Кір Булычоў. Выкраданне Чарадзея Пераклаў Рычард Саматыя

1

Хата спадабалася Ганне яшчэ здалёк, калі яна ішла запыленаю сцежкай уздоўж платоў, у зацені каранастых ліпаў, міма пасівелага ад старасці калодзежнага зруба, — ад моцнага парыву ветру ланцуг бразнуў аб пагнёную бакавіцу вядра… куры мітусліва ўступалі дарогу, як бы наракаючы на чалавечае нахабства… певень збочыў па-страявому, захоўваючы мужчынскую годнасць… бабулі, што сядзелі радком на прызбе, аднолькава прывіталіся і доўга глядзелі ўслед… вуліца была шырокая, раз'езджаная грузавікамі дарога вілася пасярод яе, як рэчка па даліне, парослай трыпутнікам і мяккай мурожнай травою.

Хата была яшчэ моцная, пад бляшаным, калісьці чырвоным дахам. Яна стаяла наводшыбе ад вёскі, на тым баку амаль перасохлага ручая.

Ганна спынілася на мастку, што перакінуўся цераз ручай: два бервяны, да іх прыбітыя ўпоперак дошкі. Побач брод — неглыбокая лужына. Дарога перасякала гэтую лужыну і ўпіралася ў расчыненыя насцеж дзверы пустога шэрага хлява з бярвенняў. Ад мосціка пачыналася сцежка, прабягала каля хаты і вілася па зялёным схіле пагора, да пляскатай вяршыні, якая была густа акрыта шапкаю цёмных дрэў.

Цётка Магда растлумачыла дарогу дакладна, дый сама Ганна з кожным крокам пазнавала вёску, дзе пяцігадовай дзяўчынкай дваццаць гадоў таму прабавіла лета. Да яе вярталася забытае адчуванне спакою, адлучнасці, гармоніі жытнёвага поля, лопуху, пышнага воблака над гаем, лязгату ланцуга ў калодзежы і сілуэта каня на зялёным схіле.

Плот пахіліўся, некалькі штыкецін выпала, паўз іх парасла крапіва. Кусты парэчак пад фасадам на тры акны, якія былі ўпрыгожаны некалі блакітнымі ліштвамі і прычыненыя аканіцамі, разрасліся і здзічэлі. Хата была адзінокая, яна сумавала без людзей.

Ганна адсунула ржавую засаўку веснічак і паднялася на ганак. Паглядзела на вёску, якую толькі што мінула. Вёска цягнулася ўздоўж ракі, і лес, які аддзяляў яе ад чыгуначнага раз'езда, адступаў ад ракі шырокай дугой, вызваліўшы месца для палёў. Затое з другога берага ён падыходзіў да самай вады, нібыта ў лесе ялінам было цесна. Адтуль цягнула халодным ветрам, і было відаць, як ён прабягае Вятлу, тысячай малюсенькіх ног узрываючы люстэрка ракі і разгойдваючы паласу прыбярэжнага чароту. Гул лодачнага матора вырваўся з-за вугла хаты, і лодка, якая сядзела нізка кармой, распілавала хвастом пены букалічныя сляды ветру. У лодцы сядзеў белабароды дзед у дажджавіку і сінім капелюшы. Нібы адчуўшы позірк Ганны, ён аглянуўся, і хоць яго твар з такой адлегласці здаваўся толькі бурай плямаю, Ганне падалося, што стары асуджае яе прысутнасць у пустой хаце, якой наканавана адзінока дажываць свой сіратлівы век.

Пустое жытло заўсёды выглядае сумна. Бочка на ваду каля парога рассохлася, з яе тырчалі пакінутыя некім граблі, каля сабачай будкі з праваленай стрэшкай на саржавелым ланцугу ляжаў гнілы ашыйнік.

Ганна доўга корпалася з замком, і калі ён нарэшце паддаўся, дужка сярдзіта выскачыла з круглага цельца, і дзверы адчыніліся туга, нібыта хтосьці прытрымліваў іх з сярэдзіны. У сенцах панавала нежылая затхласць, сонечны прамень з акенца пад столлю пранізваў застаялае паветра, і ў промні гэтым мітусіліся ўзнятыя пылінкі.

Ганна адчыніла дзверы ў цёплую палавіну. Дзверы былі абабітыя рудою цыратаю, а ўнізе іх адтуліна была застаўлена дошчачкаю, каб кошка магла выйсці, калі ёй уздумаецца. Ганна прыгадала, як сядзела на кукішках, зайздросцячы цётчынай чорнай кошцы, якой дазвалялася гуляць нават ноччу. Успаміны абарваліся, як мелодыя званочка, калі яго хутка прыкрыць далонню. На падаконніку ў малочнай бутэльцы стаяў букет папяровых кветак. З-пад прагнёнай канапы выбегла мыш-палёўка.

Адагнуўшы цвікі, Ганна расчыніла аканіцы, вокны, потым пайшла ў кухню, што была аддзелена ад жылога пакоя перагародкаю, якая крыху не даходзіла да столі, адчыніла акно і там. Ад святла запусценне стала яшчэ больш выразнае. У чорнай пашчы печы Ганна знайшла таз, у кутку пад чорнымі абразамі — анучу.

Нанасіўшы з рэчкі вады — здзічэлыя яблыні ў садзе разрасліся так, што даводзілася прадзірацца цераз галлё, — і вымыўшы падлогу, Ганна паставіла ў бутэльку букет рамонкаў, а папяровыя кветкі занесла да бажніцы. Яна зусім не стамілася — гэтая звычайная праца прынесла прыемнае задавальненне, а свежы пах мокрай падлогі адразу ж выгнаў з хаты саладкаваты пах пылу.

Адну з прывезеных з сабою прасцін Ганна паслала на стол у вялікім пакоі і расклала там кніжкі, паперу і розныя туалетныя прылады.

Цяпер можна схадзіць па малако ў вёску, заадно праведаць дзеда Генадзя і яго жонку Дар'ю.

Ганна адшукала на кухні гладыш, выйшла з хаты, замкнуўшы па гарадской звычцы дзверы, пастаяла каля веснічак і накіравалася не ўніз, да вёскі, а ўверх, да гаю на вяршыні, бо з тою мясцінаю была звязана нейкая жахлівая дзіцячая тайна, забытая за дваццаць гадоў.

Сцяжынка пралягала паміж рэдкіх кустоў, каля якіх ружавелі суніцы, і неўзабаве Ганна апынулася на вяршыні пагорка, у цяні дрэваў, якія разрасліся на старых занядбалых могілках. Шэрыя пліты і каменныя крыжы паўрасталі ў зямлю, пахаваліся ў арэшніку, у выемках між імі буйна цвілі ландышы. Адна з пліт чамусьці стаяла тарчма, і Ганна падумала, што тут быў пахаваны чарадзей, які потым прачнуўся і выкараскаўся адтуль.

Раптам Ганна адчула, што за ёю нехта сочыць. У гаі было вельмі ціха — вецер не рашаўся зазірнуць туды, і спрадвечны могільнікавы страх ахапіў Ганну; не аглядваючыся, яна хутка пайшла наперад…

2

— Ты, ведама, прабач, Ганначка, — сказаў белабароды дзед у дажджавіку і сінім капелюшы, — калі я цябе напалохаў.

— Добры дзень, дзядуля Генадзь, — сказала Ганна. Наўрад ці хто-небудзь яшчэ ў вёсцы мог адразу прызнаць яе.

Яны стаялі каля каменнай царквы з абваленым купалам. Вялікая страказа прысела на край гладыша, які Ганна прыціскала да грудзей, і зазірнула ў яго.

— Па малако сабралася? — спытаўся дзед.

— Да вас.

— Малака дамо. А я па кабылу іду, яна сюды заблудзіла. І чаму гэта ў яе такая цяга да спакою і назіранняў? Клеапатрай яе завуць, гарадская, з іпадрома выбракаваная.

— Цётка Магда вам ліст напісала?

— Яна мне заўсёды піша. Да ўсіх святаў. Я ў Пруднікі ездзіў, вяртаюся, а ты на ганку стаіш. Вырасла, пахарашэла. У аспірантуру, значыцца, збіраешся?

— Цётка і пра гэта напісала?

— А як жа.

Гнядая кабыла Клеапатра стаяла з другога боку царквы, грэлася на сонцы. Яна ветліва ткнулася пысаю Ганне ў выстаўленую далонь. Яе бліскучая скура пахла потам.

— Звярні ўвагу, — сказаў дзед Генадзь, — храм семнаццатага стагоддзя, пабудаваны пры Аляксею Міхайлавічу, а фундамент яшчэ старэйшы. Сюды рэстаўратар з Ленінграда прыязджаў. Васільеў, Цярэнцій Іванавіч, не ведаеш?

— Не.

— Вядучы спецыяліст. Можа, будуць аднаўляць. Ці раскопкі пачнуць. Тут на ўзгорку горад стаяў у сярэднявеччы. Зямля літаральна напоўнена загадкамі і таямніцамі. Ну, Клепа!

Дзед урачыста ўздыхнуў, насунуў на вочы шапку, ляпнуў Клеапатры па шыі, і тая пайшла ўперад. Ганна зразумела, што рэстаўратар Васільеў развярэдзіў дзедаву душу, адкрыў перад ім прывабную далячынь вякоў.

Паперадзе ішла Клепа, потым, жэстыкулюючы, дзед — дажджавік яго калыхаўся, як пакрывала прывіду. Ён гаварыў, не аглядаючыся, часам яго голас прападаў, патанаючы ў кустах, яго доўгі маналог быў пра горкі лёс рэк і лясоў; пра тое, што якісьці купец яшчэ да рэвалюцыі вазіў з пагорка камень у Полацак, абкрадаючы гэтым самым культурную спадчыну; пра тое, што насельніцтва гэтых мясцін мяшанае, бо сюды прыходзілі ваяваць усе, хто хацеў; што кожнай вёсцы патрэбны музей… Тэмы былі разнастайныя і нечаканыя.

Спусціліся з пакатага, дальняга ад ракі боку пагорка і накіраваліся ўздоўж жытнёвага поля, па краях якога цвілі васількі. Дзед апавядаў пра тое, што над Міёрамі два дні вісела лятальная талерка, а на Месяцы магчыма жыццё. Каля ручая дзед азірнуўся.

— Можа, у нас пажывеш? Чаго адной у хаце? Мы з Дар'яй табе і гарачай яды наварым, і пагамонім.

— Я лепш пабуду адна. Дзякуй.

— Я і не спадзяваўся, — сказаў дзед. У хаце дзеда Генадзя прыйшлося затрымацца. Бабка Дар'я запарыла гарбату, паставіла цукеркі, а гаспадар дастаў каробку з-пад абутку і расклаў на стале свой музей, які ён пачаў збіраць пасля сустрэчы з рэстаўратарам Васільевым. Тут была дзедава фотакартка дваццатых гадоў, бляшанка з-пад гарбаты з чарапкамі рознай формы і даўнасці, некалькі паштовак з краявідамі Полацка і курорта Монтэ-Карла, старажытная пацініраваная львіная галава з колцам у носе — пэўна, ручка ад дзвярэй, а таксама крэмневы наканечнік дзіды, бутэлечка з-пад даўнейшых духоў, падкова, якую згубіла Клеапатра, і яшчэ штосьці. Бабка Дар'я паклікала Ганну на кухню пагаманіць пра радню, шапнула:

— Ты не смейся, няхай забаўляецца. А то піць пачне. Бабка Дар'я пражыла з Генадзем паўвека і ўсё баялася, што ён зап'е.

3

Прыцемкі былі напоўнены гукамі, якія ўзнікалі ад цішыні і празрыстасці паветра. Галасы ад калодзежа, жаночы смех, вуркатанне тэлевізара, далёкі гудок грузавіка і нават перастук колаў цягніка ў неймавернай далечыні — усё гэта было патрэбна, каб як мага глыбей усвядоміць бязмежжа неба, бляск адлюстраванага месяца ў рэчцы, маўчанне лесу, плёскат рыбы і камарыны звон.

Ганна падышла да хаты, узнялася на ганак і нетаропка, усміхаючыся з дзедавай балбатні, лёгка адамкнула на гэты раз падатлівыя дзверы. Трымаючы ў руках замок і гладыш з сырадоем, яна ўвайшла ў сенцы, ступіла крок і знянацку спатыкнулася аб нешта цвёрдае і цяжкае. Гладыш грукнуўся аб падлогу, замок выпаў і стукнуў па назе. Ганна крыкнула, абхапіла рукамі шчыкалатку, і тут жа з-за перагародкі, што аддзяляла сенцы ад халоднай святліцы, рэзкі мужчынскі голас спытаўся:

— Ты што, Кін?

З гарышча адгукнуўся другі голас, нізкі:

— Я на гары.

Ганна, забыўшыся пра жахлівы боль, сцішылася. На імгненне ёй у галаву прыйшла думка: яна трапіла ў чужую хату. Але ж з гэтага боку ручая толькі адна хата. І яна хвіліну назад адмыкала яе.

Часта зарыпелі прыступкі вузкай лесвіцы, што вяла на гарышча. Скрыпнулі дзверы ў халодны пакой.

Два ліхтарыкі ўспыхнулі адначасова. Яна зажмурылася.

Калі расплюшчыла вочы, убачыла: у сенцах стаяць двое, а на падлозе пасярод сенцаў — вялікі жоўты чамадан, заляпаны малаком. Малочная лужына расплылася па падлозе, рыжымі караблікамі пагойдваліся чарапкі.

Адзін з іх быў малады, крыху старэйшы за Ганну, элегантны, у сінім гарнітуры, пры гальштуку-мушцы, з кучаравымі чорнымі валасамі, з гусарскімі нахабнымі вачыма. Другі, што злез з гарышча, — старэйшы і мажнейшы. Твар скуласты, карычневы, светлымі агеньчыкамі гарэлі на ім невялікія вочы. Ён быў адзеты ў чорны світэр і пацёртыя джынсы.

Ганна выпрасталася, зморшчыўшыся ад болю, і спыталася:

— Вы праз акно ўлезлі?

Мужчыны трымалі напагатове, як пісталеты, яркія ліхтарыкі.

— Што вы тут робіце? — спытаўся скуласты.

— Я жыву тут. Часова. — І, як бы жадаючы ўразіць іх, Ганна дадала: — Вось бачыце, я і падлогу вымыла.

— Падлогу? — спытаўся скуласты і паглядзеў на лужыну малака.

Ганна была такая сярдзітая, дый нага балела, што забылася пра спалох.

— Калі вам няма дзе пераначаваць, — сказала яна, — перайдзіце цераз ручай, у крайнюю хату. Там ёсць пакой пусты.

— Чаму гэта мы павінны ісці? — спытаўся малады гусар.

— Вы што, хочаце, каб я пайшла?

— Разумеецца, — сказаў маладзейшы. — Вам тут няма чаго рабіць.

— Але ж гэта хата маёй цёткі, Магды Іванкевіч.

— Гэта чорт ведае што, — сказаў малады гусар. — Ніякай цёткі тут быць не павінна.

— Правільна! — усклікнула Ганна, прасякнутая справядлівым гневам. — Цёткі быць тут не павінна. І вас таксама.

— Мне здаецца, — заявіў скуласты, — нам варта пагаварыць. Зрабіце ласку, ці не пажадалі б вы прайсці ў пакой?

Ганна звярнула ўвагу на пэўную старамоднасць яго мовы, нібы ён вучыўся ў дарэвалюцыйнай гімназіі.

Не дачакаўшыся адказу, скуласты штурхнуў дзверы ў святліцу. Там было ўтульна. Канапа заслана, на стале ляжалі кніжкі, частка з іх ангельскія, што адразу пераконвала: у пакоі жыў інтэлігентны чалавек — гэта значыць Ганна Іванкевіч.

Напэўна, гэтая думка прыйшла ў галаву і ўзломшчыку, бо яго наступныя словы адрасаваліся не Ганне, а спадарожніку.

— Жуль! — сказаў ён. — Хтосьці прамаргаў.

Жуль падышоў, узяў са стала ангельскую кніжку, паварушыў губамі, разбіраючы назву, і заўважыў:

— Не чытаў.

Відаць, хацеў паказаць сваю адукаванасць. Магчыма, гандляваў абразамі, займаўся кантрабандай і не спыніцца ні перад чым, каб збавіцца ад сведкі.

— Добра, — сказаў скуласты бандыт. — Не будзем сварыцца. Вы думалі, што хата пустая і вырашылі ў ёй пажыць. Так?

— Безумоўна так. Я ведала, што яна пустая.

— Але вы не ведалі, што з гаспадыняй гэтай хаты мы дамовіліся пажыць тут два тыдні. І вось атрымалася непаразуменне.

— Непаразуменне, — сказала Ганна. — Я і ёсць гаспадыня.

Гусар усеўся на канапу і пачаў хутка гартаць кніжку. Недзе ўдалечыні забрахаў сабака, пачуўся гул машыны. Праз адчыненае акно ў пакой заляцеў вялікі матылёк і стукнуўся ў шкло ліхтарыка. Ганна, накульгваючы, падышла да стала і запаліла лямпу-газоўку.

— Магда Фёдараўна Іванкевіч, — сказаў скуласты бандыт начальніцкім голасам, — здала нам гэтую хату на два тыдні.

— Калі вы бачылі цётку? — спыталася Ганна.

— Учора, — адказаў малады чалавек, не адрываючы вачэй ад кніжкі. — У Менску.

«Хлусяць, — падумала Ганна. Учора вечарам яна праводзіла цётку ў Крым. Палову жыцця пражыўшы ў вёсцы, цётка лічыла, што вёска — не месца для адпачынку. Экзатычная мітусня на ялцінскім узбярэжжы куды больш да душы яе рамантычнай натуры… — Яны тут невыпадкова. Прыйшлі сюды не так сабе. Але што ім рабіць у гэтай хаце? Чым больш сур'ёзныя намеры ў бандытаў, тым больш бязлітасныя яны да сваіх ахвяраў — мэта апраўдвае сродкі. Трэба вырвацца адгэтуль і ўцякаць да дзеда».

— Мяркуючы па ўсім, — задумліва сказаў высокі бандыт, дакрануўшыся пальцам да кончыка носа, — вы нам не паверылі.

— Паверыла. — Ганна сцепанулася пад яго халодным позіркам. Гэтым і выдала сябе канчаткова. І цяпер ёй заставалася толькі бегчы. Тым больш што малады чалавек адклаў кніжку, лёгка ўстаў з канапы і апынуўся ў яе за спіною. Або цяпер, або ніколі. І Ганна хуценька вымавіла: — Мне трэба выйсці на двор.

— Чаго? — спытаўся высокі бандыт.

Ганна кінулася да прачыненага акна, нырнула ў яго галавою ўперад, насустрач начной прахалодзе, водару лугоў і паху дыму ад ляснога вогнішча. Праўда, гэтую сімфонію яна не паспела як след ацаніць, бо гусар уцягнуў яе за ногі назад у пакой. Ганна стукнулася падбародкам аб падаконнік, ледзь не выбіла свае прыгожыя, асляпляльна белыя зубы і павісла — рукамі за падаконнік, ногі навісу.

— Пусці, — прастагнала Ганна. У голасе было столькі нянавісці і прыніжэння, што скуласты бандыт сказаў:

— Пусці яе, Жуль.

Ганна сказала, прыводзячы сябе ў парадак:

— Гэтага я вам ніколі не дарую.

— Вы так рызыкавалі. Там жа пад акном крапіва.

— Парэчкі, — сказала Ганна.

— Чаму не крычалі? — дзелавіта спытаў скуласты бандыт. — Тут далёка чуваць.

— Я яшчэ закрычу, — адказала Ганна, стрымліваючы слёзы.

— Васпані, — вымавіў высокі бандыт, — супакойцеся. Мы не ўчынім вам зла.

— Тады выбірайцеся адсюль! — крыкнула Ганна нечакана віскатлівым, кухонным голасам. — Зараз жа выбірайцеся з маёй хаты! — Яна схапілася за сківіцу і дабавіла праз зубы: — Цяпер у мяне рот не будзе адкрывацца.

Скуласты бандыт паглядзеў паўзверх яе галавы і сказаў:

— Жуль, паглядзі, калі ласка, ці нельга зняць боль? Ганна зразумела, што забіваць яе не будуць, а Жуль асцярожна і цвёрда ўзяў яе за падбародак сухімі тонкімі пальцамі і сказаў, гледзячы ў вочы сваімі сінімі, акружанымі чаротам вейкаў, гусарскімі азёрамі:

— Няўжо мы робім такое цяжкае ўражанне?

— Робіце, — сказала Ганна ўпарта. — І вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялі чамаданаў…

— Гэта мы зробім, — сказаў Кін, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. — І, напэўна, давядзецца адкласці рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней…

— Вы ўсё-такі намерваецеся тут начаваць? — сказала Ганна.

— А дзе ж мы дзенемся?

Ганна зразумела, што ён праўду кажа.

— Тады будзеце спаць у халодным пакоі. Толькі просцін у мяне вам няма.

— Абыдземся, — сказаў Жуль. — Я вазьму кніжку з сабою. Вельмі цікавая. Раніцай аддам. Ганна толькі адмахнулася.

— Дзе ануча? — спытаўся Кін.

— Я зараз прынясу, — сказала Ганна і пайшла на кухню.

Кін накіраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:

— Можа, вас задаволіць грашовая кампенсацыя?

— Каб я паехала са сваёй хаты?

— Скажам, тысяча рублёў?

— Уга, я столькі атрымліваю за паўгода.

— Значыць, згода?

— Паслухайце, у вёсцы ёсць іншыя хаты. У іх жывуць адзінокія бабулі. Гэта вам абыдзецца танней.

— На жаль, — сказаў Кін, — нас задавальняе гэтая хата.

— Няўжо пад ёю клад?

— Клад? Наўрад. А дзве тысячы?

— За гэтыя грошы вы можаце купіць тут тры хаты. Не раскідвайцеся грашыма. Ці яны дзяржаўныя?

— Іронія недарэчы, — строга сказаў Кін, быццам Ганна вучылася ў яго класе. — Грошы дзяржаўныя.

— Слухайце, — сказала Ганна, — мыйце падлогу і кладзіцеся спаць.

4

Ганне не спалася. За сцяною бурчалі няпрошаныя госці, можа, збіраліся пачаць раскопкі клада на досвітку? Урэшце-такі яна не вытрымала і выглянула ў сенцы. Ліхтарык ляжаў на палічцы — матавы апельсін свечаў на сто. «Імпартная рэч, — падумала Ганна. — Вельмі зручная ў турысцкіх паходах». Чамаданаў прыбавілася. Іх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялілі сябровак? І ў гэты момант з лёгкім стукам пасярод прыхожай узнікла бліскучая металічная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:

— Прыехалі.

Дзверы, што вялі ў халодны пакой, здрыгануліся, і Ганна, напалоханая, імгненна шмыганула ў свой пакой.

Гэта было падобна на містыку і ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнікаюць. Яны ўзнікаюць, бадай, толькі ў навукова-фантастычных раманах, якія Ганна не любіла, але чытала, бо яны былі дэфіцытныя.

Бандыты яшчэ доўга перасоўвалі нешта ў сенцах, мармыталі і ўгаманіліся толькі гадзіны ў тры. Тады і Ганна заснула.

Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнімі тыднямі. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкі пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамі, раннія птушкі вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкі вытанцоўваюць на фіранцы. Ганна бяжыць на рэчку і акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамі, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.

За сцяною гучалі галасы, і адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гісторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка і вясёлы шолах лістоты. Каб выбрацца, трэба было прайсці цераз сенцы, дзе ўжо мітусіліся няпрошаныя суседзі. І купацца расхацелася. Варта было зрабіць інакш: расчыніць дзверы і — голасам гаспадыні: «Вы яшчэ тут? Колькі гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па міліцыю!» Аднак нічога падобнага Ганна не зрабіла, бо яшчэ не мылася і была непрычэсаная. Ціха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, наліла халоднай вады з вядра ў таз і здзейсніла свой сціплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкі глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вуліцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.

Быць на кухні доўга яна не магла. Таму Ганна падпаліла ў пліце, паставіла чайнік і, статная, строгая і халодная, выйшла ў сенцы.

Там стаяла шэсць скрынак і чамаданаў, адзін чамадан быў адчынены, і гусар Жуль у ім капаўся. Пачуўшы яе крокі, ён зачыніў вечка, буркнуў: «Добрай раніцы». Відавочна, непрыязнасць была ўзаемная, і гэта яе нават падбадзёрыла.

— Добрай раніцы, — павіталася Ганна. — Вы яшчэ тут?

Кін увайшоў з вуліцы. Мокрыя валасы прыляпіліся да лба.

— Выдатная вада, — паведаміў ён. — Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? І чаго гэта ў яго такі добры настрой?

— Не, — сказала яна. — Лепш я схаджу па малако.

— Схадзіце, Ганна, — сказаў дружалюбна Кін. Ён паводзіў сябе не зусім правільна.

— Ці збіраецеся вы выязджаць? — спыталася яна недаверліва.

— Не, — адказаў Кін. — Мы тут будзем.

— А вы не баіцеся, што я паклічу на дапамогу?

— Вы гэтага не зробіце, — усміхнуўся Кін.

— Яшчэ як зраблю! — абурылася Ганна. І накіравалася да выхаду.

— Посуд вазьміце, — сказаў ёй услед гусар. — У вас грошы ёсць?

— Не патрэбны мне грошы. — Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Ішла яна не па малако.

У люстэрку ракі гулялі сонечныя бліскаўкі, непадалёку ад ручая ў лагчыне вісеў клубок туману, сонца было такое цёплае і пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далоні і пагладзіць.

Дзверы ззаду ляпнулі, выйшаў Кін з каструляю і пісьмом.

— Ганна, — сказаў ён бацькоўскім голасам, — вам пісьмо.

— Ад каго? — спыталася Ганна, пакорна беручы каструлю.

— Ад вашай цёткі, — сказаў Кін. — Яна пажадала перадаць…

— Чаму ж вы не паказалі яго ўчора?

— Мы атрымалі яго сёння, — адказаў Кін.

— Сёння? А дзе ж ваш верталёт?

— Ваша цётачка, — не звярнуў увагі на сарказм Кін, — адпачывае ў Крыме і прасіла перадаць вам шчырае прывітанне.

Ганна перахапіла каструлю пад паху, разгарнула ліст.

«Ганулька! — было напісана там. — Кін Уладзіміравіч і Жуль пра ўсё са мною дамовіліся. Ты іх не крыўдзі. Я ім вельмі абавязана. Няхай пажывуць у хаце. А ты, калі хочаш, у дзеда Генадзя. Ён не адмовіць. Мы з Міленай даехалі добра. Пруцікаў сустрэў. Надвор'е стаіць цёплае. Магда».

Кін стаяў, панурыўшы галаву, і сачыў за Ганнай.

— Лухта, — сказала яна. — Гэта вы самі напісалі.

— І пра Мілену мы напісалі? І пра Пруцікава?

— Колькі вы ёй заплацілі?

— Колькі яна папрасіла.

Цётка была карыслівая, і калі перад яе носам цвялілі пачкам сторублёвак… Але як яны гэта ўсё ўладзілі?

— Сёння ўранку? — перапытала Ганна.

— Ага. Мы тэлеграфавалі нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвітку пісьмо было дастаўлена сюды самалётам.

Пісьмо як пісьмо, з маркай, але без штэмпеля.

— У вас і рацыя ёсць? — спыталася Ганна.

— Вам дапамагчы перанесці рэчы? — запытаўся Кін.

— Не спадзявайцеся, — сказала яна. — Я не здамся. Мне пляваць, колькі лістоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткі. Калі вы паспрабуеце мяне забіць ці выгнаць сілаю, я буду супраціўляцца.

— Ну навошта так, — пакрыўджана сказаў Кін. — Наша праца, на жаль, не церпіць адкладу. Мы просім вас вызваліць гэтую хату, а вы паводзіце сябе як дзіця.

— Таму што я зняважаная, — сказала Ганна. — І ўпартая.

— Мы імкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагі, — растлумачыў Кін.

Вочы яго сталі сумныя; калі ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.

— Вы ўжо заўважаныя, — сказала Ганна. — І вам больш нічога не застаецца, як паведаміць мне, чым вы тут збіраецеся займацца.

— Можа быць, вы ўсё ж такі паедзеце? Паверце, гэтак усім будзе лепш.

— Не, паразважайце, а я пайшла купацца. І не ўздумайце выкідаць мае рэчы або замыкаць дзверы.

Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, і калі б не Ганніна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзіну ракі, заўважыла, як далёка аднесла яе ўніз цячэннем, павярнула назад і страціла хвілін пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакінула ручнік і кніжку.

Ганна выбралася на траву і легла на ручнік. Як назло, нічога добрага з гэтага не выйшла — наляцела некалькі нахабных сляпнёў, і настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.

— Прабачце, — сказаў Кін, сядаючы побач на траву.

— Я вас не клікала, — буркнула Ганна.

— Мы параіліся і вырашылі вам сёе-тое расказаць.

— Толькі не маніць, — сказала Ганна, насцярожыўшыся.

— Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.

— Цудоўны пачатак.

Кін з размаху пляснуў сабе па шыі.

— Сляпні, — сказала Ганна. — Тут, напэўна, каровы пасуцца.

Яна села і прыкрыла свае плечы ручніком.

— Мы павінны пачаць сёння, — сказаў Кін. — Кожная хвіліна каштуе шалёныя грошы.

— Дык не трацьце іх дарэмна.

— Мяне цешыць толькі тое, што дзяўчына вы разумная. І водгукі пра вас у інстытуце давалі станоўчыя. Праўда, вы свавольніца…

— Вы і да інстытута дабраліся?

— А што рабіць? Вы — непрадугледжаны фактар. Наша віна. Дык вось, мы жывём не тут.

— Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?

— Мы жывём у будучыні.

— Якая любата! А ў чамаданах — машына часу?

— Не іранізуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цікавіць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапіць туды, мы вымушаны зрабіць прыпынак менавіта тут.

— Я заўсёды думала, што вандроўнікі ў часе — народ патаемны.

— Паспрабуйце падзяліцца гэтай тайнай з сябрамі. Мяркую, што яны вам не павераць.

Кін адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, і адразу павеяла халадком.

— А чаму я павінна вам паверыць? — спыталася Ганна.

— Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзі. Гэта даволі неверагодна, каб прымусіць вас хоць бы задумацца.

Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэнні.

— І ў якім жа вы жывяце стагоддзі?

— Лагічнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзі на гэтым вось пагорку стаяў невялікі горад Замошша. Лапік у стракатай коўдры Русі. На ўсход ляжалі землі Полацкага княства, з захаду і поўдня жылі жамойты, леты, самагіты, яцвягі, літоўцы і іншыя плямёны і народы. А яшчэ далей на захад пачыналіся ўладанні нямецкага ордэна мечаносцаў.

— Вы археолагі?

— Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

— Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлічыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранікаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнік?

— Не, ён геній.

— А вы адкуль ведаеце?

— Гэта наша спецыяльнасць — шукаць геніяў.

— А як яго звалі?

— Яго імя — Раман. Баярын Раман.

— Ніколі не чула.

— Ён рана загінуў. Так падае летапіс.

— Можа, летапісцы ўсё прыдумалі?

— Летапісцы шмат чаго не разумелі. І не маглі прыдумаць.

— Што, напрыклад?

— Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня… Гэта быў універсальны геній, які апярэдзіў свой час.

— І вы хочаце, каб ён не загінуў, а прадаўжаў працаваць і вынайшаў яшчэ і мікраскоп? А хіба можна ўмешвацца ў мінулае?

— Мы не будзем умешвацца. І не будзем перайначваць яго лёс.

— Што ж тады?

— Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерці. Гэта не паўплывае на ход далейшых гістарычных падзей. Зразумела?

— Н-не вельмі. Дый навошта гэта вам?

— Самае каштоўнае на свеце — мозг чалавечы. Геніі бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка…

— Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнік можа вынайсці порах.

— Памыляецеся. Чалавечы мозг быў і застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькі ўзровень адукацыі. Сёння вынаходніцтва пораху не выпадзе на долю генія. Сённяшні геній павінен вынайсці…

— Машыну часу?

— Скажам, машыну часу… Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходніка кола або пораху.

— А навошта вам вынаходнік пораху?

— Каб ён вынайшаў штосьці новае.

5

Воблакі, высокія, цёмныя пад сподам, вызвалілі сонца, і яно зноў асвяціла бераг. Аднак колер яго змяніўся — стаў трывожны і белы. І тут жа хлынуў дождж, пачаў лупіць па чароце, па траве. Ганна схапіла кніжку і, прыкрываючы галаву ручніком, кінулася пад яблыню. Кін тут жа дагнаў яе, і яны прыціснуліся спінамі да шурпатага дрэва. Кроплі лопалі па лісці.

— А калі ён не захоча? — спыталася Ганна. Кін нечакана засмяяўся.

— Вы мне амаль паверылі, дарагая Ганна, — сказаў ён.

— Выходзіць, не трэба было верыць? — Яе твар, які звужаўся да ямкі на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за раніцу, і ад гэтага валасы здаваліся яшчэ святлейшымі.

— Гэта добра, што вы паверылі. Мала хто можа пахваліцца такім непасрэдным успрыманнем.

— Такая я, відаць, дурніца.

— Наадварот.

— Добра, дзякую. Вы ўсё-такі лепш скажыце, навошта вам шукаць генія ў трынаццатым стагоддзі? Што, бліжэй не знайшлося?

— Па-першае, геніяў мала. Вельмі мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павінен быць нестары, бо з гадамі ўскладняецца праблема адаптацыі, і, галоўнае, ён павінен прапасці выпадкова або трагічна… без следу. На пахаванні Леанарда да Вінчы прысутнічала шмат людзей.

— І ўсё-такі — трынаццатае стагоддзе! Дождж сціхаў, кроплі ўсё радзей і радзей білі па лісці.

— Вы, відавочна, не ўяўляеце сабе, што такое перамяшчэнне ў часе.

— Зусім не ўяўляю.

— Паспрабую растлумачыць. У двух словах, разумеецца. Час — аб'ектыўная фізічная рэальнасць, ён знаходзіцца ў пастаянным паступальным руху. Рух гэты, як і рух некаторых іншых фізічных працэсаў, ажыццяўляецца спіралепадобна.

Кін сеў на кукішкі, узяў сухі сучок і вывеў на вільготнай зямлі спіраль часу.


У БУДУЧЫНЮ

З МІНУЛАГА


— Мы з вамі — часцінкі, што плывуць у спіралевым патоку, і нішто на свеце не можа запаволіць ці паскорыць гэты рух. Але існуе іншая магчымасць — рухацца напрасткі, па-за плынню, як бы перасякаючы віток за вітком.

Кін, не ўстаючы, намаляваў стрэлку побач са спіраллю.


У БУДУЧЫНЮ

З МІНУЛАГА


Потым ён падняў галаву, глянуў на Ганну, каб упэўніцца, ці зразумела яна. Ганна кіўнула.

Кін выпрастаўся і крануў галінку яблыні — пасыпаліся пырскі. Ён трасянуў галавой і прадаўжаў далей:

— Цяжкасць заключаецца ў тым, што з любога канкрэтнага моманту ў плыні часу вы можаце трапіць толькі ў адпаведны момант папярэднлга вітка часу. А працягласць вітка каля васьмісот гадоў. Апынуўшыся ў папярэднім або наступным вітку, мы тут жа зноў трапляем у плынь часу і пачынаем рухацца разам за ёю. Дапусцім, што дваццатаму ліпеня 2745 года блізка адпавядае дваццатага ліпеня 1980 года. Або, бяром наступны віток, дваццатага ліпеня 1215 года, або, яшчэ адзін віток, дваццатага ліпеня 540 года. Паглядзіце. — Кін дапоўніў малюнак дэталямі.


У БУДУЧЫНЮ

З МІНУЛАГА


— Цяпер вы разумееце, чаму мы не маем магчымасці адкладваць нашу работу? — спытаўся ён. Ганна не адказала.

— Мы некалькі гадоў рыхтаваліся да пераходу ў 1215 год, чакалі, калі момант смерці баярына Рамана супадзе з момантам на нашым вітку часу. Горад Замошша будзе ўзяты праз два дні ў 1215 годзе. І праз два дні загіне невядомы геніяльны вучоны трынаццатага стагоддзя. Калі мы не здзейснім задуманае за два дні, пра ўсю гэтую нашую задуму давядзецца забыць. Назаўсёды. А тут вы з'яўляецеся.

— Я ж не ведала, што вам перашкоджу.

— Ніхто вас не вінаваціць, дарагая дзяўчына.

— А чаму нельга проста туды?

— На жаль, немагчыма перасекчы адразу два віткі часу. На гэта не хопіць усёй энергіі Зямлі. Мы вымушаны спыніцца і зрабіць прамежкавы пункт тут, у дваццатым стагоддзі.

— Пайшлі дадому, — сказала Ганна. — Дождж перастаў.

Яна паглядзела на спіраль часу, намаляваную на вільготнай бурай зямлі. Просценькі малюнак. Але ён быў зроблены рукою чалавека, які яшчэ не нарадзіўся.

Яны накіраваліся дахаты. Воблакі адплылі за лес. Парыла.

— Значыць, нас раздзяляюць восемсот гадоў, — сказала Ганна.

— Каля гэтага. — Кін адхіліў галінку яблыні, прапус каючы Ганну. — Гэта добра, таму што такая прорва часу робіць нашы з вамі зносіны эфемернымі. Нават калі б вы захацелі даведацца пра час сваёй смерці, а гэта натуральнае пытанне, я б адказаць на яго не змог. Вельмі даўно.

— Вам задавалі такія пытанні?

— Мы не павінны пра гэта гаварыць. Але такія выпадкі ўжо былі. І звычайна не парушалі ходу эксперыменту. Сістэма часу стабільная і інерцыйная. Яна падобная на мора, якое паглынае смерчы…

— Я жыла даўно… — уголас падумала Ганна. — Для вас я выкапень. Выкапень, які жыў даўным-даўно. Мамант.

— У пэўнай ступені так. — Кін не хацеў ашчаджаць пачуцці дзяўчыны. — Для мяне вы памерлі семсот гадоў назад.

— Вы ў гэтым упэўнены?

— Упэўнены. Хоць і не бачыў вашай магілы.

— Дзякую за шчырасць… Я была ўчора на могілках. Там, на пагорку. Я магу ацаніць велічыню гэтай прорвы.

— Мы хочам пераадолець яе.

— І забраць адтуль чалавека? А калі ён будзе няшчасны?

— Ён геніяльны. Геній адаптабельны. У нас ёсць практыка.

— Вы катэгарычны.

— Ні ў якім разе. Я заўсёды і ўсё правяраю сумненнем. Катэгарычны Жуль. Можа быць, таму, што малады. Ды не гісторык, а фізік-краніст.

— Вы гісторык?

— У нас няма строгага падзелу на спецыяльнасці. Мы ўмеем многае.

— Хоць у цэлым вы не змяніліся.

— Антрапалагічны тып чалавека застаўся ранейшы. Мы далёка не ўсе прыгожыя і нават не ўсе разумныя.

— Ува мне прачынаюцца пытанні, — сказала Ганна, спыніўшыся ля ганка.

Кін выняў з бочкі граблі і прыставіў да сцяны.

— Разумеецца, — сказаў ён. — Аб населенасці Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах і міры… Выбачайце, Ганна. Я нічога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымістычны. І тое, што мы можам займацца такой дзіўнаю справай, як пошукі старажытных мудрацоў…

— Гэта нічога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамі мозгу не ад добрага жыцця.

— Пры кепскім жыцці не хапае энергіі і часу на такія заняткі. А што належыць да недахопу геніяў… У веснічках паказаўся дзед Генадзь са збанком.

— Добры дзень, — сказаў ён, быццам не заўважаючы Кіна, які стаяў да яго спіною, — ты чаму па малако не прыйшла?

— Пазнаёмцеся, — сказала Ганна. — Гэта мае знаёмыя прыехалі.

Кін марудна павярнуўся.

6

Раптам і неяк дзіўна ў Кіна змяніўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвісла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.

— Генадзь… прабачце, не памятаю…

— Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якім ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васільеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакіне без увагі нашы мясціны, з прычыны гістарычнага інтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.

— Ага, — ціха сказала Ганна. — Зразумела, Васільеў. Вядомы рэстаўратар з Ленінграда.

І ў гэтым, калі ўдумацца, не было нічога дзіўнага: вядома, яны бывалі тут раней, вынюхівалі, шукалі месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзі, вялікія стаўкі. А вось недаацанілі дзедавай страсці да гісторыі.

— І надоўга? — спытаўся дзед Генадзь. — Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнікі? А я ўжо невялікі музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы інтарэс.

— Абавязкова, — усміхнуўся Кін чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыі, ад пошукаў і знаходак вялікага чалавека. — Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалі.

— Праведалі, — рэхам адгукнулася Ганна.

— Правільна, — згадзіўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго куміра, — я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзім і выслухаем вашы парады.

Кін раптам адрасаваў Ганне ўмольны позірк: ратуйце!

— Не за так, — дала знаць Ганна толькі губамі, адвярнуўшыся ад пільнага дзеда. — Мы пасля зойдзем, — сказала яна. — Разам зойдзем, не трэба музей сюды несці, можна пагнуць што-небудзь ці зламаць…

— Я асцярожна, — сказаў дзед. — Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмі вялікі. Я некаторыя рэчы на месцах пакідаю. Адзначаю і пакідаю. Мы з вамі павінны на пагорак схадзіць, там я знайшоў дужа цікавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гільдзіі Сумарокаву, жонка і чада яго надта скрушна тужылі ў вершах.

Ганна зразумела, што і яна бяссільная перад націскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчыніліся. З'явіўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкімі вусамі.

— Цярэнцій Іванавіч, — сказаў ён шафёрскім голасам, — праз пятнаццаць хвілін едзем. Нас чакаць не будуць. — Ён спагадліва кіўнуў дзеду Генадзю, і дзед разгубіўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю і непарушнасцю занятага чалавека.

— Так, безумоўна, — згадзіўся Кін. — Пятнаццаць хвілін.

— Паспеем, — сказаў дзед хуценька. — Паспеем. Паглядзім. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?

— Там, — няпэўна махнуў рукою Жуль.

— Зразумела. Значыць, чакаем. — І дзед з адчайным натхненнем павёў да веснічак рэстаўратара Васільева, сумніцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.

«Цікава, як вы цяпер выблытаецеся?» Ганна глядзела ім услед. Дзве постаці — маленькая, у капелюшы, дажджавіку, і высокая, у джынсах і чорным світэры, — хутка ішлі па схіле. Дзед размахваў рукамі, і Ганна ўявіла сабе, з якім імпэтам дзед выкладае звесткі, што бязмерна напаўнялі яго.

Яна павярнулася да ганка. Жуль рукою трымаўся за доўгія вусы.

— Я ўпэўнены, што ўсё рухне, — паведаміў ён. — Другая накладка за два дні. Я разнясу групу падрыхтоўкі. Па нашых звестках, дзед Генадзь павінен быў на два тыдні з'ехаць да сына.

— Маглі ў мяне папытацца.

— Кін паводзіў сябе як хлапчук. Не заўважыць старога. Не паспець прыняць ніякіх мер! Траціць хватку. Ён вам расказаў?

— Часткова, мой далёкі прашчур.

— Не можа быць, — сказаў Жуль. — Я ўважліва падбіраў продкаў.

— Грэбуеце?

— Асцерагаюся настырных дзяўчат.

— Што ж будзе далей?

— Будзем выручаць, — сказаў Жуль і нырнуў у дзверы.

Ганна прысела на парог, адпіла са збанка — сырадой быў яшчэ цёплы, духмяны. Паказаўся Жуль.

— Не забудзьце прыклеіць вусы, — сказала Ганна.

— Застанецеся тут і нікога не пускайце.

— Слухаюся, мой генерал. Малака хочаце?

— Няма калі, — адказаў Жуль.

Ганне было відаць, як ён спыніўся перад веснічкамі, разгарнуў далонь — на ёй ляжаў малюсенькі камп'ютэр — і пальцам левай рукі пачаў націскаць на ім кнопкі.

Схіл пагорка і лес, на фоне якіх стаяў Жуль, закалыхаліся і пачалі расплывацца, іх нібыта ахутвала дымам. Дым гусцеў, набываючы форму куба. Раптам Ганна ўбачыла, што перад веснічкамі на вуліцы ўзнікла аб'ёмная выява «газіка». Ганна паставіла збанок. «Газік» здаваўся сапраўдны, бакі яго паблісквалі, а да радыятара прыляпіўся бярозавы лісток.

— Пераканаўча, — сказала Ганна, накіроўваючыся да веснічак. — А навошта вам гэта галаграфія! Дзеда на гэтым не правядзеш.

Жуль адчыніў дзверцы і залез у кабіну.

— Дык гэта не галаграфія? — тупа спыталася Ганна.

— І не гіпноз, — сказаў Жуль.

Пра нешта ўспомніўшы, ён высунуўся з машыны, правёў рукой уздоўж кузава. Узніклі белыя літары: «Экспедыцыйная».

— Вось так, — сказаў Жуль і выняў з кішэні ключы. Завёў рухавік. Машына завуркатала і заглушылася.

— А, каб цябе, — прамармытаў шафёр. — Прыйдзецца папіхаць.

— Я вам не памочніца, — сказала Ганна. — У вас колы да зямлі не датыкаюцца.

— А я што казаў, — пагадзіўся Жуль. Машына крыху асела, загайдалася і на гэты раз завялася. Набіраючы хуткасць, «газік» пакаціўся па зялёным схіле ўніз, да броду.

Ганна выйшла за плот. На зямлі былі відаць рубчатыя сляды шын.

— Напэўна, яны з будучыні, — сказала Ганна сама сабе. — Пайду згатую абед.

Псеўдарэстаўратары вярнуліся толькі праз гадзіну. Пехатою прыйшлі з рэчкі. Ганна ўжо наварыла лапшы з кансервамі.

Яна пачула іх галасы ў сенцах. Праз хвіліну Кін заглянуў на кухню, пацягнуў носам і сказаў:

— Добра, што здагадалася. Я смяртэльна прагаладаўся.

— Дарэчы, — сказала Ганна, — маіх прадуктаў надоўга не хопіць. Або прывозьце з будучыні, або здабывайце дзе хочаце.

— Жуль, — сказаў Кін, — зрабі ласку, прынясі сюды прадукты.

З'явіўся Жуль, узваліў на стол вялізную сумку.

— Мы іх купілі на станцыі, — сказаў Кін. — Дзед думае, што мы паехалі.

— А калі ён прыйдзе да мяне ў госці?

— Будзем гатовы і да гэтага. На жаль, яго надта ўразіла эрудыцыя рэстаўратара Васільева.

— Там сам вінаваты, — сказаў Жуль.

— Нічога. Калі Аня пойдзе, яна замкне хату знадворку. І ніхто не здагадаецца, што мы тут засталіся.

— Не пайду, — сказала Ганна. — Жуль, вымый талеркі, яны на палічцы. Я магу вас шантажыраваць.

— Вы на гэта не здольныя, — сказаў Кін няўпэўнена.

— Кожны чалавек здольны. Калі спакуса вялікая. Вы мяне прывабілі прыгодамі. Можа, пра гэта я марыла ўсё жыццё. Калі вам трэба параіцца са старэйшымі таварышамі, калі ласка. Вы і так мне залішне расказалі.

— Гэта неверагодна, — абурыўся Кін.

— Вы дрэнны псіхолаг.

— Я папярэджваў, — сказаў Жуль.

Абедалі панура. Усе трое сумна жавалі лапшу, запівалі малаком і не падымалі вачэй, нібыта перасварыліся між сабою спадчыннікі ў доме багатай бабкі.

Ганна пакутавала ў пакаянні. Яна разумела, што сапраўды вядзе сябе недарэчна. Сама ж не церпіць, калі недасведчаныя людзі сунуць нос у тваю работу, і калі ў табе ёсць хоць кропля высакароднасці, ты цяпер жа ўстанеш і выйдзеш…. Зрэшты, не, не цяпер. Крыху пазней, у гадзін шэсць, бліжэй да цягніка. Трэба ціхенька выслізнуць з хаты, не прызнаючы адкрыта сваё паражэнне… І ўсё жыццё пакутаваць, што адказалася ад унікальнага шанцу?

Кін адклаў лыжку, моўчкі падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьці там скінуў. Жуль зморшчыўся. Наступіла цішыня.

Кін вярнуўся са стосам жаўтаватых лісткоў паперы. Паклаў іх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку і пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.

— Што гэта? — спытала Ганна.

— Нейкія дакументы. Вы нічога ў іх не зразумееце.

— Навошта тады яны мне?

— Чым чорт не жартуе. Калі вы ўжо застаяцеся… Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.

Але знячэўку яе позірк сустрэўся са злымі вачыма гусара.

Жуль не таіў сваёй непрыязнасці.

— Дзякуй, — сказала Ганна абыякава. — Я пачытаю.

7

Госці корпаліся ў сваіх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальніца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногі. Жоўтыя лісточкі былі невялікія, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымі літарамі.

Спачатку была назва на латыні.

Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,

Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.

…Рыцар Фрыдрых і пробашч Іаган выказалі меркаванне: трэба, сказалі яны, зрабіць наступленне і, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу іншым. Раней пры ўзяцці крэпасцяў даравалі грамадзянам жыццё і свабоду, і таму ў астатніх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней і знатнага палонніка. Вераломнага князя, ворага хрысціянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсіх на самым высокім дрэве. І пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзіцеля агню.

І русы выкацілі з варотаў распаленыя колы, якія раскідвалі па баках пякельны агонь, каб падпаліць асадную вежу. Між тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за ім следаваў Вільгельм Оге, і, убачыўшы гэта, астатнія ратнікі і браты спяшаліся ўзысці на сцяну першымі, адны дапамагалі падымацца адзін аднаму, а другія біліся каля варотаў…

Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукі прыпіску: «Пераклад з першай публікацыі. Рукапіс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай біб-цы. Запіс адн. да лета 1215. Горскі памылкова ідэнтыфіцыраваў Замошша з Ізборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзіны ўпамін пра Замошша ў ордэнскіх крыніцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскі летапісец, пад 1215 г. падае скупа: „Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша“. Тацішчаў, за ім Салаўёў палічылі Замошша літоўскай воласцю. Янін выказаў сумненне ў 80-х гг.».

На другім лістку было штосьці незразумелае:

ДАРОГА ДАРОГ

Аb majorem Dei gloriam. У імя Гермія Тройчы Найвялікшага. Калі хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабі перадусім насычаную ваду з купарвасу і салетры, узяўшы іх пароўну, сальвіруй Месяц звычайным спосабам, дай асесці ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусці ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцыніравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавіцца, і праз тры тыдні Месяц узыдзе, і Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.

Тым жа беглым почыркам збоку было напісана: «За паўстагоддзя да Альберта і Бэкана». Што ж зрабілі праз паўвека Альберт і Бэкан, Ганне заставалася невядома.

Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэці лісток.

СА СПРАВАЗДАЧЫ ЗАХОДНЕДЗВІНСКАГА АТРАДА

Гарадзішча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскі Палудзёнкі (Мёрскі р-н) на высокім і крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р. Вятла (левы прыток Заходняй Дзвіны). Пляцоўка ў плане няправільнай авальнай формы, арыентавана па лініі поўнач — поўдзень з невялікім адхіленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкі 136 м, шырыня ў паўночнай палавіне 90 м, у паўднёвай — 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м бліжэй да цэнтра і 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамі даволі значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90 % слабапрафіліраваных і банкавых формаў, характэрных днепрадзвінскай культуры, і штрыхавая кераміка (каля 10 %), а таксама некалькі абломкаў керамікі XII ст. Папярэдне выяўлены тры ніжнія гарызонты: ранні этап днепрадзвінскай культуры, позні этап той жа культуры і гарызонт трэцяй чвэрці 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзішча).

У канцы XII — пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм і шэраг жыллёвых будынкаў, якія былі знішчаны ў выніку пажару. Даследаванні фундамента храма, на якім была пабудавана ў XVIII ст. капліца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкі ўскладняюцца ў выніку парушэнняў верхніх пластоў могілкамі XVI–XVIII стст.

(Археалагічныя адкрыцці 1986 г. стар. 221)

Справаздача была зразумелая. Капалі — гэта значыць будуць капаць — на пагорку. Ганна склала лісткі на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзін Жуль.

— Хочаце паглядзець на машыну часу? — спытаўся ён.

— Вы на ёй прыехалі?

— Не, устаноўка патрэбна толькі на ўводзе. Яна б тут не змясцілася.

Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металічная скрынка. Над ёю вісеў чорны шар. Яшчэ там былі два пульты. Адзін з іх стаяў на крэсле, другі — на ложку. У кутку — тонкая высокая рама.

— І гэта ўсё? — спыталася Ганна.

— Амаль што. — Жуль быў задаволены эфектам. — Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзі не вынаходлівыя. Ва ўсіх дэманах і ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазія прыдумаць не змагла.

— А спаць вы тут будзеце? — спыталася Ганна.

— А як жа, — адказаў нявінна Жуль. — Каб вы толькі не забраліся сюды ноччу ды не адправіліся ў мінулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскім гарэме.

— Прыйдзецца шукаць, — сказала Ганна. — Горш будзе, калі я заб'ю свайго прадзеда.

— Банальны парадокс, — сказаў Жуль, — віткі часу такія вялікія, што эфект нівеліруецца.

— А дзе Кін?

— На пагорку.

— І не баіцца дзеда?

— Больш яны не сустрэнуцца.

— Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.

Ганна ішла па сцежцы, імкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу і ручая ідуць пакатыя схілы, толькі над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышыні вакол пагорка.

Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у бездані часу. А цяпер? Калі я, разважала Ганна, даўно памерла для Кіна і Жуля, ды ўсё ж такі яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад ліпкай пераднавальнічнай спякоты, то, значыць, і геніяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два дні, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.

Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агінала пагорак. Настолькі неглыбокую, што калі б Ганна не шукала слядоў горада, то і не здагадалася б, што гэта рэшткі рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак і бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы і вырашыла ісці ў цень, на могліцы, таму што праз паўгадзіны з гэтага пекла павінна была распачацца навальніца.

У рэдкай зацені крайніх дрэваў было трошкі халадней, чым у полі. Варта было Ганне спыніцца, як з кустоў вылецелі полчышчы камарыных камікадзэ. У кустах зашапацела.

— Гэта вы, Кін?

Кін выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вісела фотакамера, недарагая, сучасная.

— Ах, якія вы асцярожныя! — сказала Ганна, гледзячы на камеру.

— Стараемся. Прачыталі дакументы?

— Не ўсе. А хто такі Гермій Тройчы Найвялікшы?

— Апякун алхіміі. Гэтая справаздача пра дослед — ліпа. Яе напісаў наш Раман.

— А што там цікавае?

— Пра такі метад выдзялення ртуці тады яшчэ не ведалі. Ён апісвае даволі складаную хімічную рэакцыю.

Наляцеў вецер. Навальніца папярэджвала пра сваё набліжэнне.

— З чаго пачнём? — спыталася Ганна.

— Паглядзім на горад. Проста паглядзім.

— Вы ведаеце Рамана ў твар?

— Не, вядома. Але ён ствараў машыны і рабіў порах. Кін зазірнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за ім. У купале была дзірка, і праз яе Ганна ўбачыла пасму ліловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захаваліся фрэскі. Святыя старцы абыякава глядзелі на людзей. Ніжэй каленяў фрэскі былі выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.

Першыя кроплі забарабанілі па даху. Яны падалі праз адтуліну ў купале і выбівалі на падлозе фантанчыкі пылу. Ганна выглянула на двор. Лісце і каменне здаваліся ненатуральна светлымі.

— Справа, дзе расце дуб-спарыш, былі княскія харомы. Ад іх нічога не захавалася, — сказаў Кін.

Дождж паліў спорна, нават сярдзіта. Ён быццам злаваўся, што людзі не трапляліся яму ў чыстым полі.

— Гэта былі незвычайныя княствы, — сказаў Кін. — Фарпосты Русі, якія ўпраўлялі дэмаграфічнымі лішкамі княскіх сем'яў. Народ быў тут у большасці не русінскі. Вось і даводзілася лавіраваць, шукаць саюзнікаў, пазбягаць ворагаў. І галоўнага ворага — нямецкага ордэна мечаносцаў. Іх цэнтр быў у Рызе, а замкі — па ўсёй Прыбалтыцы.

З хмызняку выйшла Клеапатра і ўпэўнена накіравалася да царквы, відаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.

— Давайце адыдзем, — сказала Ганна. — У нас цэлая царква на дваіх.

— Правільна, — пагадзіўся Кін. — Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кін і Ганна селі на камень у дальнім кутку, а Клепа ветліва спынілася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсці ваду. Пасярод царквы, куды цяпер ліўся з дзіравага купала нешырокі вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнільная пляма, выпускала шчупальцы. Адзін ручаёк дабраўся да Ганніных ног.

— А вам не страшна? — спыталася яна. — Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?

— Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык. — А хто з геніяў жыве ў вас?

— Вы іх не ведаеце. Гэта невядомыя геніі.

— Мёртвыя душы?

— Мілая мая, падумайце добра. Геній — паняцце статыстычнае. У гісторыі чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць і рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развітых краінах. Большасць дзяцей памірала ў маленстве. Паміралі і будучыя геніі. Эпідэміі спусташалі цэлыя кантынент. ы — паміралі і геніі. Грамадскі лад аддаваў на пагібель людзей, што мелі няшчасце нарадзіцца з рабскім ашыйнікам, асуджаў на такое існаванне, што геній не мог паказаць сябе… У войнах, у эпідаміях, у масавых забойствах, у турмах геніі гінулі часцей, чым звычайныя людзі. Яны адрозніваліся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Геніі станавіліся ерэтыкамі, бунтарамі… Геній — вельмі кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы і шанаваць. Аднак ніхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны геній не быў застрахаваны ад заўчаснай смерці. Звыкла гаварыць пра геніяльнасць Пушкіна. На паводзіны Дантэса гэтае меркаванне ніякім чынам не ўплывала.

— Я ведаю, — сказала Ганна. — Нават сябры Пушкіна Карамзіны асуджалі яго. Шмат хто лічыў, што Дантэс меў рацыю.

Клепа падышла бліжэй, таму што падзьмуў вецер і стрэлы дажджу паляцелі ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамі. Раптам загрымела, потым яшчэ і яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвеціўся маланкай. Кін таксама паглядзеў уверх.

— Але чаму вы тады не выкрадаеце геніяў у маленстве?

— А як можна здагадацца, што дзіця геніяльнае? Яно ж павінна паказаць сябе. І паказаць так, каб мы маглі адважыцца на экспедыцыю ў мінулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькі энергіі, колькі сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыі Зямлі за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.

Кабыла, стрыгучы вушамі, пераступала з нагі на нагу. Маланка ўрэзалася ў траву перад самым уваходам. Царква будавалася трывала.

— Не, — прамармытаў Кін, — мы яшчэ шмат чаго не можам.

— Значыць, атрымліваецца зачараванае кола. Геній павінен быць невядомы.

І ў той жа час паспець ужо нешта зрабіць.

— Бывалі сумніцельныя здарэнні. Калі мы былі амаль упэўненыя, што ў мінулым жыў вялікі розум, і можна было б яго дастаць, але… ёсць няўпэўненасць. А часам мы ведаем дакладна, але віток не адпавядае. І нічога не зробіш.

— Тады вы звяртаецеся ў будучыню?

— Не, у нас няма сувязі з наступным вітком.

— Там што-небудзь здарыцца?

— Не ведаю. Там бар'ер. Штучны бар'ер.

— Напэўна, нехта штосьці натварыў.

— Можа быць. Не ведаю.

8

Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй ніколі не даведацца, што там адбылося…

Вецер сціх, дождж ліў ціха-мірна, як бы выконваючы свой абавязак.

— А ў наш час, — спыталася Ганна, — ёсць кандыдатуры?

— Вядома, — сказаў Кін. Відаць, не падумаўшы, што робіць, ён правёў у паветры рукою, і ручаёк, што падабраўся да Ганніных ног, спыніўся, нібыта натрапіў на шкляную запруду. — Дваццатае стагоддзе, мілая Ганна, — таксама забойца, як і іншыя стагоддзі. Калі хочаце, я вам зачытаю некалькі кароткіх даведак. Па некаторых з іх мы не рашыліся прымаць меры…

«А па якіх?» — хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. І правільна зробіць.

— Гэта толькі сухія звесткі. Зразумела, у перакладзе на вашу мову…

— Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А… розніца вялікая?

— Не, не настолькі, каб зусім не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканічная. Мы жывём хутчэй. Але калі трапляем у мінулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра геніяў, якіх няма?

— Хачу.

Кін коратка ўздыхнуў і загаварыў, гледзячы сабе пад ногі. Голас яго змяніўся, стаў сушэйшы. Кін чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж імжэў у такт яго голасу.

— «Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзіўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бірме. У шасцігадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзівіў манахаў сваім уменнем завучваць главы з Цілітакі. Ужо да дзесяці гадоў ведаў на памяць увесь канон Хінаяны, і яго як дзіця, адзначанага Кармой, вазілі ў Мандалай, дзе з ім гутарыў сам татанабайн і падарыў яму парасон і гаршчок на міласціну. У Мандалаі ён натрапіў на кнігу аб хрысціянстве, і шляхам параўнання рэлігійных сістэм і на аснове размоваў з вучонымі-мусульманамі хлопчык стварыў філасофскую сістэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкі, блізкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлі. У 1901 годзе ўцёк з манастыра і дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невінаватасці ангельскага біскупа Эндру Джонсана. Да біскупа хлопчыка не пусцілі, але некалькі дзён ён пражыў у доме місіянера Г. Стоўнуэла, які быў уражаны тым, што бірманскі абарванец на вуліцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Місіянер паказваў хлопчыка сваім сябрам і пакінуў у дзённіку запіс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькімі мовамі. Спробы Маўн Маўн Ко давесці місіянеру сваю тэорыю не мелі поспеху, таму што місіянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кніжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме місіянера кармілі, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамі моцнага знясілення, з колатымі ранамі на грудзях быў знойдзены партовым паліцэйскім А. Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерці невядомая».

Кін змоўк. Быццам яго выключылі. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.

— Тут мы былі ўпэўненыя, — сказаў Кін. — Аднак спазніліся.

— Чаму ж ніхто яго не зразумеў?

— Дзіўна яшчэ, як ён дабраўся да таго місіянера, — сказаў Кін. — Пачытаць яшчэ?

— Калі ласка.

— «Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавіч. Нарадзіўся 23 кастрычніка 1900 года ў г. Ліпавец Кіеўскай губерні. Навучыўся размаўляць і спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяці дзіцяці жылі ўсе мелодыі, пачутыя дома і ў Кіеве, куды яго два разы вазілі бацькі. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Міхайлавіча Гудзім-Ляўковіча. Пасля гэтага канцэрта, на якім Мордка выконваў, у прыватнасці, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублі. Улетку 1905 года аптэкар С. Я. Сайферціс, спісаўшыся са знаёмымі ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобіў яго ўбачыць дзіва і даручыў клапаціцца аб ім. На вакзал праводзілі ўсе суседзі. Скрыпку нёс Сайферціс, а хлопчык — баул з цацкамі, прысмакамі ў дарогу і нотнай паперай, на якой сам запісаў першую частку канцэрта для скрыпкі. На рагу Вінніцкай і Мікалаеўскай вуліц праважатыя сустрэліся з шэсцем сябраў саюза Міхаіла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохаліся за хлопчыка і хацелі яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесці яго ў суседні двор, але ён вырваўся і з крыкам: „Мая скрыпка!“ выбег на вуліцу. Хлопчык быў забіты ўдарам бота былога падаткавага інспектара Нікіфара Быкава. Смерць была імгненная». Яшчэ? — спытаў Кін.

Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:

— «Справа 22-5а-4. Аліхманава Саліма. Нарадзілася ў 1905 годзе ў г. Хіве. За прыгажосць і бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алім-хана Кутайсы, блізкай асобы апошняга хана Хівінскага. У 1919 годзе нарадзіла мёртвае дзіця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць і шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пісаць і лічыць, вынайшла табліцу лагарыфмаў. Інтуітыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасці, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго ціскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклікала незадаволенасць у духавенстве Хівы, і толькі каханне мужа выратавала Саліму ад пакарання. Прагна імкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жніўні 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю і паступіла ў школу ў Турткуле. На здольнасці дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўніца Галіна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькі тыдняў Саліма засвоіла курс сямігадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычніцкіх святаў Галіна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялістам. У час дэманстрацыі 7 лістапада ў Турткуле Саліма ішла ў групе жанчын якія знялі паранджу і была апазнана родзічамі Алім-хана. Ноччу была выкрадзена са школы і задушана ў Хіве 18 лістапада 1924 года».

— Даволі, — сказала Ганна. — Вялікі дзякуй. Хопіць.

9

На дварэ сцямнела. Невялічкі квадрат акенца, якое выходзіла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сіні, і ў ім умудрылася памясціцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамі пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу — фізічна адчувальнай ніццю, па якой беглі хвіліны.

Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваім часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакітны экран, на якім дрыжалі ўзоры жоўтых і белых кропак, а Кін наладжваў здымачную апаратуру.

Чорны шар, што вісеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круціцца. Ён быў падобны на вялізны надзімны шар.

— Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазірнуць у трынаццатае стагоддзе, — сказаў Кін.

Яе ахапіла казытлівае дзіцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхінецца занавес, і пачнецца дзея…

Замільгацеў жоўтымі і белымі агеньчыкамі круглы экран сувязі. Жуль нахіліўся да яго і пачаў хутка вадзіць перад ім пальцамі, нібыта размаўляў з глуханямымі. Агні на экранчыку застылі.

Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. І тут у шары паплылі нейкія каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзіш на рэчку праз круглы ілюмінатар парахода.

Кін скрыпнуў табурэцікам. Рукі яго былі ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкі, над якою вісеў шар, і пальцы яго пагрузіліся ў цвёрды метал.

— Паехалі, — сказаў Кін.

Каляровыя плямы пабеглі хутчэй, яны сплывалі на край ілюмінатара і знікалі. Тут жа штосьці рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле ілюмінатара, і выява ў шары набыла выразныя формы і межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамі.

Шарам кіраваў Кін. Рукі ў чорных пальчатках былі схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.

Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахіліліся, як у моднай кінастужцы.

Ганна на імгненне зажмурылася. Гай на экране знік, паказаўся круты схіл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбітая дарога і, нарэшце, штосьці знаёмае — рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.

І тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу іншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю — прыземістай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над ім схіляліся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялі некалькі коннікаў.

— Я стабілізуюся, — сказаў Жуль.

— Гэта трынаццатае стагоддзе? — спыталася Ганна.

— Дванаццатага чэрвеня.

— Вы ўпэўненыя?

— У нас няма альтэрнатывы.

— А там, ля ручая, людзі.

— Божыя дваране, — сказаў Кін.

— Ці бачаць яны наш шар?

— Не, яны нас не бачаць.

— А ў хатах хто жыве?

— Цяпер ніхто. Людзі пайшлі ў крэпасць. Горад асаджаны.

Кін павярнуў шар, і Ганна ўбачыла, што за ручаём, там, дзе павінна пачынацца вёска, а цяпер быў узлесак, стаялі шалашы і шатры. Паміж імі гарэлі вогнішчы, хадзілі людзі.

— Хто гэта? Ворагі? — спыталася Ганна.

— Так, гэта мечаносцы, ордэн святой Марыі, божыя дваране.

— Гэта яны захопяць горад?

— У ноч напаслязаўтра. Жуль, ты гатовы?

— Можна пачынаць.

Шар узняўся і паляцеў у бок ручая. Ганна заўважыла высокае драўлянае збудаванне, якое стаяла ў пакатай лагчыне на паўдарозе між схілам пагорка і ручаём, дзе яна блукала ўсяго дзве гадзіны таму. Збудаванне гэта нагадвала ёй геадэзічны знак — драўляную шкалу, якія часам сустракаюцца ў полі.

— Бачылі? — спыталася Ганна.

— Асадная вежа, — сказаў Кін.

Шар апусціўся на стан рыцараў.

Там абедалі. Таму іх не было відаць. Рыцары мелі шыкоўны выгляд, яны былі падобныя на тых, што змагаюцца на турнірах і здымаюцца ў фільмах. Сядзелі ў сваіх

шатрах і не ведалі, што да іх завіталі наведвальнікі з будучыні. Народ жа, які ўплятаў сякую-такую спажыву на свежым паветры, ніякіх кінематаграфічных эмоцый не выклікаў. Гэта былі дрэнна адзетыя людзі ў суконных і скураных кашулях і портах, некаторыя з іх былі босыя. Яны былі падобныя на бедных сялян з недалёкага мінулага.

— Паглядзіце, а вось і рыцар, — сказаў Кін, скіраваўшы шар на адзін з шатроў. На брудным вынашаным палатне шатра былі нашытыя чырвоныя мячы з матэрыі. З шатра выйшаў чалавек, адзеты ў грубы світэр да каленяў. Вязаная шапка шчыльна аблягала галаву, пакідаючы адкрытым авал твару, і спадала на плечы. На нагах — вязаныя панчохі. Світэр быў падпяразаны чорнаю папругаю, на якой вісеў доўгі прамы меч у скураных ножнах.

— Горача яму, напэўна, — сказала Ганна і ўжо зразумела, што рыцар не ў світэры — гэта кальчуга, мелкая кальчуга. Рыцар узняў руку ў кальчужнай пальчатцы, і каля вогнішча ўстаў барадаты мужык у скураной куртцы, кароткай спадніцы і ў лапцях, прымацаваных паскамі да лытак. Ён не спяшаючыся падышоў да конавязі і пачаў адвязваць каня.

— Пайшлі ў горад? — спытаўся Жуль.

— Пайшлі, — сказаў Кін. — Ганна расчаравана. Рыцары павінны быць з пёрамі, у бліскучых латах…

— Не ведаю, — сказала Ганна. — Усё тут не гэтак.

— Калі б мы прыйшлі на гадоў дзвесце пазней, то вы б усё пабачылі. Росквіт рыцарства яшчэ наперадзе.

Шар узнімаўся па-над схілам, праляцеў непадалёку ад асаднай вежы, каля якой капашыліся людзі ў паўкруглых шлемах і скураных куртках.

— У атрадзе, па маіх падліках, — сказаў Кін, — каля дзесятка божых братоў, з паўсотні прыслугі і сотні чатыры нямецкіх ратнікаў.

— Чатырыста дваццаць. А там, за хвойнікам, — сказаў Жуль, — саюзны атрад. Па-мойму, леты. Каля ста пяцідзесяці.

— Дзесяць братоў? — спыталася Ганна.

— Божы брат — гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.

Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокім неглыбокім ровам, у якім не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, відаць, яго не паспелі вынесці — некалькі бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высілася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокія вежы з пляцоўкамі наверсе ўзвышаліся з абодвух бакоў абабітых жалезнымі палосамі варотаў, якія былі зачыненыя. На пляцоўках стаялі людзі.

Шар падняўся на вышыню пляцоўкі і завіс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. І Ганна магла зблізку разгледзець людзей, якія жылі ў яе краях семсот гадоў назад.

10

На вежавай пляцоўцы таксама ўсё было няправільна. Там павінны былі стаяць суровыя воіны ў высокіх русінскіх шлемах, іх чырвоныя шчыты павінны былі грозна зіхацець на сонцы. А на самой справе публіка на вежах Замошша вяла сябе так, як на стадыёне. Людзі не жадалі зразумець усёй сур'ёзнасці становішча, у якім апынуліся. Яны перамаўляліся, смяяліся, размахвалі рукамі, разглядалі асадную вежу. Круглатварая маладзіца з дзіцем на руках балбатала штосьці з проставалосай старою, потым развязала на грудзях тасёмку сваёй прасторнай, у складках, шэрай сукенкі з вышыўкай на каўняры і стала карміць грудзьмі немаўля. Яшчэ адно дзіця, годзікаў сямі, сядзела на плечуку ў манаха, які быў у чорным клабуку, і дубасіла старога па галаве драўляным мячом. Побач з манахам стаяў каранасты мужчына ў футравай куртцы, накінутай на голае цела, з доўгімі, да плячэй, валасамі, сцятымі аборкаю. Ён смачна ўплятаў лусту чорнага хлеба.

Раптам у натоўпе заварушыліся. Быццам на людзей напіралі ззаду ўладальнікі білетаў на занятыя ў першым радзе месцы. Натоўп неахвотна раздаўся.

Паказаліся два воіны, першыя сапраўдныя воіны, якіх убачыла Ганна. Яны, праўда, не дужа адпавядалі звыкламу абліччу дружыннікаў з падручніка. На іх былі чорныя плашчы, якія прыкрывалі цьмяна бліскучыя кальчугі, і высокія чырвоныя каўпакі, аблямаваныя бурым футрам. Воіны былі смуглыя, чарнавокія, з доўгімі абвіслымі вусамі. У руках трымалі кароткія дзіды.

— Хто гэта такія? — прашаптала Ганна, нібыта баючыся, што яны яе пачуюць.

— Полаўцы, — сказаў Жуль. — Або берандзеі.

— Не, — запярэчыў Кін. — Я думаю, што яцвягі.

— Самі не ведаеце, — сказала Ганна. — Дарэчы, Берандзей — асоба не гістарычная, гэта казачны цар.

— Берандзеі — народ, — сказаў Жуль строга. — Гэта праходзяць ушколе.

Спрэчка тут жа заціхла, бо яцвягі вызвалілі месца для знатных гледачоў. А знатныя гледачы выклікалі асаблівую цікавасць.

Спачатку да поручняў выйшла пажылая пані, велічная на выгляд, у сіняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былі груба нафарбаваныя высокія бровы, на шчоках, нібы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явіўся мужчына сярэдніх гадоў з доўгім, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накінуты кароткі сіні плашч-карзно з залатым шлякам і спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львінай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусім не холадна. Ганна вырашыла, што гэта і ёсць князь. Паміж імі праслізнуў нейкі дзіўны хлапчук з сярдзітым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручні. У хлапчука на правым воку было бяльмо і на адной руцэ, якой ён учапіўся за брус, не хапала двух пальцаў.

Потым з'явіліся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабаліся.

Яны ўвайшлі адначасова і спыніліся за спінамі велічнай пані і князя, але паколькі абое былі высокія, то Ганна магла іх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццаці. Ён быў вельмі прывабны на выгляд, зразумела, калі вы не маеце нічога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкі пакрэпленым вяснушкамі тварам і зялёнымі вачыма. З-пад чырвонага плашча віднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалі Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кіну, але той толькі хмыкнуў і сказаў штосьці аб выніках эмацыянальнага падыходу да гісторыі. Поруч з зеленавокім прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьці нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая… зграбная — усё ў яе мела тонкі, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бірузовая хустка шчыльна аблягала галаву і звісала на шыю. Тонкімі пальцамі яна прытрымлівала свабодны шырокі плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьці, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.

— Недзе я яе бачыла, — вымавіла Ганна. — Але дзе? Не памятаю.

— Не ведаю, — сказаў Кін.

— У люстэрку. Яна дужа падобная на вас, — сказаў Жуль.

— Дзякую за камплімент.

Яшчэ адзін чалавек уціснуўся ў гэты гурт. Ён быў адзеты амаль гэтаксама, як і смуглыя воіны, можа, толькі багацей. На грудзях у яго была прышпілена вялікая сярэбраная брошка.

— Ну як, Жуль, сёння іх пачуем? — спытаўся Кін.

— Што я магу зрабіць? Гэта ж заўсёды так бывае! Ганна падумала, сам факт тэхнічных непаладак неяк яднае яе з далёкай будучыняй. Але гаварыць пра гэта нашчадкам не варта.

Раптам хлапчук каля бар'ера штосьці крыкнуў, велічная пані ахнула, рыжы прыгажун нахмурыўся. Знадворку нешта адбылося.

11

Кін развярнуў шар.

З лесу, з далёкага боку ад ракі, мірна выйшаў статак кароў, якіх гналі да горада тры пастухі ў шэрых портках і доўгіх, да каленяў, кашулях. Чамусьці пастухі не ведалі, што рыцары ўжо побач. Іх адначасова заўважылі з крапасной сцяны і з боку ручая. Яны замітусіліся, падганяючы кароў, а каровы ніяк не маглі ўцяміць, куды і чаму ім трэба спяшацца, статак збіўся ў кучу, і пастухі бязлітасна хвасталі няшчасную скаціну пугамі.

У рыцарскім стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмі хацелася перахапіць статак. Але коні мечаносцаў былі рассядланы, і таму да ручая пабеглі пехацінцы, размахваючы мячамі і сякеркамі. Гуку не было, але Ганна ўявіла сабе, які гоман стаіць над схілам пагорка. Кін павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакі, саступіўшы месца лучнікам. Рыжага прыгажуна не было відаць, даўгатвары князь быў такі змрочны, што Ганна падумала: ён баіцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.

Лучнікі стралялі па ратніках, якія беглі ад ручая і ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з іх трапіла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады і панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нібыта бандэрылля ў быка ў час карыды.

Тым часам рыцары дабеглі да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасіла Кіна пракруціць сцэну яшчэ раз. Адзін з пастухоў упаў на зямлю і не варушыўся. Другі — павіс на мажным ратніку, алеяшчэ адзін немец круціўся вакол яго, падымаючы сякеру, і не мог ударыць — баяўся пакалечыць таварыша. Трэці пастух бег да варотаў, і за ім гналіся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў уніз. Немцы — за ім. Ганна бачыла, як у адчаі — толькі тут да яе дакаціўся той адчай, які гнаў пастуха, — маленькая фігурка караскалася, распластаўшыся на спадзістым схіле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнікі ўжо дацягваліся да яго.

Раптам адзін з праследвальнікаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спыніла астатніх. Стрэлы ўпіваліся ў траву, адляталі ад кальчуг, яшчэ адзін рыцар апусціўся на калені, прыціскаючы далоняю рану ў руцэ. І тут пярэдні кнехт дагнаў пастуха і секануў яму па назе. Боль — Ганна адчула яго так, быццам секанулі яе, — вымусіў пастуха скочыць наперад і на карачках кінуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лілася з рассечанай раны, пакідаючы след, па якім, нібы ваўкі, паўзлі праследвальнікі.

— Адчыніце вароты! — закрычала Ганна.

Жуль здрыгануўся.

Яшчэ адзін рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, і, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалі павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў паваліўся каля варотаў, і, дагнаўшы яго, кнехт усадзіў яму ў спіну баявую сякеру і тут жа сам рухнуў побач, таму што хіба з пяць стрэлаў працялі яго, прыкалоўшы да зямлі, як жука.

У расчыненых варотах узнікла імгненная таўкатня — лёгкія коннікі ў чорных портках, фастрыгаваных куртках і чырвоных каўпаках з шаблямі ў руках заміналі адзін аднаму, спяшаючыся выехаць.

— Ну вось, — сказала Ганна, — маглі бы на дзве хвіліны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а пастухоў ужо забілі.

Пастух ляжаў ніцма ў лужыне крыві, якая хутка цямнела, і коні пераскоквалі цераз яго. Услед за яцвягамі, толькі марудней, выехалі яшчэ некалькі воінаў, на якіх былі кальчугі са стальнымі пласцінамі на грудзях і канічныя жалезныя шлемы з прываранымі спераду стальнымі палосамі, якія прыкрывалі нос. Ганна адразу пазнала сярод коннікаў рыжага прыгажуна.

— Глядзіце, — сказала яна. — Калі ён зараз загіне… Кін скіраваў шар уніз, бліжэй да коннікаў. Чамусьці, калі з варотаў выскачылі яцвягі, Ганна вырашыла, што абаронцы крэпасці ўжо перамаглі. Мабыць, таму, што не магла пазбавіцца ад падсвядомай упэўненасці, што глядзіць кіно. А ў кіно пасля шэрага драматычных ці нават трагічных падзей абавязкава з'яўляюцца нашыя на тачанках або на танках. Пасля гэтага вораг, залізваючы раны, адкочваецца ў сваё логава.

Статак у гэты момант аддаліўся ад сцен. Тыя ратнікі, што не сталі гнацца за пастухом, умела накіроўвалі яго да ручая, азіраючыся на крэпасць, — ведалі, што русіны аддаваць статак не захочуць. Насустрач ім да ручая спускаліся рыцары.

Яцвягі, нібы не адчуваючы небяспекі, закруціліся вакол напалоханых кароў, біліся з загоншчыкамі, і калі на іх напалі цяжка ўзброеныя рыцары, адразу лёгка і неяк весела адышлі назад да крэпасці, насустрач дружыннікам. Немцы гналіся за імі, і Ганна зразумела, што статак страчаны.

Але рыжы воін і дружыннікі меркавалі інакш. Захопліваючы сустрэчных яцвягаў, як магніт захоплівае металічнае пілавінне, яны скаціліся да рыцарскага атрада і зліліся з мечаносцамі ў густую шчыльную масу.

— Калі б статка не было, — заўважыў раптам Кін, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, — рыцарам трэба было яго прыдумаць.

На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логікі — быццам яе ўвагі хапіла толькі на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот конніка, раздзьмутыя ноздры каня… Рыжы прыгажун узнімаў меч дзвюма рукамі, нібы калоў дровы, і Ганне былі відаць іскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзіды, якая ўдарыла рыжага ў бок, і ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валіцца з каня.

— Ой! — Ганна прыўстала: яшчэ імгненне — і рыжы загіне.

Штосьці чорнае мільганула побач, і рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, які закрываў сабою віцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукі сядла, скакаў у накірунку крэпасці.

— Усё, — сказаў Жуль, — праверка апаратуры. Перапынак.

— Добра, — пагадзіўся Кін. — А нам варта асэнсаваць убачанае.

Шар пачаў тухнуць. Кін выпрастаў рукі. Стомлена, нібы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткі і кінуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, — гэта былі вароты, якія зачыняліся, і каля іх ляжалі пастух і яго забойца, ляжалі побач, мірна, быццам вырашылі адпачыць на зялёным схіле пагорка.

12

У пакоі было душна. Квадрацік акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэціка.

— І ніхто не прыйдзе ім на дапамогу? — спыталася яна.

— Русінскім князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкі князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, і той вельмі заняты сваімі праблемамі.

Кін адкрыў з боку шара шасцікантовую адтуліну і засунуў руку ў яго чэрава, якое мігцела зялёным святлом.

— Гэта быў дзіўны свет, — сказаў ён. — Няўстойлівы, але па-свойму гарманічны. Тут жылі жамойты, леты, самагіты, эсты, русіны, лівы, яцвягі, семігалы… Некаторыя з іх даўно зніклі, а некаторыя жывуць тут і да гэтага часу. Русінскія князі па Даўгаве — Заходняй Дзвіне збіралі даніну з навакольных плямёнаў, ваявалі з імі, часта радніліся з жамойтамі і лівамі… І невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкі, калі б тут, у вусці Даўгавы, не высадзіліся нямецкія місіянеры, за якімі прыйшлі рыцары. У 1201 годзе энергічны епіскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнік ордэн святой Марыі, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны і народы, хрысціў паганцаў — хто не хацеў хрысціцца, гінуў, хто згаджаўся, станавіўся рабом. Усе вельмі проста…

— А русінскія гарады?

— А русінскія гарады — Кукейнас, Герсіке, Замошша, потым Юр'еў — адзін за адным былі ўзяты немцамі. Яны не змаглі аб'яднацца. Толькі літоўцы ўстаялі. Менавіта ў гэтыя гады яны стварылі адзіную дзяржаву. А праз некалькі гадоў на Русі з'явіліся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагібельнай.

Кін выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскі арэх.

— Хадзем у вялікі пакой, — сказаў ён. — Мы тут замінаем Жулю. Да таго ж паветра на траіх не хапае.

У вялікім пакоі было халадней і прасторней. Ганна зашмаргнула выцвілыя фіранкі. Кін запаліў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацілася па абрусе.

— Вось і нашыя падазроныя, — сказаў Кін. Ён падняў першы шарык, крыху сціснуў яго пальцамі, шарык луснуў і разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцінку — партрэт пажылой пані з набеленым тварам і чорнымі бровамі.

— Хто ж яна? — спытаўся Кін, кладучы партрэт на стол.

— Княгіня, — хуценька вымавіла Ганна.

— Не спяшайцеся, — усміхнуўся Кін. — Няма нічога больш небяспечнага ў гісторыі, чым відавочныя хады. Кін адклаў убок партрэт і ўзяў другі шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымі капрызнымі губамі і вельмі разумнымі стомленымі вачыма пад высокім, з залысінамі, ілбом.

— Я б сказала, што гэта князь, — у адказ на запытальны позірк Кіна вымавіла Ганна.

— Чаму ж гэта?

— Ён прыйшоў першы, стаіць поруч з княгіняй і шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.

— Усё суб'ектыўнае, другараднае.

Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сінім плашчы.

— Можна прапанаваць? — спыталася Ганна.

— Зразумела. Вазьміце. Я здагадаўся. Кін перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, і яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.

— Атрымліваецца? — спыталася Ганна.

— Што атрымліваецца?

— Наш Раман быў у заходніх землях. Адтуль ён прывёз жонку.

— Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воін, якога ледзь былі не забілі ў сутычцы?

— А чаму вучонаму нельга быць воінам?

— Разумна. Але нічога не даказвае.

Кін адгарнуў далоняю партрэты і паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. І тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.

— Гэта карлік?

— Карлік.

— А што ён тут робіць? Таксама родзіч?

— А калі блазан?

— Ён занадта проста адзеты для гэтага. І сярдзіты. Блазан не павінен быў весяліцца. Само пачварства было падставай для смеху.

— Добра, не буду спрачацца, — сказала Ганна. — Але мы ўсё роўна нічога не ведаем.

— На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркі, сакаліны позірк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сціснута ў нервовым магутным кулаку…

— Вядома, варыянт спакуслівы, — сказаў Кін.

— Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вінчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскі ўвогуле з каня не злазіў.

Партрэты ляжалі ў рад, зусім жывыя, і цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзі памерлі шмат соцень гадоў назад. «Хоць, — падумала Ганна, — я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад…»

— Можа быць, — пагадзіўся Кін і выбраў са століка два партрэты: князя ў сінім плашчы і рыжага прыгажуна.

— Калегі, — заглянуў у вялікі пакой Жуль. — Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзіны. А там нехта прыехаў.

13

Шар быў уключаны і скіраваны на рыцарскі стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, і промні перад захадам сонца, што павісла над сцяной крэпасці, высвечвалі на гэтым цьмяным занавесе постаці працэсіі, якая выпаўзала на бераг.

Паперадзе ехалі конна некалькі рыцараў у белых і чырвоных плашчах, два манахі ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за імі восем стомленых насільшчыкаў валаклі крытыя насілкі. Потым з лесу паказаліся пехацінцы і, нарэшце, дзіўная будыніна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкі для велікана.

— Што гэта? — спыталася Ганна.

— Катапульта, — адказаў Кін.

— А што ў насілках?

У прыцемку было відаць, як Жуль паціснуў плячыма.

Насільшчыкі з палёгкаю апусцілі сваю ношу на прыгорак, і наўкола сабраўся натоўп.

Моцныя пальцы схапілі знутры за краі полага, рэзка тузанулі яго, і на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру і ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блішчаў вялікі сярэбраны крыж. Чырванашчокі круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылі мужчыну і павялі да шатра.

— Ёсць падазрэнне, — сказаў Кін, — што да нас завітаў яго праасвяшчэнства, епіскап рыжскі Альберт. Вялікі гонар.

— Гэта начальнік мечаносцаў? — спыталася Ганна.

— Фармальна — не. На самай справе — валадар нямецкай Прыбалтыкі. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставіцца сур'ёзна.

Епіскап затрымаўся на схіле, прыставіў далонь казырком да вачэй і глядзеў на горад. Рыцары штосьці тлумачылі яму. Насільшчыкі, кінуўшы паклажу, уселіся на траву.

Ратнікі пагналі платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якія акружалі епіскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забіў рыжага прыгажуна. За ім у чорнай сутане адзін з набліжаных епіскапа. Ратнікі падвялі каня.

— Сцяг не забудзьцеся, брат Фрыдрых, — сказаў манах.

— Брат Тэадор возьме, — сказаў рыцар. Ратнік дапамог рыцару сесці ў сядло з высокай пярэдняй лукой. Левая рука ў рыцара рухалася незграбна, нібыта пратэз, на правай пальчатка была кальчужная, на левай — жалезная.

— Пачакайце! — крыкнула Ганна. — Ён жа гаворыць! Вы наладзілі гук?

Кін усміхнуўся.

— Ён па-расейску гаворыць.

— Не, па-нямецку. Мы ж не чуем. Тут іншы прынцып. Ведаеце, што бываюць глуханямыя, якія па губах могуць здагадацца, пра што гаворыць чалавек?

— Ведаю.

— Наша прыстаўка прачытвае з губ. І перакладае.

Каля моста цераз ручай да рыцара далучыўся малады барадаты дваранін у чырвоным плашчы з доўгім, раздвоеным на канцы вымпелам, прымацаваным да дрэўка дзіды. Вымпел быў белы, а на ім — дзве чырвоныя вежы з варотамі, зверху — тыяра.

Рыцары падняліся па схіле да горада, прытрымалі коней каля рова. Малады мечаносец узняў апраўлены ў серабро рог. Крэпасць маўчала.

Ганна сказала:

— Не люблю шматсерыйных пастановак, заўсёды час зацягваюць. — Згатуйце пакуль нам кавы, — сказаў Жуль. — Калі ласка.

Ганна не паспела адказаць, як вароты прачыніліся, выпусціўшы з крэпасці двух коннікаў. Паперадзе ехаў князь у сінім плашчы з залатым шлякам. За ім — яцвяг у чорнай вопратцы і чырвоным каўпаку. У варотах былі відаць стражнікі. Вітаючы князя, Фрыдрых падняў руку ў кальчужнай пальчатцы. Князь тузануў каня за аброць, і той матнуў галавою, дробна перабіраючы нагамі.

Шар быў накіраваны ўніз — Кін хацеў пачуць, пра што пойдзе гаворка.

— Ландмайстар Фрыдрых фон Какентаўзен вітае цябе, — сказаў рыцар.

— На якой мове яны размаўляюць? — ціха спыталася Ганна.

Жуль зірнуў на табло, на якім беглі іскры.

— Латынь, — сказаў ён.

— Добры дзень, рыцар, — адказаў князь. Чорны яцвяг лёгенька крануў каня нагайкай між вушэй, і той закруціўся на месцы, узрываючы капытамі зялёную траву. Рука маладога трубача апусцілася на роўнае дзяржальна мяча.

— Яго праасвяшчэнства епіскап рыжскі і лівонскі Альберт шле бацькоўскае блаславенне князю Замошша і выказвае смутак з тае прычыны, што нядобрыя саветнікі парушылі мір між ім і яго сюзерэнам. Епіскап сам зрабіў ласку прыбыць сюды, каб перадаць сваё бацькоўскае пасланне. Будзьце ласкавыя прыняць, — сказаў рыцар.

Малады рыцар Тэадор падаў скручаную ў трубку грамату, да якой на стужцы была прымацаваная вялікая пячатка. Фрыдрых фон Какентаўзен прыняў грамату і падаў русіну.

— Я перадам, — сказаў русінскі пасол. — Што яшчэ?

— Усё ў пісьме.

Яцвяг круціўся на сваім кані, нібы дражніў рыцараў, але тыя стаялі нерухома, ігнаруючы лёгкага сярдзітага конніка.

Ганна зразумела, што чалавек у сінім плашчы — не князь горада. Інакш каму ён перадасць грамату?

— Я чуў, што ты жывеш тут, — сказаў ландмайстар.

— Трэці год.

— Мне шкада, што абставіны зрабілі нас ворагамі.

— Разумнага ў вайне няма, — сказаў русін.

— Мне не стае гутарак з вамі, мой сябра, — сказаў рыцар.

— Дзякуй, — адказаў русін. — Гэта было даўно. Мне няма калі цяпер думаць пра гэта. Я павінен абараняць горад. Князь — мой брат. Як рука?

— Дзякую, ты чарадзей, мой сябар.

Маленькі гурт людзей раздзяліўся — русіны павярнулі да варотаў, якія расчыніліся насустрач, немцы паскакалі ўніз, да ручая.

14

Шар пераляцеў за крапасную сцяну, і Ганна ўпершыню ўбачыла горад Замошша з сярэдзіны.

За варотамі быў невялікі запылены пляц. Платы і слепаватыя сцены шчыльна пабудаваных дамоў сціскалі яго, і, ператвараючыся ў вузкую вуліцу, ён цягнуўся да белага мураванага сабора. На пляцы сабралася шмат народу, і ў першае імгненне Ганна вырашыла, што людзі чакаюць паслоў, аднак на самай справе вяртанне коннікаў прайшло незаўважана. Вартавыя яшчэ замыкалі вароты на вялізарныя засаўкі, а яцвяг, махнуўшы нагайкаю, пагнаў каня наперад, да сабора, за ім у задуменні рухаўся следам чалавек у сінім плашчы. Каля сцен дамоў і ў вузкім прамежку між гарадскім валам і будынкамі было ўціснута часовае жытло бежанцаў, якія хаваліся ў горадзе на час асады з суседніх вёсак і пасадаў. Рагожкі — прымітыўныя павеці — звісалі з палак. Там поўзалі дзеці, варылася ежа, спалі, елі, гаманілі людзі. І ад гэтага занадта лішняга зборышча людзей вуліца, па якой ехалі конна паслы, здавалася даўжэйшай, чым на самай справе. Яна завяршалася другім пляцам, аддаленым ад тыльнай сцяны крэпасці вялікім двухпавярховым церамам, які злучаўся з саборам галерэяй. Сабор не паспелі дабудаваць — побач у пыле і трыпутніку валяліся белыя пліты, дальняя сцяна сабора была яшчэ ў рыштаваннях, а на купале, трымаючыся за вяроўку, барабаніў малатком страхар, прымацоўваючы свінцовы ліст. І як бы яму аніякай справы не было да баёў, штурмаў, асад. Каля конавязі быў калодзеж, з якога два мужчыны цягалі ваду цэбрам і пералівалі яе ў бочкі побач.

Паслы пакінулі коней ля конавязі.

На высокім ганку церама стаялі два яцвягі, драмаў пад павеццю хлапчук у шэрай, да каленяў, кашулі. Змяркалася, і доўгія бэзавыя цені засцілалі амаль увесь пляц. Паслы хутка падняліся па лесвіцы на высокі ганак і зніклі ў дзвярах церама. Шар праляцеў за імі вузкім калідорам. Ганна паспела заўважыць, што ў цемнаце, якая зрэдку разрывалася мігценнем лучыны або вячэрнім святлом з адчыненых дзвярэй, перад залай, куды ўвайшлі паслы, сядзелі ў рад манахі ў высокіх кукелях, з белымі крыжамі, у чорных расах. Толькі твары жаўцелі ад лампады — над імі была бажніца са смуглымі абліччамі візантыйскіх абразоў.

Рыжы прыгажун у белай кашулі, вышытай па каўняры чырвоным узорам, сядзеў за сталом, абапёршыся локцямі на старую вышчарбленую стальніцу. У кутку, на лаве, звесіўшы кароткія крывыя ногі, якія не даставалі да падлогі, уладкаваўся блазан.

Яцвяг застаўся каля дзвярэй. Пасол прайшоў да стала і ледзь прыкметна пакланіўся князю.

— Чаго ён клікаў? — спытаўся князь. — Што хацеў?

— Смуткуе, — усміхнуўся пасол. — Просіць вернасці. Ён кінуў на стол епіскапаву грамату. Рыжы тузануў яе, адарваўшы тасьму, і грамата павольна разгарнулася. Блазан ускочыў з лавы, зачыкільгаў да стала. Варушачы тоўстымі губамі, пачаў разбіраць тэкст. Рыжы зірнуў на яго, падняўся з-за стала.

— Не аддам я ім горад, Раман, — сказаў ён. — Будзем трымацца, пакуль Міндоўг з літвой падаспее.

— Ты не будзеш чытаць, Вячаслаў?

— Пайшлі на сцяну, — сказаў рыжы. — А ты, Акіплеша, скажаш баярыні, што, як вярнуся, вячэраць будзем.

— Яны Магду патрабуюць, — паведаміў блазан, прыціснуўшы пальцам радок у грамаце.

— Ахвота ім, — адказаў рыжы і пайшоў да дзвярэй.

— Усё, сеанс закончаны, — сказаў Жуль.

— Як наконт кавы?

— Ну вось, — сказаў Кін. — Мы і даведаліся, хто князь, а хто Раман.

— Князя звалі Вячаслаў? — спыталася Ганна.

— Ага, князь Вячка, сын полацкага князя Барыса Раманавіча. Ён раней княжыў у Кукейнасе. Кукейнас захапілі рыцары. Пасля гібелі горада ён пайшоў у лясы са сваімі саюзнікамі — яцвягамі і лівамі. А зноў з'явіўся ў 1223 годзе, калі русінскія князі, адваяваўшы ў мечаносцаў, далі яму горад Юр'еў. Да Юр'ева падступіла ўсё ордэнскае войска. Вячка супраціўляўся некалькі месяцаў. Потым горад здаўся і князя забілі.

— І вы думаеце, што гэта той самы Вячка?

— Ага. Усё сведчыць на карысць такой здагадкі. На гэтым пагорку было неўмацаванае паселішча. Толькі ў пачатку XIII стагоддзя яго абнеслі сцяною і пабудавалі мураваны сабор. А ў 1215 годзе горад гіне. Існаваў ён так нядоўга, што нават у летапісах пра яго амаль няма звестак. Навошта яго ўмацавалі? Відавочна, са стратаю крэпасцей на Дзвіне полацкаму князю патрэбны былі новыя пагранічныя фарпосты. І ён пасылае сюды Вячку. Рыцары яго ведаюць. Ён іх даўні вораг. І яго новая крэпасць становіцца цэнтрам супраціўлення ордэну…

Шар узняўся над вячэрнім горадам. Былі відаць вогнішчы на вуліцы — іх палілі бежанцы. Водбліскі вогнішчаў падалі чырвонымі блікамі на месіва людзей, якія збіліся ў кучу каля ахоўнай сцяны.

Напаследак шар падняўся яшчэ вышэй.

Чорным сілуэтам віднелася на схіле асадная вежа. Пагойдваліся факелы — там устанаўлівалі катапульту. Белыя, асветленыя знутры шатры мечаносцаў на тым беразе ручая здаваліся прывідамі — 12 ліпеня 1215 года канчалася. Цяпер Ганна ведала, што горадам Замошша правіць адважны і непрымірымы князь Вячка. І ёсць у яго баярын Раманаў, чалавек з сур'ёзным вузкагубым капрызным тварам — чарадзей і алхімік, які праз суткі загіне і апрытомнее ў далёкай будучыні.

15

Усё здарылася без сведкаў з будучыні, ноччу, калі Кін, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епіскап Альберт і ландмайстар Фрыдрых спакойна спалі. І гэта было вельмі крыўдна, таму што час, калі ўжо ты трапіў у цячэнне вітка, незваротны. І ніхто ніколі не ўбачыць зноў, якім жа чынам гэта адбылося.

…Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася і пастукалася да мужчын.

— Лежабокі, — сказала яна, — праспіце штурм.

— Устаём, — адказаў Кін. — Ужо ўсталі.

— Я пакуль збегаю да дзеда Генадзя, — удзячна ахвяравала сабой Ганна. — Адцягну яго ўвагу. Але каб да майго прыходу князь Вячка быў на баявым кані.

А калі Ганна вярнулася з малаком, тварагом, свежым хлебам, гордая за сваё падзвіжніцтва, у доме панавала расчараванне.

— Паглядзі, — сказаў Жуль. Шар быў уключаны і накіраваны на схіл. Там ляніва дагарала асадная вежа — сюррэалістычнае збудаванне з вялізных чорных галавешак. Ад катапульты засталася толькі лыжка, недарэчна ўткнутая ў траву дзяржаннем. Наўкола стаялі ордэнскія ратнікі. З моста цераз ручай на пажарышча глядзела ордэнская знаць, якая акружала епіскапа.

Ад варотаў крэпасці да вежы рассцілаліся чорныя шырокія палосы. У ручаі — а гэта Ганна ўбачыла не адразу — ляжалі вялізныя, у два чалавечыя росты, колы, абгарэлыя — хоць тут жа яна зразумела сваю памылку: каля вежы не магло быць такіх вялікіх колаў.

— Яны ноччу ўсё гэта спалілі! — сказала Ганна. — І правільна зрабілі. Чаго ж хвалявацца?

— Шкада, што не пабачылі.

Кін хутка правёў шар уніз, да ручая. Ён праляцеў над каркасам вежы і спыніўся над галовамі рыцараў.

— Дзякуй за падарунак, — паволі сказаў епіскап Альберт. — Вы не маглі прыдумаць нічога лепшага ў ноч майго прыезду.

— Я яшчэ летась раіў вам даць прытулак чарадзею, — сказаў ландмайстар, — калі ён з Смаленска збег.

— Мы пасылалі да яго ганца, — сказаў адзін з набліжаных да епіскапа. — Ён не адказаў. Ён схаваўся тут.

— Ён аддаў перавагу служыць д'яблу, — задумліва сказаў епіскап. — І неба нашай рукою пакарае яго.

— Сапраўды! — сказаў высокі хударлявы рыцар.

— Правільна, — згадзіўся Фрыдрых фон Какентаўзен. — Але мы не ў храме, а на вайне. Нам патрэбны саюзнікі, а не словы.

— Д'ябал нам не саюзнік, — сказаў епіскап. — Не забывайцеся пра гэта, брат Фрыдрых. Нават калі ён магутны.

— Я памятаю, святы айцец.

— Горад павінен быць жорстка пакараны, — сказаў епіскап гучна, так, каб яго чулі кнехты, якія стоўпіліся збоку. — У любы момант можа прыйсці атрад з Полацка, а гэтага нам не трэба. У Смаленску таксама глядзяць з трывогай на наша ўзмацненне…

— Сюды ідуць літоўцы, — дадаў хударлявы рыцар.

— Калі крэпасць не здасца да захаду сонца, мы не пакінем у ёй ніводнай жывой душы, — сказаў епіскап.

— І месіра Рамана?

— У першую чаргу. Толькі тыя веды могуць існаваць, якія апекаваны божай ласкай.

— Але калі ён умее здабываць золата?

— Мы знойдзем золата і без чарнакніжнікаў, — сказаў епіскап. — Брат Фрыдрых і брат Готфрыд, ідзіце следам за мною.

16

Усярэдзіне шацёр быў абстаўлены сціпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялі складныя, без спінак, ножкі крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэнні ляжалі згорнутыя на дзень скуры, высокі падсвечнік з аплылым воскам пабліскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымі палосамі. На куфры ляжалі два пергаментныя скруткі.

Епіскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпіліў пояс з мячом і паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставіў меч між ног і абапёрся рукамі ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслізнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскі збан і тры сярэбраныя чаркі. Брат Готфрыд прыняў чарку, епіскап і Фрыдрых адмовіліся.

— Ты кажаш, брат Фрыдрых, — вымавіў епіскап, — што месір Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магіі?

— Я ўпэўнены ў гэтым.

— Калі мы не заб'ём яго заўтра, — сказаў брат Готфрыд, — то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагібель.

— Я памятаю галоўнае, — сказаў Фрыдрых. — Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месір Раман блізкі да адкрыцця тайны золата.

— Золата д'ябла, — запярэчыў Готфрыд фон Гольм.

— Месір Раман любіць уладу і славу, — заўважыў Фрыдрых. — Што можа даць яму князь Вест?

— Чаго ён апынуўся тут? — спытаўся епіскап.

— Ён далёкі родзіч князя, — сказаў Фрыдрых. — Ён быў народжаны ад наложніцы князя Барыса Полацкага.

— І хацеў бы стаць князем?

— Не тут, — усміхнуўся брат Фрыдрых. — Не ў гэтай вёсцы.

— Добра, што ён спаліў вежу, — сказала Ганна. — Інакш бы яны не сталі размаўляць.

— Што здарылася ў Смаленску? — спытаўся епіскап, перабіраючы ў моцных пальцах бурштынавы ружанец з вялікім залатым крыжам.

— Тутэйшы ўладыка — візантыец. Чалавек недалёкі. Ён вырашыў, што ўменне месіра Рамана ад д'ябла. І падняў чэрнь…

— Ну проста як нашы браты, — усміхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў іроніі. — І чараўніка прыгрэў князь Вест?

— Ён жыве тут ужо трэці год. Ён затаіўся. Ён напалоханы. Яму няма куды ісці. У Кіеве яго чакае такі самы лёс, што і ў Смаленску. На Захадзе ён выклікаў небяспечную жадобу караля Піліпа і гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабіць. Пра гэта сведчыць гібель нашай вежы.

— Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, — сказаў епіскап. — Сіла наша ў тым, што мы можам накіраваць на дабро аблуду чарадзея, калі мы цвёрдыя ў сваёй веры.

— Я мяркую, што праўда на вашым баку, — даў згоду брат Фрыдрых.

— Беражы нас, божа, — сказаў ціха брат Готфрыд. — Д'ябал усюдыісны. Я сваімі рукамі адкруціў бы галаву чарадзею.

— Не нам яго баяцца, — вымавіў епіскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку і ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, які ляжаў пад скруткамі. — Паглядзіце, гэта прыслалі мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?

Рыцар Готфрыд перахрысціўся, калі епіскап падаў аркуш Фрыдрыху.

— Гэта напісана не ад рукі, — сказаў Фрыдрых. — І ў гэтым няма чарадзейства.

— Вы ўпэўненыя?

— Месір Раман выразае літары на дрэве, а потым прыкладае да дошкі ліст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.

— Вялікая справа, калі скіравана ў імя царквы, — сказаў епіскап. — Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!

— Гэтак, — згадзіўся брат Фрыдрых. — Раман патрэбны нам.

— Я ж паўтараю, — сказаў брат Готфрыд, устаючы, — што ён павінен быць знішчаны разам з усімі ў гэтым горадзе.

Яго суразмоўцы нічога не адказалі, епіскап заплюшчыў вочы.

— На ўсё воля божая, — сказаў ён урэшце.

Абодва рыцары ўсталі і накіраваліся да выхаду з шатра.

— Дарэчы, — кінуў наўздагон епіскап, — чым можа для вас стацца гісторыя з польскай князёўнай?

— Спытайцеся ў брата Готфрыда, — сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. — Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якія напалі на ахову князёўны, па чутках, выконвалі яго загад.

— Гэта толькі чуткі, — сказаў Готфрыд. — Толькі чуткі. Цяпер жа князёўна і яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калі мы вызвалім іх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.

— Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? — спытаўся епіскап.

— Ні ў якім разе, — адказаў Фрыдрых. — Не сакрэт, што князь Вячка адбіў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.

— Я згодны з вамі, — сказаў епіскап. — Паклапаціцеся пра дзяўчыну. Як толькі яна трапіць да нас, мы тут жа адправім яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнікі. І ніякіх выкупаў.

— Мае людзі рызыкавалі, — сказаў Готфрыд.

— Мы і так не сумняваліся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскія рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. І гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамі Рыгі?

17

— Разумеецца, Жуль, — сказаў Кін, — пачынай рыхтаваць апаратуру да пераходу. І паведамі дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.

Кін дастаў з апарата шарык і пайшоў да дзвярэй.

— Я з вамі? — сказала Ганна, пра якую ўсе забыліся.

— Як вы сабе хочаце, — адказаў Кін абыякава. Ён хутка выйшаў у вялікі пакой. Там было занадта светла. Мухі кружыліся над вазачкай з цукеркамі. У адчыненае акно ўліваўся вецярок, матляючы фіранку. Ганна падышла да акна і выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялі ў футбол хлапчукі, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькі трактар.

— Гэта партрэт епіскапа? — спыталася Ганна, гледзячы, як Кінавы пальцы ператвараюць шарык у пласцінку. — Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епіскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскі адбітак. — Ён нахіліўся над сталом, чытаючы тэкст.

— Чытайце ўголас, — папрасіла Ганна.

— Варварская латынь, — сказаў Кін. — Алхімічны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлігійнае. Навошта дражніць сабак?.. «Каб зрабіць эліксір мудрацоў, вазьмі, мой брат, філасафічнай ртуці і падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва… пасля гэтага разагравай мацней, і яна стане львом чырвоным…»

Трактар спыніўся, з яго выскачыў трактарыст і пачаў корпацца ў рухавіку. Нізка праляцеў маленькі самалёцік По-2…

— «Кіпяці чырвонага льва на раскаленым пяску ў кіслым вінаградным спірце, выпары вадаасць, і ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзі гэта ў замазаную глінай рэторту і ачысці…»

— Зноў ртуць — маці металаў? — спыталася Ганна.

— Не, — сказаў Кін, — гэта другое. «…Кімварыйскія цені акрыюць рэторту цёмным пакрывалам, і ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, які пажырае свой хвост…» Не, гэта не ртуць, — паўтарыў Кін. — Хутчэй гэта аб ператварэннях свінцу. Зялёны леў — вокіс свінцу, чырвоны леў — сурык… камедзь — воцатна-свінцовая соль… Так, здаецца, так…

— Вы самі маглі б працаваць алхімікам, — сказала Ганна.

— Мог бы, мне давялося прачытаць шмат абракадабры. Але ў ёй часам праблісквалі такія знаходкі!..

— Вы цяпер пойдзеце туды?

— Вечарам. Я там мушу быць як мага менш.

— Але калі вас пазнаюць, падумаюць, што вы шпіён.

— Цяпер у крэпасці шмат людзей з бліжэйшых паселішчаў, якія хаваюцца там. Ёсць і іншыя варыянты.

Кін пакінуў пласцінку на стале і вярнуўся ў сенцы, дзе стаяў куфар з адзеннем. Ён выцягнуў адтуль боты, шэрую кашулю з тонкай вышыўкай каля каўняра, потым спытаўся ў Жуля:

— Ну што? Калі пададуць энергію?

— Пасля семнаццаці.

18

— Ведаеце, — сказаў Кін вечарам, калі падрыхтоўка да пераходу скончылася, — давайце глянем на горад яшчэ раз, час жа ёсць. Калі даведаемся, дзе ён хавае сваю лабараторыю, зможам спрасціць версію.

Шар завіс над скопішчам саламяных стрэх.

— Дзе ж хаваецца наш алхімік? — сказаў Кін.

— Трэба пачынаць з церама, — вымавіў Жуль.

— З церама? А чаму б не з церама?

Кін павёў шар над вуліцай у цэнтр горада, да сабора. На вуліцы было бойка і ажыўлена. У лаўках — столькі малых, што дваім не размінуцца, — гандлявалі адзеннем, жалезным і гліняным таварам, людзі глядзелі, але не куплялі. Натоўп народу сабраўся толькі каля нізенькіх дзвярэй, з якіх рыжы мужчына выносіў бохан хлеба. Пэўна, голаду ў горадзе не было — асада пачалася нядаўна. Некалькі ратнікаў валаклі да гарадской сцяны вялікі медны кацёл, за імі ішоў дзед у высокім шлеме, згорбіўшыся пад вязанкай дроў. Коннік на вараным жарабцы махнуў нагайкаю, прабіваючыся цераз натоўп, з-пад жывата ў каня вёртка выскачыў карлік — князеў блазан, выскаліўся, прыціснуўся да плота, пастрашыў кулаком ездака і тут жа праціснуўся ў лаўку, набітую гаршкамі і міскамі.

Кін хуценька прабегся шарам па верхніх пакоях, а ў іх — як венікам усіх вымелі — толькі нейкія нахлебнікі, сонныя служкі, дзеўка з балеяй, старая з кульбаю… запусценне, цішыня…

— Эвакуіраваліся яны, ці што? — спытаўся Жуль, адхіліўшыся на імгненне ад пульта, які стрымана падморгваў, бурчаў, нібыта Жуль вёў касмічны карабель.

— Вы да зорак лятаеце? — спыталася Ганна.

— Дзіўна, — не звярнуў увагі на пытанне Кін. У невялікім кутнім пакоі, які меў такі выгляд, быццам сюды ў спешцы панакідалі розных рэчаў — куфроў, цюкоў, кашоў, нарэшце пашанцавала знайсці знаёмых. На невысокім драўляным крэсле з высокаю простаю спінкаю сядзела пажылая пані, накрыўшы ногі мядзведжай шкурай. Гатычная прыгажуня ў закрытай, апушанай вавёрчыным футрам малінавай сукенцы з сярэбранымі вытканымі кветкамі стаяла каля невялікага акенца, гледзячы на царкву.

Пажылая дама гаварыла штосьці, і Жуль правёў пальцамі над пультам, рэгулюючы гучнасць. Кін спытаўся: — Якая мова?

— Старажытнапольская, — адказаў Жуль.

— Гора, гора, за грахі нашы кара, — гаварыла, сплюшчыўшы павекі, пажылая пані. — Гора, гора…

— Супакойцеся, цётка, — адклікнулася з акна дзяўчынка.

Нафарбаваны твар пажылой жанчыны быў нерухомы.

— Казаў жа твой бацька пачакаць да восені. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзяліў мяне божа сваёй мудрасцю… А дзе ж наша дружына ды верныя слугі… Млосна, млосна…

— Магло быць горш… — Дзяўчына дакранулася доўгімі пальцамі да размаляванай прасніцы, што стаяла побач, і задумліва пацягнула касмык воўны. — Магло быць горш…

— Ты пра што думаеш? — спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. — Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.

— Ён князь, ён храбры віцязь, — сказала дзяўчына. — Дый няма граху ў маіх думках.

— Грэшыш, грэшыш… Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнікаў. Колькі гадоў я дома не была…

— Ці хутка служба скончыцца? — спыталася дзяўчына. — У русінаў такія доўгія службы.

— Наш абрад візантыйскі, урачысты, — сказала старая. — Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахі замаліць…

— Ах, пустая размова, цётка. Вы, русіны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калі ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць…

— Не дай божа, не дай божа! Жахлівы будзе гнеў караля Лешкі.

— Нам жа будзе ўсё роўна.

— Хто гэтая Магда? — спыталася Ганна. — Усе пра яе гавораць.

— Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкі Белага. І ехала ў Смаленск… Давайце паглядзім, ці не ў царкве князь?

Перад расчыненымі дзвярыма сабора сядзелі калекі і жабракі.

Шар пранік цераз сцяну сабора, і Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак і ладану. Ішла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэнніка ў вышытай залатой рызе. Яго павялічаны цень пакалыхваўся, засцілаючы фрэскі — суровых чорнабародых старцаў, што глядзелі са сцен на людзей, якія напоўнілі невялікі сабор.

Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былі амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушыліся.

— Вароты слабыя, — ціха гаварыў ён князю. — Могуць не вытрымаць. Ведаеш?

Князь зморшчыўся:

— На вуліцах біцца будзем, у лес уцячом.

— Не выйдзе. У іх на кожнага твайго дружынніка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.

— Таму што тады лепш бы і не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём іх спалі.

— Не магу. Запас скончыўся.

— Ты купі.

— Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.

— Тады чаруй. Ты чарадзей.

— Чарамі не дапаможаш. Не чарадзей я.

— Калі не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палілі?

— Зайздросцілі. Папы зайздросцілі. І манахі. Думалі, што я золата раблю…

Абодва замаўчалі, прыслухоўваючыся да свяшчэнніка. Князь перахрысціўся, потым зірнуў на суседа.

— А што зоркі гавораць? Ці выстаім, пакуль літва прыйдзе?

— Баюся, не дачакаемся. Ордэн наўрад ці будзе адкладваць штурм.

— Выстаім, — сказаў князь. — Павінны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Ці спадзяешся на старую дружбу?

— Няма ў мяне з імі дружбы.

— Тады расправяцца. І яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплівай. Не па табе тавар.

— Я з княжага роду, брат.

— А яна каралеўскай крыві.

— Я сваё месца ведаю, брат, — сказаў Раман.

— Хітруеш. Ды бог з табою. Толькі не ўздумай бегчы. І чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.

— Не пагражай, — сказаў Раман. — Мне пара ісці.

— Ты куды? Поп не закончыў.

— Я Акіплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.

— Ну ідзі, толькі непрыкметна.

Раман павярнуўся і стаў асцярожна праціскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усміхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знік у змроку.

Кін вывеў шар з сабора, і той завіс над цвінтаром, дзе чакалі канца службы, курчыліся пад змрочным мокрым небам калекі і жабракі. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыціскаючы да грудзей гліняную міску і ружовы абпалены гаршчок.

— Цябе па смерць пасылаць, — сказаў Раман.

— Не бі мяне, дзядзечка, — заверашчаў блазан, выскаляючыся. — Госці пазачынялі лаўкі — ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на віселіцу, а ён — весяліцца.

Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за ім, пакульгваючы, горбячыся. Мінулі калодзеж, конавязь, павярнулі ў вузкі, дваім не размінуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былі нізкія вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчыніліся дзверы. Там стаяў стражнік у кароткай кальчузе, скураной шапцы і доўгіх портках. Ён адступіў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькі валуноў, якія ляжалі вакол выпаленай ямы… Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземістага дома з бярвенняў на падмурку. Адчыніў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.

У святліцы Раман шпурнуў плашч у рукі прыгожаму чарнаброваму хлопцу, які падбег да яго.

— Ты чаго чакаеш? — спытаўся ён у блазна. Блазан паставіў на падлогу міску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчыніўся лаз у падвал. Раман спусціўся першы. За ім блазан і чарнабровы хлопец.

Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палічках стаялі запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкі адлюстроўваліся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад гліняных місак, медных сасудаў, злучаных металічнымі і шклянымі трубкамі… У нізкай з вялікай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылісты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокі, ён аглянуўся.

— Студзі патроху, — сказаў Раман, зазірнуўшы ў печ.

Блазан зірнуў у печ з-пад локця чарадзея і сказаў:

— Даўно пара студзіць.

— Ведаем, — сказаў мужчына. У яго былі доўгія вусы, чорныя, блізка пасаджаныя вочы. Рэдкія валасы спадалі на лоб, і ён увесь час адгортваў іх за вушы.

— Хутка ордэн на штурм пойдзе, — сказаў Раман.

— Астудзіць не паспеем, — адказаў той. — А шкада.

— Студзі, — сказаў Раман. — Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сілы каторы раз усё збіраць і будаваць.

— А ты, дзядзечка, епіскапу ў ногі пакланіся, — сказаў блазан. — Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён і пашкадуе.

— Нікчэмнасць і ўбоства думкі, — сказаў Раман.

— Па-мойму, што ўбоства думкі, што яе празмернасць — усё бязглуздзіца, розумам чыніць — розуму не трэба, — сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пераліў з адной шклянкі ў другую — пайшоў едкі дым.

Раман адмахнуўся, зморшчыўся. Жылісты мужчына адступіў да печы.

— Ты што, — абурыўся Ранан. — Атравіць нас хочаш?

— А можа, так і трэба? Ты дзяўчыну пакахаў, а табе не дазволена, я шклянку пераліў, а мне не дазволена, князь епіскапу пярэчыць, а яму не дазволена. Вось бы вас усіх і адправіць на той свет?

— Маўчы, дурань, — сказаў Раман стомлена, — лепш бы прываротнага зелля накапаў, чым лайдачыць.

— Не, — крыкнуў блазан, падбягаючы да стала і задзіраючы галаву, каб зблізку паглядзець на Рамана. — Не разумею цябе, дзядзечка, і разумны ты ў нас, і слаўны на ўсю Эўропу — навошта табе князёўна? Наша справа — берагчы горад, золата здабываць, месца знаць.

— Маўчы, смерд, — сказаў Раман. — Маё месца сярод каралёў і князёў. І паводле роду, і па ўладзе, і па розуме!

Хлопец глядзеў на Рамана.

— Зробленае, перадуманае не магу кінуць. Ува мне вялікія тайны жывуць — недагавораныя, недакончаныя. — Раман шырокім жэстам абвёў сутарэнне.

— Значыць, так, — сказаў блазан, падскочыўшы, пасмейваючыся і размахваючы бутэлечкай, бессаромны і нахабны, — значыць, ты ад дзяўчыны адмаўляешся, дзядзечка, дзеля гэтых бутэлечак? Будзем дома сядзець, чарапкі берагчы. Пакуль ландмайстар з мячом не прыйдзе.

— Але як усё зберагчы, — прашаптаў Раман, абапёршыся кулаком на стол. — Скажы, як выратаваць? Як адцягнуць час?

— Не атрымаецца, дзядзечка. Адзін асёл хацеў з дзвюх кармушак жэрці, як эліны казалі, ды з голаду здох, не прыдумаў, з якой пачаць.

Раман дастаў з палічкі бутэлечку.

— Ты ўсё памятаеш?

— Калі дзяўчыне даць выпіць тры каплі, на край свету пойдзе. Дай сам адап'ю. Рамана палюблю, ногі яму цалаваць буду, замуж за яго пайду…

Хлопец зарагатаў і тут жа збянтэжыўся пад Раманавым позіркам.

— Хопіць, чортава насенне! — выбухнуў чарадзей. — Забыўся, што я цябе з гнілой ямы выкупіў?

— Памятаю, дзядзечка, — сказаў блазан. — Ой як памятаю!

— Усё-такі ён падобны на малпу, — сказала Ганна. — На злосную малпу. У ім ёсць штосьці здрадніцкае.

— Баярын! — сказаў жылісты мужчына. — А што з вогненным гаршком рабіць?

— Гэта цяпер не патрэбна, Мажэй, — адказаў Раман.

— Ты казаў, што мяне пашлеш, — вымавіў Мажэй. — Божыя дваране ўвесь мой род выразалі. Не магу забыць. Ты абяцаў.

— Божа! — Раман сеў на лаву, стукнуўся локцямі аб стальніцу, абхапіў галаву рукамі. — Глупства гэта ўсё, нікчэмнасць!

— Шаноўны, — сказаў Мажэй з тупой настойлівасцю, — ты абяцаў мне. Я пайду і заб'ю епіскапа.

— Няўжо не разумееш, — амаль крычаў Раман, — нічым мы горад не выратуем! Не спалохаюцца яны, не адступяць, іх у пяць разоў больш, у іх сіла, ордэн. Эўропа, Магдэбург, папа… Конрад Мазавецкі ім войска дасць, дацкі кароль чакае не дачакаецца. Вы ж цёмныя, вам здаецца, што ўвесь свет вакол нашага гарадка сышоўся! Я і вежу паліць не хацеў… Вячка мяне прыціснуў. Лепш змірыцца, ордэну кроў не патрэбна, ордэн бы князю горад пакінуў… Хіба вам крыві мала!

— Ты загаварыў інакш, баярын, — сказаў Мажэй. — Я з табою заўсёды быў, таму што верыў. Можа, я іншых гарадоў не бачыў — нашыя жамойцкія гарадкі па лясах раскіданы, але пакуль ордэн на нашай зямлі, мне не жыць. Мы ордэн не клікалі.

— Змагацца таксама трэба з розумам, — стукнуў кулаком па стале Раман. — Сёння ноччу яны на прыступ пойдуць. Возьмуць горад, могуць не злітавацца. Калі мы паднімем руку на Альберта — яны ўсіх нас выражуць. І дзяцей, і жанчын, і цябе, блазан, і мяне…

— Я заб'ю епіскапа, — сказаў Мажэй.

— А я, дзядзечка, — сказаў блазан, — з табою не згодны. Авечкі добрыя, а авечак ваўкі ядуць.

— Маўчы, раб! — узлаваўся Раман. — Я цябе дзесяты год кармлю і ратую ад бед. Калі б не я, цябе ўжо тройчы павесілі б.

— Правільна, дзядзечка, — раптам засмяяўся блазан. — Часам я глупства скажу, затое разумныя не здагадаюцца. Рабом я быў, рабом памру, затое сумленне мучыць не будзе.

— Чым балбатаць, лепей пайдзі да князёўны, — сказаў Раман жорстка. — Дасі ёй прываротнага зелля. Так, каб старая не заўважыла.

— І гэта геній, — уздыхнула Ганна.

— А што? — спытаўся Кін.

— Верыць у прываротнае зелле…

— Чаму ж не? І ў дваццатым стагоддзі вераць.

— Іду, — сказаў блазан, — толькі ты да немцаў не збяжы.

— Заб'ю. Ты даўно гэтага заслугоўваеш.

— Заб'еш, ды не сёння. Сёння я яшчэ патрэбны. Толькі дарма ты епіскапа беражэш. Ён табе дзякуй не скажа.

Блазан падхапіў бутэлечку і лоўка ўскараскаўся наверх. Мажэй вярнуўся да печы, памяшаў там качаргою, доўга маўчаў. Раман прайшоўся па пакоі.

— Не, — сказаў ён сам сабе. — Усё не так. Як я змарыўся ад глупства чалавечага.

Хлопец прысеў каля сцяны на кукішкі. Раман вярнуўся назад да стала.

— Можа, паглядзець за блазнам? — спыталася Ганна.

— Мне цяпер важней Раман, — сказаў Кін.

— Падыдзі сюды, Глузд, — сказаў Раман, аглядаючыся.

Хлопец лёгка ўстаў, зрабіў крок і тут жа азірнуўся.

Раман рэзка ўзняў галаву, паглядзеў туды ж. Ускочыў з-за стала. Мажэя ў пакоі не было. Раман тут жа кінуўся за печку. Там былі нізкія масіўныя дзверы. Яны былі прачыненыя. — Глузд, куды глядзеў? Мажэй збег!

— Куды збег? — не зразумеў хлопец.

— Ён жа з гаршком збег. Ён жа епіскапа забіць хоча! — Раман штурхнуў дзверы, зазірнуў усярэдзіну, ляпнуў сабе па баку, дзе вісеў кароткі меч, выхапіў яго з ножнаў і знік у праёме.

Хлопец застаўся звонку, заглянуў у ход, і Ганна ўбачыла, што яго спіна расце, запаўняе экран. Стала цёмна — шар працяў хлопца, пранёсся ў цемры, і яна здавалася бясконцай, як здаецца бясконцым чыгуначны тунель, а потым наступіў бэзавы дажджлівы вечар. Яны былі на метраў сто ад крапаснога вала ў нізіне, парослай хмызняком. Паміж нізінай і крэпасцю паволі ехалі верхам два нямецкія ратнікі, паглядваючы на гарадскую сцяну. На вуглавой вежы пагойдваліся шлемы стражнікаў.

Раптам у схіле нізіны ўтварылася чорная дзірка — адкінуліся ўбок дзверы, укрытыя звонку дзёрнам. У дзвярах стаяў Раман. Ён уважліва агледзеўся. Дождж памацнеў і мутнаю сеткаю засланяў яго твар. Нікога не ўбачыўшы, Раман адступіў, зачыніўшы за сабою дзверы. Перад вачыма быў парослы хмызняком схіл. І ніякіх слядоў ад дзвярэй.

Кін вярнуў шар у падвал, на імгненне абагнаўшы Рамана.

Хлопец, які так і стаяў у дзвярах падземнага хода, адляцеў убок — Раман адштурхнуў яго, кінуўся да стала. Хлопец падышоў, спыніўся ззаду. Раман ірвануў да сябе ліст пергаменту і хутка пачаў пісаць.

— Стукаюць, — сказаў Кін. — Ганна, чуеш?

У дзверы стукалі.

Раман згарнуў ліст у трубку, падаў хлопцу.

Ганна зрабіла намаганне, каб вярнуцца ў дваццатае стагоддзе.

— Зачыні дзверы, — хуткім шэптам сказаў Кін. — І хоць памры, каб ніхто сюды не ўвайшоў. Мы не можам перапыніць працу. Праз паўгадзіны я адыходжу ў мінулае.

— Ёсць, капітан, — сказала Ганна таксама шэптам. Каля дзвярэй яна аглянулася. Кін сачыў за шарам, Жуль — за прыборамі. Яны спадзяваліся на Ганну. Хлопец Глузд узяў трубку пергаменту, слухаў, што гаварыў яму Раман.

За дзвярыма стаяў дзед Генадзь. Гэтага Ганна і баялася.

— Ты чаго замыкаешся? — сказаў ён. — Па тэлевізары французскі фільм паказваюць пра сярэдневяковае жыццё. Я па цябе.

— Ой, у мяне галава баліць! — сказала Ганна. — Зусім не магу з хаты выйсці. Легла ўжо.

— Як легла, — здзівіўся Генадзь. — Паветра ў нас свежае, ад яго і баліць. Хочаш, гарчычнікі пастаўлю?

— Ды я ж не прастудзілася. У мяне галава баліць, стамілася.

— А можа, па чарачцы? — спытаўся дзед Генадзь.

Ганна не магла ўпусціць дзеда ў сені, дзе на падлозе былі відаць сляды Жулевай працы.

— Не, дзякуй, не хочацца.

— Ну тады я пайшоў, — сказаў дзед, не робячы ні кроку. — А то французскі фільм пачынаецца. А гэтыя не вярталіся? Рэстаўратары?

— Не, яны ўжо на станцыю паехалі.

— А «газіка» такі спачатку не было, а потым узяўся. Дзіва. Тут хіба «газік» пройдзе?

— Яны з пагорка прыехалі.

— Я і кажу, што не праедзе. Але людзі прыемныя,

адукаваныя. Вывучаюць нашае мінулае.

— Я пайду лягу. Можна?

— Ідзі, вядома, хіба я трымаю, а то фільм пачынаецца. Калі хочаш, то прыходзь, я глядзець буду.

Нарэшце дзед пайшоў. Ганна не стала чакаць, пакуль ён міне веснічкі, — кінулася назад у халодную святліцу. За час яе адсутнасці сцэна ў шары памянялася. Яна ўяўляла сабой верхні паверх церама, у кутнім пакоі была толькі польская князёўна Магда. Ганна не адразу ўбачыла, што на падлозе, склаўшы накрыж ногі, сядзіць блазан.

— Я чула шум, — сказала Магда. — Пачаўся прыступ?

— А што ім рабіць? Прыйшлі на абед, значыць, лыжку падавай. А калі талерка пустая ды яны галодныя…

— Ты дзе навучыўся польскай мове, дурань?

— Жыццё прымусіла. Сёння тут, а заўтра там, — ухмыльнуўся блазан.

— Гэта праўда, што твой гаспадар спаліў ордэнскую вежу?

— Ён і дзесяць вежаў спаліць можа. Было б што паліць.

— Ён чарадзей?

— А што вам, бабам, да чарадзеяў? Дзе горача — туды пальчыкі цягнеце. Апечацеся.

— Скрозь агонь, — сказала князёўна. Яна раптам падышла да блазна, села побач з ім на дыван. І Ганна зразумела, што князёўна вельмі маладая, ёй гадоў васемнаццаць.

— Я ў Смаленск ехаць не хацела, — сказала яна. — У мяне дома кацяня засталося.

— Чорнае? — спытаўся блазан.

— Шэрае, такое пушыстае. І ласкавае. А потым нас леты захапілі. Пана Тадэвуша забілі. Чаму яны на нас напалі?

— Баярын кажа, што іх немцы паслалі.

— Мой бацька ліст епіскапу пісаў. Мы ж не ў дзікіх мясцінах жывём. А ў Смаленску сцены моцныя?

— Смаленск ніхто не зачэпіць. Смаленск — вялікі горад, — сказаў блазан. — Нас з баярынам Раманам адтуль так гналі, што мы нават паперы забраць не паспелі. І друкарскі варштат наш спалілі.

— Які варштат?

— Каб малітвы друкаваць.

— Баярын Раман з д'яблам знаецца?

— Куды яму! Калі б д'ябал за яго быў, хіба ён дапусціў бы, каб манахі нас у Смаленску папалілі?

— Д'ябал хітры, — сказала князёўна.

— Не без таго, — сказаў блазан. — Любы табе наш баярын?

— Так нельга казаць. Я ў Смаленск еду, там мяне замуж аддадуць. За князевага сына. Ізяслава Ўладзіміравіча.

— Калі даедзеш, — сказаў блазан.

— Не кажы так. Мой бацька рыцарам сябар. Ён ім зямлю даў.

— А ноччу хто разбярэцца?

— Князь Вячка іх у горад не пусціць. Ён смелы віцязь.

— Дзіця ты, ну проста дзіця. — Блазан устаў і падышоў да стала. — Гэта квас у цябе?

— Мне таксама дай напіцца, — сказала, лёгка ўстаючы з дывана, дзяўчына.

Блазан раптам рэзка азірнуўся, паглядзеў на дзверы.

— Піць, кажаш, хочаш?

— Ану ж, — сказаў Кін і скіраваў шар да дзвярэй, пранізаў іх, і ў вузкім калідоры Ганна ўбачыла ссутуленага ў кутку Рамана.

— Ён яе кахае, — сказала Ганна.

— Гэтага нам яшчэ не хапала. — сказаў Жуль.

— А цётка на яе сварылася, што горнецца да князя, памятаеце?

— Памятаю, — сказаў Кін, вяртаючы шар у пакой. Якраз у той момант, калі блазан, лоўка, як фокуснік, лінуў з бутэлечкі ў кубак прываротнага зелля. Падаў дзяўчыне.

— Дзякуй. Ты не ідзі, Акіплеша. Мне страшна адной.

— Усё, — сказаў Кін. — Пара збірацца.

19

— Як вы думаеце, — сказала Ганна, пакуль Кін падбіраў з ложка кашулі і боты, — той жамойт заб'е епіскапа?

— Не, — сказаў Кін. — Епіскап памрэ гадоў праз пятнаццаць. Жуль, правер, каб нічога не заставалася ў сенцах.

— А вы не вернецеся? — раптам Ганна зразумела, што відовішча канчаецца. Апошняя дзея — выкраданне чарадзея. І гледачы пакідаюць залу. Акцёры загадзя сабралі рэквізіт і пераязджаюць у іншы гарадок.

— Калі ўсё абыдзецца, — сказаў Кін суха, — то не вярнуся. Жуль перакіне нас дамоў. Дзед Генадзь прыходзіў?

Ганна кіўнула.

— Згатаваць кавы?

— Толькі сабе і Жулю, — сказаў Кін, — перад адпраўкаю лепш не есці. Я заўтра раніцай паснедаю. Дома…

— Усё-такі гэты шум мне непрыемны, — сказала Ганна. — Дзяўчына нічога не падазрае…

— Ён яго раб, — сказаў Кін. — Раман яго выратаваў ад смерці. Але прываротнага зелля не існуе. Гэта даказана навукай.

— Не ведаю, — сказала Ганна. — Вы ж самі гаворыце, што Раман — універсальны геній. Можа, прыдумаў. Былі ж раней розныя сакрэты.

— Я буду пераадзявацца, — сказаў Кін. — І баюся вам перашкодзіць. Вы хацелі згатаваць кавы.

— Безумоўна, — сказала Ганна, — хацела. Яна падпаліла ў пліце — добра, што ўзяла з сабою молатай кавы, — гэтыя прышэльцы, вядома, не падумалі, што будуць карміцца тры дні. Дармаеды. Лайдакі. Ганна была страшэнна сярдзітая. І зразумела чаму. Яе прысутнасць трывалі, як і прысутнасць дзеда Генадзя. А чаго ж ты чакала, галубка? Што цябе запросяць на экскурсію ў будучыню? Лухта, ты проста ні пра што не думала, авырашыла, што бясплатныя забавы будуць цягнуцца вечна… Кін за перагародкаю нечым грукнуў. Цікава, ці бярэ ён з сабою зброю?

— Ну як? — спытаўся Кін.

Ганна азірнулася. У дзвярах на кухню стаяў з кароткаю барадою мужчына з трынаццатага стагоддзя, заможны, дужы, меч збоку, кальчуга пад накідкаю, на шыі незвычайны абруч — накшталт сярэбранай змяі. Быў гэты мужчына ніжэйшы ростам, чым Кін, шырэйшы ў плячах, доўгія, выгаралыя месцам валасы былі сабраныя тасёмкай.

— Я б вас ніколі не пазнала, — сказала Ганна.

— Дзякуй, — адказаў Кін.

— А чаму змяя?

— Гэта вуж. Я літоўскі воін, з Раманавай аховы.

— Але яны ж адзін аднаго ведаюць.

— Цяпер цёмна. Я не буду высоўвацца на пярэдні план.

— А я кавы згатавала, — сказала Ганна.

— Кавы? Будзьце ласкавы, наліце Жулю.

Жуль ужо сабраў адзін з пультаў, зачыніў чамадан і вынес у сенцы. Сам вярнуўся да пульта сувязі.

— Жуль, — сказала Ганна, — выпі кавы.

— Дзякуй, — сказаў Жуль, — пастаў, калі ласка, на столік.

Ганна паставіла кубачак пад выключаны шар. Калі не патрэбна, лепш не набівацца. У сенцах яе дагнаў Жулеў голас.

— Мне шкада будзе, што я вас больш не пабачу, — сказаў ён. — Такая ў нас праца.

— Такая праца, — усміхнулася Ганна, паварочваючыся да яго. Яна была яму ўдзячная за жывыя словы.

Кін стаяў на кухні, сёрбаў каву.

— Вам жа нельга! — не стрымалася Ганна.

— Вядома, лепш не піць. Толькі вось вам не хапіла.

— Нічога, я яшчэ сабе згатую.

— Правільна, — сказаў Кін.

20

Выхад у мінулае ледзь быў не сарваўся. Яны ўсе стаялі ў сенцах над чамаданамі і скрынкамі. І зноў пачуўся стук у дзверы.

— Хто? — спыталася Ганна.

— У цябе ўсё ў парадку? — запытаў дзед Генадзь.

— А што?

— Галасы чую, — сказаў дзед.

Кін кінуўся ў кухню. Жуль зачыніўся ў тыльным пакоі. Ганна марудзіла з засаўкай.

— У мяне радыё, — сказала яна. — Радыё я слухала. Я ўжо зноў легла.

— Спаць легла, а святло не тушыш, — прабурчаў дзед. — Я табе анальгіну прынёс.

— Навошта мне анальгін?

— Ад галавы, вядома. Хіба не скардзілася?

Прыйшлося адчыніць. На вуліцы павяваў вільготны вецярок. Яркі месяц асвятляў дзедаў капялюш. Дзед імкнуўся заглянуць Ганне за спіну, але ў сенцах было цёмна. Пачак таблетак быў цёплы, нагрэўся ў дзедавай жмені.

— Турбуюся я за цябе, — сказаў ён. — Увогуле ў нас мясціны цііхя, бандытаў, зразумела, няма, чым ім цікавіцца, але нейкае да цябе ёсць небяспечнае прыцяжэнне.

— Я не баюся. Дзякую за лекі. Дабранач.

Ганна хуценька зачыніла дзверы, падумаўшы, што, калі дзед пакрыўдзіўся, у яе будзе даволі часу з ім зладзіць… Дзед яшчэ пастаяў на ганку, паўздыхаў, потым зарыпелі прыступкі. Кі падышоў да акна ў сенцах — дзед паціху ішоў па сцежцы.

— Дзякуй, Ганна, не ведаю, што б мы без цябе рабілі, — сказаў Кін.

— Не крывіце душой. Ён прыходзіць менавіта таму, што я тут. Не было б мяне, ён бы і не западозрыў.

— Ваша праўда, — сказаў Кін.

Ён прайшоў, мякка ступаючы, у халодны пакой. Кін уключыў шар і павёў яго з святліцы польскай князёўны, цяпер цёмнай, на двор, цераз залітую дажджом плошчу, мінаючы конавязь, дзе пераміналіся мокрыя коні, мінаючы калодзеж, у закутак, да Раманавай хаты. За плотам, у двары шар апусціўся да зямлі і спыніўся. Кін выпрастаў рукі са століка, перайшоў у другі куток пакоя, дзе стаяла тонкая металічная рама, пад ёю блішчала платформачка, падобная на падлогавыя вагі. Паветра ў раме ледзь варушылася.

— Давай напругу, — сказаў Кін.

— Адну хвілінку, — сказаў Жуль. — Дай я прыму рэчы, а то потым не будзе калі адхінуцца.

За спіной у Ганны зашапацела, пстрыкнула. Яна павярнулася і ўбачыла, як знік адзін чамадан — з лішняй вопраткай, потым другі, з пультам. Сенцы апусцелі. Кін ступіў у раму. Жуль падсунуў табурэцік бліжэй да шара і нацягнуў на левую руку пальчатку.

— Пачынаецца ювелірная праца, — сказаў ён.

Кін зірнуў на Ганну, як ёй здалося, дзіўна — ён быццам не зразумеў, з кім размаўляе Жуль.

— Увага, — сказаў ён.

Шар быў скіраваны ў пусты двор. Пад невялікаю паветкай ля веснічак скурчыўся, відаць, драмаў, стражнік, падобны да Кіна.

— Крыху бліжэй пад хлеў, — сказаў Кін.

— Асцярожна, — сказаў Жуль, — жадаю шчасця.

Кін падняў руку. Пачулася моцнае гудзенне, нібыта ў пакой заляцеў пчаліны рой. І Кін знік.

21

І тут жа Кін апынуўся ў двары. Усвядоміць гэты пераход было няцяжка, таму што Кін быў адзеты адпаведна таму часу і месцу.

Ён выйшаў з ценю хлява — на дварэ стаяла такая цемра, што можна было толькі ўгадваць постаці. Кволае святло прабівалася з шчылін дзвярэй у хляве. Кін слізгануў туды, ледзь адчыніў дзверы — лучына асвятляла нізкае памяшканне, на нізкім палку гулялі ў косці два стражнікі. Кін пайшоў да варотаў. Стражнік каля іх стаяў нерухома. У той момант, калі Кін быў зусім побач са стражнікам, тры разы стукнуў у дзверы — на той бок плота стаяў Раман, каля яго ног, як згорблены сабачка, — блазан Акіплеша. Стражнік уздыхнуў, пацягнуўся ў сне. Кін хутка накіраваўся да варотаў, выглянуў, пазнаў Рамана і адцягнуў засаўку.

— Ні халеры не відаць, — прамармытаў Раман.

— Я правяду да дзвярэй, — сказаў Кін. — Ідзіце за мною.

— У такую цямрэчу можна выйсці, — сказаў Раман блазну. — Між іншым, частку дабра б мы вынеслі.

— А далей што? — спытаўся блазан. — Будзеш, дзядзечка, па лесе чарапкі свае насіць, мядзведзяў карміць?

— Не спяшайся, у гразь уступлю, — сказаў Раман Кіну. Ён ішоў па драўляных мастках, трымаючыся за крысо яго плашча.

Ганна раптам хмыкнула.

— Ты чаго? — спытаўся Жуль.

— Ведаў бы Раман, што калегу за крысо трымае.

— Лепш, каб не ведаў, — сур'ёзна адказаў Жуль.

— Ты чаго гэта падглядваў, дзядзечка? — спытаўся блазан. — Не паверыў, што дам каханай зелля?

— Яна прыйдзе да мяне?

— Спытайся ў каго разумнейшага!

Зарыпелі прыступкі ганка. У дзвярах, якія адчыніліся, акрэсліліся постаці людзей.

Кін адразу адступіў убок. Данёсся блазнаў голас:

— Штосьці гэтага ратніка не памятаю.

— Яны ўсе на адзін твар, — сказаў Раман.

Праз шчыліну дзвярэй было відаць, як блазан адкінуў люк у склеп. Заглянуў усярэдзіну. Выпрастаўся.

— Мажэй не вяртаўся, — сказаў ён.

Голас яго раптам задрыжаў. Ганна падумала, што і блазны стамляюцца быць блазнамі.

— Лепш будзе, калі ён не вернецца, — сказаў Раман.

— Розум пакідае цябе, баярын, — сказаў блазан жорстка. — Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.

— Горад не выстаіць, нават калі ўся літва прыйдзе на дапамогу.

— Калі загіне епіскап, будзе справядліва.

— І рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загінем.

— Мы выйграем дзень. Прыйдзе літва.

— Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц — і сакрэт філасофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялікі… Князі дзяржаваў і царквы будуць у мяне ў нагах… Ніхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.

— Дурань, — сказаў спакойна блазан, — разумны, а дурнейшы за мяне. Епіскап…

— А што, епіскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епіскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.

— Але ў клетцы, дзядзечка.

— Умовы будуць мае.

— Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?

— Будуць падаваць. Як міленькія.

— Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбірацца…

— Епіскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.

— А ты яго таму беражэш?

— Гэта праўда. Не дзеля мяне — дзеля вялікай тайны.

— Ой, баярын, загляні сабе ў душу. Хіба не страшна?

— Страшна, страшна… страшна! — Тады ўцякай! Усё кідай! Раман раптам выхапіў нож.

— Я заб'ю цябе!

— Нельга! — крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спыніўся Раман. Ухмылка не знікла з яго твару. Ён кінуўся на двор, Кін ледзь паспеў адхіліцца. На ганку блазан спыніўся, нібы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокія плечы.

— Дожджык, — сказаў ён, — дожджык які… Да скону свету дожджык… Жыцця няма, праўды няма, адзін дожджык.

Зарыпелі прыступкі. Блазан выйшаў на двор…

Кін стаяў пасярод верхняй святліцы. Раман спусціўся ў склеп, але люк застаўся адчынены.

Кін асцярожна заглянуў у люк, і шар, завіснуўшы над ім, глядзеў тудысама.

Раман стаяў каля стала, пастукваючы кончыкамі пальцаў па яго краі. Раптам ён сцепануўся. Ён убачыў, што каля печы, у якой ужо патухла, стаіць змерзлы мокры хлопец.

— Ты чаму маўчыш? — спытаўся Раман.

— Я не дагнаў яго, — сказаў хлопец.

— Я і не чакаў, што ты яго дагоніш. А там ты быў?

— Я быў, — адказаў хлопец.

— Што сказалі?

— Сказалі, апоўначы.

— Ты грэйся, грэйся, — сказаў Раман. — Потым дапаможаш мне.

— Дрыжыкі бяруць мяне, — сказаў хлопец. — Ці прыме нас ордэн?

— Ты не бойся. Мяне ўсюды ведаюць. Мяне ў Венецыі ведаюць. І ў Магдабурзе, і ў Майнцы ведаюць… мяне забіць нельга…

У гэты момант усё і здарылася.

Шар вісеў над самай галавою ў Кіна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кіна ззаду. На імгненне выява ў шары прапала, потым узнік здзіўлены Кінаў твар, які імкнуўся павярнуцца і тут жа страціў раўнавагу і рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвіцы.

— Стой! Ён жа разаб'ецца!

Зверху мільгануў аркан — за секунду блазан паспеў дастаць і кінуць яго так, што вяроўка абхапіла Кіна за плечы і спыніла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кіна апусцілася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубінай — у другой. Раман і хлопец адхіснуліся ад люка, замерлі. Раман першы скеміў, што да чаго.

— Хто? — спытаўся ён.

— Ён мне з самага пачатку не спадабаўся — няма ў нас такога ў стражніках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епіскапаў.

Вочы ў Кіна былі заплюшчаныя.

— Ты яго не забіў? — спытаўся Раман.

— У нас, літоўцаў, галава жалезная, — сказаў блазан.

— Што ж рабіць? — сказала Ганна. — Яны яго заб'юць. Ну зрабі што-небудзь, Жуль, міленькі! Выцягні яго назад.

— Без яго дапамогі не магу.

— То прыдумай.

— Ды пачакай ты! — агрызнуўся Жуль. — Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нічога…

— Трэба яго дапытаць, — сказаў Раман.

— Толькі вазьмі ў яго… гэта. Блазан нагнуўся, выхапіў у Кіна меч, арканам звязаў рукі. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражніка.

— А, Явайла, — сказаў блазан. — Ты гэтага земляка не прызнаеш?

— Не, — адказаў той хутка. — За варотамі князь.

— Гэтага яшчэ не хапала, — сказаў Раман. — Акіплеша, прымі, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!

Яны адцягнулі Кіна ўбок, у цень, Раман кінуў зверху кучу лахманоў… Сцэна была злавесная — цені мітусіліся на сценах, спляталіся, быццам у бойцы.

Князь хутка спусціўся ўніз, прыступкі прагіналіся, за ім следам яцвяг у чорнай куртцы і чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткі плашч прамок, прыліп да кальчугі, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзіты:

— Ордэн на прыступ сабраўся, лесвіцы валакуць… Як трымацца, вароты слабыя, людзей мала. Ты чаго тут хаваешся?

— Якая ад мяне карысць на сцяне? Я тут больш патрэбны.

— Ты думай. Нам бы дазаўтра пратрымацца. Раман, чаму на вежах вогненнай вады няма?

— Скончылася, княжа.

— Каб была! Не абаронім горад — першы памрэш.

— Князь, я твайго роду, не кажы так. Я ўсё раблю…

— Не ведаю, нікому не веру. Як дрэнна — нікога няма. Дзе Ўладзімір Полацкі? Дзе Ўладзімір Смаленскі, дзе Мсціслаў Удалы? Уладзімір Пскоўскі? Дзе раці? Дзе ўся Русь?

— Я прыйду на сцяну, брат, — памяркоўна сказаў Раман.

— Тут у цябе столькі зелля нарыхтавана!

— Гэта, каб золата рабіць.

— Мне цяпер золата не патрэбна — ты мне самародак дасі, я яго на галаву епіскапу кіну. Ты мне агонь дай, агонь!

— Я прыйду на сцяну, брат.

Кін заварушыўся пад лахманамі, відаць, застагнаў, таму што князь кінуўся да кучы лахманоў, пад столь узляцелі чорныя цені, — Кін быў без прытомнасці.

— Хто такі? Чаму літоўца звязаў?

— Чужы чалавек, — сказаў Раман. — У хату да мяне прабраўся. Не ведаю, можа, ордэнскі лазутчык.

— Забі яго, — князь выцягнуў меч. Ганна закрыла далонямі вочы.

— Не, — пачула яна Раманаў голас. — Я яго дапытаць павінен. Ідзі, князь, я прыйду. Зробім агонь — прыйдзем.

— Ты, — сказаў князь яцвягу, — застанешся тут.

— Лішняе, князь, — сказаў Раман.

— Цяпер я нікому не веру. Зразумеў. Табе не веру таксама. — Князь адпусціў дзяржальна мяча. — Нам бы да заўтра пратрымацца.

Князь, аглядаючыся, хутка падняўся па лесвіцы. Спыніўся, глянуўшы ў падвал зверху. І яму відаць былі цёмныя цені, няроўна асветленыя жоўтым святлом твары, бляск рэтортаў і трубак. Князь перахрысціўся, столь над галовамі чарадзея і яго памочнікамі, што глядзелі ўверх, здрыганулася, загайдалася ад хуткіх і цяжкіх крокаў князя Вячкі.

— Уся літоўская раць не выратуе яго, — ціха сказаў Раман.

Ён падышоў да Кіна, паглядзеў уважліва на яго твар. Яцвяг — за яго спіной таксама глядзеў на Кіна, холадна і абыякава — для яго смерць і жыццё былі толькі момантамі ў бясконцым чаргаванні быцця і небыцця.

— Дай чаго-небудзь выпіць яцвягу, — сказаў Раман.

— Ён загаварыў па-латыні, — заўважыў Жуль.

— Ці не ўсё роўна! — усклікнула Ганна. Яцвяг адступіў на крок, ён быў напагатове.

— Не будзе ён піць, — сказаў блазан.

Кін расплюшчыў вочы. Памахаў галавой, зморшчыўся ад болю.

— Нічога, — сказаў Жуль. — Мы не такім давалі рады.

— Пісталет бы яму. Чаму ён не ўзяў зброі!

— Ён не мае права нікому ўчыніць шкоды.

— Нават калі гэта пагражае яму смерцю?

— Мы гатовы на гэта, — сказаў Жуль.

— Ты хто? — спытаўся Раман, нахіляючыся да Кіна. Кін маўчаў, глядзеў на Рамана.

— Ён па-нямецку не разумее, — паведаміў блазан.

— Без цябе, дурань, бачу, напэўна, прытвараецца.

— То забі яго, і справе канец, — сказаў блазан.

— А раптам прыслаў яго епіскап?

— Другога прышле, — сказаў блазан. — З моваю.

— Нягоднік, — сказала Ганна праз зубы.

— Спытайся ў яго па-літоўску, — сказаў Раман.

— Ты што тут робіш? — спытаўся блазан.

— Я прыйшоў з Трокаў, — сказаў Кін. — Я сваіх убачыў.

— Хлусіш, — сказаў блазан.

— Што ён кажа?

— Хлусіць, — сказаў блазан. — Забіць яго трэба, і справе канец.

Кін паспрабаваў прыпадняцца. Яцвяг, як кошка, мякка выхапіў шаблю.

— Пачакайце, — сказаў Кін. — Месір Раман, у мяне да вас важная справа.

— Ён ведае латынь? — вырвалася ў Рамана.

— Баярын, — сказаў хлопец, — час на зыходзе.

— Час? — паўтарыў яцвяг. — Князь чакае. Ідзіце на вежу.

— Зараз, — сказаў Раман. — Ты кажаш, што ведаеш мяне?

— Я прынёс навіны з Брэмена, — сказаў Кін. — Я не магу сказаць цяпер. Я буду гаварыць толькі адзін на адзін. Развяжыце мяне.

— Не, — сказаў Раман. — Нават калі ты не хлусіш, ты ўсё роўна застанешся тут. Я не веру табе.

— Час не чакае, — сказаў хлопец.

— Што ён увесь час паўтарае? — спытаўся блазан.

— Ён павінен сустрэцца з адным чалавекам.

Яцвяг паклаў на левую далонь лязом шаблю, быццам цешыўся з яе цьмянага бляску.

— Князь загадаў, — паўтарыў ён, — пара ісці.

— З табою пойдзе Акіплеша, — сказаў Раман. — Ён усё ведае.

— Князь загадаў, — паўтарыў яцвяг, і ў словах яго была пагроза.

Ганна ўбачыла, што Раман падаў якісьці знак хлопцу і той, ледзь прыкметна кіўнуўшы, пайшоў уздоўж сцяны ў змроку. Кін ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Уважліва сачыў за людзьмі ў падвале. Крыху паварушыў плячыма.

— Ён здыме вяроўкі, — прашаптаў Жуль, нібыта баяўся, што яго пачуюць, — галоўнае — зняць вяроўкі.

Яцвяг таксама ўважліва сачыў за тым, што адбываецца навокал, нібы адчуваў нядобрае.

— Цэзар, — сказаў блазан, — не бяры грэх на душу.

— Ты ніколі не станеш вялікім чалавекам, — адказаў Раман, робячы крок да стала, каб адцягнуць увагу яцвяга, — наш час не трывае добрых. Стаўка занадта вялікая. Стаўка — жыццё і вялікая магія. Ты! — крыкнуў ён нечакана яцвягу. І замахнуўся кулаком. Яцвяг мімаволі ўзняў шаблю.

І ў гэты момант бліснуў хлопцаў нож — коратка, невыразна адлюстраваўшыся ў рэтортах. І яцвяг адразу выпусціў шаблю, бессэнсоўна і безнадзейна імкнучыся ўбачыць прычыну болю, дастаць закінутымі за спіну рукамі ўваткнуты ў спіну нож… і рухнуў на бок, ссунуўшы цяжкі стол. Рэторта з цёмнай вадкасцю захісталася, і Раман кінуўся да стала і падхапіў яе.

— Як я спалохаўся… — сказаў ён. Блазан глядзеў на яцвяга.

— Нядобра выйшла, — сказаў блазан. — Ой, як нядобра выйшла…

— Скажам князю, што ён пайшоў. Выцягні яго наверх — і за хлеў. Ніхто ноччу не знойдзе.

— Кроў, — сказаў блазан. — І гэта ёсць пазнанне?

— Дзеля якога я аддам сваё жыццё, а тваё — тым больш, — сказаў Раман. — Цягні, ён лёгкі. Блазан стаяў нерухома.

— Паслухай, — сказаў Раман. — Я вінаваты, я цябе ўсё жыццё іншаму вучыў… я цябе вучыў, што жыццё можна зрабіць добрым. Але нельга не змагацца. За навуку змагацца трэба, за шчасце… ідзі, мой раб. У нас ужо няма выйсця. І грэх на мне.

Блазан нагнуўся і ўзяў яцвяга за плечы. Галава адкінулася назад, рот пратуліўся ў грымасе.

Блазан павалок яго да лесвіцы. Хлопец падхапіў за ногі забітага.

— Я больш не магу, — сказала Ганна. — Гэта жах.

— Гэта не канец, — сказаў Жуль. Ён наблізіў шар да Кінавага твару, і той, нібыта здагадаўшыся, што яго бачаць, усміхнуўся вуснамі.

— Вось бачыш, — сказаў Жуль. — Ён справіцца.

У Жулевым голасе не было ўпэўненасці.

— А ці можна выклікаць вам дапамогу? — спыталася Ганна.

— Не, — коратка адказаў Жуль. Блазан з хлопчыкам выцягнулі труп наверх. Раман паклікаў хлопца:

— Глузд! Вярніся.

Хлопец збег па лесвіцы ўніз.

— Мне не дацягнуць, — зверху паказаўся блазнаў твар.

— Дацягні да выхаду — паклічаш Явайлу. Схавайце — тут жа ісці на сцяну. Скажаш, што я — следам. Хлопец стаяў пасярод пакоя. Ён быў бледны.

— Стаміўся, мой хлопча? Цяжкая школа чарадзея?

— Я паслухмяны, настаўнік, — сказаў юнак.

— Тады ідзі. Памятай, што павінен завязаць яму вочы.

Хлопец адчыніў патайныя дзверы і знік. Раман паглядзеў на вялікі пясочны гадзіннік, які стаяў на палічцы каля печы. Пясок ужо ўвесь высыпаўся. Ён паціснуў плячыма, перавярнуў гадзіннік і глядзеў, як пясок сыплецца тонкім струменьчыкам.

— Другая гадзіна апоўначы, — сказаў Кін, — хутка пачне світаць. Ночы кароткія.

— Так? — Раман нібы ўспомніў, што не адзін у падвале. — Ты мне загадка — літовец. Ці не літовец? Ліў? Эст?

— Хіба гэта важна, чарадзей? — спытаўся Кін. — Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае імя?

— Я чуў гэтае імя, — сказаў Раман. — Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.

— Гэта толькі чуткі.

Дзверы загайдаліся, адчыніліся, і з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскім убранні з капюшонам, насунутым на лоб, і з цёмнай павязкай на вачах.

— Можаце зняць павязку, — сказаў Раман. — У нас мала часу.

Манах зняў павязку і перадаў хлопцу.

— Я падпарадкоўваюся ўмовам, — сказаў ён. — Я таксама рызыкую жыццём.

Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала і сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.

— Як рука? — спытаўся Раман.

— Я ўдзячны табе, — сказаў Фрыдрых. — Я магу трымаць ёю шчыт. — Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далоні. Пальцы сціснуліся, нібыта абхапілі дрэўка дзіды. — Дзякую. Епіскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнія сябры, — сказаў Фрыдрых. — І ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?

— Вы злавілі жамойта, які ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.

— Так, — коратка сказаў Фрыдрых. — Ён хацеў забіць епіскапа?

— Зелле магло разарваць на кавалкі сто чалавек, — сказаў Раман.

Жуль зноў скіраваў шар на Кіна, і Ганна ўбачыла, як Кін павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.

— А гэта хто? — рыцар раптам павярнуўся да Кіна.

— Я хацеў у цябе спытацца, — сказаў Раман. — Ён запэўнівае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.

— Гэта хлусня, — сказаў рыцар. — Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялікай тайны магіі і ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсіх яго вучняў… Ён хлусіць. Дарэчы, паглядзі, зараз ён вызваліць руку.

— Чорт! — вылаяўся Жуль. — Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кінуліся да Кіна.

— Твая праўда, брат, — сказаў Раман Фрыдрыху. — Дзякуй табе.

Кін быў нерухомы.

— Гэта першы чалавек, які развязаў вузел майго блазна.

— І таму яго трэба забіць, — сказаў рыцар. Раман схапіў з-за стала тоўстую вяроўку і моцна звязаў Кіну рукі.

— Пачакай, — сказаў Раман. — Ён размаўляе па-латыні не горш за нас з табою і ведае імя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан і дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.

— Як хочаш, — сказаў Фрыдрых. — Я чуў, што ты наблізіўся да адкрыцця тайны золата.

— Ага, — сказаў Раман. — Я наблізіўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.

— Ці толькі працы?

— І свой, і маіх памочнікаў.

— Чым мы табе можам быць карысныя?

— Ты ведаеш чым — ты мой даўні знаёмы. Ты страціў руку, калі ў тваім замку адбыўся выбух рэторты, хоць і кажаш, што гэта здарылася ў бітве з сарацынамі.

— Дапусцім, — сказаў рыцар.

— Мне галоўнае — захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.

— Пахвальна. Але калі нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?

— І не толькі мне, брат, — сказаў Раман. — Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?

Шар зноў прыблізіўся да Кіна. Губы ў Кіна заварушыліся, і шар перадаў яго шэпт:

— Дрэнь справы. Думай, Жуль… Жуль кіўнуў, нібыта Кін мог убачыць яго. І павярнуўся да Ганны — можа, шукаў спачування?

— Калі ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? — спыталася Ганна.

— Не, мая дзяўчынка, — сказаў Жуль ціха. — Табе не выцягнуць нас.

Раман і рыцар паднялі галовы.

— Нехта ідзе, — хутка сказаў Раман хлопцу. — Затрымай яго. Я вярнуся. — Рыцар цяжка ўстаў з-за стала і апусціў капюшон.

— Завязаць вочы? — спытаўся Фрыдрых.

Раман махнуў рукою.

— Я выйду з табою. Хутчэй.

Патайныя дзверы зачыніліся за рыцарам і Раманам.

Блазан спусціўся па лесвіцы.

— Дзе гаспадар? — спытаўся ён.

— Не ведаю, — сказаў хлопец.

— Уцёк да ордэнскіх братоў? Не, ён адзін не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна… гэтае яго золата… Гэтая яго ўлада і слава.

22

— Жуль, — сказала Ганна, — я ведаю, што рабіць.

— Праўда? — Жуль зноў павялічыў Кінаў твар. Кін глядзеў на блазна.

— Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.

— Якую яшчэ Магду? — у Жулевых вачах была туга.

— Польскую князёўну, Магдалену.

— Ну і што?

— Жуль, я пайду туды. Замест яе.

— Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерці. І куды мы князёўну дзенем?

— Ды слухай спакойна. Жуль, мілы, у нас з табою няма іншага выйсця. Хутка будзе світаць. Кін звязаны і бяссільны.

— Сціхні. І без тваіх ідэй моташна.

— Усё вельмі проста. Ты можаш мяне высадзіць у любым месцы.

— Вядома. — Ён паціснуў плячыма.

— Тады высадзі мяне ў князёўнінай спальні. Гэта адзінае выйсце. Зразумей нарэшце. Калі я не прабяруся да Кіна ў бліжэйшыя хвіліны, ён загіне. Я ўжо не кажу, што праваліцца вашая справа. Кін можа загінуць. І мне гэта не ўсё роўна!

— Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кін першы? Думаеш, ніхто з нас не гінуў?..

З акенца павеяла вільготным халадком — надвор'е ў дваццатым стагоддзі таксама пачало псавацца. Брахалі сабакі. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.

— Не ў гэтым справа! Вядзі шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмілі мяне з вашай справай…

— Так, але… — Жуль сумеўся. — Занадта мы ўжо лезем у мінулае.

— Перажывём. Успомні: Кін ляжыць звязаны.

Жуль некалькі секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кінуў позірк на Ганну.

— Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.

— Не марнуй часу. Вядзі шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.

— Пачакай, можа быць…

— Паехалі, Жуль, міленькі!

Ганну ахапіла ліхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, і было страшна, але страх запазніцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.

Шар пакінуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкі на сценах і далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.

Шар завіс у калідоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсці, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту…

— Усё чыста, — сказаў Жуль. — Можна.

— Пачакай! — крыкнула Ганна. — Я ж не магу там пакінуць вопратку…

Князёўна спала на нізкім куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзінокі каганец мігцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалі каплі дажджу. Шар закружыўся па пакоі, абышоў усе куткі і спыніўся перад заднімі, зачыненымі дзвярыма…

— Май на ўвазе, што там спіць яе цётка, — сказаў Жуль.

Потым іншым голасам, прагнаўшы сумненні:

— Добра. Цяпер слухай уважліва. Момант пераносу не павінен мець памылак.

Жуль падняўся, дастаў з пульта плоскую аплатку, крыху меншую за капеечную манетку, прыціснуў яе Ганне пад левым вухам. Аплатка была халаднаватая, цмокнуўшы, яна прысмакталася да скуры.

— Каб вярнуцца, ты павінна замкнуць поле. Для гэтага дакранаешся пальцам да гэтага… прысоска. Я цябе выцягну. Будзеш там прызямляцца — крыху падагні ногі, каб не стукнуцца.

Польская князёўна павярнулася ў сне, заварушыла губамі. Рука ўпала ўніз — сагнутыя пальцы дакрануліся да падлогі.

Ганна хуценька ступіла ў раму. Платформа холадам працяла яе босыя ногі. І адразу ж закружылася галава, і пачалося падзенне — падзенне ў глыбіню часу, бясконцае і страшнае, таму што не было за што ўчапіцца, не было каму крыкнуць, каб спынілі, затрымалі, выратавалі, і не было голасу, не было верху і нізу, была смерць або пярэдадзень яе, і ў галаве кружылася адна думка — чаму ж ёй не сказалі? Не папярэдзілі? Чаму ёй здрадзілі, пакінулі яе, забыліся? Яна ж нікому кепскага не зрабіла! Яна яшчэ такая маладая, яна не паспела пажыць… Жаль да сябе адгукнуўся болем у сэрцы, слёзнай слабасцю, а падзенне прадаўжалася і раптам… спынілася, заняло дух, нібы ў засеўшым ліфце, і Ганна расплюшчыла вочы…

Цвёрдая падлога стукнула знізу ў ступакі. Ганна праглынула сліну.

Каганец гарэў на стале. Побач стаяла крэсла з простаю высокаю спінкаю. Пах дрэнна вырабленых шкураў, дыму з печы, гарэлага масла, поту і мускусу стукнуў у ноздры… Ганна зразумела, што яна ў іншым стагоддзі.

Колькі прайшло часу? Гадзіна ці больш?.. Не, гэта памылковае адчуванне — Кін жа пранік у мінулае амаль імгненна: ступіў у раму і апынуўся ў Раманавым двары. А раптам машына сапсавалася і яе падарожжа на самай справе зацягнулася? Не, на невысокім куфры спіць польская князёўна, рука яе ледзь-ледзь дастае да падлогі.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць, — лічыла ў памяці Ганна, каб думкі вярнуліся на месца. Жуль цяпер бачыць яе ў шары. Дзе ж шар? Напэўна, крыху вышэй, над галавой, і Ганна паглядзела туды, дзе павінен быў вісець шар, і ўсміхнулася Жулю — яму цяпер горш за ўсіх. Ён адзін. Ах ты, гусар з дваццаць сёмага стагоддзя, табе, напэўна, пападзе за выкапнёвую дзяўчынку…

Цяпер трэба дзейнічаць. І хутчэй. У любы момант можа пачацца штурм горада. Ганна паглядзела ў невялікае, застаўленае слюдой акенца, і ёй здалося, што ў цемры ночы яна ўгадвае сінь досвітку.

Магдаленіна сукенка ляжала на табурэціку каля куфра, невысокія боцікі без абцасікаў валяліся побач.

Ганна прыслухалася. Церам жыў начным жыццём — скрыпам дошак у падлозе, піскам мышэй на гарышчы, аддаленым лязганнем зброі, вокрыкам вартавога ля ганка, лёгкім шорганнем крокаў… Князёўна замармытала ў сне. Было душна. У трынаццатым стагоддзі не любілі расчыняць вокны.

Князёўніна сукенка гучна зашалясцела. Надзяваць яе прыйшлося знізу — вышэй таліі яна сцягвалася тасёмкамі. На грудзях сукенка цеснаватая — няхай сабе, пацерпім. Цяпер вельмі важна — хустка. Яе трэба завязаць так, каб не было відаць валасоў. Дзе шапачка — пляскатая з залатым абручом? Ганна ўзяла каганец, пасвяціла над сталом, у кутку знайшла шапачку. Цяпер каб люстэрка, — як дрэнна выпраўляцца ў мінулае ў такой спешцы. «Строі нам павінны быць да твару, — падумала Ганна, — але як шкада, што інфармацыю давядзецца чэрпаць з чужых вачэй». Вядома, у князёўны дзесьці ёсць люстэрка на доўгай ручцы, як у казках, але няма часу шнарыць па чужых куфрах. Ганна сунула нагу ў боцік. Боцік засеў на шчыкалатцы — ні туды ні сюды. За перагародкай нехта заварочаўся. Жаночы голас. Спытаў па-русінску:

— Ты што, Магда, не спіш?

Ганна разгубілася, адказала не адразу.

— Сплю, — сказала яна ціха.

— Спі, спі, — гэта быў цётчын голас. — Можа, чаго даць?

Цётка цяжка ўздыхнула.

Ганна адказалася ад думкі пашпацыраваць у боціках. Нічога, сукенка доўгая. Які жаль, што дамы ў той час не насілі вуаль… Зрэшты, наша трагедыя адбываецца пры цьмяным штучным асвятленні, тут і родную маці не пазнаеш. Ганна агледзела сябе яшчэ раз — можа, што-небудзь забылася? Лёгенька падняла князёўніну руку і паклала на куфар — каб не здранцвела. Падумала, што цяпер Жуль, напэўна, аблаяў яе апошнімі словамі. Навошта непатрэбная рызыка! Ганна адчувала дзіўную блізкасць, амаль роднасць з дзяўчынай, якой і ў галаву не магло прыйсці, што яе сукенку надзела на сябе другая, тая, што будзе жыць праз шмат соцень гадоў…

— Нічога, — прашаптала яна, старанна варушачы губамі, каб Жуль бачыў, — яна моцна спіць.

Ганна прашмыгнула да дзвярэй — у суседнім пакоі надта заскрыпела, і голас цёткі, якая ўжо зусім прачнулася, паведаміў:

— Я да цябе іду, дзяўчынка, не спіцца мне…

Ганна тузанула на сябе дзверы. Дзверы не паддаліся. Босыя ногі дакрануліся да падлогі — як усё чуваць у гэтым доме? — цётка скінула нешта. Туп-туп-туп — яе крокі. Праклятае колца ў ільвінай пашчы — гэта стары чараўнік дзед Генадзь ва ўсім вінаваты… Ганна здагадалася павярнуць колца. Ззаду таксама адчыніліся дзверы, але Ганна не стала аглядвацца, — нагнуўшыся, каб не разбіць галаву, шмыганула ў цемру калідора. За дзвярыма бубнела цётка.

23

Першы чалавек, які трапіўся Ганне, быў стражнік ля ўвахода ў церам. Ён стаяў каля поручняў ганка, глядзеў на зарыва, што трапяталася за сцяною горада, прыслухоўваўся да далёкага шуму на сценах. Стражнік аглянуўся. Гэта быў пажылы мужчына, кальчуга яго была распорана на грудзях і сяк-так забэрсана скураным раменьчыкам.

— Што гарыць? — спыталася Ганна, не даючы яму абдумаць, дзеля чаго гэта польская князёўна шпацыруе па начах. Зрэшты, стражніку было не да яе: адчуванне навіслай пагрозы авалодала ўсімі гараджанамі.

— Стагі гараць — на балоце. Я так думаю. Дождж амаль сціх, але завулкі за пляцам патаналі ў цемры. Адсюль, з ганка, усё выглядала не так, як у шары, і Ганна засумнявалася, куды ісці. Можа, таму, што халодны і вільготны вецер, гукі і дыханне горада прымусілі ўсё ўспрымаць інакш. Перад ёю быў ужо не тэлевізар.

— Пачакай, — сказаў стражнік, толькі цяпер скеміўшы, што полька збіраецца ў горад. — Нядобры час гуляць.

— Я вярнуся, — сказала Ганна.

Яе цень, тонкі, гнуткі, доўгі, бег перад ёю па мокрай зямлі плошчы.

— Калі на сцяне будзеш, — крыкнуў услед ратнік, — паглядзі, гэта стагі гараць, ці што?

Ганна мінула калодзеж, плошча звузілася, — сабор здаваўся ружовым. Тут ад галоўнай вуліцы павінен адыходзіць завулак да Раманавай хаты. Ганна ткнулася

туды — спынілася. Яна больш не была назіральнікам і стала часткай гэтага свету.

Ууу — загуло наперадзе, нібы нейкі страшны звер высоўваўся з цемры. Ганна кінулася ўбок, стукнулася ў плот. Роў ці стогн нарастаў, і Ганна, не могучы больш таіцца, павярнула назад да церама — там быў стражнік.

З завулка паказаўся страшны абадраны чалавек, адну руку ён прыціскаў да вачэй, і паміж пальцамі лілася кроў, У Другой была сукаватая палка, якой ён размахваў, знясілена выючы — аднастайна, нібыта спяваў. Ганна пабегла да церама, коўзаючыся па гразі і баючыся крыкнуць, баючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. П'яныя, няўпэўненыя, пагрозлівыя крыкі чалавека з дубінаю набліжаліся, да іх прымешваўся мерны грукат, тупат, крык, але не было дзе схавацца, і дзесьці знік, як у кашмары, стражнік каля ганка — ганак быў чорны і пусты, як і сам церам.

Роў даганятага раптам перайшоў у крык — віск — лямант — і абарваўся. Ветрам падхапіла, ледзь не збіла Ганну з ног — побач пранесліся ценямі з вогненнымі блікамі на тварах коннікі Апакаліпсіса — яцвягі, што акружалі князя Вячку, пярэднія былі з факеламі, ад якіх пырскамі ляцелі іскры.

Ганна аглянулася — невыразнаю плямаю, амаль не адрозніш, ляжаў забіты. Церам раптам ажыў, асвяціўся факеламі, выбеглі стражнікі. Князь саскочыў з каня. Яцвягі не спяшаліся, круціліся каля ганка,

— Хто там быў? — спытаўся князь.

— П'яны, — адказаў яцвяг.

— Добра. Не хапала яшчэ, каб па горадзе бегалі забойцы. Ты і ты, паклічце баярына Рамана. Калі не пойдзе, вядзіце сілай.

— Паклічам. — Ганне з ценю каля плота відаць была ўсмешка яцвяга.

Коннікі адначасова сцебанулі коней, прамільгнулі зусім блізка каля Ганны і зніклі. Значыць, там і ёсць патрэбны ёй завулак. Яна чула, як тупат капытоў абарваўся, прагучаў рэзкі гартанны голас, які, адбіўшыся ад платоў, пакаціўся назад на вуліцу, і Ганна ўявіла сабе, як замкнёныя ў хатах жыхары прыслухоўваюцца да гукаў з вуліцы, усёй скурай адчуваючы, што настала апошняя ноч…

Князь Вячка ўвайшоў у церам. Яцвягі пасаскоквалі з сёдлаў, вялі паіць коней.

Ганна сумнявалася — ісці ці не ісці. А раптам прымчацца назад яцвягі з Раманам? Але Раман мог не вярнуцца з падземнага хода. А калі ён вырашыць забіць Кіна? Час цёк, як пясок між пальцаў, беглі хвіліны. Не, чакаць больш нельга. Яна зрабіла крок за вугал, заглянула ў кароткі завулак. Вароты былі расчыненыя. Адзін з яцвягаў стаяў знадворку, ля варотаў, трымаў коней.

І тут жа ў варотах узнік водбліск пажару. Ішоў Раманаў стражнік з факелам. Раман ішоў следам. Ён спяшаўся. Яцвягі селі на коней і ехалі крыху ззаду, нібы сцераглі палонных. Раман быў такі бледны, што Ганне здалося — твар яго фасфарысцыруе. Ганна адхінулася — чалавек з факелам прабег побач. І тут жа — Раманавы вочы, блізка…

— Магда! Ты да мяне?

— Ага, — адказала Ганна, прыціскаючыся да сцяны.

— Дачакаўся, — сказаў Раман, — прыйшла, галубка.

— Спяшайся, баярын, — сказаў яцвяг. — Князь гневаецца.

— Явайла, правядзі князёўну да майго дома. Яна будзе чакаць мяне там. І калі хоць адзін волас упадзе з яе галавы, табе не жыць… Дачакайся мяне, Магдалена.

Яцвяг дакрануўся дзяржаннем нагайкі да спіны чарадзея.

— Мы стаміліся чакаць, — сказаў ён.

— Святло факела ўпала на труп вар'ята.

— Магда, я вярнуся, — сказаў Раман. — Ты пачакаеш?

— Ага, — адказала Ганна. — Пачакаю.

— Слава богу, — дадаў Раман. Адыходзячы, ён аглянуўся, каб упэўніцца, што стражнік падпарадкаваўся загаду. Стражнік, без аглядкі ідучы па вуліцы, крыкнуў:

— Вароты не зачыняйце, мяне назад паслалі. — І дадаў нешта па-літоўску. У варотах паказаўся твар другога стражніка.

«Няма ліха без дабра», — падумала Ганна. Не трэба думаць, як увайсці ў дом. Ён чакаў, ён быў гатовы ўбачыць князёўну. І ўбачыў.

24

Стражнік правёў Ганну да дзвярэй. Літоўцы глядзелі на яе раўнадушна. Яна ішла, апусціўшы вочы.

Зарыпелі дошкі насцілу, стражнік узышоў на ганак, штурхнуў дзверы і штосьці крыкнуў усярэдзіну.

Ганна чакала. Зарыва як быццам стала меншае, затое з супрацьлеглага боку пачало святлець, хоць у горадзе было яшчэ зусім цёмна.

З сярэдзіны данесліся шпаркія крокі, і на парог выбег, кульгаючы, блазан. Ён спыніўся, углядаючыся.

— Пані Магда?! — Здаецца, ён не верыў сваім вачам.

— Пан Раман, — сказала Магда, — загадаў мне чакаць яго.

— Не можа быць, — сказаў блазан. — Ты павінна спаць. Ты не павінна была сюды прыходзіць. Ні ў якім разе! Пакуль ты ў цераме, ён не ўцячэ, няўжо не разумееш? Чаму ты не спіш? Ты ж выпіла зелле? Ах, цяпер ты ў яго ў руках.

Ганна падумала, што пра зелле яна, Магда, ведаць не павінна. Але паказаць цікавасць трэба.

— Якое зелле? — спыталася яна.

— Хадзі, князёўна, — сказаў блазан. — Не слухай дурня. Ідзі, на вуліцы стаяць…

Ён падаў занадта вялікую на яго рост руку, і Ганна паслушна, трымаючыся за яго сухія пальцы, прайшла ў святліцу.

Люк у падвал быў зачынены. Да Кіна некалькі крокаў.

— Сюды хадзі, — паклікаў блазан, адчыняючы дзверы ў пакой. Але Ганна спынілася на парозе.

— Я пачакаю тут, — сказала яна.

— Як хочаш. — Блазан быў засмучаны. — І чаго ты прыйшла? Хто цябе разбудзіў? Няўжо я памыліўся… гэта ж зелле, ад якога сама не прачнешся…

«Ён даў ёй снатворнага? Ах ты, інтрыган!» — ледзь не вырвалася ў Ганны. Замест гэтага яна ўсміхнулася і спыталася:

— А дзе ж твой гаспадар займаецца чарадзействам?

— Хіба гэта так важна? — спытаўся блазан. — Гэта ўжо не важна. Ты гаворыш па-русінску. Але дзіўна. Гаворка твая чужая.

— Ты забыўся, што я выхавана ў Кракаве?

— Выхавана? Чужое слова, — сказаў блазан. — Ты вымаўляеш дзіўныя словы.

Века над люкам паднялося. Блазан жвава аглянуўся.

Хлопцава галава паказалася ў люку.

— Ты чаго, Глузд?

— Той, ліцвін, б'ецца… баюся я яго. Паглядзі, Акіплеша.

— Прырэж яго, — спакойна адказаў блазан.

— Не! — вырвалася ў Ганны. — Хіба можна? — Яна ступіла да адчыненага люка. — Як ты пасмееш?.. — Яна амаль крычала: толькі б Кін зразумеў, што яна побач.

Блазан спрытна выкруціўся і стаў паміж люкам і Ганнаю.

— Табе туды нельга, князёўна, — сказаў ён. — Не дазволена.

— Гэй! — пачуўся знізу прарэзлівы Кінаў голас. — Развяжы мяне, скамарох. Вядзі да князя. Я маю што сказаць!

— Знаёмы голас, — сказала Магда. — Хто ў цябе там?

— Не твой клопат, пані.

— Раб! — усклікнула яна. — Смерд! Як ты пасмеў пярэчыць! — Ганна не баялася сказаць якое-небудзь слова, якога яны не ведалі. Яна іншаземка і не мела іншай адукацыі, акрамя хатняй.

І ў голасе адукаванай масквічкі канца дваццатага стагоддзя раптам загучалі такія велікакняжацкія інтанацыі, што Жуль усміхнуўся…

— Прэч з дарогі! — крыкнула Ганна. — Паглядзім, што скажа баярын, калі даведаецца пра тваё свавольства. І блазан адразу знік. Нібыта яму стала ўсё роўна — убачыць Магда нявольніка ці не…

Ганна ганарліва адпіхнула хлопца і спусцілася ўніз у знаёмае ёй сутарэнне, дзе было мноства рэтортаў, гаршкоў, медных тыгляў — невядомых прадвеснікаў хімічнай навукі. Моцна пахла сернаю кіслатою. Кін назіраў, прыпёршыся да сцяны. Ганна падмігнула яму, Кін насупіўся і прамармытаў праз зубы:

— Яшчэ чаго не хапала.

— Дык вось ты дзе? — абурана сказала князёўна, гледзячы на Кіна. — Чаму звязаны? Што яны з табою зрабілі?

— Пані, — зразумеў Кін, — я дрэннага не рабіў.

Я прыйшоў да пана Рамана ад вас, але мяне ніхто не слухае.

Ганна азірнулася. Хлопец стаяў каля лесвіцы, блазан на прыступках. Абодва ўважліва слухалі.

— Do you speak English?

— А little.*

* — Вы размаўляеце па-ангельску?

— Крыху.

Ганна ўздыхнула з палёгкаю.

— Нам трэба іх пераканаць, — працягвала яна па-ангельску.

— Малайчына, — сказаў Кін. — Як скажаце, пані.

— Развяжы яго, — загадала Ганна хлопцу.

— Зараз, пані, — сказаў ён нясмела. — Але… Пан…

— Пан зробіць усё, што я захачу.

Хлопец аглянуўся на блазна. Той спусціўся ў падвал, сеў за стол.

— Рабі, — хмура сказаў ён, — пан выканае ўсё, што яна скажа.

— Дзе ваш каханы? — спытаўся Кін па-ангельску.

— Не смейцеся. Я сумленная дзяўчына. Ён з князем. Яны абмяркоўваюць пытанні абароны.

Кін падняўся, размінаючы здранцвелыя пальцы.

— Я пайшоў. Мне трэба быць з ім. А вам лепш вярнуцца.

— Не, я застануся. Раман прасіў мяне застацца. Я магу дапамагчы вам, калі вы вернецеся.

— На выпадак небяспекі вы ведаеце, што рабіць?

— Зразумела, — сказала Ганна па-расейску. — Ідзі да Рамана, беражы яго. — Яна павярнулася да хлопца. — Правядзі майго слугу да выхаду. Каб яго не трымалі стражнікі.

Хлопец зірнуў на блазна. Той кіўнуў. Хлопец пайшоў следам за Кінам. Блазан сказаў:

— Thy will releaseth him from the fetters.[1]

Ганна збянтэжылася:

— Ты разумееш гэтую мову?

— Я бываў у розных краях, князёўна, — сказаў блазан. — З маім панам. Мы, рабы, утойваем свае веды…

«Не можа быць, — падумала Ганна, — ён не мог усё зразумець. Сем жа стагоддзяў прайшло, мова так змянілася».

25

— Тут вы дабываеце золата? — спыталася Ганна. У печы зус патухла, толькі пад попелам тлелі чырвоныя вугалькі.

— Мой пан робіць гэта, каб дагадзіць богу, — сказаў блазан.

— Веру, веру, — сказала Ганна. — А ці праўда, што ён вынайшаў кнігадрукаванне?

— Не ведаю такога слова, пані, — прамовіў блазан. Ён падышоў да вуголля і выставіў свае вялікія рукі.

— Ты дапамагаеш пану?

— Калі ён дазваляе мне. А навошта табе і твайму чалавеку мой пан? — спытаўся карлік.

— Я не зразумела цябе.

— Вы размаўляеце на мове, якая падобная на мову саксаў. Твой чалавек пабег па майго пана.

— Ты баішся за яго?

— Я баюся страху майго пана. І яго кахання да цябе. Ён забываецца пра другіх. Гэта прывядзе да смерці.

— Чыёй смерці?

— Сёння смерць чакае ўсіх. Калі хапаешся за адно, забываеш пра галоўнае.

— Што ж галоўнае? — Ганна хацела дадаць раб ці дурань, але зразумела, што не хоча больш гэтай гульні.

— Галоўнае? — Блазан павярнуўся да яе, адзінае яго вока было страшэнна сумнае. — Ты чужая. Ты не можаш зразумець.

— Я паспрабую.

— Зараз божыя дваране пойдуць на прыступ. І нікому літасці не будзе. Але калі я здагадаўся правільна, то баярын Раман хадзіў, каб дамовіцца з божымі дваранамі так, галоўнае прападзе.

— Але ж застаецца навука, яе вялікае адкрыццё.

— Ты, князёўна, з багатых. Ты ніколі не галадала. Цябе ніколі не білі, не палілі, з цябе не здзекаваліся… табе нічога не пагражае. Цябе ніхто не кране — ні тут, ні ў турме. А вось усе гэтыя людзі, тыя, што спяць ці не спяць, хвалююцца, п'юць, ядуць, плачуць на вуліцах, — іх паб'юць. І ўсё гэта не мае значэння для майго пана. І для цябе — іх мука да вас не даляціць.

Карлік, асветлены чырвоным святлом вугалёў, быў страшны. Вось такія былі першыя прапаведнікі сярэдневяковай справядлівасці, такія ішлі на кастры. Людзі, якія зразумелі, што кожны варты жыцця, і былі бяссільныя.

— Ты памыляешся, блазан.

— Не, не памыляюся. Нават цяпер у тваіх добрых вачах і ў тваіх добрых словах няма праўды. Ты не ведаеш, ці ёсць у мяне імя, слава і гонар. Блазан, дурань…

— Як цябе завуць?

— Акіплеша — гэта таксама мянушка. Я не памятаю свайго імя. Але я не раб! Я зраблю тое, чаго не хоча рабіць Раман.

— Што ты можаш зрабіць?

— Я выйду падземным ходам, я знайду ў лесе ліцвінаў, я скажу ім, каб спяшаліся.

— Ты не паспееш, Акіплеша, — сказала Ганна.

— Тады я разбуру ўсё гэта… усё!

— Але гэта жыццё твайго пана, справа яго жыцця.

— Ён заваражыў цябе, князёўна! Каму трэба яго справа, мая справа, твая справа, калі сыдуць крывёю хлопцы і немаўляты, жонкі і мужы — усе дзеці Хрыстовы? Аднак я не магу разбураць…

Блазан ускараскаўся на крэсла, сеў, звесіўшы ногі, апусціў галаву на рукі, нібы заснуў. Ганна маўчала, глядзела на шырокую гарбатую блазнаву спіну. Не паднімаючы галавы, глуха ён спытаўся:

— Хто ты, князёўна? Ты не тая, за каго выдаеш сябе.

— Хіба гэта так важна, Акіплеша?

— Хутка развіднее. Я ведаю людзей. Дурні назіральныя. Мой пан нам здрадзіць, і я не магу спыніць гэтага.

— Скажы, Акіплеша, твой пан напраўду такі вялікі чарадзей? Большы за царкоўных каралёў і зямных князёў.

— Слава ў яго будзе вялікая, — сказаў блазан. — І каралі прыйдуць да яго на паклон. Інакш я не звязаў бы з ім свайго жыцця.

— А што ты мог зрабіць?

— Я мог уцячы. Я мог пайсці да другога гаспадара.

— Ты так на самай справе думаў?

— І не раз. Але каму патрэбен кульгавы вырадак? Каму я дакажу, што ў мяне такое самае сэрца, такая самая галава, як і ў знакамітага?

— Раман гэта ведае?

— Раман гэта ведае. Бог надзяліў яго розумам.

— А цябе?

— Раман ведае мне цану.

— І ўсё?

— А што яшчэ? Што яшчэ патрэбна рабу і вырадку?

— Ты ненавідзіш яго? Ты… ты не раўнуеш мяне да яго?

Блазан адкінуўся ад стала, зарагатаў, скрывіўшы грымасай і без таго знявечаны твар.

— Цябе? Да яго? У мяне адно вока, гэтага хапае, каб зразумець, што князёўна Магда спакойна спіць у цераме. Ты нават не магла абуць яе боцікаў, ты не вельмі асцярожная. І голас цябе выдае. І мова. Але не бойся. Раман не здагадаецца. Ён бачыць толькі сваё каханне, ён сам ім любуецца. Ты птушка ў небе, слодыч невыказная — таму ты і патрэбна яму. Мала яму ўлады на зямлі, ён хоча і птахаў нябесных прыручыць… Ён прыме цябе за Магду, таму што хочацца яму прыняць цябе за Магду, цётачка! Ён разумны, а ў прываротнае зелле верыць!

— Дык ты замест прываротнага зелля зрабіў соннае?

— А ты што хацела? Нельга ж было, каб яна бегла сюды. Таму я так здзівіўся з цябе. Зелле ж выпрабаванае. Я з ім два разы з аковаў уцякаў. Нават з замка Крак.

— Як ты трапіў туды?

— Вядома як — за варажбу. За глупства.

— Мне дзіўна, што ты раб, — сказала Ганна.

— Іншы раз мне таксама… Бог кожнаму вызначыў месца. Мабыць, так і трэба… так і трэба.

— Ты небяспечны раб. Ты не дурань, а прытворшчык.

— Не, дурань. Толькі без нас, дурняў, разумнікі павыміраюць ад свайго розуму ды нудоты… А вось і яны…

Раман спусціўся па лесвіцы першы.

— Вы чаго тут? — спытаўся ён. — Чаму не правёў князёўну ў пакоі?.. — Ён дакрануўся да Ганнінага пляча.

Кін і хлопец спусціліся следам. Кін пакланіўся Магдзе. Раман паглядзеў на яго і спытаўся ў князёўны:

— Гэта праўда, што ён з табою?

— Праўда, ён заўсёды са мною, — сказала Ганна цвёрда. — Я пасылала яго, каб ён аберагаў цябе. І ён будзе цябе берагчы.

— Я рады, — сказаў Раман. — Усё будзе добра! Усё абыдзецца! Мы зробім, як нам трэба. Ордэн ужо падступіў да сцен.

— Як? — Блазан стаў панурым. — Ужо прыступ?

— Яны за сто крокаў, ідуць да варотаў. Літвы ўсё няма…

— А чаго ты прыйшоў сюды? — спытаўся блазан. — У нас з табою няма тут агню і мячоў. Наша месца на сценах… З усімі.

— Глупства кажаш, — вымавіў Ранан, зноў падыходзячы да Ганны і беручы яе за пальцы. Далонь у Ранана была вільготная і гарачая. — Гарады будуць гінуць, і людзі будуць паміраць, але вялікія веды застануцца на вякі. Забудзь пра дробязі, ды не па чыне табе гэта думаць, — завяршыў Раман суха, нібыта ўспомніўшы, што блазан яму не сябар, а толькі слуга.

Блазан, зірнуўшы на Ганну, адказаў:

— Я сваё месца ведаю, дзядзечка.

З далечыні да падзямелля данёсся шум — знайшоў сабе дарогу праз платы, сцены, крык людзей, які зліўся ў грозны роў, і адказам яму былі разрозненыя вокрыкі і стогн унутры горада. Тут жа адгукнуліся званы на плошчы — гужліва, часта, быццам сціснутае страхам сэрца, яны гулі, просячы божай літасці.

Усе сціхлі, прыслухоўваючыся. Раман хутка падышоў да куфра ў кутку пакоя, праверыў замок.

— Дапамажы! — сказаў ён блазну і налёг на куфар, перасоўваючы яго ў глыб падвала.

— Мы ўцякаем? — спытаўся хлопец.

— Не, — адказаў Раман.

— Ты будзеш змагацца? — спытаўся блазан.

— Буду, — адказаў Раман. — Ідзі паглядзі, як там на сценах. Можа, твой меч там спатрэбіцца?

— Не пайду, — запярэчыў блазан.

— Не ўцяку я, не бойся.

— Я баюся іншага, — вымавіў блазан.

— Чаго ж? Кажы.

— Здрады баюся.

— Дурань і памрэш па-дурному, — сказаў Раман, беручыся за дзяржанне мяча.

— Усё-такі заб'еш мяне? — Блазан быў здзіўлены.

— Калі раб здраджвае, — сказаў Раман, — яго забіваюць.

— Не ўздумайце! — крыкнула Ганна. — Як вам не сорамна.

— Сорамна? — Блазан караскаўся па лесвіцы.

— Ты куды? — спытаўся Раман.

— Зірну, што там робіцца, — сказаў блазан. — Пагляджу, ці трымаюць вароты…

Ён знік, і Раман павярнуўся да Кіна, але перадумаў, паглядзеў на хлопца.

— Ідзі за ім, — сказаў ён. — Прасачы…

— Што? — не зразумеў хлопец.

— Каб ён не падышоў да каго-небудзь з князевых людзей. Да князя каб не падышоў… а зрэшты, заставайся. Ён не паспее.

Раман паводзіў сябе дзелавіта, суха і холадна. Ён паглядзеў на пясочны гадзіннік. Потым акінуў позіркам тых, хто заставаўся ў сутарэнні.

— Князёўна Магда, — сказаў ён, — душа мая, падніміся наверх. Ідзі ў тыльныя пакоі. І не выходзь адтуль. Ні ў якім разе. А ты, — ён загаварыў да Кіна, — глядзі, каб не выйшла.

— Раман, — сказала Ганна, — мой чалавек застанецца з табою. Я веру яму больш, чым каму іншаму.

— Няхай будзе па-твойму, — Раман усміхнуўся. Цудоўная была гэтая добрая, шчаслівая ўсмешка. — Дзякуй. З табою пойдзе Глузд.

— Ідзі, — сказаў Кін. — Баярын кажа праўду. Ідзі, князёўна, далей ад небяспекі. Больш тут табе няма чаго рабіць.

Ганна паднялася па лесвіцы першая. Ззаду ішоў хлопец. Ён стаміўся, твар яго асунуўся, ён быў напалоханы. Звон і крыкі разносіліся над горадам, і калі Ганніна галава паднялася над падлогаю, шум аглушыў, уварваўшыся праз высокія вокны верхняй святліцы… І яшчэ Ганна паспела ўбачыць, як кінуўся да выхаду блазан — аказваецца, ён нікуды не пайшоў. Ён падслухоўваў. Можа, так і лепш. Можа, ёй на самай справе пара дакрануцца да прысоскі пад вухам.

Яна накіравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзіў яе, адчыніў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кінула позірк назад: блазан стаяў за вершнікам, невыразна акрэсліваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй і заўважыў нейкі рух каля дзвярэй.

Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акіплеша. Нечакана моўчкі, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кінуўся ў куст, наставіўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны і больш нічога не бачыў.

Ганна толькі паспела ахнуць…

Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну і ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: — Ён мне не раўня… я ў сарацынаў навучыўся.

— Я не магу больш, — сказала Ганна. — Не магу…

— Страшны час, — сказаў блазан. — Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, і я таксама жорсткі… Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю…

Блазан падышоў да адчыненага люка і спыніўся так, што з сярэдзіны яго было цяжка ўбачыць.

— Ці будзе лепшы час? — спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўніз. — Ці будзе добры час, ці смертаносныя коннікі ўжо скачуць па нашай зямлі?

— Будзе, — сказала Ганна. — Павінен быць.

Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружыліся яго плечы і кароткая шыя. Яна зрабіла крок наперад, заглянула ўніз, у сутарэнне. Раман прынік да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кін ззаду.

— Адыдзіся, — адмахнуўся ад яго Раман.

Кін паслухмяна адступіў на некалькі крокаў.

У дзверы стукнулі два разы. Потым яшчэ тры разы.

— Я так і ведаў! — прашаптаў блазан. — Я ведаў… Трэба было бегчы да князя!

Раман адсунуў засаўку, і цяжкія дзверы адчыніліся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.

Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:

— Усё ў парадку?

— Усё, — адказаў Раман. — Як там каля варотаў?

— Хутка рухнуць, — сказаў Фрыдрых. — Хутка.

Ён накіраваўся назад у цёмны праход і крыкнуў штосьці па-нямецку. Раптам блазан завішчаў, як параненая жывёліна, і скочыў уніз, мінаючы лесвіцу, з двухметровай вышыні, і ўмомант апынуўся каля дзвярэй, імкнучыся дацягнуцца да засаўкі.

Раман першы скеміў, у чым справа, і схапіўся за тронкі нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож і блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так і не паспеўшы зачыніць дзверы, а ў руцэ ў яго блішчаў штылет…

— Кін! — адчайна крыкнула Ганна. — Не той!

Кін павярнуўся да яе. Вочы ў качэўніка зрабіліся вузкімі шчылінкамі. Голас яго быў ціхі, але страшны, і непадпарадкавацца было нельга:

— Ідзі зараз жа.

Ганна зрабіла крок па лесвіцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кіну…

— Націсні на прысоску! Загубіш усё!

І Ганна, амаль не разумеючы, што робіць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыі…

І ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалілася, знікла, бясконцая бездань часу захапіла яе і панесла цераз цемру, між недарэчных і незразумелых прывідаў: лавіна конскіх мызаў і капытоў неслася на яе праз агонь, які вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвістаў вецер, данесліся абрыўкі музыкі…


Ганна стаяла ў маленькім халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, і Жуль, схіліўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:

— Зрабі крок убок! Выйдзі з поля!

Ганна паслухмяна ступіла — галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар — як акно ў падвал.

Надта маленькі ў шары блазан біўся з Раманам, і рука яго, як абцугамі, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сціскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож і крычаў штосьці, але Ганна не чула слоў.

— Не той, — сказала яна хрыпла. — Не той!

Блазан вывернуўся, і Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману і той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлі адзін за адным нямецкія ратнікі. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваім мячом… І мільгануў ценем Кін…

— Не той! — паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.

У той жа момант з шара зніклі двое: Кін і блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. І, адкінуўшы яго, рыцар апусціўся на калені над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглі наверх. І ратнікі адзін за адным пачалі падымацца па лесвіцы — жвава і спрытна…

Шар патух.

— Усё, — сказаў Жуль.

— Дзе яны? — спыталася Ганна.

— Яны прайшлі скрозь нас. Яны ўжо там, дома… Ты не ўяўляеш, як я стаміўся.

— Я таксама стамілася, — сказала Ганна.

— Дзякуй, — сказаў Жуль. — Без цябе было б не выбрацца нам.

— Не варта падзякі, — адказала Ганна. — Ты ўпэўнены, што ён забраў Акіплешу?

— Ты ж бачыла, — адказаў Жуль. Ён падняў пульт і паклаў у чамадан.

— Яны дабраліся на месца? Ты ўпэўнены?

— Безумоўна, — сказаў Жуль. — Што з імі можа здарыцца?

26

Ганна прачнулася, калі сонца ўжо хілілася на захад. У пакоі было горача, над пакінутай на стале філіжанкай кавы кружыліся восы. У пакоі стаяў дзед Генадзь.

— Выбачай, — сказаў ён. — Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклікаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, — у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я і ўвайшоў.

— Нічога, — сказала Ганна, апускаючы ногі з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.

Ганна акінула сябе позіркам — яна так і засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменніцы караля Лешкі Белага, родам са стольнага горада Кракава.

— Гэта ў Маскве так носяць? — спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасміхаецца з яе. Яна ўстала і выглянула ў сенцы. Там было пуста і чыста. Дзверы ў халодную святліцу расчынены насцеж. І там пуста. Ложак акуратна засланы.

Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.

— Паехалі, значыць? — сказаў ён.

— Паехалі, — адказала Ганна.

— А я табе на памяць прынёс, — сказаў дзед. — З музея.

Ён выцягнуў з глыбокай кішэні з плашча медную львіную галаву з колцам у пашчы.

— Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.

— Дзякуй, дзядуля, — сказала Ганна. — Яны напраўду адтуль?

— А ці я ведаю? Былі б людзі добрыя.

Ганна вярнулася ў вялікі пакой. Праз адчыненае акно быў відаць круты пагорак. Каля ручая пасвілася гнядая кабыла Клеапатра.

— Грахі нашы цяжкія, — уздыхнуў дзед. — Спяшаемся, мітусімся, падарожнічаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш піць?

Загрузка...