Ганна Навасельцава


Аповед пра век Траянаў


(Міфалагічнае)



Смяяўся звонка. Неспатольна прагнуў выпіць сваім шаломам сіні свет. Ужо трымаў у руках глыбокі, бяздонны, закаваны ў жалезныя берагi. Узiраўся. Вагаўся. Баяўся выпусціць... Ці бачыў што? Быў жа такім прагным, якім можа рабіцца адно смяротны, гнаны нясцерпным жаданнем стаць самым... Шаноўным. Слаўным! I ўсё выпіць дарэшты, бы той цуда-юда. Я некалі бачыў яго. Лятавы. Праніклівы. Сквапны.

Мы стаялі за гэтым прагным утрох, нябачныя, неадступныя. I цешыўся моцна чарадзейны Баян і ўжо быў гатовы высока ўзнесці яго ў славе. Абыякава маўчаў вячысты Траян, за безліч стагоддзяў ці аднойчы бачыў важна-шаноўных, ці аднойчы сустракаў дапраўды слаўных, дык чаму ж дзівіцца... А я? Ніхто. Зусім не боскі, ані колькі не вечны. Чаму не схацеў бласлаўляць гэтага, з цяжкім шаломам? Ведаў жа, што і лёс ягоны будзе цяжкім...

Шкадаваў. А каго... Цябе, вялікі сінявокі Доне, ты ж брат родны майго Дняпра Славуціча, дарма, што плешчаш спеўна ў шаломе халодным. Сам халодны, сам неспатольны... Хоць няма такой смагі, якую б ты не здолеў наталіць. Хто ж гэта цягнецца да тваёй прыгажосці? Хто ж гэта пагражае тваёй велічы... Не змог бы за цябе дараваць нікому.

— Блаславі яго. Ён — смелы абаронца, — не так сказаў Баян, як папрасіў.

Абыякава змаўчаў Траян, не ўзрадаваўся новаму герою. А каму мог узрадавацца? Ахвоча паглядзеў бы на такога...

Не блаславіў, хоць і самому было смуткоўна. Смелы абаронца адно ў тваіх песнях. Не паверыў у гэтага смяротнага ды на цуду-юду падобнага!

— Хітры ж ты! — усміхнуўся мне ласкава, Баяне. — Але памятай, што ні хітраму, ні спрытнаму, ні чарадзею дасціпнаму...

— Волі нашай не мінуць! — цепнуў усёвідушчымі вачыма Траян. — Не зайздросці смяротнай славе! Не кліч задарма Карну, як рабіў некалі...

Я змаўчаў. Яшчэ пабарукаюся з вашай воляй. Яшчэ пагляджу на цябе, Ба­яне, які лёгка пабег па гонкім высозным ствале палахлівай рыжай вавёрачкай! Куды, то ж добра ведаю, але як абярнуўся... I лоўка, і таропка. Паважаю цябе, ведны ўнуча, хоць і слухаешся безадмоўна дзедавага слова.

Я ж слухацца не люблю. Мабыць, чуйна хвалююся, як гудамі-перагудамі азываюцца па-над светам твае вяшчунныя гуслі, шукаючы шчырага сэрца са­бе на спажыву. Чыё-небудзь, можа, і знойдуць, але не маё, не маё... Разум­ным стаў! Дзёрзкім...

За тое стаўся гэтакім, што не любіць дзёрзкіх Вялес. Хоць без такіх праніклівых, як я, ці множыў бы ён свае вялізныя зямныя багацці? А можа, падземныя... Ці пагадніліся б суладна тыя, хто да бойкі ахвочы, за меч лёгка хапаецца... «Маўчы!» — шыпіць мне раззлавана з-пад зямлі, дзе знікае глыбокая, як жыццё, сіняя вада. — «Не табе прасіць міру, не табе цягнуцца да згоды». Гэта праўда... I журліва, і скрушна, хоць умыйся салёнай слязой... Ды не сумуецца і не плачацца. За тое не плачацца, што многа болей за Вялеса не церпіць дзёрзкіх Пярун. Мяне ж не церпіць! Гняўлівы. Палымяны. Збройны... Улюбёны ў бітву!

Бітвы я не люблю. Як і зброі. Як і смерці...

— Грым-га-га! Грым-га-га! — азываецца з-пад неба пошчыкавы грамаўнічны голас, як цяжкі трапяткі дакор майго сумлення. — Не табе ўцякаць ад бітвы!

Гэта праўда. Як ёсць праўда... Але ўцяку! Збягу як-небудзь... Не зловіш. Не дагоніш. Свеціць мне ноч надзеяй на паратунак. Сузіраю зямлю прыжмураным вокам нізкага веташка, ці ўсё толькі бачу? Не, зусім не сузіраю. Бягу лясамі, бягу палеткамі, скачу лёгка праз плыткія рэкі, а самому здаецца, што вось-вось дацягнуся да прасіняга пашчай... I праглыну! Ці такі смачны, як прыгожы... Не! Навошта я думаю пра гэта?

Але ж думаю і не магу сам сябе судзіць. За іншых, мабыць, рашаць прасцей. Караць, не дараваць... Ці дараваць замнога, што нават самому прыкра... Не праглыну іскрысты, зманлівы, а то стануся ўраз магутным Дзівам. Не жадаю таго! Не шукаю сілы, а чаго прагну? Чаго баюся... Хоць, калі падумаць, то не сілы я баюся...

Шчыра баюся праўды.

— А памятаеш, воўча, як трымаў ты ў шаломе сіні Дняпро Славуціч?

Трымаў у палоне. Прагнуў выпіць. Прагнуў стацца слаўным...


Лагодны, спагадны, загадкавы, прачулы... Пра каго ж гэта так думаецца? Не ведаю! А пра сябе скажу без лішняй хвальбы, што быў такім чыстым, як сіняя бруістая глыб. Кожнай кропляй сваёй збіраў славу, якой звінець у вяках. Ад таго жадаў не ў шаломе збройным ціха плёхаць, а ўдацца сінню чалавечых вачэй... Сузіраць усю-ўсю зямлю! Прайсці чалавечай хадою. Дакрануцца чалавечай рукою. Хоць як можна было патрапіць у цёплыя чалавечыя вочы?

Відаць, можна было. Якраз нахіліўся да мяне адзін, чарамі спавіны... Загледзеўся на сябе самога. Не, гэта я сам нахіліўся да спатольнай вады, здзівіўся сваёй прыгажосці. Узрадаваўся. Захваляваўся. I стаў размаўляць і з высокім небам, і з цёмнай зямлёю, і з ясным сонцам...

Яно, ласкавае, мілае, чалавечым голасам мне тады сказала:

— А перабяжы мне шлях! Разаб'еш чужую халодную славу, а моцна збярэш сваю, легендавую, звонкую. Усю сваю славу... Век твой будзе вялікім. I доўгім-доўгім!

Бліснула спакушальна ясным промнем... Пра што яшчэ марыць, як здарыцца заступіць самому трысветламу! Як само найяскравае цябе з лёгкім паклонам вітае... Памятае гэтыя словы гуллівая дзвінская вада, дачулася і строгая, дняпроўская... А пасля ўведалі і малыя, і вялікія рэкі, як перабягаў шлях... Памыляўся, вагаўся, баяўся... Смяяўся з мяне ты, Дняпро Славуціч, уладар усіх светлых імклівых рэк, казаў, што не быць мне вялікім князем. Дарэмна раздаю гарады! Што чары вялікія сабраў, а волі чалавечай у іх не знайшоў. Не здабыў...

Дарэмна смяяўся з мяне. Здабыў чалавечую волю. I тады, Дняпро Славуціч, ты патрапіў у мой шалом... А можа, гэта прыснілася мне... I зблытаўся мой доўгі сон з чароўнай явай.

Проста перакуліўся ў хамут, як у вір з галавою. Навошта? А чаго не зробіш, здабываючы волю... На волю праз хамут! Воля... Чары... Надзея. Лапы з таго хуткія, воўчыя, вочы іскрыста-агнёвыя, а сэрца... Сэрца чалавечае. Праз цемру бягу, людзей не сустракаю, скарбаў не чакаю, на здані зусім не зважаю. Імхі дрыгвяністыя пад нагамі, мяккія, нават пяшчотныя. Веташок. Масток. Звонкі дубовы лісток, які так адчайна трымцеў, каб мне вяшчунна прамовіць... Валунок. Пясок-пясочак... Не пачуў яго, хрумсткага, пад нагамі. Не, пад лапамі. У мяне ж воўчыя лапы...

I ты, Жэля, якая даўно спадзявалася на сустрэчу па гэты бок хамута...

— А ты ж мой чаканы! А ты ж мой жаданы! — прывітала мяне, усміхнуўшыся чырвонымі заплаканымі вачыма. — Ідзі да мяне! Iдзi...

Ураз супыніўся, адчуўшы, як пляжыць цябе невыносны жаль. Як моцна хочацца табе спачування і спагады... Як глуха і адчайна стукае маё сэрца. Не пайшоў. Ты паплыла да мяне нячуткай хадою. I спалохаўся тады, што атуліш мяне слязьмі, што дарэшты забярэш усю радасць... Адхінуўся, схамянуўся. Спытаў, чаго ж хочаш...

— А пусці мяне ў людскі свет, — папрасіла ласкава ды абяцала. — Я ворагаў тваіх дакрануся, а сяброў ані зачаплю... Цябе, слабога і смяротнага, зраблю слаўным!

— Не пушчу, Жэля! Занадта ты жалобная... Увесь свет слязьмі зальеш! Ды не сваімі, а чалавечымі...

— А чым жа дрэнныя салёныя чалавечыя слёзы? — запытала, уздыхнуўшы чакальна. — Як плача нехта, то не падманвае, не здраднічае... Шчырым робіцца, хоць ты з яго дзівіся!

— А я з такога дзівіцца не буду! — прамовіў ёй цвёрда.

Пачула мой адказ і засмяялася глуха, надрыўна. Як быццам заплакала. Не, усё ж засмяялася, а з нечага так шкадобна стала... Цёмна, няветла.

— Ды што я ў цябе прашуся. Хоць і зыркі, хоць і палымяны, але ж смяротны... Сама ў людскі свет патраплю! Смяротнага лёгка змагу!

I пацягнулася да мяне жалезнымі кіпцюрамі... Гэта не дзіва, як у цябе такія чорныя, бліскучыя, доўгія... Ведама, жальба пакідае глыбокія драпіны, як ні круціся. Дык што паробіш? Кінуўся бегчы з усіх ваўчыных ног, а ты, Жэля, за мною лёгкай лебядзінай хадою плывеш, а ні на крок не адстаеш! Адно дзе ступіш, там жоўты пясочак пляжыцца на цёмнае балота... Зусім змакае ад слёз.


Ці многа, ці мала бег, а сталі ценька дрыжэць моцныя лапы. А Жэля ўжо ні глядзіць нават, адно чакае ганарыста, калі зусім супынюся. Не здолею вечна бегчы, а ёй спяшацца няма куды. Няма смуткоўнай скону, бо няма стомы... Не выпусціць мяне з хамута!

Цяжкага, прыкрага, бо сам на сябе ўздзеў... Але чамусьці думаецца зусім не пра тое. Успамінаюцца мне сінія вочы Дняпра Славуціча. Мроіцца, што ён, слава-слаўны, скруціў бы той хамут у хамут... I здаецца, быццам ведаю, што гэта я сам учыню такое.

Узгадаў празрыстую радасць, якая сэрца цешыць прачулай песняй. Спадзявальнай, чалавечай. I як зыкамі вясёлымі плёхаюць хвалі, самі за гуслямі звонкімі гоняцца. А гуслі-перагуды... Не, гэта гусляр праніклівы самую шчырую радасць сабраў як быццам з усяго свету... Ад таго я зрабіўся ў сем разоў за сябе дужэйшым! Чаўны ды ладдзі незлічоныя цягну, яктыя бязважкія лісцінкі, берагі высокія выгінаю, а і зусім не зважаю, як з рэхам ламлю зімовыя крыгі. Прасторамі разбягаюся, мінаю вёскі, мінаю вёрсты! Збіраю зімы, збіраю ле­ты... Хлопчыка малога за руку трымаю, а ён ужо такі дарослы! Панёс маю сінечу ў сваім сэрцы... Да мора далёкага. Да спраў слаўных!

— Гэй ты, Жэля жалобная! Пойдзем са мною ў свет вялікі. Смяяцца навучу, радавацца самой ды іншых радаваць! Забудзешся на чырвоныя слё­зы...

I адказала Жэля жалобная, чорная, адказала некаму, але ж не вясёламу мне:

— Не пайду з табой нікуды, а яшчэ пакараю цябе, Дняпро Славуціч!


Ох і скача вавёрачка яснай іскрынкаю, рухавай, вясёлаю! Арэхі ў лапцы спрытна трымае, а старанна хавае. Дзе і што цікавага ёсць — вы глядае... То ўверх па гонкім ствале пабяжыць, то ўніз заспяшаецца, як быццам нізавошта не хоча спазніцца. Вочкамі цепае, а хвосцікам гладзіць калючыя галінкі. I не балюча ёй!

— Цок-цок-цок! Калючых галінак не баюся! А да цябе зусім не гарнуся!

— А чаму гэта да мяне зусім не горнешся?

— А за тое, як ледзьве свет не спляжыў, волю сабе здабываючы! Ледзьве мяне ж не пазбавіў радасці з гэта свету цешыцца! Навошта ты зусім такі?

— Ох і шкодная! Не прабачыш, не падаруеш!

— А за што дараваць злыдню, якому чараў простых замала?

I адкуль уведала толькі... Як вынес Дняпро Славуціч мяне з таго свету, што за хамутом быў схаваны, дык сонцу я пакланіўся, ягонай спагады прасіў. Пасмяялася з мяне ласкавае, мілае. Абяцаннямі болей не спакушала, а славу няпростую прадказала. Маўляў, няўжо думаю стацца слаўным толькі з таго, што перабягу шлях яму, тройчы светламу... Але ж мае вялікія сляды на зямлі бачыць. А ці спытала, навошта мне няпростая слава? Ужо спатоліўся ёй! Сказаў тады шчыра, што не жадаю і простай...

Не пакрыўдзілася на мяне сонейка. Не агонь Перуновы з таго да мяне прыляцеў. Дзівам нябачаным з'явіўся цуда-юда з далёкай зямлі... Паклікаў мяне да бойкі.

Выклікаў мяне цуда-юда на бойку. Так няпростую славу знайшоў, відаць, сонцава слова паслухаўся. Дык ці дзіва, як шукаю і чараў няпростых, каб Дзіву таму пытлю ўваліць. А ты на мяне цокаеш злосна... А сама дурэць ахвочая!

— Цок-цок-цок! Толькі паспрабуй паквапіцца на мае арэхі! Я ж табе!

— А што? У тых арэшках залатых чары вялікія схаваліся?

— А можа, і схаваліся... Адкуль табе гэта дазнацца?

Няма адкуль гэта дазнацца, твая праўда. Як спустошаны па свеце хаджу, нідзе не спыняюся, ні ад каго спагады не чакаю. Не-не — і прымроіцца за плячыма жалобная з лебядзінай хадою. Не сляды пакідае, а слёзы. Я пакідаю толькі сляды...

Гарады. Гарады. А што апроч іх? З таго і зайздрошчу табе, вясёлая, што радасць залатую сабрала. На славу не паквапілася. Волі не страціла. Скачаш лясамі, бяжыш як быццам хутчэй за чалавечую думку...

— Хі-хі! Цок-цок! Хіба ж можна бегчы хутчэй за чалавечую думку?!

Калі думка — гэта ж ты, мабыць, можна... Не зачаплю твае залатыя арэхі! Падкажы адно, як цуду-юду таго адолець. Як жалобную прэч ад сябе прагнаць... Ты ж ведаеш усё!

— Эх! Каб усё ведала, то сонцам па-над светам хадзіла б!

— Не пасылай мяне да сонца. Пасварыўся моцна з ім...

— А ты не пытайся ў мяне замнога! Бач, сквапны які! То хоча ён славы, то не хоча... Але ўсяго табе мала.

— Болей за ўсё шкадую, як захацеў стацца слаўным, але ж не ведным. Не абазнаным. Дык падкажы, што мне рабіці?

— А што ж тут падказваць, — вавёрачка жвава заварушыла хвосцікам. — Цуда-юда той нябесным гневам створаны. Ацішыш палкі, агнёвы — і ён сам знікне, быццам не было зусім...

— Адно здагадацца трэба, як агнёвы ды вадою заліць...

Паглядзела на мяне рыжая шчыра, пранікліва, штосьці павучальнае зацо­кала. I скок-паскок з галіны на галіну, з яліны на яліну пакуль з вачэй не знікла. З каго мне цяпер цешыцца?

I застаўся з нябесным гневам, як быццам спаткаўся са сваім...


Вакол мяне былі непраглядныя хмары. Мглістыя. Цёмныя, клублістыя. I чамусьці здавалася, што зусім жывыя. Ляцець праз іх — не даляцець. Не дапасці да зямлі, куды так прагнуў патрапіць. Навошта мне туды? Няма чаго, але ж лячу не сваёй воляй. Я і сам не свой. Народжаны чужым гневам і з таго магу адчуваць толькі гнеў. Дыхаю полымем, а крыламі ганю спляжаны ўшчэнт попел.

Я спапяляю ўсё, чаго толькі дакранаюся. Мабыць, і хацеў бы чыніць па-іншаму, але ж не магу. Гнеў не можа быць літасцівым... Адкуль ведаю пра літасць, як сам ніколі не бачыў яе? А здагадаўся, як і пра зямлю, што схавалася ад мяне ў непраглядным покрыве хмар... Мабыць, спадзяецца: іх малыя дажджынкі зальюць маё гнеўнае вогнішча. Дарэмна спадзяецца. Я не баюся вады, хоць сам даўно стаўся чыстым агнём. I з таго чую біццё самага гарачага сэрца. Зыркага. Паляманага. Моцнага.

Забяру яго! Навошта такое сэрца смяротнаму? З гэтым сэрцам стануся роўным майму неміласэрнаму стваральніку, які б'е перунамі зямлю, грозіцца і жадае вечнай бойкі. Вызвалюся з ягонай палоннай волі, сам стану грукацець страхатліва, скаланаючы празрыстыя нябёсы. Забяру іх сабе, хоць яны і ў сем столак. Забяру сабе зямлю, якая ў неба чуйна ўглядаецца. Забяру адно смяротнае сэрца...

— Дзе ты схаваўся, малы ды слабы?! Выходзь са мною біцца!

Не чую смелага адказу. Зноў выгукваю, і зноў агартае мяне ціша, аж хочацца спытаць: «Дзе ж я падзеўся, дзе...».

Маўчаць нябёсы, не адгукаецца далёкая зямля. Чаму? Адкуль ведаю, што зусім не спалохаўся мяне... I чаму здаецца, што быццам не валодаю сабою. Лячу ды хмараў крыллем не магу разагнаць, хоць прагну таго аж занадта. Што здарылася са мною...

Ціха праблісквае сярод хмар азёрнае люстэрка, нават здагадацца цяжка, ці на неба яно ўзнялося, ці засталося на зямлі. У глыбокім азёрным воку адбіваецца высокае... Не, патанае, знікае сінеча ў сінечы, аж губляюся зусім.

Не лячу, а падаю. Знікаю ў халоднай вадзе, як у бяскрайнім небе, што некуды перакулілася. Патанаю ў бездані. I сустракаю цябе, Пяруне. Аж скаланаюся дрыготка ад твайго бязлітаснага гневу...

— Не гнявіся, — гаворыш мірна ды спагадна, — а лепей у люстэрка маё азёрнае паглядзіся, жорсткае братава стварэнне. Мабыць, убачыш сваё страхаццё.

— Братава? Страхаццё? — цяжка мне ўсё ўцяміць адразу.

— А што ж... Хоць і змагаюся з перуністым нямала, але ж братам яго заву. Брат мой і ёсць. Чаго ж дзівіцца?

— А страхаццём завошта назваў мяне?

— Кім жа яшчэ цябе назваць... Перуну стаў роўным, хоць і народжаны ягоным гневам. Нялюдскі...

— А ты — Вялес, — здагадаўся чуйна, хоць іначай і нельга ўжо было. — Ад­куль ведаеш, што стаў роўным твайму нялюбаму брату? Сам такога пра сябе не ведаю...

— Чалавечае сэрца забраў, як смяротнага на бойку выклікаў. Не адчуваеш хіба, як б'ецца моцнае чалавечае сэрца?

— Б'ецца? Чаму ж не адчуваю літасці і спагады...

— Чаму ж, народжаны нябесным гневам, ты пра літасць здагадаўся? I чаго так моцна хацеў... Назаўжды стацца спагадным?

I тады, Вялес, ты сказаў, што я забраў сабе не самае спагаднае сэрца...

Адкуль у цябе такая сіла, пявучы Баяне, што кажаш вяшчуннае слова? Ма­быць, ад твайго боскага дзеда, які навылёт ведае чарадзейныя таямніцы... I ты іх уведаў. Але ж і заплакаў ад таго празрыстай слязою! Шчымлівай, чыстай, якая каменем б'е самае халоднае сэрца. Пляжыць яго ўшчэнт, аж не дзівіся...

Падыходжу да цябе, хоць ты і нябачным хацеў удацца, схавацца, ані казацца, ды пытаюся проста:

— А скажы мне, абазнаны, пра чыю ж гэта страту ты цяпер плачаш? За каго пускаеш крыштальную слязу?

I мовіў прачула Баян, што плача за бітву ратную, якой скоранька быці. Пускае слязу крыштальную, бо Карны моцна баіцца. А яна ўжо нячутка зямлёю ідзе, сабе час найлепшы выбірае, а нейкіх позіркам праніклівым выхоплівае... Дык шлях іхні скончыцца хутка. А ты, вяшчунны, не хочаш быці сярод такіх!

— А якая ж яна, Карна? — спытаў цябе задуменна.

— Гэткая, як і Жэля, — адказаў мне хутка. — Хіба забыўся, як уцякаў?

Памятаю тое, цьмяна, няпэўна, але ж не прызнаюся, не... На цябе, вяшчун­ны, гляджу з пагардай. Кволы. Палахлівы. Зусім унучак... Кажаш мне, што не можа твой дзед утрымаць згоды, што ўцякае ад нас залатавалосая Жыва-Жывена. Бяжыць далёка, ані дагнаць...

— Бяжы за ёю. Яна — самая лепшая, — не так кажаш, як просіш, Баяне. — Няхай панясе цябе Дняпро Славуціч...

— Не хачу, каб нёс мяне Дняпро, — адказаў табе пыхліва.

I чамусьці зрабілася смуткоўна. Чаго... З таго, як уцякае ад нас жыццёвая сіла? Ці што верыш у мяне моцна? Спадзяешся зусім па-чалавечы. Думаеш пра маю смеласць, якою гатовы ўзнесці ў славе. А ў цябе вялікае сэрца... А ці варты я тваёй песні...

— Вярні Жывену, дык будзеш вартым усіх песень зямных! — гаворыш мне проста, як быццам чую самога сябе.

— Якая ж яна, Жывена? — спытаў цябе задуменна.

— Дагані... Вярні... Просіць цябе свет! Дык і цуд прыгажосці пабачыш, — зноў мовіш проста.

— А я думаў, скажаш: гэтакая, як і Жэля.

— Жэля да нас паціху сунецца. Ідзе следам за Карнай... Жывена ад нас бяжыць! Як сілы ўцякае!

Ці назаўжды ўцячэ толькі... Ступіць на палетак — зацвіце той кветкамі-краскамі, адкрыецца вясёлкавай усмешкай. Увойдзе ў лес — дыхне той жывіцай-водарам, скаланецца чуйна, як быццам родных атуліць жадаючы, ды спаўецца таямнічым туманам. А як дакранецца смяротнага... Ты не кранаешся смяротных, Жывена, не выходзіш ім насустрач, беражэш слабых, ведаючы сваю сілу...

Сказала шчыра мне, што не хочаш дужацца з сястрою. Бяжыш і баішся.

— Дык пра чыю страту горка плачаш? За каго пускаеш крыштальную сля­зу? — як быццам не сваім голасам пытаюся.

— За цябе, які насмеліўся падужацца з Карнай... Цяжкі твой лёс!

— Паверыць у свет няпроста! — кажа мне рыжая, увішная ды яшчэ хвастом спрытна круціць. Арэшак грызе, пыскай вусатай варушыць. — А свет няхутка, зусім няхутка паверыць табе! Не захоча блаславіць! Кожны смелы абаронца трошкі падобны да цуды-юды...

За вушкі цябе ды ў мех, разумніцу такую. Вось зараз так і ўчыню! Праўда, клопаты важкія маючы, мех захапіць забыўся. Ды нічога, за вушкі ды пад світку. I не зіркай калючым-калючым позіркам, маленькая і здагадлівая...

— Цок-цок-цок! — сварышся на мяне. — Не хачу да няўдзячнага такога пад світку! Хто цябе навучыў, як ад цуды-юды пазбавіцца найлепей? Хто гэта быў?!

Пазбавіцца... Выйсці на бойку няроўную. Цмоку ж няма чаго баяцца смя­ротнага... Дык няхай цуда-юда забірае ягонае сэрца, калі так прагнуў! Сваіх пачуццяў не маючы, будзе моцна запалонены чалавечымі. А я тады спытаў:

— Навошта цмока шукае чалавечага сэрца?

— Не думай пра тое! — працокала сярдзіта. — Твайго сэрца надоўга не забярэ!

— Адкуль ведаеш тое?

— А ведаю, што баіцца цмока аднаго позірку Жывы-Жывены...

Адно трэба яе адзіны позірк спаткаць... Жадаць таго моцна-моцна, каб памятала пра гэта нават цмокава сэрца. Побач з Жывай хоць як аказацца — і зноў стацца сабою! Тады зноў стануся сабою, як ацішу палкі нябесны гнеў, якім створаны цуда-юда. Адно ва ўсё гэта трэба паверыць... Вось цяпер і па­верыць!

— Цок-цок, — скачаш з галіны на галіну. — Свет за гэта паверыць у цябе. А ты ж — смелы абаронца! Што з таго, як да цуды-юды трошкі падобны...

Што з таго! Хапаю за вушкі ўвішную разумніцу.

— А ведаеш, што цмока робіць з хітрымі вавёрыцамі?

— Песціць? — упэўнена зіркаеш чорнымі вачанятамі.

— Не!

— Песціць і цешыцца? — задаволена круціш хвосцікам.

— Не!

— Арэхі падносіць? — удала шчырае здзіўленне.

— Не! Знаходзіць цябе ў любым абліччы, Жыва-Жывена. I скажы мне яшчэ раз, што не хочаш дужацца з сястрою...

Не сказала таго. Не спалохалася мяне. Адно спытала, як жа, цмока злы ды пракляты, я здагадаўся... Няўжо Баян мне падказаў...

— А Баян так за цябе сумаваў! Як не за тую далёкую Жывену, што зямлю ўсю жывіць, як за блізкую ды родную, дзеля якой — усе песні...

— Не дарую яму!

— Мне падаруй зноў стацца сабою! Вярні маё чалавечае сэрца, як абяцала. Не хачу быці праклятым! Паглядзі на мяне — і пабачыш, як не надта і злы...

— Не вярну табе нічога, а яшчэ пакараю!

Цок... Пакараеш! За што? За якую віну змусіш біцца з Карнай супраць маёй волі! Пачуй мяне, Вялесе, прашу ў цябе міру, усёй сваёю цмокавай душой цягнуся да згоды! Не жадаю біцца... Я гневам нябесным створаны, але ж сам не гнеўны. Да славы ані прагны... Ані Жывене, ані Жэлі, ані Карне слугаваць не буду. I няхай паверыць у мяне свет...

— Свет няхутка паверыць табе! Не захоча блаславіць! — далятае з-пад зямлі Вялесаў голас. — I не кліч мяне болей, братава страхаццё!


— Разам пройдзем праз агонь! Праз самую жорсткую сечу, у якой — пераможам! Ты дарэмна не хочаш біцца, — глядзіш ласкава, Пяруне, кажаш, як роўнаму, а ў вачах тваіх палымнеюць яскаркі пагарды. — I ты дарэмна просіш спагады ў майго брата...

Пра твайго брата ўжо зразумеў. I не трэба мне казаць, чаму родны не жадае міру з табою, хоць і гняўлівым, але ж справядлівым. Нябесным. Светлым. А ты ж сам да бойкі з гэтым падземным, цёмным зусім не горнешся, не... Адно брату з лепшых пачуццяў даказваеш, хто з вас галоўны... Дык што паробіш, як нялёгка скарыць такога ўпартага. I зноў клічаш за сабою ў бойку.

— Што ж гэта за цмока такі, які баіцца сечы? — як быццам і не мяне дакараеш, а ў неба проста пытаешся.

Маўчыць табе высокае, сіняе. А я ж баюся... Цуда-юда не ведаў сполаху, як меч ніколі не баяўся крыві. А смяротны, чыё сэрца цяпер б'ецца гучна, з прыстукам, лёгка выйшаў насустрач... Ніводзін не палахлівы, а чаму ж цяпер баюся?

Баюся Дняпра Славуціча! Чую спеўны плёскат ягоны:

— Хлопча мой мілы, што ж ты нарабіў! Спляжыў сваё жыццё, спапяліў сваю славу! Успомні, як прагнуў вады маёй выпіць, згадай, як марыў стацца слаўным... Што ж цяпер з табою... Волі сваёй не маеш! Літасці ў сэрцы не маеш! Стаўся нябесным гневам, які крыламі гоніць попел! Да сечы агнёвай ляціш, і не спыніць ужо цябе... Не пайшоў са мною ў вялікі свет, каб радавацца самому ды радаваць іншых!

А на яве грукоча нехта перуністымі сполахамі:

— Цмока паганы, няварты, які анічога зрабіць не можа! Нават смяротнае сэрца праглынуць як след! Жыва слабая з цябе як хоча, так і здзекуецца! На­ват брат мой ціхі табою пагарджае... Навошта зусім такі?

А з плёскатам зноў далятае:

— Гайдаў бы твой лёгкі човен, мілы ды плыткі. Нёс бы яго за сінія далечы, за прыгожыя краявіды! Ты ці зведаў дзівосы тыя? Ты ці бачыў нечуваныя цуды, што за маёй вадою? А ты б нёс маю песню ў сэрцы сваім... Так разам і доўжылі б жыццё, бераглі яго чуйна... Ты ж пакінуў мяне ў адзіноце. Ты ж пакінуў мяне ў смутку, быццам абяцанак даўні на радасць помслівай Жэлі спраўдзіў...

З'ядаюць ціхі плёскат словы перуністыя, прагна скачуць маланкамі:

— Ды каму ты патрэбны? Хадзіў па свеце ды Жэлі баяўся, юда страхатлівы. Нейкія гарады парабіў, а каму і навошта? Згараць яны ў полымі нібы лучынкі! З чым застанешся? Прагна волі шукаў! Дык будзе табе воля! Будзе воля мая раз і назаўжды! А іншага ты няварты!

Не чапай волі маёй, перуністы ды ганарысты. Не цябе я слухаю! Не да цябе іду... А да хваль высокіх, сініх, што клічуць мяне ласкава. Просяць шчыра прыняць ды ім слугаваць. Буду слугаваць! Буду несці вашу песню ў сваім сэрцы... Моцна жадаю пабачыць нечуваныя цуды за тваёй вадою, Дняпро Славуціч!

— I чаго ты Дняпра Славуціча роднага так баяўся? — пытаецца ў мяне грымотны голас.

Маўчу табе. Цмокі не ведаюць страху, а і смяротны той смелы-смелы... Ці да скону толькі?

— Ці да скону свайго ты застанешся смелым? — пытаюцца ў мяне сінія хвалі грымотным голасам, як быццам ты, перуністы, пытаешся. — Няма цмоку скону...

Маўчу вам. Пра скон зусім не думаю. А мрояй светлай лячу да волі, да песні, да цуду. Да сіняй вады. Да цябе, мой родны Дняпро Славуціч!

Да хваль тваіх спеўных спяшаюся спорай хадою. Трывожуся. Спадзяюся... Ухаладзелыя аж занадта, ды патрываю тое я, цмока, злы цуда-юда... Можа, не зусім яшчэ пракляты. Залі, залі мой агонь, чарадзейная дняпроўская вада!

Кажаш ціха нешта даўно чутае ды рознымі галасамі:

— Чалавечае сэрца забраў, як смяротнага на бойку выклікаў. Не адчуваеш хіба, як б'ецца моцнае чалавечае сэрца?

— Цуда-юда той нябесным гневам створаны. Ацішыш палкі, агнёвы — і ён сам знікне, быццам не было зусім...

— Адно здагадацца трэба, як агнёвы ды вадою заліць...

— Пра чыю ж гэта страту ты цяпер плачаш? За каго пускаеш крыштальную слязу?

— За цябе, які насмеліўся падужацца з Карнай... Цяжкі твой лёс!

Моцна спалохаўшыся, клічу, клічу цябе, Дняпро Славуціч! Адгукаецца мне ласкава сіняя вада... Зусім не сіняя. Балючая... Злая...

Абдымаеш мяне, Пяруне. I як жа гэта патрапіў да цябе...

— Хлопча мой мілы, што ж ты нарабіў! Не жадаеш агню... Не горнешся да сечы... Спляжыў сваё жыццё, спапяліў сваю славу! Нават стацца нябесным гневам не здолеў! Ад мяне што сілы ўцякаеш!

— А як жа гэта патрапіў да цябе?

Маўчыць мне Пярун. Доўга маўчыць...

— Дык ці патрэбны ты, страхатлівы? Няварты! Пагарджаны! Заліся вадою зусім! Навошта свету такі...


А ты, мудры Траяне, з вяшчунным Баянам побач стаіш! Зусім не чарадзейны, такі просты... I мяне клічаш! Просіш стаць побач з вамі трэцім. Не хачу да вас... Не час мне яшчэ ўпрочкі пайсці... Яшчэ па зямлі не набе гаўся. Няхай сабе і ў воўчым абліччы!

Поўсць ад снегу белага атрасаючы, поўсць ад улеўных дажджоў ратуючы, пушчы цёмныя мінаючы, сляды глыбокія пакідаючы, з моцы ўсёй вам крычу, каб заставаліся самі сабою. Адны, без мяне!

— Ідзі да нас! Хітры, увішны, спрытны...

— А мне і самому добра!

Чаму ж не... Сонейка яснае мяне шчыра клікала, радасць светлую абяцала. Што з тае радасці? Не адгукнуўся яму... А сонейка абяцала мне цэлы век, слаўны, доўгі-доўгі! Клікала мяне прачула і ты, Жыва-жывіца, самая моцная сястрыца, бо што ж мацней за жыццё? Сястру тваю, Карну, як быццам зусім прагнаў. Няхай ведае злых цмокаў... А ты, Жывена, абяцала мне цэлы век! Пражыць цэлае жыццё з табою! Пражыць цэлае жыццё з сонцам!

— Пражыві цэлы век са мною! — гэта Траян гукае абяцальна.

— Цэлы век буду славіць цябе! — гэта Баян голас падае.

Цэлы век слухаць песню тваю — гэта доўга... Вушы мае чуйныя, ваўчыныя моцна стомяцца. Ды, можа, як абыдуся і без таго. Што яшчэ трэба, калі свеціць мне ноч ясным сонейкам... Сузіраю зямлю прыжмураным вокам нізкага веташка. Бягу лясамі, бягу палеткамі, скачу лёгка праз плыткія рэкі. Не так сабе хутка бягу! Ганю прэч цябе, худая аж кашчавая, жаласная, вечна слязьмі залітая... Выю радасна, гучна, вітальна. А ты ж як дужая ўцякаеш ад мяне!

Заганю цябе ў хамут! Заганю, каб маёй злой радасці моцна баялася...

— Ты злы?! — пытаецца ў мяне Жывена тваім голасам, Траяне. — Навош­та зрабіўся злым?

Я воўчы. Зрабіўся такім, як падманула мяне яснае сонейка. Зрабіўся такім, як пакінуў мяне Дняпро Славуціч. I нават Пярун аблічча сваё гняўлівае ад мя­не адвярнуў...

— А хіба лёгка тым, хто шлях мне перабягае? — сонцавым голасам прамаўляеш мне, Траяне.

Чаго гнявіцца... Чаго мне гнявіцца, калі стаў воўчым з волі сваёй. Дзіва сапраўднае ўчыніў! А як жа... Вушы воўчыя, што і дзе на свеце белым робіцца, чуйна слухаюць. Вочы воўчыя, што і дзе на свеце белым робіцца, сузіраюць пранікліва. Сэрца чалавечае... Сэрца чалавечае без літасці і спагады... Што мне лясы. Што мне палеткі. Што мне плыткія рэкі! Галаву ваўчыную ўгару — і носам цікаўна сіненькі веташок кратаю! I праглыну! Ці такі смачны, як прыгожы...

— Не еш мяне, воўча! — просіцца веташок. — Я тваім вокам пільным стануся! Буду на зямлю пазіраць, а ты будзеш усё тое бачыць!

— А праглыні веташок! — радзіш мне, Траяне. — Хітры, увішны, станься магутным Дзівам ды будзь з намі трэцім!

— Дзіва зрабі! — адгукаешся і ты, Баяне. — Паглядзімо, спрытны, ці зусім у цябе няма чалавечага сэрца...Чалавечае сэрца? Было некалі... Аддаў яго Славуцічу, самаму лепшаму, самаму плыткаму, ды не зраўняўся з ім.

— Аддаў сваё сэрца цмоку! Бачым, што не сквапны...

Не хачу быці цмокам! Чуеце, не хачу! Не прасіце мяне стаць побач з вамі трэцім. Не змушайце мяне сваёй воляй...

— Не хочаш цмокам — не будзь! — лёгка кажаце згоду. — А Дзівам будзь! Несмяротным зробішся! Ці ж мала сем вякоў пражыць?

I яшчэ абяцаеце падараваць мне чары. Не будзе тады роўнага мне... А недаверліва пытаюся ў вас, за што ж звалілася багацце такое...

— За тое, што Жэлю адолеў! За тое, што Карну прагнаў!

Мабыць, зрабіўся Дзівам. I прыйшлі да мяне чары, і азірнуўся на мяне свет. I тады я ўспомніў пра Карну... Змагаўся з ёю. А ці прагнаў?

Не буду вас дзівіці. Нельга Карну прагнаць. Нельга перамагчы...


— Па-добраму пойдзем са мною! — усміхаецца мне дзяўчына, сінявокая, чарнабровая. Прыгожая. На Жыву падобная. На сваю родную сястру.

— Ты ж людзям суд судзіў, князям гарады дзяліў. I дапаможаш мне, і падкажаш!

Як прачынаецца мая чалавечая памяць. Хочацца сказаць, што каб суд які судзіць, трэба мець літасць у сэрцы. Ты ж, волі сваёй не хаваючы, збіраешся не дараваць, а толькі караць... Дык якім жа будзе твой суд... Але ж успамінаю, што і сам часам судзіў зусім не літасціва. Цяпер жа і сэрца сваё чалавечае згубіў, якое спачуваць магло, свет радаваць, дабрыню казаць.

— А пайду з табою! Смяяцца навучу, радавацца самой ды іншых радаваць! Забудзешся на сваю жорсткую прагу да кары...

I адказала прыгожая, гордая, адказала некаму, але ж не справядліваму мне:

— Вітаю цябе шчыра, Дняпро Славуціч! Як ведала, што будзе з табою цікава.

Мой Дняпро Славуціч... Калі і дзе ты сустракаў Карну? Як змагаўся з ёй? Мабыць, перамог. Каб жа ўведаць, што ёй цікава... А тая на мяне шчырым позіркам глядзіць, намеру свайго не хавае:

— Цікава мне бітва ратная, якой скоранька быці. Нячутка зямлёю іду, сабе найлепшы час выбіраю, а нейкіх позіркам праніклівым выхопліваю! Вось цябе выхапіла.

— Падманулася, прыгожая. Мой шлях яшчэ здоўжыцца. Так мне сонейка абяцала.

— Значыць, з табою доўга будзе цікава... Дык падкажы, літасцівы. Сышліся ў бойцы два браты. Родныя. Ганарыстыя. I кожны другім пагарджае, і кожны сабе перамогі просіць. Крыўдаў даўніх, дарэмных, не прабачае. Каму ж мне паспрыяць?

— А нікому! Змусіць замірыцца Перуна і Вялеса.

— Тады сястра мая Жыва мяне ўпрочкі прагоніць!

— Не жадаеш таго?

— Не пытайся пра такое. Каму ж гэта не хочацца па зямлі як болей пахадзіць...

Сляды за сабой пакідаць, з якіх жальба вялікая паўстае. Па-добраму з та­бою пайду. Буду радзіць. Буду нагадваць табе пра літасць. Хачу, каб забылася на сваю жорсткую прагу да кары.

— Карна, а калі Славуціч перамог цябе?

Засмяялася грамаўнічным роскатам, якой разгараецца самая лютая сеча:

— А хто ж гэта спадзяецца, што Славуціч хоць калі-небудзь мяне пераможа?


А ці доўга, а ці мала ішлі, ды зразумеў я, што тры сястры свет у руках трымаюць, яму дыхнуць без волі сваёй не дазваляюць. Першай Жыва неадступная ідзе. Дзе яна, старэйшая, пройдзе, там жыццё родзіць. Свет пачынаецца, трымціць трапяткім спадзяваннем на шчасце. Упарціцца, нягодзе не скараецца, змагаецца... Пакуль ты, малодшая сястра, не прыйдзеш. Гожая, ад таго яшчэ болей жорсткая. Да бітвы ратнай хуткая...

— Славуціч, — настойліва клічаш мяне чужым імем. — А якая яна, жорсткасць?

Вось чаго табе цікава са мною. Але як паказаць жорсткасць, калі ж ты ніколі не бачыла дабрыні? Не ведаю. Дык прымі просты адказ:

— Гэта кожны твой след... Як ёсць. Не дзівіся.

— Кожны след... Гэта нават сумна. А хто мне радасць абяцаў? — усміхаешся аднымі вуснамі.

А трэцяя вашая сястра, наймалодшая, у твае сляды трапна ступае. Ідзе-брыдзе, кіпцюрамі вострымі пабліскваючы. Як знаёмы з ёю добра, дык і сустракаць болей не хачу. Ды і з табою, Карна, ісці ўжо трошкі стаміўся...

— Слабы. А смяяцца навучыць, радавацца самой ды радаваць іншых?

Зноў усміхаешся вуснамі, а вочы халодныя.

— Абяцанні свае не праўдзіш. Глядзі, Славуціч, хоць я і жорсткая, але ж вясёлая. Сама смяяцца ўмею. А ўжо іншых радаваць... Глядзі на радасць маю, на прыгажосць маю!

Гляджу. Бачу пакатыя доўгія берагі. Такімі б лёгка бегчы разам з Дняпром Славуцічам...

— Глядзі, сінявокі. Сіняводны. Ці добра ўквеціла наш з табою шлях? Гайдай човен, мілы ды плыткі! Нясі песню ў сэрцы сваім!

А ўквечаны тыя берагі...

— Чаго ж мяне Славуцічам завеш? Ведаеш жа праўду... Не Дняпро я!

Уквечаны пака тыя берагі. Засеяны доўгія берагі...

— Плыві, плыві далёка, Славуціч! Радуйся сам ды радуй іншых!

А засеяны тыя берагі...

— Калі ты гэта зрабіла... Як паспела? Я ж поруч з табою ішоў... На цябе глядзеў!

— На мяне глядзеў. Поруч са мною ішоў нібы роўны... За тое праўду скажу табе: гэта не я зрабіла. Гэта ж ты! Як са мною ісці па-добраму пагадзіўся...

А засеяны тыя пакатыя берагі...

— Што зноўку не пытаешся, чаму Славуцічам цябе называю? Глядзіш, маўчыш. Сам разумееш, што вечнай быці славе тваёй! Аніяк не згаснуць... Упрочкі не пайсці! Дык ці добранька пацешыла цябе?

А засеяны тыя берагі касцямі сыноў рускіх...


— Хораша свеціш, яснае, прыўкраснае... Ласкава ззяеш і на тым свеце! Ці ўжо на гэтым?

— На гэтым. Але для цябе — на тым! — мовіць мне сонейка Вялесавым голасам.

— Ты, Вялесе? Братавым страхаццём мяне назваў. Чаго ж са мною гаворыш?

— А ўнукавы словы табе перадаю... Слухай чуйна! Са свету белага ляціць сюды твая песня.

Слухаю. Голас мілы зямлёю ідзе:

«Усяслаў-князь людзям суды судзіў.

Князям гарады дзяліў!»

I многа пакрыўджаных было. I князёў, і людзей... Праўда-праўда. Адкуль ве­даю пра гэта? I яшчэ слухаю, як гул несціханы зямлёю ідзе. Бомкаюць шчымліва званы. Быццам пад зямлю праваліліся... Адкуль яны тут, Вялесе?

«Пазвоняць у званы ў святое Сафіі,

А ён той звон пачуе ў Кіеве!»

А я той звон пачую ў Кіеве... Пэўна ведаю, што некалі чуў! Калі?

— Слухай, братава страхаццё. Карна недаравальная цябе сваім зрабіці пажадала. Сілы табе дадала... I што з таго, як прагнеш ты памерці? Усё роўна яе служкам будзеш! Дзеля ўнука майго вяшчуннага, які моцна ў цябе верыць, кажу пра гэта...

Касцяныя берагі. Жорсткія словы. Агнёвыя вочы... Калі тое было?

Ці ж гэта я паглядзеў на веташок... Нізкі, прызрысты, сіні. Смачны. I зусім па-ваўчынаму аблізнуўся...

— Ох, воўча! Аблізваешся, а зусім не ведаеш... — засмуткаваў веташок, аж цмяна заірдзіўся.

Вуў! Так не хочаш да мяне ў пашчу, што нешта таемнае казаць гатовы? Няхай сабе. Дзейкай хоць колькі, але ж спакуслівы занадта! Смачна аблізнуў пакуль што ўласны нос. Кажы-кажы, куды ад мяне падзенешся...


— Ох! Воўча! — зацягнуў зусім жалліва. — Не ведаеш, як сышліся на ростанях Жывена, Карна ды Жэля! Сустрэліся ды пра цябе змовіліся. Я адзін тое з неба пабачыў...

Цьмяны. На прыдумкі хвацкі. Што ж, перш чым з'есці — выслухаю цябе. Гэта нават цікава...

— Жывена абяцала, што адужаеш ты цмока. Карна прадказала, што выйдзеш з таго свету, чаго і веднаму чарадзею пакуль што не ўдавалася...

— А Жэля? — як быццам цікаўна варухнуў хвастом, але не забываю сачыць, каб у хмару не загарнуўся, ад мяне збегчы не наважыўся.

— А Жэля тады сказала, што яна аб цябе кіпцюры свае зломіць!

— Яшчэ чаго не хапала!

Чмыхнуў проста на веташок, нібы зусім наважыўся разявіць пашчу. Задрыжэў цьмяненькі, як быццам вось-вось на зямлю сам зваліцца.

— А яшчэ ж смяяліся з цябе! Радаваліся, што слабы занадта, хоць і з вялікім лёсам!

— Гэта яны дарма!

Пачухаў лапай за вухам. Разявіў пашчу, каб прымерацца, як найлепей глынуць...

— Не еш мяне, воўча! — просіць слёзна, аж зоркі вакол спачувальна пабліскваюць.

Не сумуйце, з'ямо і вас усіх. Але ж дзеля справядлівасці пытаюся:

— Чаму гэта цябе не есці?

— А як тады будзеш на зямлю глядзець?

— Кажаш, не буду ведаць, куды ад прыкрасці падзецца...

— Кажу, што не будзе тады майго прыжмуранага вока, якое ўсё чыста бачыць...

— А што будзе?

— Ты будзеш! Дзівам магутным, якому спачуванне без патрэбы!

Спачуванне без патрэбы... А табе спачуванне трэба? I нудзіш, і жалішся, і просішся... Надакучыў, а ніяк не сціхнеш. Плач твой у вушах стаіць! З'ем, каб не важдацца залішне. А ты зноўку змаўчаць не можаш, а жальбу тваю не прысароміць:

— Дзівам магутным, усяведным, усямудрым, якому чалавечнасць і зусім без патрэбы...

Вось зараз жа ідзі да мяне ў пашчу! Не плач! Не круціся! Не хавайся!

— Ох, воўча! — мовіш ды зверху ўніз пазіраеш на мяне і проста, і спагадна.

Вуў! Ужо з'едзены, такі саладзенькі! Бы лужыну малака, паціху злізваю твой тварык языком. Пакуль не станчэў увесь, зноўку мне шэпчаш даверліва:

— А Жывена, Карна і Жэля казалі, што глынеш мяне разам з людскасцю...

Здзіўляюся. Супыняюся.

— I тады, калі так учыніцца, яны ўтрох з'явяцца да цябе! За табою...

Дык за мною ці да мяне? Занепакоіўшыся, я азірнуўся. Ад лесу цёмнага вялікі цень засцілаў палі ды ўзгоркі. Краўся Жэлінай хадою, шаптаў радасна з начным шолахам, што ў людскі свет лёгка патрапіць...

Выбліснуў ты, цьмяненькі, зусім слабенькі — і згубіўся цень. Тады з левага боку падступілася адна такая, уладная, да бітвы ахвочая. Не пайшоў гэтым разам з ёю. Не зазвінела дзесьці жорсткая сеча... Прыгожыя квяцістыя берагі. Няхай сеецца на іх адно жыта. Жыта, яно нібы жыццё...

Са сваім пагрозлівым позіркам адступіла назад. Пачакай, узрадую цябе. Узрадую цябе добра тады, як заміру Перуна ды Вялеса...

— Як зробіш тое? — падступілася з правага боку Жывена.

— Ужо зрабіў!


— Добры ты! — азываешся мне, пачынальніца жыцця.

— Хітры, увішны, спрытны! — адказваю, як і не пра сябе. Пра добрага не азываюся.

— Добры... — цягне вусцішна Вялес з-пад зямлі. — Мяне без анічога пакінуў!

— Добры... — грымліва адгукаецца Пярун з-пад неба. — Мяне без анічога пакінуў!

I сумуюць багі. Крыўдуюць на мяне недаравальна. Адзін з-за страчаных багаццяў, якія ў бойцы ўсе спляжыў. Другі з-за грымлівай зброі, якую дзесьці ў бітве і згубіў. Вінавацяць, што дарункаў іхніх, якіх не прасіў, вярнуць няма як.

— А няма чаго гуза шукаць, — кажу без шкадобы. Хто я такі, каб багам патрабавальна радзіць? Просты, дасціпны. Той, каго ледзьве ўшчэнт не здратавалі гэтыя багі.

Добра, што засталася песня. Быццам з ёю і лячу над зямлёю высока, сам прачулы, сам звонкі. Свету крыўду сваю кажу. Чаму крыўду? А пачуваю сябе зброяй, загартаванай, халоднай, — і баюся... Але ж пострах свой хаваю, ха­ваю. Не хочацца як ёсць прызнаць, што я не ўвішны. Я не спрытны.

— Мірыцеся цяпер, слабыя несмяротныя! Біцца ўжо не зможаце...

— Спрытны!

А на вас падобны. У цябе, Вялесе, навучыўся чуласці. У цябе ж, Пяруне, спагадзе.

Не жадаю з вамі, такімі шаноўнымі, быці. Збягаю ваўчынымі нагамі ў цёмную ноч. На веташок гляджу пранікліва, прачула... Сузіраю зямлю ягоным прыжмураным вокам. Спяшаюся лясамі. Спяшаюся палеткамі. Куды? Лёгка скачучы праз плыткія рэкі, шчыра жадаю абагнаць такі знаёмы голас:

— Волі нашай не мінуць!

Твой, Вялесе. Твой, Пяруне. Жадаю зрабіць сказанае нясказаным. Спраўджанае — няспраўджаным...

Дацягнуся да прасіняга веташка пашчай ды грызяну ладны кавалак. Пра­глыну ўраз!

Добры я. Хітры. Спрытны. А цяпер яшчэ і магутны... Хто ж там з мяне здзекаваўся? Пагарджаў. Зневажаў.

Той, хто мяне, Дзіва, прыязна вітае...


— Ізноў мы сустрэліся! — схіляешся да мяне, Дняпро Славуціч.

Як быццам патанаю ў тваіх бяздонна сініх вачах. I я б з табою павітаўся, адкрыта, сардэчна, калі б не трэба ламіць крутыя жалезныя берагі. Халодныя, нібы шалом, загартаваны ў лютых сечах. Шалом? Ты трымаеш мяне ў палоне, Дняпро Славуціч. Прагнеш выпіць. Прагнеш стацца слаўным.

— Зусім як ты! — вяртаеш памяць да асновы.

Але пра што так пранікліва кажаш? Ведаеш, як моцна-моцна жадаю ўдацца сінню тваіх чалавечых вачэй. Пайсці простай хадою. Сузіраць усю-ўсю зямлю. Вырвацца са збройнага шалома...

Схіліся да маёй вады, чарамі спавіты. Абяцаю табе звонкую неўміручую песню. Хвалі мае зычна плёхаюць, самі за гуслямі Баянавымі гоняцца. А пес­ню сабраў з усяго свету...

— Ты мяне зрабіў у сем разоў дужэйшым! — дзякуеш проста, Славуціч. — Зрабіў сваёй прагай, сваёй непакорай. I расчараваннем, што гарчэй ад слёз. Многа іх сабраў, як і зімаў, як і летаў. Ты ці думаў калі, чаму мае воды роўныя з берагамі? Ты не першы, хто панёс маю сінечу ў сэрцы. Але ты першы, хто вярнуўся да мяне...

Вярнуўся табою. Зрабіўся табою. Куды ж мне без цябе...

Паплывём разам у прыгожы далёкі свет. Спазнаем дарэшты мілы і шчыры. Знойдзем самую чароўную таямніцу... Тады пайду чалавечай хадою. Дакрануся чалавечай рукою. Да чаго? А ты ад мяне куды?

— Чаўны незлічоныя цягні! Берагі высокія выгінай. I чакай доўга, чакай упарта спраў маіх слаўных...

Буду чакаць тваёй перамогі над прагавітай Карнай. Маёй перамогі? Ці ўсё ж тваёй...


— Гэта ж хітры, спрытны, дасціпны, — ляціць па-над светам Траянаў голас.

Мала зважаю на тое. Чаўны ды ладдзі цяжкія цягну, хваляй халоднай умываюся ад стомы. Але і хваля цяплее ад ладнай працы. Шчымлівай працы. Штодзённай працы... Хітрых не вітаю, хітрых не паважаю. Нехта там спрыт­ны? Рады за яго. I дасціпны справу сабе знойдзе.

— Волю боскую перайначыў! — ці мне падаецца, ці чую трошкі павагі ў тваім голасе.

Неспатольна мне. Не час з табою размовамі бавіцца. Трэба крыгі халодныя крышыць ды разганяць. Вясну на плячах як хутчэй прынесці. Мілыя берагі маёй вады чакаюць... Уквеціць іх шчыра жадаю! Прыгнаць з чаўнамі светлую надзею, каб усцешна было...

— Хітры, спрытны, дасціпны выбавіцца з палону!

— Якога палону? — усё ж рашаюся спытаць.

— Ты ведаеш...

Ведаю. Прасторамі разбягаюся. Мінаю вёскі. Мінаю вёрсты. Збіраю зімы. Збіраю леты. Хто гэта магутнейшы за мяне?

— Глядзі! Ідзе да цябе хлопчык малы! Ці будзеш трымаць яго за руку? — азываешся нечакана, Траяне, бо я на цябе амаль забыўся.

— Ці ж сумняваешся, што верна панясе тваю сінечу ў сваім сэрцы? — мовіш маю думку, хоць і не прасіў цябе.

Нічога не адкажу, і не чакай. Амаль гнеўна ўскінуся сіняй хваляй. Заплёхаю звонка, нязгодна. За тое, што не буду трымаць малога за руку. За тое, што ад­чайна шкадую. За тое, што смуткую. Зусім не сумняваюся, што верна панясе маю сінечу ў сваім сэрцы.

— Выбавіцца так з палону не спрытна, не дасціпна, — кажу не табе, Тра­яне, а ты смяешся з мяне. Маўляў, магутным Дзівам стаў, але сам занадта просты.

Усё пра мяне ведаеш... Навылёт бачыш. I не радзіш. Не дакараеш. Але праз зімы ды леты ляціць твой прарочы голас:

— Хітры, спрытны, дасціпны выбавіўся з палону!


— А ты не хацеў яго бласлаўляць! — чую папрок няветлы. — Глядзі!

Твой, Баяне. I гляджу, як ты загадаў. На сумленнага, шчырага, мілага... Не ведаю, якога яшчэ...

— Дарослы ўжо. I моцна цягнецца да спраў слаўных.

Дарослы, а на мяне падобны, хочаш даказаць. Хочаш высока ўзнесці яго ў славе. Табе ж, Баяне, абы спяваць... А я думаю пра тое, што падобны, значыць, прагавіты...

— Спляжыў Славуціч тваю прагавітасць! I ты пачакай, пакуль схіліцца да тваёй вады — і ўдайся сінню чалавечых вачэй... Чаго табе губляць?

Не губляць. Яшчэ адзін век пражыць. З вамі, вечнымі, несмяротнымі. Вы ж клікалі мяне да сябе... А ты, Баяне, абяцаў мяне славіць... Толькі не сказаў, навошта...

— Не пайду да вас!

— Стаўся магутным Дзівам! Куды ж табе яшчэ? — даводзіш, нібы малому.

— Выбавіўся з палону. Чыйго? Вашага!

Стаўся магутным Дзівам. Няма роўнага мне... Ці чуеш слова маё, Дняпро Славуціч? Ці спраўдзіш волю маю...

Хітры. Увішны. Спрытны. I дзіва жадаю ўчыніць... Адно-адзінае, але ж моцнае:

— Вярніся, веташок! Станься прыгожай поўняй!


— Радуешся? — спытала сонца адным толькі праменьчыкам. — Сказанае ды нясказаным зрабіў! Веташок не чапаў аніколі... Не еў! Не глытаў!

«З чаго мне радавацца за простую справу? Звычайную справу... Ну, можа, і не зусім. Але ж такую чаканую, тое праўда», — хацеў запярэчыць, але не змог. Мовіць сонейку можа толькі смяротны...

— I Дзівам не рабіўся! А сказаць мне слоўца ці здолееш?

Як быццам не ведаеш! А калі шлях табе перасягнуў, ці памятаеш, пасварыўся з табою.

— Не сварыўся, пра літасць прасіў!

Вось як табе падалося. Цікава...

— Не дакарай мяне, воўча. Зусім ты мала прасіў спагады. З цудам-юдам падужацца быў нават і рады. Славы сабе шукаў, а пашаны ані казаў...

Дык ты, яснае, само прасіла перабегчы табе шлях, каб выпрабаваць мяне, такога слаўнага, на пашаноту... Не веру табе. Не веру, калі памятаю, як ноччу цёмнай іду... Крок ступлю — лес міну. Яшчэ адзін зраблю — палетак за спіною пакіну. Цераз раку нібы праз ручай... Хутка табе, яснае, уставаць і маімі слядамі ісці.

Ты ж само і прызналася тады:

— Твае вялікія сляды на зямлі бачу.

«Вялікія», — падумалася з нечага. У кожным следзе можна лёгка схавацца. «А хто ж ніколі не схаваецца?» — думаецца цяпер. Той, хто правіць світальны баль па-над светам. Разумею, няможна табе. I з нечага думаю пра поўню, пра веташок...

Ці праўда, што ў пачатку свету поўня была сонцам? Малодшым за цябе... Не, старэйшым! Два сонцы ў небе свяцілі, ноч на зямлю не пускаючы. Але ж прыляцеў цуда-юда і з аднаго сонейка агонь нібы ваду пацягнуў... Цмяным яно ўраз зрабілася, слабым. Не здолела свяціць ды з крыўды тае веташком стала.

I хто цяпер баіцца стаць слабым? Хто, такі палахлівы, роднага веташочка не шкадуе... Не жадае сустрэцца з ваўчынай пашчай, дык і шлях прасіў пера­бегчы... Бо хто ж аднойчы пераможанага яшчэ раз зачэпіць?

— Той, хто сумлення не мае! А ў цябе ж сумленне ёсць. Хоць і няма пашаноты...

Угадваеш, сонейка, таемную думку. Дык дзякую табе за літасць...

— А ты і сам здагадлівы! Хоць і несмяротны, але ж чуйны па-чалавечы...

Дзякую табе за літасць, што думку таемную ўгадала, веташок на поўню адвярнула. Сказанае ды нясказаным зрабіла. I Дзівам магутным я не быў...

— Няма чаго дзівіцца. Ты ж прасіў спагады... А за несмяротнасць сваю ча­лавечую пытайся ў Траяна!


— А мілае сонейка яснае... Літасць падаравала ды небыццём пакарала. Да Траяна ісці наказала! — не паспеў так падумаць, як паскакала па высокім дрэве жыцця рыжая вавёрка.

Нечая думка. Чыя?

— Пакарала няпамяццю! — гэта ж ты, Баяне, падаеш ціхі голас пад увішнае цо кан не.

Праганяе няпамяць песня твая... А высока ўзнясі ў славе не мяне, зусім не мяне...

— Не цябе! Дняпра Славуціча!

Славуціча. Кім бы ён ні быў... Вось гэтым, маладым, з цяжкім шаломам. Гэты пільна ўзіраецца. Вагаецца. А болей за ўсё баіцца выпусціць... Нясцерпна жадае стаць самым слаўным, не палохаецца, што і лёс будзе цяжкім. Не ведае, што яно такое.

— Блаславі яго! — зычліва просіш, вяшчунны.

Калі так зраблю, ты скочыш рыжай вавёркай. Заспяшаешся ў свет таропка. I песняй сваёй няпамяць праганяць не будзеш! Забудзеш...

— А ўсё роўна так зраблю! Хто сказаў табе, што, зусім унучак, слухаюся безадмоўна дзедавага слова?

Я сам сіні Дняпро Славуціч. Несмяротны... Чыю думку спаткаў? Чыю волю спраўдзіў? Чый лёс перайначыў... Гэта я сабраў вялікую смагу зямную і трымаю ў руках глыбокі, бяздонны сіні свет. Сам неспатольны, баюся пазбыцца свету. А болей за ўсё спяшаюся, болей за ўсё прагну наталіць вялікую смагу. Не адно сваю...

Далёка ў вяках звініць слава.


— У нас няма літасці! — цвёрда мовіш, праніклівы Траяне. I я здзіўляюся тваёй цвёрдасці. Не ўпартасці, перакананасці. У чым...

Чаму ты з неспадзёўкі загаварыў пра літасць? Не ведаю. I ў каго ж гэта, у нас... Я ж не ваш! Не быў з вамі, ці памятаеш. I цяпер мяне побач з вамі няма!

Няма... А нехта прагне выпіць шаломам сіні свет. I мы стаім за гэтым праг­ным утрох, нябачныя, неадступныя. I цешыцца моцна чарадзейны Баян, і ўжо гатовы высока ўзнесці яго ў славе. Абыякава маўчыш, вячысты Траяне, за безліч стагоддзяў ці аднойчы сустракаў дапраўды слаўных...

— Дзёрзкіх, непакорлівых... Такіх, як ты!

А я? Ніхто. Зусім не боскі, ані колькі не вечны. Барукаюся з вашай воляй. Слухацца не люблю. Але ж і спытацца хачу: чаму гэта за вашае бясконцае несмяротнае жыццё вы не навучыліся літасці? Чаму...

Не спяваеш пра тое, Баяне. Нічога не мовіш, Траяне, і думаю я за цябе... Ці такі абыякавы? Ці такі праніклівы... Кім ты быў? Клікаў мяне, абяцаў цэлы век!

— Ты пражыў цэлы век з намі! — здаецца, я ўзгадаў цябе.

Ці гэта адкрылася вяшчуннае слова з Баянавай песні... Траян... Зусім не чарадзейны, такі просты. Нібы я сам сказаў пра век... Думаю цяпер, яшчэ трэ­ба паабяцаць гэтаму прагнаму, вясёламу, неспатольнаму, што ён волі нашай не міне. А шкада мне Дняпра Славуціча. Добра ведаю, што няма такой смагі, якую б не здолеў наталіць... Але тое ўжо ягоная воля.

Смага нібы літасць... Не спрачаешся са мною? Маўчыш. А я думаю, што ўсё ж трэба блаславіць гэтага, мабыць, смелага абаронцу, які вось цяпер смяецца звонка. Прагне выпіць сіні свет, а сам шчаслівы, бо ў палоне вялікай надзеі. Не ўтрымаў бы ў шаломе і Славуціча, калі б той не пажадаў... Проста ведаю гэта, як і тое, што заўтра ўзыдзе сонца.

А ты ж так чакаеш новага дня, неспатольны... I хітры. I спрытны. I дасціпны. Няхай сабе так. Адно не зайздросці смяротнай славе. I Карну задарма не кліч. У цябе адзін век. Вялікі, але ж адзін. У мяне не будзе літасці падараваць табе іншы... Няхай несмяротны і сем вякоў жыве. Толькі адзін з іх — сапраўдны. Той, які першы. Той, які смяротны...

I я здзіўляюся сваёй цвёрдасці. Не ўпартасці, перакананасці. Хто я? Абыякавы. Праніклівы. Мабыць, у нечым мудры. Пагляджу на цябе, хітры, спрыт­ны, дасціпны. Выпрабую. I зноў выпрабую. Хоць ведаю ўжо пэўна, што паклічу стаць трэцім...

Загрузка...