Гербэрт Уэлс Вайна сусветаў

Кніга першая Прыбыццё марсіянаў

І. Напярэдадні вайны

У апошнія гады дзевятнаццатага стагоддзя ніхто не паверыў бы, што за ўсімі падзеямі на Зямлі пільна і ўважліва сочаць істоты больш развітыя, чым чалавек, хоць яны такія ж смертныя, як і ён; што ў той час, як людзі займаліся сваімі справамі, іх даследавалі і вывучалі, мабыць, гэтак жа поўна і ўсебакова, як чалавек пад мікраскопам вывучае эфемерныя стварэнні, якія кішаць і размнажаюцца ў кроплі вады. З бясконцай самазадаволенасцю мітусіліся людзі на ўсім зямным шары, занятыя сваімі дробязнымі справамі, упэўненыя ў сваёй уладзе над матэрыяй. Магчыма, інфузорыя пад мікраскопам паводзіць сябе гэтаксама. Ніхто нават не здагадваўся, што больш старыя кропкі сусвету — крыніца небяспекі для роду людскога; нават думка пра якое-небудзь жыццё на іх здавалася неверагоднай і крамольнай. Міжвольна ўспамінаюцца тагачасныя агульнапрынятыя погляды. Дапускалася найбольш рэальнае: на Марсе жывуць іншыя людзі, магчыма, менш развітыя, чым мы, але, ва ўсякім выпадку, яны гатовы па-сяброўску сустрэць нас як найбольш цывілізаваных гасцей, якія нясуць асвету. Між тым праз бездань прасторы на Зямлю прагна і зайздросна глядзелі істоты з высокаразвітым, халодным і абыякавым інтэлектам; яны пераўзыходзілі нас настолькі, наколькі мы пераўзыходзім вымерлых жывёлаў, і выпрацоўвалі дакладныя, варожыя для нас планы. Пачатак дваццатых гадоў разбурыў нашы ілюзіі.

Планета Марс — наўрад ці трэба напамінаць чытачу — верціцца вакол Сонца ў сярэднім на адлегласці 140 мільёнаў міляў і атрымлівае ад яго ўдвая менш цяпла і святла, чым мы. Калі верыць гіпотэзе пра туманнасць, то Марс старэйшы за Зямлю; жыццё на яго паверхні павінна было паявіцца задоўга да таго, як Зямля перастала быць расплаўленай. Маса яго ў сем разоў меншая за зямную, таму ён павінен значна хутчэй астыць да тэмпературы, пры якой магло зарадзіцца жыццё. На Марсе ёсць паветра, вада і ўсё неабходнае для падтрымання жыцця.

Але чалавек настолькі славалюбівы і так аслеплены сваёй фанабэрыстасцю, што ніхто з пісьменнікаў да самага канца дзевятнаццатага стагоддзя нават не выказваў і думкі пра тое, што на гэтай планеце могуць жыць разумныя істоты, якія, магчыма, нават апярэдзілі ў сваім развіцці людзей. А так як Марс старэйшы за Зямлю, мае паверхню, роўную чацвёртай частцы зямной, і далей размешчаны ад Сонца, то ніхто і не падумаў, што жыццё на Марсе не толькі пачалося раней, але ўжо набліжаецца да канца.

Непазбежнае ахаладжэнне, якое калі-небудзь ахопіць і нашу планету, у нашага суседа, несумненна, адбылося ўжо даўно. Хоць мы амаль нічога не ведаем аб умовах жыцця на Марсе, нам усё ж вядома, што нават у яго экватарыяльным поясе сярэднедзённая тэмпература не вышэйшая, чым у нас самай халоднай зімой. Яго атмасфера намнога больш разрэджаная, чым зямная, а акіяны паменшыліся і займаюць толькі трэць яго паверхні; з прычыны павольнага кругазвароту пораў году каля яго полюсаў згрувашчваюцца велізарныя ледзяныя масы і затым, адтайваючы, перыядычна затапляюць яго ўмераныя паясы. Апошняя стадыя апусташэння планеты, для нас яшчэ бясконца далёкая, стала надзённай праблемай насельнікаў Марса. Неадкладная патрэба прымушала іх розум працаваць больш напружана, іх тэхніка ўдасканальвалася, чарсцвелі сэрцы. І, гледзячы ў сусветную прастору, узброеныя такімі інструментамі і ведамі, пра якія мы толькі можам марыць, яны бачылі непадалёк ад сябе, на адлегласці якіх-небудзь 35 міляў у напрамку да Сонца, ранішнюю зорку надзеі — нашу цёплую планету, зялёную ад расліннасці і шэрую ад вады, з туманнай атмасферай, якая красамоўна сведчыць аб урадлівасці, з мігаючымі праз воблачную павалоку шырокімі прасторамі населеных мацерыкоў і цеснымі, запоўненымі флатыліямі суднаў, марамі.

Мы, людзі, істоты, насельнікі Зямлі, павінны былі здавацца ім такімі ж нікчэмнымі і прымітыўнымі, як нам — малпы і лемуры. Розумам чалавек спасцігае: жыццё — гэта няспынная барацьба за існаванне, і на Марсе, відаць, думаюць гэтаксама. Іх жыццё пачало ўжо астываць, а на Зямлі — усё яшчэ кіпіць, але гэта жыццё нейкіх ніжэйшых стварэнняў. Заваяваць новы свет, бліжэй да Сонца, — вось іх адзінае выратаванне ад пагібелі, якая насоўваецца няўхільна.

Перш чым судзіць іх вельмі строга, мы павінны ўспомніць, як няшчадна знішчалі людзі не толькі жывёлін, але і да сябе падобных прадстаўнікоў ніжэйшых рас. Жыхары Тасманіі, напрыклад, былі забітыя да апошняга за пяцьдзесят гадоў крывавай вайны, распачатай імігрантамі з Эўропы. Хіба мы самі ўжо такія прыхільнікі міласэрнасці, што можам абурацца марсіянамі, якія дзейнічалі ў тым жа духу?

Марсіяне, відавочна, разлічылі свой спуск з неверагоднай дакладнасцю — іх матэматычныя пазнанні, мяркуючы па ўсім, значна пераўзыходзяць нашыя — і выканалі свае задумкі выключна ўзгоднена. Калі б нашы прыборы былі больш дасканалыя, то мы маглі б заўважыць небяспечную навалу яшчэ задоўга да канца дзевятваццатага стагоддзя. Такія вучоныя, як Скіяпарэлі, назіралі за чырвонай планетай (цікава, між іншым, што на працягу многіх вякоў Марс лічыўся зоркай вайны), але ім не ўдавалася выясніць прычыну перыядычнага паяўлення на ёй плямаў, якія яны добра заносілі на карты. А ўсе гэтыя гады марсіяне, відаць, рыхтаваліся.

У час супрацьстаяння, у 1894 годзе, на асветленай частцы планеты было відаць моцнае святло, заўважанае спачатку абсерваторыяй у Ліке, затым Ператэнам у Ніцы і іншымі назіральнікамі. Англійскія чытачы ўпершыню даведаліся пра гэта з часопіса «Нэйчар» ад 2 жніўня. Думаю, што гэта з'ява азначала адліўку ў глыбокай шахце гіганцкай пушкі, з якой марсіяне абстрэльвалі Зямлю. Дзіўныя відовішчы, да гэтага часу, між іншым, не растлумачаныя, наглядаліся бліз месца ўспышкі ў час двух апошніх супрацьстаянняў.

Бура ўзнялася над намі шэсць гадоў назад. Калі Марс наблізіўся да супрацьстаяння, Лавель з Явы паведаміў астраномам па тэлефоне аб каласальным выбуху расплаўленага газу на планеце. Гэта адбылося дванаццатага жніўня апоўначы, калі з тэрміновай дапамогай спектраскопа ён убачыў расплаўленую масу газаў, галоўным чынам вадароду, якая са страшэннай хуткасцю рухалася да Зямлі. Гэты агнявы паток стаў нябачным каля чвэрці першай гадзіны. Лавель параўнаў яго з каласальнай успышкай полымя, якое раптоўна вырвалася з планеты, як зброены снарад.

Параўнанне аказалася вельмі дакладным. Але ў газетах на наступны дзень не было ніякага паведамлення аб гэтым, калі не лічыць маленькай заметкі «Дэйлі тэлеграф»; і свет жыў і не ведаў самай сур'ёзнай з усіх небяспек, якія калі-небудзь пагражалі чалавецтву. І я, магчыма, нічога не даведаўся б аб вывяржэнні, калі б не сустрэўся ў Отэршоў з вядомым астраномам Оджылві. Ён быў крайне ўсхваляны паведамленнем і запрасіў мяне гэтай ноччу паназіраць за чырвонай планетай.

Нягледзячы на ўсе наступныя бурныя падзеі, я вельмі ясна помню нашу начную пільнасць: чорная, нямая абсерваторыя, завешаны ў вугле ліхтар, што слаба асвятляе падлогу, мернае ціканне гадзіннікавага механізма ў тэлескопе, невялікая падоўжаная адтуліна ў столі, адкуль зіяла бездань, усеяная зорным пылам.

Амаль нябачны Оджылві бясшумна рухаўся каля прыбора. У тэлескопе відзён быў цёмна-сіні круг і плаваючая ў ім маленькая круглая планета. Яна здавалася такой нязначнай, бліскучай, з ледзь улоўнымі папярочнымі палосамі, са злёгку няправільнай акружнасцю. Яна была маленькая, як шпількавая галоўка, і вылучала цёплае серабрыстае святло. Яна быццам дрыжала, але на самай справе гэта вібраваў тэлескоп пад дзеяннем гадзіннікавага механізма, які трымаў планету ў полі зроку.

У час назірання зорачка то памяншалася, то павялічвалася, то набліжалася, то аддалялася, але гэта толькі здавалася — ад стомленасці вачэй. Нас аддзялялі ад яе 40 мільёнаў міляў, больш чым 40 мільёнаў міляў пустаты. Нямногія могуць уявіць сабе ўсю неабдымнасць той бездані, у якой плаваюць пылінкі матэрыяльнага сусвету.

Блізка каля планеты, я помню, былі відаць тры маленькія светлыя кропкі, тры тэлескапічныя зоркі, бясконца аддаленыя, а вакол — непамерная цемра пустой прасторы. Вы ведаеце, як выглядае гэта бездань марознай ноччу. У тэлескопе яна здаецца яшчэ больш глыбокай. І нябачнае для мяне, з прычыны аддаленасці і малой велічыні, няўхільна і хутка імкнучыся да мяне праз усю гэту невераемную прастору, з кожнай хвілінай прыбліжаючыся на многія тысячы міляў, імчалася тое, што марсіяне паслалі нам, тое, што павінна было прынесці барацьбу, бедствы і гібель на Зямлю. Я і не здагадваўся аб гэтым, назіраючы за планетаю; ніхто на Зямлі не падазраваў пра гэты метка пушчаны кідальны снарад.

Гэтай ноччу зноў наглядаўся ўзрыў на Марсе. Я сам бачыў яго. Паявіўся чырванаваты бляск і ледзь прыкметнае ўздуцце з краю ў тое самае імгненне, калі хранометр паказваў поўнач. Я паведаміў пра гэта Оджылві, і ён змяніў мяне. Ноч была гарачая, і мне захацелася піць; вобмацкам, нялоўка ступаючы ў цемнаце, я рушыў да століка, на якім стаяў сіфон, як раптам Оджылві ўскрыкнуў, убачыўшы вогненны паток газу, што нёсся на вас.

Гэтай ноччу новы небяспечны снарад быў выпушчаны з Марса на Зямлю — роўна праз суткі пасля першага, з дакладнасцю да адной секунды. Помню, як я сядзеў на стале ў цемнаце; чырвоныя і зялёныя плямы плылі ў мяне перад вачыма. Я шукаў агню, каб закурыць. Я зусім не надаваў значэння гэтай імгненнай успышцы і не задумваўся над тым, што можа быць пасля яе. Оджылві назіраў да гадзіны ночы; у гадзіну ён закончыў работу; мы запалілі ліхтар і накіраваліся к яму дамоў. Захінутыя цемрай, ляжалі Отэршоў і Чэртсі, дзе мірна спалі сотні жыхароў.

Оджылві гэтай ноччу выказваў розныя згадкі наконт умоў жыцця на Марсе і высмейваў вульгарную гіпотэзу аб тым, што яго насельнікі падаюць нам сігналы. Ён меркаваў, што на планету пасыпаўся цэлы град метэарытаў або што там адбываецца агромністае вулканічнае вывяржэнне. Ён даказваў мне, наколькі малаверагодна, каб эвалюцыя арганізмаў праходзіла аднолькава на дзвюх, хай сабе і блізкіх планетах.

— Адзін шанс супраць мільёна за тое, што на Марсе ёсць жыццё, — сказаў ён.

Кожны раз апоўначы сотні назіральнікаў бачылі полымя, у гэту і наступныя дзесяць начэй — па адной успышцы. Чаму выбухі скончыліся пасля дзесятай ночы, гэтага ніхто не спрабаваў растлумачыць. Магчыма, газ ад выстралаў прычыняў якія-небудзь нязручнасці марсіянам. Густыя клубы дыму ці пылу, убачаныя ў самым моцным тэлескопе ў выглядзе маленькіх шэрых з адлівам плямаў мігацелі ў чыстай атмасферы планеты і зацямнялі яе знаёмыя абрысы.

Нарэшце нават газеты загаварылі пра гэтыя відовішчы, там-сям сталі паяўляцца заметкі пра вулканы на Марсе. Помніцца, гумарыстычны часопіс «Панч» вельмі дасціпна выкарыстаў гэта для палітычнай карыкатуры. Паміж іншым нябачныя марсіянскія снарады ляцелі да Зямлі праз бездань пустой прасторы з хуткасцю некалькіх міляў у секунду, набліжаючыся з кожным днём, з кожнай гадзінай. Мне здаецца цяпер дзікім, як гэта людзі маглі займацца сваімі дробязнымі справамі, калі над імі ўжо навісла згуба. Я помню, як радаваўся Маркхем, атрымаўшы новы фотаграфічны здымак планеты для ілюстраванага часопіса, рэдагуемага тады ім. Людзі цяперашняга, больш позняга часу з цяжкасцю ўяўляюць сабе разнастайнасць і прадпрымальнасць часопісаў у дзевятнаццатым веку. Я таксама тады з вялікім жаданнем вучыўся ездзіць на веласіпедзе і чытаў кіпу часопісаў, у якіх абмяркоўвалася далейшае развіццё маральнасці ў сувязі з прагрэсам цывілізацыі.

Аднойчы вечарам (першы снарад знаходзіўся тады за 10 мільёнаў міляў ад нас) я выйшаў разам з жонкай на прагулку. Неба было зорнае, і я растлумачыў ёй знакі Задыяка і паказаў на Марс, на яркі пункт святла каля зеніту, куды было скіравана столькі тэлескопаў. Вечар быў цёплы. Кампанія экскурсантаў з Чэртсі ці Айлварта, вяртаючыся дамоў, прайшла міма нас з песнямі і музыкай. У верхніх вокнах дамоў свяціліся агні, людзі клаліся спаць. Здалёку, з чыгуначнай станцыі даносіўся грукат манеўровых цягнікоў; прыглушаны адлегласцю, гучаў ён амаль меладычна. Жонка звярнула маю ўвагу на чырвоныя і жоўтыя сігнальныя агні, што гарэлі на фоне начнога неба. Усё здавалася такім спакойным і лагодным.

ІІ. Падаючая зорка

Затым надышла ноч першай знічкі. Яе ўбачылі на досвітку; яна праносілася над Вінчэстэрам, на ўсход, вельмі высока, выкрэсліваючы вогненную лінію. Сотні людзей бачылі яе і ўспрынялі за звычайную дагараючую зорку. Як апісвае Элбін, яна пакідала за сабою зеленаватую паласу, якая гарэла некалькі секундаў. Дэнінг, наш найвялікшы аўтарытэт па метэарытах, сцвярджаў, што яна была бачнай ужо на адлегласці дзевяноста ці ста міляў. Яму падалося, што зорка ўпала на Зямлю прыкладна за сто міляў на ўсход ад таго месца, дзе ён знаходзіўся.

Тады я быў дома і пісаў у сваім кабінеце; і хоць маё акно выходзіла на Отэршоў і штора была падцягнута (я любіў глядзець у начное неба), я нічога не заўважыў. Аднак гэты метэарыт, самы незвычайны з усіх, што калі-небудзь падалі на Зямлю з сусветнай прасторы, павінен быў упасці, калі я сядзеў за сталом, і я мог бы яго ўбачыць, калі б паглядзеў у неба. Некаторыя з тых, хто бачыў яго палёт, кажуць, што ён ляцеў са свістам, але сам я гэтага не чуў. Многія жыхары Беркшыра, Сэрэя і Мідлсэкса бачылі яго падзенне і амаль не думалі, што ўпаў новы метэарыт. Гэтай ноччу, мабыць, ніхто не пацікавіўся масай, якая ўпала.

Бедалага Оджылві, які назіраў за метэарытамі, быў перакананы, што ён упаў дзе-небудзь на пустцы паміж Хорсэлам, Отэршоў і Ўокінгам, прачнуўся рана і адправіўся на пошукі. Ужо развіднела, калі ён знайшоў метэарыт непадалёк ад пясчанага кар'ера. Ён убачыў гіганцкую яму ад падзення метэарыта, кучы пяску і жвіру, што грувасціліся сярод верасу і былі відаць за паўтары мілі. Верас загарэўся і тлеў; празрасты блакітны дымок клубіўся на фоне ранішняга неба.

Нябеснае цела рухнула ў пясок, сярод раскіданых трэсак раструшчанай ім пры падзенні хвоі. Вонкавая частка была падобна на агромністы абгарэлы цыліндр; яго абрысы былі нябачныя з-за тоўстага слою цёмнага нагару. Цыліндр быў каля трыццаці ярдаў у дыяметры. Оджылві наблізіўся да гэтай касы, здзіўлены яе аб'ёмам і асабліва формай, бо звычайна метэарыты бываюць больш або менш шарападобныя. Але цыліндр быў так моцна распалены ад палёту ў паветры, што да яго нельга было блізка падысці. Лёгкі шум унутры цыліндра Оджылві ўспрымаў як вынік нераўнамернага ахалоджвання яго паверхні. Тады ён не мог і падумаць, што цыліндр можа быць пусты.

Оджылві стаяў на ўскрайку ямы, здзіўлены незвычайнай формай і колерам цыліндра, спакваля здагадваючыся аб яго прызначэнні. Раніца была нязвыкла ціхая; сонца, якое толькі што асвяціла сасновы лес каля Ўэйбрыджа, ужо прыгравала. Оджылві гаварыў, што ён не чуў птушынага спеву той раніцай, не было ніякага ветрыку і толькі з пакрытага нагарам цыліндра даносіліся якіясьці гукі. Пустка была бязлюдная.

Раптам ён са здзіўленнем заўважыў, што слой нагару на цыліндры пачаў адвальвацца з верхняга яго краю. Кусочкі шлаку падалі на пясок, нібы камякі снегу ці кроплі дажджу. Нечакана адваліўся і з шумам упаў вялікі кусок; Оджылві непрытворна спалохаўся.

Нічога не падазраваючы, ён спусціўся ў яму і, нягледзячы на моцную гарачыню, наблізіўся ўшчыльную да цыліндра, каб лепш разгледзець яго. Астраном усё яшчэ думаў, што незвычайнае відовішча выклікана ахаладжэннем цела, але гэтаму пярэчыў той факт, што нагар падаў толькі з краю цыліндра.

І вось Оджылві заўважыў, што круглы верх цыліндра паволі круціцца. Гэтае ледзь прыкметнае вярчэнне ён заўважыў таму, што чорная пляма, якая пяць хвілін назад была насупраць яго, знаходзілася цяпер у другім пункце акружнасці. І ўсё ж ён не да канца разумеў, што гэта значыць, пакуль не пачуў глухі скрыгатлівы гук і не ўбачыў, што чорная пляма выдавалася наперад амаль на дзюйм. Урэшце ён здагадаўся ў чым справа. Цыліндр быў штучны, пусты, са здымной накрыўкай. Унутры цыліндра хтосьці адкручваў яе.

— Божа мой! — усклікнуў Оджылві. — Там унутры чалавек. Гэтыя людзі ледзь не згарэлі. Яны спрабуюць выбрацца!

Ён імгненна звязаў з'яўленне цыліндра з выбухам на Марсе.

Думка пра істоту ў цыліндры так моцна скаланула, што ён забыўся пра гарачыню і падышоў да цыліндра яшчэ бліжэй, каб памагчы адкруціць накрыўку. На шчасце, нясцерпная гарачыня своечасова стрымала яго, і ён не апёкся. З хвіліну пастаяў у нерашучасці, пасля вылез з ямы і з усіх ног пусціўся ў бок Уокінга. Было ўжо а шостай гадзіне. Вучоны сустрэў фурмана і хацеў яму растлумачыць тое, што здарылася, але словы не вязаліся паміж сабою, да таго ж ён меў такі дзікі выгляд — у яме згубіў капялюш, — што той як ні ў чым не бывала праехаў міма. Гэтак жа няўдачліва ён звярнуўся да карчмара, які толькі што адчыніў дзверы карчмы каля Хорселскага маста. Той падумаў, што гэта вар'ят-самавольнік і паспрабаваў быў зацягнуць яго ў распівачную. Гэта крыху працверазіла Оджылві, і, убачыўшы Гендэрсана, лонданскага журналіста, які капаўся ў сваім садку, ён аклікнуў яго цераз плот, стараючыся гаварыць як мага выразна.

— Гендэрсан, — пачаў Оджылві, — мінулай ноччу вы бачылі падаючую зорку?

— Ну? Яна на Хорселскай пустцы.

— Божа мой! — усклікнуў Гендэрсан. — Метэарыт! Гэта цікава.

— Але гэта не просты метэарыт. Гэта цыліндр, штучны цыліндр. І ў ім штосьці ёсць.

Гендэрсан разагнуў плечы, не выпускаючы з рук рыдлёўкі.

— Што-што? — перапытаў ён, будучы глухаваты на адно вуха.

Оджылві расказаў усё, што бачыў. Гендэрсан нейкую хвіліну думаў, разважаў. Потым кінуў рыдлёўку, схапіў пінжак і выйшаў на дарогу. Абодва спехам накіраваліся да метэарыта. Цыліндр ляжаў гэтак сама, як і раней. Гукаў знутры чуваць не было, а між накрыўкай і корпусам яго блішчала тонкая металічная нарэзка. Паветра то вырывалася, то з рэзкім свістам уцягвалася ў сярэдзіну.

Яны пачалі прыслухоўвацца, пастукалі палкай па слоі нагару і, не атрымаўшы адказу, вырашылі, што чалавек ці людзі, якія знаходзяцца ўнутры, або страцілі прытомнасць, або памерлі.

Зразумела, удвух яны нічога не маглі зрабіць. Выкрыкнуўшы некалькі падбадзёрлівых слоў і паабяцаўшы вярнуцца, яны паспяшаліся ў горад па дапамогу. Усхваляваныя і збянтэжаныя, запэцканыя пяском, яны беглі ў яркім сонечным святле па вузкай вуліцы ў той ранні час, калі лавачнікі здымаюць аканіцы вітрынаў, а абывацелі расчыняюць вокны сваіх спальняў. Гендэрсан перш за ўсё адправіўся на чыгуначную станцыю, каб па тэлеграфе перадаць навіну ў Лондан. Газеты ўжо падрыхтавалі чытачоў да таго, каб пачуць гэту сенсацыйную навіну.

А восьмай гадзіне натоўп хлопчыкаў і разявакаў рушыў на пустку, каб паглядзець на «мерцвякоў з Марса». Такой была першая версія гэтай падзеі. Я ўпершыню пачуў пра гэта ад свайго газетчыка каля чвэрці дзевятай, выйшаўшы купіць нумар «Дэйлі кронікл». Вядома, я быў крайне здзіўлены і неадкладна пайшоў цераз Отэршоў-брыдж да пясчанага кар'ера.

ІІІ. На Хорселскай пустцы

Каля вялізнай ямы, дзе ляжаў цыліндр, я заспеў чалавек з дваццаць. Я ўжо гаварыў, які выгляд меў гэты каласальны, зарыты ў зямлю снарад. Дзёран і жвір вакол яго абгарэлі, як ад нечаканага выбуху. Відаць, полымя ўспыхнула ад удару цыліндра. Гендэрсана і Оджылві там не было. Магчыма, яны вырашылі, што пакуль нічога рабіць нельга, і пайшлі снедаць да Гендэрсана.

На краі ямы, стрыгучы нагамі, сядзелі чацвёра ці пяцёра хлапчукоў, яны балаваліся (пакуль я іх не спыніў), кідаючы каменьчыкамі ў жудасную махіну. Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалі гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых.

Сярод прысутных былі два веласіпедысты, садоўнік-падзёншчык, якога я тады-сяды наймаў, дзяўчына з дзіцём на руках, мяснік Грэг са сваім сынам, некалькі гулякаў і хлопчыкаў, што прыслугоўвалі ў гульні ў гольф і звычайна сноўдалі каля станцыі. Гаворка была скупою. У той час у Англіі нямногія з простых людзей мелі ўяўленне пра астраномію. Большасць назіральнікаў спакойна глядзела на плоскую накрыўку цыліндра, якая знаходзілася ў тым жа становішчы, у якім яе пакінулі Оджылві і Гендэрсан. Я думаю, што ўсе былі расчараваныя, убачыўшы замест абгарэлых целаў нерухомую грамадзіну цыліндра; многія адпраўляліся дамоў, замест іх прыходзілі іншыя. Я спусціўся ў яму, і мне падалося, што я адчуваю слабае ваганне пад нагамі. Накрыўка была нерухомая.

Толькі падышоўшы зусім блізка да цыліндра, я ўбачыў яго незвычайны выгляд. На першы погляд цыліндр здаваўся не больш дзіўным, чым перакулены экіпаж ці дрэва, якое ўпала на дарогу. Менш таго, — ён быў падобны на ржавы газавы рэзервуар, заглыблены ў зямлю. Толькі дасведчаны чалавек мог заўважыць, што шэры нагар на цыліндры быў простым вокісам, што жаўтавата-белы метал, які пабліскваў пад накрыўкай, меў незвычайнае адценне. Слова «пазазямны» большасці людзей было незразумелае.

Я ўжо не сумняваўся, што цыліндр упаў з Марса, але не верылася, што ў ім знаходзілася якая-небудзь жывая істота. Я меркаваў, што развінчванне адбываецца аўтаматычна. Нягледзячы на словы Оджылві, я быў упэўнены, што на Марсе жывуць людзі. Мая фантазія нарастала: магчыма, унутры знаходзіцца які-небудзь манускрыпт; а ці зможам яго перакласці, ці знойдзем там манеты, розныя рэчы? Аднак цыліндр быў занадта вялікі для гэтага. Карцела паглядзець, што там унутры. Каля адзінаццаці, бачачы, што нічога асаблівага не адбываецца, я вярнуўся дамоў у Мэйбэры. Але ўжо не мог займацца сваімі абстрактнымі даследаваннямі.

Апоўдні пустка была непазнавальная. Ранні выпуск вячэрніх газет узбударажыў увесь Лондан:

ПАСЛАННЕ З МАРСА
НЕБЫВАЛАЯ ПАДЗЕЯ ВА ЎОКІНГУ, —

інфармавалі загалоўкі буйным шрыфтам. Акрамя таго, тэлеграма Оджылві Астранамічнаму таварыству перапалохала ўсе брытанскія абсерваторыі.

На дарозе ля пясчанай ямы стаялі паўдзюжыны брычак са станцыі, фаэтон з Чобхема, чыясьці карэта, безліч веласіпедыстаў. Нягледзячы на гарачы дзень, шмат народу прыйшло з Уокінга і Чэртсі, так што сабраўся даволі вялікі натоўп, было нават некалькі разадзетых дам.

Стаяла ўдушлівая спякота; на небе ні хмурынкі, ні малейшага ветрыку, і цень можна было знайсці толькі пад некаторымі соснамі. Верас ужо не гарэў, але раўніна ледзь не да самага Отэршоў пачарнела і дымілася. Прадпрымальны гаспадар бакалейнай лаўкі на Чобхемскай дарозе прыслаў свайго сына з ручной цялежкай, нагружанай зялёнымі яблыкамі і бутэлькамі з імбірным ліманадам.

Ступіўшы на край ямы, я ўбачыў у ёй групу людзей: Гендэрсана, Оджылві і высокага сівавалосага джэнтльмена (як я пасля даведаўся, гэта быў Стэнт, каралеўскі астраном); некалькі рабочых, узброеных рыдлёўкамі і кіркамі, стаялі тут жа. Стэнт выразна і гучна даваў указанні. Ён узабраўся на накрыўку цыліндра, якая, мабыць, ужо астыла. Твар пачарнеў, градам каціўся пот па лобе і шчоках: Стэнт яўна быў чымсьці раздражнёны.

Большая частка цыліндра была адкопана, хоць ніжні канец усё яшчэ быў у зямлі. У натоўпе вакол ямы Оджылві ўбачыў мяне, паклікаў і папрасіў схадзіць да лорда Хілтана, гаспадара гэтага ўчастка.

Ён гаварыў, што працаваць перашкаджаюць хлапчукі і натоўп, які ўсе большаў і большаў. Трэба адгарадзіцца ад людзей і адвесці іх крыху далей. Ён сказаў мне, што з цыліндра даносіцца слабы шум і што рабочыя не змаглі адкруціць накрыўку, бо не было за што ўхапіцца. Шум, які даносіўся адтуль, прыглушваўся, магчыма, вельмі тоўстымі сценкамі цыліндра.

Я быў гатовы ахвотна выканаць яго просьбу, спадзеючыся такім чынам апынуцца ў ліку прывілеяваных гледачоў пры чаканым ускрыцці цыліндра. Лорда Хілтана я не заспеў дома, але даведаўся, што яго чакаюць з Лондана шасцігадзінным цягніком: так як было толькі чвэрць шостай, я зайшоў дамоў выпіць шклянку гарбаты, а пасля адправіўся на станцыю, каб перахапіць Хілтана на дарозе.

IV. Цыліндр адкрываецца

Калі я вярнуўся на пустку, сонца ўжо садзілася. Пастаянна прыбывалі людзі з Уокінга, дамоў вярталіся толькі двое-трое. Натоўп вакол ямы ўсё павялічваўся, чарнеючы на лімонна-жоўтым фоне неба; сабралася за сто чалавек. Штосьці крычалі; каля ямы адбывалася нейкая таўкатня. Мяне ахапіла трывожнае прадчуванне. Наблізіўшыся, я пачуў голас Стэнта:

— Адыдзіце! Адыдзіце!

Прабег якісьці хлапчук.

— Яно рухаецца, — паведаміў ён мне, — усё круціцца ды круціцца. Мне гэта не падабаецца. Я лепш пайду дадому.

Я наблізіўся. Натоўп быў густы — чалавек дзвесце-трыста; усе штурхаліся, наступалі адзін аднаму на ногі. Разадзетыя дамы былі вельмі цікаўныя.

— Ён упаў у яму! — крыкнуў хтосьці.

— Назад, назад! — чуліся галасы.

Натоўп крыху адхлынуў, і я прабраўся наперад. Усе былі моцна ўсхваляваны. З ямы даносіўся якісьці дзіўны глухі шум.

— Супакойце ж у рэшце рэшт гэтых ідыётаў! — крыкнуў Оджылві. — Мы ж не ведаем, што ў гэтай штуцы праклятай!

Я ўбачыў маладога чалавека, здаецца, прыказчыка з Уокінга, які ўзабраўся на цыліндр, спрабуючы вылезці з ямы, куды яго спіхнуў натоўп.

Верхняя частка цыліндра адкручвалася знутры. Было відаць каля двух футаў вінтавой бліскучай нарэзкі. Нехта, спатыкнуўшыся, адштурхнуў мяне, я пахіснуўся, і мяне ледзь не скінулі на накрыўку, якая круцілася. Я павярнуўся, і, пакуль глядзеў у другі бок, вінт тым часам, выкруціўся ўвесь — і накрыўка цыліндра са звонам упала на жвір. Я штурхнуў локцем некага ззаду мяне і зноў павярнуўся да цыліндра. Круглая пустая адтуліна здавалася абсалютна чорнаю. Вечаровае сонца біла мне прама ў вочы.

Усе, відаць, чакалі, што з адтуліны пакажацца чалавек; можа, не зусім падобны да нас, зямных людзей, але ўсё ж падобны. Па крайняй меры, я чакаў гэтага. Але, зірнуўшы, я ўбачыў нешта вірлівае ў цемнаце — шэраватае, хвалепадобнае, рухомае; бліснулі два дыскі, падобныя на вочы, затым штосьці накшталт шэрай гадзюкі, таўшчынёй з трысціну, пачало выпаўзаць кольцамі з адтуліны і рухацца, віючыся, у мой бок — адно, потым другое.

Мяне ахапіў жах. Ззаду закрычала жанчына. Я крыху павярнуўся, не спускаючы вачэй з цыліндра, адкуль высоўваліся новыя шчупальцы, і пачаў прасоўвацца далей ад ямы. Людзі, якія мяне акружалі, змяніліся ў твары ад здзіўлення. Адусюль пачуліся перапалоханыя крыкі. Натоўп падаўся назад. Прыказчык усё яшчэ не мог выкарабкацца з ямы. Неўзабаве я застаўся адзін і бачыў, як уцякалі людзі, што былі па другі бок ямы, з імі быў і Стэнт. Я зноў глянуў на цыліндр і анямеў ад жаху. Я стаяў як укапаны і глядзеў.

Вялікая шэраватая круглая туша, відаць, велічынёй з мядзведзя, паволі, з цяжкасцю вылазіла з цыліндра. Высунуўшыся на святло, яна заільснілася, бы вільготная папруга. Два вялікія цёмныя вокі пільна глядзелі на мяне. Страшыдла мела круглую галаву і, калі можна так сказаць, твар. Пад вачыма быў рот, ускрайкі якога рухаліся і дрыжэлі, выпускаючы сліну. Страшыдла цяжка дыхала і ўсё яе цела сутаргава пульсавала. Адно яе тонкае шчупальца ўпіралася ў край цыліндра, другім яна размахвала ў паветры.

Той, хто не бачыў жывога марсіяніна, наўрад ці можа ўявіць сабе яго страхатлівую, пачварную знешнасць. Трохвугольны рот, з адтапыранай верхняй губою, поўная адсутнасць ілба, ніякіх адзнак падбародка пад клінападобнай ніжняю губою, няспыннае паторгванне іртом, шчупальцамі, як у Гаргоны, шумнае дыханне ў нязвыклай атмасферы, непаваротлівасць і абцяжаранасць у рухах — вынік вялікай сілы прыцяжэння Зямлі, — і асабліва ж вялізныя зыркія вочы — усё гэта было праціўным і агідным. Масляністая цёмная скура напамінала слізкую паверхню грыба, няўклюдныя, павольныя рухі наганялі невыказны жах. Ужо пры першым уражанні, у момант беглага знаёмства я адчуў смяртэльны страх і нянавісць.

Раптам страшыдла знікла. Яно перавалілася цераз край цыліндра і ўпала ў яму, пляснуўшыся, бы вялікі скураны цюк. Я пачуў своеасаблівы глухі гук, і следам за першым страшыдлам у цёмнай адтуліне паявілася другое.

Мая здранцвеласць адразу знікла, я павярнуўся і з усіх ног пусціўся пад дрэвы, што знаходзіліся якіх-небудзь ярдаў за сто ад цыліндра; але бег я бокам і час ад часу спатыкаўся, бо не мог адарваць вачэй ад гэтых пачвараў.

Там, сярод маладых соснаў і кустоў жаўтазелля, я спыніўся, задыхаючыся, і пачаў чакаць, што будзе далей. Пустка вакол пясчанай ямы была ўсеяна людзьмі, якія гэтак жа, як і я, з цікаўнасцю і страхам назіралі за страшыдламі, а больш дакладна — за кучаю жвіру на беразе ямы, у якой яны ляжалі. Нечакана я з жахам заўважыў, як з ямы высоўвалася нешта круглае і цёмнае. Гэта была галава прадаўца, які зваліўся туды; на фоне захаду яна здавалася чорнаю. Вось паказаліся яго плечы і калена, але ён зноў сарваўся ўніз, відаць была толькі галава. Потым ён знік, і я пачуў слабы крык. Я быў памкнуўся вярнуцца і памагчы яму, але не мог пераадолець страху.

Больш я нічога не ўбачыў, усё схавалася ў глыбокай яме і за грудамі пяску. Кожны, хто ішоў бы па дарозе з Чобхема ці Ўокінга, дзівіўся б такім незвычайным відовішчам: каля сотні людзей рассыпаліся ў канавах, за кустамі, за варотамі і агароджай і моўчкі, зрэдку абменьваліся адрывістымі воклічамі, не зводзячы вачэй з пясчаных кучаў. На фоне палымнеючага неба чарнеў кінуты кімсьці бітончык з імбірным ліманадам, а каля пясчанага кар'ера стаялі запрэжаныя экіпажы; коні елі авёс з аброчных мяшкоў і заграбалі капытамі зямлю.

V. Цеплавы прамень

Здавалася, мяне зачараваў і нават паралізаваў выгляд марсіянаў, што выпаўзалі з цыліндра, на якім яны прыляцелі на Зямлю са сваёй планеты. Стоячы па калені сярод верасовых кустоў, я доўга глядзеў на груды пяску. Ува мне змагаліся страх і цікаўнасць.

Я баяўся зноў наблізіцца да ямы, але мне вельмі ж хацелася туды зазірнуць. Таму я пачаў кружыць, вышукваючы больш прыдатны назіральны пункт і не спускаючы вачэй з груды пяску, за якой таіліся прышэльцы з Марса. Аднойчы ў яркіх фарбах захаду паказаліся тры якіясьці чорныя канечнасці, накшталт шчупальцаў васьмінога, але тут жа зніклі; потым узвысілася тонкая каленчатая мачта з нейкім круглым дыскам наверсе, які круціўся і злёгку вагаўся. Што яны там робяць?

Гледачы разбіліся на дзве групы: адна, большая, — бліжэй да Ўокінга, другая, меншая, — да Чобхема. Безумоўна, яны, як і я, былі ў нерашучасці. Побач са мною стаялі некалькі чалавек. Я падышоў да аднаго — гэта быў мой сусед, я не ведаў яго імя, але паспрабаваў з ім перакінуцца словам. Але момант для гэтага быў не з лепшых.

— Што за пачвара! — сказаў ён. — Божа, якія яны страшэнныя! — Ён паўтарыў гэта некалькі разоў.

— Вы бачылі чалавека ў яме? — спытаў я, але ён прамаўчаў.

Мы моўчкі стаялі побач і пільна назіралі, адчуваючы ўдвух большую ўпэўненасць. Затым я ступіў на бугарок вышынёю каля ярда, каб зручней было назіраць. Аглянуўшыся, я ўбачыў, што мой сусед пайшоў у бок Уокінга.

Сонца села, згусціліся прыцемкі, а нічога новага не адбывалася. Натоўп злева, ад Уокінга, здавалася, павялічваўся, і я пачуў яго невыразны гул. Група людзей па дарозе ў Чобхем рассеялася. У яме быццам усё замерла.

Гледачы мала-памалу асмялелі. Відаць, свежае папаўненне з Уокінга падбадзёрыла натоўп. Прыцемкам на пясчаных пагорках пачаўся павольны перарывісты рух, — здавалася, што пануючая наўкол цішыня станоўча падзейнічала на людзей. Чорныя фігуры, па двое, па трое, рухаліся, спыняліся і зноў рухаліся, расцягваючыся тонкім няправільным паўмесяцам, рожкі якога паступова ахоплівалі яму. Я таксама пачаў падыходзіць да ямы.

Потым я ўбачыў, як фурманы пакінутых экіпажаў і іншыя смельчакі падышлі да ямы, і пачуў стук капытоў і скрып колаў. Хлопчык з лаўкі пакаціў цялежку з яблыкамі. Пасля ярдаў за трыццаць ад ямы я заўважыў чорную кучу людзей, якія ішлі ад Хорсела; наперадзе хтосьці нёс белы сцяг.

Гэта была дэлегацыя. Тэрмінова параіўшыся, у горадзе вырашылі, што марсіяне, нягледзячы на іх агідную знешнасць, усё ж, відаць, разумныя істоты і трэба ім даць зразумець, што мы — таксама разумныя.

Сцяг, развяваючыся на ветры, набліжаўся — спачатку справа ад мяне, потым злева. Я стаяў вельмі далёка і не мог разгледзець каго-небудзь, але пазней даведаўся, што Оджылві, Стэнт і Гендэрсан разам з другімі спрабавалі завязаць кантакты з марсіянамі. Дэлегацыя, здавалася, прыцягвала да сябе амаль замкнёны круг прысутных людзей, і многа невыразных цёмных фігураў крочыла за ёй на значнай адлегласці.

Раптам бліснуў прамень святла, і над ямай узвысіўся і засвяціўся зеленаваты дым, праясніўшыся трыма клубамі ў нерухомым паветры.

Гэты дым (слова «полымя», відаць, тут больш да месца) быў такі яркі, што цёмна-сіняе неба і бурая, сягаючыя аж да Чэртсі, пакрытая туманам пустка з адзінокімі соснамі раптам сталі здавацца зусім чорнымі. У гэты ж момант пачулася нейкае слабае шыпенне.

На беразе ямы стаяла кучка людзей з белым сцягам, анямелых ад здранцвення; маленькія чорныя сілуэты вырысоўваліся на фоне неба над чорнай зямлёю. Успышка зялёнага дыму асвяціла на момант іх бледна-зеленаватыя твары.

Шыпенне перайшло спачатку ў глухое гудзенне, якое паступова стала моцным і бесперапынным; з ямы высунуўся гарбаты цень і мільгануў прамень нейкага штучнага святла.

Языкі полымя, асляпляльны агонь перакінуліся на кучку людзей. Здавалася, нябачны струмень ударыў па іх і ўспыхнуў белым ззяннем. Імгненна яны ператварыліся ў жывыя факелы.

Пры святле гэтага пражорлівага полымя я бачыў, як людзі хісталіся і падалі, а тыя, што далей, ззаду, разбягаліся ў розныя бакі.

Я стаяў і глядзеў, яшчэ не поўнасцю разумеючы, што гэта па натоўпе ад аднаго да другога перабягае смерць. Я зразумеў толькі тое, што адбылося нешта незвычайнае. Амаль бясшумная асляпляльная ўспышка святла — і чалавек падае ніцма і ляжыць нерухома. Ад нябачнага полымя загараліся сосны; патрэскваючы, успыхвала сухое жаўстазелле. Нават у далечы, каля Нэп-Хіла, запалымнелі дрэвы, платы, драўляныя забудовы.

Гэта вогненная смерць, гэты нябачны, непрадухільны палаючы меч наносіў імгненныя, меткія ўдары. Калі ўспыхнула кустоўе, я зразумеў, што ён набліжаецца да мяне, але ўцякаць, ратавацца я не мог: вельмі моцнае было здранцвенне. Я чуў гудзенне агню ў пясчаным кар'еры і раптоўна абарванае ржанне каня. Як быццам чыйсці нябачны распалены палец рухаўся па пустыры паміж мною і марсіянамі, выкрэсліваючы вогненную крывую, і паўсюль кругом дымілася і шыпела цёмная зямля. Штосьці з грукатам упала воддаль, недзе злева, там, дзе выходзіць на пустку дарога да ўокінгскай станцыі. Шыпенне і гул скончыліся, і чорны купалападобны прадмет паволі апусціўся ў яму.

Гэта адбылося хутка; я ўсё яшчэ стаяў нерухома, уражаны і аслеплены бляскам агню. Калі б гэта смерць апісала поўны круг, яна непазбежна ператварыла б у попел і мяне. Але яна слізганула міма і мяне «пашкадавала».

Навакольная цемната стала яшчэ больш страшнай і змрочнай. Узгоркаватая пустка здавалася чорнай, толькі палоска шашы шарэла пад цёмна-сінім небам. Людзі зніклі. Уверсе мігацелі зоркі, а на захадзе свяцілася бледная зеленаватая паласа. Вяршыні соснаў і стрэхі Хорсела выразна выступалі на вячэрнім небе. Марсіяне і іх зброя былі нябачныя, толькі на тонкай мачце няспынна круцілася люстра. Тлелі дрэвы, дзе-нідзе дымілася кустоўе, а ў нерухомым вячэрнім паветры над дамамі каля станцыі Ўокінг падымаліся слупы полымя.

Усё засталося гэткім самым, як было, быццам і не пралятаў гэты вогненны смерч. Кучка чорных фігурак з белым сцягам была знішчана, але мне здавалася, што за ўвесь гэты вечар ніхто і не спрабаваў парушыць цішыню. Раптам я зразумеў, што стаю тут, на цёмнай пустцы, адзін, бездапаможны, безабаронны. Быццам штосьці звалілася на мяне… Страх!

Я з намаганнем павярнуўся і пабег, чапляючыся нагамі за верас. Страх, які ахапіў мяне, быў не проста страхам. Гэта быў неўсвядомлены жах і перад марсіянамі, і перад запанаваўшымі навокал мяне цемрай і цішынёй. Мужнасць пакінула мяне, і я бег, усхліпваючы, як дзіця. Баяўся азірнуцца назад.

Помню, у мяне было такое адчуванне, што са мною хтосьці гуляе, што вось цяпер, калі я ўжо амаль па-за небяспекай, таямнічая смерць, імгненная, як успышка агню, раптам выскачыць з цёмнай ямы, дзе ляжыць цыліндр, і знішчыць мяне на месцы.

VI. Цеплавы прамень на Чобхемскай дарозе

Да цяперашняга часу яшчэ не раслумачана, якім чынам марсіяне могуць усмерчваць людзей так хутка і так бясшумна. Многія мяркуюць, што яны неяк канцэнтруюць інтэнсіўную цеплату ў камеры, якая абсалютна не праводзіць цяпло. Гэту кандэнсаваную цеплату яны кідаюць паралельнымі промнямі на той прадмет, які яны абралі за цэль, пры дапамозе палірованага парабалічнага люстра з невядомага рэчыва, падобна да таго, як парабалічнае люстра маяка адкідвае снапы святла. Але ніхто не змог пераканальна гэта даказаць. Несумненна адно: тут дзейнічаюць цеплавыя промні. Усё, што толькі можа гарэць, ператвараецца ў языкі полымя пры іх судакрананні; свінец расцякаецца, як вадкасць; жалеза размякчаецца; шкло трэскаецца і плавіцца; а калі яны, гэтыя промні, падаюць на ваду, яна імгненна ператвараецца ў пару.

Гэтай ноччу каля сарака чалавек ляжалі пад зорамі паблізу ямы, абгарэлыя і знявечаныя да непазнавальнасці, і ўсю ноч пустка паміж Хорселам і Мэйбэры была бязлюдная і над ёю плыло зарыва.

У Чобхеме, Уокінгу і Отэршоў, магчыма, у адзін і той жа час даведаліся аб катастрофе. Ва Ўокінгу лаўкі ўжо былі зачынены, калі гэта адбылося, і групы людзей, зацікаўленых пачутым, ішлі па Хорселскім мосце і па дарозе, акаймаванай дрэвамі, кіруючыся на пустку. Моладзь, скончыўшы дзённыя клопаты, выкарыстала гэту навіну, пэўна, як прапанову пайсці пагуляць і пафліртаваць. Вы можаце сабе ўявіць, якім быў гул галасоў на цёмнай дарозе…

Ва Ўокінгу толькі нямногія ведалі, што цыліндр адкрыўся, хоць бедалага Гендэрсан адправіў пасыльнага на веласіпедзе ў паштовую кантору са спецыяльнай тэлеграмай для вячэрняй газеты.

Маладыя «двойкі» і «тройкі», выходзячы на адкрытае месца, бачылі людзей, якія ўсхвалявана аб чымсьці гаварылі і паглядалі ў бок пясчанага кар'ера на люстраное вярчэнне; хваляванне іх, несумненна, перадавалася новаму папаўненню.

А палове дзевятай, незадоўга да гібелі дэлегацыі, каля ямы сабраўся чалавечы натоўп — чалавек трыста, калі не больш, не лічачы тых, хто збочыў з дарогі, каб падысці бліжэй да марсіянаў. Сярод іх былі тры палісмены, да таго ж адзін конны; яны стараліся, згодна інструкцыям Стэнта, супакоіць натоўп і не падпускаць яго да цыліндра. Не абышлося, канешне, без пратэсту гарачых галоў, для якіх усякае зборышча з'яўляецца новай зачэпкай пашумець і пабалакаць.

Як толькі марсіяне паказаліся з свайго цыліндра, Стэнт і Оджылві, папярэджваючы магчымасць сутыкнення, тэлеграфавалі з Хорсела ў казармы з просьбаю прыслаць салдатаў для таго, каб не дапусціць насілля з боку гэтых дзіўных істотаў. Пасля гэтага яны вярнуліся на чале злашчаснай дэлегацыі. Людзі, якія знаходзіліся ў натоўпе, пасля апісвалі іх смерць — яны бачылі тое ж самае, што і я: тры клубы зялёнага дыму, глухое гудзенне і ўспышкі полымя.

Аднак натоўпу гледачоў пагражала большая небяспека, чым мне. Іх выратаваў толькі пясчаны, парослы верасам пагорак, затрымаўшы частку цеплавых промняў. Калі б парабалічнае люстра было паднята на некалькі ярдаў вышэй, не засталося б ніводнага жывога сведкі. Яны бачылі, як успыхваў агонь, як падалі людзі, як нябачная рука, запальваючы кустоўе, хутка набліжалася да іх у прыцемках. Потым са свістам, заглушыўшы гул з ямы, прамень бліснуў над іх галовамі; успыхнулі вершаліны букаў, акаймоўваючых дарогу; у бліжэйшым доме трэснулі цагліны, разляцеліся шыбы, запалымнелі аконныя рамы і рухнула частка страхі.

Калі затрашчалі і загулі палаючыя дрэвы, ахоплены панікай натоўп некалькі секундаў нерашуча таптаўся на месцы. На дарогу падалі іскры і недагаркі галля, кружылася вогненнае лісце. Загараліся капелюшы і спадніцы. З пусткі даносіўся пранізлівы крык.

Крыкі і стогны зліваліся ў аглушальны гул. Конны палісмен, схапіўшыся рукамі за галаву, праскакаў сярод узбударажанага натоўпу, моцна крычучы.

— Яны ідуць! — крыкнуў жаночы голас, і, налягаючы на прысутных за спіной, людзі пачалі пракладваць сабе дарогу да Ўокінга. Натоўп разбягаўся ўсляпую, як статак авечак. Там, дзе дарога станавілася вузейшай і цямнейшай, паміж высокімі насыпамі, адбылася адчайная даўка. Не абышлося без ахвяр: трое — дзве жанчыны і адзін хлопчык — былі раздушаныя і затаптаныя; іх пакінулі паміраць сярод цемры і страху.

VII. Як я дабраўся дадому

Што да мяне, то я помню толькі, што натыкаўся на дрэвы і часта падаў, прабіраючыся праз кустоўе. Нада мною навіс нябачны страх; бязлітасны цеплавы меч марсіянаў, здавалася, замахваўся, бліскаючы над маёй галавою, і вось-вось павінен быў абрушыцца і дастаць мяне. Я выбраўся на дарогу паміж скрыжаваннем і Хорселам і пабег у бок скрыжавання.

У рэшце рэшт я стаміўся ад хвалявання і хуткага бегу, пахіснуўся і ўпаў ля дарогі, непадалёку ад моста цераз канал, каля газавага завода. Я ляжаў нерухома.

Праляжаў я так, мабыць, даволі доўга.

Я прыўзняўся і сеў у поўным недаўменні. З хвіліну не мог зразумець, як сюды трапіў. Я строс з сябе нядаўні страх, як пыл з адзення. Капялюш мой знік, і каўнерык саскочыў з запінкі. Некалькі хвілінаў назад перада мною былі толькі ноч, прастора і прырода, мая бездапаможнасць, страх і блізкасць смерці. І цяпер усё адразу перамянілася, мой настрой быў зусім іншым. Пераход ад аднаго духоўнага стану ў другі адбыўся непрыкметна. Я стаў зноў самім сабою, такім, які я бываў кожны дзень, — звычайны сцірлы гараджанін. Нямая пустка, мае ўцёкі, крылатае полымя — усё здавалася мне сном. Я дапытваўся ў сябе: ці было ўсё гэта на самой справе? Мне проста не верылася, што гэта сапраўды адбылося.

Я ўстаў і пайшоў па крутым пад'ёме моста. Галава не варыла. Мускулы і нервы расслабіліся… Я хістаўся, як п'яны. З другога боку выгнутага аркаю моста паказалася чыясьці галава і паявіўся рабочы з карзінаю. Побач з ім крочыў маленькі хлопчык. Рабочы прайшоў міма, пажадаўшы мне добрай ночы. Я хацеў загаварыць з м і не мог. Я толькі адказаў на яго прывітанне нейкім абыякавым мармытаннем і пайшоў далей па мосце.

На павароце к Мэйбэры цягнік — хвалістая лента белага іскрыстага дыму і доўгая чарада светлых вакон — пранёсся на поўдзень: тук-тук… тук-тук… і знік. Каля варотаў аднаго з дамоў, што ўтваралі так званую «Усходнюю тэрасу», размаўляла ледзь прыкметная група людзей. Усё гэта было так рэальна, так знаёма! Не тое, што там — у полі… Неверагодна, фантастычна! «Не, — падумаў я, — гэтага не магло быць».

Магчыма, я чалавек своеасаблівы і мае адчуванні не зусім звычайныя. Калі-нікалі я мучуся ад дзіўнага пачуцця адчуджанасці ад самога сябе і вакольнага свету. Я быццам знутры назіраю за ўсім аднекуль здалёк, па-за часам, па-за штодзённай барцьбой з яе трагедыямі. Такое адчуванне было вельмі моцнае ў тую ноч. Усё гэта, можа быць, мне проста падалося.

Тут такая ціхамірнасць, а там, за якіясьці дзве мілі, імклівая, лятучая смерць. Газавы завод працаваў з шумам, і электрычныя ліхтары гарэлі ярка. Я спыніўся каля людзей, якія размаўлялі.

— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.

Каля варот стаялі двое мужчын і жанчына.

— Што? — перапытаў адзін з мужчын, павярнуўшыся.

— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.

— Хіба вы самі там не былі? — спыталі яны.

— Людзі, здаецца, звар'яцелі на гэтым пустыры, — сказала жанчына з-за варотаў. — Што яны там знайшлі?

— Хіба вы не чулі пра людзей з Марса? — сказаў я. — Пра жывых істотаў з Марса?

— Наеліся па горла, — адказала жанчына з-за варотаў. — Дзякуй. — І ўсе трое засмяяліся.

Я апынуўся ў ніякаватым становішчы. Раззлаваны, паспрабаваў расказаць ім пра тое, што бачыў, але ў мяне нічога не выйшла. Яны толькі смяяліся з маіх блытаных фраз.

— Вы яшчэ пачуеце пра гэта! — крыкнуў я і пайшоў дамоў.

Я напалохаў жонку сваім змучаным выглядам. Прайшоў у сталовую, сеў, выпіў крыху віна і, сабраўшыся з думкамі, расказаў ёй усё, што адбылося. Падалі абед — ужо халодны, — але нам было не да яды.

— Толькі адно добра, — заўважыў я, каб супакоіць устрывожаную жонку. — Гэта самыя непаваротлівыя істоты з усіх, якія мне даводзілася бачыць. Яны могуць поўзаць у яме і забіваць людзей, якія падыдуць да іх блізка, але яны не здолеюць адтуль вылезці… Якія яны страшэнныя!..

— Не гавары пра гэта, дарагі! — усклікнула жонка, хмурачы бровы і кладучы сваю руку на маю.

— Бедны Оджылві! — сказаў я. — Падумаць толькі, што, ён ляжыць там мёртвы!

Па крайняй меры, жонка мне паверыла. Я ўбачыў, што твар яе стаў смяртэльна бледны, і перастаў гаварыць аб гэтым.

— Яны могуць прыйсці сюды? — паўтарала яна.

Я прымусіў яе выпіць віна і пастараўся пераканаць.

— Яны ледзь-ледзь рухаюцца, — сказаў я.

Я пачаў супакойваць і яе і сябе, паўтараючы ўсё тое, што гаварыў мне Оджылві аб немагчымасці марсіян дастасавацца да зямных умоваў. Асабліва я падкрэсліваў пра цяжкасці, звязаныя з сілай прыцяжэння. На паверхні Зямлі сіла прыцяжэння ўтрая большая, чым на паверхні Марса. Таму кожны марсіянін на Зямлі будзе ў тры разы цяжэйшым, чым на Марсе, а мускульная сіла яго не павялічваецца. Яго цела быццам наліваецца свінцом. Такой была агульная думка. І «Таймс» і «Дэйлі тэлеграф» пісалі пра гэта наступнай раніцай, і абедзве газеты, як і я, не ўлічвалі дзвюх істотных акалічнасцяў.

Атмасфера Зямлі, як вядома, утрымлівае значна больш кіслароду і значна менш аргону, чым атмасфера Марса. Лішак кіслароду, безумоўна, аказваў на марсіянаў жыватворны ўплыў. Гэта было ў процівагу павялічанаму цяжару цела. Да таго ж мы не ўлічылі таго, што пры сваёй высокаразвітай тэхніцы марсіяне ў крайнім выпадку змогуць абысціся і без фізічных намаганняў.

Тым вечарам я пра гэта не думаў, таму мае довады супраць сілы прышэльцаў здаваліся бясспрэчныя. Віно і яда зрабілі мяне за сваім сталом больш смелым. Я адчуваў сябе бяспечна і стараўся заспакоіць сваю жонку.

— Яны дапусцілі вялікае глупства, — сказаў я, пацягваючы віно. — Яны небяспечныя, таму што, мабыць, рэхнуліся ад страху. Можа, яны зусім не спадзяваліся сустрэцца з жывымі істотамі, асабліва разумнымі істотамі.

У крайнім выпадку, падумаў я, адзін добры снарад па яме, і ўсё скончыцца.

Моцная ўзбуджанасць — вынік перажытых хваляванняў, — відаць, абвастрыла мае пачуцці. Я і цяпер вельмі добра помню гэты абед. Мілы, растрывожаны твар жонкі, які бачыўся мне з-пад ружовага абажура, белая сурвэта, серабро і крышталь (у тыя дні нават пісьменнікі і філосафы маглі дазволіць сабе некаторую раскошу), цёмна-чырвонае віно ў шклянцы — усё гэта застыла ў маёй памяці. Я сядзеў за сталом, пакурваючы папяросу для заспакаення нерваў, шкадаваў аб непрадуманым паступку Оджылві і даказваў, што марсіянаў не трэба баяцца.

Гэтак жа магла разважаць якая-небудзь салідная птушка на выспе св. Маўрыкія, адчуваючы сябе поўным гаспадаром свайго гнязда, чакаючы прыбыцця бязлітасных і галодных маракоў.

— Заўтра мы з імі справімся, мая дарагая!

Я не ведаў тады, што пасля гэтага майго культурнага абеду пачнуцца незвычайныя, страшныя падзеі.

VIII. У пятніцу вечарам

Самым неверагодным з усяго дзіўнага і запамінальнага, што адбылося ў тую пятніцу, здаецца мне поўная неадпаведнасць паміж пастаянствам нашага грамадскага ўкладу і пачаткам таго ланцужка падзей, якія павінны былі ў аснове памяняць гэты ўклад. Калі б у тую пятніцу вечарам можна было ўзяць цыркуль і акрэсліць круг радыусам у пяць міляў вакол пясчанага кар'ера каля Ўокінга, то я сумняваюся, ці аказаўся б хоць адзін чалавек за яго межамі (хіба што акрамя сваякоў Стэнта і сваякоў веласіпедыстаў і лонданцаў, якія ляжалі мёртвымі на пустцы), чый настрой і прывычкі не парушылі б прышэльцы. Безумоўна, многія чулі аб цыліндры і разважалі аб ім у вольны час, але ён не рабіў уражання сенсацыі, якою б, скажам, мог быць ультыматум, прад'яўлены Германіі.

Атрыманая ў Лондане тэлеграма бяднягі Гендэрсана пра развінчванне цыліндра была ўспрынята як чутка; вячэрняя газета паслала яму тэлеграму з просьбай прыслаць пацвярджэнне і, не атрымаўшы адказу — Гендэрсан ужо быў мертвы, — рашыла не друкаваць экстрэннага выпуску.

Унутры круга радыусам у пяць міляў большасць насельніцтва не рабіла ніякіх захадаў. Я ўжо апісваў, як паводзілі сябе мужчыны і жанчыны, з якімі мне даводзілася гаварыць. Ва ўсёй акрузе мірна палуднавалі і вячэралі, рабочыя пасля працоўнага дня поркаліся ў сваіх садках, клалі дзяцей спаць, моладзь парачкамі гуляла ў зацішных алеях, вучні сядзелі за сваімі кнігамі.

Вераемна, пра здарэнне пагаворвалі на вуліцах і пляткарылі ў піўных; які-небудзь вяшчун ці відавочца нядаўніх падзей выклікаў дзе-нідзе хваляванне, бегатню і крык, але ў большасці людзей жыццё ішло ўсталяваным з незапомных часоў парадкам: работа, яда, піццё, сон — усё, як звычайна, быццам у небе і не было Марса. Нават на станцыі Ўокінг, у Хорселі, у Чобхеме нічога не змянілася.

На вузлавой станцыі ва Ўокінгу да позняй ночы спыняліся і адпраўляліся ці пераводзіліся на запасныя пуці цягнікі; пасажыры выходзілі з вагонаў ці чакалі цягніка — усё ішло сваім парадкам. Хлапчук з горада, парушаючы манаполію мясцовага газетчыка Сміта, прадаваў вячэрнюю газету. Грукат таварных саставаў, рэзкія свісткі паравозаў заглушалі яго крыкі пра «людзей з Марса». Каля дзевятай гадзіны на станцыю пачалі прыбываць усхваляваныя відавочцы з сенсацыйнымі навінамі, але яны зрабілі не большае ўражанне, чым п'яныя, балбочучы ўсякае глупства. Пасажыры, якія імчаліся ў Лондан, глядзелі ў цемру з вагонных вокнаў, бачылі ў паветры рэдкія іскры каля Хорсела, чырвоны водбліск і цёмную павалоку дыму, якая засціла зоры, і думалі, што нічога асаблівага не здарылася, што гэта гарыць верас. Толькі на ўскрайку пусткі можна было заўважыць пэўную паніку. А на ўскраіне Ўокінга гарэлі некалькі дамоў. У вокнах трох бліжэйшых да пусткі будынкаў свяціліся агні, і жыхары не клаліся спаць да світання.

На Чобхемскім і Хорсельскім мастах усё яшчэ тоўпіліся цікаўныя. Адзін ці два смельчакі, як пасля стала вядома, адважыліся ў цемнаце падпаўзці зусім блізка да марсіянаў. Назад яны не вярнуліся, бо светлавы прамень, накшталт пражэктара ваеннага карабля, час ад часу асвятляў пустку, а следам за ім «крочыў» цеплавы прамень. Шырокая пустка была ціхая і бязлюдная, і ўсю ноч пад зорным небам і ўвесь наступны дзень ляжалі там абгарэлыя непрыбраныя целы. З ямы даносіўся металічны стук.

Такое самае становішча было ў пятніцу вечарам. У скураное покрыва нашай старой планеты Зямлі, атручанай стралой, урэзаўся цыліндр. Але яд толькі яшчэ пачынаў дзейнічаць. Наўкол рассцілалася пустка, а чорныя, скурчаныя трупы, раскіданыя на ёй, былі ледзь бачныя; дзе-нідзе тлеў верас і кустоўе. Далей — пралягала вузкая зона, дзе панаваў перапалох, і за гэту рысу пажар яшчэ не распаўсюдзіўся. У астатнім свеце плынь жыцця кацілася гэтаксама, як яна кацілася з незапомных часоў. Ліхаманка вайны, якая павінна была закаркаваць яе вены і артэрыі, усмерціць нервы і разбурыць мозг, толькі пачыналася.

Усю ноч марсіяне нястомна працавалі, стукалі нейкімі інструментамі, прыводзячы ў гатоўнасць свае машыны; сяды-тады ўзвіваліся ў зорнае неба ўспышкі зеленавата-белага дыму.

К адзінаццаці гадзінам праз Хорсел прайшла рота салдатаў і ачапіла пустку. Пазней праз Чобхем прайшла другая рота і ачапіла пустку з паўночнага боку. Некалькі афіцэраў з Інкерманскіх казармаў ужо раней пабывалі на пустцы і адзін з іх, маёр Ідэн, знік без вестак. Апоўначы камандзір палка паявіўся каля Чобхемскага моста і пачаў распытваць натоўп. Ваенныя ўлады, відаць, зразумелі сур'ёзнасць сітуацыі. К адзінаццаці раніцы, як на наступны дзень паведамілі газеты, эскадрон гусараў і каля чатырохсот салдатаў Кардзіганскага палка з двумя кулямётамі «максім» выступілі з Олдэршота.

Праз некалькі секундаў пасля апоўначы натоўп на дарозе ў Чэртсі паблізу Ўокінга ўбачыў метэарыт, які ўпаў у сасновы лес на паўночным захадзе. Ён падаў, бліскаючы зеленаватым святлом, накшталт летняй маланкі. Гэта быў другі цыліндр.

IX. Бітва пачынаецца

Субота, наколькі мне помніцца, прайшла трывожна. Гэта быў пакутлівы дзень, гарачы і душны; барометр, як мне сказалі, то хутка падаў, то падымаўся. Я амаль не спаў — жонцы пашанцавала заснуць, — і падняўся рана. Перад снеданнем выйшаў у сад і пастаяў там, прыслухоўваючыся: з пусткі даносіліся толькі трэлі жаўранкаў.

Малочнік паявіўся як звычайна. Я пачуў скрып яго цялежкі і падышоў да веснічкаў пачуць апошнія навіны. Ён расказаў мне, што ноччу марсіянаў акружылі войскі і што чакаюць артылерыю. Следам за гэтым пачуўся знаёмы супакойлівы грукат цягніка, які праносіўся ў бок Уокінга.

— Іх не будуць забіваць, — сказаў малочнік, — калі толькі можна будзе абысціся без гэтага.

Я ўбачыў свайго суседа ў садзе, паталкаваў з ім крыху і пайшоў снедаць. Раніца была самая звычайная. Мой сусед быў упэўнены, што войскі захопяць у палон марсіянаў або знішчаць іх у той жа дзень.

— Шкада, што яны такія непрыступныя, — заўважыў ён. — Было б цікава даведацца, як яны жывуць на сваёй планеце. Мы маглі чаму-небудзь навучыцца.

Ён пайшоў да плота і падаў мне жменю трускалак — ён быў дбайны і шчыры садоўнік. Пры гэтым ён паведаміў мне пра лясны пажар каля Байфлідскага поля для гольфа.

— Кажуць, там упала другая такая ж самая штука, нумар другі. Але ж з нас дастаткова і першай, страхавым таварыствам гэта абыдзецца не танна, — сказаў ён і дабрадушна засмяяўся. — Лясы ўсё яшчэ гараць. — І ён паказаў на дымавую заслону. — Торф і хвоя будуць тлець некалькі дзён, — дадаў ён і, уздыхнуўшы, загаварыў пра «бяднягу Оджылві».

Паснедаўшы, замест таго, каб сесці за працу, я вырашыў пайсці на пустку. Каля чыгуначнага моста я ўбачыў групу салдатаў — гэта былі, здаецца, сапёры — у маленькіх круглых шапачках, брудных чырвоных расшпіленых мундзірах, з-пад якіх віднеліся блакітныя кашулі, у чорных штанах і ў ботах да каленяў. Яны паведамілі мне, што за канал нікога не пускаюць. Зірнуўшы на дарогу ў напрамку моста, я ўбачыў вартавога, салдата Кардзіганскага палка. Я загаварыў з салдатамі, расказаў ім пра марсіянаў, якіх я ўчора бачыў. Салдаты ж яшчэ іх не бачылі, вельмі цьмяна іх уяўлялі, засыпаючы мяне пытаннямі. Сказалі, што не ведаюць, хто загадаў рушыць войскі; салдаты думалі, што адбыліся хваляванні Коннай гвардыі. Сапёры, больш дасведчаныя, чым простыя салдаты, прафесійна абмяркоўвалі незвычайныя ўмовы магчымай бітвы. Я расказаў ім пра цеплавы прамень, і яны пачалі спрачацца.

— Падпаўзці да іх пад страхоўкай і атакаваць, — сказаў адзін.

— Нічога падобнага! — адказаў другі. — Чым жа можна засцерагчыся ад такой гарачыні? Сушняком — каб лепш спячыся? Трэба падысці да іх як мага бліжэй і выкапаць сховішчы.

— К чорту сховішчы! Ты толькі і ведаеш што сховішчы. Табе б нарадзіцца баязліўцам, Сніпі!

— Дык у іх зусім, значыць, няма шыі? — спытаў раптам трэці — маленькі, задуменны, смуглы салдат з люлькай у зубах.

Я яшчэ раз апісаў марсіянаў.

— Накшталт васьміногаў, — сказаў ён. — Значыць, з рыбамі ваяваць будзем.

— Забіць такіх пачвараў — гэта нават не грэх, — сказаў першы салдат.

— Пусціць у іх снарад, ды і прыкончыць разам, — прапанаваў маленькі смуглы салдат. — А то яны яшчэ чаго-небудзь натвораць.

— Дзе ж твае снарады? — запярэчыў першы. — Чакаць нельга. Па-мойму, іх трэба атакаваць, ды чым хутчэй.

Так размаўлялі салдаты. Неўзабаве я пакінуў іх і пайшоў на станцыю па ранішнія газеты.

Я баюся надакучыць чытачу апісаннем гэтай нуднай раніцы і яшчэ больш нуднага дня. Мне не давялося зірнуць на пустку, бо нават званіцы ў Хорселі і Чобхеме былі ў руках ваенных уладаў. Салдаты, да якіх я звяртаўся, самі нічога толкам не ведалі. Афіцэры былі вельмі занятыя і таямніча маўчалі. Жыхары адчувалі сябе ў поўнай бяспецы пад аховай войскаў. Маршал, гандляр тытунём, паведаміў мне, што яго сын загінуў каля ямы. На ўскраінах Хорсела ваеннае начальства загадала жыхарам заперці і пакінуць свае дамы.

Я вярнуўся апоўдні, каля дзвюх гадзінаў, крайне стомлены, бо дзень, як я ўжо сказаў, быў гарачы і душны; каб асвяжыцца, я прыняў халодны душ. А палове пятай я адправіўся на чыгуначную станцыю па вячэрнюю газету, бо ў ранішніх газетах было толькі вельмі недакладнае апісанне гібелі Стэнта, Гендэрсана, Оджылві і іншых. Але і вячэрнія газеты нічога новага не паведамлялі. Марсіяне не паказваліся. Яны, відаць, чымсьці былі занятыя ў сваёй яме, і адтуль, як і раней, даносіўся металічны стук і ўвесь час вырываліся клубы дыму. «Новыя спробы ўстанавіць кантакт пры дапамозе сігналаў аказаліся безвыніковымі», — стэрэатыпна паведамлялі газеты. Адзін з сапёраў сказаў мне, што хтосьці, стоячы ў канаве, падняў сцяг на доўгім дрэўку. Але марсіяне надалі гэтаму столькі ўвагі, колькі б мы надалі ўвагі рыканню каровы.

Мушу прызнацца, што гэтыя ваенныя рыхтункі моцна ўсхвалявалі мяне. Маё ўяўленне разыгралася, і я прыдумваў усякія магчымыя спосабы знішчэння няпрошаных гасцей; я, як школьнік, марыў аб баталіях і воінскіх подзвігах. Тады мне здавалася, што барацьба з марсіянамі няроўная. Яны ж так бездапаможна барахталіся ў сваёй яме.

Каля трэцяй гадзіны з боку Чэртсі ці Адлстона пачуўся гул — пачаўся абстрэл сасновага лесу, куды ўпаў другі цыліндр, — з мэтай разбурыць яго перш, чым ён раскрыецца. Але палявая зброя для абстрэлу першага цыліндра марсіянаў прыбыла ў Чобхем толькі к пятай гадзіне.

У шэсць гадзін, калі мы з жонкай пілі гарбату, жыва абмяркоўваючы распачатую бітву, з боку пусткі пачуўся глухі выбух, і следам бліснуў агонь. Праз некалькі секундаў раздаўся грукат так блізка ад нас, што нават зямля задрыжала. Я выбег у сад і ўбачыў, што вершаліны дрэваў вакол усходняга каледжа ахоплены дымным чырвоным полымем, а званіца невялікай царквы, што стаяла побач, абвальваецца. Вежа ў стылі мінарэта знікла, і страха каледжа мела такі выгляд, быццам па ёй стралялі стотоннай зброяй. Труба на нашым доме трэснула, як быццам у яе трапіў снарад. Рассыпаючыся, абломкі яе пракаціліся па чарапіцы, і вокамгненна паявілася груда чырвоных чарапкоў на клумбе, пад акном майго кабінета.

Мы з жонкай стаялі збянтэжаныя і напалоханыя. Потым я даўмеўся, што паколькі каледж разбураны, то вяршыня Мэйбэры-Хіла апынулася ў радыусе дзеяння цеплавога промня марсіянаў.

Схапіўшы жонку за руку, я пацягнуў яе на дарогу. Потым я выклікаў з дому служанку; я паабяцаў ёй, што сам схаджу наверх па яе куфар, які яна ніяк не хацела пакінуць.

— Тут заставацца нельга, — сказаў я.

У той жа час з пусткі зноў пачуўся гул.

— Але куды ж мы пойдзем? — спытала яна ў роспачы.

З хвіліну я нічога не мог прыдумаць. Потым успомніў пра яе сваякоў у Лезерхэдзе.

— Лезерхэд! — крыкнуў я.

Яна паглядзела на адхон пагорка. Напалоханыя людзі выбягалі з дамоў.

— Як жа нам дабрацца да Лезерхэда? — спытала яна.

Каля падножжа пагорка я ўбачыў атрад гусараў, які праязджаў пад чыгуначным мостам. Трое з іх уехалі ў адчыненыя вароты Ўсходняга каледжа; двое пачалі абыходзіць суседнія дамы. Сонца, якое праглядвала праз дым ад палымнеючых дрэваў, здавалася крывава-чырвоным і адкідвала злавеснае святло на ўсё наваколле.

— Стойце тут, — сказаў я. — Вам тут нішто не пагражае.

Я пабег у карчму «Плямісты сабака», бо ведаў, што ў гаспадара ёсць конь і двухкалёсная брычка. Я спяшаўся, адчуваючы, што неўзабаве пачнуцца масавыя ўцёкі жыхароў з нашага боку пагорка. Гаспадар карчмы стаяў каля касы; ён і не падазраваў, што робіцца вакол. Нейкі чалавек, стоячы да мяне спіной, з ім размаўляў.

— Менш за фунт не вазьму, — заявіў карчмар. — Ды і везці няма каму.

— Я даю два, — сказаў я цераз плячо незнаёмага.

— За што?

— І прывязу назад апоўначы, — дадаў я.

— Божа! — усклікнуў карчмар. — Якая спешка! Два фунты і самі прывезяце назад? Што ж адбываецца?

Я таропка растлумачыў, што вымушаны ехаць з дому і наняў, такім чынам, брычку. У той час я і не падумаў, што карчмару самому трэба было б пакінуць сваё жыллё. Я сеў у двухколку, пад'ехаў да свайго саду і, пакінуўшы яе пад назіркам жонкі і служанкі, забег у дом і спакаваў самыя дарагія рэчы, сталовае серабро і да таго падобнае. Букавыя дрэвы перад домам разгарэліся яркім полымем, а краты агароджы накаліліся дачырвана. Да нас спешна падбег гусар. Ён заходзіў у кожны дом і папярэджваў жыхароў, каб яны выбіраліся. Ён ужо пабег далей, калі я выйшаў на ганак са сваім скарбам, завязаным у сурвэтку.

— Што новага? — крыкнуў я наўздагон.

Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне і крыкнуў, як мне пачулася: «Вылазяць з ямы ў нейкіх штуках накшталт супавай міскі», — і пабег к дому на вяршыні гары. Раптам хмара чорнага дыму завалакла дарогу і на хвіліну схавала яго. Я пабег да дзвярэй суседа і пастукаўся, каб пераканацца, ці паехаў ён з жонкай у Лондан, як мне сказалі, і ці замкнуў кватэру. Потым зноў зайшоў у кватэру, успомніўшы пра куфар служанкі, выцягнуў яго, прывязаў к задку двухколкі і, ухапіўшы лейцы, ускочыў на казлы. Праз хвіліну мы выехалі з дыму, грукат застаўся ўжо ззаду; мы хутка спускаліся па супрацьлеглым схіле Мэйбэры-Хіла да Старога Ўокінга.

Перад намі рассцілаўся мірны пейзаж — асветленыя сонцам пшанічныя палеткі абапал дарогі і гасцініца Мэйбэры з няўстойлівай вывескай. Паперадзе ехаў доктар у сваім экіпажы. Ля падножжа гары я азірнуўся, каб паглядзець на яе апошні раз. Густыя слупы чорнага дыму, прарэзаныя чырвонымі языкамі полымя, падымаліся ў нерухомым паветры, адкідваючы чорныя цені на зялёныя вершаліны дрэваў. Дым рассцілаўся далёка на ўсход і на захад, да сасновых лясоў Байфліта на ўсходзе і да Ўокінга на захадзе. Дарога за намі была ўсеяна ўцекачамі. Глуха, але выразна ў гарачым нерухомым паветры раздаваўся трэск кулямёта, потым ён раптоўна змоўк, і пачулася ружэйная стральба. Напэўна, марсіяне падпальвалі ўсё, што знаходзілася ў сферы дзеяння іх цеплавога промня.

Я кепскі фурман і таму ўсю сваю ўвагу засяродзіў на кані. Калі я зноў павярнуўся, другая гара таксама была зацягнута чорным дымам. Я пусціў каня рыссю і паганяў яго, пакуль Уокінг і Сэнд не аддзялілі нас ад гэтага сполаху і жаху. Я мінуў доктара паміж Уокінгам і Сэндам.

Х. Навальніца

Ад Мэйбэры-Хіла да Лезерхэда амаль дванаццаць міляў. На пышных лугах за Пірфардам пахла сенам, паабапал дарогі цягнулася цудоўная жывая агароджа з шыпшынавай квецені. Гарматны грукат, які мы чулі, пакуль ехалі па Мэйбэры-Хіле, сціх гэтак жа нечакана, як і пачаўся, і вечар выдаўся ціхі і спакойны. А дзевятай гадзіне мы ўдачна дабраліся да Лезерхэда. Я даў каню з гадзінку адпачыць, павячэраў у сваякоў і перадаў на іх апеку жонку.

Жонка амаль усю дарогу неяк дзіўна маўчала і здавалася прыгнечанай, нібы адчувала кепскае. Я стараўся падбадзёрыць яе, запэўніваючы, што наўрад ці яны змогуць далёка адпаўзці. Яна адказвала коратка. Калі б я не паабяцаў карчмару, яна, напэўна, угаварыла б мяне застацца на ноч у Лезерхэдзе. Ах, калі б я застаўся! Яна была вельмі бледная, калі мы развітваліся.

Я ж увесь дзень быў ліхаманкава ўзбуджаны. Нешта накшталт той ваеннай ліхаманкі, якая авалодвае часам цывілізаваным грамадствам, пералівалася ў маёй крыві, і я быў нават задаволены, што мне трэба вярнуцца ў Мэйбэры. Больш таго — баяўся, каб спыненне стральбы не азначала, што з захопнікамі-марсіянамі ўсё скончана. Шчыра кажучы, мне вельмі хацелася прысутнічаць пры гэтым.

Выехаў я ў гадзін адзінаццаць. Ноч была вельмі цёмная. Калі выйшаў з святліцы, цемра здалася мне беспрасветнай; было горача і душна, як днём. Па небе хутка праносіліся аблокі, хоць на кустах не зварухнуўся ні адзін лісток. Слуга запаліў абодва ліхтары. На шчасце, я добра ведаў дарогу. Мая жонка стаяла каля асветленых дзвярэй і глядзела, як я садзіўся ў двухколку. Пасля раптам павярнулася і пайшла ў дом; родныя, што засталіся на ганку, пажадалі мне шчаслівай дарогі.

Жончын спалох перадаўся мне, але ў хуткім часе я зноў пачаў думаць пра марсіянаў. Тады я яшчэ не ведаў прычынаў сутыкнення. Праязджаючы праз Окхем (я паехаў гэтым шляхам, а не праз Сэнд і Стары Ўокінг), я ўбачыў на захадзе крывава-чырвонае зарыва, якое па меры майго набліжэння паціху паўзло ўверх па небе. Блізкія навальнічныя хмары перамешваліся з клубамі чорнага і барвовага дыму.

На Рыплі-стрыт не было ні душы; сяліба быццам вымерла, толькі ў двух-трох вокнах было святло. Ля павароткі на Пірфард я ледзь не наехаў на людзей, якія стаялі спіной да мяне. Яны нічога не сказалі, калі я праязджаў міма. Не ведаю, ці было ім вядома, што адбываецца за гарою. Не ведаю таксама, ці панаваў мірны сон у тых маўклівых дамах, міма якіх я праязджаў; стаялі яны пустыя і закінутыя ці іх жыхары з жахам назіралі за падзеямі гэтай ночы.

Ад Рыплі да Пірфарда я ехаў далінаю Ўэй, дзе чырвонага зарыва відаць не было. Але калі я падняўся на невялікі пагорак за пірфардскай царквою, зарыва зноў паявілася, і дрэвы зашумелі пад першым парывам немінучай навальніцы. Пірфардская царква прабіла поўнач, і ўперадзе на барвовым небе ўжо чарнелі дахі і дрэвы Мэйбэры-Хіла.

Нечакана злавеснае зялёнае святло азарыла дарогу наперадзе і сасновы лес каля Адлстана. Я адчуў, што лейцы нацягнуліся. Вузкая палоска зялёнага агню прарэзала свінцовую хмару і ўпала налева, на поле. Трэцяя падаючая зорка!

Следам за ёй бліснула асляпляльна-фіялетавая маланка блізкай навальніцы і, быццам узарваная ракета, грымнуў гром. Конь натапырыўся і панёсся.

Я імчаўся ўніз пакатым схілам да падножжа Мэйбэры-Хіла. Штораз, амаль няспынна ўспыхвала маланка. Частыя грымоты суправаджаліся нейкім дзіўным патрэскваннем, нібы дзесьці працавала гіганцкая электрычная машына. Успышкі святла асвятлялі мяне, і дробны град балюча сек па твары. Спачатку я глядзеў толькі на дарогу, потым маю ўвагу захапіла тое, што вельмі хутка рухалася ўніз па бачным мне схіле Мэйбэры-Хіла. Спачатку я ўспрыняў гэта за мокрую страху дома, але пры святле маланак, што бліскалі адна за адной, разглядзеў нешта такое, накшталт рухомага прадмета па супрацьлеглым схіле гары. Затым хвілінная беспрасветная цемра — і раптоўна нясцерпны бляск, які ператварыў ноч у дзень; чырвоны будынак прыстанішча на гары, зялёныя верхавіны соснаў і загадкавы прадмет паказаліся ярка і выразна.

Але што я ўбачыў! Як мне гэта апісаць? Агромністы, вышэйшы за дамы, трыножак, які крочыў па маладым сасновым зарасніку і ламаў на сваім шляху сосны; машыну з бліскучага металу, якая таптала верас; стальныя, выпушчаныя з яе тросы; яе грукат, што зліваўся з рокатам грому. Бліснула маланка, і трыножак выразна выступіў з цемры; ён стаяў на адной назе, дзве другія павіслі ў паветры. Ён знікаў і зноў паяўляўся пры новай успышцы маланкі ўжо на сотню ярдаў бліжэй. Вы сабе можаце ўявіць складное крэсла, якое, вагаючыся, ступае па зямлі? Гэткім было гэта відовішча пры мімалётных успышках маланкі. Але замест крэсла ўявіце сабе агромністую машыну, прыладжаную на трыножку.

Нечакана сосны наперадзе расступіліся, як расступаецца кволы лазняк, калі праз яго пракладваецца чалавечы шлях. Яны ламаліся і падалі, і праз секунду паказаўся другі вялізны трыножак, які, здавалася, крочыў на мяне. А я імчаўся галопам насустрач яму! Калі я ўбачыў другую пачвару, мае нервы не вытрымалі. Не адважыўшыся зірнуць на яе яшчэ раз, я з усёй сілы тузануў правую лейчыну. У тую ж хвіліну двухколка перакулілася, аглоблі з трэскам пераламаліся, я адляцеў убок і цяжка шмякнуўся ў лужыну.

Я адпоўз і схаваўся, скурчыўшыся, за кустамі жаўтазелля. Конь ляжаў нерухома (бедная жывёла зламала шыю). Пры бляску маланкі я ўбачыў чорнае кузава перакуленай двухколкі і сілуэт кола, якое прадаўжала паволі круціцца. Яшчэ секунда — і каласальны механізм прайшоў міма мяне і стаў падымацца к Пірфарду.

Зблізку трыножак здаўся мне яшчэ больш дзіўным; відаць, гэта была кіруемая машына. Машына з металічным звонкім ходам, з доўгімі гнуткімі бліскучымі шчупальцамі (адно з іх ухапілася за маладую сасну), якія звісалі ўніз і грымелі, стукаючыся аб корпус. Трыножак, відаць, выбіраў дарогу, і медная накрыўка ўверсе паварочвалася ў розныя бакі, напамінаючы галаву. Да каркаса машыны ззаду было прымацавана пляценне з нейкага белага металу, падобнае на вялізную рыбацкую карзіну; з суставаў пачвары вырываліся клубы зялёнага дыму. Праз некалькі імгненняў яна ўжо знікла.

Вось што ўбачыў я вельмі невыразна пры святле маланкі, сярод асляпляльных успышак і чорнай цемры.

Праходзячы міма, трыножак урачыста зароў, заглушыўшы ўдары грому: «Элу… элу…» — і праз хвіліну далучыўся да другога трыножка, які за паўмілі далей нахіліўся над чымсьці ў полі. Я не сумняваюся, што там ляжаў трэці з дзесяці цыліндраў, якія былі пушчаны да нас з Марса.

Некалькі хвілінаў я ляжаў пад дажджом, у цемнаце, назіраючы пры ўспышках святла, як гэтыя пачварныя істоты з металу рухаліся ўдалечыні. Пайшоў дробны град, і абрысы іх то расплываліся ў тумане, то выступалі пры ўспышках. У прамежках маланак іх паглынала ноч.

Я вымак да ніткі, зверху — град, знізу — лужа. Прайшоў нейкі час, пакуль я ачуняў, выбраўся з лужы на сухое месца і пачаў думаць, куды мне схавацца.

Непадалёку, на бульбяным полі, стаяла вясковая вартоўня. Я падняўся і, прыгнуўшыся, скарыстоўваючы ўсякія прыкрыцці, пабег да вартоўні. Дарэмна я стукаўся ў дзверы, ніхто не абазваўся (можа, там нікога і не было). Тады, хаваючыся ў канаве, паўзком я дабраўся, не заўважаны пачварнымі машынамі, да сасновага лесу каля Мэйбэры.

Тут, пад сховай дрэваў, мокры і прамерзлы, я стаў прабірацца да свайго дома. Дарэмна стараўся я адшукаць знаёмую сцежку. У лесе было вельмі цёмна, таму што маланка цяпер бліскала зрэдку, а град падаў з патокам ліўня, запаўняючы прасветліны ў густой хвоі.

Калі я зразумеў, што адбываецца, то неадкладна павярнуў бы назад і вярнуўся праз Байфліт і Стрыт-Кобхем да жонкі ў Лезерхэд. Але загадкавасць усяго, што акружала, начная цемра, фізічная знямога пазбавілі мяне здольнасці разважаць; я стаміўся, вымак да касцей, быў аслеплены і аглушаны навальніцай.

Я думаў толькі аб адным: як дабрацца дамоў; другіх жаданняў у мяне не было. Я блукаў паміж дрэваў, упаў у яму, моцна выцяў калені і вынырнуў на дарогу, якая вяла да ваеннага каледжа. Я гавару «вынырнуў», таму што па пясчаным пагорку нёсся бурны мутны паток. Тут у цемры на мяне наляцеў нейкі чалавек і ледзь не збіў мяне з ног.

Ён выкрыкнуў, палахліва адскочыў убок і знік, перш чым я паспеў апамятацца і загаварыць з ім. Парывы навальніцы былі настолькі моцныя, што я з вялікай цяжкасцю ўскарабкаўся на пагорак. Я ішоў левым бокам, трымаючыся бліжэй да плота.

Непадалёк ад вяршыні я наткнуўся на штосьці мяккае і пры святле маланкі ўбачыў пад нагамі кучу цёмнага адзення і пару ботаў. Я не паспеў разгледзець ляжачага: пагасла святло. Я нагнуўся над ім, чакаючы наступнай успышкі. Гэта быў каржакаваты чалавек у танным, але яшчэ добрым гарнітуры; ён ляжаў ніцма, прыціснуўшыся к плоту, як быццам з разгону наляцеў на яго.

Асільваючы агіду, зусім натуральную, бо мне ніколі не даводзілася дакранацца да мёртвага цела, я нахіліўся і перавярнуў ляжачага, каб даведацца, ці б'ецца яшчэ сэрца. Чалавек быў мёртвы. Магчыма, ён зламаў сабе шыю. Маланка бліснула трэці раз, і я ўбачыў твар нябожчыка. Я адхіснуўся. Гэта быў карчмар, гаспадар «Плямістага сабакі», у яго я наняў каня.

Я асцярожна пераступіў труп і стаў прабірацца далей. Я мінуў паліцэйскі пастарунак і ваенны каледж. Пажар на схіле гары патух, хоць з боку пусткі ўсё яшчэ віднелася чырвонае зарыва і клубы чырванаватага дыму прарэзалі навалу граду. Большасць дамоў, наколькі я паспеў разгледзець пры ўспышцы маланкі, уцалела. Каля ваеннага каледжа на дарозе ляжала нейкая цёмная куча.

Паперадзе, на дарозе, у бок моста, чуваць былі чыесьці галасы і крокі, але ў мяне не хапіла сілы крыкнуць ці падысці да людзей. Я ўвайшоў у свой дом, запёр даверы, замкнуў іх на ключ, павесіў засаўку і стомлены апусціўся на падлогу каля лесвіцы. Перад маімі вачыма крочылі металічныя пачвары і мільгала постаць нябожчыка каля плота.

Я прыхіліўся спіной да сцяны і, дрыжучы, так і застаўся сядзець каля лесвіцы.

XI. Каля акна

Я ўжо гаварыў пра тое, што вельмі паддаўся хуткай перамене настрою. Неўзабаве я адчуў, што вымак і мне холадна. На дыване каля маіх ног сабралася цэлая лужа. Я амаль машынальна падняўся, прайшоўся ў сталовую і выпіў крыху віскі, потым вырашыў пераапрануцца.

Змяніўшы адзенне, я падняўся ў свой кабінет, а чаму менавіта туды, я і сам не ведаю. З вакна былі відаць дрэвы і чыгуначная станцыя каля Хорселскай пусткі. У мітусні ад'езду мы забыліся зачыніць гэта акно. У калідоры было цёмна, і пакой таксама здаваўся цёмным паводле кантрасту з пейзажам у ваконнай рамцы. Я спыніўся ў дзвярах як укопаны.

Навальніца прайшла. Вежы Ўсходняга каледжа і сосны вакол яго зніклі; удалечыні ў чырвоным святле была бачна пустка і пясчаны кар'ер. На фоне зарыва мільгалі гіганцкія вычварныя цені.

Здавалася, уся акруга была ахоплена агнём: шырокім схілам пагорка прабягалі языкі полымя, дрыжучы і вывіваючыся ў парывах аціхлай навальніцы, і адкідвалі чырвоны водсвет на імклівыя аблокі. Час ад часу дым блізкага пажарышча зацягваў акно і паглынаў цені марсіянаў. Я не мог разгледзець, што яны рабілі; іх абрысы акрэсліваліся няясна, яны кешкаліся над цёмнай кучай, якую я мог разгледзець. Я не бачыў і бліжэйшага пажару, хоць водбліск яго гуляў на сценах і на стале кабінета. Чуцён быў моцны пах гарэлай смалы.

Я ціха прычыніў дзверы і падкраўся да акна. Перада мною адкрылася больш шырокая прастора для агляду — ад дамоў вакол станцыі Ўокінг да абвугленых, пачарнелых сасновых лясоў Байфліта. Бліз аркі, ля падножжа гары нешта ярка гарэла; многія дамы паўз дарогу к Мэйбэры і на вуліцах блізка ля станцыі тлелі ў кучах развалінаў. Спярша я не мог разабрацца, што гарэла на лініі чыгуначнай дарогі; агонь прабягаў па нейкай чорнай кучы, направа віднеліся жоўтыя прадаўгаватыя прадметы. Потым я разгледзеў, што гэта быў пацярпеўшы ад крушэння цягнік; пярэднія вагоны былі разбітыя і гарэлі, а заднія яшчэ стаялі на рэйках.

Паміж гэтымі трыма ачагамі святла — дамамі, цягніком і ахопленымі полымем ваколіцамі Чобхема — цягнуліся чорныя палосы зямлі, дзе-нідзе перасечаныя палоскамі тлеючай і задымленай глебы. Гэта дзіўнае відовішча — чорная прастора, усеяная агнямі — напамінала мне начныя ганчарныя заводы. Спачатку я не заўважаў людзей, хоць і глядзеў вельмі пільна. Потым я ўбачыў каля станцыі Ўокінг, на лініі чыгуначнай дарогі, некалькі мітуслівых чорных фігурак.

І гэтым вогненным хаосам быў той маленькі свет, у якім я ціхамірна жыў столькі гадоў! Я не ведаў, што адбылося на працягу апошніх сямі гадзінаў; я толькі пачынаў цьмяна здагадвацца, што ёсць нейкая сувязь паміж гэтымі механічнымі калосамі і тымі непаваротлівымі пачварамі, якія на маіх вачах выпаўзалі з цыліндра. З якойсьці дзіўнай цікаўнасцю я падсунуў сваё рабочае крэсла да вакна, усеўся і пачаў назіраць; асабліва зацікавілі мяне тры чорныя гіганты, якія расхаджвалі ў святле пажарышча каля пясчанага кар'ера.

Яны, відаць, былі вельмі занятыя. Я стараўся здагадацца, што яны там робяць. Няўжо гэта адухаўлёныя механізмы? Але ж гэта немагчыма. Можа быць, у кожным з іх сядзіць марсіянін і рухае, загадвае, кіруе ім гэтак жа, як чалавечы мозг кіруе целам. Я пачаў параўноваць іх з нашымі машынамі і ўпершыню ў жыцці задаў сабе пытанне: якімі павінны здавацца разумнай, але менш развітай, чым мы, істоце браняносцы ці паравыя машыны?

Навальніца пранеслася, неба ачысцілася. Над дымам пажарышчаў бліскучы, маленькі, як шпількавая галоўка, Марс схіляўся да захаду. Нейкі салдат палез у мой сад. Я пачуў лёгкае драпаценне і, як бы апрытомнеўшы, убачыў чалавека, які пералазіў цераз плот. Маё аслупяненне адразу прайшло, і я хутка высунуўся ў акно.

— Тс… — прашаптаў я.

Ён у нерашучасці ўсеўся верхам на плоце. Потым саскочыў у сад і, сагнуўшыся, бясшумна ступаючы, пракраўся лужком да вугла дома.

— Хто там? — шэптам спытаў ён, стоячы пад акном і гледзячы ўверх.

— Куды вы ідзяце? — запытаў я.

— Я і сам не ведаю.

— Вы шукаеце, дзе б схавацца?

— Так.

— Зайдзіце ў дом, — сказаў я.

Я сышоў уніз, адчыніў дзверы, потым зноў запёр іх. Я не мог разгледзець салдацкага твару. Ён быў без фуражкі, мундзір быў расшпілены.

— О божа! — сказаў ён, калі я яго ўпусціў.

— Што здарылася? — спытаў я.

— Не пытайцеся. — Нягледзячы на цемру, я ўбачыў, што ён безнадзейна махнуў рукою. — Яны змялі нас, проста змялі, — паўтарыў ён.

Амаль машынальна ён увайшоў за мною ў сталовую.

— Выпіце віскі, — прапанаваў я, наліваючы яму добрую порцыю.

Ён выпіў. Потым сеў у крэсла ля стала, схіліў на рукі галаву і расплакаўся, як дзіця. Забыўшы пра свой нядаўні прыступ адчаю, я здзіўлена глядзеў на яго.

Прайшло даволі часу, пакуль ён супакоіўся і змог адказваць на мае пытанні. Ён гаварыў адрывіста і блытана. Ён быў ездавым у артылерыі і прыняў удзел у баі толькі каля сямі гадзінаў вечара. У гэты час страляніна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылі, што першая партыя марсіянаў паволі паўзе да другога цыліндра пад прыкрыццем металічнай брані.

Потым гэта металічная браня ператварылася ў трыножак, відаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзіўся мой госць, была ўстаноўлена бліз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, і гэта паскорыла падзеі. Калі ездавыя з лафетам ад'язджалі ўбок, яго конь спатыкнуўся і ўпаў, скінуўшы яго. У тую ж хвіліну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамі; усё было ахоплена агнём, і ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей і коней.

— Я ляжаў ціха, — расказваў ён, — ледзь не мёртвы ад страху. На мяне навалілася пярэдняя частка каня. Яны нас змялі. А пах, божа мой! Як прыгарэлая смажаніна. Я выцяў спіну пры падзенні. Так я ляжаў, пакуль мне не стала крыху лепш. Толькі хвіліну назад мы ехалі, як на парад, — і раптам разбітыя, змеценыя, знішчаныя.

— Нас змялі! — паўтарыў ён.

Ён доўга хаваўся пад тушай каня, крадком паглядваючы на пустку. Кардыганскі полк спрабаваў кінуцца ў штыкі — яго мігам знішчылі. Пасля пачвара паднялася на ногі і пачала расхаджваць па пустцы, праследуючы некаторых з тых, хто ўцякаў. Каўпак, які круціўся на ёй, напамінаў галаву чалавека ў капюшоне. Нешта падобнае на руку трымала вельмі мудрагелістую металічную скрынку, з якой выляталі зялёныя іскры і біў цеплавы прамень.

Праз некалькі хвілінаў на пустцы, наколькі ён мог бачыць, не засталося ніводнай жывой істоты; кусты і дрэвы гарэлі. Гусары стаялі пры дарозе ў лагчынцы, і ён іх бачыў. Ён чуў, як застракаталі кулямёты, затым усё сціхла. Гігант доўгі час не чапаў станцыю Ўокінг і вакольныя дамы. Потым слізгануў цеплавы прамень, і гарадок ператварыўся ў кучу палымнеючых развалінаў. Пасля гэтага пачвара выключыла цеплавы прамень і, павярнуўшыся спіною да артылерыста, пакрочыла ў бок дымнага сасновага лесу, дзе ўпаў другі цыліндр. У наступны момант з ямы падняўся другі зіхатлівы тытан.

Другая пачвара пасунулася за першай. Артылерыст асцярожна папоўз па гарачых дагарках верасу к Хорселу. Яму ўдалося дапаўзці да канавы, што цягнулася ўздоўж дарогі, і такім чынам ён дабраўся да Ўокінга. Далейшы аповяд артылерыста быў амаль з выклічнікаў. Праз Уокінг нельга было прайсці. Нямногія ацалелыя жыхары, здавалася, страцілі розум; іншыя згарэлі зажыва ці атрымалі апёкі. Ён павярнуў у бок ад пажару і схаваўся ў закапцелых развалінах; тут ён убачыў, што пачвара вяртаецца. Яна дагнала аднаго з уцекачоў, схапіла яго сваім стальным шчупальцам і размажджэрыла яму галаву аб сасновы пень. Калі сцямнела, артылерыст папоўз далей і дабраўся да чыгуначнага насыпу.

Потым ён, крадучыся, накіраваўся праз Мэйбэры ў бок Лондана, думаючы, што там будзе бяспечней. Людзі хаваліся ў скляпах, канавах, і многія з уцалеўшых беглі к Уокінгу і Сэнду. Яго мучыла смага. Каля чыгуначнай аркі ён убачыў разбіты вадаправод: вада біла фантанам з лопнутай трубы.

Вось і ўсё, што я мог у яго выпытаць. Ён крыху супакоіўся, расказаўшы мне пра ўсё, што яму давялося бачыць. З апоўдня ён нічога не еў; ён напомніў мне аб гэтым у пачатку сваёй гаворкі; я знайшоў у кладоўцы крыху бараніны, хлеба і прынёс яму паесці. Мы не запальвалі лямпу, баючыся прыцягнуць увагу марсіянаў, і нашы рукі часта судакраналіся, намацваючы яду. Пакуль ён расказваў, вакольныя прадметы сталі выступаць з цемры, за акном ужо можна было адрозніць вытаптаную траву і зламаныя кусты ружаў. Здавалася, па лагчынцы праімчаўся натоўп людзей ці статак жывёлаў. Цяпер я мог разгледзець твар артылерыста, замурзаны, бледны, — такі ж, магчыма, быў у мяне.

Наеўшыся, мы асцярожна падняліся ў мой кабінет, і я зноў выглянуў у адчыненае вакно. За адну ноч квітнеючая даліна ператварылася ў папялішча. Пажар затухаў. Там, дзе раней бушавала полымя, цяпер чарнелі клубы дыму. Разбураныя і разварочаныя дамы, паваленыя, абвугленыя дрэвы — уся гэта страшная, злавесная карціна, скрытая да гэтага часу начной цемраю, цяпер, у перадсвітальных прыцемках, наглядна паўстала перад намі. Што-нішто цудам уцалела сярод усеагульнага разбурэння: белы чыгуначны семафор, частка аранжарэі, зелянеючай сярод развалінаў. У гісторыі войнаў не было такога няшчаднага ўсеагульнага разбурэння. Пабліскваючы ў ранішнім святле, тры металічныя гіганты стаялі каля ямы, іх каўпакі паварочваліся, як быццам яны любаваліся сваім апусташэннем.

Мне падалося, што яма стала шырэйшая. Спіралі зялёнага дыму няспынна ўзляталі насустрач ранішняй зары — падымаліся, клубіліся, падалі і знікалі.

Каля Чобхема ўзнімаліся слупы полымя. Яны ператвараліся ў слупы крывавага дыму пры першых сонечных промнях.

XII. Разбурэнне Ўэйбрыджа і Шэпертона

Калі зусім развіднела, мы адышлі ад вакна, адкуль назіралі за марсіянамі, і ціха спусіцліся ўніз.

Артылерыст пагадзіўся са мною, што ў доме заставацца небяспечна. Ён вырашыў ісці ў бок Лондана; там ён далучыцца да сваёй батарэі нумар 12 коннай артылерыі. Я ж хацеў вярнуцца ў Лезерхэд. Ашаломлены магутнасцю марсіянаў, я вырашыў неадкладна вывезці жонку ў Ньюхэвен, каб адтуль выехаць за мяжу. Мне было ясна, што ваколіцы Лондана непазбежна стануць арэнай разбуральнай барацьбы, перш чым удасца знішчыць пачвараў.

Але на шляху ў Лезерхэд знаходзіўся трэці цыліндр пад аховай гігантаў. Калі б я быў адзін, я, відаць, даверыўся б свайму лёсу і пусціўся напрасткі. Але артылерыст адгаварыў мяне.

— Наўрад ці вы паможаце жонцы, калі зробіце яе ўдавой, — сказаў ён.

У рэшце рэшт я згадзіўся ісці разам з ім, пад сховаю лесу, на поўнач да Стрыт-Кобхема. Адтуль я павінен быў зрабіць вялікі крук праз Эпсом, каб трапіць у Лезерхэд.

Я хацеў адправіцца цяпер жа, але мой спадарожнік, салдат, быў вопытнейшы за мяне. Ён прымусіў мяне абшукаць увесь дом і знайсці біклагу, у якую наліў віскі. Мы набілі ўсе свае кішэні сухарамі і скрылямі мяса. Потым выйшлі з дому і пусціліся бягом уніз па размытай дарозе, па якой я ішоў мінулай ноччу. Дамы здаваліся вымерлымі. На дарозе ляжалі побач тры апаленыя целы, пазбаўленыя жыцця цеплавым промнем. Дзе-нідзе валяліся кінутыя ці згубленыя рэчы: гадзіннік, туфлі, сярэбраная лыжка і іншыя дробныя прадметы. На паваротцы да паштовай канторы ляжала на баку са зломаным колам распрэжаная цялежка, нагружаная скрынкамі і мэбляй. Незгараемая каса была, відаць, наспех адкрыта і кінута сярод хламу.

Дамы ў гэтай частцы не вельмі пацярпелі, гарэла толькі вартоўня прытулка. Цеплавы прамень збрыў коміны і прайшоў далей. Акрамя нас, на Мэйбэры-Хіле не было ні душы. Большая частка жыхароў збегла, верагодна, у Стары Ўокінг па той дарозе, па якой я ехаў у Лезерхэд, ці схавалася дзе-небудзь.

Мы спусціліся па дарозе ўніз, прайшлі міма мокрага чалавечага трупа ў чорным касцюме. Увайшлі ў лес ля падножжа гары і дабраліся да палатна чыгункі, нікога не сустрэўшы. Лес па той бок чыгункі здаваўся скразным бураломам, большая частка дрэў была павалена і толькі дзе-нідзе злавесна тырчалі абпаленыя ствалы з цёмна-бурай лістотай.

На нашым баку агонь толькі абпаліў бліжэйшыя дрэвы, вялікага апусташэння не было. У адным месцы лесарубы, відавочна, працавалі яшчэ ў суботу. Паваленыя свежапрыбраныя дрэвы ляжалі на просецы на кучы пілавіння каля паравой лесапільні. Побач стаяла пустая хібара. Было ціха; паветра здавалася нерухомым. Нават птушкі кудысьці зніклі. Мы з артылерыстам перамаўляліся шэптам і часта азіраліся па баках. Калі-нікалі мы спыняліся і прыслухоўваліся.

Неўзабаве мы падышлі да дарогі і пачулі стук капытоў: у бок Уокінга ехалі тры кавалерысты. Мы гукнулі іх, яны спыніліся, і мы паспяшылі да іх. Гэта былі лейтэнант і два радавыя 8-га гусарскага палка з нейкай прыладай накшталт тэадаліта; артылерыст растлумачыў мне, што гэта геліёграф.

— Вы першыя, каго я сустрэў на гэтай дарозе за ўсю раніцу, — сказаў лейтэнант. — Што тут творыцца?

У яго твары і голасе адчувалася рашучасць. Салдаты глядзелі на нас з цікаўнасцю. Артылерыст спусціўся з насыпу на дарогу і аддаў чэсць.

— Пушку нашу ўзарвалі мінулай ноччу, сэр. Я схаваўся. Даганяю батарэю, сэр. Вы, напэўна, убачыце марсіянаў, калі праедзеце яшчэ з паўмілі па гэтай дарозе.

— Якія яны сабою, чорт бы іх пабраў? — спытаў лейтэнант.

— Гіганты ў брані, сэр. Сто футаў вышыні. Тры нагі; цела накшталт алюмініевага, з вялізнай галавою ў каўпаку, сэр.

— Расказвай! — усклікнуў лейтэнант. — Што за лухту ты нясеш?

— Самі ўбачыце, сэр. У іх руках нейкая скрынка, сэр; з яе папыхвае агонь і забівае на месцы.

— Накшталт пушкі?

— Не, сэр. — І артылерыст пачаў апісваць дзеянне цеплавога промня. Лейтэнант перапыніў яго і павярнуўся да мяне. Я стаяў на насыпе каля дарогі.

— Вы таксама бачылі гэта? — спытаў ён.

— Чыстая праўда ўсё, — адказаў я.

— Ну, — сказаў лейтэнант, — я думаю, і мне не лішне паглядзець на іх. Слухай, — звярнуўся ён да артылерыста, — нас адправілі сюды, каб выселіць жыхароў з дамоў. Ты заявіся да брыгаднага генерала Марвіна і далажы яму ўсё, што ведаеш. Ён стаіць ва Ўэмбрыджы. Дарогу ведаеш?

— Я ведаю, — сказаў я.

Лейтэнант павярнуў каня.

— Вы кажаце, паўмілі? — спытаў ён.

— Не болей, — адказаў я і паказаў на вершаліны дрэваў на поўдзень. Ён падзякаваў мне і паехаў. Больш мы яго не бачылі.

Пасля мы ўбачылі трох жанчын і дваіх дзяцей на дарозе каля рабочага доміка; яны загружалі ручную цялежку вандзэлкамі і хатнім скарбам. Яны былі настолькі занятыя, што не сталі з намі гаварыць. Каля станцыі Байфліт мы выйшлі з сасновага лесу. У промнях ранішняга сонца мясцовасць здавалася мірнай! Тут мы былі ўжо за межамі дзеяння цеплавога промня; калі б ні апусцелыя дамы, ні мітусня і зборы жыхароў, ні салдаты на чыгуначным мосце, якія глядзелі ўздоўж лініі на Ўокінг, дзень быў бы падобны на звычайную нядзелю.

Некалькі падводаў і фургонаў са скрыпам рухалася па дарозе на Адлстон. Праз вароты ў загарадзі мы ўбачылі на лузе шэсць пушак-дванаццаціфунтовак, якія былі акуратна расстаўлены на роўнай адлегласці адна ад адной і накіраваныя ў бок Уокінга. Прыслуга стаяла побач у чаканні, зарадныя скрынкі знаходзіліся на патрэбнай адлегласці. Салдаты стаялі быццам на аглядзе.

— Вось гэта здорава! — сказаў я. — Ва ўсякім выпадку, яны дадуць добры залп.

Артылерыст нерашуча спыніўся каля варотаў.

— Я пайду далей, — сказаў ён.

За мостам, бліжэй да Ўэйбрыджа салдаты ў белых рабочых куртках насыпалі доўгі вал, за якім тырчалі пушкі.

— Гэта ўсё роўна што лук і стрэлы супраць маланкі, — сказаў артылерыст. — Яны яшчэ не бачылі вогненнага промня.

Афіцэры, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў рабоце, глядзелі паверх дрэваў на паўднёвы захад; салдаты часта адрываліся ад работы і таксама паглядалі ў той бок.

Байфліт быў у разгубленасці. Жыхары пакавалі пажыткі, а дваццаць гусараў прыспешвалі іх. Тры ці чатыры чорныя санітарныя фургоны з крыжам на белым крузе і якісьці стары омнібус выгружаліся на вуліцы сярод іншых павозак. Многія жыхары апрануліся па-святочнаму. Салдаты даводзілі ім пра небяспеку становішча. Якісьці зморшчаны дзядок сярдзіта спрачаўся з капралам, патрабуючы, каб захапілі яго вялікую скрынку і дзесяткі два вазонаў з архідэямі. Я спыніўся і тузануў дзядка за рукаво.

— Вы ведаеце, што там робіцца? — спытаў я, паказваючы на вершаліны сасновага лесу, за якім былі марсіяне.

— Што? — павярнуўся ён. — Я кажу ім, што гэта нельга пакідаць.

— Смерць! — крыкнуў я. — Смерць ідзе на нас! Смерць!

Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, — я прыспешыў за артылерыстам. На рагу вуліцы я павярнуўся. Салдат адышоўся ад старога, а той усё яшчэ стаяў каля сваёй скрынкі і вазонаў з архідэямі, разгублена гледзячы ў бок лесу.

Ніхто ва Ўэйбрыджы не мог сказаць нам, дзе размяшчаецца штаб. Такога беспарадку я ніколі не бачыў. Паўсюль павозкі, экіпажы ўсіх відаў і разнамасныя коні. Шаноўныя жыхары мястэчка, спартсмены ў касцюмах для гольфа і веславання, святочна апранутыя жанчыны — усе пакаваліся; звычайныя разявакі энергічна памагалі, дзеці шумелі, задаволеныя такой незвычайнай нядзельнай забавай. Сярод усеагульнай мітусні мясцовы вядомы святар, не зважаючы ні на што, пад звон царкоўны служыў раннюю абедню.

Мы з артылерыстам прыселі на прыступцы калодзежа і збольшага падсілкаваліся. Патрулі — ужо не гусары, а грэнадзёры ў белых мундзірах — папярэджвалі жыхароў і прапаноўвалі ім або адыходзіць, або хавацца ў падвалах, як толькі пачнецца страляніна. Мінаючы чыгуначны мост, мы ўбачылі вялікі натоўп на станцыі і вакол яе; платформа кішэла людзьмі і была завалена скрынкамі і вандзэлкамі. Звычайны расклад быў парушаны, верагодна, для таго, каб падвезці войскі і зброю да Чэртсі; потым я чуў, што адбылася страшэнная даўка і бойка за месцы ў экстранных цягніках, пушчаных у другой палове дня.

Мы заставаліся ва Ўэйбрыджы да паловы дня. Каля шэпертонскага шлюза, дзе зліваюцца Тэмза і Ўэй, мы памаглі дзвюм старэнькім нагрузіць цялежку. Вусце ракі Ўэй мае тры рукавы, тут можна набыць лодку і ходзіць паром. На другім беразе віднелася харчоўня і перад ёй лагчынка, а далей над дрэвамі падымалася званіца шэпертонскай царквы — цяпер яна заменена шпілем.

Тут мы засталі шумны, узбуджаны натоўп беглякоў. Хоць панікі яшчэ не было, але жадаючых перабрацца на другі бераг аказалася значна больш, чым маглі змясціць лодкі. Людзі падыходзілі, задыхаючыся пад цяжкаю ношай. Адна сямейная пара цягнула нават невялікія ўваходныя дзверы ад свайго дома, на якіх былі складзены іх пажыткі. Нейкі мужчына сказаў нам, што хоча паспрабаваць паехаць са станцыі ў Шэпертоне.

Усе гучна размаўлялі; хтосьці нават строіў жарты. Многія думалі, што марсіяне — гэта проста людзі-веліканы; яны могуць напасці на горад і спустошыць яго, але, вядома, у рэшце рэшт будуць знішчаны. Усе трывожна паглядалі на другі бераг, на лугі каля Чэртсі, але там было спакойна.

На тым баку Тэмзы, акрамя месца, дзе прычальвалі лодкі, таксама было спакойна — рэзкі кантраст з Сэрэем. Людзі, выходзячы з лодак, падымаліся ўверх па дарозе. Вялікі паром толькі што пераплыў. Тры ці чатыры салдаты стаялі на лужку каля харчоўні і кпілі з беглякоў, не прапаноўваючы ім сваіх паслуг. Харчоўня была зачынена, як звычайна ў гэты час.

— Што гэта? — крыкнуў раптам адзін з лодачнікаў. — Ціха ты! — цыкнуў хтосьці каля мяне на брахлівага сабаку. Гук паўтараўся, на гэты раз з боку Чэртсі: прыглушаны гул — пушачны выстрал.

Пачаўся бой. Прыхаваныя дрэвамі батарэі за ракою направа ад нас уступілі ў агульны хор, цяжка бухаючы адна за адной. Закрычала жанчына. Усе спыніліся як укопаныя і павярнулі ў бок блізкага, але нябачнага бою. На шырокіх лугах не было нічога, акрамя кароў, якія мірна пасвіліся, і серабрыстых вербаў, нерухомых у промнях гарачага сонца.

— Салдаты затрымаюць іх, — няўпэўненым тонам прагаварыла жанчына каля мяне.

Над лесам паказаўся дымок.

І раптам мы ўбачылі — далёка ўверх па цячэнні ракі — клуб дыму, які ўзляцеў і завіс у паветры; і тут жа глеба ў нас пад нагамі задрыжала, аглушальны выбух скалануў паветра; разляцеліся шыбы ў суседніх дамах. Усе анямелі ад здзіўлення.

— Вунь яны! — закрычаў якісьці чалавек у сіняй куфайцы. — Вунь там! Бачыце! Вунь там!

Хутка, адзін за адным паявіліся пакрытыя бранёй марсіяне — адзін, два, тры, чатыры — далёка-далёка над маладым ляском за лугамі над Чэртсі. Спачатку яны здаваліся маленькімі фігуркамі ў каўпаках і рухаліся быццам на колах, але з хуткасцю птушак.

Яны спешна спускаліся да ракі. Злева, наўскасяк, да іх набліжаўся пяты. Іх браня блішчэла на сонцы; набліжаючыся, яны хутка павялічваліся. Самы дальні з іх на левым фланзе высока падняў вялікую скрынку, і страшны цеплавы прамень, які я ўжо бачыў у ноч на суботу, слізгануў у бок Чэртсі і ўдарыў па горадзе.

Убачыўшы гэтых дзіўных хуткаходных пачвараў, людзі на беразе здранцвелі ад страху. Ні воклічаў, ні крыкаў — мёртвае маўчанне. Потым хрыплы шэпт і рух ног — боўтанне па вадзе. Якісьці чалавек, напалохаўшыся, не здагадаўшыся скінуць груз з плячэй, павярнуўся і краем свайго чамадана так моцна стукнуў, што ледзь не зваліў мяне з ног. Нейкая жанчына адпіхнула мяне і кінулася бегчы. Я таксама пабег з натоўпам, але ўсё ж не страціў развагі. Я падумаў аб страшэнным цеплавым промні. Нырнуць у ваду! Лепш за ўсё!

— Нырайце! — крычаў я, але ніхто мяне не слухаў.

Я кінуўся ўніз па пакатым беразе прама насустрач марсіяніну, які набліжаўся, і рынуўся ў ваду. Хтосьці зрабіў тое самае. Я паспеў заўважыць, як толькі што адчаленая лодка, рассоўваючы людзей, урэзалася ў бераг. Дно пад нагамі было слізкае ад ціны, а рака настолькі мелкая, што я прабег каля дваццаці футаў, а вада дасягала мне толькі да пояса. Калі за ярдаў дзвесце над маёй галавой паказаўся марсіянін, я лёг ніцма ў ваду. У маіх вушах, як удары грому, аддаваўся ўсплеск вады — людзі скакалі з лодак. Іншыя спешна высаджваліся, узбіраліся на бераг.

Але марсіянін глядзеў на мітуслівых людзей так, як чалавек на мурашак, ступіўшы нагой на мурашнік. Калі, задыхаючыся, я падняў галаву над вадой, каўпак марсіяніна быў павернуты да батарэяў, якія ўсё яшчэ абстрэльвалі раку; наблізіўшыся, ён чымсьці ўзмахнуў, відаць, генератарам цеплавога промня.

У наступны момант ён быў ужо на беразе і ступіў на сярэдзіну ракі. Калені яго пярэдніх ног упіраліся ў супрацьлеглы бераг. Яшчэ момант — і ён выпрастаўся ва ўвесь рост ужо каля самага пасёлка Шапертон; следам за тым шэсць пушак (ніхто не ведаў пра іх на тым беразе, бо яны былі прыхаваны ў ваколіцы) далі залп. Сэрца маё моцна забілася. Пачвара ўжо нацэліла камеру цеплавога промня, калі першы снарад разарваўся за шэсць ярдаў над яго каўпаком.

Я крыкнуў ад здзіўлення. Я забыў пра астатніх чатырох марсіянаў: уся мая ўвага была паглынута падзеямі. Амаль адначасова з першым разарваліся два другія снарады; каўпак тузануўся, ухіляючыся ад іх, але чацвёрты трапіў прама ў твар марсіяніну.

Каўпак трэснуў і разляцеўся ва ўсе бакі кускамі чырвонага мяса і бліскучага металу.

— Забіты! — закрычаў я не сваім голасам.

Мой крык падхапілі людзі, якія стаялі вакол мяне ў рацэ.

Ад радасці я гатовы быў выскачыць з вады.

Абезгалоўлены гігант пахіснуўся, як п'яны, але не ўпаў, захаваўшы нейкім цудам раўнавагу. Нікім не кіруемы, з высока ўзнятай камерай, якая выпускала цеплавы прамень, ён хутка, але няўпэўнена ступаў па Шэпертоне. Яго жывы мозг быў разарваны на кускі, і пачвара стала цяпер сляпой машынай разбурэння. Яна крочыла па прамой лініі, наштурхнулася на званіцу шэпертонскай царквы і, раструшчыўшы яе, як таранам, шарахнулася, спатыкнулася і з грукатам рухнула ў раку.

Раздаўся аглушальны выбух, і смерч вады, пары, гразі і абломкаў металу ўзляцеў высока ў неба. Як толькі камера цеплавога промня апусцілася ў ваду, яна стала ператварацца ў пару. У тую ж секунду агромністая мутная хваля, кіпучая, гарачая, пакацілася супраць цячэння. Я бачыў, як людзі барахталіся, стараючыся выбрацца на бераг, і чуў іх енк, што прыглушаўся шумам бурнай вады і грукатам таго марсіяніна.

Не зважаючы на гарачыню, забыўшыся пра небяспеку, я паплыў па бурлівай рацэ, адпіхнуўшы нейкага чалавека ў чорным, і дабраўся да павароткі. З паўдзюжыны пустых лодак бездапаможна гайдаліся на хвалях. Далей, уніз па цячэнні, упоперак ракі ляжаў марсіянін, амаль увесь пад вадой.

Густыя воблакі пары ўзнімаліся над месцам падзення, і праз іх рваную мігатлівую павалоку час ад часу я глядзеў на вялізныя органы пачвары, якая ўздрыгвала і выкідвала ў паветра фантаны гразі і пены. Шчупальцы размахвалі і біліся, як рукі, і калі б не бязмэтнасць гэтых рухаў, то можна было б падумаць, што нейкая раненая істота змагаецца за жыццё сярод хваляў. Чырванавата-бурая вадкасць з гучным шыпеннем струменем біла ўверх з машыны.

Мая ўвага была адцягнута ад гэтага відовішча магутным рэвам, нібы раўла паравая сірэна. Нейкі чалавек, стоячы па калені ў вадзе каля берага, нешта крычаў мне, паказваючы пальцам, але я не мог зразумець яго слоў. Азірнуўшыся, я ўбачыў другіх марсіянаў, якія вялізнымі крокамі рухаліся ад Чэртсі да берага ракі. Пушкі ў Шэпертоне адкрылі агонь, але на гэты раз безвынікова.

Я тут жа нырнуў і з цяжкасцю плыў, затрымліваючы дыханне, пакуль хапала сілы. Вада бурліла і хутка награвалася.

Калі я вынырнуў на хвіліну, каб перавесці дыханне, і адкінуў валасы з вачэй, то ўбачыў, што вакол белымі кругамі ўзнімаецца пара, засланяючы марсіянаў. Шум быў аглушальны. Затым я ўбачыў шэрых веліканаў, якія ў тумане здаваліся яшчэ большымі. Яны прайшлі міма, двое з іх нагнуліся над астанкамі свайго калегі, якія яшчэ пеніліся і ўздрыгвалі.

Трэці і чацвёрты таксама спыніліся, адзін — за ярдаў дзвесце ад мяне, другі — бліжэй да Лэйлхема. Генератары цеплавога промня былі высока ўзняты, і промні з шыпеннем падалі ў розныя бакі.

Паветра звінела ад аглушальнага хаосу гукаў: металічны рык марсіянаў, грукат падаючых дамоў, трэск ахопленых полымем дрэваў, платоў, хлявоў, гул і шыпенне агню. Густы чорны дым узнімаўся ўверх і перамешваўся з клубамі пары над ракой. Дакрананне цеплавога промня, які «хадзіў» па Ўэйбрыджы, выклікала ўспышкі асляпляльнага белага полымя і дымныя скокі вогненных языкоў. Самыя блізкія дамы стаялі яшчэ некранутымі, чакаючы свайго часу, змрочныя, цёмныя, ахутаныя параю, а за імі бушаваў агонь.

З хвіліну я стаяў па грудзі ў кіпятку, разгублены, без надзеі на выратаванне. Праз пару я бачыў, як людзі вылазяць з вады, чапляючыся за чарот, як лягушкі, што скачуць па траве; іншыя ў паніцы бегалі па беразе.

Раптам белыя ўспышкі цеплавога промня сталі набліжацца да мяне. Ад яго дакранання рушыліся ахопленыя полымем дамы; дрэвы з гучным трэскам ператвараліся ў вогненныя слупы. Прамень слізгаў уверх і ўніз па берагавой сцежцы, змятаючы людзей, якія разбягаліся, і нарэшце спусціўся на ваду, ярдаў за пяцьдзесят ад таго месца, дзе я стаяў, потым перанёсся на другі бераг, к Шэпертону: вада закіпела і стала ператварацца ў пару. Я кінуўся на бераг.

У наступны момант вялізная гарачая хваля абрушылася на мяне. Я закрычаў і, паўсляпы, апараны, здзічэлы ад болю, стаў выбірацца на бераг. Варта было мне пакаўзнуцца, і ўсё было б скончана. Знясілены, я ўпаў перад марсіянамі на шырокай пясчанай водмелі, дзе пад вуглом сыходзяцца Ўэй і Тэмза. Я не сумняваўся, што мяне чакае смерць.

Помню, як у сне, што нага марсіяніна прасунулася за ярдаў дваццаць ад маёй галавы, вязнучы ў пяску, разварочваючы яго. Пасля працяглага і пакутлівага прамежку часу я ўбачыў, як чатыры марсіяніны пранеслі астанкі свайго калегі; яны ішлі, то ясна бачныя, то прыхаваныя павалокаю дыму, які распаўзаўся па рацэ і лугах. Потым паціху я пачаў усведамляць, што нейкім цудам не загінуў.

XIII. Сустрэча са святаром

Адчуўшы на сабе так нечакана сілу зямной зброі, марсіяне адступілі на свае пачатковыя пазіцыі на Хорселскай пустцы; яны спяшаліся вынесці астанкі свайго разарванага снарадамі калегі і таму не звярталі ўвагі на такіх бездапаможных беглякоў, як я. Калі б яны кінулі яго і рушылі далей, то не сустрэлі б на сваім шляху ніякага супраціўлення, акрамя некалькіх батарэяў пушак-дванаццаціфунтовак, і, безумоўна, дасягнулі б Лондана раней, чым туды дайшла чутка пра іх набліжэнне. Іх нашэсце было б такім жа нечаканым, смертаносным і страшным, як землетрасенне, у выніку якога сто гадоў назад быў разбураны Лісабон.

Дарэчы, ім не трэба было спяшацца. З міжпланетнай прасторы кожныя дваццаць чатыры гадзіны, дастаўляючы ім падмацаванне, падаў цыліндр. Між тым ваенныя і марскія ўлады рыхтаваліся з ліхаманкавай паспешлівасцю, зразумеўшы нарэшце страшную сілу праціўніка. Штохвілінна ўстанаўлівалі новыя пушкі. Да змяркання з кожнага куста, з кожнай прыгараднай дачы бліз Кінгстана і Рычманда ўжо тырчала чорнае пушачнае жарало. На ўсёй выпаленай і спустошанай прасторы ў дваццаць квадратных міляў вакол лагера марсіянаў на Хорселскай пустцы, сярод папялішчаў і развалін, пад чорнымі, абгарэлымі астаткамі соснаў, поўзалі самаадданыя разведчыкі з геліёграфамі, гатовыя тут жа папярэдзіць артылерыю аб набліжэнні марсіянаў. Але марсіяне зразумелі сілу нашай артылерыі і нябеспеку ад блізкасці з людзьмі; кожны, хто разыкнуў бы падысці да аднаго з цыліндраў бліжэй, чым за мілю, заплаціў бы жыццём.

Відаць, гіганты, патрацілі дзённыя гадзіны на перавозку грузу другога і трэцяга цыліндраў — другі ўпаў каля Адлстона на пляцоўку для гульні ў гольф, трэці каля Пірфарда — бліз ямы на Хорселскай пустцы. Узвышаючыся над пачарнелым верасам і разбуранымі будынкамі, на варце стаяў адзін марсіянін, астатнія ж спусціліся са сваіх баявых машын у яму. Яны старанна працавалі да позняй ночы; з ямы вырываліся клубы густога зялёнага дыму, які быў бачны з узгоркаў Мероў і нават, як кажуць, з Бенстэда і Эпсома.

Пакуль марсіяне рыхтаваліся да новай вылазкі, а чалавецтва збіралася даць ім адпор, я з вялікай цяжкасцю і мучэннямі прабіраўся ад дымных пажарышчаў Уэйбрыджа да Лондана.

Убачыўшы на вадзе ўніз па цячэнню пустую лодку, я скінуў частку свайго прамоклага адзення, падплыў да яе і такім чынам выбраўся з раёна разбурэнняў. Вёслаў не было, я стараўся грэбсці абпаленымі рукамі і паволі набліжаўся да Голіфорда і Ўолтана, баязліва азіраючыся па зразумелых прычынах. Я выбраў водны шлях, бо на вадзе лягчэй было выратавацца пры выпадку сустрэчы з гігантамі.

Вада, якая закіпела пры падзенні марсіяніна, выпаралася, і таму амаль на працягу мілі абодва берагі былі ахутаны параю.

Між іншым, адзін раз мне пашанцавала разгледзець чорныя фігуркі людзей, якія беглі лугамі прэч ад Уэйбрыджа. Голіфорд здаваўся вымерлым, гарэла некалькі прыбярэжных дамоў. Непрывычна было бачыць пад гарачым блакітным небам спакойнае і бязлюднае паселішча, над якім узляталі языкі полымя і клубіўся дым. Першы раз бачыў я пажар без мітуслівага натоўпу. Сухі чарот на водмелі дыміўся і ўспыхваў; і агонь паволі падбіраўся да стагоў сена, што стаялі воддаль.

Доўга я плыў па цячэнні, стомлены і змардаваны ўсім перажытым. Нават на вадзе было вельмі горача. Але страх адольваў стомленасць, і я зноў пачаў грэбсці рукамі. Сонца пякло маю аголеную спіну. Калі за паваротам паказаўся Ўолтанскі мост, ліхаманка і слабасць пераадолелі страх; я прычаліў на водмелі Мідлсэкса і ў поўнай непрытомнасці ўпаў на траву. Сонца паказвала на пяць гадзін. Потым я падняўся, прайшоў з паўмілі, нікога не сустрэўшы, і зноў улёгся ў цяньку пад дрэвамі. Помню, я гаварыў сам з сабою ўслых, як ачмурэлы. Мяне мучыла смага, і шкадаваў я, што не напіўся на рэчцы. Я чамусьці злаваўся на сваю жонку; мяне вельмі раздражняла, што я ніяк не мог дабрацца да Лезерхэда.

Не помню, як паявіўся святар, — магчыма, я задрамаў. Я ўбачыў, што ён сядзіць побач са мною ў запэцканай сажаю кашулі. Падняўшы ўверх гладка выбрыты твар, ён пільна, глядзеў на бледныя водбліскі, што прабягалі па небе. Яно было ўслана баранчыкамі — лёгкімі пушыстымі аблокамі, крышку падфарбаванымі летнім заходам сонца.

Я прыўзняўся, і ён павярнуўся да мяне.

— У вас ёсць вада? — спытаў ён.

З хвіліну мы маўчалі, разглядаючы адзін аднаго. Вераемна, я здаўся яму дзіўным: амаль голы — на мне былі толькі прамоклыя наскрозь штаны і шкарпэткі, — чырвоныя ад апёкаў, з тварам і шыяй, чорнымі ад дыму. У яго быў выгляд слабавольнага чалавека: нізкі лоб, вялікія блакітныя вочы глядзелі ўважліва і сумна.

Ён гаварыў адрывіста, гледзячы ў прастору.

— Што адбываецца? — спытаў ён. — Што азначае ўсё гэта?

Я паглядзеў на яго і нічога не адказаў.

Ён выпрастаў белую тонкую руку і загаварыў, як у жалобе:

— Як гэта магло здарыцца? Чым мы саграшылі? Я скончыў ранішнюю службу і прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву і падрыхтавацца да пропаведзі, і раптам — агонь, землетрасенне, смерць! Садом і Гамора! Прапала ўся наша праца, уся праца… Хто такія гэтыя марсіяне?

— А хто такія мы самі? — адказаў я, адкашліваючыся.

Ён абхапіў рукамі калені і зноў павярнуўся да мяне. З паўхвіліны ён моўчкі глядзеў на мяне.

— Я прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву, — паўтарыў ён. — І раптам — агонь, землетрасенне, смерць!

Ён змоўк; падбародак яго ледзь не дакранаўся да каленяў.

Потым зноў загаварыў, размахваючы рукою:

— Уся праца… усе нядзельныя школы… У чым мы вінаватыя? У чым вінаваты Ўэйбрыдж? Усё знікла, усё разбурана. Царква! Мы толькі тры гады назад яе занава адбудавалі. І вось яна знікла, выцерта з твару зямлі! За што?

Новая паўза, і зноў ён загаварыў, як звар'яцелы.

— Дым ад гэтага пажарышча будзе вечна ўзносіцца да неба! — усклікнуў ён.

Яго вочы бліснулі, тонкі палец паказваў на Ўэйбрыдж.

Я пачаў здагадвацца, што гэта псіхічнахворы. Страшная трагедыя, сведкам якой ён стаў (відаць, яго выратавалі ногі, ён уцёк з Уэйбрыджа), давяла яго да вар'яцтва.

— Далёка адсюль да Санбэры? — спытаў я па-дзелавому.

— Што ж нам рабіць? — сказаў ён. — Няўжо гэтыя вылюдкі паўсюль? Няўжо зямля аддадзена пад іх уладу?

— Далёка адсюль да Санбэры?

— Толькі ж сёння раніцай я служыў раннюю абедню…

— Абставіны памяняліся, — сказаў я спакойна. — Не гаруйце. Ёсць яшчэ надзея.

— Надзея!

— Так, надзея, нягледзячы на ўвесь гэты жах!

Я пачаў яму выкладваць свае думкі аб нашым становішчы. Спачатку ён слухаў з цікаўнасцю, але неўзабаве зноў стаў абыякавы і адвярнуўся.

— Гэта — пачатак канца, — перарваў ён мяне. — Канец. Дзень Страшнага суда. Людзі будуць маліць горы і скалы ўпасці на іх і схаваць ад асобы, якая займае прастол.

Яго словы пацвердзілі маю здагадку. Сабраўшыся з думкамі, я ўстаў і паклаў яму на плячо руку.

— Будзьце мужчынам, — сказаў я. — Вы проста разгубіліся. Добрая вера, калі яна не можа супрацьстаяць няшчасцю. Падумайце, колькі разоў у гісторыі чалавецтва бывалі землетрасенні, патопы, войны і вывяржэнні вулканаў. Чаму бог павінен быў зрабіць выключэнне для Ўэйбрыджа?.. Бог жа не страхавы агент.

Ён моўчкі слухаў.

— Але як мы можам выратавацца? — раптам спытаў ён. — Яны недасягальныя, яны бязлітасныя…

— Можа быць, ні тое, ні другое, — адказаў я. — Чым больш магутныя яны, тым больш асцярожнымі і разумнымі павінны быць мы. Адзін з іх забіты тры гадзіны таму.

— Забіты? — усклікнуў ён, зірнуўшы на мяне. — Хіба можа быць забіты боскі вястун?

— Я бачыў гэта, — прадаўжаў я. — Мы з вамі трапілі ў самую звалку і толькі ўсяго.

— Што гэта там мігае ў небе? — нечакана спытаў ён. Я растлумачыў яму, што гэта сігналы геліёграфа і што яны азначаюць дапамогу, якую нясуць нам людзі.

— Мы знаходзімся якраз у самай гушчы, хоць вакол усё спакойна. Мільганне ў небе апавяшчае пра немінучую навальніцу. Вунь там, я так думаю, марсіяне, а ў баку Лондана, там, дзе пагоркі ўзвышаюцца над Рычмандам і Кінгстанам, пад сховаю дрэваў капаюць траншэі і ўстанаўліваюць зброю. Марсіяне, відаць, пойдуць па гэтай дарозе.

Не паспеў я кончыць, як ён ускочыў і перапыніў мяне жэстам.

— Слухайце! — сказаў ён.

З-за нізкіх пагоркаў за рэчкаю даносіўся глухі гул аддаленай стральбы і якісьці далёкі жахлівы крык. Потым усё заціхла. На захадзе, высока, над дымам, што засцілаў Уэйбрыдж і Шэпертон, пабліскваў бледны месяц.

— Нам трэба ісці па гэтай сцежцы на поўнач, — сказаў я.

XIV. У Лондане

Мой малодшы брат быў у Лондане ў той час, калі ва Ўокінгу ўпаў першы цыліндр. Ён быў студэнт-медык і рыхтаваўся да будучага экзамену; да суботы ён нічога не чуў аб прыбыцці марсіянаў. Ранішнія суботнія газеты ў дадатак да вялікіх спецыяльных артыкулаў пра Марс, пра жыццё на ім і гэтак далей надрукавалі даволі туманнае паведамленне, якое здзіўляла сваёй кароткасцю.

Паведамлялася, што марсіяне, напалоханыя набліжэннем натоўпу, забілі некалькі чалавек з дапамогай хуткастрэльнай пушкі. Тэлеграма заканчвалася словамі: «Марсіяне, хоць і здаюцца грознымі, не вылезлі з ямы, у якую ўпаў снарад, і, відаць, не могуць гэтага зрабіць. Магчыма, гэта выклікана большаю сілай зямнога прыцягнення». У перадавіцах асабліва падкрэслівалася гэта апошняя акалічнасць.

Канешне, усе студэнты, якія рыхтаваліся да экзамену па біялогіі ва ўніверсітэце, куды накіраваўся ў той дзень і мой брат, вельмі зацікавіліся паведамленнем, але на вуліцах не было асаблівага ажыўлення. Вячэрнія газеты выйшлі з сенсацыйнымі загалоўкамі. Але яны паведамілі толькі пра рух войска да пусткі і пра палыхаючыя сасновыя лясы паміж Уокінгам і Ўэйбрыджам. У восем гадзін «Сент-Джэймс газэт» у тэрміновым выпуску коратка паведаміла пра тое, што сапсаваўся тэлеграф. Меркавалі, што лінія пашкоджана соснамі, якія ўпалі ў выніку пажару. Гэтай ноччу — калі я ездзіў у Лезерхэд, і назад, — яшчэ нічога не было вядома пра бітву.

Брат не турбаваўся пра нас, бо ведаў з газет, што цыліндр знаходзіцца па меншай меры за дзве мілі ад майго дома. Ён збіраўся паехаць ка мне ў гэтую ноч, каб, як ён потым расказваў, паглядзець на пачвараў, пакуль іх не знішчылі. Ён паслаў мне тэлеграму а чацвёртай гадзіне, а вечарам пайшоў у мюзік-хол; тэлеграма да мяне так і не дайшла.

У Лондане ноччу з суботы на нядзелю таксама распачалася навальніца, і брат мой даехаў да вакзала Ватэрлоо з рамізнікам. На платформе, з якой звычайна адпраўляецца дванаццацігадзінны цягнік, ён даведаўся, што ў гэтую ноч цягнікі чамусьці не ходзяць да Ўокінга. Чаму, ён так і не змог дабіцца: чыгуначная адміністрацыя і тая дакладна нічога не ведала. На вакзале было ўсё спакойна; чыгуначнікі меркавалі, што адбылося крушэнне паміж Байфлітам і вузлавой станцыяй Уокінг. Вячэрнія цягнікі, якія ішлі звычайна праз Уокінг, накіроўваліся праз Вірджынія-Уотэр ці Гілфард. Многа клопатаў дадала чыгуначнікам змена маршрутаў экскурсіі саўтгемптонскай і портсмутскай Уваскрэснай лігі. Нейкі рэпарцёр вячэрняй газеты, памылкова ўспрыняўшы брата за начальніка руху (на якога брат быў крыху падобны), спрабаваў узяць у яго інтэрв'ю. Нават чыгуначнікі не тлумачылі крушэнне сувяззю з марсіянамі.

Пасля я чытаў у нейкай газеце, быццам яшчэ раніцай у нядзелю «ўвесь Лондан быў наэлектрызаваны паведамленнямі з Уокінга». У сапраўднасці нічога падобнага не было. Большасць жыхароў Лондана ўпершыню пачула пра марсіянаў толькі ў панядзелак раніцай, калі ўсчалася паніка. Нават тыя, хто чытаў газеты, не адразу зразумелі спехам складзенае паведамленне. Большасць лонданцаў нядзельных газет не чытае.

Акрамя таго, лонданцы так упэўненыя ў сваёй асабістай бяспецы, а сенсацыйныя чуткі такія звычайныя ў газетах, што ніхто не быў асабліва заклапочаны наступнай заяваю:

«Учора, каля сямі гадзін вечара, марсіяне выйшлі з цыліндра і, рухаючыся пад аховай брані з металічных шчытоў, дазвання разбурылі станцыю Ўокінг, вакольныя дамы і знішчылі цэлы батальён Кардыганскага палка. Падрабязнасці невядомыя. Кулямёты „максім“ былі бяссільныя супраць іх брані; палявыя пушкі былі выведзены са строю. У Чэртсі накіраваны раз'езды гусараў. Марсіяне, верагодна, паціху рухаюцца к Чэртсі ці Віндзору. У Заходнім Сэрэі пануе трывога. Робяцца земляныя ўмацаванні, каб перагарадзіць доступ да Лондана». Гэта было надрукавана «Сандзісан», а ў «Рэферы» жартаўлівы фельетаніст пісаў, што ўсё гэта падобна на паніку ў вёсцы, дзе нечакана разбегся вандроўны звярынец.

Ніхто ў Лондане толкам не ведаў, што такое гэтыя браніраваныя марсіяне, але чамусьці панавала чутка, што пачвары вельмі непаваротлівыя; «поўзаюць», «з цяжкасцю валакуцца» — вось выразы, якія сустракаліся амаль ва ўсіх першых паведамленнях. Ніводная тэлеграма не складалася відавочцамі падзеяў. Нядзельныя газеты друкавалі экстранныя выпускі па меры атрымання свежых навінаў і нават калі іх не было. Толькі вечарам газеты атрымалі ўрадавае паведамленне, што насельніцтва Ўолтана, Уэйбрыджа і ўсёй акругі эвакуіруецца ў Лондан, — і болей нічога.

Раніцаю брат пайшоў у царкву пры бальніцы, усё яшчэ не ведаючы пра тое, што здарылася мінулай ноччу. У пропаведзі пастыра ён улавіў туманныя намёкі на якоесьці ўварванне; акрамя таго, была прачытана асобная малітва пра дараванне міру. Выйшаўшы з царквы, брат купіў нумар «Рэферы». Устрывожаны навінамі, ён адправіўся на вакзал Ватэрлоо даведацца, ці адноўлены чыгуначны рух. На вуліцах было звычайнае святочнае ажыўленне — омнібусы, экіпажы, веласіпеды, многа па-святочнаму апранутых людзей. Ніхто не быў асабліва ўсхваляваны нечаканымі навінамі, якія выкрыквалі газетчыкі. Усе былі заінтрыгаваныя, але калі хто непакоіўся, то не за сябе, а за сваіх родных па-за горадам. На вакзале ён упершыню пачуў, што на Віндзор і Чэртсі цягнікі не ходзяць. Насільшчыкі сказалі яму, што са станцый Байфліт і Чэртсі прыйшло раніцаю некалькі важных тэлеграм і што цяпер тэлеграф чамусьці не працуе. Брат не мог дабіцца ад іх больш дакладных звестак. «Каля Ўэйбрыджа адбываецца бітва» — вось усё, што яны ведалі.

Рух цягнікоў быў парушаны. На платформе стаяў натоўп у чаканні прыезду знаёмых і родных з паўднёвага захаду. Якісьці сівы джэнтльмен услых лаяў Паўднёва-Заходнюю кампанію.

— Іх трэба падцягнуць! — бурчаў ён.

Прыйшлі адзін-два цягнікі з Рычманда, Путні і Кінгстана з пасажырамі, якія выехалі на свята пакатацца ў лодках; гэтыя людзі расказвалі, што шлюзы запёртыя і што адчуваецца трывога. Мой брат разгаварыўся з маладым чалавекам у сінім спартыўным гарнітуры.

— Куча народу едзе ў Кінгстан на павозках, на драбінах, на чым папала, з куфрамі, з усім скарбам, — расказваў той. — Едуць з Молсі, Уэйбрыджа, Уолтана і гавораць, што каля Чэлсі чуваць кананада і што кавалерысты раілі ім як найхутчэй выбірацца, бо набліжаюцца марсіяне. Мы чулі страляніну з пушак каля станцыі Хэмптан-Корт, але падумалі, што гэта гром. Што азначае ўся гэта чартаўшчына? Марсіяне ж не могуць вылезці з сваёй ямы, праўда?

Мой брат нічога не мог адказаць.

Крыху счакаўшы, ён зазначыў, што нейкая невыразная трывога перадаецца і пасажырам падземнай чыгункі; нядзельныя экскурсанты пачалі чамусьці раней часу вяртацца з усіх паўднёва-заходніх ваколіцаў: з Барнса, Уімблдона, Рычманд-парка, К'ю і іншых; але ніхто не мог нічога паведаміць, акрамя туманных чутак. Усе пасажыры, што вярталіся з канечнай станцыі, здавалася, былі чымсьці занепакоены.

Каля пяці гадзін вакзальная публіка была вельмі здзіўлена адкрыццём руху паміж Паўднёва-Заходняй і Паўднёва-Усходняй лініямі, звычайна закрытага, а таксама паяўленнем воінскіх эшалонаў і платформаў з цяжкімі гарматамі. Гэта былі гарматы з Вулвіча і Чатама для абароны Кінгстана. Народ жартаваў з салдатаў: «Яны вас з'ядуць», «Ідзём утаймоўваць звяроў» — і гэтак далей. Неўзабаве паявіўся атрад паліцэйскіх і пачаў ачышчаць вакзал ад публікі. Мой брат зноў выйшаў на вуліцу.

Званы клікалі на вячэру, і калона дзяўчат з Арміі выратавання з песнямі ішла па Ватэрлоо-роўд. На мосце натоўп цікаўных глядзеў на дзіўную бурую пену, якая таксама плыла па цячэнні. Сонца садзілася, вежы Біг-Бэна і Палаты Парламента выразна вырысоўваліся на ясным спакойным небе; яно было залацістае, з чырванавата-ліловымі палосамі. Гаварылі, што пад мостам праплыло мёртвае цела. Нейкі чалавек, сказаўшы, што ён ваенны з рэзерву, паведаміў майму брату, што заўважыў на захадзе сігналы геліёграфа.

На Велінгстон-стрыт брат убачыў бойкіх газетчыкаў, якія толькі што выбеглі з Фліт-стрыт з яшчэ сырымі газетамі, спярэшчанымі ашаламляльнымі загалоўкамі.

— Страшэнная катастрофа! — выкрыквалі яны адзін перад адным на Велінгстон-стрыт. — Бой пад Уэйбрыджам! Падрабязнае апісанне! Марсіяне адкінуты! Лондан у небяспецы!

Брату давялося заплаціць тры пенсы за нумар газеты.

Толькі цяпер ён зразумеў, наколькі страшэнныя і небяспечныя гэтыя пачвары. Ён даведаўся, што гэта не проста кучка маленькіх непаваротлівых стварэнняў, а разумныя істоты, якія кіруюць гіганцкімі механізмамі, могуць хутка перамяшчацца і знішчаць усё жывое на сваім шляху і супраць іх бездапаможныя самыя дальнабойныя пушкі.

Іх апісвалі, як «агромністыя павукападобныя машыны, амаль у сто футаў вышынёю, здольныя перамяшчацца з хуткасцю экспрэса і выкідваць інтэнсіўны цеплавы прамень». Замаскіраваныя батарэі, галоўным чынам з палявых гарматаў, былі ўстаноўлены каля Хорселскай пусткі Ўокінга па дарозе на Лондан. Былі заўважаны пяць баявых машын, якія рухаліся к Тэмзе; адна з іх дзякуючы выпадку была знішчана. Звычайна снарады не дасягалі цэлі, батарэі імгненна змяталіся цеплавым промнем. Гаварылася таксама пра цяжкія страты ў войску; але паведамленні былі падрыхтаваны ў аптымістычным тоне.

Маўляў, марсіяне ўсё ж адбітыя; аказалася, і іх можна перамагчы. Яны адступілі да трохвугольніка, утворанага трыма ўпаўшымі каля Ўокінга цыліндрамі. Разведчыкі з геліёграфамі акружылі іх. Тэрмінова падвозяцца пушкі з Віндзора, Портсмута, Олдэршота, Вулвіча і нават з поўначы. Між іншым, з Вулвіча дастаўлены дальнабойныя дзевяностапяцітонныя гарматы. Устаноўлена каля ста шасцідзесяці пушак, галоўным чынам для абароны Лондана. Ніколі яшчэ ў Англіі з такой хуткасцю і ў такіх маштабах не праводзілася канцэнтрацыя ваенных сіл. Трэба спадзявацца, што ўсе наступныя цыліндры будуць надалей знішчацца асобнай звышмагутнай шрапнеллю, якая ўжо падрыхтавана і рассылаецца. Становішча, гаварылася ў паведамленні, безумоўна, сур'ёзнае, але насельніцтва не павінна паддавацца паніцы. Безумоўна, марсіяне страшэнныя, але ж іх усяго каля дваццаці супраць мільёнаў людзей.

Улады мелі ўсе падставы лічыць, прымаючы пад увагу велічыню цыліндра, што ў кожным з іх не больш чым пяць марсіянаў. Усяго, значыць, іх пятнаццаць. Па крайняй меры, адзін з іх ужо знішчаны, можа, і болей. Насельніцтва своечасова папярэдзяць аб набліжэнні небяспекі, будуць прыняты спецыяльныя меры для аховы жыхароў паўднёва-заходніх прадмесцяў. Кончылася ўсё гэта тым, што Лондану паабяцалі бяспеку, выказалі цвёрдую надзею, што ўрад справіцца з усімі цяжкасцямі.

Гэты тэкст быў надрукаваны буйнымі літарамі на яшчэ сырой паперы, без усялякіх каментарыяў. Цікава было бачыць, распавядаў брат, як увесь астатні матэрыял быў скарочаны, каб даць месца гэтаму паведамленню.

На Велінгстон-стрыт нарасхват раскуплялі ружовыя лісткі экстраннага выпуску, а на Стрэндзе ўжо чуліся выкрыкі цэлай арміі газетчыкаў. Публіка саскоквала з омнібусаў у пагоні за газетай. Паведамленне ўсхвалявала і растрывожыла натоўп. Брат расказваў, што аканіцы магазіна геаграфічных карт на Стрэндзе былі расчынены і якійсьці чалавек у святочным гарнітуры, у лімонна-жоўтых пальчатках, паявіўшыся ў вітрыне, спехам прымацоўваў да шкла карту Сэрэя.

Праходзячы па Стрэндзе да Трафальгар-сквера з газетай у руцэ, брат сустрэў бежанцаў з Заходняга Сэрэя. Нейкі мужчына ехаў у павозцы, падобнай на цялежку зяленіўшчыка; у ёй сярод накіданага хатняга скарбу сядзелі яго жонка і два хлопчыкі. Ён ехаў ад Вестмінстэрскага моста, а следам рухалася фура для сена; на ёй сядзелі пяць ці шэсць чалавек, добра апранутых, з чамаданамі і клункамі. Твары бежанцаў былі напалоханыя, яны рэзка адрозніваліся ад апранутых па-нядзельнаму пасажыраў омнібусаў. Элегантная публіка, высоўваючыся з кебаў, здзіўлена глядзела на іх. Каля Трафальгар-сквера бежанцы прыпыніліся ў нерашучасці, потым павярнулі на ўсход па Стрэндзе. Затым праехаў чалавек у рабочай вопратцы на старынным трохкалёсным веласіпедзе з маленькім пярэднім колам. Ён быў бледны і ўвесь брудны.

Мой брат павярнуў к Вікторыя-стрыт і сустрэў новы натоўп бежанцаў. У яго прамільгнула думка, што ён, можа быць, убачыць мяне. Ён звярнуў увагу на надзвычай вялікую колькасць палісменаў, якія рэгулявалі рух. Некаторыя з бежанцаў размаўлялі з пасажырамі омнібусаў. Адзін пераконваў, што бачыў марсіянаў. «Паравыя катлы на хадулях, гавару вам, і крочаць, як людзі». Большасць бежанцаў была ўсхвалявана і ўзрушана.

Рэстараны на Вікторыя-стрыт былі перапоўнены бежанцамі. На ўсіх вуглах тоўпіліся людзі, чыталі газеты, жыва размаўлялі і моўчкі глядзелі на гэтых незвычайных нядзельных гасцей. Бежанцы ўсё прыбывалі; пад вечар, па словах брата, вуліцы былі падобныя на Хай-стрыт у Эпсоме ў дзень скачак. Мой брат распытваўся ў многіх бежанцаў, але яны давалі вельмі няпэўныя адказы.

Ніхто не мог паведаміць нічога новага пра Ўокінг. Адзін чалавек пераконваў яго, што Ўокінг поўнасцю разбураны яшчэ мінулай ноччу.

— Я з Байфліта, — сказаў ён. — Самым ранкам прыехаў веласіпедыст, забягаў у кожны дом і раіў уцякаць. Потым паявіліся салдаты. Мы выйшлі паглядзець: на поўдні дым, скразны дым, і ніхто не прыходзіць адтуль. Потым мы пачулі гул гарматаў каля Чэртсі, і з Уэйбрыджа паваліў народ. Я запёр свой дом і таксама адышоў разам з другімі.

У натоўпе чуўся гоман, лаялі ўрад за тое, што ён аказаўся няздольны адразу справіцца з марсіянамі.

Каля васьмі гадзін у паўднёвай частцы Лондана выразна чулася кананада. На галоўных вуліцах яе заглушаў шум руху, але, спускаючыся ціхімі завулкамі да ракі, брат выразна чуў гарматны гул.

А дзевятай гадзіне ён ішоў ад Вестмінстэра назад да сваёй кватэры каля Рыджэнт-парка. Ён вельмі непакоіўся пра мяне, разумеючы, што становішча трывожнае. Як і я ў ноч на суботу, ён заразіўся ваеннай істэрыяй. Ён думаў пра нямыя, вычэкваючыя пушкі, пра табары бежанцаў, стараўся ўявіць сабе «паравыя катлы на хадулях» у сто футаў вышынёю.

Па Оксфард-стрыт праехала некалькі павозак з бежанцамі, на Мэрылебан-роўд таксама; але чуткі распаўсюджваліся настолькі замаруднена, што Рыджэнт-стрыт і Портленд-роўд былі, як заўсёды, запоўнены народам, хоць дзе-нідзе абмяркоўваліся апошнія падзеі. У Рыджэнт-парку, як заўсёды, пад рэдкімі газавымі ліхтарамі прагульваліся парачкі. Ноч была цёмная і ціхая, крыху душная; гул гарматаў даносіўся з перапынкамі; апоўначы на поўдні бліснула штосьці накшталт зарніцы.

Брат чытаў і перачытваў газету, трывога пра мяне ўсё расла. Ён не мог супакоіцца і пасля вячэры зноў пайшоў так сабе хадзіць па горадзе. Потым вярнуўся і дарэмна спрабаваў засесці за свае запісы лекцый. Ён не мог спаць апоўначы, яму сніліся злавесныя сны, але не прайшло і дзвюх гадзін, як яго разбудзіў стук дзвярных малаточкаў, тупанне ног па бруку, аддалены барабанны бой і царкоўныя званы. На столі ўспыхвалі чырвоныя водбліскі. З хвіліну ён ляжаў і не мог зразумець, што адбылося. Надышоў ужо дзень ці ўсе страцілі розум? Потым усхапіўся з пасцелі і падбег да вакна.

Яго пакой быў у мезаніне; расчыніўшы вакно, ён пачуў крыкі з абодвух канцоў вуліцы. З вакон высоўваліся і пераклікаліся заспаныя, паўапранутыя людзі. «Яны ідуць! — крычаў палісмен, стукаючы ў дзверы. — Марсіяне набліжаюцца!» — І спяшаўся да наступных дзвярэй.

З казармы на Олбэні-стрыт чуўся барабанны бой і гукі трубы; з усіх цэркваў даносіўся бурны, нязладжаны набат. Стукалі дзверы; цёмныя вокны дамоў на супрацьлеглым баку ўспыхвалі жоўтымі агеньчыкамі.

Па вуліцы праімчалася карэта: шум калёсаў раздаўся з-за вугла, перайшоў у аглушальны грукат пад акном і заціх недзе ўдалечыні. Следам за карэтаю пранесліся два кебы — авангард цэлай чарады экіпажаў, якія імчаліся да вакзала Чок-фарм, дзе можна было сесці на спецыяльныя цягнікі Паўночна-Заходняй дарогі, замест таго, каб спускацца да Юстана.

Мой брат доўга глядзеў з вакна ў тупой загадкавасці; ён бачыў, як палісмены перабягалі ад дзвярэй да дзвярэй, стукаючы малатком і абвяшчаючы ўсё тую ж дзіўную навіну. Раптам дзверы яго расчыніліся і ўвайшоў сусед, які займаў пакой насупраць; ён быў у кашулі, штанах і туфлях, падцяжкі абвісалі, валасы былі ўзлахмачаныя.

— Што за чартаўшчына? — спытаў ён. — Пажар? Чаму такая валтузня?

Абодва высунуліся з вакна, стараючыся зразумець, што крычаць палісмены. З бакавых вуліц паваліў народ, збіваючыся ў кучы на вуглах.

— У чым справа, чорт вазьмі? — спытаў сусед.

Мой брат нешта адказаў яму і пачаў апранацца, падбягаючы раз за разам да акна, каб бачыць, што адбываецца на вуліцы. З-за вугла выскачылі газетчыкі з надзвычай раннімі выпускамі газет, крычучы на ўсё горла.

— Лондану пагражае ўдушэнне! Умацаванні Кінгстана і Рычманда прарваныя! Крывапралітны бой у даліне Тэмзы!

У кватэрах ніжняга паверха, ва ўсіх суседніх дамах і далей, у Парк-тэрасіс і на сотні іншых вуліц гэтай часткі Мэрылебана; у раёне Вестбэрн-парка і Сент-Панкрэса, на захадзе і на поўначы — у Кільберне, Сен-Джонс-Вудзе і Хэмпстэдзе; на ўсходзе — у Шордзічы, Хайбэры, Хагерстоне і Хокстане; на ўсім агромністым працягу Лондана, ад Ілінга да Істхема, людзі, праціраючы вочы, адчынялі вокны, выглядвалі на вуліцу, задавалі бессэнсоўныя пытанні і спехам апраналіся. Па вуліцах пранеслася першае дыханне панікі. Страх панаваў над горадам. Лондан, які спакойна заснуў у нядзелю вечарам, прачнуўся вельмі рана ў панядзелак пад пагрозай смерці.

Так як брат са свайго вакна не змог нічога выясніць, ён апусціўся ўніз і выйшаў на вуліцу. Над стрэхамі дамоў ружавела зара. Натоўп бежанцаў, якія крочылі пяшком і ехалі ў экіпажах, з кожнай хвілінай усё большаў.

— Чорны дым! — чуў ён выкрыкі. — Чорны дым!

Было ясна, што паніка ахопіць увесь горад. Пастаяўшы ў нерашучасці каля свайго пад'езда, брат паклікаў газетчыка і купіў газету. Газетчык пабег далей, прадаючы газеты на хаду па шылінгу, — гратэскнае спалучэнне карысці і панікі.

У газеце брат прачытаў сумнае данясенне галоўнакамандуючага:

«Марсіяне пускаюць вялізныя клубы чорнай ядавітай пары пры дапамозе ракетаў. Яны падавілі агонь нашай артылерыі, разбурылі Рычманд, Кінгстан і Ўімблдон і паступова набліжаюцца да Лондана, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Спыніць іх немагчыма. Ад чорнага дыму няма іншага паратунку, акрамя неадкладных уцёкаў».

І толькі. Але і гэтага было дастаткова. Усё насельніцтва вялікага шасцімільённага горада напалохалася, замітусілася, кінулася наўцёкі. Усе накіраваліся на поўнач.

— Чорны дым! — чуліся крыкі. — Агонь!

Званы суседніх цэркваў білі набат. Адзін экіпаж з прычыны няўмелага кіравання наляцеў сярод крыкаў і лаянкі на калоду для вадапою. Цьмянае жоўтае святло мільгала ў вокнах дамоў; каля некаторых кебаў яшчэ гарэлі начныя ліхтары. А ўверсе разгаралася зара, бязвоблачная, ясная, спакойная.

Брат чуў тупат ног у пакоях і на лесвіцы. Яго гаспадыня выйшла на вуліцу, спехам накінуўшы на сябе хламіду і шаль, за ёй выйшаў яе муж, мармычучы штосьці невыразнае.

Калі брат нарэшце зразумеў, што адбываецца, ён хуценька вярнуўся ў свой пакой, схапіў усе наяўныя грошы — каля дзевяці фунтаў, — паклаў у кішэню і выйшаў на вуліцу.

XV. Што здарылася ў Сэрэі

Якраз у той час, калі святар вёў са мною бессэнсоўную размову каля агароджы ў полі пад Галіфордам, а брат глядзеў на паток бежанцаў, што рухаўся па Вестмінстэрскім мосце, марсіяне зноў перайшлі ў наступ. Калі верыць блытаным распаведам, большасць марсіянаў заставалася да дзевяці гадзін вечара ў яме на Хорселскай пустцы, выконвала нейкую спешную работу, якая суправаджалася ўспышкамі зялёнага дыму.

Стала вядома, што трое марсіянаў выйшлі адтуль каля васьмі гадзін і, асцярожна прасоўваючыся праз Вайфліт і Пірфард да Рыплі і Ўэйбрыджа, нечакана паявіліся перад вартавымі батарэямі на фоне неба, асветленага заходам сонца. Марсіяне ішлі не шарэнгаю, а ланцужком, на адлегласці прыкладна паўтары мілі адзін ад аднаго. Яны перамаўляліся якімсьці дзікім рэвам, падобным на выццё сірэны, то высокае, то нізкае.

Гэта выццё і пальбу гарматаў Рыплі і Сен-Джордж-Хіла мы і чулі каля Верхняга Галіфорда. Артылерысты каля Рыплі — нявопытныя валанцёры, якіх не трэба было ставіць на гэткую пазіцыю, — далі ўсяго адзін заўчасны і безвыніковы залп і, хто верхам, хто пешшу, кінуліся ўрассыпную па апусцелым мястэчку. Марсіянін, ступаючы цераз гарматы, а то і сярод артылерыстаў і нават не карыстаючыся цеплавым промнем, апярэдзіў іх і, такім чынам, знянацку захапіў батарэі ў Пэйнс-Хіл-парку і знішчыў.

Артылерысты ў Сент-Джордж-Хіле былі больш вопытныя і храбрыя. Прыхаваныя соснамі ад бліжэйшага да іх марсіяніна, які не чакаў нападзення, яны навялі свае гарматы спакойна, як на парадзе, і, калі марсіянін быў на адлегласці каля тысячы ярдаў, далі залп.

Снарады разрываліся вакол марсіяніна. Ён ступіў некалькі крокаў, пахіснуўся і ўпаў. Усе закрычалі ад радасці, і зноў артылерысты набілі свае гарматы. Марсіянін, які рухнуў, моцна завыў; у той жа час другі бліскотны гігант, у адказ на выццё, паказаўся над дрэвамі з поўдня. Магчыма, снарад разбіў адну з ног трыножка. Другі залп быў безвыніковы, снарады пераляцелі цераз падбітага марсіяніна і ўпалі на зямлю. У той жа час два другія марсіяніны паднялі камеры цеплавога промня, накіроўваючы іх на батарэю. Снарады разарваліся, загарэліся сосны, з прыслугі, якая кінулася наўцёкі, уцалела ўсяго некалькі чалавек.

Марсіяне спыніліся і пачалі аб нечым раіцца. Разведчыкі, якія назіралі за імі, данеслі, што яны стаялі нерухома каля паўгадзіны. Падбіты марсіянін няўклюдна выпаўз з-пад свайго каўпака — невялікая бурая туша, здалёк падобная на грыбную нарасць, — і пачаў рамантаваць трыножак. А дзевятай гадзіне ён скончыў работу, і яго каўпак зноў паказаўся над лесам.

У пачатку дзесятай гадзіны да гэтых трох вартавых далучыліся яшчэ чатыры марсіяніны, узброеныя вялікімі чорнымі трубамі. Гэткія ж трубы былі ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсіянаў расцягнуліся ланцугом на роўнай адлегласці адзін ад аднаго, па крывой між Сент-Джордж-Хілам, Уэйбрыджам і Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплі.

Як толькі яны рушылі з месца, з пагоркаў узвіліся сігнальныя ракеты, папярэджваючы батарэі каля Дзітана і Эшэра. У той жа час чатыры баявыя машыны з чорнымі трубамі пераправіліся цераз раку; дзве з іх паявіліся перад мною і святаром, выразна вырысоўваючыся на фоне неба пасля заходу сонца. Мы, стомленыя і знясіленыя, імкліва ішлі па дарозе на поўнач ад Галіфорда. Нам здавалася, што яны рухаюцца па аблоках, бо малочны туман ахінуў палі і ўзнімаўся да трэці іх росту.

Убачыўшы іх, святар ускрыкнуў здушаным голасам і кінуўся бегчы. Ведаючы, што не ўцяку, я збочыў крыху і папоўз сярод мокрага ад расы цярноўніку і крапівы ў шырокую канаву ўзбоч дарогі. Святар азірнуўся, убачыў, што я раблю, і падбег да мяне.

Два марсіяніны спыніліся; першы ад нас стаяў, павярнуўшыся да Санбэры; другі маячыў сівой бясформенай масай пад вячэрняй зоркай над Стэйнсам.

Выццё марсіянаў заціхла, і кожны з іх моўчкі заняў сваё месца на агромністай падкове, якая ахоплівала ямы з цыліндрамі. Адлегласць паміж канцамі падковы была каля дванаццаці міляў. Ніводнага разу яшчэ з часоў вынаходніцтва пораху пабоішча не пачыналася сярод такой цішыні. З Рыплі было відаць тое ж, што бачылі мы: марсіяне адны ўзвышаліся ў густым змроку, асветленыя бледным месяцам, зорамі, водбліскам заходу сонца і чырванаватым зарывам над Сент-Джордж-Хілам і лясамі Пэйн-Хіла.

Але супраць наступаючых марсіянаў паўсюдна — каля Стэйнса, Хаўнслоў, Дзітана, Эшэра, Окхема, за пагоркамі і лясамі на поўдзень ад ракі і за роўнымі сакаўнымі лугамі на поўнач ад яе, прыхаваныя дрэвамі і дамамі, былі выстаўлены гарматы. Сігнальныя ракеты ўзвіваліся і рассыпаліся іскрамі ў змроку; батарэі ліхаманкава рыхтаваліся да бою. Варта было марсіянам толькі ступіць за лінію агню, як усе гэтыя нерухомыя людзі, і ўсе гэтыя пушкі, пабліскваючы ў ранішніх прыцемках, выбухнулі б навальнічнай раз'юшанасцю.

Тысячы людзей, якія прагульваліся гэтай ноччу гэтак жа як я, несумненна, ламалі галовы над тым, ці разумеюць нас марсіяне. Ці зразумелі яны, што нас мільёны і што мы арганізаваныя, дысцыплінаваныя і дзейнічаем згодна? Ці для іх нашы выстрэлы, нечаканыя выбухі снарадаў, настойлівая асада іх умацаванняў тое ж самае, што для нас нападзенне патрывожанага, разварушанага вулея? А можа, яны думаюць, што нас усіх можна знішчыць? (У той час яшчэ ніхто не ведаў, чым харчуюцца марсіяне.) Сотні такіх пытанняў непакоілі мяне, пакуль я назіраў за вартавымі марсіянамі. Разам з тым я думаў аб супраціўленні, якое сустрэне іх на шляху ў Лондан. Ці выкапаны ямы-пасткі? Ці пашанцуе завабіць іх да парахавых заводаў у Хаўнслоў? Ці хопіць у лонданцаў мужнасці ператварыць у новую полымнеючую Маскву свой агромністы горад?

Нам падалося, што мы бясконца доўга паўзлі па зямлі паўз плот, час ад часу цікуючы з-за яго; нарэшце пачуўся гул аддаленага гарматнага выстрэлу. Затым другі — крыху бліжэй — і трэці. Тады першы ад нас марсіянін высока падняў сваю трубу і выстраліў з яе, як з пушкі, аж задрыжала ад грукату зямля. Марсіянін каля Стэйнса паўтарыў тое самае. Пры гэтым пачуўся толькі гул выбуху: ні ўспышкі, ні дыму.

Гэтыя паслядоўныя выбухі настолькі мяне ўразілі, што я, забыўшыся пра небяспеку, палез на плот паглядзець, што адбываецца каля Санбэры. Зноў раздаўся выстрэл, і вялізны снарад праляцеў высока нада мною ў бок Хаўнслоў. Я хацеў убачыць ці дым, ці агонь, ці якую-небудзь іншую прымету яго разбуральнага дзеяння, але ўбачыў толькі цёмна-сіняе неба з адзінокай зоркаю і белы туман, які слаўся па зямлі. І ніводнага выбуху з таго боку, ніводнага выстрэлу ў адказ. Усё сціхла. Прайшла пакутлівая хвіліна.

— Што здарылася? — спытаў святар, стоячы побач са мною.

— Адзін бог ведае! — адказаў я.

Праляцеў і знік кажан. Здалёк данёсся і замёр шум галасоў. Я глянуў на марсіяніна; ён хутка рухаўся на ўсход паўз бераг рэчкі.

Я чакаў, што вось-вось на яго накіруюць агонь якой-небудзь прыхаванай батарэі, але начная ціша не парушалася. Фігура марсіяніна памяншалася і неўзабаве яна знікла ў тумане ў густой цемнаце. Падагрэтыя цікаўнасцю, мы ўзабраліся яшчэ вышэй. Каля Санбэры, засланяючы гарызонт, віднелася нейкая цёмная пляма накшталт свежанасыпанага канічнага пагорка. Над Уолтанам, за ракою, мы заўважылі гэткае ж узвышэнне. Гэтыя дзве плямы, падобныя на пагоркі, на нашых вачах цямнелі і распаўзаліся.

Падпарадкоўваючыся незразумеламу імпульсу, я зірнуў на поўнач і ўбачыў там трэці чорны, задымлены пагорак.

Было надзвычай ціха. Толькі далёка на паўднёвым усходзе сярод цішыні пераклікаліся марсіяне. Затым паветра зноў здрыганулася ад аддаленага выбуху іх гарматаў. Зямная артылерыя маўчала.

Мы тады не маглі зразумець, што адбываецца; пазней я даведаўся, што азначалі гэтыя злавесныя чорныя хмары, якія распаўзаліся ў цемры. Кожны марсіянін са сваёй пазіцыі на той агромністай падкове, арыентуючыся на нейкі невядомы сігнал, страляў са сваёй пушкі-трубы па пагорках, лясках, групах дамоў, па ўсім, што магло служыць схоўкай нашых гарматаў. Адны марсіяне выпусцілі па снараду, другія па два, як, напрыклад, той, якога мы бачылі. Марсіянін каля Рыплі, кажуць, выпусціў не менш чым пяць. Стукнуўшыся аб зямлю, снарады раколваліся — яны не ўзрываліся, — і тады ж над імі ўздымалася воблака шчыльнай цёмнай пары, потым воблака асядала, утвараючы вялізны чорны газавы пагорак, які паволі распаўзаўся па зямлі. Дотык гэтага газу, удых яго атрутных кольцаў заканчваліся смерцю для ўсяго жывога.

Гэты газ быў цяжкі, цяжэйшы нават за самы густы дым; пасля імклівага ўзлёту ён асядаў на зямлю і заліваў яе, быццам вадкасць, сцякаючы з пагоркаў і накіроўваючыся ў лагчыны, адхоны, у руслы рэк, падобна да таго, як сцякае вуглекіслата пры выхадзе з трэшчынаў вулкана. Пры судакрананні газу з вадой адбывалася нейкая хімічная рэакцыя, а паверхня вады ў тую ж хвіліну пакрывалася пылепадобным накіпам, які вельмі паступова асядаў. Гэты накіп не раствараўся, таму, нягледзячы на ядавітасць газу, ваду пасля выдалення з яе асадку можна было піць бясшкодна для здароўя. Гэты газ не дыфундзіраваў, як усякі іншы газ. Ён вісеў пластамі, паволі сцякаў па схілах, не рассейваўся на ветры, мала-памалу змешваўся з туманам і атмасфернай вільгаццю і асядаў на зямлю ў выглядзе пылу. Мы да гэтага часу нічога не ведаем пра састаў гэтага газу; вядома толькі, што ў яго ўваходзіў нейкі новы элемент, які даваў чатыры лініі ў блакітнай частцы спектру.

Гэты чорны газ так шчыльна прылягаў да зямлі (раней нават, чым пачыналася асяданне), што на вышыні пяці-дзесяці футаў, на стрэхах, у верхніх паверхах высокіх дамоў і на высокіх дрэвах можна было ўратавацца ад яго; гэта пацвердзілася той жа ноччу ў Стрыт-Кобхеме і Дзітане.

Чалавек, які выратаваўся ў Стрыт-Кобхеме, перадаваў дзіўныя падрабязнасці аб кольцавым патоку гэтага газу; ён глядзеў уніз з царкоўнай званіцы і бачыў, як дамы, паселішчы выступалі з чарнільнай цемнаты, быццам здані. Ён прасядзеў там паўтара дня, знясілены стомленасцю, голадам і холадам. Зямля пад блакітным небам здавалася пакрытай чорным аксамітам; дзе-нідзе ў промнях сонца выступалі чырвоныя дахі і зялёныя вершаліны дрэваў; кусты, брамы, хлявы, прыбудоўкі і сцены дамоў здаваліся пакрытымі чорным флёрам.

Так было і ў Стрыт-Кобхеме, дзе чорны газ сам па сабе асеў на зямлю. Увогуле ж марсіяне, пасля таго, як газ выконваў сваё прызначэнне, ачышчалі паветра, накіроўваючы на газ струмень пары.

Тое самае зрабілі яны і з воблакам газу непадалёк ад нас; мы назіралі гэта пры святле зорак з вакна пакінутага дома ў Верхнім Галіфордзе, куды вярнуліся. Мы бачылі, як мільгацелі пражэктары па Рычманд-Хіле і Кінгстан-Хіле. Каля адзінаццаці гадзін у вокнах задрыжалі шыбы, і мы пачулі грукат устаноўленых там цяжкіх асадных гарматаў. Каля чвэрці гадзіны з паўзамі працягвалася страляніна наўздагад па набачных пазіцыях марсіянаў каля Хэмптана і Дзітана; затым бледныя промні пражэктараў патухлі і змяніліся барвовым зарывам.

Неўзабаве ўпаў чацвёрты цыліндр — яркі зялёны метэор — у Бушы-парку, як я потым даведаўся. Яшчэ раней, чым загаварылі гарматы на пагорках каля Рычманда і Кінгстана, аднекуль з паўднёвага захаду чуваць была хаатычная кананада; магчыма, гарматы стралялі наўздагад, пакуль чорны газ не ўсмерціў артылерыстаў.

Марсіяне, дзейнічаючы метадычна, як людзі, што выкурваюць асінае гняздо, разлівалі гэты ўдушны газ па ваколіцах Лондана. Канцы падковы паволі разыходзіліся, пакуль нарэшце ланцуг марсіянаў не рушыў па прамой ад Гонвела да Кумба і Молдзена. Усю ноч рухаліся наперад смертаносныя трубы. Ніводнага разу пасля таго, як марсіянін быў збіты з трыножка каля Сент-Джордж-Хіла, не ўдалося нашай артылерыі пацэліць хоць бы ў аднаго з іх. Яны паўсюдна пускалі чорны газ, дзе толькі маглі быць прыхаваныя нашы гарматы, а там, дзе пушкі стаялі без маскіроўкі, яны карысталіся цеплавым промнем.

Апоўначы палаючыя па схілах Рычманд-парка дрэвы і зарыва над Кінгстан-Хілам асвяцілі воблака чорнага газу, якое клубілася па ўсёй даліне Тэмзы і разгортвалася да самага гарызонта. Два марсіяніны паволі расхаджвалі па гэтай мясцовасці, накіроўваючы на зямлю свісцячыя струмені пары.

Гэтай ноччу марсіяне чамусьці ашчаджалі свой цеплавы прамень, магчыма, што ў іх быў абмежаваны запас матэрыялу для яго вытворчасці, ці таму, што яны не хацелі ператварыць краіну ў пустыню, а толькі задушыць супраціўленне, якое ім аказвалася. Зразумела, гэта ім удалося. Ноч на панядзелак была апошняй ноччу арганізаванай барацьбы з марсіянамі. Пасля гэтага ніхто ўжо не адважыўся выступіць супраць іх, любое супраціўленне здавалася безнадзейным. Нават экіпажы тарпедных катэраў і мінаносцаў, якія падвяліся ўверх па Тэмзе з хуткастрэльнымі пушкамі, адмовіліся заставацца на рацэ, узбунтаваліся і пайшлі ў мора. Адзінае, на што людзі адважыліся пасля гэтай ночы, — гэта закладка мін і наладжванне лавушак, але нават і гэта рабілася не планамерна.

Можна толькі ўявіць лес батарэяў Эшэра, якія так напружана вычэквалі ў змроку. Там загінулі ўсе. Уявіце сабе чаканне насцярожаных афіцэраў, гарматную прыслугу, якая падрыхтавалася да залпу, складзеныя каля гармат снарады, абозную прыслугу каля лафетаў з коньмі, штацкіх гледачоў, жадаючых падысці як мага бліжэй, вячэрнюю цішыню, санітарныя фургоны і палаткі паходнага лазарэта з абпаленымі і раненымі з Уэйбрыджа. Затым глухі выбух выстрэлаў марсіянаў і шалёны снарад, які праляцеў над дрэвамі і дамамі і ўпаў у суседнім полі.

Можна ўявіць сабе здзіўленне і перапалох людзей, якія ўбачылі рухомыя кольцы і завіткі наступаючага чорнага воблака, што ператварала прыцемкі ў густы адчувальны змрок; незразумелы і няўлоўны вораг наганяе свае ахвяры; бягуць і падаюць коні, людзі, ахопленыя панікай; жахлівыя крыкі, кінутыя гарматы; людзі, якія курчацца на зямлі… — і шырокі чорны газавы конус. Потым ноч і смерць — і маўкліва-дымавая павалока над мерцвякамі.

На світанні чорны газ разліўся па вуліцах Рычманда. Урад не мог кіраваць народам; апошняе, што ён мог, — заклікаць насельніцтва Лондана ўцякаць.

XVI. Эвакуацыя з Лондана

Лёгка ўявіць сабе тую віратлівую хвалю страху, якая пракацілася па найвялікшым горадзе свету ў панядзелак раніцою, — ручай бежанцаў станавіўся бурным патокам, які пеніўся вакол вакзалаў, ператвараўся ў шалёны вадаварот каля суднаў на Тэмзе і рушыў усімі магчымымі шляхамі на поўнач і ўсход. Каля дзесяці гадзін паніка ахапіла паліцыю, апоўдні — чыгуначную адміністрацыю: адміністрацыйныя службы гублялі сувязь паміж сабою, губляліся ў людской плыні і знікалі на абломках сацыяльнага арганізма, які хутка распадаўся.

Усе чыгуначныя лініі на поўнач ад Тэмзы і жыхары паўднёва-ўсходняй часткі горада былі папярэджаны яшчэ апоўначы ў нядзелю, ужо ў дзве гадзіны ўсе цягнікі былі перапоўнены, людзі адчайна змагаліся за месцы ў вагонах. К тром гадзінам даўка і бойка распачаліся і на Бішопсгейт-стрыт; стралялі з рэвальвераў, пускалі ў ход нажы, а палісмены, пасланыя рэгуляваць рух, стомленыя і азвярэлыя, збівалі дубінкамі людзей, якіх яны павінны былі ахоўваць.

Неўзабаве машыністы і качагары не захацелі вяртацца ў Лондан; людскія натоўпы адхлынулі ад вакзалаў і рынуліся да шасейных дарог, якія вялі на поўнач. Апоўдні каля Борнса бачылі марсіяніна; воблака павольна асядаючага чорнага газу паўзло па Тэмзе і раўніне Ламбет, адрэзаўшы дарогу цераз масты. Другое воблака папаўзло па Ілінгу і акружыла невялічкую кучку ацалелых людзей на Касл-Хіле; яны засталіся жывыя, але выбрацца не маглі.

Пасля марнай спробы трапіць на паўночна-заходні цягнік у Чок-Фарме, калі ён, перапоўнены яшчэ на таварнай платформе, пачаў пракладваць сабе шлях праз раз'юшаны натоўп і некалькі здаравенных малайцоў ледзь стрымлівалі публіку, якая намервалася разбіць машыністу галаву аб топку, мой брат выйшаў на Чок-фарм-роўд, перайшоў дарогу, лавіруючы сярод рою імклівых экіпажаў, і, на шчасце, апынуўся адным з першых пры разгроме веласіпеднага магазіна. Пярэдняя шына веласіпеда, які ён захапіў, лопнула, калі ён выцягваў машыну праз акно, але тым не менш, толькі злёгку параніўшы кісць рукі ў сутычцы, ён сеў і паехаў. Шлях па крутым адхоне Хаверсток-Хіла быў завалены перакуленымі экіпажамі, і брат павярнуў на Белсайз-роўд.

Такім чынам ён выбраўся з ахопленага панікай горада і к сямі гадзінам дасягнуў Эджуэра, галодны і знямоглы, але затое значна апярэдзіў паток бежанцаў. Паўз дарогу стаялі мясцовыя жыхары, цікаўныя і збітыя з панталыку. Яго абагналі некалькі веласіпедыстаў, некалькі коннікаў і два аўтамабілі. За мілю ад Эджуэра лопнуў вобад кола, ехаць далей было немагчыма. Ён кінуў веласіпед каля дарогі і пяшком дабраўся да вёскі. На галоўнай вуліцы было адчынена некалькі лавак; жыхары тоўпіліся на тратуарах, стаялі каля дзвярэй і вокнаў, здзіўлена глядзелі на незвычайнае шэсце бежанцаў, якое толькі яшчэ пачыналася. Брату пашанцавала перакусіць у гасцініцы.

Ён хадзіў па Эджуэры, не ведаючы, што рабіць далей. Натоўп бежанцаў усё павялічваўся. Многія, як і брат, хацелі б застацца там. Аб марсіянах нічога новага не паведамлялася.

Дарога ўжо напоўнілася бежанцамі, але яшчэ прайсці было можна. Спачатку было больш веласіпедыстаў, затым паявіліся хуткасныя аўтамабілі, прыгожыя кебы, каляскі; пыл слупом стаяў на дарозе да самага Сент-Олбенса.

Успомніўшы, відаць, пра сваіх сяброў у Чэлмсфардзе, брат вырашыў прайсціся ціхім прасёлкам, які цягнуўся на ўсход. Калі перад ім вырас плот, брат пералез цераз яго і накіраваўся па сцежцы на паўночны ўсход. Ён прайшоў па некалькіх вёсачках, назваў якіх не ведаў. Зрэдку трапляліся бежанцы. Каля Хай-Барнета, на зарослай травой дарозе, ён сустрэўся з дзвюма жанчынамі, якія сталі яго спадарожніцамі. Ён дагнаў іх якраз своечасова, каб памагчы ім.

Пачуўшы крыкі, ён хуценька завярнуў за вугал і ўбачыў двух мужчын, якія спрабавалі высадзіць жанчын з каляскі; трэці трымаў за аброць напалоханага поні. Адна з жанчын, невялікага росту, у белай сукенцы, крычала; другая ж, стройная брунетка, біла дубцом па твары мужчыну, які схапіў яе за руку.

Брат імгненна ацаніў сітуацыю і з крыкам кінуўся на дапамогу жанчынам. Адзін з нападаючых пакінуў жанчыну і павярнуўся да яго; брат, выдатны баксёр, бачачы, што бойка непазбежная, напаў першы і адным ударам зваліў яго пад калёсы.

Тут было не да рыцарскай ветлівасці, і брат, аглушыўшы ўдарам нагі першага, схапіў за каўнер другога нападаючага, які трымаў за руку маладзейшую жанчыну. Ён пачуў тупат капытоў; дубец слізгануў па яго твары, і трэці праціўнік нанёс яму моцны ўдар у пераносіцу; той, якога ён трымаў за каўнер, вырваўся і кінуўся ўцякаць па прасёлку ў той бок, адкуль падышоў брат.

Аглушаны ўдарам, брат апынуўся сам-насам з суб'ектам, які толькі што трымаў поні; каляска аддалялася, віхляючыся то ў адзін, то ў другі бок; абедзве жанчыны, павярнуўшыся, сачылі за валтузнёй. Праціўнік, вялізны дзяціна, рыхтаваўся нанесці другі ўдар, але брат апярэдзіў яго, стукнуўшы ў сківіцу. Пасля, бачачы, што застаўся адзін, брат вывернуўся ад удару і пабег па прасёлку следам за каляскай, а за ім гнаўся праціўнік; другі, які быў уцёк, спыніўся, павярнуў назад і цяпер бег за ім зводдалеку.

Раптам брат спатыкнуўся і ўпаў; самы блізкі ад яго праціўнік спатыкнуўся аб яго і таксама ўпаў; і брат, усхапіўшыся на ногі, зноў апынуўся сам-насам з двума праціўнікамі. У яго была мала надзеі справіцца з імі, але ў гэты час стройная брунетка хуценька спыніла поні і падбегла на дапамогу. У яе, як аказалася, быў рэвальвер, але ён ляжаў пад сядзеннем, калі на іх напалі. Яна выстраліла з адлегласці ў шэсць ярдаў, ледзь не трапіўшы ў брата. Менш храбры грабежнік пусціўся ўцякаць, яго калега — за ім, праклінаючы яго баязлівасць. Абодва спыніліся непадалёку на прасёлку каля трэцяга з нападаючых, які нерухома ляжаў на зямлі.

— Вазьміце, — прамовіла стройная жанчына, перадаючы брату свой рэвальвер.

— Сядайце ў каляску, — сказаў брат, выціраючы кроў з рассечанай губы.

Яна моўчкі павярнулася, і яны разам з братам, цяжка дыхаючы, падышлі да жанчыны ў белай сукенцы; жанчына ледзь стрымлівала напалоханага поні.

Грабежнікі больш не нападалі. Азірнуўшыся, брат убачыў, што яны аддаляюцца.

— Я сяду тут, калі можна, — сказаў ён, ускарабкаўшыся на вольнае сядзенне.

Брунетка аглянулася цераз левае плячо.

— Дайце мне лейцы, — сказала яна і сцебанула поні. Праз хвіліну зніклі за павароткаю.

Такім чынам, зусім нечакана брат, задыханы, з рассечанай губою, з апухлым падбародкам і акрываўленымі пальцамі, апынуўся ў калясцы разам з дзвюма жанчынамі на незнаёмай дарозе.

Ён даведаўся, што адна з іх жонка, а другая — малодшая сястра доктара з Стэнмора, які, вяртаючыся ноччу з Піннера ад цяжка хворага, пачуў на адной з чыгуначных станцый аб набліжэнні марсіянаў. Ён паспешна адправіўся дамоў, разбудзіў жанчын — прыслуга ад'ехала ад іх за два дні перад гэтым, — упакаваў такую-сякую правізію, паклаў, на шчасце для брата майго, свой рэвальвер пад сядзенне і сказаў ім, каб яны ехалі ў Эджуэр і селі там на цягнік. Сам ён застаўся апавясціць суседзяў і абяцаў дагнаць жанчын каля паловы пятай раніцаю. Цяпер ужо каля дзевяці, а яго ўсё няма. Спыніцца ў Эджуэры яны не маглі з-за наплыву бежанцаў і, такім чынам, павярнулі на глухую дарогу.

Усё гэта яны расказалі майму брату па дарозе ў Нью-Барнет, дзе і зрабілі прыпынак. Брат абяцаў не пакідаць іх, па крайняй меры да таго часу, пакуль яны не вырашаць, як быць далей, ці пакуль іх не дагоніць доктар. Заспакойваючы жанчын, брат запэўніваў, што ён выдатны стралок, хоць у жыцці не трымаў у руках рэвальвера.

Яны атабарыліся каля дарогі, прыладкаваўшы каля дрэваў поні. Брат расказаў спадарожніцам пра свае ўцёкі з Лондана і паведаміў ім усё, што чуў пра марсіянаў і іх дзеянні. Сонца падымалася ўсё вышэй, і неўзабаве жывая гаворка змянілася марудным чаканнем. Па дарозе прайшло некалькі бежанцаў; ад іх брат даведаўся пра сякія-такія навіны, якія яшчэ больш пацвердзілі яго перакананне ў грандыёзнасці бедства і неабходнасці ўцякаць прэч. Ён сказаў пра гэта сваім спадарожніцам.

— У нас ёсць грошы, — сказала маладзейшая дама і тут жа змоўкла.

Яе вочы сустрэліся з братавымі вачыма, і яна супакоілася.

— У мяне таксама ёсць грошы, — адказаў брат.

Яна паведаміла, што ў іх ёсць трыццаць фунтаў золатам і адна пяціфунтавая крэдытка і выказала меркаванне, што яны змогуць сесці на цягнік у Сен-Олбенсе ці Нью-Барнэце. Брат лічыў, што трапіць на цягнік зусім немагчыма; ён бачыў, як натоўпы лонданцаў чынілі асады цягнікам і прапанаваў прабрацца праз Эсекс да Гарвіча, а там параходам пераправіцца на кантынент.

Місіс Элфінстон — так звалі даму ў белым — не слухала ніякіх довадаў і хацела чакаць свайго Джорджа; але яе залоўка была вельмі спакойная і разважлівая і ў рэшце рэшт пагадзілася з маім братам. Яны паехалі ў Барнет, намерваючыся перасекчы Вялікую Паўночную дарогу; брат вёў за аброць поні, каб захаваць яго сілы. Сонца падымалася, і дзень станавіўся вельмі гарачы; бялёсы пясок сляпіў вочы і так нагрэўся пад нагамі, што немагчыма было рухацца наперад. Дрэвы сталі шэрыя ад пылу. Непадалёку ад Барнета пачуўся якісьці аддалены гул.

Стала трапляцца больш народу. Бежанцы ішлі змораныя, панурыя, брудныя, неахвотна адказваючы на роспыты. Нейкі чалавек у фраку прайшоў міма іх, панурыўшы галаву. Яны чулі, як ён гаварыў сам з сабою, і, азірнуўшыся, убачылі, што адной рукою ён схапіў сябе за валасы, а другою біў уяўнага ворага. Пасля гэтага прыступу вар'яцтва ён, не азіраючыся, пайшоў далей.

Калі брат і яго спадарожніцы пад'язджалі да скрыжавання дарог з поўдня Барнета, то ўбачылі ў полі, злева ад дарогі, жанчыну з дзіцем на руках; двое дзяцей пляліся за ёю, а ззаду крочыў муж у бруднай чорнай кашулі, з тоўстай палкаю ў адной руцэ і чамаданам у другой. Потым аднекуль з-за вілаў, што аддзялялі прасёлак ад вялікай дарогі, выехала цялежка, у якую быў запрэжаны ўзмылены чорны поні; кіраваў бледны юнак у кацялку, шэрым ад пылу. На цялежцы сядзелі трое дзяўчат, з выгляду фабрычныя работніцы Іст-Энда, і двое дзяцей.

— Як праехаць на Эджуэр? — спытаў бледны разгублены фурман.

Брат адказаў, што трэба павярнуць налева, і малады чалавек, нават не падзякаваўшы, сцебануў поні.

Брат заўважыў, што будынкі перад ім і фасад тэрасы, якая прымыкала да адной з віл, што стаялі на другім баку дарогі, акутаны блакітнаватай смугой, нібы імглою. Місіс Элфінстон раптам ускрыкнула, убачыўшы над дамамі чырвоныя языкі полымя, што ўзляцелі ў ярка-сіняе неба. З хаосу гукаў сталі выдзяляцца галасы, грукат колаў, скрып павозак і дробны стук капытоў. Ярдаў за пяцьдзесят ад скрыжавання вузкая дарога крута загіналася.

— О божа мой! — ускрыкнула місіс Элфінстон. — Куды ж вы нас везяце?

Брат спыніўся.

Вялікая дарога мела выгляд скразнога шумлівага людскога патоку, які імкнуў на поўнач. Воблака белага пылу, сіяючы ў промнях сонца, падымалася над зямлёю футаў на дваццаць, ахутвала ўсё густой павалокаю і ні на хвіліну не рассейвалася: коні, пешаходы і калёсы ўсялякіх экіпажаў уздымалі ўсё новыя і новыя клубы.

— Дарогу! — чуліся крыкі. — Дайце дарогу!

Калі набліжаліся да скрыжавання, ім здавалася, быццам уязджаюць у пылаючы лес; натоўп шумеў, як полымя, а пыл быў пякучы і едкі. Наперадзе гарэла віла, паддаючы страху, і клубы чорнага дыму слаліся па дарозе.

Міма прайшлі два мужчыны. Потым якаясьці жанчына, забруджаная і заплаканая, з цяжкім пакункам. Невядома чый паляўнічы сабака, напалоханы і разгублены, зрабіў некалькі кругоў вакол каляскі і збег, калі брат цыкнуў на яго.

Наперадзе, наколькі сягала вока, уся дарога ад Лондана здавалася бурлівым патокам брудных людзей, якія штурхалі адзін аднаго і нібы каціліся паміж двума радамі вілаў. Каля павароткі дарогі з чорнага людскога месіва выступалі асобныя твары і фігуры, потым яны праносіліся міма і зноў зліваліся ў скразную масу, амаль пакрытую воблакам пылу.

— Прапусціце!.. — даносіліся крыкі. — Дарогу, дарогу!

Рукі тых, хто ішоў ззаду, упіраліся ў пярэдніх. Брат вёў за аброць поні. Падхоплены натоўпам, брат паволі, крок за крокам, прасоўваўся наперад.

У Эджуэры адчувалася хваляванне людзей, у Чок-Фарме была паніка — здавалася, што тут чыніцца перасяленне народаў. Цяжка апісаць гэтыя скопішчы. Па абочыне дарогі пляліся пешаходы, ратуючыся ад экіпажных калёсаў, сутыкаючыся, спатыкаючыся, падаючы ў канаву.

Павозкі і экіпажы цягнуліся ўшчыльную. Больш шустрыя і нецярплівыя вырываліся наперад, прымушаючы пешаходаў ціснуцца да платоў і варотаў вілаў, якія стаялі абапал дарогі.

— Хутчэй, хутчэй! — чуліся крыкі. — Дарогу! Яны ідуць!

У адной павозцы стаяў сляпы дзядуля ў мундзіры Арміі выратавання. Ён размахваў рукамі са скручанымі пальцамі і крычаў: «Вечнасць, вечнасць!» Ён ахрып, але крычаў так рэзка, што брат яшчэ доўга чуў яго пасля таго, як той схаваўся ў воблаку пылу. Многія з тых, хто ехаў у экіпажах, без толку сцёбалі коней і лаялі адзін аднаго; некаторыя сядзелі нерухома, абяздоленыя, разгубленыя; іншыя кусалі рукі ад смагі ці ляжалі ў павозках, бяссільна выпрастаўшыся. Вочы коней наліліся кроўю, лейцы былі пакрыты пенаю.

Тут было мноства кебаў, калясак, фургонаў, цялежак, паштовая карэта, павозка зборшчыка смецця з надпісам «Прыход св. Панкрація», вялікая платформа для дошак, перапоўненая абарванцамі. Кацілася фура для перавозкі піва, колы яе былі запырсканы кроўю.

— Дайце дарогу! — раздаліся крыкі. — Дарогу!

— Вечнасць, вечнасць! — даносілася, як рэха, здалёк.

Тут былі жанчыны, бледныя і сумныя, добра апранутыя, з заплаканымі і зморанымі дзецьмі; дзеці былі ўсе ў пыле, ледзь перастаўлялі ногі. З многімі жанчынамі ішлі іх мужы, то клапатлівыя, то зласлівыя і хмурыя. Тут жа пракладвалі сабе дарогу абарванцы ў выцвілых цёмных лахманах, з дзікімі вачыма; яны гучна крычалі і цынічна лаяліся. Побач з рослымі рабочымі, якія энергічна прабіраліся наперад, цясніліся нікчэмныя растрапаныя людзі, падобныя па вопратцы на клеркаў ці прыказчыкаў; брат убачыў раненага салдата, чыгуначных насільшчыкаў і якуюсьці бедную жанчыну ў паліто, накінутым паверх начной кашулі.

Але, няглядзячы на ўсю разнастайнасць, людзі ў гэтым натоўпе былі нечым падобныя. Усе былі напалоханыя, змучаныя, адчувалася, што ўсіх гоніць страх. Усякі шум наперадзе, на дарозе, спрэчка з-за месца ў павозцы прымушалі ўвесь натоўп паскараць хаду; нават людзі (настолькі напалоханыя і змучаныя, што ў іх падгіналіся калені), быццам гальванізаваныя страхам, станавіліся на імгненне больш энергічныя. Гарачыня і пыл стамілі натоўп. Скура перасохла, губы пачарнелі і патрэскаліся. Усіх мучыла смага, усе стаміліся, усе выбіліся з сілы. Паўсюль чуліся спрэчкі, папрокі, знямоглыя стогны; у большасці былі хрыплыя і слабыя галасы. Увесь натоўп пастаянна выкрыкваў, як прыпеў:

— Хутчэй, хутчэй! Марсіяне ідуць!

Некаторыя спыняліся і адыходзілі ў бок ад людскога патоку. Прасёлак, на якім стаяла каляска, выходзіў на шашу і здаваўся адгалінаваннем лонданскай дарогі. Яго запаланяў бурны прыліў, натоўп адцясняў сюды больш слабых; пастаяўшы тут і адпачыўшы, яны зноў кідаліся ў гэты ўдушлівы паток. Пасярод дарогі ляжаў чалавек з аголенай нагой, перавязанай акрываўленай анучай, і над ім схіліліся двое. Шчасліўчык, у яго знайшліся сябры.

Маленькі дзядуля, з пастрыжанымі па-ваеннаму вусамі, у брудным чорным фрэнчы, выбраўся, накульгваючы, з той даўкі, сеў на зямлю, зняў чаравік — шкарпэтка была ў крыві, вытрас дробныя каменьчыкі і зноў абуў. Дзяўчынка гадоў васьмі-дзевяці кінулася на зямлю каля плота непадалёк ад майго брата і расплакалася:

— Не магу больш ісці! Не магу!

Брат, ачнуўшыся ад здранцвення, пачаў суцяшаць дзяўчынку, падняў яе і аднёс да міс Элфінстон. Дзяўчынка напалохана прыціхла:

— Элен! — жаласліва крычала якаясьці жанчына ў натоўпе. — Элен!

Дзяўчынка раптам вырвалася з рук брата з крыкам: «Мама!»

— Яны ідуць, — сказаў чалавек, які ехаў верхам на кані па прасёлку.

— Прэч з дарогі, эй вы! — крычаў, прыпадняўшыся на драбінах, нейкі фурман. Брат убачыў закрытую карэту, якая паварочвала на прасёлак.

Пешаходы расступіліся, рассоўваючы адзін аднаго, каб не трапіць пад каня. Брат адвёў поні бліжэй да плота, карэта праехала міма і спынілася на павароце. Гэта была карэта з дышлем для пары, але запрэжаны быў толькі адзін конь.

Брат ледзь убачыў праз воблака пылу, як двое мужчын вынеслі кагосьці з карэты на белых насілках і асцярожна паклалі на траву пад прысадамі.

Адзін з іх падбег да брата.

— Ці ёсць тут дзе-небудзь вада? — спытаў ён. — Ён памірае, піць просіць… Гэта лорд Гарык.

— Лорд Гарык? — усклікнуў брат. — Каронны суддзя?

— Дзе тут вада?

— Можа, у адным з гэтых дамоў ёсць водаправод, — сказаў брат. — У нас вады няма, я баюся запыніць сваіх.

Чалавек пачаў прасоўвацца праз натоўп да варотаў вуглавога дома.

— Наперад! Наперад! — крычалі людзі, напіраючы на яго. — Яны ідуць! Не затрымлівайце!

Брат убачыў барадатага мужчыну з арліным профілем, у руцэ ён трымаў невялікі сакваяж; сакваяж раскрыўся, з яго пасыпаліся залатыя рэчы, са звонам падаючы на зямлю і коцячыся пад ногі людзей і коней. Барадаты мужчына спыніўся, тупа гледзячы на рассыпанае золата; аглобля кеба стукнула яму ў плячо; ён пахіснуўся, ледзь не трапіўшы пад кола.

— Дарогу! — крычалі яму. — Не спыняйцеся!

Як толькі кеб праехаў, барадаты мужчына кінуўся на зямлю, працягнуў руку да кучы манет і пачаў соваць іх прыгаршчамі ў кішэні. Раптам над ім уздыбіўся конь; мужчына прыўзняўся, але тут жа ўпаў пад капыты.

— Стой! — закрычаў брат і, адштурхнуўшы якуюсьці жанчыну, кінуўся наперад, каб схапіць каня за аброць.

Але перш чым брат паспеў гэта зрабіць, пачуўся крык, і скрозь клубы пылу ён убачыў, як кола праехала па спіне таго чалавека. Фурман сцебануў пугаю падбегшага брата. Гул натоўпу аглушыў яго. Няшчасны курчыўся ў пыле сярод залатых манет і не мог падняцца; кола, пераехаўшы цераз яго, пашкодзіла пазваночнік, і ніжняя частка яго цела была паралізавана. Брат спрабаваў спыніць наступны экіпаж. Нейкі чалавек верхам на вараным кані захацеў яму памагчы.

— Адцягніце яго з дарогі! — крыкнуў ён.

Брат схапіў за каўнер упаўшага і пачаў цягнуць яго ў бок, але той усё намагаўся падабраць манеты і моцна біў брата па руцэ кулаком, напоўненым золатам.

— Не спыняйцеся, праходзьце! — злосна крычалі ззаду. — Дарогу, дарогу!

Пачуўся трэск, і дышаль карэты стукнуўся аб павозку, якую спыніў мужчына на вараным кані. Брат павярнуўся, а чалавек з залатымі манетамі злаўчыўся і ўкусіў яго за руку. Вараны конь шарахнуўся, а конь з павозкай пранесся міма, ледзь не крануўшы брата капытом. Ён выпусціў упаўшага і адскочыў убок. Ён бачыў, што злосць змянілася жахам на твары скурчанага на зямлі няшчаснага; у наступны момант брата адцяснілі, ён таго чалавека ўжо не бачыў і з цяжкасцю вярнуўся на прасёлак.

Ён убачыў, што міс Элфінстон закрыла вочы рукою, а маленькі хлопчык з дзіцячай цікаўнасцю шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў на пыльную чорную кучу пад коламі хуткіх экіпажаў.

— Едзьма назад! — крыкнуў брат і пачаў паварочваць поні. — Нам не прабіцца праз гэта пекла.

Яны праехалі сто ярдаў у адваротным напрамку, пакуль ашалелы натоўп не знік за паваротам. Праязджаючы міма канавы, брат убачыў пад плотам мярцвяна-бледны, пакрыты потам, скрыўлены твар паміраючага. Абедзве жанчыны сядзелі моўчкі, іх калацілі дрыжыкі.

За паваротам брат спыніўся. Міс Элфінстон была вельмі бледная; яе невестка плакала і забылася нават пра свайго Джорджа. Брат таксама быў шакіраваны і разгублены. Крыху ад'ехаўшы ад шашы, ён зразумеў, што другога выйсця няма, як зноў паспрабаваць яе перасекчы. Ён рашуча павярнуўся да міс Элфінстон.

— Мы ўсё ж павінны там праехаць, — сказаў ён і зноў павярнуў поні.

Другі раз за гэты дзень дзяўчына пераканалася, што яшчэ мае сілы. Брат кінуўся наперад і спыніў нейкага каня, запрэжанага ў кеб, каб міс Элфінстон магла праехаць. Кеб зачапіўся колам і абламаў крыло каляскі. У наступны момант паток падхапіў іх і панёс. Брат, з чырвонымі рубцамі на твары і руках ад біча фурмана, які кіраваў кебам, ускочыў у каляску і ўзяў лейцы.

— Цэлься ў чалавека ззаду, — сказаў ён, перадаючы рэвальвер міс Элфінстон, — калі ён будзе надта напіраць… Не, цэлься лепш у яго каня.

Ён паспрабаваў праехаць правым краем і перасекчы дарогу. Але не ўдалося, давялося змяшацца з патокам і рухацца па цячэнні. Разам з натоўпам яны пакінулі Чыпінг-Барнет і ад'ехалі амаль на мілю ад цэнтра горада, перш чым ім удалося прабіцца на другі бок дарогі. Вакол быў нечуваны шум, даўка, але ў горадзе і за горадам дарога некалькі разоў разгаліноўвалася, і натоўп крыху паменшаў.

Яны накіраваліся на ўсход праз Хадлі і тут па абодвух баках дарогі ўбачылі мноства людзей, якія пілі прама з ракі і біліся з-за месца каля вады. Яшчэ далей, з пагорка паблізу Іст-Барнета, яны бачылі, як удалечыні паволі, без гудкоў, адзін за адным рухаліся побач два цягнікі; не толькі вагоны, але нават тэндары з вугалем былі аблеплены народам. Магчыма, гэтыя цягнікі запаўняліся пасажырамі яшчэ да Лондана, таму што з-за панікі пасадка на цэнтральных вакзалах была абсалютна немагчымай.

Неўзабаве яны спыніліся адпачыць: усе трое стаміліся ад перажытых хваляванняў. Яны адчувалі першыя прыступы голаду, ноч была халодная, ніхто з іх не адважыўся заснуць. У прыцемках міма іх стаянкі праходзілі бежанцы, ратуючыся ад невядомай небяспекі, — яны ішлі ў той бок, адкуль прыехаў брат.

XVII. «Грамавержац»

Калі б марсіяне хацелі толькі разбурэння, то яны маглі б тады ж, у панядзелак, знішчыць усё насельніцтва Лондана, пакуль яно ціха расцякалася па бліжэйшых графствах. Не толькі па дарозе к Барнету, але і па дарозе к Эджуэру і Ўолтхем-Эбі, і на ўсход к Саўсэнду і Шубэрынесу, на поўдзень ад Тэмзы, к Дзілю і Бродстэрсу імкнуўся такі ж дзікі натоўп. Калі б гэтай чэрвеньскай раніцай хто-небудзь, падняўшыся на паветраным шары ў асляпляльную нябесную сінь, зірнуў на Лондан зверху, то яму падалося б, што ўсе паўночныя і ўсходнія дарогі, якія разыходзяцца ад гіганцкага клубка вуліцаў, спярэшчаныя чорнымі кропкамі; кожная кропка — гэта чалавек, ахоплены смяртэльным страхам і адчаем. У канцы папярэдняга раздзела я перадаў аповед свайго брата пра дарогу цераз Чыплінг-Барнет, каб паказаць чытачам, як успрымаў паблізу гэты рой чорных кропак адзін з бежанцаў. Ні разу яшчэ за ўсю гісторыю не рухалася і не пакутавала разам такое мноства людзей. Легендарныя полчышчы готаў і гунаў, вялізныя орды азіятаў падаліся б толькі кропляю ў гэтым патоку. Гэта быў стыхійны масавы рух, панічныя, масавыя ўцёкі, усеагульныя і жахлівыя, без усялякага парадку, без пэўнай мэты; шэсць мільёнаў людзей, бяззбройных, без запасаў харчу, імкнуліся кудысьці на злом галавы. Гэта было пачаткам падзення цывілізацыі, гібелі чалавецтва.

Прама пад сабою паветраплавальнік убачыў бы сетку доўгіх шырокіх вуліцаў, дамы, цэрквы, плошчы, скрыжаванні, сады, ужо бязлюдныя, распасцёртыя, нібы вялізная карта, запэцканая ў той частцы, дзе абазначаны паўднёвыя раёны горада. Над Ілінгам, Рычмандам, Уімблдонам быццам якоесьці злавеснае пяро накапала чарнільныя кляксы. Няспынна, нястрымна кожная клякса пашыралася і расцякалася, распаўзаючыся ва ўсе бакі і хутка перавальваючыся цераз узгоркі ў які-небудзь адкрыты роў, — так расплываецца чарнільная пляма на прамакальнай паперы.

Далей, за блакітнымі ўзгоркамі, што падымаюцца на поўдзень ад ракі, расхаджвалі марсіяне ў сваёй зіхатлівай брані, спакойна і метадычна выпускаючы ў той або іншы раён ядавітае воблака газу; затым яны рассейвалі газ струменямі пары і няспешна займалі заваёваную тэрыторыю. Яны, магчыма, не імкнуліся ўсё вынішчыць, хацелі толькі выклікаць поўную дэмаралізацыю і, такім чынам, зламаць усякае супраціўленне. Яны ўзрывалі парахавыя склады, пераразалі тэлеграфныя правады і псавалі ў розных месцах чыгуначнае палатно. Яны як бы падразалі чалавецтву падкаленную жылу. Відаць, яны не спяшаліся пашырыць зону сваіх дзеянняў і ў гэты дзень не пайшлі далей цэнтра Лондана. Магчыма, што значная колькасць лонданскіх жыхароў заставалася ў сваіх дамах у панядзелак раніцою. Дакладна вядома, што многія з іх былі задушаны чорным газам.

Да палудня лонданскі Пул меў дзівоснае відовішча. Параходы і другія судны яшчэ стаялі там, і за пераезд прапаноўваліся вялікія грошы. Кажуць, што многія кідаліся ў ваду да суднаў, іх адштурхоўвалі бусакамі, і яны танулі. Каля гадзіны дня пад аркамі моста Блэкфваер паказаліся тонкія струменьчыкі чорнага газу. У той жа момант увесь Пул ператварыўся ў арэну страшэннага перапалоху, барацьбы і звалкі; мноства лодак і катэраў стоўпілася ў паўначнай арцы Моста Таўэр, і матросы і грузчыкі адчайна адбіваліся ад натоўпу, які напіраў з берага. Некаторыя нават спускаліся ўніз па апорах маставых…

Калі праз гадзіну за Вестмінстэрам паявіўся першы марсіянін і накіраваўся ўніз па рэчцы, за Лаймхаўзам плавалі толькі абломкі.

Я ўжо ўспамінаў пра пяты цыліндр. Шосты ўпаў каля Ўімблдона. Брат, ахоўваючы сваіх спадарожніц, якія спалі ў калясцы на лузе, бачыў зялёную ўспышку агню далёка за пагоркамі. У аўторак, усё яшчэ спадзеючыся выехаць морам, яны прадаўжалі прабірацца з натоўпам бежанцаў да Колчэстара. Чуткі пра тое, што марсіяне ўжо захапілі Лондан, пацвердзіліся. Іх заўважылі каля Хайгента і нават каля Нісдона. Мой брат убачыў іх толькі на наступны дзень.

Неўзабаве натоўп бежанцаў выгаладаўся, патрэбны былі харчы. Галодныя людзі не цырымоніліся з чужой маёмасцю. Фермеры вымушаны былі са зброяй у руках абараняць свае жывёльныя двары, гумны і яшчэ не сабраны з палёў ураджай. Некаторыя бежанцы, як і мой брат, павярнулі на ўсход. Былі сярод іх такія смельчакі, якія ў пошуку харчу вярталіся назад у бок Лондана. Гэта былі галоўным чынам жыхары паўночных прадмесцяў, якія ведалі пра чорны газ толькі па чутках. Гаварылі, што каля паловы членаў урада сабралася ў Бірмінгеме і што вялікая колькасць выбуховых рэчываў была падрыхтавана для закладкі аўтаматычных мін графства Мідлена.

Брат чуў таксама, што мідленская чыгуначная кампанія аднавіла, выправіла пашкоджанні, прычыненыя ў першы дзень панікі, і цягнікі зноў ідуць на поўнач ад Сент-Олбенса, каб паменшыць наплыў бежанцаў у вакольныя графствы. У Чыпінг-Онгары вісела аб'ява, што ў паўночных гарадах ёсць вялікія запасы мукі і што ў бліжэйшыя суткі хлеб будзе размеркаваны паміж галадаючымі. Але гэта паведамленне вымусіла брата памяняць свой план: яны ўвесь дзень рухаліся на ўсход і нідзе не бачылі абяцанай раздачы хлеба. Ды і ніхто гэтага не бачыў. Гэтай ноччу на Прымроз-Хіле ўпаў сёмы цыліндр. Ён упаў у час дзяжурства міс Элфінстон. Яна дзяжурыла ноччу папераменна з братам і бачыла, як цыліндр падаў.

У сераду, пасля начлегу ў пшанічным полі, трое бежанцаў дасягнулі Чэлмсфарда, дзе некалькі жыхароў, якія назваліся камітэтам грамадскага харчавання, адабралі ў іх поні і не выдалі нічога ўзамен, але паабяцалі даць долю пры раздзеле поні на другі дзень. Па чутках, марсіяне былі ўжо каля Эпінга; гаварылі, што парахавыя заводы ва Ўолтхем-Эбі разбурыліся пры няўдалай спробе ўзарваць аднаго з марсіянаў.

На царкоўных званіцах былі ўстаноўлены вартавыя пасты. Брат, на шчасце, як выяснілася пазней, вырашыў ісці пешшу да мора, не чакаючы выдачы харчовых прыпасаў, хоць усе трое былі вельмі галодныя. Апоўдні яны прайшлі цераз Цілінгхем, які здаваўся вымерлым; толькі некалькі марадзёраў мышкавалі па дамах у пошуку яды. За Цілінгхемам яны раптам убачылі мора і вялізнае скопішча ўсялякіх суднаў на рэйдзе.

Баючыся падымацца ўверх па Тэмзе, маракі накіроўваліся да берагоў Эсекса — к Гарвічу, Уолтану і Клэктану, а потым к Фаўлнесу і Шубэры, дзе забіралі на борт пасажыраў. Судны стаялі ў вялікім серпападобным заліве, берагі якога губляліся ў тумане каля Нэйза. Каля самага берага стаялі невялікія рыбацкія шхуны: англійскія, шатландскія, французскія, галандскія і шведскія; паравыя катэры з Тэмзы, яхты, маторныя лодкі; далей віднеліся больш буйныя судны — вугальшчыкі, грузавыя параходы, пасажырскія, нафтаналіўныя акіянскія параходы, стары белы транспарт, прыгожыя, шэрыя з белым, параходы, курсіруючыя паміж Саўгемптанам і Гамбургам. На працягу ўсяго берага да Блэкуотэра тоўпіліся лодкі — лодачнікі вялі гандаль з пасажырамі; і так амаль да самага Молдана.

Мілі за дзве ад берага стаяла браніраванае судна, амаль поўнасцю пагружанае ў ваду, як падалося брату. Гэта быў мінаносец «Грамавержац». Іншых ваенных суднаў паблізу не было, але ўдалечыні, управа, над спакойнай паверхняю мора — у гэты дзень быў мёртвы штыль — змяіўся чорны дымок; гэта браняносцы ламаншскай экскадры, выцягнуўшыся ў доўгую лінію супраць вусця Тэмзы, стаялі, падрыхтаваўшыся да бою, і зорка назіралі за пераможным шэсцем марсіянаў, не могучы, аднак, ім перашкодзіць.

Убачыўшы такім мора, міс Элфінстон напалохалася, хоць залоўка і старалася яе падбадзёрыць. Яна ніколі не выязджала з Англіі, яна хутчэй пагодзіцца памерці, чым выехаць на чужбіну. Бядняжка, здаецца, думала, што французы не лепшыя за марсіянаў. У час двухдзённага падарожжа яна часта нервавалася і плакала. Яна хацела вярнуцца ў Стэнмар. Магчыма, у Стэнмары спакойна іх чакае Джордж…

З цяжкасцю ўдалося яе ўгаварыць спусціцца да берага, дзе брату пашанцавала ўгаварыць некалькіх матросаў на калёсным параходзе з Тэмзы. Яны выслалі лодку і пагадзіліся на трыццаць шэсць фунтаў за траіх. Параход ішоў, паводле іх слоў, у Остэндзе.

Было ўжо каля дзвюх гадзін, калі брат і яго спадарожніцы, заплаціўшы за свае месцы, узышлі на параход. Тут можна было набыць ежу, хоць і па вельмі вялікай цане; яны вырашылі паабедаць і размясціцца на носе.

На борт ужо ступіла каля сарака чалавек; многія ўжо патрацілі свае апошнія грошы, каб атрымаць месца; але капітан стаяў каля Блэкуотэра да пяці гадзін, набіраючы новых пасажыраў, пакуль уся палуба не напоўнілася народам. Ён, магчыма, застаўся б і надалей, каб на поўдні не пачалася кананада. Як бы ў адказ з мінаносца раздаўся выстрал з невялікай пушкі і ўзвіліся сігнальныя сцяжкі. Клубы дыму вырваліся з яго труб.

Некаторыя пасажыры запэўнівалі, што страляніна даносіцца з Шубэрынеса, пакуль не стала ясна, што кананада набліжаецца. Далёка на паўднёвым усходзе ў моры паказаліся мачты трох браняносцаў, ахінутых чорным дымам. Але братаву ўвагу адцягнула аддаленая стральба гармат на поўдні. Яму падалося, што ён убачыў у тумане рухомы слуп дыму.

Параходзік закруціў калёсамі і рушыў на ўсход ад доўгай выгнутай лініі суднаў. Нізкі бераг Эсекса ўжо апрануўся блакітнаватаю дымнаю павалокаю, калі паявіўся марсіянін. Маленькі, ледзь прыкметны на такой адлегласці, ён набліжаўся глеістым берагам з боку Фаўлнеса. Напалоханы капітан пачаў гучна лаяцца, папракаючы самога сябе за затрымку, і лопасці калёсаў, здавалася, заразіліся яго спалохам. Усе пасажыры стаялі каля поручняў і глядзелі на марсіяніна, які ўзвышаўся над дрэвамі і званіцамі на беразе і рухаўся так, быццам парадыраваў чалавечую паходку.

Гэта быў першы марсіянін, убачаны братам; брат хутчэй са здзіўленнем, чым са страхам, глядзеў на гэтага тытана, які асцярожна набліжаўся да лініі суднаў і ступаў па вадзе ўсё далей і далей ад берага. Потым — далёка за Краўчам — паявіўся другі марсіянін, які крочыў па пералеску; а за ім — яшчэ далей — трэці, які быццам крочыў уброд цераз бліскотную глеістую водмель, якая, здавалася, вісела паміж Фаўлнесам і Нейзам. Нягледзячы на ўзмоцненае пыхценне машыны і на горы пены за калёсамі, параходзік вельмі паволі адыходзіў ад бачнай небяспекі.

Зірнуўшы на паўночны захад, брат заўважыў, што парадак сярод суднаў парушыўся: у паніцы яны заварочваліся, ішлі наперарэз адно аднаму; параходы давалі свісткі і выпускалі клубы пары, ветразі паспешна распускаліся, катэры сноўдалі сюды-туды. Захоплены гэтым відовішчам, брат не глядзеў па баках. Нечаканы паварот, зроблены, каб пазбегнуць сутыкнення, скінуў брата з лаўкі, на якой ён стаяў. Вакол затупалі, закрычалі «ўра», на якое аднекуль слаба адказалі тым жа. У гэты момант судна нахілілася, брата адкінула ўбок.

Ён усхапіўся і ўбачыў за бортам, усяго за якіх-небудзь сто ярдаў ад тонучага параходзіка стальное цела, быццам нарог плуга, якое разрэзала ваду на дзве агромністыя пеністыя хвалі; параходзік бездапаможна махаў лопасцямі калёсаў па паветры і даваў нахіл амаль да ватэрлініі.

Вялізны слуп на імгненне асляпіў брата. Працёршы вочы, ён убачыў, што вялізнае судна пранеслася міма і ідзе да берага. Надводная частка доўгага стальнога корпуса падымалася над вадою, а з дзвюх трубаў вырываліся іскры і клубы дыму. Гэта быў мінаносец «Грамавержац», які спяшаўся на выручку суднам, што знаходзіліся ў небяспецы.

Ухапіўшыся за поручні разгайданай палубы, брат адвёў позірк ад хуткаснага левіяфана і зірнуў на марсіянаў. Усе трое цяпер сышліся і стаялі так далёка ў моры, што іх трыножкі былі амаль цалкам пад вадою. Пагружаныя ў ваду, на такой далёкай аддлегласці яны не здаваліся ўжо страшнымі ў параўнанні са стальным гігантам, у кільватэры якога бездапаможна гойдаўся параходзік. Марсіяне як быццам са здзіўленнем разглядалі новага праціўніка. Магчыма, гэты гігант здаўся ім падобным на саміх. «Грамавержац» ішоў поўным ходам без выстралаў. Магчыма, дзякуючы гэтаму яму і ўдалося падысці так блізка да ворага. Марсіяне не ведалі, як быць з ім. Адзін снарад — і яны ў момант пусцілі б яго на дно цеплавым промнем.

«Грамавержац» ішоў такім ходам, што праз хвіліну ўжо пераадолеў палову адлегласці паміж параходам і марсіянамі, — чорная пляма, якая хутка памяншаецца на фоне нізкага берага Эсекса.

Раптам пярэдні марсіянін апусціў сваю трубу і швырнуў у мінаносец хмары чорнага газу. Быццам струмень чарніла заліў левы борт мінаносца, чорнае воблака дыму заклубілася па моры, але мінаносец праскочыў. Гледачам, якія назіралі за гэтым супраць сонца з глыбока апушчанага ў ваду параходзіка, здавалася, што мінаносец знаходзіцца ўжо сярод марсіянаў.

Затым гіганцкія іх фігуры раздзяліліся і пачалі адступаць ад берага, усё вышэй і вышэй вырастаючы над вадою. Адзін з іх падняў генератар цеплавога промня, накіроўваючы яго пад вуглом уніз; воблака пары паднялося з паверхні вады ад дотыку цеплавога промня. Ён прайшоў праз стальную браню мінаносца, як нагрэты жалезны кій праз аркуш паперы.

Раптам сярод воблака пары бліснула ўспышка, марсіянін уздрыгнуў і пахіснуўся. Праз секунду залп збіў яго, і смерч з вады і пары ўзляцеў высока ў паветра. Гарматы «Грамавержца» грымелі дружнымі залпамі. Адзін снарад, узняўшы вадзяны слуп, упаў каля параходзіка, адляцеў рыкашэтам да другіх суднаў, якія адыходзілі на поўнач, і раскрышыў рыбацкую шхуну. Але ніхто на гэта не звярнуў увагі. Убачыўшы, што марсіянін упаў, капітан на мосціку гучна крыкнуў, і натоўп пасажыраў на карме падхапіў яго крык. Раптам усе зноў закрычалі: з белага хаосу пары, узнімаючы хвалі, неслася нешта доўгае, чорнае, ахопленае полымем, з вентыляратамі і трубамі, з якіх шугаў агонь.

Мінаносец усё яшчэ змагаўся; руль, відаць, быў не пашкоджаны, і машыны працавалі. Ён ішоў прама на другога марсіяніна і знаходзіўся за сто ярдаў ад яго, калі той накіраваў на «Грамавержца» цеплавы прамень. Палуба і трубы з грукатам узляцелі ўверх сярод асляпляльнага полымя. Марсіянін пахіснуўся да выбуху, і праз секунду ахопленыя агнём абломкі судна, якія ўсё яшчэ несліся ўперад па інерцыі, ударылі па марсіяніну і падмялі яго, як папяровую ляльку. Брат міжвольна выкрыкнуў. Зноў усё знікла ў хаосе гарачай вады і пары.

— Два! — крыкнуў капітан.

Усе крычалі, увесь параходзік ад кармы да носа быў напоўнены радаснымі галасамі, падхопленымі спачатку на адным, а потым на ўсіх суднах і лодках у моры. Пара вісела над вадой некалькі хвілінаў, хаваючы бераг і трэцяга марсіяніна. Параходзік працягваў круціць калёсы, адыходзячы з месца бою. Калі пара рассеялася, яе змяніў чорны дым, навіслы хмараю, што нельга было разгледзець ні «Грамавержца», ні трэцяга марсіяніна.

Браняносцы з мора падышлі зусім блізка і спыніліся паміж берагам і параходзікам.

Невялікае судна адыходзіла ў мора; браняносцы ж сталі набліжацца да берага, які ўсё яшчэ быў закрыты дзівоснымі завіткамі пары і чорнага газу. Цэлая флатылія суднаў, ратуючыся, адыходзіла на паўночны ўсход; некалькі рыбацкіх шхунаў плавалі паміж браняносцамі і параходзікам. Не дайшоўшы да ўжо нізкага воблака пары і газу, эскадра павярнула на поўнач і знікла ў чорных прыцемках. Бераг расплываўся, губляючыся ў воблаках, якія згушчаліся вакол заходзячага сонца.

Раптам з залацістай імглы сонечнага заходу данесліся вібрыруючыя раскаты гарматаў і паказаліся нейкія цёмныя рухомыя цені. Усе кінуліся да борта, углядваючыся ў асляпляльнае ззянне вячэрняга зарыва, але нічога нельга было разабраць. Хмара дыму закрыла сонца. Параходзік, пыхкаючы, адплываў усё далей, і людзі, што былі на ім, так і не ўбачылі, чым закончыўся марскі бой. Сонца схавалася сярод шэрых хмараў; неба пачырванела, затым пацямнела; уверсе бліснула вячэрняя зорка. Было ўжо зусім цёмна, калі капітан штосьці крыкнуў і паказаў удалячынь. Брат пачаў напружана ўглядацца. Нешта ўзляцела ў неба з нетраў туманнага змроку і коса паднялося ўверх, хутка рухаючыся ў водбліску зарніцы над хмарамі на заходнім небасхіле; штосьці плоскае, шырокае, агромністае, апісваючы вялікую дугу і зніжаючыся, знікла ў таямнічых прыцемках ночы. Над зямлёю слізгануў злавесны цень.

Загрузка...