Уладзімір Шыцік Кіб загаварыў апоўначы

Апавяданне

Таў Кіта адсюль, з адлегласці ў мільярд кіламетраў, выглядаў нават меншым, чым Сонца з Зямлі. Але ўдзень ён палаў надзвычай ярка, і яго святло мякка клалася на горы, што высокай сцяной акружалі невялікае плато, выбранае Антонам Галаем для свайго лагера. Тады і ў скафандры, які меў тэрмаізаляцыю, было горача. А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах рушацца скалы, скаланаючы ваколіцы магутнымі абваламі.

Адзнак жыцця на гэтай знешняй планеце сістэмы Таў Кіта Галай не знайшоў. Ён абляцеў яе некалькі разоў, пакуль выбраў месца для пасадкі, і ўсюды былі толькі шэры пясок ды такія ж шэрыя, попельнага адцення горы.

Таму планета і атрымала сваю назву — Попельная.

Апынуўся Галай на Попельнай невыпадкова. У апошні час многія касманаўты, вылятаючы за межы Сонечнай сістэмы, пачалі прымаць невядомыя радыёсігналы. Найбольш верагодная крыніца іх таілася ў раёне зоркі Таў Кіта, якая мела некалькі планет. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Гэта было падобна на праўду, бо на дзвюх-трох планетах сістэмы маглі існаваць умовы для жыцця. I калі на Зямлі былі створаны касмічныя караблі, здольныя пераадольваць прастору ў адзінаццаць светлавых гадоў, было вырашана паслаць экспедыцыю да Таў Кіта. Базу для яе на адной з незаселеных планет і меўся стварыць Антон Галай.

Рухомыя робаты, паводле загадзя дадзенай праграмы, хутка сабралі жытло і дапаможныя памяшканні. К канцу першага дня на плато ўжо ўзвышаўся домік, у якім Галай мог адчуваць сябе нібы на Зямлі, а нястомныя робаты з кібернетычнай праграмай, або проста кібы, як іх ласкава называлі касманаўты, занялі пазіцыю на пастах вакол лагера. Галай не чакаў небяспечных наведвальнікаў, не чакаў і якой-небудзь пагрозы, але такое было правіла для кожнага касмічнага дэсанта.

Першая ноч прайшла спакойна, і з раніцы Галай на ўсюдыходзе аб’ехаў бліжэйшыя ваколіцы. Горы цягнуліся далёка-далёка, як хапала вока. Голыя, скалістыя, пахмурыя, і ніякіх адзнак чаго-небудзь, што магло б парадаваць позірк разнастайнасцю, уласцівай многім іншым планетам, на якіх пабываў ён раней, хоць яны таксама былі пазбаўлены жыцця.

— Ты, стары, апынуўся тут не дзеля таго, каб цешыцца прыгожымі краявідамі, — уголас прамовіў сам сабе Галай.

Кіб, які суправаджаў яго, сур’ёзна зазначыў:

— Мы прыехалі працаваць.

Галай засмяяўся і павярнуў да базы. Перад сном ён яшчэ раз уважліва праверыў паказанні аўтаматычных установак і лабараторый і паслаў справаздачу начальніку экспедыцыі. Шэсць разоў павернецца Попельная вакол сваёй восі, пакуль паведамленне дасягне раёна, дзе чакае яго сігналу падрыхтаваная для скачка экспедыцыя. Пасля міне яшчэ дзесяць мясцовых сутак, і яго адзіноцтва скончыцца. Атрымаўшы вестку, зоркалёт перамесціцца да Попельнай. Галай чакаў гэтага моманту не таму, што адзінота прыгнятала яго: да яе ён прывык за многія гады вандравання ў пустых і бязмежных касмічных прасторах. Але ён не выносіў бяздзеяння, такога, як тут, дзе ўсё за яго рабілі аўтаматы, а ён быў нібы наглядчыкам пры іх. З прыкрай думкай, што мусіць яшчэ чакаць і чакаць таварышаў, Антон і заснуў.

Кіб загаварыў апоўначы, парушыўшы абавязковую ў час сну чалавека цішыню. Гэта было так неспадзявана, што Галай аж сеў на ложку. А голас прыемнага тэмбру з нейкім, як яму здалося, хваляваннем паўтараў:

— Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі. Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі…

На тэлеэкране ўзніклі вяршыні бліжэйшых гор. Раз-пораз на іх успыхвалі чырванаватыя іскаркі, і хутка па схілах яны пачалі ўжо спускацца ўніз.

Іскарак было няшмат. Галай налічыў іх каля дзесятка. Але адкуль яны ўзяліся і што гэта за з’ява наогул? Кіб, які трымаў сувязь з ахоўнымі пастамі, паведаміў:

— Агеньчыкі рухомыя, да лагера не набліжаюцца.

Гэта было нешта новае на Попельнай, і Галай, не марудзячы, вывеў усюдыход. Пагоня за агеньчыкамі была доўгай і марнай. Яны неўзабаве зніклі, не пакінуўшы аб сабе ніякага следу.

Стомлены, Галай вярнуўся на базу. К таму часу ўжо развіднела. Ранішняе сонца Попельнай свяціла ласкава і спакойна, і здавалася, што не было ні халоднай ночы, ні таямнічых агеньчыкаў-прывідаў. Каб не разумныя кібы, Антон палічыў бы, што ў яго была галюцынацыя.

«Магчыма, гэта былі выпраменьванні нейкай энергіі», — запісаў ён у вахценным дзённіку. Аднак гэта няпэўнасць вываду выклікала толькі пачуццё незадаволенасці сабой. Ён павінен быў дазнацца, што гэта такое бачылася яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Устрывожаны, Галай амаль увесь дзень прабыў побач з вартавымі кібамі, пільна ўглядаючыся ў горныя расколіны.

А новая ноч прынесла новую галаваломную загадку. Кіб, які знаходзіўся на самым дальнім пасту, раптам на паўслове спыніў перадачу. Аўтаматычны пульт адразу накіраваў да яго рамонтнага робата. Але і той, як толькі дабраўся да месца, абарваў сувязь. Галай счакаў хвіліну, другую. Робат маўчаў. I ён пайшоў сам.

Кібы ляжалі нерухомыя — і той, што быў тут раней, і той, што прыйшоў на дапамогу. У абодвух чамусьці былі пустыя атамныя батарэі, быццам нехта адным махам выграб адтуль усю энергію, запасаў якой звычайна хапала на некалькі тысяч гадзін.

Галай агледзеўся. Ноч, густая ад чарнаты, з якой не маглі саўладаць нават яркія калматыя зоркі, падступала з усіх бакоў, хаваючы ў сабе незразумелую таямніцу. З’ява рабілася ўжо небяспечнай. Упершыню Галай адчуў, як халодныя мурашкі папаўзлі па спіне.

Назаўтра апусцелі батарэі яшчэ трох кібаў. Стала ясна, што гэта не выпадак, што некаму, відаць, спатрэбілася іх энергія. Але каму? У пошуках адказу на гэта пытанне Антон аблазіў ці не ўсе горы вакол базы і зноў не заўважыў нічога падазронага.

А неўзабаве здарылася яшчэ горшае: ураз абясточыліся батарэі ўсюдыхода і робатаў, якія знаходзіліся за межамі базы. Пазбаўлены памочнікаў, Галай адчуў сябе бездапаможным, бяссільным супраць гэтай выпадковай, а можа, і варожай з’явы. Нібы нехта распачаў на яго планамернае наступленне. I яшчэ ён падумаў, што хутка прыбудзе экспедыцыя. Таварышы высадзяцца, выгрузяць тэхніку, абсталяванне, пабудуюць абсерваторыю, лабараторыі. А потым аднойчы прачнуцца ў асяроддзі мёртвай тэхнікі. I ніхто ўжо не зможа вярнуцца на Зямлю.

Адчуванне непапраўнай віны ахапіла Галая. Ён не меў права, не ўпэўніўшыся ў бяспецы да канца, пасылаць сваё паведамленне. I пакуль не позна, трэба папярэдзіць таварышаў. Сігнал яшчэ застане іх у дарозе. Аб тым, што ён сам сабе адразае шлях да вяртання, Галай не думаў. Заклапочаны толькі адным — хутчэй выйсці на сувязь з зоркалётам, ён кінуўся ў апаратную.

Жоўтыя, чырвоныя, сінія індыкатары на пульце свяціліся, жылі і супакойвалі. Галай настроіў хвалю, адшукаў раён прасторы, дзе зараз павінен быў знаходзіцца карабель, і пачаў кадзіраваць тэкст паведамлення.

Ціхі шолах прымусіў яго падняць галаву. Зірнуўшы, ён спачатку падхапіўся, а потым бездапаможна сеў зноў. Па аголеных правадах з лёгкім шыпеннем струменіліся блакітныя змейкі. Галоўная энергія базы беззваротна вылятала ў прастору, адразаючы яго ад Сусвету.

Гэта быў такі ўдар, пасля якога Галай не адразу апамятаўся. Абхапіўшы галаву рукамі, ён доўга сядзеў, не маючы сілы сабрацца з думкамі. Да рэчаіснасці яго вярнуў вокліч апошняга кіба, якога Антон, быццам прадбачыў гэту сітуацыю, не выпускаў з памяшкання. Кіб стаяў ля незацененага акна і варушыў кароткімі антэнамі-вусікамі. Галай падышоў да яго і выглянуў у чорную ноч.

За акном у бледным мігценні буйных зорак ледзь прыкметна вырысоўваўся высокі горны хрыбет. Гэты малюнак Галай бачыў ледзь не кожны вечар, у ім не было нічога незвычайнага, ён стаў прывычным. Аднак сёння, зараз, на ім штосекунды з’яўлялася нешта новае. Вось вяршыні гор зрабіліся больш акрэсленымі, пабялелі. I раптам за імі ўспыхнула светлая пляма. Яна разгаралася і неўзабаве ўжо ахапіла ці не паўнеба, ператварыўшыся ў сапраўднае зарыва. А яшчэ праз імгненне ярка-яркая блакітная паласа, скіраваная кудысьці ў бясконцасць, прарэзала ноч. Паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж мёртвым святлом, уражваючы магутнасцю і фантастычнасцю.

Відовішча працягвалася не больш хвіліны. А потым ноч зрабілася яшчэ чарнейшай. I Галай, аслеплены блакітным ззяннем, не адразу заўважыў на схілах гор колішнія чырвоныя агеньчыкі.

— Вы зноў тут! — злосна ўсклікнуў Галай. — Але цяпер я злаўлю вас! Хоць аднаго! — Прыхапіўшы кіба, ён выскачыў за дзверы.

Агеньчыкі паводзілі сябе, як і мінулы раз: кружылі, снавалі, але наблізіцца да сябе не давалі. I тады Антон падумаў: «А што, калі энергію кралі менавіта гэтыя няўлоўныя светлячкі?» Губляць яму ўжо не было чаго і, каб праверыць сваю здагадку, ён паслаў наперад апошняга кіба. Яны не маглі не паквапіцца яшчэ на адну ёмістую батарэю.

Хітрасць удалася. Агеньчык раптам замігаў, спыніўся, быццам у роздуме, і рвануўся да робата. Паблізу агеньчык ператварыўся ў бліскучы шар. Прынікшы да кіба, ён успыхнуў, наліваючыся барвовай чырванню. Антон паспеў падбегчы раней, чым шар пакінуў сваю ахвяру. Упартая лютасць авалодала чалавекам. Ён закрычаў:

— На, бяры! — і падставіў сваю батарэю.

Шар быў калыхнуўся ў яго бок. Імгненне павісеў нерухома, нібы вагаючыся — прымаць падарунак ці не, і пасунуўся прэч. Некаторы час яшчэ ў цемры чырванеў яго след, потым знік і ён.

Разгублены, суцішаны, пазіраў Галай услед агеньчыку. Чаму шар абмінуў яго, чалавека, не паквапіўшыся на энергію?

Неакрэсленая здагадка раптам працяла мозг. Яна была да таго неверагодная, што Галай аж прысеў на нейкі асколак скалы. Так, шары збіраюць на Попельнай энергію і потым, назапасіўшы яе пэўную колькасць, кудысьці перапраўляюць. Можа, на трэцюю планету ўнутранага пояса, у напрамку якой цягнулася блакітная паласа, а можа, яшчэ куды… Ды пакуль не гэта важна. Галоўнае, недзе тут, зусім побач па касмічных мерках, напэўна, ёсць разумнае жыццё, прадуктамі якога з’яўляюцца і гэтыя шары, і тая блакітная энергетычная паласа. Але гэта жыццё, відавочна, развіваецца на іншай аснове, незразумелай, чужой чалавеку. I таму, што Галай адчуваў сябе не толькі асуджаным, але і пазбаўленым магчымасці неяк звязацца з гэтым жыццём і разумеў, што гэтай магчымасці будзе пазбаўлена і ўся іх экспедыцыя, яму зрабілася невыносна горка і крыўдна. Прыгнечаны ўсім гэтым, Галай узваліў на плечы змярцвелага робата і пакрочыў на базу. Ён ішоў засяроджаны, задуменны і зусім не звяртаў увагі на чырвоныя агеньчыкі, што не гаслі нават пад першымі дрыготкімі праменнямі тутэйшага свяціла. А між тым шары, якіх ужо набралася некалькі дзесяткаў, з усіх бакоў спускаліся да базы. Нарэшце Галай звярнуў на іх увагу.

— Няма вам больш спажывы, — не спыняючыся буркнуў ён. За сябе ён проста не баяўся.

Але тое, што адбылося хвіліну пазней, прымусіла яго запаволіць крок.

Шары раптам імкліва рынуліся да распасцёртых робатаў, апанавалі ўсюдыход, прыніклі да антэны. Яны на вачах гублялі свой залацісты бляск, цямнелі і адплывалі. А кібы… Кібы заварушыліся, у навушніках пачуўся трэск іх рацый. Кібы ажылі!

Не верачы вачам, Галай пазіраў на ўсё гэта, і агромністая радасць гарачай хваляй залівала яго з ног да галавы. Разумныя істоты, якія жылі недзе ў межах гэтай зоркавай сістэмы, даведаліся пра сустрэчу іх аўтаматаў з чалавекам і загадалі вярнуць энергію. Як гэта цудоўна!

Забыўшыся на кіба, што ляжаў на яго плячы, Галай пабег да цэнтра сувязі.


1964 г.

Загрузка...