Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Тры – сьмяротнай зямлі несьмяротным князям,

Сем – царам-кавалям на падгорным троне,

Дзевяць – чалавечага племені каралям,

Адзін – Уладару Цемры ў чорнай кароне,

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,

Адзін – завабіць і ў цемры скаваць іх

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

КНІГА ПЯТАЯ

1. Мінас Тырыт


Піпін вызірнуў з свайго сховішча ў нетрах Гэндальфавага плашча. I не зразумеў, ці прачнуўся насамрэч, ці яшчэ сьпіць, агорнуты той самаю хуткаплыннай мараю, якая люляла яго гэтак доўга з пачатку вялікай скачкі. Цьмяны сусьвет мкнуў прэчкі, і вецер сьпяваў увушшу. Хобіт ня бачыў анічога, апрача зораў, што плынелі над галавою, а далёка праваруч магутныя цені паўднёвых гор падпіралі нябёсы. Сонны Піпін узгадваў, дзе ж яны праляталі й калі што прамільгнула паўзь іх, аднак успаміны ягоныя былі непрачнутыя, як ён сам, і няпэўныя.

Спачатку падарожнікі несьліся з жудаснаю хуткасьцю, безь перапынку, на сьвітанку наперадзе бліснула золатам, а тады прыехалі ў маўклівы горад зь вялізнай пустой сядзібаю на пагорку. I не пасьпелі схавацца там, як зноў над галовамі праляцеў крылаты цень, і людзі дранцьвелі ад вусьцішы. Але Гэндальф супакоіў хобіта ціхімі словамі, і той прылёг у куце, стомлены, але трывожны, заўважаючы праз паўсоньне, як заходзяць і выходзяць людзі, як размаўляюць, як Гэндальф аддае загады. А тады зноў – начная скачка. Гэта ўжо другая, не, трэцяя ноч ад той, калі зазірнуў у палантыр. Ад таго страшнага споміну абудзіўся цалкам і здрыгануўся, і шум ветру напоўніўся пагрозьлівымі галасамі.

Сьвятло ўскінулася ў нябёсах, жоўтае полымя з-за чорнай сьцяны. Піпін ажно адсунуўся, падумаўшы ў страху: у якую жудасную краіну цягне яго Гэндальф? Пацёр вочы – і тады пабачыў, што Месяц, ужо амаль поўны, караскаецца над усходнім ценем. Значыць, ноч яшчэ раньняя, і наперадзе гадзіны вандроўкі ў цемры. Варухнуўся й падаў голас.

– Дзе ж мы, Гэндальфе?

– У каралеўстве Гондар, – азваўся чараўнік. – Яшчэ мінаем зямлю Анарыёна.

Пэўны час Піпін маўчаў, а тады раптам загаласіў, учапіўшыся за Гэндальфаў плашч:

– Што гэта? Зірні! Полымя, барвовае полымя! Тут жывуць цмокі? Зірні, і яшчэ!

– Наперад, Цяняр! – замест адказу прысьпешыў каня Гэндальф. – Мусім сьпяшацца! Наш час мінае! Зірні – празоры Гондару палаюць, просяць дапамогі. Вайна прыйшла! Вунь агонь на Аман Дыне, полымя на Эйленаху й вунь пабеглі агні на захад: Нардал, Эрэлас, Мін-Рыман, Каленад і Халіфірыён на роханскім памежжы.

Але ж Цяняр запаволіў крок, а тады падняў галаву й заржаў. Зь цемры даляцела ржаньне ў адказ, і пачуўся тупат капытоў. Тры вершнікі пранесьліся побач, нібы прывіды-летуны пад месяцам, і зьніклі на захадзе. А Цяняр сарваўся ў намёт і памкнуў, і ноч мкнула паўзь яго, равучы віхурай.

Піпін зноў крыху прыснуў і амаль не зьвяртаў увагі на Гэндальфаў расповед пра звычаі Гондару й пра тое, як гаспадар места загадаў пабудаваць на вяршынях далёкіх адгор'яў уздоўж хрыбта мігакі-празоры й вартавыя пасты, а таксама даручыў заўжды трымаць пры іх сьвежых коней, каб несьці вершнікаў і загады да Рохану на Поўнач і да Бэльфаласу на Поўдзень.

– Даўно не запальвалі агнёў на Поўначы, – паведамляў Гэндальф. – А ў старажытнасьці ў тым не было й патрэбы, бо Гондар меў сем камянёў.

Піпін здрыгануўся.

– Сьпі, ня бойся, – супакоіў Гэндальф. – Бо ты ж ня ў Мордар рушыш, як Фрода, а ў Мінас Тырыт, і больш бясьпечнае месца цяпер цяжка адшукаць. Калі ня вытрымае Гондар ці калі Вораг захопіць пярсьцёнак, тады й у Шыры не схаваесься.

– Ня надта суцяшае, – вымавіў Піпін, але сон ужо авалодваў ім.

Апошнім, што запомніў перад тым, як праваліцца ў глыбокі сон, быў пробліск высокіх белых пікаў, якія зіхоткімі выспамі плылі над аблокамі, люструючы месяцовыя промні. Падзівіўся яшчэ, дзе ж цяпер Фрода: мо ў Мордары, а мо ўжо забіты, і ня ведаў, што Фрода – далёка ад яго – пазіраў на той самы месяц, які заходзіў над Гондарам, вястуючы новы дзень.


Піпін прачнуўся ад галасоў. Яшчэ дзень чаканьня ў сховішчы й ноч скачкі праляцелі міма. Ужо днела: набліжаўся халодны сьвітанак і вакол вісеў золкі шэры туман. Зь Ценяра ажно валіла пара, такі ён быў потны, але ж трымаў шыю ганарыста, не выказваў ані знаку стомы. Побач зь ім стаяла шмат высокіх людзей у доўгіх плашчах, а за імі ў тумане рысавалася каменная сьцяна. Падавалася, часткова пабураная, але, нягледзячы на змрок, чуліся гукі працы: грукалі молаты, бразгалі рыдлёўкі й рыпелі колы. Там і тут смужна сьвятлелі праз туман паходні й вогнішчы. Гэндальф размаўляў зь людзьмі, якія перагарадзілі яму шлях, і, прыслухаўшыся, Піпін уцяміў: абмяркоўваюць менавіта яго, Піпіна.

– Ну, вас мы ведаем, Мітрандыр, – казаў ачольца людзей, – дый вы ведаеце словы споклічу сямі брамаў і вольныя ехаць наперад. Але ж мы ня ведаем вашага спадарожніка. Хто ён? Гном з гор Поўначы? Мы не жадаем незнаёмцаў на нашай зямлі ў гэты час, хіба толькі яны – магутныя ваяры, чыёй вернасьці й адвазе мы давяраем.

– Я паручуся за яго перад стальцом Дэнэтара, – адказваў Гэндальф. – А што тычыцца адвагі, дык не мяркуйце пра яе з памераў. Ён прайшоў праз больш бітваў і небясьпек, чым ты, Інгальд, хоць ты й удвая даўжэйшы за яго. Ён вяртаецца з штурму Ізенградку, пра які мы нясем весткі, і агорнуты вялікаю стомаю, а тое я пабудзіў бы яго. Клічуць яго Перыгрын, і ён – найадважнейшы зь людзей.

– Зь людзей? – засумняваўся Інгальд, і астатнія засьмяяліся.

– Годзе, зь людзей! – выгукнуў Піпін, цяпер сапраўды абуджаны ды ўзбуджаны. – Зь якіх людзей? Не, не зь людзей я, а з хобітаў, і адвагі ў мяне ня болей, чым прыналежнасьці да племя даўгалыгіх, хіба так, давялося зрабіць тое-сёе, як была патрэба. Няхай Гэндальф ня кажа лішняга!

– Многія, што зьдзейсьнілі вялікія ўчынкі, пра сябе болей ня скажуць, – зазначыў Інгальд. – Але што такое хобіт?

– Паўросьлік, – адказаў Гэндальф і, убачыўшы выраз на тварах людзей, дадаў: – Ня той, пра якога казалася ў прароцтве, але зь ягонай радзіны.

– Але. I той, хто вандраваў побач зь ім, – дадаў Піпін. – Барамір з вашага гораду йшоў побач з намі й выратаваў мяне ў сьнягох Поўначы, і пасьля быў забіты, абараняючы мяне ад мноства ворагаў.

– Цішэй! – засьцярог Гэндальф. – Весткі пра страту сына першым мусіць атрымаць бацька!

– Пра тое ўжо здагадаліся, – паведаміў Інгальд, – бо апошнім часам зьявіліся дзівосныя азнакі й ліхія прыкметы. Тады скачыце, гаспадар Мінас Тырыту прагне бачыць любога, хто прынясе яму навіны пра ягонага сына, любога чалавека альбо...

– Альбо хобіта, – дадаў Піпін. – Малая карысьць вашаму гаспадару ад мяне, але што магу – зраблю, у гонар і памяць Бараміра Адважнага.

– Добрага шляху вам! – пажадаў Інгальд, і людзі расступіліся, адкрываючы праход да вузкай брамы ў сьцяне. – Няхай вашыя зьвесткі й рада Мітрандыра прыдадуцца Дэнэтару й усім нам у гадзіну патрэбы! Але ж кажуць, што ўлюбёныя вашыя навіны – пра гора й бяду.

– Таму што зьяўляюся я зрэдку – толькі тады, калі патрэбная мая дапамога. Што ж тычыцца рады, вось яна: вы спазьніліся з рамонтам сьцяны Пеленару. Мужнасьць – вашая найлепшая абарона ад навалы, што неўзабаве абрынецца. Мужнасьць і надзея, якую я нясу вам. Бо ня ўсе мае навіны – ліхія. Аднак лепей кідайце рыдлёўкі й вастрыце мечы!

– Ды мы да вечару скончым працу, – паведаміў Інгальд. – Гэта апошняя частка сьцяны, якую рамантуем, бо адсюль у апошнюю чаргу можна чакаць нападу: тут сьцяна паглядае ў бок Рохану, дзе нашыя сябры. Ці ведаеце вы што пра іх? Як па-вашаму, адгукнуцца яны на заклік?

– Але, яны прыйдуць. Але ж яны ўжо мелі шмат бітваў за вашымі сьпінамі. I гэты шлях, дый любы шлях цяпер, болей не вядзе да бясьпекі й спакою. Трымайце варту! Калі б ня Гэндальф Груган, вы пабачылі б з Анарыёну варожае войска, а ня вершнікаў Рохану. А мо яшчэ й пабачыце. Бывайце, удачы, і трымайце варту!


Гэндальф скакаў цяпер па шырокай роўнядзі за Рамас Экорам – так людзі Гондару звалі вонкавы мур, пабудаваны вялікімі намаганьнямі пасьля таго, як на Ітыльён лёг варожы цень. На шэсьць міляў1 ці нават болей цягнуўся ён ад аднаго адгор'я да другога, агароджваючы поле Пеленару, файную ўрадлівую зямлю, палі й лугі на доўгіх схілах і тэрасах, што павольна зьніжаліся да ўзроўню Андуйну. Сьцяна аддалялася ад Вялікай брамы гораду сама больш на дзьве з паловай мілі й там стаяла на высокім адхоне над шырокімі прырэчнымі панізьзямі. Тут яна была й мацнейшая, бо гасьцінец ад бродаў ды мастоў Азгіліяту да ўмацаванай брамы вёў па абароненым сьценамі праходзе між высокімі вежамі. Бліжэй за ўсё сьцяна падыходзіла да гораду на паўднёвым усходзе – на палову мілі. Там Андуйн, агінаючы пагоркі Эмін Арнен у паўднёвым Ітыльёне, рэзка збочваў на захад, і вонкавы мур стаяў на самым беразе, а пад мурам ляжалі завані й прыпаромкі Харлянду – для караблёў і чоўнаў, якія падымаліся па рацэ ад паўднёвых валоданьняў Гондару.

Агароджаныя ваколіцы места былі багатыя, абараныя, засаджаныя садамі, з шматлікімі сядзібамі, пунямі, сьвірнамі, загонамі для быдла й іншымі гаспадарчымі пабудовамі, і цяклі праз гэтыя землі шматлікія струменьчыкі й крыніцы, імкнучы з высакагор'яў уніз да Андуйну. Аднак пастухоў ды працаўнікоў жыло на Пеленары няшмат, большасьць гондарцаў асталяваліся ў горадзе, у сямі колах Мінас Тырыту, ці ў высокіх далінах памежных гор, у Ласарнаху альбо далей на поўдні, у сьветлых Пажыцьцях, краі пяці хуткіх струменяў. Там, паміж морам і гарамі, жытлаваў дужы народ. Тамтэйшыя лічыліся гондарцамі, але мелі зьмяшаную кроў; сярод тых, чые продкі паходзілі ад забытых плямёнаў, што гібелі пад ценем гор у Чорныя гады да прыходу Каралёў з-за мора, трапляліся каржакаватыя й смуглявыя. А далей, у вялікім княстве Бэльфалас, дзе блізу мора ў замку Дол Амрат гаспадарыў князь Імрахіль, народ быў сапраўднай шляхетнай крыві – высокія ганарлівыя людзі з вачыма шэрымі, як мора.

Колькі часу падарожнікі скакалі. У нябёсах распальваўся сьвітанак. Піпін прачнуўся й агледзеўся наўкол. Леваруч разьлілося мора туману, уздымаючыся да бледнага ценю на ўсходзе, а праваруч рэзка й магутна рысаваліся неабсяжныя горы, строма й раптоўна замыкаючы захад, нібы калісьці, падчас стварэньня гэтай зямлі, рака прарвалася праз волатаўскую агароджу, выкраіўшы сабе прастору даліны, каб тая зноў і зноў рабілася месцам спрэчак і бітваў уладарных. А там, дзе сканчаліся Белыя горы Эрэд Німрайс, Піпін пабачыў, як і абяцаў Гэндальф, цьмяную груду гары Міндолуйн, змрочна-пунсовыя цені ейных высокіх цясьнінаў і недасягальную вяршыню, белую ў промнях маладога сонца. На прасунутым наперад адгор'і ляжаў Ахаваны горад зь сямю такімі моцнымі й старажытнымі мурамі, што падаваліся яны не пабудаванымі, а вычасанымі рукамі магутаў з самых костак зямлі.

I проста пад зачараваным позіркам Піпіна сьцены з злавесна-шэрых зрабіліся белымі, бліснуўшы лёгка ў сьвятле золку, і вось раптоўна сонца выкараскалася з усходняга ценю, і кінула наперад струмень праменьня, і асьвятліла горад. Тады Піпін выгукнуў, бо вежа Эктэльёна, што стаяла высока над верхнім мурам, зазьзяла ў нябёсах, нібы складзеная з пэрлаў і срэбра, і шпіль яе зазіхацеў полымем крышталю. Белыя сьцягі й харугвы затрапяталі на сьценах на ранішнім павятроўі, і хобіт здалёк расчуў высокі й чысты кліч срэбных горнаў.


Гэтак Гэндальф зь Піпінам на сьвітанку пад'ехалі да Вялікай брамы людзей Гондару, і яе жалезныя дзьверы адчыніліся перад імі.

– Мітрандыр! Мітрандыр! – загукалі людзі. – Цяпер мы ведаем: насамрэч набліжаецца бура!

– Яна ўжо тут, – абвесьціў Гэндальф. – Я прыляцеў на ейных крылах. Прапусьціце мяне! Я маю пабачыць вашага гаспадара Дэнэтара, пакуль яшчэ трывае ягонае намесьніцтва. Што ні напаткала б вас, той Гондар, які вы ведалі, мінае. Дазвольце мне праехаць!

Тады людзі адсунуліся, падпарадкаваўшыся ягонаму загаднаму голасу, і болей не распытвалі, хоць і тарашчыліся ў зьдзіве на хобіта, што сядзеў перад чараўніком, і на Гэндальфавага каня. Бо гараджане рэдка карысталіся коньмі й нячаста бачылі іх на вулках, хіба тых, на якіх скакалі ганцы гаспадара. I месьцічы казалі:

– Няйначай гэта адзін зь вялікіх коней роханскага караля. Вераемна, неўзабаве зьявяцца й рахірымы на падмацаваньне нам.

Цяняр жа ганарыста й упарта крочыў угару па доўгіх зьвілістых вуліцах.

Мінас Тырыт быў пабудаваны на сямі ярусах, урэзаных у схіл гары, і кожны ярус аддзяляла сьцяна з сваёю брамаю. Але брамы тыя былі не на адной прамой. Вялікая брама пазірала на ўсход, наступная – на чвэрць кола на поўдзень, трэцяя – на паўкола на поўнач, і гэтак далей; і таму брукаванка ўгару, да Цытадэлі, вілася й вілася па схіле гары і штораз, калі мінала адлегласьць ад Вялікай брамы да Цытадэлі, праходзіла скрозь тунэль у вялізнай скале, чый высачэзны гмах падзяляў надвое ўсе ярусы гораду, апрача першага. Часткова дзякуючы гульні прыроды, якая вычэсвала горы, часткова – майстэрству й вялікай працы людзей даўніны скала ўздымалася ззаду шырокай плошчы за брамаю, як каменная вежа, магутны, востры нос карабля, што рушыць на ўсход. Да самага верху мкнула скала, да сёмага ярусу, і там яе вянчала Цытадэль. Так што яе абаронцы, як маракі на горным караблі, пазіралі ад ягонага штэўня проста ўніз, на браму за сем сотняў ступнёў пад нагамі. Уваход у Цытадэль таксама глядзеў на ўсход, але праходзіў па вычасаным у самым сэрцы скалы, асьветленым ліхтарамі доўгім тунэлі, што павольна ўздымаўся да сёмай брамы. За ёю прышламу адкрывалася нарэшце Вышняя плошча, плошча Вадаграю ля ўзножжа Белай вежы, высокай і гонкай, паўсотня сажняў ад нізу да канчара шпілю, дзе плынеў над прырэчнай роўнядзьдзю сьцяг намесьнікаў даўжынёю тысяча ступнёў.

Моцная была Цытадэль, недаступная ні для якога войска, калі толькі быў у яе мурах хто здольны трымаць зброю. Хіба вораг наблізіўся б ззаду, ускараскаўся б па схілах Міндолуйну ды прайшоў бы вузкім перашыйкам, што зьвязваў Вартавы адгорак з асноўнаю гарою. Але той перашыек, адгароджаны магутнымі сьценамі, сягаў узроўню толькі пятага ярусу й утыкаўся ў навіслую скалу. На перашыйку стаялі магільні, высіліся купалы маўзалеяў згінулых каралёў і гаспадароў гораду, маўклівыя вартавыя паміж горамі й вежай.


Піпін пазіраў з усё большым зьдзіўленьнем на вялізманы мураваны горад, цудоўнейшы за ўсё, што бачыў да таго, мацнейшы й вялікшы ад Ізенградку й нашмат прыгажэйшы. Аднак насамрэч горад год за годам пусьцеў, занепадаў паціху, і ўжо не было ў ім і паловы насельнікаў, што маглі б жыць тут, не замінаючы адно аднаму. На кожнай вуліцы міналі сядзібы й вялікія дамы, на дзьвярох ці арачных брамах якіх было выбіта шмат прыгожых літараў, вычварных і старажытных з выгляду. Піпін меркаваў: імёнаў вялікіх людзей і родаў, што жылі там калісьці, але тыя маёнткі й сядзібы стаялі маўклівыя, і крокі не адбіваліся на іхніх шырокіх брукаваных дварах, і галасы не напаўнялі іхнія залі, і нічые твары не вызіралі з-за дзьвярэй ці вокнаў.

Нарэшце выехалі зь ценю да сёмай брамы, і цёплае сонца, што сагравала й Фрода на лугох Ітыльёну, асьвятліла гладкія сьцены, і дужыя, укаранёныя ў гару калёны, і вялікую арку з нарожным каменем, вычасаным у падабенства ўкаранаванай ганарлівай галавы. Гэндальф сьпешыўся, бо коней не пускалі ў Цытадэль, і Цяняр на слова свайго гаспадара дазволіў чужым зьвесьці сябе прэч.

Вартавыя ў браме былі апранутыя ў чорнае, а шаломы іхнія мелі дзівосную форму – высокія, з доўгімі нашчочнікамі, шчыльна прылеглыя да твару, а над нашчочнікамі срэбна зіхацелі белыя крылы кірляў, насамрэч срэбныя, з сапраўднага міфрылю, – спадчынны скарб славы мінулых дзён. На чорнай апратцы вышытае Белае Дрэва сьнежна квітнела пад срэбнай каронаю й мноствам шматпраменных зор. Такое адзеньне нашчадкаў Элендыля ніхто цяпер не насіў у Гондары, апрача Варты Цытадэлі перад плошчай Вадаграю, дзе калісьці расло Белае Дрэва.


Падавалася, вестка пра прыбыцьцё падарожнікаў абагнала іх, і прапусьцілі іх адразу, маўкліва й бяз роспытаў. Гэндальф спрытна крочыў праз брукаваны белымі плітамі пляц. Вясёлы вадаграй струменіў зіхоткія кроплі ранішняга сонца, вакол стаўка ляжаў смарагдавы лужок. Над фантанам схілілася мёртвае дрэва, кроплі сумна й ціха падалі зь ягоных голых, паламаных галінаў назад, у чыстую ваду.

Піпін азірнуўся, сьпяшаючыся за Гэндальфам, і падзівіўся: гэтакая журба – чаму пакінулі мёртвае дрэва там, дзе за ўсім астатнім добра даглядаюць?

Зораў сем і сем камянёў

Ды парастак Дрэва дрэў.

Словы, што мармытаў калісьці пад нос Гэндальф, раптам згадаліся яму. Але ён ужо апынуўся перад брамаю шырокай залі пад бліскучай вежаю, і ўвасьлед за чараўніком мінуў высокіх, маўклівых вартавых, і крочыў у прахалодныя, гулкія цені каменнага палацу.

Пачалі спускацца па доўгім пустым калідоры, і, пакуль ішлі, Гэндальф казаў напаўголасу Піпіну:

– Асьцярожней з словамі, спадару Перыгрыне! Тут ня месца для легкадумнага хобіцкага нахабства. Тэядэн – добры стары. Дэнэтар – іншай пароды, ганарысты, мудры, чалавек нашмат большай высакароднасьці й улады, хоць і не завецца каралём. Пераважна зьвяртацца ён будзе менавіта да цябе, шмат распытваць, бо толькі ты здольны распавесьці яму пра сына Бараміра. Ён надта любіў яго, можа занадта, і мо асабліва таму, што былі яны дужа розныя. Але ж ён палічыць, што пад маскаю бацькоўскага клопату лягчэй вызнаць жаданае ад цябе, а не ад мяне. Кажы яму ня болей за тое, што ён спытае, і ня згадвай Фродаву мэту. З гэтым я сам разьбяруся й паведамлю, калі надыдзе час. Дый пра Арагорна не кажы анічога, хіба што цябе спытаюць наўпрост.

– Чаму не? Што ня так з Швэндалам? – спытаў Піпін шэптам. – Ён жа хацеў сюды зьявіцца, ці ня так? Дый у любым выпадку, ён прыйдзе неўзабаве.

– Магчыма, магчыма, – вымавіў Гэндальф. – Хоць, калі ён і зьявіцца, тое будзе ў нечаканай для ўсіх манеры, нават для Дэнэтара. I лепей, каб сталася так. Ва ўсялякім выпадку мы пра ягоны прыход прамаўчым.

Гэндальф прыпыніўся перад высокімі дзьвярыма зь сьлігтаванага мэталу.

– Бач, спадару Піпіне, цяпер няма часу навучаць цябе гісторыі Гондару, хоць было б лепей, калі б ты пацікавіўся ёй, заміж як лазіць па птушыныя гнёзды ды бадзяцца па шырскіх гаёх. Рабі, як я сказаў! Наўрад ці мудра прыносіць магутнаму ўладару весткі пра сьмерць спадчыньніка й адначасна пра прыбыцьцё таго, хто хоча абвесьціць сябе каралём. Ці досыць такога тлумачэньня?

– Каралём? – выдыхнуў Піпін уражаны.

– Але, – пацьвердзіў Гэндальф. – I калі ты ўвесь апошні час хадзіў глухі й сонны на глузды, абудзіся хоць бы цяпер!

I чараўнік пагрукаў у дзьверы.


Дзьверы адчыніліся, але не было відаць, хто адчыніў іх. За імі адкрылася шырокая заля, асьветленая з абодвух бакоў глыбока ўрэзанымі ў шырокія нефы вокнамі паміж шэрагамі калёнаў, што падтрымлівалі высачэзную столю. Калёны, вычасаныя з маналітных блёкаў чорнага мармуру, ля столі пераходзілі ў вялізныя агалоўкі з выявамі дзівосных зьвярыных постацяў ды лісьця, а ў далёкай вышыні купал столі блішчэў зь ценю цьмяным золатам, сьпярэшчаным вязьзю шматколерных малюнкаў ды каменных карункаў. Ані завесаў тут не было, ані павуціньня, ані габэленаў з дыванамі й нічога драўлянага – толькі стаялі ў доўгай суворай залі паміж калёнаў маўклівыя постаці высокіх людзей, вычасаныя з халоднага каменю.

Раптам Піпін узгадаў скалы Арганатаў, і яго ахапіла пашанотнае трымценьне перад шэрагам даўно згінулых каралёў. У далёкім канцы залі на ўзвышшы, да якога вяло мноства прыступак, стаяў высокі сталец пад мармуровым навесам у выглядзе шалома з каронаю, а за стальцом было вычасанае ў сьцяне, выкладзенае каштоўнымі камянямі дрэва ў квецені. Але ж сталец быў пусты. Ля самага нізу лесьвіцы на ўзвышшы, на першай шырокай прыступцы, стаяла каменнае крэсла, чорнае, без аніякіх упрыгожваньняў, і на ім сядзеў стары, пазіраючы на свае калені. У руцэ ён трымаў белае жазло з залатым канчаром. Позірку стары не падняў. Маўкліва й урачыста госьці ішлі да яго паўз доўгую залю й паўсталі за тры крокі ад крэсла. Тады Гэндальф загаварыў.

– Вітаю яснавяльможнага пана, гаспадара і намесьніка Мінас Тырыту, Дэнэтара, сына Эктэльёна! Я зьявіўся з парадамі й весткамі ў гэтую змрочную гадзіну.

Тады стары падняў галаву, і Піпін пабачыў ягоны твар: рэзкі, бы вычасаны з каменю, ганарысты, з скураю колеру слановае косткі, з доўгім, з гарбінкаю носам між глыбокіх цёмных вачэй. Ён нагадваў ня так Бараміра, як Арагорна.

– Насамрэч, змрочныя гэтыя дні, – вымавіў стары. – Гэткімі часінамі й любіш наведвацца ты, Мітрандыр. Але хоць усе азнакі прарочаць Гондару ноч, яна не чарнейшая за тую, што агарнула мяне. Мне сказалі, што ты прывёў да мяне сьведку сьмерці майго сына. Гэта ён?

– Ён, – пацьвердзіў Гэндальф. – Адзін з двух. Другі цяпер з Тэядэнам Роханскім і, магчыма, зьявіцца пазьней. Як бачыце, ён – паўросьлік, хоць ня той, пра якога казалася ў прароцтве.

– Але ж усё адно паўросьлік, – вымавіў Дэнэтар пахмура, – і мне не даспадобы гэтае імя – з таго часу, калі гэтыя клятыя словы ўстурбавалі наш спакой і розум і зьвялі майго сына ў вар'яцкую вандроўку насустрач сьмерці. О, мой Барамір! Як жа нам не стае цябе! Фарамір мусіў рушыць замест яго.

– Ён і выправіўся б, – заўважыў Гэндальф. – Ня будзьце несправядлівымі ў сваім горы! Барамір сам пажадаў таго й анікому ня даў бы заняць ягонае месца. Ён быў чалавек магутнай волі й гонару й заўжды браў сілаю, чаго хацеў. Я доўга вандраваў побач зь ім і ведаю ягонае сэрца. Але ж вы казалі пра ягоную сьмерць? Зьвесткі пра яе абагналі нас?

– Вас абагнала вось што, – Дэнэтар адклаў жазло й падняў з каленяў рэч, на якую глядзеў раней. I цяпер трымаў у кожнай руцэ па палове вялікага рога, расьсечанага надвое, – акаванага срэбрам рога дзікага тура.

– Гэта ж рог, які заўжды насіў Барамір! – выгукнуў Піпін.

– Так, – вымавіў Дэнэтар цяжка. – Калісьці й я насіў яго, і да мяне – кожны найстарэйшы сын у маім родзе з самых далёкіх, забытых гадоў да зьнікненьня караля, з таго часу, як Варондыль, бацька Мардыля, паляваў тураў шалёнай пароды аро ў далёкіх палёх Руну. Я пачуў далёкі голас рога трынаццаць дзён таму. Ён данёсься з паўночных межаў, а тады рака прынесла рог да мяне, расьсечаны. Болей ён не азавецца.

Намесьнік змоўк, і павісла цяжкая цішыня. Раптоўна ён павярнуў свой чорны позірк да Піпіна.

– Што ты скажаш пра тое, паўросьлік?

– Трынаццаць дзён, трынаццаць дзён, – замармытаў хобіт. – Так, мяркую, менавіта так. Так, я стаяў побач зь ім, калі ён затрубіў у рог. Але дапамога не прыйшла. Толькі болей оркаў.

– Так, – вымавіў Дэнэтар, пранізьліва гледзячы проста ў Піпінавы вочы, – ты там быў? Кажы болей! Чаму не прыйшла дапамога? I чаму пазьбег сьмерці ты, калі ён напаткаў яе, такі магутны ваяр, і калі толькі оркі супрацьстаялі яму?

Піпін пачырванеў, забыўшыся на страх.

– Наймагутнейшага зь людзей можна забіць адзінаю стралою, а Бараміра працяла мноства, – сказаў ён. – Калі я ў апошні раз яго бачыў, ён прываліўся да дрэва й выцягваў з боку чарнапёрую стралу. Тады я страціў прытомнасьць і быў паланёны. Болей я ня бачыў і ня ведаю. Я шаную ўспаміны пра яго, бо адвага ягоная была незвычайная. Ён загінуў, каб выратаваць нас, майго родзіча Мэрыядока й мяне, калі ў лясох на нас напалі паслужнікі Чорнага Уладара, і хоць ён загінуў, ня выратаваўшы нас, мая ўдзячнасьць ад таго ня меншая.

Тады Піпін зірнуў у вочы старому й гонар дзівосна варухнуўся ў ім, абуджаны кпінай і падозраньнем у халодным голасе намесьніка.

– Невялікая карысьць, безумоўна, уладару людзей гэткай велічы й моцы ад службы простага хобіта, паўросьліка з далёкага Шыру. Аднак якою ні падалася б яна вашамосьці, я гатовы аддаць жыцьцё й сілы, каб сплаціць маю віну!

Адсунуўшы крысо плашча, Піпін выцягнуў маленькі меч дый паклаў да Дэнэтаравых ног.

Кволая ўсьмешка, нібы пробліск халоднага сонца зімовым сутоньнем, мільгнула на твары старога. Але ж ён узьняў галаву й адклаў кавалкі рога.

– Дай мне зброю! – загадаў ён.

Піпін падняў корд і працягнуў цаўём наперад да Дэнэтара.

– Адкуль гэта? – спытаў Дэнэтар. – Шмат, шмат гадоў ляжыць на гэтым мечы. Безумоўна, клінок скаваны нашай паўночнай радзінаю ў далёкай мінуўшчыне?

– Меч з курганоў, памежнага краю маёю радзімы, вашамосьць. Але цяпер толькі лютыя прывідныя пачвары жывуць там, і я не хацеў бы болей распавядаць пра іх.

– Бачу, дзівосныя дзеі твае й табе ёсьць, пра што распавесьці, – зазначыў Дэнэтар. – Яшчэ раз спраўджваецца: не вымярай чалавека – альбо паўросьліка – на вока. Я прымаю тваю службу. Бо цябе не застрашыць і ня зьбіць з панталыку словамі, і мова твая шляхетная, хоць і дзіўнавата гучыць для нас, жыхароў Поўдня. А нам яшчэ спатрэбіцца шляхетнасьць – малых ці вялікіх. Дык пакляніся ж мне!

– Вазьмі за цаўё, – падказаў Гэндальф, – дый паўтарай за ўладаром, калі ўжо пастанавіў цьвёрда.

– Я пастанавіў, – сьцьвердзіў Піпін.

Стары паклаў корд сабе на калені, а Піпін узяў рукою за тронкі дый паўтарыў павольна за Дэнэтарам:

– Клянуся верна служыць Гондару, гаспадару й намесьніку каралеўства, і на ягонае слова маўчаць ці прамаўляць, дзейнічаць ці спачываць, заставацца ці сыходзіць, у гадзіну стратаў і ў гадзіну прыбытку, падчас міру ці вайны, у жыцьці маім і сьмерці, з гэтага самага часу й датуль, пакуль мой гаспадар ня скончыць маю службу альбо сьмерць не забярэ мяне, да скону сьвету. У тым слова маё, Пэрыгрына, сына Паладына, паўросьліка з Шыру.

– Я чую твае словы, я, Дэнэтар, сын Эктэльёна, уладар Гондару, намесьнік вышняга караля, і я не забудуся на іх, і не забудуся ўзнагародзіць за дадзенае мне: за вернасьць – любоўю, за адвагу – пашанай, за парушэньне клятвы – помстаю.

Тады Піпін атрымаў назад свой меч і сунуў яго ў похвы.

– А зараз, – вымавіў Дэнэтар, – пачуй мой першы загад: распавядзі, нічога не замоўчваючы! Распавядзі ўсё, згадай усё, што трымаецца ў тваёй памяці пра майго сына Бараміра. Сядай і пачынай!

Сказаў, бразнуў у маленькі срэбны гонг, што стаяў ля крэсла, і адразу зьявіліся слугі. Піпін заўважыў, што яны стаялі ў закутах паабапал дзьвярэй, нябачныя для наведнікаў.

– Прынясеце віна й ежы для гасьцей, – загадаў Дэнэтар, – і прасачыце, каб гадзіну ніхто не турбаваў нас.

– Гэта ўсё, што я магу дазволіць, бо многае яшчэ перад мною, – патлумачыў ён Гэндальфу. – Мажліва, істотнейшае, але не такое тэрміновае для мяне, як вашыя зьвесткі. Вераемна таксама, што мы перамовім зноў напрыканцы дня.

– I спадзяюся, чым раней, тым лепей, – сказаў Гэндальф. – Бо я ня дзеля таго імчаў сюды, бы вецер, сотню міляў ад Ізенградку, каб прывезьці табе аднаго ваяку, якім шляхетным ён ні быў бы. Ці для вас няйстотна, што Тэядэн перамог у вялікай бітве, што Ізенградак пераможаны й што я зламаў кій Сарумана?

– Для мяне гэта істотна. Але я ўжо досыць ведаю пра падзеі, каб улічыць іх у маім супрацьстаяньні з усходняй пагрозаю.

Ён павярнуў чорны позірк да Гэндальфа, і цяпер Піпін заўважыў падабенства двух магутных старых – і напружанасьць паміж імі, нават уявілася між імі паласа прытлелага агню, гатовая нечакана ўспалымнуць дзікім вогнішчам.

Дэнэтар насамрэч выглядаў болей падобным да вялікага мудраца, чым Гэндальф, болей меў каралеўскасьці, велічнай прыгажосьці, відавочнай моцы. I падаваўся старэйшым. Аднак пачуцьцём, адрозным ад зроку, Піпін успрымаў: не, Гэндальфава моц нашмат большая, а мудрасьць глыбейшая, і веліч ягоная – прыхаваная. I Гэндальф старэйшы, нашмат старэйшы.

"Наколькі ж старэйшы?" – падзівіўся Піпін, сьцяміўшы, што раней думкі пра Гэндальфаў век у галаву не прыходзілі. Дрэвабарод казаў штось пра чараўнікоў, але нават і тады Гэндальф сярод іх не ўсьведамляўся. Дык хто ж такі Гэндальф? У якім далёкім часе й месцы зьявіўся ён у гэты сьвет і калі яго пакіне? Тады хобітавыя думкі парушыліся, бо ён ізноў зірнуў на Дэнэтара з Гэндальфам, якія сьвідравалі адзін аднога вачыма, быццам намагаючыся прачытаць думкі. Але Дэнэтар адвёў позірк першы.

– Так, – сказаў ён, – хоць, кажуць, палантыры згубіліся, аднак гаспадары Гондару дагэтуль маюць зрок, вастрэйшы за зрок меншых людзей, і шмат вестак заўважаюць яны. Але ж сядайце!


Тады слугі прынесьлі крэсла й зэдлік, а адзін зь іх – паднос з срэбнай бутэлькай, куфлямі й белымі хлябцамі. Піпін прысеў, але вачэй ад старога ўладара адвесьці ня мог. Ці ж гэта насамрэч, ці толькі падалося, што, згадаўшы палантыры, стары скоса зірнуў на Піпінаў твар?

– А зараз распавядай мне, мой верны ваяр, – загадаў Дэнэтар, напалову дабрадушна, напалову кпліва. – Бо словы таго, з кім мой сын гэтак сябраваў, знойдуць тут найвышэйшую ўвагу.

Піпін аніколі ў жыцьці не забываўся той гадзіны пад пранізьлівым позіркам гаспадара Гондару, тых рызыкоўных, складаных, нечаканых пытаньняў. А Гэндальф увесь час сядзеў побач, назіраючы й слухаючы ды (як адчуваў Піпін) стрымліваючы злосьць і нецярплівасьць, што нарасталі. Калі гадзіна скончылася, Дэнэтар знову бразнуў у гонг, Піпін пачуўся дашчэнту выматаным.

"А яшчэ ж дзевяці няма, – падумаў ён. – Я зараз злопаў бы без напружаньня тры сьняданьні".

– Правядзіце пана Мітрандыра да пакояў, падрыхтаваных для яго, – загадаў Дэнэтар. – Ягоны спадарожнік можа пакуль што застацца зь ім, калі пажадае. Але ж няхай будзе вядома, што я ўзяў яго ў сваю службу й прыняў ад яго клятву вернасьці. Ён будзе вядомы як Перыгрын, сын Паладына, і няхай яго навучаць простым споклічам. Разашліце мой загад гетманам: каб чакалі мяне тут адразу, як праб'е трэцюю гадзіну. Вы ж, пане Мітрандыр, зьяўляйцеся, калі пажадаеце. Аніхто й анішто не забароніць вам прыйсьці да мяне ў любую гадзіну, апрача толькі нядоўгага часу майго сну. Няхай злосьць вашая ад майго старэчага глупства суцішыцца, а тады – калі ласка, я чакаю вас!

– Глупства? – вымавіў Гэндальф. – Не, мой пане. Розум ваш скончыцца не раней за вашае жыцьцё. Вы нават горам карыстаецеся, што маскаю. Ці вы лічыце, я ня скеміў, навошта вы суцэльную гадзіну распытвалі таго, хто амаль нічога ня ведае, а мяне пакінулі сядзець побач?

– Калі вы гэта разумееце, дык тым і задаволіцеся, – зазначыў Дэнэтар. – Дурная пыха – адкінуць дапамогу й параду ў час патрэбы, але ж вашыя падарункі вы раздаяце ў адпаведнасьці з сваімі плянамі й мэтамі. Толькі гаспадар Гондару ня стане бяздумным выканаўцам чужых плянаў, якімі шляхетнымі яны ні падаваліся б. I для яго няма ў сучасным сьвеце мэты вышэйшай, чым дабрабыт Гондару. А ўлада над Гондарам, пане мой, мая й нічыя болей, хіба кароль зьявіцца зноў.

– Хіба кароль зьявіцца зноў? – вымавіў Гэндальф. – Анягож, вашамосьць намесьнік, гэтакі ваш абавязак – кіраваць каралеўствам і захоўваць яго, пакуль ня вернецца кароль, ува што цяпер мала хто верыць. I ў выкананьні абавязку я гатовы дапамагчы ўсім, пра што вам толькі задабраволіцца папытаць. Аднак скажу вось што: я не кірую аніякім каралеўствам, ані Гондарам, ані іншым, вялікім ці малым. I ўвесь мой клопат – дабрабыт усіх файных, вартых рэчаў, што ў небясьпецы ў цяперашнім сусьвеце. I ня марнымі будуць мае намаганьні, нават калі Гондар ня вытрымае, – толькі б засталося што, толькі б выжыла ў ночы нешта, здольнае захаваць прыгажосьць, прарасьці, расквітнець ізноў і даць плады будучым днём. Бо я таксама намесьнік. Ці тое вам невядома?

З тым ён павярнуўся й пакрочыў прэч, а Піпін за ім, бегма, каб не адстаць.

Пакуль ішлі, Гэндальф не сказаў Піпіну ані слоўца, нават не зірнуў на яго. За дзьвярыма залі іх сустрэў слуга й правёў праз пляц Вадаграю ў завулак паміж каменнымі будынкамі. Некалькі разоў павярнуўшы па дарозе, сягнулі дому, блізкага да паўночнай сьцяны Цытадэлі, непадалёк ад перашыйку, што злучаў горад зь Міндолуйнам. У доме падняліся на другі паверх па шырокай часанай з каменю лесьвіцы, і слуга паказаў нарэшце іхні пакой: прасторны, сьветлы, поўны сьвежага паветра, зь сьценамі, завешанымі файнымі фіранкамі колеру цьмянага роўнага золата. Няшмат мэблі было там – толькі маленькі столік, дзьве фатэлі й лава, але з кожнага боку пакою былі закуты з завесамі й файна зладжаныя ложкі зь бялізнаю, а побач – гарлачы з вадою й місы, каб умыцца. Тры высокія вузкія вакенцы глядзелі на поўнач – на вялікую луку Андуйну, яшчэ засланага туманамі, на Эмін Мюйл і далёкі Рэрас. Піпіну давялося ўскараскацца на лаву, каб зазірнуць за доўгае каменнае прываконьне.

– Вашаць злуецца на мяне, спадару Гэндальфе? – спытаў ён нарэшце, калі слуга-правадыр выйшаў ды зачыніў дзьверы. – Я вельмі стараўся.

– Сапраўды! – і Гэндальф нечакана зарагатаў.

Падышоў да Піпіна, стаў побач, паклаў руку яму на плячо й скіраваў погляд у вакно. Хобіт зьдзіўлена падняў галаву, бо сьмех гучаў насамрэч лёгка й радасна. На твары ж бачыўся толькі клопат і смутак. Аднак, прыгледзеўшыся, хобіт уцяміў, што пад маскаю клопату плёскаецца сапраўдны вадаграй весялосьці. Напэўна, усё каралеўства сьмяялася б, каб той вадаграй вырваўся вонкі.

– Насамрэч, ты справіўся так добра, як мог! – сказаў чараўнік. – Спадзяюся, табе не давядзецца болей апынуцца заціснутым паміж двума такімі жудаснымі старымі. Усё-ткі ўладар Гондару выведаў у цябе болей, чым ты здагадваесься. Ты не схаваў таго, што не Барамір вёў вас ад Морыі, што нехта высакародны сярод вас кіруецца ў Мінас Тырыт і што ў яго знакаміты меч. Людзі Гондару памятаюць старыя паданьні й часьцяком разважаюць над імі, а Дэнэтар з часу Бараміравага сыходу шмат думаў над прароцтвам і над "Конам, вінным Ісільдару".

Дэнэтар не падобны на людзей нашага часу, Піпіне, і якім ні быў бы ягоны радавод, нейкім чынам амаль чыстая кроў Захаду цячэ ў ягоных венах – і ў венах ягонага сына Фараміра таксама. Ды не ў Бараміры, якога бацька любіў болей. У Дэнэтара пранізьлівы позірк, і бачыць ён далёка. I калі ёсьць на тое ягоная воля, працінае шмат таго, што адбываецца ў думках людзей, нават тых, хто жыве далёка. Цяжка падмануць яго й небясьпечна нат спрабаваць.

Запомні гэта! Бо цяпер ты пакляўся служыць яму. Ня ведаю, як тое легла ў тваю галаву ці на сэрца. Але атрымалася файна. Я ня стрымліваў цябе, бо шляхетнасьць нельга стрымліваць парадай халоднага розуму. Твой учынак крануў яго, дый таксама (ты ўжо прабач) павесяліў. Ну, урэшце, ты цяпер вольны рушыць куды заўгодна па Мінас Тырыце, калі не на службе. Бо ёсьць жа й іншы бок у гэтай справы. Ты падуладны яму, а ён на тое не забудзецца. Дык пасьцеражыся!

Ён змоўк і ўздыхнуў.

– Ну, няма сэнсу дачасна баяцца таго, што прынясе раніца. Дый яшчэ цягам мноства дзён заўтра будзе горшым за сёньня. I я анічога болей не магу зрабіць, каб выправіць тое. Партыя ўжо расстаўленая на дошцы, фігуры рухаюцца. А фігура, якую я хацеў бы пабачыць болей за ўсё, – Фарамір, цяпер спадчыньнік Дэнэтара. Ня думаю, што ён у горадзе, але ж часу бракуе зьбіраць навіны. Мушу ісьці, Піпіне. Наведаю раду ў намесьніка дый вызнаю, што здолею. Вораг першы зрабіў ход у гэтай гульні, і ад яго залежыць, якім будзе пачатак партыі. Нават і ніжнікі ў ёй, хутчэй за ўсё, пабачаць ня меней за вышнікаў, Перыгрын, сын Паладына, ваяр Гондару. Таму вастры меч!

Гэндальф пакрочыў да дзьвярэй. Ля іх прыпыніўся, павярнуўся.

– Я сьпяшаюся, Піпіне. Зрабі ласку, калі выйдзеш у горад. Нават перад адпачынкам, калі ты ня надта стомлены. Адшукай Ценяра, зірні, як яго ўладкавалі. Тутэйшы народ добры да ўсялякай жывёлы, бо мудры й добразычлівы, але ж мае небагата досьведу ў абыходжаньні з коньмі.


Гэндальф сышоў, і не пасьпеў зьнікнуць, як пачуўся ясны звонкі гук звона цытадэльнай вежы. Тройчы прабомкаў ён, нібы срэбра пралілося ў паветра, і тады змоўк – надышла трэцяя гадзіна ад усходу сонца.

Праз хвіліну Піпін падышоў да дзьвярэй, спусьціўся па лесьвіцы й выбраўся на вуліцу. Сонца цяпер праменіла й сагравала, ад вежаў ды высокіх гмахаў цягнуліся на захад доўгія выразныя цені. Сярод блакіту нябёсаў узвышалася белай каронаю гара Міндолуйн. Па вуліцах места сьпяшаліся туды й сюды ўзброеныя людзі, бо гадзінны звон азначаў для іх зьмену службы й варты.

– Паводле шырскага адліку, я сказаў бы, цяпер дзевяць гадзінаў, – прамовіў Піпін уголас сам сабе. – Якраз часінка для добрага сьняданку ля адчыненага вакна, пад вясновым сонейкам. А сьняданак не пашкодзіць, зусім не. Ці маюць гэтыя людзі ўвогуле сьняданак? Мо ягоны час ужо скончыўся? А калі ў іх абед і дзе?

Тут ён заўважыў чалавека, апранутага ў чорнае зь белым, які ішоў насустрач па вузкім завулку ад цэнтра Цытадэлі. Піпін пачуваўся самотным і вырашыў загаварыць зь незнаёмцам, калі той наблізіцца, але пачынаць самому не давялося. Чалавек ішоў проста да яго.

– Вашаць – Перыгрын паўросьлік? – спытаў ён. – Мне казалі, ты прынёс клятву вернасьці намесьніку й гораду. Вітаем!

Ён працягнуў руку, і Піпін яе паціснуў.

– Маё імя – Бэрэганд, сын Бэрэнара. Я маю вольны час гэтым ранкам, і мяне паслалі, каб я навучыў цябе споклічам ды распавёў пра шмат рэчаў, пра якія ты, безумоўна, жадаеш ведаць. А сам я з задавальненьнем вызнаю пра вашаць. Бо аніколі раней мы ня бачылі паўросьліка ў нашай краіне, і хоць да нас даходзілі чуткі, мала гаворыцца пра ваш народ у гондарскіх паданьнях. I болей за тое, ваша – сябра Мітрандыра. Ці добра яго ведаеш?

– Ну, пра яго я ведаю ўсё маё нядоўгае жыцьцё, так бы мовіць, – адказаў Піпін. – А апошнім часам я вандраваў зь ім побач. Але ж у гэтай кнізе шмат старонак, а я бачыў ня болей за адну ці дзьве. I ўсё ж, напэўна, лепей за мяне яго ведае няшмат хто. Арагорн, мяркую, адзіны з нашага зьвязку насамрэч ведае яго.

– Арагорн? – спытаў Бэрэганд. – Хто гэта?

– Ну, – запнуўся Піпін, – чалавек такі, ён вандраваў з намі. Па-мойму, ён цяпер у Рохане.

– Дык ваша быў і ў Рохане! Шмат чаго хацеў бы я распытаць таксама пра гэтую зямлю, бо нашая невялікая надзея, што засталася гэтымі днямі, амаль выключна на рахірымаў. Аднак я забываюся свой абавязак: адказваць на твае пытаньні. Што спадару Перыгрыне жадае ведаць?

– Ну, добра. Калі ўжо пра жаданьне, дык, з дазволу вашці, я агучу тое, што мяне цяпер надта турбуе: дзе тут сьняданак знайсьці ці накшталт таго? Я маю на ўвазе, якія гадзіны яды, калі ваша мяне разумее, і дзе бяседная заля, калі такая ёсьць? I дзе шынкі? Я азіраўся, але аніводнага не прыкмеціў, пакуль мы дабіраліся сюды, хоць мне карціць, прызнаюся, пакаштаваць добрага піўка, раз ужо мы патрапілі да жытла мудрых і ветлівых людзей.

– Ваша не навічок, я бачу, – заўважыў Бэрэганд паважліва. – Кажуць, тыя, хто шмат ваяваў ды вандраваў, заўжды ў першую чаргу шукаюць еміны. Хоць самому мне тое вядома толькі з расповедаў – я сам вандраваў няшмат. Дык ваша яшчэ ня сьнедаўшы сёньня?

– Ну, калі быць шчырым, дык нешта на дно страўніка ўпала, – прызнаўся Піпін. – Але ж ня болей за чарку віна й пару белых хлябцоў, дзякуй ягамосьці пану намесьніку, але за тое ён гадзіну дапытваў мяне, і тое дужа натаміла.

– За сталом, як у нас кажуць, і малыя зьдзяйсьняюць вялікія подзьвігі, – засьмяяўся Бэрэганд. – Але ж ты наталіў голад ня горш за любога ў Цытадэлі, дый з большай пашанай. Бо гэтая крэпасьць на варце ў часіну вайны. Мы падымаемся яшчэ да сьвітанку, перакусваем крыху ў паўзмроку, дый да сьвятла ўжо на сваіх пастах. Але ж не адчайвайся! – ён пабачыў нуду на Піпінавым твары. – Тыя, што насамрэч нялёгка працавалі, сілкуюцца ўранку, каб аднавіць сілы. Крыху перахапіць мажліва й аполудні ці надвячоркам – як служба дазваляе. А зьбіраемся мы дзеля бяседы й забавы, якая яшчэ засталася нам у наш час, на заходзе. Рушма! Пройдземся крыху, знойдзем, чым падсілкавацца, і парадуемся сьвежаю раніцай.

– Момант, калі ласка! – папрасіў Піпін. – Я з голаду ці, калі быць шчырым, з прагнасьці, зусім забыўся на абавязак. Гэндальф, Мітрандыр па-тутэйшаму, папрасіў мяне наведаць ягонага каня, Ценяра, правадыра роханскіх статкаў, найлепшага жарабца самога караля, як мне казалі, хоць той і аддаў каня Гэндальфу ва ўзнагароду за вялікую дапамогу. Мяркую, Ценяра Гэндальф любіць болей, чым шмат каго зь людзей, і калі добрая Гэндальфава воля нечага каштуе для гэтага гораду, дык вам належыць даглядаць Ценяра з усёй мажліваю пашанаю, з большай, чым дасталася на долю беднага хобіта.

– Хобіта?

– Так мы сябе называем, – патлумачыў Піпін.

– Прыемна даведацца, – зазначыў Бэрэганд. – Хоць шмат дзівоснага ў словах вашці й вымаўленьне нязвыклае для мяне, гжэчнасьці словаў тое не псуе. Ветлы народ хобіты. Ну, дык рушма! Пазнаёміш мяне з тым добрым канём. Бо я люблю жывёлаў, а мы рэдка бачым іх у мурох гораду. Продкі мае паходзяць з горных далінаў, а да таго – зь Ітыльёну. Але ж ня бойся! Зазірнем на крыху, дзеля ветлівасьці, а тады самі скіруемся да месцаў пад'едку.


Піпін пераканаўся, што Ценяра добра ўладкавалі й дагледзелі. Бо на шостым ярусе, па-за сьценамі Цытадэлі, разьмяшчалася колькі файных стойлаў для хуткіх коней, проста побач з кватэрамі ганцоў, заўжды гатовых выправіцца з загадамі ўладара Дэнэтара альбо іншых ачольцаў гораду. Цяпер, аднак, Цяняр стаяў тут самотны, бо й ганцы, і іхнія коні падарожнічалі далёка за межамі места.

Цяняр заржаў ціхенька, пабачыўшы Піпіна, і павярнуў галаву.

– Добрай раніцы табе! – павітаў Піпін. – Гэндальф прыйдзе, як толькі зможа. Ён заняты, але шле вітаньні й заадно мяне – праверыць, ці ўсё з табою добра. Спадзяюся, ты добра адпачываеш пасьля доўгай вандроўкі.

Цяняр матлянуў галавою й тупнуў капытом. Аднак дазволіў Бэрэганду асьцярожна прылашчыць пысу й пагладзіць вялікі льсьністы бок.

– Ён выглядае, нібы яго доўга гадавалі й даглядалі дзеля скачкі, а ён жа толькі зь цяжкога падарожжа, – заўважыў Бэрэганд. – Які ён моцны й ганарлівы! А дзе ягоная збруя? Напэўна, яна каштоўная й прыгожая.

– Любая збруя – недастаткова прыгожая й каштоўная для яго. I ён аніякай не пацерпіць. Калі пагодзіцца несьці, дык панясе, калі не, ніякімі цуглямі, пугай ці астрогай яго не прымусіш. Да пабачэньня, Цяняр! Пацярпі – бітва набліжаецца!

Цяняр падняў галаву й заржаў, ажно стойлы здрыгануліся, а Піпін з Бэрэгандам прыкрылі вушы. Тады сышлі, упэўніўшыся, што ў ясьлях хапае ежы.

– Ну, цяпер мы да сваіх ясьляў, – пажартаваў Бэрэганд і павёў Піпіна назад, да Цытадэлі, а тады да дзьвярэй у паўночным баку галоўнай вежы.

Там спусьціліся па доўгіх сходах у шырокі калідор, асьветлены лямпамі, зь дзьвярыма пааберуч, адны зь якіх былі расчыненыя.

– Тут кладоўка й месца харчаваньня майго разьдзелу Варты, – паведаміў Бэрэганд і паклікаў, зазірнуўшы за дзьверцы: – Дабрыдзень, Таргон! Яшчэ рана, але ў нас новенькі, якога гаспадар толькі што прыняў на службу. Ён доўга вандраваў, зацягнуўшы пас, дый шмат чаго вытрываў гэтай раніцаю й згаладнеў. Дай нам, што знойдзеш!

Знайшліся хлябы, масла, сыр і яблыкі, апошнія зь леташняга ўраджаю, зморшчаныя, але яшчэ ладненькія й салодкія, ды скураная біклага сьвежага піва, а да ўсяго драўляныя талеркі й куфлі. Паскладвалі ежу ў плецены кош ды выбраліся назад, пад сонца, і Бэрэганд правёў Піпіна да ўсходняга канца вялізнага бастыёну, што далёка высоўваўся за мур. Там у муры сьвяцілася вакенца, а пад ім стаяла каменная лава. Тут яны павіталі раніцу.

Пілі й елі, размаўляючы то пра Гондар і гондарскія звычаі, то пра Шыр і іншыя дзівосныя краіны, бачаныя Піпінам. I Бэрэганд яшчэ болей уразіўся, слухаючы, і пазіраў на хобіта з большаю павагаю. А той сядзеў на лаве, матляючы нагамі, ці станавіўся на дыбкі, каб вызірнуць за прываконьне на зямлю ўнізе.

– Ня стану хаваць ад вашці, Піпіне, – вымавіў Бэрэганд. – Для нас ты выглядаеш, ну, як адзін з нашых хлапчукоў, вёснаў дзевяці ці каля таго, але ж ваша бачыў столькі цудаў ды столькі вынес, што няшмат які сівабароды дзед пахваліцца чымсьці падобным. Я ж то лічыў: гаспадару захацелася зь нейкай прыхамаці ўзяць сабе шляхетнага пажа, на манер, як кажуць, каралёў даўніны. Але ж бачу: тое ня так. Прабач, калі ласка, маё глупства.

– З радасьцю. Толькі спадар недалёка памыліўся. Я, паводле адліку майго народу, ненашмат перарос хлапчука, і мне яшчэ чатыры гады да таго, каб "перайсьці ва ўзрост", як мы кажам у Шыры. Але што пра мяне ды пра мяне. Распавядзі-тка, што я тут бачу.


Сонца падымалася, і туманы ў даліне ракі раставалі. Іхнія абрыўкі сплывалі прэч, проста над галовамі, нібы лапікі белага воблака на ўзмацнелым усходнім ветры, які матляў харугвы ды пляскаў белымі сьцягамі Цытадэлі. Далёка на дне даліны, мілі тры ці накшталт таго, плынела з паўночнага захаду Вялікая рака, шэра-срабрыстая, зіхоткая, а тады загіналася моцнаю пятлёю на поўдзень і на захад і цякла, пакуль не зьнікала з вачэй у смузе, за якою праз трыццаць зь лішнім міляў разьвіналася мора.

Піпін бачыў перад сабою ўвесь Пеленар, сьпярэшчаны ў далечы сядзібкамі й маленькімі сьценамі, але ж нідзе ня ўбачыў ані быкоў, ані якога іншага быдла. Мноства шляхоў і гасьцінцаў перасякала зялёныя палі, і шмат чаго рухалася па іх: вазкі шэрагам пад'яжджалі да Вялікай брамы й ад'яжджалі ад яе. Раз-пораз і вершнік саскокваў з каня перад брамаю, а тады сьпяшаўся ў горад. А найбольшы рух адбываўся па галоўным гасьцінцы, што вёў на поўдзень і, паварочваючы круцей за раку, агінаў падэшвы пагоркаў ды зьнікаў за імі. Гасьцінец той быў шырокі, файна брукаваны, уздоўж усходняга ягонага краю цягнулася шырокая паласа дзернавога шляху для вершнікаў, а яе з усходу адгароджвала сьцяна. Па той паласе сьпяшаліся туды й сюды вершнікі, а брукаванку, падавалася, цалкам загрувасьцілі й занялі вялізныя вазы. Але неўзабаве Піпін заўважыў, што рух насамрэч добра зладжаны й упарадкаваны: па гасьцінцы соўваліся тры шэрагі. Адзін, найхутчэйшы, складаўся з вазоў, якія цягнулі коні, другі, маруднейшы, – зь вялізных і прыгожых шматкаляровых фураў з запрэжанамі быкамі, а ўздоўж заходняга краю дарогі мноства малых вазкоў цягнулі самі людзі.

– Гэта бальшак да далінаў Тумладэн і Ласарнах, да горных сёлаў і Пажыцьцяў, – паведаміў Бэрэганд. – Ужо выпраўляюцца апошнія вазы з старымі й малымі ды жанчынамі, што едуць зь імі. Яны ўсе мусяць сысьці й вызваліць шлях на паўмілі перад брамаю яшчэ да полудня. Такі загад, сумная неабходнасьць, – ён уздыхнуў. – Няшмат хто з тых, што разьвітваюцца цяпер, напэўна, сустрэнуцца зноўку. У горадзе заўжды было небагата малых, а цяпер увогуле амаль нікога, апрача некалькіх маладзёнаў што адмовіліся сыходзіць, і ім знойдзецца праца. Мой сын – адзін зь іх.

Абодва змоўклі на пэўны час. Піпін трывожна глядзеў на ўсход, нібы чакаў, што ў любы момант тысячы оркаў кінуцца праз палі.

– А што там? – паказаў на сярэдзіну вялікай дугі Андуйну. – Ці тое іншы горад?

– Былы горад. Сталіца Гондару, бо наша места – толькі ягоная крэпасьць. Гэта руіны Азгіліяту па абодвух берагох Андуйну. Даўным-даўна ворагі захапілі й выпалілі яго. Аднак у дні маладосьці Дэнэтара мы адбілі яго – не для таго каб жыць, а каб трымаць як перадавое ўмацаваньне ды каб адрамантаваць мост для праходу нашага войска. А потым зьявіліся Лютыя Вершнікі зь Мінас Моргулу.

– Чорныя Вершнікі? – у вачох Піпіна зноў паўстала цемра колішняга жаху.

– Так, яны чорныя. Бачу, ваша нешта пра іх ведаеш, хоць і не згадаў у расповедах.

– Я ведаю іх, – вымавіў Піпін ціха, – але цяпер згадваць не хачу, гэтак блізка... блізка да...

Ён запнуўся й падняў вочы, пазіраючы за раку, і за ёю ўсё падалося яму адзіным неабсяжным пагрозьлівым ценем. Магчыма, тое горы грувасьціліся на самай мяжы зроку, іхнія вызубраныя хрыбты засмужыліся дванаццацьцю мілямі туманістага паветра, ці паўставала сьцяна хмараў, а за ёю – яшчэ глыбейшы змрок. Але ж нават пакуль пазіраў, той змрок разрастаўся, шчыльнеў, павольна, надта павольна прасоўваючыся наперад, каб закрыць, агарнуць, прыдушыць сабою тое, што яшчэ заставалася пад сонцам.

– Гэтак блізка да Мордару? – перапытаў Бэрэганд спакойна. – Так, там ён ляжыць. Мы рэдка называем яго, але заўжды жылі ля ягонага ценю. Часам ён падаваўся слабейшым і далейшым, часам блізкім і пагрозьлівым. Цяпер ён расьце й чарнее, таму растуць і наш страх, і трывога. А Лютыя Вершнікі меней як год таму адбілі ў нас пераправы, там загінула шмат найлепшых ваяроў. Гэта Барамір выбіў нарэшце ворага з заходняга берагу, і дзякуй яму – мы яшчэ трымаем палову Азгіліяту. Пакуль што. Бо чакаем новую навалу. Магчыма, галоўную навалу вайны, што рушыць на нас.

– А калі менавіта чакаць яе? Ці здагадваецеся вы? Бо мінулай ноччу я бачыў, што вартавыя агні палаюць, бачыў ганцоў. Гэндальф казаў: гэта знак пачатку вайны. Ён, падавалася, адчайна сьпяшаўся. А цяпер, бачу, усё зноў нейк запаволілася й прыціхла.

– Гэта таму, што ўсё ўжо падрыхтаванае: нібы глыбокі ўдых перад тым, як скочыць наперад.

– А чаму мінулай ноччу запалалі празоры?

– Таму што позна клікаць дапамогу, калі ты ўжо ў аблозе. Аднак я ня ведаю пастановаў намесьніка й правадыроў. У іх шмат шляхоў збору зьвестак. А ягамосьць Дэнэтар не падобны да іншых людзей. Ён далёка бачыць. Некаторыя кажуць: начамі ён сядзіць самотны ў сваім пакоі высока на вежы і, кіруючы воляй і думкамі, заглядвае ў будучыню, а розумам часам працінае нават думкі Ворага, змагаючыся зь ім. Таму ён састарэў так, вытаміўшыся задоўга да свайго часу. Ну, гэтак альбо інакш мой правадыр, Фарамір, цяпер за ракою, выконвае нейкае небясьпечнае даручэньне. Верагодна, і ён даслаў нейкія навіны.

Але ж калі хочаш ведаць маю думку пра агні: напэўна, гэта праз учорашнія навіны з Пажыцьцяў. Вялікі флёт набліжаецца да сутокі Андуйну – піраты з Умбару з Поўдня. Даўно ўжо яны не баяцца моцы Гондару, злучыліся з Мордарам і цяпер на ягоны загад вядуць на нас вялікае войска. А іхні напад забярэ ад нас падтрымку з Пажыцьцяў і Бэльфаласу, дзе люд шматлікі й дужы. Таму нашыя надзеі – на Рохан, і тым большая нашая радасьць ад перамогі, пра якую ваша распавёў.

I ўсё-ткі, – тут ён прыпыніўся ды, выпрастаўшыся, азірнуўся на ўсе бакі, – ізенградзкія падзеі – папярэджаньне нам. Мы патрапілі ў сеціва вытанчанага й майстэрскага пляну. Аніякіх цяпер сутычак на бродах, набегаў зь Ітыльёну й Анарыёну, аніякіх засадаў ды разбою. Гэта – вялікая вайна, і мы ў ёй усяго толькі асобная частка, як бы нашая пыха таму не пярэчыла. Прыйшлі зьвесткі: шмат чаго адбываецца за Ўнутраным морам, і на поўдні Ліхалесься, і на поўдні ў Харадзе. Цяпер усім каралеўствам вялікае выпрабаваньне: вытрымаць і выстаяць ці паддацца ценю.

Усё ж, спадару Перыгрыне, нам – галоўная пашана. Нас Чорны Ўладар ненавідзіць болей за ўсіх, нянавісьцю, якая расьце з глыбіняў часу, расьце з-за мора. Сюды молат навалы абрынецца з найвялікшаю моцаю. I таму Мітрандыр так сьпяшаўся. Бо калі ня выстаім мы, хто выстаіць? Спадару Перыгрыне, ці бачыш хоць бы якую надзею для нас?

Піпін не адказаў. Зірнуў на моцныя муры, на вежы й харугвы, на сонца высока над галавою, а тады на густы змрок на ўсходзе й падумаў пра доўгія рукі гэтага Ценю: пра оркаў у лясах і гарах, пра здраду Ізенградку, пра птушак-віжоў, пра Чорных Вершнікаў на брукаванках роднага Шыру – і пра крылаты вусьціш, пра назгула. Здрыгануўся, і ўсялякая надзея пакінула яго. Нават у гэты момант і сонца заценілася, бы чорныя крылы засланілі яго. Амаль па-за слыхам, падалося, адрозьніў далёка й высока ў нябёсах лямант: слабы, але ж холадам адгукнуўся ён у сэрцы, жорсткі й люты. Хобіт пабялеў і прыціснуўся да сьцяны.

– Што тое было? – спытаў Бэрэганд. – Ты таксама нешта адчуў?

– Так, – прамармытаў Піпін. – Гэта знак нашага кону, цень сьмерці. Люты Вершнік над галавою.

– Так, цень кону, – пагадзіўся Бэрэганд. – Баюся, Мінас Тырыт ня выстаіць. Ноч ідзе да нас. У мяне нават кроў стыне ў жылах.


Некаторы час абодва сядзелі, схіліўшы галовы, ды маўчалі. А тады Піпін падняў галаву й пабачыў: сонца зырка праменіць, і сьцягі плынеюць па ветры. Тады ўздрыгнуў, нібы прачынаючыся.

– Яно мінула, – вымавіў ён. – Не, у маім сэрцы яшчэ няма адчаю. Гэндальф загінуў і вярнуўся, і цяпер з намі. Магчыма, і выстаім – няхай на адной назе ці трымаючыся на каленях.

– Слушна сказана! – Бэрэганд ускочыў і захадзіў туды й сюды. – Не, хоць усялякая рэч пад сонцам урэшце памірае й гіне, Гондар не загіне яшчэ. Не загіне, нават калі вораг возьме ягоныя муры, нагрувасьціўшы горы падалі перад імі. Ёсьць і іншыя цьвярдыні, і таемныя шляхі да гор. Надзея й памяць выжывуць у якой патаемнай даліне, дзе яшчэ зелянее трава.

– Гэтак ці інакш, на дабро ці на ліха, хутчэй бы ўсё гэта скончылася, – уздыхнуў Піпін. – Я зусім не ваяр і ненавіджу нават думкі пра бітвы, а чаканьне на самым ускрайку той, якой аніяк не пазьбегнуць, – горш за ўсё. Гэты дзень такі доўгі й стамляльны! Што да мяне, лепей было б, калі б не даводзілася стаяць ды чакаць, анікуды ня рухаючыся, не наносячы ўдару першымі. I ў Рохане гэтак і стаялі б на месцы, калі б ня Гэндальф.

– А, тут ты крануў нашае балючае месца! Шмат хто так думае ў нас, – заўважыў Бэрэганд. – Верагодна, усё зьменіцца, калі вернецца Фарамір. Ён адважны й дзёрзкі, адважнейшы, чым шмат хто мяркуе. Бо ў нашыя дні людзі ня вераць, што правадыр можа быць добра дасьведчаны ў сьпевах і паданьнях ды ў запісах мінуўшчыны, як ён, і адначасна мужны й дужы, здольны на хуткі розум на полі бітвы. Але ж менавіта такі Фарамір. Ня так прагне бітвы, не такі люты й імклівы, як Барамір, аднак рашучасьці ў яго ня менш. Але ж нават ён што зрабіцьме? Мы ня здолеем напасьці на горы... горы таго каралеўства. Лязо нашае скарацела, і мы можам ударыць ворага, толькі калі ён падыдзе блізка. А тады няхай нашая рука будзе цяжкой!

Ён бразнуў далоньню па цаўі меча.

Піпін зірнуў на Бэрэганда, высокага, шляхетнага, ганарыстага – як усё людзі ў гэтай зямлі, – з бляскам у вачох ад думкі пра бітву.

"На жаль, мая рука падаецца мне лягчэйшай за пёрка, – падумаў хобіт, але ўголас ня вымавіў. – Пяхтур, як казаў Гэндальф? Магчыма, але ж дошка, відавочна, ня тая".


Гэтак размаўлялі, пакуль сонца не дабралася да прытню й званы не адбілі полудзень. Па Цытадэлі сьпяшаліся туды й сюды людзі, бо ўсе, акрамя вартавых, рушылі на абед.

– Пойдзеш з мною? – спытаў Бэрэганд. – Можаш далучыцца да майго разьдзелу сёньня. Ня ведаю, куды вашу прызначаць. Верагодна, пан намесьнік захоча трымаць цябе пры сабе. Але ж вашці заўжды – калі ласка! Файна будзе таксама пазнаёміцца з нашымі хлапцамі, каб болей паказаць, пакуль ёсьць час.

– Пайду з задавальненьнем! – пагадзіўся Піпін. – Я пачуваюся самотным, калі папраўдзе. Найлепшага сябра пакінуў у Рохане, і няма з кім ані паразмаўляць, ані пажартаваць. Можа, і насамрэч мне дазволяць далучыцца да вашага разьдзелу? Ці спадар – ачольца? Калі так, возьмеш мяне ці замовіш за мяне?

– Не, не, – Бэрэганд засьмяяўся. – Я не ачольца. Ня маю ані званьня, ані пасады, ані шляхецтва. Просты шараговы Трэцяга разьдзелу Цытадэлі. Аднак, спадару Перыгрыне, быць хоць бы шараговым Варты вежы Гондару – вялікі гонар у нашым горадзе, гэтых людзей шануюць па ўсёй зямлі.

– Ну, такая пашана не для мяне, – заўважыў Піпін. – Тады, калі ласка, правядзі мяне да майго пакою. Калі Гэндальф ня там, дык тады я пайду з вашцю, куды павядзеш мяне як госьця.


Гэндальфа ў пакоі не было, цыдулкі аніякай ён не пакінуў, таму Піпін выправіўся з Бэрэгандам і быў пазнаёмлены зь людзьмі Трэцяга разьдзелу. I пашану з таго Бэрэганд атрымаў ня меншую, чым ягоны госьць, бо Піпіна надта сардэчна віталі й шанавалі. Ужо шмат гаворак ішло па Цытадэлі пра Мітрандыравага спадарожніка ды ягоныя доўгія таемныя перамовы з Дэнэтарам. Паводле чутак, князь паўросьлікаў зьявіўся з Поўначы, каб прапанаваць Гондару вернасьць і пяць тысячаў ваяроў. А некаторыя казалі, што калі роханцы прыйдуць на дапамогу, кожны вершнік прывязе з сабою ваяра-паўросьліка, малога, але ж лютага й дужага.

Хоць Піпіну давялося, на жаль, абвергнуць плёткі, пазбавіцца ад дадзенага яму шляхецтва й званьня ён ня здолеў, бо менавіта такім шляхетным, з агульнага меркаваньня, мусіць быць сябра

Бараміра, ушанаваны ягамосьцю Дэнэтарам. Людзі дзякавалі, што Піпін падзяліў зь імі стол, прагна слухалі ягоныя разважаньні й расповеды пра далёкія землі ды частавалі гэткай колькасьцю ежы й піва, якую ён толькі ў сябе ўмяшчаў. Насамрэч адзіны клопат ягоны быў "сьцерагчыся" з словамі, як раіў Гэндальф, і не матляць языком гэтак вольна, як прынята ў хобітаў паміж сябрамі.

Нарэшце Бэрэганд устаў з-за стала.


– Ну, да пабачэньня пакуль што! – сказаў ён. – У мяне цяпер служба, і да заходу. Дый, мяркую, ва ўсіх астатніх тут таксама. А калі ваша самотны, як казаў, можа, упадабаеш жвавага й вясёлага правадыра па горадзе. Мой сын з ахвотаю паслужыць. Файны хлапец, так скажу. Калі будзе на тое ахвота, спускайся на ніжэйшы ярус ды спытай пра Старую гасьцёўню на Рат Келердайн, вуліцы Ліхтарнікаў. Там і знойдзеш яго, разам зь іншымі хлапчукамі, што засталіся ў горадзе. Мяркую, яшчэ да заходу будзе што пабачыць ля Вялікай брамы да яе закрыцьця.

З тым і сышоў, і астатнія за ім неўзабаве. Дзень яшчэ быў пагодны, хоць паціху смужылася й было надта сьпякотна для сакавіка, нават і для паўднёвых краёў. Піпін адчуваў санлівасьць, але ж ягоны пакой падаваўся такім бязрадасным і няўтульным, што хобіт вырашыў спусьціцца й пабадзяцца па горадзе. Прынёс колькі смачных кавалачкаў, што захаваў з пад'едку для Ценяра, і той ахвотна прыняў іх, хоць, відавочна, ня з голаду. А тады Піпін пакрочыў уніз па мностве зьвілістых завулкаў.

Людзі азіраліся на яго, калі ён праходзіў побач. Віталі з суворай ветлівасьцю, на гондарскі манер: нахіляючы галаву й прыціскаючы рукі да грудзей, а за сьпінаю перагукаліся, бо шмат хто клікаў суседзяў, каб паказаць князя паўросьлікаў, спадарожніка Мітрандыра. Шмат хто карыстаўся не Агульнай мовай, а нейкай іншай, але Піпін хутка скеміў, што такое "Эрніл і Пэрыянат", і зразумеў, што ягоны тытул ужо пайшоў перад ім гуляць па горадзе.

Нарэшце праз шмат вулак пад высокімі аркамі, прыгожых прысадаў ды звонкіх брукаванак сягнуў ніжэйшага, шырэйшага гарадзкога ярусу, там яго накіравалі да вуліцы Ліхтарнікаў, шырокага праспэкту, што вёў проста да Вялікай брамы. Там знайшоў і Старую гасьцёўню, вялікі будынак з шэрага выветранага каменю з двума крыламі, якія адыходзілі ад вуліцы, а паміж імі – вузкі зялёны лужок, а далей – шматваконны гмах, з калёнамі ўздоўж усяго фасаду й шырокай лесьвіцай да лужку. Сярод калёнаў гуляліся хлапчукі, адзіныя малыя, якіх Піпін бачыў у Мінас Тырыце, і ён прыпыніўся, назіраючы за імі. I вось адзін з хлапчукоў заўважыў яго і, загукаўшы, скочыў праз траву й выбег на вуліцу, а за ім і колькі іншых. Падбегшы, паўстаў перад Піпінам, аглядаючы з ног да галавы.

– Здароў! – кінуў хлапчук. – Адкуль ты? Ты ж ня з гораду!

– Так было, – сказаў Піпін, – але цяпер, кажуць, я сапраўдны гондарскі ваяр.

– Ну, тады мы ўсе тут гондарскія ваяры. Колькі табе гадоў, як цябе клічуць? Мне ўжо дзесяць, і я неўзабаве сягну пяці ступнёў. Я вышэйшы за цябе. Але ж мой бацька ў Варце Цытадэлі, і ён адзін з самых высокіх. Хто твой бацька?

– На якое з тваіх пытаньняў мне адказаць спачатку? Мой бацька апрацоўвае землі вакол Драбнаключча, што ля Хват-Гарадку ў Шыры. Мне амаль дваццаць дзевяць, так што тут я цябе абагнаў, хоць я ўсяго чатыры ступні, болей ня вырасту, хіба ў таўшчыню.

– Дваццаць дзевяць! – хлопчык прысьвіснуў. – Які ж ты стары! Як мой дзядзька Ёрлас. Аднак, – дадаў ён з надзеяй, – аб заклад паб'юся, што пастаўлю цябе на вушы ці пакладу на лапаткі!

– Магчыма, калі я табе дазволю, – засьмяяўся Піпін. – А мо, хутчэй, я ўчыню з табою што-небудзь, то ж бо мы ведаем усялякія хітрыкі ў маёй маленькай краіне й лютыя ў барацьбе. Там я лічыўся незвычайна вялікім і моцным і анікому не дазваляў паставіць мяне на вушы. Таму, калі ўжо выйсьця ня будзе, дык я ж і забіць цябе магу. Калі вырасьцеш, зразумееш: зьнешнасьць часта падманвае, і хоць ты прыняў мяне за мяккацелага хлапчука-чужынца, папярэджваю: насамрэч я паўросьлік, дужы, страшны й злаўмысны!

Тут Піпін скорчыў такую пысу, што хлапчук адсунуўся на крок, але адразу рушыў наперад, сьціснуўшы кулакі, з ваярскім полымем у вачох.

– Ну, не! – Піпін засьмяяўся. – Таксама ня вер таму, што баюць пра сябе незнаёмцы! Аднак у любым выпадку для таго, хто выклікае на бойку, ветлівей было б спачатку назвацца.

– Я – Бэргіль, сын Бэрэганда, вартавога Цытадэлі! – хлапчук ганарліва выпрастаўся.

– Так я й думаў, – заўважыў Піпін. – Ты падобны да бацькі. Ён паслаў мяне адшукаць цябе.

– Тады чаму ты адразу не сказаў? – на твары Бэргіля намаляваўся скрайні адчай. – Ты хочаш сказаць, што бацька раптам перадумаў і выпраўляе мяне прэч зь дзяўчаткамі! Дык не, апошнія вазы ўжо зьехалі!

– Не, ягонае вырашэньне не такое благое, а мо нават і добрае. Ён казаў, што калі ты не паставіш адразу мяне на вушы, дык, верагодна, правядзеш па горадзе й пакажаш яго ды складзеш мне кампанію. А я табе за тое распавяду пра далёкія краіны.

Бэргіль запляскаў у ладкі й засьмяяўся з палёгкаю.

– Ну дык файна! Рушма! Мы зьбіраліся бегчы да брамы, каб паглядзець. Лепей хадзем зараз жа!

– А што там такое?

– Гетманы вонкавых земляў прыбудуць па Паўднёвым гасьцінцы яшчэ да заходу. Хадзі з намі, будзе цікава!


Бэргіль стаўся добрым прыяцелем, найлепшым спадарожнікам з таго часу, як Піпін разьвітаўся з Мэры, і неўзабаве яны абодва сьмяяліся й весела балбаталі, шпацыруючы па вуліцах, не зьвяртаючы ўвагі на людзкія позіркі. Праз пэўны час далучыліся да шматлікага натоўпу, які рушыў да Вялікай брамы. Тут Піпін значна падняўся ў Бэргілевых вачох, бо калі назваў сваё імя й пароль, вартавы адсалютаваў яму й дазволіў прайсьці і, больш за тое, спадарожніку ягонаму таксама.

– Ну, файнота! – зарадаваўся Бэргіль. – А тое нам, хлапчукам, не дазваляюць за Вялікую браму без дарослых. Цяпер лепей пабачым!

За брамай людзі стоўпіліся ўздоўж гасьцінцу й краёў вялікага брукаванага пляцу, на якім злучаліся ўсе шляхі да Мінас Тырыту. Усе пазіралі на поўдзень, неўзабаве ўзьняўся гаманок:

– Вунь пыл падымаецца! Ідуць!

Піпін з Бэргілем праштурхаліся да краю натоўпу. Здалёк данесьліся гукі рогаў, і гоман вітаньняў пакаціў насустрач, нібы вецер, што мацнее. Выбухам зараўлі горны, і натоўп загукаў:

– Форланг, Форланг!

– Што гэта яны? – спытаў Піпін.

– Форланг падыходзіць, – патлумачыў Бэргіль. – Стары Форланг Бруха, уладар Ласарнаху. Там жывуць мае прабацькі. Ур-ра!! Вунь ён, дружа Форланг!

Наперадзе калёны тэпаў здаравенны таўстаногі конь, а на ім сядзеў вершнік з шырачэзнымі плячыма й неахопным пузам, стары, сівабароды, у кальчужнай брані ды з доўгай цяжкой дзідай. За ім ганарліва крочыў шэраг добра ўзброеных людзей зь вялікімі баявымі сякерамі, змрачнатварых, каржакаватых і карацейшых за ўсіх, каго пакуль што бачыў Піпін у Гондары.

– Форланг! – галасілі людзі. – Вернае сэрца, верны сябра! Форланг!

Але калі людзі з Ласарнаху прайшлі, навокал замармыталі:

– Гэтак мала! Дзьве сотні і ўсё? Мы спадзяваліся, што прыйдзе ў дзесяць разоў болей. Напэўна, гэта праз тыя зьвесткі пра чорны флёт. Нам могуць даць толькі крыху сілаў. Аднак кожная кропля – нам на карысьць.


Войска за войскам падыходзіла да брамы. Іх віталі, гукаючы й галосячы. Людзі Вонкавых земляў меліся абараняць Гондар у змрочную гадзіну. Аднак заўжды было іх няшмат, заўжды меней, чым спадзяваліся ці чым патрабавалася. Прыйшлі пехатою людзі з даліны Рынгло на чале з сынам іхняга гаспадара, Дэрворына. Зь верхавінаў Мортанду, зь вялікай даліны Чорнага Кораню, крочыў высокі Дуйнхір з сынамі Дуйлінам і Дэруфінам ды пяцьцю сотнямі лучнікаў. З Анфаласу, з далёкага Узмор'я, прытэпаў разнастайны народ: паляўнічыя, пастухі й сяляне з маленькіх вёсак, блага й бедна ўзброеныя, апрача сьвіты іхняга гаспадара Галязгіля. З Ламэдану прыбылі некалькі змрочных горцаў без правадыра. Рыбацкі народ Этыру накіраваў у Гондар сотню ці каля таго маракоў – кім падзяліліся карабельныя каманды. Хірлуйн Сьветлы зь Зеленагор'я, зь Пінат Гэліну, прывёў тры сотні апранутых у зялёнае адважных ваяроў. А апошнім – і ў найвялікшай моцы – выступаў Імрахіль, князь Дол Амрату, чые залочаныя сьцягі несьлі герб з караблём і срэбнай лебедзьдзю, за ім ехала харугва рыцараў у поўных латах на шэрых конях, а за рыцарамі крочылі сем сотняў пешых, шляхетна высокіх, шэравокіх, цёмнавалосых. Яны ўсе сьпявалі.

I гэта было ўсё. Агулам – меней за тры тысячы. Болей не зьявіўся ніхто. Выгукі прышлых ды тупат іхніх ног зьніклі, заглухлі за гарадзкім мурам. Назіральнікі яшчэ колькі часу стаялі моўчкі. Вецер сьціх, пыл вісеў у паветры, надвячорак прынёс цяжкую сьпякоту. Ужо набліжаўся час закрыцьця брамы й барвянае сонца хавалася за Міндолуйн. Цень накрыў горад.

Піпін зірнуў угару, і яму падалося: нябёсы зрабіліся попельна-шэрыя, быццам іх засьціла велізарным воблакам пылу й дыму, і сьвятло ледзь прабівалася скрозь іх. А на захадзе сонца запаліла ўвесь гэты пыл і дым крываваю барваю. I цяпер Міндолуйн стаяў чорны ў вогненным цяжкім зьзяньні, бы на вогнішчы з распаленым вугольлем.

– Так файны дзень сканчаецца ў лютасьці й злосьці! – вымавіў Піпін, забыўшыся на хлопчыка побач.

– Для мяне менавіта так і станецца, калі не вярнуся да заходніх званоў, – заўважыў Бэргіль. – Хадзем! Ужо трубяць сыгнал да закрыцьця брамы.


Поплеч сябры пасьпяшаліся ў горад і апошнія ўвайшлі перад закрыцьцём брамы. А калі сягнулі вуліцы Ліхтарнікаў усе званы на вежах сумна адбівалі прыход ночы. У мностве вокнаў запаліліся вагні, а з дамоў і хацінаў уздоўж сьценаў, дзе разьмяшчаліся ваяры, чуліся сьпевы.

– Бывай пакуль што, – сказаў Бэргіль. – Перадай мае вітаньні бацьку й падзякуй яму за цудоўнага таварыша, якім ён мяне парадаваў. Калі ласка, прыходзь ізноў! Мне нават хочацца, каб не было вайны, ну, тады мы павясяліліся б! Наведалі б Ласарнах і маіх прабацькоў. Там файна ўвесну, калі ў палёх і лясох паўнютка кветак. Мо нам і давядзецца яшчэ выправіцца туды разам. Нашага гаспадара не перамагчы, і мой бацька надта адважны. Бывай і вяртайся!

Яны разьвіталіся, і Піпін засьпяшаўся назад, да Цытадэлі. Шлях быў доўгі, хобіт запыхаўся, расчырванеўся й надта згаладнеў, а сьцямнела хутка й непраглядна. Нават ні адзінюткай зоркі не мігцела ў нябёсах. Піпін спазьніўся да вячэры, але Бэрэганд павітаў яго радасна й пасадзіў побач, каб паслухаць зьвесткі пра сына. Пасьля вячэры Піпін яшчэ крыху пасядзеў, а тады разьвітаўся, бо дзівосны сум агарнуў яго й вельмі моцна захацелася зноў пабачыць Гэндальфа.

– Сам знойдзеш дарогу? – спытаў Бэрэганд у дзьвярох маленькай залі паўночнага боку Цытадэлі, дзе вячэралі. – Ноч чорная, удвая чарнейшая ад таго, што загадана загасіць усе вагні ў горадзе, каб анічога ад муроў не праглядалася. I даводжу да цябе яшчэ адзін загад: уладар Дэнэтар хоча бачыць цябе на сьвітанку. Баюся, у Трэці разьдзел цябе не прызначаць. Аднак спадзявацьмемся, раніцаю сустрэнемся. Бывай і дабранач табе!

У пакоі, адведзеным Піпіну з чараўніком, густую цемру разганяў толькі маленькі ліхтарык на стале. Гэндальфа не было. Сум яшчэ цяжэй лёг на Піпінава сэрца. Ён стаў на лаву й вызірнуў у вакно – усё адно як залез у чарніліцу. Зьлез, зачыніў аканіцы й лёг у ложак. Паляжаў яшчэ, прыслухоўваючыся: ці не вярнуўся Гэндальф? А тады праваліўся ў трывожны сон.

Пасярод ночы яго абудзіла сьвятло, і ён пабачыў праз завесы алькова: Гэндальф вярнуўся й ходзіць туды й сюды па пакоі. На стале стаялі сьвечкі, валяліся скруткі пэргамэну. Пачуў, як чараўнік уздыхнуў і прамармытаў:

– Калі ж вернецца Фарамір?

– Дабранач! – Піпін высунуў галаву з-за завесы. – А я ўжо думаў: ваша на мяне забыўся. Я дык рады зноў пабачыцца. Доўгі выдаўся дзень.

– Але ж ноч падасца нашмат карацейшай, – адказаў Гэндальф. – Я прыйшоў сюды, бо мне трэба пабыць сам-насам, у спакоі. А табе належыць спаць у сваім ложку, пакуль тое магчыма. На сьвітанку пойдзеш разам з мною да Дэнэтара. Не, не на сьвітанку, а ў прызначаны загадам час. Бо Цемра прыйшла. Сьвітанку ня будзе.


2. Выправа шэрай харугвы


Калі Гэндальф ад'ехаў і гулкі пошчак Цяняравых капытоў паглынула ноч, Мэры вярнуўся да Арагорна. У хобіта з сабою быў толькі лёгенькі пакунак, бо заплечнік згубіўся на Парт Галене й увесь прыпас складаўся зь некалькіх карысных рэчаў, падабраных на руінах Ізенградку. Хазуфэла ўжо закілзалі, і Ляголас з Гімлі чакалі побач з сваім канём.

– Што ж, толькі чацьвёра засталіся з усяго Зьвязу, – вымавіў Арагорн. – Рушма разам, але ж не адны, мяркую. Кароль вырашыў не чакаць раніцы. Пасьля крылатага ценю ён хоча вярнуцца да гор пад покрывам ночы.

– А мы куды? – спытаў Ляголас.

– Пакуль ня ведаю. Кароль вернецца ў Эдорас, каб ачоліць рушэньне, якое загадаў склікаць чатыры ночы таму. А там, мяркую, атрымае заклік на вайну й вершнікі Рохану выправяцца на дапамогу Мінас Тырыту. Што тычыцца мяне й тых, хто з мною...

– Я! – выгукнуў Ляголас.

– I гном Гімлі, – дадаў Гімлі.

– Што ж тычыцца мяне, перад мною цемра, – скончыў Арагорн. – Я мушу ісьці ў Мінас Тырыт і яшчэ ня бачу, якім шляхам. Набліжаецца гадзіна, здаўна прызначаная мне.

– Мяне хоць не пакідайце! – узмаліўся Мэры. – Вядома, асаблівай карысьці зь мяне не было, але ж я не хачу, каб мяне адкладвалі ўбок, бы пакунак, які спатрэбіцца, калі ўсё скончыцца й супакоіцца. Быў вам залішнім цяжарам, але ж не хачу цяпер рабіцца бескарыснай пакладаю роханцам. Хоць кароль казаў, што хацеў бы пасадзіць мяне побач дый паслухаць расповеды пра Шыр.

– Так, – пагадзіўся Арагорн. – Мяркую, твой шлях – побач зь ім. Але не чакай баляваньняў. Баюся, шмат міне часу, пакуль Тэядэн зноў бесклапотна забалюе ў сваім Мэдусэльдзе. Шмат надзеяў загіне гэтай вясною.

Неўзабаве ўсе падрыхтаваліся да ад'езду: дваццаць чатыры кані й дваццаць шэсьць вершнікаў, з Гімлі за сьпінаю Ляголаса.

I рушылі праз ноч. Мінулі курганы ля бродаў Ізену, калі да караля прыскакаў вершнік з тых, што замыкалі харугву.

– Вашая каралеўская мосьць, нас даганяюць коньнікі, – паведаміў ён. – Калі перасякалі броды, мне падалося: чую іх. Цяпер няма сумневаў – яны наганяюць, скачуць на ўсю моц.

Тэядэн адразу загадаў спыніцца. Коньнікі павярнуліся й узьнялі дзіды. Арагорн сьпешыўся, спусьціў Мэры на зямлю ды, выцягнуўшы меч, стаў побач з каралеўскім стрэмем. Эямэр з збраяношам скіраваўся да ар'ергарду. Мэры ж болей чым калі пачуўся нікчэмнаю ношаю й падумаў: што рабіць, калі пачнецца бойка? А калі малую каралёву сьвіту разаб'юць ды разгоняць, а ён уцячэ ў цемры – тады што рабіцьме самотны пасярод шырокіх роханскіх палёў, ня ведаючы, дзе ён знаходзіцца ў гэтых бясконцых вёрстах роўнядзяў? Ён выцягнуў корд і падцягнуў пас.

Нізкі месяц заценіла вялікая марудная хмара, але раптоўна ён выкараскаўся з-за яе зноў. Цяпер усе чулі пошчак капытоў, і вось змрочныя постаці вылецелі на сьцягу, што вяла ад бродаў. Месяцовае сьвятло бліскала на канчарах іхніх дзідаў. Колькі іх было, не разабралі, але ж відавочна ня меней за каралеўскую харугву.

Калі наблізіліся да паўста крокаў, Эямэр гучна выклікнуў:

– Стой! Стой! Хто рушыць па зямлі Рохану?

Пагоня раптоўна спыніла коней, усіх адначасова. Павісла цішыня, і тады ў няпэўным сьвятле роханцы пабачылі, што адзін вершнік сьпешыўся й павольна крочыў да ракі. Ягоная рука высьвецілася белым у месяцовым сьвятле, ён падняў яе даланёю наперад – на знак міру, але роханцы схапіліся за зброю. За дзесяць крокаў чалавек спыніўся. Высокі ён быў, і паўстаў пагрозьлівым ценем. А тады празьвінеў ягоны ясны, чысты голас.

– Рохан? Рохан, кажаце вы? Тое файна чуць. Бо мы сьпяшаліся да гэтай зямлі з далёкай далечы.

– Вы знайшлі яе, – абвесьціў Эямэр. – Калі перасеклі броды за вашымі сьпінамі, вы крочылі ў яе. Гэта ўладаньні караля Тэядэна. I ніхто ня рушыць сюды безь ягонага дазволу. Хто вы такія? Чаму сьпяшаліся?

– Я – Хальбарад дунадан, сьледапыт Поўначы, – выгукнуў чалавек. – Мы шукаем Арагорна, сына Араторна, бо чулі, што ён у Рохане.

– I вы знайшлі яго таксама! – выгукнуў Арагорн.

Сунуўшы лейцы Мэры, ён пабег наперад і абняў чалавека.

– Хальбарад! – выгукнуў ён. – Вось самая нечаканая з найвялікшых радасьцяў!

Мэры ўздыхнуў з палёгкай. Ужо падумаў: вось апошняя Саруманава нечаканка: падпільнаваць караля, калі зь ім усяго некалькі ваяроў. Аднак, падавалася, няма патрэбы гінуць за Тэядэна – пакуль, ва ўсялякім выпадку. Ён засунуў корд у похвы.

– Усё добра! – абвесьціў Арагорн, азіраючыся. – Мяне знайшлі мае суродзічы з далёкай краіны, дзе я жыў. Але чаму яны зьявіліся й колькі іх, Хальбарад распавядзе сам.

– Трыццаць з мною, – паведаміў Хальбарад. – Гэта ўся кравіна, якую магчыма было сабраць за кароткі час. Браты Эладан і Эльрохір выправіліся з намі, жадаючы трапіць на вайну. Мы рушылі хутка, як маглі, калі прыйшоў твой заклік.

– Але ж я ня клікаў вас, – зьдзівіўся Арагорн. – Хіба толькі ў думках. А мае думкі часьцяком зьвярталіся да вас, і рэдка болей, чым сёньня ўночы, але вестак я ня слаў. Ды калі ласка! Тлумачэньні пачакаюць. Вы знайшлі нас, калі мы сьпяшаліся, бо небясьпека побач. Едзьма разам з намі, калі кароль дазволіць.

Тэядэна навіны насамрэч задаволілі.

– Файна! – сказаў ён. – Калі кравіна вашая хоць троху падобная да вашці, пане мой Арагорне, трыццаць такіх рыцараў – моц, якую вымяраюць ня колькасьцю галоваў.

Тады рушылі зноў. Арагорн пэўны час ехаў побач з дунаданамі, абмяркоўвачы навіны з Поўначы ды з Поўдня.

– Я прынёс табе весткі ад майго бацькі, – паведаміў Эльрохір. – Ён кажа: "Дзён тваіх брак. Калі спяшаесься, згадай Сьцягу Мёртвых".

– Мне заўжды бракуе дзён, каб сягнуць маіх мэтаў – задумаўся Арагорн. – Але ж насамрэч незвычайна мушу я сьпяшацца, каб стаць на тую сьцягу.

– Гэта ўбачым неўзабаве, – заўважыў Эльрохір. – Аднак няварта болей размаўляць пра тое, пакуль мы яшчэ на дарогах жывых.

– Што ты нясеш з сабою? – спытаў тады Арагорн у Хальбарада, бо той замест дзіды нёс доўгі кій, нібы сьцяг, згорнуты, абкручаны чорнаю тканінаю й абвязаны мноствам рамянёў.

– Гэта падарунак табе ад спадарычні Долага Яру, – адказаў Хальбарад. – Таемна рыхтавала яна яго й даўно аддала. I таксама прыслала вестку: "Дзён цяпер брак. Ці нашая надзея ажыве, ці ўсе надзеі згінуць. Таму шлю табе зробленае дзеля цябе. Добрага шляху табе, Эльфаў Самацьвет!"

– Цяпер я ведаю, што ты нясеш, – вымавіў Арагорн. – Пранясі ж гэта яшчэ крыху для мяне.

I ён азірнуўся, і паглядзеў на поўнач, у змрок пад прамяністымі зорамі, і змоўк, і болей не сказаў ані слова, пакуль доўжылася вандроўка тае начы.

На ўсходзе зашарэла, калі выехалі нарэшце зь Яру й сягнулі Горнбургу. Там спыніліся крыху адпачыць ды параіцца.

Мэры спаў, пакуль яго не абудзілі Гімлі зь Ляголасам.

– Сонца высока, спадару Абібоку, – пацьвеліў Ляголас. – Астатнія падняліся й займаюцца справамі. Давай, падымайся, ды зірнем, што за мясьціны тут, пакуль яшчэ можам!

– Тры дні таму тутака была бітва, – дадаў Гімлі, – і мы зь Ляголасам троху паспрачаліся. Ды я перамог на аднаго орка. Хадзем зірнем, як тое было! А яшчэ тут пячоры, цуд, а не пячоры! Ці наведаем мы іх, Ляголас, як мяркуеш?

– Не, няма часу! Няварта псаваць цуд сьпехам. Я даў табе слова: вярнуцца сюды, калі мір ды спакой зацаруюць зноў. А цяпер блізка полудзень, час пад'есьці, а тады, думаю, рушым ізноў.

Мэры падняўся, пазяхаючы. Паспаў усяго пару гадзінаў, амаль не адпачыў і пачуваўся зусім разьбітым. Сумаваў бязь Піпіна, ведаў, што зноў будзе адно бескарыснай пакладаю, пакуль усе навокал сьпешна плянавалі нейкія справы, якія ён цалкам не разумеў.

– Дзе Арагорн? – спытаў ён.

– У вежы, – адказаў Ляголас. – Ён і ня спаў, і ўвогуле не адпачываў. Пайшоў туды колькі гадзінаў таму, сказаўшы, што мае паразважаць, і ўзяў з сабою толькі родзіча, Хальбарада. Нейкі цяжкі сумнеў ці клопат азмрочвае ягонае сэрца.

– Дзівоснае племя, гэтыя навапрышлыя, – заўважыў Гімлі. – Дужыя людзі й уладарныя, і вершнікі Рохану – нібы хлапчукі побач зь імі. Бо яны суворыя, змрочныя, і твары іхнія – што выветраныя скалы, амаль як Арагорнаў твар, а да таго ж яны людзі маўклівыя.

– Але калі парушаюць маўклівасьць, то й гжэчныя, як Арагорн, – дадаў Ляголас. – А ці зьвяртаў ты ўвагу на братоў Эладана з Эльрохірам? I апранутыя яны радасьней, і не такія суворыя, а шляхетныя й сьветлыя, сапраўдныя ўладары эльфаў – праўда, няма чаму дзівіцца, бо яны сыны Эльранда.

– А чаму яны прыехалі? Ці ведаеце вы? – спытаў Мэры.

Ён ужо апрануўся й накінуў на плечы шэры плашч, і ўсе трое крочылі разам да зруйнаванай замкавай брамы.

– Як ты чуў, яны адгукнуліся на заклік, – паведаміў Гімлі. – Зьвесткі прыйшлі ў Долы Яр: "Арагорну патрэбная ягоная радзіна. Няхай дунаданы рушаць на дапамогу ў Рохан!" Але адкуль прыйшоў той покліч, ім самім няясна. Мо Гэндальф даслаў яго.

– Не, Галадрыель, – запярэчыў Ляголас. – Ці ж яна вуснамі Гэндальфа не папярэдзіла нас пра Шэрую харугву з Поўначы?

– Так, твая рацыя, – пагадзіўся Гімлі. – Панна Лесу! У мностве сэрцаў чытае яна, ведае іхнія жаданьні. Чаму толькі мы не пажадалі нашых родзічаў з намі, а, Ляголас?

Ляголас жа, стоячы перад брамаю, азірнуўся па бакох, і твар ягоны азмрочыла трывога.

– Ня думаю, каб яны прыйшлі, – адказаў ён. – Ім няма патрэбы выпраўляцца некуды на вайну. Вайна сама прыйшла да іхніх земляў.

Колькі часу тры сябры шпацыравалі разам, згадваючы й абмяркоўваючы тую ці іншую акалічнасьць бітвы. Мінулі браму, за ёю – курганы загінулых на зялёным лужку побач з шляхам, а тады забраліся на вал і зірнулі на даліну ўнізе. Мерцьвяковае Ўховішча ўжо высілася там – чорны высокі камяністы пагорак, вакол добра вылучалася кольца павытаптанай ды панішчанай гаворнамі травы. Дунляндцы ды шмат хто з замкавай залогі працавалі на вале ці ў палёх альбо на пашкоджаных мурах крэпасьці. Усё падавалася дзівосна спакойным: стомленая даліна адпачывала пасьля шалёнай навалы. Паназіраўшы крыху, сябры павярнулі назад, на паўдзённы сьняданак у вялікай залі Горнбургу.

Кароль ужо сядзеў там, і калі ўвайшоў Мэры, то паклікаў яго й загадаў падрыхтаваць яму месца побач.

– Ня так тут, як хацелася б мне, – выбачыўся кароль, – бо ня надта падобна да майго сьветлага палацу ў Эдорасе. Дый твой сябра, што выправіўся з Гэндальфам, таксама мусіў быць з намі. Але ж шмат часу пройдзе, пакуль пасядзем мы разам за высокі стол Мэдусэльду, бо калі цяпер вернемся туды, часу на баляваньне ня стане. Але ж цяпер – еш ды пі! I размаўляйма, пакуль здольныя. А тады ты выправісься разам з мною.

– Мне можна, вашмосьць? – зьдзівіўся Мэры, уражаны й ушанаваны. – Тое проста найцудоўна!

Аніколі раней не адчувай такой удзячнасьці й прамармытаў, запінаючыся:

– Баюся, я ўсім толькі перашкода, блытаюся ў нагах, але ж я буду шчасьлівы паслужыць, як толькі змагу, вашмосьці.

– Я не сумняюся, – запэўніў кароль. – Загадаю, каб для цябе падрыхтавалі добрага горнага поні. Файны конік на тых шляхох, якімі мы рушым, не адстане ад вялікіх коней. Бо я паеду ад Горнбургу па горных сьцежках, не па роўнядзі, і сягну Эдорасу з Дунхэрэ, дзе панна Эявін чакае мяне. Будзь маім збраяносцам, калі пажадаеш. Ёсьць тут які ваярскі рыштунак, Эямэр, для майго шляхетнага мечаносца?

– Збраярні тут небагатыя, вашамосьць, – адказаў Эямэр. – Магчыма, знойдзецца лёгкі шалом, прыдатны для яго, але ж ні броняў, ні меча на ягоны рост няма.

– У мяне ёсьць меч! – адгукнуўся Мэры, ускочыў і выцягнуў з чорных похваў маленькі зыркі корд.

I раптам, адчуўшы вялікую любоў да старога караля, апусьціўся на адно калена, узяў каралёву руку й пацалаваў яе.

– Ці можна мне пакласьці меч Мэрыядока з Шыру перад вамі, вашамосьць кароль Тэядэн? – выгукнуў ён. – Прыміце маю службу, калі будзе на тое вашая воля!

– З радасьцю прымаю я тваю службу, – вымавіў кароль і, крануўшы доўгімі старымі далоньмі галаву хобіта, добраславіў яго: – Паўстань жа цяпер, Мэрыядок, збраяносца Рохану, ахоўнік Мэдусэльду! Вазьмі свой меч і нясі яго на добрую справу й да перамогі!

– Вашмосьць стане мне як бацька, – вымавіў Мэры.

– Ненадоўга, – уздыхнуў кароль.

Тады вярнуліся да агульнай гутаркі й ежы, пакуль Эямэр не абвесьціў:

– Набліжаецца час, які мы прызначылі для ад'езду, мой кароль. Ці загадваць мне, каб трубілі ў рогі? Але дзе ж Арагорн? Ягонае месца пустое, ён ня сьнедаў.

– Усім рыхтавацца да ад'езду, – загадаў Тэядэн. – I няхай перададуць пану Арагорну, што час надышоў.

Кароль з аховаю й Мэры побач зь ім выйшлі за браму замку на луг, дзе чакалі вершнікі. Шмат іх ужо было на конях. Рушэньне зьбіралася вялікае, бо кароль пакідаў толькі малы гарнізон у замку. Усе, хто мог насіць зброю, імкнулі да месца рушэньня, у Эдорас. Ужо ўночы тысяча дзідаў скіравалася туды, і яшчэ палова ад таго зьявілася, большаю часткаю народ з палёў і далінаў Заходняй Украйны, каб ехаць з каралём.

Крыху далей сядзелі на конях сьледапыты, маўкліва, пашыхтаваўшыся ўжо для паходу, зь дзідамі, лукамі й мечамі. Паверх зброі ўсе накінулі цёмна-шэрыя плашчы, на шаломы насунулі каптуры. Коні іхнія былі моцныя, шляхетнага выгляду, але ж патлатыя, з грубым воласам. Адзіны стаяў бязь вершніка – уласны Арагорнаў конь, Рагерын. Ані каштоўны каменьчык, ані золата, аніякае ўпрыгожаньне не праблісквала ў збруі ці сёдлах. I сьледапыты ня несьлі аніякага знаку ці сымбалю, толькі ў кожнага на левым плячы мацавалася срэбная фібула, выява шматпраменнай зоркі.

Кароль сеў на Сьнежнагрыва, а Меры побач залез на поні, Стыбу. З брамы выйшаў Эямэр, разам зь ім – Арагорн з Хальбарадам, што нёс вялікі кій, агорнуты чорным, ды два высокія ваяры, не старыя й не маладыя. Гэтак падобныя былі адзін да аднаго сыны Эльранда, што няшмат хто мог іх адрозьніць: цёмнавалосыя, шэравокія, зь сьветлымі эльфавымі тварамі, з падобнымі зіхоткімі бронямі пад срэбна-шэрымі плашчамі. За імі крочылі Гімлі зь Ляголасам. Але ж Мэры глядзеў толькі на Арагорна – гэткая неверагодная перамена адбылася зь ім. Нібыта мноства гадоў за ноч леглі на ягоныя плечы. Суворым быў ягоны твар, шэрым і стомленым.

– Я непакоюся, вашая каралеўская мосьць, – ён падышоў да караля. – Дзівосныя словы чуў я й пабачыў здалёк новую пагрозу. Доўга я разважаў, і, баюся, мэты мае цяпер зьменяцца. Скажыце мне, кароль мой Тэядэн, колькі ехаць да Дунхэрэ, колькі пройдзе, пакуль вашамосьць дабярэцца туды?

– Ужо мінула з полудня поўная гадзіна, – заўважыў Эямэр. – Толькі на ўзьвячорку трэцяга дня адсюль даберамося мы да крэпасьці. Месяц тады будзе на дзень пасьля поўні, і рушэньне, скліканае каралём, зьбярэцца яшчэ празь дзень. Хутчэй не атрымаецца, бо трэба ж сабраць сілы Рохану.

Арагорн памаўчаў крыху. Тады прашаптаў:

– Тры дні, і толькі тады зьбярэцца рушэньне. Бачу, насамрэч паскорыць немагчыма.

Ён зірнуў угору і, падалося, нешта вырашыў, бо твар ягоны прасьвятлеў.

– Тады, з дазволу вашамосьці, я абяру новы шлях для сябе й сваёй кравіны. Мы рушым нашым уласным шляхам, болей не таемным. Бо для мяне мінуў час хавацца. Я выпраўлюся на ўсход хутчэйшым шляхам. Я пайду Сьцягою Мёртвых.

– Сьцягою Мёртвых! – паўтарыў Тэядэн, уздрыгнуўшы. – Чаму ты згадаў яе?

Эямэр павярнуўся, угледзеўся ў Арагорна, і Мэры падалося, што твары ўсіх вершнікаў, якія толькі пачулі Арагорнавы словы, зьбялелі.

– Калі сапраўды існуе такая сьцяга, пачынаецца яна ў Дунхэрэ, – сказаў кароль. – Але ніводны з жывых ня пройдзе ёю.

– Шкада, сябра мой Арагорн, як шкада! – выклікнуў Эямэр. – Я спадзяваўся: разам мы выправімся на вайну. Але ж калі ты шукаеш Сьцягу Мёртвых, тады нашыя шляхі разыдуцца, і наўрад ці зноў сустрэнемся мы пад сонцам.

– Гэтаю сьцягою я прайду, – вымавіў Арагорн. – Але ж кажу табе, Эямэр: магчыма, сярод бітвы мы сустрэнемся зноў, хоць бы ўсё мордарскае войска паўстала паміж намі!

– Абіраць твой шлях – твая воля, пане Арагорне, – сказаў кароль. – Мажліва, дарога твая вядзе па дзівосных сьцяжынах, на якія астатнія не адважваюцца крочыць. Ростань засмучае мяне, і сіла нашая меншае. Аднак зараз я мушу ехаць горным шляхам і не затрымлівацца болей. Бывай і добрай табе дарогі!

– Бывайце, гаспадар мой! – адгукнуўся Арагорн. – Едзьце – да вялікай славы й гонару! Бывай, Мэры! Я пакідаю цябе ў надзейных руках, лепшых, чым баяліся мы, палюючы оркаў ля Фангарну. Надзея мая, Гімлі зь Ляголасам застануцца яшчэ папаляваць з мною, але на цябе мы не забудземся.

– Да пабачэньня! – сказаў Мэры.

Болей словаў ён не знайшоў. Адчуваў сябе надта маленькім і нікчэмным, дый усе змрочныя гаворкі азадачылі, засмуцілі яго. Болей за ўсё сумаваў ён цяпер па невычэрпнай Піпінавай весялосьці. Вершнікі ўжо стаялі гатовыя да ад'езду, і коні нецярпліва пераміналіся з нагі на ногу. Хобіт думаў: хутчэй бы ўсё пачалося.

I вось Тэядэн аддаў загад Эямэру, а той падняў руку й выгукнуў, і вершнікі рушылі наперад. Мінулі вал, спусьціліся па даліне й збочылі на ўсход па шляху, што зь вярсту агінаў падэшвы пагоркаў, а тады паварочваў на поўдзень і хаваўся сярод горных схілаў. Арагорн жа правёў людзей караля да валу й спыніўся, назіраючы, пакуль тыя не аддаліліся. А тады павярнуўся да Хальбарада.

– Там аддаляюцца ад мяне трое тых, каго люблю, і меншага зь іх болей за ўсіх, – вымавіў ён. – Ён ня ведае яшчэ, чаго сягне й што напаткае, але нават калі б ведаў, усё адно не павярнуў бы.

– Маленькія, але ж вялікай вартасьці – насельнікі Шыру, – заўважыў Хальбарад. – Няшмат яны ведаюць пра нашыя высілкі па ахове іхніх межаў, але я не сумую з таго й ня маю крыўды.

– Нашыя лёсы сплеценыя. Але ж, на жаль, мы мусім разьвітвацца! Ну, цяпер мне трэба крыху падсілкавацца, а пасьля й нам належыць сьпяшацца. Хадзем з мною, Гімлі, Ляголас! Мушу паразмаўляць з вамі падчас сьняданку.

Разам вярнуліся ў замак, але пэўны час Арагорн сядзеў за сталом моўчкі, астатнія чакалі, пакуль ён загаворыць.

– Ну! – ня вытрымаў нарэшце Ляголас. – Распавядзі ж, адкрыйся, што цісьне на цябе, пазбаўся ценю! Што адбылося пасьля таго шарага золку, калі мы сягнулі гэтага змрочнага месца?

– Барацьба, цяжэйшая для мяне, нават чым бітва за Горнбург, – адказаў Арагорн. – Бо я, сябры мае, зазірнуў у палантыр Ортанку.

– Ты глядзеў у гэты кляты вядзьмарскі камень?! – выгукнуў Гімлі ў жаху й зьдзіўленьні. – Ці ты сказаў што – яму? Нават Гэндальф баяўся такога спаборніцтва!

– Ты забыўся, з кім размаўляеш, – вочы Арагорна бліснулі. – Чаго ты баісься? Што магу я выказаць яму? Ці не адкрыта абвесьціў я сваё званьне перад брамаю Эдорасу? ...Не, Гімлі, – дадаў ён мякчэй, і суворасьць пакінула ягоны твар, засталася толькі цяжкая стома многіх бяссонных, поўных працы начэй. – Не, сябры мае, я – праўдзівы гаспадар палантыра ды маю й права, і сілы карыстацца ім... ці так меркаваў я. Права маё аніхто не аспрэчыць. I моцы хапіла. Ледзь хапіла.

Ён глыбока ўздыхнуў.

– Жорсткая была барацьба, і ня хутка міне яе стома. Ані слова я не сказаў яму і, урэшце, вырваў у яго камень, падпарадкаваў маёй волі. Адно тое наўрад ці ён лёгка перанясе. I ён бачыў мяне. Так, спадару Гімлі, ён бачыў мяне, хоць і ня так, як бачыце вы. Калі тое дапаможа яму, тады я памыляюся. Але, мяркую, я не змыліўся. Ведаць, што я жыву й хаджу па гэтай зямлі – цяжкі ўдар для яго, бо ён ня ведаў таго раней. Вочы Ортанку ня бачылі анічога па-за роханскаю бранёю й почтам Тэядэна. Але ж Саўрон не забыўся на Ісільдара й меч Элендыля. I вось, у найвялікшую часіну ягоных плянаў і мараў яму адкрываюцца меч і спадчыньнік Ісільдара, бо я паказаў яму перакаваны меч. А Саўрон яшчэ не такі магутны, каб падняцца над усялякім страхам, не, сумнеў заўжды грызе яго.

– Аднак улады й моцы ён сягнуў незвычайных, – заўважыў Гімлі, – і цяпер ён ударыць па нас яшчэ раней.

– А заўчасны ўдар часьцяком ня лучыць, – сказаў на тое Арагорн. – Мы мусім апярэджваць нашага Ворага, а не сядзець у чаканьні нападу. Бачце, сябры мае, калі я авалодаў палантырам, я вызнаў шмат рэчаў. Нечаканая сіла рушыць на Гондар з Поўдня, небясьпека, што адцягне вялікую частку ваяроў, хто мог бы абараняць Мінас Тырыт. Калі не адвярнуць тую пагрозу, мяркую, дзесяці дзён не міне, як горад загіне.

– Тады ён загіне, – склаў Гімлі. – Бо якую дапамогу даслаць адсюль туды й як яна прыбудзе ў патрэбны час?

– У мяне няма войска, каб накіраваць туды. Таму пайду сам. Ёсьць толькі адзіны шлях праз горы, што выведзе мяне на бераг да таго, як усё будзе страчанае. Гэта Сьцяга Мёртвых.

– Сьцяга Мёртвых! – паўтарыў Гімлі. – Ліхое імя і, бачу, ня надта даспадобы роханцам. Ці могуць жывыя прайсьці той сьцяжынай і самі не далучыцца да памерлых? I калі нават ты пройдзеш тою дарогаю, што ты зробіш такім малым войскам супраць мордарскай навалы?

– Ад часоў прыходу рахірымаў жывыя аніколі не хадзілі той сьцяжынаю, – паведаміў Арагорн, – бо яна зачыненая для іх. Аднак у час цемры спадчыньнік Ісільдара скарыстаецца ёю, калі адважыцца. Слухайце ўважліва, бо сыны Эльранда, наймудрэйшага й найабазнанейшага ў дзеях мінуўшчыны, прынесьлі мне ад свайго бацькі такія словы: "Няхай Арагорн згадае прароцтва й Сьцягу Мёртвых".

– Што за прароцтва? – спытаў Ляголас.

– У дні Арведуі, апошняга караля ў Форнасьце, празорца Мальбэт казаў:

Доўгі цень кладзецца на Захад,

цемра цягне чорныя крылы.

Вежа ўздрыгвае, кон надыходзіць

да старых курганоў каралеўскіх.

Мёртвым час прыйшоў абудзіцца,

кліч пачуць парушальнікам клятвы,

зноў да каменя Эрэх сабрацца.

Хто ж у поклічны рог затрубіць?

Хто забытых зьбярэ із змроку?

Нашчадак прынялага клятву,

прыведзены з Поўначы лёсам,

крочыць ён за браму памерлых.

– Змрочны шлях, безумоўна, – заўважыў Гімлі, – але ж не змрачнейшы за гэтыя радкі.

– Каб зразумець іх лепей, хадзем разам з мною, бо менавіта гэтаю сьцягою пайду я. Бяз радасьці, бо толькі неабходнасьць змушае мяне. Таму хачу, каб толькі з добрай волі йшлі вы з мною, бо цяжкім будзе той шлях і страшным, а магчыма, і бяду напаткаеце вы.

– Я пайду з табою нават па Сьцязе Мёртвых, куды яна ні вяла б! – вымавіў Гімлі.

– І я таксама, – далучыўся Ляголас, – бо я не баюся памерлых.

– Спадзяюся, гэтыя забытыя не забыліся яшчэ, як біцца, – прабурчэў Гімлі. – Бо інакш няма сэнсу турбаваць іх.

– Пра тое мы даведаемся, калі выйдзем да каменя Эрэх, – заўважыў Арагорн. – Але ж клятва, якую яны парушылі, была клятваю змагацца з Саўронам. I выканаюць яе яны толькі змагаючыся. А на гары Эрэх стаіць чорны камень. Яго прывёз, як кажуць, з Нумэнору сам Ісільдар і ўсталяваў на гары. На тым камені кароль гор на самым ранку Гондару пакляўся ў вернасьці Ісільдару. Калі Саўрон вярнуўся й зноў вырас у моцы, Ісільдар заклікаў народ гор выканаць клятву. Але яны адмовіліся, бо аддаліся й пакланіліся Саўрону ў Чорныя гады.

Тады Ісільдар сказаў іх каралю: "Ты станеш апошнім каралём свайго народу. I калі Захад адужае твайго Чорнага Гаспадара, тады ляжа на цябе й твой народ мой праклён: аніколі не знайсьці спакою, пакуль ня спраўдзіце клятвы. Бо вайна працягнецца скрозь гады незьлічоныя й напрыканцы яе вас заклічуць на яе зноў". Горцы ўцяклі ад Ісільдаравага гневу, не адважыўшыся біцца на Саўронавым баку, пахаваліся ў таемных горных спратах дый спынілі ўсялякія зносіны з вонкавым сьветам і паціху вымерлі сярод бясплодных гор. I ад таго часу жах Неспачылых Памерлых пануе вакол гары Эрэх ды ўсіх мясьцінаў, дзе жылі тыя людзі. Але я мушу йсьці туды, да памерлых, таму што няма жывых, каб дапамагчы мне.

– Дык рушма! – выклікнуў ён, паўстаў і выцягнуў меч, і той зырка бліснуў у паўзмроку замкавай залі. – Да каменю Эрэх! Бо я йду Сьцягой Мёртвых. Ідзіце з мною, чыя будзе на тое воля!

Гімлі зь Ляголасам не адказалі. Папросту ўсталі й выйшлі ўвасьлед за Арагорнам з залі. Унізе на траве ўжо чакалі нерухомыя й маўклівыя сьледапыты. Ляголас з Гімлі селі на свайго каня, Арагорн ускочыў на Рагерына. Тады Хальбарад узьняў вялізны рог, і выгук ягоны адбіўся рэхам у Хельмавым Яры, і за рэхам харугва кінулася наперад, панеслася ўніз па цясьніне, бы віхура, і ўсе людзі, якія заставаліся на Вале ці ў замку, паглядалі наўздагон ім зьдзіўлена.


I гэтак, пакуль Тэядэн рушыў павольнымі горнымі сьцежкамі, Шэрая харугва імчалася па роўнядзях і назаўтра аполудні сягнула Эдорасу. Там спыніліся ненадоўга, тады паскакалі ўверх па даліне й яшчэ да прыцемак дабраліся да Дунхэрэ.

Панна Эявін павітала іх, узрадаваўшыся іх прыбыцьцю, бо ня бачыла людзей, магутнейшых за дунаданаў і сьветлых сыноў Эльранда, але ж часьцей за ўсё яе позірк спыняўся на Арагорне. I калі яны селі вячэраць зь ёю, то шмат размаўлялі, бо небагата зьвестак сягнула яе з часоў Тэядэнавага ад'езду, і яе вочы зьзялі, калі яна чула пра бітву ў Хельмавым Яры, і пра поўную паразу ворагаў, і пра вынішчэньне іх, і пра моц караля Тэядэна й ягоных рыцараў, што выехалі насустрач ворагам.

Аднак нарэшце яна вымавіла:

– Шаноўнае спадарства, вы натаміліся. Вас чакаюць ложкі й тая ўтульнасьць, якую мы стварылі ў пасьпешлівасьці. Але ж раніцаю лепшыя пакоі знойдуцца для вас.

– Не, сьветлая панна, не клапаціся пра нас, – запярэчыў Арагорн. – Калі толькі мы здолеем прылегчы тут ды пасьнедаць уранку, таго будзе нам досыць. Бо я сьпяшаюся па справе найвялікшай значнасьці, і мы мусім рушыць зь першым сьвятлом золку.

– Незвычайная ласка да мяне, пане, – усьміхнулася яна тады, – праскакаць столькі вёрстаў, ухіліўшыся ад шляху, каб прынесьці навіны Эявін і пацешыць бяседаю ў яе выгнаньні.

– Сапраўды, аніхто не палічыў бы вандроўку дзеля такой мэты марнай, – згадзіўся Арагорн. – Аднак, панна, я не прыехаў бы сюды, калі б мой шлях ня вёў мяне праз Дунхэрэ.

– Тады, пане мой, вы заблукалі, – адказала яна так, быццам ёй не падабалася тое, што даводзілася казаць. – Бо з гэтай даліны няма дарогі ані на ўсход, ані на поўдзень, і лепей вам вярнуцца шляхам, якім вы прыехалі.

– Не, панна, я не заблукаў. Я крочыў па гэтай зямлі яшчэ да таго, як вы асьвятлілі яе сваім нараджэньнем. З гэтай даліны ёсьць шлях, і па ім я рушу. Раніцаю крочу я на Сьцягу Мёртвых.

Тады яна глянула на яго, нібы атрымаўшы цяжкі ўдар, і зьбялела, і доўга не казала анічога, і ўсе сядзелі моўчкі.

– Аднак, Арагорне, – вымавіла нарэшце, – ці ж мэта твая – шукаць сьмерці? Бо толькі яе знойдзеш ты на тым шляху. Памерлыя не дазволяць жывым прайсьці.

– Магчыма, яны дазволяць мне. Так ці йнакш, я пайду. Бо аніякі іншы шлях не дапаможа мне.

– Гэта вар'яцтва! Бо тут жа людзі моцы й пашаны, навошта весьці іх у цень, калі іхняе месца на вайне! Калі ласка, малю вас: застаньцеся з намі, едзьце з маім братам, і тады ўзрадуюцца сэрцы, і надзея нашая зазьзяе яскравей.

– Не, тое не вар'яцтва, мая панна. Я іду па шляху, прызначаным мне. Але тыя, хто ідзе з мною, робяць так з уласнага жаданьня, і калі хто хоча застацца й ехаць на вайну з рахірымамі, то вольны зрабіць так. Я ж пайду Сьцягою Мёртвых нават адзін.

Болей не размаўлялі й давячэралі ў цішыні. Панна не адрывала позірку ад Арагорна, і ўсе бачылі, як пакутуе яна ад сумневаў і жалю. Паеўшы, падняліся з-за стала, падзякаваўшы паньне за гасьціннасьць, разьвіталіся дый выправіліся спачываць.

А калі Арагорн падышоў да намёта, дзе падрыхтавалі ложкі яму й Гімлі зь Ляголасам, і калі ягоныя спадарожнікі ўжо зайшлі, а ён затрымаўся вонкі, панна падышла да яго й паклікала. Ён азірнуўся й убачыў яе срэбным пробліскам у ночы, бо апранутая яна была ў белае, але вочы яе палалі.

– Арагорн, – вымавіла яна, – чаму ж ты крочыш у сьмерць?

– Таму што я мушу. Толькі ў тым мая надзея, толькі так магу я зьдзейсьніць наканаванае ў вайне супраць Саўрона. Я ня сам абраў шлях небясьпекі, Эявін. Калі б я рушыў туды, куды кліча мяне маё сэрца, я застаўся б далёка на Поўначы, у сьветлай даліне Долага Яру.

Пэўны час яна маўчала, нібы разважаючы над сэнсам пачутага. Тады раптам паклала сваю руку на ягоную.

– Ты – суровы й рашучы ўладар, ачольца людзей, і слава твая не міне цябе, – вымавіла яна й прымоўкла, а пасьля таго сказала: – Пане мой, калі ўжо мусіш ты ісьці тым шляхам, дазволь мне ехаць з табою. Бо я стамілася хавацца ў гарах, я хачу пайсьці насустрач жаху й бітве.

– На табе абавязак перад тваім народам.

– Ці не зашмат чула я пра свой абавязак? Але ж я з роду Эёрла, я ваяроўна, а ня нянька. Зашмат я клапацілася пра нямоглых. Цяпер яны, падаецца, ізноў набраліся сілаў. Чаму ж мне ня жыць цяпер так, як жадаю я?

– Няшмат хто здольны жыць так, ня трацячы высакароднасьці. Што ж тычыцца цябе, панна, ці не на табе абавязак кіраваць народам да вяртаньня гаспадара? Калі б абралі не цябе, маршалак ці гетман, прызначаны на гэтую пасаду, не пакінуў бы яе, стаміўся ён ці не.

– Ці заўжды дзеля такога абірацьмуць мяне? Ці заўжды пакідацьмуць мяне, калі вершнікі скачуць на бой? Даглядаць за хатай, пакуль яны здабываюць славу, дый гатаваць ежу й ложкі для іх, калі вернуцца?

– Неўзабаве можа надысьці такі час, калі яны ня вернуцца. Тады спатрэбіцца мужнасьць без надзеі на славу, бо ня будзе каму ўзгадаць подзьвігі апошняй абароны родных муроў. Подзьвігі тыя ня зьменшацца ад таго, што ніхто ня ўславіць іх у песьнях.

– Усе твае словы кажуць адно: ты – жанчына й месца тваё ў хаце. А калі мужчыны з гонарам загінуць у бітве, табе дазваляецца згарэць разам з хатаю, бо мужчынам яна болей не патрэбная. Але ж я – не пакаёўка. Я з роду Эёрла. Я валодаю канём і мечам і не баюся ані болю, ані сьмерці.

– Чаго ж баісься ты, мая панна?

– Клеткі. Баюся застацца за кратамі, пакуль звычка ды старасьць не пагодзяць мяне зь імі, пакуль надзея зьдзейсьніць вялікае сыдзе ў небыць.

– I панна раіла мне ня рушыць абранай сьцяжынай празь яе небясьпеку?

– Іншым можна раіць і тое, чаго не жадаеш сам. Але ж я не заклікала цябе ўцякаць ад небясьпекі, аднак ехаць на бітву, дзе твой меч заслужыць гонар і перамогу. Я не хачу бачыць, як вялікае й шляхетнае губіцца марна.

– Я таксама, – сьцьвердзіў Арагорн. – Таму кажу табе, мая панна: заставайся. Бо няма ў цябе мэты й справы на поўдні, абавязак ня кліча цябе туды.

– Як і тых, хто рушыць туды з табою, – вымавіла яна. – Яны ідуць толькі, каб быць разам з табою. Бо любяць цябе.

I яна павярнулася, і пайшла прэч, і зьнікла ў ночы.

Калі раніца асьвятліла нябёсы, а сонца яшчэ ня выбралася з-за высокіх хрыбтоў на ўсходзе, Арагорн падрыхтаваўся да ад'езду. Ягоная харугва ўся ўжо пасела на коней, і ён хацеў быў скочыць у сядло, калі зьявілася панна Эявін, каб разьвітацца. Апранутая як ваяр, зь мечам на пасе. У руках яна трымала келіх. Кранула яго вуснамі й адпіла крыху, пажадаўшы коньнікам лёгкага шляху, а тады падала келіх Арагорну. Той адпіў і вымавіў:

– Бывай, панна Рохану! Я п'ю за дабрабыт твайго дому й роду, за цябе й за ўвесь твой народ! Скажы брату: па-за ценем мы сустрэнемся зноў!

Тады падалося Гімлі зь Ляголасам, што стаялі побач, нібы яна заплакала, і надзвычай горкім выглядала тое ў асобе такой мужнай і суворай. А яна спытала:

– Арагорн, ці пойдзеш ты?

– Пайду, – адказаў ён.

– Ці не дазволіш ты мне ехаць сярод тваіх спадарожнікаў, як прасіла я?

– Не, панна. Я не магу дазволіць бяз згоды караля й твайго брата, а яны не прыедуць да раніцы. Мне ж каштоўная кожная гадзіна, нават кожная хвіліна. Бывай!

Тады яна стала на калені.

– Я малю цябе, дазволь!

– Не, мая панна.

I ўзяўшы яе за руку, падняў з каленяў. Тады пацалаваў ёй руку, скочыў у сядло й паехаў прэч, не азіраючыся. I толькі тыя, хто добра яго ведаў і быў побач, бачылі ягоны вялікі боль.

А Эявін стаяла, нібы вычасаная з каменю, сьціснуўшы кулакі, і назірала за вершнікамі, пакуль тыя ня зьніклі ў ценях пад чорным Дзьвіморбергам, гарою Наўя, там, дзе й была Брама Мёртвых. А калі зьніклі, павярнулася й пабрыла, спатыкаючыся, як сьляпая, да сваіх пакояў. I аніводны зь яе народу ня бачыў гэтага разьвітаньня, бо ад страху ўсе пахаваліся й не хацелі выходзіць, пакуль сонца ня ўзыдзе на нябёсы й чужынцы-вар'яты ня сыдуць прэч.

А некаторыя казалі:

– Гэтыя чужынцы – эльфава наўе. Няхай едуць туды, дзе іхняе месца, у змрок, і аніколі не вяртаюцца. Часіна й так ліхая.


Ехалі шэрым досьвіткам, бо сонца яшчэ не ўскараскалася па-над чорнымі рэбрамі гары Наўя. Вусьціш агарнула ўсіх, калі праехалі паміж шэрагамі старажытных валуноў і сягнулі Дымхольту. Там пад ценем чорных дрэваў, які нават Ляголас ужо ня мог выносіць, знайшлі лог у самых каранёў гары, а проста на сьцязе стаяў адзіны магутны камень, нібы пагрозьлівы палец кону.

– У мяне кроў халаднее ў жылах, – паскардзіўся Гімлі, астатнія ж маўчалі, і голас ягоны заглух, упаў, бы мёртвы хваёвы шыльнік, пад ногі. Коні не хацелі ісьці за пагрозьлівы камень, і вершнікі сьпешыліся й павялі іх пад аброць. Гэтак нарэшце ўступілі ў лог і сягнулі скальнага муру, а ў ім ашчэранай пашчай ночы чарнелі дзьверы Змроку. Знакі й постаці, вычасаныя шырокаю аркаю над дзьвярыма, не чыталіся ў прыцемках, прывіднаю шэраю параю плынеў адтуль страх.

Харугва спынілася, бо сэрцы ўсім сьціснула жуда, апрача хіба эльфа Ляголаса, які не баяўся чалавечых прывідаў.

– Гэтыя дзьверы вядуць у ліха, – вымавіў Хальбарад. – Сьмерць чакае мяне за імі. Я ўсё адно крочу туды, але ж коні ня пойдуць.

– Мы пойдзем, таму пойдуць і нашыя коні, – запярэчыў Арагорн. – Бо калі пераадолеем гэтую цемру – наперадзе ляжа шмат міляў, і кожная гадзіна, якую мы змарнуем, набліжае Саўронаву перамогу. Хадзем за мною!

Арагорн крочыў наперад, і такая была моц ягонай волі, што ў гэты час усе дунаданы й іхнія коні рушылі за ім. I насамрэч, так любілі коні сьледапытаў сваіх вершнікаў, што адважыліся нават сустрэць цемру й жах за дзьвярыма памерлых, калі ў сэрцах іхніх гаспадароў, што ішлі побач, заставаліся мужнасьць і рашучасьць. Аднак Арад, роханскі конь, адмовіўся ісьці й стаяў, прэючы й трапечучы, і на страх ягоны пазіраць было балюча й сумна. Тады Ляголас паклаў свае рукі яму на вочы й прасьпяваў словы, ціхія й ласкавыя сярод змроку, – і конь дазволіў весьці сябе, і Ляголас крочыў за ганак. Перад ганкам жа застаўся адзіны гном Гімлі.

Калені ягоныя дрыжэлі, і ён злаваў на сябе.

– Ну, нечуваная рэч! – прабурчэў сам сабе. – Эльф ідзе ў скляпеньне, а гном не наважваецца!

З тым і кінуўся наперад. Падалося, ногі наліліся сьвінцом, ледзь перацягнуў іх цераз ганак, і адразу цемра асьляпіла яго – асьляпіла Гімлі, сына Глойна, хто бяз страху крочыў па мностве найглыбейшых пячораў гэтага сьвету.

Арагорн запаліў узятыя ў Дунхэрэ паходні й цяпер рушыў наперадзе, несучы адну высока, а Эладан з другою ішоў апошнім. Гімлі, спатыкаючыся, наганяў яго. Ня бачыў нічога, апрача бледнага полымя паходняў, а калі харугва прыпынялася, слухаў бясконцы шэпт мноства галасоў навокал, шамаценьне словаў мовы, якой раней ня чуў.

Нішто не нападала на падарожнікаў, не перашкаджала ім, але страх гнома ўсё рос і рос. I болей за ўсё ад таго, што ведаў: назад ходу ня будзе, усе шляхі ззаду запоўненыя нябачным войскам, што ідзе за імі ў цемры.

Гэтак прамінулі мо незьлічоныя гадзіны, пакуль Гімлі не пабачыў тое, што пасьля надта не любіў згадваць. Праход быў шырокі, наколькі мог меркаваць гном, але раптоўна харугва выйшла ў шырокую залю. Сьцены пааберуч зьніклі, і вусьціш прыціснула так цяжка, што гном ледзь перасоўваў ногі. Леваруч нешта бліснула ў змроку ад сьвятла Арагорнавай паходні, калі той наблізіўся. Тады Арагорн прыпыніўся й падышоў бліжэй зірнуць, што там.

– Ці ён увогуле не адчувае страху? – прамармытаў гном. – У любой іншай пячоры Гімлі, сын Глойна, першы пабег бы на бляск золата. Але ж толькі ня тут. Няхай ляжыць!

Аднак наблізіўся й ён, і ўбачыў, што Арагорн стаіць на каленях, а Эладан трымае абедзьве паходні. Перад імі ляжаў шкілет магутнага чалавека, апранутага ў кальчугу, якая захавалася, бо паветра ў пячоры было сушэйшае за пыл, а браня пазалочаная. Пас чалавека ўпрыгожвалі золата й пунсовыя лалы, і багата аздоблены золатам шалом яшчэ трымаўся на чэрапе. Чалавек ляжаў тварам уніз. Ён упаў ля сьцяны пячоры, і перад ім стаялі шчыльна зачыненыя каменныя дзьверы. Косткі пальцаў яшчэ чапляліся за расколіны ў камені. Вызубраны й паламаны меч валяўся побач, нібы ў апошнім адчаі ваяр сек каменьне.

Арагорн не крануў яго. Паглядзеў троху моўчкі, а тады паўстаў і ўздыхнуў.

– Тут да скону сусьвету ня вырастуць сімбельмуны, – прашаптаў ён. – Дзевяць курганоў і яшчэ сем ужо парасьлі зялёнай травою, і ўсе гэтыя доўгія гады ён ляжыць перад дзьвярыма, якія ня здолеў адчыніць. Куды вядуць гэтыя дзьверы? Што шукаў ён за імі? Аніхто аніколі ня вызнае.

– Бо гэта не мая справа! – выгукнуў ён, павярнуўшыся да шапатлівай цемры за сьпінай. – Трымайце свае скарбы й таямніцы, захаваныя ў Клятыя гады! Нам патрэбная толькі хуткасьць. Дазвольце нам прайсьці й тады хадзіце за мною! Я клічу вас да каменя Эрэх!


Адказу не было, толькі поўная ціша, жахлівейшая за ранейшы шэпт, і тады задзьмула лядзянаю віхурай, і полымя паходняў ускінулася ды згасла, і запаліць нанова яго не ўдалося. Адна гадзіна ці некалькі прамінулі пасьля, Гімлі ня памятаў. Астатнія ўсё ішлі ды ішлі, а ён заўжды клыпаў апошнім, а на пяткі яму наступаў чэпкі, ухопісты жах – вось-вось дагоніць. I прывідны пошапт поўз за ім, тупаценьне мноства ног. Гімлі кульгаў, тады ледзь ня поўз, як жывёліна на пузе, і адчуваў: болей ня вытрывае, мусіць або знайсьці выйсьце, пазьбегнуць вусьцішы, або павярнуцца й у шаленстве кінуцца назад, насустрач жаху.

I раптам пачуў звон кропляў, ясны й празрысты, як крышталік, і звон той стаўся сьвітанкам у чорным змроку сну. Пасьвятлела, і вось – харугва прайшла празь іншую браму, высокую, шырокую, і побач зь сьцежкаю пабегла крынічка, а наперадзе, строма ідучы долу, пацягнулася сьцяга паміж адхонамі скалаў, наверсе вызубранымі, быццам нажы, уваткнутыя ў нябёсы. Такою глыбокаю й вузкаю была цясьніна, што нябёсы над галавою падаваліся цьмянымі, і на іх блішчэлі маленечкія зоры. Як высьветліў потым Гімлі, было яшчэ дзьве гадзіны да заходу таго самага дня, раніцаю якога пакінулі Дунхэрэ. Але ж адчувалася: мог прамінуць год ці час рухаўся паводле законаў іншага сусьвету.

Харугва зноў пасела на коней, і Гімлі вярнуўся да Ляголаса. Паехалі цугам, сутоньне ахутала падарожных глыбокім блакітным ценем, а страх па-ранейшаму перасьледаваў іх. Ляголас павярнуўся да Гімлі, зірнуў назад, і гном убачыў проста перад сабою водбліск у пранізьлівых эльфавых вачох. За імі ехаў Эладан, апошні з харугвы, але не апошні з тых, хто спускаўся ўніз па сьцежцы.

– Памерлыя едуць за намі, – вымавіў Ляголас. – Я бачу абрысы людзей і коней, і блядныя сьцягі, што абрыўкі аблокаў, і дзіды, што карункі намаразі ільдзянаю ноччу. Памерлыя йдуць за намі.

– Памерлыя йдуць за намі, – рэхам адгукнуўся Эладан. – Яны пачулі заклік.

Харугва выехала нарэшце зь цясьніны – гэтак раптоўна, нібы тая была ўпрост расколінаю ў сьцяне, і перад вандроўнікамі разьвінуліся верхавіны вялікай даліны, а струмень, што плынеў побач, паскакаў уніз па мностве вадаспадаў і зазьвінеў халодна.

– Куды ў Міжзем'і патрапілі мы? – пацікавіўся Гімлі.

– Мы выйшлі да вытокаў Мортанду, – адказаў Эладан, – доўгай халоднай ракі, якая ўпадае ў мора ля сьценаў Дол Амрату. Мяркую, табе няма патрэбы пытацца, адкуль яе імя. Людзі клічуць яе Чорнакрынічнаю.

Даліна Мортанду вялікай затокай уразалася ў паўднёвы бок гор, стромых і недаступных. Схілы іхнія зарасьлі зялёнай травою, але ўсё пашарэла ў гэты час. Сонца зайшло, і далёка ўнізе, у даліне, праблісквалі агеньчыкі ў людзкіх хацінах. Даліна была багатаю й налічвала шмат жыхароў.

Зьнянацку Арагорн, не паварочваючыся, выклікнуў гучна, каб чулі ўсе:

– Сябры, забудзьмася на стому! Скачыце, што моцы скачыце! Мусім сягнуць каменю Эрэх да скону гэтага дня, а скакаць яшчэ шмат!

I, не азіраючыся, харугва памкнула па палёх, пакуль не сягнула мосту над узбуйнелым струменем і шляху, што вёў долу.

Перад падарожнымі гасьлі агні ў хацінах і сядзібах, зачыняліся дзьверы. А тыя людзі, каго напаткалі вонкі, лямантавалі ад жаху й кідаліся прэч у шале, бы алені ад паляўнічых. Тут і там у прыцемках чуліся выгукі:

– Кароль Памерлых! Кароль Памерлых ідзе на нас!

Далёка ўнізе білі званы. Усе стрэчныя кідаліся прэч ад Арагорна, а Шэрая харугва ў сьпеху мчала, бы дзікае паляваньне, пакуль коні не пачалі спатыкацца ад стомы. I вось так у цемры, чарнейшай ад пячорнай падгорнай ночы, блізу поўначы сягнулі гары Эрэх.

Здаўна мёртвы жах панаваў на гэтай гары й пустых навакольных палёх. Бо на вяршыні яе ляжаў чорны камень, круглы, як вялізны шар, вышынёю з чалавечы рост, хоць і закапаны да паловы ў зямлю. Незямным выглядаў ён, быццам зваліўся зь нябёсаў. Некаторыя гэтаму верылі, а іншыя, хто памятаў паданьні былога Захаду, казалі, што камень гэты з Нумэнору й усталяваў яго тут Ісільдар, высадзіўшыся ў Міжзем'і. Аніхто з жыхароў даліны не адважваўся набліжацца да яго, і аніхто паблізу не сяліўся. Бо казалі, што тут балююць прывідныя цені, тут яны зьбіраюцца ў гадзіну страху й вайны, гуртуючыся вакол каменя й перашэптваючыся.

Гэтага валуна харугва сягнула ў чарноцьці ночы й спынілася ля яго. Тады Эльрохір даў Арагорну срэбны рог, і той выдзьмуў заклік. I падалося ўсім, хто стаяў побач, што здалёку ў адказ даляцелі гукі мноства рагоў, бы рэха ў глыбокіх пячорах далёка за сьпінамі. Анічога іншага ня чулі, аднак зразумелі: вялікае войска сабралася вакол гары, і лядзяны вецер, бы подых прывідаў, сышоў з гор. А Арагорн сьпешыўся, пастаў ля каменя ды выгукнуў моцна:

– Парушальнікі клятвы, навошта прыйшлі вы?!

I голас раздаўся сярод ночы, быццам з далёкай далечы:

– Стрымаць клятву й знайсьці спакой.

– Час надышоў! – абвесьціў Арагорн. – Я рушу ў Пеларгір на Андуйне, і вы пойдзеце за мною. I калі ўся гэтая зямля ачысьціцца ад паслужнікаў Саўрона, я палічу вашую клятву споўненаю, і вы набудзеце спакой, і пакінеце гэты сьвет да скону яго. Бо я – Элесар, нашчадак Ісільдара Гондарскага.

Хальбарад разгарнуў вялікі сьцяг, які нёс з сабою, і сьцяг апынуўся чорным. Калі й была на ім якая выява, то цемра схавала яе. Цішыня павісла вакол, і ані шэпту, ані ўздыху не чувалася наўсьцяж усёй доўгай ночы. Харугва правяла ноч ля каменя, але спалі няшмат, бо вусьціш цяжка ціснула ад навакольных ценяў.

А калі надышла раніца, халодная й блядная, Арагорн паўстаў і павёў харугву ў падарожжа вялікай сьпешкі ды стомы, якую аніхто ня ведаў раней, апрача самога Арагорна, і толькі ягоная воля рушыла ўсімі. Аніякія іншыя сьмяротныя людзі не маглі б вытрымаць такое, толькі дунаданы Поўначы, ды зь імі гном Гімлі й эльф Ляголас.

Мінулі Глотку Тарланга, спусьціліся ў Ламэдан, а войска ценяў ішло ззаду, паганяючы перад сабою жах. Сягнулі Калембэля на Кірылі, і сонца нібы патанула ў крыві за Пінат Гэлін на захадзе за імі. Анікога не напаткалі ні ў горадзе, ні на бродах цераз Кірыль, бо шмат хто выправіўся на вайну, а тыя, што засталіся, уцяклі ў горы, пачуўшы пра набліжэньне Караля Памерлых. А наступным днём сьвітанак не надышоў, і Шэрая харугва крочыла ў цемру Буры з Мордару й зьнікла зь сьмяротных вачэй, але мёртвыя па-ранейшаму ішлі за ёю.

3. Роханскае рушэньне


Цяпер усе шляхі вялі на ўсход – насустрач вайне й навале Ценю. I ў той самы час, калі Піпін стаяў ля Вялікай брамы гораду й назіраў, як уяжджае ў яе пад харугвамі князь Дол Амрату, кароль Рохану спусьціўся з гор.

Сутонела. У апошніх сонечных прамянёх доўгія вострыя цені абганялі вершнікаў. Цемра запаўзла пад шапатлівыя яліны, якімі зарасьлі стромыя горныя схілы. Кароль напрыканцы дня ехаў павольна. Шлях перад ім павярнуў, агінаючы вялікую голую скалу, і нырнуў у змрок, дзе мякка ўздыхалі дрэвы. Вершнікі доўгім зьвілістым ланцугом спускаліся ўсё ніжэй і ніжэй. Калі нарэшце сягнулі дна цясьніны, прыцемкі ўжо гусьцелі ў западзінах і кутах. Сонца села. Змрок лёг на вадаспады.

Увесь дзень у цясьніне пад коньнікамі бег, скакаў па скалістых прыступках ад перавалу ручай, які прасек вузкі шлях сярод зарослых соснамі гор і вось прарваўся нарэшце праз гушчэчу на шырокую прастору даліны. Ваяры ехалі ўздоўж яго, і зьнянацку Баразьніна легла перад імі, запоўненая гулкімі сярод спакою ўзьвячорку гукамі спрытнай вады. Там бялюткая Сьнежнародная ўбірала ў сябе мноства меншых рачулак і неслася, пырскаючы на камянёх, да Эдорасу, да зялёных пагоркаў і роўнядзяў. Праваруч ад пачатку вялікай даліны магутны Вастрагірн уздымаўся неабсяжным замчышчам, прыбраным аблокамі, але ягоная вызубраная вяршыня, пакрытая спрадвечным сьнегам, блішчэла высока над сьветам, цёмна-блакітная ад ценяў на ўсходзе, залітая барваю позьняга сонца на захадзе.

Мэры захапляўся дзівоснай краінай, пра якую чуў гэтак шмат расповедаў падчас доўгага шляху. Тут не было нябёсаў – вока праз змрочныя затокі вечаровага паветра заўжды ўпіралася ў схілы, якія караскаліся адзін на другі, у шэрыя муры скалаў, за якімі ўзьнімаліся новыя скалы, а побач пазяхалі пахмурыя пашчы прорваў, паўсхаваныя туманом. Хобіт сядзеў, зачараваны, слухаючы шум вады, шэпт цьмяных дрэваў, пошчак камянёў і неабсяжную, цяжкую, чакальную цішу, якая ўгадвалася, пагрозьліва лунала па-над усімі гукамі. Мэры любіў горы ці, дакладней, любіў думаць пра іх, іхнія цені на ўскрайку расповедаў пра далёкія краіны, але цяпер быццам увесь невыносны цяжар Міжзем'я наваліўся на ягоныя самотныя плечы.

Адразу захацелася схавацца ад такой вялізманасьці ў спакойным пакойчыку побач з агменем.

Хобіт надта стаміўся. Бо хоць ехалі павольна, усё ж амаль без адпачынку. Гадзіна за гадзінаю амаль тры стамляльныя дні рушылі ўвесь час уверх і ўніз, празь перавалы, доўгія даліны, мноства рачулак. Час ад часу, калі шлях рабіўся шырэйшым, хобіт ехаў побач з каралём, не заўважаючы ўсьмешак вершнікаў, што бачылі іх побач: хобіта на маленькім скурлатым шэрым поніку й гаспадара Рохану на вялікім белым кані. Тады Мэры размаўляў з Тэядэнам, распавядаў пра свой дом і зьдзяйсьненьні шырскага народу ці, у сваю чаргу, слухаў паданьні Ўкрайны ды герояў яе даўніны. Але ж большасьць часу, асабліва апошнім днём, Мэры ехаў сам па сабе наўпрост за каралём, маўкліва, намагаючыся разабраць павольную напеўную гаворку роханцаў, якую чуў вакол. У мове той, падавалася, пазнаваў шмат знаёмых словаў, хоць вымаўленых адметней і больш складана за шырскія. Аднак словы ў зразумелыя сказы ня складваліся. Раз-пораз які вершнік уздымаў голас у звонкім, чыстым сьпеве, і Мэры адчуваў, як ягонае сэрца падскоквае ў грудзёх, хоць і не разумее, куды кліча тая песьня.

Нягледзячы на ўсё, пачуваўся самотным, і найбольш у прыцемках. Думаў, куды ж патрапіў у дзівосным і невымяральным сьвеце Піпін, што зрабілася з Арагорнам, Ляголасам і Гімлі. Тады раптоўна, нібы лядовым дотыкам да сэрца, кранула яго думка пра Фрода з Сэмам. "Я забываюся на іх! – дакарыў сам сябе. – А яны ж найістотнейшыя за ўсіх нас. Я ж пайшоў дапамагчы ім, але цяпер яны, напэўна, за сотні вёрстаў ад нас, калі ўвогуле жывыя".

Ён здрыгануўся.

– Баразьніна нарэшце! – абвесьціў Эямэр. – Нашае падарожжа амаль скончылася.

Вершнікі спыніліся. Сьцяга строма зьбягала ўніз з вузкай расколіны. Толькі пробліскам, нібыта праз высокае вакно, рысавалася скрозь вечаровы змрок вялікая даліна ўнізе. Адзіны маленечкі агеньчык мільгацеў ля ракі.

– Гэтае падарожжа, мажліва, і скончылася, – заўважыў Тэядэн, – аднак мне яшчэ далёка рушыць. Мінулай ноччу была поўня, і раніцаю я паеду ў Эдорас на рушэньне Ўкрайны.

– Калі б вашая каралеўская мосьць мяне паслухалі, – вымавіў Эямэр ціха, – дык вярнуліся б сюды й чакалі тут, пакуль вайна скончыцца – перамогаю альбо паразаю.

Тэядэн усьміхнуўся.

– Не табе, сыне мой – бо так цяпер буду клікаць цябе, – ліць мяккія словы Зьмеяротага ў мае старыя вушы!

Кароль выпрастаўся й азірнуўся на доўгі шэраг ваяроў, што зьнікаў у цемры за сьпінай.

– Падаецца, доўгія гады, а ня дні таму выехаў я на захад. Але ж аніколі болей не абапруся я на старэчую кульбу! Калі нас перамогуць, якая карысьць хавацца ў гарах? А калі мы пераможам, якая бяда, калі я й загіну, аддаўшы апошнія сілы перамозе? Аднак пакінем гэтую гамонку пакуль што. Сёньняшняй ноччу я буду спаць у крэпасьці Дунхэрэ. Яшчэ адзіная вечарына спакою засталася нам. Дык рушма!

У густым змроку спусьціліся ў даліну. Там Сьнежнародная плынела бліжэй да заходняга краю даліны, неўзабаве шлях вывеў да броду, дзе плыткая вада гучна булькатала на камянёх. Брод ахоўвалі. З набліжэньнем караля мноства ваяроў скочылі зь ценяў пад скаламі; калі пабачылі гаспадара Ўкрайны, то загаласілі задаволеныя:

– Кароль Тэядэн! Ягамосьць кароль Тэядэн! Гаспадар Украйны вярнуўся!

Тады нехта задзьмуў у рог, і рэха пакацілася па даліне. Іншыя рогі адказалі, і за ракою запаліліся агні.

I зьнянацку згары шматгалосым хорам зараўлі горны, падавалася, аднекуль з-пад высачэзнага даху, тое шматгалосьсе зьлілося ў адну плынь і хваляю пакацілася, заплёскала паміж каменнымі сьценамі.

Пераможцам вярнуўся кароль Украйны з захаду ў Дунхэрэ да ўзножжа Белых гор. I там знайшоў, што шмат народу ўжо сабралася, бо, як толькі пра ягоны прыезд стала вядома, ачольцы й правадыры паехалі да броду, каб сустрэць яго, несучы весткі ад Гэндальфа. Кіраваў імі Дунхэр, гаспадар тутэйшага народу.

– На сьвітанку тры дні таму, вашамосьць, – паведаміў ён, – Цяняр прымчаў віхураю з захаду ў Эдорас і Гэндальф узрадаваў нашыя сэрцы навінамі пра перамогу. I таксама перадаў загад паскорыць збор вершнікаў. А тады зьявіўся крылаты цень.

– Крылаты цень? – перапытаў Тэядэн. – Мы таксама бачылі яго, але пасярод ночы, перад тым як Гэндальф пакінуў нас.

– Верагодна, вашамосьць, той самы цень ці іншы, падобны да яго, сама цемра ў выглядзе жахлівай птушкі, праляцела над Эдорасам раніцаю, і людзі скалануліся ад жуды. Бо яна спусьцілася да Мэдусэльду, нізка, амаль на дах палацу, і завіскатала так, што ў нас застылі сэрцы. Тады Гэндальф параіў нам не зьбірацца ў палёх, а сустрэць вашамосьць у даліне пад гарамі. I папрасіў запальваць толькі тыя вогнішчы й ліхтарні, безь якіх зусім няможна абысьціся. Так мы й зрабілі. Гэндальф прамаўляў надта ўладарна. Мы паверылі, што загады ягоныя – воля вашамосьці. Бо анічога падобнага на гэткае ліха раней ня бачылі ў Баразьніне.

– Вы добра зрабілі, – ухваліў Тэядэн. – Я цяпер – у крэпасьць, там перад адпачынкам сустрэнуся з маршалкамі й гетманамі. Няхай зьбяруцца да мяне як мага хутчэй!

Шлях вёў на ўсход, проста праз даліну, што ў гэтым месцы шырынёю была ня болей за паўвярсты. Вакол ляжалі лугі, зарослыя грубаю травою, шэрай у месяцовым сьвятле, але наперадзе, ля дальняга краю даліны, Мэры заўважыў пагрозьлівы змрочны мур, найдалейшы атовілак вялізных каранёў Вастрагірну, прасечаных ракою ў часы пракаветныя.

На роўнядзі наперадзе бачылі вялікі лягер. Колькі людзей сабралася ля шляху, вітаючы караля й пераможцаў з захаду радаснымі погукамі, а за імі цягнуліся ўдалеч упарадкаваныя шэрагі намётаў ды шатроў, канавязяў з коньмі, козлаў з зброяй, таксама й мноства дзідаў тырчэла гушчаром сьвежых высадак. Цяпер над усім гэтым вялікім зборам ляжаў начны змрок, і хоць вечаровы вецер дыхаў холадам зь вяршыняў, не сьвяцілася ані агеньчыка й ані вогнішча не было распалена. Цёпла апранутыя вартавыя хадзілі туды й сюды.

Мэры стала цікава, колькі ж тут сабралася вершнікаў. У цемры цяжка было разабраць, але падавалася: магутнае войска, некалькі тысячаў. Пакуль хобіт азіраўся па бакох, каралеўская харугва сягнула высачэзнай сьцяны на ўсходнім баку даліны, а тады шлях раптам пачаў караскацца ўгару, і Мэры зірнуў наверх, зьдзіўлены й уражаны. Бо перад ім легла дарога, падобнай да якой аніколі раней ня бачыў, магутная й майстэрская праца людзей у гады, пра якія й песьняў не засталося. Наверх вяла яна, зьвіваючыся зьмяюкай, прабіваючыся наперад па адхоне суцэльнай скалы. Стромая, бы лесьвіца, пятляла яна туды й сюды. Па ёй маглі ісьці коні, і нават вазы магчыма было павольна ўсьцягнуць па ёй, але ж аніякі вораг не прайшоў бы тут, пакуль зьверху абаранялі яе, хіба сягнуў бы верхняга месца з паветра. На кожным павароце стаялі вялізныя валуны, вычасаныя ў падабенства людзей, каржакаватых, няўклюдых, што сядзелі, скрыжаваўшы ногі, склаўшы на тоўстых круглых брушках кароткія рукі. У некаторых мінулыя гады скралі ўсе рысы твараў, пакінуўшы толькі чорныя яміны вачэй, што пазіралі сумна на мінакоў. Вершнікі на статуі не глядзелі. Іх клікалі пукеламі, увагі на іх не зьвярталі, бо аніякай чароўнай моцы яны ня мелі й анікога ня страшылі, але Мэры дзівіўся ды адчуваў нешта накшталт шкадаваньня, калі яны сумна й велічна выступалі з змроку.

Праз колькі часу азірнуўся й убачыў, што ўжо падняліся на некалькі сотняў ступнёў над далінаю, але далёка ўнізе яшчэ віліся ланцугі вершнікаў, што перасякалі броды й рушылі па шляху да месца ў лягеры, прызначанага ім. Толькі кароль з аховаю падымаўся ў крэпасьць.

Нарэшце каралеўская харугва дабралася да апошняга павароту над адхонам. Далей шлях пайшоў па калідоры паміж мурамі й пасьля нядоўгага пад'ёму вывеў на шырокае пласкагор'е.

Людзі называлі гэтую шырокую роўнядзь, зарослую травою й верасам, Сьвятапольлем. Ляжала яна высока над ручвом Сьнежнароднай, на прыступцы вялізных гор – Вастрагірну на поўдні й вызубранай грамады Ірэнзагі на поўначы, а паміж імі паглядала на вершнікаў змрочная чорная сьцяна Дзьвіморбергу – гара Наўя строміла схілы, парослыя соснамі. Падзяляючы пласкагор'е надвое, цягнулася да яе двайная лінія бясформавых камянёў-стаякоў, што зьнікалі далей у цемры, губляліся паміж дрэвамі. Тыя, хто адважваўся рушыць уздоўж камянёў, неўзабаве сягнулі б чорнага Дымхольту пад самай гарою Наўя й убачылі б пагрозьлівую каменную калёну й разяўленую пашчу забароннай вусьцішнай брамы.

Такою была змрочная цьвярдыня Дунхэрэ, праца даўно забытага народу. Імя ягонае зьнікла, ня памяталі ані песьняў ягоных, ані паданьняў. Дзеля чаго збудавалі гэтае месца – ці тое горад, ці тое таемны храм, ці тое каралеўскае скляпеньне, – аніхто цяпер у Рохане ня ведаў. У Чорныя гады, да таго, як першы карабель прыстаў да гэтых берагоў, да таго, як узьвялі дунаданскі Гондар, працавалі тут людзі – і згінулі, пакінуўшы толькі старых пукелаў уздоўж дарогі.

Мэры пазіраў на шэрагі камянёў, выветраных і чорных. Некаторыя зь іх пахіліліся, некаторыя ўвогуле ўпалі, некаторыя патрэскаліся ці паламаліся. Выглядалі яны, бы старыя, але прагныя іклы. Хобіту было цікава, навошта яны, але ён спадзяваўся, што кароль не паедзе паўзь іх у цемру. Тады заўважыў мноства шатроў і намётаў паабапал каменных шэрагаў, але намёты тыя былі ўсталяваныя падалей ад дрэваў і ўвогуле, падавалася, імкнуліся да краю пласкагор'я. Бальшыня іх стаяла праваруч, дзе Сьвятапольле было найшырэйшым, а леваруч сярод меншага лягеру намётаў высіўся вялікі прасторны шацёр. Адтуль наблізіўся вершнік, каб павітаць прышлых, і харугва збочыла туды.

Калі пад'ехалі, Мэры ўбачыў, што вершнік – насамрэч дзяўчына з доўгімі, заплеценымі ў косы валасамі, якія бліскалі ў прыцемках, аднак на галаве ў яе быў шалом, і на пасе меч, і кальчуга на целе.

– Вітаньне, кароль Украйны! – выгукнула яна. – Маё сэрца сьпявае зь вяртаньня вашамосьці!

– Я рады бачыць цябе, Эявін, – вымавіў кароль. – Ці ўсё добра ў цябе?

– Усё добра, – адказала яна, і Мэры падалося: голас здрадзіў ёй і насамрэч яна мо нават плакала, калі тое магчыма для асобы з такім суворым і мужным тварам. – Усё файна. Для людзей, якіх раптоўна адарвалі ад родных хатаў і агменяў, шлях сюды быў цяжкім. Шмат цяжкіх словаў гучала, бо ўжо даўно вайна не зганяла нас з нашых зялёных палеткаў. Аднак ніхто не ўчыніў аніякага ліха. Як бачыць вашамосьць, усё цяпер у парадку й уладкавана. Усё дзеля адпачынку вашамосьці падрыхтаванае, бо я мела зьвесткі пра прыбыцьцё вашамосьці й нават пра гадзіну, калі зьявіцеся.

– Значыць, Арагорн прыехаў сюды, – абрадаваўся Эямэр. – Ён яшчэ тут?

– Не, ён рушыў прэч, – вымавіла Эявін, адварочваючыся й углядаючыся ў цёмныя горы на поўдні й на ўсходзе.

– Куды ж скіраваўся ён? – спытаў Эямэр.

– Ня ведаю. Ён зьявіўся ўночы й учора выправіўся прэч, калі яшчэ сонца не ўскараскалася над хрыбтамі. Ён сышоў. Зьнік.

– Ты тужыш, дачка мая, – засмуціўся кароль. – Што здарылася? Скажы мне, ці не пра тую сьцягу ён казаў табе? – ён паказаў на змрочныя шэрагі камянёў, што вялі да Дзьвіморбергу. – Ён пайшоў Сьцягою Мёртвых?

– Так, гаспадар мой, – адказала Эявін. – Сышоў у цень, адкуль ніхто не вяртаўся. Я не пераканала яго. Ён сышоў. Згінуў.

– Тады шляхі нашыя разышліся, – сказаў Эямэр. – Ён згінуў. А мы рушым на бой безь яго, і надзея нашая гібее.

Павольна й моўчкі яны праехалі празь невысокі верас і верхавую траву й сягнулі каралеўскага шатра. Там Мэры ўбачыў, што насамрэч усё падрыхтаванае й на яго таксама не забыліся. Маленькі намёцік усталявалі асабіста для яго побач з каралеўскім шатром, і там хобіт сядзеў самотны, пакуль людзі хадзілі міма туды й сюды, наведваючы караля й радзячыся зь ім. Спусьцілася ноч і ўкаранавала паўбачныя галовы заходніх гор зорамі, а ўсход застаўся пусты й цьмяны. Шэрагі камянёў павольна зьніклі ў цемры, але за імі, чарнейшы за змрок, лунаў велізарны схілены цень Дзьвіморбергу.

– Сьцяга Мёртвых, – прамармытаў хобіт пад нос. – Што ж бы гэта азначала? Усе цяпер мяне пакінулі. Усе выправіліся насустрач нейкаму свайму кону. Гэндальф зь Піпінам на вайну, на захад. Сэм з Фрода ў Мордар. Швэндал зь Ляголасам і Гімлі на Сьцягу Мёртвых. Мяркую, і мая чарга надыдзе неўзабаве. Цікава, пра што гэта там усе перамаўляюцца й што кароль рабіцьме? Бо я ж мушу цяпер рушыць зь ім разам.

Сярод сумных разважаньняў ён раптам узгадаў, што надта згаладнеў, і ўжо вырашыў быў падняцца й праверыць, ці хто яшчэ ў гэтым дзівосным лягеры адчувае падобнае. Але тут загуў рог і зьявіўся чалавек, які запрасіў яго, як каралеўскага збраяносцу, прыслужваць за каралеўскім сталом.


Ва ўнутранай частцы шатра была невялікая прастора, адгароджаная з усіх бакоў вышыванымі завесамі й засланая шкурамі, там за маленькім сталом сядзелі Тэядэн з Эямэрам, і Эявін, і Дунхэр, гаспадар Баразьніны. Мэры стаў побач з каралём, чакаючы, пакуль спатрэбяцца ягоныя паслугі, але кароль, урэшце абудзіўшыся ад глыбокага задуменьня, павярнуўся да яго й усьміхнуўся.

– Ходзь сюды, спадару Мэрыядоку, – паклікаў ён. – Не, табе ня трэба стаяць. Пакуль я ў маіх землях, сядай побач з мною й павесялі маё сэрца расповедамі.

Адразу падрыхтавалі месца для хобіта, леваруч ад караля, але ніхто не прасіў аніякіх расповедаў. Увогуле размаўлялі няшмат, елі й пілі збольшага маўкліва. Нарэшце набраўшыся адвагі, Мэры спытаў пра тое, што нудзіла яго.

– Ужо двойчы, вашамосьць, чуў я пра Сьцягу Мёртвых. Што гэта за шлях такі? I дзе Швэндал, я маю на ўвазе спадар Арагорн? Куды ён выправіўся?

Кароль уздыхнуў, але не адказаў. Нарэшце маўчаньне парушыў Эямэр.

– Мы самі ня ведаем, і на нашых сэрцах – цяжар. Што тычыцца Сьцягі Мёртвых, ты сам ужо зрабіў першыя крокі па ёй. Не, мае словы не вястуюць ліхога кону! Шлях, па якім мы падымаліся, набліжаецца да патаемнай брамы, далей, у Дымхольце. А што за ёю, аніводны чалавек ня ведае.

– Аніводны чалавек ня ведае, але ж старажытная легенда, пра якую рэдка цяпер згадваюць, кажа што-кольвек пра тое, – заўважыў Тэядэн. – Калі старыя паданьні, якія перадаюцца ад бацькі да сына ў родзе Эёрла, маюць каліва праўды, дык брама ў Дзьвіморбергу вядзе да таемнага праходу пад гарамі й далей да нейкага невядомага прызначэньня. Аніхто аніколі не адважваўся выкрыць тыя сакрэты з таго часу, як Бальдар, сын Брэга, прайшоў за браму. Аніколі болей ня бачылі яго сярод жывых. Ён выпіў рог мёду на баляваньні ў час сьвяткаваньня Мэдусэльду, калі Бальдараў бацька Брэга скончыў будаваць яго, і пакляўся неразумнаю клятваю – і аніколі не вярнуўся, каб заняць высокі сталец, якому быў спадчыньнік.

Народ кажа, што памерлыя Чорных гадоў ахоўваюць шлях і не дазволяць анікому жывому прайсьці ў іхнія таемныя залі. Але саміх іх час ад часу відаць. Яны, нібы цені, плынеюць з-за брамы, плывуць уздоўж каменнага шляху. Тады людзі Баразьніны зачыняюць дзьверы, і завешваюць вокны, і трымцяць. Але памерлыя рэдка пакідаюць свае залі – толькі ў часы вялікіх турботаў і шматлікіх блізкіх сьмерцяў.

– У Баразьніне кажуць цяпер, – вымавіла Эявін ціха, – што нядаўнімі безьмесяцовымі начамі вялікае войска дзівоснага выгляду прайшло міма. Адкуль яно ўзялося, ніхто ня ведае, але яно паднялося па каменным шляху й зьнікла ў гары, быццам скіраваўшыся да месца закліку й збору.

– Тады чаму Арагорн пайшоў туды? – спытаў Мэры. – Вы ня ведаеце анічога, што можа патлумачыць ягоны ўчынак?

– Хіба толькі ён казаў табе, як свайму сябру, што-небудзь, чаго мы ня ведаем і што можа патлумачыць усё, – заўважыў Эямэр. – Калі не, дык ніхто на зямлі жывых ня скажа, якая была ягоная мэта.

– Мне падалося, ён зьмяніўся з таго часу, як упершыню я ўбачыла яго ў каралеўскім палацы, – згадала Эявін. – Састарэў, пазмрачнеў. Пячатку лёсу, нетутэйшага сьвету ўбачыла я на ім, бы ў таго, каго ўжо паклікалі памерлыя.

– Мажліва, ён і быў пакліканы, – заўважыў Тэядэн. – Маё сэрца кажа мне, што я ня ўбачу яго зноў. Аднак лёс каралёў на ягоным чале, высокі лёс. Суцесься, дачка мая, бо падаецца мне, што суцяшэньня жадаеш ты ў тузе па нашым высокім госьцю. Кажуць, калі эёрлінгі прыйшлі з Поўначы й пасьля доўгага падарожжа падняліся ўздоўж Сьнежнароднай, шукаючы месцы для крэпасьцяў і спратаў у час патрэбы, Брэга й ягоны сын Бальдар ускараскаліся па лесьвіцы Сьвятапольля й прыйшлі да брамы. На ганку яе сядзеў чалавек, састарэлы па-за любым адлікам чалавечых гадоў, высокі, па-каралеўску ганарлівы, але ссохлы й абветраны, што заімшэлы валун. За камень і прынялі яго спачатку, бо ён ня рухаўся й не сказаў ані слова, пакуль яны не захацелі абысьці яго, каб крочыць за браму. Тады пачуўся ягоны голас, бы з глыбіняў зямлі, на зьдзіўленьне, голас той вымавіў на заходняй мове: "Шлях забаронены!"

Яны спыніліся, прыглядаючыся, і ўбачылі яго: ён быў яшчэ жывы, але не глядзеў на іх.

"Шлях забаронены, – вымавіў голас ізноў, – ён зроблены памерлымі, і памерлыя пільнуюць яго да прызначанага часу. Шлях забаронены".

"I калі прыйдзе той прызначаны час?" – спытаў Бальдар. Але адказу не атрымаў. Бо стары памёр у тую самую хвілю, і ўпаў ніцма, і аніякіх іншых зьвестак пра старажытных насельнікаў гор наш народ аніколі ня вызнаў. Мажліва, нарэшце прадказаны час надышоў, і Арагорн здолее прайсьці.

– Але ж як сьмяротнаму высьветліць, ці надышоў той час, апрача як крочыць за браму? – спытаў Эямэр. – За яе я ня рушыў бы, нават калі б усе натоўпы Мордару сталі перад мною, а я заставаўся адзінюткі й ня меў аніякага іншага выйсьця. Як шкада, што ліха апанавала чалавека гэткай велічы ў часіну нашай пільнай патрэбы! Ці ж мала гора пад сонцам гэтай зямлі? Навошта шукаць яго ў скляпеньнях? Вайна ж побач!

Ён змоўк, і ў гэты момант пачуўся звонкі гоман – нехта выгукнуў імя Тэядэна, – і запытальныя поклічы варты.

Ачольца аховы адсунуў убок завесу.

– Тут чалавек, ганец з Гондару, – паведаміў ён. – Жадае паўстаць перад вашамосьцю зараз.

– Тады няхай паўстане! – дазволіў Тэядэн.

Высокі ваяр крочыў за завесу, і Мэры ледзь стрымаўся, каб ня выгукнуць, бо на момант яму падалося, што ажыў і вярнуўся Барамір. Толькі крыху пазьней уцяміў, што чалавек незнаёмы й падобны да Бараміра так, як мог быць падобны сваяк, суродзіч: такі самы высокі, шэравокі й ганарлівы. Апрануты ён быў як вершнік, у цёмна-зялёны плашч на брані з файнай кальчугі, наперадзе ягонага шалома зіхацела маленькая срэбная зорачка. У руцэ ваяр нёс адзіную стралу, чарнапёрую, з вызубраным канчаром, зь дзюбкай, афарбаванай барваю.

Ваяр апусьціўся на калена й працягнуў стралу Тэядэну.

– Вітаньні вашамосьці, гаспадару рахірымаў, сябру Гондару! – вымавіў ён. – Хіргон завуся я, ганец Дэнэтара, хто шле вашамосьці пазнаку вайны. Гондар у вялікай бядзе. Мноства разоў рахірымы дапамагалі нам, і цяпер уладар Дэнэтар просіць вас выступіць з усёю вашаю моцаю й хуткасьцю, каб Гондар вытрымаў і не загінуў.

– Барвяная страла! – Тэядэн прыняў яе як доўгачаканы, але страшны заклік. Рука караля задрыжэла. – За ўсе мае гады ня бачылі мы на Ўкрайне барвянай стралы! Сапраўды дайшло да такога? I якія ж, паводле меркаваньня гаспадара Дэнэтара, мае сілы й хуткасьць?

– Гэта больш вядома вашамосьці, – адказаў Хіргон. – Але ж, магчыма, ня шмат часу пройдзе, як цалкам абложаць Мінас Тырыт. Можа, у вас хопіць сілаў прабіцца праз моцнае кола аблогі. А калі не, дык гаспадар Дэнэтар прасіў мяне перадаць, што моц рахірымаў лепей дапаможа Мінас Тырыту на ягоных мурах, чым звонку ад іх.

– Аднак ён ведае, што мы болей звыклыя змагацца на конях у чыстым полі й што мы народ вандроўны, раскіданы па нашай краіне. Нам патрэбны час, каб сабраць верхаўцоў. Ці ня праўда, Хіргон, што гаспадар Гондару ведае болей, чымся перадае ў пасланьні? Бо мы ўжо ваюем, як ты мог бачыць, і ты не знайшоў нас непадрыхтаванымі. Гэндальф Шэры быў з намі, і проста цяпер мы зьбіраем рушэньне для бітвы на ўсходзе.

– Ці ведаў пра тое, ці здагадваўся гаспадар Дэнэтар, мне невядома, – адказаў Хіргон. – Аднак нашае становішча адчайнае. Мой гаспадар не загадвае вашамосьці, адно просіць прыгадаць даўняе сяброўства й клятвы й дзеля сябе ж зрабіць усё, што магчыма. Нам даносяць, што мноства каралёў і правадыроў сышліся з Усходу на службу Мордару. Ад далёкай Поўначы да роўнядзі Дагорладу сутычкі й ваенныя чуткі. На поўдні заварушыліся харадрымы, і вусьціш легла на ўсе нашыя ўзьбярэжжы. Мала дапамогі мы атрымаем адтуль. Таму сьпяшайцеся! Бо перад мурамі Мінас Тырыту вырашыцца лёс нашага часу. I калі навалу не спыніць там, яна захлісьне й сьветлыя роханскія палі, і нават гэтая крэпасьць сярод гор не ўратуе ахвотнікаў схавацца.

– Чорныя весткі, але ж не зусім нечаканыя, – заўважыў Тэядэн. – Скажы ж Дэнэтару, што нават калі б сам Рохан быў па-за небясьпекаю, мы прыйшлі б. Аднак мы страцілі шмат ваяроў у вайне з здрайцам Саруманам і мусім яшчэ клапаціцца пра нашыя паўночныя й усходнія межы, як пацьвярджаюць вашыя ж навіны. З такою вялікаю сілаю, якой цяпер, падаецца, валодае Чорны Ўладар, ён можа затрымаць нас перад Мінас Тырытам і ўсё ж зь вялікім войскам перайсьці цераз раку й абрынуцца на браму й сьцены гораду.

Але ж няма болей часу на асьцярожнасьць і развагі. Мы прыйдзем. Рушэньне прызначанае на раніцу. Калі ўсё ўладкуем, адразу ж і выправімся. Раней я сабраў бы дзесяць тысячаў дзідаў, каб прыбыць праз раўніну на гора вашым ворагам. Баюся, цяпер зьбярэцца меней, бо я не пакіну крэпасьці без аховы. Аднак сама менш шэсьць тысячаў павяду я за сабою. Скажы Дэнэтару, што ў гэты час кароль Украйны сам прыйдзе ў Гондар, хоць, можа, і ня вернецца дадому. Доўгая дарога да Гондару, а людзі й коні мусяць скончыць яе, ашчадзіўшы сілы для бітвы. Тыдзень, магчыма, пройдзе з заўтрашняга сьвітанку да таго, як пачуеце вы поклічы сыноў Эёрла з поўначы.

– Тыдзень! – выгукнуў Хіргон. – Калі так, дык так. Але ж, верагодна, вы пабачыце праз тыдзень руіны, хіба толькі іншая, нечаканая дапамога прыбудзе да нас. Ну, усё ж, можа, вы не дасьцё оркам ды смуглярам баляваць беспакарана ў Белай вежы.

– Магчыма, так і будзе, – згадзіўся Тэядэн. – Але й сам я толькі з падарожжа ды зь бітвы й мушу адпачыць. Заставайся тут гэтай ноччу. Раніцаю зірнеш на рушэньне Рохану й выправісься дахаты ўзрадаваны, дый ногі панясуць цябе й твайго каня хутчэй. Кажуць жа мудрэйшыя: пераначуеш – болей пачуеш.


Калі кароль паўстаў, за ім узьняліся ўсе.

– Ідзіце адпачываць па сваіх месцах, і добрага вам сну! – пажадаў Тэядэн. – Для цябе, спадару Мэрыядоку, у мяне сёньня болей няма справы. Але ж рыхтуйся, я паклічу цябе, як толькі ўзыдзе сонца.

– Я буду гатовы! – паабяцаў Мэры. – Нават калі вашамосьць запросіць мяне ехаць поруч па Сьцязе Мёртвых!

– Не кажы благое! – папярэдзіў кароль. – Бо можа надарыцца, што не адна дарога носіць гэткі назоў. I я не сказаў, што запрашу цябе ехаць з мною па якой-кольвек сьцязе. Дабранач!


– Не, я не застануся адзін за сьпінамі сяброў, каб мяне падабралі, нібы пакунак, на зваротным шляху! – зацята сьцьвердзіў Мэры. – Не застануся, не хачу!

Зноў і зноў паўтараючы тое сабе пад нос, хобіт нарэшце заснуў у сябе ў намёце.

А абудзіўся ад таго, што нейкі чалавек шкуматаў яго.

– Прачніцеся, прачніцеся, спадару хальбітла! – выгукваў ён, і Мэры павольна й цяжка вынырнуў з глыбокага сну, а тады сеў, уздрыгнуўшы. Падумаў, што яшчэ занадта цёмна.

– Што здарылася? – спытаў хобіт.

– Кароль кліча цябе.

– Але ж сонца яшчэ не ўзышло.

– Не, і ня ўзыдзе сёньня, спадару хальбітла. Пад гэтаю хмараю, трэба думаць, увогуле ня ўзыдзе. Але ж час не стаіць на месцы, хоць сонца й не відаць. Сьпяшайся!

Насунуўшы нейкую апратку, Мэры вызірнуў вонкі. Вакол было змрочна. Самое паветра падавалася бурым, і ўсё наўкол рысавалася чорна-шэрым, бясьценевым. I ані ветрыку. Абрысы хмары не вылучаліся, хіба толькі на дальнім захадзе, дзе яшчэ цягнуліся наперад яе прагныя пальцы, паміж імі прасочвалася крыху сьвятла. Над галавою ж вісеў цяжкі дах, змрочны й бясформавы, і сьвятла ўсё менела, нягледзячы на час сьвітанку.

Мэры пабачыў, што шмат людзей тоўпіцца, пазіраючы ўгару й мармычучы. А некаторыя відавочна пералякаліся. Турбуючыся ўсё болей і адчуваючы, як расьце адчай, Мэры паплёўся да караля. Перад ім стаяў Хіргон, гондарскі вястун, і побач – другі чалавек, падобны да яго й апрануты гэтак сама, аднак крыху карацейшы й шырэйшы ў плячох. Калі Мэры ўвайшоў, ён дакладаў каралю.

– Гэта прыйшло з Мордару, вашамосьць, – казаў ён. – Пачалося мінулай ноччу на заходзе. З пагоркаў Усходняй украйны каралеўства вашамосьці я бачыў, як паднялася хмара й папаўзла па нябёсах, і ўсю ноч, пакуль я скакаў, яна паўзла за мною, паглынаючы зоры. Цяпер вялізманая хмара вісіць адсюль да гор Ценю й усё шчыльнее. Вайна пачалася.


Пэўны час кароль сядзеў моўчкі.

– Гэтак надышла яна, – вымавіў ён нарэшце, – вялікая бітва нашага часу. Шмат чаго міне зь ёю й згіне. Усё ж добра й тое, што цяпер няма патрэбы хавацца. Мы рушым простым шляхам, адкрыта ды з усёю хуткасьцю. Рушэньне выпраўляецца зараз жа, і тых, хто затрымаўся, чакаць ня станем. Ці досыць прыпасаў у Мінас Тырыце? Бо калі мы ад'яжджаем пасьпешліва, няшмат цяжару мусім браць з сабою, еміны й пітва, толькі каб хапіла на бітву.

– У нас даўно падрыхтавана шмат прыпасаў, – адказаў Хіргон. – Рушце ж цяпер улегцы з усёю хуткасьцю!

– Тады шукай герольдаў, Эямэр! – загадаў Тэядэн. – Няхай склікаюць вершнікаў!

Эямэр выйшаў, і неўзабаве ў крэпасьці загулі рогі й у адказ з долу загуло мноства іншых, але галасы іхнія болей не падаваліся Мэры такімі яснымі й мужнымі, як мінулым вечарам. Глуха й груба разносілася выцьцё ў сьпякотным паветры й падавалася злавесным.


Кароль павярнуўся да Мэры.

– Я выпраўляюся на вайну, спадару Мэрыядоку, – паведаміў ён. – Ужо хутка. Я вызваляю цябе ад служэньня, але не ад майго сяброўства. Табе належыць застацца тут і, калі пажадаеш, служыць паньне Эявін, яна кіравацьме народам у маю адсутнасьць.

– Але... але ж, вашамосьць, – прамармытаў Мэры, запінаючыся, – я ж прапанаваў свой меч. Каролю Тэядэне, я не хачу разлучацца з вашамосьцю вось так. Усе мае сябры выправіліся на бітву, і вялікая ганьба для мяне заставацца за сьпінамі.

– Аднак мы едзем на высокіх і спрытных конях, і хоць вялікая твая адвага, на нашым кані ты ехаць ня здольны.

– Тады прывяжыце мяне да сьпіны якога, ці дазвольце вісець на стрэмі, ці зрабеце што яшчэ! – узмаліўся Мэры. – Бо бегчы надта доўга, але ж я пабягу, калі не паеду, нават калі ногі стапчу ўшчэнт і дабяруся на тыдні пазьней.

Тэядэн усьміхнуўся.

– Не, я павёз бы цябе лепей на сваім Сьнежнагрыве. Усё ж, урэшце, ты можаш ехаць з мною да Эдорасу й зірнуць на Мэдусэльдэ, бо туды я кіруюся цяпер. Датуль Стыба файна давязе цябе. Вялікая скачка не пачнецца, пакуль мы не сягнем роўнядзі.

Тады ўзьнялася Эявін.

– Хадзем жа, Мэрыядоку! – паклікала яна. – Я пакажу табе рыштунак, які знайшла для цябе.

Яны выйшлі разам.

– Адзінае, пра што Арагорн папрасіў мяне, – патлумачыла Эявін, ідучы між намётамі, – узброіць цябе для бітвы. Я пашукала, што змагла. Бо маё сэрца кажа мне: да таго як скончыцца гэтая вайна, табе спатрэбіцца ваярскі рыштунак.

Яна прывяла Мэры ў намёт сярод тых, што належалі каралеўскай ахове, і там збройнік даў ёй маленькі шалом, круглую тарчу й іншы рыштунак.

– Брані для цябе мы не адшукалі, – сказала Эявін, – і часу няма каваць новыя латы, але ж тут ёсьць дужы жупанец з трывалай скуры, пас ды нож да яго. А меч ты маеш.

Мэры пакланіўся, і панна паказала яму тарчу, падобную да той, якой карыстаўся Гімлі, з выявай белага коніка на ёй.

– Бяры гэта ўсё, – вымавіла панна, – хай усё прыдасца на добры шанцунак! Бывай цяпер, спадару Мэрыядоку! Аднак, магчыма, мы сустрэнемся зноў, ты ды я.

Так сярод густой цемры кароль Украйны ачоліў рушэньне, гатовы павесьці вершнікаў па ўсходнім шляху. Цяжар ляжаў на сэрцах, і шмат хто трапятаў у адчаі й страху пад ценем над галавою. Але ж рахірымы былі народам адважным, верным свайму гаспадару, і амаль не чувалася сярод люду запалоханых шэптаў ці сьлязьлівых енкаў, нават у крапасным лягеры, дзе жытлавалі ўцекачы з Эдорасу: жанчыны, малыя й старыя. Кон паўстаў над імі, але яны трывалі моўчкі.

Прамчалі дзьве хуткія гадзіны, і ўжо кароль сядзеў на белым кані, чыя шкура блішчэла ў паўзмроку. Ганарлівым і моцным выглядаў кароль, хоць валасы, што плынелі з-пад ягонага высокага шалома, былі бялейшыя ад сьнегу. Шмат хто дзівіўся, пазіраючы на яго, непахіснага, бясстрашнага, і надзея зноў адраджалася ў сэрцах.

На шырокіх роўнядзях абапал гаманлівай ракі пашыхтаваліся па харугвах амаль пяць і яшчэ пяцьдзясят сотняў вершнікаў Рохану ў поўнай зброі й шмат сотняў паслугі з запаснымі коньмі, толькі лёгка нагружанымі. Загуў адзіны рог. Кароль падняў руку, і тады маўклівае войска Ўкрайны рушыла. Першымі паехалі дванаццаць вершнікаў каралеўскай аховы, знакамітых ваяроў. За імі – кароль з Эямэрам праваруч. Той разьвітаўся з Эявін яшчэ ў крэпасьці, і спомін разьвітаньня зеўраў адкрытаю ранаю, але ж цяпер ён прымусіў сябе думаць пра дарогу наперадзе. За Эямэрам ехаў на Стыбе Мэры побач з гондарскімі ганцамі, а за імі – яшчэ дванаццаць ваяроў каралеўскай аховы. Так кароль з почтам праехалі ўздоўж доўгага шэрагу ваяроў, што чакалі з тварамі строгімі й нерухомымі. Калі амаль сягнулі канца шэрагу, адзін падняў вочы й пранізьліва зірнуў на хобіта. Зусім малады, як палічыў, адказаўшы на пагляд, Мэры, бо ростам і шырынёю плячэй меншы за астатніх. I пазіраючы ў ясныя шэрыя вочы, хобіт падумаў, што позірк гэты, гэты твар – як у таго, хто пакінуў усялякую надзею й рушыць, шукаючы сьмерці.

Уніз па шэрай дарозе ехалі вершнікі, уздоўж Сьнежнароднай, бурлівай на камянёх, празь вёскі Ніжняй Баразьніны й Ручаіны, дзе шмат сумных жаночых твараў высоўвалася з-за цёмных дзьвярэй, і так бяз гуку рогаў, ці арфаў, ці музыкі сьпеву пачаўся вялікі паход на ўсход, пра які сьпявалі й складалі ў Рохане песьні нават мноства чалавечых вякоў апасьля.

Ад цьмяняга Дунхэрэ бляклаю раніцою

з маршалкамі й ваярамі выехаў Тэнгела сын:

сягнуў ён Эдорасу старажытных заляў,

жытла туманнага Рохану гаспадароў,

скрозь змрок залачоныя бэлькі палацу блішчэлі.

Там разьвітаўся кароль з сваім народам,

з вогнішчам ды стальцом, зь сьвятынямі продкаў,

з залямі, дзе баляваў да прышэсьця цемры.

Наперад рушыў кароль, пакінуўшы страх за сьпінай,

лёсу насустрач. Заўжды заставаўся ён верным.

Клятвы прынёс ён і выканаў тыя клятвы.

Рушыў Тэядэн наперад. Пяць дзён і пяць ночай

наперад, на ўсход рушылі эёрлінгі

скрозь долы памежныя й Сьвяталесьсе,

да Санлендынгу шэсьць тысячаў дзідаў,

да Мундбургу моцнага пад Міндолуйнам,

да гораду Поўдня, стальца марскіх каралёў,

ворагамі абложанага, абкружанага агнём.

Кон вёў ваяроў. Цемра іх прыняла,

коней і верхаўцоў. Пошчак магутны

ў далечы згінуў. Так кажа нам песьня.

Сапраўды, змрок чарнеў, калі кароль сягнуў Эдорасу, хоць быў толькі полудзень. Там на кароткі час прыпыніліся й прынялі ў войска тры тузіны вершнікаў, што спазьніліся на збор. Нават не паеўшы, кароль рушыў ізноў і шчыра разьвітаўся з збраяношам. Мэры ў астатні раз узмаліўся, каб не расставацца з каралём.

– Я ўжо казаў табе, гэта ня тое падарожжа, у якое выпраўляюцца на поні, – зазначыў Тэядэн. – І ў такой бітве на гондарскіх палёх, да якой мы едзем, на тваё меркаваньне, спадару Мэрыядоку, што ж ты рабіцьмеш, хоць ты й мечнік мой, і адвага твая большая за твой рост?

– У бітве хто можа ведаць загадзя? – запярэчыў Мэры. – Навошта ж вашамосьць прыняў мяне як свайго мечніка, калі не для таго, каб змагацца поруч з вашамосьцю? I я не хачу, каб у песьнях казалі, што мяне заўжды пакідалі за сьпінамі!

– Я прыняў цябе, каб захаваць, – адказаў Тэядэн, – і таксама дзеля таго, каб ты выконваў мае загады. Аніхто з маіх вершнікаў ня прыме гэткую ношу, як ты. Калі б бітва была перад маёю брамаю, магчыма, пра твае подзьвігі й засьпявалі б песьняры. Але ж да Мундбургу, дзе гаспадарыць Дэнэтар, паўсотні міляў і яшчэ дзесяць. Усё, ты чуў мае апошняе слова.

Мэры пакланіўся ды, няшчасны, патэпаў прэч, паўз шэрагі вершнікаў. Харугвы ўжо падрыхтаваліся. Ваяры падцягвалі папругі, аглядалі сёдлы, лашчылі коней. Хто-кольвек пазіраў трывожна на нізкія змрочныя нябёсы. I тут да хобіта непрыкметна падышоў ваяр дый зашаптаў ледзь чутна яму ў вуха.

– Калі ёсьць жаданьне, то ўдасца й намаганьне, так у нас кажуць, – вымавіў вой. – Вось я цябе й адшукаў.

Мэры падняў голаў і пабачыў, што гэта той самы малады вершнік, які прыцягнуў увагу раніцаю.

– Ты хочаш туды, дзе кароль Украйны, я бачу гэта па тваім твары.

– Менавіта так, – пацьвердзіў Мэры.

– Тады едзьма з мною. Я павязу цябе перад сабою, прыхаваўшы плашчом, пакуль мы не аддалімся й цемра ня зробіцца яшчэ непрагляднейшай. Бо такая воля й такое жаданьне, як твае, ня мусяць загінуць марна. Болей не кажы нікому нічога, але ж руш з мною!

– Вялікі дзякуй вашці! – узрадаваўся Мэры. – Найвялікшы дзякуй спадарычу, імя якога, на жаль, ня ведаю.

– Насамрэч? – спытаў вершнік ціха. – Тады кліч мяне Дэрнхельм.


Вось так і здарылася, што калі кароль з войскам рушылі, перад Дэрнхельмам сядзеў хобіт Мэрыядок, а вялікі шэры конь Ветраног нат не прыкмеціў дадатковага цяжару, бо Дэрнхельм быў лягчэйшы ад большасьці ваяроў, хоць зграбны й добра складзены целам.

Скрозь цень рушыў кароль і войска зь ім. На ноч спыніліся ў вербняку ля сутокаў Сьнежнароднай і Энтуі, за сем міляў ад Эдорасу. Далей ехалі праз Фольд і Фенмарк, дзе праваруч караскаліся па адгор'ях вялікія дубровы змрочнага Халіфірыёну, памежнага з Гондарам. А леваруч заўжды ляжалі агорнутыя туманамі багны панізьзяў Энтуі. Падчас руху атрымалі навіны пра вайну на Поўначы. Асобныя вершнікі ў шалёным намёце прывозілі зьвесткі пра ворагаў, што напалі на ўсходнія памежжы, пра натоўпы оркаў, што шыхтуюць па роханскіх роўнядзях.

– Наперад! Наперад! – гукаў Эямэр. – Цяпер позна паварочваць назад! Багны Энтуі абароняць наш левы бок. Цяпер толькі хуткасьць патрэбная нам. Скачыце!

Вось так пакінуў кароль Тэядэн сваё каралеўства, і вярста за вярстою клалася пад капыты дарога, і заставаліся за сьпінамі пагоркі вартавых агнёў-празораў: Каленад, Мін-Рыман, Эрэлас, Нардал. Але іхнія агні згасьлі. Уся зямля ляжала шэрая й зьнежывелая, а змрок усё гусьцеў наперадзе, і надзея гінула ў сэрцах.

4. Аблога Гондару


Піпіна абудзіў Гэндальф. У пакоі гарэлі сьвечкі, бо праз вокны прабівалася толькі бляклае сьвятло, нібы надвячоркавае. Дыхалася цяжка, як перад навальніцаю.

– Колькі часу? – пазяхнуў Піпін.

– Ужо трэцяя гадзіна, – паведаміў Гэндальф. – Час падымацца й прыбірацца. Цябе клічуць да гаспадара гораду, каб ты пазнаёміўся з сваімі новымі абавязкамі.

– А ці забясьпечыць мяне той гаспадар сьнеданьнем?

– Не! Я цябе забясьпечыў – усім, што табе належыць да полудня. Ежы цяпер выдаюць ня больш, чым загадана.

Піпін тужліва зірнуў на маленечкую булку хлеба й зусім нікчэмны (паводле хобіцкіх меркаваньняў) кавалак масла ды кубак вадзяністага малака, што чакалі яго за сталом.

– I нашто ваша прывёз мяне сюды? – зажурыўся ён.

– Сам добра ведаеш, – адказаў Гэндальф. – Каб ты ліха не нарабіў. Калі табе тут не падабаецца, дык згадай: ты сам гэта на сябе наклікаў.

Піпін прамаўчаў.

Неўзабаве ён ужо крочыў поруч з Гэндальфам па халодным калідоры да дзьвярэй Вежавай залі. Там Дэнэтар сядзеў у шэрым змроку, як падалося Піпіну, быццам стары цярплівы павук, нібы й не варухнуўшыся з учорашняга дня. Намесьнік прапанаваў Гэндальфу прысесьці, а Піпін застаўся стаяць, быццам не заўважаны. Аднак неўзабаве стары павярнуўся да яго.

– Ну, спадару Перыгрыне, спадзяюся, што ўчорашні дзень ты правёў сабе на карысьць і на задавальненьне? Баюся толькі, стол у маім горадзе не такі шыкоўны, як табе хацелася б.

Піпін зь няёмкасьцю адчуў, што ўсе ягоныя словы й учынкі вядомыя гаспадару гораду, дый пра большасьць думак той таксама нейкім чынам здагадаўся. I нічога не адказаў.

– Што ты рабіцьмеш на маёй службе?

– Я думаў, вашамосьць спадару намесьніку, ад вашаці й вызнаць мае абавязкі.

– Вызнаеш, калі я даведаюся, на што ты здатны. А тое я ацаню, напэўна, калі трымацьму цябе побач. Мой збраяносца прасіў далучыцца да вонкавага войска, таму ты на некаторы час зоймеш ягонае месца. Будзеш прыслужваць за сталом, пера даваць загады й гутарыць з мною, калі вайна й дзяржаўныя справы пакінуць мне колькі вольнага часу. Ці сьпяваеш ты?

– Так, – адказаў Піпін. – Даволі няблага, паводле меркаваньняў майго народу. Але ж у нас няма песьняў, прыдатных для вялікіх заляў і ліхіх гадзінаў, вашамосьць. Мы рэдка сьпяваем пра штосьці, больш страшнае за навальніцы ці зьлівы. Большасьць маіх сьпеваў пра тое, з чаго мы сьмяемся, ці пра ежу зь пітвом.

– А чаму ж такія песьні не прыдатныя для нашых часоў ці заляў? Мы доўга жылі пад Ценем і, мажліва, зь вялікім задавальненьнем паслухаем песьні краёў, не кранутых ліхам. Мо тады адчуем мы, што варта нашая ня марная, хоць і няма за яе падзякі.

Настрой Піпінаў упаў ажно да пятак. Зусім не падабалася яму пэрспэктыва выконваць шырскія прыпеўкі перад гаспадаром Мінас Тырыту, асабліва жартоўныя, якія Піпін ведаў найлепш, умоўна кажучы, надта сялянскія й простыя. Аднак наўпрост цяпер гэткае выпрабаваньне, здэцца, не пагражала. Сьпяваць не загадалі. Бо Дэнэтар павярнуўся да Гэндальфа, распытваючы пра рахірымаў, і іхнія намеры, і пра становішча Эямэра, каралеўскага пляменьніка. Піпін дзівіўся, колькі ведае намесьнік пра народы, што жывуць так далёка ад Гондару, хоць, паводле хобітавых меркаваньняў, мусіла прайсьці шмат гадоў, як намесьнік сам вандраваў.

Праз колькі часу Дэнэтар павярнуўся да Піпіна й абвесьціў, што той пакуль вольны.

– Ідзі да збраярняў Цытадэлі, – загадаў ён, – ды вазьмі там сабе вопратку й зброю ахоўніка Цытадэлі. Яна ўжо гатовая, бо замоўленая ўчора. Вяртайся, калі прыбярэсься!

Насамрэч, усё было гатовае, і Піпін неўзабаве апынуўся ў дзівосным строі, у незвычайнай чорна-срэбнай апратцы. Насунуў невялічкую кальчужную броньку, хутчэй за ўсё, з сталёвых кольцаў, але чарнейшых ад гагату, высокі шалом з маленькімі крумкачовымі крылцамі па бакох і з срэбнаю зоркаю наперадзе. На браню апрануў кароткі чорны жупанок з вышыванымі наперадзе срэбрам сымбалямі Дрэва. Уласнае ягонае адзеньне скруцілі й зьнесьлі прэч, але дазволілі пакінуць шэры лорыйнскі плашч з умоваю не насіць яго падчас службы. Цяпер хобіт выглядаў (хоць і ня мог зірнуць на сябе звонку), як сапраўдны Эрніл і Пэрыянат, князь паўросьлікаў, як народ зваў яго. Што праўда, пачуваўся досыць няёмка. Дый змрок усё мацней ціснуў на душу.

Цьмяна й блякла цягнуўся дзень. Ад бяссонечнай раніцы да вечару цяжкі змрок усё шчыльнеў, і маркота апанавала ўсіх жыхароў. Высока над галовамі вялізная хмара павольна плынела на захад ад Чорнай зямлі па ветры вайны, паглынаючы сьвятло. А пад ёю вісела нерухомае й здушлівае паветра, быццам уся даліна Андуйну чакала разбуральную шалёную навальніцу.

Блізу адзінаццатай гадзіны, вызвалены нарэшце ад службы, Піпін выйшаў у пошуках ежы й пітва, каб хоць крыху суняць маркоту й лягчэй зносіць прыслужваньне за гаспадарскім сталом. У сталоўні зноў сустрэў Бэрэганда, які вярнуўся з паездкі за Пеленар да вартавых вежаў на Вялікім шляху. Разам чалавек і хобіт выйшлі на мур, бо Піпін у памяшканьні пачуваўся вязьнем і задыхаўся нават у Цытадэлі на вяршыні адгор'я. Цяпер яны селі побач ля байніцы, што пазірала на ўсход, дзе сьнедалі й размаўлялі дзень таму.

Ужо надышла гадзіна заходу, але ж вялізная хмара працягнулася далёка на захад, і сонца разьвіталася зь зямлёю перад надыходам ночы ўжо толькі апускаючыся за мора, коратка, апошнімі промнямі, – Фрода пабачыў на Скрыжаваньні, як кранаюць яны галаву пераможанага караля. А на палі Пеленару пад ценем Міндолуйну ня ўпаў ніводны водбліск, яны ляжалі бурымі й маркотнымі.

Піпіну падавалася: гады таму сядзеў ён тут, у нейкім напаўзабытым часе, калі сам яшчэ быў проста хобітам, бесклапотным вандроўнікам, калі не наклалі на яго адбітку жахі й небясьпекі, празь якія прайшоў. А цяпер зрабіўся маленькім, апранутым у ганаровую, але змрочную вопратку вежавай Варты, ваяром, адным сярод мноства ў горадзе, які рыхтаваўся да сьмяротнай навалы.

У іншым часе й месцы Піпін, магчыма, зарадаваўся б новаму рыштунку, але ж цяпер надта добра ведаў: гэта не гульня, а сьмяротны адказны абавязак, служба сувораму ўладару ў часіну найвялікшай бяды. Браня сьціскала яго, і шалом абцяжарваў голаў. Ад плашча была хоць нейкая карысьць – атрымалася посьцілка для сядзеньня.

Нарэшце хобіт адвярнуў стомленыя вочы ад змрочных палёў унізе й пазяхнуў.

– Што, стаміўся сёньня? – спытаў Бэрэганд.

– Але, – пацьвердзіў Піпін. – Надта стаміўся ад чаканьня й гультайства. Таптаўся з нагі на нагу перад дзьвярыма намесьніка мноства доўгіх, доўгіх гадзінаў, пакуль той сумовіўся з Гэндальфам, князем ды іншымі вялікімі асобамі. Дый не ў маім звычаі, спадару Бэрэгандзе, галодным прыслужваць за сталом, пакуль іншыя ядуць. Гэта для хобіта цяжкое выпрабаваньне. Безумоўна, ты палічыш, што я мушу адчуваць найвялікшы гонар. Але які наедак з таго гонару? Дый насамрэч, якая карысьць зь ежы й пітва пад гэтым паўзучым змрокам? Што ўсё гэта значыць? Самое паветра бурае й вязкае! Ці часта ў вас гэткі бруд у паветры, калі вецер дзьме з усходу?

– Не, – пакруціў галавою Бэрэганд, – тое не звычайнае надвор'е, а нейкае ліха Ворага, нешта з дымам Вогненнай гары, на адчай і пазбаўленьне мудрасьці. I сягае ж свае ліхое мэты. Каб толькі гетман Фарамір вярнуўся! Ён ужо ад дыму не адчаяўся б. А цяпер хто ведае, ці вернецца ён увогуле з-за ракі, зь цемры?

– Так, – пагадзіўся Піпін. – Гэндальф таксама заклапочаны. Ён расчараваўся, мяркую, не знайшоўшы тут Фараміра. Дый сам некуды падзеўся. Пакінуў намесьнікаву раду шчэ да полудня, ды яўна ня ў добрым настроі, так мне падалося. Напэўна, прадбачыць нейкія благія зьвесткі.

I раптоўна пасярод гаворкі абодва зьнямелі, здранцьвеўшы, нібы прымерзнуўшы да камянёў. Піпін скурчыўся, прыціснуўшы далоні да вушэй, а Бэрэганд, які вызіраў вонкі, кажучы пра Фараміра, напружыўся, перапалоханы, узіраючыся ў далечыню. Піпін ведаў гэты вусьцішны лямант – такі самы ён чуў доўгі час таму на Багнючынах, у Шыры. Але цяпер лямант узмацнеў нянавісьцю й злосьцю, працінаючы сэрца атрутным адчаем.

Нарэшце Бэрэганд выцягнуў зь сябе словы:

– Яны прыйшлі! Зьбярыся з адвагаю й вызірні – ліха ўбачыш пад намі.

Неахвотна Піпін ускараскаўся на лаву й вызірнуў за мур. Заценены Пеленар разьвінуўся перад ім, растаючы ў змрочнай далечы, дзе ляжала ледзь прыкметная Вялікая рака. А над полем, хутка кружляючы, бы заўчасныя цені глыбокай ночы, нізка, ніжэй за муры Цытадэлі, віліся пяць птушкападобных пачвараў, страшнейшых ад падлажораў, але ж большых за арлоў, жорсткіх, сьмяротных. То яны падляталі зусім блізка, на добры стрэл лука, то адляталі прэч.

– Чорныя Вершнікі! – прамармытаў Піпін. – Чорныя Вершнікі ў паветры! Пабач, Бэрэгандзе! – выгукнуў ён раптоўна. – Яны ж перасьледуюць нешта, відавочна! Зірні, як яны кружляюць ды ныраюць, заўжды вунь да той кропкі ўнізе! Ці бачыш ты, як нешта рухаецца па роўнядзі? Цьмяныя маленькія постаці – так, людзі верхам, чацьвёра ці пяцёра. Вох, гэта невыносна! Гэндальф, Гэндальфе, уратуй нас!

Тут нанова ўзьняўся доўгі лямант і сьціх. Хобіт адскочыў ад сьцяны, дыхаючы, бы загнаны зьвер. Слаба, нібыта з далёкай далечы, скрозь той жахлівы лямант даляцеў здолу гук рога й скончыўся высокаю, доўгаю нотаю.

– Фарамір! Гетман Фарамір! Гэта ягоны покліч! – выгукнуў Бэрэганд. – Адважнае сэрца! Як жа яму прабіцца да брамы, калі гэтыя пачварныя падлаеды маюць якую зброю акрамя жаху? Зірні! Людзі трымаюцца. Сягнуць брамы, я ўпэўнены. Не, іхнія коні пашалелі! Вунь, павыкідвалі людзей зь сёдлаў, цяпер тыя кінуліся пехатою. Не, адзін яшчэ на кані, але едзе апошнім. Гэ та, напэўна ж, гетман – ён здольны кіраваць і людзьмі, і коньмі. А-а, адна з пачвараў кінулася на яго. На дапамогу! Ратуйце яго! Чаму ніхто ня выйдзе яму на дапамогу?! Фарамір!!

I Бэрэганд скочыў прэч ды пабег у цемру. Засаромеўшыся свайго страху ў той час, як Бэрэганд падумаў перш за ўсё пра гаспадара, якога любіў, Піпін устаў ды вьізірнуў вонкі. Адразу прыкмеціў бела-срэбную яскраўку, што мчала з поўначы, нібы маленькая зорка спусьцілася на азмрочаныя палі. Яна рухалася стралою й хутка павялічвалася, набліжаючыся да чатырох людзей, што ўцякалі да брамы. Піпіну падалося, што ад яе разыходзілася зьзяньне й цяжкія цені расступаліся перад ёю. А калі наблізілася, Піпіну пачуўся далёкім адбіткам, бы рэхам у сьценах, магутны поклічны голас.

– Гэндальф! – выгукнуў тады Піпін. – Гэндальф! Ён заўжды зьяўляецца, калі рэчы найчарнейшыя. Наперад! Наперад, Белы Вершнік! – закрычаў хобіт шалёна, нібы глядач на дзікіх скачках, падбадзёрваючы скакуна-пераможцу, якому даўно ўжо аніякія падбадзёрваньні не патрэбныя.

Але ж і змрочныя летуны заўважылі чужынца. Адзін павярнуў да вершніка, але той, як падалося Піпіну, узьняў руку – і сноп бялюткага сьвятла шугануў угару. Назгул заскавытаў, доўга, жаласьліва, ды, здрыгануўшыся, кінуўся прэч. I астатнія захісталіся, і тады падняліся, хутка кружляючы, і паляцелі на ўсход, зьнікшы ў нізкай хмары над галавою, і змроку на Пеленары паменшала.

Піпін убачыў, як вершнік і Гэндальф сустрэліся й прыпыніліся, чакаючы пешцаў. А цяпер і з гораду кінуліся насустрач людзі, і неўзабаве ўсе разам зьніклі пад вонкавым мурам, кіруючы да брамы. Здагадаўшыся, што яны, хутчэй за ўсё, адразу рушаць да вежы й намесьніка, хобіт кінуўся да ўваходу ў Цытадэль. Там далучыўся да мноства іншых, якія таксама назіралі з муроў гонку зь сьмерцю й выратаваньне.

Неўзабаве з вуліц, што вялі ад вонкавых муроў, пачуўся шматгалосы гоман, вітаньні й радасныя погукі, імёны Фараміра й Мітрандыра. Тады Піпін пабачыў паходні, і, у атачэньні натоўпу за сьпінамі, марудна ехалі два вершнікі: адзін у белым, але ж болей не зіхоткім, а выцьвілым у змроку, бы полымя ягонае вычарпалася альбо прыхавалася, а другі ў цёмным, з пахіленай галавою. Яны сышлі з коней і, калі стаёвыя зьвялі Ценяра й другога каня, крочылі наперад да вартавога ў цытадэльнай браме. Гэндальф ішоў цьвёрда, рашуча, адсунуўшы шэры плашч назад, і полымя яшчэ цьмела ў ягоных вачох. Фарамір жа, апрануты ў цёмна-зялёнае, сунуўся павольна, крыху хістаючыся, як вытамлены ўшчэнт ці паранены.

Піпін праціснуўся наперад, і калі двое міналі ліхтар пад аркаю брамы, у хобіта ажно подых перахапіла. Бо ён пабачыў

Фараміраў твар, твар, як у таго, хто сустрэў незвычайны жах і адчай, але вытрымаў і цяпер, перамогшы, рушыць у супакоі. Ганарлівы, суворы вой прыпыніўся, перамаўляючы з вартавым, і Піпін, узіраючыся, прыкмеціў, як блізка нагадваў ён свайго брата Бараміра – а той ад самага пачатку спадабаўся Піпіну, захапіў шляхетнасьцю, але ж добрым і шчырым абыходжаньнем. I ўсё ж перад Фарамірам варухнулася ў хобіцкім сэрцы нейкае пачуцьце, якога ня ведаў раней. Бо вось чалавек высокай шляхетнасьці, мажліва, і не такой высокай, як Арагорн, калі той раскрыў дзеля ўсіх сваю сапраўдную веліч, аднак жа таксама невыказнай старажытнасьці, высакароднасьці легендарнай мінуўшчыны – адзін з племені людзкіх каралёў, народжаны ў позьні час, але ж адзначаны мудрасьцю і горыччу Старэйшага племені. Піпін зразумеў, чаму Бэрэганд вымаўляў ягонае імя з такой любоўю. Бо Фарамір быў правадыром, за якім насамрэч ішлі людзі, за якім і ён, Піпін, пайшоў бы пад самы цень чорных крылаў.

– Фарамір! – закрычаў ён разам з астатнімі. – Фарамір!

I Фарамір, вылучыўшы ягоны дзівосны голас сярод гоману людзей гораду, павярнуўся й зьдзівіўся.

– Адкуль зьявіўся ты? – спытаў ён. – Паўросьлік, ды шчэ ў рыштунку вартавога Вежы? Адкуль...

Але тут Гэндальф крочыў да яго й вымавіў:

– Ён зьявіўся з мною. Аднак ня варта затрымлівацца тут. Яшчэ шмат чаго трэба сказаць і зрабіць, а ты стомлены. Ён пойдзе з намі. Насамрэч, мусіць ісьці, бо калі ён не забыўся на свае новыя абавязкі, яму належыць прысутнічаць пры ягоным гаспадары якраз у гэтую гадзіну. Давай, Піпіне, ходу!

Нарэшце дабраліся да пакояў гаспадара гораду. Там тры глыбокія фатэлі стаялі вакол жароўні з запаленым вугольлем. Гаспадар пачаставаў гасьцей віном, а Піпін, стоячы за фатэляю пана, услухоўваўся ў размову з такою цікавасьцю, што амаль не адчуваў стомы.

Фарамір адламаў белага хлябца ды глынуў віна, сеў леваруч ад бацькі. Крыху далей ад намесьніка, у фатэлі з разьбаванага дрэва пасеў Гэндальф і напачатку, падавалася, заснуў. Бо Фарамір распавядаў пра свае дзеі, пра заданьне, выканаць якое быў пасланы дзесяць дзён таму, пра зьвесткі зь Ітыльёну й рухі Ворага й ягоных хаўрусьнікаў, пра бойку з харадрымамі на шляху ды перамогу над іхняю вялікаю баявою пачвараю. Ну, звычайны расповед ачольцы вышэйшаму правадыру, нязначныя навіны пра памежныя сутычкі, якія цяпер выглядалі бескарыснымі гульнямі, пазбаўленымі ўсялякага сэнсу й значнасьці.

Раптоўна Фарамір зірнуў на Піпіна. I вымавіў:

– А цяпер мы падыходзім да рэчаў дзівосных. Бо гэта ня першы паўросьлік, які перад маімі вачыма выйшаў з паўночных паданьняў на землі поўдня.

Тут Гэндальф схамянуўся, сьціснуўшы парэнчы фатэлі, але не сказаў анічога й позіркам спыніў выклік зьдзіўленьня, гатовы сарвацца зь Піпінавых вуснаў. Дэнэтар зірнуў на іхнія твары й хітнуў галавою, паказваючы, нібы зразумеў, пра што не сказана. Нясьпешліва, пакуль астатнія сядзелі моўчкі й нерухома, Фарамір распавёў, гледзячы пераважна на Гэндальфа, хоць раз-пораз кідаючы позірк да Піпіна, быццам асьвяжаючы памяць пра іншых бачаных хобітаў.

Калі расповед дайшоў да сустрэчы з Фрода й ягоным слугой і да здарэньня ў Хэнет Анун, Піпін раптам зразумеў, што Гэндальфавы рукі, што моцна ўчапіліся ў разьбаванае дрэва, дрыжаць. Якімі старымі яны падаліся цяпер, бялюткімі ад старасьці! I зьнянацку, адчуўшы вострае джала страху, Піпін уцяміў: Гэндальф – сам Гэндальф! – баіцца! Цяжкая напружанасьць запанавала ў пакоі. Нарэшце, калі распавялося пра разьвітаньне з вандроўнікамі й пра іхняе вырашэньне ісьці да Кірыт Унгалу, голас Фараміраў сьцішыўся. Ён сумна пахітаў галавою й уздыхнуў. Тады Гэндальф ускочыў.

– Кірыт Унгал? Моргульская даліна? Калі, Фарамір, калі ты разьвітаўся зь імі? Калі сягнулі яны гэтай клятай даліны?

– Я разьвітаўся зь імі раніцаю два дні таму, – адказаў Фарамір. – Адтуль больш за дзевяць міляў да даліны Моргулдуйну, калі яны скіраваліся проста на поўдзень, і тады ад ракі яны яшчэ былі б за тры мілі ад вежы прывідаў. Сама хутка яны дабраліся б туды толькі сёньня, а верагодней, не дабраліся б увогуле. Я бачу, чаго ты баісься. Аднак цемра прыйшла не празь іх. Учора пачалася яна й азмрочыла ўвесь Ітыльён мінулай ноччу. Мне ясна: Вораг ужо даўно плянаваў напад на нас, і гадзіна змроку была прызначаная яшчэ да таго, як вандроўнікі пакінулі маю ахову.

Гэндальф крочыў па пакоі.

– Раніца два дні таму – гэта амаль тры дні вандроўкі! Як далёка месца, дзе вы разьвіталіся?

– Птушынага лёту пятнаццаць міляў, – адказаў Фарамір. – Але ж я ня мог прыехаць раней. Учора я чакаў часу на Кайр Андрасе, доўгім рачным адтоку на поўнач адсюль. Мы яшчэ трымаем яго й хаваем коней на беразе насупраць яго. Калі цемра разраслася, я зразумеў, што трэба сьпяшацца, і таму выехаў сюды з трыма іншымі, для якіх таксама знайшліся коні. Рэшту майго разьдзелу я паслаў узмацніць ахову бродаў Азгіліяту. Спадзяюся, я не памыліўся?

Ён зірнуў на бацьку.

– Памыліўся? – вочы Дэнэтара палыхнулі агнём. – Чаму ты пытаесься ў мяне? Людзі былі пад тваёю рукой. Ці ты просіш мяне, каб я ацаніў усе твае дзеяньні? Ты пакорліва трымаесься перад мною, аднак ужо даўно ты адвярнуўся ад мяне й маіх парадаў. Я бачу, ты прамаўляеш па-майстэрску, як і заўжды, аднак ці ня бачу я таксама, як ты не адрываеш позірку ад Мітрандыра, намагаючыся ўцяміць, ці ўхваляе ён твае словы й ці не зашмат ты прамовіў? Яму ўжо даўно належыць тваё сэрца... Сыне мой, твой бацька стары, але ўзрост не пазбавіў яго розуму. Я магу бачыць і чуць, што пажадаю, і няшмат таго, чаго ты недаказаў ці не сказаў увогуле, цяпер хаваецца ад мяне. Я ведаю адказы на многія загадкі. Гора мне, гора, Бараміра няма з мною!

– Калі зьдзейсьненае мною не задавальняе вашамосьць, мой бацьку, – вымавіў Фарамір спакойна, – мне застаецца толькі пашкадаваць, што я ня меў парады спадара, калі на мяне легла тая цяжкая выснова.

– Ці зьмяніла б мая парада тваю выснову? – спытаў Дэнэтар. – Мяркую, ты ўсё адно зрабіў бы па-свойму. Я добра ведаю цябе. Заўжды ты хочаш выглядаць уладарным і шчодрым, шляхетным і міласэрным, рыхтык каралі даўніны. Гэта добра для нашчадка высокага народу, калі ён уладарыць на моцным стальцы ў часіну міру й спакою. Але ў гадзіны адчаю адплата за мяккасьць – гібель і сьмерць.

– Калі так – значыць, так, – сказаў на тое Фарамір.

– Значыць, так! – выгукнуў Дэнэтар. – Але ж ня толькі твая сьмерць за тваім вырашэньнем, гетман Фарамір, – таксама й сьмерць твайго бацькі, і ўсяго твайго народу, які пасьля сыходу Бараміра табе выпала абараняць!

– Дык вашамосьць шкадуе, магчыма, што на месцы Бараміра ня я?

– Так, я насамрэч шкадую! Бо Барамір быў верным сынам, а не паслухмяным вучнем чараўніка. Ён не забыўся б на патрэбу бацькі й ня выкінуў бы прэч тое, што прынёс яму лёс. Ён прынёс бы мне магутны падарунак.

На нейкі момант Фарамір не стрымаўся.

– Я прашу вашамосьць, бацьку, прыгадаць, чаму менавіта я, а ня ён цяпер ваюю ў Ітыльёне. Хоць у адзіным выпадку я паслухаўся параду вашаці й падпарадкаваўся. Няшмат часу таму. Бо ж гаспадар гораду даў загад ехаць Бараміру.

– Не варушы нанова горыч напою, што я сам згатаваў для сябе, – вымавіў намесьнік. – Ці ня шмат ночай смак ягоны пек мой язык, прадказваючы, што горшае ляжыць на самым дне? I там насамрэч знайшоў я горыч. Калі б усё павярнула ня так! Калі б толькі гэтая рэч патрапіла да мяне!

– Супакойся, уладару. Суцесься, ведаючы, што Барамір ані ў якім выпадку не аддаў бы табе той дарунак, – сказаў Гэндальф. – Ён загінуў шляхетна, і няхай ягоны сьмяротны сон будзе бесклапотны! Ты маніш сабе. Ён паклаў бы сваю руку на тую рэч і загінуў бы нашмат горш. Ён прысабечыў бы яе, і, калі б вярнуўся, ты не пазнаў бы сына.

Твар намесьніка зрабіўся халодным і жорсткім.

– Напэўна, Барамір не захацеў слухацца цябе, чараплёт, – вымавіў Дэнэтар ціха. – Але ж я, ягоны бацька, кажу: ён прынёс бы тую рэч мне. Мажліва, ты й мудры, Мітрандыр, але ж пры ўсёй тваёй дасьведчанасьці ня ўсёй мудрасьцю сьвету валодаеш ты. Бо ёсьць шлях вольны ад чараўніковых прыдумак і ад дурной пасьпешлівасьці. Бо досьведу ў гэтай справе й мудрасьці я маю болей, чым мяркуеш ты.

– Тады ў чым мудрасьць вашамосьці? – спытаў Гэндальф.

– У тым, каб пабачыць два глупствы, якія належыць абысьці. Выкарыстаць тую рэч – гібельна. I ў гэты час аддаць яе ў рукі бязглуздага паўросьліка й паслаць яго ў самую зямлю Ворага, як зрабіў ты й гэты вось мой сын, – вар'яцтва.

– А што зрабіў бы тады ўладар Дэнэтар?

– Анічога. Аднак ані ў якім выпадку, ані зь якой нагоды не даверыўся б бязглуздай надзеі на неверагодны шанец, рызыкуючы агульнай гібельлю, калі Вораг адшукае згубленае. Не, я захаваў бы тую рэч, захаваў бы глыбока й далёка. Не карыстаўся б ёю, кажу я, апрача часіны найвялікшае, апошняе патрэбы, а захаваў бы найдалей ад ягоных лапаў, да поўнай перамогі над ім, такой перамогі, што тады аніякае ягонае ліха з той рэччу ўжо не пашкодзіла б нам.

– Уладар Гондару думае, як і заўжды, толькі пра Гондар, – азваўся чараўнік. – Але ж ёсьць яшчэ іншыя народы й іншае жыцьцё, і ў іх свой шлях. Што да мяне, мне шкада нават ягоных рабоў.

– I дзе ж апынуцца тыя іншыя народы, калі Гондар ня выстаіць? З гэтай рэччу ў глыбокіх скляпеньнях маёй Цытадэлі мы ня трэсьліся б ад жаху пад мордарскімі хмарамі, баючыся найгоршага, і раду нашую не азмрочвалі б думкі пра тое. Калі ты не давяраеш маёй здольнасьці трымаць спакусу, ты ня ведаеш мяне.

– Гэтак ці інакш, я не давяраю табе, – вымавіў Гэндальф. – А калі б давяраў, даўно ўжо адаслаў бы гэтую рэч сюды, пазбавіўшы сябе й астатніх адчаю й страху. А цяпер, слухаючы твае словы, давяраю яшчэ меней, ня болей, чым Бараміру. Не сьпяшайся злавацца, намесьніку! Я сабе таксама ў тым не давяраю, я адмовіўся ад той рэчы, нават калі мне прапаноўвалі яе як падарунак. Ты моцны й шмат у чым яшчэ здольны кіраваць сабою, Дэнэтар. Аднак калі б ты атрымаў гэтую рэч, яна неўзабаве перамагла б цябе. Нават схаваная пад каранямі Міндолуйну, з ростам цемры яна выпаліла б твой розум. А пад цемраю й горшае ў хуткім часе напаткае нас.

На момант Дэнэтаравы вочы ўспыхнулі зноў, калі ён глядзеў на Гэндальфа, і зноў адчуў Піпін напружанасьць, сутыкненьне дзьвюх воляў, а цяпер падавалася, што позіркі клінкамі цягнуліся ад вачэй да вачэй, мільгаючы, нібы наносячы ўдары й адбіваючы іх. Піпін дрыжэў, баючыся жудаснай сутычкі. Аднак нечакана Дэнэтар адвёў вочы, расслабіўся, вярнуўся да былой халоднай абыякавасьці. Дый паціснуў плячыма.

– Калі б, калі б, – прамармытаў ён. – Марныя, нікчэмныя словы. Гэтая рэч сышла ў цемру, і толькі час пакажа, які лёс чакае яе – і нас. Нядоўгі час. А нам засталося змагацца. Дык няхай тыя, хто змагаецца з Ворагам кожны па-свойму, аб'яднаюцца й трымаюць надзею да апошняга ды нават па-за ўсялякай надзеяй б'юцца за тое, каб памерці вольнымі.

Ён павярнуўся да Фараміра.

– Што ты думаеш пра гарнізон у Азгіліяце?

– Ён ня надта моцны, – адказаў Фарамір. – Я паслаў туды ітыльёнскі разьдзел, як я ўжо казаў.

– Мяркую, гэтага недастаткова. Туды абрынецца першы ўдар. Там будзе патрэбны ўмелы й моцны ачольца.

– I там, і шмат у якіх іншых месцах, – уздыхнуў Фарамір. – Нам так не стае майго брата, якога я любіў!

Ён падняўся з фатэлі.

– Ці дазволіць мне вашамосьць, бацьку, ісьці?

I пахіснуўся, і нахіліўся, каб утрымацца, да бацькавай фатэлі.

– Бачу, ты стаміўся, – вымавіў Дэнэтар. – Мне казалі, ты ехаў здалёк – сьпяшаючыся й пад ценем ліха над галавою.

– Ня будзем пра тое, – перапыніў Фарамір.

– Тады сапраўды ня будзем, – пагадзіўся намесьнік. – Ідзі й адпачывай, пакуль мажліва. Раніцаю давядзецца парупіцца.


Тут і ўсе папрасілі дазволу намесьніка сысьці й выправіліся адпачываць, пакуль яшчэ маглі. Вонкі панавала апраметная бяззорная цемра. Піпін з маленькаю паходняю ды Гэндальф побач рушылі да свайго пакою. Маўчалі, пакуль не апынуліся за зачыненымі дзьвярыма. Тады нарэшце Піпін крануў чараўнікову руку.

– Скажы мне, ці ёсьць надзея? Для Фрода, я маю на ўвазе. Ну, і акрамя Фрода таксама.

Гэндальф паклаў руку на Піпінаву галаву.

– Надзеі ніколі шмат не было. Толькі бязглуздая надзея на неверагодны шанец, як сказалі мне сёньня. А калі я пачуў пра Кірыт Унгал... – ён змоўк і стаў да вакна, нібы ягоныя вочы маглі працяць ноч на ўсходзе.

– Кірыт Унгал, – прамармытаў ён. – Чаму ж менавіта туды?

Ён павярнуўся да Піпіна.

– Сэрца маё скаланулася пры гуках таго назову, і нават цяпер вусьціш сьціскае яго. Аднак, папраўдзе кажучы, Фараміравы зьвесткі падаюцца мне небезнадзейнымі. Бо відавочна: Вораг рушыў на нас, пачаў вайну, пакуль Фрода яшчэ вольны. I таму цяпер цягам мноства дзён варожы позірк будзе па-за ягонай уласнай зямлёю. I яшчэ, Піпіне, я здалёк адчуваю ягоны страх, ягоную пасьпешлівасьць. Ён распачаў раней, чым плянаваў. Здарылася нешта, што ўстурбавала яго, прымусіла рушыць.

Гэндальф замёр на момант, разважаючы.

– Магчыма, магчыма, – прамармытаў тады. – Мо якраз тваё глупства й дапамагло. Дык падлічым: недзе пяць дзён таму ён зразумеў, што мы зрынулі Сарумана й завалодалі палантырам. I што далей? Нам зь яго амаль няма карысьці, бо ўсё адразу стане вядомым Ворагу. А, вось што. Арагорн! Ягоны час надыходзіць. А ён жа цьвярды й упарты, Піпіне, дзёрзкі, рашучы, здольны сам знайсьці свой шлях ды рызыкнуць усім, калі патрэбна. Напэўна ж... так і ёсьць. Магчыма, Арагорн зірнуў у камень, паказаў сябе Ворагу й выклікаў на бой, якраз для таго, каб парушыць пляны, змусіць да заўчаснага кроку. Ну, дакладна не даведаемся, пакуль ня зьявяцца вершнікі Рохану – калі толькі не запозна. Ліхія дні чакаюць нас. Так што ідзі спаць, пакуль можаш!

– Але ж... – пачаў Піпін.

– Што але? – спытаў чараўнік. – Толькі адно але я дазволю сёньня.

– Глыкс, – вымавіў Піпін. – Навошта, зь якой трасцы яны йдуць разам зь ім, нават дазволілі яму весьці іх? I я бачу, што Фараміру тое месца, куды вядзе Глыкс, падабаецца ня болей, чым вашці. Што там ня так?

– Пакуль адказаць табе я не магу. Аднак я й раней прадчуваў: на дабро ці на ліха, перад канцом Фрода сустрэнецца з Глыксам. А пра Кірыт Унгал сёньня распавядаць ня буду. Здрады, здрады баюся я: бо ў тым няшчасным няздару – здрада. Але ж лёсу не пазьбегнеш. Згадайма толькі, што здраднік можа падмануць сябе самога й зьдзейсьніць добрае, на што нат ня меў намеру. Часамі менавіта гэтак і здараецца. А цяпер – дабранач!

Наступная раніца прыйшла брудным змрокам, і ў сэрцах, узрадаваных вяртаньнем Фараміра, зноў пасяліўся адчай. Крылатых ценяў тым днём болей ня бачылі, але раз-пораз з далёкай вышыні над горадам далятаў слабы віскат, і многія, хто чуў яго, спыняліся, суздрам ахопленыя жахам, меней трывалыя дрыжэлі й плакалі.

А цяпер Фарамір сыходзіў ізноў.

– Спачыну яму не даюць, – шапталіся некаторыя. – Гаспадар надта бязьлітасны да свайго сына, Фарамір мусіць выконваць абавязкі за двох, за сябе й за таго, хто ня вернецца.

I заўжды людзі паглядалі на поўнач, пытаючыся:

– Дзе ж вершнікі Рохану?

Не з свайго жаданьня сыходзіў Фарамір. Але ж гаспадар гораду ўладарыў і над сваімі пастановамі, у той дзень ён быў не ў настроі хіліцца перад чужою воляю. Зранку склікалі намесьнікаву раду. На ёй усе правадыры й ачольцы войскаў радзілі, што перад пагрозаю з поўдня войска надта слабое. Рушыць наперад самім сілаў ня стане, хіба толькі вершнікі Рохану зьявяцца. А да іх прыбыцьця застаецца толькі выставіць ваяроў на муры й чакаць.

– Аднак, – запярэчыў Дэнэтар, – нам нельга гэтак лёгка пакідаць вонкавыя ўмацаваньні, мур Рамас, бо столькі працы ўкладзена ў яго! Вораг дорага заплаціць за пераправу праз раку. З войскам, прыдатным для нападу на горад, ён не пераправіцца на поўнач ад Кайр Андрасу з-за тамтэйшых багнаў, і на поўдзень, бліжэй да Пажыцьцяў, – з-за шырыні ракі, бо спатрэбіцца зашмат чоўнаў. Менавіта на Азгіліят абрынецца галоўны ўдар, як і тады, калі Барамір не дазволіў ворагу прарвацца.

– Тады ён толькі прабаваў моц, – вымавіў Фарамір. – Цяпер, нават калі мы прымусім Ворага дзесяцькроць сплаціць на пераправе за кожнага нашага забітага ваяра, усё адно гэта будзе паразаю для нас. Бо ён страціць полк – і не заўважыць, а нам страта адзінай харугвы – ужо бяда. I адступленьне тых, хто так далёка ад гораду, небясьпечнае, калі вялікае варожае войска зойме пераправы.

– А Кайр Андрас? – перапытаў князь Імрахіль. – Яго таксама належыць абараняць, калі ўжо трымаць Азгіліят. I ня трэба забывацца на пагрозу на нашым левым крыле. Вераемна, рахірымы зьявяцца, вераемна – і не. А Фарамір распавёў пра вялікае войска, што зьбіраецца за Чорнаю Брамай. Не адзін полк выйдзе адтуль, і ўдар абрынецца не на адзін напрамак.

– Шмат чым рызыкуеш на вайне, – сказаў Дэнэтар. – Ёсьць на Кайр Андрасе ваяры, і болей туды пакуль што няма каго слаць. Я не саступлю раку й Пеленар без барацьбы – вядома, калі знойдзецца правадыр, у якога стане мужнасьці выканаць волю свайго гаспадара.

Усе змоўклі.

– Я не праціўлюся волі вашамосьці, – азваўся нарэшце Фарамір. – У спадара няма болей Бараміра, і таму я выпраўлюся й зраблю, што здолею, замест яго, калі вашамосьць загадае.

– Я загадваю, – сьцьвердзіў намесьнік.

– Тады бывайце, вашамосьць, – разьвітаўся Фарамір. – Але ж калі мне пашанцуе й я вярнуся, калі ласка, думайце пра мяне лепей!

– Гэта залежыць ад таго, якім чынам ты вернесься, – заўважыў Дэнэтар.

Гэндальф апошні размаўляў з Фарамірам перад ягоным ад'ездам на ўсход.

– Не шукай сьмерці праз крыўду ці злосьць, – даводзіў чараўнік. – Бо ты патрэбны тут шмат дзеля чаго, акрамя вайны. Твой бацька любіць цябе, Фарамір, і яшчэ згадае на тое. Трымайся, Фараміру, і да пабачэньня!

Так уладар Фарамір рушыў наперад ізноў, узяўшы з сабою ваяроў, што самі схацелі ісьці зь ім. Людзі з муроў пазіралі праз змрок на зруйнаваны горад, цікавячыся, што адбываецца там, бо анічога не маглі разгледзець. А астатнія, як заўжды, сачылі за поўначчу й падлічвалі мілі да Тэядэна й Рохану.

– Ці зьявіцца ён? Ці згадае старыя дамовы?

– Так, ён зьявіцца, – паўтараў Гэндальф. – Дабярэцца, нават запозна. Але ж мяркуйце самі: Барвяная страла не магла патрапіць да яго болей за два дні таму, а адсюль да Эдорасу – доўгія вёрсты.

З ноччу прыбылі навіны. Прымчаў вершнік ад бродаў і распавёў, што вялікае войска выйшла зь Мінас Моргулу й ужо набліжаецца да Азгіліяту, і да яго далучыліся палкі з поўдня: высокія й жорсткія харадрымы.

– І мы вызналі, – дадаў пасланец, – што іх зноў вядзе Чорны Вядзьмар, і жах перад ім ужо пераправіўся за раку.

З тымі ліхімі весткамі скончыўся трэці дзень, як Піпін сягнуў Мінас Тырыту. Няшмат хто той ноччу адпачываў, надта ж невялікая надзея заставалася, што нават Фарамір доўга ўтрымае броды.


Хоць наступным днём цемра больш не гусьцела, сягнуўшы мяжы, яна цяжэй ціснула на сэрцы, душыла вусьцішшу. Ранак прынёс благія навіны. Вораг заняў пераправы праз Андуйн. Фарамір адступаў да сьценаў Пеленару, зьбіраючы людзей да вежаў ля Паўднёвага шляху, але ж ворагаў было дзесяцькроць болей за ягонае войска.

– Калі ён і праб'ецца, і здолее адысьці празь Пеленар, ворагі рушаць сьлед у сьлед, – паведаміў ганец. – Яны дорага заплацілі за пераправы, але ж меней, чым мы спадзяваліся. Яны добра сплянавалі напад. Ясна цяпер: ужо даўно таемна змайстравалі шмат плытоў ды барак ва ўсходнім Азгіліяце. Калі кінуліся на пераправу, празь іх вады не было відаць. Але ж перамаглі нас не яны, а іхні ачольца, гэны Чорны Вядзьмар. Мала хто вытрымлівае нават чуткі пра ягонае набліжэньне. Ягоныя ўласныя ваяры дранцьвеюць перад ім і гатовыя забіць сябе на яго загад.

– Тады я там патрэбны болей, чым тут, – і Гэндальф адразу выправіўся празь Пеленар, і хутка ягонае срэбнае зьзяньне зьнікла з вачэй.

Усю гэтую ноч Піпін самотна, бяссонна стаяў на муры, пазіраючы на ўсход.


Не пасьпелі прабіць званы, абвяшчаючы новы дзень, злой кпінаю ў бяссонечнай цемры, як хобіт пабачыў у далечы выбухі полымя сярод змрочнай прасторы, дзе стаялі сьцены Пеленару. Вартавыя голасна загукалі, і ваяры ў горадзе схапіліся за зброю. Там і тут уздоўж Рамас Экару выбухала барваю, скрозь сьпякотнае паветра цяжка каціліся грымоты.

– Яны ўзялі мур! – галасілі людзі. – Яны прабіваюць яго полымем! Яны йдуць на нас!

– Дзе ж Фарамір? – выгукнуў Бэрэганд у адчаі. – Толькі не кажыце, што ён загінуў!

Першыя навіны прынёс Гэндальф. Ён зьявіўся позьнім ранкам з жменяю вершнікаў, суправаджаючы шэраг вазоў. Тыя былі паўнюткія параненымі – тымі, каго выратавалі з-пад руінаў Вартавых вежаў ля Паўднёвага шляху. Адразу ж чараўнік адправіўся да Дэнэтара. Гаспадар гораду засядаў цяпер у гасьцёўні над заляю Белай вежы, пазіраючы праз змрок за вокнамі на поўнач, на поўдзень і на ўсход, нібы працінаў сьвет цьмянымі вачыма. У асноўным углядаўся на поўнач і часамі заміраў, быццам нейкім старажытным майстэрствам вушы ягоныя маглі расчуць пошчак капытоў на далёкіх роўнядзях. Піпін жа пакорліва чакаў збоку.

– Ці зьявіўся Фарамір? – спытаў намесьнік у Гэндальфа.

– Не, – адказаў чараўнік. – Але ён быў жывы, калі я пакінуў яго. Ён застаўся з апошнім разьдзелам ахоўваць сьпіны ваярам, каб адступленьне не ператварылася ва ўцёкі. Магчыма, ён які час пратрымаецца, але ж, думаю, нядоўга. Непамерна вялікі вораг паўстаў перад ім. Абвесьціўся той, каго я й баяўся.

– Не, ня сам жа Чорны Ўладар? – Піпін у жаху забыўся пра сваё становішча.

Дэнэтар засьмяяўся кпліва й нявесела.

– Не, яшчэ не, спадару Перыгрыне! Ён ня зьявіцца сам, хіба толькі каб адсьвяткаваць перамогу над мною, калі здабудзе яе. Ён карыстаецца іншымі ў якасьці зброі. Так робяць вялікія ўладары, калі ў іх стае мудрасьці, спадару паўросьліку. Чаму ж я сяджу тут, у маёй вежы, і разважаю, і назіраю, губячы нават маіх сыноў? Бо ж сам я яшчэ валодаю стальлю!

Ён паўстаў ды адкінуў крысо доўгага чорнага плашча – і зірні-тка! – пад плашчом блішчэла кальчужная браня, на пасе вісеў доўгі меч, зь вялізным цаўём, у срэбна-чорных похвах.

– Гэтак хаджу я ды ў гэткім строі ўжо шмат гадоў сплю, каб маё цела з узростам ня сталася мяккім ды слабым.

– Аднак цяпер найлюцейшы з усіх правадыроў, што слугуюць уладару Барад-дуру, ужо гаспадарыць над тваімі зьнешнімі ўмацаваньнямі, – заўважыў Гэндальф. – Жах крочыць зь ім, бо ён – колішні кароль Ангмару, Вядзьмар, прывід пярсьцёнка, найвялікшы з назгулаў, дзіда вусьцішы ў Саўронавай руцэ, цень адчаю.

– Тады, Мітрандыр, вось табе вораг адпаведны тваёй моцы, – прапанаваў Дэнэтар. – Што тычыцца мяне, я даўно ведаю, хто галоўны ваявода войскаў Цёмнай вежы. Ці ж толькі дзеля таго, каб сказаць мне гэта, вярнуўся ты? А можа, таму, што тваёй сілы супрацьстаяць яму не стае?

Піпін задрыжэў, баючыся, што пакрыўджаны Гэндальф выбухне злосьцю, але баяўся ён дарэмна.

– Можа, і так, – вымавіў Гэндальф ціха. – Адылі час памерацца сілаю нам яшчэ не надышоў. I калі словы старога прароцтва слушныя, не ад рукі ваяра загіне ён, і лёс, што чакае яго, схаваны ад мудрых. Гэтак ці інакш, Ачольца Адчаю сам яшчэ ня рушыў наперад. Ён кіруе адпаведна мудрасьці, якую толькі што агучыў ты, трымаючыся ззаду, гонячы на бой ашалелых рабоў...

Не, я прыехаў, ахоўваючы параненых, якіх можна яшчэ ацаліць, бо Рамас паўсюль прабіты й неўзабаве мордарскае войска з розных бакоў уступіць на Пеленар. Галоўным чынам, я й прыйшоў сюды, каб сказаць гэта. Неўзабаве пачнецца бітва на полі перад горадам. Трэба падрыхтаваць сілы для вылазкі, найлепей вершнікаў. У іх нашая хісткая надзея, бо ў Ворага нястача коньнікаў.

– У нас таксама іх няшмат. Каб толькі роханцы прыбылі ў час, – уздыхнуў Дэнэтар.

– Іншых гасьцей мы прымем першымі, – сказаў Гэндальф. – Ужо ёсьць уцекачы з Кайр Андрасу. Выспа захопленая. Іншае войска выйшла з-за Чорнай Брамы й пераправілася праз раку на паўночным усходзе.

– Ёсьць тыя, хто кажа пра цябе, Мітрандыр, што ты атрымліваеш асалоду, распавядаючы благія зьвесткі, – вымавіў Дэнэтар, – аднак для мяне гэта ўжо не навіны. Я даведаўся пра тое яшчэ ўчора ўзьвячоркам. Што ж тычыцца вылазкі, я ўжо думаў пра яе. Хадзем жа, спусьцімося долу!

Зь цягам часу назіральнікі на мурах пабачылі, як падыходзяць разьдзелы абаронцаў вонкавых межаў. Маленькія групкі стомленых і параненых людзей спачатку брылі амаль без парадку, некаторыя беглі, нібыта іх перасьледавалі. Далёка на ўсходзе праблісквалі агні, падавалася, там і тут яны павольна паўзуць праз даліну. Пеленарскія сядзібы й хлявы палалі. А тады з мноства кропак маленькія струменьчыкі чырвонага полымя памкнулі наперад, віючыся праз змрок, сыходзячыся да шырокага шляху, што вёў ад гарадзкой брамы да Азгіліяту.

– Вораг ідзе, – мармыталі людзі. – Вонкавыя сьцены прабітыя. Вунь як валяць праз праломіны! I паходні цягнуць з сабою. Дзе ж нашыя ваяры?

Ужо сьцямнела так, што нават вастравокія вартавыя Цытадэлі няшмат бачылі на палёх, апрача пажарышчаў на месцах хатаў ды сьвірнаў. Агнішчы хутка памнажаліся, палосы й струмені агнёў расьлі й паскараліся. Нарэшце меней чым за вярсту ад гораду заўважылі болей упарадкаваны разьдзел, які трымаўся разам, рушыў шыхтом, крочыў, а не ўцякаў.

Назіральнікі затоілі дыханьне. Казалі:

– Фарамір, мусібыць, там. Бо яму падуладныя людзі й коні. Фарамір выберацца, вернецца.


Калі шыхту заставалася ўжо гоні чатыры да брамы, з змроку да яго пад'ехала невялікая харугва вершнікаў – усё, што засталося ад разьдзелу, пакінутага ахоўваць адыход. I зноў вершнікі спыніліся, павярнуўшыся да блізкіх агнёў. Раптам загукалі, завішчэлі лютыя галасы – і зь цемры вылецелі варожыя коньнікі. Ручаіны вагню сталі ўсёахопнымі рэкамі, шэрагамі й шэрагамі оркаў з паходнямі ў лапах. I дзікія паўднёвікі з барвянымі сьцягамі, галосячы хрыпата й груба, кінуліся наперад, каб затрымаць уцекачоў. I з пранізьлівым лямантам абрынуліся зь цёмных нябёсаў крылатыя цені – назгулы, якія прыляцелі забіваць.

Арганізаваны адыход ператварыўся ва ўцёкі. Ужо беглі з шыхту людзі ва ўсе бакі, бяздумна, бессэнсоўна, крычучы ад жуды, кідаючы зброю, валячыся на зямлю.

Тады з Цытадэлі запяяла труба й Дэнэтар урэшце выпусьціў вонкі войска. Сабраныя ля брамы й пад мурам, усе вершнікі, што заставаліся ў горадзе, чакалі таго сыгналу й цяпер кінуліся наперад з магутным поклічам, пашыхтаваліся, паскакалі намётам і напалі на ворагаў. I з муроў у адказ данесьліся вітальныя погукі, бо найпершымі выехалі рыцары зь лебедзем Дол Амрату, з князем і ягоным блакітным сьцягам наперадзе.

– Амрат за Гондар! – чуліся клікі. – Амрат за Фараміра!

Маланкамі джгнулі яны ў шэрагі ворагаў пааберуч ад адступоўцаў, але адзін вершнік апярэдзіў іх усіх, хутчэйшы ад ветру ў траве, і нёс яго конь Цяняр – зноў адкрылася асьляпляльная веліч таго вершніка, і сьвятло струменіла зь ягонай паднятай рукі.

Назгулы зь енкам кінуліся прэч, бо іхні ачольца яшчэ не паўстаў супраць белага полымя іх ворага. А ваяры Мордару, гатовыя ўхапіць здабычу й спасьцігнутыя ў перасьледзе, рассыпаліся, бы парушынкі пад віхураю, кінуліся наўцёкі. Людзі прыпынілі адыход, павярнуліся й з магутным поклічам абрынуліся на ворагаў. Паляўнічыя ўмомант сталі здабычаю, а іхнія ўцёкі – бойняю, і траву заслалі целы забітых оркаў і паўднёўцаў, і ад кінутых паходняў, якія гасьлі з дымам, пацягнуўся гідкі смурод. А коньніца Гондару мкнула наперад.

Аднак далёка адыходзіць Дэнэтар не дазволіў. Хоць вылазка затрымала непрыяцеля, адагнала на нейкі час, з усходу падыходзілі ўсё новыя палкі. Ізноў загуў рог, абвяшчаючы адступленьне. Коньніца Гондару спынілася. За яе заслонай пяхота зноў пашыхтавалася й ужо спакойна крочыла да гораду. Сягнулі брамы й рушылі за яе, ганарлівыя й рашучыя, і людзі гораду віталі іх з пашанаю, і пазіралі на іх з гонарам – і з трывогаю ў сэрцах. Надта ж іх паменела. Фарамір страціў амаль траціну ваяроў... I дзе ж ён сам?

Нарэшце зьявіўся й ён з сваімі людзьмі. Вярнуліся рыцары, у самым ар'ергардзе ехаў пад сьцягам Дол Амрату ягоны князь, на руках ён вёз цела суродзіча – Фараміра, сына Дэнэтара, знойдзенага на полі бітвы.

– Фарамір! Фарамір! – галасілі людзі й плакалі на вуліцах.

Але ён не адказваў, і яго зьнесьлі прэч па зьвілістых вулках да Цытадэлі й да бацькі. Бо калі назгулы кінуліся прэч, у жаху перад Белым Вершнікам, сьмяротны дроцік працяў Фараміра, які біўся з волатам, правадыром вершнікаў Поўдня. Фарамір упаў на зямлю, і толькі напад рыцараў Дол Амрату ўратаваў яго ад крывавых мечаў – паўднёвікі пасеклі б палеглага.

Князь Імрахіль прынёс Фараміра да Белай вежы й вымавіў:

– Сын вашамосьці вярнуўся, зьдзейсьніўшы вялікія подзьвігі.

I распавёў, што бачыў. Дэнэтар падняўся, і зірнуў у твар сына, і не сказаў ані слова. Тады загадаў пасьцяліць у пакоі, і пакласьці Фараміра, і сысьці. А сам у самоце падняўся ў таемны пакой пад самым дахам вежы, і многія, хто паглядаў туды гэтым часам, бачылі бляднае сьвятло, што зіхацела й праблісквала з вузкіх акенцаў, а тады ўспыхнула й згасла. Калі Дэнэтар спусьціўся й моўчкі сеў побач з Фарамірам, твар ягоны быў шэры, больш мёртвы, чым твар ягонага сына.

Так нарэшце горад аблажылі й абкружылі ворагі. Сьцяну Рамас разбурылі, і ўвесь Пеленар цяпер дастаўся чужынцам. Апошнія навіны звонку прынесьлі ўцекачы з поўначы, што пасьпелі па шляху, пакуль браму не зачынілі. Гэта былі рэшткі варты, што трымала мур там, дзе праходзіў шлях ад Рохану й Анарыёну. Прывёў уцекачоў Інгальд, той самы, які дазволіў праехаць Гэндальфу зь Піпінам пяць дзён таму, калі сонца яшчэ ўзыходзіла й раніца прыносіла надзею.

– Пра рахірымаў аніякіх вестак, – паведаміў ён. – Цяпер Рохан ня прыйдзе. А нават калі й прыйдзе, нам тое не дапаможа. Бо новае варожае войска пераправілася праз раку ля Андрасу – такія дайшлі на нас зьвесткі. Моцнае войска – гуф за гуфам оркаў Вока ды бязь ліку людзей. Такіх мы раней і ня бачылі: невысокія, але шыракаплечыя, суворыя, з бародамі кшталт гномскіх ды зь вялізнымі сякерамі. Зь нейкай дзікунскай зямлі шырокага ўсходу зьявіліся, няйнакш. Яны занялі паўночны шлях, а многія рушылі ў Анарыён. Рахірымы не праб'юцца.


Браму зачынілі. Усю ноч вартавыя на мурах чулі гоман ворагаў, якія кішэлі навокал, выпальваючы палі й сады, секучы кожнага знойдзенага чалавека – жывога ці памерлага. Колькі войска пераправілася праз раку, у цемры было не разабраць, але, калі раніца, ці змрочны яе прывід, пракралася над роўнядзьдзю, убачылі: нават начныя страхі не перабольшылі іх лік. Роўнядзь пачарнела ад шыхтоў, і на колькі хапала зроку ў падхмарнай імгле, паўсюль вакол гораду на палёх вырасьлі, што ліхое цьвільлё, чорныя ці змрочна-барвовыя намёты.

Оркі варушыліся, бы мурашы, бясконца капаючы, капаючы доўгія шэрагі глыбокіх прорыняў якраз па-за стрэлам з лука. Выкапаныя равы напаўнялі полымем, як тое полымя запальвалі ці падтрымлівалі, майстэрствам якім ці ліхім вядзьмарствам, аніхто не зразумеў. Працавалі оркі ўвесь дзень, а людзі толькі пазіралі зьверху, ня здольныя перашкодзіць. Як толькі прорынь дараблялі й запальвалі, да яе пад'яжджалі вялізныя вазы, і неўзабаве яшчэ большыя натоўпы ворагаў спрытна наладжвалі, усталёўвалі пад аховаю агню велетаўскія машыны для таго, каб страляць у горад. А з гарадзкіх муроў анішто не магло дастрэліць да тых машынаў і спыніць працу над імі.

Спачатку людзі сьмяяліся, не баючыся тых прыладаў. Галоўны мур гораду быў надта высокі й таўшчэразны, узьведзены ў часы, калі моц ды майстэрства Нумэнору яшчэ ня згасьлі ў выгнаньні, і вонкавая паверхня сьцяны была, як вежа Ортанку, цьмяная, цьвярдая, гладкая. Ані сталь, ані полымя не пашкодзілі б ёй – хіба выбух раскапаў бы, разбурыў самую зямлю, на якой той мур стаяў.

– Не, – паўтаралі людзі, – нават калі Неназывальны сам сюды зьявіцца, нават ён не праб'ецца за мур, пакуль мы жывыя.

– Пакуль мы жывыя? Як доўга жывыя? – пярэчылі некаторыя. – У яго ёсьць зброя, якая ад пачатку сьвету падпарадкавала мноства мацнейшых крэпасьцяў. Гэта голад. Бо шляхі перакрытыя. Рохан ня прыйдзе.

Аднак варожыя машыны й не спрабавалі прабіць непарушны мур. Ня просты бандыт, не ачольца орцкай хеўры ўзначальваў напад на найвялікшага суперніка мордарскага гаспадара. Сіла й ліхі розум кіравалі тым войскам. Як толькі вялізныя катапульты былі ўсталяваныя, з мноствам выгукаў і енкаў, з рыпеньнем тросаў ды лябёдак пачалі яны шпурляць надзіва высока, так што іхнія снарады пераляталі за першы мур і плюхаліся сярод першага ярусу гораду. Мноства з тых снарадаў празь нейкае ліхое майстэрства ўспыхвала полымем, падаючы.

Неўзабаве ўтварылася вялікая небясьпека па-за мурам, і ўсе, каго толькі можна было адарваць ад пастоў, прыняліся гасіць шматлікія пажары. А пасьля абрынуўся град іншых снарадаў, не такіх разбуральных, аднак больш вусьцішных. Паўсюль на вуліцы й завулкі па-за брамаю сыпаліся маленькія круглякі, якія не палалі й не выбухалі. Але калі людзі пазналі, што гэта, то залямантавалі й заплакалі. Бо вораг кідаў у горад галовы ўсіх тых, хто загінуў, змагаючыся за Азгіліят і за Рамас, за палі Пеленару. Жудасныя снарады: хоць і паплюшчаныя, бясформавыя, часам жорстка пасечаныя, многія твары пазнаваліся, і выдавалася, як пакутліва памерлі тыя людзі. На ўсіх галовах ворагі выпалілі ліхую пазнаку Беспавекавага Вока. I сярод зьнявечаных, апаганеных твараў часьцяком людзі пазнавалі твар таго, хто калісьці побач зь імі ганарліва ўздымаў зброю, ці араў палі, ці прыяжджаў на сьвята ў горад ад зялёных далінаў у гарах.

Дарма сьціскалі гондарцы кулакі, пагражаючы бязьлітасным ворагам, што тоўпіліся перад брамаю. Праклёнаў тыя не разумелі, не валодаючы заходнімі мовамі, гукаючы грубымі галасамі, падобнымі да зьвярыных ці да енкаў птушак-трупажэрцаў. Неўзабаве няшмат засталося ў Мінас Тырыце тых, у каго стала б мужнасьці паўстаць і стрымаць мордарскую навалу. Бо ва Ўладара Цёмнай вежы была іншая зброя, хутчэйшая за голад, – жах і адчай.

Назгулы абвесьціліся зноў, бо Чорны Гаспадар набраў моцы й рушыў наперад, і галасы іхнія, якія абвяшчалі ягоную волю й злаўмыснасьць, наліліся ліхам і вусьцішшу. Заўжды луналі цені над горадам, бы сьцярвятнікі, чакаючы спатолі чалавечымі целамі, асуджанымі на сьмерць. Па-за позіркам, па-за стрэлам кружлялі яны, аднак заўжды адчувалася іх прысутнасьць, і сьмяротны лямант разьдзіраў паветра. I кожны новы енк рабіўся ня больш звыклым, а больш непераносным. Нарэшце самыя мужнасэрцыя ваяры кідаліся на зямлю, калі нябачная пагроза пралятала над імі, альбо выпускалі зброю зь зьнямелых рук, розум жа іхні засмужваўся чарнатою, і зьнікалі ўсе думкі пра вайну й абарону, а заставалася толькі жаданьне спаўзьці, схавацца ці памерці.

Цягам таго чорнага дня Фарамір ляжаў у пакоі Белай вежы, палаючы страшнай ліхаманкаю. Нехта кінуў слова "памірае" – і неўзабаве ўсе на мурах і вулках паўтаралі, што Фарамір канае. Побач зь ім сядзеў ягоны бацька, анічога ня кажучы, толькі назіраючы й не зьвяртаючы болей аніякай увагі на абарону гораду.

Піпін ня ведаў гадзінаў, чарнейшых за гэтую, нават калі апынуўся ў лапах урук-хаяў. Ягоны абавязак быў слугаваць намесьніку, і ён слугаваў: чакаў, пакуль спатрэбіцца, стаяў ля дзьвярэй неасьветленай каморы, дужаючыся з уласнымі страхамі. I яму падавалася, што Дэнэтар старэе проста ў яго на вачох, нібы нешта зламалася ў ганарыстым намесьнікавым сэрцы, ва ўладарнай калісьці волі, і суровы розум зьнясілеў. Гора зрабіла тое, а мо раскаяньне? Хобіт бачыў сьлёзы на твары, калісьці такім строгім і мужным, і тое было горш за шаленства.

– Ня плачце, гаспадар мой, – прамармытаў Піпін, запінаючыся. – Магчыма, ён акрыяе. Ці пыталіся вы ў Гэндальфа?

– Не суцяшай мяне чараўніковай дапамогай! – пахітаў галавою Дэнэтар. – Ягоная дурная надзея й загубіла нас. Вораг атрымаў жаданае, і цяпер ягоная моц расьце. Ён бачыць самыя нашыя думкі, і ўсе нашыя дзеі – на згубу нам... Я паслаў свайго сына без падзякі, без добраславеньня ў дарэмную бойку, у сьмяротную небясьпеку, і вось ляжыць ён з атрутаю ў жылах. Як ні пайшла б гэтая вайна, я ўжо напаткаў паразу: мой род скончыцца з мною, род намесьнікаў ня спраўдзіў прызначэньня. Меншыя, ніжэйшыя людзі кіравацьмуць рэшткамі Вышэйшага племені, племені людзкіх каралёў. А тое хавацьмецца па гарах, пакуль яго ня выпалююць, ня вынішчаць.

Ад дзьвярэй загукалі, выклікаючы гаспадара гораду.

– Не, я ня выйду, – адказаў той. – Застануся разам з сынам. Магчыма, ён яшчэ скажа нешта перад сьмерцю. Яна ўжо недалёка. Ідзі, мой ваяр, служы каму захочаш, хоць бы свайму Сівому Дурню, чыя дурная надзея рассыпалася прыскам. А я застануся тут.


Вось так Гэндальф ачоліў апошнюю абарону сталіцы Гондару. Дзе зьяўляўся ён, там сэрцы людзей зноў напаўняліся надзеяй і крылаты жах зьнікаў з памяці. Нястомна крочыў ён ад Цытадэлі да брамы, з поўначы на поўдзень уздоўж сьценаў, і зь ім крочыў князь Дол Амрату ў зіхоткай брані. Бо ён і ягоныя рыцары яшчэ трымаліся з сапраўднай шляхетнасьцю, як гаспадары людзей, у чыіх венах плынела чыстая кроў Нумэнору. Людзі, што бачылі іх, шапталі:

– Так і ў старых паданьнях гаворыцца: у жылах гэтага племені ёсьць эльфава кроў, бо народ Німрадэлі жыў у той зямлі калісьці.

Тады сёй-той сьпяваў сярод змроку колькі радкоў зь песьні пра Німрадэль ці якой іншай, што пяяліся ў Андуйнскай даліне ў далёкай мінуўшчыне.

I ўсё ж, калі зьнікалі Гэндальф і рыцары, цені зноўку падступалі да людзей, і сэрцы халаднелі, і гондарская мужнасьць рассыпалася попелам. I так павольна бледны дзень страхаў зьмяніўся начной цемрай адчаю. Полымя ўжо шалела, нястрымнае, на першым ярусе гораду, і ваярам на мурах шмат дзе быў адрэзаны шлях да адступленьня. Але ж няшмат засталося тых, хто верна й мужна трымаў там пасты: большасьць уцякла за сьцяну другога ярусу.


А далёка за полем бітвы ўжо наладзілі мост праз раку, і ўвесь дзень на Пеленар ішлі войскі, цягнуліся ўсялякія прылады й машыны. I вось пасярод ночы навала абрынулася. Пачаўся штурм. Першыя разьдзелы прайшлі паміж канаваў з полымем па мностве хітрых сьцежак, дзеля таго й пракладзеных. Наперад рушылі ворагі, нягледзячы на страты, бязьлітасна гнаныя пад стрэлы лучнікаў на мурах. Аднак надта мала засталося абаронцаў і няшмат страцілі ворагі, хоць полымя ў раўках давала дастаткова сьвятла, каб славутыя гондарскія лучнікі прадэманстравалі сваё майстэрства, якім калісьці ганарыліся. А тады, пабачыўшы, што мужнасьць гораду надламаная, ачольца нападу загадаў рушыць наперад ва ўсёй моцы. Павольна вялізазныя абложныя вежы, пабудаваныя ў Азгіліяце, пакаціліся наперад скрозь цемру.


Вестуны зноў прыбылі ў Белую вежу, і Піпін дазволіў ім увайсьці, бо іхнія справы былі неадкладныя. Дэнэтар жа неахвотна адвёў позірк ад Фараміравага твару й сустрэў прышлых маўчаньнем.

– Першы ярус гораду палае, – сказалі тыя. – Што загадае вашамосьць? Вашамосьць яшчэ гаспадар гораду й намесьнік Гондару. Ня ўсе хочуць слухацца Мітрандыра. Людзі ўцякаюць з муроў, пакідаюць іх безабароннымі.

– Чаму? Чаму дурні ўцякаюць? – зьдзівіўся Дэнэтар. – Лепей згарэць раней, чым пазьней, бо згарэць наканавана ўсім. Вяртайцеся да свайго пахавальнага вогнішча! А я пайду да свайго. Ня будзе скляпеньняў для Дэнэтара з Фарамірам. Ня будзе валуноў! Ня будзе доўгага павольнага сну набальзамаванай сьмерці! Мы згарым, як гарэлі паганскія каралі да таго, як прыстаў сюды першы карабель з захаду. Бо захад паў. Ідзіце прэч і гарыце!

Вестуны павярнуліся й сышлі, не адказаўшы нічога й не пакланіўшыся.

А Дэнэтар паўстаў, выпусьціў гарачкавую руку Фараміра з далоні.

– Ён палае, ён ужо гарыць, – вымавіў намесьнік з горыччу. – Дом ягонага духу рассыпаецца.

Тады асьцярожна крочыў да Піпіна й зірнуў на яго зьверху ўніз.

– Бывай, збраяноша мой! Бывай, Перыгрыне, сын Паладына! Нядоўгай была твая служба, і ўжо набліжаецца яе канец. Дык я вызваляю цябе ад рэшты. Ідзі й памірай так, як лічыш найлепшым для сябе. Ды з тым, з кім захочаш, нават калі ім будзе твой сябра, чыё глупства прывяло цябе да такой сьмерці. Пакліч маіх служак ды йдзі. Бывай!

– Я не разьвітваюся з вашамосьцю, гаспадар мой, – Піпін апусьціўся на калена.

I раптам па-хобіцку дзёрзка, як калісьці, паўстаў і глянуў старому намесьніку ў вочы.

– Я пайду з вашага дазволу, вашмосьць, бо насамрэч надта хачу пабачыць Гэндальфа. Але ж ён далёка ня дурань, і паміраць я не сьпяшаюся, пакуль ён не адчайваецца ад жыцьця. А ад свайго слова ды службы я не вызваляюся, пакуль вашаць жывы. I калі ўжо ворагі прарвуцца да Цытадэлі, я буду тут ды стану поруч з вашцю – і тады, магчыма, сапраўды заслужу зброю й званьне, што ваша даў мне.

– Рабі што хочаш, спадару паўросьліку, – адказаў Дэнэтар. – А маё жыцьцё парушанае. Пакліч маіх хлапцоў!

I ён вярнуўся назад да Фараміра.


Піпін паклікаў слуг, і яны зьявіліся: шасьцёра з уласных намесьнікавых хлапцоў, людзі дужыя й гожыя. Але ж яны трапяталі, баючыся гэткага закліку. Спакойным голасам Дэнэтар сказаў ім накрыць Фараміра цёплымі коўдрамі й падняць ягоны ложак. Гэтак і зрабілі яны: узяўшы ложак, вынесьлі з пакою. Павольна крочылі яны, каб не турбаваць хворага, і Дэнэтар, які абапіраўся на кій, ішоў, сагнуўшыся, увасьлед, апошнім клыпаў Піпін.

Яны выйшлі зь Белай вежы, нібы на пахаваньне, у цемру, дзе навіслую хмару асьвятлялі зьнізу каламутна-барвяныя бліскавіцы. Павольна перасеклі вялікую плошчу й паводле Дэнэтаравага слова прыпыніліся ля Засохлага Дрэва.

Вісела цішыня, якую парушалі толькі гукі далёкай бітвы ўнізе ды сумныя кроплі, што падалі зь мёртвых галінаў у цёмную ваду. Тады прайшлі праз браму, дзе вартавы сустрэў іх у зьдзіўленьні й адчаі. Збочылі на захад, сягнулі пасьля доўгага пераходу дзьвярэй у задняй сьцяне шостага ярусу. Фэн Холін называліся яны, бо іх трымалі зачыненымі заўжды, апрача часу пахаваньняў, і толькі гаспадар гораду мог прайсьці празь іх ці тыя, хто нёс на сабе знак скляпеньняў ды працаваў у дамах памерлых. За дзьвярыма пачынаўся зьвілісты шлях, што спускаўся мноствам петляў да вузкага пласкагор'я пад ценем стромай сьцяны Міндолуйну. На тым пласкагор'і стаялі магільні каралёў ды іх намесьнікаў.

Ахоўнік дзьвярэй сядзеў у маленькім дамку, з страхам у вачох выбраўся ён вонкі, трымаючы ў руцэ ліхтар. На загад намесьніка адчыніў дзьверы, яны бязгучна адышлі назад. Намесьнік з слугамі й Піпін прайшлі, забраўшы ліхтар у ахоўніка. Цёмна было на стромым шляху паміж старажытных муроў і шматкалёнавых балясаў, што луналі над галовамі ў зыбкім сьвятле ліхтара. Рэха ад гуку крокаў кацілася за імі, пакуль спускаліся ўсё ніжэй, так сягнулі Рат Дынену, вуліцы Маўчаньня, паміж бляклых купалаў, пустых заляў ды выяваў даўно памерлых людзей. Так крочылі ў залю Намесьнікаў – і апусьцілі ношу.

Там Піпін, баязьліва азіраючыся, зразумеў, што стаіць пад скляпеністай стольлю ў шырокай залі, агорнутай веліканскімі ценямі ад маленькага ліхтара. Скрозь змрок шэраг за шэрагам рысаваліся вычасаныя з мармуру сталы, і на кожным ляжаў нібы заснулы, з каменем пад галавою. Адзін стол, найбліжэйшы, шырокі, стаяў пусты. Туды на знак Дэнэтара паклалі слугі Фараміра й ягонага бацьку, поруч, і накрылі іх адной коўдрай, і пасталі вакол з пахіленымі галовамі, бы плакальнікі вакол памерлых. Тады Дэнэтар ціха прамовіў:

– Тут мы чакацьме. Але ж ня шліце па бальзамоўнікаў. Прынясеце нам дрэва, каб хутка гарэла, абкладзіце нас ім і паліце алеем. А пасьля я папрашу вас пакласьці на дровы запаленую паходню. Зрабіце тое й болей не размаўляйце з мною. Бывайце!

– З дазволу вашмосьці, пане, я пайду, – вымавіў Піпін у жаху й кінуўся наўцёкі зь Сядзібаў Памерлых.

"Небарака Фарамір! – думаў ён. – Я мушу тэрмінова адшукаць Гэндальфа. Небарака Фарамір! Яму, напэўна ж, лекі больш карысныя за сьлёзы. Дзе ж я знайду Гэндальфа? У самым гушчары ўсялякіх турботаў, няйначай, толькі наўрад ці стане ў яго часу на вар'ятаў ды сьмяротна хворых".

Ля дзьвярэй сказаў аднаму з пакаёўцаў, што вартаваў уваход:

– Твой гаспадар не ў сабе. Не сьпяшайцеся зь ягоным загадам. Не нясіце сюды аніякага вагню, пакуль Фарамір жывы! Не рабеце анічога, пакуль Гэндальф ня зьявіцца!

– Хто гаспадар Мінас Тырыту, уладар Дэнэтар ці Сівы Вандроўнік? – абурыўся вартавы ў адказ.

– Падаецца, альбо Сівы Вандроўнік, альбо ніхто ўвогуле, – кінуў Піпін дый пабег бяз духу назад, да гораду, па зьвілістых прысадах міма зьнямелага ад зьдзіўленьня ахоўніка, за дзьверы й далей, пакуль не дабраўся да Цытадэлі.

Вартавы павітаў хобіта, калі той мінаў браму, і Піпін пазнаў голас Бэрэганда.

– Куды бяжыш, спадару Перыгрыне?

– Мітрандыра шукаю!

– Намесьнікавы патрэбы сьпешныя, і ня мне іх затрымліваць, але ж скажы, калі толькі можаш: што адбываецца? Куды падзеўся мой гаспадар? Я толькі заступіў на пост, але ж чуў, што ён пайшоў да Зачыненых дзьвярэй, і перад імі хлапцы несьлі Фараміра.

– Так, – пацьвердзіў Піпін, – да вуліцы Маўчаньня.

Бэрэганд нахіліў галаву, каб схаваць сьлёзы.

– Казалі, што ён памірае, – уздыхнуў ён, – і вось, памёр.

– Не, яшчэ не. I нават цяпер ягоную сьмерць магчыма прадухіліць. Бэрэганд, гаспадар гэтага места здаўся Ворагу раней за свой горад. Вар'яцтва апанавала яго, ён робіць ліхое.

Піпін сьцісла распавёў пра дзівосныя Дэнэтаравы словы й учынкі. I дадаў:

– Трэба тэрмінова адшукаць Гэндальфа!

– Тады спускайся долу, да бітвы.

– Я ведаю. Ягамосьць намесьнік дазволіў мне. Але ж, Бэрэганд, калі толькі здолееш, зрабі што-кольвек, каб спыніць гэтую жудасную справу.

– Намесьнік не дазваляе апранутым у чорнае з срэбрам пакідаць пасты зь любой нагоды, апрача ягонага загаду.

– Ну, дык вашці трэ выбіраць паміж загадамі й жыцьцём Фараміра. Што да загадаў, дык яны цяпер загады вар'ята, а ня пана намесьніка. Усё, мушу бегчы. Вярнуся, калі здолею.

I ён пабег да ніжніх ярусаў. Мінаў людзей, што ўцякалі ад пажарышчаў, і некаторыя, бачачы ягоны рыштунак, абарочваліся й гукалі, але хобіт не зьвяртаў увагі. Нарэшце дабраўся да Другой брамы, за якой вялікае полымя шугала паміж мурамі. Аднак раптам усё падалося дзівосна спакойным. Шум бітвы, ляскат зброі й шалёныя выгукі чамусьці зьніклі. А тады зьнянацку жудасны лямант скалануў паветра, бухнула аглушальна й адбілася глыбокім рэхам. Адольваючы раптоўны прыступ жаху й здранцьвеньня, якое ледзь ня кінула на каленкі, Піпін завярнуў за кут, выскачыў на шырокі пляц перад Вялікаю брамаю. I замёр, бы зьнежывелы. Гэндальфа ён знайшоў, але ж хутчэй адсунуўся прэч, у цень.

З самай поўначы доўжыўся вялікі штурм. Грукаталі білы. На поўначы й на поўдні гуф за гуфам ворагі прабіваліся пад самыя сьцены. Тады зьявіліся вялізныя пачвары, бы рухомыя хаты ў крывавым перарывістым сьвятле, – харадзкія мумакі цягнулі па праходах паміж канавамі гіганцкія абложныя вежы й іншыя машыны. А ачольца аблогі й увагі не зьвяртаў, што робяць яны й колькі іх гіне, бо мэтаю іх было толькі выпрабаваць моц абароны ды заняць абаронцаў у некалькіх месцах адразу. Галоўны напад абрынуўся на гарадзкую браму. Хоць і надта трывалая, выкаваная з жалеза й сталі, ахаваная вежамі й бастыёнамі зь непарушнага каменю, была яна найслабейшым месцам ва ўсім высокім і недаступным вонкавым муры – і ключом да гораду.

Барабаны загрукаталі гучней. Ускінулася полымя ў равах. Вялізманыя машыны паўзьлі па полі, а пасярод іх рушыў магутны таран, велічынёю зь лясное дрэва, сотню ступнёў даўжынёю, падвешаны на моцных ланцугах. Доўга кавалі яго ў чорных кавальнях Мордару, і вусьцішнае наверша ягонае, выкаванае з чорнай сталі, мела выяву ашчэранай ваўчынай пысы, і ляжалі на ёй чары зьнішчэньня. Гронд назвалі яго, у памяць старажытнага Молата Падземнага сьвету. Вялізныя пачвары цягнулі яго, оркі тоўпіліся вакол, а за ім крочылі горныя тролі, каб разгойдваць яго.

Але над брамаю й супраціў напаткалі мацнейшы, бо там стаялі рыцары Дол Амрату й самыя мужныя ваяры гораду. Зьліваю ляцелі стрэлы й дзіды, і абложныя вежы валіліся ці ўспыхвалі, бы паходні. Абапал брамы грувасьціліся кучы абломкаў муроў і целаў забітых, але ж, нібы гнаныя вар'яцтвам, прыбывалі новыя й новыя ворагі.

Гронд поўз. Пакрыцьцё ягонае не займалася полымем, аніякі агонь ня браў яго, і хоць зноў і зноў нейкая з жывёлінаў, што цягнулі таран, шалела й кідалася на незьлічоных оркаў-ахоўнікаў, топчучы іх, забітых папросту адкідвалі прэч, і новыя займалі іхняе месца.

Гронд поўз. Барабаны зайшліся дзікім боем. Над кучамі забітых зьявілася жудасная постаць: высокі вершнік, з насунутым каптуром, апрануты ў чорнае. Павольна, наступаючы на зрынутых, ехаў ён наперад, не зьвяртаючы ўвагі на стрэлы й дзіды. Спыніўся й падняў доўгі блядны меч. I тады невыказны жах упаў на ўсіх – і на абложнікаў, і на абаронцаў – і рукі іхнія апусьціліся, і застылі струны лукаў. На момант усё сьцішылася.

Грукнулі, зачасьцілі барабаны. З жудаснай сілаю Гронд штурхнулі вялізарныя рукі троляў. Таран кіўнуў. Пыса ваўка лізнула браму, і глыбокі грукат пакаціўся праз горад, як грымоты праз аблокі. Але ж жалеза брамы й сталёвыя бэлькі вытрымалі ўдар.

Тады Чорны Ачольца прыўзьняўся на страмёнах ды выгукнуў жудасна на забытай мове словы сілы й вусьцішы, каб разьдзерці й сэрцы, і каменьне.

Тройчы гукаў ён. Тройчы біў вялікі таран. I на апошнім удары брама Гондару ня вытрымала. Нібы ўражаная заклёнам вынішчэньня, выбухнула яна. Палыхнула асьляпляльнаю маланкаю... і асыпалася нікчэмнымі друзачкамі на зямлю.

I правадыр назгулаў уехаў у браму. Вялізнай чорнаю постацьцю з полымем за сьпінаю паўстаў ён, ценем адчаю й гібелі. За браму, туды, куды яшчэ не сягаў аніякі вораг, уехаў ачольца назгулаў, і ніхто ня вытрываў перад ім.

Амаль ніхто. Бо маўклівы й нерухомы ў цэнтры плошчы за брамаю чакаў на Ценяры Гэндальф. Цяняр адзіны сярод вольных зямных коней выносіў такі жах, стоячы нерухома, спакойна, нібы кувезная выява на Рат Дынен.

– Ты ня пройдзеш тут, – вымавіў Гэндальф, і вялізарны цень прыпыніўся. – Ідзі прэч, назад, у прорву, падрыхтаваную для цябе! Ідзі прэч! Згінь у небыці, што чакае цябе й твайго гаспадара! Прэч!

Чорны вершнік адкінуў каптур, і – зірніце! – на галаве ягонай ляжала карона, хоць тая галава была нябачнаю. Толькі барвовае полымя сьвяцілася паміж каронаю й шырокімі, укрытымі чорным плашчом плячыма. А зь нябачнага рота вырваўся сьмех.

– Стары дурань! Вось надышоў мой час! Ці ты не пазнаеш сваю сьмерць? Памры ж у немачы, няздара, і праклінай мяне, паміраючы!

Ён узьняў меч, і полымя ўспыхнула на ім, і пабегла па лязе.

Гэндальф ня рухаўся. I ў гэты самы момант далёка ззаду, у нейкім гарадзкім двары, загаласіў певень. Звонка й ясна сьпяваў ён, ня ведаючы ані пра чараўніцтва, ані пра вайну, адчуваючы толькі раніцу, далёкі сьвітанак, што запаліўся ў нябёсах высока над ценем сьмерці.

I нібы ў адказ іншая песьня данеслася здалёк. Рогі, погук мноства рагоў. Смужна адбіўся іхні кліч ад цьмяных бакоў Міндолуйну. Шалёна вылі вялікія рогі Поўначы.

Нарэшце прыйшоў Рохан.

5. Паход рахірымаў


Панавала цемра. Мэры, які ляжаў на зямлі, загарнуўшыся ў коўдру, ня бачыў амаль анічога. Ноч стаяла сьпякотная й бязьветраная, і паўсюль навокал ледзь чутна ўздыхалі й шапацелі нябачныя дрэвы. Падняў галаву, прыслухаўся. Так, не памыліўся: нібы далёкія барабаны грукаюць у лясістых пагорках ды адгор'ях. Рытм спыняўся раптоўна, а тады доўжыўся недзе ў іншым месцы – то бліжэй, то далей. Падумалася: а вартавыя тое чуюць ці не?

Ведаў, што ў змроку, нябачныя, паўсюль навокал – харугвы рахірымаў. Скрозь цемру пахла коньмі. Чуў, як рухаюцца, пастукваюць капытамі па зямлі, засыпанай ігліцаю. Войска прыпынілася ў сасьняку, якім зарасьлі схілы й ваколіцы празору Эйленах. Гэты пагорак узвышаўся над доўгімі хрыбтамі лесу Друядан побач зь вялікім шляхам ва Ўсходнім Анарыёне.

Хоць і стомлены, заснуць Мэры ня мог. Ехаў ужо чатыры дні, і змрок усё шчыльнеў, усё цяжэй сьціскаў сэрца. Падумаў быў: навошта гэтак прагнуў ехаць, калі ўсе нагоды меў, нават гаспадароў загад, застацца? А мо стары кароль даведаўся пра непакорлівасьць і цяпер злуецца на хобіта? Магчыма й не. Нейкая дамова існавала паміж Дэрнхельмам і Эльфхельмам, маршалкам, ачольцам эярэду, у шэрагах якога ехалі Дэрнхельм з Мэры. Ён і ягоныя людзі ігнаравалі хобіта й рабілі выгляд, што ня чуюць анічога, калі той зьвяртаўся да іх, быццам Мэры – яшчэ адзін мех ля сядла Дэрнхельма. I з Дэрнхельма карысьці ня болей, ён ніколі ні з кім не размаўляў. Мэры пачуваўся надта нязначным, самотным, да ўсяго – не на сваім месцы. Час падціскаў, і над войскам навісла пагроза. Ужо заставалася меней за дзень ходу да вонкавых муроў, што абкружалі ваколіцы Мінас Тырыту. Наперад выслалі выведнікаў. Некаторыя не вярнуліся. Астатнія вярнуліся хутка й данесьлі, што шлях заняло моцнае войска. Ворагі разьбілі лягер проста ўздоўж дарогі, за тры вярсты на захад ад Аман Дыну, і людзкія разьдзелы ўжо рушаць па шляху, і да іх менш за дзьве мілі. А ў пагорках ды лясох уздоўж шляху шнараць оркі. Эямэр і кароль ня спалі, склікалі раду пасярод ночы й разважалі, што рабіцьмуць.

Мэры хацелася паразмаўляць з кім, згадаўся Піпін. Але тое толькі дадало непакою. Небарака Піпін, зачынены ў вялізным каменным горадзе, самотны й пераляканы. Мэры захацелася стаць высокім вершнікам накшталт Эямэра, дзьмуць у рог ці рабіць нешта падобнае ды мчаць на дапамогу й выратаваць сябра. Сеў, прыслухаўся да барабанаў, што забілі зноў, цяпер зусім блізка. I вось адрозьніў галасы – людзі размаўлялі напаўголасу – і пабачыў прыцемненае сьвятло паўпрыкрытых ліхтароў, якія несьлі празь лес. Вакол замітусіліся ў цемры людзі, рухаючыся амаль навобмацак.

Высокая постаць вырасла побач. Чалавек спатыкнуўся аб Мэры, вылаяўся, кленучы карані. Хобіт пазнаў голас маршалка Эльфхельма.

– Я ня корань, спадару маршалку, – вымавіў ён, – і ня мех, а пабіты хобіт. I самае меншае, што вашці варта зрабіць у якасьці прабачэньня, гэта распавесьці, што адбываецца.

– Ды што заўгодна ў гэткай д'ябальскай цемры! – адказаў Эльфхельм. – Але гаспадар загадаў, каб мы былі гатовыя – магчыма, раптоўна здымемся й рушым.

– Вораг ці што? – устурбаваўся Мэры. – Гэта ягоныя барабаны? Я ўжо быў падумаўшы, што прымроіў іх, бо ніхто на іх не зважае.

– Не, не, – адмахнуўся Эльфхельм. – Вораг на шляху, а не сярод пагоркаў. Ты чуеш дзікуноў, насельнікаў тутэйшага лесу. Яны перамаўляюцца барабанамі. Кажуць, да нашых дзён рэшта іх жыве ў гэтым лесе. Яны нашчадкі надта старажытных часоў, жывуць у таемнасьці, хаваючыся, дзікія й сьцярожкія, бы зьвяры. Яны не ваююць з Гондарам ці Ўкрайнай, але цяпер іх турбуе цемра й прышэсьце оркаў. Яны баяцца, каб Чорныя гады не вярнуліся, а да таго надта падобна. Будзем удзячныя, што яны ня ўздумалі паляваць на нас, бо, паводле чутак, яны страляюць атрутнымі дроцікамі, і ў лесе іх аніхто не спаймае й не дагоніць. Аднак яны прапанавалі паслугі Тэядэну. Зараз аднаго зь іх старэйшынаў правялі да караля. Вунь там, бачыш ліхтары? Усё, болей я ня ведаю. I цяпер мушу выконваць гаспадарскі загад. Так што зьбірайся й рыхтуйся, спадар Мех!

Эльфхельм зьнік сярод ценяў.

Не спадабаліся Мэры словы пра дзікуноўды атрутныя дроцікі, але ж і без таго на яго жудасна ціснула. Чакаць проста так было невыносна. Адчайна хацелася вызнаць, што ж адбываецца. Хобіт падняўся й неўзабаве асьцярожна пакрочыў за апошнім ліхтаром, пакуль той не згубіўся сярод дрэваў.

Выйшаў на паляну, дзе пад старадаўнім дрэвам разьбілі невялікі намёт для караля. Ліхтар, прыкрыты зьверху, зьвісаў з сука й высьвечваў на зямлі бледнае кола. Там сядзелі Тэядэн з Эямэрам, а перад імі на зямлі ўладкаваўся дзівосны шырокі й вуглаваты чалавечак, каржакаваты, каравы, бы стары камень, валосьсе ягонай рэдкай барады тырчэла з круглага вытыркнутага падбародзьдзя, як сухі мох. Таўстарукі, каратканогі, пухлявы й шырачэзны, апрануты толькі ў пляцёнку з травы вакол пасу, ён падаўся Мэры падобным да чагосьці, і раптам хобіт узгадаў пукелаў у Дунхэрэ. Рыхтык адна з тых старых выяваў ажыла ці зьявіўся празь безьліч гадоў наўпросты нашчадак тых, з каго рабіў скульптуры забыты старажытны майстра.

Пакуль Мэры падкрадваўся бліжэй, было ціха, а тады дзікун загаварыў – напэўна, адказваў на пытаньне. Голас ягоны гучаў нізка й гартанна. Аднак на вялікае зьдзіўленьне Мэры, прамаўляў дзікун на Агульнай мове, хоць і запінаўся, і ўстаўляў дзікунскія словы.

– Мы, бацьку каняводаў, – казаў ён, – ня б'емся, не. Толькі палюем. Забіваем гаргуноў па лясох, ненавідзім оркаў. Ты таксама ненавідзіш гаргуноў. Мы дапаможам, як здолеем. У ляснога племя чуйны слых, пільны зрок, усе сьцежкі знаныя яму. Лясное племя жыло тут яшчэ да каменных хацінаў, да таго, як высокія людзі выйшлі з вады.

– Дапамагаць нам трэба на полі бітвы, – вымавіў Эямэр. – Як ты й тваё племя дапаможаце нам?

– Навіны прынясем. Мы з гор пазіраем. На вялікія горы ходзім, далёка бачым. Каменны горад зачынены. Агонь палае звонку, а цяпер і ўнутры. Хочаш патрапіць туды? Тады сьпяшайся. Але гаргуны й людзі здалёку, – ён махнуў кароткаю вузлаватаю рукою на ўсход, – паселі на конскі шлях. Надта шмат, болей за конскае племя.

– Адкуль ты ведаеш? – спытаў Эямэр.

На пляскатым твары старога ды ў цьмяных вачох не адбілася анічога, але голас загучаў раздражнёна.

– Лясное племя дзікае, вольнае, але ж мы не немаўляты! Я – вялікі правадыр Ган-буры-Ган. Я лічу мноства рэчаў: зоркі ў нябёсах, лісты на дрэвах, людзей у цемры. Вас – двудзесяць двудзесяці дзесяць разоў і яшчэ пяць. А іх болей. Вялікая бітва будзе, хто пераможа? А яшчэ нашмат болей ходзіць вакол сьценаў каменнага гораду.

– На жаль, ён мае рацыю, – заўважыў Тэядэн. – Нашыя віжы даносяць: шлях перакапаны порынямі й утыканы палкамі. Мы ня возьмем іх раптоўным налётам.

– Але ж нам трэ сьпяшацца! – сказаў Эямэр. – Мундбург у агні!

– Дазволь скончыць Ган-буры-Гану! – прабурчэў дзікун. – Болей за адзіны шлях ведае ён. Правядзе цябе там, дзе няма ямінаў, гаргуны ня ходзяць, толькі лясное племя й зьвяры. Мноства шляхоў было, калі народ каменных хатаў быў моцны. Яны рэзалі каменьне, як паляўнічы зьвярынае мяса. Лясны народ думаў: яны ядуць каменьне. Ехалі яны праз Друядан да Рыману ў вялікіх вазох. Болей ня езьдзяць. Шлях забыты, але не лясным племем. Да гары й за гарой вядзе ён, схаваны травою, дрэвамі прыкрыты, адсюль да Рыману й далей да Дыну, дый падыходзіць да конскага шляху напрыканцы. Лясны народ пакажа шлях. Тады ты заб'еш гаргуноў ды прагоніш цемру зыркім жалезам, і лясное племя вернецца спакойна спаць у дзікіх лясох.

Эямэр з каралём параіліся на сваёй мове. Нарэшце Тэядэн павярнуўся да лесавіка.

– Мы прымаем тваю прапанову. Хоць і пакідаем варожае войска за сьпінай. Якая розьніца? Калі каменны горад загіне, мы ня вернемся. Калі выратуецца – тады самое гэтае войска будзе адрэзанае. Калі праўдзівыя твае словы, Ган-буры-Ган, багата ўзнагародзім цябе, і сяброўства Ўкрайны – табе назаўсёды!

– Памерлыя – не сябры жывым і ўзнагародаў не даюць, – адказаў дзікун. – Але ж калі перажывеш цемру, тады пакінь лясное племя ў спакоі ў ягоных лясох, не палюй іх, што зьвяроў. Ган-буры-Ган не завядзе цябе ў пастку. Пойдзе разам з бацькам конскага народу, а калі завядзе не туды, дык забі яго.

– Хай так і будзе! – абвесьціў Тэядэн.

– Як доўга – абыходзіць ворагаў ды вяртацца на шлях? – пацікавіўся Эямэр. – Калі ты павядзеш нас, нам давядзецца клыпаць крокам пешага, а я не сумняюся, што шлях твой вузкі.

– Лясны народ легканогі, – давёў Ган. – У Даліне Каменных Вазоў, там, – ён махнуў рукою на поўдзень, – шлях на чатыры кані шырынёю, вузкі напачатку ды напрыканцы. Лясны народ даходзіць адсюль да Дыну ад сьвітанку да полудня.

– Тады для нас гэта сем гадзінаў, – падсумаваў Эямэр, – але мусім разьлічваць недзе гадзінаў на дзесяць. Усялякія нечаканасьці могуць затрымаць нас, калі войска расьцягнецца, і шмат часу спатрэбіцца, каб упарадкаваць яго, калі выйдзем на роўнядзь. Колькі часу цяпер?

– Хто ж ведае? – заўважыў кароль. – Паўсюль цемра.

– Цемра, але ня ноч, – сказаў Ган. – Калі сонца ўзыходзіць, мы адчуваем яго, нават калі яно схаванае. Ужо караскаецца яно над усходнімі гарамі. На нябёсных палетках разгараецца дзень.

– Тады мусім выяжджаць як мага хутчэй, – вырашыў Эямэр. – Бо нават у найлепшым выпадку няма надзеі прыйсьці на дапамогу Гондару сёньня.


Мэры болей не падслуховаў, а сьлізнуў прэч, каб падрыхтавацца да выхаду. Усё, бітва набліжалася. I падавалася, няшмат хто яе перажыве. Але ж Мэры згадаў Піпіна, полымя ў Мінас Тырыце й адкінуў уласныя страхі.

Усё добра склалася гэтым днём, і ані прыкметы варожай засады не заўважылі. Дзікуны паставілі вакол войска ланцуг сьцярожкіх паляўнічых, каб аніякі орк ці пранырлівы віж ня вызнаў пра рух сярод пагоркаў. Чым бліжэй былі да аблогі, тым шчыльней рабіўся змрок, і вершнікі рушылі доўгімі шэрагамі, бы чорныя цені людзей і коней. Кожную харугву вёў асобны дзікун-правадыр, а стары Ган-буры-Ган крочыў побач з каралём. Напачатку перасоўваліся павольней, чым плянавалі, бо змарнавалі шмат часу, каб, сьпешыўшыся, адшукаць сьцежкі праз зарослыя шчыльным лесам хрыбты за лягерам і спусьціцца ў Даліну Каменных Вазоў. Ужо набліжаўся надвячорак, калі першыя вершнікі сягнулі шырокіх шэрых пушчаў, што ляжалі за ўсходнім ускрайкам Аман Дыну, прыкрываючы вялікую вышчарбіну ў шэрагу пагоркаў, што цягнуліся з усходу на захад, ад Нардалу да Дыну. Праз тую вышчарбіну здаўна вёў забыты возавы шлях ад гораду праз Анарыён. Але ўжо цягам многіх чалавечых жыцьцяў дрэвы авалодалі ім, і ён зьнік, парушаны, пахаваны пад лісьцем незьлічоных гадоў. Аднак пушча была апошняю надзеяй схавацца ад варожых вачэй перад бітваю, бо далей ляжала дарога ды адкрытыя роўнядзі ўздоўж Андуйну, а на ўсход і на поўдзень цягнуліся голыя й скалістыя схілы, і грамады каменю, ціснучы адна адну, паўстаючы бастыёнамі, грувасьціліся вышэй і вышэй да непамернага гмаху Міндолуйну.

Першая харугва прыпынілася, і калі за ёй астатнія выбраліся з вузкага горла Даліны Каменных Вазоў, вершнікі разьехаліся па навакольлі, да месцаў лягеру пад шэрымі дрэвамі. Кароль склікаў маршалкаў ды ачольцаў на раду. Эямэр выслаў віжоў, каб сачылі за шляхам, а стары Ган толькі пахітаў галавою.

– Якая карысьць слаць конны народ? Лясное племя ўжо ўсё пабачыла, што можна ўбачыць у благім паветры. Яны неўзабаве прыйдуць ды перамовяць з мною тут.

Зьявіліся маршалкі й ачольцы, і тады з-за дрэваў выбраліся сьцярожка астатнія людзі-пукелы, такія падобныя да Гана, што Мэры іх і не адрозьніў бы. Яны размаўлялі з Ганам на дзівоснай гартаннай, хрыпатай мове.

– Вольнае племя бачыла шмат чаго, – Ган нарэшце павярнуўся да караля. – Па-першае, сьцеражыцеся! Яшчэ шмат людзей у лягеры за Дынам, гадзіна ходу адсюль, – ён махнуў рукою на захад, да чорнага мігака-празору. – Аднак анікога не відаць паміж намі й новай сьцяною каменнага народу. Там шмат хто. Занятыя. Сьцяна ўжо не стаіць, гаргуны пазьбівалі яе земляным громам ды кіямі з чорнага жалеза. Гаргуны тыя нічога не чакаюць, вакол не азіраюцца. Думаюць, іхнія сябры даглядаюць за ўсімі шляхамі!

Тут стары Ган дзівосна забулькаў глыткаю – засьмяяўся, напэўна.

– Добрыя весткі! – выгукнуў Эямэр. – Нават у змроку праблісквае надзея! Варожае ліха часьцяком ліхое яму самому! Гэтая клятая цемра стала покрывам нам. І цяпер, прагнучы вынішчыць Гондар, разабраць да апошняга каменю, оркі вынішчылі найвялікшы мой страх. Вонкавую сьцяну доўга можна было трымаць супраць нас. А цяпер мы пранясемся празь яе бесьперашкодна – раз ужо мы сюды дабраліся.

– І зноў я дзякую табе, лясны правадыр Ган-буры-Ган, – вымавіў кароль. – Дабра табе на тваіх шляхох за навіны й правадырства!

– Забіце гаргуноў! Забіце оркава племя! Анічога іншага не задаволіць лясны народ! – адгукнуўся Ган. – Праганіце благое паветра й цемру зыркім жалезам!

– Дзеля таго й ехалі мы здалёк, і тое спрабавацьмем, – пацьвердзіў кароль. – Але што атрымаецца, пакажа толькі раніца.

Ган-буры-Ган апусьціўся на карачкі й пакланіўся, крануўшы зямлю лобам на знак разьвітаньня. Тады ўстаў, каб сысьці. I раптам пачаў азірацца, бы напалоханая лясная жывёліна, што адчула чужы пах. Вочы дзікуна заблішчэлі.

– Вецер мяняецца! – выгукнуў ён і ў імгненьне вока разам з суродзічамі зьнік у змроку, і аніколі болей ня бачылі іх вершнікі Рохану.

Неўзабаве далёка на ўсходзе зноў загрукаталі барабаны. Аднак аніводны з роханскага войска не падумаў благога пра дзікуноў, хоць дзіўнымі й непрыемнымі на выгляд падаваліся лясныя людзі, здрады ад іх не чакалі.

– Болей нам ня трэба правадыроў, – заўважыў Эльфхельм, – бо ў войску ёсьць тыя, хто ездзіў да Мундбургу ў часы міру. Я, напрыклад. Калі выедзем на шлях, ён паверне на поўдзень, і адтуль яшчэ чатыры мілі да вонкавага муру й прыгарадных земляў. I ўздоўж дарогі амаль паўсюль трава абапал шляху. Гэты адрэзак шляху ганцы Гондару заўжды праяжджаюць з найвялікшай хуткасьцю. I мы праскочым спрытна й бязь лішняга шуму.

– Наперадзе – ліхая бітва, нам спатрэбіцца ўся нашая моц, – сказаў Эямэр. – Таму мая парада: адпачыць цяпер і рушыць ноччу, каб выехаць на прыгарадныя палі зь сьвітанкам, ці што зь яго засталося, або калі загадае наш гаспадар.

Кароль пагадзіўся, і рада разышлася. Але неўзабаве Эльфхельм вярнуўся.

– Нашыя віжы не знайшлі анічога па-за шэрым лесам, апрача двух людзей – двух забітых – і іхніх мёртвых коней.

– І што такое? – спытаў Эямэр.

– Пане маршалку: яны – ганцы Гондару. Адзін, напэўна, Хіргон. Ягоная рука яшчэ сьціскае Барвяную стралу, а галаву ягоную адсеклі. I вось што яшчэ: падаецца, іх забілі, калі яны ўцякалі на захад. Мяркую, яны знайшлі ворагаў ужо на вонкавым муры ці ў час нападу на яго, а тады павярнулі назад – дзьве ночы таму, калі яны карысталіся коньмі зь перакладных пастоў, як звычайна. Яны не дабраліся да гораду й павярнулі назад.

– Горкія зьвесткі, – засмуціўся Тэядэн. – Значыць, Дэнэтар не атрымаў навінаў пра наш паход і адчаяўся, чакаючы нас.

– Патрэба ня церпіць адклады, аднак лепей позна, чым ніколі, – сказаў Эямэр. – І мажліва, да гэтай часіны старое выслоўе пасуе болей, чым да любой пары, калі ўпершыню чалавечыя вусны вымавілі яго.


Была ноч. Пааберуч ад шляху бязгучна рушыла войска Рохану. Дарога, агінаючы адгор'і Міндолуйну, збочвала на поўдзень. Далёка, амаль проста наперадзе барвовае зьзяньне палала пад чорнымі нябёсамі, і чорнымі гмахамі паўставалі над ім схілы вялікай гары. Коньнікі ўжо набліжаліся да Рамасу, муроў Пеленарскага поля, але дзень яшчэ не распачаўся.

Кароль ехаў пасярэдзіне першай харугвы, сярод сваіх прыдворных і аховы. За каралеўскай харугвай разьмяшчаўся Эямэраў эярэд, і Мэры заўважыў, што ў цемры Дэрнхельм пакінуў сваё месца й паціху прасунуўся наперад, пакуль не апынуўся амаль адразу за каралеўскай харугвай. Тады прыпыніліся. Мэры чуў, як наперадзе ціха перамаўляюцца. Зьявіліся выведнікі, якія дабраліся амаль да муру. Данесьлі пра ўбачанае каралю.

– Вялікія вогнішчы, вашамосьць, – паведаміў адзін. – Вакол гораду полымя, на полі процьма ворагаў. Але ўсе, здаецца, сабраныя для штурму. Наколькі мы бачылі, нямногія засталіся на вонкавай сьцяне, і тыя не сьцерагуцца, занятыя разбурэньнем.

– Ці памятае вашамосьць словы дзікуна? – спытаў іншы. – Я жыў у часіны міру на роўнядзях. Відфара маё ймя. Мне паветра таксама прыносіць весткі. Вецер мяняецца. Ужо патыхае з поўдня й чуваць пагалосак мора, хоць і слабы. Раніца прынясе навіны. Над гэтым смуродам і хмараю заднее, калі перасячэм сьцяну.

– Калі ты кажаш праўду, Відфара, зычу табе агораць бітву й пражыць доўгія гады ў супакоі й раскошы! – вымавіў кароль.

А тады павярнуўся да войска й вымавіў ясным, дужым голасам так, што многія вершнікі зь першага эярэду пачулі яго:

– Надышоў ваш час, вершнікі Ўкрайны, сыны Эёрла! Агонь і ворагі наперадзе, родныя хаты далёка за сьпінамі. Аднак хоць і на чужых палёх выпала вашая бітва, слава, якую здабудзеце вы, застанецца вашай назаўсёды. Вы кляліся калісьці – цяпер час выканаць клятвы гаспадарам, і землям, і сяброўству!

Ваяры бразнулі дзідамі аб тарчы.

– Эямэр, сыне мой, вядзі ж першы эярэд! – абвесьціў кароль. – Ён пойдзе за каралеўскім сьцягам, у цэнтры. Эльфхельм, калі мінем сьцяну, вядзі харугву праваруч. А Грымбальд няхай кіруе сваёй зьлева. Астатнія рушце за гэтымі трыма паводле свайго разуменьня. Нападайце на ўсялякі варожы разьдзел. Лепш сплянаваць немажліва, бо мы ня ведаем абставінаў на полі бою. Рушце наперад і ня бойцеся аніякай цемры!

Першая харугва рушыла з усёй магчымай хуткасьцю. Яшчэ панавала глыбокая цемра – якія зьмены ні прадчуваў бы Відфара. Мэры ехаў за Дэрнхельмам, ухапіўшыся за яго левай рукою, а правай намагаючыся вызваліць корд з похваў. Цяпер адчуў з усёй горыччу праўду словаў старога караля: "I ў бітве, да якой мы едзем, што ж будзеш рабіць ты, спадару Мерыядоку?"

"Толькі вершніку перашкаджаць, – падумаўхобіт, – дый спадзявацца не зваліцца, каб затапталі да сьмерці шалёнымі капытамі".

Да вонкавага муру заставалася каля паўмілі. Хутка сягнулі яго. Мэры падалося – надта хутка. Выбухнуў дзікі лямант, забразгала зброя, але ненадоўга. Оркаў, якія бурылі сьцяну, было мала. Зьнянацку коньнікі абрынуліся на іх, каго забілі, а каго паразагналі. Перад руінамі паўночнай брамы Рамасу кароль прыпыніўся зноў, і першы эярэд выстраіўся за ім і па бакох. Дэрнхельм жа трымаўся блізка да караля, хоць Эльфхельмава харугва ад'ехала направа. Ваяры Грымбальда зьвярнулі ўбок ды праехалі празь вялікі пралом у сьцяне далей на ўсход ад брамы.

Мэры вызірнуў з-за Дэрнхельмавай сьпіны. Далёка наперадзе, вёрстаў за дзесяць ці болей, палала вялікае пажарышча, а паміж ім і вершнікамі паўколам сьвяціліся лініі вагню – найбліжэйшая недзе за паўмілі. Болей на цёмнай роўнядзі анічога не вылучалася, і аніякай надзеі на ранішняе сьвятло не было, і вецер не азываўся, зьменены ці не.

Роханскае войска ціха й павольна рушыла на поле Гондару, нібы прыліў, які мкнецца праз праломы ў вале, што лічыўся колісь надзейным. А Чорны правадыр варожай навалы думаў толькі пра штурм і аблогу ды гібель гораду, і ніякіх зьвестак не дайшло да яго, ніхто не абвесьціў, што ў пляне ёсьць лёсавая дзірка.

Крыху пазьней кароль павёў ваяроў на ўсход, накіраваўшы да вонкавага боку абложных агнёў. Пакуль яшчэ вершнікаў не заўважылі, не спынялі, і Тэядэн не даваў сыгналу да атакі. Нарэшце кароль стаў ізноў. Горад наблізіўся. Смурод вісеў у паветры, і цемра ляжала сьмяротным ценем. Коні непакоіліся. А кароль нерухома сядзеў на Сьнежнагрыве, пазіраючы на агонію Мінас Тырыту, быццам зьнянацку ўражаны адчаем і вусьцішшу. Падалося, ён сьціснуўся, паменшыўся, сагнуўся пад цяжарам гадоў. Мэры й сам адчуваў, як вялікі цяжар жаху й сумневу лёг на яго. Сэрца грукала марудна, цяжка. Час нібы застыў у нявырашанасьці. Спазьніліся, няйначай, роханцы спазьніліся! Позна ўсё ж горш, чым ніколі! Можа, Тэядэн завагаецца, схіліць старую галаву, паверне, уцячэ прэч, схаваецца сярод гораў?


I тады Мэры адчуў яе, несумненную зьмену! Вецер дыхнуў у ягоны твар! I бліснула сьвятло. Далёка-далёка на поўдні цьмяна намаляваліся шэрыя абрысы аблокаў. Яны клубіліся, плынелі. За імі паўставала раніца.

У гэты самы момант асляпляльна палыхнула, нібы маланка ўдарыла з-пад гораду. На невыносна зыркае імгненьне высьвеціўся ўвесь горад, зь верху да нізу, чорна-белы, з найвышэйшаю вежаю – бліскучай іголкай, і тады цемра сашчапілася над ім зноў і над палямі пракацілася вялізнае "бумм!!".

I з гэтым гукам пахілены кароль выпрастаўся. Ізноў падаўся ён высокім і ганарлівым, прыўзьняўшыся на страмёнах, ён выкрыкнуў магутней, ясьней і гучней за любы сьмяротны голас, які чулі людзі:

Паўстаньце ж, паўстаньце, ваяры Тэядэна!

Ліха наперадзе, сьмерць і пажары!

Дзідаў віхура й тарчаў пагуба,

дзень сталі, дзень барвы ды зыркага сонца!

Рушце ж наперад! Да Гондару рушце!

Кароль выхапіў у Гутлафа, свайго сьцяганосца, вялікі рог і так задзьмуў у яго, што рог раскалоўся. I тут жа покліч падхапілі ўсе рогі ў войску, і погук роханскіх рогаў у гэты час быў, што буран над роўнядзьдзю, што навальніца ў гарах.

Рушце ж наперад! Да Гондару рушце!

Раптам кароль выгукнуў Сьнежнагрыву, і конь кінуўся наперад. За каралём віўся ягоны сьцяг – белы конь на зялёным полі – але кароль далёка абагнаў яго. За каралём скакалі рыцары ягонага почту, але ён імчаў наперадзе, недасягальны. Эямэр вёў эярэд за ім, і белы хвост на ягоным шаломе плынеў па ветры, і коні мчалі хваляю, што абрынаецца, пенячыся, на бераг, але Тэядэна было не дагнаць. Нечалавечае шаленства, падавалася, авалодала ім, ці люты баявы агонь прабацькоў запалаў маладосьцю ў ягонай крыві, і кароль нёсься на Сьнежнагрыве, як бог даўніны, бы Аромэ Вялікі ў бітве валараў, калі сусьвет быў малады. Залатая тарча ягоная зьзяла, як выява сонца, і трава выбухала зялёным агнём пад капытамі каня. I прыйшла раніца, сапраўдная раніца, і вецер з мора разагнаў цемру, і залямантавалі войскі Мордару, апантаныя жахам, і пабеглі, уцякаючы, і гінулі, і шалёныя капыты ўбівалі іх у зямлю. I тады засьпявала ўсё войска Рохану, засьпявала, забіваючы, бо лютая асалода бітвы завалодала ваярамі, і сьпеў той, цудоўны й жудасны, даляцеў да гораду.

6. Бітва на Пеленарскіх палёх


Аднак ня орцкі ваяка, ня просты бандыт ачольваў напад на Гондар. Надта рана растачылася цемра, да часу; прызначанага яе Гаспадаром. Лёс здрадзіў яму, і перамога высьлізнула з рукі, якраз калі яна працягнулася схапіць. Але ж тая рука была доўгая. Яшчэ не пахіснулася яе ўлада, яшчэ мела вялікую моц. Кароль, прывід пярсьцёнка, ачольца назгулаў, меў шмат зброі. Ён пакінуў браму й зьнік.


Калі Тэядэн, кароль Украйны, сягнуў шляху ад брамы да ракі, то павярнуў у бок гораду, да якога заставалася меней за вярсту. Крыху запаволіў рух, шукаючы новых праціўнікаў, і ягоныя рыцары сабраліся вакол яго, Дэрнхельм таксама. Наперадзе, бліжэй да муроў, Эльфхельмавы ваяры скакалі паміж абложнымі машынамі, секучы, забіваючы, заганяючы ворагаў у вогненныя равы. Ужо амаль усю паўночную палову Пеленару занялі рахірымы, і лягеры аблогі запалалі, і оркі ўцякалі да ракі, бы дзічына перад паляўнічымі, а рахірымы мкнулі й забівалі, і аніхто ня мог устояць на іхнім шляху. Аднак аблогу яны яшчэ не абверглі й да брамы не прабіліся. Бо шмат ворагаў тоўпілася перад брамаю, і на ўсходняй частцы палёў трывала варожае войска. На поўдні, за шляхам, засталіся галоўныя сілы харадрымаў, іхнія вершнікі зьбіраліся пад сьцяг правадыра. А ён, пабачыўшы ў зыркім сьвятле харугву караля, уцяміў, што яна далёка ад асноўных сілаў і ў ёй няшмат ваяроў. Тады ён напоўніўся крывавай лютасьцю і, узьняўшы свой сьцяг – чорную зьмяю на пунсовым полі – рушыў зь вялікім натоўпам ваяроў на харугву белага каня, і бляск крывых паўднёвых шабляў зіхцеў незьлічонымі зоркамі.

I Тэядэн пабачыў тое, і ня стаў чакаць навалы, а выгукнуў каню й памчаў наперад, насустрач. Жудасна стрэліся яны. I ўсё-ткі белы баявы імпэт людзей Поўначы палаў зырчэй, рыцарскае майстэрства іхняе было вышэйшым, а доўгія дзіды – сьмяротнейшымі. Меней іх было, але яны працялі шыхт паўднёўцаў, як маланка лес. Проста скрозь натоўп пранёсься Тэядэн, сын Тэнгела, і дзіда ягоная зламалася ў целе правадыра харадрымаў. Тады вылецеў з похваў ягоны меч, і кароль кінуўся да сьцяга, і сьсек трымальна разам зь сьцяганосцам, і долу скінуў чорнага зьмея.

Тады ўсе вершнікі харадрымаў, хто яшчэ застаўся жывы, павярнуліся й кінуліся наўцёкі.


Але што гэта?! Зьнянацку, сярод перамогі й славы, заценілася залатая каралёва тарча. I новую раніцу закрыла ноч. Цемра легла на Тэядэна. Заржалі коні, уздыбіліся. Людзі падалі зь сёдлаў і курчыліся на зямлі.

– Да мяне! Да мяне! – заклікаў Тэядэн. – Паўстаньце, эёрлінгі! Ня бойцеся цемры!

Але Сьнежнагрыў, зьдзічэлы ад жаху, высока ўздыбіўся, малоцячы капытамі паветра, а тады з пранізьлівым іржаньнем паваліўся набок – бо чорны дроцік працяў яго. Кароль апынуўся пад ім.

Вялізны цень зьляцеў хмарай. I – пабачце! – тое была крылатая пачвара, калі й птушка, то большая за любую іншую, галаскурая, без аніводнага пёрка, зь неабсяжнымі крыламі – скураю, нацягнутаю паміж костак, і істота сьмярдзела. Напэўна, у старажытнасьці жылі падобныя да яе, і недзе ў забытых халодных гарах хаваўся яе выміралы род, зажыўшыся далёка за часы сваёй кравіны, і ў жудасным гняздовішчы напладзіўся апошні пачварны выседак, схільны да ліха. Чорны Ўладар знайшоў яго й накарміў злом ды падлаю, і нашчадкі выміралай пароды вырасьлі большымі за любых іншых, здольных лётаць, і тады Чорны Ўладар даў іх сваім найвярнейшым паслугачам. Долу абрынулася крыважэрная пачвара і, склаўшы скураныя касьцістыя крылы, хрыпата каркнула, усьсеўшыся на цела Сьнежнагрыва, учапіўшыся ў яго кіпцюрамі, нахіліўшы доўгую голую шыю.

На пачвары сядзела постаць у чорным плашчы, велізарная, пагрозьлівая. Каранаваная сталёвым вянцом, яна нічога ня мела паміж ягоным краем і плашчом – анічога, апрача сьмяротнага бляску вачэй. Прыбыў ачольца назгулаў. Ён узьляцеў у паветра, паклікаўшы крылатую пачвару, калі парушылася цемра, і вось зьявіўся знову, несучы згубу, абарочваючы надзею ў адчай, перамогу – у сьмерць. Вялізны чорны буздыган трымаў ён.

Але ж ня ўсе пакінулі Тэядэна. Рыцары ягонай аховы ляжалі навокал памерлыя альбо, ня справіўшыся з шаленствам коней, былі зьнесеныя прэч. Адзіны застаўся – юнак Дэрнхельм, чыя вернасьць перамагла страх, і ён плакаў, бо любіў свайго караля як бацьку. Праз атаку й бітву пранёс яго конь, і хобіта Мэры таксама, і лёс зьбярог іх. А калі зьявіўся цень, конь Віндфала ў вусьцішы скінуў іх долу й зараз шалёна скакаў па роўнядзі. Мэры ж поўз на карачках, бы аглушаны зьвер, апанаваны такім жахам, што нічога ня бачыў і ня чуў.

"Рыцар караля! Рыцар караля! – паўтараў сабе, ледзь ня плачучы. – Ты ж мусіш стаць побач зь ім! Ты ж казаў: вашамосьць стане для мяне як бацька!"

Але ж ягоная воля не адгукалася й цела дрыжэла. Ён не адважваўся ані зірнуць угору, ані нат расплюшчыць вачэй. А тады зь цемры, што завалакла ягоны розум, даляцеў голас: нібыта Дэрнхельмаў і адначасна дзіўны, ён нагадаў нейкі іншы, што калісьці хобіт ведаў і чуў.

– Прэч, трупная здань, гаспадар падлы! Пакінь памерлых у спакоі!

А іншы, халодны й люты, адказаў:

– Не станавіся паміж назгулам і ягонай здабычаю! Бо тады ён ня проста заб'е цябе. Ён панясе цябе да сядзібаў ляманту, у цемру, у апраметную прорву, дзе тваё цела зжаруць, а дрыготкі розум пакінуць голым перад Нядрэмным Вокам.

Зазьвінеў меч, вылятаючы з похваў.

– Паспрабуй, калі пераможаш!

– Перамагчы? Дурны! Ніякі сьмяротны муж не пераможа мяне!

А тады Мэры пачуў найдзівосьнейшы з гукаў за тую гадзіну.

Бо Дэрнхельм засьмяяўся, і ясны ягоны сьмех зьвінеў стальлю.

– Але ж я не мужчына! Перад табою жанчына! Я Эявін, дачка Эямунда. I стаў ты паміж мною й маёй радзінай, маім гаспадаром. Калі ты не бесьсьмяротны, ідзі прэч! Бо жывы ты ці прывід, я зьнішчу цябе, калі ты кранеш яго!

Крылатая здань завішчэла, але прывід пярсьцёнка не адказаў, ён сядзеў моўчкі, адолены раптоўным сумневам. I зьдзіўленьне на момант перамагло хобітаў страх. Ён расплюшчыў вочы, і зь іх зьнікла чарнота. За колькі крокаў ад яго сядзела чорная пачвара, ахінутая змрокам, а над ёю ценем адчаю высіўся ачольца назгулаў. Крыху зьлева стаяў той, каго Мэры клікаў Дэрнхельмам. Зараз шалом, які захоўваў таямніцу, зьляцеў з Эявін, і ейныя валасы, вызваленыя, блішчэлі цёплым золатам на плячох. Суворасьць і гнеў зьзялі ў ейных вачох, шэрых, як мора, і ўсё ж на шчоках блішчэлі сьлёзы. Яна сьціскала ў руцэ меч і закрывалася тарчаю ад жахлівага позірку прывіда.

Яна была Эявін, і Дэрнхельм таксама. Перад вачыма Мэры зноў паўстаў твар, які ён бачыў, пакідаючы Дунхэрэ, – твар таго, хто рушыць насустрач сьмерці, пазбаўлены ўсялякай надзеі. Ягонае сэрца напоўнілася шкадаваньнем і вялікім зьдзіўленьнем, і раптам абудзілася ў ім павольная адвага ягонага племені. Ён сьціснуў кулакі. Яна не павінна памерці, такая сьветлая, такая адчайная. Прынамсі, яна не павінна памерці адна, без усялякай дапамогі.

Твар ворага быў адвернуты ад Мэры, але хобіт ад жаху ледзь мог рухацца, баючыся, што ў любы момант вусьцішныя вочы прывіда заўважаць яго. Павольна, павольна падпаўзаў ён, а чорны ачольца ў сумневе й лютасьці ўзіраўся ў жанчыну перад ім, зьвяртаючы на хобіта ня болей увагі, чым на чарвяка ў гразі.

Зьнянацку пачвара ўзмахнула жудаснымі крыламі, і самое паветра ад іх напоўнілася смуродам. Ізноў узьнялася яна ўгару, а тады абрынулася на Эявін, зь віскатам разявіўшы пашчу, выставіўшы кіпцюры.

Аднак Эявін не напалохалася – панна рахірымаў, дзіця каралёў, гонкая, бы сталёвае лязо, сьветлая, але страшная ў гневе. Хутка ўпаў яе ўдар, майстэрскі й сьмяротны. Яна расьсекла выцягнутую шыю, і галава пачвары каменем рухнула долу. Эявін адскочыла, калі бразнуўся чорны пачварань, раскінуўшы крылы, убурыўшыся ў зямлю, і зьягоным падзеньнем цень адступіў. Сьвятло легла на Эявін, і ейныя валасы зазьзялі ў промнях сьвітанку.

Ад чорнай страшыдлы падняўся былы ўладар Ангмару, высокі й пагрозьлівы, узвысіўся над дзяўчынай. I зь лямантам нянавісьці, які атрутным джалам працяў наўсьцяж розум, абрынуў буздыган. Тарча каралеўны разьляцелася мноствам ашчэпкаў, і абвісла зламаная рука, і дзяўчына пахіснулася й упала на калені. А назгул навіс над ёю чорнай хмараю, і ягоныя вочы заблішчэлі. Ён зноўку падняў буздыган – каб забіць.

Аднак і сам раптам хіснуўся наперад, завішчэў ад жорсткага болю, і ўдар ягоны ўпаў міма, на пустую зямлю. Бо хобітаў корд, парваўшы ззаду чорны плашч, прайшоўшы пад бранёю, расьсек сухажыльлі пад магутным каленам караля-прывіда.

– Эявін! Эявін! – загаласіў Мэры.

Дрыжучы, хістаючыся, яна паднялася й з апошняю сілаю працяла лязом пустэчу паміж каронаю й шырачэзнымі плячыма, што нахіліліся над ёю. I ейны меч рассыпаўся на безьліч бліскучых кавалачкаў. Карона з бразгатам пакацілася долу. А Эявін упала наперад, на абвержанага ворага. Але ж – і ў чорным плашчы, і ў брані не было анічога. Бясформавыя ляжалі яны на зямлі, падраныя й скамечаныя, і вусьцішны енк разьдзёр паветра й заглох, сьцішыўся да вісклівага ныцьця, і вецер зьнёс яго, раструшчыў бесьцялесны тонкі голас і паглынуў, і голас зьнік, загінуў, і аніколі болей ня чулі яго ў тую эпоху ў гэтым сьвеце.


Хобіт Мэрыядок стаяў сярод забітых, міргаючы, нібы соўка пад дзённым сьвятлом, бо сьлёзы асьляпілі яго, і як праз смугу пазіраў ён на залатыя валасы Эявін, якая ляжала нерухомая, і на твар караля, зрынутага ў час ягонай славы. Сьнежнагрыў, паміраючы, у агоніі адкаціўся ад гаспадара, аднак пасьпеў загубіць яго.

Мэры нахіліўся, падняў руку караля, каб пацалаваць яе, і – зірніце! – Тэядэн расплюшчыў вочы, і яны паглядзелі ясна. Кароль спакойна, хоць і зь цяжкасьцю, вымавіў:

– Бывай, спадару паўросьліку! Цела маё зьнявечанае. Я сыходжу прэч, да бацькоў. Цяпер нават побач зь іх моцай і веліччу мне ня будзе сорамна за сябе. Бо я зьнішчыў чорнага зьмея. Змрочнаю была мая раніца, але радасным – дзень і залатым – надвячорак!

Мэры анічога ня здолеў сказаць, толькі зноў заплакаў.

– Прабачце мне, вашамосьць, – выгаварыў нарэшце, – я парушыў загад, і толькі дзеля таго, каб заплакаць падчас нашага апошняга разьвітаньня.

Стары кароль усьміхнуўся.

– Не тужы пра тое! Я дарую табе. Мужнасьці й вернасьці нельга адмовіць. Няхай добрым будзе тваё жыцьцё; калі сядзеш у супакоі з сваёю люлькаю, узгадай на мяне! Бо я не змагу цяпер пасадзіць цябе поруч у Мэдусэльдзе, як абяцаў, і паслухаць твой расповед пра зёлкі.

Кароль заплюшчыў вочы, і Мэры схіліў галаву перад ім. Але ж Тэядэн прамовіў ізноў:

– Дзе Эямэр? У вачох маіх цямнее, я ня ўбачу яго адтуль, куды йду. Ён мусіць караляваць пасьля мяне. I я хачу, каб мае словы перадалі Эявін. Бо яна не хацела, каб я пакідаў яе, і вось я не пабачу яе зноў, а яна даражэйшая мне за дачку.

– Спадару, мой каролю, вашамосьць, – пачаў Мэры пакутліва й няшчасьліва, – яна ж...

У гэты момант гоман абарваў ягоныя словы, шум і ляскат, паўсюль навокал загулі горны й рогі. Мэры азірнуўся. Ён зусім быў забыўся на бітву, дый увогуле на навакольны сьвет, яму падавалася – шмат гадзінаў мінула ад каралеўскай гібельнай перамогі, хоць насамрэч – толькі жменя хвілінаў. А зараз пабачыў: вось-вось патрапяць у самы асяродак вялікай бойкі.

Бо новыя варожыя сілы сьпяшаліся па шляху ад ракі, з-пад муроў вярталіся легіёны Моргулу, з поўдня рушылі пешыя харадрымы, і вершнікі скакалі перад імі, за шэрагамі ўздымаліся вялізманыя сьпіны мумакаў з баявымі вежамі наверсе. А з поўначы Эямэр вёў дужы шыхт рахірымаў, ізноўку сабраўшы іх ды ачоліўшы, і з гораду выйшлі ўсе абаронцы з срэбным лебедзем Дол Амрату, адціскаючы ворагаў ад брамы.

Думка прамільгнула ў Мэры: "Дзе ж Гэндальф? Чаму ня тут? Ці ж ён ня выратаваў бы караля й Эявін?" – а тут да яго ўжо наблізіліся Эямэр з каралеўскімі ахоўнікамі, якія выжылі й утаймавалі ашалелых коней. Дзівячыся, пазіралі роханцы на труп лютай пачвары, і коні не набліжаліся да яе. А Эямэр саскочыў зь сядла, падбег да Тэядэна – і адчайны смутак апанаваў яго, і ён стаў моўчкі.

Тады адзін з рыцараў узяў каралеўскую харугву з рук памерлага сьцяганосца Гутлафа й узьняў яе. Павольна расплюшчыліся вочы Тэядэна. Пабачыўшы харугву, кароль паказаў, каб яе аддалі Эямэру.

– Вітаю цябе, кароль Украйны! – вымавіў Тэядэн. – Імчы ж да перамогі! Разьвітайся за мяне з Эявін.

I ён памёр, ня ведаючы, што Эявін ляжыць побач зь ім. А тыя, хто стаяў навокал, заплакалі, паўтараючы:

– Кароль наш Тэядэн! Кароль наш Тэядэн!

Эямэр жа сказаў ім:

Стрымайце свой смутак! Магутны загінуў у славе,

годны сустрэўшы кон. Над курганом магільным

жанчыны потым адплачуць. Зараз нас кліча бітва!

Але ж сам плакаў, прамаўляючы.

– Няхай ахоўнікі застаюцца тут, – загадаў ён, – ды з пашанаю аднясуць ягонае цела з поля, каб бойка жывых не прыйшла да памерлага. I зь ім аднясіце ўсіх ягоных ваяроў, што ляжаць побач.

Ён зірнуў на забітых, згадваючы іхнія імёны. I раптам заўважыў сястру Эявін, і пазнаў яе. Замёр на момант, нібы працяты ў хвіліну ляманту ў сэрца, і тады сьмяротна пабялеў, халодны гнеў затапіў яго, ваяр нават страціў дар мовы. Адчайнае шаленства апанавала яго.

– Эявін, Эявін! – выгукнуў ён нарэшце. – Эявін, як патрапіла ты сюды? Што за вар'яцтва ці вядзьмарства? Сьмерць, сьмерць, сьмерць нам усім!

Тады, не параіўшыся ані з кім, не чакаючы, пакуль наблізіцца гарадзкая харугва, памчаў да свайго вялікага войска, і задзьмуў у рог, і выгукнуў заклік да атакі. Над полем паляцеў ягоны звонкі голас:

– Сьмерць, сьмерць! Скачыце на сечу, на згубу, да кону сьвету!

I войска рушыла. I рахірымы не сьпявалі болей. "Сьмерць!" – выгукнулі яны адзінагалосна й жудасна, і паскараючыся неадольным прылівам прамчаліся міма загінулага караля на поўдзень.


А хобіт Мэрыядок усё стаяў, і міргаў, і плакаў, і аніхто не загаварыў зь ім, дый не заўважыў увогуле. Ён выцер сьлёзы й нахіліўся, каб падняць зялёную тарчу, што дала яму Эявін, закінуў яе за сьпіну. Тады зірнуў, шукаючы корд, які выпусьціў пасьля ўдару, – бо яшчэ падчас удару рука ягоная анямела, і толькі леваю ён мог карыстацца, – і вось ляжыць ягоны корд, і лязо дыміцца, быццам сухая галінка на вогнішчы, і ўпрост на вачох сталь курчыцца, сьціскаецца й урэшце ўся зьнікае.

Гэтак загінуў меч з Скляпеньняў, праца майстроў Захаду. Але ж лёсам ягоным задаволіўся б той, хто каваў яго павольна ў мінуўшчыне, у Паўночным каралеўстве, калі галоўнымі ворагамі маладога народу дунаданаў былі дзяржава Ангмар і ейны кароль-вядзьмар. Аніякі іншы клінок, хоць бы мацнейшая рука валодала ім, не нанёс бы гэткаму ворагу горшай раны, расьсекшы несьмяротнае цела, разбурыўшы заклён, што злучаў нябачныя сухажыльлі прывіда зь ягонаю воляй.

Людзі паднялі караля і, разаслаўшы плашчы на тронках дзідаў, зрабілі драгі, каб перанесьці яго да гораду, іншыя ж асьцярожна паднялі Эявін і панесьлі ўвасьлед за каралём. Ваяроў жа каралеўскай аховы, палацовых, яшчэ не прыбралі з поля, бо там загінулі сямёра каралеўскіх рыцараў, і сярод іх ляжаў галоўны, Дэорвін. Іх проста паклалі воддаль ад ворагаў і мярзотнага вычварня дый абкружылі дзідамі. Пасьля, калі ўсё скончылася, вярнуліся, расклалі вогнішча й спалілі труп пачвары, а Сьнежнагрыву выкапалі магілу й паставілі над ёю камень з надпісам на мовах Гондару й Украйны:

Верным слугой быў, а пана згубіў,

сын Легканога, скакун Сьнежнагрыў.

Зялёная й доўгая трава расла на Кургане Сьнежнагрыва, але заўжды чорнаю й голаю заставалася зямля, дзе спалілі пачвару.


Павольна й сумна крочыў Мэры поруч з тымі, хто нёс загінулых, і болей не зьвяртаў увагі на бітву. Надта стаміўся, яму балела, і члонкі дрыжэлі, нібы ад холаду. З мора прынесла вялікую зьліву, і падавалася: усё ў сусьвеце плача па Тэядэну й Эявін, згасіўшы пажары ў горадзе шэрымі сьлязьмі. Як скрозь туман, хобіт пабачыў першы гуф гондарскага войска. Ваяры наблізіліся, і Імрахіль, князь Дол Амрату, выехаў наперад і спыніў каня.

– Што за ноша ў вас, людзі Рохану? – выклікнуў ён.

– Кароль Тэядэн – нашая ноша, – адказалі яны. – Ён памёр. Але зараз кароль Эямэр вядзе нас на бітву, ягоны белы прапар на шаломе плынее па ветры.

Тады князь сышоў з каня й укленчыў перад драгамі, каб ушанаваць караля, ягоную адвагу й майстэрства ў бітве, і заплакаў. А падняўшыся, зірнуў на Эявін і зьдзівіўся.

– Мае вочы ня маняць мне? Жанчыну я бачу? Нават і панны рахірымаў прыйшлі на дапамогу нам у час нашай бяды?

– Не, толькі яна, – адказалі яму. – Панна Эявін, сястра Эямэра, і мы ня ведалі дагэтуль пра тое, што яна з намі, і цяжка тужым.

Тады, бачачы хараство яе твару, хоць халоднага й зьбялелага, князь нахіліўся ніжэй і крануў руку каралеўны. I выгукнуў.

– Людзі Рохану? Ці ж няма сярод вас лекараў? Яна параненая, магчыма, сьмяротна, аднак – яшчэ жывая.

I паднёс сьлігтаваны зыркі налакотнік да ейных вуснаў – і заўважце! – ледзь прыкметна паверхня засмужылася вільгацьцю.

– Спяшайцеся ж, – вырашыў князь і паслаў вершніка да гораду, каб прывесьці дапамогу. А сам нізка пакланіўся Тэядэну з Эявін, разьвітаўся зь імі і, сеўшы зноў на каня, рушыў на бітву.

Жорсткая бітва распалілася на палёх Пеленару, аглушальна бразгатала зброя, галасілі людзі, іржалі коні. Вылі рогі, і заклікалі горны, і шалёна трубілі мумакі, якіх гналі біцца. Пад паўднёвымі мурамі гораду пешыя гондарцы цясьнілі легіёны Моргулу, што яшчэ заставаліся там і трымалі шыхт. А вершнікі рушылі дапамагаць Эямэру: Хурын Высокі, Ахоўнік Ключоў, і зь ім спадар Ласарнаху, і Хірлуйн зь Зялёных далінаў, і сьветлы князь Імрахіль з сваімі рыцарамі.

I дарэчы прыйшлася дапамога рахірымам, бо ўдача адвярнулася ад Эямэра і гнеў ягоны здрадзіў яму. Лютасьць ягонага нападу адкінула варожы шыхт, вялікія кліны рахірымаў прасеклі шэрагі паўночнікаў, разагнаўшы іх коньніцу, стаптаўшы й пасекшы пешых. Але да мумакаў коні набліжацца не хацелі, адсоўваліся, кідаліся прэч, і аніхто ня стрымліваў зьвяроў-веліканаў, падобных да абаронных вежаў, і за імі зноў зьбіраліся харадрымы. I нават калі на пачатку харадрымаў было ўтрая болей за людзей Рохану, цяпер ворагаў яшчэ пабольшала, бо новыя сілы падыходзілі на поле з Азгіліяту. Там чакалі яны, каб рабаваць горад ды гвалціць Гондар, чакалі закліку чорнага ачольцы. Той згінуў, але Готмаг, гетман Моргулу, загадаў ім рушыць на сечу – усходнікам зь сякерамі, варагам Ханду, паўночнікам у пунсовым адзеньні й чарналюдам з дальняга Хараду, падобным да паўтролей, зь белымі вачыма й барвовымі языкамі. Некаторыя зь іх абкружылі роханцаў, астатнія рушылі на захад, каб напасьці на войска Гондару й ня даць яму злучыцца з рахірымамі.

Падавалася, лёс адвярнуўся ад Гондару й ягоных сяброў, і надзея зноў пахіснулася. Вялікі гоман пайшоў па горадзе позьнім ранкам. Дзьмуў моцны вецер, і зьзяла сонца, бо залеву аднесла на поўнач, і ў ясным паветры вартавыя на мурох пабачылі здалёк новы знак жаху, і апошняя надзея пакінула іх.

Андуйн ад павароту ля Харлянду плынеў колькі міляў так, што ўздоўж яго пільнае вока магло бачыць караблі, якія набліжаліся. I тыя караблі несьлі адчай, бо па бліскучай вадзе вецер нёс чорны флёт: дромунды й вялізныя галеры з мноствам вёслаў, з чорнымі ветразямі, разьдзьмутымі брызам.

– Піраты Ўмбару! – галасілі людзі. – Зірніце, піраты Ўмбару йдуць! Значыць, Бэльфалас ня вытрымаў, і Этыр, і Пажыцьці страчаныя для нас! Карсары ідуць на нас! Гэта апошні ўдар кону!

Некаторыя без загаду, бо аніхто зараз не ачольваў горад, кінуліся да званоў і забілі трывогу, а некаторыя загулі ў трубы, абвяшчаючы адступленьне.

– Назад, да муроў! – гукалі яны. – Назад, пакуль нас ня вынішчылі на полі!

Аднак вецер, што гнаў караблі па рацэ, аднёс гоман прэч.

Ды рахірымам ня трэба было чуць сыгнал. Надта выразна рысаваліся чорныя ветразі. Бо Эямэру ўсяго зь вярсту заставалася да Харлянду, і гэтую вярсту запаўнялі ворагі, якіх вершнікі гналі перад сабою. Новая варожая навала зайшла ззаду, адразаючы роханцаў ад князя Імрахіля. Эямэр зірнуў на раку, і надзея памерла ў ягоным сэрцы, і добраславёны вецер цяпер праклялі. А мордарскія войскі радаваліся, і зноўку поўніліся лютасьцю й прагай бойкі, і кідаліся, галосячы, наперад.

Пахаладнеў тады Эямэраў розум, і сувора зірнуў малады кароль навокал. Загадаў, каб дзьмулі ў рогі, склікаючы вершнікаў пад каралеўскі сьцяг, каб сабраць усіх і сьпешыцца, склаўшы вялікую сьцяну тарчаў, стаяць да апошняга, пакуль усе не загінуць. Загінуць годна, каб сьмерць сталася вартаю песьні – хоць бы й не засталося на захадзе анікога, каб успомніць апошняга караля Ўкрайны. Тады ўзьехаў на зялёны пагорак і там усталяваў свой сьцяг, і Белы Конь Рохану пабег, трапечучы, на ветры.

З сумневаў і цемры да дзённага сонца

Выйшаў я зь песьняй і стальлю зіхоткай

I скону надзеі сягнуў, адчаю ды жаху.

Чорная згуба наперадзе, захад крывавы!

Такія радкі склаў ён, але ж засьмяяўся, прамаўляючы, бо зноўку прыйшла радасьць бітвы, і аніводная рана ня пляміла яго, і маладымі былі ягоныя гады. I ён быў кароль, гаспадар лютых і моцных людзей. I сьмеючыся ў адчаі, зірнуў ізноў на чорныя караблі й падняў меч, выклікаючы на бой.

I тады напаткаў зьдзіўленьне й незвычайную радасьць, і падкінуў меч угару, да сонца, і падхапіў яго, зіхоткі, і засьпяваў, зноў прыняўшы яго ў руку. I ўсе вочы зірнулі ўвасьлед за ягоным позіркам, і – пабачце ж! – на пярэднім караблі ўзьняўся вялікі сьцяг, вецер разгарнуў яго, паказаў усім, калі карабель павярнуў да Харлянду. На тым сьцягу квітнела Белае Дрэва Гондару, а на ім зіхацелі Сем Зораў і высокая карона над усім – знакі Элендыля, што ўжо незьлічоныя гады аніводны валадар не ўздымаў над сабою. Зоркі палымнелі пад сонцам, бо каштоўнымі камянямі выклала іх Арвэн, дачка Эльранда, і бляск выпраменьвала карона, зробленая зь міфрылу й золата.

Гэтак прыйшоў Арагорн, сын Араторна, Элесар, спадчыньнік Ісільдара, зь Сьцягі Мёртвых, прынесены ветрам з мора ў каралеўства Гондар, і радасьць рахірымаў запляскала сьмехам, бляскам клінкоў, а весялосьць і зьдзіва гораду адбілася сьпевамі горнаў ды шматгалосьсем званоў. А войскі Мордару агарнуў сумнеў і страх, і вялікім чараўніцтвам падалося ім, што іхнія ўласныя караблі поўныя ворагаў. Чорны жах агарнуў мордарскае ваярства, бо ведалі: лёс павярнуў супроць іх, і страшны кон ужо непадалёк.

На ўсход рушылі рыцары Дол Амрату, гонячы ворагаў перад сабою, паўтроляў, варагаў ды ненавісьнікаў сонца – оркаў. На поўдзень рушыў Эямэр, і ворагі беглі ад ягонага позірку й патраплялі нібы між молатам і кавадлам, бо людзі саскоквалі з караблёў на прычалы Харлянду й мкнулі навалаю на поўнач. Там крочылі Ляголас, і Гімлі зь сякераю, і Хальбарад з харугваю, Эладан і Эльрохір з зорамі на лбах, і дужарукія дунаданы, сьледапыты Поўначы, ведучы за сабою вялікую мужнасьць народу Пажыцьцяў, і Ламэдану, і паўднёвых земляў. А перад усімі ішоў Арагорн з Полымем Захаду, Андарылем, адроджаным агнём Нарсілем, перакаваным наноў і сьмяротным, як у даўніну, і на Арагорнавым чале зьзяла Зорка Элендыля.

I спаткаліся нарэшце Эямэр з Арагорнам пасярод сечы, і паўсталі, абапершыся на мечы, зірнулі адзін на аднаго, і радасьць перапоўніла іхнія сэрцы.

– Мы сустрэліся зноў, хоць усё мордарскае войска было паміж намі, – вымавіў Арагорн. – Ці ж ня так казаў я ў Горнбургу?

– Так казаў ты, – пацьвердзіў Эямэр, – але часьцяком нам маніць надзея, і я ня ведаў тады, што ты валодаеш дарам прадбачаньня. Але ж двойчы добраславёная нечаканая дапамога, і аніколі не было больш радаснай сустрэчы сяброў.

I яны паціснулі адзін адному рукі.

– Насамрэч, у час патрэбы прыйшоў ты, сябра мой, – вымавіў Эямэр, – бо шмат гора й згубы выпала нам.

– Дык адпомсьцім за іх да таго, як ты распавядзеш! – абвесьціў Арагорн, і яны рушылі на бітву разам.


Цяжка біцца давялося, бо паўднёвікі былі людзі дзёрзкія й рашучыя, лютыя ў адчаі, і ўсходнікі, загартаваныя ў войнах ды моцныя, літасьці не прасілі. Там і тут, ля спаленай сядзібы ці пуні, на пагорку ці кургане, пад мурам ці папросту на полі, зьбіваліся яны ў купы, шыхтаваліся й змагаліся, пакуль ня скончыўся дзень.

Тады зайшло нарэшце сонца за Міндолуйн, заліўшы полымем нябёсы, горы й адгор'і пафарбавала крывёю, полымя адбівалася ў рацэ, і трава Пеленару ляжала барвяная пад промнямі захаду. А гэтай гадзіне скончылася Вялікая бітва на полі Гондару, і аніводнага жывога ворага не засталося між горадам і вонкавым мурам. Забілі ўсіх, апрача тых, што ўцяклі, каб загінуць за сьцяною ці патануць у мклівай чырванапеннай рацэ. Няшмат вярнулася на ўсход, да Моргулу ці Мордару, а да земляў харадрымаў дайшлі толькі расповеды – далёкія чуткі пра гнеў ды адвагу Гондару.


Арагорн, Эямэр ды Імрахіль прыехалі да брамы гораду, вытамленыя па-за радасьцю ці смуткам. Іх ня плямілі раны, бо гэткімі былі іхнія лёсы, збройнае майстэрства ды моц рук, што нямногія ворагі адважваліся паўстаць перад ваярамі ці пабачыць іхнія твары ў часіну гневу. Аднак шмат іншых вояў былі параненыя, скалечаныя ці ляжалі мёртвыя на полі бітвы. Сьпешанага Форланга, які адбіваўся, застаўшыся ў самоце, пасеклі сякерамі, і Дуйліна з Мортанду й ягонага брата затапталі да сьмерці, калі яны вялі лучнікаў ушчыльную да мумакаў, каб пацэліць пачварам у вочы. I сьветламу Хірлуйну ня даў лёс вярнуцца ў Пінат Гэлін, і Грымбальду ў Грымсдал, і мацнарукаму сьледапыту Хальбараду на Поўнач. Нямала загінула, знакамітых і звычайных, ачольцаў і шарагоўцаў, бо вялікаю была тая бітва, і цалкам аніводная песьня не распавядае пра яе. Праз доўгі час пасьля яе роханскі пясьняр склаў песьню пра курганы Мундбургу:

Чулі мы: горны ў гарах загукалі,

мечы зазьзялі ў краіне паўднёвай,

па краі каменным панесьліся коні

ранішнім ветрам. Вайна запалала.

Тэядэн моцны, Тэнгелінг годны,

да заляў сваіх залатых не вярнуўся,

да Поўначы роднай сваёй не вярнуўся

вояў адважных ачольца ўладарны.

З Гутлафам Гардынг, Дунхэр з Дэорвінам,

Грымбальд, Хэрэфара, Хэрубранд, Фастрэд,

Горн – біліся люта дый засталіся

пад курганамі ля Мундбургу сьценаў,

побач з братамі, Гондару ўладарамі.

Ані сьветлы Хірлуйн да пагоркаў ля мора,

ані Форланг стары да расквеценых долаў,

да Арнаху, ня вернуцца з перамогай.

Шляхетнародныя Дуйлін з Дэруфінам

ня прыйдуцьу Мортанд да цёмных водаў.

Сьмерць ад сьвітанку да дзённага скону

пабрала ўладных ды шараговых.

Доўга ім спаць пад зялёнай травою

ў Гондары, па-над Вялікай ракою,

срэбнай цяпер, а ў той час пунсовай,

шалёнай і пенна-крывавай пад сонцам.

Калі вартавыя агні запалалі,

леглі на Пеленар крывавыя росы.

7. Пахавальнае вогнішча Дэнэтара


Калі чорны цень адсунуўся ад брамы, Гэндальф яшчэ сядзеў нерухомы. А Піпін ускочыў, нібы зь ягонага карка зьнялі вялікі цяжар, ён слухаў песьню рагоў, і яму падавалася, што сэрца разрываецца ад радасьці. I аніколі потым, праз доўгія гады, ня мог ён чуць далёкую песьню рагоў бязь сьлёзаў у вачох. Але ж згадка пра тое, навошта зьявіўся сюды, кальнула памяць, і ён пабег да чараўніка. У гэты момант Гэндальф нешта сказаў Ценяру, намерваючыся выехаць за браму.

– Гэндальфе, Гэндальфе! – загаласіў Піпін, і Цяняр спыніўся.

– Ты што тут робіш? – зьдзівіўся Гэндальф. – Ці ж у горадзе няма закону, што любы носьбіт чорнага з срэбрам заставацьмецца ў Цытадэлі, калі толькі гаспадар ня дасьць яму загад пакінуць яе?

– Даў ён загад, – патлумачыў Піпін. – Адаслаў прэч. Але ж і напалохаў. Нешта жудаснае можа адбыцца там. Мяркую, гаспадар зьехаў з глузду. Баюся, ён заб'е сябе й Фараміра таксама. Ці ж ваша ня зробіш чаго?

Гэндальф паглядзеў праз ашчэраную дзірку брамы. З палёў ужо даносіліся гукі бітвы. Чараўнік сьціснуў кулак.

– Мушу ехаць. Чорны Вершнік тут, на полі. Ён яшчэ можа пагубіць усіх нас. У мяне няма часу.

– А як жа Фарамір? – ускрыкнуў Піпін. – Ён жа яшчэ не памёр, а яны жыўцом яго спаляць, калі іх не спыніць!

– Спаляць жыўцом? Пра што ты? Распавядзі, ды хутчэй!

– Дэнэтар пайшоў да магільняў ды ўзяў Фараміра з сабою. Кажа, усе згарым, дык ён чакаць ня будзе, зладзіць пахавальнае вогнішча й спаліць сябе з Фарамірам. I пакаёўцаў паслаў па дровы й алей. Я сказаў Бэрэганду, але ж, баюся, ён не наважыцца пакінуць пост, бо ён на варце. Дый што ён зробіць?

Так Піпін, зьбіваючыся, выдаў свой расповед і дрыготкай рукой датыкнуўся Гэндальфавага калена.

– Вашаць можа ўратаваць Фараміра?

– Магчыма, так. Але калі зраблю гэта, баюся, памруць іншыя. Ну, пайду, раз аніхто іншы не дапаможа. Шмат гора й ліха выйдзе з таго. Нават у сэрцы нашай цьвярдыні Вораг мае сілы параніць нас, бо ягоная воля працуе тут.

Вырашыўшы, дзейнічаў хутка. Падхапіў Піпіна й пасадзіў перад сабою, загадаў Ценяру павярнуцца. I яны паскакалі ўверх па зьвілістых вулках Мінас Тырыту, і гоман вайны застаўся за сьпінамі. Паўсюль паўставалі людзі, ачомаўшыся ад адчаю й вусьцішы, хапаліся за зброю й гукалі адзін адному: "Рохан прыйшоў!" Маршалкі склікалі свае разьдзелы, і шмат хто ўжо маршаваў долу, да брамы.

Сустрэлі князя Імрахіля, і той аклікнуў іх:

– Куды спадар, Мітрандыр? Рахірымы б'юцца на палёх Гондару! Мусім сабраць усе сілы, якія ў нас ёсьць!

– Табе спатрэбіцца кожны чалавек, і нават болей, – адказаў Гэндальф. – Сьпяшайся! Я далучуся да вас, калі здолею. Але ж у мяне неадкладная справа да намесьніка Дэнэтара. Прымай жа ўладу, пакуль няма гаспадара!

Паскакалі далей, і калі наблізіліся да Цытадэлі, адчулі вецер на тварах, і сьвятло распалілася ў паўднёвых нябёсах. Але ж няшмат надзеі дало яно, бо ня ведалі, якое ліха чакае наперадзе, і баяліся спазьніцца.

– Цемра мінае, – заўважыў Гэндальф, – Але яна яшчэ цяжка ляжыць на гэтым горадзе.

Ля брамаў Цытадэлі вартавых не было.

– Бэрэганд пакінуў пост, – да Піпіна вярнуўся спадзеў.

Павярнулі й рушылі далей па шляху да Зачыненых дзьвярэй. Тыя стаялі адамкнёныя, і ключнік ляжаў перад імі, забіты й без ключоў.

– Вось варожая праца! – уздыхнуў Гэндальф. – Гэткае любіць ён, каб на сьмерць біліся сябры, каб адна вернасьць, заблытаўшыся, паўставала на другую.

Гэндальф сьпешыўся й загадаў Ценяру вярнуцца ў стойла.

– Сябра мой, – сказаў яму, – мы мусілі даўно выехаць на поле, але ж іншае затрымлівае мяне. Аднак хутка зьявіся на мой заклік!

Прайшлі за дзьверы й пачалі спускацца па стромым пакручастым шляху. Днела. Павольна высьвятляліся высокія калёны й статуі пааберуч, нібы шэрыя прывіды.

Раптам цішыню парушылі выгукі й бразгат клінкоў. Гэткія гукі не чуваліся ў сьвятым месцы з часоў збудаваньня гораду. Нарэшце хобіт з чараўніком сягнулі Рат Дынену й засьпяшаліся да Скляпеньня Намесьнікаў, якое вялізным купалам лунала наперадзе ў паўзмроку.

– Спынецеся! Спынецеся! – закрычэў Гэндальф, кідаючыся да каменнай лесьвіцы перад дзьвярыма магільні. – Спынеце вар'яцтва!

Бо на лесьвіцы стаялі пакаёўцы Дэнэтара зь мечамі й паходнямі ў руках, а на верхняй прыступцы самотны Бэрэганд, апрануты ў чорнае й срэбнае вартаўніка Цытадэлі, трымаў праход супраць пакаёўцаў. Ужо два зь іх загінулі пад ягоным мечам, запляміўшы сьвятую зямлю крывёю, а астатнія пракліналі яго, мянуючы злачынцам ды здраднікам свайго гаспадара.

Калі Гэндальф зь Піпінам падбягалі, то пачулі зь Сядзібаў Памерлых голас Дэнэтара:

– Хутчэй, хутчэй! Выконвайце мой загад! Забіце ж вылюдка! Ці ж мне самому ўсё рабіць?

Дзьверы, якія трымаў Бэрэганд левай рукой, расчыніліся, і вось перад ім паўстаў гаспадар гораду, высокі й люты. Полымя палала ў ягоных вачох, і ў руцэ ягонай блішчэў меч.

Але Гэндальф скочыў па прыступках, і людзі адсунуліся назад, прыкрываючы вочы, бо ягоны прыход выбухнуў белым сьвятлом сярод цемры, у вялікім гневе зьявіўся ён. Дэнэтар замахнуўся, а Гэндальф падняў далонь, і ў замаху меч Дэнэтараў узьляцеў з рукі й за сьпінай бразнуўся сярод ценяў у магільні, і Дэнэтар адсунуўся на крок перад Гэндальфам, уражаны.

– Што гэта, вашамосьць? – спытаў чараўнік. – Сядзібы Памерлых – ня месца жывым. I чаму людзі б'юцца тут, сярод сьвятога, калі досыць боек перад брамаю? Ці Вораг наш сягнуў нават Рат Дынену?

– Зь якога часу гаспадар Гондару мае адказваць перад табою? – вымавіў Дэнэтар. – Ці няма ў мяне ўлады над маімі слугамі?

– Можа, і ёсьць, – адказаў Гэндальф. – Але ж іншыя могуць аспрэчыць тваю волю й уладу, калі ты кіруеш на ліха й вар'яцтва. Дзе твой сын, дзе Фарамір?

– Ён ляжыць у скляпеньні. Ён гарыць, ужо гарыць. Яны запалілі полымя ў ягоным целе. Неўзабаве ўсё запалае. Захад ня вытрымаў. Яго паглыне вялікае полымя, і ўсё скончыцца. Попел! Застануцца толькі попел і дым на ветры!

Гэндальф, убачыўшы, што вар'яцтва завалодала намесьнікам, і баючыся, што ён учыніў ліхое, памкнуўся наперад з Бэрэгандам і Піпінам поруч, а Дэнэтар адсоўваўся, адступаючы, пакуль не апынуўся побач з каменным сталом. Там ляжаў Фарамір, яшчэ ў ліхаманкавым сьне. Дровы грувасьціліся пад сталом і на ім высачэзным кастром, аблітым алеем. Нават адзеньне Фараміра й коўдра ягоная змоклі. Але ж полымя да яго паднесьці не пасьпелі. Тады Гэндальф паказаў сілу, схаваную ў ім – як сьвятло ягонае хавалася пад шэраю корзнаю. Узьляцеў на кучу дроваў, лёгка падняў параненага, саскочыў і панёс да дзьвярэй. А Фарамір застагнаў і паклікаў бацьку ўва сьне.

Дэнэтар уздрыгнуў, быццам абуджаны з дрымоты, і полымя згасла ў ягоных вачох, і ён заплакаў, просячы:

– Не адбірайце ў мяне майго сына! Ён кліча мяне!

– Ён кліча, – згадзіўся Гэндальф, – але ж табе нельга набліжацца да яго пакуль. Бо сьмерць блізкая да яго й яму зараз патрэбнае лекаваньне. Магчыма, ён і не пераможа. А твая справа – бітва за твой горад, і магчыма, сьмерць чакае цябе там. Ты ведаеш тое ў сваім сэрцы.

– Мой сын не прачнецца, – запярэчыў Дэнэтар. – Навошта біцца? Нашто цягнуць жыцьцё? Чаму нам ня рушыць у сьмерць поруч?

– Ня дадзеная табе ўлада, намесьнік Гондару, над гадзінай сваёй гібелі, – абвесьціў яму Гэндальф. – Толькі паганскія каралі пад ценем чорнай моцы рабілі так, забіваючы сябе ў адчаі й пысе, забіваючы родных, каб палегчыць сваё разьвітаньне з жыцьцём.

Тады выйшаў за дзьверы з Фарамірам на руках, паклаў на драгі, на якіх прынесьлі воя й якія зараз стаялі на ганку. Дэнэтар крочыў сьледам і паўстаў, трапечучы, узіраючыся ў твар сына. I на момант, калі ўсе замёрлі, гледзячы на намесьніка, той завагаўся.

– Дык хадзем жа! – прапанаваў Гэндальф. – Бітва чакае нас. I ты шмат яшчэ можаш зрабіць для ўсіх.

I тады Дэнэтар засьмяяўся. Выпрастаўся зноў, высокі й ганарлівы, і, адступіўшы хутка да стала, схапіў зь яго падушку, на якую клаў галаву. Падышоў да дзьвярэй, адкінуў покрыва прэч, і – зірніце! – у руках ягоных апынуўся палантыр. Падняў яго, і прысутным падалося, што шар зазьзяў знутры, і худы твар гаспадара асьвятліўся барвовым вогнішчам і нібыта стаў вычасаным зь цьвёрдага каменю, рэзкі ад чорных ценяў, шляхетны, ганарысты й жудасны. Вочы ягоныя заблішчэлі.

– Пыха й адчай! – выгукнуў ён. – Ці лічыш ты, што вочы Белай вежы асьлеплі? Не, я бачыў болей за тваё разуменьне, Сівы Дурань! Бо твая надзея – усяго толькі невуцтва. Ідзі ж, займіся марным ацаленьнем! Ідзі, біся! Марнасьць і пыха, анічога болей! Бо на імгненьне пераможаш ты ці на дзень. Супраць моцы, што паўстала цяпер, няма перамогі! Да гэтага гораду працягнуўся толькі адзін палец яе рукі. I нават зараз вецер надзеі маніць табе й нясе па Андуйне флёт пад чорнымі ветразямі. Захад ня вытрымаў. Цяпер усім, хто ня хоча рабіцца рабамі, час сыходзіць.

– З такімі парадамі Вораг і насамрэч пераможа, – заўважыў Гэндальф.

– Дык чапляйся ж за надзею! – засьмяяўся Дэнэтар. – Ці ж я ня ведаю цябе, Мітрандыр? Ты спадзяесься ўладарыць замест мяне, паўстаць за кожным стальцом Поўначы, Поўдня ці Захаду. Я бачу твае думкі й пляны. Ці ж ня ведаю я, што ты загадаў гэтаму паўросьліку маўчаць? Што прывёў яго, каб мець віжа наўпрост у маіх пакоях? Але ж з вашых словаў я выведаў імёны й намеры ўсіх вашых спадарожнікаў. I што ж? Левай рукою ты трымаеш мяне, абараняючыся, бы тарчаю, ад пагрозы з Мордару, а праваю цягнеш Сьледапыта з Поўначы, каб замяніць мяне. Аднак я скажу табе, Гэндальф Мітрандыр: тваім пакорлівым дурнем я ня буду! Я – намесьнік з роду Анарыёна. Я ня зьменшуся да пакаёвага хлапчука. Нават калі ягонае права мне дакажуць, усяго толькі й ёсьць у яго, што кроў Ісільдара. Я не пакланюся апошняму ў згалелым родзе, даўно пазбаўленым улады й пашаны.

– I чым жа ты быў бы, калі б на тое твая воля?

– Я захаваў бы ўсё, як у часіны майго жыцьця, – адказаў Дэнэтар, – і ў дні далёкіх продкаў да мяне: гаспадарыць у супакоі над горадам і пакінуць пасаду сыну, які сам валадарыў бы над сваім розумам, а ня быў вучнем чараўнікоў. Але калі лёс не дае таго, дык мне анічога ня трэба: ані рэштак жыцьця, ані спалавіненай пашаны, ані падманнага гонару.

– Што да мяне, дык намесьнік, які верна аддае сваю ўладу таму, каму яна справядліва належыць, ня траціць ані пашаны, ані гонару. Ва ўсялякім выпадку, не табе адбіраць у свайго сына выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, пакуль сьмерці ён яшчэ пазьбегнуў.

Пры гэтых словах Дэнэтаравы вочы палыхнулі зноў і, падхапіўшы палантыр пад паху, ён выцягнуў нож ды крочыў да насілак. Але Бэрэганд скочыў наперад і захіліў сабою Фараміра.

– Вось як! – выгукнуў Дэнэтар. – Ты ўжо скраў палову любові майго сына да мяне. Цяпер жа ты крадзеш сэрцы маіх рыцараў, і яны забяруць і рэшткі сынавай любові ад мяне. Аднак усё-ткі ты не пазбавіш мяне маёй уласнай волі: памерці так, як я жадаю! Сюды! – паклікаў ён пакаёўцаў. – Сюды, калі ня ўсе вы трусы!

Двое падбеглі па прыступках да яго. Імгненна Дэнэтар выхапіў паходню ў аднаго з рукі й кінуўся ў магільню. Не пасьпеў Гэндальф спыніць яго, як ён сунуў паходню ў дровы, і тыя адразу ж заняліся, затрашчалі й выбухнулі полымем.

Тады Дэнэтар скочыў на стол; агорнуты агнём і дымам, ён падняў жазло намесьніцтва, што ляжала ля ягоных ног, дый зламаў аб калена. Шпурнуўшы кавалкі ў вогнішча, нахіліўся й лёг на стол, прыціснуўшы палантыр абедзьвюма рукамі да грудзей. I казалі заўжды потым, што калі чалавек пазіраў у той камень, то, як ня меў ён надзвычайнай моцы волі, каб прымусіць пака заць патрэбнае, дык бачыў толькі дзьве старыя, абвугленыя ў полымі рукі.

У смутку й вусьцішы адвярнуўся Гэндальф дый зачыніў дзьверы. I стаяў пэўны час у задуменьні на парозе, маўклівы, і ўсе, што стаялі вонкі, чулі прагны роў полымя ў магільні. А тады Дэнэтар залямантаваў жудасна, і пасьля ўжо ня выгукнуў анічога, і аніколі болей ня бачылі яго сьмяротныя людзі.

– Гэтак сышоў Дэнэтар, сын Эктэльёна, – вымавіў Гэндальф, а тады павярнуўся да Бэрэганда й пакаёўцаў, што стаялі здранцьвелыя. – Гэтак сыходзяць таксама дні Гондару, які вы ведалі.

На зло ці на дабро, яны скончыліся. Ліхія справы адбыліся тут, але ж зараз адсуньце прэч варожасьць паміж вамі. Тое толькі справа Ворага, зьдзейсьненая ягонаю воляй. Вы патрапілі ў сеціва супярэчных вернасьцяў, якое ня самі сплялі. Аднак памяркуйце, слугі пана намесьніка, сьляпыя ў пакорлівасьці: калі б ня здрада Бэрэганда, то Фарамір, гетман Белай вежы, цяпер таксама згарэў бы. Дык аднясіце ж прэч з гэтага няшчаснага месца загінулых таварышаў. А мы аднясем Фараміра, намесьніка Гондару, туды, дзе ён адпачне ў супакоі – ці сканае, калі такі ягоны лёс.

Тады Гэндальф з Бэрэгандам паднялі драгі й панесьлі іх да Сядзібаў Ацаленьня, сьледам клыпаў Піпін з пахіленаю галавою. А намесьнікавы служкі стаялі, пазіраючы, бы зьмярцьвелыя, на зачыненую магільню. Калі Гэндальф крочыў па-за Рат Дынен, пачуліся вялікія грымоты. Азірнуліся: купал магільні расьсеўся й дым валіў зь яго, а тады з грукатам ды ляскатам каменьня купал праваліўся ў вогнішча, а тое, ня зьменшалае, заскакала й затанчыла сярод руінаў. Толькі тады ў жаху пабеглі хлапцы прэч, за Гэндальфам.

Нарэшце ўсе сягнулі зачыненых дзьвярэй, і Бэрэганд глянуў у тузе на ключніка.

– Я заўжды буду смуткаваць па гэтым, – вымавіў ён, – але ж вар'яцтва пасьпешлівасьці агарнула мяне, а ён не хацеў анічога слухаць і агаліў меч супраць мяне.

Узяўшы ключ, адняты ў забітага, ён зачыніў дзьверы й замкнуў іх.

– Ключ мусіць быць у гаспадара Фараміра, – давёў Бэрэганд.

– Князь Дол Амрату цяпер ачольвае абарону гораду, – паведаміў Гэндальф, – але ж ён ня тут, і таму я бяру гэтую адказнасьць на сябе. Калі ласка, вазьмі гэты ключ і захоўвай, пакуль горад ізноў не ўладкуецца па-ранейшаму.

Прайшлі верхнія ярусы й у ранішнім сьвятле сягнулі Сядзібаў Ацаленьня. Былі тое файныя пакоі, адмыслова прызначаныя для тых, хто цяжка хварэў, зараз жа падрыхтаваныя для лекаваньня параненых і блізкіх да сьмерці. Яны разьмяшчаліся непадалёк ад брамы Цытадэлі, на шостым ярусе, блізка да паўднёвага муру, вакол іх рос сад і разьвінаўся зялёны лужок – адзінае такое месца ў горадзе. Тут завіхалася колькі жанчынаў, якім дазволілі застацца ў Мінас Тырыце дзякуючы лекарскаму майстэрству ці дасьведчанасьці ў дапамозе лекарам.

Калі Гэндальф з паплечнікамі адносілі драгі да галоўнага ўваходу ў Сядзібы, яны пачулі аглушальны лямант, што падняўся з поля перад брамаю і, станчэўшы да пранізьлівасьці, распусьціўся ў нябёсах ды заглух на ветры. Гэткай вусьцішшу поўніўся той лямант, што на момант усе замёрлі. Аднак калі ён мінуў, сэрцы раптоўна запоўніліся такой надзеяй, якой ня ведалі з часоў, як цемра прыйшла з усходу, і падалося, што дзённае сьвятло зазьзяла зырчэй і сонца прабілася між аблокаў.

Гэндальфаў жа твар заставаўся суворым ды сумным; папрасіўшы Бэрэганда зь Піпінам аднесьці Фараміра ў Сядзібы, ён крочыў да найбліжэйшага краю сьцяны й там, бы вычасаная зь белага каменю статуя, паўстаў пад маладым сонцам, вызіраючы вонкі. I дзякуючы ягонаму майстэрству адкрылася перад ягонымі вачыма ўсё зьдзейсьненае, і калі Эямэр выехаў наперад і стаў перад тымі, што загінулі на полі бітвы, Гэндальф уздыхнуў і зноў насунуў плашч дый адышоў ад сьцяны. Бэрэганд зь Піпінам, калі выйшлі, знайшлі яго перад дзьвярыма Сядзібаў у роздуме.

Ён колькі памаўчаў. Вымавіў нарэшце:

– Сябры мае, і людзі гораду, і ўсе насельнікі заходніх земляў! Адбыліся падзеі вялікай славы й смутку! Плакаць нам ці ўзрадавацца? Па-за ўсялякай надзеяй ачольца нашых ворагаў зьнішчаны, і мы чулі рэха ягонага апошняга адчаю. Але ж ён сышоў, шмат гора й згубы ўчыніўшы нам. Я мог бы прадухіліць іх, каб не Дэнэтарава вар'яцтва. Якой жа доўгаю зрабілася рука Ворага! На жаль, бачу я цяпер, якім чынам воля ягоная прабралася ў самае сэрца гораду. Хоць намесьнікі лічылі, што толькі ім вядомая тая таямніца, я даўно здагадаўся: у Белай вежы захоўваецца сама менш адзін зь сямі даляглядных камянёў. У дні сваёй мудрасьці Дэнэтар не адважваўся глядзець у яго, аспрэчваючы волю Саўрона, бо ведаў межы ўласнай моцы. Але ён перажыў сваю мудрасьць, і, баюся, калі бясьпека каралеўства пагоршала, зазірнуў у камень і быў падмануты – і часьцяком, мяркую, глядзеў туды з часу Бараміравага сыходу. У яго хапіла моцы, каб ня стаць падгалоскам Цёмнай вежы, але ж ён бачыў толькі тое, што яму дазвалялі бачыць. Атрыманыя веды, безумоўна, часта дапамагалі яму, аднак выява неабсяжнай мордарскай моцы напоўніла ягонае сэрца адчаем і ўрэшце адолела сьвядомасьць.

– Зараз разумею, што падалося такім дзіўным для мяне! – Піпін уздрыгнуў ад успаміну. – Спадар намесьнік сышоў з пакою, дзе ляжаў Фарамір, а калі вярнуўся, я ўпершыню падумаў: як зьмяніўся ён, састарэў і зусім згрыбеў!

– У тую самую гадзіну, калі прынесьлі Фараміра да вежы, шмат хто з нас бачыў дзівоснае сьвятло ў найвышэйшым пакоі вежы, – паведаміў Бэрэганд. – Аднак мы й раней бачылі тое сьвятло, і даўно ўжо хадзілі па горадзе чуткі, што гаспадар наш часам змагаецца ў думках з Ворагам.

– На жаль, мая здагадка слушная, – уздыхнуў Гэндальф. – Гэтак уступіла воля Саўрона ў Мінас Тырыт, і гэтак яна затрымала мяне. Ізноў прымушаны я заставацца тут, бо іншы клопат неўзабаве напаткае мяне, апрача Фараміра. Зараз я павінен спусьціцца, каб сустрэць тых, хто прыйдзе. Я бачыў тое, што цяжка засмуціла маё сэрца, – а яшчэ горшае можа адбыцца. Хадзі з мною, Піпіне! Ты ж, Бэрэганд, вярніся ў Цытадэль дый распавядзі ачольцу аховы, што напаткала нас. Баюся, ягоны абавязак – пазбавіць цябе права заставацца ў ахове, аднак скажы яму: калі ён паслухаецца маёй парады, няхай адашле цябе ў Сядзібы Ацаленьня, каб ахоўваць свайго гетмана ды прыслужваць яму й быць побач, калі ён абудзіцца – калі таму наканавана адбыцца. Бо ты ўратаваў яго ад полымя. Ідзі ж! Я неўзабаве вярнуся.

Павярнуўся й пайшоў разам зь Піпінам долу, на ніжнія ярусы. I калі яны туды сьпяшаліся, вецер прынёс шэры дождж, і ўсе агні згасьлі, і перад імі падняўся вялізны дыміска.

8. Сядзібы Ацаленьня


Ад сьлёзаў ды стомы нібы туман плынеў перад вачыма Мэры, калі ён наблізіўся да зруйнаванай брамы Мінас Тырыту. Ён не зьвяртаў увагі ані на ламачча навокал, ані на груды забітых. Дымная гар і смурод віселі ў паветры, бо шмат абложных машынаў спалілі альбо саштурхнулі ў вогненныя равы, і мноства памерлых таксама, а там і тут валяліся паўспаленыя тушы забітых паўднёвых пачвараў, забітых кідком каменя з муроў ці застрэленых у вочы адважнымі лучнікамі Мортанду. Касы дождж прыпыніўся, і сонца прабліснула наверсе, але ўсе ніжнія ярусы гораду яшчэ агортвала смуродная смуга.

Людзі ўжо працавалі, каб расчысьціць шлях празь сьмецьце бітвы, і вось з брамы выйшлі ваяры з драгамі. Асьцярожна паклалі Эявін на мяккія падушкі, а цела караля накрылі шырокаю залатою коўдраю й паднялі паходні над ягонай галавою, і полымя іх, бляднае пад сонцам, трапятала на ветры.

Гэтак прыбылі Тэядэн з Эявін у горад Гондару, і ўсе, хто бачыў іх, агалялі галовы й кланяліся, і так пранесьлі іх праз попел і дым выпаленага ярусу, і панесьлі ўгару па брукаваных вуліцах. Мэры пад'ём падаваўся бясконцым, бессэнсоўнаю вандроўкаю ў ненавісным сьне, які доўжыўся й доўжыўся да нейкага цьмянага сканчэньня, якое ня ўкладвалася ў розум.

Паціху сьвятло паходняў перад ім заміргала й згасла, і далей ён крочыў у цемры, думаючы: "Гэта тунэль да магільні, і там застанемся назаўсёды".

Але раптам у ягонае трызьненьне ўварваўся жывы голас.

– У, Мэры, якое шчасьце, я адшукаў цябе!

Зірнуў угару, і зрок крыху праясьнеў. Гэна ж Піпін! Сутыкнуліся нос да носа ў вузкім завулку, і апрача іх нікога навокал. Мэры пацёр вочы.

– Дзе кароль? – спытаў ён. – I Эявін?

Тады знову пахіснуўся, сеў на ганку й заплакаў.

– Яны ўжо ў Цытадэлі, – паведаміў Піпін. – Мяркую, ты летуценіш і збочыў ня ў той завулак. Калі мы высьветлілі, што ты ня зь імі, Гэндальф паслаў мяне на пошукі. Небарака Мэры! Як я рады зноўку цябе бачыць! Але ты вытаміўся ўшчэнт, і я цябе болей не патурбую прамовамі. Толькі скажы мне: ты паранены?

– Не. Ну, здаецца, не. Толькі, Піпіне, правая рука ня слухаецца з таго часу, як я пырнуў яго. I мой меч увесь згарэў, бы сухая галінка.

– Лепей хадзі за мной так хуценька, як здолееш, – параіў Піпін заклапочана й трывожна. – Хацеў бы я панесьці цябе, бо наўрад ці ты здольны ісьці далей. Табе ўвогуле ня варта рухацца самому, але даруй ім. Столькі жахлівага адбылося ў горадзе, што лёгка не заўважыць небараку хобіта, які вярнуўся зь бітвы.

– Гэта не заўсёды блага, калі цябе не заўважаюць, – вымавіў Мэры. – Мяне якраз не заўважыў... не, не, я не магу казаць пра тое. Дапамажы мне, Піпіне! Ізноў усё цямнее, і рука халаднее!

– Абапрыся на мяне, Мэры, хлопча мой! Рушма зараз. Павольна, крок за крокам. Тут недалёка.

– Ты пахаваеш мяне?

– Не, ну чаго ж ты? – Піпін намагаўся, каб словы гучалі весела, але сэрца ягонае сьціснулі туга й шкадаваньне. – Не, мы рушым да Сядзібаў Ацаленьня.


Яны выйшлі з завулку, што вёў паміж высокімі будынкамі й вонкавым мурам чацьвертага ярусу, ды вярнуліся на галоўную вуліцу, што праставала да Цытадэлі. Перасоўваліся крок за крокам, а Мэры хістаўся й мармытаў, бы ў летуценьні.

"Так ніколі не дабярэмся, – думаў Піпін. – Ці ж мне ніхто не дапаможа? Я не магу яго тут пакінуць!"

Якраз тады, на зьдзіўленьне, пабачыў хлапчука, які бег ззаду, і пазнаў у ім Бэргіля, Бэрэгандавага сына.

– Вітаю, Бэргіле! – паклікаўён. – Куды сьпяшаесься? Я рады бачыць цябе зноў, і жывога да таго ж!

– Я бягу па даручэньні ацаляльнікаў, – адказаў той, – затрымлівацца не магу.

– Дык і не затрымлівайся! Скажы толькі ім, што ў мяне хворы хобіт, пэрыян па-васкаму, проста з поля бітвы. Калі Мітрандыр там, дык ён узрадуецца зьвестцы.

Бэргіль пабег далей.

– Я лепей тут пачакаю, – вырашыў Піпін.

Таму дазволіў Мэры асьцярожна апусьціцца на брукаванку, якраз на месца, дзе прыгравала сонейка, дый сеў побач, паклаўшы ягоную галаву сабе на калені. Асьцярожна абмацаў ягонае цела й рукі, узяў сябравы далоні ў свае. Правая на дотык падавалася лядзянаю.

Неўзабаве іх знайшоў сам Гэндальф. Нахіліўся над Мэры, ціхенька крануў ягоны лоб, а тады асьцярожна падняў на рукі.

– Яго мусілі ўнесьці ў гэты горад з пашанай, – сказаў чараўнік. – Ён файна спраўдзіў мой давер, бо калі б Эльранд не паддаўся на мае просьбы, аніводны з вас ня выправіўся б з намі, і тады горшае ліха напаткала б нас сёньня, – ён уздыхнуў. – І ўсё ж – яшчэ адзін клопат на маіх руках, пакуль бітва вагаецца й вынік яе няясны.


Так нарэшце Фараміра, Эявін і Мэрыядока паклалі ў ложкі Сядзібаў Ацаленьня, дзе за хворымі добра даглядалі. Бо хоць апошнімі гадамі досьвед ва ўсялякіх галінах змарнеў у параўнаньні з днямі даўніны, яшчэ моцным заставалася лекарскае майстэрства Гондару, выкшталцоным што да ацаленьня ранаў і хваробаў сьмяротных у землях на ўсход ад Вялікага мора. Толькі старасьць не маглі гаіць яны. Ад яе не знайшлося лекаў, і цяпер іхнія жыцьці доўжыліся не нашмат болей за жыцьці іншых народаў, і мала заставалася тых, хто захоўваў бадзёрасьць ды маладую сілу, сягнуўшы шостага дзясятку гадоў, – хіба толькі нашчадкі родаў з чыстаю крывёю. Аднак зараз майстэрства лекараў не дапамагала, бо многіх уразіла неацаляльная хвароба, называная "чорным подыхам", якая паходзіла ад назгулаў. Захварэлыя на яе засыналі, і сон іхні ўсё паглыбляўся, пакуль не рабіўся маўклівым лёдава-халодным здранцьвеньнем і ўрэшце – сьмерцю. I бачылі лекары, што на паўросьліка ды на панну Рохану цяжка легла тая хвароба. Яшчэ раніцаю яны крыху размаўлялі, шапталі ў забыцьці, і назіральнікі прыслухоўваліся, спадзеючыся вызнаць што-кольвек, што дапамагло б у разуменьні іхніх пашкоджаньняў ды ранаў. Але неўзабаве хворыя паглыбіліся ў цемру, і калі сонца схілілася да захаду, шэры цень напоўз на іхнія твары. А Фарамір палаў ліхаманкаю, і яна не адступала.

Гэндальф, заклапочаны, хадзіў з кута ў кут, і лекары распавядалі яму, што чулі. Гэтак і мінуў дзень, пакуль вялікая бітва за мурамі вагалася, прыносячы дзівосныя зьвесткі, то аднаўляючы, то хаваючы надзею, а Гэндальф усё чакаў ды назіраў, і ня йшоў анікуды, пакуль барвяны заход не заліў нябёсы й сьвятло з вокнаў ня ўмыла шэрыя твары хворых. Тады тым, хто стаяў побач, падалося: твары паружавелі, нібы жыцьцё вярталася да іх, аднак тое было толькі кпінай з надзеі.

Тады старая кабета, Ярэт, найстарэйшая з жанчынаў, што слугавалі ў Сядзібах, заплакала, глянуўшы на твар Фараміра, бо ўсе людзі любілі яго.

– Як шкада, калі ён памрэ! – выгукнула яна. – Калі б толькі былі каралі ў Гондары, як у даўнія часы! Бо гаворыцца ж у старых ведах: "Рукі караля – ацаленьне". I з таго пазнаюць сапраўднага караля.

– Доўга будуць узгадваць твае словы, Ярэт, – зазначыў Гэндальф, які стаяў побач. – Бо ў іх надзея. Магчыма, і сапраўды кароль вярнуўся ў Гондар, ці ж ня чула ты дзівосныя весткі, што даносяцца да гораду?

– Я была надзвычай, надзвычай занятая, каб услухоўвацца ва ўсе гэтыя погукі й выклічы, – адказала яна. – Спадзяюся толькі, што забойцы не ўварвуцца ў гэтыя муры, не патурбуюць параненых.

Тады Гэндальф засьпяшаўся вонкі. Полымя ў нябёсах ужо дагарала, запаленыя барваю горы пабляклі, і попельна-шэрае сутоньне напаўзло на палі.


Калі сонца зайшло, князь Імрахіль ды Эямэр Роханскі прысунуліся бліжэй да гораду з сваімі людзьмі, а Арагорн, падыходзячы да брамы, вымавіў:

– Зірніце, як сядае сонца ў вялікім пажарышчы! Гэта азнака канца й падзеньня многіх рэчаў, азнака зьмены руху сьвету. Але ж горадам і каралеўствам цягам многіх гадоў кіравала рука намесьнікаў. Калі я ўвайду незапрошаным, узьнікнуць сумневы й спрэчкі, якіх ня мусіць быць да сканчэньня вайны. Я не ўступлю ў горад і не абвяшчу пра сябе, пакуль альбо нашыя войскі, альбо мордарскія не перамогуць. Мае намёты паставяць на полі, дзе я чакацьму запрашэньня ад гаспадара гораду.

– Ужо ўзьняў ты харугву каралёў ды пазнакі Элендылевага роду. Няўжо сьцерпіш ты, калі хто засумняецца ў тваім праве? – запярэчыў Эямэр.

– Не, – адказаў Арагорн. – Але мяркую – час яшчэ не надышоў, я не жадаю варагаваць ні з кім, апрача Чорнага Ўладара й ягоных паслугачоў.

– Калі выслухаеце родзіча Дэнэтара, вашамосьць, дык я скажу: гэта мудрыя словы, – заўважыў князь Імрахіль. – Бо Дэнэтар моцны воляю ды ганарысты, і стары. Настрой ягоны дзіўны з таго часу, як бяда напаткала ягонага сына. Аднак я не хацеў бы, каб вашамосьць застаўся, як валацуга, пад дзьвярыма.

– Не валацуга, – паправіў Арагорн. – Скажам так: ачольца сьледапытаў, нязвыклых да гарадоў і каменных гмахаў.

I загадаў, каб сьцяг скруцілі, і зьняў Зорку Паўночнага каралеўства, аддаўшы яе на захаваньне сынам Эльранда.


I тады князь Імрахіль ды Эямэр Роханскі пакінулі яго й увайшлі ў горад праз натоўпы людзей, праехалі верхам да Цытадэлі й крочылі ў залю Вежы, шукаючы намесьніка. Але знайшлі ягоны сталец пустым, а побач на ўрачыстым ложы ляжаў кароль Украйны Тэядэн. Дванаццаць паходняў палала над ім, і стаялі дванаццаць рыцараў – гондарцаў і роханцаў. Зялёным і белым быў засланы той ложак, а самога караля да грудзей укрывала залатая коўдра, на ёй спачываў аголены меч, а ў нагах – тарча. Сьвятло паходняў блішчэла ў белых валасах караля, што сонца ў вадзе вадаграю, а твар выглядаў прыгожым і маладым, хіба ляжала на ім спакойная мудрасьць, якую даюць толькі гады, і падавалася – толькі сьпіць ён.

А калі воі моўчкі пастаялі ля караля, Імрахіль спытаў:

– Дзе ж намесьнік? I дзе Мітрандыр?

– Намесьнік Гондару ў Сядзібах Ацаленьня, – адказаў адзін з вартавых.

– А дзе ж панна Эявін, мая сястра? – нахмурыўся Эямэр. – Бо ёй належыць ляжаць побач з каралём, і ня зь меншаю пашанаю? Куды ж паклалі яе?

– Панна Эявін была яшчэ жывая, калі яе прынесьлі сюды, – адказаў князь. – Ці ж вашамосьць таго ня ведаў?

Нечаканая радасьць раптоўна напоўніла Эямэрава сэрца, а зь ёю аднавіліся клопат і непакой, таму ён не сказаў анічога болей, але ж павярнуўся й пабег з залі, а князь рушыў за ім. Калі выйшлі, змрок ужо апусьціўся й нябёсы зіхцелі зорамі. Перад дзьвярыма Сядзібаў Ацаленьня напаткалі Гэндальфа зь некім, загорнутым у шэры плашч. Павіталіся й спыталі:

– Шукаем намесьніка, а, людзі кажуць, ён за гэтымі сьценамі. Ці ж ён паранены? I дзе ж панна Эявін, што зь ёю?

– Яна ляжыць у Сядзібах, і яна жывая, – адказаў Гэндальф, – хоць недалёка ад сьмерці. А спадар Фарамір паранены ліхою стралою, як вы чулі. Цяпер ён – намесьнік. Бо Дэнэтар сышоў назаўжды, і дамавіна ягоная – прысак.

Смуткам і зьдзіўленьнем напоўніў іх Гэндальфаў расповед, і Імрахіль вымавіў:

– Гэтак нашая перамога страціла радасьць. Дорага абышлася яна нам, калі й Гондар, і Рохан адзіным днём пазбаўленыя сваіх гаспадароў. Эямэр цяпер ачольвае рахірымаў. Хто ж тады кіруе горадам? Ці не паслаць нам па ягамосьць Арагорна?

I загорнуты ў плашч крочыў наперад і сказаў:

– Ён тут.

I пабачылі, калі чалавек стаў у сьвятло ліхтароў ля дзьвярэй, што гэта Арагорн у шэрым лорыйнскім плашчы паверх кальчужнай брані, без аніякіх адзнак сану, акрамя зялёнага каменя Галадрыелі.

– Я прыйшоў, бо Гэндальф папрасіў мяне, – паведаміў ён. – Але пакуль што я толькі ачольца дунаданаў Арнару. I князь Дол Амрату кіруе горадам, пакуль абудзіцца спадар Фарамір. Але ж я раю: няхай Гэндальф ачольвае ўсіх нас і кіруе намі ў вайне супраць Ворага.

Усе пагадзіліся.

– Дык не стаяцьмем жа ля дзьвярэй, бо часу бракуе, – абвесьціў Гэндальф. – Хадзем! Бо толькі ў Арагорну надзея тых, хто ляжыць за гэтымі сьценамі. Так казала Ярэт, гондарская знахарка: "Рукі караля – ацаленьне. I з таго пазнаюць сапраўднага караля".


I Арагорн крочыў за парог першы, астатнія за ім. За дзьвярыма стаялі два вартаўнікі ў адзеньні Цытадэлі: адзін высокі, а другі ростам з хлапчука. Калі той пабачыў гасьцей, то загукаў ад радасьці й подзіву.

– Швэндал! Дзівосы якія! Ведаеш, а я здагадаўся, што гэта ты на чорных караблях! А яны ўсе галасілі: "Піраты!" – і мяне зусім ня слухалі. Як табе гэта ўдалося?

Арагорн засьмяяўся й паціснуў хобітаву руку.

– Насамрэч, добрая стрэча! Аднак яшчэ не настаў час для вандроўных расповедаў.


А Імрахіль кінуў Эямэру:

– Ці так мы зьвяртацьмемся да нашых каралёў? Спадзяюся, ён прыме карону пад іншым імем!

Арагорн жа, пачуўшы, павярнуўся й сказаў:

– Слушна тое, бо на вышняй мове даўніны я – Элесар, Эльфаў Камень, і Энвіньятар, Аднаўляльнік, – і падняў з грудзей зялёны камень. – Аднак Швэндал стане імем майго роду, калі мне выпадзе заснаваць каралеўскі род. На вышняй мове яно гучыць зусім няблага. Я буду звацца Тэльконтар, і ўсе мае нашчадкі таксама.

I калі падыходзілі да пакояў, дзе ляжалі параненыя, Гэндальф распавёў пра зьдзяйсьненьні Эявін з Мэрыядокам.

– Бо, – патлумачыў ён, – я доўга заставаўся побач зь імі, і напачатку яны шмат размаўлялі ў сьне, да таго, як сон завёў іх у сьмяротную цемру. Таксама мне дадзена шмат чаго бачыць здалёк.

Арагорн падышоў спачатку да Фараміра, тады да панны Эявін і апошнім да Мэры. Пабачыўшы твары параненых і раны, уздыхнуў.

– Спатрэбіцца ўся сіла й майстэрства. Эльранд тут справіўся б лепей за мяне, бо ён найстарэйшы з нашага племені й моц ягоная найвялікшая.

А Эямэр, бачачы, што Арагорн вытамлены й засмучаны тугою, прапанаваў:

– Мо вашамосьць адпачне крыху й падмацуецца?

Арагорн жа адказаў:

– Не, для гэтых дваіх, і перш за ўсё для Фараміра, часу ўжо амаль не засталося. Трэба ратаваць яго як мага хутчэй.

Тады паклікаў Ярэт ды спытаў у яе:

– Ці захоўваюцца ў Сядзібах лекавыя зёлкі?

– Так, пане мой, – адказала яна, – але ж недастаткова, мяркую, для ўсіх, каму яны спатрэбяцца. Ня думаю, што цяпер болей адшукаем, бо ўсё ня так гэтымі жудаснымі днямі, з агнішчамі й пажарышчамі; хлапчукоў, якіх я паслала б, не хапае, дый шляхі ўсе перакрытыя. Ужо й лік страцілі дням, калі прыносілі апошні раз з Ласарнаху нешта на рынак! Але ж мы намагаемся, робім што можам з тым, што ў нас ёсьць, як вашамосьць, напэўна ж, ведае.

– Тое я ацаню, калі пабачу, – заўважыў Арагорн. – Адной рэчы тут відавочна не стае – часу для доўгіх расповедаў. Ці ёсьць у вас ацэлас?

– Ня ведаю, пане, мне незнаёмая гэткая зёлка, пад такім назовам прынамсі. Я пайду майстра-зёльніка папытаю, ён усе старыя найменьні ведае.

– Яе клічуць таксама каралевіцаю, – патлумачыў Арагорн. – Магчыма, ты ведаеш гэтае іменьне, бо так тутэйшы люд зваў яе апошнімі днямі.

– А, каралевіца, – выгукнула Ярэт. – Ну, дык калі б вашамосьць так і сказаў адразу, я пазнала б. Не, няма яе ў нас, пэўне. Аніколі ня чула, што зь яе нейкая лекавая карысьць; што праўда, часьцяком паўтарала я сёстрам, калі страчалі тую зёлку ў лесе, што дзівоснае тое мяно, каралевіца, і дзіўна, чаму яе так назвалі, бо калі б я была каралевай, дык мела б у садочку прыгажэйшыя расьліны. Аднак, калі яе пацерушыць, прыемна пахне, праўда? Прыемна, мо й не зусім адпаведна, мо лепей сказаць "жыцьцятворна".

– Жыцьцятворна, слушна, – пацьвердзіў Арагорн. – А зараз, пані, калі нешта значыць для цябе жыцьцё гаспадара Фараміра, то бяжы хутчэй за свой язык ды адшукай мне каралевіцу, колькі засталося каліва ў горадзе.

– А калі не засталося, – дадаў Гэндальф, – тады я паеду ў Ласарнах зь Ярэт за сьпінаю, каб яна завяла мяне ў лес, толькі не да сваіх сёстраў. Цяняр пакажа ёй, што значыць сьпяшацца.


Калі Ярэт сышла, Арагорн папрасіў астатніх кабетаў сагрэць вады. Тады ўзяў Фараміраву руку ў сваю й паклаў другую далонь на ўзапрэлы лоб гетмана. Але Фарамір не варухнуўся, падавалася, ён ледзь дыхаў.

– Амаль вычарпалася ягонае жыцьцё, – Арагорн павярнуўся да Гэндальфа. – Але хвароба ягоная не ад раны. Пабач – яна гоіцца. Калі б назгульскі дроцік працяў яго, ён памёр бы той самай ноччу. Гэтая рана ад стралы паўднёвікаў, так я мяркую. Хто выцягнуў яе? Дзе яе трымаюць?

– Я выцягнуў яе, – абвесьціў Імрахіль, – ды закрыў рану. А стралы не захаваў, бо шмат было справаў. Узгадваю: звычайны дроцік, якім карыстаюцца паўднёвікі. Аднак я палічыў, што ён прыляцеў згары, бо як іначай патлумачыць ліхаманку й хваробу? Рана ягоная няйстотная й неглыбокая. Што ж вашамосьць бачыць тут?

– Завялікая стома, туга й сум праз бацьку, рана і, да ўсяго, чорны подых, – памеркаваў Арагорн. – Моцная ягоная воля, бо ён ужо трапляў блізка да Ценю да таго, як выехаў на бітву за вонкавыя муры. Павольна цемра напаўзала на яго, пакуль ён змагаўся, утрымліваючы сьцены. Каб толькі я патрапіў сюды раней!

Тут прыйшоў майстра зёлак.

– Вашая шаноўная мосьць пыталіся пра каралевіцу, як называе яе просты люд, – вымавіў ён урачыста, – ці ацэлас на шляхетнай мове, а для тых, хто ведае, што на валінорскай...

– Я ведаю, як на валінорскай, – перабіў Арагорн, – і мне няма розьніцы, называецца яна асёэ араньён ці каралевіца, а цікава толькі, ці ёсьць яна тут.

– Прашу выбачыць, яснавяльможны пане! – падзівіўся майстра. – Бачу, вашаць добра абазнаны, ня як просты ваярскі ачольца. На жаль, гэтай зёлкі мы не трымаем у Сядзібах, бо тут выходжваюць толькі цяжка параненых ці хворых. А ў каралевіцы няма аніякіх лекавых уласьцівасьцяў, пра якія было б вядома, хіба толькі засалодзіць водарам бруднае паветра ці ўзбадзёрыць зьлёгку. Хоць, мажліва, вашці вядомы старажытны вершык, які жанчыны, падобныя да добрай старой Ярэт, яшчэ паўтараюць, не разумеючы словаў:

Ад подыху чорнага млоснага,

ад ценю сьмяротнага злоснага,

калі не стае сьвятла –

пара яму надышла!

У каралеўскіх руках

верне жыцьцё ды прагоніць страх!

– Бязглузьдзіца, вядома, і, напэўна, яшчэ й пераблытаная ў памяці старых бабаў. Сэнс таго я пакідаю на меркаваньне вашці, калі той сэнс ёсьць. Але нашыя старыя карыстаюцца тым узварам, калі галава забаліць, дзеля палёгкі.

– Тады ў імя караля ідзі й знайдзі якога старога зь меншай вучонасьцю й большымі глуздамі, у каго была б у хаце тая трава! – выгукнуў Гэндальф.


Арагорн укленчыў каля Фараміра, паклаў даланю яму на лоб. Назіральнікі адчулі: адбываецца вялікая барацьба, бо твар Арагорнаў пашарэў ад стомы. Раз-пораз ён выклікаў імя Фараміра, але ўсё слабей чулася яно, быццам сам Арагорн недзе далёка крочыў па цёмным доле, гукаючы заблукалага ў цемры.

Нарэшце прыбег Бэргіль і прынёс шэсьць лістоў у анучцы.

– Вось, пане, каралевіца, але ж ня сьвежая, баюся. Напэўна, яе сарвалі тыдні два таму сама менш. Спадзяюся, пане, яна дапаможа?

Тады, зірнуўшы на Фараміра, раптам заліўся сьлязьмі.

– Дапаможа, – усьміхнуўся яму Арагорн. – Суцесься – горшае ўжо мінула!

Узяў два лісты, паклаў на далоні й дыхнуў на іх, а тады скамечыў – і адразу жывая сьвежасьць запоўніла пакой, быццам самое паветра ажыло й заяскравілася асалодаю. Потым паклаў лісты ў місы з гарачаю вадою – і адразу на сэрцах пасьвятлела. Бо водар крануў усіх згадкай пра росны золак пад чыстым сонцам у далёкім краі – той золак, які толькі здаля нагадвае сьветлыя веснавыя раніцы нашага сьвету. А Арагорн выпрастаўся, узбадзёраны, і позірк ягоны пацяплеў, калі ён паднёс місу да соннага Фараміравага твару.

– Ну, і хто паверыў бы! – шапнула Ярэт кабеце побач. – Зёлка ж значна лепшая, чым я думала. Нагадала мне ружы Імлат Мэлуі, калі я была зусім дзяўчынка, і нават кароль не падараваў бы мне лепшых успамінаў!

Зьнянацку Фарамір варухнуўся, расплюшчыў вочы й зірнуў на Арагорна, які нахіліўся над ім. Сьвятло пазнаваньня й любові запалілася ў ягоных вачох, і ён вымавіў ціха:

– Спадару мой, вашамосьць клікаў мяне? Я прыйшоў. Што загадае мне кароль?

– Выходзь зь ценю, абудзіся! – загадаў Арагорн. – Ты стаміўся. Адпачні, паеш, а тады будзь гатовьі, калі я вярнуся!

– Так, мой гаспадару, – адгукнуўся Фарамір, – бо хто ляжацьме бяз справы, калі кароль вярнуўся?

– Бывай пакуль што, я мушу йсьці да астатніх, якім патрэбны.

I Арагорн пакінуў пакой разам з Гэндальфам і Імрахілем, а

Бэрэганд з сынам застаўся, ня стрымліваючы радасьці. Ідучы сьледам за Гэндальфам і зачыняючы дзьверы, Піпін чуў, як Ярэт выгукнула:

– Кароль, аёй! Ці чулі? А я што казала? Рукі ацаляльніка, вось

так!

I паляцела чутка зь Сядзібаў, што кароль насамрэч прыйшоў у Гондар, пасьля перамогі прынёсшы і ацаленьне, і тое разьнеслася па горадзе.


Падышоўшы да Эявін, Арагорн вымавіў:

– Жудасная рана, цяжкое зьнявечча. Паламаную руку склалі ўмела, і яна загоіцца цягам часу, калі застанецца ў яе гаспадыні воля да жыцьця. Пашкоджаная рука, што трымала тарчу, але ж ліха прыйшло цераз руку, што трымала меч. Хоць яна й цэлая звонку, у ёй амаль не засталося жыцьця. На гора сабе, паўстала спадарычня супраць магутнага ворага, далёка па-за сіламі яе розуму й цела. Тыя ж, хто падыме зброю на такую здань, мусяць быць дужэйшымі ад сталі, каб адзіны жах сутыкненьня ня вынішчыў іх. Ліхі кон прызначыў ёй паўстаць на шляху ведзьмара. Найпрыгажэйшая зь дзяўчатаў, найсьвятлейшая паненка з роду каралёў. Усё ж, ня ведаю пакуль, як казаць мне пра яе. Калі ўпершыню зірнуў я на яе, то заўважыў смутак і тугу, падалося: бачу ганарлівую белую кветку, шляхетную й гонкую, больш зграбную за лілею, – і я ведаў, што тая кветка суворая й моцная, нібы выкаваная эльфавымі кавалямі з сталі. Ці, магчыма, мароз ператварыў пяшчотны парастак у лёд, і так паўстала яна ў харастве й горычы, найпрыгажэйшая, але ўжо ў прадчуваньні кону, падзеньня й гібелі? Далёка ня ўчора пачалася яе хвароба, так, Эямэру?

– Дзіўна, што ў мяне пытаесься, спадару, – адказаў той. – Тваёй віны я ня бачу тут, як і дзе яшчэ, але ж ведаю: мароз не кранаў яе, пакуль упершыню не зірнула яна на цябе. Яна распавядала мне пра тугу й клопат у часы панаваньня Зьмеяротага ды чароўнай каралеўскай немачы, калі сястра даглядала караля, і страх рос у ёй. Але ж ня тое кіравала ёю апошнімі днямі!

– Сябра мой, – вымавіў Гэндальф. – У цябе ёсьць коні на вольным полі, і зброя, і перамогі, а яна, народжаная ў целе дзяўчыны, мае дух й адвагу ня меншыя за твае. Аднак ёй выпала даглядаць старога, якога любіла, як бацьку, і які на яе вачох рабіўся бязглуздым брудным дурнем, у ганьбе й немачы, і доля яе падавалася ёй ня больш ганаровай, чым кульба ў руках старога. Ці ты лічыш, што Зьмеяроты труціў толькі Тэядэнаў слых? "Бязглузды! Твой род Эёрла – лютая абпітая банда! Жывяце ў брудзе й смуродзе пад саламянымі стрэхамі, а вашыя вырадкі поўзаюць па падлозе разам з сабакамі!" Ты ж чуў гэтыя словы раней, ці ня так? Саруман казаў іх, настаўнік Зьмеяротага. Не сумняюся: у Мэдусэльдзе Зьмеяроты гэткі самы сэнс укладваў у словы болей выкшталцоныя й злаўмысныя. Спадару мой, калі б не любоў сястры да цябе ды калі б ня воля, што прымушала выконваць абавязак і зачыніла яе вусны, – магчыма, нешта накшталт Саруманавых словаў сарвалася б зь іх. А хто ведае, што прамаўляла яна цемры ў бяссонную, бязрадасную ноч, самотная, калі ўсё яе жыцьцё, падавалася, сьціскалася ў небыць і сьцены пакою шчэрыліся клеткаю вакол яе, жудаснаю пасткаю, каб утаймаваць ды пахаваць дзівоснае вольнае стварэньне?

Эямэр не сказаў анічога й зірнуў на сястру задумліва, нібы згадваючы ўсе прамінулыя дні, пражытыя побач зь ёю.

– Я бачыў таксама й тое, пра што казаў ты, Эямэр, – дадаў Арагорн. – Бо мала якое няшчасьце сярод бедаў гэтага сьвету горшае й журботнейшае для сэрца мужчыны, чым бачыць каханьне панны такой прыгожай і адважнай – і не адказаць на яго. Шкадаваньне й смутак ішлі за мною з таго дня, як пакінуў я яе ў адчаі ў Дунхэрэ й рушыў Сьцягою Мёртвых, і найвялікшым маім страхам на той дарозе быў страх за яе. I ўсё-ткі скажу я, Эямэру, што цябе яна любіць болей за мяне, бо ведае цябе, а ўва мне пакахала толькі цень уласных мрояў, надзеяў на славу, і вялікія подзьвігі, і землі, далёкія ад роханскіх палёў. Верагодна, у мяне стане моцы, каб ацаліць яе цела, выклікаць яе з даліны ценяў. Але ж да чаго абудзіцца яна – да надзеі, забыцьця, адчаю, – я ня ведаю. Калі да адчаю, тады яна загіне, хіба прыйдзе іншае ацаленьне, якога я даць ня здолеў. А шкада, бо паводле дзеяў яе месца сярод найвялікшых каралеўнаў.

Тады Арагорн нахіліўся й зірнуў у яе твар, бялейшы ад лілеі, халаднейшы за шэрань і больш суворы за магільны камень. Пацалаваў у лоб і паклікаў ціха:

– Эявін, дачка Эямунда, абудзіся! Загінуў твой вораг, сышоў прэч!

Яна не прачнулася, але дыханьне яе ўзмацнілася, і яна варухнулася пад белаю прасьцінаю, глыбока ўдыхаючы. I зноў Арагорн скамечыў два лісты ацэласу й укінуў у гарачую ваду, абмыў твар дзяўчыны й прамыў правую руку, што ляжала халодная й зьнежывелая на коўдры.

Ці тое празь нейкае Арагорнава ўменьне людзей Захаду, забытае цяпер, ці тое празь ягоныя словы пра панну Эявін, але ж, калі салодкі водар паплыў па пакоі, усім побач падалося, што пранізьлівы вецер уляцеў праз акно. Сам вецер ня нёс водару, ды быў такі сьвежы, чысты й малады, нібы аніколі раней аніводнае жывое стварэньне не ўдыхала яго, нібы толькі створаны зьявіўся ён ад сьнежных гораў пад купалам зораў ці ад срэбнага берагу, недзе далёка абмытага пенным морам.

– Абудзіся, Эявін, панна Рохану! – паклікаў Арагорн зноў, узяўшы яе руку ў сваю й адчуваючы, што яна пацяплела й жыцьцё вяртаецца да яе. – Абудзіся! Адляцеў цень, і згінула цемра!

Тады паклаў яе далонь у Эямэраву й крочыў прэч. Папрасіў:

– Пакліч яе! – дый сышоў ціхутка з пакою.

– Эявін, Эявін! – гукаў Эямэр скрозь сьлёзы.

А яна расплюшчыла вочы й вымавіла:

– Эямэр? Якая радасьць! Мне казалі, што ты забіты. Не, тое былі толькі чорныя галасы ў сьне. Колькі ж я спала?

– Нядоўга, сястра мая. Але ж ня думай болей пра тое!

– Я незвычайна стамілася. Трэба крыху адпачыць. Аднак распавядзі мне, што з каралём Украйны? Жаль і гора! Не кажы мне, што й тое я прысьніла, бо ведаю: ня ўсё – сон. Ён прадбачыў сваю гібель, і прадбачаньне спраўдзілася.

– Ён памёр, – адказаў Эямэр, – але ж перад сьмерцю прасіў мяне разьвітацца з Эявін, якая для яго даражэйшая за дачку. Зараз ён ляжыць у вялікай пашане ў Цытадэлі Гондару.

– Горкія зьвесткі. I ўсё ж добрыя па-за ўсялякай надзеяй тых чорных дзён, калі падавалася: у родзе Эёрла засталося шляхетнасьці меней, чым у любой пастуховай халупе. А што ж здарылася з каралеўскім збраяносцам, з паўросьлікам? Эямэр, ты мусіш зрабіць яго рыцарам Украйны, бо ён насамрэч адважны!

– Ён ляжыць непадалёк у гэтых самых Сядзібах, і я неўзабаве пайду да яго, – паведаміў Гэндальф. – А Эямэр застанецца пакуль што тут. Аднак не размаўляйце пра вайну й згубу, пакуль ты не ацалілася. Вялікая радасьць нам усім, што такая мужная спадарычна абудзілася да здароўя й надзеі, абудзілася да жыцьця.

– Да жыцьця? Магчыма, – вымавіла Эявін. – Пакуль знойдзецца яшчэ пустое сядло ад згінулага вершніка, якое я займу, датуль яшчэ ёсьць, што рабіць у гэтым жыцьці. Што ж тычыцца надзеі... я ня ведаю.


Гэндальф зь Піпінам прыйшлі ў пакой Мэры. Арагорн быў ужо там, стаяў побач з ложкам.

– Небарака Мэры! – Піпін кінуўся да ложка, бо яму падалося, што ягоны сябрук выглядае горш, чым раней, і твар ягоны зусім пашарэў, нібы цяжар многіх гадоў тугі лёг на яго, і раптам жахлівая думка ўзьнікла ў Піпіна: Мэры памірае, няйначай.

– Ня бойся, – суцешыў Арагорн. – Я не спазьніўся й ужо клікаў яго назад. Ён надта стомлены зараз і вельмі сумуе, і ён цяжка паранены, як і панна Эявін, бо наважыўся ўзьняць руку на сьмяротнага вычварня. Дух ягоны моцны й жыцьцярадасны, так што ён аправіцца ад ліха. На гора сваё не забудзецца, але яно не азмрочыць ягонага сэрца, толькі дадасьць мудрасьці.

Арагорн паклаў далонь на галаву Мэры і, правёўшы асьцярожна па бурых кудзерах, крануў павекі хобіта й паклікаў па імені. I калі водар ацэласу паплыў па пакоі, нібы пах саду, паўнюткага пчолаў і верасу пад сонцам, Мэры раптоўна прачнуўся й сказаў:

– Я галодны. Колькі часу?

– Гадзіна вячэры ўжо мінула, – паведаміў Піпін, – але, мяркую, знайду для цябе што, калі мне дазволяць.

– Дазволяць, і яшчэ як, – запэўніў Гэндальф. – I ўсё іншае, што пажадае гэты вершнік Рохану, калі толькі жаданае знойдзецца ў Мінас Тырыце. Тут ягонае імя цяпер у вялікай пашане.

– Файна! – адзначыў Мэры. – Тады я хачу спачатку добра павячэраць, а тады ўзяцца за люльку.

Тут ягоны твар азмрочыўся.

– Не, не вазьмуся. Ня думаю, што зноў стану паліць.

– Чаму ж не? – спытаў Піпін.

– А таму, – адказаў Мэры павольна й сумна, – што ён загінуў. Цяпер гэта зноў вярнулася да мяне. Казаў, шкадуе, што так і не паразмаўляў з мною пра зёлкі. Амаль апошняе, што казаў. Я не змагу паліць, ня згадваючы яго й той дзень, калі ён пад'ехаў да Ізенградку й быў такі ветлівы.

– Дык палі тады, думаючы пра яго! – параіў Арагорн. – Бо ён меў добрае сэрца, і быў вялікі кароль, і трымаў клятвы. Хоць нядоўга служыў ты яму, ён застанецца радасным і шляхетным успамінам да скону тваіх дзён.

– Ну, тады добра, – усьміхнуўся Мэры, – калі Швэндал дасьць мне паліва з прыладамі, тады я насамрэч папалю й прыгадаю. Я ў заплечніку прызапасіў Саруманавы найлепшыя зёлкі, але што здарылася з плецаком сярод бітвы, ня ведаю.

– Спадару Мэрыядоку, – вымавіў Арагорн, – калі лічыш, што я прайшоў праз горы й каралеўства Гондар з агнём і мечам толькі дзеля таго, каб прынесьці зельле бесклапотнаму ваяру, які выкінуў свой рыштунак, дык памыляесься. Калі ня знойдзеш свой пакунак, дык пашлі па майстра зёльніка гэтых Сядзібаў. I ён распавядзе табе, што зёлка, якой прагнеш, ня мае аніякай карысьці, а на простай паспалітай мове завецца заходняй травою, а на шляхетнай мове – галенас, дый паўторыць яе табе на іншых выкшталцоных мовах і, дадаўшы колькі паўзабытых вершыкаў, якіх не разумее, паведаміць з шкадаваньнем, што гэтай зёлкі ў Сядзібах няма, і з тым пакіне цябе разважаць пра гісторыю моваў. I я таксама пакіну. Бо я ў такім ложку, як твой, ня спаў з часоў, калі пакінуў Дунхэрэ, і ня еў ад сьвітанку.

Мэры ўхапіў ягоную руку й пацалаваў.

– Прабач мне, калі ласка, – сказаў яму. – Ідзі адпачывай. Бо з самай той ночы ў Прыгор'і мы – толькі клопат вашці. Але ж такая звычка ў майго племені – казаць пра ўсялякія дробязі ў важныя часіны й нашмат меней выказваць, чым ляжыць на сэрцы. Мы баімся выказаць шмат. I тое крадзе ў нас адпаведныя словы, калі жартаваць не да месца.

– Я добра тое ведаю, бо йначай не адплаціў бы табе той самай манэтай, – адказаў Арагорн. – Няхай жыве Шыр заўжды!

I, пацалаваўшы Мэры, крочыў прэч, і Гэндальф зь ім разам.


Піпін жа застаўся.

– Ну, ці ёсьць хто падобны да яго? – спытаў ён. – За выключэньнем Гэндальфа, вядома. Даражэнькі мой дурню, твой заплечнік ляжыць побач з ложкам, бо ты цягнуў яго на сьпіне, калі я сустрэў цябе. Швэндал увесь час бачыў яго, вядома ж. Дый у любым выпадку, у мяне таксама тое-сеё завалялася. Давай, варушыся! Бо ж гэта Панізовае лісьце! Набі-тка люлькі, а я пакуль папалюю на харчы. А тады расслабімся крышачку. Вох ты, бацюхны, мы, Хваты й Бронь-Бычы, на гэткіх шляхетным вышынях жыць не прызвычаеныя.

– Не, – адгукнуўся Мэры, – я дык дакладна не. Пакуль прынамсі. Аднак усё ж, Піпіне, мы іх пабачылі й навучыліся цаніць. Бо лепей, мяркую, найперш любіць тое, што ты здольны й звыклы любіць. Трэ пачынаць аднекуль, мець недзе карані, а глеба ў Шыры добрая й глыбокая. Адылі ёсьць рэчы глыбейшыя й шляхетнейшыя, і каб не яны, аніякі стары не гадаваў бы свой садок у тым, што ён заве "супакоем", бяз рэчаў гэтых. I няйстотна, ведае ён пра іх ці не. Я дык надта задаволены, што ведаю хоць бы крыху. Аднак нешта найшло на мяне – прамаўляю гэткім чынам. Дзе тыя зёлкі? I дастань маю люльку з хатуля, калі яшчэ цэлая.


Арагорн з Гэндальфам пайшлі да кашталяна Сядзібаў ды параілі яму, каб Фараміра з Эявін пратрымалі яшчэ шмат дзён, лекуючы й даглядаючы з асаблівай увагай.

– Панна Эявін неўзабаве захоча ўстаць ды сысьці, – папярэдзіўАрагорн, – але ёй нельга. Любым чынам затрымай яе, калі здолееш, самае менш на дзесяць дзён.

– Што ж тычыцца Фараміра, – дадаў Гэндальф, – няхай у хуткім часе даведаецца пра сьмерць бацькі. Аднак поўны расповед пра Дэнэтарава вар'яцтва ня варта даводзіць да яго, пакуль ён ня выправіцца цалкам ды ня вернецца да сваіх абавязкаў. Паклапаціся, каб Бэрэганд ды пэрыян, якія прысутнічалі там, пакуль пра тое яму не казалі!

– А што наконт іншага пэрыяна пад маім даглядам, што зь ім рабіць, вашамосьці? – спытаў кашталян.

– Падобна да таго, што ён раніцаю паправіцца дастаткова, каб устаць з ложка, – адказаў Арагорн. – Дазволь яму, калі пажадае. Няхай шпацыруе ў кампаніі ды пад наглядам сяброў.

– Выдатнае племя, гэтыя пэрыяны, – заўважыў кашталян, ківаючы. – Надта дужыя й цягавітыя натураю.

Ля дзьвярэй Сядзібаў шмат народу сабралася, каб пабачыць Арагорна, дый пайшло за ім увасьлед. А калі ён павячэраў, да яго падышлі людзі ды ўзмаліліся, каб ён ацаліў іхнюю кравіну ці сяброў, хто ляжаў, апантаны чорным подыхам. I тады Арагорн паслаў па сыноў Эльранда, і разам яны працавалі да глыбокай ночы. А па горадзе пайшлі чуткі: "Насамрэч вярнуўся кароль!" I назвалі яго "Эльфаў Камень" празь зялёны самацьвет, што ён насіў, і так імя, прадказанае ад нараджэньня, абраў яму ягоны ўласны народ.

А калі ўжо ня мог болей працаваць, ацаляючы, то загарнуўся ў плашч ды перад самым сьвітанкам высьлізнуў з гораду прэч, да свайго намёта, дый паспаў крыху. А раніцаю сьцяг Дол Амрату – белы карабель-лебедзь на блакітным полі – плынеў над Вежаю, а людзі пазіралі ўгару й дзівіліся: мо вяртаньне караля – усяго толькі сон?

9. Апошняя рада


Раніца пасьля бітвы прыйшла сьветлая, зь лёгкімі аблокамі й заходнім ветрам. Ляголас з Гімлі падняліся рана й папрасілі дазволу ісьці ў горад, бо ім не цярпелася пабачыць Мэры зь Піпінам.

– Добра даведацца, што яны жывыя, – сказаў Гімлі, – колькі нам каштавала бегчы за імі праз увесь Рохан! Падумаць толькі, а калі б усё дарма?

Разам эльф з гномам крочылі ў Мінас Тырыт, і жыхары дзівіліся з гэткіх сяброў. Бо Ляголасаў твар быў гожы па-за чалавечым меркаваньнем, эльф чыста й звонка сьпяваў на роднай мове пад сонцам раніцы, а побач тупацеў Гімлі, пагладжваючы бараду й зыркаючы навокал.

– Нядрэнна тут камень апрацоўвалі, бачу, – казаў пра муры, – але ёсьць і халтура, дый вуліцы можна лепей спраектаваць. Калі Арагорн уладкуецца тутака, прапаную яму майстроў з Самотнай гары, мы зробім гэты горад вартым гонару.

– Садоў ім болей трэба, – дадаў Ляголас. – Мёртвыя гмахі, надта мала расьце тут жывога. Дый месца няма, каб расьці вольна. Калі Арагорн уладкуецца, народ лесу прывязе яму птушак, каб сьпявалі, дый дрэвы, што не памруць тут.


Нарэшце яны прыйшлі да князя Імрахіля, і Ляголас нізка пакланіўся перад ім, бо пазнаў эльфаву кроў.

– Вітаю, гаспадару! – так азваўся Ляголас. – Шмат мінула ад дзён, калі народ Німрадэлі пакінуў лясы Лорыйну, і ўсё ж можна пабачыць: ня ўсе адплылі з Амратавай завані на захад, за мора.

– Так гаворыцца ў паданьнях маёй зямлі, – згадзіўся князь, – аднак незьлічоныя гады ня бачылі там сьветлага народу. А я дзіўлюся, спаткаўшы сына сьветлага племені тут, сярод гора й вайны. Чаго жадае вашамосьць?

– Я – адзін зь дзевяцёх спадарожнікаў што выправіліся разам зь Мітрандырам зь Імладрысу, а з мною гэты гном, мой сябра. Прыйшоў я з спадаром Арагорнам. А зараз мы хочам пабачыць нашых сяброў, Мэрыядока й Перыгрына, што, як нам казалі, цяпер пад апекаю вашамосьці.

– Яны ў Сядзібах Ацаленьня. Я суправаджу спадароў туды, – прапанаваў Імрахіль.

– Дастаткова будзе, пане княжа, паслаць каго з намі, – вымавіў Ляголас. – Бо спадар Арагорн шле вашамосьці такія словы: не жадае ён пакуль уступаць у горад, аднак неабходна сабрацца ўсім ваяводам на раду, і ён просіць, каб вашамосьць ды Эямэр Роханскі як мага хутчэй спусьціліся да ягонага намёта. Мітрандыр ужо там.

– Мы прыйдзем, – паабяцаў Імрахіль, і яны ветла разьвіталіся.

– Сьветлы гаспадар, вялікі правадыр людзей, – заўважыў потым Ляголас. – Калі ў Гондары ў час надвячорку ёсьць такія людзі, дык вялікая ж была слава ягоная й моц у часіну полудня.

– I, без усялякага сумневу, старыя будынкі ўзьведзеныя лепей за новыя, – адзначыў Гімлі. – Гэтак з усімі людзкімі зьдзяйсьненьнямі: мароз па вясьне ці засуха ўлетку – і выдатны пачатак гіне марна.

– Аднак насеньне, што пакідаюць людзі нашчадкам, амаль ніколі ня гіне, – заўважыў Ляголас. – Зруйнаванае, вынішчанае прарастае й зноў паўстае велічна ў нечаканых часінах й месцах. Людзкія зьдзяйсьненьні перажывуць нас, Гімлі.

– А напрыканцы ўсяго, мажліва, амаль нічога й не застанецца ад іхніх дзеяў, апрача адных "магло б быць"...

– Ці так тое будзе, нават эльфы адказу ня маюць, – склаў Ляголас.


Зьявіўся князеў служка й паказаў дарогу да Сядзібаў. Там, у садку, знайшліся сябры, і сустрэча была радаснаю. Колькі часу шпацыравалі, размаўляючы, задаволеныя кароткім перапынкам спакою пад ранішнім сонцам на прадзьмутых вятрамі высокіх ярусах гораду. Калі Мэры стаміўся, прыселі на муры ля зялёнага лужку перад Сядзібамі. Наперадзе, на поўдні, Андуйн блішчэў пад сонцам і далёка нёс свае воды, хаваючыся за даляглядам нават ад вострага эльфавага зроку сярод шырокіх панізьзяў ды зялёнай смугі Пажыцьцяў і Паўднёвага Ітыльёну.

Зараз Ляголас сядзеў маўкліва, пакуль астатнія размаўлялі, і пазіраў на поўдзень, на белых марскіх птушак над ракою.

– Зірніце! – выгукнуў ён. – Кірлі! Як далёка адлятаюць яны ад мора! Яны дзівяць мяне й кранаюць маё сэрца! Аніколі ў жыцьці ня бачыў я іх, пакуль не сягнулі мы Пеларгіру, і тады я пачуў іхні лямант у паветры, калі плылі мы на бітву на караблях. Тады замёр я, забыўшыся пра вайну ў Міжзем'і, бо іхнія журботныя галасы крычалі пра Вялікае мора. Мора! Як шкада, што я ня ўбачыў яго. Але глыбока ў сэрцах усёй маёй радзіны ляжыць туга па моры, і недарэчна абуджаць яе. Ах, калі б ня кірлі! Ня будзе мне спакою болей пад бярозкамі ці вязамі.

– Не кажы так, – параіў Гімлі. – Безьліч чаго яшчэ варта пабачыць у Міжзем'і й вялікую працу трэ зьдзейсьніць. Калі ўвесь сьветлы народ выправіцца да заваняў, сусьвет пасумнее й паблякне для тых, каму наканавана заставацца.

– Насамрэч, стане нудотна й тужліва! – пацьвердзіў Мэры. – Ня трэба табе да заваняў, Ляголасе. Заўжды будзе які народ, вялікі ці малы, альбо нават колькі мудрых гномаў накшталт Гімлі, каму ты патрэбны. Ну, я на тое спадзяюся. Аднак прадчуваю аднекуль, што горшае ў гэтай вайне яшчэ наперадзе. Як хацеў бы я, каб усё гэта хутчэй скончылася, дый добра скончылася да таго ж!

– Ня будзь сам такі нудотны! – выгукнуў Піпін. – Сонца зьзяе, і мы ўсе разам на дзень альбо два сама менш. Я ж найболей хачу пачуць пра вашую вандроўку. Давай, спадару Гімлі! Ты й Ляголас ужо тузін разоў за раніцу згадалі вашыя з Швэндалам бадзяньні. А мне не распавялі анічога.

– Хоць і зьзяе тут сонца, пра вандроўку нашую ў мяне такія ўспаміны, што я не хачу выцягваць іх на сьвятло зь цемры, – здрыгануўся Гімлі. – Калі б ведаў, што ляжыць перад мною, ані дзеля якога сяброўства не ўступіў бы я на Сьцягу Мёртвых.

– Сьцягу Мёртвых? – перапытаў Піпін. – Я чуў, як Арагорн казаў гэты назоў, і дзівіўся, што ж ён значыць. Ці не распавядзеш ты нам болей?

– Ня тое каб ахвотна, – адгукнуўся Гімлі. – Бо тая сьцяга прывяла мяне да ганьбы. Я, Гімлі, сын Глойна, які лічыў сябе дужэйшым за людзей і пад зямлёю трывалейшым за любога эльфа, вытрымаў толькі таму, што мною рушыла воля Арагорна.

– I любоў да яго таксама, – падхапіў Ляголас. – Бо ўсе, хто ведае яго, палюбілі яго па-свойму, нават ільдзяная панна рахірымаў. На золку таго дня, калі ты, Мэры, сягнуў Дунхэрэ, мы пакінулі яго, і такі страх апанаваў людзьмі, што аніхто ня выйшаў правесьці нас, апрача панны Эявін, якая ляжыць зараз параненая ў Сядзібах. Тужлівае разьвітаньне, цяжкое для мяне.

– На жаль, у мяне пачуцьцяў хапіла толькі на мяне самога, – заўважыў Гімлі. – Не, ня буду я болей пра той пераход.

I змоўк, але Піпіну з Мэры гэтак не цярпелася вызнаць болей, што нарэшце Ляголас здаўся:

– Я вам распавяду для вашага супакою, бо я аніякага жаху не адчуваў і не баяўся людзкіх прывідаў. Нямоглымі руінамі падаваліся яны мне.

Далей коратка распавёў пра шлях пад гарою, пра змрочнае рушэньне ля Эрэху й вялікую скачку адтуль, паўсотні міляў і яшчэ сем, да Пеларгіру на Андуйне.

– Чатыры дні й ночы ды частку пятага дня ехалі ад чорнага каменя, – казаў ён. – I ўявіце: у змроку войска ценяў мацнела, і жудасьць расла зь ім. Хто ехаў, хто йшоў пехатою – аднак усе здані рушылі з аднолькава вялікаю хуткасьцю. Яны маўчалі, але іхнія вочы прагна блішчэлі. На верхавінах Ламэдану абагналі яны нашых коней і пранесьліся б міма, калі б ім не забараніў Арагорн. На ягоны загад яны затрымаліся й адсталі зноў.

"Нават чалавечыя прывіды падуладныя яму! – падумаў я. – Верагодна, яны паслужаць яму й яшчэ!"

Адзіны сьветлы дзень ехалі мы, а тады насталі дні безь сьвітанку. А мы ўсё рушылі, перасеклі Кірыль і Рынгло й на трэці дзень сягнулі Ліньіру над вусьцем Гілрайну. А там людзі Ламэдану біліся зь лютым племем Хараду й Умбару, што падняліся ўверх па рацэ. Калі мы наблізіліся, абаронцы й ворагі разьбегліся, выгукваючы сярод ляманту, што Кароль Памерлых прыйшоў да іх. Толькі гаспадару Ламэдану Ангбару стала мужнасьці сустрэць нас, і Арагорн запрасіў яго сабраць ягоны народ ды рушыць сьледам, калі хопіць мужнасьці, пасьля войска прывідаў.

"У Пеларгіры спатрэбіцеся вы нашчадку Ісільдара", – сказаў ім.

I мы перасеклі Гілрайн, гонячы хаўрусьнікаў Мордару перад сабою, і тады адпачылі крыху. Але неўзабаве Арагорн падняўся, кажучы: "Я бачу, ужо ў аблозе Мінас Тырыт. Баюся, ня вытрымае ён, пакуль мы пасьпеем з дапамогаю!" I мы паўсталі зноў, і панесьліся з усёю хуткасьцю, якую далі нашыя коні, праз роўнядзі Пажыцьцяў.

Ляголас прымоўк, і ўздыхнуў, і, кінуўшы позірк на поўдзень, ціха засьпяваў:

Срэбныя воды плынеюць ад Келасу да Эруі,

У зялёных палёх Пажыцьцяў

Высокая сьпее трава. I на ветры марскім

Калышуцца там лілеі,

Залатыя званочкі мэласу ды альфірыну

У зялёных палёх Пажыцьцяў

На ветры марскім!

Тыя палі ў песьнях майго народу зялёныя, але цяпер цемра пакрыла іх, шэрымі пустэчамі леглі яны перад намі. I праз тую шэрасьць, топчучы неаглядна травы й кветкі, палявалі мы нашых ворагаў дзень і ноч, пакуль нашая жорсткая скачка ня скончылася ля Вялікай ракі.

Тады адзначыў я ў сэрцы: мы сягнулі мора, бо шырокаю ў цемры падалася прастора вады, і безьліч марскіх птушак плакала на берагох. Якая туга мне ад ляманту кірляў! Ці не казала Панна Лесу сьцерагчыся іх? А цяпер я не магу забыцца на тое!

– Я дык на іх і ўвагі не зьвярнуў, – зьдзівіўся Гімлі, – бо тады мы нарэшце сягнулі сапраўднай бітвы. У Пеларгіры стаяў галоўны флёт Умбару, паўсотні вялікіх караблёў ды незьлічона малых. Многія з тых, каго мы гналі, дабраліся да завані хутчэй за нас і прынесьлі з сабою жуду. Колькі караблёў паднялі катвігі, уцякаючы ўніз па рацэ ці да другога берагу, а шмат малых гарэлі, падпаленыя. Але загнаныя ў пастку харадрымы павярнуліся, бо яны народ люты ў адчаі, а зірнуўшы назад, зарагаталі, бо ж мелі яшчэ вялікае войска.

А Арагорн прыпыніўся й выгукнуў аглушальна: "Наперад цяпер! Чорным каменем я заклікаю вас!" I зьнянацку войска прывідаў, што трымалася за сьпінамі, накаціла шэрым прылівам, зносячы ўсё перад сабою. Даляталі слабыя выгукі, ледзь чутна гулі рогі й ліўся шэпт безьлічы галасоў, бы рэха нейкай даўно мінулай, забытай бітвы Чорных гадоў. Узьняліся аголеныя мечы, аднак ня ведаю, ці шчэ маглі яны сячы. Бо памерлым не патрэбная была аніякая зброя, толькі жах. Аніхто не вытрымліваў перад імі.

На выцягнутыя на бераг караблі абрынуліся яны й на тыя, што стаялі на катвігах, а маракоў апанавала вар'яцтва жаху, і яны скакалі за борт – апрача рабоў, прыкаваных да вёслаў. Бесклапотна й дзёрзка рушылі мы сярод ворагаў, гонячы іх, нібы вецер апалае лісьце, пакуль не сягнулі берагу. А тады на ўсе вялікія караблі, што засталіся, Арагорн паслаў па дунадану, каб супакоіць палонных, абвесьціць ім свабоду й заклікаць не баяцца болей.

Яшчэ на скону гэтага змрочнага дня не засталося ворагаў, што супрацьстаялі б нам. Хто патануў, хто ўцякаў пехатою на Поўдзень у надзеі сягнуць сваіх земляў. Дзівосным і цудоўным падалося мне, што мордарскія пляны й падступства абвергнутыя прывідамі жаху й цемры. Уласнай жа зброяю пераможаны быў Чорны Ўладар!

– Насамрэч дзівосна, – дадаў Ляголас. – У гэтую гадзіну зірнуў я на Арагорна й падумаў: якім велічным і жудасным уладаром мог бы зрабіцца ён сілаю сваёй волі, калі б толькі забраў пярсьцёнак сабе. Нездарма Мордар так баяўся яго. Але ж ягоны дух шляхетнейшы, чым мяркуе Саўрон, бо ці ж не з нашчадкаў ён Люціені? Аніколі не перарвецца той род, хоць і мінуць гады незьлічоныя.

– Ну, гэтак далёка гномы ня бачаць, – сказаў Гімлі. – Але ж насамрэч магутны быў Арагорн тым днём. Увесь чорны флёт патрапіў у ягоныя рукі, а ён абраў найвялікшы карабель ды ўзышоў на яго. Тады загадаў, каб затрубілі гучна ў мноства рагоў, захопленых у ворага, і войска ценяў сышло на бераг і сабралася там. Стаялі прывіды маўкліва, ледзь бачныя, толькі адбівалася барвовым бляскам у іхніх вачох полымя запаленых караблёў. А Арагорн вымавіў уголас памерлым: "Чуйце ж словы Ісільдаравага нашчадка! Клятва вашая выкананая. Вяртайцеся й аніколі болей не турбуйце даліны жывых! Ідзіце зь мірам!"

Пасьля таго кароль памерлых выйшаў наперад войска, пераламаў сваю дзіду й кінуў долу. Пакланіўся нізка ды адвярнуўся, і неўзабаве паплынела шэрае войска, зьнікла, што туман, разагнаны раптоўным ветрам, і, падалося мне, я абудзіўся ад сну.

Гэтую ноч мы адпачывалі, пакуль працавалі іншыя. Бо мноства вязьняў атрымалі свабоду й шмат выйшлі на волю рабоў-гондарцаў, захопленых у пірацкіх набегах, а неўзабаве сабраўся вялікі натоўп людзей з Пажыцьцяў ды Этыру, і Ангбар Ламэданскі прыскакаў зь вершнікамі, якіх сабраў. Калі вусьціш мёртвага войска зьнікла, усе сьпяшаліся дапамагчы й зірнуць на нашчадка Ісільдара, бо чуткі пра ягонае імя пабеглі пажарам у цемры.

Вось тут і сканчаецца наш расповед. Бо цягам гэтага вечару й ночы ваяры падрыхтавалі караблі, набралі каманды, а раніцаю флёт рушыў наперад. Цяпер падаецца, тое было даўно, а насамрэч – заўчорашняй раніцаю, шостай, як выехалі з Дунхэрэ. А Арагорн усё падганяў баючыся, што мы спозьнімся. Казаў: "Дваццаць міляў і яшчэ шэсьць ад Пеларгіру да прыпаромкаў Харлянду. А датуль мусім дабрацца раніцаю – альбо дарма ўсе нашыя намаганьні".

Цяпер на вёслах сядзелі свабодныя людзі й працавалі мужна, аднак павольна падымаліся мы па Вялікай рацэ, бо хуткая ейная плынь, і хоць на поўдні яна не такая імклівая, як вышэй, усё-ткі не хапала нам дапамогі ветру. Цяжка рабілася ў мяне на сэрцы, нягледзячы на перамогу ў заванях, але Ляголас засьмяяўся зьнянацку.

"Вышэй бараду, Дарынаў сын! – кажа мне. – Бо гаворыцца ж: надзея трывае, калі ўсё мінае". Але ж якую надзею пабачыў ён здалёк, не сказаў. Прыйшла ноч, паглыбіўшы цемру, і сэрцы нашыя палалі, бо далёка на поўначы мы бачылі барвянае полымя пад хмарамі, і Арагорн вымавіў: "Мінас Тырыт гарыць".

А блізу поўначы надзея насамрэч адрадзілася. Дасьведчаныя ў марской справе людзі Этыру, пазіраючы на поўдзень, загаварылі пра зьмену, пра сьвежы вецер, які ляціць з мора. Задоўга да сьвятла караблі ўзьнялі ветразі й пабеглі наперад, і сьвітанак пабачыў белую пену пад насамі караблёў. I вось так, як бачылі вы, зьявіліся мы праз тры гадзіны пасьля сьвітанку з добрым ветрам і сонцам над галавою дый разгарнулі вялікі баявы сьцяг. Адметны быў дзень, вялікая часіна, што потым ні здарыцца!

– Што потым ні здарылася б, вялікія подзьвігі ня зьменшацца з таго, – сказаў Ляголас. – Вялікае зьдзяйсьненьне – прайсьці па Сьцязе Мёртвых, і вялікім яно застанецца, хоць бы нікога ў Гондары не засталося, каб пяяць пра тое ў дні, што надыдуць пасьля.

– А тое можа здарыцца, – заўважыў Гімлі. – Бо невясёлыя Арагорн з Гэндальфам. Надта цікава мне, пра што вядзецца на радзе ў намётах там, унізе. Бо я, як і Мэры, хацеў бы, каб усё гэта скончылася хутчэй. Але што ні паўстане наперадзе, спадзяюся, паўдзельнічаю ў тым дзеля гонару народу Самотнай гары.

– А я – дзеля народу Вялікага лесу, – дадаў Ляголас, – і зь любові да гаспадара Белага Дрэва.

Тады сябры змоўклі й колькі часу сядзелі ля сьцяны, заглыбіўшыся кожны ў свае думкі, пакуль правадыры спрачаліся пад горадам.


Калі князь Імрахіль разьвітаўся зь Ляголасам і Гімлі, то адразу паслаў па караля Эямэра, спусьціўся разам зь ім да брамы й выйшаў да Арагорнавых намётаў, усталяваных непадалёк ад месца, дзе загінуў Тэядэн. I там сабраліся яны на раду разам з Гэндальфам, Арагорнам і сынамі Эльранда.

– Шаноўнае спадарства, – пачаў Гэндальф, – прыслухайцеся да словаў, сказаных намесьнікам Гондару перад сьмерцю: "Бо на імгненьне пераможаш ты ці на дзень. Супраць моцы, што паўстала цяпер, няма перамогі! Да гэтага гораду працягнуўся толькі адзін палец яе рукі". Паўтараю я гэта ня дзеля таго, каб вы адчаяліся, але ж каб абмеркавалі рацыю гэтых словаў.

Палантыры ня хлусяць, і нават гаспадар Барад-дуру не прымусіць іх зманіць. Аднак сваёю воляю ён абірае, што паказаць у камені слабейшым за яго розумам і воляю, ці "тлумачыць" паказанае. Разам з тым нельга сумнявацца: калі Дэнэтар заўважыў вялікае войска, што ўжо сабралася й зьбіраецца ў Мордары, ён бачыў праўду.

Нашай моцы ледзь хапіла на першы вялікі напад. Наступны будзе мацнейшым. I, як адзначыў Дэнэтар, вайна гэтая без надзеі на перамогу. Перамогі нельга сягнуць зброяю, ці седзячы на месцы й вытрымліваючы аблогу за аблогаю, ці выйшаўшы насустрач, каб захлынуцца ў варожай навале за ракою. Паміж вялікім і меншым ліхам абіраем мы. Звычайная рацыя падказала б нам узмацніць крэпасьці, якія ёсьць, дый там чакаць нашэсьця, і гэтак працягнуць час перад непазьбежным конам.

– Тады спадар раіць, каб мы адступілі ў Мінас Тырыт, Дол Амрат ці Дунхэрэ й там сядзелі, як малыя сярод пясчаных замкаў на водмелі перад прыліўнаю хваляю? – спытаў Імрахіль.

– Тое ня сталася б новым для вас, – адказаў Гэндальф. – Ці ня гэтак вы й рабілі ў часы Дэнэтара, і амаль нічога болей? Зараз – не! Я сказаў, што тое – выбар рацыі. Я ня раю вам рацыю. Я сказаў, што перамогі зброяю не сягнуць. Але яшчэ спадзяюся на перамогу, толькі ж ня зброяй. Бо галоўнейшы за ўсе пляны й меркаваньні – Пярсьцёнак Улады, падмурак Барад-дуру й Саўронава надзея.

Пра гэтую рэч, спадары мае, вы ўсе ведаеце досыць, каб разумець нашае становішча ды Саўронава. Калі зноў здабудзе ён пярсьцёнак, усе вашыя подзьвігі не ўратуюць нас, а ягоная перамога будзе хуткаю й рашучаю – такою, што аніхто й не прадбачыць краху Саўронавага панаваньня да самага скону нашага сусьвету. Калі ж пярсьцёнак вынішчаць, Саўрон падзе, і гэтак нізка, што зьнікне самая надзея зноў паўстаць яму. Бо ён страціць найвялікшую частку першароднай моцы, і ўсё, вырабленае й зьдзейсьненае з дапамогаю той моцы, абрынецца, і застанецца ён назаўсёды скалечаным, прывідам лютасьці й злосьці, што катуе сам сябе сярод ценяў, курчачыся ад нянавісьці, ня здольны набрацца моцы зноў ці ўвасобіцца. I гэтак сусьвет пазбавіцца ад вялікага ліха.

Іншае ліха можа прыйсьці, бо й сам Саўрон усяго толькі служка й пасыльны ліха большага. Аднак тое ня наш клопат і доля – заўладарыць над усімі ваганьнямі гэтага сусьвету. Нам прызначана ўладкаваць гады, у якія мы жывем, выкараняючы ліха ў тых палёх, што ўрабляем мы, каб пасьля нас аратым засталася чыстая зямля. А якое надвор'е будзе ў іх над галовамі – ня наш клопат.

Саўрон ведае ўсё гэтае. Ведае таксама, што найвялікшая ягоная каштоўнасьць знайшлася, але ня ведае, дзе яна, – або так мы спадзяемся. I таму цяпер ён у вялікім сумневе. Бо калі мы знайшлі пярсьцёнак, сярод нас ёсьць тыя, каму стане моцы скарыстаць яго. Гэта яму таксама вядома. Ці не памылюся я, Арагорне: ты паказаў яму сябе ў палантыры Ортанку?

– Так, перад выездам з Горнбургу, – адказаў Арагорн. – Час падаўся мне адпаведным, я падумаў: дзеля таго камень і патрапіў да мяне. Мінула дзесяць дзён, як Ахоўнік Пярсьцёнка пайшоў на ўсход ад Рэрасу, і я палічыў: трэба адвесьці вока Саўрона ад ягонай уласнай зямлі. Надта рэдка хтосьці выклікаў яго на барацьбу з таго часу, як вярнуўся ён да сваёй вежы. Калі б я прадбачыў, якім хуткім будзе ягоны адказ, мо й не сьпяшаўся б правакаваць яго. Ледзь хапіла часу прыйсьці на дапамогу вам.

– А як жа так? – спытаў Эямэр. – Усё дарма, кажа вашаць, калі ён дабярэцца да пярсьцёнка. Чаму ён ня лічыць, што марна нападаць на нас, калі пярсьцёнак у нас?

– Бо ён яшчэ ня ўпэўнены, – адказаў Гэндальф. – Ён прыдбаў сваю моц зусім не чаканьнем, пакуль ягоныя ворагі набяруцца сілы ў бясьпецы, як дазвалялі тое мы. Таксама не адзін дзень трэба, каб авалодаць поўнаю сілаю пярсьцёнка. Бо толькі адзіны гаспадар ягоны можа ўладарыць ім. I Саўрон чакае свары й бойкі паміж намі, пакуль наймацнейшы з нас не паставіць сябе гаспадаром ды не прынізіць астатніх. У час такой свары пярсьцёнак дапаможа сапраўднаму ўладару, калі той пасьпяшаецца й нападзе зьнянацку.

Бо ён чакае. Ён бачыць і чуе шмат. Назгулы ягоныя яшчэ ўюцца над намі. Яны праляталі над палямі Пеленару на досьвітку, хоць няшмат хто з стомленых ды сонных адчуў іхнюю прысутнасьць. Ён вывучае прыкметы й пазнакі: меч, які пазбавіў яго каштоўнасьці, перакаваны нанова, ветры ўдачы зноў паварочваюцца ў наш бок, і нечакана ягоны першы напад церпіць паразу. Дый гіне найвялікшы ягоны гетман.

Штохвілінна расьце ягоны непакой, і позірк ягоны мкне сюды, амаль сьляпы да ўсяго астатняга, што рушыць вакол. Дык мы павінны трымаць гэты позірк. У тым нашая надзея. У тым і мая парада: пярсьцёнак цяпер ня ў нас. У мудрасьці ці адчайнай дурноце выслалі мы яго прэч на зьнішчэньне, каб ён ня зьнішчыў нас. Безь яго мы не сягнем перамогі зброяю. I мусім цяпер усімі сродкамі адцягваць Саўронаў позірк ад сапраўднай ягонай небясьпекі. Мы не сягнем перамогі зброяю, але зброяю можам даць Ахоўніку Пярсьцёнка адзіны ягоны шанец, хоць і малы.

Пачатае Арагорнам мусім працягнуць мы ўсе. Падштурхнем Саўрона да апошняга кідку, да таго, каб ён выявіў усю прыхаваную моц, каб вывеў усё войска з сваіх земляў. Зараз жа рушма насустрач яму. Станьмася прынадаю, хоць бы ягоныя сківіцы сьціснуліся на нас. Прынаду ён возьме ў надзеі й прагнасьці, бо палічыць, што ў такой пасьпешлівасьці відаць пыха новага гаспадара пярсьцёнка, і скажа: "Ён надта рана й надта далёка совае сваю шыю – у пастку, адкуль ужо ня выберацца. Там я зьнішчу яго, і тое, што ў пысе й невуцтве забраў ён у мяне, ізноў стане маім назаўжды".

А мы мусім зайсьці ў тую пастку з расплюшчанымі вачыма, з мужнасьцю, хоць і зь невялікаю надзеяй для нас саміх. Бо, шаноўнае спадарства, можа здарыцца й так, што ўсе мы цалкам загінем у чорнай бітве далёка ад жывой зямлі, і нават калі Барад-дур будзе зрынуты, да новай эпохі мы не дажывем. Але ж, мяркую, наш абавязак у гэтым. Лепей загінуць так, чымся гібець у марноце, анічога ня робячы й ведаючы, што з нашай сьмерцю ня ўзыдзе анічога новага.


Пэўны час усе маўчалі. Тады Арагорн вымавіў:

– Як пачаў я, так і пайду далей. На самым краі стаім мы, дзе надзея й адчай зьліваюцца ў адзінае. Ваганьне цяпер – гібель. Хай ніхто сёньня не адкіне парадаў Гэндальфа, чыёй доўгай барацьбе супраць Саўрона надышоў нарэшце час апошняга выпрабаваньня. Калі б ня Гэндальф, ужо даўно мы страцілі б усё. Нягледзячы на тое, я пакуль не бяру на сябе права анікому загадваць. Хай кожны абярэ, што захоча.

– Дзеля таго й зьявіліся мы з далёкай Поўначы, – абвесьціў Эльрохір, – і ад бацькі нашага Эльранда прынесьлі гэткую самую параду. Мы не павернем назад.

– Што да мяне, дык я няшмат разумею ў гэтых мудрагелістых прамовах, дый мне й ня трэба, – прызнаўся Эямэр. – Ведаю я, і таго мне досыць, што сябра мой Арагорн дапамог мне й майму народу, і таму я прыйду на дапамогу яму, калі ён пакліча. Я пайду зь ім.

– Што тычыцца мяне, – паведаміў князь Імрахіль, – я лічу сябе падданым ягамосьці пана Арагорна, абьвесьціў ён сваё права ці не. Ягоная воля для мяне – загад. Я таксама пайду. Аджа пакуль я займаю месца намесьніка Гондару, мой абавязак думаць перш за ўсё пра ягоны народ. Бо й звычайнай рацыі мушу аддаць увагу, і падрыхтавацца на любы выпадак, добры й благі. Мажліва, мы ўсё-ткі пераможам, і калі ёсьць такая вераемнасьць – Гондар трэба абараняць. Я не хачу вярнуцца зь перамогаю ў зруйнаванае места ды запустэчаную зямлю. А ад рахірымаў мы ведаем, што на поўнач ад нас яшчэ некранутае войска.

– Тое слушна, – пагадзіўся Гэндальф. – I я ня раю вам пакідаць горад зусім безабаронным. Сапраўды, войска, якое павядзем на ўсход, наўрад ці варта зьбіраць у разьліку на сапраўдны напад – хай будзе вялікім настолькі, каб Вораг прыняў заклік да бітвы. I рушыць тое войска мусіць у хуткім часе. Таму я пытаюся ў правадыроў: колькі ваяроў мы сабярэм за два дні й не даўжэй за тое? I ваяроў сталых, якія пойдуць з уласнай волі, ведаючы, што чакае іх.

– Усе мае воі натаміліся, надта шмат параненых – і лёгка, і цяжка, – паведаміў Эямэр. – I мноства мы страцілі коней, а тое нялёгка для нас. Калі неўзабаве выходзім, я зьбяру наўрад дзьве тысячы, а астатніх пакіньма для абароны гораду.

– Мы можам разьлічваць ня толькі на тых, хто змагаўся на Пеленарскім полі, – заўважыў Арагорн. – Новыя разьдзелы на шляху з паўднёвых земляў, бо ўзьбярэжжа пазбавілася ад пірацкай пагрозы. Чатыры тысячы я паслаў зь Пеларгіру сюды праз Ласарнах, і вядзе іх Ангбар Бясстрашны. Калі мы выйдзем праз два дні, яны яшчэ засьпеюць нас тут. Шмат каго заклікаў я рушыць за намі па рацэ на любых караблях ды чоўнах, якія знойдуцца. З такім ветрам неўзабаве прыбудуць і яны. Ужо колькі караблёў сягнулі Харлянду. Мяркую, мы выведзем сем тысячаў пешых і конных, і ўсё-ткі пакінем горад лепей абароненым, чымсьці ён быў да пачатку аблогі.

– Брама разбураная, – заўважыў Імрахіль, – і дзе ж цяпер майстэрства адбудаваць яе ды ўсталяваць зноўку?

– Майстэрства такое існуе ў Эрэбары, у каралеўстве Дайна, – адказаў Арагорн. – Калі надзеі нашыя ня згінуць марна, тады ў адпаведны час я папрашу Гімлі, сына Глойна, заклікаць сюды майстроў з Самотнай гары. Але ж людзі мацнейшыя за брамы, і аніякая брама ня вытрымае супраць ворага, калі людзі пакінуць яе.


Скончыліся перамовы правадыроў так: вырашылі на другую раніцу ад гэтага дня выйсьці зь сямю тысячамі войска, калі набяруць столькі, большая частка – пехатою, бо ліхая й неўрадлівая зямля ляжа пад ногі. Арагорн павядзе каля дзьвюх тысячаў сабраных пад ягоную руку на поўдзень ад Гондару, а Імрахіль – тры з паловай тысячы ваяроў гораду, Эямэр жа выведзе пяць сотняў тых, хто страціў у бітве каня, але сам застаўся прыдатным для бою, і пяць сотняў найлепшых вершнікаў. Яшчэ пяць сотняў вершнікаў налічыцца з ваяроў гораду й рыцараў Дол Амрату, а разам зь імі паедуць дунаданы й сыны Эльранда. Усяго – шэсьць тысячаў пяхоты й тысяча вершнікаў. Але ж галоўныя сілы рахірымаў, якія засталіся пры конях і былі здольныя біцца – каля трох тысячаў на чале з Эльфхельмам, – перакрыюць Заходні шлях супраць ворагаў, што засталіся ў Анарыёне. Адразу ж выслалі найхутчэйшых выведнікаў на поўнач, а таксама на ўсход ад Азгіліяту й на шлях да Мінас Моргулу.

А калі падлічылі ўсё войска й абмеркавалі, якімі дарогамі ісьці й куды, Імрахіль зьнянацку засьмяяўся ўголас.

– Ну ці не найвялікшы жарт ва ўсёй гісторыі Гондару, – вымавіў з рогатам, – усяго зь сямю тысячамі, меней за разьдзел гондарскага войска ў часы велічы, мы нападзем на горы й непрыступную Браму Чорнай зямлі? Гэтак дзёрзкі малы пагражае закаванаму ў латы рыцару лукам зь зялёнай галінкі й ніткі-струны! Калі Чорны Ўладар ведае столькі, колькі ведае паводле Гэндальфавага меркаваньня, дык ці не пасьміхнецца ён папросту замест таго, каб напалохацца, ды ці не адным пальцам раструшчыць нас, як муху, што намагаецца ўджаліць?

– Не, ён паспрабуе заманіць тую муху ў пастку й вырваць джала, – адказаў Гэндальф. – А сярод нас ёсьць тыя, чыё імя вартае болей за тысячу рыцараў у латах. Не, ён не ўсьміхнецца.

– Нам таксама наўрад ці варта сьмяяцца, – дадаў Арагорн. – Калі тое жарт, дык надта сумны. Бо гэта апошні ход у вялікай і надта небясьпечнай гульні, і аднаму з гульцоў ён прынясе згубу.

Тады выцягнуў Андарыль ды ўзьняў яго, бліскучы на сонцы.

– Не схаваю цябе ў похвы, пакуль ня скончыцца апошняя бітва, – паабяцаў Арагорн.

10. Чорная Брама расчыняецца


Праз два дні войска Захаду сабралася на Пеленары. Оркі й усходнікі, што заставаліся ў Анарыёне, рушылі назад, да ракі, але нападу рахірымаў ня вытрымалі й амаль бяз бойкі разьбегліся, уцякаючы да Кайр Андрасу. Без пагрозы з Анарыёну ды з падмацаваньнямі з поўдня горад застаўся абароненым найлепшым чынам. Выведнікі даносілі, што ворагаў на шляхах няма ажно да перакрыжаваньня шляхоў ля Абрынутага караля, дзе ітыльёнская дарога перасякае гасьцінец на Азгіліят. Усё было падрыхтавана для апошняга кідку.

Ляголас з Гімлі зноў ехалі побач з Арагорнам і Гэндальфам, у перадавым разьдзеле разам з дунаданамі й сынамі Эльранда. Але хобіту Мэры, на ягонае расчараваньне й сорам, удзельнічаць у выправе не дазволілі.

– Ты яшчэ не акрыяў дастаткова для такой вандроўкі, – сказаў яму Арагорн. – Аднак не саромейся з таго. Нават калі ты й ня зьдзейсьніш анічога болей у гэтай вайне, вялікая твая пашана. За народ Шыру пойдзе Перыгрын, і не зайздросьць гэтаму шанцу патрапіць у небясьпеку, бо хоць з гонарам выйшаў ён з усіх выпрабаваньняў, пасланых лёсам, з тваім подзьвігам ягоныя дзеі пакуль не зраўнаюцца. I хоць мы абралі сабе долю, магчыма, загінуць перад Брамаю Мордару – у тым выпадку й табе давядзецца паўстаць на апошнюю бітву, ці тут, ці ў якім іншым месцы, дзе чорная навала спасьцігне цябе. Бывай!

Таму ў тузе й маркоце стаяў зараз Мэры й назіраў за вайсковым зборам. Бэргіль побач таксама тужыў і смуткаваў, бо бацька ягоны ў паход вёў харугву людзей з гораду – далучыцца зноў да цытадэльнай Варты Бэрэганд ня мог, пакуль па справе ягонай ня вынесены прысуд. У той харугве рушыў і Піпін – як гондарскі ваяр. Мэры бачыў яго непадалёк – маленькую, але прыкметную постаць сярод высокіх людзей Мінас Тырыту.


Нарэшце загулі трубы, і войска рушыла. Полк за палком, разьдзел за разьдзелам разварочваліся яны, скіроўваючыся на ўсход. Мэры пазіраў ім увасьлед, на Вялікі гасьцінец, доўга пасьля таго, як яны зьніклі з погляду. Вось згас апошні пробліск ранішняга сонца на дзідах і шаломах, а Мэры ўсё стаяў, пахілены, з каменем на сэрцы, адчуваючы сабе самотным чужынцам. Усе, дарагія яму, сышлі ў смугу пад далёкія нябёсы на ўсходзе, і невялікая надзея заставалася хоць каго зь іх пабачыць ізноў.

Нібы выкліканы адчаем, вярнуўся боль у руцэ, і Мэры пачуўся слабым і старым, і сонечнае сьвятло падалося няпэўным, станчэлым. Ачомаўся ён ад дотыку Бэргілевай рукі.

– Спадару пэрыяне! – паклікаў той. – Бачу, вашці нездаровіцца. Я дапамагу дабрацца да лекараў. Але ж ня бойся! Яны вернуцца. Людзей Мінас Тырыту аніколі не перамагчы. А цяпер зь імі гаспадар Эльфаў Камень, і Бэрэганд з цытадэльнай Варты таксама.


Шчэ да полудня войска дабралася да Азгіліяту. Там майстры й працоўны люд узмацнялі пераправы й масты з чоўнаў, зладжаныя ворагамі ды часткова пабураныя імі пры ўцёках за раку. Таксама зьбіралі прыпасы й трафэі, а на ўсходнім беразе пасьпешліва ладзілі ўмацаваньні для абароны.

Перадавы разьдзел мінуў руіны Старога Гондару, прайшоў праз шырокую раку й крочыў на доўгі просты гасьцінец, у дні сілы пракладзены ад сьветлай вежы Сонца да высокай вежы Месяцу, якая цяпер стала Мінас Моргулам з праклятай даліны. За пяць вёрстаў ад Азгіліяту спыніліся, скончыўшы на тым пераход першага дня.

Але вершнікі рушылі далей і на сутоньні сягнулі Скрыжаваньня й вялікага кольца дрэваў. Там панавала цішыня. Ані варожай прыкметы не заўважылі, ня чулі ані выгуку, ані поклічу, аніводная страла ня вылецела з зарасьцяў ці з-за скалаў, і ўсё ж, пакуль рушылі наперад, адчувалі: усё навокал насьцярожылася й гэтая чакальная напружанасьць расьце. Быццам дрэвы й камяні, лісты й травіны ўслухоўваліся, затоеныя. Чорная чароўная хмара растачылася, і далёка на захадзе разьвітальныя промні сонца высьветлілі даліну Андуйну. Белыя пікі ружавелі пад сінечай нябёсаў. А над Эфэл Дуатам ляжалі цені й маркотны змрок.

Арагорн выслаў трубачоў на кожны з чатырох шляхоў, што ўваходзілі ў кола дрэваў. Трубачы выдзьмулі магутны покліч, а герольды голасна абвесьцілі:

– Гаспадары Гондару вярнуліся й вяртаюць сабе гэтую зямлю, што калісьці належала ім!

Вычварную оркавую галаву з плячэй каменнага караля скінулі й разьбілі ўшчэнт, а сапраўдную галаву вярнулі на месца, пакінуўшы карону зь белых і залатых кветак. Людзі адмылі й адшкрэблі брудныя орцкія пэцкулі з каменю.

Пачалі раіцца, куды ісьці далей, некаторыя прапанавалі напасьці на Мінас Моргул і, калі атрымаецца захапіць яго, цалкам зруйнаваць.

– Мажліва, – сказаў Імрахіль, – на дарозе, што вядзе адтуль да перавалу, лягчэй будзе напасьці на Чорнага Ўладара, чым празь ягоную Паўночную браму.

Але ж супраць таго рашуча паўстаў Гэндальф – празь ліха, якое жыве ў той даліне й жахам высмоктвае розум жывых, а таксама праз Фараміравы навіны. Бо калі Ахоўнік Пярсьцёнка насамрэч рушыў гэтым шляхам, тады ані ў якім выпадку нельга прыцягваць сюды Вока Мордару. Таму наступным днём, як падышло галоўнае войска, на Скрыжаваньні пакінулі моцную варту дзеля абароны на выпадак, калі Мордар вышле войска праз Моргульскі перавал ці прыбудзе болей хаўрусьнікаў з Поўдня. Для варты абралі галоўным чынам лучнікаў, добра знаёмых зь Ітыльёнам, яны схаваліся на схілах ды ў лесе побач з Скрыжаваньнем. А Гэндальф з Арагорнам паехалі зь перадавым разьдзелам да рыгва Моргульскай даліны зірнуць на ліхі горад.

Цьмяны ён быў ды безжыцьцёвы, бо служкі Мордару, якія жытлавалі тут, загінулі ў бітве, а назгулы дзесьці далёка выконвалі гаспадарскую волю. Аднак самое паветра даліны ўціскала страхам і варожасьцю. Тады ваяры пабурылі мост над ракою, падпалілі атрутныя лугі й ад'ехалі прэч.


Празь дзень, на трэція судні ад выхаду зь Мінас Тырыту, войска рушыла на поўнач па шляху. Ад Скрыжаваньня да Маранану было з сотню вёрстаў, і што можа здарыцца падчас вандроўкі, аніхто ня ведаў. Рушылі адкрыта, але асьцярожна, з коннымі выведнікамі наперадзе й пешымі пааберуч, асабліва з усходняга боку, бо там густа перапляліся зарасьці, згрувасьціліся цясьніны ды стромы, за якімі караскаліся ўгору змрочныя схілы Эфэл Дуату. Надвор'е заставалася ясным, дзьмуў устойлівы заходні вецер, але ж анічога не магло растачыць туманы й маркотную смугу, што чапляліся за горы Ценю, а за імі часам уздымаліся вялізныя дымы й калыхаліся на верхавых вятрох.

Раз-пораз Гэндальф загадваў дзьмуць у трубы, а герольдам абвяшчаць:

– Прыйшлі гаспадары Гондару! Пакіньце гэтыя зямлі альбо скарыцеся!

Але Імрахіль сказаў на тое:

– Кажыце не "гаспадары Гондару", а "кароль Элесар". Бо тое праўда, хоць ён і ня сеў яшчэ на сталец, і Вораг болей азадачыцца, калі пачуе імя караля.

Таму кожнадзённа тройчы герольды абвяшчалі імя караля. Аднак на выклік ніхто не адказаў.

Усё-ткі, хоць рушылі нібы ў спакоі, на сэрцы ў кожнага ваяра, ад найвышэйшага да найніжэйшага, было маркотна, і з кожнаю вярстою прадчуваньне ліха ўціскала цяжэй. Напрыканцы другога дня зь пераходу ад Скрыжаваньня сустрэлі нарэшце першы выклік і бітву. Моцны шыхт оркаў і ўсходнікаў спрабаваў напасьці з засады на перадавыя разьдзелы ў тым самым месцы, дзе Фарамір упаляваў людзей з Хараду й дзе шлях ішоў праз вузкую цясьніну, вычасаную ў доўгім адгор'і. Правадыроў Захаду своечасова папярэдзілі выведнікі, дасьведчаныя сьледапыты з Хэнет Ануну, якіх вёў Маблунг, і засада сама патрапіла ў пастку. Бо вершнікі далёка аб'ехалі з захаду спрат дый ударылі ў бок ворагу й ззаду, вынішчылі й адагналі на ўсход, у горы.

Але ж перамога не ўзбадзёрыла ачольцаў.

– Гэта ўсяго падманны выпад, – заўважыў Арагорн, – і галоўная ягоная мэта – хутчэй заманіць нас далей уяўнаю ворагавай слабасьцю, чым сур'ёзна пашкодзіць нам.

Ад таго ўзьвячорку назгулы неадступна цікавалі войска. Лёталі пакуль высока, па-за зрокам усіх, апрача Ляголаса, і ўсё-ткі іхняя прысутнасьць адчувалася, нібы паглыбленьне ценяў і сьцьменьне сонца. Хоць прывіды не спускаліся нізка да супернікаў і не крычалі, іхняя жуда не пакідала.


Гэтак праходзілі дні безнадзейнай выправы. На чацьверты дзень ад Скрыжаваньня й шосты ад Мінас Тырыту сягнулі нарэшце канца жывой зямлі й крочылі ў запустэчу перад брамаю перавалу Кірыт Гаргар. Ужо бачылі багны й пустэчы, што цягнуліся на поўнач і на захад да Эмін Мюйлу. Так мёртва было там, так вусьцішна й маркотна, што некалькі ваяроў зусім палі духам і не маглі ані ісьці далей, ані ехаць.

Арагорн зірнуў на іх бяз гневу, але з спачуваньнем. Маладзёны з Рохану, з далёкай Заходняй Украйны, ці пастухі з Ласарнаху – для іх Мордар з маленства быў сымбалем ліха, несапраўдным вусьцішным паданьнем, якое існавала па-за іхнім простым жыцьцём. А цяпер яны крочылі ў ажылыя зморы і не разумелі, чаму патрэба гэтай вайны ды лёс прывялі іх да гэткага неверагоднага жаху.

– Ідзіце! – прамовіў ім Арагорн. – Але ж захавайце гонар, не бяжыце! Ёсьць справа на вашыя сілы, каб палегчыць ганьбу. Рушце на паўднёвы захад, да Кайр Андрасу, калі там яшчэ трымаюцца ворагі, адбіце яго, калі здолееце, і трымайце да апошняга ў імя Гондару й Рохану!

Некаторыя ад такой літасьці засаромеліся, пераадолелі страх ды пайшлі далей, а астатнія натхніліся новай надзеяй, пачуўшы пра мужную справу, на якую ставала сілаў, і выправіліся выконваць яе. I вось так, улічваючы колькасьць пакінутых ахоўваць Скрыжаваньне, меней за шэсьць тысячаў ваяроў прывялі правадыры Захаду, каб выклікаць на бітву ля Чорнай Брамы ўсю моц Мордару.

Цяпер прасоўваліся павольна, чакаючы кожную гадзіну адказу на свой выклік, усіх ваяроў сабралі ў адзіны шыхт, бо зараз высылаць выведнікаў ці малыя разьезды значыла толькі страціць іх. На ўзьвячорку пятага дня паходу ад даліны Моргулу сталі лягерам апошні раз, расклаўшы вогнішчы зь мёртвага дрэва ці верасу, што адшукалі. Ноч правялі бяз сну, адчуваючы шмат напаўбачных істотаў, што бадзяліся й гойсалі паўсюль вакол, чулі ваўчынае выцьцё. Вецер сьцішыўся, і ўсё замёрла. Ня бачылі амаль нічога, бо хоць нябёсы й не захмарыла, і месяц вырас на чатыры дні ад ноўчыку, зь зямлі падымаліся пара й дымы, і белы маладзік засмужылі брудныя подыхі Мордару.

Схаладнела. З раніцаю вецер заварушыўся зноўку, але цяпер задзьмуў з поўначы, а неўзабаве пасьвяжэў ды ўзмацніўся. Усё маўчала, насьцярожана назіраючы. На поўначы сярод агідных ямінаў рысаваліся першыя вялізныя кучы шляку, крышанага каменю й апаленай зямлі – ваніты сьлімачнага мордарскага народцу. А на поўдні, зусім блізка, луналі дужыя муры Кірыт Гаргару й Чорная Брама сярод іх, і дзьве вежы-іклы высіліся чорна й пагрозьліва пааберуч. На апошні пераход правадыры сышлі з старога шляху там, дзе ён паварочваў на ўсход, каб не набліжацца да злавесных схілаў, і таму падбіраліся да Маранану з паўночнага захаду, як і Фрода калісьці.


Дзьве вялізманыя жалезныя палавіны Чорнай Брамы пад цяжкаю выгбаю былі шчыльна зачыненыя. Анічога не праглядвалася на бастыёнах. Усё чакала маўкліва й насьцярожана. Ваяры Захаду сягнулі самай мяжы дзёрзкасьці, па-за ўсялякім цьвярозым разуменьнем, і стаялі цяпер, замярзаючы, бязмэтава й бессэнсоўна, перад мурамі й вежамі, на якія, спадзеючыся на перамогу, ня здолелі б напасьці, нават калі б прывезьлі абложную зброю вялікай моцы, а Вораг меў сілаў толькі на абарону Брамы й сьцяны. А ведалі ж: усе пагоркі й схілы за Марананам паўнюткія затоеным варожым войскам, змрочны дол за імі ўскапаны й збуроўлены незьлічонымі выседкамі ліхіх пачвараў. Усе назгулы сабраліся разам, кружляючы над вежамі Іклаў, што сьцярвятнікі, і, вядома, пільна назіралі за імі. I ўсё ж Вораг аніяк не выдаваў сваіх намераў.

Выбару не заставалася, як толькі згуляць ролю да канца. Таму Арагорн пашыхтаваў войска як найлепш, дый паставіў на два вялікія пагоркі апаленага каменю й зямлі, нагрувашчаныя оркамі за гады працы. Паміж імі й Мордарам ляжала нібыта прорынь – вялізная балоціна смуроднага глею й ванітоўных лужынаў. Калі шыхт уладкавалі, правадыры выехалі да Чорнай Брамы з моцнаю аховаю вершнікаў, сьцягам, герольдамі й трубачамі. Сярод вестуноў Захаду галоўным рушыў Гэндальф, за ім Арагорн з сынамі Эльранда, Эямэр Роханскі й Імрахіль.

Запрасілі таксама Ляголаса з Гімлі й Перыгрына, каб усе ворагі Мордару засьведчылі падзеі.

Наблізіліся на адлегласьць погуку ад Маранану й затрубілі ў трубы, разгарнуўшы сьцяг, а герольды крочылі наперад і закрычалі, каб іхнія галасы разьнесьліся па-над бастыёнамі Мордару:

– Выходзьце! Выходзьце сюды! Няхай выйдзе да нас гаспадар Чорнай зямлі! Бо суд мусіць адбыцца над ім! Няправедна пашкодзіў ён вайною Гондару ды адабраў ягоныя землі. Таму кароль Гондару патрабуе, каб ён адплаціў за ліха й сышоў прэч назаўжды. Хай выйдзе сюды!

Доўга ня чулі сярод мёртвай цішыні адказу – ані выкліку, ані гуку. Але ж Саўрон ужо склаў свае пляны: пажадаў спачатку жорстка нагуляцца з мышаняткамі перад тым, як запусьціць кіпці ды іклы й зжэрці. I таму, калі правадыры былі павярнулі назад, цішыня раптам парушылася. Загрукаталі доўгімі ўдарамі вялізныя барабаны, нібы грымоты між гор, тады забрахалі горны й рогі так, што скалануліся самыя камяні й людзям заклала вушы. Брама ашчэрылася, моцна бразнула – і зь яе выехала прадстаўніцтва Цёмнай вежы.

Наперадзе рушыла высачэзная злавесная постаць верхам на чорным кані ці толькі падабенстве каня: вялізманым стварэньні, мярзотна пачварным, з пысаю – жахлівай маскай, падобнай да чэрапа, а не да жывой галавы, у вачніцах і наздрынах яго скакала полымя. Вершнік быў цалкам у чорным, з чорным жа высокім шаломам. Аднак не прывід пярсьцёнка выехаў да войска, а жывы чалавек. Кашталян Барад-дуру – ніякі расповед не захаваў ягонага імя, бо сам ён забыўся на яго, і называў сябе: "Я – голас Саўрона".

Казалі, што ён здраднік, нашчадак племені тых, хто называў сябе чорнымі нумэнорцамі, бо яны сяліліся ў Міжзем'і ў гады Саўронавай моцы й улады й пакланяліся яму, палюбіўшы ліхое вядзьмарства. Пайшоў ён у падпарадкаваньне Цёмнай вежы, калі тая ўпершыню аднавілася, і праз хітрае ліхадзейства й вычварны розум заслужыў ласку гаспадара, выведаў шмат вялікіх чараў, шмат вызнаў Саўронавых думак і плянаў і лютасьцю пераўзыходзіў любога орка.

Ён выехаў наперад, а за ім – невялікая харугва чорных ваяроў з адзіным, таксама чорным сьцягам, што зерыўся барвовым ліхім вокам. Спыніўшыся за некалькі крокаў ад правадыроў Захаду, кашталян зьмераў іх позіркам зьверху данізу й зарагатаў.

– Ці мае хто з гэтай набрыдзі права перамаўляць з мною? – спытаў тады. – Ці ў каго хопіць глуздоў, каб зразумець мяне? Вядома ж, не ў цябе! – пакпіў, павярнуўшыся да Арагорна. – Каб зрабіцца каралём, мала аскепка эльфавага шкла ці валацугаў накшталт твайго почту. Такую любы шалбер лёгка набярэ!

Арагорн нічога не адказаў, але зірнуў яму ў твар і глядзеў, не адводзячы вачэй, і якую хвілю яны змагаліся так, але неўзабаве, хоць Арагорн не варухнуўся й рукі на зброю не паклаў, пахолак Саўрона ўздрыгнуў ды адхіснуўся, нібы ад пагрозы ўдару. Выгукнуў:

– Я герольд і перамоўца, на мяне нельга нападаць!

– Там, дзе гэткія законы ў пашане, – заўважыў яму Гэндальф, – перамоўца выказвае троху болей ветласьці. Але ж табе ніхто не пагражаў. Няма патрэбы баяцца нас, пакуль ня выканаеш свой абавязак. Але ж калі твой гаспадар не памудрэў, табе й усім астатнім ягоным служкам пагражае вялікая небясьпека.

– Га! – гыркнуў пасыльны Мордару. – Дык гэты ты, сівая барада, за ўсіх прамаўляеш? Часьцяком чулі мы пра цябе, пра твае бадзяньні, заўжды дзеля таемных змоваў, каб шкодзіць здалёк, хаваючыся ў бясьпецы. Але ж на гэты раз надта далёка высунуў ты свой нос, васпане Гэндальфе, і неўзабаве пабачыш сам, што здараецца зь недарэкам, які пляце нягеглае сеціва пад нагамі ў Саўрона Вялікага. У мяне ё колькі дробязяў, якія мне загадалі паказаць табе – перш за ўсё табе, калі ты адважысься зьявіцца.

Ён падаў знак аднаму з ваяроў суправаджэньня, і той выехаў наперад з пакункам, загорнутым у чорную тканіну. Мордарскі перамоўца сарваў тканіну і дастаў, да адчаю й горкага зьдзіўленьня правадыроў Захаду, спачатку Сэмаў корд, а тады шэры плашч з эльфавай фібулкай і апошняй – міфрыльную кальчужку, што насіў Фрода пад сваім падраным адзеньнем. У вачох сяброў пацямнела, і на цяжкі застылы момант ім падалося, што сусьвет замёр, што сэрцы іхнія памерлі й зь іх сышла апошняя надзея. Піпін, які стаяў побач з князем Імрахілем, скочыў наперад з выгукам адчаю.

– Ціха! – загадаў Гэндальф сувора, адсоўваючы яго назад, а мордарскі пасланец зарагатаў ізноў.

– Дык у цябе яшчэ адзін з гэтых паскуднічкаў з сабою! Якую карысьць знайшоў ты ў іх, наўрад ці мажліва зразумець, але ж слаць іх як віжоў у Мордар – гэта нават перасягае тваю звычайную дурасьць. Усё ж я ўдзячны яму, бо, відавочна, гэтыя вычварні ўжо бачылі мае драбязкі, і ня варта табе адмаўляцца ад іх.

– Я й не хачу ад іх адмаўляцца, – запярэчыў Гэндальф. – Сапраўды, я ведаю іх і ўсю іхнюю гісторыю – чым ты, брудны падбрэх Саўрона, наўрад ці можаш пахваліцца. Але ж нашто прыцёг ты іх сюды?

– Гномская браня, эльфаў плашч, клінок згінулага Захаду ды віж з маленькай пацуковай зямелькі Шыр – не, не тлумач! Мы добра ведаем, якой змовы гэта прыкметы. Мажліва, той, хто нёс усё гэта, быў служкам, якога табе зусім не шкада страціць, а мо й ня так. Мо тое быў хтось дарагі табе, га? Калі так, парайся неадкладна з той невялікай мудрасьцю, што шчэ засталася ў цябе. Бо Саўрон ня любіць віжоў, і лёс твайго вылюдка зараз залежыць ад твайго выбару.

Аніхто не адказаў яму але ён убачыў, што твары перамоўнікаў пашарэлі ад жаху, кашталян заўважыў страх у вачох і зарагатаў, бо яму падалося, што ягоная забава добра ідзе.

– Файна, файна! – падсумаваў ён. – Даражэнькі быў вам шпег, бачу я. Ці мусіў ён сягнуць чагось надзвычай істотнага для вас? Напэўна ж. А цяпер перад ім доўгае, на гады й гады, катаваньне, такое доўгае й павольнае, на якое толькі здольныя нашыя майстры ў Цёмнай вежы. I ня будзе яму вызваленьня, хіба ён цалкам пераменіцца, зламаны ў духу й сэрцы, каб вярнуцца да цябе й каб ты пабачыў, што празь цябе здарылася зь ім. Тое непазьбежна, калі вы не пагодзіцеся на ўмовы майго Гаспадара.

– Назаві ўмовы, – рашуча запатрабаваў Гэндальф, але ж тыя, хто стаяў побач, убачылі адчай на ягоным твары, чараўнік падаўся старым, зморшчаным небаракам, які страціў усё, пацярпеў цяжкую паразу. Не сумняваліся: ён прыме ўмовы.

– Вось яны, – пасьміхнуўся вястун Мордару, абводзячы позіркам аднаго за адным. – Гондарская набрыдзь ды ейныя падманутыя хаўрусьнікі зараз жа адступаюць за Андуйн, пакляўшыся спачатку аніколі не падымаць зброю супраць Саўрона Вялікага адкрыта ці таемна. Усе землі на ўсход ад Андуйну пераходзяць назаўсёды да Саўрона, і толькі да яго. Землі на захад ад Андуйну да Туманных гор і Брамы Рохану робяцца даньнікамі Мордару. Жыхары там пазбаўляюцца права насіць зброю, але ім будзе дазволена самім кіраваць сваімі справамі. Аднак яны дапамогуць адбудаваць Ізенградак, які ў сваёй пысе марна разбурылі, і належацьме ён Саўрону, ягоны гетман заўладарыць там – не Саруман, а болей варты даверу.

У кашталянавых вачох лёгка чыталіся ягоныя думкі: ён стане тым гетманам, каб сабраць пад сваю руку, што засталося ад Захаду. Ён стане тыранам, а ўсе вакол – ягонымі рабамі.

– Ці не зашмат за аднога служку? – засумняваўся Гэндальф. – Твой гаспадар хоча так вытаргаваць тое, за што яму давялося б весьці не адну вайну. А мо адно гондарскае поле гэтак парушыла ягоную надзею на перамогу, што ён цяпер спадзяецца адно на гандлярскае майстэрства? А калі б насамрэч гэткі каштоўны нам быў той віж, з чаго нам верыць, што Саўрон, найпадступнейшы з усіх майстроў здрады, выканае абяцанкі? I дзе ж сам вязень? Спачатку выведзі яго да нас ды перадай нам, а тады ўжо мы падумаем над умовамі.

I тады Гэндальфу, які замёр, уважліва назіраючы, бы ў паядынку зь сьмяротным ворагам, падалося, што на час адзінага ўздыху мордарскі вястун разгубіўся, але адразу зарагатаў зноўку.

– Не гуляй у марнай пысе з голасам Саўрона! – выгукнуў кашталян. – Вядома ж, табе хочацца! Саўрон за так не дае анічога! Калі ўжо хочаш шчодрасьці ад яго, дык выконвай ягоныя загады. Вось умовы. Бяры й ідзі зь імі – ці бязь іх!

– Вось што мы возьмем! – абвесьціў нечакана Гэндальф і адкінуў плашч.

Белае сьвятло ўскінулася, нібы палымяны меч сярод цемры. Перад узьнятай Гэндальфавай рукой мордарскі мярзотнік адсунуўся, а Гэндальф, наблізіўшыся, адабраў у яго эльфскі плашч з кальчугай ды меч.

– Гэта мы бярэм на памяць пра нашага сябру, – абвесьціў чараўнік. – Што ж тычыцца тваіх умоваў – мы абвяргаем іх цалкам. А зараз прэч, бо скончылася тваё пасланства й сьмерць ужо за крок ад цябе. Мы прыйшлі сюды не марнаваць словы ў перамовах з Саўронам, здрадным і праклятым, і яшчэ меней траціць іх на ягонага раба! Прэч!

Не засьмяяўся вястун Мордару. Твар ягоны перамяніўся ад зьдзіўленьня ды злосьці на пысу пачвары, што, ужо падрыхтаваўшыся хапаць здабычу, атрымала нечакана ў іклы пякучым дубцом. Гнеў апанаваў яго, і бясформавыя гукі шаленства вырваліся, паўздушаныя, з глоткі. Але ў тварах правадыроў Захаду ён прачытаў лютасьць і ў іхніх вачох – сьмерць, і страх перамог злосьць. Чорны ваяр загалёкаў, павярнуўся, ускочыў на каня й з усёю хеўраю паскакаў шалёна назад, да Кірыт Гаргару. I пакуль скакалі, ягоныя хаўрусьнікі задзьмулі ў рогі, падаючы даўно абумоўлены сыгнал, і не сягнулі яшчэ Брамы, як пастка Саўронава пачала зачыняцца.


Забілі барабаны й выбухнулі агні. Вялізныя палавінкі Чорнай Брамы шырока разьвінуліся, і з праходу вонкі хлынула вялікае войска – што ўзьвіраная вада з плаціны, калі ёй адчынілі выток.

Правадыры Захаду паўскоквалі на коней ды паскакалі назад, а войска мордарскае кпліва загукала. У паветры заклубіўся пыл: тое выйшлі шыхты ўсходнікаў, што чакалі сыгналу ў цені Эрэд Літуі за дальняй вежай Іклаў. Ды з гор пааберуч ад Маранану памкнула незьлічонае мноства оркаў. Людзі Захаду патрапілі ў пастку, і неўзабаве ўсё вакол шэрых пагоркаў, дзе стаяла заходняе войска, затапілі ворагі колькасьцю дзесяцькроць, а то й болей. Саўрон ухапіў прынаду, прапанаваную яму, сталёвымі сківіцамі.

Мала часу засталося Арагорну, каб упарадкаваць войска перад бітваю. На адным пагорку паўстаў ён з Гэндальфам, і там сьветла й адчайна ўзьвіўся сьцяг з Дрэвам і Зорамі. На другім пагорку рашуча й ганарыста затрапяталі сьцягі Рохану й Дол Амрату, Белы Конь і Срэбная Лебедзь. На кожным пагорку колам паўсталі ваяры, ашчэрыўшыся ва ўсе бакі дзідамі й мечамі. А наперадзе, насупраць Мордару, там, куды абрынецца першы жорсткі напад, пасталі ў Арагорнавым шыхце сыны Эльранда з дунаданамі, а ў другім шэразе – князь Імрахіль зь людзьмі Дол Амрату, высокімі й сьветлымі, ды абраныя ваяры з цытадэльнай аховы.

Задзьмуў вецер, і запелі рогі, і засьвісталі стрэлы, а сонца, што ўжо хілілася да захаду, засмужылася мордарскаю смуроднай параю, і праз злавесную смугу пазірала, далёкае, хваравіта-барвянае, быццам сканчаўся ня толькі дзень, але і ўвесь сьвет сьвятла. I з густога сутоньня вылецелі назгулы, выкрыкваючы словы сьмерці, і тады ўсялякая надзея згасла.


Піпін зусім зьнясілеў, скалануўшыся ад жаху, калі пачуў, як Гэндальф адмаўляецца ад умоваў ды выракае Фрода на катаваньне ў Цёмнай вежы, аднак пасьля авалодаў сабою й стаў побач з Бэрэгандам у першым шэрагу гондарскага войска разам зь Імрахілевымі ваярамі. Яму падавалася найбольш годным памерці хутчэй ды скончыць горкую гісторыю свайго жыцьця, бо ўсё пайшло пурхою.

– Хоць бы Мэры тут быў, – пачуў уласны голас, і хуткая думка сьлізганула ў галаве, пакуль назіраў, як бягуць да яго ворагі ў нападзе: "Ну, зараз я прынамсі больш разумею небараку Дэнэтара. Лепей было б нам з Мэры памерці разам, раз усё адно мусім памерці. Чаму не? Яго тут няма, ну дык спадзяюся, ён знойдзе сабе лягчэйшы кон. А я зраблю, што здолею".

Выцягнуў корд і зірнуў на яго, на перапляценьне залатых й чырвоных рысаў нумэнорскай вязі, што зьзяла, як полымя, зь ляза.

"Менавіта дзеля такой часіны й скавалі яго, – падумаў хобіт. – Каб толькі ўдар ягоны дастаўся таму агіднаму пасланцу, тады я амаль параўнаўся б з Мэры. Ну, усё ж якогась пачварнага вырадка джгну напрыканцы. Каб толькі зноў пабачыць сапраўднае сонечнае сьвятло ды зялёную траву!"

Ледзь дадумаў, як першы напад абрынуўся на іх. Оркі захрасьлі ў балоцінах перад пагоркамі, прыпыніліся, выпусьцілі ў шэрагі абаронцаў хмару стрэлаў. А праз оркаў шыхт прайшла, пачварна равучы, вялізная харугва горных троляў з Гаргарату. Шырэй і вышэй ад людзей былі яны, апранутыя толькі ў цесныя броні з лускі, а мо была тое іхняя жудасная скура. Яны несьлі веліканскія круглыя тарчы й трымалі ў каржакаватых руках цяжкія молаты. Бясстрашна кінуліся яны ў балоціны й перайшлі іх, завываючы. Навальніцаю грымнулі на шыхт людзей Гондару, малоцячы па галовах і шаломах, па руках і тарчах, як кавалі малоцяць, зьмінаючы, распаленае жалеза. Побач зь Піпінам упаў аглушаны, непрытомны Бэрэганд, і велізарны троль-правадыр, які паваліў яго, нахіліўся над ім, выцягнуўшы кіпцюрыстую лапу, бо звычка гэтых пачвараў – выгрызаць глотку пераможаным.

Тады Піпін ударыў зьнізу ўверх, і пісанае заклёнамі нумэнорскае лязо працяла скуру й глыбока ўвайшло ў тролевыя вантробы, і хлынула чорная кроў. Троль паваліўся наперад, грымнуўся, бы нетрывалая скала, пахаваўшы пад сабою тых, хто стаяў перад ім. Чарноцьце, смурод ды зьнішчальны боль авалодалі Піпінам, і сьвядомасьць ягоная сасьлізнула ў вялікую цемру.

"Сканчаецца, як я й думаў" – прамільгнула ў галаве наастачу, і хобіт засьмяяўся, ужо непрытомнеючы, бо нават радасным падавалася пазбавіцца нарэшце ад усіх сумневаў, клопатаў і страхаў. I ўжо на парозе забыцьця даляцелі да яго галасы, што гукалі зь нейкага забытага сусьвету далёка наверсе:

– Арлы лятуць! Арлы!

На момант Піпінава думка прыпынілася, завагалася.

"Більба! – згадаў ён. – Але ж не – тое ягоная прыгода, даўным-даўняя. А гэная – мая, і яна ўжо скончылася. Бывайце!"

I з тым ягоныя думкі адляцелі далёка, а вочы перасталі бачыць.

Загрузка...