КНІГА ДРУГАЯ

1. Шматлікія сустрэчы


Фрода прачнуўся й зразумеў, што ляжыць у ложку. Падумаў спачатку: ну, заспаўся, і сон жа такі сьніў доўгі й непрыемны. Нават і засталося нешта ад таго сну, зачапілася за самы ўскраек памяці. А мо хварэў? Дзіўна: дах нейкі незнаёмы, пляскаты. Бэлькі цёмнага дрэва, з багатай разьбою. Фрода паляжаў яшчэ крыху, узіраючыся ў сонечных зайчыкаў на сьцяне, прыслухоўваючыся да шуму вапаспаду.

– Дзе я? – спытаў нарэшце. – Колькі цяпер часу?

– Ты ў сядзібе Эльранда, і зараз дзесяць гадзінаў раніцы, – сказаў голас побач. – Раніцы дваццаць чацьвертага кастрычніка, каб ты ведаў.

– Гэндальф! – ускрыкнуў Фрода, прыўзьняўся й агледзеўся.

Стары чараўнік сядзеў на крэсьле ля адчыненага вакна.

– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – Я тут. I ты таксама, што проста неверагодна пасьля ўсіх бздураў, якія ты ўчыніў па дарозе.

Фрода зноў лёг. Бо пачуваўся надта ўтульна й шчасьліва ды спрачацца аніякай ахвоты ня меў. У любым выпадку, наўрад ці Гэндальфа пераспрачаеш. Цяпер ужо прачнуўся цалкам і з падрабязнасьцямі згадаў вандроўку: і бядовы праход напрамкі праз Старую пушчу, і выпадак у "Скаклівым коніку", і вар'яцтва зь пярсьцёнкам у лагчавіне на Наветранай строме. Пакуль узгадваў, марна намагаючыся падоўжыць успаміны да самага прыбыцьця ў Долы Яр, Гэндальф таксама маўчаў, адно ціхенька пыхкаў люлькай ды выдзьмуваў белыя кольцы дыму ў вакно.

– Дзе Сэм? – спытаў Фрода нарэшце. – З маімі сябрамі ўсё ў парадку?

– Так, яны жывыя й здаровыя. Сэм сядзеў тут, пакуль я не адаслаў яго адпачыць недзе гадзіну з паловай таму.

– Што здарылася на бродзе? Я бачыў усё так цьмяна, і цяпер таксама. Нібыта празь цень.

– Але, празь цень. Бо ты й пачаў сыходзіць у сьвет ценяў. Рана амаль перамагла цябе. Яшчэ некалькі гадзінаў – і мы ня здолелі б табе дапамагчы. Але ж, даражэнькі мой хобіт, ты й моцны! У магільнях выявіў сябе проста цудоўна! Там мо было небясьпечней за ўсё, найбліжэй да пагібелі. Як шкада, што ты ня вытрымаў на Наветранай!

– Здаецца, вашаць ужо пра ўсё ведае. Я пра скляпеньні яшчэ нікому не распавядаў. Спачатку нават згадаць было жудасна, а потым думаў пра іншае. Як вашаць даведаўся?

– Ты шмат размаўляў у сьне. А я цябе слухаў і паціху выведаў, пра што ты думаў і за што хваляваўся. Не турбуйся! Хоць я й сказаў, што ты нарабіў глупстваў, я крыху перабольшыў. Вы справіліся выдатна, і ты, і астатнія. Немалое зьдзяйсьненьне – дабрацца сюды праз такія перашкоды й праз такіх ворагаў ды зь пярсьцёнкам.

– Мы ня справіліся б бяз Швэндала. Але нам так не хапала Гэндальфа. Я дык уявіць ня мог, што мне рабіць бяз вашці.

– Мяне затрымалі. На жаль. I тое ледзь не абярнулася нашай пагібельлю. Але цяпер, пазіраючы назад, бачу: можа, так павярнула да лепшага.

– Мо ваша распавёў бы мне? Што здарылася?

– Усяму свой час! Эльранд загадаў цябе сёньня анічым не заклапочваць і не турбаваць.

– Але ж загад ня спыніць маіх думак і сумневаў. А сумневы – надта турботная рэч. Я прачнуўся, амаль усё добра памятаю, а між тым яшчэ столькі незразумелага. Чаму вашаць затрымаўся? Хоць бы гэта мне можна патлумачыць?

– Неўзабаве ты пачуеш адказы на ўсе твае пытаньні. Хутка зьбярэцца Рада – як толькі ты ачуняеш цалкам. Цяпер я скажу адно, што быў у палоне.

– Гэндальф?!! – ускрыкнуў Фрода.

– Так, я сам, Гэндальф Сівы, – змрочна пацьвердзіў чараўнік, – у сьвеце шмат магутных істотаў і добрых, і ліхіх. Некаторыя больш магутныя за мяне. Зь некаторымі мне яшчэ не давялося цягацца. Але час надышоў. Валадар Моргулу выправіў Чорных Вершнікаў на заходнія землі. Ліха рыхтуецца да вайны.

– Дык ваша ведаў пра Вершнікаў яшчэ да таго, як я зь імі сустрэўся?

– Так, ведаў. Калісьці я казаў табе пра іх. Чорныя Вершнікі – гэта прывіды пярсьцёнкаў, дзевяцёра паплечнікаў Уладара Пярсьцёнкаў. Калі б я ведаў, што яны зноў зьявяцца ў гэтым сусьвеце, я адразу, падхапіўшы цябе, уцёк бы з Шыру. Я даведаўся пра іх толькі ў чэрвені, калі пакінуў цябе, але пра гэтае распавядзем потым. Толькі Арагорн уратаваў нас ад згубы, толькі ён.

– Так, Швэндал выратаваў нас. А я яго спачатку баяўся. Сэм дык увогуле не давяраў яму – пакуль мы не сустрэлі Гларфіндэля.

– Я чуў пра Сэма, – пасьміхнуўся Гэндальф, – цяпер у яго няма сумневаў.

– Файна! Бо мне Швэндал надта даспадобы. Даспадобы, можа, і не зусім прыдатнае слоўца. Ён зрабіўся мне як найбліжэйшы сябра, хоць часьцяком бывае суворы й загадкавы. Папраўдзе, ён часта нагадваў мне вашаць. Я й не ўяўляў, што даўгалыгія такія. Лічыў: ну, вялікія ростам, ды невялікія глуздамі. Добрыя, як Масьляк, ці злаўмысныя, як Біл Бур'як, але дурнаватыя. Але ж мы ў Шыры ня надта кемім у людзях, хіба што прыгорцаў ведаем.

– Ты ўвогуле ня кеміш у людзях, калі лічыш старога Масьляка дурным. Па-свойму ён яшчэ які мудры. Сапраўды, ён думае меней, чым гаворыць, і куды павольней, але дай яму час, сваю выгоду ён учуе за тры муры, як кажуць у Прыгор'і. Аднак мала засталося ў Міжзем'і падобных да Арагорна, сына Араторна. Кроў каралёў з-за мора амаль уся сышла ў нашую зямлю. Магчыма, у хуткай вайне пярсьцёнка выцеча ўся.

– Ваша мае на ўвазе, што Швэндал – насамрэч з народу старых каралёў? – зьдзівіўся Фрода. – Я лічыў, яны зьніклі ўжо даўнютка. Думаў, што ён проста сьледапыт з запустэчы.

– Сьледапыт з запустэчы! – усклікнуў Гэндальф. – Мой даражэнькі Фрода, дык яны ж і ёсьць апошняя рэшта на поўначы вялікага племені людзей Захаду, людзей з-за мора. Яны дапамагалі мне й раней. Іх дапамога спатрэбіцца мне й у будучыні, бо Долага Яру мы дасягнулі, але справа зь пярсьцёнкам ня скончаная.

– Я так і думаў. Але ж пакуль разважаў толькі пра тое, як дабрацца сюды. I спадзяваўся, што далей ісьці не давядзецца. Як добра проста адпачыць! Месяц я ўцякаў ад адной прыгоды да другой – сапраўды, мне ўжо занадта.

Змоўк, заплюшчыў вочы. Неўзабаве вымавіў:

– Я тут падлічваў, і аніяк мае падлікі не дацягваюць да дваццаць чацьвертага кастрычніка. Павінна быць дваццаць першага. Калі не памыляюся, мы дабраліся да броду дваццатага.

– Ну, ты размаўляў і разважаў ужо зашмат, – сказаў Гэндальф. – Трэба й адпачыць. Як твой бок і плячо?

– Цяжка сказаць. Я ўвогуле не адчуваю іх, але... – ён запнуўся, спрабуючы паварушыцца, – мая рука крыху слухаецца. Ажывае, так. I ўжо не халодная, – дадаў, дакрануўшыся правай рукой да левай.

– Добра! Ты хутка ацаляесься. Неўзабаве станеш на ногі. Эльранд асабіста лечыў цябе ўсе дні ад той хвіліны, як цябе прынесьлі сюды.

– Дні?

– Так, тры дні й чатыры ночы, калі ўдакладніць. Эльфы прынесьлі цябе ад броду ўначы дваццатага, калі ты зьбіўся з падліку. Задаў ты нам клопату. Сэм не адыходзіў ад цябе ні на хвіліну, хіба што яму даручалі перадаць якія зьвесткі ці каго паклікаць. Эльранд – вельмі абазнаны ў лекаваньні, але зброя Ворага – гэта згуба й сьмерць. Напраўду кажучы, у мяне надзеі амаль не засталося. Я падазраваў, што ашчэпак ляза застаўся ў ране, хоць яна й закрылася. Да мінулай ночы адшукаць яго не маглі. Але адшукалі, і Эльранд выдаліў яго. Ён зайшоў глыбока й усё паглыбляўся.

Фрода ўздрыгнуў, узгадаўшы страшнае вызубленае лязо, якое разышлося дымам у Швэндалавых руках.

– Не турбуйся, – суцешыў Гэндальф. – Яго ўжо няма. Той ашчэпак зьнік, калі яго дасталі. Падаецца, хобіты вельмі неахвотна ператвараюцца ў цені. Ведаў я магутных ваяроў даўгалыгіх, якіх той ашчэпак перамог бы за гадзіны, а ты змагаўся сямнаццаць дзён.

– Што ж Вершнікі хацелі зрабіць з мною тым ашчэпкам? Чаму?

– Яны намагаліся працяць тваё сэрца моргульскім лязом. Яно застаецца ў ране й ператварае ахвяру ў падабенства Вершнікаў, у прывідны цень, але слабейшы за іх і цалкам ім падуладны. Ты зрабіўся б ценем і рабом Чорнага Ўладара. Ён жудасна катаваў бы цябе за тое, што ты не хацеў аддаць яму пярсьцёнак, а шчэ горшым катаваньнем было б бачыць пярсьцёнак на ягонай руцэ пасьля таго, як сам яго насіў.

– Бацюхны, добра, што я не здагадваўся пра тое, – прашаптаў Фрода. – Я сьмяротна напалохаўся, вядома, але каб ведаў такое – зь месца не крануўся б. Як жа мне пашанцавала!

– Так, табе дапамаглі лёс ці выпадак ды ўласная мужнасьць. Бо лязо не кранула твайго сэрца, толькі плячо, таму што ты змагаўся да апошняга. Але ж усё вісела на танюткай валасінцы, як гаворыцца. Насунуўшы пярсьцёнак, ты напалову крочыў у сьвет ценяў і даў магчымасьць завалодаць табою. Прывіды ўгледзелі цябе – а ты іх.

– Але. Яны такія жудасныя! Але чаму мы ўсе здольныя бачыць іхніх коней?

– Таму што коні – ня здані, яны з нашага сьвету, і чорныя плашчы таксама сапраўдныя. Яны надаюць форму пустой прывіднасьці, каб іх бачылі іхнія жывыя паслужнікі.

– А чаму чорныя коні выносяць гэткіх вершнікаў? Усе астатнія жывёлы, нават Гларфіндэлеў эльфскі скакун, шалеюць ад жаху, калі здані набліжаюцца. Сабакі выюць, гусі гагочуць!

– Таму што гэтыя коні адмыслова дзеля таго гадаваліся ў Мордары на загад Чорнага Ўладара. Ня ўсе ягоныя прыслужнікі й рабы – прывіды. Оркі й тролі, варгі ды ваўкалакі, а ў мінулым, дый у цяперашнім таксама, многія людзі, ваяры ды каралі, якія крочаць пад сонцам па гэтым сьвеце, падпарадкоўваюцца Ворагу. I з кожнай гадзінай іх лік памнажаецца.

– А як жа Долы Яр, эльфы? Долы Яр у бясьпецы?

– Пакуль што так – пакуль астатняе ня пала перад ворагам. Эльфы, можа, і баяцца Чорнага Ўладара, і ўцякаюць ад яго, але яны ўжо ніколі ня стануць яго слухаць і ня пойдуць пад ягоную ўладу. Яшчэ тут, у Долым Яры, жывуць ягоныя найгалоўнейшыя супраціўнікі: наймагутнейшыя з эльфаў, князі заморскага Эльдару. Яны не баяцца Чорных Прывідаў, бо тыя, каму давялося жыць у Добраславёнай зямлі, жывуць адразу й у сьвеце сьвятла, і ў сьвеце ценяў. I валодаюць вялікай сілай і над Бачным, і над Нябачным.

– Мне падалося, я заўважыў белую постаць, якая зьзяла й не зрабілася цьмянай і невыразнай, як астатнія. Напэўна, тое й быў Гларфіндэль? – спытаў Фрода.

– Так, у тое імгненьне ты бачыў яго зь сьвету ценяў, табе адкрылася моц Першанароджанага. Бо ён з роду магутных эльфскіх князёў. Долы Яр яшчэ можа стрымаць мордарскую навалу. I ў іншых месцах яшчэ ёсьць сілы, здольныя супрацьстаяць ворагу. Дый у Шыры таксама ёсьць моц, хоць і не такая. Але гэтыя землі неўзабаве стануцца асаджанымі выспамі сярод варожага мора, калі ўсё пойдзе так, як ідзе цяпер. Бо Чорны Уладар зьбірае ўсю сваю моц, – Гэндальф устаў і выпрастаўся, задраўшы падбародзьдзе, і ягоная барада вытыркнулася наперад, нібы пук дроту.

– Аднак, – дадаў ён, – трэба заставацца мужнымі й ня траціць надзеі. Неўзабаве й ты ачуняеш цалкам, калі я не загавару цябе да сьмерці. Ты ў Долым Яры, і ані пра што пакуль клапаціцца ня мусіш.

– Заставацца мужным мне будзе цяжка, бо я зусім не пачуваюся мужным, – уздыхнуў Фрода. – Але ж сапраўды, ані пра што цяпер не клапачуся. Толькі распавядзі мне, калі ласка, пра маіх сяброў, ды пра тое, што ж здарылася на бродзе, і я на сёньня задаволюся. Тады й адпачну. Бо ж мне аніякага сну ня будзе, калі не даведаюся, як там усё адбылося.

Гэндальф прысунуў фатэлю да ложка й уважліва зірнуў на Фрода. Твар хобіта ўжо ня быў такім белым, і вочы глядзелі ясна й разумна. Фрода ўсьміхаўся, і падавалася, зь ім усё было ў парадку. Але вочы чараўніка прыкмецілі зьмену: ён зрабіўся крыху танчэйшым, нават больш празрыстым, бясплотным – асабліва левая рука, што ляжала паверх коўдры.

"Ну, гэтага трэ было чакаць, – сказаў чараўнік сам сабе. – Ён яшчэ й паловы не прайшоў, і чым ён зробіцца напрыканцы шляху, нават і Эльранд не прадкажа. Мяркую, ліху ён не паддасца. Але, магчыма, зробіцца, як празрысты шкляны сасуд, напоўнены чыстым сьвятлом, – для тых вачэй, якія здолеюць убачыць".

– Выглядаеш ты выдатна, – вымавіў чараўнік уголас, – добра, я рызыкну й распавяду троху бяз Эльрандавага дазволу. Але ж толькі нядоўга, май на ўвазе, а тады табе зноў трэба паспаць. Паводле маіх меркаваньняў, здарылася вось што: калі ты ўцякаў, Вершнікі памчалі наўпрост за табой. Каб бачыць цябе, ім не спатрэбіліся коні. Бо ты ўжо стаяў на ганку іхняга сьвету, бачны ім. Таксама іх прыцягваў пярсьцёнак. Твае сябры паадскоквалі, бо інакш іх стапталі б. Яны ведалі, што толькі белы эльфскі конь можа цябе выратаваць. Бо Вершнікі рухаліся надта хутка, і іх было зашмат. На нагох нават Гларфіндэль з Арагорнам разам ня справіліся б з усімі Дзевяцярыма. Калі прывіды праскакалі, твае сябры кінуліся сьледам. Паблізу броду побач з Шляхам ёсьць маленькая пячорка, пазначаная некалькімі пакручанымі куртатымі дрэвамі. Там твае сябры распалілі вогнішча, бо Гларфіндэль ведаў: рака ўздыбіцца, калі ворагі паспрабуюць перайсьці брод, і потым давядзецца мець справу з тымі, хто застаўся на беразе. Як толькі пайшла высокая вада, Гларфіндэль рушыў наперад, а за ім Арагорн і хобіты – усе з запаленымі галінамі ў руках. Вершнікі апынуліся паміж агнём і вадой, перад магутным Вышнім эльфам ва ўсёй ягонай моцы – і перапалохаліся, а іх коні ашалелі. Трох, якія рушылі ў ваду, зьнёс разьліў, астатніх скінулі ў ваду коні.

– Так і загінулі ўсе Чорныя Вершнікі?

– Не. Загінулі іх коні, а бяз коней яны няшмат на што здольныя тут. Саміх Вершнікаў гэтак проста ня зьнішчыць. Хоць пакуль што іх баяцца ня варта. Калі вада сышла, твае сябры перайшлі брод і знайшлі цябе. Ты ляжаў ніцма наверсе ўзьбярэжнага адхону, і твой зламаны корд – пад табою. Конь стаяў побач, вартаваў цябе. Ты быў зусім белы й халодны. Баяліся, што ты ўжо памёр ці горш. Насустрач выйшлі эльфы Эльранда й прынесьлі цябе ў Долы Яр.

– А чаму разьлілася рака?

– На загад Эльранда. Рака ў гэтай даліне – пад ягонай уладай і можа падымацца, калі трэба тэрмінова перакрыць брод. Як толькі правадыр Вершнікаў крочыў у раку, па даліне пусьцілі ваду. Ну, тут дадам, што я таксама крыху аздобіў разьліў. Ты, напэўна, не заўважыў, але некаторыя хвалі выглядалі вялізнымі белымі коньмі з бліскучымі вершнікамі на іх, дый шмат камянёў кацілася з разьлівам. Я нават баяўся, што выпусьцілі зашмат разьюшанай вады, што хвалі зьнясуць вас усіх. Воды, што бягуць зь сьнягоў Туманных гор, надта спрытныя й неўтаймоўныя.

– Так, цяпер згадваю, – сказаў Фрода, – такі жудасны роў. Я палічыў: патану разам зь сябрамі й ворагамі. Але ж цяпер мы ў бясьпецы!

Гэндальф кінуў хуткі позірк на Фрода, але той ужо заплюшчыў вочы.

– Так, пакуль мы ў бясьпецы. Неўзабаве распачнуцца баляваньне й забавы з нагоды перамогі на Бруйненскім бродзе, і вам усім прызначаныя пачэсныя месцы.

– Выдатна! Як гэта дзівосна, што Эльранд і Гларфіндэль, такія вялікія ўладары, ня кажучы ўжо пра Швэндала, гэтак клапоцяцца пра мяне й гэткія добрыя да мяне.

– Ну, нагодаў да таго нямала, – усьміхнуўся Гэндальф. – Адна зь іх – я. Другая – пярсьцёнак. Бо ты ж Ахоўнік Пярсьцёнка, той, хто нясе яго. А таксама ты – спадчыньнік Більба, таго, хто знайшоў пярсьцёнак.

– Дарагі Більба! – сонна вымавіў Фрода. – Цікава, дзе ж ён? Добра было б, каб тут, дый пачуў пра ўсё. Напэўна, шмат пасьмяяўся б! Карова на поўню ўзьляцела, дый годзе! Небарака стары троль!

I тут Фрода глыбока заснуў.


Цяпер Фрода знаходзіўся ў бясьпецы, у Апошнім Гасьцінным Прытулку на ўсход ад мора. I прытулак гэты, як пісаў калісьці Більба, і сапраўды быў "найлепшым месцам, калі вы жадалі пад'есьці ці паспаць, паслухаць і самому што распавесьці, прасьпяваць ці пачуць сьпевы або проста сядзець і разважаць – ці ўсё разам". Проста быць там – значыла пазбавіцца ад стомы, страху й горычы.

Узьвячоркам Фрода абудзіўся й вынайшаў, што болей не жадае ані спаць, ані адлёжвацца, а карціць яму добра пад'есьці й глынуць кроплю-другую, а пасьля, магчыма, паслухаць расповеды й сьпевы. Вылез з ложка й высьветліў, што левая рука слухаецца амаль як раней. А побач знайшоў падрыхтаваную вопратку зь зялёнай тканіны – дакладна на яго, проста найцудоўнейшым чынам! Зірнуў у люстэрка й зразумеў, што памятае сябе значна таўсьцейшым і старэйшым. Цяпер на яго паглядаў юны Більбаў пляменьнік, які разам зь дзядзькам так любіў валацужыць па Шыры. Аднак вочы былі не па-маладому задумлівыя.

– Так, давялося табе пабачыць сёе-тое, як апошні раз глядзеўся ў люстра, – прывітаў Фрода адбітак. – Ну, але ж цяпер у добры час сустрэліся!

Пацягнуўся, пачаў насьвістваць. Тут у дзьверы пагрукалі, і зьявіўся Сэм. Падбег да Фрода, ухапіў левую руку, нязграбна й баязьліва. Асьцярожна пагладзіў яе. Тады пачырванеў і пасьпешліва адвярнуўся.

– Дабрыдзень, Сэме! – павітаў Фрода.

– Яна цёплая! – выклікнуў Сэм. – Я пра вашую руку, спадару Фрода. Начамі яна адчувалася такой халоднай! А цяпер – гэй-гоп! Гонар і слава! – выгукнуў зноў, прыскокваючы па падлозе, з вачыма, зіхоткімі ад радасьці. – Як добра зноў бачыць вас здаравенькім і цалюткім, спадарыку! Гэндальф запрасіў мяне падысьці й зірнуць, ці падрыхтаваныя вы спусьціцца ў залю, а я падумаў – ён жартуе.

– Я гатовы, – сказаў Фрода. – Дык хадзем, пашукайма астатніх.

– Я правяду вас да іх. Гэткая вялізная даміна, і дзівосная. Заўжды новыя й новыя рэчы знаходзяцца, і ня ведаеш, што сустрэнеш за паваротам. А эльфы, спадарыку, эльфы! Некаторыя – нібы каралі, ну ажно страх бярэ, гэтакая грандыёза, а некаторыя – як дзеткі малыя, вясёлыя й простыя. А музыка, а сьпевы! Праўда, ня тое каб у мяне шмат часу ці настрою было, як мы сюды дабраліся. Але ўсё ж я крыху вызнаў пра звычкі ў гэнай хаціне.

– Я ведаю, чым ты быў заняты, Сэме, – Фрода ўзяў сябрука за руку. – Сёньня ўвечары, будзь ласкавы, радуйся ды забаўляйся бесклапотна, як сэрца падкажа. А цяпер пакажы ж мне, што ты тут выведаў!

Сэм правёў яго некалькімі калідорамі ды ўніз па бясконцых прыступках і нарэшце вонкі, у сад над высокім стромым берагам ракі. Там і сядзелі на лаве ля сьцяны сябры, паглядаючы на ўсход. На даліну перад імі ўжо лёг цень, але сьвятло яшчэ кранала вяршыні гор далёка наверсе. Было цёпла. Гучна, з шумам падала вада, і атуляў, вісеў у вячэрнім паветры ледзь заўважны водар кветак і дрэваў, нібы лета затрымалася на гасьціну ў Эльрандавых садох.

– Ур-ра! – выгукнуў Піпін, жвава ўскокваючы. – Вітаньне нашаму высакароднаму сваяку! Вітаньне шаноўнаму Фрода, Уладару Пярсьцёнка!

– Ціха! – азваўся Гэндальф зь ценю за ганкам. – Ліха не кранае гэтай даліны, сюды яму няма ходу. Тым ня менш клікаць яго тут ня варта. Уладар Пярсьцёнка – ня Фрода, а гаспадар Цёмнай вежы Мордару, чый цень зноў паўзе па гэтым сусьвеце! Мы – у крэпасьці. А навокал усё змрачнее.

– Гэндальф цяпер часьцяком кажа такія вясёлыя штукі, – паскардзіўся Піпін. – Лічыць, што мяне трэба павучаць ды прыструньваць. Аднак у гэтым месцы проста немагчыма сумаваць ці задумвацца пра нейкія там цені зь ліхаманкамі й трасцой. Я засьпяваў бы вось цяперака, каб толькі песьню ведаў пад нагоду!

– Я й сам засьпяваў бы, – засьмяяўся Фрода. – Хоць, напэўна, зараз ежа мне надалася б болей!

– Ну, гэтаму хутка дапамогуць, – запэўніў Піпін. – Ты, як і заўжды, дэманструеш незвычайны талент ачуньваць дакладна ў час пад'едку.

– Пад'едку? Баляваньня! – выправіў Мэры. – Як толькі Гэндальф давёў, што табе лепшае, пачалі рыхтавацца.

Не пасьпеў Мэры дагаварыць, як забэмкала мноства званоў і званочкаў, запрашаючы гасьцей у залю для баляваньняў.

Заля напоўнілася мноствам народу, пераважна эльфамі, але было некалькі іншых гасьцей. Эльранд, паводле звычаю, узвышаўся ў вялізным крэсьле на прыступцы напрыканцы доўгага стала. Праваруч ад яго сядзеў Гэндальф, леваруч – Гларфіндэль.

Фрода сьцяў подых, бо аніколі дасюль ня бачыў Эльранда, героя незьлічоных паданьняў. I пааберуч ад яго Гларфіндэль і нават Гэндальф, здаецца, так добра знаёмы, выглядалі цяпер па-сапраўднаму – нібы магутныя, валадарныя князі. Гэндальф быў меншы ростам за абодвух эльфаў, але доўгія сівыя валасы, густая срэбная барада, шырокія плечы рабілі яго падобным на мудрага караля старажытных казак. На маршчыністым твары пад густымі сьнежна-белымі бровамі ягоныя цёмныя вочы зьзялі, бы вуглі, што здольныя раптоўна палыхнуць спапяляльным полымем.

У высокага й зграбнага Гларфіндэля валасы зьзялі золатам, твар – маладосьцю, адвагай і радасьцю, пранізьліва пазіралі зыркія вочы, голас ліўся бы музыка, мудрасьць сьвяцілася ў твары, і ў руках адчувалася сіла.

Эльрандаў твар застыў па-за гадамі – ані малады, ані стары, хоць і адбілася на ім памяць многіх радасьцяў і бедаў. Валасы ягоныя былі як цень позьняга сутоньня, на іх ляжаў срэбны вянец. Вочы сьвяціліся мяккім шэрым сьвятлом яснага вечару, у якім люструецца зорнае зьзяньне. Ён падаваўся празорлівым і дасьведчаным, бы мудры, састарэлы, ушанаваны кароль, што пакінуў за плячыма шэраг незьлічоных зімаў, і сталым, бы выпрабаваны ваяр у росквіце моцы. Бо быў ён уладаром Долага Яру, наймагутнейшы сярод людзей і эльфаў.

Бліжэй да сярэдзіны стала побач з завешанай тканымі дыванамі сьцяной стаяла крэсла пад балдахінам. Там сядзела спадарычня незвычайнай прыгажосьці. Фрода заўважыў, як падобны яе твар да Эльрандавага, і вырашыў, што яна – блізкая яму радзіна. Яна падавалася зусім юнай і адначасна сталай. Яе цёмныя валасы не крануў срэбны пыл сівізны, белыя рукі й твар былі бездакорна гладкія й сьвежыя, зорамі зьзялі яе ясныя вочы, шэрыя, як нябёсы чыстай, бясхмарнай ночы. Але выглядала яна каралеўнай. Вопыт і спакойная мудрасьць, якую прыносяць толькі гады, чыталіся ў ейных вачох. Валасы яе пакрывала срэбнае сеціва з дробнымі каменьчыкамі, якія блішчэлі белым сьвятлом, але на яе мяккай шэрай сукенцы не было ўпрыгожаньняў, апроч срэбнага паска, падобнага да пераплеценага лісьця.

Вось так Фрода напаткаў тую, каго бачыла няшмат сьмяротных, – Арвэн, дачку Эльранда. Пра яе казалі, што прыгажосьць Люціень вярнулася зь ёй на зямлю. Яе клікалі Ўндоміель, Вечаровая Зорка, бо такою яна й сталася для свайго народу. Доўгі час жыла яна на землях радзіны сваёй маці, за гарамі, у Лорыйне, але нядаўна вярнулася ў Долы Яр, у бацькаву сядзібу. Яе браты Эладан і Эльрохір яшчэ вандравалі. Яны часьцяком выпраўляліся разам зь сьледапытамі поўначы ў дальнія наезды, заўжды помсьцячы за катаваньні сваёй маці ў орцкіх пячорах.

Такой прыгажосьці ды замілаваньня ў зямным, жывым стварэньні Фрода аніколі ня бачыў і ўявіць ня мог. I дашчэнту зьбянтэжыўся й зьдзівіўся, што месца яму прызначылі менавіта за Эльрандавым сталом, побач з такімі высокімі, валадарнымі асобамі. Хоць і крэсьліца яму знайшлі прыдатнае, і падушачак падклалі, каб лепей сядзелася, усё адно пачуваўся не на сваім месцы, няёмка й нязграбна, але тое пачуцьцё хутка мінула. Бо баляваньне ішло вясёлае й шчырае, і ежы было на самы пераборлівы раток. У такой ступені, што мінула нямала часу, пакуль Фрода азірнуўся навокал ці хоць бы глянуў на суседзяў.

А калі глянуў, то найперш адшукаў сяброў. Сэм прасіў, каб яму дазволілі прыслужваць гаспадару, але яму давялі, што сёньня ён – ганаровы госьць. Вось ён – побач зь Піпінам і Мэры ля пачэснага краю аднаго з сталоў, найбліжэйшых да Эльрандавай прыступкі. А Швэндала анідзе не відаць.

Праваруч ад Фрода сядзеў шыкоўна апрануты надзвычай салідны гном. Ягоная барада, надта доўгая й раздвоеная, была яскрава-белая, бялейшая за сьнежную бель ягонай вопраткі. Гнома апаясвала срэбная папруга, а на шыі вісеў ланцуг з срэбра й дыямэнтаў. Фрода нават і есьці перастаў, каб да яго прыгледзецца.

– Які гонар пабачыць вас! – павярнуўся да яго гном.

А тады ўстаў і пакланіўся. Сказаў:

– Глойн да вашых паслуг, – дый пакланіўся яшчэ ніжэй.

– Фрода Торбінс – да вашых паслуг і ўсёй вашай сям'і, – Фрода, як належала, таксама ўзьняўся з фатэлі, параскідаўшы ад зьдзіўленьня й нечаканасьці свае падушкі. – Ці не памылюся я ў меркаваньні, што вы – той самы Глойн, адзін з паплечнікаў вялікага Торына Дубатарча?

– Менавіта так, – гном сабраў падушкі й далікатна дапамог Фрода залезьці назад у крэсла. – Пра вас не пытаюся, бо мне ўжо распавялі, што вы – сваяк ды спадчыньнік нашага знакамітага сябра Більба. Дазвольце павіншаваць вас з выздараўленьнем!

– Дзякуй вам вялікі!

– Я чуў, па дарозе сюды вас напаткалі дзівосныя й небясьпечныя прыгоды, – пачаў Глойн. – Мяне надта зьдзіўляе, што ажно чатыры хобіты выправіліся ў гэткую доўгую вандроўку. Але, верагодна, ня варта распытваць вас, калі ані Гэндальф, ані Эльранд не настроеныя гаманіць пра тое?

– Мне таксама падаецца, што пакуль яшчэ час не надышоў, – прамовіў Фрода ветліва, падумаўшы, што нават і пад Эльрандавым дахам пра пярсьцёнак лепей не казаць без асаблівай патрэбы. Дый у любым выпадку не хацелася яму на баляваньні згадваць пра турботы.

– Мне ў роўнай ступені цікава, – спытаў хобіт, – што ж прывяло найшаноўнейшага гнома сюды, так далёка ад Самотнай гары?

– Калі вы пра тое ня чулі, напэўна, час размаўляць яшчэ не надышоў, – гном дапытліва зірнуў на хобіта. – Мяркую, хутка гаспадар Эльранд пакліча нас да сябе, і мы пачуем шмат цікавага. Але ж навінаў хапае й без таго.

I да сканчэньня баляваньня яны гутарылі, хоць Фрода болей слухаў, чым распавядаў. Бо ж навіны Шыру, калі ня ўлічваць пярсьцёнак, падаваліся нязначнымі й недарэчнымі тут. А Глойн шмат чаго распавёў пра поўнач Дзіказем'я. Фрода даведаўся, што Грымбеарн Стары, сын Беарна, зрабіўся ўладаром над мноствам моцных людзей, і на іх зямлю паміж Туманнымі гарамі й Ліхалесьсем ані орк, ані воўк крочыць не адважваюцца.

– Сапраўды, – казаў Глойн, – каб не Беарнінгі, шлях паміж Долам і Долым Ярам даўно зрабіўся б непраходным. Яны – людзі адважныя, трымаюць Высокі перавал і брод на Кароку. Але падаткі ў іх непамерныя, – ён пахітаў галавою, – і як Беарн у даўніну, гномаў яны ня дужа шануюць. Аднак ім мажліва давяраць, а гэта нямала ў нашыя дні. Найпрыязьнейшыя з усіх да нас – людзі Долу. Добры народ гэтыя Бардзінгі. Каралюе над імі праўнук Барда Стралка, Бранд, сын Байна, сына Барда. Ён – магутны кароль, ягоныя валоданьні цяпер – далёка на поўдзень і на ўсход ад Эзгарату.

– А як ваш уласны народ? – пацікавіўся Фрода.

– Пра тое шмат мажліва распавядаць, і добрага, і благога. Хоць добрага больш. Пакуль лёс усьміхаецца нам, хоць змроку цяперашніх часоў і мы не пазьбеглі. Калі вы насамрэч жадаеце выслухаць пра нас, я распавяду навіны з задавальненьнем. Але прыпыніце мяне, калі ласка, калі стоміцеся! Кажуць, гномы нястомныя ня толькі ў працы, але й у расповедзе пра яе.

I Глойн выправіўся ў даўжэзную прамову пра гномскае каралеўства. Бо надта ж прыемна знайсьці такога ветлага й удзячнага слухача, як Фрода. Той не выказваў ані прыкметы стомы й не спрабаваў зьмяніць тэмы, хоць, шчыра кажучы, хутка зусім заблукаў у незнаёмых імёнах людзей і мясьцінаў, пра якія аніколі ня чуў. Узрадаваўся, аднак, зь весткі пра тое, што Дайн яшчэ караляваў пад Гарой, нягледзячы на старасьць (адсьвяткаваў ужо дзьвесьце пяцідзясяты год!), быў надта шанаваны й казачна заможны. З тых дзесяці Торынавых спадарожнікаў, што перажылі Бітву Пяці Войскаў, сямёра заставаліся зь ім: Двалін, Глойн, Доры, Норы, Біфур, Бафур і Бамбур. Бамбур да даго патаўсьцеў, што ня здольны дабрацца ад ложка да застольнай фатэлі. Трэба шэсьць маладых гномаў, каб яго перанесьці.

– А што здарылася з Балінам, Оры ды Ойнам? – спытаў Фрода.

– Мы ня ведаем, – твар Глойна спахмурнеў. – Пераважна з-за Баліна я й прыйшоў прасіць парады тых, хто жыве ў Долым Яры. Але сёньня лепей згадайма што-колечы весялейшае!

I распавёў Фрода пра гномскія зьдзяйсьненьні, пра вялікую працу пад гарой і ў Доле.

– Спраўляемся файна, – казаў ён, – але ў працы па мэтале продкаў не дагналі. Шмат сакрэтаў страчана. Робім добрыя броні й вострыя мечы, але ж ім не параўняцца з вырабленымі да цмокавых часоў. Толькі ў будаўніцтве ды горнай справе мы пераўзышлі продкаў. Бачылі б вы вадатокі Долу, вадаграі, вадалівы! Ды нашыя шляхі, забрукаваныя разнаколерным каменьнем! А залі, а вуліцы-пячоры з аркамі, што кроны дрэваў, тэрасы, вежы на схілах Гары! Тады вы зразумелі б, што мы не сядзелі склаўшы рукі.

– Я абавязкова прыеду паглядзець на іх, калі толькі здолею, – запэўніў Фрода. – І зьдзівіўся б Більба таму, як зьмянілася Цмокава Запустэча!

Глойн зірнуў на Фрода й усьміхнуўся. Спытаў:

– Напэўна, Більба надта дарагі вам, так?

– Так, – адказаў Фрода. – Я жадаў бы пабачыць яго болей за ўсе вежы й палацы ў сьвеце.


Нарэшце бяседа наблізілася да заканчэньня. Эльранд з Арвэн узьняліся й прайшлі па залі, і бяседнікі за імі. Перад гаспадарамі расчынілі дзьверы, і паўз шырокі калідор усе патрапілі ў іншую залю. Там не было сталоў, але палаў агонь у вялікім агмені з калёнамі, багата аздобленымі разьбою, абапал. Фрода раптоўна ўбачыў, што побач крочыць Гэндальф.

– Гэта заля Агменю, – патлумачыў чараўнік, – тут ты пачуеш мноства песьняў і паданьняў – калі не засьнеш. Звычайна, калі няма сьвятаў, заля пустуе. Сюды прыходзяць паразважаць у цішыні ды адпачыць на самоце. Тут заўжды палае агмень, увесь год, і амаль ніякага іншага сьвятла.

Калі Эльранд прайшоў на падрыхтаванае для яго месца, эльфы-мэнэстрэлі пачалі найграваць мяккую, павольную мэлёдыю. Паціху заля напоўнілася гасьцямі, і Фрода з асалодаю глядзеў на гожыя твары. Залатыя пялёсткі полымя люстраваліся, гралі на іх, адблісквалі ў валасох. Зьнянацку ён прыкмеціў непадалёк ад краю каміну невялічкую асобу, апранутую ў цёмнае. Хтосьці сядзеў на ўслончыку, прыхінуўшыся сьпінаю да калёны. Побач на падлозе стаяла філіжанка й ляжала луста хлеба. Фрода зацікавіўся: можа, гэта хворы (калі ў Долым Яры ўвогуле бываюць хворыя), раз ён не прыйшоў на сьвяточную бяседу? Відавочна, незнаёмца задрамаў, апусьціўшы галаву й прыкрыўшы складкаю плашча твар.

Эльранд крочыў наперад і стаў побач з таямнічай асобай.

– Прачынайся, шаноўны спадару! – пасьміхнуўся кароль эльфаў.

Тады павярнуўся да Фрода й паклікаў да сябе. Сказаў:

– Вось нарэшце надышоў час, якога ты столькі чакаў, Фрода. Вось сябар, па якім ты гэтак тужыў.

Асоба падняла галаву, адсунула плашч ад твару.

– Більба! – ускрыкнуў Фрода й кінуўся насустрач.

– Дзень добры, Фрода, хлопчык мой! Нарэшце й ты дабраўся сюды. Я спадзяваўся, што ў цябе атрымаецца. Але, але! Што, усё гэнае баляваньне, як я чую, у твой гонар? Спадзяюся, табе спадабалася?

– Чаму цябе там не было? – усклікнуў Фрода. – Чаму мне раней не дазвалялі пабачыць цябе?

– Таму што ты спаў. Я дык на цябе ўжо нагледзеўся. Сядзеў разам з Сэмам побач з табою штодня. Што тычыцца бяседы, дык я цяпер рэдка забаўляюся такімі рэчамі. Дый ёсьць яшчэ што рабіць.

– I што ж ты робіш?

– Сяджу й разважаю. Шмат разважаю апошнімі днямі, а тут зазвычай найлепшае для таго месца. Абудзіся, ну! – буркнуў на Эльранда; вочы хобіта паглядалі зырка, і сапраўды – ані знаку сну не было ў іх. – Прачынайся, дый годзе! Я ня спаў, спадару Эльрандзе. Калі вашамосьць хоча ведаць, усе вы надта рана кінулі сваё баляваньне й мяне патурбавалі – якраз калі я дадумваў песьню. Захрас на пары радкоў, і ўсё думаў, думаў, а цяпер, баюся, аніколі ўжо не давяду іх да ладу. Тут зараз столькі будуць сьпяваць, што ўсе думкі з галавы выпеюць. Напэўна, трэ будзе папрасіць майго сябра Дунадана дапамагчы. Дзе ён?

– Яго хутка знойдуць, – засьмяяўся Эльранд. – Тады вы ўдвох пойдзеце ў зацішны кут і скончыце разам вашую працу, а мы тут будзем сьвяткаваць, пакуль не пачуем і не ацэнім, што вы стварылі.

Адразу выправілі пасыльных па Більбавага сябра, хоць ніхто й ня ведаў, дзе ён і чаму не наведаў бяседу.

Пакуль шукалі, Фрода й Більба паселі разам, і Сэм хуценька прыбег да іх, уладкаваўся побач. Яны размаўлялі, амаль не заўважаючы вясёлага гоману ды музыкі навокал. Асабістых навінаў у Більба мелася няшмат. Калі пакінуў Хобіцак, паблукаў крыху па Шляху й ягоных ваколіцах, але чамусьці вяло яго ўвесь час да Долага Яру.

– Ну, урэшце й патрапіў туды без асаблівых прыгодаў, – сказаў Більба. – Адпачыў дый скіраваўся з гномамі ў Дол. Мяркую, мая апошняя вандроўка, болей і ня выберуся. Стары Балін некуды зьнік, вось справы. Тады я вярнуўся, і з таго часу тут. Тое раблю, сёе. Крыху болей дапісаў у сваю кнігу. I, само сабою, склаў некалькі песенек. Эльфы іх сьпяваюць час ад часу. Зь ветлівасьці, каб мяне пацешыць, мяркую. Бо для Долага Яру яны наўрад ці прыдатныя. А я слухаю й разважаю. Падаецца, час тут зусім ня йдзе. Усё спынілася. Найвыдатнейшае месца. Навіны я тут атрымліваю адусюль: і з-за гор, і з поўдня – але ня з Шыру. Пра пярсьцёнак я чуў, вядома. Гэндальф сюды часьцяком завітвае. Ня тое каб ён шмат балбатаў – зь яго ўвогуле апошнімі гадамі словы абцугамі цягнуць трэба. Але Дунадан мне болей распавёў. Ну хто падумаў бы, што ад майго пярсьцёнка гэткія турботы! Шкада, што Гэндальф ня ведаў раней. Я мог бы сам яшчэ тады прынесьці пярсьцёнак сюды спакойна й бясклопатна. Я й сам плянаваў колькі разоў вярнуцца ў Хобіцак па яго. Але ж старэю, дый не дазваляюць мне – Гэндальф з Эльрандам, я маю на ўвазе. Ім усё падаецца, што Вораг з скуры лезе, каб мяне ўхапіць і зрабіць зь мяне фарш, спаймаўшы ў глухаманьні. Гэндальф дык казаў: "Усё, пярсьцёнак памяняў вартаўніка. Ён пакінуў цябе. Калі ты зноў ублытаесься ў ягоную гісторыю, будзе шмат шкоды й табе, і астатнім". Ну дзівоса якая, тыпова Гэндальфава гаворка. Але ж ён пераканаў, што прыглядае за табою, дык я й пагадзіўся пакінуць справы, як яны ёсьць. Як жа я рады, што ты жывы й здаровы!

Тут ён замаўчаў і задумліва зірнуў на Фрода.

– Ён у цябе? – спытаў шэптам. – Ведаеш, мне так цікава – пасьля ўсяго, што я пра яго чуў. Гэтак карціць хоць бы адным вокам убачыць яго.

– Так, ён у мяне, – адказаў Фрода, адчуваючы дзіўную неахвоту. – Выглядае ён дакладна як і раней.

– Ну, мне толькі на хвіліначку.

Калі апранаўся, Фрода вынайшаў, што ланцужок, на якім вісеў на ягонай шыі пярсьцёнак, замянілі на новы, лёгкі, але моцны. Павольна Фрода выцягнуў за ланцужок пярсьцёнак. Більба выпрастаў руку. Аднак Фрода адразу адсунуў пярсьцёнак прэч, у жудасным зьдзіве пабачыўшы, што перад ім быццам бы ня Більба, а нехта страшны й незнаёмы. Нібы цень упаў між ім і сапраўдным Більба, а зь ценю вылупіла вочы маленькая маршчыністая пачварка з тварам, скажоным прагаю, з кіпцюрыстымі, дрыготкімі рукамі. Фрода захацелася ўдарыць пачвару.

Падалося, музыка зь сьпевамі навокал замерлі, абарваўшыся ў страшную цішыню. А Більба зазірнуў у Фродаў твар – і прыкрыў рукою вочы.

– Цяпер я разумею, – сказаў ён. – Прыбяры яго прэч! Прабач мне. Прабач, што пакінуў табе гэты цяжар. Прабач за ўсё. Ці гэтай прыгодзе наканавана цягнуцца бясконца? Нехта іншы заўсёды павінен ісьці далей. Ну што тут зробіш. Цікава, ці ёсьць яшчэ сэнс мне дапісваць маю кнігу? Ну, няхай. Потым патурбуемся гэтым. А цяпер распавядзі-тка мне сапраўдныя навіны. Распавядзі мне ўсё пра Шыр!


Фрода схаваў пярсьцёнак – і цень адразу ж зьнік, нават і памяці па сабе амаль не пакінуўшы. Сьвятло й музыка Долага Яру зноў струменілі навокал, Більба ўсьміхаўся ды сьмяяўся шчасьліва. Кожны кавалачак шырскіх навінаў, на якія толькі мог узгадаць Фрода – з дапамогаю й папраўкамі Сэма, – цікавіў Більба незвычайна, і пра тое, якое дрэўца ля чыёй хаты сьсеклі, і чыя малеча дзе нашкодзіла ў Хобіцку – усё. Так ужо смакавалі ды абмяркоўвалі справы Чатырох Падзелаў, што нават і не заўважылі, як да іх падышоў чалавек у цёмна-зялёнай вопратцы. Некалькі хвілінаў ён стаяў побач, з усьмешкаю паглядаючы на хобітаў.

Раптам Більба падняў галаву й усклікнуў:

– А, нарэшце й ты, Дунадан!

– Швэндал! – зьдзівіўся Фрода. – Падаецца, у цябе безьліч імёнаў!

– Нешта гэную мянушку я раней ня чуў – Швэндал, – зазначыў Більба, – за што вы яго так празвалі?

– Так мяне клічуць у Прыгор'і, – Швэндал засьмяяўся. – Так мяне Фрода й найменавалі.

– А чаму ты клічаш яго дунаданам? – перапытаў Фрода.

– Ня проста дунаданам, а зь вялікай літары Дунаданам. Тут яго часьцяком так называюць. Мне падалося, ты дастаткова ведаеш эльфскую, каб зразумець: дун-адан, Чалавек Захаду, нумэнорац. Але ж цяпер няма часу для навучаньня, – ён павярнуўся да Швэндала. – Дзе ты швэндаўся, мой сябра? Чаму не наведаў бяседу? Панна Арвэн была там!

– Я ведаю, – змрочна зірнуў на Більба Швэндал, – але ж не заўсёды атрымліваецца весяліцца й баляваць. З глухамані вярнуліся Эладан з Эльрохірам і прынесьлі навіны, якія мне трэба было неадкладна выслухаць.

– Так, мой даражэнькі сябра, – сказаў Більба, – калі ты ўжо выслухаў навіны, можа, выслухаеш і мяне хвілінку-другую? Мне неадкладна патрэбная твая дапамога. Эльранд загадаў скончыць песьню да вечару, а я ніяк ня выблытаюся. Давай адыдзем у кут і даробім!

– Давай, – пагадзіўся Швэндал, усьміхаючыся. – Што за песьня?

Сэм заснуў і Фрода на некаторы час застаўся на самоце. Разгубіўся неяк і адчуў сябе зусім пакінутым, дарма што навокал столькі долаярскіх эльфаў ды іншага народу. Тыя, што сядзелі наўкол, маўкліва слухалі музыку й галасы, не зьвяртаючы ўвагі ані на што іншае. Тады й Фрода прыслухаўся.

Спачатку прыгажосьць мэлёдыяў і пераплеценых зь імі эльфскіх словаў, уплываючы ў слых, паланіла, зачаравала яго, хоць разумеў ён няшмат. Падавалася, словы ператвараюцца ў фарбы. I явы далёкіх земляў, найцудоўнейшых рэчаў якія раней і не ўяўляў сабе, пра якія й ня марыў, разьвінуліся перад ім. I полымя ў вогнішчы стала залатым туманом над пеннымі хвалямі, што ўздыхалі, плёскаючыся аб ускраек сусьвету. Зачараваньне расло й агортвала, бы сон, і ўжо бачылася: бясконцая рака золата й срэбра нясе яго, незьлічоныя ўзоры яе не разабараць, не зразумець, варажбою запоўніла паветра, запаланіла слых, зацярушыла вочы. Хутка пад яе бліскучым цяжарам Фрода пайшоў на дно, у далёкае каралеўства сну.

Там ён доўга блукаў і мроіў музыку, якая ператварылася ў плынную ваду, а потым раптам – у голас. Быццам Більба чытаў, напяваў вершаваныя радкі. Слаба напачатку, а потым і гучней зазванілі словы.

Свой карабель Эярэндыль

наладзіў у Арверніён,

высокі лесу Німбрэтыль

часаў для карабелю ён.

Заткаў ён срэбрам ветразі,

скаваў сьвяцільні срэбныя,

над носам – шыяй лебедзі –

узьняў харугвы сьветлыя.

Бранёю страдаўняю,

кальчугай бараніў сябе,

на тарчы рунай моцнаю

ад ранаў ахаваў сябе,

лук зладзіў з рогу цмокава,

стралу – з касьці слановае,

калчан быў халцэдонавы,

а барма – луска срэбная.

Меч – сталь загартаваная,

шалом зазьзяў дыямантам,

над ім – пяро арлінае,

а на грудзёх – смарагд.

Пад поўняй і пад ноўчыкам

ад поўдню і да поўначы,

адчайны і разгублены,

блукаў ён, непрытулены,

ад лёду злога крайняга,

дзе ценяў зьмерзлых сховіны,

да поўдня палымянага,

бязьлітасна сьпякотнага.

Ён кіраваў пасьпешліва

бяззорнай цемрай вусьцішнай

праз ноч забараняльную,

сьмяротным недазвольную.

Але ня здолеў берагу

пабачыць пракаветнага,

шалёнаю віхураю

аднесены, аколены.

Тады скрозь цемру да яго

зьляцела Эльвінг, і сьвятло,

зырчэйшае за зорны бляск,

узьняла на яго чало.

Яна магутны Сільмарыль –

жывое сьвету хараство –

яму дала, каб карабель

прайшоў праз пракавету-ноч.

Віхур узьняўся, застагнаў

магутны вецер з Тармэнэль

і моцным подыхам пагнаў,

панёс упарты карабель.

I біўся нескароны лёс

аб хваляў шэрую сьцяну.

У вечны дзень яго прынёс

віхур праз гібель і ману.

Над лютым гармідарам хваль,

над пазабытаю зямлёй,

затопленай да першых дзён,

залітай мёртваю вадой,

пакуль прыбою мяккі пляск

пачуў, нібы цудоўны сон,

пабачыў пэрлаў ясны бляск

у пырсках пены залатой.

Узьняўся перад ім сьцяной

ланцуг маўклівых моцных гор,

вартуючы чароўны край

Эльдамірэ ды Валінор.

Жаданай завані сягнуў,

прычаліў шпаркі карабель

да эльфаў вышняе зямлі,

радзіны сьветлае эльдар.

Дзе за далінаю крутой

белагаловы Ільмарын,

над Ценяводзьдзем, бы крышталь,

зіхціць агнямі Тырыён.

Там ад шляхоў ён адпачыў.

Паданьні дзіўнай даўніны

тады пачуў, і апрануў

адзежы белыя эльдар.

Сем белых вестуноў-агнёў

паслалі эльфы перад ім

праз Калакірыю, і ён

прайшоў таёмнаю сьцягой –

туды, дзе белы Ільмарын,

карункаў выраку пакой,

туды, дзе пракавечны трон

Гаспадара гаспадароў,

рашуча крочыў, і тады

прароцтваў словы ён пачуў

людзям таёмных, назаўжды

пакінуўшы сьмяротны кон.

Тады бліскучы карабель

бязь ветразя ды безь вясла

пабудавалі для яго

зь міфрылу ды літога шкла,

і Сільмарыля зыркі квет,

сьцяг жыватворнага сьвятла,

на срэбным стажары ўзьняла

сваёй рукою Эльберэт.

Каб плыць заўжды сярод нябёс,

магутны несьмяротны лёс

і крылы вечныя дала.

Ад Веказем'я чыстых ніў,

фантанаў звонкіх галасоў

на крылах срэбраных ён плыў,

па-над Пелорамі між зор.

Адхонаў Ночы ён сягнуў

і карабель свой павярнуў

каб над туманам маяком,

чароўнай зоркаю гарэць,

да раніцы правадыром

ды мілавіцай залатой

па-над паўночнаю вадой

заўжды ў нябёсах зіхацець.

I над Міжзем'ем з тых часоў

нястомна рушыў ён і чуў

праклёны, стогны, плач і боль

няспынныя, сярод краёў

сваёй айчыны з даўніх дзён.

Магутны несьмяротны лёс

датуль трываць пакляўся ён,

датуль ня крочыць на пясок

сьмяротных кону берагоў,

пакуль ня згаснуць ясных зор

агні над цёмнаю вадой –

правадыром у ночы зьзяць,

заходніх земляў маяком.

Расьпеў скончыўся. Фрода расплюшчыў вочы й пабачыў, што Більба сядзіць на крэсьліцы, аколены слухачамі, якія ўсьміхаюцца й пляскаюць яму.

– Ну, а цяпер яшчэ раз! – папрасіў эльф.

Більба ўзьняўся й пакланіўся.

– Дзякуй вялікі за пашану, Ліндыр, – сказаў ён. – Але ж было б надта стамляльна паўтараць гэта.

– Ну, толькі не для цябе, – засьмяяліся эльфы. – Мы ж ведаем, уласныя вершы аніколі цябе не стамляюць! Але ж, сапраўды, як мы можам адказаць на тваё пытаньне, пачуўшы верш аднойчы?

– Ды няўжо? – ускрычаў Більба. – Вы ня здольныя адрозьніць радкі, якія склаў Дунадан, ад маіх?

– Для нас надта цяжка адрозьніць аднаго сьмяротнага ад другога, – апраўдваўся эльф.

– Ну, гэта глупства, Ліндыр, – буркнуў Більба. – Не магу ўявіць сабе, каб вы былі ня здольныя адрозьніць чалавека ад хобіта. Грушы ад яблыкаў вы ж адрозьніваеце.

– Напэўна. Пастухі адрозьніваюць кожную сваю авечку, – сьмяяўся Ліндыр. – Дый авечкі адна адну таксама. Але ж мы не займаемся вывучэньнем сьмяротных. У нас іншыя справы.

– Ну, спрачацца ня стану. Я й так ужо зусім сонны ад гэткай колькасьці музыкі й сьпеваў. Калі жадаеце – здагадвайцеся самі, а я пайду.

Ён падняўся й падышоў да Фрода.

– Ну, скончылася, і нядрэнна, – ціхенька падзяліўся Більба, – лепей, чым я чакаў. Мяне нячаста запрашаюць прачытаць другі раз. А як табе?

– Ну, я таксама не адгадаю, якая частка чыя, – прызнаўся Фрода.

– I патрэбы няма. Фактычна, усё тут маё. Арагорн толькі настояў, каб я згадаў зялёны камень, смарагд. Яму гэта падалося істотным, ня ведаю чаму. А ўвогуле, ён, відавочна, палічыў, што я намагаюся скакнуць вышэй за галаву. Сказаў, што калі ўжо я набраўся дзёрзкасьці ствараць пад Эльрандавым дахам песьню пра Эярэндыля, дык гэта цалкам мая ўласная справа. Напэўна, ён мае рацыю.

– Ну, ня ведаю, – сказаў Фрода. – Мне падалося, што гэта якраз да месца ды ўдала, толькі вось чаму – наўрад ці патлумачу. Я ўжо й заснуў быў, калі пачуў цябе – быццам словы прыплылі аднекуль з сну. Я нават і не зразумеў, пра што гаворка, амаль да самага канца.

– Так, тут цяжка не заснуць, пакуль няма звычкі. Нам, хобітам, наўрад ці магчыма сягнуць эльфскага апэтыту да сьпеваў, расповедаў і музыкі. Іх хлебам не кармі, дай толькі памузычыць. Яны шчэ доўга будуць практыкавацца. Як наконт таго, каб прасьлізнуць у які зацішны куток ды паразмаўляць у спакоі?

– А ці магчыма гэта?

– Вядома. Забавы – ня праца. Прыходзь, сыходзь – як пажадаеш – толькі не перашкаджай.


Яны ўзьняліся, адышлі ціхенька ў цень і скіраваліся да выхаду. Сэма пакінулі – напаўсоннага, з шчасьлівай усьмешкай на твары. Хоць і ўзрадаваны Більбавай кампаніяй, Фрода адчуў і раптоўнае шкадаваньне – ня надта хацелася пакідаць залю Агменю. Калі толькі крочылі за парог, пачулі адзіны чысты голас, што выпяваў:

А Эльберэт Гільтоніель,

сіліврэн пэнна мірыель

о мэнэль аглар эленаф!

На-шэрэд палан-дзірыель

о галадрэмін энораф,

Фануілас, лэ лінафон

нэф аэр, сі нэф аэрон!

Фрода прыпыніўся й азірнуўся. Эльранд сядзеў на стальцы, і сьвятло полымя спачывала на ягоным твары, як летняе сонца на дрэвах. Побач зь ім сядзела панна Арвэн. У зьдзіўленьні Фрода пабачыў побач зь ёй Арагорна. Плашч ягоны быў адкінуты на сьпіну, і пад ім нібы паблісквала эльфская кальчуга. На грудзёх ягоных зьзяла зорка. Яны размаўлялі, і раптоўна Фрода падалося, што Арвэн павярнулася да яго й паглядзела – і сьвятло ейных вачэй здалёк працяла ягонае сэрца.

Ён яшчэ стаяў, зачараваны, покуль чыстыя згукі эльфавай песьні каціліся над ім дыямантам зьлітай музыкі й словаў.

– Гэта песьня пра Эльберэт, – сказаў Більба, – яны яшчэ яе прасьпяваюць, і іншыя песьні Добраславёнай Зямлі, яшчэ шмат разоў! Хадзем!

Ён завёў Фрода ў свой маленькі пакойчык з акном на сады, на поўдзень, і на другі бок цясьніны за Бруйненам. Ля вакна яны й паселі, назіраючы за калючымі зорамі над крутымі залесенымі схіламі й ціхенька гамонячы – не пра дробныя шырскія зьвесткі й не пра сьмяротныя небясьпекі й страх, якія давялося сустрэць, але пра найчысьцейшыя, найцудоўнейшыя рэчы, якія пабачылі ў гэтым сьвеце разам, пра эльфаў, зоры, дрэвы й пра мяккую восень добрага году ў лясных краёх.


Нарэшце ў дзьверы пагрукалі.

– Выбачайце, спадарове, – вытыркнулася Сэмава галава, – але ж я, вось, вырашыў пацікавіцца, ці не патрэбна вам чагосьці, га?

– I ты выбачай, Сэме Гэйхадзе, – адказаў Більба, – мяркую, ты хочаш давесьці, што твайму гаспадару трэба ў ложак?

– Ну, спадару, дык жа Рада назаўтра, і раненька, як я чуў. А ён жа толькі сёньня ўпершыню ўстаў!

– Сэме! – Більба засьмяяўся. – Ты можаш з чыстым сэрцам ісьці да Гэндальфа й абвесьціць, што гаспадар у ложку. Дабранач, Фрода! Як жа файна зноў цябе пабачыць! Ну толькі ж з хобітам і магчыма па-сапраўднаму паразмаўляць. Ведаеш, я так ужо састарэў... нават і ня ведаю, ці здолею пабачыць твае часткі нашай гісторыі. Дабранач! А я шчэ крыху пашпацырую ў садзе й зірну на зоркі Эльберэт. Добрых табе сноў!


2. Рада ў Эльранда


Фрода прачнуўся рана й адчуў сябе пасьвяжэлым і бадзёрым. Пашпацыраваў па тэрасах над бурлівым, гучнагалосым Бруйненам, назіраючы, як бляднае, халоднае сонца ўздымаецца над далёкімі гарамі, а ягоныя прамяні коса сьцелюцца праз рэдкі срабрысты туман. Блішчэла раса на пажаўцелых лістах, зіхацела ў танюткім павуціньні на кожнам кусьце. Сэм крочыў побач, моўчкі, але прынюхваючыся да паветра й паглядаючы раз-пораз у подзіве на ўсход, на вялізныя вяршыні, белыя ад сьнегу.

За паваротам сьцежкі напаткалі Гэндальфа й Більба, яны сядзелі на лаве, вычасанай у камені, і гаманілі.

– Гэй! Дабранак! – усклікнуў Більба, заўважыўшы хобітаў. – Ну як, ты падрыхтаваны да вялікай Рады?

– Я падрыхтаваны да чаго заўгодна, – адказаў Фрода. – Але болей за ўсё мне карціць пашпацыраваць сёньня як сьлед па гэтай даліне. Я так хацеў бы наведаць вунь тыя сасонкі наверсе, – ён паказаў на далёкі лес высока над далінаю на поўначы.

– Пазьней у цябе будзе такая магчымасьць, – сказаў Гэндальф. – Аднак пакуль што нельга анічога плянаваць. Сёньня нам шмат чаго трэба пачуць і вырашыць.


Раптам іх гаворку перарваў адзін чысты гучны ўдар звона.

– Гэты звон кліча на Раду Эльранда! – усклікнуў Гэндальф. – Хадзем! Ты й Більба запрошаныя!

Фрода й Більба жвава пакрочылі ўсьлед за чараўніком па зьвілістай сьцежцы назад, да сядзібы. За імі, незапрошаны й пакінуты, драпатаў Сэм.

Гэндальф прывёў хобітаў да ганку, дзе Фрода ўчора напаткаў сяброў. Сьвятло яснай восеньскай раніцы ўжо лілося ў даліну. Зьнізу далятаў плёскат і дзурчэньне імклівага струменю. Сьпявалі птушкі, і на ўсім ляжаў адбітак глыбокага, непарушнага спакою. Жахі й боль, недарэчная вандроўка, навіны пра цемру, якая разрастаецца ў сьвеце, падаліся Фрода ўсяго толькі ўспамінамі пра дрэнныя сны. Аднак твары, якія ён пабачыў, крочыўшы ў залю, былі суворыя й азмрочаныя.

Прысутнічаў Эльранд і яшчэ некалькі асобаў, што маўкліва сядзелі побач зь ім. Фрода пазнаў Гларфіндэля й Глойна. У куце туліўся Швэндал, зноў апрануты ў старую, паношаную вандроўную апратку. Эльранд паказаў Фрода на месца поруч і назваў яго суполцы.

– Вось, мае сябры, Фрода, сын Дрога. Няшмат каму давялося прайсьці праз горшыя небясьпекі на шляху да гэтага прытулку ці выканаць пры тым больш істотнае.

Тады ён назваў тых, каго Фрода не сустракаў раней. Побач з Глойнам сядзеў малады гном – ягоны сын Гімлі. З Гларфіндэлем былі яшчэ некалькі радцаў-эльфаў з Эльрандавага племені й самы галоўны сярод іх – Эрэстар. Таксама Гальдар, эльф зь Сівых Заваняў, пасыльны ад Кірдана Карабела. Дзіўнаваты эльф, апрануты ў зялёнае й бурае, Ляголас, прадстаўляў свайго бацьку Трандуйла, караля эльфаў Паўночнага Ліхалесься. Крыху далей ад яго сядзеў высокі чалавек зь ясным і высакародным тварам, цёмнавалосы, ганарлівы, з суворым позіркам шэрых вачэй.

Апрануты ён быў як коньнік, ягоная вопратка падавалася каштоўнай, як і плашч, падбіты футрам, але ж яе запэцкала доўгая вандроўка. Валасы былі падрэзаныя на ўзроўні плячэй, на шыі зьзяў срэбны абруч з адзіным белым каменем. Вялікі рог з срэбным канчаром, падвешаны на перавязі, цяпер ляжаў на каленях. Чалавек паглядаў на Фрода й Більба ў нечаканым зьдзіўленьні.

– Вось, – Эльранд павярнуўся да Гэндальфа. – Барамір, чалавек з поўдня. Ён прыбыў зь першым сьвятлом і шукае парады. Я запрасіў яго на Раду, бо тут ён пачуе адказ на свае пытаньні.


Наўрад ці варта пераказваць тут усё, пра што вялося на Радзе. Там абмяркоўвалі шмат здарэньняў усяго вакольнага сьвету, асабліва поўдня й прастораў на ўсход ад Туманных гор. Пра тамтэйшыя падзеі да Фрода ўжо даходзілі чуткі, але весткі Глойна былі навінамі для яго, і калі гном пачаў распавядаць, Фрода слухаў уважліва. Складвалася ўражаньне, што сярод раскошы й посьпеху нястомнай працы сэрцы гномаў Самотнай гары былі занепакоеныя.

– Ужо шмат гадоў таму, – распавядаў Глойн, – цень непакою азмрочыў сэрцы нашага народу. Адкуль ён прыйшоў, мы спачатку не зразумелі. Папаўзьлі прышапты, маўляў, мы заціснуліся ў цесныя шчыліны, а ў навакольным сьвеце магчыма здабыць нашмат болей багацьця й гонару. Некаторыя ўзгадвалі Морыю, волатавую працу нашых бацькоў, Казад Дум на нашай мове. I сьцьвярджалі, што цяпер у нас хопіць і рук, і моцы, каб вярнуцца.

– Морыя! – Глойн уздыхнуў. – Цуд Поўначы! Мы надта глыбока ўкапаліся там у нетры. I абудзілі безыменны жах. Яе неабсяжныя залі ўжо так даўно запустэчаныя – з тых часоў, калі нашчадкі Дарына пакінулі іх, шукаючы паратунку. Цяпер мы зноў загаварылі пра яе – з сумам і страхам, бо цягам жыцьця шматлікіх каралёў аніводны гном не адважваўся крочыць за браму Казад Думу. Адзіны Трор, і той загінуў там. Але Балін прыхіліў слых да чутак і ўрэшце сышоў. Хоць Дайн і ня даў яму дазволу, Балін зманіў з сабою на поўдзень Оры, Ойна й шмат іншых з нашага народу.

Тое было амаль трыццаць гадоў таму. Спачатку ад іх даходзілі файныя весткі: яны прабраліся ў Морыю, пачалі працаваць. Потым – цішыня. I за ўсе апошнія гады пра іх не чуваць.

Але амаль год таму да Дайна прыбыў ганец. Ня з Морыі – з Мордару. Вершнік у ночы. Ён паклікаў Дайна да брамы. Сказаў: "Уладар Саўрон Вялікі жадае сябраваць з табою. За гэтае, як у даўніну, дасьць пярсьцёнкі. Ён хоча тэрмінова вызнаць, хто такія хобіты й дзе жывуць. Бо Саўрон ведае, – дадаў ён, – што ты калісьці знаўся з адным".

Мы адразу не адказалі яму, бо вельмі занепакоіліся. Тады ён крыху памякчыў свой люты голас, хоць тое ў яго ня надта атрымалася, і ўжо цішэй вымавіў: "Як сымбаль сяброўства Саўрон просіць цябе, каб ты знайшоў гэтага хобіта-злодзея, – менавіта гэтак ён і сказаў, – і прымусіў яго вярнуць маленькі пярсьцёнак, дробязь, цацку, якую ён калісьці скраў. Гэта ўсяго толькі забаўка майго гаспадара, але калі вы яе вернеце, гаспадар палічыць гэта сапраўдным доказам вашых добрых намераў. Вярніце пярсьцёнак – і тры пярсьцёнкі даўніх гномскіх цароў зноў будуць вашымі, і каралеўства Морыі зноў вернецца да вас назаўсёды. Прынясіце хоць бы навіны, дзе жыве злодзей, калі ён яшчэ жывы, і ўзнагарода майго гаспадара будзе шчодрай, а сяброўства – доўгім. А калі адмовіцеся, вашыя справы пойдуць пад адхон. Вы адмовіцеся?"

I, выдыхаючы, зашыпеў зьмяюча, з такой злосьцю, што ўсе побач з Дайнам уздрыгнулі. А Дайн адказаў: "Пакуль што я не скажу ні так, ні не. Такую прапанову трэба абмеркаваць дый разгледзець, што яна хавае пад файнай абгорткай". "Абмяркоўвай, ды не цягні", – папярэдзіў ганец. "Колькі часу мне абмяркоўваць, я вырашу сам", – адказаў Дайн. "Пакуль яшчэ так", – прашыпеў ганец ды зьнік у цемры.

З таго часу цяжка на сэрцах нашых правадыроў. Нават калі б голас ганца быў салодкі, як мёд, анікому ня трэба даводзіць, што ў словах ягоных – пагроза й мана. Бо мы ўжо ведалі, што ў Мордары ўзьнялася колішняя чорная моц. Тая самая, што столькі разоў здраджвала нам і падманвала нас у даўніну. Двойчы вяртаўся ганец, і двойчы зьяжджаў без адказу. I сказаў, што напрыканцы гэтага году зьявіцца апошні раз.

I таму мяне паслалі нарэшце папярэдзіць Більба, што Вораг шукае яго, а таксама высьветліць, калі мажліва, чаму ён шукае Більбаў пярсьцёнак, калі гэты пярсьцёнак насамрэч такая дробязь. Да таго ж нам патрэбная парада Эльранда. Бо Цень расьце й набліжаецца. Мы дазналіся, што ганцы наведалі й караля Бранда ў Доле й што ён напалоханы. Мы мяркуем, што ён можа паддацца. Бо вайна ўжо коціцца да ягоных усходніх межаў. Калі мы не адкажам, Вораг можа загадаць падуладным яму людзям рушыць на караля Бранда, дый на нас таксама.

– Добра, што вы прыйшлі сюды, – сказаў Эльранд. – Бо сёньня пачуеце дастаткова, каб зразумець намеры Ворага. Каб зразумець, што адзінае выйсьце – супрацьстаяць яму з надзеяй на перамогу ці без. Вы не самотныя. Вашая бяда – толькі частка вялікай бяды, якая напаткала ўвесь заходні сьвет. Пярсьцёнак! Што ж нам рабіць з дробязьзю й цацкай, улюбёнай забаўкай Саўрона? У вырашэньні гэтага – лёс, які мы сабе прызначым.

Дзеля гэтага мы ўсе закліканыя сюды. Я кажу "закліканыя" хоць ня я клікаў вас. Вы прыйшлі сюды, якраз калі нашая сустрэча яшчэ магчымая й небессэнсоўная, мы сабраліся нібыта выпадкова. Аднак гэта ня так. Паверце, нам, прысутным, прызначана было зьявіцца тут, каб выратаваць наш сусьвет ад небясьпекі.

Таму цяпер гаворка пойдзе пра рэчы, якія ведалі дасюль толькі абраныя. I найперш, каб зразумець пагрозу, трэба пачуць гісторыю пярсьцёнка ад самага пачатку да нашых дзён. Я пачну распавядаць – скончаць іншыя.

Эльранд ясным голасам распавядаў пра Саўрона й Пярсьцёнкі Ўлады, пра тое, як скавалі іх у Другую эпоху, шмат стагодзьдзяў таму. Часткі гэтай гісторыі некаторыя ведалі, але цалкам яе ня чуў ніхто, і таму многія ў страху й подзіве слухалі пра эльфаў-кавалёў Эрэгіёну й іх сяброўства з гномамі Морыі, пра іх прагу ведаў, празь якую Саўрон і здолеў падмануць іх. Бо ў той час Саўрон яшчэ не выглядаў жудасна й злавесна. Эльфы карысталіся ягонымі парадамі, іх майстэрства ўзвысілася, а ён вызнаў усе іхнія сакрэты. А пасьля здрадзіў, скаваўшы таемна ў Вогненнай гары Адзіны Пярсьцёнак, Пярсьцёнак-гаспадар, каб закабаліць эльфаў. Але Келебрымбар здагадаўся й схаваў скаваныя ім тры пярсьцёнкі. Пачалася вайна. Эрэгіён быў спустошаны, і брамы Морыі зачыніліся назаўжды.

Тады Эльранд распавёў, што рабілася зь пярсьцёнкам пасьля. Аднак пра гэта можна даведацца зь іншых крыніцаў, таму што Эльранд сам упісаў гэтую частку гісторыі ў свае хронікі. Мы ня будзем згадваць яе тут. Бо яна даўжэзная, паўнюткая вялікімі зьдзяйсьненьнямі й жудаснымі злачынствамі. Хоць Эльранд толькі коратка пераказаў яе, сонца паднялося высока й раніца скончылася раней, чым ён закончыў расповед.

Пра Нумэнор распавёў Эльранд, пра ягоную веліч і гібель, пра вяртаньне каралёў – людзей з-за мора, прынесеных на крылах буры. Элендыль Высокі й ягоныя сыны, Ісільдар і Анарыён, зрабіліся магутнымі ўладарамі, пабудаваўшы каралеўства на поўначы, у Арнары, і на поўдні, вышэй за вусьце Андуйну. Саўрон Мордарскі пайшоў на іх вайною, і тады ўтварыўся Апошні Зьвяз эльфаў і людзей, які сабраў войскі Гіль-Галяда й Элендыля ў Арнары.

Эльранд прыпыніўся, згадаўшы Апошні Зьвяз, і ўздыхнуў:

– Я добра памятаю ганарлівае хараство іх сьцягоў. Яно нагадала мне гонар Даўніх дзён і войска Белерыянду. Колькі там сабралася вялікіх князёў і ваяводаў! Хоць і ня столькі, як падчас асады й руйнаваньня Тангарадрыму, калі эльфы палічылі зло зьнішчаным назаўсёды – і так памыліліся!

– Вы памятаеце? – спытаў Фрода ад зьдзіву нечакана гучна. – Але ж я лічыў, – прамармытаў, запінаючыся, калі Эльранд павярнуўся да яго, – што Гіль-Галяд загінуў даўным-даўно.

– Менавіта так, – адказаў Эльранд сувора. – Бо ў маёй памяці – і дні Першай эпохі. Мой бацька – Эярэндыль, народжаны ў Гандаліне да ягонай паразы, мая маці – Эльвінг, дачка Дыёра, сына Люціені з Дарыяту. Я бачыў на свае вочы тры эпохі Міжзем'я. Бачыў шматлікія паразы й бясплодныя перамогі. Я быў герольдам Гіль-Галяда й выправіўся зь ягоным войскам. Удзельнічаў у вялікай бітве на Дагорладзе перад Чорнай Брамай Мордару, дзе мы перамаглі, бо ніхто ня здолеў супрацьстаяць Дзідзе Гіль-Галяда й Мечу Элендыля, Айгласу й Нарсілю. Я змагаўся ў апошняй бітве на схілах Арадруйну, дзе загінуў Гіль-Галяд і Нарсіль зламаўся пад целам забітага Элендыля, – але ж Саўрон быў таксама пераможаны, і Ісільдар абламаным бацькавым мечам адсек пярсьцёнак з Саўронавай рукі й забраў сабе.

Тут раптоўна ўблытаўся незнаёмца, Барамір.

– Дык вось што здарылася зь пярсьцёнкам! – усклікнуў ён. – Калі зьвесткі пра тое й сягнулі Поўдня, на іх даўно ўжо забыліся. Я чуў пра Вялікі Пярсьцёнак таго, чыё імя мы не называем, але мы лічылі, што ён зьнік з гэтага сьвету разам з гібельлю першага ягонага каралеўства. Ісільдар завалодаў ім! Вось у чым справа!

– На жаль, так, – пацьвердзіў Эльранд. – Ісільдар завалодаў ім, хоць і не павінен быў. Ён мусіў адразу ж кінуць яго ў полымя Арадруйну, дзе пярсьцёнак і нарадзіўся. Але няшмат хто заўважыў, што зрабіў Ісільдар. У апошняй сьмяротнай бойцы побач зь Ісільдарам змагаўся толькі ягоны бацька, а побач з Гіль-Галядам – толькі я й Кірдан. Ісільдар не паслухаў нашай парады. Сказаў: "Пярсьцёнак – віра за маіх бацьку й брата". I, хацелі мы таго ці не, забраў яго ва ўласнае валоданьне. Неўзабаве пярсьцёнак здрадзіў яму й загубіў яго. Таму й клічуць пярсьцёнак Ворага на поўначы Праклёнам Ісільдара. Хоць сьмерць, мажліва, лепшая за лёс, які мог яго напаткаць.

Толькі да Поўначы дайшлі зьвесткі пра сьмерць Ісільдара, і мала хто чуў іх. Таму нядзіўна, што ты, Барамір, ня ведаеш гэтага. З пагібельнай бойкі на Квятных Панізьзях вярнуліся толькі трое, пасьля доўгай вандроўкі праз горы. Адным зь іх быў Ахтар, збраяносец Ісільдара, які перадаў кавалкі Нарсіля Валандылю, спадчыньніку Ісільдара. Той быў яшчэ дзіцем і заставаўся тут, у Долым Яры. Сьвятло зламанага Нарсіля згасла, і дасюль ён не перакаваны.

Я назваў перамогу Апошняга Зьвязу бясплоднай? Не зусім так – але сваёй мэты яна не дасягнула. Саўронаву моц зьнішчылі – але самога яго не. Пярсьцёнак згубіўся – але яго не расплавілі. Цёмную вежу разбурылі – але засталіся яе падмуркі, бо іх збудавалі моцай пярсьцёнка, і пакуль пярсьцёнак цэлы, яны непарушныя. Мноства эльфаў і магутных людзей, мноства іх паплечнікаў забрала вайна. Загінулі Анарыён і Ісільдар, ня стала Гіль-Галяда з Элендылем. Аніколі болей не паўстане зноў такі зьвяз людзей і эльфаў, бо людзі памнажаюцца, а Першанароджаных застаецца ўсё меней і меней, і два народы ўсё чужэй глядзяць адзін на другога. Кроў Нумэнору вадчэе, і людзкія гады скарачаюцца.

На Поўначы пасьля вайны й бяды на Квятных Панізьзях людзей Захаду засталося няшмат, і паступова горад Анумінас ля возера Сутоні запусьцеў. Нашчадкі Валандыля закінулі яго й перабраліся ў Форнаст на Паўночным пагор'і. Цяпер і ён ляжыць у руінах. Людзі завуць яго Мерцьвяковай Гародняй і баяцца заходзіць туды. Бо народ Арнару вымер, ворагі вынішчылі людзей, час зруйнаваў муры, і ўлада ягоная сышла, пакінуўшы толькі зарослыя травою курганы на пагор'і.

На поўдні каралеўства Гондару трывала лепей, і доўгі час гонар і моц ягоныя разрасталіся, нагадваючы веліч Нумэнору ў апошнія гады. Будаваліся высокія вежы, моцныя крэпасьці, шырокія завані з мноствам караблёў. Крылатая карона людзкіх каралёў трымала пад сабою шэраг народаў, і яшчэ болей схіляліся перад яе ўладай. Сталіцаю каралеўства быў Азгіліят, Зорная Цытадэль, пасярод якой бегла Вялікая рака, Андуйн. На ўсходзе, на атовілку гор Ценю пабудавалі Мінас Ітыль, вежу Узыходнай Поўні. На захадзе, у адгор'ях Белых гор, узьнялі Мінас Анор, вежу Заходнага Сонца. Там каля каралеўскага палацу расло цудоўнае дрэва, насеньне якога Ісільдар прынёс з-за мора, а ў Нумэноры яно прарасло зь зернетак, прывезеных эльфамі з Эрэсэі. Насеньне ж тое – з Найдалейшага Захаду ад дзён маладога сусьвету.

Гады Міжзем'я бягуць, як вада, і род нашчадкаў Мэнэльдыля, сына Анарыёна, абарваўся. Белае дрэва засохла, кроў нумэнорцаў зьмяшалася з крывёю меншых людзей. Варта на сьценах Мордару забылася на свой абавязак, і цемра зноў прапаўзла праз Гаргарат. Чорныя здані рушылі наперад, авалодалі Мінас Ітылем, ператварыўшы яго ў месца суцэльнага жаху. Цяпер імя яму – Мінас Моргул, вежа Вядзьмарства. Тады й Мінас Анор атрымаў другое імя – Мінас Тырыт, вежа Варты. Паміж гарадамі заўжды з таго часу была вайна. Азгіліят, што ляжаў між імі, закінулі й зруйнавалі. Толькі цені блукаюць цяпер у ягоных камянёх.

Пакаленьні за пакаленьнямі цягнецца вайна. Але ўладары Мінас Тырыту яшчэ змагаюцца, адбіваючы напады, і Андуйн яшчэ вольны ад Арганатаў да мора.

На тым я скончу маю частку расповеду. У Ісільдаравы дні Адзіны Пярсьцёнак зьнік з вачэй мудрых, і тры эльфавы кляйнодзікі вызваліліся з-пад ягонай улады. Але цяпер яны зноў у небясьпецы, бо, на гора нам, Адзіны знайшоўся. Пра знаходку распавядуць іншыя, бо я маю малое дачыненьне да тых падзеяў.

Ён змоўк, але адразу ж узьняўся Барамір, высокі, ганарысты.

– Дазвольце мне, гаспадару Эльрандзе, – вымавіў ён, – сказаць найперш за Гондар, бо менавіта адтуль я прыбыў сюды. Усім карысна будзе вызнаць, што адбываецца там. Бо, падаецца мне, мала хто ведае пра нашыя зьдзяйсьненьні й таму наўрад ці здагадваецца пра небясьпеку, што пагражае, калі мы ня вытрымаем.

Паверце, у Гондары яшчэ не станчэла кроў Нумэнору, не забытыя ягоныя гонар і годнасьць. Нашая мужнасьць стрымлівае дзікуноў Усходу, утаймоўвае мордарскі жах. Мы адныя – вартавыя міру й свабоды для земляў за намі. Мы – бастыён Захаду. Аднак вы ўяўляеце, што адбудзецца, калі мы страцім Андуйн і землі вакол яго?

А гэты час набліжаецца. Безыменны Вораг узьняўся наноў. Зноў задыміўся Адрадруйн, які мы клічам гарою Выраку. Моц Чорнай Зямлі расьце, і нам даводзіцца ўсё цяжэй. Калі Вораг вярнуўся ў Мордар, нас выціснулі зь Ітыльёну, прыгожага краю на ўсход ад ракі, хоць мы яшчэ ўтрымлівалі апірышча там і моцную харугву ваяроў. Але ў гэтым годзе, у ліпні, навала з Мордару абрынулася на нас – і зьнесла прэч. Іх было нашмат болей, бо на дапамогу Мордару прыйшлі ўсходнікі й жорсткія харадрымы. Тым ня менш перамагла ня колькасьць ворагаў – перамагло незнаёмае дасюль зло.

Некаторыя кажуць: яно мае выгляд вялізманага чорнага вершніка, чорнага ценю пад месяцовым сьвятлом. Калі ён зьяўляецца, нашыя ворагі б'юцца як шалёныя. А нават найадважнейшыя з нас паддаюцца жаху, і людзі, і коні, і ўцякаюць бяздумна. Толькі малая рэшта нашага ўсходняга войска здолела вярнуцца за раку, разбурыўшы апошні мост, які яшчэ стаяў сярод руінаў Азгіліяту.

Я быў сярод тых, хто ўтрымліваў мост, пакуль яго разбуралі за намі. З нас толькі чацьвёра выратаваліся: я, мой брат і два ваяры. Мы яшчэ змагаемся, трымаючы ўвесь заходні бераг Андуйну. Тыя, каго мы абараняем, шануюць нашае імя, калі толькі ведаюць яго, – шмат пашаны, але аніякай дапамогі. Толькі Рохан цяпер шле падмацаваньні, калі мы просім пра іх.

У такую ліхую часіну выправіўся я за мноства недарэчных міляў да Эльранда. Сто й яшчэ дзесяць дзён я вандраваў у самоце. Аднак я не шукаю вайсковай дапамогі. Кажуць, моц Эльранда ня ў зброі – у мудрасьці. Я прыйшоў сюды па параду, па разгадку таемных словаў. Бо перад самым варожым нападам мой брат пабачыў трывожны сон. I пасьля гэты самы сон прыйшоў да яго зноўку, а таксама да мяне.

У сьне нябёсы на ўсходзе сьцямнелі, загрукаталі грымоты, але на захадзе яшчэ трымалася няпэўнае сьвятло, і зь яго пачуўся голас, далёкі, але ясны:

Шукайце клінок зламаны,

У Імладрысе ён чакае.

Рада вялікай пашаны

Чары перамагае.

Адчуйце лёс прадказаны,

Апошніх часоў навіны:

Кон, Ісільдару вінны,

Паўросьліку наканаваны.

Тых словаў мы не зразумелі й папрасілі парады ў нашага бацькі, Дэнэтара, гаспадара Мінас Тырыту, дасьведчанага ў мудрасьці Гондару. Але ён толькі давёў нам, што Імладрыс – гэта стары эльфскі назоў далёкай паўночнай даліны, дзе жыве Эльранд Паўэльф, найвялікшы з дасьведчаных. Таму мой брат, разумеючы, якая бяда пагражае нам, імкнуўся разгадаць прароцтва й скіравацца ў Імладрыс. Аднак я палічыў вандроўку надта небясьпечнай і цяжкой для яго й таму выправіўся сам. Мой бацька неахвотна дазволіў мне ехаць. Я доўга блукаў па забытых шляхох, шукаючы сядзібу Эльранда, пра якую шмат хто чуў, але да якой мала хто мог паказаць шлях.


– I тут, пад Эльрандавым дахам, ты пачуеш разгадку, – азваўся Арагорн, паўстаючы.

Ён паклаў свой меч на стол перад Эльрандам. Меч, пераламаны надвая.

– Вось Зламаны Клінок! – выклікнуў Арагорн.

– Хто ты? Што лучыць цябе зь Мінас Тырытам? – Барамір зьдзіўлена аглядаў худы твар Арагорна й сьледапытаў паношаны плашч.

– Ён – Арагорн, сын Араторна, – давёў Эльранд, – далёкі, але прамы нашчадак Ісільдара, уладара Мінас Ітылю, сына Элендыля. Ён – правадыр дунаданаў Поўначы, хоць і няшмат засталося ад яго народу.

– Тады ён належыць табе, зусім ня мне! – ускрыкнуў уражаны Фрода, ускокваючы. Ён чакаў, што ад яго зараз жа спатрабуюць аддаць пярсьцёнак.

– Ён не належыць анікому з нас, – запярэчыў Арагорн. – Але ж выпала, што пакуль захоўваць яго павінен ты.

– Пакажы нам пярсьцёнак, Фрода! – урачыста папрасіў Гэндальф. – Час надышоў. Пакажы яго, і Барамір зразумее прароцтва.

Усе змоўклі, пазіраючы на Фрода. Той зьбянтэжыўся: адчуў неверагодны сорам ды страх. Надта не хацелася даставаць пярсьцёнак, невыносна было нават крануць яго. Навошта ён тут, ну ці ня лепей было б застацца недзе падалей адсюль?

Пярсьцёнак зіхотка выбліснуў, калі Фрода нарэшце выцягнуў яго й паказаў, трымаючы на дрыготкай далоні.

– Зірніце на Праклён Ісільдара! – абвесьціў Эльранд.

У Бараміравых вачох, падалося, адбіўся залаты бляск пярсьцёнка.

– Паўросьлік, – прамармытаў ён. – Значыць, надышоў нарэшце апошні час Мінас Тырыту? Навошта ж тады нам шукаць Зламаны Клінок?

– У прароцтве вялося пра апошнія часы, але не апошнія часы Мінас Тырыту, – патлумачыў Арагорн. – Зламаны клінок – гэта меч Элендыля, які зламаўся, калі Элендыль загінуў. Гэты меч яго нашчадкі захоўвалі нават і тады, калі ўсе астатнія кляйноды спадчыны страціліся. Бо з даўніх часоў мы ведалі: клінок адкуюць, калі знойдзецца пярсьцёнак, Праклён Ісільдара. Цяпер ты пабачыў меч, які шукаў. Што яшчэ засталося няяснага? Ці хочаш ты, каб род Элендыля вярнуўся да гондарскай зямлі?

– Я ехаў сюды не для таго, каб выпрошваць дапамогу. Толькі каб разгадаць загадку, – адказаў Барамір ганарыста. – Хоць нам цяпер цяжка, і меч Элендыля для нас – падарунак звыш ад усялякай надзеі, калі гэткая рэч і сапраўды здольная вярнуцца зь ценяў мінулага.

Ён глянуў на Арагорна, і сумнеў чытаўся ў ягоным позірку.

Фрода адчуў, што Більба нецярпліва соўгаецца. Відавочна, яго раззлавала кпіна ў бок сябра. Раптоўна стары хобіт ускочыў дый выпаліў:

Скарб сапраўдны вачэй не падмане,

Сілу ня згубіць вандроўны лёс.

Слава былая пылам ня стане,

Старых каранёў не кранае мароз.

Абудзіцца з попелу дух палымяны,

Зь цемры зазьзяе сьвятло новых дзён,

Меч абламаны будзе скаваны,

Пазбаўлены трону – узыдзе на трон.

– Можа, і ня надта добра складзена, але якраз да месца, калі вам ужо патрэбна нешта болей за слова Эльранда. Калі ўжо вы сто ды шчэ дзесяць дзён вандравалі, каб пачуць, дык ужо прыслухайцеся, зрабіце ласку.

Ён сеў, фыркнуўшы.

– Я сам гэта склаў, – прашаптаў на вуха Фрода, – для Дунадана, даўнютка, калі ён упершыню распавёў мне пра сябе. Мне ўжо нават і закарцела, каб мая вандроўка падоўжылася, каб я здолеў крочыць побач зь ім, калі надыдзе ягоны дзень!

Арагорн усьміхнуўся Більба, тады павярнуўся да Бараміра.

– Што тычыцца мяне – я дарую табе сумнеў. Бо няшмат падабенства паміж мною ды абліччамі Элендыля зь Ісільдарам ва ўсёй іх магутнасьці, якія ты бачыў у залях Дэнэтара. Я – нашчадак Ісільдара, а ня сам Ісільдар. Я шмат чаго зьведаў у жыцьці. Мілі паміж Долым Ярам і Гондарам – малая частка таго, што мне давялося прайсьці цягам маіх вандровак. Я перайшоў шмат гор і рэк, сягаў нават далёкіх краінаў Руну й Хараду, дзе сьвецяць чужыя зоры.

Але сядзіба мая й жыцьцё – заўсёды тут, на Поўначы. Бо тут заўжды жылі нашчадкі Элендыля, і род іхні, ад бацькі да сына, не парываўся цягам мноства пакаленьняў. Дні нашыя азмрочыліся, нас засталася жменя. Але я скажу табе, Барамір, – так, няхай мы самотныя, няхай невядомыя сьледапыты глухамані, паляўнічыя, аднак мы палюем на варожых прыслужнікаў. Бо яны ня толькі ў Мордары.

Гондар – моцная камяніца супроць варожай навалы. Нашая доля іншая. Ёсьць мноства ліхіх пачвараў, якіх не стрымаюць моцныя сьцены й зіхоткія мечы. Вы няшмат ведаеце пра краі за вашымі межамі. Вы абараняеце мір ды волю, ты кажаш? Поўнач наўрад ці ведала б іх, калі б ня мы. На іх месцы панаваў бы жах. Аднак калі чорныя здані выпаўзаюць з-пад безыменных пагоркаў, з змрочных лясоў, яны адступаюць перад намі. Па якіх шляхох хто адважыўся б спакойна крочыць, як здолеў бы жыць у цяперашніх спакойных землях, як спаў бы просты народ у безабаронных хацінах па начох, калі б дунаданы заснулі ці ўсе сышлі ў зямлю?

А падзякі нам куды меней, чым вам. Вандроўнікі крывяцца, пазіраючы на нас. Сяляне даюць нам кплівыя мянушкі. Для аднаго тоўстага шынкара я – Швэндал. А ён жыве за дзень вандроўкі ад пачвараў, якія зруйнавалі б ягонае мястэчка ды адным махам зьмярцьвілі б яго, каб мы не пільнавалі няспынна ваколіцы. Іншага мы й не жадаем. Калі простаму народу жывецца спакойна й небаязьліва – няхай жывецца, мы ня станем яго палохаць, і зробім усё, каб так было й надалей. Такі клопат у маёй радзіны цягам незьлічоных гадоў.

Але цяпер сусьвет мяняецца. Надыходзіць новы час. Знайшоўся Праклён Ісільдара. Нас чакае вайна. Меч будзе скаваны зноў. Я прыду ў Мінас Тырыт.

– Ты кажаш, знайшоўся Праклён Ісільдара? – спытаў Барамір. – Так, я бачыў зіхоткі пярсьцёнчык у руцэ паўросьліка. Ісільдар загінуў, як кажуць, яшчэ да пачатку нашай эпохі. Чаму мудрыя лічаць, што гэта – ягоны пярсьцёнак? Дзе ён быў з часоў гібелі Ісільдара да таго, як яго прынёс сюды такі дзівосны ганец?

– Ты пачуеш гэта, – абвесьціў Эльранд.

– Але ж не цяпер, прашу вас, гаспадар! – узмаліўся Більба. – Сонца ўжо высока, амаль поўдзень, мне ж трэба нечым падсілкавацца, каб вытрымаць.

– Я не назваў твайго імя, – Эльранд усьміхнуўся. – Але назаву цяпер. Распавядзі сваю гісторыю, шаноўны Більба Торбінс! Калі не пераклаў яе вершамі, прамоў простымі словамі. Чым карацей яна атрымаецца, тым хутчэй ты адпачнеш ды падмацуесься.

– Ладачкі. Я зраблю, як вашаць просіць. Толькі цяпер я распавяду сапраўдную гісторыю, і калі нехта чуў калісьці нешта іншае, – Більба скасіўся на Глойна, – калі ласка, забудзьцеся на былое й даруйце мне. Я толькі хацеў пераканаць, што каштоўнасьць сапраўды мая, каб пазьбегнуць плявузгаў ды абвінавачваньня ў злодзействе. Цяпер я разумею крыху болей, чым тады. Вось што адбылося на самай справе.


Некаторыя чулі Більбаў расповед упершыню й слухалі, дзівячыся, пакуль стары хобіт, не такі ўжо й раздражнёны затрымкаю абеду, а хутчэй – відавочна ўсьцешаны ўвагай, апісваў сваю прыгоду з Глыксам – цалкам і дэталёва. Не забыўся аніводнай загадкі. Ён таксама распавёў бы й пра разьвітальную Вечарыну, і пра зьнікненьне й сыход з Шыру, калі дазволілі б. Але Эльранд падняў руку.

– Файна распаведзена, мой сябра, – спыніў ён. – Аднак пакуль што мы пачулі дастаткова. Бо мы зразумелі, што пярсьцёнак перайшоў да Фрода, твайго спадчыньніка. Няхай далей прамаўляе ён!

Тады, зь меншым імпэтам, чым Більба, расповед працягнуў Фрода – ад самых першых дзён пасьля таго, як пярсьцёнак трапіў да яго. Слухачы распытвалі пра кожны крок на шляху ад Хобіцку да Бруйненскага броду. Асабліва падрабязна й уважліва – пра Чорных Вершнікаў, пра кожную дробязь, якую ён толькі здолеў выцягнуць з памяці. Нарэшце яму дазволілі сесьці.

– Нядрэнна, зусім нядрэнна, – пракамэнтаваў Більба. – Такі цудоўны аповед атрымаўся, каб яны толькі не перабівалі на кожным слове. Я паспрабаваў зрабіць сякі-такі запіс, але нам трэба прайсьціся па ім калі-кольвек разам, калі ўжо я намерыўся запісаць тваю гісторыю. Матэрыялу на некалькі добрых частак – і ўжо зараз, калі ты толькі дабраўся сюды!

– Так, гісторыя атрымалася доўгая, – пацьвердзіў Фрода. – Але мне яна падаецца няпоўнай. Шмат пра што карціць даведацца – асабліва ад Гэндальфа.

Гальдар з Заваняў, які сядзеў побач, пачуў Фродавы словы й выгукнуў:

– Мне таксама, – ён павярнуўся да Эльранда. – Мудрыя, мажліва, і маюць важкія нагоды, каб лічыць, што паўросьлікава здабыча – сапраўды Вялікі Пярсьцёнак даўняй вайны, хоць тое й падаецца неверагодным тым, хто ведае меней. Але чаму нам ня выслухаць доказаў ад мудрых? I што пра гэта лічыць Саруман? Ён – найпершы ў ведах і вывучэньні пярсьцёнкаў. Аднак я ня бачу яго тут. Што радзіць ён, калі ён ведае пра тое, што распавядаецца тут?

– Твае пытаньні, Гальдар, злучаныя, – адказаў Эльранд. – Тое, пра што ты пытаесься, не пазабытае – проста яшчэ не надышоў час. Бо пра гэта належыць распавесьці Гэндальфу, якога я запрашаю прамаўляць апошнім. Ён мае права на завяршальныя словы – і таму, што яму належыць пачэснае права апошняга голасу на гэтай Радзе, і таму, што ён найбольш дасьведчаны ў справе.

– Гальдар, некаторыя задумаліся б над Глойнавымі зьвесткамі й над пагоняю за Фрода, – сказаў Гэндальф. – Ужо адно тое – доказ, што паўросьлікава здабыча – рэч незвычайна істотная для Ворага. Здабыча гэтая – пярсьцёнак. Які? Дзевяць – у назгулаў. Сем гномскіх – у Ворага ці зьнішчаныя.

На гэтых словах Глойн паварушыўся, але анічога ня вымавіў.

– Пра тры эльфскія ўсё вядома, – прадоўжыў Гэндальф. – Дык каторы так хоча прыдбаць Вораг? Сапраўды, існуе велічэзны правал паміж ракой і гарой, паміж стратай пярсьцёнка й знаходкай. Гэты недахоп у ведах нарэшце запоўнены, але надта позна. Бо Вораг упарта крочыць за намі, і ён бліжэй, чым я ўяўляў сабе. Аднак нам шанцуе, бо толькі сёлета, толькі гэтым самым летам ён, відавочна, і вызнаў суцэльную праўду.

Некаторыя, магчыма, памятаюць, што шмат гадоў таму я сам адважыўся прайсьці за браму Нэкраманта ў Дул Гулдуры, высачыць ягоныя справы й дзеі, і высьветліў, што нашыя страхі спраўдзіліся: бо Нэкрамант – ня хто іншы як даўні вораг Саўрон, які зноў уцялесьніўся й набірае моцы. Некаторыя, можа, таксама ўзгадаюць, што Саруман пераканаў нас не рэагаваць адразу ж, і мы доўгі час толькі назіралі здалёк. Урэшце, калі цень ліха падоўжыўся, Саруман пагадзіўся, Рада мудрых сабралася зь сіламі й выгнала зло зь Ліхалесься ў тым самым годзе, калі знайшоўся пярсьцёнак – дзіўнаватае супадзеньне, калі супадзеньне ўвогуле.

Але, як і прадказваў Эльранд, мы спазьніліся. Саўрон таксама сачыў за намі й загадзя падрыхтаваўся да нашага наступу, кіруючы Мордарам здаля празь Мінас Моргул, дзе сядзелі дзевяць ягоных паслугачоў. Перад нашай атакаю ён спрытна адступіў, толькі імітуючы супраціў і ўцёкі, неўзабаве сягнуў Цёмнай вежы й адкрыта абвесьціў уладу над Мордарам. Тады Сьветлая Рада сабралася ў апошні раз, бо мы баяліся, што цяпер Вораг прымецца шукаць Адзіны Пярсьцёнак. Баяліся, што ён ужо ведае нешта, не вядомае нам. Але Саруман зноў супакоіў нас, паўтараючы даўнія словы: Адзіны аніколі болей ня знойдзецца ў Міжзем'і.

"У найгоршым выпадку, – даводзіў ён, – Вораг ведае, што ў нас пярсьцёнка няма, што ён згубіўся. I лічыць, што згубленае мажліва адшукаць. Ня бойцеся таго! Ягоная надзея падмане яго. Ці ж я не вывучаў тую справу? Пярсьцёнак згінуў у Вялікім Андуйне. Ужо даўно, пакуль Саўрон спаў, бесьцялесны, рака вынесла пярсьцёнак у мора. Там ён і супакоіцца да скону дзён сьвету".

Гэндальф змоўк, пазіраючы за ганак, на далёкія пікі Туманных гор, ля чыіх магутных каранёў так доўга хавалася небясьпека ўсяго сусьвету. Уздыхнуў цяжка.

– Тут мая віна. Мяне залюлялі словы Сарумана мудрага. Мне належала вышукаць ісьціну раней – тады нашая небясьпека не была б гэткаю змрочнаю.

– Тут нашая агульная віна, – сказаў Эльранд. – Калі б не твая няспынная варта над Цемраю, яна, мажліва, ужо паглынула б нас. Але распавядай далей!

– Напачатку насуперак рацыі й доказам сэрца падказала мне, што нешта тут нядобра. I мне хацелася ведаць, якім чынам патрапіў да Глыкса ягоны пярсьцёнак, дый колькі ж ён ім валодаў. Таму я выправіў за ім віжоў, палічыўшы, што доўга ён сядзець пад гарою ня стане й пойдзе на пошукі свайго скарбу. I ён, сапраўды, вылез з-пад гары, але ўцёк з-пад нагляду й зьнік. А потым – як шкада! – я выпусьціў справу з рук, усяго толькі назіраючы й чакаючы, чым мы сябе ў апошні час часьцяком абмяжоўвалі.

Доўга мяне займалі іншыя справы пакуль сумнеў зноў не абудзіўся з падвойнай сілай. Адкуль хобіцкі пярсьцёнак? А калі мае страхі спраўдзяцца, што рабіць зь ім? Я павінен быў вырашыць. Аднак ні з кім сумневамі не дзяліўся, ведаючы, колькі шкоды можа нарабіць слова, якое ня ў час патрапіць у непадрыхтаваныя вушы ці ўвогуле ня ў тыя. У час доўгіх войнаў зь Цёмнай вежай здрада была нашым найгоршым ворагам.

Гэта адбылося сямнаццаць гадоў таму. Неўзабаве я даведаўся пра мноства самых разнастайных шпегаў, нават зьвяроў і птушак, якія сабраліся вакол Шыру, і мае страхі яшчэ вырасьлі. Я папрасіў дапамогі ў дунаданаў. Яны ўзмацнілі варту. А я даверыўся Арагорну, спадчыньніку Ісільдара.

– А я, – дадаў Арагорн, – параіў, што нам трэба ўпаляваць Глыкса, хоць тое й падавалася ўжо пазачасовым. Спадчыньніку й радзіне Ісільдара належыць сплаціць віну продка, і таму я выправіўся разам з Гэндальфам на доўгае й безнадзейнае паляваньне.

Тады Гэндальф распавёў пра пошукі праз усё Міжзем'е, да самых гор Ценю й ускрайнаў Мордару.

– Там, – сказаў Гэндальф, – мы й напаткалі чуткі пра яго. Напэўна, доўгі час ён трываў у тых змрочных пагор'ях. Але на самога яго мы так і не патрапілі, і ўрэшце я адчаяўся. I ў адчаі падумаў, што сам пярсьцёнак можа адкрыць ісьціну й магчыма абысьціся бяз Глыкса. Я зноў згадаў Саруманавы словы на Радзе. Калісьці я не зьвярнуў на іх увагі.

"Кожны зь дзевяці, сямі й трох пярсьцёнкаў мае асобны каштоўны камень, – даводзіў Саруман. – Толькі ў Адзінага яго няма. Ён неаздоблены, проста круглы, як нейкі слабейшы пярсьцёнак, – але творца пазначыў яго й здолее знайсьці тыя знакі й прачытаць іх".

Якія менавіта – Саруман не патлумачыў. А хто можа ведаць? Творца. I Саруман. Хоць ягоная дасьведчанасьць і неабсяжная, яна павінна паходзіць зь нейкай крыніцы. А чыя рука, апроч Саўронавай, трымала пярсьцёнак да таго, як ён згубіўся? Толькі Ісільдарава.

З той думкай я пакінуў паляваньне й пасьпяшаўся ў Гондар. Калісьці сяброў майго Ордэну шанавалі там, і Сарумана болей за ўсіх. Часьцяком ён гасьцяваў у гаспадароў гораду. Мяне ўладар Дэнэтар павітаў ня так сардэчна, як у даўніну, і безь вялікай радасьці дазволіў пашукаць зьвесткі ў ягонай бібліятэцы старых скруткаў ды кніг.

"Калі ты сапраўды шукаеш запісы даўніны, часоў заснаваньня гораду, дык чытай! – сказаў мне ён. – А для мяне мінуўшчына цямнейшая за прышласьць, пра якую я мушу клапаціцца. Чытай. Мажліва, тваё майстэрства вынаходніка пераўзыходзіць Саруманава, які доўга, доўга вывучаў старыя запісы й не знайшоў анічога, не вядомага мне, найбольш дасьведчанаму ў гісторыі гэтага Гораду".

Так прамаўляў Дэнэтар. Але ў ягонай скарбніцы ляжала мноства скруткаў, якія мала хто здолеў прачытаць, бо й напісаньне іх, і мовы зрабіліся цёмнымі пазьнейшым пакаленьням. Барамір, у Мінас Тырыце яшчэ ляжыць скрутак, непрачытаны, як я мяркую, нікім, апрача мяне й Сарумана, з часоў гібелі апошняга караля, напісаны самім Ісільдарам. Бо Ісільдар ня выправіўся на поўнач прама з Мордару, як даводзіцца ў паданьнях.

– У паўночных паданьнях, мажліва, – паправіў Барамір. – Бо ў Гондары ўсе ведаюць, што ён спачатку пасяліўся разам з сваім пляменьнікам Мэнэльдылем у Мінас Аноры, навучаючы яго каралеўскай справе, каб перадаць яму пасад Паўднёвага каралеўства. Тады ён і пасадзіў апошняе каліва Белага Дрэва ў памяць пра свайго брата.

– Таксама ў той час ён зрабіў гэты запіс, – працягнуў Гэндальф, – і тое, падаецца, у Гондары ня памятаюць. Бо гэты запіс тычыцца пярсьцёнка. Ісільдар напісаў так:


З онага дня Пярсьцёнак той Велькі ўчыніўся Паўночнай Кароне ў маетнасць, але нех запісаньне аб тым застанецца ў Гондары, там бо една трываюць спадчыньнікі Эленьдзіля, – абы ня зьмеркла памяць аб вялікіх тых справаваньнях.


А пасьля тых словаў Ісільдар апісаў пярсьцёнак, якім ён патрапіў да яго:


Кгды ж уперш узяў Яго, распаленым быў Ён, гарачым, нібыта вугольле. Далоня мая апяклася, і не ведаю, чы кгды пазбудуся таго болю. Але як складаю гэтыя радкі, пахаладзеў Ён і стаўся малейшым – абач ні ладнасьці страціў, ні віду. Ужо надпіс на Ім, спачатку ясьнейшы, бы чырвань полымя, ёсьць цьмянейшы й ледзьве прыкметны. Надпіс гэты эльфаўскімі літарамі Эрэгіёну ўчынены, занежай ня маюць у Мордары буквіцаў дзеля гэткай вытанчанай штукі, але язык той мне невядомы. Па зданьні маім, ёсьць гэта моваю Чорнай Зямлі; іж аблудная ды дзікая. Якім ліхам ёсьць той надпіс, таго ня ведаю, аднак жа адбіваю тут абрысы літараў, доньдзеж ушчэнт не пагасьлі. Падаецца мне, Пярсьцю не хапае жару Варожай длані, чорнай, але апаляльнай кшталт полымя, гібельнай Гіль-Гэляду. Верагодна, кгды Яго золата зноў адчуе вогнь, надпіс абновіцца. Але сам я не ўчыню яму шкоды: адзіны Ён файны з усіх Саўронавых штукаў. Ён – каштоўнасьць мая, хоць сплаціў я вялікім за Яго болем.


Калі я прачытаў гэта, мае пошукі скончыліся. Бо скапіяваны Ісільдарам надпіс насамрэч, як ён і здагадаўся, зроблены на мове Мордару й паслугачоў Цёмнай вежы. Надпіс той вядомы здаўна. Бо ў дзень, калі Саўрон упершыню насунуў Адзіны Пярсьцёнак, Келебрымбар, творца трох, здолеў пабачыць Саўрона здалёк, прайсьці ў ягоныя думкі, пачуць словы заклёну – і выкрыць ягоную здраду. Адразу ж я запрасіў дазвол Дэнэтара, каб пакінуць Гондар. Калі я рушыў на поўнач, напаткаў зьвесткі зь Лорыйну: Арагорн вярнуўся, такі прывёўшы з сабою пачварня зь мянушкай Глыкс. Таму я пасьпяшаўся туды, каб сустрэцца з Арагорнам ды пачуць ягоны расповед. Самотны, ён прайшоў празь сьмяротныя небясьпекі, якія я нават не адважваюся ўявіць сабе.

– Наўрад варта згадваць на іх, – дадаў Арагорн. – Прабіраючыся паблізу Чорнай Брамы ці ідучы па напоенай атрутаю квецені Моргульскай даліны, небясьпек не пазьбегнеш. Я й надзею страціў урэшце й павярнуў дахаты. Але мне пашанцавала: раптам напаткаў адбіткі босых ног побач з глеістым брудным азярцом. Сьвежыя адбіткі – і вялі яны ня ў Мордар, а назад. Я прайшоў па сьледзе ўздоўж ускрайнаў Мерцьвяковых багнаў і натрапіў на Глыкса. Ён бадзяўся ля вакенца ў дрыгве, утаропіўшыся праз змрок у гнілую ваду. Там я яго й схапіў. Ён увесь быў аблеплены зялёным глеем. Баюся, прыязьні да мяне ён аніколі не адчуе. Бо ён укусіў мяне, і я абышоўся зь ім крыху жорстка. I анічога болей за адмеціны зубоў я не атрымаў зь ягонага роту. Вяртаньне было найгоршай часткаю паляваньня. Бо давялося сачыць за Глыксам удзень і ўночы. Ды гнаць яго перад сабою зь пятлёю на шыі й кляпам у роце да Ліхалесься. Добра хоць голад і смага дадалі яму крыху пакорлівасьці. Дабраўшыся датуль, я аддаў яго эльфам, як мы й дамаўляліся з Гэндальфам раней. Я зрабіў гэта з асалодаю, бо й сьмярдзела ж ад Глыкса! Што тычыцца мяне, лепш зноў яго ня бачыць, але Гэндальф, як зьявіўся, ушанаваў яго даўжэзнай размовай.

– Так, даўжэзнай і стамляльнай, – пацьвердзіў Гэндальф, – але й карыснай. Па-першае, ягоны расповед пра страту пярсьцёнка супадае з тым, які Більба ўпершыню распавёў нам адкрыта. Тое, аднак, было ня надта істотна, бо я здагадаўся пра сапраўдную гісторыю раней. Але я даведаўся ад Глыкса, што пярсьцёнак ягоны – выцягнуты зь Вялікай ракі паблізу Квятных Панізьзяў. А таксама – што Глыкс валодаў ім надзвычай доўга. Нашмат даўжэй за век ягонага народу. Моц пярсьцёнка трымала яго жывым цягам некалькіх стагодзьдзяў! Толькі Вялікія Пярсьцёнкі маюць гэткую моц.

I калі адно тое для цябе ня доказ, Гальдар, ёсьць і іншыя. Доказ, пра які я ўжо казаў. На тым самым пярсьцёнку, які вы ўсе толькі што пабачылі, круглым, неаздобленым, яшчэ магчыма прачытаць тыя самыя літары, на якія ўзгадваў Ісільдар, калі хопіць сілы духу пратрымаць пярсьцёнак у полымі. Так я зрабіў і вось што прачытаў:


АШ НАЗГ ДУРБАТУЛЫК, АШ НАЗГ ГЫМБАТУЛ,

АШ НАЗГ ТХРАКАТУЛЫК, АГХ БУРЗУМ-ЫШЫ КРЫМПАТУЛ.


Дзівосна зьмяніўся голас чараўніка. Зьнянацку стаў пагрозьлівым, магутным, каменна-жорсткім. Нібы цень захіліў паўдзённае сонца й на ганку на момант сьцямнела. Усе ўздрыгнулі. Эльфы нават і прыкрылі вушы.

– Гэндальф Сівы, аніколі раней анічый голас не адважваўся агучыць словы гэтай мовы ў Імладрысе! – вымавіў цяжка Эльранд, калі цень сышоў і ўсе ўздыхнулі з палёгкай.

– Будзем спадзявацца, аніколі больш не прамовяцца яны тут, – адказаў Гэндальф. – Тым ня менш я не прашу ў цябе прабачэньня, гаспадар Эльранд. Бо каб тая мова не загучала ў хуткім часе ва ўсіх кутах Захаду, нам трэба пазбыцца сумневаў і прыняць тое, што сьцьвярджаюць мудрыя: пярсьцёнак – найкаштоўнейшы кляйнод Ворага, увасабленьне ўсяго ягонага ліха – трымае вялікую частку ягонай даўняй сілы. З Чорных гадоў дайшлі да нас словы, якія пачулі кавалі Эрэгіёну, зразумеўшы, што ім здрадзілі:

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,

Адзін – завабіць і ў цемры чорнай скаваць іх...

– Ведайце, сябры, што я вызнаў ад Глыкса болей. Неахвотна ён распавядаў, і гаворка ягоная была цьмяная, але ж, без усялякага сумневу, ён патрапіў у Мордар і там зь яго выцягнулі ўсё. Цяпер вораг ведае, што пярсьцёнак знайшоўся, што яго доўгі час хавалі ў Шыры, і паколькі ягоныя паслугачы перасьледавалі пярсьцёнак амаль да нашых брамаў, неўзабаве ён даведаецца, што пярсьцёнак тут.

Цягам часу ўсе сядзелі моўчкі, пакуль цішыню не парушыў Барамір.

– Вы казалі, малы пачварань гэты Глыкс? Малы пачварань, але вялікі злачынца? Што адбылося зь ім? Які прысуд вынесьлі яму?

– Ён за кратамі, толькі й усяго, – адказаў Арагорн. – Ён ужо шмат пакутаваў. Безумоўна, яго катавалі. Жах перад Саўронам сьціскае ягонае сэрца. Аднак я вельмі задаволены, што эльфы Ліхалесься трымаюць і вартуюць яго. Бо ягоная злосьць надзвычайная, і нянавісьць дае яму моц, амаль неўяўляльную ў гэткай схуднелай і мізэрнай істоце. Да таго ж я ўпэўнены: з Мордару яго выпусьцілі дзеля нейкага злачынства.

– Як шкада! – усклікнуў, ускочыўшы, Ляголас. На ягоным твары адбілася вялікая трывога ды адчай. – Цяпер час для маіх вестак! Яны дрэнныя, але толькі цяпер я зразумеў наколькі. Сьмеяголь, якога цяпер клічуць Глыксам, уцёк.

– Уцёк? – выгукнуў Арагорн. – Найгоршыя навіны, сапраўды. Баюся, мы цяжка сплоцім за іх. Як жа народ Трандуйла гэтак падвёў наш давер?

– Не празь недагляд і нядбаньне. Аднак, мажліва, з-за празьмернай дабрыні. Здаецца, вязень меў дапамогу звонку, а пра нашыя справы чужынцы ведаюць болей, чым мы ўяўляем. Мы вартавалі ўдзень і ўночы, як і прасіў Гэндальф, хоць тое надта нас стамляла. Гэндальф даводзіў, што ёсьць надзея вылекаваць Глыкса, пазбавіць яго ад цемры, і таму мы зьлітаваліся й ня сталі трымаць яго пад зямлёю ў змрочнай клеці, дзё ён зноў аддаўся б чорным думкам.

– Да мяне вы гэткай літасьці ня мелі, – прабурчэў Глойн, бліснуўшы вачыма, бо згадаў палон у глыбокіх скляпеньнях пад пакоямі караля эльфаў.

– Не цяпер, годзе! – усклікнуў Гэндальф. – Калі ласка, не перабівай, шаноўны мой Глойне. Тое было непрыемным і выпадковым непаразуменьнем, якое даўно выправілі. Калі ўсе спрэчкі й крыўды гномаў ды эльфаў агучваць на нашай Радзе, дык лепей проста яе пакінуць, бо якая тады зь яе рацыя?

Глойн прыўстаў і пакланіўся.

– Калі надвор'е дазваляла, – працягваў Ляголас, – мы выводзілі Глыкса ў лес да высокага дрэва, што стаяла паасобку ад астатніх. Ён любіў залазіць на яго. Часьцяком яму дазвалялася ўскараскацца да найвышэйшых галінаў, каб удыхнуць сьвежага ветру, а варта заставалася ўнізе. Аднойчы ён адмовіўся спускацца, а вартавым не хацелася караскацца сьледам, бо ён навучыўся чапляцца за галіны ня толькі рукамі, але й нагамі, і валачы яго было так складана! Таму вартавыя засталіся ля дрэва да ночы.

I гэтай самай летняй ноччу, бяззорнай, безьмесяцовай, на нас нечакана напалі оркі. Урэшце мы пагналі іх прэч, хоць іх было мноства й біліся яны адчайна. Але ж ім, горцам, нязручна біцца ў лесе. Перамогшы, мы ўбачылі, што Глыкс зьнік, а ягоная варта ці забітая, ці таксама зьнікла. Відавочна, оркі напалі, каб выратаваць яго, і ён пра тое ведаў загадзя. Як ён здолеў – загадка. Але ж хітрасьці яму не займаць, і варожых шпегаў вакол мноства. Ліхія пачвары, выгнаныя пасьля перамогі над цмокам, зноў вярнуліся й памножыліся. Ліхалесьсе – зноў нядобрае месца, хіба толькі ў межах нашага каралеўства яшчэ спакой.

Высачыць і перахапіць Глыкса ў нас не атрымалася. Ягоны сьлед разам зь сьлядамі мноства оркаў вёў на поўдзень, глыбока ў лес. Але хутка сьлед мы згубілі, а вышукваць не адважыліся, бо ўжо наблізіліся да Дул Гулдуру. Дагэтуль надзвычай ліхое месца, туды мы не заходзім.

– Так, так, ён зьнік, – вымавіў Гэндальф. – Цяпер у нас няма часу зноў паляваць на яго. Няхай ідзе, куды хоча. Але ён яшчэ можа адыграць ролю, якая ані ім, ані Саўронам не прадбачаная.

А цяпер я адкажу на другое пытаньне Гальдара: што з Саруманам; што ён раіць нам у час нашай найвялікшай патрэбы? Расповед я мушу давесьці цалкам, бо толькі Эльранд чуў яго, і тое скарочана. Мае словы высьвятляць усё, што нам патрэбна вырашыць. I будуць апошняй часткай гісторыі пярсьцёнка, якая адбылася дасюль.

Напрыканцы чэрвеня я заставаўся ў Шыры, але ўжо адчуваў непакой, хоць і няясны. Нарэшце выправіўся да паўднёвых межаў гэтай невялікай зямлі, бо прадчуваў пагрозу, яшчэ нябачную, але ўжо недалёкую. Там мяне напаткалі весткі пра вайну й паразу Гондару. Калі я пачуў пра Чорны Цень, мяне нібыта лёдам працяла. Я нічога ня высьветліў, толькі сустрэў некалькі ўцекачоў з Поўдня. Запалоханых, тое было відавочна, але чым або кім – яны распавядаць не пажадалі. Я павярнуў на ўсход і поўнач і непадалёк ад Прыгор'я напаткаў самотнага вандроўніка. Ён сядзеў на збочыне Шляху, а ягоны конь пасьвіўся побач. Вандроўнікам быў Радагаст Руды, які некалі жыў у Разгабэлі, на памежжы Ліхалесься. Ён з майго Ордэну, але я ня бачыў яго цягам мноства гадоў.

"Гэндальф! – паклікаў ён. – Я якраз цябе й шукаю. Але ж для мяне тут землі нязнаныя. Я толькі й ведаю, што ты хаваесься недзе ў глухой краінцы зь нягеглым імем Шыр".

"Дакладна, – пацьвердзіў я, – але не сьпяшайся называць Шыр так, калі побач якія-кольвек ягоныя пасельнікі. Ты ж цяпер ля ягоных межаў. Чаго табе трэба ад мяне? Напэўна, нешта вельмі істотнае. Бо ты ж зусім не вандроўнік, хіба толькі зь вялікай патрэбы".

"Так, у мяне да цябе тэрміновыя весткі. I нядобрыя, – ён азірнуўся, быццам баючыся, што й у кустоў на збочыне ёсьць вушы, і прашаптаў, – назгулы. Усе Дзевяцёра зноў на захадзе. Яны ўпотайкі пераправіліся празь Вялікую раку й рухаюцца на захад. Цяпер яны прынялі аблічча Чорных Вершнікаў".

Тады я зразумеў, чаго, ня ведаючы, баяўся.

"Напэўна, Вораг шукае нешта надта істотнае, але чаго яму шукаць тут, у гэтым найдалейшым застароньні, я ўявіць ня здольны".

"Што ты маеш на ўвазе?" – спытаў я.

"Мне перадалі: дзе толькі Вершнікі ні зьяўляюцца, яны распытваюць пра нейкі Шыр".

"Гэты Шыр", – паправіў я, але маё сэрца агарнуў адчай. Бо нават мудраму цяжка адважыцца выйсьці супраць Дзевяцярых, калі яны зьбяруцца пад рукою свайго лютага правадыра. Ён быў вялікім каралём і чаразнаўцам даўніны, а цяпер ягоная зброя – невыносны, непераможны жах.

"Хто давёў табе, хто даручыў адшукаць мяне?" – пацікавіўся я.

"Саруман Белы, – адказаў Радагаст. – Яшчэ ён прапанаваў: калі табе трэба, ён дапаможа. Але тады пасьпяшайся, бо інакш будзе позна".

Тыя весткі ажывілі маю надзею. Бо Саруман Белы – найвялікшы з майго Ордэну. Радагаст, бясспрэчна, годны чараўнік, майстра мяняць аблічча й колер, надзвычай дасьведчаны ў зёлках і зьвярох. Асабліва ж ён сябруе з птушкамі. Саруман жа доўга вывучаў Ворага, ягоныя звычкі й майстэрства, і таму мы часьцяком былі здольныя папярэджваць варожыя рухі й наносіць удары першымі. З Саруманавай парады мы так лёгка выбілі Ворага з Дул Гулдуру. Магчыма, ён ведае й адпаведную зброю супроць Дзевяцярых.

"Я рушу да Сарумана", – паабяцаў я.

"Ты мусіш рушыць зараз жа, – паўтарыў Радагаст, – бо я страціў шмат часу ў пошуках цябе й яго амаль не засталося. Я павінен быў адшукаць цябе да Ліпак, сярэдзіны лета, а ўжо й ёсьць сярэдзіна. Нават калі ты й выправісься да Сарумана з гэтага самага месца, наўрад ці пасьпееш да таго, як Дзевяцёра знойдуць твой Шыр. Я сам паварочваю назад зараз жа".

I ён сеў на каня, каб сапраўды зьехаць.

"Пачакай момант! – папрасіў я. – Нам спатрэбіцца твая дапамога, і ўвогуле ўсіхняя, хто толькі здольны дапамагчы. Абвясьці ўсім тваім сябрам сярод зьвяроў і птушак. Няхай яны прыносяць зьвесткі пра ўсё, што тычыцца Дзевяцярых, Сарумана й Гэндальфа. Няхай яны нясуць зьвесткі ў Ортанк".

"Так і зраблю", – паабяцаў ён ды ад'ехаў прэч так пасьпешліва, быццам за ім гналіся ўсе Дзевяцёра.

Адразу за ім я ехаць ня здолеў. Гэтым днём я й так ужо праехаў шмат, і стаміўся ня менш за майго каня. Мне трэ было спакойна паразважаць. Я пераначаваў у Прыгор'і й вырашыў, што мне бракуе часу заяжджаць у Шыр. Аніколі не рабіў я горшай памылкі!

Аднак я пакінуў ліст для Фрода, даверыўшы майму сябру шынкару даслаць яго. Выехаў раніцою і, сьпяшаючыся, сягнуў нарэшце Саруманава жытла. Яно знаходзіцца далёка на поўначы, у Ізенградку, напрыканцы Туманных гор непадалёк ад Брамы Рохану. Барамір давядзе вам, што Брама Рохану – гэта вялізная, шырокая даліна паміж Туманнымі гарамі й паўночнымі адгор'ямі Эрэд Німрайсу, Белых гор ягонай радзімы. Ізенградак – гэта кольца стромых скалаў, што абкружаюць прасторны лог, пасярод якога ўзвышаецца камяніца Ортанк. Пабудаваў яе не Саруман, а людзі Нумэнору ў даўніну. Вежа тая высачэзная, хавае мноства таямніцаў і выглядае ня творам чалавечых рук, а спараджэньнем самой зямлі. Сягнуць яе мажліва толькі праз кольца скалаў Ізенградку, а ў тым кольцы адзіная брама.

Позьнім вечарам я дабраўся да той брамы, падобнай да гіганцкай аркі ў каменнай сьцяне. Браму моцна ахоўвалі, але вартаўнікі чакалі мяне й дазволілі ехаць наўпрост да Сарумана. Я праехаў пад аркаю, брама бязгучна зачынілася за мною – і раптам я спалохаўся, хоць і ня ведаў чаму. Тым ня менш даехаў да Ортанку й крочыў на Саруманаў ганак. Там ён сам сустрэў мяне й правёў у залю. На ягоным пальцы зіхцеў пярсьцёнак.

"Ты нарэшце прыехаў, Гэндальф", – сказаў ён сувора, а ў вачох ягоных зьзяла белае халоднае сьвятло, быццам ён жорстка й кпліва сьмяяўся зь мяне.

"Так, прыехаў, – пацьвердзіў я, – па тваю дапамогу, Саруман Белы".

Падалося, ён раззлаваўся.

"Сапраўды, Гэндальф Сівы! – фыркнуў ён. – Па дапамогу? Што ж за дзіва такое: Гэндальф Сівы жадае дапамогі, гэткі мудрагелісты, гэткі ўмелы чараплёт, які блукае па ўсім сусьвеце, які блытаецца ў кожную справу, тычыцца яна яго ці не".

"Калі не памыляюся, – вымавіў я, надта зьдзівіўшыся, – цяпер адбываюцца рэчы, супраць якіх нам спатрэбіцца аб'яднаць усю нашую моц".

"Мажліва. Але ж тая файная думка прыйшла да цябе надта позна. Як доўга, цікава мне, ты хаваў ад мяне, галавы Рады, справу найвялікшай значнасьці? Што цяпер выцягнула цябе з твайго жытлішча-прыховішча ў Шыры?"

"Дзевяцёра зноў прыйшлі на Захад. Перасеклі раку. Так казаў мне Радагаст".

"Радагаст Руды! – зарагатаў Саруман, ужо не хаваючы зьнявагі. – Радагаст Пераможца Птушак! Радагаст Просты! Радагаст Дурань! Добра, што яму хапіла розуму згуляць ролю, якую я яму прызначыў. Бо ты зьявіўся да мяне, а гэта было галоўнай мэтай ягонай місіі. Ля мяне ты й застанесься пакуль што, Гэндальф Сівы, і адпачнеш ад свайго бадзяжніцтва. Бо я – Саруман Мудры, Саруман Майстра Пярсьцёнкаў, Саруман Усіх Колераў!"

Я прыгледзеўся да яго ўважліва: і вось, ягоная корзна, якая падавалася белай, была нібы сатканая з усіх фарбаў разам. Калі ён рушыў, фарбы пераліваліся, дзівосна мяняліся, падманваючы зрок.

"Белае мне падабалася болей!" – сказаў я.

"Белае! – фыркнуў ён кпліва. – Напачатку пойдзе й яно. Белае найлягчэй пафарбаваць. Пішуць на белай старонцы. Белае сьвятло раскладаецца на ўсе колеры адразу".

"Толькі тады яно ўжо ня белае, – давёў я. – Той, хто ламае рэчы, каб выведаць, што ў іх знутры, пакінуў шлях мудрасьці".

"Наўрад ці табе варта размаўляць з мною, як з адным з тых дурняў, якіх ты трымаеш за сяброў. Я паклікаў цябе сюды ня дзеля таго, каб слухаць павучаньні, а каб прапанаваць выбар".

Тут ён выпрастаўся й пачаў прамову – здаецца, загадзя й здаўна падрыхтаваную. "Даўнія дні мінулі. Памежныя дні сыходзяць. Пачынаюцца Дні Новыя. Час эльфаў мінуў. Але надышоў наш час, бо сьвет належыць людзям, якімі прызначаныя кіраваць мы. Дзеля таго нам патрэбная сіла, сіла скіроўваць і выпраўляць, сіла зьдзяйсьняць нашую волю дзеля найвялікшага дабра, якое толькі мудрыя й здольныя ўбачыць".

"Слухай мяне, Гэндальф, мой стары сябра й памочнік! – паклікаў ён, крочыўшы да мяне, і ягоны голас пацяплеў. – Я кажу нам, я кажу мы, бо ты можаш стаць побач з мною. Уздымаецца новая Моц. Супроць яе даўнія зьвязы й стратэгіі бясьсільныя. Безнадзейна пазіраць на рэшткі эльфаў, на аджылы Нумэнор. Перад табою, перад намі адзінае выйсьце – далучыцца да новай Моцы. Гэта мудра, Гэндальф. Толькі тут надзея. Перамога яе блізкая – і шчодрая ўзнагарода тым, хто дапамог ёй. Калі Моц узрасьце, узрастуць побач зь ёю й яе верныя сябры – як я й ты. I цягам часу, цярпліва, мы здолеем уплываць на яе, кіраваць яе думкамі. Мы дачакаемся нашага часу, трымаючы свае думкі пры сабе, асуджаючы мажлівыя злачынствы моцы, але падтрымліваючы яе найвышэйшыя, найістотнейшыя мэты: Веды, Улада, Парадак. Усё тое, чаго мы самі дарэмна намагаліся сягнуць разам з нашымі былымі слабымі ці безнайдзена адсталымі сябрамі. Яны не дапамагалі нам – яны затрымлівалі нас. На самай справе анічога ў нашых плянах ня зьменіцца, ня трэба нічога мяняць – памяняюцца толькі сродкі".

"Саруман, – азваўся я, – гэткія рэчы я ўжо чуў, але толькі з вуснаў варожых паплечнікаў, прысланых з Мордару, каб ашукваць неачосаў. Уявіць сабе не магу, што ты прымусіў мяне цягнуцца ў гэткую далячынь, каб стамляць мой слых лухтой".

Саруман зірнуў на мяне скоса й крыху памаўчаў, відаць, разважаючы.

"Так, я бачу, наймудрэйшы шлях цябе ня вабіць. Яшчэ не. Мажліва, таму, што існуе шлях найхутчэйшы?"

Ён наблізіўся да мяне й паклаў сваю доўгую руку на маю.

"Чаму не, Гэндальфе? – прашаптаў ён. – Чаму? Гэта Пярсьцёнак Улады, так? Калі ён патрапіць да нас, тады й Моц будзе нашая! Вось чаму насамрэч я клікаў цябе сюды. Бо мне падуладныя многія пільныя вочы й я ведаю: ты знайшоў, дзе найкаштоўнейшая для нас рэч. Ці ня так? Чаму Дзевяцёра распытваюць пра Шыр, чаму ты заўжды прападаеш там?"

I з гэтымі словамі прага, якую ён ня здолеў схаваць, зазьзяла ў ягоных вачох.

"Саруман, – вымавіў я, адступаючы прэч, – ва ўсялякі час толькі адна рука можа насіць пярсьцёнак. Ты добра ведаеш гэта, таму не турбуйся, не прамаўляй мы. Але я не аддаў бы яго, нават калі меў бы. Нават і весткі пра яго ня даў бы табе цяпер, зразумеўшы, што ты плянуеш. Ты быў галавою Рады, але цяпер ты адкрыў свой сапраўдны твар. Выбар, падаецца, цяпер такі: падпарадкавацца Саўрону ці табе. Я не хачу абіраць ані таго, ані другога. Можа, ты яшчэ што маеш прапанаваць?"

"Так, – пацьвердзіў ён, цяпер халодна й пагрозьліва. – Я й не чакаў ад цябе мудрасьці, нават дзеля твайго ўласнага выратаваньня. Аднак я даў табе шанец дапамагчы мне з уласнай волі й пазбавіцца бедаў і болю. Яшчэ адзін выбар – застацца тут, пакуль усё скончыцца".

"Пакуль што скончыцца?"

"Твая ўпёртасьць і нежаданьне адкрыць мне, дзе пярсьцёнак. Магчыма, я адшукаю сродкі, каб пераканаць цябе. Ці безь цябе знайду яго, і тады ў мяне будзе час заняцца справамі прасьцейшымі. Напрыклад, прыдумаць адпаведную ўзнагароду Гэндальфу Сівому за ягоную ўцятасьць і нахабства".

"Магчыма, гэта й не такая ўжо простая справа", – сказаў я.

Ён жа засьмяяўся, бо мае словы анічога ня важылі, і ён тое ведаў.

Мяне зацягнулі на самую вяршыню Ортанку, на пляцоўку, адкуль Саруман звычайна назіраў за зорамі. Спуску адтуль не было, апрача як па лесьвіцы ў некалькі тысячаў прыступак. Даліна ўнізе падавалася такой далёкай. Я ўбачыў, што на месцы зялёнай красы цяпер чарнеюць ямы й кавальні. Ваўкі ды оркі пасяліліся ў Ізенградку, бо Саруман зьбіраў сваё войска – супернічаючы з Саўронам ды, відавочна, яшчэ яму не паддаўшыся. Над пабудовамі вісеў чорны дым, закрываючы нават і ўзножжа Ортанку. Я стаяў самотны, нібы на высьпе сярод хмараў, без аніякай магчымасьці ўцячы. Дні цягнуліся бязрадасныя, бо мяне пранізваў холад, і толькі некалькі крокаў мог зрабіць я, туды й сюды, а з думак не сыходзілі Чорныя Вершнікі на поўначы.

Што яны й сапраўды зьявіліся, я не сумняваўся, хоць Саруман мог і схлусіць. Задоўга да прыбыцьця ў Ізенградак я чуў весткі, якія, безумоўна, пацьвердзілі навіну. Я няспынна баяўся за маіх сяброў у Шыры, але й надзея мяне не пакідала. Я спадзяваўся, што Фрода адразу рушыў, атрымаўшы ліст, і сягнуў Долага Яру шчэ да пачатку сьмяротнага перасьледу. Урэшце й страхі, і надзея мяне падманулі. Бо маё спадзяваньне цьвердзілася на тлустым шынкары з Прыгор'я, а страх – на хітрасьці й злаўмыснасьці Саўрона. Але чалавек, які прадае піва, мае зашмат прось бітаў, а моц Саўронава пакуль меншая, чым малюе страх перад ім. Аднак у каменным кольцы Ізенградку, самотнаму, спайманаму ў пастку, цяжка ўяўлялася, што паляўнічыя, перад якімі ўсе ўцякалі ці гінулі, ня здолеюць схапіць сваю ахвяру ў Шыры.

– Я бачыў гэта! – выклікнуў Фрода. – Вашаць крочыў узад і ўперад, і месяц зьзяў у валасах вашці.

Гэндальф прыпыніўся, зьдзіўлены, і зірнуў на яго.

– Гэта быў толькі сон, – патлумачыў Фрода. – Я ўжо й забыўся, але раптам узгадаў зноў. Ён прысьніўся ўжо даволі таму. Калі я толькі пакінуў Шыр, мяркую.

– Тады твой сон спазьніўся, як ты неўзабаве зразумееш. Так, я патрапіў у падступную пастку. Тыя, што мяне ведаюць, пагодзяцца: рэдка мне даводзілася гэтак трапляцца, а зьмірыцца мне й увогуле немагчыма. Гэндальф Сівы схоплены, нібыта матыль у здраднай павуковай мамэрлі! Але ж і самы ўмелы павук можа дзе-нідзе папусьціць слабіну.

Спачатку я баяўся – як на тое, безумоўна, і разьлічваў Саруман, – што Радагаст таксама здрадзіў. Аднак я не прыкмеціў анічога падазронага ў ягоным голасе ці позірку падчас нашай сустрэчы. Калі прыкмеціў бы, наўрад ці накіраваўся б прама да Ізенградку ці, верагодна, рушыў бы асьцярожней, падрыхтаваўшыся. Тое Саруман ведаў і таму не адкрыўся Радагасту, падмануў яго. Ва ўсялякім выпадку Радагаста пераконваць ды схіляць да здрады бессэнсоўна. Ён шукаў мяне, таму што шчыра жадаў дапамагчы, і таму я паверыў.

Таму й абрынуліся Саруманавы разьлікі. Бо Радагасту й да галавы не прыйшло б ня выканаць абяцаньня. Ён скіраваўся да Ліхалесься, да сваіх даўніх сяброў. Горныя арлы ўжо даўно заўважылі паўсюль мноства трывожных прыкметаў: зборы ваўчыных зграяў ды оркавых натоўпаў, бачылі, як Дзевяцёра гарцуюць па зямлі. Дайшлі да арлоў і весткі пра ўцёкі Глыкса. З Радагаставай нарады арлы паслалі да мяне ганца з навінамі.

Калі лета кацілася да канца, адной сьветлай месяцовай ноччу да мяне, увязьненага на вяршыні Ортанку, нечакана зьявіўся Гвайхір Гаспадар Вятроў, найспрытнейшы зь Вялікіх Арлоў. Я размаўляў зь ім, і ён зьнёс мяне прэч, і Саруман анічога не пасьпеў зрабіць. Я ўжо быў далёка ад Ізенградку, калі ваўкі з оркамі выскачылі зь ягонай брамы ў пагоню за мной.

"Як далёка ты здольны несьці мяне?" – спытаў я Гвайхіра.

"Мноства міляў – адказаў той, – але не да краёў зямлі. Мяне паслалі, каб несьці навіны, а не пакладу".

"Тады мне патрэбна адшукаць таго, хто панясе мяне па зямлі, і панясе надзвычай хутка, бо аніколі раней ня трэба было мне гэтак сьпяшацца".

"Тады я аднясу цябе да Эдорасу, дзе каралюе ў сьветлых залях уладар Рохану, бо Эдорас ня надта далёка".

Тое мяне задаволіла, бо Роханская Ўкрайна – жытло рахірымаў, уладароў найлепшых ва ўсім сусьвеце коней, анідзе болей не нараджаюцца такія скакуны, як на велізарных абшарах паміж Туманнымі й Белымі гарамі.

"Ці можна яшчэ давяраць рахірымам, як ты мяркуеш?" – спытаў я Гвайхіра, бо здрада Сарумана падкасіла мой давер.

"Паводле чутак, яны сплочваюць даніну коньмі, – давёў мне арол, – шлюць мноства іх Мордару штогод. Але пакуль што яны не скарыліся. Аднак калі Саруман, як ты кажаш, здрадзіў, дык іх бяда ўжо не за гарамі. Наўрад ці яны вытрымаюць".

Яшчэ да раніцы ён апусьціў мяне на роханскую зямлю. Але пра далейшае я распавяду коратка, бо й так занадта зацягнуў гутарку. У Рохане я заўважыў прыкметы наяўнага ліха: Саруманава хлусьня пусьціла карані, і кароль не прыслухаўся да маіх папярэджаньняў. Кароль прапанаваў мне выбраць каня, якога пажадаю, ды ехаць прэч, і я выбраў каня сабе даспадобы, што праўда – не даспадобы каралю. Я абраў найлепшага каня ягонай зямлі. Аніколі ня бачыў я падобнага скакуна.

– Тады гэта сапраўды высакароднае стварэньне, – зазначыў Арагорн, – і найгоршай зь зьвестак мне падаецца тая, што Саўрон атрымлівае даніну роханскімі коньмі. Гэта немагчыма было ўявіць, калі я апошні раз наведваў Рохан.

– I цяпер немагчыма, клянуся! – выгукнуў Барамір. – Гэта варожая хлусьня! Я ведаю людзей Рохану, верных і адважных, надзейных, беззаганных нашых паплечнікаў. Яны жывуць на зямлі, якую Гондар здаўна аддаў ім.

– Цень Мордару сягае ўсё далей, – запярэчыў Арагорн. – Саруман падпаў пад яе. Ліха на роханскіх памежжах. Хто ведае, што цяпер ты знойдзеш там, вярнуўшыся?

– Такога, каб яны свае жыцьці аплочвалі коньмі, дакладна не знайду! Коні для іх – амаль радзіна. I нездарма, бо скакуны Рохану з далінаў Поўначы, далёка ад Ценю, і род іхні, як і род іх гаспадароў, паходзіць з вольных часоў сівой даўніны.

– Сапраўды так! – пацьвердзіў Гэндальф. – Сярод іх знайшоў я таго, чыя кроў, напэўна, ад ранішніх дзён нашага сьвету. Пачвары Дзевяцярых яму ня роўня, бо ён нястомны й стрытнейшы за вецер над роўнядзьдзю. Ценяром назвалі яго, бо ўдзень ягоная шкура блішчыць срэбрам, а ўночы – месяцовым ценем, і немагчыма тады заўважыць яго, лёгкага, як подых. Аніколі раней ня ведаў ён вершніка, але я скарыў яго. Так хутка панёс ён мяне, што я сягнуў Шыру, пакуль Фрода яшчэ ішоў праз Скляпеньні. Хоць выехаў я з Рохану, калі Фрода толькі пакінуў Хобіцак.

Але чым бліжэй я рушыў да яго, тым мацнеў мой страх. Бо я вызнаў пра Чорных Вершнікаў і хоць хутка даганяў іх, яны трымаліся наперадзе. Яны падзяліліся: некаторыя засталіся на ўсходнім памежжы, непадалёк ад Травашляху, некаторыя ўварваліся ў Шыр з поўдня. Калі я сягнуў Хобіцку, Фрода ўжо зьнік, але я гутарыў з старым Гэйхадам. Доўга гутарыў, ды амаль без карысьці. Ягоныя думкі цалкам занятыя новымі гаспадарамі Торбы-пад-Стромай ды іх выбрыкамі.

"Гэткія зьмены, – скардзіўся ён, – у мае гады, ды зьмены да горшага. Найгоршыя зьмены".

Паўтараў і паўтараў.

"Найгоршыя – наўрад ці адпаведнае тут слова, – сказаў я яму, – спадзяюся, табе не давядзецца пабачыць сапраўды благія зьмены".

Празь ягоную балбатню я, аднак, зразумеў, што Фрода пакінуў Хобіцак тыдзень таму, а ў самы вечар ягонага сыходу Торбу наведаў Чорны Вершнік. Тады ўжо я перапалохаўся не на жарт. Трапіў у Прыбычча, а там разварушаны мурашнік – гвалт і лямант. Сядзіба ў Цвыркуновай Лагчыне ўзламаная й пустая, а на ганку ляжыць Фродаў плашч. На пэўны час надзея зусім пакінула мяне, і я ня стаў нават зьбіраць зьвестак. А шкада, бо яны супакоілі б. Замест таго я памчаў па сьлядох Вершнікаў. Тое было няпроста, бо яны пятлялі, падзяляліся, вялі туды й сюды, і я разгубіўся. Два ці тры зь іх скіраваліся ў Прыгор'е. Туды кінуўся й я, бо згадаў, што павінен перакінуцца парай словаў з шынкаром.

"Нездарма яго клічуць Масьляком, – думаў я, – ну калі ж гэта празь яго ўвесь гармідар, я зь яго масла выб'ю. Засмажу старога дурня на вугольлі". Напэўна, ён чакаў нечага падобнага, пабачыўшы мяне, таму што плюхнуўся на падлогу й задрыжэў, як студзень.

– Што ваша зрабіў зь ім? – ускрычаў устрывожаны Фрода. – Ён так добра да нас паставіўся, зрабіў усё, што толькі здолеў!

– Не палохайся! – засьмяяўся Гэндальф. – Пагражаць – не лупцаваць, дый запалохаў я хіба што крышачку. Бо гэтак мяне ўзрадавалі ягоныя зьвесткі, што калі ён скончыў выквохтваць словы, я нават і абняў старога небараку. Я й уявіць ня мог, што ты ўсяго дзень таму начаваў у гэтым шынку, а раніцою сышоў з Швэндалам.

"Швэндал!" – выклікнуў я, не стрымаўшыся ад радасьці.

"Так, шаноўны пане, так, – мармытаў Масьляк, палічыўшы, што я разьюшыўся, а ня ўсьцешыўся. – Такі дабраўся Швэндал да іх, і яны зь ім і пацягнуліся, хоць я адгаворваў, і Швэндала таго да іх не пускаў. Яны ўвесь час паводзіліся такімі дзівакамі, бачыце, пане, нават, можна сказаць, свавольнічалі".

"Ну й дурань ты! Галава масьляная! Найдаражэйшы мой, найлюбімейшы Масьляку! – выклікнуў я. – Ды я ня чуў лепшых навінаў зь Ліпак! Гэта ж весткі на залаты талер. Каб тваё піва сем гадоў было найлепшым на сем ваколіцаў! Сёньня я ўпершыню, ня памятаю за колькі часу, пасплю спакойна".

Я асталяваўся ў шынку, раздумваючы, што адбылося зь Вершнікамі. Бо, паводле відочных прыкметаў, Прыгор'е наведалі ўсяго два. Але той самай ноччу загадка разгадалася, бо яшчэ сама менш пяцёра прымчалі з захаду, вышыблі браму й пранесьліся па Прыгор'і, выючы, бы ўраган. Прыгорцы дасюль трасуцца й чакаюць канца сьвету. А я на досьвітку выправіўся сьледам за Вершнікамі.

Дакладна ня ведаю, але мяркую, адбылося вось што: іхні правадыр хаваўся на поўдзень ад Прыгор'я, пакуль два праехалі празь вёску, а чатыры ўварваліся ў Шыр. Пасьля няўдачаў у Прыгор'і й Цвыркуновай Лагчыне яны вярнуліся да ачольцы, пакінуўшы Шлях без нагляду – хіба што віжоўцы іхнія яшчэ вартавалі. Тады правадыр адаслаў некалькі Вершнікаў проста на ўсход, праз глухамань, а сам з астатнімі памчаў па Шляху, разьюшаны й шалёны.

Я ветрам ляцеў да Наветранай стромы, сягнуў яе да ночы другога дня пасьля выезду з Прыгор'я, а яны ўжо былі там. Адразу адступілі перад мною, бо адчувалі маю злосьць і не наважыліся напасьці, пакуль сонца было ў нябёсах. Дачакаліся ночы, і мне давялося трымаць асаду на вяршыні, у кольцы руінаў Аман Сулу. Давялося парупіцца. Напэўна, столькі бляску й полымя на Наветранай ня бачылі з часоў вартавых агнёў даўніх войнаў.

З раніцою я прарваўся з стромы й уцёк на поўнач. Наўрад ці я здолеў бы зрабіць болей. Шукаць цябе, Фрода, у глухамані, падалося безнадзейным, а з Дзевяцьцю за сьпінай, дык і неразумным. Давялося даверыцца Арагорну й спадзявацца на тое, што заваблю колькі Вершнікаў да сябе, прымушу перасьледаваць мяне, а ня вас. А там дабяруся да Долага Яру раней і вышлю дапамогу насустрач вам. Сапраўды, чатыры Вершнікі пагналіся за мной, але неўзабаве павярнулі да броду. Тое дапамагло крышачку, бо на Наветранай вас атакавалі толькі пяцёра.

Долага Яру я сягнуў доўгім цяжкім шляхам празь вярхоўі Бруйнену й Тролевыя логі, спусьціўся да яго з поўначы. Адлічваючы з Наветранай, на тое спатрэбілася амаль чатырнаццаць дзён, бо я ня мог ехаць верхам паўз камяні трольскіх прыгор'яў. Я адаслаў Ценяра на радзіму да былых гаспадароў. Аднак паміж намі ўзрасло вялікае сяброўства, і калі мне спатрэбіцца, ён адгукнецца на мой покліч і прыскача. Гэтак атрымалася, што я прыбыў у Долы Яр за тры дні да пярсьцёнка, калі навіны пра здарэньні вакол яго ўжо былі тут, і на іх, на шчасьце, пасьпелі адрэагаваць.

Вось, Фрода, і заканчэньне маёй гісторыі. Няхай Эльранд і астатнія даруюць мне даўжыню расповеду. Ніколі раней не здаралася, каб Гэндальф парушыў дамову й не зьявіўся, калі абяцаў. Ахоўнік Пярсьцёнка меў права ведаць, чаму так адбылося.

Ну, цяпер усё сказана, ад пачатку да канца. Мы ўсе тут, і пярсьцёнак таксама. Адылі мы ні на крок не наблізіліся да нашай мэты, да вырашэньня. Што нам рабіць зь ім?

Павісла доўгая цішыня. Яе парушыў Эльранд.

– Навіны пра Сарумана – найжурботнейшыя. Мы давяралі яму, ён ведае да дробязяў нашыя пляны. Небясьпечна далёка паглыбляцца ў вывучэньне майстэрства й звычак Ворага, дзеля ліха або дабра, бо яны пераходзяць на дасьледніка. Раней гэткія здрады, на жаль, здараліся ня раз. З усіх жа сёньняшніх расповедаў гісторыя Фрода – найдзівосьнейшая для мяне. Я амаль ня ведаю хобітаў, апрача Більба, і цяпер мне падаецца, што ён мо не такое ўжо выключэньне, як я лічыў. Сусьвет значна зьмяніўся ад тых дзён, калі я апошні раз вандраваў па шляхох Захаду.

Мерцьвякоў Скляпеньня мы ведаем пад мноствам імёнаў, і безьліч расповедаў ёсьць пра Старую пушчу – апошнюю рэшту вялікіх лясоў поўначы. Быў час, калі вавёрка магла праскакаць з дрэва на дрэва, не апускаючыся на зямлю, ад сёньняшняга Шыру да Дунлянду на захад ад Ізенградку. У тых землях я вандраваў калісьці й бачыў шмат рэчаў дзікіх і незвычайных. Але я амаль забыўся на Бамбадзіла – калі ён і на самай справе той, хто ў спракаветную даўніну бадзяжыў па лясох і пагорках, і ўжо тады быў старэйшы за старых. Тады яго называлі ня так. Мы клікалі яго Ярвэн Бэн-адар – бязбацькавы, найстарэйшы. З той часіны іншыя далі яму шмат імёнаў. Гномы назвалі яго Форнам, людзі поўначы – Оральдам. Ён – незвычайная асоба. Мажліва, мне варта было запрасіць яго на Раду.

– Ён не прыйшоў бы, – зазначыў Гэндальф.

– Ці можна выслаць да яго пасыльных і папрасіць дапамогі? – спытаў Эрэстар. – Падаецца, ён мае моц нават над пярсьцёнкам?

– Не, я так не казаў бы, – паправіў яго Гэндальф. – Хутчэй, гэта пярсьцёнак ня мае моцы над ім. Бамбадзіл – сам сабе гаспадар. Але ўплываць на пярсьцёнак ён ня здольны й ня здольны парушыць пярсьцёнкаву ўладу над астатнімі. Цяпер Бамбадзіл зачыніўся ў межах невялічкага кавалку зямлі, межах, бачных толькі яму. Можа, ён чакае, пакуль надыдзе ягоны час. А пакуль – за гэтыя межы ён ня крочыць.

– Аднак у ягоных межах аніхто яму ня роўня, – сказаў Эрэстар. – Ці ўзяўся б ён вартаваць пярсьцёнак, заўжды ахоўваць ад астатняга сьвету?

– Не, – адмовіў Гэндальф. – З уласнай волі – не. Можа, ён згадзіўся б, каб усе вольныя народы сьвету прасілі яго. Але ж наўрад ці ён зразумее навошта. А калі яму й аддалі б пярсьцёнак, верагодна, ён неўзабаве забыўся б на яго ці ўвогуле выкінуў. Пярсьцёнак – рэч не ягонага сьвету, не ягонага клопату. Цяжка знайсьці больш ненадзейнага й нядбайнага вартаўніка – і тое адно ўжо дастатковы адказ.

– У любым выпадку, – дадаў Гларфіндэль, – адаслаць пярсьцёнак да яго – толькі адцягнуць непазьбежнае. Жытло Бамбадзіла далёка адсюль. Цяпер мы ня здолеем пранесьці пярсьцёнак да яго незаўважаным, непрыкмечаным варожымі паслугачамі. А калі й здолеем – раней ці пазьней Уладар Пярсьцёнкаў вызнае пра схованку Адзінага й усёй сілай абрынецца на яго. Ці вытрымае такую моц Бамбадзіл? Мяркую, не. Мяркую: урэшце, калі загіне ўсё астатняе, паддасца й ён. Сыдзе апошнім – як прыйшоў першым. I тады настане Ноч.

– Я няшмат ведаю пра Ярвэна, апрача імя, – вымавіў Гальдар, – але Гларфіндэль, на мой погляд, мае рацыю. Моц зрынуць ворага ня ў ім, калі толькі тая моц існуе на зямлі. Мы бачылі, Саўрон здольны катаваць і зьнішчаць нават горы. Сілы супрацьстаяць яму яшчэ засталіся тут, у Імладрысе, ды ў Кірдана ў Завані, ды ў Лорыйне. Ці вытрымаюць яны націск Ворага, выстаяць, калі, падмяўшы астатніх, перад імі паўстане сам Саўрон?

– У мяне ня хопіць моцы, – сказаў Эльранд. – У астатніх таксама.

– У такім разе, калі ўжо пярсьцёнак немагчыма абараніць сілай, – працягнуў Гларфіндэль, – застаецца толькі два выйсьці: паспрабаваць ці адаслаць яго за мора, ці зьнішчыць.

– Гэндальф давёў нам, што аніякімі нашымі сродкамі мы пярсьцёнак ня зьнішчым, – вымавіў Эльранд. – А тыя, хто жыве ў Замор'і, ня прымуць яго. Бо ён, на дабро ці на ліха, належыць сьвету Міжзем'я й ня здольны яго пакінуць. Ён скаваны зь лёсам нашага сьвету, і толькі мы, пакуль мы ягоныя жыхары, можам гэты лёс вырашыць.

– Тады, – прапанаваў Гларфіндэль, – кіньма пярсьцёнак у глыбіні мора. Няхай Саруманава хлусьня ўпраўдзіцца. Бо цяпер відавочна: ужо на Радах ён падманваў наш слых на карысьць сабе. Ведаў, што пярсьцёнак не згубіўся назаўсёды, але пабуджаў нас гэтак лічыць. Ён ужо тады прагнуў завалодаць ім. Тым ня менш часьцяком хлусьня хавае ісьціну: у моры пярсьцёнак супакоіцца ў бясьпецы.

– Але не назаўжды, – запярэчыў Гэндальф. – Шмат пачвараў жыве ў глыбінях. З часам зьмяняюцца й мора, і зямля. А нам тут неабходна вымеркаваць і вырашыць будучыню не на месяц наперад, не на час некалькіх людзкіх пакаленьняў ці нават на сыходную эпоху нашага сусьвету. Мы павінны скончыць з пагрозай раз і назаўсёды, нават калі надзеі на зьдзяйсьненьне таго амаль няма.

– I яшчэ меней надзеі на тое зьдзяйсьненьне, калі абраць шлях да мора, – сказаў Гальдар. – Бо калі вяртаньне да Ярвэна падаецца небясьпечным, дык рухацца да мора тым больш. Прадчуваю: Саўрон палічыць, што мы рушым на захад, як толькі даведаецца пра падзеі. А ён даведаецца хутка. Дзевяцёра страцілі скакуноў, але тое часовая затрымка, неўзабаве ім дадуць новых, спрытнейшых. Толькі падточаная моц Гондару не дае Ворагу выправіць войска ўздоўж берагу на поўнач, асадзіць Белыя вежы й Завань і не дазволіць эльфам пакінуць Міжзем'я, агорнутага ценем.

– Тое войска выправіцца ня хутка, – вымавіў Барамір. – Ты кажаш: падточаная моц Гондару. Падточаны ці не, Гондар стаіць, і нават такая моц Ворагу не па зубах.

– Але Гондар не стрымаў Дзевяцярых – яны бесьперашкодна сягнулі Захаду, – заўважыў Гальдар. – Ёсьць і іншыя шляхі, якія не пільнуе Гондар.

– Тады, – прамовіў Эрэстар, – нам сапраўды застаюцца два выйсьці, як і давёў Гларфіндэль, – схаваць пярсьцёнак назаўсёды ці зьнішчыць яго. I абодва па-за нашымі сіламі. Хто разгадае гэтую загадку для нас?

– Аніхто з прысутных, – сказаў Эльранд сувора. – Аніхто ня здольны прадказаць, што атрымаецца, калі мы абярэм той або іншы шлях. Але мне вырашэньне ўяўляецца ясна. Шлях на захад падаецца лягчэйшым. Таму крочыць па ім нельга. За ім назіраюць. Бо эльфы заўжды ўцякаюць да мора. Зараз надышоў час ісьці складаным шляхам, шляхам непрадбачаным. У самае жэрава сьмерці – у Мордар. Пярсьцёнак неабходна зрынуць у полымя.

Зноў павісла цішыня. Нават седзячы ў файнай прыгожай залі, паглядаючы на сонечную даліну пад радасны плёскат струменю, Фрода адчуваў сьмяротны, чорны цяжар на сэрцы. Барамір паварушыўся, і Фрода павярнуўся ў ягоны бок. Ваяр хмурыўся, задумліва мацаючы свой паляўнічы рог. Нарэшце падаў голас.

– Я ніяк не магу зразумець: Саруман, вядома, здраднік, але ж ці ня ёсьць у ягоных меркаваньнях каліва мудрасьці? Чаму вы кажаце адно: схаваць, зьнішчыць? Чаму не палічыць, што Вялікі Пярсьцёнак патрапіў да нас, каб дапамагчы ў час найвялікшай патрэбы? Зь ім вольныя гаспадары вольных народаў, безумоўна, перамогуць Ворага! Мяркую, гэтага баіцца ён болей за ўсё! Людзі Гондару мужныя й годныя, аніколі яны ня схіляцца перад Ворагам, але ягоная моц можа перамагчы нас. Мужнасьці трэба перш за ўсё сіла, а потым ужо зброя. Няхай пярсьцёнак стане нашай зброяй, калі ён сапраўды гэткі магутны, як вы кажаце. Возьмем яго й рушым да перамогі!

– На жаль, не, – прамовіў Эльранд. – Нам немагчыма выкарыстаць Пярсьцёнак Улады. Цяпер мы вельмі дакладна тое ведаем. Ён належыць Саўрону, толькі адному яму. Ён суздрам – увасобленае ліха. Моц ягоная невымерная, сьмяротная, невыносная анікому, апрача тых, хто й без таго валодае вялікай сі лай. Але для іх ён яшчэ небясьпечнейшы, бо нават адна прага валодаць ім зжарэ сэрцы й душы. Узгадай Сарумана. Калі хто-небудзь з мудрых выкарыстае пярсьцёнак, каб скінуць Уладара Мордару ягонымі ж сродкамі, непазьбежна зойме ягоны ж пасад, і ў сусьвеце зьявіцца новы Чорны Ўладар. Гэта яшчэ адна нагода, каб зьнішчыць пярсьцёнак. Пакуль ён існуе ў гэтым сьвеце, ён заўжды небясьпека нават і мудрым. Аніхто ня быў злы ад нараджэньня. Нават Саўрон. Што тычыцца мяне – я не адважуся хаваць пярсьцёнак і заўжды ведаць, дзе ён. I аніколі не скарыстаюся ім.

– Я таксама, – дадаў Гэндальф.

Барамір зірнуў на іх з сумневам, але ўсё ж хіснуў галавою ў знак згоды.

– Няхай будзе так. Тады Гондару трэба разьлічваць толькі на ўласную зброю. Пакуль мудрыя ахоўваюць пярсьцёнак, мы будзем змагацца. Магчыма, меч, што быў зламаны, дапаможа стрымаць навалу, калі рука, якая валодае ім, атрымала ў спадчыну ня толькі даўні скарб-кляйнод, але й даўнюю сілу людзкіх каралёў.

– Хто ведае, – азваўся Арагорн, – але надыдзе дзень – і мы праверым гэта.

– Спадзяюся, неўзабаве, – адказаў Барамір. – Бо хоць я й не прашу дапамогі, яна нам сапраўды патрэбная. Нас узбадзёрыць і абнадзеіць тое, што астатнія таксама змагаюцца ва ўсю сваю моц.

– Ведай, што менавіта гэтак яно й ёсьць, – адгукнуўся Эльранд. – Бо існуе шмат каралеўстваў і валадарстваў, невядомых табе. Андуйн Вялікі цячэ праз мноства земляў да таго, як сягае Арганатаў і Брамы Гондару.

– Аднак лепей было б аб'яднаць сілы ўсіх тых каралеўстваў і валадарстваў, – прамовіў гном Глойн, – ды накіраваць адзінаю рукою. Дый ня толькі іх. Бо ёсьць жа іншыя пярсьцёнкі; і не такой здраднай моцы, прыдатныя ў гадзіну нашай бяды. Сем пярсьцёнкаў мы страцілі, калі, вядома, Балін не адшукаў пярсьцёнак Трора, апошні зь іх. Пра яго мы анічога ня чулі з часоў, калі Трор загінуў у Морыі. Лічу, цяпер я магу прызнацца, што часткова з-за таго пярсьцёнка Балін і выправіўся ў Морыю, спадзеючыся адшукаць яго.

– Балін ня знойдзе пярсьцёнка ў Морыі, – запярэчыў Гэндальф. – Трор аддаў пярсьцёнак свайму сыну Трайну, але Трайн не перадаў пярсьцёнка свайму сыну Торыну. Катаваньнем пярсьцёнак аднялі ў Трайна ў скляпеньнях Дул Гулдуру. Я прыйшоў туды надта позна.

– А-а! – выклікнуў Глойн. – Калі ж надыдзе дзень нашай помсты?! Аднак яшчэ ж ёсьць тры эльфскія кляйнодзікі. Што зь імі? Кажуць, яны таксама вельмі магутныя. Ці ж не валода юць імі эльфскія правадыры? Тыя пярсьцёнкі таксама былі вырабленыя Ворагам у даўніну. Ці ж іх ліха сьпіць? Я бачу ўладароў эльфскіх плямёнаў тут. Што яны скажуць?

Эльфы не адказалі нічога.

– Ці ты ня слухаў мяне? – перапытаў нарэшце Эльранд. – Тры эльфскія пярсьцёнкі зрабіў не Саўрон. Ён нават не крануў іх. Але пра іх распавядаць не дазволена. Толькі гэта я й магу сказаць у гадзіну сумневаў. Тыя пярсьцёнкі не бескарысныя. I магутныя. Але ня як зброя вайны й прымусу – ані ў гэтым іх здольнасьць. Тыя, што стварылі іх, ня прагнулі ні сілы, ні ўлады, ні неабсяжных скарбаў – толькі разуменьня, майстэрства, лекаваньня, захаваньня ўсяго добрага й файнага ад згубы й ценю. I гэтага эльфы Міжзем'я ў пэўнай меры дасягнулі, хоць і напаткалі шмат гора на шляху. Калі Адзіным завалодае Саўрон, усё, створанае ахавальнікамі трох, абрынецца, абернецца ім жа на згубу. Усе іхнія думкі адкрыюцца Саўрону, усе пляны. Гэта ягоная мэта... Лепей было б, калі б тры аніколі не існавалі.

– А што адбудзецца, калі зьнішчыць Адзіны, як вы й раілі? – пацікавіўся Глойн.

– Дакладна невядома, – сумна адказаў Эльранд. – Некаторыя спадзяюцца, што тры пярсьцёнкі, якія Саўрон аніколі не кранаў, тады вызваляцца й іх гаспадары ацэляць раны нашага сусьвету. Але магчыма, з сыходам Адзінага пазбавяцца моцы й астатнія пярсьцёнкі, і мноства рэчаў цудоўных і добрых сыдуць разам зь імі – сыдуць і забудуцца. Так лічу я.

– Аднак усе эльфы згодныя рызыкнуць такімі стратамі, – дадаў Гларфіндэль, – калі толькі моц Саўрона й жах перад ягонай уладай можна зьнішчыць назаўжды.

– Што зноў вяртае нас да зьнішчэньня пярсьцёнка, – падсумаваў Эрэстар, – і не прасоўвае наперад ані на крок. Якімі сіламі сягнем мы полымя, у якім быў скаваны пярсьцёнак? Гэта шлях адчаю. Ці, я сказаў бы, глупства, калі б ня ведаў пра абсяг Эльрандавай мудрасьці.

– Адчай ці глупства? – спытаў Гэндальф. – Адчай хіба толькі для тых, хто ўжо ня мае сумневаў у пагібельным выніку. Мы – маем. Мудрасьць якраз у тым, каб прыняць неабходнае, узважыўшы й абмеркаваўшы астатняе, хоць тым, хто чапляецца за хісткую надзею, мудрасьць і падаецца глупствам. Ну дык няхай глупства стане нашай заслонай, маной перад вачыма Ворага! Бо ён – надзвычай мудры й узважвае рэчы найдакладнейшым чынам паводле свайго вымярэньня. Але ж ягонае вымярэньне – толькі прага моцы ды ўлады. Імі ён вымярае ўсе сэрцы. І таму да яго ня прыйдзе думка, што нехта можа адмовіцца ад улады; маючы пярсьцёнак – намагацца яго зьнішчыць, а ня выкарыстаць. Таму мы здольныя зблытаць усе ягоныя пляны й разьлікі.

– На пэўны час, прынамсі, – дадаў Эльранд. – Гэтым шляхам нам трэба крочыць, хоць ён і надзвычай цяжкі. Ані моц, ані мудрасьць не правядуць нас па ім. Слабыя адужаюць яго, мажліва, хутчэй за моцных. Бо часьцяком так зьдзяйсьняецца тое, што рухае колы нашага сусьвету. Малыя рухаюць іх, выконваючы свой абавязак, пакуль вялікія імкнуцца да ўласных мэтаў.

– Файна, файна, спадарыку Эльрандзе! – ублытаўся раптам Більба. – Болей ня трэба казаць анічога! Ужо відавочна, куды вы кіруеце. Няўклюды хобіт Більба заварыў гэтую кашу, дык лепей яму яе й даесьці ці ёй яго. Мне вельмі ўтульна тут, і кніжка мая пісалася файна. Калі хочаце ведаць, я ўжо й заканчэньне для яе прыдумаў. Меркаваў, скончу так: "I пасьля ўсяго ён жыў шчасьліва да скону сваіх дзён". Добры канец, ня горшы за ранейшы. Цяпер, відавочна, давядзецца крыху зьмяніць, бо ён ужо не адпавядае ісьціне. Дый шчэ колькі частачак дапісаць давядзецца, без сумневаў, калі я дажыву да магчымасьці іх напісаць. Ну які клопат! Калі мне выходзіць?

Барамір зірнуў на Більба зьдзіўлена, але сьмех замер на ягоных вуснах, калі ён пабачыў, што ўсе астатнія глядзяць на старога хобіта зь суворай павагай. Толькі Глойн усьміхнуўся, бо згадаў былое.

– Так, так, даражэнькі мой Більба, – сказаў Гэндальф. – Калі б на самай справе гэтая гісторыя пачалася зь цябе – табе было б і сканчаць яе. Але ж ты ведаеш цяпер; пачаць гісторыю – наўрад ці пад сілу найвялікшым з герояў. Усе яны толькі гуляюць ролі, невялічкі ўласны кавалак на агульнай карціне. Не крыўдуй: мы зразумелі, што за жартам ты прыхаваў сапраўдную мужнасьць. Аднак цяпер несьці яго – па-за тваімі сіламі. Ты ня здолееш зноў прыняць яго. Ён ужо – не тваё бярэмя, ён пакінуў цябе. Калі ты яшчэ хочаш выслухаць мае парады, я скажу: твой удзел у гэтай гісторыі скончыўся. Хіба што ты зробісься яе летапісцам. Сканчай кнігу й пакінь фінал, якім яго выдумаў. На гэта ёсьць надзея. I падрыхтуйся пісаць працяг, калі вернуцца новыя героі.

– Ну ніколі раней ня чуў ад вашці такой прыемнай парады: супакоіцца й пасядзець на месцы! – Більба засьмяяўся. – Усе непрыемныя парады абярнуліся слушнымі. Цікава, ці не абернецца прыемная благой? Так, наўрад ці цяпер у мяне стане сілаў і ўдачы на пярсьцёнак. Ягоная моц узрасла, а я ж толькі старэю. Але скажы мне: каго ты назваў новымі героямі?

– Тых, хто панясе пярсьцёнак.

– Менавіта так! І хто ж яны? Падаецца мне, адно гэтае Рада й павінна вырашыць. Дзеля таго й сабраліся. Эльфы могуць сілкавацца словамі, вядома, і гномская вытрымка знакамітая паўсюль, але я ўсяго толькі стары хобіт, і для мяне прапусьціць другі сьняданак – катастрофа. Ці прыйшлі вам да галоваў імёны тых герояў? Ці вырашацьме пасьля абеду?

Адказу не было. Прабіла поўдзень. Аніхто не парушаў цішыні. Фрода азірнуўся – ніхто не глядзеў на яго. Уся Рада сядзела, апусьціўшы галовы, занураная ў глыбокі роздум. Цяжкі жах лёг на Фродава сэрца – быццам ён чакаў абвяшчэньня жорсткага прысуду, пра які даўно ведаў, але спадзяваўся, адчайна, манячы сабе самому, яго пазьбегнуць. Толькі б застацца ў Долым Яры, побач зь Більба, у спакоі ды ўтульнасьці. Нарэшце Фрода загаварыў – і зьдзівіўся, пачуўшы свой голас. Нібыта нехта іншы выцягваў сілаю ледзь чутныя слабыя словы.

– Я панясу пярсьцёнак. Толькі я ня ведаю шляхоў у Мордар.

Эльранд падняў галаву, і Фрода адчуў, як ягоны позірк працяў наскрозь ягонае сэрца.

– Калі я зразумеў дакладна тое, што пачуў тут, менавіта табе прызначанае гэтае зьдзяйсьненьне. Калі ня здолееш ты – ня здолее ніхто. Надышоў час шырскага народу паўстаць ад сваіх мірных палеткаў ды крочыць наперад у вежы мудрых і на рады вялікіх. Хто з мудрых прадбачыў такое? Ці хоць яны й мудрыя, як магла прыйсьці да іх такая думка, пакуль не надышоў прызначаны час?

– Ты бярэш на сябе цяжкое бярэмя. Такое цяжкое, што аніхто ня мае права ўзваліць яго на цябе. Я таксама ня маю такога права. Аднак калі ты з уласнай волі бярэсься за яго, скажу так: ты вырашыў слушна. I калі б усе героі й сябры эльфаў даўніны Хадар, Хурын і Турын, і нават сам Бэрэн сабраліся б тут, тваё месца справядліва было б сярод іх.

– Але ж вы ня выправіце яго аднога, праўда, спадару Эльрандзе?! – выкрыкнуў Сэм, няздольны болей трываць, і выскачыў з кута, дзе ўвесь час ціхенька сядзеў на падлозе.

– Вядома, не! – гукнуў Эльранд, з усьмешкай павярнуўшыся да Сэма. – Ты дакладна пойдзеш зь ім разам. Наўрад ці магчыма разлучыць вас, калі ён атрымаў запрашэньне на таемную Раду, а ты – не.

Сэм сеў на месца, чырванеючы й мармычучы пад нос.

– Ну, у гэткае ўзварава ўляпалі вы нас, спадарыку Фрода! – вымавіў, хістаючы галавою.


3. Пярсьцёнак выпраўляецца на поўдзень


Тым самым днём хобіты зладзілі ўласную раду, сабраўшыся ў Більбавым пакоі. Мэры й Піпін сьмяротна пакрыўдзіліся, калі пачулі, што Сэм употайкі пралез на Раду Эльранда й быў абраны спадарожнікам Фрода.

– Дзе ж тут справядлівасьць? – абураўся Піпін. – Заміж каб выкінуць яго з залі за нахабства – ды ў кайданы, Эльранд вось так запроста яго ўзнагароджвае!

– Узнагароджвае? – зьдзівіўся Фрода. – Ды я не магу ўявіць сабе горшага пакараньня! Ты зусім ня думаеш, што гаворыш. Называеш безнадзейную пагібельную выправу ўзнагародай? Яшчэ ўчора я марыў, каб усе мае турботы скончыліся тутака, каб я мог адпачыць у Гасьцінным Прытулку, а мо й увогуле застацца.

– Ну, гэта мяне ня дзівіць, – зазначыў Мэры. – Гэта было б файна. Але мы зайздросьцім не табе, а Сэму. Калі ўжо табе прызначана йсьці, значыць кожнаму з нас пакараньне – застацца, няхай і ў Долым Яры. Мы шмат прайшлі поплеч з табою, шмат чаго зьведалі. Мы хочам ісьці разам і далей.

– Тое й я меў на ўвеце, – дадаў Піпін. – Нам, хобітам, трэба

трымацца разам – і мы будзем. Я пайду ў любым выпадку, хіба што мяне пасадзяць на ланцуг. Трэба ж некаму разумнаму быць у вашай кампаніі.

– Гэтая роля дакладна не для цябе, Перыгрын Хват! – заўважыў Гэндальф, зазіраючы ў нізкае вакно звонку. – Вы дарма турбуецеся. Анічога яшчэ ня вырашана.

– Анічога яшчэ ня вырашана!? – заекатаў Піпін. – Дык чым вы ўсе займаліся? Вы суцэльныя гадзіны праседзелі там зачыніўшыся!

– Мы галоўным чынам распавядалі, – давёў Більба. – Нямала навінаў абвесьцілі, і для кожнага знайшлося нешта, каб ад зьдзіўленьня вочы вырачыць. Нават для старыны Гэндальфа. Мяркую, Ляголасавы навіны пра Глыксавы ўцёкі былі яму неспадзеўкай, хоць ён ня выказаў.

– Памыляесься, – запярэчыў Гэндальф. – Ты слухаў няўважліва. Я ўжо чуў гэта ад Гвайхіра. Калі хочаш, па-сапраўднаму вочы вырачыўшы, як ты меў ласку зазначыць, сядзелі толькі вы з Фрода. А я, адзіны з усіх, не пачуў анічога новага.

– Ну, так ці інакш, – сказаў Більба, – анічога ня вырашылі, апроч як прызначылі небаракаў Фрода з Сэмам. Я ўвесь час баяўся, што так станецца, калі не абяруць мяне. Мяркую, Эльранд дачакаецца зьвестак пра вакольны сьвет ад выведнікаў, а тады далучыць каго-кольвек да Фрода, ці ня так? Дарэчы, ці выслалі ўжо вывед?

– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – Некаторыя выправіліся. Астатнія выедуць раніцою. Эльранд даслаў сваіх эльфаў, тыя сустрэнуцца зь сьледапытамі, магчыма, зь ліхалескімі эльфамі таксама. Арагорн рушыў з Эльрандавымі сынамі. Трэба ж праверыць краі на шмат міляў вакол перад тым, як ісьці зь пярсьцёнкам. Таму, Фрода, ня вешай носу – табе яшчэ доўга спаць пад гэтым дахам.

– Вох, – паныла ўздыхнуў Сэм, – вось так і зімы дачакаемся.

– Ну, тут анічога ня зробіш, – суцешыў Більба, – не без тваёй віны, Фрода, хлопчык мой. Ты ж чакаў маіх народзінаў. Дзіўнюткі манер ушанаваць іх ты знайшоў, даражэнькі. Наўрад я абраў бы менавіта гэты дзень, каб аддаваць Кескам Торбу-пад-Стромай. А цяпер: да вясны адцягваць нельга й нельга выпраўляцца без навінаў.

Калі зіма пачне кусаць,

Каменьнем па начах трашчаць,

Ільдом чарнець, гальлё галіць –

Ліхая справа вандраваць.

– Баюся, менавіта так вам і выпадзе.

– Баюся, тут ты маеш рацыю, – пагадзіўся Гэндальф. – Нам нельга рушыць, пакуль невядома, дзе Вершнікі.

– Я думаў, яны ўсе загінулі ў Бруйнене, – сказаў Мэры.

– Прывідаў пярсьцёнка гэтак проста ня зьнішчыць. Яны магутныя моцай свайго гаспадара. Пакуль стаіць ён – вытрымаюць і яны. Спадзяемся, што яны цяпер пазбаўленыя коней ды магчымасьці маскавацца пад жывых і таму меней небясьпечныя. Але тое трэба пацьвердзіць. А датуль забудзься на клопаты й беды, Фрода. Ня ведаю, чым табе дапамагчы, але хоць шапну на вуха сёе-тое: хтось казаў што некаму разумнаму трэба быць у вашай кампаніі. Ён меў рацыю. Спадзяюся, я выпраўлюся з вамі.

Фрода гэтак узрадаваўся, што Гэндальф нават зьлез з прываконьня, дзе сядзеў, зьняў капялюш і пакланіўся. I дадаў:

– Я сказаў – спадзяюся. Тое шчэ ня вырашана конча. Шмат заважыць апошняе слова Эльранда ды вашага сябра Швэндала. Што й нагадвае мне пра неабходнасьць тэрмінова пабачыць гаспадара. Трэба йсьці.

– Як лічыш, колькі часу ў мяне засталося тут? – спытаў Фрода ў Більба, калі Гэндальф сышоў.

– Вох, ня ведаю. У Долым Яры дні ня лічацца. Нямала, я мяркую. Хопіць на шмат добрых бяседаў. Як наконт дапамагчы мне з кнігаю ды з пачаткам наступнай, га? Ці думаў ты ўжо пра яе заканчэньне?

– Так, нават пра некалькі – адно чарнейшае за другое.

– Ну, гэтак ня пойдзе! – усклікнуў Більба. – Кнігі павінны сканчацца добра. Як наконт: "Тады яны, нарэшце, зажылі ў спакоі ды шчасьці да скону сваіх дзён"?

– Файны канец, калі б толькі да яго дайшло.

– Але, – дадаў Сэм. – Толькі дзе яны жывуць у тым шчасьлівым спакоі – вось што мне цікава.


Пэўны час хобіты размаўлялі, узгадвалі былую вандроўку й разважалі пра небясьпекі наперадзе, але ж у Долым Яры немагчыма доўга турбавацца ці непакоіцца. Нават блізкая й відочная будучыня, добрая ці ліхая, тут ня мела ўлады над сучаснасьцю, не азмрачала яе. Кожны дзень дадаваў моцы целу й надзеям, і хобіты проста віталі кожны ранак, не задумваючыся, шчыра радуючыся кожнаму пад'едку, кожнаму слову й песьні.

Гэтак струменілі й сьцякалі дзень за днём, і кожная раніца сьвяціла зырка й чыста, і кожны вечар быў прахалодны й ясны. Але восень памірала: залатое сьвятло паволі цьмянела, вытанчылася да бляклага срэбра, і апошнія лісты пакінулі гальлё. Узьняўся халодны вецер з усходу, ад Туманных гор. Выкруглілася, высьвецілася ў начных нябёсах Паляўнічая Поўня, захіляючы зоры. Толькі нізка на поўдні самотная зорка зьзяла барваю. Штоночы месяц выцьвітаў, а яна зырчэла. Фрода бачыў яе за сваім акном – быццам палымянае вока нябеснага вартавога, што цікуе па-над дрэвамі з-за краю даліны.


Амаль два месяцы пражылі хобіты пад Эльрандавым дахам. Лістапад зьнёс з сабою апошнія прыкметы восені й сьнежань ужо састарэў, калі нарэшце вярнуліся выведнікі. Некаторыя – з поўначы, сягнуўшы праз Тролевы Логі нават за вытокі Шэрані, некаторыя – з усходу, абшукаўшы з дапамогаю Арагорна й сьледапытаў краі далёка за Шэраводзьдзем, ажно да Тарбаду, дзе стары Паўночны Шлях перасякаў раку побач з разбураным горадам. Шмат выведнікаў пабывала на ўсходзе й поўдні, некаторыя перабраліся праз горы й сягнулі Ліхалесься, іншыя прайшлі перавалам да вытокаў Квяты, спусьціліся праз глухамань ды Квятныя Панізьзі, дабраліся да былога жытла Радагаста ў Разгабэлі. Радагаста там не знайшлі й вярнуліся празь перавал Дымрыльская Лесьвіца, высокі й небясьпечны. Апошнімі з найдаўжэйшай вандроўкі вярнуліся Эльрандавы сыны, Эладар і Эльрохір. Яны спускаліся па Срабрынцы ў запаветныя краі Лорыйну, але свае зьвесткі давялі адному Эльранду.

Анідзе пасланцы не знайшлі аніякіх прыкметаў ці вестак пра Чорных Вершнікаў ці пра іншых варожых паслугачоў. Нават арлы Паўночных гор навінаў ня мелі. Пра Глыкса таксама анічога. Але ваўкі зноў зьбіраліся ў зграі й заходзілі, палюючы, далёка ўверх па Андуйне. Целы трох чорных коней знайшлі ля Бруйненскага броду, ніжэй на камянёх цясьнінаў ляжалі яшчэ пяць, а таксама доўгі чорны плашч, разадраны й працяты. Саміх Вершнікаў нават і прысутнасьці не адчувалася – напэўна, яны ўвогуле пакінулі Поўнач.

– Ну, восем зь дзевяці – нядрэнна, – зазначыў Гэндальф. – Вядома, ня трэба сьпяшацца з высновамі, але мне думаецца: добры шанец, што назгулаў параскідала дый пазбавіла моцы, і таму яны сьпяшаюцца да гаспадара ў Мордар, бесьцялесныя й пустыя. Калі так, у нас яшчэ ёсьць час, пакуль яны зноў выйдуць на паляваньне. Вядома, яны не адзіныя паслугачы ў Ворага, але астатнім трэба сягнуць Долага Яру, каб патрапіць на наш сьлед. А мы ўжо паклапоцімся, каб ён нялёгка знаходзіўся. Усё, болей нам затрымлівацца нельга.

Эльранд выклікаў хобітаў да сябе. Важка паглядзеў на Фрода.

– Час надышоў. Калі пярсьцёнку трэба выпраўляцца на поўдзень – дык зараз жа. Але тыя, што панясуць яго, не павінны разьлічваць на падтрымку войскам. Толькі ўласнымі сіламі яны здолеюць сягнуць валоданьняў Ворага. Ці не перамяніў ты свайго вырашэньня, Фрода, ці згодны быць Ахоўнікам Пярсьцёнка?

– Так, – адказаў Фрода. – Я пайду разам з Сэмам.

– Я ня здолею істотна дапамагчы табе, нават парадай, – працягваў Эльранд. – Мне амаль нябачны твой шлях. Як лепей зьдзейсьніць табе тваё прызначэньне, я ня ведаю. Цень дапоўз ужо да ўзножжаў Туманных гор, сягнуў нават Шэраводзьдзя, а за ім для мяне ўсё цьмяна. Цябе сустрэне мноства ворагаў, яўных ці стоеных, але ты, мажліва, напаткаеш сяброў, нават калі меней за ўсё чакаеш гэтага. Я адашлю лісты й папярэджаньні ўсім, каго ведаю й на каго магу разьлічваць. Папрашу, каб табе дапамагалі. Але цяпер вандраваць так небясьпечна й ненадзейна, што наўрад ці ўсе лісты патрапяць да сваіх адрасатаў, а мажліва, і патрапяць – яшчэ пазьней за цябе.

Таксама я абяру табе спадарожнікаў, каб суправаджалі цябе, колькі здолеюць ці колькі захочуць. Няшмат, бо ваш шанец – у хуткасьці й таемнасьці. Нават харугва эльфаў у бронях Даўніх дзён тут не дапамагла б, хіба толькі прывабіла б да сябе ўсю мордарскую навалу.

Ахоўнікаў Пярсьцёнка павінна быць дзевяць – дзевяцёра вартавых супраць дзевяці ліхіх паляўнічых Ворага. З табою й тваім верным слугой выправіцца Гэндальф. Гэта стане яго найвялікшай дзеяй – мо празь яе й выканае ён сваё прызначэньне ў нашым сусьвеце.

Астатнія прадставяць розныя вольныя плямёны сьвету: эльфаў, гномаў і людзей. Ляголас выклікаўся ісьці за эльфаў, Гімлі, сын Глойна, – за гномаў. Яны згадзіліся суправаджаць вас да перавалаў, а мо й далей. Зь людзей з вамі пойдзе Арагорн, сын Араторна, бо лёс Ісільдарава пярсьцёнка непасрэдна кранае яго.

– Швэндал! – выклікнуў Фрода.

– Так, – пацьвердзіў той з усьмешкай. – Я зноў прашу дазволу суправаджаць цябе, Фрода.

– Я й сам выпрошваў бы тваёй згоды, калі б не лічыў, што ты рушыш з Барамірам у Мінас Тырыт.

– Менавіта так. Зламаны меч скуюць наноў, і я выпраўлюся на вайну. Але мой шлях супадае з тваім цягам многіх сотняў вёрстаў. Таму й Барамір таксама пойдзе з намі – ён мужны й адважны чалавек.

– Застаюцца яшчэ двое, – заключыў Эльранд. – Сярод маіх сваякоў, напэўна, знойдуцца вартыя выправіцца з вамі.

– Але тады не застанецца месца для нас! – адчайна ўскрычаў Піпін. – Нам зусім не карціць застацца! Мы жадаем ісьці разам з Фрода!

– Гэта таму, што вы не разумееце й не ўяўляеце, што вас чакае, – папярэдзіў Эльранд.

– Фрода таксама не ўяўляе, – нечакана падтрымаў Піпіна Гэндальф. – Аніводны з нас не ўяўляе гэта ясна. Калі хобіты ясна бачылі б небясьпеку, напэўна, не адважыліся б ісьці. Аднак ісьці хацелі, хацелі адважыцца – і засталіся б з сорамам і горыччу. Мяркую, лепей даверыцца іх сяброўству, чым вялікай мудрасьці й моцы. Нават калі ты абярэш нам наймагутнейшага з правадыроў, кшталту Гларфіндэля, ён ня здолее пабурыць Цёмную вежу ці сілаю прабіць шлях да Вогненнай гары.

– Твае словы важкія, – прамовіў Эльранд, – але я яшчэ сумняюся. Бо прадбачу: зло ўжо крочыць у Шыр. Двох хобітаў я меркаваў паслаць вестунамі, каб яны адпаведна з звычаямі сваёй краіны папярэдзілі пра небясьпеку й зрабілі супраць яе, што здолелі б. Ва ўсялякім выпадку я супраць таго, каб малодшы зь іх, Перыгрын Хват, пайшоў з Фрода. Мне падаецца, лепей яму застацца.

– Тады, спадару Эльрандзе, вам лепей замкнуць мяне ў вязьніцы ці выправіць дахаты, завязаўшы ў куль, – сказаў Піпін. – Бо я пабягу сьледам за імі.

– Тады хай будзе так, – падсумаваў Эльранд, уздыхнуўшы. – Цяпер усе дзевяцёра – сябры Зьвязу Пярсьцёнка – абраныя. Праз сем дзён яны павінны выходзіць.

Эльфскія кавалі перакавалі меч Элендыля, выбілі на клінку сем зораў паміж маладзіком і прамяністым сонцам і мноства рунаў, бо Арагорн, сын Араторна, выпраўляўся на вайну з Мордарам. Так зырка зьзяў адноўлены меч! Сонца люстравалася ў ім чырваньню, сьвятло месяца блішчэла лёдам, найвастрэйшым, найцьвярдзейшым было ягонае лязо. Арагорн даў яму новае імя – Андарыль, Полымя Захаду.

Арагорн і Гэндальф часьцяком шпацыравалі разам ці сядзелі, абмяркоўваючы шлях ды верагодныя небясьпекі, вывучалі паданьні й летапісы, разглядалі мапы, якія захоўваліся ў Эльрандавай сядзібе. Раз-пораз Фрода чытаў разам зь імі, але нячаста, бо лічыў, што лепей пакінуць усё ачольніцтва ім, а самому як мага болей часу прабавіць зь Більба.

У апошнія дні хобіты амаль кожны вечар сядзелі ў залі Агменю, слухаючы паміж мноствам іншых паданьняў цалкам распаведзеную песьню пра Бэрэна і Люціень ды вяртаньне Сільмарыля. Удзень жа, калі Мэры зь Піпінам бадзяліся па навакольлі, Фрода з Сэмам заставаліся ў маленькім пакойчыку старога хобіта. Там Більба зачытваў урыўкі з кнігі (якая яшчэ падавалася вельмі няпоўнай), строфы вершаў ці рабіў запісы Фродавай вандроўкі да Долага Яру.

Раніцою апошняга дня Фрода застаўся сам-насам зь Більба, і стары выцягнуў з-пад свайго ложка драўляную скрыню. Адкінуў вечка, пакапаўся ў рэчах.

– Вось, – сказаў, выцягваючы, – твой стары меч. Але ж ён зламаны, ты ведаеш. Я ўзяў захаваць яго дый забыўся папрасіць кавалёў перакаваць. Цяпер ужо й часу няма. Таму мне й падумалася: можа, ты возьмеш гэты меч, ці не?

Ён выняў з скрыні маленькі корд у старых, падрапаных скураных похвах. Высунуў яго – і гладкае, файна дагледжанае лязо ўзбліснула халодна й зырка.

– Гэта Джала, – патлумачыў Більба й амаль бяз высілку загнаў корд глыбока ў драўляную бэльку. – Бяры, калі хочаш. Мне ён ужо наўрад ці спратрэбіцца.

Фрода прыняў корд з удзячнасьцю.

– А таксама й гэта! – выгукнуў Більба, выцягваючы скрутак, відочна, даволі цяжкі для сваіх памераў. Раскруціў старую тканіну, разгарнуў і паказаў Фрода невялікую кальчужную кашулю. Яна была скаваная з мноства маленечкіх, шчыльна пераплеценых кольцаў, мяккая, бы прасьцінка, але ж халодная, як лёд, і цьвярдзейшая за сталь. Яна блішчэла месяцовым срэбрам і была аздобленая белымі каменьчыкамі. Да яе дадаваўся й пасок з крышталю й пэрлінак.

– Прыгожа, праўда? – Більба падсунуў кашульку да сьвятла. – I карысна. Той самы гномскі падарунак. Торын даў мне. Я перад сыходам забраў яе зь Міхальскага Выкапу дый узяў з сабою. Я ўсе сувэніры з той вандроўкі прыхапіў, апрача пярсьцёнка. Ну, яна мне цяпер таксама наўрад ці спатрэбіцца, хіба што зірнуць калі-нікалі дзеля ўспамінаў. Калі апранеш яе, нават і цяжару аніякага не адчуеш.

– Я ў ёй буду выглядаць... ну, папраўдзе кажучы, крыху дзіўнавата.

– I я так казаў пра сябе. Але ж ты не пра выгляд клапаціся. Насі яе пад вопраткаю. Ну, бяры! Не пашкадуеш. I нікому не кажы. Няхай гэта будзе наш з табою сакрэт. Я лепей сябе адчую, ведаючы, што ты яе носіш. Мяркую, хлопчык мой, нават лёзы Чорных Вершнікаў яе не пратнуць, – дадаў ён шэптам.

– Добра, я вазьму яе, – згадзіўся Фрода.

Тады Більба дапамог яму апрануць кальчужку й прычапіў да бліскучага паса Джала. Пасьля Фрода насунуў звычайную кашулю, нацягнуў нагавіцы, апрануў куртку.

– Ну хобіт хобітам, – сказаў Більба задаволена. – Але цяпер у табе крыху болей, чым падаецца зь першага позірку. Трымайся, хлопча!

Адвярнуўся ў вакно й нават пачаў нешта напяваць пад нос.

– Я нават і ня ведаю, як падзякаваць табе, Більба, за ўсю тваю дабрыню, – пачаў быў Фрода.

– Нат і не пачынай! – адгукнуўся стары, павярнуўся ды па-сяброўску пляснуў пляменьніка па сьпіне. Дый вохнуў: – Цяпер паспрабуй цябе плясьні! Ну, чаго там падзякі выдумляць? Хобіты мусяць падтрымліваць адзін аднаго, а асабліва ж Торбінсы. Я толькі аднога прашу: пільнуй сябе, беражыся ды вяртайся з усімі навінамі, якія толькі здолееш сабраць, дый запамінай старыя песьні й паданьні, што толькі пачуеш. А я паспрабую скончыць кнігу да твайго вяртаньня. Я так хацеў бы напісаць яшчэ адну, калі атрымаецца.

Ён змоўк раптоўна ды зноў адвярнуўся ў вакно, штосьці напяваючы:

Агмень і спомін даўніх дзён

мае сагрэюць сны

пра птушак сьпеў і кропляў звон,

пра леты даўніны.

Пра жаўталісьце над ракой

на восеньскіх вятрах,

туман срабрысты раніцой

і срэбра ў валасах.

Агмень і спомін даўніх дзён

мае ажывяць сны,

калі зімовы прыйдзе кон,

каб мне ня даць вясны.

А колькі цудаў гэты сьвет

адкрыць мне не пасьпеў!

У кожным лузе кожны квет

па-свойму заквітнеў.

Агмень і спомін даўніны

мне выявяць у сьне

тых, хто пабачыць сьвет вясны,

ужо нязнанай мне.

Але й зімовым бляклым днём

заўжды між зыбкіх сноў

пачуць чакаю за вакном

я галасы сяброў.

Выпраўляліся халодным шэрым днём напрыканцы сьнежня. Усходні вецер шамацеў голым гальлём, варушыў лапы змрочных соснаў на схілах. Над галавою, цьмяныя й нізкія, беглі падраныя хмары. Калі цені раньняга надвячорку пачарнелі, кампанія падрыхтавалася. Сыходзілі з змрокам, бо Эльранд параіў перасоўвацца па начох, калі толькі здолеюць, пакуль не аддаляцца ад Долага Яру.

– Сьцеражыцеся, у Саўрона шмат вачэй, – папярэдзіў ён. – Не сумняюся, зьвесткі пра паразу Вершнікаў ужо атрыманыя. Цяпер ён у шаленстве. Неўзабаве й крылатыя, і бяскрылыя ягоныя выведнікі зашнараць па ўсіх паўночных землях. Нават і нябёсаў цяпер вам трэба сьцерагчыся.

Вандроўнікі прыхапілі няшмат зброі, бо закладам посьпеху была таемнасьць, а не ваяўнічая моц. Арагорн узяў толькі Андарыль, а апрануўся ў сваю звычайную вопратку сьледапыта, у бура-зялёнае ды цёмна-рудое. У Бараміра быў свой меч, падобны вырабам да Андарыля, але не такі старажытны й знакаміты, таксама тарча ды вайсковы рог.

– Гучна й ясна пяе ён па далінах і ўзгорках, – прамовіў Барамір, – і няхай уцякаюць усе ворагі Гондару!

Прыклаўшы да вуснаў, ён выдзьмуў магутны роў, і рэха паскакала ад скалы да скалы. Усе, хто пачуў гэты гук у Долым Яры, паўскоквалі.

– Не сьпяшайся паўтараць, Барамір, – папярэдзіў Эльранд, – пакуль ты не на ўзьмежжы ўласнай краіны ці табе не пагражае бяда.

– Мажліва, так і будзе, – адказаў Барамір. – Але заўсёды даваў я голас майму рогу, калі мы рушылі на вайну. Хоць нам і давядзецца прабірацца пад покрывам ценяў, але пачынаць паход, як начны злодзей, хаваючыся ў цемры, я ня стану.

Гном Гімлі адзіны з усіх адкрыта апрануўся ў браню – кароткую кашулю з сталёвых кольцаў, бо гномы звычныя да цяжару, а да папругі прычапіў шыракалёзую сякеру. Ляголас узяў лук з стрэламі, а таксама трымаў у похвах на пасе доўгі белы корд. У маладзейшых хобітаў былі корды з скляпеньняў, Фрода меў на пасе Джала, кальчугу ж, як і раіў Більба, схаваў пад апраткай. Гэндальф прыхапіў свой кій ды на тальмаху эльфскі меч Гламдрынг, брат Оркрыста, які цяпер спачываў на грудзёх Торына пад Самотнай гарой.

Усіх Эльранд забясьпечыў тоўстай цёплай вопраткай, курткамі й плашчамі, падбітымі футрай. Еміну, запасное адзеньне, коўдры ды іншыя прыпасы пагрузілі на поні – таго самага небараку, набытага ў Прыгор'і.

Долаярскае жыцьцё незвычайна на яго паўплывала: Біл (так назваў скацінку Сэм) ажно ільсьніўся ды нібыта памаладзеў, такі стаў гарэзьлівы. Сэм і настояў, каб Біла ўзялі ў вандроўку, сьцьвярджаючы, што той счаўрэе, калі ня пойдзе.

– Жывёліна ўжо амаль размаўляць здольная, – даводзіў хобіт. – І наўчылася б, калі б яшчэ трохі тут засталася. Так на мяне пазірае, ну й спадар Піпін ясьней не сказаў бы: калі ты мяне, Сэме, ня возьмеш, я сам за табою пабягу.

I сапраўды, хоць Біл цягнуў нашмат болей за астатніх вандроўнікаў, адзіны ён з усёй каманды не падаваўся змрочным і сумным.


Разьвіталіся з гаспадарамі й блізкімі ў залі Агменю, а цяпер чакалі вонкі Гэндальфа. Праз адчыненыя дзьверы былі відаць водбліскі полымя, з мноства вокнаў лілося мяккае сьвятло. Більба, загарнуўшыся ў плашч, моўчкі стаяў на ганку побач з Фрода. Арагорн сядзеў апусьціўшы галаву – толькі Эльранд насамрэч ведаў, што значыла для яго гадзіна разьвітаньня. Астатнія выглядалі шэрымі ценьмі ў цемры.

Сэм прыцмокваў побач з поні ды маркотна пазіраў у змрок унізе, дзе рака раўла й бразгатала каменьнем. Аніякага жаданьня вандраваць ён не адчуваў, і нават думаць пра выправу зусім не хацелася.

– Біл, хлопчык мой, – казаў ён поні, – ня трэ табе было ўвязвацца з намі. Патрываў бы тут на выдатным сене да сьвежай травы.

Біл толькі моўчкі махнуў хвастом.

Сэм падцягнуў заплечнік і яшчэ раз заклапочана прыкінуй, ці ўсё патрэбнае запхаў туды. Так, галоўны скарб там: прылады для гатоўкі, а таксама невялічкая скрыначка солі. Заўжды браў яе з сабою й заўжды папаўняў, калі толькі мог. Таксама добры запас люлькавага зельля (усё роўна мала, як ні круці), крэмень з крэсівам, ваўняныя панчохі, бялізна, розныя дробязі, якія забыўся гаспадар, а Сэм прыхапіў, каб урачыста прадэманстраваць у момант, калі яны спатрэбяцца. Усё ўзгадаў ды пералічыў.

– А вяроўка? – прамармытаў раздражнёна. – Вяроўкі няма. Мінулай жа ноччу казаў сабе: Сэм, як наконт кавалачка вяроўкі? Вось яна якраз і спатрэбіцца, калі ўжо ня ўзяў. Ну што паробіш, дзе яе цяпер дастаць?


У гэты момант зьявіліся Гэндальф з Эльрандам. Эльф заклікаў усіх вандроўнікаў да сябе.

– Вось вам маё апошняе слова, – ціха вымавіў Эльранд. – Ахоўнік Пярсьцёнка выпраўляецца да гары Выраку. Адказнасьць за лёс пярсьцёнка – на ім адным. Яму нельга ані выкідаць пярсьцёнак, ані дазволіць яму патрапіць у рукі паслугача Ворага, дый увогуле нельга, каб хто-небудзь кранаў яго, апрача хіба яго спадарожнікаў – сяброў Зьвязу Пярсьцёнка – ці Рады мудрых, дый тое падчас найвялікшай патрэбы. Спадарожнікі Ахоўніка ідуць разам зь ім з уласнай волі й жаданьня, каб дапамагчы яму на шляху. Кожны зь іх можа затрымацца дзе заўгодна, павярнуць назад ці пайсьці сваім шляхам, калі спатрэбіцца. Чым далей вы пойдзеце, тым цяжэй будзе пакінуць Зьвяз. Аднак аніякая клятва не прымушае вас, аніякія абяцаньні ня лучаць вас з Ахоўнікам. Анічога не павінна абцяжарваць вашую ўласную волю, бо вы ня ведаеце яшчэ памеру сваёй рашучасьці й сілаў, і немагчыма прадказаць, якія выпрабаваньні кожны з вас напаткае.

– Трусам завецца той, хто пакідае сяброў у чорны час, – вымавіў гном Гімлі.

– Мажліва, – сказаў Эльранд, – але няхай не сьпяшаецца клясца, што пройдзе цемру, той, хто ня бачыў яшчэ й прыцемку.

– Аднак клятва можа ўзмацніць аслаблую мужнасьць.

– Ці ўвогуле пазбавіць яе. Не сьпяшайцеся загадваць далёка наперад! Не трывожцеся, крочце адважна! Да пабачэньня й добрай дарогі! Надзеі эльфаў і людзей, усіх вольных народаў – з вамі! Хай зоры заўжды асьвятляюць вашыя твары!

– Посьпеху... няхай усё атрымаецца! – выгукнуў Більба, дрыжучы ад холаду. – Фрода, хлопчык мой, напэўна, весьці дзёньнік ты ня здолееш, але ж я спатрабую найдакладнейшы расповед пра ўсё, калі вернесься. Не марудзь! Да пабачэньня!


Многія з Эльрандавага народу выйшлі вонкі разьвітацца зь Зьвязам Пярсьцёнка й напаўголасу жадалі вандроўнікам добрай дарогі. Ніхто не сьмяяўся, ня чулася ані музыкі, ані сьпеваў. Нарэшце адзін за адным эльфы сышлі прэч, зьніклі ў змроку за сьпінамі.

Вандроўнікі перайшлі мост і павольна пацягнуліся ўгору па пятлястай сьцежцы на стромым схіле, якая выводзіла з глыбокай даліны Долага Яру. Караскаліся доўга й выбраліся на пласмагор'е, дзе вецер сьвісьцеў у верасах. Кінулі позірк на Апошні Гасьцінны Прытулак, на агеньчыкі далёка ўнізе, – і крочылі прэч, у халодную начную цемру.


Ля Бруйненскага броду падарожнікі пакінулі Шлях і рушылі на поўдзень вузкімі сьцежкамі, што віліся між пагоркамі й цясьнінамі. Так мерыліся кіравацца ўздоўж заходняга краю Туманных гор цягам многіх вёрстаў і дзён. Тут мясьціны былі значна дзічэйшыя й пусьцейшыя, чым у глухамані ўздоўж даліны Вялікай ракі, па другі бок хрыбта. Перасоўваліся павольней, але й шанцаў схавацца ад варожых вачэй было болей. Саўронавы віжы рэдка наведвалі гэтую пустую й негасьцінную зямлю, і сьцежкі па ёй ведаў хіба толькі долаярскі народ.

Наперадзе звычайна крочыў Гэндальф, побач з Арагорнам, які ведаў мясцовасьць і мог весьці па ёй нават у цемры. Астатнія цугам ішлі за імі. Ляголас, з найвастрэйшым за ўсіх зрокам, трымаўся ззаду.

Першую частку вандроўкі Фрода амаль не запомніў. Было цяжка, сумна й халодна. Застаўся ў памяці толькі няспынны вецер, ільдзяны й пранізьлівы. Шэрагам бяссонечных дзён дзьмуў ён з гор, і аніякая вопратка не ратавала ад ягонага чэпкага, дашуклівага дотыку. Хоць вандроўнікі апрануліся цёпла й адпаведна, увесь час мерзьлі і рухаючыся, і адпачываючы. Удзень неспакойна спалі дзе-небудзь у шчыліне ці пячорцы альбо пад пераплеценым гальлём калючых кустоў, якія часьцяком трапляліся на шляху. Калі сутонела, вартавы будзіў іх, тады й мелі галоўны за дзень пад'едак, звычайна халодны ды бязрадасны, бо толькі зрэдку адважваліся распаліць вогнішча. Зь цемраю зноў рушылі на поўдзень, намагаючыся адхіляцца як мага меней ад абранага напрамку.

Спачатку хобітам падавалася, што хоць і сунуцца ўпарта, спатыкаючыся, валячыся з ног ад стомы, дзень за днём, насамрэч перасоўваюцца не хутчэй за сьлімакоў, топчуцца на адным месцы. Кожным наступным днём мясьціны выглядалі дакладна як і ўчора. Аднак горы паступова набліжаліся. На поўдзень ад Долага Яру яны ўздымаліся яшчэ вышэй, хрыбет крыху збочваў на захад, і перадгор'і, хаатычная блытаніна бляклых пагоркаў і стромаў, пашыраліся. У глыбокіх вузкіх цясьнінах бурлілі буйныя струмяні. Сьцежак усё менела, яны ўсё больш пятлялі й часьцяком выводзілі да высокага адхону ці да дрыгвы.

На трэцім тыдні падарожжа надвор'е зьмянілася. Вецер раптоўна сьціх, а потым падзьмуў з поўдня. Спрытныя, плынныя хмары над галавою растачыліся, і вызірнула сонца, бялявае, але зыркае. Напрыканцы доўгага й стамляльнага начнога пераходу ўзьнялася ясная халодная раніца. Вандроўнікі сягнулі невысокага хрыбта, на грэбені якога каронаю ўздымаліся надзвычай старажытныя каржакаватыя падубы, чые шэра-зялёныя ствалы падаваліся вылепленымі з таго самага каменю, што й горы. Іхняе цёмна-зялёнае лісьце блішчэла на маладым сонцы, і ягады зьзялі чырваньню.

Далёка на поўдні Фрода ўбачыў расплывістыя абрысы высачэзных гор, якія цяпер, падавалася, перагароджвалі шлях. Леваруч з хрыбта вылучаліся тры асабліва высокія. Найбліжэйшы пік – і найвышэйшы – выглядаў, бы ікол з пабеленым вастрыём. На ягоных вялізманых голых паўночных адхонах ляжаў цень, але там, куды ўсё ж траплялі касыя сонечныя промні, скалы адбіваліся барвай.

Гэндальф стаяў побач з Фрода, углядаючыся, прыклаўшы далонь да вачэй.

– Нядрэнна прайшлі, – вымавіў ён, – ажно да межаў краіны, якую людзі клічуць Падуб'ем. Шмат эльфаў жылі тут калісьці, у шчасьлівейшы час, калі краіну яшчэ называлі Эрэгіён. Напрамкі, крумкачовым лётам, наш шлях – дваццаць і восем міляў, хоць нагамі мы намералі нашмат болей. Цяпер і зь мясцовасьцю, і з надвор'ем будзе лягчэй, хоць, напэўна, і небясьпечней.

– Небясьпечней ці не, а сапраўдную раніцу заўсёды хораша бачыць, – Фрода адкінуў каптур і дазволіў ранішняму сьвятлу крануць твар.

– Але ж горы наперадзе, – зьдзівіўся Піпін. – Напэўна, мы ўначы зьвярнулі на ўсход.

– Не, – запярэчыў Гэндальф, – проста ты бачыш далей, бо сонечна й ясна. За тымі вось пікамі хрыбет выгінаецца на паўднёвы захад. У Эльрандавай сядзібе шмат мапаў. Цікава, ці глядзеў ты хоць на адну?

– Так, час ад часу, – адказаў Піпін. – Але амаль нічога не запомніў. Вунь у Фрода галава для гэтакіх рэчаў лепей прыстасаваная.

– А мне мапа не патрэбная, – прамовіў Гімлі, які падышоў разам зь Ляголасам і неяк дзіўна ўзіраўся наперад, з амаль сьвяточным бляскам у вачох. – Тут мае прабацькі працавалі ў даўніну й шматкроць адбілі ў мэтале й камені, у песьнях і паданьнях аблічча гэтых гор. Яны заўжды ўзвышаюцца ў нашых марах. Бараз, Зірак, Шатхур. Толькі адзіны раз да гэтага дня я бачыў іх на свае вочы, але я ведаю іх і іхнія імёны сэрцам, бо пад імі ляжыць Казад Дум, Гномавы Глыбіні, якія цяпер называюць Чорнай Прорвай, Морыяй па-эльфску. Вось бліжэй за ўсіх Баразінбар, Барвяны Рог, бязьлітасны Карадрас, за ім – Срэбрапік і Карона Хмараў: Келебдыл Белы й Фануйдхал Шэры, якія мы клічам Зіракзігіл і Бундушатхур. Там хрыбет Туманных гор разгаліноўваецца й паміж галінамі ляжыць глыбокая цяністая даліна, якую мы памятаем заўжды: Азанальбізар, ці Дымрыл, якую эльфы клічуць Нандухірыён.

– Да Дымрылу мы й кіруемся, – патлумачыў Гэндальф. – Калі ўскараскаемся на перавал, Браму Барвянага Рогу, то патрапім на Дымрыльскую Лесьвіцу па той бок Карадрасу й спусьцімся па ёй у гномскую даліну. Там ляжыць запаветнае возера Люстар, там з ільдзяных крыніцаў нараджаецца чыстая Срабрынка.

– Цемра – вада Келед Зараму, лёд – крыніцы Кібіль Налы. Маё сэрца трапеча ад думкі, што неўзабаве пабачу іх.

– Хай узрадуецца тваё сэрца, угледзеўшы іх, мой шаноўны гноме! – выклікнуў Гэндальф. – Але ж доўга застацца там мы ня зможам. Бо нам трэба спускацца па Срабрынцы ў таемныя лясы, а тады – да Вялікай ракі, а тады... – ён змоўк.

– І што тады? – спытаў Мэры.

– Тады рушыць да сканчэньня. Аднак гэтак далёка нам яшчэ ня варта зазіраць. Задаволімся тым, што зь першай часткай вандроўкі справіліся без прыгодаў. Мяркую, адпачнем тут, ня толькі дзень, але й ноч таксама. Духмянае паветра тут, у Падуб'і, нават гаючае. Шмат ліха трэба выцерпець зямлі, каб яна цалкам забылася на эльфаў, якія калісьці жылі на ёй.

– Так, – пагадзіўся Ляголас. – Але эльфы гэтай зямлі былі народам дзіўным для нас, жыхароў лесу. Ані трава, ані дрэвы тут ня памятаюць іх. Я толькі чую, як жаляцца па іх камяні: "З глыбіняў здабылі нас, прыгожа гранілі, збудавалі высока – і сышлі назаўжды". Ужо колькі вякоў таму сышлі яны ў Завані.


Раніцою распалілі вогнішча ў глыбокай лагчавіне, абкружанай буйнымі кустамі падубу, і мелі найлепшы пад'едак за ўвесь пераход ад Долага Яру. Класьціся пасьля яго не сьпяшаліся, бо наперадзе ж цэлая ноч, а выпраўляцца ня думалі ажно на наступнага вечару. Аднак Арагорну не адпачывалася. Неўзабаве ён пакінуў кампанію, прайшоўся па хрыбце, стаў пад дрэвам, пазіраючы на поўдзень, тады на захад, нахіляючы галаву – быццам прыслухоўваючыся. Вярнуўся да краю лагчавіны, дзе астатнія размаўлялі зь сьмехам, зірнуў уніз.

– У чым справа, Швэндале? – паклікаў Мэры. – Чаго шукаеш? Ці табе не хапае ўсходняга ветру?

– Не, безь яго лепей, – не ўспрыняў жарту сьледапыт. – Але мне не стае чагосьці. Я бываў у Падуб'і шмат разоў, і ўлетку, і ўзімку. Людзей тут няма, але заўжды было мноства іншых стварэньняў, асабліва птушак. А цяпер усе навокал, апроч вас, маўчаць. На вёрсты вакол – ані жывога голасу, затое вашыя аддаюцца рэхам у зямлі. Нечага я тут не разумею.

– I ў чым рэч? – Гэндальф зірнуў на яго з раптоўнай зацікаўленасьцю. – Мяркую, не ад подзіву, што бачаць чатырох хобітаў разам, ня згадваючы ўжо астатніх, там, дзе й адзіная асоба зрэдку відаць?

– Спадзяюся, менавіта так, – адказаў Арагорн. – Але нешта мяне не пакідае трывога дый страх – такога аніколі раней тут не было.

– Тады нам трэба пасьцерагчыся. Калі ўжо бярэш з сабою сьледапыта, ды яшчэ самога Арагорна, варта ўшанаваць ягоныя прадчуваньні. Нам трэба размаўляць цішэй, адпачыць спакойна й выставіць вартавога.


Першую варту выпала трымаць Сэму, але Арагорн далучыўся да яго. Астатнія пазасыналі. Тады павісла такая цяжкая цішыня, што нават і Сэм яе адчуў. Выразна чулася дыханьне тых, хто спаў. Шоргат хваста поні ці лёгкі згук, калі конік пераходзіў з нагі на нагу, падаваліся надта гучнымі. Сэм чуў і патрэскваньне ўласных костак, калі варушыўся. Мёртвая цішыня вісела наўкол, а над галавою – ясныя блакітныя нябёсы, па якіх павольна паўзло з усходу сонца. Далёка на поўдні зьявілася чорная плямка, і расла, і неслася на поўнач, бы лапік дыму на ветры.

– Што гэта, Швэндал? – шэптам спытаў Сэм.

Арагорн не адказаў, уважліва ўзіраючыся ў нябёсы. Але неўзабаве Сэм здолеў разгледзець сам. Птушыныя чароды, якія лёталі туды й сюды, кружлялі над зямлёю, нібы вышукваючы нешта, і набліжаліся яны надта спрытна.

– На зямлю!! Ляжы ціха! – прашыпеў Арагорн, цягнучы Сэма ў цень, пад куст, бо адна птушыная чарада аддзялілася ад галоўнай хмары й нізка над зямлёю панеслася да хрыбта. Сэму птушкі падаліся падобнымі да вялікіх груганоў. Яны ляцелі гэткай шчыльнай гурмай, што па зямлі за імі бег цень. Прамінулі моўчкі, з адзіным хрыпатым каркам.

Толькі калі яны зьніклі ў далечыні, адляцеўшы на захад і поўнач, і нябёсы ачысьціліся, Арагорн падняўся. I адразу ж абудзіў Гэндальфа.

– Зграі чорных груганоў абшукваюць землі паміж гарамі й Шэраводзьдзем, – распавёў Арагорн, – яны праляцелі й над Падуб'ем. Гэта не тутэйшыя груганы. Яны – крэбайн, пачвары Фангарну й Дунлянду. Ня ведаю, навошта яны тут – магчыма, уцякаюць ад бедаў Поўдня. Але хутчэй за ўсё, яны выведнікі. Таксама я заўважыў мноства шулякоў высока ў нябёсах. Лічу: трэба рухацца гэтым вечарам. Падуб'е болей не спакойнае й не гаючае для нас. За ім сочаць.

– Значыць, сочаць і за Брамай Барвянага Рогу, – адказаў Гэндальф. – Я не ўяўляю сабе, як мы пройдзем яго незаўважнымі. Ну, падумаем пра тое, калі надыдзе час. Што тычыцца сёньняшняга выхаду, баюся, ты маеш рацыю.

– Пашанцавала, што вогнішча бяздымнае, дый амаль прагарэла яшчэ да зьяўленьня крэбайн, – дадаў Арагорн. – Трэба загасіць яго цалкам, і болей на распальваць.


– Ну, ці тое не халера з трасцой! – выгукнуў Піпін, калі прачнуўся ўвечары й пачуў пра забарону агню й хуткі выхад. – Праз гругановую чараду! А я ўжо марыў пра сапраўдны абед сёньня, пра гарачанькае.

– Можаш і далей марыць, – адказаў Гэндальф. – Наперадзе, пэўна, мноства нечаканых бяседаў і баляваньняў. Я сам зь вялікай асалодай папаліў бы люльку ў спакоі й пагрэў бы ногі. Суцяшайся – мы рушым на поўдзень, там, без сумневаў, пацяплее.

– Каб нам не падсмажыцца ад той цеплыні, – прамармытаў Сэм Фрода. – А я ўжо палічыў, што мы дабраліся, папраўдзе кажучы. I гару Вогненную бачым, ну, Рог гэны Барвяны, я так спачатку падумаў, пакуль Гімлі прамову сваю не ўчыніў. Так, з гэнай гномскаю моваю сапраўды язык вузлом зьвяжацца.

Мапы анічога Сэму не казалі, а адлегласьці ў чужынскіх землях падаваліся такімі вялізманымі, што ён нават не спрабаваў іх вылічваць.

Увесь дзень вандроўнікі заставаліся ў лагчавіне. Чорныя птушкі зноў і зноў праносіліся непадалёк. I толькі калі сонца зачырванела на захадзе, зьніклі, адляцеўшы на поўдзень. Зь цемраю Зьвяз павярнуў на паўднёвы ўсход і рушыў да Карадрасу, які яшчэ адбліскваў барваю ў апошніх прамянях сыходнага сонца. Адна за адною ў пацямнелых нябёсах высыпалі белыя зоры.

Арагорн вывеў на добрую сьцяжыну, якая падалася Фрода рэшткамі старажытнай дарогі ад Падуб'я да перавалу, калісьці шырокай і добра сплянаванай. Поўня ўзышла над гарамі, у яе блядным сьвятле ад валуноў цягнуліся чорныя цені. Шмат якія камяні выглядалі, быццам апрацаваныя даўнія муры, пабураныя да непазнавальнасьці, пазабытыя сярод запустэчанай, бляклай зямлі.

Халоднай, пранізьлівай перадранішняй гадзінай, калі поўня ўжо амаль схавалася, Фрода раптам зірнуў угору. Падалося зьнянацку, нібыта пабачыў чыйсьці цень ці, хутчэй, адчуў, і зоры на момант згасьлі й зноў успыхнулі. Фрода ўздрыгнуў.

– Ці бачыў вашаць, што над намі? – спытаў шэптам у Гэндальфа, які крочыў паперадзе.

– Не, але адчуў, – адказаў той. – Ня ведаю, што гэта было. Мо толькі тонкае воблачка, пасма туману.

– Надта хутка для воблачка яно рушыла, – прамармытаў Арагорн, – і супраць ветру да таго.


Анічога болей той ноччу ня здарылася. Наступная раніца выявілася яшчэ зырчэйшай за мінулую. Але паветра зноў захаладнела й зноў задзьмуў усходні вецер. Яшчэ дзьве ночы вандроўнікі ўпарта шыбавалі, паступова падымаючыся, але ўсё павольней, па дарозе, якія вілася паміж стромамі. Горы набліжаліся, уздымаліся ўсё вышай. Трэцяй раніцай Карадрас паўстаў прама перад імі – магутны пік, укаранаваны срэбрам сьнягоў, з голымі стромымі бакамі, блякла-барвовымі, бы заплямленымі кроўю.

Хмарылася, і сонца выцьвіла. Вецер задзьмуў з паўночнага ўсходу. Гэндальф прынюхаўся да паветра, азірнуўся.

– Нас даганяе зіма, – спакойна зазначыў Арагорну. – Вяршыні на поўначы бялейшыя, чым былі зусім нядаўна, і сьнег ляжыць значна ніжэй. Сёньня мы пойдзем угару да перавалу. Безумоўна, на вузкай сьцяжыне нас пабачаць варожыя выведнікі ды наклічуць якое ліха. Але ж надвор'е, хутчэй за ўсё, наш найгоршы й найсьмяротнейшы вораг. I куды ты параіш кіравацца цяпер, Арагорн?

Фрода зразумеў, што чуе працяг пэўных даўніх размоваў і разваг ці нават спрэчкі. Прыслухаўся ўважлівей.

– Табе добра вядома, Гэндальфе, я ад пачатку быў супраць нашага кірунку, – адказаў Арагорн. – Так, чым далей мы прасоўваемся, тым больш памнажаюцца пагрозы, вядомыя й невядомыя. Але мы мусім ісьці, і ня варта затрымлівацца зь пераходам праз горы. Далей на поўдзень перавалаў няма да самай Брамы Рохану. А з тваімі весткамі пра Сарумана туды совацца ня варта. Хто ведае, чые загады цяпер выконваюць маршалкі Роханскай Украйны?

– Сапраўды, хто ведае? Але ж ёсьць іншы шлях, не празь перавал ля Карадрасу. Той цёмны, патаемны шлях, пра які мы ўжо размаўлялі.

– Ня трэба згадваць яго зноў! Пакуль ва ўсялякім выпадку. Калі ласка, не кажы пра яго астатнім – хіба толькі анічога іншага не застанецца.

– Але ж нам трэба вырашыць перад тым, як рушыць далей.

– Ну, так узважым усё ды абдумаем яшчэ раз, пакуль астатнія адпачываюць, – завершыў Арагорн.


Калі сутонела й астатнія сканчалі вячэраць, Гэндальф з Арагорнам адышлі зірнуць на Карадрас. Цяпер ягоныя бакі выглядалі змрочна й пагрозьліва, а вяршыню схавала шэрая хмара. Фрода назіраў за чараўніком і сьледапытам, цікавячыся, што ж яны надумалі. Яны вярнуліся, і Гэндальф патлумачыў, што вырашылі насуперак надвор'ю ісьці празь перавал. Фрода ўздыхнуў з палёгкай. Ён ня ведаў, пра які цёмны й патаемны шлях казаў Гэндальф, але ж калі адзіная згадка яго напаўняла Арагорна гэткім адчаем, дык лепей, што яго не абралі.

– Як вы ўсе бачылі, наўкол хапае варожых выведнікаў, – прамовіў Гэндальф. – За перавалам, напэўна, назіраюць. I надвор'е, якое даганяе нас, мне не зусім падабаецца. Магчымы сьнегапад. Нам трэба перасоўвацца так хутка, як толькі здолеем. Нават і ў гэтым выпадку хутчэй як за два пераходы перавалу мы не дасягнем. Сёньня рана сьцямнее. Зьбірайцеся – выходзім неадкладна.

– Я дадаў бы пару парадаў, з вашага дазволу, – умяшаўся Барамір. – Я нарадзіўся ля Белых гор і крыху ведаю пра падарожжы ў высакагор'і. Нам давядзецца стрываць жорсткі мароз, пакуль спусьцімся. Таемнасьць нам не дапаможа, калі мы таемна зьмерзьнем да сьмерці. Тут навокал ёсьць колькі дрэваў і кустоў. Кожны з нас павінен прыхапіць з сабою вязку дроваў паболей, якую толькі здольны зьнесьці.

– А наш Біл возьме болей за ўсіх, праўда, хлопча? – спытаў Сэм.

Поні зірнуў на яго сумна.

– Файна, – азваўся Гэндальф. – Але распалім вогнішча, толькі калі іншага выйсьця не застанецца: распаліць альбо загінуць.


Вандроўнікі рушылі наперад, і спачатку даволі хутка. Але неўзабаве шлях зрабіўся стромкі й цяжкі. Сьцяжына вілася, караскалася па схілах, часамі амаль зьнікала ці была заваленая кучамі камянёў. Набеглі хмары, імкліва зьвечарэла. У скалах завыў шалёны вецер. А поўначы сягнулі ўзножжаў самога хрыбта. Вузкая сьцяжына вяла паміж адвеснай скальнай сьцяною леваруч, над якою ўздымаліся суворыя бакі схаванага цемрай Карадрасу, а праваруч зеўрала чарнатою прорва глыбокай цясьніны.

Асілілі чарговы стромы пад'ём, спыніліся наверсе. Фрода адчуў, як нешта мяккае кранула твар. Падняў руку й пабачыў белыя сьняжынкі на рукаве.

Крочылі далей. Неўзабаве сьнег паваліў на ўсю моц, суцэльнай белай сьцяною, замітусіўся перад вачыма. Цьмяныя, сагнутыя постаці Гэндальфа з Арагорнам наперадзе за адзін крок ці два ўжо амаль не былі відаць.

– Не, гэта мне зусім не падабаецца, – выдыхнуў Сэм, упарта тупаючы ззаду. – Сьнег файнай раніцою – лепей няма куды. Толькі я хацеў бы валяцца ў ложку калі ён падае за вакном. Вух, каб столькі ў Хобіцку наваліла! Во радаваліся б!

За выключэньнем высокіх пагор'яў Паўночнага падзелу, моцныя сьнегапады здараліся ў Шыры зрэдку. Да іх ставіліся як да нагоды для забаваў ды шчыра радаваліся. Аніводны хобіт (апрача хіба Більба) ня бачыў на свае вочы Ліхой зімы 1311 году, калі ў Шыр церазь зьмерзлы Бранявін прыйшлі белыя ваўкі.

Гэндальф прыпыніўся. Сьнег ляжаў гурбінамі на ягоных плячох і капелюшы. I на сьцежцы сьнегу легла столькі, што боты чараўніка хаваліся па халяву.

– Гэтага я й баяўся, – вымавіў Гэндальф. – I што ты цяпер скажаш?

– Што таксама баяўся гэтага, – адказаў Арагорн, – хоць і меней, чым іншага. Я ведаю небясьпеку сьнегу, хоць ён рэдка ў такой колькасьці выпадае так далёка на поўдні, хіба што высока ў гарах. Аднак мы яшчэ невысока. Мы там, дзе сьцежкі адкрытыя ўсю зіму.

– Цікава, ці не ад Ворага гэтае ліха? – азваўся Барамір. – У маіх краёх кажуць, што ён уладарыць над навальніцамі ў гарах Ценю, якія абкружаюць Мордар. Дзіўная ягоная моц, шматлікія ягоныя паплечнікі.

– Сапраўды, моц, – хмыкнуў Гімлі. – Доўгія ж рукі трэба мець, каб прыцягнуць за дзьве сотні міляў з поўначы сьнежныя хмары нам на сьцежку.

– Даўжэй няма куды, – пахмура пацьвердзіў Гэндальф.


Пакуль стаялі, вецер сьціх, а сьнегапад паслабеў, амаль спыніўся. Вандроўнікі рушылі зноўку, але й пары гоняў не прайшлі, як завея завыла зноў, яшчэ шалёней. Дзьмула, шпурляла сьнегам, сьляпіла вочы. Неўзабаве нават і Барамір ледзь сунуўся наперад. Хобіты, перагнуўшыся амаль удвая, цягнуліся за людзьмі, але ж было відавочна – шмат на гэткай віхуры ім не пратрымацца, ісьці яны ня здолеюць. Фродавы ногі нібы наліліся сьвінцом. Піпін адставаў. Нават Гімлі, цягавіты, як і ўсе гномы, крахтаў ды бурчэў, прабіраючыся празь сьнег.

Раптам усе прыпыніліся, адначасова, быццам дамовіўшыся, хоць ніхто анікому й слова не казаў. Цемра навокал спарадзіла злавесныя, жудасныя гукі. Мо вецер гэтак сьвісьцеў у шчылінах, але ж выразна чуўся пранізьлівы злосны лямант і дзікія выбухі лютага рогату. Па сьцяне зьверху пакацілася каменьне, сьвістала над галовамі ці з грукатам бразгалася на сьцежку непадалёк. Раз-пораз чуўся цяжкі грукат, і вялізныя валуны каціліся зь цемры наверсе.

– Далей сёньня ісьці нельга! – выклікнуў Барамір. – Няхай хто заўгодна кажа, што гэтак вые вецер. Я думаю, гэта варожыя галасы. I каменьне гэтае цэліць у нашыя галовы.

– Я кажу, што гэта менавіта вецер, – азваўся Арагорн, – але тое не зьмяншае рацыі тваіх словаў. У сьвеце хапае ліхіх істотаў, якія ненавідзяць усіх дзьвюхногіх, але ж ня ў зьвязе з Саўронам, а з уласнай волі й разуменьня. Некаторыя зь іх прыйшлі ў Міжзем'е яшчэ да яго.

– Карадрас атрымаў мянушку жорсткі й дурную славу калі пра Саўрона й чутак не было ў гэтых землях, – вымавіў Гімлі.

– Ці ёсьць розьніца, які менавіта вораг нас атакуе, калі мы ўсё адно ня здольныя адбіцца, – сказаў Гэндальф.

– Дык што ж нам рабіць? – залямантаваў Піпін, абапершыся на Мэры з Фрода й дрыжучы.

– Ці застацца тут, ці вяртацца, – сказаў Гэндальф. – Рушыць наперад бессэнсоўна. Крыху далей, калі не памыляюся, сьцежка выводзіць у шырокую адкрытую лагчавіну з доўгімі схіламі па бакох. Там не схаваесься ані ад камянёў зь сьнегам, ані ад іншага ліха.

– Вяртацца таксама бессэнсоўна, пакуль віхурыць, – давёў Арагорн. – Зацішней і бясьпечней за нашае цяперашняе месца закутка ўздоўж сьцежкі не было.

– Зацішней і бясьпечней! – фыркнуў Сэм. – Калі гэта – зацішнае месца, тады й аглобля – хата.


Вандроўнікі прыціснуліся да скальнай сьцяны. Яна паглядала на поўдзень, і ўнізе крыху выгіналася ўсярэдзіну – якая ні ёсьць абарона ад камняпаду й паўночнага ветру. Але вецер скакаў між скалаў, дзьмуў то з аднаго боку, то з другога, а сьнег валіў усё шчыльней зь нізкіх хмараў.

Усе стаялі побач, сьпінамі да сьцяны. Поні – перад хобітамі, цярпліва й упарта захіляючы тых хоць троху ад сьнегу. Але неўзабаве яго заваліла да каленяў і працягвала засыпаць. Калі б хобіты вандравалі адны, напэўна, неўзабаве іх ссумёціла б цалкам дый пахавала ў сьнезе.

Фрода ледзь змагаўся з санлівасьцю. Правальваўся ў цёплую, смужную мару. Ужо й высьніў, як добрае хатняе полымя агменю саграе ягоныя ногі, і пачуў зь ценяў па-за агменем голас Більба. "Ну, я спадзяваўся на больш ёмісты дзёньнік, – дакараў стары хобіт. – Завея дванаццатага студня, ну-ну. Хіба ж варта вяртацца, каб распавесьці гэткую навіну?" "Я хацеў толькі крыху адпачыць і паспаць", – адказаў Фрода, ледзь здолеўшы вымавіць словы, і тут адчуў, што яго трасуць, і вярнуўся да непрыемнай і халоднай явы. Барамір выдраў яго зь дзіркі ў сьнезе й падняў.

– Гэндальф, паўросьлікі ўсе тут загінуць, – выгукнуў ён. – Што, нам чакаць, пакуль нас замяце з галавою? Трэба ратавацца!

– Дай ім гэта, – Гэндальф пакапаўся ў торбе й выцягнуў скураную біклажку, – па адным глытку, ня болей, і астатнім таксама. Бо напой надзвычай каштоўны. Мірувор, долаярская акавіта. Эльранд даў мне яго на разьвітаньне. Перадай па коле!

Фрода глынуў крышачку цёплай духмянай вадкасьці – і ў целе быццам запалілася полымя. Ажыло сэрца, зьнікла санлівасьць. Але ж сьнег ішоў, як і раней. Завея нават і пашчыльнела, і выла пранізьлівей.

– Як наконт вогнішча? – прапанаваў Барамір. – Выбар цяпер, падаецца, – агонь або гібель. Безумоўна, сьнег дапаможа нам схавацца ад варожых вачэй, калі заваліць з галавою, але ці дапаможа выжыць?

– Распальвайце, – Гэндальф паціснуў плячыма, – калі якія віжы перажывуць гэтую завіруху, яны заўважаць нас і з вогнішчам, і безь яго.

Аднак хоць на слова Бараміра з сабою ўзялі й дровы, і распалку, ані эльфскага майстэрства, ані гномскага не хапіла, каб распаліць воглыя дровы пасярод завірухі. Нарэшце Гэндальф неахвотна ўзяўся за справу сам. Паклаў наверсе вязку дроваў, выгукнуў: "Наўр эн эдрайф аммэн!" – дый сунуў кій прама ў сярэдзіну вязкі. Адразу ж выбліснула вонкі зялёным і блакітным полымем, дровы заняліся, затрашчалі.

– Калі хто й назірае, дык мяне ўжо не абміне, – давёў змрочна, – я абвесьціў "Гэндальф тут" гэткім чынам, што пачуюць усе, хто толькі здольны такія аб'явы чуць, ад Долага Яру да сутва Андуйну.

Але астатнім было ўсё адно, назіраюць варожыя вочы за імі ці не. Полымя сагрэла, узрадавала, да таго ж разагнала цемру. Палала файна. Хоць вогнішча й шыпела ад сьнегу, што сыпаўся зь неба, хоць і парастапіла ўсё навокал і слата й лужыны паўзьлі пад нагамі, падарожнікі з асалодаю грэліся, падстаўлялі далоні. Абкружылі, нахіліся над полымем. Чырвонае сьвятло скакала па стомленых, заклапочаных тварах, а за сьпінамі цемра падавалася чорнай сьцяною.

Дровы гарэлі хутка, а сьнегапад усё не спыняўся.


Нарэшце кінулі апошнюю вязанку.

– Ноч сканчаецца, – заўважыў Арагорн. – Неўзабаве пасьвятлее.

– Калі толькі сонца праб'ецца праз гэтыя хмары, – прабурчэў Гімлі.

Барамір крочыў ад вогнішча, углядаючыся ў цемру.

– Сьнегапад слабее, – зазначыў ён. – І вецер паменеў.

Фрода стомлена пазіраў на сьняжынкі, якія ўсё выляталі, вытанцоўвалі зь цемры, каб высьветліцца на момант над слабым полымем, але ж аніякіх прыкметаў паслабленьня ня бачыў. I раптам, калі санлівасьць зноўку авалодала ім, адчуў: вецер насамрэч сьціх. Дый сьняжынаў паменела, і самі яны павялічыліся. Пакрысе й небёсы пасьвятлелі, засьвяціліся шэрай, няяркаю раніцай. Нарэшце сьнегапад спыніўся цалкам.

Пазырчэўшы, раніца адкрыла вандроўнікам маўклівае, захутанае бельлю навакольле. Ніжэй грувасьціліся сумёты, вытыркаліся белымі гарбамі, і аніякай сьцежкі пад імі не было відаць. А вышэй яшчэ ляжалі шэрыя, змрочныя хмары, пагражаючы новым сьнегападам.

Гімлі зірнуў угору, пахітаў галавою. Вымавіў:

– Не, Карадрас яшчэ не дараваў нам. Калі крочым далеў, зноў пасыпле, сьнегу ў яго хопіць. Чым хутчэй мы спусьцімся, тым лепей.

З гэтым усе пагадзіліся. Але як цяпер спускацца? Ужо за некалькі крокаў ад вогнішча сьнегу ляжала болей за хобіцкі рост, а месцамі й нашмат вышэй, бо сьнег нагрувасьціў вялізныя гурбы ля скальнай сьцяны.

– Калі Гэндальф пойдзе наперад з полымем, магчыма, ён праплавіць сьцяжынку ў сьнезе, – прапанаваў Ляголас, якога віхура зусім не патурбавала. Адзіны з усёй кампаніі ён заставаўся ў добрым гуморы.

– Калі б эльфы здолелі лётаць над гарамі, магчыма, яны прыцягнулі б нам сюды сонейка на ратунак, – пакпіў Гэндальф. – А сьнег я плавіць ня здольны. Мне трэба нешта болей шчыльнае, каб запальваць.

– Не галавой, дык каркам, – прамовіў Барамір, – як кажуць у маёй зямлі. Мацнейшым з нас трэба прабівацца наперад. Зірніце: хоць усё й пазасыпала сьнегам, сьцежка, па якой мы йшлі, вывернула сюды з-за вунь таго скальнага атовілку ўнізе. Пасьля яго й пачалася найгоршая завіруха. Калі мы сягнем таго атовілку, верагодна, далей палягчэе. Да яго, мяркую, ня болей за пару гоняў.

– Дык праб'емся туды ўдвох, ты й я! – прапанаваў Арагорн.

Арагорн быў вышэйшы, але Барамір – шырэйшы ў плячох ды больш каржакаваты. Ён рушыў наперадзе, Арагорн – сьледам. Прасоўваліся павольна, бо прабівацца было надзвычай цяжка. Месцамі сьнег даходзіў да грудзей, і часьцяком Барамір ня йшоў, а ўкопваўся ў сьнег, заграбаючы рукамі, нібы плывун.

Ляголас назіраў за імі пэўны час з усьмешкай, тады павярнуўся да астатніх.

– Мацнейшым трэба прабівацца, ці ня так? Я сказаў бы: няхай араты арэ, але ж каб плысьці – абірай плывуна, а каб скакаць над травою й лісьцем ці па-над сьнегам – эльфа!

I лёгка скочыў наперад, Фрода толькі цяпер заўважыў, што на нагах у Ляголаса, як і заўжды, былі не цяжкія падарожныя боты, а лёгкія чаравікі. Яны амаль не пакідалі адбіткаў на сьнезе.

– Да пабачэньня! – гукнуў Ляголас Гэндальфу. – Я па сонца!

I пабег прэч, лёгка й спрытна, рыхтык па пяску, умомант абагнаў запыханых людзей дый зьнік за атовілкам.


Астатнія чакалі, згуртаваўшыся, назіраючы за Барамірам і Арагорнам, пакуль тыя не зрабіліся чорнымі плямкамі ў белай далечы. Нарэшце зусім зьніклі. Час цягнуўся марудна й нудотна. Хмары спаўзьлі ніжэй, і ўжо зьляцела, кружляючы, колькі сьняжынак.

Мінула, напэўна, з гадзіну – хоць падалося, што нашмат болей, – калі нарэшце зноў убачылі Ляголаса. Адначасова й Арагорн з Барамірам зьявіліся з-за атовілку, павольна караскаючыся ўгору.

– Не прынёс я сонца! – сьмяшліва пажурыўся Ляголас, падбягаючы. – Яно шпацыруе ў блакітных нябёсах Поўдня, і яго зусім не клапоціць жменька-другая сьнегу на ўсялякіх Барвяных пагорках. Але ж я прынёс крышачку надзеі для тых, каму даводзіцца цягацца пад сонцам пехатою. За паваротам гурбіна вышэйшая за ўсе ранейшыя, і нашыя моцныя ваяры ўжо былі пахавалі сябе ў ёй ды ў адчаі. На шчасьце, я ім своечасова давёў, што тая гурбіна таўшчынёй ня большая за хатнюю сьценку, а за ёю сьнегу – хіба толькі хобіцкія пяткі падмарозіць.

– А-а, што я й казаў! – прабурчэў Гімлі. – Ня простая гэтая завіруха. Карадрасава ліха. Ня любіць ён ані эльфаў, ані гномаў і сьнегу намёў, каб не дазволіць нам уцячы.

– На шчасьце, Карадрас забыўся на людзей, якія з вамі, – дадаў Барамір, – і гэта не слабыя людзі. Хоць слабейшыя, але з шуфлямі тут дапамаглі б лепей. Гэтак ці інакш, мы праклалі шлях праз сумёты, і за тое, лічу, нам мусяць падзякаваць усе ня здольныя лётаць над сьнегам па-эльфску.

– Вы ледзь прабіліся, а як жа нам? – Піпін агучыў сумнеў усіх хобітаў.

– Не адчайвайцеся! – супакоіў Барамір. – Я стаміўся, але мне хопіць сілаў каб несьці вас, дый Арагорну таксама. А астатнія цугам пакрочаць за намі. Спадару Перыгрыне, ты першы з мною! Чапляйся за мой карак, – дадаў, падняўшы хобіта, – бо мне спатрэбяцца рукі.

Арагорн з Мэры на карку крочыў за ім. Піпін, дзівячыся Бараміравай моцы, аглядаў праход, які той прабіў без аніякіх прыладаў, толькі рукамі й целам. Нават і цяпер, зь цяжарам, Барамір, адкідваючы сьнег у бакі, дарабляў праход для тых, хто крочыў ззаду.

Нарэшце дабраліся да вялізнай гурбы, якая стромай сьцяной узвышалася ўпоперак сьцежкі. Яе вяршыня, вострая, як лязо, была ўдвая вышэйшая за Бараміра. Але ж пасярэдзіне гурбы, уздымаючыся дый ізноў спускаючыся, бы гарбаты масток над струменем, быў прабіты праход. За ім людзі ссадзілі Піпіна з Мэры на зямлю й вярнуліся, а хобіты засталіся разам зь Ляголасам чакаць, пакуль падыдуць астатнія.

Неўзабаве Барамір прынёс Сэма. Сьледам па вузкай, але цяпер ужо добра пратаптанай сьцежцы прыйшоў Гэндальф, ведучы пад аброць Біла, на няшчасным поні апрача паклады ўзгрувасьціўся Гімлі. Апошнім рушыў Арагорн з Фрода на карку. Крочылі за сьнежную сьцяну, і не пасьпелі Фродавы ногі крануць зямлі, як пачуўся гулкі грукат і зьверху абрынулася лавіна камянёў і сьнегу. Пырснуў сьнежны пыл, паўасьляпіўшы падарожнікаў, якія прыціснуліся да скалы, а калі пыл асеў, пабачылі – праход праз гурбу завалены.

– Досыць, досыць! – крыкнуў Гімлі. – Мы сыходзім зараз жа!

I сапраўды, зрабіўшы апошнюю прыкрасьць, Карадрас быццам задаволіўся, супакоіўся, упэўніўшыся, што нежаданыя наведнікі атрымалі сваё й зноўку ня сунуцца. Нават і хмары наверсе пачалі разыходзіцца, і пасьвятлела.

Як і казаў Ляголас, сьнегу за сьцяной значна паменела, і нават хобіты ішлі самастойна. Неўзабаве сягнулі зноў той пляскатай пляцоўкі, дзе ўчора напаткалі першыя сьняжынкі.

Сонца стаяла ўжо высока. З вышыні файна бачыліся далягляды. У мешаніне пагоркаў унізе добра была прыкметная й лагчавіна, дзе адпачывалі перад тым, як рушыць на перавал.

Фродавы ногі балелі. Ён прамерз да костак і згаладнеў. Нават і ў галаве муціла ад думкі пра доўгі й цяжкі шлях уніз. Чорныя плямкі скакалі перад вачыма. Фрода пацёр вочы – плямкі ня зьніклі. Унізе – але высока над прыгор'ямі – луналі ў паветры чорныя рыскі.

– Зноў птушкі, – паказаў долу Арагорн.

– Цяпер анічога ня зробіш, – сказаў Гэндальф. – Вышукваюць яны нас на дабро або ліха ці не, трэба спускацца не марудзячы. Нельга чакаць ночы, пакуль мы паблізу ад Карадрасу!

Калі спускаліся, стомленыя, спатыкаючыся, у сьпіны дзьмуў, падштурхоўваў халодны вецер з гары. Карадрас перамог.


4. Падарожжа ў цемры


Калі зьвечарэла й шэрае сьвятло сутоньня адступіла перад цемраю, прыпыніліся на начлег. Вандроўнікі надзвычай стаміліся. Чорны змрок агарнуў горы, дзьмуў халодны вецер. Гэндальф выдаў кожнаму яшчэ па глытку мірувору. Калі крыху пад'елі, склікаў раду.

– Вядома, сёньня мы болей ісьці ня здольныя, – сказаў ён. – Спроба прабіцца на перавал вытаміла нас ушчэнт. Трэба адпачыць тут колькі часу.

– А потым куды? – спытаў Фрода.

– У гэтага падарожжа ёсьць мэта. Мы мусім зьдзейсьніць прызначанае й таму йсьці далей. Альбо вярнуцца ў Долы Яр.

Піпінаў твар відавочна пасьвятлеў ад згадкі пра Долы Яр, Мэры й Сэм пазіралі з надзеяй. Але Арагорн з Барамірам маўчалі. Фрода ж выглядаў заклапочаным.

– Хацеў бы я там быць, – уздыхнуў ён. – Але ж як я здолею вярнуцца туды й зірнуць у вочы тым, хто мне даверыўся? Хіба ж няма іншага выйсьця, хіба нас ужо перамаглі канчаткова?

– Ты маеш рацыю, Фрода, – прамовіў Гэндальф. – Вярнуцца – значыць пагадзіцца з паразай і асудзіць сябе на горшую паразу неўзабаве. Калі вернемся цяпер, пярсьцёнак застанецца ў Долым Яры, бо болей мы анікуды зь ім выправіцца ня здолеем. Раней ці пазьней Долы Яр патрапіць у асаду, і ў хуткім – і горкім – часе яго зьнішчаць. Назгулы ўжо – сьмяротна магутныя пачвары, але ж цяпер іхняя моц – толькі слабы цень жаху й сілы таго часу, калі іх майстра зноў насуне Ўладарны Пярсьцёнак.

– Тады трэба рушыць наперад, калі толькі ёсьць шлях, – вырашыўся Фрода.

Сэм зноў спахмурнеў.

– Шлях ёсьць, – пацьвердзіў Гэндальф. – Я ад пачатку меркаваў пра яго, разьлічваў, што мы скарыстаемся ім. Але шлях той наўрад прыемны й лёгкі, і таму я не распавядаў пра яго раней. Арагорн быў супраць гэтай дарогі – ва ўсялякім разе пакуль мы не паспрабуем перавал.

– Калі гэты шлях горшы за Браму Карадрасу, што ж ён за ліха? – зьдзівіўся Мэры. – Лепей распавядзіце нам пра яго, калі ласка, каб мы пра найгоршае ведалі адразу.

– Шлях, пра які я кажу вам, вядзе праз тунэлі Морыі.

Адзіны Гімлі падняў галаву, і ў вачох ягоных адбілася полымя. Астатнія адчулі толькі жах. Нават у хобіцкіх паданьнях Морыя патыхала цёмнай жудасьцю.

– Шлях той вядзе ў Морыю, безумоўна, але ці ж выводзіць? – змрочна спытаў Арагорн.

– Нават назоў яе – ліхая прыкмета, – выгукнуў Барамір. – Я таксама ня бачу аніякай рацыі совацца туды. Калі ўжо мы ня здольныя пераваліць горы, пойдзем на поўдзень, да Брамы Рохану. Тамтэйшы люд – сябра майму народу. Пойдзем шляхам, які я ўжо прайшоў, які ведаю. Ці, можа, мінем Браму, спусьцімся па Ізене, пераправімся ды рушым да Ўзмор'я, да Пажыцьцяў, сягнем Гондару з боку мора?

– Шмат чаго зьмянілася з часу твайго падарожжа на поўнач, Барамір, – запярэчыў Гэндальф. – Ці ты ня чуў, што я распавядаў пра Сарумана? Ім я яшчэ займуся, калі мы ўправімся з гэтай справай. Але цяпер ані ў якім выпадку пярсьцёнак не павінен патрапіць блізка да Ізенградку, ані ў якім. Пакуль мы разам з Ахоўнікам, Брама Рохану для нас замкнёная. Што ж тычыцца даўжэйшага шляху – нам ня хопіць часу. На гэткае падарожжа трэба год, калі ня болей. I вандраваць давядзецца праз запустэчаныя, негасьцінныя краі. I разам з тым небясьпечныя. За імі прыглядаюць выведнікі й Сарумана, і Ворага. Калі ты рушыў на поўнач, Барамір, для ворага ты быў толькі выпадковы бадзяга з поўдня. Ён не зьвярнуў на цябе ўвагі, бо заклапочаны пошукамі пярсьцёнка. Цяпер жа ты сябра Зьвязу Пярсьцёнка й у сьмяротнай небясьпецы, пакуль застаесься з намі. I з кожнай міляю на поўдзень небясьпека горшае – калі не схавацца ад варожых вачэй. Баюся, пасьля няўдачы зь перавалам становішча нашае адчайнае. Амаль безнадзейнае, калі мы не схаваемся, не замяцем сьляды. Таму маё слова: рушыць не праз горы, не вакол іх, а пад імі. Ва ўсялякім выпадку такога Вораг ад нас чакае меней за ўсё.

– Мы ня ведаем, чаго ён чакае, а чаго не, – запярэчыў Барамір. – Мажліва, ён сочыць за ўсімі шляхамі, верагоднымі ці не. А тады крочыць у Морыю – усё адно што самім пагрукаць у дзьверы Цёмнай вежы. Самое імя Морыі – змрок і сьмерць.

– Ты ня ведаеш, пра што гаворыш, параўноўваючы Морыю з крэпасьцю Саўрона, – сказаў Гэндальф. – З сіх вас мне адному давялося патрапіць у вязьніцы Чорнага Уладара, дый тое ў ягоным старэйшым і не наймацнейшым жытле ў Дул Гулдуры. Тыя ж, што крочаць за браму Барад-дуру, ужо не вяртаюцца. Я не прапаноўваў бы шлях праз Морыю, калі б не было надзеі выйсьці зь яе. Калі там оркі, справа можа павярнуцца дрэнна, бясспрэчна. Але ж большасьць оркаў Туманных гор загінула ў

Бітве Пяці Войскаў ці разьбеглася пасьля яе. Паводле зьвестак арлоў, оркі цяпер зьбіраюцца здалёку, каб зноў патрапіць да гор, таму ёсьць надзея, што Морыя яшчэ вольная ад іх. Ёсьць пэўны шанец, што й гномы там і дзе-кольвек у глыбокай залі продкаў мы знойдзем Баліна, сына Фундзіна. Гэтак або інакш, іншага шляху для нас няма, і трэба набрацца адвагі дый крочыць па ім!

– Я разам з табою! – сьцьвердзіў Гімлі. – Я хачу ўбачыць залі Дарына, што б ні чакала мяне ў іх, калі толькі магчыма знайсьці й адчыніць іхнюю браму.

– Файна, Гімлі! – падзякаваў чараўнік. – Ты мяне натхніў. Мы разам адшукаем таемную браму. I пройдзем празь яе. У старадаўніх гномскіх руінах гнома ня так лёгка зьбіць спанталыку, як эльфаў ці людзей з хобітамі. Дый я ўжо быў у Морыі й доўга шукаў там зьніклага Трайна, сына Трора. Прайшоў яе наскрозь і выйшаў жывы!

– Мне таксама давялося аднойчы прайсьці Дымрыльскай Брамай, – прамовіў Арагорн. – I хоць я таксама выйшаў жывы, нават згадваць тое падарожжа няма жаданьня. Я не хачу заходзіць у Морыю зноў.

– А мне й упершыню не карціць, – сказаў Піпін.

– Дый мне, – прамармытаў Сэм.

– Ну вядома! – усклікнуў Гэндальф. – А каму ж карціць? Але ж я пытаюся пра іншае: хто пойдзе за мною, калі я крочу туды?

– Я, – выгукнуў Гімлі шчыра.

– І я, – вымавіў Арагорн сувора. – Ты пайшоў за мною амаль да сьмерці ў сьнягох – і не папракнуў ані словам. Цяпер я гатовы йсьці за табою. Але прашу: прыслухайся да майго апошняга папярэджаньня. Я бачу: анікому з нас, нават Ахоўніку Пярсьцёнка, там не пагражае такая вялікая небясьпека, якая пагражае табе, Гэндальфе. Калі ты вырашыў крочыць за браму Морыі – сьцеражыся!

– Я супраць. Хіба толькі ўсе астатнія аднагалосна ня вырашаць ісьці туды, – дадаў Барамір. – Што скажа Ляголас ды маленькі народ? Ці ж ня йстотна выслухаць слова Ахоўніка Пярсьцёнка?

– Я не жадаю йсьці ў Морыю, – сьцьвердзіў Ляголас.

Хобіты маўчалі. Сэм запытальна глядзеў на Фрода.

– Я таксама не жадаю, – вымавіў той нарэшце, – але ж не хачу й адпрэчваць Гэндальфаву параду. Калі ласка, адкладзіце вырашэньне да раніцы. Тады на сьвежую галаву, пад сонцам, а ня ў гэтай ільдзянай цемры мо мы здолеем знайсьці болей рацыі ў Гэндальфавых словах і згоды ў сабе. Як дзіка вые вецер!

Усе змоўклі, задумаўшыся. Вецер шыпеў, сьвістаў сярод дрэваў і камянёў навокал, падвываў, лямантаваў у начной цьмянай пустэчы.

Раптам Арагорн ускочыў.

– Як дзіка вые вецер? Ды ён вые ваўчынымі галасамі! Варгі перайшлі горы!

– Ці варта цяпер чакаць раніцы? – перапытаў Гэндальф. – Як я й казаў, паляваньне ўжо на скаку! Калі мы й дажывем да сьвятла, хто з нас захоча рушыць на поўдзень па начох з ашалелымі ваўкамі за сьпінамі?

– Ці далёка да Морыі? – пацікавіўся Барамір.

– Брама на паўночны захад ад Карадрасу, напрамкі, як крумкач лётае, вёрстаў пятнаццаць; па зямлі, як воўк бяжыць, мо й усе дваццаць, – змрочна адказаў Гэндальф.

– Тады выходзіць трэба як мага раней на золку, – падсумаваў Барамір. – Оркі, якіх яшчэ ня бачыў, лепшыя за ваўкоў, якіх ужо пачуў.

– Так! – згадзіўся Арагорн, распускаючы снур, што трымаў меч у похвах. – Дый калі пачуеш варга, неўзабаве ўбачыш і орка.

– Калі б я толькі паслухаў Эльранда, – прашаптаў Піпін Сэму. – Якая зь мяне тут карысьць? Дарма што Бандабрас Бугай-Роў – мой продак. Не ягонай я пароды: калі чую тое выцьцё, кроў у жылах стыне. I не ўзгадаю, калі пачуваўся нікчэмнейшым.

– Маё сэрца таксама ў пятках, спадару Піпіне, – адказаў Сэм,

– але ж нас яшчэ не папажэрлі, дый хлапцы якія з намі дужыя. Аб заклад паб'юся: наш старына Гэндальф можа патрапіць куды заўгодна, ды толькі не ў ваўчынае бруха.

Дзеля бясьпекі падарожнікі забраліся на пагорак, пад якім мерыліся схавацца на ноч. На вяршыні была купка старых пакрыўленых дрэваў, за якімі ляжалі няроўным кольцам валуны. Сярод таго кольца й распалілі вогнішча, бо начная цемра й цішыня не бароняць ад паляўнічай ваўчынай зграі.

Згуртаваліся вакол агню. Тыя, хто не трымаў варты, уздрамнулі, трывожна й неспакойна. Небарака Біл дрыжэў і пацеў. Ваўчынае выцьцё даносілася цяпер з усіх бакоў часам бліжэй, часам далей. Зь цемры навокал на вогнішча пазірала мноства вачэй, і водбліскі полымя зьзялі ў іх. Наблізіліся, некаторыя перыліся ўжо прама з-за кольца валуноў. У шчарбіне кольца раптам узьнік вялізны чорны ваўчыны цень. Воўк-велікан паўстаў там, паглядаючы на вандроўнікаў. Дый завыў, нібы ачольца, склікаючы гуф да нападу.

Гэндальф узьняўся й крочыў да яго, сьціснуўшы кій.

– Ты, Саўронаў ганчак! Слухай: перад табою Гэндальф! Уцякай, калі шануеш сваю брудную шкуру! Бо я выпалю яе ад носа да хваста, калі ты толькі лапу сунеш за валуны!

Воўк рыкнуў і скочыў наперад. У гэтае імгненьне бразнула струна – Ляголас спусьціў стралу. З жудасным віскатам воўк грымнуўся на зямлю. Эльфава страла працяла яму глытку. Запаленыя вочы навокал адразу ж згасьлі. Гэндальф з Арагорнам крочылі наперад, аднак на пагорку ўжо анікога не было – зграя ўцякла. У начной цемры павісла цішыня, і посьвіст ветру болей не парушаўся аніводным згукам.

Набліжалася раніца. Месяц-сход каціўся за далягляд, слаба прабліскваючы паміж падраных хмараў. Зьнянацку Фрода абудзіўся. Без аніякага папярэджаньня адразу з усіх бакоў абрынулася навала дзікага выцьця – вялізная зграя варгаў сабралася цішком вакол пагорку й цяпер напала ўся разам.

– Болей дроваў у вогнішча! – крыкнуў Гэндальф хобітам. – Мечы вонкі, сьпіна да сьпіны!

Полымя ірванула ўгору, абхапіўшы сьвежыя дровы, і Фрода ўбачыў мноства шэрых ценяў па-над кольцам валуноў. Адзін за адным пераскоквалі яны камяні, а за імі яшчэ й яшчэ. Першаму, аднаму з найвялікшых варгаў, Арагорн працяў глытку мечам, другому Барамір моцным ударам зьнёс галаву. Побач зь імі Гімлі, стоячы нерухома, нібы валун, пластаў сякераю пааберуч. Струна Ляголасава лука зьвінела няспынна.

У дрыготкім сьвятле вогнішча Гэндальф, падавалася, нечакана вырас – вялізманы пагрозьлівы цень, рыхтык каменны волат, помнік старажытнаму каралю на гары. Нахіліўшыся, накрыўшы ценем усё за сабою, бы хмара, ён падхапіў запаленую галіну дый крочыў насустрач ваўкам. Тыя адсунуліся прэч. Гэндальф падкінуў галіну ў паветра – і яна палыхнула, выбухнула найбялейшым, асьляпляльным сьвятлом маланкі, і голас Гэндальфаў раскаціўся громам: "Наўр ан эдрайф аммэн! Наўр дан і нгаўрхот!" З ровам і трэскам дрэва ля яго выбухнула слупом асьляпляльнага полымя. Зьзяньне затанчыла па лёзах абаронцаў. Апошняя страла Ляголаса ўспыхнула ў палёце і, запаленая, працяла сэрца ваўчынага правадыра. Астатнія кінуліся прэч.

Павольна агонь выдыхаўся, згасаў, пакуль толькі бледнае вугольле не засталося сярод прыску. Горкі дым віўся над счарнелымі абгаркамі дрэваў, шлейфам цягнуўся зь вяршыні пагорку ў нясьмелым сьвятле раніцы. Ворагі ўцяклі, і анідзе паблізу не было ні знаку іх.

– Ну, што я вам казаў, спадару Піпіне? – спытаў Сэм, засоўваючы корд у похвы. – Не па ваўчыных ён зубах! Ну, учыніў жа агнявішча, дый годзе! Ледзь мне фрызуру ня выпаліў.

Калі пасьвятлела, па-ранейшаму аніякіх ваўчыных прыкметаў так і не адшукалі. І целаў забітых ваўкоў таксама. I сьлядоў начной бойкі ані засталося, толькі абгарэлыя дрэвы ды Ляголасавы стрэлы, параскіданыя па ўсёй вяршыні пагорку. Усе цалюсенькія, толькі адна згарэла да канчара.

– Чаго я й баяўся, – сказаў Гэндальф. – Не звычайныя тое ваўкі палююць ежу ў глухмені. Сьнедаем хутчэй і выходзім, марудзіць нельга!

Надвор'е зьмянілася зноў, нібыта нейкі ўладар надвор'я болей ня меў патрэбы ў сьнезе, бо падарожнікі адступіліся ад перавалу, а меў патрэбу цяпер у ясным сьвятле, каб лепей сачыць за рухамі. Уначы паўночны вецер зьмяніўся на паўночна-ўсходні, а цяпер і ўвогуле сьцішыўся. Аблокі зьбеглі на поўдзень, і нябёсы разьвінуліся над галовамі яснай сінечай. Калі падрыхтаваліся выходзіць, над вяршынямі гор зазьзяў нясьмелы ранак.

– Мусім сягнуць брамы да цемры, – папярэдзіў Гэндальф, – альбо, баюся, мы не сягнем яе ўвогуле. Яна недалёка адсюль, але сьцежкі тут пятляюць. Арагорн наўрад ці дапаможа, бо ён рэдка бываў тут, а я толькі аднойчы патрапіў пад заходнюю сьцяну Морыі, дый тое шмат часу таму. Брама вунь там, – ён паказаў на паўднёвы ўсход, дзе стромыя бакі гор хаваліся ў засенях узножжаў. Там няясна абрысоўваўся шэраг голых скалаў, а пасярод іх узвышалася адзіная гладкая й шэрая, бы вялізная сьцяна. – Калі мы спускаліся зь перавалу, я павёў вас не зусім туды, адкуль мы пачыналі, а на поўдзень, калі хто з вас заўважыў. I слушна, бо цяпер нам на колькі вёрстаў меней, а трэба ж сьпяшацца. Ну, рушма!

– Можа, Гэндальф і знойдзе, што шукае, – змрочна вымавіў Барамір, – а можа, калі падыдзем да скалаў, высьветліцца, што брамы той ужо няма ці яна зачыненая назаўжды. Хутчэй за ўсё, мы патрапім паміж ваўкамі й сьцяною. Куды ні сунься – усё ліха. Што ж зробіш, рушма!

Гімлі цяпер крочыў наперадзе побач з чараўніком – гэтак нецярпелася яму патрапіць у Морыю. Разам яны й вялі Зьвяз да гор. Адзіны даўні шлях да Морыі з захаду ляжаў уздоўж ракі Сіранон, якая зьбягала з скалаў непадалёк ад брамы. Але ці Гэндальф заблукаў, ці мясьціны нядаўна зьмяніліся, але ракі ён так і не знайшоў, хоць і разьлічваў напаткаць яе ўсяго за некалькі вёрстаў на поўдзень ад месца начлегу.

Набліжаўся полудзень, а вандроўнікі блукалі ды караскаліся па голай рудой камяністай пустэчы. Нідзе не было відаць ані пробліску вады, не было чуваць ані гуку яе. Усё бляклае, высахлае. Агульны настрой скаціўся да адчаю. Ані птушак у нябёсах, ані жывой істоты наўкол. Пустэча. Пра тое, што абяцае ноч сярод гэтых забытых мясьцінаў, і думаць не хацелася.

Зьнянацку Гімлі, які ішоўужо далёка наперадзе, прыпыніўся й паклікаў астатніх. Стоячы на ўзгорку, паказаў рукою направа. Пасьпяшаліся да яго й пабачылі ўнізе глыбокае й вузкае ручво, пустое й маўклівае. Адно танюткі струменьчык вады прасочваўся між рудых, заплямленых барваю камянёў, але блізу яго выразна вёў шлях, папсаваны й пашкоджаны, – сьцежка сярод зруйнаваных прысьценьняў ды выварачаных камянёў старажытнай дарогі.

– А, вось і дабраліся нарэшце! – уздыхнуў Гэндальф. – Тут і цякла рака Сіранон, Струмень Брамы, як яе звычайна называлі. Цікава, што ж зь ёй здарылася? Струмень быў жвавы й гаманлівы. Хадзем, пасьпяшаймася. Мы й так спазьняемся.

Падарожнікі пазьбівалі ногі ды стаміліся, але ўпарта крочылі й крочылі вярсту за вярстою па пятлястай, цяжкай сьцежцы. Сонца пачало апускацца, калі прыпыніліся перадыхнуць і сьпехам паесьці, і зноў рушылі далей. Наперадзе грувасьціліся горы, але сьцежка вяла па глыбокай лагчыне, і відаць былі толькі вяршыні найвышэйшых адгор'яў ды высачэзныя пікі далёка на ўсходзе.

Нарэшце дабраліся да павароту. Дарога, якая ўхілялася на поўдзень, віючыся паміж скальным адхонам і рэчышчам, зноў скіравалася на ўсход. Збочыўшы, вандроўнікі ўбачылі перад сабою нізкую скалу, сажняў зь пяць усяго, з вызубранай і растрэсканай вершалінай. Зь яе высочваўся, ледзь не па кропельцы, танюткі струменьчык вады, хоць і падавалася, што шырокую расколіну наверсе прамыў калісьці моцны й паўнаводны вадаспад.

– Насамрэч, мясьціны зьмяніліся! – прамовіў Гэндальф. – Але памыліцца ўжо немагчыма: мы бачым тое, што засталося ад Вадаспаднай лесьвіцы. Калі памяць мяне не падманвае, паабок ад яго былі вычасаныя ў камені сходы, а галоўная дарога адхілялася налева й сэрпантынам выходзіла на роўнядзь наверсе – пляскатую даліну за вадаспадам, якая пачынаецца прама ад брамы. Па даліне цякла Сіранон, і побач зь ёй ішла дарога.

Лесьвіцу знайшлі адразу ж, і Гімлі спрытна рушыў па ёй, а за ім – Гэндальф і Фрода. Калі ж дабраліся да верху, вынайшлі: далей тут ходу няма. Таксама высьветлілася, чаму перасох Струмень Брамы. За сьпінамі сыходнае сонца залівала чыстыя заходнія нябёсы зіхоткім золатам, а перад імі разаслалася змрочная роўнядзь возера. Палымяны захад не адбіваўся на яго паверхні. Струмень Брамы быў загачаны й разьліўся на ўсю даліну. За злавеснай змрочнай вадою высіліся вялізарныя скалы, іхнія суворыя ілбішчы бялелі ў сьвятле сутоньня. Усё, далей праходу няма. Ані брамаў ці тунэлю, ані нават шчылінкі не заўважыў Фрода на хмурным камені.

– Перад вамі – сьцены Морыі, – Гэндальф паказаў на скалы. – Там, напрыканцы даліны й дарогі ад Падуб'я, па якой мы прыйшлі, калісьці была Эльфская брама. Але тут нам не прабрацца. Аніхто з нас, мяркую, не захоча плысьці па гэтай вадзе ў цемры. Увогуле, не падабаецца мне гэтае возера.

– Можам знайсьці праход уздоўж паўночнага берагу, – прапанаваў Гімлі. – Пройдзем па галоўнай дарозе дый пабачым, куды ён выводзіць. Бо нават калі б і возера не было, мы не зацягнулі б поні на лесьвіцы.

– Гэтак ці інакш, у Морыю мы жывёліну не пацягнулі б, – сказаў Гэндальф. – Шлях пад гарамі – цьмяны й недарэчны, там процьма вузкіх і стромых праходаў, па якіх ён ня пройдзе.

– Небарака Біл! – уздыхнуў Фрода. – Я й не падумаў пра яго. Што ж скажа Сэм?

– Даруй мне, калі ласка, – прамовіў Гэндальф. – Стары поні быў карысным спадарожнікам, і мне насамрэч шкада пакідаць яго тут аднаго. Я ад самага пачатку падазраваў, што нам давядзецца йсьці пад гарамі, і калі б было па-мойму, мы ўзялі б меней паклады дый аніякіх жывёлаў, асабліва тых, якія гэтак даспадобы Сэму.

Сьцямнела, і ў нябёсах, высока над рэшткамі заходняга полымя, заблішчэлі халодныя зоры, калі Зьвяз, сьпяшаючыся што моцы, ускараскаўся па схіле й дабраўся да берагу возера. Ушыркі яно сягала самае большае дзьвюх ці трох гоняў. Ці далёка яно цягнулася на поўдзень, у змроку не разабралі, паўночны край ляжаў не далей за паўвярсты, а паміж скальнымі сьценамі даліны й краем вады яшчэ заставалася палоска прасторы. Рушылі наперад амаль бегма, бо заставалася ня меней за вярсту да дальняга берагу, куды кіраваўся Гэндальф. А яшчэ ж трэба было знайсьці браму.

Ля паўночнага краю возера дарогу перагарадзіў вузкі заліў, зацьвілы, зялёны, нібы сьлізкая рука з глыбіняў учапілася ў агароджу скалаў. Гімлі дзёрзка крочыў наперад і вынайшаў, што вады ўсяго па халяву. Астатнія рушылі за ім цугам, асьцярожна, бо ад водарасьцяў ды цьвілі камяні на дне былі сьлізкія й ненадзейныя. Фрода ажно здрыгануўся, калі чорная нячыстая вада кранула ягоныя ногі.

Калі Сэм, апошні ў шэрагу, вывеў Біла на сухое, пачуўся мяккі гук: узбульк, потым пляск, быццам рыба скокнула на паверхню. Азірнуўшыся, падарожнікі пабачылі, як удалечыні разьбягаюцца кольцамі, акрэсьленымі чорнымі ценямі ад згасалага сонца, хвалі. Узбулькнула зноў – і заціхла. Змрок пагусьцеў, апошнія промні заходу закрыла хмара.

Гэндальф ішоў хутка й шырока, астатнія сьпяшалі за ім як толькі маглі. Сягнулі сухой палоскі паміж сьцяной і возерам – вузкай, месцамі ня болей за паўтузіна сажняў, загрувашчанай каменьнем. Прабіраліся, прыціскаючыся да скалаў, трымаючыся як мага далей ад чорнай вады. Празь вярсту ўздоўж берагу напаткалі падубы. Пні й апалыя галіны гнілі ў прыбярэжнай вадзе – мёртвыя рэшткі былой купы ці жывой агароджы дарогі, якая вяла праз затопленую цяпер даліну. Але пад самай сьцяной яшчэ стаялі моцныя й жывыя два высачэзныя дрэвы падубу, большыя за любы падуб, які Фрода бачыў ці нават мог уявіць. Іхнія магутныя карані сягалі ад сьцяны да вады. Пад веліканскай сьцяною скалаў, здалёк, ад Вадаспаднай лесьвіцы, яны падаліся кустамі, але цяпер вежамі ўзвышаліся над галовамі, суворыя, змрочныя, маўклівыя, з узножжамі, агорнутымі начным ценем, – нерухомыя вартавыя напрыканцы шляху.

– Ну, дабраліся ўрэшце! – усклікнуў Гэндальф. – Тут і сканчаецца эльфскі шлях з Падуб'я. Падубы былі сымбалем народу гэтай краіны, іх насадзілі тут, каб пазначаць мяжу, бо Заходняя брама Морыі й прызначалася ў асноўным для гандлю паміж эльфамі ды гаспадарамі Морыі. Найшчасьлівейшыя тады былі часіны, калі сябравалі самыя розныя народы, нават эльфы з гномамі.

– Не праз гномаў згасла тое сяброўства, – прабурчэў Гімлі.

– Я нешта ня чуў, каб яно згасла праз эльфаў, – запярэчыў Ляголас.

– А я чуў і тое, і другое, – сказаў Гэндальф, – і не вазьмуся цяпер меркаваць, дзе рацыя. Прашу вас, Гімлі, Ляголас, не сварыцеся, калі ласка. Дапамажыце мне лепей, вы абодва патрэбныя мне. Брама зачыненая й схаваная, і чым раней мы знойдзем яе, тым лепей. Ужо ж амаль ноч!

– Пакуль мы шукаем, калі ласка, падрыхтуйцеся да таго, каб крочыць у Морыю, – дадаў, павярнуўшыся да астатніх. – Тут, на жаль, трэба разьвітацца з нашым чатырохногім сябрам. Можна пакінуць большасьць цёплай вопраткі, якую бралі на зімовае надвор'е. Пад гарамі яна не спатрэбіцца, і калі мы выберамся з-пад іх – таксама, спадзяюся. Бо кіруемся мы на поўдзень. Замест гэтага кожнаму трэба ўзяць частку таго, што везьлі на поні, асабліва ежу й біклагі з вадою.

– Вашмосьць Гэндальфе, вы ж не пакінеце небараку Біла ў гэтым клятым месцы, га? – узмаліўся Сэм, разьюшаны й засмучаны. – Ды я ў жыцьці такога не дазволю! Ды ён жа колькі з намі цягнуўся!

– Прабач, Сэме, – вымавіў Гэндальф. – Калі брама адчыніцца, наўрад ці ты зацягнеш Біла ў пячоры, у доўгую цемру Морыі. Выбірай: ці Біл, ці твой гаспадар.

– Ды ён за спадаром Фрода ў цмокава лёжышча палезе, калі я толькі яго павяду туды! – выгукнуў Сэм. – А тут выпускаць яго – гэта ж забойства, няйначай, з усімі гэнымі ваўкамі навокал.

– Спадзяюся, усё ж іначай, – Гэндальф паклаў руку на галаву поні й нягучна вымавіў: – Пачуй мае словы, добры конік, і няхай яны абароняць і засьцерагуць цябе. Кроч упэўнена й сьцярожка. Ты – мудрая жывёліна й шмат чаму вывучыўся ў Долым Яры. Ідзі туды, дзе знойдзеш траву дый вяртайся ў свой час да Эльрандавай сядзібы ці куды сам пажадаеш.

– Ну, Сэме, – дадаў чараўнік, – у яго ня меней шанцаў пазьбегнуць ваўкоў і вярнуцца дахаты, чым у нас.

Сэм не адказаў. Стаяў ля поні, маўклівы й пахмуры. Біл, нібы разумеючы, што адбываецца, ласкава кранаў яго пысаю, носам тыцкаўся ў вуха. Сэм расплакаўся ды, усхліпваючы, прыняўся няўклюда распускаць рамяні й скідваць пакункі на зямлю. Астатнія гатункавалі рэчы, адкладваючы тое, што пакідалі.

Калі скончылі, павярнуліся да Гэндальфа. Той, падавалася, стаяў бязмэтава й аслупянела, узіраючыся ў гладкую сьцяну паміж дрэвамі, нібы буравіў у ёй позіркам дзірку. Гімлі бадзяўся туды-сюды ўздоўж сьцяны, зрэдку пагрукваючы абухом сякеры па камені. Ляголас прыціснуўся да скалы, быццам услухоўваючыся.

– Ну, мы ўсе падрыхтаваліся, – абвесьціў Мэры, – дзе ж брама? Нешта я анічога ня бачу.

– Гномскія брамы й не павінны быць бачныя, калі яны зачыненыя, – давёў Гімлі. – Яны добра схаваныя, і нават іх творцы няздольныя іх адшукаць ці адчыніць, калі забудуцца на іх сакрэт.

– Але гэтая брама не была таямніцай, вядомай толькі гномам, – запярэчыў яму Гэндальф, зьнянацку зноў заварушыўся й павярнуўся да астатніх, – калі тут усё цалкам не памянялася, тыя, што ведаюць, куды глядзець, здолеюць заўважыць.

Ён крочыў да сьцяны. Якраз паміж ценямі ад дрэваў было гладкае месца, і над ім чараўнік павёў рукамі, мармычучы нешта сабе пад нос. Адышоўся.

– Зірніце! Ці бачыце што цяпер?



Месяц асьвятліў шэрую паверхню скалы, але спачатку нічога не зьмянілася. Тады павольна ў месцах, над якімі прайшла рука чараўніка, вымаляваліся слабыя рысачкі, бы танюткія жылкі срэбра ў камені. Не таўсьцейшыя за павуціньне, і праблісквалі, толькі калі месяцовае сьвятло трапляла на іх. Паступова пашырыліся, запрамянелі – і ўжо пазначыўся ўвесь малюнак.

Наверсе, там, куды Гэндальф толькі мог дацягнуцца рукою, нарысавалася арка зь пераплеценых эльфскіх літараў. Пад імі, хоць срэбныя жылкі месцамі былі папсаваныя ці невыразныя, угадваўся абрыс кавадла й молата, а над імі – карона зь сямю зорамі. Унізе – два дрэвы зь лісточкамі-маладзікамі. А зырчэй за ўсё астатняе зьзяла зь сярэдзіны брамы адзіная зорка з мноствам прамянёў.

– Сымбалі Дарыну! – выгукнуў Гімлі.

– I Дрэва вышніх эльфаў! – азваўся Ляголас.

– I зорка Феанорава роду, – дадаў Гэндальф. – Выява зроблена зь іфільдыну, які адбівае толькі зорнае й месяцовае сьвятло й не ажывае, пакуль яго не кране той, хто вымавіць словы, у Міжзем'і ўжо даўно забытыя. Даўнютка таму я чуў іх і ня хутка здолеў выцягнуць з памяці.

– А пра што гаворыць надпіс? – спытаў Фрода. – Я лічыў, што ведаю эльфскія пісьмёны, але не магу прачытаць.

– Таму што гэта эльфская мова Захаду Міжзем'я, мова Даўніх дзён, – патлумачыў Гэндальф. – Але надпіс нічога карыснага для нас не распавядае. "Брама Дарына, валадара Морыі. Вымаві, сябра, і заходзь". А ўнізе напісана меншымі літарамі й не такімі яркімі: "Я, Нарві, вырабіў браму. Надпіс зрабіў Келебрымбар з Падуб'я".

– I што ж значыць: вымаві, сябра, і заходзь? – спытаў Мэры.

– Ну, гэта ясна, – адказаў Гімлі, – калі ты – сябра, вымаві патрэбныя словы, брама адчыніцца й ты ўвойдзеш.

– Так, – падтрымаў яго Гэндальф, – брамай, напэўна, кіруюць словы заклёну. Некаторыя гномскія брамы адчыняюцца толькі ў пэўны час ці дзеля пэўных асобаў, а для некаторых яшчэ й ключ трэба мець пасьля таго, як усе патрэбныя словы сказаныя. Гэтай браме ключ не патрэбны. У часы Дарына яна не была таемнай. Звычайна заставалася расчыненай, і ахоўнікі сядзелі побач. А калі была зачыненая, толькі тыя, што ведалі словы, маглі адчыніць і прайсьці. Ва ўсялякім выпадку гэтак запісана, ці не, Гімлі?

– Так, – пацьвердзіў гном. – Але тыя словы страчаныя. Нарві, ягонае майстэрства й увесь ягоны род ужо даўно пакінулі Міжзем'е.

– А што, ты ня ведаеш гэтых словаў, Гэндальф? – зьдзівіўся Барамір.

– Не! – адгукнуўся чараўнік.

Астатнія пазіралі агаломшана й разгублена. Толькі Арагорн, які добра ведаў чараўніка, моўчкі й спакойна чакаў.

– Тады нашто ты прыцягнуў нас да гэтага клятага месца? – выкрыкнуў Барамір, азіраючыся на чорную ваду й уздрыгваючы. – Ты ж казаў нам, што калісьці прайшоў праз гэтыя скляпеньні? Як ты здолеў, калі ня ведаеш, як патрапіць у іх?

– Адказ на першае тваё пытаньне, – вымавіў Гэндальф, – такі: слова я насамрэч ня ведаю – пакуль што. Але ж пабачым. А пра карысьць маіх учынкаў, – дадаў ён, бліснуўшы вачыма з-пад калматых устапыраных броваў, – лепей пытацца, калі іх разумееш. Што ж тычыцца другога твайго пытаньня: ці ты сумняесься ў праўдзівасьці маіх словаў? Ці ня кеміш зусім? Я не адсюль крочыў у Морыю, а з усходу. Калі хочаш ведаць, гэтая брама адчыняецца вонкі. З другога боку дастаткова зьлёгку націснуць. Адсюль жа анічога яе ня зрушыць, акрамя загадных словаў. Вонкі іх не ўваб'еш, і ня выламіш.

– І што ж ваша тады рабіцьме зь імі? – спытаў Піпін, на якога сувора ўстапыраныя бровы чараўніка аніяк не паўплывалі.

– Біцьму іх тваёй галавою, Перыгрын Хват! – раззлаваўся Гэндальф. – Але калі яны ад гэтага не раскрышацца й мне дазволяць крыху перадыхнуць, не даймаючы глупствамі, я, можа, і ўзгадаю патрэбныя словы. Калісьці я ведаў кожны заклён на ўсіх мовах эльфаў, людзей ці оркаў, які толькі выкарыстоўваўся з гэткай нагоды. Нават зь лёту гурт іх бяз тузіна магу ўзгадаць. Аднак, лічу, тут спатрэбіцца няшмат здагадак. Нават і Гімлі не давядзецца прасіць пра заклёны на таемнай гномскай мове, якой яны анікога ня вучаць. Замковы заклён, безумоўна, на эльфскай, як і словы на браме.

Ён крочыў да скалы зноў і крануў кіем срэбную зорку пасярэдзіне брамы, пад сымбалем кавадла. Вымавіў загадна:

Аннон эдэльлен, эдра й аммэн!

Фэннас ногофрым, ласту бэф ламмэн!

Срэбныя рысы пабляклі, але шэры гладкі камень не зварухнуўся.

Мноства разоў паўтарыў чараўнік гэтыя словы ў розным парадку. Пасьля паспрабаваў іншыя заклёны, адзін за адным, вымаўляючы іх то гучна й хутка, то ціха й павольна. Тады паўтарыў мноства асобных словаў па-эльфску. Анічога не адбылося. Скала нерухома сьцянела ў начным змроку, над галовамі запаліліся незьлічоныя зоры, задзьмуў ільдзяны вецер. Брама не адчынялася.

Зноў Гэндальф наблізіўся да скалы і, узьняўшы рукі, выгукнуў, звонячы сілаю й закіпаючы гневам: "Эдра, Эдра!!!" Ды бразнуў кіем аб сьцяну.

– Адчыніся! – загадаў браме й паўтарыў загад на кожнай мове, якая толькі чулася на захадзе Міжзем'я. Тады шпурнуў кій на зямлю й моўчкі сеў.

У гэты момант вецер прынёс здалёк ваўчынае выцьцё. Поні спалохана ўздрыгнуў. Сэм скочыў да яго й зашапатаў штось ціхенька на вуха.

– Не дазваляй яму ўцячы! – загадаў Барамір. – Падаецца мне, ён нам яшчэ спатрэбіцца, калі толькі ваўкі да нас не дабяруцца. Як я ненавіджу гэтую смуродную калюжыну!

Нахіліўся, падняў камень ды шпурнуў яго як далей. Камень зьнік зь ціхім пляскам пад чорнай паверхняй – і ў гэты момант усплёснула зноў, прашамасьцела й узбулькнула. Вялізныя хвалі пабеглі кольцамі ад месца, куды патрапіў камень, дый рушылі павольна да берагу.

– Навошта, Барамір? – спытаў Фрода. – Я таксама ненавіджу гэтае месца й баюся. Нават ня ведаю, чаго дакладна: не ваўкоў або цемры за брамаю. Нечага іншага з гэтага чорнага возера. Не турбуй яго!

– Хутчэй бы сысьці адсюль, – вымавіў Мэры.

– Чаму Гэндальф марудзіць? – спытаў Піпін.

Гэндальф не зьвярнуў на іх увагі. Сядзеў занурыўшыся – ці адчаяўся, ці глыбока задумаўся. Самотнае ваўчынае выцьцё пачулася зноў. Хвалі на возеры чамусьці вырасьлі, наблізіліся, а некаторыя й гучна плёскалі ў бераг.

Зьнянацку, напалохаўшы ўсіх, чараўнік ускочыў, сьмеючыся.

– Але, так проста! Вядома, вядома ж! Проста да абсурду, як любая загадка, калі ты нарэшце знойдзеш адказ!

Падхапіўшы кій, паўстаў перад сьцяной і вымавіў выразна: "Мэллан!"

Зорка ўзбліснула й згасла зноў. Тады бязгучна вызначыўся абрыс вялізнай брамы, хоць раней немагчыма было заўважыць аніводнай шчэлкі ці сучляненьня. Павольна створкі разышліся, цаля за цаляй, пакуль ня ўперліся ў сьцяну. За брамай цьмяна выступала з змроку стромая лесьвіца ўгору, яе ўзножжа агарнула цемра, глыбейшая за начны змрок навокал. Вандроўнікі застылі ў зьдзіве.

– Я памыляўся, – прызнаўся Гэндальф. – Дый Гімлі таксама. Адзіны Мэры, падумаць толькі, меў рацыю. Насамрэч, замковае слова проста напісанае на браме! Перакласьці надпіс трэба было так: Скажы "сябра" – і ўваходзь! Я мусіў толькі вымавіць слова "сябра" па-эльфску, і брама адчынілася. Так проста. Надта проста для дасьведчанага знаўцы заклёнаў у нашыя неспакойныя дні. Былі ж калісьці часы такога даверу! Аднак наперад!

Ён крочыў наперад і паставіў нагу на ніжнюю прыступку. У гэты самы момант адбыліся некалькі рэчаў адразу. Фрода адчуў, як нешта ўхапіла яго за лытку, і ўпаў, адчайна крыкнуўшы. Біл шалёна заржаў з жаху, адскочыў ды панёсься ўздоўж берагу ў цемру. Сэм кінуўся за ім, але пачуў Фродаў крык і вярнуўся назад, да яго, з плачам і лаянкай. Усе азірнуліся – і ўбачылі, што азёрная вада булькоча, нібы зграя зьмеяў плыве да іх з паўднёвага краю.

З вады выпаўзла доўгае жылістае шчупала, мокрае, бляднае. У цемры яно адсьвечвала атрутным зялёным. Сьлізкія пальцы на ягоным канцы трымалі Фрода за нагу й цягнулі ў ваду. Сэм упаў на калені й секануў кордам.

Шчупала выпусьціла Фрода, і Сэм пацягнуў гаспадара прэч, гукаючы дапамогі. З вады высьлізнулі яшчэ два дзясяткі шчупалаў. Чорная вада бурліла, выпускаючы жудасны смурод.

– Усярэдзіну! На лесьвіцу! Хутчэй!!! – загадаў Гэндальф, адскокваючы.

Ягоны крык абудзіў астатніх, што стаялі здранцьвеўшы ад жаху. Адзіны Сэм яшчэ рухаўся, цягнучы Фрода. Кінуліся ўсярэдзіну – і своечасова. Сэм з Фрода пасьпелі падняцца хіба на паўтузіна прыступак, а Гэндальф толькі крочыў зноў на ніжнюю, калі хаплівыя шчупалы абрынуліся на вузкі бераг, чапляючыся за сьцены й за палавінкі брамы. Адно пралезла й за браму, вільготна пабліскваючы ў зорным сьвятле. Гэндальф прыпыніўся, азірнуўшыся. Аднак калі ён выбіраў, якім словам замкнуць дзьверы знутры, дык дарма. Бо мноства шчупалаў, віючыся, схапілі створкі з абодвух бакоў і з жудаснай сілаю ляпнулі імі. Аглушальна бразнуўшы, брама зачынілася, і абрынулася паўнюткая цемра. Звонку праз тоўстае каменьне глуха даносіўся скрыгат й грукат.

Сэм, яшчэ трымаючы Фродаву руку, сеў, зьнясілены, на прыступку.

– Небарака Біл! – вымавіў з дрыжыкамі ў голасе. – Добры мой конік! Ваўкі ды зьмяюкі! Зьмяюкі – гэта ўжо занадта для яго. Мне давялося выбіраць, спадару Фрода. Але ж я мушу йсьці з вамі.

Скрозь цемру пачулі, як Гэндальф спусьціўся да брамы й тыцнуў у яе кіем. Каменьне ўскаланулася, і дрыгат прабег па лесьвіцы, але брама не адчынілася.


– Так, так, – прамовіў чараўнік. – Шлях вяртаньня перакрыты, і дарога нам адна – на другі бок гор. Мяркуючы па гуках, перад брамай наваленае каменьне, дый прыбрамныя дрэвы выварачаныя й кінутыя ўпоперак, каб ня даць браме адчыніцца. Шкада, дрэвы былі прыгожыя й пражылі так доўга.

– Я прадчуваў нешта жудаснае з моманту, калі толькі мая нага кранула ваду, – прызнаўся Фрода. – Што гэта за пачвара ці пачвары?

– Ня ведаю, – адказаў Гэндальф. – Але кіраваліся ўсе гэтыя шчупалы адзінай мэтай. Напэўна, нешта выпаўзла ці было выгнанае з самых чорных глыбінных падгорных водаў. У нутрынах гэтага сусьвету ёсьць пачвары нашмат старажытнейшыя і злосьнейшыя за оркаў.

Чараўнік, аднак, не агучыў яшчэ адну сваю думку: што ці хто б ні пасяліўся ў возеры, ён ухапіў першым менавіта Фрода.

Барамір прамармытаў сабе пад нос, але гулкае рэха ўзмацніла ягоны голас, і ўсе пачулі хрыплы шэпт: "У глыбінях гэтага сусьвету, шаноўнае спадарства! Ці не туды мы й патрапілі насуперак маёй волі? Толькі хто ж нас выведзе з гэтай сьмяротнай цемры?"

– Я, – адказаў Гэндальф, – і Гімлі разам з мною. Сачы за маім кіем!

Чараўнік падняўся на колькі прыступак, узьняў кій, і зь ягонага канчара зазьзяла нязыркае сьвятло. Шырокая лесьвіца ўгару засталася, відавочна, непашкоджанай і бясьпечнай. Налічылі на ёй дзьве сотні прыступак, шырокіх і нізкіх, а наверсе ўбачылі праход пад аркаю дый роўны тунэль за ім.

– Давайце крыху прысядзем і паямо – прама пасярод уваходу, раз мы йшчэ не знайшлі бальнай залі! – прапанаваў Фрода.

Жах ад сустрэчы з шчупалам паціху праходзіў, і Фрода адчуў незвычайны голад. Прапанову ўсе падтрымалі з радасьцю, паселі на верхніх прыступках – размытымі ценьмі ў змроку. Калі падсілкаваліся, Гэндальф зноў выдаў кожнаму па глытку долаярскага мірувору.

– Баюся, надоўга яго ня хопіць, – вымавіў ён. – Але ж, мяркую, пасьля той прыбрамнай жуды ён неабходны. А калі нам не пашанцуе надзвычайна, рэшткі моцна спатрэбяцца, як сягнем другога выхаду. I з вадою асьцярожней! У Морыі шмат крыніцаў і струменяў, але іх вады нельга нат кранаць. Магчыма, мы не папоўнім нашыя біклагі, пакуль ня выйдзем у Дымрыльскую даліну.

– Калі тое будзе? – спытаў Фрода.

– Цяжка сказаць. Шмат ад чаго залежыць. Мяркую, калі пойдзем надта не ўхіляючыся, не заблытаемся ці не патрапім у непрыемнасьці – тры ці чатыры пераходы. Ад Заходняй брамы да Ўсходняй нават па прамой ня меней за сорак вёрстаў, а прамых шляхоў тут няма.

Адпачыўшы крыху, рушылі зноў. Усім карцела пакінуць Морыю як мага хутчэй, і хоць і стомленыя надзвычай, згодныя былі ісьці яшчэ некалькі гадзінаў. Гэндальф, як і раней, крочыў наперадзе. У левай руцэ ўздымаў кій, сьвятла якога хапала толькі каб высьветліць калідор на некалькі крокаў перад чараўніком, у правай трымаў меч Гламдрынг. За Гэндальфам ішоў Гімлі, і ягоныя вочы ўзблісквалі ў змроку, адбіваючы сьвятло, калі ён круціў галавою, азіраючыся. За гномам рушыў Фрода, сьціскаючы Джала. Лёзы Джала й Гламдрынга заставаліся цёмнымі – суцяшальная прыкмета, бо мечы, зробленыя эльфскімі кавалямі Даўніх дзён, зьзялі халодным сьвятлом, калі набліжаліся оркі. За Фрода ішоў Сэм, за ім – Ляголас, далей маладзейшыя хобіты й Барамір. У цемры за ўсімі, змрочны й маўклівы, крочыў Арагорн.

Калідор некалькі разоў павярнуў дый пачаў спускацца. Ішлі ўніз даволі доўга, пакуль шлях зноў ня выраўняўся. Паветра зрабілася сьпякотным і душным, хоць і не смуродным, а час ад часу адчувалі патыханьне халаднейшага скразьняку зь ледзь заўважных праходаў у сьценах. Іх траплялася нямала. У няпэўным сьвятле чараўніковага кія Фрода прыкмячаў абрысы сходаў і арак, калідораў і тунэляў, якія вялі ўгору, ці строма ўніз, ці ўтыкаліся ў чарнату. Як толькі іх усе магчыма пазапомніць, як знайсьці шлях між імі?

Гімлі амаль нічым чараўніку не дапамагаў – хіба толькі ўпэўненым спакоем. Урэшце аднога яго з усіх цемра сама па сабе не турбавала. Часьцяком Гэндальф абмяркоўваў зь ім кірунак, калі траплялі на сумнеўнае разгалінаваньне, але вырашаў, куды ісьці, заўсёды сам чараўнік. Бо неабсяжныя й заблытаныя скляпеньні Морыі былі далёка па-за ведамі й досьведам Гімлі, сына Глойна, дарма што той нарадзіўся падгорным гномам. Гэндальфу ягоны досьвед даўняй вандроўкі праз Морыю амаль не дапамагаў, аднак, нягледзячы на цемру й бясконцыя павароты калідораў, чараўнік добра ўяўляў напрамак і беспамылкова трымаўся яго, адшукваючы найбліжэйшыя да яго праходы.

– Ня бойцеся! – вымавіў Арагорн, калі ля чарговага разгалінаваньня прыпыніліся даўжэй як звычайна. Гэндальф з Гімлі перашэптваліся, астатнія згуртаваліся непадалёк, заклапочана чакаючы. – Не палохайцеся. Я прайшоў разам з Гэндальфам мноства шляхоў, хоць ніводны ня быў такі змрочны, як гэты. А ў Долым Яры распавядаюць і пра вялікшыя ягоныя зьдзяйсьненьні. Калі толькі шлях існуе, ён яго знойдзе. Ён завёў нас сюды супраць нашай волі й страхаў, але ён выведзе нас, чаго ні каштавала б гэта яму самому. Ён нават у паўнюткай ночы лепей адшукае шлях дахаты, чым коткі каралевы Беруціель.

I добра ж, што мелі гэткага правадыра, бо ані дрэва, ані іншага матэрыялу на паходні не было – у жаху шмат чаго пакінулі ля брамы. А безь сьвятла далёка не прайшлі б, бо даводзілася ня толькі выбіраць адпаведны шлях, але й абыходзіць ды пераскокваць мноства правалаў і шчылінаў, побач з праходамі зеўралі калодзежы, у якіх адбівалася рэха крокаў. I ў падлозе, і ў сьценах трапляліся расколіны, раз-пораз заўважалі іх прама пад нагамі. Найшырэйшая – ня меней за тры локці, і Піпін доўга прастаяў ля яе, пакуль набраўся адвагі скочыць. Зь яе даносіліся пляск і бурленьне, быццам вялізнае млынавае кола варочалася ў глыбіні.

– Вяроўка, – мармытаў Сэм. – Ведаў жа, што спатрэбіцца, – і не паклаў!

Падобныя небясьпекі траплялі ўсё часьцей, і рух запаволіўся. Падавалася, ужо вечнасьць тэпаюць і тэпаюць да самых горных каранёў. Стаміліся па-за ўсялякай мераю, але й ня думалі, каб прыпыніцца, – які ж тут адпачынак? Пасьля ўцёку ад брамнай пачвары, таксама пасьля ежы ды асабліва глытку мірувору Фродаў настрой узьняўся, але цяпер пачуцьцё трывогі ўзмацнялася, ператвараючыся ў страх. Хоць яго й ацалілі ў Долым Яры ад варожай раны, вядзьмарскай, ліхой, бясьсьледна яна не мінула. Фродавы пачуцьці абвастрыліся, ён нашмат мацней, чым раней, адчуваў тое, што не заўважалася вачыма. I ў змроку бачыў лепей за ўсіх паплечнікаў. апроч хіба Гэндальфа. I пярсьцёнак адчуваўся ўсё больш, часамі наліваўся цяжарам, нацягваючы ланцуг, сьціскаючы грудзі. Фрода ведаў пра прысутнасьць ліха: ворагі чакалі наперадзе, ворагі краліся сьледам, але пра тое маўчаў. Толькі сьціскаў цаўё меча ды ўпарта крочыў далей.

Падарожнікі перамаўляліся рэдка, і толькі пасьпешлівым шапатком. Па скляпеньні разносіліся адно гукі крокаў: глухое тып-тып гномскіх ботаў, цяжкая хада Бараміра, лёгкі шорхат

Ляголасавых чаравікаў, мяккае, ледзь чутнае шабуршаньне хобіцкіх босых ног. А ззаду – павольныя, упэўненыя, доўгія крокі Арагорна. Калі прыпыняліся, на момант павісала мёртвая цішыня, хіба толькі раз-пораз разьляталіся згукі кропляў, што сочацца ці падаюць недзе ў цемры. Аднак Фрода чуў – ці так падавалася – нешта іншае: ледзь адбітны пляскат босых ступакоў. Аніколі гучна ці блізка, але ўжо несумнеўна. Яно гучала й не прыпынялася, калі вандроўнікі ішлі... Але гэта было ня рэха, бо калі прыпыняліся, яшчэ колькі часу плюхкала само па сабе, толькі потым сьціхала.

У Морыю патрапілі пасьля заходу й прайшлі некалькі гадзінаў толькі з кароткімі прыпынкамі, калі Гэндальф нарэшце надоўга задумаўся. Перад ім за шырокай аркаю адкрываліся тры праходы, усе ў патрэбным напрамку, на ўсход. Але левы спускаўся, правы веў угору, трэці ж – проста й роўна, але быў надта вузкі.

– Я ня памятаю гэтага месца ўвогуле, – паскардзіўся Гэндальф, стоячы пад аркаю дый азіраючыся. Падняў кій – пабачыць, ці ёсьць якія пазнакі ці надпісы, якія праясьнілі б справу, але не знайшоў анічога.

– Напэўна, я надта стаміўся, каб выбраць правільна, – хіснуў галавою. – Мяркую, і вы стаміліся ня меней за мяне, калі ня болей. Лепей прыпыніцца тут, адпачыць да раніцы, колькі там да яе засталося. Вядома, тут заўсёды змрок, але вонкі ветах ужо павярнуў на захад і поўнач мінула.

– Небарака Біл, – уздыхнуў Сэм. – Дзе ён, бедны? Спадзяюся, ваўкі яго ня зжэрлі.

Леваруч ад аркі знайшлі каменныя дзьверы, напаўзачыненыя, але ж яны адчыніліся ад лёгкага штуршка. За імі бачыўся вялізны пакой, вычасаны ў скале.

– Цішэй, цішэй! – выгукнуў Гэндальф, калі Мэры зь Піпінам кінуліся наперад, задаволеныя месцам, хоць бы крыху затуленым і бясьпечнейшым, чым адкрыты калідор. – Вы ж ня ведаеце, што там. Дазвольце мне зайсьці першым.

Зайшоў асьцярожна, астатнія цугам за ім.

– Вось! – чараўнік паказаў кіем на цэнтр залі, дзе перад самымі ягонымі нагамі ашчэрылася вялізная круглая дзірка, нібы калодзеж. Паламаныя, заржавелыя ланцугі грувасьціліся ля яе краю, цягнуліся ўсярэдзіну, у чорную праваліну. Каменныя аскепкі валяліся побач.

– Хтосьці з вас мог зараз ляцець там і ўсё яшчэ гадаць, ці хутка дно, – сказаў Арагорн Мэры. – Калі ўжо маеце правадыра, дык дазвольце яму крочыць паперадзе.

– Падобна да вартоўні для нагляду за трыма калідорамі, – выказаў меркаваньне Гімлі. – А дзірка добра падыходзіць у якасьці калодзежу для патрэбы вартаўнікоў, яна мусіла накрывацца каменнай плітой. Але пліта разьбітая, таму нам трэба сьцерагчыся ў цемры.

А Піпіна неяк дзівосна вабіла да калодзежа. Пакуль астатнія разгортвалі коўдры й рыхтавалі ложкі ўздоўж сьценаў пакою, як мага далей ад дзіркі, хобіт падабраўся да яе й зазірнуў. Халодны вецер зь нябачнай глыбіні пляснуў яму ў твар. Паддаўшыся раптоўнаму невытлумачальнаму парыву, хобіт намацаў на ўскрайку каменны аскепак дый сьпіхнуў яго. У цішыні пачуў, як грукае ягонае сэрца – раз, другі, мноства разоў. Нарэшце з далёкага нізу данеслася гулкае "плуп"! Быццам камень пляснуўся ў глыбокую ваду недзе ў прасторнай пячоры, і калодзеж данёс, узмацніўшы й паўтарыўшы мноства разоў, далёкае рэха.

– Што гэта? – выгукнуў Гэндальф.

Піпін, запінаючыся, прызнаўся. Гэндальф уздыхнуў з палёгкай, але раззлаваўся й вочы ягоныя бліснулі сувора.

– Дурань Хват! – прабурчэў ён. – Гэта табе ня хобіцкі шпацыр па прысадах! Наступны раз скачы сам – будзе меней клопату. Цяпер закрый рот ды слухай!

Некалькі хвілінаў анічога ня чулася. Тады з глыбіняў даляцеў слабы погрук: тап-том, тап-том. Спыніўся. Калі рэха змоўкла, паўтарыўся: тап-там, тап-там, тап-тап, там. Вельмі падобна да нейкага сыгналу. Ён прагучаў некалькі разоў, тады аціх.

– Каб мне аніколі болей ня чуць молату, калі гэта ня ён, – вымавіў Гімлі.

– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – I ён мне не даспадобы. Магчыма, ён і ня злучаны аніяк з Хватавым глупствам. Але, найхутчэй, ягоны камень патурбаваў тое, што лепей было б не чапаць. Калі ласка, болей не рабіце анічога падобнага! Спадзяюся, нам пашанцуе крыху адпачыць. А табе, Піпіне, асаблівая ўзнагарода – трымаць першую варту, – прабурчэй чараўнік, загортваючыся ў коўдру.

Няшчасны Піпін сядзеў ля дзьвярэй у паўнюткім змроку. Ды ўсё азіраўся, баючыся, што з калодзежу выпаўзе нейкая пачварына. Так карцела прыкрыць чым тую дзірку, хоць бы коўдрай! Але ён не адважваўся ня тое каб падысьці да дзіркі, а нават і паварухнуцца, хоць Гэндальф, напэўна, ужо заснуў.

Насамрэч Гэндальф ня спаў, толькі ляжаў моўчкі. Глыбока задумаўшыся, намагаючыся ўзгадаць кожную дробязь былой вандроўкі праз Морыю ды вырашыць, куды трэба кіравацца. Памылка цяпер была б катастрафічнай. Праз гадзіну падняўся й падышоў да Піпіна.

– Уладкуйся ў кутку ды сасьні крышку, хлапец, – казаў, відавочна, больш не злуючыся. – Напэўна ж, хочацца паспаць, так? А мне ўсё адно вачэй ня змружыць, я й павартую.

Усеўшыся побач зь дзьвярыма, прамармытаў:

– Ведаю-ведаю, у чым справа. Трэба папаліць. Я ж не каштаваў зёлкі ад самай раніцы перад перавалам.

Апошняе, што пабачыў Піпін перад тым, як сон агарнуў яго, былі цьмяныя абрысы старога чараўніка. Той сядзеў на падлозе й захіляў драўляную шчэпку вузлаватымі рукамі. Яна бліснула на момант, асьвятліўшы чараўніковы калені й твар з вострым доўгім носам і хмаркай дыму.


Абудзіў усіх таксама Гэндальф. Праседзеў у самоце шэсьць гадзінаў, дазволіўшы астатнім выспацца.

– Вартуючы я й вырашыў, – давёў кампаніі, – сярэдні калідор мне не падабаецца. I левы таксама, бо зь яго яўна сьмярдзіць. Ну, таму прапаную рушыць па правым. Мяркую, нам ужо час падымацца.

Пайшлі й крочылі восем гадзінаў з двума нядоўгімі прыпынкамі. Аніякай небясьпекі не напаткалі, анічога незвычайнага ня чулі й ня бачылі анічога, акрамя зыбкага агеньчыка на чараўніковым кіі, дрогкага й скаклівага, бы балотны сьвятляк. Абраны калідор, віючыся, упарта падымаўся. Падавалася, ён кружляў вітуніцаю, вёў угору й з кожным новым вітком рабіўся шырэйшым ды вышэйшым. Ані іншых калідораў, ані. праходаў ад яго не адгаліноўвалася, і падлога была гладкая, бяз шчылінаў або правалаў. Відавочна, патрапілі на нейкі значны шлях і рушылі цяпер па ім нашмат хутчэй, чым у першы дзень.

На ўсход гэткім чынам прасунуліся вёрстаў на пятнаццаць, калі па прамой, а нагамі вымералі ўсе дваццаць ці нават болей. З дарогай уздымаўся й Фродаў настрой. Але толькі патроху, бо трывога анікуды не падзелася, і часам зноў чулася – ці падавалася? – далёка за кампаніяй Зьвязу, за рэхам іхніх крокаў і не сугучна зь ім, слабое тупаценьне нечых босых ног.

Шыбавалі столькі, колькі хобіты здолелі без адпачынку, і ўжо шукалі месца для начлегу, калі сьцены пааберуч зьнянацку зьніклі. Падарожнікі, прайшоўшы пад нябачнаю вялізнаю аркаю, апынуліся ў вялікай цьмянай прасторы. Ззаду моцна дзьмула цяплейшым паветрам, а сьпераду цемра кранала твары холадам. Сябры Зьвязу спыніліся ды згуртаваліся, трывожна азіраючыся.

– Так, усё ж я абраў слушны шлях, – задаволена вымавіў Гэндальф. – Нарэшце мы сягнулі жылых пячораў, мяркую, непадалёк ад усходняга краю гор. Але ж цяпер, калі не памыляюся, мы нашмат вышэй ад Дымрыльскай Брамы. Па руху паветра падаецца, што мы ў нейкай залі. Ну, трэба рызыкнуць і падсьвяціць яе насамрэч.

Узьняў кій, і на момант зь яго палыхнула маланкаю. Мільганулі вялізарныя цені й высьветлілі перад вяртаньнем паўнюткай чарнаты высачэзны дах, падперты мноствам моцных калёнаў, вычасаных з каменю. Наперадзе й паабапал цягнулася доўгая пустая заля. Яе чорныя сьцены, сьлігтаваныя, гладкія, бы шкло, узбліснулі, люструючы сьвятло. У залю вялі яшчэ тры праходы пад гіганцкімі аркамі: наперадзе, прама перад вандроўнікамі й паабапал.

– Пакуль до ілюмінацыі, – сказаў Гэндальф. – У верхніх ярусах Морыі ёсьць вялізныя вокны, высечаныя ў горных схілах, і асьветленыя капальні. Лічу, мы ўжо ля іх, але вонкі ноч, і таму да сьвітанку наўрад ці мы пабачым болей. Напэўна, раніцою павітаем сапраўднае сонечнае сьвятло. А да яго лепей тут і прыпыніцца. Паспрабуем адпачыць. Дасюль усё йшло файна, большую й горшую частку шляху здужалі. Хоць засталося нямала, і да вонкавай брамы яшчэ колькі ходу.

Ноч бавілі ў залі, згуртаваўшыся ў куце й скурчыўшыся, каб схавацца ад пранізьлівага скразьняку. З усходняга выхаду ўвесь час дзьмула холадам. Ляжалі ў неабсяжнай цемры, пустой, гулкай, і незьлічоныя грамады каменю вакол ціснулі на сэрцы, прыгняталі. Так самотна й згубна было сярод бясконцых калідораў, вычасаных скляпеньняў ды лесьвіцаў. Нават найжудасьнейшыя ўяўленьні, падказаныя хобітам недагаворанымі й вусьцішнымі чуткамі, далёка не сягалі сапраўдных жуды й цуду Морыі.

– Але, добра ж тут калісьці варушыўся натоўп гномаў, – зазначыў Сэм, – кожны, без сумневаў, капаў ды часаў, як барсук, няспынна, гадоў гэтак з паўтысячы, каб вырабіць такое. I ў суцэльным жа камені! А навошта? Як жа ў гэткай жахлівай нары магчыма жытлаваць?

– Гэта не жахлівыя норы, – пакрыўдзіўся Гімлі, – гэта вялікае каралеўства й горад Гномскія Залі. У даўніну яго напаўняла ня цемра, а сьвятло й раскоша. Пра тое дасюль сьпяваюць нашыя песьняры.

Гімлі ўзьняўся ды, стоячы сярод цемры, моцным, глыбокім голасам, ад якога пакацілася гулкае рэха, засьпяваў:

Быў юны сьвет і гор абшар,

Ня ведаў плямаў поўні твар,

Ніводны камень ці струмень,

Ніводны квет або прамень

Свайго імя шчэ не пачуў,

Калі прачнуўся ды зірнуў

На сьвет найпершы гаспадар,

Вялікі Дарын, цар-імяр,

I ў возеры між юных гор,

У Люстары карону зор,

Адбітых цьмянаю вадой,

Убачыў раптам над сабой.

Быў сьвежы сьвет і гор абшар,

Шчэ ясны дзень ня ведаў хмар,

Раскошай зьзялі Гандалін

I Наргатронд сярод далін.

Шчэ акіян іх не схаваў,

Калі тут Дарын цараваў.

Спарудзіў Дарын царскі трон

У залі тысячы калён

Пад столяй зырка-залатой,

З падлогай срэбна-зараной,

Заклёнам моцы на дзьвярах.

А ў крышталёвых ліхтарах

Зазьзялі сонца прамяні

Ды зораў ясныя агні.

Там молат па кавадле біў,

Разец часаў, чакан граніў,

Шахцёр капаў, збраяр – сплятаў

Лускою цмока броняў сталь,

Апал, дыямант ды крышталь

З шаломаў зьзялі ды пасоў,

Цаўёў сякераў ды мячоў.

Тады шчэ стомы не спазнаў,

Тады шчэ танчыў і сьпяваў,

Вітаў сяброў падгорны род –

Магутны Дарынаў народ.

Цяпер сусьвет наш састарэў.

Кавальняў прысак пасівеў.

Пра сталі звонь і арфаў сьпеў

Забыў даўно падгорны цень.

Ды ў Люстары між сівых гор

Дасюль ляжыць карона зор,

Чакаючы, каб уладар –

Абуджаны найпершы цар –

Адбіты цьмянаю вадой

Яе пабачыў над сабой.

– Файна! – выгукнуў Сэм. – Я хачу вывучыць. "Ды ў Люстары між сівых гор дасюль ляжыць карона зор!" Як гучыць, га! Але цяпер, калі ўзгадваеш усенькія тыя ліхтарні й залатыя столі, цемра робіцца яшчэ чарнейшай. А што, кучы золата й дыямантаў яшчэ ляжаць навокал?

Гімлі маўчаў. Прасьпяваўшы, болей размаўляць не хацеў.

– Кучы золата? – Гэндальф усьміхнуўся. – Не. Оркі спустошылі Морыю. У верхніх залях анічога не засталося. А з часоў гномавых уцёкаў аніхто не адважваецца абшукаць глыбокія капальні й скарбніцы, бо іх затапілі альбо падгорныя воды, альбо жах.

– Чаму ж тады гномы імкнуцца сюды зноў і зноў? – зьдзівіўся Сэм.

– Па міфрыль, – давёў Гэндальф. – Бо заможнасьць Морыі была ані ў золаце й самацьветах, гномскіх цацках, ані ў жалезе, пакорлівым служку. Іх тут хапала, сапраўды, асабліва жалеза. Здабываць іх наўрад ці патрабавалася – тутэйшыя гномы маглі атрымаць што заўгодна праз гандаль. Бо толькі тут ва ўсім сусьвеце ёсьць срэбра Морыі, ці праўдзівае срэбра, як завуць яго часам. Па-эльфску міфрыль. У гномаў для яго ўласны назоў, які – чужынцам не распавядаюць. Міфрыль каштаваў болей за золата ў дзесяць разоў, а цяпер ён і ўвогуле ня мае цаны, бо яго амаль не засталося на паверхні, а ў глыбіні нават оркі капаць не наважваюцца. Бо рудныя жылы цягнуцца на поўнач да Карадрасу, а пад ім вядуць уніз, у чорную цемру. Як здабывалі міфрыль, гномы не распавядаюць. Калі міфрыль пабудаваў іх дабрабыт, ён яго й зьнішчыў. Бо гномы ўкопваліся надта прагна, лезьлі глыбей, каб здабыць яшчэ болей, і абудзілі Дарынаў Праклён, і ўцяклі, ратуючыся ад яго. Здабыты міфрыль практычна ўвесь пасабралі оркі дый заплацілі ім даніну Саўрону. Той жа імкнецца прыдбаць увесь міфрыль, які толькі здолее. I ня ён адзіны. Амаль кожны, хто хоць раз бачыў міфрыль, прагне яго. Найцудоўнейшы з мэталаў! Куецца, бы медзь, шліфуецца, бы шкло, надзвычай лёгкі, але гномы маглі зрабіць яго трывалейшым за гартаваную сталь. Хараство яго падобнае да срэбра, але ж міфрыль ня блякне, не пакрываецца пацінай, як звычайнае срэбра. Эльфы надзвычай любілі й шанавалі яго, шмат чаго рабілі зь яго, сярод іншага й іфільдын, зорныя літары, якія вы бачылі на браме. Більба меў кашулю зь міфрыльных кольцаў, якую Торын падараваў яму. Цікава, што зь ёй сталася? Напэўна, пыліцца ў Адметніку Міхальскага Выкапу.

– Што? – выгукнуў раптам Гімлі, абуджаны з сваёй задумлівасьці. – Кашуля з праўдзівага срэбра? Насамрэч царскі падарунак!

– Так, – пагадзіўся Гэндальф. – Я аніколі не казаў Більба, што ягоная кашулька каштуе болей за ўвесь Шыр зь ягонымі жыхарамі.

Фрода прамаўчаў, але ж памацаў пад вопраткаю кольцы сваёй таемнай броні. Насіць на сабе, пад курткаю, кошт усяго Шыру? Анічога ж сабе! Цікава, ці ведаў Більба? А няйначай жа й ведаў... Царскі падарунак, як і казалі. Падумаў пра Більба – і думкі самі сабою панесьліся далей, ад цемры Морыі да Долага Яру, да Більба, да Торбы-пад-Стромай, у тыя дні, калі Більба яшчэ жыў там. Каб толькі вярнуцца туды, у бесклапотнасьць і мір, стрыгчы траўку на газоне, займацца кветкамі ў вазонах – і ніколі, ніколі ня чуць пра Морыю й міфрыль – ці пра пярсьцёнак.

Павісла цішыня. Вандроўнікі пазасыналі, адзін за адным. Фрода застаўся трымаць варту. I нібы нехта дыхнуў жахам, аднекуль з глыбіняў, зь нябачных дзьвярэй у цемрадзь. На далонях, на лобе адчулася ліпкая халодная вільгаць. Здранцьвеў, прыслухоўваючыся. Дзьве невыносна доўгія гадзіны ані пра што ня думаў – толькі напружана слухаў. Аднак не пачуў ані гуку, анічога, што можна прынамсі ўявіць сабе, дамалёўваючы зь ценяў.

Напрыканцы варты ля заходняй аркі раптам прымроіліся дзьве кропелькі, быццам запаліліся чыесьці бледные вочы. Фрода варухнуўся, хіснуў галавою. Падумаў: "Напэўна, засынаю на варце. Ужо, напэўна, і сон убачыў". Ускочыў, праціраючы вочы, і застаўся стаяць, узіраючыся ў цемру, пакуль яго не зьмяніў Ляголас.

Лёгшы, адразу заснуў, і зноў пабачыў той самы сон: чуў шапаценьне, і дзьве бледныя кропкі-вочы, павольна набліжаліся. Абудзіўся. Астатнія папрачыналіся дый размаўлялі напаўголасу. Па залі разьлілося нязыркае сьвятло. Высока над усходняй аркаю праз капальню пад стольлю падаў доўгі сонечны прамень. I яшчэ ледзь прыкметнае зьзяньне сачылася з паўночнага выхаду. Фрода сеў.

– Дабранак! – павітаў Гэндальф. – Так, мы зноў, нарэшце, бачым раніцу. Я не памыліўся. Мы цяпер высока на ўсходнім краі Морыі. Яшчэ да прыцемкаў дабярэмся да Вялікай брамы. Тады пабачым і запаветную ваду Люстару ў Дымрыльскай даліне.

– Тады я задаволюся, – вымавіў Гімлі. – Я пабачыў Морыю. Яна цудоўная й вялізная, але цяпер яе запоўнілі цемра й жах. I мы не знайшлі аніякіх прыкметаў маіх суродзічаў. Сумняюся, што Балін увогуле сюды патрапіў.

Пасьнедалі, і Гэндальф вырашыў рушыць не адкладваючы.

– Мы стаміліся, – сказаў ён, – але ж лепей адпачываць вонкі, чым тут. Сумняюся, што хтось з нас захоча правесьці яшчэ ноч у Морыі.

– Сапраўды, – адгукнуўся Барамір. – Куды кіруемся? Да Ўсходняй брамы?

– Можна й да яе. Праблема ў тым, што я яшчэ ня ведаю, дзе мы. Калі не зусім заблукаў, мы троху на поўнач ад Вялікай брамы й нашмат вышэй за яе. Шлях ня так проста адшукаць. Напэўна, лепей ісьці ўсходнім калідорам. Аднак перш за ўсё лепей уважліва агледзецца. Прапаную спачатку пайсьці да паўночнага праходу, дзе сьвятло. Файна, калі знойдзем там акно. Хоць, баюся, і туды промень трапляе аднекуль зь сьвідравіны пад стольлю.

За Гэндальфам сьледам вандроўнікі крочылі за паўночную арку. Апынуліся ў шырокім калідоры. Сьвятло мацнела. Нарэшце зразумелі, што выходзіць яно з-за дзьвярэй праваруч. Яны былі высокія, прамыя й каменныя, прачыненыя й яшчэ добра трымаліся на завесах. За дзьвярыма ўбачылі вялікі пакой, слаба асьветлены, але для вачэй, звыклых з доўгай цемрай, сьвятло падалося асьляпляльным. Нават заміргалі, увайшоўшы.

Пад нагамі ўзьняўся пыл. Зайшлі, спатыкаючыся аб нейкія рэчы, раскіданыя па падлозе. Сьпярша не зразумелі, што гэта. Пакой асьвятляўся шырокай сьвідравінаю ў дальняй усходняй сьцяне. Сьвідравіна падымалася нахільна, і празь яе сінела далёка наверсе лапіна сініх нябёсаў. Промень падаў проста на стол пасярод пакою, на маналітны каменны блёк дзьве цалі вышынёю, на якім ляжала вялізная пліта зь белага каменю.

– Неяк падобна да магілы, – прамармытаў Фрода і, падштурхнуты дзіўнаватым і трывожным прадчуваньнем, нахіліўся наперад, каб разгледзець уважлівей. Гэндальф хутка крочыў наперад, да яго. На пліце было выбіта глыбока й выразна:



– Гэта Дайронавы руны, якімі карысталіся ў Морыі ў даўніну, – вымавіў Гэндальф. – Тут напісана на мовах людзей і гномаў:


Балін сын Фундзіна

Уладар Морыі


– Ён загінуў, – прашаптаў Фрода. – Я гэтага й баяўся.

Гімлі закрыў капелюшом твар.


5. Мост Казад Думу


Сябры Зьвязу Пярсьцёнка маўкліва стаялі побач з магілаю Баліна. Фрода думаў пра Більба й ягонае доўгае сяброўства з гномам, і пра Балінава гасьцяваньне ў Шыры шмат гадоў таму. У пыльным падгорным пакоі гэта падавалася тысячагадовай мінуўшчынай, неверагодна далёкай.

Нарэшце заварушыліся, азіраючыся навокал, шукаючы якіх-кольвечы пазнак пра лёс Баліна й ягоных паплечнікаў. Пад асьвятляльнай сьвідравінай заўважылі яшчэ адны дзьверы, меншыя. Ля дзьвярэй кучамі ляжалі косткі, а сярод іх – паламаныя мечы й сякерныя лёзы, пасечаныя тарчы й шаломы. Некаторыя мечы крывыя – орцкія ятаганы з чорнымі лёзамі.

Уздоўж сьценаў было шмат нішаў, дзе стаялі вялізныя драўляныя куфры, акаваныя жалезам. Усе ўзламаныя ды абрабаваныя, але ля раструшчанай накрыўкі аднаго ляжала кніга. Пасечаная й працятая, абгарэлая й гэтак заплямленая нечым чорным ды ссохлай крывёю, што амаль нічога ў ёй не чыталася. Гэндальф асьцярожна падняў яе, але старонкі захрабусьцелі ў руках і некалькі адламалася, калі ён паклаў кнігу на пліту магільні. Колькі часу чытаў моўчкі, вельмі асьцярожна перагортваючы старонкі. Фрода й Гімлі, якія стаялі побач, бачылі, што запісы ў кнізе зробленыя мноствам розных почыркаў, рунамі Морыі й Долу, а месцамі й па-эльфску.

– Здаецца, гэта хроніка Балінава народу, – вымавіў нарэшце Гэндальф. – Відавочна, пачынаецца яна з прыходам гномаў у Дымрыльскую даліну якраз трыццаць гадоў таму. Старонкі пранумараваныя па гадах пасьля прыбыцьця. На першай старонцы лічбы адзін і тры, значыць, сама менш дзьвюх першых старонак не стае. Паслухайце-тка! "Мы выбілі оркаў зь Вялікай брамы й пакою..." – далей слова не прачытаць з-за выпаліны. Напэўна, "пакою варты". "Шмат каго забілі пад зыркім..." – напэўна, "сонцам" – "у даліне". "Флой забіў мноства, і сам быў забіты стралою". Зноў пляма, далей: "...пад травой ля Люстару". Наступныя два радкі разабраць не магу. Далей напісана: "Пад жытло ўзялі дваццаць першую залю паўночнай ускрайны. Там..." – далей неразборліва, што там. Толькі слова "сьвідравіна". "Балін усталяваў свой трон у залі Мазарбул".

– Заля Хронік, – пераклаў Гімлі. – Напэўна, гэтая самая заля, дзе мы цяпер.

– Далей шмат неразборлівага, – заўважыў Гэндальф, – толькі слова "золата" трапляецца ды "сякера Дарына" й нешта пра "шалом". Тады: "Балін цяпер уладар Морыі". Так, тут, мяркую, сканчаецца частка, адзначаная зорачкамі. Далей ужо іншым почыркам, больш разборліва: "Знайшлі сапраўднае срэбра", "добра пракаванае" і далей, ага! "Міфрыль". Апошнія два радкі: "Ойн выправіўся шукаць верхнія збраярні трэцяга ярусу", нешта накшталт "рухацца на захад", далей змазана і, нарэшце, "брама ў Падуб'е".


Гэндальф прыпыніўся й адгарнуў некалькі старонак.

– Яшчэ некалькі гэткіх самых, – пракамэнтаваў чараўнік, – запісана пасьпешліва й пашкоджана. Пры гэткім сьвятле не прачытаць. I шмат не хапае, таму што нумары пачынаюцца зь лічбы пяць. Пяты год іх асталяваньня тут, мяркую. Ну, зірнем яшчэ раз... не, надта папсаваныя ды заплямленыя. Не магу прачытаць. Лепей вонкі, пад сонцам. Ага, пачакайма... так, вось тут нешта іншае – буйнымі літарамі, ды эльфскімі да таго ж.

– Гэта почырк Оры, – пазнаў Гімлі, зірнуўшы над чараўніковай рукой. – Ён файна пісаў і спрытна й часьцяком карыстаўся эльфскімі літарамі.

– Баюся, гэтым файным почыркам ён распавядаў пра сумныя рэчы, – прамармытаў Гэндальф. – Першае выразнае слова "туга", далей радок неразборлівы, толькі канчаецца на "...дадні". Напэўна, "напярэдадні", а тады – "на дзясятага лістапада Балін, гаспадар Морыі, загінуў у Дымрыльскай даліне. Ён выправіўся адзін зірнуць у Люстар. Орк пацэліўу яго з-за скалы. Мы забілі орка, але мноства іх... з усходу па Срабрынцы". Рэшта старонкі так замазаная, што амаль і не разабраць нічога, акрамя "мы завалілі браму" ды "пратрымаемся шмат часу, калі не...". Далей "жуда" і "пакутаваць". Небарака Балін! Ён пратрымаў свой тытул меней як пяць гадоў. Цікава, што ж адбылося далей. Але часу няма разгадваць апошнія старонкі. Так, вось самая апошняя.

Гэндальф уздыхнуў і змоўк.

– Невясёлае чытво, – вымавіў, прабегшы вачыма, – мяркую, іх напаткаў крывавы й жорсткі лёс. Слухайце! "Нам ня выбрацца. Ужо ня выбрацца. Яны захапілі Мост і другую залю. Там загінулі Фрар, Лоні й Налі". Далей чатыры радкі змазаныя, чытаецца адно "сышоў пяць дзён таму". Апошнія радкі: "Возера ўзьнялося да сьцяны, да самай Заходняй брамы. Віж глыбіняў ухапіў Ойна. Нам ня выбрацца. Гэта канец". I далей "грукат, грукат глыбіняў". Цікава, што гэта значыць? Апошняе напісана доўгімі касымі літарамі. Пэўна, у самы апошні момант: "Яны ідуць!"

Раптоўнае пачуцьцё жаху, жудасьці гэтай заліскляпеньня агарнула вандроўнікаў.

– Нам ня выбрацца, – прамармытаў Гімлі. – Пашанцавала, што возера крыху адступіла дый стары віж спаў ля паўднёвага краю.

Гэндальф азірнуўся навокал.

– Падаецца, яны спрабавалі ўтрымаць адразу й тыя, і другія дзьверы. Але ж іх заставалася няшмат. Вось так і скончылася спроба адваяваць Морыю! Мужна, але неразумна. Час для гэтага яшчэ не надышоў. А цяпер, баюся, нам трэба разьвітацца з Балінам, сынам Фундзіна. Няхай спачывае ў пакоях сваіх продкаў. Мы возьмем кнігу Мазарбул з сабою й зірнем на яе ўважлівей потым. Захоўвай яе, Гімлі. Прынясі Дайну, калі здолееш. Ён захоча яе прачытаць, хоць яна й засмуціць яго. Хадзем! Раніца амаль мінула.

– І куды мы пойдзем? – спытаў Барамір.

– Назад, у залю. Але мы зайшлі сюды ня марна. Бо цяпер я ведаю, дзе мы. Гэты пакой, як Гімлі й казаў, заля Мазарбул, а заля за ёй – дваццаць першая з паўночнага краю. Таму нам трэба выходзіць на ўсход, а далей кіравацца направа й на поўдзень ды ўніз. Дваццаць першая заля – на сёмым ярусе, шэсьць ярусаў над узроўнем брамы. Хадзем! Трэба вяртацца ў залю.


Не пасьпеў Гэндальф дагаварыць, як пачуўся цяжкі, павольны грукат. Нібыта грымоты недзе далёка ўнізе хвалямі пакаціліся ўгару. Каменная падлога задрыжэла пад нагамі. Падарожнікі кінуліся да дзьвярэй, занепакоеныя. "Думмм, думмм", – пакацілася зноў, нібы нечыя веліканскія рукі ператварылі пячоры Морыі ў барабан і білі па ім. Рэхам выбухнуў у адказ магутны роў рога зь вялікай залі й адразу пачуліся грубыя галасы, выцьцё ражкоў і хуткае тупаценьне мноства ног.

– Яны йдуць! – выклікнуў Ляголас.

– Нам ня выбрацца! – адгукнуўся Гімлі.

– Ну, улезьлі ж! – азваўся Гэндальф. – І чаго я толькі затрымаўся? Цяпер і нас тут злавілі, як тых гномаў. Але ж тады зь імі не было мяне. Мы яшчэ паглядзім, хто тут каго...

Грымнула "думмм, думмм" – і сьцены затрэсьліся.

– Зачыніце дзьверы й закліньце іх! – загадаў Арагорн. – Трымайце хатулі як мага далей – мо мы яшчэ здолеем прабіць шлях вонкі!

– Не! – крыкнуў Гэндальф. – Нельга зачыняцца! Пакіньце ўсходнія дзьверы адчыненымі! Калі пашанцуе, выберамся празь іх!

Рог зароў зноўку, залямантавалі пранізьлівыя галасы. З калідору даляцеў пошчак мноства ног. Зь ляскам і бразганьнем вандроўнікі агалілі зброю. Гламдрынг зьзяў бледным сьвятлом, і Джала блішчэла краямі ляза. Барамір уперся плячом у заходнія дзьверы.

– Пачакай! Яшчэ не зачыняй! – папрасіў Гэндальф.

Скочыў да Бараміра, выпрастаўся ва ўвесь рост.

– Хто наважыўся парушыць спакой Баліна, уладара Морыі?! – выгукнуў што моцы.

У адказ шматгалоса зарагаталі, груба й хрыпла, нібы камяні паляцела ў яміну, і сярод гармідару ўзьняўся моцны голас, аддаючы загад. "Думмм, думмм, думмм", – ракатала ў глыбіні.

Гэндальф спрытна крочыў наперад, у шчыліну паміж дзьвярыма й сьцяною, дый вытыркнуў наперад кій. Успыхнула асьляпляльная бліскавіца, найзырчэйшае сьвятло. Чараўнік на момант вызірнуў і адразу адсунуўся. Па калідоры запозьнена сьвіснулі стрэлы.

– Оркі, – вымавіў Гэндальф. – I мноства. Некаторыя здаравенныя й надта небясьпечныя, чорныя ўрукі з Мордару. Пакуль што да дзьвярэй не падступіліся – нехта там у іх яшчэ. Баюся, пячорны троль. Вялізманы і, верагодна, не адзін. Праз гэтыя дзьверы нам не прабіцца.

– Калі яны падыдуць і да тых дзьвярэй, нам анікуды не прабіцца, – вымавіў Барамір.

– Адтуль анічога не чуваць, – сказаў Арагорн ад усходніх дзьвярэй, прыслухоўваючыся. – За праходам тут адразу ж лесьвіца ўніз, відавочна, назад да залі яна не вядзе. Але ж наўрад ці варта кідацца сюды й уцякаць бяздумна з пагоняю за сьпінамі. Бо гэтыя дзьверы нам звонку не зачыніць. Ключа няма, і замок зламаны, і адчыняюцца дзьверы ўсярэдзіну. Трэба спачатку затрымаць ворагаў, каб яны баяліся й крок зрабіць у залю Мазарбул, – дадаў змрочна, аглядаючы лязо свайго меча, Андарыля.


Гукі цяжкой хады данесьліся з калідору. Барамір кінуўся на дзьверы, прыціснуў, зачыняючы. Загнаў пад іх, закліньваючы, абламаныя лёзы мечаў і драўляныя ашчэпкі. Астатнія сябры адступілі ў далёкі канец пакою. Але ўцякаць час яшчэ не надышоў, бо ад моцнага ўдару дзьверы задрыжэлі – ды павольна пачалі разыходзіцца, скрыгочучы, адсоўваючы кліны. Вялізная рука, пакрытая цёмна-зялёнаю лускою, прасунулася ў шчыліну. Тады й ступак – веліканскі, пляскаты, бяспалы. Звонку не было чуваць ні гуку.

Барамір скочыў наперад ды секануў па руцэ з усяе моцы, але ягоны меч, зазьвінеўшы, сасьлізнуў і вырваўся з уздрыгнулай ваярскай рукі. На ім засталася вышчарбіна.

Зьнянацку, на ўласны подзіў, Фрода адчуў, як гарачая злосьць запаляе ягонае сэрца.

За Шыр! – выгукнуў ён і, скочыўшы да Бараміра, нахіліўся й пырнуў Джалам жудасны ступак. За дзьвярыма зараўлі, нага адшмаргнулася, ледзь ня вырваўшы Джала з Фродавай рукі. Чорныя кроплі з дымам пакаціліся зь ляза на падлогу. Барамір зноў кінуўся на дзьверы й зачыніў іх.

– Файна – за Шыр! – крыкнуў Арагорн. – Хобіты джаляць глыбока! У цябе добры клінок, Фрода, сын Дрога!

У дзьверы закалацілі зноў і зноў. Відавочна, молатамі й біламі. Дзьверы затрашчалі, паддаліся – і раптоўна прасунуліся назад, прачыніўшыся. Сьвіснулі стрэлы, але паляцелі коса, бясшкодна бразнуўшыся аб паўночную сьцяну. Завыў рог, пачуўся тупат, і ў пакой адзін за другім пачалі заскокваць оркі.

Колькі – падлічыць не пасьпелі. Бойка атрымалася нядоўгай, але надзвычай жорсткай: оркі, відавочна, не чакалі гэткага супраціву. Ляголас падстрэліў двох у шыі. Гімлі адсек ногі таму, хто скочыў на Балінаву магілу. Барамір з Арагорнам пасеклі мноства. Забілі трынаццаць, калі астатнія кінуліся ўцякаць зь енкам. Анікога зь сяброў не параніла, хіба Сэм атрымаў доўгую драпіну на галаве – не пасьпеў ухіліцца ад удару, але сам у адказ працяў ворага наскрозь кордам з Скляпеньняў. Сапраўдны ваярскі агонь палаў цяпер у бурых Сэмавых вачох. Тэд Пяшчак, напэўна, у кут забіўся б, пабачыўшы яго.

– Час уцякаць! – абвесьціў Гэндальф. – Хутчэй, пакуль яны зноў не прывялі троля!

Аднак калі толькі крочылі да дзьвярэй – Мэры зь Піпінам, першыя, і на сходы патрапіць не пасьпелі – у пакой скочыў орцкі правадыр-велікан ростам амаль з чалавека, апрануты ў чорную кальчугу з ног да галавы. За ім ля дзьвярэй стоўпіліся паплечнікі. Шырокі твар орка быў пляскаты й асмуглы, вочы палалі вугольлем, зырка чырванеў высалаплены язык. У руцэ орк трымаў вялізную дзіду. Штуршком шырокай тарчы адбіў Бараміраў меч, а самога Бараміра адкінуў на падлогу. З спрытам зьмяі нырнуў пад Арагорнаў удар, скочыў да Фрода – і запусьціў у яго дзідай. Канчар дзіды ўдарыў Фрода ў правы бок, шпурнуў хобіта да сьцяны й прыціснуў да яе. Сэм, выгукнуўшы, джгнуў кордам па дзідзе, і тая зламалася. Орк выпусьціў тронак і схапіў шаблю, але ў гэты момант Андарыль упаў на ягоны шалом. Узбліснуў сноп іскраў, і шалом разваліўся надвая. З расьсечанай галавой орк грымнуўся на падлогу. Ягоныя паплечнікі кінуліся прэч зь лямантам, калі Барамір з Арагорнам скочылі да іх.

"Думмм, думмм", – ракатала ў глыбінях. Моцны загадны голас данёсься зноў.

– Зараз жа! – выгукнуў Гэндальф. – Наш апошні шанец! Уцякайма!


Арагорн падхапіў Фрода й пабег да лесьвіцы, гонячы Мэры зь Піпінам перад сабою. Астатнія рушылі сьледам. Ляголасу давялося сілком адцягваць Гімлі ад Балінавай магільні. Нягледзячы на небясьпеку, той стаяў ля каменя, нахіліўшы галаву. Барамір, пацягнуўшы, зачыніў за сабою ўсходнія дзьверы, бразнулі завесы. На дзьвярох з абодвух бакоў віселі жалезныя кольцы, але замкнуць іх было нельга.

– Я... я ў парадку, – выдыхнуў Фрода. – Я магу йсьці! Пастаў мяне!

Арагорн ледзь ня выпусьціў яго ад зьдзіўленьня.

– Я палічыў – ты нежывы!

– Ён жывы! – выгукнуў Гэндальф. – Ну, дзіва! Але ж няма часу для загадак і здагадак. Хутчэй, прэч, уніз па лесьвіцы! Унізе пачакайце мяне колькі хвілінаў, але калі я неўзабаве не зьяўлюся, уцякайце безь мяне! Сьпяшайцеся, кіруйце направа ды ўніз.

– Мы не пакінем цябе аднога трымаць дзьверы! – запярэчыў Арагорн.

– Рабі, як кажу! – загадаў Гэндальф. – Ад мечаў тут болей карысьці няма! Ідзі!

Над лесьвіцай не было асьвятляльных сьвідравінаў і цемра панавала апраметная. Вандроўнікі навобмацак прабіраліся ўніз доўгімі сходамі. Спусьціўшыся, азірнуліся, але пабачылі толькі далёка наверсе слабы бляск агеньчыка на чараўніковым кіі. Гэндальф, відавочна, яшчэ трымаў варту ля дзьвярэй. Фрода, цяжка дыхаючы, прыхіліўся да Сэма. Той абняў яго, падтрымліваючы. Стаялі, пазіраючы ўгару, у цемру. Фрода падалося, што чуе Гэндальфаў голас. Ягоныя словы нягучным рэхам каціліся па нахільнай столі над лесьвіцай, адбіваліся й гасьлі – бы ўздыхі. Што Гэндальф казаў, Фрода разабраць ня мог. Сьцены дрыжэлі. Раз-пораз з глыбіняў цяжка біла: "Думмм, думмм, думмм!"

Зьнянацку зьверху шуганула белым сьвятлом. Заракатала глуха, данёсься цяжкі, абвальны грукат. Таемныя білы зачасьцілі шалёна: "думм-бумм, думм-бумм!!" – і раптам змоўклі. Гэндальф зьбег па лесьвіцы, ледзь трымаючыся на нагах, і ўпаў прама сярод сваіх спадарожнікаў.

– Ну нарэшце ўправіўся! – вымавіў, намагаючыся падняцца. – Зрабіў, што здолеў. Але ж патрапіў амаль на роўню сабе. Ледзь уратаваўся. Ня стойце тут! Рушце наперад! Пойдзем у цемры пакуль што – мне трэба хоць троху адпачыць. Хадзем жа! Хутчэй! Дзе ты, Гімлі? Пойдзеш наперадзе разам з мною! Астатнія, не адставаць!


Пасьпяшаліся за ім, спатыкаючыся дый разважаючы, што ж адбылося наверсе. Зноў завуркатаў гіганцкі барабан: "Думм, думмм". Цяпер ён падаваўся далёкім і гуў прыглушана, але ж не аддаляўся, нібы перасьледаваў. Іншых прыкметаў пагоні ня чулася: ані крокаў, ані галасоў. Гэндальф ня збочваў ні ўправа, ні ўлева, бо калідор, падавалася, вёў у патрэбным напрамку. Часьцяком трапляліся сходы, прыступак на паўсотні ці болей, і ўсе спускаліся. Ад іх і была найвялікшая небясьпека, бо ў цемры сябры ня бачылі спуску й затрымліваліся, толькі адчуўшы пад нагою пустэчу. Гэндальф выстукваў кіем падлогу наперадзе, бы невідушчы.

За гадзіну прайшлі з паўвярсты ці крыху болей ды спусьціліся па паўтузіне лесьвіцаў. Пагоні яшчэ не было чуваць. Ужо й спадзяваліся, што ўцяклі. У нізе сёмай лесьвіцы Гэндальф прыпыніўся.

– Робіцца сьпякотна! – выдыхнуў чараўнік зьнясілена. – Напэўна, ужо спусьціліся сама мала да ўзроўню брамы. Думаю, неўзабаве трэба шукаць паварот налева, каб ісьці на ўсход. Спадзяюся, ён недзе непадалёк. Я надта стаміўся. Мне трэба адпачыць тут крыху, нават калі ўсе тутэйшыя оркі гоняцца за намі гурмай.

Гімлі ўзяў чараўніка пад руку й дапамог сесьці на прыступку.

– Што адбылося ля дзьвярэй? – спытаў гном. – Ці было відаць, хто лупцуе ў гэты барабан?

– Ня ведаю, – адказаў чараўнік. – Але я нечакана напаткаў нешта, чаго аніколі раней не сустракаў. Анічога болей і не прыдумаў, як накласьці на дзьверы замыкальныя чары. Я ведаю іх мноства, але каб іх адпаведна накласьці, патрэбна нямала часу, і нават заклятыя дзьверы магчыма ўзламаць сілаю. Стоячы перад дзьвярыма, чуў орцкія галасы з другога боку. Меркаваў: ну, вось зараз узламаюць і кінуцца. Дапяць ня мог, пра што яны перамаўляюцца. Напэўна, балякалі на сваёй мярзотнай мове. Я толькі й адрозьніў адно слова "гхаш" – "полымя" па-іхняму. Тады нешта крочыла ў пакой – я нават празь дзьверы адчуў прысутнасьць, – і оркі змоўклі, напалоханыя. Гэтая істота кранула жалезнае кольца на дзьвярох і адчула мяне й мой заклён. Што за істота – зразумець не магу. Але заклён, які яна шпурнула супраць майго, мяне ледзь ня зьнішчыў. На момант я нават страціў кантроль над дзьвярыма й тыя прачыніліся! Тады я вымавіў слова Загаду. На жаль, для дзьвярэй тое ўжо сталася зашмат – яны разьляцеліся трусачкамі. Нешта чорнае й цьмянае, нібы хмара, стаяла ля дзьвярэй, загарадзіўшы ўсё сьвятло. Мяне адкінула ўніз, на лесьвіцу. Сьцены таксама ня вытрымалі, пахіснуліся і, падаецца мне, столь пакою абрынулася ўсярэдзіну. Мяркую, цяпер Балін пахаваны насамрэч глыбока, і, вераемна, яшчэ нешта пахаванае побач зь ім. Але цалкам ня ўпэўнены. Ва ўсялякім выпадку праход за намі завалены добра. Вох, дый годзе, аніколі такім зьнясіленым не пачуваўся. Ну, нічога, гэта пройдзе. А што з табою, Фрода? Вядома, часу на сантымэнты няма, але я аніколі ў жыцьці гэтак ня радаваўся, як пачуўшы твой голас. Я ўжо баяўся, што Арагорн нясе адважнага, але нежывога хобіта.

– Я? Я жывы й амаль цэлы, – адказаў Фрода. – Так, мне балюча, і адчуваю, сіняк немалы, але ў астатнім усё файна.

– Ну, паглядзіце-тка, – уразіўся Арагорн. – Я не чакаў, што хобіты такія трывалыя. Аніколі раней гэткага ня бачыў. Калі б ведаў, я асьцярожней размаўляў бы з табою ў прыгорскім шынку. Тая оркава дзіда нават вепра працяла б наскрозь!

– Ну, мяне яна не працяла, што надта цешыць, – адгукнуўся Фрода, – хоць і пачуваюся, быццам пабыў паміж молатам і кавадлам.

Болей Фрода размаўляць пра тое не захацеў. Яму нават дыхаць было балюча.

– Ты рыхтык Більба, – вымавіў Гэндальф задумліва, – маеш на сабе болей, чым відаць вачыма, як я сказаў яму аднойчы даўна.

I Фрода падумаў: ці ня меў чараўнік на ўвеце болей, чым выказаў?


Рушылі зноў. Неўзабаве загаварыў Гімлі, які добра бачыў у цемры.

– Падаецца мне, наперадзе сьвятло. Але ня дзённае, а чырвонае. Што ж гэта можа быць?

– Гхаш! – прамармытаў Гэндальф. – Ці ня гэта яны мелі на ўвазе? Можа, ніжнія ярусы агорнутыя полымем? Ну, нам застаецца толькі крочыць наперад.

Неўзабаве сьвятло пабачылі ўсе. Яно ўзьміргвала, адбівалася на сьценах калідору перад падарожнікамі. Цяпер шлях праглядаўся добра: праход спускаўся й непадалёк выгіналася нізкая арка. З-за яе й сачылася чырвань. Зрабілася надзвычайна сьпякотна.

Калі падышлі да аркі, Гэндальф першы крочыў за яе, моўчкі, знакам паказаўшы астатнім, каб пачакалі. Ягоны твар абарвянілі бліскавіцы. Праз момант чараўнік вярнуўся.

– Тут новае ліха, напэўна, змайстраванае, каб павітаць нас, – распавёў ён. – Аднак цяпер я дакладна ведаю, дзе мы: на першым, ніжэйшым ад брамы ярусе. За аркай – Другая заля Старой Морыі. Брама блізка: трэба дабрацца да ўсходняга краю залі, тады налева – ня болей за чвэрць вярсты. Тады праз мост, па шырокай лесьвіцы, потым прасторным калідорам празь Першую залю – і вонкі! Але ж выйдзіце, гляньце!

Астатнія вызірнулі. Перад імі ляжала велізарная заля, нашмат большая за тую, дзе спалі гэтай ноччу, і з вышэйшай стольлю. Заходні край аркі губляўся ў цемры. Па цэнтры залі ішоў падвойны шэраг магутных калёнаў, вычасаных у выглядзе вялізных дрэваў, чые галіны ўпіраліся ў столь, віліся каменнымі карункамі. Ствалы калёнаў-дрэваў былі гладкія й чорныя, і барвовыя блікі ўспыхвалі на іх баках. Непадалёк ад узножжа пары калёнаў падлога раскалолася, адчыніўшыся шырокай шчылінай, якая ішла праз усю залю. З шчыліны вырывалася жорсткае чырвонае сьвятло, раз-пораз зь яе выляталі языкі полымя, лізалі краі, абвіваліся вакол калёнаў. Смуга чорнага дыму калыхалася ў сьпякотным паветры.

– Калі б мы спусьціліся па галоўным шляху зь верхніх заляў, тут бы й патрапілі ў пастку, – давёў Гэндальф. – А цяпер, спадзяюся, гэтае полымя адгародзіць нас ад пагоні. Хадзем! Трэба сьпяшацца!

Не дагаварыў, як зноў пачуўся перасьледны грукат барабанаў: "Думмм, думм, думмм!" Зь ценяў заходняга краю залі данесьліся выгукі, выцьцё ражкоў. "Думмм, думмм!" – калёны, падалося, задрыжэлі й полымя ўздрыгнула.

– Апошні кідок! – выгукнуў Гэндальф. – Калі вонкі зыркае сонца, мы здолеем уцячы! За мной!

Ён павярнуў налева й пабег па гладкай падлозе залі. Аднак бегчы давялося далей, чым меркавалі. За сьпінамі чулася тупаценьне мноства ног, памножанае рэхам. Разьнёсься пранізьлівы лямант – уцекачоў заўважылі. Бразнулі струны, зазьвінела сталь. Страла сьвіснула над Фродавай галавой.

– Не чакалі, напэўна! – засьмяяўся Барамір. – Мы не на тым баку! Агонь іх цяпер адрэзаў!

– Лепей глядзіце наперад, – заклікаў Гэндальф. – Перад намі мост, вузкі й небясьпечны.

Раптам Фрода ўбачыў перад сабою чорную бездань. У канцы залі падлога зьнянацку зьнікала й правал сыходзіў у цемру. Да вонкавых дзьвярэй вёў толькі тонкі каменны масток без парэнчаў ці хоць бы невысокай агароджы па краёх, без падпораў – адзіная выгінастая арка паўсотню стопаў даўжынёю, старажытная мяжа гномскай абароны супраць ворагаў, якія маглі захапіць Першую залю й вонкавыя праходы. Па мастку прайсьці можна было толькі цугам, па адным. На краі Гэндальф прыпыніўся, астатнія згуртаваліся за ягонай сьпінаю.

– Гімлі, наперад! – загадаў ён. – Піпін з Мэры наступныя. Кіруйцеся прама да дзьвярэй і ўгару па лесьвіцы за імі!

Стрэлы падалі ўжо паміж вандроўнікаў. Адна тыцнулася ў Фрода, адскочыла. Другая працяла Гэндальфаў капялюш дый захрасла, вытыркаючыся, бы чорнае пер'е. Фрода азірнуўся. За шчылінай, за полымем мітусілася безьліч чорных постацяў – там стоўпіліся, напэўна, сотні оркаў. Усе трэсьлі шаблямі й дзідамі, і лёзы іхнія адсьвечвалі крывавай барвай. "Думмм, думмм, думмм!" – каціўся грукат, усё гучней ды гучней: "Думмм, думмм!!"

Ляголас азірнуўся й паклаў стралу на струну, хоць для ягонага невялікага лука адлегласьць была завялікая. Нацягнуў, але раптам выпусьціў стралу на падлогу й ускрыкнуў ад адчаю й жаху. На тым баку зьявіліся два вялізманыя тролі з каменнымі плітамі ў рукох. Паклалі пліты над шчылінай, стварыўшы масткі. Але напалохалі эльфа ня тролі. Оркаў натоўп пасьпешліва рассунуўся па бакох, нібы яны таксама пералякаліся. Нешта крочыла ў залю, але што – было не разгледзець. Велетаўскі цень, а ўсярэдзіне цьмяная постаць, падобная абрысамі да чалавека, але вялізьнейшая. Жахам і жудаснай моцай веяла ад яе, і вусьціш крочыла перад ёю.

Цень сягнуў краю расколіны, і сьвятло сьцьмела – нібы хмара нахілілася па-над ім. Раптоўным кідком постаць скочыла над шчылінай. Полымя ўскінулася насустрач, абгарнула, быццам вітаючы, чорны дым узьвіўся ў паветра. Корзна чорнага ценю ўспыхнула, запалала за сьпінай чорнага вычварня. У правай руцэ ён трымаў меч – клінок пранізьлівага полымя, у левай – пугу з мноствам палымяных хвастоў.

– Ай! Ай! – залямантаваў Ляголас. – Балраг! Гэта йдзе балраг!

Гном Гімлі пазіраў у жудасным захапленьні, з ашклянелымі вачыма.

– Дарынаў Праклён! – выгукнуў нарэшце і, выпусьціўшы сякеру, закрыў твар рукамі.

– Балраг, – прамармытаў Гэндальф. – Цяпер зразумела.

Спатыкнуўся, пахіснуўшыся, цяжка абаперся на кій.

– Не шанцуе нам, сапраўды. А я так стаміўся!


Чорная постаць, прамянеючы полымем, рушыла да іх. Оркі загаласілі, натоўпам кінуліся праз каменныя масткі. Барамір узьняў свой рог і пратрубіў – нібы мноства глотак выдыхнула ваярскі кліч пад дахам пячоры. На момант оркі прыпыніліся, напалоханыя. Прыпыніўся нават балраг. Але рэха раптоўна згасла, як сьвечка, задзьмутая чорным ветрам, і ворагі рушылі наперад зноў.

– На мост! – выгукнуў Гэндальф, зьбіраючыся зь сіламі. – Уцякайце! Гэты вораг не па вас! Я застануся трымаць праход! Уцякайце!

Арагорн з Барамірам нібы й ня чулі, стоячы поплеч за Гэндальфам ля дальняга ўскрайку мосту. Астатнія прыпыніліся ля дзьвярэй напрыканцы залі, не жадаючы пакінуць правадыра з ворагам сам-насам.

Балраг сягнуў мосту. Гэндальф стаяў пасярэдзіне яго, абапіраючыся на кій, які трымаў левай рукою. Правай чараўнік сьціскаў Гламдрынг, што ільдзяна зьзяў. Вораг прыпыніўся зноў, і цень за ім разьвінуўся, разгарнуўся двума вялізарнымі крыламі. Балраг шчоўкнуў пугай, яе хвасты зь сьвістам расьсеклі паветра, хрустка пляснулі. З балрагавых наздрынаў вырвалася полымя. Але ж Гэндальф не пахіснуўся.

– Ты ня пройдзеш! – сказаў ён.

Оркі змоўклі, зьнерухомеўшы.

– Я – слуга Таемнага Агню, у маіх руках – полымя Анару, – вымавіў Гэндальф у мёртвай цішыні. – Ты ня пройдзеш. Агонь цемры не дапаможа табе тут, вогнішча Ўдуну! Прэч, пачвара, у Цень! Ты ня пройдзеш!

Балраг не адказаў анічога. Агонь ягоны нібы прыгас, але цемра вакол разраслася. Пачвара павольна крочыла на мост – і зьнянацку выпрасталася на ўвесь рост, раскінуўшы крылы ценю ад сьцяны да сьцяны. Аднак постаць Гэндальфа ўсё адно праступала скрозь яе, прабліскваючы праз змрок. Маленькі, самотны стары, сагнуты гадамі й сівы, – рыхтык састарэлае, ссохлае дрэўца перад навалаю магутнага ўрагану.

Зь цемры бліснуў барвовы меч.

Гламдрынг зазьзяў белым сьвятлом у адказ.

Пачуліся звон ды бразгат, выбухнула белае полымя. Балраг адхіснуўся, адсунуўся назад, меч ягоны разьляцеўся мноствам расплаўленых аскепкаў. Гэндальф пахіснуўся таксама, адступіў на крок – і зноў стаў цьвёрда й спакойна. I паўтарыў:

– Ты ня пройдзеш!

Балраг скочыў на мост, кінуўся наперад. Ахвосьці вогненнай пугі закруціліся, засьвісьцелі.

– Адзін ён ня вытрымае! – выкрыкнуў Арагорн раптам і пабег да мосту.

– Элендыль! – выклікнуў на бягу. – Я з табою, Гэндальф!

– Гондар! – выгукнуў Барамір і скочыў сьледам.

У гэты момант Гэндальф узьняў кій і, выклікнуўшы гучна, ударыў па мосьце перад сабою. Кій разламаўся надвая й выпаў зь ягонай рукі. Асьляпляльная смуга белага полымя шуганула наперад. Мост храснуў – і пераламаўся пад балрагавымі нагамі. Камень, на якім стаяў пачварань, абрынуўся ўніз, а рэшткі мосту засталіся, уздрыгваючы, нібы каменныя языкі, высалапленыя ў пустэчу.

З жудасным лямантам балраг паляцеў у прорву, цень яго імчэў туды разам зь ім і зьнік. Але летучы, пачвара ўзмахнуў пугаю, хвасты ўскінуліся, абвіліся вакол каленяў чараўніка й падцягнулі яго да краю. Гэндальф пахіснуўся. Упаў. Учапіўся рукамі за камяні. Дарма – пуга цягнула яго. I ён сасьлізнуў у цемру.

– Уцякайце, вы, дурні! – пасьпеў выгукнуць. І зьнік.


Полымя згасла, і ўсё агарнуў апраметны змрок. Сябры стаялі, здранцьвеўшы ад жаху, пазіраючы ў прорву. Арагорн з Барамірам ледзь пасьпелі саскочыць з мосту, калі рэшткі яго трэснулі дый абрынуліся ўніз.

– Гэй, пойдзем! – азваўся Арагорн, абуджаючы астатніх. – Трэба сьпяшацца! Мусім выканаць ягоны апошні загад! За мною – я павяду вас!

Спатыкаючыся, ускараскаліся па вялікай лесьвіцы за дзьвярыма. Арагорн першы, Барамір пазадзе. Наверсе патрапілі ў шырокі, гулкі ад рэха калідор. Пабеглі. Фрода на бягу чуў, як плача побач Сэм, і раптам зразумеў, што таксама плача. "Думмм, думм, думм!" – каціўся за імі барабанны бой, цяпер сумны й павольны. "Думм!"

Беглі няспынна. Вакол пашарэла, промні падалі ўніз зь сьвідравінаў у столі. Пагналі яшчэ хутчэй, мінулі залю, асьветленую высокімі вокнамі ва ўсходняй сьцяне. Скочылі за вялізныя раструшчаныя дзьверы й пабачылі перад сабою Вялікую браму – арку асьляпляльнага сьвятла.

За высокімі калёнамі пааберуч ад брамы, на якіх калісьці віселі брамавыя створы, цяпер выламаныя і кінутыя долу, хавалася орцкая варта. Арагорн на бягу секануў яе ачольцу, зьбіў яго на зямлю. Астатнія сыпанулі прэч, настрашаныя Арагорнавым шаленствам. Чальцы Зьвязу Пярсьцёнка прамчалі побач зь імі, не зьвяртаючы на іх ўвагі. Выбеглі за браму, паскакалі ўніз па выцертых і патрэсканых вялікіх прыступках, ганку Морыі.

Нарэшце па-за ўсялякай надзеяй вырваліся пад адкрытыя нябёсы й адчулі вольны вецер на тварах.

Не спыняліся, пакуль не аддаліліся на стрэл з лука ад сьценаў. Перад імі ляжала Дымрыльская даліна, пакрытая ценем Туманных гор. Але на ўсходзе зямля залацілася сьвятлом. Была гадзіна пасьля полудня. Сонца зьзяла, плылі белыя й высокія аблокі.

Азірнуліся. Арка брамы зеўрала чарнатою ў горным цені. Ледзь чутна, далёка пад зямлёю павольна кацілася: "Думм". З-за брамы сачыліся тонкія пялёсткі чорнага дыму. Болей анічога ня бачылі – даліна навокал была пустая. "Думмм". Туга нарэшце нагнала вандроўнікаў. I яны, прыпыніўшыся, заплакалі. Хто стоячы, амаль моўчкі, хто сеўшы на зямлю. "Думм, думм". Барабанны бой слабеў і сьціх.


6. Латлорыйн


На жаль, нам нельга заставацца тут болей, – прамовіў Арагорн.

Павярнуўся да гор і ўзьняў меч. Выгукнуў:

– Бывай, Гэндальфе! Ці ж не казаў я табе: "Калі ты вырашыў крочыць за браму Морыі – сьцеражыся!" На жаль, маё папярэджаньне спраўдзілася. На што спадзявацца нам безь цябе?

Павярнуўся зноў да сяброў.

– Няхай няма надзеі, усё адно мусім рушыць наперад. Бо, магчыма, здолеем прынамсі адпомсьціць. Уставайма, зьбіраймася з адвагаю – трэба йсьці. До сьлёзаў! Перад намі яшчэ доўгі шлях!

Паўставалі, агледзеліся. На поўнач даліна звужалася й рабілася зацененай цясьнінай паміж двума вялізнымі адгор'ямі, над якімі зьзялі тры белыя пікі: Келебдыл, Фануйдхал і Карадрас, горы Морыі. Ля пачатку цясьніны белапенны струмень віўся й плёскаў карункамі бурлівай вады па бясконцай лесьвіцы невысокіх вадаспадаў, смуга ад яго вісела ля горных узножжаў.

– Там Дымрыльская Лесьвіца, – паказаў Арагорн на вадаспады. – Калі б нам выпаў лепшы лёс, мы спусьціліся б па шляху, вычасанаму ў скалах побач з струменем.

– Калі б Карадрас ня быў гэткі жорсткі, – дадаў Гімлі. – Вунь ён, стаіць пад сонцам, пасьміхаючыся, – гном памахаў кулаком найдалейшаму зь сьнежных пікаў дый адвярнуўся.

На ўсход адгор'і раптам абрываліся, на даляглядзе расьсьцілалася прастора, няясная, засмужаная. На поўначы Туманныя горы цягнуліся, паступова паніжаючыся, і губляліся ў далечы. Меней як за вярсту ад падарожнікаў і крыху ніжэй – бо стаялі высока на заходнім баку даліны – ляжала возера. Доўгае, скругленае – рыхтык велізарнае вастрыё дзіды, уваткнутае глыбока пад паўночную цясьніну. Паўднёвы ўскраек возера ляжаў па-за горным ценем, пад зыркімі дзённымі нябёсамі. Аднак вада заставалася цёмнай, змрочна-блакітнай, як ясныя вячэрнія нябёсы, як яны відаць з асьветленага пакою. Ані зморшчынкі не было на азёрнай гладзі. Да самага берагу з усіх бакоў спускаўся роўны травяністы схіл.

– Пабачце ж Люстар, глыбокі Келед Зарам! – сумна прамовіў Гімлі. – Я памятаю, як наш правадыр казаў мне: "Хай узрадуецца тваё сэрца, угледзеўшы!.. Але ж доўга застацца там мы ня зможам". Цяпер у маім сэрцы няма радасьці, і яшчэ шмат шляхоў пакіну я за сьпінай, пакуль яна вернецца. I як жа горка, што Гэндальфу наканавана застацца тут.

Вандроўнікі рушылі па шляху, які вёў ад брамы, няроўным, недагледжаным, часам проста пятлястай сьцежцы паміж купінамі верасу, якія вытыркаліся з трэшчынаў у камянёх. Але яшчэ пазнавалася, што калісьці шлях быў шырокі, файна брукаваны – гасьцінец ад вялікага гномскага царства да ніжэйшых земляў. Месцамі ля дарогі трапляліся каменныя руіны, зялёныя курганы з зграбнымі бярозкамі наверсе ці елкамі, якія сумна шапацелі на ветры. Павярнуўшы на ўсход, брукаванка вывела на гладкі схіл побач зь берагам возера, і там, непадалёк ад дарогі, стаяла самотная каменная калёна з абламаным верхам.

– Гэта ж Дарынаў Камень! – выгукнуў Гімлі. – Я ня здольны прайсьці міма, ня глянуўшы хоць бы на хвілю на найвялікшы цуд гэтай даліны!

– Дык не праходзь, але ж пасьпяшайся, – папярэдзіўАрагорн, пазіраючы на браму. – Сутонее тут рана. Оркі мо й ня выйдуць вонкі да цемры, але ж да таго нам трэба быць далёка. Бо ветах ужо зусім станчэў і ноч будзе вельмі змрочная.

– Хадзем з мною, Фрода! – паклікаў гном, бегучы да возера. – Табе абавязкова трэба яго пабачыць, павер мне!

Фрода павольна крочыў сьледам за гномам, нягледзячы на стому й боль. Спакойная блакітная вада вабіла. За Фрода рушыў і Сэм.

Побач з калёнай Гімлі спыніўся й зірнуў угору. Калёна абветрылася, патрэскалася, і ледзь прыкметныя, паўсьцёртыя руны на яе бакох не чыталіся.

– Помнік гэты пазначае месца, дзе Дарын упершыню зірнуў у Люстар, – давёў гном. – Зірнем і мы разок, а тады пойдзем.

Нахіліліся над цьмянаю вадою. Спачатку не пабачылі анічога. Потым павольна праступілі абрысы навакольных гор, адлюстраваныя ў глыбокай сінечы, і сьнежныя пікі над імі падаліся языкамі белага полымя сярод нябёснага змроку. А тады дыямантамі з азёрнага дна прабліснулі зіхоткія зоры – хоць над галовамі яшчэ зьзяла сонца. Ані ад хобітаў, ані ад гнома на вадзе не было ні ценю, ні адбітку.

– О цудоўны, найпрыгажэйшы Келед Зарам! – уздыхнуў гном. – Тут ляжыць карона Дарына, чакаючы, пакуль ён абудзіцца зноў. Бывай!

Ён пакланіўся, павярнуўся й засьпяшаўся ўгару па зялёным схіле, да шляху. Хобіты – за ім.

– Што ты там бачыў? – спытаў Піпін Сэма, але той надта глыбока задумаўся й нічога не адказаў.

Дарога павярнула на поўдзень і пайшла пад гору, выбягаючы з-за адгор'яў. Крыху ніжэй ад возера вандроўнікі напаткалі глыбокі калодзеж з празрыстаю крыштальнаю вадою. Вада перавальвалася цераз край, сьцякала струменьчыкам, буркочучы ды ўсплёскваючы, па крутым каменным ложы.

– З гэтай крыніцы нараджаецца Срабрынка, – давёў Гімлі. – Ня піце зь яе – яна ільдзяная!

– Неўзабаве яна зьбярэ мноства іншых струменяў і зробіцца паўнаводнай ракою, – сказаў Арагорн. – Мы рушым уздоўж яе цягам многіх вёрстаў. Бо я павяду вас шляхам, які прапанаваў Гэндальф, спадзеючыся перш за ўсё сягнуць лясоў, за якімі Срабрынка ўпадае ў Вялікі Андуйн – вунь там!

Усе зірнулі, куды паказваў Арагорн, і ўбачылі, што рэчка, саскокваючы зь вялізных адхонаў, віючыся па роўнядзях даліны, выбягае да панізьзяў і цячэ прэч ад гор, губляючыся ў залатой смузе на даляглядзе.

– Там лясы Латлорыйну! – вымавіў Ляголас. – Там найсьвятлейшы з усіх краёў майго народу. Анідзе няма такіх дрэваў, як там. Бо ўвосень лісты іх не спадаюць, але робяцца залатымі й трымаюцца да вясны, пакуль на распусьцяцца на галінах жоўтыя кветкі. Лясная падлога там нібы высланая золатам, і столь лясная – золата, і дрэвы-калёны яе – срэбныя, бо кара іхняя гладкая й срабрыстая. Так сьпяваецца ў песьнях майго Ліхалесься. Як узрадавалася б маё сэрца, калі б я крочыў па гэтым лесе вясною!

– Маё сэрца ўзрадуецца нават зіме Лорыйну, – уздыхнуў Арагорн. – Аднак да яго яшчэ шмат вёрстаў. Пасьпяшаймася!

Пэўны час Фрода з Сэмам пасьпявалі за астатнімі. Аднак Арагорн крочыў няспынна й шырока, і паступова хобіты адставалі ўсё болей. З самай раніцы ня елі нічога. Сэмава драпіна палала агнём, а галава кружылася. Хоць зьзяла сонца, вецер пасьля падгорнай сьпякоты падаваўся ільдзяным. Сэм дрыжэў. Фрода ж кожны крок аддаваўся болем, ён сутаргава хапаў ротам паветра, хістаючыся.

Нарэшце Ляголас азірнуўся, пабачыў, як далёка адсталі хобіты, і паклікаў Арагорна. Уся кампанія спынілася, і Арагорн пабег да хобітаў, гукнуўшы Бараміра з сабою.

– Прабач, Фрода! – заклапочана ўгледзеўся ён. – Столькі ўсяго здарылася сёньня, дый нам так трэба сьпяшацца, што я забыўся на твае раны, і Сэмавы таксама. Ты мусіў нас папярэдзіць. Бо трэба перш за ўсё паклапаціцца пра цябе, хоць бы ўсё оркі Морыі гналіся за намі! Крыху далей ёсьць месца, дзе можна перадыхнуць. Там я паспрабую табе дапамагчы, як толькі здолею. Давай, Барамір, паднясем іх!

Неўзабаве напаткалі яшчэ адзін струменік, што, бегучы з захаду, бурліва ўліваўся ў Срабрынку. Сустрэўшыся, абодва струмені саскоквалі вадаспадам з прыступкі зеленаватага каменю ды, пырскаючы пенаю, беглі па расколіне з стромымі схіламі, зарослымі аленевым языком і чарніцамі. На дне расколіны там і тут стаялі пакрыўленыя нізенькія елкі. Ля самога ж струменю, які гаманліва каціў па бліскучым жвіры, месца была роўнае й прыдатнае для адпачынку. Там і прыпыніліся. Сонца ўжо хілілася на захад, бо сканчалася трэцяя гадзіна пасьля полудня, а ад брамы адышлі ўсяго на некалькі вёрстаў.

Пакуль Гімлі з маладзейшымі хобітамі распальвалі вогнішча, наламаўшы галінак з кустоў ды елак, і набіралі ваду, Арагорн узяўся за Фрода з Сэмам. Сэмава рана была неглыбокая, але выглядала непрыемна, і Арагорн спачатку хмурыўся, разглядаючы яе, але неўзабаве ўздыхнуў з палёгкай.

– Табе пашанцавала, Сэме. Шмат хто заплаціў значна болей за першага забітага орка. Твая драпіна не атручаная, а надта шмат орцкіх шабляў вымазаныя атрутай. Загаіцца файна, калі апрацаваць. Як толькі Гімлі сагрэе ваду, прамыем рану.

Разьвязаўшы кеску, выцягнуў колькі зморшчаных лістоў.

– На жаль, сухія й не такія гаючыя, як сьвежыя. Гэта рэшткі ацэласу, які я сабраў паблізу Наветранай стромы. Пакрышы адзін ліст у ваду, прамый рану, тады я перавяжу. Ну, цяпер твая чарга, Фрода!

– Я ў парадку, – адказаў той, не жадаючы, каб краналі ягоную вопратку. – Мне патрэбная толькі ежа й крыху адпачынку.

– Не, – запярэчыў Арагорн. – Трэба ж зірнуць, што кавадла з молатам табе ўчынілі. Я так і не магу ўцяміць, чаму ты застаўся жывы.

Асьцярожна сьцягнуў з Фрода старую куртку й паношаную кашулю – ды вохнуў ад зьдзіўленьня. А тады расьсьмяяўся. Срэбная кальчужка зіхацела, нібы гайданка марскіх хваляў пад сонцам. Арагорн ахайна зьняў яе, падняў, разглядаючы. Каштоўныя каменьчыкі блішчэлі, як зоркі, а перазвонь кольцаў гучала дожджыкам па азёрнай гладзі.

– Толькі зірніце, сябры! У хобіта прыгажэнькая скурка – вартая эльфскага княжыча! Каб толькі ведалі, што ў хобітаў растуць гэткія скуркі, паляўнічыя зьбегліся б у Шыр з усяго Міжзем'я!

– I ўсе стрэлы ўсіх паляўнічых сьвету сапсаваліся б на тых скурках, – вымавіў Гімлі, аслупянела ўтаропіўшыся ў кальчугу. – Гэта ж міфрыль! Міфрыль! Я аніколі ня бачыў гэткага файноцьця, нават ня чуў пра такое! Ці ж гэта тая самая бронька, пра якую згадваў Гэндальф? Ён шмат зьменшыў, распавядаючы! Але ў добры час яна дадзеная, насамрэч.

– А мне часьцяком карцела вызнаць, – сказаў Мэры, – чым гэта Фрода зь Більба займаюцца, зачыніўшыся ў маленькім пакойчыку. Здароўя й дабрабыту старому спадару! За тое люблю яго шчэ болей. Спадзяюся, нам самім пашанцуе распавесьці яму пра тое асабіста!

На Фродавым правым баку й грудзёх чарнеў вялізны сіняк. Кальчуга мела пад кольцамі яшчэ й падбіўку зь мяккай скуры, але ў месцы ўдару кольцы праціснулі яе й упіліся ў цела. Левы Фродаў бок, якім пад дзідай бразнуўся аб каменную сьцяну, таксама быў падрапаны ды пасінелы. Пакуль астатнія гатавалі ежу, Арагорн прамыў драпіны ўзварам ацэласу. Сакавіты водар паплыў над цясьнінай. Усе, хто нахіліўся над рондалем з узварам, удыхаючы пару, адчулі, што й бадзёрасьці, і сілаў дадалося. Неўзабаве й Фродаў боль адступіў, і дыхаць стала лягчэй, хоць кранаць сінякі й драпіны яшчэ цягам многіх дзён было балюча. Каб ад вопраткі не балела, Арагорн прыбінтаваў да сінякоў кавалкі мяккай тканіны.

– Твая кальчужка цудоўна лёгкая, – дадаў, скончыўшы. – Апрані яе зноў, калі здолееш. Мне насамрэч прыемна ведаць, што ты маеш гэткую абарону. I не здымай, нават на ноч, пакуль лёс не прывядзе нас у бясьпечнейшыя землі, а іх на тваім шляху патрапіцца, на жаль, небагата.

Паелі й падрыхтаваліся выходзіць. Загасілі вогнішча ды схавалі ягоныя сьляды. Выбраліся зь цясьніны й зноў крочылі па дарозе. Прайшлі надта мала, калі сонца схавалася за гарамі й ад іх папаўзьлі доўгія змрочныя цені. Леглі пад ногі, блытаючыся з туманом, што падымаўся з панізьзяў. Далёка на ўсходзе шэрае сьвятло сутоньня яшчэ ляжала на роўнядзях і лясах. Фрода з Сэмам цяпер пачуваліся пасьвяжэлымі, трымалі хаду добра, і цягам наступных трох гадзінаў давялося ўсяго раз прыпыняцца, і тое ненадоўга.

Нарэшце зьвечарэла. У начных нябёсах высыпалі ясныя зоры. Ды ветаху не было відаць. Гімлі й Фрода рушылі апошнімі, крочылі мякка, моўчкі, прыслухоўваючыся да гукаў за сьпінамі. Нарэшце Гімлі загаварыў.

– Анічога, акрамя ветру. Аніякіх гоблінаў – ці мо мае вушы зьмярцьвелі. Спадзяюся, оркі задаволіліся, выгнаўшы нас з Морыі. Можа, толькі таго яны й хацелі, аніякага пярсьцёнка на ўвазе ня маючы. Аднак оркі звычайна перасьледуюць ворагаў далёка па роўнядзях, асабліва дзеля помсты за правадыроў.

Фрода не адказаў. Зірнуў на лязо Джала – яно не сьвяцілася. Але ж нешта ён чуў, ці яму падавалася, што чуў. Як толькі сутонела й дарога за сьпінай аспусьцілася ў змрок, зноў данёсься часты поступ крокаў. Нават і цяпер. Фрода раптоўна азірнуўся. Далёка за сьпінай мільгнулі два малюсенькія агеньчыкі – ці толькі падалося, што мільгнулі, – аднак адразу таргануліся ўбок і згасьлі.

– Што гэта? – спытаў гном.

– Ня ведаю. Падалося, пачуў нешта падобнае да крокаў і пабачыў адбіткі сьвятла – быццам ад вачэй. Мне часьцяком такое падавалася, як толькі мы трапілі ў Морыю.

Гімлі нахіліўся да зямлі, прыслухоўваючыся.

– Не, я чую толькі начныя ўздыхі расьлінаў ды камянёў. Хадзем! Трэба сьпяшацца! Астатнія ўжо й нябачныя наперадзе.

Начны вецер высьцюжваў даліну перад імі. Наперадзе вырас вялізны шэры цень, пачуўся няспынны шорхат, нібы ад таполяў пад вясновым духавеем.

– Латлорыйн! – выгукнуў Ляголас. – Гэта Латлорыйн! Мы сягнулі нарэшце ўскрайку Вялікага лесу. Як шкада, што цяпер зіма!

Начныя дрэвы ўздымаліся ў нябёсную цемру, схіляліся над дарогай, над струменем, які хаваўся раптоўна пад распасьцёртымі галінамі. У цьмяным сьвятле зораў ствалы іхнія рысаваліся шэрымі, а дрыготкае лісьце – састарэлым рудым золатам.

– Латлорыйн! – уздыхнуў Арагорн. – Як радасна зноў пачуць вецер у гэтых дрэвах! Мы адышлі ўсяго на тры мілі ад брамы, але сёньня шмат ня пройдзем. Трэба спадзявацца, што моц эльфаў і іх лесу абароніць нас ад перасьледу.

– Калі эльфы яшчэ жывуць тут, у прыцемках нашага сьвету, – заўважыў Гімлі.

– Мае суродзічы ўжо доўга не вярталіся сюды, на зямлю, адкуль выйшлі шмат стагодзьдзяў таму, – сказаў Ляголас, – але мы чулі, што Лорыйн яшчэ не запусьцеў, што на ім таемная моц, якая абараняе ад ворагаў і не дазваляе ім перасекчы яе межы. Аднак народ Лорыйну мы цяпер бачым зрэдку. Мабыць, яны цяпер жытлуюць глыбока ў лесе, далёка ад паўночнай мяжы.

– Але, яны глыбока ў лесе, – пацьвердзіў Арагорн і ўздыхнуў, нібы згадаўшы нешта кранальнае. – Сёньня нам самім давядзецца паклапаціцца пра сябе. Крыху пройдзем наперад, паглыбімся ў лес, а тады збочым дый пашукаем месца для начлегу.

Ён крочыў наперад, але Барамір замер, сумняваючыся, ці ісьці сьледам. Спытаў:

– Ці няма іншага шляху?

– Ці існуе шлях, сьвятлейшы за гэты? – зьдзівіўся Арагорн. – Якога шляху ты хочаш, Барамір?

– Простага – няхай і празь мечы ворагаў, – адказаў Барамір. – Гэты атрад ужо вялі шляхамі дзівоснымі й ліхімі – і да ліха. Супраць маёй волі мы патрапілі ў змрок Морыі – і цяжка пашкадавалі аб гэтым. А цяпер ты прапануеш крочыць у Залаты лес. Але пра гэтую небясьпечную краіну ў Гондары кажуць, што нямногія вяртаюцца з тых, хто зайшоў туды, і аніхто не вяртаецца такім, якім быў.

– Ты хочаш сказаць – аніхто не вяртаецца, не зьмяніўшыся? Так, гэта слушна, – пацьвердзіў Арагорн. – Але ж былая мудрасьць насамрэч гасьне ў Гондары, колішнім горадзе ведаў і сьвятла, калі жыхары яго кажуць ліхое пра Латлорыйн. Лічы, што пажадаеш, але для нас іншага шляху няма. Хіба толькі ты вернесься да брамы Морыі, ускараскаесься па дзікіх гарах ці паплывеш у самоце па Вялікай рацэ.

– Тады вядзі нас! – пагадзіўся Барамір змрочна. – Вядзі зноў у небясьпеку.

– Насамрэч у небясьпеку. Але толькі для ліха – ды для тых, хто нясе ліха ў сабе. Рушце за мной!

Паглыбіліся ў лес на вярсту ці каля й напаткалі яшчэ адзін ручай, які зьбягаў зь лясістых заходніх схілаў адгор'я. Чулася скрозь цемру, як ён плешча, саскокваючы з вадаспаду недзе праваруч. Цёмная хуткая вада перасякала шлях і ўлівалася ў Срабрынку, круцячыся ды ўсплёскваючы ў разьліве сярод дрэваў.

– Німрадэль! – усклікнуў Ляголас. – Пра гэты струмень лясныя эльфы склалі калісьці мноства песьняў. Іх яшчэ пяюць на Поўначы, згадваючы вясёлку над вадаспадамі й залатыя кветкі на пеннай плыні. Цяпер усё агарнуў змрок і мост Німрадэлі даўно зруйнаваны. Я амыю свае ногі ў яе хвалях, бо кажуць, тыя воды змываюць стому.

Ляголас спусьціўся стромым берагам да ракі й крочыў у ваду.

– За мной! – паклікаў. – Тут неглыбока. Пяройдзем раку й прыпынімся на другім беразе! I няхай песьня ракі прынясе нам добрыя сны й змые горкія ўспаміны.

Адзін за адным скараскаліся ўніз за Ляголасам. Фрода прыпыніўся на момант ля берагу, адчуваючы, як вада плынее вакол ягоных стомленых ступакоў. Халодны дотык падаваўся чыстым і сьвежым. Перайшоў праз струмень, і калі вада сягнула каленяў, адчуў, што ўвесь бруд і змрок у душы, уся стома доўгага вандраваньня зьнікаюць, струменяць прэч.

Перабраўшыся, паселі на беразе, крыху пад'еўшы, а Ляголас распавёў паданьні Латлорыйну, якія эльфы Ліхалесься яшчэ трымалі ў памяці й сэрцы: пра ясныя полудні й залітыя зорным сьвятлом лугі ля Вялікай ракі ў тыя дні, калі сьвет яшчэ не сівеў.

– Ці чуваць вам голас Німрадэлі? – спытаў Ляголас. – Я прасьпяваю вам песьню пра дзяўчыну Німрадэль, яна насіла імя ракі, ля якой жыла даўным-даўна. На нашай лясной мове гэта цудоўная песьня, але ж яе пераклалі й на мову Захаду, і некаторыя ў Долым Яры сьпяваюць яе так.

Голасам, амаль нячутным у шумценьні лісьця над галавою, ён засьпяваў:

Эльфская панна жыла ў даўніну –

Зорачка ясным днём, –

Кветкаю сустракала вясну,

Сьветла-срэбным дажджом.

Сонца сьпявала ў яе валасах,

Твар яе зьзяў красой,

Промнем ласкавым на галінах

Лорыйнскаю вясной.

Срэбрам блішчэла адзеньне яе –

Птушкі вольных лясоў,

Вецер празрысты кружляў яе,

Як завею лістоў.

За вадаспадамі над ракой

Тады жыла Німрадэль,

I голас яе зьвінеў над вадой,

Бы птушыная трэль.

Дзе ж згубіўся цяпер яе звонкі сьмех?

Дзе ж у Белых гарах

Паміж скалаў ільдзяных, віхураў ліхіх

Заблукаў яе шлях?

У завані срэбнай яе карабель

Чакаў мноства шэрых дзён,

I кірляў лямант над пляскам хваль

Гучаў, нібыта праклён.

З поўначы вецер ільдзяны прыйшоў,

Завыў у снасьцях,

Пагнаў караблі ад зямных берагоў

Па шалёных вірах.

Блядны ўсход запаліў агнём

Хмараў шэрую сталь

Над непакорлівым караблём,

Над зграяю хваль.

На бераг далёкі Амрат зірнуў

I пракляў карабель,

І песьняй над хвалямі загукаў

Сваю Німрадэль.

Бо ён уладарным быў каралём

Сьветлых Лорыйну дрэў.

Сонечнай сілай, лясным струмянём

Зьвінеў яго сьпеў.

Моцны, кінуўся ён з карабля,

Як ад струны страла,

І хваляў калыска яго прыняла,

Нібы немаўля.

Промнем рушыў ён між валоў,

Лебедзем па вірах,

Між белапенных іх грабянёў,

Зь ветрам у валасах.

Дзе ж цяпер Амрат, кароль лясоў?

Ані ветры зямлі,

Ані ветры Замор'я дзіўных краёў,

Яго не знайшлі.

Голас Ляголаса раптам задрыжэў і змоўк.

– Не, я не магу болей сьпяваць, – сказаў ён. – Гэта малая частка доўгага сьпеву, але я шмат што забыўся, дый там далей сумна й змрочна. Расповед пра тое, як гора прыйшло ў Латлорыйн, Лорыйн Кветак, калі гномы абудзілі падгорнае ліха.

– Гномы не стваралі аніякага ліха, – абурыўся Гімлі.

– Я не сказаў "стварылі" – абудзілі, – вымавіў Ляголас з горычу. – Тады многія суродзічы Німрадэлі пакінулі свае жытлішчы й сышлі, і яна таксама. Яна згубілася далёка на поўдні, на перавалах празь Белыя горы, і не прыйшла да карабля, на якім чакаў яе каханы, Амрат. Але штовясну, калі вецер шапаціць у сьвежым лісьці, над ракою, над вадаспадамі, якія носяць яе імя, ажывае рэха яе голасу. А паўночны вецер прыносіць ад мора голас Амрата. Бо Німрадэль уліваецца ў Срабрынку, якую эльфы клічуць Келебранта, а Келебранта ўпадае ў Вялікі Андуйн, які цячэ ў заліў Бэльфалас, адкуль адплывалі калісьці эльфы Лорыйну. Ані Німрадэль, ані Амрат болей не вярнуліся сюды. Распавядаюць, што яна жыла ў хаціне, пабудаванай на дрэве сярод галінаў. Бо так звычайна й жылі эльфы Лорыйну, магчыма, жывуць і дасюль. Таму іх называлі галадрымы, народ дрэваў. Глыбока ў лесе дрэвы насамрэч найвялізьнейшыя. Жыхары лесу не закопваліся ў зямлю, як гномы, і не будавалі каменных муроў да таго, як прыйшоў Цень.

– I нават у нашыя дні сядзець на дрэвах, мабыць, бясьпечней, чым на зямлі, – дадаў Гімлі, зірнуўшы за раку, на шлях, які вёў да Дымрыльскай даліны, а тады на цьмянае сеціва галінаў над галавою.

– Твая парада слушная, Гімлі, – заўважыў Арагорн. – Хаты нам на дрэве не пабудаваць, але няшкодна, рыхтык галадрымы, пашукаць сховішча ў кроне, калі здолеем, вядома. Мы ўжо праседзелі ля дарогі нашмат болей за разумнае.

Вандроўнікі зьвярнулі зь сьцежкі, накіраваўшыся да цяністага гушчару, на захад уздоўж струменю, прэч ад Срабрынкі. Непадалёк ад вадаспадаў Німрадэлі знайшлі шчыльную купку дрэваў. Некалькі нахіляліся над рэчкаю. Іхнія вялізныя шэрыя ствалы былі неахопнай таўшчыні, а кроны губляліся ў цемры.

– Я ўскараскаюся, – вырашыў Ляголас. – Я ў лесе як у сябе дома, хоць тутэйшыя дрэвы дзіўнаватыя. Я іх толькі зь песьняў і ведаю. Яны называюцца мэларны. Менавіта яны ўвесну абсыпаныя жоўтымі кветкамі. Я яшчэ аніколі на такі не забіраўся. Ну, пабачым, як яны растуць ды як уладкаваныя.

– Гэтак ці інакш, – сказаў Піпін, – файна, каб на гэтых найцудоўнейшых дрэвах маглі б спаць ня толькі птушкі. Бо я ж ня певень праседзець ноч на шастку!

– Тады выкапай нару, – прапанаваў Ляголас, – калі гэта болей звычна для твайго народу. Але ж капай хутка й глыбока, каб схавацца ад оркаў.

Лёгка скочыў ды ўчапіўся за галіну, якая расла высока над ягонай галавой. Павіс на момант, прымяраючыся, – і зьнянацку згары пачуўся загадны голас: "Дара!" Ляголас саскочыў на зямлю, зьдзіўлены й напалоханы. Адразу адсунуўся, прыціснуўшыся да ствала.

– Ня рухайцеся! – прашаптаў астатнім. – Стойце моўчкі, ані гуку!

Над галовамі прашамацеў ціхі сьмех, і другі голас, чысты й ясны, вымавіў нешта па-эльфску. Фрода амаль нічога не зразумеў, бо размаўлялі не на мове эльфаў Захаду, а на гаворцы, якою лясныя эльфы на ўсход ад гор карыстаюцца міжсобку. Ляголас зірнуў угару й адказаў той самай гаворкаю.

– Хто яны такія, што кажуць? – спытаў Мэры.

– Эльфы, вядома, – адказаў Сэм. – Ці ж вы ня чуеце галасоў?

– Так, эльфы, – пацьвердзіў Ляголас, – і яны кажуць, што вы дыхаеце так гучна, што вас і ў паўнюткай цемры падстрэліць няцяжка.

Сэм прыкрыў рот даланёю.

– А яшчэ яны кажуць, каб вы не палохаліся. Яны заўважылі нас ужо даўно. Пачулі мой голас над Німрадэляй, пазналі ўва мне сваю радзіну з Поўначы й таму не заміналі перайсьці раку. Апасьля й песьню маю пачулі. Цяпер просяць, каб я разам з Фрода ўскараскаўся да іх, бо, падаецца, ім нешта вядома пра яго й нашую выправу. Астатніх папрасілі пачакаць крыху ля дрэва, покуль эльфы вырашаць, што рабіць.


Зь цемры спусьцілася вераўчаная лесьвіца, срэбна-шэра пабліскваючы ў змроку, хоць і танюткая, але дастаткова моцная, каб вытрымаць некалькіх адразу. Ляголас лёгка ўзьбег па ёй, і Фрода палез за ім, павольна й асьцярожна. За ім Сэм – з усяе моцы намагаючыся ня дыхаць гучна. Галіны мэларну адыходзілі ад ствала амаль пад прамым вуглом, а потым загіналіся ўгору. А ля вяршыні ствол цалкам разгаліноўваўся, разыходзячыся каронаю сукоў і сярод іх агароджы былі драўляныя масткі. Эльфы называлі іх талан. На іх залазілі праз круглую дзірку ўсярэдзіне, празь якую й праходзіла лесьвіца.

Дабраўшыся нарэшце да верху, Фрода ўбачыў, што Ляголас сядзіць побач з трыма эльфамі. Усе яны насілі цяніста-шэрае адзеньне, неадрознае між галінаў і начнога змроку, і заўважыць іх было магчыма, толькі калі рухаліся. Перад Фрода яны ўсталі, і адзін адкінуў накрыўку з маленькага ліхтара, які зьзяў тонкім срэбным праменем. Эльф падняў ліхтар, уважліва глянуў на твары Фрода й Сэма, тады прыкрыў ліхтар зноў і вымавіў словы вітаньня на эльфскай. Фрода, запінаючыся, павітаў у адказ.

– Рады вітаць! – паўтарыў тады эльф зноў на агульнай мове, павольна й зь відавочнай цяжкасьцю. – Мы рэдка размаўляем на чужых мовах, бо жывем цяпер у глыбіні лесу й неахвотна сустракаемся зь іншапляменьнікамі. Нават нашая радзіна на Поўначы цяпер аддзеленая ад нас і наведаць яе цяжка. Але ж некаторыя з нас яшчэ вандруюць па навакольлі, зьбіраючы навіны й вызнаючы варожыя рухі, і таму валодаюць мовамі чужынскіх краёў. Я з такіх выведнікаў. Маё імя – Хальдыр. Мае браты, Руміль і Арофін, вашай мовы амаль не разумеюць. Да нас дайшлі чуткі пра вашае падарожжа, бо Эльрандавы вестуны наведалі Лорыйн, вяртаючыся дахаты праз Дымрыльскую Лесьвіцу. Пра хобітаў, ці паўросьлікаў, мы ня чулі доўгія гады й ня ведалі, ці засталося яшчэ гэтае племя ў Міжзем'і. Ну, ліхадзеямі вы не падаяцеся. Раз вы зьявіліся разам з эльфам, нашым суродзічам, мы гатовыя паклапаціцца пра вас, як і прасіў Эльранд. Хоць ані ў нашым звычаі дазваляць чужынцам праходзіць праз нашыя краі. Сёньня вам давядзецца заначаваць тут. Колькі вас?

– Васьмёра, – адказаў Ляголас. – Я, чатыры хобіты й два чалавекі. Зь іх адзін – Арагорн, сябра эльфаў, з народу Найдалейшага Захаду.

– Імя Арагорна, сына Араторна, добра вядомае ў Лорыйне, – давёў Хальдыр, – на ім ласка нашай панны. Тады ўсё добра. Але ты назваў толькі сямёх.

– Восьмы – гном, – давёў Ляголас.

– Гном!.. Гэта ўжо ня так добра. Ад дзён Цемры мы не падтрымліваем зносіны з гномамі. Ім не дазваляецца крочыць на нашую зямлю. Я не магу дазволіць яму прайсьці.

– Але ён з-пад Самотнай гары, набліжаны й давераны самога Дайна, сябра Эльранда, – умяшаўся Фрода. – Сам Эльранд абраў яго нам у спадарожнікі. Гімлі – верны паплечнік, адважны й надзейны.

Эльфы загаманілі між сабой напаўголасу, прыняліся распытваць Ляголаса на сваёй мове.

– Добра, – вымавіў Хальдыр нарэшце. – Мы згодныя, хоць тое нам не даспадобы. Калі Арагорн зь Ляголасам згодзяцца несьці адказнасьць за яго, ён можа прайсьці праз Латлорыйн, але толькі з завязанымі вачыма. Болей спрачацца пра тое часу няма. Вашым спадарожнікам нельга заставацца ўнізе. Мы назіраем за ракою й далінай з таго часу, як колькі дзён таму з поўдня ўздоўж краю гор у Морыю прыйшла вялізная банда оркаў. Ля ўскрайку лесу чуваць ваўчынае выцьцё. Калі вы насамрэч выйшлі з Морыі, небясьпека наўрад ці далёка за вамі. Вам давядзецца выходзіць рана. Усе хобіты мусяць начаваць тут, побач з намі, бо ад іх мы небясьпекі не чакаем. Для астатніх ёсьць талан на суседнім дрэве. Ты, Ляголас, у адказе за іх! Калі што, кліч нас! I даглядай гнома паўважлівей!


Ляголас скочыў уніз па лесьвіцы перадаць Хальдыраў загад, і неўзабаве наверх ускараскаліся Мэры зь Піпінам, запыханыя й відавочна напалоханыя.

– Ну нарэшце! – выдыхнуў Мэры. – Мы вашыя коўдры разам з сваімі прыхапілі. Астатняе Швэндал схаваў, закапаў у кучу апалага лісьця.

– Ня трэба было гэтак нагружацца, – вымавіў Хальдыр. – Уночы ў вяршалінах дрэваў халодна, але нашыя ежа й пітво здольныя абараніць вас ад холаду, і ў нас ёсьць коўдры й шкуры для вас.

Хобіты прынялі запрашэньне да другой (і значна лепшай) вячэры зь вялікім задавальненьнем. Паеўшы, пазагортваліся ў коўдры – ня толькі эльфавы, футравыя, але ж і ў свае – і паспрабавалі заснуць. Аднак жа атрымалася толькі ў Сэма, бо пераадолець трывогу было няпроста. Хобітам высокія месцы ня надта даспадобы, яны аніколі ня сьпяць на верхніх паверхах, нават калі тыя й ёсьць. Масткі на дрэве – гэта зусім ня хобіцкая спальня. Іх не агароджвалі ані сьценкі, ані нават парэнчы. Толькі з аднаго боку тырчэла лёгкая плеценая загароджа, якую можна было разабраць ды прымацаваць, дзе трэба, каб захіліцца ад ветру.

Піпін яшчэ намагаўся пагаманіць.

– Ну, як жа тут спаць. Спадзяюся, што сонны я з гэтай курасадні не звалюся.

– Калі я засну, дык і буду спаць, – прабурчэў Сэм. – I чым меней мы тут словамі будзем кідацца, тым хутчэй капыты спачнуць, калі вы разумееце, пра што я.

Фрода пэўны час ляжаў, пазіраючы на зоры, якія праблісквалі празь цёмную столю дрыготкага лісьця. Сэм жа салодка захроп задоўга да таго, як Фрода заплюшчыў вочы. Скрозь паўдрымоту цьмяна рысаваліся шэрыя постаці двух эльфаў – нерухомыя, з рукамі на каленях. Эльфы перашэптваліся ледзь чутна. Астатнія спусьціліся да ніжэйшых галінаў трымаць варту. Нарэшце, залюляны ветрам у гальлі над галавою й салодкім шапаценьнем вадаспадаў унізе, Фрода заснуў канчаткова, і ў снах ягоных люстравалася Ляголасава песьня.

Пасярод ночы прачнуўся. Астатнія хобіты спалі, эльфы зьніклі. Сярпок ветаху слаба прабліскваў у лісьці. Вецер сьцішыўся. Непадалёк пачуўся тупат мноства ног і грубы рогат. Бразнуў мэтал. Гукі паступова сьцішыліся, аддаліліся некуды на поўдзень, у лес.

У дзірцы пасярод талану з'явілася галава. Фрода сеў, устрывожаны, але тое быў эльф у шэрым каптуры.

– Што такое? – спытаў Фрода.

– Ырч! – прашыпеўэльф ціха й выцягнуў за сабою скатаную лесьвіцу.

– Оркі? – перапытаў Фрода. – Што яны робяць?

Але эльф ужо зьнік.

Болей не чувалася анічога. Нават вадаспады неяк прыцішыліся й лісты не шамацелі. Фрода сеў, дрыжучы пад коўдрамі. Меркаваў: файна, што не засталіся на зямлі, аднак якая абарона з дрэваў, акрамя сховішча? Оркі, як кажуць, здольныя вынюхваць ня горш за сабак і лазіць па дрэвах умеюць. Выцягнуў Джала з похваў. Тое зіхацела й адблісквала блакітным полымем, але паціху сьцьмела ды згасла зусім. Нягледзячы на пацямнелы меч, пачуцьцё блізкай небясьпекі не пакінула Фрода, нават узмацнілася. Ён падняўся, падкраўся да дзіркі й зірнуў уніз. Сапраўды, нешта кешкаецца ля камля дрэва.

Ня эльф, бо лясныя эльфы рухаліся цалкам бязгучна. Пачулася слаба, нібы нехта прынюхваецца, а потым шкрабецца па кары. Фрода ўзіраўся ў цемру, сьцяўшы подых.

Нехта – ці нешта – павольна караскалася ўгару, і ягонае дыханьне сачылася шыпам скрозь сьціснутыя зубы. Потым побач з ствалом расплюшчыліся два блядныя вокі. Спыніліся, пазіраючы наверх, – нерухомыя, немірглівыя. Раптам згасьлі, і цьмяная постаць сасьлізнула па ствале дрэва й зьнікла.

Адразу пасьля на талан падняўся па галінах Хальдыр. Распавёў:

– На дрэва караскалася нешта, чаго я аніколі ня бачыў. Ня орк. Яно ўцякло, як толькі я крануў дрэва. Істота надта сьцярожкая й ведае, як лазіць па дрэвах. Калі б ня тое, я палічыў бы яе адным з вас, хобітаў. Я ня стрэліў, бо яна магла ўскрыкнуць і тое пачулі б оркі. Іх шмат – цэлы шыхт перайшоў Німрадэль. Каб яе чыстая вада апякла іхнія гнюсныя лапы! Яны пашыбавалі па старым шляху. Напэўна, знайшлі ваш пах, бо абшуквалі пэўны час месца, дзе вы прыпыняліся. Утрая нам з сотняю ня справіцца, таму мы рушылі наперад, імітуючы вашыя галасы, каб завесьці іх у глыбіні лесу. Арофін выправіўся дахаты – папярэдзіць. Аніводны з оркаў аніколі яшчэ не вяртаўся зь лясоў Лорыйну. Да наступнай ночы ўздоўж паўночных межаў таемна зьбярэцца мноства эльфаў. Але вам трэба выходзіць і рушыць на поўдзень зь сьвітанкам.


На ўсходзе запалілася бляклая раніца. Сьвятло зырчэла, прасочвалася праз залатое лісьце, і хобітам падалося, быццам над лесам уздымаецца яскравае сонца сьвежага летняга дня. Сьветла-блакітныя нябёсы праглядвалі між разгайданых галінаў. Зірнуўшы ў шчыліну між гальлём на поўдні, Фрода пабачыў усю даліну Срабрынкі – залацістае мора лісьця ў зморшчынках ад ранішняга ветру.

Паветра яшчэ не прагрэлася, калі вандроўнікі рушылі зноў на чале з Хальдырам і ягоным братам Румілем.

– Бывай, салодкая Німрадэль! – усклікнуў Ляголас.

Фрода азірнуўся, убачыў пробліск белай пены сярод шэрых ствалоў. I сам вымавіў: "Бывай!" Падалося, аніколі болей не сустрэне струменю гэткай прыгажосьці, што заўжды пяе безьліччу галасоў, сплятаючы іх у бясконцую пераменлівую музыку.

Вярнуліся на сьцежку, якая па-ранейшаму вяла заходнім берагам Срабрынкі, і пэўны час крочылі па ёй на поўдзень. На зямлі тут і там сустракалі адбіткі оркавых ног. Але неўзабаве Хальдыр збочыў і спыніўся на беразе ў цені дрэваў.

– За ракой адзін з маіх стралкоў, – вымавіў эльф, – хоць вы яго й ня бачыце.

Хальдыр паклікаў – бы ціха гукнула птушка – і з купкі маладых дрэваў на тым баку крочыў эльф, апрануты ў шэрае, але з адсунутым каптурам. Ягоныя валасы блішчэлі золатам пад ранішнім сонцам. Хальдыр у момант перакінуў праз раку маток шэрай вяроўкі, эльф падхапіў і прывязаў да дрэва ля берагу.

– Як бачыце, Келебранта тут ужо даволі моцная, – тлумачыў Хальдыр, – хуткая ды глыбокая, і вельмі халодная. Мы самі гэтак далёка на поўначы не заходзім у яе, калі толькі мажліва. Але ж у наш неспакойны час мастоў мы болей не будуем. А перапраўляемся вось гэтак! Рушце за мной!

Прывязаў свой канец вяроўкі да дрэва й лёгка прабег па ёй над ракою й назад, як па сьцежцы.

– Я здольны прайсьці так, – сказаў Ляголас, – але астатнія наўрад ці. Ім давядзецца плысьці?

– Не, – адказаў Хальдыр. – У нас ёсьць яшчэ дзьве вяроўкі. Мы замацуем іх над гэтай, адну на вышыні плячэй, другую – напалову ніжэй. Трымаючыся за іх і чужынцы пяройдуць – з пэўнай асьцярожнасьцю, вядома.

Калі гэты ненадзейны мост збудавалі, вандроўнікі адзін за адным перайшлі па ім: некаторыя павольна й баязьліва, іншыя лягчэй і хутчэй. З хобітаў найлепшым стаўся Піпін. Крочыў упэўнена й спрытна, трымаўся толькі адной рукою. Але не адрываў позірку ад дальняга берагу, уніз не глядзеў. Сэм жа ледзь прасоўваўся, моцна ўчапіўшыся ў вяроўкі, узіраючыся ў празрыстую вірлівую ваду, нібы з адхону ў прорву дзесьці ў гарах.

Уздыхнуў з палёгкай, сягнуўшы берагу.

– Ну, век жыві, век вучыся, як мой стары любіў даводзіць, – вымавіў, саскочыўшы. – Хоць ён казаў пра гародніцтва, а не пра тое, каб па суках расьседжвацца па-гругановаму ці па нітках паўзьці па-павуковаму. Нават мой дзядзька Эндзі аніколі гэткіх каленцаў не выкідваў!

Калі праз даволі доўгі час кампанія сабралася на ўсходнім беразе Срабрынкі, эльфы адвязалі вяроўкі й скруцілі дзьве зь іх. Руміль, які заставаўся на другім беразе, выцягнуў да сябе трэцюю, зматаў яе, закінуў за плячо ды, махнуўшы рукою на разьвітаньне, рушыў прэч, назад да Німрадэлі, трымаць варту.

– Цяпер, сябры, – прамовіў Хальдыр, – вы ўступілі ў Найф Лорыйну. На вашай мове гэта Клін Лорыйну, бо гэты куток – бы канчар дзіды паміж Срабрынкаю й Вялікім Андуйнам. Звычайна мы не дазваляем чужынцам знаёміцца з таямніцамі Найфу. Насамрэч няшмат тых, каму дазвалялася хоць бы крануць зямлю гэтых краёў. Як і дамаўляліся, тут я завяжу вочы гному Гімлі. Астатнім можна йсьці вольна, пакуль не наблізімся да нашага жытла ў Эгладыле, Куце паміж рэкамі.

Гімлі тое ўспрыняў цяжка.

– Тую дамову склалі без майго дазволу й удзелу, – абурыўся ён. – Я не пайду асьлеплены, як жабрак альбо палонны. Я не варожы выведнік! Мой народ аніколі ня меў зносінаў ані зь якімі варожымі паслужнікамі. Таксама мы аніколі не ўчынялі шкоды аніякім эльфам. Чаму вы лічыце, што я здольны здрадзіць вам у большай ступені, чым Ляголас ці любы іншы з нас?

– Пра тое ў мяне няма сумневаў, – адказаў Хальдыр, – аднак такі наш закон. У мяне няма ўлады над законам, і я не жадаю яго парушаць. Я ўжо амаль парушыў яго межы, дазволіўшы табе перайсьці Келебранту.

Але ж Гімлі тое не пераканала. Ён расставіў ногі, упершыся ў зямлю, як валун, дый паклаў руку на трымальна сякеры.

– Я пайду наперад вольны ці вярнуся да сваёй зямлі, дзе ў маім слове аніхто ня мае сумневаў, нават калі загіну самотны ў глухамані.

– Вярнуцца ты ўжо ня здолееш, – давёў Хальдыр сувора. – Калі ты дайшоў дасюль, мусіш паўстаць перад панам і паннай гэтай зямлі. Над табой іхні прысуд – застацца тут ці йсьці вольна, куды пажадаеш. Ты не пяройдзеш раку. За табой цяпер таемныя вартавыя, якіх ты не мінеш. Ты нават не пасьпееш іх пабачыць перад тым, як яны заб'юць цябе.

Гімлі выцягнуў сякеру з-за паса. Хальдыр з паплечнікамі ўмомант нацягнулі лукі.

– А каб жа гномаў зь іхнімі нягнуткімі шыямі! – вылаяўся Ляголас.

– Досыць! – загадаў Арагорн. – Калі вы яшчэ давяраеце мне правадырства, рабіце, калі ласка, што я загадваю. Так, для гнома гэта крыўдна й несправядліва адному йсьці ўсьляпую. Хай завяжуць вочы нам усім, нават Ляголасу. Так найлепей, хоць вандроўка нашая й зробіцца павольнай і нудотнай.

Гімлі засьмяяўся.

– Ну й дзіўная ж мы будзем каманда дурняў! Ці Хальдыр павядзе нас на вяровачцы, як шэраг сьляпых жабракоў з адным сабакам-правадыром? Але ж мяне задаволіць, калі толькі Ляголас падзеліць з мною сьлепату.

– Я – эльф. Я сярод суродзічаў, – раззлаваўся ў сваю чаргу Ляголас.

– Ну, самы час цяпер згадаць эльфаў зь іхнімі нягнуткімі шыямі! – сказаў Арагорн. – Але ўсе мы пойдзем аднолькава. Калі ласка, завяжы нам усім вочы, Хальдыр!

– Вы ў адказе за кожны мой сіняк ці пабіты палец, – папярэдзіў Гімлі буркатліва, калі яму завязалі вочы.

– Думаю, скардзіцца табе не давядзецца, бо я добры правадыр і сьцежкі тут гладкія ды прамыя, – суцешыў Хальдыр.

– Якое непаразуменьне дзеецца ў нашыя дні! – усклікнуў Ляголас. – Мы – ворагі аднаго Ворага, а я ўсё адно йду з завязанымі вачыма пад жывым сонцам на лясным залатым лісьці!

– Гэта падаецца непаразуменьнем, так, – пагадзіўся Хальдыр. – Насамрэч ані ў чым так не выяўляецца моц Чорнага Ўладара, як у адчужанасьці паміж тымі, хто змагаецца супроць яго. Мы цяпер так мала давяраем усяму сьвету за межамі Лорыйну, апроч хіба Долага Яру, што не адважваемся памылковым даверам стварыць небясьпеку нашай зямлі. Мы жывем на высьпе сярод ворагаў, і ў руках нашых струны лукаў сьпяваюць часьцей за струны арфаў. Рэкі доўга абаранялі нас, але цяпер, здаецца, за імі схавацца нельга, бо Цень працягнуўся на поўнач па-за нашай зямлёю. Некаторыя мяркуюць пра сыход, але ўжо позна. У заходніх гарах пасялілася ліха, на ўсходзе – пустэчы, па якіх бадзяецца мноства Саўронавых пачвараў. Кажуць, што нельга рушыць на поўдзень праз Рохан і вусьце Вялікай ракі пад наглядам Ворага. Нават калі мы й сягнем марскога берагу, болей прытулку мы там ня знойдзем. Паводле чутак, ёсьць яшчэ завані Вышніх эльфаў далёка на паўночным захадзе, за зямлёю паўросьлікаў. Дзе ж тое, пэўна, ведаюць пан з паннай. Я ня ведаю.

– Ну, вы маглі здагадацца, пабачыўшы нас, – сказаў Мэры. – Так, на захад ад маёй зямлі, Шыру, дзе жывуць хобіты, ёсьць эльфскія завані.

– Шчасьлівы ж вы народ, хобіты, калі жывяце паблізу марскіх берагоў! Доўгі час мінуў з тых дзён, калі мой народ пазіраў на мора. Але ж мы яшчэ сьпяваем пра завані. Калі ласка, распавядзі мне пра іх, пакуль мы йдзем.

– Я не магу, – прызнаўся Мэры. – Я ніколі іх ня бачыў. Я аніколі раней не трапляў за межы маёй краіны. I калі б ведаў, які гэта далёкі сьвет, дык, напэўна, аніколі не адважыўся б пакінуць радзіму.

– Нават каб пабачыць сьветлы Латлорыйн? – зьдзівіўся Хальдыр. – Сусьвет наш насамрэч недарэчны, і шмат у ім ліха й ценяў, аднак шмат у ім і сьвятла. Хоць паўсюль цяпер радасьць і любасьць азмрочаныя блізкасьцю гора, але таму, мажліва, яны робяцца мацнейшымі й зырчэйшымі. Некаторыя між нас лічаць, што Цень зьнікне й супакой вернецца. Але ж я ня веру, што сусьвет зноў зробіцца такім, як у даўніну, што сонца зазьзяе, як у далёкай мінуўшчыне. Для эльфаў, баюся, нават перамога стане кароткім спачынкам, мажлівасьцю безь перашкодаў дабрацца да мора й пакінуць Міжзем'е. Што ж тады зробіцца з Лорыйнам? Як жыць на зямлі, на якой не растуць мэларны? Бо калі яны й ёсьць за Вялікім морам, аніхто пра тое не распавёў.

Гэтак размаўляючы, вандроўнікі павольна цягнуліся па лясных сьцежках за Хальдырам. Яшчэ адзін эльф рушыў ззаду. Зямля пад нагамі адчувалася гладкай і мяккай, і паступова пайшлі вальней, не баючыся зваліцца ці пабіцца. Фрода вынайшаў, што з-за завязаных вачэй слых і іншыя пачуцьці абвострыліся. Ён чуў пах дрэваў ды прымятай нагамі травы. Разьбіраў мноства розных нотак у шомасьце лісьця над галавою, шапаценьне ракі далёка праваруч, тонкія ясныя галаскі птушак у вышыні. Адчуваў, як сонца кранае твар і рукі, калі праходзілі праз паляны.

Як толькі ён крануў нагою дальні бераг Срабрынкі, дзівоснае пачуцьцё агарнула яго й паглыблялася з кожным крокам Фрода ў глыбіню Найфу: быццам праз мост патрапіў у куток Даўніх дзён, у сьвет, якога не існуе болей, у далёкую мінуўшчыну. У Долым Яры яшчэ жыла памяць даўніны – у Лорыйне даўніна жыла пад сучасным сонцам. Тут бачылі ліха й ведалі пра яго, ведалі й гора, эльфы баяліся замежнага сьвету й не давяралі яму. Ваўкі вылі па ўзьлесьсях. Але сама зямля Лорыйну не спазнала ценю.

Ішлі ўвесь дзень, пакуль не адчулі прахалоду сутоньня й раньні вецер не зашамацеў у лістоце. Тады адпачылі, праспаўшы ноч на зямлі без аніякіх страхаў. Зьняць павязкі вандроўнікам не дазволілі, а з завязанымі вачыма на дрэва не ўскараскаесься. Раніцою рушылі зноў, нясьпешна й спакойна. Апоўдні прыпыніліся, і Фрода адчуў, што выйшлі на адкрытае месца. Раптоўна пачуў мноства галасоў вакол.

Напэўна, напаткалі эльфскую харугву, што сьпяшалася да паўночных межаў – абараняцца ад верагоднага нападу з Морыі. Таксама эльфы прынесьлі зьвесткі, некаторыя зь якіх Хальдыр пераказаў вандроўнікам. Драпежных оркаў зьнішчылі амаль усіх, рэшткі кінуліся ўцякаць на захад, да гор, з пагоняю за плячыма. Таксама выведнікі заўважылі дзіўную пачвару, якая бегла па зямлі, нахіліўшыся, амаль кранаючы яе рукамі, бы зьвер, але ж паставай ня надта падобная да зьвера. Злавіць яе ня здолелі, страляць ня сталі, ня ведаючы, ліхая яна ці не, і яна ўцякла ўніз па Срабрынцы.

– Таксама, – дадаў Хальдыр, – яны прынесьлі мне пасланьне ад пана з паннай. Вам усім дазволена йсьці вольна, нават гному Гімлі. Падаецца, што панна добра ведае кожнага з вас. Магчыма, прыйшлі нейкія новыя зьвесткі з Долага Яру.

Спачатку ён зьняў павязку з вачэй Гімлі.

– Прашу прабачэньня! – вымавіў, пакланіўшыся. – Зірні на нас цяпер, калі ласка, па-сяброўску. Зірні – і парадуйся, бо ты першы гном з самых Дарынавых дзён, які пазірае на дрэвы Найфу Лорыйну.

Калі чарга дайшла да Фрода, той азірнуўся навокал – і ажно сьцішыў дыханьне. Яны стаялі на вялізнай паляне. А леваруч узвышаўся курган, зарослы травой – такой сьвежай і зялёнай, быццам у першую вясну Даўніх дзён. На вяршыні яго двайною каронаю расьлі два колы дрэваў. Вонкавыя мелі кару сьнежнай белі, і хоць на галінах не было лісьця, аголеныя зграбныя дрэвы зьзялі незвычайным хараством. Унутранае кола складалі вялізныя мэларны, апранутыя ў мяккае золата. Высока сярод сукоў найвышэйшага, узьнесенага над астатнімі мэларну, які рос у цэнтры круга, прабліскваў белы талан. Ля ўзножжа дрэваў, у траве на схілах, як зоркі, парассыпаліся маленькія залатыя кветачкі. А сярод іх, схіляючыся на тонкіх сьцяблінах, красавалі іншыя – белыя ці ледзь зеленаватага адценьня, яны блішчэлі туманом сярод сьвежай сакавітай зеляніны травы. Над галовамі сінелі нябёсы, і ад зыркага надвячоркавага сонца па траве ад дрэваў цягнуліся зялёныя цені.

– Глядзіце! – прамовіў Хальдыр. – Бо вы сягнулі Керын Амрату, сэрца эльфскага каралеўства даўніны. Гэта курган караля Амрата, над якім быў калісьці ягоны дом і пасад. Тут у заўжды сьвежай траве заўсёды квітнеюць зімовыя кветкі: жоўтыя, эланор, і белыя, ніфрэдыль. Тут мы крыху адпачнем і пойдзем, як сьцямнее, у горад галадрымаў.


Усе, апроч Фрода, паселі на духмяную траву. А той усё стаяў, разгублены, зьнерухомелы ад зьдзіўленьня. Яму падавалася: ён крочыў праз высокае вакно ў мінулы, даўно зьніклы сьвет. Сьвятло звычайнага дня падала на нешта, чаму й імя ў сучаснай мове не было. Усё наўкол падавалася зграбным і ясным, бы нехта задумаў і намаляваў упрост перад вачыма вось толькі што, – і адначасна неверагодна старым, пракавечным. Фарбам навакольля ён мог даць звычайныя імёны: залаты, белы, блакітны й зялёны, але ж яны былі такія сьвежыя, сакавітыя, насычаныя, рыхтык ён вынайшаў іх упершыню, упершыню пабачыў – і даў ім імёны новыя й найчароўнейшыя. У тутэйшай зіме аніхто не сумаваў па вясьне ці леце. Ані пляміны, ані хваробінкі, аніякай заганы не было ў ніводным з таго, што расло на гэтай зямлі. Зямля Лорыйну не спазнала ліха.

Павярнуўся й убачыў, што Сэм стаіць побач, азіраючыся зьбянтэжана й паціраючы вочы, быццам ня ўпэўнены, ці наяве ўсё бачыць.

– Сонца сьвеціць, і дзень нармалёвы, – мармытаў ён. – А я лічыў: эльфскае – гэта пад месяцам ці пад зорамі, але ж гэнае болей эльфскае за ўсё, што я бачыў ці чуў. Я пачуваюся, нібыта я сам у песьні, калі ваша мяне разумее.

Хальдыр зірнуў на іх – і быццам зразумеў і словы іхнія, і думкі. I ўсьміхнуўся, вымавіўшы:

– Вы адчуваеце моц панны ўсіх галадрымаў. Ці жадаеце разам з мною падняцца на Керын Амрат?

Хобіты рушылі за эльфам, які лёгка падымаўся па травяністым схіле. Фрода ішоў і дыхаў. Прахалодны ветрык варушыў жывое лісьце й кветкі над галавою й халадзіў твар, Фрода пачуваўся па-за часам, у краёх, якія ня ведаюць зьменаў згасаньня, дзе балючыя памылкі не вярэдзяць памяці. Адчуваў сэрцам: нават калі й сыдзе, калі вернецца ў халодны вонкавы сьвет, ён, Фрода, бадзяга з Шыру, заўжды застанецца, каб крочыць тут, па траве Лорыйну між спрадвечных эланораў і ніфрэдылю.

Падарожнікі ўвайшлі ў кола белых дрэваў. І адразу паўднёвы вецер падзьмуў на Керын Амрат, зашапацеў у галінах. Фрода стаяў, нібыта пачуўшы далёкі прыбой вялікіх мораў, чые берагі даўно змылі хвалі часу, і крыкі нябачаных марскіх птушак, даўно зьніклых з аблічча зямлі.

Хальдыр апярэдзіў і ўжо ўзьбіраўся да пляцоўкі на дрэве. Фрода падрыхтаваўся рушыць за ім, прыклаў даланю да ствала каля лесьвіцы – і раптам, як ніколі раней, востра й тонка ўсьвядоміў тканкі драўлянай скуры, адчуў біцьцё жыцьця пад ёю. Радасьцю быў сам дотык да дрэва, пачуцьцё яго пад пальцамі – радасьць не лесьніка ці цесьляра, а водгук жывой радасьці дрэва.

Калі нарэшце ён падняўся на высокую плятформу, Хальдыр узяў яго за руку й павярнуў тварам на поўдзень.

– Найперш зірні сюды!

Фрода паслухаўся й убачыў зводдаль ці то ўзгорак з мноствам магутных дрэваў, ці то горад зялёных вежаў. Адтуль, ён адчуў, зыходзілі моц і сьвятло, што ўладарылі над гэтай зямлёю. Яму закарцела раптам узьляцець птушкаю, сягнуць зялёнага гораду, каб адпачыць там. Тады кінуў погляд на ўсход, дзе край Лорыйну падыходзіў да цьмянага бляску Андуйну, Вялікай ракі, прасачыў вачыма ўздоўж вады – і дзівоснае сьвятло згасла, ён вярнуўся ў звыклы, знаёмы сьвет. Землі за ракою й ля яе прасьціраліся роўныя й пустыя, бясформавыя й няпэўныя, а ў паўднёвай далечы й на блізкім беразе ракі нібыта ўтыкаліся ў мур, цёмны й бязрадасны. Сонца Латлорыйну ня мела моцы, каб прабіць той далёкі цень.

– Там ляжыць сэрца Паўднёвага Ліхалесься, – патлумачыў Хальдыр. – Лес цёмных ялінаў, там дрэвы змагаюцца адно супраць аднаго, і іхнія галіны трупехнуць і высыхаюць. Пасярод на каменнай вяршыні стаіць Дул Гулдур, дзе доўга туліўся таемна Вораг. Мы баімся, што замак зноў заселены й моц ягоная ўсемярылася. Апошнім часам чорная хмара часьцяком спачывае на той вяршыні. Адсюль, з гэтага высокага месца, ты можаш бачыць дзьве сілы, што супрацьстаяць адна адной і нават зараз змагаюцца ў думках. Але хоць сьвятло й адчувае самае сэрца цемры, нашыя таямніцы яшчэ не раскрытыя.

Эльф павярнуўся й стаў паволі спускацца, за ім і хобіты.

Ля ўзножжа ўзгорку ўбачылі Арагорна, маўклівага й нерухомага, бы дрэва. У ягоных рукох залацела маленечкая краска эланору, і сьвятло струменіла зь ягоных вачэй. Фрода здагадаўся: напэўна ж, Арагорн затрымаўся ў чароўных успамінах, зноў перажывае прамінулае, што адбылося на гэтым самым месцы. Жорсткасьць бязьлітасных гадоў сышла з твару Арагорна; падавалася, апрануты ў белае высокі й чароўны княжыч прамаўляў словы па-эльфску камусьці, каго ня мог бачыць Фрода. "Арвэн ванімэльда, намарыё!" – сказаў Арагорн, глыбока ўздыхнуў дый вярнуўся з згадак, зірнуў на Фрода й усьміхнуўся.

– Тут сэрца эльфаў усёй зямлі, – сказаў ён, – тут назаўжды застаецца й маё сэрца, калі толькі змрочны шлях, па якім мы абодва крочым, ня выведзе нас да сьвятла. Хадзем з мною!

Ён узяў Фродаву руку й павёў яго прэч з пагорку Керын Амрат.

Болей у сваім зямным жыцьці ён аніколі не вярнуўся сюды.


7. Люстэрка Галадрыелі


Сонца ўжо хавалася за гарамі й цені гусьцелі пад дрэвамі, калі вандроўнікі рушылі зноў. Цяпер шлях вёў праз гушчары, дзе ўжо ляжаў змрок. На лес спусьцілася ноч, і эльфы запалілі срэбныя ліхтары.

Зьнянацку зноў патрапілі на паляну й убачылі над сабою бляклае неба позьняга сутоньня, праколатае некалькімі раньнімі зоркамі. Шырокая паляна цягнулася вялізным кольцам. За ёю глыбокі роў губляўся ў густых, аксамітных ценях, але трава на ўскрайку яго яшчэ зьзяла зялёным, нібы памятаючы зьніклае сонца. А за ровам высока ўздымалася зялёная сьцяна, якая атачала зялёны пагорак, шчыльна зарослы мэларнамі, найвялізьнейшымі з усіх, бачаных раней. Іхнія вяршыні губляліся ў змроку. Яны стаялі жывымі вежамі, магутнымі, з шматлікімі ярусамі галінаў, і сярод іх заўжды шапатлівых, рухавых лістоў блішчэла безьліч агеньчыкаў – зялёных, залатых і срэбных. Хальдыр павярнуўся да падарожнікаў.

– Вітайма ў Карас Галадхане! – вымавіў ён. – Тут, у горадзе галадрымаў, жывуць пан Келебарн і панна Галадрыель, уладары Лорыйну. Але ж тут мы ня зойдзем – брама выводзіць на поўдзень, не на поўнач. Нам трэба агінаць мур, і шлях будзе доўгі, бо горад надзвычай вялікі.


Уздоўж вонкавага ўскрайку рову вяла дарога, забрукаваная белым каменем. Па ёй і крочылі на захад, і горад зялёным воблакам уздымаўся ў вышыню леваруч ад іх. Змрок шчыльнеў, і ўсё болей агеньчыкаў запальвалася ў дрэвах, пакуль пагорак увесь не запалаў зорамі. Нарэшце сягнулі белага мосту й за ім – вялікай брамы гораду. Яна паглядала на паўднёвы захад і знаходзілася паміж сьценамі, якія не сутыкаліся там, дзе змыкала ся кольца, а заходзілі адна за адну, ідучы поруч. Муры тыя былі надта высокія й моцныя, абвешаныя мноствам ліхтароў.

Хальдыр пагрукаў у браму, і яна бязгучна адчынілася, хоць варты нідзе не было відаць. Вандроўнікі зайшлі, брама бязгучна зачынілася за імі. Апынуліся зноў у праходзе паміж высокімі сьценамі. Пасьпяшаліся па ім і трапілі ў Горад Дрэваў. Анікога так і не сустрэлі й нічыіх крокаў па сьцежках не пачулі, але ж паблізу, зьверху, зусім побач перамаўлялася мноства галасоў. Далёка на вяршыні пагорку нехта сьпяваў, і гукі ліліся з вышыні, нібыта мяккі дождж па залатым лісьці.

Рушылі па мностве сьцежак, падымаліся па лесьвіцах. Нарэшце сягнулі вяршыні й пабачылі вадаграй, што нязырка зіхцеў сярод шырокай паляны. Асьвятлялі яе срэбныя ліхтарыкі, прычэпленыя да сукоў. Вада фантану напаўняла срэбны вадасток, зь якога выбягаў пенны струмень. А на паўднёвым баку паляны высілася найвялікшае з усіх дрэва. Ягоны неабдымны гладкі ствол адбліскваў шэрым шоўкам, і першы ярус сукоў адыходзіў далёка наверсе – быццам веліканавы рукі ў аблоках лісьця. Угару па ствале вяла белая лесьвіца, ля яе ўзножжа сядзелі тры эльфы. Яны паўскоквалі, пабачыўшы вандроўнікаў, і Фрода заўважыў, што яны высакарослыя й апранутыя ў шэрыя кальчугі й доўгія белыя плашчы.

– Тут жывуць Келебарн з Галадрыельлю, – распавёў Хальдыр. – Яны жадаюць, каб вы падняліся й размаўлялі зь імі.

Адзін з эльфаў-вартаўнікоў чыста й ясна прасыгналіў з маленькага рога, і тройчы рог пратрубіў у адказ з вышыні.

– Я пайду першы, – патлумачыў Хальдыр, – потым няхай рушыць Фрода, за ім – Ляголас. Астатнія хай ідуць, як пажадаюць. Для тых, хто ня звыклы з гэткімі лесьвіцамі, пад'ём будзе доўгі, але ж магчыма адпачыць па дарозе.


Павольна падымаючыся, Фрода мінуў мноства таланаў пааберуч, а празь некаторыя, што абкружалі ствол дрэва, пралез. Высока над зямлёю сягнуў нарэшце найбольшага талану, памерам з палубу марскога карабля. На ім быў пабудаваны дом, такі вялікі, што падышоў бы й чалавечаму ўладару як палац для баляваньняў і бяседаў. Фрода крочыў туды ўвасьлед за Хальдырам і апынуўся ў авальнай залі, пасярод якой калёнай, хоць ужо крыху станчэлай уверсе, але яшчэ магутнай, высілася вяршыня гіганцкага мэларну.

Залю запаўняла мяккае сьвятло. Сьцены сьвяціліся зялёным і срэбным, столь – залатым. Мноства эльфаў прысутнічала тут. На дзьвюх фатэлях ля самага ствала, з жывою галінаю-балдахінам над галовамі, сядзелі побач Келебарн і Галадрыель. Яны ўсталі, каб павітаць гасьцей, – усе эльфскія ўладары, нават найвялікшыя, рабілі так. Надта высокімі былі яны, і панна ня меншая ростам за пана, і выглядалі захапляльна прыгожымі – і суворымі. Апранутыя былі цалкам у белае. Доўгія валасы панны зьзялі сьпелым золатам, валасы пана – зыркім срэбрам. Ані прыкметы ўзросту не чыталася ў іхніх тварах, хіба ў вачох, пранізьлівых, прамяністых, бы канчары дзідаў у зорнай ночы, і глыбокіх, нібы бяздонныя калодзежы жывой памяці.

Хальдыр правёў Фрода да іх, і гаспадар павітаў яго на ягонай мове. Гаспадыня ж не сказала анічога – толькі зірнула доўга й уважліва ў ягоныя вочы.

– Сядай жа побач з мною, Фрода з Шыру! – вымавіў Келебарн. – Калі прыйдуць астатнія, мы пагутарым.

Кожнага з падарожнікаў, калі толькі яны заходзілі ў залю, пан ветліва павітаў, назваўшы па імені.

– У добры час сустрэліся мы, Арагорн, сын Араторна! Восем і яшчэ трыццаць гадоў сусьвету па-за гэтым лесам мінула ад таго дня, калі ты быў тут, і гэтыя гады цяжка леглі на твае плечы. Але ж канец твае дарогі – добры ці ліхі – ужо не за гарамі. А пакуль што адкладзі свае турботы, не хвалюйся!

– Мае вітаньні, сын Трандуйла! Як шкада, што нашая паўночная радзіна так рэдка наведвае нас!

– Добры вечар, шаноўны Гімлі, сын Глойна! Колькі ж стагодзьдзяў мінула, калі мы сустракалі нашчадка Дарынава народу ў Карас Галадхане! Сёньня мы парушылі даўні закон. Няхай тое стане шчасьлівай прыкметай: хоць сьвет цяпер і агорнуты змрокам, вераемна, лепшыя дні ўжо недалёка й сяброўства паміж нашымі народамі адновіцца.

Гімлі ў адказ нізка пакланіўся.

Калі ўсіх гасьцей усадзілі перад уладарамі Лорыйну, пан агледзеў іх зноў.

– Я бачу васьмёх, – вымавіў ён. – Выходзілі дзевяць – так у пасланьнях. Магчыма, у апошні момант нешта зьмянілася й нас не папярэдзілі. Эльранд далёка, цемра між намі шчыльнее, і за апошні год яна цяжка разраслася.

– Не, у апошні момант анічога не зьмянілася, – упершыню азвалася панна. Яе голас быў ясны й мэлядычны, але ж глыбейшы за звычайны жаночы. – Гэндальф Сівы выправіўся зь імі, але ён не перасякаў межаў гэтай краіны. Распавядзіце ж мне, дзе ён, бо я надта жадаю пабачыць яго зноў і пагутарыць зь ім. Але ж я ня бачу яго здаля, пакуль ён не сягне межаў Лорыйну. Шэры туман хавае яго, шляхі ягонага розуму й ягоных ног не адкрытыя для мяне.

– На гора ўсім нам, Гэндальфа Сівога паглынула цемра, – сказаў Арагорн. – Ён застаўся ў Морыі.

Пасьля гэтых словаў з усіх бакоў залі пачуліся выгукі зьдзіўленьня й горычы.

– Ліхія весткі, – засмуціўся Келебарн. – Самыя ліхія за доўгія гады, поўныя найгоршых злачынстваў.

Ён павярнуўся да Хальдыра й спытаў па-эльфску:

– Чаму мне нічога не данесьлі раней?

– Мы не распавядалі Хальдыру ані пра нашыя мэты, ані пра нашую вандроўку, – азваўся Ляголас. – Спачатку таму, што былі надта стомленыя й небясьпека крочыла па пятах, а пасьля мы амаль забыліся на нашае гора на гладкіх сьцежках сьветлага Лорыйну.

– Аднак туга нашая й смутак заўсёды з намі, і нашай страты не пакрыць, – вымавіў Фрода. – Гэндальф быў нашым правадыром, ён вёў нас праз Морыю, і калі нашая гібель падавалася непазьбежнай, ён выратаваў нас, загінуўшы сам.

– Распавядзіце ж нам усё! – запатрабаваў Келебарн.

Тады Арагорн распавёў усё, што здарылася пад Карадрасам, і потым – пра Баліна й ягоную кнігу, пра бойку ў залі Мазарбул, пра агонь, вузкі мост і прышэсьце Палымянага Жаху.

– Здаецца, гэта жуда Старадаўняга сьвету. Аніколі раней я гэткага ня бачыў, – казаў Арагорн. – Адначасна цень і полымя, моцнае й жахлівае.

– Тое быў балраг Маргата, – дадаў Ляголас, – з усіх эльфскіх пагібеляў найгоршая, за выключэньнем таго, хто сядзіць цяпер у Цёмнай вежы.

– Насамрэч, на тым мосьце я бачыў кашмар найгоршых нашых сноў. Я бачыў Пагібель Дарына, – вымавіў Гімлі ціха, і жах быў у ягоных вачох.

– Як шкада! – уздыхнуў Келебарн. – Ужо даўно мы падазравалі, што пад Карадрасам сьпіць старажытны жах. Калі б я ведаў, што гномы зноў абудзілі гэтае ліха ў Морыі, я забараніў бы табе крочыць за нашую паўночную мяжу – табе і ўсім, хто прыйшоў з табою. А яшчэ можна было б сказаць, што Гэндальфава мудрасьць напрыканцы ягонага доўгага шляху пахіснулася, раз ён завёў вас па-за ўсялякай неабходнасьцю ў скляпеньні Морыі.

– Той, хто адважыўся б сьцьвердзіць так, моцна – і дарэмна – пасьпяшаўся б, – сувора вымавіла Галадрыель. – Гэндальф Сівы ў сваім жыцьці анічога не рабіў бессэнсоўна. Тыя, што йшлі за ім, ня ведалі, што ён задумаў, не здагадваліся пра канечныя ягоныя мэты. Да таго ж які ні быў бы правадыр, вінаваціць ягоных паплечнікаў нельга. Ня трэба шкадаваць, што гном запрошаны ў нашую краіну й залю. Калі б наш народ быў выгнаны далёка ад Лорыйну, хто з галадрымаў, нават кароль Келебарн Мудры, мінуў бы сваё старадаўняе жытло – хоць бы яно зрабілася логвішчам цмокаў?.. О змрочная вада Келед Зарам, халодныя крыніцы Кібіль Налы! Сьветлымі былі шматкалённыя залі Казад Думу ў Даўнія дні, у часы магутных цароў пад горнымі столямі...

Галадрыель паглядзела на Гімлі, засмучанага й пахмурага, і ўсьміхнулася. I гном, пачуўшы імёны на сваёй роднай старажытнай мове, зазірнуў ёй у вочы, і яму падалося: быццам чакаў сустрэць ворага – і ў самай глыбіні ягонай душы знайшоў замест варожасьці разуменьне й любоў. Гімлі зьдзівіўся, пасьвятлеў тварам, усьміхнуўся ў адказ.

Тады няўклюда ўзьняўся ды, паводле гномскага звычаю, пакланіўся, кажучы:

– Але жывая зямля Лорыйну нашмат сьвятлейшая, а панна Галадрыель прыгажэйшая за любы дыямант, які толькі ёсьць пад гарамі сусьвету!

Павісла цішыня. Нарэшце Келебарн загаварыў зноў.

– Ня ведаў я, што гэткае ліха азмрочыла ваш шлях. Гном Гімлі, забудзься на мае словы. Іх нарадзіла трывога й смутак майго сэрца. Я зраблю, што здолею, каб дапамагчы вам – кожнаму адпаведна ягоным патрэбам і жаданьням, але асабліва таму з маленькага народу, хто нясе найцяжэйшую з ношаў.

– Твая мэта вядомая нам, – сказала Галадрыель Фрода. – Але адкрыта мы размаўляць пра яе ня станем. Сам Гэндальф відавочна плянаваў, каб ты прыйшоў сюды па дапамогу – напэўна, ты й знойдзеш яе тут. Бо пан галадрымаў лічыцца наймудрэйшым сярод эльфаў Міжзем'я, і дарункі ягоныя пераўзыдуць шчодрасьць любога караля. Ён жыў на Захадзе з найпершых дзён, і я жыла зь ім цягам незьлічоных гадоў. Бо яшчэ да падзеньня Наргатронду й Гандаліну я сышла за горы й разам зь ім перажыла ўсе нашыя паразы ва ўсіх эпохах сусьвету. Я першая склікала Белую Раду. I калі б мае пляны зьдзейсьніліся, ачоліў бы яе Гэндальф Сівы. Тады, магчыма, справы пайшлі б інакш. Аднак нават цяпер яшчэ надзея ня страчаная. Я ня стану раіць вам, што рабіць і куды йсьці. Бо здольнасьць мая ані ў абраньні таго ці іншага шляху для вас, ані ў тым, што магу зьдзейсьніць за вас. Здольнасьць мая ў ведах пра мінулае й сучаснае – і частковэ пра будучыню. Скажу я вам, вандроўнікі: шлях ваш – па вастрыі нажа. Адхіліцеся ўсяго на крок – страціце сябе й усіх нас. Але надзея жыве, пакуль усе вы верныя адзін аднаму й сваёй мэце.

I з тымі словамі яна паглядзела на ўсіх, і ў цішыні зазірнула шукальна кожнаму ў вочы. I ніхто, апрача Ляголаса з Арагорнам, ня вытрымаў яе позірку. Сэм дык адразу пачырванеў ды павешаў галаву.

Нарэшце панна Галадрыель апусьціла вочы й усьміхнулася.

– Няхай турботы пакінуць вашыя сэрцы. Сёньня вы адпачняце ў спакоі.

I госьці раптам уздыхнулі, адчуўшы стому, нібы іх доўга й выведліва дапытвалі, хоць уголас анічога не вымаўлялася.

– Хадзіце ж цяпер! – запрасіў Келебарн. – Бо вы стомленыя трывогаю й цяжкасьцямі шляху. Нават калі б мэта вашая не кранала нас гэтак шчыльна й глыбока, вы знайшлі б сховішча, адпачынак і ацаленьне ў нашым горадзе. Адпачывайце! Не турбуйцеся далейшымі шляхамі.

Гэтай ноччу ўвесь Зьвяз Пярсьцёнка, на вялікае задавальненьне хобітаў, спаў на зямлі. Эльфы ўсталявалі для іх сярод дрэваў паблізу фантану намёт і заслалі ў ім мяккія ложкі. Пажадаўшы дабранач мэлядычнымі галасамі, разьвіталіся. Вандроўнікі крыху пагутарылі пра ноч на вяршынях дрэваў, ды пра дзённы пераход, ды пра пана з паннаю. Далей у мінулае сягаць не наважыліся, бо тое было пакуль што надта балюча.

– А чаму ты так пачырванеў перад паннай, Сэме, га? – спытаў Піпін. – Не спрабуй адмоўчацца. Ты ў нас хуценька прызнаесься. Кожнаму было відавочна: нешта нячыста ў цябе на сумленьні. Спадзяюся, там анічога горшага за злосны намер сьцягнуць адну з маіх коўдраў.

– Не, пра гэткае я й ня думаў, – адказаў Сэм, яўна не ў жартоўным настроі. – Калі ўжо жадаеце, я пачуваўся, быццам на мне анічога няма, увогуле анічога, разумееце? Мне тое надта не даспадобы. Яна нібы ў самае нутро маё зазірнула дый пытаецца: што я зраблю, калі яна дасьць мне магчымасьць уцячы дахаты, у Шыр, дасьць уласную нару, а яшчэ... яшчэ лапік уласнага садочку да таго.

– Ну, ці ня дзіва? – вымавіў Мэры. – Я й сам амаль гэтаксама пачуваўся. Толькі болей я не скажу, – дадаў, запінаючыся.

Падавалася, кожнаму зь іх выпала тое самае. Кожны адчуў, што яму прапаноўваюць выбар паміж зьдзяйсьненьнем найзапаветнейшай мары й жахлівым ценем наперадзе. Выбар той паўстаў перад розумам ясна й несумнеўна: атрымаеш, чаго жадаў усё жыцьцё, калі толькі збочыш з шляху, калі пакінеш мэту сваёй вандроўкі ды вайну з Саўронам іншым.

– А я адчуваю, што прапанаванае мне й мой выбар мусяць застацца сакрэтам для ўсіх, акрамя мяне, – прабурчэў Гімлі.

– А мне гэта ўсё падаецца надзвычай дзіўным, – вымавіў Барамір. – Напэўна, яна толькі выпрабоўвала нас, чытала нашыя думкі дзеля нашага ж дабрачыну. Аднак мне амаль падалося, што яна насамрэч спакушала нас, прапаноўваючы тое, што ані ў яе моцы нам даць. Тут і казаць няма чаго, я адмовіўся нават слухаць. Людзі Мінас Тырыту верныя свайму слову.

Але што менавіта, на ягоную думку, прапанавала панна, Барамір не распавёў. Фрода таксама адмоўчаўся пра свой выбар, хоць Барамір і даймаў яго пытаньнямі.

– Панна гэтак доўга ня зводзіла вачэй зь цябе, Ахоўнік Пярсьцёнка, – сказаў ён.

– Так, – пагадзіўся Фрода, – але ж тое, што падалося мне, я для сябе й пакіну.

– Ну, ты глядзі, – папярэдзіў Барамір, – неяк я зусім ня ўпэўнены ані ў самой гэтай эльфскай спадарыні, ані ў ейных мэтах.

– Не кажы благое пра панну Галадрыель! – вымавіў Арагорн сувора. – Ты ня ведаеш, пра што гаворыш. Ані ў ёй, ані ў гэтай зямлі няма ліха – хіба толькі прышлы сюды прыносіць ліха з сабою. А тады няхай пасьцеражэцца! Сёньняшняй ноччу я ўпершыню пасьля Долага Яру засну спакойна. I няхай мне сьпіцца глыбока, каб забыўся хоць бы на ноч мой смутак. Бо я стаміўся і целам, і душою.

З тымі словамі ўлёгся на ложак і адразу глыбока заснуў.

Астатнія неўзабаве пазасыналі таксама, і ані гук, ані кашмар не патрывожылі іхняга сну. Калі прачнуліся, луг перад намётам быў заліты сонцам і вада фантану грала й зіхцела ў сонечных прамянёх.

Заставаліся ў Лорыйне, як падалося й запомнілася, пару-другую дзён, ня болей. I ўвесь час удзень зьзяла яснае сонца, толькі раз-пораз падаў цёплы дожджык, абмываючы ўсё наўкол, пакідаючы асьвяжэлым і яскравым. Паветра было прахалоднае й прыемнае, нібы раньняй вясною, але ж вакол адчуваўся глыбокі, задумлівы спакой зімы. Здаецца, анічым іншым і не займаліся, як толькі елі, ды пілі, ды спалі ці шпацыравалі па навакольлі сярод дрэваў – і тое цалкам запаўняла жыцьцё.

Болей ані пана, ані панну ня бачылі й з тутэйшымі эльфамі амаль не размаўлялі, бо няшмат зь іх ведала ці жадала выкарыстоўваць Заходнюю мову. Хальдыр разьвітаўся й выправіўся зноў да гушчароў поўначы, дзе цяпер, пасьля зьвестак пра Морыю, прынесеных вандроўнікамі, трымалі моцную варту. Ляголас толькі першую ноч спаў побач з астатнімі, бавячы амаль увесь час з галадрымамі, але вяртаўся, каб паесьці разам зь сябрамі дый пагутарыць. Часьцяком у вандроўкі па Лорыйне запрашаў і Гімлі, і астатнія дзівіліся гэткай нечаканай зьмене настрою.

Цяпер часьцей размаўлялі пра Гэндальфа, і ўсё, што кожны памятаў ці ведаў пра яго, ясьней паўставала перад вачыма. Калі ацаліліся ад стомы й цялеснага болю, мацней адчулі боль і смутак страты. Часьцяком чулі непадалёк эльфскія сьпевы й ведалі, што эльфы аплакваюць Гэндальфаву сьмерць, бо сярод незразумелых словаў жальбы выблісквала імя Гэндальфа.

"Мітрандыр, Мітрандыр! – сьпявалі эльфы. – Сівы Пілігрым!" Так клікалі яго яны. Аднак нават калі Ляголас быў разам з астатнімі сябрамі Зьвязу, перакладаць для іх словы песьняў ён не жадаў, кажучы, што й майстэрства яму бракуе, і гора надта блізка, яшчэ час для сьлёзаў, а не для песьняў.

Першым выліў свой смутак у словы, хоць і няўклюдыя, нязграбныя, менавіта Фрода. Вельмі рэдка цягнула яго скласьці песьню ці зрыфмаваць што-колечы. Нават у Долым Яры ён толькі слухаў і сам аніколі не сьпяваў, што праўда, памяць ягоная трымала шмат зьвершаванага іншымі. Але цяпер, калі сядзеў ля лорыйнскага вадаграю й слухаў эльфавы галасы, думкі ягоныя сфармаваліся ў песьню, якая падалася файнай. Але як толькі пераказаў яе Сэму, яна распалася на няскладныя ўрыўкі, сухія й нежывыя, бы жмені ссохлага лісьця.

Сутоньня шэраю парой

вяртаўся ў Шыр з чужых краёў

і нечакана раніцой

сыходзіў у вандроўку зноў.

Ад сонца Поўдня да сьнягоў,

ад Шыру да канцоў зямлі

між гор, пустэчаў і лясоў

шляхі ягоныя вялі.

З плямёнамі усіх краёў

іх роднай мовай размаўляў,

птушыны сьпеў, зьвярыны роў

ён разумеў і пазнаваў.

Быў чараўнік, мудрэц, ваяр,

на сьмех быў хуткі ды на гнеў,

а на плячах – гадоў цяжар,

бясконцых клопатаў і спраў.

Між уладарных – уладар,

пахілы, з кіему руках,

стары з душою, бы пажар,

самотны на чужых шляхах.

На мосьце ён паўстаў адзін –

і перамог агонь і цень,

між Казад Думу чорных сьцен

згас назаўжды яго прамень.

– Ну, неўзабаве вы гэтак і спадара Більба абгоніце! – пахваліў Сэм.

– Не, баюся, не, – адказаў Фрода. – Пакуль што гэта найлепшае, на што я здольны.

– Ну так, спадару Фрода, калі яшчэ раз намерыцеся, дык, спадзяюся, уставіце слоўца-другое пра фаервэркі. Ну, нешта накшталт:

Ракеты лепшыя за ўсіх:

бы зораў россып залатых,

ці пасьля грому дождж агнёў,

ці краскі воблачных палёў.

– Хоць гэтаму да сапраўдных ягоных вогненных пацехаў – як да нябёсаў, баюся.

– Дык лепш я пакіну справу табе. Ці мо Більба. Але ж... прабач, я не магу болей. Я й не ўяўляю, як прынясу яму гэтую навіну.

Аднойчы ўвечары Фрода з Сэмам шпацыравалі разам у прахалодзе надвячорку. Абодва зноў непакоіліся. Фродаў настрой ужо азмрочыла прадчуваньне ростані, бо неяк усьвядоміў, што ўжо блізкі час, калі давядзецца пакінуць Лорыйн.

– Што ты цяпер думаеш пра эльфаў, Сэме? – спытаў ён. – Калісьці я пытаўся ў цябе гэта, падаецца ў сівую даўніну. З таго часу ты шмат іх бачыў.

– Сапраўды! – пагадзіўся Сэм. – Ну, мяркую: эльфы, яны ж розныя. Ва ўсіх пазнаеш эльфскасьць, так, адылі па-рознаму. Вось нашыя цяперашнія гаспадары – не вандругі, не бадзягі, болей да нас падобныя. Здаецца, яны належаць гэтай зямлі, як хобіты Шыру. Ці яны гэтак краіну пад сябе перайначылі, ці яна іх – цяжка сказаць, калі вы мяне разумееце. Тут надзвычай бясьпечна й спакойна. Анічога не зьмяняецца, і аніхто, як відаць, не жадае аніякіх зьменаў. Калі тут і ёсьць пэўныя чары, дык яны недзе глыбока-глыбока, ля самых каранёў. Карацей, рукою не памацаць, калі вы разумееце, пра што я.

– Яны адчуваюцца – і бачацца – паўсюль навокал, – сказаў Фрода.

– Так, але ж вы ня бачыце анікагусенькі, хто іх, уласна кажучы, рабіў бы. Хоць бы вагні, якія небарака Гэндальф любіў ладзіць. Шкада, не відаць чамусьці ані пана, ані панну. Вось яна, упэўнены, магла б што-колечы чароўнае паказаць пад настрой. Я што заўгодна аддаў бы, каб пабачыць сапраўдныя эльфаўскія чары!

– Я – не, – вымавіў Фрода. – Я задаволены й так. I сумую я не па Гэндальфавых фаервэрках, а па ягоным голасе, натапыраных бровах, палымяным характары.

– Вашая, вядома, рацыя, – уздыхнуў Сэм. – Ня думайце, што я шукаю нагоду, каб паскардзіцца на навакольле. Вось толькі заўсёды жадаў пабачыць хоць крышачку чараўніцтва, як у старых казках. А для чараўніцтва я аніколі ня бачыў лепшага месца, чым тут. Тут – і як на сьвяце, і як у роднай хаце адначасова, калі вы мяне разумееце. Я сапраўды не хачу сыходзіць адсюль. Аднак калі ўжо нам трэба абавязкова, дык ляпей болей не цягнуць. "Пакуль не пачнеш справу, датуль і ня скончыш", – гэтак мой стары казаў, за што-небудзь цяжкое дый нудотнае беручыся. Падаецца мне, народ тутэйшы аніяк нам болей і не дапаможа, чарамі ці ня чарамі. Калі мы адсюль рушым, тады шчэ й узгадаем на Гэндальфа, дый ня раз, так мне мяркуецца.

– Баюся, ты маеш рацыю, Сэме, – згадзіўся Фрода, – аднак, спадзяюся, мы хоць раз яшчэ стрэнем Панну Эльфаў перад сыходам.

Не пасьпеў вымавіць, як пабачылі, быццам адказ, што панна Галадрыель сама набліжаецца да іх. Высокая, бялюткая, сьветлая, яна крочыла, нібы сьвітанак між дрэваў. Не сказала ані слова, але ж павабіла за сабою.

Павяла іх да паўднёвага схілу пагорку, на якім стаяў Карас Галадхан. Мінуўшы высокую жывую загароджу, крочылі ў сад за гаспадыняй. Тут не расьлі дрэвы й анічога над галавою не захінала нябёсаў. Вячэрняя зорка ўжо ўзышла й зьзяла белым полымем над заходнімі лясамі. Па доўгай лесьвіцы спусьціліся ў глыбокую зялёную лагчавіну, празь якую бег, шапочучы, срэбны струменік, які выцякаў з фантану на пагорку. На самым дне лагчавіны, на нізкім п'едэстале, вычасаным як галінастае дрэва, стаяла вялізная срэбная чара, шырокая й плыткая, а побач зь ёю – срэбны гарлачык.

Вадою з струменю Галадрыель напоўніла чару да краёў, тады дыхнула на яе, а калі паверхня супакоілася, сказала:

– Перад вамі Люстэрка Галадрыелі. Я прывяла вас сюды, каб вы зазірнулі ў яго, калі пажадаеце.

Паветра нерухома застыла, лагчавіну агарнуў змрок, а побач стаяла эльфская панна, бялюткая, высокая. Фрода ледзь адважыўся спытаць:

– А што мы пабачым там, сьветлая спадарыня, чаго нам чакаць?

– Я магу загадаць Люстэрку адкрыць мноства рэчаў і падзеяў. Некаторым я паказваю тое, што яны хочуць бачыць. Але Люстэрка раскрывае й відмы нечаканыя, няпрошаныя, і часта яны больш дзівосныя й карысныя за тое, што мы жадаем і чакаем. Што ты пабачыш, дазволіўшы Люстэрку выбіраць самому, мне невядома. Але яно заўсёды паказвае тое, што было й што ёсьць. Таксама тое, што можа быць. Але што менавіта – ня кожны з мудрых здолее зразумець. Ці жадаеш ты глянуць?

Фрода не адказаў.

– А ты? – панна павярнулася да Сэма. – Гэта ж менавіта тое, што твой народ кліча чарамі, як я разумею, хоць я й не зусім усьведамляю, што для вас значыць гэтае слова. Бо гэтаксама вы называеце падманы й мроі, якія стварае вораг. Але гэта, калі жадаеш, чары Галадрыелі. Ці ж ты не казаў, што прагнеш пабачыць эльфскія чары?

– Так, – пагадзіўся Сэм, вагаючыся паміж страхам і цікаўнасьцю. – Дый я ж адным вочкам, спадарыня, калі дазволіце.

– Я ня супраць пабачыць тое, што робіцца ля хаты, – дадаў, зьвярнуўшыся да Фрода. – Жудасна, колькі часу ня быў дома. Але ж тут, напэўна, толькі зоры якія й будуць ці шчэ што, чаго й уцяміць немажліва.

– Можа, так, а можа, і не, – ціхенька засьмяялася панна. – Ходзь сюды, зірні – пабач, што здолееш. Толькі не кранай вады!

Сэм ускараскаўся на п'едэстал і нахіліўся над чарай. Паверхня вады выглядала цьвёрдай ды цьмянай. У ёй адбіваліся зоры.

– Ну, адныя зоркі, як і думаў, – вымавіў Сэм, а пасьля вохнуў, бо зоры раптам зьніклі. Бы адшмаргнулі змрочную завесу, Люстэрка пашарэла, а тады праясьнілася. Паказала зыркі дзень і галіны дрэваў, якія калыхаў і хістаў вецер. Не пасьпеў Сэм зразумець таго, што ж такое яму паказваюць, як сьвятло ўжо сьцьмела й падалося, быццам зьбялелы Фрода ляжыць і сьпіць моцна пад вялізнаю чорнаю скалой. Потым пабачыў сябе ў доўгім цёмным праходзе, а тады на бясконцай лесьвіцы-вітуніцы. Уявілася выразна, што шукае нечага тэрміновага, надта патрэбнага, але чаго – так і ня ўцяміў. Выява зрушылася, бы сон, і зноў зьявіліся дрэвы. Але цяпер яны былі ня так блізка, як раней, і Сэм разабраў, што робіцца: гэта ня вецер церабіў галіны, гэта яны падалі разам з дрэвамі й ламаліся з храскам аб зямлю.

– Ну вы там! – раззлаваўся Сэм. – Гэна ж Тэд Пяшчак сячэ дрэвы! Ды хто яму дазволіў? Іх жа нельга секчы, яны растуць паабапал шляху ад млыну да Прырэчча, каб цянёк быў! Ну, патрапіў бы я зараз да яго, ну, я яму пасек бы!

Але раптоўна Сэм заўважыў, што й сам стары млын зьнік, а на ягоным месцы тырчыць вялікі будынак з чырвонай цэглы. Ля яго варушылася мноства народу. Побач вытыркнулася высачэзная цагляная труба печы. Чорны дым засьціў паверхню Люстэрка.

– Дурныя справы робяцца ў Шыры, – вымавіў Сэм. – Спадар Эльранд ведаў, што казаў, калі прапаноўваў адаслаць спадара Мэры дахаты.

Зьнянацку Сэм ускрыкнуў і адскочыў ад Люстэрка.

– Я не магу тут заставацца, – забалбатаў разьюшана. – Мне трэба дахаты, абавязкова. Яны скапалі Прыторбінскую слабаду, і мой стары цягнецца некуды ўніз па Строме з рухмацьцём у тачцы. Мне трэба дахаты!

– Ты ня здольны вярнуцца адзін, – запярэчыла панна. – Ты ж не хацеў вярнуцца дахаты без свайго гаспадара да таго, як зазірнуў у Люстэрка, хоць і ведаў, што ліхія рэчы могуць адбывацца ў Шыры? Памятай, што Люстэрка зьяўляе мноства рэчаў і падзеяў, час якіх не настаў. А мажліва, для некаторых і аніколі не настане, калі толькі той, хто глядзіць у Люстэрка, ня збочыць з свайго шляху, каб прадухіліць іх. Люстэрка – вельмі недарэчны дарадца.

Сэм сеў на зямлю й абхапіў галаву рукамі.

– Каб мне аніколі не ўзбрыдала да галавы ані крочыць сюды, ані бачыць цудаў. Досыць мне чараў, не хачу болей! – выгукнуў і змоўк.

Праз момант загаварыў зноў, хрыпата, нібы стрымліваючы сьлёзы:

– Не, я вярнуся дахаты доўгаю дарожкаю, разам з спадаром Фрода, ці не вярнуся ўвогуле. Але ўсё-ткі спадзяюся, што вярнуся. I калі тое, што я пабачыў, праўда, дык камусьці мала ня здасца!

– Ці жадаеш зірнуць ты, Фрода? – спытала панна Галадрыель. – Я ведаю: ты ня прагнуў асаблівых эльфскіх чараў, задаволены тым, што ёсьць.

– Ці раіць спадарыня мне зрабіць гэта?

– Не. Я не хачу даваць табе аніякіх парадаў. Я – ня райца. Бо ты можаш даведацца добрае ці благое; мажліва, тыя веды будуць табе на карысьць, а можа, і не. Але ж лічы, што табе стае мудрасьці й мужнасьці, каб справіцца з тым, што ты пабачыш. Інакш я не прывяла б цябе сюды. Рабі, як пажадаеш!

– Я пагляджу, – вырашыў Фрода.

Узабраўся на п'едэстал ды глянуў у цьмяную ваду. Адразу ж паверхня праясьнілася й выступіла змрочная зямля. Далёка ўздымаліся чорныя цені гор. Наперадзе вілася доўгая шэрая дарога, зьнікаючы па-за межамі зроку. Здалёк на дарогу крочыла, павольна рушыла постаць, маленькая, няясная спачатку, але, наблізіўшыся, яна нарысавалася выразьней. Раптам Фрода зразумеў, што яна надта нагадвае Гэндальфа. Амаль ужо й вы гукнуў чараўнікова імя, але заўважыў: постаць апранутая ня ў шэрае, а цалкам у белае, якое крыху зьзяла ў прыцемках. У руцэ невядомы трымаў белы чараўнікоў кій. Галава была нахіленая так, што Фрода ня бачыў твару. А неўзабаве постаць збочыла з дарогі й зьнікла па-за межамі зроку. Сумнеў закраўся ў Фродаву душу: ці гэта Гэндальф падчас адной з сваіх шматлікіх самотных вандровак мінуўшчыны, ці Саруман?

Выява зьмянілася. На момант толькі й нібы здалёк, аднак вельмі ясна пабачыўся Більба, які неспакойна крочыў па сваім пакоі. На стале ў беспарадку валяліся паперы, па шкле звонка барабаніў дождж.

Потым, пасьля нядоўгай затрымкі, адна за адной прабліснулі сцэны, у якіх Фрода пазнаў урыўкі, блікі вялікай гісторыі, удзельнікам якой ён зрабіўся. Туман растачыўся, і перад хобітам раптам разьвінулася тое, чаго ён ня бачыў аніколі ў жыцьці, аднак пазнаў адразу, – мора. Мора, агорнутае цемрай. Уздыбленае хвалямі магутнага шторму. Зноў праз прарэху ў хмарах зьявілася сонца, заходнае, крывавае, высьвеціўшы чорныя абрысы высокага карабля, які з падранымі ветразямі несла прэч ад Захаду. Потым выявілася шырокая рака, якая цякла праз шматлюдны горад. Тады – белая крэпасьць зь сямю вежамі. I зноў карабель пад чорнымі ветразямі, але цяпер над ім зьзяла ранішняе сонца, пад ім зіхацела вада, і на стажары трапятаў сьцяг зь белым дрэвам. Узьняўся дым бітвы й пажарышчаў, сонца, спускаючыся, запалала крывёю дый зьнікла ў шэрым тумане, а з туману высьлізнуў, пакідаючы бераг, маленькі караблік, пабліскваючы агеньчыкамі. Потым усё сьцьмела, і Фрода ўжо хацеў зьлезьці з п'едэстала.

Але раптоўна Люстэрка зрабілася зусім чорным, такім чорным, быццам у сьвеце адчынілася дзірка ў апраметнае нішто, пустую бездань. I ў ёй паўстала Вока. Яно расло, пакуль не запоўніла сабою ўсё Люстэрка. Гэткае жудаснае было яно, што Фрода здранцьвеў, ня здолеўшы ані выгукнуць, ані адвесьці вачэй. Апраўленае ў полымя, было яно шклістым, па-кацінаму жоўтым, насьцярожаным, уважлівым, і чорная ягоная зрэнка была безданьню, вакном у нікуды.

Вока пачало круціцца туды й сюды, выглядваючы, і Фрода зразумеў, бессумнеўна, з жудасьцю, што сярод мноства рэчаў і істотаў, якія шукае Вока, ён – найпершы. Аднак таксама ведаў цьвёрда: яно яго ня ўбачыць, пакуль ён сам не дазволіць яму гэтага. Пярсьцёнак, які вісеў на ланцугу на Фродавай шыі, зрабіўся незвычайна цяжкім, цяжэйшым за буйны камень, і цягнуў, цягнуў уніз. Люстэрка, падавалася, разагрэлася, ад вады ўзьняліся языкі пары. Фрода нахіліўся.

– Не крані вады! – мякка папярэдзіла Галадрыель.

Выява сьцьмела, і Фрода зразумеў, што глядзіць на халодныя зоры, якія люструюцца ў срэбнай чары. Хобіт адышоў, дрыжучы ўсім целам, ды зірнуў на панну запытальна.

– Я ведаю, што ты пабачыў апошнім, – прамовіла яна, – бо яно таксама бачыцца й мне. Не палохайся! Ня думай, што толькі сьпевы сярод дрэваў ды тонкія трасьцінкі эльфскіх стрэлаў абараняюць зямлю Лорыйну ад Ворага. Я скажу табе, Фрода, што нават цяпер, размаўляючы з табою, я ўспрымаю Чорнага Ўладара й прадбачу ягоныя думкі – усё, што ён мяркуе пра эльфаў. А ён заўжды намагаўся й намагаецца адкрыць мяне, прадбачыць і разгадаць усе мае думкі. Але дзьверы яшчэ зачыненыя!

Яна падняла свае белыя рукі, павяла, як бы адхіляючы Ўсход, адгароджваючы яго. Эярэндыль, Вечаровая зорка, самая ўлюбёная эльфамі, праменіла над галавою. Так яскрава зьзяла яна, што нават ад панны па зямлі цягнуўся прыкметны цень. Зорныя прамяні сьлізнулі па пярсьцёнку на ейным пальцы – і той узбліснуў гладкім золатам, нібы перавіты срэбным сьвятлом. Белы камень зазіхцеў на ім, быццам сама Вечаровая зорка сышла зь нябёсаў, каб перадыхнуць на пальцы ў панны. У Фрода ажно дыханьне перахапіла, бо раптам зразумеў, што менавіта ён бачыць.

– Так, – пагадзілася яна зь ягонымі думкамі, – пра яго не дазволена распавядаць, і Эльранд ня мог сказаць вам гэтага. Але ж яго ня ўтоіш ад Ахоўніка найгалоўнейшага зь пярсьцёнкаў, ад таго, хто здолеў пабачыць Вока. Менавіта тут, у зямлі Лорыйну, на пальцы Галадрыелі спачывае адзін з Трох. Гэта Нэнья, Пярсьцёнак Дыяманту. Мне прызначана захоўваць яго. Вораг падазрае гэта, але дакладна ня ведае – пакуль што. Бачыш цяпер, твой прыход для нас – покліч лёсу. Бо калі ты ня выканаеш прызначае табе, мы застанемся бездапаможнымі перад Ворагам. А калі выканаеш – нашая моц паменшае, мы саслабнем, і Лорыйн паблякне, бо час зноў атрымае над ім уладу й зьнясе яго прэч. Нам давядзецца выправіцца на Захад ці вырадзіцца ў дробны народзец, які жыве, туляючыся па лясох і пячорах, каб павольна забываць тое, кім мы былі, і каб забыліся на нас.

– А чаго хацелася б вам? – спытаў Фрода, апусьціўшы вочы.

– Няхай споўніцца тое, што наканавана. Любоў эльфаў да сваёй зямлі й працы сваіх рук глыбейшая за найглыбейшае мора, іхняе гора аніколі не забываецца, і смутак іхні й тугу амаль немагчыма загаіць цалкам. Але ж яны хутчэй адмовяцца ад усяго, чым паклоняцца Саўрону, бо цяпер яны яго ведаюць. I ты не адказны за лёс Латлорыйну – толькі за тое, што ўзяўся выканаць. А ўсё ж як хацела б я, хоць і марнае тое пажаданьне, каб Адзіны Пярсьцёнак аніколі ня быў скаваны ці так ніколі й не знайшоўся б.

– Вы – мудрая, бясстрашная, прыгожая, спадарыня Галадрыель, – вымавіў Фрода. – Калі вы папрасілі б мяне аддаць пярсьцёнак вам, я аддаў бы. Несьці яго – мне не пад сілу.

Галадрыель нечакана засьмяялася чыстым, празрыстым сьмехам.

– Хоць і мудрая панна Галадрыель, – сказала яна, – але ж сустрэла роўню сабе ў ветлівасьці. Як далікатна ты адпомсьціў мне за тое, што я зазірнула ў тваё сэрца падчас нашай першай сустрэчы! Ты пачынаеш бачыць, як мудры. Доўгія гады меркавала я, што ж зрабіла б, калі б Уладарны Пярсьцёнак патрапіў да мяне, – і вось ты сам прынёс яго мне. Зробленае ліхам дзеля ліха ў даўніну цяпер жыве само па сабе, незалежна ад таго, у моцы сам Саўрон ці зрынуты. Можа, яно паслужыць і іншаму? Калі б я сілаю ці запалохваньнем адняла пярсьцёнак у майго госьця, я толькі памножыла б ліха, зробленае празь яго й дзеля яго. Але адбываецца неверагоднае: ты сам, з уласнай волі жадаеш аддаць мне пярсьцёнак! I замест Чорнага Ўладара ты ўзьвядзеш на пасад панну! Ня чорную, але ж асьляпляльна прыгожую, нібы раніцу, і жудасную, нібы апраметная ноч! Сьветлую, як мора, як сонца, як сьнег на гарах! Страшную, бы навальніца, бы маланка! Мацнейшую за зямныя карані! Усе любілі б мяне – нязбыўна, безвыходна!

Яна ўзьняла руку, і зь пярсьцёнка над ёй зазьзяла магутнае сьвятло, якое высьветліла адну яе, пакінуўшы ўсё астатняе ў змроку. Цяпер яна падалася Фрода неверагодна высокай, невыносна, неадольна прыгожай, жудаснай – і зіхоткай сьвятым хараством. Тады апусьціла руку – і сьвятло згасла. Зьнянацку засьмяялася зноў і – пабач! – зноўзрабілася былой: зграбнай эльфскай паненкай, апранутай у простае белае адзеньне, і голас яе загучаў ціха й сумна.

– Я прайшла выпрабаваньне, – сказала яна. – Я прыніжуся, сыду на Захад і застануся проста Галадрыеляй.

Доўга яны стаялі моўчкі. Нарэшце панна загаварыла зноў.

– Трэба вяртацца. Раніцой вы мусіце сыходзіць, бо цяпер мы абралі свае шляхі й плыня лёсу ўжо нясе нас.

– Я хачу спытаць яшчэ вось што, – азваўся Фрода, – я часьцяком намерваўся спытаць гэта ў Гэндальфа шчэ ў Долым Яры, дый так і не спытаў. Я магу насоўваць Адзіны Пярсьцёнак. Чаму ж я зь ім ня бачу астатніх пярсьцёнкаў, не магу чытаць думак тых, хто іх носіць?

– Ты не спрабаваў. З таго часу, як ты даведаўся пра свой пярсьцёнак, ты толькі тройчы насоўваў яго. I не спрабуй, бо спроба зьнішчыць цябе! Ці не казаў табе Гэндальф, што пярсьцёнкі даюць моц адпаведна той моцы, якую ўжо маюць іх носьбіты? Каб выкарыстаць усе мажлівасьці пярсьцёнка, табе трэба зрабіцца нашмат мацнейшым, дый празвычаіцца ўладарыць над іншымі. Нават і цяпер праз тое, што ты носіш яго, насоўваў і бачыў захаванае ад сьмяротнага вока, твой зрок зрабіўся нашмат вастрэйшым. Ты прадбачыў мае думкі ясьней за многіх, каго лічаць мудрымі. Ты ўбачыў Вока таго, хто валодае Сямю й Дзевяцьцю. Да таго ж ці ня здолеў ты пабачыць і пазнаць пярсьцёнак на маім пальцы? Ці бачыў ты мой пярсьцёнак? – спытала яна, павярнуўшыся да Сэма.

– Не, спадарыня, – адказаў той. – Папраўдзе кажучы, я й ня цямлю, пра што гэта вы. Я бачыў, як зорка зазьзяла скрозь вашыя пальцы. Але ж калі вы даруеце мне шчырасьць, дык вось што я скажу: рацыя ў майго гаспадара. Каб вы толькі ўзялі гэны пярсьцёнак! Вы хутка ўладкавалі б справы. Вы не далі б ім выкідваць з хаты майго старога дый гнаць невядома куды. Вы прымусілі б некаторых адказаць за псоту!

– Так я й зрабіла б, – згадзілася панна. – З таго ўсё й пачалося б. Аднак, на жаль, на гэтым ня скончылася б. Ня будзем пра тое болей. Хадзем!


8. Разьвітаньне з Лорыйнам


Гэтым вечарам Зьвяз Пярсьцёнка зноў паклікалі ў залю Келебарна, і там пан з паннай ушанавалі гасьцей ветлымі словамі. Урэшце Келебарн загаварыў пра сыход.

– Цяпер надышоў час, калі тыя, што жадаюць далей несьці прынятую ношу, мусяць зьмірыцца з тугою й пакінуць зямлю Лорыйну. Тыя, хто болей ня хоча рушыць наперад, могуць на пэўны час застацца тут. Але ж застануцца яны ці не, упэўненасьці ў спакоі ня будзе. Бо цяпер мы на самым краі нашага лёсу. Тыя, што застануцца, могуць дачакацца, пакуль шляхі сусьвету адчыняцца зноў, альбо ім давядзецца разам з намі паўстаць супраць Ворага. Толькі тады яны здолеюць вярнуцца ў родныя дамы – ці ў абсяжны дом усіх тых, хто загінуў у бітве.

Павісла цішыня.

– Яны ўсе вырашылі рушыць наперад, – паведаміла Галадрыель, зірнуўшы ім у вочы.

– Для мяне дом наперадзе, не за сьпінай, – дадаў Барамір.

– Гэта так, – пагадзіўся Келебарн, – але ж ці ўсе пойдуць з табою ў Мінас Тырыт?

– Мы яшчэ ня вызначыліся з нашым шляхам, – азваўся Арагорн. – Я ня ведаю, што Гэндальф намерваўся рабіць пасьля Лорыйну. Насамрэч, мне падаецца, што нават у яго самога не было дакладнага ўсьведамленьня.

– Мажліва, не, – вымавіў Келебарн, – але ж калі вы пакінеце нашую зямлю, вы наўрад ці здолееце аддаліцца ад Вялікай ракі. I, як некаторыя з вас добра ведаюць, паміж Лорыйнам і Гондарам вандроўнікам з пакладаю пераправіцца немагчыма, хіба што на чоўне. Ці ж не разбураныя цяпер масты ў Азгіліяце, ці не трымае ўсе подступы да пераправаў Вораг? Па якім баку ракі вы жадаеце вандраваць? Шлях да Мінас Тырыту йдзе па правым, але ж найкарацейшая дарога да вашай мэты ляжыць на ўсход ад ракі, на азмрочаным беразе. Па якім жа рушыць вам?

– Калі маё слова тут важыць, дык я за заходні бераг, за дарогу ў Мінас Тырыт, – сьцьвердзіў Барамір, – але ж ня я тут ачольца.

Астатнія прамаўчалі, а Арагорн зірнуў занепакоена, з сумневам.

– Бачу, вы яшчэ ня вырашылі, што рабіць, – падсумаваў Келебарн, – выбіраць за вас – не мая справа, але я дапамагу вам з выбарам. Сярод вас ёсьць тыя, хто ведае чаўнярства: Ляголас, праз краіну якога плынее хуткая Лясная рака, ды Барамір з Гондару й сталы вандроўнік Арагорн.

– I адзін з хобітаў! – выгукнуў Мэры. – Ня ўсе з нас глядзяць на чоўны, як на дзікіх коней. Мае суродзічы жывуць па берагах Бранявіну.

– Гэта файна, – зазначыў Келебарн. – Тады я дам вам чоўны, невялікія й лёгкія, бо калі вы далёка спусьціцеся па рацэ, будуць месцы, дзе чоўны давядзецца несьці на руках. Вы можаце сягнуць быстракоў Сарн Гебіру ды, мажліва, нават вялікіх вадаспадаў Рэрасу, дзе рака абрынаецца ўніз з Нэн Хітуэ. Таксама сустрэнуцца й іншыя перашкоды. На пэўны час чоўны значна палегчаць вашае падарожжа. Але ж урэшце вам давядзецца іх пакінуць, і раку таксама, дый павярнуць на захад ці на ўсход.

Арагорн шмат разоў падзякаваў Келебарну. Такі падарунак надта паменшыў ягоны клопат – хоць бы таму, што адкладваў апошні выбар на колькі дзён. Астатнія таксама ўзрадаваліся. Якія небясьпекі ні чакалі б наперадзе, лепей плысьці насустрач ім па шырокай плыні Андуйну, чым цягнуцца, сагнуўшыся пад цяжарам заплечнікаў. Толькі Сэм трошкі сумняваўся: ён шчыра лічыў чоўны ня меней небясьпечнымі за дзікіх коней, ці нават горш, і ўсе перажытыя беды не палепшылі ягоных думак пра чоўны.

– Для вас усё зладзяць і падрыхтуюць у завані да полудня, – паабяцаў Келебарн, – зранку я пашлю колькі паслужнікаў, каб дапамаглі вам сабрацца й падрыхтавацца. А цяпер мы зычым усім дабраначы й спакойнага сну.

– Дабранач, мае сябры! – вымавіла Галадрыель. – Сьпіце спакойна! Не турбуйце сэрцы думкамі пра заўтрашнюю дарогу. Магчыма, шляхі, якімі крочыць кожны з вас, ужо леглі вам пад ногі, хоць вы іх яшчэ ня бачыце. Дабранач!

Сябры Зьвязу пакінулі каралеўскую залю й вярнуліся да свайго намёту. Ляголас – зь імі, бо ў апошнюю ноч у Лорыйне, насуперак парадзе Галадрыелі, усе пажадалі абмеркаваць далейшае падарожжа.

Абмяркоўвалі доўга, спрачаліся, куды ісьці ды як зьдзейсьніць задуманае зь пярсьцёнкам, але канчаткова так анічога й ня вырашылі. Відавочна, большасьць хацела перш за ўсё патрапіць у Мінас Тырыт, адцягнуўшы гэткім чынам хоць на колькі шлях да варожага ценю. Вядома, усе пайшлі б за правадыром і за раку, у мордарскі змрок, але Фрода так і ня вымавіў ні слова, і Арагорн аніяк ня мог адолець сумневы.

Калі б Гэндальф заставаўся зь імі, Арагорн, як і плянаваў, выправіўся б разам з Барамірам, несучы свой меч на дапамогу Гондару. Бо ён верыў, што пасланьне ў снах было заклікам і што настаў час нашчадку й спадчыньніку Элендыля выступіць і аспрэчыць магутнасьць Саўрона. Але ў Морыі цяжкая Гэндальфава ноша легла на ягоныя плечы, і ён ведаў цяпер, што ня мае права пакінуць пярсьцёнак і ягонага захавальніка, калі Фрода адмовіцца ісьці разам з Барамірам. Аднак якая ж карысьць Фрода ад яго ці любога іншага з усяго Зьвязу ў Мордары? Хіба што разам сьлепа крочыць у цемру?

– Я пайду ў Мінас Тырыт, на самоце – калі давядзецца йсьці аднаму, бо тое мой абавязак, – сьцьвердзіў Барамір і пасьля таго сядзеў моўчкі пэўны час, не адводзячы вачэй ад Фрода, нібы намагаючыся прачытаць хобітавы думкі.

Нарэшце загаварыў зноў, напаўголасу, быццам спрачаючыся сам з сабою:

– Калі мы жадаем толькі зьнішчыць пярсьцёнак, тады нам і ад ваярскай моцы, і ад зброі мала карысьці, і людзі Мінас Тырыту – не дапамога. Але ж калі мы жадаем зьнішчыць збройную моц самога Чорнага Ўладара, тады глупства рушыць у ягоную зямлю бяз моцнага войска. Апрача таго, вядома, гэта проста дарма выкінуць... – тут ён прыпыніўся зьнянацку, зразумеўшы, што кажа ўголас, і дадаў пасьпешліва: – Дарма выкінуць жыцьцё. Бо ёсьць розьніца паміж абаронаю магутнай крэпасьці й адкрытым рушэньнем у самую пашчу сьмерці. Менавіта так я гляджу на гэта.

Фрода заўважыў нешта новае, крыху дзіўнаватае ў Бараміравым позірку й зірнуў на яго строга ў адказ. Відавочна, апошнія словы Бараміра наўрад ці адпавядалі ягоным думкам. "Проста дарма выкінуць..." – што выкінуць? Ці не Пярсьцёнак Улады? Нешта падобнае казаў ён і на Радзе ў Эльранда, хоць потым, падавалася, прыняў Эльрандавы тлумачэньні. Фрода глянуў на Арагорна, аднак той паглыбіўся ва ўласныя думкі й анічым ня выказаў, што пачуў Бараміравы словы. На тым гутарка й скончылася. Мэры зь Піпінам ужо спалі, дый Сэм дзюбаў носам. Была ўжо позьняя ноч.

Раніцою, калі сябры пакавалі свае небагатыя прыпасы, прыйшло колькі эльфаў, якія валодалі агульнай мовай, і прынесьлі шмат еміны ды вопратку для падарожжа. Ежа пераважна складалася з танюткіх блінцоў, запечаных да сьветла-бурага колеру звонкі, а знутры яны мелі колер вяршкоў. Гімлі ўзяў адзін з сумневам.

– Ну, сухар, – прабурчэў пад нос, адламіў хрусткі кавалачак з краю ды кінуў у рот.

Выраз ягонага твару адразу зьмяніўся, і ён зь відавочнай асалодаю схрупаў блінец цалкам.

– Не, не, болей ня трэба! – засьмяяліся эльфы. – Ты ўжо зьеў дастаткова для дзённага пераходу.

– Я думаў, гэта нейкія сухары, жаўло, накшталт тых, якія дольскія людзі пякуць на далёкія вандроўкі па Дзіказем'і.

– Яны менавіта такія, – адказалі эльфы, – мы завем іх лембас, альбо падарожны хлеб. Яны ўзбадзёрваюць і сілкуюць болей за любую чалавечую ежу і ва ўсялякім выпадку на смак значна прыемнейшыя за тое жаўло.

– Сапраўды, – пагадзіўся Гімлі. – Гэта нават лепей за мядовае печыва Беарнінгаў, і тое вялікая пахвала, бо Беарнінгі – найлепшыя пекары з усіх, якіх я толькі ведаю. Але ж яны цяпер ня надта ахвотна даюць сваё печыва вандроўнікам. Вы ж – сапраўды гасьцінныя гаспадары!

– Яно мо й так, – адказалі тыя, – але ж, калі ласка, беражыце іх. Сілкуйцеся пакрыху й толькі дзеля скрайняй патрэбы. Бо яны дадзеныя вам, каб дапамагчы, калі ўсё іншае ўжо ня здольнае. Яны не счарсьцьвеюць цягам многіх дзён, калі іх не ламаць і захоўваць у лістах, у якія яны загорнутыя цяпер. Аднаго блінца дастаткова, каб трымаць вандроўніка на нагах дзень цяжкага пераходу, нават калі гэты вандроўнік – высокі й дужы чалавек зь Мінас Тырыту.

Тады эльфы разгарнулі й далі кожнаму зь Зьвязу прынесеную вопратку – плашч з каптуром, зроблены адпаведна памеру, з тонкай, але цёплай шаўкавістай тканіны, вырабленай галадрымамі. Цяжка было сказаць, якога плашчы колеру. Падаваліся зялёнымі, адценьня вечаровага змроку пад дрэвамі, а калі іх зрушвалі ці калі сьвятло падала на іх па-іншаму, рабіліся густа-зялёнымі, бы зацененае лісьце, ці бурымі, як узараная зямля ноччу, ці цёмна-срэбнымі, нібы вада ў зорным сьвятле. Кожны ля шыі зашчапляўся фібулай у выглядзе зялёнага ліста з жылкамі срэбра.

– Гэта чароўныя плашчы? – зацікавіўся Піпін.

– Ня ведаю, што значыць для цябе слова чароўныя, – адказаў ачольца эльфаў, – але ж яны сапраўды файныя, і ткацтва выдатнага, бо зробленыя ў гэтай зямлі й дзеля яе. Яны сапраўды эльфскія, калі ты гэта хочаш пачуць. Яны ўвабралі ў сябе адценьне й хараство лорыйнскага сутоньня, усяго, што мы любім у нашай зямлі: гальлё й лісьце, вада й камяні. Бо мы надзяляем сваёй любоўю да ўсяго навокал рэчы, якія робім. Але ж гэтыя плашчы – вопратка, не браня. Яны не адхіляць стралу ці лязо. Тым ня меней добра вам паслужаць: бо й лёгкія, і цёплыя, і прахалодныя – паводле патрэбы. А яшчэ яны надта дапамогуць схавацца ад варожых вачэй, і сярод скалаў у гарах, і ў лесе. Ласка панны да вас надзвычайная, бо яна сама з сваімі паненкамі ткала іх! Аніколі раней не апраналі мы чужынцаў у адзеньне нашага народу.

Пасьнедаўшы, вандроўнікі разьвіталіся з палянаю ля фантану. Сэрцы маркоціліся ростаньню з найпрыгажэйшай мясьцінкай, якая зрабілася што ўласная хата, хоць сябры й падлічыць не маглі, колькі дзён пражылі тут. Калі падарожнікі стаялі нерухома, пазіраючы на ваду, зіхоткую пад сонцам, па зялёнай траве паляны да іх падышоў Хальдыр. Фрода павітаў яго зь вялікай радасьцю.

– Я вярнуўся ад паўночных межаў, – вымавіў эльф, – і зноў прызначаны вашым правадыром. Дымрыльская даліна ўся запоўненая парай і аблокамі дыму, і горы занепакоіліся. Нешта грукоча ў глыбінях. Калі б вы жадалі вярнуцца дахаты паўночным шляхам, дык наўрад ці здолелі б перасекчы горы. Але ж хадзем! Цяпер ваш шлях на поўдзень.

Зялёныя сьцежкі Карас Галадхану пуставалі, але на дрэвах над галовамі мноства галасоў шапталася ды сьпявала. Самі вандроўнікі крочылі моўчкі. Нарэшце спусьціліся за Хальдырам па паўднёвым схіле пагорку й зноў пабачылі вялікую браму, абвешаную ліхтарамі, і белы мост. Перайшлі яго – і назаўсёды пакінулі горад эльфаў. Тады збочылі з брукаванкі й рушылі па сьцежцы, што вяла праз шчыльную купу мэларнаў і далей, з пагорку на пагорак, у срэбным цені, усё ўніз і ўніз, на поўдзень і на ўсход, да берагоў Вялікай ракі.

Сябры прамінулі калі дзесяці вёрстаў і ўжо блізу полудня сягнулі высокай зялёнай сьцяны. Прайшоўшы праз прахон у ёй, раптам патрапілі на адкрытае месца. Перад падарожнікамі раскінулася доўгая паляна, зарослая сакавітай травой, сярод якой там і тут праблісквалі пад сонцам залацінкі эланораў. Паляна станчалася ў вузкую паўвыспу паміж дзьвюма рэкамі: праваруч, на захадзе, плынела, пабліскваючы, Срабрынка; леваруч, на ўсходзе, нёс змрочныя, цёмныя воды шырокі Андуйн. За рэкамі лес цягнуўся на поўдзень да самага далягляду, але ж берагі былі бляклыя й голыя. Аніводнай абсыпанай золатам галіны мэларну не ўздымалася за межамі цудоўнай зямлі Лорыйну.

На беразе Срабрынкі, на пэўнай адлегласьці ад зьліцьця рэк, узвышаўся прыпаромак зь белага каменю й дрэва. Да яго было прывязана шмат чоўнаў і баркаў. Некаторыя – размаляваныя, зьзялі срэбрам, золатам і зеленьню, але большасьць – белыя ці шэрыя. Тры маленькія шэрыя чоўнікі чакалі вандроўнікаў, у іх эльфы ўжо паскладвалі пакладу. Дадалі скруткі вяроўкі, па тры на кожны човен. Вяроўка тая, хоць і тонкая, была моцная, шаўкавістая навобмацак, шараватая колерам, як эльфскія плашчы.

– І што ж гэта такое? – Сэм падняў скрутак з травы.

– Вяроўка, вядома! – адказаў адзін з эльфаў, якія грузілі чоўны. – Аніколі не выпраўляйцеся далёка безь вяроўкі, асабліва лёгкай, доўгай ды моцнай. Такой, як гэтая. Яна шмат дзе вам дапаможа.

– Ну, гэта мне казаць ня трэба! – прабурчэў Сэм. – Як я выправіўся безь вяроўкі, дык увесь час на душы спакою не было. Але ж надта мне цікава, з чаго яе вырабілі. То ж бо вяроўкі, так бы мовіць, у мяне накшталт сямейнага рамяства.

– Яны зробленыя з хіфлайну, – патлумачыў эльф, – але ж цяпер няма часу навучаць вас таму, як яны вырабляюцца. Калі б мы ведалі, што гэтае рамяство табе даспадобы, мы патлумачылі б падрабязна. Але, на жаль, давядзецца задаволіцца нашым падарункам, калі, вядома, табе не пашанцуе вярнуцца сюды. Няхай ён добра табе паслужыць!

– Хадзем! – абвесьціў Хальдыр. – Усё цяпер падрыхтаванае. Сядайце па чоўнах. Але ж спачатку ўважліва ды асьцярожна!

– Так, так, – пацьвердзілі астатнія эльфы, – чоўны гэтыя надта лёгкія, дый з норавам, ані ў якога народу болей такіх няма. Колькі вы ў іх ні пакладзяце, яны не патонуць, але ж яны даволі няўстойлівыя, трэба ўмець зь імі ўпраўляцца. Разумна было б, каб вы папрактыкаваліся сядаць у іх і выходзіць прама тут, у прыстані, перад адплыцьцём.


Вандроўнікі падзяліліся па чоўнах гэткім чынам: у першым – Арагорн ды Фрода з Сэмам, у другім – Барамір зь Піпінам і Мэры, у апошнім – Гімлі зь Ляголасам, якія моцна сьсябраваліся. У апошні човен паклалі большасьць прыпасаў. Рухаліся чоўны пры дапамозе кароткіх вёслаў з шырокімі, лістападобнымі лаптырамі. Калі ўсё падрыхтавалі, Арагорн вывеў усіх на спробны заплыў угару па Срабрынцы. Плынела яна хутка, і рухаліся павольна. Сэм сядзеў на носе, учапіўшыся абедзьвюма рукамі за борты, дый журботна пазіраў на берагі. Сонечныя прамяні, люструючыся ад вады, сьляпілі яму вочы. Праплылі зялёную паляну паўвыспы, і паабапал паўсталі дрэвы – ушчыльную да берагу. Там і тут у бурлівай плыні круціліся й кружлялі залатыя лісты. Вецер не кранаў ані галінкі, сонца зьзяла зырка, і над лесам і ракою вісела цішыня – толькі недзе далёка сьпявалі жаўрукі.

Рэзка павярнулі, і з-за павароту насустрач выплыў вялізны ганарлівы лебедзь з выгнутай шыяй. Вада ўсьпеньвалася пад ягонымі белымі грудзьмі. Дзюба палала чыстым золатам, вочы блішчэлі бурштынамі з чорным крышталём пасярэдзіне, велізарныя белыя крылы былі паўпаднятыя. Разам зь ім музыка плынела ўніз па рацэ, і зьнянацку вандроўнікі пабачылі, зразумелі: гэта карабель, з эльфскім майстэрствам выбудаваны, вычасаны на падабенства птушкі. Два эльфы ў белым кіравалі ім чорнымі вясельцамі. Пасярод карабля сядзеў Келебарн, а за ім стаяла Галадрыель, высокая, белая, зь вянком залатых кветак у валасах. У руках яна трымала арфу – і сьпявала. Сумна й соладка ліўся яе сьпеў у прахалодным празрыстым паветры.

Я сьпявала пра лісьце, пра золата лісьця – і залатыя лісты прарасьлі,

Я сьпявала пра ветрыў галінах – і задзьмулі яны, і да мяне прыйшлі,

Шчэ да сонца й поўні пляскалі за морам, гралі пенныя хвалі,

І за берагам Ільмарыну галіны Залатога Дрэва зазьзялі,

Зазьзялі пад зорамі Пракавечча ў Эльдамары белым,

За сьценамі Тырыёну зазьзялі калосьсем сьпелым.

Там калісь залатыя лісты прарасьлі на галінах гадоў,

А тут, за Забаронным морам, да нашых сьлёзаў мяшаецца кроў.

О Лорыйн! Прыходзіць зіма цяжарам гадоў да маіх плеч,

Залатыя лісты лятуць у раку, і рака зносіць іх прэч.

О Лорыйн! Надта доўга на гэтым беразе я жыла,

У карону пабляклую залаты эланор я ўпляла.

Але ж калі час надышоў мне сьпяваць пра караблі,

Дзіўлюся: дзе ж той, што мяне панясе да Неўміручай зямлі?

Арагорн прыпыніў човен, калі карабель-лебедзь параўняўся зь ім. Панна, дасьпяваўшы, павітала ўсіх.

– Мы прыйшлі сказаць апошняе слова разьвітаньня, – вымавіла яна, – і пажадаць вам добрай дарогі.

– Хоць вы былі нашымі гасьцямі, – сказаў Келебарн, – вам не давялося пабаляваць разам з намі, і таму мы запрашаем вас на разьвітальную бяседу тут, паміж хуткімі водамі, якія зьнясуць вас далёка ад Лорыйну.

Лебедзь павольна мінуў іх, кіруючы да прыпаромку, і яны павярнулі чоўны ўвасьлед. Там, у самым версе паўвыспы, Эгладылу, на зялёнай траве й адбылася разьвітальная бяседа. Аднак Фрода еў ды піў зусім крыху, зачараваны хараством панны Галадрыель, ловячы толькі яе голас. Яна болей не падавалася ані пагрозьлівай, ані жудаснай, ані напоўненай злавеснай прытоенай моцай. Але такой, як часам бачаць эльфаў людзі пазьнейшых дзён: прысутнай, яўнай, але ўжо далёкай, жывой выявай таго, што даўно зьнёс няспынны струмень часу.

Калі яны паелі, седзячы на траве, Келебарн зноў загаварыў пра іх вандроўку ды, узьняўшы руку, паказаў на паўднёвыя лясы за Эгладылам.

– Спускаючыся па рацэ, хутка ўбачыце, што лес сканчаецца й рака плынее сярод запустэчаных краёў па камяністай даліне сярод высокіх пагор'яў і праз мноства міляў нарэшце сягае высачэзнай Крамень-выспы, якую мы клічам Тол Брандыр. Там, разгаліноўваючыся ля стромых берагоў выспы, рака абрынаецца з моцным грукатам, у клубах пары ў пашчу Рэрасу й далей цячэ праз Ніндальф, ці Ваглянку на вашай мове. Гэта абсяжная краіна гразкіх чароцішчаў, дзе рака падзяляецца на мноства прытокаў і шмат пятляе. Там Энтуя, якая выцякае зь лесу Фангарн на захадзе, упадае мноствам рукавоў у Андуйн. Ля Энтуі, па гэтым беразе Вялікай ракі, ляжыць Рохан. На другім беразе – бляклыя пагоркі Эмін Мюйлу. Там ветры дзьмуць з усходу, бо пагор'е тое паглядае на Мерцьвяковую багну й пустэчы, на якіх ніхто не жыве, і за імі – на Кірыт Гаргар і чорную Браму Мордару. Бараміру й усім тым, хто абярэ разам зь ім шлях у Мінас Тырыт, лепей пакінуць Вялікую раку яшчэ да Рэрасу й перасекчы Энтую да таго, як яна сягне багнаў. Але ж вам ня варта падымацца далёка па той рацэ, ані рызыкаваць блуканьнем па лесе Фангарн. Гэта дзіўная й небясьпечная зямля, і цяпер пра яе вядома няшмат. Упэўнены: Бараміру з Арагорнам пра гэта ня трэба шмат распавядаць.

– Так, сапраўды, мы чулі шмат пра лес Фангарн у Мінас Тырыце, – пацьвердзіў Барамір, – але тое, што чуў я, выдае на байкі старых бабак, якія палохаюць нашу малечу. Усё на поўнач ад Рохану цяпер гэтак далёка ад нас, што ўяўленьню анішто не перашкаджае вольна бегчы праз тыя землі. У даўніну Фангарн ляжаў на памежжы нашых земляў, але ж цягам жыцьця мноства пакаленьняў аніхто з нас не наведваў яго, каб пацьвердзіць ці абвергнуць паданьні мінулых стагодзьдзяў. Сам я раз-пораз бываў у Рохане, хоць аніколі не сягаў ягоных паўночных межаў. Па дарозе ў Долы Яр я праехаў Брамай Рохану, абмінуўшы адгор'і Белых гор, пераправіўся праз рэкі Ізен і Шэраводзьдзе. Доўгая сталася й стамляльная вандроўка. Дзьве з паловай сотні міляў налічыў я, і занялі яны шмат месяцаў, бо я страціў свайго каня на Тарбадзе, перапраўляючыся цераз Шэраводзьдзе. Пасьля той вандроўкі ды пасьля ўсіх шляхоў, якія я прайшоў разам зь Зьвязам Пярсьцёнка, не сумняюся: я знайду шлях дахаты і праз Рохан, і праз Фангарн, калі спатрэбіцца.

– Тады мне няма чаго болей казаць пра тое, – сьцьвердзіў Келебарн. – Аднак не пагарджайце мудрасьцю, якая прыйшла да вас праз мноства гадоў, бо часьцяком толькі ў памяці старых і захоўваюцца апошнія словы пра тое, што калісьці неабходна было ведаць мудрым.


Галадрыель паднялася з травы, узяўшы келіх у адной з сваіх паслужніцаў, напоўніла яго белым мёдам і дала Келебарну.

– Надышоў час выпіць з келіху разьвітаньня, – прамовіла яна. – Пі, Гаспадар Галадрымаў! I няхай тваё сэрца не засумуе, хоць за ўсялякім полуднем калісьці прыходзіць ноч, і нашае сутоньне ўжо не за гарамі.

Тады яна паднесла келіх кожнаму зь Зьвязу, запрашаючы іх выпіць і разьвітваючыся. Але ж калі яны выпілі, загадала зноў пасесьці на траву, а сама з Келебарнам апусьцілася ў прынесеныя фатэлі. Яе паслужніцы моўчкі стаялі побач, і панна таксама пэўны час маўкліва глядзела на гасьцей. Нарэшце загаварыла.

– Мы адпілі напою разьвітаньня, і цень ужо лёг паміж намі. Але ж затрымайцеся крыху, бо я прывезла на сваім караблі падарункі, якія пан і панна галадрымаў прапаноўваюць вам на памяць пра Латлорыйн.

Потым Галадрыель зьвярнулася да кожнага асабіста.

– Вось падарунак Келебарна й Галадрыелі правадыру Зьвязу, – мовіла да Арагорна й дала яму похвы, вырабленыя пад ягоны меч, дзівосныя, абкладзеныя карункам у выглядзе лісьця й кветак з срэбных і залатых нітак, а яшчэ на похвах былі эльфскія руны з каштоўных камянёў – імя меча, Андарыль, і ягоны радавод.

– Меч, выцягнуты з гэтых похваў, ані папсуецца, ані зламаецца нават падчас паразы, – паведаміла панна. – Але ж распавядзі мне: ці не жадае тваё сэрца яшчэ чаго ад мяне ў час разьвітаньня? Бо змрок цяпер паплынее між намі, і, мажліва, нам не давядзецца сустрэцца зноў, апрача як на тым далёкім шляху, адкуль няма вяртаньня.

– Панна, вы ведаеце прагу майго сэрца, – адказаў Арагорн. – Вы доўга захоўвалі адзіную каштоўнасьць, якую я шукаю. Але ж ані ў вашай волі аддаць яе мне, калі б вы й пажадалі. Толькі празь цемру здолею я сягнуць яе.

– Тады, магчыма, гэта асьвятліць твой шлях і тваё сэрца, – вымавіла Галадрыель, – бо гэта пакінулі мне, каб я аддала табе, калі толькі табе надарыцца прайсьці праз нашую зямлю.

I яна працягнула яму чысты, глыбокай зелені смарагд на срэбнай фібуле, выкаванай на падабенства арла з распасьцёртымі крыламі, і калі панна падняла камень, ён успыхнуў, нібы сонца празь веснавое лісьце.

– Гэты камень я дала сваёй дачцэ, Келебрайн, а яна – сваёй, а цяпер ён твой – як сымбаль нашай надзеі. У гэты час прымі ж імя, прадказанае табе: Элесар, Смарагд з роду Элендыля!

Тады Арагорн прыняў камень і прычапіў фібулу на грудзёх, і ўсе вакол зьдзівіліся: бо не заўважалі раней, які па-каралеўску высокі й велічны ён, і падалося, што мноства гадоў цяжкіх змаганьняў спалі зь ягоных плячэй.

– Я дзякую вам, панна, за вашыя дарункі, – адказаў ён. – О гаспадарыня Лорыйну, ад якой прыйшлі ў гэты сьвет Келебрайн і Арвэн Вечаровая Зорка! Ці ж магчыма ўхваліць вас болей?

Панна пакланілася яму й павярнулася да Бараміра. Яму дала залаты пас. Піпіну ж і Мэры – срэбныя папружкі з спражкамі – залатымі кветкамі. Ляголасу – лук галадрымаў, даўжэйшы й мацнейшы за ліхалескі, ды з струною зь пераплеценых эльфавых валасоў. Разам зь ім і сагайдак з стрэламі.

– Табе, мой маленькі садоўніча, аматар дрэваў, – зьвярнулася да Сэма, – у мяне невялікі падарунак.

I паклала ў ягоныя рукі маленькую скрынку з гладкай шэрай драўніны, зусім неўпрыгожаную, апрача адзінай срэбнай руны на вечку.

– "Г" – азначае "Галадрыель", але на тваёй мове можа азначаць і "гаспадарку", і "гарод". У скрынцы зямля з майго садка, дый тое добраславеньне, якім Галадрыель яшчэ здольная надзяліць зямлю. Яно не дапаможа табе вытрываць твой шлях ці ўратавацца ад небясьпек, але ж калі ты захаваеш гэтую скрынку й нарэшце вернесься на родную зямлю, тады, магчыма, яна ўзнагародзіць цябе. Хоць ты знайшоў бы ўсё навакольле запустэчаным і панішчаным, няшмат якія сады ў Міжзем'і расквітнеюць лепей за твой, калі ты толькі пасыплеш яго гэтай зямлёю. Тады мо ўзгадаеш на Галадрыель і перад табою праблісьне далёкі Лорыйн, які ты бачыў толькі зімою. Бо вясна нашая й лета даўно мінулі й аніколі ня вернуцца на зямлю – хіба толькі ў памяці.

Сэм пачырванеў да вушэй і прамармытаў нешта няўцямнае, сьціснуўшы скрынку й намагаючыся пакланіцца як мага прыстойней.

– А якога ж падарунку пажадае гном ад эльфаў? – павярнулася Галадрыель да Гімлі.

– Аніякага, мая панна, – адказаў той. – Для мяне дастаткова пабачыць панну галадрымаў і пачуць яе добрыя словы.

– Слухайце, усе эльфы! – усклікнула яна, зьвяртаючыся да ўсіх побач зь ёю. – Няхай аніхто болей ня скажа, што гномы прагныя й няветлівыя! Але ж, упэўненая, о Гімлі, сын Глойна, ты жадаеш нечага, што ў маёй моцы падараваць? Агуч сваё жаданьне, калі ласка! Ты не застанесься адзіным госьцем без падарунку!

– Нічога, зусім нічога, спадарыня Галадрыель, – вымавіў Гімлі, пакланіўшыся нізка дый запінаючыся. – Анічога, апроч хіба... ну, калі б мне дазволілі папрасіць... папрасіць адзіны ваш волас. Бо вашыя валасы пераўзыходзяць усё золата зямлі, як зоры пераўзыходзяць усе падгорныя дыяманты. Я не прашу такога падарунку. Але ж вы загадалі мне агучыць маё жаданьне.

Эльфы заварушыліся, загаманілі зьдзіўлена, і Келебарн зірнуў запытальна на гнома, але панна ўсьміхнулася.

– Кажуць, майстэрства гномаў у іх руках, а не ў языках, але ж гэта гаворыцца, відавочна, не пра Гімлі. Бо аніхто яшчэ не прасіў мяне гэтак дзёрзка – і гэтак ветліва. I як цяпер мне адмовіцца, калі сама загадала табе гаварыць? Аднак скажы мне, што ж ты зробіш з такім падарункам?

– Захаваю як найвялікшую каштоўнасьць, мая спадарыня, у памяць вашых словаў да мяне падчас нашай першай сустрэчы. I калі мне толькі пашчасьціць вярнуцца да кавальняў маёй радзімы, я закрыю яго ў беззаганны крышталь, каб ён зрабіўся родавай каштоўнасьцю маёй кравіны, закладам дабрачыну паміж Гарой і Лесам да скону дзён.

Тады панна распляла адзін з доўгіх кудзераў, адрэзала тры залатыя валаскі дый паклала ў далонь Гімлі.

– А да падарунку яшчэ й такія словы, – дадала. – Я не прадказваю, бо цяпер усе прадказаньні марныя. Леваруч ад нас цемра, а праваруч – толькі надзея. Калі ўсё ж надзея выведзе нас, тады, Гімлі, сын Глойна, я запавядаю табе: з тваіх рук паплынее золата, але жулады над табою яно не атрымае.

– Да цябе, Ахоўнік Пярсьцёнка, – павярнулася яна да Фрода, – я зьвяртаюся апошнім, хоць ты далёка не апошні ў маіх думках. Для цябе я падрыхтавала вось што.

Яна працягнула яму маленькую крышталёвую шклянку, што бліснула, калі панна варухнула яе, і зазьзяла зь яе рукі промнямі белага сьвятла.

– У гэтай шклянцы – промні зоркі Эярэндыля, заключаныя ў ваду майго вадаграю. Чым змрачнейшая ноч вакол цябе, тым зырчэй зазьзяюць яны. Няхай ён асьвятляе твой шлях там, дзе згасьне й саслабне іншае сьвятло. Узгадай тады на Галадрыель і яе люстэрка!

Фрода ўзяў шклянку й на імгненьне, калі сьвятло зіхацела між імі, зноў пабачыў панну каралевай, вялікай і захапляльна прыгожай, але ўжо ня вусьцішнай у сваёй моцы. Хобіт пакланіўся, не знайшоўшы словаў, каб падзякаваць.

Тады Келебарн павёў панну Галадрыель да прыпаромку. Саламянае паўдзённае сьвятло разьлілося па зялёнай траве, і вада зіхацела й грала срэбрам. Нарэшце ўсё было падрыхтаванае да адплыцьця. Вандроўнікі занялі месцы па чоўнах, як дамовіліся раней. Выгукваючы разьвітаньні, эльфы Лорыйну доўгімі шэрымі шастамі выпіхнулі чоўны на быстрак, і бурлівая вада панесла іх прэч. Падарожнікі сядзелі нерухома, моўчкі. На зялёным беразе на самым краі паўвыспы стаяла самотная панна Галадрыель. Мінуўшы яе, сябры павярнуліся, назіраючы, як яна павольна аддаляецца ад іх. I падавалася, што гэта Лорыйн, нібы зачараваны карабель, заліты сьвятлом, з чароўнымі дрэвамі-стажарамі, праплывае міма, кіруючы да забытых берагоў, пакуль яны самі, бездапаможныя й пакінутыя, сядзяць і тужаць на беразе шэрага, пазбаўленага лісьця й жыцьця сусьвету.

Срабрынка прынесла іх да моцных струменяў Вялікай ракі, чоўны павярнулі й прысьпешыліся, імкнучы на поўдзень. Неўзабаве белая постаць панны на беразе зрабілася зусім маленькай. Яна зьзяла, бы шкляное акенца пад заходнім сонцам у хаце на пагорку, бы далёкае возера, якое відаць з высокай гары, бы крышталік, згублены на ўлоньні зямлі. Потым, як падалося Фрода, яна ўзьняла рукі, разьвітваючыся ў астатні раз, і здалёк, але з пранізьлівай выразнасьцю даляцеў ейны сьпеў. Зараз яна пяяла на Старажытнай мове эльфаў Замор'я, і словаў хобіт не разумеў. I музыка, чароўная й прыгожая, не суцяшала ягонага сэрца.

Аднак, як звычайна з эльфскімі словамі, яны засталіся ў ягонай памяці, і праз шмат часу пасьля ён пераклаў іх і зразумеў. Сьпявалася пра амаль невядомае ў Міжзем'і.

Аі! Лаўрэ лантар ласі сурынэн,

ені ўноцімэ вэ рамар алдаран!

Ені вэ лінтэ юлдар аваніер

мі аромардзі лісэ-міруворэва

Андунэ рэла, Варда тэлумар

ну люйні ясэн цінцілар й элэні

омарыё айрэтары-лірынэн.

Сі ман і юлма нін энкуантува?

Ан сі Цінтальлё Варда Аялосэа

вэ фаньяр мар'ят Элентары ортанэ,

ар ілье ціэр ундулавэ люмбулэ;

ар сінданор'ела сайта морніэ

і фальмаліньяр імбэ мэт, ар ісіэ

унтупэ Калакірыя міры оялэ.

Сі ванва на, Ромэла ванва, Валімар!

Намарыэ! Най ірувалье, Валімар!

Най ілье ірува, Намарыэ!

"Золатам лісьце падае на ветры, сярод незьлічоных, бы крылы дрэваў, гадоў! Як хуткі глыток найсаладзейшага мёду, гады праляцелі ў залях высокіх на Захадзе вечным, пад купалам Варды блакітным, дзе зоры трапечуць пад гук яе песьні, сьвятой, уладарнай. Хто напоўніць цяпер мне балявальную чару? Бо цяпер Асьвятляльніца, Варда, Зор Каралева, зь Вечнабелай гары рукі ўзьняла, бы аблокі, і шляхі ўсе зацягнуты ценем, і з шэрай краіны цемра прыйшла да пеністых хваляў між намі, і назаўжды туманом схаваныя дыяманты Калакірыі. Цяпер не знайсьці, не знайсьці тым, хто сышоў наўсход, шляхоўу Валімар! Бывайце! Мажліва, вы знойдзеце Валімар! Мажліва, хоць бы вы знойдзеце Валімар! Бывайце!" Вардаю эльфы выгнаньня клікалі гаспадыню зораў, Эльберэт.

Раптоўна рака завярнула й за лукавінаю паўсталі высокія берагі, захіліўшы сьвятло Лорыйну. Да гэтай цудоўнай зямлі Фрода болей не вярнуўся.

Зараз надышоў час клапаціцца пра падарожжа. Зірнулі наперад, але ж амаль нічога яшчэ ня здолелі разгледзець, бо сонца зьзяла проста ў вочы, перапоўненыя сьлязьмі. Гімлі плакаў не саромеючыся.

– У апошні раз бачыў я найсьвятлейшае, найдзівосьнейшае, – прызнаўся Ляголасу, свайму спадарожніку. – Болей я анічога не назаву хараством, апрача яе падарунку.

I прыціснуў даланю да грудзей.

– Скажы мне, Ляголас, ну чаму толькі пагадзіўся я выправіцца ў гэтае падарожжа? Ці мог я ўявіць сабе, дзе напаткаю найцяжэйшае? Праўду прадказваў Эльранд: немажліва прадбачыць нам, што сустрэнем на шляху! Пакутаў у цемры баяўся я, і той страх мяне не спыніў. Але ж не адважыўся б я рушыць наперад, ведаючы небясьпекі сьвятла й радасьці. А цяпер тугі, горшай ад гэтага разьвітаньня, не напаткаю я, нават калі гэтай самай ноччу патраплю да самога Чорнага Ўладара. Гора, гора Гімлі, сыну Глойна!

– Не адчайвайся, – суцяшаў яго Ляголас. – Сум агарнуў усіх нас. Увогуле, усіх, хто крочыць па гэтым сьвеце ў ягонай старасьці. Знаходкі й страты цяпер рушаць поруч. Так для ўсіх, чыё жыцьцё – човен у струмені. Аднак твая горыч сьветлая, добраславёны ты, Гімлі, сын Глойна, бо абраў пакуту сваю з уласнае волі, абраў вернасьць паплечнікам. I таму, хоць бы ад Лорыйну засталася толькі памяць, у цябе яна заўжды будзе яснай і незамутнёнай у сэрцы, і ня сьцьмее, і сьвятло яе не паслабне.

– Магчыма, – пагадзіўся Гімлі, – дзякую табе за твае словы. Праўдзівыя словы, без сумневу, аднак суцяшэньне ад іх слабое. Сэрца жадае не ўспамінаў. Памяць – толькі люстэрка, хоць бы яна была чыстая, як Келед Зарам. Так падказвае сэрца гному Гімлі. Эльфам мо бачыцца ня так. Насамрэч, я чуў, што эльфам памяць падаецца болей падобнай да жывога сьвету, чым да мары. Для гномаў ня так. Ну, до, ня трэба пра тое. Зірнем на човен! Ён цяпер сядзіць глыбока, з усёю нашаю пакладаю, а Вялікая рака плынее хутка! Ня надта мне хочацца патапіць свой смутак у халоднай вадзе.

Ён узяў вясло й пагроб бліжэй да заходняга берагу ўвасьлед за Арагорнавым чоўнам, які ўжо наблізіўся да берагу.

Так Зьвяз Пярсьцёнка рушыў доўгім шляхам вандраваньня, і шырокая хуткая рака несла яго на поўдзень. Голыя лясы сьцяною цягнуліся ўздоўж абодвух берагоў, захінаючы далягляд. Вецер улёгся, рака бязгучна струменіла. Нат птушыны голас не парушаў цішыні. Набліжалася сутоньне, і сонца ахінула долы туманнай смугою, потым заблішчэла з блядных нябёсаў бялюткім пэрлам. Тады схавалася на захадзе – і прыйшлі раньнія прыцемкі, а за імі – шэрая, бяззорная ноч. Плылі празь цемру спакойных начных гадзінаў, кіруючы чоўны паўз навіслы цень заходнебярэжнага лесу. Вялізманыя дрэвы праплывалі побач, нібы прывіды ў тумане, што пакручанымі прагнымі каранямі ўпіваюцца ў ваду. Жудасна было й золка. Фрода сядзеў, услухоўваючыся ў слабы плёскат ды шапаценьне ракі сярод каранёў і плаўніку ля берагу, пакуль не заторкаў носам і не праваліўся ў неспакойны сон.


9. Вялікая рака


Фрода прачнуўся, абуджаны Сэмам. Хобіт усьвядоміў, што ляжыць, утульна загорнуты ў коўдры, пад дрэвамі з шэрай карою на ціхай лясной палянцы заходняга берагу Андуйну. Праспаў Фрода ўсю ноч напралёт, і шэрае сьвятло раніцы ўжо сачылася між голых галінаў. Гімлі шчыраваў паблізу над невялічкім вогнішчам.

Сонца не ўзьнялося высока, як рушылі зноў. Ня ўсе зь Зьвязу сьпяшаліся на поўдзень, задаволеныя тым, што канчатковае вырашэньне адклалася да Рэрасу ля Крамень-выспы. Наперадзе яшчэ дні й дні. Нават, каб не паскараць, самі ня грэблі, дазволілі рацэ несьці іх насустрач небясьпекам да шляхоў, якія потым давядзецца абраць. Арагорн вырашыў рухацца разам з плыньню, зьберагаючы сілы на будучыню. Але ж настояў, каб пачыналі дзённую вандроўку рана й плылі амаль да ночы, бо адчуваў: часу застаецца няшмат, Чорны Ўладар наўрад ці сядзеў склаўшы рукі, пакуль сябры зь Зьвязу Пярсьцёнка адпачывалі ў Лорыйне.

Тым ня менш ані прыкметы ворагаў не напаткалі ні гэтым днём, ні наступным. Маркотныя шэрыя гадзіны плынелі з хвалямі, і анічога не здаралася. На трэці дзень мясцовасьць крыху зьмянілася: лясы парадзелі, дрэвы патанчэлі й нарэшце зьніклі ўвогуле. Леваруч, на ўсходнім беразе, доўгія бясформавыя схілы цягнуліся прэч ад ракі й уверх. Выглядалі яны бурымі, ссохлымі, запустэчанымі, нібы іх апаліла полымя, не пакінуўшы ані жывой зялёнай травінкі. Мёртвая пустая зямля, дзе нават воку няма за што зачапіцца: ані дрэўца, хоць бы паламанага, ані вытыркнутага каменя. Вандроўнікі сягнулі Бурых земляў, зьнежывелага абшару паміж паўднёвым Ліхалесьсем і пагор'ем Эмін Мюйл. Якая пошасьць, вайна ці ліхое чарадзейства Ворага выпаліла зямлю тут, ня ведаў нават сьледапыт Арагорн.

Праваруч, на захадзе, дрэваў таксама не было, але ўздоўж берагу цягнуліся роўнядзі, часьцяком з шырокімі палямі зялёнай травы. Там і тут калыхаліся зарасьці чароту, такія высокія, што захілялі далягляд, паўстаўшы трапяткой агароджаю побач з маленькімі чоўнамі. Іх цьмяныя ссохлыя мяцёлкі хіліліся й уздрыгвалі на халодным ветры, шапочучы ціха й сумна. Раз-пораз скрозь прагалы ў іхнім шэразе Фрода бачыў абсяжныя лугі й далёка за імі пагоркі з заходнім сонцам на схілах, а далёка на мяжы зроку – цёмную вызубраную рысу апошніх паўднёвых атовілкаў Туманных гор.

З жыўнасьці падарожнікі заўважалі толькі птушак. Іх наўкол было багата. Мноства кулікоў ды іншай малечы перасьвіствалася й перагуквалася ў чаратах, хоць рэдка трапляла на вочы. Раз ці два чулі шоргат ды моцны рух лебядзіных крылаў, бачылі ўгары шматлікі вырай, які ляцеў правільным шыхтом над галовамі.

– Лебедзі! – выклікнуў Сэм. – І якія ж велізарныя, аёй!

– Але, – пацьвердзіў Арагорн, – і чорныя да таго ж.

– Як шырока, пуста й сумна тут, – паскардзіўся Фрода. – Мне заўжды падавалася, што падчас падарожжа на поўдзень мусіць цяплець і сьвятлець, і зіма назаўсёды застанецца за сьпінай.

– Але мы недалёка спусьціліся на поўдзень, – запярэчыў Арагорн. – Тут яшчэ зіма, мы за шмат вёрстаў ад мора. Тут сьвет застыў да нечаканай вясны. Мы нават, магчыма, напаткаем сьнег. Далёка адсюль, у заліве Бэльфалас, куды ўпадае Андуйн, насамрэч цёпла й добра, ці было б, каб ня Вораг. Тут мы, калі не памыляюся, усяго на сорак міляў паўднёвей ад мяжы Паўднёвага падзелу Шыру, хоць ён за сотні доўгіх вёрстаў на захад адсюль. Ты пазіраеш цяпер на паўднёвы захад праз роўнядзі Рохану, землі вершнікаў і гаспадароў добрых коней. Неўзабаве мы праплывем міма вусьця Сутоніцы, якая цячэ з Фангарну да Вялікай ракі. Яна адзначае паўночную мяжу Рохану. З даўніны ўвесь край паміж Белымі гарамі й Сутоніцай належаў рахірымам, тутэйшаму люду. Багаты, лагодны край, травы тут незраўнальныя, але ж у нашыя нядобрыя дні людзі болей не жывуць паблізу Вялікай ракі й зрэдку наяжджаюць да яе берагоў. Андуйн шырокі, аднак оркі здольныя пускаць стрэлы надта далёка, а апошнім часам, як кажуць, наважваюцца пераплываць раку ды рабаваць роханскія статкі.

Сэм трывожна зірнуў на адзін бераг, тады на другі. Калісьці дрэвы падаваліся яму варожымі, быццам хавалі чужыя вочы ды чыесьці нядобрыя постаці за сабою. А цяпер як жа яму хацелася, каб берагі зноў зарасьлі лесам! Адчуваў, нібы вандроўнікі голыя, бездапаможныя ў маленькіх адкрытых чоўніках пасярод земляў, дзе няма сховішча, на рацэ, якая ёсьць мяжою вайны.

У наступныя дні няспыннага руху на поўдзень гэтае пачуцьцё непакою й бездапаможнасьці агарнула ўсіх вандроўнікаў. Ужо цягам суцэльнага дня грэблі, налягаючы на вёслы, каб пасьпяшацца. Берагі імкнулі міма. Неўзабаве рака пашырылася, паплытчэла. Уздоўж усходняга берагу цягнуліся доўгія камяністыя водмелі, трапляліся перакаты, і трэба было кіраваць надта асьцярожна. Бурыя землі перакінуліся ў бляклае пагор'е, з-за якога дзьмуў усходні халодны вецер. З захаду ж лугі зьмяніліся панізьзямі й багнючынамі, зарослымі на купінах жухлай травой. Фрода ўздрыгнуў, згадаўшы лужкі й вадаграі, яснае сонца й мяккія дажджы Латлорыйну. Ні на адным чоўне не размаўлялі шмат і зусім не сьмяяліся. Кожны сябра Зьвязу быў заклапочаны ўласнымі думамі.

Ляголас мроіў пра зоры поўначы летняй ноччу на паляне ў чыстым бярозавым гаі. Гімлі пералічваў у думках золата ды меркаваў, ці вартае звычайнае золата таго, каб зрабіць зь яго схованку для падарунку панны Галадрыель. Мэры зь Піпінам пачуваліся ня надта ёмка ў адным чоўне з Барамірам, бо той няспынна мармытаў сабе пад нос, грыз пазногці, нібы яго жэрла нейкая трывога ці сумнеў. А час ад часу хапаўся за вясло дый падграбаў ззаду зусім блізка да Арагорнавага чоўна. Тады Піпін, які сядзеў наперадзе сьпінаю да штэўня, прыкмячаў дзіўнаваты бляск у Бараміравых вачох, калі той напружана ўзіраўся ў Фрода. Сэм даўно ўжо прыйшоў да высновы, што хоць чоўны й не такія небясьпечныя, як яго ўсё жыцьцё прывучалі лічыць, яны нашмат больш няўтульныя ды непрыдатныя, чым ён уяўляў. Сядзеў, скурчыўшыся, рукі-ногі пазацякалі, пачуваўся – няшчасьней няма куды. I рабіць няма чаго, хіба аглядаць берагі, дзе пануе зіма, ці шызую ваду паабапал. Нават калі даводзілася грэбці, вясла Сэму не давяралі.

Калі сутонела на чацьверты дзень, ён па-ранейшаму тарашчыўся назад па-над нахіленымі галовамі Фрода й Арагорна на раку ды на чоўны, якія плылі сьледам. Яго хіліла на сон, хацелася, каб хутчэй прыпыніліся на ноч, каб хоць зямлю адчуць пад нагамі. Зьнянацку нешта мільгнула здаля. Сэм пэўны час паглядаў, нерухомы, пасьля выпрастаўся, пацёр вочы. Тады зірнуў зноў, але ўжо нічога не пабачыў.


На ноч прыпыніліся на маленькай выспачцы паблізу ўсходняга берагу. Сэм, загарнуўшыся ў коўдры, лёг побач з Фрода.

– Дзіўнаваты сон бачыў я за гадзіну ці дзьве да таго, як мы спыніліся, – пачаў ён. – Ці ня сон. Ну, сьмешна насамрэч.

– I што ж тое было? – спытаў Фрода, ведаючы, што Сэм не супакоіцца, пакуль не распавядзе, што там ні было б. – Я з самага Лорыйну ня бачыў і не ўяўляў нічога, здольнага выклікаць усьмешку.

– Ну, гэнае не дапаможа, спадару Фрода. Жудасна было. I калі тое ня сон, дык увогуле нягегла. Вы лепей паслухайце. Вось яно як: пабачыў я бервяно з вачыма!

– Бервяно – гэта зразумела. Бярвёнаў на рацэ процьма. Але вочы да іх дадумваць ня трэба.

– Я й не дадумваю. З таго я й задраўся, проста кажучы. Я пабачыў нешта, ну, падобнае на звычайнае бервяно. Яно плыло за чоўнам Гімлі, я й увагі асаблівай не зьвяртаў. Хоць троху незвычайна, так скажу, як яно побач з намі трымаецца ўвесь час. I тады я пабачыў вочы: бляклыя такія, ды ажно зьзяюць, нібы сьветлякі на гарбку такім напрыканцы бервяна, што найбліжэйшае да нас. Анягож, бервянцо! У палена ж няма лапаў зь перапонкамі, накшталт лебядзіных, толькі болей, ды яны ўсё цоп-цоп з вады й у ваду. Вось тады я й падскочыў, і вочы працёр, мяркуючы: ну, калі тое ня сон, калі пабачу шчэ, дык загукаю. I яно яшчэ зьяўлялася! Што б гэта ні было, яно рухалася хутка й ужо зусім упрытык да чоўна Гімлі прысунулася. Але ці ж гэныя вочы-ліхтары мяне прыкмецілі, ці я ачомаўся – ня ведаю. Калі зноў зірнуў, яно ўжо зьнікла. Аднак, мяркую, нешта такое пасьпеў заўважыць, напаўвочка, як кажуць, нешта цьмянае кінулася да ценяў пад берагам. Вачэй, праўда, болей ня бачыў. Тады сказаў сабе: "Зноў трызьніш на яве, Сэме Гэйхадзе". А вось цяпер мяркую: мо й ня трызьніў. Што ж вы скажаце на тое, спадару Фрода?

– Я сказаў бы, што гэта – усяго бервяно, змрок і дрымота ў тваіх вачох, калі б гэтыя вочы зьявіліся ўпершыню. Але я бачыў іх яшчэ да таго, як мы сягнулі Лорыйну. Я бачыў пачвару з вачыма-ліхтарамі, якая караскалася на наш талан той ноччу. Хальдыр таксама яе бачыў. Ці ты памятаеш расповед эльфаў, якія перасьледавалі банду оркаў?

– А-а, так, памятаю! I крыху болей за тое таксама. Мне зусім не падабаюцца тыя згадкі, але ж калі дробкі падабраць, расповеды пана Більба да галавы прыходзяць. Напэўна, я мог бы й імя той істоты разгадаць, га? Гідкае імя. Ці ня Глыкс?

– Менавіта так. Таго я ўвесь час і баяўся, з самае тае начы на талане. Напэўна, ён бадзяўся па Морыі й там выйшаў на наш сьлед. Я спадзяваўся, што пакуль мы ў Лорыйне, ён саб'ецца зь сьледу. Напэўна, гэты вычварань хаваўся ў лясох паблізу Срабрынкі, віжуючы, як мы адплывалі!

– Сама так, пэўна. Лепей нам цяперака пільней сачыць за сабою, а тое прачнесься калі-небудзь зь ягонымі доўгімі пальцамі вакол шыі, калі ўвогуле прачнесься. Я да чаго вяду: ня трэба турбаваць Швэндала ці каго шчэ сёньня ўначы. Я папільную. Раніцою пасплю, бо я ж усё адно ня болей за пакунак на чоўне, калі гэтак магчыма выказацца.

– Магчыма, – падсумаваў Фрода, – і я магу выказацца, што ты пакунак з вачыма. Пільнуй, калі ласка, толькі калі паабяцаеш разбудзіць мяне а палове ночы, калі да таго анічога ня здарыцца.

У глухі перадсьвітальны час Фрода вынырнуў з глыбокага змрочнага сну й адчуў, што яго трасе Сэм.

– Сорам будзіць вас, – шаптаў ён, – але ж вы самі так загадалі. Анічога йшчэ ня здарылася ці так падаецца. Чуўся нейкі пляск ціхі, ды нібыта прынюхваўся нехта, але ж гэткіх запалохвальных гукаў уначы ля ракі досыць, толькі прыслухайся.

Сэм лёг, а Фрода, загорнуты ў коўдры, сядзеў, адганяючы дрымоту. Хвіліны ці гадзіны цягнуліся павольна, і анічога не здаралася. Фрода ўжо ледзь не паддаўся спакусе прылегчы зноў, калі цёмная постаць, амаль нябачная ў змроку, падплыла да аднаго з прычаленых чоўнаў. Доўгая белаватая рука, заўважная ў цемры, вытыркнулася з вады й ухапілася за пляншыр. Халодныя блядныя вочы-ліхтары зазьзялі, калі пачвара зазірнула ў човен. Тады павярнуліся й утаропіліся ў Фрода. Да іх было ўсяго пара сажняў, і Фрода пачуў мяккае шыпеньне подыху, уцягнутага паветра. Фрода ўскочыў, выцягнуў Джала й крочыў да вачэй. I адразу бляднае сьвятло згасла, зноў пачулася шыпеньне, плёхкат, і нешта падобнае на бервянцо хутка паплыло ўніз па плыні, у цемру. Арагорн паварушыўся, перавярнуўся з боку на бок і раптам узьняўся, ускочыў.

– Што гэта? – спытаў шэптам, падышоўшы да Фрода. – Я адчуў нешта ўва сьне. Чаму ты выцягнуў корд?

– Глыкс, – адказаў Фрода. – Ці мне падалося.

– А, дык ты ведаеш пра нашага маленькага пракуду! Ён прапоўз за намі праз усю Морыю наўпрост да Німрадэлі. Калі мы паплылі на чоўнах, ён знайшоў сабе бервяно ды грабе нагамі й рукамі, лежачы на ім. Я спрабаваў злавіць яго ўначы раз ці два, але ж ён хітрэй ад лісы й больш сьлізкі за рыбіну. Я спадзяваўся, што падарожжа па рацэ будзе яму не пад сілу, але ж ён, відаць, плывун яшчэ той. Раніцою рушым хутчэй. Ты цяпер кладзіся спаць, я папільную рэшту ночы. Хацеў бы я, каб гэты няшчасны вычварань зноў да мяне патрапіў. Мы знайшлі б, як яго скарыстаць. Аднак калі ў мяне не атрымаецца, паспрабуем адарвацца. Ён надта небясьпечны. I сам можа забіць уначы, і ворагаў навесьці на сьлед.

Ноч прамінула. Ні ценю Глыкса, ні падазронага шорхату ці пляскату так і не заўважылі. Пасьля варту трымалі няспынна, але ж да сканчэньня вандроўкі па рацэ не напаткалі ані прыкметы Глыкса. Калі ён яшчэ перасьледаваў, дык надта сьцярожка ды хітра. На Арагорнаў загад грэблі гадзінамі, і берагі імкліва мільгалі міма. На мясьціны па берагох амаль не зьвярталі ўвагі, бо вандравалі пераважна ўначы ды ўвечары, у прыцемках, а ўдзень адпачывалі, намагаючыся схавацца, дзе толькі дазваляў бераг. Гэтак аднастайна й без здарэньняў цягнуліся шэсьць дзён.

Над галавою віселі шэрыя нябёсы, па-ранейшаму зацягнутыя хмарамі, вецер дзьмуў з усходу. Надвячоркам, аднак, на захадзе праясьнілася й заходнае сонца зазьзяла ў прарэхах аблокаў жоўтым ды бледна-зялёным сьвятлом. А потым і бялюткі скрыдлік маладзіку заблішчэў на вадзе. Сэм пазіраў на яго й хмурыў бровы.

Наступным днём берагі пачалі хутка мяняцца. Узьняліся, ашчэрыліся камянямі. Неўзабаве вандроўнікі паплылі праз камяністае пагор'е, строма падымаліся ўгару абодва берагі, іхнія схілы шчыльна зарасьлі цернем ды іншымі калючкамі, пераплеценымі плюшчом і ажыньнікам. Ззаду тырчэлі невысокія шчарбатыя скалы з крохкага выветранага каменю, цёмныя ад плюшчу, а за імі высіліся грабяні хрыбта, што зарос елкамі, перакрыўленымі ветрам. Вандроўнікі набліжаліся да шэрага пагор'я Эмін Мюйлу, паўднёвай ускрайны Дзіказем'я.

На скалах мільгала мноства птушак, увесь дзень высока над галовамі кружлялі птушыныя чароды – чорныя рыскі ў выцьвілых нябёсах. Падчас дзённага адпачынку, лежачы ў сховішчы, Арагорн недаверліва назіраў за імі, мяркуючы, ці не ўтварыў Глыкс ужо якога ліха й ці не разьбягаюцца цяпер зьвесткі пра вандроўнікаў па глухамані. Пазьней, калі сонца сядала, Арагорн прыкмеціў у заходнім сьвятле чорную плямку ў нябёсах: вялізарная птушка высока й далёка паварочвала, накіроўваючы павольна на поўдзень.

– Што гэта, Ляголас? – спытаў ён, паказваючы на паўночныя нябёсы. – Ці арол, ці мне падаецца?

– Так, арол, – пацьвердзіў Ляголас, – арол, які палюе. Цікава, што гэта вястуе? Мы далёка ад гор.

– Сёньня не кранемся зь месца, пакуль цалкам не сьцямнее, – вырашыў сьледапыт.


Восьмы дзень вандроўкі па рацэ быў маўклівы й бязьветраны. Шэры ўсходні вецер нарэшце ўлёгся. Маладзік выкаціўся рана, яшчэ ў апошніх бляклых промнях заходнага сонца. Нябёсы ачысьціліся, і хоць далёка на поўдні віселі гронкі хмараў, слаба адсьвечваючы расьсеяным сьвятлом, на захадзе зіхцелі зоры.

– Выпраўляймася! – абвесьціў Арагорн. – Паспрабуем прагрэбці яшчэ ноч. Мы сягнулі мясьцінаў, дзе рака ня надта добра вядомая мне, ніколі не хадзіў адсюль да Сарн Гебіру. Калі не памыляюся, да яго яшчэ доўгія вёрсты. Але ж і да таго небясьпек хопіць: падводныя скалы й каменныя выспы пасярод струменю. Будзем уважліва сачыць ды грэбці ўжо ня так моцна.

Сэму даручылі ролю назіральніка. Ён лёг наперадзе чоўна, углядаючыся ў змрок. Ноч выдалася цёмная, але зоры зьзялі незвычайна пранізьліва, і сьвятло адбівалася на вадзе. Ужо праплылі колькі, амаль не карыстаючыся вёсламі, і набліжалася поўнач, калі зьнянацку Сэм загукаў. Усяго за некалькі сажняў наперадзе чорныя абрысы навісалі над плыняй і шар хацела ды бурліла, паскараючыся, вада. Моцны струмень пацягнуў чоўны да ўсходняга берагу, дзе заставаўся праход. Летучы на чоўнах, выразна й надта блізка пабачылі белую пену на вострых камянёх, што вытыркаліся ўпрост пасярод ракі, нібы шэраг іклаў. Чоўны зьбіліся ў кучу.

– Гэй, Арагорн! – выгукнуў Барамір, калі ягоны човен грукнуўся ў Арагорнаў. – Гэта вар'яцтва! Нельга плысьці праз парог цемначы! Ды аніякі човен не застанецца цэлым у Сарн Гебіры, удзень ці ўначы.

– Назад! Назад! – закрычаў Арагорн. – Паварочвайце! Паварочвайце, калі здолееце!

I моцна загроб, запавольваючы човен ды паварочваючы яго.

– Я разьлічыў памылкова, – сказаў ён Фрода. – Не падазраваў, што мы ўжо гэтак далёка. Андуйн плынее хутчэй, чым я меркаваў. Сарн Гебір побач.

Ледзь павярнулі чоўны й павольна адсунуліся ад парогу. Спачатку плынь амаль пераадольвала, і хоць пакрысе рушылі ўверх па рацэ, струмень адносіў усё бліжэй да ўсходняга берагу. Цяпер ён уздымаўся пагрозьлівай і злавеснай грудаю.

– Грабем усе! – выгукнуў Барамір. – Грабіце! Ці нас зацягне на плыткае месца!

I адразу Фрода адчуў, як кіль чоўна шкрабе аб камяні.

I ў гэты момант бразнулі лучныя струны. Некалькі стрэлаў прасьвісьцела над галовамі, некаторыя ўпалі зусім недалёка. Адна тыцнула Фрода паміж лапатак, і ён зь енкам хіснуўся наперад, выпусьціўшы вясло з рук. Але ж страла адскочыла, адбітая схаванай пад вопраткай кальчугай. Яшчэ адна працяла Арагорнаў каптур, трэцяя засела ў пляншыры Бараміравага чоўна побач з рукою Мэры. Сэму падалося: чорныя постаці мітусяцца на доўгай жвіравай касе, што цягнулася ўздоўж усходняга берагу. I да іх зусім недалёка.

– Ырч! – прашаптаў Ляголас на роднай мове.

– Оркі! – заекатаў Гімлі.

– Глыксава справа, каб мне праваліцца, – абвесьціў Сэм Фрода. – I месца ж падабраў! Рака сама нясе нас ім у лапы!

Усе налеглі на вёслы, нават Сэм. Кожны чакаў, што ягоная чарнапёрая сьмерць вось-вось прыляціць зь цемры. Мноства іх прасьвісьцела над галовамі або пляснулася ў ваду побач, ды аніводная ня ўлучыла. Вядома, было цёмна, але ж ня так, каб добры начны зрок оркаў ды зорнае сьвятло не далі ворагам пацэліць. Напэўна, шэрыя лорыйнскія плашчы ды шэрае дрэва эльфскіх чоўнаў падманулі ліхое майстэрства лучнікаў Мордару.

Грабок за грабком рушылі наперад. У цемры цяжка было разабраць, ці прасоўваліся ўвогуле, аднак паступова бурленьне вады сьцішылася й цень усходняга берагу распусьціўся ў начы. Нарэшце, як падалося, сягнулі сярэдзіны струменю, добра адсунуўшы ад сябе чорныя скалы-іклы. Тады павярнулі й з усёй моцы загрэблі да заходняга берагу. Пад прыкрыцьцём кустоў, якія навісалі над вадою, прыпыніліся перадыхнуць.

Ляголас паклаў вясло ды ўзяўся за лорыйнскі лук. Скочыў на бераг і падняўся на некалькі крокаў. Нацягнуў струну, паклаў на яе стралу й павярнуўся, паглядаючы праз раку ў цемру. Адтуль далятаў пранізьлівы лямант, але ж разгледзець што-небудзь было немажліва.

Фрода зірнуў на эльфа, што стаяў высока над ім, вышукваючы мэту для стралы. Над Ляголасавай галавою буйныя белыя зоры зьзялі каронаю ў чорным возеры начных нябёсаў. А з поўдня ўзьнялася, насунулася вялізная чорная хмара, і першыя атовілкі яе адну за адной зацянялі зоры. Раптоўны жах агарнуў вандроўнікаў.

– Эльберэт Гільтоніель! – выдыхнуў Ляголас, зірнуўшы ўгару. Цёмная постаць, падобная да воблака, але ж ня воблака, бо рухалася нашмат хутчэй, вырвалася з паўднёвай чарнаты й памчала да Зьвязу, засланяючы зорнае сьвятло. Неўзабаве разгледзелі чорную, нібы апраметная ноч, велізарную крылатую пачвару. Ліхія галасы залямантавалі за ракою, вітаючы яе. Фрода адчуў, як раптоўны ільдзяны холад працяў ягонае цела, сьціснуў сэрца й сьмяротны холад памяцьцю былой раны абудзіўся ў плячы. I Фрода скурчыўся на дне чоўна, быццам хаваючыся.

Тут зазьвінела струна вялікага лорыйнскага лука. Сьвіснула страла, сарваўшыся з струны, сплеценай з эльфскіх валасоў. Фрода зірнуў угору. Амаль проста над ім крылаты цень уздрыгнуў. Пачуўся хрыпаты, каркотлівы стогн – і пачварына абрынулася ўніз і зьнікла недзе ў змроку ўсходняга берагу. Нябёсы зноў ачысьціліся. Здалёк чуўся гоман мноства галасоў, лаянка й лямант, потым усё сьцішылася. I ані страла, ані голас болей гэтай ноччу з усходу не прыляцелі.

Счакаўшы крыху, Арагорн зноў павёў чоўны ўверх па рацэ. Рушылі асьцярожна ўздоўж берагу, пакуль не напаткалі невялічкі плыткі заліўчык. Колькі невысокіх дрэўцаў расло побач з вадою, а за імі ўздымаўся круты скалісты бераг. Тут вырашылі прыпыніцца й дачакацца раніцы, бо рухацца далей уначы сэнсу не было. Вогнішча не распальвалі й ежы не гатавалі, палеглі ў чоўнах, прывязаных побач.

– Хай ушануецца лук Галадрыелі дый Ляголасавы рукі й вочы! – абвесьціў Гімлі, схрумстаўшы лембас. – Найфайнейшы стрэл у апраметнай цемры!

– А ці пабачыў хто, у каго ж я патрапіў?

– Я ня бачыў, – сказаў Гімлі. – Але ж я надта рады, што ён не прысунуўся бліжэй. Мне ён зусім не спадабаўся. Надта нагадаў той морыйскі цень, балрага, – дагаварыў гном шэптам.

– Не, гэта ня балраг, – вымавіў Фрода, яшчэ дрыжучы ад холаду, – нешта нашмат халаднейшае за яго. Я лічу, тое быў, тое... – і, запнуўшыся, змоўк.

– I што ж ты лічыш? – адразу перапытаў Барамір, перахіліўшыся з свайго чоўна, нібы намагаючыся зазірнуць у Фродаў твар.

– Я лічу... не, лепей ня буду казаць, – перадумаў Фрода. – Што б тое ні было, ад ягонай паразы ворагі відочна адчаяліся.

– Падаецца, так, – згадзіўся Арагорн. – Але ж колькі іх, дзе яны й што яны зьбіраюцца рабіць далей, мы ня ведаем. Гэтай ноччу спаць нельга! Цемра цяпер хавае нас. Хто ведае, што пакажа дзень? Трымайце зброю напагатове!

Сэм сядзеў, загінаючы пальцы па цаўі меча, быццам падлічваючы нешта, дый пазіраў у нябёсы.

– Ну й дзівоса, – прамармытаў нарэшце, – месяц жа – ён той самы, што ў Шыры, што ў Дзіказем'і, ці гэтак яно падаецца. А тут зь ім нешта ня тое, ці я зусім зблытаўся. Вы ж узгадайце, спадару Фрода: ветах быў, калі мы на тым шастку на дрэве ляжалі. Тыдзень ад поўні. А мінулай ноччу ўжо тыдзень пайшоў, як мы на рацэ, а тут маладзік танюткі, бы цьвічок, выскачыў – нібы мы зусім аніколечкі ў эльфавай краіне й не затрымліваліся. Хоць я тры ночы дык дакладна згадаю, і яшчэ, падаецца, было колькі, але ж пакляўся б: ну ня месяц жа цэлы! Можна падумаць, што час там зусім ня рухаецца!

– Можна, – пагадзіўся Фрода, – у той зямлі, напэўна, мы жылі ў часе, які паўсюль ужо даўно мінуў. Толькі калі Срабрынка вынесла нас у Андуйн, мы вярнуліся да сьмяротнага часу, які плынее празь сьмяротныя землі да Вялікага мора. I я ня памятаю аніякага месяца – ані ветаху, ані маладзіку – у Карас Галадхане, толькі зоры ўначы й сонца днём.

Ляголас паварушыўся побач у сваім чоўне.

– Не, час аніколі не прыпыняецца, – сказаў эльф. – Аднак зьмены, рост ды паміраньне ў розных мясьцінах адбываюцца й успрымаюцца неаднолькава. Для эльфаў гэты сусьвет зьмяняецца адначасова й надта хутка, і надта павольна. Хутка таму, што самі яны амаль не зьмяняюцца, а астатняе пралятае побач зь імі. Тое вельмі сумна. А павольна таму, што яны не заўважаюць хуткаплынных гадоў і ня лічаць іх. Вёсны й зімы для нас – толькі зморшчынкі на гладзі доўгай-доўгай ракі. Мы ведаем: пад сонцам усё нарэшце стоміцца існаваць і сягне свайго канца.

– Існаваньне ў Лорыйне стамляе значна менш, чым за яго межамі, – зазначыў Фрода. – Моц панны незвычайная. Кожная гадзіна ў Карас Галадхане – цуд, пакуль Галадрыель валодае сваім пярсьцёнкам, хоць і ляцяць тыя гадзіны хутка.

– Вось гэтага нельга згадваць за межамі Лорыйну, нават размаўляючы з мною, – папярэдзіў Арагорн сувора. – Ня згадвай таго болей! А праўда такая: насамрэч, Сэм, ты зблытаўся ў краёх Лорыйну. Там час для нас плынеў з той самай хуткасьцю, як і для эльфаў. Ветах памёр, маладзік нарадзіўся й састарэў у сусьвеце па-за Лорыйнам, пакуль мы адпачывалі там. А цяпер маладзік прарос зноў. Зіма амаль мінула. Час мкне да вясны, амаль безнадзейнай для нас.

Рэшту ночы панавала цішыня. Ані гамонкі, ані выгуку з-за ракі не данеслася. Вандроўнікі, скурчыўшыся ў чоўнах, адчулі, што надвор'е зьмяняецца. Паветра пацяплела, і ветрык сьцішыўся пад вялізнымі вільготнымі хмарамі, якія прыпаўзьлі з поўдня ад далёкага мора. Бурленьне й шамаценьне ракі на камянёх быстракоў неяк наблізілася, пагучнела. З галінаў над галовамі закропала.

Нарадзіўся дзень, шэры, сумны й мокры. Заранка зазьзяла шэрым сьвятлом, няпэўным і бясьценевым. Шчыльны туман павіс над ракою, белая смуга агарнула блізкі бераг, а дальні схаваўся за ёю.

– Ненавіджу туман, – прабурчэў Сэм, – але ж з гэтым, падаецца, нам пашанцавала. Цяпер, можа, і здолеем уцячы, і клятыя гобліны нас не пабачаць.

– Магчыма, – пагадзіўся Арагорн. – Але ж сьцежку цяжка будзе адшукаць, калі туман не расточыцца. А мы мусім адшукаць сьцежку, каб прайсьці Сарн Гебір і сягнуць Эмін Мюйлу.

– Не разумею, чаму нам трэба праходзіць Сарн Гебір ці далей рушыць па рацэ, – вымавіў Барамір. – Калі Эмін Мюйл ужо перад намі, ці ня лепей пакінуць нашыя шкарлупкі-чоўнікі дый кіравацца на паўднёвы захад, пакуль не пабачым Энтую ды ня крочым на маю зямлю.

– Лепей пры ўмове, калі б мы кіраваліся ў Мінас Тырыт, – азваўся Арагорн, – але ж гэта яшчэ ня вырашана. I той шлях можа быць нашмат небясьпечнейшы, чым падаецца. Даліна Энтуі роўная й гразкая, і туман над ёй – сьмяротная небясьпека тым, хто рушыць пехатою з пакладаю за плячыма. Я не пакіну чоўны, пакуль імі можна карыстацца. Рака – шлях, зь якога не саб'есься.

– Вораг трымае ўсходні бераг, – запярэчыў Барамір, – і нават калі мы пройдзем Браму Арганатаў і бесьперашкодна дасягнем Крамень-выспы – што далей? Скакаць з вадаспадаў ды цягнуцца па багнах?

– Не! – адказаў Арагорн. – Хутчэй, мы пранясем нашыя чоўны па старажытнай сьцежцы да ўзножжаў Рэрасу, і там зноў рушым па вадзе. Ці ты ня ведаеш, Барамір, ці проста ня хочаш згадваць Паўночную Лесьвіцу й трон на Аман Эн, што былі зробленыя ў часы вялікіх каралёў? Я, сама менш, хачу хоць бы зірнуць на сусьвет з таго стальца на вяршыні перад тым, як абраць далейшы шлях. Там, магчыма, мы адшукаем знак, прыкмету, якая дапаможа ў выбары.

Барамір яшчэ доўга бараніў свой шлях. Аднак калі высьветлілася, што Фрода пойдзе з Арагорнам, куды б той ні кіраваўся, Барамір пагадзіўся з Арагорнавай прапановай.

– Ня ў звычаі людзей Мінас Тырыту кідаць сяброў у небясьпецы, – падсумаваў ён. – Вам спатрэбіцца мая сіла па дарозе да Крамень-выспы. Датуль я рушу разам з вамі, але ж ня далей. Там я павярну дахаты, адзін, калі мая дапамога вам і я сам ня вартыя паплечнікаў.

З часам туман крыху прыўзьняўся. Вырашылі, што Арагорн зь Ляголасам пройдуць уздоўж берагу, выведваючы, а астатнія застануцца ля чоўнаў. Арагорн спадзяваўся знайсьці якую сьцяжыну, каб перанесьці па ёй чоўны й пакладу за быстракі парогаў.

– Чоўны эльфаў, можа, і не патонуць, – давёў ён, – але гэта ня значыць, што самі мы застанемся пасьля Сарн Гебіру жывымі. Ані ў кога яшчэ тое не атрымлівалася. I гондарскіх дарог тут няма, бо каралеўства ў найвялікшыя свае часы не сягала далей за Эмін Мюйл. Аднак недзе па заходнім беразе мае йсьці абводная сьцежка, бо яшчэ некалькі гадоў таму, пакуль не памножыліся мордарскія оркі, людзі сплаўляліся на лёгкіх чоўнах зь Дзіказем'я да Азгіліяту.

– Цягам майго жыцьця вельмі рэдка прыплывалі караблі з поўначы. А на ўсходнім беразе процьма оркаў, – зазначыў Барамір. – Калі рушыць па рацэ, небясьпекі будуць дадавацца з кожнаю вярстою, нават калі цяпер і адшукаецца сьцежка.

– Небясьпека чакае на кожнай паўднёвай дарозе, – адказаў Арагорн. – Чакайце нас дзень. Калі ня вернемся, ведайце, што нас напаткала ліха. Тады абірайце новага правадыра й рушце за ім, як здолееце.

Цяжка было на сэрцы ў Фрода, калі назіраў, як сыходзяць Арагорн зь Ляголасам – караскаюцца па стромым беразе дый зьнікаюць у тумане. Аднак баяўся марна, праз тры гадзіны, яшчэ да полудня, іхнія постаці вынырнулі з туману.

– Усё файна, – абвесьціў Арагорн, спусьціўшыся. – Наверсе ёсьць старая сьцяжына, яна выводзіць да прыпаромку, які ў прыдатным стане. Тут недалёка: парог пачынаецца за паўвярсты, а даўжынёю ён крыху болей за вярсту. За ім рака зноў плынее гладка, хоць і даволі хутка. Найцяжэй за ўсё будзе ўсьцягваць чоўны й пакладу да сьцяжыны – яна няблізка ад вады, болей за дзьве гоні, дый хаваецца пад стромай скальнаю сьцяною. Мы не знайшлі паўночны прыпаромак. Калі ён яшчэ існуе, мы мінулі яго той ноччу. Шукаць яго бессэнсоўна – толькі змарнуем сілы, грабучы супраць плыні, ды ня знойдзем яго ў тумане. Баюся, цягнуць чоўны на сьцежку давядзецца менавіта адсюль.

– Тое няпроста, нават калі б усе тут былі людзьмі, – вымавіў Барамір.

– Ну, колькі нас ёсьць, столькі ёсьць, – адказаў Арагорн. – Трэба спрабаваць.

– Аёй, паспрабуем, – буркнуў Гімлі. – Чалавечыя ногі спатыкнуцца ня раз, пакуль гном спакойна крочыць, ды з пакладаю зь дзьве ўласныя вагі, спадару Бараміру!

Насамрэч сталася цяжка, але ж урэшце адужалі. Пакладу павымалі з чоўнаў ды ўсьцягнулі на прыбярэжны адхон, паскладалі на роўнай пляцоўцы. Чоўны дасталі з вады й панесьлі ўгару. На шчасьце, яны апынуліся нашмат лягчэйшымі, чым падаваліся. Зь якога эльфскага дрэва вырабілі іх, нават Ляголас ня ведаў, але драўніна была трывалая й дзівосна лёгкая. Па роўнядзі нават Мэры зь Піпінам маглі б доўгі час несьці свой човен. Нягледзячы на тое, спатрэбілася моц двух чалавек, каб дацягнуць чоўны да сьцяжыны па стромым схіле з россыпам шэрых вапняковых валуноў, з мноствам правалінаў ды дзірак, прыхаваных травой і кустамі. I зарасьці калючак трапляліся, і стромыя лагчавіны, там і тут хлюпалі пад нагамі багнючыны, дзе зьбіралася вада, якая сачылася зьверху.

Арагорн з Барамірам перанесьлі чоўны адзін за адным, а астатнія падарожнікі, спатыкаючыся, цягнулі рэчы. Нарэшце ўсё парасклалі наверсе ўздоўж сьцежкі. Далей пайшло прасьцей, перашкаджаў хіба шыпшыньнік ды камяні, якія пазвальваліся зьверху й загрувасьцілі шлях. Туман вісеў хустай над пакрышанай скальнай сьцяною, а леваруч цалкам агарнуў раку. Чулі, як вада бурліць і цурчыць, пенячыся на вострых іклах ды стромых баках скалаў Сарн Гебіру, але ж анічога ня бачылі. Па сьцежцы прайшлі двойчы, пакуль перацягнулі ўсё да паўднёвага прыпаромку.

Там сьцяжына зноў выгінала да ракі, павольна спускалася да невялічкага заліву. Ён падаваўся выдзеўбаным у беразе – не рукамі, а ўзьвіранай, закружлянай вадою, якая, вырываючыся з парогу, білася аб нізкі, доўгі, пляскаты камень, што вытыркаўся непадалёк. За залівам шэрым адхонам уздымалася скала, далей дарогі не было.

Неўзабаве зьвечарэла, спускаліся змрачнаватыя, туманныя, хмарыстыя прыцемкі. Вандроўнікі сядзелі побач з ракою й слухалі перарывісты роў парогу, схаванага туманом. Надта стаміліся, адольвала дрымота, і душы іхнія, як і навакольле, агарнуў сумны змрок.

– Ну, дабраліся, тут і трэба заначаваць, – сказаў Барамір. – Нам усім патрэбны сон. Нават калі Арагорн хоча прайсьці Бра му Арганатаў уначы, мы надта стомленыя для таго – за выняткам хіба нашага нястомнага гнома.

Гімлі не адказаў, бо седзячы торкаў носам.

– Ну дык адпачнем, пакуль здольныя, – пагадзіўся Арагорн. – Заўтра зноў давядзецца рушыць удзень. Калі надвор'е не пераменіцца зьнянацку й не падмане нас, маем добры шанец прасьлізнуць неўпрыкмет для вачэй з усходняга берагу. Сёньня ж поначы маем трымаць варту: тры гадзіны сну, адна – пільнаваць.

Ноччу ня здарылася анічога горшага, чым кароткі дожджык за гадзіну да сьвітанку. Выправіліся зь сьвятлом. Туман танчэў. Трымаліся як мага бліжэй да заходняга берагу й бачылі, як няясныя абрысы невысокіх скалаў робяцца вышэйшымі й вышэйшымі, туманнымі сьценамі ад вады да нябёсаў. Калі раніца пасталела, хмары апусьціліся ніжэй і шчыльна задажджыла. Давялося нацягнуць на чоўны покрыва, каб не затапіла, ды ня грэбці болей. Анічога амаль не было відаць навокал праз шэрую завесу зьлівы.

Дажджыла нядоўга. Павольна нябёсы пасьвятлелі, і раптам хмарнае покрыва разадралася, і рэшткі яго вецер пагнаў на поўнач, уверх па рацэ. Зьніклі і туман, і смуга. Перад падарожнікамі легла рака, загнаная ў шырокую цясьніну паміж моцнымі каменнымі сьценамі, да якіх чапляліся там і сям на вузкіх паліцах ды вымойнах некалькі пакрыўленых дрэўцаў. Цясьніна паступова звужалася, плынь паскаралася. Цяпер засталося толькі плысьці наперад, што ні чакала б там, бо ані збочыць, ані спыніцца ўжо было немагчыма. Над галовамі сьвяціла бляклая сінеча нябёсаў, вакол неслася цьмяная, зацененая сьценамі рака, а наперадзе ўзвышаліся чорнымі гмахамі, захіляючы сонца, горы Эмін Мюйлу, і ані прасьвету не было ў іх.

Фрода заўважыў наперадзе дзьве вялізарныя скалы, якія выглядалі, нібы помнікі ці неабсяжныя калёны. Высачэзныя, пагрозьлівыя, злавесныя стаялі яна паабапал ракі. Толькі вузкі праход заставаўся між імі, і рака неадольна мчала чоўны да яго.

– Пабачце ж Арганатаў, Абеліскі Каралёў! – гучна абвесьціў Арагорн. – Неўзабаве мы пройдзем паміж імі. Трымайце чоўны цугам і так далёка адзін ад другога, як толькі здолееце! Пільнуйцеся сярэдзіны струменю!

Фрода глядзеў на велетаўскія калёны, і яны ўздымаліся перад ім, быццам замкавыя муры. Магутамі падаваліся яны, неабсяжныя шэрыя постаці, маўклівыя, але пагрозьлівыя. I тады заўважыў: яны не бясформавыя, наадварот, вычасаныя й апрацаваныя. Майстэрства й моц мінуўшчыны апрацавалі іх, і яшчэ захавалі яны праз сонца й залевы прамінулых гадоў падабенства вялікіх уладароў, чый гонар ушанавалі нашчадкі. На моцных п'едэсталах, усталяваных глыбока ў вадзе, стаялі два каменныя каралі й выветранымі вачыма з-пад парэпаных броваў сувора пазіралі на поўнач. Левая рука кожнага ўзьнялася з адкрытай наперад даланёю на знак папярэджаньня, у правай руцэ кожны трымаў сякеру, галовы былі ўвянчаныя раскрышанымі шаломамі зь вянцамі. Непамернай моцай ды веліччу яшчэ патыхала ад іх, маўклівых ахоўнікаў даўно згінулага каралеўства. Фрода затрапятаў, пераляканы, і скурчыўся, заплюшчыў вочы, не адважваючыся зірнуць на волатаў зблізку. Нават Барамір нахіліў галаву, калі чоўны праносіліся міма, маленькія, дрыготкія, нібы лісты ў віры, пад пракавечным ценем вартавых Нумэнору. Гэтак сягнулі вандроўнікі цёмнага правалу Брамы.

Строма ўздымаліся пааберуч жудасныя скалы, і вяршыні іхнія губляліся ў хмарах. Далёка-далёка над імі віселі засмужаныя нябёсы. Чорная вада раўла, і рэха люстравалася ад скалаў, і вецер апантана выў над хвалямі. Утыкнуўшы галаву ў калені, Фрода чуў, як стогне й мармыча Сэм:

– Што за месьцейка! Бацюхны! Жуда! Выпусьціце мяне толькі жыўцом з гэнага чоўна, я болей і пяткі ў лужыне не абмачу, ня тое што ў рацэ!

– Не палохайцеся! – пачуўся з-за сьпіны дзіўны голас.

Фрода азірнуўся – і ўбачыў Швэндала. Не, ня Швэндала, бо перад ім быў ужо не пабіты нягодамі бадзяньняў сьледапыт. Перад ім сядзеў Арагорн, сын Араторна, ганарлівы й бясстрашны, і кіраваў чоўнам майстэрскімі грабкамі. Каптур ягоны быў адкінуты, цёмныя валасы струменілі па ветры, сьвятло зьзяла ў вачох. Ён быў кароль, які вяртаецца з выгнаньня ў свой край.

– Не палохайцеся! – паўтарыў ён. – Колькі ж я марыў угледзець абрысы Ісільдара й Анарыёна, маіх старажытных продкаў! Пад іх ценем Элесару, Эльфскаму Смарагду, сыну Араторна з роду Валандыля, сына Ісільдара, нашчадка Элендыля, няма чаго баяцца!

Тады сьвятло ягоных вачэй згасла й ён прамовіў сам да сябе:

– Калі б толькі Гэндальф быў разам з намі! Маё сэрца кліча ў Мінас Анор, да сьценаў майго гораду! Але куды ж кіравацца мне цяпер?

Праход між магутамі быў даўжэзны й цьмяны, запоўнены гулам ветру, і ровам вады, і бясконцым рэхам. Ён загінаўся на захад, таму спачатку была толькі цемра, але неўзабаве Фрода ўбачыў наперадзе высокі праём, азораны сьвятлом, і гэты праход пашыраўся. Хутка наблізіўся, і зьнянацку чоўны вылецелі вонкі ў шырокае, яснае сьвятло.

Сонца, што хілілася на захад, ясна зьзяла ў прадзьмутых вятрамі нябёсах. Замкнёная брамаю рака, вырваўшыся на прастору, разьлілася доўгім авальным возерам, блядным Нэн Хіфаэл, агароджаным стромымі шэрымі пагоркамі, схілы якіх зарасьлі дрэвамі, а голыя вяршыні халодна блішчэлі пад сонечнымі прамянямі. Ля дальняга паўднёвага краю возера ўздымаліся шэрагам тры высокія гары. Сярэдняя крыху выдавалася наперад, выспаю падзяляючы раку надвая. Зь ветрам данесьліся далёкія, але гучныя роў ды грукат, нібы недзе далёка грымела навальніца.

– Зірніце на Тол Брандыр! – абвесьціў Арагорн, паказваючы на гару пасярэдзіне. – Леваруч стаіць Аман Лэ, гара Слыху, а праваруч – Аман Эн, гара Зроку. У дні вялікіх каралёў на іх вяршынях былі назіральныя вежы й там трымалі варту. I я чуў, што аніводны чалавек альбо зьвер аніколі ня крочылі на бераг Тол Брандыру. Яшчэ да цемры мы сягнем вартавых гораў. Я чую, як кліча мяне спрадвечны сьпеў Рэрасу.

Вандроўнікі крыху адпачылі, дазволіўшы плыні несьці іх пасярэдзіне возера, паелі, а тады зноў узяліся за вёслы й засьпяшаліся. Заходнія берагі ўжо агарнуў цень сутоньня, і сонца зачырванела. Там і тут у нябёсах запальваліся першыя зоры. Тры гары ўзвышаліся наперадзе – чорныя абрысы ў змроку. Рэрас аглушальна роў. Начная цемра ўжо легла на возера, калі падарожнікі нарэшце дабраліся да ўзножжа гары.

Сканчаўся дзясяты дзень вандроўкі па рацэ. Глухаманьне ляжала за сьпінамі. Цяпер рушыць наперад было нельга не абраўшы кірунку. На захад або на ўсход? Падарожжа сягнула апошняй сваёй ступені.


10. Парушэньне Зьвязу


Арагорн павёў чоўны па правым ручве ракі. Там уздоўж заходняга берагу, зацененага Тол Брандырам, ля ўзножжаў Аман Эн цягнуўся зялёны луг. За ім павольна ўздымаліся схілы, парослыя дрэвамі, дрэвы абрамлялі й выгнуты дугою азёрны бераг. Крынічка з вуркатаньнем зьбягала па схіле й саскоквала ў траву.

– Тут і адпачнем сёньня, – вырашыў Арагорн. – Гэта луг Парт Гален. Файнае месца ў летнія часы даўніны. Спадзяюся, ліха яшчэ не дабралася сюды.

Выцягнулі чоўны на зялёны бераг і побач зь імі заначавалі. Выставілі вартавога, аднак ніякай прыкметы ворагаў за ноч ня ўгледзелі. Калі Глыкс па-ранейшаму сачыў за імі, то бязгучна й нябачна. Аднак пасярод ночы Арагорна агарнуў непакой: ён круціўся й раз-пораз прачынаўся. Задоўга да раніцы ўзьняўся ды крочыў да Фрода, які толькі прыняў варту.

– Чаму ня сьпіцца? – спытаў Фрода. – Не твая ж чарга вартаваць.

– Ня ведаю. Нейкая пагроза ўвайшла ў мой сон, нейкі злавесны цень. Ці ня выцягнуў бы ты свой корд?

– Нашто? Ці ж ворагі побач?

– Ну, зірнем, што пакажа Джала.

Тады Фрода дастаў эльфскі клінок з похваў. I пабачыў у страху й адчаі, што краі ляза слаба пабліскваюць.

– Оркі! – выдыхнуў ён. – Няблізка, але ж і ня надта далёка.

– Таго я й баяўся. Аднак, магчыма, яны не на нашым беразе. Сьвеціцца слаба. Можа, паказвае на якіх варожых выведнікаў, што шнараць па схілах Аман Лэ. Я ніколі раней ня чуў пра оркаў на ўзгорках Аман Эн. Праўда, хто ведае, што можа здарыцца нашай ліхой часінай, калі Мінас Тырыт болей не трымае шлях па Андуйне. Раніцою давядзецца пасьцерагчыся.

Дзень прыйшоў як агонь і дым. Нізка на ўсходзе чорнымі палосамі паўсталі аблокі, быццам дым ад вялікага пажарышча. Узыходнае сонца высьветліла іх зьнізу каламутнай чырваньню, але неўзабаве выкараскалася з-за іх у чыстыя нябёсы. Вяршыня Тол Брандыру зазьзяла золатам. Фрода зірнуў на ўсход на гэтую высокую выспу. Бакі яе строма ўздымаліся з хуткай вады. Высока над каменнымі сьценамі берагоў да схілаў чапляліся дрэвы, і вяршыня аднаго кранала карані другога, а над апошнімі зноў уздымаўся шэры мур недаступных скалаў, каранаваны высачэзным каменным сьпічаком. Мноства птушак кружляла вакол яго, але аніякіх іншых істотаў не было відаць.

Калі падсілкаваліся, Арагорн прамовіў да ўсіх:

– Нарэшце надышоў дзень выбару, які мы гэтак доўга адкладалі. Што цяпер адбудзецца зь Зьвязам Пярсьцёнка, з усімі намі, што столькі часу падарожнічалі разам? Ці павернем мы на захад з Барамірам да войнаў Гондару, ці накіруемся на ўсход, да жаху й ценю, ці парушым нашае сяброўства ды разыдземся, як пажадаецца кожнаму? Да якога рашэньня мы ні прыйшлі б, прыняць яго трэба хутка. Вы ведаеце, што ворагі на ўсходнім беразе. А я баюся, што оркі маглі перабрацца й на заходні.

Павісла доўгая цішыня. Аніхто не варушыўся, не падаваў голасу.

– Ну, Фрода, – азваўся Арагорн нарэшце. – Баюся, цяжар вырашэньня ляжыць на табе. Ты – Ахоўнік, прызначаны Сьветлай Радай. Твой уласны шлях здольны вызначыць толькі ты. Больш я не магу табе параіць. Я – ня Гэндальф, хоць і намагаўся несьці ягоны цяжар падчас падарожжа. Я ня ведаю, што ён плянаваў для гэтага моманту, калі плянаваў увогуле. Верагодней за ўсё, калі б мы сягнулі гэтага месца разам, выбар усё адно застаўся б за табою. Бо такі твой лёс.

Фрода адразу не адказаў.

– Я ведаю, што трэба сьпяшацца, – вымавіў тады павольна, – але пакуль ня здольны выбраць. Бо мая ноша сапраўды цяжкая. Падаруйце мне шчэ гадзіну, і я абвяшчу маё вырашэньне. Дазвольце мне падумаць на самоце!

– Добра, Фрода, сын Дрога, – спачувальна зірнуў Арагорн, – у цябе ёсьць гадзіна самоты. Мы пачакаем тут. Але ж не адыходзь далёка, па-за погук.

Фрода сядзеў пэўны час, нахіліўшы галаву. Надта занепакоены Сэм назіраў за гаспадаром, хітаў галавою й мармытаў:

– Ну, тут усё прамей за жэрдку, але ж ня Сэму Гэйхаду свой грош цяпер устаўляць.

Фрода ўстаў і пайшоў прэч, і Сэм пабачыў, што хоць астатнія стрымалі сябе й не праводзілі яго позіркамі, Бараміравы вочы ўпіліся ў Фродаву сьпіну й не адпускалі, пакуль той ня зьнік за дрэвамі ля ўзножжа Аман Эн.

Паблукаўшы бязмэтава па лесе, Фрода вынайшаў, што ногі самі вядуць яго ўгару. Неўзабаве выбраўся на сьцежку – амаль зьніклую, рэшту старажытнай дарогі. На стромых пад'ёмах у камені былі вычасаныя прыступкі, цяпер парэпаныя й шчарбатыя ды расколатыя каранямі дрэваў. Пэўны час караскаўся, ня ведаючы куды, пакуль ня выбраўся на роўную ўтравелую паляну. На ёй расьлі рабіны, а пасярэдзіне ляжаў шырокі пляскаты белы камень. Гэты маленькі лужок быў адкрыты на ўсход і заліты ранішнім сьвятлом. Фрода прыпыніўся зірнуць на раку далёка ўнізе, на Тол Брандыр і птушак, што кружлялі ў вялікім правале паміж ім і выспай, на якую ня крочыла чалавечая нага. Магутна роў Рэрас, з ровам мяшаліся накаты цяжкіх грымотаў.

Фрода прысеў на камень, абаперся падбародзьдзем аб руку, пазіраючы на ўсход, але бачыў няшмат. Бо цяпер усё, што здарылася з таго часу, як Більба пакінуў Шыр, праходзіла перад Фродавымі вачыма, і ён намагаўся згадаць на ўсё, што толькі казаў Гэндальф, дый абмеркаваць зноў. Час мінаў, а да вырашэньня Фрода так і не наблізіўся.

Зьнянацку абудзіўся ад задуменнасьці. Дзівоснае пачуцьцё агарнула яго – нібы нехта крадзецца ззаду ды нядобра глядзіць на яго. Хобіт ускочыў, павярнуўся – і ў подзіве пабачыў Бараміра, які добра й ветла ўсьміхаўся.

– Я баяўся за цябе, – сказаў Барамір. – Калі Арагорн мае рацыю й оркі побач, нікому ня варта бадзяцца на самоце, а табе меней за ўсіх, столькі ж залежыць ад цябе! Бо ў мяне на сэрцы неспакойна. Магу я пабыць побач з табою ды пагутарыць, калі ўжо я напаткаў цябе? Мне было б спакайней. Калі спрачаецца натоўп, спрэчка робіцца бясконцай. А ў гамонцы двух мудрасьць, мажліва, адкрые сябе хутчэй.

– Дзякуй за шчырасьць і спагаду, – прамовіў Фрода. – Наўрад ці якая гамонка дапаможа мне цяпер. Бо я ведаю, што мушу рабіць, але проста баюся. Баюся зрабіць гэта, Барамір.

Барамір стаяў маўкліва. Несупынна роў Рэрас. У галінах дрэваў шапацеў вецер. Фрода ўздрыгнуў.

Барамір падышоў ды сеў побач.

– Ці ты ўпэўнены, што не пакутуеш дарма? – спытаў ён. – Я хачу дапамагчы табе. Табе ж патрэбная парада, каб зрабіць цяжкі выбар. Чаму не прыслухацца да маёй?

– Мне падаецца, я ведаю, што ты хочаш мне параіць, Барамір. I гэта мудра, аднак маё сэрца пярэчыць.

– Сэрца? Пярэчыць? Пярэчыць чаму? – рэзка спытаў Барамір.

– Пярэчыць затрымцы. Шляхам, якія падаюцца лягчэйшымі. Таму, каб адмовіцца ад цяжару, даверанага мне. Пярэчыць – ну, калі ўжо давялося тое выказаць, – пярэчыць даверу да моцы й вернасьці людзей.

– Але ж тая моц здаўна абараняла цябе ў тваёй маленькай краіне, хоць ты й ня ведаў таго.

– Я не сумняюся ў мужнасьці твайго народу. Але ж сусьвет зьмяняецца. Муры Мінас Тырыту, напэўна, моцныя, але ж вораг можа прарвацца й за іх. I што тады?

– Тады мы адважна загінем у бітве. Аднак яшчэ ёсьць надзея, што вораг за іх не прарвецца.

– Няма надзеі, пакуль існуе пярсьцёнак.

– А, пярсьцёнак, – вымавіў Барамір, і вочы ягоныя бліснулі, – пярсьцёнак! Ці ж не дзівосна, што нам даводзіцца трываць столькі страхаў, пакутаваць ад сумневаў з-за гэткай маленечкай драбязкі. Маленечкай драбязкі! Я й бачыў яго ўсяго імгненьне на Эльрандавай Радзе. Ці можна мне яшчэ раз зірнуць на яго?

Фрода глянуў Бараміру ў твар, і сэрца ягонае заныла ад дрэннага прадчуваньня. Бараміравы вочы зьзялі прагай, хоць твар ягоны заставаўся добрым і сяброўскім.

– Лепей яму застацца прыхаваным, – адмовіў Фрода.

– Ну, як пажадаеш, справа твая, – пагадзіўся Барамір. – А чаму мне хоць бы не паразважаць пра яго? Вы чамусьці бачыце толькі ягоную моц у варожых руках. Бачыце толькі шкоду ад яго, а не карысьць. Сусьвет зьмяняецца, ты сам казаў. Мінас Тырыт загіне, калі пярсьцёнак замарудзіць у сусьвеце. Але чаму? Напэўна, гэта бясспрэчна, калі пярсьцёнак патрапіць да Ворага. А калі патрапіць да нас?

– Ці ж ты ня быў на Радзе? – спытаў Фрода. – Мы ня можам карыстацца ім. Усё, здабытае ім, абернецца ліхам.

Барамір узьняўся й нецярпліва захадзіў туды й сюды.

– I ты гэтаксама, – выгукнуў ён. – Гэндальф, Эльранд – усе гэтыя вялікія асобы навучылі цябе так казаць. Можа, самі па сабе яны й маюць рацыю. Гэтыя эльфы з паўэльфамі дый чараўнікі – можа, ім і сапраўды ад пярсьцёнка толькі шкода. Аднак я часьцяком ня мог уцяміць: мудрыя яны ці наўпрост палахлівыя. Людзі верныя й добрыя – не палахліўцы. Мы, людзі Мінас Тырыту, выстаялі доўгімі гадамі цяжкіх выпрабаваньняў. Нам непатрэбная моц уладарных чарадзеяў – толькі сіла, каб абараніць сябе, сіла для праўды. I вось! У адчайную гадзіну лёс адкрывае нам Пярсьцёнак Улады. Я сказаў бы: гэта падарунак, падарунак ворагам Мордару. Вар'яцтва – ня выкарыстаць яго, не абярнуць варожую моц супраць ягонай жа. Бясстрашныя, бязьлітасныя – толькі яны сягнуць перамогі. I што ж ваяр, вялікі правадыр, зробіць у гэткую гадзіну? Што зробіць Арагорн? Ці, калі ён адмовіцца, чаму не Барамір? Пярсьцёнак дасьць мне моц загаду й закліку. Як жа я паганю орды Мордару! Усе людзі сыдуцца пад мае сьцягі!

Барамір крочыў туды й назад, прамаўляючы ўсё гучней. Ён ледзь згадваў на Фрода, трызьнячы мурамі й зброяй, рушэньнямі людзей, плянамі вялікіх зьвязаў і рашучых перамог, і ўжо скінуў Мордар, і зрабіўся магутным каралём, міласэрным і мудрым. Раптоўна спыніўся, дый махнуў рукою.

– I яны кажуць выкінуць яго прэч! – выгукнуў ён. – Я не кажу: зьнішчыць! Гэта мо й было б файна, калі б існавала разумная верагоднасьць зрабіць тое! Дык не! Адзіны плян, які прапанавалі нам: каб паўросьлік усьляпую лез у Мордар, даўшы Ворагу ўсе мажлівасьці найхутчэй вярнуць сабе пярсьцёнак!Глупства!

– Цяпер ты бачыш, мой сябра? – ён зьнянацку зноў павярнуўся да Фрода. – Ты казаў, што баісься. Калі так, больш мужныя табе выбачаць. А вераемна, насамрэч пратэстуе твой розум, а ня сэрца?

– Не, менавіта сэрца, – адказаў Фрода. – Я проста баюся. Аднак я рады тваім словам. Цяпер у мяне куды меней сумневаў.

– Ты пойдзеш у Мінас Тырыт? – ускрычаў Барамір, і твар ягоны засьвяціўся надзеяй.

– Не, ты ня так мяне зразумеў.

– Але ж ты хоць бы пагасьцюеш у нас колькі? Горад мой непадалёк адсюль, да Мордару адтуль не нашмат далей. Мы доўга бадзяліся па глухаманьні. Табе ж патрэбныя сьвежыя зьвесткі пра Ворага, калі ты рушыш у ягоную краіну. Пойдзем з мною, Фрода. Табе неабходна адпачыць перад такою вандроўкаю.

Ён па-сяброўску паклаў руку на Фродава плячо, але Фрода адчуў, як дрыжыць яна ад стрыманага ўзбуджэньня. Хобіт адсунуўся прэч, трывожна паглядаючы на дужага чалавека, удвая вышэйшага за яго й нашмат мацнейшага.

– Чаму гэтак не па-сяброўску? – спытаў Барамір. – Я сапраўдны ваяр, ня злодзей, ня здрайца. Мне патрэбны твой пярсьцёнак, ты ж ведаеш, але я абяцаю табе: я вярну яго! Чаму табе хоць бы не дазволіць мне выпрабаваць мой плян? Пазыч мне пярсьцёнак!

– Не, не! – загаласіў Фрода. – Рада даверыла мне несьці яго!

– Тады з-за нашага ўласнага глупства Вораг пераможа нас! Як жа тое злуе мяне! Дурань! Уцяты дурань! Хочаш бегчы ўсьляпую насустрач сьмерці й загубіць нас усіх! Калі якія сьмяротныя й маюць права на пярсьцёнак, дык тое людзі Нумэнору, не паўросьлікі! Калі б не шчасьлівы выпадак, дык ён дастаўся б не табе! Ён мог бы дастацца мне! Ён мусіў дастацца мне! Аддай яго мне!

Фрода не адказаў, але адсунуўся прэч, так што вялікі пляскаты камень адгарадзіў яго ад Бараміра.

– Ну чаго ж ты, сябрук? – спытаў Барамір цішэй і ласкавей. – Чаму не пазбавіцца ад яго? Ты можаш потым абвінаваціць мяне, калі пажадаеш. Ты можаш сказаць, што я нашмат мацнейшы за цябе й забраў пярсьцёнак сілаю. Бо я нашмат мацнейшы за цябе, паўросьлік! – пракрычэў ён, раптам пераскочыў камень і кінуўся на Фрода. Цяпер ягоны прыгожы й добры твар жудасна зьмяніўся й вочы палалі шаленствам.

Фрода адскочыў убок і зноў забег за камень. Заставалася толькі адно: дрыжучы, выцягнуў пярсьцёнак за ланцуг і хутка насунуў на палец – якраз калі Барамір кінуўся на яго зноў. Чалавек вохнуў, замершы на момант у зьдзіўленьні, а тады забегаў шалёна, разгублена мацаючы навокал, шукаючы сярод камянёў і дрэваў.

– Нікчэмны шалбер! – выкрыкнуў Барамір. – Я яшчэ дабяруся да цябе! Цяпер я разумею, чаго ты хочаш! Ты хочаш аднесьці пярсьцёнак Саўрону, прадаць нас усіх! Ты толькі моманту чакаў, каб уцячы! Ды праваліцеся вы, паўросьлікі, у цемру! Сьмяротны праклён на вас усіх!

Зачапіўшыся нагою за камень, бразнуўся долу й застаўся ляжаць ніцма, нерухомы, нібы зрынуты ўласным праклёнам. А тады заплакаў. Устаў, сьцёр рукою з твару сьлёзы. Дый выгукнуў:

– Што ж я нарабіў? Фрода, Фрода! Вярніся! Вар'яцтва апантала мяне, але яно прайшло! Вярніся!

Адказу ён не пачуў. Фрода нават ня чуў апошняга выгуку. Ён адбег далёка, адчайна скочучы па сьцежцы ўгару, да вяршыні. Жах і туга авалодалі ім, і перад вачыма стаяў вар'яцкі, шалёны твар Бараміра, полымя ягоных вачэй.

Неўзабаве выбраўся на вяршыню Аман Эн дый прыпыніўся, хапаючы ротам паветра. Нібы праз туман бачыў шырокую пляскатую пляцоўку, забрукаваную тоўстымі камянямі й абкружаную шчарбатым мурам, усярэдзіне на чатырох магутных калёнах узвышалася назіральная вежа. Хобіт падняўся па доўгай лесьвіцы дый пасеў у старажытную каменную фатэлю, адчуваючы сябе згубленым дзіцем, якое забралася на сталец горных каралёў.

Спачатку амаль нічога ня ўгледзеў. Быццам плыў у сусьвеце, запоўненым туманом, дзе існавалі толькі цені, – то ж бо пярсьцёнак быў на ягоным пальцы. Там і тут туман ірваўся, і разьвіналіся далягляды – маленькія, ясныя да дробязяў кавалкі сусьвету, нібы пабудаваныя на ўласным стале, і адначасова далёкія. I аніякіх гукаў, толькі карцінкі. Сусьвет нібыта скурчыўся, ссох – і змоўк. Фрода сядзеў на стальцы Зроку, на Аман Эн, гары Зроку людзей Нумэнору. На ўсход перад хобітам разаслаліся незамапаваныя землі, безыменныя роўнядзі, няходжаныя лясы. Зірнуў на поўнач – і Вялікая рака стужкаю легла перад ім, і Туманныя горы паўсталі маленькімі й вострымі, бы паламаныя зубы. Зірнуў на захад – і пабачыў неабсяжныя пашы Рохану, і Ортанк, вежу Ізенградку, бы чорны сьпічак. Зірнуў на поўдзень – і пад самымі ягонымі нагамі Вялікая рака хваляю абрынулася ўніз, па вадаспадзе Рэрасу ў глыбокую, запоўненую пенай пашчу, над якой зіхацела вясёлка. I пабачыў Этыр Андуйн, прасторную дэльту Вялікай ракі, дзе мірыяды марскіх птушак луналі белымі пылінкамі пад сонцам, а пад імі беглі бясконцыя шыхты хваляў зялёна-срэбнага мора.

Але ж паўсюль, куды ні сягаў позірк, прыкмячаў адзнакі вайны. Туманныя горы кішэлі, бы мурашнік, оркі вылазілі з тысячаў дзірак. Пад галінамі Ліхалесься на сьмерць біліся зь ліхімі пачварамі эльфы й людзі. Зямля Беарнінгаў палала. Хмара вісела над Морыяй, і дым падымаўся ад межаў Лорыйну.

Вершнікі скакалі па роўнядзях Рохану, зь Ізенградку выбягалі зграі ваўкоў. З заваняў Хараду выходзілі на вайну караблі. З усходу няспынным струменем рушылі людзі: мечнікі, дзідары, лучнікі на конях, калясьніцы правадыроў ды гружаныя вазы. Уся моц Чорнага Ўладара мкнула да вайны. Тады хобіт, павярнуўшыся зноў на поўдзень, пабачыў Мінас Тырыт. Далёкім ён падаваўся й прыгожым: беласьценны, шматвежавы, ганарлівы й сьветлы на каменным п'едэстале. Бастыёны блішчэлі стальлю, і на вежах трапятала мноства сьцягоў і харугваў. Надзея ўскалыхнулася ў Фродавым сэрцы. Аднак насупраць Мінас Тырыту ўзвышалася яшчэ адна цьвярдыня, больш моцная й велічная. Туды, на ўсход, мімаволі вабіла хобіцкі погляд. Прайшоў над руінамі Азгіліяту, за ашчэраную браму Мінас Моргулу, праз прывідныя горы, над Гаргаратам, далінаю жаху ў краіне Мордар. Цемра ляжала там пад сонцам. Полымя прабівалася праз дым – палала гара Выраку, вывяргаючы смурод. I, нарэшце, хобітаў позірк пацягнуўся да сьценаў, чорных, невымернай моцы й вышыні, да жалезнай гары, сталёвых брамаў, адамантавых вежаў – да Барад-дуру, крэпасьці Саўрона. I ўся надзея пакінула Фрода.

Раптам ён адчуў чужы позірк – нястомны позірк вока, якое ня спала аніколі. Уладар Цёмнай вежы адчуў хобіта й сабраў усю прагную, лютую волю. Хобіт адчуў яе – нібы пальцы мацаюць паветра, адшукваючы яго. Яны намацаюць абавязкова, яшчэ крыху – і крануць, і вызнаюць, дзе ён. Ужо сягнулі Аман Лэ. Сьлізнулі па Тол Брандыры. Фрода кінуўся на падлогу, скурчыўся, закрыў галаву шэрым каптуром.

Пачуў свой голас:

– Аніколі! Аніколі не аддам яго табе! – а мо тое было: – Калі аддам яго табе? Калі?

I тады, выбліскам з другога боку, ад іншай моцы, успыхнула ў ягоным розуме інакшая думка:

– Здымі ж яго! Здымі! Дурань, здымі яго!!! Зараз жа здымі пярсьцёнак!

Дзьве сілы змагаліся ў ім. На момант, нібы падвешаны паміж іхнімі канчарамі ў імгненнай раўнавазе, ён курчыўся, пакутуючы. I зьнянацку ачомаўся, зноў зразумеўшы, што менавіта ён, а ня Вока, а ня Голас вольны абіраць, што рабіць далей. I ў апошні момант абраў, сарваўшы пярсьцёнак з пальца. I зразумеў, што стаіць на каленях перад каменным стальцом. Чорны цень, нібы рука прайшоў над ім. Так і не натрапіўшы на Аман Эн, памацаў на захадзе дый зьнік. I нябёсы зноў сталіся чыстымі й блакітнымі, і птушкі сьпявалі з кожнага дрэва.

Фрода ўзьняўся на ногі. Вялікая стома наваліла на яго, але цяпер ягоная воля памацнела й на сэрцы палягчэла.

– А цяпер я зраблю тое, што мушу, – сказаў сам сабе ўголас. – Вось што бясспрэчна: пярсьцёнкава ліха ўжо дабралася да нас, да самай ягонай аховы, і трэба несьці пярсьцёнак прэч, пакуль ён не нарабіў большай шкоды. Некаторым я ўжо не магу давяраць, а тых, каму магу, я не вазьму з сабою, бо яны надта дарагія для мяне. Швэндала таксама не, бо ягонае сэрца мкне да Мінас Тырыту й там ён насамрэч спатрэбіцца цяпер, калі Барамір паддаўся ліху. Я пайду адзін. I зараз жа.

Хутка спусьціўся па сьцежцы да паляны, дзе яго напаткаў Барамір. Там прыпыніўся, прыслухоўваючыся. Падалося: з прыбярэжнага ўзьлеску чуваць заклікі й выгукі.

– Яны шукаюць мяне, – сказаў сам сабе. – Цікава, колькі ж мяне не было? Некалькі гадзінаў, напэўна. А што ж рабіць? – прамармытаў нерашуча. – Трэба йсьці зараз жа альбо ніколі. Зноў гэткага шанцу ў мяне ня будзе. Як жа гідка пакідаць іх вось так, без разьвітаньня й тлумачэньняў. Не, яны зразумеюць. Абавязкова. Сэм зразумее. Анічога ж іншага не застаецца, праўда?

Павольна выцягнуў пярсьцёнак і насунуў яго зноў. Зьнікшы зь сьмяротных вачэй, спусьціўся па схіле, цішэй за шапаток ветру ў лісьці.


Астатнія доўга чакалі ля рачнога берагу. Колькі часу маўчалі, неспакойна хадзілі туды-сюды. Тады паселі кружком дый загаманілі. Спрабавалі весьці гаворку пра доўгі шлях і шматлікія прыгоды, распытвалі Арагорна пра каралеўства Гондар і ягоную старажытную гісторыю, пра рэшткі вялікіх збудаваньняў, якія захаваліся ў дзівосным навакольлі, памежжы Эмін Мюйлу: пра каменных каралёў і троны на Лэ і Эн, пра вялізную лесьвіцу ля вадаспадаў Рэрасу. Але заўжды думкі іхнія вярталіся да Фрода й пярсьцёнка. Які шлях абярэ Фрода? Чаму ён ня можа вырашыць?

– Ён ня ведае, які кірунак больш небясьпечны й адчайны, – казаў Арагорн. – І мае рацыю, бо цяпер, пасьля таго, як нас высачыў Глыкс, падарожжа наша болей, пэўна, не таямніца для ворага. Так, зараз рушыць на ўсход яшчэ безнадзейней. А Мінас Тырыт далёка ад полымя, якое зьнішчыць Фродаву ношу. Мы здольныя заставацца колькі часу там і мужна змагацца, але й уладар Дэнэтар з усім сваім войскам ня зробіць таго, што не пад сілу Эльранду: захаваць пярсьцёнак у таямніцы й адбіць Ворага, калі той зьявіцца па яго. Што абраў бы кожны з нас на Фродавым месцы? Я ня ведаю. Цяпер нам насамрэч не стае Гэндальфа!

– Жорсткая нашая страта, – вымавіў Ляголас, – але ж мы мусім цяпер вырашаць безь ягонай парады. Чаму ж мы ня здольныя вырашыць, чым дапамагчы Фрода? Давайце паклічам яго дый прагаласуем! Я – за Мінас Тырыт.

– Я таксама, – згадзіўся Гімлі. – Нас, вядома, паслалі, каб дапамагчы Ахоўніку падчас вандроўкі. Мы мусім ісьці, пакуль жадаем ісьці, аніводны з нас ня кляўся й не атрымліваў загаду рушыць да гары Выраку. Цяжка мне было разьвітвацца з Латлорыйнам. Аднак я ўсё ж прыйшоў сюды й скажу так. Зараз, калі надышоў час апошняга вырашэньня, для мяне цалкам ясна: Фрода я пакінуць не магу. Таму я абяру Мінас Тырыт, толькі калі ён абярэ яго. А калі не абярэ, усё адно пайду зь ім.

– I я пайду зь ім, – азваўся Ляголас. – Несправядліва цяпер пакідаць яго.

– Так, пакінуць яго зараз нам усім – сапраўды здрада, – сказаў Арагорн. – Аднак калі ён рушыць на ўсход, няма неабходнасьці ўсім ісьці разам зь ім. I рацыі таксама. Бо авантура гэтая адчайная – у роўнай ступені й для аднаго, і для двох ці васьмярых. Калі вы дазволілі б мне абіраць, я абраў бы трох у спадарожнікі Фрода: Сэма, які не стрывае разьвітаньня з Фрода, Гімлі й сябе. Барамір вернецца ва ўласны горад, дзе чакаюць ягоны бацька й ягоны народ, і зь ім рушаць астатнія ці, сама менш, Мэрыядок зь Піпінам, калі ўжо Ляголас не захоча пакідаць нас.

– Так ня пойдзе! – выклікнуў Мэры. – Мы ня можам пакінуць Фрода! Мы зь Піпінам заўсёды зьбіраліся йсьці разам зь ім, куды ён ні крочыў бы, і ад свайго намеру не адступіліся. Раней мы не разумелі, што гэта насамрэч азначае. Здаля, у Шыры ці Долым Яры, усё падавалася іншым. Гэта ж шалёнае вар'яцтва – дазволіць Фрода рушыць у Мордар. Чаму мы ня спынім яго?

– Мы мусім спыніць яго! – згадзіўся Піпін. – Таму ён і турбуецца, я ўпэўнены. Ведае, што мы ня згодзімся адпусьціць яго на ўсход. I ён ня хоча нікога браць з сабою, небарака. Вы толькі ўявіце: ён рушыць у Мордар адзін! – Піпін уздрыгнуў. – Дарагі наш неразумны хлопча, ведаў бы ён, што прасіць анікога ня трэба. Ведаў бы, што калі мы яго й не пераканаем, дык усё адно пойдзем разам зь ім.

– Прабачце, спадарства, – умяшаўся тут Сэм. – Падаецца, вы зусім не разумееце майго гаспадара. Ды няма ў яго аніякіх сумневаў, які шлях абраць! Вядома, не! Якая карысьць яму зь Мінас Тырыту? Менавіта яму, вядома, вашаць хай ужо прабачыць мне, Бараміру, – дадаў Сэм ды азірнуўся.

Тады й убачылі, што Барамір, які спачатку моўчкі сядзеў непадалёк, некуды зьнік.

– І куды ж ён падзеўся, га? – выгукнуў Сэм. – Я вам скажу: нейкі ён дзівакаваты апошнім часам. Ну, вядома, тое ўжо не ягоная справа. Ён дахаты вяртаецца, як і заўжды казаў, і вінаваціць яго няма чаго. А спадар Фрода ведае дакладна, што мусіць адшукаць гэну Пашчу Лёсу, калі здолее. Але папросту баіцца, і ўсё. Калі справа дайшла да апошняй рысы, ён і турбуецца з-за свайго страху, вось у чым рэч. Вядома, ён ужо пабачыў троху падчас вандроўкі, дзе ракі зімуюць, як гаворыцца, дый мы ўсе таксама, бо іначай ён кінуў бы пярсьцёнак у раку дый зрабіў бы ногі. А цяпер ён папросту ня можа вырашыцца на першы крок. Не, не клапоціцца пра нас, не сумняецца наконт таго, пойдзем мы зь ім ці не. Ведае, што мы пойдзем. I тое таксама яго турбуе. Калі ўжо ён сябе ў кулак зацісьне ды рушыць, ён адзін рушыць, на самоце. Вось, згадайце мае словы! Вох, клопату будзе, калі ён вернецца! Бо ён жа сьцісьне сябе ў кулак, каб ён Торбінс ня быў, калі ня так.

– Ты прамаўляеш мудрэй за нас усіх, – згадзіўся Арагорн. – І што ж нам рабіць, калі твая рацыя?

– Спыніць яго трэба! Не дазволіць ісьці! – выгукнуў Піпін.

– Але як? – спытаў Арагорн. – Ён – Ахоўнік, і лёс ягонай ношы – ягоная адказнасьць. Ня думаю, што мы маем права прымушаць яго йсьці туды ці сюды. Дый ня здолеем мы яго прымусіць, нават калі паспрабуем. Тут дзеюць іншыя сілы, нашмат вялікшыя за нашыя.

– Ну, дык хутчэй бы Фрода "сьціснуў сябе ў кулак" і вярнуўся, і мы з усім скончылі б, – прастагнаў Піпін. – Чакаць невыносна! Ці не мінула ўжо тая гадзіна?

– Даўно мінула, – згадзіўся Арагорн. – Раніца ўжо праходзіць. Трэба паклікаць яго.

У гэты момант вярнуўся Барамір. Выйшаў зь лесу й рушыў да іх, ня кажучы ані слова. Твар ягоны выглядаў сумным ды змрочным. Ён прыпыніўся, нібы падлічваючы, колькі прысутнічае, дый прысеў непадалёк, апусьціўшы галаву.

– Дзе ты быў, Барамір? – спытаў Арагорн. – Ці ня бачыў Фрода?

Барамір адказаў не адразу, відавочна вагаючыся. Нарэшце павольна вымавіў:

– Так – і не. Так: я знайшоў яго крыху вышэй па схіле й размаўляў зь ім. Я пераконваў яго йсьці не на ўсход, а ў Мінас Тырыт. Я раззлаваўся, і ён сышоў. Проста зьнік. Я аніколі раней ня бачыў гэткіх рэчаў, хоць і чуў паданьні пра іх. Напэўна, ён насунуў пярсьцёнак. Адшукаць яго зноў я ня здолеў. Я падумаў: можа, ён вярнуўся да вас.

– Гэта ўсё, што ты можаш распавесьці? – спытаў Арагорн сувора й амаль варожа.

– Але, – адказаў той. – Пакуль што гэта ўсё.

– Ну, як жа ж гэна?! – ускочыў Сэм. – Ня ведаю, што нарабіў гэны чалавек! Навошта пану Фрода насоўваць пярсьцё нак? Ды яму ж нельга гэнага! Калі насуне яго, дык немаведама што ўтворыцца!

– Як насунуў, так і здыме, – паспрабаваў суцешыць Мэры, – як Більба рабіў, калі хацеў пазбавіцца ад нежаданага наведніка.

– А куды ж ён падзеўся? Дзе ён? – выклікнуў Піпін. – Яго ж паўдня ўжо няма!

– Калі ты астатні раз бачыў Фрода, Барамір? – спытаў Арагорн.

– Паўгадзіны таму. Ці гадзіну. Я блукаў па лесе. Я ня ведаю! Ня ведаю! – Барамір абхапіў галаву рукамі й сеў, згорбіўшыся, нібы ад цяжкой тугі.

– Ужо гадзіну як зьнік! – загаласіў Сэм. – Трэба адшукаць яго зараз жа! Зараз жа!

– Пачакай хвілінку! – папрасіў Арагорн. – Трэба падзяліцца на пары й вызначыць, дзе каму... стой! Стой!!

Дарэмна. Аніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Сэм кінуўся прэч першы, на захад, Мэры зь Піпінам – за ім, і ўжо схаваліся за прыбярэжнымі дрэвамі, гукаючы "Фрода! Фрода!" сваімі чыстымі, гучнымі, высокімі хобіцкімі галасамі. Ужо й Гімлі зь Ляголасам пабеглі. Падавалася, раптоўная паніка – ці апантанасьць – завалодала ўсімі.

– Мы ўсе паразьбежымося ды папагубляемся, – прастагнаў Арагорн. – Барамір, я ня ведаю, якую ролю адыграў ты ў гэтым вар'яцтве, але ж дапамажы цяпер! Руш сьледам за двума маладзейшымі хобітамі, ахоўвай іх, нават калі ты й ня здольны адшукаць Фрода. А калі знойдзеш яго ці хоць бы якую ягоную прыкмету, вяртайся сюды. Я неўзабаве буду.


Арагорн ускочыў і памчаў наўздагон за Сэмам. I нагнаў, якраз калі той сягнуў невялікай паляны паміж рабінамі й упарта караскаўся ўгару, цяжка дыхаючы й гукаючы:

– Фрода!

– Хадзем з мною, Сэме! – паклікаў Арагорн. – Анікому з нас нельга заставацца на самоце. Тут нейкае ліха зусім побач, я адчуваю. Я зьбіраюся на самую гару, на Сталец Аман Эн, мо што ўбачыцца. Зірні сюды! Як і падказвала мне сэрца, Фрода кіраваўся сюды! Пасьпяшайся за мной ды пільна пазірай наўкол!

Сэм сьпяшаўся, як мог, але ж ня здолеў угнацца за Швэндалам сьледапытам і неўзабаве далёка адстаў. Не пасьпеў адысьці ад паляны, як згубіў Арагорна. Тады прыпыніўся, аддыхваючыся. Раптам пляснуў даланёю па лобе.

– Ну, Сэм Гэйхад! – сказаў уголас. – Ногі караткаватыя – дык карыстайся галавою. Ну-тка, паразважаем. Барамір ня хлусіць, не ў ягонай тое звычцы, але ж і ўсяго ня кажа. Нешта перапалохала спадара Фрода. I таму ён раптоўна сьціснуў сябе ў кулак. Ён вырашыўся, няйначай. I куды ён пойдзе? Напэўна ж, на ўсход. I бяз Сэма. Так, без свайго Сэма. Вось гэтае жорстка й сувора, сапраўды!

Сэм выцер даланёй сьлёзы.

– Ну, спакайней, Гэйхад! – сказаў сабе. – Думай, калі здолееш. Ён жа ня птушка, каб ляцець над ракою ці скакаць праз вадаспад. I прыладаў у яго аніякіх няма, і ежы таксама. А каб прыдбаць, ён мусіць вярнуцца да чоўнаў. Да чоўнаў! Гэй, Сэме, бяжы да чоўнаў, ногі ў рукі!

Сэм павярнуўся й кінуўся ўніз па сьцежцы. Упаў, пабіў каленкі. Ускочыў і памчаў далей, не зьвярнуўшы ўвагі. Выбег на край Парт Галену да берагу, дзе былі прычаленыя чоўны. Анікога. Нехта гукаў у лесе за сьпінай, але Сэм ня слухаў. Здранцьвеў на момант, рот адкрыўшы, пазіраючы на тое, як сам па сабе сасьлізгвае ў ваду човен. А тады, залямантаваўшы, кінуўся праз луг. Човен загайдаўся на вадзе.

– Я йду, спадар Фрода, я йду! – загаласіў Сэм і скочыў зь берагу, каб учапіцца за човен.

Не хапіла паўсажні, і Сэм зь енкам ды пляскам плюхнуўся тварам уніз у струмень, глыбокі й хуткі. Бурбочучы, пайшоў на дно, і рака схавала ягоную патлатую галаву.

З чоўна пачуўся выгук адчаю. Вясло махнула само па сабе, і човен разьвярнуўся. Фрода якраз пасьпеў ухапіць Сэма за валасы, калі той вынырнуў, цялёпкаючыся й плюючыся вадою, сьмяротна пераляканы.

– Наверх, хлопча, наверх, Сэме! – паклікаў Фрода. – Хапіся за руку!

– Ратуйце, спадару Фрода! – выдыхнуў Сэм. – Я патануў! Я ня бачу вашай рукі!

– Вось, вось яна! Не шчыкайся! Я не адпушчу цябе! Вось, заграбай і не гайдай, бо перакуліш човен. Сюды, чапляйся за борт, мне трэба выграбці.

За некалькі грабкоў Фрода падагнаў човен назад да берагу, і Сэм ускараскаўся на борт, мокры, нібы рачны пацук. Фрода сьцягнуў пярсьцёнак і зноў крочыў на бераг.

– З усіх недарэкаў-няздараў ты, Сэме, найгоршы!

– Ну, спадару Фрода, гэта несправядліва! – адказаў Сэм, дрыжучы. – Несправядліва сыходзіць безь мяне, пакінуць, вось! Калі б не здагадаўся, дзе былі б вы цяпер?

– На сваім шляху, спакойна й безь перашкодаў.

– Спакойна! – выгукнуў Сэм. – Самотны, безь мяне, каб клапаціцца пра вас? Я ня вынес бы таго, я так і сканаў бы бяз вас.

– Сканаў бы, толькі калі выправіўся б разам з мною, Сэме. А гэтага ня вынес бы я.

– Ну, можа, на тым шляху я й не сканаю. А калі пакінеце мяне, дык дакладна.

– Сэме, я ж іду ў Мордар.

– Я гэта добра разумею, спадару Фрода. Вядома, у Мордар. I я з вамі.

– Сэме, не спрабуй мяне затрымаць! Астатнія вернуцца з хвіліны на хвіліну. Калі яны напаткаюць мяне, давядзецца тлумачыць і спрачацца, і мне ня хопіць рашучасьці сысьці адному, дый не дазволяць мне. Але ж мне трэба. Гэта адзінае выйсьце.

– Вядома, так, – згадзіўся Сэм. – Толькі не адному. Я йду таксама альбо ніводны з нас ня йдзе. А тое я папрадзіраўлю ўсе чоўны.

Тады Фрода шчыра засьмяяўся. Раптоўная радасьць і пяшчота кранулі ягонае сэрца, і ён сказаў зь сьмехам:

– Хоць адзіны пакінь, бо спатрэбіцца ж. Але ж як табе йсьці бяз вопраткі, прыпасаў ды іншай паклады?

– Пачакайце хвіліначку, я прынясу, – выгукнуў Сэм, – усё падрыхтаванае! Я ж і думаў, што мы сёньня выправімся!

Пабег да месца начлегу, выцягнуў свой хатуль з кучы (у якую пакідаў Фрода пакункі спадарожнікаў, вызваляючы човен), прыхапіў яшчэ адну коўдру й колькі пакункаў ежы дый прыбег назад.

– Ну, мой плян ня склаўся, – вымавіў Фрода. – Не атрымалася ўцячы ад цябе. Але ж я задаволены, Сэме. Я й выказаць ня здольны, як жа я задаволены. Едзьма! Відавочна, нам і было прызначана выправіцца разам. Мы рушым, і няхай астатнія знойдуць бясьпечны шлях! Швэндал паклапоціцца пра іх, я ўпэўнены. Наўрад ці мы пабачым іх зноў.

– А можа, пабачым, спадару Фрода, можа, пабачым, – лапатаў Сэм.


Так Фрода з Сэмам распачалі разам апошнюю частку вандроўкі. Фрода гроб, човен аддаляўся ад берагу, і рака хутка несла іх прэч па заходнім рукаве, міма суворых скалаў Тол Брандыру. Роў вадаспадаў гучнеў. Нават і з Сэмавай дапамогай давялося парупіцца, каб выграбці скрозь плынь міма паўднёвага краю выспы дый сягнуць далёкага ўсходняга берагу ракі.

Нарэшце прычалілі ля паўднёвых схілаў Аман Лэ. Там знайшлі прыдатны беражок, выцягнулі човен з вады й схавалі, як здолелі, за вялікім валуном. Ускінулі на сьпіны пляцакі дый рушылі, шукаючы сьцежку, якая правяла б іх праз шэрае пагор'е Эмін Мюйлу ў краіну Ценю.


Загрузка...