— Не бядуйце, хлопцы, надыдзе і ваша чарга.

Пачуўшы голас Бурмакова, крыху зменены мікрафонам і таму чужы, Віця засоп, аднак бадзёра крыкнуў:

— Хутчэй бы!

— Не міне і сутак,— засмяяўся Бурмакоў і забраўся ў ракетаплан.

Сувязь адключылася. Некалькі хвілін кампрэсары адпампоўвалі паветра. Потым карабель здрыгануўся, і ў ілюмінатары, пакідаючы за сабой дымны шлейф, мільгануў серабрысты «Скакунок». Скрозь шум і трэск перашкод прабіліся ледзь чутныя словы:

— Я ў палёце!

— Поспеху,— пажадаў Павел, хаця Сцяпан Васільевіч наўрад ці пачуў яго. Заставалася толькі ўважліва сачыць за самой ракетай — на экране маленькай хвастатай рыбкай. Спачатку яна імкліва неслася ўніз, а над паверхняй расправіла, бы сапраўдная рыба плаўнікі, стабілізатары-крылы і запаволіла рух.

— Усё нармальна, — паведаміў Бурмакоў.— Глядзіце разам са мной.

Тэлеўстаноўка «Скакунка» ажыла, і на экранах «Набата» Павел з Віцем убачылі пясчаныя барханы пустыні. Каб не колер, яркі, чырванаваты, можна было б падумаць, што гэта трансляцыя аднекуль з Сярэдняй Азіі ці Сахары. Адлюстраванне было выразнае, і Павел падключыў перадатчык на Зямлю. Падзея заслугоўвала, каб людзі даведаліся аб ёй неадкладна.

Палёт ракетаплана працягваўся каля гадзіны. Бурмакоў за ўвесь гэты час ні словам не пракаменціраваў тое, што бачыў, ні разу не праявіў сваіх адносін да марсіянскіх краявідаў. Быццам усё і ўсім даўно было вядома.

Бурмакоў не рызыкнуў апускацца на вышчарбленую лававую паверхню — дно возера Сонца — і выбраў участак паміж дзвюма дзюнамі. 3 «Набата» было бачна, як «Скакунок» пайшоў на пасадку кармой уніз, узнімаючы хмары пяску і пылу, а хутка і ён сам схаваўся ў гэтых чырвоных клубах.

Мінула, напэўна, паўгадзіны, пакуль асеў пыл, і Сцяпан Васільевіч зноў аднавіў перадачу.

— Як вам падабаецца гэта чырвоная мука? — Ён паказаў таварышам відэазапіс нейкага надзвычай густога і бруднага туману. Гэты туман клубіўся, віраваў, не асядаючы.— Думаў, канца не будзе. I зараз яшчэ здаецца, што на зубах пясок.

— Падобна, тут без усюдыхода і кроку не зробіш.— Павел уявіў сябе на месцы капітана ў гэтай рухомай мешаніне і ў думках паспачуваў яму. Напэўна, гэта ненадта салодка, калі адчуванне пяску стала такім рэальным.

— Зараз праверу,— спакойна сказаў Бурмакоў і спусціў у адчынены выхадны люк трап-лесвіцу.— Ну, пайшоў...

Асцярожна ставячы ногі — мяккая лесвіца гойдалася, выгіналася, ён выбраўся з люка і, спрытна перабіраючы рукамі па парэнчах, рушыў уніз.

Сцяпан Васільевіч зрабіў некалькі крокаў у бок ад ракетаплана. Ногі правальваліся ў сыпучы пясок, і ямкі ад вялікіх цяжкіх чаравікаў хутка заплывалі, не трымалі слядоў чалавека.

— Лёгка як, хлопцы! Незвычайна! — крычаў Бурмакоў, вытанцоўваючы нешта адмысловае. Паспрабаваў быў наском чаравіка капнуць углыб. Пясчаная тоўшча не паддалася, асыпалася, і ён махнуў рукой, весела, бесклапотна: — Пакінем нетры для геолагаў ці, як іх тут, арэолагаў.

Бурмакоў жартаваў, быў непадобны на сябе звычайнага, стрыманага. Радаваўся, што Марс сустрэў першага чалавека зусім не варожа, як свайго.

Тэлеэкран надзвычай дакладна перадаваў скупыя марсіянскія фарбы. Пустыня, наколькі брала камера, была чырванаватая, хвалепадобная і нерухомая, застылая. I Паўлу падумалася, што ўсё гэта: і Марс, і Бурмакоў тут — нерэальныя, як бы сняцца яму.

А Сцяпан Васільевіч пастаяў хвілінку, пазіраючы на дзівоснае сіне-фіялетавае неба, на якім цьмяна свяціла, нібы несапраўднае, непрывычна малое, не гарачае сонца, і раптам пабег, смешна заграбаючы нагамі і размахваючы, як памагаючы сабе, рукамі. Прабегшы, спыніўся, нагнуўся, загроб прыгаршчу пяску і, паднесшы яго да вачэй, прапусціў між пальцаў.

Павел глядзеў, як струменяцца драбнюткія чырванаватыя часцінкі, падобныя на пафарбаваную ваду, і думаў: няўжо гэтыя пясок і камяні, што грувасцяцца на краявідзе, будуць іх адзіным тут здабыткам?

Напэўна, Сцяпан Васільевіч здагадаўся пра яго думкі, а можа, і сам не адчуў захаплення ад сумнай прыроды, бо, як суцяшаючы, прамовіў:

— Мы пустыню выбралі на пачатак, сябры.

Павел хацеў сказаць, што і ў гарах будзе тое ж самае, але прамаўчаў. Зрэшты, ніхто і нішто людзям не абяцала на Марсе жыццё. А цікавыя знаходкі будуць. Але нават не ў гэтым справа. Марс — толькі пачатак...

Бурмакоў яшчэ доўга кружыў вакол «Скакунка», часам спыняўся, быццам прыглядаўся да чаго, прыслухоўваўся. Ён не браў ні проб, ні ўзораў. Іх дастаткова прывезлі аўтаматычныя станцыі. Ён проста ўваходзіў душой, сэрцам у марсіянскую прыроду, прывыкаў да незямных абставін, хацеў спасцігнуць іх, як кажуць, знутры. Павел ведаў, што ўпершыню апынуўшыся на Месяцы, Сцяпан Васільевіч паводзіў сябе такім жа чынам. А што рабіў бы ён, Гушча, на месцы капітана? Мусіць, глядзеў бы на ўсё ашалелымі вачамі, не заўважаючы, па-сутнасці, нічога, і потым радаваўся б, што кожны яго крок, кожны прадмет, на якім спынілася вока, фіксіраваў тэлеаб’ектыў. Бо сам наўрад ці запомніў бы што вартае, адметнае. Відаць, у гэтым не было б нічога дзіўнага. Усведамленне таго, што ты на Марсе, узрушыць каго хочаш. I добра, што ў іх экіпажы ёсць Бурмакоў — касманаўт, за плячамі ў якога некалькі выхадаў у прастору...

Пакуль Гушча разважаў, Сцяпан Васільевіч вярнуўся да «Скакунка», кінуў позірк вакол, раздумваючы, ці не пабыць яшчэ, і ўзяўся за перакладзіну трап-лесвіцы.

— Як вы там, Сцяпан Васільевіч? — не вытрымаў Віця.

— Хочаш ведаць мае ўражанні? — Бурмакоў глядзеў на чырвоныя барханы.— Трэба разабрацца. Ды што я бачыў? Амаль тое, што і вы там. Адно скажу: твае зямныя рэкорды, здаецца, і я перакрыў бы.— I пачаў паднімацца ў ракетаплан.


III

Наступную вылазку на Марс Бурмакоў рабіў з Віцем. Настрой у касманаўтаў быў добры. Зямля павіншавала з першым кантактам — яго глядзелі не толькі ў Цэнтры кіравання палётам, а і па ўсёй краіне. I гэта было асабліва прыемна.

Новая праграма была больш насычанай. Вылецелі на двухмесным варыянце «Скакунка», здольным, акрамя людзей, браць на борт усюдыход. Месца для пасадкі на гэты раз выбралі гарыстае, паблізу каньёнаў экватарыяльнай зоны. На выпадак, калі нельга будзе праехаць на ўсюдыходзе, касманаўты мелі спецыяльны лятальны апарат, падобны на самалёт. Лёгкі, устойлівы, выпрабаваны ў высакагорных зямных умовах, ён на Марсе павінен быў служыць добра.

Цяпер Павел на караблі застаўся адзін, але адчуваў сябе больш упэўнена, не было ўчарашняй трывогі за таварышаў. Марс аказаўся прыветным, тэхніка дзейнічала надзейна. I Паўлу заставалася толькі быць гледачом. Пераносныя тэлекамеры паказвалі даволі поўную карціну падзей на месцы высадкі, а Сцяпан Васільевіч часам яшчэ і каменціраваў тое, што бачыў і адчуваў.

«Скакунок» апусціўся ў вусці доўгай вузкай цясніны — аднаго са шматлікіх рукавоў галоўнага каньёна. Паабапал грувасціліся горы, голыя, маўклівыя.

I дно цясніны, пясчанае, усеянае, быццам нехта параскідаў іх, камянямі, было такое ж дзікае, нагадвала рэчышча даўно высахлай бурнай ракі, ад якой ужо не засталося ні ракавінак, ні водарасцей.

Павел назіраў, як паволі, асцярожна ставячы ноіі на гэтай непрывычнай, чужой зямлі, Сцяпан Васільевіч і Віця прабіраліся ў глыб цясніны, і думаў, як там усё змрочна, паныла, сумна. Быццам недзе ў высакагорным Тыбеце.

А людзі, маленькія і кволыя побач з скалістымі гарамі, брылі ўсё далей і далей, трымаючыся звілістага і адносна роўнага дна цясніны.

Напэўна, і Віцю было не дужа весела, бо раптам ён тужліва сказаў:

— Можа, за паваротам у расколіне туліцца сасонка...

Павел разумеў, што яго чалавечае сэрца пратэставала супраць навакольнай змярцвеласці, невытлумачальнай непатрэбнасці. Бо дзеля чаго, як не дзеля жыцця, павінны існаваць і горы, і даліны, і сама планета?..

Сцяпан Васільевіч паклаў руку на плячо юнаку:

— Нам, Вікто́р, трэба пазбыцца прывычных мерак, падыходу. Усё тутэйшае мае вельмі мала агульнага з зямным і таму патрабуе іншай ацэнкі, нейкага свайго ўспрымання.

— Пастараюся, Сцяпан Васільевіч...— хлопец памуляўся і шчыра загаварыў: — У мяне цеплілася надзея, што аўтаматычныя разведчыкі не змаглі механічным розумам заўважыць на Марсе жыццё, што людзі, прыляцеўшы сюды, знойдуць яго, хаця б самае прымітыўнае! — Потым сумеўся: — Скажаце, рамантык, летуценнік?

Бурмакоў прыгарнуў хлопца.

— Не буду паўтараць, што людзям без мары, добрай і смелай, было б цяжка. Гэтага ты і без мяне наслухаўся. А жыццё... Хто табе сказаў, што яго тут няма? Марс існуе — значыць, ён жыве!

Некаторы час яны ішлі моўчкі, засяроджаныя, быццам забыліся, што вакол іх Марс, той самы, да якога так імкнуліся. А мясцовасць была такая прыгожая, што Павел ужо наважыўся быў якім-небудзь нейтральным пытаннем вярнуць іх ад мар да рэчаіснасці. Аднак Бурмакоў і сам нічога не прамінаў. Ён раптам спыніўся пад навіслай над цяснінай высокай скалой, азірнуўся, правяраючы, ці правільна сарыентаваны кантрольны тэлеаб’ектыў, і тады сказаў:

— Цікавы разрэз.

Безумоўна, фраза датычыла і Паўла, і ўсіх, хто ў гэты час на Зямлі глядзеў трансляцыю з «Набата». Аднак, паводле правілаў, і Павел, і супрацоўнікі Цэнтра, якія падтрымлівалі з караблём пастаянную двухбаковую сувязь, маглі ў размову дэсантнікаў умешвацца толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, каб не адцягваць увагу, бо на месцы ўсё-такі відней, што і як.

Адказаў Віця, паводзячы круглым гермашлемам:

— На Зямлі такіх нямала.

— Не думаю,— Бурмакоў не зводзіў вачэй з скалы.— У Марса ўласная іісторыя развіцця. Тут не льюць дажджы, ва ўсякім разе, відаць, не лілі на працягу многіх тысяч гадоў, не шалеюць снежныя бураны. Такім чынам, тутэйшыя пароды не падвяргаюцца, у адрозненне ад зямных, моцным кліматычным уздзеянням. Таму, здаецца, на гэтым разрэзе можна прасачыць біяграфію калі не ўсёй планеты, то гэтага раёна, напэўна. Давай прысядзем, бо і на Марсе, падобна, у нагах праўды няма.

Непадалёк ляжаў урослы напалову ў грунт вялікі плоскі валун.

— Не камень, а ложа.— Бурмакоў прысеў спачатку на краёк, праверыў на трываласць і тады пасунуўся далей.

Нягледзячы на скафандры, Сцяпан Васільевіч і Віця ў гэты момант выглядалі зусім як на Зямлі. I пейзаж вакол іх, як паказваў экран, таксама быў амаль зямны. Аднак Павел здагадваўся, што капітан спыніўся тут невыпадкова. Ён бачыў нешта такое, што пакуль было адкрытым яму аднаму. Ці не праз гэта ўменне разумець чужую прыроду Бурмакоў на Месяцы знайшоў карысны поклад там, дзе да яго пабылі дзве экспедыцыі.

— Горы старыя, тут даўно не было актыўных тэктанічных працэсаў. Так што,— Сцяпан Васільевіч сказаў гэта іранічна, пасміхаючыся,— нам з табой, Вікто́р, марсатрасенне не пагражае. А цяпер глядзі. Ніжні пласт — базальт, вышэй — застылая лава. Некалі тут было горача — грымелі вулканы, палалі, як факелы, кратэры, у небе плавалі цяжкія чорныя хмары, але праліваліся яны не дажджом, не градам, а вулканічным попелам.

— 3 нетраў жа, напэўна, вывяргалася і вада, вялікія масы вады. Дзе яна?

— Так было на Зямлі, Вікто́р. Мажліва, так было і на Марсе. Інакш адкуль пясчанае, падобнае на рэчышча дно цясніны, яе звілістасць.— Бурмакоў гаварыў раздумліва.— А можа, тут усё адбывалася па-марсіянску. Вось табе праграма на будучае — шукай адказу на сваё пытанне. Пачынай сёння. Бо колькі спатрэбіцца для гэтага часу — дзён, месяцаў, гадоў,— невядома.

Быццам бы жартаваў капітан. А Віця прыняў прапанову сур’ёзна. Нерашуча, як просячы прабачэння, што адмаўляецца, сказаў:

— Тут столькі непазнанага...

Бурмакоў уздыхнуў, саскочыў з каменя:

— Напэўна, Вікто́р, ты адказаў правільна. Мы сапраўды на самым пачатку. Ну, за працу.

Сонца пакрысе перабралася ў зеніт. Прыкметна пацяплела. I ў цясніне, як у аэрадынамічнай трубе, загудзеў вецер. А сіне-фіялетавае неба па-ранейшаму было чыстае, і на ім прабіваліся буйныя залацістыя зоркі.

Напоўніўшы кантэйнеры, капітан і Віця вярнуліся да ракетаплана. Заўтра ўзоры марсіянскіх парод стануць здабыткам лабараторый. А сёння касманаўты наведаюць іншыя мясціны: Віця пабывае ў вялікім кратэры, паблізу ад якога стаяў ракетаплан, а Бурмакоў праляціць над цяснінай на поўнач, дзе яна брала пачатак з вялікай маналітнай гары.

Неўзабаве побач з «Скакунком» распасцёр крылы серабрысты самалёцік. Маленькі, добра бачны на цёмна-шэрым фоне голага каменнага плато, ён, побач з высокім стромкім ракетапланам, які доўгія апорныя штангі рабілі яшчэ больш выцягнутым угору, выглядаў лялечным, кволым. Як павядзе сябе гэты апарат у амаль беспаветраным небе? Бурмакоў выпрабоўваў самалёт на Паміры, ведае яго магчымасці. Але Павел трывожыўся і за Віцю. Хлопец ён дысцыплінаваны, ды раптам захоча на вачах мільёнаў тэлегледачоў — трансляцыя ж будзе працягвацца — пакрасавацца, прадэманстраваць альпінісцкія здольнасці ў абрывістым скальным кратэры.

— Ты, Віцька, не дужа там,— Павел па асобай карабельнай сувязі ўсё-такі перасцярог юнака.— Адзін будзеш.

— Не падвяду, Павел Канстанцінавіч,— ён павярнуў твар у шлемафоне ў напрамку нябачнага адтуль, з паверхні планеты «Набата», быццам і позіркам хацеў запэўніць, што хвалявацца за яго не трэба. Віця быў далекавата ад камеры, а Паўлу здалося, што ён нават падміргнуў. Хітравата і свавольна, як гэта звычайна рабіў.

Цяпер перад Паўлам свяціліся два экраны. На адным Бурмакоў вёў своеасаблівы рэпартаж, паказваючы, што бачыць сам з кіламетровай вышыні. На другім, гэтак жа, як нядаўна ў цясніне, аўтаматычная тэлеўстаноўка трымала пад сваім пільным вокам Віцю.

У Бурмакова нічога асаблівага не было — тыя ж, падзеленыя не надта глыбокай цяснінай аднастайныя горы, і Павел больш сачыў за Віцем.

Юнак спыніўся на краі кратэра вулканічнага паходжання. Недзе ўнізе ў празрыстай дымцы праглядалася дно, пакрытае застылай лавай. Схілы кратэра былі даволі спадзістыя, і Віця, чапляючыся рукой за вострыя каменныя выступы, пачаў спускацца. Рабіў гэта ён лёгка, прыгожа. Камера тэлеўстаноўкі, хаця і рухомая, чалавечых здольнасцей не мела і вымушана была застацца наверсе. Павел увесь час павялічваў адлюстраванне, каб добра бачыць хлопца і тое, што было побач з ім. Але павелічэнне таксама было не бязмежнае, і з кожным Віцевым крокам дэталі гублялі выразнасць. На шчасце, юнак неўзабаве дасягнуў дна. Бугрыстае, яно, падобна, даўно ляжала ў соннай нерухомасці.

Паблукаўшы сярод гэтага хаосу, Віця адышоў да сцяны, сеў, пачаў аглядацца. Павел з задавальненнем адзначыў, што хлопец паводзіць сябе, як сапраўдны даследчык, спакойна, не мітусіцца. Малайчына, адчувае адказнасць.

Віця некаторы час пасядзеў, нешта абдумваючы, потым з заплечнай скрыні дастаў прыборы і расставіў іх па дне кратзра. I зноў сеў. У яго ўсё было нармальна, і Павел павярнуўся да экрана Бурмакова.

— Яшчэ кіламетраў сто,— сказаў капітан,— і павярну назад.

— Без пасадкі? — здзівіўся Павел, бо ў плане яна была.

— На паверхні тут, падобна, нічога не ляжыць,— няпэўна адказаў Сцяпан Васільевіч.

Ён не ўдакладніў, што мае на ўвазе. Павел не перапытаў. Абмяняюцца здагадкамі пазней.

А ў кратэры, пакуль Гушча размаўляў з капітанам, нешта такі адбылося. Калі ён перавёў позірк на Віцеў экран, юнак стаяў, нахіліўшыся над аналізатарам паветра.

— Што, Віця? — спытаў Павел і далучыў да яго канала сувязь Бурмакова.

— Аднекуль сочыцца газ,— хлопец недаўменна азірнуўся, нібы не паверыў прыбору і хацеў убачыць газ сваімі вачамі.— Дзіўна.

— Устанаві бур,— падказаў Бурмакоў,— а сам адыдзі аж да «Скакунка». Раптам у гэтай бутэльцы сядзіць джын.

Як высветлілася, капітан мала памыляўся. Віця выпусціў калі не самога джына, то яго сына. Тонкі бур на дваццаціметровай глыбіні натрапіў на поласць, і адтуль, адкінуўшы далёка ў бок пераносную бурыльную ўстаноўку, шугануў светла-шэры фантан газа. Ён расцякаўся, паволі апускаўся долу, засцілаючы рухомай плёнкай дно кратэра. I гэта незвычайнае для Марса відовішча, сведчанне яго жыцця, блізкага ў сваёй аснове да зямнога, узрадавала касманаўтаў. Такі Марс быў больш зразумелы.

— Можа, варта забіць шчыліну? — прапанаваў Віця.

— Хай курыцца,— не пагадзіўся Бурмакоў.— Гэта ж тутэйшае, марсіянскае. Шкоды мясцовай прыродзе не наробіць, а нам цікава паглядзець, што адбудзецца ў гарлавіне, здавалася б, мёртвага вулкана.

Сцяпан Васільевіч даляцеў да зададзенага пункта і, перш чым вяртацца, усё-такі пасадзіў самалёт на невялікай зручнай пляцоўцы, якую адшукаў каля падножжа гары. У гэтым месцы ў гару ўразалася тая самая цясніна, у вусці якой зараз прачынаўся Віцеў вулкан.

— Ведаеце,— растлумачыў капітан сваё нечаканае рашэнне апусціцца,— цясніна пераходзіць у доўгую і высокую пячору. Зазірну. Не зважайце, калі сувязь перарвецца,— і пайшоў у пячору.

Віця быў каля ракетаплана. Пагойдваючыся на мяккім трапе, як на качэлях, ён цярпліва чакаў, чым скончыцца яго ўварванне ў марсіянскую прыроду. Навокал было ціха, спакойна. Чуйныя прыборы, устаноўленыя на трох аўтаматычных вартавых станцыях, не адзначалі ажыўлення ў тутэйшых нетрах. Толькі газ, быццам яму дагэтуль у каменным сутарэнні было вельмі цесна, спачатку адным языком, потым другім лізнуў край жарала вулкана і раптам абляпіў яго круглым і пушыстым каўняром. У разрэджаным навакольным паветры газ хутка святлеў, раствараўся. А знізу напіралі ўсё новыя і новыя шызыя клубы.

Аўтаматы-вартаўнікі ажывіліся, заварушылі антэнамі, нібы пачалі між сабой раіцца, і два з іх пакаціліся да кратэра.

Тым часам Бурмакоў выйшаў з пячоры. Павел пачуў яго голас:

— Вяртаюся...

— Што там у вас? — Павел задаў пытанне больш па інерцыі, калі б што было, Сцяпан Васільевіч сам паведаміў бы.

Аднак Бурмакоў адказаў:

— Хто ведае...

А Паўлу раптам захацелася паглядзець на выраз яго твару. Аднак на экране віднелася толькі ўзгорыстая аднастайная раўніна, якая праплывала пад самалётам,— сябе капітан паказаць не пажадаў.

I Бурмакоў, і Віця, як згаварыліся, маўчалі. Так працягвалася з гадзіну. Яна здалася Паўлу незвычайна доўгай і нуднай.

I раптам пільныя аўтаматычныя вартаўнікі зноў захваляваліся, закруцілі вусамі-антэнамі, на гэты раз нібы прыслухоўваючыся да нечага. Праз хвіліну яны адкаціліся на крок, выставіўшы антэны ў бок дымнага жарала. Быццам бараніліся ад небяспекі. Параўнанне адалося Паўлу трапным — вельмі сярдзітымі выглядалі на экране маленькія шарыкі-шасціножкі. Іх паводзіны занепакоілі і Віцю. Ён саскочыў з прыступкі і нахіліўся над вартаўніком, які застаўся каля ракетаплана.

— Ого! — усклікнуў юнак.— Штуршкі сілаю да аднаго бала.

I ў гэты момант на Паўлавым пульце ажылі індыкатары сувязі з аўтаматычнымі станцыямі Марса. Карабельная ЭВМ паведамляла, што ў раёне пасадкі «Скакунка» ў глыбіні ўзніклі і нарастаюць ваганні кары. У зоне кантролю іншых станцый гэта з’ява не назіраецца. Павел паведаміў пра сігнал Віцю і капітану.

— Лакальны характар?..— раздумліва прамовіў Бурмакоў.— I то дзякуй.

— Што? — не зразумеў Віця.

— Што твой першы кантакт з Марсам не выглядае маштабным.— Сцяпан Васільевіч, напэўна, пры гэтым пасміхнуўся, бо голас гучаў мякка, спагадліва.— Зможаш, пратрымайся. Я хутка.— Зрэшты, гэта быў яго канфлікт, толькі створаны Віцевымі рукамі.

Бурмакоў з’явіўся праз паўгадзіны. Вулкан ужо курыўся па-сапраўднаму грозна, выдыхаючы перамешаны з попелам чорны дым. Аўтаматычныя вартаўнікі, як палахлівыя шчанюкі, адступілі ўжо да самага ракетаплана. У іх праграме было толькі паведамляць пра небяспеку, а не змагацца з ёю. Праўда, Віця мог паслаць іх бліжэй да жарала, загад яны выканалі б. Але яму было шкада гэтых смешных з выгляду апаратаў. Ды і абставіны не вымагалі крайніх мер. I Віця з усмешкай назіраў, як механічныя памочнікі здаюць пазіцыі адну за другой. Самому Віцю зусім не было страшна. Ні газавае вывяржэнне, ні ледзь улоўныя штуршкі пад нагамі пакуль небяспечнымі не выглядалі.

Вулкан, аднак, нібы толькі чакаў Бурмакова. Не паспелі яны з Віцем пагрузіць самалёт у ракетаплан, як з адразу пачырванелага жарала вырваўся вогненны слуп, несучы з сабой гарачую лаву, кідаючы высока ў неба распаленыя камяні. Але яшчэ да гэтага Павел крыкнуў: «Будзе выбух!» — электронны мозг «Набата» разгадаў сітуацыю. Бурмакоў толькі паказаў рукой на яшчэ не складзеную апаратуру, маўляў, не пакідаць жа яе тут, спатрэбіцца. На караблі меліся запасныя самалёты, але капітан быў чалавекам ашчадным. Не зважаючы на небяспеку — камяні падалі ўжо каля «Скакунка»,— ён спачатку пагрузіў у ракетаплан верных механічных вартаўнікоў, потым разабраны самалёт і тады ўжо далучыўся да Віці, які ўвесь гэты час стаяў напагатове каля выхаднога люка.

Людзям, схаваным за моцным корпусам ракетаплана, нічога не пагражала цяпер, і Сцяпан Васільевіч сказаў:

— Пабудзем да канца, засталося мала.

Ён не памыліўся. Каменны дождж на хвіліну сціх. Над выцягнутым жаралом узнік чорны купал, ён рос, надзімаўся, ператвараўся ў вялікі шар, у сярэдзіне якога бушавала полымя.

Ракетаплан хіснуўся, нахіліўся, але ўтрымаўся ў вертыкальным становішчы. Нацэлены вострым шпілем у зеніт, ён як сімвал чалавечай сілы горда стаяў сярод разгулу варожай стыхіі.

Бурмакоў паклаў руку на штурвал, і па яго напружанай постаці Павел здагадаўся, што ўзнікла сітуацыя, калі ўсё будуць вырашаць імгненні. I яшчэ зразумеў, што капітан запусціць рухавік толькі ў самы апошні момант.

Шар над жаралом вулкана раптам раскалоўся, сыпануўшы вакол вогненнымі іскрамі, і па схілах кратэра імкліва панеслася, глытаючы камяні, пузырыстая дымная лава.

Паўлу стала не па сабе, захацелася заплюшчыць вочы. Ён не ўтрымаўся, нагадаў:

— Ну што вы...

— А ўжо ж... Жудасць! — у голасе Бурмакова былі ўзбуджанасць, задаволенасць, упэўненасць.

Нарэшце і пад «Скакунком» бліснуў яркі струмень. Павел уздыхнуў з палёгкай — паспелі.

I праз тры гадаіны, калі касманаўты сабраліся ўжо ў кают-кампаніі, марсіянскі вулкан усё яшчэ вывяргаў на паверхню назапашаную за доўгія гады спакою шалёную лаву. Яна расцякалася чорнымі патокамі, пакрываючы ўсё навокал мёртвым панцырам.

Бурмакоў, паглядаючы на экран, дае лютавала сляпая стыхія, быў неавычайна маўклівым, аасяроджаным. Быццам усю сваю энергію пакінуў там, каля вулкана.

Віця падумаў, што капітана засмуціў гэты абуджаны імі вулкан:

— Нарабілі мы...

— Проста прыспешылі падзеі,— Бурмакоў паціснуў плячамі.

Павел запытальна зірнуў на яго.

— Так,— скаааў Бурмакоў,— ёсць навіны больш дзіўныя.— Ён раскрыў кулак, і таварышы ўбачылі на яго далоні невялікую капсулу, у якіх звычайна захоўваліся крышталікі відэазапісу.—Гэта я бачыў у пячоры. Хадземце пакажу.

Касманаўты перайшлі ў рубку. Сцяпан Васільевіч не проста дэманстраваў запіс. Ён часта спыняў яго, тлумачыў кадры, выказваў меркаванні.

Павел з Віцем убачылі пячору, прасторную, высокую. Каля ўвахода горбіліся пясчаныя гурбы, намеценыя пылавымі бурамі. Далей пяску паменела, а неўзабаве не стала зусім. Нават моцныя марсіянскія вятры не маглі яго закінуць так далёка.

— На маю думку, унутры гары калісьці быў магутны ледавік, а можа, і ўся гара была пакрыта тоўстай лёдавай шапкай. Лёд раставаў, і так, напэўна, утварылася гэта цясніна, падобная на рэчышча. Але не гэта галоўнае. 3 тае пары прайшло шмат часу, адпаліраваныя лёдам гранітныя сцены пячоры, безумоўна, разбурыліся, парэпаліся, асыпаліся...

На экране паявілася стромкая ў шчарбінках сцяна. Яна паблісквала пад промнем ліхтара, пералівалася вясёлкавымі іскрынкамі.

— Аднак глядзіце...

Прамень ліхтара слізгануў і ўпёрся ў скляпенне.

— Натуральна, лёд, калі запаўняў пячору, утвараў яе, мог надаць сценам любыя абрысы. Але што вы скажаце вось пра гэта?

Пячора звузілася. Было падобна, што недзе блізка яна скончыцца. Тысячагоддзі і тут нагадвалі аб сваёй разбуральнай дзейнасці. Вакол былі тыя ж расколіны, выбоіны, калдобіны. Толькі месца, дзе сцяна злучалася са скляпеннем, выглядала незвычайна. Яно не было паўкругам, як усюды, хай сабе і няправільнай формы, а строга прамавугольным.

— Усемагутная прырода,— Павел не знайшоў у гэтым нічога незвычайнага.

— I тут? — голас у Бурмакова асеў.

Перасякаючы каменную падлогу, цягнуўся прамы, не надта глыбокі раўчук. Ён уразаўся ў сцяну і паднімаўся вертыкальна, губляючыся прыкладна на метровай вышыні. Амаль тое ж самае было і на супрацьлеглай сцяне. Толькі там сляды раўчука вышэй паяўляліся зноў.

— Хацеў бы я быць упэўненым, што ў гэтым вінавата маці-прырода,— сказаў Бурмакоў, спыніўшы кадр.— А што, калі гэта засталося ад нейкай засланкі, напрыклад, або варот, якія адгароджвалі нешта ці некага?

Павел паківаў галавой:

— Так маглі зрабіць людзі, а мы на Марсе, Сцяпан Васільевіч.

— Б’еш мяне маімі словамі? — Капітан ад хвалявання не заўважыў, што сказаў Паўлу «ты».— Гэта адно. Другое — навошта лезці ў каменны мяшок, калі хапае месца на волі? Бо, зноў-такі, ворагаў напэўна тут у іх не было.

— Прышэльцы? — У Віці загарэліся вочы.

— Не ў тым справа, Вікто́р,— Бурмакоў не сцвярджаў, а разважаў.— Можа, нешта такое было і на прасторы, толькі час там усё пасціраў. Час і сюды дабраўся.

Павел, які на Зямлі быў гарачым прыхільнікам гіпотэз аб прышэльцах, прыняў думку капітана як цікавую, але не болей. Надта пустынным быў Марс, каб сур’ёзна казаць пра што-небудзь, створанае розумам.


IV

Нервы ў Гушчы былі моцныя, інакш у касманаўты не прынялі б. I не думаў ён, што ў хуткім часе ўспомніць пра іх.

Напярэдадні сваёй высадкі на Марс Павел заснуў, як звычайна, ледзь дакрануўшыся да падушкі. А пасярод ночы, вядома ўмоўнай, прачнуўся ад незразумелага непакою. Быццам нешта важнае павінен быў зрабіць, але не зрабіў. Ён паспрабаваў быў прагнаць трывогу. Не ўдалося. Сну не было. У галаве, бы стрэмка, сядзела думка, што адгадаць прычыну трывогі зусім проста. Павел круціўся на ложку пад ахоўным каўпаком, які падтрымліваў нармальную сілу цяжару, і злаваўся на сваю «дзіравую галаву». Злосць, аднак, бударажыла яшчэ больш, і ён прымусіў сябе разважаць няспешна, спакойна, каб ацаніць апошнія падзеі на караблі, свае паводзіны вачамі нібы старонняга чалавека. Гэта яму ўдалося. Што магло выбіць яго з раўнавагі? Тое, што адбылося, ці тое, што мае адбыцца? Бліжэй, здавалася, ляжыць другое — заўтра ж яму ляцець на чужую планету. Падзея немалаважная, яна сапраўды хвалюе. Але і адлёт з Зямлі быў, бадай, падзеяй не менш значнай. А тады ён спаў так і столькі, колькі было прадугледжана распарадкам дня. Было, вядома, хваляванне, толькі добрае, без трывогі. Так што, справа, відаць, не ў заўтрашняй вылазцы, нават калі дапусціць, што на яго зрабіла ўплыў працяглае знаходжанне ў космасе. Прычыну трэба шукаць у ранейшым. Ва ўласных паводзінах? Здаецца, памылак не дапускаў. У працы? I тут усё ладзіцца. Так што, круці не круці, мусіш зноў вяртацца да рэйду на планету. Не да яго як факта, а да ўсяго, што з ім звязана. Павел пасміхнуўся. Гэта стала падобным на гульню, і яна яго зацікавіла. Неяк непрыкметна прыйшоў спакой, з’явілася адчуванне, нібы проста рашае цяжкую задачу. Дык што ў рэйдзе? Маршрут вызначаны: праліў Танаіс з наступным выхадам у Асадалійскае мора — некалькі соцень кіламетраў падарожжа на ўсюдыходзе. Тэхніка праверана. Спадарожнік таксама надзейны — Вундэркінд, хоць і робат, у крытычны момант паможа не горш за чалавека. Сувязь прадумана з улікам вопыту папярэдніх высадак. «Набат» зменіць арбіту і, каб быць бліжэй, павісне над Танаісам... Павел задумаўся. Што яму патрэбна яшчэ? Самастойнасць? Яна ёсць і будзе там, на месцы, бо яго, Паўлавы, меркаванні ўлічваліся ў першую чаргу, дазволена неабходная ініцыятыва на месцы...

Павел адключыў ахоўнае поле. Цела адразу напоўнілася лёгкасцю. Быццам не стала ні мулкага сёння матраца на ложку, ні блізкіх сцен у каюце, якія рабілі яе прыкра цеснай.

Гадзіннік паказаў пяць. Пад’ём а сёмай. На добры лад яшчэ можна было б паспаць, і нават не пашкодзіла б, бо галава была туманнай, цяжкай. Гушча асцярожна павярнуўся на бок, ссунуў з ілюмінатара фіранку. Нерухомы, пабіты кратэрамі, як рабаціннем, Марс закрываў неба. Павел тузануўся: хацеў знайсці той Танаіс, убачыць, які ён з вышыні, і павіс над ложкам.

Мільганула: як «Набат» над Марсам. I тады рассмяяўся. Дык вось што яго растрывожыла ў сне... Павел расслабіўся і імгненна заснуў...

Бурмакоў паглядзеў недаверліва:

— Ці варта, Павел Канстанцінавіч?

— У прынцыпе ці не ўсё роўна — туды, сюды?

— Увогуле, так. Аднак шмат што спатрэбіцца прыкідваць нанава. Мясцовасць зусім іншая, нявывучаная. Толькі здымкі.

— Затое хоць нейкі аргумент ёсць. Менавіта над Нікс Алімпіка ў руху карабля нешта адбылося.

— От гэта, калі па-шчырасці, мяне і непакоіць,— Бурмакоў праяўляў не ўласцівую яму нерашучасць.— Разумееце, «Набат», маючы вялікую масу, адрэагаваў. А што будзе з «Скакунком»?

— Перад бязважкасцю ўсе роўныя,— засмяяўся Павел.— Гэта вершы. Сказана не надта дакладна, але ўвогуле правільна і вобразна.

— Нават калі гэта былі якія-небудзь сілавыя прамяні?

— Фантастыка, Сцяпан Васільевіч. А ў мяне зусім рэальны план: саджуся на раўніне, потым, колькі зможа ўсюдыход, праеду, а тады пайду нагамі. Я ж альпініст.

— Вундэркінд не пройдзе.

— Знойдзем пыльную сцяжынку...

— Зноў паэзія? Упэўненасць — палавіна поспеху, казалі даўней,— ён уважліва паглядзеў на таварыша.— Хай будзе па-вашаму, Павел Канстанцінавіч...


За адным з пагоркаў раўніна раптоўна скончылася. Да самага краявіду распасціралася ўздыбленае каменнае поле. Быццам нейкі волат стукнуў цяжкай кувалдай па вялікай гары і яна рассыпалася на незлічонае мноства скальных асколкаў.

Павел патупаў перад гэтым каменным месівам, панура глянуў на сваю машыну і прабурчаў:

— Адна назва — усюдыход.

— А да Нікс Алімпіка дваццаць кіламетраў,— ці то паспачуваў, ці то, прыгадаўшы нядаўнюю размову, падкалоў Бурмакоў з «Набата».

Павел прамаўчаў. Вундэркінду рэпліка, відаць, не спадабалася, і ён раўнадушна, што прагучала ў гэтых абставінах з’едліва, удакладніў:

— Дваццаць кіламетраў да падножжа.

— Дзякую, Вундэркінд,— сур’ёзна сказаў Павел, хаця мог бы і пасміхнуцца: робаты эмоцый не ўлоўліваюць.— Ты верны друг. Будзем шукаць сцяжынку.

Вундэркінд палыпаў зялёнымі вачамі і зноў выдаў папраўку, цяпер ужо свайму гаспадару:

— На Марсе сцяжынак няма. Марс незаселены.

— Два нуль на тваю карысць,— цвердалобасць робата, увогуле натуральная, развесяліла Паўла.— Няма сцяжынак, будзе праход, пралаз ці яшчэ што-небудзь падобнае.

Яны рушылі ў глыб каменнага поля, абыходзячы нагрувашчванні, прабіраючыся паміж горных абломкаў. Ісці было не так цяжка, як думалася раней. Павел толькі баяўся, каб яго памочнік, хадок не недта спрытны, не спатыкнуўся, і выбіраў самую надзейную дарогу. Гэта затрымлівала. I неўзабаве робат занепакоіўся. Яго электронны мозг не разумеў прычын, якімі кіраваўся чалавек, ён адзначыў сам факт. А тады прыкінуў і рашэнне. Ледзь яны прыпыніліся, як Вундэркінд абышоў гаспадара і заявіў:

— Наперадзе пайду я.

— Што вы там не падзялілі? — Бурмакоў пачуў іх.

Кантрольную тэлеўстаноўку Павел з сабой у гэтыя каменныя джунглі не павалок, хапала грузу і без таго, і на караблі бачылі тое, што ён хацеў паказаць, але размову з рббатам чулі.

— Маленькі бунт кібертэхнікі,— Павел не ведаў, згадзіцца ці вярнуць Вундэркінда на месца.

— Хай ідзе, можа, ён толькі з выгляду цельпукаваты,— параіў Бурмакоў.

Вундэркінд аказаўся спрытным скалалазам, нягледзячы на свае нягнуткія ногі. Ён рухаўся хутка, знаходзіў праходы, уціскваўся ў шчыліны, нават пераскакваў з каменя на камень і зусім не стамляўся. Гушча ледзь паспяваў за ім, дзівячыся з дасканаласці кібера, якая праявілася яшчэ адным бокам.

Дваццаць кіламетраў да падножжа гары было напрасткі. Даўжыню лабірынта ў камянях не здолеў загадзя вылічыць нават Вундэркінд. Праз пяць гадзін хады хаос скончыўся гэтак жа раптоўна, як і ўзнік. Перад спадарожнікамі адкрылася вузкая пясчаная паласа, шчыльная, гладкая, нібы адпрасаваная дарожным катком. А за ёй, як вырастаючы з гэтага чырвонага падмурка, пачыналася гара, крутабокая, голая, бясконцая.

Павел спыніўся, уражаны веліччу стварэння марсіянскай прыроды.

— Вымахала! — усклікнуў ён.— Сіла цяжару тут малая, от горы і растуць.

Вундэркінд пераступіў з нагі на нагу, выбіраючы зручнейшую паставу, узняў галаву і, пабліскваючы накіраванымі на гару вачамі-лінзамі, выдаў даведку:

— Нікс Алімпіка, або Снягі Алімпа, мае працягласць каля пяцісот кіламетраў у падножжы. Яе вяршыня ўяўляе сабой кратэр дыяметрам шэсцьдзесят кіламетраў. Над кратэрам узвышаецца пік з амаль вертыкальнымі схіламі. Найбольшая вышыня гары прыкладна дваццаць кіламетраў.— I змоўк. Падтрымліваць размову робат не ўмеў.

Гушча ляпнуў яго па плячы:

— Не бядуй. Не залезем самі, ракетаплан выручыць. Зрэшты, і праз гушчар прабірацца не было патрэбы. Кепска, Вундэркінд, без разведкі.

Гэта чулі і на караблі. Але ні Сцяпан Васільевіч, ні Віця не азваліся. Павел і сам зразумеў, што паспяшыў.

Ім усё-такі пашчасціла. Пасля таго як гадзіны тры прабрылі ўздоўж глухога горнага схілу, неспадзявана наткнуліся на расколіну. Шырокая, падобная на след, пракладзены ракой або ледавіком, яна паката цягнулася некуды далёка ў вышыню, рассякаючы гару надвае. Павел паказаў таварышам уваход у расколіну, сказаў:

— Паднімемся.

— Неўзабаве сцямнее,— з сумненнем нагадаў Сцяпан Васільевіч.

Павел зірнуў на Сонца. Яно ўжо хілілася к захаду, але павінна было яшчэ доўга асвятляць расколіну.

— Знойдзем пячору і заначуем. Павінен жа чалавек атабарыцца на Марсе!

Дарога была лепшай, без нечаканых абвалаў і апоўзней, і Павел з Вундэркіндам даволі хутка пасоўваліся наперад. Робат па-ранейшаму крочыў першым. Але цяпер Гушча давяраў яму болей. Ён пазіраў, як кібер не надта эстэтычна заграбае нагамі, і думаў, што вельмі часта мы карыстаемся ўмоўнымі ўяўленнямі, бадай, не заўсёды вернымі, а толькі прывычнымі. Вось і робат быццам бы нязграбны. Аднак нават касалапячы, ён спрытны, лёгка абмінае грудкі і ямы, ні на імгненне не запавольваючы размераных шырокіх крокаў. Вядома, ён, нягледзячы на сваю форму, толькі машына. Дасканалая, у пэўнай меры разумная, але машына. Ды, можа, зграбнасць у сваёй сутнасці і ёсць найвялікшая мэтазгоднасць? I механізма, і чалавека.

А Нікс Алімпіка, падобна, уся была заснавана на сюрпрызах. Недзе на вышыні за тры тысячы метраў ад умоўнай паверхні — акіянаў на Марсе не назіралася — перад Паўлам адкрылася шырачэзная ўпадзіна. Быццам нехта, можа, той самы, хто раней насыпаў гару, вялізным кернам абсклюдаваў гранітную глыбу і стварыў фантастычную студню, забыўшы наліць у яе вады. У Паўла заняло дух. Ён не баяўся вышыні, а тут, падаўлены незямнымі маштабамі, спыніўся за крок перад кручай, і сэрца ў яго закалацілася. Такім маленькім, бездапаможным адчуў сябе перад гэтым касмічным усплёскам прыроды.

— Што будзем рабіць, Вундэркінд? — горла казытала, і пытанне прагучала сіпла, перарывіста.

Партатыўная тэлекамера не магла ўхапіць усю карціну, і Бурмакоў з Віцем не зразумелі Паўлавага хвалявання.

— Знайшлі пячору? — спытаў Сцяпан Васільевіч.

Павел схамянуўся, павёў вачамі. Вышэй, на тым навіслым над упадзінай карнізе, пад якім яны зараз знаходзіліся, у горным масіве віднелася зацененае паглыбленне. Стараючыся не глядзець уніз, ён паказаў пячору робату:

— Акупіруем?

Вундэркінд не рабіў вывадаў, не маючы зыходных даных, таму адказаў:

— Ступень прыдатнасці для начлегу пяцьдзесят на пяцьдзесят. Трэба паглядзець.

— Бяздушная ты істота, Вундэркінд, прагматык,— роблена абурыўся Павел.— Няма ў цябе фантазіі.

— Існуе тое, што паддаецца аналізу,— робат выкладаў запраграміраваныя погляды бясстрасна, нават абыякава.

— Што з табой паробіш,— махнуў Павел рукой,— разведвай.

— Вучыцеся жыццёвай мудрасці, Павел Канстанцінавіч,— пакпіў з вышыні Сцяпан Васільевіч.

— Дзе ты дзенешся,— Гушча пацягнуўся следам за робатам, абмінаючы позіркам блізкую бездань.

Пячора аказалася вельмі глыбокай, звілістай. Вундэркіндавы лакатары не ўстанавілі з пэўнай дакладнасцю, дзе яна канчаецца. Павел знайшоў паблізу ад увахода невялікі грот і пачаў ладзіць ложак. А калі ўсё было гатова, пазіраючы на агеньчык паходнага ліхтара, які раскідваў наўкола нерухомыя цені, падумаў, ці была наогул патрэба ў пячоры? 3 такім жа поспехам можна было прытуліцца да любой скалы або прыстроіцца на адкрытым месцы. Сказалася спрадвечная мара чалавека мець над галавой дах. Нават скептычны робат не даўмеўся да такога простага рашэння — і яму людзі перадалі свае погляды. Спаць у скафандры было не надта зручна, нешта муляла, замінала, не давала расслабіцца. Павел пазайздросціў Вундэркінду. Таму не трэба было спаць, і ён, як вартавы, скамянела стаяў каля выхада з пячоры, а яго зялёныя вочы сапернічалі з яркімі буйнымі зоркамі марсіянскага начнога неба. Нарэшце Павел уладкаваўся, і па целе пачала разлівацца стома...

Раніца прыйшла ясная, марозная. Павел выглянуў вонкі, пакурчыўся, падумаўшы пра амаль мінус сто градусаў па Цэльсію. Сонца яшчэ не паднялося над гарой, і ў катлавіне было змрочна, яна не здавалася бяздоннай. Самы час адпраўляцца вышэй. Там вузкі карніз расшыраўся, паступова пераходзіў у невялікае плато. А адтуль бачыўся даступны шлях на вяршыню. Павел не задумваўся, чаго імкнецца менавіта туды. Проста хацелася паглядзець як мага больш. Здавалася, гэта той магутны кратэр і выдыхнуў нешта такое, што падштурхнула «Набат». Гэта не магло быць газам, карабельныя прыборы адразу ўлавілі б наяўнасць яго ў прасторы. Гэта было выпраменьванне... Калі яно было наогул.

Гушча прывітаў таварышаў на «Набаце» і загадаў робату выходзіць. Вундэркінд, аднак, чагосьці марудзіў. Яго вусікі-антэны на круглай галаве растапырыліся, заварушыліся, як надоечы ў Віцевых аўтаматычных вартаўнікоў каля вулкана. I раптам робат імкліва павярнуўся.

— У гэты раён падае буйны метэарыт. Трэба схавацца,— гаварыў, як заўсёды, павольна, аднастайна-цягуча. А ў Паўла пахаладзела ў грудзях. Вундэркінд пастаянна абменьваўся інфармацыяй з карабельнай ЭВМ, відаць, ад яе і атрымаў звесткі пра напрамак, хуткасць і памеры метэарыта. Астатняе для яго было элементарна. Усё гэта маланкай пранеслася ў Паўлавай галаве. Не вагаючыся, паверыў у небяспеку і, ухапіўшы робата за руку, пацягнуў у пячору.

Яны стаялі ў гроце, адгароджаныя ад выхада тоўстым выступам. Ранішняя шэрань маўкліва паўзла ў пячору, высвечваючы сухія парэпаныя сцены. Было ціха, вельмі ціха. Павел нават не чуў, як калоціцца ў чаканні выбуху ягонае сэрца — толькі адчуваў частыя «тук-тук». Навокал святлела. А можа, гэта вочы прывыкалі да прыцемак, бо секундная стрэлка на хранометры, здавалася, не скранулася з месца. Павел сачыў за ёй, у думках спадзеючыся, што, можа, здарылася памылка, можа, нічога не адбудзецца...

Густы басавіты гул уварваўся ў наваколле з такой сілай, што мембраны слыхавога апарата задрыжалі, захрыпелі, спрабуючы загасіць гук, выратаваць вушы чалавека. Павел інстынктыўна ўціснуўся ў няроўную шурпатую сцяну. А следам за гулам, быццам несучыся на яго крылах, лінула нясцерпна яркае святло. Яно бліснула і згасла. I тады ўсё наўкола затрэслася, захадзіла ходырам. Так працягвалася хвіліны дзве. Потым усё сціхла, супакоілася, і толькі засталася цемра, густая, вязкая, чарнейшая за начную.

— Ты цэлы, Вундэркінд? — Павел адляпіўся ад сцяны, уключыў ліхтар.

— Функцыянальныя сістэмы дзейнічаюць нармальна,— памарудзіўшы, адказаў робат. Нібы моцны выбух аглушыў і яго. Пацвярджаючы, што не хлусіць, дадаў: — Нас заваліла.

— Больш радаснай весткі ў цябе няма? — нечакана ўзлаваўся Павел.

— Скала важыць пяцьсот зямных тон, завал шчыльны, без прасветаў,— робату Паўлава ўспышка была абыякавая.— Сувязь з галоўнай ЭВМ адсутнічае.

Гушча ледзь не ўзвыў ад роспачы. Яго непакоілі не столькі ўласная бездапаможнасць, колькі Бурмакоў і Віця. Яны бачылі катастрофу і цяпер падумаюць, што ён загінуў. А ён яшчэ не склаў рукі, хаця надзейная, здавалася, пячора стала пасткай. 3 горыччу сказаў:

— Ускочылі з агню ў полымя.

Вундэркінд імгненна адрэагаваў:

— Пра наяўнасць полымя інфармацыі не маю.

Нягледзячы на крытычнасць становішча, гэта механічная заўвага надзвычай практычнага робата рассмяшыла Паўла.

— Мудрэц, парай, як выбрацца.

Стваральнікі электроннага мозгу Вундэркінда не прадбачылі падобнай сітуацыі, і робат пачаў выдаваць прапановы, якія ў іх становішчы былі не больш як лухта,— зрушыць скалу рычагом, разбурыць накіраваным выбухам, прабіць лазерам штольню...

Гушча слухаў яго адным вухам і думаў, што не толькі стваральнікі Вундэркінда, а і ён сам не прадбачыў гэтага замуравання. Інакш хоць бы лазер захапіў. Спадзяванне на таварышаў было слабое. Яны ведаюць, што ён у пячоры, і напэўна паспяшаюцца на выручку. Адолець скалу, калі яна проста заваліла ўваход, для іх дробязь: можна скарыстаць любую з парад Вундэркінда. А калі выбух тут раскідаў усё? Тады сюды не дабрацца. Так што яму сядзець і чакаць вызвалення не выпадае.

Трэба пакінуць сябрам знак, а самому шукаць выхад у процілеглым канцы.

Цяпер наперадзе зноў быў чалавек. Вундэркінд не пакрыўдзіўся на гэта і бясшумнай ценню брыў ззаду, быццам блуканне ў зашпунтаваных пячорах было яму прывычяым заняткам, закладзеным у кібернетычную праграму. Паўлу вельмі хацелася ведаць, што за варыянты і камбінацыі пракручвае электронны мозг яго памочніка. Але разумны Вундэркінд такога абстрактнага пытання не зразумее, ён умее адказваць толькі на нешта канкрэтнае. А яно не выспела і ў Паўлавай галаве.

Надоечы чыстая, падобная на распрацаваную штольню ў шахце, пасля выбуху пячора была засыпана камянямі, там-сям уздыбілася, апала. Ногі часта чапляліся, слізгалі, правальваліся. А наперадзе была ўсё тая ж няпэўная пустата, у якой нікла святло моцнага ліхтара. Яна раздражняла сваёй бясконцасцю, яна і супакойвала. Бо давала надзею. Павел, аднак, стараўся пра гэта не думаць. Падбадзёрваў сябе тым, што за спіной засталося некалькі пройдзеных кіламетраў, што гэты праход у тоўшчы гары наўрад ці ўзнік у выніку нейкага катаклізму. Яго прамыў некалі даўно вадзяны паток, які вырваўся на волю з глыбінных нетраў, і ён павінен вывесці таксама на волю. Павел адчуваў, што гэта меркаванне хісткае, беспадстаўнае. Але іншага прыдумваць не хацеў.

Каменны слуп вырас на шляху, калі яны прайшлі ўжо кіламетраў пятнаццаць. Ад яго тунель раздвойваўся. Ашаломлены, Павел знерухомеў: ці не падкідае Марс лабірынт, у якім можна праблытаць да скону веку? Налева пойдзеш, направа...

— Чалавеку пара сілкавацца...

Глухаваты голас робата ў гэтай гнятлівай цішыні прагучаў як напамінак аб існаванні. Толькі прапанова была недарэчнай. У чалавека, думалася, справы былі больш важныя, чым абед ці, можа, вячэра. Чаго клапаціцца пра валасы, калі сама галава трымаецца не надта надзейна. Дый есці не хацелася. Аднак Павел разумеў і тое, што на нервах доўга не пратрымаешся, і павінен быў толькі дзякаваць вернаму Вундэркінду, які нічога не забываў. Ён нехаця сеў на нейкі абломак, прыладзіў харчавальны апарат. Канцэнтраваная высокакаларыйная страва здалася, як ніколі раней, нясмачнай. Павел з іроніяй падумаў, што ён не есць, а запраўляецца. Бы машына. А гэта кепска. Так да панікі недалёка.

Хранометр паказваў чатырнаццаць гадзін. Разгар марсіянскага дня, яснага, сонечнага, з дымкай на гарызонце. А можа, змрочнага, у чырвонай смузе пясчанай завеі. Ды ці мела гэта зараз для Паўла значэнне? Ужо чвэрць тутэйшых сутак ён адрэзаны ад усяго Сусвету, і фінішу па-ранейшаму не відно.

Думка была крыўдная, балючая, і Павел наважыўся быў падхапіцца, каб ісці далей, не марудзіць, склаўшы рукі. Аднак неспадзявана замест гэтага асунуўся долу і лёг проста паміж жорсткімі вастрабокімі камянямі. Што толку перціся, кіруючыся адным інстынктыўным жаданнем выбрацца, выжыць. Паспешліваць благі дарадчык, асабліва калі сядзіш у халодным і завязаным базальтавым мяшку.

Час быў. У тым сэнсе, што і кіслароду, і прадуктаў хопіць яшчэ на трое сутак. I лепш было, хаця і са спазненнем, апынуўшыся перад выбарам, нарэшце абдумаць сваё становішча. Ён не баяўся, што застанецца тут назаўсёды. Упэўнены ў сабе, узброены ведамі, малады і здаровы, Павел арганічна не ўспрымаў смерць у дачыненні да сябе. Яго засмучала іншае. Непрадбачаны выпадак, які не прадказалі б усе ЭВМ Зямлі, можа сарваць экспедыцыю. А гэтага дапусціць ён не мог нават у думках. Значыць, трэба варушыць звілінамі, прымусіць шэрае рэчыва вынайсці ўсё магчымае і нават немагчымае.

3 пакалення ў пакаленне пераходзіць студэнцкая слушная парада: калі ўжо ідзеш на экзамен з пустой галавой, то хай яна будзе хаця б свежай. У сваёй галаве Павел зараз свежасці не адчуваў. Напружанне апошніх гадзін спакваля выматала, забрала сілы. Толькі сон, бяздумны, бестурботны, мог вярнуць іх. Але перш чым закрыць вочы, Павел загадаў Вундэркінду праверыць левае адгалінаванне тунеля. 3 левым яму звычайна шанцавала — у левай руцэ аказвалася белая пешка, калі перад шахматнай партыяй гадалі, каму рабіць першы ход; раптоўны перакід з правай у левую руку тэніснай ракеткі дазваляў нанесці рашаючы ўдар; з Валяй таксама пазнаёміўся ў левым крыле акадэмічнага Палаца культуры...

Прачнуўся Гушча ад адчування, што нехта нахіліўся над ім. Спачатку было дзіўна: хто гэта дзеліць з ім нягоды — Марс мёртвая планета, а Бурмакоў з Віцем так хутка сюды дабрацца не маглі. Аднак адчуванне, што ён не адзін, было прыемным. I некаторы час, баючыся сутыкнуцца з суровай рэчаіснасцю, Павел ляжаў не адкрываючы вачэй. А расплюшчыўшы, пасміхнуўся з сябе: побач стаяў Вундэркінд. Цярплівы, бясстрасны, быццам задумлівы.

— Ты вярнуўся?

— Праз тысячу метраў ход паніжэў...

Робат, на жаль, поўзаць не ўмеў. Такім чынам, на гэты раз Паўлу не дапамагла і прыкмета. Марс паводзіў сябе надзвычай сур’ёзна, не прызнаваў жартаў.

— Схадзі направа,— Гушча з прыкрасцю падумаў, што дарэмна страчана цэлая гадзіна. Гэта заданне можна было даць робату як запасны варыянт, калі ў левым спасцігне няўдача.— Інфармуй мяне.

Правы ход вёў у нікуды. Вундэркінд неўзабаве наткнуўся на глухую сцяну. Павел у гэты час быў на тым месцы, дзе левы тунель пачынаў апускацца. Цяпер гэты лаз заставаўся іх апошняй надзеяй. Мізэрнай, бо меркаванне, што тунель былое рэчышча, рассыпалася. Ён пасвяціў ліхтаром у глыбіню лаза, прыгнуўся і сунуўся ў пустую чарнату. Калі ісці стала немагчыма, ён апусціўся на калені, а потым і зусім на жывот і папоўз, падграбаючы рукамі, адштурхоўваючыся ад сцен нагамі.

Колькі прайшло часу, Павел не ведаў, не хацеў глядзець на хранометр. Якая розніца — дарогі назад усё роўна не было. I раптам святло ліхтара кінулася ў адзін бок, у другі, заскакала, замітусілася, адбіваючыся недзе далёка-далёка. Павел шумна выдыхнуў. Гара нібы расхіналася перад ім, адкрывала сваё таямнічае нутро. Ход прывёў яго ў новую пячору, шырокую і высокую, як катлаван на будаўніцтве шматпавярховага гмаху. Гэта давала перадышку, надзею. Павел павадзіў вакол сябе промнем ліхтара і павярнуўся назад, да лаза. Ён яшчэ не ведаў, як гэта зробіць, але рашыў, што Вундэркінда абавязкова прыцягне сюды. Пакінуўшы яго, потым не дараваў бы сабе здрады, хаця Вундэркінд быў толькі робатам.

Удвая цяжэйшую скрыню з шклянымі вырабамі, здавалася, было б прасцей працягнуць па гэтай няроўнай нары, чым далікатнага, не прыстасаванага да такой грубай транспарціроўкі робата. Асцярожна цягнучы, падштурхоўваючы, пераносячы гэту злепленую пад чалавека ляльку, Павел больш за ўсё баяўся пашкодзіць дакладныя і крохкія механізмы кібера. За ўсё жыццё ў яго не было больш цяжкай і больш адказнай фізічнай працы. Разы тры ён знясілена апускаў рукі, але крыху адпачыўшы, валок Вундэркінда зноў.

I калі нарэшце апынуўся на адкрытым месцы, то ўжо не знайшоў сіл, каб паставіць яго на ногі і падключыць схемы да крыніц энергіі. Ён апусціўся побач з робатам і доўга ляжаў ніцма, адчуваючы нечалавечую стому і бязмежную радасць, якая пульсавала ў затуманеным мозгу.

Напэўна, Павел страціў прытомнасць. Але колькі працягвалася небыццё, падобнае на трызненне, сказаць не мог бы. Ён даўно ўжо не лічыў час. Яму мроіўся Мінск, парк над Свіслаччу, Валя. Потым узнікаў «Набат», Бурмакоў, Віця... I штосьці гудзела ў вушах. Павел ачуўся менавіта ад гэтага гудзення. Яно быццам ішло з шлемафона. Павел паціснуў плячамі і стаў ажыўляць Вундэркінда. Неўзабаве той ужо стаяў, і яго зялёныя лінзы, як сапраўдныя вочы, наіўна паблісквалі. Але яго адразу нешта занепакоіла, ён закруціў галавой, заварушыліся вусы-антэны.

Гушча насцеражыўся. Калі толькі ў кібернетычным арганізме Вундэркінда нічога не разладзілася, то яго цікаўнасць была вартая ўвагі.

А Вундэркінд падаўся наперад, быццам наважыўся пабегчы, імгненне счакаў і прамовіў, як заўсёды, раўнадушна:

— Пад вуглом трыццаць адзін градус ад асявой у сцяне назіраюцца адтуліны.

Павел кінуў туды самы моцны прамень, які мог даць яго ліхтар, але ўбачыў шурпатую сцяну. Ды ён не мог не верыць лакатарнаму зроку робата і крануўся яго пляча, быццам той мог спасцігнуць сэнс гэтага дотыку:

— Пойдзем...

Гушча крочыў шырока, дарога тут была раўнейшая, менш заваленая — выбух не адолеў горную тоўшчу. Робат не адставаў, трымаючыся на метр ззаду, і Паўлу часам здавалася, што ў Вундэркінда, як і ў яго, перахоплівае дыханне і з горла вырываецца кароткі хрып.

Кіламетры праз два пячора зноў звузілася, перайшла ў своеасаблівы калідор з высокай столлю. А яшчэ метраў праз сто Павел напароўся на скалу. Ён выключыў ліхтар і колькі часу пастаяў, прывыкаючы да цемры. I тады прама перад сабой убачыў... зорку. Адну, другую, россып...

Павел знясілена прыхіліўся да сцяны. Ён яшчэ не ведаў, што там, за праломам,— плато, круча, новая гара. Гэта, урэшце, не мела значэння. Галоўнае, цяпер можна паслаць таварышам вестку. Але яго апярэдзілі, нібы толькі і чакалі гэтай думкі.

— Павел Канстанцінавіч! Павел Канстанцінавіч!

У шлемафоне чуўся Віцеў голас, ломкі, крыху асіплы. Відаць, не адну гадзіну юнак паўтараў вось так, з кожным разам усё больш і больш трацячы надзею.

Павел хацеў адказаць, што ён тут, жывы, але толькі прамармытаў нешта невыразнае.

Голас у эфіры, манатонны, сумны, на імгненне перарваўся і ўзвіўся крыкам:

— Па-авел Канстанцінавіч!

— Усё нармальна, Віцяй,— нарэшце справіўся са сваім хваляваннем Гушча.— Жывыя, цэлыя, а падрабязнасці пісьмом.— Усё, што было нядаўна — змрок, безнадзейнасць, туга,— разам сплыло. Ён ужо быў сярод сваіх таварышаў, ён ужо жартаваў.

— Віншую, Павел Канстанцінавіч.— Бурмакоў забраў у Віці сувязь, дзелавіта спытаў: — Дзе вы знаходзіцеся? — і ні слова пра свае пачуцці, трывогу.

— Каб знаццё...— рассмяяўся Гушча.— Вось, можа, Вундэркінд...

Робат прыняў меркаванне як каманду, варухнуў яркімі ў цемры вачамі і назваў каардынаты. У зорным марсіянскім небе ён арыентаваўся лепш за свайго гаспадара-астранома.

— Ну і краты! — пасля невялікай паўзы, відаць, прыкідваў на карце, працягла прамовіў Бурмакоў.— Такую гару прагрызлі.— I ўжо прыкметна ўстрывожана спытаў: — Павел Канстанцінавіч, кіслароду ў вас гадзін на дванаццаць засталося?

— Гэта ж цэлая вечнасць! — усклікнуў Гушча, раўнадушна адзначыўшы ў свядомасці, што выходзіў з лона гары амаль двое з палавінай сутак.

Ён не стаў чакаць світання, не здолеў. Расшырыў шчыліну — парода тут была мякчэйшая за астатнюю, таму, напэўна, і ўтварыліся пячора і гэта адтуліна, і хутка яны з Вундэркіндам былі ўжо на волі. Павел уздыхнуў на поўныя грудзі, паабяцаўшы, што наступным разам у пячору яго не загоніць нават балід, калі ён адолее тутэйшую атмасферу і не распадзецца раней. Падняўшы твар угару, якую хвіліну глядзеў на бяскрайнюю нябесную прастору, тады выгукнуў:

— Цудоўна як, сябры!

Над галавой як распасцёрся гіганцкі планетарый з нерухомымі зоркамі, непрывычнымі з выгляду планетамі — поўным вогненнага ззяння Юпітэрам, зеленаватай Зямлёй з шарыкам-Месяцам, буйным Сатурнам... I толькі Фобас, марсіянскі месяц, залацісты кругляк, парушаў агульную нерухомасць, асцярожна каціўся між зорак, нібы баючыся ці загасіць іх, ці, наадварот, абпаліцца.

Вундэркінд таксама глядзеў у неба. Моўчкі, не мігаючы, быццам разумеў, што не зможа зраўняцца з чалавекам у сіле эмацыянальнага ўспрыняцця прыгажосці. Павел аж пашкадаваў яго, непрыкаянага, пазбаўленага пачуццяў. Пасля перажытых разам выпрабаванняў Вундэркінд стаў яму такім жа блізкім, як была б блізкай жывая істота.

А потым прыйшла думка, што раптам і дасканалы кібернетычны мозг пад уплывам акалічнасцей, спакваля падведзены да гэтага, аказаўся здольным улаўліваць у навакольным асяроддзі не адны фізіка-хімічныя ўласцівасці матэрыі, а і пэўныя эстэтычныя вартасці. I ўжо недзе верачы ў сваю прыдумку-жаданне, сказаў:

— Хораша, Вундэркінд! Ты бачыш!

— Бачу...

Здзіўлены, Гушча застыў з працягнутай да робата рукой.

— ...інароднае цела з інертнага рэчыва. Адлегласць адна тысяча шэсцьсот метраў. Арыенцір на Вялікую Мядзведзіцу.

Павел зарагатаў, хапаючыся за жывот.

— Што ён такое адмачыў? — Бурмакоў чуў іх размову.

— Не ў тым справа,— Павел перастаў смяяцца.— «Згустак думкі крышыць скалы, згустак энергіі зваліць гару».

— Зноў вершы? Дарэчы, прыпасы вам выслалі. Але я нешта не разумею вашых алегорый, Павел Канстанцінавіч?

— Прабачце, Сцяпан Васільевіч,— збянтэжыўся Гушча.— Гэта не красамоўства. Мне было падалося, што Вундэркінд пераадолеў сваю механічную абмежаванасць.

— I залюбаваўся разам з вамі зоркамі? — Бурмакоў таксама рагатнуў, не з салідарнасці, іранічна.— Бывае...

Да світання Гушча перазарадзіў кіслародны і харчавальны апараты, памяняў энергетычны блок кібера.

I калі ўзышло сонца, быў гатовы ісці далей. Збіраўся пабываць на вяршыні і па спадзістым схіле, даўшы трыццацікіламетровага крука, выйсці да ўсюдыхода. Ён ужо збіраўся павярнуць на поўдзень, дзе дарога здавалася больш роўнай, як успомніў Вундэркіндаву знаходку. Было светла, але зоркі на небе не гаслі, праглядаліся. Павел адшукаў Вялікую Мядзведзіцу, апусціў ад яе позірк і наткнуўся на тэрасу, быццам выразаную ў скале, што высілася над шырокай, пакрытай унізе туманам далінай. Шчога адметнага на тэрасе, аднак, не прыкмеціў.

— Дзе ж тое інертнае рэчыва? — на ўсякі выпадак папытаў у робата.

— На месцы,— кібер быццам недаўмяваў ад нездагадлівасці чалавека і нават кпіў з яе.

— То вядзі, калі ты ўсё ведаеш,— і Гушча падумаў, што робату вельмі мала не хапае, каб стаць добрым субяседнікам.

Тэраса знаходзілася крыху ў баку ад намечанага ім шляху. Але да вечара было далёка, і ён не спяшаўся. Тым болей што менавіта тут з’явіўся нейкі повад для агляду.

Павел адчуваў сябе, як у зямным самалёце на завоблачнай вышыні. Далёка ўнізе курганіліся, падобныя на аблокі, светлыя на сонцы лысыя горы. У гэтым дзікім харастве была незвычайная веліч, неадольная сіла. Паўлу стала сумна. Вялікі творца — прырода тут быццам спынілася на паўдарозе. Панаставіўшы гор, панасыпаўшы пяску, яна забылася ўзбагаціць планету вадой, раслінамі, жывёламі...

Вузкая абрывістая цясніна перагарадзіла шлях, калі ўжо да тэрасы было зусім блізка. Павел пакруціў галавой і чмыхнуў. Цясніна, падобна, апяразвала патрэбную ім скалу з тэрасай з усіх бакоў.

— Што той роў сярэдневяковай крэпасці,— ён паказаў таварышам гэту раптоўную перашкоду.

— Ну, то павінен быць і масток,— пажартаваў Сцяпан Васільевіч.

— А ўжо ж, пашукаем.

Пакуль Гушча раздумваў, куды павярнуць, Вундэркінд, паварушыўшы сваімі антэнамі, зрушыў з месца. Дзівячы гаспадара, ён збочыў управа, адышоў назад і спыніўся, утаропіўшы вочы-лінзы ў нешта бачнае яму аднаму. Гушча падышоў і акамянеў.

— Што вы нам гэты роў дэманструеце вось ужо цэлых пяць хвілін? Думаеце, масток сапраўды вырасце? — не вытрымаў капітан.

— А-а,— спахапіўся Павел і накіраваў тэлекамеру на тэрасу.

— Што гэта? — Заўсёды спакойны Бурмакоў не стрымаўся, закрычаў: — Віця! Вікто́р!

На адрэзанай ад гары, прыкрытай скалой тэрасе, ірвануўшыся к небу, але не здолеўшы адарвацца, застыла ў скаванай нерухомасці фігура — ці то помнік, ці то засохлае дрэва.

Пакінуўшы Вундэркінда на месцы, Павел пабег уздоўж абрыву, шукаючы таго, жартам абяцанага Бурмаковым, мастка. Ён спяшаўся, пераскакваў цераз камяні і ямы і спыніўся, задыханы, бледны, толькі тады, калі, аббегшы вакол, наткнуўся на робата. I тады бліснула здагадка, што скала, можа, зусім невыпадкова адасобленая, недаступная. Той, хто пакінуў гэту незразумелую фігуру, напэўна, паклапаціўся пра яе захаванасць. Каго і чаго ён баяўся, для каго ставіў?

— Помнік? — парушыў яго разважанні Бурмакоў.

— Чый? — Хацелася і было боязна паверыць, што перад вачамі нешта рукатворнае, чужое.

3 светла-жоўтага пастамента, які глыбока і моцна ўрос у скалу, імкнуліся ў вышыню спіралепадобныя, парослыя серабрыстымі лісцікамі, пераблытаныя галінкі. Нешта знаёмае было ў гэтай фігуры, несакрушальнай, здольнай выстаяць бясконца доўга перад націскам усіх магчымых марсіянскіх стыхій. Але раней чым ён нарэшце здагадаўся, што азначае фігура, Вундэркінд флегматычна прамовіў:

— Нагадвае макет Галактыкі.

Разгублены, узрадаваны Павел усклікнуў:

— Сапраўды! Га, Сцяпан Васільевіч?

— Падобна...— Капітан таксама быў ашаломлены.

Тысячы думак, меркаванняў мроіліся ў Паўлавай галаве. I ні на адной ён не мог спыніцца. Стараючыся лепш разгледзець гэта галактычнае дрэва, зрабіў некалькі крокаў управа і зноў ахнуў. Побач з ранейшай фігурай стаяла чорная пліта, на якой была выбіта залацістая схема... Сонечнай сістэмы. Толькі нешта ў ёй было не так. У Паўла задрыжалі ногі, ён апусціўся на камень, не адрываючы вачэй ад пліты. На схеме было два сонцы. Адно цяперашняе, другое на месцы Юпітэра — цьмянае, барвовае. Творцы як наўмысля падкрэслілі гэта, знайшоўшы вечныя фарбы велікану. Планет было дзевяць. Дзевяць? Без Юпітэра?

— Віця! — ён чамусьці звярнуўся не да Бурмакова, а да свайго малодшага таварыша. Можа, адчуваў, што пытанне ўвогуле наіўнае? — Колькі ў нас планет? Назаві.

— Усё там правільна, Павел Канстанцінавіч. Лішні Фаэтон. Значыць, ён быў?!

— Не, ты глядзі вышэй. Плутон...

— На месцы,— замест юнака адказаў Сцяпан Васільевіч.

— Я не пра гэта,— загарачыўся Гушча,— зорачка, побач з Плутонам. Чаму толькі каля Плутона спадарожнік?

— Нам яшчэ шмат што спатрэбіцца дазнацца, Павел Канстанцінавіч. Вікто́р, перадай паведамленне ў Цэнтр.

Гушча глядзеў на залацістыя эліпсы з планетамі і адчуваў, як ападае першае ўзбуджэнне, саступаючы месца развазе. Сапраўды, пакуль што яны не гатовыя адказаць, каму і навошта трэба было ставіць гэты, магчыма, помнік на пустынным Марсе, а не на Зямлі, якая і ў тую далёкую эпоху, напэўна, абяцала разумнае жыццё. Але ён ведаў, што ўжо не супакоіцца, будзе шукаць адказы. Потым, калі падрыхтуецца да гэтага.

Дабрацца да тэрасы не было магчымасці — такога доўгага моста касманаўты перакінуць туды не маглі. Павел зрабіў мноства здымкаў, устанавіў аўтаматычную станцыю для пастаяннага назірання за тварэннем рук прышэльцаў і пачаў збірацца ў дарогу назад. Калі ўсё было гатова, ён зірнуў на Вундэркінда. Той стаяў нерухома і глядзеў на скалу. Паўлу падумалася, што робат таксама дзівіцца незвычайнай находцы, і спытаў:

— Што ты скажаш, Вундэркінд? Хаця б пра той шарык каля Плутона?

— Чужы,— адразу, нібы даўно чакаў такога пытання, адказаў робат.

— Чаму? — Павел дапускаў, што Вундэркінд можа памыляцца, але нават яго памылкі вынікалі з пэўных лагічных пасылак.

— Ён мае сваю афарбоўку.

Чалавек у гэтым спрачацца з Вундэркіндам не мог.

— Твой памочнік праўду кажа,— умяшаўся ў размову Бурмакоў.— Гэта пацвердзіла і ЭВМ. Пакуль мы тут з вамі ў далоні ад захаплення пляскаем, яны сваю нараду правялі.

— Сцяпан Васільевіч,— Павел аж падскочыў.— Гэта не спадарожнік... Не, спадарожнік... У тым сэнее, што штучны.

— Спяшаецеся? Ну, ды час пакажа,— задумліва сказаў Бурмакоў.

Павел яшчэ паблукаў вакол Нікс Алімпіка, спадзеючыся, што будуць і новыя сляды знаходжання касмічных гасцей. Аднак больш нічога не было. Ці то яны пакінулі весткі аб сабе ў іншых месцах, ці то ўсё астатняе загінула.

Калі Гушча вярнуўся, пра яго прыгоды ў нетрах вялізнай гары неяк нават не ўспомнілася. Касмічны помнік засланіў усё. Гаварылі толькі пра яго.

— Вашы прапановы, Павел Канстанцінавіч? — спытаў капітан, калі здалося, што ўсё ўжо абмеркавана і абгаворана.— Дарэчы, спецыялісты Цэнтра дапускаюць, што гэта сапраўды штучны спадарожнік.

— Праверыць бы...— Гушча ўхапіўся адразу за гэту пэўную падтрымку яго гіпотэзы ў Цэнтры.

Бурмакоў уважліва паглядзеў на яго, усміхнуўся:

— Вядома, неадкладна? Ты, Вікто́р, што скажаш?

— Я — за! — успыхнуў юнак.

Капітан пасур’ёзнеў, знерухомеў, углядаючыся ў адлюстраванне помніка, якое паказвала аўтаматычная станцыя. Думаў ён доўга. Потым падняў галаву.

— Так і паведамім на Зямлю...— I яго пацяплелыя вочы ласкава глядзелі на таварышаў.

Яшчэ тыдзень прабыў на арбіце каля Марса «Набат». Экіпаж займаўся аналізам сабраных на планеце мінералаў, проб паветра, газаў, вёў візуальныя назіранні. Аднак з ранейшым энтузіязмам працаваў, бадай, адзін Бурмакоў. Ён умеў быць засяроджаным у любых абставінах. Яго ж маладзейшыя калегі гэтай якасцю не валодалі. Марс для іх адразу стаў пройдзеным этапам. Яны ўжо жылі будучым і непакоіліся, як паставіцца кіраўніцтва палётам да іх планаў. Сумненні былі і ў саміх касманаўтаў, і, напэўна, сярод спецыялістаў. Рэйс да Плутона спецыяльна не рыхтаваўся, а гэта ж у шмат разоў далей, чым было да Марса. Праўда, магчымасці «Набата» дазвалялі такі палёт. Але ці прызнаюць здольнымі людзей? Абнадзейвала адно — Цэнтр з адказам не спяшаўся, значыць, там сур’ёзна ўзважвалі ўсе варыянты.

Загад прыйшоў неспадзявана — праз гадзіну пасля таго, як была закончана чарговая вячэрняя перадача і дзяжурны Цэнтра пажадаў экіпажу добрай ночы. Засвяціўся экран, і касманаўты ўбачылі кіраўніка палёту. У рубцы загучаў яго раскацісты бас:

— Прашу прабачэння за начное ўварванне...

Павел, які быў на вахце, адразу падключыў каюты Бурмакова і Віці.

...— Дарагія сябры! Касмічны цэнтр віншуе вас с выдатна выкананым заданнем. Ваша знаходка на Марсе кладзе канец спрэчкам аб існаванні жыцця ў Сусвеце. Яно ёсць! Паводле аднадушнай думкі астраномаў, размяшчэнне планет Сонечнай сістэмы, паказанае на марсіянскай схеме, магло быць у апошні раз сто тысяч гадоў таму назад. Але магло быць і раней. Тым не меней Цэнтр ухваляе вашу задуму адправіцца да Плутона, Магчыма, яго спадарожнік сапраўды штучная станцыя, пакінутая прышэльцамі. Ваша задача высветліць гэта. На карабельную ЭВМ пазней будзе перададзены маршрут.

Хачу паведаміць вам, што Марс таксама не застанецца без увагі. Новыя экспедыцыі працягнуць пачатую вамі працу. Тры караблі класа «Набат» у наступным годзе будуць накіраваны да планеты.

Прывітанне вам ад родных і блізкіх, ад усіх нас, ад чалавецтва!

Жадаю шчаслівага падарожжа і вяртання на Зямлю!


Частка чацвёртая



I

«Набат» аддаляўся ад Марса. Планета, якая яшчэ нядаўна закрывала паўнеба, з кожным днём рабілася меншай і меншай і неўзабаве стала невялічкім чырвоным круглячком. I ўжо нават у тэлескопы касманаўты не маглі распазнаць добра знаёмыя раёны, дзе яшчэ зусім нядаўна высаджваліся.

Напачатку палёт за Марс нічым не адрозніваўся ад ранейшага. Тая ж маўклівая прастора навокал, тыя ж зоркі на чорным небе. Але Бурмакоў і яго таварышы не надта давяралі спакою ў навакольнай прасторы. Карабель набліжаўся да пояса метэарытаў. А сустрэча нават з маленькім нябесным целам магла прынесці буйныя непрыемнасці. Праўда, верагоднасць сутыкнення, як паказвалі разлікі і назіранні, была нязначная — зблізу метэарытная зона не выглядала такой шчыльнай, як з Зямлі. I ўсё-такі не ўлічваць гэту акалічнасць было нельга.

Настаў дзень, калі ўпершыню ў адсеках і памяшканнях «Набата» зараўла сірэна трывогі: зоркія лакатары намацалі паблізу ад карабля старонняе цела. Яно пранеслася міма на адлегласці ў тысячу кіламетраў, і сірэна сціхла. Аднак ненадоўга. У навакольным асяроддзі метэарытаў пабольшала, і трывожнае выццё бударажыла людзей усё часцей. Пільныя аўтаматычныя лазерныя ўстаноўкі, прызначаныя для знішчэння метэарытаў, былі заўсёды напагатове. Але здарылася так, што і яны не памаглі. Хоць вінаватымі ў гэтым былі больш іх гаспадары.

У час адной з невялікіх перадышак паміж выццём сірэны, калі ў караблі было ціха, а на экранах спакойна, раптам упала магутнасць левага рухавіка. Прыборы, зафіксіраваўшы сам факт, тлумачэнняў прычыны не далі. Бурмакоў быў на вахце, і высвятляць, што адбылося, выпала Гушчу.

— Я з вамі, Павел Канстанцінавіч,— папрасіўся Віця.

Выхад на корпус карабля ў адкрытым космасе быў увогуле бяспечным. I каб не метэарыты, Бурмакоў дазволіў бы Віцю выйсці. Але ён не стаў палохаць таварышаў і сказаў:

— Ты мне тут спатрэбішся, Вікто́р.

Капітан як у ваду глядзеў.

Хвілін праз пятнаццаць Гушча ўжо быў на корпусе. Магнітныя падэшвы трымалі надзейна, ды і спецыяльны трос страхаваў так, што Павел без асаблівай асцярогі крочыў па палубе, несучы ў руцэ скрынку з інструментам.

— Смешна,— не вытрымаў Віця.— «Набат» напханы электронікай, унікальнымі прыборамі, а як здарыўся рамонт, то і зубіла з малатком выцягнулі.

— Гэтыя зубіла і малаток,— Бурмакоў на хвіліну адарваўся ад экрана, на якім віднеўся Гушча, павярнуўся да юнака,— таксама да электронікі дачыненне маюць. Паўлу Канстанцінавічу біць малатком па зубілу не давядзецца.

— Ведаю,— заўсміхаўся Віця,— ды скрынка вельмі падобная на старамодны чамаданчык, з якімі майстры-рамонтнікі некалі хадзілі.

— Пакуль вы там з мяне здзекуецеся,— паблажліва забурчаў Павел ужо з дзюзы,— я вам няспраўнасць ліквідую. Ляціце, браткі, хоць на край свету.

— Да самага Плутона, Павел Канстанцінавіч,— падхапіў Віця.

— Што-небудзь сур’ёзнае? — Бурмакоў падаўся да экрана.

— Кантакт аплавіўся, дробязь,— адказаў Гушча.— Напэўна, дзеля прафілактыкі варта і астатнія памяняць. Рабочы рэжым — не прагонка на выпрабавальным стэндзе.— Ён гаварыў слушна, аднак нават сабе не хацеў прызнацца, што яго жаданне затрымацца мае і другую прычыну, акрамя кантактаў. Раптам адчуў, што баіцца выходзіць на палубу.

— Можна,— пагадзіўся капітан.— У левай мяняйце, а за правую возьмемся заўтра.

Нарэшце ўсё было зроблена, і Павел, трымаючыся рукой за страховачны трос, пачаў выбірацца з дзюзавага адсека. На карме прымусіў сябе спыніцца. Як ішоў сюды раней, стараўся не глядзець па баках, дый думалася больш пра рухавік. А зараз, павагаўшыся, глянуў. Сэрца захлынулася, закалацілася. Вакол была бязмежная бездань, маўклівая і грозная. Перад ёю і карабель і чалавек былі нішто, малекула. Па спіне папаўзлі мурашкі. Паўлу стала страшна. Здалося, што і магнітныя прысоскі на чаравіках не ўтрымаюць, і ён упадзе з палубы, і космас праглыне яго, нават не заўважыўшы гэтага. Першым жаданнем было бегчы. Да блізкага выратавальнага люка ў пераходную камеру. Дзіўна, у караблі, у ракетаплане ён гэтага страху не адчуваў: напэўна, таму, што там была абмежаваная прастора. Тут жа абсягу не было канца. Але стрымаўся, не пабег. Толькі мацней сціснуў трос. Пазней не ведаў бы, як жыць, праявіўшы зараз слабасць. Ён абавязан быў перамагчы яе. I ён не любіў нічога адкладваць на пасля.

Бурмакоў звярнуў увагу на нейкую ненатуральнасць у паводзінах таварыша, аклікнуў:

— Павел Канстанцінавіч, што з вамі?

— Я з космасам сам-насам.

У голасе Гушчы чулася хваляванне. Зрэшты, зусім натуральнае, бо веліч космасу сапраўды не пакіне нікога абыякавым. Але Бурмакоў усё-такі папярэдзіў:

— Не баўцеся, Павел Канстанцінавіч, прашу вас. Пакуль вы на палубе, лазеры не дзейнічаюць.

— Я зараз, зараз...

I не паспеў. Зараўла сірэна, абвяшчаючы небяспеку. Яе гук пачуўся ў Паўлавым шлемафоне. 3 цяжкасцю адрываючы ногі, адразу забыўшыся на свае нядаўнія страхі, непакоячыся ўжо толькі пра карабель, Гушча кінуўся да люка. Ён ужо ўхапіўся за дзверцы, калі паблізу раптам прамільгнула нешта вялікае, цёмнае. Павел адчуў штуршок у спіну. Ён яшчэ адпусціў дзверцы, зрабіў крок чамусьці ў бок ад люка і ўпаў галавой наперад, моцна стукнуўшыся шлемам аб мачту радыётэлескопа. I ў той жа час сірэна змоўкла.

— Павел Канстанцінавіч! Павел! Павел!

Бурмакоў гукаў марна. Гушча не адказваў.

— Сцяпан Васільевіч, ён не варушыцца,— жахнуўся Віця.

— От табе і сам-насам,— з горыччу прамовіў капітан.— Вікто́р, глядзі тут, я па Паўла Канстанцінавіча...

Бурмакоў паспешна ўсунуўся ў скафандр і, ужо стоячы ў пераходнай камеры, з роспаччу сачыў за надта марудлівай стрэлкай барометра. Скафандр на Паўлу цэлы. Сігналы датчыкаў, якія сочаць за станам чалавека ў космасе, таксама не асабліва трывожныя. Павел жывы. Але што з ім? Аглушыла, траўміравала, кантузіла? I ці можна яму доўга ляжаць без дапамогі? І калі выхадныя даверцы адкінуліся, Бурмакоў, рызыкуючы сарвацца з палубы, ірвануўся па прыступках угору. Аднак з Паўлам ужо спускаўся асцярожна.


II

Нездарма кажуць, што бяда не ходзіць адна. Мала што выбыў з строю Гушча, дык неспадзявана пагусцеў метэарытны пояс. Сігнал трывогі цяпер гучаў амаль не заціхаючы. I Бурмакоў вымушаны быў увесь час знаходзіцца ў хадавой рубцы, трымаць кіраванне караблём у сваіх руках. У кароткія хвіліны перадышкі, калі можна было забыць пра метэарыты і астэроіды, ён прыходзіў да хворага Гушчы і садзіўся побач з яго ложкам. Павел апрытомнеў толькі на шостыя суткі, але быў надта слабы, каб прыняць удзел у клопатах экіпажа. Бурмакоў расказваў яму, як ідуць справы, падбадзёрваў.

Гушча адчуваў сябе ніякавата за гэту бездапаможнасць і аднаго разу сказаў, як бы просячы прабачэння:

— Не ў час я...

— Хвароба ніколі не бывае ў час. А я — жылісты, выцягну.

Сцяпан Васільевіч не крывіў душой. Ён нават сам дзівіўся з сваёй вынослівасці. Гэта ж на Месяцы, калі космас быў яму навіной, калі складаныя сітуацыі ўзнікалі раз за разам, ён стараўся не парушаць вызначанага рэжыму. Адпачываў, сачыў за фізічнай падрыхтоўкай. А зараз вось ужо колькі дзён абыходзіўся без сну, без штучных стымулятараў, і галава ўсё роўна была ясная, свежая. Ды іншага выйсця не было. Віця, хаця і быў хлопцам дужым, разумным, патрэбных у такіх абставінах вопыту і псіхалагічнай загартаванасці яшчэ не меў.

Аднак вялікая фізічная нагрузка, адказнасць за «Набат» не палохалі Бурмакова. Да іх ён быў гатовы, прыняўшы абавязкі капітана. I цяпер усё было б нармальна, каб не выпадак з Паўлам. Чым больш Сцяпан Васільевіч думаў пра яго, тым больш вінаваціў сябе. Не трэба было дазваляць Паўлу затрымлівацца на палубе. Не было ў гэтым неабходнасці. Ён, капітан, павінен быў прадбачыць і такі выпадак — метэарытная ж пагроза існавала. На тое і пастаўлены на чале экспедыцыі. Бурмакоў не баяўся папрокаў. Іх і не было. Кіраўнікі палёту не сказалі ні слова ў асуджэнне дзеянняў яго як капітана. Наадварот, зараз стараюцца заспакоіць, дапамагчы паставіць хворага на ногі. Ды ёсць уласнае разуменне адказнасці. Ад яго не збяжыш, не схаваешся за пунктамі і параграфамі інструкцый.

Можа, Бурмакоў судзіў сябе занадта строга. Але гэтыя думкі былі з ім увесь час і не забываліся, а толькі, калі навальвалася праца, адступалі на задні план, каб неўзабаве вярнуцца зноў.

Але ўсё некалі мінае. I космас, нарэшце, нібы злітаваўся над людзьмі. Сірэна больш не ўзнімала трывогі, метэарыты засталіся ззаду. Упершыню Бурмакоў перадаў поўную вахту Віцю і якіх гадзін шэсць мог адпачыць. Аднак, перш чым пайсці ў сваю каюту, завітаў да Паўла. Сёння ён ішоў сюды не як лекар, што было раней, а проста як таварыш, які наведвае хворага і можа пабыць даўжэй.

Надоечы каюту Гушчы зноў падключылі да сеткі ўнутранай сувязі, і ён ужо быў у курсе ўсіх падзей на караблі. Тое, што Віця заняў месца за пультам на цэлую змену, узрадавала Паўла, падбадзёрыла лепш за лекі. Гэта сведчыла, што «Набат» уваходзіў у нармальны палёт, што з Цэнтра не прыйдзе каманда вяртацца.

Убачыўшы Бурмакова, Павел прыпадняўся на ложку, сказаў пра набалелае:

— Даўся я вам...— Ён ужо нешта такое казаў, але цяпер адчуваў сябе амаль здаровым і быў гатовы да любой размовы.

Ідучы сюды, Бурмакоў, вядома, здагадваўся пра Паўлаў настрой. Пачуўшы гэту скаргу зараз, суцяшаць не стаў. Чалавек, кажучы праўду, наўрад ці разлічвае на спагаду. Ён проста канстатуе факт. Выходзіў Гушча на палубу не дзеля прагулкі. А што затрымаўся, то, відаць, была прычына. Невядома, як бы паводзіў сябе на ягоным месцы хто іншы. Космас, бадай, нікога не пакіне раўнадушным. Ды і верагоднасць сустрэчы «Набата» з метэарытам была адзін на дзесяць тысяч, гэта Гушча праверыў перад выхадам.

— Ёсць урач, павінны быць і пацыенты,— у штатным раскладзе «Набата» Бурмакоў займаў таксама пасаду доктара.— Як вам сёння?

— Трохі галава кружыцца. Заляжаўся.

— Праз дзве гадзіны пачынаем паскарэнне. Прастора дазваляе, так што пара набіраць тэмп,— ён спакваля падыходзіў да дзелавой размовы.— Бачу, вас адольвае жаданне дзейнічаць. Што ж, зразумела. Вікто́р,— ён павярнуў галаву да экрана ўнутранай сувязі,— ты нас слухаеш?

— 3 задавальненнем, Сцяпан Васільевіч,— яго таксама радавала, што Павел папраўляецца.

— Ёсць у мяне думка, хаця затрымка ў гэтай лёдава-каменнай зоне і адбілася на нашай хуткасці...

Гушча тузануўся, хацеў сесці.

— Ляжыце, Павел Канстанцінавіч,— паклаў яму на грудзі руку Бурмакоў.— 3 часам устанеце. А задумка... Прыкінуў я, што мы пройдзем паблізу Ганімеда, спадарожніка Юпітэра. Нашы хуткасці ў той момант будуць прыкладна роўныя, і нейкі час мы будзем рухацца паралельна. Дык ці не скарыстаць выпадак?

— Увогуле, цікава,— аднак было прыкметна, што ідэя капітана Паўла не захапіла.— Мільён кіламетраў да Юпітэра, і планетка, пра якую мала што вядома. Але асабіста я выбраў бы Сатурнаў Энцэлад. Гэта ж пад самым бокам у такога гіганта! Дзіўнага, прыгожага...

— I магутнага,— дакончыў за яго капітан.— Пакліча пальчыкам, павабіць і не адпусціць.

— А мы загадзя праверым, як далёка распасціраецца Сатурнава гасціннасць і ўлада.— Гушча ажывіўся, нават шчокі паружавелі.

— Вікто́р,— звярнуўся да юнака Сцяпан Васільевіч,— твая думка?

— Спакусліва. У прынцыпе. Але.... Крук, і лічыць трэба добра.

— Пасталеў ты, стажор! — Бурмакоў з цеплынёй глядзеў на экран, на якім віднелася схіленая над прыборамі Віцева постаць.— Вось і абмяняліся меркаваннямі. Цяпер слова за ЭВМ. Дабранач, Павел Канстанцінавіч.

Праз тры дні Гушчу дазволілі ўстаць з ложка — так рашыў кансіліум — Бурмакоў, зямныя медыкі і карабельная ЭВМ.

Павел адразу прыйшоў у рубку, стаў побач з Віцем, які зноў быў на вахце.

— Засумавалі, Павел Канстанцінавіч?

— Не кажы, браток,— раптам расчуліўся Павел.— Здаецца, сеў бы тут і не выходзіў.

— Ага,— хітра прыжмурыўся юнак,— сёння ж сувязь з роднымі.

— От гэта навіна, дзякуй,— Павел сапраўды ўсхваляваўся і падумаў, што хоць капітан і сказаў, нібыта Віцька пасталеў, на самой справе ён яшчэ зусім хлапчанё. Дарослы не намякаў бы на сустрэчу з сваёй сястрой Валяй. Але нічога. Маладосць, а яна, кажуць, хутка мінае. На Зямлю вернецца васемнаццацігадовым.

Гушча адчуў смутак. Многае здабудзе Віця ў гэтым падарожжы. Ды ці не страціць большае? У яго ўзросце чалавеку нялішнія і дзіцячыя, юнацкія радасці.

— Вам кепска? — Віця з трывогай паглядаў на Паўла.

— Прабач, задумаўся.

— Не ўсё прадумалі, пакуль хварэлі? — Бурмакоў нячутна ўвайшоў у рубку.

— Жыццё штораз падкідае повады,— развёў рукі Павел.

— Абы не метэарыты,— падхапіў капітан.— Астатняе неяк адолеем.


ІІІ

«Набат» імчаўся ў прасторы, з кожнай секундай павялічваючы хуткасць.

Бліскучы дыск Юпітэра, падобны спачатку на размаляваную сервізную талерку, не змяшчаўся ўжо ў ілюмінатары. I на экране, злучаным з тэлескопам, касманаўты разглядалі планету па сектарах. Але ўсюды было адно і тое: аміячна-метанавая атмасфера няспынна клубілася, пульсавала, успыхвала цьмяным полымем, патухала.

— Здалёк даволі забаўна, бяскрыўдна,— заклапочана сказаў Бурмакоў.— Як бы не пераступіць мяжы.

— Так, Юпітэр прагны,— падтрымаў Павел.— Вунь колькі нахапаў спадарожнікаў. Больш за ўсіх.

— Думаеце, на нас паквапіцца? — здзівіўся Віця.— Не здужае. Больш як мільён кіламетраў І хуткасць...

— Не забывай, Вікто́р, што аб’ём Юпітэра большы за зямны ў тысячу трыста разоў. I хаця яго сярэдняя шчыльнасць не надта большая эа вадзяную, сіла яго прыцягнення вялізная. Уяві сабе на імгненне, што нехта надта смелы, не паклапаціўшыся пра адпаведны скафандр, ступіць на паверхню гэтага гіганта. Ведаеш, што з ім будзе? Напэўна, сплюшчыць як блін.

— Спаць не буду, а, засну — блін прысніцца,— засмяяўся юнак.

— Легкадумны ты чалавек,— Бурмакоў таксама забаўляўся.— На ЭВМ спадзяешся?

— Мне хопіць і Вундэркінда,— блазнаваў Віця,— Забяру ў сваю каюту. Удвух не так страшна.

Такія жартаўлівыя размовы былі добрай разрадкай пасля вялікіх трывог.

А «Набату» і сапраўды асаблівай небяспекі цяпер не было. Нават тады, калі хуткасць карабля пачала зніжацца і рухавікі запрацавалі нібы на тармажэнне, калі прыборы адзначылі некаторае адхіленне ад курсу. Касманаўты ў любы момант маглі прыдаць караблю новае паскарэнне.

Затое Юпітэр, падобна, злаваўся. 3 яго неспакойнай атмасферы на дзесяткі тысяч кіламетраў вырываліся, як шчупальцы спрута, магутныя пратуберанцы, быццам цэліліся захапіць і дзёрзкіх людзей, і іх «Набат», якія асмеліліся пранікнуць у яго ўладанні. Не дастаючы, пратуберанцы, абяссіленыя, ападалі, знікалі, пакідаючы пасля сябе шэрыя воблачкі. Прыборы-пасткі, што бесперастанна аналізавалі склад навакольнага касмічнага асяроддзя, улоўлівалі атрутныя сумесі, характэрныя для юпітэрыянскай атмасферы.

А неўзабаве вакол карабля пацяплела. Цяпло распаўсюджваў Юпітэр. Яно, здавалася, струменілася аднекуль з яго бяздонных нетраў, у якіх адбываліся, не заціхаючы ні на імгненне, ядзерныя або, можа, якія іншыя складаныя працэсы. Відаць, невыпадкова на марсіянскай схеме залётныя госці памецілі Юпітэр як другое сонца. Напэўна, ён сапраўды некалі быў гарачы, і толькі нечага не хапіла яму, каб стаць зоркай.

Набліжаўся пункт у прасторы, дзе «Набат» павінен быў падысці на найменшую адлегласць да Ганімеда, і перш чым іх шляхі разыдуцца зноў, суткі праляцець побач. Такі момант было заманліва выкарыстаць.

Бурмакоў запрасіў дазволу на высадку на гэтым спадарожніку Юпітэра. Кіраўнікі палёту не пярэчылі, але канчатковае рашэнне пакінулі на погляд саміх касманаўтаў — зыходзячы з мясцовых умоў. I тэлескопы «Набата» нацэліліся на серабрысты мячык, які наплываў з правага борта.

Павел, нібы спяшаўся нагнаць страчаны час, цэлымі днямі вёў назіранні за Ганімедам, спрабуючы загадзя скласці патрэбнае ўражанне, праверыць, ці прыдатны ён да высадкі. Але спадарожнік, падобна, меў характар свайго грознага валадара і, хаця не хаваўся, як той, за атмасферу, раскрываўся не вельмі.

— Венерыянскі варыянт? — быццам спагадліва, пад’язджаў Віця. Весялун, непаседа і жартаўнік, ён не прапускаў выпадку, калі можна было каго-небудзь падчапіць, падкалоць. А Павел тут нібы сам лез у пастку.

— Оптыку нам падсунулі, каб яе агонь спаліў,— паспрабаваў ён даказаць юнаку, што ў сваіх няўдачах не вінаваты.

Ды хіба Віця мог прапусціць такі момант? Тут жа прапанаваў:

— Можа, фільтр падаць, Павел Канстанцінавіч?

Бурмакоў зарагатаў. Яму спадабалася, што жарт з фільтрам, узніклы ў пачатку палёту і забыты за апошнімі нягодамі, ажыў зноў.

Звычайна гарачы, уедлівы, Гушча на гэты раз адмахнуўся ад кпінаў. Яго зараз больш непакоіла, што ўяўляе з сябе Ганімед, ці адпавядае ранейшым і даволі прыблізным даным, здабытым астраномамі ў назіраннях з Зямлі?

А тым часам адлегласць скарацілася, і на Ганімед накіраваліся разведвальныя зонды. Павел быў вымушаны адкласці ўласныя даследаванні і заняцца матэрыяламі, дастаўленымі аўтаматычнымі станцыямі. Не ўсе зямныя апараты вярнуліся. Частка загінула, не паспеўшы падаць аб сабе весткі, некаторыя перадалі адзін-два здымкі, сігналы. Але ўцалелыя сваю задачу выканалі.

Здавалася б, столькі бачылі ўсяго касманаўты за гэтыя месяцы падарожжа, а ўсё роўна з цікавасцю і хваляваннем разглядалі фатаграфіі прадстаўніка шматлікай юпітэрыянскай світы. На паверхні Ганімеда было неспакойна. Ён нібы злаваўся, што людзі асмеліліся патрывожыць яго сон. Адзін аўтамат паказаў, як рушыліся калоніі падобных на вялікія крышталі таросаў, як на гэтыя бессістэмныя нагрувашчванні, прарваўшыся аднекуль з глыбіні, напаўзала падобнае на магму шэрае месіва. Другі апарат ухапіў фотааб’ектывам вывяржэнне газавага аміячнага фантана — ён імкліва ўзлятаў угору і, імгненна замярзаючы, ападаў долу белым снегам.

— Бр-р,— сцепануўся Бурмакоў ад гэтага відовішча.

— Вам яшчэ хочацца на Ганімед? — пасміхаючыся з рэакцыі капітана на халаднаваты пейзаж, спытаў Павел.

— Крый божа, не туды апусцішся — засмокча. Як дрыгва. Разам са «Скакунком»,— Бурмакоў акругліў вочы, але было гэта больш роблена, чым сур’ёзна.

I калі Гушча спытаў:

— Абавязкова апускацца?

Ён адразу падхапіў:

— Спакуснік вы, Павел Канстанцінавіч,— і зноў вярнуўся да здымкаў. Потым паабяцаў, чамусьці панура: — Падумаю...

Такому чалавеку, як Бурмакоў,— няўрымсліваму, адданаму космасу — дастаткова падаць ідэю, можа, на першы погляд і не надта слушную, але цікавую. Пачуўшы, ён ужо не мог адкінуць яе, не ўзважыўшы, не пакруціўшы так, і гзтак, і, як ні дзіўна, часта выцягваў з яе нешта вартае. Напэўна, каб Гушча тады не сказаў, між іншым, што на Ганімед можна не садзіцца, Сцяпан Васільевіч абмежаваў бы вывучэнне спадарожніка пасылкай аўтаматаў, назіраннямі ў момант найбольшага збліжэння. А цяпер засеў за ЭВМ. I неўзабаве рашуча заявіў:

— Буду рыхтавацца!

А Гушча пашкадаваў, што падахвоціў капітана на гэты эксперымент, бо раптам яму ўсё-такі захочацца выбрацца з ракетаплана. Нездарма ж любімай прымаўкай Сцяпана Васільевіча было: «Экран добра, рукі — лепш».

Толькі сто семдзесят кіламетраў аддзялялі «Набат» ад Ганімеда. На некаторы час іх хуткасці зраўняліся, і было падобна, што яны нерухома вісяць побач у прасторы, прывязаныя адзін да аднаго нябачным, але трывалым ланцугом.


Маўклівы вялізны Ганімед, не саступаючы ў памерах Марсу, здавалася, чакае зручнай хвіліны, каб абрушыцца сваёй незлічонай масай на кволы і бездапаможны перад ім зямны караблік. Яго паверхня выглядала аднастайнай, няўтульнай, варожай. Павел глядзеў на спадарожнік і думаў, што тут воку няма нават за што зачапіцца. I ўжо інакш успомніўся Марс. Там было пустынна, але падобна на Зямлю, на прывычнае. А тут, відаць, і ёсць пачатак сапраўднага незнаёмага яшчэ людаям космасу. Можа, і Плутон будзе такі. Так што вылазка Бурмакова акажацца зусім не лішняй.

Ракетаплан адчаліў, і яго агні засвяціліся ў цемры, як новыя зоркі. Потым з соплаў вырваліся слупы агню, надзіва строгія, акрэсленыя. Павел раней неяк не звяртаў увагі на гэты ўвогуле ўрачысты момант і зараз міжволі залюбаваўся прыгажосцю выхаду ракетаплана на арбіту. А калі схамянуўся, «Скакунок» стаў маленькай жвавай і яркай кропкай сярод нерухомых зорак.

Ніхто збоку не фатаграфаваў ракетаплан, і Павел з Віцем вымушаны былі задаволіцца тым, што можна было разгледзець з дапамогай карабельных установак, ды скупой інфармацыяй, якую перадаваў Бурмакоў.

Пад ракетапланам праносіліся ўздыбленыя таросы, іх змянялі адносна роўныя мясціны, аднак Сцяпана Васільевіча яны, відаць, не цікавілі. Ні над адным з гэтых участкаў ён не запаволіў палёт. Ён трымаў курс на поўдзень, дзе мясцовасць была вышэйшая. Хутка сапраўды пайшлі нібы пакрытыя замерзлым аміяком невысокія пагоркі.

— Паспрабую прытуліцца,— Бурмакоў паказаў таварышам невялічкую лагчынку.

«Скакунок» стаў вертыкальна, пачаў павольна зніжацца, размятаючы агнём рухавікоў заледзянелыя белыя шапкі на пагорках. Але, здавалася, ім няма канца. Ракетаплан апускаўся ніжэй і ніжэй, ужо нават схаваўся напалавіну ў вялізнай варонцы, выпаленай рухавікамі, а цвёрдай няплаўкай асновы ўсё не было.

Бурмакоў вывеў ракетаплан угору, перакінуўся на другое месца, на трэцяе, чацвёртае... I ўсюды было адно і тое.

— Сцяпан Васільевіч,— Віця, верны сабе, жартаваў,— гэтак вы ўвесь Ганімед расплавіце.

— Табе хопіць,— прабурчаў капітан, і гэта на яго, заўсёды ветлівага, спагадлівага, было непадобна.

Павел занепакоена сказаў:

— Напэўна, усюды так, Сцяпан Васільевіч. Вяртайцеся.

— Хто ведае,— Бурмакоў не спяшаўся, голас яго гучаў задумліва.— Паліва яшчэ ёсць.

Паўлу стала трывожна. Смелы, настойлівы, Бурмакоў можа пайсці і на рызыку. А Ганімед — не Марс, тут на выручку не паспееш, нават калі аварыя будзе не надта сур’ёзная.

А Сцяпан Васільевіч падняўся вышэй, праляцеў спачатку на ўсход, тады крута павярнуў на поўнач і пакружыў над шырокай раўнінай — нешта, падобна, знайшоў.

Павел зірнуў на хранометр. Капітан мог знаходзіцца ў палёце яшчэ каля гадзіны.

I раптам у эфіры прагучала бадзёрае:

— Здаецца, ёсць!

На экране раўніну перасякала глыбокая цясніна. Яна мела не характэрную для тутэйшага ландшафту цямнейшую афарбоўку і магла прыняць не толькі «Скакунка», а і пару «Набатаў».

Ракетаплан завіс над цяснінай, і на паверхню заструменіліся нябачныя промні, якія павінны былі вызначыць яе ўласцівасці.

— Вытрымае,— ужо іншым, дзелавым тонам праз некалькі хвілін паведаміў Бурмакоў.

3 «Набата» цясніну разгледзець было нельга, і капітан, зрабіўшы пасадку, выпусціў кантрольную тэлеўстаноўку. Цяпер Павел і Віця бачылі ўсё, што там адбываецца.

«Скакунок» трыма нагамі абапіраўся на крыху аплаўленую і ўжо зацвярдзелую масу, якая расцяклася невялікай лужынкай пад сопламі рэактыўнага рухавіка.

Хвілін праз дзесяць Бурмакоў выпусціў увішных кібераў, каб праверылі, што тут навокал. I толькі калі яны вярнуліся, выбраўся з кабіны сам. Чапляючыся рукамі за шматлікія ледзяныя выступы, палез па крутым схіле цясніны наверх.

Над зубчастым недалёкім краявідам паказаўся крайчык Юпітэра. Сцяпан Васільевіч знерухомеў, зачараваны. Крайчык хутка рос, узнімаўся, ператвараючыся ў вялікі, размаляваны белымі, шэрымі, барвовымі плямамі і палосамі ўнушальнага памеру калматы дыск. Юпітэр быў не такі грозны, як нядаўна, калі спрабаваў сваю сілу на зямным караблі. Зараз на большай адлегласці простым вокам ужо не заўважалася варожае дыханне яго атрутнай атмасферы. Аднак па-ранейшаму ён панаваў над наваколлем, пасылаючы Ганімеду і іншым сваім васалам цьмянае попельнае святло з злавесным барвовым адценнем.

На раўніне сям-там заіскрыліся заінелыя россыпы, між таросаў леглі вычварныя цені. Прырода нібы ажыла, радуючыся скупой і зменлівай увазе магутнага ўладара. Бурмакоў счакаў, пакуль Юпітэр узыдзе поўнасцю, і тады, быццам падштурхнуты яго прамянямі, шырока пакрочыў у глыб раўніны, дзе віднеліся астраўкі таросістых нагрувашчванняў. I адразу следам пабег, спрытна перабіраючы дзесяткам членістых ножак, кібернетычны разведчык. Рознакаляровыя сігнальныя агеньчыкі на яго чорным корпусе весела паміргвалі.

Гушча сачыў за капітанам і думаў, што, напэўна, яшчэ доўга ў космасе людзі будуць падобныя на малых, якія пачынаюць пазнаваць навакольны свет. Ім, як дзецям, будзе ўсё цікава, усё ўпершыню, ўсё захочацца памацаць сваімі рукамі, адчуць на пах, на смак. Дзеці, вядома, вырастаюць. Але колькі часу міне, пакуль касмічныя малыя стануць дарослымі? А можа, гэта наогул не здарыцца ніколі? Бо чалавек заўсёды будзе адкрываць для сябе нешта новае — і на Зямлі, і тым болей на чужых планетах, зорках...

А што тут адкрые Бурмакоў? Хутчэй за ўсё вернецца з Ганімеда ўзбуджаны, шчаслівы і з пуствімі рукамі. Галоўныя звесткі дадуць аўтаматы, якія маглі б без асаблівай рызыкі для чалавека пабываць там без яго, самастойна. Павел разумеў, што ў гэтых разважаннях ёсць многа такога, што Валя некалі называла, дакараючы, голым практыцызмам. Ён сапраўды любіў рабіць тое, што неўзабаве можна было, як кажуць, пакратаць, узважыць, памераць. I на Марсе выбраў Нікс Алімпіку, бо толькі там бачылася нейкая зачэпка. Неспадзявана бліскучы вынік умацаваў Паўлаву перакананасць у тым, што іх праца ў космасе павінна грунтавацца на непахіснай логіцы, на практычнай неабходнасці, а не на простай чалавечай цікаўнасці. На той, якая кіравала зараз Бурмаковым...

Тым часам Сцяпан Васільевіч наблізіўся да таросаў. Раптам ён запаволіў крокі, падаўся ўлева, управа і спыніўся, потым адышоў крыху назад.

— Быццам угінаецца,— недаўменна сказаў ён. Паклаў руку на кібера, які нагадваў вожыка з утуленай галавой: — Ты хто?

— Нумар чацвёрты.

— Вось што, нумар чацвёрты,— капітан чамусьці завагаўся, перш чым аддаць загад,— прайдзі да таросаў.

Робат паслухмяна пабег, слізгаючы на гладкай, бліскучай паверхні, што замерзлым азярцом абкружыла купкі таросаў. Робат сыпаў лічбамі, назвамі — яго датчыкі няспынна аналізавалі асяроддзе. Бурмакоў не надта ўслухоўваўся, усё гэта запісвала карабельная ЭВМ, яго непакоіла, ці дабярэцца «нумар чацвёрты» да таросаў.

Нішто не гаварыла пра небяспеку. Нават гэты аміячны ці яшчэ які лёд не ўгінаўся пад даволі цяжкім робатам. Бурмакоў супакоіўся і хацеў накіравацца следам, як раптам кібер адхіснуўся назад, упіраючыся нагамі, быццам наравісты конь, якога цягнуць за аброць. Ён перабіраў нагамі і нахіляўся, нахіляўся «носам» уніз, аж пакуль не стаў на «галаву», а тады пачаў правальвацца. Боўталіся заднія ногі, корпус апускаўся ўсё глыбей і глыбей, а датчыкі, нібы нічога не здарылася, працягвалі даваць справаздачу... Нарэшце шэрая рухомая маса самкнулася, і робат змоўк.

Разгублены Бурмакоў не верыў сваім вачам. Знямелі і Павел з Віцем. Трэба было вяртацца, а капітан не кранаўся з месца.

А праз хвіліну-другуго на тым пятачку, дзе толькі што разыгралася маленькая трагедыя, пачаў расці пухір, і нейкая нябачная сіла выштурхнула на паверхню няшчаснага кібера. Ён яшчэ жыў, дзейнічаў і ўсё спрабаваў вызваліць спутаныя празрыстай плёнкай жвавыя ногі, тузаўся, а яго антэны варушыліся, пасылаючы незразумелыя ўжо сігналы.

Плёнка ўвачавідкі таўсцела, мацнела. Робат цішэў, супакойваўся, спавіты ў белым кокане, ператвараючыся ў... вялікі, правільнай формы, крышталь-паралелепіпед.

— Вось і ўсё,— засмучона ўздыхнуў Бурмакоў.— Вось і мы пакінулі ў прасторы помнік...


IV

Пасля Ганімеда палёт праходзіў больш нармальна.

Касманаўты штодня збіраліся разам. Перажытыя цяжкасці яшчэ больш іх зблізілі, надалі дружбе гарачыню, сардэчнасць, нібы параднілі.

Сабраўшыся, касманаўты маглі працаваць, думаць, маўчаць — кожны аб сваім. Але гэта нікога не здзіўляла, не абражала. Важна, што побач быў таварыш.

У той вечар яны ў кают-кампаніі глядзелі перадачу з Зямлі. Гэта былі іх самыя любімыя хвіліны. Давала сябе знаць непазбежная туга па радзіме. I зараз, ідучы наперад, яны ўжо думалі пра будучае вяртанне, пра сустрэчу з роднымі.

Перадачы прыходзілі з затрымкамі — «Набат» аддаліўся ад роднай планеты на мільярды кіламетраў, двухбаковыя перагаворы рабіліся амаль немагчымымі, але кожная вестачка з дому прыносіла касманаўтам найвялікшую радасць — было то прывітанне ад блізкіх, апошнія паведамленні або звычайная тэатральная пастаноўка. I сённяшні канцэрт народнага хору яны глядзелі з задавальненнем.

Павел бываў у тэатры, з якога вялася трансляцыя. Слухаючы песні, ён успамінаў сібірскі горад, сустрэчы з калегамі ў навуковым гарадку. Напэўна, і ў яго сяброў зараз былі падобныя думкі, бо Віця раптам адвярнуўся ад экрана і ўздыхнуў.

— Ты што, Вікто́р? — устрывожыўся Бурмакоў.

— Як там, на Зямлі?

Сцяпан Васільевіч прыцішыў гук у тэлевізары, потым падключыў суседні экран да тэлескопа. Маленькая блакітная зорачка — Зямля — на неабсяжным небе выглядала ўжо адной з многіх.

— Пабыць бы хвілінку...— летуценна прамовіў Віця.

Яму нічога не адказалі. Аднак па тварах таварышаў юнак зразумеў, што ў іх гэтыя словы выклікалі толькі сум. Каб загладзіць сваю прамашку, ён папрасіў:

— Сцяпан Васільевіч, пакажыце Плутон.

На экране засвяціўся новы куток неба. Няяркі, невялікі, Плутон нібы выпіраў з далёкага зорнага россыпу.

— Ён амаль побач,— растлумачыў Бурмакоў.

— Няўжо аб ім так нічога пэўнага і невядома? — спытаў Віця, задаволены, што таварышы раптам ажывіліся.

— Пра гэта табе Павел Канстанцінавіч лепш раскажа, ён у астраноміі разумее больш.

— Не прыбядняйцеся, таварыш капітан,— засмяяўся Гушча.— Але, каб не было паміж намі спрэчкі, папытаем Вундэркінда. Скажаш нам пра асаблівасці планеты Плутон? — звярнуўся ён да робата, які апошнім часам ператварыўся ў чацвёртага члена экіпажа — ва ўсякім разе, яго не адсылалі ў гаспадарчы адсек, а трымалі ў пакоях каманды.

Вундэркінд, як гэта, відаць, было закладзена ў праграму, пачаў здалёк:

— У канцы мінулага стагоддзя самай далёкай, апошняй планетай у Сонечнай сістэме называлі Нептун. Аднак ужо тады астраномы заўважылі, што яго тэарэтычная арбіта не адпавядае сапраўднай, і выказалі натуральную думку, што на Нептун уздзейнічае іншая невядомая планета. Але якая? Дзе яна? Пошукі пачаліся ў 1878 годзе. Астраномы назіралі ў тэлескопы, матэматыкі рабілі разлікі арбіты гэтай невядомай планеты, але міналі гады, а планеты не было. Толькі ў 1930 годзе на фотаздымках месца, якое вылічылі матэматыкі, была заўважана невядомая зорачка. А неўзабаве пацвердзілася, што гэта і ёсць новая планета, за якой так доўга палявалі астраномы. Па традыцыі ёй далі імя міфічнага бога. Праз дваццаць гадоў удалося змераць дыяметр Плутона — ён складае 0,46 зямнога, або 5870 кіламетраў. Такім чынам, Плутон крыху большы за Меркурый і меншы за Марс. Сярэдняя адлегласць ад Сонца — сорак астранамічных адзінак, або шэсць мільярдаў кіламетраў. Гэта — апошняя з вядомых арбіт планет Сонечнай сістэмы. Далей ужо, відаць, пачынаюцца ўладанні іншых светаў. Бляск Плутона не пастаянны. Іншы раз ён здаецца яркім, іншы — цьмяным. Гэта звычайна бывае ў планет, якія круцяцца вакол восі, як і Зямля, напрыклад. Значыць, і на Плутоне ёсць і дзень, і ноч, у залежнасці ат таго, якім бокам ён павернуты да Сонца,— яно і для яго з’яўляецца адзіным свяцілам. Суткі роўныя шасці зямным плюс дзевяць гадзін, дваццаць адна хвіліна і трыццаць секунд. Гэта аб’ектыўныя даныя. Аналіз іх, а таксама некаторыя іншыя назіранні дазваляюць зрабіць вывад, што Плутон не падобны на іншыя вялікія планеты Сонечнай сістэмы.

Вундэркінд прыпыніўся, як бы прыкідваючы, казаць што яшчэ ці не, і Віця паспяшаўся з пытаннем, бо раней ён неяк Плутонам не цікавіўся:

— А што гэта за назіранні?

— Згодна з вылічэннем,— роўным голасам загаварыў робат,— маса гэтай невялікай планеты роўная зямной...

— Ого! — выгукнуў здзіўлены юнак.— Пяцьдзесят грам на кубічны сантыметр,— разлікі ён умеў рабіць не горш за ЭВМ,— у шэсць разоў большая шчыльнасць, чым у жалеза?!

— Так,— дзелавіта пацвердзіў Вундэркінд.— Плоскасць яго арбіты нахілена да плоскасцей арбіт іншых планет пад вялікім вуглом — семнаццаць градусаў, чаго не назіраецца ні ў адной іншай планеты Сонечнай сістэмы. Суткі на вялікіх планетах роўныя дзесяці — пятнаццаці гадзінам, на Плутоне ж яны шмат даўжэйшыя...

— Дзякуй, Вундэркінд,— перарваў Павел робата,— дазволь цяпер мне пафантазіраваць.

— Калі ласка, Вундэркінд фантазіраваць не ўмее,— з годнасцю адказаў робат.— Ён будзе слухаць і запамінаць.

— Наступным разам ён і гэта раскажа,— пасміхнуўся Павел.— Дык вось... Першае, што мы зробім, апусціўшыся на Плутон,— паглядзім яго неба. Яно павінна выглядаць аднастайнай чорнай безданню. Сузор’і будуць такія ж, як і тыя, што мы бачылі з Зямлі, Марса. Сонца, аднак, будзе выглядаць толькі яркай зоркай. Яно дае Плутону ў дзве з палавінай тысячы разоў цяпла менш, чым Зямлі, аднак асвятляе яго паверхню ў двесце разоў ярчэй, чым Зямлю поўны Месяц. Без тэлескопа мы ўбачым толькі вельмі яркі Нептун, а таксама Сатурн і Уран. А Юпітэр наўрад ці. Атмасферы на Плутоне няма, відаць, ва ўсякім разе, калі яна і ёсць, то павінна быць вельмі разрэджанай, нічым, бадай, не адрознівацца ад звычайнага касмічнага асяроддзя.

— Вясёлая карціна, Павел Канстанцінавіч,— паківаў галавой Віця.— Ноч, горы... Паблукаем.

— Гэта яшчэ не ўсё. Калі за Плутонам няма другой планеты, якая ўплывала б на рух Нептуна, то нам будзе не толькі ад цемры і бездаражы, а і ад вялікай сілы цяжару.

— Так,— выдыхнуў Віця,— вельмі сумна. Адно спадзяванне, што мы і тут, як на Марсе, памыляемся.

У кают-кампаніі было цёпла, па-хатняму ўтульна.

I толькі ўключаны экран нагадваў, што вакол бязмежны космас, гатовы праглынуць маленькі карабель зямных смельчакоў.


Частка пятая



I

Было дзевяць гадзін па маскоўскаму часу, калі Бурмакоў перадаў у Цэнтр кіравання палётам, што «Набат» выйшаў на арбіту штучнага спадарожніка Плутона.

Стомленыя далёкай дарогай, а яшчэ больш — пустым і маўклівым космасам, людзі з задавальненнем пазіралі на ўжо зусім блізкую планету, само існаванне якой у прасторы напамінала ім аб роднай Зямлі. I дзіўна, імкненне ўбачыць нешта новае, незнаёмае, надзея знайсці сляды прышэльцаў, якой яны жылі доўгія апошнія месяцы і якая цяпер быццам бы здзяйснялася, раптам неяк прытушылася, саступіўшы месца жаданню проста адчуць пад нагамі надзейную тысячакіламетровую тоўшчу, пахадзіць па Плутонавай зямлі. Гэтыя пачуцці былі такія моцныя, што Бурмакоў рашыў не рабіць, як раней на Марс, палётаў па чарзе на «Скакунку», а адразу пасадзіць на планету «Набат».

На Плутон адправіліся аўтаматычныя разведчыкі. Яго паверхню разглядалі і самі людзі, і іх чуйныя апараты з борта карабля. Здымкі расказвалі пра скалістыя масівы, патухлыя вулканы, неабсяжныя раўніны. Пра тое, што Плутон у сям’і вялікіх планет, да якой яго прыпісалі зямныя астраномы, быў сапраўды чужы. Ён хутчэй нагадваў той жа Марс або Венеру, бо і сярэдняя шчыльнасць яго аказалася большай, чым у планет-гігантаў, і нават перавышала зямную.

Нішто не паказвала, што пасадка магутнага карабля будзе небяспечнай. Але Бурмакоў не спяшаўся — дзе страчаны месяцы, там дні значэння не маюць. Ён хацеў спачатку абляцець усю планету і скласці хаця б прыблізную карту яе паверхні. Яго рашэнне і на гэты раз было правільным.

Недзе на шасцідзесятым вітку ў плаўным і незаўважным руху карабля адчулася амаль непрыкметная замінка. Вахту нёс сам Бурмакоў. Ён спачатку здзіўлена паглядзеў на пульт, дзе ўсё, аднак, выглядала нармальным, пачухаў патыліцу і тады ўспомніў, што нешта такое ўжо было на Марсе. Бурмакоў прыкусіў губу, што ў яго азначала вышэйшую ступень хвалявання, і пабудзіў Гушчу.

Павел увайшоў якраз у той момант, калі капітан правяраў запіс кантрольнай сістэмы аўтапілота. Ён падышоў да Бурмакова і цераз яго плячо зірнуў на стужку асцылографа, якая павольна паўзла назад, дэманструючы роўны хвалепадобны запіс,

— Што гэта вы, Сцяпан Васільевіч, аўтаматы правя...— Павел асекся. Над доўгім радам роўных хваль выскачыў знаёмы яму пік. Баючыся паверыць у раптоўную здагадку, пажартаваў: — Экскурс у марсіянскую эпапею?

— Каб то,— капітан падняў вяеёлы твар на Гушчу. — Тутэйшы!

Павел плюхнуўся ў крэсла. Запісы — і гэты, Плутонавы, і той, Марсіянскі — былі надта падобныя. Павел праверыў здымкі планеты, зробленыя ў тым месцы, над якім у руху «Набата» адбыўся збой. Гэта была вялікая раўніна, дакладней, роўнае горнае плато.

— Абследуем? — прапанаваў ён.

— Спадзяешся яшчэ на адзін помнік? — Бурмакоў задумаўся.— Мажліва. Але, калі ён ёсць, нідзе дзенецца. Мы ж намецілі даследаваць зверху ўсю паверхню — дык не будзем адхіляцца.

А праз некалькі віткоў «Набат» адчуў новы слабы штуршок, потым неўзабаве другі...

— Вось такія пірагі, як казала мая бабулька,— закусіў губу Сцяпан Васільевіч.— Самы раз па вашаму нядаўняму прыкладу пафантазіраваць. Дзе там Вікто́р?

— Іду, таварыш капітан,— адгукнуўся са сваёй каюты юнак.— Я не сплю і ўсё зразумеў.

— Такім чынам,— пачаў Бурмакоў, калі Віця зайшоў у рубку,— мы, падобна, сустракаемся з ужо знаёмай з’явай. Мы не ведаем яе сутнасці, але гэта, на мой погляд, пакуль не мае істотнага значэння. Хутчэй за ўсё з планеты ў прастору накіраваны нейкія прамяні. Знайшоўшы крыніцу, мы, бадай, даведаемся, што выпраменьваецца і дзеля чаго.

Гушча памкнуўся быў нешта сказаць, Бурмакоў падняў руку:

— Пацярпіце, Павел Канстанцінавіч. Я зусім не ўпэўнены, што гэтыя выпраменьванні служаць своеасаблівымі маякамі, пабудаванымі, каб навесці нас ці іншых разумных істот, якія выпадкова, зазначце, выпадкова, трапяць у Сонечную сістэму, на помнік ці на што там яшчэ незвычайнае. Гэта было б вельмі прымітыўным тлумачэннем факта. Ды і ўстаноўка, па-сутнасці, вечных маякоў каля схем, якія нясуць вельмі мала карыснай інфармацыі, была б неапраўданай.

— Але ж было,— Павел не пагадзіўся.— Супадзенне... У тым сэнсе, што макет пастаўлены побач з крыніцай энергіі. Відаць, там было стойбішча гасцей...— Ён быў запнуўся, але адразу цвёрда дакончыў думку: — Так, часовая стаянка касмічных прышэльцаў. Вось тут маяк, бадай, быў патрэбны.

— Больш дакладна — база! — Сам вывад капітана ў Паўла пярэчанняў не выклікаў, здагадка, як кажуць, лунала ў паветры.

— База, напэўна, была тут, на Плутоне,— не пагадзіўся Бурмакоў.— База, з якой яны даследавалі нашы планеты.

— Чаму ж яны нічога не пакінулі на Зямлі? — здзівіўся Віця.

— Можа, і пакідалі,— адказаў капітан.— Ды ў зямным клімаце нават іх вельмі трывалыя збудаванні не захаваліся.

— У сваім першапачатковым выглядзе,— Гушча прыгадаў гіпотэзы аб касмічных прышэльцах, падумаўшы, што цяпер ад іх ужо не адмахнуцца.— А сёе-тое засталося, і мы вось ламаем галаву: сваё гэта ці чужое!

— От таму я запрашаю вас пафантазіраваць,— засмяяўся Сцяпан Васільевіч.

— Дазнацца б, хто яны, адкуль! — У Віці гарэлі вочы ад захаплення. Але і яго старэйшыя таварышы не маглі схаваць хвалявання. Сама прысутнасць, нават у нейкую даўнюю пару, у Сонечнай сістэме прадстаўнікоў іншай высокаразвітай цывілізацыі, з вобласці фантастыкі пераходзіла ў рэальнасць.

— Пастараемся, Віктор!

— Бо малаверагодна, што ўсё гэта пакінулі пасля сябе міфічныя фаэты або тыя, хто, можа, даўным-даўно жыў на Зямлі,— Гушча нібыта падвёў вынік размовы.

Бурмакоў перадаў яму вахту і пайшоў у сваю каюту.

Сённяшняе адкрыццё ўзрушыла капітана нават болей за марсіянскую знаходку. Упершыню яму, чалавеку, які заўсёды прызнаваў толькі тое, што мела пад сабой неаспрэчную абгрунтаваную аснову, раптам захацелася не абмяжоўваць сваю фантазію ніякімі граніцамі.

Сустрэць чалавека іншай цывілізацыі... Раней ён ніколі сур’ёзна не думаў пра гэта, хаця ўжо даўно ўсяго сябе прысвяціў пазнанню і асваенню космасу. Не думаў, адпраўляючыся на Марс і даючы Паўлу заданне вярнуцца да невытлумачальных фактаў, якія ёсць на роднай планеце. А зараз дужа захацелася, каб менавіта першы кантакт, хай сабе не з самімі іншапланецянамі, а з іхнімі тварэннямі, адбыўся непасрэдна пры яго ўдзеле, належаў яму.

Прывыклы аналізаваць і ўзважваць свае пачуцці і парыванні, Бурмакоў разумеў, што хоча надта многага. На яго долю і без таго выпала нямала. Месяц... Марс... Ганімед... Нарэшце, Плутон! Але думкі самі плылі далей, не спыняліся. У гэтым была, і ён ведаў гэта, яго няўрымслівая натура даследчыка. Бурмакову мроілася, што неўзабаве ён убачыць нешта такое, што раскажа пра невядомую планету ў далёкай Галактыцы, пасланцы якой пакінулі свае сляды. I яму ўявіліся цудоўная планета, залітая яркім сонечным святлом, незвычайна прыгожыя паселішчы-гарады з шырокімі вуліцамі-садамі і вынесенымі высока ў паветра ажыўленымі дарогамі-магістралямі, вялікія густыя пушчы, поўныя звяроў і птушак,— а над усім гэтым уладарыць чалавек, падобны і непадобны на зямнога: моцны, разумны, дасканалы...

Бадай, упершыню Бурмакоў так і не здолеў прымусіць сябе заснуць. Праляжаўшы вызначаны для сну час з адкрытымі вачамі, ён устаў і накіраваўся ў камандны адсек. Зірнуўшы на Паўла, засяроджанага, насупленага, відаць, таксама поўнага роздуму аб хуткай сустрэчы з новымі слядамі дзейнасці разумныхістот, Бурмакоў уключыў экран з павялічанымі здымкамі мясцовасці, дзе была выяўлена адна з крыніц-маякоў. Адлюстраванне было шэрым, невыразным. Бачыліся нейкія цені, падобныя на пёрыстыя воблакі, скрозь якія чамусьці прасвечваецца чорнае неба з цьмянымі зоркамі.

— Нічога адсюль мы не ўстановім,— Сцяпан Васільевіч выключыў экран, падсеў да Гушчы.

— Нядаўна зафіксавана яшчэ адна крыніца, я паслаў туды рухомую аўтаматычную станцыю, — сказаў Павел.

— Наўрад ці яна выявіць сутнасць, Павел Канстанцінавіч, тут чалавеку зразумець бы...

Гушча здзіўлена падняў галаву. Бурмакоў сярод касманаўтаў меў славу самага гарачага прыхільніка кібернетычнага розуму і вось раптам засумняваўся ў здольнасцях тэхнікі.

— Так,— матнуў галавой Сцяпан Васільевіч.— Крыніцы нам шукаць.

Віток за вітком намотваў «Набат» вакол Плутона. Здавалася, што на планеце не засталося ніводнага пункта, над якім не пралятаў карабель. А капітан марудзіў, вышукваў на вычарчанай ЭВМ карце Плутона раёны, якія, мажліва, яшчэ не трапілі ў поле зроку карабельных аб’ектываў і прыёмнікаў-пастак, бо крыніцы пасылалі даволі тонкія пучкі прамянёў.

Павел лічыў, што ведаць усе крыніцы неабходнасці няма, дастаткова вывучыць адну-дзве, каб зразумець і сутнасць іх, і прыроду. Але цярпліва чакаў, калі капітан дазволіць пасадку. Бурмакоў і сам не прызнаваў дарэмнай працы. Не быў ён і баязліўцам, перастрахоўшчыкам. Даследуючы Плутон старанна, дэтальна, ён, відавочна, хацеў высветліць нешта такое, у існаванні чаго ўпэўненасці не меў, аднак і адкінуць, не праверыўшы, таксама не мог, бо гэта ўяўлялася яму важным, патрэбным. Павел і сам ніколі не спяшнўся расказваць пра задумы, якія яшчэ не выкрышталізаваліся, тут ён Бурмакова разумеў. I зусім не ў піку Сцяпану Васільевічу не падзяліўся з ім і Віцем адным сваім меркаваннем. Але да Плутона яно ніякага дачынення не мела...

Мінула яшчэ амаль тры зямных тыдні, калі Бурмакоў нарэшце разгарнуў на стале вялікую карту двух паўшар’яў Плутона, перакрэсленых паралелямі і мерыдыянамі. Там-сям на карце віднеліся чырвоныя кружочкі.

— Гэта раёны, дзе выяўлены крыніцы энергіі,— растлумачыў ён.— Аднак справа не толькі ў іх існаванні, самі па сабе яны, можа, і не заслугоўвалі б такой падрабязнай карты. Мяне зацікавіла размяшчэнне крыніц. Калі злучыць на карце іх лініяй, атрымаецца выцягнуты авал. Што ён нагадвае? — Сцяпан Васільевіч як бы правяраў сябе.

Віця выцягнуў шыю, быццам хацеў разгледзець чарцёж з процілеглага боку, спытаў:

— Арбіта?

— Напэўна,— задаволена пацвердзіў Бурмакоў.— Каб яшчэ знаць — чыя?

Павел у думках пасміхнуўся: падобна, яны з капітанам падышлі да адной ідэі з розных бакоў. Ён, Гушча, назіраннямі, што, зрэшты, і належыць астраному, Бурмакоў — логікай. Але ці не надта доўгі, ці надзейны гэты іх шлях? Неба ж вялікае, неабсяжнае, зорак і планет на ім процьма. Дык ці не выбраць трэці, матэматычны падыход да праблемы? Ён павінен быць, калі... I Павел прамовіў, быццам сапраўды ведаў гэта дакладна:

— Адна з крыніц выпраменьвае зараз больш інтэнсіўна.

Капітан уважліва паглядзеў на яго, паківаў галавой:

— Гэта не ўстаноўлена.

— Трэба зрабіць паўторную праверку. Не караблём, вядома, запусцім спадарожнікаў.

— Баюся, некалі наладжаны механізм крыніц не вытрымаў выпрабавання часам,— Бурмакоў вярнуў позірк на карту.— Ды і надта няпэўна...

— Вы гэта пра што? — Віця недаўменна круціў галавой.

— Павел Канстанцінавіч хоча сказаць, што эліпс, які ты назваў арбітай, паказвае, дзе знаходзіўся або, можа, і цяпер знаходзіцца ў прасторы зоркалёт прышэльцаў.

— Не зусім,— Гушча пасміхнуўся адкрыта, шчыра.— Не зоркалёт. Спадарожнік. Пакінутая для сувязі аўтаматычная станцыя, знак пра якую быў на марсіянскай схеме.

— Смела, Павел Канстанцінавіч, смела,— капітан сказаў гэта не адразу. Потым устаў, зрабіў некалькі крокаў, шоргаючы па падлозе лёгкімі туфлямі з магнітнымі прысоскамі на падэшвах. Спыніўся перад Гушчай: — Але як гіпотэза мае права на жыццё. Правярайце.


II

— Усё! — Бурмакоў выпусціў з рук штурвал і паварушыў пабялелымі ад працяглага напружання пальцамі. Глянуўшы на іх, пасміхнуўся: пасадку «Набата» рабіў аўтапілот, і яго, чалавека, намаганні не патрабаваліся. Аднак інстынкт усё роўна прымусіў учапіцца ў штурвал.

Надрыўны гул карабельных рухавікоў, чутны нават скрозь шматслойны корпус, забяспечаны гукаізаляцыяй, аціх, пакінуўшы, аднак, у вушах непрыемны звон.

— Плутон пад нашымі нагамі! — з жартаўлівай напышлівасцю паведаміў таварышам капітан.

Віця падхапіўся з крэсла, каб быць каля ілюмінатара раней за ўсіх, але, зрабіўшы крок, спатыкнуўся і разгублена паглядзеў уніз.

— Гасцінны Плутон,— працягваў тым жа тонам Бурмакоў,— хоча напомніць людзям, Вікто́р, што на свеце ёсць прыцягненне. Як сцвярджаюць прыборы, тут яно паболей нашага, зямнога. А калі ўлічыць, што за час палёту мы наогул адвыклі, каб нас абмяжоўвала сіла гравітацыі, то напачатку мусім паднатужвацца.— Падміргнуў хлопцу: — Ды ты не засмучайся, Вікто́р, хутка прывыкнеш да сваёй новай вагі. Мускулы нальюцца сілай, і будзеш бегаць, не тое што хадзіць.

Крыху горбячыся, але без прыкметных намаганняў, Бурмакоў падышоў да ілюмінатара. «Набат» стаяў на невялікай тэрасе, з трох бакоў абкружанай гарамі, і толькі спераду ляжала пустынная раўніна. Быў дзень, цьмяны, больш падобны на звычайную зямную ноч, бо на небе свяціліся нерухомыя блакітныя, жоўтыя, чырвоныя зоркі. Але за скаламі, за самім «Набатам», які на моцных апорах стаяў з выключанымі агнямі, слаліся выразна акрэсленыя чорныя цені.

— Будзем рыхтавацца, сябры, на першую экскурсію,— злавіўшы здзіўленыя позіркі таварышаў, Бурмакоў пацвердзіў: — Іменна экскурсію. Плутон варты такой пашаны. А пазней мы з Паўлам Канстанцінавічам на ўсюдыходах праедзем да месц, дзе павінны знаходзіцца крыніцы. А ты, стажор, пабудзеш паблізу карабля. Нам можа спатрэбіцца дапамога.

Капітан гаварыў сцісла, быццам яму ўжо даўно сталі прывычнымі паходы па гэтай змрочнай планеце.

Загрузка...