— Ды мне мая сякера ўжо не патрэбна, — Бедалдай падняў яе, размахнуўся і хацеў выкінуць у балота.
— Пачакай, — усклікнуў кот Міамурмарор, — навошта ж знікаць такой добрай рэчы? А з іншага боку, калі мы сюды прайшлі, то і Штайнат таксама сюды за сякерай прыйсці зможа. Лепш зробім па-іншаму. Ты не будзеш прасіць у хана адстаўку, а проста выйдзеш у адпачынак па сямейных абставінах — на час шлюбнага жыцця.
— Вось вучоная галава! — пахваліў ката мастак Дроздзіч.
— Усім дзякуй за кампанію. Я пайду з Бедалдаем, — сказаў кот Міамурмарор, — дапамагу арганізаваць яму адпачынак і вяселле. А яшчэ мне трэба знайсці Варгіна і аддаць яму залаты кубік — хай наведае няшчаснага Ранэона ў Магнітным Замку.
— Ну, бывайце, сябры! — сказаў Бедалдай, паціснуў руку Арціну, абняў яго, затым, пачырванеўшы, моцна абняў Алеоллу.
— Да пабачэння! — абняўся з імі і мастак Дроздзіч.— Усяго ўсягошняга! — прамуркаў кот Міамурмарор — Арцін і Алеолла ледзь не задушылі яго ў сваіх абдымках.
— Запрашаем вас да нас у Скемень — наступным летам! — запрасіў Арцін.
— Абавязкова, — адказаў за сябе, а заадно і за ката з Бедалдаем мастак Дроздзіч.
— Шчаслівага шляху! — пажадала ім Паляндра.
Мастак Дроздзіч у вадаступах першым ступіў у балота, за ім пацялёпкалі кат і кот. Бедалдай пасадзіў Міамурмарора на свой футарал з сякерай — хітры кот зноў зрабіў выгляд, што забыў апрануць свае вадаступы.
— Глядзіце! — крыкнуў кот Міамурмарор. — Бераг! Вада сышла!
У Чорнага Балота, якое ўсё яшчэ ззяла рознымі колерамі, з’явіўся добра бачны край.
Дабраўшыся да процілеглага берага, мастак Дроздзіч і кат Бедалдай памахалі сваім сябрам рукамі, а кот Міамурмарор — лапай, а каб здалёк было лепш відаць, яшчэ і агніста-рудым распушаным хвастом. Пастаялі, пастаялі і накіраваліся ў гушчыню лесу.
* * *
Арцін і Алеолла некалькі дзён пагасцілі ў Паляндры, дапамаглі наладзіць ёй новы побыт, а затым адправіліся дадому, да родных.
Алеолле яшчэ трэба было стаць яснапаннай, а Арціну — мужным віцязем.
***
І ўсё-такі час ад часу Паляндры робіцца невыносна ад тужлівасці па сваіх прыёмных дзецях. Тады яна ператвараецца ў кажаніцу і лётае над зямлёй. Можна яе спалохацца. Але вы не бойцеся. Проста скажыце ёй:
Паляндра! Прэч ад нас ляці
За горы, пушчы, рэкі, долы,
Між нас не зможаш ты знайсці
Ні Арціна, ні Алеоллы!