Ксенія ШталенковаАдваротны бок люстра

прыгодніцка-фантастычны раман

Фота на вокладцы Таццяны Капітонавай

© Шталенкова К. І., 2016

© УП «Мастацкая літаратура», 2016

Частка першая

Карацей, мноства цудаў утойваецца ў люстрах…

Ян дэ Мен і Гійом дэ Ларыс

Раздзел 1

– Ну што, здаецца, усё-такі яна… Значыцца, гэта твой выбар? – ціха прамармытаў ён сабе пад нос, пазіраючы ў акно скрозь вузкую шчыліну паміж занавескамі.

На залітым сонечным святлом тратуары стаяла дзяўчынка гадоў пятнаццаці, углядаючыся ў вітрыну антыкварнай крамы. Гэтая крама належала яму, і ён вельмі добра ведаў, што ў вітрыне няма нічога прывабнага для такой юнай асобы, акрамя адной рэчы, і гэтая рэч сама абірала сабе гаспадара. Аднак ці гаспадара?

Ён апусціў занавеску і нервова прайшоўся па кабінеце. На працягу ўсяго жыцця ён задаваў сабе гэтае пытанне. Хто яны: гаспадары ці паслухмяныя выканаўцы чыёйсьці невядомай волі? Ён раптоўна спыніўся пасярод пакоя і правёў рукою па лбе.

– Та-ак, пэўна, старэю, калі ўпадаю ў такі чорны містыцызм, – прамовіў ён з прыкрасцю. – А мабыць, гэта і лепш? Усё роўна рана ці позна мне спатрэбіцца нехта яшчэ.

Ён ізноў падышоў да акна і паглядзеў уніз.

– Яна ж яшчэ зусім дзіцянё. Я заўжды думаў, што гэта будзе нехта старэйшы і ніяк не дзяўчо. Спадзяюся, ты разумееш, што робіш. Хацеў бы я ведаць, што ты там ёй паказваеш, – ціха сказаў ён, пазіраючы на дзяўчынку, якая нібы зачараваная замерла перад шыбай.

Ён ведаў, што адбудзецца, калі выстаўляў гэтую рэч у вітрыну. Калі яму прывезлі гэта, ён праглядзеў усе свае запісы, але яно нідзе не згадвалася. Ён змарнаваў больш за тры месяцы, спрабуючы адчыніць яго. Але яно заставалася глухім і не выяўляла ніякіх прыкмет жыцця. У нейкі момант яму нават здалося, што яно несапраўднае, падробка. Але не, самае што ні на ёсць сапраўднае, ніякіх сумненняў: ён правяраў і некалькі разоў. Вось толькі яму яно не адчынялася. Яму, хто ўсё жыццё патраціў на іх вывучэнне! Ну што ж, заставалася ці пазбавіцца яго, ці адшукаць таго, каму яно прызначана. Стары разумеў, наколькі ўяўныя былі яго шанцы. Маглі ж прайсці гады, а чалавек не быў бы знойдзены. І як жа ён здзівіўся, калі ўбачыў, што яно зменьваецца. Ён пачаў назіраць. Колькі разоў ён бачыў, як прахожыя на імгненне спыняліся каля вітрыны, як жанчыны ўскідвалі руку, каб паправіць валасы, але, прыгледзеўшыся, паціскалі плячыма і адыходзілі. І вось аднойчы ён убачыў яе. Яна глядзела і бачыла. Тут патрэбна было не памыліцца. І ён вырашыў чакаць. На другі дзень яна прыйшла зноў. І праз дзень прыйшла. Ён ведаў, як гэта здараецца: калі яно абрала цябе, нават думаць ні пра што немагчыма, акрамя як пра яго. Вось і сёння дзяўчынка зноў стаяла перад вітрынай. Яна, напэўна, ужо і бацькам усе вушы прагудзела. Ды толькі хто дазволіць свайму дзіцяняці набыць такую каштоўную рэч? Трэба праверыць, дзе яна жыве. Як дамовіцца з бацькамі, ён здолее прыдумаць, а вось калі яна жыве не там, дзе патрэбна, то ўсё будзе дарэмна, ужо ніякія хітрыкі не дапамогуць.

Дзяўчынка кінула на вітрыну развітальны позірк і пацягнулася прэч ад антыкварнай крамы. Трэба спяшацца за ёй! Мабыць, даручыць каму-небудзь са служачых? Хаця не, справа адказная – пакуль усё растлумачыць ім, час будзе змарнаваны і дзяўчынка знікне. Сам, усё сам! Пляваць на рэўматызмы, галоўнае паспець за ёй. Хоць бы толькі яна жыла дзесьці непадалёк, у Старым месцы, а не ў аддаленым раёне ў велічэзным шматкватэрным доме.

Неўзабаве дзяўчынка выйшла да дома са свежа-афарбаваным фасадам і, адамкнуўшы ключом веснічкі, знікла за брамай. Пастаяўшы яшчэ некалькі хвілін перад яе домам, ён у роздуме рушыў назад. Зараз ён ведаў, дзе яна жыве, але гэтага было недастаткова.

Вярнуўшыся ў краму, ён загадаў перавесіць люстра з вітрыны ў залу. Прадаўцы паспяшаліся выканаць загад гаспадара. Ён падышоў да яго, пільна разглядаючы цені, якія рухаліся па шкле.

– Ты свой выбар зрабіла. Я разумею цябе. Але не магу адправіць дзяўчынку ў невядомае, бо яе жыццё можа аказацца ў небяспецы, пра якую яна нават не падазрае. Я павінен быць упэўнены, што ёй нічога не пагражае.

Ён правёў рукою па раме, зноў намацаўшы павырэзваныя на дрэве лічбы, якія ўжо даўно не давалі яму спакою.

– Няўжо так проста? Ну а чаму ж не? Паспрабуем.

У гэты раз яна вырашыла прывесці сюды матулю. Пакуль яны ішлі да антыкварнай крамы, якая знаходзілася на вуліцы Сціклю, Бася распавядала ёй пра венецыянскае люстра і ўпрошвала купіць яго. Хаця матулі не асабліва спадабалася ўся гэтая ідэя з набыццём люстра, дзяўчынка спадзявалася, што калі яна яго ўбачыць, то адразу ж згадзіцца. Пакуль матуля даведвалася, колькі каштуе люстра, Бася стаяла перад ім і ўглядалася ў сваё адлюстраванне. Гэта была яна і нібы не яна адначасова. Дзяўчынка бачыла нейкія зыбкія цені, якія няўлоўна ператваралі яе, угадвала адлюстраванне думак, якія яшчэ не склаліся ў сапраўдныя выявы. Люстра нібы клікала яе, абяцаючы нешта і дражнячы фантазію.

– Бася, уяві, яны за яго такую цану заламалі! – усклікнула матуля, вярнуўшыся ад прадаўца. – Яно, вядома, прыгожае, але за такія грошы…

Бася ўмольна паглядзела на матулю.

– Не, гэта задорага. Усё ж такі мы не настолькі багатыя людзі, каб дарэмна марнаваць грошы. Да таго ж, Басенька, навошта яно табе? У тваім пакоі ёсць вялікае люстра, а гэта… у ім нават як мае быць нельга нічога ўбачыць! – працягвала матуля.

– Ну мам, яно так падабаецца мне! Паглядзі, якое яно!

– Якое?

– Загадкавае! – з захапленнем прамовіла дзяўчынка.

– Ох, Баська! Загадкавае… – стомлена прамармытала матуля, пакруціўшы галавой.

Абедзве ў нерашучасці стаялі перад люстрам і разглядалі яго. Раптам у краму зайшоў франтавата апрануты пажылы пан, якога Бася ўжо аднойчы тут бачыла. Калі люстра перавесілі ў залу і яна ў першы раз адважылася зайсці ў краму, ён назіраў за ёю са свайго кабінета. На гэтым пане было дарагое адзенне, якое ідэальна сядзела на яго тоўсценькай фігуры, а з-пад каўнера кашулі была бачна шыйная хустка. Убачыўшы Басю і яе матулю побач з люстрам, элегантны дзядок задаволена ўсміхнуўся і падышоў да іх.

– Цікавіцеся? – спытаў ён з-за матулінага пляча, кіўнуўшы вострай бародкай у бок люстра.

Мама павярнулася да яго.

– О, у гэтай крамцы цэны адбіваюць усялякую цікаўнасць! Вы нават уявіць не можаце, – паведаміла матуля.

Бася тузанула яе за рукаў.

– Што вы кажаце! – зразумела прамовіў стары.

– Так! Цэны завышаюць настолькі, што я проста здзіўляюся, дзе яны знаходзяць пакупнікоў.

– Мам! – Бася зноў тузанула яе за рукаў.

– Ну што, Бася? Ці не так?

– Безумоўна, вы маеце рацыю, – пацвердзіў стары.

Матуля зноў павярнулася да люстра, акідваючы яго ацэньваючым позіркам. Бася бесцырымонна разглядала старога. Заўважыўшы гэта, ён раптам схамянуўся.

– Ах, дарэчы! Дазвольце прадставіцца. Гаспадар гэтай, – ён абвёў залу рукой, – крамкі, Альбрыхт Штоф.

Матуля пакрылася чырванню і з недаверам паглядзела на старога. Каб замяць няўдалую паўзу, Бася працягнула яму руку:

– Варвара Станкевіч.

– Дык Варвара ці Барбара? – прыўзняў бровы стары.

– Ну, наогул кажучы, паводле пашпарта Варвара. Але дома мяне клічуць Бася.

– Тады дазвольце мне клікаць вас мадэмуазэль Барбарá, – паціснуў ён працягнутую руку. – Пазнаёмце ж мяне, калі ласка, з вашай прыгожай спадарожніцай!

– Гэта мая матуля, – сказала Бася.

Стары маляўніча закаціў вочы і пляснуў рукамі.

– Не можа гэтага быць! Вы мяне падманваеце, ніколі б не падумаў.

Матуля манерна працягнула руку для пацалунка:

– Паліна. Насамрэч Басіна матуля.

Дзяўчынка засунула рукі ў кішэні і, цярпліва ўздыхнуўшы, падумала: «Вось жа! Матуля заўсёды здавалася адэкватным чалавекам. Адкуль што бярэцца?»

– Дык значыцца, вас цікавіць гэтае люстра, так? – спытаў пан Штоф.

– Так, вельмі! – усклікнула Бася, са спадзевам пазіраючы на старога.

– Але яно вельмі дарагое, – паспяшалася ўставіць матуля. – Мы не можам сабе дазволіць яго купіць.

– Але, нягледзячы на гэта, мадэмуазэль Барбара жадала б набыць гэтае люстра?

Бася заківала ў знак згоды. Стары ўсміхнуўся і сказаў:

– Тады дазвольце мне прапанаваць вам наступнае. Сёння вечарам да вас прывязуць люстра, вы да яго прыгледзьцеся ды, калі вырашыце пакінуць, тады ўжо і заплаціце. Я думаю, што здолею прапанаваць вам разумную цану.

– Гэта так міла з вашага боку! – усклікнула матуля.

Пакінуўшы свой адрас, яны выйшлі з антыкварнай крамы і пакрочылі ў бок дома.

– Ну, Бася, ты і аферыстка! – шумна ўздыхнуўшы, сказала матуля.

– Чаму? – здзівілася дзяўчынка.

– Мала таго, што ты гэтае люстра атрымала, дык яшчэ і бясплатна.

– Па-першае, не бясплатна – потым усё роўна трэба будзе заплаціць.

– Гэта яшчэ калі мы вырашым яго пакінуць, – удакладніла матуля.

– Зразумела, мы вырашым! – ультыматыўным тонам прамовіла Бася.

– Ну-ну, – хмыкнула матуля. – А што па-другое?

– Па-другое? – перапытала дзяўчынка. – А! Па-другое, ён сам прапанаваў нам так зрабіць.

– Гэта толькі з-за таго, што па тваім твары было зразумела, што ты ці пачнеш плакаць, ці зробіш нейкае злачынства, калі табе не даць люстра. Вось гаспадар крамы і вырашыў не рызыкаваць.

Бася нахмурылася.

– Увогуле, я не разумею, навошта яно табе? – спытала матуля. – У цябе ўвесь пакой сучасна абсталяваны, а тут гэты цуд. Яно табе туды ну ніяк не пасуе!

– Нічога, затое яно мне падабаецца, – адрэзала Бася. Мама асуджальна ўздыхнула.

– А вось што скажа тата? – занепакоілася яна.

Але тата, наадварот, узрадаваўся, калі прывезлі люстра. Ён нават настойваў на тым, каб павесіць яго ў гасцёўні.

– Тады ўсе здолеюць ім любавацца! – сказаў ён. – А то прыдумалі вешаць яго ў Баські. У цябе ж ёсць у пакоі люстра, – звярнуўся ён да дачкі. – Усё, вырашылі: люстра будзе ў гасцёўні.

– Не! – запратэставала дзяўчынка. – Я яго адшукала, значыцца, у мяне і павесім!

– Во ўласніца! – пакрыўдзіўся тата. – Тады я буду прыходзіць да цябе ў пакой глядзець на яго.

Калі грузчыкі неслі люстра ў Басін пакой міма татавага кабінета, ён нясмела спытаў:

– А можа, у мяне? І несці бліжэй…

Бася непрыхільна паглядзела на яго, а тата азірнуўся на матулю, шукаючы ў яе падтрымкі, але тая толькі непарушна пацепнула плячыма, бо не жадала ўмешвацца ў іхнія спрэчкі.

Пасля таго як люстра павесілі насупраць ложка, уся сям’я ўстала перад ім, ацэньваючы, наколькі добра яно глядзіцца ў Басіным пакоі.

– Пакідаем, – у адзін голас пастанавілі тата і дачка.

– Але… – паспрабавала была запярэчыць матуля.

Аднак тата і Бася самкнулі рады, і так як матуля апынулася ў меншасці, ёй нічога не заставалася, як згадзіцца. «Вось так заўжды: аб’яднаюцца – і супраціўленне дарэмна», – падумала матуля, журботна ўздыхнуўшы.

Бася чытала кнігу, лежачы на ложку. Перагортваючы старонку, яна на імгненне ўзняла вочы, і яе позірк затрымаўся на люстры. У ім нешта бліснула. Дзяўчынка прыўзнялася на локцях, каб лепей разгледзець, але ўсё заставалася па-ранейшаму. Яна зноў узялася чытаць, часам кідаючы на люстра падазроныя позіркі. Раптам у ім зноў нешта бліснула, і Бася, страціўшы цярплівасць, усхапілася з ложка. Яна падышла да люстра, але не знайшла ў ім свайго адлюстравання. Дзяўчынка адхіснулася ад люстра і моцна зажмурылася. Расплюшчыўшы вочы, яна зноў зазірнула ў яго, але свайго адлюстравання так і не ўбачыла. У люстры ледзь-ледзь было відаць пакой. Але, прыгледзеўшыся, дзяўчынка зразумела, што гэта быў зусім не яе, а чыйсьці чужы і дзіўна абсталяваны пакой. Толькі Бася паспела разгледзець ложак з полагам, краёчак стала і некалькі куфраў, як усё знікла – і дзяўчынка зноў убачыла сваё адлюстраванне. Бася асцярожна працягнула руку і памацала спачатку драўляную раму, а потым люстраную паверхню. Нічога не адбылося. Яна яшчэ раз з сумневам агледзела люстра і, выключыўшы святло, забралася пад коўдру. «Здасца ж! – падумала Бася. – Калі распавесці каму-небудзь, дык вырашаць, што зусім з глузду з’ехала».

Яна паспрабавала заснуць, але ўбачанае ўсё ніяк не давала дзяўчынцы спакою. Бася пачала варочацца, каб легчы зручней, але, заблытаўшыся ў коўдры, страшэнна раззлавалася. Сярдзіта сапучы, яна села ў ложку і ўтаропілася ў люстра.

Раптам яна ўбачыла ў ім чыйсьці твар. На секунду Бася збянтэжылася, але ўжо ў наступнае імгненне кінулася да люстра, адкуль на яе пільным глыбокім позіркам глядзеў прыгожы юнак са светлымі яснымі вачыма. Бася разгубілася і, апусціўшы галаву, крыху адхілілася ўбок, але, скоса зірнуўшы на юнака, убачыла, што зараз ён акурат такім жа позіркам глядзіць зверху яе вуха. Дзяўчынка ўстала ў полі яго зроку і асцярожна памахала рукою, але ён гэтага не заўважыў. «Шкада, ён не бачыць мяне», – расчаравана падумала Бася. Схапіўшыся за падбароддзе, юнак уважліва агледзеў свой твар і раптам ні з таго ні з сяго скрывіў твар. Дзяўчынка нават здрыганулася ад нечаканасці. «Во дурны!» – мільганула ў яе галаве. Юнак цяжка ўздыхнуў і адышоў ад люстра. Ён сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Басе было кепска відаць, і яна нахілілася трохі ўперад, каб лепей разгледзець, што ён робіць, як раптам адчула жудасны холад.

У наступны момант дзяўчынка апынулася ў залюстравым пакоі.

«Ого!» – толькі і паспела падумаць Бася. Яна пераступіла з нагі на нагу і ўтаропіла вочы на юнака. Ён прыўзняў галаву і, убачыўшы яе, расплыўся ў прыдуркаватай усмешцы, падпёршы шчаку рукой.

– Дабрыдзень! – недарэчна сказала дзяўчынка.

Юнак нахмурыўся і міргануў. Раптам ён усхапіўся, перакуліўшы лаўку, на якой сядзеў.

– Ты хто? – насцярожана спытаў ён.

– Бася, – прамямліла яна.

– Якая Бася? Ты як сюды трапіла? – Голас юнака рабіўся ўсё больш суровы.

– Я з-за люстра прыйшла.

Юнак з сумневам паглядзеў на дзяўчынку.

– Ты што, хочаш сказаць, што ў люстры жывеш?

– Ды не «ў», а «за» ім! – усклікнула Бася.

Юнак, намагаючыся не зводзіць з яе вачэй, падышоў да люстра і зазірнуў за яго.

– Што ты мне галаву тлуміш! Ты не можаш за ім жыць. Хутка кажы, як сюды прыйшла?

– Ну я ж кажу: праз люстра, – пачала страчваць цярплівасць Бася. – У мяне ў пакоі ёсць акурат такое ж люстра, я ў яго глядзела, а потым трапіла сюды.

– Ага, дык ты вядзьмарствам сюды прыйшла! – Юнак пачаў паволі адступаць да сцяны, дзе вісеў меч. – Я так і думаў. Насланнё на мяне хочаш навесці! Вось яно як… Згінь, згінь, погань! – крыкнуў ён і пачаў часта жагнацца.

– Сам ты погань! – пакрыўдзілася Бася, а потым, падумаўшы, дадала: – Ну хочаш, я таксама перажагнаюся?

– Давай, – згадзіўся юнак, уважліва назіраючы за тым, як дзяўчынка тры разы перажагналася.

– Ну? – спытала яна.

– Малітву чытай! – сказаў ён.

Бася блытана прачытала «Ойча наш».

– Не, тут нешта не так, – з сумневам паглядзеў на яе юнак.

– Не так? А адкуль жа я тады ведаю, што ты спачатку доўга сабою любаваўся, а потым узяў ды морду скрывіў?

Юнак стаў як укопаны і, густа пачырванеўшы, прабурчаў:

– Нічога я не любаваўся. Проста задумаўся.

– Ага, і ад вялікай задумлівасці морду скрывіў! Толькі я хацела на сябе ў люстра паглядзець, а тут наце, калі ласка! Стаіць спачатку, на сябе нагледзецца не можа, а потым давай крывіцца, пужаць мяне.

– Ну прабач, я ж не ведаў, што ты там на мяне глядзела, я незнарок, – прамямліў юнак.

Ён раптам пачырванеў яшчэ больш і, спадылба зірнуўшы на яе, спытаў:

– І даўно ты за мной назіраеш?

– З самага твайго дзяцінства! – з’едліва сказала дзяўчынка.

– І што ты бачыла? – пачаў хвалявацца юнак.

– Ды нічога! – засмяялася Бася. – Я цябе ўпершыню ўбачыла. Мне толькі сёння яго ў пакоі павесілі, – дзяўчынка павярнулася, паказваючы на люстра. – Яно ў мяне вось якраз такое ж.

– Яно не можа быць такім жа, – катэгарычна сказаў юнак.

– Чаму? – здзівілася Бася.

– Купец сказаў мне, што яно такое адно.

– Ну, такіх жа люстраў многа. Не адно ж яно ў цэлым свеце! – фыркнула дзяўчынка.

– Я ведаю, але купец сказаў, што акурат такіх жа, як у мяне, больш няма.

– Ды ну… Я ж сёння набыла ў краме акурат такое ж старадаўняе люстра.

– Чаму старадаўняе? Яно новае.

– Якое ж новае, калі старое! – абурылася Бася.

– Ну чаму старое? Ты што, думаеш, што купец мяне падмануў? Вось сабака! – раз’юшана ўсклікнуў юнак.

– Ды каму ж патрэбнае такое люстра і новае? Гэта ж антыкварыят! – павучальна прамовіла дзяўчынка.

Юнак з сумненнем паглядзеў на яе і прыняўся даследаваць люстра.

– Ды не, паглядзі, рама зусім новая, ды і шкло без драпін…

Бася, цяжка ўздыхнуўшы, падышла, каб паглядзець бліжэй. Люстра насамрэч здавалася новым. Яе набытак меў больш старажытны выгляд.

– Дзіўна, – прамармытала Бася.

Яна ўзняла здзіўленыя вочы на юнака, а потым агледзела ўвесь яго пакой.

– Слухай, – асцярожна сказала яна, – а які зараз год?

– Што значыцца, які год? Ты ўжо і год не памятаеш?

– Ды не, проста хачу ўдакладніць.

– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – неахвотна адказаў ён. У Басі адвісла сківіца.

– Які?

– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – нібы для псіхічна-хворай, павольна і выразна паўтарыў юнак.

– Фацэтна, – вымавіла дзяўчынка.

– Што, скажаш, іншы?

– Ну як табе сказаць, – ухіліста пачала Бася. – Разумееш, у мяне насамрэч дзве тысячы восьмы.

Юнак нервова хіхікнуў.

– Сур’ёзна? – спытаў ён.

– Не верыш? – раззлавалася Бася. – Добра, тады хадзем да мяне, я табе давяду гэта.

– Нікуды я з табой не пайду! – запратэставаў юнак.

– Тады табе прыйдзецца паверыць мне на слова. – Бася склала рукі на грудзях і пагардліва паглядзела на яго.

Ён крыху памаўчаў, а потым сказаў:

– Ну добра, паверу.

Басін твар асвяціўся радаснай усмешкай. Тут за дзвярыма пачуліся крокі.

– Міхал, што ты робіш? З кім ты размаўляеш? – прагучаў жаночы голас.

– Я… я чытаю! – хутка знайшоўся Міхал.

– Услых? Што?

– Малітву.

Голас фыркнуў, і крокі аддаліліся.

– Табе лепш пайсці, – ціха прамовіў юнак.

– Ну добра. Бывай, Міхал! – Бася ўжо павярнулася да люстра, але раптам ёй у галаву прыйшла думка: – А да цябе можна будзе прыйсці яшчэ?

– Ну… – Міхал сарамліва ўсміхнуўся і ўрэшце сказаў: – Можна. Бася махнула яму рукой і нырнула ў люстра, зноў адчуўшы непрыемны холад. Апынуўшыся ў сваім пакоі, яна скокнула пад коўдру і, моцна абхапіўшы падушку, адразу ж заснула.

Раздзел 2

Бася прачнулася ды салодка пазяхнула. «Цікава, сон гэта ўчора быў ці не сон? – падумала яна, летуценна пазіраючы на столь. – Калі не сон, то ўсё гэта вельмі-вельмі дзіўна… Ды не! Глупства, зразумела, так не бывае, – сама сябе перапыніла дзяўчынка. – Але як рамантычна!»

– Прачынайся, соня, – перарваў Басіны разважанні матульчын голас. – Хопіць спаць, спускайся снедаць!

Бася глыбока ўздыхнула і, моцна пацягнуўшыся, устала з ложка. Першым чынам яна падышла да старадаўняга люстра і правяла па ім рукою, але шкляная роўнядзь заставалася спакойнай. «Ну вядома ж, сон!» – са шкадаваннем падумала дзяўчынка і накіравалася ў ванную. Пачысціўшы зубы, Бася паглядзела на сябе ў люстра над умывальнікам і падумала, што калі яе ўчарашнія прыгоды адбыліся насамрэч, то яна зрабіла добрае ўражанне на юнака з мінулага. Яна ўзялася за крыссе начной кашулькі і стала кружыцца па пакоі.

«Напэўна, – думала дзяўчынка, – я была адчайна прыгожая: з распушчанымі валасамі, якія струменяцца па плячах, у доўгай, да пят, беласнежнай кашульцы…» Раптам Бася спынілася перад люстрам і ўважліва прыглядзелася да свайго ўбора.

– Д’ябал! – услых вылаялася дзяўчынка.

Уся кашулька была цалкам усыпана маленькімі блакітнымі сабачкамі і костачкамі, якія былі перавязаныя банцікамі. Гнеўна засопшы, яна выключыла лямпачкі над люстрам, пакінуўшы ў ваннай толькі верхняе святло, і крыху адышла. Угаварыўшы сябе, што здалёк і збоку сабачкі добра сыдуць за незабудкі, а ў прыцемках Міхал наогул наўрад ці што-небудзь разгледзеў, Бася супакоілася і, пераапрануўшыся да сняданку, бадзёра спусцілася да бацькоў.

– Што ты мюслям усміхаешся? – спытаў тата, адклаўшы газету.

– Я ўсміхаюся? Нічога я не ўсміхаюся!

– Цямніш, – працягнуў той.

– Нічога я не цямню! Проста мне сон пацешны прысніўся. Бася сцісла пераказала бацькам свае прыгоды.

– Ох жа мне гэтыя дарослыя дочкі! – усклікнуў тата. – Няма чаго табе пра ўсялякіх кавалераў думаць. Хадзі справай якой-небудзь займіся.

– Тата, якой справай? У мяне ж вакацыі!

– Нічога, я табе зараз прыдумаю справу.

Бася даела сняданак, цмокнула тату і матулю і, кінуўшы ім на хаду «дзякуй», хуценька рэціравалася да сябе ў пакой.

– Правільна, як дапамагчы мне да канферэнцыі рыхтавацца – дык не, – прабурчаў ёй услед бацька.

Хутка Басі патэлефанавала сяброўка Эва. Трошкі пабалбатаўшы, яны дамовіліся сустрэцца ў Эвы дома.

Басю так распіралі эмоцыі, што, як толькі яна прыйшла да сяброўкі, адразу ж пачала распавядаць ёй пра падзеі мінулай ночы, ужо другі раз за раніцу. Спачатку Эва з сур’ёзным тварам слухала Басю, але напрыканцы апавядання гучна разрагаталася.

– Ай, ну цябе, Эўка! – пакрыўдзілася дзяўчынка. – Чаго ты рагочаш?

– Прабач, я не хацела, – сказала сяброўка, выціраючы слёзы. – Дык што ты там кажаш?

Бася закаціла вочы:

– Табе што, усё спачатку распавядаць?

– Ды не, ты мне толькі пра хлопца распавядзі, пра інтэр’ер не трэба. Ты ж ведаеш, я ў падрабязнасцях не люблю.

– Ды што пра яго распавядаць? Хлопец як хлопец, – скрытна прамовіла Бася.

– Ну, красунчык хаця ці не? Дзяўчынка збянтэжылася і кіўнула.

– Ага, – прамямліла яна.

– Што «ага»? – усклікнула Эва. – Дык так ці не?

– Ну зразумела ж, так! Хаця не, красунчык – гэта не пра яго. Разумееш, ён такі…

– Які? – чакальна працягнула Эва.

– Высакародны.

– Ой, Баська! – ізноў зарагатала сяброўка. – Закахацца трэба ў сапраўднага чалавека, трымай прыклад з мяне.

– Ну-ну, у каго, у каго, а ў цябе кожны дзень новы сапраўдны кумір.

– Так, я нясталая! – з выклікам сказала Эва. – Мабыць, я пакуль што ў пошуку!

Бася фыркнула, і абедзве зарагаталі.

– Не, усё ж у такое мінулае лепей не трапляць – безупынныя войны! – тонам бывалага вывела Эва.

– Хіба? – спытала Бася.

– Які там у вас год?

– Чаму гэта ў нас?

– Ну, у Міхала твайго.

– Зусім ён не мой! – паружавела дзяўчынка.

– Год які? – нецярпліва паўтарыла Эва. – Дзесяць разоў ужо пытаюся!

– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – насупіўшыся, прабурчала Бася.

– Зараз паглядзім, што там у вас.

– Гм! – кашлянула дзяўчынка.

– У ніх, – паправілася Эва, пацягнуўшыся за энцыклапедыяй. – А ты ведаеш, час мірны. Каранаванне Барбары Радзівіл, праўда, з далейшым атручваннем.

– Але гэта ж толькі гіпотэза.

– Вось сходзіш у госці да свайго новага знаёмага – даведаешся. Не забудзься распавесці потым.

– Эва!!! – абурана ўсклікнула Бася. – Хопіць з мяне здзекавацца!

– Ды годзе табе. Жартую.

– Я лепш пайду дадому, а то хутка дождж пачнецца.

– Добра, – згадзілася Эва. – Дарэчы, мы з бацькамі збіраемся на выхадныя ў Тракай. Паедзеш з намі?

– Я спытаюся ў маіх, а то яны мяне ўсё ўмольваюць ехаць разам з імі на канферэнцыю. Але я не хачу.

– Ну добра.

– Я табе патэлефаную.

– Дамовіліся. І хопіць марыць, а то ўжо дарослы чалавек, а ўсё табе казачкі.

– Ды годзе, бывай! Патэлефаную, – развіталася дзяўчынка.

Па дарозе дадому яна ўсё ж такі трапіла пад дождж і наскрозь прамокла.

– Я не разумею! – абурылася матуля. – Няўжо так складана ўзяць з сабой парасон?

– Калі я збіралася ісці, нішто не прадказвала такой залевы, – апраўдвалася дзяўчынка.

– Што мне з ёй рабіць? – звярнулася матуля да таты. Той пацепнуў плячыма.

– Эва запрасіла мяне ў Тракай. Яны з бацькамі едуць туды на лецішча.

– А як жа мы? – спытаў тата.

– Ды едзьце! І вы ад мяне ўдваіх адпачнеце, і я ад вас.

– Няўдзячная! – Тата тэатральна заламаў рукі.

– Басенька, ты ўпэўнена? – занепакоена сказала матуля.

– Ну зразумела! Мы ж гэта тысячу разоў ужо абмяркоўвалі.

– А я думала, пакуль тата будзе на канферэнцыі, мы разам з табой па крамах паходзім, па горадзе пашпацыруем.

– Па горадзе вы разам с татам пашпацыруеце пасля канферэнцыі.

– Ну, я нават не ведаю, як пакінуць цябе адну, – матуля задумалася. – Добра, заставайся, але тады бабуля будзе цябе кантраляваць.

– Ну-ну, як справамі займацца, дык я дарослая, а як на пару дзён адной застацца, дык я маленькая, наглядчыкаў да мяне адразу прыстаўляеце, – пакрыўдзілася дзяўчынка.

– Дачушка, ці мала што з табой можа здарыцца.

– Так, мы ж у лесе жывём, а не ў цывілізаваным грамадстве! – усклікнула Бася.

– Ну, супакойся, – перарваў яе тата. – Не забывай хаця б проста тэлефанаваць бабулі.

– Добра, – утаймавалася дзяўчынка і паднялася да сябе.

Яна патэлефанавала Эве, каб сказаць, што паслязаўтра прыедзе да яе на лецішча, а потым вырашыла праверыць люстра. Бася паставіла стул насупраць сцяны, дзе яно вісела, і ўзялася ўглядацца ў люстраную роўнядзь. Яна пільна глядзела ў шкло, яе думкі паступова сталі рассейвацца, на імгненне Басі здалося, што ў адлюстраванні клубіцца нейкі таямнічы туман, але ў хуткім часе вочы сталі зліпацца, яна пачала засынаць і раптам ледзь не павалілася са стула. Дзяўчынка страсянула галавой і, прыжмурыўшыся, зірнула на люстраную паверхню, але тая здавалася зусім звычайнай і ніяк сябе не выяўляла. Бася ўпікнула сябе за дурную наіўнасць і, махнуўшы рукою на дарэмны занятак, лягла спаць.

На другі дзень тата і матуля паехалі на канферэнцыю, даўшы дачцэ мноства наказаў і перасцярог. Дзяўчынка сабрала якія-ніякія рэчы, што хацела ўзяць з сабой у Тракай, і падумала, што было б някепска прысвяціць вечар прагляданню старых добрых фільмаў. Калі ўсё было перагледжана ды працытавана Басяй услых разам з улюбёнымі героямі, яна адправілася ў свой пакой. Дзяўчынка ўвайшла і ўжо пацягнулася да выключальніка, як убачыла, што з люстра льецца святло. Бася асцярожна падышла да яго і ўбачыла выразнае адлюстраванне пакоя Міхала. Дзяўчынка, нібы зачараваная, працягнула руку да шкла і, ледзь крануўшы яго, адчула ўжо знаёмы холад. Праз імгненне яна апынулася ў залюстравым пакоі. У ім нікога не было. Бася азірнулася: пакой быў халодны і цёмны, толькі за спінаю дзяўчынкі, выпраменьваючы мяккае святло, гарэла люстра. Яна прысела на лаву і вырашыла пачакаць Міхала.

У хуткім часе дзверы адчыніліся і ў пакой зайшоў юнак. Бася падхапілася са свайго месца.

– Ты хто? – замёр Міхал.

«Ён што, зусім ідыёт?» – падумала дзяўчынка, а ўслых сказала:

– Бася я!

– Ой, прабач, я не пазнаў цябе, – сказаў юнак. – Тут так цёмна, пачакай хвіліну.

Ён выйшаў з пакоя і, вярнуўшыся з падсвечнікам, паставіў яго на стол.

– Вось так лепш. У цябе іншы ўбор? – спытаў Міхал, агледзеўшы Басю, на якой былі джынсы і байка.

– Табе не падабаецца? – насупілася дзяўчынка.

– Не, чаму, проста мне здаецца, што тая сукенка пасавала табе значна больш.

– Сукенка? – перапытала яна. – А, дык гэта насамрэч не сукенка, а начная кашулька.

– Сапраўды? А я лічыў, што сукенка. На ёй яшчэ такая расфарбоўка цікавая, я ніколі такой не бачыў.

– Якая расфарбоўка? – занепакоілася Бася.

– Ну, маленечкія блакітныя сабачкі, – усміхнуўся ён.

«Д’ябал! Усё ж такі заўважыў», – засмучана падумала дзяўчынка.

– А па вуліцы вы ходзіце ў такой вопратцы? – пацікавіўся Міхал.

– Так, часцей за ўсё, – кіўнула Бася. – Але і ў сукенках таксама.

– Ага, – працягнуў юнак і раптам спытаў: – А чаму цябе так доўга не было?

– Як жа доўга? – здзівілася Бася. – Мяне ўсяго дзень не было.

– Не можа таго быць! Цябе не было з месяц. Я так чакаў цябе! Кожны дзень, як дурны, перад люстрам сядзеў.

– Чакаў, праўда? – радасна спытала дзяўчынка.

– Ну, не тое, каб чакаў, – збянтэжыўся Міхал. – Ну… Разумееш, я… Я…

Загрузка...