Уладзімір ШЫЦІК


АПОШНЯЯ АРБІТА




Частка першая


I

Ліўневы вясенні дождж наляцеў знянацку, быццам прарваўся з-за высокага гмаху на суседняй вуліцы, і выліў на зямлю сцяну вады. Павел Гушча кінуўся да бліжэйшага пад’езда, рвануў дзверы. Яны былі замкнёныя, і каб не прамокнуць да апошняй ніткі, Павел прыціснуўся да сцяны.

Хвіліну раней ажыўленая, гаманлівая, вуліца адразу апусцела, стала шэрай, панылай. Паўлу раптам зрабілася сумна, няясная трывога кранула сэрца і пачала расці, мацнець.

Дождж перастаў гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Толькі напаследак гуллівы цёплы вецер усё-такі шпурнуў Паўлу ў твар жменю пырскаў. I зноў на яркім сінім небе заззяла сонца, гарачае, ласкавае. Павел ступіў на тратуар і спыніўся. 3 дома насупраць, спяшаючыся, выбегла дзяўчына, і хаця ад ліўня засталіся, як успамін, толькі лужынкі на асфальце, яна раскрыла над галавой квяцісты зялёны парасон. Гэта было смешна. А ў Паўла зашчымела сэрца. Дзяўчына была нечым падобная на Валю, і ён, падумаўшы гэта, зразумеў, што менавіта трывожыла яго тыя некалькі хвілін, пакуль хаваўся ад дажджу каля зачыненага пад’езда. Валя!

Пазнаёміліся яны мінулым летам. Тады Павел, гэтак жа ратуючыся ад непагадзі, туліўся да сцяны на чужым ганку, і Валя, зусім яшчэ не знаёмая, нясмела прыкрыла яго сваім парасонам. Ведаць бы, што чакае яго неўзабаве, не загаварыў бы з дзяўчынай, не пайшоў бы за ёю. Але хіба мог ён спадзявацца...

За апошнія гады цэнтр Мінска з гэтага праспекта перамясціўся ў новы раён. Там выраслі, пабудаваныя па найноўшаму слову архітэктуры і тэхнікі, дзяржаўныя ўстановы, тэатры, магазіны. Яны былі незвычайныя, прыгожыя, непадобныя адзін на аднаго. 3 раніцы да позняга вечара на вуліцах новага гарадскога раёна віраваў натоўп. I Павел з задавальненнем прыязджаў туды, калі здаралася нагода. Аднак стары куток Мінска ён любіў больш. Надта многае ў яго жыцці было звязана з ім. Тут ён вечарамі гуляў з аднакашнікамі-студэнтамі, калі вучыўся ва універсітэце; тут прызначаў Валі першыя спатканні і потым да ночы блукаў з ёю па прыціхлых сонных вуліцах.

Цудоўны быў гэта час! Каханне нібы акрыліла Паўла. Ен працаваў лёгка, з натхненнем. Яму, першаму з зямлян, удалося адкрыць радыёвыпраменьванні з вобласці сузор’я Індзейца, даказаць, што паслалі іх разумныя істоты. Зацікаўленыя астраномы пачалі больш пільна назіраць за Індзейцам, і неўзабаве было выяўлена, што адна з яго зорак напэўна мае планеты.

Расшыфраваць сігналы пакуль не ўдалося. Але ні Гушча, ні іншыя вучоныя і не спадзяваліся на хуткі поспех. На даным этапе было важна ўжо тое, што сігналы падаюцца рэгулярна, што ў іх пракідаецца пэўны сэнс. А ў Паўла была яшчэ адна думка — неверагодная, фантастычная, пра якую не адважваўся нават гаварыць уголас, бо доказаў не меў, а на інтуіцыю ў сур’ёзнай размове не спашлешся. I толькі апошнім часам усё часцей марыў, што некалі здабудзе факты, каб пацвердзіць сваю здагадку.

Напэўна, гэта мара і прывяла яго ў школу касманаўтыкі. У сярэдзіне дваццаць першага стагоддзя Зямля жыла прадчуваннем, верыла, што настае эра дальніх масавых касмічных палётаў. Бо ўсё часцей ракеты з людзьмі стартавалі да Месяца, а навуковыя аўтаматычныя станцыі рабілі пасадкі на Меркурыі, Венеры, Марсе, абляталі Юпітэр і Сатурн, забіраліся на ўскраіну Сонечнай сістэмы. I таму паўсюдна ствараліся касмаклубы, як некалі ў мінулым стагоддзі — Павел чытаў пра гэта — аэраклубы. Маладыя людзі асвойвалі асновы касманаўтыкі, праходзілі фізічную падрыхтоўку, каб, калі спатрэбіцца, быць напагатове. Яны верылі, што блізкі час рашучага штурму космасу. I вось для Паўла здарылася тое, на што ён баяўся нават спадзявацца. Касмічны цэнтр зацвердзіў яго кандыдатам у экспедыцыю, якая восенню павінна была надоўга пакінуць Зямлю. Пра гэта паўгадзіны таму назад паведаміў начальнік экспедыцыі вядомы касманаўт Сцяпан Васільевіч Бурмакоў.

У бібліятэцы, старой мінскай «Ленінцы», Павел на імгненне пазбыўся свайго непакою. Незабыўным юнацтвам павявала ад гэтых знаёмых і бясконца дарагіх калідораў, залаў, кабінетаў. Павел хвіліну пастаяў, удыхаючы ні з чым не параўнальны пах старых кніг, які, здавалася, трымаўся нават у сценах, і накіраваўся да свайго століка. На ім ляжалі пажоўклыя ад часу падшыўкі старых газет і часопісаў, кнігі. Іх Павел заказаў па тэлефоне адразу пасля размовы з Бурмаковым.

Гіпотэза пра касмічных гасцей Зямлі некалі хвалявала многіх спецыялістаў і даследчыкаў, выклікала гарачыя дыскусіі. А потым пра яе паступова забыліся. Відаць, неверагодным здалося гэта нават самым упартым прыхільнікам гіпотэзы, тым болей што ўсе пошукі дадатковых слядоў, доказаў аказаліся марнымі. Павел жа, як толькі пазнаёміўся з меркаваннямі аўтараў гіпотэзы, адразу паверыў, што прышэльцы на Зямлі былі. Мажліва, вельмі даўно, таму і захавалася так мала і да таго такіх няпэўных прыкмет іх прылёту. А крыху пазней ён падумаў, што, наведаўшы Зямлю, прадстаўнікі чужой цывілізацыі, напэўна, пабывалі і на некаторых планетах Сонечнай сістэмы, у прыватнасці на Марсе, які выглядае для гэтай мэты найбольш прывабным.

Неяк у час гутаркі з Бурмаковым Павел напаўжартам, напаўсур’ёзна выказаў сваю думку аб прышэльцах. Сцяпан Васільевіч, здалося, прапусціў яго словы міма вушэй. Але, відаць, запомніў, бо іншай прычыны, якая тлумачыла б просьбу вярнуцца да матэрыялаў старой дыскусіі, Павел не знаходзіў. Уздыхнуўшы, ён разгарнуў кнігу.

Навука сцвярджала: гасцей з космасу не было, калі, вядома, не лічыць метэарытаў. Довады выглядалі пераканаўча. Толькі не для Паўла. Ён чытаў і ў думках спрачаўся з сваімі нябачнымі апанентамі, якія нібы знарок не хацелі заўважаць, што і ў дваццаць першым стагоддзі ўсё яшчэ нельга растлумачыць многія з’явы і факты. У гарах Антылівана знаходзіцца славутая Баальбекская веранда — пляцоўка плошчаю Ў некалькі квадратных кіламетраў. Яна вымашчана вялізнымі добра адшліфаванымі каменнымі плітамі. Само па сабе гэта не здзіўляла б. Здолелі ж старажытныя егіпцяне без вежавых кранаў узвесці піраміду Хеопса, якая здаўна лічыцца адным з цудаў свету.

А Баальбек будаваўся раней, і калі ў пірамідах пліты важаць две-тры тоны, то на верандзе — да дзвюх тысяч тон. Людзі помняць Баальбёк з таго часу, як помняць сябе. Аднак ці маглі нашы старажытныя продкі пабудаваць такое тэхнічна дасканалае цуда і, галоўнае, навошта? Яны ж, як вядома, былі людзі практычныя і, не маючы пільнай патрэбы, не трацілі б сілы і сродкі на гэта збудаванне, бо дзеля чаго яно існавала, не відно. Дык чаму не зрабіць другі вывад: будавалі Баальбекскую веранду не зямляне, а госці з космасу і была яна стартавай пляцоўкай іх зоркалёта. Ніхто не даказаў, што гэта так, але ніхто не даказаў і адваротнае.

I на тэрыторыі Перу, у Паўднёвай Амерыцы, ёсць загадкавыя помнікі. Непадалёк ад паселішча Ціагунака ў Андах на беразе горнага возера захаваліся рэшткі вялікага горада. Дамы, храмы, умацаванні ўзведзены з вялікіх камянёў і блокаў вагой у дзесяткі тон. Вядома, горад будавалі не касмічныя прышэльцы, ім ён быў непатрэбны. А вось навучыць абарыгенаў, як даставіць на такую вышыню цяжкія пліты, іншапланецяне маглі. Нездарма легенда інкаў сцвярджае, што ўзводзілі горад белыя барадатыя людзі і што пазней яны, калі пачалася паводка, уцяклі адсюль. А можа, паляцелі? А веды племя майя ў галіне астраноміі, якія навукова пацвердзіць удалося толькі ў дваццатым стагоддзі,— адкуль яны? А можа, іх паведамілі людзям чужынцы? Не, ён, Павел Гушча, так хутка не адкіне гіпотэзу, не пагадзіцца з тымі, хто лічыць усё гэта зямным...

Павел так засяродзіўся, што не пачуў за спіной лёгкіх крокаў. Схамянуўся толькі тады, калі мяккія і цёплыя пальцы пяшчотна ляглі на яго вочы. Ён асяярожна разняў дзявочыя рукі, азірнуўся і ўбачыў Валю.

Дзяўчына нахілілася да стала, прачытала некалькі радкоў і здзіўлена зірнула на сябра:

— Паўлік! Ты і фантастыка? Дзіўна!..

Ён крыху разгубіўся, бо не мог адважыцца сказаяь Валі праўду, і пачаў няўдала выкручвацца:

— Абрыдлі формулы, шукаю разрадкі ў неверагодным.

— А я прыдумала зусім рэальнае для разрадхі — пацягну цябе зараз на стадыён, каб не сушыў мазгі. — Яна не надта паверыла Паўлу, бо ў ім, як у тых даўніх будаўнікоў Баальбека, на першым плане была практычная мэтазгоднасць. Так што наўрад ці заказаў ён такую груду газет і кніг дзеля простай забавы. Але выгляду не падала. Тым жа тонам дадала: — Сёння Віця выступае.

Павел увогуле паспеў асвяжыць у памяці ўсё, што трэба было. Самалёт адлятаў заўтра ўдзень, месца забраніравана. Таму Валіна прапанова аказалася дарэчы — усё роўна ён сам бы шукаў дзяўчыну праз якую гадзіну.

На вуліцы Павел, як між іншым, паведаміў:

— Заўтра мне ў Маскву. У чатырнаццаць дваццаць.

Яшчэ надоечы яны дамовіліся гэты тыдзень правесці разам, з’ездзіць на Браслаўскія азёры — у абаіх гэты тыдзень з выпадку экзаменацыйнай сесіі студэнтаў, якім Павел чытаў астрафізіку, а Валя — астрабіялогію, аказаўся вольным, і раптам сюрпрыз... Валя разгублена паглядзела на Паўла. Толькі нешта незвычайнае магло парушыць іх планы, і яе дзівіла, што ён нічога не тлумачыць. На душы стала крыўдна. Валя нахмурылася, адвярнулася.

Павел узяў дзяўчыну за руку, сціснуў. Разумеў, што паводзіць сябе з каханай жорстка. Але і сказаць праўду, не будучы ўпэўненым да канца, што паляціць з Бурмаковым, — на тое ён пакуль і кандыдат, не хацеў, не мог. Павярнуўся тварам да Валі, нясмела, як вінаваты, сказаў:

— Так здарылася, Валюшка. Выклікалі. Не ведаю нават, калі вярнуся.

Валя ўздыхнула. Разумела: выклікаюць, мусіш ехаць.

Электрабус з суцэльнымі празрыстымі сценамі, светлы, прасторны, бясшумна імчаўся па шырокім праспекце Камунізма. Праспект нядаўна — гадоў пяць таму назад — скончылі забудоўваць, і ён не паспеў яшчэ страціць прыкметы свежасці, навізны, маладосці. Шматгадовыя ліпы, прывезеныя з беларускіх лясоў, побач з пятнаццаціпавярховымі гмахамі выглядалі саджанцамі. Кожны квартал жылога масіву меў свой уласны архітэктурны стыль, існаваў нібы асобна і ў той жа час арганічна ўпісваўся ў агульны ансамбль раёна. Людзі адчувалі сябе тут асабліва ўтульна. Вялізныя вокны ў кватэрах, зашклёныя спецыяльным шклом, прапускалі не толькі звычайнае святло, а, калі жыхар хацеў, і ультрафіялетавыя прамяні. Кандыцыянеры падтрымлівалі пастаянную зададзеную тэмпературу і вільготнасць паветра ў пакоях. Зрэшты, такія кватэры цяпер былі паўсюдна, нават у старых дамах. Але пачаліся яны з гэтага праспекта.

Электрабус затармазіў на скрыжаванні, ад якога цяністая вуліца вяла да Цэнтральнага стадыёна. Павел выскачыў першым, дапамог Валі. Аўтаматычны вадзіцель рушыў машыну далей. А яны спыніліся, раздумваючы: ісці адразу на стадыён ці паблукаць крыху вакол, бо да пачатку спаборніцтваў было яшчэ каля гадзіны.

— Пакружым? — Валя ўзяла Паўла пад руку.

— 3 задавальненнем,— адказаў ён, радуючыся, што пабудзе з дзяўчынай сам-насам яшчэ некалькі лішніх хвілін.

Гэты раён таксама быў новы. Яго будавалі, як студэнцкі гарадок. Сюды перабраліся ўсе мінскія інстытуты з вучэбнымі карпусамі, лабараторыямі, інтэрнатамі, клубамі. Павел любіў бываць тут — і на працы, і ў вольны час. Гарадок падабаўся яму неспакойнымі шумлівымі жыхарамі, сярод якіх ён сам адчуваў сябе больш студэнтам, чым выкладчыкам, і такім чынам быццам вяртаўся ў цудоўную пару юнацтва.

Сёння, аднак, Павел адчуў сябе тут нібы староннім. Ён яшчэ жыў у сваім родным Мінску, хадзіў па вуліцах, слухаў яго голас, а ў галаве білася думка: хутка ўсё пераменіцца! I напэўна яна, гэта думка, абвастрала пачуцці, узнімала над будзённым і прывычным, надавала здольнасць разважліва ацэньваць прыгажосць, своеасаблівасць горада.

— Ты мяне не слухаеш, прафесар? — У голасе Валі прагучала іронія.

— Прабач, — Павел схамянуўся. — Мне чамусьці сёння здалося, што я сюды прыйшоў упершыню,— і з удзячнаецю падумаў: «Разумніца Валя, трывожыцца, а стараецца не паказаць гэтага».

— Я недзе ці то чула, ці то чытала, што так у чалавека бывае перад расстаннем.

— Скажаш... — сумеўся Павел.

— Давай павернем назад,— дзяўчына зрабіла выгляд, што апошнія яе словы былі выпадковымі.

А Павел зноў адчуў сябе вінаватым, што тоіцца перад Валяй. Напэўна, было б лепш сказаць, куды і чаго едзе. Але раптам ён так і застанецца кандыдатам, а ў экспедыцыю пашлюць іншага? Не, не трэба загадваць наперад. Скажа, калі ўсё будзе вырашана канчаткова.

Яны выйшлі на плошчу. У канцы яе высілася ажурная арка — уваход на стадыён. Кожны раз, аказваючыся перад ёю, Павел не пераставаў дзівіцца дасканаласці і прыгажосці форм гэтага ўвогуле простага збудавання. I зараз, спыніўшыся на пачатку плошчы, зноў адчуў захапленне.

— Паглядзі на ўваход, — горача загаварыў ён. Сутыкненне з выдатным стварэннем чалавечых рук ніколі не пакідала яго абыякавым, прымушала забыцца на свае клопаты, нягоды, — мне раней здавалася, што арка крыху нізкаватая, што ёй не хапае накіраванасці ў вышыню. Бо плошча хаця і вялікая, прасторная, аднак акружана высотнымі будынкамі. А зараз раптам зразумеў, што памыляўся. I ведаеш у чым? Вунь тыя пікі над сярэднімі калонамі... — ён парывіста выкінуў руку наперад. — Яны ж нацэлены ў неба і таму цягнуць за сабой усю канструкцыю!

— Фантазёр,— засмяялася Валя.— Не можаш ты без неба.

— Мы народжаныя адно для аднаго! — пачаў Павел, абіраючыся пажартаваць, і тады ўспомніў пра званок Бурмакова. Сумеўшыся, ціха ўдакладніў: — Гэта значыць, я і неба.

— Я так і аразумела. I нават упэўнена, што гэтыя пікі памогуць табе злавіць чарговыя таямнічыя сігналы, ужо з Сірыуса!

— Здзекуешся? — Павел надаў твару страшны выгляд.— От зараз выкупаю, запомніш,— і падхапіў дзяўчыну на рукі, падбег да фантана, які выкідаў над плошчай каскады вясёлкавых пырскаў. Трымаючы Валю над самай вадой, грозна загадаў:— Вініся!

Адбіваючыся, Валя малаціла кулачкамі ў шырокія Паўлавы грудзі, шчасліва пасміхалася і прасіла шэптам:

— Пусці, людзі...

Вакол сапраўды было шмат прахожых. Яны паглядалі на гэту сцэнку добразычліва, з усмешкамі. Паўлу нават падумалася, што сярод іх, напэўна, ёсць яго або Валіны студэнты. Ды якое гэта зараз мела значэнне. Яму было добра, весела, ён радаваўся, што Валя побач, свая, родная.

— Больш не буду, здаюся,— Валя не вытрымала першай.

Але калі Павел паставіў яе на зямлю, крыху адбеглася і ўсё-такі крыкнула:

— Я памылілася, не з Сірыуса, з Лебедзя!..

Павел махнуў рукой, маўляў, што з такой паробіш...

Яны ўвайшлі на стадыён. Сёння тут разыгрываўся Вялікі кубак рэспублікі па шматбор’ю сярод юнакоў. Спаборніцтвы па апошняму віду праграмы — бегу — павінны былі пачацца праз якой паўгадзіны, і Павел з Валяй павярнулі на тэнісны корт. Абое любілі тэніс, аддавалі яму шмат вольнага часу.

3 раздзявалкі Павел выйшаў раней і, не чакаючы сяброўкі, пачаў размінацца. Яго рухі былі пластычныя, прыгожыя, як у гімнаста, і Валя, выпадкова зірнуўшы ў акно, залюбавалася. Высокі, стройны, мускулісты, Павел быў сапраўдным спартсменам. Некалі не адзін трэнер спрабаваў спакусіць яго кар’ерай чэмпіёна. Павел любіў спорт. Аднак яшчэ больш любіў астрафізіку. I чэмпіёнам не стаў толькі таму, што навука пакідала дужа мала часу на трэніроўкі. Затое зрабіўся спрытным, вынослівым. Таварышы нават жартавалі, што Гушча лепшы спартсмен сярод вучоных і лепшы вучоны сярод спартсменаў. Нягледзячы на тое што фізкультура стала масавай, неабходнай кожнаму чалавеку, што ў любой навуковай установе былі даволі класныя спартсмены, паспаборнічаць з Гушчай у тэнісе, фехтаванні, гімнастыцы, бегу мог мала хто. Павел гэтым ганарыўся, аднак і сам не здагадваўся, што яго спартыўныя якасці адыгралі далёка не апошнюю ролю, калі ў Касмічным цэнтры падбіралі кандыдатаў для будучага палёту. Валя пра гэта не ведала. Яна проста, як звычайна, была ў захапленні ад свайго друга. Толькі сёння ёй чамусьці было яшчэ і сумна. Не такі, як заўсёды, быў Павел — узбуджаны, незразумелы, няўважлівы.

Валя выбегла на корт, кінула Паўлу мячык.

— Пачынай!

Ракетка мільгала ў Паўлавых руках, а Валя зноў і зноў з трывогай адзначала, што ён рухаецца неяк запаволена, што яго ўдары страцілі былую дакладнасць. Яна лёгка адгадвала Паўлавы задумы і выйгравала адно ачко за другім.

Прайграўшы два сеты, Павел схіліўся перад дзяўчынай:

— Прызнаю, о непераможная, тваю сілу!

— Калі думкі тэнісіста лунаюць па-за кортам, яму літасці не будзе,— у тон Паўлу адказала Валя, разлічваючы, што ён зразумее намёк і нарэшце раскажа пра свае клопаты. Павел прамаўчаў.

Трыбуны вялізнай чашы Цэнтральнага стадыёна, поўныя гледачоў, гудзелі неспакойна, насцярожана, там-сям выбухаючы то крыкамі адабрэння, то роспачы — у кожнага спартсмена былі свае балельшчыкі. Некалі шматбор’е лічылася самым складаным відам спаборніцтваў, і ім займаліся толькі дарослыя. Але з цягам часу, калі на фізічнае выхаванне чалавека пачалі звяртаць не менш увагі, чым на яго адукацыю, яно стала і спортам юных.

У фінале ўдзельнічала дваццаць падлеткаў шаснаццацігадовага ўзросту. Дужыя, рослыя, яны паказвалі выдатныя вынікі. Асабліва паспяхова выступаў юнак у чырвонай майцы. Калі Павел з Валяй прабраліся на сваё месца ў ложы, ён якраз выходзіў на апошні круг. Бег ён на паўтары тысячы метраў, лёгка, як кажуць спартсмены, з запасам і значна апярэджваў бліжэйшага канкурэнта.

— Няўжо Віцька? — Валя паднесла далонь да вачэй.

I ў гэты момант юнак перасек фінішную лінію. Не паспелі сціхнуць апладысменты, як па стадыёне аб’явілі, што перамог выпускнік пятай сярэдняй школы Мінска Віктар Асадчы, устанавіўшы новы рэкорд рэспублікі.

Павел здзіўлена павярнуўся да Валі. Віця Асадчы быў яе брат. Павел ведаў, што хлопец — здольны матэматык і фізік, але пра яго спартыўныя поспехі нават не чуў. Ён папракнуў Валю:

— I ты не пахвалілася?!

— У кожнага свае таямніцы,— падкалола дзяўчына.— А Віця, калі ўжо расказваць, і ў касмаклубе займаецца...— Сказала і асеклася, бо на Паўлавым твары як цень прабег. Яна падумала, ці не з космасам звязаны сённяшні яго настрой — у касмаклубе ж і Павел займаўся. Але зноў не спытала. Калі маўчыдь, значыць, чамусьці не можа гаварыць, яна верыла яму.

Па дарозе дадому да іх далучыўся Віця.

Вечар быў ціхі і, як летам, цёплы. 3 вулічных клумбаў веяла водарам ранніх кветак. Вецер зрываў пялёсткі з каштанавых свечак, і тыя буйнымі белымі сняжынкамі павольна апускаліся на газоны, на тратуар, проста пад ногі. Звычайна такім вечарам, калі побач друг, хочацца гаварыць і гаварыць, пра патаемнае, дарагое, цікавае. Але і Павел, і Валя маўчалі. Добра яшчэ, што Віця, не астылы ад нядаўняй барацьбы, расказваў, як браў дзвюхметровую вышыню з гакам у дваццаць пяць сантыметраў, як штурхаў ядро... Занятыя сваімі думкамі, Павел і Валя зрэдку і недарэчы падтаквалі. Аднак хлопец не заўважаў гэтага. Ён усё яшчэ быццам быў на сектарах стадыёна.

Нарэшце Валя не вытрымала:

— Гэта невыносна, Паўлік! Што здарылася, навошта табе былі тыя старыя кнігі?


II

Яны стаялі каля Валінага дома. Павел прыхіліўся да дрэва, паглядзеў угору. Густая крона серабрыстай таполі закрывала неба, і толькі адзін праменьчык, дрыготкі і няпэўны,— вестка нейкай далёкай зоркі — прабіўся скрозь нерухомую лістоту. Павел прыгледзеўся і пазнаў Касіапею. Падумалася, а раптам гэта адтуль прыляталі тыя, чые сляды застаюцца неразгаданымі на нашай Зямлі.

— Ну! — Валя кранула за руку.— Ты чуў маё пытанне?

Дзівачка! Хіба ён можа не пачуць, калі гаворыць яна, Валя? Але як жа гэта не проста — узяць і расказаць пра ўсё, што поўніць цябе. Ён паціснуў плячамі, быццам падкрэсліваючы, што ў гэтым няма нічога вартага вялікай увагі:

— Аднойчы я паверыў, што на Зямлі былі прышэльцы. Гэта было даўно... Што прыляталі... Што паверыў у іх,— ён збянтэжана пасміхнуўся: — Зусім заблытаўся.

— Яно і відаць,— суха ўставіла Валя.

— А што? Сёння ўспомнілася, вольная хвіліна была, вось і надумаў асвяжыць у памяці сякія-такія дэталі. Калі ў што верыш, то яно жыве ў табе заўсёды.

— Ты пра перуанскія знаходкі? Нешта такое і я чула калісьці,— з сумненнем сказала Валя — не дапускала, што менавіта гэта, урэшце не новае для яго, магло так узрушыць Паўла. Чалавек логікі, рацыяналістычны, ён умеў стрымліваць свае пачуцці. Ва ўсякім разе, на тэнісным корце старая гіпотэза забылася б.

— Хто мне дакажа, што ў Сусвеце больш няма разумных істот? — Павел узяў легкадумны тон.— Можа, нават у гэты самы час з якой-небудзь планеты Індзейца стартуе зоркалёт у Сонечную сістэму.

— От было б здорава! — ажывіўся Віця. Душэўныя перажыванні сястры і яе жаніха яго не займалі. 3 іх размовы ён выбраў толькі ўпамінанне пра чужынцаў.— А што, калі яны сапраўды падлятаюць ужо?

Ён сказаў гэта так горача, зацікаўлена, што і Валя на імгненне паддалася яго эмацыянальнасці, перасмыкнула плячамі:

— I з свайго карабля паглядае на мяне. Бр-р...

— Няма чужынцам больш чаго рабіць! — абурыўся юнак. Ён хацеў працягу сур’ёзнай размовы.— Няўжо і для іх мае сілу наша тэорыя адноснасці?

— Як для ўсяго жывога,— адказаў Павел.— Таму і не адбыўся пакуль што паўторны прылёт. Больш таго, яны, наведвальнікі Зямлі, можа, наогул яшчэ ў дарозе да свайго дому.

— Ага,— насмешліва сказала Валя — зноў успомніла пра Паўлаву скрытнасць,— іх дзень — наша стагоддзе. Хопіць лунаць у прасторы, астраномы,— зірнула на гадзіннік: — Зайдзі, Паўлік, да нас. Пасядзім крыху на развітанне.

Ва ўтульнай гасцінай Гушча агледзеўся, нібы быў тут упершыню. Кожная рэч у гэтым пакоі сёння выклікала ў яго смутак, нагадвала пра хуткае расстанне з Валяй. Каб неяк пазбыцца гэтага адчування, сеў за піяніна, прабег пальцамі па клавішах. Па пакоі паплыла мелодыя, прывычная, адпаведная настрою.

— Ты што іграеш? — Валя заўважыла яго задуменнасць, рашыла праверыць здагадку.

— Га? — схамянуўся Павел.— Ды вось...

— «Лунную санату»,— пасміхнулася Валя.— Сёння ты лунаеш у космасе.

Гушча паглядзеў на дзяўчыну, не разумеючы.

А Віця папракнуў:

— Заладзіла — думкі... саната... космас. Не разумееш ты, што такое сапраўднае захапленне!

Звычайна Валі падабалася, што яе Павел для брата самы аўтарытэтны чалавек. А зараз гэта чамусьці выклікала раздражненне, здалося, быццам Павел належыць ужо не толькі ёй. Яна сярдзіта сказала:

— Дзецям пара спаць.

Віця як не пачуў, перацягнуў сваё крэсла да піяніна.

— Павел Канстанцінавіч,— паклаў ён далоні на клавішы, каб той не зайграў зноў,— вы ўпэўнены, што яны былі ў нас?

Павел павярнуўся да юнака:

— Калі сур’ёзна, не думаю... Дакладней, не ўпэўнены. Але вельмі хачу, каб гэта было праўдай!

— А я ўпэўнены — былі! — У Віцевым голасе гучалі хваляванне, перакананасць, упартасць.— Проста людзі яшчэ шмат чаго не разумеюць у гісторыі Зямлі. А я,— ён аж прыўстаў, захоплены думкай,— хоць на Марс, хоць куды далей паляцеў бы, абы сустрэцца з іншапланецянамі. I не паглядзеў бы, што касмічныя караблі пакуль недасканалыя. Такая мэта вартая любых нягод.

— Падрасці,— буркнула Валя, але ўзяла сябе ў рукі, дадала спакайней: — А тым часам і палёт да Марса перастане быць праблемай. Так, Паўлік?

Павел нахіліўся над піяніна, адсунуў локцем Віцевы рукі, паўтарыў заключны акорд санаты. Потым сказаў, не паднімаючы вачэй:

— На Марс... Думаю, гэта ўжо хутка.

— Чуеш? — Віця радасна паглядзеў на сястру.

— Чым бы дзіця не цешылася...— нічога такога Павел не сказаў, а Валю зноў ахапіла трывога. Было ў яго словах нешта недагаворанае, прытоенае. У яе мільганула здагадка, і Валя спытала: — Твой ад’езд, Паўлік, звязаны з гэтымі легендамі аб прышэльцах?

Павел падумаў і кіўнуў галавой.

Больш да гэтай тэмы яны ў той вечар не вярталіся.


III

Чаканне важнай перамены ў жыцці, напэўна, не праходзіць бясследна для кожнага чалавека. Нават самага моцнага духам. Павел вельмі хваляваўся. Заданне кіраўніка экспедыцыі сведчыла, што кандыдатура яго, Паўла, відаць, ідзе першай у спісу прэтэндэнтаў. Калі нічога незвычайнага не адбудзецца, паляціць ён. I як казалі ў асяроддзі касманаўтаў — на Марс. Быць першым — вялікі гонар, вялікая адказнасць. Але, стоячы каля акна ў сваёй кватэры, пазіраючы ў цёмную ноч, Павел думаў не пра славу. Чалавек дасягнуў Месяца, упэўнена асвойваў яго. Палёты ў космас сталі ледзь не будзённай справай. Ды не кожны раз гэта абыходзілася без ахвяр. Ён добра помніў імёны тых, хто не вярнуўся на Зямлю. А Марс — гэта ўжо далёкі космас.

Пакуль не развіднела, Павел стаяў і думаў. Не, ён не баяўся. Перад сабой ён не таіўся б, каб быў хоць след гэтага адчування. Страх — не тое слова, якім зараз вызначаўся яго душэўны стан. Пабываць на іншай планеце! Гэта не палохала, а вабіла. Думка, што можна загінуць, калі і мільгала, то недзе на самым дальнім плане, як адзін з мажлівых варыянтаў. Галоўнай была мэта. Як, напэўна, і для тых, хто некалі адкрываў невядомыя мацерыкі, ланцуговую рэакцыю ў атамным катле, першым узнімаўся ў космас на караблі «Восток»... Імі кіравала бязмежная любоў да навукі і чалавечая прага жыцця. I калі хто з іх не даходзіў да канца, то не таму, што па сваёй волі спыняўся на паўдарозе. Тых людзей з сядла выбівала толькі смерць. Яна адна магла цяпер спыніць і Паўла. А гэта для яго азначала толькі тое, што ён не выканае даручаную справу. Павел быў малады, поўны сіл і энергіі, і думкі яго скіроўваліся ў будучае, у жыццё...

Ранішняя зара расплывалася на небе, гаслі зоркі. Пачынаўся новы дзень, а з ім новая пара ў Паўлавым лёсе. Ён дачакаўся, калі ў апошні раз яму міргнула залацістая прыгажуня Венера, і пайшоў у ванную, Халодны душ асвяжыў, бяссоннай ночы быццам і не было. Вярнуліся бадзёрасць, добры настрой.

Дваццаць хвілін у дарозе, і рэйсавы самалёт прызямліўся ў Маскоўскім аэрапорце. Пераскокваючы адразу праз некалькі прыступак, Павел збег па трапе. Свой невялікі чамаданчык ён не здаваў у багаж і, не чакаючы астатніх пасажыраў, накіраваўся да выхада.

— Павел Канстанцінавіч! — Хтосьці крануў яго за локаць.

Гушча азірнуўся. Перад ім стаяў Сцяпан Васільевіч Бурмакоў. Высокі, падцягнуты, з кранутай сівізной пышнай шавялюрай, з уважлівымі і добразычлівымі вачамі — ён быў кумірам Паўла. I не толькі яго. Напэўна, уся моладзь была закаханая ў гэтага славутага чалавека.

Некалькі імгненняў яны глядзелі адзін на аднаго, быццам правяраючы свае ранейшыя ўяўленні, потым Бурмакоў падаў руку. Яго поціск быў моцны, сяброўскі, усмешка лагодная, спагадлівая. Павел зноў парадаваўся, што будзе працаваць, асвойваць касманаўтыку побач з ім.

У машыне Бурмакоў распытваў Паўла пра апошнія, яшчэ неапублікаваныя працы. Ён, аказалася, добра ведаў, чым займаецца навуковы супрацоўнік Гушча, сачыў за яго даеледаваннямі, і Паўлу гэта было вельмі прыемна. Ён адказваў, не надта, аднак, дэталізуючы, толькі самую сутнасць, бо разумеў, што галоўная гаворка адбудзецца пазней.

Маскву абмінулі па вялікім кальцы, і неўзабаве Бурмакоў павярнуў на шашу, якая вяла да Касмічнага гарадка. Машына рухалася з хуткасцю больш за дзвесце кіламетраў у гадзіну. На абочыне дрэвы зліваліся ў суцэльную карычнева-зялёную сцяну. Гэта імклівасць імпанавала Паўлу, адпавядала яго ўзбуджанасці, нецярплівасці, ладзіла мітуслівыя думкі.

Восемдзесят хвілін шалёнай гонкі, і яны апынуліся перад уездам у гарадок. Электронны брамнік падняў шлагбаум. Далей ехалі павольней. Вакол шумеў густы сасновы бор. Бурмакоў апусціў шыбы ў машыне, і Павел адчуў смалісты водар нагрэтай хвоі. Падумалася, што тут, напэўна, жывецца і працуецца вельмі добра.

Нарэшце пад'ехалі да невялікага белага цаглянага катэджа.

— Ваша рэзідэнцыя,— сказаў Сцяпан Васільевіч,— спадзяюся, спадабаецца. Уладкоўвайцеся, адпачывайце, калі стаміліся. Я зайду па вас пазней.

Жытло мела, здаецца, усё, каб чалавек адчуваў сябе зручна, утульна. Прасторная, поўная чыстага ляснога паветра гасціная — абстаўленая мяккай мэбляй, стэлажамі з кнігамі. Тэлевізар, радыёпрыёмнік, на спецыяльнай палічцы побач з крэслам і журнальным столікам месціўся відэатэлефон. Карыстацца ўсім гэтым было вельмі зручна і проста. Не ўстаючы з крэсла, можна, націснуўшы адпаведную клавішу на шчытку, паслухаць ці паглядзець перадачу, пагаварыць па відэатэлефоне, атрымаць з паліцы патрэбную кніжку або нарэшце шклянку халоднай вады. Гэтак жа было і ў спальні. Мінімум намаганняў — максімум выгод. А Паўлу раптам стала прыкра. Хацелася, каб тут усё было прасцейшым, каб жыццё ў лесе ўсё-такі адрознівалася ад знаходжання ў кабіне касмалёта. Было ў Паўле такое, што Валя называла кансерватызмам. А ён, рыхтуючыся пакінуць Зямлю, лічыў, што не мае права на расслабленне і мусіць выхоўваць у сабе аскетызм.

Бурмакоў здагадаўся, што камфорт у катэджы ўражання на яго новага жыхара не зрабіў, і пасміхнуўся:

— Паверце, калега, некалі вы ацэніце створаныя тут умовы. А зараз, прабачце, я часова вас пакіну.

Новыя абставіны, неабходнасць даказваць неўзабаве сваё права на ўдзел у экспедыцыі, а пакуль што вымушанае чаканне — усё гэта бударажыла Паўла, не давала сядзець на месцы. Ён пасоваўся па пакоях, пагартаў некалькі кніжак, нават уключыў тэлевізар. Напэўна, перадача была цікавая — рэпартаж з падводнай акіянскай станцыі. А ён, гледзячы на экран, злавіў сябе на тым, што не ўлоўлівае сутнасці падзей. I тады выключыў тэлевізар і выйшаў з катэджа.

Сонца ўжо хілілася на захад, але ўсё яшчэ было горача і нават у цені кронаў стромкіх карабельных соснаў не адчувалася прахалоды. Павел адшукаў замшэлую малаходжаную сцяжынку і паглыбіўся ў гушчар.

Сасоннік хутка скончыўся, пачалося драбналессе — зараснікі маладых бярозак і вольхаў. Галінкі хвасталі па твары, драпалі рукі. А Павел усё ішоў і ішоў, пакуль не набрыў на спакойнае, парослае лілеямі, лясное возера. Ён пакрочыў па травяністым беразе. Пад нагамі спружыніла, як на высахлым тарфяным балоце, у нерухомым паветры пахла сапрэлым леташнім лісцем — напэўна, учора ці заўчора тут быў дождж і лес не паспеў яшчэ прасохнуць.

У тым месцы, дзе з возера выцякала маленькая празрыстая рачулка, Павел спыніўся. Каля вытоку нехта змайстраваў будан, побач прывязаў лодку. Палел зрушыў з месца лодку, уставіў у качоты вёслы і раптам успомніў, што якіх два дні таму нааад збіряўся з Валяй махнуць на Браслаўшчыну. На сэрцы зрабілася цяжка. Так і не адплыўшы, ён выскачыў на бераг, падцягнуў лодку да слупка і, не разбіраючы дарогі, напрасткі рушыў дадому.

— Сумуеце? — Бурмакоў ужо чакаў яго.

Павел падумаў, што гэты чалавек умее глядаець субяседніку ў душу, і шчыра адказаў:

— Не люблю няпэўнасці, чакання.

Сцяпан Васільевіч спачувальна выслухаў, скаааў:

— Я сам быў такі. А будзе ж хвіліна, Павел Канстанцінавіч, калі вы нават сённяшні, невясёлы, можа, для вас, дзень успомніце, як адзін з самых дарагіх, з замілаваннем,— ён правёў Гушчу ў гасціную, усадаіў у крэсла, сеў сам насупраць.— А што датычыць няпэўнасці, то яна для ўсіх. За выключэннем хіба аднаго: «Набат», так будзе называцца наш планеталёт, стартуе дакладна ў вызначаны час.

Павел пільна паглядзеў на Бурмакова, шукаючы на яго твары хваляванне, непакой, аднак нічога не заўважыў. Сцяпан Васільевіч задуменна перабіраў пальцамі лісцікі чаромхі, навіслай над адчыненым акном.

— Заўтра, бадай, нам ужо не стане часу любавацца прыгажосцю Зямлі,— памаўчаўшы, сказаў ён.— А пасля... Калі здзейсніцца наша мара, зможам толькі ўспамінаць яе. Гэта будуць самыя дарагія ўспаміны.

Павел адчуў незадаволенасць сабой. Сцяпан Васільевіч вымушаны другі раз казаць яму прапісныя ісціны. Нешта распусціўся ён, будучы касманаўт Гушча. А Бурмакову верыў. Сцяпан Васільевіч быў адзін з тых, хто пабыў у працяглай экспедыцыі на Месяцы, і прыемна, што ён ужо не аддзяляе сябе ад яго, Паўла.


IV

Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас заўсёды будзе рамантыкай. Таму што вельмі доўга чалавек не мог вырвацца з абдымкаў зямнога прыцягнення. Аднак, бадай, толькі той, хто пабывае ў прасторы, скажа, што, акрамя рамантыкі, ёсць яшчэ цяжкая, будзённая праца, якая пачынаецца з самага першага дня падрыхтоўкі да палёту.

Сваю першую ноч у касмічным гарадку Павел, як і напярэдадні ў Мінску, спаў кепска — трывожныя думкі лезлі ў галаву. А пазней ён засыпаў ужо, ледзь крануўшыся падушкі. I тыдзень, як і прадказваў Бурмакоў, прамільгнуў, бы адны суткі.

Апутаны правадамі з рознымі датчыкамі, Павел гадзінамі то ляжаў нерухома, то, наадварот, выконваў спецыяльныя практыкаванні, даючы незвычайную нагрузку мышцам і сэрцу, то сядзеў за сталом і рабіў складаныя разлікі. Яго паводзіны і стан рэгістраваліся складанымі прыборамі, вынайдзенымі ў апошні час і здольнымі за параўнаўча кароткі тэрмін вызначыць якасці арганізма. Нарэшце Павел, відаць, задаволіў патрабаванні прыдзірлівых дактароў, бо аднойчы, калі ён рашыў ужо, што даследаванням яго асобы не будзе канца, яны сказалі:

— Годны!

Пасля гэтага, калі не здарыцца нічога непрадбачанага, Павел мог лічыць сябе членам экіпажа «Набата».

Задаволены, Павел вярнуўся ў катэдж. Наперадзе быў упершыню за колькі часу вольны вечар: рабі што хочаш, займайся чым хочаш. Павел сеў у крэсла, адкінуўся на спінку. Можна было пазваніць Валі. Аднак, падумаўшы, рашыў, што заўтра ўсё роўна прыбудзе ў Мінск. Дык хай гэта будзе для яе сюрпрызам, які, можа, згладзіць другі сюрпрыз, не надта вясёлы — вестку пра хуткі адлёт. Павел паўляжаў, як у самалётным сядзенні, і дзівіўся з сябе. Аднекуль насунулася вяласць, стома, нешта падобнае на апатыю. Відаць, гэта была звычайная рэакцыя нервовай сістэмы на працяглую аддачу энергіі. Але розум не хацеў мірыцца з тым, што ён — вельмі дужы, вынослівы чалавек — так хутка здаўся. Перасільваючы сябе, Павел падняўся і выйшаў на вуліцу.

Бралася на вечар. Усё вакол пакрывалася ледзь улоўнай смугой — ці то насоўваўся туман, ці то змяркалася. Лес заціхаў, цямнеў. Павел блукаў доўга, аж пакуль не загулі ногі. 3 задавальненнем дыхаў халаднаватым, настоеным на смале і травах начным паветрам. Вярнуўся дадому, калі ўжо да світання заставалася гадзіны дзве-тры.

Ён не адразу запаліў святло, а нейкі час пастаяў каля адчыненага акна. На захадзе, там, дзе села сонца, усё яшчэ свяцілася бледная палоска, быццам неба ў гэту кароткую летнюю ноч зусім не збіралася цямнець, захоўвала масток паміж учарашнім і новым днём. I сонца неўзабаве ўзыдзе. Такі закон. Тут, на Зямлі. Бо для яго, касманаўта Гушчы, надыходзіць час, калі сонца не будзе ні заходзіць, ні ўсходзіць...

Незнаёмы раней смутак устрывожыў сэрца. Яшчэ не пакінуўшы Зямлю, Павел неспадзявана для сябе перажываў ужо блізкае расстанне з ёю. А што будзе там, у прасторы? Ён зачыніў акно. Спаць не хацелася, і Павел пачаў шукаць, чым бы заняцца, каб у галаву не лезла лішняе. Але ў гэты момант у дзверы пастукалі. Можна было, не кранаючыся з месца, аддаць загад аўтамату, і той адчыніў бы дзверы перад познім госцем. Ды Павел быў рады чалавеку і паспяшаўся ў прыхожую.

— ЗаходзьцеІ

Гэта быў Бурмакоў.

— Не наракайце, што я няўчасна,— пачаў ён апраўдвацца, пераступіўшы парог.— Але па сабе ведаю, вам сёння не да сну. Ды і пабачыцца хочацца. Заўтра буду вельмі заняты...

— Дужа вам рады,— Павел і сапраўды лепшага наведвальніка і не чакаў.— Вы праходзьце, праходзьце, прашу вас.

— Увогуле, калі не пярэчыце,— сказаў Бурмакоў,— дык я па вас. Не, не, мае таксама не спяць. Паедзем да мяне, тое-сёе абмяркуем. Гэта блізка. Сёння якраз зацверджаны канчаткова маршрут, выказаны новыя прапановы аб складзе экспедыцыі.

— Я гатовы,— і Паўлава сэрца, якое не рэагавала на самыя вялікія нагрузкі, раптам зачасціла.

Бурмакоў жыў таксама ў лесе, з сям’ёй, у катэджы, падобным на Паўлаў, толькі большым, двухпавярховым. Рабочы кабінет быў пад самай столлю і меў асобны выхад.

— Спачатку справы, а потым пазнаёмлю са сваімі,— паказваючы на кабіну ліфта побач з лесвіцай, усміхнуўся: — Напэўна, гэта адзіны від тэхнічнага прагрэсу, які я не хачу прызнаваць, калі, вядома, не надта высока ўзбірацца. I то час шкадую, а не ногі.

Яны падняліся ў прасторны ўтульны хол. Сцяпан Васільевіч падвёў Паўла да стала, заваленага паперамі, чарцяжамі, схемамі.

— Разбірайцеся, калі адужаеце. Я зараз.

Павел зірнуў і падумаў, што ў такім хаосе і сам гаспадар, відаць, канцоў не знойдзе, і не стаў капацца, бо не ўяўляў, што шукаць. А кабінет яму спадабаўся. Сапраўдны кабінет вучонага-непаседы, касмічнага бадзягі.

На сценах было шмат карцін і фатаграфій, у большасці на касмічныя тэмы. На іх можна было прасачыць усю гісторыю айчыннай касманаўтыкі — ад першых караблёў класа «Восток» і «Союз» да пазнейшых арбітальных станцый і планеталётаў. Не было толькі здымкаў самага апошняга карабля, «Набата». Напэўна, ён з’явіцца тут тады, калі Сцяпан Васільевіч сам пабывае на ім у прасторы.

Большасць гэтых караблёў Павел бачыў у натуры, астатнія ў малюнках, чарцяжах, так што нічога новага фатаграфіі яму не сказалі. А вось здымкі Бурмакова зацікавілі. Іх было нямнога. У кабіне касмічнага карабля. У час выхаду ў адкрыты космас. На Месяцы. Праз скафандр і гермашлем многа не разгледзіш. I Павел паспрабаваў уявіць сабе Сцяпана Васільевіча ў тых незвычайных умовах. Высокі, моцны, хударлявы, ён на фоне пустынных месячных пейзажаў выглядаў сапраўдным волатам. Ды, зрэшты, так яно і было. Чалавек, які вольна ходзіць па чужой планеце, не можа не быць велічным, магутным, разумным. А Бурмакоў пражыў на Месяцы толькі ў час апошняга палёту тры тыдні. Але ён не быў там экскурсантам. У глыбокім кратэры Мора дажджоў знайшоў рэчыва, якое пасля апрацоўкі стала выдатным палівам для рухавікоў «Набата». Менавіта таму і магчыма гэта экспедыцыя на Марс.

Пакуль Павел аглядаўся, гаспадар збегаў на другую палавіну, папярэдзіў жонку, што прыйдзе не адзін. Вярнуўшыся, сеў побач з госцем.

— Спачатку я крыху раскажу, а потым, калі будуць, адкажу на вашы пытанні, Павел Канстанцінавіч,— ён памаўчаў, суровеючы на вачах, нібы ў думках перанёсся ўжо ў рубку «Набата». Загаварыў, аднак, мякка, добразычліва: — Вы, канешне, ведаеце, што мы пойдзем да Марса. Старт адбудзецца ў лістападзе, каб недзе ў красавіку апынуцца на арбіце Марса. У гэты час адлегласць да планеты ад Зямлі будзе найкарацейшая. Нам належыць вывучыць мясцовасць у раёне, пазначаным на картах Марса як возера Сонца. Больш канкрэтны план вызначым у час аблёту планеты і пасля высадкі разведвальнай ракеты з людзьмі.

Павел слухаў і дзівіўся будзённасці гэтай размовы. Справа ішла пра падарожжа за мільёны кіламетраў, пра зусім іншы, незямны свет, а Бурмакоў і ён сам успрымаюць гэта як нешта звычайнае, быццам караблі ў далёкі космас стартуюць кожны дзень. «Ну, Сцяпан Васільевіч,— думаў Павел,— дзелавіты таму, бо неяк прадбачыць, што іх можа чакаць. А ён, Павел, адкуль у яго спакой? А можа, чалавек заўсёды хвалюецца толькі да пэўнай мяжы і, калі яму робіцца будучае ясным, галава пачынае працаваць у іншым напрамку — як справіцца з пастаўленай задачай? I тады ўласная асоба адступае на другі план».

— Спачатку,— працягваў Бурмакоў,— намячалася, што ў экіпажы будзе два чалавекі. Аднак зусім нядаўна высветлілася, што дапаможная тэхніка, дэсантныя сродкі будуць больш магутныя. Ды і «Набат» можа ўзяць на борт больш людзей. Вырашана ў бліжэйшыя гады пабудаваць яшчэ некалькі караблёў такога класа, з тым, каб накіраваць іх ужо да больш далёкіх планет. Ім спатрэбяцца экіпажы ўмелых, вопытных пілотаў, штурманаў, бортінжынераў, і касцяк гэтых касманаўтаў складуць тыя, хто пабудзе ў прасторы. Але такіх пакуль недастаткова. Ёсць прапанова вучыць моладзь, з цяперашніх курсантаў касмаклубаў. Такім чынам, можа стацца, што з намі адправіцца стажор.

— Ого! — Павел не ўтрымаўся ад воклічу.— Чалавек пачынае размаўляць з космасам на роўных!

— Хопіць нам быць пачаткоўцамі,— суровы твар Бурмакова прасвятлеў, разгладзіліся маршчынкі, у вачах успыхнулі задорныя агеньчыкі.

Упершыню Павел пачуў пра Бурмакова, калі вучыўся ў шостым класе. Натуральна, адважны заваёўнік космасу, пра якога шмат пісалі газеты, перадавалі тэлевізійныя станцыі, радыё, за подзвігамі якога сачыла ўся Зямля, яму, хлопчыку, у той час здаваўся сталым, калі не сказаць, пажылым чалавекам. Гэта першае дзіцячае ўражанне захавалася і потым. 3 хлапчука ён, Павел, ператварыўся ў дваццацівасьмігадовага мужчыну — таго ж узросту, у якім Бурмакоў упершыню стартаваў у космас, а ўсё роўна глядзеў на яго, як на старэйшага і мудрэйшага, як на бацьку. А зараз, пазіраючы на памаладзелага раптам Сцяпана Васільевіча, падумаў, што яму яшчэ далёка да старасці. Каб не рыжаватая бародка-клінок, выглядаў бы Бурмакоў побач з ім братам.

— Зроблены і першыя крокі,— агеньчыкі не згасалі ў вачах Бурмакова.— Камісія, я таксама ў ёй працаваў, адабрала дзесяць кандыдатаў — выпускнікоў сярэдніх школ краіны. Калі цікава, вось спіс. Згода бацькоў атрымана.

Павел працягнуў руку, узяў ліст з прозвішчамі, адрасамі і іншымі неабходнымі звесткамі пра будучых касманаўтаў. Ён не спадзяваўся сярод іх знайсці знаёмых, бо наўрад ці пра гэтых юнакоў чулі самі члены камісіі. Касмаклубаў было шмат, а курсантаў наогул процьма, і асабістае знаёмства адбудзецца цяпер, пасля папярэдняга выбару. I раптам Павел шырока раскрыў вочы. Пятым у спісу быў... Віця Асадчы, Валін брат!

— Што вы можаце сказаць пра Асадчага? — Сцяпан Васільевіч нібы чытаў яго думкі.

— Врат маёй нявесты,— Павел крыху разгубіўся, крануўшы сваё асабістае.

— Ведаю,— кіўнуў Бурмакоў.

— Я магу быць неаб’ектыўным,— запярэчыў Павел.— Мне ён падабаецца. Вясёлы, разумны. Лепшы фізік і матэматык школы. Чэмпіён рэспублікі па шмат-бор’ю, хаця, што я паўтараю, гэта ж ёсць тут,— паказаў ён на спіс.— А ўвогуле, выбар удалы,— памуляўся, але дадаў: — Я ўлічваю, што, магчыма, нам прыйдзецца мець яго за таварыша ў палёце.

— Разумею,— Бурмакоў забраў спіс, прабег вачамі па прозвішчах.— Я гутарыў з ім. Уражанне добрае.

Вядома, Паўлу вельмі хацелася, каб менавіта Віця Асадчы быў з імі, аднак больш Бурмакову нічога не сказаў. Гэта вырашыць камісія, строга ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць». I ён перамяніў тэму:

— Сцяпан Васільевіч, я прачытаў, здаецца, усе гіпотэзы аб касмічных прышэльцах.

— Цудоўна. Выкраім некалькі дзён, каб вы маглі на свае вочы паглядзець тыя старажытныя помнікі.

— Няўжо вы таксама...

— Упэўнены, што на Зямлі былі іншапланецяне? Бадай, не. Надта фантастычна. Аднак і адкідаць гэта меркаванне таксама не хачу. Пакуль няма доказаў ні таго, ні другога.

— Былі на Зямлі — не маглі не пабыць на Марее?

— Вы правільна зразумелі маю думку, хаця вывад зусім не абавязковы. 3 усяе Сонечнай сістэмы, на мой погляд, толькі дзве планеты маглі зацікавіць чужынЦаў. I хто ведае...— Бурмакоў адвярнуўся да цёмнага акна, за якім шумеў вецер, пагойдваліся вершаліны высокіх бяроз. I раптам неспадзявана для Паўла бясстраснасць, якая з’явілася на твары Бурмакова ў час размовы пра іншапланецян, знікла, і ён горача прамовіў:— Як хораша на Зямлі! Гэта асабліва разумееш там, у прасторы, акружаны маўклівым холадам. Нават адчуваючы пад нагамі цвёрды грунт. Было са мной на Месяцы. Усё навокал новае, цікавае — чужыя камяні, застылая лава, незлічоныя кратэры. Глядзець бы, мацаць рукамі, а вочы міжволі шукаюць на небе Зямлю. Так самотна зрабілася, тужліва — хоць плач. Ведаеце, вярнуўся на карабель і ўключыў тэлевізар.— Але ж потым... Звычайная чалавечая цікаўнасць перамагла,— усміхнуўся Сцяпан Васільевіч.— Таму і на горы лазіў, і ў кратэры спускаўся.— Ён ажывіўся, ахоплены ўспамінамі.— Ведаеце, пейзаж быццам аднастайна-панылы, а прыгледзішся — багацце прыроды.

— Падобна, і Марс такі.

— Мёртвы, хочаце сказаць? Мажліва. Ды зараз ужо ніхто не спадзяецца сустрэць на Марсе тое, што мы называем жыццём. Пасля аўтаматычных разведчыкаў смешна казаць пра каналы, ледавікі, імхі. Справа ў іншым. Марс — чарговая вышыня, якую бярэ чалавек. Некалі людзі пабываюць і каля зорак. Гэта будзе цудоўны век! Я зайздрошчу нашчадкам, і я шчаслівы, што мне, можа, выпадзе пракласці на гэтым шляху першую сцяжынку.

Узнёсласць Бурмакова перадалася Паўлу. Раней прыглушанае адчуванне радасці і гордасці, што і ён належыць да сям’і першаадкрывальнікаў, агарнула яго. Павел быў удзячны Сцяпану Васільевічу, які выбраў у экспедыцыю яго, і зараз у думках даваў слова, што не падвядзе, апраўдае гэты вялікі давер. Сказаў жа адно:

— I я шчаслівы!

Стрыманы ў пачуццях, Бурмакоў добра разумеў стан свайго маладога паплечніка, здагадваўся, якая бура тоіцца за гэтай знешняй разважлівасцю. Але і ён толькі паклаў руку на Паўлаву і моцна паціснуў. А потым ужо іншым тонам — ветлівага гасціннага гаспадара — сказаў:

— Загаварыліся мы з вамі, Павел Канстанцінавіч. А салаўя нават спевамі не накорміш.

Калі спускаліся па лесвіцы на першы паверх, дзе была падрыхтавана позняя вячэра, дадаў:

— Люблю паесці і каб ежа была натуральная, Гэта мая слабасць.

— Робіце запас перад кансервавым харчаваннем? — Паўлу было надзвычай лёгка з Сцяпанам Васільевічам, як з роўным.

— Успамінамі не наясіся,— Бурмакоў падхапіў жарт.— Але і пазбаўляцца іх не варта.

Гэты вечар запомніўся Паўлу надоўга.


V

3 аэрапорта Павел, зноў не пазваніўшы, адразу паехаў да Валі. Аднак, калі ўжо апынуўся ў пад’ездзе, раптам захацеў, каб яе не аказалася дома — упершыню забаяўся сустрэчы. Валя ж напэўна пакрыўдзілася, што збег нечакана, нічога пэўнага не сказаўшы, што за дзесяць дзён не выбраў хвіліны пазваніць. I хіба можа быць апраўданнем яго боязь прынесці ёй засмучэнне? Павел нерашуча патупаў каля ліфта, уздыхнуў і накіраваўся да лесвіцы. Убачыць Валіны сумныя вочы было яму больш цяжка, чым паднімацца на адзінаццаты паверх пехатою.

Усё-такі Валя была дома. Яна адчыніла дзверы, і тады ён успомніў, што сёння нядзеля, выхадны.

— Павел? — Голас быў прыязны, аднак вочы не заіскрыліся, як звычайна, радасцю. Дзяўчына або не хацела, або не магла дараваць яму.

Ён прытуліў Валю да сябе, вінавата сказаў:

— Я і зараз ні ў чым няўпэўнены.

Яна адхілілася, паглядзела дапытліва.

— А ў чым ты зараз,— зрабіла націск на слове «зараз»,— няўпэўнены?

— Што пападу ў экспедыцыю на Марс. Да канца няўпэўнены...

— Вы што, згаварыліся? Ты, Віцька? Я ж здагадвалася, здагадвалася! Калі так пойдзе, я не ручаюся, што і сама не залезу ў ракету,— і крыўда, і адчай звінелі ў яе голасе.— Калі ж усё высветліцца?

— На жаль, незадоўга да старту.

— Я не вытрымаю, Паўлік,— Валя ўжо не злавалася, ёй проста было сумна. Але праз імгненне яна справілася са сваім настроем, а можа, толькі зрабіла выгляд, што справілася, казытнула пышнымі валасамі Паўлаў нос і павяла ў пакоі: — Летуценнік ты ў мяне. Чуеш, мне і хочацца, каб цябе ўзялі, і хочацца, каб адставілі. А як падумаю, што могуць сапраўды не ўзяць, аж злосць разбірае. Не магу дапусціць, каб нехта быў больш варты. Я сябелюбка, праўда?

— Ты вельмі добрая, мая любая. Мне таксама цяжка расставацца. Але, каб не было ў мяне цябе, мне было б яшчэ цяжэй.

— Пасля таго як у бацькоў папыталіся дазволу на Віцеву падрыхтоўку, я пра ўсё здагадалася, хаця і раней падазравала. Спачатку сэрца як абарвалася. А потым, ведаеш, нават заганарылася. Думаю, буду штодня сядзець каля тэлевізара і чакаць навін. Вы ж будзеце расказваць, як вам там, праўда? А калі-небудзь ты скажаш нешта такое толькі мне адной, праўда, Паўлік? — Голас у яе крыху змяніўся, аднак адразу ж зноў стаў вясёлым. Надта вясёлым.

У Паўла таксама камяк падступіў да горла. Не чакаў ён, што здарыцца між імі такая горкая размова, калі абаім плакаць хочацца. Думалася, што спачатку радасць, а слёзы некалі потым.

— Не бядуй, Валюшка,— ён пяшчотна ўсміхнуўся,— да старту яшчэ не чатырнаццаць секунд. Затое якое цудоўнае будзе вяртанне!

— Я буду вельмі чакаць, Паўлік. I годзе нам абаім ныць. Мы ж з табой моцныя, так? Ну то займіся чым, а я прыгатую каву. Абедаць будзем, як тата з мамай прыйдуць,— і яна выбегла ў кухню.

Павел паглядзеў ёй услед і, шчаслівы, падумаў, што яго Валя добры-добры чалавек, што ён ніколі і ні ў чым не будзе больш ад яе таіцца. I радасці, і нягоды будуць у іх агульныя. Ён падышоў да кніжнага стэлажа, які займаў усю глухую бакавую сценку пакоя, і з задавальненнем прабег позіркам па вокладках. У апошні час многія пачалі замяняць друкаваныя на паперы кнігі запісамі — іх можна было слухаць або чытаць на экране — як табе хочацца. Напэўна, у час, калі чалавек, як ніколі раней, густа абрастаў бытавымі рэчамі, гэта было больш зручна. Бо цэлы збор твораў можна запісаць на некалькі невялікіх крышталікаў. Вядома, новае заўсёды прыходзіць на змену старому, гэта закон жыцця. Павел разумеў, што і друкаванае слова паступова саступіць дарогу іншым формам перадачы інфармацыі. Але ён не хацеў бы, каб мастацкая літаратура цалкам перайшла ў крышталікі, у запісы. Знікла б чароўнасць знаходжання сам-насам з кнігай, нібы з’явіўся б нехта старонні — ці то голас з яго ўласным успрыманнем думкі пісьменніка, ці то надта раўнадушны, незацікаўлены экран. Ёсць нешта непаўторнае, хвалюючае ў тым, што бярэш кнігу ў рукі, гартаеш старонкі, можаш вярнуцца да прачытанай думкі, якая цябе нечым уразіла.

Бібліятэка ў Валі была багатая, і ці не чвэрць яе складала навуковая фантастыка. Праўда, гэта была Віцева заслуга. Сама Валя фантастыку не прызнавала, лічыла, што і ў паўсядзённым жыцці і працы нямала было такога, што не выдумае ніводзін фантаст. I ў прыклад заўсёды ставіла свой навуковы інстытут, дзе была адкрыта таямніца фотасінтэзу і дзе паспяхова ўмешваліся ў спадчынны механізм расліннай клеткі. Павел, пасмейваючыся, пытаўся, ці бачыла яна тэлекінэз у дзеянні, ці сустракала іншапланецян у гэтым сваім «паўсядзённым» жыцці? Валя гарачылася, даказвала, што лепш рэальнае падарожжа да Месяца на сучасным караблі, чым уяўны палёт да зорак на фатонным зоркалёце, якога, напэўна, ніколі не пабудуюць. Павел навуковую фантастыку любіў, быў упэўнены, што яна развівае ў чалавеку своеасаблівае, раскаванае, незалежнае ад прывычных разуменняў, стандартаў мысленне, і, спрачаючыся, лёгка заводзіў Валю з яе доказамі ў глухі тупік. Дзяўчына тады сердавала. Раней Павел лічыў, што праз самалюбства. А зараз раптам падумаў, што ў ёй падсвядома жыло прадчуванне павароту ў ягоным лёсе. Як, бадай, кожная жанчына, Валя ў дачыненні да свайго выбранніка была эгаістычная, не хацела яго дзяліць ні з кім і ні з чым. Космас жа пагражаў забраць у яе Паўла надоўга.

— Ты не засумаваў? — Валя паказалася ў дзвярах з кафейнікам, цукарніцай, талерачкай з пячэннем.

Па пакоі паплыў прыемны пах свежай кавы.

— Ужо не,— ён паспяшаўся да дзяўчыны, узяў з яе рук паднос.

Валя піла маленькімі глыткамі залацістую каву і маўчала. Гэта было на яе непадобна, і Павел зразумеў, што ёй карціць нешта папытаць, аднак не адважваецца, не спадзяецца на адказ. Паўлу стала ніякавата, бо ў гэтай Валінай нерашучасці быў вінаваты ён.

Павел паставіў кубак, але не паспеў нічога сказаць — прыйшлі Валіны бацькі.

Толькі ўвечары Павел з Валяй зноў засталіся ўдваіх — пайшлі пагуляць. Вуліцы былі поўныя народу, гаманлівыя, вясёлыя. А ім абаім хацелася цішыні, спакою. I яны накіраваліся да Свіслачы, дзе непадалёк ад паркавай зоны ў іх быў свой улюбёны куток. Рака ў гэтым месцы рабіла паварот, запавольваючы бег, і яе паверхня была гладкая, як люстэрка, і на ёй, як у люстэрку, адбіваліся агні навакольных будынкаў, вулічных ліхтароў, нават яркіх зорак. I спачатку на вадзе, а потым ужо ў небе Валя ўгледзела бліскучую зорачку, якая няспешна плыла па прамой, пакідаючы за сабой ледзь бачны вогненны след.

— Ваша? — Дзяўчына павярнула твар да Паўла.

— Да старту засталося менш за паўгода. Вось і курсіруюць грузавыя ракеты і ўдзень і ўначы.

Валя, як і ўсе на Зямлі, ведала, што ўпершыню ў сусветнай практыцы касмічны карабель «Набат» быў сабраны далёка ад Зямлі, каля станцыі, створанай на стацыянарнай арбіце. Безумоўна, у гэтым былі свае цяжкасці, але выгод будаўнікі атрымалі яшчэ болей. Выкарысталі асаблівасці беспаветранага асяроддзя, новыя ўласцівасці матэрыялаў. Ды і караблю будзе лягчэй пераадолець зямное прыцягненне, а значыць, можна павялічыць яго памеры, больш устанавіць абсталявання, загрузіць паліва. Таму Павел не стаў паўтараць гэта, а сказаў дзяўчыне толькі тое, што датычыла асабіста яго:

— Хутка мы — і асноўны, і рэзервовы экіпажы — адправімся асвойваць «Набат». Тэхніка складаная, унікальная, так што давядзецца пакруціцца.

— На Марсе высадзіцеся?

Амаль стогадовы ўзрост мела касмічная эра, але да апошняга часу праблема вяртання касманаўтаў пасля пасадкі на іншай планеце заставалася галоўнай. Не было высокаэфектыўнага паліва для рухавікоў, яно ўсё яшчэ складала асноўную вагу касмічных караблёў, яго прыйшлося б узяць надта многа, каб забяспечыць, напрыклад, узлёт з Марса. Так многа, што людзям на караблі, бадай, не хапіла б месца. I гэта Валю непакоіла.

— Намечана пасадка. Пабывае кожны член экіпажа. Цяпер гэта прасцей. Ты ж чула пра паліва, адкрытае Сцяпанам Васільевічам Бурмаковым? — супакоіў ён дзяўчыну.

— I Віця?

— I Віця, і я. Вядома, калі нас не заменяць дублёры. Але ты зразумей адно. Калі б была небяспека, то не толькі стажораў, нас бы не пусцілі ў палёт.

Валя доўга глядзела ў чорную роўнядзь ракі, на якой паступова радзелі водбліскі электрычных агнёў. Потым прамовіла:

— Я вельмі не хачу з вамі расставацца. І жадаю вам поспеху.

— Дзякуй, Валюша. Гэтыя словы я буду ўспамінаць, калі пакіну Зямлю.


VI

Гушча зноў жыў у Касмічным гарадку. Аднойчы ён прачнуўся і не пазнаў сваёй кватэры. Заўсёды светлая і таму на выгляд вялікая спальня здалася яму раптам цесным і цёмным сутарэннем. Нават высокая столь і тая нібы апусцілася ніжэй, ціснула. Неба за акном было накрыта цяжкімі свінцовымі хмарамі. Яны паўзлі пад самымі верхавінамі дрэў, ляніва несучы з сабой змрочныя цені, пагрозу халоднага нуднага дажджу.

Звычайна Гушча абыякава ставіўся да пагоршання надвор'я. Яму аднолькавы былі і пагода, і непагадзь — у кожным стане прыроды знаходзіў нешта прывабнае. I на сённяшнія хмары, напэўна, не звярнуў бы ўвагі, каб не нагадалі яны, што лета скончылася і настае пара адпраўляцца на «Набат». Ён устаў, пачаў рабіць зарадку, адчуваючы з кожным рухам, як наліваюцца сілай рукі, ногі, цела, як яснее галава.

Прыняўшы душ, Гушча выйшаў на палянку побач а катэджам. Рашыў адкласці сняданак на пазней, а спачатку пахадзіць па лесе, які сёння выглядаў чужым, устрывожаным, панылым. I ў гэты момант — добра, што акно не было прычынена,— падаў сігнал відэатэлефон. Павел пераскочыў цераз падаконнік і націснуў клавішу, прымаючы выклік.

На экране ўзнік твар Бурмакова.

— Як спалася, Павел Канстанцінавіч, што снілася?

Ён чакаў званка і ў тон Сцяпану Васільевічу адказаў:

— «Набат».

— Ну то, як кажуць, сон у руку. Маеце паўгадзіны, каб сабрацца.

Павел пазваніў у Мінск. Валін тэлефон адказаў доўгімі працяжнымі гудкамі. Гэта яго засмуціла. Не хацелася перадаваць развітальныя словы па гукатэлеграфе. Не любіць Валя, каб прызначанае ёй адной слухаў нехта яшчэ, нават механічны аператар. Зірнуўшы на гадзіннік, Павел напісаў дзяўчыне кароценькае жартаўлівае пісьмо, паабяцаўшы не захапляцца марсіянкамі, нават калі сустрэне саму Аэліту, і заклеіў канверт. Вядома, знаходзячыся на станцыі, ён будзе мець магчымасць штодня гаварыць з Валяй — сувязь станцыі з Зямлёй не горшая, чым Масквы з Мінскам. Але гэта не тое, гэта будзе хутчэй як бы сустрэчай, а не развітаннем.

Перш чым выйсці, Гушча прысеў, акінуў позіркам пакой, які быў яму прытулкам на працягу многіх дзён. Ён ніколі не прыкмячаў за сабой сентыментальнасці. Але зараз у яго чамусьці сціснулася сэрца. Усё тут здалося сваім, абжытым, прывычным. Падумалася, а як будзе там, на арбіце? А можа, справа была не ў прывычцы да жытла — у кепскім надвор’і, у тым, што Валі не было дома? Павел нахмурыўся. Сёння, як ніколі раней, яму хацелася быць моцным духам. Ён рашуча падняўся і шчыльна зачыніў за сабой дэверы.

Яны з Бурмаковым заехалі па Віцю і памчаліся на ракетадром.

Старт, некалькі хвілін перагрузкі, якую Павел амаль не адчуў, і рэйсавы ракетаплан плыў ужо ў прасторы.

Павел з хваляваннем глядзеў у акно. Усё яму было новае: і бязважкасць, адчутая не на трэніровачных снарадах, і чорнае, з россыпам незлічоных зорак, неба, і глухая цішыня інерцыйнага палёту, якая нібы пранікала з маўклівай прасторы. Недзе там, у напрамку Вадалея, павінна знаходзіцца лішняя зорачка — арбітальная станцыя, каля ўнутранага прычала якой, быццам акіянскі лайнер, спушчаны са стапеляў, ашвартаваўся, гатовы да выпрабаванняў, планеталёт «Набат».

Спрактыкаваныя Паўлавы вочы хутка выявілі на небе зорку-станцыю. Яна, здавалася, адзіная жыла ў мёртвым і халодным Сусвеце, прыветна памігваючы сігнальнымі агеньчыкамі. Неўзабаве зорка пачала расці, ператвараючыся ў вялікае яркае кола, у сярэдзіне якога, прымацаваны дзесяткам патрубкаў-спіц, вісеў цыгарападобны «Набат». Павел ведаў, што былі розныя праекты карабля. Адны прапаноўвалі, улічваючы старт з беспаветранага касмадрома, зрабіць яго круглым, падобным на саму арбітальную станцыю, другія — захаваць традыцыйную форму даўняй ракеты, каб у выпадку пасадкі на планеце з атмасферай карабель лягчэй пераадолеў яе супраціўленне. «Набат» зрабілі падобным на падводную лодку — без рубкі, з вострым носам і абрубленай кармой. I, Павел з задавальненнем адзначыў гэта, «Набат» быў нават прыгажэйшым за падлодку, бо адчувалася ў яго серабрыстым корпусе нейкая падкрэслена незямная імклівасць, нацэленасць на скачок.

Тым часам арбітальная станцыя засланіла сабой паўнеба, павольна насоўваючыся на ракетаплан. Паўлу ўявілася, што падлятаюць яны не да штучнага збудавання, а да нейкага астэроіда — вокны-ілюмінатары, выступы-ўваходы на цёмна-шэрым корпусе здалёк былі падобныя на шматлікія кратэры. I нарэшце адбылася стыкоўка, мяккая, без штуршка.

Пасажыраў запрасілі ў вакзал. Павел моцна трымаўся за парэнчы і думаў, што акрамя вывучэння карабля ён мусіць прывучыць сябе і да бязважкасці. Азірнуўся на таварышаў. Бурмакоў крочыў лёгка, упэўнена — як на Зямлі. Віця з цікавасцю круціў галавой па баках, аднак у кожным яго руху адчувалася скаванасць, насцярожанасць. Павел пасміхнуўся: напэўна, і ён сам выглядае не лепш, і закрочыў хутчэй.

Знутры арбітальная станцыя выглядала яшчэ больш унушальна. Гэта было сапраўды грандыёзнае збудаванне — завод, верф, горад... Любое з гэтых вызначэнняў падыходзіла, але ні адно не перадавала дакладна сутнасці. У шматлікіх памяшканнях станцыі размясціліся майстэрні, лабараторыі, жылыя каюты і нават невялікі сад, у якім нібы спалучалася прыемнае з карысным — дрэвы, расліны не толькі цешылі жыхароў станцыі, а і з’яўляліся доследным матэрыялам.

Павел, вядома, шмат чытаў і чуў пра арбітальную станцыю. Гэта было, паводле агульнай думкі, збудаванне веку, першае дасканалае ажыццяўленне праектаў, якія нарадзіліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Аднак толькі апынуўшыся тут, Павел зразумеў па-сапраўднаму, якой вышыні дасягнула чалавечая думка, якімі магчымасцямі валодае сучасная навука і тэхніка.

Станцыя мела паўкіламетра ў дыяметры і была падобна больш на маленькую планету, чым на штучны спадарожнік. Знаходзячыся ад Зямлі ледзь не за сорак тысяч кіламетраў, яна тым не меней не выглядала нечым адасобленым, уяўлялася Паўлу неад’емнай часткай роднай планеты, як працягам яе, мастком у прастору.

У доўгіх, шырокіх і светлых калідорах, не заціхаючы, пульсавала рытмічнае, працоўнае жыццё. Насустрач Паўлу рухаліся людзі, засяроджаныя, занятыя, прывыклыя да сустрэч з навічкамі; снавалі электракары. Як на звычайнай вуліцы, на заводзе. Падобна, тут цанілі час.

Павел дагнаў таварышаў.

Бурмакоў паглядзеў на яго, быццам правяраў уражанне, змоўніцкі падміргнуў:

— Здорава!

— Не тое слова, Сцяпан Васільевіч,— адказаў Павел,— фантастычна!

— А ці не здаецца вам, Павел Канстанцінавіч, што мы наогул ступілі ў паласу, дзе ўсё будзе фантастычным? — У Віцевых вачах палала захапленне.— Арбітальная станцыя, «Набат», Марс!..

— Так, Віктор,— Бурмакоў спыніўся каля акна, за якім віднеўся борт іх карабля, злучанага закрытым калідорам са станцыяй.— Хопіць чалавеку трымацца за ручку Маці-Зямлі, настала пара паглядзець, а што там за родным парогам!

Павел слухаў і думаў, што стрыманасць Бурмакова, напэўна, выпрацавалася на працягу доўгіх гадоў цяжкай службы касманаўта, а на самай справе ён летуценнік, не меншы за Віцю. Ды хто ведае, можа, менавіта такія людзі і дабіваюцца нечага ў жыцці. Сам Павел саромеўся ўзнёсласці, не мог раскрывацца нават перад сябрамі. Аднак у іншых гэту якасць любіў, паважаў. I Бурмакоў, здольны захапляцца і марыць, як юнак, у гэту хвіліну стаў яму яшчэ бліжэй, даражэй.

— А дзе мы жыць будзем? — спытаў Віця. Хлопца паліла нецярпенне, яму хацелася дзейнічаць.

— Вось тут,— Сцяпан Васільевіч паказаў на дзверы, непадалёк ад якіх яны стаялі.— Калі не будзе пярэчанняў, у адным пакоі. Нам быць разам, можа, месяцы і месяцы, пара прывыкаць, прыцірацца адзін да аднаго.

Калі ўладкаваліся, Бурмакоў павёў Паўла і Віцю на карабель. Унутраная сценка станцыі ў тым месцы, дзе швартаваўся планеталёт, была празрыстая, і яны ўбачылі свой «Набат» зусім побач. I застылі, ашаломленыя. Вось ён, велічны, строгі прыгажун, іх прытулак у бязмежным космасе!

Бурмакоў бываў тут раней. Але і ён зараз, паглядаючы на сваіх малодшых таварышаў, таксама зноў адчуў, што палёт, пра які марыў, можа, з першага выхаду ў прастору, ужо не толькі план, а сама рэальнасць. I ў гэтым палёце ў невядомае Павел і Віця будуць яго адзінымі саратнікамі. Узрушаны Сцяпан Васільевіч абняў іх за плечы, прытуліў да сябе.

Нехта ўсё-такі падгледзеў гэту хвіліну, сфатаграфаваў касманаўтаў. Пазней, пасля старту «Набата», здымак надрукуюць газеты, пакажуць тэлевізійныя праграмы. Аднак самі героі кадра нават не заўважылі фатографа. У думках яны былі ўжо на борце карабля, дзе чакала іх сур’ёзная і адказная праца.

Хутка Гушча зразумеў, што дваццаць чатыры гадзіны — не так ужо многа для сутак. Трэба было не толькі вывучаць карабель, а і крытычна прыглядацца да кожнага вузла, прыбора, механізма, уяўляючы іх у дзеянні — у палёце, у час выхаду на чужой планеце. Абсталяванне ж у большасці было унікальнае. Бурмакову часта даводзілася напамінаць Паўлу, што дзень скончыўся і пара крыху адпачыць, каб і заўтра мець сілы працаваць з яснай галавой.

Гушча ўпарціўся, казаў, што арбітальная станцыя гэта не Зямля, што ў бязважкасці суткі даўжэйшыя.

Бурмакоў, сам не менш заклапочаны і стомлены, смяяўся:

— Станцыя, Павел Канстанцінавіч, што зямная ваколіца. Знайду вам планету, дзе суткі сапраўды працягнуцца гадзін на сорак. От там і папрацуеце.

Як ні дзіўна, падобныя жарты супакойвалі Гушчу, і ён, для прыліку пабурчаўшы, адпраўляўся спаць. А назаўтра з яшчэ большай настойлівасцю браўся за працу, часам толькі дзівячыся, як гэта ў яго хапае сіл, каб лазіць па доўгіх карабельных трапах, калі кожны неасцярожны крок пагражае падкінуць цябе пад столь, гадзінамі корпацца ў схемах і машынах, запамінаць, дзе і што знаходзіцца.

А дні беглі, як тыя секундныя стрэлкі на хранометры, няўмольна накручваючы хвіліны і гадзіны, набліжаючы заканчэнне вызначанага для асвойвання карабля часу. I карабель, складаны, дасканалы, ужо больш не палохаў, а рабіўся зразумелым, блізкім, сваім.

Нарэшце настала і тая хвіліна, калі галоўны эксперт дзяржаўнай камісіі сказаў, што прэтэнзій да першага экіпажа «Набата» не мае — ён можа адпраўляцца ў экспедыцыю.

I карабель быў гатовы да адлёту.


VII

Касманаўты атрымалі кароткі перадстартавы адпачынак. Можна было адаспацца, нагуляцца ўпершыню за колькі тыдняў. Аднак нікому з іх не хацелася марна траціць апошнія зямныя дні. 3 раніцы яны адпраўляліся з Касмічнага гарадка ў Маскву — гулялі па вуліцах, сядзелі ў прыціхлых асенніх скверах, хадзілі ў тэатры. Але і гэтым дням надышоў канец. Настала пара збірацца ў дарогу.

Апошні дзень на Зямлі касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Ад Краснай плошчы яны прайшлі цераз увесь горад да Пантэона Уладзіміра Ільіча Леніна і затым вярнуліся ў Музей касманаўтыкі. Тыя, хто пакідаў Зямлю, заўсёды аддавалі пашану сваім папярэднікам, жыццё якіх стала легендай, гісторыяй.

На ўзвышшы, на ўскраіне Вялікай Масквы, паўстагоддзя таму назад быў узведзены незвычайны будынак. Ён зусім не нагадваў касмічны карабель, як магло падумацца, і не было ў ім традыцыйнай нацэленасці ўвысь. Творцы музея пастараліся даць контурам будынка непрывычныя рысы. Хаос, адсутнасць строгіх геаметрычных форм — вось што кідалася ў вочы пры першым позірку. У гэтым было нешта незямное, яно непакоіла думку, трывожыла, кудысьці клікала. I ўнутры, хаця самі залы выглядалі строга, мелі звычайныя сцены, бачылася шмат элементаў касмічнага — афармленне, экспанаты, фатаграфіі, скульптуры.

Бурмакоў падвёў таварышаў да залы Гагарына. Яго скульптура стаяла на абломку базальтавай скалы побач з макетам першага касмічнага карабля «Восток» у натуральную велічыню.

Прыціхлыя, засмучаныя, спыніліся касманаўты перад гэтым помнікам бессмяротнаму подзвігу, зусім не думаючы пра тое, што, можа, хутка і іх імёны будуць таксама высечаны золатам на сцяне гэтага музея. Яны проста схіляліся перад тым, хто быў першым.

Гагарын цікавіў Паўла перш за ўсё як чалавек. Што ён думаў, калі садзіўся ў кабіну, калі апынуўся на нябачнай да таго часу вышыні, што думаў, ідучы на пасадку, адказваючы на прывітанні і віншаванні.

I больш за ўсё Паўла ўсхвалявалі словы, напісаныя Юрыем Аляксеевічам перад стартам. Яны былі ўвекавечаны на граніце. Павел падышоў бліжэй, каб прачытаць заяву першага касманаўта. I адчуў, што побач застылі Сцяпан Васільевіч і Віця.

Праводзіны «Набата» былі незвычайныя — адначасова на арбітальнай станцыі і на Зямлі. Вялізныя аб’ёмныя тэлеэкраны, устаноўленыя ў залах для ўрачыстых выпадкаў, стваралі эфект прысутнасці. I той, хто знаходзіўся на Зямлі, адчуваў сябе нібы побач з касманаўтамі, меў магчымасць нават перакінуцца з імі словам-другім. Аднак у размовах, бадай, неабходнасці зараз не было. Касманаўты напярэдадні развіталіся з роднымі, сябрамі, блізкімі, знаёмымі. I цяпер заставалася толькі так званая афіцыйная частка.

Рэпрадуктары абвясцілі, што настала пятнаццатая гадзіна. Кіраўнік палёту пажадаў экіпажу «Набата» шчаслівага падарожжа і паспяховага вяртання на Зямлю.

Касманаўты аддзяліліся ад натоўпу жыхароў арбітальнай станцыі, па традыцыі падняліся на спецыяльна пастаўленую трыбуну, хвіліну прабылі там, быццам настройваючыся на новую для сябе справу, і, памахаўшы зямлянам высока ўзнятымі рукамі, рушылі па трапе на карабель — першы Бурмакоў, за ім Асадчы і апошні — Гушча.

Усхваляваны Павел механічна, быццам гэта быў не сам адлёт, а трэніроўка, зачыніў за сабой дзверы, хоць неабходнасці ў гэтым не было — за ўсім сачылі аўтаматы, праверыў герметычнасць і пайшоў у рубку. На штурманскім пульце засвяцілася карта Сонечнай сістэмы. I тады да Паўла раптам вярнулася яснасць думкі. Зямля і тое, што там засталося, аддалілася, новыя клопаты захапілі яго.

На тэлеэкране Павел бачыў, як паступова адплывае «Набат» ад свайго прычала, як пагрозліва насоўваецца на карабель чорнае зорнае неба, бясконцае, няўтульнае. Потым экран пагас. У навакольную цішыню ўварваўся гул рухавікоў. Паўла прыціснула да пругкага сядзення. Палёт пачаўся.

Толькі праз шэсць гадзін змоўклі рухавікі. Цела вызвалілася ад гнятлівага цяжару, і Павел адкінуў ахоўны каўпак, асцярожна ўстаў. Бурмакоў з усмешкай назіраў за яго няўпэўненымі крокамі — нават шматдзённае знаходжанне на арбітальнай станцыі не прывучыла Паўла да бязважкасці. А Віця адчуваў сябе выдатна і ўжо круціўся ля цэнтральнага пульта, дзе мігцелі рознакаляровымі агеньчыкамі цыферблаты шматлікіх прыбораў, шапацелі лічыльнікі, дрыжалі стрэлкі вымяральнікаў.

Бурмакоў адчыніў заслонкі на бакавых ілюмінатарах. У яркім сонечным святле карабельныя свяцільнікі пазмрачнелі, і аўтаматы адразу выключылі іх.

Віця падбег да ілюмінатара, глянуў і ўсклікнуў:

— Зямля! Зямля! — голас яго раптам перарваўся, асеў, відаць, і юнак зразумеў да канца, што расстанне надоўга адбылося.

А Зямля, ахутаная аблокамі, галубела ў чорнай бездані неба справа ад «Набата». Недзе там, на невыразна бачным адсюль мацерыку Еўропы, знаходзіліся Масква, ракетадром. Ужо даўно разышліся ўсе, хто праводзіў першы міжпланетны карабель. Толькі дзяжурныя ў Цэнтры палёту засталіся на сваіх месцах — яны будуць сачыць за «Набатам» увесь час, нават і тады, калі сігналы з яго будуць паступаць на Зямлю з вялікім спазненнем.

Сцяпан Васільевіч уключыў экран прамой сувязі з Цэнтрам кіравання палётам. Ён збіраўся перагаварыць з дзяжурным, але на экране ўзнік твар Старшыні Цэнтра.

— Віншую з удалым стартам! — сказаў Старшыня, пільна ўглядаючыся ў Бурмакова. На сваім экране ён бачыў не толькі яго, а і астатніх касманаўтаў — усю рубку. А пажадаўшы, мог паглядзець любы важны карабельны адсек. Тэлесувязь унутры «Набата» выходзіла на галоўны перадатчык на Зямлю.— Ведаю, усё нармальна,— стан касманаўтаў кантралявалі спецыяльныя датчыкі.— Так яно і мае быць! — Старшыня задаволена кіўнуў галавой.

Тэлекамера паплыла ўбок, на экране паказаліся рабочыя пульты Цэнтра, аператары перад імі. Кожны на імгненне адрываўся ад сваёй працы, узнімаў руку. Так развітваліся з караблямі, якія пакідалі калязямную арбіту, аддаючы даніну апошняй урачыстай хвіліне. Далей сеансы тэлесувязі будуць чыста дзелавымІ, рабочымі. Потым на экране зноў з’явіўся Старшыня, на гэты раз ва ўвесь рост.

— Жадаем шчаслівага падарожжа,— ён сказаў гэта цёпла, усхвалявана і глядзеў не мігаючы, быццам хацеў запомніць кожную рысачку на тварах касманаўтаў.

— Дзякуем,— адказаў Бурмакоў.

Экран пагас.

Сцяпан Васільевіч пастаяў перад ім хвіліну і тады павярнуўся да Паўла і Віці:

— Будзем працаваць, сябры!

На карме карабля заспявалі песню рухавікі. Павел адчуў, як нібы пацвярдзела пад нагамі падлога, як памацнелі мускулы, як больш упэўненымі сталі рухі цела.


Частка другая

3 ДЗЁННІКА ВІЦІ АСАДЧАГА



25 лістапада. Часам забываю, што знаходжуся не на Зямлі, а на караблі ў космасе. Як тут хораша, як усё да дробязей прадумана! Вось зараз я сяджу ў невялікай каюце — бібліятэцы. Утульнае памяшканне, абсталяванае як трэба: стол, крэслы, уздоўж сцен кніжныя паліцы і шафы (праўда, больш кніг у запісу). Можна чытаць, пісаць (што я і раблю зараз), і ніхто ніколі не перашкодзіць без твайго дазволу.

Сцяпан Васільевіч і Павел Канстанцінавіч не здагадваюцца пра мой дзённік. Не кажу ім не таму, што хачу нешта ўтаіць ад іх. Не, гэта такія людзі, якім я ніколі не змагу схлусіць. А не расказваю пра дзённік таму, каб раптам не падумалі, што мне ўжо захацелася дадому, і не пачалі шкадаваць, што ўзялі з сабой. Маглі ж выбраць і каго іншага. А я вельмі баюся, каб пра мяне не падумалі блага. На караблі ў маіх старэйшых таварышаў клопатаў і без таго хапае. Так што мой дзённік, у якім я пастараюся быць шчырым і аб’ектыўным, застанецца пакуль маёй невялікай таямніцай.

Ну вось і прадмова ёсць. Цяпер можна запісваць галоўнае, уражанні, падзеі. Гэта я абяцаў аднакласнікам. Праўда, мы ўжо закончылі школу і рабяты падаліся хто куды. Ды гэта не бяда, мы дамовіліся, што кожны год у дзень выпуску будзем збірацца, хто б дзе ні быў. (Цікава, як гэта «збяруся» я наступным летам? Пашлю, напэўна, прывітанне з Марса. А што? Я — на фоне марсіянскіх пяскоў! Арыгінальна!) От на такой сустрэчы некалі я і прачытаю свой дзённік.

Пачну з таго, як развіталіся з Зямлёй. Гэта быў такі момант, што ў мяне нават камяк да горла падступіў. Здавалася, яшчэ імгненне, і я заплачу. Добра, што ўтрымаўся. Было б надта сорамна. Спадзяюся, што С. В. і П. К. не заўважылі гэтай маёй слабасці. Лічу, што сапраўднаму касманаўту яе дараваць нельга, і абяцаю быць надалей вытрыманым, суровым. Як С. В. і П. К. Упэўнены, што і ім было нявесела. У С. В. сям’я, У П. К. — мая сястрыца. Выпадкова падслухаў, як ён казаў Валі, што будзе сумаваць па ёй. Пажаніліся б яны ўжо, ці што. Але нешта я збочыў, дзённік усё-такі мой, а не С. В. ці П. К.

Дык вось праз сваю духоўную слабасць я ледзьве не празяваў хвіліну, калі карабель адчаліваў ад станцыі. Адбылося гэта надзіва непрыкметна. Потым ужо стартавыя ракеты вывелі нас у адкрытую прастору, дзе можна было ўключыць нашы рухавікі, не баючыся нанесці шкоду арбітальнай станцыі. Напэўна, гэта быў цікавы момант, калі вогненныя смерчы вырваліся на волю. Але я нічога гэтага, на жаль, не мог бачыць — сядзеў пад каўпаком, як мыш пад мятлой. Бо без ахоўнага прыстасавання атрыманага караблём паскарэння не вытрымала б ніводная жывая істота. Затое мы атрымалі дастатковы разгон. Праўда, рухавікі і зараз працуюць, павялічваючы хуткасць «Набата»: наперадзе ж мільёны кіламетраў. Але цяпер калі гэта і заўважаецца, то хіба ў тым, што на караблі існуе амаль зямная сіла цяжару, і мы жывём і працуем у прывычных умовах.

Трэба адзначыць, што С. В. і П. К. не ўмешваюццаў працу механізмаў. Усім кіруе ЭВМ. Іх у нас дзве, асноўная і рэзервовая. Тым не меней у рубцы ўвесь час знаходзіцца дзяжурны пілот. Асноўная нагрузка ў гэтым сэнсе выпала на долю маіх старэйшых таварышаў. Мне ж за суткі дазваляюць выконваць абавязкі пілота ўсяго тры гадзіны, і то ўдзень. Дзівакі. Сонца ж свеціць не заходзячы. Але мы ўсё роўна прытрымліваемся зямнога падзелу сутак, і кожны раз а дваццаць чацвёртай гадзіне карабельная сірэна абвяшчае надыход новага дня. А на электронных календарах над пультам, у салоне, бібліятэцы заўсёды адзначаецца год, месяц, чысло, гадзіна, хвіліна, секунда. Бо ў касмічным жыцці і секунда мае значэнне. Калі, напрыклад, мы распрацоўваем маршрут сваіх разведчыкаў і месца сустрэчы з імі ў прасторы.

Дзяжуру я з вялікім задавальненнем. Над цэнтральным пультам маецца экран, на якім свеціцца частка неба перад караблём. Можна было б, вядома, весці і візуальныя назіранні: сцены рубкі празрыстыя і толькі закрываюцца ахоўнымі засланкамі на выпадак неспадзяванай сустрэчы з метэарытам. Але экран надзейнейшы для назіранняў. На ім пазначаны каардынаты, указваецца месца ў прасторы, дзе ў даны момант мы знаходзімся, адзначаецца траса — цёмная лінія нібы бяжыць за мініяцюрным серабрыстым караблікам, копіяй нашага «Набата».

Тэхніка функцыяніруе нармальна. I дзяжурнаму няма патрэбы дзе-небудзь умешвацца. Спатрэбіцца — ЭВМ сама дасць неабходную каманду і даложыць пра яе дзяжурнаму. От мы і чакаем, ці не спатрэбіцца слова чалавека. 3 прыборамі я, думаю, ладжу. А перад небам губляюся. Тут яно зусім не падобнае на зямное, хоць сузор’і маюць тыя ж абрысы,— змрочнае, чужое. Не магу зразумець, чаму С. В. і П. К. лічаць, што неба поўнае жыцця. Вакол «Набата» — прастора, а неба — працяг той жа прасторы. Згодзен, ёсць яшчэ і метэарытныя зоны, аднак недзе там, далей. Можа, за Марсам. Тут жа мы нічога не сустрэлі, нават нашы чуйныя прыборы не адзначалі паблізу ад «Набата» чужога цела. Так што жыве не прастора, а планеты, зоркі, а гэта вельмі далёка ад нас. Пакуль людзі больш гадаюць, што там на іх. Успомніце, як сцвярджалі, што на Месяцы паверхня пакрыта пылам, што на Венеры штармяць акіяны, а на Марсе нехта пракапаў каналы. I толькі, калі людзі ці самі, ці з дапамогай сваіх аўтаматаў зірнулі на гэтыя планеты, даведаліся, што нічога такога няма. Так што, відаць, дарэмна П. К. не адыходзіць ад тэлескопа. Здалёк і памыліцца вельмі проста.

Не, астраномія мяне не прываблівае. Буду фізікам, як рашыў у школе. Нічога, што сёлета не паступіў у інстытут. Для мяне склалі спецыяльную праграму, каб я не вельмі адстаў ад аднакурснікаў. I я, вядома, выканаю яе.

Падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў хапае. А лабараторыі ў нас такія, што і на Зямлі не знойдзеш. Нездарма ж абсталяванне рабілі спецыяльна для «Набата». У бібліятэцы шмат кніг. Ёсць і сапраўдныя, надрукаваныя на паперы. Ёсць і на крышталіках. Да таго ж я магу атрымаць кансультацыю і ў С. В., і ў П. К., і ў ЭВМ. Даведачны матэрыял па ўсіх галінах ведаў сабраны ў нас багаты. I з Зямлёй сувязь добрая.

29 лістапада. Мінулы раз я, відаць, залішне аддаў увагі сваёй асобе. Сёння выпраўлю гэта самалюбаванне. Час расказаць сёе-тое пра карабель. Увогуле, як ён пабудаваны, вядома ўсім, хто цікавіцца касмічнымі палётамі. Таму пастараюся напісаць пра «Набат», як яго пасажыр, так сказаць асвятліць знутры.

П. К. параўнаў наш карабель з падводнай лодкай. Але гэта знешні выгляд. «Набат» мае дзвесце метраў у даўжыню і дваццаць у дыяметры. Асноўную частку карабля займаюць паліўныя бункеры. Яны надзейна ізаляваны ад памяшканняў, дзе захоўваюцца канцэнтраваныя прадукты харчавання, вада, вадкі кісларод.

Я не ўдакладняў, але думаю, гэтых запасаў хапіла б на невялікі горад. Лішняе нам далі на аварыйны выпадак.

Уздоўж бартоў цэнтральнай часткі карабля змяшчаюцца элінгі, у якіх стаяць два ўсюдыходы, ракетапланы, аўтаматычныя разведвальныя станцыі, здольныя садзіцца на планеты і вяртацца назад.

Пярэдняя частка, значна меншая па плошчы за астатнія, выдзелена пад жытло і сістэмы кіравання.

У кожнага з нас ёсць свая каюта. Будаўнікі паклапаціліся, каб была ў нас гімнастычная зала, дзе мы штодня на спартыўных снарадах выконваем распрацаваныя для нас практыкаванні. Але С. В. прымушае яшчэ і бегаць па трапах, працягнутых уздоўж корпуса «Набата». Пабегаеш гэтак зверху ўніз, знізу ўверх, дык і забудзеш, што ты ў космасе. Такую нагрузку я нават на Зямлі ніколі не браў. А С. В. кажа, што мы павінны падтрымліваць форму, інакш завянем. Мне што, я да трэніровак прывычны. А П. К., бачу, цяжкавата.

Ды што зробіш, вось і стараецца не адставаць ад С. В.

У вольны ад дзяжурства час звычайна працуем.

У бібліятэцы, у лабараторыях. Іх у нас многа, бо хто можа загадзя сказаць, якія даследаванні давядзецца весці на Марсе, з чым мы там сутыкнемся. С. В. добра разбіраецца не толькі ў тэхніцы і касманаўтыцы, а і ў біялогіі, медыцыне. Ён вывучае, як паводзяць сябе ў космасе хларэла, іншыя расліны, а таксама мышы, трусы. Між іншым, трусіная ферма прызначана і для харчавання. А мне дык шкада гэтых ціхіх паслухмяных жывёлін, хай жывуць, прыносяць карысць навуцы.

Неяк неўзабаве пасля старту я практыкаваўся на запасной ЭВМ, спрабуючы вылічыць, ці не перасячэцца арбіта астэроіда Гермес з трасай «Набата». Адказ быў па-сутнасці адмоўным. Сустрэча магла б адбыцца, калі б «Набат» стаў штучнай планетай Сонечнай сістэмы, і то недзе толькі праз трыццаць тысяч гадоў. Дзіўныя гэтыя касмічныя маштабы, да іх не хутка прывыкнеш. I я рашыў заняцца больш канкрэтнымі для сябе разлікамі: праверыць, на які час нам хопіць кіслароду. Здаецца, улічыў усе фактары і рэзервы — рэгенерацыю, хларэлу, кілаграм якой дае за суткі дзесяць кубаметраў кіслароду, у чатыры разы болей, чым патрэбна чалавеку, нават невялікі зялёны куток, створаны ў кают-кампаніі, як мы называем сваю гасціную. Аказалася, што пражывём з гэтымі запасамі крыху больш за паўтара года. Я разгубіўся. Навошта тады ледзь не трохгадовы запас прадуктаў? Праверыў разлікі. Памылкі не было. Звярнуўся да С. В.

— Да Марса будзем ісці пяць месяцаў,— пачаў тлумачыць капітан, не надта, аднак, разжоўваючы сваю думку.

Дарэчы, са мной ён заўсёды так, хоча, каб я сам варушыў мазгамі, а не глытаў гатовенькае. Пяць плюс пяць, плюс два месяцы на Марсе — набіраецца год, і такім чынам, вярнуўшыся, мы не выдаткуем увесь кісларод. Але гэта быў бы надта просты адказ. Наўрад ці С. В. меў яго на ўвазе. А што ён меў? Не марсіянскую ж атмасферу, бедную на кісларод. I вады там на паверхні зусім няма. Тады я рашыў падысці да задачы з другога боку. Пачаў перабіраць па памяці наяўныя карабельныя ўстаноўкі і іх прызначэнне. С. В. паглядаў, як я моршчыў лоб, ёсць у мяне такая прывычка, калі думаю, і пасміхаўся. А я ўспомніў: мы мелі магчымасць здабываць кісларод з мінералаў. А ў марсіянскіх пародах кісларод, як вызначылі аўтаматычныя доследныя станцыі, утрымліваўся. Я хітравата прыжмурыўся (не магу пазбавіцца і гэтай прывычкі) і сказаў:

— Прывалаку вам кавалак скалы, дыхайце.

— Ну, ты ў космасе не прападзеш,— С. В. быў задаволены.

А я не вельмі. Гэта ж задачка для пяцікласніка. Яны зараз не менш нашага ведаюць: акселерацыя не спыняецца.

Аўтаматы сочаць за чысцінёй паветра, станам нашага здароўя, выбіраюць меню на сняданак, абед, вячэру, улічваючы і наша пажаданне і патрэбнасць арганізма. Нават, калі спытаеш, параяць, чым табе лепш за ўсё ў гэты момант заняцца.

Аднойчы я, не ведаючы, ці то пайсці паспаць, ці то пачытаць кніжку, надзеў на руку бранзалет з умацаванымі ў яго датчыкамі, здольнымі вызначаць стан, адчуванне чалавека, і падключыў да ЭВМ. Прыемны голас, як у доктара з Касмічнага цэнтра, прамовіў: «Паглядзіце прыгодніцкі фільм».

С. В. быў побач. Пачуўшы «рэцэпт», зарагатаў.

А праз хвіліну-другую прыйшла мая чарга смяяцца. Яму ЭВМ параіла прагуляцца па высакагорнай дарозе. У нашых умовах — па верхніх трапах, дзе ў падобных выпадках уключаецца ўстаноўка іянізацыі паветра.

— Відаць, запрацаваўся,— збянтэжыўся С. В. і адправіўся на прагулку. У нас правіла: парады ЭВМ выконваюцца абавязкова.

Такія ў нас аўтаматы.

Але што гэта: раптам замігцела сігнальная лямпачка над маім сталом? А-а, нагадвае, што заседзеўся тут. Канчаю.

5 снежня. Ніколі не думаў, што на касмічным караблі, дзе нас толькі трое і выбар заняткаў, па-сутнасці, абмежаваны, будуць так імкліва мінаць дні. Не паспеў, як кажуць, азірнуцца, а тыдня няма. Гэтак аднойчы прачнешся, а ў ілюмінатар — Марс глядзіць. Бо ён быццам на вачах расце і ўжо выглядае нават большым, чым вячэрняя Венера з Зямлі. Але на Марс П. К., наш галоўны астраном, глядзіць мала. Кажа, нідзе не дзенецца, а патрэбную інфармацыю загадзя дадуць аўтаматычныя станцыі. П. К. цікавіць Венера. Колькі ўжо апаратаў пабывала на яе паверхні, частка нават вярнулася, і людзі, такім чынам, маюць даволі дакладныя звесткі пра гэту планету. А ўсё мала. Астраномы мараць знайсці шчыліну ў венерыянскіх хмарах, каб на свае вочы пабачыць, што там робіцца, ухапіць карціну маштабна. Тэхнічныя дасягненні пазбавілі чалавека прыгожай мары аб планеце, на якой жыццё толькі нараджаецца,— бушуюць акіяны, бліскаюць маланкі, грымяць вулканы. Сапраўднасць аказалася больш сумнай і пры ўсім пры тым усё роўна вабіць даследчыкаў. Вось і П. К. гадзінамі не адрываецца ад нацэленага на Венеру тэлескопа. Учора нават насмяшыў усіх.

Глядзеў-глядзеў у акуляр і раптам радасна крыкнуў:

— Бачу паверхню. Цыклон неверагоднай магутнасці раскруціў шматкіламетровую варонку. Горы, кратэры... Апарат! Плёнку!

Тэлескоп, вядома, заўсёды злучаны з прыстасаваннем для фатаграфавання касмічных аб’ектаў. Але ад хвалявання П. К., падобна, забыўся на гэта. Пакуль ён уцяміў, што ўсё патрэбнае пад рукой, аўтаматыка спрацавала сама. П. К. доўга вывучаў здымак, а потым перадаў яго С. В.

— Здаецца, нешта ёсць,— але сказаў гэта без ранейшага натхнення.

Капітан доўга разглядаў здымак, потым уставіў плёнку ў павелічальнік. На экране сапраўды быццам бы ўзніклі нейкія нагрувашчванні скал. Чым жа незадаволены П. К.?

— Надобна... — С. В., аднак, скептычна глядзеў на акран.— Вікто́р,— звярнуўся ён да мяне,— падай светафільтр.

I тады перад намі, як жывое, але імгненна застылае, праяснілася глыбокае завіхрэнне шматпластовых хмар і аблокаў — ад цёмна-сініх да светла-шэрых колераў і адценняў. А тое, што без светафільтра ўяўлялася паверхняй планеты, аказалася яшчэ адным, ніжнім пластом карычневых хмар, зафіксіраваных апаратам у момант вялікага ўзбуджэння. Відаць, шалёныя шквалістыя вятры не заціхалі на Венеры ва ўсёй яе атмасфернай тоўшчы.

П. К. сумеўся, адышоў. Цэлы дзень ён адчуваў сябе няёмка. Тым болей што мы не-не ды і паміналі светафільтр, жартуючы з чаго-небудзь няўдалага. То я ледзь не ўзняў трывогу, убачыўшы на экране лакатара светлую кропку,— думаў метэарыт. То С. В., забыўшыся, даў мне рашаць дыферэнцыяльнае ўраўненне, прызначанае для студэнтаў матфака трэцяга курса. Аднак, калі нарэшце падколкамі мы надта дапяклі П. К., ён упарта заявіў:

— Гэта апарат не паспеў!

Вядома, і аўтаматыка можа падвесці, такія выпадкі раз на мільён здараюцца. I ўсё-такі ў даным выпадку П. К. проста не хацеў прызнаць памылку. Таму выраз «Дайце светафільтр», думаю, прыжывецца. Калі хто з нас выказвае нешта неверагоднае, перабольшвае, яму кажуць: «А ці не падаць светафільтр?»

2 студзеня. I ў думках не было ніколі, што Новы год давядзецца сустракаць не тое што не дома, а нават не на Зямлі. С. В. даў экіпажу з выпадку свята два вольныя дні — трыццаць першага і першага. Гэта, праўда, не тычылася вахты каля цэнтральнага пульта. Але ў астатнім мы святкавалі па-сапраўднаму.

У карабельным садзе растуць дзве елачкі. 3 іншых дрэў, як і мае быць у зімовы сезон, лісці абсыпаліся, а яны стаяць і цешаць вока свежым зялёным убраннем. Пад кожную мы пасадзілі дзеда-мароза і каля елачак сустракалі Новы год. Было цудоўна! Адчуванне такое, нібы ты на ўскраіне зімовага лесу. А-а, я ж яшчэ нічога не расказваў пра наш натуральны сад, а без гэтага цяжка ўявіць, як у нас было на свята. Сад займае самае вялікае памяшканне, з прызначаных для людзей. Але дзіўныя не дрэвы, не трава, не глеба. Гэта ёсць у звычайнай аранжарэі, цяпліцы. У нашым садзе своеасаблівыя сцены, яны валодаюць эфектам аб’ёмнасці. Глядзіш на сцяну, і сад нібы працягваецца ўдалячынь, а там поле, лес, што табе хочацца бачыць — зімовы, летні, асенні... I на Новы год мы пабывалі быццам у зімовым бары, заснежаным, марозным. Здавалася, зрабі крок, працягні руку і ты патанеш у глыбокім пухлым сумёце. Такой елкі яшчэ ні ў кога нідзе не было!

Пагаварыў па відэатэлефоне з бацькамі, Валяй.

Усе святочныя дні не выключалі тэлевізары, глядзелі перадачы зямных станцый. I неяк забывалася, што дом, сябры далёка. Космас абжываецца! Чалавек ужо не так адчувае адлегласці.

А «Набат» набліжаецца да мэты.

7 студзеня. Самы магутны карабельны тэлескоп цяпер пастаянна нацэлены на Марс. Я пакуль не часта заглядаю ў акуляр. Хоць і засталося да планеты якіх трыццаць мільёнаў кіламетраў, усё роўна не вельмі што ўбачыш. Вось прыбудзем, высадзімся — тады нават рукамі памацаю. А С. В. і П. К. толькі пра Марс і думаюць. Увогуле гэта не дзіўна. Кожны з іх мае пра Марс сваё ўласнае ўяўленне, вось і спадзяюцца праверыць.

С. В. давярае даследаванням аўтаматычных станцый і не сумняваецца, што Марс у нечым паўтарае Месяц. Але ён кажа, што чужая прырода і мёртвая можа адкрыць шмат невядомага чалавеку, нават карыснага, цікавага. У гэтым з С. В. можна пагадзіцца. Знайшоў жа ён на Месяцы, дзе да яго пабывалі касманаўты, каштоўныя выкапні.

П. К., калі яны абмяркоўваюць план будучых даследаванняў, з С. В. не пагаджаецца. Ён таксама не думае, што на Марсе ёсць сапраўднае жыццё, у гэта цяпер не паверыць нават першаклашка. П. К. лічыць, што Марс зусім іншы, чым Месяц, бо мае атмасферу. Нават разрэджаная, сцвярджае ён, яна значна ўплывае на прыроду планеты і магла стаць прычынай існавання ніжэйшых форм арганічнага жыцця. Чаму яго не заўважылі аўтаматычныя станцыі? Надта малыя ўчасткі яны абследавалі, паверхневыя. I з П. К. мне хочацца пагадзіцца. Калі там ёсць жывыя арганізмы, хай сабе клетачныя, то чалавек зможа іх развіць, удасканаліць. Будзе тады і Валі работа на Марсе з яе астрабіялогіяй.

Пашукаем. Чалавек можа ўбачыць больш, чым самы дасканалы аўтамат.

20 студзеня. У вас можа скласціся ўражанне, што наша жыццё ў космасе аднастайнае, нуднае — праца, сон, праца. А мы ж выкарыстоўваем свой вольны час не горш, чым гэта было на Зямлі,— цікава, змястоўна, выбіраючы заняткі па душы. Апошнім часам раптам захапіліся шахматамі. Відаць, таму, што зараз і на Зямлі ідзе турнір мацнейшых гросмайстраў памяці Чыгорына.

Спачатку мы проста гулялі паміж сабой, не надта падлічваючы, хто і колькі ў каго выйграў. Галоўным быў сам працэс гульні. А потым С. В. прапанаваў і нам правесці турнір. Па-шчырасці, высвятляць свае шахматныя адносіны маглі толькі ён з П. К. Яны звычайныя аматары, хаця і тэорыю збольшага ведаюць і камбінацыю закруціць на дошцы часам могуць такую, што не адразу разбярэшся, як адказаць. Але ў параўнанні з імі я амаль прафесіянал, усё-такі кандыдат у майстры. Ды не будзеш жа адмаўляцца, бо ім цікава са мной спаборнічаць. Праўда, у наш турнір можна было б уключыць некалькі спецыялістаў з Цэнтра кіравання палётам, сярод іх ёсць нават майстры. С. В. запярэчыў, сказаў: «Абыдземся, мы тут самастойная тэрытарыяльная адзінка». Правільна сказаў, да таго ў космасе яшчэ не праводзіліся шахматныя чэмпіянаты. Наш будзе першы. А вынік?.. Я ўскочыў і заявіў:

— Няхай жыве першы касмічны турнір!

Я не сумняваўся, ведаў, што першым чэмпіёнам назавуць мяне.

Ды так яно і здарылася пазней. Турнір у чатыры кругі я выйграў, зрабіўшы з С. В. і П. К. па адной нічыёй. Перамога была ўнушальная, і, закончыўшы апошнюю партыю, я не вытрымаў (не ўвесь жа час быць сур’ёзным), узлез на крэсла і пракрычаў:

— Я — самы моцны! Я — чэмпіён «Набата» і ваколіц! Слава!

— Дзе ж нам лаўравы вянок узяць? — заклапочана сказаў С. В.

Не ведаўшы яго, можна было падумаць, што ён сапраўды пра вянок думае. Але я з ім ужо, як кажуць, пуд солі з’еў. Таму прывалок нейкую зашмальцаваную анучу (як гэта робаты-чысцілыпчыкі празявалі) і абматаў ёю галаву. Чым не вянок?

П. К., як бывалы рэферы, узняў маю руку і пачаў урачыстую прамову:

— Абвяшчаю зямляніна Віцю Асадчага чэмпіёнам «Набата» і бліжэйшых, а таксама далёкіх ваколіц. Абяцаю ўзнагародзіць першага касмічнага чэмпіёна шахматнай каралевай, вытачанай з марсіянскага...— Тут ён запнуўся, нахіліўся да мяне: — Віця, з чаго табе зрабіць каралеву, га?

С. В. рагатаў больш за ўсіх. Але, калі я ўжо наважыўся злезці са свайго трона, раптам падміргнуў П. К. і сказаў;

— Мацнейшы, Павел Канстанцінавіч? А ці самы?

— Даказаць? — Я надаў твару самы ваяўнічы выраз. Што-што, а шахматную перавагу мне, здаецца, даказваць патрэбы не было.

I нібы пацвярджаючы гэта, П. К. пакланіўся:

— Здаюся!

— Асабіста і я таксама, але...— С. В. пасміхнуўся, ён яўна забаўляўся.

Прызнацца, я не звярнуў увагі на гэтае «але». Мне не было чаго непакоіцца. Нават каб С. В. і П. К. мудравалі над дошкай удвух разам, я з імі справіўся б.

С. В. паглядзеў на мяне, паківаў галавой — відаць, я выглядаў дурнавата ад сваёй ганарыстасці — і сказаў у мікрафон унутранай сувязі:

— Вундэркінд, зайдзі ў кают-кампанію.

Во, дзіва, падумаў я. Вундэркінда я бачыў раней за С. В. Гэтага унікальнага кібернетычнага робата падарылі П. К. таварышы з Інстытута прыкладной матэматыкі. Ён мае рукі і ногі, тулава і твар з ротам, вачамі, вушамі, носам, апрануты ў сапраўдны касцюм, ходзіць так, што ззаду не адрозніш ад чалавека. Вядома, з пункту гледжання тэхнічнай неабходнасці не ўсе гэтыя дэталі былі патрэбныя, хапіла б дасканалага мозгу. Але творцы кібера нібы закінулі наперад, жартуючы ў свой час, што даюць П. К. вернага памочніка для блукання па чужых планетах — П. К. даўно марыў стаць касманаўтам, гэта ведалі. Таварышы П. К. разважалі, што ўжо калі спадарожнікам будзе машына, то хай яна мае чалавечы воблік.

Задума ўдалася. Помню, як Валя ўпершыню сустрэлася з Вундэркіндам. П. К. тады толькі атрымаў яго і запрасіў нас паглядзець падарунак. Я прыйшоў раней. Сядзім, размаўляем. А тут стук у дзверы. Робат, як асоба выхаваная, павярнуўся на стук і сказаў:

— Калі ласка, просім!

Валя ўварвалася і застыла, здзіўленая.

— А ты хто такі? — апамятаўшыся, спытала яна робата, які сціпла стаяў перад уваходам, чакаючы ці каманды, ці пытанняў.

— Вундэркінд! — Звычайна кібернетычныя сістэмы на эмоцыі не праграміруюцца, відаць, гэта пакуль немагчыма, аднак у адказе нашага робата мне пачулася прыхаваная годнасць.

— Тваё імя Вундэркінд? — Валя працягнула руку: — А я — Валянціна.

Робат дакрануўся да яе рукі сваімі мяккімі і моцнымі пальцамі і, зусім як чалавек, салідна прамовіў:

— Вельмі прыемна,— і нават схіліў галаву.

А я падумаў, што зараз ён стукне абцасамі, як сапраўдны фацэтны кавалер. Не стукнуў, толькі дапытліва агледзеў Валю, нібы складаючы ўражанне ці запамінаючы.

Тады робат насмяшыў нас, а пазней я даведаўся, што ён наогул мае неверагодныя здольнасці: валодае вялікімі ведамі ў розных галінах навукі і тэхнікі, можа ацэньваць надвор’е, атрымаўшы заданне — разважае, аналізуе любую магчымую сітуацыю, знаходзячы аптымальнае рашэнне. Зрэшты, гэта самае робіць і ЭВМ сярэдняй магутнасці. Так што, нас з Валяй уразіў больш знешні выгляд робата, чым яго кібернетычмы розум.

Натуральна, П. К. узяў Вундэркінда з сабой на «Набат». Але якое дачыненне меў кібер да шахмат?

Вундэркінд зайшоў, павітаўся і ўтаропіўся ў С. В.— выклікаў ён, а нашы галасы робат адрозніваў.

— Ты ўмееш гуляць у шахматы? — спытаў С. В.

— Мая праграма прадугледжвае гэта,— сцісла адказаў Вундаркінд.

А мне чамусьці стала не па сабе. Што, калі над яго шахматнай праграмай працаваў хто-небудзь з славутых гросмайстраў? Я адчуў, што над маім тытулам непераможнага навісла нечаканая пагроза.

Але С. В. не даваў мне часу на роздум.

— Вундэркінд, ты згуляеш партыю з чэмпіёнам «Набата»,— і С. В. не ўтрымаўся, падпусціў-такі шпільку, відаць, каб я не надта занасіўся,— з стажорам Вікто́рам Асадчым.— Гэта «Вікто́р», якое мне звычайна падабалася, прагучала зараз надта іранічна.

— Калі стажор Віктар пажадае,— ён і пагаджаўся, і пытаўся. Напэўна, усё-такі, падумалася мне, не пашкодзіла б і кіберам надаць крыху эмацыянальнасці ў паводзінах, хаця б штучнай, адпаведнай моманту. Хай бы Вундэркінд хаця б для выгляду захваляваўся, выказаў нерашучасць. А то гэта нейкі псіхалагічны шантаж — яго ж зусім не цікавіць вынік.

— Як, Вікто́р? — Упэўнены, С. В. задаў пытанне проста для прыліку, інакш навошта было клікаць робата.

Мне адступаць не было куды. Я ж абвясціў сябе чэмпіёнам. Ды, калі па-шчырасці, не баяўся я гэтага дасціпнага робата. ЭВМ — толькі ЭВМ, нават здольная выконваць мільёны аперацый у секунду. Фантазіі ў яе няма. А шахматы — творчасць, мастацтва.

Мы кінулі жэрабя — так настояў Вундэркінд. Нічога не скажаш, запраграміравалі яго сапраўдным спартсменам. Мне дасталіся белыя фігуры. С. В. прысеў каля нашага століка, а П. К, сачыў за партыяй з рубкі па тэлевізары.

Дэбют разыгралі хутка, як бліцысты,— аказалася, тэорыю Вундэркінд ведае (або помніць) выдатна. Гэта мяне не збянтэжыла. Яшчэ ў мінулым стагоддзі Каісы (так называлі тады некаторыя праграмы) у шахматнай тэорыі былі энцыклапедыстамі, ды калі яна канчалася і прыходзілася рашаць праблемы самастойна, пачыналі памыляцца. Аднак і ў наш час, як мне было вядома, у пазіцыях, якія патрабавалі творчага падыходу, шахматныя машыны засталіся на даўнім узроўні. Так што я цярпліва чакаў, калі нарэшце скончыцца выбраны намі дэбют — разменны варыянт рускай партыі. Увогуле, мяняцца пачаў мой партнёр, і гэта павінна было мяне насцярожыць. Вундэркінд не мог быць баязліўцам, не збіраўся «бегчы» на нічыю, гуляючы чорнымі фігурамі. Але я, упэўнены ў сабе, нават не паспрабаваў заблытаць гульню, стварыць умовы для творчасці — рабіў хады, можа, добрыя, а па сутнасці не мацнейшыя, відавочныя. Адкуль мне было здагадацца, што шахматыста з Вундэркінда рабілі былы чэмпіён свету і адзін з прэтэндэнтаў на гэта званне. Не даўшы кіберу ўласнай фантазіі, яны затое здолелі прадугледзець фантазію майго ўзроўню. I даволі хутка я працягнуў Вундэркінду руку, віншуючы з перамогай.

Кібер праявіў літасць, відаць, запраграміраваную, і прапанаваў:

— Яшчэ адну?

Вельмі хацелася адыграцца, тым болей што якую гадзіну назад я тут навыхваляўся. Але ў мяне хапіла розуму адмовіцца, я зразумеў, што менавіта сёння не змагу гуляць раскавана, з натхненнем. Да такога праціўніка, як Вундэркінд, трэба падрыхтавацца псіхалагічна.

Вядома, мне было непрыемна. Але разам з тым я шчыра ўзрадаваўся, што на караблі ёсць такі цудоўны робат.

15 лютага. Працы цяпер хапае ўсім. У свой час па камандзе С. В. з Марса падняўся першы аўтаматычны разведчык. Я назіраў у тэлескоп яго старт. Праз некалькі секунд пасля выхаду ў эфір сігналу на заходнім беразе возера Сонца (усе марсіянскія назвы ўмоўныя, яны захаваліся з тых часоў, калі людзі мелі іншае ўяўленне аб планеце), дзе паверхня цямнейшая, успыхнуў агеньчык. Ён крыху пастаяў на месцы, нібы раздумваючы, што рабіць, потым паволі рушыў угору, пакідаючы за сабой кароткі і яркі хвост. 3 кожным імгненнем яго хуткасць павялічвалася, і праз некалькі хвілін над зацененым начным Марсам засвяцілася бліскучая зорачка. Разведчык імчаўся на сустрэчу з намі.

I вось сёння разведчык будзе ўзяты на борт «Набата». Мы чакаем яго з нецярпеннем. Аўтамат прынясе дадзеныя і здымкі мясцовасці, дзе намечана першая высадка чалавека. Праўда, пакуль карабель выйдзе на калямарсіянскую арбіту, прыбудуць яшчэ два разведчыкі. Да таго ж шмат інфармацыі перададуць станцыі, не запраграміраваныя на вяртанне. Многае таксама высветліцца і за час дзесяцідзённага аблёту планеты. Дадзеных хопіць, каб не садзіцца ў невядомае месца. Аднак гэты разведчык прынясе самыя першыя дакладныя звесткі. Разам з тым, думаю, колькі б мы здалёк ні даследавалі планету, усё роўна прыйдзецца садзіцца, як кажуць, слепа. Бо для чалавека зараз усё роўна, адкуль пачынаць — з возера Сонца ці з праліва Танаіс, паміж якімі, як сведчаць фотаздымкі, вялікай розніцы няма. А як хочацца, каб пункт першага кантакту быў выбраны найбольш удала, у самым цікавым раёне. Хаця, паўтараю, упэўнены, што плён ад гэтага будзе невялікі. Мабыць, толькі дзесятая ці сотая экспедыцыя знойдзе на Марсе нешта важнае, бо будзе мэтанакіраванай, мець канкрэтны адрас. Але хопіць прадказанняў. Усё гэта я пішу, напэўна, таму, што мне выпаў гонар несці вахту ў той час, калі будзем прымаць разведчыка. Значыць, я не лішні чалавек на караблі.

17 лютага. Учора знаёміліся з марсіянскімі матэрыяламі. Неверагодна! Не верыцца, што гэта ўсё прыбыло з далёкай планеты, чужой...

Апаратура «Набата» кантралявала сігналы разведвальнай станцыі з таго моманту, калі яна паднялася з Марса. А незадоўга перад тым, як я прыняў вахту, яе ўжо намацалі лакатары. ЭВМ вызначыла час і месца сустрэчы ў прасторы, яно было блізкім да вызначанага яшчэ на Зямлі! Фантастычна! I разам з тым мне крыху прыкра — за нас ледзвь не ўсё зроблена загадзя. Гэтак можна наогул абысціся без чалавека, усё аўтаматы выканаюць. А мы навошта тут?

Але мая справа не скардзіцца, а расказваць, як гэта было. На экране я ўбачыў маленькага бліскучага жучка-вусача з шырокімі і доўгімі, як у страказы, крылцамі. Вусы — гэта антэны, а крылы — сонечныя батарэі. Аднак падабенства з жуком поўнае. Я падключыў экраны С. В. і П. К. І паслаў «жуку» загад пачаць тармажэнне. Хуткасць «Набата», як я пісаў раней, рэгулюе аўтаматычны пілот, ён таксама запаволіў ход карабля.

Сустрэча адбылася а дванаццатай гадзіне. Зблізку разведчык ужо не нагадваў жука. Гэта была звычайная касмічная станцыя, якіх за апошнія гады шмат выпушчана ў прастору.

Мне не давялося доўга разглядаць нашага пасланца. Спецыяльны трал, выпушчаны з «Набата», захапіў яго і павёў у прызначаны для такіх гасцей элінг. Там разведчыка ўжо чакаў С. В., апрануты ў скафандр.

17 лютага (працяг). Мая вахта скончылася якраз у час. Вярнуўся С. В. з дастаўленымі матэрыяламі. Мы ўселіся перад вялікім экранам, і С. В. уключыў запісы. (Пробы паветра, грунту аналізаваліся ў лабараторыях, вынікі будуць пазней.) Перад намі ажылі марсіянскія краявіды.

Падобныя здымкі — не навіна, аўтаматычныя касмічныя станцыі, узброеныя тэлевізійнай апаратурай, ужо даўно рэгулярна і даволі дэталёва расказвалі пра тое, што траплялася ў поле іх аб'ектываў, і такія перадачы на Зямлі глядзелі, напэўна, амаль усе. Вачыў іх і я. Аднак тады мяне больш захаплялі дасягненні чалавечай думкі, дасканаласць тэхнікі, чым чужыя краявіды. Нечым нагадвалі яны мне ў экранным адлютраванні палотны мастакоў. Падобныя, але не сапраўдныя. Зараз жа на экране была зямля (хай даруюць строгія мовазнаўцы гэтую назву, іншага не знаходжу), па гэтай зямлі ў хуткім часе і я прайду нагамі. Чым яна акажацца для мяне, С. В. і П. К.? Другам, ворагам, абыякавым мёртвым асяроддзем? Менавіта гэта я хацеў зразумець, не чакаючы самога кантакту.

На экране была паўночная частка Марса, знятая з вышыні пяці тысяч кіламетраў. Ад палярнай зоны да экватара, заканчваючыся ў раёне, пазначаным на марсіянскіх картах як возера Сонца, цягнулася амаль суцэльная шэрая стужка. Некалі італьянскі астраном Скіапарэлі, аўтар гіпотэзы аб марсіянскіх каналах, назваў і гэту стужку каналам, даўшы яму імя Нектар. На жаль, Нектар не стаў артэрыяй жыцця, пазней высветлілася, што гэта проста ланцуг вялікіх кратэраў. Праўда, людзі і да цяперашняга часу не ведаюць, чаму яны размясціліся так строга адзін за адным. Але гэта ўжо іншае пытанне. А вось пункт, дзе неўзабаве апусціцца наш «Скакунок» — невялікі ракетаплан, пабудаваны спецыяльна для нашай экспедыцыі. Гэты пункт знаходзіцца на левым, заходнім беразе возера Сонца — выцягнутага няправільнага авала, які цямнее на светлым чырванаватым фоне пустыні. I возера, і бухта атрымалі сваю назву даўно, вады там няма, гэта стала вядомым яшчэ ў мінулым стагоддзі...

Наступныя кадры на экране — здымкі, зробленыя ўжо на месцы нашай будучай высадкі. Сумны пейзаж. Як хапае вока, ляжыць сухая парэпаная марсіянская зямля. Падобна, некалі тут грымелі вулканы, шугалі патокі распаленай лавы, віліся попельныя смерчы. Потым усё сціхла, акамянела, змярцвела. Гляджу на экран, на гэту аднастайнасць, і сумна робіцца. Спытаеце, ад чаго, бо нічога неспадзяванага не здарылася? Скажу: хочацца, каб падкінуў Марс загадку. Складаную, галаваломную...

29 сакавіка. Напэўна, толькі ў марах усё незвычайна і ўрачыста. У жыцці самая важная падзея часта выглядае да крыўднага будзённай. Колькі мы гаварылі між сабой пра сустрэчу з Марсам — узнёсла, з хваляваннем! А надышла яна, і ніхто не запляскаў у далоні. Эмоцыі саступілі месца клопатам. I гэты дзень, калі барвовы дыск навіс над караблём, засланіўшы добрую палавіну неба, стаў для нас толькі працягам папярэдніх. Праўда, кожны з нас затрымлівае позірк, разглядаючы высокія горы, шырокія плато, глыбокія каньёны, кратэры, якія праплываюць за ілюмінатарамі. Але ненадоўга. Мы працуем, забываючы на адпачынак і сон. Яшчэ і яшчэ правяраем тэхніку, абсталяванне: і прызначаныя для высадкі, і запасныя. А «ўра» будзем крычаць потым. I то, відаць, адзін я. С. В. чужая планета не дзіва, а П. К. на яго раўняецца.

Да высадкі асталося чатыры дні!


Частка трэцяя



I

На караблі, як і на Зямлі, у гэты час была ноч. Нават сонца і тое знаходзілася на тым баку Марса. Так што ўпершыню за некалькі месяцаў на некаторы час спалучыліся ўмоўны і сапраўдны падзел сутак. Бурмакоў і Віця спалі. Павел дзяжурыў. Ён любіў такія ціхія гадзіны, калі ўсё наўкола замірае і толькі мігценне індыкатараў на пульце напамінае, што «Набат» імчыцца ў касмічнай прасторы, а нястомныя агрэгаты ахоўваюць спакой чалавека.

Сённяшняя Паўлава вахта знешне нічым не адрознівалася ад іншых. Тая ж цішыня каля пульта, і нішто не патрабуе ад яго захадаў, дзейнасці, Сядзі, думай... I ўсё-такі гэта дзяжурства было адметнае, асаблівае. На самым пачатку яго «Набат» ператварыўся ў штучны спадарожнік планеты, выйшаўшы на амаль кругавую арбіту з аддаленнем ад паверхні каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Яшчэ ніколі чалавек не быў так блізка ад Марса!

Павел ссунуў ахоўныя засланкі з ілюмінатараў, і Марс адразу пагрозліва наблізіўся да карабля. Павел бываў на зямных арбітальных станцыях, але ніколі не адчуваў трывогі, няўпэўненасці. А зараз глядзеў на незнаёмыя і ўвогуле адсюль мірныя краявіды, і яму хацелася глыбей уціснуцца ў крэсла, быць далей ад навіслай над караблём вялізнай планеты.

Павел пасміхнуўся са свайго страху. Пагроза калі і існавала, то толькі ў яго фантазіі. Проста за доўгі час прывык, што за ілюмінатарамі «Набата» — неабсяжная адкрытая прастора. Гэта, напэўна, нешта падобнае на марскую хваробу ў новым, касмічным выданні. Ці адолее ён яе? Паўлу ўспомнілася, як аднойчы ў Чорным моры яго на яхце заспеў шторм. Даўно тое было. Але і да гэтага часу па целе бягуць халодныя і пякучыя мурашкі, калі ўспамінаецца, як рытмічна і бяздумна накатваліся на маленькую слабую яхту высачэзныя шэрыя валы з белымі пеннымі грывамі, як нібы прыціскалі яго да палубы цяжкія хмары беспрасветнага неба.

Тады Павел справіўся. Спачатку з сабой, з сваёй марской хваробай, потым і з ашалелай стыхіяй. Бо выкінуў з галавы небяспеку, страх. Забыўся на іх. Бачыў толькі сілу, якую мусіў адолець...

Павел у думках яшчэ быў на Зямлі, сярод бурных марскіх хваляў і таму не адразу ўцяміў, што нешта адбылося. Быццам у незаўважны рух карабля ўварвалася штосьці старонняе. I адразу знікла. Яно было такое няўлоўнае, што Павел не паверыў сабе. Імгненне-другое ён тупа глядзеў на па-ранейшаму спакойныя індыкатары, потым схамянуўся, націснуў клавішу кантрольнай сістэмы аўтапілота. Запіс на прыборы папоўз у адваротным кірунку. Нябачнае пяро вычэрчвала роўную хвалепадобную лінію. Павел хацеў быў ужо выключыць электроннага кантралёра, як пяро раптам падскочыла ўгору, пакінуўшы за сабой адзінокі і не надта высокі пік. Гэта азначала, што «Набат» нібы спатыкнуўся ў сваім палёце, зусім як чалавек, які падняў нагу, але зрабіў крок, затрымаўшыся. Павел перасмыкнуў плячамі і праверыў, ці не было сустрэчы з буйным метэарытам. Прастора на шмат кіламетраў навокал была чыстая. Увогуле, ён мог гэта і не правяраць — з’яўленне метэарыта адзначылі б іншыя прыборы.

Павел падумаў, што, напэўна, нейкі марсіянскі віхор выдыхнуў на стапяцідзесяцікіламетровую вышыню і тузануў па дарозе іх карабель. Ён разумеў, што гэта неверагодна, аднак іншага тлумачэння не знаходзіў.

Бурмакоў, выслухаўшы справаздачу Паўла аб вахце, уважліва прагледзеў усе запісы сістэм кіравання «Набатам». Але і ён не змог сказаць што-небудзь пэўнае. Тым болей што новых штуршкоў не было, хаця карабель пасля таго зрабіў шэсць віткоў вакол Марса.

— Будзем лічыць гэта першай загадкай ваяўнічага суседа Зямлі,— сказаў ён Паўлу.

— А што застаецца?

— Чакаць,— бесклапотна заявіў Віця.— Калі гэта не выпадак, то абавязкова паўторыцца.

— Мудрэц! — Павел ускудлачыў юнаку галаву.

— Не такая ўжо благая парада,— усміхнуўся капітан.— Нам сапраўды трэба набірацца цярпення.

Зрэшты, надаваць вялікае значэнне гэтаму, амаль непрыкметнаму штуршку, адзначанаму толькі чуйнымі апаратамі, падстаў не было. I Павел хутка перастаў думаць пра яго — надышла пара высадкі на Марс.

Раён першага знаёмства з планетай выклікаў у Паўла дваістае пачуццё. 3 аднаго боку, натуральную цікавасць чалавека да чужой планеты, з другога — нейкую расчараванасць, падман у спадзяваннях. Пад «Набатам» былі суровыя мёртвыя абсягі. У душы Павел быў больш рэалістам, чым летуценнікам. I ад гэтага першага прылёту чалавека на Марс хацеў мець здабыткі не толькі маральнага плана, а і канкрэтнага прыкладнога прызначэння. Ён не хаваў сваіх поглядаў, і Бурмакоў, паказваючы яму на экране чарговы кратэр, падобны на дзесяткі папярэдніх, жартаваў:

— Павел Канстанцінавіч, глядзіце, якія зубцы. Як на сценах сярэдневяковай крэпасці.

— Не хапае толькі байніц,— бурчаў Гушча.

— I марсіян за імі,— Сцяпан Васільевіч у гэтыя дні быў вельмі вясёлым, гатовым жартаваць бясконца.— На планеце забудзецеся на ўсе свае расчараванні.

Гушча і сам разумее, што занадта ные, і вінавата пасміхаецца.

— А вунь славутая Нікс Алімпіка,— Сцяпан Васільевіч пераводзіць размову на іншае. Падстава для гэтага слушная. 3 левага боку насустрач караблю наплывае яркая марсіянская вобласць — Снягі Алімпіка.— Праўда, паэтычна?

— Такі гігант патрабуе, бадай, прозы,— дух супярэчлівасці не пакідае Паўла,— Пяцьсот кіламетраў даўжыні!

— Хацеў бы я пабываць на гэтай гары,— Бурмакоў у думках ужо там, і яго вочы па-маладому іскрацца.

— У чым справа?

— Марс вялікі,— з жалем паківаў ён галавой,— усё не абдымеш.


II

Надыходзіў апошні, дзесяты дзень разведвальнага аблёту Марса. Усё, што трэба было зрабіць, рыхтуючыся да высадкі, касманаўты зрабілі. Сцены кают-кампаніі былі абвешаны здымкамі планеты. Каляровыя фатаграфіі даволі дакладна перадавалі асаблівасці прыроды. Марс па-ранейшаму выглядаў даволі панылым, аднастайным. Але ён ужо стаў аб’ектам непасрэднага вывучэння, і гэта змяніла адносіны касманаўтаў да яго. Яны прыглядаліся да фатаграфій з зацікаўленасцю даследчыкаў. I хаця Павел з Віцем зусім нядаўна сцвярджалі, што ўсё роўна, дзе высаджвацца, цяпер раптам захваляваліся, не маглі спыніць выбар на якім-небудзь пэўным месцы. Бо, акрамя запланаванага перад палётам возера Сонца, яны павінны былі намеціць для сябе яшчэ два раёны.

Бурмакоў не прыспешваў таварышаў, бо не толькі разумеў іх, а і сам адчуваў сябе, як на раздарожжы.

I вось «Набат», змяніўшы арбіту, нерухома павіс над заходняй часткай возера Сонца. Пад караблём раскінулася вялізная раўніна, і толькі далёка на поўначы да яе падступала невысокая горная града.

Усхваляваны Бурмакоў, сабраўшы экіпаж, урачыста прамовіў:

— Павел Канстанцінавіч, прымайце абавязкі капітана!

Яшчэ на Зямлі было вырашана, што першым на Марс адправіцца самы вопытны — Бурмакоў. Павел разумеў, што гэта правільна. I ўсё-такі ледзь утрымаўся, каб не папрасіць Сцяпана Васільевіча памяняцца з ім. Не, ён не думаў пра лаўры чалавека, якому выпаў гонар быць на Марсе першым. Яго непакоіла іншае. Што там чакае касманаўта, прадказаць немагчыма. Дык хай бы праверку на небяспеку зрабіў ён, Гушча, чыё жыццё не такое цэннае для чалавецтва, як Бурмакова. Але ён быў дысцыплінаваны і, устаўшы, коратка адказаў:

— Слухаю!

На першы раз Бурмакоў не ставіў перад сабой вялікай задачы. Рашыў праляцець кіламетраў дзвесце над мясцовасцю, якая ўмоўна прымаецца за граніцу возера Сонца і пустыні, і над вусцем канала Нектар павярнуць назад. Але вяртацца не ранейшым шляхам, а напрасткі.

— Дзейнічайце, Павел Канстанцінавіч.

Гушча падышоў да пульта, на якім адзначаўся стан апаратаў, прызначаных для працы на планеце. Ён націскаў пэўныя клавішы, і ў адказ успыхвалі зялёныя індыкатары — сведчанне тэхнічнай гатоўнасці.

— Выхад дазваляю,— Павел паціснуў Бурмакову руку.— Шчасліва!

Сцяпан Васільевіч абняў таварышаў за плечы. Адпусціўшы, сказаў:

— Не хвалюйцеся, усё будзе добра,— і накіраваўся ў элінг, дзе стаяў ракетаплан.

Павел з Віцем на экране ўнутранай сувязі назіралі, як ён апрануў скафандр, лёгкі, падобны на спартыўны, і вельмі трывалы; як надзявае на галаву гермашлем. Падрыхтаваўшыся, Сцяпан Васільевіч скрозь празрысты пластык гермашлема падміргнуў таварышам — ён іх бачыў таксама на сваім экране:

Загрузка...