Частка другая

Раздзел першы Індыйскі акіян

Тут пачынаецца справаздача аб другім этапе нашага падводнага вандравання. Першы скончыўся журботнай сцэнай па каралавым могільніку, якая зрабіла на мяне моцнае ўражанне.

У бязмежных прасторах акіяна цякло жыццё капітана Нэма, і той-жа акіян падрыхтаваў таемны прытулак, каб захаваць яго цела, калі жыццё пакіне яго.

Там, глыбока-глыбока пад вадою, ніякае марское страшыдла не зможа парушыць спакой апошняга сну насельнікаў «Наўтылуса», сяброў таемнага капітана, моцна злучаных адзін з адным у смерці і ў жыцці… Там спяць яны, недасяжныя не толькі для марскіх страшыдлаў, «але і для людзей», дадаў капітан Нэма.

Заўсёды тая нязменная, упартая недаверлівасць да людскога грамадства!

Мяне ўжо не задавальнялі гіпотэзы, якія выказваў Кансель.

Гэты добры хлапец сцвярджаў, што капітан Нэма проста вучоны, які не мог заваяваць прызнання і плаціць за гэта чалавецтву знявагай. Іншы раз ён казаў, што камандзір «Наўтылуса» — геній, якога высмеялі зямныя вучоныя, і што, стаміўшыся змагацца з тупасцю і безуважлівасцю грамадства, ён схаваўся ў гэтым, недаступным нікому асяродзішчы, каб жыць вольным. Але, на маю думку, і гэта дапушчэнне мала што казала аб капітану Нэма.

І сапраўды, загадка гэтай ночы, калі нас замкнулі ў турме і да таго яшчэ прымусілі спаць, паспешнасць, з якой капітан Нэма выхапіў з маіх рук падзорную трубу, перад чым я паспеў агледзець кругавід, смяротнае раненне аднаго з матросаў, якое з’явілася вынікам незразумелай сутычкі «Наўтылуса», — усе гэтыя факты штурхалі мяне на адну думку: не, капітан Нэма не абмежаваўся тым, што ўцёк ад людзей. Яго геніяльна задуманы падводны карабель быў патрэбен яму не толькі як прытулак, дзе нішто не стрымлівала яго волі, але мог служыць і зброяй страшэннай помсты!

Аднак, пакуль што, я не меў ніякіх доказаў гэтага. У акаляючай мяне густой цемры няведання гэтая здагадка магла быць толькі намёкам на разгадку.

Таму буду працягваць запісы, калі можна так сказаць, непасрэдна пад дыктоўку падзей…

Нас нішто не звязвае з капітанам Нэма. Ён ведае, што ўцякаць з «Наўтылуса» немагчыма. Таму ён не ўзяў з нас нават і слова — не ўцякаць. Ніякія абавязацельствы не звязваюць нас. Мы — звычайныя палоннікі, якіх толькі з-за далікатнасці лічаць гасцямі!

Аднак Нэд Лэнд не адмовіўся ад надзеі вырвацца на волю. Ён упэўнены, што здолее скарыстаць першы зручны выпадак. Магчыма, і я зраблю таксама. І, тым не менш, я не без жалю пакіну ўсе гэтыя цуды, знаёмствам з якімі я абавязаны велікадушшу капітана Нэма.

Мне і цяпер няясна, ці павінен я паважаць гэтага, чалавека, альбо ненавідзець яго. Ахвяра ён ці кат? Каб быць чэсным, прызнаюся, што перш, чым назаўсёды пакінуць «Наўтылус», я ўсё-ж хацеў-бы скончыць гэтае падводнае кругасветнае падарожжа, пачатак якога быў такім бліскучым. Я хацеў-бы ўбачыць усе сабраныя ў морах цуды, паглядзець усё тое, чаго не бачыў яшчэ ніводзін чалавек, нават, каб гэтае прагавітае жаданне ведаў каштавала мне жыцця. Што я адкрыў да гэтага часу? Нічога, або амаль нічога, бо мы прайшлі ўсяго толькі шэсць тысяч лье па Ціхаму акіяну.

Тым не менш я добра ведаю, што «Наўтылус» набліжаўся да заселенай зямлі і што, калі нам выпадзе хоць якая-небудзь магчымасць уцячы, з майго боку было-б невыбачальнай жорсткасцю здрадзіць інтарэсам маіх таварышаў дзеля свайго жадання — усё ведаць. Я павінен буду паследваць за імі, а мажліва і павесці іх. Але ці будзе калі-небудзь гэткі выпадак? Чалавек, гвалтам пазбаўлены волі, марыць аб ім, але вучоны-даследчык баіцца, што гэты выпадак нарэшце з’явіцца.

У гэты дзень, 21-га студзеня, апоўдні памочнік капітана па звычаю выйшаў на палубу, каб зрабіць назіранне. Я падняўся следам за ім і, закурыўшы цыгару, пачаў наглядаць. Я больш не сумняваўся ў тым, што гэты чалавек не гаворыць па-французску, бо часта наўмысля голасна рабіў заўвагі, якія павінны былі, каб ён разумеў мяне, вырваць у яго які-небудзь мімавольны знак увагі. Але ён заўсёды заставаўся спакойным і маўклівым.

У той час, калі ён прыставіў секстант да вачэй, вызначаючы вышыню схілення сонца над гарызонтам, на палубу выйшаў адзін з матросаў «Наўтылуса», той самы волат, які праваджаў нас на паляванне ў лясы вострава Крэспо. Ён пачаў чысціць шкло пражэктара. Я з цікавасцю разглядаў гэтую прыладу, сіла святла якой павялічвалася ў сто разоў, дзякуючы кругавому размяшчэнню чачавіцападобных шкелак, збіраючых у жмуток прамені святла. Крыніца святла была зроблена так, што яго светаносная сіла была даведзена да максімума. Электрычная дуга свяцілася ў штучна зробленым беспаветраным асяроддзі, што забяспечвала сталасць накала і ў той-жа час захоўвала графітныя свечкі, між якімі ўзнікала дуга. Гэта было асабліва важна для капітана Нэма, якому, як відаць, нялёгка было аднаўляць запасы графіта. А ў беспаветранай прасторы яны знашваліся вельмі доўга.

Калі «Наўтылус» пачаў рыхтавацца да апускання, я вярнуўся ў салон. Люкі зачыніліся, і мы пайшлі прама на захад.

Цяпер мы перасякалі Індыйскі акіян, прасторную раўніну, займаючую плошчу ў пяцьсот пяцьдзесят мільёнаў гектараў. Воды гэтага акіяна да таго празрыстыя, што, гледзячы на іх з палубы карабля, у слабых людзей кружыцца галава.

«Наўтылус» плыў звычайна на глыбіні ад ста да двухсот метраў. Так працягвалася некалькі дзён. Іншы на маім месцы напэўна скардзіўся-б на нудоту і аднастайнасць гэтага падарожжа. Але штодзённыя ранішнія прагулкі па палубе, пад свежым, насычаным соллю, ветрыкам, назіранне цудаў акіяна праз вокны салона, чытанне кніг з бібліятэкі капітана Нэма, вядзенне запісаў у дзенніку — усё гэта цалкам займала мае дні, не пакідаючы для нуды альбо стомленасці ніводнае хвіліны.

І Нэд Лэнд, і Кансэль, і я сам адчувалі сябе зусім здаровымі. Харчовы рэжым «Наўтылуса» наогул задавальняў нас, і каб не боязнь пакрыўдзіць канадца, я з радасцю адмовіўся-б ад гэтых «зямных» дадаткаў да агульнага стала, якія ён ухітраўся неяк набываць. Пры той нязменнасці тэмпературы, якая была вакол нас, немагчыма было захварэць нават насмаркам, а каб гэта і здарылася, то ў аптэчцы «Наўтылуса» быў дастатковы запас парашку з мадрэпоры dendrophyles, вядомай ў Правансе пад назвай «марскога кропу», вельмі добрага лякарства супраць кашля і насмарку.

На працягу некалькіх дзён, падымаючыся раніцай на палубу, я здзіўляўся багаццю вадзяных птушак, асабліва чаек і паморнікаў. Матросы «Наўтылуса» палявалі на іх, і гэтая «вадзяная дзічына», адпаведным чынам згатаваная, выходзіла дужа смачнай стравай. Сярод буйных птушак, якія залятаюць далёка ад берагоў і адпачываюць ад зморанасці на хвалях, звярталі на сябе ўвагу сваім непрыемным крыкам, здалёк нагадваючым крык асла, прыгожыя альбатросы, належачыя да атрада трубканосаў. Сямейства весланогіх было прадстаўлена тут шпаркакрылымі фрэгатамі, лавіўшымі рыбу, якая плавае блізка ад паверхні мора, і шматлікімі фаэтонамі, велічынёю з голуба, белы плюмаж якіх, ледзь афарбаваны ў ружовы колер з бакоў, яшчэ больш падкрэслівае надзвычайную чарнату крылляў.

У сеці «Наўтылуса» траплялі кожны дзень новыя разнавіднасці марскіх чарапах; у прыватнасці адзначу цікавую чарапаху карэту, альбо бісу, з паўкруглым пукатым панцырам, які дорага каштуе ў продажы. Гэтыя чарапахі могуць вельмі доўга знаходзіцца пад вадою, зачыніўшы мясісты клапан, што знаходзіцца ля выхадной адтуліны іхняга насавога канала. Некаторыя з карэтт былі злоўлены, калі яны спалі, схаваўшыся ў свой панцыр для абароны ад марскіх жывёл. Мяса іх нясмачнае, але яйкі іхнія лічацца тонкай стравай.

Што тычыцца рыб, дык назіранне за імі праз адчыненыя вокны салона заўсёды захапляла нас. Я знайшоў тут некалькі відаў, якіх да гэтага часу не даводзілася назіраць. Раней за ўсё назаву кузаўкоў — рыб, якія жывуць выключна ў цёплых морах, асабліва ў Чырвоным моры, Індыйскім акіяне і ля берагоў Цэнтральнай Амерыкі. Гэтыя рыбы, таксама як чарапахі ды ракападобныя і марскія вожыкі, маюць панцыр, але не крамяністы ці вапенны, а моцны касцяны, які складаецца са злучаных адна з адной пласцінак. Цела кузаўкоў у гэткім панцыры мае выгляд трохсценнай, чатырохсценнай альбо пяцісценнай каробкі з цвёрдымі сценкамі, і зусім не гнуткае. Рухацца ў іх можа толькі канец хваста ды канец морды, якія пакрыты мяккай скурай, але і гэтыя рухі не надта гнуткія і могуць рабіцца не ва ўсіх напрамках. Нам трапляліся трохкутныя кузаўкі, мяса якіх вельмі далікатнае, і рагатыя кузаўкі з чатырохсценным панцырам; іх завуць рагатымі за тое, што над іхнімі вялікімі круглымі вачыма тырчаць даўгія калючкі, падобныя на рогі.

Назаву яшчэ шыпаватых скатаў, маючых дужа доўгія, падобныя на пугу, хвасты з вострымі шыпамі. Хвост гэты можа наносіць страшэнныя ўдары, небяспечныя нават для чалавека.

У запісах, якія вёў Кансель, адзначаны яшчэ некаторыя разнавіднасці рыб: іглабрухі, якіх мы ўжо сустракалі ў Ціхім акіяне; скаты даўганосыя, мяса якіх наогул нясмачнае, але чамусьці лічыцца далікатнай стравай у Англіі і знаходзіць шмат аматараў; скаты электрычныя — круглыя голыя рыбы, без лускі і калючак; мармуровыя электрычныя скаты, даўжынёю ў паўтара метры і шырынёю ў адзін метр, афарбаваныя ў рудаваты колер з больш светлымі мармуровымі плямамі на спіне, і г.д.

З прадстаўнікоў іншых відаў адзначу яйцападобных рыб, цёмна-карычневых, бадай чорных, з белымі пражылкамі, без хваста; двузубых, падобных на дзікабразаў, якія могуць надзьмувацца і прымаць выгляд шара, з усіх бакоў абкружанага калючкамі; марскіх канькоў, такіх самых, як і ў іншых акіянах; пегасавых рыб з далёка высунутым наперад рыльцам і шырокімі гарызантальна стаячымі груднымі плаўнікамі, падобнымі на крыллі і надаючымі гэтым маленькім рыбкам фантастычны выгляд; ліры-рыбы, афарбаваныя ў жоўты колер і пакрытыя сапфіра-блакітнымі праменнямі і плямамі. Мяса іхняе белае і смачнае.

Мы сустракалі таксама цёмна-сініх паруснікаў даўжынёй шэсць метраў, якія могуць распусціць свой вялізны моцны плаўнік на вышыню паўтара метры і карыстацца ім, як парусам; валасахвостаў звычайных з вельмі даўгім і тонкім стружкападобным целам, афарбаваным у самцоў у срабрыста-белы колер, і з шэравата-жоўтым плаўніком; нарэшце — акіянскіх мухаловак, узброеных стрэльбай, аб якой не сніў нават Рэмінгтон і іншыя фабрыканты зброі, але трапна збіваючай казявак набоем з… каплі вады.

З 21 па 23 студзеня «Наўтылус» рабіў у суткі па дзвесце пяцьдзесят лье, альбо па пяцьсот сорак міль. Інакш кажучы, мы ішлі з хуткасцю дваццаці двух міль у гадзіну. Калі нам і ўдавалася разгледзець пры такім шпаркім руху некаторых рыб, дык гэта значыла, што прыцягнутыя яркім святлом пражэктара, яны імкнуліся праваджаць нас. Але большасць з іх зараз-жа адставалі, і мала хто з іх ухітраўся больш-менш доўгі час плысці разам з намі.

Дваццаць чацвёртага раніцай мы ўбачылі востраў Кілінга, які знаходзіцца пад 12°5´ паўднёвай шыраты і 94°33´ даўгаты. Гэта каралавы востраў, паросшы раскошнымі какосавымі пальмамі. У свой час яго наведалі Чарльз Дарвін і капітан Фіц-Рой. «Наўтылус» прайшоў на блізкай адлегласці ад берагоў гэтага незаселенага вострава. Драгі вылавілі з вады мноства самых разнастайных паліпаў, у тым ліку некалькі цікавых экземпляраў дэльфінчыкаў, заняўшых месца ў калекцыі капітана Нэма.

Неўзабаве востраў Кілінга знік з вачэй, і «Наўтылус» узяў курс на паўночны захад, у бок Індыйскага паўвострава.

— Мы набліжаемся да цывілізаваных краін, — сказаў мне ў гэты дзень Нэд Лэнд. — Гэта будзе лепей за Новую Гвінею, дзе дзікуноў больш, як касуль. У Індыі, спадар прафесар, ёсць шасейныя і жалезныя дарогі і гарады — англійскія, французскія, індускія. Там на кожным кроку можна сустрэць земляка. Як па-вашаму, ці не прыйшоў ужо час развітацца з капітанам Нэма?

— Не, не, не! — рашуча адказаў я канадцу. — Цішэй едзеш, далей будзеш! «Наўтылус» набліжаецца цяпер да заселеных зямель. Ён трымае курс на Еўропу. Няхай ён нас даставіць туды. Вось калі мы падплывем да еўрапейскіх берагоў, толькі тады зробім так, як нам падкажа асцярожнасць. Дарэчы, я не веру ў тое, што капітан Нэма дазволіць нам адправіцца на паляванне на малабарскі альбо карамандэльскі бераг з такой-жа ахвотай, як на востраў Гвебараар.

— Што-ж, спадар прафесар, у такім разе нам прыйдзецца абыйсціся без яго дазволу.

Я не адказаў канадцу. Спрачацца мне не хацелася. Але ў глыбіні душы я цвёрда парашыў скарыстаць да канца магчымасці, прадастаўленыя выпадкам, закінуўшым мяне на падводны карабель.

Пасля вострава Кілінга «Наўтылус» зменшыў ход. Мы часта апускаліся цяпер на вялікія глыбіні з дапамогаю стырна глыбіні. Мы апускаліся на два, часам на тры кіламетры пад паверхню мора, але ні разу не даследавалі ўсёй глыбіні Індыйскага акіяна, дзе апушчаны на трынаццаць кіламетраў зонд не дасягаў дна. Тэмпература ніжэйшых пластоў вады і тут была такой самай, як і ў Ціхім акіяне — чатыры з паловай градусы вышэй нуля. Я звярнуў увагу толькі на адну з’яву — што ў неглыбокіх месцах тэмпература павярхоўных пластоў вады заўсёды ніжэй, як у глыбокіх.

Дваццаць пятага студзеня акіян быў зусім пустынным, і «Наўтылус» увесь дзень плыў па паверхні яго, расцінаючы хвалі сваім магутным вінтом і ўздымаючы фантаны пырскаў на вялікую вышыню. Нядзіва, што караблі, якія бачылі «Наўтылус» толькі здалёк, прымалі яго за кіта.

Я правёў тры чвэрці дня на палубе, гледзячы на мора. Кругавід увесь час быў пустынным. Толькі каля чатырох гадзін дня здалёк паказаўся параход, які ішоў на захад. Яго мачты выразна вызначаліся на гарызонце на працягу некалькіх хвілін, але з парахода нельга было заўважыць «Наўтылус», які ледзь высоўваўся з вады.

Я падумаў, што гэты параход належыць «Паўвостраўнаму і ўсходняму параходнаму таварыству», абслугоўваючаму лінію Цэйлон — Сідней, з заходам у Мельбурн і на мыс караля Георга.

А пятай гадзіне па поўдні, незадоўга да кароткага трапічнага змяркання, Кансель і я зрабіліся сведкамі захапіўшага нас відовішча.

Існуе адзін прывабны малюск, сустрэча з якім, па думцы старадаўніх, прадвяшчае шчасце. Арыстотэль, Атэней і Пліній вывучалі яго звычкі і густ і не пашкадавалі на яго апісанне ўсяго паэтычнага арсенала старадаўняй Грэцыі і Рыма. Сучасная навука ведае гэты малюск пад імем арганаўта.

Кожны, хто звярнуўся-б з пытаннем да Канселя, даведаўся-б, што аддзел малюскаў падзяляецца на пяць класаў; што да першага класа, які завецца класам галаваногіх, адносяцца толькі два сямействы — двух і чатырохжаберных, якія розняцца па колькасці жабраў; што сямейства двужаберных уключае тры віды: арганаўтаў, кальмараў і каракаціц у той час, як сямейства чатырохжаберных толькі адзін — караблікаў.

І калі, пазнаёміўшыся з гэтай наменклатурай, няўважлівы чытач зблытае арганаўта, маючага прысоскі, з караблікам, які мае шчупальцы, дык яму нельга гэтага дараваць!

Мы сустрэліся з цэлай зграяй арганаўтаў, якія плавалі па паверхні акіяна. Іх было шмат соцень. Гэтыя зграбныя малюскі рухаліся задам наперад пры дапамозе сваіх варонак, праз якія яны выштурхоўвалі ўцягнутую пры дыханні ваду. З васьмі іхніх прысоскаў шэсць, тонкіх і даўгіх, плавалі на паверхні вады, а два апошніх, так званыя гектакатылі, больш моцныя і загнутыя дугою, падстаўлены былі ветру, як парусы. Я выразна бачыў у вадзе іхнія спіральныя ракавіны, якія Кюв’е правільна параўноўвае з прыгожым ялікам. І сапраўды, яны дужа нагадваюць лодку. Гэтая лодка, «пабудаваная» самім арганаўтам з адкладзеных вапенных солей, носіць яго на сабе заўсёды, хоць малюск і не зрастаецца з ёю.

— Арганаўт заўсёды можа пакінуць сваю лодку, але ніколі не робіць гэтага, — сказаў я Канселю.

— Таксама, як і капітан Нэма, — адказаў Кансель. — Таму лепш было-б яму назваць свой карабель «Арганаўтам».

На працягу гадзіны «Наўтылус» плыў сярод зграі гэтых малюскаў. Але раптам, не ведаю чаму, іх хапіў жах. Як па камандзе, усе парусы былі адначасова спушчаны, выстаўленыя наперад шчупальцы ўцягнуліся, целы скруціліся, лодкі перамясцілі свае цэнтры цяжару, і ўся флатылія ўмомант знікла пад вадой.

Ніколі яшчэ ніводная эскадра не рабіла гэткага складанага манеўра з гэткай арганізаванасцю і дакладнасцю.

У гэтую хвіліну сонца закацілася, і бадай адразу настала ноч. Зыб, паднятая лёгкім ветрыкам, паціху гушкала плывучы «Наўтылус».

На другі дзень, 26 студзеня, мы перасеклі экватар пад восемдзесят другім мерыдыянам і ўвайшлі ў воды паўночнага паўшар’я.

У гэты дзень нас праваджала вялізная зграя акул — страшэнных жывёлін, якія робяць моры небяспечнымі. Гэта былі плашаносныя акулы, з бурай спіной і белым брухам, узброеныя адзінаццацю радамі зубоў; гладкія акулы з вялікай чорнай плямай на шыі, аблямаванай белым ускрайкам і падобнай на вока; акулы калючапёрыя з закругленай і ўсеянай чорнымі кропкамі мордай. Некалькі разоў гэтыя велічэзныя драпежнікі кідаліся на вокны салона з страшэннай злосцю. У такія хвіліны Нэд Лэнд вар’яцеў. Яму хацелася быць на паверхні вады і паляваць на гэтых страшыдлаў, асабліва на тыгравых акул, пасць якіх усеяна зубамі, як мазаікай, вялізных — даўжынёй пяць метраў, якія кідаліся на шыбы салона надта настойліва.

Але тут «Наўтылус» паскорыў ход і адразу пакінуў ззаду нават самых шпаркіх акул.

Дваццаць сёмага студзеня каля ўвахода ў Бенгальскую затоку мы некалькі разоў сустракалі мерцвякоў, плаваючых па паверхні вады. Якое жудаснае відовішча! Гэта былі памёршыя жыхары індыйскіх гарадоў, якіх каршуны — адзіныя магільшчыкі гэтай краіны — не паспелі знішчыць. Цячэнне Ганга аднесла іх у адкрыты акіян, і тое, чаго не зрабілі каршуны, хутка зрабілі акулы…

Каля сямі гадзін вечара «Наўтылус» падняўся на паверхню і паплыў па малочна-белых хвалях. Колькі бачыла вока, акіян здаваўся малочным. Ці было гэта эфектам месяцавага святла? Не, бо малады месяц, які налічваў усяго два дні, яшчэ не ўсходзіў, і неба асветленае водбліскам праменняў толькі што схаваўшагася сонца, здавалася чорным па кантрасту з белым колерам вады. Кансель не верыў сваім вачам, гледзячы на гэтае дзівоснае з’явішча, ён запытаў мяне аб прычынах яго.

— Гэта так званае малочнае мора, — сказаў я. — Такія вялікія плямы малочна-белага колеру — не рэдкае з’явішча ля берагоў Індыі.

— Але ці не скажа мне гаспадар, з якой прычыны робіцца гэтае збяленне вады? — запытаў Кансель. — Не ператварылася-ж сапраўды марская вада ў малако.

— Зразумела — не, дружа мой. Гэтая здзіўляючая цябе афарбоўка вады выклікана мірыядамі інфузорый, бясколерных, бліскучых камячкоў слізі, таўшчынёю як волас, а даўжынёю прыкладна ў адну пятую частку міліметра. Гэтыя інфузорыі далучаюцца адна да аднае і ўтвараюць цэлыя палі, якія часам цягнуцца на многа кіламетраў.

— На многа кіламетраў! — ускрыкнуў Кансель.

— Так, дружа мой. І не спрабуй падлічыць колькасць інфузорый у такіх «палях». Табе ўсёроўна не ўдасца гэта, бо, калі я не памыляюся, некаторыя маракі паведамлялі, што яны сустракалі малочныя моры, якія цягнуліся на сорак і нават больш міль!

Але Кансель не паслухаўся маёй рады і моўчкі пачаў лічыць, колькі інфузорый змесціцца на плошчы ў сорак квадратных міль, калі кожная інфузорыя не таўсцей воласа і не даўжэй пятай часткі міліметра.

Пакінуўшы яго за гэтым заняткам, я працягваў назіранне гэтага цікавага з’явішча прыроды.

На працягу некалькіх гадзін «Наўтылус» разразаў сваім вострым носам белесаватыя воды малочнага мора, і я звярнуў увагу на тое, што ён рухаецца зусім без шуму, нібы праходзячы праз згусткі мыльнай пены.

Каля паўночы мора нечакана набыло звычайны колер наперадзе нас, але за кармой, колькі бачыла вока, неба, адбіваючы белату вод, здавалася асветленым водбліскам паўночнага ззяння.

Раздзел другі Новая прапанова капітана Нэма

Дваццаць восьмага лютага, падняўшыся ў поўдзень на паверхню вады пад 9°4´ паўночнай шыраты, «Наўтылус» апынуўся побач з нейкай зямлёю, ляжаўшай у васьмі мілях да захаду. Мне кінулася ў вочы перш за ўсё награмаджэнне даволі высокіх гор з капрызнымі абрысамі спадаў; некаторыя з іх дасягалі вышыні больш за дзве тысячы футаў. Пасля таго, як назіранні былі зроблены, я спусціўся ў салон і ўбачыў па карце, што гэта былі берагі вострава Цэйлона — гэтага перла Індыі.

Я адправіўся ў бібліятэку, каб пашукаць кнігі аб гэтым надзвычайна ўрадлівым востраве, і знайшоў працу Х.К. Сіра пад назвай «Цэйлон і сінгалезы».

Сеўшы з кнігай у салоне, я перш за ўсё адзначыў геаграфічныя каардынаты гэтага вострава: ад 5°55´ да 9°49´ паўночнай шыраты і ад 79°42´ да 82°4´ усходняй даўгаты (ад Грынвіча); даўжыня яго — дзвесце семдзесят пяць міль; максімальная шырыня — сто пяцьдзесят міль; даўжыня берагавой лініі — дзевяцьсот міль; нарэшце яго плошча — дваццаць чатыры тысячы чатырыста сорак восем міль, г. зн. толькі крыху менш за Ірландыю.

У гэты час у салон увайшлі капітан Нэма і яго памочнік. Капітан паглядзеў на карту. Потым, абярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Востраў Цэйлон славіцца лоўляй перлаў. Ці не хочаце, спадар прафесар, пабываць на месцы гэтай лоўлі?

— З прыемнасцю, капітан.

— Добра. Гэта вельмі лёгка зрабіць. Праўда, мы ўбачым толькі месца лоўлі, а не саміх лаўцоў, бо сезон лоўлі яшчэ не пачаўся. Але гэта не мае значэння. Я загадаю зараз-жа ўзяць курс на Манаарскую затоку. Мы прыбудзем туды ноччу.

Капітан сказаў некалькі слоў на невядомай мове свайму памочніку, і той хутка выйшаў з салона. Зараз-жа «Наўтылус» апусціўся ў ваду, як паказваў манометр, на глыбіню трыццаць футаў.

Узяўшы карту, я пачаў шукаць Манаарскую затоку і знайшоў яе каля маленькага астраўка таго-ж імя, пад 9° паўночнай шыраты, на паўночна-заходнім беразе Цэйлона. Для таго, каб дасягнуць яе, нам трэба было прайсці ўздоўж усяго заходняга ўзбярэжжа вострава.

Капітан Нэма зноў загаварыў:

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — лоўля перлаў адбываецца ў Бенгальскай затоцы, у Індыйскім моры, у Кітайскім і Японскім морах, у морах, абмываючых поўдзень Амерыкі, у Панамскай затоцы, у Каліфарнійскай затоцы. Але на Цэйлоне гэтая лоўля дае найлепшыя вынікі. На жаль, мы надта рана прышлі сюды. Лаўцы перлаў прыязджаюць у Манаарскую затоку не раней сярэдзіны сакавіка — да гэтага часу тут збіраюцца да трохсот суднаў, якія на працягу трыццаці дзён займаюцца гэтым прыбытковым промыслам. Кожнае судна мае каманду ў дзесяць грабцоў і дзесяць нырцоў. Нырцы разбіваюцца на дзве змены, па чарзе ныраючыя ў ваду. Яны спускаюцца на глыбіню дванаццаці метраў пры дапамозе цяжкога каменя, які яны заціскаюць між ног і выпускаюць тады, калі дасягаюць патрэбнай глыбіні. Потым камень гэты, прывязаны вяроўкай да карабля, выцягваецца грабцамі назад на борт.

— Значыцца, гэтыя варварскія спосабы ўсё яшчэ існуюць?

— Так, тут нічога не змянілася, — адказаў Нэма, — хоць гэтыя перлавыя багацці належаць самай індустрыяльнай у свеце краіне — Англіі, якая атрымала іх ва ўласнасць па Ам’енскаму трактату 1802 года.

— Мне ўсё-такі здаецца, што скафандр такога тыпу, як вашы, мог-бы прынесці значную карысць у гэтым промысле?

— Вядома, таму што час прабывання пад вадой гэтых няшчасных нырцоў, натуральна, вельмі абмежаваны. Ангелец Персіваль у апісанні свайго падарожжа на Цэйлон гаворыць аб адным кафры, які мог цэлых пяць хвілін заставацца пад вадою, але мне гэтае сцвярджэнне заўсёды здавалася сумніцельным. Я ведаю, што ёсць плаўцы, якія знаходзяцца пад вадой бадай хвіліну — пяцьдзесят сем секунд, а некаторыя, самыя моцныя, нават восемдзесят сем — амаль паўтары хвіліны! Але такіх дужа мала, ды і ў гэтых няшчасных, калі яны вяртаюцца на борт, з вушэй і носу выходзіць афарбаваная крывёю вада. Мне здаецца, што сярэдняя доўгасць прабывання ныральшчыка пад вадой, не перавышае трыццаці секунд, і за гэты кароткі час ён павінен знайсці, сарваць і кінуць у сетку перлавыя ракавіны. Нізальшчыкі рэдка дажываюць да сярэдніх гадоў, большасць з іх памірае маладымі; зрок іхні хутка слабне, вочы пачынаюць гнаіцца, язвы пакрываюць усё цела. Часта яны раптам паміраюць пад вадой ад разрыву сэрца.

— Так, — сказаў я, — гэта трудная прафесія… І ўсё гэта прыносіцца ў ахвяру жаночым капрызам… Але, скажыце, капітан, колькі ракавін вылаўлівае такім чынам адно судна?

— Ад сарака да пяцідзесяці тысяч у працоўны дзень. Гавораць, што ў 1814 годзе англійскі ўрад арганізаваў лоўлю перлаў для дзяржавы, і лаўцы набралі за дваццаць дзён семдзесят шэсць мільёнаў ракавін.

— Прынамсі, праца лаўца добра аплачваецца?

— Наадварот — мізэрна. У Панаме яны зарабляюць не больш даляра за тыдзень. Часцей за ўсё яны атрымліваюць па меднай манеце каштоўнасцю ў адно су[38] за кожную ракавіну, маючую ў сабе перл. Але не кожная ракавіна, сярод сабраных імі, мае гэты перл.

— Па аднаму су за перл, які ўзбагачае прамыслоўца? Гэта агідна!

— Такім чынам, спадар прафесар, — сказаў капітан Нэма, — вы і вашы спадарожнікі можаце агледзець перлавае дно Манаарскай затокі. Калі выпадкова ў гэты час там будзе які лавец, вы пазнаёміцеся і з тэхнікай гэтага промысла.

— Гэта будзе вельмі цікава.

— Дарэчы, прафесар, вы не баіцеся акул?

— Акул? — ускрыкнуў я.

Гэтае пытанне здалося мне, мякка кажучы, дарэмным.

— Дык як-жа? — настойваў капітан Нэма.

— Павінен шчыра прызнацца, капітан, — сказаў я, — што я яшчэ недастаткова прызвычаіўся да гэтых рыбак…

— А мы прызвычаіліся настолькі, што ўжо не заўважаем іх і хутка вы таксама будзеце глядзець на іх, — адказаў мне капітан. — Мы будзем добра ўзброены і адначасова, калі ўдасца, зробім паляванне на якую-небудзь акулу. Гэта цікавае паляванне. Значыцца, да заўтрага, прафесар? Мы адправімся раніцаю.

Сказаўшы гэта самым бесклапотным тонам, капітан Нэма выйшаў з салона.

Каб вас запрасілі паляваць на мядзведзяў у гарах Швейцарыі, вы, напэўна, адказалі-б: «Добра, заўтра пойдзем паляваць на мядзведзяў». Калі-б вас запрасілі паляваць па львоў у раўнінах Атласа альбо на тыграў у джунглях Індыі, вы, магчыма, падумалі-б: «Што-ж, папаляваць на тыграў альбо на львоў, гэта цікава». Але калі вас запрашаюць паляваць на акул не з палубы карабля, а ў іхнім уласным родным асяроддзі, вы, напэўна, сур’ёзна падумаеце, раней як прымеце такое запрашэнне.

Скажу шчыра, калі капітан Нэма выйшаў з салона, я павінен быў сцерці з ілба выступіўшы на ім халодны пот.

«Падумай добра, — сказаў я сабе, — спяшацца няма куды. Адна справа — паляванне на выдраў у падводных лясах вострава Крэспо — гэта толькі прыемная забава. Але другая справа — вандраваць па дну мора, калі цвёрда ўпэўнены, што немінуча сустрэнеш акул. Я ведаю, што ў некаторых месцах, у прыватнасці на Андаманскіх астравах, негры не баяцца нападаць на акул з кінжалам у адной руцэ і пятлёй — у другой. Але я ведаю таксама, што шмат смельчакоў, якія ўступаюць у паядынак з гэтымі вялізнымі драпежнікамі, не вяртаюцца жывымі. Акрамя таго, я-ж не негр, а калі-б і быў ім, дык у гэтым выпадку мае хістанні былі-б да некаторай ступені апраўданымі».

Перада мною ў думках праплывалі зграі акул; я бачыў іхнія вялізныя пасці, узброеныя некалькімі радамі зубоў, здольных перакусіць напалам чалавека; я адчуваў, як гэтыя зубы ўядаюцца ў мае бакі…

Акрамя таго, я не мог зразумець той бесклапотнасці, з якой капітан зрабіў мне гэтую прапанову. Можна было падумаць, што ён запрашаў мяне ў лес на паляванне на якую-небудзь нічога не вартую лісічку.

«Кансель, пэўна, адмовіцца, — падумаў я. — Гэта дасць і мне магчымасць адхіліць запрашэнне капітана Нэма».

Што тычыцца Нэда Лэнда, прызнаюся, я менш верыў у яго разважнасць. Небяспека, якой-бы вялікай яна ні была, заўсёды вабіла гэтую баявую натуру.

Я вярнуўся да кнігі Сіра, але перагортваў яе зусім машынальна; з яе старонак на мяне глядзелі страшэнныя разяўленыя пасці акул.

У салон увайшлі ў гэтую хвіліну Нэд Лэнд і Кансель. У абодвух быў добры настрой. Яны не ведалі, што чакае іх.

— Ведаеце, — звярнуўся да мяне Нэд Лэнд, — ваш капітан Нэма — ліха на яго! — толькі што зрабіў нам даволі прыемную прапанову.

— А, — сказаў я, — вы ўжо ведаеце?

— З дазволу гаспадара, — адказаў Кансель, — скажу, што камандзір «Наўтылуса» запрасіў нас наведаць цікавыя перлавыя промыслы ў Цэйлоне. Ён быў выключна далікатны з намі і трымаў сябе, як сапраўдны джэнтльмен.

— Ён больш нічога не сказаў вам?

— Нічога, — адказаў канадзец, — калі не лічыць яго заўвагі аб тым, што ён і вас запрасіў прыняць удзел у гэтым маленькім шпацыры.

— Сапраўды, — сказаў я. — Але ён не сказаў вам нічога аб…

— Не, спадар прафесар. Вы, вядома, пойдзеце з намі, так?

— Я?.. Вядома. Я бачу, што вам пачынаюць падабацца падводныя прагулкі, містэр Лэнд?

— Так, гэта цікава. Дужа цікава.

— Але можа крыху і небяспечна, — сказаў я, нібы мімаходзь.

— Што-ж можа быць небяспечнага ў простай пагулянцы на перлавую мялізну? — адказаў Нэд Лэнд.

Было відаць, што капітан Нэма не лічыў патрэбным палохаць маіх таварышаў думкай аб акулах. Я глядзеў на іх так, нібы яны ўжо страцілі руку ці нагу. Ці трэба было мне папярэдзіць іх аб небяспецы? Вядома. Але я не ведаў, як узяцца за гэта.

— Ці не згадзіцца гаспадар, — сказаў Кансель, — расказаць нам што-небудзь аб лоўлі перлаў?

— Пра самую лоўлю, ці пра звязаныя з ёй небяспекі? — запытаўся я, убачыўшы ў гэтым магчымасць даць гутарцы належны кірунак.

— Пра лоўлю, — адказаў канадзец. — Трэба заўсёды ведаць усё пра дарогу, па якой збіраешся ісці.

— У такім выпадку сядайце бліжэй, прыяцелі мае, і я раскажу вам аб перлавым промысле ўсё, што сам даведаўся з кнігі Сіра.

Нэд і Кансель селі на канапу побач са мной. Канадзец перш за ўсё задаў мне пытанне:

— Спадар прафесар, што такое перл?

— Для паэта, дружа Нэд, перл — гэта сляза мора. Для ўсходніх народаў — гэта зацвярдзелая раса; для дам — гэта каштоўнейшы авальны камень з цмяным бляскам, які можна насіць, як аздобу на пальцах, на шыі, альбо ў вушах; для хіміка — гэта злучэнне фосфарнакіслых солей з вуглекіслым кальцыем і невялікай колькасцю жалатыны; нарэшце, для натураліста гэта проста хваравіты нараст у некаторых двустворчатых ракушак…

— Належачых да аддзела малюскаў, класа пласцін-чатажаберных, — падхапіў Кансель.

— Зусім правільна, мой вучоны прыяцель. Усе тыя малюскі, якія вылучаюць перламутр, г. зн. блакітную, фіялкавую альбо белую матэрыю, усцілаючую ўнутраную паверхню створак іх ракавін, — усе яны могуць рабіць перлы.

— І спажыўныя ракушкі таксама? — спытаў канадзец.

— Але, і спажыўныя ракушкі некаторых вадаёмаў Шатландыі, Уэльса, Ірландыі, Саксоніі, Багеміі, Францыі[39].

— Так, — сказаў канадзец, — будзем мець гэта на ўвазе. Спатрэбіцца калі-небудзь!

— Але галоўным пастаўшчыком перлаў з’яўляецца перлавая ракавіна. Перл — гэта не што іншае, як перламутравы нараст, прыняўшы сферычную форму. Перл альбо прыклейваецца да створак ракавіны, або гняздзіцца ў складках цела малюска. Незалежна ад таго, дзе ўтварыўся перл — ці на створках ці на целе малюска — ён заўсёды мае ядро, вакол якога тонкімі канцэнтрычнымі пластамі з года ў год нарастаюць перлавыя адклады. Ядром можа служыць мёртвае яйка або выпадкова трапіўшая пад створкі пясчынка.

— Ці можа быць некалькі перлаў у адной ракавіне? — запытаўся Кансель.

— Гэта бывае. Некаторыя ракавіны вырошчваюць цэлыя перлавыя каралы. У друку паведамлялася аб ракавіне, у якой знайшлі — праўда, я мала веру ў гэта — цэлых сто пяцьдзесят акул.

— Сто пяцьдзесят акул? — ускрычаў Нэд Лэнд.

— Няўжо я сказаў акул? — замяшаўся я. — Я хацеў сказаць перлаў. Акулы — гэта бязглуздзіца.

— Вядома, — сказаў Кансель. — Але ці не скажа гаспадар, як здабываюць перлы з ракавін?

— Ёсць розныя спосабы. Іншы раз, калі перл прыклеіўся да створак, яго вымаюць проста абцугамі. Але часцей за ўсё сабраныя ракавіны раскладаюцца на цыноўках, тут-жа на беразе, і іх пакідаюць мерці на свежым паветры. Праз дзесяць дзён, калі малюскі пачынаюць гнісці, іх ссыпаюць у вялікія басейны з марской вадою, а потым адчыняюць створкі ракавін і мыюць іх. Тут пачынаецца работа сартавальнікаў: сабраўшы раней перлы, прыклееныя да створак, яны аддзяляюць тады ад ракавін перламутравыя пласцінкі, якія ідуць у асобны продаж, і, нарэшце, кіпяцяць парэнхіму[40] малюскаў да абсалютнага расплывання і адцэджваюць з вадкасці аж да драбнюткіх перлаў.

— Каштоўнасць перла залежыць толькі ад яго велічыні? — запытаўся Кансель.

— Не, не толькі ад велічыні, — адказаў я, — але і ад формы, «вады», г. зн. колеру, бляску, тых пераліваў святла, якія робяць перл такім прыемным для вока. Самыя буйныя перлы ствараюцца ў зборках цела малюскаў. Яны белага колеру, большай часткай не празрыстыя, але часам апалава-празрыстыя. Яны бываюць пераважна сферычнымі альбо грушавіднымі па форме. Сферычныя перлы ідуць на бранзалеты, грушавідныя — на завушніцы і падвескі. Тыя і тыя прадаюцца па штуках. Перлы, прыліплыя да створак, маюць менш правільную форму і таму каштуюць таней першых і прадаюцца на вагу. Нарэшце, трэці гатунак — гэта дробныя перлы. Яны прадаюцца меркамі і служаць галоўным чынам для розных вышывак, асабліва царкоўнага адзення.

— Відаць, сартаванне перлаў па велічыні — гэта доўгая і даволі цяжкая праца? — запытаўся канадзец.

— Не, мой любы, гэта вельмі простая справа. Гэтая праца выконваецца пры дапамозе адзінаццаці сіт, альбо рэшат. Перлы, якія не прайшлі праз рэшата з колькасцю дзір ад дваццаці да васьмідзесяці, належаць да першага гатунку; не прайшоўшыя скрозь рэшата з колькасцю дзір ад ста да васьмісот — гэта другі гатунак; нарэшце, перлы, для якіх патрэбна рэшата з васьмюстамі тысячаў дзірак, адносяцца да трэцяга гатунку.

— Гэта дасціпна, — сказаў Кансель. — Я бачу, што праца сартоўшчыка механізавана… Ці не можа сказаць, гаспадар, які прыбытак прыносіць эксплуатацыя перлавых промыслаў?

— Калі верыць звесткам, якія дае Сір, — адказаў я, — дык цэйлонскія перлавыя мяліны аддаюцца на водкуп за гадавую плату ў тры мільёны акул.

— Франкаў! — паправіў мяне Кансель.

— Вядома, франкаў! Тры мільёны франкаў, — паўтарыў я. — Але мне здаецца, што цяпер гэтыя мелі не прыносяць ужо такога прыбытку, як раней. Тое-ж самае з амерыканскімі мелямі. Пры Карле пятым яны давалі кожны год перлаў на чатыры мільёны франкаў, а цяпер гэтая прадукцыя знізілася на дзве трэці. Наогул усе перлавыя промыслы свету даюць у год перлаў прыкладна на дзевяць мільёнаў франкаў.

— Але я чуў, што ёсць асобныя перлы, якія прадаюцца за вялікія грошы? — сказаў Кансель.

— Так, мой дружа. Гісторыя гаворыць, што Юлій Цэзар падарыў Сэрвіліі перл коштам сто дваццаць тысяч франкаў на нашыя грошы.

— А я чуў, — сказаў канадзец, — што нейкая старадаўняя дама распускала перлы ў воцату і піла яго.

— Гэта Клеапатра! — крыкнуў Кансель.

— Напэўна гэта было не смачна! — заўважыў Нэд Лэнд.

— Гэта было агідна, Нэд, — адказаў Кансель, — але падумайце, што такая шкляначка воцату каштавала паўтараста тысяч франкаў!

— Шкада, што гэтая дама не была маёй жонкай, — сказаў канадзец, пазіраючы на свае моцныя кулакі.

— Нэд Лэнд — супруг Клеапатры! — зарагатаў Кансель.

— Я збіраўся жаніцца, Кансель, — не міргнуўшы вокам, адказаў канадзец, — і не мая віна, калі справа не выгарэла. Я нават купіў перлавыя каралы Кэт Тэндэр, сваёй нявесце, але яна чамусьці выйшла замуж за другога. Але гэтыя каралы каштавалі мне ўсяго паўтара даляры. Хоць — паверце майму слову, спадар прафесар, — ніводзін з камянёў гэтых каралаў не прайшоў-бы нават праз дваццацідзірнае рэшата.

— Любы мой Нэд! — рассмяяўся я. — Гэта былі каралы са штучных перлаў — звычайных шкляных шарыкаў, напоўненых перлавай эсенцыяй.

— Усё-ж, — адказаў канадзец, — гэтая эсенцыя павінна каштаваць не танна.

— Яна нічога не каштуе. Гэта луска дробнай рыбы — уклейкі, раствораная ў азотнай кіслаце. Эсенцыя гэтая каштуе глупства.

— Цяпер я разумею, чаму Кэт Тэндэр выйшла замуж за другога, — з філасофскім спакойствам сказаў Нэд Лэнд.

— Але вернемся да гутаркі аб каштоўных перлах, — сказаў я. — Я не думаю, каб у каго-небудзь з земных манархаў быў перл больш каштоўны за той, што належыць капітану Нэма.

— Вось гэты? — запытаўся Кансель, паказваючы на каштоўнасць, якая ляжала пад шклом вітрыны.

— Гэты самы. Думаю, што не памылюся, вызначыўшы яго кошт у два мільёны…

— Франкаў! — хуценька падказаў мне Кансель.

— Зусім правільна, два мільёны франкаў. І для таго, каб здабыць яго, капітану Нэма варта было толькі нахіліцца…

— Вось бачыце, — ускрыкнуў Нэд Лэнд, — хто ведае, можа ў часе заўтрашняй пагулянкі і мы знойдзем такі самы?

— Гм! — буркнуў Кансель.

— А чаму-б і не?

— Навошта нам на борце «Наўтылуса» мільёны?

— На борце яны, вядома, не патрэбны, але ў іншых месцах…

— У іншых месцах! — Кансель толькі паківаў галавою.

— Нэд Лэнд мае рацыю, — сказаў я, — каб мы прывезлі ў Еўропу ці Амерыку перл, коштам некалькі мільёнаў франкаў, гэта надало-б большую вартасць расказам пра нашы падводныя прыгоды, выклікала-б да іх большае давер’е.

— Зразумела! — згадзіўся канадзец.

— Але скажыце, — зноў пачаў Кансель, якога цікавіў больш навуковы бок пытання, чымся матэрыяльны, — ці мае якую-небудзь небяспеку лоўля перлаў?

— Не, — адказаў я жвава, — асабліва калі прыняць некаторыя меры перасцярогі.

— А якія небяспекі можа мець такое рамяство? — запытаўся Нэд Лэнд — Хіба толькі можна праглынуць лішнюю каплю вады.

— Ну, не толькі гэта, Нэд. Дарэчы, — дадаў я, стараючыся гаварыць таксама бесклапотна, як капітан Нэма, — вы не баіцёся акул, Нэд?

— Гэта я? — усклікнуў Нэд. — Мне, прафесіянальнаму гарпуншчыку, ды баяцца акул? Ды пляваў я на іх!

— Гутарка ідзе не аб гэтым, каб злавіць акулу на кручок, уцягнуць на палубу карабля, адсячы ёй тут сякерай хвост, успароць чэрава, вырваць сэрца і выкінуць яго ў мора.

— Значыцца, вы пыталіся пра…

— Вось іменна!

— У вадзе?

— У вадзе!

— Калі мець добры гарпун у руцэ!.. Ведаеце, спадар прафесар, наогул гэта досыць нязграбная жывёла. Для таго, каб схапіць вас, яна абавязкова павінна павярнуцца на спіну, а за гэты час вы заўсёды паспееце ўсадзіць ёй гарпун у сэрца.

— А ты Кансель, якой думкі аб гэтых акулах? — запытаўся я.

— Я буду зусім шчыры з гаспадаром, — пачаў Кансель.

«У добры час!» падумаў я.

— Калі гаспадар рашыў не звяртаць увагі на акул, то чаму-ж мне, яго пакорнаму слузе, баяцца сустрэчы з імі?

Раздзел трэці Перл коштам у 10 000 000 франкаў

Надышла ноч. Я ўлёгся на ложак, але спалася мне дрэнна. Акулы ўвесь час сніліся мне, і не раз я прачынаўся, абліваючыся халодным потам.

Раніцай, а чацвёртай гадзіне, мяне разбудзіў сцюард, прыстаўлены да мяне для паслуг капітанам Нэма. Я хутка ўстаў, апрануўся і выйшаў у салон.

Капітан Нэма ўжо чакаў мяне там.

— Гатовы вы адправіцца, прафесар? — запытаўся ён.

— Зусім гатоў, капітан.

— У такім разе прашу паследваць за мною.

— А мае спадарожнікі, капітан?

— Іх ужо папярэдзілі, і яны чакаюць нас.

— Мы надзенем зараз скафандры?

— Пакуль што — не. «Наўтылус» не можа падыйсці блізка да берагу, і я спыніў яго даволі далёка ад перлавых мялін Манаарскай затокі. Таму я загадаў падрыхтаваць шлюпку, якая даставіць нас непасрэдна да самай мяліны і гэтым вызваліць нас ад залішняй стомленасці. Нашы скафандры складзены ў шлюпку, і мы надзенем іх перад самым апусканнем.

Капітан Нэма запрасіў мяне пайсці за ім. Мы падняліся на палубу. Нэд Лэнд і Кансель ужо чакалі нас там, задаволеныя перспектывай «прыемнай прагулкі». У шлюпцы, спушчанай на ваду і прывязанай да борта «Наўтылуса», на вёслах сядзелі пяць матросаў.

Світання яшчэ не было, і ноч была беспрасветна цёмнай. Рэдкія зоркі мігацелі паміж густымі воблакамі. Я паглядзеў у бок зямлі, але ўбачыў толькі невыразнае згушчэнне цемры, закрываўшае тры чвэрці кругавіда. «Наўтылус», які прасунуўся за ноч уздоўж заходняга берагу Цэйлона, знаходзіўся цяпер каля ўвахода ў затоку, альбо, пэўней, у бухту, створаную берагамі Цэйлона і вострава Манаар. Пад цёмнай паверхняй вады знаходзілася адна з буйнейшых у свеце перлавых мялін, невычарпальная скарбніца, якая цягнулася бадай на дваццаць міль.

Капітан Нэма, Нэд Лэнд, Кансель і я занялі месца на карме шлюпкі. Адзін з матросаў стаў ля стырна, астатнія чацвёра ўзяліся за вёслы, і як толькі была адпушчана прычэпка, мы крануліся ў дарогу.

Шлюпка накіроўвалася на поўдзень. Грабцы не спяшаліся. Я заўважыў, што яны з сілай апускалі вёслы ў ваду з інтэрваламі ў дзесяць секунд, як гэта практыкуецца ў вайскова-марскіх флотах. У той час, калі шлюпка ішла па інерцыі, чуваць быў лёгкі шум вадзяных капляў, спадаўшых з паднятых вёсел на паверхню хваль. Лёгкая зыб, што ішла ад берагу, ледзь калыхала шлюпку, і грэблі хваляў з плёскам разбіваліся аб яе нос.

Мы маўчалі. Аб чым думаў капітан Нэма? Можа аб гэтай зямлі, аб тым, што мы надта наблізіліся да яе? Нэд Лэнд, мусіць, таксама думаў пра зямлю, але, па яго думцы, мы ўсё-ж былі надта далёка ад яе. Што-ж датычыцца Канселя, дык ён, здаецца, ні аб чым не думаў, а толькі з нецярплівасцю чакаў абяцанай прыемнасці.

А палове шостай гадзіны першыя праменні вызначылі больш выразна лінію гор на гарызонце. Нізкі на ўсходзе востраў быў гарыстым на поўдні. Мы знаходзіліся цяпер за пяць міль ад яго.

Між востравам і нашай шлюпкай мора было пустынным. Не відаць было ніводнага судна, ніводнага ныральшчыка. У гэтым месцы сустрэчы лаўцоў перлаў панавала глыбокая цішыня. Капітан Нэма казаў праўду: мы прыбылі сюды надта рана!

У шэсць гадзін раніцы надышоў дзень з той раптоўнасцю, якая ўласціва трапічным краінам, не ведаючым ні золаку, ні вячэрняга змроку. Сонечныя праменні прарываліся праз воблачную заслону, затуліўшую кругавід, і дзённае свяціла хутка падымалася па небе. Цяпер я выразна бачыў зямлю і нават асобныя дрэвы на беразе.

Шлюпка павярнула да вострава Манаар, берагавая паласа якога закруглялася на поўдні. Капітан Нэма падняўся з лаўкі і паглядзеў на мора.

Па яго знаку шлюпка спынілася, і якар быў кінуты ў ваду. Але прышлося выпусціць не больш аднаго метра якарнага ланцуга — настолькі мелкай была ў гэтым месцы перлавая мяліна. Шлюпку зараз-жа падхапіў адліў і пацягнуў назад у адкрытае мора, колькі дазволіў якарны ланцуг.

— Вось мы і прыехалі, прафесар, — сказаў капітан Нэма. — Бачыце гэтую замкнутую бухту? — У ёй праз месяц збяруцца сотні прамысловых суднаў, і тысячы адважных ныральшчыкаў апусцяцца ў гэтыя воды. Гэтая бухта вельмі зручная для лоўлі перлаў: яна абаронена горамі ад самых сільных вятроў, і ў ёй ніколі не бывае буйнага хвалявання, што надзвычай важна для працы ныральшчыкаў. Зараз мы надзенем свае скафандры і пачнём сваю прагулку.

Я нічога не адказаў і, не адрываючы вачэй ад падазроных вод, стаў пры дапамозе аднаго з матросаў апранацца ў цяжкі скафандр. Капітан Нэма і абодва мае таварышы таксама пачалі надзяваць скафандры, аказалася, што ніхто з матросаў «Наўтылуса» не суправаджае нас у гэтым падарожжы.

Неўзабаве мы былі засаджаны па самую шыю ў каўчукавую вопратку і на спіну нам павесілі рэзервуары са сціснутым паветрам. Апаратаў Румкорфа і электрычных ліхтароў у шлюпцы не было. Перад тым як надзець металёвую каску на галаву, я сказаў аб гэтым капітану Нэма.

— Яны нам не спатрэбяцца, — адказаў ён. — Мы не будзем забірацца ў глыбіню, а па мелкаводдзю нам зусім дастаткова будзе сонечнага святла. Акрамя таго, было-б вялікай хібай запальваць электрычныя ліхтары ў гэтых водах: іхняе святло магло-б прыцягнуць увагу небяспечных драпежнікаў.

У той час, калі капітан Нэма гаварыў гэта, я паглядзеў на Нэда Лэнда і Канселя. Але неразлучныя таварышы ўжо насадзілі на галовы металёвыя каскі і нічога не чулі.

Мне засталося толькі задаць капітану Нэма апошняе пытанне:

— А дзе-ж стрэльбы? Няўжо мы пойдзем няўзброенымі?

— Стрэльбы? Навошта яны нам? — адказаў капітан Нэма. — Хіба вашы горцы ідуць калі-небудзь на мядзведзя са стрэльбай? Кінжал у руцэ лепш усякай кулі. Вось добрае лязо. Суньце яго за пояс і хадземце.

Я паглядзеў на нашых спадарожнікаў. Яны былі ўзброены таксама, як і мы, і акрамя таго ў Нэда Лэнда ў руках быў гарпун, які ён захапіў з сабою з «Наўтылуса».

Мне нічога не заставалася рабіць, як прадзець галаву ў цяжкую мядзяную каску, дазволіць закруціць яе і адчыніць кран рэзервуара са сціснутым паветрам.

Праз хвіліну матросы спусцілі нас аднаго за другім у ваду, і на глыбіні не больш за паўтара метры мы намацалі нагамі пласт зляжалага пяску. Капітан Нэма зрабіў нам знак рукой, мы паследвалі за ім і па пакатаму спуску ўглыбіліся пад ваду.

Прыгнятаўшыя мяне прадчуванні раптам зніклі. Я адчуў глыбокі спакой. Лёгкасць майго руху, не сціснутага скафандрам, яшчэ больш узмацніла маю ўпэўненасць, і я ўвесь аддаўся цудоўнаму відовішчу падводнага жыцця.

Сонца зусім ясна асвятляла дно. Нават драбнюткія прадметы былі выразнымі. Пасля дзесяці хвілін хады мы апусціліся на глыбіню пяць метраў, і дно зрабілася плоскім і роўным.

Мы спудзілі некалькі зграек цікавых рыбак з атрада аднапёрых, не маючых іншага плаўніка, акрамя хваставога. Я заўважыў тут паласатых змеягаловаў даўжынёй амаль у метр, з жаўтавата-шэрай спіной і такім-жа брухам; яны адзначаліся ад змеягаловаў кітайскіх вялікім памерам і больш светлай афарбоўкай. Далей нам сустрэлася афарбаваная ў яркія колеры рыбка-парус, спінны плаўнік якой нагадвае каўнерык. Гэта спажыўная рыбка; высушаная і замарынаваная, яна лічыцца дэлікатэсам у мясцовага насельніцтва. Нарэшце я звярнуў увагу на належачую да сямейства карангавых рыб стаўрыду, цела якой пакрыта вельмі дробнай лускай; зверху стаўрыда блакітна-шэрага колеру, знізу — срабрыстага. Даўжыня яе не перавышае трыццаці сантыметраў.

Між тым усходзіўшае сонца ўсё ярчэй і ярчэй асвятляла ваду. Характар дна патроху змяняўся. Дробны, шчыльна зляжалы пясок перайшоў нібы ў шасейную дарогу, замошчаную круглымі зломкамі скал, паросшых дываном з зоафітаў і малюскаў.

Сярод прадстаўнікоў гэтых аддзелаў я ўбачыў плацэн з няроўнымі тонкімі створкамі ракавіны, належачых да сямейства вустрычных, якія водзяцца толькі ў Чырвоным моры і Індыйскім акіяне; памеранцавых люцын з круглай ракавінай; некалькі персідскіх пурніц, якія дастаўлялі «Наўтылусу» добрую фарбу; анацын — спажыўных ракавін, што прадаюцца на індастанскіх базарах, і, нарэшце, акулін, чароўныя веяры якіх прадстаўляюць, мусіць, самае прыгожае відовішча акіянскай фауны.

Сярод гэтых жывёлін-раслін сноўдалі легіёны членістаногіх, у прыватнасці многакаленчатых, з круглаватым целам, якое канчаецца з аднаго боку хабатком, а з другога — брушком з сямю парамі ног; палеастракоў — амаль вымершую разнавіднасць, пазбаўленую перадротавых канцовасцей; гіганцкіх крабаў, якіх назіраў і Чарльз Дарвін; прырода дала ім велічэзную сілу: яны ўзбіраюцца на прыбярэжныя дрэвы зрываюць з іх какосы, якія разбіваюцца пры падзенні, а тады расчыняюць іх сваімі магутнымі клюшнямі. Тут, у гэтых ярка асветленых водах, крабы перасоўваліся з дзіўнай рухавасцю, у процілегласць малабарскім, якія ледзь-ледзь паўзуць паміж скал.

Каля сямі гадзін раніцы мы, нарэшце, дабраліся да перлавай мяліны, дзе параскіданы мільёны ракавін. Гэтыя каштоўныя малюскі прыклейваюцца да скал пры дапамозе вылучаемай імі-ж слізістай вадкасці і больш ужо не рухаюцца, у адрозненне ад спажыўных ракушак, якія не трацяць здольнасці перасоўвацца.

Ракавіна, у якой ствараецца перл, мае амаль аднолькавыя вельмі тоўстыя створкі, шурпатыя звонку. Некаторыя з ракушак мелі зеленаватыя палосы, якія, як праменні, ішлі ва ўсе бакі ад іхняй вярхушкі. Гэта былі маладыя ракушкі. Іншыя, старэйшыя на дзесяць і больш год, былі цмяныя, амаль чорныя, і дасягалі пятнаццаці сантыметраў шырыні.

Капітан Нэма паказаў мне рукою на безліч ракавін, і я зразумеў, што гэтыя пяскі сапраўды невычарпальныя, бо ўраджайнасць прыроды ўсё-такі заўсёды стварае больш, чымся можа разбурыць чалавек. Нэд Лэнд, адданы чалавечаму інстынкту разбурэння, паспяшыў напоўніць сетку, вісеўшую ў яго збоку, лепшымі малюскамі.

Але нам нельга было спыняцца. Трэ’ было не адставаць ад капітана, які ўпэўнена ішоў наперад па вядомых яму дарожках. Мы некалькі разоў траплялі ка такія месцы, што, падняўшы руку над галавою, я даставаў ёю паверхню мора. Але тут-жа дно зноў апускалася. Часта нам прыходзілася абмінаць высокія пірамідальныя скалы. У іхніх шчылінах і расколінах гняздзіліся буйныя ракападобныя. Балансуючы на сваіх высокіх ножках, падобныя на нейкія фантастычныя вайсковыя машыны, яны пільна глядзелі на нас.

Нарэшце мы апынуліся каля ўвахода ў пячору, вырытую ў прыгожай, з капрызнымі абрысамі скале, густа паросшай найлепшымі прадстаўнікамі марской флоры. Спачатку мне здалося, што ў пячоры пануе непранікальная цемра і што сонечныя праменні гаснуць каля ўвахода; аднак, аказалася, што вада, якая запаўняе пячору, свеціцца нейкім празрыстым і невыразным святлом праглынутых сонечных праменняў.

Капітан Нэма зайшоў у пячору. Мы паследвалі за ім.

Неўзабаве мае вочы прызвычаіліся да змроку, панаваўшаму ў пячоры. Я пачаў распазнаваць зводы, капрызна зрэзаныя і падтрымліваемыя натуральнымі пілястрамі з шырокімі гранітнымі падножкамі, падобнымі на цяжкія калоны тасканскай архітэктуры.

Навошта нашаму дзіўнаму правадніку спатрэбілася зацягнуць нас у глыб гэтай падводнай пячоры?

Хутка я даведаўся аб гэтым.

Спусціўшыся па досыць цвёрдаму спаду, мы апынуліся на дне акруглай нізіны. Там капітан Нэма спыніўся і паказаў нам прадмет, які мы яшчэ не заўважылі.

Гэта была трыдакна гіганцкіх размераў, — дыяметрам два метры, — басейн, у якім маглі купацца некалькі дарослых людзей, большая нават, як трыдакна, што стаяла ў салоне «Наўтылуса».

Я падышоў бліжэй да гэтага дзіўнага малюска. Ён прыклеіўся да гранітнай пляцоўкі і рос у адзіноцтве ў спакойных водах гэтай пячоры. Я вызначыў вагу гэтай трыдакны ў трыста кілаграмаў. Такая «вустрыца» павінна мець не менш пятнаццаці кілаграмаў мяса.

Капітан Нэма, відаць, ведаў раней аб існаванні гэтай трыдакны. Ён ужо не ўпершыню наведваў яе, і я падумаў, што ён прывёў нас толькі затым, каб паказаць гэты цуд прыроды. Але я памыляўся. Капітану Нэма самому неабходна было азнаёміцца са становішчам ракавіны.

Гіганцкія створкі ракавіны былі трохі адчыненыя. Капітан прасунуў паміж іх кінжал, каб не даць ім замкнуцца. Потым ён рукою падняў зубчаты бераг мантыі малюска.

Там паміж зборак цела малюска я ўбачыў вольна растучы перл велічынёй у какосавы арэх. Яго правільная сферычная форма, надзвычайная чыстата і надзіва прыгожыя пералівы рабілі з яго каштоўнасць, якой літаральна не было цаны. Ахоплены цікавасцю, я працягнуў руку, каб дакрануцца да яго, зважыць, пацешыцца ім бліжэй. Але капітан Нэма затрымаў маю руку і выцягнуў кінжал са створак, якія зараз-жа зачыніліся.

Я зразумеў намер капітана: пакідаючы гэты перл у адзенні малюска, ён даваў яму магчымасць паціху расці. Кожны год вылучэнні малюска дадавалі яму новы пласт. Адзін толькі капітан Нэма ведаў пячору, дзе спеў гэты дзіўны плод. Ён вырошчваў яго, каб у які-небудзь дзень перанесці ў свой музей. Мажліва, ён сам і выклікаў стварэнне гэтага перла, як робяць гэта кітайцы і індусы, падсунуўшы пад мантыю малюска бусінку альбо металёвы шарык, які патроху абрастае перламутравым пакрыццём. Так ці інакш, але параўноўваючы гэты перл з тымі, аб існаванні якіх я чуў, і з тымі, якія захоўваліся пад вітрынамі ў музеі «Наўтылуса», я ацаніў яго мінімальна ў дзесяць мільёнаў франкаў. Гэта была нават не каштоўнасць, бо не было на свеце жанчыны, вуха якой вытрымала-б цяжар гэтай завушніцы.

Агляд цудоўнай трыдакны скончыўся. Капітан Нэма выйшаў з пячоры, і мы зноў узабраліся па адхону на перлавую мяліну сярод чыстых вод, яшчэ не ўспененых вадалазамі.

Мы ішлі ўраскідку, нібы шпацыравалі па полі. Кожны з нас спыняўся, дзе яму хацелася, далёка адстаючы ад іншых. Я зусім кінуў думаць аб небяспеках гэтай падводнай прагулкі, так хваляваўшых мяне напярэдадні.

Дно ўвесь час падымалася, і, нарэшце, на мелкім месцы, дзе глыбіня не перавышала метра, мая галава высунулася над паверхняй акіяна. Кансель дагнаў мяне і, прыставіўшы шкло сваёй каскі да шкла маёй, перадаў мне вачыма сяброўскае прывітанне. Але гэтае неглыбокае месца цягнулася ўсяго на некалькі дзесяткаў метраў, і мы зноў апусціліся ў сваю стыхію. Мне здаецца, я меў рацыю так называць цяпер акіян.

Прайшло яшчэ хвілін дзесяць. Раптам капітан Нэма спыніўся. Мне здалося, што ён спыніўся таму, што не ведае куды ісці, і мы зараз павернем назад. Але не: ён даў знак сабрацца вакол яго ў глыбіні даволі шырокай расколіны ў падводнай скале. Затым ён працягнуў руку да нейкай кропкі ў вадзе, і я пачаў уважліва ўглядацца ў яе.

За пяць метраў ад мяне мільгануў нейкі цень. Трывожная думка аб акулах пранеслася ў маёй галаве. Але я дарэмна ўсхваляваўся: на гэты раз яшчэ справа была не ў гэтых акіянскіх драпежніках. Гэта быў чалавек, жывы чалавек, індус-рыбак, небарака, мусіць нырнуў за перлавымі ракавінамі. Я ўбачыў дно яго лодкі, якая стаяла недалёка, над яго галавой. Ён ныраў і зараз-жа вяртаўся на паверхню. Апускаючыся ў ваду, ён трымаў нагамі вялікі камень, прывязаны вяроўкай да кармы лодкі. Гэта дапамагала яму хутчэй спускацца на дно; на глыбіні, прыкладна, пяць метраў ён выпускаў камень, кідаўся на калені і паспешна запаўняў сетку ля пояса ракавінамі, якія першымі трапляліся ў рукі. Потым ён усплываў на паверхню, высыпаў у лодку ракавіны, выцягваў на паверхню камень і зноў паўтараў сваю аперацыю. Пад вадою ён знаходзіўся кожны раз не болей трыццаці секунд.

Вадалаз не бачыў нас. Цень скалы хавала нас ад яго. Ды ці магло прыйсці ў галаву беднаму індусу, што людзі, істоты, падобныя да яго, знаходзіліся побач з ім пад вадою і сачылі за кожным яго рухам?

Шмат разоў ён ныраў і зноў падымаўся на паверхню. Кожны раз ён паспяваў набраць не больш дзесяці ракавін, бо іх прыходзілася адрываць ад дна, да якога яны моцна прылеплены. А колькі гэтых ракавін, з-за якіх ён рызыкаваў жыццём, былі пустымі!

Я сачыў за ім з вялікай увагай. Ён ныраў і падымаўся на паверхню праз правільныя адрэзкі часу. На працягу паўгадзіны яго працы нішто не перашкаджала. Я вельмі захапіўся назіраннем гэтай цікавай работы і зусім забыўся на пагражаючыя лаўцу небяспекі, як раптам у тую хвіліну, калі індус стаяў на каленях, збіраючы ракавіны, я ўбачыў, што ён нечакана шарахнуўся ад жаху, ускочыў на ногі і паспешна адштурхнуўся ад дна, каб усплыць.

Я зразумеў прычыну яго спалоху. Над няшчасным вадалазам мільгануў вялізны цень. Гэта была велізарная акула, якая неслася наперарэз яму з адчыненай пасцю і палаючымі вачыма!

Я скамянеў ад жаху і не мог зрабіць ніякага руху.

Пражэрлівы драпежнік кінуўся на няшчаснага індуса. Той адскочыў у бок і ўхіліўся ад расчыненай пасці, але не здолеў выратавацца ад страшэннага ўдара хвастом па грудзях, і адразу паваліўся на дно.

Уся гэтая сцэна адбылася на працягу некалькіх секунд. Акула вярнулася і, павярнуўшыся на спіну, рыхтавалася перарэзаць індуса напалам, як раптам я ўбачыў, што капітан Нэма, які стаяў побач са мной, рашуча зрабіў крок насустрач страшыдлу, трымаючы кінжал у руцэ.

Ён хацеў уступіць у паядынак са страшэнным драпежнікам.

Акула ўжо збіралася праглынуць беднага вадалаза, калі ўбачыла новага супраціўніка. Мігам павярнуўшыся на жывот, яна кінулася яму насустрач. Я і цяпер выразна памятаю ўсе падрабязнасці жудаснай барацьбы.

Капітан Нэма спыніўся і спакойна чакаў набліжэння вялізнай акулы. Калі тая кінулася на яго, ён з незвычайнай спрытнасцю адскочыў у бок, ухіліўся ад штуршка і да самай ручкі ўсадзіў ёй у бруха кінжал.

Але на гэтым справа не скончылася. Толькі тут і пачалася барацьба.

Акула, фігуральна кажучы, зараўла. Кроў струменем лілася з яе раны. Вада вакол нас так густа афарбавалася ў непразрысты чырвоны колер, што я не бачыў ужо далейшага.

Толькі праз некалькі секунд, калі вада прасвятлела, я ўбачыў, што адважны капітан учапіўся ў плаўнік акулы і шалёна змагаецца з ёю, лупцуючы яе наўзмах кінжалам у бруха, але не маючы магчымасці нанесці апошні рашучы ўдар — у сэрца. Акула люта круцілася, ускаламучваючы ваду з такой сілай, што я ледзь трымаўся на нагах. Я хацеў кінуцца на дапамогу капітану, але, ахоплены жахам, не мог зрабіць ніводнага кроку.

З роспаччу я бачыў, як становішча барацьбітаў змяняецца. Капітан паваліўся на дно, прыціснуты вялізнай тушай, якая навалілася на яго. Пасць акулы раскрылася, вялізная і жудасная, і праз секунду капітан ужо развітаўся-б з жыццём, каб не дапамога Нэда Лэнда.

Як маланка, кінуўся канадзец на акулу і нанёс ёй страшэнны ўдар гарпуном.

Вада зноў сцямнела ад новых патокаў крыві і закруцілася ад шалёных удараў хваста акулы. Але Нэд Лэнд не прамахнуўся. Яго гарпун трапіў акуле ў самае сэрца. Гэта была агонія. Хваляванне, узнятае сударгавымі рухамі страшыдлы, было настолькі вялікім, што зваліла мяне з ног.

Тым часам Нэд Лэнд дапамог капітану падняцца на ногі. Не атрымаўшы ніводнае драпіны ў барацьбе, ён зараз-жа падбег да індуса, адрэзаў вяроўку з каменем, схапіў яго ўпоперак цела і, адапхнуўшыся ад дна, усплыў на паверхню акіяна.

Мы ўтрох паследвалі за ім і праз некалькі секунд дасягнулі лодкі няшчаснага вадалаза. Першай турботай капітана Нэма было вярнуць небараку прытомнасць. Я баяўся, што гэта яму не ўдасца, але не лічыў справу безнадзейнай, бо індус не доўга быў пад вадой. Вось толькі ўдар хваста акулы мог забіць яго на месцы.

На шчасце, гэтага не здарылася, і ад энергічных расціранняў Канселя і капітана Нэма прытомнасць паступова вярталася да бедака. Ён адчыніў вочы. Якое здзіўленне і жах павінны былі ахапіць яго, калі ён убачыў чатыры вялізныя медныя галавы, схіліўшыяся над ім!

І што ён павінен быў падумаць, калі капітан Нэма адвязаў ад свайго пояса сетку з перламі і палажыў яму ў руку? Гэты багаты падарунак вадзянога чалавека быў з трапятаннем, дрыжачай рукою ўзяты бедным цэйлонскім індусам. Спалох і здзіўленне на яго твары лепш за словы гаварылі, што ён не ведае, якім цудоўным істотам ён абавязаны адначасова жыццём і багаццем.

Па знаку капітана Нэма мы вышлі з лодкі, вярнуліся на дно перлавай мяліны і пасля паўгадзіннай хады падышлі да якара, на якім стаяла шлюпка «Наўтылуса».

Падняўшыся на борт яе, мы, пры дапамозе матросаў, першым чынам вызваліліся ад цяжкіх металёвых касак.

Першае слова капітана Нэма было накіравана да Нэда Лэнда:

— Дзякую, містэр Лэнд! — сказаў ён.

— Няма за што, капітан, — адказаў канадзец. — Я толькі вярнуў вам доўг.

Бледная ўхмылка прабегла па твары капітана, і гэтым усё скончылася.

— Да «Наўтылуса»! — скамандаваў ён.

Лодка стралой панеслася па хвалях. Праз некалькі хвілін мы праплылі каля трупа акулы.

Па вострай мордзе і даўгім, падобным на серп, і важкім плаўнікам, якія даходзілі амаль да спіннога плаўніка, нарэшце па шыфернаму колеру спіны і беламу колеру бруха я пазнаў у ёй блакітную акулу — адну з самых небяспечных парод акул.

Кансель глядзеў на яе з навуковай цікавасцю, і я ўпэўнены, што ён у гэтую хвіліну залічваў яе ў падклас храшчавых рыб, сямейства сапраўдных акул і від блакітных акул. І рабіў правільна.

У той час, калі я разглядаў гэтую нерухомую тушу, штук шэсць ненажэрных яе сваякоў раптам паказаліся каля лодкі. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, яны накінуліся на труп блакітнай акулы і пачала вырываць адзін у аднаго кавалкі.

А палове дзевятай мы вярнуліся на борт «Наўтылуса».

Апынуўшыся ў сябе ў каюце, я аднавіў у памяці здарэнні сённяшняй раніцы. З іх можна было вывесці два вывады. Першы аб тым, што капітан Нэма — адважнейшы чалавек, і другі — што, не гледзячы на сваю нянавісць да чалавецтва, ад якога ён уцёк на дно марское, ён рызыкаваў сваім жыццём, каб выратаваць жыццё невядомага яму бедняка. Што-б ні казаў пра сябе гэты дзіўны чалавек, відаць, ён не здолеў да канца прыдушыць гуманныя пачуцці ў сваім сэрцы!

Калі я сказаў яму гэта, ён адказаў мне з некаторым хваляваннем.

— Гэта быў індус, жыхар прыгнечанай краіны. Да апошняга ўздыху я буду на баку ўсіх прыгнечаных, і кожны прыгнечаны быў, ёсць і будзе братам мне!

Раздзел чацвёрты Чырвонае мора

Дваццаць дзевятага студзеня ўдзень востраў Цэйлон знік за гарызонтам, і «Наўтылус» з хуткасцю дваццаць міль у гадзіну пусціўся ў лабірынт праток, аддзяляючых Мальдыўскія астравы ад Лакедыўскіх. Ён прайшоў каля Кітана, каралавага вострава, адкрытага Васко дэ Гама ў 1499 годзе, аднаго з дзевятнаццаці буйнейшых астравоў Лакедыўскага архіпелага, размешчанага пад 10°0´ і 14°30´ паўночнай шыраты і 69°0´ і 50°72´ усходняй даўгаты.

Мы прайшлі да гэтага часу шаснаццаць тысяч дзвесце дваццаць міль, альбо сем тысяч пяцьсот лье з моманту адплыцця з Японскага мора.

На другі дзень, 30 студзеня, калі «Наўтылус» усплыў на паверхню, зямлі ўжо не было відаць. Судна накіроўвалася цяпер на паўночна-паўночны захад, да мора Оман, паміж Аравіяй і Індыйскім паўвостравам, якое служыць уваходам у Персідскую затоку.

Персідская затока была для нас тупіком, далейшага прахода праз яе не было. Куды нас вёў капітан Нэма? Я не мог адказаць на гэтае пытанне ні сабе, ні тым больш Нэду Лэнду, задаўшаму мне яго ў гэты дзень.

— Мы ідзем туды, дарагі Нэд, куды глядзяць вочы капітана Нэма, — адказаў я яму.

— Баюся, што гэта не давядзе нас да дабра, — сказаў канадзец. У Персідскай затокі толькі адзін уваход, ён-жа служыць і выхадам, і калі мы войдзем у яе, нам немінуча прыйдзецца вяртацца назад.

— Што-ж, і павернем, Нэд. Калі-ж пасля Персідскай затокі капітан Нэма захоча наведаць Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбская пратока заўсёды гатова прапусціць яго карабель.

— Спадар прафесар, вы не горш за мяне ведаеце, што Чырвонае мора такое-ж закрытае мора, як і Персідская затока, — сказаў мне Нэд Лэнд, — бо Суэцкі канал яшчэ не пракапаны і нават гэткае таямнічае судна, як «Наўтылус», не здолее прабрацца праз катлаваны будучых яго шлюзаў. Такім чынам Чырвонае мора ніяк не зможа наблізіць нас да Еўропы.

— Але я і не казаў вам, што мы набліжаемся да Еўропы.

— Што-ж вы аб гэтым думаеце?

— Я думаю, што наведаўшы цікавыя воды, амываючыя берагі Аравіі і Егіпта, «Наўтылус» зноў вернецца ў Індыйскі акіян, — ці праз Мазамбікскую пратоку, ці каля Маскарэнскіх астравоў, — і дасягне мыса Добрай Надзеі.

— Дапусцім, што так яно і будзе, — вёў далейшы допыт Нэд Лэнд. — Ну-с, а пасля таго, як мы дабяромся да мыса Добрай Надзеі?

— «Наўтылус» абміне яго і апынецца ў тым самым Атлантычным акіяне, дзе мы яшчэ не былі. Скажыце праўду, Нэд, няўжо вас стаміла гэтае падводнае плаванне? Няўжо вам надакучыла гэтая несканчальная разнастайнасць падводных пейзажаў? Што тычыцца мяне, дык, прызнаюся, я з усёй шчырасцю шкадую, што канчаецца гэтае дзіўнае падарожжа, аб якім не можа і марыць ніводзін чалавек.

— Няўжо вы забыліся, спадар прафесар, — сказаў канадзец, — што вось ужо тры месяцы, як мы знаходзімся ў палоне на гэтым падводным караблі?

— Я гэтага не памятаю, Нэд, і памятаць не хачу! Я не лічу ні гадзін, ні дзён прабывання на «Наўтылусе».

— Чым-жа гэта скончыцца?

— Канец прыйдзе ў свой час! У дадатак, мы нічым не можам паскорыць яго наступлення і толькі дарэмна спрачаемся. Каб вы, мой адважны Нэд, прышлі і сказалі мне: «Ёсць выпадак уцячы адсюль!» — я-б з ахвотай абмеркаваў разам з вамі нашы шансы на вызваленне. Але такога выпадку пакуль яшчэ няма, і, шчыра кажучы, я мала веру ў тое, што капітан Нэма адважыцца калі-небудзь увайсці ў еўрапейскія моры.

З гэтага кароткага дыялога відаць, што я стаў фанатычным прыхільнікам «Наўтылуса» і яго загадкавага капітана.

Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён скончыў гутарку наступным выразам:

— Усё гэта вельмі добра, але па-мойму, дзе ёсць прымус, там няма прыемнасці!

На працягу наступных чатырох дзён, да 3-га лютага, «Наўтылус» вандраваў па мору Омана з рознымі хуткасцямі і на розных глыбінях. Здавалася, ён плыў так сабе, як быццам не вызначыўшы яшчэ канчатковага шляху, але ні разу за гэтыя дні мы не перасеклі тропіка Рака.

Перад тым, як развітацца з гэтым морам, мы на працягу некалькіх хвілін назіралі Маскат, галоўны горад Омана. Я быў зачараваны яго прыгожым выглядам: белыя будынкі і ўмацаванні на чорным грунце скал сапраўды былі надзвычай эфектныя. Я любаваўся круглымі купаламі яго мячэцей, вострымі шпілямі яго мінарэтаў, свежай зелянінай яго тэрас. Але гэтая здань цягнулася нядоўга, і «Наўтылус» зноў апусціўся ў глыбіні цёмных вод.

Затым наша судна паплыло на адлегласці шасці міль ад зямлі ўздоўж берагоў Аравіі, каля Махраха і Гадрамаута, каля звілістай лініі невысокіх гор, сям-там усеяных старажытнымі руінамі. Пятага лютага мы нарэшце ўвайшлі ў Адэнскую затоку, нібы лейку, устаўленую ў шыйку Баб-эль-Мандэбскай пратокі, праз якую воды Індыйскага акіяна пераліваюцца ў Чырвонае мора.

Шостага лютага «Наўтылус» усплыў на паверхню мора, маючы перад сабою горад Адэн, па прыродных умовах сапраўдны аравійскі Гібралтар, захоплены ангельцамі ў 1839 годзе і цяпер ператвораны ў зусім непрыступную крэпасць. Я бачыў здалёк васьмісценныя мінарэты гэтага горада, які, па словах гісторыка Эдрыдзі, некалі быў самым жвавым і багатым гандлёвым пунктам на ўсім узбярэжжы.

Я быў упэўнены, што ад Адэна капітан Нэма паверне «Наўтылус» назад. Але я памыліўся.

На другі дзень, 7 лютага, мы ўвайшлі ў Баб-эль-Мандэбскую пратоку. Назва пратокі па-арабску азначае «Дзверы слёз». Даўжыня пратокі ўсяго пяцьдзесят два кіламетры, і «Наўтылус», які імчаўся з усёй хуткасцю, прайшоў яе менш як за гадзіну. Але мне не ўдалося нічога ўбачыць, нават берагоў вострава Перыма, захопленага ангельцамі для таго, каб узмацніць панаванне Адэна над морам. Надта многа ангельскіх і французскіх караблёў, злучаючых Суэцкі перашыек з Бамбеем, Калькутай, Мельбурнам і востравам св. Маўрыкія, баразнілі ваду пратокі, каб «Наўтылус» мог плыць па паверхні яго. Таму мы ўвесь час плылі пад вадой.

Нарэшце, а поўдні, мы ўвайшлі ў воды Чырвонага мора.

Чырвонае мора! Ніколі хмары не праліваюцца дажджом над яго паверхняй! Ніколі неба над ім не хмурыцца воблакамі! Ніводная значная рэчка не нясе ў яго сваіх вод! Распаленае сонца выклікае вялізнае выпарэнне яго верхніх пластоў, і ўзровень іх кожны год зніжаецца на паўтара метры.

Каб гэтая дзіўная затока была адрэзана ад акіяна і ператварылася ў возера, мусіць, яно ўжо высахла-б. Узровень вады ў ёй ніжэй, як у замкнутым з усіх бакоў Каспійскім моры, дзе колькасць выпараемай вады акурат замяшчаецца колькасцю ападкаў.

Чырвонае мора цягнецца на дзве тысячы шэсцьсот кіламетраў у даўжыню пры сярэдняй шырыні ў дзвесце сорак кіламетраў. У часы фараонаў Пталамеяў і Рымскай імперыі гэта была найвялікшая гандлёвая артэрыя ў свеце. Адчыненне Суэцкага канала верне гэтаму мору яго былое значэнне.

Я не спрабаваў нават зразумець, які капрыз прывёў капітана Нэма ў гэтую затоку. Але я быў бясконца рады, што «Наўтылус» апынуўся тут. Мы ішлі цяпер з сярэдняй хуткасцю, то ўсплываючы на паверхню, то апускаючыся ў ваду, каб размінуцца з сустрэчным караблём, і такім чынам я знаёміўся звонку і знутры з гэтым цікавым вадаёмам.

Восьмага лютага з першымі праменнямі дня, мы ўбачылі Мока, горад руін, выпетраныя сцены якога падаюць ад аднаго грукату гарматнага стрэлу. Між руінамі пусцілі карані і прыемна зелянеюць фінікавыя пальмы. Мока некалі быў буйным цэнтрам з шасцю базарамі, дваццацю шасцю мячэцямі і чатырнаццацю фортамі, якія абкружалі горад кальцом у тры кіламетры.

«Наўтылус» наблізіўся да берагоў Афрыкі, дзе мора было больш глыбокаводным. Апускаючыся там у ваду, мы захапіліся дзівоснымі хмызнякамі ярка чырвоных каралаў і густым зялёным дываном водарасцяў і фукусаў, засцілаўшых падводныя скалы. Якое неапісальнае відовішча прадстаўлялі сабою гэтыя падводныя рыфы і астраўкі, што далучаліся да Лівійскага ўзбярэжжа! Але асаблівага хараства і разнастайнасці падводныя пейзажы дасягалі ля ўсходніх берагоў, да якіх «Наўтылус» неўзабаве наблізіўся.

Каля Тэхамы зоафіты квітнелі не толькі пад вадою, але і высоўваліся сваімі маляўнічымі спляценнямі на некалькі метраў над паверхняй мора. Праўда, надводныя зоафіты былі больш цмяна афарбаваныя, чымся падводныя, якія заўсёды асвяжаюцца бягучай вадой.

Колькі чароўных гадзін правёў я, седзячы ля акна салона! Колькі новых узораў падводнай флоры і фауны бачыў я пры святле электрычнага пражэктара! Апендыкулярыі, сальмы, аспіднага колеру актыніі і ў тым ліку thalassianthus aster, падобныя на флейты і як быццам чакаючыя подыху бога Пана; незлічоныя чарапашкі, растучыя калоніямі, нарэшце тысячы разнавіднасцей паліпа, якога я яшчэ да гэтага часу нідзе не сустракаў, — губкі.

Клас губак — першы ў аддзеле паліпаў — цалкам складаецца з гэтых карысных і цікавых істот. Губка — не расліна, як яшчэ да гэтага часу думаюць некаторыя натуралісты, а жывёла самага ніжэйшага парадку; гэта паліп, які стаіць на больш нізкай ступені развіцця, чым нават каралы. Што губкі належаць да жывёльнага царства, гэта не выклікае ніякіх сумненняў, і, вядома, ужо не можа быць ніякай гутаркі аб тым, каб, па прыкладу старадаўніх вучоных, адносіць губкі да якога-небудзь прамежнага царства між жывёламі і раслінамі. Я павінен агаварыцца, што натуралісты да гэтага часу не ўзгаднілі пытання аб фармаванні губкі. Па думцы некаторых гэта — паліпняк, цэлая калонія дробных жывёлін, але іншыя, і ў тым ліку Мільн-Эдвардс, лічаць, што кожная губка — асобная жывёліна.

Клас губак налічвае каля трохсот разнавіднасцей. Яны сустракаюцца ва многіх морах, а таксама і ў некаторых рэках. Але часцей за ўсё губкі сустракаюцца ў Міжземным моры, у морах Грэцкага архіпелага, ля берагоў Сірыі і ў Чырвоным моры. Тут галоўным чынам і водзяцца тыя танчэйшыя мяккія губкі — светлая сірыйская і трыпалітанская, — якія прадаюцца па паўтараста франкаў за штуку.

Не маючы надзеі яшчэ раз сустрэцца з губкамі ў краінах Бліжняга Ўсходу, ад якіх нас аддзяляла непраходная сцяна Суэцкага перашыйка, я з тым большым стараннем заняўся вывучэннем губак Чырвонага мора.

Я паклікаў Канселя, і мы разам глядзелі ў акно, у той час, калі «Наўтылус» павольна плыў уздоўж скалістых усходніх берагоў на глыбіні васьмі-дзевяці метраў пад вадою.

Тут квітнелі губкі ўсіх відаў: сцеблавідныя, ліставідныя, шаравідныя, лапчатыя. Знадворны выгляд іх зусім адпавядаў назве кошыкаў, кялішкаў, пралак, львіных лап, паўлінавых хвастоў, пальчатак Нептуна, што надавалі ім лаўцы, якія маюць большы ўхіл да паэзіі, чымся да навукі. Вадкая, як кісель, матэрыя, што насычае іх валакністую тканіну, бесперапынна жывіць кожную асобную клетку тонкімі струмянькамі, якія нясуць жыццё. Атрымаўшы харч, клетка скарачаецца і выштурхоўвае з сябе непатрэбную ваду. Гэтая матэрыя знікае пасля смерці паліпа; гніючы, яна вылучае аміяк, і ад жывёлы застаецца толькі валакністая тканіна, якая рудзее на паветры і ўжываецца для розных мэт у залежнасці ад сваёй эластычнасці, водапранікальнасці і трываласці.

Губкі прырастаюць да скал, да ракавін малюскаў і нават да сцяблоў зоафітаў. Яны запаўняюць самыя дробныя шчыліны, кожную выбоіну ў скалах, то растучы ў шырыню, то ў вышыню і звісаючы ўніз, як каралавыя паліпы.

Я расказаў Канселю, што губак ловяць драгай, альбо ўручную, прычым гэты апошні спосаб лічыцца лепшым, таму што ныральшчыкі зрываюць іх асцярожней, не псуючы тканіны, што з’яўляецца немінучым пры лоўлі драгай.

З іншых зоафітаў, якія капашыліся вакол губак, больш за ўсё было медуз, якія вызначаліся вельмі прыгожымі формамі. З малюскаў тут былі кальмары, а з паўзуноў — марскія чарапахі і ў прыватнасці так званая супавая або зялёная чарапаха, мяса якой мы з прыемнасцю елі ў той-жа дзень.

Рыбы здзіўлялі сваім багаццем. Вось звычайны ўлоў «Наўтылуса» ў гэтыя дні: скаты, у тым ліку арліны скат, або марскі арол, які мае шырыню да паўтара метры і важыць каля дванаццаці кілаграмаў, з цёмна-бурай спіной і бруднабелым брухам; рагатыя кузаўкі з чатырохсценным касцяным панцырам і з доўгімі рогападобнымі калючкамі над вачыма; мурэны — драпежныя рыбы з сямейства вугрэй — з арыгінальна афарбаваным целам, пярэдняя частка якога яркажоўтая, задняя — бураватая, а зверху ўсяго цела ідзе цёмны мармуровы малюнак; занкі рагаты з сямейства каранёвых рыб, афарбаваны ў жоўты колер і перапаясаны чорнай і карычневай палосамі; прысоскі з сямейства коўбняшчупаковых рыб, афарбаваныя ў яркі кармінава-чырвоны колер з цёмнымі палосамі, — гэтыя рыбкі маюць прысосвальны апарат з храшчавага наросту і прысосваюцца вельмі моцна да каменняў альбо ракавін, выходзячы з нерухомага стану толькі для таго, каб накінуцца на спажыву альбо ратавацца ад ворага. Акрамя таго, у сеці трапляла шмат іншых рыб, з якімі мы ўжо сустракаліся ў іншых марах.

Дзевятага лютага «Наўтылус» плыў па той самай шырокай частцы Чырвонага мора, якая знаходзіцца між Суакінам на захадзе і Іеменам на ўсходзе.

У гэты дзень а поўдні, пасля таго, як памочнік ужо зрабіў назіранні, капітан Нэма далучыўся да мяне на палубе. Я рашыў не адпускаць яго, пакуль не даведаюся, куды ён вядзе «Наўтылус».

Капітан сам падышоў да мяне, як толькі ўбачыў мяне, прапанаваў сігару і сказаў:

— Падабаецца вам Чырвонае мора, прафесар? Ці пацешыліся ўжо вы з яго рыб, губак, зоафітаў і каралавых лясоў? Ці бачылі вы гарады, размешчаныя на яго берагах?

— Дзякую, капітан, я любаваўся ўсім гэтым. «Наўтылус» даў мне гэтую магчымасць. Якое разумнае судна!

— Так, прафесар, разумнае, адважнае і непераможнае! Яно не баіцца ні жудасных бур Чырвонага мора, ні яго цячэнняў, ні рыфаў!

— Сапраўды, — сказаў я, — гэтае мора лічыцца адным з самых небяспечных; калі не памыляюся, у яго была другая слава яшчэ ў старадаўнія часы.

— Гэта праўда, што ў яго з даўніх часоў дрэнная рэпутацыя, спадар прафесар. Грэцкія гісторыкі, ды і рымскія таксама, гавораць аб ім зусім дрэнна. Страбон кажа, што яно негасціннае ў перыяд дажджоў і паўночных вятроў. Арабскі гісторык Эдрыдзі, называючы яго Кальзунскай затокай, расказвае, што караблі ў вялікай колькасці гінуць на яго пясчаных мялінах і што ўначы ніхто не адважыцца плаваць па ім. Па яго словах, гэтае мора вядома страшэннымі ураганамі, усеяна негасціннымі астравамі і «не мае нічога прывабнага» ні на паверхні, ні ў глыбіні. Гэтую думку падзяляюць таксама Арыян, Агатархід і Артэмідор…

— Відаць, што гэтым гісторыкам не давялося плысці на борце «Наўтылуса», — дадаў я.

— Зусім правільна, — усміхнуўся капітан Нэма. — Аднак у гэтых адносінах становішча сучасных гісторыкаў не лепшае, як старадаўніх. Патрабавалася шмат вякоў, каб знайсці механічную сілу, якая знаходзіцца ў пары. Хто ведае, ці ўбачыць свет і праз сто гадоў другі «Наўтылус»? Тэхнічны прагрэс, спадар прафесар, — гэта марудная рэч!

— Праўда, — сказаў я, — ваш карабель на цэлы век, калі не на цэлыя вякі, выперадзіў сваю эпоху. Якое няшчасце, што сакрэт яго памрэ разам з яго вынаходцам!

Капітан Нэма не адказаў мне.

Пасля некалькіх хвілін маўчання ён зноў загаварыў:

— Мы гутарылі, здаецца, аб поглядах старадаўніх гісторыкаў наконт небяспекі плавання па Чырвонаму мору.

— Але, — сказаў я, — ці не лічыце вы, што іхняя сцеражлівасць была крыху перавялічанай?

— І так і не так, спадар прафесар, — адказаў мне капітан Нэма, які, відаць, добра вывучыў Чырвонае мора. — Тое, што не з’яўляецца небяспекай для сучаснага карабля, грунтоўна пабудаванага, маючага добрыя прылады, вольна выбіраючага свой шлях, дзякуючы паслухмянай пары, — усё гэта пагражала ўсялякімі нечаканасцямі караблям старадаўніх мораплаўцаў. Трэба ўявіць сабе гэтыя дашчатыя судзёнцы, шытыя пальмавымі вяроўкамі, праканапачаныя смалой і дэльфінавай тлустасцю! У іх не было ніякіх прылад для азначэння кірунку, і яны плылі наўздагад сярод невядомых цячэнняў. У гэтых умовах крушэнні былі — не маглі не быць — звычайным з’явішчам. Але ў нашы дні параходам, выконваючым рэйсы паміж Суэцкім перашыйкам і морамі паўднёвага паўшар’я, няма чаго баяцца бур Чырвонага мора, ні сустрэчных мусонаў. Капітанам, камандзе і пасажырам гэтых караблёў не трэба прыносіць перад адплыццём ніякіх адкупных ахвяр, і вярнуўшыся, яны не павінны з гірляндамі кветак ісці ў бліжэйшы храм дзякаваць багоў за ласку…

— Так, пара сцерла падзяку ў сэрцах маракоў, — жартаўліва сказаў я. — Дарэчы, капітан, вы так грунтоўна вывучылі гісторыю гэтага мора, што, мажліва, вы растлумачыце мне, чаму, уласна кажучы, яго называюць Чырвоным?

— Калісьці далі яму гэтае імя за дзіўную афарбоўку вады ў некаторых яго частках, — адказаў капітан Нэма.

— Аднак, да гэтага часу мы бачылі толькі зусім празрыстую, ніяк не афарбаваную ваду.

— Правільна, але калі мы пройдзем далей, да канца затокі, вы ўбачыце, што там вада мае чырвонае адценне. Я ўспамінаю, што аднойчы бачыў у бухце Тор зусім чырвоную ваду, як быццам цэлае возера крыві.

— Чым тлумачыцца гэтая афарбоўка? Якімі-небудзь макраскапічнымі водарасцямі?

— Так. Гэта слізістыя вылучэнні мікраскапічных раслінак, трыхадэсмій, сорак тысяч якіх змяшчаюцца на плошчы ў адзін квадратны міліметр. Магчыма, вам таксама ўдасца назіраць гэты феномен, калі мы наведаем бухту Тор.

— Значыцца, вы не першы раз наведваеце Чырвонае мора на «Наўтылусе», капітан?

— Не ўпершыню. Я быў тут, калі толькі што пачалася работа па пракапанню Суэцкага канала.

— Гэты канал зусім бескарысны для такога судна, як «Наўтылус», — сказаў я.

— Але затое ён карысны ўсяму свету, — адказаў капітан Нэма. — Старадаўнія людзі добра разумелі, якую вялізную выгоду для гандлю даў-бы прамы шлях з Міжземнага мора ў Чырвонае. Але яны не падумалі аб тым, што можна проста пракапаць канал ад мора да мора, і выбралі больш доўгі шлях: злучылі цячэнне Ніла з Чырвоным морам. Пабудова гэтага Нільскага канала, мяркуючы па некаторых звестках, была пачата пры фараоне Сезострысе. У кожным разе пэўна тое, што ўжо ў 615 годзе да нашай эры фараон Нэхо распачаў працу па правядзенню канала ад Ніла цераз тую частку егіпецкай нізіны, якая накірована да Аравіі. Шлях па гэтаму каналу ад Ніла да Чырвонага мора павінен быў адняць у суднаў чатыры дні, а шырыня яго павінна была дазволіць двум трырэмам плысці па ім побач. Будаўніцтва канала працягвалася пры Дарыі, сыне Гістаспа, скончылася, відаць, пры Пталамее другім. Страбон бачыў яго ўжо ў дзейнасці; але недастатковая глыбіня канала дазваляла плаваць па ім толькі на працягу вясенніх месяцаў, калі вада высока стаяла ў Ніле. Канал нёс сваю службу да века Антанінаў; пасля гэтага ён абмялеў, заняпаў і зрабіўся несуднаходным. Па загаду халіфа Омара ён быў адноўлены, але ў 761 ці 762 годзе нашай эры канчаткова быў засыпаны халіфам Аль-Манзорам, які хацеў затрымаць дастаўку прыпасаў паўстаўшаму супраць яго Махамед-бею Абдулаху. У часе егіпецкага паходу генерал Банапарт знайшоў сляды гэтага канала ў пустыні каля Суэца і ледзь не загінуў, нечакана захоплены прылівам.

— Ну што-ж, капітан, тое, што не ўдалося старадаўнім — злучэнне двух мораў, якое скароціць на дзевяць тысяч кіламетраў дарогу з Кадыкса ў Індыю, — тое зробіць Лесепс! У самым хуткім часе ён зробіць Афрыку вялікім востравам, адрэзаўшы яе Суэцкім каналам ад Азіі.

— Так, спадар Аранакс, вы маеце права ганарыцца сваім земляком. Гэты чалавек прыносіць больш гонару сваёй радзіме, як самы славуты ваенны начальнік! Ён перасіліў на сваім шляху незлічоныя перашкоды і дабіўся перамогі, бо ў яго геніяльнасць злучаецца з моцнай воляй! Прыкра падумаць, што гэтае стварэнне, якое павінна было стаць міжнароднай справай, сустрэла шалёнае супраціўленне і ўзяло верх толькі дзякуючы велізарнай энергіі аднаго чалавека. Гонар і слава Фердынанду Лесепсу! — Так, гонар і слава гэтаму вялікаму грамадзяніну! — крыкнуў я, цішком здзіўляючыся нечаканаму запалу капітана Нэма.

— Шкада, вядома, што я не здолею паказаць вам Суэцкі канал, — казаў далей капітан Нэма, — але вы ўбачыце даўгія ўзбярэжжы Порт Саіда паслязаўтра, калі мы выйдзем у Міжземнае мора.

— У Міжземнае мора?! — ускрыкнуў я.

— Так, спадар прафесар. Чаму вы так здзівіліся?

— Мяне здзівілі вашы словы, што мы будзем там паслязаўтра.

— Сапраўды?

— Так, капітан, хоць я даўно ўжо павінен быў-бы адвыкнуць здзіўляцца, пакуль знаходжуся на «Наўтылусе»!

— Але ўсё-ткі, што вас так здзіўляе?

— Велізарная хуткасць, якую павінен будзе развіць «Наўтылус», каб даставіць нас да паслязаўтрашняга дня ў Міжземнае мора! Яму-ж прыйдзецца апісаць поўны круг вакол берагоў усёй Афрыкі, каля мыса Добрай Надзеі!

— Але хто вам сказаў, што «Наўтылус» будзе агінаць усю Афрыку? Хто сказаў, што ён пройдзе каля мыса Добрай Надзеі?

— Аднак… калі «Наўтылус» не паплыве па сухазем’і альбо не перанясецца па паветры над Суэцкім перашыйкам…

— А чаму-б не прайсці пад ім, спадар прафесар?

— Пад перашыйкам?

— Вядома! — спакойна адказаў капітан Нэма. — Прырода даўно ўжо зрабіла пад гэтай вузкай палоскай зямлі тое, што людзі з такой цяжкасцю робяць на паверхні яе.

— Як? Там ёсць праход?

— Але, падводны праход, названы мною Аравійскім тунелем. Ён пачынаецца пад Суэцам і канчаецца каля Пелузіума.

— Але-ж Суэцкі перашыек складаецца з сыпучага пяску?

— Толькі да пэўнай мяжы. Але на глыбіні пяцьдзесят метраў пачынаецца ўжо нерухомая гранітная сцяна.

— Значыцца, вы выпадкова знайшлі гэты тунель? — запытаў я, усё болей і болей здзіўлены.

— Выпадкова і ў той-жа час невыпадкова. Частка разважання была ў гэтым вынаходстве большая, чымсь удзел выпадку.

— Я слухаю вас, капітан, з напружанай увагай, але мой розум адмаўляецца верыць вушам.

— Ах, спадар прафесар, мець вушы, каб не чуць, — гэта ўласціва ўсім часам! Гэты праход не толькі рэальна існуе, але я ўжо карыстаўся ім не раз. Каб яго не было, я не стаў-бы забірацца ў гэты тупік — Чырвонае мора!

— Ці не будзе гэта няскромнасцю, калі я запытаю вас, якім чынам вы знайшлі гэты тунэль?

— Якія могуць быць сакрэты адзін ад аднаго ў людзей, якім суджана ніколі не разлучацца? — адказаў капітан Нэма.

Я зрабіў выгляд, быццам не звяртаю ўвагі на падвойны сэнс гэтай фразы, і нарыхтаваўся слухаць тлумачэнні капітана Нэма.

— На думку аб існаванні тунеля, аб якім я адзін толькі ведаю, мяне штурхнула простая логіка, разважанне дапытлівага натураліста. Я звярнуў увагу на тое, што ў Чырвоным і Міжземным марах сустракаецца некаторая колькасць зусім аднолькавых відаў рыб — лятучай сельдзі, акунёў, паласатых шчаціназубаў і іншых. Пераканаўшыся ў гэтым, я задаў сабе пытанне, ці не сведчыць гэта аб тым, што гэтыя моры злучаюцца? Калі такое злучэнне сапраўды існуе, дык падземнае цячэнне павінна абавязкова трымаць кірунак ад Чырвонага мора да Міжземнага, з той прычыны, што ўзровень вады ў першым вышэй, як у апошнім. Для высвятлення гэтага пытання я налавіў многа рыбы ў ваколіцах Суэца, надзеў кожнай з іх па меднаму пярсцёнку на хвост і зноў кінуў у ваду. Праз многа месяцаў каля берагоў Сірыі невад прынёс мне некалькі рыбак з маімі пазнавальнымі пярсцёнкамі. Такім чынам для мяне зрабілася пэўным існаванне падземнага злучэння двух мораў. Я пачаў шукаць гэты праход на сваім «Наўтылусе», знайшоў яго, рызыкнуў зайсці ў яго, і вось праз дзень-два, спадар прафесар, і вы таксама праедзеце праз Аравійскі тунель.

У той-жа дзень я перадаў Канселю і Нэду Лэнду тую частку сваёй гутаркі з капітанам Нэма, якая іх непасрэдна цікавіла. Калі я сказаў ім, што праз два дні мы будзем баразніць воды Міжземнага мора, Кансель запляскаў далонямі, а Нэд Лэнд паціснуў плячыма.

— Падводны тунэль? — ускрыкнуў ён. — Злучэнне паміж двума морамі? Хто пра гэта калі-небудзь чуў?

— Дружа Нэд, — адказаў яму Кансель. — Ці чулі вы калі-небудзь пра «Наўтылус»? Не. І тым не менш ён існуе. Таму не паціскайце недаверліва плячыма і не адмаўляйце фактаў з таго поваду, што вы нічога пра іх не чулі!

— Паглядзім, на чыім баку будзе праўда, — сказаў Нэд Лэнд, паківаўшы галавой. — Але нарэшце я толькі рад быў-бы паверыць у існаванне гэтага тунэля, каб хутчэй апынуцца ў Міжземным моры.

Раздзел пяты Аравійскі тунэль

У гэты-ж вечар «Наўтылус», плывучы па паверхні мора, наблізіўся пад 21°30´ паўночнай шыраты да аравійскага берагу. Я ўбачыў Джэду, важны гандлёвы пункт, які вядзе жвавы абмен з Егіптам, Сірыяй, Турцыяй і Індыяй. З той адлегласці, на якой мы знаходзіліся, я досыць выразна распазнаваў гарадскія будынкі, караблі, прышвартаваныя да узбярэжжа і стаячыя на рэйдзе, таму што нізкая асадка не дазваляла ім падыйсці да берагу. Перадвячорнае сонца залівала святлом белыя гарадскія будынкі, і яны асляпляюча блішчэлі. У баку ад горада размясціліся драўляныя і трысцёвыя халупы, вёскі аселых бедуінаў.

Але неўзабаве Джэда знікла ў начной цемры, і «Наўтылус» паспяшыў апусціцца ў крыху фасфарасцыруючую ваду.

Назаўтра, 10 лютага, усплыўшы на паверхню, мы ўбачылі недалёка многа караблёў, і «Наўтылус» паспяшыў зноў апусціцца ў ваду. Але ў поўдзень, у час звычайных назіранняў, мора было пустынным, і «Наўтылус» зноў мог падняцца на паверхню мора.

Я выйшаў на палубу ў суправаджэнні Нэда Лэнда і Канселя. На ўсходзе, у туманным марыве ледзь віднеўся контур нізкага берагу.

Абапёршыся аб дно шлюпкі, мы размаўлялі аб усякіх драбніцах, як раптам Нэд Лэнд выцягнуў руку і, паказваючы на нейкі пункт у моры, запытаў мяне:

— Ці бачыце вы там што-небудзь, спадар прафесар?

— Не, Нэд, — адказаў я. — Вы-ж ведаеце, што ў мяне няма вашай вастрыні зроку.

— Глядзіце ўважліва, — настойваў Нэд, — там па штырборту, наперадзе, няўжо вы не бачыце нейкай рухаючайся масы?

— Сапраўды, — сказаў я, прыгледзеўшыся ўважлівей, — я бачу нейкае даўгое чарнаватае цела на паверхні мора.

— Яшчэ адзін «Наўтылус»? — запытаўся Кансель.

— Не, — адказаў канадзец, — але я наўрад ці памылюся, калі скажу, што гэта марская жывёла.

— Хіба ў Чырвоным моры водзяцца кіты? — спытаў Кансель.

— Калі сустрэнем, значыцца, водзяцца, — адказаў я жартуючы.

Прадаўгаватае чорнае цела знаходзілася не больш як за мілю ад нас. Здалёк яно рабіла ўражанне выступаючай з мора вялікай скалы. Але што гэта было, я пакуль не мог вызначыць.

— Не, гэта не кіт, — заўважыў Нэд Лэнд, не спускаючы вачэй з жывёлы. — Кіты — мае старыя знаёмыя, і я добра ведаю ўсе іхнія рухі.

— Пачакаем, — сказаў Кансель. — «Наўтылус» накіроўваецца ў той бок, і праз некалькі хвілін мы даведаемся, што гэта такое.

— Ага! Яно рухаецца!.. Яно нырае! — ускрыкнуў Нэд Лэнд. — Тысяча чарцей! Што-б гэта магло быць? У яго няма раздвоенага хваста, як у кітоў альбо кашалотаў, а яго плаўнікі нібы паадсяканыя…

— Але… — пачаў я.

— Глядзіце, — перапыніў мяне канадзец, — яно паварочваецца на спіну, грудзямі ўгару.

— Ды гэта проста сірэна-спакушальніца, — засмяяўся Кансель.

Гэтыя словы Канселя адразу навялі мяне на правільны шлях. Я зразумеў, што мы бачылі перад сабою прадстаўніка атрада сірэн, альбо марскіх кароў, пра якіх склалася легенда, што яны напалову жанчыны, напалову рыбы.

— Не, — сказаў я Канселю, — гэта не сірэна, а іншая рэдкая жывёліна з таго-ж атрада. Гэта дзюгоні.

— Дзюгонь, сямейства дзюгоней, падатрад марскіх кароў, атрад капытных, падклас аднаўтробных, клас сысуноў, аддзел хрыбетных, — зараз-жа адбарабаніў Кансель.

Калі Кансель класіфікаваў, заставалася толькі маўчаць і згаджацца з ім.

Тым часам Нэд Лэнд усё глядзеў. Яго вочы блішчэлі ад прагнасці, гледзячы на жывёлу. Можна было падумаць, што ён чакае толькі выпадку кінуцца ў мора, каб папасці на дзюгоня ў яго роднай стыхіі.

— Ах, спадар прафесар! — усклікнуў ён дрыжачым ад хвалявання голасам. — Мне ніколі яшчэ не даводзілася паляваць на гэткага!

У гэтых словах вызначыўся ўвесь характар Нэда Лэнда.

На палубу выйшаў капітан Нэма. Ён убачыў дзюгоня і, кінуўшы позірк на канадца, зразумеў прагнае яго жаданне.

Ён звярнуўся да Нэда Лэнда:

— Каб у вас зараз быў гарпун, містэр Лэнд, відаць ён пёк-бы вам руку. Праўда?

— Зусім правільна, капітан.

— Вы не адмовіліся-б на дзянёк вярнуцца да сваёй прафесіі гарпуншчыка і павялічыць яшчэ адной Перамогай спіс сваіх паляўнічых поспехаў?

— З прыемнасцю зрабіў-бы гэта!

— Што-ж, дзейнічайце!

— Дзякую, капітан, — сказаў Нэд Лэнд. Вочы ў яго загарэліся.

— Толькі адна ўмова: біць без промаху! Папераджаю, што гэта ў вашых-жа інтарэсах.

— Хіба дзюгонь такая небяспечная жывёла? — запытаў я. Канадзец пагардліва махнуў рукою.

— Так, бывае, — адказаў капітан. — Здараецца, што гэтая жывёла кідаецца на паляўнічых і перакульвае іхнія лодкі. Але для містэра Лэнда гэтая небяспека не страшная. У яго трапнае вока і верная рука. Я рэкамендаваў-бы яму не прамінуцца не столькі з-за небяспекі, колькі таму, што мяса дзюгоня смачная страва, а містэр Лэнд, паколькі мне вядома, любіць паласавацца.

— Ага! — крыкнуў канадзец. — Гэтая жывёла, акрамя ўсяго, яшчэ смачная дзічына?

— Так, містэр Лэнд. Яго мяса па смаку нічым не адрозніваецца ад ялавічнага мяса і ў Меланезіі заўсёды аздабляе сабою царскія сталы. На дзюгоня ў апошні час так шалёна палююць, што разам са сваім родзічам, ламантынам ён хутка знікае з зямлі.

— У такім выпадку, капітан, — сур’ёзна сказаў Кансель, — можа не варта паляваць на гэтага дзюгоня? Што, калі гэта апошні экзэмпляр у свеце? Тады яго трэба захаваць у інтарэсах навукі.

— Магчыма, што гэта і так, — адказаў канадзец, — але ў інтарэсах кухарства неабходна папаляваць на яго.

— Пачынайце-ж, містэр Лэнд — сказаў капітан Нэма.

Сем чалавек з каманды «Наўтылуса» падняліся ў гэтую хвіліну на палубу. Яны, як звычайна, маўчалі і былі спакойнымі. Адзін з іх нёс гарпун з вяроўкай, якія ўжываюцца на кітабойных суднах. Шлюпку спусцілі на ваду, шэсць грабцоў занялі ў ёй месцы, і стырнавы ўзяўся за стырно. Нэд Лэнд, Кансель і я ўселіся на карме шлюпкі.

— Хіба вы не паедзеце з намі, капітан? — запытаў я.

— Не, прафесар. Жадаю вам поспеху.

Шлюпка адплыла ад борта і хутка пайшла да дзюгоня, які плыў за дзве мілі ад «Наўтылуса».

Наблізіўшыся да яго на некалькі кабельтоваў, грабцы затрымалі бег шлюпкі і зусім ціха апускалі вёслы ў ваду. Узброіўшыся гарпуном, Нэд Лэнд стаў на насу. Кітабойны гарпун звычайна прывязваюць да доўгай і трывалай вяроўкі, якая лёгка раскручваецца, як толькі параненая жывёла нацягвае яе. Але на гэты раз вяроўка была зусім кароткая — ледзь дваццаць метраў даўжыні, і другі канец яе быў прывязаны да пустой бочачкі, якая павінна была паказваць, у якім кірунку плыве пад вадой параненая жывёла.

Я таксама ўстаў на ногі і разглядаў канадцава супраціўніка. Дзюгонь быў вельмі падобны на ламантына. Яго прадаўгаватае цела канчалася доўгім хвастом, а бакавыя плаўнікі — сапраўднымі пальцамі. Розніца паміж дзюгонем і ламантынам у тым, што яго верхняя сківіца ўзброена двума клыкамі — доўгімі і вострымі — сапраўднымі біўнямі.

Дзюгонь, на якога паляваў Нэд Лэнд, быў велізарнай жывёлінай, прынамсі метраў сем даўжынёю. Ён не варушыўся і, здавалася, заснуў на паверхні вады. Гэта акалічнасць спрыяла канадцу і рабіла яго задачу больш лёгкай.

Шлюпка асцярожна наблізілася да жывёлы на адлегласць у пяць-шэсць метраў. Матросы засушылі вёслы. Я ад хвалявання нават устаў на ногі.

Нэд Лэнд адкінуўся назад і, падняўшы руку, кінуў гарпун.

Раптам пачуўся свіст, і дзюгонь знік. Відаць, кінуты з сілай гарпун закрануў толькі ваду.

— Тысяча чарцей! — ускрыкнуў раз’юшаны канадзец. — Я прамінуўся!

— Не, — адказаў я. — Жывёла паранена. Вось сляды крыві. Але гарпун не застаўся ў яго целе.

— Мой гарпун! — крыкнуў Нэд Лэнд. — Мой гарпун!

Матросы зноў апусцілі вёслы ў ваду, і стырнавы накіраваў шлюпку да ўсплыўшай на паверхню бочачкі. Вылавіўшы гарпун, шлюпка кінулася ў дагон за параненай жывёлай. Яна час ад часу вярталася на паверхню, каб падыхаць. Рана, як відаць, не знясіліла яе, таму што яна плыла з вялікай хуткасцю. Шлюпка, якую прыводзілі ў рух дванаццаць жылістых рук, не ішла, а ляцела за ёю. Шмат разоў яна амаль наганяла дзюгоня і канадзец ужо рыхтаваўся нанесці другі ўдар, але жывёліна кожны раз хутка нырала ў ваду і выратоўвалася ад небяспекі.

Можна сабе ўявіць гнеў і нецярплівасць Нэда Лэнда. Ён праклінаў няшчасную жывёліну ўсімі вядомымі яму англійскімі праклёнамі. Што датычыцца мяне, то і мне крыўдна было, што дзюгонь разбурае ўсе нашы хітрыя планы.

Гэтак мы праследвалі дзюгоня на працягу амаль гадзіны, і я пачынаў ужо траціць надзею, як раптам жывёліна захацела адпомсціць нам за праследванне і накіравалася да лодкі, каб напасці на яе ў сваю чаргу.

Гэты манеўр не застаўся па-за ўвагай канадца.

— Увага! — крыкнуў ён.

Стырнавы сказаў некалькі слоў на сваёй дзіўнай мове. Відаць, ён прапанаваў камандзе быць на варце.

Дзюгонь, наблізіўшыся на дваццаць футаў да шлюпкі, раптам спыніўся, уцягнуў праз ноздры, што знаходзіліся не ў канцы, а ў верхняй частцы морды, вялікі запас паветра ў лёгкія і рынуўся на нас.

Шлюпка не здолела ўхіліцца ад штуршка. Але дзякуючы майстэрству стырнавога, які выкруціўся ад лабавога ўдару, шлюпка толькі пахіснулася і набрала тону альбо дзве вады, якую потым прыйшлося вычэрпваць.

Нэд Лэнд, стоячы на носе, асыпаў ударамі гарпуна гіганцкую жывёліну, якая ўчапілася зубамі ў борт шлюпкі і спрабавала падняць яе ўгару, як леў падымае касулю.

Мы ўсе паваліліся адзін на аднаго, і невядома чым скончылася-б гэтая прыгода, каб канадзец, раз’юшаны нападам жывёліны, не здолеў трапіць гарпуном акурат у сэрца.

Пачуўся скрогат зубоў аб жалеза борта, і дзюгонь пайшоў на дно, цягнучы за сабою гарпун.

Але неўзабаве бочачка зноў усплыла на паверхню і следам за ёю труп дзюгоня, перавернуты на спіну. Шлюпка ўзяла яго на буксір і пацягнула да «Наўтылуса».

Каб падняць забітую жывёліну на палубу, прышлося ставіць пад’ёмны кран. Яна важыла звыш пяці тысяч кілаграмаў. Апрацоўка тушы была выканана пад непасрэдным кіраўніцтвам Нэда Лэнда, не пажадаўшага нікому перадаверыць гэтую справу. У той-жа вечар сцюард падаў мне на абед страву з мяса дзюгоня, дасканала прыгатаваную кухарам. Мне яно спадабалася больш, як ялавічына.

На другі дзень, 11 лютага, кладоўка «Наўтылуса» папоўнілася новым запасам дзічыны. Зграя ластавак села на палубу падводнага карабля. Гэта былі нільскія ластаўкі, разнавіднасць, якая сустракаецца толькі ў Егіпце, з чорнай дзюбай, востраканечнай шэрай галоўкай, з белымі крапкамі вакол вачэй, шэрай спіной, крыллямі і хвастом, белымі грудзямі, брушкам і чырвонымі лапкамі. Мы злавілі таксама некалькі дзесяткаў нільскіх качак, дзікіх птушак, з белай галавою і шыяй, усеянай чорнымі плямамі. Дзічына гэтая таксама аказалася вельмі смачнай.

«Наўтылус» ішоў у гэты дзень з сярэдняй хуткасцю; здавалася, яму не было куды спяшацца. Я заўважыў, што вада Чырвонага мора рабілася ўсё менш салёнай па меры таго, як мы набліжаліся да Суэца.

Каля пяці гадзін пасля поўдня мы ўбачылі на поўначы мыс Рас-Махамед. Гэты мыс з’яўляецца канцом камяністай Аравіі, якая ляжыць паміж Суэцкай затокай і затокай Акабы.

«Наўтылус» зайшоў у Суэцкую затоку. Я выразна ўбачыў высокую гару над мысам Рас-Махамед. Гэта была гара Арэб.

У шэсць гадзін вечара «Наўтылус», то пад вадой, то на паверхні, прайшоў каля Тора, які ляжаў у глыбіні бухты. Вада гэтай бухты, як мне казаў ужо капітан Нэма, сапраўды мела чырвонае адценне.

Ноч прыйшла раптоўна, сярод цяжкага маўчання, толькі зрэдку парушаемага крыкамі пеліканаў і нейкіх начных птушак, шумам прыбоя аб рыфы і далёкімі гудкамі параходаў.

Паміж васьмю і дзевяццю гадзінамі вечара «Наўтылус» апусціўся на некалькі метраў пад ваду. Па маіх разліках мы павінны былі быць дзесьці вельмі блізка ад Суэца. У акно салона я бачыў падставы берагавых скал, ярка асветленыя электрычным пражэктарам. У мяне стваралася ўражанне, што затока ўсё больш звужаецца.

У 9 гадзін 15 хвілін карабель зноў усплыў на паверхню. Мне не цярпелася хутчэй убачыць Аравійскі тунель капітан Нэма. Не знаходзячы сабе месца ўнізе, я падняўся на палубу.

Неўзабаве я ўбачыў на адлегласці, прыкладна, мілі ад нас аслабленае вячэрнім туманам святло.

— Гэта плывучы маяк, — вымавіў голас каля мяне.

Я здрыгануўся ад нечаканасці і, абярнуўшыся, пазнаў капітана Нэма.

— Гэта Суэцкі плывучы маяк, — паўтарыў ён. — Мы хутка падыйдзем да шчыліны тунеля.

— Трэба думаць, што ўвайсці ў яго не так і проста? — запытаўся я.

— Так, гэта даволі небяспечнае месца. Таму я ўзяў за правіла пры ўваходзе ў яго быць ля стырна і асабіста кіраваць суднам. А цяпер, спадар прафесар, калі спусціцеся ўніз, «Наўтылус» апусціцца ў ваду і зноў выйдзе на паверхню ўжо ў Міжземным моры, мінуючы Аравійскі тунель.

Я паследваў за капітанам Нэма. Люк зачыніўся, рэзервуары напоўніліся вадою, і судна апусцілася зноў на глыбіню дзесяць метраў.

У тую хвіліну, калі я збіраўся вярнуцца ў сваю каюту, капітан Нэма спыніў мяне.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — ці не хочаце падзяжурыць разам са мной у штурвальнай рубцы?

— Я не адважыўся прасіць вас аб гэтым, капітан, — адказаў я.

— Тады пойдзем. Адгэтуль вы ўбачыце ўсё, што можна бачыць у час гэтага падземнага і разам з тым падводнага плавання.

Мы падняліся па лесвіцы, якая вядзе на палубу, да сярэдзіны яе. Тут капітан Нэма адчыніў дзверы, і мы апынуліся ў вузкім і невысокім калідоры, у канцы якога знаходзілася штурвальная рубка, якая ўзвышалася, як вядома, на носе карабля.

Гэта была каюта плошчай шэсць на шэсць футаў, г. зн. такога-ж, прыкладна, памеру, як на параходах, што плаваюць па Місісіпі і Гудзон-Рыверу. Пасярэдзіне яе быў штурвал, злучаны штуртросамі са стырном на карме. Чатыры ілюмінатары ў чатырох сценах каюты, з чачавіцападобнага шкла, дазвалялі стырнавому глядзець ва ўсе бакі.

У рубцы было цёмна, але хутка мае вочы прызвычаіліся да цемры, і я ўбачыў стырнавога, здаравеннага дзяцюка, трымаўшага абедзве рукі на штурвале. Па кантрасту з цемрай, панаваўшай у рубцы, мора, асвятлёнае праменнымі пражэктара, здавалася залітым святлом.

— Зараз, — сказаў капітан Нэма, — пашукаем уваход у тунель.

Электрычныя правады злучалі стырнавую рубку з машынным аддзяленнем, і капітан мог, не адыходзячы ад штурвала, сігналамі загадваць, каб павялічылі ці зменшылі хуткасць судна.

Капітан Нэма паціснуў металёвую кнопку, і ў тую-ж хвіліну вінт зменшыў колькасць абаротаў у два разы.

Я моўчкі глядзеў на стромкую гранітную сцяну — непахіснае падножжа сухазем’я, — уздоўж якой мы ішлі на адлегласці некалькіх метраў на працягу амаль гадзіны. Капітан Нэма не спускаў вачэй з компаса, і па яго ўказаннях стырнавы варочаў штурвал, увесь час змяняючы кірунак карабля.

У 10 гадзін 15 хвілін капітан Нэма сам стаў за штурвал. Перад намі адкрываўся ўваход у шырокую і глыбокую галерэю. «Наўтылус» смела ўвайшоў у яе.

Жалезная абшыўка карабля нязвычна загудзела. Гэта быў шум вод Чырвонага мора, скідаўшыхся па схілу ў Міжземнае мора. Паток цягнуў «Наўтылус» уперад з хуткасцю стралы, не гледзячы на тое, што для тармажэння руху машына круціла вінт наадварот з найвялікшай хуткасцю.

На сценках тунеля пры такой неймавернай шпаркасці можна было ўбачыць толькі мігаючыя палосы святла ад электрычнага пражэктара. Сэрца маё шалёна стукала, і я трымаў яго рукою, каб сцішыць гэтае стуканне.

У 10 гадзін 35 хвілін капітан Нэма перадаў штурвал стырнавому і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Мы ў Міжземным моры.

Захоплены патокам, «Наўтылус» менш як за дваццаць хвілін перасек пад зямлёй Суэцкі перашыек.

Раздзел шосты Грэцкі архіпелаг

На другі дзень, 12 лютага, досвіткам, «Наўтылус» усплыў на паверхню. Я паспяшыў падняцца на палубу. У трох мілях на поўдзень ад нас цмяна вызначаўся ў ранішнім тумане контур старадаўняга Пелузіума, на руінах якога пабудаваны сучасны Порт-Саід.

Імклівы паток раптам перанёс нас з аднаго мора ў другое. Але гэты тунель, па якім лёгка было спускацца, павінен быў быць зусім непраходным у зваротным напрамку — з Міжземнага мора ў Чырвонае.

Каля сямі гадзін раніцы Нэд Лэнд і Кансель далучыліся да мяне. Гэтыя неразлучныя прыяцелі спакойна сабе спалі і ані трохі не цікавіліся начнымі геройствамі «Наўтылуса».

— Ну-с, спадар прафесар, — насмешліва запытаўся канадзец, — а дзе-ж абяцанае Міжземнае мора?

— Мы плывём па яго паверхні, дарагі Нэд, — адказаў я.

— Як? — ускрыкнуў Кансель. — Значыцца, гэтай ноччу?

— Зусім правільна, гэтай ноччу, на працягу дваццаці хвілін мы прайшлі скрозь гэты непраходны перашыек!

— Не веру, — сказаў Нэд Лэнд.

— Дарэмна, містэр Лэнд, — адказаў я. — Нізкі бераг, які вы бачыце на поўдні, — гэта бераг Егіпта.

— Мяне не абдурыце, спадар прафесар, — адказаў упарты канадзец. — Расказвайце гэтыя байкі больш даверлівым людзям!

— Паколькі гаспадар сцвярджае гэта, трэба верыць гаспадару, — сказаў яму Кансель.

— Дарэчы кажучы, Нэд, — сказаў я, — капітан Нэма асабіста дэманстраваў мне свой тунель. Я стаяў побач з ім у стырнавой рубцы ў той час, калі ён сам накіроўваў «Наўтылус» праз вузкі праход.

— Чуеце, Нэд? — запытаў Кансель.

— У вас такі дасканалы зрок, Нэд, — дадаў я, — што вы можаце пераканацца ў тым, што я вам не маню. Там павінна відаць гавань Порт-Саіда!

Канадзец утаропіўся вачыма ў паказаным кірунку.

— Сапраўды, — сказаў ён, — вы кажаце праўду, спадар прафесар, і ваш капітан майстар сваёй справы. Мы ў Міжземным моры. Добра. Давайце пагутарым аб нашых справах, але так, каб нас ніхто не падслухаў.

Я добра зразумеў, куды цаляе канадзец.

«У кожным выпадку, — падумаў я, — пагаварыць аб гэтым неабходна, калі Нэд Лэнд дамагаецца».

І мы ўтрох пайшлі да выступа пражэктара і ўселіся там.

— Цяпер мы вас слухаем, Нэд, — сказаў я. — Што вы хацелі паведаміць нам?

— Маё паведамленне будзе вельмі кароткім, — адказаў канадзец. — Мы падыходзім да Еўропы, і перш чым капітану ўзбрыдзе ў галаву пацягнуць нас на дно Палярнага мора альбо ў Акіянію, я прапаную разлучыцца з «Наўтылусам».

Прызнаюся, мне непрыемна было спрачацца з канадцам на гэтую тэму. Мне ні ў якім разе не хацелася абмяжоўваць волю сваіх таварышаў, але, з другога боку, я зусім не жадаў так хутка развітацца з капітанам Нэма. Дзякуючы яму, дзякуючы яго дзіўнаму караблю, я кожны дзень папаўняў свае веды, нанова пісаў сваю кнігу аб жыцці марскога дна, знаходзячыся, як кажуць, у самым цэнтры гэтага жыцця. Дзе яшчэ я знайду магчымасць так дасканала вывучыць цуды акіяна? Вядома, нідзе! Таму мне так не хацелася пакідаць «Наўтылус», пакуль не скончыцца наша даследчая экспедыцыя.

— Мой любы Нэд, — сказаў я, — адкажыце мне шчыра: няўжо вы сумуеце на гэтым караблі? Няўжо вы праклінаеце свой лёс, які закінуў вас сюды?

Канадзец адказаў не адразу. Потым, скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён сказаў:

— Па праўдзе кажучы, я не шкадую, што зрабіў гэтае падводнае плаванне. Калі-небудзь я буду з прыемнасцю ўспамінаць аб ім. Але для таго, каб гэта здарылася, трэба плаванне скончыць. Вось што думаю я па гэтаму поваду!

— Гэтае плаванне скончыцца, Нэд.

— Дзе? Калі?

— Дзе? Не ведаю. Калі? Не магу вам сказаць дакладна, але думаю, што зараз-жа пасля таго, як мора раскрые нам сваю апошнюю тайну. На гэтым свеце кожны пачатак павінен мець свой канец.

— Я зусім згодзен з гаспадаром, — заўважыў Кансель. — Па-мойму зусім магчыма, што аб’ездзіўшы з намі ўсе моры і акіяны, капітан Нэма проста возьме ды і выкіне нас.

— Выкіне? — абразіўся канадзец. — Вы сказалі, што ён нас выкіне?

— Не чапляйцеся да слоў, Нэд Лэнд, — умяшаўся я. — Нам няма чаго баяцца капітана Нэма, у гэтым я не згодзен з Канселем. Але, з другога боку, не варта спадзявацца на тое, што ён самаахвотна згадзіцца адпусціць нас на волю. Мы ведаем усе сакрэты «Наўтылуса», і наўрад ці ён дазволіць, каб яны вандравалі разам з намі па ўсяму свету.

— На што-ж вы, у такім выпадку, спадзяецеся? — запытаўся канадзец.

— На акалічнасці, якія рана ці позна складуцца так, што мы здолеем скарыстаць іх. Гэта можа здарыцца праз шэсць месяцаў з такім-жа поспехам, як і зараз.

— Гм, — буркнуў Нэд Лэнд. — Скажыце, калі ласка, спадар натураліст, ці можаце вы ўгадаць наперад, дзе мы будзем праз шэсць месяцаў?

— Можа зноў тут, а можа і ў Кітаі. Вы ведаеце, што «Наўтылус» надзвычай шпаркае судна. Ён нясецца па акіянах з такой самай хуткасцю, як ластаўка ў паветры альбо кур’ерскі цягнік па зямлі. Ён не баіцца людных мораў — мы ў гэтым ужо ўпэўніліся. Хто можа сказаць, што праз шэсць месяцаў ён не вернецца зноў да берагоў Францыі альбо Англіі і што ўмовы для ўцёкаў не будуць яшчэ больш спрыяючымі, як сёння?

— Спадар прафесар, — сказаў канадзец, — вашы довады зусім няправільныя. Вы гаворыце ўсё ў будучым часе: «Мы будзем тут. Мы будзем там». А я кажу ў цяперашнім часе: «Мы тут — трэба гэта скарыстаць!»

Я не мог супярэчыць супраць лагічнага разважання Нэда Лэнда і адчуў сябе пераможаным у гэтых спрэчках. У мяне не было больш довадаў у абарону сваёй прапановы.

— Спадар прафесар, — казаў далей Нэд, — дапусцім на хвіліну немагчымае — што капітан Нэма сам прапануе нам волю. Ці прымеце вы яе?

— Не ведаю.

— А каб ён дадаў, што сваю прапанову ён не паўторыць ніколі ў жыцці, — тады вы прынялі-б яе?

Я маўчаў.

— Што аб гэтым думае сябар Кансель? — запытаўся канадзец.

— Сябру Канселю абсалютна няма чаго сказаць па гэтаму поваду, — спакойна адказаў добры хлапец. — Ён зусім не зацікаўлены ў тым ці іншым рашэнні гэтага пытання. Таксама, як яго гаспадар, таксама, як яго прыяцель Нэд Лэнд, — ён халасты. Ні жонка, ні дзеці, ні сваякі не чакаюць яго на радзіме. Ён служыць у свайго гаспадара і гэтай службы кідаць не збіраецца. Ён з жалем павінен паведаміць, што не збіраецца прымаць удзел у галасаванні гэтага пытання і рабіць сваім голасам перавагу ў той ці іншы бок. У спрэчках прымаюць удзел толькі дзве асобы — гаспадар з аднаго боку і Нэд Лэнд з другога. А сябар Кансель зараз змаўкае і пачынае лічыць галасы.

Я не мог стрымацца ад ухмылкі, слухаючы прамову Канселя. Мусіць у глыбіні душы і канадзец быў задаволены, што Кансель не выступае супраць яго.

— Калі Кансель не ўдзельнічае ў спрэчках, — сказаў ён мне, — нам застаецца вырашыць пытанне паміж сабою. Я сваё сказаў. Вы мяне выслухалі. Што вы мне можаце адказаць?

Трэба было прыйсці да якога-небудзь заключэння. Ухіленні для мяне былі агідныя.

— Вось мой адказ, дружа Нэд, — сказаў я. — Вы перамаглі мяне ў спрэчках, і я не магу супярэчыць вашым довадам. Спадзявацца на тое, што капітан Нэма нас сам адпусціць, няма чаго. Самая элементарная прадбачлівасць не дазволіць яму зрабіць гэта. Але тая-ж самая прадбачлівасць патрабуе, каб мы скарысталі першы зручны выпадак пакінуць «Наўтылус».

— Вельмі добра, спадар прафесар! Вось цяпер вы разважаеце мудра!

— Але ў мяне ёсць яшчэ адна, заўвага, — сказаў я. — Трэба, каб выпадак гэты быў сапраўды зручным. Трэба, каб наша першая-ж спроба ўцякаць была паспяховай. Бо калі яна не ўдасца, то другога выпадку мы ніколі не будзем мець, і капітан Нэма ніколі не даруе нам.

— Гэта правільна, — сказаў Нэд Лэнд. — Але ваша заўвага таксама тычыцца спробы ўцякаць сёння, як спроб, якія будуць праз два гады. Такім чынам, пытанне трэба ставіць толькі так: калі будзе магчымасць уцячы, — неадкладна скарыстаць яе!

— Згодзен. А цяпер скажыце, Нэд, што вы лічыце «магчымасцю ўцячы»?

— Цёмную ноч, калі «Наўтылус» будзе паблізу якога-небудзь еўрапейскага берагу.

— І вы думаеце ратавацца ўплаў?

— У тым выпадку, калі «Наўтылус» будзе плысці па паверхні, і бераг будзе зусім блізка. Калі-ж карабель будзе плысці пад вадою і бераг будзе на больш далёкай адлегласці, то…

— То ў гэтым выпадку?..

— У гэтым выпадку трэба будзе пастарацца захапіць шлюпку. Я ведаю, як гэта зрабіць. Мы забярэмся ў яе і, адкруціўшы балты, усплывем на паверхню так, што нават стырнавы, які знаходзіцца ў штурвальнай рубцы, не заўважыць нашага ўцёку.

— Добра, Нэд. Пільнуйце-ж адпаведны выпадак. Толькі памятайце, што няўдача загубіць нас.

— Не забудуся, спадар прафесар!

— А цяпер, калі мы аб усім дамовіліся, Нэд Лэнд, хочаце ведаць, што я думаю аб вашым праекце?

— Вядома, спадар прафесар.

— Я думаю, — падкрэсліваю — думаю, а не спадзяюся, — што гэты адпаведны выпадак хутка не трапіцца.

— Чаму так?

— Таму, што капітан Нэма, мусіць добра разумее, што мы не адмовіліся ад надзеі вярнуць сабе волю, і таму ён будзе на варце ўвесь час, пакуль мы будзем каля еўрапейскіх берагоў.

— Я згодзен з думкаю гаспадара, — сказаў Кансель.

— Пажывём — убачым, — адказаў Нэд Лэнд, упарта паматаўшы галавою.

— Ну, — сказаў я, — хопіць! Не варта больш гаварыць аб гэтым. У той дзень, калі вы наважыцеся ўцячы, вы нас папярэдзьце, і мы паследуем за вамі, ні пра што не пытаючыся. Мы абсалютна давяраем вам.

Так скончылася гэтая гутарка, якая павінна была мець вельмі важныя вынікі.

Скажу адразу, што на вялікі жаль для канадца, падзеі пацвердзілі правільнасць маіх прапаноў. Ці то капітан Нэма не давяраў нам у гэтых людных морах, ці ён хацеў ухіліцца ад сустрэчы з шматлікімі суднамі ўсіх нацый, якія баразнілі воды Міжземнага мора, але мы амаль увесь час ішлі пад вадою і на далёкай адлегласці ад берагоў. «Наўтылус» альбо ўсплываў на паверхню так, што з вады выступала толькі стырнавая рубка, альбо ён забіраўся на вялікія глыбіні. Дарэчы кажучы, паміж Грэцкім архіпелагам і Малой Азіяй мы не знаходзілі дна і на глыбіні ў дзве тысячы метраў.

Аб тым, што мы прайшлі каля вострава Карпафос, які належыць да групы Дадэканез, я даведаўся ад капітана Нэма, паказаўшага мне яе месцазнаходжанне на карце.

На другі дзень, 14-га лютага, я вырашыў ахвяраваць некалькі гадзін на вывучэнне рыб Грэцкага архіпелага. Але па невядомых мне прычынах акяніцы на вокнах каюты ўвесь дзень заставаліся герметычна зачыненымі. Прасачыўшы на карце шлях «Наўтылуса», я бачыў, што ён ідзе да вострава Крыта. У той момант, калі я ўступіў на борт «Аўраама Лінкальна», гэты востраў паўстаў супраць турэцкай няволі. Я не ведаў, якія вынікі мела паўстанне, і ўжо-ж, вядома, не капітан Нэма, які парваў усякую сувязь з людзьмі, мог паведаміць мне навіны аб гэтым.

Я не рабіў ніякіх намёкаў на гэтыя падзеі, калі ўвечары мы апынуліся з ім удвух у салоне. Трэба сказаць, што капітан Нэма, здаўся мне хмурым і нечым заклапочаным. Раптам ён распарадзіўся адчыніць акяніцы на абодвух вокнах і, пераходзячы ад аднаго акна да другога, пільна ўглядаўся ў ваду. Навошта ён гэта рабіў? Я не мог разгадаць гэтага і таму проста пачаў разглядаць рыб, якія праносіліся перад маімі вачыма.

Сярод многіх іншых рыб я заўважыў марскіх каўбнёў, маючых назву ў простай мове — бычкоў; гэтыя рыбы часта сустракаюцца ў салёнай вадзе каля дэльты Ніла.

Далей я ўбачыў фасфарасцыруючых паграў — рыбак з сямейства спаравых. Егіпцяне лічылі гэтых рыб свяшчэннымі, і заход іх у воды Ніла, звычайна праракаўшы вялікую паводку і разам з гэтым добры ўраджай, адзначаўся пышнымі рэлігійнымі цырымоніямі.

Потым каля нас праплыла зграйка хейлінаў — рыб даўжынёю ў трыццаць сантыметраў, касцістых, з празрыстай лускою сіняватага колеру, месцамі ўсеянай чырвонымі плямамі. Гэтыя рыбы харчуюцца выключна марскімі водарасцямі, што надае іх мясу надзвычайны смак. Хейліны лічыліся ласункам яшчэ ў старадаўнім Рыме і падаваліся на стол з прыправамі малокаў мурэны, паўлінавых мазгоў і ластаўкіных языкоў.

Яшчэ адзін жыхар гэтых мораў нагадаў мне часы старадаўняга Рыма. Гэта была лоцман-рыбка, заўсёды суправаджаючая акул; па вераваннях старадаўніх людзей, гэтая маленькая рыбка, учапіўшыся ў кіль карабля, магла спыніць яго. Захавалася таксама легенда аб тым, як адзін лоцман, затрымаўшы карабель Антонія ў час бойкі пры Акцыуме, тым самым вырашыў вынік яе ў карысць Аўгуста.

Я заўважыў таксама прыгожых anthias — свяшчэнных рыб старадаўняй Грэцыі, уладаўшых паводле забабонаў, здольнасцю выганяць страшыдлаў з тых месцаў, дзе яны вадзіліся. Іх назва азначае слова «кветка», і яны цалкам адпавядаюць ёй пералівамі сваёй афарбоўкі, якая ўключае ўсю гаму чырвонага колеру — ад бледна-ружовага да рубінавага.

Я не мог адарваць вачэй ад гэтага марскога цуда, як раптам мяне здзівіла нешта яшчэ больш незвычайнае.

Пад вадой з’явіўся чалавек, ныральшчык са скураной торбай каля пояса. Гэта быў жывы чалавек. Ён некалькі разоў вяртаўся на паверхню і затым зноў; апускаўся ў ваду.

Я павярнуўся да капітана Нэма і ўсхвалявана ўскрыкнуў:

— Чалавек топіцца! Яго трэба абавязкова выратаваць!

Капітан Нэма не адказаў мне, але падышоў да акна. Плавец зноў нырнуў і, прытуліўшыся вачыма да шкла, глядзеў на нас.

На маё вялікае здзіўленне, капітан Нэма зрабіў яму нейкі знак. Ныральшчык матнуў у адказ галавою, зараз-жа ўсплыў на паверхню мора і больш не з’яўляўся.

— Не бойцеся за яго, — сказаў мне капітан Нэма. — Гэта Мікалай з мыса Матапан, якога празвалі «Рыбай». Яго ведаюць на ўсіх Цыкладах. Выдатны плавец! Вада — гэта яго стыхія, і ён праводзіць у ёй больш часу, чымсь на сушы, безупынна пераплываючы з аднаго вострава на другі, а часамі нават дабіраецца да Крыта.

— Вы ведаеце яго, капітан Нэма?

— Чаму-б мне яго не ведаць, спадар Аранакс?

Сказаўшы гэта, капітан падышоў да шафы, зробленай у сцяне салона. Побач з ёй стаяла акутая жалезам скрыня з меднай пласцінкай на пакрышцы, на якой быў выгравіраваны дэвіз «Наўтылуса» — «Рухомы ў рухомым» — і пачатковая літара «Н».

Не звяртаючы больш на мяне ўвагі, капітан Нэма адчыніў дзверцу шафы, у якой аказалася шмат металёвых пласцінак.

То былі зліткі золата.

Адкуль на «Наўтылусе» ўзялося гэтулькі золата? Дзе здабываў яго капітан Нэма і што ён збіраўся зараз з ім рабіць?

Я не вымавіў ані слова. Я глядзеў. Капітан Нэма вымаў залатыя зліткі з шафы і па аднаму складваў іх у скрыню, пакуль не запоўніў яе даверху. Я падлічыў, што ўсяго ён палажыў туды не менш тысячы кілаграмаў золата, на суму амаль у пяць мільёнаў франкаў. Капітан зачыніў скрыню і надпісаў на ёй адрас, як відаць, на новагрэцкай мове.

Скончыўшы, ён паціснуў кнопку званка, які вядзе ў памяшканне каманды. Зараз-жа прышлі чатыры матросы і не без цяжкасці выцягнулі скрыню з салона.

Я чуў, як яны цягнулі яе пры дапамозе блока па лесвіцы на палубу.

У гэтую хвіліну капітан Нэма абярнуўся да мяне.

— Значыцца, вы гаворыце, спадар прафесар? — сказаў ён.

— Я нічога не гаварыў, — адказаў я.

— У такім разе дазвольце пажадаць вам спакойнай ночы.

Я вярнуўся да сябе ў каюту надзвычай заінтрыгаваны. Дарэмна я прабаваў заснуць. Мяне мучыла тое, што я ніяк не мог знайсці лагічнай сувязі паміж з’яўленнем плаўца і запаўненнем скрыні золатам. Хутка пачалося гойданне, і я здагадаўся, што «Наўтылус» падняўся на паверхню.

Затым я пачуў тупат ног па палубе. Я зразумеў, што гэта вымаюць з гнязда шлюпку і спускаюць яе на ваду. Яна стукнулася аб борт «Наўтылуса», і тады шум сціх.

Праз дзве гадзіны шум пачаўся зноў. Шлюпку выцягвалі назад з вады і зноў умацоўвалі ў гняздзе. Потым «Наўтылус» апусціўся ў ваду.

Значыцца, мільёны былі дастаўлены па адрасу. Але ў які пункт сухазем’я? Хто быў карэспандэнтам капітана Нэма?

На другі дзень я расказаў Канселю і Нэду Лэнду аб здарэннях мінулай ночы, распаліўшых маю цікавасць да апошняй ступені.

Мае таварышы былі здзіўлены ўсімі гэтымі падзеямі не менш, як я сам.

— Але дзе ён бярэ гэтыя мільёны? — запытаўся Нэд Лэнд.

Я не мог даць адказу на гэтае пытанне.

Пасля снедання я перайшоў у салон і сеў там за работу. Да пяці гадзін вечара я пісаў свой дзённік. Але тут мне чамусьці зрабілася вельмі горача. Я прымушаны быў зняць з сябе куртку.

Гэта было незразумела — мы знаходзіліся далёка ад тропікаў, ды і ўсёроўна ў вадзе «Наўтылус» не павінен быў адчуваць уплыў тэмпературы паветра. Я паглядзеў на стрэлку манометра: мы ішлі на глыбіні шэсцьдзесят футаў, куды ні пры якіх умовах не магла пранікаць земная цеплыня.

Я спрабаваў працягваць працу, але гарачыня ўсё павялічвалася і рабілася нясцерпнай.

«Можа на караблі пажар?» падумаў я.

Я хацеў ужо выйсці з салона, як раптам у яго ўвайшоў капітан Нэма.

Ён накіраваўся прама да тэрмометра, паглядзеў на слупок жывога срэбра і, павярнуўшыся да мяне, сказаў.

— Сорак два градусы!

— Я гэта адчуваю, капітан, — адказаў я. — Калі тэмпература падымецца яшчэ, мы не здолеем вытрымаць яе.

— О, спадар прафесар, гэтая тэмпература падымецца толькі у тым выпадку, калі мы таго пажадаем.

— Вы, значыцца, можаце павялічваць альбо змяншаць яе па свайму жаданню?

— Не, але я магу адыйсці ад крыніцы, павялічваючай яе.

— Значыцца, гэтая крыніца па-за «Наўтылусам»?

— Вядома. Мы плывем у пласце кіпучай вады.

— Ці магчыма гэта? — ускрыкнуў я.

— Мяркуйце самі.

Акяніцы расчыніліся, і я ўбачыў зусім белую ваду вакол «Наўтылуса». Сярністая пара рассцілалася ў вадзе, кіпучай, як у катле.

Я дакрануўся рукою да шкла, але яно было такое гарачае, што я вымушаны быў зараз-жа адхапіць руку.

— Дзе мы знаходзімся? — запытаў я.

— Каля вострава Сантарына, спадар прафесар, — адказаў капітан — Калі хочаце дакладней — у пратоцы, аддзяляючай Неа-Камені ад Палеа-Камені. Я хацеў паказаць вам гэтае рэдкае з’явішча — выбух падводнага вулкана.

— А я думаў, што нараджэнне новых астравоў больш не адбываецца…

— У вулканічных мясцовасцях ніводзін працэс нельга лічыць скончаным, — адказаў капітан Нэма. — Зямны-ж шар па-ранейшаму поўны агнём у сярэдзіне. Калі верыць гісторыкам Касіадору і Плінію, у дзевятнаццатым годзе нашай эры на тым самым месцы, дзе нядаўна стварыліся гэтыя маленькія астравы, узнік новы востраў Тэйя. Потым ён знік пад хвалямі, каб зноў з’явіцца на свет у шэсцьдзесят дзевятым годзе і зноў канчаткова знікнуць. З гэтага часу і да нашых дзён вулканічная дзейнасць сціхла. Але трэцяга лютага 1866 года каля Неа-Камені сярод воблакаў серністай пары нечакана падняўся з вады новы астравок. Яго назвалі востравам Георга. Шостага лютага ён злучыўся з Неа-Камені. Праз сем дзён пасля гэтага, трынаццатага лютага, з вады падняўся яшчэ адзін астравок — Афроэса, аддзелены ад Неа-Камені вузкай пратокай у дзесяць метраў. Я выпадкова прысутнічаў у гэтых месцах, калі адбылося гэтае рэдкае з’явішча, і назіраў усе фазы яго. Астравок Афроэса, амаль круглы па форме, меў трыста футаў у дыяметры пры трыццаці футах вышыні. Ён складаўся з чорнай шклопадобнай лавы, у якой трапляліся кавалкі палявога шпата. Нарэшце, дзясятага сакавіка, з мора вынырнуў каля Неа-Камені трэці астравок, яшчэ меншы, — Рэка, і ўсе тры астравы зліліся.

— А што гэта за пратока, у якой мы зараз знаходзімся? — запытаў я.

— Вось яна, — адказаў капітан Нэма, паказваючы яе на карце Грэцкага архіпелага. — Бачыце, я адзначыў ужо на карце новыя астраўкі.

— Дно гэтай пратокі, мусіць, таксама падымецца калі-небудзь з вады?

— Зусім магчыма, спадар прафесар, бо з 1866 года насупраць порта святога Міколы на Палека-Камені ўзнікла восем новых астраўкоў. Адсюль відаць, што ў недалёкім будучым Неа- і Палеа-Камені злучацца. У Ціхім акіяне будаванне новых астравоў — справа інфузорый. У гэтых-жа водах новыя астравы абавязаны сваім з’яўленнем вулканічнай дзейнасці. Бачыце, спадар прафесар, як кіпіць, не заміраючы ні на хвіліну, жыццё пад вадой!

Я зноў падышоў да акна. «Наўтылус» больш не рухаўся. Гарачыня зрабілася нязноснай. Вада з белай зрабілася чырвонай, ад прымесі нейкай солі жалеза. Не гледзячы на тое, што шкло было герметычна ўлітавана ў аправу, у салон пранікнуў задушлівы пах серы. У вадзе я заўважыў чырвонае святло, такое яскравае, што пры ім марнелі праменні нашага пражэктара.

Я абліваўся потам і задыхаўся. Я адчуваў, што яшчэ некалькі хвілін — і я проста зваруся!

— Немагчыма далей заставацца ў гэтай кіпучай вадзе, — сказаў я капітану.

— Так, гэта было-б неасцярожна, — спакойна адказаў ён.

Ён даў загад. «Наўтылус» зноў крануўся і хутка аддаліўся ад гэтага жэрала, прабыванне ў якім пагражала нам пагібеллю. Праз чвэртку гадзіны мы прагна ўдыхалі свежае паветра на паверхні мора.

Мне прыйшло ў галаву, што, калі-б Нэд Лэнд выбраў гэтае месца для ўцёкаў, мы зварыліся-б у ім жыўцом…

Назаўтра, 16-га лютага, «Наўтылус» абмінуў мыс Матапан і развітаўся з Грэцкім архіпелагам.

Раздзел сёмы У сорак восем гадзін праз Міжземнае мора

Блакітнае Міжземнае мора, «Вялікае Мора» старадаўніх яўрэяў, «Мора» старадаўніх грэкаў, «Наша мора» старадаўніх рымлян, абкружанае высокімі горамі, аблямаванае квітнеючымі садамі з апельсінавых дрэў, алоэ, кактусаў, марскіх сосен, з чыстым паветрам і пахам мірт, — Міжземнае мора з’яўляецца арэнай вечнай барацьбы, барацьбы паміж агнём і вадою. Плутон і Нептун[41] змагаюцца тут за ўладу над светам.

«На берагах і ў водах гэтага мора, — пісаў Мішле, — у гэтым лепшым у свеце клімаце, чалавек знаходзіць новыя сілы і здароўе». Але мне ўдалося толькі мімаходзь убачыць гэты славуты сваёй прыгожасцю водны басейн, які займае плошчу ў два мільёны сто тысяч квадратных кіламетраў.

Я не мог папоўніць свае невялікія назіранні нават роспытамі ў капітана Нэма, бо гэты загадкавы чалавек ні разу не паказаўся за ўвесь час нашага пераходу па Міжземнаму мору. Дарэчы кажучы, ішлі мы з вельмі значнай хуткасцю, і «Наўтылус» прайшоў пад вадою за двое сутак дзве тысячы чатырыста кіламетраў: выйшаўшы 16 лютага з Грэцкага архіпелага, досвіткам 18 лютага мы ўжо абмінулі Гібралтарскую пратоку.

Мне было ясна, што капітан Нэма не любіць гэтага мора, з усіх бакоў абкружанага зямлёй, ад якой ён уцякаў. Можа хвалі і вятры яго прыносілі з сабою непрыемныя ўспаміны альбо, яшчэ горш, будзілі жаль аб згубленым? А можа яго злавала немагчымасць такога вольнага і незалежнага плавання, як у акіянах, і «Наўтылусу» проста было цесна паміж збліжанымі берагамі Еўропы і Афрыкі?

Так ці інакш, але мы ішлі з хуткасцю дванаццаць лье, альбо сорак восем кіламетраў у гадзіну. Зразумела, Нэду Лэнду прышлося кінуць усякую думку аб уцёках, хоць ён і надта шкадаваў аб гэтым. Ён не мог скарыстаць шлюпку пры хуткасці ў дванаццаць — трынаццаць метраў у секунду. Гэта было раўназначна скоку з вагона цягніка, які імчыцца з такой самай хуткасцю, — скоку, які абяцае мала прыемнага храбрацу. Прытым «Наўтылус» падымаўся на паверхню вады, каб аднавіць запас паветра, толькі глыбокай ноччу, а ўвесь астатні час ішоў, кіруючыся паказаннямі компаса і лага.

Таму, я бачыў у Міжземным моры тое самае, што пасажыр кур’ерскага поезда бачыць з акна свайго купэ, — далёкія кругавіды, а не бліжэйшыя да палатна дарогі месцы, мільгаючыя, як маланка, перад яго вачыма.

Аднак Канселю і мне ўдалося разгледзець асобных Міжземных рыб, якія са сваімі магутнымі плаўнікамі маглі некаторы час спаборнічаць у хуткасці з «Наўтылусам». Мы па цэлых гадзінах стаялі ля акон салона, і зробленыя тады няпоўныя нататкі дазваляюць мне намаляваць зараз у агульных рысах іхтыялагічную карціну гэтых вод.

З шматлікіх рыб, засяляючых Міжземнае мора, адных я назіраў адносна доўга, другіх бачыў мімаходзь, а трэціх — з-за хуткасці нашага бегу не бачыў зусім.

Няхай-жа будзе мне дазволена апісваць іх у адпаведнасці з гэтай фантастычнай класіфікацыяй — яна правільней перадасць мае мімалётныя ўражанні.

У ярка асветленых электрычнасцю водных таўшчынях віліся вузкія, у метр даўжынёй міногі, якія плодзяцца амаль ва ўсіх морах. Калючкаватыя скаты, дасягаючыя чатырох метраў у даўжыню пры двух-трох у шырыню, з шурпатай скурай, усеянай у маладых асобін тонкімі і ў старых — буйнымі вострымі калючкамі, з белым жыватом і карычневай са светлымі плямамі афарбоўкай спіны, — паласкаліся ў вадзе, нібы вялікія хусткі, знесеныя цячэннем. Іншыя разнавіднасці скатаў мільгалі перад нашымі вачыма і знікалі з такой шпаркасцю, што я не мог праверыць, ці заслужылі яны дадзеную ім старадаўнімі грэкамі назву марскіх арлоў, альбо да іх больш падыходзяць зняважлівыя клічкі пацукоў, жаб і кажаноў, якімі іх надзяляюць сучасныя маракі. Сельдзевыя акулы, якія належаць да сямейства дэльфінавых акул, асабліва небяспечных для рыбакоў, спаборнічалі з намі ў хуткасці. Мы бачылі таксама марскіх лісіц, — рыб, якія належаць да атрада акул, даўжынёй у чатыры і болей метраў і з’яўляюцца самымі хітрымі з марскіх жывёл; спіны і бакі іхнія цёмна-блакітныя, ніжняя частка цела — белавата-плямістая.

Далей нам трапляліся дарады з сямейства спаравых рыб; некаторыя з іх дасягалі ста трыццаці сантыметраў у даўжыню; дарады блішчэлі ў сваёй срабрыста-блакітнай вопратцы, якая рабілася яшчэ больш прыгожай ад жоўтай афарбоўкі іхніх плаўнікоў; гэтыя каштоўныя рыбы, уласцівыя ўсім прэсным і салёным вадаёмам — рэкам і азёрам, морам і акіянам, — жывуць ва ўсіх кліматах, пераносяць усялякія тэмпературы і, ведучы свой род ад першых жыхароў зямлі, сучаснікаў вялікіх геалагічных працэсаў, захавалі ўсю сваю першабытную прыгожасць.

Раскошныя бялугі, даўжынёй дзевяць-дзесяць метраў, заглядвалі ў акно салона і, не маючы сілы змагацца з намі ў хуткасці, адставалі, паказваючы блакітную спіну з маленькімі карычневымі плямамі: бялугі падобны да акул, але яны слабей за іх; большую частку жыцця яны знаходзяцца ў моры, а напрадвесні заплываюць у рэкі, змагаючыся з цячэннямі Волгі, Дуная, По, Рэйна, Луары і Одэра; яны жывяцца селядцамі, макрэллю і іншымі невялічкімі рыбамі. Калісьці злоўленую бялугу з урачыстасцю неслі да стала вялікага рымскага гастранома Лукула.

Але з усіх жыхароў Міжземных вод лепш за ўсё я пазнаёміўся з тунцамі, спіна якіх афарбавана ў чорна-сіні колер, грудны панцыр — у блакітны, а бакі і бруха — шэраватыя з срабрыста-белымі плямамі. Аб тунцах расказваюць, што яны ідуць побач з караблямі, хаваюцца ў іхняй цені ад гарачых праменняў трапічнага сонца, і яны не абверглі гэтага сцвярджэння, суправаджаючы «Наўтылус», як некалі праваджалі караблі Лаперуза. На працягу доўгіх гадзін яны ні на сантыметр не адставалі ад «Наўтылуса».

Я залюбаваўся гэтымі рыбамі, нібы спецыяльна створанымі прыродай для ўдзелу ў хуткасных спаборніцтвах, — з маленькай вузкай галавою, з верацёнападобным целам у тры і нават чатыры метры даўжыні, з моцнымі груднымі і раздвоенымі хваставымі плаўнікамі. Яны плылі, пастроіўшыся правільным трохкутнікам, як зграі некаторых пералётных птушак. Гэты строй дазваляў старадаўнім народам сцвярджаць, што тунцы ведаюць геаметрыю і элементы стратэгіі.

Аднак «вучонасць» не выратоўвае тунцоў ад праследвання правансальскіх рыбакоў, паважаючых іх так-жа высока, як і жыхары старадаўніх Прапанціды і Іспаніі, і гэтыя цудоўныя рыбы слепа і шалёна сотнямі тысяч гінуць кожны год у марсельскіх нератах.

Пералічваю толькі для памяці тых з Міжземнаморскіх рыб, якіх ні Канселю, ні мне не ўдалося бачыць. Гэта электрычны і сапраўдны вугры, мільгаўшыя каля нас, як здань; траска, печань якой дае каштоўны лекавы прадукт; трыглы, якіх паэты называюць рыбай-лірай, а маракі — рыбай-свістуном, галава якой мае трохкутныя палоскі, нагадваючыя інструмент старадаўняга пяўца Гамера; трыглы-ластаўкі, плаваючыя з хуткасцю птушак, назву якіх яны носяць; хімеры з гладкай скурай, афарбаванай у пераліўчатыя залаціста-жоўтыя, бурыя і белыя колеры; раскошныя палтусы, гэтыя марскія фазаны, з жоўтымі плаўнікамі, усеянымі чорнымі кропкамі, верхні бок якіх — левы — афарбаваны бура-жоўтымі і мармуровымі плямамі; нарэшце залацістыя султанкі, сапраўдныя марскія райскія птушкі, за якіх рымляне плацілі па дзесяць тысяч сестэрцый, каб за сталом мілавацца зменамі афарбоўкі іхняга цела, — ад рубінава-чырвонага колеру жыцця да бледна-белага колеру смерці.

Калі мне не ўдалося назіраць ні спінарогаў, ні марскіх канькоў, ні рыбы-месяца, ні кузаўкоў, ні селядцоў, ні бычкоў, ні марскіх яршоў, ні губанаў, ні мечаносаў, ні ферынак, ні іглы-рыбы, ні анчоусаў, ні сотні іншых відаў рыб, уласцівых Міжземнаму мору, дык вінаваціць трэба ў гэтым не мяне, а тую незвычайную хуткасць, з якой «Наўтылус» імчаўся сярод гэтых густазаселеных вод.

Што тычыцца марскіх сысуноў, дык мне здалося, што ў той час, калі мы праходзілі каля Адрыятычнага мора, я заўважыў двух кашалотаў, затым некалькі дэльфінаў і, нарэшце, з паўтузіна цюленяў, празваных манахамі і сапраўды падобных на манахаў-дамініканцаў, толькі ростам у тры метры.

Са свайго боку Канселю ўдалося ўбачыць гіганцкую чарапаху — шырынёй у шэсць футаў, — на паверхні шчыта якой ён заўважыў сем уздоўжных узвышшаў, альбо робер. Я вельмі шкадаваў, што не бачыў сам гэтай чарапахі, бо, мяркуючы па апісанню, гэта павінна была быць скурыстая чарапаха — досыць рэдкая, выміраючая цяпер разнавіднасць.

З зоафітаў мне на працягу некалькіх секунд удалося назіраць прыгожы экзэмпляр галеалярыі, якая прыклеілася да шкла акна салона. Гэта было разгаліненае ажурнае валаконца, танюсенькія галінкі якога перапляталіся ў надзвычай тонкім малюнку, з якім не магла-б спрачацца па тонкасці ніводная мярэжніца Фландрыі. На жаль, я не мог злавіць гэты дзіўны экзэмпляр.

Магчыма, што я так і не ўбачыў-бы ў Міжземным моры больш ніводнага зоафіта, каб увечары гэтага дня, 16 лютага, «Наўтылус» раптам не прыпыніў свайго ходу. Вось якім чынам гэта здарылася.

Мы праходзілі між Сіцыліяй і Тунісам. У гэтым вузкім месцы марскае дно раптам падымаецца. Тут праходзіць верхавіна падводнага хрыбта, пласт вады над якой дасягае амаль семнаццаць метраў, тады як з абодвух бакоў ад гэтага месца глыбіня складае, прыкладна сто семдзесят метраў. «Наўтылусу» прышлося рухацца з асцярогай, каб не напароцца на гэты падводны бар’ер.

Я паказаў Канселю па карце гэтую граду падводных скал.

— З дазволу гаспадара скажу, што гэты хрыбет здаецца мне перашыйкам, злучаючым Еўропу з Афрыкай, — зазначыў ён.

— Ты слушна гаворыш, сябар мой, — сказаў я, — ён перагарадзіў усю Сіцылійскую пратоку. Даследванні Сміта паказалі, што некалі між мысам Адар і Марсалай гэтыя сухазем’і злучаліся палоскай цвёрдай зямлі.

— Калі, — пачаў Кансель, — у які-небудзь дзень вулканічны штуршок зноў падыме з вады гэтыя перашыйкі…

— Гэта наўрад, Кансель, — спыніў я яго.

— З дазволу гаспадара я скончу сваю думку: калі гэта ўсё-ткі здарыцца, дык мне шкада будзе беднага Лесепса, уклаўшага столькі працы, каб перакапаць Суэцкі перашыек!

— Вядома, Кансель; але ты можаш не хвалявацца, — гэтага не здарыцца! Сіла падземнага агню паступова змяншаецца. Вулканы, такія шматлікія ў першыя часы існавання зямлі, цяпер адзін за адным згасаюць; падземная гарачыня слабне; тэмпература падглебавых пластоў зямлі з века ў век зніжаецца, на няшчасце для нашай планеты, для якой гэтая гарачыня — крыніца жыцця…

— Аднак сонца…

— Аднаго сонца недастаткова, Кансель. Ці можа яно вярнуць цеплыню трупу?

— Паколькі мне вядома — не.

— Дык вось, мой дружа, у адзін нешчаслівы дзень зямля зробіцца ахладзеўшым трупам. Яна будзе бязлюднай, такой самай бязлюднай, як месяц, які даўно ўжо страціў сваю жыццёвую цеплыню.

— Праз колькі вякоў гэта здарыцца? — запытаў Кансель.

— Праз некалькі соцень тысяч гадоў, — адказаў я.

— У такім разе мы яшчэ паспеем скончыць сваё падводнае падарожжа, калі толькі Нэд Лэнд не ўмудрыцца да тэрміну спыніць яго.

І, супакоіўшыся наконт будучыні зямлі, Кансель зноў пачаў назіраць жыццё пад вадою, карыстаючыся тым, што «Наўтылус» ішоў цяпер з сярэдняй хуткасцю.

Там, на скалах вулканічнага паходжання, пышна расквітнелі сады жывых раслін — медуз Бугенвіля, кунін, губак, галатурый, марскіх гуркоў, пераліваючых усімі колерамі вясёлкі, адбіваючы сонечныя праменні; вандруючых каматул, шырынёй у метр, пурпуровая афарбоўка якіх кідала чырвоны водбліск на акаляючую іх ваду; гідраактыній з даўгімі сцябламі; мноства разнавіднасцей спажыўных мідзій; зялёных актыній на шэрых ножках, з дыскам, пакрытым густой шэвелюрай аліўкавых шчупальцаў.

Кансель заняўся назіраннем малюскаў і налічыў многа прадстаўнікоў спандылій, клаўшыхся адзін на аднаго, разяўніц, шалей з жоўтымі плаўнікамі і празрыстымі ракавінамі, апраўдваючых сваю назву марскіх матылёў, слімакоў з зялёнымі кропкамі на ракавінах, аплізій, вядомых пад назвай марскіх зайцаў, мясістых спажыўных сэрцавідак, марскіх вушкаў, ракавіны якіх усыпаны каштоўным перламутрам, мідзій, якіх у Лангедоку лічаць больш смачнай стравай, чымся вустрыцы, грабенчатых вісельнікаў, марскіх фінікаў, эолідаў, дрэваточцаў, катушак, цінерарый і шмат іншых.

Але тут «Наўтылус», перайшоўшы праз бар’ер Сіцылійскае пратокі і трапіўшы зноў у глыбокія пласты, паімчаўся з ранейшай хуткасцю. Зноў малюскі, зоафіты і членістаногія зліліся ў няясную жывую сцяну, з якой на секунду ўзнікалі контуры паасобных буйных рыб.

У ноч з 16 на 17 лютага мы апынуліся над другім басейнам Міжземнага мора, найбольшая глыбіня якога не перавышае трох тысяч метраў. Тут «Наўтылус» на поўным хаду хутка апусціўся на самае дно.

Там замест цудаў прыроды нас чакала жалобнае і жудаснае відовішча. Мы знаходзіліся цяпер у той частцы Міжземнага мора, у якой адбывалася шмат катастроф з караблямі. Колькі караблёў загінула без вестак паміж берагамі Алжыра і Праванса! Міжземнае мора ў параўнанні з неабсяжнымі прасторамі Ціхага акіяна не больш як возера, але гэтае возера капрызнае і хцівае, воды яго здрадлівыя і нясталыя: сёння яны калыхаюць і лашчуць кволае судзёнца, якое плыве па асляпляюча сіняй вадзе пад асляпляюча сінім небам, а заўтра ўздыбленае, хмурае і лютае, кароткімі і частымі ўдарамі сваіх валоў яно разносіць у трэскі самы вялікі карабель.

Колькі загінуўшых суднаў мільгала перад маімі вачыма ў час гэтага шпаркага плавання ў глыбокаводных пластах! Адны з іх, што ўжо даўно ляжаць на дне, пакрыліся каралавымі адкладамі, іншыя рэшткі нядаўніх крушэнняў — толькі паіржавелі. На ўсім нашым І шляху дно было засланае якарамі, гарматамі, ядрамі, грэбнымі валамі, часткамі машын, разбітымі цыліндрамі, узарванымі катламі. Месцамі ў вадзе віселі, не кранаючыся дна, цэлыя карпусы суднаў — адны кілем уніз, другія перавернутыя.

Некаторыя з гэтых суднаў загінулі пры сутычках, другія натыкнуліся на рыфы. Мне ў вочы трапляліся і такія, што затанулі вертыкальна, з непашкоджанымі мачтамі, з цэлай аснасткай… Яны як быццам стаялі на якары на адкрытым рэйдзе, чакаючы загаду пусціцца ў плаванне.

Калі «Наўтылус» праходзіў каля іх, заліваючы іх святлом свайго пражэктара, здавалася, што зараз-жа ў іх на кармавым флагштоку ўзнімецца сцяг, вітаючы сустрэчнае судна і жадаючы яму шчаслівай дарогі.

Але сцяг не ўздымаўся. Смерць і нямая цішыня непадзельна панавалі на гэтым марскім могільніку…

Я заўважыў, што па меры набліжэння «Наўтылуса» да Гібралтарскай пратокі ўсё большая колькасць гэтых сумных рэшткаў крушэння засцілала марское дно. Чым цясней зыходзяцца берагі Еўропы і Афрыкі, тым часцей робяцца сутычкі суднаў. Я бачыў тут мноства жалезных карпусоў, скалечаных рэшткаў параходаў, стаячых тырчком альбо ляжачых на баку, падобных на фантастычных жывёл. Асабліва цяжкае ўражанне рабіў адзін калёсны параход: борт яго быў як быццам распораты, трубы пагнуліся, ад колаў застаўся толькі пакамячаны жалезны каркас, стырно адарвалася ад кармы і вісела на жалезным ланцугу, корпус яго быў увесь з’едзены іржой… Колькі чалавек загінула на ім? Колькі засталося ў жывых, каб расказаць аб гэтай жудаснай катастрофе? А можа, хвалі зайздросна хавалі сваю тайну?.. Мне прыйшла ў галаву думка, што гэты параход — той самы «Атлас», таемнае знікненне якога гадоў дваццаць назад доўга хвалявала свет. Якую жудасную кнігу можна было-б напісаць пра тайны дна Міжземнага мора, пра гэты велізарны магільнік, дзе захавана столькі багацця, дзе столькі людзей знайшлі сваю смерць!

Між тым абыякі да ўсяго «Наўтылус» працягваў свой хуткі падводны бег. 18 лютага, каля трох гадзін а поўначы ён апынуўся каля ўвахода ў Гібралтарскую пратоку.

Там існуе два цячэнні — верхняе, даўно вядомае, якое нясе воды Атлантычнага акіяна ў Міжземнае мора, і сустрэчнае, ніжняе цячэнне, існаванне якога было даказана лагічным шляхам. Сапраўды, узровень вады ў Міжземным моры, пры звычайным прыліве вады з Атлантычнага акіяна і з акаляючых яго рэк, павінен быў-бы з года ў год павышацца, бо ўстаноўлена, што адных выпарэнняў недастаткова для стрымання яго ў раўнавазе. Між тым, гэты ўзровень не павышаецца і, значыцца, немінуча трэба дапусціць існаванне другога цячэння, якое праходзіць над самым дном Гібралтарскае пратокі і выносіць у Атлантычны акіян лішкі Міжземнаморскай вады.

Так яно і аказалася ў сапраўднасці. «Наўтылус» скарыстаў гэтае спадарожнае цячэнне і хутка праімчаўся праз вузкую пратоку. На секунду перад маімі вачыма мільганулі руіны выдатнага храма Геркулеса, што апусціўся на дно, па словах Плінія, разам з астраўком, на якім ён быў пабудаваны, і праз некалькі хвілін мы ўсплылі на паверхню ўжо ў Атлантычным акіяне.

Раздзел восьмы Бухта Віго

Атлантычны акіян! Велізарная водная раўніна, паверхня якой мае дваццаць пяць мільёнаў квадратных міль, раўніна, якая цягнецца ў даўжыню амаль на дзевяць тысяч міль пры сярэдняй шырыні дзве тысячы семсот міль! Гэтае вялізнае мора амаль не было вядома ў старадаўнасці. Магчыма, толькі карфагеняне, гэтыя галандцы старадаўнасці, у сваіх гандлёвых плаваннях агібалі заходнія берагі Еўропы і Афрыкі! Звілістыя берагі гэтага акіяна раскінуліся на вялікай працяжнасці і павыразаны вусцямі найвялікшых у свеце рэк: св. Лаўрэнція, Місісіпі, Амазонкі, Ла-Платы, Орыноко, Нігера, Эльбы, Лауры, Рэйна, уліваючых у яго свае воды, што абваднялі самыя культурныя і самыя дзікія ў свеце краіны! Велічная гладзь вады, якую ва ўсіх кірунках баразняць караблі ўсіх краін і ўсіх народаў, і якая канчаецца двума жудаснымі для мораплаўцаў мысамі — мысам Горн і Добрай Надзеі!..

«Наўтылус» рассякаў сваім вострым фарштэўнем воды Атлантычнага акіяна пасля таго, як за тры з паловай месяцы прайшоў звыш дзесяці тысяч лье — адлегласць, амаль роўная даўжыні зямнога экватара. Куды ён накіраваўся цяпер, якія неспадзяванасці рыхтуе нам будучае?

Пасля выхаду з Гібралтарскай пратокі «Наўтылус» узяў курс у адкрыты акіян. Ён зноў вярнуўся на паверхню вады, і мы зноў мелі магчымасць выконваць свае штодзённыя прагулкі на свежым паветры.

Як толькі мы ўсплылі ў першы раз, я паспяшаў падняцца на палубу з Нэдам Лэндам і Канселем.

За дваццаць міль ад нас ледзь віднеўся на кругавідзе мыс св. Вінцэнта, які замыкае з паўднёвага захаду Іспанскі паўвостраў. Дзьмуў даволі моцны паўднёвы вецер, які ўзняў на няветлівым моры вялікую хвалю. «Наўтылус» вельмі хістала. Немагчыма было доўга заставацца на яго палубе, на якую кожную хвіліну набягалі патокі салёнай вады. Падыхаўшы крышку свежым паветрам, мы паспяшылі апусціцца ў сярэдзіну карабля.

Я вярнуўся ў сваю каюту. Кансель пайшоў да сябе, але канадзец, нечым заклапочаны, пайшоў за мной. Нечакана хуткі пераход цераз Міжземнае мора не дазволіў яму выканаць свой план, і ён нават не спрабаваў захаваць сваю прыкрасць.

Ён зачыніў дзверы каюты, сеў на крэсла і моўчкі паглядзеў на мяне.

— Разумею вас, дружа, Нэд, — сказаў я яму. — Але супакойцеся, вам няма ў чым папракаць сябе! У тых умовах, у якіх прайшло гэтае плаванне, думаць аб уцяканні было немагчыма!

Нэд Лэнд не адказаў. Яго нахмураныя бровы і шчыльна сціснутыя вусны сведчылі, што яго апанавала адна неадступная ідэя.

— Паслухайце, — сказаў я яму, — будзьце разважлівым! Нічога не страчана! Мы падымемся зараз да поўначы ўздоўж берагоў Партугаліі. Мы пройдзем каля Францыі і Англіі, дзе таксама лёгка знайсці прытулак. Вось каб «Наўтылус» па выхадзе з Гібралтарскай пратокі накіраваўся на поўдзень, дзе бадай няма сушы, я-б і сам падзяляў вашу трывогу. Але цяпер мы ведаем, што капітан Нэма не ўхіляецца людных мораў, і я не сумняваюся, што праз некалькі дзён вы зможаце падрыхтаваць зусім бяспечныя ўцёкі.

Нэд Лэнд яшчэ больш пільна паглядзеў на мяне і, раскрыўшы нарэшце вусны, сказаў:

— Мы бяжым сёння ўвечары!

Я схапіўся, як укушаны. Прызнаюся, я зусім не быў падрыхтаваны да гэтага паведамлення. Я хацеў супярэчыць канадцу, але не знаходзіў адпаведных слоў.

— Мы ўмовіліся чакаць зручнага выпадку, — прадаўжаў Нэд Лэнд. — Гэты выпадак ёсць. Сёння ўвечары мы будзем усяго за некалькі міль ад іспанскага берага. І Ночы цяпер цёмныя, без месяца. Вецер шуміць ва ўсю. Вы далі мне слова, спадар прафесар, і я спадзяюся на вас.

Я па-ранейшаму маўчаў. Канадзец устаў і падышоў бліжэй да мяне.

— Сёння ў дзевяць гадзін! — сказаў ён. — Я папярэдзіў Канселя. У гэтую гадзіну капітан Нэма, мусіць, зачыніцца ў сваім пакоі, а можа ўжо ляжа спаць. Ні механік, ні матросы, не могуць убачыць нас. Кансель і я схаваемся пад лесвіцай, што вядзе на палубу. Вы, спадар прафесар, будзеце чакаць майго сігнала ў бібліятэцы. Вёслы, мачты, парус знаходзяцца ў шлюпцы. Мне ўдалося нават аднесці ў яе крыху харчоў. Я дастаў таксама англійскі ключ, каб адкруціць гайкі, якія трымаюць шлюпку на палубе «Наўтылуса». Такім чынам усё падрыхтавана. Бывайце, да вечара!

— Мора дужа бурнае, — сказаў я.

— Згодзен з вамі, — адказаў канадзец, — але прыйдзецца не звяртаць на гэта ўвагі. Воля каштуе невялікай небяспекі. Шлюпка «Наўтылуса» моцная, а прайсці некалькі міль пры спадарожным ветры нават у такое падвор’е — гэта проста глупства. Хто ведае, можа заўтра мы будзем ужо за сотню міль ад берага? Калі ўмовы складуцца спрыяльна для нас, дык між дзесяццю і адзінаццаццю гадзінамі вечара мы ўжо выберамся на сушу ў якім-небудзь пункце іспанскага ўзбярэжжа. Калі-ж не, то ў гэты час мы будзем мёртвымі. Значыцца, да вечара!

З гэтымі словамі канадзец выйшаў з каюты, пакінуўшы мяне ў поўнай трывозе. Я чамусьці думаў, што калі прыйдзе час для ўцёкаў, можна будзе ўсё дэталёва абмеркаваць і паспрачацца з Нэдам Лэндам. Але ўпарты канадзец не дазволіў мне нават і слова сказаць. Ды і што я яму мог адказаць? Нэд Лэнд тройчы меў рацыю. Гэта быў больш-менш зручны выпадак, і ён рашыў скарыстаць яго.

Ці меў я права адмовіцца ад свайго слова і ставіць з-за асабістых інтарэсаў на карту лёс сваіх таварышаў? Хіба заўтра капітан Нэма не мог зноў зацягнуць нас у водную пустыню, далёкую ад усякай зямлі?

У гэты час пачуўся моцны свіст. Я зразумеў, што Наўтылус напаўняе свае рэзервуары вадой і апускаецца ў глыб акіяна.

Я застаўся ў сваёй каюце, каб не сустракацца з капітанам Нэма, які мог заўважыць на маім твары апанаваўшае мяне хваляванне.

Які нудны дзень правёў я, хістаючыся паміж жаданнем зноў вярнуць сабе волю і шкадаваннем пакінуць цудоўны карабель, не скончыўшы сваіх падводных назіранняў!

Пакінуць так неспадзявана гэты акіян, «маю Атлантыку», як я казаў сабе, не вырваўшы ў яго таямніц, якія раскрыў перада мной Ціхі і Індыйскі акіяны. Прачытаць толькі адзін том гэтай чароўнейшай у свеце кнігі і добраахвотна адмовіцца ад чытання іншых тамоў!

Якія сумныя гадзіны правёў я ў сваёй каюце, то ўяўляючы сябе вольным, як паветра, на сушы, абкружаным таварышамі, альбо марачы аб тым, што якая-небудзь непрадбачаная акалічнасць пашкодзіць выкананню планаў Нэда Лэнда!

Два разы я выходзіў у салон. Я хацеў паглядзець на компас і высветліць, куды накіроўваецца «Наўтылус» — да сушы ці ад яе.

Але не! «Наўтылус» увесь час ішоў недалёка ад Партугаліі. Яго курс ляжаў прама на поўнач уздоўж яе берагоў.

Нічога не заставалася рабіць, трэба было рыхтавацца да ўцякання.

Мой багаж быў невялікі — ён складаўся толькі з запісак.

Я пытаў сябе, як паглядзіць на нашы ўцёкі капітан Нэма, якую трывогу, якую шкоду мы зробім яму, і як ён паступіць у выпадку ўдачы ці няўдачы гэтага ўцякання.

Безумоўна, я не меў падстаў скардзіцца на яго. Наадварот! Цяжка было сабе ўявіць гасціннасць больш поўную і больш ветлівую. Але, з другога боку, у яго не магло быць падстаў папракаць мяне за няўдзячнасць. Я не даваў яму ніякіх абяцанняў не спрабаваць уцякаць. Мы не былі палоннікамі, адпушчанымі на волю на чэснае слова; калі нас не трымалі пад замком па караблі, дык гэта тлумачылася толькі верай у тое, што з «Наўтылуса» нельга ўцячы. І, акрамя таго, неаднаразовыя заявы капітана, што мы ніколі ў жыцці не зможам пакінуць яго судна, апраўдвалі кожную нашу спробу.

Я не бачыў капітана з часу нашага прабывання каля берагоў вострава Сантарына. Няўжо выпадак сутыкне нас напярэдадні майго ўцякання? Я адначасова і жадаў і баяўся гэтага.

Я прыслухаўся, ці не крочыць ён па сваёй каюце, побач з маёй. Але ні малейшы шум не даходзіў з-за перагарожы. Мусіць, у каюце нікога не было.

Я стаў сябе пытаць, ці сапраўды гэты загадкавы чалавек знаходзіцца на борце «Наўтылуса»? З той памятнай ночы, калі шлюпка пакінула «Наўтылус», выконваючы нейкія таемныя даручэнні, я крышку змяніў свой погляд на капітана Нэма. Я пераканаўся, што, не гледзячы на ўсе яго сцвярджэнні, ён усё-ж захаваў нейкія сувязі з сушай. Ці сапраўды ён ніколі не пакідаў «Наўтылуса»? Было-ж, што я па цэлых тыднях не сустракаў яго. Што рабіў ён у гэты час? Раней я лічыў, што ў яго бываюць перыядычныя прыступы мізантропіі[42] цяпер-жа мне прыйшло ў галаву, што ў гэты час ён выконваў на сушы нейкую місію, аб характары якой я не мог мець нават ніякай здагадкі.

Гэтыя думкі і тысячы іншых апанавалі мяне, не даючы спакою. У тым дзіўным становішчы, у якім мы знаходзіліся, можна было будаваць безліч самых беспадстаўных здагадак. Я адчуваў нясцерпныя пакуты. Гэтае чаканне здавалася мне бясконцым. Гадзіннік адбіваў час з неймавернай маруднасцю.

Абед мне падалі, як заўсёды, у каюту. Заклапочаны будучымі падзеямі, я дрэнна еў. Я ўстаў з-за стала а сёмай гадзіне. Сто дваццаць хвілін — а я лічыў кожную секунду! — аддзялялі мяне ад таго часу, калі я павінен буду далучыцца да Нэда Лэнда. Маё хваляванне ўсё ўзрастала. Пульс у мяне стукаў надзвычай часта. Я не мог уседзець ні на адным месцы. Я хадзіў па пакою ўзад і ўперад, спадзяючыся хадой заспакоіць усхваляваныя нервы. Думка аб тым, што мы можам загінуць пры гэтай смелай спробе, менш за ўсё непакоіла мяне; але затое боязнь, што наш план будзе адкрыты раней, як мы пакінем «Наўтылус», што нам прыйдзецца з’явіцца перад ашалелым альбо, яшчэ горш, пакрыўджаным гэтай здрадай капітанам Нэма, прыгняталі мяне і прымушалі сэрца моцна калаціцца.

Мне захацелася ў апошні раз агледзець салон. Вузкім калідорам я прайшоў гэты выдатны музей, дзе правёў столькі прыемных і карысных гадзін. Я разглядаў сабраныя ў ім каштоўнасці, як чалавек, прысуджаны да вечнага выгнання і ведаючы, што хутка ён павінен будзе назаўсёды разлучыцца з гэтымі дзіўнымі творамі мастацтва — з гэтымі цудамі прыроды, сярод якіх праходзілі апошнія месяцы майго жыцця. Мне захацелася напаследак яшчэ раз зірнуць праз акно салона на воды Атлантычнага акіяна. Але акяніцы былі шчыльна зачынены, і жалезная абшыўка корпуса хавала ад мяне яго таямніцы.

Ходзячы па салону, я наблізіўся да дзвярэй, вядучых у пакой капітана Нэма. На маё найвялікшае здзіўленне, дзверы гэтыя былі амаль адчыненыя. Я шпарка падаўся назад; калі капітан Нэма быў у сваім пакоі, ён мог убачыць мяне. Аднак, не чуючы ані гука, я зноў падышоў. У пакоі нікога не было. Я расчыніў дзверы і зайшоў у сярэдзіну. У пакоі нішто не змянілася. Абсталяванне было такое-ж суровае.

Маю ўвагу прыцягнула некалькі афортаў, развешаных па сценах. У мінулае маё наведванне гэтага пакою я не заўважыў іх. Гэта былі партрэты барацьбіта за свабоду Польшчы Касцюшко, Бацарыса — Леаніда[43] сучаснай Грэцыі, о’Конэля — змагара за незалежную Ірландыю, Георга Вашынгтона — заснавальніка Паўночнаамерыканскага саюза, Лінкальна, загінуўшага ад кулі фанатыка-рабаўласніка, і нарэшце ахвяры барацьбы за вызваленне неграў ад нявольніцтва — Джона Броўна, усцягнутага на шыбеніцу, — жудасны і дзіўны малюнак алоўкам, зроблены рукою Віктара Гюго.

Чаму капітан Нэма павесіў гэтыя партрэты ў сваёй спальнай? Якая сувязь існавала паміж гэтымі героямі і ім? Можа гэты збор партрэтаў дапаможа мне рашыць загадку яго жыцця? Ці быў ён правадыром прыгнечанага народу, вызваленцам нявольнікаў? Ці прымаў ён удзел у якіх-небудзь палітычных ці сацыяльных рухах апошняга часу? Можа ён быў удзельнікам крывавай і навекі памятнай грамадзянскай вайны між паўночнымі і паўднёвымі штатамі?

Раптам гадзіннік прабіў восем удараў. Першы ж удар малаточка па звану абудзіў мяне ад мар. Я ўздрыгануўся, як быццам нябачнае вока пранікла ў таямніцы маіх думак, і паспешна выбег з пакою.

У салоне я першым чынам паглядзеў на компас. Стрэлка яго паказвала, што мы нязменна накіроўваемся на поўнач. Лаг паказваў сярэднюю хуткасць, манометр — глыбіню шэсцьдзесят, прыкладна, метраў. Умовы, такім чынам, складаліся як нельга лепей для ажыццяўлення плана Нэда Лэнда.

Я вярнуўся ў сваю каюту і цёпла апрануўся: нацягнуў высокія марскія боты, цёплую шапку, цёплую куртку, падбітую нэрпавай скураю. Цяпер я быў гатовы. Заставалася чакаць.

Глыбокую цішу, панаваўшую на «Наўтылусе», парушаў толькі шум вінта. Прыслухоўваючыся, я стаяў каля дзвярэй, баючыся пачуць раптоўны шум чалавечых галасоў, якія сведчылі-б, што Нэда Лэнда заспелі ў момант выканання яго «злачыннага» плана. Шалёная трывога ахапіла мяне… Дарэмна я імкнуўся вярнуць сабе спакой.

У дзевяць гадзін без некалькіх хвілін я прытуліў вуха да сценкі, што аддзяляла маю каюту ад капітанскай, і прыслухаўся. Ні гуку не чулася адтуль. Я выйшаў з каюты і зайшоў у салон. Ён быў крыху асветлены, але нікога там не было.

Я адчыніў дзверы ў бібліятэку. Там было таксама цёмна і пуста. Я пайшоў да дзвярэй, якія вядуць на лесвіцу, каб там дачакацца сігнала Нэда Лэнда.

У гэтую хвіліну шум вінта значна паменшыўся, а потым і зусім сціх. Чаму раптам «Наўтылус» спыніўся? Ці садзейнічала гэтая астаноўка ажыццяўленню плана Нэда Лэнда, альбо шкодзіла яму? Гэтага я не ведаў. Цяпер цішыня парушалася толькі напружаным туканнем майго сэрца.

Раптам адчуўся лёгкі штуршок. Я зразумеў, што «Наўтылус» апусціўся на дно акіяна. Я яшчэ больш усхваляваўся. Канадзец не падаваў сігнала. Мне хацелася пайсці да Нэда Лэнда і ўгаварыць яго адкласці ўцёкі. Я адчуваў, што ў гэты вечар наша плаванне праходзіць не ў звычайных умовах.

У гэты момант на парозе бібліятэкі з’явіўся капітан Нэма. Заўважыўшы мяне, ён, не вітаючыся, але вельмі ветлівым тонам сказаў.

— А, спадар прафесар, я вас шукаў. Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

Каб ён запытаў мяне, ці ведаю я гісторыю сваёй радзімы, і то я ў цяперашнім сваім стане не мог-бы нічога адказаць яму.

— Вы чулі маё пытанне? — запытаў капітан Нэма. — Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

— Вельмі дрэнна, — нарэшце знайшоў я ў сабе здольнасць адказаць.

— Ото-ж гэтыя мне вучоныя! — сказаў капітан. — Акрамя сваёй спецыяльнасці, нічога яны не ведаюць! Сядайце, — дадаў ён, — я раскажу вам адзін цікавы эпізод з гэтай гісторыі.

Капітан ёмка ўсеўся на канапу, я таксама сеў, выбраўшы куток пацямнейшы.

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — слухайце-ж мяне ўважліва. Маё апавяданне зацікавіць вас, таму што яно крышку растлумачыць адно пытанне, якое вы безумоўна ставілі сабе і не маглі адказаць:

— Я слухаю вас, капітан, — адказаў я, устрывожаны гэтай прадмовай.

Я не ведаў да чаго вядзе сваю прамову капітан, і пытаў сябе, ці мае сувязь яго гісторыя з нашай няўдалай спробай уцячы.

— Калі дазволіце, спадар прафесар, — казаў капітан, — мы пачнём з 1702 года. Можа вы памятаеце, што ў тую эпоху французскі кароль Людовік шаснаццаты, думаўшы сабе, што даволі яму паварушыць пальцам, каб Пірэнеі праваліліся скрозь зямлю, пасадзіў на іспанскі прастол свайго ўнука, герцага Анжуйскага. Гэтаму ў дастатковай ступені бясталентнаму прынцу, панаваўшаму пад імем Філіпа пятага, прыйшлося сутыкнуцца з моцнымі вонкавымі ворагамі.

Сапраўды, годам раней, у 1701 годзе галандскі, аўстрыйскі і англійскі каралі заключылі ў Гаазе саюз, які ставіў сабе задачай сарваць іспанскую карону з галавы Філіпа пятага і ўзлажыць яе на галаву нейкага эрцгерцага, якога яны заўчасна называлі ўжо Карлам трэцім.

Іспанія павінна была змагацца супраць гэтай кааліцыі, але ў яе амаль не было ні салдат, ні матросаў. Аднак у грошах у яе недахвату не было, пры ўмове, вядома, што гружаныя амерыканскім золатам і срэбрам галіёны змогуць бесперашкодна ўвайсці ў яе парты. Акурат у канцы 1702 года Іспанія чакала багаты транспарт з Амерыкі, які канваіравала французская эскадра ў складзе дваццаці трох суднаў пад камандай адмірала Шато-Рэно. Гэты канвой быў неабходны, бо аб’яднаны флот ворагаў Іспаніі знаходзіўся ў Атлантычным акіяне.

Транспарт накіроўваўся ў Кадыкс, але адмірал даведаўся, што ў кадыкскіх водах крэйсіруе англійская эскадра, і вырашыў увайсці ў які-небудзь французскі порт.

Аднак іспанскія капітаны запратэставалі супраць гэтага рашэння. Яны патрабавалі даставіць іх толькі ў іспанскі порт і, паколькі ў Кадыкс нельга было прабрацца, прапанавалі ісці ў бухту Віго, якая не была блакавана ангельцамі.

Адмірал Шато-Рэно меў слабасць згадзіцца з гэтым патрабаваннем і галіёны ўвайшлі ў бухту Віго.

На жаль, гэтая бухта шырока адкрыта з боку мора і заступіць доступ у яе было немагчыма. Таму трэба было спяшацца з выгрузкай галіёнаў, пакуль не прыйшоў флот варожай кааліцыі; часу на гэта было зусім дастаткова, і ўсё абышлося-б добра, каб раптам не ўзнікла бязглуздая справа аб парушэнні прывілей…

— Вы ўважліва сочыце за маім апавяданнем? — раптам абарваў сябе капітан Нэма.

— Вельмі ўважліва, — сказаў я, ніяк не разумеючы, з якой мэтай ён чытае мне гэтую лекцыю па гісторыі.

— У такім разе я працягваю. Вось што здарылася. У кадыкскіх гандляроў была прывілея, згодна якой усе грузы, прыбываўшыя з Вест-Індыі, як тады называлі Амерыку, павінны былі разгружацца ў Кадыкса. Такім чынам, разгрузка галіёнаў з золатам у бухце Віго з’яўлялася парушэннем іхняй прывілеі. Яны паскардзіліся ў Мадрыд і дабіліся ад слабага воляй Філіпа пятага абяцання, што транспарт, не прыступаючы да разгрузкі, будзе секвестраваны[44] ў бухце Віго да таго часу, пакуль флот кааліцыі не зніме блакады з Кадыкса. Але пакуль гэтае рашэнне выносілася ў Мадрыдзе, дваццаць другога кастрычніка 1702 года англійскія судны ўвайшлі ў бухту Віго. Адмірал Шато-Рэно, не гледзячы на бясспрэчную перавагу сіл супраціўніка, мужна змагаўся. Але, убачыўшы, што залаты транспарт немінуча павінен трапіць у рукі ворагаў, ён падпаліў і патапіў галіёны, якія пайшлі на дно разам са сваім скарбам.

Капітан Нэма змоўк. Прызнацца, я ўсё яшчэ не разумеў, чым мяне павінна была зацікавіць гэтая гісторыя.

— А далей? — запытаў я.

— Далей? Далей тое, што мы цяпер знаходзімся на дне гэтай самай бухты Віго, і толькі ад нас зале-жыць пранікнуць у яе таямніцы.

Капітан падняўся і запрасіў мяне ісці за ім. Я паспеў ужо авалодаць сабою і спакойна пайшоў за ім.

У салоне было цёмна; скрозь адчыненыя акяніцы віднелася іскрыстая марская вада. Я падышоў да акна.

Пражэктар ярка асвятляў ваду на паўмілі па радыусу. Святло яго было настолькі моцным, што можна было разгледзець кожную пясчынку.

Матросы з каманды «Наўтылуса», апранутыя ў скафандры, варушылі на дне паўзгнілыя бочкі, паламаныя скрынкі, выцягваючы іх з кучы іншых адломкаў. З гэтых скрынак і бочак бруілася золата, срэбра, каштоўныя каменні. Увесь пясок быў засыпаны імі. Узваліўшы на спіну скрыню альбо бочку, матросы ішлі да карабля, складалі свой каштоўны груз і вярталіся за новым запасам у гэтую невычарпальную скарбніцу.

Цяпер я зразумеў. Гэта было месца марской бойкі. Тут 22 кастрычніка 1702 года затапіліся галіёны, якія везлі золата іспанскаму каралю. У гэтых залатых пясках капітан Нэма чэрпаў золата, калі яно яму было патрэбна. Толькі яму, яму аднаму належалі гэтыя бочкі, гэтыя скрыні. Ён быў непасрэдным і адзіным наследнікам усяго гэтага багацця, адабранага ад інкаў[45] Эрнандам Кортэсам[46].

— Ці ведалі вы, спадар прафесар, — усміхаючыся, запытаўся капітан Нэма, — што мора змяшчае гэткае багацце?

— Я ведаў толькі тое, што ў марской вадзе растворана каля двух мільёнаў тон срэбра.

— Гэта правільна, але каб дастаць гэтае срэбра з вады, прыйшлося-б зрабіць больш выдаткаў, чымся атрымаць прыбытку. А тут трэба толькі сагнуцца, каб падняць тое, што людзі згубілі. І не толькі бухта Віго служыць для мяне скарбніцай: ёсць яшчэ тысячы не менш багатых месцаў крушэнняў, адзначаных на маёй падводнай карце. Разумееце вы цяпер, што маё багацце мераецца мільярдамі?

— Добра разумею, капітан. Дазвольце толькі сказаць вам, што чэрпаючы золата ў гэтай бухце Віго, вы выперадзілі адно камерцыйнае таварыства, якое магло-б спрачацца з вамі.

— Якое?

— Таварыства, якое атрымала ад іспанскага ўрада права шукаць затануўшыя галіёны. Акцыянеры гэтай кампаніі спяць і бачаць гэтыя пяцьсот мільёнаў, бо каштоўнасць груза патануўшых галіёнаў была ацэнена іменна ў гэтую суму.

— Пяцьсот мільёнаў? — паўтарыў капітан Нэма. — Яны тут былі, але іх ужо няма.

— Разумею, — сказаў я. — Таму некалькі слоў папярэджання ўдзельнікам гэтай справы былі-б зусім не лішнімі. Але хто ведае, як гэтае папярэджанне будзе прынята? Вы-ж ведаеце, што ігракі заўсёды больш шкадуюць аб страце шалёных надзей, чымся аб згубе грошай. Ну, але мне не шкода гэтых ігракоў. Я больш шкадую аб тым, што грошы, якія маглі-б дапамагчы сотням тысяч беднякоў, ніколі не дойдуць да іх…

Я яшчэ не скончыў фразы, як адчуў, што яна абразіла капітана Нэма.

— Ніколі не дойдуць да іх? — усклікнуў ён. — Значыцца, вы лічыце, што гэтыя грошы страчаны, паколькі яны падабраны мною? Няўжо вы думаеце, што я для сябе збіраю гэтыя скарбы? Хто вам сказаў, што я не раблю з іхняй дапамогаю добрых спраў? Я ведаю, што на зямлі існуе безвыходнае гора, прыгнечаныя народы, няшчасці, патрабуючыя дапамогі, і ахвяры, заклікаючыя да помсты! Хіба вы на разумееце, што…

Тут капітан Нэма раптам змоўк. Можа ён пашкадаваў што ў парыве абурэння сказаў лішняе? Але я ўжо і так усё зразумеў. Якія-б ні былі прычыны, прымусіўшыя яго шукаць незалежнасць пад вадой, але раней за ўсё ён заставаўся чалавекам. Яго сэрца аблівалася крывёй ад пакут чалавецтва, і ён шчодрай рукой рабіў дапамогу прыгнечаным народам і паасобным людзям.

Я зразумеў цяпер, каму прызначаліся мільёны, адпраўленыя капітанам Нэма ў той дзень, калі «Наўтылус» знаходзіўся каля ахопленага паўстаннем вострава Крыта!

Раздзел дзевяты Загінуўшае сухазем’е

Наступнай раніцаю да мяне зайшоў канадзец. Я чакаў гэтага наведвання.

У Нэда Лэнда быў вельмі засмучаны выгляд.

— Што скажаце, спадар прафесар, — пачаў ён.

— Што-ж тут казаць, Нэд? — адказаў я. — Выпадак здрадзіў нам.

— Так… Трэба-ж было гэтаму праклятаму капітану спыніць свой карабель акурат у тую хвіліну, калі мы збіраліся ўцякаць.

— Нічога не зробіш, Нэд, ён павінен быў наведаць свайго банкіра.

— Банкіра?

Нэд шырока раскрыў вочы.

— Дакладней кажучы, касу свайго банка. Я маю на ўвазе дно акіяна, дзе багацце куды лепей схавана, чымсь у якім хочаш дзяржаўным схавальніку.

І я расказаў Нэду Лэнду падзеі папярэдняга вечара, спадзяючыся, што маё апавяданне прымірыць яго з капітанам і прымусіць адмовіцца ад уцякання.

Але адзіным вынікам было шчырае шкадаванне Нэда Лэнда, што яму на прыйшлося самому пагуляць на месцы бойкі пры Віго і вынесці адтуль больш канкрэтныя ўспаміны.

— Аднак, — сказаў ён, вяртаючыся да сваёй неадступнай ідэі, — нічога яшчэ не страчана. Тое, што не ўдалося ўчора ўвечары, можа здарыцца сёння…

— Куды ідзе «Наўтылус»? — запытаў я яго.

— Не ведаю.

— У поўдзень паглядзім па карце.

Канадзец звярнуўся да Канселя. Апрануўшыся, я паспяшыў выйсці ў салон. Компас паведаміў мне не вельмі прыемныя весткі: «Наўтылус» ішоў на паўднёвы захад.

Мы павярнуліся спіной да Еўропы.

Я з нецярпеннем чакаў паўдзённых назіранняў вынік якіх зараз-жа адзначаецца на карце.

А палове дванаццатай насосы спаражнілі рэзервуары, і «Наўтылус» усплыў на паверхню акіяна.

Я кінуўся на палубу; Нэд Лэнд выперадзіў мяне.

Перад намі не было ніякай зямлі. Толькі неабсяжнае мора. Некалькі паруснікаў віднеліся на кругавідзе, — мусіць гэта былі тыя, што, чакаючы спадарожнага ветру, каб абыйсці мыс Добрай Надзеі, даходзяць да мыса св. Рока. Неба было зацягнута хмарамі. Відаць чакаўся шквал.

Засмучоны Нэд Лэнд стараўся прасвідраваць зрокам воблачную заслону на гарызонце: ён спадзяваўся, што ў тумане ўбачыць жаданую сушу.

У поўдзень ненадоўга паказалася сонца. Памочнік капітана скарыстаў гэта, каб вызначыць яго вышыню. Паколькі на моры паднялося вялікае хваляванне, «Наўтылус» зараз-жа зноў апусціўся ў ваду.

Праз гадзіну, калі на карце было адзначана становішча карабля, я ўбачыў, што мы знаходзімся на адлегласці шасцісот кіламетраў ад бліжэйшай зямлі, пад 16°17´ даўгаты і 33°22´ шыраты. Не было чаго і думаць уцякаць пры гэтых умовах.

Няцяжка сабе ўявіць, як засмуціўся канадзец пры гэтай навіне. Што датычыцца мяне, дык я не дужа шкадаваў. Наадварот, у мяне нібы камень зваліўся з сэрца, і я з найвялікшай прыемнасцю вярнуўся да сваіх бягучых спраў.

Позна ўвечары, каля адзінаццаці гадзін, да мяне нечакана зайшоў капітан Нэма.

Ён вельмі ласкава запытаў мяне, ці не стаміў мяне ўчарашні вечар.

Я адказаў, што ані трохі.

— У такім выпадку, спадар прафесар, я прапаную вам прыняць удзел у вельмі цікавай экскурсіі, — сказаў ён.

— Калі ласка, капітан.

— Вы да гэтага часу наведвалі марское дно толькі ўдзень, пры сонечным асвятленні. Хочаце паглядзець на яго ў цёмную ноч?

— З вялікай ахвотай.

— Папераджаю вас, што шпацыр будзе ўтомны. Прыйдзецца шмат хадзіць і ўзбірацца на горы. Дарогі тут, як вам вядома, зусім дрэнныя.

— Вы толькі раздражнілі маю цікавасць, капітан. Я гатовы ісці за вамі.

— Тады пойдзем у гардэробную, спадар прафесар. Трэба надзець скафандры.

У гардэробнай я ўбачыў, што ні матросы з экіпажа «Наўтылуса», ні мае таварышы не суправаджалі нас у гэтую экскурсію. Капітан Нэма нават не прапанаваў мне запрасіць Нэда Лэнда і Канселя.

Мы хутка апрануліся ў скафандры. Нам на спіну надзелі рэзервуар з вялікім запасам паветра. Але апаратаў Румкорфа і электрычных лямп нам не далі.

Я звярнуў на гэта ўвагу капітана.

— Яны не спатрэбяцца нам, — адказаў ён.

Мне здалося, што я не зусім пачуў, але паўтарыць сваю заўвагу я не змог, бо капітан ужо прасунуў галаву ў каску. Я паследваў яго прыкладу. Мне сунулі ў руку акаваны жалезам кій, і праз некалькі хвілін, пасля звычайных працэдур, мы ступілі на дно Атлантычнага акіяна на глыбіні трыста метраў.

Набліжалася поўнач. У вадзе было зусім цёмна, але капітан Нэма паказаў мне на нейкую чырвоную кропку, мільгаючую быццам вогнішча за дзве мілі ад «Наўтылуса». Што гэта быў за агонь, што падтрымлівала яго, як і чаму ён гарэў пад вадою, я не мог сабе ўявіць. Як-бы там ні было, але ён асвятляў нам шлях, няхай слаба, але дастаткова, каб не адчуць патрэбы ў апаратах Румкорфа.

Я ішоў побач з капітанам Нэма прама на гэты агонь. Дно, роўнае раней, цяпер значна павышалася.

Мы ішлі вялікімі крокамі, абапіраючыся на палкі, але, не гледзячы на гэта, наогул рухаліся даволі марудна, бо ногі нашы часта грузлі ў твані.

Усю дарогу над маёй галавою чутны быў нейкі трэск; часамі трэск павялічваўся, нагадваючы барабанны бой. Неўзабаве я здагадаўся аб прычынах гэтага шуму. Над паверхняю акіяна ішоў дождж, і каплі яго бесперапынна стукаліся аб паверхню хваляў. Я спачатку спалохаўся, што прамокну, але тут-жа рассмяяўся ад гэткай думкі. Страшыцца дажджу, знаходзячыся пад вадою! Але справа ў тым, што пад скафандрам не адчуваеш, што знаходзішся ў вадзе, і заўважаеш хіба толькі, што навакольнае асяроддзе шчыльней за паветра.

Пасля паўгадзіны хады глеба зрабілася камяністай. Медузы, мікраскапічныя ракападобныя асвятлялі яе слабым фасфарычным блескам. Некаторыя камяні былі ўсеяны зоафітамі, іншыя параслі водарасцямі. Я некалькі разоў паслізнуўся на глейкім дне. І каб не было ў мяне кія, я, без сумнення, не раз упаў-бы. Азіраючыся назад, я ўвесь час бачыў пражэктар «Наўтылуса», які пачынаў ужо бляднець на адлегласці.

Крушні каменняў былі размешчаны на дне акіяна як быццам не выпадкова, а ў пэўным строгім парадку.

Я бачыў у цемры нейкія гіганцкія прамыя выемкі альбо барозны. Я назіраў яшчэ нейкія дзіўнасці, якіх таксама не мог растлумачыць сабе. Мне здавалася, што мае цяжкія, падбітыя свінцом боты ступаюць па касцях і з сухім трэскам трушчаць іх. Якім дзіўным месцам была гэтая прасторная даліна, па якой мы ішлі!

Я хацеў задаць пытанне капітану, але не ведаў тых умоўных знакаў, пры дапамозе якіх ён гутарыў са сваімі матросамі, калі яны суправаджалі яго ў падводныя экскурсіі.

Між тым чырванаватае святло, што служыла нам праводнай зоркай, узмацнялася і залівала цяпер увесь кругавід. Гэты агонь, які гарыць пад вадой, распаліў да крайнасці маю цікавасць. Ці было гэта электрычнае святло? Або гэта які-небудзь феномен, невядомы зямным вучоным? А можа, — і такая думка мільганула ў маёй галаве, — гэта агонь, які падтрымлівае чалавек? Можа ў гэтых глыбокіх пластах вады я сустрэнуся з таварышамі і аднадумцамі капітана Нэма, якія вядуць такое-ж дзівоснае жыццё як і ён. Няўжо я знайду тут цэлую калонію выгнаннікаў, якія стаміліся ад людской несправядлівасці і стварылі незалежны і спакойны прытулак на дне акіяна?

Гэтыя бязглуздыя, недарэчныя думкі не выходзілі з маёй галавы. Ды і не дзіва. У тым становішчы вечнага ўзбуджэння, у якім мяне трымала бесперапыннае сузіранне ўсё новых цудаў, я-б нават не здзівіўся, натрапіўшы ў глыбіні мора на адзін з гэтых падводных гарадоў, аб якіх марыў капітан Нэма.

Наш шлях асвятляўся ўсё ярчэй і ярчэй. Крыніца святла знаходзілася недзе за верхавінай гары, што падымалася футаў на восемсот над дном. Святло, разлітае вакол мяне, было толькі пераломленымі ў вадзе праменнямі гэтае крыніцы, а само яно па-ранейшаму заставалася нябачным.

Капітан Нэма ішоў упэўнена па каменнаму лабірынту дна. Ён добра ведаў гэтую цёмную дарогу. Відаць, ён часта праходзіў па ёй, бо не баяўся зблудзіць. Я ішоў за ім, поўны давер’я. Ён здаваўся мне нейкай надзвычайнай істотай, падводным геніем, і я любаваўся яго высокай фігурай, цёмны контур якой адзначаўся на светлым фоне кругавіда.

Было ўжо каля гадзіны поўначы. Мы падышлі да падножжа гары. Але ўзбірацца на яе ў лоб было немагчыма, і мы пачалі караскацца па вузкіх сцежках у густым лесе.

Так, гэта быў лес, няхай з мёртвых, пазбаўленых лісця дрэў, скамянелых у салёнай вадзе, але ўсё-такі сапраўдны лес. Над гэтым лесам месцамі ўсё яшчэ ўзвышаліся гіганцкія сосны. Гэта быў каменны вугаль, яшчэ не сціснуты ў пласты, яшчэ стаячы прама, учапіўшыся мёртвымі каранямі за размытую глебу; галлё скамянелых дрэў усё яшчэ прасціралася ва ўсе бакі, выразна адзначаючыся сваёй ажурнай чарнатой у асвятлёнай вадзе. Сцяжынкі зараслі водарасцямі, у якіх варушыліся тысячы ракападобных. Я ўзбіраўся на скалы, пераскокваючы праз зваленыя даўнімі бурамі камлі дрэў, разрываў павуцінне марскіх ліян, якія загароджвалі мне дарогу, пудзіў рыб, як быццам пералятаўшых з галіны на галіну. Захапіўшыся, я не адчуваў стомы і не адставаў ад свайго правадніка, які, відаць, таксама не адчуваў зморанасці.

Якое незабыўнае відовішча! Як перадаць яго словамі? Якімі фарбамі намаляваць дрэвы і скалы ў вадзе, іхнія хмурыя падножжы і афарбаваныя ў чырвонае верхавіны, што яскравіліся і пераліваліся вясёлкаю у рассеяным святле пераламаных праменняў?

Мы пераскоквалі з кучы на кучу і чулі, як толькі што пакінутыя намі скалы коцяцца ўніз з глухім грукатам снежнай лавіны. Направа і налева ішлі ў далячыню змрочныя алеі, у глыбіні якіх губляўся змрок. Мы бачылі прасторныя лужайкі, здавалася расчышчаныя рукамі чалавека, і я мімаволі, пытаў сябе: а што, калі раптам перад намі з’явіцца адзін з жыхароў гэтай падводнай краіны?..

Капітан Нэма ўсё ішоў ды ішоў наперад. Я не хацеў адставаць і адважна следваў за ім. Мая палка давала мне рэальную дапамогу. Адзін няверны крок мог быць гібельным на гэтых вузкіх, пралягаючых па берагах бяздоння сцяжынках. Але я ўпэўнена прасоўваўся наперад, не адчуваючы ніякага галавакружэння. Я скакаў праз расколіны, глыбіня якіх — сустрэнься яны мне ў ледавіках зямлі — прымусіла-б мяне адступіць. Я адважваўся пераходзіць праз бяздонні па хісткіх ствалах дрэў, перакінутых з аднаго боку на другі, ні разу не зірнуўшы сабе пад ногі і не перастаючы захапляцца незвычайнай прыгожасцю раскінутых перада мною пейзажаў. Велічныя скалы, якія схіліліся на сваіх дзівачна высечаных падставах, здавалася, абвяргалі ўсе законы раўнавагі. Побач шырокія, размытыя спады віселі над сцежкамі пад такім кутом, які законы цяжару не дапусцілі-б на зямлі.

Ды і сам я адчуваў на самім сабе ўплыў вялікай шчыльнасці воднага асяродзішча: не гледзячы на цяжкую вопратку, медную каску на галаве і падбітыя свінцом падэшвы, я ўзбіраўся на стромкія сцены з лёгкасцю пірэнейскай сарны!

Я сам адчуваю, як непраўдападобна гучыць гэтая частка майго апавядання. Я павінен апісваць з’явы, якія на першы погляд здаюцца немажлівымі, але якія ў той-жа час рэальна існуюць. Я не брэдзіў, не марыў. Усё гэта я бачыў і адчуваў.

Праз дзве гадзіны пасля таго, як мы пакінулі «Наўтылус», мы падняліся вышэй лініі пашырэння лесу, і на сотню футаў над намі ўзвышалася верхавіна гары.

Тут віднеліся ўжо толькі рэдкія гушчары хмызняку, пераплеценага ў нейкі дзіўны ўзор. Рыбы масамі вырываліся з-пад нашых ног, як спужаныя птушкі з высокай травы.

Скалісты масіў быў зрэзаны непраходнымі расколінамі, глыбокімі пячорамі, бяздоннымі праваламі, у глыбіні якіх мне здаваліся жудасныя рэчы. Кроў хваляй прылівала да майго сэрца, калі дарогу раптам загароджвалі велічэзныя шчупальцы альбо страшэнная клюшня, якая з шумам зачынялася пры нашым набліжэнні.

Тысячы светлых кропак блішчэлі ў цемры. Гэта былі вочы гіганцкіх крабаў, што хаваюцца ў сваіх логавах, гіганцкіх амараў, якія рухаюць сваімі лапамі нібы алебардамі, жудасных спрутаў, чые гіганцкія шчупальцы выгіналіся, як жывая загарадзь са змей.

Гэта быў яшчэ незнаёмкі мне свет страшыдлаў. Да якіх відаў належаць гэтыя членістаногія, якім скалы служылі нібы другім панцырам? Як магла прырода захаваць тайну іхняга існавання? Колькі вякоў жывуць яны ўжо ў гэтых глыбінях акіяна?

Але я не меў магчымасці спыніцца, каб лепей разгледзець іх. Капітан Нэма даўно прызвычаіўся да гэтых страшэнных істот і праходзіў міма, не звяртаючы на іх увагі.

Мы ўзабраліся на першую пляцоўку гары, і там я сустрэў руіны чалавечых пабудоў! Гэта былі высокія груды каменняў, у якіх можна было пазнаць руіны палацаў, храмаў, будынкаў… Усё гэта было цяпер пакрыта квітнеючымі садамі зоафітаў і апавіта зялёным плюшчом водарасцяў.

Але што гэта была за частка сушы, і якая катастрофа пагрузіла яе на марское дно? Дзе я знаходзіўся? Куды прывяла мяне фантазія капітана Нэма?

Я хацеў распытаць яго. Не маючы магчымасці гукнуць яго, я схапіў яго за рукаў. Але ён паківаў галавою пад шлемам і паказаў рукою на верхавіну гары, быццам гаворачы мне:

— Ідзі! Ідзі далей, далей!

Сабраўшы апошнія сілы, я пайшоў за ім і праз некалькі хвілін з разбегу падняўся на самую вярхушку гары, якая метраў на дваццаць узвышалася над скалістым масівам.

Я азірнуўся на спад, па якім мы ўзбіраліся. Гара ўзвышалася з гэтага боку не больш як на семсот або восемсот футаў над лагчынай. Але процілеглы схіл яе ішоў уніз, прынамсі, на паўтары тысячы футаў. Вялізная, ярка асветленая раўніна адкрывалася тут перад маім здзіўленым зрокам. Футаў за пяцьдзесят пад намі ляжаў шырокі кратэр. Патокі лавы вогненымі каскадамі цяклі па яго спаду.

Гэты вулкан, як гіганцкі ліхтар, асвятляў ляжачую ля яго падножжа раўніну яркім святлом, якое пашыралася дакуль хапала вока.

Вулкан выкідваў лаву, — не полымя — для полымя патрэбен кісларод паветра, і агонь не можа гарэць пад вадой. Але лава, распалёная дабела ў нетрах зямлі, выліваючыся ў ваду можа доўга і паспяхова змагацца з ёю, ператвараючы ваду ў пар, пакуль сама не астыне. Хуткае цячэнне, якое ўтвараецца ад розніц тэмператур, адносіла ў бок пар, а патокі вогненай лавы спускаліся да самага падножжа гары.

Перад маімі вачыма рассцілаўся мёртвы горад — груда руін з праламанымі дахамі, паваленымі сценамі, перакуленымі аркамі храмаў, ляжачымі на зямлі калонамі. Здалёк, на раўніне, узвышаліся руіны гіганцкага водаправода; бліжэй да падножжа гары віднеліся рэшткі велічнага Акропаля, формы якога трохі нагадвалі афінскі Парфенон[47]; там — вучасткі ўзбярэжнай, куткі антычнага парта, што быў прытулкам гандлёвым караблям і вайсковым трырэмам; яшчэ далей — даўгія лініі разбураных сцен — сляды ранейшых вуліц.

Гэта была новая Пампея, якую капітан Нэма ажывіў на маіх вачах.

Дзе я знаходзіўся? Я павінен быў ведаць гэта зараз-жа. Я хацеў запытаць аб гэтым капітана Нэма, хоць-бы для гэтага трэба было сарваць медную каску, трымаўшую ў палоне маю галаву.

Але капітан Нэма сам падышоў да мяне. Нахіліўшыся і падабраўшы кавалак крэйды, ён падышоў да чорнай базальтавай скалы і начарціў на ёй толькі адно слова: «Атлантыда».

Нібы маланка працяла мой мозг! Атлантыда, Атлантыда Платона[48], аб існаванні якой спрачаліся Орыген, Парфірый, д’Анвіль, Мальтбрэн, Гумбольт, лічыўшыя, што гэтае знікшае сухазем’е не больш як прыгожая легенда. Атлантыда, існаванне якой прызнавалі Пліній, Аміян-Марцелін, Тэртуліян, Энгель, Шэрэр, Турнефор, Бюфон, д’Авезак, — гэтая Атлантыда ляжала перад маімі вачыма, захоўваючы сляды заспеўшай яе катастрофы! Дык вось дзе была гэтая затануўшая краіна, аб якой ведалі толькі тое, што яна знаходзілася па-за Еўропай, па-за Азіяй, па-за Лівіяй[49], па той бок Геркулесавых слупоў[50], і што засяляла яе магутнае племя атлантаў, супраць якіх старадаўнія грэкі прадпрыймалі свае першыя войны.

У летапісах Платона захавалася апісанне вялікіх падзей таго гераічнага часу. Вось што гаворыцца ў дыялоге Тымея і Крытыяса аб Атлантыдзе.

Аднойчы Салон гутарыў з некаторымі мудрымі старцамі з Саіса — горада, які ўжо ў той час налічваў восемсот гадоў, аб чым сведчылі надпісы, высечаныя на сцяне яго храма. Адзін з гэтых старцаў расказваў яму гісторыю другога горада, яшчэ больш старадаўняга, чым Саіс. Гэты горад, які існаваў на працягу дзевяцісот вякоў, быў захоплены і часткова разбураны атлантамі.

— Атланты, — апавядаў стары, — жылі на вялікім кантыненце, большым за Азію і Афрыку, разам узятыя, якая займала плошчу між дванаццатым і саракавым градусамі паўночнай шыраты. Улада атлантаў пашыралася нават на Егіпет. Яны захацелі падпарадкаваць сабе таксама і Эладу[51], але ім прыйшлося адступіць перад мужным супраціўленнем элінаў.

Але здарылася катастрофа — паводка, землетрасенне. Досыць было адной ночы і аднаго дня, каб з твару зямлі знікла Атлантыда, і толькі самыя высокія яе верхавіны — Мадэра, Азорскія астравы, Канарскія, астравы Зялёнага мыса — засталіся над паверхняй акіяна…

Вось якія гістарычныя ўспаміны ўзніклі ў маім мазгу ад начартанага капітанам Нэма слова. І вось лёс закінуў мяне сёння на верхавіну адной з гор гэтага загінуўшага кантынента, дазволіў крануць рукой руіны будынкаў, існаваўшых шмат тысячагоддзяў! Я ступаў па глебе, па якой хадзілі першыя жыхары зямлі! Пад маімі падбітымі свінцом ботамі трашчалі шкілеты жывёл, якія жылі ў казачна-далёкія часы пад ценем гэтых дрэў, што тысячы гадоў спяць каменным сном!

Ах, чаму ў мяне не было часу. Я-б спусціўся па стромкаму схілу гары і абышоў-бы з канца ў канец гэтае вялізнае сухазем’е, пэўна злучаўшае калісьці Афрыку з Амерыкай; я наведаў-бы ўсе яго гарады, існаваўшыя задоўга да сусветнага патопа, пабудаваныя волатамі, якія жылі цэлыя стагоддзі і ўладалі такой вялізнай сілай, што іхнія пабудовы цэлыя тысячагоддзі супраціўляюцца разбураючаму дзеянню вады!.. Можа прыйдзе дзень, калі тэктанічны[52] працэс зноў падыме на паверхню вады гэтыя пахаваныя на дне марскім руіны. Мы-ж ведаем цэлы шэраг дзейнічаючых вулканаў у гэтай частцы акіяна. Нямала маракоў адзначалі моцныя штуршкі ў час плавання над гэтымі ўсхваляванымі глыбінямі. Адны чулі глухі шум барацьбы раз’юшаных стыхій, другія заўважалі плаваючыя на паверхні вулканічныя попел і пыл. Уся гэтая частка планеты, да самага экватара — краіна, энергічнай вулканічнай дзейнасці. Хто ведае, можа і сапраўды ў далёкім будучым усё новыя і новыя пласты лавы зноў выведуць на паверхню акіяна верхавіны вогненых гор?

У той час, калі я аддаваўся гэтым марам, стараючыся разам з тым замацаваць у сваёй памяці ўсе падрабязнасці грандыёзнага пейзажа, капітан Нэма, абапёршыся аб паросшы водарасцямі слуп, стаяў нерухомы, у нямым экстазе. Ці думаў ён аб загінуўшых пакаленнях? Ці пытаў сябе пра лёс будучых пакаленняў? А можа гэты дзіўны чалавек, які ненавідзеў сучаснасць, прыходзіў сюды, каб пажыць жыццём старадаўніх? Чаго-б я ні даў, каб разгадаць яго думкі!

На працягу гадзіны мы заставаліся на месцы, сузіраючы шырокую раўніну, асвятлёную выкінутымі патокамі лавы таксама ярка, як сонечным святлом. Бакі гары часам уздрыгвалі ад кіпення лавы ў яе нетрах. Глухі шум, які выразна перадаваўся праз ваду, гучэў грозна і велічна.

У гэты момант праменні месяца прарэзалі пласты вады і на працягу некалькіх хвілін асвятлялі затануўшы кантынент. Немагчыма перадаць словамі патрасаючы эфект гэтага відовішча! Капітан Нэма раптам адышоў ад слупа, зірнуў апошні раз на бязмежную раўніну і зрабіў мне рукою знак ісці за ім.

Мы хутка спусціліся з гары. Як толькі мы вышлі з мёртвага лесу, я ўбачыў пражэктар «Наўтылуса», які блішчэў, як зорка.

Капітан пайшоў прама на яго. Мы вярнуліся на борт, калі першыя праменні золаку асвятлілі кругавід над акіянам.

Раздзел дзесяты Падводныя капальні

На другі дзень, 20-га лютага, я прачнуўся вельмі позна. Начная экскурсія так стаміла мяне, што я праспаў да адзінаццаці гадзін.

Я хутка апрануўся і выйшаў у салон: мне дужа хацелася даведацца аб кірунку «Наўтылуса». Прылады паведамілі мне, што ён па-ранейшаму ідзе на поўдзень з хуткасцю дваццаці міль у гадзіну і на глыбіні ў сто метраў.

Кансель зайшоў у салон. Я расказаў яму аб нашай начной экскурсіі. У гэты час рассунуліся акяніцы, і ён мог убачыць частку затануўшага сухазем’я.

«Наўтылус» ішоў усяго на якім-небудзь дзесятку метраў ад «глебы» Атлантыды. Ён імчаўся наперад, як паветраны шар над зямной раўнінай; але вярней было-б параўнаць нашыя адчуванні з уражаннямі пасажыраў кур’ерскага поезда, якія разглядаюць пралятаючыя міма пейзажы з акна вагона.

Перад нашымі вачыма мільгалі фантастычныя абрысы скал, лясоў, хмызнякоў, перайшоўшых з расліннага царства ў мінеральнае; награмаджэнне каменняў і адломкаў будынкаў, пакрытых каўрамі з асцыдый, анемонаў, даўгіх стаячых ніцей водарасцяў; нарэшце груды лавы, нямыя сведкі дзейнасці падземнага агню.

У той час, як гэтыя дзівосныя малюнкі мільгалі перад намі, вырваныя з цемры праменнямі пражэктароў «Наўтылуса», я расказваў Канселю аб атлантах і Атлантыдзе, існаванне якой было цяпер абсалютна бясспрэчным для мяне. Але ўвага Канселя была нечым адцягнута; ён слухаў мяне безуважліва. Неўзабаве я зразумеў, чым тлумачыцца яго абыякасць да гэтай вялікай загадкі гісторыі: каля нас праносіліся рыбы, а калі Кансель бачыў іх, ён пагружаўся ў нетры класіфікацыі і ўвесь астатні свет не існаваў для яго. Мне не заставалася нічога іншага, як спыніць апавяданне і разам з ім заняцца іхтыялагічнымі даследваннямі.

Але рыбы Атлантычнага акіяна мала чым адрозніваліся ад ужо бачаных намі ў іншых акіянах. Гэта былі велізарныя скаты, даўжынёй у пяць метраў і з такой мускульнай сілай, што яны могуць выскокваць з вады; розныя віды акул, у тым ліку адна зялёная з сінім адценнем, даўжынёй пятнаццаць футаў, з вострымі трохкантовымі зубамі. Дзякуючы сваёй афарбоўцы, падобнай на колер марской вады, яе амаль не відаць у хвалях. Тут былі яшчэ цёмна-карычневыя саргі з пароды спаравых рыб, асетры, падобныя бачаным намі ў Міжземным моры, ігла-рыба з доўгім, нібы трубка, лычам, афарбаваная ў светла-буры колер з цёмна-бурымі папярочнымі палосамі. Гэтыя рыбы выгіналіся ў вадзе, як сапраўдныя вужакі.

Сярод касцістых рыб Кансель адзначыў марскіх драконаў, яшчэ маючых назву марскіх скарпіёнаў, якія лічацца атрутнымі рыбамі. Сапраўды, калючкі на спіне і на галаве дракона маюць па дзве баразёнкі; па гэтых баразёнках, калі калючкі ўстромяцца ў цела ворага, у рану ўліваецца атрутная слізь. Драконы афарбаваныя ў шэравата-чырвоны колер, які пераходзіць на спіне ў карычневы, а на жываце — у белаваты. Усё цела дракона пакрыта чарнявымі няяснымі плямамі. Далей Кансель бачыў залатых макрэлей, афарбаваных у раскошны залацісты колер з сінім металёвым адценнем, прыгожых скумбрый; лунных рыб, або лампрыд, падобных на дыскі і надзіва прыгожа афарбаваных: верхні бок — сіні, краі фіялкавыя, бруха ружовае, а плаўнікі каралава-чырвонага колеру.

Але назіранне за гэтымі разнастайнымі ўзорамі марской фауны не перашкаджала мне ў той-жа час цешыцца раўнінамі Атлантыды. Часамі капрызныя зломы марскога дна прымушалі «Наўтылус» змяншаць хуткасць. Тады ён лавіраваў са спрытнасцю сапраўднай рыбы ў падводных завулках. Калі лабірынт узгоркаў рабіўся непраходным, карабель падымаўся ў верхнія пласты вады, як аэрастат, і, пераскокнуўшы праз перашкоды, зноў працягваў свой хуткі бег на некалькіх метрах над дном. Гэтае плаванне было прыемным падарожжам, падобным да падарожжа на паветраным шары, з тою толькі розніцай, што наш «шар» быў паслухмяны кожнаму руху рукі стырнавога.

Каля чатырох гадзін па поўдні характар дна, пакрытага тванню, перамешанай з закамянелым галлём, стаў патроху змяняцца. Цяпер дно было пераважна камяністае, засыпанае кангламератамі, вулканічным туфам, нацёкамі застылай лавы і серкаватымі абсідыянамі. Я падумаў, што мабыць раўніна канчаецца і тут пачынаецца гарыстая мясцовасць. І сапраўды, неўзабаве я ўбачыў, што гарызонт на поўдні перагароджаны высокім горным бар’ерам, як відаць, зусім непраходным, бо верхавіны яго гор павінны былі выступаць з вады над узроўнем акіяна. Гэта быў бераг сухазем’я, або бераг якога-небудзь вострава — магчыма, аднаго з астравоў Зялёнага мыса або Канарскіх.

Таму што за апошнія дні астранамічныя назіранні не адзначаліся на карце, — магчыма, што наўмысна, — я не ўяўляў сабе, дзе мы знаходзімся. Так ці іначай, але гэтая гранітная сцяна па-мойму азначала сабою канец сухазем’я атлантаў, толькі маленькую частку якога мы бачылі.

Я не спыняў сваіх назіранняў і ноччу. Кансель пайшоў спаць у сваю каюту, і я застаўся адзін у салоне. «Наўтылус» сцішыў свой бег і плыў над цмянымі масівамі, то ледзь не закранаючы іх, нібы збіраючыся спыніцца, то ўсплываючы на паверхню акіяна. У такія хвіліны я бачыў скрозь тонкі пласт вады некалькі яркіх сузор’яў і ў прыватнасці тыя пяць ці шэсць зорак, якія блішчаць у хвасце Арыёна.

Я-б правёў яшчэ доўгія гадзіны ля акна, цешачыся хараством мора і неба, каб акяніцы раптам не зачыніліся. У гэтую хвіліну «Наўтылус» акурат падыходзіў да стромкай сцяны. Як ён абміне гэтую перашкоду, я не мог сабе ўявіць. Прыйшлося вярнуцца ў сваю каюту. «Наўтылус» не рухаўся. Я заснуў з цвёрдым рашэннем устаць раней.

Але наступнай раніцай я прачнуўся толькі каля васьмі гадзін. Я зараз-жа пайшоў у салон. Манометр паказваў, што «Наўтылус» плыве на паверхні акіяна. Ды аб гэтым я мог здагадацца і па шуму крокаў на палубе. Але-ж ніякага гойдання, якое бывае пры плаванні на паверхні акіяна, не адчувалася.

Я прайшоў да люка. Ён быў адчынены. Але замест яркага дзённага святла, якое я чакаў убачыць, мяне абкружыла глыбокая цемрадзь. Дзе мы былі? Няўжо я праспаў цэлыя суткі і цяпер была ноч? Але не, ніводная зорка не блішчэла на небе, ды і наогул ноч ніколі яе бывае гэткай цёмнай. Я не ведаў, што і падумаць, як раптам з цемры мяне клікнуў голас:

— Гэта вы, спадар прафесар?

— А, капітан Нэма! Дзе мы знаходзімся?

— Пад зямлёю, спадар прафесар.

— Пад зямлёю? — ускрыкнуў я. — І «Наўтылус» плавае?

— Ён заўсёды плавае.

— Але… я нічога не разумею…

— Пацярпіце некалькі хвілін. Пражэктар зараз засвеціцца, і вы ўсё зразумееце.

Я сеў на вышку пражэктара і цярпліва стаў чакаць. Цемра была настолькі густой, што я не бачыў нават капітана Нэма. Але, падняўшы вочы ўверх, я ўбачыў акурат над сваёю галавою нейкае невыразнае мільганне, нейкае паўсвятло, якое пранікала праз круглую адтуліну. У гэтую хвіліну запаліўся пражэктар, і яго асляпляючае святло знішчыла гэтае няяснае мільганне.

Калі вочы мае прызвычаіліся да святла, я пачаў азірацца навакол.

«Наўтылус» стаяў нерухома каля берагу, які нагадваў узбярэжную якога-небудзь парта. Падводны карабель знаходзіўся на паверхні возера, абкружанага з усіх бакоў каменнай сцяной. Дыяметр возера меў прыблізна дзве мілі; значыцца, акружына яго працягвалася на шэсць міль. Узровень вады ў возеры быў той-жа, што і ў акіяне, бо гэтае возера абавязкова павінна было злучацца з акіянам. Гэта сцвярджалася і паказаннямі манометра. Высокія сцены звісалі над вадой і злучаліся ўверсе, на вышыні пяцьсот ці шэсцьсот метраў, у вялізны купал. У вышэйшым пункце гэтага купала адчынялася тая самая адтуліна, якая прапускала слабае святло, як відаць, водбліск сонечных праменняў.

Раней чым прыступіць да ўважлівага агляду гэтай вялізнай пячоры, нават раней чым задацца пытаннем, ці была гэтая пячора натуральнай альбо штучна зробленай чалавечымі рукамі, я падышоў да капітана Нэма і запытаў у яго:

— Дзе мы знаходзімся?

— У самым цэнтры згаслага вулкана, — адказаў ён, — залітага морам у выніку якога-небудзь тэктанічнага страсення. У той час, як вы спалі, спадар прафесар, «Наўтылус» пранік у гэтую лагуну праз натуральны канал, які праходзіць на глыбіні дзесяць метраў пад паверхняю акіяна. Гэта адна з гаваней «Наўтылуса» — верная, надзейная, схаваная ад нясціплых вачэй і абароненая ад вятроў усіх румбаў. Пакажыце мне хоць адзін порт на вашых сухазем’ях і астравах, які здолеў-бы так надзейна схаваць судна ад урагану, як гэтая пячора!

— Сапраўды, — сказаў я, — вы тут у поўнай бяспечнасці, капітан Нэма. Што можа пагражаць вам тут, у нетрах бяздзейнага вулкана? Але скажыце, ці мне здалося толькі, ці сапраўды я разглядзеў уверсе адтуліну?

— Так, гэта былы кратэр вулкана; калісьці ў ім бушавала лава, пары серы і слупы полымя. Цяпер-жа ён служыць для таго, каб забяспечыць маю гавань тым свежым, жыўным паветрам, якім мы дыхаем.

— Які гэта вулкан?

— Гэты вулкан знаходзіцца на адным з незлічоных астраўкоў, параскіданых у гэтай частцы акіяна. Для праходзячых міма караблёў — гэта проста выступаючая з мора скала; для нас-жа — гэта бяспечнейшы ў свеце порт. Я выпадкова адкрыў яго, і гэты выпадак саслужыў мне немалую службу.

— Хіба нельга спусціцца сюды праз адтуліну кратэра?

— Гэта таксама немагчыма, як немагчыма мне падняцца адгэтуль да кратэра. Прыкладна футаў на сто ўверх яшчэ можна ўзабрацца па сценах, але далей яны нахіляюцца, звужваюцца і прабрацца вышэй зусім нельга.

— Я бачу, капітан, што прырода прыходзіць вам на дапамогу ўсюды і заўсёды. Вы ў поўнай бяспечнасці ў гэтым падземным возеры, і нічыё нясціплае наведванне не можа застрашыць вас. Але навошта вам спатрэбіўся гэты прытулак? «Наўтылусу»-ж не патрэбна гавань.

— Не, спадар прафесар, але яму патрэбна электрычнасць, каб рухацца, батарэі — каб вырабляць электрычную энергію, натрый — каб жывіць гэтыя батарэі, вугаль — каб атрымаць натрый, і капальні — каб здабываць каменны вугаль. Тут-жа мора паглынула цэлыя лясы, якія раслі ў далёкія геалагічныя эпохі; скамянелыя, ператвораныя ў каменны вугаль, яны з’яўляюцца для мяне невычарпальнымі складамі паліва.

— Значыцца, вашы матросы ператвараюцца тут у капальнікаў?

— Зусім правільна. Гэтыя капальні знаходзяцца пад вадой, таксама, як і вугальныя шахты Ньюкасла. Апранутыя ў скафандры, з кіркай і лапатаю ў руках, мае матросы здабываюць тут вугаль, збаўляючы мяне ад неабходнасці атрымліваць яго з земных капальняў. Калі я палю каменны вугаль для выпрацоўкі натрыя, дым, што падымаецца над кратэрам, надае гэтай гары выгляд дзейнічаючага вулкана.

— Ці ўбачу я, як здабываюць вугаль вашы матросы?

— Не, у гэты раз не ўбачыце, бо я спяшаюся працягваць наша падводнае кругасветнае плаванне. Я абмяжуюся тым, што забяру запас гатовага натрыя, які хаваецца тут. Як толькі мы пагрузім яго на борт, гэта значыць не пазней, як праз дзень, мы зноў кранёмся ў дарогу. Таму, калі вы хочаце азнаёміцца з гэтай пячорай і абыйсці навакол лагуну, дык скарыстайце гэты дзень стаянкі, спадар прафесар.

Падзякаваўшы капітана, я адправіўся да сваіх таварышаў, якія яшчэ не выходзілі з сваёй каюты. Я прапанаваў ім пайсці за мною, не гаворачы, дзе мы знаходзімся.

Яны вышлі на палубу. Кансель, які ніколі не здзіўляўся, знайшоў і цяпер зусім натуральным, што заснуўшы пад вадою, ён прачнуўся пад зямлёю. Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён зацікавіўся толькі адным — ці няма якога-небудзь выхаду з гэтай пячоры на вольнае паветра?

Пасля снедання, гадзін каля дзесяці раніцы, мы сышлі на бераг.

— Вось мы і зноў на зямлі! — сказаў Кансель.

— Ну, якая-ж гэта зямля! — адказаў канадзец. — Ды апрача таго мы не на, а пад зямлёй.

Паміж возерам і падножжам сцяны быў пясчаны пляж, найбольшая шырыня якога не перавышала пяцьсот футаў. Па гэтым пясчаным беразе можна было лёгка абыйсці вакол усяго возера.

Ля падножжа сцен пячоры былі навалены ў хаатычным беспарадку выкінутыя вулканічныя камлыгі, адломкі скал і вялізныя кавалкі пемзы.

Растопленая падземным агнём і затым застыўшая паверхня гэтых каменняў блішчэла тысячамі агнёў пры святле пражэктара «Наўтылуса». Слюдзяны пыл, падняты ў паветры нашымі крокамі, разлятаўся ва ўсе бакі мірыядамі светлячкоў.

Далей ад берагу глеба ўзвышалася ступенямі, якія нагадвалі прыступкі лесвіцы, але перасоўвацца прыходзілася з вялікай асцярожнасцю, бо каменні нічым не былі сцэментаваны паміж сабою і хісталіся пад нагамі.

Вулканічнае паходжанне гэтай гіганцкай пячоры выяўлялася літаральна на кожным кроку.

Я звярнуў на гэта ўвагу маіх спадарожнікаў.

— Ці ўяўляеце вы сабе, які выгляд мела сярэдзіна гэтай пячоры ў тыя дні, калі яна была напоўнена кіпячай лавай, калі ўзровень гэтай вогненай вадкасці падымаўся да самага кратэра гары, як растоплены метал унутры горна?

— Добра ўяўляю сабе гэта, — адказаў Кансель. — Але ці не скажа нам гаспадар, чаму спыніўся гэты працэс, і як здарылася, што ў распаленым жэрале вулкана цяпер мірна плёскаецца вада?

— Хутчэй за ўсё, Кансель, — сказаў я, — што перамена адбылася пад уплывам землетрасення, у выніку якога ў спадзе гары зрабілася расколіна — тая самая, праз якую «Наўтылус» прайшоў у гэтую пячору. Скрозь яе-ж воды Атлантычнага акіяна рынуліся ў цэнтр вулкана. Тут павінна была здарыцца страшэнная сутычка паміж агнём і вадой, якая скончылася перамогай вады. З таго часу прайшло, мабыць, шмат вякоў, і заліты вулкан зрабіўся мірным падземным возерам.

— Добра, — заявіў Нэд Лэнд, — я прымаю ваша тлумачэнне, але шчыра шкадую, што гэтая шчыліна, аб якой вы толькі што казалі, спадар прафесар, знаходзіцца пад, а не над узроўнем мора. Нам было-б карысней, каб было наадварот.

— Вы забываецеся, Нэд — заўважыў Кансель, — што калі-б гэты канал не быў-бы падводным, «Наўтылус» не мог-бы ў яго ўвайсці, тады нам абсалютна ніякай карысці ад яго не было-б.

— Не гаворачы ўжо аб тым, што ў гэтым выпадку і вулкан застаўся-б дзейным вулканам, — дадаў я. — Вашы шкадаванні, Нэд Лэнд, дарэмныя.

Мы ўсё падымаліся. Сцежка рабілася ўсё больш вузкай і стромкай. Глыбокія расколіны загароджвалі нам дарогу, і мы павінны былі пераскокваць праз іх.

Часам абвал скалы прымушаў нас шукаць абходнай дарогі, і тут нам прыходзілася поўзаць на жываце, караскацца рукамі і нагамі. Але дзякуючы спрытнасці Канселя і дужасці Нэда Лэнда, мы перамаглі ўсе гэтыя перашкоды.

На вышыні прыкладна трыццаці метраў характар глебы змяніўся, але яна зрабілася больш зручнай для хады. Тут трахіты і вулканічныя кангламераты змяніліся чорным базальтам, які то рассцілаўся гладкай паверхняй, трохі шурпатай ад застыўшых пузыроў лавы, то ўзнімаўся правільнымі прызмамі, падтрымліваўшымі нізка навіслыя ў гэтым месцы скляпенні натуральнымі калонамі — дзівосным узорам архітэктурнага мастацтва прыроды. Паміж базальтавых скал віліся застыўшыя патокі лавы, у якія былі ўкроплены палоскі бітумінозных сланцаў і шырокія, няправільнай формы нацёкі серы. Рассеяныя і бледныя праменні дзённага святла, пранікаўшыя сюды скрозь адтуліну кратэра, цмяна асвятлялі гэтыя пароды, навекі пахаваныя ў нетрах згаслага вулкана.

На вышыні прыкладна двухсот пяцідзесяці футаў наш далейшы пад’ём спыніла непераможная перашкода: сцены тут нахіляліся ў сярэдзіну пячоры пад значным кутом; прышлося адмовіцца ад спробы падняцца вышэй, і мы рушылі ўздоўж нізка навіслага скляпення.

У гэтым месцы расліннае царства яшчэ не саступіла царству мёртвай прыроды. Некалькі кустоў і нават паасобныя дрэўцы раслі ў шчылінах скал. Я ўбачыў тут кусты малачайніка, вылучаўшага свой едкі сок; некалькі змарнелых, пазбаўленых паху геліятропаў, дарэчы кажучы, зусім не адпавядаючых тут сваёй грэцкай назве «звернутых да сонца», бо сонечныя праменні ніколі не даходзілі да іх; мізэрныя хрызантэмы раслі ля падножжа хворага выгляду алоэ; нарэшце між застылымі патокамі лавы квітнелі фіялкі, і тут захаваўшыя свой тонкі пах, які, прызнацца, я ўдыхаў з найвялікшай асалодай. Пах — гэта душа кветкі, а марскія кветкі, такія прыгожыя на выгляд гідрафіты, не маюць душы…

Мы падышлі да падножжа групы драцэнавых дрэў, магутныя карэнні якіх рассоўвалі скалы, і тут раптам Нэд Лэнд крыкнуў:

— Глядзіце, глядзіце! Вулей!

— Вулей? — недаверліва паўтарыў я. — Не можа быць!

— Ды паглядзіце-ж! — настойваў канадзец. — Сапраўдны вулей з сапраўднымі пчоламі!

Я падышоў бліжэй. У дупле аднаго з дрэў сапраўды знаходзіўся вулей, у якім гулі некалькі тысяч гэтых працавітых і вынаходлівых стварэнняў, гэтак пашыраных на Канарскіх астравах.

Зусім натуральна, што канадзец зараз-жа захацеў зрабіць запас мёду, і мне нічога не заставалася рабіць, як дапамагчы яму ў гэтым.

Мы набралі сухога лісця, дадалі серы і гэтую мешаніну запалілі пры дапамозе іскры, якую высеклі з крэсіва Нэда Лэнда. Дым хутка выкурыў пчол, і калі іхняе гудзенне сціхла воддалі, Нэд Лэнд напоўніў сваю падарожную сумку некалькімі кілаграмамі добрага свежага мёду.

— Я змяшаю гэты мёд з цестам хлебнага дрэва і прыгатую вам гэткае пірожнае, што вы пальчыкі абліжаце! — заявіў канадзец.

— Ну і пірожнае! — адказаў Кансель. — Гэта будзе проста мядовы пернік.

— Няхай сабе будзе мядовы пернік, — умяшаўся я. — Не варта спрачацца. Давайце лепш працягнем нашу цікавую прагулку.

З некаторых пунктаў сцежкі, па якой мы ішлі, відаць было ўсё возера. Пражэктар «Наўтылуса» ярка асвятляў яго воды, люстранай гладкасці якіх не парушалі ні хвалі, ні подых ветрыка. «Наўтылус» быў зусім нерухомы. На яго палубе і на беразе варушыліся матросы, чорныя сілуэты якіх рэзка вызначаліся ў яркім святле пражэктара.

Мы дасягнулі ў гэты час вышэйшага пункта гэтых скалістых тэрас, якія ішлі вакол усіх сцен пячоры. Тут я пераканаўся, што пчолы не былі адзінымі прадстаўнікамі жывёльнага царства ўнутры гэтага пагаслага вулкана.

Некалькі драпежных птахаў насіліся ў паветры або сядзелі ў сваіх гнёздах, звітых у непрыступнай вышыні на выступах скал. Гэта былі белагрудыя ястрабы перапялятнікі і крыклівыя кобчыкі.

Па стромкаму спаду насіліся ўзад і ўперад раскошныя тлустыя дрофы. Можна сабе ўявіць, якая хцівасць палала ў вачах канадца, калі ён бачыў гэтую смачную дзічыну, і як ён шкадаваў, што не захапіў з сабою стрэльбы. Ён паспрабаваў замест свінца скарыстаць каменні і пасля доўгіх няўдалых спроб ухітрыўся збіць буйную дрофу. Можна сказаць без ніякага пераўвелічэння, што канадцу разоў дваццаць пагражала смерць, пакуль ён злавіў параненую птушку. Але як-бы там ні было, а яна нарэшце трапіла ў яго паходную сумку побач з пчаліным мёдам.

Нам прыйшлося потым спусціцца на бераг, бо ўцёсы зрабіліся зусім непраходнымі. Высока над намі ззяў прасвет кратэра, які здаваўся знізу студняй. З таго месца, дзе мы знаходзіліся, можна было разгледзець кавалачак блакітнага неба і воблакі, ганімыя свежым заходнім ветрам. Разарваныя клоччы іх часам спыняліся на хвіліну над кратэрам, засланяючы яго ценем. З гэтага можна было з пэўнасцю зрабіць вывад, што воблакі несліся на невялікай вышыні, бо верхавіна гары падымалася над узроўнем акіяна не больш, як на восемсот футаў.

Вярнуўшыся на пясчаны бераг возера, я пачаў знаёміцца з яго флорай і фаунай. Флора была прадстаўлена шырокім дзірваном кропу, невялічкай парасонавай расліны, якая служыць добрай прыправай для стравы Кансель набраў некалькі пучкоў яе. Што тычыцца фауны, дык яе прадстаўлялі тысячы разнастайных ракаў, крабаў, амараў і мноства малюскаў усіх відаў і памераў.

Мы натрапілі тут на цудоўную пячору, пасыпаную тоўстым пластом мяккага, як пух, пяску. Стаміўшыся ад лазання па скалах, я і мае таварышы з асалодай разлягліся на ім. Падземны агонь адпаліраваў паверхню ўнутраных сцен пячоры і асыпаў іх слюдзяным пылам, які блішчэў, як брыльянты.

Нэд Лэнд пачаў выстукваць сцены, спрабуючы вызначыць іхнюю таўшчыню. Я не мог стрымаць ухмылкі, гледзячы на яго дарэмныя спробы. Гутарка, вядома, зноў пачалася вакол пытання аб уцёках. Я палічыў магчымым абнадзеіць Нэда Лэнда і сказаў яму, што капітан Нэма, магчыма, спусціўся на поўдзень толькі таму, каб папоўніць запас натрыя, і што ёсць усе падставы думаць, што, зрабіўшы гэта, ён зноў паверне на поўнач, да берагоў Еўропы або Амерыкі; тады канадзец будзе магчы з большым поспехам паўтарыць спробу ўцячы.

Мы правялі ўжо каля гадзіны ў гэтай прывабнай пячоры. Наша гутарка, спачатку вельмі жвавая, цяпер амаль спынілася. Нас ахапіла нейкая дрымота. Не маючы ніякіх прычын спяшацца, я паддаўся сну. Я сніў, — мы-ж не маем улады над сваімі снамі, — што я вяду раслінны спосаб жыцця прасцейшага малюска і мая двойчатая ракавіна знаходзіцца ў гэтай пячоры.

Раптам мяне разбудзіў крык Канселя:

— Уставайце, уставайце хутчэй! — крычаў ён.

— Што здарылася? — спытаўся я, сядаючы на пясок.

— Вада пагражае затапіць нас!

Я ўскочыў на ногі. Мора патокам улівалася ў нашу пячору, і таму што мы не былі малюскамі, неабходна было ратавацца.

Праз некалькі хвілін мы дабраліся да верха пячоры, куды вада не магла дасягнуць.

— Што тут адбываецца? — запытаў Кансель. — Які-небудзь новы цуд прыроды?

— Не, сябар мой, — адказаў я, — гэта проста прыліў, звычайны прыліў, які ледзь не заспеў нас, як герояў рамана Вальтэр-Скота. Узровень вады ў акіяне за межамі пячоры павысіўся ў час прыліву і паводле непарушнага закона раўнавагі падняўся і ўзровень вады ў возеры. Мы можам падзякаваць, што атрымалі толькі ванну. А цяпер пойдзем назад на «Наўтылус» — нам трэба пераапрануцца.

Праз тры чвэрці гадзіны мы падыходзілі да «Наўтылуса» з процілеглага боку, абышоўшы навакол усё возера.

Матросы канчалі пагрузку натрыя, і «Наўтылус» мог зараз-жа працягваць свой шлях.

Але капітан Нэма не даваў загаду аб адпраўленні. Ці хацеў ён дачакацца ночы, каб непрыметна выйсці праз падводны канал? Зусім магчыма.

Наступная раніца заспела «Наўтылус» ужо па-за яго таемнай гавані, плывучым далёка ад зямлі на некалькі метраў пад паверхняю Атлантычнага акіяна.

Раздзел адзінаццаты Саргасава мора

Кірунак «Наўтылуса» аднак не змяніўся. Прыходзілася пакуль адмовіцца ад надзеі ўбачыць блізка бераг Еўропы. Капітан Нэма трымаў курс на поўдзень. Куды ён вёў свой карабель? Я не мог зразумець гэтага.

У гэты дзень «Наўтылус» плыў па вельмі цікавай частцы Атлантычнага акіяна. Усім вядома пра існаванне вялікага цёплага акіянскага цячэння — Гальфштрэма.

Ад берагоў Фларыды яно накіроўваецца да Шпіцбергену. Але раней чым пранікнуць у Мексіканскую затоку, каля сорак чацвёртага градуса паўночнай шыраты, гэтае цячэнне дзеліцца на дзве адтокі: большая з іх праходзіць міма берагоў Ірландыі і Нарвегіі, а меншая заварочвае на поўдзень, да Азорскіх астравоў, потым адхіляецца да берагоў Афрыкі і, апісаўшы шырокую дугу, вяртаецца да Антыльскіх астравоў.

Гэта другая адтока — па праўдзе сказаць, не адтока, а кальцо — абкружае нібы бар’ерам з цёплай вады тую частку Атлантычнага акіяна — халодную, маларухавую і спакойную, — якая атрымала назву Саргасава мора. Саргасава мора, такім чынам, з’яўляецца сапраўдным возерам у Атлантычным акіяне. Працягласць яго такая, што воды Гальфштрэма праходзяць свой шлях вакол яго на працягу трох гадоў.

Саргасава мора, уласна кажучы, ляжыць над усёй затопленай часткаю Атлантыды. Некаторыя аўтары нават выказвалі дапушчэнне, што плаваючыя на паверхні яго травы выраслі ў прэрыях гэтага загінуўшага сухазем’я. Але гэтае дапушчэнне мала праўдзівае; хутчэй за ўсё, гэтыя водарасці і травы прыносіць у Саргасава мора ад берагоў Еўропы і Амерыкі ўсё той-жа Гальфштрэм.

Гэты факт у ліку шэрагу іншых і навёў Калумба на думку аб існаванні Новага свету. Калі гэты адважны даследнік рабіў пераход праз Саргасава мора, водарасці і травы, на вялікі жах каманды, затрымлівалі яго і караблі, і плаванне зацягнулася на цэлых тры тыдні.

Гэткім было тое мора, у якім цяпер знаходзіўся «Наўтылус». Гэта быў сапраўдны луг з водарасцяў, настолькі густых, настолькі моцных, што нос карабля ледзь разразаў яго. Таму капітан Нэма, не жадаючы ісці на рызыку зламаць або сапсаваць вінт у гэтых непраходных зараслях, увесь час трымаўся на глыбіні некалькіх дзесяткаў метраў пад вадой.

Назва «Саргасава мора» паходзіць ад іспанскага слова «sargazzo», што азначае — водарасці. Водарасці, галоўным чынам плывучыя, і ствараюць расліннае накрыццё гэтага гіганцкага басейна. Тлумачэнне прычыны, чаму водарасці згрупаваліся такой масай у гэтым ціхім кутку Атлантычнага акіяна, прапанаваў Моры, аўтар «Фізічнай геаграфіі зямнога шара».

«Тлумачэнне гэтага з’явішча, — гаворыць ён у сваёй кнізе, — выцякае з агульнавядомага вопыту. Калі ў міску з вадой апусціць кавалкі пробкі, трэсачкі, ці якія-небудзь іншыя плаваючыя прадметы, і пакруціць ваду, то хутка можна будзе заўважыць, як усе разлучаныя кавалкі збяруцца ў цэнтры, гэта значыць, у месцы найменшага руху. У нашым пытанні міскай служыць Атлантычны акіян, Гальфштрэм — гэта кругавое цячэнне, а Саргасава мора — цэнтральны пункт, дзе збіраюцца ўсе плаваючыя прадметы».

Я зусім згодзен з тлумачэннем Моры. Мне ўдалося вывучыць гэтае з’явішча ва ўмовах, недасяжных іншым вучоным, — пад вадою. Над нашым караблём плавалі самыя разнастайныя прадметы, абкружаныя і аплеценыя рудаватымі водарасцямі: ствалы дрэва, наваленыя бурай у Андах і Скалістых горах і прынесеныя ў акіян цячэннем Амазонкі ці Місісіпі; шматлікія адломкі крушэнняў — зламаныя рангоўты, кілі, кавалкі абшыўкі ці корпус караблёў, настолькі цяжкія ад прыліплага пласта ракушак, што яны не маглі ўжо ўсплыць на паверхню. Я не сумняваюся, што з часам пацвердзіцца і другая думка Моры, — што ўсе гэтыя матэрыі, якія збіраюцца ў Саргасавым моры на працягу доўгіх вякоў, мінералізуюцца ад марской вады і ператвараюцца ў невычэрпныя запасы каменнага вугалю. Гэта будуць запасныя склады паліва, падрыхтаваныя дбайнай прыродай на той выпадак, калі чалавек спаліць увесь вугаль з земных капальняў.

Сярод гэтага хаоса траў і водарасцяў я заўважыў актыній, над якімі развяваўся пышны вянок з тонкіх шчупальцаў, і мноства медуз — зялёных, чырвоных, сініх, у тым ліку і медузу Кюв’е, блакітны парасон якое аблямаваны фіялетавым кантам.

Увесь дзень 22 сакавіка мы правялі ў нетрах Саргасава мора, дзе рыбы, якія жывяцца марскімі травамі, знаходзяць багатую спажыву. Але ўжо назаўтра акіян набыў свой звычайны выгляд.

На працягу наступных дзевятнаццаці дзён, з 23 лютага да 15 сакавіка, «Наўтылус» кожны дзень праходзіў па чатырыста кіламетраў у суткі, трымаючыся таго-ж курса — на поўдзень. Капітан Нэма, відаць, няўхільна выконваў свой план кругасветнага падарожжа пад вадой, і я не сумняваўся ў тым, што абмінуўшы мыс Горн, «Наўтылус» вернецца ў паўднёвую частку Ціхага акіяна.

Значыцца, Нэд Лэнд меў рацыю непакоіцца. У гэтых прасторных водных пустынях, дзе рэдка сустракаліся астравы, дарэмна было і марыць аб уцёках.

Але, з другога боку, у нас не было ніякай магчымасці перашкодзіць выкананню плана капітана Нэма. Адзінае, што нам заставалася рабіць, — гэта пакарыцца свайму лёсу.

Калі дарога да вызвалення хітрасцю або гвалтам была зачынена для нас, дык заставалася яшчэ надзея дабіцца волі перакананнем. Я спадзяваўся, што па сканчэнні падарожжа вакол свету мне ўдасца ўгаварыць капітана Нэма адпусціць нас на волю ў абмен на клятвеннае абяцанне ніколі не выдаваць яго тайны. Мы гэты абавязак гонару выканалі-б, і яго тайна памерла-б з намі. Але трэба было яшчэ высветліць, як паглядзіць на гэтую прапанову капітан Нэма. Ён-жа катэгарычна заявіў з самага пачатку, што для захавання сваёй тайны ён усё жыццё будзе трымаць нас палоннікамі на «Наўтылусе». Тое, што я на працягу, чатырох месяцаў ні разу не звяртаўся да гэтага пытання, ён мог разглядаць як маўклівую згоду з такім становішчам. Пячаць з ім зараз гутарку аб гэтым — значыла разбудзіць у ім падазрэнне, якое магло толькі пашкодзіць ажыццяўленню нашага плана, калі зручны выпадак трапіцца.

Усе гэтыя довады і меркаванні непакоілі мяне. Я дзяліўся імі з Канселем, якога яны трывожылі не менш за мяне. Наогул, хоць я не лёгка паддаюся суму, але я разумеў, што з кожным днём памяншаюцца нашы шансы калі-небудзь вярнуцца ў чалавечае грамадства, і асабліва хутка памяншаюцца яны цяпер, калі капітан Нэма з шалёнай настойлівасцю забіраецца ўсё далей і далей на поўдзень Атлантычнага акіяна.

На працягу гэтых дзевятнаццаці дзён наша плаванне не адзначылася нічым выдатным. Я рэдка бачыўся з капітанам Нэма. Ён шмат працаваў. У бібліятэцы я часта знаходзіў пакінутыя ім разгорнутыя кнігі, галоўным чынам па прыродазнаўству. Мая кніга аб тайнах марскога дна была спярэшчана яго адзнакамі па баках, часта зусім абвяргаючымі мае тэорыі і погляды. Але капітан Нэма задавальняўся тым, што адзначаючы мае памылкі, не пачынаў са мною спрэчак.

Часам я чуў яго ігру на аргане. Граў ён з вялікім пачуццём і майстэрствам, але выключна па начах, калі навакол панавала непранікальная цемра і «Наўтылус» спаў у пустынным акіяне.

Усе гэтыя дні мы плылі большай часткай на паверхні акіяна. Мора было быццам пакінутае ўсімі. Рэдка-рэдка заўважалі мы здалёк які-небудзь паруснік, што спяшаўся ў Індыю або накіроўваўся да мыса Добрай Надзеі.

Аднойчы за намі пагналася кіталоўнае судна, як відаць, — палічыўшае нас за вялізнага кіта. Але капітан Нэма не пажадаў, каб бедныя маракі дарэмна трацілі намаганні і час, і пакончыў з гэтым праследваннем, нырнуўшы ў ваду. Гэтае здарэнне жыва зацікавіла Нэда Лэнда. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што канадзец дужа шкадаваў, што нашага металёвага кіта нельга насмерць параніць гарпуном.

Рыбы, якіх мы з Канселем бачылі, мала чым адрозніваліся ад тых, што мы назіралі пад паўночнымі шыротамі. Часта нам насустрач трапляліся акулы; паміж іншым, мы бачылі ў гэтых водах грэбнязубую акулу, якая адрозніваецца ад іншых колькасцю жабравых шчылін, — іх у яе сем. Сваю назву грэбнязубых гэтыя акулы атрымалі з прычыны таго, што зубы на іхняй ніжняй сківіцы сядзяць у выглядзе частай грабёнкі, змяншаючыся па велічыні ад сярэдзіны да краёў. Гэта вельмі буйныя жывёлы, і мы сустракалі экземпляры, якія даходзілі да васьмі метраў у даўжыню.

Праплывалі міма нас таксама і марскія сабакі — буйныя рыбы, якія вызначаюцца па словах рыбакоў вялікай пражэрлівасцю.

Прыгожыя гуллівыя дэльфіны суправаджалі нас па цэлых днях. Яны плылі групамі па пяць-шэсць жывёл, палюючы зграямі, як ваўкі ўзімку. Дэльфіны, як відаць, не менш ненажэрныя, чымся марскія сабакі.

Сямейства дэльфінаў налічвае дзесяць відаў. Сустрэтыя намі экземпляры належалі да Віда звычайных дэльфінаў. У іх былі невялікія галовы, якія заўважаліся наперадзе, і падобныя на дзюбу, завостраныя морды. Даўжыня іхняга цела раўнялася прыкладна двум метрам.

Скажу яшчэ пра жывучых у гэтых морах цікавых прадстаўнікоў атрада калючапёрых рыб — гарбылёў, або чорных сціен. Некаторыя аўтары — больш паэты, як вучоныя, — сцвярджаюць, што гэтыя рыбы могуць меладычна спяваць і што зграя іх можа даць канцэрт, не горшы, чым ансамбль спевакоў. Не адважуся даводзіць, што гэта няпраўда, але тыя сціены, якіх мы сустракалі па дарозе, не спявалі нам серанад. І вельмі шкада.

Нарэшце адзначу вялікую колькасць сустрэтых намі лятаючых рыб. Не можа быць нічога больш цікавага, як відовішча палявання дэльфінаў на лятаючых рыб. Дакладнасць разліку дэльфінаў зусім матэматычная: якой-бы даўжыні ні была траекторыя палёту, у канцы яе лятаючая рыба ўсё-ж немінуча трапіць у расчыненую пасць дэльфіна!

Бачаныя намі рыбы большай часткай належалі да віду трыгл. Уначы яны паласавалі паветра бліскучымі крывымі, якія пагружаліся ў ваду, як падаючыя зоркі.

З пачатку нашага вандравання мы зрабілі прабег у трынаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят дзве тысячы кіламетраў. У гэты час мы знаходзіліся пад 45°37´ і паўднёвай шыраты і 37°53´ заходняй даўгаты. У гэтых самых месцах зонд, апушчаны капітанам «Геральда» Дэнгемам, не сустрэў дна і на глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў. Тут-жа лейтэнант Паркер з амерыканскага фрэгата «Кангрэс» не знайшоў дна на глыбіні пятнаццаць тысяч сто сорак метраў.

Капітан Нэма рашыў апусціцца з «Наўтылусам» на найбольшую глыбіню, каб праверыць гэтыя прамеры.

Акяніцы салона расчыніліся, і я ўсеўся ля акна, каб адзначыць вынікі даследвання.

«Наўтылус» пачаў рыхтавацца да спуску на гэтую велізарную глыбіню. Само сабою зразумела, што не магло быць і гутаркі аб тым, каб дасягнуць яе спосабам запаўнення рэзервуараў вадою. Не гаворачы ўжо аб тым, што ніякі дадатковы цяжар не быў-бы дастатковым для гэтай мэты, трэба было прадбачыць яшчэ тое, што для звароту на паверхню давялося-б на дне выкачваць ваду з рэзервуараў, а на гэта — пры вялізным вонкавым ціску — нехапіла-б магутнасці нават, для насосаў «Наўтылуса».

Капітан Нэма рашыў паспрабаваць дасягнуць дна па спадзістай дыяганалі, з разбегу. Стырнам глыбіні надалі нахіл у 45°, і затым вінт быў запушчаны з найвялікшай хуткасцю. Лопасці яго з велізарнай сілай уразаліся ў ваду. Гэты магутны штуршок прымусіў здрыгануцца ўвесь карабель, які зараз-жа паслухмяна пусціўся ўніз. Капітан Нэма далучыўся да мяне, і мы разам сачылі за хуткім рухам уніз стрэлкі манометра. Неўзабаве «Наўтылус» мінуў заселеную зону, у якой жыве большасць рыб. Калі паасобныя віды рыб могуць жыць толькі ля самай паверхні акіяна або рэк, то існуюць і такія, што жывуць толькі ў глыбакаводных пластах. Сярод іх я заўважыў гексанхаў — разнавіднасць грэбнезубых акул, з шасцю жабернымі шчылінамі, тэлескопаў з вялізнымі вачыма і, нарэшце, грэндэраў, якія жывуць на глыбіні ў тысячу дзвесце метраў, дзе ціск раўняецца ста дваццаці атмасферам.

Я запытаў капітана Нэма, ці здаралася яму назіраць рыб на вялікіх глыбінях.

— Рыб? — перапытаў ён. — На гэтых глыбінях яны сустракаюцца даволі рэдка. А што аб гэтым думае сучасная навука?

— Мы ведаем толькі наступнае: расліннае жыццё гіне хутчэй, чымся жывёльнае, адпаведна аддаленню ад паверхні ў ніжэйшыя пласты вады. Мы ведаем, што ў тых месцах, дзе яшчэ сустракаюцца жывыя істоты, нельга ўжо знайсці ніводнае расліны. Нам вядома, што вустрыцы і іншыя ракушкі жывуць і на глыбіні ў дзве тысячы метраў пад вадою і што Мак Клінток, герой палярных марэй, аднойчы вывудзіў жывую марскую зорку з глыбіні дзве з паловай тысячы метраў. Нарэшце вядома, што каманда англійскага фрэгата «Бульдог» на глыбіні ў чатыры тысячы метраў таксама вывудзіла жывую марскую зорку. Вось і ўсё, што мы ведаем. Але вы, капітан Нэма, пэўна скажаце, што наша навука нічога не ведае?

— Не, спадар прафесар, я не дазволю сабе гэткага грубіянства. Дазвольце яшчэ запытаць вас, чым тлумачыцца, што жывыя істоты могуць жыць на такой глыбіні?

— Гэта тлумачыцца двума прычынамі, — адказаў я. — Перш за ўсё тым, што вертыкальныя цячэнні, абумоўленыя неаднолькавай шчыльнасцю і насычанасцю вады соллю на розных глыбінях, выклікаюць рух вады, дастатковы для падтрымання жыцця прасцейшых іглакожых і марскіх зорак…

— Правільна, — сказаў капітан.

— І па-другое, тым, што колькасць распушчанага ў вадзе кісларода, без якога жыццё немагчыма, у глыбокіх пластах не змяншаецца, а павялічваецца і што высокі ціск у гэтых пластах толькі дапамагае яго канцэнтрацыі.

— Ага, вы і гэта ведаеце? — ускрыкнуў капітан Нэма, не хаваючы свайго здзіўлення. — Што-ж, я рады, што вам гэта вядома, бо гэта бясспрэчны факт. Я дадам толькі, што ў плавацельным пузыры рыб, вылаўленых на невялікай глыбіні, больш азота, чым кісларода, тады як у тых-жа рыб, злоўленых на вялікай глыбіні, заўсёды больш кісларода, як азота. Гэта даказвае справядлівасць вашай думкі. Але давайце працягваць нашы назіранні.

Я зноў паглядзеў на манометр. Стрэлка яго паказвала глыбіню ў шэсць тысяч метраў. Мы плылі ўжо на працягу гадзіны, і апусканне «Наўтылуса» па дыяганалі ўсё яшчэ працягвалася. Пустынныя воды вызначаліся надзвычайнай празрыстасцю, якую можна параўнаць толькі з празрыстасцю высокагорнага паветра.

Яшчэ праз гадзіну мы былі ўжо на глыбіні трынаццаці тысяч метраў, а дно акіяна яшчэ не было відаць.

Але, калі мы дасягнулі глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў, я ўбачыў далёка ў вадзе чорныя верхавіны гор. Аднак гэтыя верхавіны маглі належаць і горам такой самай вышыні як Гімалаі або Манблан, а можа нават і вышэй, таму мы па-ранейшаму не маглі вызначыць глыбіню гэтага воднага бяздоння.

Не гледзячы на вялікі ціск, якому падпадаў «Наўтылус», мы працягвалі апускацца. Я адчуваў, як уздрыгвае жалезная абшыўка падводнага судна, як выгінаюцца яго распоры, як трасуцца загарадкі, як выгінаюцца ў сярэдзіну пад ціскам вады вокны салона. Каб наш карабель не ўладаў трываласцю цэльнага, літага цела, яго ў адну секунду сплюшчыла-б у дошку.

Калі мы праходзілі блізка ад гор, чарнеючых у вадзе, я заўважыў на іх некалькі ракавін і розных марскіх зорак. Але хутка і гэтыя апошнія прадстаўнікі жывёльнага царства зніклі, і «Наўтылус», пераступіў мяжу жыцця, падобна паветранаму шару, які падняўся вышэй таго пласта, дзе можна дыхаць.

Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні шаснаццаці тысяч метраў, і абшыўка «Наўтылуса» вытрымлівала ціск у шэсцьсот атмасфер, або, інакш кажучы, у тысячу шэсцьсот кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр сваёй паверхні.

— Як дзіўна: плысці на гэткай глыбіні, дзе ніколі не было жыцця! — ускрыкнуў я. — Глядзіце, капітан, глядзіце на гэтыя велічныя скалы, на гэтыя пустынныя горы, на гэтыя апошнія межы акіяна, дзе не можа быць ні малейшай праявы жыцця! Якое дзівоснае відовішча! І як шкада, што ў нас застануцца толькі адны цмяныя ўспаміны аб ім.

— Гэтыя ўспаміны можна зрабіць і не цмянымі, — сказаў капітан.

— Што вы хочаце сказаць? — запытаў я. — Я не разумею вас.

— Я хачу сказаць, што няма нічога больш простага, як сфатаграфаваць гэты падводны пейзаж.

Не паспеў я выказаць здзіўлення ад новай прапановы капітана Нэма, як матрос прынёс у салон фатаграфічны апарат.

Раскінуты перад намі пейзаж, асвятлёны праменнямі электрычнага пражэктара, вызначаўся з дзіўнай яснасцю і выразнасцю. Празрыстасць і поўная нерухомасць вадкага асяроддзя стваралі ідэальныя ўмовы для фатаграфавання, нават лепшыя, чымся пры натуральным святле. «Наўтылус» спыніўся, мы накіравалі аб’ектыў апарата на падводную гару і праз некалькі секунд атрымалі дасканалы негатыў.

Я даю тут пазітыўны адбітак з яго. На фатаграфіі выразна вызначаюцца першабытныя скалы, ніколі не бачыўшыя дзённага святла, гранітныя слупы зямной паверхні, глыбокія пячоры, выдзеўбаныя ў масіве, і, нарэшце, надзвычай ясны контур верхавін, якія выступаюць на фоне вады, нібы намаляваныя рукою мастака. Фатаграфія не перадае толькі моцнага ўражання, якое рабіла поўная адсутнасць якога-б там ні было жыцця на гэтых чорных, гладкіх, нібы адпаліраваных скалах, зусім аднатонных, без адзінай каляровай плямы, грунтоўна стаячых на пясчаным дне, якое блішчыць пад праменнямі пражэктара.

Скончыўшы здымак, капітан Нэма звярнуўся да мяне:

— Прыйдзецца падняцца, спадар прафесар. Не варта надта доўга пакідаць корпус «Наўтылуса» пад такім ціскам.

— Я згодзен з вамі, капітан.

— Трымайцеся, — сказаў ён.

Я не паспеў запытаць капітана, як разумець яго параду і чаму я павінен трымацца, як раптам мяне кінула на падлогу.

Па загаду капітана Нэма вінт «Наўтылуса» быў спынены і стырны глыбіні пастаўлены рубам. У тую-ж секунду «Наўтылус» узвіўся ўгару, як паветраны шар. Хуткасць яго пад’ёму была сапраўды галавакружальнай. Ён рассякаў ваду з глухім звонам. Нічога нельга было разгледзець навакол — у чатыры хвіліны ён праляцеў шаснаццаць тысяч метраў і, выскачыўшы з вады, як лятучая рыба, зноў апусціўся ў яе, падняўшы хмару пырскаў на вялізную вышыню.

Раздзел дванаццаты Кашалоты і кіты

Ноччу з 13 на 14 сакавіка «Наўтылус» зноў узяў курс на поўдзень. Я меркаваў, што на шыраце мыса Горн мы павернем на захад, у Ціхі акіян, і такім чынам скончым сваё кругасветнае падарожжа. Але я памыліўся: «Наўтылус» ішоў далей на поўдзень.

Куды ён накіраваўся? Да полюса? Гэта было бессэнсоўна.

Я зрабіў вывад, што дурасць капітана Нэма сапраўды апраўдвала хмурыя прадчуццё Нэда Лэнда.

Канадзец з некаторага часу перастаў гаварыць са мною аб сваіх планах уцёкаў. Ён зрабіўся менш таварыскім, няшчырым. Я бачыў, што яго мучыла наша доўгая няволя. Я адчуваў, што ў ім накіпае нянавісць. Пры сустрэчах з капітанам Нэма яго вочы запаляліся хмурым агнём, і я заўсёды баяўся, што прыроджаная гарачнасць штурхне яго на які-небудзь неабдуманы учынак.

У гэты дзень, 14 сакавіка, Кансель і Нэд Лэнд прышлі да мяне ў каюту. Я запытаўся, што прывяло іх да мяне.

— Адно толькі пытанне, прафесар, — адказаў мне канадзец.

— Я слухаю вас, Нэд.

— Колькі па-вашаму чалавек у камандзе «Наўтылуса»?

— Не ведаю, дарагі мой.

— Мне здаецца — прадаўжаў Нэд, — што кіраванне гэтым караблём не патрабуе вялікай каманды.

— Сапраўды, — адказаў я, — пры дасканаласці яго машын чалавек дзесяць каманды цалкам могуць абслужыць усе патрэбы карабля.

— У такім разе наўрад ці капітан Нэма набраў большую каманду, — сказаў Нэд Лэнд.

— Не думаю, — адказаў я.

— Чаму?

Я пільна паглядзеў на Нэда Лэнда. Няцяжка было здагадацца аб яго намерах.

— Таму што, — сказаў я яму, — наколькі я разумею характар жыцця капітана Нэма, дык «Наўтылус» не проста карабель, але ў той-жа час і прытулак для тых хто, як сам капітан Нэма, парваў усе сувязі з зямлёю.

— Магчыма, — адказаў да гэтага часу маўчаўшы Кансель, — што гаспадар мае рацыю. Але тым не менш «Наўтылус» можа змясціць толькі строга абмежаваную колькасць людзей. Ці не скажа нам гаспадар, які максімальны склад каманды можа быць на ім?

— Як я магу гэта ведаць, Кансель?

— Шляхам простага разліку. Гаспадару вядомы аб’ём карабля, а значыцца і аб’ём паветра ў ім. Ведаючы, з другога боку, якая колькасць паветра патрэбна чалавеку для дыхання і ўлічыўшы, што «Наўтылус» павінен кожныя дваццаць чатыры гадзіны падымацца на паверхню для аднаўлення запасу паветра…

Я перапыніў Канселя, бо зразумеў, куды ён гне.

— Разумею, разумею, — сказаў я. — Гэты разлік няцяжка зрабіць, але ён дасць надзвычай няпэўныя вынікі.

— Няхай будуць няпэўныя, — настойліва сказаў Нэд Лэнд.

— Вось гэты разлік. Чалавек ужывае кожную гадзіну на дыханне столькі кісларода, колькі змяшчаецца ў ста літрах паветра, або на працягу сутак яму трэба для дыхання дзве тысячы чатырыста літраў паветра. Значыцца, для таго, каб знайсці патрэбную нам лічбу, трэба толькі падзяліць ёмістасць «Наўтылуса» на дзве тысячы чатырыста.

— Зусім правільна, — сказаў Кансель.

— А як ёмістасць «Наўтылуса» складае тысячу пяцьсот тон, а ў кожнай тоне — тысяча літраў, дык агульнае ёмістасць карабля — паўтара мільёны літраў паветра; калі падзяліць гэта на дзве тысячы чатырыста… — я хуценька зрабіў на паперы разлік, — то будзе роўна шэсцьсот дваццаць пяць. Інакш кажучы, паветра, якое змяшчаецца ў «Наўтылусе», акурат хапіла-б для дыхання шасцісот дваццаці пяці чалавек на працягу дваццаці чатырох гадзін.

— Шэсцьсот дваццаць пяць! — усклікнуў Нэд.

— Але я магу паручыцца, што мы ўсе разам узятыя — матросы, пасажыры і камандаванне — не складаем і адной дзясятай часткі гэтай лічбы.

— І то занадта многа для трох чалавек! — прашаптаў Кансель.

— Таму, бедны мой Нэд, магу вам даць толькі раду запасціся цярпеннем.

— І не толькі запасціся цярпеннем, — дадаў Кансель — але і змірыцца.

Кансель знайшоў патрэбнае слова.

— Нарэшце-ж — казаў ён далей, — не можа капітан Нэма ўвесь час ісці на поўдзень. Прыйдзецца-ж яму дзе-небудзь спыніцца, хаця-б, напрыклад, перад ледзянымі палямі! Прыйдзе-ж час, калі ён вымушаны будзе вярнуцца ў моры, якія амываюць культурныя краіны. Тады прыйдзе час зноў думаць аб уцёках.

Канадзец паківаў галавою, правёў рукою па ілбу і, не адказаўшы ні слова, выйшаў з каюты.

— З дазволу гаспадара, я зраблю адну заўвагу, — сказаў Кансель. — Бядак Нэд увесь час думаў аб немагчымых рэчах. Ён бясконца ўспамінае аб мінулых шчаслівых днях. Усё, што для нас недасяжна, яму здаецца любым. Успаміны ціснуць яго, і ён ходзіць сумны па цэлых днях. Трэба яго зразумець. Чым можа ён тут заняцца? Нічым! Ён не вучоны, як гаспадар; яму не могуць прыносіць столькі радасці, колькі нам, цуды падводнага свету. Нэд Лэнд гатоў рызыкнуць усім, каб мець магчымасць вярнуцца ў які-небудзь шынок на сваёй радзіме!

Зусім натуральна, што аднастайнае жыццё на «Наўтылусе» павінна было здавацца нязносным прызвычаенаму да дзейнага і вольнага жыцця канадцу. Падзеі, якія абуджалі ў ім цікавасць, здараліся вельмі рэдка. Аднак акурат у гэты дзень здарыўся выпадак, які павінен быў прыгадаць яму шчаслівыя дні яго волі.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы плыўшы на паверхні акіяна «Наўтылус» напаткаў статак кітоў. Сустрэча гэта не здзівіла мяне: я ведаў, што гэтыя жывёлы, на якіх людзі ўпарта і настойліва палююць, шукаюць прытулку пад высокімі шыротамі, куды кітабоі забіраюцца радзей.

Кіты заўсёды ігралі важную ролю ў марской справе, і іхні ўплыў на геаграфічныя адкрыцці быў вельмі значным. Кіты вабілі да сябе паляўнічых усіх часоў і народаў — спачатку баскаў, потым асірыйцаў, ангельцаў і галандцаў. Яны загартавалі іх у барацьбе з небяспекамі акіянскіх плаванняў, прывучылі не баяцца вандраванняў з аднаго канца акіяна ў другі. Кіты любяць наведваць палярныя моры як паўночныя, так і паўднёвыя. Старадаўнія легенды гавораць, што паляўнічыя, якія гналіся за кітамі, забраліся аднойчы так далёка на поўнач, што да полюса заставалася толькі сем лье. Калі гэтая легенда выдумка, то калі-небудзь яна пяройдзе ў сапраўднасць, і магчыма, людзі дабяруцца да гэтых невядомых пунктаў зямлі, іменна захопленыя паляваннем на кітоў.

Мы знаходзіліся на палубе. Мора было зусім спакойнае: кастрычнік у гэтых шыротах — месяц добрага надвор’я.

Канадзец першы заўважыў кіта далёка на гарызонце і, вядома, не памыліўся.

Уважліва ўгледзеўшыся ў паказанае месца, і я ўбачыў нейкую чорную кропку за пяць міль ад «Наўтылуса», якая то ўсплывала на паверхню, то зноў апускалася ў ваду.

— Ах, — закрычаў Нэд Лэнд, — каб я быў цяпер на борце кіталоўнага судна, колькі радасці прынесла-б мне гэта сустрэча! Гэта вялізная жывёліна. Глядзіце, на якую вышыню яна выкідае слупы пары і вадзяных пырскаў. Тысяча чарцей! Як прыкра, што я прыкаваны да гэтага жалезнага карыта!

— Я бачу, Нэд Лэнд, вы ўсё яшчэ адчуваеце сябе гарпуншчыкам, — сказаў я.

— Хіба кітабой можа калі-небудзь забыцца на сваю прафесію? Хіба могуць калі-небудзь абрыдаць адчуванні, якія прыносіць паляванне?

— А вам ніколі не здаралася паляваць у гэтых морах, Нэд?

— Ніколі, спадар прафесар. Я заўсёды працаваў у паўночных марах, даходзіў да Берынгавай пратокі, да пратокі Дэвіса…

— Значыцца, вы не ведаеце паўднёвых кітоў. Вы і не можаце ў такім выпадку іх ведаць, бо ніколі палярныя кіты не адважваюцца перайсці праз цёплыя воды экватара.

— Што вы, спадар прафесар! Што вы выдумляеце! — недаверліва сказаў канадзец.

— Я нічога не выдумляю, я кажу тое, што ёсць.

— Ну, не! Я асабіста ў шэсцьдзесят пятым, гэта, значыць не далей як два з паловаю гады назад, забіў каля берагоў Грэнландыі кіта, у якім яшчэ тырчэў гарпун з кляймом кіталоўнага судна з Берынгавай пратокі! Дазвольце запытаць вас, якім чынам жывёла, параненая на захадзе ад Амерыкі, магла-б падставіць свае бакі гарпуну на ўсходзе, каб яна раней не абагнула мыс Горн або мыс Добрай Надзеі, гэта значыць не перайшла-б экватара?

— Я згодзен з маім прыяцелем Нэдам і з нецярплівасцю чакаю адказу гаспадара, — сказаў Кансель.

— Гаспадар адкажа вам, таварышы мае, што розныя віды кітоў жывуць у розных морах і ніколі не кідаюць іх. Калі адзін кіт з Берынгавай пратокі прайшоў у пратоку Дэвіса, гэта значыць, што паміж гэтымі марамі існуе які-небудзь праход альбо на амерыканскім, альбо на азіяцкім беразе!

— І я павінен паверыць гэтаму? — прыплюшчыўшы вока, запытаўся канадзец.

— Гаспадару трэба верыць, — адказаў Кансель.

— Значыцца, калі я ніколі не паляваў у гэтых водах, я не ведаю тутэйшых кітоў? — працягваў гарпуншчык.

— Зусім правільна, Нэд.

— І, значыцца, тым больш падстаў пазнаёміцца з ім зараз, — заключыў Кансель.

— Глядзіце! Глядзіце! — крыкнуў канадзец. — Кіт набліжаецца. Ён ідзе прама на нас. Ён здзекуецца з мяне, ведаючы, што я не магу нічога зрабіць яму!

Нэд стукнуў нагою. Яго пальцы сціснуліся ў кулак, быццам трымаючы гарпун.

— І гэтыя кіты, — сказаў ён — такой самай велічыні, як і паўночныя?

— Бадай такія самыя, Нэд.

— Я пытаюся таму, спадар прафесар, што мне даводзілася бачыць буйных кітоў, даўжыня якіх даходзіла да ста футаў. А старыя кіталовы расказвалі мне, што кіты, якія водзяцца ля Алеуцкіх астравоў, дасягаюць нават сто пяцьдзесят футаў даўжыні.

— Па маёй думцы гэта ўжо занадта, Нэд, — не згадзіўся я. — Такіх кітоў у прыродзе не існуе, а кашалоты яшчэ меншыя за кітоў.

— Ах, — ускрыкнуў канадзец, не адрываючы вачэй ад акіяна, — кіт усё набліжаецца! Ён хутка пройдзе каля «Наўтылуса»!

І, працягваючы нашу гутарку, ён звярнуўся да мяне:

— Вы гаворыце аб кашалотах, як аб нейкіх маленькіх рыбках. Між тым існуюць сапраўды гіганцкія кашалоты. Вы ведаеце, гэта разумныя жывёлы. Некаторыя з іх, як мне казалі, зарываюцца ў водарасці і такім чынам усплываюць на паверхню. Іх прымаюць за астравок. Да іх падплываюць, высаджваюцца, запальваюць агонь…

— Будуюць дамы, — у тон яму падказаў Кансель.

— Так, жартаўнік, — адказаў Нэд Лэнд, — тады ў адзін прыгожы дзень кашалот нырае і цягне за сабой на дно акіяна ўсіх сваіх насельнікаў…

— Зусім, як у прыгодах Сінбада-марака, — рассмяяўся я. — Аднак, містэр Лэнд, я не ведаў, што вы такі майстар складаць байкі! Спадзяюся, што самі вы не верыце ў існаванне такіх кашалотаў?

— Спадар вучоны, — сур’ёзна адказаў канадзец, — ад кітоў можна ўсяго чакаць. Але глядзіце, з якой хуткасцю ён плыве! Як нырае! Кажуць, што гэтыя жывёлы могуць праплыць вакол свету за пятнаццаць дзён!

— Гэта магчыма, Нэд, спрачацца не буду.

— Я ўпэўнены, спадар прафесар, што вы не ведаеце, што ў самым пачатку існавання свету першы кіт плаваў яшчэ хутчэй, як цяпер.

— Сапраўды, Нэд? Я, праўда, не ведаў гэтага? А чаму?

— Таму, што спачатку хвост у яго быў рубам, як у рыб, і ён біў ім ваду злева направа і справа налева. Але потым першы кіт выпадкова перакруціў сабе хвост, і з таго часу ён ва ўсіх кітоў пастаўлены гарызантальна і б’е ваду зверху ўніз і знізу ўверх, што, вядома, значна змяншае хуткасць.

— І я павінен паверыць гэтаму? — парадыруючы Нэда, запытаў я.

— Неабавязкова, — адказаў канадзец, — і не больш, чым тады, калі-б я сказаў вам, што бачыў кітоў даўжынёй трыста футаў і вагаю пяцьсот тысяч кілаграмаў.

— Тады вы надта перавялічылі-б, — адказаў я. — Аднак некаторыя кіты дасягаюць сапраўды гіганцкіх размераў. Кажуць, што з некаторых экземпляраў здабываюць да ста, ста трыццаці тон сала.

— Гэта я бачыў уласнымі вачыма, — сказаў канадзец.

— Ахвотна веру вам, Нэд, таксама як веру ў тое, што некаторыя кіты па велічыні роўныя сотні сланоў. Уявіце сабе, што можа здарыцца, калі гэткая маса матэрыі імчыцца з ўсёй хуткасцю!

— Ці праўда, — спытаў Кансель, — што кіт можа патапіць карабель?

— Я не веру ў гэта, — адказаў я. — Аднак гавораць, што ў гэтых самых паўднёвых шыротах у 1820 годзе кіт кінуўся на фрэгат «Эсекс» і пачаў яго штурхаць назад з хуткасцю чатырох метраў у секунду. Хвалі залілі фрэгат з кармы, і ён адразу патануў.

Нэд Лэнд насмешліва паглядзеў на мяне.

— Што тычыцца мяне, — аказаў ён, — то аднаго разу кіт стукнуў мяне хвастом, — вядома, не мяне асабіста, а маю шлюпку. Я сам і мае спадарожнікі ўзляцелі метраў на шэсць у паветру. Але ў параўнанні з тым кітом, пра якога толькі што гаварыў спадар прафесар, гэты кіт зусім дзіцянё, проста грудны немаўля!

— Ці доўга жывуць гэтыя жывёлы? — запытаўся Кансель.

— Па тысячы гадоў, — не задумваючыся, адказаў канадзец. — Адкуль вы гэта ведаеце, Нэд?

— Так кажуць.

— А чаму так кажуць?

— Таму, што гэта вядома кожнаму.

— Не, Нэд, гэта нікому не вядома, але гэтак толькі думаюць. Вось адкуль пайшлі гэтыя думкі. Гадоў чатырыста назад, калі ўпершыню пачалі паляваць на кітоў, гэтыя жывёлы былі куды большыя за цяперашніх. Таму натуральна было дапусціць, што меншы памер сучасных кітоў абумоўліваецца тым, што яны не дасягнулі яшчэ свайго поўнага развіцця. Гэта і дало падставу Бюфону заявіць, што кіты могуць і павінны жыць па тысячы год. Зразумела?

Але Нэд Лэнд не слухаў і не чуў мяне. Кіт набліжаўся, і ён пажыраў яго вачыма.

— Ах, — ускрычаў ён раптам, — гэта не адзін кіт! Іх тут дзесяць… дваццаць… Цэлы статак! А мы нічога не можам зрабіць! У гэткую хвіліну быць звязаным па руках і нагах!

— Але, дружа мой Нэд, чаму-б вам не папрасіць у капітана Нэма дазволу зрабіць паляванне? — запытаўся Кансель.

Кансель яшчэ не скончыў сваёй фразы, як Нэд Лэнд ужо рынуўся ўніз на пошукі капітана.

Праз некалькі хвілін яны разам з’явіліся на палубе.

Капітан Нэма пачаў разглядаць статак кітоў, якія гулялі на паверхні вады не больш за адну мілю ад «Наўтылуса».

— Гэта паўднёвыя кіты, — сказаў ён. — Гэтым статкам можна было-б абагаціць цэлы кіталоўны флот.

— Дык як-жа капітан, ці не дазволіце вы мне папаляваць на іх, хаця-б для таго, каб я не забыўся на сваё рамяство гарпуншчыка?

— Навошта забіваць жывёлін дарэмна? — адказаў капітан. — Нам зусім не патрэбна ворвань.

— Аднак, капітан, у Чырвоным моры вы дазволілі мне паляваць на дзюгоня, — настойваў канадзец.

— Дзюгонь павінен быў даць нам запас свежага мяса для камбуза. Цяпер-жа вы просіце дазвол на забойства дзеля забойства. Я добра ведаю, што гэта ўласціва чалавечай натуры, але я не хачу патураць гэтай варварскай забаве. Знішчаючы паўднёвага кіта, бяскрыўдную і добрую істоту, містэр Лэнд, вы і вашы аднадумцы робіце чорную справу… Яны ўжо знішчылі ўсё жывое ў Бафінавай затоцы, а зараз хочуць знішчыць да апошняга гэтых карысных жывёлін. Дайце-ж пакой гэтым няшчасным кітам. У іх і без таго досыць натуральных ворагаў — кашалотаў і мечаносцаў.

Уявіце сабе выраз твару канадца ў час гэтага нечаканага навучання! Чытаць такую лекцыю прафесіянальнаму паляўнічаму — гэта значыла дарэмна марнаваць час.

Нэд Лэнд глядзеў на капітана Нэма і, відаць, проста не разумеў, пра што той гаворыць.

Аднак капітан меў рацыю. Бязглуздае драпежніцтва кіталоваў хутка зробіць тое, што з акіяна знікнуць апошнія кіты.

Нэд Лэнд прасвістаў скрозь зубы матыў «Янкі дудль»[53], засунуў рукі ў кішэні і адвярнуўся да нас спіною.

Між тым капітан Нэма, па-ранейшаму назіраючы кітоў, сказаў мне:

— Я меў рацыю, калі толькі што казаў, што акрамя чалавека, у кіта досыць натуральных ворагаў. Вось гэтаму статку прыйдзецца зараз сустрэцца з сільным супраціўнікам. Ці бачыце вы, спадар прафесар, там далёка, за восем міль пад ветрам, рухаючыяся чорныя кропкі?

— Бачу, капітан, — адказаў я.

— Гэта кашалоты, страшэнныя жывёліны… Мне даводзілася сустракаць цэлыя зграі іх — у дзвесце і трыста штук! Вось гэтых лютых і шкодных жывёлін сапраўды варта знішчаць.

Канадзец жвава абярнуўся пры гэтых словах.

— Што-ж, капітан, — сказаў я, — можа ў інтарэсах кітоў можна дазволіць містэру Лэнду…

— Не варта рызыкаваць, — перапыніў мяне капітан. — «Наўтылус» сам раскідае кашалотаў. Ён узброены сталёвым біўнем, які пэўна не слабейшы за гарпун містэра Лэнда!

Канадзец пагардліва паціснуў плячыма. Яго выгляд выразна гаварыў: «Як гэта можа быць, каб палявалі з карабельным біўнем на кашалотаў?»

— Пачакайце, спадар прафесар, — сказаў капітан Нэма, — мы пакажам вам паляванне, якога вы яшчэ ніколі не бачылі. Ні кроплі літасці гэтым драпежнікам, у якіх толькі ёсць пасць ды зубы!

Суцэльная зубастая пасць — цяжка было даць лепшае вызначэнне велікагаловаму кашалоту, які дасягае часам дваццаці пяці метраў у даўжыню. Вялізная галава гэтага кітападобнага займае больш трэці цела. У адрозненне ад пасці кітоў, якая мае толькі рагавую пласціну «кітовага вуса», пасць кашалота ўзброена трыццацю дзевяццю — пяцюдзесяццю двума вострымі зубамі, вагай па два фунты кожны.

У задняй частцы чэрапа кашалота ёсць дзве злучаныя паміж сабою камеры, запоўненыя трыма-чатырмастамі кілаграмамі масляністай вадкасці — спэрмацэты, якая дорага каштуе ў продажы. Кашалот, пэўна, самая нязграбная і брыдкая істота ў свеце.

Вялізная, даўжынёй у пяць і вышынёй у тры метры, галава яго здзіўляе сваёй асіметрычнасцю. Так, з двух насавых палавін ёсць толькі адна, а левае вока значна меншае за правае, ад чаго ў ранейшы час паляўнічыя нападалі на яго заўсёды з левага боку.

Тым часам драпежнікі набліжаліся. Яны ўжо заўважылі кітоў і рыхтаваліся напасці на іх. Можна было загадзя прадбачыць, што ў гэтай няроўнай барацьбе кіты будуць пераможаны, і не толькі таму, што кашалоты дужэйшыя за кітоў і лепш узброеныя, але і таму, што яны могуць больш заставацца пад вадою, не падымаючыся на паверхню для дыхання.

Час ужо быў ісці на дапамогу кітам. «Наўтылус» апусціўся ў ваду. Кансель, Нэд Лэнд і я занялі месцы перад вокнамі салона. Капітан Нэма прайшоў у штурвальную рубку, каб асабіста кіраваць суднам у гэтай яго новай ролі знішчальніка.

Рух вінта павялічыўся, і «Наўтылус» паімчаўся поўным ходам.

Бойка паміж кашалотамі і кітамі ўжо пачалася, калі падаспеў «Наўтылус». Капітан Нэма накіраваў свой карабель з такім разлікам, каб раздзяліць надвое статак кашалотаў. Спачатку кашалотаў мала непакоіла з’яўленне новага супраціўніка, але неўзабаве яны зразумелі сваю памылку.

Які спектакль разыграўся перад нашымі вачыма! Нават Нэд Лэнд захапіўся і скончыў тым, што пачаў бурна пляскаць у далоні.

«Наўтылус» ператварыўся ў гіганцкі гарпун, паслухмяную прыладу ў руках свайго капітана. Ён кідаўся на мясістых кашалотаў і разразаў іх на часткі, пакідаючы за сабой два скалечаных, крывавых кавалкі жывёліны. Ён не адчуваў страшэнных удараў хваста, якія сыпаліся на яго абшыўку, як не заўважаў моцных штуршкоў раз’юшаных кашалотаў. Пакончыўшы з адным драпежнікам, ён кідаўся на другога, павярнуўшыся вакол сваёй восі, каб не марнаваць часу і не выпусціць вызначанай ахвяры, імчаўся ўперад, вяртаўся назад, паслухмяны стырну, ныраў, калі кашалот намагаўся ўцячы ў глыбіню, вяртаўся на паверхню, калі той усплываў, атакаваў яго з бакоў, з фронту, з тылу і разразаў альбо разрываў яго пры ўсякай хуткасці і адкуль-бы ні трапіў удар.

Якая бойня! Які гром стаяў над паверхняй вады! Які рэзкі свіст ад дыхання спалоханых кашалотаў! Ускаламучаныя гіганцкімі хвастамі, хваляваліся нават заўсёды спакойныя ніжэйшыя пласты вады.

Больш гадзіны працягвалася гэтае масавае знішчэнне, ад якога не здолеў выратавацца ніводзін кашалот. Некалькі разоў, аб’яднаўшыся ў атрады па дзесяць-дванаццаць жывёлін, кашалоты пераходзілі ў наступленне, спрабуючы скрышыць «Наўтылус» сваёй масай. Скрозь вокны салона можна было ўбачыць іхнія разяўленыя пасці са страшэннымі зубамі, іхнія бліскучыя ярасцю вочы.

Нэд Лэнд, не ўладаючы сабою, праклінаў іх і пагражаў ім кулакамі. Кашалоты ўядаліся зубамі ў барты падводнага карабля, як сабакі ўядаюцца ў глотку зацкаванага ў лесе звера.

Але «Наўтылус», павялічыўшы ход, не заўважаў ні цяжару, ні шалёнай спробы затрымаць яго, цягнуў іх за сабою ў глыбіню або выцягваў на паверхню, не спыняючы ні на секунду пагоні за чарговай ахвярай.

Нарэшце статак кашалотаў паменшыўся. Хваляванне сціхла. «Наўтылус» вярнуўся на паверхню вады. Люк адчыніўся, і мы паспяшылі падняцца на палубу.

Мора было ўсеяна скалечанымі тушамі. Каб у вадзе сярод статка кашалотаў разарваўся снарад вялікай знішчальнай сілы, дык і ён не мог-бы больш разарваць, расшматаць у клоччы гэтыя тушы мяса. Вада была афарбаваная ў чырвоны колер на некалькі міль навакол, і «Наўтылус» плаваў нібы ў акіяне крыві.

Капітан Нэма далучыўся да нас.

— Ну-с, містэр Лэнд, што скажаце? — звярнуўся ён да канадца.

— Мне няма чаго сказаць, капітан, — адказаў канадзец, энтузіязм якога ўжо зменшыўся. — Вы паказалі нам страшэннае відовішча, гэта бясспрэчна. Але я не мяснік, я паляўнік, а вы паказалі нам бойню…

— Гэта было знішчэнне злых і драпежных жывёлін, — сказаў капітан Нэма, — і «Наўтылус» не сякач мясніка!

— Усё-такі я аддаю перавагу свайму гарпуну, — сказаў канадзец.

— У кожнага свая зброя, — адказаў капітан, пільна ўглядаючыся ў Нэд Лэнда.

Я спалохаўся, што той нагавора зараз капітану грубасці, — гэта магло скончыцца дрэнна для ўсіх нас, але на шчасце канадзец звярнуў увагу на кіта, да якога «Наўтылус» у гэтую хвіліну прычальваў.

Гэтая жывёліна не паспела выратавацца ад кашалотаў. Я пазнаў у ёй паўднёвага кіта, зусім чорнага, з уціснутай галавою. Анатамічна ён адрозніваецца ад звычайных кітоў тым, што сем шыйных пазванкоў у яго зрастаюцца, і тым, што ў яго на два рабры болей, чым ў паўночных яго родзічаў.

Няшчасны кіт ляжаў на баку, з брухам пракушаным кашалотамі ў шмат якіх месцах. Ён быў мёртвы. Пад яго скалечаным плаўніком тулілася дзіцянё, якога ён не здолеў абараніць. З раскрытай пасці забітай самкі лілася вада, якая цурчэла паміж пласцінкамі кітовага вуса, як раўчак.

Капітан Нэма загадаў прычаліць «Наўтылус» да тушы. Двое матросаў узабраліся на бок жывёлы, і я са здзіўленнем убачыў, што яны выцэджваюць з яго грудных залоз малако. Яны нацадзілі гэткім чынам дзве ці тры бочкі.

Капітан прапанаваў мне выпіць кубак гэтага яшчэ цёплага малака. Я не мог стрымаць грымасы агіднасці пры гэтай прапанове. Але ён запэўніў мяне, што кітовае малако дужа смачнае і нічым не адрозніваецца ад кароўяга.

Я паспрабаваў яго і прызнаў, што капітан Нэма казаў праўду. Гэтыя тры бочкі малака былі каштоўным здабыткам для нас, бо масла і сыр, што атрымаліся з яго, павінны былі ўнесці прыемныя змены ў нашу страву.

З гэтага дня я з прыкрасцю пачаў заўважаць, што Нэд Лэнд усё больш злосна глядзіць на капітана Нэма, і я рашыў пільна сачыць за тым, каб канадзец не зрабіў якога-небудзь дзікага ўчынку.

Раздзел трынаццаты У ільдах

«Наўтылус» нязменна накіроўваўся на поўдзень. Ён плыў са значнай хуткасцю ўздоўж пяцідзесятага мерыдыяна. Няўжо ён хацеў дасягнуць полюса? Я не верыў у гэта, бо сакавік у паўднёвых палярных краінах адпавядае верасню паўночных краін, гэта значыць пачатку восені.

Чатырнаццатага сакавіка пад 55° даўгаты я ўпершыню ўбачыў плывучы лёд. Гэта былі невялічкія адломкі ільдзін, сіняватыя крыгі даўжынёй дваццаць, дваццаць пяць футаў, аб якія разбіваліся з грукатам марскія хвалі.

«Наўтылус» ішоў па паверхні акіяна. Нэд Лэнд, які часта плаваў у палярных марах, не адзін раз бачыў і раней плывучыя ільды. Кансель і я любаваліся гэтым відовішчам упершыню.

На небасхіле працягнулася асляпляюча белая паласа. Англійскія кіталовы называюць яе «ледзяным блескам». Якімі густымі не былі-б воблакі, яны не могуць зацямніць яе. Гэтая паласа азначае блізкасць ледзянога поля.

І сапраўды, неўзабаве з’явіліся больш буйныя крыгі, блеск якіх узмацняўся ці слабнуў у залежнасці ад становішча атмасферы. Бакі некаторых плывучых ледзяных гор — айсбергаў — былі пакрэслены зялёнымі палосамі, нібы пражылкамі сернакіслай медзі. Другія крыгі прасвечвалі наскрозь, як вялізныя каштоўныя каменні. Трэція адбівалі сонечныя праменні тысячамі тысяч сценак сваіх крышталяў. Нарэшце чацвёртыя засыпаныя снегам, здаваліся грандыёзнымі кавалкамі мармуру, якога хапіла-б на пабудову цэлага горада.

Чым далей на поўдзень мы спускаліся, тым больш плывучых ільдзін мы сустракалі, тым магутней станавіліся паасобныя ільдзіны і айсбергі. Арктычныя птушкі звілі сабе на іх гнёзды тысячамі. Гэта былі глупышы, буравеснікі, пуфіны, аглушаўшыя нас сваімі крыкамі. Некаторыя з іх прымалі «Наўтылус» за тушу кіта, і, усеўшыся на яго палубу, пачыналі дзюбаць звонкае жалеза.

У часе гэтага плавання сярод ільдоў капітан Нэма часта і доўга бываў на палубе. Ён з найвялікшай увагай аглядаў гэтыя пустынныя месцы. Я бачыў, як часамі запаляўся яго звычайна халодны зрок. Можа ён думаў у гэты час, што ў гэтых палярных водах, недасяжных для чалавека, ён быў адзіным уладаром? Магчыма. Але ён не казаў гэтага голасна. Ён гадзінамі стаяў нерухома і быццам прачынаўся ад сну тады, калі ільдзіны абкружалі «Наўтылус» і трэба было выбірацца з пасткі.

Тады ён сам станавіўся ля штурвала і з незвычайным майстэрствам кіраваў «Наўтылусам», ухіляючыся ад сутычак з ледзянымі палямі і гарамі, якія часам дасягалі некалькі міль у даўжыню пры вышыні надводнай часткі ў семдзесят-восемдзесят метраў.

Часта шлях «Наўтылуса» здаваўся перагарожаным суцэльнай сцяной ільда. На шасцідзесятым градусе шыраты лёд ляжаў суцэльным масівам. Але капітан Нэма хутка знаходзіў якую-небудзь вузкую шчыліну і адважна пускаўся ў яе, хаця і ведаў, што яна зараз-жа зачыніцца за ім.

Гэтак, кіруемы ўмелай рукой свайго капітана, «Наўтылус» прасоўваўся сярод вечных ільдоў.

Канселю спадабалася тое, што існуе дакладная класіфікацыя ільдоў па форме і велічыні, і ён хутка азнаёміўся з ёю: айсбергі, або ледзяныя горы; айсфельды, або ледзяныя палі; драйфтайс, або плывучыя ільдзіны; пэксы, або ледзяная каша.

Тэмпература паветра стаяла даволі нізкая — два-тры градусы вышэй нуля. Але мы не адчувалі холаду ў сваіх цёплых футрах з цюленевай скуры або скуры белых мядзведзяў. У сярэдзіне «Наўтылуса» стаяла заўсёды роўная тэмпература, незалежная ад тэмпературы паветра, падтрымліваемая электрычнымі печкамі. А калі-б нават печы раптам перасталі грэць, то «Наўтылусу» варта было апусціцца на некалькі метраў пад ваду, каб зноў знайсці спрыяльную тэмпературу.

Каб мы прыбылі ў гэтыя месцы на месяц раней, мы любаваліся-б незаходзячым круглыя суткі сонцам. Але мы спазніліся, і ноч ужо адымала ў нас тры-чатыры гадзіны, павялічваючыся з кожнымі суткамі, каб потым на шэсць месяцаў засланіць сваім ценем гэтыя палярныя мясціны.

Пятнаццатага сакавіка мы перасеклі паралель, на якой ляжаць Нова-Шатландскія і Паўднёва-Оркнейскія астравы. Капітан Нэма расказаў мне, што нядаўна яшчэ гэтыя землі служылі прытулкам для масы цюленяў, але англійскія і амерыканскія кіталовы ў сваёй сляпой прагнасці да нажывы знішчылі і дарослых кітоў і іхніх дзяцей, і цяпер тут заўсёды пануе непарушная маўклівасць смерці.

Пятнаццатага сакавіка мы перасеклі паралель, «Наўтылус» перасек паўднёвы палярны круг, ідучы ўздоўж пяцьдзесят пятага мерыдыяна. Ільды абкружалі нас з усіх бакоў, засланяючы кругавід. Тым не менш капітан Нэма, адшукваючы шчыліну за шчылінай, знаходзіў праходы і ўсё далей прасоўваўся на поўдзень.

— Куды ён вядзе нас? — неяк спытаў я сябе голасна.

— Куды вочы глядзяць, — адказаў мне Кансель. — Калі далей ісці будзе няма куды, ён паверне назад.

— Я не ўпэўнены ў гэтым, — адказаў я.

Каб быць зусім шчырым, прызнаюся, што гэтае бязглуздае плаванне нават падабалася мне. Не магу перадаць, якое чароўнае відовішча прадстаўлялі гэтыя суровыя ледзяныя пустыні. Ільды набывалі тут зусім нечаканыя формы. Тут ледзяное поле здавалася вялікім усходнім горадам з безліччу мячэцей, з востраверхімі мінарэтамі. Там быццам ляжалі руіны разбуранага землетрасеннем горада. Але, як толькі сонца апускалася ніжэй да гарызонта і замест вертыкальных праменняў пасылала касыя, нібыта пад уплывам чараўніцтва ледзяны пейзаж адразу змяняў свой выгляд. Яшчэ хутчэй змяняліся дэкарацыі гэтага фантастычнага спектакля, калі сонца хавалася за хмары і на ільды апускаліся туманы або калі дзве ледзяныя гары сутыкаліся паміж сабою з грукатам залпа тысячы гармат.

Калі «Наўтылус» знаходзіўся пад вадой у момант такой сутычкі, то шум перадаваўся да яго па вадзе з яшчэ большай сілай, а паданне вялізных камлыг хвалявала ваду, робячы небяспечныя водавароты. У такіх выпадках «Наўтылус» хістала і падкідала хвалямі, як звычайны надводны карабель у час буры.

Часта было, што не бачачы прасвету паміж ільдзінамі, я лічыў, што мы канчаткова замкнуты ў ільдах. Але, кіруючыся сваім беспамылковым інстынктам, капітан Нэма знаходзіў усё новыя і новыя праходы. Паказаннем яму служылі тонкія невялічкія струмені сіняватай вады, што цякла па баку айсберга, альбо іншыя, яшчэ меней прыкметныя для неспрактыкаванага вока адзнакі. Таму я рашыў, што ён ужо не ўпершыню плавае ў ільдах паўднёвых мораў.

Аднак 16 сакавіка ў канцы дня ільды канчаткова загарадзілі дарогу. Гэта не былі яшчэ палосы вечных ільдоў, але ледзяное поле здавалася моцна спаянае марозам у гэтым месцы. Перашкода не спыніла капітана Нэма. Узяўшы разгон, ён з велізарнай сілай наскочыў на сцяну ільда. «Наўтылус» урэзаўся ў крохкую масу, як клін, і раскалоў яе на часткі са страшэнным грукатам. Гэта быў усё той-жа старажытны прынцып тарана, толькі цяпер гэты таран накіроўвала сіла, не ведаючая мяжы. Высока ўзлятаўшыя адломкі ільду градам падалі вакол нас. Штуршок бываў настолькі моцным, што перад караблём раптам адчыняўся праход. Часам, усцягнуты інерцыяй разбегу, «Наўтылус» узбіраўся на ледзяное поле і праціскаў яго сваім цяжарам. Вынік быў той-жа самы: лёд раздаваўся ў бакі, і мы ішлі наперад па зробленай пратоцы.

У гэтыя дні на нас часта навальваліся моцныя шквалы. Часамі на ільды спускаўся туман, настолькі густы, што з аднаго канца палубы не было відаць другога. Вецер пераскокваў з румба на румб. Выпаўшы ўначы снег раніцой настолькі цвярдзеў, што счышчаць яго прыходзілася кіркамі — лапата не брала яго. Як толькі тэмпература паветра апускалася да пяці градусаў ніжэй нуля, палуба «Наўтылуса» пакрывалася тоўстым пластом ільда. Паруснае судна не магло-б тут манеўраваць, бо ўсе снасці яго абледзянелі-б. Плаваць у такіх высокіх шыротах мог толькі карабель, які рухаўся электрычнасцю і, значыцца, не меў патрэбы ў вугалі.

Барометр увесь гэты час паказваў нізкі ціск і меў тэндэнцыю апусціцца яшчэ ніжэй. Паказанні компаса не заслугоўвалі цяпер ніякага давер’я. Яго ашалелая стрэлка паказвала самыя фантастычныя кірункі па меры набліжэння да паўднёвага магнітнага полюса, не супадаючага з полюсам зямнога шара. І сапраўды, па азначэнню Гастэна паўднёвы магнітны полюс знаходзіцца на 70° шыраты і 130° даўгаты. Дзюпэрэй вылічыў некалькі іншыя каардынаты — 70°30´ шыраты і 135° даўгаты. Для азначэння кірунку прыходзілася цяпер перацягваць компас у розныя часткі судна, рабіць па некалькі назіранняў і атрыманую сярэднюю лічбу прымаць за правільную.

У туманныя дні, пры немагчымасці астранамічных назіранняў, месцазнаходжанне судна адзначалася на карце па паказаннях лага. Спосаб гэты, вядома, даваў ненадзейныя даныя, бо ў пакручастых праходах курс прыходзілася змяняць кожную хвіліну.

Васямнаццатага сакавіка, пасля дваццаці няўдалых спроб прабіць сабе дарогу, «Наўтылус» канчаткова сціснула ільдамі. Гэта была ўжо не ледзяная каша, не плывучыя ільды, нават не ледзяныя палі, а нерухомы і нязломны бар’ер з суцэльных ледзяных гор.

— Непарушныя ільды, — сказаў мне канадзец.

Я зразумеў, што Нэд Лэнд, як і ўсе палярныя мораплаўцы, лічыў гэтую перашкоду непераможнай. Сонца паказалася на некалькі хвілін а поўдні, і капітан Нэма зрабіў дакладныя вылічэнні. Мы знаходзіліся пад 51°30´ даўгаты і 67°39´ паўднёвай шыраты. Як бачым, «Наўтылус» прайшоў ужо даволі далёка углыб Антарктыкі.

Ні наперадзе, ні за намі цяпер не відаць было чыстай вады. «Наўтылус» быў абкружаны вялікай таросістай раўнінай, усеянай бясформенымі кругамі, наваленымі ў тым хаатычным беспарадку, які бывае на паверхні ракі напярэдадні ледахода, але ў гіганцкі павялічаным маштабе. Тут і там былі відаць востраверхія грэбні ледзяных узгоркаў, якія ўздымаліся на дзвесце і больш футаў у вышыню. Далей стаялі шэрагі стромкіх круч, ахутаных у шэраватую цмяную смугу. Над гэтым пахмурным пейзажам панавала мёртвая цішыня, якую парушалі толькі ўзмахі крылляў і рэзкія крыкі буравеснікаў. Усё замёрла тут, нават гукі…

Вось у якім месцы прыйшлося «Наўтылусу» спыніць свой адважны бег!

— Ведаеце, спадар прафесар, — сказаў мне ў гэты дзень Нэд Лэнд, — калі нашаму капітану ўдасца прайсці далей…

— Тады што, Нэд?

— Тады ён будзе малайчына!

— Чаму?

— Таму што ніхто не можа перамагчы суцэльны лёд! Не спрачаюся, ваш капітан дужы. Але тысячы чарцей! — не дужэйшы-ж ён за прыроду! І калі яна пабудавала тут непераможную перашкоду, дык яму прыйдзецца хочаш-не-хочаш спыніцца!

— Вы, здаецца, маеце рацыю, містэр Лэнд… А ўсё-ж мне дужа хацелася-б даведацца, што знаходзіцца за гэтымі ільдамі. Мяне самога абурае гэтая сцяна!

— Гаспадар зусім правільна разважае, — сказаў Кансель. — Сцены створаны спецыяльна для таго, каб абураць вучоных. Каб была мая воля, я разбурыў-бы ўсе сцены на зямлі!

— Глупства, — адказаў канадзец. — Я добра ведаю, што знаходзіцца за гэтай сцяной!

— А што? — запытаўся я.

— Лёд, толькі лёд! — адказаў канадзец.

— Вы ўпэўнены, Нэд? — сказаў я. — Але я сумняваюся ў гэтым, і вось чаму я хачу працягваць шлях на поўдзень.

— Тым горш, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд. — Вам прыйдзецца адмовіцца ад гэтай думкі. Вы дайшлі да мяжы суцэльных ільдоў — гэтага ўжо досыць. Далей не ўдасца зрабіць ні кроку ні вам, ні вашаму капітану Нэма, ні яго «Наўтылусу». Хоча ён гэтага ці не, але мы вернемся на поўнач, гэта значыць у месцы, дзе жывуць усе прыстойныя людзі.

Я павінен быў прызнаць, што Нэд Лэнд мае рацыю ў адным: да таго часу, пакуль караблі не навучацца перасоўвацца па ледзяных палях, ім прыйдзецца спыняцца на мяжы суцэльных ільдоў.

І сапраўды, не гледзячы на ўсе намаганні, не гледзячы на шалёныя спробы раскалоць ільды, «Наўтылус» заставаўся нерухомым. Звычайна, калі карабель не можа прасунуцца наперад, ён варочаецца назад. Але тут зварот назад быў таксама немагчымы, як і прасоўванне наперад, бо ўсе праходы зачыніліся за намі. І калі наш карабель заставаўся-б нерухомым яшчэ некаторы час, ён абавязкова ўмёрз-бы ў лёд.

Каля двух гадзін пасля поўдня пачала вызначацца гэтая небяспека: палонка, у якой стаяў «Наўтылус», з неймавернай хуткасцю пакрывалася маладым ільдом. Павінен прызнацца, што цяпер паводзіны капітана Нэма здаваліся мне надзвычайна неасцярожнымі.

Я знаходзіўся ў гэты час на палубе. Капітан, які назіраў утварэнне ледзяной плёнкі на вадзе ўжо на працягу некалькіх хвілін, звярнуўся да мяне з пытаннем:

— Што вы думаеце аб нашым становішчы, спадар прафесар?

— Думаю што мы моцна застралі, капітан.

— Застралі? Як гэта разумець?

— Я хачу гэтым сказаць, што мы не можам пасунуцца ні ўперад, ні ўзад, ні ўправа, ні ўлева. Гэтае становішча, прынамсі ў цывілізаваных краінах, азначаецца словам «застраць».

— Значыцца, вы думаеце, спадар прафесар, што «Наўтылус» не здолее выарацца адсюль?

— Я мала веру ў гэта, капітан. Справа ў тым, што ў гэты час года, напярэдадні антарктычнай зімы, цяжка разлічваць на перасоўку ільдоў.

— Ах, спадар прафесар такі, як заўсёды! — іранічна сказаў капітан Нэма. — Вы бачыце толькі перашкоды ды няўдачы! Дазвольце-ж заявіць вам, што «Наўтылус» вызваліцца не толькі з кола ільдоў, але і пройдзе яшчэ далей!

— Яшчэ далей на поўдзень? — запытаў я, ускінуўшы вачыма на капітана Нэма.

— Так, спадар прафесар, ён пройдзе да самага полюса!

— Да полюса? — ускрыкнуў я, не хаваючы сваёй недаверлівасці.

— Так, — холадна пацвердзіў капітан, — да паўднёвага полюса, да гэтага патаемнага месца, дзе крыжуюцца ўсе мерыдыяны зямнога шара. Вы-ж ведаеце, што я магу прымусіць «Наўтылус» рабіць усё, што я хачу!

Так, я гэта ведаў! Я ведаў таксама, што гэты чалавек адважны да шаленства. Але ўсё-ж такі вар’ят мог адважыцца распачаць барацьбу з безліччу перашкод, якія стаялі па дарозе да паўднёвага полюса, яшчэ больш недасяжнага, чым паўночны!

Самыя адважныя, самыя спрактыкаваныя мараплаўцы дарэмна спрабавалі дабрацца да паўночнага полюса і адступалі, пераможаныя, або гінулі. Не, гэта была бязглуздая думка, якая магла нарадзіцца толькі ў мазгу вар’ята!

Мне прыйшло ў галаву задаць капітану Нэма пытанне, ці не адкрыў ён ужо гэты полюс, на які яшчэ ніколі не ступала чалавечая нага.

— Не, спадар прафесар, — адказаў ён. — Мы разам зробім гэтае адкрыццё. Тое, што не здолелі зрабіць іншыя, зраблю я. Мне ніколі яшчэ не даводзілася заходзіць на «Наўтылусе» так далёка на поўдзень; але я паўтараю вам, мы пройдзем яшчэ далей!

— Я хачу вам верыць, капітан, — іранічна адказаў я. — І я вам веру! Хадземце наперад! Для нас няма перашкод! Разаб’ём гэты непарушны лёд! Ускапаем яго, а калі ён будзе супраціўляцца, прыладзім да «Наўтылуса» крыллі, каб ён мог пераляцець над ім!

— Над ільдом, спадар прафесар? — спакойна адказаў мне капітан Нэма. — Не, навошта? Мы лепш пройдзем пад ільдом!

— Пад ільдом? — ускрыкнуў я.

Раптам мяне нібы азарыла. Я зразумеў, на што разлічваў капітан Нэма. Цудоўныя ўласцівасці «Наўтылуса» яшчэ раз павінны былі саслужыць капітану Нэма службу ў гэтым яго неймаверным замыслу!

— Бачу, што мы пачынаем разумець адзін аднаго, — з усмешкаю прамовіў капітан. — Вы пачынаеце ўжо разумець, што такая спроба зусім магчымая. Я-ж зусім упэўнены ў поспеху. Тое, што недасяжна для звычайнага судна, лёгка даступна «Наўтылусу». Калі-ж каля полюса ён сустрэне сухазем’е, ён спыніцца. А калі, наадварот, полюс змываецца водамі акіяна, мы дойдзем да самага полюса!

— Сапраўды, — адказаў я, захоплены лагічнымі разважаннямі капітана, — калі паверхня мора скавана ільдамі, то ніжэйшыя пласты яго не могуць замерзнуць і застаюцца вадкімі з прычыны таго закону прыроды, што максімальнай шчыльнасці вада дасягае пры тэмпературы вышэй пункта замярзання. І, калі я не памыляюся, апушчаная ў ваду частка ільдзіны адносіцца да выступаючай над узроўнем мора, як чатыры да аднаго?

— Так, спадар прафесар, суадносіны амаль такія. На кожны фут айсберга, што высоўваецца над паверхняй мора, прыпадае па тры футы, апушчаных у ваду[54]. Такім чынам, паколькі гэтыя ледзяныя горы не выступаюць над паверхняй акіяна больш чым на сто метраў, яны павінны быць апушчаны ў ваду не больш як на трыста метраў. А што значыць для «Наўтылуса» трыста метраў?

— Нічога, капітан!

— Больш таго, мы зможам апусціцца яшчэ глыбей, у тыя пласты вады, дзе тэмпература аднолькавая пад усімі шыротамі, і там бяспечна будзем смяяцца з трыццаці-саракаградусных марозаў, якія будуць на паверхні вады.

— Вы зусім правільна гаворыце, капітан! — ускрыкнуў я.

— Адзіная цяжкасць, якую нам прыйдзецца перамагчы, — казаў далей капітан Нэма, — гэта знаходжанне пад вадою на працягу некалькіх сутак без аднаўлення запасу паветра.

— Толькі ўсяго? — сказаў я. — На «Наўтылусе» досыць вялікія рэзервуары. Мы запоўнім іх, і яны забяспечаць нас поўнасцю неабходнай колькасцю кісларода!

— Вельмі добра, спадар прафесар, — зноў усміхнуўся капітан. — Дазвольце мне падзяліцца з вамі яшчэ адным сумненнем — мне не хацелася-б, каб вы потым абвінавачвалі мяне ў бязглуздасці.

— У чым вы яшчэ сумняваецеся?

— Магчыма, што мора каля полюса, калі яно існуе, усё пакрыта лёдам і, значыцца, мы не будзем магчы выбрацца на яго паверхню.

— Што вы, капітан! Няўжо вы забыліся, што «Наўтылус» узброены біўнем? Вы зможаце накіраваць яго па дыяганалі на ледзяную сталь, і ён лёгка праб’е сабе выхад.

— Аднак, спадар прафесар, сёння вы загаварылі зусім новай моваю!

— Аднак, капітан, — працягваў я, усё больш і больш запаляючыся, — чаму-б нам не сустрэць на паўднёвым полюсе такое-ж вольнае ад ільдоў мора, як і на паўночным? Полюсы холадаў не супадаюць з зямнымі полюсамі як у паўднёвым паўшар’і, так і ў паўночным. Таму, пакуль не будзе даказана адваротнае, мы маем права дапускаць існаванне вольных ад лёду мораў або зямель у гэтых двух процілеглых пунктах зямнога шара.

— І я так думаю, спадар прафесар, — адказаў капітан Нэма. — Звярніце толькі ўвагу на тое, што пасля столькіх супярэчанняў супраць майго праекту, вы згаджаецеся з ім.

Капітан Нэма казаў праўду. Я цяпер спаборнічаў з ім у смеласці. Цяпер я ўгаворваў яго пусціцца ў плаванне да полюса. Я нават выперадзіў яго… Але не, нікчэмны фантазёр! Капітан Нэма абдумаў ужо даўно ўсё «за» і «супраць» і цяпер пацяшаўся, гледзячы на тое, як ты кідаешся ад адной крайнасці да другой, як ты нястрымана аддаешся марам!

Між тым капітан Нэма не траціў часу. Ён паклікаў на палубу свайго памочніка. Яны загаманілі на сваёй незразумелай мове. Ці то памочнік быў яшчэ раней папярэджаны аб планах капітана, ці ён не бачыў у іх нічога немагчымага, але на твары яго не адзначылася нават здзіўлення.

Але як ён не быў спакойны, яму не прышлося перафарсіць у гэтым Канселя, калі я аб’явіў яму рашэнне капітана Нэма ісці да полюса. Спакойнае «як захоча гаспадар» было адзіным адказам гэтага адважнага хлапца, і больш нічога я ад яго не мог дабіцца. Іншая справа Нэд Лэнд, — наўрад ці можна было-б вышэй узняць плечы, чым гэта зрабіў канадзец, выслухаўшы маё паведамленне.

— Ведаеце, спадар прафесар, — сказаў ён, — вы і ваш капітан Нэма выклікаеце ў мяне жаль!

— Але зразумейце, Нэд, мы-ж трапім на полюс, на полюс!

— Магчыма, што вы і трапіце туды, але вось вярнуцца адтуль вы не здолееце!

І з гэтымі словамі Нэд Лэнд пайшоў да сябе ў каюту, «каб не нарабіць бяды», сказаў ён, зачыняючы за сабой дзверы.

Тым часам «Наўтылус» пачаў рыхтавацца да сваёй адважнай экспедыцыі. Магутныя насосы нагняталі ў рэзервуары паветра пад высокім ціскам. Каля чатырох гадзін пасля поўдня капітан Нэма сказаў мне, што зараз будзе зачынены люк. Я кінуў апошні позірк на перашкаджаўшы нам бар’ер з суцэльных ільдоў. Надвор’е было яснае, неба ачысцілася ад воблакаў. Холад быў даволі значны — 12° ніжэй нуля, але ветру не было, і гэты мароз не вельмі даваў сябе адчуваць.

Чалавек дзесяць матросаў, з кіркамі ў руках, вышлі на палубу і пачалі калоць лёд вакол «Наўтылуса». Яны хутка вызвалілі судна, бо малады лёд быў яшчэ тонкі. Тады мы ўсе спусціліся ў сярэдзіну карабля, люк зачынілі, і «Наўтылус» павольна апусціўся ў ваду.

Я зайшоў у салон у суправаджэнні Канселя. Мы селі каля расчыненага акна і глядзелі на ніжнія пласты вады Паўднёвага Ледавітага акіяна. Тэрмометр паказваў хуткае павышэнне тэмпературы вонкавага асяроддзя, стрэлка манометра паўзла ўправа па цыферблату.

На глыбіні трыста метраў, як і прадбачыў капітан Нэма, вада была ўжо без лёду і мы маглі пачаць плаванне пад суцэльнымі ільдамі. Але «Наўтылус» апускаўся далей, пакуль не дасягнуў васьмісот метраў. Тэмпература вады ў гэтых пластах была на два градусы вышэй, чым ля паверхні. Само сабой зразумела, што тэмпература ў сярэдзіне «Наўтылуса», якая падтрымлівалася электрычнымі печкамі, ніколькі не залежала ад вонкавай тэмпературы і заўсёды стаяла на нармальным узроўні.

Усе манеўры «Наўтылус» выконваў надзвычайна паслухмяна і дакладна.

— З дазволу гаспадара скажу, што па маёй думцы мы пройдзем шчасліва, — заўважыў Кансель.

— Спадзяюся, — адказаў я з глыбокай упэўненасцю.

На гэтай вольнай ад ільдоў глыбіні «Наўтылус» узяў кірунак прама да полюса, ідучы ўздоўж пяцьдзясят другога мерыдыяна. Ад 67°30´ да 90° трэба было прайсці два з паловай градусы, або крыху больш за дзве тысячы кіламетраў. «Наўтылус» плыў з сярэдняй хуткасцю прыкладна пяцьдзясят кіламетраў у гадзіну, гэта значыць з хуткасцю кур’ерскага поезда. Калі нішто не затрымае яго на дарозе, дык у сорак з невялікім гадзін ён павінен дасягнуць полюса.

Навіна пейзажа трымала Канселя і мяне частку ночы каля акна салона. Электрычнае святло пражэктара асвятляла ваду. Але мора было пустынным. Рыбы не вадзіліся ў гэтых скаваных водах.

Хуткасць ходу «Наўтылуса» адчувалася толькі па безупыннаму дрыжанню яго стальнога корпуса.

Каля двух гадзін пасля поўначы я рашыў прайсці да сябе ў каюту, каб паспаць некалькі гадзін. Кансель пайшоў таксама. Праходзячы калідорам да сябе, я не сустрэў капітана Нэма. Я рашыў, што ён дзяжурыць у штурвальнай рубцы.

Наступнай раніцай, 19 сакавіка, я заняў зрання сваю назіральную варту каля акна салона. Электрычны лаг паказваў мне, што «Наўтылус» ішоў з паменшанай хуткасцю. Ён падымаўся цяпер да паверхні мора, але не адразу, а паступова, павольна аслабаняючы свае рэзервуары.

Сэрца маё забілася мацней. Ці здолеем мы выйсці на паверхню? Ці сустрэнем мы вольныя ад ільдоў прасторы?

Але не. Штуршок паказаў мне, што «Наўтылус» наткнуўся на лёд, а па глухому гуку відаць было, што пласт яго вельмі тоўсты. І сапраўды, паказанні манометра пацвердзілі гэта — мы знаходзіліся на глыбіні паўтары тысячы футаў. Значыцца, над намі быў пласт лёду ў дзве тысячы футаў таўшчынёю, з якіх пяцьсот футаў выступалі над паверхняй! Выходзіла, што суцэльны лёд быў у гэтым месцы таўсцей, чымся ў тым, дзе мы апусціліся пад ваду. У гэтым факце не было нічога прыемнага для нас.

На працягу дня «Наўтылус» некалькі разоў аднаўляў спробу выбрацца на паверхню, але кожны раз натыкаўся на столь з тоўстага лёду. Месцамі гэтая «столь» даходзіла ў глыбіню да дзевяцьсот метраў, гэта значыць таўшчыня ледзянога пласта раўнялася тысячы двумстам метрам, з якіх трыста ўзвышаліся над морам. Гэта было ўжо ў тры разы больш, чым найбольшая вышыня айсбергаў у момант нашага апускання ў ваду.

Я старанна адзначаў глыбіню залягання айсбергаў і склаў такім чынам прымітыўную карту гэтага падводнага перавернутага горнага ланцуга.

Да вечара наша становішча не змянілася. Лёд увесь час цягнуўся на глыбіні ад чатырохсот да пяцісот метраў. Гэта было ўжо некаторым патанчэннем ледзянога пакрыцця, але ўсё-такі яшчэ вялізная тоўшча аддзяляла нас ад адкрытага мора.

Было ўжо каля васьмі гадзін вечара. Ужо чатыры гадзіны назад «Наўтылус» павінен быў-бы, як звычайна, аднавіць свой запас паветра. Аднак я не адчуваў яшчэ ніякага сціску пры дыханні, хоць капітан Нэма не выпусціў яшчэ ні літра кіслароду з запасных рэзервуараў.

Гэтую ноч я дрэнна спаў. Надзея і трывога па чарзе хвалявалі мяне. Я ўставаў некалькі разоў з ложка. «Наўтылус» усё шукаў праход. Каля трох гадзін раніцы я выйшаў у салон і, паглядзеўшы на манометр, убачыў, што ўнутраная паверхня ледзянога пакрыцця праходзіць цяпер на глыбіні ўсяго толькі пяцідзесяці метраў. Масіўны лёд паступова ператвараўся ў айсфельд — у ледзяное поле. Падводныя горы давалі месца раўніне.

Я не адводзіў вачэй ад манометра. Мы ўвесь час падымаліся, ідучы па дыяганалі за нахіленай паверхняй ільду, якая мігцела тысячамі іскраў пры святле нашага пражэктара.

Пласт ільду рабіўся ўсё танчэй і танчэй з кожным пройдзеным кіламетрам.

Нарэшце ў шэсць гадзін гэтага памятнага дня, 19 сакавіка, дзверы салона расчыніліся, і капітан Нэма з парога сказаў:

— Мора вольнае ад ільдоў!

Раздзел чатырнаццаты Паўднёвы полюс

Я кінуўся на палубу.

Так! Мора было вольнае. Толькі сям-там плавалі паасобныя крыгі і айсбергі. Далей на поўдзень лёду зусім не было. Тысячы птушак насіліся ў паветры, і мірыяды рыб усіх колераў — ад цёмна-сіняга да фіялетавага — баразнілі хвалі. Тэрмометр Цэльсія паказваў тры градусы вышэй за нуль. Пасля толькі што перанесеных халадоў па той бок суцэльных ільдоў, гэта была амаль вясенняя тэмпература.

— Дзе мы знаходзімся? — запытаўся я капітана. Сэрца маё шалёна стукала. — На полюсе?

— Я сам не ведаю, — адказаў ён. — У поўдзень вызначу па вышыні сонца.

— Але ці пакажацца сонца ў гэтым тумане? — запытаўся я, недаверліва гледзячы на ахутанае воблакамі неба.

— Калі яно выгляне хоць на паўхвіліны, гэтага будзе досыць, — адказаў капітан.

За дзесяць міль на поўдзень ад «Наўтылуса» відаць быў адзінокі маленькі востраў, які ўзвышаўся метраў на дзвесце над узроўнем мора. Мы накіраваліся да яго, але паціху, бо на моры маглі быць рыфы.

Праз гадзіну мы падышлі да самага астраўка. Яшчэ праз дзве гадзіны мы скончылі абход яго. Яго берагавая лінія працягвалася на чатыры-пяць міль. Вузкая пратока аддзяляла яго ад нейкай зямлі, можа нават сухазем’я, бо мяжы яго не было відаць. Існаванне гэтай зямлі як быццам пацвярджала гіпотэзу Моры. Дасціпны амерыканец звярнуў увагу на тое, што паміж паўднёвым полюсам і шасцідзесятай паралеллю мора пакрыта плывучымі горамі, якія ніколі не сустракаюцца ў паўночнай палове зямлі. З гэтага назірання ён зрабіў вывад, што ў межах паўднёвага палярнага круга павінна існаваць нейкае сухазем’е, бо айсбергі не могуць нараджацца ў моры, а толькі на зямлі. Па яго вылічэннях лёд вакол паўднёвага полюса стварае вялізнае кола дыяметрам чатыры тысячы кіламетраў.

Між тым «Наўтылус», баючыся сесці на мяліну, спыніўся за тры кабельтовы ад берагу, над якім узвышалася велічнае награмаджэнне скал. Шлюпка была спушчана на ваду. Капітан, двое матросаў з прыладамі, Кансель і я ўселіся ў яе. Было каля дзесяці гадзін уранні.

Я яшчэ не бачыў гэтай раніцай Нэда Лэнда. Канадзец, мусіць, не хацеў прызнаць сябе пераможаным, бачачы паўднёвы полюс.

Некалькі ўзмахаў вёслаў наблізілі шлюпку да пясчанага пляжа, дзе яна і спынілася.

Кансель сабраўся выскачыць на бераг, але я спыніў яго.

— Капітан Нэма, — сказаў я, — вам належыць гонар першаму ступіць на гэтую зямлю!

— Так, спадар прафесар, — адказаў капітан. — І я, не задумваючыся, зраблю гэта, бо ўпэўнены, што перада мной на гэтую зямлю ніколі не ступала чалавечая нага!

З гэтымі словамі ён лёгка ўскочыў на пясок. Затым узабраўся на скалу і там, склаўшы накрыж рукі на грудзях, нерухомы, маўклівы, з палаючым зрокам, здавалася, уступаў ва ўладанне гэтымі палярнымі землямі. Прастаяўшы так у экстазе некалькі хвілін, ён павярнуўся да нас і крыкнуў:

— Калі ласка, спадарства, сыходзьце на зямлю!

Я зараз-жа выскачыў на пясок. Кансель паследваў за мною. Матросы засталіся ў шлюпцы.

Глеба, наколькі бачыла вока, складалася з чырванаватага туфу, нібы была пасыпана зверху тоўчанай цэглай. Шлакі, струмені застылай лавы, кавалкі пемзы пакрывалі яе. Астравок быў безумоўна вулканічнага паходжання. У некаторых месцах з-пад глебы прарываліся струменьчыкі дыму з рэзкім серкавым пахам. Гэта сведчыла, што падземны агонь захаваў усю сваю сілу.

Але, узабраўшыся па прыкладу капітана Нэма на скалу, я не заўважыў на гарызонце ніякага вулкана. Вядома, аднак, што Джэмс Росс знайшоў у антарктычных водах пад 167° даўгаты і 77°32´ шыраты два дзейных кратэры, якім ён даў назву Тэрор і Эрэбус.

Расліннасць на астраўку была надзвычай бедная. Некалькі лішайнікаў на скалах ды выкінутыя морам на бераг водарасці — вось і ўся флора астраўка. Фауну прадстаўлялі малюскі, зоафіты, у прыватнасці каралавыя паліпы і марскія зоркі, але галоўным чынам птушкі. Птушак тут было безліч. Тысячамі яны насіліся ў паветры, заглушаючы нас крыкамі; тысячамі яны сядзелі на кожным выступе скал, бязбоязна гледзячы на нас і смела блытаючыся ля нашых ног. Гэта былі пінгвіны, настолькі-ж быстрыя і спрытныя на вадзе, дзе іх можна лічыць рыбамі, наколькі яны цяжкія і нязграбныя на зямлі. Яны збіраліся ў вялікія групы, неахвочыя на рухі, але ахвочыя на крыкі, літаральна аглушаўшыя нас.

Сярод птушак я заўважыў белых іржанак, з атрада іржанкападобных, велічынёй з голуба, з белым апярэннем, кароткай канічнай формы дзюбай і чырвоным кальцом вакол вачэй. Кансель забіў некалькі гэтых птушак, з якіх можна зрабіць вельмі смачную страву.

У паветры насіліся буйныя альбатросы, размах крылляў якіх даходзіць да чатырох метраў, — іх правільна называюць акіянскімі каршунамі; велізарныя буравеснікі, небяспечныя ворагі цюленяў; маранка, разнавіднасць качкі, і, нарэшце, цэлая хмара глупышоў — белых, з абведзенымі карычневай паласой крыллямі, і сініх, якія водзяцца толькі ў Антарктыцы.

— Яны такія тлустыя, — сказаў я Канселю, — што жыхары Фарэрскіх астравоў устаўляюць у толькі што забітую птушку кнот і атрымоўваюць гатовы свяцільнік.

— Каб прырода пастаралася яшчэ крышачку, — адказаў Кансель, — дык гэта была-б ідэальная лямпа! Як шкада, што яны не маюць гатовых кнотаў!

За паўмілі ад таго месца, дзе мы спыніліся, зямля была ўся ўскапана ямамі — гнёздамі пінгвінаў. Капітан Нэма пазней загадаў сваім матросам злавіць некалькі соцень гэтых птушак, бо іхняе цмянае мяса дужа смачнае. Іхні крык нагадваў рыканне асла. Гэтыя птушкі, велічынёй з гуся, з чорным апярэннем, з белымі плямамі на грудзях і жоўтай палоскай на шыі, дазвалялі забіваць сябе каменнем, нават не ратуючыся ўцяканнем.

Між тым туман не рассейваўся, і ў адзінаццаць гадзін сонца яшчэ не паказвалася. Гэта дужа мяне непакоіла. Без сонца мы не маглі зрабіць назіранняў. А без назіранняў нельга ведаць, ці дасягнулі мы полюса.

Калі я падышоў да капітана Нэма, ён стаяў, абапёршыся на скалу, і моўчкі глядзеў на мора. Ён, здавалася, быў нездаволены і часамі з нецярплівасцю пазіраў на неба. Але што рабіць? Гэты мужны і моцны чалавек не мог таксама ўладаць небам, як ён уладаў морам.

Настаў поўдзень, а сонца ўсё яшчэ не паказвалася ні на секунду. Скрозь густыя хмары, што затулілі ўсё неба, не відаць было нават таго месца, дзе знаходзілася сонца. Хутка з гэтых хмар пайшоў снег.

— Прыйдзецца чакаць да заўтра, — проста сказаў капітан, і мы вярнуліся на «Наўтылус» сярод снежнай завірухі.

У той час, калі мы былі на востраве, матросы «Наўтылуса» паспелі закінуць і выцягнуць невад. Я з вялікай цікавасцю разглядаў вылаўленых рыб. Антарктычнае мора служыць прытулкам вялікай колькасці рыб, якія ратуюцца ад бур больш нізкіх шырот, каб… трапіць тут у зубы маржоў і цюленяў. Я заўважыў некалькі мойваў, даўжынёю ў дваццаць сантыметраў — храшчавых рыбак са срабрыстай з бурымі плямамі луской, антарктычных хімер, даўжынёю ў тры футы, з выцягнутым у даўжыню, слізкім і гладкім целам, афарбаваным у пераліўчатыя тоны залаціста-жоўтага, бурага і белага колераў, з мордай, якая высоўвалася наперад у выглядзе конуса, і доўгім тонкім хвастом. Мне не спадабалася іхняе мяса, але Канселю яно здалося даволі смачным.

Завіруха працягвалася да наступнага ранку. Немагчыма было нават высунуць нос на палубу. Седзячы ў салоне і запісваючы ў дзённік падзеі апошніх дзён, я праз адчынены люк чуў крыкі глупышоў і альбатросаў, якія лёталі ў паветры, не зважаючы на завіруху. «Наўтылус» не стаяў на месцы, а ідучы ўздоўж берагу, прасунуўся яшчэ на дзесятак міль на поўдзень. Сонца, нізка павіслае над самым гарызонтам, кідала цмянае святло.

На другі дзень 20 сакавіка, завіруха сціхла. Холад трохі павялічыўся. Тэрмометр паказваў два градусы ніжэй нуля. Туман разышоўся, і я пачаў спадзявацца, што ў гэты дзень мы здолеем зрабіць астранамічныя назіранні.

Капітан Нэма яшчэ не выходзіў. Шлюпка «Наўтылуса» адвезла на бераг невядомай зямлі Канселя і мяне. Глеба і тут была выразна вулканічнага паходжання. Усюды віднеліся сляды лавы, шлакі, базальт, але кратэра я нідзе не бачыў. Таксама, як і на востраве, тут былі тысячы птушак. Апрача птушак, жывёльнае царства было прадстаўлена тут вялікімі стадамі марскіх сысуноў, спакойна глядзеўшых на нас, калі мы праходзілі каля іх. Гэта былі цюлені. Адны з іх ляжалі на беразе, другія ляжалі на крыгах, трэція плавалі ля берага або вылазілі на яго. Яны не палохаліся пры нашым набліжэнні, бо, як відаць, упершыню бачылі чалавека. Статак быў такі вялікі, што яго хапіла-б на некалькі соцень паляўнічых суднаў.

— Чэснае слова, — сказаў Кансель, — я бясконца рады, што Нэд Лэнд не суправаджае нас!

— Чаму, Кансель?

— Таму, што гэты заўзяты паляўнік перабіў-бы ўсіх цюленяў!

— Усіх ён не забіў-бы — рукі кароткія. Але што некаторыя з гэтых рахманых жывёлін сапраўды пацярпелі-б — сумнявацца не прыходзіцца. А гэта дужа не спадабалася-б капітану Нэма, які не любіць дарэмна праліваць кроў бяскрыўдных жывёлін.

— І ён мае рацыю.

— Вядома, Кансель. Аднак скажы, ты не паспеў яшчэ пракласіфікаваць гэтыя дасканалыя ўзоры марской фаўны?

— Гаспадар-жа ведае, што я не дужа спрытны ў практычнай галіне. Каб гаспадар патурбаваўся назваць мне гэтых жывёлін…

— Гэта цюлені і маржы.

— Два віды, якія належаць да класа сысуноў, падкласа аднаутробных, атрада ластаногіх, — паспяшыў сказаць Кансель.

— Правільна, Кансель, — адказаў я. — Але-ж у гэтых відаў ёсць свае разнавіднасці, і калі я не памыляюся, мы будзем мець магчымасць назіраць іх тут. Хадзем!

Было каля васьмі гадзін раніцы. Да поўдня — моманту астранамічных назіранняў — у нас было вольных амаль чатыры гадзіны. Я прапанаваў Канселю пайсці па беразе шырокай бухты, якая глыбока ўразалася ў гранітныя берагі гэтай зямлі.

Там, колькі бачыла вока, — гэта можна было сказаць без ніякага пераўвелічэння, — зямля, прыбярэжныя крыгі і палосы вады былі завалены тысячамі тысяч марскіх сысуноў. Я гатоў быў шукаць вачыма Пратэя, міфічнага пастуха гэтых вялізных статкаў бога мора Нептуна. Галоўным чынам тут былі цюлені. Яны размяшчаліся сямействамі — самец, галава і абаронца сям’і, і пад яго апекай самка, гадуючая дзяцей. Ужо падрослыя маладыя самцы гулялі асобна, здалёк.

Цюлені перасоўваюцца па зямлі з вялікай цяжкасцю, нязграбнымі скачкамі: раней яны падымаюцца на заднія ласты і кідаюцца ўперад усім тулавам, потым згібаюць пярэднія лапы, кладуцца на грудзі, згорбліваюць спіну і гэтым падсоўваюць наперад заднюю частку тулава. Зрабіўшы: гэта, яны зноў падымаюцца на заднія канцовасці, і ўся працэдура паўтараецца. Але, нязграбныя на зямлі, цюлені надзвычай спрытныя ў вадзе, дзякуючы свайму гнуткаму спінному хрыбту, вузкаму тазу, густой і кароткай поўсці і балончатым лапам. Адпачываючы на паверхні вады і на беразе, гэтыя жывёлы прымалі вельмі грацыёзныя позы. Нездарма старажытныя людзі, назіраючы іхнія прывабныя рухі, выразлівы зрок прыгожых вачэй, лагодны выгляд морды, апаэтызавалі гэтых жывёл, ператварыўшы ў сваіх легендах самцоў у трытонаў, а самак — у сірэн.

Я звярнуў увагу Канселя на досыць развітыя, высокія ілбы гэтых разумных жывёлін. Ніхто з сысуноў, акрамя чалавека, не мае такой колькасці мазгавой матэрыі, як цюлень. Таму цюлені лёгка паддаюцца муштраванню. Яны хутка становяцца свойскімі, і я згаджаюся з думкай некаторых натуралістаў, што пры адпаведным выхаванні яны маглі-б прыносіць чалавеку значную карысць, выконваючы ролю сабак пры рыбнай лоўлі і марскім паляванні.

Большасць цюленяў спала, калі мы праходзілі каля іх. Я ўбачыў на пяску і на прыбярэжных скалах звычайных цюленяў, даўжынёй паўтара — два метры ад морды да канца хваста, з тоўстай верхняй губой, са шчаціністымі вусамі; у іх амаль непрыметныя вонкавыя вушы, якія адзначаюцца толькі маленькімі трохкутнымі ўзвышэннямі.

Тут-жа былі і паўднёвыя марскія сланы, нос якіх высоўваецца наперад амаль на паўметра, закругляючыся, як хобат. Гэтыя вялізныя жывёліны, памерам ад пяці да сямі метраў, не звярталі на нас ніякай увагі.

— Ці небяспечныя гэтыя жывёліны? — запытаўся Кансель.

— Не, — адказаў я, — калі іх не чапаюць. Але калі на іх нападаюць, асабліва на іхніх дзяцей, то цюлені страшэнна раз’юшваюцца, і нярэдка здараецца, што яны разбіваюць ушчэнт лодкі паляўнічых.

— І зусім правільна робяць, — сказаў Кансель.

— Не спрачаюся.

Двума мілямі далей нас затрымаў мыс, які высоўваўся далёка ў мора і абараняў бухту ад паўднёвых вятроў. Скалы яго стромка апускаліся ў ваду, і падстава іхняя была пакрытая пенай прыбоя.

У гэтым месцы мы раптам пачулі гучнае муканне, нібы недалёка пасвіўся статак жвачнай жывёлы.

— Адкуль тут быкі? — запытаў Кансель.

— Гэта не быкі, а маржы, — адказаў я.

— Яны б’юцца?

— Б’юцца або гуляюць.

— З дазволу гаспадара, я хацеў-бы паглядзець на гэта.

— Хадзем паглядзім, Кансель!

І вось мы пайшлі ўздоўж чорных базальтавых скал. Мы драпаліся па прыступках іх, коўзаліся на гладкай адпаліраванай лёдам паверхні каменняў. Некалькі разоў я спатыкаўся і падаў, балюча ўдараючыся.

Кансель, больш асцярожны або больш устойлівы, ні разу не ўпаў і, падымаючы мяне, кожны раз гаварыў:

— Каб гаспадар стараўся шырэй ставіць ногі, яму лягчэй было-б утрымліваць роўнавагу.

Узабраўшыся на вяршыню мыса, мы ўбачылі шырокую снежную раўніну, запоўненую маржамі. Жывёлы гулялі і скакалі адзін за адным. Шум, які даходзіў да нас, быў шумам вясёласці, а не ярасці.

Маржы падобны да цюленяў і формай цела і размяшчэннем яго частак. Але ў ніжняй іхняй сківіцы няма клыкоў і разцоў, а з верхняй выступаюць два біўні, даўжынёй у восемдзесят і шырынёй — у пачатку — у трыццаць два сантыметры. Маржовыя біўні складаюцца з гладкай, адпаліраванай косці, больш цвёрдай і не так хутка жаўцеючай, як слановая косць, і таму дорага каштуючай на рынках. Дзякуючы гэтаму, маржы бязлітасна знішчаюцца, і недалёка той час, калі іх пераб’юць да апошняга, бо паляўнічыя б’юць і дарослых самцоў, і самак, і дзіцянят.

Праходзячы каля гэтых цікавых жывёлін, якія бязбоязна дапускалі нас да сябе, я мог добра разглядзець іх. У іх тоўстая і жорсткая скура, буравата-рыжага колеру, пакрытая рэдкай і кароткай поўсцю. Некаторыя самцы дасягаюць чатырох метраў даўжыні. Больш спакойныя і менш баязлівыя, чым іх паўночныя родзічы, паўднёвыя маржы не ставяць вартаўнікоў каля сваіх лежбішч.

Абышоўшы лежбішча, я рашыў вярнуцца назад. Было ўжо каля адзінаццаці гадзін раніцы, і мне хацелася прысутнічаць пры вызначэнні шыраты мясцовасці, калі надвор’е дазволіць капітану Нэма зрабіць назіранні.

Праўда, на гэта было мала надзеі. Густыя хмары, якія закрылі ўсё неба, засланялі сонца. Здавалася, што зайздроснае нябеснае свяціла наўмысля захавалася за хмарамі, каб схаваць ад людзей гэты непрыступны куток зямнога шара.

Мы пайшлі па вузкай сцежцы, якая абгінала скалістую граду. А палове дванаццатай мы падышлі да таго месца, дзе высаджваліся на бераг. Шлюпка, выцягнутая на пясок, ужо даставіла капітана Нэма на бераг. Ён стаяў на вяршыні базальтавай скалы. Астранамічныя прылады ляжалі побач з ім. Яго зрок пільна глядзеў на поўнач, у тое месца гарызонта, дзе цяпер павінна было знаходзіцца нябачнае за хмарамі сонца.

Я стаў побач з ім і моўчкі чакаў. Надышоў поўдзень, але сонца таксама, як напярэдадні, не паказалася.

Назіранне зноў не ўдалося. Калі і заўтра сонца не будзе, прыйдзецца адмовіцца ад спробы азначыць дакладнае месцазнаходжанне полюса. Бо заўтра, 21 сакавіка, наступіць раўнадзенства, і калі не лічыць пераламлення праменняў, дык ужо заўтра сонца знікне за гарызонтам і надыйдзе доўгая палярная ноч, якая працягваецца шэсць месяцаў… З часу вераснёўскага раўнадзенства сонца, якое ўзыйшло над паўночным гарызонтам, падымалася па небасхілу ўсё даўжэйшымі спіралямі да 21 снежня. У гэты дзень летняга сонцастаяння ў паўднёвым паўшар’і яно зноў пачало апускацца, кожны дзень усё ніжэй і ніжэй, і, нарэшце, заўтра павінна было паслаць свае апошнія праменні на гэту зямлю і схавацца на паўгода.

Я падзяліўся сваёю трывогаю з капітанам Нэма.

— Вы маеце рацыю, спадар прафесар, — адказаў ён, — калі заўтра, дваццаць першага сакавіка, мне не ўдасца вызначыць вышыню схілення сонца над гарызонтам, то гэтую спробу прыйдзецца адкласці на шэсць месяцаў. Але затое, калі сонца пакажацца заўтра а поўдні хоць на хвіліну, то мне будзе асабліва лёгка ўстанавіць яго вышыню над гарызонтам, іменна дзякуючы таму, што выпадак прывёў нас у гэтыя месцы напярэдадні раўнадзенства.

— Чаму капітан?

— Таму што, калі сонца апісвае на небасхіле падоўжную спіраль, вельмі цяжка дакладна азначыць яго вышыню над гарызонтам. Паказанні прыбораў у такіх, выпадках часта няправільныя.

— А што зменіцца заўтра?

— Заўтра я буду магчы зрабіць дакладнае назіранне, не карыстаючыся прыладамі, пры дапамозе аднаго толькі хранометра. Калі заўтра, 21 сакавіка, у поўдзень сонечны дыск, — улічваючы пераламленне, — будзе перарэзаны акурат пасярэдзіне паўночным гарызонтам, гэта будзе азначаць, што мы знаходзімся на самым полюсе.

— Сапраўды, — сказаў я. — Але, з другога боку, гэтае азначэнне не будзе матэматычна верным таму, што момант раўнадзенства не супадае з поўднем.

— Я гэта ведаю, спадар прафесар, але гэтая недакладнасць для маіх мэт не адыгрывае ніякай ролі — яна можа вызначыцца памылкай у сотню метраў, што мяне зусім не цікавіць. Значыцца, да заўтра!

Капітан Нэма вярнуўся на борт «Наўтылуса». Кансель і я засталіся на беразе да пяці гадзін. Мы бадзяліся па пляжы, вывучаючы і назіраючы яго флору і фаўну, але нічога цікавага не знайшлі, калі не лічыць аднаго яйка пінгвіна, выдатнага па сваёй велічыні і афарбоўцы. Афарбаванае ў сіні колер і размалёванае нейкімі падобнымі да іерогліфаў палоскамі і кропкамі, яно магло быць цікавай цацкай, за якую аматар не пашкадаваў-бы заплаціць і тысячу франкаў. Я аддаў гэтае яйка Канселю; мой асцярожны памочнік панёс яго, нібыта каштоўнейшы фарфор, і шчасліва даставіў на борт «Наўтылуса», дзе яно знайшло прытулак у адной з вітрын музея.

Я з вялікім апетытам з’еў за абедам кавалак цюленевай пячонкі, якая нагадвала па смаку свініну, і потым улёгся спаць, не забыўшыся, як індусы-сонцапаклоннікі, папрасіць дзённае свяціла, каб яно ласкава выглянула заўтра а поўдні.

— На другі дзень, 21 сакавіка, калі я а пятай гадзіне ўранні падняўся на палубу, капітан Нэма ўжо знаходзіўся там.

— Як быццам надвор’е паляпшаецца, — сказаў ён мне. — Я пачынаю спадзявацца. Пасля снедання мы паедзем на бераг і выберам там зручны назіральны пункт.

Дамовіўшыся з капітанам, я пайшоў да Нэда Лэнда. Мне хацелася запрасіць яго сыйсці на бераг. Але ўпарты канадзец рашуча адмовіўся. Я заўважыў, што дзень за днём ён робіцца ўсё больш хмурым і раздражлівым. Аднак на гэты раз мяне не засмуціла яго ўпартасць: на беразе было надта многа цюленяў, і не трэба было спакушаць гэтага ўпартага грэшніка.

Пасля снедання я паехаў на бераг. «Наўтылус» ноччу падаўся яшчэ на некалькі міль да поўдня. Ён стаяў цяпер у адкрытым моры, за чатыры кіламетры ад берага, над якім узвышаўся востры пік вышынёй у чатырыста-пяцьсот метраў. У шлюпцы, апрача мяне, знаходзіліся капітан Нэма і два матросы з каманды «Наўтылуса». Капітан узяў з сабою прасцейшыя прыборы для назірання: хранометр, падзорную трубу і барометр.

У час пераходу ад карабля да берагу мы сустрэлі некалькі кітоў. Гіганцкія сысуны гулялі статкамі ў спакойных водах гэтага мора, і я зразумеў, што гэты недасяжны для чалавека паўднёвы палярны басейн быў прытулкам для кітоў, якіх так бязлітасна ўсюды знішчаюць.

А дзявятай гадзіне мы падплылі да зямлі. Неба праяснілася. Хмары плылі на поўнач. Туман паступова рассейваўся. Капітан Нэма накіраваўся прама да гары, на якой, відаць, ён хацеў устанавіць назіральны пункт. Пад’ём па слізкіх абледзянелых скалах быў вельмі цяжкім. Капітан узбіраўся па самых стромкіх схілах са спрытнасцю, якой пазайздросціў-бы паляўнічы за пірэнейскімі сарнамі. Я ледзь паспяваў за ім, здзіўляючыся яго рухавасці, тым больш нечаканай, што ён шмат часу наогул не ступаў на цвёрдую зямлю.

Мы патрацілі амаль дзве гадзіны на пад’ём на пік. З вяршыні яго перад намі адкрыўся прыгожы від на мора, з выразна выступаючым берагам суцэльных ільдоў на поўначы. Ля падножжа піка рассцілалася асляпляюча белая снежная раўніна. Неба над нашай галавой было бледна-блакітным. З вады высоўваўся крайчык вогненага дыска сонца, быццам зрэзаны знізу лініяй гарызонта. Сотні вадзяных слупоў, што выкідалі кіты, уздымаліся і падалі фантанамі на паверхню вады. Далёка ў адкрытым моры відаць быў «Наўтылус», надзвычайна падобны на спячага кіта. І на захад і на ўсход, колькі бачыла вока, ішла зямля, усеяная хаатычнымі награмаджэннямі каменных крушняў і скал.

Узабраўшыся на вяршыню піка, капітан Нэма першым чынам азначыў яе вышыню над узроўнем мора, каб потым унесці папраўкі ў свае вылічэнні.

Без чвэрці дванаццаць дыск сонца, які да гэтага часу відаць быў толькі дзякуючы пераламленню праменняў у атмасферы, выплыў з-за гарызонта і асвятліў сваімі цёмна-чырвонымі праменнямі пахмурную адзінокую зямлю і мора, па якім да нас не плаваў ніводзін чалавек.

Капітан Нэма, узброіўшыся падзорнай трубой з люстэркам, якое каррэгіруе памылку зроку ў выніку пераламлення праменняў, стаў сачыць за дзённым свяцілам, якое кацілася над самым гарызонтам па вельмі даўгай дузе. Я трымаў у руцэ хранометр і сачыў за стрэлкамі, якія марудна паўзлі па яго цыферблату. Маё сэрца ўзмоцнена стукала: калі знікненне паловы сонечнага дыска за гарызонтам супадзе з поўднем, значыцца мы на самым полюсе.

— Поўдзень! — крыкнуў я.

— Паўднёвы полюс! — адказаў мне капітан Нэма ўзрушаным голасам. Ён даў мне падзорную трубу, і глянуўшы ў яе, я ўпэўніўся, што гарызонт перарэзаў бліскучы дыск на дзве зусім роўныя часткі.

Апошнія праменні сонца асвятлялі яшчэ вяршыню піка ў той час, калі па спадах яго ўжо хутка паўзлі ўверх цені шасцімесячнай палярнай ночы.

Палажыўшы мне руку на плячо, капітан Нэма загаварыў:

— Спадар прафесар! У 1600 годзе галандзец Герык, загнаны бурамі і цячэннямі, дасягнуў на сваім караблі 64° шыраты і адкрыў Паўднёва-Шатландскія астравы. Сямнаццатага лістапада 1773 года славуты капітан Кук, плывучы ўздоўж трыццаць восьмага мерыдыяна, дабраўся да 67°30´ паўднёвай шыраты, а ў наступным 1774 годзе, трыццатага студзеня ён-жа, ідучы ўздоўж сто дзевятага мерыдыяна, дасягнуў 71°15´ паўднёвай шыраты. У 1819 годзе расійскі даследчык Белінсгаўзен быў на шэсцьдзесят дзевятай паралелі, а праз два гады — у 1821 годзе — на шэсцьдзесят шостай, пад 111° заходняй даўгаты. У 1820 годзе англічанін Брунсфільд быў затрыманы ільдамі на 65°. У тым-жа годзе амерыканец Морэль, сцвярджэнні якога, аднак, не зусім заслугоўваюць давер’я, ідучы ўздоўж сорак другога мерыдыяна, убачыў адкрытае мора пад 70°14´ шыраты. У 1825 годзе англічаніну Поўэль ільды перашкодзілі прайсці далей 62°. Але ў тым-жа годзе просты паляўнічы за цюленямі, англічанін Ведэль, дабраўся да 72°14´ шыраты пад 35° даўгаты і да 74°15´ шыраты пад 36° даўгаты. У 1829 годзе англічанін Ферстэр, капітан карабля «Шантэклер», адкрыў «антарктычны кантынент» пад 63°26´ шыраты і 66°26´ даўгаты. У 1831 годзе, першага лютага, англічанін Біскоэ адкрыў зямлю Эндэрбі пад 36°50´ шыраты, а праз год, пятага лютага 1832 года, — зямлю Адэлаіды пад 67° шыраты і, нарэшце, дваццаць першага лютага — зямлю Грэхема пад 64°45´ шыраты. У 1838 годзе француз Дзюмон-Дзюрвіль, затрыманы суцэльнымі ільдамі пад 62°57´ шыраты, адкрыў зямлю Луі-Філіпа; праз два гады, дваццаць першага студзеня 1840 года, пад 66°30´ ён-жа адкрыў зямлю Адэлаіды, а яшчэ праз восем дзён пад 64°40´ — зямлю Клары. У 1838 годзе англічанін Уількс, ідучы ўздоўж сотага мерыдыяна, дасягнуў 69° шыраты. У 1839 годзе англічанін Балені адкрыў зямлю Сабрына на самым палярным кругу. Дванаццатага студзеня 1842 года англічанін Джэмс Росо, які стаяў на чале экспедыцыі на «Эрэбусе» і «Тэроры», пад 76°56´ шыраты і 171°7´ усходняй даўгаты адкрыў зямлю Вікторыі; дваццаць трэцяга чысла таго-ж месяца ён дасягнуў семдзесят чацвёртай паралелі, прабраўшыся на поўдзень далей, чым хто-небудзь з яго папярэднікаў; дваццаць сёмага студзеня ён быў на 76°8´, дваццаць восьмага на 77°32´, другога лютага на 78°4´. У 1842 годзе Рос вярнуўся ў Антарктыку, але не здолеў падняцца вышэй 71° шыраты. Нарэшце я, капітан Нэма, дваццаць першага сакавіка 1868 года дасягнуў паўднёвага полюса, або 90° паўднёвай шыраты і ўступаю зараз ва ўладанне гэтай часткі зямнога шара.

— Ад імя каго вы ўступаеце ва ўладанне гэтым сухазем’ем, капітан?

— Ад свайго ўласнага, спадар прафесар.

І з гэтымі словамі ён разгарнуў вялікі чорны сцяг з вышыванай на ім літарай «N» і, павярнуўшыся тварам да сонца, апошнія праменні якога яшчэ асвятлялі кругавід, усклікнуў:

— Бывай, сонца! Знікні, ззяючае свяціла! Апусціся ў гэта вольнае мора і пакрый на шэсць месяцаў начной цемраю маё новае ўладанне!

Раздзел пятнаццаты Няшчасны выпадак, ці нязначнае здарэнне

На другі дзень, 22 сакавіка, а шостай гадзіне ўранні на «Наўтылусе» пачалі рыхтавацца да зваротнага пахода. Апошні водбліск змроку быў паглынуты начной цемрай. Холад быў даволі значны. Сузор’і надзвычай ярка блішчэлі на небе. У зеніце асляпляльна ззяў паўднёвы Крыж, адна з зорак якога адыгрывае ў паўднёвым паўшар’і ролю Палярнай зоркі.

Слупок у тэрмометры апусціўся да 12° ніжэй нуля. Свежы вецер калоў твар. Адкрытае мора каля берагу пакрывалася тонкімі ільдзінкамі, і можна было чакаць, што з гадзіны на гадзіну ўсё мора замерзне. Было відавочна, што на працягу шасцімесячнай ночы паўднёвы прыпалярны басейн зробіцца зусім недаступным. Што рабілі ў гэты час кіты? Хутчэй за ўсё яны адплывалі пад ільдамі ў незамярзаючыя моры на поўначы. Цюлені-ж і маржы, якія прызвычаены да вялікіх маразоў, заставаліся ў гэтых абледзянелых землях. Гэтыя жывёлы могуць рабіць палонкі ў ледзяных палях і не даюць ім пакрывацца лёдам. Праз гэтыя палонкі яны дыхаюць. Калі птушкі, выгнаныя халадамі, пералятаюць на поўнач, у больш цёплыя краі, маржы і цюлені застаюцца непадзельнымі гаспадарамі палярнага сухазем’я.

Тым часам «Наўтылус» напоўніў рэзервуары вадой і павольна пачаў апускацца ў ваду. На глыбіні ў тысячу футаў ён спыніў апусканне, вінт яго пачаў круціцца і карабель паплыў на поўнач з хуткасцю пятнаццаць міль у гадзіну. У вечары мы знаходзіліся ўжо пад нізка навіслым вялізнай таўшчыні пластом суцэльных ільдоў.

Вокны салона былі шчыльна зачынены акяніцамі, бо «Наўтылус» мог нечакана напароцца на якую-небудзь плывучую ільдзіну. Таму я прысвяціў гэты дзень прывядзенню ў парадак сваіх запісаў. Я ўвесь аддаўся ўспамінам аб полюсе.

Мы дасягнулі гэтага непрыступнейшага зямнога шара без стомленасці, з поўным камфортам, быццам наш плывучы вагон прайшоў туды па рэйках чыгункі.

Цяпер мы з тымі-жа выгодамі едзем назад. Ці чакалі нас на гэтай дарозе новыя цуды? Я быў амаль упэўнены ў гэтым, бо скарбніца мора невычарпальная!

На працягу пяці з паловай месяцаў, што мінулі з таго часу, як выпадак закінуў нас на борт падводнага судна, мы прайшлі чатырнаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят шэсць тысяч кіламетраў, і колькі цудоўных, нечаканых і жудасных прыгод выпала на нашу долю на гэтым шляху, перавышаючым амаль у паўтара разы даўжыню зямнога экватара!

Усю ноч мяне непакоілі здані перажытага на борце «Наўтылуса», ні на секунду не даючы сплюшчыць вочы. Я ўспамінаў паляванне ў падводных лясах ля вострава Крэспо, вымушаную стаянку ў Торэсавай пратоцы, каралавы магільнік на дне акіяна, цэйлонскія перлавыя мяліны, Аравійскі тунэль, залатыя россыпы бухты Віго, Атлантыду, паўднёвы полюс…

А трэцяй гадзіне раніцы мае мары спыніў моцны штуршок. Я сеў на ложку і пачаў напружана прыслухоўвацца, як раптам рэзкі крэн «Наўтылуса» выкінуў мяне з ложка на падлогу, на сярэдзіну каюты.

Трымаючыся за сценкі, я дабраўся да салона. Уся мэбля ў ім зрушылася з месца і валялася на падлозе. На шчасце каштоўнейшыя вітрыны былі добра замацаваны і калекцыі не пацярпелі. Прывешаныя да штырбортавай сценкі карціны былі быццам прыклееныя да сцен, тады як на супрацьлеглым баку ніжні край іх на цэлы фут адставаў ад сцяны. «Наўтылус» нахіліўся на шырборт і ляжаў зусім нерухома.

У калідорах пачуліся крокі, гул галасоў. Але капітан Нэма не паказваўся. У тую хвіліну, калі я збіраўся ўжо выйсці з салона, у яго ўвайшлі Нэд Лэнд і Кансель.

— Што здарылася? — зараз-жа запытаўся я іх.

— Я прыйшоў запытацца аб гэтым у гаспадара, — адказаў Кансель.

— Тысячу чарцей! — крыкнуў канадзец. — Я ведаю, што здарылася! «Наўтылус» сеў на мель, і калі судзіць па яго крэну, грунтоўней, як у мінулы раз, у Торэсавай пратоцы. На гэты раз яму не так проста будзе зняцца!

— Вы не ведаеце, ці паспелі мы выбрацца на паверхню мора? — запытаўся Кансель.

— Не ведаю, — адказаў канадзец.

— У гэтым лёгка пераканацца, — сказаў я.

Я падышоў да манометра. На маё найвялікшае здзіўленне, стрэлка паказвала глыбіню трыста шэсцьдзясят метраў.

— Што гэта значыць? — ускрыкнуў я.

— Трэба спытаць капітана Нэма, — сказаў Кансель.

— Але дзе-ж яго знайсці? — адказаў Нэд Лэнд.

— Ідзіце за мной, — сказаў я сваім таварышам.

Мы вышлі з салона. У бібліятэцы не было нікога. На лесвіцы, што вядзе да люка, — таксама нікога. Я рашыў, што капітан Нэма знаходзіцца ў штурвальнай рубцы. Турбаваць яго там было неяк няёмка, таму мы ўсе звярнуліся ў салон.

Не буду пераказваць скарг і ляманту Нэда Лэнда. На гэты раз ён меў падставу злавацца. Я не перашкаджаў яму выказваць свой дрэнны настрой, але і не адказваў яму.

Гэтак мы прасядзелі хвілін дваццаць, прыслухоўваючыся да малейшага шуму ў калідорах «Наўтылуса», як раптам у салон увайшоў капітан Нэма.

Здавалася, ён не заўважыў нас. Яго звычайна спакойны твар на гэты раз выяўляў значнае хваляванне. Ён моўчкі падышоў да компаса, да манометра, нарэшце спыніўся перад картай і паставіў палец на нейкую кропку ў Паўднёвым палярным моры.

Я не хацеў перашкаджаць яго разважанням. Але, калі ён праз некалькі хвілін павярнуўся да мяне, я запытаў яго:

— Здарылася якая-небудзь нязначная падзея, капітан?

— Не, спадар прафесар, — адказаў ён, — на гэты раз няшчасны выпадак.

— Сур’ёзны?

— Магчыма.

— Небяспека пагражае нам безадкладна?

— Не.

— «Наўтылус» сеў на мель?

— Так.

— Як гэта здарылася?

— Нейкі незразумелы жарт прыроды, у якім не вінаваты мае людзі. Яны не зрабілі ніякай памылкі ў час кіравання «Наўтылусам»… Але мы не можам перашкодзіць закону раўнавагі выяўляць сваю дзейнасць… Можна грэбаваць законамі, якія ўстанавіў чалавек, але не прырода!

Капітан Нэма выбраў не зусім удалы момант для філасофстваванняў. Ды і нічога ён не сказаў мне сваім адказам.

— Ці можаце вы сказаць мне, капітан, — запытаўся я, — што з’явілася прычынай гэтага здарэння?

— Перакулілася вялізная ледзяная гара… Калі айсбергі падточваюцца ўнізе цёплымі цячэннямі, цэнтр цяжару іх перамяшчаецца, і яны пераварочваюцца. На «Наўтылус», які плыў пад вадой, навалілася такая ледзяная гара. Ніжняя частка яе падхапіла «Наўтылус» з сабою, падняла яго і перакуліла на бок.

— Але хіба нельга зняць «Наўтылус» з мяліны, апаражніўшы яго рэзервуары, і гэтым палегчыць яго вагу?

— Гэта мы і робім зараз, спадар прафесар. Прыслухайцеся — там працуюць насосы. Паглядзіце на стрэлку манометра: «Наўтылус» усплывае ўверх, але разам з ім усплывае і ледзяная гара. Да таго часу, пакуль якая-небудзь перашкода не затрымае гэтага руху, становішча не зменіцца.

І сапраўды, «Наўтылус» прадаўжаў хіліцца на штырборт. Безумоўна, ён выпрастаецца як толькі спыніцца вярчэнне айсберга вакол яго новага цэнтра цяжару. Але хто ведае, ці не здарыцца так, што вярчэнне айсберга будзе спынена ніжняй паверхняю суцэльных ільдоў, і ці не будзем мы з велізарнай сілаю сціснутыя, а можа і раструшчаныя паміж двума лёдавымі паверхнямі.

Пакуль я разважаў пра ўсе мажлівыя вынікі няшчаснага выпадку, які здарыўся з «Наўтылусам», капітан Нэма не зводзіў вачэй ад стрэлкі манометра. Ад часу сутычкі з айсбергамі «Наўтылус» падняўся ўжо на сто пяцьдзясят футаў угару, але нахіл яго на штырборт заставаўся такім самым. Раптам корпус падводнага карабля здрыгануўся. «Наўтылус» выразна пачаў выпроствацца. Карціны, што віселі на правай сцяне салона, змянілі сваё становішча, ды і самі сцены значна наблізіліся да вертыкальнай лініі. Мы ўсе напружана маўчалі. Стаіўшы дыханне, мы сачылі за тым, як паступова выпростваецца корпус судна. Падлога салона стала гарызантальная. Так прайшло хвілін дзесяць.

— Нарэшце-ж мы выпрасталіся! — ускрыкнуў я.

— Так, нарэшце-ж, — сказаў капітан Нэма, выходзячы з салона.

— Але ці ўсплывём мы зараз? — запытаўся я.

— Вядома, — адказаў ён, — бо рэзервуары не апарожненыя да рэшткі, і як толькі насосы выштурхнуць з іх усю ваду, «Наўтылус» усплыве на паверхню.

Капітан выйшаў, і зараз-жа па яго загаду спынілася работа насосаў, а значыцца і рух «Наўтылуса» ўверх. Сапраўды, мы рызыкавалі пры далейшым пад’ёме стукнуцца аб ніжнюю паверхню суцэльных ільдоў, і было разумней заставацца на гэтым узроўні глыбіні.

— Ну, нам, здаецца, пашанцавала! — сказаў Кансель.

— Так, нас лёгка маглі раздушыць гэтыя ледзяныя горы, або, у лепшым выпадку, затрымаць у палоне. А тады, не маючы магчымасці аднавіць запас паветра… Так, гэта шчасліва скончылася!

— Калі толькі сапраўды скончылася! — ціха сказаў Нэд Лэнд.

Я не пажадаў дарэмна спрачацца з канадцам і нічога не адказаў на яго заўвагу. Акрамя таго, у гэтую хвіліну расчыніліся акяніцы салона, і мы кінуліся да акон.

Пражэктар асвятляў ваду. Мы, як я ўжо казаў, вольна плылі ў вадзе. Але на адлегласці дзесяці метраў ад нас па баках уздымаліся бліскучыя ледзяныя сцены. Зверху і знізу — тыя-ж сцены. Зверху гэта была ніжняя паверхня суцэльнага ільду, якая навісла над нашай галавой, як вялізная столь. Знізу падлогай служыў перакулены айсберг, які знайшоў апорны пункт на бакавых сценах і грунтоўна ўлёгся ў гэтым становішчы.

«Наўтылус», такім чынам, быў замкнуты ў сапраўдны ледзяны тунель шырынёй у дваццаць метраў, напоўнены спакойнай вадой. Значыцца, мы маглі выйсці з яго, ідучы або ўперад, або назад, і там, апусціўшыся на некалькі сот метраў глыбей, абмінуць зону суцэльных ільдоў.

Не гледзячы на тое, што лямпы на стале не гарэлі, салон быў заліты яркім святлом. Гэта быў адсвет пражэктара «Наўтылуса» у ледзяных сценах.

Я не магу перадаць чароўнага эфекту гэтага асвятлення, бо кожны злом, кожны кут, кожны выступ ледзяных глыб адбіваў прамень іншага колеру, у залежнасці ад сваёй крышталічнай структуры. Гэта былі як быццам невычарпальныя россыпы каштоўных каменняў — гем, сапфіраў, смарагдаў, якія адбівалі скрыжаваныя праменні ўсіх адценняў зялёнага, блакітнага і сіняга колеру. Святло пражэктара ўзмацнялася ў сто разоў, як узмацняецца святло лямпы за тоўстымі чачавіцамі шкла маяка.

— Як хораша! Якая асляпляючая пекната! — захапляўся Кансель. Так, — сказаў я, — гэта незабыўнае відовішча! Ці не праўда, Нэд?

— Так, тысяча чарцей, гэта праўда! — прызнаўся канадзец, — я шалею ад таго, што вымушаны згадзіцца з гэтым. Ніколі яшчэ я не бачыў нічога падобнага! Але толькі я баюся, што нам дорага абыйдзецца гэтае відовішча. Прырода не любіць, каб чалавек пранікаў у яе таямніцы.

Нэд Лэнд сказаў правільна. Гэтае відовішча было занадта прыгожае для чалавека.

Раптам крык Канселя прымусіў мяне абярнуцца.

— Што здарылася? — спытаўся я.

— Няхай гаспадар заплюшчыць вочы! Няхай гаспадар не глядзіць!

— І, гаворачы гэта, Кансель хутка паднёс руку да ўласных вачэй.

— Але што з табою, сябра мой?

— Я аслеплены!

Я мімаволі павярнуўся да акна, але зараз-жа адвёў вочы, не здолеўшы вытрымаць асляпляльнага бляску.

Я зразумеў, што здарылася. «Наўтылус» поўным ходам крануўся ўперад. Водбліскі пражэктара, мігацеўшыя спакойна пакуль мы стаялі на месцы, злучыліся цяпер ў яркія палосы. Праменні святла мільярдаў брыльянтаў злучыліся ў адзін сноп, і «Наўтылус» імчаўся сярод пераплеценых бліскаючых маланак.

Тут акяніцы салона зачыніліся. Аслепленыя, мы прыціснулі рукі да вачэй, перад якімі ўспыхвалі канцэнтрычныя бліскаючыя кругі, падобныя да тых, што мільгаюць перад сятчатай абалонкай, калі надта доўга глядзіш на сонца. Прайшло шмат часу, пакуль зрок поўнасцю вярнуўся да нас.

Нарэшце мы аднялі рукі ад вачэй.

— Чэснае слова, — сказаў Кансель, — я не паверыў-бы, каб мне расказалі аб гэткім відовішчы!

— А я цяпер у яго не веру, — заявіў канадзец.

— Калі мы вернемся на сушу, — казаў Кансель, — перанасычаныя сузіраннем гэткай колькасці цудаў прыроды, якімі ўбогімі здадуцца нам населеныя землі і творчасць рук чалавечых! Не, гэтая суша не варта нас!

Можна сабе ўявіць ступень нашага энтузіязму, калі ўжо Кансель, гэты спакойнейшы з спакойных фламандцаў, загаварыў такой мовай!

Але канадзец не прапусціў выпадку ўліць сваю лыжку дзёгцю ў нашу бочку мёду:

— Населеныя землі? — паўтарыў ён, паківаўшы галавою. — Не турбуйцеся, дарагі мой Кансель. Мы ніколі не ўбачым іх!

Было каля пяці гадзін раніцы, калі раздаўся новы штуршок, на гэты раз наперадзе. Я зразумеў, што бівень «Наўтылуса» стукнуўся ў лёд. Відаць, стырнавы няўдала зманеўраваў у гэтым тунэлі, заваленым ледзянымі крыгамі, дзе не так лёгка было весці карабель. Я падумаў, што капітан Нэма абміне гэтую перашкоду і, змяніўшы кірунак, мы зноў паплывём уперад уздоўж тунэля. Але, на маё здзіўленне, «Наўтылус» пайшоў заднім ходам.

— Мы вяртаемся назад? — сказаў Кансель.

— Так, — адказаў я. — Трэба думаць, што з гэтага боку з тунэля няма выхаду.

— Значыцца…

— Значыцца, мы вернемся назад і выйдзем праз паўднёвую адтуліну тунэля. Гэта вельмі проста.

Я імкнуўся надаць сваім таварышам упэўненасць, якой не было ў мяне самога.

Між тым «Наўтылус» рухаўся назад усё шпарчэй і шпарчэй, і нарэшце карабель ішоў цяпер з поўнай хуткасцю.

— Гэта непрыемная затрымка, — зазначыў Нэд Лэнд.

— Ну што для нас значыць некалькі лішніх гадзін, калі мы ўсё такі выберамся? — сказаў Кансель.

— Так, — адказаў Нэд Лэнд, — калі толькі мы сапраўды выберамся, то гэтая затрымка не страшная.

Я пачаў хадзіць з салона ў бібліятэку і назад. Мае таварышы спакойна сядзелі на канапе. Потым і я сеў на канапу, узяў кнігу і хацеў прымусіць сябе чытаць, але вочы мае машынальна бегалі па радках.

Праз чвэртку гадзіны Кансель падышоў да мяне і запытаўся:

— Мусіць, цікавую кнігу чытае гаспадар?

— Надта цікавую, — адказаў я.

— Я і не сумняваўся. Гаспадар-жа чытае сваю ўласную.

— Маю кнігу?

І сапраўды, я трымаў у руках свае «Таямніцы марскога дна», зусім не падазраючы гэтага. Я кінуў кнігу і зноў пачаў хадзіць па салону. Нэд і Кансель, не жадаючы перашкаджаць мне, падняліся з канапы і накіраваліся да выхаду.

— Не адыходзьце, сябры мае, — сказаў я ім. — Пабудзем разам да таго часу, пакуль мы выберамся з гэтага тунэля.

— Як пажадае гаспадар, — адказаў Кансель, сядаючы зноў на канапу.

Так прайшло некалькі гадзін. Я часта глядзеў на прыборы, што былі прымацаваны на стале салона. Стрэлка манометра паказвала, што мы ўвесь час знаходзімся на глыбіні трыста метраў. Компас нязменна паказваў, што мы ідзём на поўдзень; лаг — хуткасць дваццаць міль у гадзіну, надта вялікую ў такой вузкай прасторы. Але капітан Нэма разумеў, што ніякая спешнасць не можа быць лішняй у гэтых умовах, дзе хвіліны каштавалі больш, чымся гады. У дваццаць пяць хвілін на дзявятую раздаўся другі штуршок. Але гэты раз удар быў у карму. Я збялеў. Мае таварышы ўскочылі і падышлі да мяне. Я сціснуў руку Канселя. Мы запытвалі адзін аднаго вачыма, і гэта маўклівая размова была больш красамоўная як кожная іншая.

У гэту хвіліну ў салон увайшоў капітан Нэма.

Я падбег да яго.

— Дарога зачынена і з поўдня? — запытаў я.

— Так, спадар прафесар. Айсберг, перакуліўшыся, замкнуў нас.

— Мы ў пастцы?

— Так.

Раздзел шаснаццаты Недахоп паветра

Такім чынам, «Наўтылус» з усіх бакоў, зверху і знізу, быў абкружаны непранікальнымі ледзянымі сценамі. Мы былі палоннікамі суцэльных ільдоў.

Канадзец стукнуў вялізным кулачышчам па стале, Кансель маўчаў. Я, не адрываючыся, глядзеў на капітана. Яго твар зноў зрабіўся спакойным. Скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён думаў.

«Наўтылус» стаяў нерухома.

Капітан Нэма спакойна загаварыў:

— У тым становішчы, у якім мы цяпер знаходзімся, ёсць два спосабы развітацца з жыццём.

Гэты незразумелы чалавек вёў перад намі прамову з выглядам прафесара матэматыкі, які чытае лекцыю студэнтам.

— Першы — гэта быць раздушанымі ільдзінамі. Другі — памерці ад удушша. Я выключаю зусім небяспеку ад голаду, таму што запасы прадуктаў на «На-уцілусе» безумоўна перажывуць нас. Цяпер узважым нашы шансы на той ці іншы спосаб смерці.

— Я думаю, што нам няма чаго баяцца смерці ад удушша, капітан, — вымавіў я, — паколькі рэзервуары «Наўтылуса» поўныя сціснутым паветрам.

— Гэта правільна, — адказаў капітан, — але яны забяспечваюць нам толькі двухдзённую нармальную патрэбу паветра. А мы ўжо трыццаць шэсць гадзін знаходзімся ў вадзе, і згушчанае паветра ў сярэдзіне карабля патрабуе аднаўлення. Праз сорак восем гадзін запас будзе вычарпаны.

— З гэтага выходзіць, капітан, што мы павінны вырвацца на волю менш як за сорак восем гадзін!

— Мы паспрабуем гэта зрабіць. Паспрабуем свідраваць сцяну ільду.

— З якога боку? — запытаўся я.

— Гэта пакажа нам зонд. Я пасаджу зараз «Наўтылус» на дно нашай ледзяной клеткі, і мае матросы, надзеўшы скафандры, вызначаць, якая з ледзяных сцен найменш шчыльная.

— Ці можна адчыніць акяніцы салона?

— Вядома. Мы-ж не рухаемся цяпер.

Капітан Нэма выйшаў з салона. Неўзабаве пачуўся свіст, які сведчыў пра тое, што ў рэзервуары наліваюць ваду. «Наўтылус» павольна апусціўся на дно сваёй ледзяной клеткі, на глыбіню трыста пяцьдзясят метраў.

— Сябры мае, — сказаў я Канселю і Нэду Лэнду, — мы трапілі ў небяспечнае становішча, але я не сумняваюся, што вы не страціце ўласцівых вам бадзёрасці і энергіі.

— Спадар прафесар можа быць упэўнены, што ў такі момант я не буду лезці да яго са скаргамі і лямантам, — сказаў канадзец. — Я гатоў зрабіць усё, што патрэбна для агульнага збавення.

— Добра сказана, Нэд! — адказаў я, паціскаючы руку канадца.

Дадам, — сказаў ён, — што я таксама добра валодаю кіркаю, як і гарпуном, і калі я магу быць карысным капітану Нэма, ён можа распараджацца мною.

— Не сумняваюся, што ён не адмовіцца ад вашай дапамогі. Хадземце, Нэд.

Я прайшоў разам з канадцам у гардэробную, дзе матросы «Наўтылуса» апраналіся ў скафандры. Я сказаў капітану Нэма аб прапанове канадца. І ён зараз-жа прыняў яго. Нэд Лэнд надзеў скафандр адначасова з усімі матросамі. Кожны з іх начапіў на плечы апарат Рукверойля, напоўнены свежым паветрам з рэзервуараў, — гэта памяншала агульны запас паветра на «Наўтылусе», але такую страту нельга было лічыць непатрэбнай. Што тычыцца лямп Румкорфа, дык яны былі зусім непатрэбныя ў гэтым ярка асветленым асяроддзі.

Калі Нэд апрануўся ў скафандр, я вярнуўся ў салон, акяніцы якога былі ўжо адчынены. Усеўшыся разам з Канселем ля акна, я пачаў разглядаць ледзяныя сцены, якія абкружалі «Наўтылус».

Праз некалькі хвілін мы ўбачылі, як дванаццаць чалавек вадалазаў узышлі на ледзяную падлогу. Сярод іх лёгка было пазнаць Нэда Лэнда, які вызначаўся сваім высокім ростам. Капітан Нэма таксама быў у гэтай групе.

Перш чым калоць лёд, ён загадаў прасвідраваць некалькі дробных дзірак, каб выявіць найвыгаднейшы кірунак пралому. Даўгія свердлы былі ўтыркнуты ў бакавыя сцены, але, прасвідраваўшы пятнаццаць метраў ў тоўшчы ільда, яны ўсё яшчэ не дайшлі да вады. Было-б зусім недарэчна спрабаваць сячы столь тунеля, бо гэта была ніжняя паверхня суцэльнага лёду, таўшчынёй не менш як чатырыста метраў. Тады капітан Нэма загадаў свідраваць падлогу тунэля. Выявілася, што ў гэтым кірунку таўшчыня ледзянога пласта не перавышала дзесяці метраў. Трэба было, значыцца, выразаць з гэтага ледзянога поля каля шасці з паловай тысяч кубічных метраў лёду, каб атрымалася адтуліна, скрозь якую «Наўтылус» змог-бы апусціцца ў ніжнія, вызваленыя ад лёду пласты вады.

Да гэтай працы вадалазы прыступілі неадкладна і павялі яе з неаслабнай энергіяй. Капітан Нэма распарадзіўся сячы лёд не непасрэдна пад «Наўтылусам», што значна ўскладніла-б працу, а ў васьмі метрах лявей корпуса судна. Вадалазы начарцілі гіганцкі авал на лёдзе і ўзяліся за працу ў некалькіх месцах адразу. Іхнія кіркі адначасова ўрэзваліся ў пласт лёду, высякаючы з іх вялікія глыбы. Цікавая дэталь гэтай працы: высечаныя кавалкі, дзякуючы таму, што ўдзельная вага лёду менш як вады, самі ўсплывалі да столі тунеля, які патаўшчаўся настолькі, наколькі патанчалася яго падлога. Але гэта ніколькі не трывожыла нас, бо таўшчыня падлогі ўсё-ж змяншалася!

Нэд Лэнд вярнуўся ў салон, стаміўшыся пасля двухгадзіннай напружанай працы. На змену яму і яго таварышам на лёд выйшла новая партыя матросаў «Наўтылуса», да якой далучыліся я і Кансель. Памочнік капітана кіраваў нашай працай.

Вада здавалася мне спачатку вельмі халоднай, але, папрацаваўшы кіркай, я хутка нагрэўся. Я не адчуваў ніякага сціску ў руках, не гледзячы на ціск у трыццаць атмасфер.

Вярнуўшыся на «Наўтылус» пасля двух гадзін працы, каб пад’есці і крышку адпачыць, я тут-жа адчуў рэзкую розніцу паміж чыстым паветрам апарата Рукверойля і згушчанай, перанасычанай вуглекіслатой атмасферай «Наўтылуса». Паветра не аднаўлялася ў сярэдзіне карабля амаль сорак восем гадзін і было ўжо мала прыгоднае для дыхання.

За дванаццаць гадзін бесперапыннай працы мы здолелі высячы з абрысаванага на лёдзе авала пласт таўшчынёй толькі ў адзін метр. Калі кожны наступны метр патрабуе таксама дванаццацігадзіннай працы, нам спатрэбіцца яшчэ пяць начэй і чатыры дні, каб давесці да канца працу.

— Пяць начэй і чатыры дні! — сказаў я сваім таварышам. — А ў нас у рэзервуарах запас паветра ўсяго на двое сутак!

— Не кажучы ўжо пра тое, — дадаў Нэд Лэнд, — што вырваўшыся з гэтай праклятай турмы, мы павінны будзем яшчэ некаторы час ісці пад суцэльным лёдам, не маючы магчымасці падняцца на паверхню.

Заўвага Нэда Лэнда была правільнай. Сапраўды, немагчыма было вызначыць, колькі часу нам неабходна, каб вырвацца на волю, і ці не загінем мы ўсе ад удушша, пакуль «Наўтылус» выберыцца на паверхню вады. Можа нам усім суджана было знайсці сабе магілу ў ільдах…

Наша становішча было сапраўды трагічным. Але мы ўсе глядзелі небяспецы прама ў вочы і рашылі выканаць свой абавязак да канца.

Як я і прадбачыў, за ноч яма ў лёдзе паглыбілася яшчэ на адзін метр. Але ўранні, надзеўшы скафандр, я выйшаў на лёд і заўважыў, што бакавыя сцены тунэля некалькі зблізіліся: пласты вады, якія дакраналіся да іх і не саграваліся працай вадалазаў, замярзалі.

Гэта была новая і грозная небяспека, якая прыводзіла да нуля нашы шансы на збавенне. Як і чым можна было спыніць замярзанне вады і злучэнне сценак тунэля, пагражаўшае раструшчыць «Наўтылус», як крохкае шкелца?

Я нічога не сказаў сваім таварышам пра гэтую новую небяспеку. Навошта было паралізаваць іх волю, накіраваную на ратунак? Але, вярнуўшыся на борт, я сказаў капітану Нэма аб гэтым сур’ёзным ускладненні.

— Я ўжо заўважыў гэта, — сказаў ён сваім роўным голасам, у якім не адчувалася хвалявання. — Гэта новая пагроза, але я бяссільны папярэдзіць яе. Адзіная наша надзея на выратаванне ў тым, каб выбрацца з пасткі раней, чым вада зледзянее. Вось і ўсё.

Вось і ўсё, — сказаў ён! Я павінен быў ужо прызвычаіцца да яго манеры размаўляць!..

На працягу дня я некалькі разоў выходзіў на лёд і старанна працаваў кіркай. Гэтая праца бадзёрыла мяне. Акрамя таго працаваць — значыла мець магчымасць пакінуць «Наўтылус» і дыхаць свежым паветрам рэзервуараў, замест густой, беднай кіслародам, задушлівай атмасферы карабля. Да вечара яма зрабілася глыбей на адзін метр.

Калі я вярнуўся на борт, я ледзь не задыхнуўся, уцягнуўшы ў лёгкія насычанае вуглекіслатой паветра. Шкада, што ў нас не было хімічных сродкаў для знішчэння гэтага шкоднага для дыхання газа! Кіслароду-ж нам хапала. Ён знаходзіўся ў вялізнай колькасці ў акаляючай нас вадзе, і нам лёгка было здабыць яго, разлажыўшы ваду электрычным токам з нашых батарэй. Я падумаў аб гэтым, але пазней адмовіўся ад гэтай думкі, бо яна не вырашала праблемы выдалення з атмасферы вуглекіслаты, якую мы вылучаем пры выдыханні і якая запоўніла ўсё судна з канца ў канец, Каб паглынуць яго, трэ’ было-б напоўніць вялікія пасудзіны едкім натрам і бесперапынна размешваць яго. Але едкага натра на «Наўтылусе» не было, і замяніць яго мы нічым не маглі.

Увечары капітану Нэма прышлося адчыніць краны сваіх рэзервуараў і выпусціць некалькі кубічных метраў паветра ў атмасферу судна. Каб ён не зрабіў гэтага, мы не прачнуліся-б раніцаю.

На другі дзень, 26 сакавіка, я зноў узяўся за працу гарняка, вырубаючы пяты метр яміны. Бакавыя сцены і столь тунэля значна сціснуліся. Ясна было, што пры такім тэмпе працы яны злучацца раней, чымсь «Наўтылус» паспее вызваліцца. У мяне ледзь кірка не выпала з рук. Навошта было калоць лёд, калі ўсё роўна мы павінны немінуча загінуць ад удушша або быць расціснутымі лёдам у такіх пакутах, якіх не выдумалі-б для сваіх палоннікаў самыя жорсткія дзікуны? Мне здавалася, што я схоплены сківіцамі нейкай жудаснай жывёліны і яны няўхільна сціскаюцца.

У гэтую хвіліну кіраваўшы нашай групай і сам энергічна працаваўшы кіркай капітан Нэма прайшоў каля мяне. Я затрымаў яго і паказаў рукою на сцяну нашай турмы. З боку штырборта яна наблізілася да карабля за ноч не меней як на чатыры метры.

Капітан Нэма зразумеў мяне і зрабіў мне знак следваць за ім. Мы вярнуліся на борт.

Зняўшы скафандр, я прайшоў за ім у салон.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — нам трэба будзе зрабіць якія-небудзь гераічныя захады, або нас замуруюць ільды шчыльней як цэмент.

— Так, — адказаў я, — але што мы можам зрабіць?

— О, — ускрыкнуў ён, — каб толькі мой «Наўтылус» быў настолькі моцным, каб вытрымаць гэты ціск і не расплюшчыцца!

— Дык што было-б тады? — запытаўся я, не разумеючы думкі капітана.

— Няўжо вам не зразумела, што замярзанне вады было-б для нас падмогай? Ператварыўшыся ў лёд вада-ж павінна заняць вялікі аб’ём і немінуча расшчапіць трымаючае нас у палоне ледзяное поле, як расшчэплівае яна, замярзаючы, нават скалы! Няўжо вы не разумееце, што гэта было-б нашым ратункам, а не гібеллю?

— Так, капітан, магчыма. Але якім трывалым ні быў-бы «Наўтылус», ён не зможа вытрымаць такога страшэннага ціску, і лёд сплюшчыць яго ў тоненькі аркушык.

— І я гэта ведаю, прафесар. Таму я і не спадзяюся больш на дапамогу прыроды, а разлічваю толькі на самога сябе. Трэба, чаго-б яно ні каштавала, перашкодзіць далейшаму замярзанню вады! Трэба яго спыніць! Цяпер ужо збліжаюцца не толькі бакавыя сценкі, але і перад носам і за кармой «Наўтылуса» засталося не больш як па дзесяць футаў вольнай вады. Наша ледзяная клетка звужаецца з усіх бакоў.

— На колькі часу, — запытаў я, — хопіць запасу паветра, які знаходзіцца ў рэзервуарах?

Капітан паглядзеў мне прама ў вочы.

— Паслязаўтра, — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання, — рэзервуары апусцеюць!

Я заліўся халодным потам. Між тым гэты адказ не павінен быў здзівіць мяне: 22 сакавіка «Наўтылус» апусціўся ў мора каля полюса. Сёння было 26 сакавіка, — значыцца, мы ўжо пяць дзён жылі за кошт запасаў паветра на «Наўтылусе». Акрамя таго шмат паветра забіралі падводныя работы.

Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, успаміны аб перажытым так хвалююць мяне, што сударга жаху крывіць маё цела, і я прагна глытаю паветра, як быццам яго не стае маім лёгкім…

Між тым капітан Нэма, задуменны і маўклівы, напружана думаў. Раптам я убачыў, што яго захапіла нейкая думка. Спачатку ён быццам адштурхнуў яе, як відаць, незадаволены. Але потым з яго вуснаў сарваліся словы:

— Кіпяток, кіпяток!

— Кіпяток? — ускрыкнуў я.

— Так, прафесар. Мы замкнуты ў зусім вузкай прасторы. Чаму-б струменямі кіпятку, які выкідалі-б насосы «Наўтылуса», не падняць тэмпературы акаляючай нас вады і не спыніць працэс яе замярзання.

— Трэба паспрабаваць гэты спосаб, — сказаў я.

— Паспрабуем, спадар прафесар.

Тэрмометр, выведзены за борт, паказваў тэмпературу — сем градусаў ніжэй нуля. Я прайшоў за капітанам Нэма на кухню, дзе стаялі ёмістыя кіпяцільнікі для перагонкі марской вады ў прэсную.

У кіпяцільнікі даверху налілі вады, і ўся сіла электрычных батарэй «Наўтылуса» была пераключана на награванне змеевікоў, скрозь якія праходзіла вада. У некалькі хвілін вада дайшла да пункта кіпення. Насосы пачалі выпампоўваць яе, а на яе месца зараз-жа прылівала новая халодная вада. Цеплыня, якая развівалася электрычнымі батарэямі, была настолькі вялікай, што паступаўшая ў змеявік халодная марская вада выходзіла з яго нагрэтай да ста градусаў.

Пасля трохгадзіннай бесперапыннай работы тэрмометр падняўся на адзін градус і паказваў мінус шэсць градусаў. Яшчэ праз дзве гадзіны тэмпература паднялася да чатырох градусаў ніжэй нуля.

— Падзейнічала, — сказаў я капітану, праверыўшы паказанні тэрмометраў. — Цяпер поспех забяспечаны!

— Так, — адказаў капітан, — і я гэтак думаю. Мы не будзем расціснутыя. Застаецца толькі выратавацца ад пагражаючага нам удушша.

На працягу ночы тэмпература вады паднялася да аднаго градуса ніжэй нуля. Колькі мы ні стараліся падняць яе вышэй, гэта не ўдалося. Ды і не было патрэбы, бо замярзанне спынілася.

Наступнай раніцай, 27 сакавіка, глыбіня яміны ўзрасла да шасці метраў. Заставалася такім чынам высячы толькі чатыры метры. Гэта патрабавала яшчэ сарака васьмі гадзін працы.

Паветра ў сярэдзіне «Наўтылуса» ў гэты дзень не аднаўлялася, бо нязначную рэштку яго ў рэзервуарах капітан Нэма хаваў для падводнай працы. Дыхаць на караблі з кожнай гадзінай рабілася ўсё цяжэй.

Нібы вялікі цяжар ціснуў мне на грудзі. У тры гадзіны па поўдні пакуты зрабіліся нясцерпнымі. Я ўвесь час пазяхаў. Лёгкія мае сударгава ўцягвалі ў сябе паветра, шукаючы ў згушчонай атмасферы «Наўтылуса» атамы жыватворнага кісларода, якога заставалася ўсё меней і меней з кожным удыхам. Мяне ахапіла нейкае здрантвенне, якое паралізавала рухі і мозг. Я ляжаў знясілены, амаль страціўшы свядомасць. Мой добры Кансель, які пакутаваў не менш за мяне, не пакідаў мяне ні на секунду. Ён браў маю руку, надаваў мне бадзёрасці, і я чуў як ён шаптаў:

— Ах, каб я мог не дыхаць, каб захаваць паветра гаспадару!

Слёзы выступілі ў мяне на вачах пры гэтых словах.

Чым цяжэй рабілася дыхаць у сярэдзіне судна, тым з большай ахвотай мы адзявалі скафандры, калі прыходзіла наша чарга працаваць. Кіркі звінелі, утыкаючыся ў лёд. Плечы і спіны нылі ад стомы, рукі пакрываліся мазалямі, але што значылі гэтыя стамленні і боль, калі была магчымасць поўнай грудзямі ўдыхаць свежае паветра, калі можна было дыхаць!

І тым не менш ніхто не заставаўся пад вадою больш, чым трэба было. Адпрацаваўшы свае дзве гадзіны, кожны з нас спяшаўся перадаць свайму пакутуючаму ў душнай атмасферы карабля таварышу збавіцельны рэзервуар з чыстым паветрам. Капітан Нэма першы падаваў прыклад суровай дысцыпліны. Калі канчаўся час працы пад вадою, ён цвёрдым крокам вяртаўся на карабель, у атрутную атмасферу. Твар яго па-ранейшаму быў спакойны і строгі, і ніводная скарга не зрывалася з яго вуснаў.

У той дзень праца ішла з яшчэ большай напружанасцю. Два метры лёду былі высечаны за суткі, і цяпер толькі два метры аддзялялі нас ад вольнай вады. Але рэзервуары паветра былі зусім апустошаныя, і заставаўся толькі той запас, які знаходзіўся ў апаратах Рукверойля.

Калі я вярнуўся на борт і скінуў скафандр, я зараз-жа ледзь не задушыўся. Якую ноч я правёў! Апісаць яе немагчыма — такія пакуты нельга перадаць словамі. Раніцай дыханне маё было сціснута яшчэ больш. Да болю. галавы далучаліся яшчэ частыя галавакружэнні, у часе якіх я хістаўся быццам п’яны. Спадарожнікі мае пакутавалі таксама, як і я. Некаторыя з матросаў ужо хрыпелі.

У гэты шосты дзень нашага палону капітан Нэма. разумеючы, што праца кіркамі надта марудная і запас паветра скончыцца раней, чым яна будзе скончана, рашыў паспрабаваць іншым спосабам прабіць пласт лёду, які аддзяляў нас ад вольнай вады. Гэты чалавек захаваў усю яснасць розуму, энергію і спакойнасць. Напружаннем волі ён прымушаў сябе не заўважаць фізічных пакут. Ён разважаў, вынаходзіў, дзейнічаў.

Па яго загаду з рэзервуараў «Наўтылуса» была выпампавана частка вадзянога баласта. Калі карабель усплыў са дна, яго ўстанавілі ў цэнтры вялізнай авальнай выемкі, выкапанай намі. Тады рэзервуары былі зноў напоўнены, і карабель апусціўся акурат на сярэдзіну выемкі.

Тады ўся каманда вярнулася на борт, і падвойныя дзверы герметычна зачынілі. «Наўтылус» ляжаў цяпер на пласту лёду таўшчынёй не больш аднаго метра, да таго-ж прадзіраўленым у тысячы мясцінах. Тады краны былі шырока адчынены, і рэзервуары зноў даверху напоўніліся вадою, павялічыўшы вагу «Наўтылуса» на сто тысяч кілаграмаў.

Мы прыслухоўваліся і напружана чакалі, забываючыся нават на свае пакуты. Наша збавенне было пастаўлена на карту.

Не гледзячы на моцны шум у вушах, я хутка пачуў, як трашчыць лёд пад корпусам «Наўтылуса». Трэск гэты ўсё павялічваўся. Мы яўна асядалі ніжэй. Нарэшце пачуўся грукат расколатых пластоў лёду, і «Наўтылус» пачаў апускацца.

— Мы праходзім, — шапнуў мне на вуха Кансель.

Я не мог адказаць яму. Я схапіў яго руку і сударгава сціснуў.

Раптам, пад цяжарам свайго баласта, «Наўтылус» каменем паляцеў на дно.

У момант уся энергія батарэй была пераключана на насосы і вада са свістам пачала вылятаць з рэзервуараў. Прайшло некалькі хвілін, і наша паданне затрымалася, а пасля і зусім спынілася, і стрэлка манометра паказала, што пачаўся пад’ём.

Тут вінт «Наўтылуса» запрацаваў з такой хуткасцю, што ўвесь корпус судна затросся мелкай і частай дрыготай, і мы панесліся на поўнач.

Але колькі часу павінна было працягнуцца гэтае плаванне пад лёдам да адкрытага мора? Яшчэ дзень? Тады я не дажыву да яго канца…

Я ляжаў на канапе ў бібліятэцы. Я задыхаўся. Мой твар пасінеў, вусны зусім счарнелі. Я не мог паварушыць пальцам. Я нічога не бачыў і не чуў, страціў уяўленне аб часе. Мае мускулы страцілі здольнасць скарачацца…

Не магу сказаць, колькі гадзін я праляжаў у такім становішчы. Але ў рэдкія хвіліны прытомнасці я адчуваў, што знаходжуся ў агоніі. Я разумеў, што паміраю…

Раптам я ачуняў. Свежае паветра абмыла мае лёгкія. Няўжо мы вышлі на паверхню вады? Як-жа я не заўважыў, што мы мінулі паласу суцэльных ільдоў?

Не, мы ўсё яшчэ былі пад ільдом! Гэта Кансель і Нэд Лэнд, мае адданыя прыяцелі, ахвяравалі сабою, каб выратаваць мяне. У адным з апаратаў Рукверойля захавалася яшчэ крышку паветра. Замест таго, каб самім удыхнуць яго, яны падаравалі гэтае паветра мне і, задыхаючыся, вярталі мне жыццё! Прачнуўшыся, я хацеў адштурхнуць збавіцельны апарат, але яны затрымалі мае рукі, і на працягу некалькіх хвілін я з вялікай асалодай паглынаў жыватворны газ.

Я паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы. Наступіла ўжо 28 сакавіка. «Наўтылус» імчаўся са страшэннай хуткасцю — сорак міль у гадзіну, стралой уразаючыся ў ваду.

Дзе быў капітан Нэма? Ці выжыў ён? Ці выратаваліся яго таварышы?

У гэтую хвіліну стрэлка манометра паказвала, што мы знаходзіліся ўсяго за дваццаць футаў ад паверхні мора. Ад вольнага паветра нас аддзяляла толькі тонкае ледзяное поле. Няўжо яго нельга было раскалоць?

Не, можна! У кожным разе «Наўтылус» збіраўся паспрабаваць зрабіць гэта. Я адчуў, што ён апускае карму і паднімае свой востры форштэвень. Даволі было пусціць трохі вады ў рэзервуар на карме, каб судна заняло такое становішча. Потым, штурхнутае ўверх сваім магутным вінтам, яно атакавала ледзяное поле, як вялізны таран. «Наўтылус» настойліва калаціўся ў яго, па некалькі разоў з разбегу ўдараючыся ў адно і тое-ж месца, пакуль, нарэшце, пласт лёду не паддаўся і мы не вынырнулі на паветра, ламаючы сваім цяжарам лёд.

Люк быў адчынены, вярней сарваны, і свежае паветра струменямі хлынула ва ўсе закавулкі «Наўтылуса»…

Раздзел семнаццаты Ад мыса Горн да Амазонкі

Не памятаю, як я трапіў на палубу. Магчыма, што мяне перанёс туды канадзец. Я дыхаў поўнымі грудзямі, з асалодай уцягваючы ў лёгкія пахнуўшы соллю марскі вецер. Мае таварышы побач са мною з захапленнем пілі ўдосыць свежы подых мора. Чалавек, які доўга галадаў, павінен з вялікай стрыманасцю есці прапанаваную яму ежу, інакш ён захварэе. Іншая справа мы, — мы не павінны былі ні ў чым абмяжоўваць сябе, і мы дыхалі, дыхалі, набіраючы поўныя лёгкія паветра, і п’янелі ад гэтай волі, п’янелі ад бадзёрасці, якая ўлівалася ў наша цела з кожным подыхам.

— Ах, — ускрыкнуў Кансель, якое цудоўнае свежае паветра! Няхай гаспадар дыхае ўволю — тут хопіць усім!

Нэд Лэнд — той не размаўляў, але ён так шырока адчыняў рот, што яму пазайздросціла-б нават акула. І з якой сілай уцягваў ён паветра ў лёгкія! Канадзец, смактаў яго са свістам, як палаючая печка.

Сілы хутка вярнуліся да нас. Зусім ачуняўшы і агледзеўшыся навакол, я ўбачыў, што мы адны на палубе. Нікога з матросаў «Наўтылуса» не было тут. Не з’явіўся і капітан Нэма. Гэтыя дзіўныя людзі, відаць, задавальняліся паветрам, цыркулюючым у сярэдзіне карабля. Ніхто з іх не прыйшоў усцешыцца свежасцю марскога ветрыка.

Першымі вымаўленымі мною словамі былі словы падзякі маім спадарожнікам і верным таварышам. Нэд Лэнд і Кансель выратавалі мне жыццё, калі ў мяне пачалася агонія. Ніякімі словамі нельга было аддзякаваць за гэтую паслугу.

— Хопіць, спадар прафесар, — спыніў мяне Нэд Лэнд, — аб гэтым не варта гаварыць. У нас-жа і заслугі ніякай няма. Гэта было чыста матэматычнае пытанне — ваша жыццё даражэй за наша, значыцца, яго і трэба было захаваць у першую чаргу!

— Не, Нэд, яно не даражэй за ваша! Нічыё жыццё не можа быць каштоўней жыцця добрага і благароднага чалавека, а вы і добры і благародны!

— Добра, добра! — прамармытаў засаромлены канадзец.

— А ты, мой дарагі Кансель, ты дужа пакутаваў?

— Мне не хапала некалькі глыткоў свежага паветра, але я думаю, што хутка прызвычаіўся-б дыхаць і гэткім. Акрамя таго, калі я бачыў, як корчыцца ў муках гаспадар, мне і дыхаць не хацелася. Як гаворыцца ў такіх выпадках, у мяне дыханне сціскала ў…

Засаромлены Кансель змоўк, так і не скончыўшы фразы.

— Сябры мае, — расчулена адказаў я, — перажытыя гадзіны злучылі нас назаўсёды непарушанай дружбай, і вы маеце права патрабаваць ад мяне…

— І патрабуем! — спыніў мяне канадзец.

— Што? — запытаў Кансель.

— Каб спадар прафесар пайшоў за намі, калі мы будзем уцякаць з гэтага праклятага «Наўтылуса».

— Дарэчы, — запытаў Кансель, — куды накіроўваецца «Наўтылус»? Ці ідзём мы на поўнач?

— Вядома, — адказаў я, — мы-ж ідзём насустрач сонцу, а ў гэтых месцах сонца — гэта поўнач.

— Але цяпер застаецца даведацца, ці накіроўваемся мы ў Атлантычны або Ціхі акіян, гэта значыць у людныя ці ў пустынныя моры, — сказаў канадзец.

На гэтае пытанне я не мог даць адказу. Але я баяўся, што капітан Нэма павядзе свой карабель у той вялізны акіян, які амывае берагі Азіі і Амерыкі. Такім чынам ён закончыць сваё кругасветнае падарожжа і вернецца ў тую частку свету, дзе «Наўтылус» карыстаўся найбольшай воляй.

Але як ажыццявіць план Нэда Лэнда, калі мы зноў апынёмся ў пустынных водах Ціхага акіяна, далёка ад заселеных зямель?

Адказ на гэтае важнае пытанне мы павінны былі атрымаць у самым хуткім часе. «Наўтылус» плыў з вялікай шпаркасцю. Мы хутка мінулі палярны круг і ўзялі курс на мыс Горн.

Трыццаць першага сакавіка каля сямі гадзін увечары мы былі ўжо на траверзе гэтага крайняга пункта амерыканскага сухазем’я.

Да гэтага часу перажытыя пакуты пачалі ўжо забывацца. Страцілі сваю прыкрасць і ўспаміны аб днях няволі ў ільдах Мы думалі толькі аб будучым. Капітан Нэма не паказваўся ні ў салоне, ні на палубе.

Адзнакі, якія штодзённа наносіў на карту памочнік капітана, паказвалі мне курс нашага карабля. У гэты вечар стала відаць, што мы ідзем у Атлантычны акіян.

Я паведаміў Канселю і Нэду Лэнду вынікі сваіх назіранняў.

— Гэта радасная вестка, — сказаў канадзец. — Але куды ідзе «Наўтылус»?

— Пакуль не магу вам сказаць гэтага, Нэд.

— Можа ваш капітан хоча пасля паўднёвага полюса адкрыць паўночны і адтуль прайсці ў Ціхі акіян славутым Паўночна-заходнім праходам?

— Мы-ж у кожным разе не будзем падбухторваць яго! — сказаў Кансель.

— Але мы пастараемся пазбавіць яго нашай прысутнасці раней, чым ён прывядзе ў выкананне свой план, — адказаў канадзец.

— Як-бы там ні было, — заявіў Кансель, — ён малайчына, гэты капітан Нэма, і я на буду шкадаваць аб тым, што пазнаёміўся з ім.

— Асабліва пасля таго, як развітаецеся з ім, — іранічна дадаў канадзец.

На другі дзень, 1 красавіка, калі «Наўтылус» за некалькі хвілін да поўдня падняўся на паверхню мора, мы апынуліся каля нейкага берагу. Гэта была Вогненная Зямля, якая атрымала гэтую назву ад першых даследчых з-за шматлікіх дымкоў, якія курыліся над стрэхамі тубыльскіх халуп.

Вогненная зямля — гэта архіпелаг, які прасціраецца на сто дваццаць кіламетраў у даўжыню і трыста дваццаць у шырыню паміж 53° і 56° паўднёвай шыраты і 67°50´ і 77°15´ заходняй даўгаты. Бераг бліжэйшага да нас вострава быў нізкі, але на кругавідзе відаць былі высокія горы. Я, здаецца, пазнаў гару Сарміента, якая падымаецца на дзве тысячы семдзесят метраў над узроўнем мора. Стромкая вяршыня гэтай гары праракае маракам добрае або дрэннае надвор’е, у залежнасці ад таго, ці вольная яна ад воблакаў, ці ахутана туманам. Так сказаў мне Нэд Лэнд.

— І што-ж, Нэд, барометр аказваецца верным? — спытаў я.

— Надзвычайна верным, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Ён ні разу не ашукаў нас, калі мы ішлі Магеланавай пратокай.

Вяршыня гары ў гэтую хвіліну рэзка вызначалася на сінім фоне неба. Гэта праракала добрае надвор’е.

Апусціўшыся зноў у ваду, «Наўтылус» з вялікай хуткасцю паплыў далей на поўнач.

Увечары мы падышлі да Фалклендскіх астравоў, і калі досвіткам наступнага дня мы ўсплылі на паверхню акіяна, я ўбачыў суровыя вяршыні гор.

Акіян тут быў неглыбокі. Гэта навяло мяне на думку, што абодва галоўных востравы архіпелага і ўсе прылягаючыя да іх маленькія астраўкі ў даўнейшыя часы складалі частку Магеланавай зямлі.

Фалклендскія астравы былі, відаць, адкрыты славутым Джонам Дэвісам, які даў ім назву Дэвісавых паўднёвых астравоў. Значна пазней Рычард Гаўкінс назваў іх астравамі святой Дзевы. У пачатку XVIII стагоддзя маракі з Сен-Мало назвалі гэтыя астравы Малуінскімі ў гонар свайго роднага горада, і, нарэшце, англічане, якім гэтыя астравы належаць і зараз, назвалі іх Фалклендскімі астравамі.

Дзікія гусі і качкі зграямі кружыліся над палубай, і шмат каму з іх прыйшлося ў гэты дзень аздобіць наш абедзены стол. З рыб я звярнуў увагу на касцістых членаў сямейства коўбневых, у асаблівасці на бычкоў-коўбняў даўжынёй у дваццаць сантыметраў, скрозь усеяных бураватымі і жоўтымі плямамі.

Калі зніклі з віду апошнія вяршыні гор Фалклендскіх астравоў, «Наўтылус» апусціўся ў ваду і на глыбіні дваццаці-дваццаці пяці метраў паплыў уздоўж амерыканскіх берагоў.

Капітан Нэма па-ранейшаму не паказваўся.

Да 3 красавіка мы плылі ў патагонскіх водах, то апускаючыся ў акіян, то ўсплываючы на яго паверхню. 4 красавіка «Наўтылус» абмінуў шырокі ліман, створаны дэльтай Ла Платы, і апынуўся на траверзе Уругвая, але за пяцьдзесят міль ад берагу. Ён па-ранейшаму трымаў кірунак на поўнач, ідучы за ўсімі звілінамі берага амерыканскага кантынента. З моманту нашага ўступлення на борт падводнага карабля, у Японскім моры, ён зрабіў шаснаццаць тысяч лье, або шэсцьдзесят чатыры тысячы кіламетраў.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы мы перасеклі тропік Казерога на трыццаць сёмым мерыдыяне. Відаць, капітану Нэма, на вялікую непрыемнасць Нэду Лэнду, не падабалася суседства гэтых заселеных месцаў Бразіліі, і ён вёў свой карабель з галавакружальнай хуткасцю. Ніводная рыбіна, ніводная птушка, якімі хуткімі яны ні былі, не маглі ўгнацца за «Наўтылусам», і таму мы не мелі магчымасці назіраць фауну гэтых мораў.

Аж да 9 красавіка мы ішлі з той-жа шалёнай хуткасцю. Увечары гэтага дня мы апынуліся блізка ля самага ўсходняга пункта паўднёва-амерыканскага сухазем’я — каля мыса Рок. Але тут «Наўтылус» сышоў з курса і на значнай глыбіні паплыў да падводнай лагчыны, якая злучала гэты мыс з Сіера-Леонэ на афрыканскім беразе. Гэтая лагчына раздвойваецца на высаце Антыльскіх астравоў і канчаецца на поўначы вялікай нізінай, якая ідзе ў глыбіню на дзевяць тысяч метраў. У гэтых месцах геалагічны разрэз акіянскага дна да самых Малых Антыльскіх астравоў мае выгляд стромкага ўцёса вышынёю ў шэсць тысяч метраў.

Каля астравоў Зялёнага мыса праходзіць другая, не менш высокая сцяна, якая замыкае з поўдня патануўшае сухазем’е Атлантыды. Дно гэтай вялізнай даліны месцамі ўсеяна горамі, якія робяць асабліва прыгожым падводны пейзаж. Я кажу аб гэтым, галоўным чынам на падставе рукапісных карт, складзеных, відаць, самім капітанам Нэма па непасрэдных назіраннях.

На працягу двух дзён мы наведалі ўсе глыбіні гэтых вод. «Наўтылус» пачаў дзейнічаць сваімі стырнамі глыбіні, робячы вертыкальныя зігзагі. Але 2 красавіка ён раптам усплыў на паверхню, і мы зноў убачылі зямлю ля вусця ракі Амазонкі, прасторная дэльта якой вылівае ў мора столькі вады, што на многа міль ад берагу акіянская вада прэсная.

Мы перайшлі экватар. На дваццаць міль да захаду ад нас засталася Гвінея, французская калонія, дзе мы знайшлі-б добры прытулак. Але вецер дзьмуў з сілай урагана, і шалёныя хвалі не дазвалялі і думаць, каб спусціць на ваду простую шлюпку. Гэта было відавочна нават для Нэда Лэнда, бо ён не пачынаў са мной гутаркі аб уцёках. З свайго боку і я не рабіў ніякіх намёкаў па гэтаму пытанню, каб не штурхнуць яго на бязглуздую спробу, якая немінуча павінна была скончыцца бядой.

Ды гэтая адтэрміноўка мяне і не засмучала, бо я цешыўся цікавымі назіраннямі. На працягу двух дзён — 11 і 12 красавіка — «Наўтылус» увесь час заставаўся на паверхні мора, і невад яго прынёс багаты ўлоў зоафітаў і рыб. Адну з трапіўшых ў невад рыб Канселю суджана было запамятаць надоўга.

Вось як была справа.

Закінуты матросамі невад прынёс у ліку іншых рыб разнавіднасць ската, плоскага і — каб яму адрэзаць хвост — зусім круглага. Скат гэты быў досыць вялікім і павінен быў важыць не менш дваццаці кілаграмаў. Бруха ў яго было белае, спіна бурая, з вялікімі мармуровымі плямамі, з гладкай скурай і двухлопаснымі плаўнікамі. Выкінуты з невада на палубу скат шалёна выкручваўся, спрабуючы перавярнуцца на жывот, і ў сваіх корчах так блізка падкаціўся на край палубы, што яшчэ секунда — і ён зваліўся-б назад у ваду. Але Кансель, якога гэта рыба зацікавіла, кінуўся да яе і, раней чым я паспеў папярэдзіць яго, схапіў яе абодвума рукамі.

У тую-ж секунду ён паваліўся на палубу дагары нагамі, напалову паралізаваны.

Ён закрычаў:

— Ах, гаспадар, гаспадар! Ратуйце!

Гэта быў першы выпадак за ўвесь час нашага знаёмства, калі ён звяртаўся да мяне не як да трэцяй асобы.

Канадзец і я паднялі яго на ногі і пачалі энергічна масіраваць. Калі ён вярнуў магчымасць валодаць сваім целам, гэты вечны класіфікатар прашаптаў слабым голасам:

— Клас рыб, падклас храшчавых рыб, атрад скатаў, сямейства электрычных скатаў, від мармуровых электрычных скатаў…

— Так, мой сябар, — сказаў я, — мармуровы электрычны скат і прывёў цябе ў гэткае гаротнае становішча.

— Гаспадар можа мне паверыць, — адказаў Кансель, — што я адпомшчу гэтаму скату.

— Якім чынам?

— Я яго з’ем!

І ён выканаў сваё абяцанне ў той-жа вечар, але, відаць, толькі дзеля таго, каб адпомсціць, бо мяса ската было агідным на смак.

Няшчасны Кансель сутыкнуўся з самай небяспечнай разнавіднасцю электрычных скатаў.

Гэты дзіўны скат у вадзе — добрым правадніку тока — забівае рыб на адлегласці ў некалькі метраў, настолькі моцны яго электрычны зарад.

Назаўтра, 12 красавіка, «Наўтылус» наблізіўся ўдзень да берагу галандскай калоніі, каля вусця ракі Мароні.

Тут мы ўбачылі некалькі сямействаў ламантынаў. Гэта былі манаты, якія, як дзюгоні, належаць да атрада сірэн, або марскіх кароў. Гэтыя буйныя жывёліны, даўжынёй у шэсць-сем метраў, важаць каля чатырох тысяч кілаграмаў.

Я расказаў Канселю, якую карысную ролю прызначыла мудрая прырода гэтым сысунам: разам з цюленямі яны пасвяцца ў падводных прэрыях, знішчаючы зараслі, якія засмечваюць вусці трапічных рэк.

— Ці ведаеце вы, — дадаў я, — што адбылося з таго часу, як чалавек зусім знішчыў гэтых жывёлін? Гніючыя ў вусцях рэк водарасці атруцілі ваду і паветра, а ў атручаным паветры расквітнела жоўтая трасца, няшчасце гэтых прывабных краін. Атрутныя расліны напоўнілі ўсе ўзбярэжжы трапічных мораў, і гэтая хвароба распаўсюдзілася ад Рыо-дэ-ла-Плата да самай Фларыды.

Калі верыць Туснэлю, гэта яшчэ глупства ў параўнанні з тымі няшчасцямі, якія пагражаюць нашым патомкам, калі будуць знішчаны апошнія цюлені і кіты. Тады моры, якія напаўняюцца медузамі і кальмарамі, зробяцца вялізнымі асяродкамі ўсялякіх інфекцый, бо не будзе больш «гэтых ёмістых страўнікаў, якім прырода дала заданне ачышчаць моры».

Каманда «Наўтылуса», відаць, мала верыла ў гэтыя тэорыі і таму не пасаромілася забіць з паўдзесятка гэтых манатаў, мяса якіх значна смачней за ялавічыну. Паляванне на гэтых жывёл было зусім нецікавае — манаты дазвалялі забіваць сябе, не абараняючыся і не спрабуючы ратавацца ўцяканнем. Такім чынам кладоўкі «Наўтылуса» папоўніліся некалькімі тысячамі кілаграмаў мяса, якое ў засушаным выглядзе забяспечыла нас надоўга смачнай ежай.

У гэты-ж дзень арыгінальнае паляванне ў гэтых багатых водах яшчэ больш павялічыла страўныя запасы «Наўтылуса». У выцягнутых на палубу невадах аказалася некаторая колькасць рыб, галовы якіх канчаліся авальнымі пласцінкамі з мясістымі, загнутымі берагамі. Гэта былі прыліпалы з сямейства макрэлевых рыб. Іхняя авальная пласцінка складаецца з папярочных рухавых храшчыкаў, між якіх гэтая рыба можа ствараць пустату, што дае ёй магчымасць прысосвацца да кожнай паверхні. Нашы матросы ўсіх знойдзеных у невадзе прыліпал зараз-жа адкладалі ў спецыяльна падрыхтаванае вядро з вадою.

Калі рыбная лоўля была скончана, «Наўтылус» наблізіўся да берага да месца, дзе на паверхні вады драмала добрая колькасць буйных марскіх чарапах. Заўладаць гэтымі каштоўнымі марскімі жывёламі было нялёгка, бо яны прачынаюцца ад малейшага шолаху, а іх цвёрды панцыр абараняе іх ад гарпуна. Але з дапамогай прыліпал лоўля чарапах надзвычайна простая справа. Гэтая рыбка — жывы кручок, які ашчаслівіў-бы кожнага рыбалова.

Матросы насадзілі на хвасты прыліпал кольцы, даволі шырокія, каб не перашкаджаць іхнім рухам, і да гэтых кольцаў прывязалі доўгія вяроўкі, другі канец якіх прымацавалі да поручаў палубы.

Прыліпалы, спушчаныя ў ваду, зараз-жа падплылі да чарапах і прыліплі да іхніх панцыраў. Яны так моцна ўчапіліся за іх, што іх лягчэй было разадраць, чым ададраць ад панцыра. Цяпер заставалася толькі пацягнуць за вяроўку, каб выцягнуць на палубу чарапах, да якіх яны прыліплі.

Гэтым паляваннем скончылася наша стаянка ля вусця Амазонкі, і з надышоўшай ноччу «Наўтылус» зноў пайшоў у адкрытае мора.

Раздзел васямнаццаты Спруты

На працягу некалькіх дзён «Наўтылус» трымаўся воддалі ад амерыканскага берагу. Капітан Нэма не хацеў, відаць, заплываць ні ў Мексіканскую затоку, ні ў воды, амываючыя Антыльскія астравы. Прычынай гэтага не магло быць мелкаводдзе, бо сярэдняя глыбіня гэтых мораў складае тысячу восемсот метраў. Хутчэй за ўсё, гэтыя воды з безліччу астравоў і параходаў проста не падабаліся капітану Нэма.

Шаснаццатага красавіка, на адлегласці амаль у трыццаць міль, мы ўбачылі астравы Мартыніку і Гвадэлупу. Я разгледзеў здалёк грэбні іхніх гор.

Канадзец, які спадзяваўся выканаць тут свае планы — дабрацца да зямлі або да аднаго з шматлікіх суднаў, што плаваюць між астравамі, — быў зусім расчараваны. Уцячы было-б зусім магчыма, каб Нэд Лэнду ўдалося захапіць шлюпку без ведама капітана. Але ў адкрытым моры не было чаго і думаць аб гэтым.

Мы з Нэдам Лэндам і Канселем усебакова абмеркавалі наша становішча. Цэлых шэсць месяцаў мы былі палоннікамі на борце «Наўтылуса». Мы праплылі семнаццаць тысяч лье — шэсцьдзесят восем тысяч кіламетраў — і, як казаў Нэд Лэнд, не было ніякіх падстаў думаць, што плаванне калі-небудзь скончыцца. Таму канадзец прапанаваў мне паспрабаваць прымусіць капітана Нэма адказаць проста, ці збіраецца ён усё жыццё трымаць нас на сваім караблі.

Такая спроба мне не падабалася. На маю думку, яна была зусім непатрэбная. Мы-ж даўно пераканаліся, што нам няма чаго спадзявацца на капітана Нэма, тым больш, што з некаторага часу капітан зрабіўся больш пахмурным, больш маўклівым, больш суровым, чым калі раней. Здавалася, ён унікаў мяне. Я бачыў яго толькі праз вялікія прамежкі часу. Калісьці ён пацяшаўся тым, што паказваў мне розныя падводныя цуды; цяпер ён не прыходзіў больш у салон. Якая перамена зрабілася з ім? І чаму? Я ні ў чым не мог пераканаць сябе. Можа наша прысутнасць абрыдала яму? Так або інакш, я не спадзяваўся, што гэты чалавек калі-небудзь верне нам волю.

Я папрасіў Нэда даць мне памеркаваць, раней чым прадпрыняць што-небудзь. Калі гэта спроба не будзе мець поспеху, то яна толькі абудзіць падазронасць капітана Нэма, пашкодзіць планам канадца. Наша знаходжанне тут зробіцца яшчэ больш нязносным.

Я павінен сказаць, што ніхто з нас ніякім чынам не мог скардзіцца на стан свайго здароўя. Калі не лічыць пакут, якія мы перанеслі ў ільдах паўднёвага полюса, мы ніколі яшчэ не адчувалі сябе так добра — ні Нэд, ні Кансель, ні я. Здаровае харчаванне, свежае паветра, акуратнае жыццё, заўсёды роўная тэмпература — усё гэта аніяк не спрыяла захворванню. Я разумеў, што капітана Нэма, які ані трохі не шкадаваў зямлі і ўсюды быў як і ў сябе дома, такое жыццё зусім задавальняла. Але мы не цураліся чалавецтва і не хацелі ўцякаць ад яго. Я, напрыклад, не меў ніякага жадання пахаваць з сабою свае цікавыя падводныя назіранні.

Цяпер я меў бясспрэчнае права напісаць кнігу аб таямніцах марскога дна, і, вядома, я хацеў, каб гэтая кніга рана ці позна ўбачыла свет! Ды хоць-бы тут, у гэтых водах, амываючых Антыльскія астравы, на дзесяць метраў ніжэй паверхні акіяна, колькі цікавых назіранняў я кожны дзень запісваў у свой дзённік!

Тут сустракаліся чароўныя на выгляд мядузы, пякучыя, як крапіва, і вылучаючыя едкую вадкасць. З членістаногіх тут былі кольчатыя анеліды даўжынёю паўтара метры, з ружовым хобатам і тысячай сямістамі органамі руху. Яны выкручваліся пад вадой, раскідваючы вакол сябе снапы праменняў усіх колераў спектра. З храшчавых рыб там былі велізарныя скаты, даўжынёю дзесяць футаў і вагаю шэсцьсот фунтаў, з трыкутнымі груднымі плаўнікамі, з пукатасцю пасярэдзіне спіны і з вачыма, выступаючымі па краях пярэдняй часткі галавы. Яны плавалі, нібы нейкія адломкі крушэння, прыліпаючы да нашых акон, як шчыльная акяніца. Тут былі амерыканскія спінарогі, якім прырода вылучыла толькі два колеры — белы і чорны; макрэль даўжынёй у паўтара метры з кароткімі і вострымі зубамі.

Далей цэлымі зграямі плылі султанкі, спаласаваныя з галавы да хваста залацістымі паяскамі, з надзвычай прыгожымі плаўнікамі. Гэтыя рыбы — прыгажэйшыя стварэнні прыроды — калісьці прысвячаліся багіні Дыяне, і асабліва каштоўнымі іх лічылі багатыя рымляне. Аб іх нават складалася прыказка: «Не тыя ядуць султанак, хто іх ловіць». Нарэшце, залацістыя манахі з сямейства рыфавых рыб, нібы апранутыя ў аксаміт і шаўкі, праплывалі перад нашымі вачыма, як важныя сеньёры з карціны Веронэзэ[55], Маленькія, рухавыя спары хутка разбягаліся ва ўсе бакі пры іхнім набліжэнні. Галоўлі рассякалі ваду сваімі моцнымі мясістымі хвастамі. Срэбныя луны-рыбы, вартыя сваёй назвы, плавалі ў вадзе, як сапраўдныя луны на небе, адбіваючы белыя водбліскі вакол сябе.

Колькі яшчэ цудоўных і новых разнавіднасцей я мог-бы ўбачыць, каб «Наўтылус» не апусціўся ў больш глыбокія пласты! Нахіленыя гарызантальна стырны пацягнулі яго на дзве, тры і тры з паловай тысячы метраў у глыбіню. Тут жывёльнае жыццё было прадстаўлена толькі марскімі зоркамі, медузамі і некаторымі малюскамі.

Дваццатага сакавіка мы плылі на глыбіні, прыкладна, паўтары тысячы метраў. Бліжэйшымі да нас былі Багамскія астравы, параскіданыя, як група каменняў, на паверхні акіяна. Там падымаліся высокія падводныя скалы, стромкія сцены якіх былі адшліфаваныя вадой. Між іх ззялі чорныя шчыліны, якіх не мог асвятліць нават электрычны пражэктар.

Скалы гэтыя былі пакрыты высокімі травамі, гіганцкімі водарасцямі і фукусам, — сапраўды гэта быў марскі сад, варты свету тытанаў.

Ад размовы аб гэтых велічэзных раслінах мы з Канселем і Нэдам, вядома, перайшлі да пералічэння гіганцкіх марскіх жывёлін. Адны з іх, пэўна, павінны былі служыць стравай для другіх. Аднак скрозь вокны нерухомага «Наўтылуса» я бачыў на даўгіх падводных галінах толькі некаторых прадстаўнікоў сямейства ракавідных — буйных фіялетавых крабаў з даўгімі клюшнямі.

Было ўжо адзінаццаць гадзін, калі Нэд Лэнд звярнуў маю ўвагу на тое, што ў высокіх водарасцях нешта дзеецца.

— Гэта вельмі добрае месца для спрутоў, — сказаў я, — і я ніколькі не здзівіўся-б, каб убачыў тут парачку гэтых страшыдлаў. Але дружа Нэд, відаць, памыліўся, бо я не бачу тут нічога падазронага.

— Шкада, — сказаў Кансель. — Я не адмовіўся-б разглядзець як след аднаго з гэтых спрутоў, якія, як я чакаў, здольны пацягнуць за сабой цэлы карабель у глыбіню марскога бяздоння. Гэтыя пачвары завуцца крак…

— Крак — і ўсё тут, — іранічна перапыніў яго канадзец.

— Кракенамі, — спакойна закончыў Кансель, не звярнуўшы ўвагі на кпіны свайго таварыша.

— Ніколі я не паверу, — сказаў Нэд Лэнд, — што такія страшыдлы існуюць на свеце.

— Чаму-ж? — адказаў Кансель. — Верылі-ж мы ў існаванне нарвала.

— І мы памыліліся, Кансель!

— Пэўна! Але іншыя і цяпер вераць у яго.

— Магчыма, Кансель, але што тычыцца мяне, дык я паверу ў існаванне гэтых пачвар толькі тады, калі буду анатамаваць іх уласнымі рукамі, — сказаў я.

— Значыцца, — сказаў Кансель, — гаспадар не верыць у гіганцкіх спрутаў?

— А хто-ж, чорт вазьмі, верыў у іх? — ускрыкнуў Нэд Лэнд.

— Шмат людзей, дружа Нэд.

— Толькі не рыбакі! Вучоныя — магчыма.

— Прашу прабачэння, Нэд, — і рыбакі, і вучоныя, і нават я, я сам, — сказаў Кансель з самым сур’ёзным выглядам. Я сваімі ўласнымі вачыма бачыў вялізнае судна, якое цягнулі ў бяздонне шчупальцы галаваногага.

— Вы гэта бачылі? — запытаў канадзец.

— Так, Нэд.

— Вашымі ўласнымі вачыма?

— Так, дружа Нэд.

— Дзе, хацеў-бы я ведаць?

— У Сен-Мало, — спакойна адказаў Кансель.

— У порце? — насмешліва запытаўся Нэд.

— Не, у царкве, — адказаў Кансель.

— У царкве? — здзіўлена крыкнуў канадзец.

— Так, дружа Нэд. Гэта была карціна, на якой быў намаляваны акурат такі спрут, аб якім мы гаварылі.

— Ах, вось як! — сказаў Нэд Лэнд і пырснуў ад смеху, — Кансель здзекуецца з мяне!

— А Кансель-жа гаворыць праўду, — сказаў я. — Я чуў аб гэтай карціне. Сюжэт яе ўзяты з легенды, а вы ведаеце, як трэба адносіцца да легенд з галіны прыродазнаўства, асабліва калі справа ідзе аб пачварах… Тут ужо фантазія не ведае мяжы. Людзі не задавальняюцца апавяданнямі аб спрутах, здольных пацягнуць на дно мора цэлы карабель. Нехта Мікола Магнус сцвярджае, што ён бачыў спрута даўжынёй у цэлую мілю і больш падобнага на востраў, чым на жывую істоту. Другі «вачавідзец» паведамляе, што аднойчы біскуп Нідроскі пабудаваў алтар на вялізнай скале. Калі ён скончыў, скала кранулася і паплыла ў мора. Аказалася, што гэта быў спрут.

— Гэта ўсё? — запытаўся канадзец.

— Не, — адказаў я. — Другі біскуп, Пантапідан з Бергена, паведаміў аб спруце, на якім зусім вольна мог манеўраваць цэлы кавалерыйскі полк!

— Якія, аднак, брахуны былі гэтыя біскупы ў ранейшыя часы! — сказаў Нэд.

— І нарэшце старадаўнія прыродазнаўцы казалі аб страшыдлах, у якіх пасць была як затока, і якія былі такой велічыні, што не маглі праплысці праз Гібралтарскую пратоку.

— Вось гэта дык велічыня! — сказаў канадзец.

— Але якая частка праўды ва ўсіх гэтых апавяданнях? — запытаўся Кансель.

— Ніякай, сябры мае. Тут няма і цені праўды. Але для фантазіі апавядальнікаў патрэбна калі не прычына, дык прынамсі повад. Нельга адмаўляць, што існуюць спруты і кальмары велізарных размераў, але ўсё-ж меншыя за кітападобных. Арыстотэль, напрыклад, сцвярджаў, што бываюць кальмары даўжынёю ў пяць лакцей, гэта значыць тры метры дзесяць сантыметраў. Нашы рыбакі часта сустракалі кальмараў амаль два метры даўжыні. Па вылічэннях натуралістаў галаваногае — кальмар або спрут — даўжынёю толькі ў шэсць футаў мае шчупальцы даўжынёю ў цэлых дваццаць сем футаў. Гэтага зусім дастаткова, каб мець выгляд страшэннай пачвары!

— Іх ловяць і цяпер? — запытаўся канадзец.

— Не ведаю, ловяць іх ці не, але маракі ў кожным разе сустракаюць іх. Адзін з маіх прыяцеляў, капітан Поль Бос з Гаўра, сцвярджаў, што ў Індыйскім акіяне яму сустрэўся аднойчы вялізны спрут. Але самы дзіўны факт, які не пакідае больш сумненняў у існаванні гэтых гіганцкіх жывёл, здарыўся ў 1861 годзе.

— Што-ж гэта за факт? — запытаўся Нэд Лэнд.

— Зараз раскажу. У 1861 годзе на паўночны ўсход ад Тэнерыфа, амаль на той-жа шыраце, на якой мы знаходзімся цяпер, каманда пасыльнага судна «Алектон» заўважыла страшэннага кальмара. Камандзір судна, Бугэ, наблізіўся да жывёліны і атакаваў яе гарпунамі і кулямі, але без ніякага поспеху, бо кулі і гарпуны праходзілі ў яго мяккае цела, як ў жэле. Нарэшце, пасля доўгіх і бескарысных спроб, удалося накінуць пятлю на тулава малюска. Вузел слізнуў да хваставога плаўніка і там спыніўся. Паспрабавалі былі ўцягнуць страшыдла на борт судна, але цяжар яго быў настолькі вялікі, што вяроўка разрэзала яго напалам, хвост адарваўся, і вызваленая ад гэтай аздобы пачвара знікла ў хвалях.

— І гэта факт? — спытаў Нэд.

— Бясспрэчны факт, дружа Нэд. Гэтага кальмара прапанавалі назваць кальмарам Бугэ.

— А якой ён быў даўжыні?

— Метраў шэсць, ці не праўда? — сказаў Кансель, стоячы ля акна і разглядаючы шчыліны ў падводных скалах.

— Зусім правільна, — адказаў я.

— Ці не была яго галава аздоблена васьмю шчупальцамі, якія выкручваліся ў вадзе, як гняздо вужакаў.

— Акурат так.

— І яго вочы, якія знаходзіліся на макушцы галавы, былі дужа развітыя?

— Так, Кансель.

— І рот у яго нагадваў дзюбу папугая, толькі гіганцкі павялічаную?

— Зусім правільна.

— Цудоўна! З дазволу гаспадара, — спакойна сказаў Кансель, — вось ён, гэты самы кальмар Бугэ, або прынамсі адзін з яго бліжэйшых родзічаў.

Я са здзіўленнем паглядзеў на Канселя. Нэд Лэнд падышоў да акна.

— Жудаснае страшыдла! — ускрыкнуў ён.

Я зірнуў у акно і не мог стрымаць агіднай міны. Перад маімі вачыма было страшыдла, не лепшае за тых, аб якіх гаворыцца ў самых жудасных легендах. Гэта быў кальмар велізарных размераў, метраў восем велічынёю. Ён з вялікай хуткасцю плыў да «Наўтылуса», утаропіўшы ў нас свае вялізныя зеленавата-сінія вочы. Яго восем шчупальцаў, або ног, якія раслі проста з галавы, — што і прымусіла назваць жывёл гэтага тыпу галаваногімі, — двойчы павялічвалі яго тулава і выкручваліся, як валасы фурыі[56]. Можна было выразна бачыць усе дзвесце пяцьдзесят прысоскаў на ўнутраным баку шчупальцаў у выглядзе паўсферычных капсуль. Часамі гэтыя шчупальцы нібы прыліпалі да акна салона. Пасць страшыдлы — рогавая і загнутая, як дзюба папугая, — адчынялася і зачынялася вертыкальна. Яго язык, таксама з нейкага рогавага матэрыялу, меў многа радоў вострых зубоў і, уздрыгваючы, высоўваўся з-за гэтых страшэнных абцугоў. Які капрыз прыроды! Птушыная дзюба ў малюска! Яго верацянопадобнае, раздутае пасярэдзіне цела складалася з мясістай масы, якая павінна была важыць прынамсі дваццаць або дваццаць пяць тысяч кілаграмаў. Колер яго быў нясталы, ён безупынна мяняўся ў залежнасці ад ступені злосці жывёлы, пераходзячы паслядоўна ад попельна-шэрага да карычнева-чырванаватага колеру. Што злавала гэтага малюска? Без сумнення прысутнасць «Наўтылуса», яшчэ больш страшэннага, чым ён сам, страшыдла, на якога яго шчупальцы-прысоскі і жудасныя сківіцы не рабілі ніякага дзеяння.

Якія страхатлівыя гэтыя спруты, якую незвычайную жыццёвую сілу дала ім прырода, колькі магутнасці ў іхніх рухах! Нездарма-ж яны маюць тры сэрцы.

Выпадак звёў нас з кальмарам, і я не хацеў прапусціць адзіную магчымасць дакладна вывучыць гэты ўзор галаваногага. Я перасіліў свой жах і агіду, узяў аловак і пачаў замалёўваць яго.

— Можа гэта той самы спрут, якога давіў «Алектон»? — сказаў Кансель.

— Не, — адказаў канадзец, — ён-жа зусім цэлы, а той згубіў свой хвост!

— Гэта не доказ, — сказаў я. — Шчупальцы і хвост гэтых жывёлін маюць уласцівасць аднаўляцца, і за сем гадоў хвост кальмара Бугэ меў даволі часу, каб падрасці.

— Ну, — сказаў Нэд, — калі гэта не кальмар Бугэ, то можа ён тут, сярод гэтых?

Сапраўды, яшчэ некалькі спрутаў з’явіліся каля акна штырборта. Я налічыў іх сем. Яны стваралі нібы дружыну вакол «Наўтылуса», і я чуў скрогат іхніх дзюб аб жалезную абшыўку судна. Надзвычайны выпадак для назіранняў! Я працягваў сваю працу. Страшыдлы не адыходзілі ад нас ні на крок, яны здаваліся нерухомымі, — я мог-бы пры жаданні вычарціць іхнія контуры на шкле, тым больш, што мы ішлі з нязначнай хуткасцю.

Раптам «Наўтылус» спыніўся. Рэзкі штуршок прымусіў уздрыгануцца ўвесь корпус судна.

— Мы наскочылі на нешта? — спытаўся я.

— У кожным разе гэтая перашкода ўжо знікла, бо мы зноў плывём, — адказаў канадзец.

Але «Наўтылус» толькі спрабаваў плысці, а не рухаўся з месца. Лопасці яго вінта не рассякалі больш хваляў. Прайшла хвіліна. Капітан Нэма са сваім памочнікам увайшлі ў салон.

Я не бачыў капітана даволі доўга, ён здаўся мне вельмі хмурым. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, а можа і не бачачы нас, ён падышоў да акна, паглядзеў на спрутаў і сказаў некалькі слоў свайму памочніку.

Той выйшаў. Неўзабаве акяніцы зачыніліся, столь салона асвяцілася.

Я падышоў да капітана.

— Цікавая калекцыя спрутаў, — сказаў я з паказной нядбайнасцю.

— Яно так, спадар натураліст, і мы пазмагаемся з імі не на жыццё, а на смерць!

Я з неўразуменнем паглядзеў на капітана. Мне здалося, што я недачуў.

— Не на жыццё, а на смерць? — паўтарыў я.

— Так, прафесар. Вінт спыніўся. Я думаю, што рогавыя сківіцы аднаго з гэтых спрутаў застралі ў лопасцях. Гэта перашкаджае нам рухацца.

— І што-ж вы збіраецеся рабіць?

— Падняцца на паверхню і знішчыць усіх гэтых гадаў.

— Цяжкая задача.

— Я думаю. Электрычныя кулі бяссільныя супраць гэтых мяккіх мас: яны не сустракаюць у іх супраціўлення і таму не могуць узарвацца. Прыйдзецца напасці на іх з сякерамі.

— І з гарпуном, капітан, калі вы не адмовіцеся ад маёй дапамогі, — сказаў канадзец.

— Я прымаю яе, містэр Нэд Лэнд.

— Мы пойдзем з вамі, — сказаў я капітану Нэма.

Мы вышлі з салона і накіраваліся да лесвіцы.

Там чалавек дзесяць матросаў, узброеных, сякерамі, нарыхтаваліся ўжо да атакі. Мы з Канселем таксама ўзялі па сякеры. Нэд Лэнд захапіў гарпун.

«Наўтылус» падняўся на паверхню акіяна. Адзін з маракоў, стоячы на апошняй ступені сходаў, адкручваў балты каля крышкі люка. Як толькі ён зняў гайкі, створкі адразу расчыніліся, відаць шчупальцамі спрута. Зараз-жа адна з яго даўгіх ног слізганула як вужака, у адтуліну. Ударам сякеры капітан Нэма адсек гэта страшэннае шчупальца, якое, коўзаючыся і выгінаючыся, пакацілася па падножках.

Пакуль мы, штурхаючы адзін аднаго, спяшаліся хутчэй выбрацца на палубу, два другіх шчупальцы, з шалёнай хуткасцю абкруціліся вакол марака, які стаяў наперадзе капітана Нэма, і сціснулі яго з непераможнай сілай.

Капітан Нэма ўскрыкнуў і кінуўся наперад. Мы рынуліся за ім. Якое жудаснае відовішча. Няшчасны, схоплены прыліпшымі да яго шчупальцамі, узляцеў у паветра і павіснуў там, хрыпучы і задыхаючыся. Ён крычаў: «Да мяне! Да мяне!» Гэтыя словы, сказаныя па-французску, глыбока здзівілі мяне. Значыцца тут, на борце, быў мой суайчыннік, можа іх было нават некалькі? Гэты жудасны крык я буду памятаць усё жыццё!

Няшчасны гінуў.

Хто мог вырваць яго з гэтых магутных абнімкаў? Капітан Нэма паспяшыў да спрута і адсек ударам сякеры яшчэ адну яго нагу. Яго памочнік шалёна змагаўся з іншымі страшыдламі, якія ўспаўзалі па бортах «Наўтылуса». Уся каманда білася сякерамі. Канадзец, Кансель і я ўсаджвалі нашу зброю ў мясістую масу. У паветры пачуўся моцны пах мускуса.

Адзін момант я было паверыў, што няшчасны, схоплены спрутам, будзе вырваны з яго страшэнных прысоскаў. Сем ног з васьмі былі паадсяканыя, і толькі адна, круцячы сваю ахвяру як пушынку, выгіналася ў паветры. Але ў той момант, калі капітан Нэма і яго памочнік кінуліся на яе, жывёла выпусціла слуп чорнай вадкасці з мяшка, што знаходзіцца ў яе страўніку. Мы былі аслеплены. Калі гэтая заслона рассеялася, кальмар ужо знік разам з маім земляком!

Якая ярасць ахапіла нас! Мы азвярэлі ад лютасці. Дзесяць або дванаццаць спрутаў узабраліся на палубу «Наўтылуса». Мы літаральна качаліся сярод мешаніны са змеепадобных кавалкаў, якія віліся на палубе ў патоках крыві і чорнай вадкасці. Здавалася, быццам гэтыя ліпучыя шчупальцы вырасталі зноў, як галовы гідраў. Гарпун Лэнда пры кожным удары трапляў у сіня-зялёныя вочы кальмараў. Але раптам і нашага адважнага таварыша схапілі шчупальцы страшыдлы, ад якога ён не паспеў ухіліцца.

Як маё сэрца не разарвалася ад спалоху і жаху? Страшэнная дзюба кальмара была ўжо разяўлена над Нэдам Лэндам. Няшчасны павінен быў быць рассечаным напалам. Я паспяшыў яму на дапамогу. Але капітан Нэма папярэдзіў мяне. Яго сякера знікла ў вялізных сківіцах страшыдла, і нечакана выратаваны канадзец, падняўшыся на ногі, усадзіў свой гарпун да самай ручкі ў трайное сэрца спрута.

— Я быў вінен вам, — сказаў капітан Нэма канадцу.

Нэд моўчкі пакланіўся.

Гэтая бойка працягвалася не больш чвэрці гадзіны. Пераможаныя, скалечаныя страшыдлы ачысцілі месца змагання і зніклі ў хвалях.

Капітан Нэма, увесь у крыві, нерухома стаяў каля вышкі пражэктара і глядзеў на мора, якое паглынула аднаго з яго таварышаў. Буйныя слёзы цяклі з яго вачэй.

Раздзел дзевятнаццаты Гальфштрэм

Гэтае жудаснае здарэнне, на якое ніхто з нас ніколі не забудзецца, адбылося 20 красавіка. Я апісаў яго пад свежым уражаннем толькі што перажытага хвалявання. Пасля я перагледзеў сваё апавяданне і прачытаў яго Канселю і канадцу. Яны знайшлі, што яно зусім дакладнае, але недастаткова эфектнае. Каб апісаць такую карціну, трэба мець талент самага славутага з нашых паэтаў — Віктара Гюго, аўтара «Працаўнікоў мора».

Я сказаў ужо, што капітан Нэма плакаў, гледзячы на мора. Ён быў бязмежна сумны. За час нашага сумеснага плавання ён губляў ужо другога таварыша. І якая жудасная смерць! Яго таварыш, расціснуты, задушаны, зломлены страшэннымі шчупальцамі спрута, струшчаны яго жалезнымі сківіцамі, не будзе нават, спачываць побач з сваімі таварышамі ў спакойных водах каралавага могільніка!

Я сам быў узрушаны да глыбіні душы гэтым жудасным крыкам, які раптам раздаўся ў час барацьбы. Гэты няшчасны француз у час гібелі забыўся, што ён павінен гаварыць на ўмоўнай мове і загаварыў на мове сваёй радзімы. Значыцца, сярод людзей каманды «Наўтылуса», адданых душой і целам капітану Нэма, таксама як і ён парваўшых сувязі з чалавецтвам, у мяне быў зямляк! Ці быў ён адзіным у гэтым дзіўным калектыве, які складаўся, як відаць, з прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасцяў? Гэта была яшчэ адна з не вырашаных праблем, якія ўзнікалі адна за другой перада мною.

Капітан Нэма пайшоў да сябе, і я некалькі дзён не бачыў яго.

Але я мог здагадацца па паводзінах падводнага карабля, душой якога ён быў і які адбіваў усе яго перажыванні, якой вялікай была яго смута.

«Наўтылус» не плыў болей у пэўным кірунку. Ён насіўся, як труп, па волі хваляў. Яго вінт быў вызвалены ад пут, але ён ледзь варушыўся. Капітан Нэма ніяк не мог пакінуць гэтае месца бойкі, не мог пакінуць мора, якое паглынула аднаго з яго таварышаў.

Так прайшло дзесяць дзён. І толькі першага траўня «Наўтылус» рашуча ўзяў курс на поўнач, міма Багамскіх астравоў, да вусця Багамскага канала.

Мы плылі цяпер па цячэнню вялікай ракі акіяна, у якой ёсць свае берагі, свае рыбы і свая ўласная тэмпература. Я маю на ўвазе Гальфштрэм.

І сапраўды, гэта натуральная рака, якая вольна цячэ пасярод Атлантычнага акіяна, вада якой ніколі не злучаецца з акіянскай вадой. Гэта салёная рака, больш салёная, чым акаляючае яе мора. Яе сярэдняя глыбіня — тры тысячы футаў, яе сярэдняя шырыня — шэсцьдзесят міль. У некаторых месцах яе цячэнне дасягае чатырох кіламетраў у гадзіну.

Вытокі Гальфштрэма, калі можна так назваць іх, былі адкрыты капітанам Моры. Яны знаходзяцца ў Біскайскай затоцы. Там цячэнне яшчэ мала вызначаецца па тэмпературы і колеру, ледзь пачынаючы фармавацца. Далей Гальфштрэм спускаецца на поўдзень, уздоўж экватарыяльнай Афрыкі, паглынаючы па дарозе цеплыню праменняў трапічнага сонца, перасякае Атлантычны акіян, дасягае мыса Рок, на бразільскім беразе, падзяляецца на два рукавы, адзін з якіх яшчэ больш награецца, праходзячы праз гарачыя воды Антыльскага мора. І тут Гальфштрэм, які павінен ураўнаважваць тэмпературу зямнога шара, уступае ў свае абавязкі. Нагрэты амаль да кіпення ў Мексіканскай затоцы, ён падымаецца на поўнач, да амерыканскага ўзбярэжжа, даходзіць да Ньюфаўндленда, змяняе кірунак пад ціскам халоднага цячэння Дэвісавай пратокі і зноў цячэ да акіяна па вялікай акружыне; каля сорак трэцяй паралелі Гальфштрэм падзяляецца на два рукавы, з якіх адзін пры дапамозе паўночна-ўсходняга пасата вяртаецца да Біскайскай затокі і Азорскіх астравоў, другі-ж, сагрэўшы берагі Ірландыі і Нарвегіі, ідзе далей Шпіцбергена, дзе тэмпература ахалоджваецца да чатырох градусаў і стварае вольнае мора паўночнага полюса.

Па выхадзе з Багамскага канала Гальфштрэм, маючы чатырнаццаць лье ў шырыню і трыста пяцьдзесят метраў глыбіні, цячэ з хуткасцю васьмі кіламетраў у гадзіну. Гэтая хуткасць паступова змяншаецца па меры набліжэння да поўначы. І трэба пажадаць, каб гэтая паступовасць зніжэння хуткасці засталася і надалей, бо калі хуткасць і кірунак цячэння зменіцца, то еўрапейскаму клімату пагражаюць такія змены, вынікі якіх цяжка сабе ўявіць.

Па гэтай рацэ ў акіяне і плыў «Наўтылус».

А поўдні мы з Канселем стаялі на палубе. Я расказваў яму аб некаторых уласцівасцях Гальфштрэма. Скончыўшы тлумачэнне, я прапанаваў яму апусціць руку ў цячэнне.

Кансель паслухаўся і быў вельмі здзіўлены, не адчуўшы ні цеплыні ні холаду.

— Гэта таму, — сказаў я яму, — што тэмпература вады Гальфштрэма, пры выхадзе з Мексіканскай затокі, мала адрозніваецца ад тэмпературы чалавечага цела. Гальфштрэм — гэта велізарная крыніца цяпла, дзякуючы якой берагі Еўропы пакрыты вечназялёнымі раслінамі. Па вылічэннях Моры, цеплынёвая энергія, якую аддае прырода на награванне вады Гальфштрэма, магла-б падтрымліваць у расплаўленым стане цэлую раку з жалеза, велічынёй як Амазонка або Місуры.

У гэтым месцы хуткасць Гальфштрэма дасягала двух метраў з чвэрткай у секунду. Цячэнне рэзка адрознівалася ад акаляючага мора. Яго цёмныя, багатыя солямі воды выразна вылучаліся сваім чыстым сінім колерам на фоне зялёных марскіх хваляў. Дэмаркацыйная лінія між імі была настолькі выразнай, што недалёка ад Каралінскіх астравоў быў момант, калі можна было заўважыць, як нос «Наўтылуса» рассякае ўжо воды Гальфштрэма, тады, як вінт пеніць яшчэ акіянскія хвалі.

Гальфштрэм цягнуў за сабой цэлы свет жывых істот. Арганаўты, якія водзяцца ў Міжземным моры, вандравалі тут незлічонымі зграямі. З храшчовых самымі значнымі былі скаты, у якіх хвасты складалі амаль трэць усяго цела; яны мелі форму вялізных косавугольнікаў, футаў дваццаць пяць даўжынёй. Потым мы бачылі маленькіх акул у метр велічынёю, з вялікай галавой і кароткай круглай мордай, з шматлікімі радамі вострых зубоў; цела іх, здавалася, было пакрыта лускай.

Сярод касцістых рыб я адзначыў губанаў, якія водзяцца звычайна ў гэтых, марах; споргаў; паласатых змеегаловаў даўжынёй адзін метр, з целам, нібыта размаляваным палосамі, якія цягнуцца ў выглядзе кропак і плям і на плаўніках; залатую макрэль прыгожага залацістага колеру з сіняватым адценнем; палтусаў, або флетан, з вачыма на правым баку; ромбаў, якія належаць да таго-ж сямейства, што і палтусы, але з вачыма і шырокім ротам ужо на левым баку; мноства дробных бекасавых рыб з трубчатым лычам, афарбаваных у бледна-чырвоны колер на спіне і ў срабрысты на жываце; розных прадстаўнікоў сямейства сёмгі і г. д.

Уначы фасфарасцэнцыя вод Гальфштрэма спаборнічала з электрычным святлом нашага пражэктара. Асаблівай яркасці гэтае свячэнне дасягала напярэдадні навальніцы.

Восьмага траўня мы былі яшчэ на траверзе мыса Гатэраса, на шыраце Паўночнай Караліны. Шырыня Гальфштрэма мае тут семдзесят пяць міль, а глыбіня — дзвесце метраў. «Наўтылус» па-ранейшаму ішоў абы куды. Усе перасцярогі, здавалася, былі пакінуты. Пры гэтых умовах уцяканне здавалася нам зусім магчымым. І сапраўды: заселеныя берагі ўсюды забяспечвалі прытулак; па моры хадзіла шмат параходаў, якія курсіравалі паміж Бостанам і Нью-Ёркам або Мексіканскай затокай; дзень і ноч плылі маленькія нагружаныя шхуны, дастаўляўшыя груз у розныя пункты амерыканскага берагу. Мы маглі спадзявацца, што нас падбяруць. Наогул гэта быў той самы доўгачаканы «зручны выпадак», не гледзячы на тое, што ад берагоў Злучаных штатаў нас аддзялялі цэлых трыста міль.

Але адна прыкрая акалічнасць перашкаджала ажыццяўленню планаў канадца: было дужа дрэннае надвор’е. Мы набліжаліся да месцаў, дзе заўсёды бушуюць навальніцы, — тут была сапраўдная радзіма смерчаў і цыклонаў, якіх выклікае Гальфштрэм. Пусціцца ў дарогу на крохкай шлюпцы ў буру — значыла ісці на верную гібель. Нэд Лэнд разумеў гэта і, скрыгаючы зубамі ад бяссільнай злосці, адкладаў уцёкі з аднаго дня на другі, ён нарэшце захварэў страшэнным сумам па радзіме, і толькі вызваленне магло яго вылечыць.

— Спадар прафесар, — гаварыў ён мне. — Трэба пакончыць з гэтым! Ваш Нэма аддаляецца ад заселеных зямель і ідзе на поўнач. Але я ўжо казаў вам, што з мяне хопіць паўднёвага полюса, мне няма чаго рабіць на паўночным.

— Што-ж рабіць, Нэд, калі ўцяканне ў гэты момант немагчыма?

— Я вяртаюся да сваёй прапановы. Трэба пагаварыць з капітанам. Вы маўчалі, калі мы плылі ўздоўж берагоў вашай радзімы. Цяпер мы плывём ля берагоў маёй, — і я не магу маўчаць! Калі я думаю, што праз некалькі дзён «Наўтылус» будзе каля Новай Шатландыі і што там ля Ньюфаўндленда ёсць шырокая бухта, што ў гэтую бухту ўпадае рака святога Лаўрэнція, і што рака святога Лаўрэнція — мая родная рака, рака горада Квэбека, майго роднага горада, — калі я ўспамінаю ўсё гэта, я трасуся ад шаленства! спадар прафесар, я не магу болей, я кінуся ў мора! Я не застануся тут. Я задушуся!

Канадзец, відаць, страціў апошнія рэшткі цярпення. Яго дужая натура не магла прымірыцца з гэтым бясконцым замкненнем. Яго твар з кожным днём рабіўся ўсё больш суровым. Я добра разумеў яго пакуты, бо сам захварэў сумам па радзіме.

Мінула ўжо сем месяцаў, як мы згубілі ўсякую сувязь з зямлёй. Ды апрача таго замкнёнасць капітана Нэма, другі настрой пасля бойкі са спрутамі, яго маўклівасць — усё гэта прымушала бачыць рэчы ў другім святле. Я не адчуваў больш энтузіязма першых дзён. Трэба было быць фламандцам, як Кансель, каб згаджацца з гэтым жыццём, зусім адпаведным для кітоў і іншых насельнікаў мора, але не для людзей. Сапраўды-ж, каб гэты добры дзяцюк меў жабры замест лёгкіх, ён быў-бы вельмі паважанай рыбай.

— Дык як-жа, спадар прафесар? — запытаўся Нэд Лэнд, бачачы, што я не адказваю яму.

— Значыцца, Нэд Лэнд, вы хочаце, каб я даведаўся ў капітана Нэма, якія ў яго планы наконт нас?

— Так, прафесар.

— І вы настойваеце, не гледзячы на тое, што адзін раз ён ужо выказаў іх?

— Так. Я хачу высветліць усё ў апошні раз. Кажыце пра мяне, толькі пра мяне аднаго, калі хочаце.

— Але я амаль не бачу яго. Ён уцякае ад мяне.

— Тым больш падстаў яго ўбачыць!

— Добра, я запытаюся, Нэд.

— Калі? — настойваў канадзец.

— Калі яго сустрэну.

— Спадар Аранакс, хочаце, я сам пайду знайду капітана?

— Не, не, пакіньце гэта мне. Заўтра…

— Сёння, — сказаў Нэд Лэнд.

— Добра. Я ўбачу яго сёння, — адказаў я канадцу, баючыся, што ён сапсуе ўсю справу, калі возьмецца за яе сам.

Я застаўся адзін. Паабяцаўшы высветліць усё, я рашыў зрабіць гэта безадкладна. Я заўсёды лічыў за лепшае прыкрую сапраўднасць, чымся нудную невядомасць.

Я вярнуўся ў свой пакой. За сцяной пачуліся крокі капітана Нэма. Нельга было прапускаць такі добры выпадак. Я пастукаў у яго дзверы. Ніякага адказу. Я зноў пастукаў, потым пакруціў ручку дзвярэй. Дзверы расчыніліся.

Я ўвайшоў. Капітан быў у сваім пакоі. Сагнуўшыся над сваім рабочым сталом, ён нешта пісаў. Ён не пачуў маіх крокаў. Парашыўшы не выходзіць, не пагаварыўшы з ім, я падышоў да яго. Ён рэзкім рухам падняў галаву, насупіў бровы і запытаўся ў мяне даволі груба:

— Вы тут? Што вам ад мяне трэба?

— Гаварыць з вамі, капітан.

— Але я заняты, васпане, я працую. Я пакінуў вам поўнае права быць адным, — ці думаеце вы, што я пазбаўлены гэтага права?

Гэты прыём даваў мала надзей на паспяховы вынік перагавораў. Але ўсё-ж я рашыў давесці справу да канца.

— Спадар, — сказаў я холадна, — я павінен гаварыць з вамі аб безадкладнай справе.

— Аб якой-жа, прафесар? — запытаўся ён насмешліва. — Вам пашчасціла зрабіць якую-небудзь вынаходку, якой не заўважыў я? Мора расказала вам якую-небудзь новую тайну?

Перш чым я паспеў адказаць, ён паказаў мне на аркушы рукапіса, якія ляжалі ў яго на стале, і дадаў больш сур’ёзным тонам:

— Вось, спадар Аранакс, рукапіс, напісаны на некалькіх мовах. Ён змяшчае ў сабе вынікі маіх навуковых доследаў у моры, і я спадзяюся, што ён не загіне разам са мной. Гэты рукапіс, падпісаны маім імем і папоўнены гісторыяй майго жыцця, будзе паложаны ў маленькі плывучы апарат. Апошні, хто застанецца ў жывых на «Наўтылусе», кіне апарат у мора, і хвалі панясуць яго.

Імя гэтага чалавека! Яго гісторыя, напісаная ім самім! Значыцца, тайна яго калі-небудзь будзе адкрыта?

Але пакуль што ў гэтым паведамленні я ўбачыў магчымасць перайсці да патрэбнай мне тэмы.

— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі адобрыць ідэю, якую вы збіраецеся ажыццявіць. Было-б вар’яцтвам, каб вынікі вашай працы загінулі. Але спосаб, вынайдзены вамі, здаецца мне занадта прымітыўным. Хто ведае, куды вецер занясе гэтую прыладу і ў якія рукі яна трапіць? Ці нельга прыдумаць што-небудзь больш пэўнае? Можа вы самі або адзін з вашых таварышаў…

— Ніколі, спадар! — жвава спыніў мяне капітан.

— У такім разе я і мае спадарожнікі, мы гатовы хаваць гэты рукапіс, і калі вы вернеце нам волю…

— Волю? — сказаў капітан Нэма, падымаючыся.

— Так, капітан, гэта тое, аб чым я хацеў гаварыць з вамі. Вось ужо сем месяцаў, як мы знаходзімся на вашым караблі, і я хачу запытаць вас сёння ад свайго імя і ад імя сваіх таварышаў, ці маеце вы намер трымаць нас тут усё жыццё?

— Спадар Аранакс, я адкажу вам тое-ж, што адказаў сем месяцаў назад: хто трапіў на «Наўтылус», той ніколі больш яго не пакіне!

— Але-ж гэта сапраўднае нявольніцтва!

— Называйце гэта як вам спадабаецца.

— Нявольнік мае права імкнуцца на волю! Усе спосабы для гэтага добрыя.

— Гэтага права ніхто не адымае ад вас, — адказаў капітан Нэма. — Хіба я звязваў вас якой-небудзь прысягай?

— Спадар, — сказаў я яму, — ні мне, ні вам не хацелася вяртацца ў другі раз да гэтай тэмы. Але-ж паколькі мы ўжо кранулі яе, трэба гаварыць да канца. Я паўтараю, гутарка ідзе не пра мяне аднаго. Для мяне навука з’яўляецца магутнай апорай, захапленнем, забавай, калі хочаце, запалам, які дапаможа мне ўсё забыць. Таксама як і вы, я магу жыць у невядомасці, задаволены надзеяй пакінуць калі-небудзь чалавецтву вынікі сваёй працы. Адным словам, я магу захапляцца вамі, прызнаваць у некаторых адносінах вашу правасць і нават адчуваць нейкую прыемнасць ад таго, што з’яўляюся ўдзельнікам вашых вандраванняў. Але ёсць іншыя бакі вашага жыцця, якія здаюцца мне звязанымі з нейкімі асаблівымі таямніцамі, і да іх на гэтым судне толькі я ды мае таварышы не маем ніякага дачынення. І нават тады, калі нашы сэрцы біліся ва ўнісон з вашым, кранутыя вашым горам або захопленыя вашымі талентамі і розумам, мы павінны былі адмовіцца ад малейшага выяўлення той сімпатыі, якую няўхільна нараджае ўсё добрае і прыгожае. І тое, што мы чужыя для ўсяго таго, што датычыцца вас, робіць наша прабыванне тут нязносным нават для мяне. Але асабліва нясцерпна яно для Нэда Лэнда. Кожны чалавек па адным тым, што ён чалавек, заслугоўвае, каб аб ім думалі Ці задаваліся вы пытаннем, якія планы помсты могуць узнікнуць у чалавека, які кахае волю і ненавідзіць нявольніцтва? У такога чалавека, як наш канадзец? Ці пыталіся вы сябе, што ён можа прыдумаць, на што ён можа адважыцца?..

Капітан Нэма ўстаў.

— Што можа прыдумаць Нэд Лэнд і на што ён можа адважыцца? Я гэтым не цікаўлюся. Не я яго шукаў. І я не для ўласнай прыемнасці трымаю яго тут. Што тычыцца вас, спадар Аранакс, дык вы з тых, хто можа ўсё зразумець, нават маўчанне. Мне больш няма чаго вам адказаць. Першая ваша спроба гаварыць са мной на гэтую тэму павінна быць апошняй, бо ў другі раз я не стану нават слухаць вас.

Я выйшаў. Пачынаючы з гэтага дня нашы адносіны зрабіліся стрыманымі.

Я перадаў нашу размову абодвум маім таварышам.

— Мы ведаем цяпер, — сказаў Нэд Лэнд, — што нам няма чаго чакаць ад гэтага чалавека. «Наўтылус» набліжаецца да Лонг-Айленда. Мы павінны ўцячы, якое-б ні было надвор’е.

Але неба рабілася ўсё больш і больш пагражаючым. З’явіліся праракальнікі ўрагану. Малочна-белы туман насіўся ў паветры. Кругавід затуліўся навальнічнымі хмарамі. Воблакі несліся нізка над морам з незвычайнай хуткасцю. Мора ўздымалася і бушавала. Птушкі зніклі, за выключэннем буравеснікаў, гэтых сяброў буры. Барометр нізка апусціўся.

Навальніца пачалася ўдзень дванаццатага траўня, акурат тады, калі «Наўтылус» знаходзіўся на траверзе Лонг-Айленда, за некалькі міль ад Нью-Ёрка.

Я магу апісаць гэтую барацьбу стыхій, бо замест таго, каб схавацца ў глыбіні мора, капітан Нэма, па незразумеламу капрызу, застаўся на паверхні мора.

Вецер дзьмуў з паўднёвага ўсходу з хуткасцю пятнаццаць метраў у секунду; каля трох гадзін пасля поўдня хуткасць яго дасягнула дваццаці пяці метраў у секунду. Гэта была ўжо бура.

Капітан Нэма заняў месца на палубе. Ён прывязаў сябе да поручаў, каб не быць змытым раз’юшанымі валамі. Я ўскараскаўся туды-ж і прывязаў сябе побач з ім, аднолькава захапляючыся бурай і гэтым незвычайным чалавекам, які сустракаў яе з узнятай галавой. Клоччы хмар дакраналіся да паднятых хваляў мора. Я не бачыў тых маленькіх прамежных хваляў, якія ствараюцца звычайна між вялікімі валамі. Нічога, акрамя чорных, як сажа, валоў, грэбень якіх нават не рассыпаўся ў пырсках, настолькі ён быў шчыльным. Вышыня іх усё ўзрастала. «Наўтылус» клаўся на бок, або падымаўся прама ўгару, як мачта, страшэнна хістаючыся і апускаючыся носам у ваду.

Каля пяці гадзін вечара пайшоў праліўны дождж, але ён не заспакоіў ні ветру, ні мора. Ураган нёсся з хуткасцю сорак пяць метраў у секунду, гэта значыць звыш сарака лье ў гадзіну. Такія ўраганы разбураюць будынкі, зносяць чарапічныя дахі, разбіваюць жалезныя краты і як мячыкі перакочваюць вялікія гарматы на палубах караблёў. Але «Наўтылус» сярод гэтага хаосу цалкам спраўдзіў словы аднаго выдатнага інжынера: «Няма такога карабля, калі ён добра пабудаваны, які не мог-бы змагацца з морам». Гэта не была нерухомая скала, якую хвалі маглі разбурыць, — гэта было сталёвае верацяно, рухавае і пакорнае чалавеку; без снасцяў і без мачтаў, яно паспяхова змагалася з раз’юшанай стыхіяй.

Я ўважліва назіраў гэтыя нібыта сарваўшыяся з ланцуга валы. Яны дасягалі пятнаццаці метраў вышыні пры даўжыні ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці пяці метраў і каціліся з хуткасцю на палову меншай, чым хуткасць ветру. Іхні аб’ём і іхняя магутнасць павялічваліся ў залежнасці ад глыбіні мора. Я зразумеў тады ролю гэтых хваляў, якія ўбіраюць у сябе паветра, нясуць яго ў глыб мора, дастаўляючы туды такім чынам кісларод. Найбольшы ціск іх, па вылічэннях вучоных, дасягае трох тысяч кілаграмаў на квадратны фут паверхні, на якую яны навальваюцца. Вось гэткія іменна хвалі зрушылі з месца на Гебрыдскіх астравах скалу вагаю восемдзесят чатыры тысячы фунтаў. Гэта яны ў час буры 23 снежня 1864 года, разбурыўшы частку горада Ііда ў Японіі, з хуткасцю семсот кіламетраў у гадзіну пранесліся па акіяну і ў той-жа дзень дасягнулі берагоў Амерыкі, каб разбіцца аб іх.

Калі надыходзіла ноч, я ўбачыў на гарызонце вялікі карабель, які безнадзейна змагаўся з бурай. Ён ляжаў у дрэйфе, падтрымліваючы пары, каб трымацца супраць ветру. Мабыць гэта быў адзін з параходаў, якія робяць рэйсы паміж Нью-Ёркам і Ліверпулем або Гаўрам. Неўзабаве ён знік у цемры.

Каля дзесяці гадзін вечара ўсё неба было быццам ахоплена полымем. Вогненныя маланкі рассякалі паветра. Я не мог глядзець на іхні нясцерпны блеск, але капітан Нэма не адводзіў вачэй ад неба. Здавалася, ён, удыхаў у сябе самую душу буры…

Неймаверны гул страсаў паветра, — шум хваляў, выццё ветру, грукат грому… Вецер нібы дзьмуў з усіх чатырох бакоў, і цыклон, пачаўшыся з ўсходу туды-ж і вяртаўся, прайшоўшы поўнач, захад і поўдзень.

Ах, гэты Гальфштрэм! Ён цалкам заслужыў сваё імя караля навальніц! Што-ж, як не розная тэмпература вод і пластоў паветра над яго цячэннем, раджае гэтыя страшэнныя цыклоны!

За дажджом паследваў нібы вогненны лівень. Струмені вады, здавалася, ператварыліся ў патокі расплаўленага металу.

Можна было падумаць, што капітан Нэма, выбіраючы сабе па заслугах смерць, жадае быць забітым маланкай.

У момант страшэннай кілевай качкі «Наўтылус» падняў у паветры свой сталёвы бівень, падобны да громаадвода, і я бачыў, як сыпаліся з яго іскры.

Зусім знясілеўшы, я на жываце падпоўз да люка, адчыніў яго і спусціўся ў салон. Ураган дасягнуў у гэты час найвышэйшага напружання. У сярэдзіне «Наўтылуса» ні секунды нельга было ўтрымацца на нагах.

Капітан Нэма сышоў уніз толькі а поўначы. Я чуў, як напаўняліся рэзервуары, і «Наўтылус» павольна апускаўся ў спакойную глыб мора. Акяніцы ў салоне былі адчынены, і я бачыў цэлыя зграі вялікіх рыб, якія ў сполаху нібы здані насіліся ў вогненай вадзе. Некаторыя з іх былі забіты маланкай на маіх вачах.

«Наўтылус» усё апускаўся. Я думаў, што ён знойдзе спакойную зону на глыбіні пятнаццаці метраў. Але марская паверхня была настолькі бурнай, што нам прышлося апусціцца на глыбіню пяцідзесяці метраў у нетры акіяна.

Але затое тут, у глыбіні, якая цішыня, які спакой! Хто-б мог падумаць, што на паверхні мора ў гэты час бушуе такі жудасны ураган!

Раздзел дваццаты Пад 47°24´ шыраты і 17°28´ даўгаты

Бура адкінула нас на ўсход. Усе надзеі уцячы каля Нью-Ёрка або св. Лаўрэнція зніклі. Беднага Нэда апанаваў адчай, ён трымаўся ў баку ад усіх, як капітан Нэма. Мы з Канселем не разлучаліся.

Я сказаў ужо, што «Наўтылус» быў адкінуты на ўсход, дакладней кажучы — да паўночнага ўсходу. На працягу некалькіх дзён ён вандраваў або пад вадой, або на паверхні мора, бадай увесь час у тумане, такім небяспечным для мораплаўцаў. Туманы гэтыя ствараюцца галоўным чынам ад раставання айсбергаў, што насычае атмасферу вадзянымі парамі.

Колькі суднаў гіне ў гэтых краях, спрабуючы дабрацца да берагу, арыентуючыся на нявернае мігценне яго аганькоў! Колькі няшчасцяў здарылася з-за туманаў! Колькі сутычак суднаў, не гледзячы на агні ліхтароў, не гледзячы на свісткі, не гледзячы на трывожны звон суднавых званоў! Колькі ўдараў аб падводныя камні там, дзе вецер заглушае шум прыбою!

Нядзіва, што дно марское ў гэтых месцах нагадвала поле бойкі; рэшткі крушэнняў усцілалі яго — адны старыя і трухлявыя, другія свежыя, з бліскучай яшчэ медзянай абшыўкай, у якой адбівалася святло нашага пражэктара. Колькі тут ляжала суднаў, якія загінулі без вестак з усёй сваёй камандай і жывым грузам эмігрантаў! Колькі крушэнняў кожны год здараецца ў гэтых адзначаных ва ўсіх даведніках небяспечнейшых зонах — вострава Сен-Поль, мыса Рас, пратокі Бель-Іль, вусця ракі Лаўрэнція! Толькі за некалькі апошніх гадоў у жалобны спіс патануўшых у гэтых месцах караблёў прышлося занесці «Сальвея», «Ізіду», «Парамату», «Венгерца», «Канадца», «Англа-Сакса», «Гумбольта», «Злучаныя штаты», усе патопленыя ураганамі, «Арктыку» і «Ліёнца», загінуўшых пры сутычцы, «Прэзідэнта», «Ціхі акіян», «Горад Глазго», загінуўшых ад невядомых прычын.

«Наўтылус» плыў сярод адломкаў крушэнняў, нібы робячы смотр мерцвякам.

Пятнаццатага траўня мы знаходзіліся на паўднёвым канцы Ньюфаўндлендскай мяліны. Мяліну гэтую зрабілі марскія наносы. Гэта значнае згрупаванне ўсялякіх арганічных матэрыялаў, занесеных сюды або з экватара Гальфштрэмам, або з паўночнага полюса супрацьлеглым халодным цячэннем, якое абгінае амерыканскі бераг. Тут сабралася таксама страшэнная груда рыб і касцей, рэштак малюскаў і зоафітаў, якія мільярдамі гінуць тут.

На Ньюфаўндлендскай мяліне глыбіня мора зусім нязначная: некалькі соцень футаў, — не больш. Але на поўдні раптам пачынаецца глыбокая нізіна — правалле ў тры тысячы метраў. Тут Гальфштрэм пашыраецца. Ён разліваецца тут у цэлае мора, але не губляе пры гэтым сваю хуткасць і тэмпературу.

Сярод рыб, якіх «Наўтылус» пужаў сваім набліжэннем, я разгледзеў круглапёраў, паўметра велічынёю, з чарнаватай спіной і аранжавым брухам, — яны з’яўляюцца прыкладам выключнай супружнай вернасці; даўгіх смарагдавых мурэн, вельмі прыемных на смак; каркасаў з вялікімі вачыма, галава якіх мае некаторае падабенства з сабачай; бычкоў і губанаў. Але часцей за ўсё нам сустракалася траска, якую мы знайшлі ў яе ўлюбёным месцы, — на невычарпальных мялінах Ньюфаўндленда.

Можна смела сказаць, што траска — гэта горная рыба, бо Ньюфаўндленд не што іншае, як падводная гара. Калі «Наўтылус» пракладваў сабе дарогу сярод шчыльных фаланг траскі, Кансель не мог стрымацца ад крыку здзіўлення.

— Як, і гэта траска! А я быў упэўнены, што траска такая-ж плоская, як камбала.

— Што за глупства! Траска бывае плоскай толькі ў рыбных крамах, куды яна трапляе ўжо выпатрашанай. У моры гэта такая-ж верацёнападобная рыба, як галаўль, і добра прыстасаваная да плавання!

— Гаспадару лепш ведаць, — адказаў Кансель. — Але якая тут процьма рыбы, сапраўдны мурашнік!

— Яе было-б куды больш, каб не драпежніцкі лоў яе. Ці ведаеш ты, колькі ікрынак налічваюць у адной самкі?

— Дапусцім, што пяцьсот тысяч, — адказаў Кансель.

— Адзінаццаць мільёнаў, любы мой!

— Адзінаццаць мільёнаў? Ну, гэтаму я ніколі не паверу, пакуль не пералічу сам.

— Пералічы! Але я думаю, ты зберажэш час, калі паверыш мне. Не забывайся, што французы, англічане, амерыканцы, датчане, нарвежцы ловяць траску ў вялікай колькасці. Яе ўжываюць надзвычай многа, і каб не незвычайная ўласцівасць пладзіцца, ад гэтай рыбы даўно нічога не засталося-б. Так, у адной толькі Англіі і Амерыцы пяць тысяч суднаў і семдзесят пяць тысяч маракоў занятыя лоўляй траскі. Кожнае судна за сезон вылоўлівае ў сярэднім не менш сарака тысяч штук, што складае разам каля дваццаці мільёнаў. Ля берагоў Нарвегіі яе ловяць у такой-жа колькасці.

— Добра, — сказаў Кансель. — Я веру гаспадару і не буду лічыць іх.

— Што лічыць, Кансель?

— Адзінаццаць мільёнаў ікрынак. Але я павінен зрабіць адну заўвагу.

— Якую?

— А тое, што каб з кожнай ікрынкі вырасла рыба, даволі было-б двух пар траскі, каб накарміць усю Англію, Амерыку і Нарвегію.

У той час, як мы праходзілі над Ньюфаўндлендскімі мялінамі, ледзь не зарываючыся кілем у пясок, я паспеў добра разгледзець даўгія тонкія вяроўкі, маючыя дзвесце кручкоў, якіх кожная лодка налічвае тузінамі. Кожная вяроўка, прывязаная адным канцом да крука, трымалася на паверхні мора пры дапамозе буйка. «Наўтылусу» прыходзілася ўважліва манеўраваць сярод гэтых падводных сетак.

Аднак падводны карабель нядоўга заставаўся ў гэтых людных месцах. Ён падняўся да шыраты Ньюфаўндленда, дзе на востраве Сен-Джонс выходзіць амерыканскі канец трансатлантычнага кабеля.

Адсюль «Наўтылус», замест таго, каб працягваць свой шлях на поўнач, узяў кірунак на ўсход, нібы жадаючы даследваць тое плоскае ўзвышша, дзе ляжаў кабель, — рэльеф яго быў вядомы да малейшых дэталей, дзякуючы незлічоным вымярэнням.

Сямнаццатага траўня за пяцьсот міль ад Сен-Джонса, на двух тысячах васьмістах метрах глыбіні, я ўбачыў прасцёрты на пяску кабель. Кансель, якога я не паспеў папярэдзіць, прыняў яго за гіганцкую марскую змяю і нарыхтаваўся ўжо класіфікаваць па свайму метаду. Але я расчараваў добрага хлапца і, каб суцешыць яго, расказаў яму цэлы шэраг падрабязнасцей пра тое, як быў пракладзены гэты кабель.

Першы кабель быў пракладзены на працягу 1857 і 1858 гадоў. Але, перадаўшы чатырыста тэлеграм, ён раптам спыніў работу. У 1863 годзе інжынеры пабудавалі новы кабель, у тры тысячы чатырыста кіламетраў даўжыні; ён важыў чатыры тысячы пяцьсот тон, і для ўкладкі гэтага велізарнага грузу быў спецыяльна прыстасаваны параход «Great Eastern». Але і гэтая спроба не ўдалася.

Дваццаць пятага траўня «Наўтылус», апусціўшыся на глыбіню тры тысячы восемсот трыццаць шэсць метраў, трапіў акурат на тое месца, дзе здарыўся разрыў кабеля. Гэта адбылося за шэсцьсот трыццаць восем міль ад берагоў Ірландыі. А другой гадзіне па поўдні заўважылі, што зносіны з Еўропай спынены. Інжынеры, якія знаходзіліся на борце «Great Eastern», знайшлі месца разрыву і да адзінаццаці гадзін вечара здолелі выцягнуць з вады абодва канцы. Паправіўшы кабель, яны зноў апусцілі яго ў ваду. Але праз некалькі дзён здарыўся разрыў, і на гэты раз дастаць кабель з глыбіні акіяна не ўдалося.

Але амерыканцы не адступалі перад цяжкасцямі. Сайрус Фільд, адважны ініцыятар усёй гэтай справы, улажыўшы ў яе ўсю сваю маёмасць, арганізаваў новую падпіску. Акцыі новага выпуску былі зараз-жа раскуплены. Быў зроблены новы кабель, больш дасканалай канструкцыі. Пучок дроту, ізаляваны гумавай абалонкай, быў абкручаны падушкай з валакністай матэрыяй і замкнёны ў металёвую арматуру.

«Great Eastern» выйшаў у мора 13 ліпеня 1866 года.

Усё ішло добра. Але аднойчы адбылося наступнае. Раскручваючы кабель перад спускам, інжынеры заўважылі, што ў некалькіх месцах ён праткнуты цвікамі, відаць, з мэтай сапсаваць сярэдзіну.

Капітан Андэрсан, карабельныя афіцэры і інжынеры сабраліся, абмеркавалі гэтую справу і пастанавілі, што калі знойдуць вінаватага, ён будзе выкінуты за борт без усякага суда. З гэтага часу злачынныя спробы больш не паўтараліся.

Дваццаць трэцяга ліпеня «Great Eastern», які знаходзіўся не больш як за восемсот кіламетраў ад Ньюфаўндленда, атрымаў тэлеграму з Ірландыі, што Прусія і Аўстрыя заключылі замірэнне пасля бітвы пры Садове. 27-га, прабіраючыся ў тумане, карабель дасягнуў амерыканскага ўзбярэжжа. Задача была шчасліва выканана, і маладая Амерыка паслала старой Еўропе тэлеграму, вітаючую заключэнне міру.

Вядома, я не думаў убачыць электрычны кабель у яго першапачатковым стане, гэта значыць такім, якім ён выйшаў з майстэрань завода.

Металёвая змяя, якая выцягнулася на сваім камяністым ложку, пакрылася вапеннай карой, якая захоўвала кабель ад нападу малюскаў-свідравальшчыкаў. Кабель ляжаў на дне, захаваны ад марскіх хваляванняў, і перадача па ім электрычнай іскры з Еўропы ў Амерыку займала ўсяго трыццаць дзве сотых секунды. Кабель гэты будзе існаваць вечна, бо заўважана, што гума толькі ўмацоўваецца пад уплывам марской вады. Да таго-ж кірунак кабеля быў выбраны так удала, што ён ні пры якіх умовах не можа апусціцца на такую глыбіню, дзе моцны ціск вады пагражаў-бы яму разрывам.

«Наўтылус» дайшоў да найбольшай глыбіні залягання кабеля — чатыры тысячы чатырыста трыццаць адзін метр. Адтуль мы адправіліся да месца, дзе ў 1863 годзе здарылася аварыя. Дно акіяна стварала тут шырокую лагчыну ў сто дваццаць метраў шырыні. Каб сюды можна было перанесці Манблан, вярхушка яго не выступала-б з вады. Лагчына гэтая канчалася ў сваёй усходняй частцы скалістай сцяной, вышынёю ў дзве тысячы метраў. Мы дасягнулі гэтай лагчыны 28 траўня. «Наўтылус» знаходзіўся цяпер не больш як за сто пяцьдзесят кіламетраў ад Ірландыі.

Можа капітан Нэма збіраўся абагнуць Брытанскія астравы? Не. На маё вялікае здзіўленне, ён зноў накіраваўся на поўдзень, да еўрапейскіх мораў.

Калі мы абміналі востраў Энглезі, я на момант убачыў агні яго маяка, якія асвятлялі шлях тысячам суднаў, якія ідуць з Глазга або Ліверпуля.

Важнае пытанне займала мой розум. Ці адважыцца «Наўтылус» увайсці ў Ламанш? Нэд Лэнд, які вылез з сваёй нары, як толькі мы наблізіліся да зямлі, бясконца пытаў мяне аб гэтым. Што я мог яму адказаць? Капітан Нэма, як і раней, не паказваўся. Ён падражніў канадца берагамі Амерыкі — ці не збіраецца ён падражніць цяпер мяне берагамі Францыі?

Тым часам «Наўтылус» плыў далей на поўдзень. 30 траўня ён прайшоў каля вострава Ленда, недалёка ад Брытанскіх астравоў.

Калі капітан Нэма хацеў увайсці ў Ламаншскі канал, ён павінен быў браць кірунак на ўсход.

Але ён не зрабіў гэтага.

Увесь дзень 31 траўня «Наўтылус» рабіў у моры нейкія дзіўныя кругі, надзвычай цікавіўшыя мяне. Здавалася, ён шукаў нейкае месца і не знаходзіў яго. А поўдні капітан Нэма сам зрабіў назіранне. Ён не звярнуўся да мяне з ніводным словам. Ён быў хмуры, як ніколі. Што магло яго засмуціць? Можа блізкасць берагоў Еўропы? Ці можа трывожылі яго якія-небудзь успаміны аб яго пакінутай радзіме? Што адчуваў ён — раскаянне ці шкадаванне? Гэтая думка доўгі час непакоіла мой розум. У мяне было нібы прадчуванне, што выпадак так або інакш выявіць тайну капітана Нэма.

На другі дзень, 1 чэрвеня, «Наўтылус» працягваў свае дзіўныя манеўры. Было відаць, што ён шукаў нейкае зусім пэўнае месца ў акіяне. Капітан Нэма, таксама як і напярэдадні, сам вымяраў вышыню сонца. Мора было спакойнае, неба чыстае. За восем міль на ўсход на гарызонце выразна вызначаўся контур вялікага судна, якое ішло на ўсіх парах. На ім не было ніякага сцяга, і я не мог высветліць яго нацыянальнасць.

Капітан Нэма, у момант, калі сонца праходзіла праз мерыдыян, узяў секстант і зрабіў назіранне з асаблівай стараннасцю. Гэта было зусім лёгка зрабіць, бо мора было абсалютна спакойнае. Зусім нерухомы «Наўтылус» не адчуваў ні бакавой, ні кілевай качкі. Я знаходзіўся ў гэты момант на палубе.

Як толькі пеленгацыя скончылася, капітан Нэма каротка сказаў:

— Гэта тут!

Ён спусціўся ўніз. Ці бачыў ён судна, якое, здавалася, зменшыла свой ход і набліжалася да нас? Я не магу гэтага сказаць.

Я вярнуўся ў салон. Люк зачынілі, і я пачуў сіпенне вады ў рэзервуарах. «Наўтылус» пачаў апускацца. Ён апускаўся па вертыкальнай лініі, бо вінт не працаваў.

Праз некалькі хвілін ён спыніўся на глыбіні восемсот трыццаць тры метры і дакрануўся носам да дна.

Святло ў салоне пагасла. Акяніцы адчыніліся, і скрозь акенную шыбу я ўбачыў мора, на паўмілі ярка асветленае праменнямі нашага пражэктара.

З левага акна я нічога не бачыў, акрамя спакойнай масы вады. З правага-ж борта судна я заўважыў у глыбіні нейкую цмяную масу, якая прыцягнула маю ўвагу. Гэта быў нейкі прадмет, пакрыты нібы абалонкай з белых чарапашак, быццам снежным накрыццём. Прыгледзеўшыся ўважлівей, я ўбачыў абрысы карабля без мачтаў, які, відаць, пайшоў на дно носам. Гэты адломак крушэння павінен быў шмат гадоў пакоіцца на дне акіяна, каб да такой ступені абрасці вапеннымі адлажэннямі.

Што гэта было за судна? Чаму «Наўтылус» прыйшоў наведаць яго магілу? Можа зусім не марская бура была прычынай яго гібелі?

Я не ведаў, што падумаць, як раптам капітан Нэма загаварыў марным голасам:

— Калісьці гэтае судна называлася «Марселец». Яно было спушчана на мора ў 1762 годзе і мела на сваім борце семдзесят чатыры гарматы. Трынаццатага жніўня 1778 года, пад камандай Ла-Пойпа-Вертрые, карабель гэты мужна біўся з «Прэстонам». Чацвёртага ліпеня 1779 года ён у складзе эскадры адмірала д’Этэна прымаў удзел ва ўзяцці Грэнады. У 1781 годзе, пятага верасня, ён змагаўся пад начальствам графа дэ-Граса ў бухце Чызпік. У 1794 годзе французская рэспубліка змяніла яго назву. Шаснаццатага красавіка гэтага-ж года ён далучыўся ў Брэсце да эскадры Віларэ-Жуаэза, якой было даручана праважаць транспарт з хлебам, ішоўшы з Амерыкі пад камандай адмірала Ван-Стабеля. Адзінаццатага і дванаццатага прэрыяля другога года эскадра гэта сустрэлася з англійскімі суднамі. спадар прафесар, сёння трынаццатае прэрыяля — першае чэрвеня 1868 года. Роўна семдзесят чатыры гады назад на гэтым самым месцы, пад 47°24´ шыраты і 17°28´ даўгаты, пасля гераічнай бойкі, амаль затопленае, згубіўшае ўсе мачты і трэць сваёй каманды судна палічыла за лепшае апусціцца ў ваду, чым здацца… Трыста пяцьдзясят шэсць застаўшыхся ў жывых байцоў, падняўшы на карме сцяг Рэспублікі, пайшлі на дно, гучна выклікаючы: «Няхай жыве Рэспубліка!»

— Гэта «Мсцівец»? — ускрыкнуў я.

— Так, спадар прафесар, «Мсцівец». Прыгожае імя, — прашаптаў капітан Нэма, скрыжаваўшы рукі.

Раздзел дваццаць першы Брацкая магіла

Дзіўная манера гаворкі, нечаканасць усёй гэтай сцэны, гэтая гісторыя карабля патрыётаў, пачатая абы-якім тонам і скончаная з нейкім асаблівым хваляваннем, гэта імя «Мсцівец», значэнне якога не магло прайсці па-за маёй увагай, — усё гэта глыбока здзівіла мяне. Я не мог адарваць вачэй ад капітана. Паказваючы рукою ў мора, ён прагным зрокам ўглядаўся ў гэтыя славутыя адломкі.

Можа мне ніколі не прыйдзецца дазнацца, кім быў капітан Нэма, адкуль ён прыйшоў і куды ідзе, але я бачыў, як чалавек у ім бярэ верх над вучоным. Не простае чалавеканенавісніцтва замкнула ў гэтыя сталёвыя сцены капітана Нэма і яго таварышаў, а страшная грозная нянавісць, якую нават час не мог паслабіць.

Ці прагнуў ён помсты? Будучае павінна было паказаць гэта.

Тым часам «Наўтылус» павольна падымаўся на паверхню мора, і абрыс «Мсціўца» паступова знікаў з віду. Неўзабаве лёгкае калыханне паказала, што мы плывём па паверхні. У гэты момант я пачуў глухі выбух. Я паглядзеў на капітана. Ён не варухнуўся.

— Капітан? — сказаў я.

Ён не адказаў.

Я пакінуў яго і падняўся на палубу. Кансель і канадзец ужо былі там.

— Адкуль гэты грукат? — запытаўся я.

— Ад гарматнага стрэла, — адказаў Нэд Лэнд.

Я паглядзеў у той бок, дзе знаходзілася судна. Яно набліжалася да «Наўтылуса» на ўсіх парах. Нас аддзяляла не больш шасці міль.

— Што гэта за судна, Нэд?

— Іду ў заклад, што гэта ваеннае судна, — адказаў канадзец. — Гэта адразу відаць па яго снасцях і па вышыні яго мачтаў. Ох, каб яно напала на нас і патапіла гэты пракляты «Наўтылус»!

— Дарагі Нэд, — адказаў Кансель, — якую шкоду можа гэтае судна зрабіць «Наўтылусу»? Яно-ж не можа ні атакаваць яго пад вадой, ні абстраляць у глыбіні мора.

— Скажыце, Нэд, — запытаўся я, — ці можаце вы вызначыць нацыянальнасць гэтага судна?

Канадзец, нахмурыўшы бровы і прыплюшчыўшы вочы, стаў напружана ўглядацца ў абрысы судна.

— Не, прафесар, — адказаў ён нарэшце, — я не магу вызначыць яго нацыянальнасці — яго сцяг не ўзняты. Але я ўсёроўна сцвярджаю, што гэта ваеннае судна, бо на яго гротмачце развяваецца доўгі вымпел.

На працягу чвэрці гадзіны мы разглядалі карабель, які накіроўваўся прама на нас.

Ён паволі набліжаўся.

Я не магу сабе ўявіць, што ён пазнаў «Наўтылус» на такой адлегласці, больш таго, я не думаў, што яму наогул вядома аб існаванні гэтага падводнага карабля.

Неўзабаве канадзец абвясціў мне, што гэта вялікае ваеннае судна, з біўнем і двума браніраванымі палубамі. Густы чорны дым узнімаўся з яго труб. Убраныя парусы зліваліся з рэямі. На ім не было сцяга. Адлегласць перашкаджала разгледзець колеры яго вымпела, які пляскаўся ў паветры, як вузкая стужка.

Ён хутка набліжаўся. Калі капітан Нэма дазволіць яму падыйсці блізка, нам можа трапіцца выпадак выратавацца.

— Прафесар, — сказаў Нэд Лэнд, — калі гэтае судна наблізіцца да нас на адлегласць адной мілі, я кінуся ў мора і прапаную вам паследваць майму прыкладу!

Я нічога не адказаў на прапанову канадца, і ўсё разглядаў судна, якое расло на вачах. Няхай сабе яно англійскае, французскае, амерыканскае ці рускае, — яно ўсёроўна падбярэ нас, абы толькі ўдалося даплысці да яго.

— Гаспадар памятае, напэўна, што ў нас ёсць некаторая практыка ў справе плавання, — сказаў Кансель. — Ён можа пакінуць мне клопат узяць яго на буксір, калі ён вырашыць паследваць парадзе сябра Нэда.

Я збіраўся ўжо адказаць, як раптам на носе ваеннага судна паказаўся белы дымок. Праз некалькі секунд вада, успененая паданнем цяжкога цела, заліла карму «Наўтылуса». Гук стрэла аглушыў мяне.

— Як? Яны страляюць па нас? — ускрыкнуў я.

— Адважныя людзі, — прашаптаў канадзец.

— Значыцца, яны не лічаць нас пацярпеўшымі крушэнне, што ратуюцца на якім-небудзь абломку карабля?

— Калі гаспадар пажадае… — пачаў Кансель.

У гэты момант новае ядро, упаўшае яшчэ бліжэй, абдало яго слупам пырскаў з ног да галавы.

— З дазволу гаспадара, скажу, — працягваў Кансель, — што яны прымаюць нас за нарвала і абстрэльваюць гэтага нарвала.

— Але яны павінны бачыць, што маюць справу з людзьмі! — ускрыкнуў я.

— Можа акурат таму яны і страляюць, — адказаў Нэд Лэнд, выразліва паглядзеўшы на мяне.

Гэтыя словы з’явіліся нейкім адкрыццём для мяне. Не было сумнення, што цяпер ужо ўсяму свету было вядома, якой думкі трэба трымацца адносна існавання міфічнага страшыдла. У часе сутычкі з «Аўраамам Лінкальнам», калі канадзец ударыў страшыдла сваім гарпуном, капітан Фарагут паспеў распазнаць, што нарвал, гэтае страшэннае стварэнне, быў ні чым іншым, як падводнаю лодкай, больш небяспечнай, чым самае незвычайнае кітападобнае!

Але, так яно і было, і цяпер на ўсіх морах праследуюць гэтае небяспечнае судна.

І сапраўды, гэтае судна магло зрабіцца страшэннай пагрозай, калі, як лёгка можна было меркаваць, капітан Нэма збіраўся прысвяціць «Наўтылус» справе помсты. Цяпер я болей не сумняваўся, што ў тую ноч, у Індыйскім акіяне, калі капітан Нэма засадзіў нас у сталёвую камеру, «Наўтылус» змагаўся з нейкім суднам. Я не сумняваўся больш у тым, што чалавек, які пакоіўся цяпер на каралавым могільніку, быў ахвярай сутычкі, наўмысля выкліканай «Наўтылусам».

Заслона над таемным жыццём капітана Нэма крыху прыўзнімалася. І калі асоба яго не была яшчэ распазнаная, то ў кожным разе прадстаўнікі розных нацый, аб’яднаўшыся, праследвалі цяпер не няўлоўную жывёліну, а заўзятага ворага, чалавека, напоенага непрымірымай нянавісцю да ўсяго чалавецтва.

Усё гэта жудаснае мінулае прамільгнула перад маімі вачыма. Замест сяброў мы павінны былі спаткаць на караблі, што набліжаўся да нас, толькі бязлітасных ворагаў.

Тым часам ядры ўсё сыпаліся вакол нас. Некаторыя з іх, трапіўшы на паверхню вады пад пэўным вуглом, адляталі рыкашэтам на вялікую адлегласць і гінулі ў хвалях. Але ніводнае ядро не дасягнула да «Наўтылуса».

Ваеннае судна знаходзілася цяпер на адлегласці не больш трох міль ад нас.

Не гледзячы на ўсё большую кананаду, капітан Нэма не паказваўся на палубе. А між тым, каб адно з гэтых канічных ядраў ўдарыла прама ў корпус «Наўтылуса», гэты стрэл мог быць смяротным для падводнага карабля.

Канадзец сказаў мне:

— Спадар прафесар, мы павінны зрабіць усё, каб паказаць нападаючаму на «Наўтылус» караблю, што мы не маем ніякага дачынення да ягоных злачынстваў. Зробім спробу сігналізаваць. Тысяча чарцей! Можа яны ўсё-такі зразумеюць, што маюць справу з сумленнымі людзьмі!

Нэд Лэнд выняў з кішэні хустку. Але ледзь ён толькі паспеў разгарнуць яе, як быў схоплены жалезнаю рукою і, не гледзячы на сваю выключную сілу, кінуты на зямлю.

— Няшчасны! — ускрыкнуў капітан. — Ты хочаш, каб я пракалоў цябе біўнем нават раней, чым мы нападзём на гэты карабель?

Было страшна слухаць капітана Нэма, але яшчэ жудасней было глядзець на яго. Твар яго быў смяротна бледны. Зрэнкі звузіліся ад гневу. Голас, больш нагадваў рык звера. Схіліўшыся над ляжачым канадцам, ён з вялізнай сілай сціскаў яго плечы.

Нарэшце ён кінуў яго і павярнуўся тварам да ваеннага карабля, які ўсё сыпаў, ядры наўкол нас:

— А, ты ведаеш, хто я такі, карабель праклятага народу? — ускрыкнуў ён грамовым голасам. — Мне не трэба бачыць колеры твайго сцяга, каб пазнаць цябе! Глядзі! Зараз я табе пакажу свой сцяг!

І капітан Нэма разгарнуў чорны сцяг, падобны да таго, які ён падняў на паўднёвым полюсе.

У гэты момант ядро ўдарылася аб карму «Наўтылуса», не зрабіўшы ёй шкоды; ледзь не крануўшы рыкашэтам капітана Нэма, яно ўпала ў мора.

Капітан паціснуў плячыма. Абярнуўшыся да мяне, ён рэзка сказаў:

— Пайшлі ўніз. Вы і вашыя таварышы…

— Капітан, — крыкнуў я, — няўжо вы думаеце атакаваць гэтае судна?

— Не толькі атакаваць, але і патапіць, спадар прафесар.

— Вы не зробіце гэтага.

— Я зраблю гэта, — сурова адказаў капітан Нэма. — Не падумайце судзіць мяне, спадар прафесар. Выпадкова вы ўбачылі тое, чаго не павінны былі-б бачыць. Мае ворагі напалі на мяне, ім будзе дадзены страшны адпор.

— Чыё гэта судна?

— Вы не ведаеце гэтага? Тым лепей. Яго нацыянальнасць прынамсі будзе захавана ад вас. Ідзіце-ж!

Канадзец, Кансель і я, мы не адважыліся пярэчыць. Пятнаццаць матросаў «Наўтылуса» абкружылі капітана, гледзячы на судна, якое набліжалася, з непрымірымай нянавісцю. Адчувалася, што прагнасць да помсты ўладала імі ўсімі ў аднолькавай ступені.

У той час, калі я спускаўся ўніз, новы снарад крануў карму «Наўтылуса». Я пачуў, як крычаў капітан:

— Страляй-жа, няшчаснае судна! Губляй свае нікчэмныя ядры. Ты не ўцячэш, ад біўня «Наўтылуса». Але я пагублю цябе не тут, не ў гэтым месцы. Я не хачу, каб твае абломкі змяшаліся з благароднымі абломкамі «Мсціўца».

Я пайшоў у свой пакой. Капітан і яго памочнік засталіся на палубе. Вінт пачаў рухацца. «Наўтылус» хутка аддаляўся і неўзабаве быў па-за дасягальнасцю стрэлаў ваеннага судна. Але праследванне не спынялася, і капітан Нэма падтрымліваў усё тую-ж дыстанцыю.

А чацвёртай гадзіне дня, не маючы сілы стрымаць нецярплівасць і трывогу, я падышоў да галоўнай лесвіцы.

Дзверы былі расчыненыя. Я ціхенька вылез на палубу. Капітан усхвалявана хадзіў па ёй узад і ўперад. Ён не спускаў вачэй з судна, якое ішло пад ветрам на адлегласці якіх-небудзь пяці-шасці міль ад нас. Ён кружыў наўкол карабля, як дзікі звер, зацягваючы яго на ўсход, дазваляючы яму праследваць сябе. Але пакуль што сам не нападаў на яго. Можа ён яшчэ вагаўся?

Я зрабіў спробу зноў умяшацца ў гэтую справу. Але я ледзьве паспеў выказаць слова, як капітан Нэма прымусіў мяне змоўкнуць.

— Справядлівасць і права на маім баку, — сказаў ён. — Я прыгнечаны, а вось прыгнятальнік! Гэта праз яго я страціў усё, што любіў, усё, што для мяне было дарагім і — святым, — радзіму, жонку, дзяцей, бацьку, маці — усё! Усё, што я ненавіджу, — тут, на гэтым караблі! Маўчыце-ж!

Я кінуў апошні зрок на ваенны карабель, які набліжаўся пад усімі парамі, і спусціўся ўніз, да Нэда Лэнда і Канселя.

— Мы павінны ўцякаць! — сказаў я.

— Вельмі добра, — адказаў Нэд. — Але чыё гэта судна?

— Гэтага я не ведаю. Так або інакш, але яно будзе пушчана на дно яшчэ да наступлення ночы. У кожным выпадку, лепш загінуць разам з ім, чым зрабіцца ўдзельнікам учынку, аб справядлівасці якога мы не можам судзіць.

— Таксама і я думаю, — сурова адказаў Нэд. — Пачакаем ночы.

Ноч надышла. Глыбокая маўклівасць панавала на караблі. Компас паказваў на тое, што «Наўтылус» не змяніў свайго кірунку. Я чуў мерныя ўдары яго вінта. Ён трымаўся на паверхні.

Мы рашылі ўцячы ў той момант, калі карабель наблізіцца да нас настолькі, каб нас маглі пачуць або хоць убачыць, — праз тры дні павінен быў наступіць поўнік, і месяц свяціў даволі ярка. Апынуўшыся на борце гэтага судна, мы калі і не здолеем папярэдзіць яго гібель, дык ў кожным разе паспрабуем зрабіць усё, што будзе можна. Многа разоў мне здавалася, што «Наўтылус» рыхтуецца пачаць бой; але, дазволіўшы свайму супраціўніку наблізіцца на некаторую адлегласць, ён зноў павялічваў хуткасць і аддаляўся ад яго.

Частка ночы прайшла спакойна. Скупа перакідваючыся словамі, мы чакалі зручнага моманту. Мы былі вельмі ўсхваляваныя. Нэд Лэнд хацеў пусціцца плысці да карабля. Я прымушаў яго чакаць. Я быў упэўнены, што «Наўтылус» нападзе на свайго праследвальніка на паверхні мора, а ў гэтым выпадку ўцячы нам будзе не толькі магчыма, але і лёгка.

А трэцяй гадзіне раніцы, палаючы ад непакою, я зноў падняўся на палубу. Капітан Нэма быў там. Ён стаяў на носе. Чорны сцяг развяваўся над яго галавой. Ён не адрываў вачэй ад карабля. Яго напружаны зрок нібы прыцягваў праследвальніка, гіпнатызаваў яго, цягнуў яго за сабою, як буксірны канат.

Месяц праходзіў праз мерыдыян. На ўсходзе паказаўся Юпіцер. Усё было ціха навакол. Здавалася, што неба і акіян спаборнічалі адзін з адным у спакоі.

І калі я параўноўваў гэтае зацішша стыхій з нянавісцю, кіпеўшай у кожным кутку няўлоўнага «Наўтылуса», я адчуваў, як уздрыгвала ўся мая істота.

Карабель быў за дзве мілі ад нас. Ён набліжаўся, ідучы ўвесь час па слядах фасфарычнага святла, што вылучаў пражэктар «Наўтылуса». Я бачыў яго распазнавальныя агні, — зялёныя і чырвоныя, — і белы ліхтар, які вісеў на фок-мачце. Снапы іскраў вырываліся з яго труб, асвятляючы прастору, — як відаць, ён давёў ціск пары да вышэйшага пункта.

Я заставаўся на палубе да шасці гадзін раніцы. Капітан Нэма па-ранейшаму не заўважаў мяне. Ваенны карабель знаходзіўся ўсяго за паўтары мілі ад нас і з першым пробліскам світання аднавіў абстрэл.

Набліжаўся момант, калі «Наўтылус» павінен быў напасці на свайго супраціўніка, і, як толькі гэта здарыцца, я і мае таварышы пакінем назаўсёды гэтага чалавека, якога я не асмельваўся абвінавачваць.

Я збіраўся спусціцца ўніз, каб папярэдзіць Канселя і Нэда Лэнда; у гэты момант памочнік капітана і некалькі матросаў падняліся па палубу. Капітан Нэма не бачыў іх ці не хацеў іх бачыць. На «Наўтылусе» рыхтаваліся да бою. Рыхтаванні гэтыя былі вельмі простыя. Былі спушчаны поручы, абкружаўшыя палубу. Вышкі пражэктара і штурвальнай рубкі былі ўцягнуты ў сярэдзіну корпуса падводнай лодкі — яны ледзь выступалі цяпер над ім. Паверхня доўгай жалезнай цыгары не мела больш ніводнае пукатасці — нішто не перашкаджала ёй цяпер манеўраваць.

Я вярнуўся ў салон. «Наўтылус» заставаўся на паверхні, якая асвятлялася першымі ранішнімі праменнямі сонца.

Надышоў жудасны дзень 2 чэрвеня.

А пятай гадзіне лаг паказаў мне, што «Наўтылус» зменшыў сваю хуткасць. Я зразумеў, што ён хоча падпусціць фрэгат на блізкую адлегласць. Гарматныя стрэлы рабіліся ўсё больш гучнымі. Ядры пенілі ваду вакол нас, уразаючыся ў яе з нейкім рэзкім свістам.

— Сябры мае — сказаў я, — час прыйшоў! Паціснем адзін аднаму рукі, і няхай будзе, што будзе!

Нэд Лэнд быў поўны рашучасці, Кансель — спакойны, я ледзь стрымліваў ахапіўшае мяне хваляванне.

Мы прайшлі ў бібліятэку. У той момант, калі я штурхануў створку дзвярэй, якія вялі на галоўную лесвіцу, я пачуў, як раптоўна зачынілася крышка люка.

Канадзец кінуўся да прыступак, але я затрымаў яго. Добра знаёмае сіпенне сказала мне, што рэзервуары «Наўтылуса» папаўняюцца вадой. І сапраўды, праз некалькі хвілін «Наўтылус» апусціўся на некалькі метраў ніжэй паверхні мора.

Я зразумеў яго манеўр. Было надта позна, каб дзейнічаць. «Наўтылус» не збіраўся нападаць на фрэгат наверсе, дзе той быў абаронены непранікальным панцырам. Ён хацеў атакаваць яго пад вадой, ніжэй ватэр-лініі, там, дзе канчалася яго металёвая абшыўка.

Такім чынам, мы зноў палоннікі, ды яшчэ вымушаныя сведкі надыходзячай жудаснай драмы. Аднак, час быў неадпаведным для разважанняў. Схаваўшыся ў маім пакоі, мы моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Глыбокі жах апанаваў мяне. Я знаходзіўся ў тым напружаным становішчы, якое звычайна бывае перад якім-небудзь страшэнным узрушэннем. Я балюча чакаў выбуху, я прыслухоўваўся да кожнага шолаху, я ўвесь напружыўся.

Між тым «Наўтылус» значна павялічыў хуткасць. Відаць, ён браў разгон. Увесь корпус яго дрыжаў.

Раптам я ўскрыкнуў. Адбылася сутычка. Адносна, гэта быў лёгкі штуршок. І ўсё-ж я адчуў, з якой сілай сталёвы бівень увайшоў у дрэва. Пачуўся скрып і трэск. І «Наўтылус», па інерцыі руху, прайшоў праз карабель, як ігла праходзіць праз халсціну.

Я не мог болей вытрымаць. Ашалеўшы ад жаху я пабег з пакоя ў салон.

Капітан Нэма быў там. Маўклівы, пахмуры, няўмольны, ён глядзеў на тое, што адбывалася за шклом.

Вялізная нязграбная маса цямнела пад вадой і, каб да канца прысутнічаць пры яе агоніі, «Наўтылус» апускаўся на дно разам з ёй. За дзесяць метраў ад сябе я бачыў расколаты амаль надвое корпус судна, — вада залівала яго з страшэнным шумам. На палубе рухалася мноства чорных ценяў.

Вада ўсё прыбывала. Няшчасныя кідаліся на ванты, узбіраліся на мачты, выкручваліся пад вадой. Гэта быў чалавечы мурашнік, раптоўна захоплены паводкай.

Паралізаваны жахам, з валасамі, стаўшымі ўгару, ледзьве дыхаючы, шырока расчыніўшы вочы, я глядзеў на гэты жудасны спектакль, не маючы сілы адарваць вачэй ад шкла, быццам прыкаваны да акна.

Вялізны карабель павольна апускаўся. «Наўтылус» ішоў за ім следам. Раптам адбыўся выбух. Сціснутае паветра разарвала палубу з такой сілай, быццам узарваўся парахавы склеп. Ціск вады быў такі вялікі, што «Наўтылус» адкінула ў бок.

Тады няшчаснае судна пачало хутчэй ісці на дно. Мільгнулі яго мачты, аблепленыя ахвярамі, рэі, якія гнуліся пад цяжарам цел, затым вярхушка грот-мачты, — і нарэшце цёмная маса знікла ў віры з усёй сваёй камандай мерцвякоў…

Я павярнуўся да капітана Нэма. Гэты страшны суддзя, сапраўдны дэман нянавісці, па-ранейшаму глядзеў у цемру. Калі ўсё было скончана, ён накіраваўся да дзвярэй свайго пакоя, адчыніў іх, пераступіў парог.

Я сачыў за ім вачыма.

У глыбіні пакоя, на сцяне, пад партрэтамі яго ўлюблёных герояў, я ўбачыў партрэт зусім яшчэ маладой жанчыны і двух маленькіх дзяцей.

Капітан Нэма глядзеў на іх некалькі імгненняў і, упаўшы на калені, заплакаў.

Раздзел дваццаць другі Апошнія словы капітана Нэма

Страшная здань знікла, і вокны зачыніліся. Але святло ў салоне не запалялася. Цемра і цішыня панавалі на «Наўтылусе». Ён імкліва бег з гэтага месца руйнавання і тугі.

Я вярнуўся ў свой пакой, дзе Нэд і Кансель чакалі мяне ў глыбокай маўклівасці. Я адчуваў непераможны жах перад капітанам Нэма. Якія-б пакуты не перанёс ён ад людзей, ён усё-ж не меў права іх так караць. І ён зрабіў мяне калі не ўдзельнікам, дык сведкай сваёй помсты. Гэта было ўжо занадта!

А адзінаццатай гадзіне запалілася электрычнае святло. Я прайшоў у салон. Там нікога не было. Я паглядзеў на прыборы: «Наўтылус» ішоў на поўнач з хуткасцю дваццаць пяць міль у гадзіну, то па паверхні мора, то пад вадой на глыбіні трыццаць футаў.

Знайшоўшы наша месцазнаходжанне на карце, я ўбачыў, што мы прайшлі вусце Ламанша і нясёмся цяпер з небывалай хуткасцю да паўночных мораў.

Да вечара мы прайшлі дзвесце лье па Атлантычнаму акіяну. Змрок згушчаўся, і да ўсходу месяца мора пакрылася цемрай.

Я вярнуўся ў свой пакой. Але заснуць мне не ўдавалася. Мяне душылі кашмары. Уся гэтая жудасная сцэна гібелі судна неадступна стаяла перад маімі вачыма.

З гэтага дня на карце пакінулі адзначаць пройдзены за дзень шлях.

Хто можа сказаць, як далёка забіраўся «Наўтылус» на поўнач Атлантычнага акіяна, несучыся ўперад з неаслабнай хуткасцю сярод паўночных туманаў? Ці набліжаўся ён да Шпіцбергена або ён ішоў да берагоў Новай Зямлі? Можа ён праходзіў па мала вядомых марах: Беламу мору, Карскаму, Обскай губе, каля архіпелага Лярава, міма амаль невядомых берагоў Паўночнай Азіі. Я не мог-бы адказаць на гэта.

Я страціў здольнасць сачыць за часам. Здавалася, быццам дзень і ноч, як на полюсе, не чаргаваліся больш у звычайнай сваёй паслядоўнасці. Я адчуваў, што ўцягнуты ў край таямнічага і страшэннага, больш уласцівага хворай фантазіі Эдгара По, чымсь сапраўднаму жыццю. Кожную хвіліну я чакаў, што ўбачу, падобна герою твора По, Гардону Піму, «загорнутую ў пакрывала чалавечую фігуру, якая размерамі сваімі перавышала ўсе жывыя істоты на зямлі, якая зачыняла доступ да полюса».

Мне здаецца, — а можа я і памыляюся, — што гэтае вандраванне наўдачу працягвалася або пятнаццаць або дваццаць дзён, і я не ведаю, колькі яшчэ яно цягнулася-б, каб не здарылася катастрофа, якой скончылася наша падарожжа.

Капітана Нэма нібы не існавала на караблі, таксама як і яго памочніка. Ніхто з каманды не паказваўся ні на адну хвіліну. «Наўтылус» амаль увесь час плыў пад вадой. Калі ён падымаўся на паверхню, каб набраць паветра, акяніцы адчыняліся і зачыняліся аўтаматычна.

Я зусім не ведаў, дзе мы знаходзімся.

Да таго-ж канадзец, вычарпаўшы ўсе свае сілы і цярпенне, больш не паказваўся. Ён упарта маўчаў. Кансель не мог дабіцца ад яго ніводнага слова і непакоіўся, каб ён не скончыў самагубствам у прыпадку роспачы і суму па радзіме. Ён неадступна сачыў за кожным яго рухам.

Вядома, пры ўсіх гэтых умовах жыццё зрабілася нязносным.

Аднойчы — я не магу сказаць якога чысла — я заснуў досвіткам хваравітым і цяжкім сном. Калі я прачнуўся, я ўбачыў Нэда Лэнда, які стаяў, схіліўшыся над маёй галавой.

Ён прашаптаў мне:

— Мы ўцякаем!

— Калі? — запытаўся я.

— Бліжэйшай ноччу. На «Наўтылусе» не існуе цяпер ніякага нагляду. Судна як быццам заснула. Вы згодны, спадар прафесар?

— Але. Дзе мы знаходзімся?

— Каля нейкай зямлі. Мне ўдалося разгледзець яе сёння раніцай у тумане, за дваццаць міль на ўсход.

— Якая-ж гэта зямля?

— Я не ведаю, але якой-бы яна ні была, мы будзем шукаць на ёй прытулку.

— Так, Нэд… Так, гэта вырашана, мы ўцякаем у гэтую ноч, нават калі нам суджана загінуць у моры!

— Мора бурнае, вецер моцны, але зрабіць дваццаць міль у лёгкай лодачцы «Наўтылуса» не так ужо цяжка. Мне ўдалося паціху аднесці ў яе сёе-тое з прыпасаў і некалькі бутэлек вады.

— Я паследую за вамі!

— Ведайце-ж, калі я пападуся, я буду абараняцца. Я гатоў лепш памерці, чым здацца!

— Мы памром разам, дарагі Нэд.

Я быў гатовы на ўсё. Канадзец выйшаў. Я падняўся на палубу. Там ледзь можна было трымацца на нагах, такія моцныя былі ўдары хваляў. Неба было грознае. Але таму што за гэтым туманам знаходзілася зямля, трэба было ўцякаць! Мы не павінны былі траціць ні дня, ні гадзіны.

Я вярнуўся ў салон, баючыся і разам з тым жадаючы сустрэцца з капітанам Нэма; мне хацелася і не хацелася яго бачыць. Што я яму скажу? Ці здолею я захаваць той мімавольны жах, які ён надаваў мне? Не! Лепш нам не сустракацца тварам да твару! Лепш забыць яго! І ўсё-ж…

Як доўга цягнуўся гэты дзень, апошні дзень, які я павінен быў правесці на «Наўтылусе»! Я заставаўся ўвесь час адзін. Нэд Лэнд і Кансель баяліся гаварыць са мной, каб не выдаць сябе.

А шостай гадзіне я абедаў. Я не быў галодны, але я прымушаў сябе есці, не гледзячы на агіду, каб падтрымаць сілы.

А палове сёмай Нэд Лэнд увайшоў у мой пакой. Ён сказаў мне:

— Мы болей не ўбачымся да самага моманту ўцякання. У дзесяць гадзін месяц яшчэ не з’явіцца. Скарыстаем цемру. Ідзіце прама да лодкі. Я з Канселем будзем чакаць вас там.

Канадзец выйшаў, не даўшы мне часу адказаць яму.

Я хацеў праверыць кірунак «Наўтылуса» і вярнуўся ў салон. Мы ўзялі курс на поўнач-паўночны ўсход і ішлі са страшэннай хуткасцю на глыбіні пяцьдзясят метраў.

Я кінуў апошні ўзрок на цуды прыроды і творы мастацтва, якія хаваліся ў гэтым музеі, на ўсе гэтыя калекцыі, не маючыя роўных сабе на ўсім зямным шары і прызначаныя на пагібель разам з тым, хто сабраў іх тут. Мне хацелася надоўга захаваць усё гэта ў памяці. Я цэлую гадзіну аддаваўся маўкліваму сузіранню скарбаў, раскладзеных пад шклом і асвятлёных яркім электрычным святлом, якое мякка лілося са столі. Потым я вярнуўся ў свой пакой.

Там я пераапрануўся ў шчыльны марскі гарнітур, сабраў усе свае нататкі і схаваў іх пад вопратку. Сэрца маё ўзмоцнена калацілася. Маё хваляванне, мой узбуджаны выгляд напэўна выдалі-б мяне капітану Нэма, каб я трапіў яму на вочы.

Што ён рабіў у гэты момант? Я падышоў да яго дзвярэй і прыслухаўся. Я пачуў шолах крокаў. Капітан Нэма быў там. Кожны шум палохаў мяне. Мне здавалася, што зараз ён выйдзе і запытаецца, чаму я хачу ўцякаць. Мяне апанаваў жах, выабражэнне разгулялася. Гэтае становішча было такім пакутлівым, што я мімаволі запытваў сябе, ці не лзтгш сустрэцца з капітанам твар-у-твар?

Вядома, гэта было-б вар’яцтвам, і на шчасце я ў самы час стрымаў сябе. Вярнуўшыся ў свой пакой, я расцягнуўся на ложку і пастараўся супакоіцца.

Хваляванне маё патрохі сціхла, але мозг працягваў шалёна працаваць. Я ўспамінаў, што я перажыў на борце «Наўтылуса», усе шчаслівыя і няшчасныя падзеі, якія адбыліся з часу майго падання з палубы «Аўраама Лінкальна». Падводныя паляванні, Тарэсава пратока, нова-гвінейскія дзікуны, прыпынак на мяліне, каралавы магільнік, Аравійскі тунель, востраў Сантарын, крыцкі вадалаз, Атлантыда, ледзяны затор, паўднёвы полюс, суцэльныя ільды, бойка са спрутамі, бура ў Гальфштрэме, «Мсцівец» і нарэшце гэтая жудасная сцэна гібелі ваеннага судна з усёй яго камандай! Усе гэтыя карціны праносіліся перад маімі вачыма, як дэкарацыі, бясконца змяняючыся на тэатральнай сцэне, і ва ўсіх гэтых успамінах нязменна прымаў удзел капітан Нэма. У маім уяўленні асоба яго прымала страшэнныя памеры. Гэта быў не чалавек, падобны да ўсіх людзей, а нейкі таемны жыхар вод, геній акіяна.

Было ўжо дзевяць з паловай гадзін. Галава мая палала, я сціснуў яе рукамі і заплюшчыў вочы. Я спрабаваў ні аб чым не думаць. Заставалася яшчэ паўгадзіны. Паўгадзіны немарасці! Яны зробяць мяне вар’ятам!

Раптам да мяне дайшлі ціхія гукі аргана, сумная мелодыя, нейкая песня. Ледзьве дыхаючы, я ўсёй сваёй істотай убіраў у сябе гэтыя гукі, ахоплены, як і капітан Нэма, нейкім музычным натхненнем.

Потым раптоўная думка ашаломіла мяне: капітан Нэма пакінуў свой пакой. Ён знаходзіўся ў салоне, праз які мне трэба было прайсці праз паўгадзіны! Я сустрэнуся з ім у апошні раз, і ён завядзе гутарку са мною! Адзін яго жэстаў можа знішчыць мяне, адзінае яго слова можа назаўсёды прыкаваць мяне да гэтага карабля!

Прабіла дзесяць гадзін. Надышоў момант, калі я павінен быў пакінуць пакой і далучыцца да маіх таварышаў. Я не мог болей вагацца, нават калі сам капітан Нэма з’явіцца перада мной.

З найвялікшай перасцярогай я трохі адчыніў дзверы, — мне здавалася, што яны паварочваюцца на сваіх петлях з жахлівым рыпаннем. Мажліва, рып гэты існаваў толькі ў маёй галаве.

Я прабіраўся вобмацкам па цёмных пераходах «Наўтылуса», спыняючыся на кожным кроку, каб сцішыць стуканне свайго сэрца.

Нарэшце я дабраўся да дзвярэй салона і ціха адчыніў іх. У салоне была глыбокая цемра. Ціха гучалі акорды аргана. Капітан Нэма быў там. Ён не бачыў мяне. Я думаю, ён не ўбачыў-бы мяне і пры самым яркім дзённым святле, — такім вялікім быў экстаз, ахапіўшы яго.

Я ступіў на дыван, палохаючыся малейшага шолаху, які мог-бы выдаць маю прысутнасць. Спатрэбілася цэлых пяць хвілін, каб дайсці да дзвярэй, якія знаходзіліся ў глыбіні салона і. вялі ў бібліятэку.

Я нарыхтаваўся ўжо адчыніць іх, як раптам пачуў уздых капітана Нэма. Гэты ўздых прымацаваў мяне да месца. Я зразумеў, што капітан Нэма ўстаў са свайго месца, я нават разгледзеў у цемры яго сілуэт, бо слабыя праменні святла пранікалі сюды з бібліятэкі. Ён ціха набліжаўся да мяне са скрыжаванымі на грудзях рукамі, — здавалася, ён не ідзе, а соўгаецца, як цень. Яго грудзі уздымаліся ад рыданняў. Я пачуў словы, якія ён прашаптаў, — апошнія яго словы, пачутыя мною:

— Годзе, годзе!

Значыцца, сумненне мучыла гэтага чалавека?..

Не памятаючы сябе, я кінуўся ў бібліятэку. Я падняўся па галоўнай лесвіцы і праз верхні праход прабраўся да лодкі.

Адтуліна ў жалезнай абшыўцы «Наўтылуса» шчыльна завінчвалася з дапамогаю англійскага ключа, якім Нэд Лэнд загадзя запасся. Крышка лодкі закручвалася такім-жа спосабам, і канадзец узяўся ўжо адкручваць гайкі, апошняе, што прывязвала нас да падводнага судна, як раптам мы пачулі глухі шум, які ішоў з глыбіні судна. Што гэта магло быць? Можа там заўважылі наша знікненне? Я адчуў, як Нэд Лэнд сунуў мне ў руку нож.

— Так, — прашаптаў я, — мы павінны быць гатовы да смерці…

Канадзец спыніў сваю працу. Але адно слова, паўторанае дзясяткі разоў, адно страшнае слова адкрыла мне прычыну, дзіўнага хвалявання на борце «Наўтылуса».

І зусім не наша ўцяканне з’яўлялася прычынай яго.

«Мальштром, мальштром!»

Мальштром! Гэта самае жахлівае, што мы маглі пачуць. Значыцца, мы знаходзіліся ў найбольш небяспечных месцах, ля нарвежскага берагу! Няўжо «Наўтылусу» суджана было трапіць у гэты гібельны вір акурат у тую самую хвіліну, калі мы рыхтаваліся адвязаць нашу лодку і вырвацца на волю?

Ёсць вядома, што тут, у час прыліву, вада, сціснутая астравамі Фарарскімі і Лафадэнскімі, нясецца з нястрыманай сілай. Ствараецца вір, з якога яшчэ не выходзіў ніводзін карабель. Адусюль, з усіх пунктаў гарызонта, сюды набягаюць страшэнныя валы. Яны ствараюць тут бяздонны вір, які называюць «пуп акіяна» і дацэнтравая сіла якога пашыраецца на пятнаццаць кіламетраў. У гэты вір трапляюць не толькі караблі, але і кіты і нават белыя мядзведзі арктычных краін.

І вось сюды мімаволі, а можа і нарокам, прывёў капітан Нэма свой «Наўтылус». Карабель ішоў па спіральнай лініі, радыус якой паступова змяншаўся. Разам з ім са страшэннай хуткасцю круцілася і наша лодка, прывязаная яшчэ да яго борта. Я адчуваў балючае галавакружэнне. Шалёны жах ахапіў нас, кроў спынілася ў нашых жылах. Сэрца пераставала стукаць. Мы абліваліся халодным потам, як у апошнія хвіліны агоніі! Які дзікі шум вакол гэтай крохкай лодачкі! Які рэў, што бясконца паўтарае рэха на адлегласці дзясяткаў міль! Які грукат хваляў, што разбіваюцца аб рэбры падводных скал, там у глыбіні, дзе самыя шчыльныя целы, самыя магутныя камлі дрэў ператвараюцца ў нікчэмныя трэскі!

Што за становішча! Нас страшэнна гойдала. «Наўтылус» абараняўся ад удараў хваль, да жывая істота. Яго сталёвыя мускулы трашчалі. Часамі карабель нібы станавіўся на дыбкі, і мы разам з ім!

— Трэба моцна трымацца за «Наўтылус», — сказаў Нэд. — Паспрабуем закруціць усе гайкі зноў. Калі мы не адарвёмся ад «Наўтылуса», магчыма мы яшчэ здолеем выратавацца.

Ён не паспеў скончыць, як раздаўся страшэнны трэск. Гайкі павыскоквалі, і лодка, вырваная з свайго гнязда, была выкінутая, як камень з прашчы, у самую сярэдзіну віра.

Мая галава ўдарылася аб жалезны борт, і ад моцнага штуршка я страціў прытомнасць.

Раздзел дваццаць трэці Заключэнне

Вось і прыйшоў канец нашаму падводнаму вандраванню.

Што адбылося ў тую жахлівую ноч, калі лодку нашу вынесла з гібельнага віра, якім чынам Нэд Лэнд, Кансель і я выратаваліся з бяздоння, — гэтага я не магу расказаць. Але калі я ачуняў, то ляжаў у халупцы рыбака на Лафадэнскіх астравах. Абодва мае таварышы, цэлыя і непашкоджаныя, асталіся каля мяне і радасна паціскалі мне рукі. Мы шчыра абняліся.

У гэты час нам не было чаго і думаць аб звароце ў Францыю.

Зносіны паміж паўночнай і паўднёвай Нарвегіяй вельмі рэдкія. Я прымушаны быў чакаць парахода, які робіць рэйсы да Паўночнага мыса два разы ў месяц.

Тут, сярод гэтых простых, добрых людзей, знайшоўшых нас, я пераглядаю апавяданне аб сваіх прыгодах. Яно зусім праўдзівае. Ніводзін факт не прапушчаны. Ніводная дробязь не зменена. Гэта зусім праўдзівая гісторыя аб незвычайным падарожжы ў недасяжную для чалавека стыхію, дзе з часам чалавецтва і навука праложыць вольныя шляхі.

Ці дадуць мне веры? Не ведаю. Ды і ці не ўсё роўна? Як-бы ні было, а я магу сцвярджаць, што маю права гаварыць аб морах, у глыбіні, якіх я зрабіў восемдзесят тысяч кіламетраў меней як у дзесяць месяцаў, — аб гэтым падводным кругасветным падарожжы, якое паказала мне столькі цудаў у Ціхім акіяне, у Індыйскім, у Чырвоным і Міжземным марах, у Атлантычным, Паўночным і. Паўднёвым ледавітых акіянах.

Але які лёс «Наўтылуса»? Ці здолеў ён выратавацца з віру? Ці жывы яшчэ капітан Нэма? Ці працягвае ён сваю жудасную справу помсты, або задаволіўся гэтай апошняй гекатомбай? Ці прынясуць калі-небудзь хвалі яго рукапіс, дзе апісана ўся гісторыя яго жыцця? Ці даведаюся я імя гэтага чалавека? Па нацыянальнасці загінуўшага карабля ці даведаемся мы аб нацыянальнасці капітана Нэма?

Я спадзяюся на гэта. Я спадзяюся таксама, што яго дзівосны карабель перамог самы страшны вір і што «Наўтылус» уцалеў там, дзе загінула столькі караблёў!

Калі гэта так, калі капітан Нэма яшчэ плавае па акіяну, які замяніў яму радзіму, няхай нянавісць сціхне ў яго разлютаваным сэрцы. Ён бачыць столькі цудаў, няхай-жа сузіранне іх згасіць агонь помсты! Грозны суддзя павінен знікнуць і даць месца вучонаму, які мірна вывучае мора. Калі яго лёс незвычайны, то ён і ўзвышаны. Хіба я сам не перажыў гэтага? Я-ж пражыў дзесяць месяцаў гэтым надзвычайным жыццём. І цяпер на пытанне, настаўленае шэсць тысяч гадоў назад Эклезіястам: «Хто вымераў калі-небудзь глыбіню бяздоння?», два чалавекі з усіх людзей на зямлі маюць права адказаць: «Я!»

Гэта капітан Нэма і я.

Загрузка...