Апавяданні

Метцэнгерштэйн

Pestis eram vivus – moriens tua mors ero.[3]

Марцін Лютэр

Ва ўсе часы чалавека паўсюль пераследавалі жах і лёс. Навошта тады ўдакладняць, калі адбылася мая гісторыя? Хопіць і таго, што ў апісаную пару ва ўнутраных рэгіёнах Венгрыі была шырока распаўсюджаная таемная вера ў дактрыны метэмпсіхозу*. Не буду нічога казаць пра самі дактрыны, іх памылковасць ці праўдападобнасць, аднак я ўпэўнены, што наш недавер (так Лабруер* называў усе нашыя няшчасці) «vient de ne pouvoir etre seuls».[4]

Асобныя з гэтых венгерскіх прымхаў амаль межавалі з абсурдам. Яны, венгры, істотна адрозніваліся ад сваіх усходніх уладцаў. Душа, казалі, напрыклад, яны (цытую паводле аднаго вельмі дасціпнага і разумнага парыжаніна), «ne demeure qu’un seul fois dans un corps sensible: au reste – un cheval, un chien, un homme meme, n’est que la ressemblance peu tangible de ces animaux».[5]

Сем’і Берліфітцынгаў і Метцэнгерштэйнаў варагавалі стагоддзямі. Ніколі раней два такія магутныя дамы не яднала такая бязлітасная нянавісць. У часы нашай гісторыі адна змарнелая і злавесная старая вядзьмарка сказала, што «хутчэй змяшаюцца вада і агонь, чым Берліфітцынг падасць руку Метцэнгерштэйну»*. Крыніцу гэтае варажнечы можна, відаць, знайсці ў словах старадаўняга прароцтва: «Страшным будзе падзенне высокага імені, калі смяротнасць Метцэнгерштэйна, нібы вершнік на кані, пераможа несмяротнасць Берліфітцынга».

Самі па сабе гэтыя словы нічога асаблівага, безумоўна, не значаць. Але нават драбнейшае прыводзіла (прычым не так даўно) да бурных падзеяў. Дарэчы, маёнткі ворагаў месціліся побач, і іх гаспадары спаборнічалі ў тым, хто мацней паўплывае на рашэнні ўлады. Найбліжэйшыя суседзі рэдка сябруюць – а насельнікі замка Берліфітцынг са сваіх высокіх вежаў маглі зазіраць у вокны палаца Метцэнгерштэйн. Падгледжаная феадальная раскоша ніякім чынам не магла суцішыць незычлівасць менш старажытнага і менш багатага роду Берліфітцынгаў. Чаго тады здзіўляцца, што нейкае прароцтва, хай сабе і дурное, паспяхова ўзмацніла нянавісць дзвюх сем’яў, ужо даўно падагрэтую мноствам спрэчак і спадчыннай зайздрасцю? Прароцтва, відаць, намякала (калі яно магло на нешта намякаць) на канчатковую перамогу мацнейшага дому і ніколі не забывалася слабейшымі і менш уплывовымі, а ад таго яшчэ больш варожымі супернікамі.

Вільгельм, граф Берліфітцынг, хаця і падняўся надзвычай высока, у часы нашае гісторыі быў нямоглым і здзяцінелым старым, які не вылучаўся нічым, апроч празмернай застарэлай варожасці да сям’і супернікаў і гарачай любові да коней і паляванняў: нягледзячы на цялесную слабасць, паважны ўзрост і разумовую нядужасць, ён штодня ўдзельнічаў у небяспечных ловах.

Фрэдэрык, барон Метцэнгерштэйн, наадварот, быў яшчэ непаўналетні. Яго бацька, дарадца Г., памёр маладым. Маці, лэдзі Мэры, хутка адправілася за ім. На той момант Фрэдэрыку было пятнаццаць*. У горадзе пятнаццаць гадоў – не надта сур’ёзны ўзрост: дзіця можа заставацца дзіцем нават пасярэдзіне другога дзясятка*, але ў глушы, прычым такой велічнай глушы, як гэтае старое княства, пятнаццаць гадоў – гэта зусім іншае.

Прыўкрасная лэдзі Мэры!* Як магла яна памерці? Няўжо ад сухотаў? Але я малюся пра тое, каб пайсці яе дарогаю. Я хацеў бы, каб усё дарагое мне загінула ад гэтай пяшчотнай хваробы. Як гэта чароўна – адысці ў росквіце юнае крыві, калі сэрца – сама жарсць, уяўленне – сам агонь, адысці на зыходзе году, сярод згадак пра шчаслівыя дні і быць назаўсёды пахаваным у раскошнай восеньскай лістоце!

Так і памерла лэдзі Мэры. Малады барон Фрэдэрык стаяў ля труны маці зусім самотны, без аніводнага сваяка. Ён паклаў далонь на яе ціхамірны лоб. Яго далікатнае цела ні разу не скаланулася, ніводзін уздых не вырваўся з яго суворых грудзей. З дзяцінства бязлітасны, натурысты і імпэтны, да згаданага мной узросту ён паспяхова засвоіў усе самыя жорсткія, распусныя і безразважныя спосабы бавіць час, паставіўшы заслону перад плынню пабожных думак і светлых згадак.

Паводле ўмоваў, акрэсленых загадам бацькі, пасля смерці апошняга малады барон адразу ж завалодаў усёй вялізнай маёмасцю роду. Мала хто з венгерскіх дваранаў атрымліваў такое багацце. Сярод незлічоных замкаў асаблівай раскошнасцю і памерам вылучаўся Метцэнгерштэйн. Ніхто і ніколі не вызначаў дакладна мяжу гэтае вотчыны, аднак галоўны парк маёнтка раскінуўся больш як на пяцьдзясят міляў па перыметры.

Калі такое багацце перайшло да такога маладога і добра вядомага ў грамадстве ўласніка, амаль ва ўсіх зніклі сумневы наконт таго, як найбліжэйшым часам будзе паводзіцца барон. І праўда: ужо ў наступныя тры дні спадчыннік пераірадзіў Ірада* і з лёгкасцю пераўзышоў усе чаканні сваіх самых захопленых прыхільнікаў. Ганебныя оргіі, страшэнныя здрады, нечуваныя злачынствы хутка ўпэўнілі яго напалоханых васалаў, што ні рабская пакорлівасць, ні самае патрабавальнае сумленне не абароняць іх ад бесчалавечнасці і крывавых іклоў гэтага дробнага Калігулы*. Ноччу чацвертага дня загарэліся стайні Берліфітцынгаў, і між суседзямі імгненна разышліся чуткі, якія аднагалосна дадалі падпал да спісу іншых жахлівых злачынстваў барона – як дробных, так і пачварных.

Падзея выклікала шалёны гармідар, а малады дваранін тым часам сядзеў, занурыўшыся ў думкі, у вялізнай самотнай верхняй зале фамільнага палаца Метцэнгерштэйнаў. З багатых, хаця і выцвілых габеленаў панура глядзелі прывідныя велічныя абліччы тысячы яго знакамітых продкаў. Тут святары ў дарагіх гарнастаях і ўплывовыя біскупы па-сямейнаму сядзелі з уладаром і тыранам і накладалі вета на прыхамаці часовага караля ці адным папскім дэкрэтам спынялі мяцежны скіпетр архіворага. Тут цёмныя высокія постаці князёў Метцэнгерштэйнаў на мускулістых баявых конях скакалі па целах зрынутых ворагаў і палохалі рашучасцю людзей нават з самымі трывалымі нервамі – і тут жа спакуслівыя лебядзіныя фігуры дамаў мінулых дзён праплывалі ў віхурах уяўных танцаў пад гукі выдуманых мелодыяў.

Але пакуль барон прыслухоўваўся – ці ўдаваў, што прыслухоўваецца, – да ўсё большага хвалявання з нагоды стайняў Берліфітцынгаў, а можа, абдумваў яшчэ адну прыгоду, яшчэ адну рашучую і дзёрзкую ідэю, яго позірк мімаволі прыцягнула фігура велічэзнага каня незвычайнае афарбоўкі, выяўленага на габелене, што належаў сарацынскаму продку з сям’і ворагаў. Конь нерухома, нібы статуя, стаяў на першым плане карціны, а на заднім плане пераможаны вершнік паміраў ад кінжала аднаго з Метцэнгерштэйнаў.

Калі Фрэдэрык заўважыў, куды несвядома скіраваўся яго позірк, на яго вуснах з’явілася жорсткая ўсмешка, але вачэй барон не адвёў. Наадварот, ён ніяк не мог зразумець, што за неадольная трывога распасцерлася над ім шчыльным покрывам. З цяжкасцю прымірыў ён свае мройныя і бязладныя пачуцці з неабходнасцю абудзіцца ад іх. І чым даўжэй ён глядзеў, тым больш паглынала яго насланнё, тым цяжэй было паверыць, што ён здолее калісьці адвесці позірк ад гэтага зачараванага габелена. Але калі шум звонку раптам узмацніўся, ён адчайна сабраў сілы і скіраваў позірк на двор, дзе ўбачыў барвовыя водбліскі – на вокны палаца іх кідалі ахопленыя полымем стайні.

Аднак рух гэты быў імгненны: позірк барона тут жа механічна вярнуўся да сцяны. На яго вялізны жах і здзіўленне, галава гіганцкага каня за гэты час змяніла становішча. Выгнутая дагэтуль шыя жывёліны, якая нібыта смуткавала над зрынутым гаспадаром, цяпер выпрасталася ў поўную даўжыню. Вочы, раней нябачныя, палка і амаль па-чалавечы гарэлі незвычайнай пякучай чырванню, а ў ашчэранай пашчы відавочна раз’ятранага каня былі бачныя вялізныя агідныя зубы.

Скамянелы ад страху малады дваранін няўпэўнена рушыў да дзвярэй. Як толькі ён іх адчыніў, чырвоная ўспышка асвятліла пакой і кінула на габелен, які загайдаўся ад скразняку, выразна акрэслены цень, і барон скалануўся, убачыўшы, што калі ён на імгненне замарудзіў ля парога, цень гэты стаў у той самай позе і дакладна супаў з абрысам бязлітаснага пераможнага забойцы сарацына Берліфітцынга.

Каб трохі развеяцца, барон паспяшаўся на свежае паветра. Ля параднае брамы замка ён сутыкнуўся з трыма стайнікамі. Са страшнай рызыкай для жыцця яны ледзь стрымлівалі гіганцкага вогненна-рудога каня, які сутаргава і з неймавернай ярасцю спрабаваў вырвацца.

– Чый конь? Дзе знайшлі? – спытаў юнак хрыплым незадаволеным голасам, заўважыўшы, што лютая жывёліна перад яго вачыма нагадвае таямнічага скакуна з габелена.

– Ён належыць вам, сір, – адказаў адзін са стайнікаў.

– Прынамсі, ніхто іншы яго не шукаў. Мы злавілі яго, калі ён, увесь спацелы і ўзмылены ад шалу, выскокваў з ахопленых агнём стайняў Берліфітцынгаў. Падумаўшы, што ён з таго стойла, дзе стары граф трымае рэдкія пароды, мы адвялі яго назад. Але іхныя грумы не прызналі жывёліны, і гэта дзіўна: конь відавочна ледзь уратаваўся з агню.

– На яго ілбе добра відаць выпаленыя літары В, Ф і Б, – умяшаўся другі стайнік. – Вядома ж, я падумаў, што гэта ініцыялы Вільгельма фон Берліфітцынга, але ўсе ў іх замку сцвярджаюць, нібыта ніколі гэтага каня не бачылі.

– Проста неверагодна, – безуважна прамовіў барон, а думкі яго, відаць, луналі дзесьці далёка. – Маеце рацыю, конь цудоўны і нават дзівосны, хаця характар у яго, без сумневу, недаверлівы і непакорны… Добра, хай застаецца ў мяне, – дадаў ён, падумаўшы. – Такі вершнік, як Фрэдэрык з Метцэнгерштэйнаў, зможа ўтаймаваць нават д’ябла, калі ён знойдзецца ў стайнях Берліфітцынгаў.

– Вы памыляецеся, уладару. Здаецца, мы сказалі, што конь гэты не з графскіх стайняў. Бо калі б ён належаў графу, мы не схібілі б і не дазволілі сабе з’явіцца з ім перад кімсьці з вашай высакароднай сям’і.

– Так, безумоўна, – суха адзначыў барон, і ў тое ж імгненне да яго падбег расчырванелы паж спачывальні. Ён зашаптаў на вуха гаспадару нешта пра нечаканае, неверагоднае знікненне невялікага кавалка габелена ў пакоі, дзе ён служыў. Аднак, апісваючы падрабязна час і акалічнасці здарэння, ён гаварыў так ціха, што ніводны гук не падараваў стайнікам мажлівасці задаволіць цікаўнасць.

Размова, відаць, моцна ўсхвалявала маладога Фрэдэрыка, абудзіўшы ў ім самыя розныя пачуцці. Аднак ён хутка ўзяў сябе ў рукі і калі ўладна загадваў зараз жа замкнуць пакой з габеленам, а ключы перадаць яму, твар яго быў рашучы і злосны.

– Ці чулі вы пра няшчасную смерць старога паляўнічага Берліфітцынга? – спытаў у барона адзін з васалаў, калі паж сышоў, а вялізнага загадкавага скакуна, якога дваранін прызнаў сваёй уласнасцю і які цяпер з падвойным, звышнатуральным шаленствам упарціўся і вырабляў курбеты, павялі доўгімі прысадамі, што цягнуліся ад замка да стайняў Метцэнгерштэйнаў.

– Не! – адказаў барон, рэзка паварочваючыся да суразмоўцы. – Памёр, кажаце?

– Так, памёр, уладару, і здаецца мне, што весткі гэтыя будуць для вашае высакароднае сям’і не такімі ўжо непрыемнымі.

На прыгожым твары барона праслізнула хуткая ўсмешка – вельмі незвычайная і шматзначная:

– Як ён памёр?

– Неабачліва кінуўся ратаваць сваіх улюбёнцаў з паляўнічай стайні і, на жаль, загінуў у агні.

– Гэта праўда?! – усклікнуў барон, нібы паступова пачынаючы разумець, што нейкая ідэя, якая дзівіла і ўражвала яго, пацвердзілася.

– Праўда! – адказаў васал.

– Неверагодна, – абыякава сказаў юнак і ціха вярнуўся ў замак.

З таго дня паводзіны маладога распуснага барона Фрэдэрыка фон Метцэнгерштэйна прыкметна змяніліся. Ён падмануў усе чаканні і моцна падвёў тых мамак, што даўно плялі свае сеткі, аднак яго новыя звычкі і манеры яшчэ менш, чым раней, адпавядалі патрабаванням суседзяў-арыстакратаў. Яго больш не бачылі за межамі маёнтка, у вялікім свецкім таварыстве ён пазбягаў любое кампаніі, і толькі надзвычайны парывісты конь колеру агню, ад якога барон не адыходзіў ні на крок, загадкавым чынам узурпаваў права на яго сяброўства.

Аднак яшчэ доўга на барона сыпаліся шматлікія запрашэнні: «Ці ўшануе барон сваёй прысутнасцю нашае свята?», «Ці далучыцца да нас барон у паляванні на дзіка?»

«Метцэнгерштэйн не палюе», «Метцэнгерштэйн не прыедзе», – каротка і фанабэрыста адказваў барон.

Ганарлівае дваранства больш не магло трываць гэтых бясконцых абразаў. Запрашэнні рабіліся ўсё халаднейшымі, усё радзейшымі і нарэшце ўвогуле скончыліся. Казалі, што ўдава няшчаснага графа Берліфітцынга нават выказала меркаванне, нібыта «барон сядзіць дома, хаця і не хоча там сядзець, бо пагарджае кампаніяй роўных, і ездзіць на кані, хаця і не хоча на ім ездзіць, бо аддае перавагу кампаніі свайго скакуна». Гэта была, безумоўна, вельмі дурная ўспышка спадчыннае варажнечы, што дэманструе толькі, якую лухту мы можам вярзці, прагнучы пакінуць моцнае ўражанне.

Але больш памяркоўныя людзі тлумачылі змены ў паводзінах маладога двараніна натуральным горам сына, які заўчасна страціў бацькоў, забываючы, аднак, пра яго гнюсныя і безразважныя ўчынкі адразу ж пасля гэтае цяжкае страты. Былі і такія, што ганарліва тлумачылі паводзіны барона самаўзвышэннем і пыхлівасцю. Іншыя (і сярод іх варта згадаць сямейнага лекара) не вагаючыся абвінавачвалі хваравітую меланхолію і нездаровую спадчыннасць. Між простага люду хадзілі яшчэ змрачнейшыя, вельмі двухсэнсоўныя чуткі.

Упартая прыхільнасць барона да нядаўна знойдзенага скакуна – прыхільнасць, якая, здавалася, ад кожнага пацверджання лютага і дэманічнага нораву жывёліны толькі мацнела, – у вачах разважлівых суседзяў ператварылася ўрэшце ў агідную і ненатуральную жарсць. У святле дня ці ў глухую гадзіну ночы, у хваробе і здароўі, у пагоду і непагадзь, у месяцавым ззянні і змроку малады Метцэнгерштэйн здаваўся прыкаваным да сядла каня-волата, нескароная смеласць якога так добра адпавядала яго ўласнаму нораву.

Былі да таго ж абставіны, якія разам з апошнімі падзеямі надавалі і маніі вершніка, і здольнасцям скакуна нейкі звышнатуральны і злавесны сэнс. Калі хтосьці акуратна замераў адлегласць, якую конь пераадольвае адным скачком, выявілася, што яна нашмат перавышае самыя смелыя чаканні людзей з самым бурным уяўленнем. Барон, дарэчы, так і не даў жывёліне імені, хаця астатнія гадаванцы яго багатай стайні насілі вельмі трапныя мянушкі. Стойла новага ўлюбёнца месцілася воддаль ад стайні, а што да догляду, дык ніхто, апроч гаспадара, не насмельваўся наблізіцца да жывёліны ці хаця б увайсці да яе ў загарадзь. Заўважылі таксама, што хоць тры стайнікі, якія злавілі каня, калі ён ратаваўся ад пажару ў Берліфітцынгаў, і здолелі затрымаць яго з дапамогай ланцуговай аброці і аркана, ніводзін з іх не мог дакладна сказаць, што ў час небяспечных ловаў ці пасля яму давялося хаця б дакрануцца да цела пачвары. Праявы своеасаблівага розуму ў паводзінах высакароднага і гарачага скакуна наўрад ці маглі абудзіць празмерную цікаўнасць, асабліва сярод людзей, якія штодня дапамагалі на паляваннях і таму прызвычаіліся да праніклівасці коней, але асобныя выпадкі ўражвалі нават самых абыякавых скептыкаў: хадзілі чуткі, што часам жывёліна, шматзначна і выразна тупаючы жудасным капытом, прымушала натоўпы цікаўных у ціхім жаху разбягацца, і тады нават сам Метцэнгерштэйн бляднеў і нібыта курчыўся пад рэзкім, пранізлівым позіркам сур’ёзных і амаль чалавечых вачэй.

Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня, – ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.

У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з вар’яцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя муры замка Метцэнгерштэйнаў пад націскам шчыльнай сіняватабарвовай сцяны нястрымнага агню пачалі трэскацца і задрыжалі да самага фундаменту, дамашнія барона пачалі чакаць яго з вялікім нецярпеннем.

Пажар убачылі толькі тады, калі ён зрабіўся неадольным, таму ўсе высілкі ўратаваць хаця б частку будынка былі марнымі, і ўражаныя суседзі маўкліва стаялі побач. Але хутка ўвагу натоўпу забрала новае вусцішнае відовішча, якое засведчыла, што чалавечая агонія захоплівае пачуцці людзей нашмат больш, чым жахлівае разбурэнне нежывое матэрыі.

У канцы доўгіх прысадаў векавых дубоў, што вялі з лесу да параднага ўваходу ў замак, з’явіўся конь, які нёс вершніка без капелюша і ў расхрыстаным убранні. Ён ляцеў так імкліва, што мог абагнаць самога дэмана навальніцы, і аслупянелыя відавочцы мімаволі выгуквалі: «Якая жудасць!»

Вершнік не мог ні спыніць, ні ўтрымаць гэты шалёны кар’ер. Скажоны агоніяй твар і сутаргавыя рухі цела сведчылі пра звышчалавечае напружанне, аднак, апроч самотнага крыку, ніводзін гук не вырваўся са змучаных і скусаных у неадольным жаху вуснаў. Імгненне – і пранізліва-рэзкі грукат капытоў перакрыў выццё пажару і скавытанне ветру, яшчэ імгненне – і, пераскочыўшы адным махам браму і роў, конь адолеў хісткія прыступкі палаца і разам з вершнікам знік сярод хаатычных вогненных віхураў.

Шалёная навальніца тут жа сунялася, і запанавала злавесная мёртвая цішыня. Бляклае полымя ўсё яшчэ ахутвала будынак, нібы саван. Струменячыся ў ціхамірную выш, яно раптам выбухнула звышнатуральным святлом, і воблака дыму, што цяжка завісла над пажарышчам, прыняла форму вялізнага, выразна бачнага каня.

Пераклала Ганна Янкута

Марэла

Αὐτὸ καθ’ αὐτὸ μεθ’ αὐτὸῦ, μονοειδὲζ ἀει ὂν.

Сабой, толькі сабой, у сваім вечным адзінстве.

Платон. «Бяседа»

З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце – у марах, шчасце – у здагадках.

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, – моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем – ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна – магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі – давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні – ці я забываюся? – ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, – ці я памыляюся? – не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым – потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне, – Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гіном стаў Геенай*.

Няма неабходнасці падрабязна апісваць гэтыя даследаванні, якія, пачаўшыся са згаданых мной трактатаў, сталі адзінай нашай – маёй і Марэлы – тэмай для размовы. Хто вывучаў тое, што можна назваць тэалагічнай этыкай, лёгка ўявіць іх сабе, хто не вывучаў – наўрад ці іх зразумее. Неўтаймаваны пантэізм Фіхтэ, Παλιγγενεσια[6] піфагарэйцаў і асабліва вучэнне Шэлінга пра тоеснасць* былі найбольш прывабнымі тэмамі для багатага ўяўлення Марэлы. Тоеснасць, якая называецца асабістай, містэр Лок* слушна, на мой погляд, вызначае як нармальнасць разумнае істоты. І калі пад асобай мы разумеем істоту, якая мысліць, і калі свядомасць заўсёды ідзе з мысленнем поруч, гэта і ёсць тым, што робіць нас «самімі сабой», тым, што аддзяляе нас ад іншых існаванняў, якія таксама мысляць, і надае нам асабістую тоеснасць. Але principium individuationis,[7] ідэя гэтае тоеснасці, якая пасля смерці страчваецца ці захоўваецца навечна, заўжды выклікаў ува мне нястрымную цікавасць, хутчэй нават не праз свае дзіўныя наступствы, а праз усхваляванасць, з якою Марэла згадвала пра гэта.

Але прыйшоў час, калі таямніца мае жонкі пачала прыгнятаць мяне, бы ліхі заклён. Я не мог больш трываць дотыкаў яе бледных пальцаў, ціхае музычнасці яе мовы, бляску яе сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю неразумнасць і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла яе шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным ілбе. І тады мяне ўсяго на момант ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў яе шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань.

Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нервы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё.

Але адным восеньскім вечарам, калі вятры сціхлі ў нябёсах, Марэла паклікала мяне да свайго ложка. Над усёй зямлёй была слабая смуга, і гэткая ж над вадою, і вясёлка ўпала з небасхілу ў лісце кастрычніцкага лесу.

– Гэта дзень між дзён, – сказала яна, калі я наблізіўся, – дзень між дзён, калі прыходзіць жыццё альбо смерць. Гэта дзень сыноў зямлі і жыцця – і таксама дзень дачок нябёсаў і смерці!

Я пацалаваў яе лоб, і яна працягвала:

– Я паміраю, але ўсё ж буду жыць.

– Марэла!

– Не было дня, калі ты любіў мяне, – але калі ты жахаешся жывой, то памерлай будзеш захапляцца.

– Марэла!

– Кажу яшчэ раз, я паміраю. Але ўва мне спее плод тае прыязнасці – такой малой! – якую ты адчуваў да мяне, Марэлы. І калі адыдзе мая душа, дзіця будзе жыць – тваё дзіця і маё, дзіця Марэлы. Але твае дні будуць днямі смутку – смутку, які доўжыцца даўжэй за ўсе пачуцці, як кіпарыс жыве даўжэй за ўсе дрэвы. Гадзіны твайго шчасця злічаныя, а радасць не прыходзіць у жыццё двойчы, як ружы Пестума* квітнеюць двойчы на год. Ты больш не будзеш, як тэосец*, радавацца гадам, што мінаюць, але, забыўшыся на мірт і віно, будзеш несці свой саван па жыцці, як мусульмане ў Мецы.

– Марэла! – усклікнуў я. – Марэла! Адкуль табе ведаць гэта? – але яна адвярнулася ў падушку, і лёгкая дрыготка прабегла па яе целе. Так яна памерла, і больш не чуў я яе голасу.

Як яна і прадбачыла, яе дзіця, якому яна дала жыццё сваёй смерцю, дзіця, якое пачало дыхаць, калі яна дыхаць перастала, – яе дачка жыла. І яна дзіўна развівалася целам і розумам і была цудоўным падабенствам той, што пакінула гэты свет. І я любіў яе любоўю больш палкай, чым тая, якую можна адчуць да любога чалавека на зямлі.

Але неўзабаве яснае неба гэтае прыязнасці пацямнела ад аблокаў, змрок, жах і гора ахапілі мяне. Дзіўна, дзіўна развівалася яна целам і розумам. Дзіўным, насамрэч дзіўным быў незвычайны рост яе цела, але жахлівымі, о, якімі жахлівымі былі неспакойныя думкі, якія апаноўвалі мяне, калі я думаў пра развіццё яе розуму! Ці магло быць іначай, калі я штодня бачыў у словах дзіцяці мысленне і здольнасці дарослае жанчыны, калі ўрокі дасведчанасці зыходзілі з вуснаў малое? Калі мудрасць і памкненні дарослай я чуў штогадзіну, дрыжучы ад яе позіркаў, у якіх свяцілася глыбіня розуму? Калі ўсё гэта стала відавочным для маіх агаломшаных пачуццяў, калі я не мог больш хаваць гэта ад свае душы і выкінуць гэта са сваіх думак, здагадкі, страшныя здагадкі з’явіліся ўва мне, і я ўспомніў неверагодныя аповеды і вар’яцкія тэорыі памерлае Марэлы. Я схаваў ад свету істоту, якую лёс прымусіў мяне любіць, і падарыў ёй строгую адзіноту свайго дому, назіраючы з пакутлівым неспакоем за ўсім, што датычыла яе.

Міналі гады, і дзень пры дні ўглядаўся я ў яе нявінны, спакойны твар, які так шмат казаў мне, і яе дарослае цела, дзень пры дні бачыў новыя рысы падабенства дзіцяці з яе памерлай маці, бачыў скруху і смерць. З кожнай гадзінай згушчаліся гэтыя цені падабенства, рабіліся ўсё больш рэзкімі, выразнымі, складанымі і жахлівымі. Усмешка рабілася падобнай да матчынай – я мог гэта вытрываць, але дрыжаў ад такое дасканалае тоеснасці; вочы былі падобныя да вачэй Марэлы – я мог гэта цярпець, але яны так часта зазіралі ў глыбіні мае душы з незразумелай уладнасцю. І абрысы высокага ілба, і пасмы ядвабных валасоў, і бледныя пальцы, якія іх перабіралі, і сумная меладычнасць словаў, і асабліва – о, асабліва словы мёртвай на вуснах любай і жывой хвалявалі і жахалі мяне, і тачылі, як чарвяк, які ніколі не памрэ.

Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. «Маё дзіця» і «мая любоў» – так называла яе бацькава пяшчота, а поўная самота яе існавання выключала ўсялякія дачыненні з іншымі. Імя Марэлы памерла разам з ёй. Я ніколі не размаўляў з дачкой пра маці, гэта было немагчыма. За кароткае сваё жыццё яна не мела ніякіх уражанняў ад вонкавага свету, апроч тых, якія дазвалялі вузкія межы яе адасобленага існавання. Але ўрэшце я згадаў пра хрышчэнне як пра магчымасць вызвалення ад жахаў, на якія асудзіў мяне кон. І нават ля купелі я вагаўся, не ведаючы, якое імя абраць. Мноства імёнаў – сімвалаў мудрасці і прыгажосці, імёнаў старажытных і нашых часоў, імёнаў маёй і чужых краінаў амаль сарвалася з маіх вуснаў разам з імёнамі – сімваламі высакароднасці, шчасця і дабрыні. Што прымусіла мяне патрывожыць памяць пахаванай? Які дэман змусіў мяне выдыхнуць гэтае слова, гук якога пагнаў маю кроў ад скроняў да сэрца? Якая пачвара прамаўляла з глыбіняў мае душы, калі ў цішыні ночы сярод крыжоў я прашаптаў святару «Марэла»? Хто ж, калі не сам д’ябал, сказіў рысы тварыка майго дзіцяці, надаўшы яму адценне смерці? Пачуўшы гэтыя гукі, яна ўзняла свае шкляныя вочы з зямлі ў неба і, апусціўшыся бязвольна на чорныя пліты нашага фамільнага склепа, адказала: «Я тут!»

З выразнасцю – халоднай, спакойнай выразнасцю зляцелі гэтыя простыя гукі з яе вуснаў – і нібы расплаўлены свінец з шыпеннем пацёк у маю галаву. Гады – гады могуць мінуць, але памяць пра гэта не знікне ніколі. Я не толькі забыўся на кветкі і віно, але цыкута і кіпарыс кідалі цень на дні мае і ночы. Я не мераў ні прасторы, ні часу, і зоры майго лёсу падалі з неба, і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін – Марэлу. Вятры шапталі мне адно слова, якое я мог чуць, і хвалі на моры мармыталі толькі адно – «Марэла»… Але яна памерла, і я сам аднёс яе ў склеп – і доўга горка смяяўся, не знайшоўшы ні следу першай там, куды паклаў другую – Марэлу.

Пераклала Марына Дзергачова

Падзенне Дому Ашэраў

Son coeur est un luth suspendu; Sitôt qu’on le touche il résonne.

De Béranger[8]

Увесь гэты маркотны, цьмяны, глухі дзень на зыходзе года, калі хмары гнятліва навісалі над зямлёй, я ехаў на кані праз цалкам бязрадасную мясцовасць, і калі спусцілася цемра, апынуўся перад змрочным Домам Ашэраў. Не ведаю, чаму, але першы ж погляд на будынак напоўніў маю душу нясцерпнай тугой. Я сказаў «нясцерпнай», бо ў ёй не было той палёгкі, якую прыносіць амаль прыемнае – бо паэтычнае – пачуццё, што мы перажываем, сузіраючы нават пейзажы, поўныя журбы або жаху. Я паглядзеў на дом і немудрагелісты краявід, на панурыя сцены, на вокны, падобныя да пустых вачніцаў, на рэдкую асаку, на белыя камлі гнілых дрэваў – і адчуў поўную прыгнечанасць духу, якую з усіх зямных адчуванняў можна параўнаць хіба што з абуджэннем курца опіюму – горкім вяртаннем да рэчаіснасці, жахлівым зрываннем завесы. Гэта была слабасць, скамянеласць, знямогласць сэрца, непераадольная кволасць думкі, якую ніякая сіла ўяўлення не магла абудзіць да чагосьці ўзнёслага. «Што ж гэта, – задумаўся я, – што ж так прыгнятае мяне, калі я гляджу на Дом Ашэраў?» Загадку немагчыма было развязаць; не мог я даць рады і няпэўным фантазіям, якія апанавалі мяне падчас маіх развагаў. Мне давялося прыйсці да той непераканаўчай высновы, што хаця гэта, без сумневаў, усяго толькі спалучэнне цалкам звычайных рэчаў, здольных так на нас уплываць, усё ж прырода гэтай з’явы – па-за межамі нашага разумення.

«Магчыма, – разважаў я, – будзе дастаткова штосьці змяніць у краявідзе, па-іншаму спалучыць элементы пейзажу – і скрушнасць уражання зменшыцца, а можа, і зусім знікне».

І, падумаўшы так, я скіраваў каня да стромага берага злавеснага чорнага возера, што застыла ў бляску і нерухомасці недалёка ад будынка, і пільна ўгледзеўся, чамусьці з яшчэ большым трымценнем, у перакуленыя і скажоныя адлюстраванні шэрай асакі, прывідных камлёў і пустых вокнаў-вачніцаў.

Тым не менш у гэтым валадарстве змроку я збіраўся спыніцца на некалькі тыдняў. З гаспадаром дому Родэрыкам Ашэрам мы былі блізкімі сябрамі ў дзяцінстве, але з нашай апошняй сустрэчы прайшло шмат гадоў. Нягледзячы на гэта, ліст ад яго дагнаў мяне днямі ў аддаленай частцы краіны, ліст усхваляваны і настойлівы, які не дапускаў ніякага адказу, апроч сустрэчы. Пасланне гэтае сведчыла пра нервовае ўзбуджэнне. Аўтар яго пісаў пра цялесную нядужасць, пра разумовы разлад, які яго прыгнятае, пра гарачае жаданне бачыць мяне, свайго найлепшага, больш за тое – адзінага блізкага сябра; пра спадзяванне, што мая жыццярадаснасць і маё таварыства прымусяць ягоную хваробу адступіць. І тон, у якім усё гэта і многае іншае было сказана, і відавочная палымянасць ягонай просьбы не пакідалі месца для ваганняў – і я прыняў запрашэнне, якое ўсё яшчэ лічыў вельмі дзіўным.

Нягледзячы на тое, што нашыя стасункі ў дзяцінстве можна было нават назваць блізкімі, я няшмат ведаў пра свайго сябра. Ён заўсёды быў надзвычай замкнёны. Тым не менш мне даводзілася чуць, што прадстаўнікі ягонага старажытнага роду здаўна вылучаліся празмернай чуллівасцю тэмпераменту, які цягам стагоддзяў знаходзіў увасабленне ў творах высокага мастацтва, а з некаторага часу выяўляўся ў пастаяннай і шчодрай, але ненавязлівай дабрачыннасці, як, дарэчы, і ў гарачай прыхільнасці не столькі да звыклай і лёгкапазнавальнай, колькі да вышукана прыгожай музыкі. Калісьці я даведаўся таксама пра той цікавы факт, што генеалагічнае дрэва асвечанага стагоддзямі роду Ашэраў ніколі не давала моцных галінаў; іншымі словамі, род працягваўся толькі па асноўнай лініі, і так было, за выняткам некалькіх нязначных і недаўгавечных адхіленняў, заўжды. Магчыма, гэты дэфект, разважаў я, думаючы пра незвычайную адпаведнасць выгляду маёнтка ўсім вядомаму характару яго гаспадароў і дапускаючы магчымасць уплыву, які цягам доўгіх стагоддзяў першы мог зрабіць на другі, – гэты дэфект, гэтая адсутнасць пабочных галінаў роду і, як вынік, пераход спадчыны, разам з імем, ад бацькі да сына па наўпростай лініі, нарэшце настолькі зблізіў уладароў і ўладанні, што імя і назва зліліся ў дзіўным і двухсэнсоўным найменні «Дом Ашэраў», найменні, якое ва ўяўленні сялянаў, што жылі тут, аб’ядноўвала род і родавае гняздо.

Я ўжо сказаў, што адзіным вынікам майго ў нечым дзіцячага эксперымента, калі я разглядаў адлюстраванні ў возеры, было тое, што першае неадназначнае ўражанне толькі ўзмацнілася. Без сумневаў, усведамленне таго, што мая забабоннасць (чаму б мне не назваць гэта так?) імкліва ўзрастае, толькі спрыяла гэтаму росту. Такім ёсць, як я даўно ўжо ведаў, парадаксальны закон усіх пачуццяў, што грунтуюцца на страху. І, пэўна, толькі з гэтай прычыны ў момант, калі я чарговым разам падняў позірк з адбітку дому ў стаўку на сам дом, нарадзілася ў маёй свядомасці ілюзія настолькі дзіўная і недарэчная, і нават больш за тое, што я згадваю яе толькі, каб даць уяўленне пра незвычайную сілу адчуванняў, якія апанавалі мяне. Мая фантазія настолькі разгулялася, што я насамрэч паверыў, быццам маёнтак ахінае атмасфера, уласцівая толькі яму і ваколіцам, – атмасфера, якая не мела нічога агульнага з паветрам і небам, паўстаўшы з выпарэнняў ад гнілых дрэваў, ад шэрых сценаў, ад маўклівага возера, згубная і таямнічая, бязрадасная, чэзлая, ледзь заўважная, свінцовага колеру.

Адагнаўшы думку, якая не магла не быць насланнём, я пачаў больш уважліва вывучаць фасад будынка, які існаваў наяве. Без сумневаў, ён быў надзвычай старажытны. Стагоддзі доўга сціралі яго колеры. Плесня пакрывала ўсю знадворную частку дому, тонкай заблытанай павуцінай звісаючы з дахавых скатаў. Але хоць якога значнага разбурэння не было заўважна. Каменная кладка не абвалілася, і дзіўна было назіраць скрайнюю неадпаведнасць паміж усё яшчэ бездакорнымі прапорцыямі пабудовы і станам асобных, амаль раскрышаных, камянёў. Усё гэта нагадала мне падманную цэласць старое драўніны, што доўгія гады гніла ў якім-небудзь закінутым сутарэнні, куды ні разу не ўварваўся звонку подых ветру. Зрэшты, апроч гэтага знаку павольнага заняпаду, матэрыял не выглядаў нетрывалым. Магчыма, уважлівае вока і ўгледзела б амаль незаўважную расколіну, што пачыналася ўверсе фасада, зігзагам спускалася па сцяне і гублялася ў змрочных водах возера.

Звярнуўшы ўвагу на ўсё гэта, я кароткай паркавай сцежкай пад’ехаў да дому. Служка прыняў майго каня, і я прайшоў пад гатычнымі скляпеннямі хола. Нячутна ступаючы, лёкай у поўным маўчанні правёў мяне праз шматлікія цёмныя і заблытаныя калідоры ў кабінет свайго гаспадара. Шмат з таго, што я бачыў, пакуль мы ішлі, усё больш нагнятала тыя няясныя адчуванні, пра якія я ўжо казаў. І хаця ўсё, што атачала мяне, – разьблёны арнамент столі, цёмныя габелены на сценах, гладкая чорная падлога, фантасмагарычная трафейная зброя, якая бразгатала, калі я праходзіў міма, – усё было (ці здавалася мне) знаёмым з дзяцінства, я, усведамляючы яго звычайнасць, са здзіўленнем адзначаў, якія неверагодныя фантазіі могуць абудзіць самыя звыклыя прадметы. На адной з лесвіцаў я сустрэў сямейнага доктара. На твары ягоным, як мне здалося, агідная хітрасць змешвалася з разгубленасцю. Ён усхвалявана прывітаў мяне і пайшоў далей. Лёкай тым часам расчыніў дзверы і абвесціў мой прыход.

Пакой, у якім я апынуўся, быў вельмі прасторны і высокі. Доўгія і вузкія спічастыя вокны былі так высока ад дубовай падлогі, што да іх немагчыма было дацягнуцца. Слабых чырванаватых промняў, што праходзілі праз закратаваныя вокны, было дастаткова, каб разгледзець найбольш буйныя прадметы, але позірк марна спрабаваў сягнуць аддаленых кутоў пакоя або паглыбленняў у скляпеністай, пакрытай разьбой столі. Цёмныя парцьеры завешвалі сцены. Старажытная мэбля была нязручнай і абшарпанай. Паўсюль ляжалі кнігі і музычныя інструменты, але яны не рабілі абстаноўку хоць на каліва больш жывою. Я адчуў, як мяне паглынае атмасфера скрухі. Усё поўніла і над усім панавала гнятлівая, глыбокая, несуцішная туга.

Калі я ўвайшоў, Ашэр падняўся з канапы, дзе да гэтага ляжаў расцягнуўшыся, і прывітаў мяне з той гарачай сардэчнасцю, у якой, як мне спачатку падалося, было шмат ад празмернай ветлівасці, змушаных высілкаў знуджанага сплінам свецкага чалавека. Але адзін позірк на Ашэра ўпэўніў мяне ў яго непадробнай шчырасці. Мы селі. Некалькі імгненняў, пакуль ён маўчаў, я глядзеў на яго са змяшаным пачуццём жалю і страху. Несумненна, ні адзін чалавек за такі кароткі час не мяняўся так жахліва, як Родэрык Ашэр! Цяжка было паверыць, што чалавек, які сядзіць перада мной, – сябар майго дзяцінства. І ўсё ж рысы ягоныя былі адметнымі і тады, і цяпер. Змярцвела-бледны твар; вялікія, ясныя, сваім бляскам ні з чым не параўнальныя вочы; вусны даволі тонкія і практычна бяскроўныя, але незвычайна прыгожых абрысаў; тонкі габрэйскі нос, але з зашырокімі для такой формы ноздрамі; цудоўна вылепленае падбароддзе недастаткова выступае наперад, што сведчыць пра недахоп душэўных сілаў; валасы, мякчэйшыя і танчэйшыя за павуціну, – гэтыя рысы ў спалучэнні з празмерна высокім ілбом нялёгка было забыць. А цяпер яны акрэсліліся так рэзка, застыўшы ў выразе, які часта прымалі, што непазнавальна змянілі гэты твар, і я нават засумняваўся, што за чалавек перада мной. Цяперашнія мёртвая бледнасць скуры і неверагодны бляск вачэй здзівілі – і нават спалохалі – мяне найбольш. Далікатныя, бы шоўк, зблытаныя валасы, здавалася, жылі асобным жыццём і, як павуціна, быццам не аблямоўвалі твар, а луналі вакол яго, і я не мог, як ні намагаўся, спалучыць гэты фантастычны вобраз з уяўленнем пра зямную істоту.

У паводзінах майго сябра мяне адразу ўразіла нейкая непаслядоўнасць, супярэчлівасць. Хутка я зразумеў, што прычынай яе былі шматлікія марныя спробы змагчы пастаянную дрыготку, моцнае нервовае ўзбуджэнне. Да чагосьці такога я быў падрыхтаваны і ягоным лістом, і некаторымі дзіцячымі ўспамінамі, і высновамі, якія я зрабіў, назіраючы за яго фізічнымі асаблівасцямі і праявамі яго незвычайнага тэмпераменту. Ён то ажыўляўся, то зноў рабіўся прыгнечаным. Ягоны голас то няўпэўнена дрыжаў (калі бадзёрасць знікала даастатку), то раптам пераходзіў да энергічнае важкасці, да таго адрывістага, цяжкога, павольнага і гулкага вымаўлення, якое, са сваёй няспешнасцю, ураўнаважанасцю і бездакорнымі мадуляцыямі, уласцівае безнадзейным п’яніцам або невылечным опіяманам падчас іх найвышэйшае ўзбуджанасці.

Вось такім чынам ён гаварыў пра мэту майго візіту, пра гарачае жаданне бачыць мяне і пра суцяшэнне, якога ён чакаў ад майго прыезду. Ён доўга расказваў мне пра тое, што лічыў прычынаю свае хваробы. Гэта была, казаў ён, прыроджаная спадчынная немач, сродак супраць якой ён зняверыўся знайсці. Звычайнае нервовае расстройства, – тут жа дадаў ён, – якое, без сумневаў, хутка пройдзе. Праяўлялася яно ў шматлікіх ненатуральных адчуваннях. Некаторыя з іх пасля ягонага апісання зацікавілі і збянтэжылі мяне, зрэшты, магчыма, на мяне паўплывалі асобныя яго словы і яго манера гаварыць увогуле. Ён неймаверна пакутаваў ад хваравітае абвостранасці ўсіх пачуццяў. Ён насіў адзенне толькі з пэўнае тканіны, мог трываць толькі ежу зусім без смаку, пах любых кветак быў для яго невыносны, ягоныя вочы не цярпелі нават цьмянага святла, і толькі асобныя гукі струнных інструментаў не поўнілі яго жахам.

Я зразумеў, што ім завалодаў нейкі ненармальны страх.

«Я загіну, – казаў ён, – я мушу загінуць ад гэтага неверагоднага вар’яцтва. Такі, менавіта такі, і ніякі іншы, канец мяне чакае. Я так баюся тых здарэнняў, што хутка адбудуцца… не, не іх саміх, а таго, што яны за сабою пацягнуць. Я скаланаюся ад думкі пра любы, нават самы банальны, выпадак, здольны паўплываць на гэтую невыносную душэўную ўзбуджанасць. Мне агідная не небяспека, а яе скрайняя праява – жах. Вось так, пазбаўлены мужнасці, у вартым жалю стане, я прадчуваю, што рана ці позна надыдзе імгненне, калі я страчу ўвадначас і жыццё, і розум у барацьбе са злавесным прывідам – страхам».

З часам я з ягоных бязладных і няясных намёкаў даведаўся пра яшчэ адну асаблівасць ягонага душэўнага стану. Ім валодалі забабонныя ўяўленні што да ягонага дому, адкуль ён многія гады нікуды не выязджаў, – пра нібыта моцны ўплыў (аб чым ён паведаміў такімі цьмянымі выразамі, што я не ў стане іх узнавіць), які пэўнымі асаблівасцямі архітэктуры і матэрыялу і з прычыны шматгадовае звычкі зрабіў на ягоную душу ягоны фамільны замак: выгляд шэрых сценаў і вежаў, цёмнае возера, у якое яны глядзеліся, – усё гэта адбілася на духоўным боку ягонага жыцця.

Аднак ён прызнаўся, хоць і не адразу: надзвычайная прыгнечанасць, якая апанавала яго, была выкліканая прычынаю больш натуральнаю і нашмат больш значнаю – цяжкой і доўгай хваробаю, а дакладней, відавочна блізкай смерцю пяшчотна любімай сястры, яго адзінага сябра на працягу доўгіх гадоў, апошняй на свеце з іхнай сям’і. Яе скон, казаў ён з горыччу, якой я не магу забыць, пакіне яго (яго, роспачнага, кволага) апошнім са старажытнага роду Ашэраў. Пакуль ён гаварыў, лэдзі Мадэліна (менавіта так яе звалі) прайшла міма праз аддаленыя дзверы пакоя і, не заўважыўшы мяне, знікла. Я глядзеў на яе, неймаверна ўражаны і не без трымцення, не ў стане ўсё ж вытлумачыць гэтыя адчуванні. Я дранцвеў, сочачы за тым, як яна паступова знікала з вачэй. Калі ўрэшце за ёю зачыніліся дзверы, я інстынктыўна і нецярпліва павярнуўся да яе брата, але ён закрыў твар рукамі, і я заўважыў толькі, як яшчэ большая бледнасць разлілася па ягоных худых пальцах, скрозь якія няспынна цяклі гарачыя слёзы.

Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна – як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат – саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей – прынамсі, жывою.

Некалькі дзён ні я, ні Ашэр не згадвалі яе імя. Цягам гэтага часу я рабіў усё, каб развеяць тугу майго сябра. Мы малявалі або чыталі разам, а часам я, нібы ў сне, слухаў шалёныя імправізацыі ягонай гітары, якая быццам валодала дарам гаварыць. Па меры таго як расла і расла нашая блізкасць, адкрываючы мне доступ да таямніцаў ягонага сэрца, я з усё большай горыччу ўпэўніваўся ў марнасці сваіх высілкаў суцешыць душу, з якой змрок, нібы неад’емная і абавязковая яе частка, выліваўся на ўсё духоўнае і матэрыяльнае, бесперапынна выпраменьваючы тугу.

Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. З карцінаў, якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем – тым большым, што я не ведаў яго прычыны, – з гэтых карцінаў, што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў, выразны, без прыхарошвання, малюнак – усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў, сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.

Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая карціна выяўляла неймаверна доўгі прастакутны склеп або калідор, нізкі, з гладкімі белымі сценамі без аніякага ўзору або няроўнасці. Некаторыя дэталі малюнка давалі адчуць, што гэты склеп ляжыць вельмі глыбока пад зямлёю. Ніводнага выхаду не было відаць на ўсёй неагляднай яго прасторы, не было ніводнай паходні ці яшчэ якой-кольвек штучнай крыніцы святла. Тым не менш мноства яркіх прамянёў залівала ўвесь склеп, поўнячы яго дзіўным жудасным ззяннем.

Я толькі што згадваў пра хваравітасць слыхавога нерва, якая любую музыку рабіла для пакутніка невыноснай, за выняткам гучання некаторых струнных інструментаў. Магчыма, вузкая сфера, якою ён абмежаваў сябе, – гітара – у значнай ступені абумовіла фантастычнасць ягонага грання. Але нечуваную лёгкасць яго імправізацыяў гэтым патлумачыць немагчыма. Неўтаймоўныя фантазіі, выказаныя і ў гуках, і ў словах (зрэдку ён суправаджаў музыку вершаванымі экспромтамі), мусілі быць – і былі – вынікам напружанай разумовай засяроджанасці, якую, як я ўжо казаў, можна было назіраць толькі ў асаблівыя моманты найвышэйшай, штучна выкліканай экзальтацыі. Словы адной з такіх рапсодыяў я лёгка запомніў. Магчыма, яе выкананне так моцна ўразіла мяне, бо акурат тады я, зразумеўшы яе найглыбейшы схаваны сэнс, упершыню выразна адчуў: Ашэр цалкам усведамляе, што трон яго высокага розуму пахіснуўся. Верш, які называўся «Закляты замак», гучаў прыблізна, а магчыма, і дакладна так:

У даліне, дзе ўрачысты

Хваласпеў-харал гучаў,

Маляўнічы й прамяністы

Замак велічна паўстаў.

Розуму была там воля

Над усім, І не асланяў ніколі

Лепшых земляў серафім.

Гордых вымпелаў палотны

Замкавы вянчалі дах

(Дзень згубіўся той зіхотны У вяках).

Там ветрык лёгкі над мурамі

Шукаў забаў —

Сабе, гуляючы сцягамі,

Няўлоўны водар забіраў.

Хто ішоў праз дол спагадны,

Бачыў – там агонь не цьмеў —

Духаў танец пад суладны,

Меладычны лютняў спеў.

Там, у велічнай паставе,

Сын каралёў,

На троне ў асляпляльнай славе

Сядзеў уладца тых краёў.

Рубіны й перлы сноп праменняў

Слалі з замкавых дзвярэй,

З іх струменіў і струменіў,

І іскрыўся ўсё мацней

Хор галасоў; дзівоснай сілы

Яны былі, Іх песня караля хваліла —

Не будзе лепшай на зямлі.

Ды змрочны дэман, скруха злая

Яго пазбавіла стальца.

О, плачце, бо яго адчаю

Ужо не прычакаць канца,

І слава болей не паўстане —

Бліскучы шчыт;

Яна – няяснае паданне,

Што адышло ў нябыт.

І хто пабачыць у трымценні

Чырвонае святло ў акне,

Дзе так бязладна скачуць цені, —

Той спешна замак абміне.

Імкнецца вонкі жах суцэльны —

Пачвараў плынь жывая.

Там можна рогат чуць пякельны,

А ўсмешак – не бывае.

Я добра памятаю, што гэтая балада выклікала ў нас шэраг разважанняў, што рабілі яснай адну думку Ашэра, якую я згадваю тут не таму, што яна такая ўжо новая (бо так думалі і іншыя[9]), а праз настойлівасць, з якою ён яе трымаўся. У агульным гэтая думка зводзілася да таго, што ўсё жывое здольнае адчуваць. Але ў ягоным хваравітым уяўленні гэтая думка змянілася ў больш дзёрзкую, якая ў пэўных аспектах урывалася ў царства нежывой прыроды. Мне бракуе словаў, каб выразіць, як аддана ён трымаўся гэтай думкі і наколькі быў у ёй упэўнены. Гэтае ўяўленне, аднак, было звязанае (як я намякаў раней) з шэрымі камянямі замка ягоных продкаў. На ягоную думку, здольнасць гэтага дому адчуваць была абумоўленая спосабам злучэння камянёў і іх размяшчэннем, гэтаксама як і плесняю, што аплятала дом, і гнілымі дрэвамі, што яго атачалі, а перш за ўсё – доўгаю, бестрывожнаю непарушнасцю ўсяго навокал і яго падваеннем у застылых водах возера. Доказам існавання гэтае адчувальнасці, казаў ён (і я ўздрыгнуў, калі ён гэта сказаў), ёсць паступовае, але бясспрэчнае згушчэнне адмысловае атмасферы вакол возера й дому. А наступствы гэтага, дадаў ён, бачныя ў тым невідочным, але неаслабным і жудасным уплыве, які стагоддзямі вылепліваў лёсы ягонага роду і яго самога зрабіў такім, якім я яго бачу цяпер, тым, кім ён ёсць. Такія меркаванні не патрабуюць каментароў, і я ад іх устрымаюся.

Нашыя кнігі – кнігі, што доўгія гады былі важнаю часткай разумовага жыцця хворага, – як і варта было чакаць, цалкам адпавядалі ягоным незвычайным уяўленням. Мы ўважліва вывучалі такія творы, як «Вэр-Вэр» і «Манастыр» Грэсэ*, «Бельфагор» Мак’явэлі*, «Нябёсы і пекла» Сведэнборга*, «Падземнае падарожжа Нікаласа Кліма» Хольберга*, «Хірамантыю» Роберта Флада*, Жана д’Эндажынэ* і Дэляшамбра*, «Падарожжа ў блакітную далеч» Ціка* і «Горад Сонца» Кампанэлы*. Улюбёнаю кнігаю Ашэра была выдадзеная in octavo «Directorium Inquisitorum»[10] дамініканскага манаха Эймерыка дэ Жырона*, а над некаторымі ўрыўкамі з працаў Пампонія Мэлы* – пра старажытных афрыканскіх сатыраў і эгіпанаў – ён гадзінамі праседжваў у мроях. Але найбольшую асалоду ён знаходзіў ва ўважлівым вывучэнні надзвычай рэдкага тома in quarto, надрукаванага гатычным шрыфтам, настаўлення нейкае забытае царквы, – «Vigiliæ Mortuorum secundum Chorum Ecclesiæ Maguntinæ».[11]

Я не мог не падумаць пра дзіўныя абрады, апісаныя ў гэтай кнізе, і іх магчымы ўплыў на хворага, калі аднаго вечара, каротка паведаміўшы мне, што лэдзі Мадэліны больш няма, ён сказаў пра свой намер на два тыдні (да канчатковага пахавання) пакласці яе цела ў адзін са шматлікіх склепаў пад цэнтральнаю часткай будынка. Аднак прычына, якою ён патлумачыў мне свой незвычайны ўчынак, была такая, што я не наважыўся спрачацца. Зрабіць гэта ён вырашыў зважаючы (так ён мне сказаў) на незвычайную яе хваробу, некаторыя настойлівыя і неадчэпныя роспыты яе дактароў, а таксама на тое, што сямейныя могілкі былі далёка і ў адкрытым месцы. Не буду адмаўляць: згадаўшы змрочны выгляд доктара, якога я сустрэў на лесвіцы ў дзень прыезду, я не захацеў пярэчыць намеру, што падаўся мне, зрэшты, бяскрыўднай і цалкам натуральнай абачлівасцю.

Па просьбе Ашэра я сам дапамагаў яму ў падрыхтоўцы часовага пахавання. Мы ўдвух паклалі цела ў труну і аднеслі яе ў склеп, маленькі, сыры, які не прапускаў ніякага святла. Яго так доўга не адчынялі, што нашыя паходні, напалову згаслыя ў цяжкім паветры, не далі нам шмат разгледзець. Ён ляжаў глыбока пад зямлёю, акурат пад той часткай будынка, дзе была мая спачывальня. Відавочна, у далёкую феадальную эпоху ён выконваў найнепрывабнейшую ролю турмы ў данжоне, а пазней – сховішча, куды складалі порах або іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы, бо частка падлогі і ўвесь скляпеністы калідор, па якім мы прайшлі, былі старанна абабітыя меддзю. Цяжкія жалезныя дзверы былі ўмацаваныя гэткім жа чынам. Праз сваю неймаверную вагу яны жахліва скрыгаталі, паварочваючыся на завесах.

Паклаўшы нашую сумную ношу на драўляны насціл у гэтым жытле жаху, мы крыху адсунулі яшчэ не замацаванае века труны і паглядзелі на твар той, што ў ёй ляжала. Надзвычайнае падабенства брата й сястры тады ўпершыню забрала маю ўвагу, і Ашэр, адгадаўшы, мабыць, мае думкі, прамармытаў некалькі словаў, з якіх я зразумеў, што яны са спачылаю блізняты і што паміж імі заўсёды існавала амаль неспасцігальная сувязь. Зрэшты, нашыя позіркі ненадоўга спыніліся на мёртвай, бо глядзець на яе без трымцення мы не маглі. Немач, што звяла яе ў магілу ў росквіце гадоў, пакінула, як звычайна бывае пры каталепсіі, слабое падабенства румянцу на яе твары й грудзях і тую дзіўна застылую ўсмешку на вуснах, што так жахае ў нябожчыках. Мы прыкруцілі века і, замкнуўшы жалезныя дзверы, з цяжкасцю пакрочылі ў ненашмат менш змрочныя пакоі наверсе.

А праз некалькі дзён, поўных глыбокае скрухі, характар разумовага расстройства майго сябра заўважна змяніўся. Ягоная звычайная манера паводзіцца знікла. Штодзённыя заняткі былі закінутыя і забытыя. Ён бязмэтна блукаў з пакоя ў пакой, то тут, то там былі чуваць ягоныя хуткія, няроўныя крокі. Бледнасць ягонага твару зрабілася, калі гэта магчыма, яшчэ жахлівейшаю, аднак бляск ягоных вачэй згас цалкам. Калісьці ягоны голас гучаў глуха, але не цяпер. Што б ён ні казаў, ва ўсім чулася неймавернае трымценне, быццам народжанае найглыбейшым жахам. Часам мне здавалася, што ягоны заўжды ўсхваляваны розум увесь час змагаецца з нейкай гнятлівай таямніцаю, і ён спрабуе набрацца мужнасці, каб пра яе расказаць. А часам я мусіў лічыць усё гэта папросту невытлумачальнымі выбрыкамі вар’яцтва, назіраючы, як ён гадзінамі сядзіць, з незвычайна пільнай увагаю ўглядаючыся ў пустату і нібы прыслухоўваючыся да ўяўных гукаў. Не дзіва, што ягоны стан жахаў і заражаў мяне. Я адчуваў, што мною марудна, але няўмольна завалодваюць ягоныя фантастычныя неадступныя кашмары.

Я цалкам адчуў на сабе ўладу гэтых пачуццяў, кладучыся ў ложак на сёмы ці восьмы вечар пасля таго, як мы паклалі лэдзі Мадэліну ў склеп. Сон не йшоў да мяне, гадзіна праходзіла за гадзінаю. Розумам я спрабаваў адагнаць неспакой, што ахапіў мяне. Я намагаўся ўпэўніць сябе, што многае, калі не ўсё, з таго, што я адчуваю, народжанае дзіўным уплывам змрочнае абстаноўкі пакоя – падранымі цёмнымі парцьерамі, якія пад подыхам блізкае буры парывіста гайдаліся з боку ў бок і трывожна шаргацелі ля балдахіна ложка. Але спробы мае былі марныя. Неадольнае трымценне паступова працяла мяне ўсяго, і цяжар беспрычыннага страху лёг мне на сэрца. Задыхаючыся, з неймавернымі высілкамі адганяючы гэты кашмар, я сеў на ложку і пільна ўгледзеўся ў непраглядны змрок пакоя. Прыслухаўшыся – не ведаю, чаму, мабыць, інстынктыўна, – я пачуў ціхія няясныя гукі, якія зрэдку, незразумела адкуль, даносіліся сюды, калі бура сціхала. Апанаваны ўсеўладным жахам, невыносным і невытлумачальным, я паспешліва апрануўся – бо адчуваў, што гэтаю ноччу мне ўжо не заснуць, – і паспрабаваў скінуць насланнё, хутка ходзячы туды-сюды па пакоі.

Я змераў пакой такім чынам некалькі разоў, калі маю ўвагу забралі лёгкія крокі на лесвіцы побач. Я пазнаў хаду Ашэра. Праз імгненне ён ціха пастукаўся і ўвайшоў з лямпаю ў руках. Ён быў, як заўсёды, змярцвела бледны, але ў вачах свяцілася нейкая вар’яцкая весялосць – па ягоных паводзінах было бачна, што ён ледзь стрымлівае істэрыю. Я жахнуўся ягонага выгляду, але цяпер быў рады ўсяму, што пазбаўляла мяне доўгай невыноснай адзіноты, і ўспрыняў ягоны прыход як палёгку.

– Вы што, не бачылі? – адрывіста запытаў ён пасля некалькіх імгненняў, цягам якіх ён маўчаў, утаропіўшыся ў нешта акурат перад сабою, – не бачылі? Але пачакайце, яшчэ ўбачыце! – ён асцярожна прыкрыў лямпу, падбег да аднаго з вокнаў і рэзка расчыніў яго насустрач буры.

Імклівая ярасць віхуры ледзьве не збіла нас з ног. Так, гэта была бурная, але сувора прыўкрасная ноч, непаўторная ў сваім жахлівым шаленстве і харастве. Відавочна, дзесьці паблізу пачаўся ўраган, бо кірунак ветру часта і рэзка мяняўся, а надзвычайная гушчыня хмараў, якія віселі так нізка, што ціснулі на вежы замка, не перашкаджала нам бачыць, як яны, нібы жывыя, несліся насустрач адна адной, сутыкаліся, але не разыходзіліся далёка. Я сказаў, што іх надзвычайная гушчыня не перашкаджала нам гэта бачыць, хаця не свяцілі ні зоры, ні месяц, і маланка не бліскала. Але пад вялізнымі ўздыбленымі клубамі туману, як і паўсюль навокал нас, ззяла ненатуральнае святло, народжанае выпарэннямі газу, які ахутваў дом.

– Не варта, не трэба вам на гэта глядзець! – дрыжучы, сказаў я Ашэру і з мяккай настойлівасцю пасадзіў яго на крэсла, далей ад акна. – Тое, што ўсхвалявала вас, – не больш як звычайныя электрычныя з’явы. А можа, іх спарадзілі агідныя міязмы возера… Давайце зачынім акно, такі вецер шкодны для вашага здароўя. Вось адзін з вашых улюбёных рыцарскіх раманаў. Я пачытаю, а вы паслухайце – і мы разам дачакаемся канца гэтае жахлівае ночы.

Старажытны том, узяты мною, быў сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне»*, але я назваў яго ўлюбёным раманам Ашэра хутчэй нявесела жартуючы, чым усур’ёз, бо, шчыра кажучы, ва ўсім гэтым нязграбным і пазбаўленым фантазіі шматслоўі мой сябар, чыя ўзвышаная душа сягала ідэальнага, наўрад ці знайшоў бы хоць штосьці для сябе цікавае. Аднак гэта была адзіная кніга пад рукою, і я меў слабую надзею, што ўсхваляванасць, якая ахапіла яго, зменшыцца менавіта ад скрайняй бязглуздасці таго, што я збіраўся чытаць (бо хворыя на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю). Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.

Я дайшоў да добра вядомага ўрыўка, дзе Этэльрэд – галоўны герой рамана – пасля марных спробаў мірна ўвайсці ў жытло пустэльніка наважваецца ўварвацца туды сілаю. Тут, калі памятаеце, гаворыцца: «І Этэльрэд, ад прыроды надзелены мужнасцю, а цяпер яшчэ больш адважны ад віна, ім выпітага, не стаў больш весці размоваў з пустэльнікам, які, праўду сказаць, быў натураю ўпартай і зламыснай, адчуваючы, што набліжаецца дождж і баючыся буры, тут жа падняў сваю булаву і, цяжка дыхаючы, хутка праламаў драўляныя дзверы, а ў адтуліну прасунуў руку ў жалезнай рукавіцы, потым ірвануў іх на сябе, паламаў і разбіў на часткі, і грукат і трэск разбітае сухое драўніны пакаціўся па ўсім лесе».

Дачытаўшы гэты сказ, я ўздрыгнуў і на імгненне спыніўся, бо мне здалося (хаця я тут жа падумаў, што мая ўсхваляваная фантазія мяне падманвае), што з аддаленай часткі будынка да мяне данеслася тое, што, паводле дакладнага свайго падабенства да рэха, мусіла быць менавіта рэхам, што праўда, глухім і слабым, акурат таго грукату й трэску, які так падрабязна апісаў сэр Ланселот. Бясспрэчна, я заўважыў гэта толькі праз супадзенне, бо сярод дрыжання аконных шыбаў і звычайнага змяшанага шуму блізкай навальніцы не было нічога, што само па сабе магло б зацікавіць ці ўзрушыць мяне. Я працягнуў:

– «Але слаўны рыцар Этэльрэд, увайшоўшы ў дзверы, быў да глыбіні душы здзіўлены і разгневаны, не ўбачыўшы ні следу зламыснага пустэльніка. Замест яго там сядзеў жахлівы дракон, пакрыты лускою і з вогненным языком, вартуючы залаты палац са срэбнай падлогаю, а на сцяне вісеў шчыт з бліскучае медзі з такім надпісам:

Хто ўвойдзе сюды, той у бітвах вёў рэй,

Хто знішчыць дракона, той шчыт забярэ.

І Этэльрэд падняў булаву і ўдарыў дракона па галаве, і той упаў перад ім, выпусціўшы свой чумны дух, з віскам такім жахлівым і агідным і да таго ж такім пранізлівым, што Этэльрэду давялося закрыць сабе вушы далонямі, каб абараніцца ад жудаснага гуку, ніколі ім дагэтуль не чутага».

І тут я зноў змоўк, цяпер ад неймавернага здзіўлення, бо ўжо нельга было сумнявацца, што я насамрэч пачуў (хаця і немагчыма было зразумець, адкуль) ціхі і вельмі далёкі, але рэзкі і доўгі ці то віск, ці то скрыгат – дакладна такім я ўяўляў неверагодны крык дракона, апісаны ў кнізе.

Хаця пасля гэтага, яшчэ больш незвычайнага, супадзення мяне ахапілі шматлікія супярэчлівыя пачуцці, сярод якіх пераважалі здзіўленне і найглыбейшы жах, я захаваў дастатковую прысутнасць духу, каб ні словам не патрывожыць расстроеныя нервы майго сябра. Я быў зусім не ўпэўнены, што ён пачуў гэтыя гукі, але паводзіны ягоныя за апошнія некалькі хвілінаў дзіўным чынам змяніліся. Седзячы спачатку насупраць мяне, ён паступова паварочваў сваё крэсла так, каб быць тварам да дзвярэй, таму цяпер я не бачыў ягонага твару цалкам, заўважыў толькі, што вусны ягоныя варушыліся, нібы ён нячутна штосьці шаптаў. Ён апусціў галаву на грудзі, але я ведаў, што ён не спіць, бо вочы ягоныя былі шырока раскрытыя і нерухома глядзелі ў адну кропку. Рухі ягонага цела таксама супярэчылі гэтай думцы: ён пагойдваўся з боку ў бок, плаўна, але пастаянна і аднастайна. Хутка адцеміўшы ўсё гэта, я працягнуў чытаць твор сэра Ланселота:

– «І тады рыцар, унікнуўшы лютай ярасці дракона, успомніў пра медны шчыт, з якога былі знятыя чары, адсунуў з дарогі труп пачвары і мужнай хадою скіраваўся па срэбнай падлозе палаца да сцяны, дзе вісеў шчыт. А шчыт не стаў чакаць, пакуль ён наблізіцца, і ўпаў да ягоных ног з аглушальным і жахліва гучным ляскатам».

Не паспелі гэтыя словы сарвацца з маіх вуснаў, як тут жа, нібыта той медны шчыт сапраўды цяжка абрынуўся на срэбную падлогу, я пачуў далёкі, гулкі, відавочна прыглушаны ляскат. Цалкам страціўшы прысутнасць духу, я ўскочыў на ногі, але Ашэр па-ранейшаму пагойдваўся з боку ў бок. Я кінуўся да ягонага крэсла. Ён гэтак жа глядзеў перад сабою, а ягоны твар застыў у каменнай нерухомасці. Але калі я паклаў руку яму на плячо, ён увесь здрыгануўся, слабая ўсмешка затрымцела на ягоных вуснах, і я ўбачыў, што ён ціха, хутка і невыразна нешта шэпча, нібыта не разумее, што я тут. Нізка нахіліўшыся да яго, я ўрэшце зразумеў жахлівы сэнс ягоных словаў:

– Не чую? – не, чую і чуў! Даўно, даўно, даўно, шмат хвілінаў, шмат гадзінаў, шмат дзён я гэта чуў – і ўсё ж не мог – о, злітуйцеся нада мною, няшчасным, – не мог, не мог сказаць пра гэта! Мы паклалі яе ў магілу жывою! Ці ж не казаў я, што пачуцці мае абвостраныя? Кажу вам, я чуў яе першыя слабыя рухі ў схове труны! Я чуў іх – шмат, шмат дзён таму я іх пачуў, але не мог, не мог сказаць! А цяпер – сёння – Этэльрэд, ха-ха! – разбітыя дзверы пустэльніка, перадсмяротны крык дракона, ляскат шчыта – а дакладней – зламаная труна, грукат жалезных дзвярэй яе вязніцы, яе крокі пад меднымі скляпеннямі падзямелля! О, куды ж мне бегчы?! Ці ж не прыйдзе яна зараз сюды? Ці ж не крочыць яна сюды, каб папракнуць мяне ў паспешлівасці? Ці ж не пазнаў я яе хады на лесвіцы? Ці ж не чую цяжкога, вусцішнага біцця яе сэрца? Вар’ят! – тут ён рэзка ўскочыў на ногі і пранізліва закрычаў, быццам вывяргаючы з сябе душу: – Вар’ят! Кажу ж вам, яна цяпер за дзвярыма!

І адразу ж, нібыта нечалавечая энергія ягоных словаў мела сілу заклёну, вялізныя старажытныя дзверы, на якія ён паказваў, пачалі павольна адчыняцца, раскрываючы сваю жудасную эбенавую пашчу. Гэта зрабіў моцны парыў ветру, але там, за імі, сапраўды ўзвышалася захутаная ў саван постаць лэдзі Мадэліны Ашэр. Кроў запляміла яе белае ўбранне, на схуднелым целе паўсюль былі бачныя сляды адчайнае барацьбы. На імгненне яна затрымалася на парозе, дрыжучы і хістаючыся, а потым з ціхім стогнам упала на грудзі брата і ў яраснай – цяпер перадсмяротнай – агоніі пацягнула ўніз ягонае ўжо мёртвае цела, ахвяру тых жудасцяў, якія ён прадбачыў.

Ахоплены жахам, я бег з гэтага пакоя, з гэтага дому. Навальніца яшчэ бушавала з усёй ярасцю, калі я апынуўся на паркавай сцежцы. Раптам усё вакол працяло жудасным святлом, і я азірнуўся, не разумеючы, адкуль яно, бо за мною быў толькі вялізны дом, агорнуты ценямі. Ззянне йшло ад крывава-чырвонай поўні, якая ўжо садзілася, высвечваючы тую ледзь заўважную расколіну, што зігзагам ішла ад даху дому да фундамента. Пакуль я ўглядаўся туды, расколіна вельмі хутка павялічылася, наляцела лютая віхура, перада мною паўстаў, засцілаючы вочы, дыск поўні, і я змярцвеў, калі ўбачыў, як разлятаюцца на аскепкі моцныя сцены. Пачуўся страшны, аглушальны гук, падобны да голасу тысячаў водных плыняў, і глыбокае цёмнае возера ля маіх ног абыякава і маўкліва пахавала руіны Дому Ашэраў.

Пераклала Кацярына Маціеўская

Авальны партрэт

Замак, у які мой слуга наважыўся праламіцца гвалтам, каб не дазволіць мне ў маім безнадзейна немачным стане прабавіць ноч пад голым небам, уяўляў сабою адну з тых напышлівых і панурых каменных крушняў, што здавён змрочна высіліся сярод апенінскіх схілаў, нібы спароджаныя фантазіямі місіс Рэдкліф*. Па ўсім было відаць, што ягоныя насельнікі часова і зусім нядаўна яго пакінулі. Мы размясціліся ў адным з найменшых і найсціплей абстаўленых пакояў, які ляжаў у невялічкай вежы наўскрай будынка. Ён быў багата аздоблены габеленамі і завешаны шматлікімі і разнастайнымі геральдычнымі шчытамі, разам з незвычайна высокай колькасцю вельмі жывых сучасных карцінаў у рамах з залачонымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі на саміх сценах, але ў шматлікіх угінах і сховах, якія непазбежна ўтвараліся дзівоснаю архітэктураю замка, неяк дзіўна мяне зацікавілі, мабыць, таму, што я ўжо пачынаў трызніць; і я папрасіў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы – бо за вокнамі ўжо стаяла ноч, – запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў у галовах майго ложка, і адхінуць заслоны з чорнага аксаміту, якія закрывалі сам ложак. Усё гэта я загадаў зрабіць дзеля таго, каб аддацца калі не сну, дык прынамсі папераменнаму сузіранню гэтых карцінаў і гартанню невялікай кнігі, якую я знайшоў каля падушкі і якая змяшчала іх агляд і апісанне.

Я доўга-доўга чытаў і пільна-пільна ўглядаўся. Гадзіны праляталі хутка і ўрачыста, пакуль не настала глыбокая поўнач. Мне не спадабалася, як стаіць кандэлябр, і, з цяжкасцю працягнуўшы руку, каб толькі не будзіць прыснулага слугу, я пераставіў яго так, каб полымя паўней асвятляла кнігу.

Аднак гэтае дзеянне мела зусім неспадзяваны вынік. Промні ад свечак (а іх было некалькі) цяпер асвятлялі нішу, якая дагэтуль патанала ў глыбокай цемры каля адной з апораў ложка. І я пабачыў у зыркім святле незаўважную дагэтуль карціну. Гэта быў партрэт дзяўчыны, у якой толькі пачала выспяваць жаноцкасць. Я паспешліва зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Чаму я гэтак зрабіў – мне й самому адразу было незразумела. Але пакуль павекі заставаліся апушчаныя, я ў думках пашукаў прычыну – чаму я заплюшчыў вочы. Гэта быў міжвольны рух, каб заашчадзіць хвілінку на роздум – каб упэўніцца, што мой зрок мяне не падмануў, – каб супакоіцца і падпарадкаваць уяўленне цвярозаму і пэўнаму роздуму. Праз некалькі імгненняў я зноў пільна ўзіраўся ў карціну.

Што мне не прымроілася – у тым не было аніякага сумневу; бо першы водбліск полымя на палатне, як здалося, развеяў мройнае здранцвенне, якое апанавала мае пачуцці, і ўмомант абудзіў мяне да жыцця.

Гэта быў, як я ўжо казаў, партрэт дзяўчыны. Звычайны партрэт, калі ўжыць тэхнічны тэрмін, у манеры віньеткі; вельмі падобны стылем да партрэтаў Салі*. Рукі, грудзі і нават кончыкі прамяністых валасоў незаўважна зліваліся з няясным і глыбокім ценем, які ўтвараў тло карціны. Рама была авальная, пакрытая багатым залачэннем і маўрытанскімі філігранямі. Як твор мастацтва сама карціна была дасканалая. Аднак наўрад ці самое выкананне ці несмяротная прыгажосць твару маглі так раптоўна і моцна мяне ўразіць. І ўжо зусім не магло быць, каб маё ўяўленне, абуджанае ад паўсну, магло зблытаць партрэт з жывым абліччам. Я адразу пабачыў, што асаблівасці ўзору, стылю і рамы мусілі б адразу развеяць гэткую думку – мусілі б не даць ёй узнікнуць нават на імгненне. Паважна думаючы над гэтымі пытаннямі, я нейкую гадзіну сядзеў у ложку, не зводзячы вачэй з партрэта. Нарэшце, задаволены сапраўднай таямніцай ягонага ўздзеяння, я зноў лёг. Чары карціны, на маю думку, палягалі ў абсалютнай жыццепадобнасці выразу твару, які спачатку здзівіў, а пасля збянтэжыў, скарыў і спалохаў мяне. З глыбокім і багавейным страхам я паставіў кандэлябр на старое месца. Калі прычына майго глыбокага хвалявання схавалася ад вачэй, я пачаў прагна гартаць кнігу, дзе апісваліся карціны ды іхныя гісторыі. Знайшоўшы нумар, якім быў пазначаны авальны партрэт, я прачытаў гэткія няясныя й дзівосныя словы: «Яна была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе. І ў ліхую гадзіну пабачыла яна, пакахала і ўзяла шлюбам мастака. Ён быў апантаны, заўзяты, няшчадны і ўжо меў за нявесту сваё Мастацтва; яна ж была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе; яна ззяла і ўсміхалася і скакала, як маладая лань; любіла й песціла ўсё, што бачыла навокал; ненавідзела толькі мастацтва – сваю злую суперніцу; баялася толькі палеты і пэндзляў ды іншых нясцерпных снадзіваў, якія забіралі ў яе каханага. Таму страшна было пачуць гэтай панне, што мастак жадае намаляваць партрэт сваёй нявесты. Аднак яна была пакорлівая й паслухмяная і аддана сядзела доўгімі тыднямі ў цьмяным пакоі ў вежы, дзе на бледнае палатно аднекуль высока згары падала рэдкае святло. Аднак ён, мастак, упіваўся славаю ад свае працы, якая цягнулася гадзінамі, дзень пры дні. Гэта быў апантаны, дзікі й наравісты чалавек, які згубіўся ў сваіх мроях; так што ён і не заўважыў, як прывіднае святло ў самотнай вежы пачало губіць здароўе і сілу ягонай нявесты, чыё павольнае звяданне заўважалі ўсе, апрача яго. Але яна й надалей усміхалася і не наракала, бо бачыла, што мастак (які меў немалую славу) адчуваў ад сваёй працы пякучую асалоду, ён працаваў дзень і ноч, каб намаляваць тую, што так яго кахала і што няможала й слабла з кожным днём. І сапраўды, усе, хто глядзеў на партрэт, шэптам гаварылі пра падабенства як пра вялікі цуд, як пра доказ не толькі вялікага майстэрства мастака, але й яго бязмежнага кахання да той, каго ён так незраўнана апісаў на карціне. Аднак урэшце, калі праца ўжо набліжалася да завяршэння, у вежу перасталі пускаць старонніх людзей; мастак зусім здзічэў у запале сваёй працы і рэдка зводзіў вочы ад палатна, нават каб паглядзець на жончын твар. Таму ён і не заўважаў, што адценні, якія ён наносіў на палатно, браліся з шчокаў той, што сядзела побач з ім. І калі мінула яшчэ некалькі тыдняў і засталося зрабіць зусім мала, правесці пэндзлем па вуснах і дадаць адцення вачам, душа панны ўскалыхнулася, як полымя лямпы перад згасаннем. І тады фарба легла на вусны і адценне дадалося вачам; і мастак на хвіліну застыў, зачараваны сваім творам; аднак праз імгненне, яшчэ не адвёўшы вачэй ад партрэта, ён задрыжаў і смяротна збялеў, і ў жаху закрычаўшы немым голасам: «Дык гэта ж самое жыццё!», павярнуўся да сваёй каханай: – Яна была нежывая!»

Пераклаў Сяргей Шупа

Лігея

І ў гэтым – воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі.

Джозэф Глэнвіл*

Нават дзеля ўратавання душы не змог бы я згадаць абставінаў, часу і нават дакладнага месца свайго знаёмства з лэдзі Лігеяй. Мінула шмат гадоў з таго часу, а памяць мая саслабла ад пакутаў. А можа, я не магу згадаць таго, бо, сапраўды, характар маёй каханай, яе рэдкая вучонасць, яе выключная спакойная прыгажосць і хвалюючая чароўная красамоўнасць яе нізкага музычнага маўлення знайшлі дарогу да майго сэрца так павольна і паступова, што заставаліся незаўважнымі і нязнанымі. Тым не менш мне здаецца, што я сустрэўся з ёй і бачыўся з ёй найчасцей у адным буйным старым горадзе ля Рэйна, што павольна прыходзіў у заняпад. Яе сям’я… я пэўны, яна расказвала пра яе. Род гэты, без сумневаў, быў надзвычай старажытны. Лігея! Лігея! Аддаючыся заняткам, якія як нішто іншае паслабляюць повязь з вонкавым светам, адно гэтым любым словам – Лігея – уваскрашаю я вобраз тае, якое ўжо няма. І цяпер, пішучы гэта, я раптам згадаў, што ніколі не ведаў родавага імя той, што была маім сябрам і нявестай, той, што стала ўдзельніцай маіх заняткаў і ўрэшце – маёй каханай жонкаю. Ці быў гэта гарэзлівы выклік з боку мае Лігеі? Альбо выпрабаванне мае прыязнасці, мае здольнасці ўстрымацца ад роспытаў пра гэта? Ці, можа, мая ўласная прыхамаць – вар’яцкая рамантычная ахвяра на алтар мае самай жарснай адданасці? Але й гэта я згадваю цьмяна – чаго ж здзіўляцца таму, што я цалкам забыўся на ўсе абставіны, якія спарадзілі гэта і гэтаму спадарожнічалі? І сапраўды, калі дух, што завецца Закаханасцю, калі яна, бледная і туманнакрылая Аштафет* паганскага Егіпта, напраўду, як кажуць паданні, прарочыла гора якому-небудзь вяселлю, то, без сумневаў, і майму таксама.

Ёсць, зрэшты, адно дарагое мне, што памяць мая захавала, – гэта аблічча Лігеі. Была яна высокая, крыху танклявая, а ў апошнія свае дні – нават змарнелая. Ніколі б не здолеў я перадаць велічнасць і спакойную нязмушанасць яе паводзінаў або неспасцігальную лёгкасць і грацыю яе рухаў. Яны з’яўлялася і знікала, быццам цень. Пра яе прыход у мой зацішны кабінет я даведваўся толькі дзякуючы мілай музыцы яе ціхага, пяшчотнага голасу, калі мармуровыя пальцы апускаліся на маё плячо. Ніводная дзяўчына ніколі б не зраўналася з ёй прыгажосцю твару. Гэтае ззянне опіюмнай мары – паветраная відзежа палёту душы, больш казачная за фантазіі мройных душаў дачок Дэласа*. Аднак у гэтых рысах не было тае правільнасці, якую класічныя паганскія працы змусілі нас лічыць дасканаласцю. «Няма вытанчанае прыгажосці, – справядліва заўважае Бэкан, лорд Веруламскі*, пішучы пра формы і genera[12] прыгажосці, – без нейкай незвычайнасці прапорцый». Усё ж, хаця я бачыў, што ў рысах Лігеі няма класічнае правільнасці, хаця я заўважаў, што яе хараство насамрэч было «вытанчаным», і адчуваў ягоную «незвычайнасць», усё ж марнымі былі ўсе спробы знайсці няправільнасць, якая выклікала ўва мне пачуццё гэтай незвычайнасці. Я ўглядаўся ў абрысы высокага бледнага ілба – ён быў бездакорны. Бездакорны – якое халоднае слова ў дачыненні да такое боскае велічы! З яго белізной было не зраўнацца і найчысцейшай слановай костцы, на ім панавалі спакой і гармонія… Гэтыя лёгкія выступы на скронях і чорныя, бы крумкачовае крыло, бліскучыя, раскошныя і ад прыроды кучаравыя пасмы, што адразу выклікалі ў памяці гамэраўскі эпітэт «гіяцынтавыя»! Я разглядаў далікатныя лініі носа – нідзе больш я не бачыў гэткай жа дасканаласці, апрача вытанчаных габрэйскіх медальёнаў. Такая ж раскошная роўнасць, такая ж ледзь бачная гарбінка, такія ж плаўна выразаныя ноздры гаварылі пра вольны дух. Я глядзеў на чароўныя вусны. У іх быў сапраўдны трыюмф нябеснасці: найпрывабнейшы выгін кароткай верхняй губы, мяккая, пачуццёвая нерухомасць ніжняй, вясёлыя ямачкі, насычаны колер; зубы, якія з амаль немагчымым ззяннем адлюстроўвалі кожны прамень дабраславёнага святла, што падала на іх, калі яна ўсміхалася – ясна, спакойна і ўсё ж так асляпляльна! Я вывучаў форму яе падбароддзя – і там знаходзіў мяккую шырыню і веліч, пяшчоту і адухоўленасць грэкаў – абрысы, якія Апалон толькі ў сне паказаў Клеамену*, сыну афінца. І тады я ўглядаўся ў вялізныя вочы Лігеі.

Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка – толькі ў часы глыбокага хвалявання – гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. І ў такія моманты яе прыгажосць – ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? – была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, – прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам – яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай – глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я – найадданейшым з астролагаў.

Сярод усіх неспасцігальных анамалій, якія вывучае навука пра розум, няма больш узрушальнай за пачуццё – на яго, пэўна, і не зважаюць навукоўцы, – якое ўзнікае, калі мы спрабуем згадаць нешта даўно забытае і, здаецца, ужо набліжаемся да адказу – але ўрэшце нічога не згадваем. І часта, углядаючыся ў вочы Лігеі, я адчуваў, што вось-вось разгадаю таямніцу іх выразу, я набліжаўся да яе – і выпускаў з рук! І (дзіўная, якая дзіўная таямніца!) у самых звычайных рэчах я знаходзіў выразы, падобныя да гэтага. Я маю на ўвазе, што з таго часу, як прыгажосць Лігеі ўвайшла ў маё сэрца і знайшла там свой храм, я часта адчуваў тое ж, што выклікалі ўва мне яе вялізныя бліскучыя вочы, калі бачыў іншыя, матэрыяльныя рэчы. І тым не менш я не мог акрэсліць гэтае пачуццё, не мог яго прааналізаваць ці нават уважліва вывучыць. Яно прыходзіла, паўтараю, калі я разглядаў доўгую лазу ці любаваўся матыльком, хрызалідай, хуткаплыннай ракой. Ува мне яго абуджалі акіян і падзенне метэора. Яно было ў поглядах людзей, што дажылі да незвычайна глыбокай старасці. І ёсць дзве-тры зоркі ў небе (асабліва адна, зорка шостае велічыні, двайная і пераменная, побач з буйной зоркай у сузор’і Ліры*), якія выклікалі гэтае пачуццё, калі я глядзеў на іх у тэлескоп. Яно перапаўняла мяне ад некаторых гукаў струнных інструментаў і нярэдка – падчас чытання некаторых месцаў у кнігах. Сярод іншых незлічоных прыкладаў мне асабліва запомніўся выраз з тома Джозэфа Глэнвіла, які (магчыма, сваёй мудрагелістасцю – хто ведае?) абуджаў гэтае пачуццё заўсёды: «І ў гэтым – воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі».

Доўгія гады і наступныя разважанні дазволілі мне знайсці аддаленую сувязь гэтага выслоўя ангельскага мараліста з некаторымі рысамі характару Лігеі. Сіла ў думках, учынках і размовах Лігеі магла быць вынікам – ці, прынамсі, сведчаннем – яе тытанічнае волі, якая за доўгі час нашае блізкасці больш не з’яўляла ніякіх знакаў свайго існавання. З усіх жанчынаў, якіх я калі-небудзь ведаў, яна – вонкава спакойная, заўсёды ціхамірная Лігея – зрабілася найбольш бездапаможнай здабычай дзікіх грыфаў бязлітаснае жарсці. І сілы гэтай жарсці я не змог бы ўявіць, калі б толькі вочы яе не раскрываліся так чароўна, што захапляла і палохала мяне; калі б не амаль магічная меладычнасць і выразнасць яе нізкага спакойнага голасу і шалёная энергія (тым больш дзіўная ў параўнанні з яе звычайнай манерай гаварыць) шалёных словаў, што пастаянна зрываліся з яе вуснаў.

Я згадваў вучонасць Лігеі – яна была бязмежнай; такой я не сустракаў ні ў адной жанчыны. У класічных мовах яна была глыбока дасведчаная, і не было ніводнай вядомай мне сучаснай еўрапейскай гаворкі, на якой яна не размаўляла б бездакорна. Дый ці існавала галіна ведаў, найбольш модная – проста таму, што найбольш заблытаная, – з тых, якімі ганарыцца акадэмічная эрудыцыя, у якой яна б чагосьці не ведала? І як незвычайна і непаўторна гэтая рыса маёй жонкі толькі ў апошні перыяд завалодала маёй увагаю! Я казаў, што такой вучонасці не сустракаў ні ў аднае жанчыны, – але ці знойдзецца мужчына, які б спасціг – і спасціг паспяхова – усе неасяжныя галіны гуманітарных, фізічных і матэматычных навук? Тады я не бачыў так ясна, як цяпер, што веды Лігеі былі незвычайнымі, неабдымнымі. Аднак я ўжо адчуваў яе перавагу і з дзіцячым даверам падпарадкаваўся яе кіраўніцтву ў хаатычным свеце метафізічных доследаў, якім я прысвяціў першыя гады нашага шлюбу. З якім бязмерным гонарам, з якім жывым захапленнем, з якой вялікай мераю ўсяго, што ёсць зямнога ў надзеі, адчуў я, калі яна была са мною падчас маіх заняткаў (але мала шукаў – і яшчэ менш усведамляў), тую неверагодную перспектыву, што павольна адкрывалася перада мной, чые доўгія чароўныя няходжаныя сцежкі вялі да мудрасці надта боскай і каштоўнай, каб не быць забароненай.

І якім жа невымерным тады мусіла быць маё гора, калі праз некалькі гадоў я ўбачыў, як мае справядлівыя спадзяванні адляцелі ад мяне на крылах! Без Лігеі я быў як дзіця, заблукалае ў цемры. Адзіна яе прысутнасць, яе чытанні кідалі яркае святло на шматлікія трансцэндэнтальныя таямніцы, у якія мы паглыбляліся. Без прамяністага бляску яе вачэй іскрыстыя залатыя пісьмёны рабіліся цямнейшымі за сатурнавы свінец*. А цяпер гэтыя вочы ўсё радзей і радзей асвятлялі старонкі, над якімі я схіляўся. Лігея захварэла. Шалёныя вочы ззялі занадта, занадта асляпляльнымі прамянямі; бледныя пальцы пачалі прасвечвацца васковай магільнай празрыстасцю, а блакітныя жылкі на высокім ілбе набухалі і спадалі ад самага лёгкага хвалявання. Я бачыў, што яна павінная памерці, – і душа мая адчайна змагалася са змрочным Азраілам*. А мая палкая жонка, на маё здзіўленне, змагалася яшчэ больш горача, чым я. Мяркуючы па яе стрыманым характары, я думаў, што смерць прыйдзе да яе без звычайных сваіх жахаў, але я памыляўся. Словы няздольныя даць хоць якое ўяўленне аб тым, як шалёна і ўпарта змагалася яна з Ценем. Я стагнаў ад пакуты, назіраючы гэтае тужлівае відовішча. Я суцяшаў яе, спрабуючы паклікаць на дапамогу яе розум, – але для яе нястрымнае прагі жыцця, жыцця, толькі жыцця і суцяшэнні, і разважанні былі б недарэчнымі. І ўсё ж амаль да самага канца, у самых лютых канвульсіях, якія скаланалі яе душу, яна не страчвала вонкавага спакою. Голас яе стаў мякчэйшы і ніжэйшы, аднак мне не хацелася б спыняцца на дзікім значэнні словаў, якія яна так спакойна прамаўляла. Я ледзь не вар’яцеў, калі зачаравана слухаў мелодыю больш чым смяротную, калі разумеў здагадкі і намеры, невядомыя раней смяротным.

У яе каханні да мяне я ніколі не сумняваўся і лёгка мог бы зразумець, што ў такім сэрцы, як ейнае, каханне не можа быць пасрэдным пачуццём. Але толькі перад яе смерцю я цалкам спасціг глыбіню яе жарсці. Шмат гадзінаў, трымаючы мяне за руку, яна раскрывала мне таямніцы сэрца, чыя палкая любоў дасягала ступені абагаўлення. Чым заслужыў я дабрадаць такіх прызнанняў? Чым заслужыў я праклён расстання з каханай у час, калі іх пачуў? Але я больш не магу гаварыць пра гэта. Дазвольце мне толькі сказаць, што ў каханні Лігеі, што пераўзыходзіла жаночае каханне, – у каханні, на жаль, незаслужаным, каханні, якога я быў зусім не варты, – я ўрэшце пазнаў яе нястрымную прагу жыцця, якое так хутка яе пакідала. Гэтае дзікае прагі, гэтага наймацнейшага жадання жыцця – толькі жыцця – я не маю сілаў апісаць, няздольны выказаць.

Апоўначы, перад самаю сваёю смерцю, яна ўладным жэстам паклікала мяне да сябе і загадала прачытаць верш, напісаны ёю колькі дзён таму. Я падпарадкаваўся. Вось гэты верш:

Глядзі! Растала ўшчэнт нуда

Пасля гадоў панылых,

Сядзіць анёлаў грамада

Прыўкрасных і двухкрылых,

Бо ставяць сённяшняй парой

Спектакль мрой, хімераў —

Вось залунаў над залай рой

Мелодый вышніх сфераў.

Акторы церпяць ад навал,

Хоць маюць вобраз Божы, —

Марыянетак карнавал —

Ды хто ім дапаможа,

Калі ў руках таемных сіл

Масткі, кулісы, хоры?

З іх чорных кондаравых крыл

Злятае гора.

О, варта драму нам пачаць,

Вам не сысці нікуды!

Усе за прывідам імчаць,

А ён – падман, аблуда.

Імчыш, самлелы і глухі,

А вынік – той жа самы,

Вар’яцтва, вусціш і грахі —

Сюжэт спрадвечнай драмы.

Але зірні! Вось з-за куліс

Паўзе пачварны вораг!

Яго бясформенны абрыс

Палохае бадзёрых.

І не спыніць яго нічым —

Глытае ўсіх без меры,

І плача кожны серафім,

І румзае ў партэры.

Святло знікае і масткі,

Акторы, маскі, сцены.

Завесу – саван свой цяжкі —

Здымай хутчэй са сцэны!

Анёльскі голас, быццам здзек,

Абвесціць п’есу тую:

На сцэне – драма «Чалавек»,

Чарвяк там трыюмфуе[13]*.

– Божа! – усклікнула Лігея, сутаргава прыпадняўшыся і ўзняўшы рукі ў нябёсы, калі я скончыў чытаць. – Божа! Ойча нябесны! Няўжо гэта непазбежна? Няўжо Пераможцу ніколі не быць пераможаным? Ці ж мы – не частка Твая? Хто – хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі.

Белыя рукі яе ўпалі, і, нібы дашчэнту знясіленая гэтым парывам, яна ўрачыста апусцілася на ложак смерці. З апошнім выдыхам з яе вуснаў зляцеў ледзь чутны шэпт. Я нахіліўся да іх і зноў пачуў тыя ж заключныя словы з урыўку Глэнвіла: не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі.

Яна памерла. А я, зрынуты ў прах скрухаю, больш не мог трываць адзіноты свайго жытла ў смузе старога горада ля Рэйна, што павольна прыходзіў у заняпад. Таго, што свет называе багаццем, у мяне было ўдосталь. Лігея прынесла мне больш, нашмат больш, чым звычайна выпадае на долю смяротнага. І праз некалькі месяцаў бязрадасных і бязмэтных тулянняў я купіў і ў пэўнай ступені наноў аздобіў адно абацтва – не буду яго называць – у адным з самых дзікіх і закінутых месцаў прыўкраснай Англіі. Змрочная і панурая ўрачыстасць будынка, амаль поўнае запусценне маёнтка, безліч сумных звязаных з імі пракаветных паданняў надзвычай гарманічна спалучаліся з пачуццём скрайняй закінутасці, якое прывяло мяне ў гэты далёкі і ўсімі забыты край. Але хаця абвітыя зялёнаю плесняю сцены абацтва я і пакінуў без значных зменаў, унутры, паддаўшыся дзіцячаму капрызу і, можа быць, з цьмянай надзеяй суцішыць свой боль, я абставіў усё з больш чым каралеўскай раскошаю. Да такіх дзівацтваў я меў схільнасць яшчэ ў дзяцінстве, а цяпер яны вярнуліся, быццам я здзяцінеў ад гора. На жаль, я адчуваю, колькі прыкметаў разумовае хваробы, што паступова нараджалася ўва мне, можна было заўважыць у раскошных і фантастычных драпіроўках, ва ўрачыстай егіпецкай разьбе, у вар’яцкіх карнізах і мэблі, ва ўзорах дываноў з залатымі махрамі. Я зрабіўся пакорлівым рабом опіюму, і мая праца і распараджэнні набылі адценне маіх відзежаў. Але досыць пра гэтыя бязглуздзіцы. Я раскажу толькі пра адзін пакой – пракляты назаўжды! Туды я ў момант нейкай запамарокі прывёў ад алтара як сваю жонку, як пераемніцу незабытай Лігеі, светлавалосую і блакітнавокую лэдзі Равэну Трэвэньён з Трэмэйна.

Няма такой архітэктурнай дэталі і аздобы шлюбнага пакоя, якая не стаяла б цяпер у мяне перад вачыма. Дзе былі пыхлівыя душы родных маёй нявесты, калі, прагнучы золата, яны дазволілі дзеве, дачцэ, настолькі любімай, пераступіць парог пакоя, аздобленага такім чынам? Я сказаў, што дакладна памятаю ўсе дробязі пакоя – але недаравальна забыўся на больш важнае; а ў той мудрагелістасці не было ні парадку, ні сістэмы, якія б маглі замацавацца ў памяці. Гэты вялізны пяцікутны пакой месціўся ў высокай вежы падобнага да замку абацтва. Увесь паўднёвы бок пяцікутніка займала акно – вялізнае венецыянскае цэльнае шкло свінцовага адцення, і ўсе сонечныя ці месяцовыя прамяні, праходзячы скрозь яго, надавалі пакою магільнае ззянне. Над верхняй часткаю гэтага вялізнага акна размяшчаліся краты, абвітыя старой лазою, што ўзбіралася ўверх па сценах масіўнае вежы. Змрочная дубовая скляпеністая столь, надзвычай высокая, была пакрытая найдзічэйшымі гратэскавымі ўзорамі напаўгатычнага, напаўдруідычнага арнамента. У самым цэнтры гэтых змрочных скляпенняў на залатым даўгазвённым ланцугу вісела вялізная жырандоля, таксама залатая, сарацынскага ўзору. У ёй было шмат хітра размешчаных адтулін, з якіх, нібы надзеленыя змяінай гнуткасцю, бесперапынна выслізгвалі рознакаляровыя агні.

Некалькі атаманак і залатых усходніх кандэлябраў стаялі ў беспарадку. Было там і ложа, шлюбнае ложа ў індыйскім стылі, нізкае, з чорнага дрэва, з балдахінам, падобным да пахавальнага покрыва. У кожным з пяці кутоў стаялі старчма саркафагі з чорнага граніту, прывезеныя з царскіх грабніцаў Луксору*, чые вечкі былі аздобленыя старажытнымі барэльефамі. Але найфантастычнейшымі – на жаль! – былі драпіроўкі. Вялізнымі складкамі цяжкія, масіўныя габелены з той самай тканіны, што й дыван на падлозе, закрывалі ненармальна высокія, нават непрапарцыйныя сцены. З той самай тканіны былі і покрыўкі на атаманках і чорным ложку, і балдахін над ім, і раскошныя парцьеры, што часткова зацянялі акно. Гэтай тканінаю была найдаражэйшая залатая парча. Яна была хаатычна расшытая найчарнейшымі арабескамі, кожная каля фута ў дыяметры. Але гэтыя фігуры набывалі абрысы арабесак толькі тады, калі на іх глядзелі з пэўнага пункту. Дзякуючы звыкламу цяпер спосабу, які сягае каранямі ў глыбокую старажытнасць, яны маглі мяняць выгляд. Тым, хто ўваходзіў у пакой, яны падаваліся проста пачварнымі, але з кожным наступным крокам гэтае ўражанне паступова знікала, і, прасоўваючыся наперад, госць бачыў вакол сябе бясконцую працэсію змрочных стварэнняў, народжаных нарманскімі прымхамі або паўсталыя ў грэшных сненнях манаха. Фантасмагорыя бясконца ўзмацнялася ад штучна створаных пастаянных паветраных патокаў за драпіроўкамі, якія надавалі ўсяму вакол неспакойны і страшны рух.

У такіх уладаннях – у такім шлюбным пакоі – бавіў я з лэдзі Равэнай грэшныя гадзіны ў першы месяц пасля нашага вяселля, бавіў без асаблівых трывог. Я бачыў, што жонка мая баіцца маёй лютасці і змрочнасці, пазбягае мяне і не палае гарачым каханнем, але гэта мне хутчэй падабалася, чым наадварот. Я адчуваў да яе нянавісць, уласцівую хутчэй дэману, а не чалавеку. Памяць мая вярталася (о, з якім шкадаваннем!) да Лігеі, каханай, велічнай, прыўкраснай, пахаванай. Я жыў згадкамі пра яе чысціню, мудрасць, высокую, незямную натуру, жарснае каханне, што межавала з абагаўленнем. І тады душу маю цалкам, наўсуцэль ахоплівалі агні, яшчэ гарачэйшыя за ўсе агні яе душы. У опіюмных мроях (а я не вызваляўся з кайданаў гэтага зелля) я выкрыкваў яе імя – у начной цішы і ў дзённым цені далін, нібы сваёй дзікай прагай, змрочнай жарсцю і ўсёпаглынальным сумам па памерлай я мог вярнуць яе на зямныя сцежкі, якія яна пакінула – о, няўжо назаўжды?..

Калі ішоў другі месяц нашага шлюбу, лэдзі Равэна раптоўна захварэла і ачуньвала вельмі павольна. Ліхаманка не давала ёй спаць начамі, і ў трывожнай дрымоце яна казала пра гукі і рухі ў вежы, у пакоі і над ім, але я палічыў, што яны выкліканыя толькі яе расстроеным уяўленнем або фантасмагарычным уплывам самога пакоя. Урэшце ёй палепшала, і яна зусім ачуняла. Аднак мінула зусім мала часу, калі другая, яшчэ цяжэйшая хвароба зноў кінула яе на ложак пакутаў. І ад гэтай хваробы яна, і да таго слабая, так і не акрыяла. З таго часу яе хваробы рабіліся ўсё больш страшнымі, а найстрашнейшым было іх пастаяннае вяртанне, і ўсе веды і высілкі дактароў не маглі ёй дапамагчы. З узмацненнем хваробы, якая займела над ёй столькі ўлады, што выратаваць яе было па-за межамі чалавечых сілаў, я не мог не заўважыць і ўзмацнення нервовага разладу і яе здольнасці хвалявацца з самай нязначнай нагоды. Яна ўсё часцей і настолівей казала пра гукі, ледзь чутныя гукі і незвычайныя рухі ў драпіроўках, што здаваліся ёй і раней.

Аднае ночы, у канцы верасня, яна загаварыла пра гэтыя жахлівыя сненні з большай настойлівасцю, чым звычайна, спрабуючы звярнуць на гэта маю ўвагу. Тады яна толькі што абудзілася ад неспакойнага сну, і я са змяшаным пачуццём нецярпення і няяснага страху сачыў за зменамі выразаў яе твару. Я сядзеў у галавах эбенавага ложка на адной з індыйскіх атаманак. Яна прыўзнялася і загаварыла ледзь чутным шэптам пра гукі, якія тады чула яна, але не я; пра рухі, якія тады бачыла яна, але не я. Вецер моцна калыхаў драпіроўкі, і я хацеў паказаць ёй (чаму, прызнацца, не да канца верыў), што менавіта ад ветру ўзнікаюць тыя невыразныя ўздыхі і ледзь заўважныя рухі арабесак. Але змярцвелая бледнасць яе твару сказала мне пра марнасць маіх высілкаў разупэўніць яе. Здавалася, яна зараз страціць прытомнасць, а служкі былі далёка і не пачулі б майго голасу. Я згадаў, дзе стаіць графін з лёгкім віном, прапісаным ёй дактарамі, і паспяшаўся прынесці яго з іншага канца пакоя. Але калі я ступіў у асветленае жырандоляю месца, маю ўвагу забралі дзве рэчы: я адчуў, як нехта нябачны, але рэальны, праслізнуў побач са мной, і ўбачыў на залатым дыване, якраз там, дзе прамяні асвятлялі яго найярчэй, цень – лёгкі, няпэўны цень, чые абрысы былі падобныя да абрысаў анёла – яго можна было палічыць ценем ценю. Але я быў узбуджаны празмернай дозай опіюму і таму не надаў гэтаму значэння і нічога не сказаў Равэне. Я знайшоў віно, вярнуўся да яе, наліў келіх і паднёс да вуснаў напаўпрытомнае жонкі. Ёй ужо зрабілася лепш, і яна сама ўзяла келіх, а я сеў на атаманку, не зводзячы вачэй з хворае. І вось тады я выразна пачуў лёгкія крокі па дыване і ля ложка, і калі Равэна паднесла віно да вуснаў, я ўбачыў – ці мне прымроілася? – як некалькі бліскучых кропляў рубінавага колеру, нібы з нейкай нябачнай крыніцы, упалі ў келіх. Калі я гэта і ўбачыў, то Равэна – не. Яна спакойна выпіла віно, і я не стаў казаць ёй пра тое, што, урэшце, магло быць і плёнам майго неспакойнага ўяўлення, на якое хваравіта падзейнічалі опіюм, страхі жонкі і ноч.

Тым не менш я не магу хаваць ад самога сябе тое, што адразу пасля падзення рубінавых кропляў стан маёй жонкі рэзка пагоршыўся. І на трэцюю пасля гэтае ноч рукі служак убралі яе для магілы, а на чацвертую я сядзеў адзін каля яе цела, спавітага саванам, у тым фантастычным пакоі, у які калісьці прывёў Равэну як сваю маладую жонку. Вар’яцкія опіюмныя відзежы ценямі мільгалі ў мяне перад вачыма.

Я неспакойна глядзеў на саркафагі ў кутах, на разнастайныя ўзоры драпіровак, на звівы каляровых агнёў у жырандолі над галавой. Згадаўшы нядаўнюю ноч, я кінуў погляд на кола, утворанае ззяннем жырандолі, дзе пабачыў няясны цень. Але яго там больш не было, і я ўздыхнуў з палёгкай і перавёў позірк на бледнае і нерухомае цела на ложку. І тады мяне апанавалі тысячы ўспамінаў пра Лігею, і тады маё сэрца зноў з нястрымнасцю бурнае плыні напоўніла неперадавальная пакута, з якой я глядзеў на яе, спавітую саванам. Ноч заканчвалася; а я, усё яшчэ поўны горкіх думак пра тую адзіную, якую бясконца кахаў, глядзеў, не адводзячы позірку, на цела Равэны.

Пэўна, апоўначы, а можа, раней ці пазней – я не сачыў за часам, – нізкае, ціхае, але вельмі выразнае рыданне вырвала мяне са здранцвення. Мне падалося, што яно прагучала з эбенавага ложка – ложка смерці. Я прыслухаўся, нямеючы ад прымхлівага жаху, але гук не паўтарыўся. Я ўглядаўся ў цела, спрабуючы заўважыць хоць нейкі рух – але не ўбачыў нічога. Між тым я не мог памыляцца. Я чуў гук, якім бы ціхім ён ні быў, і душа мая абудзілася. Я не спускаў вачэй з цела. Мінула шмат хвілінаў, перш чым адбылося тое, што кінула святло на таямніцу. Урэшце стала відавочна, што шчокі і дробныя жылкі павекаў заліў слабы, але заўважны румянец. Ад невымоўнага жаху і трапятання, для якіх мова смяротных не знойдзе выразу, маё сэрца перастала біцца, а цела знерухомела. Урэшце пачуццё абавязку вярнула мяне да прытомнасці. Не было сумневу, што мы паспяшаліся з падрыхтоўкаю, – Равэна яшчэ жывая. Трэба было неадкладна дзейнічаць, але вежа была далёка ад таго крыла абацтва, дзе жылі служкі, і паклікаць не было каго – я мусіў бы на пэўны час пакінуць пакой, а на гэта я не мог наважыцца. Таму я сам прыклаў усе намаганні, каб вярнуць у цела душу, што лунала паблізу. Аднак хутка стала відавочна, што Равэна вярнулася да ранейшага стану: румянец знік са шчок і павекаў, саступіўшы бялейшай за мармуровую бледнасці, вусны ўдвая зморшчыліся і сціснуліся ў жудаснай грымасе смерці, агідная халодная вільгаць хутка пакрыла цела, якое адразу застыла. Я, дрыжучы, вярнуўся на атаманку, з якой быў падняты так рэзка, і зноў аддаўся жарсным мроям наяве пра Лігею.

Так мінула гадзіна, калі (няўжо гэта магчыма?) я другі раз пачуў нейкі няпэўны гук з боку ложка. Я ўслухоўваўся ў невымоўным жаху. Гук пачуўся зноўку – гэта быў уздых. Я кінуўся да цела і ўбачыў – выразна ўбачыў – трапятанне вуснаў. Праз імгненне яны варухнуліся, раскрыўшы бліскучую палоску жамчужных зубоў. Цяпер у маім сэрцы з трапятаннем, якое датуль панавала там усеўладна, пачало змагацца агаломшанне. Я адчуў, што ў вачах у мяне пацямнела, што розум мой затуманіўся, і толькі адчайным высілкам прымусіў сябе зноў выканаць свой абавязак. Яе лоб, шчокі і шыя паружавелі, цела пацяплела і нават слаба забілася сэрца. Яна жыла; з падвойным палам я пачаў вяртаць яе да прытомнасці. Я расціраў яе, змочваў скроні і рукі, пераспрабаваў усё, што памятаў з досведу і чытання медыцынскіх кніг. Але марна. Раптам румянец знік, сэрца спынілася, вусны змярцвела запалі, і праз імгненне цела зрабілася халодным, як лёд, пасінела, застыла, страціла абрысы і набыло ўсе гідкія прыкметы цела, якое шмат дзён праляжала ў магіле.

І зноў патануў я ў мроях пра Лігею, і зноў (ці дзіўна, што я дрыжу, пішучы гэта?), зноў пачуў ціхае рыданне з эбенавага ложка. Але нашто падрабязна перадаваць невымоўныя жахі тае ночы? Нашто спыняцца на аповедзе пра тое, як раз за разам, да самага шэрага світання, паўтаралася гэтая жудасная драма ажыўлення, як кожнае вяртанне да жыцця змянялася яшчэ страшнейшай, яшчэ больш непераможнай смерцю, як кожная агонія адлюстроўвала барацьбу з невядомым і нябачным ворагам і як кожная бітва жахліва змяняла выгляд трупа? Не, дазвольце мне хутчэй перайсці да развязкі.

Гэтая страшная ноч ужо амаль мінула, калі тая, што была мёртваю, зноў варухнулася – ужо жывей, чым у папярэднія разы, хаця абуджэнню гэтаму папярэднічала змярцвенне, найбольш безнадзейнае з усіх. Я ўжо даўно адмовіўся ад спробаў змагацца і нават рухацца і застаўся сядзець на атаманцы – бездапаможная ахвяра зграі пачуццяў, з якіх скрайні жах быў, мабыць, найменш страшным і валадарным.

Цела, паўтару, зварухнулася нашмат жывей. Фарбы жыцця з новай сілай ажывілі твар, мышцы расслабіліся, і калі б не заплюшчаныя вочы і пахавальныя павязкі і саван на нерухомай фігуры, што ўсё яшчэ злучалі яе з магілаю, я мог бы паверыць, што Равэна насамрэч апрытомнела і скінула кайданы Смерці. Але нават калі я не прыняў тады гэтай думкі, то ўсе сумневы зніклі, калі, узняўшыся з ложка, няўпэўненымі крокамі патрывожанага ў сне, з заплюшчанымі вачыма, тое, што было спавітае саванам, рашуча рушыла ў сярэдзіну пакоя.

Я не дрыжаў – я не варухнуўся – безліч немагчымых фантазіяў, выкліканых выглядам, абрысамі, паставай фігуры, пранеслася ў маёй галаве, паралізавала мяне і ператварыла ў халодны камень. Я не зварухнуўся – але глядзеў неадрыўна. У думках маіх панавалі разлад і мітусня. Няўжо насамрэч перада мною стаяла жывая Равэна? Ці магла гэта быць Равэна – светлавалосая блакітнавокая Равэна Трэмэньён з Трэмэйна? Чаму, чаму я засумняваўся ў гэтым? Павязкі моцна абвіналі рот – але хіба гэта не мог быць рот жывой лэдзі Равэны? А шчокі – яны квітнелі ружамі, як у паўдзённы час яе жыцця – так, гэта маглі быць шчокі жывой лэдзі Равэны. А падбароддзе, а ямачкі, што казалі пра здароўе, – чаму б ім не быць ейнымі? Але няўжо яна магла стаць вышэйшай за час сваёй хваробы? Якое невымоўнае вар’яцтва апанавала мяне ад гэтай думкі! Адзін скачок – і я апынуўся ля яе ног! Адхіліўшыся ад майго дотыку, яна адкінула жахлівую пахавальную павязку, якая абвінала яе галаву, і ў рухомым паветры пакоя рассыпаліся пасмы даўгіх растрапаных валасоў – яны былі чарнейшыя за крумкачовыя крылы поўначы! І тады павольна расплюшчыліся вочы тае, што стаяла перада мной.

– Прынамсі ў гэтым, – ускрыкнуў я, – у гэтым я не магу – ніколі б не змог памыліцца! Гэта чорныя, глыбокія, шалёныя вочы маёй страчанай каханай… лэдзі… ЛЭДЗІ ЛІГЕІ!

Пераклала Марына Дзергачова

Маска Чырвонае Смерці

Чырвоная Смерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленнем і яе пячаткаю – чырвань і жудасць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў, пакуль не наставаў смяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцця, якое пазбаўляла ахвяру людское дапамогі й спагады. I ўвесь гэты поступ хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся паўгадзіны.

Але князь Праспэра быў шчаслівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладанні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору і з імі адышоў у глыбокую адлюднасць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхетных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі і, увайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар’яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забяспечаны. Належна засцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А свет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосць, віно. Усё гэта й надзейная бяспека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Смерць.

Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкнення й калі пошасць навокал лютавала найстрашней, князь Праспэра сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасці. Маскарад гэты быў найдзівоснейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем – велічная анфілада. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфілады складаюць доўгую й простую перспектыву, а дзверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасць да ўсяго bizarre.[14] Пакоі былі размешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць метраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасць. Справа й злева, пасярэдзіне кожнай сцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфілады. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна з пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу – і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацверты быў абстаўлены й аздоблены ў памаранчавы колер – пяты ў белы – шосты ў ліловы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам, які пакрываў усю столь і сцены ад верху да нізу ды спадаў цяжкімі складкамі на дыван – тае самае тканіны й адцення. Аднак толькі ў гэтым пакоі колер вокнаў не адпавядаў навакольнай аздобе. Шыбы тут былі пунсовыя – густа-крывавага колеру. Ні ў адным з сямёх пакояў сярод багатага залатога аздаблення, якое было раскіданае сям і там або звісала са столяў, не было ні свяцільняў, ні кандэлябраў. Ва ўсёй анфіладзе не гарэла ніводнае лямпы або свечкі. Аднак у калідоры, уздоўж анфілады, насупраць кожнага акна стаяў цяжкі трыножнік з жарніцаю, полымя якой зырка асвятляла пакой праз каляровыя шыбы. І гэтак у пакоі спараджалася мноства дзівосных фантастычных зданяў. Што да заходняга, чорнага пакоя, дык у ім святло ад агню, што лілося на чорныя заслоны праз крывавыя вокны, стварала асабліва несамавітае ўражанне. Той, хто ўваходзіў туды, гэтак страшна мяняўся тварам, што мала хто з прысутных наважваўся пераступіць парог пакоя.

І якраз у гэтым памяшканні, пры заходняй сцяне, стаяў вялізны гадзіннік з чарнадрэву. Ягоны маятнік вагаўся з нудным, цяжкім, манатонным гулам; і калі хвілінная стрэлка рабіла сваё кола й спаўнялася цэлая гадзіна, з медзяных грудзей гадзінніка вырываўся звонны бой – чысты, гучны, глыбокі й надзвычай музыкальны, але такога нязвыклага тону й выразнасці, што кожную гадзіну музыкі ў аркестры былі змушаныя на момант спыняць выкананне і ўслухоўвацца ў трывожныя гукі; гэтак і тыя, хто кружыўся ў вальсе, мімаволі затрымліваліся; на хвіліну ўся вясёлая грамада замірала ў няёмкім замяшанні; і, калі яшчэ чуўся звон, можна было заўважыць, што твары найбольш легкадумных бялелі, а больш сталыя й паважныя затулялі рукою лоб нібы ў няясным роздуме ці задуменні. Аднак калі рэха сунімалася цалкам, па пакоях адразу прабягаў лёгкі смех; музыкі глядзелі адзін на аднаго й пасміхаліся нібы з сваёй нервовасці й глупства ды шэптам абяцалі адзін аднаму, што наступны бой гадзінніка не абудзіць у іх такіх пачуццяў; аднак праз шэсцьдзесят хвілін (якія ахапляюць тры тысячы шэсцьсот секундаў хуткаплыннага часу) зноў чуўся звон, і зноў, як раней, усіх ахапляла збянтэжанасць, сполах і задуменне. Аднак нягледзячы на гэтыя рэчы то была вясёлая й раскошная гулянка. Князевы густы былі вельмі дзіўныя. Ён меў добрае вока на колеры й эфекты. Ён грэбаваў звычайнасцю. Ягоныя планы былі смелыя й бліскучыя, ягоныя задумы палалі дзікунскім агнём. Некаторыя маглі б палічыць яго вар’ятам, але ягоныя паплечнікі адчувалі, што ён не вар’ят. Трэба было пачуць і пабачыць яго, дакрануцца да яго, каб у гэтым пераканацца.

Ён збольшага сам кіраваў абстаўленнем сямёх пакояў з нагоды гэтага вялікага фэсту, а ягоны ўладарны густ фармаваў вобразы ўдзельнікаў маскараду. Можна не сумнявацца, што яны былі вычварныя. Было ў іх вельмі шмат зіхцення й бляску, пікантнасці й прывіднасці – шмат такога, што можна было пабачыць у «Эрнані»*. Былі тут постаці-арабескі з недарэчнымі часткамі цела й надобамі. Былі мройныя дзівосы, як, прыкладам, уборы вар’ятаў. Было шмат прыгожага, шмат дзівацкага, шмат bizarre, трохі жахлівага й нямала таго, што магло б выклікаць агіду. Фактычна па сямёх пакоях сноўдала мноства дзівосных сненняў. І яны – гэтыя сненні – дзівосна курчыліся, мяняючы колер у кожным пакоі, і дзікаватая музыка аркестра здавалася рэхам іхных крокаў. Але вось – б’е чорны гадзіннік, што стаіць у аксамітнай залі. I тады на нейкі момант усё заціхае, усё маўчыць, апроч голасу гадзінніка. Сненні застываюць, як стаялі. Аднак водгулле званоў замірае – яно цягнулася ўсяго імгненне – і лёгкі, крыху прыдушаны смех ляціць яму наўздагон. I тады зноў грыміць музыка, і сненні аджываюць і сноўдаюцца сюды-туды яшчэ жвавей, чым перад гэтым, пазычаючы адценні ў каляровых вокнаў, праз якія ліюцца промні жарніцаў. Але ў пакой, што з усіх сямёх ляжыць найдалей на захад, ніхто з масак зайсці не наважваецца; бо ноч надыходзіць; усё чырванейшае святло ліецца праз крывавыя шыбы; і страшыць чорнасць драпіроўкі; і той, чыя нага ступае на чорны аксаміт дывана, чуе прыглушаны звон эбенавага гадзінніка, больш выразны і ўрачысты за гук, які дасягае вушэй тых, хто аддаецца самым бяздумным забавам у іншых пакоях…

А гэтыя іншыя пакоі былі поўныя вясёлых бяседнікаў, у іх хваравіта біўся пульс жыцця. I гулянка віравала далей, пакуль нарэшце апоўначы не пачаў біць гадзіннік. I тады музыка сціхла, як я казаў; і зноў, як і раней, усё замерла ў замяшанні. Але цяпер звон у гадзінніку меўся прабіць дванаццаць удараў; і так стала, што больш думак пракралася – бо дольшы быў звон – у роздум найбольш разважных сярод гулякаў. I яшчэ сталася так, што перш чым апошняе рэха апошняга ўдару патанула ў цішы, шмат хто ў натоўпе паспеў заўважыць прысутнасць постаці ў масцы, якую дагэтуль ніхто не бачыў. I калі чутка пра гэта глухім шэптам разышлася навокал, сярод усяе грамады ўзняўся гоман і гул, у якім спачатку чулася незадаволенасць і здзіўленне – а пасля пярэпалах, жах і агіда.

У тым зборы прывідаў, які я апісаў, штосьці звычайнае, будзённае не магло б абудзіць такіх пачуццяў. I праўда, распусная вольнасць начнога маскараду была амаль бязмежная; аднак постаць, пра якую йдзе гаворка, перайшла ўсе межы, нават няпэўныя рамкі прыстойнасці самога князя. Ёсць струны ў сэрцы нават самых легкадумных пустадомкаў, якія могуць адгукнуцца хваляваннем. Нават што да зусім згубленых душаў, для каго жыццё й смерць – аднолькава пустыя жарты, ёсць рэчы, з якімі і на іх думку не можа быць ніякіх жартаў. I сапраўды, цэлая грамада, здавалася, з усёй глыбінёю адчувала, што ўбор і паводзіны чужынца былі скрайне недарэчныя й непрыстойныя. Ён быў высокі, худы, ахутаны з галавы да ног у магільнае ўбранне. Маска, што хавала твар, так нагадвала застылага нябожчыка, што, нават блізка разгледзеўшы, цяжка было б заўважыць падман. Але ўсё гэта маглі б яшчэ сцярпець, а мо нават і ўхваліць звар’яцелыя паплечнікі князя. Аднак гэты штукар зайшоў так далёка, што прыбраўся Чырвонаю Смерцю. Яго адзенне было запэцканае крывёю – шырокі лоб, як і ўвесь твар, быў пазначаны пунсовым жахам.

Калі позірк князя Праспэра ўпаў на гэты прывідны вобраз (які павольна і ўрачыста, мо каб паўней выканаць ролю, хадзіў туды й сюды сярод тых, хто кружыўся ў вальсе), яго ў першую хвілю перасмыкнула ад жаху й агіды; аднак у наступны момант ягоны твар пачырванеў ад гневу. «Хто насмеліўся, – спытаўся ён хрыпла ў сваіх дворных, што стаялі побач, – хто насмеліўся абразіць нас такой блюзнерскаю насмешкай? Схапіць яго й зняць маску – каб мы ўсе даведаліся, каго заўтра ўранку павесяць на муры!»

Ва ўсходнім, блакітным, пакоі стаяў князь Праспэра, калі прамовіў гэтыя словы. Гучна й выразна прагрымелі яны па ўсіх сямёх пакоях, бо князь быў чалавек адважны й дужы, і музыка была сунялася на ўзмах ягонае рукі. У блакітным пакоі стаяў князь, а побач з ім – колькі збялелых падданых. Спачатку, як ён сказаў гэта, сёй-той з грамады нерашуча кінуўся да нязванага госця, які тады быў паблізу, а цяпер няспешна й самавіта падышоў да таго, хто прамовіў суворыя словы. Але з нейкага невыказнага страху, навеянага гэтым вар’яцкім убраннем, не знайшлося нікога, хто б наважыўся яго схапіць; так што, не сустрэўшы перашкодаў, ён прайшоў за метр ад князевай асобы; а калі ўвесь збор, нібы згаварыўшыся, адхінуўся з сярэдзіны заляў да сценаў, ён прайшоў, не спыняючыся, тым самым урачыстым і мерным крокам, уласцівым яму ад самага пачатку, праз блакітны пакой у барвовы – праз барвовы ў зялёны – праз зялёны ў памаранчавы – праз гэты ў белы – адтуль у ліловы, перш чым была прынятая рашучая спроба яго спыніць. То ж бо тады Праспэра, шалеючы ад гневу за сваё хвіліннае баязліўства, кінуўся паспешна праз шэсць пакояў, тым часам ніхто не пайшоў за ім з прычыны бязмежнага страху, які агарнуў усё навокал. Ён выхапіў з похваў корд і ў імклівым парыве нагнаў госця, калі той, дасягнуўшы дальняе сцяны аксамітнага пакоя, раптоўна павярнуўся й глянуў у вочы свайму пераследніку. Пачуўся пранізлівы крык – і бліскучы корд упаў на чорны дыван, а праз імгненне на ім распасцерся ў смяротным сне князь Праспэра. I тады, сабраўшы рэшту адчайнае смеласці, збой гулякаў рынуў у чорную залю, і, схапіўшы злавесную постаць, якая стаяла штыўна й нерухома ў цені змрочнага гадзінніка, яны замерлі ў невымоўным жаху, пабачыўшы, што пад магільным убраннем і смяротнаю маскай, якія былі сарваныя з гвалтоўнай лютасцю, не хавалася нічога.

I тады быў заўважаны прыход Чырвонае Смерці. Яна прыйшла, як злодзей уночы. І падалі адзін за адным бяседнікі ў акропленых крывёю пакоях сваёй раскошы, і кожны з іх паміраў у безнадзейным падзенні. І жыццё гадзінніка згасла разам з жыццём апошняга распусніка. І памерлі агні ў жарніцах. І Цемра, Заняпад і Чырвоная Смерць бязмежна запанавалі над усім.

Пераклаў Сяргей Шупа

Вільям Вільсан

Што скажа мне суворае Сумленне, здань на маёй сцяжыне?

Чэмберлен*. «Фараніда»

Для пачатку дазвольце мне называць сябе Вільямам Вільсанам. Белая папера перада мной не заслугоўвае таго, каб трываць маё сапраўднае імя. Яно даўно ўжо выклікае жах, зрабілася ганебнай плямай на маім родзе. Куды толькі не даляталі абураныя вятры, разносячы плёткі пра маю неймаверную гнюснасць. О, выгнаннік выгнаннікаў, пакінуты цяпер усімі, ці не памёр ты назаўжды для свету? Для яго павагі, шанавання і найлепшых памкненняў? – ці не закрыла цяжкая, цёмная і бязмежная хмара ад цябе нябёсы і надзеі на райскае збавенне?

Дазвольце мне не апісваць тут апошнія гады маіх невыносных пакутаў і недаравальных злачынстваў. У апошнія гады я пераўзышоў самога сябе ў подласці, карані якой жадаю тут выкрыць. Людзі ва ўсім развіваюцца паступова – я ж, наадварот, усю дабрадзейнасць, нібы плашч, скінуў у адно імгненне і адзеў замест яе цяжкі саван віны. Ад даволі звычайнай распусты я зрабіў гіганцкі крок да гнюснасцяў Геліягабала*. Што і калі абудзіла гэтае зло? Паслухайце мяне, хаця б пакуль я буду гэта высвятляць. Смерць, набліжаючыся, ужо кінула на мяне свой слабы цень, змякчыўшы лютасць майго духу. Праходзячы цёмнай далінаю*, я прагну спачування – ледзь не сказаў «жалю» – маіх братоў. Я не супраць, каб яны паверылі, што я ў нечым ахвяра збегу абставін. Я быў бы рады, каб яны адшукалі ў прыведзеных фактах невялічкі аазіс перадвызначанасці ў пустыні памылак. Я з прыемнасцю пераканаў бы іх – і яны пераканаліся б: хоць спакусы і раней былі вялікія, але чалавек ніколі так не падпадаў пад іх уплыў, а таму ніколі не падаў так нізка – і не так моцна пакутаваў. Ці не было гэта толькі сном? Ці не гіну я ахвярай самай жахлівай і таямнічай з усіх зямных відзежаў?

Я нашчадак роду, чыёй вызначальнай рысай заўжды былі фантазія і палкі тэмперамент, і ўжо з маленства я быў жывым доказам сямейнага характару, атрыманага ў спадчыну. З гадамі ён праяўляўся ўсё мацней, нярэдка выклікаючы сур’ёзную трывогу ў маіх сяброў і прыносячы шкоду мне самому. Я рос свавольным гарэзнікам, ахвярай самых нястрымных жарсцяў. Мае слабахарактарныя бацькі, носьбіты такіх жа якасцяў, не здольныя былі супрацьстаяць маім заганам. Мае бацькі толькі вяла адзначалі мае злыя якасці. Іх рэдкія спробы майго выхавання заўжды прыводзілі да іх паразы і майго суцэльнага трыюмфу. З таго часу маё слова зрабілася законам для сям’і, і ва ўзросце, калі іншых дзяцей яшчэ водзяць за ручку, я быў пакінуты сам сабе і зрабіўся, па сутнасці, гаспадаром сваіх жаданняў.

Мае першыя ўспаміны пра школьнае жыццё звязаныя з прагулкамі пехам уздоўж вялікай сядзібы часоў каралевы Елізаветы ў туманным ангельскім мястэчку з мноствам велізарных крывых дрэваў, дзе ўсе дамы былі надзвычай старадаўнія. Напраўду, гэта быў рамантычны мройны горад, асвечаны часам. І цяпер мне здаецца, нібы я адчуваю асвяжальны халадок паўзмроку яго вулак, удыхаю водар паўсюднага хмызняку і зноў дрыжу ад невымоўнай прыемнасці пад глухія гукі царкоўнага звону, які штогадзіну нечакана тужлівым гулам разганяў спакой і цемру, у якой спачывала старажытная гатычная званіца.

Часамі мне прыемна згадваць школу і ўсё, што з ёй звязана, – прынамсі ў той ступені, у якой я здольны на гэта цяпер. Мне, зануранаму ў пакуты – пакуты, на жаль, надта сапраўдныя, – хай мне даруюць пошук палёгкі, хаця б слабой і часовай, у некалькіх разрозненых згадках. Яны, хоць цалкам звычайныя і нават смешныя, для мяне вельмі значныя, бо звязаныя з той парой і мясцовасцю, у якія я спазнаў першыя цьмяныя папярэджанні лёсу, што пазней цалкам паглынуў мяне. Таму дазвольце мне прыгадаць.

Сядзіба, як я казаў, была старая і несуладная, а падворак вакол – шырокі, аточаны высокім цагляным мурам, пасыпаным зверху бітым шклом. Гэты бастыён, што нагадваў турму, і быў мяжой маёнтка, за які мы выходзілі тры разы на тыдзень; раз – у суботу апоўдні, калі нам разам з двума прыслужнікамі дазвалялася выйсці на кароткі шпацыр у палях, што раскідваліся побач, і двойчы – у нядзелю, калі нас шыхтом вялі на ранішняе і вечаровае набажэнствы ў вясковую царкву. Дырэктар нашай школы быў святар у гэтай царкве. З якім жа глыбокім душэўным здзіўленнем і разгубленасцю я пазіраў на яго з нашых царкоўных лаваў, калі ён павольна і велічна ўзыходзіў на кафедру. Пастар са сціплым і спакойным тварам у дбайна напудраным парыку, шорсткім і вялікім, у шатах, якія бліскучымі хвалямі спадалі на падлогу, – няўжо гэта ён яшчэ нядаўна з кіслай мінай, у неахайным сурдуце ў крышках табакі лінейкай вяршыў драконаўскія законы нашай установы? О, спалучэнне неспалучальнага, няўмольная супярэчлівасць, жудасная ў сваёй неспасцігальнасці!

З-за рога цяжкога мура пазірала яшчэ больш цяжкая брама. Яна была абкляпаная цвікамі, што вострымі шыпамі тырчалі з яе. Якое ж душэўнае трымценне яна выклікала! Яе ніколі не адчынялі, апроч трох разоў, якія я ўжо згадваў; таму кожны рып магутных петляў поўніўся таямніцамі – выклікаў мноства змрочных назіранняў і яшчэ змрачнейшых роздумаў.

Шырокая агароджа была няправільнай формы з мноствам ёмістых нішаў. Тры-чатыры найбольшыя з іх выконвалі функцыю пляцовак для гульняў. Яны былі роўныя, ашчадна пасыпаныя жвірам. Я добра памятаю, што там не было дрэваў, лаваў ці чагось такога. І месціліся пляцоўкі, зразумела, за сядзібай. А вось перад ёй быў кветнік, засаджаны самшытам і іншым хмызняком, але праз гэтае святое месца мы праходзілі толькі ў самых рэдкіх выпадках – калі, напрыклад, паступалі ў школу ці заканчвалі яе альбо калі бацькі ці сябры наведвалі нас, і мы радасна ад’язджалі дадому на Раство ці летнія вакацыі.

Але ж сядзіба… Наколькі адметны стары будынак! Ён здаваўся мне сапраўдным казачным замкам! Безліч разнастайных закуткоў і бясконцых калідораў. Складана было з пэўнасцю сказаць, на якім з двух яго паверхаў ты знаходзішся. Трэба было зрабіць тры-чатыры крокі ўверх ці ўніз па прыступках, каб трапіць з аднаго пакоя ў іншы. Бакавых калідораў, разгалінаваных і заблытаных, было так неспасцігальна шмат, што нам прасцей было ўявіць бясконцасць, чым парадак іх размяшчэння. За ўсе пяць гадоў, што я там пражыў, я не мог з дакладнасцю вызначыць, дзе ж месціўся маленькі пакой, прызначаны для мяне і яшчэ васямнаццаці-дваццаці шкаляроў.

Клас быў найвялікшым пакоем у будынку – я не мог пазбавіцца думкі, што і ў свеце. Ён быў вельмі доўгі, вузкі і змрочны, з завостранымі гатычнымі вокнамі і навіслай дубовай столяй. У дальнім куце, што навяваў жах, частка плошчы была абгароджаная на восем-дзесяць футаў пад «святая святых» – кабінет дырэктара, вялебнага доктара Брэнсбі. Гэта была ўнушальная канструкцыя з масіўнымі дзвярыма – нават у адсутнасць «пастыра» яго авечкі хутчэй загінулі б у страшных пакутах, чым адчынілі іх. Па іншых кутах было яшчэ два падобныя адсекі, нашмат менш пачэсныя, але ўсё з той жа аўрай страху. Адзін з іх быў каморынай настаўніка класічных моваў, другі – настаўніка ангельскай і матэматыкі. Раскіданыя ўпоперак і ўздоўж, у кабінеце ў бясконцым беспарадку месціліся незлічоныя парты і лавы – чорныя, старыя, струхлелыя, заваленыя зашмальцаванымі кнігамі і настолькі спярэшчаныя літарамі ініцыялаў і поўнымі імёнамі, гратэскавымі выявамі ды іншымі слядамі сцізорыка, што цалкам страцілі першапачатковы выгляд і даўно чакалі замены. У адным канцы класа стаяла вялізнае вядро, у іншым – аграмадных памераў гадзіннік.

Аточаны вялізнымі мурамі гэтай прэстыжнай установы, я правёў без усялякай стомы ці агіды трэція пяць гадоў майго жыцця. Багатае дзіцячае ўяўленне не патрабуе дзеля забавы віру падзеяў, і, безумоўна, маркотная манатоннасць навучання выклікала моцнае хваляванне, якое пасля, у познім юнацтве, я атрымліваў выключна ад раскошы, а яшчэ пасталеўшы – ад злачынстваў. Аднак я мушу верыць, што пачатак духоўнага развіцця быў у чымсьці незвычайны – больш за тое, эксцэнтрычны. У большасці людзей падзеі ранніх гадоў жыцця рэдка пакідаюць яскравыя ўспаміны да сталасці. Яны толькі шэры цень – слабая і цьмяная згадка: расплывістыя і невыразныя радасці і прывідныя жахі. У мяне ўсё інакш. Яшчэ ў дзяцінстве я адчуваў так па-даросламу, што і цяпер мая памяць захавала адбіткі ўспамінаў – такіх выразных, глыбокіх і трывалых, нібы надпісы на карфагенскіх медалях.

Але з пункту гледжання большасці тут амаль няма чаго згадваць. Ранішні пад’ём і вечаровы адбой; зубрэнні і чытанні на памяць; скарочаны дзень і суботні шпацыр; пляцоўка для гульняў з яе спрэчкамі, забавамі, інтрыгамі – усё гэта з дапамогай нейкіх даўно забытых духоўных чараў зацягвала ў бездань адчуванняў, у свет, багаты на падзеі, у вір разнастайных эмоцый, хваляванняў самых жарсных і ўзрушальных. Oh, le bon temps, que ce siècle de fer![15]

Напраўду, палкасць, узнёсласць і ўладарнасць майго характару хутка вылучылі мяне сярод аднакашнікаў і паступова, паводле натуральнай іерархіі, далі мне ўплыў на ўсіх, нават крыху старэйшых за мяне – за адным выключэннем. Яно ўвасобілася ў постаці аднаго з вучняў, які, хоць і не быў мне сваяком, меў такое ж імя і такое ж прозвішча, як у мяне, – выпадак, заўважу, малавызначальны, бо, пры ўсім маім высакародным паходжанні, маё прозвішча было дастаткова распаўсюджаным і спрадвек належала нават простаму люду. Таму ў гэтым аповедзе я назваў сябе Вільямам Вільсанам – прыдуманым імем, якое не надта розніцца з сапраўдным. Мой цёзка быў адзіным з тых, з кім, як тады казалі, мы вадзіліся, і ён дазваляў сабе супернічаць са мной у навучанні, у спорце, у сутычках на пляцоўцы для гульняў, не давяраў на людзях майму слову і не падпарадкоўваўся майму ўплыву – больш за тое, быў перашкодай у любой праяве майго капрызнага дэспатызму. Калі на свеце і існуе найвышэйшая і неабмежаваная тыранія, то гэта тыранія мацнейшых духам над слабейшымі ў юнацкіх кампаніях.

Бунт Вільсана быў для мяне прычынай вялікіх пакутаў: нягледзячы на выклік і браваду, з якімі я паводзіўся з ім на людзях, я ўсё ж разумеў, што баюся яго, бо не магу прыняць роўнасць між намі, якое ён з такой лёгкасцю дасягаў, – а гэта ўжо даказвала ягоную перавагу, бо мне каштавала бясконцых высілкаў. Да таго ж ягоная перавага – менавіта гэтая перавага – не была бачная нікому, апроч мяне, і нашыя таварышы з нейкай невытлумачальнай слепасці, здавалася, нават не падазраюць пра яе. Насамрэч, гэтае спаборніцтва, гэтае супрацьстаянне і асабліва нахабнае і ўпартае ўмяшальніцтва ў мае справы былі выключна паміж намі. Ён падаваўся пазбаўленым той ганарыстасці і палкасці розуму, якія падагравалі мяне і вылучалі сярод іншых. У суперніцтве яго мэтай было толькі капрызнае жаданне замінаць мне, зневажаць мяне, хоць часам я не без абразы і раздражнення заўважаў, што ў яго нападах, кпінах і пярэчаннях праглядае недарэчная і, вядома, непажаданая пяшчота да мяне. Я разумеў, што гэтая ганарлівая саманадзейнасць вынікала з жадання апекаваць і абараняць.

Магчыма, гэтая вызначальная рыса ў паводзінах Вільсана (плюс аднолькавыя імёны і абсалютна выпадковае паступленне ў школу ў адзін дзень) паўплывала на агульнае меркаванне, нібыта мы – браты, сярод старшакласнікаў. А яны зазвычай не надта паглыбляюцца ў справы малодшых. Я ўжо вышэй сказаў, прынамсі, мусіў сказаць, што Вільсан не меў нават аддаленага дачынення да маёй сям’і. Але, безумоўна, калі б мы былі братамі, мы б нарадзіліся блізнятамі, бо пасля таго як я пакінуў установу містэра Брэнсбі, я выпадкова даведаўся, што мой цёзка нарадзіўся 19 студзеня 1813 года* – а гэта даволі знакавае супадзенне, бо акурат у гэты ж дзень нарадзіўся і я.

Магчыма, гэта дзіўна, але нават злосць і пастаянны неспакой, выкліканыя ў мяне суперніцтвам з Вільсанам і яго нясцерпным духам супярэчнасці, не маглі прымусіць мяне ўзненавідзець яго да канца. Амаль штодня мы мелі сутычкі, у якіх ён, саступаючы пальму першынства, у сваёй адвечнай манеры заўжды знаходзіў магчымасць даць мне адчуць, што гэта ён, а не я, заслугоўвае перамогі; тым не менш адчуванне гонару з майго боку і пачуццё ўласнай годнасці з ягонага дазвалялі нам не рабіцца шчырымі ворагамі, а падабенства нашых характараў абуджала ўва мне пачуццё, якому, магчыма, толькі нашае становішча замінала выспець у сяброўства. Вельмі складана вызначыць і пагатоў апісаць мае сапраўдныя пачуцці да яго. Яны ўтвараюць стракатую і неаднастайную сумесь – частка крыўдлівай варожасці, якая яшчэ не стала нянавісцю, часціна пашаны, вялікая частка павагі, шмат боязі і процьма цікаўнасці, за якую сорамна… Які-небудзь пісьменнік дадаў бы, што Вільсан і я былі непадзельнымі спадарожнікамі.

Няма сумневаў, ненармальныя стасункі, што склаліся ў нас, накіроўвалі ўсе мае напады супраць яго (а іх было мноства – адкрытых і прыхаваных) у рэчышча кпінаў і грубых жартаў (што пад выглядам мілых забавак прыносяць боль), не даючы гэтым адносінам перарасці ў сур’ёзную і рашучую варажнечу. Але мае высілкі ў гэтым кірунку не заўсёды мелі поспех, нават калі мае планы былі найбольш дасціпна задуманыя; у майго цёзкі ў характары прысутнічала сціплая і ціхая трываласць, што, атрымліваючы асалоду ад уласных жартаў, не мела ў сабе ніякай ахілесавай пяты і рабіла немагчымым смех з сябе. Я, вядома, здолеў адшукаць у ім прынамсі адну спецыфічную якасць, што ўзнікла, магчыма, ад хранічнага захворвання і магла б быць апошнім сродкам суперніка, што вычарпаў сваю фантазію гэтаксама, як я: мой супернік меў, відавочна, слабыя галасавыя звязкі, так што не мог размаўляць гучней, чым ціхім шэптам. Але і тое, што я апускаўся да карыстання такой перавагай, не сведчыла пра маю сілу.

Вільсан адплачваў мне вельмі разнастайна, але адзін з яго дасціпных метадаў турбаваў мяне найбольш. Якім чынам яго праніклівасць выкрыла гэты нязначны момант, што так раздражняў мяне, мне ніколі не зразумець, але, адшукаўшы яго, ён проста па-майстэрску ім карыстаўся. Я заўжды адчуваў агіду да свайго неарыстакратычнага прозвішча і да пашыранага, калі не плебейскага, імені. Яны былі атрутай для маіх вушэй, з дня майго паступлення, калі другі Вільям Вільсан таксама з’явіўся ў акадэміі, і я злаваў на яго за супадзенне і ўдвая больш ненавідзеў сваё прозвішча, бо яго меў нехта яшчэ, так што яно паўтаралася ў два разы часцей. Ён быў пастаянна побач, і яго справы ў звычайнай школьнай руціне праз агіднае супадзенне непазбежна будуць нярэдка блытаць з маімі.

Адчуванне прыкрасці ўзмацнялася з кожным выпадкам, што паказваў падабенства – маральнае ці фізічнае – паміж маім канкурэнтам і мной. Тады я яшчэ не ведаў, што мы аднаго веку, але бачыў, што мы аднаго росту і маем агульныя рысы ў выглядзе і характэрныя асаблівасці. Да таго ж мяне закраналі чуткі пра нашае сваяцтва сярод вучняў старэйшых класаў. Карацей, нішто мяне так не раздражняла (хоць я ашчадна хаваў любое раздражненне), як напамін пра падабенства нашых розумаў, характараў і абставінаў жыцця. Але ў мяне не было прычыны падазраваць (апроч, бадай, абмеркавання сваяцтва), што гэтае падабенства было прадметам размоваў альбо хаця б заўважалася нашымі таварышамі. Толькі ён гэтак жа засяроджана, як і я, выдаваў гэта ў манеры трымацца; але нават тут ён знаходзіў магчымасці, каб паддзець, што сведчыла, як я ўжо адзначыў, прыкметай надзвычайнай кемлівасці.

Яго тактыка палягала на тым, каб як мага больш дакладна капіяваць мяне і ў словах, і ў дзеяннях, і ён выдатна з гэтым спраўляўся. Скапіяваць маё адзенне было нескладана, хаду і манеру трымацца ён пераняў без цяжкасцяў і, нягледзячы на фізічны недахоп, нават мой голас быў ім узноўлены. Гучныя інтанацыі, зразумела, узнаўляць не атрымлівалася, але ўсе ключавыя моманты былі ідэнтычныя, і яго своеасаблівы шэпт напраўду зрабіўся маім рэхам.

Я цяпер не рызыкну апісаць, наколькі моцна гэты вытанчаны партрэт даймаў мяне (дзеля справядлівасці адзначу, што ён зусім не быў карыкатурай). Суцяшала мяне толькі тое, што гэтае капіяванне, несумненна, адзначаў толькі я, адзінаасобна трываючы дасведчанасць і дзіўныя з’едлівыя ўсмешкі майго цёзкі. Задаволены тым, што абуджаў унутры мяне, ён, падавалася, употай цешыўся з болю, які прыносіў, і паказальна грэбаваў ухваламі, якія яго паспяховыя практыкаванні лёгка маглі б выклікаць. Доўгія месяцы для мяне было загадкай, чаму ніхто не зразумеў яго намераў, не ацаніў яго дзеянняў і не ўзяў удзелу ў высмейваннях. Магчыма, паступовасць яго дзеянняў не так лёгка спасцігалася, альбо, верагодней, за сваю бяспеку я мусіў быць удзячны майстэрству перасмешніка, які, грэбуючы вонкавымі праявамі (выключна іх на карцінах і заўважаюць недалёкія людзі), узнаўляў сам дух арыгіналу, дазваляючы толькі сваёй ахвяры сузіраць усё, чым і дапякаў толькі яе.

Я ўжо не раз казаў пра агідны паблажлівы тон, абраны ім у дачыненні да мяне, і пра яго няпрошанае ўмяшальніцтва ў мае справы. Гэтае ўмяшальніцтва ўвасаблялася ў навязлівых парадах, якія даваліся не пры ўсіх, а сам-насам з дапамогай паступовага навядзення на думку. Я выслухоўваў іх з раздражненнем, якое з гадамі толькі набірала сілу. Тым не менш сёння, у такі далёкі ад таго часу дзень, дазвольце мне дзеля справядлівасці прызнаць, што ніводная з парадаў майго суперніка не вяла да недальнабачных памылак, уласцівых юнаму ўзросту і недастатковай дасведчанасці; гэтае яго маральнае адчуванне, калі не талент і жыццёвая мудрасць, было нашмат вастрэйшым за маё – а сёння я сам быў бы лепшы і шчаслівейшы, калі б не так часта адрынаў парады, зробленыя выразным шэптам, парады, якія я тады ненавідзеў усім сэрцам і якімі люта пагарджаў.

Так пад яго надзвычай непрыемным наглядам маё раздражненне павялічвалася, і я ўсё больш і больш адкрыта выказваўся, што я думаю пра яго невыносную пыху. Я ўжо згадваў, што ў першыя гады школы мае пачуцці да яго маглі выспець у сяброўскія, але ў апошнія месяцы майго знаходжання ў акадэміі, нягледзячы на тое, што яго дзеянні што да мяне ў пэўнай меры паслабіліся, мае пачуцці – у роўнай прапорцыі – набліжаліся да недвухсэнсоўнай нянавісці. Пасля аднаго выпадку, я думаю, ён гэта заўважыў і пачаў пазбягаць мяне – альбо рабіць выгляд, што пазбягае.

Менавіта тады, калі мяне не падманвае памяць, у нейкай бурнай сварцы ён быў як не ў сабе – прамаўляў і паводзіўся з неўласцівай яму раней адкрытасцю, і я заўважыў (альбо мне так падалося?) у яго тоне і агульнай манеры нешта такое, што спачатку выклікала страх, а пасля глыбока зацікавіла мяне, бо абудзіла слабыя згадкі пра маленства – блытаныя і тлумныя ўспаміны тых далёкіх часоў, калі памяць яшчэ і не нарадзілася. Я не здолею лепей перадаць пачуццё, што прыгнятала мяне тады, як прызнацца, што мяне апанавала дзіўнае адчуванне: чалавека перада мной я ведаю з самых даўніх, бясконца далёкіх часоў. Гэтая думка, аднак, знікла гэтак жа хутка, як і з’явілася, і я згадваю пра гэта толькі каб адзначыць дзень, калі я апошні раз размаўляў з маім незвычайным цёзкам.

У старым агромністым доме з незлічонымі прыбудовамі было некалькі велізарных прахадных пакояў, злучаных паміж сабой, у якіх спала пераважная большасць навучэнцаў. Там было, аднак (што звычайна для няўклюдна спланаваных будынкаў), шмат невялікіх клецяў і нішаў, утвораных разнастайнымі выступамі і перагародкамі, але вынаходлівы містэр Брэнсбі прыстасаваў іх для спальняў, хоць спачатку яны былі не больш чым уштукаванымі каморынамі, прыдатнымі для жыцця толькі аднаго чалавека. Адно з такіх невялікіх памяшканняў і займаў Вільсан.

Неяк пры канцы пятага года навучання, адразу пасля згаданай сутычкі, неспакойнай восеньскай ноччу, дачакаўшыся, пакуль усе паснуць, я ўзняўся з ложка і з лямпай у руцэ незаўважна пракраўся вузкімі пераходамі ад сваёй спальні да суперніка. Я ўжо даўно планаваў адпомсціць, здзейсніўшы адзін са сваіх дасціпных і зласлівых жартаў, якія пакуль не ўдаваліся. Я ішоў з мэтай ажыццявіць свае намеры, каб нарэшце даць яму зразумець усю глыбіню маёй злосці. Дасягнуўшы яго спальні, я ціхутка ўвайшоў, пакінуўшы накрытую лямпу звонку. Я зрабіў крок і прыслухаўся да ягонага роўнага дыхання. Запэўніўшыся, што ён спіць, я вярнуўся па лямпу і ўжо з ёй пайшоў да яго ложка, завешанага покрывам, якое, згодна з планам, я павольна і ціха адсунуў. І калі яркія промні святла трапілі на спячага, мой позірк упаў на ягоны твар. Я зірнуў – і скамянеў. Раптоўны холад прабраў маё нутро. Мае грудзі ўздымаліся, калені дрыжалі, а мой дух апанаваў невымоўны, нясцерпны жах. Цяжка дыхаючы, я паднёс лямпу яшчэ бліжэй да яго твару. Ці ж гэты твар – твар Вільяма Вільсана? Вядома, я бачыў, што гэта яго твар, але не мог у тое паверыць і ліхаманкава дрыжаў. Што ж такое ў ім мяне збянтэжыла? Я ўглядаўся, – а ў маёй галаве віравала мноства абрывістых думак. Несумнеўна, удзень ён выглядаў зусім не так. Тое ж імя! Тыя ж рысы твару! У той жа дзень трапіў у пансіён! І да таго ж упартае і незразумелае капіяванне маёй хады, голасу, звычак і манеры трымацца! Ці пад сілу чалавеку дасягнуць такога падабенства ў гэтым саркастычным перайманні? Узрушаны да глыбіні душы, я з трымценнем згасіў лямпу, моўчкі выйшаў з пакоя і адразу пакінуў сцены пансіёна, каб ніколі больш туды не вяртацца.

Пасля колькіх месяцаў, праведзеных дома ў абсалютнай бяздзейнасці, я зрабіўся студэнтам Ітану. Кароткага часу было дастаткова, каб мае згадкі пра здарэнні ў пансіёне доктара Брэнсбі саслабелі, – прынамсі, штось змянілася ў прыродзе пачуццяў, з якімі я гэта прыгадваў. Гэта болей не выглядала так рэальна і драматычна. Я пачаў сумнявацца ў беспамылковасці маіх пачуццяў, прыгадваў гэта толькі зрэдку, здзіўляючыся чалавечай даверлівасці і ўсміхаючыся сіле фантазіі, якая мне дасталася ад продкаў. Лад жыцця ў Ітане толькі спрыяў такому скепсісу. Вір безразважнага шалу, якому я так хутка і неабдумана аддаўся, змыў усё, апроч пены апошніх гадзін, адначасова паглынуўшы ўсе цэльныя сур’ёзныя ўражанні і пакінуўшы ў памяці толькі легкадумнасць былога існавання.

Аднак мне не хочацца апісваць праявы бездапаможнай распусты, аддаючыся якой, мы кідалі сапраўдны выклік законам, унікаючы тым не менш пільнага вока нашага каледжа. Тры гады гэтага шалу прайшлі без усялякай карысці, прышчапіўшы толькі кепскія звычкі; да таго ж я раптам незвычайна вырас і зрабіўся вельмі высокім. І вось аднойчы пасля тыдня жорсткіх і легкадумных забаваў я запрасіў на невялікую таемную гулянку сваіх найбольш распусных аднакурснікаў. Мы сустрэліся позна ўначы, бо нашыя гулянкі зацягваліся да самага ранку. Віно лілося ракой, ды і ў больш вострых спакусах не было недахопу, і калі золак толькі з’явіўся на ўсходзе, нашая апантаная блазнота была на самым піку. Моцна расчырванелы ад картаў і жарсці, я зацята прамаўляў больш чым блюзнерскі тост, калі нечакана маю ўвагу забраў рэзкі гук прачыненых дзвярэй і напружаны голас служкі. Не ўваходзячы, ён паведаміў, што нейкі чалавек, які вельмі спяшаецца, хацеў бы паразмаўляць у вітальні.

Шалёна ўзрушаны віном, я хутчэй узрадаваўся, чым здзівіўся, гэтай нечаканасці і адразу ж, хістаючыся, пайшоў у вітальню. У гэтым нізкім і маленькім пакоі не было лямпы, і цяпер сюды зусім не пранікала святла, апроч надзвычай слабога золку, які заглядаў праз паўкруглае акно. Пераступіўшы цераз парог, я апынуўся перад чалавекам майго росту, апранутым у белы кашміравы строй, пашыты па апошняй модзе, такі ж, які быў на мне. Слабое асвятленне дазволіла мне заўважыць толькі гэта, але рысаў твару я разгледзець не здолеў. Калі я ўвашоў, ён зрабіў крок да мяне і, нецярпліва схапіўшы маю руку, прашаптаў на вуха: «Вільям Вільсан!»

Я адразу ж цалкам працверазеў. У манеры незнаёмца трымацца, у ледзь заўважным трымценні ў мяне перад вачыма ягонага ўзнятага пальца штось напаўняла мяне неймаверным здзіўленнем, хоць насамрэч не гэта ўзрушыла мяне. Сур’ёзная перасцярога ў гэтым своеасаблівым, ціхім і шыпячым вымаўленні і, больш за тое, характар, гук і сутнасць гэтых простых і звыклых словаў ускалыхнулі ў маёй душы тысячы ўспамінаў і падзейнічалі як дотык да гальванічнай батарэі. Перш чым я апрытомнеў, ён сышоў.

Хоць гэты выпадак і наклаў яркі адбітак на маё хворае ўяўленне, адчуванне гэтае хутка знікла. Праўда, колькі тыдняў я займаў сябе грунтоўным пошукам звестак альбо паглыбляўся ў змрочныя роздумы. Я не спрабаваў разупэўніваць сябе, што гэта той самы чалавек, які так настойліва ўрываецца ў маё жыццё і даймае мяне сваімі падступнымі парадамі. Але хто і што такое гэты Вільсан? Адкуль ён? Якія ў яго намеры? Усе гэтыя пытанні засталіся без адказу; адзінае, што я здолеў даведацца пра яго, – гэта тое, што праз нейкае няшчасце ў сям’і ён вымушаны быў пакінуць установу доктара Брэнсбі ўвечары таго ж дня, калі ўцёк я. Хутка я перастаў пра яго думаць, бо маю ўвагу цалкам паглынулі роздумы пра ад’езд у Оксфард. Туды я неўзабаве і накіраваўся; празмерная ганарыстасць маіх бацькоў забяспечыла мяне такім гардэробам і штогадовым грашовым утрыманнем, што я меў магчымасць песціць сябе ў раскошы, ужо такой мілай майму сэрцу, спаборнічаючы ў празмерных растратах з самымі фанабэрыстымі спадчыннікамі з самых заможных і шляхетных сем’яў Вялікабрытаніі.

Узрушаны магчымасцю разгарнуцца, я з падвойнай жарсцю даў волю свайму нораву і з грэблівасцю адмовіўся ад любых праяваў стрыманасці на карысць шалу балявання. Але было б неразумна спыняцца тут на апісанні маіх блазнотаў. Дастаткова сказаць, што ў растратах я пераірадзіў Ірада* і звязаў сваё імя з мноствам бздураў, нашмат павялічыўшы доўгі спіс заганаў, што бытавалі тады ў адным з самых распусных універсітэтаў у Еўропе.

Цяжка паверыць, але менавіта тут я нагэтулькі страціў маральнае аблічча, што пазнаёміўся з подлай прафесіяй шулера і зрабіўся экспертам у гэтай нізкай навуцы, карыстаючыся ёй для павелічэння майго і без таго немалога нажытку за кошт даверлівых знаёмцаў. Тым не менш гэта праўда. І маё гнюснае злачынства супраць усяго мужнага і высакароднага, без сумневу, было спрычыненае выключным адчуваннем беспакаранасці, з якім злачынства здзяйснялася. Насамрэч, любы з маіх нават найбольш распусных таварышаў хутчэй усумніўся б у сведчаннях сваіх пачуццяў, чым запасочыў бы ў чымсьці такога шчырага і высакароднага Вільяма Вільсана, самага шляхетнага і добразычлівага студэнта ў Оксфардзе, чые бздуры (як казалі яго падхалімы) былі адно бздурамі юнацтва і нястрымнай фантазіі, памылкі – адно непаўторнымі дзівацтвамі, а найстрашнейшыя заганы – дабрадушнымі заліхвацкімі блазнотамі.

Два гады я паспяхова ішоў у гэтым напрамку, калі ва ўніверсітэце з’явіўся малады арыстакрат-парвеню Глендэнінг – багаты, нібы Ірад Атык*, які гэтак жа лёгка займеў сваё багацце. Неўзабаве я зразумеў, што ён невялікага розуму, і, вядома, вырашыў, што ён – лёгкая здабыча для майго майстэрства. Я нярэдка зацягваў яго ў гульню і адмыслова, згодна з шулерскім мастацтвам, дазваляў яму выйграваць істотныя сумы, каб надзейна зацягнуць у сваю пастку. Калі мой план даспеў, я сустрэў яго (з намерам зрабіць нашую сустрэчу вырашальнай) у кватэры яшчэ аднаго студэнта (містэра Прэстана), аднолькава знаёмага з намі абодвума, які, дзеля справядлівасці трэба дадаць, нават не падазраваў пра мой план. Каб надаць усяму адценне праўдападобнасці, я сабраў кампанію чалавек у 8–10 і старанна зрабіў так, каб прапанова гульні выглядала выпадковай і прагучала з вуснаў самой ахвяры. Каб сказаць як мага карацей пра гэтую гнюсную тэму, адзначу, што не быў прапушчаны ніводзін з нізкіх прыёмаў, якімі карыстаюцца ў такіх выпадках, таму проста здзіўляе, як шмат дагэтуль прасцякоў, што робяцца іх ахвярамі.

Гульня зацягнулася да самай ночы, і ў мяне паступова атрымалася пакінуць Глендэнінга маім апошнім супернікам. Да таго ж была мая любімая гульня – экартэ! Астатнія, зацікавіўшыся размахам нашай партыі, адкінулі свае карты і назіралі за намі. Выскачка Глендэнінг, які маімі ўлоўкамі яшчэ ў самым пачатку вечара добра выпіў, цяпер тасаваў, раздаваў і гуляў з такім нервовым напружаннем, што ап’яненне, мяркую, толькі часткова гэта тлумачыла. За вельмі кароткі час ён ужо прайграў мне значную суму, пасля чаго, выпіўшы нагбом вялікі бакал партвейну, зрабіў менавіта тое, чаго я ад яго чакаў, – прапанаваў падвоіць нашыя і без таго немалыя стаўкі. З бездакорна згранай неахвотай і толькі пасля таго як двойчы адмовіўся, чым справакаваў ягоную злосць, якая надала адценне крыўды і абразы маёй згодзе, я яе даў. Вынік, вядома, даказаў, наколькі глыбока ў маёй пастцы апынулася ахвяра: менш чым за гадзіну ён павялічыў свой доўг мне ў чатыры разы. Яшчэ да гэтага з яго твару знік румянец, выкліканы віном, але цяпер, на сваё здзіўленне, я адзначыў, што гэта вылілася ў бледнасць сапраўднага жаху. Я сказаў – на маё здзіўленне. Мае ранейшыя роспыты ўпэўнілі мяне ў тым, што Глендэнінг неймаверна багаты і сума, якую ён прайграваў, нягледзячы на яе значнасць, не мусіла, на маю думку, сур’ёзна злаваць і настолькі хваляваць яго. Першай думкай было, што гэта ў яго праз вялікую колькасць праглынутага віна; і, хутчэй зыходзячы з меркавання захавання ўласнай рэпутацыі, чым з пункту гледжання меней важкіх матываў, я быў гатовы настойваць на спыненні гульні, калі па пэўных фразах ад кампаніі навокал і па ўскліку роспачы Глендэнінга я зразумеў, што пазбавіў яго ўсіх яго грошай пры абставінах, якія, робячы яго аб’ектам жалю ўсіх навокал, абаранілі б яго ад злых замахаў і нават ад самога д’ябла.

Складана сказаць, як бы я паводзіўся надалей. Вартае жалю становішча маёй ахвяры выклікала ва ўсіх змрочную разгубленасць, і на некаторы час у пакоі павісла цішыня. Я адчуў, як запалалі мае шчокі пад мноствам позіркаў, якія апякалі пагардлівым дакорам з боку найменш распусных з нашай кампаніі. Прызнаюся нават, што на кароткі момант нясцерпны цяжар трывогі быў зняты з мае душы раптоўным і незвычайным умяшальніцтвам. Важкія дзверы ў пакой нечакана расчыніліся нагэтулькі ўпэўненым рухам, што ўсе свечкі ў пакоі, нібы пад уздзеяннем чараў, згаслі. Іх святло, знікаючы, дазволіла ўсім заўважыць толькі тое, што ўвайшоў незнаёмец прыблізна майго росту, шчыльна захутаны ў плашч. Цемра, аднак, усталявалася абсалютная; мы маглі толькі адчуваць яго прысутнасць. Да таго як хто-небудзь з нас здолеў перамагчы здзіўленне, выкліканае гэтым грубым уварваннем, мы пачулі голас нахабніка.

– Джэнтльмены, – прамовіў ён ціхім, выразным і незабыўным шэптам, які прабраў мяне да касцей, – джэнтльмены, я не выбачаюся за свае дзеянні, бо гэтымі дзеяннямі, я толькі выконваю свой абавязак. Сумняюся, што вы слушна праінфармаваныя наконт асобы, якая сёння выйграла ў лорда Глендэнінга значную суму ў экартэ. А таму я дам вам імгненную і неабходную магчымасць атрымаць такую важную інфармацыю. Калі ласка, праверце ўнутраную падкладку манжэты яго левага рукава і некалькі невялікіх скруткаў, якія могуць знайсціся ў крыху зашырокіх кішэнях яго халата.

Калі ён гаварыў, стаяла такая цішыня, што можна было б пачуць, калі б на падлогу ўпала шпілька. Дагаварыўшы, ён сышоў гэтак жа раптоўна, як і з’явіўся. Ці мае сэнс казаць, што я адчуў усе пакуты грэшнікаў у пекле? Але часу на разважанні ў мяне, вядома, не было. Мноства рук адразу ж схапіла мяне, свечкі зноў запалілі. Пачаўся вобшук. У падкладцы майго рукава знайшоўся ўвесь набор картаў, патрэбных для гульні ў экартэ, а ў кішэнях – некалькі калодаў, такіх жа, якімі карысталіся мы, з тым адрозненнем, што мае былі, як кажуць спецыялісты, arrondées:[16] казырныя анёры былі злёгку выпуклыя па краях, а малодшыя карты – па баках. Такім чынам, калі ахвяра здымае калоду, як правіла, уздоўж, яна непазбежна аддае суперніку старэйшую карту, у той час як шулер, здымаючы калоду па шырыні, вядома, не раздасць суперніку ніводнай выйгрышнай карты.

Любы ўсплёск абурэння на такое адкрыццё закрануў бы мяне менш за маўклівую пагарду і з’едлівы спакой, якімі сустрэлі гэтае адкрыццё ўсе прысутныя.

– Містэр Вільсан, – сказаў гаспадар, нахіляючыся, каб падняць з-пад ног вельмі дарагі плашч, аздоблены мехам, – містэр Вільсан, гэта вашае. (Надвор’е было халоднае, і таму, сыходзячы са свайго пакоя, я надзеў плашч, але скінуў яго, пачаўшы гульню). – Я мяркую, залішне шукаць і тут, – ён паглядзеў на складкі адзення са з’едлівай усмешкай, – дадатковыя доказы вашага майстэрства. Напраўду, дастаткова і ўжо атрыманых. Спадзяюся, вы разумееце, што вам варта пакінуць Оксфард, – у любым выпадку, пакіньце неадкладна мой дом.

Зняважаны, утаптаны ў бруд, я, можа, і адказаў бы на гэтыя дзёрзкія словы кулакамі, калі б усю маю ўвагу не забрала іншае. Мой уласны плашч быў аздоблены рэдкім мехам, настолькі рэдкім і дарагім, што не рызыкну сказаць. Яго крой таксама быў часткай маёй уласнай дзіўнай прыдумкі, бо ў такіх справах мая пераборлівасць часта даходзіла да абсурду. Таму калі містэр Прэстан працягнуў мне падняты з падлогі каля дзвярэй плашч, я адчуў неймавернае здзіўленне, якое пераходзіла ў жах, бо ўбачыў, што мой уласны ўжо вісіць на маёй руцэ (што я зрабіў, мабыць, абсалютна не заўважыўшы гэтага), а той, што мне працягнулі, быў дакладнай яго копіяй ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Я згадаў, што незнаёмец, які так згубна выкрыў мяне, прыйшоў захутаны ў плашч, а акрамя мяне, ніхто тут больш плашча не насіў. Спрабуючы захаваць прысутнасць духу, я прыняў той, што мне працягваў Прэстан, незаўважна паклаў яго на ўласны і пакінуў памяшканне з рашучым і пагардлівым позіркам, а наступнага дня таропка пакінуў Оксфард і ў ліхаманцы жаху і сораму скіраваўся на кантынент.

Я ўцякаў марна. Мая злая наканаванасць, нібы ў экстазе, пераследавала мяне, даказваючы, што праявы яе таямнічага валадарства яшчэ толькі пачаліся. Ледзь я апынуўся ў Парыжы, як атрымаў свежы доказ агіднай цікавасці гэтага Вільсана да мяне. Ішлі гады, але ён не пакідаў мяне. Злыдзень! Як не ў час, але з якой прывіднай урачыстасцю стаў ён у Рыме паміж мной і маімі намерамі! І ў Вене таксама, і ў Берліне, і ў Маскве! Ды і дзе ў мяне не было прычыны праклінаць яго ў душы? Ад яго невытлумачальнай тыраніі я ў паніцы ўцякаў як ад чумы, але і на край свету я ўцякаў марна.

Зноў і зноў у таямнічым падабенстве нашых душаў я шукаў адказы на пытанні: «Хто ён? Адкуль ён? Што яму трэба?» – але адказаў не было. Тады я ўважліва прааналізаваў усе формы, спосабы і галоўныя рысы яго нахабнага нагляду. Але нават тут мне амаль не было на чым будаваць здагадкі. Вартае ўвагі прынамсі тое, што ў кожным са шматлікіх выпадкаў, калі ён ставаў на маёй дарозе і зрываў мае планы, усё заканчвалася меншым для мяне злом у параўнанні з тым, якое напаткала б мяне, калі б намеры мае паспяхова ажыццявіліся. Але ж якое гэта нікчэмнае апраўданне для таго, каб так нахабна мною распараджацца! Кепская плата за маё натуральнае права вырашаць самастойна, так абразліва ў мяне аднятае!

Я вымушаны адзначыць, што мой кат за вельмі доўгі час (неверагодна і акуратна трымаючыся свае прыхамаці цалкам адпавядаць мне ў адзенні) ва ўсіх сваіх разнастайных умяшальніцтвах у мае справы схітрыўся ні разу не паказаць мне свайго твару. Кім бы ні быў Вільсан, гэта, прынамсі, было праявай капрызу і дзівацтва. Няўжо ён мог падумаць, што ў маім папярэджвальніку ў Ітане, у разбуральніку маёй рэпутацыі ў Оксфардзе, у тым, хто зашкодзіў маім славалюбным намерам у Рыме, маёй помсце ў Парыжы, майму жарснаму каханню ў Неапалі альбо таму, што ён ілжыва назваў маёй сквапнасцю ў Егіпце, у маім выклятым ворагу і злым генію можна не пазнаць Вільяма Вільсана, майго школьнага таварыша – цёзку, аднакласніка і канкурэнта, ненавіснага і страшнага суперніка з установы доктара Брэнсбі? Немагчыма! Але дазвольце мне неадкладна перайсці да апошняй, поўнай на падзеі сцэны гэтай драмы.

Да гэтага часу я маўкліва падпарадкоўваўся гэтай цяжкой уладзе. Глыбокае трымценне, з якім я заўсёды глядзеў на ўзвышаную натуру, велічную мудрасць, усюдыіснасць і ўсёмагутнасць Вільсана, змешвалася з пачуццём страху, разам з якім усе адзначаныя рысы і праявы яго характару дасюль вымушалі мяне прызнаваць уласную бездапаможнасць і з горкай неахвотай скарацца яго дэспатычнай волі. Але апошнім часам я цалкам аддаўся віну, і яго раздражняльны ўплыў на мой нораў вымушаў мяне ўсё болей і болей нецярпліва прагнуць вызвалення з-пад гэтага кантролю. Я пачаў наракаць, пярэчыць, супрацьстаяць. І, магчыма, толькі ілюзія нараджала веру, што чым больш узрастала мая непахіснасць, тым слабейшай рабілася настойлівасць майго ката. Як бы там ні было, цяпер я адчуваў пякучы ўздым надзеі і пеставаў у думках цвёрдую рашучасць пазбавіцца прыгнёту.

У Рыме падчас карнавалу 18… году я пайшоў на маскарад у палаца неапалітанскага герцага Дзі Бролья. Я піў нашмат больш нястрымана, чым звычайна, і цяпер душнасць перапоўненых людзьмі залаў пачала невыносна мяне раздражняць. Дадавала мне раз’юшанасці яшчэ і тое, што трэба было пракладаць сабе дарогу скрозь лабірынты кампаній; я страшна нерваваўся, бо нецярпліва шукаў (можна і не казаць, з якім нізкім намерам) маладую, бесклапотную і прывабную жонку старога й нямоглага Дзі Брольі. Крыху раней яна з бессаромнай даверлівасцю прызналася мне па сакрэце, у якім касцюме будзе, і цяпер, заўважыўшы яе, я спяшаўся наблізіцца. У гэты момант я адчуў лёгкі дотык да пляча і пачуў незабыўны, ціхі, ненавісны шэпт.

У шалёным прыпадку гневу я павярнуўся да таго, хто спыніў мяне, і моцна схапіў яго за каўнер. Яго касцюм, як я і чакаў, быў абсалютна такім жа, як мой: гішпанскі плашч з сіняга аксаміту, падперазаны малінавым пасам, што падтрымліваў рапіру. Маска з чорнага шоўку цалкам хавала твар.

– Нягоднік! – прамовіў я сіплым ад гневу голасам, і кожны гук, здавалася, толькі распаляў мяне. – Нягоднік! Самазванец! Пракляты зламыснік! Ты не будзеш, не будзеш пераследаваць мяне да смерці! Ідзі за мной, іначай я закалю цябе проста на месцы! – і я кінуўся з танцавальнай залы ў невялікі вестыбюль па суседстве, цягнучы яго за сабой і не адчуваючы супраціву.

Увайшоўшы, я ашалела адпіхнуў яго ад сябе. Ён, пахіснуўшыся, апынуўся ля сцяны, а я, з пракляццямі сяк-так замкнуўшы дзверы, загадаў яму рыхтавацца да абароны. Ён на імгненне завагаўся, але, пагардліва ўздыхнуўшы, моўчкі стаў у пазіцыю.

Бойка была кароткай. Я быў апантаны і надзвычай узрушаны, таму адчуваў, што мая рука мае сілу і моц цэлага натоўпу. За колькі секунд я прыціснуў яго да сцяны і, атрымаўшы ўладу над ім, з жывёльнай жорсткасцю шмат разоў пракалоў рапірай ягоныя грудзі.

У гэты момант нехта паспрабаваў адчыніць дзверы. Я паспяшаўся перадухіліць умяшальніцтва і адразу ж вярнуўся да паміраючага суперніка. Але якой чалавечай мовай можна дакладна перадаць здзіўленне і жах, якія завалодалі мной ад таго, што я ўбачыў? Кароткага імгнення, калі я адвёў вочы, было дастаткова для кардынальнай перамены ў іншым канцы памяшкання. Вялікае люстэрка – так спачатку падалося мне, збянтэжанаму, – стаяла там, дзе раней нічога не было, і калі я ў жаху зрабіў крок наперад, маё адлюстраванне, бледнае і акрываўленае, зрабіла няцвёрды крок насустрач.

Я сказаў, так мне падалося, але гэтак не было. Гэта быў мой супернік – гэта быў Вільсан, які стаяў перада мной у перадсмяротных пакутах. Ягоныя маска і плашч ляжалі на падлозе, куды ён кінуў іх раней. І аніводная нітачка ў ягоным адзенні, аніводная лінія ў яго беспамылкова пазнавальных і непаўторных рысах не адрозніваліся ад маіх уласных!

Гэта быў Вільсан, але ён болей не шаптаў, і мне нават падалося, што гэта я сам прамовіў:

– Ты перамог, і я скараюся. Але цяпер ты таксама мёртвы – для Свету, для Нябёсаў, для Надзеі! Ува мне ты існаваў – і ўпэўніся па гэтым абліччы, якое ёсць тваім уласным, як незваротна маёю смерцю ты загубіў самога сябе!

Пераклаў Віталь Рыжкоў

Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам

Безумоўна, я не збіраюся ўдаваць здзіўленне з нагоды таго, што надзвычайны выпадак з містэрам Вальдэмарам выклікаў столькі чутак. Было б дзіўна, калі б сталася наадварот, асабліва ўлічваючы абставіны. Праз тое, што ўсе, хто меў дачыненне да гэтае справы, хацелі пазбегнуць агалоскі, хаця б у найбліжэйшы час альбо да таго, як мы знойдзем магчымасць працягнуць даследаванні, менавіта праз нашыя спробы абысці гэта маўчаннем абставіны справы дайшлі да публікі ў перабольшаным і скажоным выглядзе, нарадзіўшы мноства непрыемных і памылковых тлумачэнняў, а гэта, натуральна, выклікала вялікі недавер.

І таму неабходна, каб я цяпер паведаміў факты, наколькі я сам здолеў іх зразумець. Калі сцісла, то вось яны.

Апошнія тры гады маю ўвагу неаднаразова прыцягвала пытанне месмерызму*. Каля дзевяці месяцаў таму мне раптам прыйшло ў галаву, што да сённяшняга часу гэтыя эксперыменты мелі адзін істотны і невытлумачальны недахоп: яшчэ нікога не падвяргалі месмерычнаму ўздзеянню in articulo mortis.[17] Варта было высветліць, па-першае, ці паддаецца чалавек у такім стане гіпнозу, па-другое, мацнейшае ці слабейшае яго ўздзеянне ў такім выпадку, і па-трэцяе, ці можна такім чынам запаволіць надыход смерці, і калі можна, то на які час і ў якой ступені. Былі яшчэ некаторыя пытанні, якія няблага было б высветліць, але гэтыя тры, і асабліва апошняе – зважаючы на вялізную важнасць меркаваных вынікаў, – цікавілі мяне найбольш.

Шукаючы ў сваім атачэнні таго, з чыёй дапамогаю я мог бы гэтыя дапушчэнні праверыць, я ўспомніў пра свайго сябра – містэра Эрнэста Вальдэмара, вядомага збіральніка «Bibliotheca Forensica»[18] і аўтара (пад nom de plume[19] Ісахара Маркса) перакладаў на польскую «Валенштайна»* і «Гарганцюа». Містэр Вальдэмар, які з 1839 года жыў пераважна ў Гарлеме, у штаце Нью-Ёрк, звяртаў на сябе ўвагу, прынамсі раней, надзвычайнай худзізною – ягоныя ніжнія канцавіны вельмі нагадвалі ногі Джона Рэндалфа*, – а таксама белымі бакенбардамі, якія рэзка кантраставалі з чорнымі валасамі, і праз гэта іх вельмі часта памылкова ўважалі за парык. Надзвычайная нервовасць рабіла яго вельмі прыдатным аб’ектам для месмерычнага эксперымента. Два-тры разы я ўсыпляў яго без асаблівых цяжкасцяў, але ў астатнім ён не апраўдаў надзеяў, якія выклікалі ў мяне асаблівасці ягонага целаскладу. Ягоную волю мне ні ў якай ступені не ўдалося падпарадкаваць сабе ні разу, а што да clairvoyance,[20] то я не здолеў дасягнуць нічога з таго, на што спадзяваўся. Я заўсёды тлумачыў свае няўдачы ў гэтым ягоным расстроеным здароўем. За некалькі месяцаў да нашага знаёмства ягоныя дактары выявілі ў яго сухоты. Зазвычай ён гаварыў пра свой блізкі скон спакойна, як пра непазбежнасць, не вартую шкадаванняў.

Калі вышэйзгаданыя думкі ўпершыню прыйшлі мне ў галаву, я, натуральна, адразу згадаў пра містэра Вальдэмара. Я добра ведаў ягоную філасофскую цвёрдасць і быў упэўнены, што вагацца ён не будзе. Сваякоў, якія маглі б перашкодзіць, ён не меў. Я шчыра пра ўсё яму расказаў, і, на маё здзіўленне, ён вельмі жыва гэтым зацікавіўся. Я сказаў «на маё здзіўленне», таму што, хаця ён заўсёды лёгка згаджаўся на мае эксперыменты, нішто не сведчыла пра тое, што ён іх ухваляў. Характар ягонай хваробы дазваляў дакладна вызначыць час надыходу ягонае смерці, і мы дамовіліся, што ён пакліча мяне прыкладна за суткі да сканчэння тэрміну, дадзенага яму дактарамі.

Прайшло ўжо больш за сем месяцаў з таго дня, калі я атрымаў ад містэра Вальдэмара наступную ўласнаручную запіску:

Шаноўны П.,

Думаю, Вам варта прыйсці цяпер. Д. і Ф. пагадзіліся на тым, што я не працягну даўжэй за заўтрашнюю поўнач, і думаю, што яны вылічылі час даволі дакладна.

Вальдэмар

Я атрымаў гэтую запіску праз паўгадзіны пасля яе напісання, а яшчэ праз пятнаццаць хвілінаў быў у пакоі паміраючага. Я не бачыў яго дзесяць дзён і быў уражаны зменамі, што адбыліся з ім за такі кароткі час. Ягоны твар набыў шэры колер, вочы страцілі ўвесь бляск, і схуднеў ён настолькі, што косці скулаў амаль прарывалі скуру. Ён часта адхаркваў макроту, а пульс намацваўся з цяжкасцю. Тым не менш ён захаваў ясны розум і нават пэўную фізічную моц. Ён выразна вымаўляў словы, самастойна прымаў некаторыя лекі, што палягчалі ягоны стан, і, калі я ўвайшоў, штосьці пісаў алоўкам у нататніку, паўседзячы на падушках. Пры ім былі дактары Д. і Ф.

Паціснуўшы Вальдэмару руку, я адвёў дактароў убок, і яны падрабязна расказалі мне пра стан пацыента. Ягонае левае лёгкае за паўтара года напалову кальцынавалася і, безумоўна, было ўжо абсалютна нежыццяздольным. Верхняя частка правага таксама часткова, калі не цалкам, сцвярдзела, а ніжняя ператварылася ў суцэльную масу гнойных туберкулёзных вузельчыкаў. Там было некалькі вялікіх кавернаў, а ў адным месцы лёгкае зраслося з рабрынай. Гэтыя змены ў правым лёгкім былі параўнальна нядаўнімі, а кальцынацыя ішла незвычайна хутка: месяц таму яе не было яшчэ ні знаку, а зрашчэнне заўважылі толькі цягам трох апошніх дзён. Апроч сухотаў у Вальдэмара падазравалі яшчэ анеўрызму аорты, аднак сцвярдзенне не дазваляла дыягнаставаць яе з дакладнасцю. Абодва лекары сыходзіліся на тым, што ён памрэ на наступны дзень, у нядзелю, недзе апоўначы. Тады ішла восьмая гадзіна суботняга вечара.

Калі дактары Д. і Ф. адышлі ад ложка хворага для размовы са мною, яны ўжо развіталіся з ім. Яны не збіраліся вяртацца, але па маёй просьбе згадзіліся зазірнуць сюды назаўтра каля дзесяці гадзінаў вечара.

Яны сышлі, і я адкрыта загаварыў з містэрам Вальдэмарам пра ягоны блізкі канец і – больш падрабязна – пра меркаваны эксперымент. Ён пацвердзіў сваю поўную згоду на ўсё і нават выказаў жаданне неадкладна пачаць дослед. Пры хворым былі санітар і сядзелка, але я не мог дазволіць сабе пачынаць такую справу без больш надзейных сведкаў, чым гэтыя людзі, на выпадак якое-небудзь непрадбачнасці. З гэтае прычыны я вырашыў адкласці дослед да васьмі гадзінаў наступнага вечара, калі прыход містэра Тэадора Л-ла – студэнта-медыка, з якім я быў крыху знаёмы, – вызваліў мяне ад гэтых перашкодаў. Спярша я збіраўся дачакацца лекараў, аднак давялося пачаць раней праз настойлівыя просьбы містэра Вальдэмара, падмацаваныя тым, што я бачыў, як ён на вачах слабее, і часу застаецца няшмат.

Містэр Л-л ветліва пагадзіўся натаваць усё, што тут адбудзецца. Менавіта з ягоных запісаў збольшага ўзята тое, што я маю сказаць, даслоўна ці са скарачэннямі.

Было амаль восем, калі я, узяўшы Вальдэмара за руку, папрасіў яго як мага выразней пацвердзіць для містэра Л-ла, што ён (Вальдэмар) у сваім цяперашнім стане добраахвотна падвяргаецца месмерызацыі. Ён слабым голасам, але даволі разборліва сказаў: «Так, я хачу падвергнуцца месмерызацыі, – і тут жа дадаў: – Баюся, вы задоўга марудзілі».

Пасля ягоных словаў я прыступіў да пасаў, якія раней, як я заўважыў, уздзейнічалі на яго найбольш. На яго відавочна падзейнічаў першы ж дотык маёй рукі да ягонага ілба, але нягледзячы на тое, што я прыклаў усе свае здольнасці, да пачатку адзінаццатай, калі ў адпаведнасці з дамовай прыйшлі дактары Д. і Ф., мне не ўдалося дасягнуць хоць якога адчувальнага поспеху. У некалькіх словах я патлумачыў ім сваю задуму і, не сустрэўшы з іх боку ніякіх пярэчанняў – а яны зазначылі, што хворы ўжо ў агоніі, – без ваганняў працягнуў свае дзеянні, перайшоўшы, праўда, ад падоўжных пасаў да папярочных і не адрываючы позірку ад правага вока няшчаснага.

Ягоны пульс тым часам перастаў намацвацца, а хрыплае дыханне вырывалася раз на паўхвіліны.

Каля пятнаццаці хвілінаў стан хворага збольшага не мяняўся. Але пасля натуральны, хаця і вельмі глыбокі ўздых вырваўся з грудзей паміраючага, і хрыплае дыханне спынілася, дакладней, хрыпаў больш не было чуваць, але дыхаў ён усё гэтак жа рэдка. Рукі і ногі хворага былі халодныя як лёд.

Без пяці адзінаццаць я заўважыў відавочныя прыкметы месмерычнага ўздзеяння. Выраз ашклянелых вачэй змяніўся: у іх з’явілася нейкая трывожная ўнутраная заглыбленасць, якую можна назіраць толькі ў загіпнатызаваных і якую немагчыма ні з чым пераблытаць. Некалькімі падоўжнымі пасамі я змусіў павекі затрымцець, як пры засынанні, пасля яшчэ некалькімі цалкам іх закрыў. Гэтым я, аднак, не задаволіўся, а з наймацнейшым напружаннем волі працягнуў рашучыя маніпуляцыі, пакуль канцавіны заснулага, якога я паклаў больш-менш зручна, не здранцвелі. Ногі былі выцягнутыя, рукі, што ляжалі ўздоўж цела на некаторай адлегласці ад сцёгнаў, – таксама. Галава была крышку прыпаднятая.

Калі я скончыў з гэтым, ужо надышла поўнач, і я папрасіў дактароў зрабіць заключэнне адносна стану містэра Вальдэмара. Пасля пэўных доследаў было зазначана, што ён знаходзіцца ў надзвычай глыбокім гіпнатычным трансе. Абодвух медыкаў гэта вельмі зацікавіла. Доктар Д. адразу ж вырашыў застацца з паміраючым на ўсю ноч, доктар Ф. сышоў, паабяцаўшы вярнуцца на досвітку. Містэр Л-л і сядзелка з санітарам засталіся.

Мы не трывожылі містэра Вальдэмара прыкладна да трэцяй гадзіны ночы. Пасля я падышоў да яго і знайшоў у тым самым стане, у якім ён быў перад сыходам доктара Ф.: ён ляжаў у той самай позе, пульс не намацваўся, дыханне было слабое, заўважнае толькі пры паднясенні да вуснаў люстэрка, вочы былі закрытыя, а рукі і ногі цвёрдыя і халодныя, як мармур. Тым не менш ён зусім не выдаваў на памерлага.

Падышоўшы да містэра Вальдэмара, я зрабіў лёгкае намаганне, каб прымусіць ягоную руку зварухнуцца, зрабіўшы над ёй такія ж пасы, якія нядаўна рабіў над яго целам. Раней такія эксперыменты не рабілі на містэра Вальдэмара ніякага значнага ўздзеяння, і таму я не вельмі спадзяваўся на поспех і цяпер. Але, на маё здзіўленне, ягоная рука адразу ж, хаця і з цяжкасцю, пачала рухацца за маёй у любым паказаным кірунку. Я вырашыў рызыкнуць і загаварыць з ім.

– Містэр Вальдэмар, – сказаў я, – вы спіце? Адказу не было, але я заўважыў, што вусны яго варухнуліся, а таму працягваў задаваць пытанне. Пасля трэцяга разу па яго целе прабеглі лёгкія дрыжыкі, павекі прыпадняліся, паказаўшы тонкія палоскі бялкоў, вусны вяла варухнуліся, і з іх сарваўся ледзь чутны шэпт:

– Так, цяпер сплю. Не будзіце мяне! Дайце памерці так!

Тут я дакрануўся да ягонага цела, але яно было такім жа цвёрдым, як і раней. Правая рука працягвала паслухмяна рухацца за маёй. Я зноў звярнуўся да загіпнатызаванага.

– Вы ўсё яшчэ адчуваеце боль у грудзях, містэр Вальдэмар? Адказ пачуўся адразу ж, але быў яшчэ больш невыразны:

– Нічога не баліць… я паміраю.

Я падумаў, што далей турбаваць яго не варта, а таму да прыходу доктара Ф. больш нічога не казаў і не рабіў. Доктар прыйшоў перад самым світаннем і з бязмерным здзіўленнем убачыў, што хворы ўсё яшчэ жывы. Памацаўшы пульс і прыклаўшы да вуснаў Вальдэмара люстэрка, ён папрасіў мяне яшчэ раз звярнуцца да загіпнатызаванага. Я спытаў:

– Містэр Вальдэмар, вы ўсё яшчэ спіце?

Як і раней, прайшло некалькі хвілінаў, перш чым пачуўся адказ: здавалася, паміраючы збірае ўсе сілы, каб загаварыць. Калі я чацверты раз задаў пытанне, ён вельмі слаба, ледзь-ледзь чутна адказаў:

– Так… усё яшчэ сплю… паміраю.

Згодна з меркаваннем, ці, дакладней, жаданнем медыкаў, містэра Вальдэмара трэба было пакінуць у ягоным цяперашнім, вонкава спакойным стане, пакуль не надыдзе смерць, якую, паводле агульнай думкі, можна было чакаць у найбліжэйшыя хвіліны. Я ж вырашыў, аднак, звярнуцца да яго яшчэ раз і паўтарыў папярэдняе пытанне.

Пакуль я гаварыў, твар загіпнатызаванага раптам вельмі моцна змяніўся. Павекі марудна падняліся, вочы закаціліся, скура набыла трупнае адценне – колер, падобны хутчэй не да пергаментнага, а да колеру белай паперы; плямы сухотнага румянцу, якія да гэтага былі выразна бачныя на шчоках, імгненна згаслі. Я ўжываю гэтае слова, бо нечаканасць такой змены нагадала мне менавіта свечку, якую задзьмулі. У той самы час верхняя губа адсунулася і агаліла зубы, якія дагэтуль былі цалкам схаваныя, ніжняя сківіца з выразным стукам апусцілася, рот шырока адкрыўся, і нам стаў бачны апухлы і счарнелы язык. Мяркую, што ўсе прысутныя да гэтага моманту ўжо сутыкнуліся хоць раз з жахлівым відовішчам смерці, але выгляд містэра Вальдэмара быў такі вусцішны, што мы разам адскочылі ад ложка.

Цяпер я, мабыць, дасягнуў таго месца ў сваім аповедзе, на якім любы чытач адмовіцца верыць маім словам. Але мая справа – проста расказваць далей.

Нічога не выдавала на тое, што містэр Вальдэмар яшчэ жывы. Зрабіўшы такую выснову, мы ўжо збіраліся перадаць яго сядзелкам, калі заўважылі, што язык яго моцна задрыжаў. Гэта доўжылася прыкладна хвіліну. Пасля з-за рассунутых нерухомых сківіцаў пачуўся голас – такі, што нават спроба апісаць яго падалася б вар’яцтвам. Існуе, канечне, два-тры эпітэты, якія акурат прыдаліся б у гэтай сітуацыі; так, напрыклад, я магу сказаць, што гэтыя гукі былі рэзкія, перарывістыя і замагільныя, але напраўду іх вусцішнасць не паддаецца апісанню з той простай прычыны, што такія гукі ніколі раней не трывожылі ніводнае чалавечае вуха. Тым не менш дзве асаблівасці гэтага голасу падаліся мне тады – дый падаюцца цяпер – характэрнымі, бо яны ў некаторай ступені дапамагаюць выявіць яго нечалавечае гучанне. Па-першае, голас, здавалася, далятаў да нашых – прынамсі да маіх – вушэй аднекуль здалёк, быццам з нейкай вельмі глыбокай падземнай пячоры. Па-другое, ён падзейнічаў на мяне так (хаця, баюся, патлумачыць гэта проста немагчыма), як нешта студзяністае і клейкае дзейнічае на нас пры дотыку.

Я казаў пра «гукі» і «голас». Пад гэтым я меў на ўвазе, што гукі гэтыя былі выразна – прычым самым дзіўным, самым страшным чынам – зразумелыя. Містэр Вальдэмар гаварыў – і гаварыў, адказваючы на пытанне, якое я задаў некалькі хвілінаў таму. Як чытачы, мабыць, памятаюць, я спытаў яго, ці спіць ён яшчэ. І ён адказаў:

– Так… не… я спаў, а цяпер… цяпер… я памёр.

Ніхто з прысутных нават не спрабаваў схаваць альбо стрымаць невымоўны жах, які працінаў да касцей, жах, выкліканы некалькімі словамі, прамоўленымі такім чынам. Містэр Л-л, студэнт, страціў прытомнасць. Санітар і сядзелка кінуліся з пакоя і катэгарычна адмовіліся вяртацца. Апісваць чытачам свае пачуцці я нават не бяруся. Каля гадзіны мы ў поўным маўчанні, не вымаўляючы ні слова, спрабавалі прывесці ў сябе містэра Л-ла. Калі гэта ўдалося, мы зноў вярнуліся да містэра Вальдэмара.

Яго стан заставаўся такім самым, якім я яго апісаў, калі не лічыць таго, што на люстэрку больш не з’яўлялася ніякіх знакаў дыхання. Спроба пусціць з рукі кроў пацярпела паразу. Апроч гэтага, варта згадаць, што рука містэра Вальдэмара больш не падпарадкоўвалася маёй волі. Марна спрабаваў я прымусіць яе рухацца. Адзіным паказнікам месмерычнага ўздзеяння заставалася дрыжанне языка кожны раз, калі я задаваў містэру Вальдэмару пытанне. Здавалася, ён спрабуе адказаць, але не мае для гэтага дастаткова сілы волі. Да пытанняў, задаваных іншымі, ён заставаўся неадчувальны, хаця я і спрабаваў стварыць паміж ім і кожным з прысутных гіпнатычную сувязь. Думаю, цяпер я паведаміў усё, што можа даць уяўленне пра стан загіпнатызаванага на той момант. Мы знайшлі новых сядзелак, і а дзясятай я сышоў разам з абодвума медыкамі і містэрам Л-лам.

Апоўдні мы зноў зайшлі паглядзець на пацыента. Ягоны стан заставаўся нязменным. Мы пачалі абмяркоўваць мэтазгоднасць і магчымасць абудзіць яго і хутка пагадзіліся, што нічога добрага мы гэтым не дасягнем. Да гэтага моманту было бачна, што смерць (ці тое, што мы звычайна называем смерцю) была, дзякуючы гіпнозу, прыпыненая. Нам здавалася відавочным, што абуджэнне містэра Вальдэмара прывядзе да імгненнага ці, прынамсі, хуткага скону.

З таго часу і да канца мінулага тыдня – цягам амаль сямі месяцаў – мы кожны дзень наведваліся да містэра Вальдэмара, часам у суправаджэнні медыкаў ці проста сяброў. Увесь гэты час стан загіпнатызаванага заставаўся такім, як я ўжо апісаў. Пры ім нязменна знаходзіліся сядзелкі.

Мінулай пятніцай мы канчаткова вырашылі пабудзіць яго ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць, і менавіта (ці магчыма) няўдалы вынік гэтае спробы выклікаў столькі спрэчак у розных колах і столькі неапраўданых, на маю думку, усеагульных хваляванняў.

Дзеля таго каб вывесці містэра Вальдэмара з гіпнатычнага трансу, я выкарыстаў некалькі звычайных пасаў. Некаторы час яны не давалі ніякіх вынікаў. Першай прыкметай выхаду з трансу было частковае апусканне райка вока. Асаблівую ўвагу мы звярнулі на тое, што апусканне зрэнкаў суправаджалася моцным выдзяленнем з-пад павекаў жаўтаватай сукравіцы з вельмі непрыемным пахам.

Мне параілі пачынаць, як і раней, уздзейнічаць на руку пацыента. Я паспрабаваў і пацярпеў паразу. Тады доктар Ф. пажадаў, каб я задаў пытанне. Я спытаў:

– Містэр Вальдэмар, вы можаце расказаць нам цяпер пра вашыя пачуцці ці жаданні?

На шчоках імгненна з’явіўся сухотны румянец, язык у роце задрыжаў ці, хутчэй, шалёна закруціўся, хаця сківіцы і вусны засталіся такімі ж цвёрдымі, як і раней, і ўрэшце той самы вусцішны голас, які я апісваў вышэй, прамовіў:

– Богам прашу!.. хутчэй!.. хутчэй!.. усыпіце мяне!.. ці хутчэй… абудзіце мяне!.. хутчэй!.. кажу ж вам, я мёртвы!

Я дарэшты страціў усе свае сілы і імгненне вагаўся, не ведаючы, што рабіць. Спачатку я паспрабаваў зноў усыпіць пацыента, але, не здолеўшы зрабіць гэта праз поўнае аслабленне волі, пайшоў у адваротным кірунку і пачаў з усяе моцы яго будзіць. Я хутка зразумеў, што спробы мае прывялі да поспеху, – прынамсі, тады мне ўяўлялася, што поспех мой канчатковы, – і быў упэўнены, што ўсе прысутныя гатовыя да абуджэння пацыента.

Але падрыхтавацца да таго, што тады адбылося, напраўду не здольны ніводны чалавек.

Пакуль я паспешліва выконваў гіпнатычныя пасы сярод ускрыкаў «Мёртвы! Мёртвы!», што зрываліся з языка, але не з вуснаў няшчаснага, усё ягонае цела раптам – за адну толькі хвіліну ці нават хутчэй – сціснулася, расклалася і распаўзлося пад маімі рукамі. На ложку перад намі ляжала напаўвадкая, моташлівая, агідная маса.

Пераклалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута

Элеанора

Sub conservatione formae specificae salva anima.

Пры захаванні пэўнай формы душа застаецца жывою (лац.)

Раймунд Лулій*

Я паходжу з роду, слыннага сілаю фантазіі і палам жарсці. Мяне называлі вар’ятам, аднак яшчэ невядома, ці не ёсць вар’яцтва найвышэйшым розумам і ці не бярэ ўсё слаўнае і мудрае пачатак з запалёнае думкі, з асаблівага настрою розуму, узнесенага цаною страты звычайнага інтэлекту. Тыя, хто бачыць сны наяве, абазнаныя шмат у якіх рэчах, што недасяжныя для тых, хто бачыць сны адно ўначы. Скрозь туманныя летуценні яны зазіраюць у вечнасць і, прачнуўшыся, трымцяць ад адчування, што ім выпала стаяць на краі вялікае таямніцы. Урыўкамі да іх даходзяць крыхі мудрасці, якія ёсць дабром, і крыху больш – звычайныя веды, якія ёсць ліхам. Тым не менш без стырна і без компасу яны пранікаюць у неасяжны акіян «святла невымоўнага» і зноў, як у прыгодах нубійскага географа*, «agressi sunt mare tenebrarum, quid in eo esset exploraturi».[21]

Што ж, няхай кажуць, што я вар’ят. Прынамсі, я прызнаю, што ёсць дзве адрозныя формы майго псіхічнага існавання – бясспрэчны стан яснага розуму, якому належыць памяць пра падзеі, што склалі першы перыяд майго жыцця, і стан ценю й сумневаў, якія адносяцца да майго цяперашняга жыцця і згадак пра тое, што адбылося ў другой вялікай эры майго існавання. Такім чынам, давайце веры ўсяму, што я буду апавядаць пра першы перыяд, а што да пазнейшага перыяду, то стаўцеся да ўсяго роўна з такім даверам, як яно таго заслугоўвае, або сумнявайцеся, а калі сумнявацца вы не можаце, то ўявіце, што гэта – Эдыпава загадка.

Тая, каго я кахаў у юнацтве і пра якую цяпер ясна і спакойна пішу гэтыя ўспаміны, была адзінаю дачкою адзінае сястры маёй даўно ўжо спачылай маці. Маю кузіну звалі Элеанораю. Усё жыццё мы пражылі разам, сагрэтыя трапічным сонцам Даліны Шматколерных Траваў. Ніводзін чужы след не з’яўляўся ў той даліне, бо ляжала яна далёка-далёка, за ланцугом велізарных узвышшаў, што шчыльна навісалі наўкола, не прапускаючы сонечнае святло ў самыя прыгожыя яе закуткі. Ніводнае сцяжынкі не было пратаптана ў яе ваколіцах, і, каб трапіць у наш шчаслівы дом, трэба было прабрацца праз лісце тысячаў лясных дрэваў, да смерці растоптваючы хараство многіх мільёнаў духмяных кветак. Вось чаму мы жылі самотна, нічога не ведаючы пра свет па-за далінаю – я, мая кузіна ды яе маці.

З панурых земляў, што слаліся па-за высокімі гарамі, што з усіх бакоў абступілі наш край, прасочвалася вузенькая і глыбокая рачулка, ярчэйшая за ўсё на свеце, акрамя вачэй Элеаноры; і, крадучыся звілістым шляхам, яна знікала ў цяністай шчыліне гор, між узвышшаў, яшчэ больш панурых за тыя, з якіх яна брала пачатак. Мы назвалі яе Ракою Маўчання, бо здавалася, быццам плынь яе валодала нейкай сілай бязгучнасцi. Ніякага цурчання не чулася ад яе, лілася яна так лагодна, што перламутравыя каменьчыкі, на якія мы так любілі глядзець, нерухома ляжалі ў глыбіні, кожны на адным і тым жа месцы, выпраменьваючы велічнае ззянне.

Берагі той ракі і яе шматлікіх бліскучых ручаёў, што лёгка рухаліся да рэчышча праз пакручастыя сцежкі, гэтаксама як і неасяжная прастора, што распасцерлася ад самых глыбокіх краёў да самага дна, высланага галькай, – гэтыя мясціны, як і ўся паверхня даліны, ад рэчкі да гор, што апярэзвалі яе, былі засланыя мяккаю зялёнаю травою, густою, нізкаю, беззаганна роўнаю, напоўненаю водарам ванілі і так прыгожа ўсеянаю паўсюль жоўтымі казяльцамі, белымі стакроткамі, пурпурнымі фіялкамі і рубінавымі асфадэлямі, што ўсё гэтае бязмернае хараство хвалявала нашыя сэрцы, гучна апавядаючы пра каханне і славу Усявышняга.

Дзе-нідзе сярод гэтае травы, нібы дзівосныя сны, узвышаліся незвычайныя дрэвы, чые высокія тонкія камлі стаялі не проста, а грацыёзна хіліліся да святла, што апоўдні разлівалася ў самае сэрца даліны. Кара іх стракацела яркім бляскам, у якім чаргаваліся водбліскі чарноты й срэбра, і была яна пяшчотнейшая за ўсё, акрамя шчок Элеаноры, і калі б не пышная зеляніна вялізных лістоў, якія спадалі з вершалінаў даўгімі хісткімі радамі, падлашчваючыся да лёгкага ветрыку, то можна было прыняць тыя дрэвы за гіганцкіх сірыйскіх змеяў, што аддавалі пашану свайму ўладару – Сонцу.

Трымаючыся за рукі, пятнаццаць гадоў блукалі мы з Элеанораю па той даліне, пакуль каханне не запанавала ў нашых сэрцах. Сталася тое аднаго вечара на зыходзе трэцяга пяцігоддзя яе жыцця і чацвертага – майго, калі мы сядзелі пад змеепадобнымі дрэвамі, сціскаючы адно аднаго ў абдымках, і глядзелі на ваду ў Рацэ Маўчання, на нашыя адлюстраванні ў ёй. Мы не прамовілі ні слова ў той цудоўны дзень, і нават вымаўленае намі назаўтра было нешматлікім і нясмелым. Мы выклікалі бога Эрота з тае хвалі і цяпер адчувалі, што ён абудзіў у нас палкасць, закладзеную яшчэ ў нашых продках. Жарсці, якімі вякамі быў адзначаны наш род, сабраліся, перапоўненыя фантазіямі, і пранесліся шалёнаю асалодаю над Далінаю Шматколерных Траваў. Усё ў ёй змянілася. Незвычайныя цудоўныя кветкі, падобныя да зорак, распусціліся на дрэвах, тых, якія раней ніколі не ведалі квецені. Зяленіва смарагдавага кіліма стала яшчэ больш насычаным, а калі адна за адною звялі белыя стакроткі, замест іх параспускаліся дзясяткі рубінавых асфадэляў. Жыццё пачало з’яўляцца ўсюды, куды б нашая нага ні ступала, – высокі фламінга, дагэтуль не бачаны, разам з іншымі вясёлымі яркімі птушкамі выхваляўся перад намі сваім пунсовым апярэннем. Залатыя і срэбныя рыбкі заплюхаліся ў рацэ, з лона якое паціху пачало раздавацца цурчанне, што ўрэшце ператварылася ў мелодыю калыханкі, прыгажэйшую за Эолаву арфу, саладзейшую за ўсё на свеце, акрамя голасу Элеаноры. І вялізнае воблака, якое мы бачылі толькі блізу Геспера*, прыплыло адтуль, выпраменьваючы барвовыя і залатыя водбліскі, і, мірна ўладкаваўшыся па-над намі, дзень пры дні пачало апускацца усё ніжэй, аж пакуль краямі не ўлеглася на вершаліны гор, ператвараючы іх цьмянасць у велічнасць і замыкаючы нас у чароўнай вязніцы пышнасці й прыгажосці.

Хараством Элеанора была падобная да серафіма, але была яна дзяўчо наіўнае і шчырае, як і кароткае жыццё, што яна прабавіла сярод кветак. Яна не хавала палымянага кахання, што хвалявала яе сэрца, і зазірнула разам са мною ў самыя патаемныя яго закуткі, калі мы ўдваіх шпацыравалі Далінаю Шматколерных Траваў, разважаючы пра вялікія змены, што кагадзе там адбыліся.

І аднойчы ў слязах загаварыла яна пра апошнюю змену, што напаткае ўсё чалавецтва, і з таго часу адно пра гэта цвердзіла, шторазу вяртаючыся да гэтае сумнае тэмы, гэтаксама як у песнях шыразскага паэта* ва ўсіх варыяцыях зноў і зноў сустракаюцца тыя самыя вобразы.

Яна адчула, што Смерць кранулася рукой яе грудзей – падобная да матылька, яна была надзеленая незвычайнаю прыгажосцю адно для таго, каб памерці; але жах смерці для яе быў толькі ў адным, аб чым аднойчы ўвечары яна і расказала мне на беразе Ракі Маўчання. Вялікі боль прыносіла ёй думка пра тое, што, пахаваўшы яе ў Даліне Шматколерных Траваў, я назаўсёды пакіну гэты шчаслівы край і дарыцьму каханне, палкасць якога дагэтуль належала толькі ёй, панне са свету вонкавага й бруднага. І тады я адразу ж кінуўся да ног Элеаноры і пакляўся перад ёй і Нябёсамі, што ніколі не ажанюся ні з адной дачкой зямлі, што нічым не здраджу яе светлай памяці або памяці яе шчырага пачуцця, якім яна гэтак мяне ашчаслівіла. І я паклікаў магутнага Уладара сусвету, каб Ён стаў сведкам урачыстасці мае клятвы. А як я парушу тую клятву, то няхай прыпадзе на мяне кара, аб якой я прасіў Яго і яе, святую, што жыцьме ў Элізіюме*, і няхай кара тая будзе такою жахліваю, што я нават казаць пра яе не наважуся. І ясныя вочы Элеаноры пасвятлелі, калі я сказаў гэтыя словы; і яна ўздыхнула, нібы смяротны цяжар упаў з яе душы, і, задрыжэўшы, вельмі горка заплакала, але прыняла маю клятву (бо яна была зусім дзіцем), і гэта дало ёй палёгку перад абліччам смерці. Праз колькі дзён, мірна адыходзячы, яна сказала мне, што за тое, што я зрабіў для заспакаення яе душы, яна пасля смерці будзе ахоўваць мяне, і, калі ёй будзе дазволена, уначы будзе прыходзіць да мяне наяве; але ж, калі райскім душам тое не будзе дазволена, яна, прынамсі, часта давацьме мне знакі свае прысутнасці – ці то ўздыхаючы вечаровым ветрыкам, ці то напаўняючы паветра, якім я дыхаю, водарам анёльскіх кадзілаў. І з гэтымі словамі на вуснах яна рассталася са сваім нявінным жыццём, кладучы канец першай эпосе майго быцця.

Дасюль я казаў толькі праўду. Аднак, мінаючы бар’ер на шляху Часу, утвораны сконам маёй каханай, і ўступаючы ў другую эру свайго існавання, я адчуваю, як цень ахутвае мой розум, і я сумняюся ў беззаганнасці сваёй памяці. Аднак я буду казаць далей. Гады пакутліва цягнуліся адзін за адным, а я ўсё яшчэ не сыходзіў з Даліны Шматколерных Траваў; але яшчэ адна вялікая змена адбылася ў ёй. На дрэвах звялі падобныя да зорак кветкі і ніколі ўжо больш не з’яўляліся. Прыцьмелі фарбы смарагдавага кіліма, і адзін за адным змарнелі рубінавыя асфадэлі, замест іх распусціліся дзясяткі цёмных, нібы вочы, фіялак, што так трывожна выгіналіся і былі заўсёды абцяжараныя расою. Жыццё ўжо больш не віравала ў тых краях, дзе мы калісьці бавіліся, – высокі фламінга болей не выхваляўся сваім пунсовым апярэннем, а ў журбе адляцеў за горы разам з усімі калісьці вясёлымі птушкамі, што некалі прыляцелі разам з ім. Залатыя і срэбныя рыбкі сплылі ўніз па плыні цераз цясніну ў гарах і ўжо ніколі болей не ўпрыгожвалі нашае цудоўнае рэчкі. Мелодыя калыханкі, што была прыгажэйшаю за Эолаву арфу і саладзейшаю за ўсё на свеце, акрамя голасу Элеаноры, пакрысе знікала, бо цурчанне рабілася ўсё цішэйшым, пакуль нарэшце рака цалкам не занурылася ў сваё першапачатковае ўрачыстае маўчанне. Велізарнае воблака ўзнялося ўгару і, пакідаючы вершаліны гор у іх ранейшай панурасці, адляцела назад у краі Геспера, прыхапіўшы з сабою сваё залатаноснае і раскошнае хараство з Даліны Шматколерных Траваў.

Аднак Элеанора не забылася на свае абяцанні, бо я чуў звон анёльскіх кадзілаў, а хвалі незямнога водару праплывалі ўвесь час па-над далінаю; і ў гадзіны самоты, калі цяжка білася маё сэрца, вецер, што абвяваў мой лоб, даносіў да мяне ціхія ўздыхі; і няпэўны шэпт нярэдка поўніў начное паветра. А аднаго разу – о, усяго аднойчы! – я прачнуўся ад глыбокага, быццам смерць, сну, адчуўшы на сваіх вуснах прывідны дотык.

Але ж пустэча ў маім сэрцы не запаўнялася. Я прагнуў кахання, якое датуль перапаўняла яго. Нарэшце даліна пачала мучыць мяне ўспамінамі пра Элеанору, і я пакінуў яе назаўжды дзеля бурлівых і ўвадначас марных уцехаў свету.

* * *

Я апынуўся ў незнаёмым горадзе, дзе ўсё навокал, здавалася, спрыяла таму, каб збавіць маю памяць ад тых салодкіх сноў, што так доўга сніліся мне ў Даліне Шматколерных Траваў. Пышнасць і раскоша велічнага двара, і шалёны ляскат зброі, і асляпляльнае хараство жанчынаў збянтэжылі і ап’янілі мой розум. Аднак, як і раней, душа мая заставалася вернаю дадзеным абяцанням, і ціхімі начамі Элеанора нагадвала мне пра сябе сваёю нябачнаю прысутнасцю. Аж раптам усё скончылася, і свет змарнеў у мяне ўваччу, і я спалохаўся жахлівых думак, што авалодалі мною, і страшэнных спакусаў, якія апанавалі мяне, бо з нейкага далёкага і невядомага краю прыбыла да вясёлага двара караля, якому я служыў, панна, краса якое адразу ж паланіла маё нявернае сэрца. Без ваганняў кінуўся я да яе ног у самым палкім, самым пакорным любоўным пакланенні. Бо ці ж маглі мае пачуцці да юнае дзяўчыны зраўнацца з тою палымянасцю, з тым шалам, з тою нябеснаю асалодаю пакланення, з якімі я выліў у слязах усю сваю душу незямной Эрменгардзе? О, светлы серафім Эрменгарда! Гэты вобраз прагнаў з мае памяці згадкі пра іншую. О, боскі анёл Эрменгарда! Углядаючыся ў глыбіню яе незабыўных вачэй, я думаў толькі пра іх – і пра яе.

Я ажаніўся і не страшыўся праклёну, які наклікаў на сябе; і горыч ягоная не спасцігла мяне. Аднаго разу, усяго аднойчы, сярод начное цішы праз краты акна да мяне данесліся мяккія ўздыхі, даўно ўжо забытыя мною, і я пачуў такі знаёмы пяшчотны голас:

– Спі спакойна! Бо над усім пануе Дух Кахання, і, аддаўшы сваё сэрца той, каго завеш Эрменгардаю, ты вызваляеш сябе ад абяцанняў, што даваў Элеаноры. Чаму? Пра тое дазнаешся на нябёсах.

Пераклала Вераніка Сідарэнка

Сэрца выкрывае

Праўда! Я быў і застаюся нервовы, вельмі, нават жахліва нервовы; але ж чаму вы кажаце, што я – вар’ят? Хвароба абвастрыла мае пачуцці – ані не паслабіла, не прытупіла іх. Найвастрэйшае з усіх было пачуццё слыху. Я чуў усё, што адбывалася як на небе, так і на зямлі. Я чуў ці не ўсё, што чынілася ў пекле. Дык няўжо ж я – вар’ят? Паслухайце й майце ўвагу, як разважліва я магу апавесці ўсю гісторыю.

Нельга сказаць, як упершыню гэтая ідэя прыйшла мне ў галаву, але, прычапіўшыся аднаго разу, яна не пакідала мяне ні ўдзень, ні ўночы. Тут не было ні намеру, ні абвостранае жарсці. Я любіў гэтага старога. Ён аніводнага разу не зрабіў мне нічога кепскага, не пакрыўдзіў мяне. Я не зважаў на ягонае золата. Здаецца, прычынаю ўсяго было ягонае вока, менавіта яно! Вока, бледнае й блакітнае, зацягненае плеўкаю, было падобнае да вока грыфа. Калі ж яно натыкалася на мяне, мая кроў халадзела; гэтак спакваля я надумаў забіць старога, каб назаўжды пазбавіцца гэтага вока.

Вось і ўся рахуба. Мяркуеце, я – вар’ят? Вар’яты нічога не цямяць. Каб жа вы бачылі мяне, бачылі, як адмыслова я ўсё рабіў – з якою перасцярогай, з якою прадбачлівасцю, з якім удаваннем распачаў я работу! Ніколі я не ставіўся да старога так добра, як за тыдзень перад забойствам. І штоночы, блізу дванаццатае, я падымаў клямку ягоных дзвярэй і прачыняў іх – ціха-ціха! А пасля, зрабіўшы дастатковую для свае галавы шчыліну, я скіроўваў туды добра зачынены, каб не бліснула святло, зацемнены ліхтар, а ўслед ужо засоўваў галаву. Вас ахапіў бы смех, калі б пабачылі, як умела я прасоўваў яе. Я сунуў яе паволі, зусім паволі, каб не патурбаваць старога ў сне. Цэлая гадзіна ішла на тое, каб памясціць маю галаву ў шчыліне так, што я мог бачыць старога на ложку. Га!.. Хіба ж мог вар’ят дзеяць так разважліва? А калі мая галава трапляла ў пакой, я з асцярожнасцю расчыняў ліхтар, надзвычай асцярожна (абы не рыпнулі петлі) расчыняў яго, каб просты ценькі праменьчык спадаў на хіжае вока. І гэта я рабіў сем доўгіх начэй – акурат апоўначы, – але вока, здавалася мне, заўсёды было заплюшчанае, чаму й не выпадала здзейсніць задуму, бо ж дадзяваў мне не сам стары, але ягонае Паганае Вока. І штораніцы, калі бралася ўжо на дзень, я смела ішоў у спачывальню й гучна гаманіў з ім, па-прыяцельску называючы яго па імені й дазнаючыся, як прамінула ноч. Гэткім парадкам, бачыце, яму належала быць вельмі праніклівым чалавекам, каб запасочыць, што кожнае ночы, рыхтык а дванаццатай, я зазіраў да яго, пакуль ён спаў.

На восьмую ноч я быў асабліва пільны, прачыняючы дзверы. Хвілінная стрэлка гадзінніка рухалася нашмат хутчэй, чымсьці мая рука. Ніколі дасюль я не адчуваў настолькі свае патужнасці, свае празорлівасці. Я ледзьве стрымліваў пачуццё трыюмфу. Адно падумаць, што я прыходзіў, спакваля расчыняў дзверы, а стары нават у сне не бачыў маіх таемных учынкаў ды задумаў. Уявіўшы гэта, я ажно пырснуў смехам, а ён, магчыма, пачуў мяне, бо раптам заварушыўся, нібы злякаўся нечага. Цяпер, мабыць, падумаеце, што я адступіўся – але зусім не так. Апраметная цемра ахінала ягоны пакой (ён баяўся зладзеяў і шчыльна зачыняў аканіцы), таму я ведаў, што ён не ўгледзіць шчылінкі ў дзвярох, і патроху налягаў на іх.

Я прасунуў у спачывальню сваю галаву і важыўся ўжо адчыніць ліхтар, але калі мой вялікі палец праслізнуў па бляшанай засаўцы, стары ўскочыў у ложку, выгукнуўшы: «Хто тут?»

Я застаўся нерухомы й маўчаў. Цэлую гадзіну я не варушыўся, але не пачуў тым часам, як ён зноўку лёг. Ён усё яшчэ сядзеў на ложку, услухоўваўся, дакладна гэтаксама як я ноч у ноч прыслухоўваўся да магільнае цішыні пакоя.

Трохі пазней я пачуў стогн, я ведаў, што гэты стогн спароджаны бязлітасным страхам. Гэта не быў енк пакуты або скрухі – ох, не! – гэта быў ціхі прыдушаны енк, што падымаецца з глыбіні душы, прасякнутай жахам. Я добра ведаў той гук. Часта ўночы, акурат апоўначы, калі ўсё спіць, ён вырываўся з маіх грудзей, паглыбляючы сваім смяротным рэхам тыя страхі, што шкуматалі мяне. Я ўяўляў, што адчувае стары, і спачуваў яму, хаця й пасмейваўся ў душы. Я ведаў, што ён не спаў ужо пасля першага нязначнага шуму, які змусіў яго заварушыцца ў пасцелі. Жахі ўсё мацней сціскалі яго ў сваіх абцугох. Ён стараўся думаць пра іх: «Гэта не што іншае, як вецер у коміне, гэта адно мыш праскочыла па падлозе», – або: «гэта проста цвыркун крыху пасакатаў». Ведама, ён сіліўся суцешыць сябе гэткімі дапушчэннямі, але ўсё дарма. Усё дарма, бо Смерць, набліжаючыся да яго, падбіралася чорным ценем і ахінала сваю ахвяру. І якраз немінучае ўздзеянне бесцялеснага ценю прычынілася да адчування ім (хоць ён не чуў і не бачыў), да адчування таго, што мая галава тут, у пакоі.

Доўга й цярпліва прачакаўшы, я так і не пачуў, ці лёг ён зноўку; тады й наважыўся прачыніць ліхтар – зрабіць ценькую-найценькую шчылінку. І я прачыніў яго – спакойна, настолькі спакойна, што ў гэта цяжка паверыць, – і нарэшце шпурнуўся з шчылінкі нязыркі, бы павучыная ніць, праменьчык і апынуўся на хіжым воку.

Яно было расплюшчанае, шырока-найшырока расплюшчанае, і я шалеў, пазіраючы на яго. Я надзвычай добра бачыў яго – невыразна блакітнае, зацягненае агіднай плеўкаю, якая ледзяніла мяне да глыбіні душы; але праз цемру я не мог пабачыць ні твару, ні цела старога, бо нясведама скіраваў прамень дакладна на тое клятае месца.

Хіба ж я не казаў вам, што прыманае за вар’яцтва ёсць проста празмернай праніклівасцю? Я пачуў увушшу ціхі, прыглушаны, прудкі зык, гэткі, што робіць гадзіннік, загорнуты ў вату. Безумоўна, я ведаў гэты гук – білася сэрца старога. Тахканне распаліла ўва мне лютасць – падобна да таго, як пошчак бубнаў абуджае жаўнераву адвагу.

Але я ўсё яшчэ стрымліваў сябе й не варушыўся. Я ледзьве дыхаў, трымаючы застыглы ў руцэ ліхтар, і сіліўся не зводзіць праменю з вока. Тым часам агіднае тахканне пачасцілася. Яно ўсё нарастала й нарастала, рабілася штосекунды прудчэйшае й гучнейшае. Страх старога, пэўне, стаў надзвычайны. Біццё гучнела, паслухайце, гучнела з кожным імгненнем! Ці зважаеце вы на гэта? Я казаў, што я нервовы, гэта сапраўды так. І тады, глыбокай ноччу, спасярод вусцішнае цішы старога дому, гэты дзіўны шум пазбавіў мяне змогі кантраляваць страх. І ўсё ж колькі хвілінаў я таймаваў сябе. Але біццё гучнела й гучнела! Мне здавалася, што сэрца можа разарвацца. І цяпер новая трывога ахапіла мяне – гук маглі пачуць суседзі! Прабіў час старога! З пранізлівым крыкам я расчыніў ліхтар і ўскочыў у пакой! Стары выгукнуў адзін, толькі адзін раз. Вокамгненна я сцягнуў яго на падлогу й прыдушыў цяжкім ложкам. Пасля я весела смяяўся, уважаючы, што ўсё ўрэшце зроблена. Але доўгія хвіліны сэрца яшчэ глуха тахкала. Гэта, тым не менш, не турбавала мяне; біцця не пачулі б за сцяной. Нарэшце яно сціхла. Стары быў мёртвы. Я адсунуў ложак і агледзеў труп. У ім зусім не было жыцця. Я прыклаў руку да ягонага сэрца й трымаў яе так колькі хвілінаў. Кроў не пульсавала. Ён быў назаўжды пазбаўлены жыцця. Ягонае вока больш не патрывожыць мяне.

Калі вы ўсё яшчэ лічыце мяне вар’ятам, дык пераканаецеся ў сваёй памылцы, дазнаўшыся пра мудрыя перасцярогі, выкарыстаныя мною, каб схаваць цела. Ноч сыходзіла, і я хапатліва, але без шуму, працаваў. Перадусім я разабраў труп: адрэзаў галаву, рукі й ногі.

Пасля я выняў з падлогі тры маснічыны й паклаў парэшткі паміж брусоў. А тады ўставіў дошкі назад так разумна й вынаходліва, што ніякае чалавечае вока, нават ягонае вока, не выявіла б нечага падазронага. Не трэ было нічога вымываць – нідзе ніводнае плямкі, ніводнае кропелькі крыві. Я быў вельмі акуратны. Усё засталося ў місе!

Калі я скончыў работу, была чацвертая – цямнота стаяла, як апоўначы. Адразу па тым, як звон прабіў чацвертую, пачуўся стук у парадныя дзверы. Я спусціўся адчыніць з спакоем у душы – чаго мне цяпер было баяцца? Увайшлі тры мужчыны і з бездакорнай ветлівасцю адрэкамендаваліся афіцэрамі паліцыі. Крык уначы пачуў сусед; вынікла запасочанне, што здарылася злачынства; інфармацыю перадалі ў пастарунак, і іх (афіцэраў) паслалі абшукаць дом.

Я ўсміхнуўся – чаго мне было баяцца? Я павітаў іх. Сказаў, што сам выгукнуў у сне. Стары, дадаў я між іншым, паехаў на вёску. Я паказаў ім увесь дом. Я прасіў іх агледзець – агледзець як след. Я прывёў іх нарэшце ў ягоны пакой. Я паказаў ім усе ягоныя каштоўнасці, цэлыя й нечапаныя. У захапленні ад свае ўпэўненасці я прынёс у пакой крэслы й папрасіў афіцэраў адпачыць, а сам з шалёнай смеласцю ад поўнага трыюмфу паставіў сваё крэсла якраз там, дзе спачываў труп ахвяры.

Афіцэры былі задаволеныя. Мае дзеянні пераканалі іх. Я паводзіў сябе зусім нязмушана. Яны сядзелі й гаманілі пра нешта звычайнае, і я таксама штосьці бадзёра казаў ім. Але неўзабаве я адчуў, што бляднею, і захацеў, каб яны як мага хутчэй пайшлі. У мяне балела галава і, здаецца, стаяў звон увушшу; а яны ўсё сядзелі й гаманілі. Звон зрабіўся выразнейшы; ён не знікаў, не, ён большаў. Я пачаў гаварыць развязней, каб пазбыцца хвалявання, але ён не сціх, а праявіўся яшчэ болей – і нарэшце я зразумеў, што шум быў не ў маіх вушох.

Загрузка...