Хан Ісмірай пачуў прыемны водар, які струменіўся ад лямпы Алеоллы, але яго гора было настолькі моцным, што ён не стаў ні смяяцца, ні нават усміхацца. Хоць і адчуў, што на душы ў яго зрабілася трохі лягчэй, а на сэрцы мякчэй. І яшчэ ён зразумеў, якім цяжкім грузам ляжыць яго жалоба на плячах яго верных падданых. Яны перажываюць за яго, і самі не могуць жыць паўнавартасным жыццём.

— Адпусціце яе, — узмаліўся Рахмадул і так панік галавой, што шалом з’ехаў яму на вочы.

І нават дог Файран на хвіліну прыўстаў на заднія лапы і пачаў ківаць сваёй вялікай выцягнутай пысай.

— Адпусціце мяне, — папрасіла Алеолла, я падару вам гэтую лямпу і алей так­сама. З яго можна рабіць чароўную парфуму. Калі жыхаркі горада будуць ім карыстацца, у іх сем’ях ніколі не будзе разладу.

— Я і рад бы адпусціць цябе, — сказаў хан Ісмірай, — але калі я сам пачну парушаць закон, гэта будзе беззаконне, — ён задумаўся. — Можа, настаў час унесці ў закон некаторыя папраўкі? Але гэта нялёгка. Трэба арганізоўваць дыспут, на які, па правілах, неабходна запрасіць двух мудрацоў. І галоўная ўмова: мудрацы павінны быць не з нашага горада, каб на іх не ўплывалі мае візіры. Вось гэтыя мудрацы ў спрэчцы і павінны вырашыць, ці можна дзеля такога выпадку ўнесці ў закон нека­торыя змены альбо не.


IX

ВЯЛІКІ ХАНСКІ ДЫСПУТ

Хан Ісмірай адправіў ганцоў-спавеснікаў па ўсім паўвостраве і ў суседнія землі. Ганцы-спавеснікі павінны былі паведаміць, што Вялікі Хан Дарвіцкага Ханства запрашае прыняць удзел у дыспуце двух найвялікшых мудрацоў.

А мудрыя людзі разумелі, што выступаць на заканадаўчым дыспуце — вялікая адказнасць, таму замест таго, каб адразу ж ісці ў ханскі палац, пачыналі рашаць галаваломкі і разгадваць загадкі — трэніраваць свой розум. Але на гэта шмат трацілася часу і таму да паездкі ў ханскі палац, мудрацы паступова пачыналі ставіцца па-філасофску: «Яшчэ будуць дыспуты, яшчэ паспеем падыспутаваць».

А людзі, якія толькі лічылі сябе мудрымі, але насамрэч такімі не былі, адразу падхопліваліся, каб адправіцца ў горад Палац Садоў. Ханскія ганцы-спавеснікі астуджалі запал такіх самазванцаў — задавалі ім тры загадкі.

Першая загадка была такая:

Дзве галавы, кожная з жыватом,

Шэсць ног, але з адным хвастом.

Што гэта?

Другая гучала так:

Еду, еду,

Ні дарогі, ні следу.

Што гэта?

А замест трэцяй загадкі ганцы-спавеснікі задавалі толькі адно пытанне: «Калі вы мудрэц, то над чым цяпер думаеце?»

І калі такія «мудрацы» не маглі правільна адказаць хоць бы на адну з загадак, ханскія спавеснікі ім кланяліся і казалі:

— Выбачайце, але ў палац патрабуецца мудрэц трошкі іншага складу розуму, — і выпраўляліся далей.

Адбор быў суровы, таму кандыдатаў на ўдзел у дыспуце доўга не маглі знайсці. Асабліва цяжка было падабраць другога.

Першым у палац хана Ісмірая завітаў кіраўнік Пячорнага Горада Абдурахмон Улюкбабай. Дабірацца да горада Палац Садоў яму было бліжэй, чым усім астатнім дыспутантам — спусціўся з гары, а тут ужо і палацы хана. У Пячорным Горадзе неўзабаве таксама павінен быў адбыцца дыспут, таму Абдурахмон Улюкбабай хацеў патрэніравацца ў мудрагельстве. На загадкі ён адказаў злёту, і цяпер, ухмыляючыся сабе ў бараду, расхаджваў па ханскім палацы, чакаючы, калі яму прадставяць яго спаборніка.

Нарэшце ў ханскі палац прывялі маленькага росту, вузкавокага і вельмі вусатага заморскага госця:

— Вялікі Хан, гэты малы кажа, што ён вандроўны мудрэц, — прашаптаў адзін ганец-спавеснік.

— На дзве нашыя загадкі ён, быццам бы, адказаў.

— Як гэта быццам бы? Вы нічога не пераблыталі? Вы сапраўды загадвалі выбраныя намі загадкі? — спытаў Вялікі Хан.

— Так, — адказаў першы. — Я хутка прамовіў:

Дзве галавы, кожная з жыватом,

Шэсць ног, але з адным хвастом.

Што гэта?

І гэты мудрэц, амаль не задумваючыся адказаў, што гэта, прабачце, я.

— Як гэта ты? — здзівіўся Вялікі Хан. — Гэта ж няправільны адказ!

— Ну, я пытаўся ў яго, седзячы на кані. А значыць, гэта быў правільны адказ, таму што правільны адказ на гэтую загадку — верхавы альбо чалавек на кані.

— Добра, а што з другой загадкай?

— Другую загадку, задаваў я, — пачаў распавядаць другі ханскі спавеснік. — Гэта было так. Я яму сказаў:

Еду, еду,

Ні дарогі, ні следу...

Не паспеў я дагаварыць да канца, як гэты заморскі купец, абурыўся, навошта, маўляў, я яго ашукваю. Я здзівіўся, чаму гэта я яго ашукваю. А ён адказаў, што я яго ашукваю, бо еду на кані, а ад майго каня застаецца і след, і, акрамя таго, я бачу дарогу, па якой еду. І наогул, гаворыць ён, калі вы мне хочаце задаць гэтую загад­ку, то запрасіце на прыстань, устаньце на карабель — вось тады і задавайце гэтую загадку.

— Пачакай, дык ён разгадаў другую загадку ці не? — у хана пачынала заканчвацца цярпенне.

— Якраз гэтага я і не разумею. З аднаго боку — не, таму што ён прама нічога не сказаў, а з іншага боку — адгадаў, таму што адказ на гэтую загадку — «човен», альбо «карабель». І калі б я загадаў яе на караблі, то ён бы яе тады адгадаў, а я быў конна, таму ён і заявіў, што я яго ашукваю.

— Так, гэта мудры чалавек, адразу відаць. Ён не толькі знайшоў правільны адказ, але і вас у тупік сваімі адказамі паставіў, — адзначыў Вялікі Хан. — Ну, добра, а што наконт трэцяй загадкі, дакладней пытання?

— Калі я задаў яму трэцяе пытанне, — зноў загаварыў першы ганец-спавеснік, — то ён заявіў, што адкажа толькі вам асабіста. І, акрамя таго, сам задаў нам сустрэчную і, кажа, самую простую загадку, якраз пра нашу службу.

— Самую простую? Ану, загадайце яе мне, — папрасіў хан Ісмірай.

— Вось яна , — прамовіў другі спавеснік, я яе слова ў слова запомніў:

Мы скакалі цэлы дзень —

І зямны спаткалі цень.

Што гэта?

Хан задумаўся, а потым сказаў:

— Так, цікавая загадка. Я ведаю адказ. Але мне цікава паслухаць, як гэты заморскі госць будзе сам на яе адказваць. Вядзіце яго да мяне.

Заморскі госць быў шчыльна захутаны ў жоўты халат, такі доўгі, што валачыўся па зямлі, на нагах у чалавечка былі вялікія жоўтыя батфорты, на руках — жоўтыя скураныя пальчаткі, а на галаве — ядвабная жоўтая чалма, насунутая на самыя бровы. У яго мелася доўгая кучаравая барада, што пачыналася ледзь не ад самых вачэй.

— Вось, — сказалі ханскія спавеснікі, — гэты спадар кажа, што ён вандроўны мудрэц. І ў нашых краях праездам з Сіамуня.

— Т’як, т’як, — з замежным акцэнтам пацвердзіў сказанае чалавечак і пакланіўся хану, — я в’яндроўні муньдрэйц Міамунямунь з далёкай караіны Сіамунь.

Хан Ісмірай сядзеў на троне пасярод шырокага пляца, перад сваім палацам. Справа ад трона, за сталом, сядзеў Галоўны Візір з паперай і пяром, побач з ім за сваімі сталамі яшчэ тры візіры: Першы, Другі і Трэці, а злева, пад аховай, стаяла Алеолла. Над яе галавой два бамбізы-вартаўнікі скрыжавалі вострыя дзіды. Па краях пляца на лавах з парусінавымі брылямі, каб сонца не сляпіла вочы, сядзелі падданыя хана — шаноўная публіка.

На сярэдзіну пляца тварам да хана, паўбокам да галоўнага візіра і да ўсіх астатніх гледачоў выйшаў, трымаючы ганарлівую паставу, Абдурахмон Улюкбабай і пакланіўся.

— Тое, што Абдурахмон Улюкбабай — мудрэц, — зычна вымавіў хан Ісмірай, — ведаюць усё.

Абдурахмон Улюкбабай важна, як паўлін, задраў галаву на тонкай шыі і абвёў поглядам усіх гледачоў. І яшчэ раз пакланіўся.

Затым наперад выйшаў вандроўны мудрэц Міамунямунь.

— Хвала ньебу, сто сёнуня пагодн’і д’ень. Нічыйго не буд’е мьешат шаноўн’ім людьям, слюшат, батшыт’ мяне і ўдумватыс’я ў мае слёвы. я в’яндроўн’і муньдрэйц Міамунямунь з далёкай караіны Сіамунь, — ён таксама пакланіўся.

Як толькі заморскі госць пачаў сваю вітальную прамову, дог Файран ні з таго, ні з сяго вельмі занерваваўся. Ён парываўся «боўкнуць» сваім басам — ужо і паветра ў лёгкія набраў, і пашчу разявіў — але Алеолла, якую дог моцна палюбіў, ласкава зірнула на яго, і Файран супакоіўся, ледзь не закусіўшы сабе верхнюю губу, ён прысеў на заднія лапы, развесіўшы вушы.

Хан Ісмірай шапнуў штосьці Галоўнаму Візіру, і той звярнуўся да заморскага мудраца:

— Калі вы насамрэч мудрэц, то вам не будзе вялікай цяжкасці адказаць на адну маленькую загадку.

— Калі ляска. — прыслухаўся Міамунямунь.

Візір выразна, каб усе на пляцы маглі пачуць вымавіў:

Мы скакалі цэлы дзень,

І зямны спаткалі цень.

Што гэта?

Гледачы прыціхлі і задумаліся.

— Я мяркую, — не міргнуўшы вокам, сказаў Міамунямунь, што гэта — ноч.

Публіка загула, пачуліся воклічы:

— Але ж правільна.

— Сапраўды!

— Нічога сабе...

Хан Ісмірай усміхнуўся — яму спадабалася, што заморскі мудрэц і выгляду не падаў, што гэта была яго ўласная загадка.

— Гэта адна з найпрасцейшых загадак, — паўтарыў хан словы, якія яму перадаў ганец-спавеснік.

А тыя гледачы, якія не ведалі адказу, падумалі пра сябе: «Які мудры ў нас Вялікі Хан, калі такая загадка яму падаецца адной з найпрасцейшых».

— А чаму вы завеце сябе мудрацом? Над якой праблемаю. над чым вы цяпер думаеце? — хітра спытаў візір.

— Цяпер я думаю над вашым пытаннем, — спакойна адказаў Міамунямунь.

— Правільна! — са здзіўленнем адзначыў Галоўны Візір.

— Так-так, відаць, што вы разумны чалавек, — сказаў хан Ісмірай. — Але ўмець адгадваць загадкі — гэта яшчэ не значыць быць мудрацом. Мне хацелася б даведацца, якую вялікую разумовую задачу вы перад сабой паставілі і спрабуеце вырашыць?

Вандроўны мудрэц яшчэ раз пачціва пакланіўся хану, потым усім гледачам і ўжо не з такой моцнай замежнай вымовай стаў апавядаць:

— Я хачу абысці ўвесь зямны шар услед за сонцам, паглядзець, як людзі і звяры жывуць, і пры тым падумаць: што магло б змяніцца, калі б сонца аднойчы ўстала на захадзе, а села на ўсходзе? Здаецца, нічога не павінна змяніцца. Зноў будзе такі ж дзень і такая ж ноч, усе так і будуць жыць у сваіх дамах. Падумаеш: сонца перамяшчацца ў іншым кірунку. Але нешта, пэўна ж, зменіцца. Можа быць, у нас саміх?

Усе людзі на пляцы задумаліся. Абдурахмон Улюкбабай ледзь ссунуў наперад сваю чалму і пачаў пачэсваць патыліцу.

— Так, сапраўды, цікавая праблема, — пагадзіўся хан Ісмірай, — над ёй можа разважаць толькі сапраўдны мудрэц!

— Прабачце, Ваша Вялікасць, дазвольце мне сказаць, — Абдурахмон Улюкбабай пакланіўся хану Ісміраю.

— Калі ласка.

— Ва ўсёй пастаноўцы гэтай праблемы ёсць адна асноўная і вельмі прынцыповая памылка. А менавіта — наша Зямля — не шар. Вось паглядзіце, — Абдурахмон Улюкбабай выняў з кішэні халата апельсін, — калі б наша зямля была шарам, як заяўляе паважаны Міанямням...

— Міамунямунь, — ветліва паправіў яго заморскі мудрэц.

— Дык вось, калі Зямля — гэта шар, то паўсюль павінна быць горка, такі круглы ўзгорак. Як на апельсіне, разумееце? А цяпер возьмем каменьчык, — Абдурахмон Улюкбабай падняў з зямлі невялікі круглы каменьчык і паклаў на паверхню апельсіна. Каменьчык у момант скаціўся з «апельсінавай горкі». — Вось, бачыце, калі Зямля была б шарам, то і мы маглі б у любым месцы Зямлі, вядома, досыць адкрытым, паставіць вазок і скаціць яго з круглай горкі. І нават без коней. І ехалі б далёка-далёка... Куды нам заманецца, — Абдурахмон Улюкбабай зноў з важным выглядам абвёў поглядам гледачоў. — Але ж у нашым жыцці падобнага не адбываецца! Нам патрэбны коні!

— Так! Так! — загаманілі гледачы і запляскалі ў ладкі.

— З гэтага выходзіць, што зямля зусім не круглая горка, а плоская раўніна! — падагульніў Абдурахмон Улюкбабай.

— Што вы на гэта скажаце? — спытаў хан Ісмірай у заморскага мудраца.

— У якім-небудзь асобна ўзятым месцы зямля сапраўды плоская.

— Вы гэта прызнаеце? — удакладніў візір.

— Так, прызнаю...

На гэтых словах Г алоўны Візір шырока ўзмахнуў чорна-белым гусіным пяром, патрос ім у паветры, затым накрэсліў нешта на паперы і абвясціў:

— Адзін-нуль на карысць Абдурахмона Улюкбабая.

— Пачакайце, — звярнуўся да ўсіх прысутных заморскі мудрэц. — Тое, што Зямля — шар, на самой зямлі не так добра відаць. А вось на вадзе, на моры, можна заўважыць. Ці вы не бачылі, што караблі, як быццам апускаюцца за гарызонт? І шчоглы са сцяжкамі знікаюць за краем вады?

— Так! Так! — зноў загаманілі гледачы.

— Значыць, па-вашаму, — умяшаўся Абдурахмон Улюкбабай, — вада круглая, а зямля плоская?

— Некаторым чынам можна і так сказаць, — заморскі мудрэц узяў са стала візіра слоічак з вадой — візір ёй разводзіў атрамант.

Міамунямунь кінуў у слоічак трэсачку, затым нахіліў — вада разам з ёю вылілася, і ў паветры, пакуль ляцела, ператварылася ў круглую кроплю, у якой плавала тая трэсачка. — Вось, гэтак жа, як гэтая трэска ў кроплі, так і зямная суша знаходзіцца ў круглай вадзе. Усе выспы і кантыненты.

— О-о, — працягнулі зацікаўленыя гледачы.

— Ну, дапусцім... выкажам, эээ, так сказаць дапушчэнне, што гэта. мм. магчыма, магчыма, — прамямліў Абдурахмон Улюкбабай.

Галоўны Візір зноў шырока ўзмахнуў пяром і накрэсліў нешта на паперы.

— Нічыя: адзін-адзін, — абвесціў ён.

Усе вакол, нават хан Ісмірай, запляскалі ў ладкі.

— І калі мараплавец, — працягваў заморскі мудрэц, — паплыве ў адзін бок, і ўвесь час будзе доўга плыць у адзін і той жа бок, не змяняючы курсу, то прыплыве дамоў са зваротнага боку мора-акіяна...

— Добра, — умяшаўся ў спрэчку мудрацоў хан Ісмірай, — пакінем гэтую тэму да таго часу, пакуль да нас не завітае такі мараплавец. А цяпер, паважаныя мудрацы, давайце пяройдзем непасрэдна да нашай справы. Паслухайце ўважліва. У свой час я даў слова і выдаў указ, які стаў законам, што той, хто парушыць спакой і жало­бу слёзнага каменя, будзе прысуджаны да смяротнай кары праз адсячэнне галавы! Парушыла спакой і жалобу слёзнага каменя вось гэтая яснапанна Алеолла. Яна сама прызнала сваю віну. І ў нас нават ёсць сведкі яе злачынства. Але вось у чым праблема — мае падданыя просяць яе адпусціць. Яна ім спадабалася, і яшчэ ясна­панна абяцала падарыць нам чароўны алей, з якога можна зрабіць вельмі патрэбныя людзям парфумы. А паколькі ўказы, якія становяцца законам, я выдаю для сваіх жа падданых, то іх просьбу я абавязкова павінен разгледзець. Пытанне да вас, паважа­ныя мудрацы, як быць? Разважце.

— Я думаю так, — пачаў Абдурахмон Улюкбабай, — амаль год таму на дыспу­це ў сваім родным горадзе я даказаў, што чалавек кіруе ўласнай думкай. Ён сам яе стварае. Калі вы, Ваша Вялікасць, стварылі гэтую думку, значыць, яна была неабходная. Раз яна стала вашым словам, значыць, яна здабыла сілу, як кажуць — стала «жалезным словам». Калі яна — ваша думка — стала ўказам, значыць, стала магутнай, цвёрдай, непахіснай. Раз яна стала законам — значыць, стала ўладнай, непераможнай, неабвяргальнай. І цяпер уласнымі сумненнямі вы можаце яе паслабіць, а гэта недапушчальна! Чалавек, які адзін раз падвергне сумненню сваю думку, затым другі раз, потым трэці, пасля заўсёды будзе ствараць у сабе сумнеўныя думкі, можа і сам стаць вельмі сумнеўным суб’ектам.

Пачуўшы такія развагі, хан Ісмірай нахмурыўся і спадылба зірнуў на Абдурахмона Улюкбабая. Мудрэц з Пячорнага Горада заўважыў гэта і ўжо зусім іншым тонам дадаў:

— Я кажу пра абстрактнага чалавека, а ні пра якога-небудзь канкрэтнага хана...

— Так, так, — шэптам загаманілі гледачы. — Сумнеўная думка — гэта вельмі сумнеўна!

— Кат! — загадаў хан. — Рыхтуй сваю сякеру!

Кат у чырвоным скураным каптуры і чырвонай туніцы стаяў воддаль, побач з фігавым дрэвам. Ён раскрыў драўляны футарал, абабіты замшавай скурай, дастаў з яго вялікую двухбаковавострую сякеру з вельмі бліскучымі лёзамі, якія нагадвалі два паўмесяцы. Сякера — нават яе доўгая дзяржальна — была зроблена з чорнага жалеза, таму была даволі цяжкай. Але кат з ёй упраўляўся лёгка, нібы з драўляным кійком. Ён адной рукой узняў сякеру, хутка і моцна махнуў наперад, назад, уверх, уніз:

— Уюць, уюць, — запішчала паветра, рассечанае лёзамі.

Ад жаху гледачы ўціснулі галовы ў плечы, яны імкнуліся не глядзець на Алеоллу. Ім было яе вельмі-вельмі шкада.

— Увогуле, кат можа пакуль пачакаць, — сказаў Абдурахмон Улюкбабай. Ён таксама адчуваў жаль да Алеоллы, бо, па сутнасці, быў добрым чалавекам, але ўжо вельмі прынцыповым. — Дзеянне вашага закона неабмежавана. Вось і не абмяжоўвайцеся.

— Гэта як? — спытаў хан Ісмірай.

— У вашым законе сказана толькі — зняць галаву, але не сказана, калі гэта зрабіць... Хай Алеолла жыве ў вашым палацы разам з вашымі падданымі. Яна падзеліць з вамі жалобу — і вам будзе лепш, і падданым. Фу... — Абдурахмон Улюкбабай зняў чалму, дастаў з яе хустачку, працёр мокры ад поту лоб, потым схаваў хустачку ў чалму і зноў нацягнуў чалму на галаву.

— Гэй, Бедалдай! — крыкнуў хан Ісмірай кату. — Прыбяры пакуль сваю сякеру. Ты нам перашкаджаеш.

Бедалдай акуратна паклаў сякеру назад у футарал.

— Правільна! Правільна! — гучна загаманілі гледачы.

У іх адлегла ад сэрца.

Галоўны Візір узмахнуў белым пяром зрабіў на паперы чарговую адзнаку:

— Два-адзін на карысць Абдурахмона Улюкбабая.

— А цяпер паслухайце, калі ласка, што вам я, Міамунямунь, скажу, — заморскі мудрэц пакланіўся хану, затым публіцы. — Вы сцвярджаеце, паважаны Абдурахмон Улюкбабай, што думку стварае сам чалавек, і калі яна ператвараецца ва ўказ, становіцца непахіснай, а калі пераходзіць у закон — то неабвяргальнай. Добра. Давайце прадставім такую сітуацыю. Адзін хан вырашыў адправіцца ў паход з усім сваім войскам. Ім неабходна прайсці па дарозе, якая ляжыць паміж горамі. Хан выдае пра гэта ўказ, і тым самым яго думка становіцца законам для ўсяго ханскага войска. І вось, ужо выступае ханскае войска ў шлях, як раптам мясцовы бядняк кажа хану, што ўсё-ткі не варта ехаць гэтай дарогай, бо ў любы момант можа сысці снежная лавіна. Так што па-вашаму рабіць гэтаму хану — ехаць са сваім войскам па гэтай дарозе, альбо ўсё-ткі прыслухацца да слоў бедняка і абвергнуць свой жа закон? — Міамунямунь спыніўся, даў слухачам падумаць, што ўсе слухачы і зрабілі, пачаўшы чухаць патыліцы, хмурыць ілбы, разводзіць і зводзіць бровы.

Заморскі госць казаў далей:

— Мудры хан, вядома ж, не паедзе такой небяспечнай дарогай, ён адменіць свой закон... І што з гэтага мы маем? — вандроўны мудрэц зрабіў шматзначную паўзу, абвёў поглядам усіх прысутных на пляцы і прадоўжыў. — А тое, што на думку ўплывае не толькі сам чалавек, але яшчэ і тое, што вакол чалавека адбываецца.

Усе яшчэ больш задумаліся. І Вялікі Хан, і Галоўны Візір, і яшчэ тры візіры, і Абдурахмон Улюкбабай, і гледачы, і нават дог Файран — ён, быццам разумеў, пра што кажа Міамунямунь, — хоць даволі коса пазіраў на вандроўнага мудраца.

— Альбо вось яшчэ адна гісторыя, — працягваў заморскі госць. — Адзін знаёмы мне чалавек даў клятву, што ніколі не стане купацца ў моры. Ён умее выдатна плаваць, але не хоча, бо лічыць, што мора — гэта люстэрка для зорак, месяца, аблокаў і сонца, таму і не жадае замінаць ім глядзецца ў яго. Аднойчы гэты чалавек ішоў уздоўж берага, як раптам заўважыў, што ў моры тоне маленькае кацянятка. Чалавек спыніўся, зірнуў. І вось перад ім устала пытанне, што важней — слова, дадзенае сабе, альбо жыццё жывой істоты?

— І што гэты чалавек зрабіў? — не вытрымала і спытала Алеолла. — Ён выратаваў кацянятка?

— Выратаваў, — адказаў Міамунямунь.

Усё ўздыхнулі з палёгкаю.

— Гэты выпадак паказвае нам, што думка і слова чалавека павінны быць не толькі цвёрдымі, але і гнуткімі. Неабходна ўлічваць акалічнасці.

— Дазвольце мне, — папрасіў Галоўны Візір.

Хан рукой даў яму знак працягваць.

— А як жа быць з законам? — візір падняўся са свайго месца. — Калі закон будзе гнуцца, як лаза, то кожны будзе гнуць яго ў свой бок.

— Так, гэта праўда, — пагадзіўся хан.

— Закон паказвае, што можна, а што нельга рабіць. А калі нешта і здараецца, то для высвятлення ўсіх акалічнасцей трэба запрашаць мудрацоў-суддзяў, — сказаў Абдурахмон Улюкбабай, — мудрацы нікому не дазволяць гнуць закон у розныя бакі.

— Наадварот, — запярэчыў яму Міамунямунь, — мудрацы не ўтрымліваюць закон, а паглыбляюць яго разуменне. І вызначаюць моц яго дзеяння ў кожным пэўным выпадку.

— Так што ж мне рабіць? — запытаў хан Ісмірай. — Як мне выканаць закон і ў той жа час не караць Алеоллу?

— Я думаю, — Міамунямунь прыняў важную паставу, але пры гэтым пачаў выглядаць вельмі хітра, — трэба глядзець у самую сутнасць закона. А сутнасць складаецца ў тым, што прычынай усяму сталі жалоба і гора. І вось калі Алеолла, як яна абяцае, вызваліць з цямніцы Паляндры вашу каханую Джайміну, то сама і адменіць сваё пакаранне.

— А калі ў яе гэта не атрымаецца? — спытаў хан.

— Тады яе забярэ да сабе Жалобная Каралева Паляндра. А гэта, паверце, раўназначна пакаранню.

— А калі яна не зможа прайсці да Паляндры, адступіцца і будзе проста жыць дзесьці ў сябе дома? — умяшаўся Галоўны Візір. — Гэта ж тое ж самае, што яна ад нас уцячэ.

— На гэта я вам так адкажу, — спакойна прамовіў Міамунямунь, — у вашым законе, як правільна зазначыў мудры Абдурахмон Улюкбабай, ні слова не сказана пра тое, калі трэба выконваць пакаранне, правільна?

— Так, так, — пагадзіліся ўсё.

— Таксама там не сказана, дзе яго трэба выконваць. Правільна?

— Так, так, — пагадзіўся Вялікі Хан.

— Значыць, ваш кат Бедалдай можа ўзяць сваю сякеру і пайсці разам з Алеоллай. Калі яна не пойдзе да Паляндры, ён зможа выканаць пакаранне. Хоць я ўпэўнены што Алеолла пойдзе да Паляндры, бо дала слова.

— Але як жа маё ханства застанецца без ката? — запытаўся хан Ісмірай.

— Наколькі мне вядома. Гэта мне вашы падданыя сказалі. Ваш кат так ні разу і не працаваў. Але акрамя гэтага, усе падданыя гатовы паклясціся, што на час яго адсутнасці ніхто не будзе ўчыняць нічога дрэннага. Праўда? — Міамунямунь звярнуўся да прысутных на пляцы.

— Так, так, клянёмся! — хорам адказалі ўсё.

— А на час адсутнасці ката на смяротныя пакаранні будзе абвешчаны перапынак.

— Перапынак? — здзівіліся хан і візір.— У іншых краінах гэта завецца мараторый, — растлумачыў мудрэц з Сіамуня.

— Ма-ра-торый... — паўтарыў хан. — Гэта па-новаму...

— Нічога сабе! Як гэта Нямуням так усё закруціў, — адзначыў сабе Абдурахмон Улюкбабай.

— Ага! — Галоўны Візір падслухаў гэта і ўзмахнуў пяром. Паставіў на паперы закавыку і абвясціў. — Два-два — нічыя.

— Малайчына, заморскі мудрэц! — закрычалі гледачы. — Жыве Вялікі і Мудры Хан Ісмірай! Жыве заморскі мудрэц!

— Ціха! — гучным голасам загадаў Галоўны Візір. — Раз выйшла нічыя, то, па законе, закон не адмяняецца, усё застаецца так, як і было да дыспуту.

Пачуўшы гэта, кат Бедалдай зноў дастаў з футарала сваю сякеру і — «уюць, уюць» — узмахнуў ёй у паветры.

— Цяпер паслухайце мяне, — хан Ісмірай устаў са свайго трона, выйшаў на сярэдзіну пляца, падняў рукі да неба і сурова сказаў:

— Раз у дыспуце адбылася нічыя, то я сам маю права выбіраць, якога мудраца мне слухаць. Прашу — усім стварыць цішыню!

Вялікі Хан устаў, закрыў вочы і пачаў уважліва слухаць, што яму падказвала яго сэрца. Ніхто з прысутных на пляцы не наважваўся яму перашкаджаць. Нават дыхалі цішком. Такой цішыні яшчэ ніколі не чуў горад Палац Садоў.

— Вось што, Бедалдай, — адкрыў вочы хан Ісмірай, — пакладзі сваю сякеру ў футарал і збірайся ў дарогу. А ты, Алеолла, адпраўляйся да свайго віцязя Арціна і прывядзі яго сюды. Я дам вам сваіх лепшых скакуноў. Утрох вы адправіцеся да Жалобнай Каралевы Паляндры.

— Жыве наш Вялікі і Мудры Хан! — сустрэлі яго словы гледачы-падданыя.

Візір махнуў пяром, нешта напісаў на паперы і абвясціў: тры-два-два, на карысць

Вялікага Хана Ісмірая!

— Жыве Вялікі Хан Ісмірай

— Але я стаміўся, — панізіўшы голас, сказаў хан.

Пакуль ішоў дыспут, ён амаль забыўся на сваё гора, а цяпер яно з новай сілай вярнулася да яго. Хан устаў з трона і моўчкі накіраваўся ў свой палац.

— Пачакайце! — ускрыкнула Алеолла. — Я хачу падарыць вам чароўны алей.

— Пакіньце яго Галоўнаму Візіру, — не азіраючыся, сказаў хан Ісмірай. — Ён у мяне скрупулёзны. Па кропельцы раздасць кожнай жыхарцы нашага горада, усё запіша і падлічыць. Поспехаў, Алеолла!

— Дзякуй вам, хан Ісмірай, — адказала Алеолла і паставіла лямпу з алеем перад візірам на стол.


X

ТАЯМНІЦА СТАРОЙ ШАЎКОЎНІЦЫ

Алеолла ішла з горада па дарозе, якая вяла да гары з трыма шаўкоўніцамі. Людзі праводзілі яе да мяжы горада, а калі яна ішла ўжо адна, яе дагнаў заморскі мудрэц.

— Пастой, пачакай мяне, — сказаў ён Алеолле. — На задніх лапах я хаджу не так хутка.

Мудрэц зняў жоўтую чалму, і дзяўчына ўбачыла яго каціныя вушы.

— Як цябе там — Муня-мунь-мунь?

— Не, цяпер я зноў Міамурмарор, — і ён адклеіў накладную бараду.

— Вялікае-найвялікшае дзякуй табе, кот Міамурмарор, за тое, што выратаваў мяне, — яна цмокнула яго ў вільготны нос.

Калі кот Міамурмарор і Алеолла падняліся на вяршыню гары, то ўбачылі Арціна. Будучы віцязь, смутны-смутны, сядзеў пад шчаслівай шаўкоўніцай.

— Прывітанне! — радасна сказала Алеолла.

— Колькі можна? Я ўжо думаў, што вы ніколі не вернецеся, — дакорліва прамовіў Арцін.

— Ну, і што ты рабіў увесь гэты час? — замест адказу спытала Алеолла.

— Што рабіў, што рабіў? Вас чакаў. Пасяджу пад шаўкоўніцай, засумую, тады выходжу з-пад кроны, насмяюся ўдосталь і назад пад дрэва вяртаюся.

— Не, тое, што ты сумаваў-нудзіўся і пасля свой сум-нуду разганяў, гэта зразумела, — сказаў кот, — гэта кожны здагадлівы чалавек прыдумаў бы. Алеолла ў цябе пытае, ці знайшоў ты, з-за чаго ягады на шаўкоўніцы цалкам не выспяваюць?

— Знайшоў, — упэўнена адказаў Арцін. — Ідзіце сюды, пакажу.

Ён падвёў іх у самае цяністае месца пад кронай шаўкоўніцы, рассунуў галінкі, і яны ўбачылі, што на лісце, які па краях быў пажухлым, сядзеў вялікі чорна-буры вусень. Ён не проста сядзеў, а безупынна шавяліў сківіцамі — грыз ліст і самазабыўна жаваў.

— Падаецца, я дзесьці падобнае бачыла, — заўважыла Алеолла.

— Натуральна. Я таксама бачыў. У мастака Дроздзіча ў слоіку, — сказаў Арцін.

— Так, але толькі ў мастака ў слоіку яны былі як нежывыя, і больш мярзотныя.

— Таму што ў мастака Дроздзіча, — сказаў кот, — гэта і не вусені зусім, а перайначаныя ўсмуткі.

— А ты і мастака Дроздзіча ведаеш? — здзівіўся Арцін.

— А хто ж яго не ведае, — аксамітным голасам адказаў кот Міамурмарор.

— І як жа гэты вусень тут апынуўся? — задумалася Алеолла.

— Пэўна, хтосьці вельмі моцна смуткаваў і заразіў шаўкоўніцу сваёй усмуткай, — выказаў здагадку Арцін.

— Не, гэта Паляндра зрабіла, — сур’ёзна прамовіў кот. — Я заўважыў, што яна кружыла вакол шаўкоўніцы перад тым, як забраць Джайміну. Дзеля гэтай шаўкоўніцы яна ў наш край і прылятала. Шаўкоўніца для яе небяспечная.

— Глядзіце, вось яшчэ, — паказаў Арцін.

Яны знайшлі яшчэ пяць такіх жа чорна-бурых вусеняў.

— Пяць плюс адзін, гэта колькі будзе? — задумаўся кот, — шэсць. Шасцёркай чапляў запрэжана карэта Журботнай Каралевы.

— Усяго шасцёркай. А ў нашым мястэчку было больш віхураў. Нават не віху раў, а смерчаў, — успомніў Арцін.

— Можа быць, разам з імі яшчэ хтосьці прылятаў? — услых падумаў кот.

— І што з гэтымі вусенямі цяпер рабіць? — спытаў Арцін. — Я спрабаваў іх адчапіць — нічога не атрымліваецца. Яны вельмі моцна да лісткоў прылепленыя. Можа, іх проста прыдушыць?

— Што ты, нельга! — абурыўся кот. — Пад шчасцядайнай шаўкоўніцай не павінна быць дрэнна аніводнай істоце! Тады шаўкоўніца насамрэч засохне. Бо вусені не вінаватыя ў тым, што яны вусені!

— Паглядзіце! — выклікнула Алеолла. — Яны смяюцца!

І праўда, вусені не проста жавалі лісты, а яшчэ безупынку смяяліся. А можа, і наадварот, яны смяяліся і заадно безупынку жавалі.

— Ад лістоў яны і смяюцца, як я ад ягад, — здагадаўся Арцін.

— У такім разе, я ведаю, што рабіць, — прамовіў кот, — трэба іх апырскаць слязой каменя. Яны перастануць смяяцца, а заадно і жаваць.

Алеолла дастала напарстак са слязой каменя.

— Не, спачатку мяне, — папрасіў Арцін. — А то раптам не хопіць.

— Хопіць, — паспрабаваў супакоіць яго кот, — пырскаць трэба зусім мала, а то замест безупыннай радасці на цябе бясконцая журба нападзе.

Кот абмакнуў у напарстак белы кончык свайго ярка-рудага хваста і ўзмахнуў ім — некалькі малюпусенькіх кропелек патрапілі на лоб, шчокі і рукі Арціна.

— Давай, выйдзі з-пад шаўкоўніцы.

Арцін выйшаў з-пад дрэва і расплыўся ў шырокай усмешцы.

— Хі-хі!

— Што, не дзейнічае? — занепакоілася Алеолла.

— Го-го-го! — зайшоўся Арцін.

— Няўжо... Міамурмарор! — у Алеоллы нагарнуліся слёзы.

— Дзейнічае. Супакойся. Гэта я так, спецыяльна пасмяяўся, — ужо без усякага смеху сказаў Арцін. — Я проста пажартаваў. Сам сабе пажартаваў.

— Слухай, ну і жартачкі ў цябе, — пакрыўдзілася Алеолла.

— Ты б так не жартаваў, калі б ведаў, што ёй і мне давялося паспытаць перш, чым прынесці табе гэтыя слёзы каменя.

— А што? — занепакоіўся Арцін.

— І гэта ўсё, заўваж, каб выправіць, тваю памылку, — сурова сказаў Міамурмарор.

— Распавядзіце, што з вамі адбылося.

Кот і Алеолла расказалі Арціну ўсё, што з імі здарылася ў горадзе Палац Садоў.

— Так што перад тым, як жартаваць, — прамовіў кот, — трэба ведаць, ці можа чалавек у гэтую хвіліну ўспрыняць твой жарт.

— Прабачце мяне. Ну, калі ласка, — папрасіў прабачэння Арцін.

— Ды што з цябе ўзяць, эх ты... — прабачыла яго Алеолла.

— Давайце вусеняў акропім, — прапанаваў кот.

Як толькі мікрапырскі патрапілі на чорна-бурых вусеняў, тыя перасталі жаваць, задумаліся — што ж з імі такое адбываецца. Потым спаўзлі з лістоў па празрыстай павуціне і нейкі час віселі ў паветры. Пасля хуценька пачалі закручвацца ў павуціну і ў такім кокане зноў сталі прыладжвацца да ліста.

— Што гэта яны з глузду з’ехалі? Можа, ты на іх занадта шмат слязы каменя напырскаў? — здзіўлена спытаў у Міамурмарора Арцін.

— Заўтра паглядзім, — спакойна адказаў Міамурмарор.

Сонца ўжо знікла за гарамі, і змрок агарнуў наваколле чорным халатам са срэбнымі дзірачкамі зорак.

Але ні заўтра, ні паслязаўтра нічога не змянілася. Арцін сур’ёзна занепакоіўся.

І вось раніцай пятага дня Алеоллу і Арціна абудзіў кот Міамурмарор. Ён прымаў сонечныя ванны. «Ванны самага ранняга сонца — найкарыснейшыя для птушак і катоў», — сцвярджаў вучоны кот.

— Алеолла! Арцін! Хутчэй прачынайцеся! А то ўсё прапусціце!

Спалоханыя юнак і дзяўчына ўскочылі і падбеглі да шаўкоўніцы.

Побач з кожным коканам сядзеў белы матылёк. Было падобна, што матылькі толькі нядаўна выйшлі на свет і сушылі свае белыя крылцы з шакаладнымі акрайцамі. Раптам падзьмуў вецер і ўсе шэсць матылькоў пырхнулі і паляцелі ў даліну.

— Паглядзіце! — узрадавалася Алеолла.

Ягады шаўкоўніцы зрабіліся вялікімі і белымі. І акрамя таго, сваёй формай яны нагадвалі тых вусеняў, толькі скурчаных. Ягады відавочна былі налітыя і сакавітыя.

— Слухай, мы іх назбіраем, — пачаў разважаць Арцін, — а мастак Дроздзіч пафарбуе іх чорнай і бардовай фарбай, ягады стануць падобнымі да сапраўдных чорна-бурых вусеняў. Мы пакладзём іх у яго слоік. Чаплі возьмуць, паядуць, дадуць Паляндре — самі атруцяцца, і Паляндра атруціцца. Тады мы зробім гаць — наносім галля — і пяройдзем Чорнае балота! Пройдзем да Імховага вострава і Чорнага церама ды вызвалім людзей!

— Правільна, добра прыдумаў, — пагадзілася Алеолла.

— Добра, добра. — упершыню падтрымаў Арціна кот Міамурмарор. — А вось гэта таксама можа спатрэбіцца.

Кот падчапіў сваім вострым кіпцюром тонкую павуцінку на кокане. Кокан, быц­цам шпулька нітак, пачаў раскручвацца.

— Слухайце, — узрадавалася Алеолла, — гэта ж той самы ядваб, з якога зроблены парасон Дроздзіча!

— Так, вусені яго робяць з лісця шчасцядайнай шаўкоўніцы, таму Паляндра і яе паслугачы не могуць яго заўважыць! — улавіў яе думку Арцін.

— Якія вы сталі разумныя. Вось што значыць павучацца ў вучонага ката, — пахваліў іх альбо сябе самога кот Міамурмарор. — Я ведаю, дзе ў Пячорным Горадзе ёсць майстэрня — там ткуць ядваб. Мы прыгатуем пахкага алею, а таксама назбіраем пладоў звычайных шаўкоўніц. Ослік нам дапаможа перавезці іх да майстэрні. Плады аддамо майстрам, а алей — Абдурахмону Улюкбабаю. Ён раздасць па кроплі ўсім жыхаркам горада — на парфуму. А майстры хутка зробяць з кожнага кокана чатыры ядвабныя накідкі. Пад імі Паляндра нас не заўважыць.

— Усё-такі, у нас найвучонейшы кот! — разам пахвалілі яго Алеолла і Арцін.

Як сказаў кот, так яны і зрабілі. Алеолла адціснула з ягад шчасцядайнай шаўкоўніцы сок, а з іх костачак алей. Адзін маленькі збаночак алею пакінула сабе, другі — жыхаркам Пячорнага Горада. Арцін і кот Міамурмарор назбіралі ў падарунак майстрам два вялікіх плеценых кашы звычайных шаўкоўніц, а потым адзін невялікі кош «шчаслівых» ягад — «пачастунак» для чорных чапляў і Паляндры. Кошыкі і збанкі загадзя пазычылі ў жыхароў Пячорнага Горада. Ні Алеолла, ні Арцін, ні кот Міамурмарор «шчаслівымі» ягадамі і іх сокам ужо не ласаваліся, таму што, як сказаў кот Міамурмарор, — «ягады — саспелыя, значыць, можна адчуць не пустое шчасце, а поўнае. А істоце, цалкам напоўненай шчасцем, цяжка кудысьці ісці, і, тым больш, пачынаць рызыкоўную для жыцця кампанію».

Сябры працавалі бадзёра і весела. Ослік з радасцю дапамог ім перавезці плады шаўкоўніц і іх сок у Пячорны Горад. Арцін і Алеолла пачаставалі яго смачнымі звычайнымі шаўкоўніцамі, хлебам, перапечкамі. Абдурахмон Улюкбабай вельмі дзякаваў Алеолле, што яна і для яго жыхарак прынесла чароўнага алею. Раней ён трохі пазайздросціў, што яна дала алей, як ён трапна назваў — «алей гумору», — жыхар­кам горада Палац Садоў, але выгляду не падаваў. Цяпер ён вельмі ўзрадаваўся праўда неяк задуменна глядзеў на ката Міамурмарора, усё імкнуўся зразумець, каго нагадвае гэтая вусатая ўсмешка, але ніяк не мог здагадацца.

Калі чатыры ядбвабныя накідкі былі гатовы, сябры вышлі з Пячорнага Горада.

Алеолла і Арцін спыталі ў ката:

— Паважаны Міамурмарор, ці не жадаеш ты з намі пайсці да Паляндры? Нам вельмі спадабаліся твае парады.— Дзякуй, я чакаў гэтага запрашэння. — расчулена прамуркаў кот. — Я вельмі рады далучыцца да вашай кампаніі. З такімі стараннымі вучнямі і сумленнымі сябрамі лёгка адпраўляцца нават у цяжкі шлях. Акрамя таго, я ведаю, што побач з цямніцай-скляпеннем для людзей у Паляндры ёсць цямніца і для жывёл. І цяпер у мяне з’явіўся шанц стаць самым праслаўленым катом, які вызваліць з палону сваіх братоў.

— Выдатна!

— Толькі я паеду на кані разам з Алеоллай, — разважліва прамовіў кот Міамурмарор, — яна меншая, чым ты, Арцін, і ў сядле будзе больш месца.

— Я згодна, — адказала Алеолла.

Яны развіталіся з гараджанамі, майстрамі, са старым, у якога бралі амфару, з ослікам. Іх па чарзе моцна сціснуў у сваіх абдымках Абдурахмон Улюкбабай — расчуліўся і пусціў слязу...

— Кіруйце сваімі думкамі! — пажадаў ён ім на шлях-дарогу.

— Дзякуй! Дзякуй!

І вось утрох яны спусціліся ў горад Палац Садоў. Сам хан Ісмірай, яго Галоўны Візір і кат Бедалдай, у якога на рэмені за плячамі вісеў футарал з сякерай, вывелі насустрач ім лепшых у ханстве скакуноў. Белага ўзяў Арцін, гнядога — Алеолла, а чорнага — кат Бедалдай.

— Поспехаў, — пажадаў на развітанне Вялікі Хан Ісмірай.

Кот, якога ніхто, акрамя дога Файрана, не пазнаў, ускочыў на каня Алеоллы, сеў у сядло перад ёй, каб бачыць дарогу, адной лапай моцна ўчапіўся каню ў грыву, а другой — памахаў хану, Галоўнаму Візіру і догу.

Файран хацеў «боўкнуць» з усіх сіл, але перадумаў і проста «гаўкнуў», маўляў — «трымайцеся і поспехаў», падняў правую пярэднюю лапу і памахаў ёю.


XI

ПУСТАГАЛОВЫЕ ЗЛЫДНІ

Панеслі іх ханскія скакуны хутчэй ветру. І неўзабаве сябры апынуліся перад рэчкай, за якой пачыналіся землі Светлых Азёр — радзімы Алеоллы і Арціна.

Разумны конь, на якім ехала Алеолла, знайшоў брод першым і скіраваў да процілеглага берага. За ім ступіў у ваду конь Арціна. Апошнім, без усялякага на тое жадання, пайшоў конь Бедалдая. На процілеглым беразе шчыльнай сцяной узвышаўся лес — чым бліжэй падыходзілі да яго падарожнікі, тым больш цёмным і жудасным ён ім падаваўся.

Не паспеў конь Арціна выйсці на сухую зямлю, як з лесу павыскоквалі дзікуны, чалавек дваццаць: у руках — дубіны і булавы, праз плячо перакінуты ваўчыныя скуры, на галовах замест шаломаў — ваўчыныя галовы з разяўленымі ікластымі пашчамі.

Не разважаючы, дзікуны кінуліся акружаць падарожнікаў, схапілі пад аброць каня Арціна. Будучы віцязь дастаў з похваў меч, Алеолла выхапіла ў яго з калчана стралу і выставіла на выцягнутай руцэ наперад, а кот Міамурмарор выпусціў на ўсю даўжыню кіпцюры, паказаў іклы і гучна зашыпеў.

Толькі конь Бедалдая, які быў бліжэй усіх да ракі, не патрапіў у акружэнне, кінуўся ў ваду і паплыў уніз па плыні.

Арцін адбіваўся мужна — адкінуў пяцёх дзікуноў, раскроіўшы ў дваіх з іх на галовах ваўчыныя чэрапы. Алеолла адштурхнула траіх, а кот раздрапаў шчокі і бровы двум.

— Сетку, нясіце сетку! — крыкнуў адзін з дзікуноў.

На юнака і дзяўчыну накінулі шырокі трывалы нерат — і толькі тады дзікуны зноў напалі ўсім гуртам.

Арціна, Алеоллу і ката Міамурмарора моцна звязалі пруткімі вяроўкамі і адвялі ў лес на паляну, дзе была выкапана зямлянка — галоўнае логавішча дзікуноў.

Палонных пасадзілі пад смалістую крывую хваіну. Дзікуны свіснулі — і з вузкага лаза зямлянкі, пазяхаючы і пацягваючыся, выйшаў верхавода, а за ім на карачках выпаўзла верхаводзіха. Устала, пацягнулася. Верхавода і верхаводзіха былі таўставатыя, з карычневымі закопчанымі тварамі. Рукі — карабатыя, пазногці — чорныя. Валасы даўно нямытыя і нечасаныя. На абодвух звярыныя скуры, гэтак жа, як і на астатніх дзікунах. Толькі ў адрозненні ад іх, ногі ў верхаводы і верхаводзіхі былі абутыя ў скураныя чобаты, а не лыкавыя лапці.

Верхавода і верхаводзіха ўважліва агледзелі палонных.

— Нядрэнны тавар, — нізкім голасам сказала дзікунка. — Прадамо іх купцам на ладдзях. Дзяўчына пойдзе за прыгажуню-прыслужніцу, а хлопца можна прыкаваць да вясла.

— Прадаваць трэба купцам, якія плывуць з дружынай, а тым прастакам, што плывуць з малой аховай, нічога прадаваць не будзем! Гэтых мы самі зможам захапіць, — расцягнуў рот у адназубай усмешцы верхавода, — і яшчэ выкуп за вызваленне запатрабуем! — ён люта памахаў сукаватай дубінай, якую ўсюды цягаў з сабою.

— Вядома, будзем прадаваць толькі тым купцам, у якіх ёсць дружына, — пагадзілася верхаводзіха. — Такія дружынныя купцы мацнейшыя і багацейшыя. За хлопца не менш дзесяці золтанаў дадуць, а за дзяўчыну — усе дванаццаць.

— А з гэтай жыўнасцю што будзем рабіць?

— Ката, як заморскую жывёлу, паспрабуем за пяць золтанаў збагрыць, а калі не атрымаецца — з яго футра я сабе каўнер зраблю. Бачыш, які кацяра шыкоўны, вогненна-руды, паласаты, белая грудка. Не тое, што наш — чарноцце чарнюшчае.

— Хто вы такія? — злосна спытаў Арцін.

— Нас, — верхавода зірнуў на яго, прыжмурыўшыся ў яхіднай ухмылцы, — называюць злыдні. А калі дакладней, мы — ліхадзеі.

— Гэта што, разбойнікі? — спытала Алеолла.

— Не, дзяўчынка, — агідна хіхікнула верхаводзіха, паказаўшы свае зубы з чор ным налётам. — Горш. Нашмат горш. Разбойнікі, увогуле, бываюць высакароднымі. А мы не паважаем высакароднасць.

— Высакароднасць нам абсалютна ні да чаго, — дадаў верхавода.

— А чым жа вам высакароднасць не па душы? — з непрыхаванай прыкрасцю прамовіў Арцін.

— А яна нам, нібы костка ў горле! Хі-хі-хі, — прастуджаным голасам засмяялася верхаводзіха. Яна прадчувала добрую выручку.

Пакуль верхаводзіха душылася смехам, Алеолла непрыкметна паслабіла путы на адной руцэ, злаўчылася і адкрыла схаваны ў мяшочку на поясе збанок з алеем зробленага з пладоў шчаслівай шаўкоўніцы.

Водар дайшоў да верхаводзіхі.

— Ой, як прыемна пахне, хі-хі-хі, — больш тонкім голасам засмяялася верхаводзіха.

Верхавода таксама пачаў не то смяяцца, не то заікацца смехам.

— Вам гэты водар падабаецца? — шчыра пацікавілася Алеолла.

— Вельмі, хі-хі-хі, — верхаводзіха была не ў сілах стрымацца.

— Нешта вельмі ў носе ласкоча, — плачу ад смеху, — прызнаўся верхавода.

— А што гэта, хі-хі-ха, у цябе? — верхаводзіха тыцнула пальцам у мяшочак са збаночкам, які Алеолла прыціскала рукой.

— Гэта чароўны алей. Хто гэты алей панюхае, становіцца шчаслівым.

— Ого! Шчаслівым. Давай зробім так, — сказала верхаводзіха, — ты аддасі мне гэты алей, а я цябе за гэта адпушчу.

— Не толькі мяне, — паправіла Алеолла, — а ўсіх нас: мяне, віцязя Арціна і ката Міамурмарора.

— Добра, — трохі зычлівей усміхнулася верхаводзіха.

— Ты што! — прахрыпеў верхавода. — Алей увесь вынюхаем, а грошай не атрымаем!

— Не слухай яго, дзяўчынка, — ласкава прамовіла верхаводзіха. — Я вас адпушчу.

Яна падышла да Алеоллы.

— Патрывай, мая маленькая, мая добранькая дзяўчынка, — дзікунка вызваліла яе рукі ад вяровак.

— Ой, як балюча, — прызналася Алеолла.

Яна аддала чароўны алей верхаводзісе. Тая хуценька закаркавала збаночак кор­кам, які быў вяровачкай прывязаны да збанка.

Верхавода акуратна ўзяў вызваленыя рукі Алеоллы, паглядзеў на чырвоныя паскі, пакінутыя вяроўкамі.

— Бедная, бедная мая.

І нечакана зноў накінуў на іх вяроўку і туга зацягнуў.

— Што гэта! Мы ж з вамі дамовіліся! — ускрыкнула Алеолла. — Вы абяцалі нас адпусціць!

— А навошта нам цяпер вас адпускаць, калі алей і так ужо ў нас? — скрывіла рот верхаводзіха.

— Мы ж ліхадзеі, а значыць, людзі несумленныя. Мы сваё слова ніколі не трымаем, — гэтым разам крыва ўсміхнуўся верхавода.

— А чаго тут радавацца — таго, хто не трымае сваё слова, ніхто не паважае, — сказаў ім кот Міамурмарор.

— Ого, кот умее размаўляць! — усклікнуў верхавода.

— Значыць, прадаць яго можна даражэй, — узрадавалася верхаводзіха. — Можа, як цуд заморскі — за сотню золтанаў!

Раптам з лесу раздаўся голас аднаго з ліхадзеяў:

— Гэй, верхавода, на рацэ ладдзя! Нейкі купец плыве!

— А аховы ў яго шмат?

— Не, чалавек дзесяць!

— Дык бярыце чаўны ды вадаступы, і нападайце!

— Э-е-ёй! — зароў ліхадзей. — Нападаем!

— Вы нягоднікі, — гнеўна сказаў Арцін, — калі я вызвалюся, вам не здабраваць!

— Наўрад ці ты калі-небудзь вызвалішся, хлопча, — абыякава адказаў яму вер­хавода.

— Гэй, верхавода! — з лесу зноў гукнуў той жа ліхадзей. — Купец уцёк, мы яго не змаглі дагнаць! Але на рацэ з’явіліся яшчэ дзве ладдзі: адна з таварамі, а дру­гая — з купцом і яго дружынай. Нападаць?

— Не, няздара! Крычыце купцу, што ў нас тавар маецца! Хай падплываюць для перамоў! — крыкнуў у адказ верхавода, а чацвёрцы вартавых, якія стаялі побач з палоннымі і трымалі булавы на плячах, загадаў:

— Вядзіце гэтых да берага!

Звязаных Арціна, Алеоллу і ката Міамурмарора — павялі да ракі.

У пясчанай водмелі гайдалася на хвалях ладдзя. На ёй спусцілі чырвоны ветразь з эмблемай жоўтага сонца. За бортам стаяла пяцьдзясят ваяроў у кальчугах, са шчытамі і мячамі ў руках.

— Дабрыдзень, слаўнаму купцу, — пакланілася яму верхаводзіха. — У нас для вас ёсць выдатны тавар. Ці не жадаеце паглядзець?

Ліхадзеі падштурхнулі сваіх палонных бліжэй да вады.

— Дзяўчына прыгожая, чыстая — за дванаццаць золтанаў. Хлопец — віцязь — моцны... яго — за дзесяць. І кот — заморскі цуд — умее размаўляць. Сто золтанаў!

— Кот умее размаўляць? — здзівіўся купец.

— Так.

— А які ў яго характар?

— Мой характар — гэта мой характар, — буркнуў кот. — І ён вас не датычыцца.

— Ого! — развёў рукамі купец. — Насамрэч цуд заморскі!

— Ну, як, дзесяць плюс дванаццаць і плюс сто за ката... колькі разам будзе? — задумаўся верхавода.

— Сто дваццаць, — сказаў купец.

— Не, — прахрыпеў верхавода, — сто дваццаць восем.

— Я згодзен — за ўсіх даць. сто дваццаць адзін золтан.

— Мала, — крыкнула верхаводзіха. — Сто дваццаць сем.

— Сто дваццаць два, — адгукнуўся купец

— Сто дваццаць шэсць

— Сто дваццаць пяць.

— Дамовіліся, — пагадзілася верхаводзіха.

— Вядзіце іх да ладдзі, — купец адлічыў грошы, паклаў іх у мяшочак і кінуў ліхадзеям.

— Стойце! Адпусціце іх!

На бераг на вараным кані выехаў кат Бедалдай у сваёй катаўскай вопратцы — у чырвонай туніцы, у чырвоным каптуры, які закрываў увесь твар, і толькі вузкія шчэлкі для вачэй цямнелі на ім. У руцэ Бедалдай трымаў сваю жахлівую двухво­струю сякеру. Ліхадзеі, якія выскачылі было яму насустрач, убачыўшы Бедалдая і яго сякеру, задрыжалі. Ад аднаго толькі выгляду ката, які размахваў жудаснай зброяй, ва ўсіх злыдняў адразу звяло шыі. Усе ліхадзеі сцяліся, згорбіліся, адступілі і кінуліся ўрассыпную — хто ў лес, хто ў раку.

Бедалдай саскочыў з каня і з сякерай наперавес пайшоў на тых, хто падштурхоўваў палонных да ладдзі.

— Гэй, ты хто такі?! Я купец Галідон! — прароў з ладдзі купец. — А гэта мае рабы, мая ўласнасць! Я купіў іх і вязу прадаваць!

— Ніякія яны табе не рабы, яны са мной падарожнічаюць! А я Бедалдай — кат хана Ісмірая!

— Хто? Кат? — купец Галідон разгубіўся, а затым махнуў рукой.

Дружыннікі выскачылі з ладдзі і з аголенымі мячамі пайшлі на Бедалдая. Той імк-

ліва прабіўся скрозь уцякаючых ліхадзеяў да палонных і разрэзаў іх путы. Алеолла тут жа схапіла за рукі верхаводзіху, кот Міамурмарор ўчапіўся кіпцюрамі ў карак верхаводзе, а Арцін вырваў у яго з рук дубіну і рынуўся на дапамогу Бедалдаю.Арцін і Бедалдай, адчайна б’ючыся, загналі ўсю дружыну купца ў раку. Незвычайная сякера ката на адлегласці, нават не датыкаючыся з ворагам, магла наносіць удары, адкідваць назад, варта было толькі Бедалдаю на таго замахнуцца.

Сам купец Галідон падняў ветразь на ладдзі і паплыў далей ад месца бітвы.

— Як вы можаце людзьмі гандляваць?! — крыкнуў яму ўслед Арцін.

— І вучонымі катамі! — дадаў кот Міамурмарор.

— Запомні, Галідоне, — гучна прамовіў Бедалдай, — не спрабуй нават нос паказваць ва ўладанні хана Ісмірая! Ён цябе адразу ж пасадзіць у вязніцу!

Купец Г алідон імкнуўся як мага хутчэй адплысці, а яго мокрыя дружыннікі па пояс у вадзе цяжка цягнуліся за ім па пясчанай мелі.

Потым Бедалдай заняўся верхаводам і верхаводзіхай — моцна звязаў іх. Яны на ўвесь лес крычалі:

— Ліхадзеі! Ліхадзейчыкі, на дапамогу! Вас шмат, а іх усяго чацвёра!

Але ніхто нават не спрабаваў ім дапамагчы. Ліхадзеі былі так напалоханы зброяй ханскага ката, што без аглядкі ўцяклі.

— Ніхто не будзе рызыкаваць сваім жыццём, каб вызваліць злыдняў, — сказаў кот Міамурмарор, — людзей, якія не трымаюць слова, ніхто не паважае.

— Адпусцеце нас, — узмалілася верхаводзіха, — мы вам чым хочаце паклянёмся, што не будзем больш нікога рабаваць, прадаваць...

— Яшчэ разок вам нагадваю, — сказала Алеолла, — вы самі пахваляліся, што ніколі не трымаеце сваё слова. Як жа вам можна верыць? — яна забрала ў верхаводзіхі свой збанок з чароўным алеем. — Мы аддадзім вас мясцоваму князю, ён і вырашыць, што з вамі рабіць.

— Не трэба, калі ласка! Князь пакляўся нас на ўсё жыццё пасадзіць у падзямелле свайго замка.


XII

ЖЫЦЦЁВАЯ ПАЗІЦЫЯ СТРЫЕЧНАГА БРАТА

Вечар заліў неба шэрым колерам. Сябры вывелі палонных ліхадзеяў на паляну побач з зямлянкай. Арцін і Бедалдай расклалі вогнішча, каб прыгатаваць ежу і пагрэцца.

— Ой, што гэта? — усклікнула Алеолла.

Яна паказала на цёмны лес. Там, паміж дрэвамі, свяціліся два круглыя жоўценькія агеньчыкі.

— Здарова, здарова! — павітаў жоўценькія агеньчыкі кот Міамурмарор.

— Здарова, здарова ўсім! — на паляну выйшаў вялікі чорны кот. Ён быў нават большы, чым кот Міамурмарор.

— Варгін! — пазналі яго Алеолла і Арцін.

— Так, я кот Варгін, разумны і мудракемны.

Кот Міамурмарор выгнуў спіну, узняў хвост трубой, выйшаў насустрач Варгіну і з дакорам прамовіў:

— І як не сорамна жыць у злыдняў!

— Я ў іх не жыву, а толькі прыходжу да іх. — вуркатлівым голасам адказаў кот Варгін. — Гэта вельмі. Гэта вельмі нават вельмі-вельмі..

— Што вельмі-вельмі? — спытаў кот Міамурмарор.

— Вельмі добра, што я цябе сустрэў, мой стрыечны братка. Ім засталося ўсяго толькі дзве ночы для поўнай прачысткі галавы, але мы з табой управімся за адну.

— Ты пра што, Варгін, кажаш?

— Хутка дазнаешся. Трэба толькі, каб людзі спаць леглі. Давай памуркочам.

Каты гаварылі на кацінай мове, і з боку выглядала, што яны мяўкаюць на розныя лады.

— Вось разышліся, — пазяхнуў Бедалдай.

А калі каты пачалі паціху муркатаць, людзі леглі на скуры поруч з вогнішчам і паснулі. Праз сон ім здавалася, што яны чуюць нейкую прыгаворку. Нешта накшталт:

Муляр мыў мур мармуровы,

Мармур муру быў пурпуровы.

Муляр мыў мур мармуровы,

Мармур муру быў пурпуровы.

— А цяпер, — сказаў кот Варгін, — давай падпаўзём да верхаводы і верхаводзіхі. Толькі для іх трэба не муркатаць, а буркатаць. Запамінай:

Збрыдзі бяда Бруд і брыда.

Збрыдзі бяда Бруд і брыда.

— Запомніў? Ты будзеш буркатаць на вуха верхаводзісе, а я — верхаводу. Давай.

Каты разам пачалі хутка-хутка паўтараць гэтыя словы, і тут жа з вушэй і наздрын верхаводзіхі і верхаводы пачалі высоўвацца пыскі з мігатлівымі вачамі жаб, вужак, мышэй. Паказалі свае вусы прусакі. А каты ўсё буркаталі і буркаталі. І вось адна жаба не вытрымала і выскачыла з вуха верхаводзіхі, за ёй — другая, з наздрыны верхаводы выпаўз вужака. І тут пачалося — з вушэй, рота і ноздраў верхаводы і верхаводзіхі палезлі прусакі, жукі, п’яўкі, ракі хвастом наперад. Варгін спрытна махнуў лапай і падчапіў за хвост мышку, якая толькі што вылезла з вуха верхаводы. Кот Міамурмарор зажмурыў вочы.

— Ты гэта чаго? — спытаў Варгін у свайго стрыечнага брата.

— Я думаў, ты яе з’ясі.

— Што ж табе там пра мяне напляткарылі. Гэй ты, — звярнуўся ён да мышы, — ты не будзеш болей жыць у галовах гэтых людзей?

— Не, не буду, — віскнула мыша, боўтаючыся на сваім хвосціку.

— Ну вось і добра, — сказаў кот Варгін і апусціў яе на зямлю. — Бяжы ў лес — там табе месца хопіць.

— Ах, якое раздолле! — усклікнула мышка.

— Вядома, раздолле. А ў галаве злыдня жыць — тое ж самае, што ў вязніцы!

— Я ж не ведала, што на зямлі так добра! Мы, мышы, заводзімся там, дзе пуста. Але дарма ты нас патурбаваў, Варгіне, гэтыя злыдні нідзе ніколі не вучыліся, у гала­ве ў іх поўная пустэча. Так што там зноў завядуцца мышы, а таксама жабы, жукі мухі, прусакі. Фу!

— Як толькі ў іх у галаве з’явяцца добрыя думкі — ніхто не завядзецца, — запэўніў мышку кот Варгін. — Ім яснапанна Алеолла дапаможа.

— Ой, як тут добра! — не магла нарадавацца мышка, і сама рабілася ад гэтага дабрэйшай, нават поўсць яе з брудна-шэрай ператварылася ў белую. — Я табе Варгін, за тое, што ты мяне вызваліў, чаго-небудзь ядомага прынясу.

— Дзякуй, вужака ўжо каўбасы абяцаў прыцягнуць.

І сапраўды, вызваленыя з галоваў злыдняў істоты праз некаторы час вярталіся і прыносілі пачастункі — хто смятанку, хто малачко, хтосьці вяндліну, хтосьці сыр — ад гэтага кот Міамурмарор вельмі ўзрадаваўся. Каты-браты арганізавалі вялікую бяседу з гутаркай да самай раніцы. І наеліся ад пуза.

— Так. Цяпер я разумею, чаму ты такі тоўсты, — сказаў Міамурмарор свайму брату, — а то ж пляткараць, што тых мышэй, мух, прусакоў, гадасць усялякую ты з галоваў злыдняў адмыслова выманьваеш і ясі.

— Шмат па зямлі чутак ходзіць. Пакуль сам не ўбачыш — не рабі высноў.

Перад тым, як класціся спаць, яны яшчэ раз прабуркацелі на вуха злыдням.

Збрыдзі бяда Бруд і брыда.

Збрыдзі бяда Бруд і брыда.

З рота верхаводзіхі выпаўз слімак, а верхаводы — станожка.

— Ну што, нікога там не засталося? — сурова спытаў кот Варгін.

— Не, больш нікога — чыстыя галовы, — тонкім галаском прамовіла станожка і, перастаўляючы сто сваіх ножак, папаўзла прочкі.

А слімак пачаў поўзаць вакол вуха верхаводзіхі, не разумеючы, дзе ён. Варгін акуратна узяў беднага слімака лапай і перасадзіў на яблык.

Слімак ажно засвяціўся ад шчасця.

— Ну, выдатна, цяпер, братка, і паспаць можна, — пазяхнуў кот Варгін.

— Пра-а-авільна, — таксама позехам пагадзіўся кот Міамурмарор і расцягнуўся пад кустом.

Варгін паклаў сваю вялікую галаву на пярэднія лапкі, яшчэ раз пазяхнуў, зажмурыўся і задрамаў.

Толькі наступным познім днём катоў абудзіла Алеолла.

— Колькі можна спаць? Ужо час абеду, а вы ўсё спіце і спіце. Будзеце есці? Я смачны суп зварыла.

— Не, дзякуем, — адказалі каты,— мы і так сытыя.

— Сытыя? Вы што, у сне абедаеце? — здзівілася Алеолла.

Тады кот Міамурмарор распавёў, чым яны ўначы з Варгінам займаліся.

— Праўда, праўда, — пацвердзіў кот Варгін. — Цяпер верхавода са сваёй верхаводзіхай зусім не злыдні і не ліхадзеі, а нармальныя людзі. Толькі трэба, каб у іх чыстых галовах добрыя думкі завяліся. Адкрый, Алеолла, збаночак з чароўным алеем. Мінулы раз ад гэтага паху ў іх узнікала злараднасць, таму што іх галовы былі не тым, чым трэба, забіты. Цяпер усё будзе інакш.

Алеолла адкрыла збанок з чароўным алеем, дала панюхаць верхаводу і верхаводзісе. Яны шчыра ўсміхнуліся і задумаліся.

— Як я люблю нашую рэчку, — раптам прамовіў верхавода.

— А я як люблю нашую рэчку, — прамовіла верхаводзіха.

— Давай пераправу тут наладзім, паставім паром, — пачаў разважаць услых верхавода. — Тут жа самае зручнае месца. Людзям будзем дапамагаць.

— І яшчэ пабудуем дыхтоўную хату. Падарожнікі за пераправу будуць нам плаціць. З гэтага і жыць будзем.

— Правільна, мая любая, правільна, — ласкава сказаў верхавода і цмокнуў сваю верхаводзіху ў шчаку.Алеолла, Арцін і Бедалдай вельмі здзівіліся такім пераменам у злыднях. А кот Міамурмарор — не вельмі, бо ён ведаў, што яго стрыечны брат, кот Варгін, вельмі разумны, і ўжо калі ён нешта сказаў — так яно і будзе.

Арцін і Бедалдай развязалі былых злыдняў, а Алеолла пачаставала іх супам.

— Дзякуй за вашую дабрыню, — сказалі былыя злыдні-ліхадзеі. — А мы вам за гэта падаруем неабходныя ў дарозе рэчы.

Былы верхавода ліхадзеяў спусціўся ў зямлянку і прынёс чатыры пары дзіўнага абутку — нейкія шырокія лапці, абвязаныя рыбінымі пухірамі.

— Гэта вадаступы. Калі апрануць іх, то можна спакойна па вадзе хадзіць, — растлумачыў былы верхавода ліхадзеяў.

— Нага правальваецца ў ваду самае большае — па шчыкалатку, — сказала былая верхаводзіха ліхадзеяў, — бярыце, яны вам спатрэбяцца.

— Дзякуй, удружылі вы нам, удружылі, — Арцін узяў вадаступы. — Гэта менавіта тое, што нам трэба, каб перайсці Чорнае Балота.

— Да пабачэння! — разам сказалі былыя злыдні-ліхадзеі.

Яны яшчэ раз падзякавалі ўсім і адправіліся да ракі наладжваць сваё новае жыццё.

— І мне пара, — пацягнуўся кот Варгін, — прыемна было з вамі пабачыцца.

— Хіба ты не пойдзеш з намі да Паляндры? — спытаў кот Міамурмарор.

— Занадта шмат гонару гэтай Паляндрусе, каб столькі смельчакоў і разумнікаў адначасова да яе хадзілі. Вы і без мяне ўправіцеся. Мне яшчэ вунь колькім злыдням трэба мазгі прачысціць.

— Шаноўны Варгіньчык, — сказала Алеолла, — а ты выпадкова не ведаеш, дзе нам мастака Дроздзіча знайсці?

Кот Варгін на хвілінку задумаўся.

— Я чуў ад варон, што тры дні таму яго бачылі на шляху каля Новага Мястэчка.

Ён ішоў на поўдзень, у напрамку да Чорнага Балота.

— Выдатна! — усклікнуў Арцін. — Значыць, ён ужо назбіраў людскіх усмуткаў.

Мы яго нагонім!

— Дзякуй табе, кот Варгін, — сказала Алеолла.

— Поспехаў вам, — адказаў ён.

Кот Варгін памахаў ім і, як чалавек, на задніх лапах, пайшоў углыб лесу. Спыніўся, пачасаў сабе правую лапатку, успомніў, што ўсё-такі зручней для яго ісці па-кашэчы, апусціўся на чатыры лапы і схаваўся ў цені дрэў.

Бедалдай свіснуў, і на паляну прыскакалі ханскія скакуны. Усе — Алеолла, Арцін, Міамурмарор і Бедалдай — селі на коней і адправіліся да Новага Мястэчка.


XIII

ЯК МАСТАК МАСТАКУ...


Па жоўтай дарозе ішоў мастак Дроздзіч. Ішоў ён, абапіраючыся на свой любімы кіёк-парасон, ішоў-ішоў... Змарыўся, прысеў на ўзбочыне, раскрыў парасон, і раптам бачыць — да яго здалёк, стрымгалоў, скачуць трое вершнікаў. На белым кані — малады віцязь, на чорным — шыракаплечы волат, а на гнядым кані — незразумелая пачвара! — двухгаловы таўстун. Адна галава ў яго з доўгімі валасамі, а другая — маленькая, з вострымі вушамі, як быццам з жывата вершніка расце.

«Так гэта ж Алеолла на кані ката да сябе прыціскае, — здагадаўся мастак Дроздзіч, калі прыгледзеўся лепей, — там жа і Арцін скача, а за імі гоніцца нейкі жахлівы бамбіза з раскосымі вачамі і вострымі скуламі. Не, не гоніцца, а разам з імі скача.»

— Прывітанне, мастак Дроздзіч, — усе вершнікі адначасова асадзілі коней. Бліскучым воблакам пыл узняўся з-пад капытоў. — Мы спяшаліся да цябе!

Алеолла і Арцін, як старыя прыяцелі, абняліся з Дроздзічам. Мастак нават папрасіў сваіх маладых сяброў перайсці з ім на «ты».

— Разумею, разумею, значыць, ягады шчасцядайнай шаўкоўніцы вы раздабылі, — сказаў мастак Дроздзіч.

— Так, раздабылі.

— А гэта хто з вамі?

— Гэта кот Міамурмарор.

— Дзякуючы яму мы гэтыя ягады і займелі.

— А гэта хто? — мастак паказаў на Бедалдая.

— А, гэта мой кат, — спакойна сказала Алеолла.

— Кат? Як гэта разумець? — збянтэжыўся мастак Дроздзіч.

— Кат як кат, навязаўся, вось, на маю галаву. А так нічога, добры хлопец... Яго Бедалдаем клічуць.

Мастак у разгубленасці адступіў ад Бедалдая, зазірнуў у вочы Алеоллы — праверыць, ці ўсё з ёй у парадку.

Тады Алеолла, Арцін ды кот Міамурмарор прыняліся распавядаць мастаку пра і§і. свае прыгоды ў замежных краінах.

— I што вы сапраўды здыміце Алеолле галаву з плеч? — спытаў у ката мастак Дроздзіч.

— Здыму, калі яна не пойдзе да Паляндры. А пакуль я сам за яе галавой адказваю, — сурова адказаў Бедалдай. — Берагу і абараняю.

— Гэта ж трэба! — здзівіўся мастак Дроздзіч. — Кат-целаахоўнік.

Кот мыўся — аблізваў языком лапу, а потым цёр ёю за вухам.

— За сваім целам кожны павінен сам сачыць і ахоўваць яго. — правуркатаў ён. — Так што, Алеолла, на ката спадзявайся, а сама востра вуха трымай.

— Слухай... — сказаў Арцін мастаку Дроздзічу. — У нас ёсць план.

Будучы віцязь дастаў са сваёй паходнай торбы плод шчасцядайнай шаўкоўніцы. Мастак адразу ж заўважыў, што яны вельмі падобны да вусеняў-усмуткаў, калі тыя скручаныя ляжаць.

— Так-так, — усхапіўся Арцін, — толькі трэба іх у чорна-бардовы колер перафарбаваць.

— Гэтая праца якраз па мне, — спакойна прамовіў мастак Дроздзіч і пачаў даставаць са сваёй торбы ўсё неабходнае — збанкі з фарбамі, палітру, пэндзлікі.

З веданнем справы мастак змяшаў на палітры чорную фарбу з чырвонай, бардовай і аранжавай, а зверху капнуў яшчэ фіялетавай і зялёнай.

— А навошта столькі фарбаў змешваць? Бо вусені — чорна-бардовыя. Можа, досыць змяшаць чорную і бардовую? — пацікавіўся Арцін.

— Ну, паспрабуй, — падахвоціў юнака Дроздзіч.

— Ну і паспрабую, — рука Арціна пацягнулася да ягады шчасцядайнай шаўкоўніцы.

— Слухай, папрактыкуйся спачатку на звычайных ягадах, каб дэфіцытны прадукт не пераводзіць, — прапанаваў Міамурмарор.

— Можа, мяне яшчэ каты будуць вучыць маляваць? Я і без цябе ведаю, што мне рабіць, — Арцін усё-такі не насмеліўся ўзяць «шчаслівую» ягаду і, пазычыўшы пэндзлік у мастака Дроздзіча, прыняўся размазюкваць звычайную.

— Ну як? — самаздаволена спытаў Арцін праз некаторы час.

Але ніхто з сяброў Арціна так і не адважыўся сказаць праўду, на што была падобная ягоная ягада. А Дроздзіч сказаў:

— Эх, Арцін, гэта ты бачыш у гэтых вусенях толькі два колеры, а мы, мастакі, у любым прадмеце вакол нас заўважаем сотні адценняў самых розных колераў.

— А мы, каты, уначы можам адрозніць сотні адценняў аднаго толькі шэрага колеру! — пахваліўся кот Міамурмарор.

Перафарбаваць плады шаўкоўніцы для такога мастака, як Дроздзіч, было нескладана, таму неўзабаве тыя ягады пазнаць было немагчыма. Знешне яны сталі цюцелька ў цюцельку, як вусені-ўсмуткі, што ляжалі ў пузатым слоіку мастака Дроздзіча.

— Ого, выдатна,— пахваліў працу мастака Арцін.

— Не адрозніш! — захоплена прамовіла Алеолла.

— Добра, — нават сказаў Бедалдай.

— Калі, вядома, іх не нюхаць, — дадаў кот Міамурмарор.

— Значыць так, — пачаў распавядаць свой план Арцін, — цяпер мы кладзём гэтыя перафарбаваныя ягады шчаслівай шаўкоўніцы ў твой слоік і ўсе разам адпраўляемся да Чорнага Балота. Ты, як заўжды, ставіш слоік на балотную купіну. Чорныя чаплі па звычцы прылятаюць, забіраюць слоік, высыпаюць з яго сапраўдных вусеняў разам з перафарбаванымі ягадамі ў казанок. Паляндра, як звычайна, у гэтым казанку варыць сабе і чаплям поліўку. Затым яны ўсе разам наядаюцца гэтай поліўкай і спакойненька атручваюцца... А мы тым часам з дапамогай вадаступаў без усялякіх праблем перабіраемся да церама, вызваляем людзей, а кот вызваляе жывёл.

Не паспеў Арцін дагаварыць, як неба раптам пацямнела, і па ім пайшлі чорныя віхуры.

— Ай-ай-ай, хутчэй пад парасон! — крыкнуў мастак Дроздзіч. — Чорныя чаплі лятуць!

Але пад яго парасон шмыгнуў толькі кот Міамурмарор. А ўсе астатнія — Алеолла, Арцін і Бедалдай — хутка дасталі са сваіх торбаў накідкі, накрыліся самі і коней сваіх прыкрылі.

Чорныя віхуры праляцелі паблізу.

— Нічога сабе! — зноў здзівіўся мастак Дроздзіч, гледзячы на сваіх захутаных у накідкі прыяцеляў.

— Мы ў Пячорным Горадзе трохі чароўнага ядвабу раздабылі, — растлумачыла Алеолла. — А ты, чаму сваю накідку не дастаў? — спытала яна ў ката.

— Ну, нам, катам, лягчэй куды-небудзь шмыгануць, чым сябе ў нешта, захінуць. Я наогул насіць вопратку не вельмі люблю.

— Накідкі — гэта вельмі добра, — сказаў мастак Дроздзіч, — а я ўсю дарогу галаву сабе ламаў, як жа мы ўсе пад маім парасонам змесцімся!

— Давай, залазь да мяне, — Арцін заскочыў на свайго каня і паказаў мастаку Дроздзічу на сваё сядло. Гэта было разумна і справядліва — Алеолла ехала на кані з катом Міамурмарорам, а ў Бедалдая за спінай была вялізная цяжкая сякера ў масіўным футарале. Так што пасунуцца і саступіць трохі месца мог толькі Арцін.

Мастак Дроздзіч здолеў сяк-так забрацца ў сядло да будучага віцязя. Яго конь ад дадатковага цяжару спачатку трохі прысеў, але хутка прывык і выпрастаўся.

— Наперад! — паспрабаваў падбадзёрыць усіх мастак Дроздзіч. — На бітву з Журботнай Каралевай!

Сябры хутка, але не ва ўвесь апор, каб берагчы коней, паскакалі наўпрост да Чорнага Балота.

Мастак Дроздзіч выдатна ведаў дарогу, бо яму прыходзілася раз ці два, а мо і тры разы на год прыходзіць да гэтага жудаснага месца: то ўвесну град наляціць — паб’е ўсе ўсходы, і ўвесь год людзі галадаюць. То засуха надыдзе, альбо, наадварот, дажджы на месяцы зацягнуцца — тады працы ў Дроздзіча не абярэшся. Малюй - суцішай людзей. Мяняй усмуткі на ўсмешкі. У такія часы не адзін слоік чорных вусеняў-усмутак даводзілася несці да Чорнага Балота, а цэлых два ці тры.

— Нам засталося ўсяго два дні дарогі, — паведаміў мастак Дроздзіч.


XIV

ВЯРХОМ НА СЯКЕРЫ

Лета ў той год выдалася шыкоўнае. Доўга стаяла сонечнае надвор’е. Бывала, пракатваліся кароткачасовыя навальніцы. Пасля іх расліны ажывалі, рунелі сакавітыя травы, моцай набіраліся лясы.

Раптам у небе прамільгнуў цень. Ён праляцеў так імкліва, што ніхто з прыяцеляў не паспеў нават дастаць ядвабную накідку. За першым ценем праімчаў другі, потым — трэці.

Сябры амаль адначасова нацягнулі павады, спынілі коней і трывожна паглядзелі ў неба.

— Зноў чорныя чаплі? — насцярожыўся Арцін.

— Дый непадобна, — наморшчыў лоб мастак Дроздзіч, але на ўсякі выпадак зняў з пляча свой парасон, каб калі што — як мага хутчэй яго раскрыць.

— Яшчэ адзін! — усклікнула Алеолла.

У адрозненні ад чорных віхур, гэтыя незразумелыя цені ляцелі на вялікай хуткасці па прамой і ўсе ў адным кірунку.

— Пяць, шэсць, сем, — падлічваў кот Міамурмарор.

— Ды іх тут цэлая чарада, — Арцін паклаў руку на дзяржальна мяча.

— І ўсе ляцяць кудысьці ў адну кропку, — востры зрок ката Міамурмарора вызначыў характар палёту ценяў.

— Можа, гэта невядомыя людзям птушкі? — задумалася Алеолла.

Раптам заўсёды нямы Бедалдай здзіўлена буркнуў:

— Што гэта?

Усе паглядзелі на ката — той, азірнуўшыся назад, нешта шукаў вачамі. Бедалдай раптам адчуў, што футарал, у якім знаходзілася яго цяжкая сякера, ні з таго ні з сяго перастаў адцягваць яму спіну. Кат падумаў, што, можа быць, абарваліся шлейкі, на якіх футарал трымаўся. Аднак, шчыльна зачынены на ўсе зашчапкі, футарал быў на месцы, але цягнуў цяпер не да зямлі, а наадварот, кудысьці ў неба.

Над дарогай прамільгнула яшчэ тры цені запар. У гэты момант футарал яшчэ мацней пацягнуў ката ўверх, нібы нацягнулася нябачная моцная нітка, кімсьці прывязаная менавіта да яго сякеры.

Бедалдай, каб праверыць, што адбываецца, саскочыў з каня, зняў футарал з пляча, зазірнуў у яго — усё быццам было ў парадку — сякера на месцы. Ён закрыў і зашпіліў футарал.

У гэты момант пранеслася яшчэ чатыры цені. Футарал з сілай ірвануўся з рук ката. Бедалдай, каб не ўпусціць яго, заскочыў на футарал, нібы на спіну каня, і адчуў, што праз імгненне не па сваёй волі ўздымецца ў паветра. Аднак кат не адважваўся парушыць свой абавязак і кінуць сякеру, па гэтай жа прычыне ён не мог пакінуць без свайго нагляду і Алеоллу. Калі футарал пралятаў побач з канём будучай яснапанны, Бедалдай адной рукой абхапіў яе, і тут жа іх абодвух падкінула ў неба. Футарал, а дакладней сякера, што была ў ім, паімчалася ў тым жа напрамку, дзе знікалі на даляглядзе цёмныя цені.

— Вось дык на табе. — працягнуў у здзіўленні кот Міамурмарор.

Сваім пухнатым хвастом ён заўсёды адчуваў за сабой Алеоллу, а цяпер яго хвост вольна зваліўся на занадта вялікае для ката сядло.

Над галовамі прыяцеляў, што засталіся на дарозе, прамільгнула яшчэ некалькі ценяў.

— Наперад! Давайце за імі! — закрычаў Арцін і рэзка з усёй моцы прышпорыў каня.

Белы конь з двума вершнікамі, Арцінам і мастаком Дроздзічам, паімчалі па полі, па лузе...

Кавунова-паласаты берэт Дроздзіча споўз яму на вочы. Ён нічога не бачыў і толькі мацней трымаўся за Арціна, каб не зваліцца.

Бяда была ў тым, што за лугам узвышаўся вялізны лес, які літаральна праз дзесяць крокаў станавіўся густым і дрымучым. Конь Арціна стаў, як укапаны, перад калючай сцяной елак і соснаў.

— Усё, не праедзем! — з горыччу сказаў Арцін.

Раптам да яго і мастака Дроздзіча даляцеў разгублены крык ката Міамурмарора:

— Стой! Стой! — кругамі па лузе хутка скакаў яго гняды.

Конь быў завялікі для ката. Міамурмарор смешна расцягнуўся на сядле, ухапіўшыся пярэднімі лапамі за аброць. Кот растапырыў пальцы на задніх лапах і ўсімі кіпцюрамі ўпіўся ў бакі каня, ад чаго той панёсся яшчэ хутчэй. Калі конь праносіўся непадалёк ад адзінокай сасны, Міамурмарор выгнуўся і скокнуў на галіну. На дрэве ён сябе адчуваў значна бяспечней, чым на спіне ў ліхога каня.

Тым часам Арцін саскочыў са свайго скакуна.

— Хто ж гэта мог быць? — усклікнуў будучы віцязь у роспачы. — Што гэта за цені?

— Ну ты і борзды. — мастак Дроздзіч паправіў берэт і злез з каня. — Нельга ж так гнаць, на злом галавы, хораша ёй не падумаўшы.

Дроздзіч спешна выбег на луг, раскрыў свой парасон і паглядзеў скрозь яго на далягляд.

— Ледзь паспеў заўважыць, — паведаміў ён. — Нічога не разумею. Калі вочы мне не хлусяць, то гэта нейкія лятаючыя чарапахі...

— Можа, Паляндра ў дадатак да чорных чапляў сабе на службу гэтых чарапах узяла? — выказаў здагадку Арцін.

— Наўрад ці... Чарапахі вельмі непаваротлівыя.

— А я ведаю, што існуюць балотныя чарапахі, — сказаў Арцін.

— Ну, можа быць, і твая праўда..

— Тады чаго ж мы чакаем! — гарачыўся Арцін. — Наперад, да Паляндры! Трэба вызваляць ужо не толькі нашых людзей, але і Алеоллу!

— Мяў! — знячэўку пачулася зверху.

Арцін і Дроздзіч паглядзелі на адзінокую сасну, што расла пасярод поля.

— Ты чаго. Размаўляць развучыўся? — спытаў Арцін, заўважыўшы ката, які пярэднімі лапамі чапляўся за галіну дрэва.

— Мяў. — сумна працягнуў кот Міамурмарор, — у мяне проста слоў няма.

— Аднак здзіўляе вось што, — сказаў Дроздзіч, — самая кароткая дарога, што вядзе да Паляндры — гэта тая, па якой мы ехалі. А гэтыя чарапахі паляцелі ў зусім іншым напрамку. Калі мы пойдзем за імі, то будзем толькі аддаляцца ад Чорнага Балота. Калі ж пойдзем да Паляндры, то яшчэ не вядома — патрапілі да яе Алеолла і Бедалдай ці не.

— А раптам, гэтыя чарапахі ўжо зрабілі круг і вярнуліся ў сваё балота? — выказаў здагадку Арцін. — Я асабіста за тое, каб адразу ж адправіцца да Паляндры.

— А я за тое, каб пайсці туды, куды паляцелі чарапахі, — разважліва прамовіў мастак Дроздзіч. — Сумняваюся, каб яны былі здольны на такія крутыя віражы, як ты мяркуеш. І, увогуле, навошта ім лётаць па крузе.

— Ды ў гэтым лесе мы проста саб’ёмся з дарогі... А калі лятаючыя чарапахі зрабілі хоць невялікі паварот, то мы не толькі іх не знойдзем, але яшчэ і самі заблукаем.

— Не ведаю, але сэрца мне падказвае, што калі мы пойдзем да Паляндры, то ніколі ўжо не ўбачым Алеоллу.

— Добра, — праз зубы працадзіў Арцін. — Будзем галасаваць. Зробім так, як вырашыць большасць. Хто за тое, каб ісці да Паляндры, прашу падняць правую руку. Хто супраць — левую. Каб падумаць, даю час — лічу да пяці, — Арцін пачаў павольна лічыць, — раз, два, тры, чатыры.

На слове «пяць», ён падняў правую руку.

Мастак Дроздзіч, нягледзячы на тое, што Арцін даў яму час на разважанне, усё-такі падняў левую руку.

— Ну, добра, — Арцін паглядзеў на ката Міамурмарора.

Зірнуў на яго і мастак Дроздзіч. Хвост і дзве заднія лапы ката боўталіся ў паветры, а двума пярэднімі ён трымаўся за галіну сасны. Выходзіла, што ў ката былі ўзняты да гары абедзве лапы.

— Гэй, Міамурмарор, — сказаў Арцін, — адпускай адну лапу. — Адпусціш левую, значыць, узнятай застанецца правая. І мы пойдзем да Паляндры.

— Адпусціш правую, то ўзнятай застанецца левая, і мы пойдзем за лятаючымі чарапахамі, — растлумачыў кату мастак Дроздзіч.

— Мя-а-а-а-а-у-у-у, — нема заекатаў кот Міамурмарор, і адпусціў адразу абедзве лапы. У паветры ён перакуліўся і плаўна прызямліўся на чатыры лапы — звычайная справа для катоў.

— Што гэта ў цябе? — адначасова спыталі мастак Дроздзіч і Арцін.

У момант прызямлення на нос ката Міамурмарора капнула нешта белае.

— Гэта малако, — адказаў кот, аблізваючы нос, — яно тлусценькае, нібы вяршкі.

— Адкуль тут малако? — разам прамовілі мастак Дроздзіч і Арцін.

— З неба, — спакойна сказаў кот.

У здзіўленні мастак Дроздзіч і Арцін перазірнуліся, а кот працягваў:

— У Алеоллы з сабою быў бурдзюк з малаком, які яна ўзяла ў зямлянцы ліхадзеяў. Я думаю, яна яго праткнула, каб кроплі ляцелі на зямлю... Мая прапанова — ісці па кроплях малака.

— Ды ну, мы не зможам знайсці і другой кроплі, — засумняваўся Арцін. — Кроплі малака лёгкія, іх ветрам зносіць. Гэта немагчыма!

— Гэта немагчыма для вас, людзей, але не для катоў, — Міамурмарор ганарліва падняў хвост і бліснуў смарагдавымі вачамі. — Галоўнае — не кроплі, галоўнае — пах малака. Я яго з дзяцінства добра адчуваю. Будзьце ўпэўнены, я беспамылкова вызначу, куды ён вядзе.

— Малайчына, — пахваліў яго мастак Дроздзіч.

Яны з Арцінам злавілі коней, забралі неабходныя рэчы, знялі з вялікаханскіх прыгажуноў збрую і адпусцілі на волю.

Трое сяброў адправіліся ўглыб дрымучага лесу ўслед за малочнымі кроплямі.


XV

НАПЕРАД, ЗА МАЛАКОМ!

Будучы мужны віцязь, вандроўны мастак і вучоны кот з цяжкасцю прабіраліся скрозь густыя зарасці, абыходзілі паваленыя дрэвы. Невялікія ручаі яны пераходзілі ўброд. А вось забалочаныя лясныя азёры не былі для іх перашкодай — бо ў прыяцеляў меліся вадаступы. Праўда, кату Міамурмарору не падабалася такая прыкрая для лап, макрушчая вада, ён аддаваў перавагу ў гэтых выпадках сядзець на плячах у Арціна альбо ў мастака Дроздзіча.

Толькі па сухім лесе кот ішоў наперадзе ўсіх, беспамылкова вызначаючы, адкуль даносіцца пах малака.

Адным разам кот Міамурмарор, задраўшы свой нос, наблізіўся да густой елкі. Ад яе верхавіны выразна веяла каровіным малаком.

— Каровы ж не лётаюць... — прамармытаў кот сабе пад нос. Ён паглядзеў наверх, і ў гэтае ж імгненне на яго звалілася нешта цяжкае, карычневае.

Гэтае нешта было памерам, калі не з карову, то з цяля, але ж не цялё.

Добра, што кот — гнуткае стварэнне, таму медзведзяня, якое звалілася на Міамурмарора, нічога яму не зламала.

Учуўшы малако, маленькі мядзведзь палез на дрэва, але па невуцтве забраўся на тонкую галінку, якая пад ім і зламалася. А кот, апынуўшыся ў патрэбны момант пад елкай, выратаваў медзведзяня.

Цяпер у кашлатага спалохана бліскацелі цёмныя вочы, ён спрабаваў хмурыцца, задзіраў верхнюю губу — няўмела шчэрыўся, паказваючы свае яшчэ, пэўна, малочныя іклы, і зусім нястрашна рыкаў. А кот тым часам хвастом наперад выпаўз паміж лап медзведзяня і кінуўся да суседняй елкі.

— Як жа я не падумаў, што на гэтае малако могуць і мядзведзі паквапіцца? — размінаючы лапы, прамовіў Міамурмарор. — У іх нюх вастрэйшы, чым у сабак.

— І катоў, — дадаў Арцін.

— Ціха! — папярэдзіў мастак Дроздзіч. — Самі па сабе медзведзяняты па лесе не ходзяць.

Толькі Арцін дастаў з похваў меч, як па лесе пракацілася грознае рыканне. З гушчару прама на ката Міамурмарора выбегла агромністая, нібы ўцёс, мядзведзіца. Было відаць, як пад калматай скурай у яе скалынаюцца магутныя цягліцы. Кот, ні хвіліны не вагаючыся, ускочыў на ствол елкі і хутка ўскараскаўся яшчэ вышэй.

На дрэва ўлез і мастак Дроздзіч. Арцін выставіў наперад меч і адступіў назад.

Мядзведзіца абаперлася пярэднімі лапамі на ствол елкі, дзе засеў кот Міамурмарор, і зарыкала яшчэ гучней. Добра, што елка была тонкая — такой велічэзнай мядзведзіцы яна б не вытрымала. Суровая матуля гэта разумела, таму на дрэва не палезла, а пачала яго трэсці.

— Яна думае, што я рысь. — паскардзіўся ўсім, хто яго чуў, кот Міамурмарор.

Ён выпусціў кіпцюры, усадзіў іх у кару дрэва і закрычаў:

— Акыш, апсік, абрысь, я табе не рысь!

Аднак мядзведзіца не звярнула ніякай увагі на гэтыя воклічы і працягвала трэсці елку. Вогненна-руды кот, нібы вялізная вавёрка ў яе галінах, боўтаўся з боку ў бок.

Да сваёй матулі падышоў мядзведзік, задраў пысу ўверх і нечаканым баском рыкнуў на ката.

— Кіньце ім ягад шаўкоўніцы. — папрасіў кот Міамурмарор. — А то яны мяне з дрэва страсуць.

Арцін дастаў з паходнай торбы ягады звычайнай шаўкоўніцы і адну — шчасцядайнай.

— Можа, не трэба? — папярэдзіў мастак Дроздзіч.

— Ды што такой вялікай мядзведзіцы зробіцца?

Арцін кінуў звычайныя ягады медзведзянятку — той адразу страціў усякую цікавасць да «рудай рысі» на елцы. Носам адшукаў на зямлі ягады шаўкоўніцы і з задавальненнем стаў імі ласавацца.

А «шчаслівую» ягаду Арцін падкінуў прама да пысы мядзведзіцы. Яна наляту злавіла яе пашчай. Яшчэ раз паглядзела на ката на дрэве, потым развярнулася і ні з таго ні з сяго дала аплявуху медзведзянятку.

— Што такое? Гэта ж ягада шчасцядайнай шаўкоўніцы, — здзівіўся Арцін. — Я не думаў, што яна так раззлуецца.

— Гэта яна з любоўю. Паціху, каб ён ад яе больш далёка не ўцякаў.

Мядзведзіца і медзведзянятка павольна пакасалапілі ў гушчар.

— Гэта ж трэба, інтэлігентнага ката з дзікай коткай пераблытаць! — абураўся Міамурмарор ужо на зямлі.

Увечары пайшоў дождж. Ён не стаў нечаканасцю для прыяцеляў. Час ад часу кот залазіў на дрэвы, і не толькі для таго, каб чарговы раз пазнаць, адкуль даносіцца малочны пах. Мастак Дроздзіч падаваў яму свой парасон, кот раскрываў яго і аглядаў, што робіцца на даляглядзе.

Набрынялую хмару кот прыкмеціў даўно. Пакуль яна падышла, яны паспелі пабудаваць з густых лапак елак надзейны будан.

— Як я і меркаваў, гэтыя цені, ляцяць прама і нікуды не паварочваюць, — сказаў мастак Дроздзіч.

— Так што твой нос, — пажартаваў Арцін, — нам не надта быў патрэбны.

— Патрэбны, не патрэбны... Ты, між іншым, хацеў нас у Чорнае Балота завесці! — насупіўся кот.

— Мы туды ўсё роўна прыйдзем.

Раніцай, калі дождж прайшоў, кот зноў ускараскаўся на дрэва, пры гэтым ён, як звычайна, захапіў парасон мастака Дроздзіча.

— Гэй! — крыкнуў кот Міамурмарор з дрэва. — У мяне дзве навіны. Дрэнная і добрая. З якой пачынаць?

— З дрэннай, — прапанаваў мастак Дроздзіч, — каб пасля было суцяшэнне.

— Значыць так, малаком больш не пахне. Дождж змыў усе кроплі.

— Вось і спадзявайся на гэтага ката, — прабурчаў Арцін.

— Але я ведаю, куды паляцелі Алеолла і Бедалдай, — упэўнена паведаміў кот.

— Што ты бачыш? — разам спыталі яго мастак Дроздзіч і Арцін.

— Там, адкуль прыйшла хмара, я бачу скалу, на ёй стаіць замак нейкі незразумелы. Падобны да вялікага чорнага дыямента.

— А няўзброеным вокам, гэта замак бачны? — спытаў мастак Дроздзіч.

— Якім гэта яшчэ няўзброеным вокам?

— Я маю на ўвазе, без майго парасона?

— Бачны як чорная жамчужына. І гэта пры тым — маім каціным няўзброеным вокам, — ганарліва адказаў кот Міамурмарор. — А калі глядзець вашым вокам, то ён наогул падаваўся б макавым зернем.

— Добра, злазь з дрэва. Значыць, да таго замка ісці па лесе тры тыдні альбо нават больш, — падлічыў мастак Дроздзіч.

Тым часам Арцін заняўся вогнішчам — бо трэба было падсілкавацца і прасушыць вільготную вопратку.


XVI

ДАСПЕХІ НА МУРАХ

Мастак Дроздзіч не памыліўся — праз тры тыдні кампанія падышла да падножжа скалы, якая з усіх бакоў на сотні вёрст была акружана дрымучымі лясамі. Над скалой узвышаўся замак. Яго муры былі складзены з тысяч адпаліраваных пліт металічнага колеру. А можа, гэта і былі жалезныя пліты? Сонечны промень адбіваўся ад іх у дзясятках розных кірункаў. За мурамі ўзнімаўся вузкі пік скалы, вакол якога можна было заўважыць круглы зубчасты балкон, створаны альбо рукамі людзей, альбо майстравітым чараўніком.

— Што гэта за таямнічы замак? Хто-небудзь пра яго нешта чуў? — спытаў Арцін.

— Я сапраўды не ведаю, — сказаў мастак Дроздзіч, — хадзілі чуткі, што ў самім віры лесу, дзе зараджаецца смуга, аблокі і хмары, ёсць скала, на якой стаіць замак. А ў ім жыве Уладар Навальніц.

— А я чуў, — пачаў кот Міамурмарор, — што да нейкага навальнічнага замка гадоў сто таму адпраўлялася вялізнае войска з Залатога Горада. Шапталіся, што гэтае непераможнае дагэтуль войска бясследна знікла.

Скала, ля падножжа якой стаялі сябры, падавалася непрыступнай. Але ж толькі не для ката. Арцін і мастак Дроздзіч адразу ж прыступілі да працы — яны скруцілі з лыка вяроўку. Доўгую-доўгую.

І рабілі наступным чынам: кот Міамурмарор узбіраўся на скалу, надзейна абвязваў вяроўкай які-небудзь выступ альбо цяжкі валун, а потым па гэтай вяроўцы караскаліся мастак Дроздзіч і Арцін.

Неўзабаве яны падняліся да ўзроўню замка. Перад імі былі высокія змрочныя муры — цалкам стромыя — яны прыгняталі сваімі гіганцкімі памерамі. Але больш бянтэжыла іншае — пад мурамі замка ляжалі груды чалавечых костак і чарапоў. Чыстых, белых і бліскучых. Іх даўно абскублі дзікія птушкі, абмылі воды дажджоў, адпаліравалі градзіны і паднятыя ветрам пясчынкі. Сям-там сярод чалавечых парэшткаў трапяталі кавалачкі амаль сатлелай вопраткі. Па ўсіх мурах замка — вышэй, ніжэй — былі панавешаныя, нібы «прылепленыя» суперклеем, воінскія даспехі: жалезныя шаломы, налакотнікі, панцыры, кальчугі. У некаторых з іх можна было заўважыць чалавечыя шкілеты. Побач з даспехамі на мурах «вісела» зброя: шчыты, мячы, наканечнікі стрэл і дзід.

Калісьці даўно невядомая сіла магутным прыцягненнем прыкавала да муроў замка ваяроў, што спрабавалі ўзяць яго ў аблогу. Некаторыя з іх так і не змаглі вызваліцца ад сваіх жа латаў і навечна засталіся ў іх.

Арцін адчуў, як за яго спінай нешта заварушылася. Ён з жахам азірнуўся. Раптам з калчана ў паветра вырвалася страла і паляцела да замка, стукнулася аб замкавы мур і «прыляпілася» да яго наканечнікам.

Арцін мацней перацягнуў калчан аборкай, каб астатнія стрэлы самі па сабе не павыляталі. Але тут жа з похваў, якія былі зроблены з дрэва, пачаў «выпаўзаць» меч. Арцін з сілай засунуў яго назад у похвы, а дзяржальна абматаў аборкай.

— Што за неведзь! — вылаяўся ён.

— Сцены зроблены з магічнага жалеза, — згадзіўся мастак Дроздзіч. — Яно прыцягвае іншае жалеза.

— Ты б, Арцін, схаваў пакуль сваю зброю пад валуном. Далей з ёй усё роўна не пройдзеш, — параіў кот Міамурмарор.

— Так-так, а то паляціць да мёртвых ваяроў — не дастанеш потым, — дадаў мастак Дроздзіч.

— А як жа, па-вашаму, я ваяваць буду?

— Ну, можа быць, драўляным дручком, — параіў кот Міамурмарор.

Арціну было не надта прыемна расставацца са сваёй зброяй, але з кожным крокам яна рабілася ўсё цяжэйшай. І юнаку, хочаш не хочаш, давялося скарыстацца парадай сяброў. Арцін схаваў меч і похвы пад валуном, паклаў і прыціснуў валуном стрэлы.

— Калісьці нашыя продкі не ведалі жалеза. Ды і цяпер у далёкіх паўночна-ўсходніх лясах ёсць плямёны, у якіх няма ні мячоў, ні шабляў. Усю сваю зброю яны робяць з каменя і костак рыб ды жывёл, — сказаў Арцін. — Я — будучы віцязь — не магу без зброі.

На скале ён знайшоў добры кавалак крэменя, раскалоў яго іншым крэменем, такім чынам каб былі завостраныя краі. Затым змайстраваў каменную сякеру — завостраны кавалак каменя прывязаў крыж-накрыж да кія.

— А я як быў без зброі, так і застануся, — самазадаволена прамовіў кот Міамурмарор, — мне і маіх кіпцюроў досыць.

— І ў мяне ёсць мой парасон, — прамовіў мастак Дроздзіч.

Прыяцелі абышлі замак вакол, але ні брамы, ні лаза, ні нават шчыліны не ўгледзелі...


XVII

СУСТРЭЧА З ЛУСКАВАТЫМІ

Насамрэч Алеолла не праколвала бурдзюк. Яна яго проста перакуліла і паслабіла вяроўку, якой ён быў перавязаны. Малако стала прасочвацца, і кроплі ляцелі ўніз.

Яна разам з Бедалдаем, набраўшы хуткасць, імчаліся па паветры ў невядомым кірунку. Здавалася, што яны знянацку ператварыліся ў вецер, які ляціць уздоўж зямлі, бо рэзкі, шчыльны вецер бесперапынна свістаў у іх у вушах і бязлітасна трапаў валасамі.

Алеолла нават не спрабавала вырывацца з жалезных абдымкаў Бедалдая. Па-першае, яна баялася, што, калі вырвецца, проста зваліцца на зямлю і разаб’ецца, а па-другое, яна выдатна разумела, што кат не збіраецца рабіць ёй аніякай шкоды.

Ні Бедалдай, ні Алеолла да канца не зразумелі, што адбылося — чаму раптам незразумелая сіла падхапіла Бедалдая і панесла ў невядомым кірунку. Можа, такая ж сіла падхапіла і яе сяброў? Алеолла ўзіралася ўдалеч, ці не ляцяць за ёй Арцін, мастак Дроздзіч і кот Міамурмарор. Яна нават пашкадавала, што яны не разам — а было б цікава паглядзець, як ляцеў бы, распушыўшы агніста-апельсінавы хвост, кот Міамурмарор, які быў бы ў яго выраз на пысцы. Але, на жаль, за імі ніхто не ляцеў — толькі ўдалечыні віднеліся невядомыя цёмныя цені.

Такія ж цені — толькі паболей — былі і наперадзе. Абрысамі яны нагадвалі чалавека з вялікім панцырам альбо шчытом на спіне.

Далёка ўнізе мільгацеў суцэльны кілім лесу. Алеолла атрымлівала асалоду ад гэтага яшчэ нязнанага ёй адчування палёту. Блакітнымі змеямі зіхцелі рэкі, срэбнымі манетамі ззялі азёры, валунамі падаваліся ўцёсы. Часам Алеолла і Бедалдай ляцелі так нізка, што ледзь не краналіся верхавін дрэў і вяршынь узгоркаў, а часам зямля рэзка сыходзіла ўніз, нібы правальвалася ў глыбокую ўпадзіну.

Угары ззяла сонца, яно засталося такім жа далёкім, а вось аблокі сталі большымі.

Раптам наблізілася зямля, павялічыліся дрэвы, унізе прамільгнулі пясчаная гара і шэрая сцяна замка.

— Мы ляцім на пік скалы! — крыкнуў Бедалдай. — Трымайся!

Алеолла яшчэ мацней учапілася рукамі ў ката і зажмурылася. У яе з рук выпаў пусты бурдзюк з-пад малака і паляцеў уніз. Але ім пашанцавала, у пік яны не ўдарыліся — насамрэч у скале, пад самай вяршыняй, знаходзіўся грот. Уварваўшыся ў яго на шалёнай хуткасці, Алеолла і Бедалдай тут жа патрапілі ў сетку, падобную да сачка, якім дзеці ловяць матылькоў, толькі гэты сачок-падхватнік быў надзвычай вялікі.

Сетка была зроблена з мяккіх і пругкіх вяровак. Па іх Алеолла і Бедалдай з’ехалі ўніз і апынуліся на каменным выступе, падобным да балкона з зубчастымі краямі.

Адсюль, з вышыні птушынага палёту, віднелася зямля — усюды, куды ні зірні, рассцілалася лясное мора.

— А гэта яшчэ хто? — Алеолла ўбачыла, як побач з праёмам, што вёў ў глыб скалы, стаяў віцязь-волат і з цікаўнасцю разглядаў яе і Бедалдая.

Віцязь быў апрануты ў незвычайныя латы — і шалом, і самі латы складаліся з пласцінак, падобных да рыбінай лускі, а за поясам у віцязя вісеў меч, зроблены з зуба вялізнай рыбы.

З Бедалдаем адбывалася нешта незразумелае — падчас борсання ў сетцы ён здолеў начапіць сабе на спіну свой футарал. Цяпер жа шлейкі туга нацягнуліся і кат «прыляпіўся» футаралам да сценкі балкона. Бедалдай крахтаў ад намагання, нязграбна тузаўся, спрабуючы адарвацца разам з футаралам ад сцяны. Але ўсё было дарэмна — у яго нічога не выходзіла.

— Пэўна, у яго там высакаякаснае жалеза, — выказаў здагадку віцязь. Ён казаў нізкім раскацістым голасам.

— Ага, — усміхнулася Алеолла, — у яго там высакаякасная сякера.

— Тады няхай вызваляецца ад шлеек і выходзіць сюды. Пакуль маг не пераверне глыбу, твой прыяцель усё роўна, як бы ні імкнуўся, не зможа ададраць сваю сякеру ад сценак балкона.

Бедалдай упарта не жадаў пакідаць свой футарал з сякерай і з усіх сіл працягваў цягнуць яго на сябе.

У гэты час у сетцы заварушыўся яшчэ адзін віцязь — такі ж «лускаваты», як і першы, з такім жа мячом за поясам. Па вяроўках віцязь спусціўся ўніз і тут жа «прыляпіўся» да сценкі балкона. За спінай у віцязя быў шырокі шчыт на шлейках, амаль такіх жа, як і на футарале Бедалдая. «Лускаваты» звыкла зняў шлейкі з плячэй і ўстаў на ногі.

— Што гэта за госці ў нас? — спытаў ён у першага віцязя.

У абодвух віцязяў, як у братоў, вочы былі аднаго колеру — колеру марской хвалі, аднолькава чорныя з сінім адлівам вусы і такія ж валасы, якія выбіваліся з-пад шалома, зробленага з рыбінай лускі.

— Мяне клічуць Алеолла, — прадставілся дзяўчына. — А гэта Бедалдай, мой кат.

— Хто?

— Я хацела сказаць. ну. у сэнсе.

Яна замялася, убачыўшы як мяняюцца з твару віцязі.

— Гэта са мной... — прамямліла яна.

— Так што, ён за вамі гнаўся? — гнеўна спытаў адзін з віцязяў і схапіўся за меч.

— Не, ён толькі мяне абняў.

— Што ён зрабіў? — здзівіліся віцязі.

Алеолла не ведала, як ім усё растлумачыць.

Тым часам з сеткі вылез яшчэ адзін лускаваты. Ён чуў, пра што казалі яго таварышы, таму падышоў да Бедалдая і з сілай выцягнуў таго са шлеек футарала.

— Ты будзеш гаварыць з самім Ромам Ончарам. І ты, як цябе там, Алеолла, таксама.

Тут з сеткі выпаўз чарговы віцязь.

— Што гэта? — гучна абурыўся ён. — Што гэта за скрыня прышпандорана да сценкі балкона? Гэта месца для майго шчыта!

— Супакойся, Мернеск, стаў свой шчыт побач з маім, будзем разбірацца, — сказаў яму віцязь, які трымаў Бедалдая.

Раптам Бедалдай вырашыў пасупраціўляцца. Яму амаль удало ся вырвацца з рук віцязя, які яго трымаў. Аднак віцязь быў вышэйшы за яго на галаву і відавочна мацнейшы.

— Не бузі, — нізкім голасам загадаў ён Бедалдаю.

Раптам у сетцы апынуўся сапраўдны гігант. Яго шчыт быў вялізны, так што месца для такога шчыта было толькі на брылі балкона. Сетка ледзь не трашчала пад ім. Гэты гігант плячама прыпёр свой шчыт да брыля і вызваліўся ад шырачэзных шлеек.

— Што тут за вэрхал? — прагрукатаў ён.

Гэты звыш-віцязь быў не менш двух касых сажняў у плячах, рукі яго былі падобны да пяціпальцавых граблёў — калі яны сціскаліся, ператвараліся ў вялізны, нібы паходны кацялок, кулак. Парослыя густым «мохам», надброўныя дугі рэзка выступалі наперад і грозна навісалі над вачамі.

— Гэта не вэрхал. — сказала Алеолла. — Гэта Бедалдай. Мой кат... Ой! — вымавіла яна і змоўкла.

— Хто? — падняў адно брыво гігант.

— Слухай, Ром Ончар, няпрошаныя госці «ўчапіліся» з намі, — забасілі віцязі.

Гігант спадылба зірнуў на спалоханую Алеоллу і Бедалдая.

— Добра, пайшлі да Ніціча. Распавядзём, як бітва прайшла, і гэтых пакажам, — загадаў ён. — Гэй! Мы прыбылі! Усе на месцы! — гігант прамовіў гэтак громагучна, што здрыгануліся сцены.

Яго словы праніклі ўнутр скалы і, змяшаўшыся са сваім жа рэхам, ператварыліся ў далёкі шум-гуд.

— Малайцы. Я вас чакаю! — іншы мужчынскі голас прыйшоў з падзямелля. — Увага! Адмыкаю!

У гэтае імгненне шчыты віцязяў, «прылепленыя» да сценак балкона, хіснуліся. Яны ўсё яшчэ працягвалі трымацца, але не з такой сілай, як перад гэтым. А футарал Бедалдая наогул споўз на падлогу.

Убачыўшы гэта, кат ірвануўся, каб падхапіць яго.

— Яшчэ раз паўтараем. з намі не бузі, Бедалдай, а то бяды не абярэшся, — сказаў віцязь, які трымаў яго, і моцна схапіў за плячо.

Бедалдай перастаў вырывацца.


XVIII

РАДЗІМКА ЗЯМЛІ


Віцязі пайшлі па галерэі ў глыб скалы і неўзабаве трапілі ў грот, столь якога была з горнага крышталю. Столь раз-пораз у розных месцах азаралі жоўта-аранжава-сінія водбліскі.

У цэнтры грота знаходзілася агромністая прастакутная глыба шэрага колеру. На ёй стаяла вялікае плеценае крэсла, у якім сядзеў чалавек.

У зале, пад глыбай, уздоўж круглай сцяны пашыхтаваліся віцязі. Разам з прыбылым Ромам Ончарам іх было трыццаць. Высока пад крыштальным купалам залы Алеолла заўважыла яшчэ аднаго віцязя. Ён, нібы павук у сетцы, ляжаў у гамаку і ўвесь час спрабаваў злавіць поглядам чарговы жоўта-аранжава-сіні водбліск на столі.

— Вітаю волатаў! — крыкнуў чалавек на глыбе. — Як поспехі?

— Няшчасныя хазраане пабіты і ўцякаюць, — адказаў за ўсіх Ром Ончар.

— Малайцы! Вы як заўсёды былі хуткімі і храбрымі! — урачыста прамовіў чалавек на глыбе. — Віншую з перамогай! Адпачывайце і банкетуйце!

— Ніціч! — зноў загаварыў Ром Ончар.

— Слухаю, слаўны ваявода!

— Мы «падчапілі» гасцей. Трэба з імі паразмаўляць.

— Добра, я хутка спушчуся.

Ром Ончар сам голасна звярнуўся да віцязяў:

— Дзякую, хлопцы! Добрая праца. Усе могуць быць вольныя, — а затым, панізіўшы голас, сказаў віцязю, які трымаў Бедалдая, — дай мне гэтага недарэку.

Бедалдай, які не лічыў сябе недарэкам, тупнуў нагой, павёў плячом і вызваліўся. Але ненадоўга — магутныя рукі Рома Ончара яго дасталі. Ваявода схапіў ката за карак і сціснуў так моцна, што Бедалдай закусіў губу ад болю.

Ніціч па вяровачнай лесвіцы спусціўся з глыбы і падышоў да Рома Ончара.

Ніціч быў ваяводзе па плячо, таксама шыракаплечы, з добрай паставай і ўвесь сівы — падавалася, што яго галаву ахутвае пышнае белае воблака. Такое ж белае, толькі меншае, воблака — з белых вусоў і барады — было ў яго пад носам. А карыя вочы Ніціча былі жвавыя і вельмі цікаўныя.

«Дзівосны стары», — адзначыла Алеолла.

— Дабрыдзень, — ветліва сказаў Ніціч будучай яснапанне.

— Дабрыдзень, — адказала Алеолла тонам будучай яснапанны.

— Я — Ніціч, па прызначэнні — маг, — прамовіў ён, трохі напышліва.

— Я — будучая яснапанна, — прамовіла дзяўчына ў рэверансе.

Маг Ніціч ветліва пакланіўся ёй, а затым паглядзеў на ваяводу.

— А навошта вы Бедалдая трымаеце?

— Ды вось, хлопцы гавораць, што ён бузіць, — грубым голасам прамовіў Ром Ончар.

— А што, хіба з такімі хлопцамі можна бузіць?

— Вядома, не. Вось і трымаю яго, — раздзімаючы ноздры, сурова сказаў вая­вода. — А то зламаюць яму што-небудзь незнарок.

— Ясна, — сказаў маг Ніціч. — Давайце вы, Алеолла, і вы, Ром, з гэтым бузацёрам да мяне.

Маг Ніціч пайшоў уніз па спіральнай лесвіцы, за ім пачала спускацца Алеолла, а за ёй Ром Ончар павёў Бедалдая. Лесвіца стромкімі прыступкамі бегла па краях шырокага круглага праёма, падобнага да вялікай студні, і як быццам увінчвалася ў падзямелле. Па цэнтры «студні» вісеў драўляны, да бляску адпаліраваны доўгі шост — прыстасаваны на выпадак экстраннага спуску.

— Асцярожна, прыступкі высокія, для дзяўчыны нязручныя, — ветліва папярэдзіў маг Ніціч. — Сам я асабіста люблю спускаюцца па шасце. Прашу вас.

Усе ўчатырох яны ўвайшлі ў пячорную залу. Падобнае жыллё Алеолла ўжо бачыла раней — у старца ў Пячорным Горадзе. Аднак трэба аддаць належнае, пакой мага Ніціча быў значна прасторнейшы і святлейшы. Усё ў ім было выслана мяккімі дыванамі. У асобнай нішы гарэў агонь, што рабіла памяшканне больш утульным.

— Калі змерзлі ад пералёту — прашу да агню, — запрасіў маг Ніціч. — Гэта вечны агонь — з зямлі б’е горны газ, таму агонь ніколі не згасае. Спрабаваць яго тушыць альбо дзьмуць на яго нельга. Газ — атрутны. А калі раптам агонь згасне, трэба адразу ж адтуліну замазваць глінай — вунь бачыце камячкі свежай гліны?

Камячкі свежай гліны ляжалі побач з каменнай нішай, а ў ёй, са скалы, біла струменьчыкам чыстая вада. Вада збіралася ў выдзеўбаную ў сцяне чару і збягала далей у горную расколіну.

— У гэтым замку шмат дзіўных рэчаў, — лагодна прамовіў Ром Ончар, звяртаючыся да Алеоллы і Бедалдая.

— Прашу садзіцца, — прапанаваў маг Ніціч.

Перад газавым камінам стаялі тры плеценыя з лазы крэслы-гушкалкі.

— Садзіцеся, — лагодна сказаў маг Ніціч Бедалдаю, — адпусці ты яго, Ром.

— Так, праўда, адпусціце, яго. Гэта мой. целаахоўнік, — папрасіла Алеолла.

— А-а, — густым басам працягнуў Ром Ончар, — адразу б так і казала. А то кат ды кат. Які яшчэ кат?

— Я хутка, — сказаў маг Ніціч.

Праз некаторы час ён з’явіўся з круглым плеценым столікам на маленькіх колцах. На ім быў паднос з вінаградам, мандарынамі, рознымі гатункамі арэхаў, сокам, місамі, напоўненымі маннай і рысавай кашай з разынкамі ды мёдам.

— Частуйцеся. Праўда, каша ўжо халодная. Жадаеце вам падцяплю? Учора твае арлы на Ясны Бераг лёталі, там за жэмчуг выменялі. — паведаміў маг Ніціч Рому Ончару.

— Дзякуй, — сказала Алеолла і адшчыкнула некалькі вінаградзін.

Бедалдай моўчкі ўзяў жменю арэхаў, стаў жаваць і паволі пахіствацца ў крэсле-

гушкалцы.

Сабе маг прынёс з глыбіні залы сціплае крэсліца і сеў разам з усімі за столік.

— Ну, распавядайце, хто вы і што вы, — звярнуўся ён да Алеоллы. — Як тут апынуліся?

— Ды што мы... Ехалі на конях, ехалі, і раптам — хоп! — ужо ляцім.

— Ну, бывае. Вельмі рэдка, але такое здараецца, — прамовіў маг Ніціч.

— Лепш вы распавядзіце, што гэта за замак? І як вы навучыліся лятаць? — з вялікай цікавасцю спытала Алеолла.

— Не, будучая яснапанна, спачатку вы распавядзіце падрабязней — як жывяце, куды і адкуль шлях трымалі. З кім сябруеце. — здавалася, маг Ніціч распытваў зычліва.

— А як жа я магу пра сябе і сваіх сяброў распавядаць, калі я не ведаю, каму распавядаю, і дзе я і мой целаахоўнік знаходзімся? І што гэта за дзіўнае месца такое? І рыцары, якія на шчытах па паветры лётаюць. Можа, вы гэтыя. як іх мянуюць. налётчыкі. — пагляд Алеоллы зрабіўся занепакоеным. — Тым больш, вы нас, як самі гаворыце, неспадзявана «ўчапілі».

— Разумна даводзіце. — хітра ўсміхнуўся маг Ніціч. — Але гэта вы неспадзявана за нас «учапіліся», а не мы за вас. Добра, не хочаце нічога распавядаць — не трэба. Я вас адвяду кожнага ў свой пакой, але, папярэджваю, выходзіць з пакояў без майго дазволу нельга — гэта небяспечна. У гэтым замку трэба жыць асцярожна.

— Чаму?

— Газ, агонь, вада. Яшчэ шмат розных рэчаў... Доўга тлумачыць, ды і зразумець гэта цяжка без спецыяльнай адукацыі.

— Ну, калі ласка. Давайце мяняцца. Я пра сябе распавяду. А вы пра сябе, — Алеолла згарала ад цікаўнасці — усе гэтыя палёты, пячора, грот з крышталёвай столлю, на якой заўсёды нешта ўспыхвала, незразумелая прастакутная глыба пасярод залы. Ад гэтых незвычайных рэчаў у яе проста дух захоплівала.

— Мяняцца? Згодзен. Распавядайце, — маг Ніціч пагладзіў сваю белую бараду і падрыхтаваўся слухаць.

— Добра.

Алеолла, Бедалдай і Ром Ончар селі ямчэй у плеценых крэслах-гушкалках. Маг Ніціч тым часам прынёс сокі і халодны квас, паставіў усё гэта на столік. Усе сталі частавацца і слухаць, што скажа Алеолла.

Будучая яснапанна распавяла ўсё пра сабе, пра сваё мястэчка, пра няшчасці, якія выпалі на яе блізкіх і землякоў, пра тое, што яна і яе сябры намерваліся ісці да Жалобнай Каралевы Паляндры. Праўда, дзяўчына не стала распавядаць пра шаўкоўніцу — не хацела выдаваць сакрэт.

— Добрую справу задумалі, хоць і вельмі рызыкоўную, — згадзіўся маг Ніціч. — А цяпер я правяду вас у вашыя пакоі, каб адпачыць ад такіх узрушэнняў.

— Мы так не дамаўляліся! Гэта ж несправядліва! Я вам пра сябе ўсё распавяла, а вы нам з Бедалдаем анічагусенькі! — абурылася Алеолла.

— Па дарозе ўсё пачуеце, — усміхнуўшыся, прамовіў маг Ніціч. — Прашу трымацца за мной.

Бедалдай не паслухаўся, а стаў таптацца з нагі на нагу:

— Мне патрэбна мая сякера, — змрочным голасам прагаварыў ён.

— Давай-давай, збірайся! — пагрозліва сказаў яму Ром Ончар. — Потым разбяромся.

Маг Ніціч падпаліў нафтавую паходню і павёў Бедалдая з Алеоллай яшчэ ніжэй па прыступках, што віліся па баках вялікай «студні». За імі таксама з паходняй у руцэ ішоў велічэзны ваявода — ён час ад часу ўважліва пазіраў на Бедалдая.

— Вы будзеце, нарэшце, распавядаць? — нецярпліва спытала Алеолла.

— Буду, буду, — перавёў дыханне маг Ніціч. — Значыць так, слухайце. Калі, канешне, зможаце зразумець... Гэты замак пабудаваны ў самім цэнтры нашай часткі свету. Менавіта ў гэтым месцы сыходзяцца струмені магічнай сілы зямлі...

— Гэта тут легендарны пуп зямлі? — перабіла яго расхваляваная Алеолла.

— Не. Гэта не пуп зямлі. Скажу праўду, зямля — гэта шар, вы гэта ведаеце?

— Так, — кіўнула Алеолла і ўспомніла ката Міамурмарора ў вобліку заморскага мудраца.

— Дык вось, у зямлі ёсць два пупы. Адзін — на поўначы, другі — на поўдні. А вось замак, дзе мы знаходзімся, пабудаваны, калі можна так сказаць, на зямной радзімцы.

— На зямной радзімцы? — задумалася Алеолла.

— Так... Да яе і збягаюцца струмені магічнай сілы, — працягваў свой аповед маг Ніціч.

Усе ўчатырох яны спусціліся на самае дно «студні» і ўвайшлі ў вузкую пячорную галерэю, звярнулі адзін раз, другі, трэці. Апынуліся ў сапраўдным лабірынце. Алеолла спрабавала запомніць дарогу, але неўзабаве канчаткова заблыталася. Ёй заставалася спадзявацца толькі на Бедалдая і яго памяць.

Маг Ніціч працягваў:

— Калісьці я сышоў са стольнага горада Дзівіна і адправіўся падарожнічаць па Светлых Азёрах, па Сініх Азёрах, па Жоўтарэччы. Пабываў у вялікіх гарадах: Новым Беразе, Векаве, Залатым Горадзе, нават наведаў Мерамір. Плаваў на захад, быў на ўсходзе. Аднойчы перажыў караблекрушэнне — а выратаваў мяне Ром Ончар. У той час ён жыў са сваімі волатамі на аддаленай выспе на Вечаровым моры. Вось тады мы з ім і пазнаёміліся. Я слухаў мудрацоў, чытаў кнігі. Гаварылі, што 6 зямля валодае магічнай сілай, і я вельмі хацеў гэтую сілу выявіць. Здавалася, што ўсё дарма. Таму што ніхто — ні мудрэц з усходу, ні навуковы муж з захаду — не маглі мне сказаць, што гэта за сіла. Хоць усе згаджаліся з тым, што яна існуе. І вось аднойчы ў Далёкіх Гарах адзін пустэльнік падарыў мне сталёвую рыбу. Калі падвесіць яе на нітцы за плаўнік, то яе галава заўсёды паказвае на поўнач, а хвост — на поўдзень. Я зноў адправіўся вандраваць па свеце. І мая рыба ні разу не памылілася, ні разу мяне не падвяла. Як бы я ні круціў яе на нітцы, яна заўсёды спынялася галавой на поўнач. «Цяпер, — думаў я, — ніколі і нідзе не заблуджуся. Ні ў моры, ні ў глухім лесе». І вось аднойчы, калі я вяртаўся на Светлыя Азёры і ішоў праз вялізны дрымучы лес, раптам адбылося штосьці неверагоднае. Рыба прывяла мяне да высокай скалы. Менавіта ў гэтай скале мы цяпер і знаходзімся. Рыба не хацела паказваць ні ў які іншы бок — толькі на гэтую скалу. І я зразумеў! — маг Ніціч перавёў дыханне. — Я зразумеў, што ў гэтай скале ўтойваецца магічная сіла зямлі. Высока пад яе пікам я ўбачыў грот — у ім і пасяліўся. Потым я заўважыў, што шэры камень, які можна здабываць з гэтай скалы, таксама ўтрымлівае ў сабе магічную сілу... А яшчэ гэты камень здольны прыцягваць маланкі, якія валодаюць падобнай, але нашмат большай сілай. Тут, у гэтай скале, зямля і неба быццам перадаюць адно аднаму гэтую магічную сілу.

— Дык гэта вы той самы Уладар Навальніц? — раптам спытаў Бедалдай. — Гэта вы пасылаеце навальніцу ў любую кропку зямлі?

— Людзі любяць распускаць чуткі і распавядаць розныя небыліцы. Ну і, вядома ж, даваць розныя гучныя імёны. Я — маг Ніціч. Але навальніцамі, на жаль, не загадваю. Пакуль не загадваю. Я проста папрасіў сваіх сяброў-волатаў пабудаваць тут замак. Яны выканалі маю просьбу і назвалі магічную сілу зямлі ў гонар майго імя «магнітнай». Дарэчы, вы заўважылі, што сцены гэтага замка прыцягваюць жалеза? Увогуле, я навучыўся ўзмацняць гэтую «магнітную» сілу да «магутна магнітнай», як я яе назваў — «магнітычнай» сілы! І з дапамогай яе я навучыўся лятаць і навучыў лятаць віцязяў. Ну што, цяпер вам усё зразумела?

— Зразумела, — працягнула Алеолла, — але не зусім. А як усё гэта адбываецца? Як гэта яны лятаюць?

— Віцязі бяруць свае шчыты і ляцяць удалячынь, — проста сказаў Ром Ончар.

— І ўсё?

— Амаль усё, — прызнаўся маг Ніціч.

— Распавядзіце падрабязней, калі ласка.

— Калі заўтра вы яшчэ гэтага захочаце, — лагодна ўсміхнуўся маг Ніціч, — тады пакажу. Ну добра, вось мы і дайшлі. Алеолла, там твой пакой, — маг паказаў у бок аднаго каменнага калідора, — а тут, Бедалдай, твой, — махнуў ён у бок іншага калідора. — Адзін да аднаго ў госці можаце хадзіць, а вось наверх паднімацца, пакуль я сам не дазволю, нельга. Яшчэ раз папярэджваю — небяспечна для жыцця. Ды і заблукаць тут можна.

— А мая сякера? — зноў нахмурыўся Бедалдай.

— Не хвалюйцеся, — паспрабаваў супакоіць яго маг, — з сякерай нічога не станецца. Ніхто яе не кране. Праўда, ваявода?

— Так, сапраўды, — адказаў Ром Ончар, — мы ваюем мячамі, зробленымі з зубоў рыбы-маржа.

— Гэтая сякера павінна быць толькі ў мяне. І больш ні ў кога, — папярэдзіў Бедалдай.

— Цікава, цікава, — вочы Ніціча загарэліся. — Што гэта за цуд-сякера? Лётае па «магнітычных» струменях не горш за нашыя шчыты.

— Між іншым, мне таксама цікава, — сказала Алеолла, — чаму ўсё-ткі сякера Бедалдая ўчапілася за гэты, як вы гаворыце, «магнітычны» струмень?

— Ну, над зямлёй часам адбываюцца магнітныя буры, вось струмень і адхіліўся. А сякера ўзяла і зачапілася, — растлумачыў маг. — О, прашу сюды.

Маг Ніціч адгарнуў дыван, які закрываў уваход у пячорны пакой, прызначаны для Бедалдая, і яны ўвайшлі ўнутр. У пакоі-пячоры стаяў драўляны стол, крэсла і тапчан, пакрыты тоўстым покрывам. Падлогу і сцены высцілалі дываны.— Гэта адмысловая тканіна, — паказаў на дываны маг Ніціч, — зроблена з пустыннай травы. Яна амаль не гарыць.

— Ого, — здзівілася Алеолла.

У адным з кутоў пакоя знаходзіўся гарлач з вадой, у які са столі капала чыстая вада. Калі гарлач перапаўняўся, вада вылівалася з тонкага носіка гарлача ў камен­ную нішу і сыходзіла скрозь адтуліну ў глыб гары. Яшчэ ў пакоі-пячоры меўся газавы камін, дакладна такі ж самы, як у зале мага Ніціча.

Ром Ончар пальцам адняў кавалак гліны, і газ сыкнуў. Палкаводзец хутка запаліў камін сваім крэсівам, і полымя весела затанчыла ў каменнай выемцы.

— З гэтым камінам трэба быць вельмі асцярожнымі! І ні ў якім разе не тушыць! — загадным тонам сказаў Ром Ончар.

Бедалдай абыякава глядзеў на ўсё, што адбываецца.

— Вось тут косці для гульні, — паказаў на стол маг Ніціч, — можаце пагуляць адно з адным, а можна і аднаму, паспрабуйце выкінуць «чароўную піраміду». Правілы простыя: кідаючы па адным кубіку перш трэба выкінуць «6», потым «5», потым «4», «3», «2», «1». А атрымаць «піраміду» трэба столькі разоў, колькі граняў на кубіку: шэсць разоў запар.

— І што будзе? — запытала Алеолла.

— Калі хтосьці выкіне піраміду шэсць разоў запар, адбудзецца чараўніцтва. Спадзяюся, вы не засумуеце, — сказаў маг Ніціч.

— Мне трэба забраць сваю сякеру, — панура паўтарыў Бедалдай.

— Што ты заладзіў — сякера, сякера? Гэтая сякера проста засела ў цябе ў галаве, — непрыязна прамовіў Ром Ончар.

— Так, і што гэта за незвычайная сякера? І чаму яна павінна быць толькі ў цябе і ні ў кога больш? — спытаў маг Ніціч. — Распавядзі нам, калі ласка.

Бедалдай цяжка ўздыхнуў, падышоў да каміна і прыняўся расказваць:

— Гэтую сякеру зрабіў джын-каваль Тшэтхест. Па легендзе, ён папрасіў дзевяцярых самых лепшых кавалёў-людзей выкаваць яму па сваёй самай лепшай сякеры. Ды так, каб усе сякеры былі з выдатнай сталі, нават дзяржальна са сталі. Сякеры ў кавалёў, насамрэч, вышлі на славу — маглі секчы любы метал, любы камень. «Малайцы», — пахваліў кавалёў Тшэтхест і даў кожнаму кавалю золата па вазе выкаванай ім сякеры. А потым Тшэтхест адправіўся ў сваю пячору і з дзевяці сякер скаваў-спрасаваў сваім вялізным молатам адну. Сякера стала магутнейшай у дзевяць разоў — і з тых часоў гэта самая страшная зброя на Зямлі. Магутны чорны джын Штайнат празнаў пра гэтую сякеру і спалохаўся. Бо такой зброяй можна забіць яго самога. Але калі Штайнат сам завалодае гэтай зброяй, то зробіцца непераможным. Тады Штайнат хітрасцю заманіў джына-каваля Тшэтхеста ў падзямелле, у пячору Далёкіх Гор, сказаўшы, што там знаходзіцца самая чыстая жалезная руда ў свеце. І калі Тшэтхест спусціўся ўніз, Штайнат абрынуў на яго ўсю гару. Аднак перад тым, як адправіцца ў шлях, джын-каваль паспеў схаваць сваю сякеру дзесьці ў глыбокім месцы. — Бедалдай распавядаў глухім голасам, гледзячы толькі на вогнішча каміна. — І вось праз тысячу гадоў сякеру знайшлі ў студні Пячорнага Горада. Гэта найглыбейшая студня на зямлі. Сякеру Тшэтхеста ніхто не хацеў даставаць — усе баяліся чорнага джына Штайната. Ды і ваду людзі баяліся браць з гэтай студні. А я не пабаяўся і ўзяў гэтую сякеру сабе.

— А сам ты не баішся чорнага джына Штайната? — спытала Алеолла.

— Не, не баюся. Толькі ў катаў чорны джын не можа забраць сякеру, таму што гэта не толькі зброя, але і іх прылада працы. Чорнай працы, якую і чорны джын робіць...

— Дык ты ўсё-такі кат? — падняў свае страшныя бровы Ром Ончар.

— Так, — глуха адказаў Бедалдай.

— І як шмат людзей ты забіў? — гнеўна спытаў Ром Ончар.

Ваявода хацеў схапіць ката за плечы, прыўзняць ды так скалануць, каб дух з яго выляцеў. Бедалдай ледзь паспеў адступіць у глыб свайго пакоя.

— Ніводнага. — прамовіў кат. — Адзін выгляд сякеры прыводзіць у жах людзей, якія задумалі штосьці нядобрае.

— Значыць, ты кат людскіх думак? — зацікаўлена вымавіў маг Ніціч. — Адсякаеш не дрэнныя галовы, а тое дрэннае, што ёсць у галовах?

— Можна і так сказаць.

— Але ён жа ў любы момант можа стаць сапраўдным катам! — грозна праракатаў Ром Ончар.

— Бедалдай мяне ахоўвае! І нават абараніў ад злыдняў! — умяшалася Алеолла.

Дзяўчына стала паміж Бедалдаем і Ромам Ончарам.

— Дык магу я забраць сваю сякеру? — настойліва і без аніякай боязі спытаў кат.

— Сякера зроблена з высакаякаснай сталі. А знаходзіцца ў замку з металічнымі рэчамі вельмі небяспечна, — папярэдзіў яго маг Ніціч, — таму раю пакінуць сякеру там, дзе яна цяпер знаходзіцца. На балконе. Ром, пабудзь у калідоры. Хадзем, Алеолла, я пакажу вам, дзе будзеце жыць.

Яны пакінулі Бедалдая ў сваім пакоі. Ром Ончар выйшаў у галерэю, а маг і будучая яснапанна прайшлі ў калідор, які вёў у суседнюю пячорку. Гэты пакой быў дакладна такім жа, як і ў Бедалдая. На стале таксама ляжалі косці для гульні, і выразаная табліца з правіламі «чароўнай пірамідкі». Маг Ніціч запаліў камін і звярнуўся да Алеоллы:

— Акрамя касцей для гульні, у вашым пакоі ёсць скрутак. Гэта кніга па геаграфіі. Вывучайце Зямлю.

— А якое чараўніцтва адбудзецца, калі атрымаецца гэтая «пірамідка» шэсць разоў запар? — пацікавілася Алеолла.

— А вы паспрабуйце пагуляць, тады і зразумееце.

— Вам што, шкада сказаць? — з какетлівай крыўдаю прамовіла Алеолла.

— Я думаю, што калі чалавеку цікава нешта спазнаць, то яму варта паспрабаваць зрабіць гэта самому.

— А каб самому праверыць, якое будзе чараўніцтва, мне трэба згубіць пройму часу. А часу, нават самай маленькай проймачкі, у мяне няма.

— Як гэта ў вас няма часу? Мы вас прывялі сюды, каб вы як след адпачылі з дарогі, — здзівіўся маг Ніціч.

— Але я не магу адпачываць з дарогі, таму што мая дарога не завершана. Мне трэба тэрмінова вяртацца да маіх сяброў!

— А навошта ж вы, будучая яснапанначка, столькі часу ішлі за мной па падземных галерэях?

— Я пайшла таму, што вы паабяцалі расказаць нам пра замак.

— Дык я вам ужо ўсё распавёў.

— Не, вы — хітры чалавек, вы не распавялі, як гэта ўсё адбываецца. Як і адкуль рыцары ўзлятаюць. Навошта яны кудысьці ляцяць. Думаю, калі я ў наступны раз «зачаплюся» за вашыя магічныя струмені, вы абавязкова раскажаце. А цяпер прашу адправіць мяне і Бедалдая назад да маіх сяброў.

— Як? Ісці цяпер назад. І ляцець на сякеры па паветры? — усклікнуў маг Ніціч.

— Ну, вядома ж, так!

— Цяпер гэта зрабіць немагчыма!

— Адпраўце мяне з Бедалдаем!

— Не. Вы з гэтым вашым Бедалдаем проста разаб’ецеся. Ні вы, ні ён лятаць не ўмееце. І, галоўнае, не ўмееце прызямляцца.

— Тады мы пойдзем назад праз лес.

— Гэта немагчыма. Лес дрымучы і непраходны... Там столькі дзікіх звяроў! І яшчэ, як бы вы ні хацелі ісці ад замка, вы ўсё роўна заўсёды будзеце вяртацца назад да яго. Такая ўжо тут уласцівасць прасторы. Нічога не паробіш. Мая вам пара­да — адпачніце, а заўтра паразмаўляем.

Маг Ніціч хутка выйшаў з пакоя ў галерэю, павярнуў за бліжэйшы кут. Алеолла хацела за ім пабегчы, але разгубілася, ды і ў падзямеллі было надта цёмна. Яна села на тапчан перад камінам.

Знік у цемры калідораў і камандзір віцязяў Ром Ончар.


XIX

ЧАЛАВЕК ЛАБІРЫНТА

Алеолла легла на тапчан, узяла скрутак і паглядзела на карту заморскіх земляў. На ёй былі выяўлены горы, рэкі, лясы, жывёлы, якія жывуць у тых краінах, замкі, гарады, караблі на моры. Дзяўчына пазнала паўвостраў Дарвіт і бухту з горадам Гняздо Рыб, горад Палац Садоў, гару, на якой размяшчаўся знаёмы ёй Пячорны Горад. «Вось пераможам Паляндру, — падумала Алеолла, — і рванём з Арцінам куды-небудзь у далёкія краіны. І Міамурмарора з сабою возьмем. І мастака Дроздзіча». Яна ўяўляла, што яе сябры ўжо ідуць па малочным следзе. Каб кот ды не знайшоў малако? Алеолла ведала, што гэтага проста быць не можа! Яна думала і пра Бедалдая. «А як жа ён там? Сумуе альбо ўжо спіць?». Ёй было не па сабе. Аднаму ў падзямеллі знаходзіцца вельмі прыкра. Алеолла паглядзела на кубікі для гульні — шаравата-металічныя, з белымі кропкамі. Полымя газавага каміна гулліва адлюстроўвалася на іх паверхні. «Вось цяпер выпадзе “піраміда” — і адбудзецца чараўніцтва — вернуцца ўсё родныя з палону Паляндры і будзе ўсё добра», — падумала Алеолла.

Загрузка...