі Гленарвана з маарыйскім правадыром гэтыя ўцёкі былі-б неразумнымі. Трэба было набрацца цярплівасці і чакаць. Абмен на палонных маарыйцаў быў безумоўна лепшым выйсцем, чым спроба сілай вырвацца на волю і ўцякаць па бязлюднай мясцовасці. Безліч прычын магло затрымаць гэты абмен або перашкодзіць яму, але ўсё-ж неабходна было цярпліва чакаць канца перагавораў. Сапраўды, што маглі зрабіць дзесяць няўзброеных еўрапейцаў з трыццаццю добра ўзброенымі дзікунамі? Апрача таго Гленарван быў перакананы, што племя Каі-Куму страціла нейкага важнага правадыра, якога тубыльцам вельмі патрэбна было вырваць з англійскага палону. І ён не памыляўся.

Назаўтра пірога з ранейшай шпаркасцю паплыла па ціхай вадзе Вайкато. А дзесятай гадзіне раніцы яна ненадоўга прыпынілася каля маленькай рэчкі Похайвена, звілістае рэчышча якой праходзіла сярод узгоркаў правага берагу.

Тут да пірогі Каі-Куму далучылася яшчэ адна пірога, у якой сядзелі дзесяць тубыльцаў. Воіны абмяняліся прывітальнымі выгукамі: «Айрэ маі ра», што азначае ў перакладзе «Прыдзі ў добрым здароўі», і абедзве пірогі разам паплылі далей. Уноў прыбыўшыя нядаўна біліся з англічанамі. Гэта відаць было па іх дашчэнту парванай вопратцы, па скрываўленай зброі, па яшчэ свежых, незагоеных ранах на іх целе. Воіны былі сумныя і маўклівыя. З уласцівай усім дзікунам абыякавасцю яны не звярталі ніякай увагі на палонных еўрапейцаў.

К поўдню на захадзе паказаліся вяршыні Маунга-татары. Даліна Вайкато пачала звужацца. Сціснутая вузкімі берагамі рака цякла з шпаркасцю горнага патока. Але пірога прадаўжала плысці супроць вады з ранейшай хуткасцю, толькі грабцы мацней націскалі на вёслы, ды пачалі спяваць аднагучную песню, мелодыя якой была падобна на рытм веславання. Мінуўшы быстрыню, пірогі зноў паплылі па ціхай вадзе Вайкато, якая часта мяняла напрамак, следуючы за раптоўнымі паваротамі свайго рэчышча.

Увечары Каі-Куму загадаў прычаліць к берагу, да якога падступалі горы. Там ужо было чалавек дваццаць тубыльцаў, якія таксама прыплылі на пірогах. Яны распальвалі вогнішча, ставілі лагер. Насустрач Каі-Куму вышаў другі правадыр, відаць такога-ж самага высокага ранга. Ён вітаў сабрата па зброі сяброўскім «хонгуі», гэта значыць пацёрся носам аб нос Каі-Куму. Палонных зноў размясцілі ў сярэдзіне лагера і паставілі каля іх надзейную варту.

Назаўтра пірогі зноў паплылі па Вайкато. Да картэжа[82] на працягу ўсяго дня далучаліся ўсё новыя і новыя пірогі, якія прыплылі па прытоках Вайкато. Зараз тут было ўжо не менш васьмідзесяці воінаў, відаць удзельнікаў прыдушанага англічанамі паўстання. Яны ўцякалі ў горы, каб залячыць раны, адпачыць і набрацца новых сіл для барацьбы.

Часам з якой-небудзь пірогі ўзнімаўся голас спевака, які спяваў нацыянальны гімн маарыйцаў з заклікам да барацьбы з прыгнятальнікамі. Гучны голас спевака расплываўся рэхам у горах. Пасля кожнай страфы ўсе воіны падхоплівалі прыпеў, стукаючы сябе кулакамі ў грудзі. У такія хвіліны грабцы падвойвалі сілы, і пірогі не плылі, а ляцелі за вадой ракі.

У гэты дзень плаванне было адзначана адной вельмі цікавай з’явай. Каля чатырох гадзін папоўдні пірога з правадыром, не сцішаючы ходу, увайшла ў вузкую цясніну, дзе імклівы паток ярасна біўся аб верхавіны падводных скал і камяністых астраўкоў пасярэдзіне фарватэра. Каб пірога перавярнулася тут, усе седакі загінулі-б, таму што берагі ракі былі непрыгодныя для прытулку. Кожны, хто асмеліўся-б ступіць на гарачую і ўспучаную ціну каля берагоў, абавязкова разлічыўся-б жыццём за сваю дзёрзкую спробу.

Сапраўды, на абодвух берагах ракі струменілі з-пад зямлі тыя самыя гарачыя крыніцы, якія здаўна прыцягвалі да сябе ўвагу падарожнікаў. Берагі ракі былі афарбаваны ў бура-чырвоны колер з прычыны вялікай колькасці вокісу жалеза ў глебе. Паветра было насычана парай серкі. Тубыльцы, здавалася, не адчувалі ніякай шкоды ад гэтых атрутных выпарэнняў, якія курыліся з усіх шчылін у глебе пад уплывам ціску падземных газаў. Але калі для нюху гэта было непрыемным, дык зроку заставалася толькі любавацца сапраўды цудоўным відовішчам.

Пірогі ўвайшлі ў густое воблака белай пары. Клубы пары купалам навісалі над ракой. На абодвух берагах ракі відаць былі сотні гейзераў, з якіх адны білі струменямі гарачай вады, а з другіх віліся ўгару высокія слупы белага дыму. З боку можна падумаць, што гэтыя каскады і фантаны штучна створаны чалавекам, такія яны былі прыгожыя. Пырскі вады, мяшаючыся з малекуламі пары ў паветры, мігцелі ўсімі колерамі радугі.

У гэтым месцы дно рэчышча Вайкато бесперапынна то зніжаецца, то павышаецца ад дзейнасці падземнага агню. Недалёка адсюль, на берагах возера Раторуа і на ўсход б’юць гарачыя крыніцы і дымяцца каскады Ратамахана і Тератата, даследаваныя асобнымі адважнымі падарожнікамі. Уся гэта вобласць багатая гейзерамі, кратэрамі, сернымі крыніцамі. З іх выходзіць багата газаў, якія не знаходзяць выйсця ў вузкіх клапанах кратэраў адзіных на Новай Зеландыі дзеючых вулканаў — Тангарыро і Вакары.

На адлегласці двух міль пірогі плылі пад засенню сернага воблака, ахутаныя навіслымі над вадой клубамі нары. Потым раптам на змену ўдушлівым выпарэнням, ад якіх балелі грудзі, прышло чыстае, свежае паветра. Пірогі мінулі паласу серных крыніц. Да надыходу вечара пірогі ўпэўнена прайшлі яшчэ дзве быстрыні — Гіпапатуа і Гаматэа. З надыходам цемры Каі-Куму спыніўся нанач за сотню міль ад утокі Вайпы ў Вайкато. Рака, якая выгіналася шырокай пятлёй, улівалася тут у возера Таупо.

Назаўтра раніцой, паглядзеўшы на карту, Паганель пазнаў па высокай вяршыні, якая падымалася на тры тысячы футаў у небе, гару Гаубара.

Апоўдні ўвесь картэж пірог увайшоў у возера Таупо, і тубыльцы віталі падыманнем рук шматок тканіны, які лунаў над адной з хацін па беразе. Гэта быў нацыянальны сцяг.


РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ. Возера Таупо

У дагістарычныя часы абвал зямной кары ў цэнтры поўночнага вострава Новозеландскай групы ўтварыў бяздонную прорву даўжынёй на дваццаць міль. Вада, сцякаючы са схілаў навакольных гор, паступова заліла гэтую прорву. Яна ператварылася ў возера. Да гэтага часу ні адзін лот не мог змерыць яе глыбіні.

Такое гэта дзіўнае возера Таупо, якое знаходзіцца на вышыні тысячы дзвесце пяцьдзесят футаў над узроўнем мора і акружана гарамі вышынёй на дзве з паловай тысячы футаў. На захадзе — голыя вяршыні, стройна паднятыя ўгору; на поўначы, воддаль — некалькі вяршынь пакрытых лесам; на ўсходзе—шырокая раўніна, па якой віецца дарога, абсаджаная паабапал кустамі; на поўдні — за паласою лесу—велічныя вулканічныя конусы, якія замыкаюць гэту вялікую водную плошчу. Тут часам бываюць буры не меншыя за акіянскія цыклоны.

Уся гэта вобласць кіпіць і бурліць, як вялікі кацёл. Зямля дрыжыць ад штуршкоў расхваляванай унутры лавы. Гарачыя крыніцы выбіваюцца на яе паверхню. Зямная кара трэскаецца, як скарынка перапечанага хлеба. Уся гэта мясцовасць у адзін прыгожы дзень паднялася-б у паветры, каб скаваныя ўнутры зямлі газы не знаходзілі гатовага выйсця ў кратэры Тангарыро.

З паўночнага берага возера гэты вулкан узвышаўся, ахутаны слупамі полымя і дыму, сярод раду менш высокіх, вогненных узгоркаў. Тангарыро з’яўляецца толькі адным звяном у горным ланцугу гэтай часткі вострава. За ім відаць на раўніне самотная гара Руафау, вяршыня якой, ахутаная воблакамі, падымаецца на дзевяць тысяч футаў над узроўнем мора. Ніхто з жывых не бываў на гэтай вяршыні; чалавечае вока не даследавала глыбіні яе кратэра, між тым як на працягу апошніх дваццаці гадоў трое даследчыкаў пабывалі на самым версе Тангарыро: Бідвіль, Дысон і апошнім — Гохштэтэр.

З гэтымі вулканамі звязан рад легенд, і пры іншых умовах Паганель, вядома, расказаў-бы сваім спадарожнікам, напрыклад, паэтычнае апавяданне аб спрэчках між Тангарыро і Танаракі, якія некалі былі блізкімі суседзямі і сябрамі. Тангарыро, у якога была, як у кожнага вулкана гарачая галава, пазайздросціў Танаракі і набіў яго. Набіты і зняслаўлены Танаракі пачаў уцякаць і, згубіўшы па дарозе вяршыню, схаваўся на беразе акіяна. Там ён стаіць, і цяпер, адзінокі і сумны, называюць зараз яго—гара Эгмонт.

Але ў Паганеля не было настрою расказваць казкі, а ў яго сяброў — слухаць іх. Яны моўчкі разглядалі паўночна-ўсходні бераг Таупо, куды іх загнаў злы лёс.

Вышаўшы з Вайкато, пірога Каі-Куму абышла касу і прычаліла к усходняму берагу.

Тут рос каштоўны новазеландскі лён. У гэтай вельмі карыснай расліны нічога не прападае дарма: кветка дае высокаякасны мёд; сцябло—смалістае вешчаство, якое замяняе воск; са свежага лісця робяць паперу; з высушанага — вельмі добры трут; з разрэзаных уздоўж сцяблоў віюць вяроўкі, канаты, плятуць невады; з атрэпанага — ткуць коўдры, плашчы, плятуць маты.

Зараснікі гэтага каштоўнага лёну можна сустрэць усюды на абодвух астравах, на берагах акіяна, таксама як і на берагах рэк і азёр. Дзікімі кустамі новозеландскага лёну зарастаюць цэлыя палі; салодкі сок яго цёмначырвоных кветак, якія выглядваюць з пышнага вяночка доўгага лісця, прываблівае мноства птушак.

Па возеры плавалі чароды свойскіх качак, чорнае апярэнне якіх было ўсыпана зялёнымі і шэрымі плямамі.

За чвэртку мілі ад берагу, на крутым схіле гары, відаць быў непрыступны маарыйскі форт.

Воіны па аднаму высадзілі палонных еўрапейцаў з пірогі і, развязаўшы ім рукі і ногі, павялі ў па. Сцежка ў форт вілася сярод зараснікаў лёну. Буйныя галубы з металічным колерам апярэння і шпакі з чырвонымі чубамі ўзляталі ў паветра пры набліжэнні тубыльцаў.

Пасля доўгай хады па сцежцы, якая ішла кругам вакол гары, Гленарван і яго спадарожнікі нарэшце ўвайшлі ў па. Гэта крэпасць была абгароджана трыма агарожамі. Знадворку быў моцны частакол вышынёй у пятнаццаць футаў. Потым ішоў новы рад колля і нарэшце трэці — плот з бярвення, у якім было шмат байніц. Унутры гэтай трэцяй агарожы на даволі вялікай пляцоўцы сіметрычна размясцілася каля сарака маарыйскіх хацін.

Палоннікі жахнуліся, убачыўшы адсечаныя галовы, якія «ўпрыгожвалі» частакол з унутранай агарожы. Элен і Мэры адвярнуліся ад гэтага відовішча не так ад страху, як ад агідлівасці. Галовы належалі правадырам варожых плямён, пераможаных на вайне. Целы іх паелі пераможцы.

Галовы прэпаруюць так: спачатку з іх выскрабаюць мозг, насы ўмацоўваюць дошчачкамі, ноздры напіхаюць кудзеляй для таго, каб яны захавалі форму, раты і павекі сшываюцца, і потым усё вендзяць на працягу трыццаці гадзін. Прыгатаваныя такім чынам галовы захоўваюцца бясконца доўга, не псуюцца і ўяўляюць сабой каштоўныя трафеі.

Часта маарыйцы кансервіруюць такім самым спосабам і галовы ўласных правадыроў, але ў такіх выпадках вочы не вымаюць і павекі не сшываюць. Новазеландцы ганарацца гэтымі трафеямі. Яны навучаюць маладых воінаў захапляцца імі і наладжваюць урачыстыя абрады для іх ушанавання.

Але ў форце Каі-Куму віселі толькі галовы ворагаў і, пэўна, сярод іх было нямала англійскіх галоў без вачэй.

Хаціна Каі-Куму была большая за суседнія. Дзверы яе выходзілі на роўную пляцоўку; гэта быў драўляны будынак даўжынёй у дваццаць футаў, шырынёй у пятнаццаць і вышынёй у дзесяць.

Акон у хаціне не было; адзіны ўваход быў завешаны ільнянай матай. Такімі-ж матамі была заслана земляная падлога. Страха з галля і пластоў травы вісела на слупах, аздобленых дзівоснай разьбой. Разьбяныя страшыдлы, розныя сімвалічныя знакі і лісце мелі-б вялікую цікавасць для знаўцаў мастацтва.

Пасцелямі быў сухі папаратнік, засланы матай з тыфы — расліны з доўгімі гнуткімі сцябламі. Некалькі плоскіх камянёў, складзеных па сярэдзіне хаціны, замянялі ачаг, а дзірка ў цэнтры страхі — комін. Калі дым ад ачага згушчаўся ў хаціне, ён пачынаў паволі прасачвацца на двор праз гэту дзірку; таму нядзіўна, што ўся хаціна ў сярэдзіне абрасла тоўстым пластом сажы.

Побач з хацінай правадыра стаялі клеці, у якіх захоўваліся запасы пататаў, таро, спажыўных папаратнікаў і ўраджай лёну. Тут-жа былі і ачагі, на гарачым каменні якіх пячэцца несамавітая яда дзікуноў. У канцы форта стаяў хлеў, у якім гадаваліся свінні і козы — патомкі завезенай капітанам Кукам у Новую Зеландыю дамашняй жывёлы. Па пляцоўцы бадзяліся галодныя сабакі, чакаючы пакуль ім што-небудзь кінуць.

Гленарван і яго спадарожнікі адным позіркам агледзелі ўвесь форт. Яны стаялі каля ўваходу ў пустую хаціну, чакаючы распараджэнняў правадыра. Натоўп старых дзікунак абступіў іх з усіх бакоў і, пагрозна махаючы рукамі, нешта крычаў. Па асобных англійскіх выгуках спадарожнікі зразумелі, што яны патрабуюць неадкладнай расправы з палоннымі.

Элен, як яна не старалася трымацца спакойна, усё-ж дрыжэла, слухаючы гэтыя скуголенні і праклёны раз'юшаных гарпій. Яна рабіла сапраўды гераічныя намаганні, каб не выказаць свайго страху і не мучыць Гленарвана, сэрца якога і без таго аблівалася крывёй пры думцы аб яе пакутах. Бедная Мэры Грант, больш слабая, ледзь не самлела. Джон Мангльс падтрымліваў яе, гатовы кожную секунду даць сябе забіць, каб абараніць яе. Мужчыны па-рознаму ставіліся да гэтага граду пагроз і зняваг. Адны, як маёр, абыякава пазіралі на звар’яцелых ведзьмаў, другія, як Паганель, ледзь стрымліваліся, каб не пабіць іх кулакамі.

Гленарван, бачачы, што яшчэ хвіліна і пачварныя мегеры накінуцца на Элен і Мэры, цвёрда ступіў да Каі-Куму і, паказваючы на звар’яцелую арду, сказаў:

— Прагані іх!

Правадыр маарыйцаў уважліва паглядзеў на свайго палоннага. Потым, павярнуўшыся да старых жанчын, жэстам загадаў ім змаўчаць. Гленарван удзячна пакланіўся і тым-жа цвёрдым крокам вярнуўся да сваіх сяброў.

На пляцоўцы форта за гэты час сабралася каля сотні дзікуноў: старых, дарослых мужчын і юнакоў. Адны з іх былі панурыя, але спакойныя, другія стаялі ў глыбокім задуменні. Першыя чакалі распараджэнняў правадыра, другія прышлі аплакваць родных і сяброў, якія загінулі ў апошніх бітвах.

З усіх новазеландскіх правадыроў, якія паўсталі па закліку Вільяма Тампсона, адзін Каі-Куму вярнуўся жывым у родную вёску. Ён першым нёс сумную вестку аб тым, што англічане перамаглі паўстанцаў у далінах каля русця ракі Вайкато. З двухсот воінаў, якія вышлі пад яго начальствам абараняць родную зямлю, сто пяцьдзесят не вярнулася з поля бітвы.

У гэтым была разгадка панурага смутку, які апанаваў вёску пасля звароту Каі-Куму. Чуткі аб апошнім паражэнні яшчэ не дайшлі сюды, і сумная вёска аглушыла тубыльцаў, як удар дубінай.

Родныя і сябры забітых воінаў рвалі на сабе адзежу, стукалі сябе кулакамі ў грудзі, раздзіралі сабе твары і плечы вострымі ракушкамі. Кроў, перамешаная са слязмі, цякла па іх шчоках. Чым большае было іх гора, тым больш яны мучалі сябе. На няшчасных новазеландак, якія звяр’яцелі ад гора, змучаных і скрываўленых, цяжка было глядзець.

Роспач тубыльцаў была бязмежнай таму, што яны не толькі аплаквалі смерць блізкіх, але і тое, што нельга пахаваць іх косці ў сямейных грабніцах. Тым часам, па маарыйскіх звычаях, толькі той нябожчык будзе шчаслівы на тым свеце, чые косці з пашанай захоўваюцца родзічамі. Не цела, а іменна косці. Іх старанна збіраюць, мыюць, ачышчаюць, нават паліруюць і потым урачыста складаюць у «удупу», гэта значыць у «дом славы». Гэтыя грабніцы аздоблены вылепкамі, якія дакладна аднаўляюць татуіроўку нябожчыка.

Але зараз грабніцы застануцца пустымі, рэлігійных ушанаванняў нельга ўжо зрабіць, і косці, якіх не крануць дзікія сабакі, будуць валяцца на полі бітвы...

Ад гэтай думкі ўспыхнуў новы выбух роспачы. Зараз ужо не толькі жанчыны, але і мужчыны пагрозна абступілі палонных еўрапейцаў. Зноў натоўп праклінаў іх і пагражаў сціснутымі кулакамі. Але зараз ужо для яго мала было адных пагроз; ён рыхтаваўся да дзеяння.

Каі-Куму, баючыся, што раз’юшаныя падданыя, не гледзячы на яго забарону, разарвуць палонных, загадаў завесці іх у святыню, што стаяла на супроцьлеглым канцы форта, на краі скалы, якая стромка апускалася на сотню футаў уніз. Скала гэта была зусім непрыступная, і таму з гэтага боку агарожы не было.

У прасторным з моцнымі заваламі памяшканні святыні ляжала шмат свежай і смачнай яды, якую спажывае — у асобе сваіх жрацоў — Мауі-Ранга-Рангі — новазеландскі бог.

Палонныя, часова пазбаўленыя ад ярасці тубыльцаў, разлягліся на матах, якімі была заслана падлога святыні. Элен, адчуваючы што сілы і мужнасць пакідаюць яе, упала на грудзі Гленарвана.

Пяшчотна гладзячы яе па галаве, той бесперапынна паўтараў:

— Не бойцеся, Элен, не бойцеся! Усё будзе добра.

Як толькі за палоннымі замкнулі дзверы, Роберт,— узлезшы на плечы Вільсона, заглянуў у шчыліну між страхой, якая вісела на слупах, і сценамі святыні. Адтуль ён бачыў увесь форт, да самай хаціны Каі-Куму.

— Яны акружылі правадыра,— ціха сказаў Роберт.— Махаюць рукамі... крычаць... Каі-Куму хоча гаварыць, але яму не даюць...

Хлопчык пазіраў далей ужо моўчкі.

— Каі-Куму пачаў гаварыць... Дзікуны супакойваюцца... Зараз яны слухаюць яго...

— Зразумела, што правадыр зацікаўлены ў тым, каб выратаваць нас,— сказаў маёр.— Пэўна, хто-небудзь з яго блізкіх трапіў у палон, і ён хоча абмяняць яго на нас. Але ці згодзяцца яго воіны?

— Так... яны слухаюць...— зноў гаварыў Роберт.— Яны расходзяцца... Каля Каі-Куму засталіся толькі воіны, якія прыехалі з намі ў пірозе...

— Ці ўпэўнены ты, што так? — жвава запытаў маёр.

— Так, пане Мак-Набс! — адказаў хлопчык.— Я пазнаю іх. Вось адзін адышоў ад іх і рушыць к нашаму дому.

— Злазь, Роберт,— загадаў Гленарван.

У гэты момант Элен устала і схапіла за руку свайго мужа.

— Эдуард,— сказала яна.— Ні я, ні Мэры Грант не павінны жывымі дастацца ў лапы дзікуноў.

Сказаўшы гэта, яна падала Гленарвану зараджаны рэвальвер.

— Зброя! — радасна крыкнуў той, і вочы яго бліснулі.

— Так. Маарыйцы не шукалі ў нас. Але памятайце, Эдуард, гэты рэвальвер — для нас.

— Гленарван! — шпарка сказаў Мак-Набс.— Схавайце зброю. Цяпер не час спрачацца.

Той паслухмяна схаваў рэвальвер у кішэню, і ў тую-ж секунду дзверы адчыніліся і ў святыню ўвайшоў тубылец.

Ён знакамі прапанаваў палонным ісці за ім. Гленарван і яго спадарожнікі паслухаліся і, прайшоўшы цераз пляцоўку форта, спыніліся перад Каі-Куму.

Каля правадыра сабраліся выдатнейшыя воіны племені, у тым ліку той маарыец, пірога якога далучылася да пірогі Каі-Куму каля прытокі Вайкато — Похайвена. Гэта быў чалавек гадоў сарака, шырокаплечы і дужы, з лютым панурым тварам. Яго звалі Кара-Тэтэ, што па-новазеландску азначае «ўспыльчывы». Яго татуіроўка была далікатная і з гэтага можна было зразумець, што ён займае ганаровае месца ў сваім племені. Каі-Куму абыходзіўся з ім лагодна і ветліва. Аднак уважлівы назіральнік лёгка зразумеў-бы, што гэтыя правадыры ўпотай спрачаюцца між сабой і ненавідзяць адзін аднаго. Маёр адразу здагадаўся, што папулярнасць Кара-Тэтэ не падабаецца Каі-Куму. Абодва яны былі правадырамі буйных пляменняў на Вайкато і мелі роўныя правы. Таму нядзіўна, што ў часе гутаркі позірк Каі-Куму быў поўны глыбокай нянавісці, хоць рот яго і ўсміхаўся.

Каі-Куму запытаў у Гленарвана:

— Ты англічанін?

— Так,— не думаючы, адказаў той, разумеючы, што прыналежнасць да гэтай нацыянальнасці зробіць лягчэйшай аперацыю абмену.

— А твае спадарожнікі?

— Такія-ж англічане, як і я. Мы падарожнікі, пацярпеўшыя крушэнне. Ведай, што мы не ўдзельнічалі ў вайне.

— Гэта аднолькава! — груба перапыніў яго Кара-Тэтэ.— Усе англічане — нашы ворагі. Твае землякі здрадніцкі захапілі наш востраў. Яны падпальваюць нашы вёскі і забіваюць нашых сыноў і жонак.

— Яны робяць няправільна,— спакойна адказаў Гленарван.— Я гэта кажу таму, што такая мая думка, а не таму, што я ў цябе ў палоне.

— Слухай,— пачаў Каі-Куму.— Тагонга, вялікі жрэц Нуі-Атуе, трапіў у палон да тваіх братоў. Наш бог загадвае нам выкупіць яго з рук пакекаў. Я-б хацеў вырваць з тваіх грудзей сэрца і на векі-вечныя павесіць тваю галаву і галовы тваіх спадарожнікаў на частакол па. Але Нуі-Атуа сказаў сваё слова.

Каі-Куму, які да гэтага часу добра валодаў сабой, пры гэтых словах пацямнеў ад злосці, і голас яго задрыжэў ад хвалявання.

Змоўкнуўшы на хвіліну, каб саўладаць са сваімі пачуццямі, ён прадаўжаў больш спакойным голасам:

— Як ты думаеш, ці згодзяцца англічане абмяняць на цябе нашага Тагонгу?

Гленарван, не адказваючы, уважліва паглядзеў на новазеландца.

— Не ведаю,— адказаў ён пасля нядоўгага маўчання.

— Адказвай,— прадаўжаў Каі-Куму, — ці варта тваё жыццё жыцця нашага Тагонгу.

— Не,— адказваў Гленарван.— Я не правадыр і не жрэц сярод сваіх.

Паганель, здзіўлены гэтым адказам, паглядзеў на Гленарвана з вялікім здзіўленнем.

Каі-Куму таксама, здавалася, здзівіўся.

— Значыцца, ты сумняваешся? — запытаў ён.

— Я не ведаю,— паўтарыў Гленарван.

— І твае браты не абмяняюць цябе на нашага Тагонгу?

— Мяне аднаго — не,— адказаў Гленарван.— Нас усіх — можа памяняюць.

— У маарыйцаў заведзена мяняць галаву на галаву,— запярэчыў Каі-Куму.

— У такім выпадку прапануй спачатку памяняць гэтых жанчын на твайго жраца,— сказаў Гленарван, паказваючы на Элен і Мэры.

Элен хацела кінуцца к свайму мужу, але маёр стрымаў яе.

— Гэтыя дзве жанчыны,— сказаў Гленарван, пачціва кланяючыся Элен і Мэры,— маюць вялікае значэнне ў маёй краіне.

Правадыр холадна зірнуў на палоннага. Злая ўхмылка скрывіла яго рот. Але ён тут-жа схаваў яе і, ледзь стрымліваючы гнеў, загаварыў.

— Няўжо ты думаеш ашукаць хлуслівымі словамі Куі-Куму, пракляты еўрапеец? Табе не ўдасца гэта: вочы Каі-Куму ўмеюць чытаць сэрца чалавека.

Ад грукату стрэла натоўп тубыльцаў павыбягаў з хацін. Пляцоўка ўмомант напоўнілася раз’юшаным натоўпам. Сотня рук узнялася над галовамі няшчасных палонных. У Гленарвана выхапілі рэвальвер.

Каі-Куму дзіўна зірнуў на Гленарвана. Потым, засланіўшы яго сабою, ён узняў рукі над натоўпам, які гатовы быў накінуцца на еўрапейцаў і разарваць іх, і праказаў гучным голасам адно слова:

— Табу!

Ад гэтага слова ўвесь натоўп анямеў, нібы дзікуноў уразіла нейкая нябачная сіла.

Праз некалькі хвілін палонных завялі зноў у святыню і замкнулі іх там, як у турме.

Але Роберта Гранта і Жака Паганеля не было сярод іх.


РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ Пахаванне маарыйскага правадыра

Каі-Куму, як гэта часта бывае ў Новай Зеландыі, адначасова быў правадыром і жрацом свайго племені. Як жрэц, ён меў права накладваць табу — забарону на людзей і рэчы.

Табу — гэта перш за ўсё забарона дакранацца да пэўных рэчаў, людзей, мясцін і т. д. Гэты рэлігійны закон вельмі шануюць усе палінезійскія плямёны. Згодна маарыйскіх пераконанняў, разгневаны бог карае неадкладнай смерцю чалавека, які святататна парушыў накладзенае на каго-небудзь ці што-небудзь табу. І маарыйцы добра ведаюць, што калі бог не ў час апусціць на галаву непаслушніка сваю караючую руку, дык яму на дапамогу зараз-жа прыдуць жрацы.

Табу накладваецца часам правадырамі з палітычных меркаванняў, але часцей злучаецца з бытавым укладам прыватнага жыцця. Да тубыльца нельга дакранацца, калі ён стрыжэ сабе галаву, калі ён толькі што татуяваўся, калі ён робіць сабе пірогу ці будуе дом, калі ён цяжка захварэе і нарэшце пасля смерці. Калі непамерная лоўля рыбы пагражае спустошыць раку, на яе накладваецца табу. Калі правадыр або жрэц любіць маладую бульбу, на маладыя парасткі расліны накладваецца табу. Правадыру хочацца застацца аднаму ў сваім доме — ён абвяшчае яго табу; правадыру выгадна мець манаполію ў зносінах з прыбыўшым замежным караблём — гэты карабль становіцца табу; трэба ізаляваць еўрапейца-гандляра, які чым-небудзь не дагадзіў правадыру,— зноў на сцэне з’яўляецца табу. У гэтых выпадках табу дзікуноў нагадвае старадаўняе «veto» каралёў.

Ёсць яшчэ адна рознавіднасць табу, якая накладваецца не на рэч ці жывёлу, а на чалавека. Помслівы жрэц, не здаволены якім-небудзь дзікуном, можа накласці на яго яду табу. Да табу, як вядома, нельга дакранацца беспакарана рукамі. Калі няшчасны багаты, ён можа прымусіць сваіх парабкаў класці яму ў рот яду, да якой не павінны дакранацца яго рукі. Калі ён бедны, яму застаецца поўзаць па зямлі, як паўзуну, беручы яду ротам.

Гэты своеасаблівы звычай рэгулюе і ўмешваецца ва ўсе, нават найдрабнейшыя, праявы жыцця. Табу мае сілу закона.

Больш таго, табу — гэта цэлы збор законаў, бясспрэчных і несупярэчных, якія перасцерагаюць кожны рух дзікуна.

Табу, накладзенае на палонных еўрапейцаў, было самаўпраўным. Але аднак некалькі дзікуноў з нападаючых умомант ператварыліся ў абаронцаў палонных, як толькі Каі-Куму сказаў запаветнае слова.

Аднак Гленарван не суцяшаў сябе надзеямі адносна далейшага свайго лёсу. Ён разумеў, што заплоціць жыццём за забойства правадыра. Але смерць, з пункту гледжання дзікуноў,— толькі дачасны канец мучэння. Таму Гленарван рыхтаваўся да пякельных катаванняў за сваю віну перад дзікунамі. Але ён ні на секунду не пашкадаваў, што забіў Кара-Тэтэ. Апрача таго ён спадзяваўся, што гнеў Каі-Куму будзе скіраваны толькі на яго аднаго.

Можна ўявіць, якую ноч перажылі зняволеныя еўрапейцы! Ніякімі словамі нельга апісаць іх пакут і нуды. Няшчасныя Роберт і Паганель зніклі. Ніхто не сумняваўся пра іх благі лёс. Яны сталі першымі афярамі ярасці тубыльцаў. Ніхто з палонных не верыў у тое, што яны выратаваліся, нават Мак-Набс, самы спакойны з усіх. Джон Мангльс бачыў няўцешнае гора разлучанай з братам Мэры Грант і аж вар'яцеў ад сазнання свайго бяссілля. Гленарван не пераставаў думаць аб просьбе Элен не аддаваць яе жывой у рукі дзікуноў. Ці хопіць у яго мужнасці выканаць гэтую страшную просьбу?

Аб тым-жа думаў і Джон Мангльс, і сэрца яго аблівалася крывёй.

«Якое права я маю пазбавіць жыцця Мэры?» няспынна запытваў ён у сябе.

Аб уцёках не было чаго і думаць. Дзесяць узброеных да зубоў воінаў вартавалі каля дзвярэй святыні.

Настала раніца трынаццатага лютага. Тубыльцы не спрабавалі наладзіць зносіны з еўрапейцамі, на якіх было накладзена табу. У святыні было дастаткова яды, але няшчасныя амаль не дакрануліся да яе. Гора перамагала голад. Дзень пражылі без аніякіх змен. Відаць, гадзіна пахавання забітага правадыра павінна была стаць гадзінай пачатку катаванняў. Гленарван разумеў, што ні аб якім абмене палоннымі зараз не можа быць і гаворкі. Але маёр захоўваў яшчэ адносна гэтага іскру надзеі.

— Адкуль ведаць,— гаварыў ён Гленарвану.— Можа Каі-Куму не толькі не злуецца на вас за забойства свайго супраціўніка, але нават удзячны вам за гэта.

Але гэтыя словы Мак-Набса не пераконвалі Гленарвана, і ён не цешыўся нязбытнымі надзеямі. Наступны дзень, 14 лютага, перажылі таксама без змены.

Вось тлумачэнне прычын адцягвання гадзіны смерці палонных.

Маарыйцы вераць у тое, што душа не пакідае цела нябожчыка першыя трое сутак пасля смерці. Таму на працягу гэтага часу цела не хаваюць. Гэты звычай быў захованы і ў дачыненні да Кара-Тэтэ. Да 15 лютага на пляцоўцы форта нікога не было. Джон Мангльс часта ўзлазіў на плечы Вільсона і пазіраў за тым, што робіцца ў фарту.

Тубыльцы не выходзілі са сваіх хацін, і толькі вартавыя, якія пільна ахоўвалі іх, змяняліся каля варот святыні.

Але на трэці дзень на пляцоўку з усіх хацін выбеглі людзі. Мужчыны, жанчыны, дзеці — шмат соцень панурых і маўклівых маарыйцаў сабралася перад хацінай правадыра.

Каі-Куму, акружаны выдатнейшымі воінамі племені, падышоў да невялікага ўзгорка ў цэнтры пляцоўкі. Натоўп тубыльцаў шчыльна акружыў гэты ўзгорак. Усе панура маўчалі.

Па знаку Каі-Куму адзін воін вышаў з натоўпу і накіраваўся да святыні.

— Памятай! — сказала Элен мужу.

Гленарван прыціснуў яе да сэрца. У гэтую хвіліну Мэры Грант падышла да Джона Мангльса.

— Містэр і місіс Гленарван,—сказала яна,— лічаць, што калі муж можа забіць сваю жонку, каб пазбавіць яе ад катавання і знявагі, дык жаніх можа зрабіць тое самае для сваёй нявесты. Джон, у гэтую рашаючую хвіліну я смела запытваюся ў вас: хіба вы ў думках не лічыце мяне за сваю нявесту? Ці магу я спадзявацца, дарагі Джон, што вы зробіце для мяне тое самае, што Гленарван зробіць для Элен?

— Мэры! — адчайна крыкнуў малады чалавек. — Любая Мэры...

Ён не здолеў адказаць ёй. Дзверы святыні адчыніліся, воін жэстам загадаў палонным ісці за ім. Жанчыны скарыліся перад лёсам. Мужчыны стрымлівалі свой жах і празмерным напружаннем волі надалі сабе бадзёры выгляд.

Палонных падвялі да ўзгорка, на якім стаяў Каі-Куму.

Суд пачаўся.

— Ты забіў Кара-Тэтэ! — сказаў новазеландскі правадыр Гленарвану.

— Так, я забіў яго,— спакойна адказаў той.

— Заўтра досвіткам ты памрэш!

— Я адзін? — запытаў Гленарван, сэрца якога радасна застукала.

— Ах, каб Тагонга не быў у палоне! — уздыхнуў Каі-Куму, люта пазіраючы на еўрапейцаў.

У гэты момант нейкае замяшанне адбылося ў радах дзікуноў. Гленарван азірнуўся. Натоўп расступіўся, і з яго вышаў воін, увесь узброены. Ён быў запылены. З твара яго капалі буйныя кроплі поту.

Каі-Куму, убачыўшы яго, адразу-ж запытаўся ў яго па-англійску, відаць, хочучы, каб яго зразумелі палонныя.

— Ты прышоў са стану пакекаў?

— Так,— адказаў маарыец.

— Ты бачыў Тагонгу?

— Бачыў.

— Ён жывы?

— Ён памёр! Англічане расстралялі яго.

Лёс спадарожнікаў Гленарвана быў вырашаны.

Каі-Каму закрычаў:

— Вы ўсе памрэце заўтра досвіткам!

Значыць, аднолькавая доля чакала ўсіх няшчасных падарожнікаў. Пасля таго, як абвясцілі прыгавор, палонных не павялі ў святыню. Яны павінны былі прысутнічаць пры пахаванні правадыра і пры ўсіх крывавых абрадах, якія суправаджаюць гэтае пахаванне. Варта з некалькіх воінаў завяла іх пад вялікае дрэва і там спынілася, не зводзячы з іх вачэй. Астатнія маарыйцы, разыгрываючы хаўтурны смутак, здавалася, забыліся аб іх існаванні.

Мінула трое сутак пасля смерці Кара-Тэтэ. Душа нябожчыка ўжо канчаткова развіталася з зямлёй. Пахавальная цырамонія пачалася.

Цела Кара-Тэтэ прынеслі на насілках і паклалі на ўзвышэнне пасярод плошчы. Нябожчык-правадыр быў адзеты ў раскошную вопратку і захутаны ў шырокі плашч. На галаве яго красаваўся вянок з зялёнага лісця, у які быў уваткнуты раскошны плюмаж[83]. Твар, рукі і грудзі яго блішчэлі ад тлушчу. Не было і знаку, што яны загніліся.

Сябры і родныя падышлі да ўзвышэння і абступілі яго цесным кругам. Раптам, нібы па сігналу дырыжэра, паветра загрымела неймаверным крыкам, стогнамі, плачам і галашэннем. Увесь гэты шум падпарадкоўваўся аднак аднаму нейкаму рытму, жалобнаму і павольнаму. Блізкія нябожчыка білі сябе ў грудзі і па галаве. Сваячніцы абдзіралі сабе твар і вылівалі больш крыві, чым слёз. Няшчасныя жанчыны сумленна выконвалі хаўтурны абавязак, але гэтых знешніх праяў гора было недастаткова, каб супакоіць душу нябожчыка. Каб адвесці гнеў нябожчыка ад жывых родзічаў, каб ён не шкадаваў на тым свеце зямнога дабра, аднаго плачу было мала. Жонка правадыра павінна была ляжаць побач з ім у магіле. Няшчасная ўсёроўна не згадзілася-б перажыць свайго мужа. Такі быў звычай, і новазеландская гісторыя мае шмат прыкладаў такіх афяр.

Удава правадыра падышла да ўзвышэння. Гэта была зусім яшчэ маладая жанчына. Яе растрапаныя валасы звісалі на плечы. Яе крык і галашэнне ўзнімаліся ў неба. Скаргі, нараканні, пералічэнні заслуг нябожчыка перарываліся плачам. Раптам, у параксізме[84] гора, яна ўпала на зямлю і пачала біцца аб падножжа ўзвышэння.

У гэтую хвіліну Каі-Куму падышоў да яе. Няшчасная ўдава хутка ўстала, але тут-жа, збітая страшэнным ударам дубіны, упала нежывой на зямлю.

Дзікія крыкі загрымелі ў паветры. Сотні рук пагрозна выцягнуліся к палонным, якія былі збянтэжаны гэтым страшэнным відовішчам. Але ніхто з дзікуноў не крануўся з месца, таму што хаўтурная цырамонія яшчэ не скончылася. Жонка Кара-Тэтэ сышлася зноў са сваім мужам. Абодва трупы ляжалі зараз побач на ўзвышэнні. Але для таго святога жыцця нябожчыка недастаткова было адной жонкі. Хто будзе прыслужваць яму на небе, калі рабы застануцца на зямлі.

Шэсць няшчасных рабоў падышлі да трупаў сваіх гаспадароў. Гэта былі воіны чужых плямён, якіх бязлітасныя законы вайны прывялі да рабства. Пакуль быў жывы іх гаспадар, яны зведалі нямала пакут ад дрэннага абыходжання: елі аб’едкі, працавалі цераз сілу без адпачынку і тэрміну. Цяпер, згодна веры маарыйцаў, яны павінны былі вечна цягнуць лямку такога-ж рабскага існавання на небе.

Гэтыя няшчасныя, здавалася, змірыліся са сваім лёсам. Іх рукі не былі звязаны, значыцца, ніхто не сумняваўся, што яны памруць без супраціўлення. Аднак, гэта смерць павінна была быць лёгкай: яны былі пазбаўлены ад пакут. Катаванне рыхтавалася другім афярам — вінаватым у пагібелі правадыра, якія стаялі за дваццаць крокаў ад нябожчыка і не глядзелі ў той бок, каб не бачыць гэтых жахлівых сцэн.

Шэсць удараў дубіны, ад шасці дужых воінаў, скончылі разлікі з жыццём шасці рабоў. Скрываўленыя, яны нежывымі ўпалі на зямлю.

Гэта было сігналам к пачатку агідлівай сцэны людаедства. На трупы рабоў не накладзена табу, як на трупы правадыроў. Яны — грамадская ўласнасць. Таму, як толькі афяраванне скончылася, уся маса тубыльцаў — правадыры і дзяды, воіны і жанчыны, дзеці і жрэцы — са звярынай прагнасцю накінуліся на яшчэ цёплыя целы рабоў. Потым дваццаць вогнішчаў загарэлася ў розных месцах плошчы, і пах гарэлага мяса разышоўся ў паветры.

Гленарван і яго спадарожнікі, ледзь дыхаючы ад жаху, стараліся скрыць ад няшчасных жанчын гэтую агідную сцэну. Яны ведалі зараз, які лёс чакаў іх заўтра, і разумелі, што смерць здасца ім жаданым ратункам ад страшных катаванняў.

Між тым на плошчы пачаліся скокі. Дзікуны напіліся соку раслін piper excelsum і ўсёроўна як звар’яцелі. У іх не засталося зараз нічога чалавечага. Здавалася, яшчэ хвіліна, і, забываючы пра табу правадыра, яны накінуцца на палонных і парвуць іх на часткі.

Але Каі-Куму захаваў цвярозасць думкі сярод усеагульнага ап’янення. Ён пільна сачыў за тым, каб гэтая крывавая оргія не перайшла пэўных граніц, і пасля гадзіны спыніў буянства дзікуноў, загадаўшы пачынаць апошнія пахавальныя абрады.

Воіны перанеслі трупы Кара-Тэтэ і яго жонкі на шырокія насілкі; згодна новазеландскаму звычаю трупы не паклалі, а пасадзілі на насілкі, падпёршы каленямі грудзі. Надыходзячае пахаванне не было канчатковым — нябожчыкаў закапалі ў зямлю толькі для таго, каб зямля знішчыла мяса, захаваўшы толькі адны косці.

Удупа, гэта значыць магіла, была выкапана за агарожай, прыкладна, за дзве мілі ад форта, на невысокім узгорку Маунганаму, на правым беразе возера.

Чатыры воіны ўзнялі на плечы насілкі з трупамі Кара-Тэтэ і яго жонкі і пад гукі жалобных спеваў усяго племені павольна перанеслі іх на месца апошняга супакою.

Палонныя, якіх, як і раней, пільна ахоўвалі, праводзілі позіркамі пахавальную працэсію, пакуль, яна не вышла за вароты форта. Гукі спеваў і крыкі паступова заціхалі воддаль. На працягу поўгадзіны працэсіі не было відаць — яна ішла па цясніне ў горах. Але потым яна зноў паказалася, павольна ўзбіраючыся па кручанай сцежцы на верх узгорка. Здалёк гэты падобны да хваляў рух доўгай калоны людзей ствараў фантастычнае ўражанне.

Працэсія спынілася на вяршыні Маунганаму, дзе была выкапана магіла. Просты маарыец пасля смерці закапваецца ў звычайную яму, на якую навальваецца куча камення. Але для магутнага правадыра племя падрыхтавала магілу, вартую яго ролі на зямлі.

Удупа была абгароджана частаколам. Каля магілы стаялі вылепкі багоў, афарбаваныя охрай. Родныя не забылі, што вандуа — душа нябожчыкаў — таксама патрабуе яды, як і зямное цела жывога правадыра. Таму ўнутры частакола была складзена яда, зброя і вопратка нябожчыка. Такім чынам поўны камфорт павінен быў акружаць нябожчыка-правадыра.

Трупы апусцілі ў магілу і з новым выбухам плачу і галашэння засыпалі яе зямлёй і накрылі дзёрнам.

Пасля гэтага картэж, захоўваючы суровае маўчанне, рушыўся назад. З гэтага часу ніхто не меў права ступіць на Маунганаму. Гара стала табу, як Тангарыро, дзе супачываюць астанкі правадыра, які загінуў у 1846 годзе ў часе землетрасення.


РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ Апошнія гадзіны

У той момант, калі сонца схавалася за верхавіны гор, палонных еўрапейцаў завялі зноў у іх турму. Яны павінны былі заставацца там да таго часу, пакуль вяршыні Ваіхіці-Рэндж не асвецяцца першымі праменнямі дня.

Палонным засталася толькі адна ноч для падрыхтоўкі к смерці. Не гледзячы на прыгнечанае становішча, не гледзячы на жах, які яны перажылі, яны селі разам вячэраць.

— Нам будуць патрэбны ўсе нашы сілы,— сказаў Гленарван,— каб пазіраць смерці ў твар.

Пасля вячэры Мэры і Элен пайшлі ў падрыхтаваны для іх куток святыні і там ляглі на маты. Добрадзейны сон, у часе якога забываюцца на ўсе пакуты, сплюшчыў іх павекі. Яны заснулі, абняўшыся, пераможаныя стомленасцю і доўгім бяссоннем.

Тады Гленарван паклікаў мужчын у другі кут святыні і ціха сказаў:

— Дарагія сябры! Заўтра, пэўна, нам суджана памерці. Я ўпэўнены, што ўсе вы сустрэнеце смерць, як сапраўдныя мужчыны, не здрыгануўшыся... Але смерць ад рукі дзікуноў — гэта не проста смерць, гэта яшчэ катаванне, а можа і знявага... З намі дзве жанчыны...

Тут голас Гленарвана абарваўся. Ён змоўк, каб суняць сваё хваляванне.

Пасля хвіліны перапынку ён прадаўжаў.

— Джон,— звярнуўся ён да маладога капітана,— ці абяцалі вы Мэры тое, што я абяцаў Элен.

— Так, абяцаў і даю слова, што выканаю гэта абяцанне,— адказаў Джон Мангльс.

— Але-ж у нас няма зброі, Джон...

— Вось яна! — адказаў малады чалавек, выцягваючы з кішэні кінжал.— Я выхапіў яго з рук Кара-Тэтэ, калі гэты дзікун упаў к вашым нагам. Той з нас, хто перажыве другога, выканае гэты абавязак перад вашай жонкай і Мэры Грант.

Глыбокае маўчанне запанавала ў святыні пасля гэтых слоў.

Нарэшце яго парушыў маёр.

— Сябры мае,— сказаў ён,— не спяшайцеся з выкананнем гэтага страшнага рашэння, я не прыхільнік непапраўных учынкаў.

— О, я і не думаў пра самагубства! — усклікнуў Гленарван.— Якой-бы страшнай ні была наша смерць, мы здолеем пазіраць ёй проста ў вочы. Ах, каб з намі не было жанчын, я-б ужо даўно крыкнуў вам: «Сябры! паспрабуем прарвацца сілай. Нападзем на гэтых крывяжэрных дзікуноў. Нам няма чаго губляць!» Але Элен... Але Мэры...

Джон Мангльс, стаўшы на плечы Вільсона, паглядзеў на двор. Святыню ахоўвалі чалавек дваццаць тубыльцаў. Яны распалілі вогнішча, якое кідала злавесныя адсветы на няроўную паверхню глебы форта. Частка дзікуноў ляжала каля вогнішча, частка хадзіла каля дзвярэй, і сілуэты іх чорнымі плямамі вырысоўваліся на чырвоным фоне полымя. Але ўсе паглядалі на даручаную пад іх адказнасць святыню.

Кажуць, што ў палоннага заўсёды больш шансаў уцячы, чым у турэмшчыка перашкодзіць гэтаму. Сапраўды, калі колькасць шансаў вызначаецца ступенню зацікаўленасці, дык перавага на баку палоннага. Турэмшчык можа забыць, што ён вартуе нявольніка, але нявольнік можа забыцца на тое, што яго вартуюць, што ён не вольны. І таму нявольнік часцей думае пра ўцёкі, чым турэмшчык пра тое, як перашкодзіць уцёкам.

Але Гленарвана і яго спадарожнікаў вартавалі не наёмныя, абыякавыя турэмшчыкі, а людзі, поўныя нянавісці і помсты. Калі яны не звязалі сваім палонным рук і ног, дык гэта тлумачыцца толькі поўнай безнадзейнасцю ўсякай спробы ўцячы на вачах дваццаці вартаўнікоў.

Доступ да святыні — турмы для падарожнікаў, быў магчымы толькі з аднаго боку,— з плошчы форта. Задняя сцяна яго прытулілася да зусім стромкай скалы. Дзве астатнія сцяны стаялі над глыбокай прорвай, глыбінёй не менш як сто футаў. Спусціцца па схілу прорвы было немагчыма. Таксама нельга было ўцячы і ўверх па стромай скале. Адзіным выхадам і ўваходам была вузенькая палоска зямлі перад дзвярыма, якая злучала, як мост, пляцоўку, на якой стаяла святыня, з плошчай форта. Але гэты мост пільна ахоўваўся ўзброенымі тубыльцамі. Пры гэтых умовах не было чаго і думаць аб уцёках.

Гленарван пераканаўся ў гэтым, дваццаць разоў даследаваўшы сцены святыні.

Між тым гэтая пакутная ноч праходзіла гадзіна за гадзінай. Густы змрок укрыў гару. Цяжкія воблакі засланялі месяц і зоркі.

Вецер парыўчата налятаў на форт. Драўляныя сцены святыні рыпелі. Вогнішча тубыльцаў шугала яркім полымем, і адсветы яго асвятлялі чырванаватым мігценнем групу ўнураных у хмурныя думкі палонных. Вялікае маўчанне панавала ў святыні.

Мусіць, было каля чатырох гадзін раніцы, калі ўвагу маёра прыцягнуў лёгкі шум, які даходзіў як быццам ад сцяны святыні, што ўпіралася ў скалу. Мак-Набс не надаваў значэння гэтаму шуму. Але, бачачы, што ён, не змаўкае, настаражыўся. Потым ён ціха падпоўз к сцяне і прыклаў да яе вуха. Яму здалося, што нехта скрабе знадворку.

Пераканаўшыся, што слух не падманьвае яго, маёр паклікаў Гленарвана і Джона Мангльса.

— Слухайце,— шапнуў ён, падаючы ім знак нахіліцца.

Зараз зусім выразна было чуваць, як капаюць зямлю знадворку. Каменьчыкі скрыгаталі ад дотыку нейкай вострай прылады і асыпаліся ўніз.

— Гэта нейкая жывёла капае сабе норку,— ледзь чутна сказаў Джон Мангльс.

Гленарван паківаў галавой.

— А можа гэта чалавек? — сказаў ён.

— Зараз мы даведаемся, чалавек гэта ці жывёла,—адказаў маёр.

Вільсон і Ольбінет далучыўся да Гленарвана, маёра і Джона Мангльса, і ўсе пяцёра пачалі капаць зямлю пад сцяной. Джон капаў кінжалам, астатнія — першым, які трапіўся пад рукі, каменем. Пакуль яны працавалі, Мюльрэдзі сачыў за кожным рухам тубыльцаў.

Але дзікуны ні аб чым не здагадваліся і спакойна сядзелі вакол вогнішча.

Глеба складалася з пульхнага туфа. Дзякуючы гэтаму падкоп хутка павялічваўся, не гледзячы на тое, што яго капалі самымі прымітыўнымі прыладамі. Хутка стала відавочным, што чалавек ці, можа, некалькі чалавек, капалі зямлю каля святыні. Для якой мэты? Ці ведалі яны аб тым, што ў святыні былі палонныя.

Палонныя падвоілі сілу. З іх абадраных рук цякла кроў, але яны не пераставалі капаць. Пасля поўгадзіны работы глыбіня падкопу з боку святыні дайшла да поўсажня.

Па стуку знадворку можна было зразумець, што толькі тонкая земляная перагародка падзяляе сустрэчныя падкопы.

Так прайшло яшчэ некалькі хвілін, як раптам маёра выцяла па руцэ нейкая вострая прылада. Ён ледзь не закрычаў ад болю.

Джон Мангльс, удачна ўнікнуўшы ўдару нажом, які высунулі знадворку, ухапіў за руку, што трымала нож.

Гэта была рука жанчыны ці дзіцяці, але несумненна рука еўрапейца.

Ні адтуль, ні адсюль ніхто не загаварыў. Відаць было, што абодвум бакам выгадна было маўчаць.

— Ці не Роберт гэта? — прашаптаў Гленарван.

Але як ні ціха сказаў ён гэтыя словы, іх пачула скрозь дрымоту Мэры Грант. Падбегшы паціху да Гленарвана, яна знайшла ў цемры запэцканую ў зямлю руку і пачала бесперастанку цалаваць.

— Гэта ты, Роберт? — радасна шапнула маладая дзяўчына.— Гэта ты, любы хлопчык?

— Гэта я, сястрычка,— адказаў Роберт.— Я прышоў, каб выратаваць вас усіх. Але цішэй!

— Які герой! — паўтараў Гленарван.

— Сачыце за дзікунамі,— скамандаваў Роберт.

Мюльрэдзі, які на хвіліну заглядзеўся на хлапчука, зноў вярнуўся да свайго назіральнага пункта.

— Усё ў парадку,— сказаў ён.— Толькі чатыры тубыльцы вартуюць, астатнія спяць.

— Смялей! — сказаў Вільсон.

Яму пашырылі за адну хвіліну, і Роберт, ускочыўшы ў святыню, з абдымкаў Мэры перайшоў у абдымкі Элен. Вакол пояса хлопчыка была закручана доўгая пяньковая вяроўка.

— Мой дарагі, мой хлопчык, ты жывы! — шаптала Мэры.— Як-жа ты выратаваўся?

— У мітусні, якая пачалася пасля забойства Кара-Тэтэ, я раптам заўважыў, што мяне выпіхнулі за нарад аховы. Я непрыкметна падпоўз да агарожы крэпасці і пералез цераз яе. Два дні я хаваўся ў кустах. Уночы я пралазіў у форт. Я хацеў пабачыць вас. У той час, як усё племя хавала правадыра, я агледзеў скалу, на якой збудавана ваша турма. Я ўбачыў, што здолею дабрацца да вас. Тады я ўкраў у нежылой хаціне гэты нож і вяроўку. Я ўскарабкаўся на скалу, чапляючыся за траву, за галлё хмызнякоў. Выявілася, што якраз пад гэтай святыняй у зямлі ёсць даволі вялікая яма. Мне заставалася пракапаць толькі некалькі футаў. І вось я тут!

Дваццаць пяшчотных пацалункаў былі адзіным адказам на прамову хлопчыка.

— Уцякайма! — рашуча сказаў ён.

— Паганель чакае ўнізе? — запытаў Гленарван.

— Паганель? — перапытаў хлопчык, здзіўлены ад такога пытання.

— Так. Ён чакае нас?

— Не... Хіба ён не з вамі?

— Не, ён знік, Роберт,— адказала Мэры.

— Як, хіба ён не з табой уцёк? — запытаў Гленарван.

— Не, сэр,— адказаў Роберт, надзвычай здзіўлены знікненнем свайго дарослага сябра.

— Уцякайма! — сказаў маёр.— Нельга траціць ні секунды. Дзе-б не быў зараз Паганель, ён не можа быць у больш небяспечным становішчы, чым мы тут. Уцякайма!

І сапраўды, кожная секунда была на ўліку. Трэба было безадкладна ўцякаць. Уцёкі ўвогуле не былі асабліва цяжкія. Толькі першыя дваццаць футаў спуску былі амаль вертыкальнымі. Далей схіл быў ужо не такім крутым. Спусціўшыся са скалы, палонныя маглі пайсці проста ў даліны, што ляжалі за гарамі; між тым маарыйцам, калі яны заўважаць іх уцёк, давядзецца гнацца за імі абходным шляхам уздоўж усёй гары.

Палонныя па адным вылезлі праз вузкую дзірку падкопа і апынуліся ў яме. Джон Мангльс, які апошнім пакінуў святыню, шчытна закрыў дзірку матамі, каб яна не выдала адразу праследавальнікам шлях уцекачоў.

Зараз трэба было спусціцца па стромай сцяне да таго месца, дзе схіл быў менш круты. Каб не ўзяў Роберт вяроўкі, дык спусціцца было-б немагчыма.

Вяроўку раскруцілі, і адзін канец яе прывязалі да выступу скалы, а другі скінулі ўніз. Перш чым спусціцца па вяроўцы, Джон Мангльс праверыў яе моцнасць. З прыкрасцю ён убачыў, што асабліва спадзявацца на яе нельга, а між тым, калі парвецца вяроўка, смерць немінуча.

— Гэтая вяроўка можа вытрымаць не больш двух чалавек адначасова,— сказаў ён.— Таму прыдзецца спускацца па чарзе. Хай містэр Гленарван спускаецца першым з місіс Элен. Калі яны будуць на зямлі, няхай тройчы тузануць за вяроўку — гэта будзе сігналам для спуску наступнай пары.

— Дазвольце мне спусціцца першым,— сказаў Роберт.— Я знайшоў там невялікую ямку, дзе пасля спуску можна непрыкметна чакаць астатніх.

— Спускайся, Роберт,— сказаў Гленарван, паціскаючы руку хлопчыку.

Роберт спусціўся ўніз. Праз хвіліну вяроўка тарганулася тры разы — знак, што ён шчасліва дасягнуў ямкі.

Адразу-ж Гленарван і Элен спусціліся ўніз. Ноч усё яшчэ была цёмнай, але пачыналіся ўжо вырысоўвацца на гарызонце контуры горных вяршынь.

Ранішні халадок падбадзёрыў маладую жанчыну. Яна адчула сябе больш моцнай і смела спусцілася ўніз услед за сваім мужам. Яны хутка дасягнулі таго месца, дзе стромая сцяна сустракалася з уступам гары.

Тут яны пакінулі вяроўку і пачалі спаўзаць па стромаму схілу, чапляючыся рукамі за зямлю. Гленарван падтрымліваў Элен. Намацаўшы нагой купіну, ён спачатку спрабаваў ці моцная яна, а пасля паказваў на яе Элен. Абуджаныя іх спускам птушкі, шчабечучы, лёталі над іх галовамі. Уцекачы дрыжэлі, калі з-пад іх ног падаў каменьчык і з шумам каціўся да падножжа гары.

Так прайшлі яны амаль да палавіны схілу, як раптам Джон Мангльс прашаптаў зверху:

— Спыніцеся!

Гленарван, учапіўшыся адной рукой за пучок травы, а другой падтрымліваючы Элен, замёр на месцы, ледзьве дыхаючы.

Трывогу ўзняў Вільсон. Ён пачуў нейкі падазроны рух сярод вартавых і, залезшы зноў у святыню, паглядзеў у шчыліну. Па данаму ім знаку Джон Мангльс спыніў Гленарвана.

Сапраўды, адзін з вартавых, відаць, пачуўшы шум у святыні, адышоў ад вогнішча і падышоў да дзвярэй. Прыпыніўшыся тут і схіліўшы галаву набок, ён на працягу хвіліны напружана прыслухоўваўся. Пасля, паківаўшы галавой, як чалавек, якому здалося, ён адышоў назад на сваё месца і падкінуў сухога галля на вогнішча. Полымя асвятліла яго спакойны, не зацямнёны ніякімі клопатамі твар. Агледзеўшы гарызонт, які пачынаў ужо святлець, ён улёгся каля вогнішча і заснуў.

— Усё ў парадку! — прашаптаў Вільсон.

Джон таксама шэптам прапанаваў Гленарвану прадаўжаць спуск. Той паслухаўся, і яшчэ праз хвіліну Элен і ён апынуліся каля падножжа гары.

Тым часам Джон Мангльс і Мэры, у сваю чаргу ўзяўшыся за вяроўку, пачалі небяспечны спуск.

Другая пара таксама шчасліва дасягнула падножжа гары і далучылася да першай у яме, якую паказаў Роберт.

Праз пяць хвілін усе палонныя, якія так удачна ўцяклі з турмы, вышлі са свайго часовага прыстанішча і пайшлі ў бок ад форта. Куды яны ішлі? Гэтага яны самі не ведалі. Але яны былі на волі!

Каля пяці гадзін раніцы пачало світаць. Воблакі афарбаваліся ў ружаватыя тоны.

Вяршыні гор ахуталіся ранішнім туманам. Дзённае свяціла павінна было хутка заззяць на небасхіле і, асвятліўшы пустую турму, выкрыць уцёкі асуджаных да кары смерцю.

Трэба было найхутчэй адыйсці ад форта, каб зблытаць след. Але ўцекачы не маглі ісці шпарка, таму што сцежкі былі крутымі. Элен і Мэры паўзлі па іх з дапамогай Гленарвана і Джона Мангльса. Роберт ішоў наперадзе, горды за сваю ўдачу і бясконца шчаслівы. Абодва матросы ішлі ззаду.

Да ўсходу сонца заставалася цяпер не больш поўгадзіны. Гэтыя поўгадзіны ўцекачы ішлі наўздагад. З імі не было Паганеля, які мог-бы павесці іх па правільнаму шляху. Знікненне вучонага атуманьвала радасць нечаканага выратавання.

Уцекачы трымаліся ўсходняга напрамку, ідучы насустрач цудоўнай зары. Хутка яны падняліся на пяцьсот футаў над узроўнем возера Таупо, і ранішні халадок, які ўзмацняўся, чым вышэй падымаліся яны на гару, пачаў прабіраць іх да касцей. Яны ішлі без дарогі сярод лабірынта гор і ўзгоркаў. Але Гленарван не баяўся заблудзіцца. Ён не сумняваўся, што, калі надыйдзе пара, яны выйдуць на правільны шлях.

Урэшце ўзышло сонца і асвятліла сваімі першымі праменнямі ўцекачоў.

Раптоўна здалёк пачуўся дзікі крык соцень галасоў. Крычалі ў форце, месцазнаходжанне якога Гленарван уяўляў вельмі цмяна з-за вялікай колькасці паваротаў сцежкі і туману, праз які яго не было відаць.

Ясна было, што дзікуны не знайшлі палонных у святыні. Ці ўдасца ім уцячы ад пагоні? Ці заўважылі іх з форта? У гэтую хвіліну туман падняўся над далінай, ахутаў на момант уцекачоў шэрым воблакам і растаў на сонцы.


РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ Гара Табу

Да вяршыні гары заставалася яшчэ сотня футаў. Уцекачы імкнуліся да яе, спадзяючыся знайсці на другім баку спаду якую-небудзь сцежку, па якой можна будзе ўзыйсці на суседнія горы. Як ім нехапала зараз Паганеля! Вось хто мог дапамагчы ім разабрацца ў гэтым хаосе гор і выбраць самы надзейны шлях адступлення...

Падарожнікаў падганяў крык раз’юшаных дзікуноў, і яны паскорылі хаду. Але і дзікуны не адставалі: іх галасы чутны былі ўжо каля падножжа гары.

— Смялей, смялей, сябры! — крыкнуў Гленарван, голасам і жэстам падбадзёрваючы сваіх спадарожнікаў.

За пяць хвілін яны дайшлі да вяршыні гары. Там яны прыпыніліся, каб азірнуцца і выбраць напрамак для далейшых уцёкаў.

З гэтай вышыні відаць было ўсё возера Таупо, маляўнічыя берагі якога, акружаныя гарамі, цягнуліся на захад. На поўначы ўзнімалася пад неба вяршыня Піронгіі; на поўдні — акружаны полымем кратэр Тангарыро. На ўсходзе гарызонт засланяў горны ланцуг, які мяжуецца з Ваіхіці-Рэндж — хрыбтом, які праходзіў праз увесь Іка-на-Мануі, ад праліва Кука да Ўсходняй затокі. Гэта быў адзіны магчымы шлях адступлення.

Гленарван трывожна паглядзеў навокал. Туман канчаткова разышоўся пад гарачымі праменнямі сонца, і кожная шчыліна ў гарах была відаць цяпер выразна.

Тубыльцы былі зараз на адлегласці не больш пяцісот футаў. Яны дабеглі ўжо да падножжа вяршыні, якая раней прытуліла ўцекачоў. Заставацца тут далей было немагчыма. Не зважаючы на вялікую стомленасць, трэба было неадкладна ісці далей, бо тубыльцы маглі акружыць гару з усіх бакоў і не даць магчымасці ўцякаць.

— У дарогу! У дарогу! — крыкнуў Гленарван.— А то яны нас акружаць.

Але ў тую хвіліну, калі няшчасныя жанчыны ледзь усталі, Мак-Набс сказаў Гленарвану:

— Гэта бескарысна. Гленарван. Глядзіце самі.

І сапраўды, усе бачылі, што за апошнія хвіліны ў радах дзікуноў адбылося нешта незвычайнае.

Пагоня за ўцекачамі раптоўна была спынена, як быццам па нечаму ўласнаму загаду. Паток тубыльцаў дакаціўся да падножжа гары і разбіўся, як хваля, якая наскочыла на нязломную скалу.

Прагныя да помсты дзікуны, згрудзіўшыся каля першых уступаў гары, махалі сякерамі і стрэльбамі, галасілі, крычалі, але не ступалі наперад ні кроку. Іх сабакі раз’юшана брахалі, але гаспадары не спускалі іх з прывязі.

Што здарылася? Якая нябачная сіла стрымлівала дзікуноў? Уцекачы са страхам чакалі, што гэтая сіла таксама раптоўна здыме забарону з гары і падданыя Каі-Куму рынуцца на іх.

Раптоўны выкрык Джона Мангльса прымусіў усіх яго спадарожнікаў азірнуцца. Малады капітан паказаў пальцам на невялікую агарожу на самай вяршыні гары.

— Гэта магіла Кара-Тэтэ! — крыкнуў Роберт.

— Ты не памыляешся, Роберт? — запытаў Гленарван.

— Не, сэр,— адказаў хлопчык,— гэта тая самая магіла.

Я яе добра прыкмеціў, калі сюды накіравалася пахавальная працэсія.

Роберт сапраўды не памыляўся. За пяцьдзесят футаў ад уцекачоў быў нядаўна афарбаваны частакол, якім быў абгароджаны невялікі ўчастак зямлі. Падышоўшы бліжэй, Гленарван пераканаўся, што перад імі сапраўды знаходзілася магіла новазеландскага правадыра. Выпадак накіраваў іх уцёкі на вяршыню Маунганаму.

Гленарван, разам з усімі астатнімі ўцекачамі, падышоў да ўваходу ў грабніцу. Ён быў завешаны матай. Гленарван прыпадняў мату і хацеў быў прайсці за агарожу, як раптам жвава адскочыў назад.

— Там дзікун! — сказаў ён.

— Адзін дзікун? — запытаў Мак-Набс.

— Так,— адказаў Гленарван.

— У такім разе чаго-ж нам баяцца. Пойдзем.

Гленарван, Роберт, маёр і Джон Мангльс ускочылі ва удупу. Там быў адзін маарыец, апрануты ў шырокі плашч. Ён сядзеў у цяньку спіной к еўрапейцам і вельмі спакойна снедаў. Гленарван толькі што хацеў запытацца ў яго, як тубылец сам павярнуўся і на чыстай англійскай мове сказаў:

— Рад вас бачыць, дарагі сэр! Снеданне чакае вас.

Гэта быў Паганель. Пачуўшы яго голас, усе кінуліся ва удупу і ціснулі ў абдымках гэтага выдатнага чалавека. Паганель знайшоўся. Гэта было парукай агульнага вызвалення. Маёр хацеў распытаць у яго, якім чынам ён трапіў на вяршыню Маунганама, але Гленарван перапыніў гэтую нясвоечасовую цікаўнасць.

— Дзікуны! — сказаў ён.

— Што з гэтага? — паціснуў плячыма Паганель.— Што нам да дзікуноў!

— Але яны...

— Яны для нас не небяспечныя. Пойдзем, паглядзім на іх.

Усе пайшлі за Паганелем і вышлі з удупы. Новазеландцы былі на тым самым месцы, каля падножжа гары, і, убачыўшы еўрапейцаў, бязладна зараўлі.

— Крычыце! Равіце! — адказаў ім Паганель! — Рвіце сабе горла! Усёроўна вы не ўзойдзеце на гэтую гару!

— Чаму? — запытаў Гленарван.

— Таму што тут пахаваны іх правадыр. Таму што яго магіла ахоўвае нас. Таму што гэтая гара стала табу!

— Табу?

— Так, сябры мае. І вось чаму я схаваўся на яе вяршыні.

— Ура! Ура! — у адзін голас крыкнулі абодва маракі.

І сапраўды гара стала табу, і забабонныя дзікуны не маглі ўзыйсці на яе.

Гэта яшчэ не азначала, што ўцекачы выратаваны, але ва ўсякім разе яны атрымалі перапынак, які можна было скарыстаць для свайго выратавання. Гленарван, які быў апанаваны вялікім хваляваннем, не мог праказаць ні слова. Нават маёр ківаў галавой у такт словам Паганеля, з выразам найвялікшага здавальнення на твары.

— Але калі гэтыя людаеды надумаюцца ўзяць нас за морам, дык яны вельмі памыляцца! — сказаў Паганель. Не міне і двух дзён, як мы выберамся адсюль у такое месца, дзе яны для нас будуць не страшныя.

— Але як-жа мы зможам выбрацца адсюль? — запытаў Гленарван.

— Не ведаю як,—адказаў Паганель,— але ручаюся, што выберамся.

Тут усе ў захапленні пачалі распытваць у Паганеля пра яго прыгоды. Як гэта не дзіўна, але ад звычайна балбатлівага географа кожнае слова даводзілася выцягваць літаральна абцугамі. Гэты прыроджаны апавядальнік нехаця гаварыў зараз і ўнікліва адказваў на настойлівыя пытанні сяброў.

«Майго Паганеля замянілі», падумаў Мак-Набс.

І сапраўды нават твар годнага вучонага як быццам змяніўся. Ён захутваўся ў свой новазеландскі плашч і ўнікаў цікаўных позіркаў. Усе заўважылі, як ён неахвотна расказваў аб сабе, і з далікатнасці зрабілі выгляд, што не заўважаюць яго трывогі.

Аднак, калі ў Паганеля не выпытвалі, як ён пражыў гэтыя дні, дык яго стрыманасць знікала, і гэта зноў быў ранейшы Паганель.

Вось што ён палічыў патрэбным расказаць сябрам, якія расселіся вакол яго ў сярэдзіне агарожы удупы.

Скарыстаўшы агульнае замяшанне пасля забойства Кара-Тэтэ, Паганель, як і Роберт, непрыкметна адышоў ад натоўпу і пабег за агарожу форта. Але вучонаму не пашчасціла: пад вечар ён зусім нечакана наткнуўся ў горах на лагер другога маарыйскага племені. Правадыром гэтага племені быў высокі маарыец з разумным тварам, які добра гаварыў па-англійску. Ён ласкава прыняў географа і ў адзнаку дружбы пацёрся носам аб яго нос.

Паганель спачатку не ведаў, ці павінен ён лічыць сябе палонным ці не. Але хутка ён зразумеў, якой думкі варта трымацца пры гэтым, бачачы, што правадыр не адыходзіць ад яго ні на крок, куды-б ён ні пайшоў.

Гэты правадыр меў імя Хіхі, што азначае па-маарыйску «прамень сонца», быў увогуле нязлым чалавекам. Акуляры і асабліва падзорная труба, відаць, ставілі Паганеля на недасяжную вышыню ў яго вачах і, каб пасябраваць з ім, ён не шкадаваў ні ласкавых слоў, ні моцных вяровак. Асабліва ноччу.

Так мінула доўгіх трое сутак. Як абыходзіліся з Паганелем у гэты час: добра ці кепска? «І добра і кепска», унікліва адказаў вучоны, пазбягаючы падрабязнасцей. Увогуле ён быў сапраўдным палонным, і, калі не лічыць таго, што непасрэдная пагроза катаванняў не вісела над ім, яго становішча было не лепшым за становішча яго сябраў, палонных Каі-Куму.

На шчасце, на чацвертую ноч яму ўдалося перагрызці вяроўкі і ўцячы. Ён здалёк прысутнічаў пры пахаванні Кара-Тэтэ, бачыў, як яго пахавалі на Маунганаму, і зразумеў, што гара стала зараз табу. Ён вырашыў шукаць на ёй прытулку, не жадаючы пакінуць краіну без сваіх сяброў. Задуманае ўдалося яму. Напярэдадні ноччу ён дайшоў да удупы і тут вырашыў чакаць выпадку вызваліць сваіх сяброў.

Вось што расказаў Паганель. Відаць, ён наўмысля не гаварыў пра нейкія падзеі, якія здарыліся з ім у палоне ў дзікуноў. Такое, прынамсі, уражанне засталося ў падарожнікаў. Але як-бы там ні было, усе ад шчырага сэрца прывіталі географа з цудоўным выратаваннем і, аддаўшы такім чынам даніну мінуламу, звярнуліся да праблем сучаснага.

Становішча па-ранейшаму заставалася пагражаючым. Дзікуны з усіх бакоў абступілі вяршыню Маунганаму і, не маючы магчымасці ўзяць яе прыступам, відаць, збіраліся дасягнуць свайго заморам. Рана ці позна, але падарожнікі павінны былі сыйсці ўніз па яду і ваду, а ў дзікуноў цярплівасці аж залішне.

Гленарван рашыў пачакаць зручнага моманту ці стварыць яго, калі ён не настане сам.

Перш за ўсё ён прапанаваў зрабіць дэталёвую разведку гары Маунганаму, не для таго, каб высветліць магчымасць абароны яе,— ён не баяўся нападу дзікуноў,— а для таго, каб знайсці найвыгаднейшы напрамак уцёкаў. Маёр, Роберт Паганель і Джон Мангльс знялі дакладны план гары. Яны прасачылі напрамак усіх сцежак, іх круцізну, іх звіліны. Горны хрыбет, які злучае Маунганаму з ланцугом Ваісіхі, адхонна спускаўся к даліне. Яго рабро, вузкае і звілістае, было адзіным магчымым шляхам уцёкаў. Каб у цемры ночы уцекачам удалося непрыкметна перабрацца цераз яго, яны маглі спадзявацца, што паспеюць схавацца ў горах, раней чым дзікуны заўважаць іх уцёкі.

Ніжнюю частку гэтага шляху дзікуны маглі лёгка абстрэльваць. Размясціўшыся на схілах суседніх узгоркаў, яны маглі стварыць заслону з куль, цераз якую нельга будзе беспакарана прарвацца.

Калі разведчыкі, аглядаючы гару, паказаліся на бліжэйшым да тубыльцаў схіле, іх сустрэў цэлы град куль, але, на шчасце, ні адна не зачапіла іх. Тым не менш Гленарван загадаў зараз-жа адступіць к удупе, куды кулі не даляталі.

Узыходзячы на гару, разведчыкі са здзіўленнем заўважылі, што час ад часу глеба пад іх нагамі дрыжыць. Гэта не было землетрасенне, а хутчэй нагадвала дрыжэнне сценак паравога катла пад ціскам. Відаць, што ў нетрах гары сабралася вялікая колькасць пары і газаў, народжаных падземным агнём.

Гэта акалічнасць не магла здзівіць людзей, якія толькі што бачылі гарачыя гейзеры Вайкато. Яны ведалі, што цэнтральная частка Іка-на-Мануі ўяўляе сабой вулканічную мясцовасць. Гэта сапраўднае рэшата, адтуліны якога прапускаюць наверх пары серы і гарачыя крыніцы.

Паганель яшчэ раней заўважыў гэтую з’яву і звярнуў на яе ўвагу сваіх сяброў.

— Маунганаму,— сказаў ён,— адна са шматлікіх на гэтым востраве вяршынь, якім рана ці позна суджана было стаць дзеючым вулканам. Дастаткова невялікай мясцовай механічнай сілы, каб на гэтых спадах з крохкага туфа ўтварыўся кратэр.

— Што-ж,— сказаў Гленарван,— мы тут у меншай небяспецы, чым над топкай катла «Дункана». Зямная кара амаль нічым не адрозніваецца па цвёрдасці ад ліставога жалеза.

— Згодзен,— адказаў маёр,— але які-б не быў моцны паравы кацёл, пасля доўгай службы ён можа ўзарвацца тады, калі гэтага менш за ўсё чакаеш.

— Мак-Набс,— сказаў Паганель,— ніхто з нас не збіраецца навекі застацца на гэтай вяршыні. Пакажыце нам бяспечную дарогу, і мы адразу пакінем яе.

— І падумаць толькі, што ў нетрах Маунганаму дарэмна гіне такая вялікая механічная сіла! — уздыхнуў Джон Мангльс.— Мільённай часткі яе было-б дастаткова «Дункану», каб завесці нас на край свету!

Успаміны аб «Дункане» адразу нагналі на Гленарвана сумныя думкі. Якое ні небяспечнае было яго ўласнае становішча, ён не мог без жаху ўспомніць аб трагічным лёсе экіпажа сваёй яхты.

У глыбокім задуменні сябры вярнуліся к удупе.

— Ну што, Эдуард,— запытала Элен, як толькі яны падышлі да частакола,—ці можам мы спадзявацца на выратаванне?

— Спадзявайцеся, Элен,— адказаў Гленарван.— Дзікуны ніколі не асмеляцца трывожыць нас на гэтай гары, а з цягам часу мы прыдумаем які-небудзь план выратавання.

— Пойдзем ва удупу,— весела сказаў Паганель.— Гэта наша крэпасць, наш замак, наша сталовая і рабочы кабінет. Ніхто не патрывожыць нас у ёй. Калі ласка, сябры мае.

Усе ўвайшлі ў сярэдзіну агарожы за ласкавым Паганелем. Дзікуны, убачыўшы, што еўрапейцы зняважліва ўрываюцца ў гэтае святое месца, узнялі бязладную страляніну і паднялі страшэнны гвалт і крыкі. На шчасце, кулі не даляталі так далёка, як крыкі. Яшчэ раз пераканаўшыся, што забабоны дзікуноў мацнейшыя за іх гнеў. Элен і Мэры супакоіліся і ўвайшлі ў прадмагільную прыбудову.

Частакол, якім абгароджана магіла правадыра, быў афарбаваны ў чырвоны колер.

Сімвалічныя выразкі, сапраўдная татуіроўка па дрэву сведчылі аб ганаровым паходжанні і вялікіх заслугах нябожчыка-правадыра. Пацеркі з амулетаў, ракушак і каменьчыкаў былі працягнуты між слупамі частакола.

Зямля ўнутры агарожы была ўкрыта густым дываном з зялёнага лісця. У цэнтры невялікім насыпам узвышалася магіла правадыра і яго жонкі. На магільным узгорку ляжала зброя—зараджаная стрэльба, кап’ё, цудоўная сякера і запас пораху і куль, якога ставала на ўвесь век палявання.

— Вось поўны арсенал,— сказаў Паганель.— Спадзяюся, што нам ён дасць больш карысці, чым нябожчыку. Аднак, як добра, што дзікуны маюць звычай браць з сабой на той свет сваю зброю!

— Глядзіце, гэтыя стрэльбы англійскага вырабу! — усклікшуў маёр.

— Зразумела,— адказаў Гленарван.— Адкуль-жа тут могуць быць іншыя? Аднак, якога-б паходжання не былі гэтыя стрэльбы, яны нам спатрэбяцца.

— Яшчэ больш нам спатрэбяцца запасы яды і прэснай вады, якімі аднапляменнікі забяспечылі Кара-Тэтэ для тагосветнага падарожжа,— сказаў Паганель.

І сапраўды, родныя і сябры нябожчыка не пашкадавалі падарункаў. Збытак прыпасаў яды сведчыў аб іх павазе да нябожчыка. Тут былі ўжыўныя папаратнікі, салодкія пататы, некалькі кошыкаў нейкіх зялёнага колеру праснакоў невядомага паходжання, але вельмі прыемных на смак. Вада для піцця захоўвалася ў вялікіх збанах. Такім чынам уцекачы, прынамсі, на два тыдні былі забяспечаны ядой і пітвом.

Гленарван выбраў на снеданне прадукты і даручыў Ольбінету прыгатаваць іх. Буфетчык «Дункана», надзвычайны фармаліст нават у самых небяспечных момантах, расчаравана заявіў, што снеданне будзе несамавітае. Апрача таго ён не ведаў, як прыгатаваць гэтыя расліны без агню.

Але Паганель дапамог яму ў бядзе, параіўшы проста закапаць пататы ў зямлю. Сапраўды, тэмпература верхніх пластоў глебы была вельмі вялікая. Тэрмометр, каб ён быў ва ўцекачоў, закопаны ў зямлю, паказаў-бы, пэўна, не менш шасцідзесяці пяці градусаў. Ольбінет ледзь сур’ёзна не пацярпеў за гэта: калі ён выкапаў у зямлі яму, каб палажыць у яе гародніну, адтуль вырваўся слуп пары, які падняўся ўгору на вышыню больш сажня.

Перапалоханы буфетчык паваліўся на спіну.

— Зачыніце крант! — крыкнуў маёр і з дапамогай абодвух матросаў засыпаў ямку зямлёй.

Паганель, пазіраючы на гэта, моцна задумаўся, мармычучы праз зубы:

— Так, так... А чаму-б і не?..

— Вы не апарыліся? — запытаў Мак-Набс у Ольбінета.

— Не, пане Мак-Набс,— адказаў буфетчык.— Але я разгубіўся ад нечаканасці...

— Вось блаславеннае месца,— усклікнуў Паганель! — тут ёсць усё — вада і яда з запасаў Кара-Тэтэ, агонь з зямлі! Гэтая гара — сапраўдны рай. Прапаную заснаваць тут калонію, апрацаваць зямлю і заставацца тут да самай смерці. Мы будзем Рабінзонамі Маунганаму. Ей-права, я не змог-бы сказаць, чаго нам нехапае на гэтай дзіўнай вяршыні.

— У нас сапраўды ўсё ёсць, апрача ўпэўненасці ў трываласці самой вяршыні,— адказаў Джон Мангльс.

— О,— запярэчыў Паганель.— Яна існуе не з учарашняга дня. Супраціўлялася-ж яна да гэтага часу дзеянню падземнага агню,— вытрымае і той нядоўгі час, які мы на ёй прабудзем.

— Снеданне гатова,— далажыў Ольбінет такім-жа ўрачыстым тонам, усёроўна як пры выкананні службовых абавязкаў у Малькольм-Кэстлі.

Уцекачы зараз-жа ўзяліся за сваё першае снеданне каля магілы правадыра. Печаныя пататы былі вельмі смачныя і ўсім спадабаліся, а наконт ужыўных папаратнікаў думкі разыходзіліся: адны лічылі іх смачнымі, другія — агіднымі, слізістымі і нясмачнымі.

Географ заўважыў, што ўвогуле Кара-Тэтэ быў нядрэнна падрыхтаван для тагосветнага жыцця.

Калі голад заспакоілі, Гленарван прапанаваў неадкладна абмеркаваць план уцёкаў.

— Як, ужо? — нездаволена запытаў Паганель.— Хіба вам абрыдзеў ужо гэты багаты куток?

— Паганель, няўжо вы хочаце, каб мы паўтарылі памылку Ганібала ў Капуі[85]? — запярэчыла Элен.

— Не маю права пярэчыць вам, місіс,— далікатна адказаў Паганель.— Калі вы настойваеце на абмеркаванні гэтага пытання, я гатовы.

— Я мяркую,— пачаў Гленарван,— што мы павінны ўцякаць адсюль, раней чым нас прымусіць голад. Мы адпачылі і набраліся сілы за апошнія дні. Не трэба-ж дарэмна растрачваць іх. Прапаную ў першую-ж ноч паспрабаваць прабрацца праз лагер тубыльцаў на ўсход.

— Дзіўны план,— сказаў Паганель,— калі толькі маарыйцы дазволяць нам прайсці.

— А калі яны не дазволяць? — запытаў Джон Мангльс.

— Тады давядзецца звярнуцца да рашучых мер,— адказаў Паганель.

— Значыцца, у вас у запасе ёсць і такія? — запытаў маёр.

— Цэлы арсенал,— адказаў Паганель.

Але вучоны не захацеў покуль што растлумачваць сваім спадарожнікам, з дапамогай якіх «рашучых мер» ён мяркуе вызваліць іх з палону.

Трэба было чакаць ночы, каб паспрабаваць прабрацца праз заставы тубыльцаў на ўсход.

Дзікуны, відаць, надоўга асталяваліся каля падножжа гары. Здавалася, што іх рады не толькі не сталі меншымі, а наадварот — папоўніліся спозненымі. Вогнішчы, распаленыя імі, нібы поясам акружылі гару з усіх бакоў. Калі ноч спусцілася на зямлю, вяршыня Маунганаму здавалася акружанай адным суцэльным вогненным кальцом. Крыкі, выгукі, песні дзікуноў даляталі да вяршыні гары так выразна, нібы не шэсцьсот, а пяцьдзесят футаў падзялялі варожыя лагеры.

А дзевятай гадзіне, карыстаючыся густым змрокам, Джон Мангльс і Гленарван вышлі на разведку.

Яны паціху спусціліся ўніз і вышлі на грэбень хрыбта, які праходзіў на сорак футаў ніжэй лагера дзікуноў.

Спачатку ўсё ішло добра. Маарыйцы, разлёгшыся на зямлі каля вогнішчаў, здавалася, не заўважалі двух уцекачоў, якія паціху краліся паўз іх. Але раптам з усіх бакоў пачалася страляніна.

— Назад! — крыкнуў Гленарван.— Гэтыя дзікуны бачаць у цемры, як каты!

Джон Мангльс і ён спешна адступілі і вярнуліся да сваіх сяброў, якія вельмі непакоіліся за іх жыццё. Капялюш Гленарвана быў прастрэлены ў двух месцах.

Значыць, трэба было адмовіцца ад думкі пра ўцёкі па дарозе, з абодвух бакоў якой ляжалі ў засадзе снайперы.

— Адкладзем гэту справу да заўтра,— сказаў Паганель.— Калі нам не ўдалося ашукаць пільнасць тубыльцаў, то давядзецца мне пачаставаць іх стравай уласнага майго вынаходніцтва.

Было даволі холадна. На шчасце, Кара-Тэтэ ўзяў з сабой у магілу самую лепшую вопратку і цёплыя коўдры. Уцекачы без усякай сарамлівасці скарысталі гэта і, ахоўваемыя забабонамі тубыльцаў лепш за ўсякую варту, спакойна заснулі на цёплай глебе, якую сатрасаў бушуючы ўнутры падземны агонь.


РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ Рашучыя меры Паганеля

Назаўтра раніцой, 17 лютага, першыя праменні ўзыходзячага сонца абудзілі ўцекачоў. Маарыйцы ўжо даўно прачнуліся і бадзяліся па свайму лагеру каля падгор’я Маунганаму, не зводзячы позіркаў з вяршыні гары. Крыкі ярасці сустрэлі еўрапейцаў, калі яны паказаліся з-за частакола удупы.

Зірнуўшы на навакольныя горныя вяршыні, на яшчэ ахутаныя туманам даліны і люстраную паверхню возера Таупо, усе згрудзіліся вакол Паганеля, прагнучы як хутчэй даведацца пра яго праект.

Паганель не прымусіў, каб яго доўга ўпрашалі.

— У маім плане тая вартасць,— сказаў ён,— што, калі ён, на ліхую гадзіну, і не ўдасца, дык наша становішча не зменіцца. Але ён павінен удацца і ўдасца!

— Але ў чым-жа заключаецца ваш план? — запытаў Мак-Набс.

— Вось ён,— адказаў Паганель. — Забабоны дзікуноў ператварылі гэту вяршыню ў надзейны прытулак для нас. Трэба прымусіць тыя-ж забабоны дапамагчы нам уцячы адсюль. Каб нам удалося пераканаць Каі-Куму, што мы сталі афярамі ўласнага кашчунства, што гром нябесны знішчыў нас, адным словам, што мы загінулі ад страшнай смерці,— як вы думаеце, ці здыме ён ахову гары?

— Зразумела,— адказаў за іх усіх Гленарван.

— А якой страшнай смерцю вы хочаце знішчыць нас? — запытала Элен.

— Смерцю, вартай святатацтва! — адказаў Паганель.— Полымя ў нас пад нагамі. Дамо-ж яму дарогу.

— Што? Вы хочаце даць дарогу вулкану! — крыкнуў Джон Мангльс.

— Штучнаму вулкану, мой дружа, цацачнаму вулкану, якім мы зможам кіраваць, як захочам. Тут вялікі напор пары і падземнага агню, якія толькі чакаюць выпадку вырвацца. Арганізуем-жа штучнае вывяржэнне і выкарыстаем яго плады.

— План добры,— сказаў маёр.— Паганель малайчына.

— Вы разумееце,— прадаўжаў географ:— мы зробім выгляд, што новазеландскі Плутон[86] з’еў нас сваімі агнямі, і схаваемся за агарожу...

— Дзе прабудзем тры, чатыры, пяць дзён,— падхапіў маёр,— да таго часу, пакуль дзікуны не пераканаюцца, што мы загінулі, і здымуць варту.

— А што, калі ямы надумаюцца праверыць, ці сапраўды нас пакаралі багі, і яны ўзыйдуць на вяршыню гары? — запытала Мэры Грант.

— Не, дарагая Мэры, гэтага яны ніколі не зробяць,— адказаў Паганель.— На гару і так накладзена табу. А калі яна к таму-ж сама пакарае яго парушальнікаў, табу стане ўдвая больш святым.

— Ваш план сапраўды вельмі разумны,— сказаў Гленарван.— Супроць яго можна высунуць толькі адно меркаванне: а калі дзікуны не павераць у нашу смерць і не здымуць варты да таго часу, пакуль па іх меркаваннях мы не памрэм з голаду? Але гэта, аднак, неверагодна, асабліва калі мы будзем добра выконваць сваю ролю.

— Калі мы прыступім да выканання вашага плана, Паганель? — запытала Элен.

— Сёння-ж увечары,—сказаў вучоны,— як толькі сцямнее.

— Добра,— сказаў Мак-Набс.— Паганель — вы сапраўдны геній. Вы ведаеце, мне неўласціва захапляцца, але за гэтым разам я галавой ручаюся за поспех вашай выдумкі. Ага, панове дзікуны! Вы чакаеце цуда? Што-ж, мы змайструем для вас такі цуд, пра які вы не забудзеце праз усё ваша жыццё!

План Паганеля аднадушна ўхвалілі, і, сапраўды, пры забабоннасці маарыйцаў ён павінен быць удалым. Ён не мог не ўдацца! Заставалася толькі выканаць яго. Думка была добрая, але ажыццяўленне яе было нялёгкай справай. Ці не здарыцца так, што вулкан праглыне смелых, якія стварылі яму штучны кратэр? Ці ўдасца саўладаць з патокам выкінутай лавы, дыму і полымя і накіраваць іх у патрэбны бок? Ці не пакарае прырода дзёрзкіх, якія асмеліліся па сваёй волі выклікаць да жыцця фенамены, якімі да гэтага часу непадзельна валодала яна адна?

Але Паганель прадбачыў усе гэтыя небяспекі і меркаваў дзейнічаць з найвялікшай асцярожнасцю, не даводзячы справы да крайнасцей. Досыць было стварыць бачнасць выбуху, каб ашукаць маарыйцаў, і не было ніякай патрэбы выклікаць сапраўды стыхійныя з’явы.

Які бясконца доўгі быў гэты дзень! Гадзіны праходзілі са стамляючай павольнасцю. Усе падрыхтаванні да ўцёкаў былі хутка закончаны. Запасы прадуктаў, якія захоўваліся ў агарожы магілы, былі падзелены на часткі і звязаны ў невялікія пакункі; разам з некалькімі коўдрамі і зброяй — гэта быў увесь багаж экспедыцыі. Само сабой зразумела, што ўсе гэтыя падрыхтаванні да ўцёкаў рабіліся ўнутры агарожы, каб не бачылі дзікуны.

А шостай гадзіне вечара містэр Ольбінет падаў добры абед. Невядома было, дзе і калі давядзецца есці ў другі раз, і ўсе рашылі наесціся па-горла. Галоўнай аздобай стала было жаркое з пацукоў, якіх злавіў Вільсон і спёк у зямлі Ольбінет. Элен і Мэры Грант рашуча адмовіліся есці гэту страву, якую так паважалі новазеландцы, але менш пераборлівыя мужчыны елі з апетытам сапраўдных маарыйцаў. Мяса аказалася вельмі смачным, і шэсць грызуноў былі ўмомант абгрызены да костак.

Урэшце сцямнела. Сонца схавалася за граду навальнічных хмар на гарызонце. Некалькі разоў бліснула маланка на небе, і здалёк дакаціўся грукат грому.

Паганель быў у захапленні ад гэтай навальніцы. Яна павінна была толькі надаць яшчэ большую пераканаўчасць пачатаму ім спектаклю. Забабонныя новазеландцы лічаць гром голасам раздражненага бога Нуі-Атуа, а маланку — сярдзітым пабліскваннем яго вачэй. Такім чынам бог сам з’явіцца, каб пакараць святататцаў.

А восьмай гадзіне вечара злавесная цемра ахутала вяршыню Маунгаману. Беспрасветная чарната неба служыла цудоўным фонам для фейерверка, які задумаў Паганель.

Надышоў час дзейнічаць. Гленарван, Паганель, Мак-Набс, Роберт, Джон Мангльс, Ольбінет і абодва матросы дружна ўзяліся за справу.

Для кратэра выбралі месца за трыццаць крокаў ад удупы: неабходна было, каб магіла правадыра засталася непашкоджанай, бо, каб яе зруйнавалі, з гары было-б знята табу. На гэтым месцы Паганель заўважыў вялікі камень, з-пад якога вырываліся клубы пары і дыму. Гэты камень, відаць, закрываў натуральны кратэр і сваім цяжарам перашкаджаў выбуху. Каб удалося выкінуць яго з гнязда, безумоўна, пара і лава падаліся-б наверх праз дзірку кратэра.

Усе ўзялі калы і моцна пачалі варочаць каменную глыбу. Адважныя землякопы працавалі моўчкі. Хутка з-пад камення з вялікай сілай вырваўся слуп пары. Работа станавілася небяспечнай. Аднак уцекачы не спалохаліся і, сабраўшы ўсю сілу, вырвалі глыбу з гнязда. Яна павісла на секунду над схілам, потым сарвалася з месца і знікла ў цемры.

У тую-ж секунду тонкі пласт глебы, які прыкрываў жарло кратэра, паддаўся напору. Вялікі слуп полымя падняўся к небу, загрукацеўшы як залп з некалькіх гармат. У гэты час з кратэра выліўся паток распаленай лавы і пакаціўся па схілу гары ўніз, проста на лагер тубыльцаў.

Гара задрыжэла, і адну хвіліну ўсім здавалася, што яна зараз расколецца і вяршыня яе зваліцца ў бяздонне. Гленарван і яго таварышы ледзь паспелі адбегчы ад месца выбуху.

Не гледзячы на тое, што яны беглі к удупе вельмі шпарка, іх апарылі пырскі вады, нагрэтай амаль да тэмпературы кіпення. Вада гэта мела даволі моцны пах серы.

Па схілу Маунганаму зараз сцякалі патокі лавы. Суседнія горы асвятліліся водбліскамі выбуху. Нават глыбокія западзіны былі ахоплены зарывам.

Дзікуны з перапуду ўскочылі на ногі. Лава падходзіла ўжо к самаму іх лагеру. Яны разбегліся па навакольных узгорках і адтуль, назіраючы за тым, як боскі гнеў карае святататцаў, крычалі:

— Табу! Табу! Табу!

Са штучнага кратэра Маунганаму вырывалася між тым вялікая колькасць пары, раскаленага камення і лавы. Гэта не быў звычайны гейзер, як тыя, што знаходзяцца па суседству з вулканам Гекла ў Ісландыі,— гэта быў вулкан не горшы за гару Гекла. Бурлізая лава і сціснутыя пад вялікім ціскам газы, якія стрымліваліся да гэтага часу конусам гары Маунганаму і задавальняліся клапанам Тангарыро для выхаду наверх, знайшлі новы клапан і шугнулі ў яго з вялікай сілай. Па закону роўнавагі ў гэты дзень вулканічная дзейнасць Тангарыро павінна была адпаведна зменшыцца.

Новы кратэр бушаваў на працягу ўсей ночы пры бесперапынных грукатах грому і пабліскванні маланкі. Ярасць яго пачала непакоіць Гленарвана.

Уцекачы, схаваўшыся за частаколам удупы, сачылі за звяржэннем.

Настала раніца, але вулкан не сунімаўся. Густыя клубы жаўтаватага дыму вырываліся зараз з яго кратэра разам з языкамі полымя. Патокі лавы веерам сцякалі па схілу Маунганаму.

Гленарван з трывогай пачаў аглядаць праз шчыліны ў частаколе лагер дзікуноў.

Маарыйцы паўцякалі на суседнія ўзгоркі, куды не дасягалі гарачыя патокі выкінутых парод. Некалькі спаленых трупаў тубыльцаў, якіх заспела лава, ляжалі каля падножжа Маунганаму. Далёка, каля ўваходу ў форт, лава спаліла цэлы пасёлак з дваццаці хацін. Яны яшчэ дыміліся. Новазеландцы, сабраўшыся ў групкі, з набожным выглядам пазіралі на дымную вяршыню Маунганаму.

У гэты час з’явіўся Каі-Куму са сваімі воінамі. Гленарван пазнаў яго, хоць і было далёка. Правадыр маарыйцаў падышоў да падножжа гары з таго боку, дзе не было лавы, але і ён не адважыўся ступіць нават кроку наверх.

Падняўшы рукі к небу, як шаман, ён нешта крыкнуў. Не гледзячы на тое, што адлегласць не дазваляла разабраць ні слова, уцекачы добра зразумелі сэнс гэтага крыку. Паганель правільна ўгадаў паводзіны дзікуноў: Каі-Куму налажыў новае, яшчэ больш суровае табу на гару-мсцівіцу.

Следам за гэтым дзікуны спешна пакінулі схілы бліжэйшых узгоркаў і вярнуліся ў форт.

— Яны адыходзяць! — усклікнуў Гленарван.— Яны здымаюць варту! Наша хітрасць удалася! Мы пакараны, сябры, мы пахаваны разгневанымі багамі! Але сёння ўвечары мы ўваскрэснем, мы ўцячэм з гэтай магілы.

Цяжка пераказаць словамі, якая радасць запанавала ва удупе. Да ўсіх зноў вярнулася надзея. Адважныя падарожнікі забыліся пра мінулае, не думалі пра будучыню і толькі радаваліся сучаснаму.

Ім прыпадала яшчэ нялёгкая задача — вандраваць па гэтай дзікай і варожай краіне ў пошуках якога-небудзь еўрапейскага паселішча. Але радасць выратавання ад Каі-Куму прымушала бачыць усё далейшае ў ружовым святле.

Падарожнікам здавалася, што новазеландскіх дзікуноў няма чаго баяцца.

Маёр адкрыта заявіў, што ён ненавідзіць маарыйцаў, і не шкадаваў лаянкі для вызначэння іх душэўных якасцей, нораваў і звычаяў. Упершыню за ўвесь час іх знаёмства

Паганель поўнасцю згаджаўся з маёрам і, як толькі мог, дапамагаў яму лаяць дзікуноў.

Рэшту часу да ночы прысвяцілі абмеркаванню планаў уцёкаў. На шчасце, Паганелю ўдалося захаваць карту Новай Зеландыі, і ён мог даведацца па ёй аб найвыгаднейшым курсе.

Пасля доўгага абмеркавання вырашана было ісці на ўсход, к бухце Пленці. Дарога ішла па недаследаваных вобласцях, і ўцекачы спадзяваліся, што яны акажуцца бязлюднымі. Яны прывыклі ўжо спраўляцца з усякімі прыроднымі цяжкасцямі і баяліся толькі новай сустрэчы з маарыйцамі. Курс на ўсход як быццам гарантаваў іх ад гэтага, а на ўзбярэжжы акіяна павінны быць еўрапейскія калоніі.

Ад возера Таупо да бухты Пленці было не больш ста міль. Гэта складала дзесяць дзён пераходу па дзесяць міль за дзень. Шлях быў цяжкім, але адважных падарожнікаў гэта не прыпыняла. Дайшоўшы да еўрапейскіх пасёлкаў на ўсходнім беразе, яны пачакаюць зручнага моманту перабрацца ў Оклэнд, які і зараз яшчэ заставаўся мэтай іх падарожжа.

Прыняўшы гэты план і абмеркаваўшы яго ва ўсіх дэталях, уцекачы зноў пачалі сачыць за паводзінамі тубыльцаў у форце і не зводзілі з іх позіркаў да самага вечара. Але ні адзін дзікун не адважыўся падыйсці да двойчы выклятай гары. Шлях быў вольны.

А дзевятай гадзіне вечара, у беспрасветнай цемры, Гленарван падаў сігнал да выхаду. Узяўшы з сабой зброю і яду з магілы Кара-Тэтэ, дзесяць еўрапейцаў асцярожна і паціху пачалі спускацца па схілах Маунганаму.

Джон Мангльс і Вільсон ішлі ў авангардзе, насцярожана прыслухоўваючыся да кожнага шораху і шнырачы позіркамі ў цемры. Каб выявілася, што маарыйцы толькі для блізіру знялі варту з гары, іх вартавыя павінны былі быць дзе-небудзь паблізу. Не гледзячы на смешкі і кпіны Паганеля, Гленарван усё-ж дапускаў такую магчымасць і ўнутрана дрыжэў ва ўвесь час пераходу па грэбню злучальнага хрыбта. Ён разумеў, што жыццё яго спадарожнікаў і яго ўласнае пастаўлены на карту.

Аднак яму і ў галаву не прыхоцзіла думка аб адступленні. Джон Мангльс яшчэ менш думаў пра гэта. Малады капітан, ідучы наперадзе, паказваў усім дарогу па востраму грэбню, інстынктыўна абыходзячы ў абсалютнай цемры небяспечныя месцы, заміраючы з насцярожанай увагай, калі які-небудзь каменьчык вырываўся ў яго з-пад ног і з шумам каціўся ў бяздонне. Калі дзікуны сядзелі ў засадзе, гэты шум ад падання камення павінен быў настарожыць іх, і тады падарожнікі апынуліся-б пад крыжавым абстрэлам.

Саслізгаючы, як змеі, па крутому схілу хрыбта, уцекачы, натуральна, не маглі хутка прасоўвацца наперад. Дасягнуўшы самага нізкага схіла, яны апынуліся ледзь у дваццаці кроках ад таго месца, дзе яшчэ напярэдадні размяшчаўся лагер тубыльцаў. Адсюль хрыбет зноў падымаўся крута ўгору і на адлегласці апошняй чвэрці мілі зарос густым лесам.

Падарожнікі шчасліва мінулі нізіну і моўчкі пачалі падымацца. Гаю яшчэ не было відаць, але яны ведалі, што падыходзяць да яго. Табу не распаўсюджвалася ўжо на гэтыя месцы, таму варта было баяцца ўжо не адных стрэлаў, але і рукапашнай сутычкі з дзікунамі. Да гаю заставалася не больш двухсот крокаў, як раптам Джон Мангльс прыпыніўся і нават адступіў назад. Ён пачуў нейкі падазроны шум. Падарожнікі замерлі на месцы.

Малады капітан стаяў нерухома так доўга, што трывога агарнула ўсіх яго падарожнікаў. Цяжка перадаць словамі, як яны хваляваліся. Усе са страхам думалі, што, магчыма, давядзецца вярнуцца назад на вяршыню Маунганаму.

Але, пераканаўшыся, што шум не паўтараецца, Джон Мангльс зноў асцярожна пайшоў уперад па вузкаму грэбню хрыбта. Прайшоўшы сотню крокаў, ён убачыў уперадзе, як у тумане, контуры дрэў. Яшчэ праз некалькі хвілін уцекачы апынуліся ў цяньку густога лесу.


РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ Між двух агнёў

Ноч дапамагала ўцякаць. Трэба было скарыстаць яе, каб як мага далей адыйсці ад небяспечных берагоў возера Таупо. Паганель стаў на чале маленькага атрада,— і здзіўляючы нюх географа з асаблівай выразнасцю выявіўся ў часе гэтых начных блуканняў па незнаёмай бязлюднай мясцовасці. Ён з дзіўнай упэўненасцю выбіраў напрамак у непраніклай імгле і вёў сваіх спадарожнікаў па абранаму напрамку, не ўхіляючыся ні на крок убок. Праўда, у гэтым яму дапамагла нікталопія: яго каціныя вочы бачылі ў цемры амаль таксама добра, як і ўдзень.

Атрад моўчкі рушыў уперад па адхоннаму ўсходняму схілу Ваіхіці-Рэндж, ні на секунду не прыпыняючыся. Паганель вёў яго на паўднёвы ўсход к вялікаму перавалу між Кайманава і Ваіхіці, цераз які праходзіць дарога з Оклэнда к бухце Гаукса. Ён меркаваў, мінуўшы гэты перавал, пакінуць у баку праезную дарогу і пад прыкрыццём горнага ланцуга накіравацца проста к берагу акіяна па дзікай і бязлюднай мясцовасці.

А дзевятай гадзіне раніцы, пасля дванаццаці гадзін бесперапыннай хады, уцекачы прайшлі дванаццаць міль. Адважныя жанчыны не наракалі на стомленасць, але відаць было, што яны стаміліся і больш не могуць ступіць ні кроку.

Апрача таго, месца, дзе яны апынуліся, было выгоднае для лагера. Падарожнікі знаходзіліся ў даліне, якая падзяляла два горныя хрыбты. Оклэндская дарога заставалася па правую руку ад іх і паварачвала на поўдзень.

А дзесятай гадзіне раніцы Паганель прывёў свой атрад к невялікай пляцоўцы каля краю крутога схілу гары.

Харчы дасталі з пакункаў, і ўсе пачалі есці. Нават Мэры Грант і маёр, якія да гэтага часу скептычна ставіліся да ўжыўных папаратнікаў, прызналі іх спажыўнымі і смачнымі.

Падарожнікі адпачывалі тут да двух гадзін папоўдні, потым зноў рушылі ў дарогу. Наступны прыпынак яны зрабілі позна вечарам за восем міль ад гор. Усе так стаміліся за дзень, што як толькі ляглі, то адразу заснулі моцным сном.

Назаўтра дарога аказалася яшчэ цяжэйшай. Яна праходзіла паўз вулканічныя горы, гейзеры і серныя крыніцы, якія знаходзіліся на ўсходзе ад Ваіхіці-Рэндж. Дарога гэта была прыемная для вока, але не для ног. Кожную чвэрць мілі даводзілася кружыць, абыходзіць, і к канцу дня падарожнікі зусім аслабелі.

Тут амаль не было дзічыны, ва ўсякім разе такой, якую містэр Ольбінет мог-бы спакойна прапанаваць для яды падарожнікам. Таму на снеданне, на абед і на вячэру даводзілася падаваць папаратнікі і салодкую бульбу, а гэта было недастаткова для людзей, якія трацілі столькі фізічнай сілы на хаду па няроўнай мясцовасці.

Але як не стараліся ўцекачы хутчэй пакінуць гэтыя непрыветныя мясціны, усё-ж на пераход цераз іх давялося патраціць каля чатырох дзён. Толькі 23 лютага, адышоўшы на пяцьдзесят міль ад Маунганаму, яны вышлі на адкрытае месца, на якім рос невысокі хмызняк.

Гэты малюнак радаваў вока і прадракаў больш прыемную дарогу, пры ўмове, вядома, што расліннасць не прывабіла ў гэту мясцовасць жыхароў. Да гэтага часу ўцекачы не сустрэлі ні аднаго следу дзікуноў.

Каля паўдня Роберту і Мак-Набсу пашчасціла забіць трох ківі, якія з’явіліся галоўнай аздобай стала. Іх з’елі за некалькі хвілін ад дзюбкі да кончыкаў лапак.

Не варта апісваць ва ўсіх дэталях гэта аднастайнае, не адзначанае ніякімі здарэннямі падарожжа. Кожны дзень ад усходу да заходу сонца ўцекачы ішлі цераз лясы і раўніны. Джон вызначаў кірунак па зорках і сонцу. Надвор’е спрыяла ім і не стамляла ні празмернай спёкай, ні вялікімі дажджамі. Тым не менш, стомленасць падарожнікаў, якія выцерпелі столькі пакут, з кожным днём узрастала.

Агульныя гутаркі, якія ажыўлялі ў мінулыя часы прывалы і ўпрыгожвалі аднастайнасць і беднасць дарожных уражанняў, амаль спыніліся.

Гленарван большую частку дарогі ішоў адзін. Чым бліжэй падыходзілі да берагу акіяна, тым усё часцей і часцей апаноўвалі яго цяжкія думкі аб «Дункане», аб яго загінутым экіпажы. Гленарван забываў пра небяспекі, якія яшчэ падпільноўвалі яго атрад на шляху ў Оклэнд, каб аддацца гэтым сумным думкам.

Пра Гары Гранта ў атрадзе не гаварылі зусім. Дый што было гаварыць? Яму-ж нічым нельга было дапамагчы...

Толькі Мэры і Джон Мангльс часамі ўспаміналі пра капітана Гранта.

Джон не прыпамінаў Мэры слоў, якія яна сказала ў святыні напярэдадні ўцёкаў на Маунганаму. Яго скромнасць не дазваляла яму злоўжываць прызнаннем, выказаным у хвіліну роспачы.

У гутарках з маладой дзяўчынай ён развінаў планы будучых пошукаў капітана Гранта. Ён пераконваў Мэры, што Гленарван адновіць гэтыя пошукі, не гледзячы на няўдачу першай экспедыцыі. Ён пераконваў Мэры, што сапраўднасць дакументаў бясспрэчная і, значыцца, Гары Грант недзе знаходзіцца жывы і здаровы. А калі так — трэба было перавярнуць увесь зямны шар, але знайсці яго!

Мэры з вялікім здаваленнем слухала словы маладога капітана, і між ёй і Джонам расла і мацнела дружба. Часта ў іх гутаркі ўступала і Элен. Але хоць яна больш цвяроза ацэньвала рэчаіснасць і не была такой лёгкадумнай, яна старалася не пазбаўляць Мэры надзеі і не супярэчыла Джону Мангльсу.

Дарогай Мак-Набс, Роберт, Мюльрэдзі і Вільсон палявалі, не адыходзячы далёка ад маленькага атрада, і кожны з іх прыносіў у агульны кацёл сваю частку здабычы.

Паганель, які заўсёды быў захутаны ў свой маарыйскі плашч, ішоў адзін і ўсю дарогу маўчаў і нешта думаў.

Трэба сказаць, што насуперакі правілу, якое сцвярджае, нібы гора, недастачы і ліха псуюць самыя лепшыя характары, усе ўдзельнікі экспедыцыі Гленарвана, як раней, любілі і паважалі адзін аднаго і, не думаючы, гатовы былі афяраваць сваё жыццё адзін за аднаго.

25 лютага дарога на ўсход аказалася перагароджанай ракой. Мяркуючы па карце Паганеля, гэта павінна была быць рака Вайкары. Уцекачы перайшлі яе ўброд.

На працягу наступных двух дзён дарога ўвесь час ішла па стэпу з нізкарослым хмызняком. Палавіна адлегласці між возерам Таупо і берагам акіяна ўжо была пройдзена. Падарожнікі, праўда, стаміліся, але затое ў іх не было ні адной нежаданай сустрэчы.

28 лютага яны ўвайшлі ў лес, вялікі і бясконцы, які нагадваў аўстралійскія лясы. Толькі замест эўкаліптаў тут раслі кауры. Хоць падарожнікі за апошнія чатыры месяцы страцілі сваю здольнасць захапляцца, яны не маглі не зачаравацца, убачыўшы гэтыя гіганцкія дрэвы, вартыя сапернікаў ліванскіх кедраў і каліфорнійскіх мамантавых дрэў. Ствол кауры дасягаў ста футаў у даўжыню ад падножжа да першага галля. Кауры раслі невялікімі групкамі, і лес складаўся не з асобных дрэў, а з мноства невялікіх груп дрэў, якія падымалі на дзвесце футаў над зямлёй сваю пышную зялёную крону.

Некаторыя з гэтых сосен, яшчэ маладыя, не старэй ста гадоў, былі падобныя на чырвоныя ёлкі еўрапейскіх лясоў. Іх цёмныя кроны мелі форму востраканечнага конуса. Наадварот, старыя дрэвы, узростам па пяцьсот-шэсцьсот гадоў, утваралі гіганцкія зялёныя парасоны; гэтыя патрыярхі новазеландскіх лясоў мелі да пяцідзесяці футаў у акружыне, і ўвесь атрад, узяўшыся за рукі, ледзь мог абхапіць іх ствол.

На працягу трох наступных дзён маленькі атрад блукаў пад аркадамі гэтага лесу, які ўпершыню бачыў людзей. Пра гэта ясна сведчылі некранутыя кучы дрэўнай смалы — прадукта, які вельмі цэняць тубыльцы.

Паляўнічыя бачылі тут мноства ківі, якія так рэдка сустракаюцца ў мясцовасцях, дзе бываюць маарыйцы. Гэтыя выдатныя птушкі схаваліся ў некранутыя лясы ад праследавання тубыльцаў і іх сабак. Дзякуючы збытку дзічыны падарожнікі мелі зараз сытную і смачную яду.

Аднойчы Паганель заўважыў воддаль, у гушчары лесу, пару нейкіх гіганцкіх пёрыстых. У ім умомант абудзіўся інстынкт даследчыка прыроды. Ён паклікаў сваіх таварышоў, і, не гледзячы на стомленасць, маёр, Роберт, і ён сам кінуліся даганяць гэтых птушак.

Можна сабе ўявіць узрушанне, якое ахапіла вучонага, калі ён пазнаў у гэтых птушках моа—рознавіднасць дзінорм, якіх большасць натуралістаў лічаць вымершымі. Гэта сустрэча пацвярджала думку Гохштэтэра і некаторых іншых падарожнікаў, што гэта сямейства гіганцкіх бяскрылых уцалела яшчэ ў першабытных лясах Новай Зеландыі.

Моа, за якімі пабег Паганель,— патомкі дапатонных птэрадактыляў і мегатэрыяў, былі восемнаццаці футаў увышкі. Яны ўцяклі так шпарка, што ніякая куля не магла-б іх дагнаць.

Пасля нядоўгай пагоні паляўнічыя зразумелі, што гэта марна і, зірнуўшы апошні раз на купку дрэў, за якой схаваліся шпаркія моа, вярнуліся да сваіх сяброў.

У гэты вечар маленькі атрад урэшце выбраўся з лесу і стаў нанач каля падножжа гары Ікарэнгі, вяршыня якой падымалася на пяць тысяч пяцьсот футаў над узроўнем мора.

Падарожнікі прайшлі сто міль ад Мауніганаму, і не больш трыццаці міль заставалася зараз да берагу акіяна.

Гэта складала яшчэ два доўгіх пераходы, прычым ад падарожнікаў зноў патрабавалася максімум настарожанасці і пільнасці, бо ім трэба было яшчэ прайсці мясцовасць, якую часта наведваюць тубыльцы.

Перамагаючы стомленасць, назаўтра досвіткам маленькі атрад зноў рушыў у дарогу. Асабліва цяжкім аказаўся апошні ўчастак — між гарой Ікарэнгі і гарой Гардзі. На працягу дзесяці міль тут раслі хмызнякі гнуткіх ліянаў, якія справядліва празвалі «ліянамі-душагубцамі». На кожным кроку ў гэтыя ліяны заблытваліся ногі падарожнікаў, і, каб вызваліцца, ліяны трэба было абсякаць. Так, не выпускаючы сякеры з рук, яны ішлі двое сутак сярод гэтых тысячагаловых гідраў, якіх Паганель ледзь згаджаўся прызнаць раслінамі, а не жывымі і да таго-ж варожымі стварэннямі.

У гэтай мясцовасці паляваць нельга было, і маленькі атрад цярпеў не толькі ад вялікай стомленасці, але і ад голаду. У дадатак да ўсяго нехапала і вады, і знясіленыя падарожнікі бесперапынна пакутвалі ад смагі. Сяк-так перастаўляючы ногі, падпарадкоўваючыся толькі інстынкту самазахавання, падарожнікі з нечуванай цяжкасцю дабраліся ўрэшце да мыса Лотын, на беразе Ціхага акіяна.

Тут яны ўбачылі некалькі разбураных і пустых хацін, спустошаныя палі, сляды пажару. Відаць, нядаўна гэта вёска была арэнай ваенных дзеянняў.

Падарожнікі ішлі ўздоўж берагу акіяна, калі раптам за мілю ад іх з’явіўся атрад тубыльцаў; дзікуны таксама заўважылі еўрапейцаў і кінуліся да іх, размахваючы зброяй.

Падарожнікам не было куды ўцякаць. Заставалася сабраць апошнія сілы і паспрабаваць абараняцца. Гленарван хацеў ужо даць адпаведны загад, як раптам Джон Мангльс крыкнуў:

— Лодка! Я бачу лодку!

І сапраўды, за дваццаць крокаў ад іх на пяску стаяла пірога з васьмю вёсламі. Спусціць яе на ваду, сесці ў яе і адплысці ад небяспечнага берагу было справай адной хвіліны. Джон Мангльс, Мак-Набс, Вільсон і Мюльрэдзі селі каля вёслаў. Гленарван стаў за рулём, Паганель, Ольбінет, Роберт і абедзве жанчыны селі побач з ім на карме.

За дзесяць хвілін пірога ад’ехала на чвэрць мілі ад берагу. Мора было ціхае. Уцекачы захоўвалі абсалютнае маўчанне.

Але Джон Мангльс не збіраўся далёка ад’язджаць ад берагу. Ён хацеў прапанаваць Гленарвану ехаць уздоўж узбярэжжа, як раптам убачыў нешта такое, што прымусіла яго пакінуць веславаць.

Ад мыса Лотын ад’ехалі тры пірогі з праследавальнікамі.

— Кіруйце на мора! — усклікнуў ён.— На мора! Лепш утапіцца, чым трапіць у рукі да маарыйцаў!

Пад моцнымі ўзмахамі вёслаў чатырох грабцоў пірога хутка паімчалася ў адкрытае мора. На працягу поўгадзіны ёй удавалася захаваць ранейшую адлегласць між сабой і праследавальнікамі, але потым знясіленыя грабцы не маглі ўжо веславаць, і пірогі тубыльцаў пачалі хутка набліжацца. Між імі зараз было не больш двух міль.

Што павінен быў рабіць Гленарван? Стоячы на карме каля руля, ён аглядаў гарызонт, нібы спадзеючыся знайсці там ратунак. Адкуль ён чакаў дапамогі? Няўжо ён прадчуваў тое, што павінна было адбыцца?

Раптам яго вочы запаліліся радасцю. Ён працягнуў руку ў напрамку гарызонта.

— Карабль! Там карабль, сябры мае! Вяслуйце! Вяслуйце з усёй сілы.

Ні адзін з чатырох грабцоў не павярнуўся, каб зірнуць на гэты карабль, бо нельга было траціць ні секунды. Але Паганель выпрастаўся на ўвесь свой рост і навёў падзорную трубу на карабль.

— Гэта параход,— сказаў ён.— Ён ідзе к нам поўным ходам! Смялей, таварышы!

Грабцы з новай сілай націснулі на вёслы, і зноў на працягу поўгадзіны пірога трымалася ад праследавальнікаў на ранейшай адлегласці. Параход тым часам набліжаўся. Ужо можна было без падзорнай трубы бачыць дзве мачты і клубы чорнага дыму, які вырываўся з трубы. Гленарван, перадаўшы руль Роберту, выхапіў у географа трубу і пачаў сачыць за ўсімі манеўрамі парахода.

Але што павінны былі падумаць Джон Мангльс і астатнія грабцы, убачыўшы, як раптам скрывіўся твар Гленарвана. Падзорная труба выпала з яго рук. Адно слова растлумачыла ўцекачам гэты раптоўны прыступ роспачы:

— «Дункан»! — крыкнуў Гленарван. — «Дункан», і на ім катаржнікі...

— «Дункан»? — паўтарыў Джон Мангльс, кінуўшы вясло і ўстаючы са свайго месца.

— Так! Смерць з двух бакоў! — прашаптаў Гленарван, ашаломлены гэтым новым няшчасцем.

I сапраўды, зараз нельга было сумнявацца ў тым, што гэта была яхта са сваім экіпажам з катаржнікаў. Нават спакойны маёр не мог стрымаць праклёнаў.

Тым часам пірога стала на месцы, кінутая на волю лёсу. Куды ёй было плысці? Куды ўцякаць? Каму аддаць перавагу — дзікунам ці катаржнікам?

Пачуўся стрэл з бліжэйшай пірогі, і куля разбіла вясло Вільсона.

Яхта была зараз ледзь на поўмілі ад няшчасных уцекачоў. Акружаныя з двух бакоў ворагамі, яны не ведалі, куды ўцякаць. Жанчыны абліваліся слязмі.

Дзікуны стралялі частым агнём, і кулі так і свісталі вакол лодкі з падарожнікамі. У гэтую хвіліну пачуўся моцны стрэл, і над галавой уцекачоў прагудзела ядро. Апынуўшыся між двух агнёў, яны кінулі вёслы.

Джон Мангльс схапіў сякеру і хацеў ужо прасекчы дно пірогі, каб утапіць яе разам з пасажырамі, як раптам Роберт закрычаў:

— Там Том Аусцін! Том Аусцін! Я яго бачу! Ён пазнаў нас! Ён махае капелюшом.

Сякера павісла ў паветры. Джон Мангльс акамянеў.

У гэты час другое ядро са свістам праляцела над яго галавой і перакроіла напал бліжэйшую з трох пірог. Голаснае «ура» дайшлося з борта «Дункана».

Перапалоханыя тубыльцы павярнулі назад і ва ўвесь дух паімчаліся к берагу.

— На дапамогу, Том, на дапамогу! — крыкнуў Джон на ўвесь голас.

Небяспека мінулася. Праз некалькі хвілін дзесяць уцекачоў, якія нічога не разумелі, разгубленыя і ашаломленыя, былі ўжо на барту «Дункана».


РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ Чаму "Дункан" крэйсаваў уздоўж усходняга берагу Новай Зеландыі

Нельга выказаць словамі перажыванні Гленарвана і яго спадарожнікаў, калі ў іх вушах зазвінелі гукі даўняй шатландскай песні. У тую хвіліну, калі яны ўзыходзілі па трапу на борт «Дункана», bag-piper зайграў на дудзе піброкс клана Малькольм пад акампанемент грымотных воклічаў «ура».

Гленарван, Джон Мангльс, Паганель, Роберт, нават маёр абдымаліся і плакалі, смяяліся і рыдалі. Географ зусім звар’яцеў. Ён скакаў па палубе, пагражаў сваёй неразлучнай падзорнай трубой пірогам дзікуноў, якія пад’язджалі ўжо к берагу, і зноў пачынаў скакаць.

Але ўбачыўшы знясіленыя, змучаныя твары Гленарвана і яго спадарожнікаў, убачыўшы іх нашчэнт парваную вопратку, экіпаж яхты спыніў свае радасные воклічы. Ад здаровых, вясёлых, поўных жыцця падарожнікаў, якія тры месяцы таму назад выправіліся па слядах пацярпеўшых крушэнне землякоў, не засталося і ўспаміну. На борт «Дункана» вярнуліся дзесяць зданяў, бледных, слабых, якія ледзь цягалі ногі.

Забываючыся на нястрымную смагу і голад, Гленарван перш-на-перш запытаў у Тома Аусціна, якім чынам ён апынуўся тут.

Чаму «Дункан» крэйсаваў каля ўсходніх берагоў Новай Зеландыі? Якім чынам ён не трапіў у рукі Бена Джойса? Якая шчаслівая выпадковасць прывяла яго на дапамогу ўцекачам?

Як? Чаму? — гэтыя пытанні з усіх бакоў сыпаліся на ашаломленага Тома Аусціна. Бывалы марак не ведаў, каго слухаць, каму першаму адказваць. Урэшце ён рашыў слухаць толькі Гленарвана і адказваць толькі на яго пытанні.

— Што вы зрабілі з катаржнікамі? — пытаўся той.

— З катаржнікамі? — паўтарыў Том Аусцін, не разумеючы, пра што ў яго дапытваюцца.

— Так, з тымі катаржнікамі, якія напалі на яхту.

— Якую яхту? — Том Аусцін зусім нічога не разумеў.

— На «Дункан»! На «Дункан», Том! Катаржнікі Бена Джойса!

— Не ведаю ніякага Бена Джойса,—адказаў добрасумленны памочнік.—Ніколі пра яго не чуў!

— Як, ніколі?..— Настала чарга Гленарвана здзіўляцца.— Дык чаму-ж «Дункан» раптам апынуўся каля берагоў Новай Зелавдыі, Том? Адкажыце мне на гэта!

Калі падарожнікі ніяк не маглі вытлумачыць, чаму так здзіўлены бывалы марак, дык можна сабе ўявіць, як уразіў іх спакойны адказ Тома Аусціна:

— Але-ж «Дункан» крэйсуе тут па вашаму загаду, сэр!

— Па майму загаду? — крыкнуў Гленарван.

— Вядома. Я выканаў дакладна ваша распараджэнне, напісанае ў пісьме ад чатырнаццатага студзеня.

— У маім пісьме?! У маім пісьме?! — усклікнуў Гленарван.

У гэты момант усе дзесяць падарожнікаў абступілі Тома Аусціна і літаральна паядалі яго вачыма. Значыцца, пісьмо пасланае з берагоў Сноуі, усё-ж дайшло па прызначэнню.

— Паслухайце, Том,— сказаў Гленарван,— кажыце больш выразна, бо мне здаецца, што я вяржу. Вы атрымалі маё пісьмо, Том?

— Так, сэр.

— У Мельбурне?

— У Мельбурне, у той самы дзень, калі я закончыў рамонт.

— І гэта пісьмо...

— Яно было напісана не вашай рукой, але падпісана вамі.

— Правільна. Гэта пісьмо вам перадаў катаржнік па імені Бен Джойс?

— Не, матрос па імені Айртон.

— Правільна. Айртон і Бен Джойс — гэта адна асоба! Што было напісана ў гэтым пісьме?

— У ім быў загад неадкладна пакінуць Мельбурн і накіравацца к усходняму берагу...

— Аўстраліі! — крыкнуў Гленарван з запалам, які збянтэжыў бывалага марака.

— Аўстраліі? — паўтарыў ён, вытрашчыўшы вочы.— Ды не — Новай Зеландыі!

— Аўстраліі, Том, Аўстраліі — хорам падхапілі ўсе падарожнікі.

У Тома Аусціна закружылася галава. Гленарван гаварыў так пераканаўча, што бывалы марак спалохаўся, ці не прачытаў ён няправільна пісьмо. Няўжо ён, акуратны і паслухмяны марак, зрабіў такую памылку? Ён пачырванеў і засароміўся.

— Супакойцёся, Том,— сказала спачувальна Элен.— Усё склалася к лепшаму...

— Ды не, місіс,— запярэчыў бывалы марак,— гэта немагчыма! Я не мог памыліцца! Айртон прачытаў гэта пісьмо разам са мной і нават угаварваў мяне накіравацца к аўстралійскаму берагу!

— Айртон? — усклікнуў Гленарван.

— Так, Айртон! Ён пераконваў мяне, што ў пісьме памылка і што вы прызначылі мне сустрэчу ў бухце Туфольда!

— Ці ёсць у вас гэта пісьмо, Том? — запытаў маёр, надзвычай зацікаўлены гэтай загадкай.

— Вядома, пане маёр,— адказаў Аусцін.— Я зараз пакажу яго вам.

І памочнік капітана пабег у сваю каюту. Покуль яго не было, усе здзіўлена пераглядваліся. Маёр, скрыжаваўшы рукі на грудзях, уважліва паглядзеў на Паганеля і сказаў:

— Ведаеце, Паганель! Гэтага нельга дараваць нават вам!

— Што?—крыкнуў географ, згінаючы спіну і выцягваючыся, як гіганцкі пытальнік.

Маёр не адказаў яму.

Аусцін вярнуўся, трымаючы ў руках пісьмо, напісанае Паганелем і падпісанае Гленарванам.

— Чытайце самі, сэр,— сказаў бывалы марак.

Гленарван узяў у яго з рук пісьмо і прачытаў голасна:

— «Прапаную Тому Аусціну неадкладна выйсці ў мора і прывесці «Дункан» к трыццаць сёмаму градусу шыраты на ўсходні бераг Новай Зеландыі».

— Новай Зеландыі! — крыкнуў Паганель, падскакваючы на месцы.

Ён вырваў пісьмо з рук Гленарвана, працёр вочы, паправіў акуляры на носе і сам прачытаў:— Новай Зеландыі! Новай Зеландыі! — паўтараў ён з разгубленым выглядам.

Пісьмо вывалілася з яго рук. У гэты момант ён адчуў, што нечая рука, лягла на яго плячо. Ён уздрыгануўся, павярнуўся і ўбачыў маёра.

— Нічога, дарагі Паганель,— сказаў той спакойна,— яшчэ добра, што вы не паслалі «Дункана» ў Кохінхін.

Усе зарагаталі. Смяяліся падарожнікі, смяялася ўся каманда да апошняга матроса.

Паганель забегаў па палубе, як вар’ят, сціскаючы галаву рукамі і рвучы на сабе валасы. Ён не разумеў, што рабіць, не бачыў, куды ідзе, і не ведаў, па што ідзе. Ён узышоў па трапу на капітанскі мосцік, адтуль, хістаючыся, зноў спусціўся на палубу, падышоў к носу, спатыкнуўся там аб круг каната і, каб не ўпасці, ухапіўся за нейкую вяроўку.

Раптам пачуўся страшны грукат. Гармата стрэліла пасіткаваўшы спакойную паверхню мора градам картэчы. Нязграбны Паганель, аказваецца, зачапіўся за спускавую вяроўку гарматы і пацягнуў яе. Адсюль і грукат стрэлу. Няшчасны географ ад перапалоху адскочыў і паляцеў праз адчынены люк у кубрык.

Тады пачуўся перапалоханы крык. Усе падумалі, што з вучоным здарылася няшчасце.

Дзесяць матросаў пабеглі ў кубрык і вынеслі адтуль скурчанае цела Паганеля.

Вучоны, відаць, страціў прытомнасць.

Яго паклалі на палубу. Спадарожнікаў славутага француза апанавала роспач. Маёр, які заўсёды выконваў абавязкі ўрача пры ўсіх няшчасных выпадках, хацеў распрануць Паганеля, каб перавязаць яго раны, але ледзь ён дакрануўся да цела беднага вучонага, як той ускочыў, нібы па ім прабег электрычны ток.

— Недакранайцеся да мяне! — крыкнуў Паганель, захінаючы сваё худое цела дзіравым плашчом.

— Але, Паганель...— запратэставаў маёр.

— Не, кажу я!

— Трэба агледзець вас...

— Вы не будзеце аглядаць мяне.

— Вы маглі зламаць...

— Так,— сказаў Паганель, упэўнена становячыся на свае даўгія ногі,— я зламаў... але справа плотніка, а не ваша адрамантаваць тое, што я зламаў!

— Што-ж вы зламалі?

— Я зламаў парэнчы трапа, калі падаў.

Новы выбух смеху сустрэў гэту рэпліку. Сябры Паганеля больш не трывожыліся за жыццё і здароўе няўважлівага вучонага. Яны павіншавалі яго са шчаслівым канцом прыгоды з гарматай.

«Дзіўна,— падумаў маёр.— Да чаго сарамлівы гэты географ!..»

Між тым Паганелю прыпадала яшчэ, пасля ўсіх перажытых хваляванняў, адказаць на пытанне, якое аднолькава цікавіла ўсіх яго спадарожнікаў.

— А цяпер, Паганель,— сказаў Гленарван,— адкажыце мне па шчырасці. Я магу згадзіцца, што ваша няўважлівасць аказалася як нельга больш шчаслівай для нас. Няма ніякага сумнення, што, каб не вы, «Дункан» трапіў-бы ў рукі катаржнікаў, а мы — у палон к маарыйцам. Але скажыце, чорт вазьмі, па якой дзіўнай асацыяцыі думак, пад уплывам якой неадчэпнай ідэі вы напісалі ў пісьме «Новая Зеландыя», калі трэба было напісаць «Аўстралія».

— Няма нічога больш звычайнага... — пачаў Паганель.

Але тут ён паглядзеў на Роберта і Мэры Грант і раптоўна змоўк. Памаўчаўшы крыху, ён сказаў:

— Рабіце са мной, што хочаце, Гленарван. Я вар’ят, непапраўны дурань і, відаць, такім памру ўжо...

— Калі толькі з вас раней не злупяць скуры,— дадаў маёр.

— Як так, з мяне злупяць скуру? — абурана ўсклікнуў географ.— На што вы намякаеце?..

— Я ні на што не намякаю,— спакойна адказаў маёр.

Гутарка на гэтым спынілася. Таямніца раптоўнага з’яўлення «Дункана» ў новазеландскіх водах высветлілася; цудам выратаваныя падарожнікі зараз думалі толькі аб тым, каб як хутчэй трапіць у свае выгодныя каюты, а пасля паснедаць.

Але калі Элен, Мэры, маёр, Паганель і Роберт пайшлі ў свае каюты, Гленарван і Джон Мангльс зноў пачалі распытваць у Тома Аусціна.

— А зараз, мой сябра, скажыце мне, хіба вы не здзівіліся, атрымаўшы загад накіравацца к берагам Новай Зеландыі?

— Праўду кажучы, сэр, я вельмі здзівіўся. Але я не прывык разважаць, калі мне загадваюць дзейнічаць. Таму я падпарадкаваўся. Ці мог я зразумець інакш? Каб я парушыў ваш загад і здарылася-б якое-небудзь няшчасце, хіба не я быў-бы вінаватым? Што вы зрабілі-б на маім месцы, капітан?

— Тое самае, што і вы, Том,— адказаў Джон Мангльс.

— Але што вы падумалі? — настойваў Гленарван.

— Я падумаў, сэр, што інтарэсы Гары Гранта патрабуюць, каб «Дункан» паплыў туды, куды вы загадалі. Я рашыў, што па нейкіх меркаваннях вам зручней было, не чакаючы «Дункана», на іншым судне пераправіцца ў Новую Зеландыю. Дарэчы, пакідаючы Мельбурнскі порт я нікому не сказаў, куды мы едзем. І экіпаж даведаўся пра мэту нашага плавання толькі на моры, калі бераг Аўстраліі ўжо знік з позірку. Але тут адбылася адна падзея, якая вельмі ўстрывожыла мяне.

— Што іменна Том?

— Я хачу сказаць,— адказаў Том Аусцін,— што калі боцман Айртон даведаўся назаўтра, куды плыве «Дункан»...

— Як? — крыкнуў Гленарван.— Значыцца, Айртон на барту яхты?

— Так, сэр.

— Айртон тут! — паўтарыў Гленарван, пазіраючы на Джона Мангльса.

— Лёс! — адказаў капітан.

За адну секунду ў галовах абодвух падарожнікаў мільганулі, як маланка, успаміны аб паводзінах Айртона, аб задуманай ім здрадзе, аб раненні Гленарвана, аб замаху на жыццё Мюльрэдзі, аб пакутах экспедыцыі, заведзенай у балоты Сноуі,— усё мінулае гэтага злачынца прамільгнула ў іх галовах. А зараз, па дзіўнаму наплыву акалічнасцей, гэты нягоднік апынуўся пад іх уладай!

— Дзе ён? — жвава запытаў Гленарван.

— У каюце на носе, пад вартай,— адказаў Том Аусцін.

— Чаму вы яго арыштавалі?

— Таму што, даведаўшыся, што яхта плыве ў Новую Зеландыю, Айртон чуць не ашалеў, прасіў мяне змяніць напрамак, пагражаў мне, урэшце спрабаваў узбунтаваць маіх матросаў. Я зразумеў, што гэта небяспечны чалавек, і рашыў прыняць свае меры перасцярогі...

— І з таго часу?..

— І з таго часу ён сядзіць у каюце пад замком і не выходзіць з яе.

— Добра, Том.

У гэтую хвіліну Гленарвана і Джона Мангльса паклікалі ў кают-кампанію. Снеданне, аб якім яны так марылі на беразе, падалі на стол. Яны селі за стол, нічога не сказаўшы сваім спадарожнікам аб Айртоне.

Але пасля снедання, калі ўсе пад’елі і набраліся сілы, Гленарван паведаміў, што былы боцман знаходзіцца на судне і што ён збіраецца дапытаць яго.

— Ці магу я не прысутнічаць пры гэтым допыце? — запытала Элен.—Прызнаюся вам, дарагі Эдуард, што мне вельмі цяжка будзе бачыць гэтага няшчаснага.

— Гэта будзе допыт адзін-на-адзін, Элен,— адказаў Гленарван.— Я прашу вас застацца. Трэба, каб Бен Джойс бачыў перад сабою ўсе афяры свайго здрадніцтва!

Элен згадзілася. Мэры Грант і яны селі побач з Гленарванам. Маёр, Паганель, Джон Мангльс, Роберт, Мюльрэдзі, Вільсон і Ольбінет сталі каля яго. Том Аусцін і ўвесь экіпаж яхты сталі крыху воддаль. Не разумеючы яшчэ, што адбываецца, усе стаялі ціха.

— Прывядзіце сюды Айртона,— загадаў Гленарван.


РАЗДЗЕЛ ВОСЕМНАЦЦАТЫ Айртон ці Бен Джойс

Айртон увайшоў у кают-кампанію. Цвёрдым поступам ён падышоў да стала. Выгляд яго не быў задзірыстым, але і ніякіх адзнак замяшання нельга было прачытаць на яго твары. Апынуўшыся перад Гленарванам, ён скрыжаваў рукі на грудзях і моўчкі чакаў пачатку допыта.

— Айртон,— сказаў Гленарван,— вось мы і сустрэліся зноў на барту таго самага «Дункана», які вы хацелі перадаць катаржнікам з шайкі Бена Джойса!

Ад гэтых слоў губы ў былога боцмана злёгку здрыгануліся. Яго спакойны твар крыху пачырванеў. Гэта было не ад пакут сумлення, а толькі сорам за няпоспех задуманай справы. Ён чырванеў ад таго, што ў якасці палоннага стаяў на палубе судна, якім спадзяваўся камандаваць.

Але ён нічога не адказаў Гленарвану. Той цярпліва чакаў. Айртон упарта маўчаў.

— Гаварыце, Айртон,— сказаў Гленарван.— Што вы можаце адказаць мне?

Айртон яшчэ думаў. Лоб яго быў зрэзаны маршчынамі. Потым ён спакойна адказаў:

— Мне няма чаго сказаць вам, сэр. Я быў такі дурны, што дазволіў арыштаваць сябе. Рабіце са мной, што вы хочаце.

З гэтымі словамі былы боцман павярнуўся к берагу, які відаць быў на захадзе, і зрабіў выгляд, што яму так абыякава ўсё, што адбываецца навокал. Пазіраючы на яго з боку, можна было падумаць, што ён зусім не мае ніякага дачынення да важнай справы, якую абмяркоўваюць у кают-кампаніі.

Але Гленарван рашыў не даваць волі гневу. Важныя інтарэсы патрабавалі высвятлення некаторых загадкавых абставін з біяграфіі Айртона, асабліва таго перыяда яго жыцця, калі ён меў дачыненне да Гары Гранта і «Брытаніі».

Таму Гленарван, заглушыўшы злосць, прымусіў сябе гаварыць зусім спакойным голасам.

— Я мяркую, Айртон,— прадаўжаў ён,— што вы не адмовіцеся даць адказ на некалькі маіх пытанняў. Але перш за ўсё скажыце, як вас называць — Айртонам ці Бенам Джойсам? І ці былі вы калі-небудзь сапраўды боцман на «Брытаніі»?

Айртон спакойна глядзеў на бераг, нібы не чуў пытанняў.

— Ці не скажаце вы мне хаця-б, калі вы пакінулі «Брытанію» і чаму вы апынуліся ў Аўстраліі?

Тое-ж маўчанне, той-жа абыякавы выгляд.

— Слухайце мяне ўважліва, Айртон,— прадаўжаў Гленарван.— У вашых інтарэсах адказваць мне. Адзінае, што можа палегчыць вашу долю — гэта шчырае прызнанне. Апошні раз пытаюся, ці будзеце вы адказваць на мае запытанні?

Айртон павярнуўся тварам да Гленарвана і зірнуў яму проста ў вочы.

— Ведаеце, сэр,— сказаў ён,— мне няма чаго вам адказваць. Не мая справа абвінавачваць самога сябе. Няхай гэтым зоймецца суд.

— За доказамі вашай віны далёка хадзіць не давядзецца,— адказаў Гленарван.

— Вы кажаце, што доказы будзе лёгка сабраць? — іранічным тонам запытаў Айртон.— Па-мойму, вы памыляецеся, сэр. Я ўпэўнены, што самы праніклівы суддзя стане ў тупік, разбіраючы маю справу. Хто зможа растлумачыць, як я апынуўся ў Аўстраліі, калі капітана Гранта не будзе на судзе? Хто давядзе, што я і Бен Джойс, якога шукае паліцыя,— адна асоба; паліцыя-ж ніколі не бачыла мяне, а мае супольнікі знаходзяцца на волі? Хто, апрача вас, зможа абвінаваціць мяне не толькі ў злачынстве, але нават у самым звычайным учынку? Хто зможа давесці, што я імкнуўся заўладаць гэтым судном і перадаць яго збеглым катаржнікам? Ніхто! Чуеце вы, ніхто! Вы падазраеце мяне,— добра, але для таго, каб засудзіць чалавека, адных падазрэнняў мала, патрэбны доказы! А доказаў у вас няма, і пакуль вы іх не знойдзеце, я застануся Айртонам, боцманам з трохмачтавага судна «Брытанія»!

Айртон, які гаварыў з вялікім запалам, зноў стаў спакойным, скончыўшы сваю тыраду. Ён, відавочна, меркаваў, што, атрымаўшы такі адказ, Гленарван спыніць допыт. Але Гленарван зноў загаварыў:

— Я не суддзя, Айртон, і не вяду следства. Гэта — не мая справа. Не лішне вам высветліць сабе дакладна нашы ўзаемаадносіны. Я не збіраюся выпытваць у вас таго, што можа вам пашкодзіць у далейшым. Гэта, паўтараю, справа суда. Але вы ведаеце, якія пошукі я распачаў, і можаце адным словам навясці мяне на страчаны след. Ці будзеце вы адказваць?

Айртон заківаў галавой з выглядам чалавека, які цвёрда рашыў маўчаць.

— Ці скажаце вы мне, дзе знаходзіцца капітан Грант? — прадаўжаў Гленарван.

— Не, сэр,— адказаў Айртон.

— Ці скажаце вы мне, дзе здарылася крушэнне з «Брытаніяй»?

— Не.

— Айртон,— сказаў Гленарван амаль упрашваючым тонам,— калі вы ведаеце, дзе знаходзіцца Гары Грант, скажыце гэта не мне, а гэтым бедным дзецям, якія з мальбою пазіраюць на вас.

Айртон захістаўся. Яго твар скрывіўся. Але ён ціха адказаў:

— Я не магу нічога сказаць.

І ў раптоўным запале, нібы ўнікаючы сябе за хвілінную слабасць, ён закрычаў:

— Не, я нічога не скажу! Можаце мяне павесіць, калі хочаце.

— Павесіць! — крыкнуў Гленарван разгневана.

Але тут-жа, саўладаўшы з сабой, ён адказаў спакойным голасам:

— Тут няма ні суддзяў, ні катаў, Айртон. На першай-жа стаянцы я перадам вас у рукі англійскіх улад.

— Я больш нічога і не прашу,— адказаў былы боцман.

І тым-жа размераным і цвёрдым крокам ён вярнуўся ў сваю каюту. Каля дзвярэй яе Джон Мангльс паставіў двух вартавых, сурова загадаўшы ім не зводзіць позірку са зняволенага. Сведкі гэтай сцэны разышліся з кают-кампаніі, абураныя да глыбіні душы і збянтэжаныя.

Гленарван пацярпеў няўдачу, дапытваючы Айртона. Што яму аставалася зараз рабіць? Відавочна, толькі адно: выканаць план, задуманы яшчэ ў Эдэме, гэта значыць вярнуцца ў Еўропу. Пазней, магчыма, ён яшчэ раз арганізуе экспедыцыю на пошукі капітана Гранта, але цяпер, калі сляды «Брытаніі» канчаткова згубіліся, калі дакументы не паддаваліся ніякаму новаму тлумачэнню, калі на трыццаць сёмай паралелі нават не было недаследаваных земляў, «Дункану» не заставалася нічога іншага, як вярнуцца назад у Еўропу.

Параіўшыся з сябрамі, Гленарван абмеркаваў з Джонам Мангльсам пытанне неадкладнага звароту ў Еўропу. Малады капітан агледзеў вугальныя ямы. Выявілася, што запасаў вугалю хопіць не больш, чым на пятнаццаць дзён. Значыцца, неабходна было дапоўніць іх у бліжэйшым порце.

Джон Мангльс прапанаваў Гленарвану ўзяць курс на бухту Талькагуано, дзе ён аднойчы ўжо набіраў вугаль перад тым, як выйсці ў сусветнае плаванне. Гэта быў прамы рэйс якраз па трыццаць сёмай паралелі. З Талькагуано яхта пойдзе на поўдзень, абойдзе мыс Горн і вернецца ў Шатландыю па Атлантычнаму акіяну.

Гэты план быў прыняты, і механік атрымаў загад павысіць ціск пары. Праз поўгадзіны яхта ўзяла курс на Талькагуано і паплыла па акіяну. А шостай гадзіне вечара горы Новай Зеландыі схаваліся за гарызонтам у туманавай смузе.

Так пачалося плаванне назад. Сумнае плаванне для гэтых нястомных даследчыкаў. Экіпаж судна, перапоўнены надзеямі і перакананнямі ў момант выхаду з роднай Шатландыі, зараз быў сумны і задуманы. Ні адзін з адважных матросаў «Дункана» не радаваўся блізкай сустрэчы з бацькаўшчынай. Якой ні цяжкай была разлука з ёй, яны гатовы былі яшчэ доўга цярпець усе небяспекі дальняга плавання, абы толькі была маленькая надзея знайсці капітана Гранта.

Песні і музыка, якімі сустрэлі зварот на борт Гленарвана і яго спадарожнікаў, змяніліся магільнай цішынёй. Пасажыры не збіраліся больш у кают-кампаніі для таварыскай гутаркі, якая ажыўляла пачатак плавання. Усе хаваліся ў цішы сваіх кают, і толькі час ад часу хто-небудзь выходзіў на палубу «Дункана».

Паганель, чалавек, які з прычыны ўласцівасцей свайго характару, больш востра за ўсіх на барту перажываў і радасць і гора,— быў пануры і маўклівы. Ён амаль не выходзіў са сваёй каюты. Яго звычайная балбатлівасць, яго чыста французская жвавасць зніклі. У Паганеля быў зараз прыгнечаны выгляд, і ён рэдка і неахвотна размаўляў. Здавалася, што ён больш безнадзейна глядзеў на працяг пошукаў, чым усе астатнія падарожнікі. Калі Гленарван гаварыў аб арганізацыі новай экспедыцыі, Паганель сумна ківаў галавой як чалавек, які не сумняваецца ў трагічным канцы афяр крушэння «Брытаніі». Адчувалася, што ён упэўнены ў пагібелі капітана Гранта і яго спадарожнікаў.

Між іншым тут-жа, на барту «Дункана», быў чалавек, які ведаў таямніцу пагібелі «Брытаніі», але маўчаў аб ёй. Гэта быў Айртон. Ніхто не сумняваўся, што катаржнік ведаў, калі не месцазнаходжанне капітана Гранта, дык хоць-бы абставіны і месца крушэння «Брытаніі». Але Айртон разумеў, што капітан Грант, каб яго ўдалося знайсці, сведчыў-бы супроць яго на судзе, таму ён упарта захоўваў таямніцу. Гэта выклікала шалёную злосць ва ўсіх, асабліва ў матросаў, якія, не на жарты, думалі аб расправе з ім.

Гленарван неаднаразова аднаўляў спробы дамагчыся прызнанняў ад Айртона. Але ні абяцанні, ні пагрозы не дапамагалі. Упартасць Айртона была такая вялікая і такая дзіўная, што маёр пачынаў думаць, што можа ён нічога і не ведае. Такой-жа думкі трымаўся і географ, у якога былі нейкія таемныя меркаванні пра лёс Гары Гранта. Але калі Айртон нічога не ведаў, дык чаму ён не прызнаваўся ў гэтым? Прызнанне не магло пашкодзіць яму. Між тым маўчанне яго не дазваляла скласці новы план пошукаў.

Бачачы беспаспяховасць спроб свайго мужа, Элен папрасіла дазволу ў сваю чаргу паспрабаваць зламаць упартасць былога боцмана. «Там, дзе мужчына не меў поспеху,— гаварыла яна,—жанчыне можа ўдасца атрымаць перамогу». Ці не падобна гэта на даўнюю гісторыю аб урагане, які марна спрабаваў сарваць плашч з плячэй падарожніка, і аб сонечным прамені, які адразу зрабіў гэта?

Гленарван, паважаючы розум і такт сваёй жонкі, з ахвотай дазволіў ёй сустрэцца з Айртонам.

На працягу гадзіны Элен і Мэры Грант заставаліся сам-на-сам з былым боцманам, але ніхто нічога не ведаў аб змесце іх гутаркі. Яны нікому не сказалі, якімі метадамі яны карысталіся, каб вырваць у Айртона яго таямніцу, або што ён ім адказаў. Аднак, развітаўшыся з ім, абедзве жанчыны былі расчараваныя, і на тварах іх была напісана поўная безнадзейнасць.

Таму пры праходзе боцмана ў сваю каюту матросы лаяліся і пагражалі яму. Ён адказваў на гэта толькі пацісканнем плячэй, што падвойвала шаленства экіпажа. Каб не заступіўся тут Гленарван і Джон Мангльс, каманда разарвала-б злачынцу.

Але Элен не здалася. Яна рашыла змагацца да канца з гэтым бессардэчным чалавекам і назаўтра сама пайшла ў каюту зняволенага.

На працягу доўгіх двух гадзін добрая і ціхая жанчына заставалася сам-на-сам з атаманам банды збеглых катаржнікаў. Гленарван, увесь апанаваны нервовым узрушаннем, блукаў вакол каюты Айртона, змагаючыся з жаданнем хутчэй пазбавіць сваю жонку ад гэтых цяжкіх перагавораў.

Але за гэтым разам, калі Элен вышла на палубу, яе твар ззяў ад радасці. Няўжо ёй удалося абудзіць драмаўшыя ў душы злачынцы чалавечыя пачуцці і вырваць у яго таямніцу?

Мак-Набс, які першы ўбачыў яе, не мог стрымаць недаверлівага жэста.

Аднак па ўсёй яхце прабеглі чуткі, што Элен удалося нарэшце перамагчы ўпартасць былога боцмана. Уся каманда сабралася на палубе хутчэй, чым па свістку Тома Аусціна для аўрала.

Гленарван пабег насустрач жонцы.

— Ён сказаў? — запытаў ён.

— Не,—адказала Элен,— уступаючы маёй просьбе, Айртон пажадаў пагаварыць з вамі.

— Ах, любая Элен, няўжо вам удалося ўгаварыць яго?

— Спадзяюся, Эдуард.

— Ці не паабяцалі вы яму чаго-небудзь ад майго імя?

— Я абяцала толькі адно, што вы зробіце ўсё магчымае, каб змякчыць яго лёс.

— Добра, Элен, я так і зраблю. Прывядзіце да мяне зараз-жа Айртона,— загадаў ён матросу.

Элен пайшла ў сваю каюту разам з Мэры Грант, а былы боцман пайшоў у кают-кампанію, дзе яго чакаў Гленарван.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Умовы мірнага дагавора

Як толькі боцман падышоў да Гленарвана, вартавыя вышлі.

— Вы хацелі гаварыць са мной, Айртон? — сказаў Гленарван.

— Так, сэр,— адказаў той.

— Сам-на-сам?

— Не, сэр. Было-б лепш, каб маёр Мак-Набс і пан Паганель прысутнічалі пры нашай гутарцы.

— Лепш для каго?

— Для мяне.

Айртон гаварыў зусім спакойна.

Гленарван уважліва паглядзеў на яго і паслаў за Мак-Набсам і Паганелем, якія неадкладна прышлі па выкліку.

— Мы слухаем вас,— сказаў Гленарван, як толькі абодва яго сябры селі.

Некаторы момант Айртон збіраўся з думкамі. Урэшце ён пачаў.

— Сэр,—сказаў ён,— існуе правіла, што пры заключэнні важнага дагавора ці згоды запрашаюць сведак. Вось чаму я прасіў, каб пан Паганель і маёр Мак-Набс прысутнічалі пры нашай гутарцы. Уласна кажучы, тое, што я хацеў вам прапанаваць, ёсць не што іншае, як кантракт.

Гленарван, ужо знаёмы з норавам Айртона, не міргнуў і вокам, не гледзячы на тое, што нават думка аб якім-небудзь кантракце між ім і Айртонам здавалася яму агіднай.

— Што-ж гэта за кантракт? — запытаў ён.

— А вось які,— адказаў Айртон.— Вы хацелі-б атрымаць ад мяне некаторыя весткі, якія могуць быць карыснымі для вас. Я-ж, у сваю чаргу, жадаў-бы атрымаць сякія-такія перавагі, надзвычай каштоўныя для мяне. Дамо іх адзін аднаму, сэр. Згодны?

— Якія весткі? — жвава запытаў Паганель.

— Не,— перапыніў яго Гленарван,— якія перавагі?

Айртон кіўнуў галавой у адзнаку, што ён зразумеў, што хацеў падкрэсліць Гленарван сваімі словамі.

— Вось,— сказаў ён,— умова, якую я выстаўляю ад сябе; вы збіраецеся, сэр, аддаць мяне ў рукі англійскага правасуддзя?

— Так, Айртон, і гэта будзе толькі справядліва.

— Я не адмаўляю гэтага,— спакойна адказаў былы боцман.— Значыцца, вы зусім не маеце намеру адпусціць мяне на волю?

Гленарван задумаўся, перш чым даць адказ на гэта ва ўпор пастаўленае пытанне. Можа ад яго адказу залежаў лёс Гары Гранта! Урэшце пачуццё абавязку перамагло, і ён адказаў:

— Не, Айртон, я не магу даць вам волі.

— Я і не прашу яе ў вас,— горда адказаў боцман.

— Тады чаго-ж вы хочаце?

— Прамежнага становішча, сэр, між шыбеніцай, якая мяне чакае, і воляй, якой вы не можаце мне даць.

— Гэта?..

— Высадзіце мяне на адзін з незаселеных астравоў Ціхага акіяна і забяспечце мяне толькі патрэбнымі рэчамі. Я сам пастараюся выбрацца з гэтага становішча. У мяне дастаткова будзе часу, каб пакаяцца.

Гленарван зусім не быў падрыхтаваны да такой дзіўнай прапановы. Ён па чарзе паглядзеў на сваіх сяброў. Тыя маўчалі. Падумаўшы некаторы момант, ён адказаў:

— Айртон, калі я згаджуся на вашу просьбу, вы раскажаце мне ўсё, што я хацеў-бы ведаць?

— Так, сэр, усё, што я ведаю пра капітана Гранта і пра «Брытанію».

— Усю праўду?

— Усю праўду.

— Але хто мне паручыцца...

— О, я разумею, што вас непакоіць, сэр. Вы павінны паверыць майму слову, слову злачынца. Але такое становішча рэчаў. Можна толькі прыняць маю прапанову або адхіліць яе.

— Я давяраю вам, Айртон,— проста сказаў Гленарван.

— Добра робіце, сэр. Аднак, калі я ашукаю вас, вы заўсёды зможаце пакараць мяне.

— Якім чынам?

— Вы можаце прыехаць за мной на востраў, з якога я не магу ўцячы.

У Айртона былі гатовы адказы на ўсё. Ён папярэджваў усе сумненні, якія маглі ўзнікнуць, ён сам знаходзіў аргументы, якія былі супроць яго. Было відаць, што ён усяляк спрабуе давесці, што ён прапануе свой «кантракт» з самымі сумленнымі намерамі. Але Айртон не абмежаваўся гэтымі доказамі, ён пайшоў далей.

— Містэр Гленарван,— дадаў ён,— і вы, панове! Я хачу, каб вы паверылі мне, і кладу карты на стол адкрытымі. Я не збіраюся ашукваць вас і давяду вам сваю праўдзівасць у гэтай справе. Я дзейнічаю сумленна, таму што сам разлічваю на вашы сумленныя адносіны да мяне.

— Гаварыце, Айртон,— сказаў Гленарван.

— Сэр, вы ўсё яшчэ не далі згоды на маю прапанову, і аднак я не ўтою ад вас, што магу сказаць вельмі мала пра капітана Гары Гранта.

— Мала?! — крыкнуў Гленарван.

— Так, сэр. Тое, што я магу сказаць, датычыцца цалкам мяне, і ніякім чынам не можа дапамагчы знайсці згублены след капітана Гранта.

Выраз расчаравання з'явіўся на тварах Гленарвана і маёра. Яны былі ўпэўнены, што былы боцман валодае нейкай важнай таямніцай, а той прызнаўся, што ведае толькі нешта малазначнае для іх.

Што да Паганеля, дык ён быў зусім спакойны.

Як-бы там ні было, але гэта прызнанне Айртона, зробленае ім не ў сваю карысць, расчуліла яго слухачоў.

— Так,— закончыў ён,— я вас папярэдзіў, сэр, і вы цяпер ведаеце, што кантракт менш выгадны для вас, чым для мяне.

— Гэта не мае значэння, Айртон,— адказаў Гленарван.— Я прымаю вашу прапанову. Я абяцаю высадзіць вас на адзін з бязлюдных астравоў Ціхага акіяна.

— Добра, сэр,— сказаў былы боцман.

Ці быў гэты дзіўны чалавек задаволены такім рашэннем? Цяжка сказаць, ва ўсякім разе твар яго ані не паказаў хвалявання. Здавалася, размова ішла не аб ім самім, а аб нейкім іншым.

— Я гатовы адказваць,— сказаў ён.

— У нас няма ніякіх пытанняў да вас,— запярэчыў Гленарван.— Раскажыце нам усё, што вы ведаеце. Пачніце са сваёй біяграфіі. Хто вы такі?

— Панове,— пачаў Айртон,— я сапраўды Том Айртон, боцман трохмачтавага судна «Брытанія». Я пакінуў Глазго на караблі Гары Гранта 12 сакавіка 1861 года. Цэлых чатырнаццаць месяцаў мы разам плавалі ў водах Ціхага акіяна ў пошуках выгоднага месца для заснавання шатландскай калоніі. Гары Грант — чалавек, створаны для вялікіх спраў, але між намі часта ўзнікалі сур’ёзныя рознагалоссі.

Мы не сышліся характарамі. Мой — не з падатных. Але з Гары Грантам так: калі ўжо ён што-небудзь задумае, усе павінны яго слухацца. Гэта жалезны чалавек, і ён патрабуе беспярэчнага падпарадкавання сабе. І аднак я асмеліўся паўстаць супроць яго. Мне ўдалося перацягнуць на свой бок амаль увесь экіпаж. Хто з нас быў вінаваты, а хто правы, зараз не мае ніякага значэння. Так ці інакш. але 8 красавіка 1862 года Гары Грант высадзіў мяне на заходнім узбярэжжы Аўстраліі.

— Аўстраліі? — перапыніў расказ Айртона маёр.— Значыцца, вы пакінулі «Брытанію» перад тым, як яна кінула якар у Кальяо, адкуль былі атрыманы апошнія весткі аб ёй?

— Так,— адказаў боцман.— У часе майго прабывання на барту мы не заходзілі ў Кальяо. Калі я і гаварыў вам аб Кальяо на ферме Падзі О’Мура, дык толькі таму, што мне ўдалося падслухаць ваш расказ аб гэтым.

— Прадаўжайце, Айртон,— сказаў Гленарван.

— Так, мяне высадзілі на бязлюдным беразе, за дваццаць міль ад Перта. Блукаючы па беразе, я сустрэўся з бандай катаржнікаў, якія ўцяклі з Перцкай турмы і хаваліся ад паліцыі. Я далучыўся да іх. Вы пазбавіце мяне, сэр, ад неабходнасці расказваць падрабязна аб маім жыцці на працягу апошніх двух гадоў. Вам дастаткова ведаць, што я пад іменем Бена Джойса стаў правадыром банды. У верасні 1864 года я прышоў на ірландскую ферму. Мяне ўзялі парабкам, і я назваўся сваім сапраўдным імем — Айртонам Я чакаў выпадку авалодаць якім-небудзь судном. Гэта было маёй галоўнай мэтай. Месяцы праз два да аўстралійскага берагу прыстаў «Дункан». У часе вашага наведвання фермы, сэр, вы расказалі ўсю гісторыю капітана Гранта. Такім чынам я даведаўся аб усім, чаго не ведаў раней: аб стаянцы «Брытаніі» ў Кальяо, аб апошніх вестках з яе, датаваных ліпенем 1862 года, гэта значыць на два месяцы пазней як мяне высадзілі на бераг, аб гісторыі з дакументамі, аб крушэнні судна на трыццаць сёмай паралелі і ўрэшце аб вашым цвёрдым намеры шукаць Гары Гранта на Аўстралійскім мацерыку. Я не думаў ні хвіліны. Я рашыў авалодаць «Дунканам» — лепшай з яхт брытанскага флота. Але «Дункану» патрэбны быў сур’ёзны рамонт. Я даў яму спакойна дабрацца да Мельбурна. Пайшоўшы з вамі ў якасці правадніка да выдуманага месца крушэння «Брытаніі», я загадаў сваёй бандзе ісці следам за вашай экспедыцыяй. Такім чынам я прывёў вас, без падазрэнняў, к рацэ Сноуі. Вашы коні і быкі, падохлі адзін за адным, атручаныя мной. Я знарок завёў фургон у грузкае балота Сноуі. Па майму настаянню... Але вы ведаеце, сэр, астатняе, і вы можаце быць упэўнены, што, каб не гэта няўважлівасць містэра Паганеля, я камандаваў-бы зараз «Дунканам». Вось і ўся мая гісторыя. На няшчасце, маё выкрыццё не дапаможа вам знайсці сляды Гары Гранта, і вы бачыце зараз, што, згадзіўшыся са мной, вы заключылі невыгодны кантракт.

Айртон змоўк і, па сваёй прывычцы скрыжаваўшы рукі на грудзях, спакойна чакаў.

Гленарван і яго сябры маўчалі. Яны адчувалі, што ўсё, што расказаў гэты дзіўны злачынца, было чыстай праўдай. Захоп «Дункана» не ўдаўся па зусім незалежных ад яго акалічнасцях. Яго супольнікі прыбылі на бераг Туфольдскай бухты, як пра гэта сведчыла знойдзеная Гленарванам арыштанская фуфайка. Там, паслухмяныя загадам свайго правадыра, катаржнікі чакалі яхты. Урэшце, калі абрыдзела ім чакаць яе, яны безумоўна вярнуліся да свайго рамяства грабежнікаў і падпальшчыкаў у вёсках Новага Паўднёвага Уэльса.

Маёр першым начаў допыт Айртона, жадаючы ўдакладніць даты.

— Так,— запытаў ён у былога боцмана,— вас высадзілі на заходні бераг Аўстраліі восьмага красавіка 1862 года.

— Зусім правільна,— адказаў Айртон.

— А ці ведалі вы далейшыя планы Гары Гранта?

— Вельмі цмяна.

— Гаварыце-ж, Айртон,— сказаў Гленарван.— Якое-небудзь нікчэмнае паказанне можа навесці нас на правільны шлях.

— Вось усё, што я магу вам паведаміць, сэр,— адказаў Айртон.— Капітан Грант збіраўся наведаць Новую Зеландыю. Гэтая частка яго праграмы не была выканана, калі я знаходзіўся на барту «Брытаніі». Няма нічога немагчымага ў тым, што «Брытанія», пакінуўшы Кальяо, пайшла даследаваць берагі Новай Зеландыі. Гэта цалкам супадае з датай дваццаць сёмага чэрвеня 1862 года, напісанай у дакуменце.

— Зусім відавочна,— сказаў Паганель.

— Але,— запярэчыў Гленарван,— ні адзін з урыўкаў слоў, якія захаваліся ў дакуменце, не паказвае на Новую Зеландыю.

— Пра гэта я нічога не магу вам сказаць,— адказаў Айртон.

— Добра, Айртон,— сказаў тады Гленарван.— Вы стрымалі сваё слова, і я стрымаю сваё. Нам застаецца вырашыць — на які астравок у Ціхім акіяне высадзіць вас?

— Для мяне ўсёроўна, сэр,— абыякава адказаў Айргон.

— Ідзіце ў сваю каюту,— сказаў яму Гленарван,— і чакайце нашага рашэння.

Боцман вышаў пад вартай двух матросаў.

— Гэты нягоднік яшчэ можа стаць чалавекам,— сказаў маёр.

— Так,— адказаў Гленарван,— гэта моцная і смелая натура. Шкада, што яго здольнасці былі накіраваны на злачынныя справы.

— А Гары Грант?

— Я баюся, што ён загінуў. Няшчасныя дзеці! Хто скажа ім, дзе іх бацька?

— Я,— адказаў Паганель,— я скажу ім!

Трэба заўважыць, што географ, звычайна гаваркі, у часе гутаркі з Айртонам не сказаў амаль ні аднаго слова. Ён слухаў, сцяўшы губы. Але яго апошнія словы надзвычай здзівілі Гленарвана.

— Вы! — крыкнуў ён.— Вы ведаеце, дзе знаходзіцца капітан Грант?

— Так...

— А адкуль вы ведаеце?

— Усё з таго-ж дакумента.

— А! — гукнуў маёр тонам найвялікшай недаверлівасці.

— Спачатку паслухайце, Мак-Набс. Вы заўсёды паспееце недаверліва паціснуць плячыма. Я не казаў аб гэтым раней, бо вы ўсёроўна не паверылі-б мне. Гэта было зусім бескарысна. Калі я іду на гэта цяпер, дык толькі таму, што думка Айртона цалкам пацвярджае маю ўласную.

— Так, Новая Зеландыя? — запытаў Гленарван.

— Паслухайце, а потым мяркуйце,— адказаў Паганель.— Памылка, якая выратавала нас, была зроблена мной не без прычын, праўдзівей не без прычыны. У той момант, калі я пісаў пісьмо пад дыктоўку Гленарвана, слова «Зеландыя» раптоўна ўсплыло мне на памяць. І вось чаму: вы памятаеце, мы ўсе былі ў фургоне, Мак-Набс расказваў місіс Гленарван аб злачынствах збеглых катаржнікаў. Ён паказаў ёй нумар «Аўстралійскай і новазеландскай газеты», у якой апісвалася катастрофа ў Кэмдэн-Брыджы. У той момант, калі я дапісваў пісьмо, газета ўпала на зямлю і лягла такім чынам, што ў яе загалоўку можна было прачытаць апошні склад слова Zealand. Я намагаўся ўспомніць, што нагадвае мне гэта слова. А гэтае-ж слова з’яўлялася якраз тым незразумелым словам land з англійскага дакумента, якога мы ніяк не маглі расшыфраваць. Яно было ні чым іншым, як апошнім складам слова Zealand — Зеландыя.

— А гэта-ж так! — крыкнуў Гленарван.

— Так,— зноў пачаў Паганель тонам глыбокага пераканання.—Але тады гэта здагадка ўвільнула ад мяне, і ці ведаеце, чаму? Ды таму, што ўсе мае думкі круціліся вакол дакумента, напісанага па-французску, больш змястоўнага, чым іншыя, але дзе не было гэтага важнага слова.

— О! — крыкнуў маёр.— Вы зноў ва ўладзе свайго ўяўлення, Паганель, вы вельмі хутка забыліся на свае ранейшыя здагадкі.

— Я гатовы адказваць вам, маёр.

— Так,— пачаў Мак-Набс,— што азначае, па-вашаму, слова austral?

— Тое самае, што яно азначала раней. Яно азначае паўднёвыя краіны.

— Добра! А гэта слова indi, якое спачатку вы лічылі часткай слова indiens—індзейцы, а потым часткай indigénes — тубыльцы?

— У трэці і апошні раз,— адказаў Патанель,— яно будзе служыць коранем слова indigenes —нястача.

— А няскончанае слова contin... як раней азначае — кантынент?

— Не, адказаў Паганель,— бо Новая Зеландыя не што іншае, як востраў. Contin—гэта частка слова continuelle пастаянная.

— Так? — запытаў Гленарван.

— Дарагі сэр,— адказаў Паганель,— зараз я перакладу змест дакумента, згодна майго трэцяга і апошняга тлумачэння яго, і тады вы будзеце меркаваць. Я зраблю толькі дзве заўвагі. Першая: забудзьцеся на ўсё, што я вам гаварыў раней, і пастарайцеся добра падумаць аб тым, што я скажу зараз. І другая: можа асобных месцы здадуцца вам вельмі вольна вытлумачанымі. Магчыма, што я недакладна расшыфраваў іх, але гэта не мае зараз ніякага значэння. І апошняя: сярод іншых слоў там ёсць склады «гоні» — яны не даюць мне спакою, але я не магу надаць ім іншага сэнсу, апрача «агоніі». Так, я пачынаю:

І Паганель, робячы націск на кожным складзе, прачытаў наступнае:

— «27 чэрвеня 1862 года трохмачтавае судно «Брытанія» з Глазго пайшло на дно пасля доўгай агоніі ў паўднёвых морах, каля берагоў Новай Зеландыі. Капітану Гранту і двум яго матросам удалося — aborder — дабрацца да берагоў» — так я тлумачу няпоўнае слова abor. Далей па тэксту ідзе слова contin — я чытаю яго continuelle — пастаянная і indi якое, па-мойму, азначае indigence — нястача. Значыцца, апошняя частка дакумента гучыць так: «Там, церпячы пастаянную лютую нястачу, яны кінулі ў мора гэты дакумент пад... даўгаты і 37° 11' шыраты. Дапамажыце ім, інакш яны загінуць».

Паганель змоўк. Такое тлумачэнне дакумента было зусім магчымым. Але іменна таму, што яно было такім-жа пераканаўчым, як і першыя два, яно магло аказацца такім-жа непераканаўчым. Гленарван і маёр не збіраліся шукаць поваду для спрэчак. Паколькі ні ў Патагоніі, ні ў Аўстраліі, у тых месцах, дзе гэтыя краіны перасякаюцца трыццаць сёмай паралеллю, ім не ўдалося натрапіць на след «Брытаніі», усе перавагі былі на баку Новай Зеландыі.

Гэта заўвага, зробленая Паганелем, асабліва пераканала яго сяброў.

— Зараз, Паганель,— запытаў Гленарван,— ці не скажаце вы нам, чаму вы трымалі ў сакрэце ад нас сваё адкрыццё больш чым два месяцы?

— Таму што я не хацеў дарэмна абнадзейваць вас. І к таму-ж мы ўсёроўна ішлі ў напрамку к Оклэнду, гэта значыць к пункту, які ляжыць якраз на ўказанай у дакуменце шыраце.

— Але чаму вы змаўчалі аб гэтым і тады, калі мы вымушаны былі павярнуць з гэтага шляху?

— Таму, што гэтае апошняе тлумачэнне, адзіна правільнае, усё-ж не дапаможа нам выратаваць капітана Гранта.

— Чаму-ж, Паганель?

— Ды таму, што калі з часу крушэння «Брытаніі» мінула два гады, дык капітан Грант або загінуў у часе крушэння, або стаў афярай новазеландцаў.

— Значыцца, вы мяркуеце...— запытаў Гленарван.

— Што можа мы і напаткаем якія-небудзь сляды караблекрушэння, але самі людзі з карабля загінулі беззваротна!

— Не гаварыце нікому ні слова,— сказаў Гленарван,— і дазвольце мне выбраць зручны момант, каб паведаміць гэтую сумную навіну дзецям капітана Гранта.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ Крык сярод ночы

Экіпаж хутка даведаўся, што доказы Айртона зусім не дапамаглі высветліць таямнічага знікнення капітана Гранта. На барту настаў поўны смутак, бо ўсе разлічвалі, што былы боцман валодае гэтай таямніцай.

Яхта трымалася ранейшага курса. Заставалася толькі выбраць востраў, каб высадзіць на яго Айртона.

Паганель і Джон Мангльс уважліва вывучалі карабельныя карты. Якраз на трыццаць сёмай паралелі быў бязлюдны скалісты астравок Марыя-Терэзія. Астравок гэты быў далёка на сярэдзіне Ціхага акіяна і знаходзіўся за тры тысячы пяцьсот міль ад афрыканскага берагу і за паўтары тысячы міль ад Новай Зеландыі. На поўнач ад яго быў архіпелаг Паумоту, які знаходзіўся пад пратэктаратам Францыі. На поўдзень не было ніякай зямлі аж да самай прыпалярнай паласы суцэльных ільдоў.

Ні адно судно не падыходзіла к гэтаму самотнаму астраўку. Толькі буравеснікі адпачывалі на яго скалах у часе сваіх дальніх пералётаў, і на большасці геаграфічных карт гэты астравок зусім не адзначаўся, нібы хвалі Ціхага акіяна ніколі не плёскаліся каля яго берагоў.

Калі на зямлі калі-небудзь існавала поўная самота, дык іменна на гэтым востраве, размешчаным так далёка ад усіх чалавечых шляхоў.

Айртону паказалі на гэты востраў і растлумачылі яго месцазнаходжанне. Ён згадзіўся жыць на ім, і курс узялі на Марыю-Терэзію. У гэты момант яхта знаходзілася на простай лініі, якая вяла ў бухту Талькагуано, і павінна была прайсці недалёка ад вострава.

Праз два дні вахценны ўбачыў зямлю на гарызонце.

Гэта была Марыя-Терэзія — нізкі прадаўгаваты востраў, ледзь бачны з-за хваль, які нагадваў сваімі абрысамі вялікага кіта.

Да яго заставалася ўсяго толькі міль трыццаць, а яхта ішла з шпаркасцю шаснаццаці вузлоў. Сонца ўжо схілялася на захад, касыя праменні яго асвятлялі сілуэт вострава і верхавіны ўзбярэжных скал.

А пятай гадзіне Джону Мангльсу здалося, што ён бачыць у паветры лёгкі дымок.

— Ці не вулкам гэта? — запытаў ён у Паганеля, які разглядаў новую зямлю ў падзорную трубу.

— Я не ведаю, што і думаць,— адказаў географ.— Марыя-Терэзія яшчэ амаль не даследавана. Аднак не было-б нічога дзіўнага, каб гэты востраў аказаўся вулканічнага паходжання.

— Але калі востраў узнік з прычыны выбуху,— сказаў Гленарван,— ці не варта баяцца, што ён такім-жа шляхам і знікне?

— Наўрад ці магчыма гэта. Ён існуе ўжо шмат вякоў, і гэта служыць дастатковай гарантыяй яго далейшага існавання. Калі ў Сяродземным моры з’явіўся з вады востраў Джулія, ён нядоўга прастаяў на хвалях і знік без следу праз некалькі месяцаў.

— Як вы думаеце, Джон,— запытаў Гленарван,— ці ўправімся мы падыйсці к берагу да надыходу ночы?

— Не, сэр, я не магу рызыкаваць ноччу падыходзіць к невядомаму мне берагу. Я буду плаваць за некалькі міль ад яго пад малой парай, а раніцой, ледзь узыйдзе сонца, мы зможам ступіць на бераг.

А восьмай гадзіне вечара Марыя-Терэзія, хоць і была ўсяго за восем міль пад ветрам ад яхты, здавалася ледзь прыкметным прадаўгаватым ценем. «Дункан» павольна набліжаўся да зямлі.

А дзевятай гадзіне на востраве выбухнуў агонь.

— Вось што сцвярджае меркаванне аб вулкане,— сказаў Паганель, уважліва сочачы за агнём.

— Аднак,— запярэчыў Джон Мангльс,— на такой адлегласці мы павінны былі-б чуць грукат, які абавязкова суправаджае кожны выбух, а вецер не даносіць да нас ніякага шуму.

— Сапраўды,— пацвердзіў Паганель,— гэты вулкан свеціць, але маўчыць. Больш таго, ён загараецца праз пэўныя прамежкі часу, зусім як маяк!

— Ваша праўда,— згадзіўся з ім Джон Мангльс,— і аднак на гэтым беразе не можа быць маяка. А! — крыкнуў ён.— Яшчэ адзін агонь. Цяпер ужо каля самага мора! Ён хістаецца і пераходзіць з месца на месца!

Джон не памыляўся. Сапраўды, агонь з’яўляўся то тут, то там, то патухаючы, то зноў выбухаючы.

— Значыцца, на востраве жывуць? — сказаў Гленарван.

— Відавочна, там жывуць дзікуны,— адказаў Паганель.

— Але ў такім выпадку мы не можам высадзіць на яго Айртона.

— Ні ў якім разе,— пацвердзіў яго словы маёр.— Гэта было-б вельмі дрэнным падарункам для бедных дзікуноў.

— Мы пашукаем другі бязлюдны востраў,— сказаў Гленарван, які не мог не ўсміхнуцца на заўвагу Мак-Набса.— Я абяцаў Айртону спакойнае жыццё, і я хачу стрымаць сваё слова.

— Ва ўсякім разе трэба быць асцярожным,— сказаў Паганель.— Зедандцы таксама, як некалі жыхары Карнуэльскіх астравоў, маюць звычай ашукваць караблі мігатлівымі агнямі. Вельмі магчыма, што тубыльцы Марыі-Терэзіі таксама ведаюць гэты спосаб.

— Падыйдзі на адлегласць чвэрці мілі! — крыкнуў Джон рулявому.— Заўтра, як толькі ўзыйдзе сонца, мы вырашым канчаткова, што нам рабіць.

А адзінаццатай гадзіне Джон Мангльс і пасажыры разышліся па сваіх каютах.

Па палубе хадзіў толькі вахценны. На карме застаўся адзін рулявы.

У гэты момант Мэры Грант і Роберт вышлі на палубу.

Дзеці капітана Гранта, абапёршыся на парэнчы, сумна пазіралі на фасфарасцыруючае мора і мігатлівы струмень за кармой «Дункана». Мэры думала пра будучае Роберта. Роберт думаў пра будучае сваёй сястры. Абодва яны думалі пра свайго бацьку.

Ці жывы яшчэ дарагі бацька? Якое будзе іх жыццё без яго? Што-б было з імі, каб не Гленарван і яго жонка?

Хлопчык, якога гора зрабіла дарослым не па ўзросту, здагадваўся аб тым, якія думкі хвалявалі яго сястру.

Ён узяў руку Мэры.

— Мэры,— сказаў ён,— не трэба паддавацца роспачы. Успомні, чаму вучыў нас бацька. «Самае галоўнае — гэта быць мужным», гаварыў ён. Узброімся-ж мужнасцю, сястрычка! Да гэтага часу ты працавала на мяне, зараз настала мая чарга.

— Дарагі Роберт! — пяшчотна сказала маладая дзяўчына.

— Я хачу сказаць табе адну рэч. Ты не будзеш злаваць на мяне?

— За што-ж, дзіця маё?

— І ты не будзеш стрымліваць мяне?

— Што ты хочаш сказаць? — усхвалявана запытала Мэры.

— Любая сястра, я хачу стаць мараком.

— Ты пакінеш мяне? — крыкнула маладая дзяўчына, сціскаючы руку брата сваёй рукой.

— Так, сястра, я хачу быць мараком, як мой бацька, як капітан Джон! Мэры, любая Мэры! Капітан Джон яшчэ не страціў надзеі! Ты ведаеш, які ён адданы нам! Ён абяцаў мне выхаваць з мяне добрага марака, і мы разам пусцімся на пошукі нашага бацькі. Скажы, што ты згодна, сястра!

Мэры Грант прытуліла Роберта да сваіх грудзей.

Хлопчык адчуў, як слязінка скацілася яму на лоб.

— Мэры, Мэры! — крыкнуў ён.— Я не трачу надзеі! Такі чалавек, як наш бацька, не мог памерці, не выканаўшы сваёй задачы.

У Мэры не было сілы адказаць. Слёзы душылі яе.

— Значыцца, і капітан Джон яшчэ не страціў надзеі? — запытала яна.

— Не,— адказаў Роберт.— Ён ніколі не пакіне нас. Я стану мараком, і мы разам будзем шукаць нашага бацьку.

— Але-ж нам давядзецца разлучыцца.

— Ты не застанешся адна, Мэры. Я ведаю гэта! Мой сябра Джон мне ўсё расказаў. Элен Гленарван не пакіне цябе. Ты жанчына, ты можаш, ты павінна згадзіцца на яе дапамогу. Адмовіцца — значыць паказаць сябе няўдзячнай. Але мужчына, мой бацька гаварыў мне гэта сотні разоў, павінен сам каваць свой лёс.

— Што будзе з нашым мілым домам у Дзёндзі.

— Мы захаваем яго, сястрычка! Усё гэта ўжо абмеркавалі Гленарван і Джон! Ты будзеш жыць у Малькольм-Кэстлі як дачка Гленарвана. Гленарван сказаў гэта Джону, а Джон пераказаў мне. Ты будзеш там як дома, і табе будзе з кім пагаварыць аб нашым бацьку, чакаючы таго моманту, калі мы вернемся дамоў разам з ім. Ах, які гэта будзе шчаслівы дзень!

— Дарагі браце, які-б шчаслівы быў наш бацька, калі-б ён мог пачуць цябе! Як ты падобны, Роберт, на нашага дарагога бацьку! Калі ты станеш дарослым, ты будзеш такі самы, як ён.

— О, Мэры!..— прашаптаў хлопчык, чырванеючы да вушэй.

— Але чым мы можам аддзякаваць Гленарвану і яго жонцы за тое, што яны зрабілі для нас? — сказала Мэры.

— О, гэта зусім няцяжка! — крыкнуў Роберт горача, з юнацкім энтузіязмам.— Мы будзем бязмежна любіць і паважаць іх, і, калі гэта будзе патрэбна, кожны з нас аддасць сваё жыццё за іх.

— Не, мы будзем жыць для іх! — крыкнула маладая дзяўчына, цалуючы свайго брата.

Дзеці капітана Гранта летуценна пазіралі ў марскую далечынь, ахутаную начною імглою.

Яны змоўклі. Але ў думках кожны прадаўжаў пачатую гутарку. Лёгкія хвалі паціху плёскалі за бартом яхты. Вінт падымаў бліскучую пену.

І раптам, сярод гэтай нямой цішыні, у якую, здавалася, быў захутаны ўвесь свет, брату і сястры адначасова здалося, што чуюць нечы далёкі і жаласны голас. Гук гэтага голасу прымусіў іх здрыгануцца.

— Да мяне, да мяне! — выразна прагучэла ў цішыні.

— Мэры,— прашаптаў Роберт,— ты чуеш?

І, перагнуўшыся цераз борт, абодва, ледзь дыхаючы, пачалі ўслухоўвацца і ўглядацца ў імглу.

Але яны не бачылі нічога.

— Роберт,— сказала Мэры, бляднеючы ад хвалявання,— мне здалося... мне здалося, таксама як і табе... Не, мы трызнім абодва, Роберт!

Але ў гэты момант новы прызыў данёсся да іх. Гэтым разам ілюзія была такой моцнай, што абодва яны закрычалі:

— Бацька! Бацька!

Гэта было ўжо занадта для Мэры Грант. Яе нервы не вытрымалі, і яна непрытомнай упала на рукі брата.

— На дапамогу! — закрычаў Роберт.— На дапамогу к сястры, к бацьку!

На гэты крык прыбег рулявы і вахценныя матросы.

Праз некалькі секунд Гленарван, Джон Мангльс і Элен былі ўжо на палубе.

— Сястра памірае, бацька там!..— крычаў як непрытомны Роберт, паказваючы ў цёмную далячынь.

Ніхто не разумеў яго слоў.

У гэты момант Мэры прышла ў прытомнасць.

— Бацька! Бацька!..— гаварыла яна, як вар'ятка.

Няшчасная дзяўчына, хістаючыся, спрабавала дайсці да парэнчаў.

— Містэр Гленарван, Элен! — усклікала яна, ламаючы рукі.— Я кажу вам, што чула яго голас.

Слёзы не давалі ёй гаварыць. Ёй зноў стала млосна Элен завяла яе ў каюту.

Роберт астаўся на палубе, бесперапынна паўтараючы: «Мой бацька там, ён там, я чуў яго голас!»

Усе сведкі гэтай тужлівай сцэны не сумняваліся, што няшчасныя дзеці сталі афярай галюцынацыі. Але як пераканаць іх, як давесці ім, што яны памыляюцца?

Гленарван першы паспрабаваў зрабіць гэта. Ён узяў Роберта за руку і сказаў яму:

— Ты сапраўды чуў голас бацькі, дзіця маё?

— Так, сэр, ён чуўся аднекуль здалёк. Ён клікаў: «Да мяне, да мяне!»

— І ты пазнаў гэты голас?

— Ці мог я не пазнаць яго? Мая сястра таксама чула яго голас і таксама пазнала яго! Як можаце вы меркаваць, што мы абодва памыліліся? Сэр, прашу вас, хутчэй на дапамогу к бацьку. Лодку, лодку!

Гленарван бачыў, што ён не мае сілы пераканаць няшчаснага хлопчыка. Усё-ж ён у апошні раз паспрабаваў. Ён паклікаў рулявога.

— Гаукінс,— запытаў ён у яго,— вы стаялі на вахце ў той час, калі міс Грант зрабілася млосна?

— Так, сэр,— адказаў Гаукінс.

— І вы нічога не бачылі, нічога не чулі?

— Нічога, сэр.

— Ты бачыш, Роберт, што ты памыляешся,— сказаў Гленарван.

— Каб гэта быў бацька Гаукінса,— з несакрушальнай упэўненасцю запярэчыў хлопчык,— ён не гаварыў-бы, што ён нічога не бачыў і не чуў. Гэта быў мой бацька, сэр! Мой бацька, мой бацька!..

Слёзы душылі Роберта, ён увесь збялеў і самлеў. Гленарван занёс яго ў каюту, палажыў на пасцель, і хлопчык, стомлены хваляваннямі ночы, зусім знепрытомнеў.

— Няшчасныя сіроты! — сказаў Джон Мангльс.— Якія пакуты выпалі на іх долю.

— Так,— адказаў Гленарван,— прыступ роспачы мог выклікаць у іх адначасова аднолькавую галюцынацыю.

— Адначасова ў абодвух! — прашаптаў Паганель.— Гэта болей чым дзіўна. Ні адзін вучоны не паверыў-бы гэтаму...

Перагнуўшыся цераз парэнчы і даўшы знак усім прысутным маўчаць, ён уважліва прыслухаўся. Вакол панавала нямая цішыня. Паганель голасна крыкнуў. Ніхто не адказаў яму.

— І ўсё-ж гэта дзіўна,— мармытаў географ, ідучы ў сваю каюту.— Кроўнасць думак і пачуццяў усё-ж недастаткова, каб выклікаць такое цуда.

Назаўтра, 8 сакавіка, а пятай гадзіне раніцы, ледзь занялося на золак, усе пасажыры, не кажучы ўжо пра Мэры і Роберта, якіх нельга было ўтрымаць у пасцелі, сабраліся на палубе «Дункана». Кожнаму хацелася як хутчэй убачыць зямлю.

Усе біноклі былі накіраваны на востраў. Яхта стаяла за адну толькі мілю ад яго. Раптам пачуўся крык Роберта. Хлопчык запэўняў, што ён бачыць двух людзей, якія бегаюць па беразе і махаюць рукамі, і трэцяга, які падымае сцяг.

— Англійскі сцяг! — крыкнуў Джон Мангльс, схапіўшы падзорную трубу.

— Гэта праўда! — закрычаў Паганель, жвава павярнуўшыся да Роберта.

— Сэр,— сказаў Роберт, калоцячыся ад хвалявання,— калі вы не хочаце, каб я ўкінуўся ў мора, загадайце спусціць шлюпку. Ах, сэр, я на каленях прашу вас дазволіць мне першаму ступіць на зямлю!

Ніхто не мог сказаць ні слова ад здзіўлення. Як! На гэтым астраўку, пасярэдзіне Ціхага акіяна, жывуць тры чалавекі, якія засталіся жывымі пасля крушэння, тры англічаніны! І кожны, успамінаючы падзеі мінулай ночы, думаў аб голасе, які пачулі Роберт і Мэры!

Кожны са страхам думаў аб тым, як перажывуць няшчасныя дзеці яшчэ адно страшнае расчараванне? Ці хопіць у іх сілы, каб змірыцца з гэтым апошнім ударам. Але як спыніць іх? Гленарван не адважваўся на гэта.

— Хутчэй лодку! — сказаў ён.

У адзін момант шлюпку спусцілі на ваду. Дзеці капітана Гранта, Гленарван, Джон Мангльс і Паганель селі ў яе, і яна адчаліла. Моцныя ўзмахі шасці вёсел хутка адносілі лодку ад яхты.

За дзесяць сажняў ад берагу Мэры прарэзліва крыкнула:

— Мой бацька!..

На беразе між двух іншых людзей стаяў высокі і дужы чалавек, добры і адначасова мужны твар якога быў надзвычай падобны на твар Мэры і Роберта Грант.

Сапраўды, гэта быў той самы чалавек, якога так часта апісвалі дзеці сваім сябрам. Прадчуванне не ашукала іх. Гэта быў іх бацька, гэта быў капітан Грант!

Капітан, пачуўшы крык Мэры, упаў, як падстрэлены, на пясок.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ Востраў Табор

Ад радасці не паміраюць, таму бацька і двое дзяцей прышлі ў прытомнасць, раней чым іх перавезлі на яхту. Увесь экіпаж плакаў, пазіраючы, як гэтыя трое застылі ў абдымках.

Гары Грант дрыжачым ад хвалявання голасам шчыра дзякаваў Гленарвану і ўсяму экіпажу за сваё выратаванне.

За час пераезду на яхту дзеці паспелі расказаць яму пра ўсе прыгоды «Дункана».

У якім неаплатным даўгу ён знаходзіўся ў гэтай мужнай жанчыны, у яе мужа і іх сяброў. Пачынаючы з самога Гленарвана і канчаючы апошнім з матросаў, усе, як адзін, змагаліся і пакутвалі, каб выратаваць яго. Гары Грант выказаў пачуцці, якімі поўна было яго сэрца, так проста і ласкава, яго змораны твар свяціўся такім праўдзівым, такім чыстым хваляваннем, што ўсе адчувалі сябе поўнасцю ўзнагароджанымі за перажытыя пакуты.

Стрыманы маёр і той употай выціраў слёзы, якіх ён не меў сілы стрымаць. Што да Паганеля, дык ён і не імкнуўся хаваць сваіх слёз: ён плакаў, як дзіця.

Гары Грант не мог наглядзецца на дачку. Ён знаходзіў яе прыгожай, чароўнай.

Ён паўтараў ёй гэта бясконца, просячы Элен быць за сведку, каб пераканацца, што бацькаўскія пачуцці не ашукваюць яго.

Ён з захапленнем пазіраў на свайго сына.

— Як ён вырас! Ды ён сапраўдны мужчына! — узрушана ўсклікаў ён.

І ён бясконца цалаваў сваіх дзяцей.

Роберт па чарзе пазнаёміў яго са сваімі сябрамі, для кожнага знаходзячы новыя пахвалы. Усе яны былі аднолькава добрыя з няшчаснымі дзяцьмі. Калі чарга дайшла да Джона Мангльса, малады капітан пачырванеў, таксама як і маладая дзяўчына, і яго голас дрыжэў, калі ён адказваў бацьку Мэры Грант.

Элен ва ўсіх дэталях расказвала капітану Гранту гісторыю іх падарожжа, і сэрца бацькі напоўнілася гордасцю за сваіх дзяцей.

Гары Грант даведаўся пра геройскія ўчынкі свайго сына, пра тое, што ён ужо заплаціў частку доўга бацькі.

Потым Джон Мангльс гаварыў аб Мэры такімі словамі, што Гары, які ўжо аб усім здагадаўся з некалькіх слоў Элен, узяў мужную руку маладога капітана, злучыў яе з рукой сваёй дачкі і звярнуўся да Гленарвана і яго жонкі са словамі:

— Сябры мае, павіншуйце гэтых дзяцей!

Калі аб усім перагаварылі ўжо тысячу разоў, Гленарван расказаў капітану Гранту аб Айртоне.

Грант пацвердзіў усё, што сказаў Айртон.

— Гэта разумны і адважны чалавек, якога шал штурхануў на злачынства. Можа адзінота і пакаянне вернуць яго на правільны шлях.

Але перш, чым перавезлі Айртона на востраў Марыя-Терэзія, Гары Грант захацеў прыняць там сваіх новых сяброў. Ён запрасіў іх наведаць яго драўляную хаціну і пасядзець за сталом акіянскага Рабінзона.

Гленарван і яго таварышы ахвотна прынялі запрашэнне. Роберт і Мэры аж гарэлі ад жадання ўбачыць месца, дзе так доўга пакутваў іх бацька.

Зноў падрыхтавалі шлюпку, і бацька са сваімі двума дзяцьмі, Гленарван з жонкай, маёр, Джон Мангльс і Паганель высадзіліся на бераг вострава.

Досыць было некалькі гадзін, каб агледзець усе ўладанні Гары Гранта. Уласна кажучы, востраў быў не чым іншым, як вяршыняй падводнай гары. У эпоху ўтварэння зямной кары гэтая гара, паднялася з вады Ціхага акіяна. Але з цягам стагоддзяў вулкан стаў звычайнай гарой. Потым тут утварыўся чарназём, з’явілася расліннасць, кіталовы пакінулі тут некалькі хатніх жывёл, коз і кабаноў, якія распладзіліся і зрабіліся дзікімі.

Такім чынам усе тры царствы прыроды: мінеральнае, расліннае і жывёльнае працвіталі на гэтым закінутым сярод Ціхага акіяна астраўку.

Як толькі там апынуліся людзі з «Брытаніі», чалавечая рука прышла на дапамогу прыродзе. За два з паловай гады Гары Грант і два яго матросы зусім змянілі выгляд вострава. Добра апрацаваная зямля пачала даваць высокія ўраджаі.

Госці наведалі дом, які стаяў у засені разложыстых камедных дрэў. За яго вокнамі рассцілалася бязмежнае мора, асветленае яркімі праменнямі сонца. Гары Грант загадаў перанесці стол у цянёк дрэва, і ўсе паселі вакол яго. Жаркое з бараніны, нарду, казінае малако, два-тры карані дзікага цыкорыя і свежая, чыстая вада — вось з чаго складаўся звычайны абед, варты аркадскіх пастухоў.

Паганель быў у захапленні.

Даўнія думкі аб перавагах жыцця Рабінзона зноў зашавяліліся ў яго мазгу.

— Ну, і пашанцавала-ж гэтаму жуліку Айртону. Гэты востраў сапраўднае райскае месца! — сказаў ён.

— Так,— адказаў Гары Грант,— райскае месца для трох няшчасных, якія пацярпелі крушэнне, але я шкадую, што Марыя-Терэзія не вялікі ўраджайны востраў з ракой замест ручая і з портам замест нікчэмнай, малюсенькай бухтачкі.

— Але чаму, капітан? — запытаў Гленарван.

— Таму што тады я мог-бы заснаваць тут шатландскую калонію.

— Ах, капітан Грант,— здзіўлена сказаў Гленарван,— значыцца вы не пакінулі гэтай ідэі, якая зрабіла ваша імя такім папулярным у нас на бацькаўшчыне?

— Не, сэр, і я спадзяюся, што мне ўдасца ператварыць гэтую ідэю ў жыццё. Трэба, каб нашы беднякі атрымалі ўрэшце прытулак ад нястачы і голаду дзе-небудзь на новай зямлі! Трэба, каб у нашай бацькаўшчыне была мясціна, дзе нашы землякі маглі-б валодаць той незалежнасцю, якой ім так нехапае ў Еўропе!

— Гэта выдатны план! — усклікнула Элен.— Ён цалкам варты ганаровага сэрца. Але гэты востраў?..

— Не, місіс, гэтая скала можа пракарміць толькі некалькі каланістаў, а нам патрэбен шырокі прастор.

— Добра, капітан! — усклікнуў Гленарван.— Будучыня ў нашых руках. Мы будзем разам шукаць гэту зямлю.

Гары Грант і Гленарван моцна паціснулі адзін аднаму руку, як-бы замацоўваючы гэта абяцанне.

Потым капітан Грант расказаў гісторыю трох пацярпеўшых крушэнне з «Брытаніі».

— Наша гісторыя,— пачаў Гары Грант,—падобная на гісторыю ўсякіх Рабінзонаў, якія апынуліся на бязлюдным востраве і зразумелі, што ў барацьбе з сіламі прыроды ім няма на каго разлічваць, апрача як на саміх сябе.

Ноччу з 26 на 27 чэрвеня 1862 года «Брытанія», разбітая страшнай бурай, якая лютавала шэсць дзён без перапынку, наскочыла на падводныя скалы Марыі-Терэзіі. Мора шалёна бушавала, і ўвесь экіпаж загінуў у хвалях, за выключэннем мяне і двух матросаў: Боба Лірса і Джо Бэла. Нам удалося выбрацца на бераг пасля дваццаці дарэмных спроб. Зямля, на якой мы апынуліся, аказалася маленькім бязлюдным астраўком на дзве мілі ўздоўж і на пяць міль упоперак. На востраве расло некалькі дзесяткаў дрэў, былі дзве-тры палянкі і крыніца прэснай вады, якая, на шчасце, ніколі не высыхала.

Апынуўшыся на краі свету, мы не ўпалі ў роспач. Мае таварышы па няшчасцю, Боб і Джо, вельмі дапамагалі мне.

Мы пачалі з таго, з чаго пачаў Рабінзон Крузо Даніэля Дэфо, гэта значыць пачалі лавіць абломкі крушэння. Нам удалося выратаваць сёе-тое з пасуды, крыху пораху, зброі, мяшок са збожжам. Першыя дні былі вельмі цяжкія, але хутка паляванне і лоўля рыбы са збыткам пачалі забяспечваць нас усім неабходным для яды. Дзікія козы пладзіліся і размнажаліся на сакавітых зялёных лугах, а на беразе было шмат марскіх жывёл. Мала-па-малу наша жыццё наладзілася.

З дапамогай астранамічных прыладаў, якія мне таксама ўдалося выратаваць, я знайшоў месцазнаходжанне вострава.

Было зусім відавочна, што наш востраў стаіць не на шляху караблёў і што толькі выпадак можа выратаваць нас.

Мы працавалі не разгінаючы спіны. Хутка даволі вялікі ўчастак зямлі мы засеялі насеннем, выратаваным з «Брытаніі». Бульба, цыкорый, шпінат і іншая гародніна прыбавіліся да нашай звычайнай яды. Мы прыручылі некалькі дзікіх коз, у нас з’явілася малако і масла. Нарду, які рос на дне перасохлых ручаёў, даваў нам даволі смачны хлеб.

Такім чынам наша жыццё наладзілася.

Мы збудавалі дом з абломкаў «Брытаніі» і накрылі яго добра прасмоленай парусінай. Зараз мы без страху чакалі надыходу дажджлівага сезону.

Спачатку ў мяне з’явілася думка пабудаваць лодку з абломкаў «Брытаніі» і паплысці ў ёй; але ад бліжэйшай зямлі, гэта значыць ад архіпелага Паумоту, нас разлучала тысяча пяцьсот міль. Ніякая лодка не магла вытрымаць такога доўгага падарожжа. Я адмовіўся ад гэтай думкі, прадаставіўшы наша выратаванне волі вёсу.

Ах, мае дарагія дзеці, каб вы ведалі, як часта, стоячы на вяршыні скалы, мы марылі ўбачыць які-небудзь карабль! За ўвесь час нашага мімавольнага выгнання ўсяго два ці тры разы на гарызонце прашмыгнуў парус,—прашмыгнуў і схаваўся. Так мінула два з паловай гады. Мы больш ужо не спадзяваліся, але і не паддаваліся роспачы.

І вось урэшце ўчора я ўзлез на вяршыню скалы і раптам заўважыў на захадзе лёгкі дымок. Ён усё набліжаўся і набліжаўся. Хутка я ўбачыў і самае судно. Ці прыпыніцца яно тут, каля гэтага астраўка, дзе нельга нават кінуць якар?

Ах, якое гэта было пакутнае чаканне! Сэрца замірала ў мяне ў грудзях... Мае таварышы запалілі агонь на двух самых высокіх скалах Марыі-Терэзіі. Настала ноч. Але пасажыры яхты не паказвалі ніякіх прымет жыцця. Там было наша выратаванне. Няўжо і гэта наша апошняя надзея знікне, як дым? Я больш не сумняваўся. Яхта магла за ноч пакінуць востраў. Я кінуўся ў мора і паплыў у напрамку да яе. Надзея падвойвала маю сілу. Я разганяў хвалі з нейкай звышчалавечай сілай. Я падплываў к яхце і быў ужо на шэсцьдзесят метраў ад яе, як раптам яна завярнулася і паплыла ў бок ад вострава.

Тады я пачаў голасна крычаць, і гэтыя крыкі пачулі мае дзеці.

Я вярнуўся на бераг, знясілены, змораны хваляваннем і стомленасцю. Боб Лірс і Джо Бэл падабралі мяне ледзь жывога! Гэта была самая жудасная з усіх начэй, пражытых намі на востраве. Мы-ж думалі, што навекі застанемся тут...

Алё раніцой мы ўбачылі, што яхта падплывае да нас ціхім ходам. Я ўбачыў, як спускаюць шлюпку на ваду... Мы былі выратаваны!..

Мае дзеці, мае дарагія дзеці, абнялі мяне!

Гары Грант скончыў свой расказ, і Мэры і Роберт шчыра абнялі яго. Толькі зараз капітан даведаўся, што сваім выратаваннем ён абавязаны быў таму самаму дакументу, які ён праз восем дзён пасля караблекрушэння ўлажыў у бутэльку і пусціў па волі хваль.

Аб чым думаў Жак Паганель, слухаючы расказ капітана? Паважаны географ у тысячны раз аднаўляў у памяці кожнае слова дакумента. Ён прыпамінаў адно за адным усе тры свае няправільныя тлумачэнні. Як-жа было напісана Марыя-Терэзія на гэтых напалову сатлелых паперах? Ён не мог больш стрымацца і крыкнуў, ухапіўшы капітана Гранта за руку:

— Капітан, раскажыце-ж урэшце, што вы напісалі ў гэтым загадкавым дакуменце?

Пытанне географа зацікавіла ўсіх. Усе, хацелі ведаць адгадку таямніцы, якая не давала спакою ўсяму экіпажу на працягу доўгіх дзесяці месяцаў.

— Ці памятаеце вы дакладны тэкст дакумента? — запытаў Паганель у капітана Гранта.

— Вядома,— адказаў Гары Грант.— Дня не праходзіла, каб я не паўтараў гэтых слоў, у якіх заключалася адзіная наша надзея на выратаванне.

— Што-ж гэта былі за словы? — запытаў Гленарван.— Гаварыце хутчэй, мы надзвычай зацікаўлены.

— Я гатовы задаволіць вас,— адказаў Гары Грант.— Але вы ведаеце, што, жадаючы павялічыць нашы шансы на выратаванне, я ўклаў у бутэльку дакументы, напісаныя на трох мовах. Які з іх вы хочаце ведаць?

— Хіба ўсе тры дакументы не былі аднолькавымі? — крыкнуў Паганель.

— За выключэннем аднаго слова.

— Прачытайце нам дакумент, напісаны па-французску. Мора не так размыла яго, і іменна гэты дакумент служыў за аснову для ўсіх нашых тлумачэнняў.

— Сэр, вось яго дакладны тэкст,— адказаў Гары Грант.

— «27 чэрвеня 1862 года з трохмачтавым судном «Брытанія» з Глазго здарылася крушэнне за паўтары тысячы міль ад берагоў Патагоніі, у паўднёвым паўшар'і. Капітану Гранту і яго двум матросам удалося дабрацца да вострава Табор...»

— Як?! — крыкнуў Паганель.

— «Там,— працягваў капітан Грант,— церпячы пастаянную лютую нястачу, яны кінулі ў мора гэты дакумент. Каардынаты вострава — 153 даўгаты і 37о 11' шыраты. Дапамажыце ім, ці яны загінуць».

Пры слове «Табор» Паганель падскочыў і, не маючы сілы стрымацца, закрычаў:

— Як? Востраў Табор! Але-ж гэта востраў Марыя-Терэзія!

— Ваша праўда, пане Паганель,—адказаў Гары Грант.— На англійскіх і нямецкіх картах ён называецца «Марыя-Терэзія», а на французскіх ён лічыцца як востраў Табор.

У гэты момант цяжкі кулак апусціўся на плячо Паганеля. Той аж прысеў. Трэба прызнацца, што гэтым ударам надарыў географа маёр, які першы раз за сваё жыццё аказаўся недалікатным.

— Географ! — сказаў Мак-Набс тонам нейвялікшай пагарды.

Але Паганель нават не адчуў гэтага ўдару. Якое меў значэнне гэты ўдар у параўнанні з ударам, які зневажаў яго як вучонага?

І так як ён зараз высветліў, ён быў недалёка ад праўды. Ён амаль поўнасцю расшыфраваў дакумент. Адна за адной, Патагонія, Аўстралія, Новая Зеландыя здаваліся яму бясспрэчным месцазнаходжаннем пацярпеўшых крушэнне.

Слова contin, якое спачатку тлумачылася continent (кантынент), стала потым continuelle (пастаянная); indi тлумачылася спачатку indiens (індзейцы), потым indigènes (тубыльцы), урэшце знайшло сваё сапраўднае значэнне indigence (нястача).

І адно адзінае напалову сцёртае слова abor ашукала праніклівага географа. Паганель лічыў яго часткай французскага глагола aborder (прыставаць, прычаліць), тады як гэта было ўласнае імя, назва вострава Табор, таго самага, які стаў прытулкам для няшчасных пасля крушэння «Брытаніі». Памылку гэту, аднак, можна было дараваць, бо на карабельных картах «Дункана» востраў гэты называўся Марыя-Терэзія.

— Усёроўна! — крычаў Паганель, жменямі вырываючы на сабе валасы.— Я не павінен быў забываць гэтай падвойнай назвы! Гэта невыбачальная памылка,— памылка, не вартая сакратара Геаграфічнага таварыства! Я абняслаўлены!

— Мілы Паганель, сцішце-ж свой смутак!! — упрашвала яго Элен.

— Не, місіс, ніколі! Я — нікчэмны асёл!

— І нават не вучоны асёл! — сказаў маёр спачувальным тонам.

Як толькі паабедалі, Гары Грант навёў парадак у сваім жыллі. Ён не ўзяў з сабой нічога, жадаючы, каб злачынца атрымаў усю спадчыну сумленнага чалавека.

Усе вярнуліся на яхту. Гленарван хацеў у гэты-ж дзень накіравацца назад і аддаў усе распараджэнні адносна высадкі Айртона.

Былога боцмана прывялі на палубу, і ён стаў перад тварам Гары Гранта.

— Добры дзень, Айртон,— сказаў Грант.

— Гэта вы, капітан,— адказаў Айртон, ані не здзівіўшыся.— Я вельмі рад бачыць вас жывым і здаровым.

— Здаецца, Айртон, я памыліўся, высадзіўшы вас на заселеную зямлю?

— Напэўна так, капітан.

— Зараз вы зоймеце маё месца на гэтым бязлюдным востраве. Я спадзяюся, што вы пакаецеся ва ўсім тым зле, якое вы нарабілі людзям.

— Усё можа здарыцца,— спакойна адказаў Айртон.

Гленарван звярнуўся да былога боцмана:

— Вы настойваеце, каб вас высадзілі на бязлюдным востраве? — запытаў ён.

— Так, сэр.

— Востраў Табор здавальняе вас?

— Так.

— Зараз выслухайце мае апошнія словы, Айртон.Тут вы не будзеце мець сувязі з чалавецтвам. Цуды здараюцца рэдка, і наўрад ці ўдасца вам уцячы адсюль. Вы будзеце тут у адзіноце, сам-на-сам са сваім сумленнем, але ў адрозненне ад капітана Гранта вас не забудуць, не пакінуць. Вы не варты таго, каб людзі памяталі аб вас, і ўсё-ж яны будуць памятаць. Я ведаю, дзе вы знаходзіцеся, Айртон, я ведаю, дзе вас знайсці, і я не забуду вас.

— Дзякую вам, сэр,— папросту адказаў Айртон.

Гэта былі апошнія словы, сказаныя Гленарванам і былым боцманам ва ўзаемнай гутарцы. Лодку спусцілі, Айртон сеў у яе.

Джон Мангльс раней перавёз на востраў некалькі скрынак кансерваў, сёе-тое з пасуды і вялікі запас пораху і куль. Айртон мог пачаць новае працоўнае жыццё; усё неабходнае было дадзена яму, нават кніжкі.

Час ростані з людзьмі надышоў. Экіпаж і пасажыры сабраліся на палубе. У многіх сціснулася сэрца. Мэры Грант і Элен не маглі схаваць свайго хвалявання.

— Хіба гэта вельмі неабходна,— гаварыла дрыглівым голасам маладая жанчына,— каб мы пакінулі тут гэтага няшчаснага?

— Гэта неабходна, Элен,— адказаў Гленарван.— Гэта выкуп.

У гэты момант шлюпка па камандзе Джона Мангльса адчаліла ад яхты. Айртон, стоячы ў лодцы, зняў капялюш і ўрачыста пакланіўся.

Гленарван і ўвесь экіпаж знялі капелюшы, як перад чалавекам, што памірае, і лодка адплыла ў панурай маўклівасці ўсіх прысутных.

Як толькі яна дайшла да берагу, Айртон выскачыў на пясок, і матросы пачалі веславаць зноў да яхты.

Было яшчэ відна, і пасажыры, якія знаходзіліся на палубе, маглі бачыць Айртона: ён стаяў на скале, скрыжаваўшы рукі, нерухома, як статуя.

— Мы можам рушыць у дарогу, сэр? — запытаў Джон Мангльс у Гленарвана.

— Так, Джон,— адказаў той, стараючыся схаваць сваё ўсхваляванне.

— Поўны ход! — крыкнуў Джон механіку.

Пара засвістала ў цыліндрах, вінт закруціўся, і к васьмі гадзінам вечара Табор знік з віду.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ Апошняя няўважлівасць Жака Паганеля

Праз адзінаццаць дзён пасля таго, як яхта адплыла ад вострава Табора, яна дасягнула амерыканскіх берагоў. Гэта было 18 сакавіка. Назаўтра «Дункан» ужо кінуў якар у бухце Талькагуано.

Яхта варочалася сюды пасля дзевяцімесячнага падарожжа па трыццаць сёмай паралелі, зрабіўшы кругасветнае падарожжа.

Удзельнікі экспёдыцыі пабывалі ў пампасах, у Чылі, Аргентынскай рэспубліцы, Атлантычным акіяне, на астравах Трыстан д’Акун’я, у Індыйскім акіяне, на Амстэрдамскіх астравах, у Аўстраліі, Новай Зеландыі, на востраве Табор і ў Ціхім акіяне. Іх падарожжа не прайшло бескарысна, і яны варочаліся на бацькаўшчыну, маючы на сваім барту пацярпеўшых крушэнне з «Брытаніі».

Усе, што накіраваліся на пошукі капітана Гранта, варочаліся цэлымі і здаровымі на сваю бацькаўшчыну.

«Дункан», набраўшы неабходных запасаў у Талькагуано, мінуў берагі Патагоніі, абышоў мыс Горн і паплыў па водах Атлантычнага акіяна.

Рэдка якое падарожжа праходзіць так лёгка і спакойна. Здавалася, адзіным цяжарам яхты была бязмежная радасць, якая поўніла сэрцы яе пасажыраў.

На барту больш не існавала ніякіх нявырашаных здагадак, ніякай таямніцы. Нават каханне Джона Мангльса да Мэры Грант ужо не было сакрэтам для астатніх.

І аднак была адна маленькая загадка, якая надзвычай непакоіла Мак-Набса: чаму Паганель хадзіў заўсёды захутаным, зашпіленым на ўсе гузікі, з гальштукам, завязаным амаль каля самага носа, і шарфам амаль да самых вушэй?

Маёр прагнуў даведацца аб прычыне гэтых дзіўных паводзін. Але трэба сказаць, што не гледзячы на ўсе распытванні і намёкі Мак-Набса, Паганель нікому не расказваў пра сваю таямніцу і яшчэ шчытней абкручваў вакол шыі кашнэ; нават тады, калі «Дункан» пераплываў праз экватар і смала раставала ад пяцідзесяціградуснай спёкі, нават тады ён не зняў яго.

— Ён такі няўважлівы, што ўяўляе, нібы ён у Сібіры,— гаварыў Мак-Набс, пазіраючы, як паважаны географ захінаецца шырокім плашчом.

Урэшце 9 мая, праз пяцьдзесят два дні пасля таго, як яхта вышла з бухты Талькагуано, Джон Мангльс убачыў агні мыса Клір. Яхта ўвайшла ў канал св. Георгія, перасекла Ірландскае мора і 16 мая была ўжо ў Клайдскай затоцы. А адзінаццатай гадзіне кінулі якар у Думбартоне, і а другой гадзіне ночы пасажыры яхты вярнуліся ў Малькольм-Кэстль пад урачыстыя крыкі «ура» ўсіх, хто іх сустракаў.

Так, у кніжцы лёсу было запісана, што Гары Грант і абодва яго таварышы будуць выратаваны, што Мэры Грант стане жонкай Джона Мангльса, што Роберт зробіцца такім-жа слаўным мараком, як яго бацька і як Джон Мангльс.

Але ці было там запісана, што Паганель не павінен памерці старым кавалерам? Можа быць і гэта.

Вучоны географ стаў вядомы за свае незвычайныя прыгоды. Нават яго няўважлівасць стала вельмі папулярнай. Яго літаральна разрывалі на часткі, і ён слабеў, адказваючы на ласкавыя запрашэнні.

Якраз у той час адна вельмі ветлівая трыццацігадовая дзяўчына — стрыечная сястра Мак-Набса,— крыху эксцэнтрычная, але добрая і яшчэ даволі прыгожая, закахалася ў паважанага географа і дала згоду на шлюб.

Самыя палкія пачуцці перапоўнілі сэрца географа, але ён ніяк не мог адважыцца выказаць іх.

Маёр узяў на сябе ролю пасярэдніка між гэтымі двума сэрцамі, створанымі адно для аднаго.

Ён пераконваў Паганеля, што шлюб — гэта тая «апошняя няўважлівасць», якую ён можа сабе дазволіць.

Паганель вельмі разгубіўся: як гэта ні дзіўна, але ён ніяк не мог адважыцца сказаць запаветнае слова.

— Хіба міс Арабела не падабаецца вам? — не даваў спакою яму Мак-Набс.

— Маёр! Яна чароўная,— усклікаў Паганель,— невымоўна чароўная! Прызнацца, я нават хацеў-бы, каб яна мела хоць які-небудзь недахоп!

— Супакойцеся,— адказаў маёр,— яна валодае неабходнай колькасцю недахопаў. Не нарадзілася яшчэ на свет жанчына без недахопаў! Так, Паганель, гэтая справа вырашаная?

— Я не адважваюся,— сумна адказаў Паганель.

— Не разумею вашых хістанняў, мой вучоны сябра.

— Я не варты міс Арабелы,— нязменна адказваў географ.

І далей гэтага ён не ішоў.

Але аднойчы бязлітасны маёр прыпёр яго да сцяны, і Паганель, узяўшы з яго абяцанне маўчаць, расказаў яму пра сваю таямніцу, якая зрабіла-б лягчэйшымі пошукі яго, каб паліцыя надумалася праследаваць вучонага.

— Вось яно што! — крыжнуў маёр.

— На жаль, гэта так,—адказаў Паганель.

— Але гэта не мае ніякага значэння, мой шаноўны сябра.

— Вы думаеце?

— Запэўняю вас, што гэта толькі прыдасць вам арыгінальнасці. Якраз тое, што патрэбна міс Арабеле. Вы іменна той чалавек, аб якім яна марыла ўсё жыццё.

І маёр, захоўваючы поўную сур’ёзнасць, пайшоў, пакінуўшы Паганеля са сваімі думкамі сам-на-сам.

Маёр пагаварыў з міс Арабелай, і праз пятнаццаць дзён у Малькольм-Кэстлі адгулялі пышнае вяселле. Паганель быў герметычна ўкрыты ў чорны сурдут і меў вельмі паважны выгляд. Міс Арабела ззяла прыгажосцю і шчасцем..

Таямніца географа засталася-б назаўсёды невядомай для свету, каб маёр не расказаў пра яе Гленарвану, а той у сваю чаргу Элен; Элен расказала яе Мэры, і, калі сакрэт дайшоў да вушэй місіс Ольбінет, яго ўведалі ўсе.

Жак Паганель за тры дні свайго прабывання ў палоне ў маарыйцаў быў вытатуяваны... Яго татуявалі з ног да шыі, і на шыі ў яго красаваўся рысунак ківі з згорнутымі крыллямі.

Думка аб гэтым рысунку асабліва катавала яго сэрца.

Гэта адзінае з усяго падарожжа, аб чым ён успамінаў са страхам і чаго ён ніколі не мог дараваць новазеландцам. Гэта паслужыла адзінай прычынай яго нежадання вярнуцца на бацькаўшчыну, па якой ён страшэнна сумаваў. Ён да смерці баяўся, што бульварныя журналы і газеты разнюхаюць пра яго няшчасце. Адна думка — быць пасмешышчам для паноў рэпарцёраў — кідала яго ў дрыжыкі.

А як прыме Геаграфічнае таварыства свайго свежататуяванага сакратара?...

Зварот капітана Гранта ў Шатландыю святкаваўся як нацыянальная ўрачыстасць.

Гары Грант стаў самым папулярным чалавекам у Старой Каледоніі. Яго сын стаў мараком, як ён сам, як капітан Джон, і пад апекай Гленарвана ён спадзяецца здзейсніць мары свайго бацькі: заснаваць шатландскую калонію на адным з астравоў у Ціхім акіяне.


К А Н Е Ц


Загрузка...