Рыгору Барадуліну
Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха[1].
Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.
Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.
І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.
Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.
Неяк жылі. Ставілі і бераглі дзяды і прадзеды мёд і віно – і выпіць яго за адно жыццё было цяжкавата нават Выліваху. У лясах была жывая закуска, касулі ды туры. На балотах свіязі, кражныя чагронкі, гразавікі, сярухі, шылахвосці. У рэках судакі, калекі, або балабы[2], самы, сіклы ды міроны, падусты, выразубы, язі ды галаўні, ляшчы ды бялёзны[3], страдалы[4], гусцёркі, свінні вадзяныя, сцярлядкі ды шчупакі.
І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.
Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць – от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.
Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы – на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, – так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.
Нап’юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.
З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То – “падарылі”, а то “купілі, плыт спрадаўшы”. Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.
Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў – сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны – з нявыкруткі – загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.
Загналі і забралі ў яго ўвесь скарб.
А другі раз яшчэ мудрэй прыдумалі. Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы. Ездзіў, пёс касароты, як Мамай: наперадзе сам з войскам, а за ім абоз нарабаваны.
То яны два вазы з футрамі, ваздухамі, залатымі дараносіцамі, ахвярнікамі, крыжамі святымі, дзе пацірамі і дзіскасамі ў яго адбілі ды павялі. Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй. Так і не выкурылі іх з гнёздаў.
У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах – жанчыны. На плячах – сокалы. У сэрцах – няма Божага страху.
Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.
Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п’янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.
А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор’і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы – каштоўнасці. А на скрынцы – надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.
Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг – калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.
А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка[6]1, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.
А каштоўнасці ўсе чыста былі непраўдзівыя, фальшывыя. Вось табе і Юр’еў тэстамент!
Каменні тыя замовіў Андрэй Гарбаты, а скрынку – сам Выліваха. Дзіўны быў іхні хаўрус. Коней любілі – як татары ці вугры, сабакары былі – горш за ангельцаў, а ўжо што да жаночага полу – ратуй нас, Пане Божа, і злітуйся, гэткія антыхрысты.
Вербенай валасы намосцяць ды пад камяніцы, да паняў. У вочы глядзяць, як анёлы, а ў саміх ніжэй спіны хвост д’яблаў. І словы ж аднекуль бралі – “сонца ты маё астатняе, лада мая, ветразь мой на шляху да вечнага спасення“. А ноздры ў саміх – як у коней трапечуць.
Калі б перад каралём Цыкмунам пала столькі замкаў, колькі перад імі жонак – кароль бы ўладарыў паловаю свету.
Але каралю шанцавала не так.
Нічога ім не маглі ўчыніць, нават калі Гервасій Выліваха зрабіў замах на жонку магілеўскага войта. Войт быў па ўзросту скупаваты.
А жонка ў яго была баба добрая: чаго ні папрасі – не адмовіць.
...Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць. Досыць, здавалася б, дык не: свой, нутраны, знайшоўся татарын, брыдкі Богу Гервасій.
На духоўным судзе ўсю кампанію сарамаціў біскуп. Казаў, што самушчаюць яны народ самым сваім існаваннем, бо прымушаюць сумнявацца ў бясхібнасці Бога. Усё ж, маўляў, і яны Божыя стварэнні, дык палучаецца, што Ўсяведны накшталт дрэннага ганчара.
Яны, аднак, не спалохаліся і дагмат бясхібнасці Бога падсеклі пад корань, кажучы, што нават ён робіць шмат непатрэбнага на гэтай зямлі. Напрыклад, цыцкі ў мужчын. Не было яшчэ на свеце мужчыны, якому б яны хоць раз спатрэбіліся. А калі Творца задумаў упрыгожыць імі мужчыну – то чаму прыляпіў іх на месцы, што заўсёды прыкрытае вопраткай?
Біскуп толькі ротам зяваў, а потым, пасаромлены, напіўся і стаў думаць над гэтай прычынай. І чым больш думаў, тым больш піў, аж пакуль не папсаваўся ў розуме.
У той час аб’язджала свае землі літасцівая каралева Бона з роду Сфорца, жонка яго каралеўскае мосці Цыкмуна. Завітала яна і ў свой рагачоўскі замак, якому столькі прывілеяў давала і фундатарам касцёла ў якім была. І ўладары места кінуліся да яе як да апошняй надзеі:
– Маці літасцівая, ратуй! У Богу пачынаем сумнявацца. Унь Гервасій нават ігуменню Азяранскага манастыра звёў, і нічога яму з той прычыны не было, акрамя радасці.
Каралева была літасцівая, але і строгая, і вялікі Цыкмун нездарма казаў, што пакуль яна над дзяржавай – аб маральнасці можна не непакоіцца.
Выклікала яна да сябе Выліваху, і шмат плакалі ўсе ягоныя сябры, а асабліва Іра Францічак, што не вернецца ўжо да іх такі слаўны сябра і сабутэльнік, з якім так прыемна было заўсёды бавіць час.
А Выліваха прыйшоў проста ў залатую палату, убачыў велікавокую жанчыну са строгім ротам, манаха-пісара і ката, усміхнуўся і сказаў:
– Сонца табе заўсёды на шляхах, пані матка.
– Сонца спальвае.
– Ведаю.
– То як ты насмеліўся, робак, самусціць спакой цэлай зямлі? І мне сонца жадаць.
Яна была з Італіі, і Выліваха ведаў гэта.
– Бо, думаю, мала табе яго ў нас.
– Затое ў мяне іх тут два.
– І абое далёка, – сказаў Выліваха.
Стаяў і ўсміхаўся вішнёвым нахабным ротам. А валасы былі залатыя, і вочы светлыя. І зразумела Бона, што ён не просты курацап.
– То што ж гэта ты робіш, Гервасій?
– Нічога. Аднойчы я ўбачыў у палях Верасовую Жанчыну. Тую, што крыкамі палохае людзей, і потым абавязкова нехта памрэ.
– То ж бо ўсе кажуць, што ты важдаешся з д’яблам.
– Гэта нястрашна пасля некаторых жанчын... Дык вось, у яе былі распатланыя валасы, і крычала яна так, што ў людзей дрыжалі сэрцы.
Гервасій усміхаўся.
– А ты? – спытала Бона.
Галава Вылівахі пяшчотна схілілася.
– А я... пашкадаваў яе, пані матка. Яна была, відаць, прыгожая жанчына. І вось праблукала ўвесь век па верасовых пустках, палохаючы ўсіх жудаснымі воклічамі. Так і не зведала, якія паплавы за Дняпром, якое цёплае сена, як п’яніць віно, як не зразумееш, шэпт гэта ці шолах вярбы пад ветрам. Так і не зведала, як цвіце ружовы глог ля маёй камяніцы... Мне стала шкада яе. Мне шкада ўсіх – такое ўжо ў мяне сэрца.
Бона апусціла веі.
– Тлумач.
– Добра. Толькі загадай выйсці... гэтым.
– Чаму?
– Яны не зразумеюць.
Каралева загадала ім выйсці.
– Чаму не зразумеюць?
– Яны не ведаюць, што такое жыццё. Чорны таму, што ён манах. Чырвоны – бо ён варагуе з жыццём, выкручвае і выломвае тое, што Бог падарыў цэлым – на радасць чалавеку. І таму яны ворагі жыцця, ворагі Бога.
– Але ты крыўдзіш людзей.
– Я крыўджу мёртвых людзей. Жывога – не пакрыўдзіш.
– А біскуп?
– Ніхто яшчэ не піў, не еў, не спаў і не цалаваўся ў касцёле. А яны хочуць зрабіць касцёл з усяго свету. Як быццам Бог, пажадаўшы такога, не зрабіў бы гэтага сам... Даў жа нам для чагосьці лясы, і рэкі, і нават такую бескарысную рэч, як святло месяца.
Усміхнуўся.
– Цікава, якія валасы ў літасцівага пана караля, калі ў іх заблытаецца месяц?
– Не ведаю, – суха сказала яна. – У мяне ёсць апачывальня.
– Тады судзі мяне, каралева. Толькі памятай – гэта будзе суд хатняга лебедзя над дзікім.
– Чаму ты так робіш? – з цікаўнасцю падалася да яго яна.
– Жыццё кароткае, як захад. Вось сонца над вадою, а вось – у Дняпры.
– Ты не верыш у рай?
– Так не бывае, каб і тут і там было добра. А мне добра тут.
– А мне – не.
Веі Вылівахі задрыжалі.
– Гэта не твая віна, гаспадыня. Людзі не ўмеюць жыць і таму кажуць пра заўтра, якога не будзе. Сёння мы верым і мучым сваё беднае цела, а заўтра затое будзем жыць. Сёння мы адмаўляемся ад сэрца ў імя велічы, але заўтра нам дадуць узнагароду. Сёння вырываем з сэрца любых, бо нам трэба ўзвялічыць каралеўства, але заўтра мы будзем кахаць.
Голас у яго быў, як скрыпка:
– І ты... не думаеш, што аб той самай велічы, напэўна, думаў і Канстанцін Вялікі, а зараз яго Візантыя, нарабіўшы крывавых брыдкасцяў, ляжыць у тле і праху. І нічога не засталося. Ні велічы, ні нават кахання першага кесара. Бо яго не было. То каму ад гэтага лягчэй? Я не хачу, пані.
– Царква патрабуе для цябе вогнішча.
Выліваха паціснуў плячыма:
– Што ж. У апошнюю ноч у мяне будзе больш успамінаў, чым у Канстанціна Вялікага. І я не пакіну пасля сябе другой Візантыі, акрамя любові. А яна непадуладная туркам... А табе парада – жыві. Апачывальня – гэта як забойства.
– Позна.
– Позна бывае, як кажуць, толькі ў труне. Але я не веру. Я так люблю жыццё – бо проста жыву! – што не магу верыць нават гэтаму.
– Раніцай я клікну варту. Чаго б ты хацеў у гэтую апошнюю ноч?
– Любові.
– Гэта немагчыма, – амаль варожа і жорстка сказала яна.
– Тады – зрабіць табе апошнюю паслугу. Паказаць гэты свет... Толькі не трэба іншых.
І, кажуць, яна згадзілася. А ён павёз яе адхонамі на бераг Дняпра да сваёй камяніцы. Камяніца была старая, з абваленымі зубцамі і без брамы. Але затое вакол белымі ў цемры аблокамі цвіў глог, святлела брызгліва і ўгадваліся па водару шыпшына і бружмель.
Месяц узышоў над ракою. І нарадзілася два светы. Адзін распасцёрся вакол, а другі перапоўніў Дняпро. Глыбока-глыбока, аж да апошняй зоркі.
Бона паглядзела на мужчыну і ўпершыню ўбачыла месячнае святло ў яго валасах.
...Яна гаварыла з ім пра Бога і яго запаветы, кажуць, аж шэсць тыдняў, да дня святога і апосталам роўнага князя Ўладзіміра.
Усе бачылі, як стараецца яна вярнуць гэтую аблудную душу на верны шлях, і нават кароль быў бы задаволены, убачыўшы яе намаганні ў доўгіх дыспутах. Яна ведала, што адзін схілены варты сотні верных, і таму была вынаходлівая і няўтомная, не шкадуючы для справы веры ні дня, ні ночы.
А потым паехала, так і не пахіснуўшы Выліваху ў яго абрыдлівай і закаранелай ерасі і, галоўнае, не пакараўшы яго. Дзіўна, на вуснах яе не было горкай усмешкі, што спадарожнічае паражэнню, а вочы былі прасветленыя, нібы яна ўдастоілася сузіраць святы Грааль, які, як вядома, ёсць вышэйшая ісціна.
Ніхто не ведаў, што яна нават узнагародзіла пана Выліваху: за стойкасць, з якой трымаўся ерасі. Падарыла яму залаты з партрэтам вялікага Цыкмуна, каб заўсёды памятаў розніцу між сабою і ім. Гервасій прасвідраваў у ім дзірку і стаў насіць на шыі замест святога агнусека. І як іншыя супакойваюцца, пазіраючы на Божага агнца, так Выліваха, калі ў яго быў дрэнны настрой, выцягваў залаты ланцужок, назіраў знаёмыя рысы, чытаў надпіс ”Sigis-rex-polo“[7]1– і яму рабілася лягчэй.
Бона не была б жанчынай, каб не прыдумала яшчэ і такога.
...Усе спадзяванні начальных людзей пайшлі марна. Радцы дзерлі на сабе валасы. Ніхто ў свеце больш не мог вызваліць іх ад нечасцівага Гервасія. Ніхто, бо вышэй каралевы нікога не было.
Яны, аднак, памыляліся. У той час, калі Гервасій з сябрамі паляваў на звера і птушку, граў з Ірай у шахматы, калі за вокнамі лье восеньскі дождж, і ўзімку ляжаў на шкурах з каханай (а ля галоў іхніх скакаў у каміне цёплы агонь) – другая жанчына рыхтавалася прыйсці да Вылівахі, каб пазбавіць яго – асалод, а горад – пазбавіць ад яго.
І вышэй за гэтую жанчыну не было нікога на зямлі. Нават Бона была ніжэй за яе.
Яна прыйшла ў самы салодкі час, калі вакол камяніцы толькі-толькі збіраліся зацвісці расны ружовы глог, раскошны бружмель і жаданая, як жыццё, шыпшына. Прыцягнулася па звілістай сцежцы, цяжка перастаўляючы ногі, якія дрэнна згіналіся, закінуўшы на тулаве чорны плашч, нібы ёй было халодна, і ўсміхаючыся вечнай і нязменнай усмешкай, ад якой кідала ў жудасць. А за спіною ў яе была каса, бліскучая, нібы ў апошні дзень сенакосу.
– Дзень добры, Выліваха, – сказала яна.
Выліваха сядзеў пад кустом глогу і папіваў салодкую раманею. Свяціла цёплае сонца, і пчолы таўкліся ля шпунта бочкі, з якой ён напаўняў свой келіх. Убачыўшы госцю, Гервасій адторкнуў шпунт, і, пакуль напаўняў яшчэ адзін кубак, пчолы віліся над тугім чырвоным струменем.
– Пі, – сказаў ён, – яшчэ зусім нядаўна і я думаў, што дзень гэты – добры.
Смерць узяла шклянку і, прысёрбваючы, села на каменную лаву. Пчолы шкодзілі ёй, і таму яна адламала галінку барбарысу з бутонамі і пачала абмахвацца ёю...
Гервасій глядзеў на галінку.
– Нешта ты рана, – сказаў ён.
– Дарма. Не ты, а я вызначаю час. Хадзем. Тут занадта пахне жывым.
– Чакай хвіліну.
Ён наліў яшчэ келіх і, прыплюшчыўшы вочы, з уздыхам пасалоды выпіў яго. А потым – адкінуў убок.
– Хадзем.
– Ты не хочаш ні аб чым папрасіць? – спытала яна.
– Ты ж не пусціш мяне зрабіць яшчэ адзін пасеў? – усміхнуўся ён. – Ты – варожая руні.
– Не пушчу.
Выліваха нахабна глядзеў у яе вачніцы.
– То пайшлі.
Ён пашукаў чагосьці вачыма і знайшоў гэта: першую кветку шыпшыны. Адламаў яе і прышпіліў да грудзей.
– Бачыш, – сказаў ён, – мы з табою як на вяселле ідзём. З кветкамі.
– Нашто ты яе зламаў?
– Гэта – мая зямля. І яна застанецца са мною, пакуль ты не адсячэш у апраметнай маёй галавы.
Ён прычыніў за сабою фортку, зірнуў на раскошныя глогавыя агароджы і гатовы быў ісці за госцяй.
Дзяўчына-сялянка ішла паўздоўж зялёных платоў.
– Чакай, – сказаў ён Смерці. Падбег да белай танюткай постаці і моцна пацалаваў дзяўчыну ў прыадкрыты рот.
– Во-ох, – ціха сказала яна, пазіраючы на яго шырокімі прамяністымі вачыма.
– Бывай, мая прыгожая, – сказаў ён.
І пайшоў за Смерцю. Дзяўчына з жахам і пакутай глядзела яму ў спіну. Госця касілася на легкадумнага Выліваху і ўсміхалася вечнай усмешкай.
– Я прыйду за ёю праз сорак год, – з’едліва сказала яна.
Выліваха паціснуў плячыма:
– Нічога. Зараз я даў ёй неблагі ўрок. Апошні ў жыцці. А колькіх яна яшчэ навучыць. Ты кажаш лухту, кума.
Ён паправіў на спіне лютню і рушыў поплеч са Смерцю. Ішоў, здольны кожную хвіліну паваліцца і разбіць нос, бо зусім не глядзеў пад ногі, задзёршы твар у гарачае неба, пад якім нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі.
Курносая маўчала.
– Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты, – урэшце сказала яна. – Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. І яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім.
Гервасій не адказаў. Галава ў яго была закінутая, нібы ў сляпога, грудзі шырыліся, ноздры трапяталі.
А над ім былі неба і гарачае святло.
...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова.
Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне).
Кажуць, гэта зроблена, каб ніхто з жывых не трапіў у апраметную і яшчэ каб жывіць падземныя воды і катлы.
Так што ісці нашым спадарожнікам было далёка, на што Выліваха ўвогуле не наракаў. Ішоў. Дыхаў салодкім паветрам. Зрэдку перацягваў на грудзі лютню і браў некалькі акордаў:
Роснымі лугамі,
Полечкам траўлівым –
Іду да Абрама
На моцнае піва.
Смерць усміхалася, як шэсць тысяч год таму:
– Ты спадзяешся ўбачыць прабацьку Абрама?
– Не вельмі, – непрыкметна кпіў Выліваха. – Але ж павінны былі кудысьці падзецца ўладары, патрыярхі, біскупы? Яны ж столькі крычалі аб небе.
– А цяпер яны бяднейшыя за апошняга раба на зямлі. Бо ў царстве маім раб не адчувае нічога. А яны – адчуваюць. І пустэчу, і тое, што нічога няма.
– Хай жыве справядлівасць, – сказаў Выліваха. – То ім, атрымоўваецца, усё ж дадзена неўміручасць душы?
Бязвокая паляпала яго па плячы. Нібыта бразготкай з сухім гарохам.
– Ты хочаш такога бяссмерця? Пасля ўлады над целамі і жыццямі, над землямі і праўдай – не адчуваць нічога, акрамя свайго мозгу? Не валодаць целам, не мець магчымасць нічым распараджацца? Бачыць, як шчаслівыя засынаюць, як планеты паступова закоўваюцца ў лёд. Быць чымсьці накшталт паралітыка, які збярог яснасць розуму, але ведае, што гэта будзе цягнуцца вечна, і не мець надзеі на ўратавальніцу, на мяне. Хочаш такога бяссмерця?
Гервасій не выдаў сябе, хаця яму ўпершыню стала непамысна.
– Нашто? Лепшую частку сябе я пакінуў на зямлі.
– Якую?
– Тых, каго я любіў.
– Ну, а калі ты сустрэнеш кагосьці ў мяне пад зямлёй?
– Яны любілі мяне... На зямлі.
– А калі не любілі? Калі ў зямным жыцці вам не выпала сустрэцца, але гэта і было сапраўднае? Або яшчэ так: сустрэліся, але яна легкаважна адрынула цябе, не ведаючы, што скора, вельмі скора прыходзіць вялікае Позна.
– Гэтага не здарылася, а значыць, усё адно, што не было.
– Ты што – пёс? Ты што – жывёла, каб жыць толькі тым, што было? Ты адварочваешся ад чалавечай Мары?
– Гэх, кума. Ты нават не ведаеш, як гэта смешна: чуць ад цябе словы пра Мару і Надзею. Кінь, кума. Смешна!
– Не думаю, – сказала Смерць.
...Ці доўга, ці каротка яны ішлі, але ўрэшце шлях прывёў іх на берагі Паніклі. Поўня, калі рака плыве зямной дарогаю, даўно адышла. Віруючая Панікля ляцела, нібы спушчаная з лука страла, і раптам натыкалася на сцяну ў два чалавечыя росты і... знікала.
На сцяне раслі скарлючаныя, вартыя жалю дрэўцы, нібы абпечаныя смяротным подыхам. Пад іхнімі квёлымі карэньчыкамі ляжаў пласт барвянай, як кроў, гліны з вапняковымі і крамянёвымі камяніскамі, а ніжэй ляжаў шар мёртвага белага вапняку.
Вада пад ім клекатала, бы ў катле вядзьмаркі, і была белая, як трунак забыцця. І Смерць зрабіла гасцінны жэст:
– Вось і ўсё.
– І чаго глядзіць Пан Езус? – сказаў Выліваха.
– Гэта яшчэ не самая горшая з чалавечых выдумак. Ідзі.
– Я замачу лютню.
– Не бойся.
– То чакай.
І Выліваха яшчэ раз азірнуўся. Гарачае святло ляцела на яго з-пад аблокаў, блакітных унізе, сляпуча-белых уверсе. І ў гэтым акіяне раскошы ўтрапёна звінелі беларускія жаўрукі.
– Божа зямлі маёй, – сказаў Выліваха. – Нялітасцівы і жорсткі, калі ты ёсць. Нядбалы і сонны. Што б ні было, як бы ты ні здзекаваўся з яе – я ўсё ж веру табе. Таму што воляй тваёй я нарадзіўся тут, дыхаў яе паветрам, піў яе ваду, еў яе хлеб і цалаваў яе жанчын. Які б ты ні быў – я бласлаўляю гэты твой адзіна разумны ўчынак. Бласлаўляю ад першага цвіцення шыпшыны і да гэтага вось апошняга кроку, які зараз зраблю.
І Гервасій Выліваха зрабіў гэты апошні крок.
Вада спадала ля яго ног, і наперадзе паступова выплывала з вады мокрае жарало пячоры са сточанымі вадой камянямі: быццам пашча са з’едзенымі зубамі.
Нерухома маўчалі аблокі за спіной. Свет нібы аглух. А цемра насоўвалася, насоўвалася. Глынула. І адразу за плячыма з патроенай сілай зараўла плынь.
– Віншую, – сказала Смерць. – З паспяховым вас прыбыццём, гаспадар Выліваха.
– На зямлі я даў бы табе за гэта на гарэлку. Але тут у мяне нічога няма.
– Кветка...
– Шыпшыну? Табе?
Смерць засмяялася:
– Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла. Ну, ідзі. Тут я трохі затрымаюся, а цябе стрэнуць памагатыя... Зараз прыйдзе ладдзя Роспачы.
І яна знікла. Змрок быў глухі, і толькі ля самых ног хлюпалі аб бераг дробныя зыбкія хвалі нябачнага невядомага мора.
Нешта тупа грукнула аб бераг, а потым у цямноцці пачуліся глухія жаласлівыя галасы: нібы кані крычалі над начным поплавам, успуджаныя крокамі Невядомага. І Выліваха здагадаўся што гэта садзяць у ладдзю змарлыя душы.
Ён узяў акорд на лютні, але заспяваць не паспеў. Нечыя рукі схапілі яго і шпурнулі на дно вялікай ладдзі, на рабрыстыя і слізкія какоры.
– Гэй, – сказаў ён. – Што я вам, бярэмя дроў?! Я, пакуль тое, жывы. Не маглі, халеры, пачакаць забыцця.
Нехта сунуў яму ў рукі бабайку вялізнага вясла. Жорстка абхапіла ногі калодка. Зацурчала вада. І адразу заплакалі ў цемры дзесяткі кволых, нібы дзіцячых, галасоў.
– Г... вы, – сказаў Выліваха. – Рагачоўцы ёсць?
– Не, – застагнаў нехта.
– Адразу відаць. А хто ёсць?
– Дубровенцы, – адказаў са слязьмі нехта.
– Шышшы, – сказаў Гервасій. – Глядзець мне на вас брыдка, плытагоны. Вы што, упершыню на вялікай вадзе? Супакойцеся, дарога далёкая, час для ўлюбёнага занятку ёсць.
Нехта нясмела зарагатаў.
– Вось так лепей, – сказаў Гервасій. – Плывём, хлопцы, нібыта галернікамі ў турэцкую няволю. А паны па цэрквах аб “спрадвечнай радзіме” спяваюць ды аб тленнасці зямнога... Ёсць тут папы?
– Ёсць, – сказаў голас з кармы.
– Пэўна, і тут на стырне сядзіш?
– На стырне.
– Вось і кіруй на спрадвечную радзіму. Дайце яму каторы, хлопцы, вяслом па галаве.
У цемры прагучаў глухі ўдар: нехта скарыстаўся з парады.
– Раб, – сказаў страшны глухі голас. – Пакінь смяшыць людзей, раб! Тут не зямля.
– А што табе?
– Я Перавозчык ладдзі Роспачы.
– То што?
– Я даў стырно гэтаму чалавеку, што зараз ляжыць на дне ладдзі... Цяпер мне зноў трэба сесці і кіраваць.
– Ты не хочаш?
– Я стаміўся. Я страшна стаміўся... Я папрашу, каб цябе падвесілі над гэтай вадою і не далі забыцця.
Выліваха крэкнуў:
– Колькі разоў сабе казаў: не звязвайся з начальствам, не чапай, Гервасій, дзярма.
Ладдзя зарагатала.
– Не паслухаўся – пэнкнуў. Пайшоў у прымы да пані Пясэцкай. Дый тут адну пакуту маю. А ўсё за язык, сяло дурное.
– До, – сказаў Перавозчык. – Пачынаецца мора. Плаціце кожны па манеце. Іначай вас скінуць у ваду, дзе вы будзеце захлынацца да сканчэння свету.
Супраць звычаю не папрэш. Кожнаму кідалі ў труну манету на такі выпадак. І Выліваха палез у кішэнь. Але тут побач з ім нехта спалохана ўздыхнуў, і голас, вельмі спявучы, зусім, відаць, юнацкі, сказаў:
– А ў мяне няма манеты. Бацькі былі вельмі бедныя.
Гервасій крэкнуў:
– Што ж рабіць, хлопча? Во, халера на тое мора!
У цемры звінелі манеты. Юнак побач з Вылівахам перарывіста дыхаў, магчыма, стрымліваючы слёзы.
– Хлопцы, – сказаў Гервасій. – А, шчыра кажучы, нашто манеты? Вы што, па сваёй ахвоце плывяце?
– Куды там.
– То на якога ляда яшчэ плаціць? У жыцці за ўсё плацілі, ды яшчэ тут...
– Раб! – сказаў Перавозчык з пагрозаю.
Стала цішыня.
– Скажы яму нешта, вясёлы рагачовец, – сказаў сусед.
Выліваха пагладзіў яму плячо:
– Ты, перавозчык нашых душ, у душу – лезь, кішэнь – не руш.
– Ну, глядзі, – сказаў Перавозчык. – Зараз я вас даста-аўлю...
– Не звязвайся з ім, рагачовец, – умольна сказаў нехта.
Але Гервасій ужо не мог. Гарэзлівая пана, адчайнае свавольства і дзёрзкасць затапілі яго істоту. Ён адчуў, як весела і нахабна, нібы перад смяротнай небяспекай, калоціцца сэрца, адчуў з’едлівую халодную ярасць.
– Перавозчык, ты што – Бог?
– Для вас – Бог.
– Бач, дык ты накшталт зямнога цівуна. Ану, прыганятыя, хто адзясную гэтага Бога – сушы вёслы.
І здарылася дзіўнае: вёслы правага боку рванулі з вады. У мёртвай цішыні было чуваць толькі, як звонка падаюць у мёртвае мора кроплі з вёслаў.
Потым пачуўся хрып. Гэта Перавозчык з апошніх сіл налягаў на стырно.
Цурчала вада ля бартоў. Вялізная лайба пачала круціцца на месцы.
– “Круці-круці калясо, наша піва харашо“, – сказаў Выліваха.
І ўсе ўспомнілі гусіныя паплаўцы, дзяцей, якія водзяць карагод, і гарачае сонца, што свеціць на іхнія дупкі, калі дзеці паваляцца, разарваўшы кола і задзіраючы ножкі... Над ладдзёю пракаціўся смех.
У чарнільным адвечным змроку, над густой, як дзёгаць, вадой круцілася ў выбухах нястрыманага, як навальніца, рогату ладдзя Роспачы.
І гэты смех нібыта забіў гонар Перавозчыка.
– Рагачовец, – умольна сказаў ён. – Не трэба. Мяне пагоняць з месца.
– Так бы даўно, – сказаў Выліваха. – Усе вы так, цівуны, ледзь вам на хвост наступяць. Адразу аб чалавечых словах успамінаеце, халуі... Рушай, хлопцы.
Паклаў руку на плячо суседа і сціснуў яго.
– Вось так, мой любы хлопча, і трэба. Крычаў на людзей – Смерць і тая сабе гэтага не дазволіць. Здаецца, няма табе пана больш за гэтага хама. А крутанулі вяслом – дзярмо, шануючы вас. Аж гніды ў яго ад жаху падохлі.
Перавозчык маўчаў. А юнак чамусьці адсунуўся трохі далей ад Вылівахі.
– Рагачовец, – спытаў нехта, – як ты можаш так?
– А ты адкуль?
– Я – палачанін.
– То вы што, калі Іван Крывавы падышоў пад муры, кузікалі, як свінні пад нажом?
– Не, мы стаялі годна. Мы памяталі, што было з Ноўгарадам.
– Угу. А калі Палота была потым белая ад цел, а Дзвіна – чырвоная ад крыві – вы малілі аб літасці?
– Не.
– То чаго пытаеш?
– Там былі людзі. Разумееш, толькі людзі.
– Людзі бываюць бруднейшыя за свінню і чысцейшыя за анёла. Дабрэйшыя за жыццё і ў сто разоў страшнейшыя за Смерць. Ці табе ж баяцца Смерці, малец?
– Там мы стаялі пад чыстым небам, – вінавата сказаў палачанін. – А тут такая цемра. Такая свінячая цемра!
– Кінь. Чалавек носіць сваё неба з сабою.
– Блюзнерыш, – гнеўна закрычаў з кармы поп. – Аддаеш чалавеку – Божае.
– Ачуняў, – сказаў Гервасій. – Ці бачыш ты тут хоць недзе прысутнасць Бога?
Поп змоўчаў. Ладдзя плыла па нябачным моры, і змрок ціснуў на змарлыя душы так, што нават Выліваха адчуў марнасць сваіх жартаў.
– Дзе мы цяпер? – спытаў ён.
– Над намі Рагачоў, – адказаў Перавозчык.
І раптам страшны несамавіты лямант прагучаў над ладдзёю і над морам. Страшна, нема, нібы чапляючыся за апошнюю надзею, закрычаў поп:
– Браты рагачоўцы, маліце Госпада за нас!!!
Крык аддаўся пад нізкім небам і заглухнуў, нібы яго прыдушылі падушкай.
Адчуваючы, што зараз на смяротным караблі пачнецца паніка адчаю, нечалавечы крык і, магчыма, ганебны плач, Гервасій з цяжкасцю выдраў вясло з вады, узняў яго так высока, як толькі дазваляла калодка, і грукнуў ім у нізкае неба.
– Браты рагачоўцы, выпіце колькі хто можа за нас!!!
Дыякан царквы святога Міхала, што ў Лучыне, пад Рагачовам, запісаў у сваім летапісе, што таго года ў ясны майскі дзень пралунаў рагачоўскімі вуліцамі страшны, як землятрус, шматразовы грукат.
І было гэта так, што немаўляты плакалі, сабакі вылі, як пад час зацьмення Божага сонца, а каровы мыкалі жаласна і працягла.
А потым з апраметнай прагучаў, нібы ў бочку, замагільны голас:
– Братцы рагачоўцы, выпіце колькі хто можа за нас!!!
Магістрат кінуўся ў паніку. З гэтай прычыны каталікі ўчынілі пагром праваслаўных, а праваслаўныя падпалілі замкавы касцёл. Усё, што здарылася, аднеслі за кошт падкопаў Сатаны.
І, аднак, пераважная большасць жыхароў скарысталася з гэтай парады, дарма што яна паходзіла з вуснаў д’ябла. А “маглі“ яны нямала.
Летапісец, сузіраючы агульную п’янку, шмат бедаваў аб маральнай недасканаласці людзей і запоўніў цэлыя тры старонкі летапісу самай абрыдлівай дыдактыкай.
– Вышэй нос, хлопцы! – крыкнуў Выліваха. – Яны вып’юць. Я іх ведаю.
– Цёмна, – сказаў нехта. – Дзе яна, тая зямля?
І тады Гервасій заспяваў. Сам не ведаючы чаму. Можа, таму, што ягоная зямля заўсёды была з ім.
Дробненькі дожджык
Скача ля тына,
Дзе чырванее
Дзеўка-шыпшына.
Нехта войкнуў. І не таму, што яго здзівіла песня... Выліваха раптам убачыў слабы чырвоны адбітак на цьмяных тварах. Адбітак на цьмяных тварах. Адбітак наліваўся барваю, гусцеў, асвятляў ужо амаль усю ладдзю.
Распраўляючы звялыя пялёсткі, чырвонай кропляй разгаралася на грудзях Гервасія кветка шыпшыны. Адзіная ва ўсім свеце, яна не баялася цемры апраметнай і скрыгату зубоўнага.
Сонца-шыпшына,
Дай абдыму я,
Лапкі-пялёсткі
Табе пацалую.
Палачанін нясмела падхапіў:
Лапкі-пялёсткі
Табе пацалую.
Цяпер ужо не толькі насцярожаныя твары весляроў, але і ўсё вакол было заліта святлом. Пад нізкім – рукой дастаць – небам хадзілі бурыя, цьмяна-ржавыя і нібы асветленыя чорным сонцам хвалі бязмежнага мора. І гэта было так не падобна на тое, аб чым казала песня, што весляры апусцілі галовы на вёслы.
Калі памру я,
Згіну са свету,
Дай на тым свеце,
Што і на гэтым.
Выліваха зірнуў на Перавозчыка і ўбачыў, што той слухае яго напружана, а вочы...
...Вачэй не было. На іх месцы пушыста расла белая плесня. Перавозчыку былі непатрэбныя вочы.
– Няўжо гэта яшчэ жывуць і зямля і песні? – неспакойна заварушыўся стырнавы. – Няўжо?
– А што, думаеш, памерла? – спытаў Гервасій.
– Мне было б лягчэй, каб памерла.
– Хто ты, каб зычыць гэткае страшнае?
Сляпы апусціў галаву.
– Я Шолах, – сказаў ён. – Я прадаў Полацак кіеўскаму Ўладзіміру... Ён быў страшны чалавек, гэтае чырвонае сонейка, гэты святы воўк. І не апосталам ён быў роўны, а самому Сатаніілу. Полацкі Рагвалод быў маім гаспадаром, два яго сыны раслі разам са мною, дачка, Рагнеда, была мне, як сястра. Уладзімір абвінаваціў іх, што яны хочуць учыніць змову з князем Яраполкам, і падступіў пад муры... Яны не ўзялі б Полацка, каб не я... Я здрадзіў. І Ўладзімір забіў Рагвалода з сынамі, спаліў горад, а Рагнеду прымусіў разуць сябе. І яна была спачатку паверыла яму. А потым у яго было сто наложніц, а потым ён, не сказаўшы ёй, прывёз жонкаю прадажную грэкіню... І прыняў хрысціянства. Хрысціянству не хапала толькі яго... Рагнеда пайшла ў манастыр і памерла... Я заўсёды жадаў яе... А цяпер на маёй галаве попел роднага горада.
І раптам ён закрычаў:
– Гэта павінна было памерці! Чаму яно не памерла! Яно законна ішло да смерці, і я раней за другіх зразумеў гэта! Чаму яно не памерла, ты, які жартуе?! Чаму?!
– Таму, што я жартую, – сказаў Выліваха. – Толькі таму. Я люблю жыццё і жартую. І таму – колькі б ты ні здраджваў – яно жыве.
Ладдзя рэзала тугую, як вар, ваду. А над ладдзёй, як ветразь, ляцела песня:
Не алілую,
Не ладан Божы:
А каля тына
Дзікую рожу.
Цяпер туравалі Гервасію ўсе галасы на ладдзі:
Край наш пакутны,
Край наш дзівосны,
Дожджык, азёры,
Гордыя сосны.
І Выліваха ўбачыў, што з-пад плесні на вачніцах Перавозчыка пакаціліся раптам слёзы. Яны, відаць, былі вельмі пякучыя, бо спалілі і знішчылі плесню. І з-пад яе з’явіліся раптам вочы, спалоханыя жудаснай веліччу гэтага ржавага мора.
Сінія.
Крык праляцеў над галовамі змарлых.
– ...Нават цяпер! – поп трос скурчанымі пальцамі, узнесенымі над галавой. – Нават у дзень гневу! Што вы спяваеце, смярдзючыя чалавечкі? Хто ж вы такія?! Грэшнікі?! Ерэтыкі?!
– Мы святыя, поп, – сказаў Выліваха. – Раз мы церпім цябе і таўстазадую навалач, раз плоцім жыццём і зямлёю сваёю – мы святыя, поп.
Ён брыдка вылаяўся, і тут позірк ягоны ўпаў на суседа па катаржнай лаўцы. І Гервасій адчуў, як упала ад нечаканасці сэрца.
Побач з ім не быў прыкуты юнак, як ён думаў. Побач з ім сядзела дзяўчына год семнаццаці.
– Фу ты, чорт, – зніякавеў Гервасій. – А мы тут лаемся, нібы ў Божай царкве.
– Нічога, – апусціла яна веі. – Зараз, можа, і трэба.
Выліваха глядзеў на яе шырокімі вачыма. Была яна вельмі ж падобная на тую жанчыну, за якой ён некалі больш за ўсё ўпадаў. На адзіную, якая не аднеслася паблажліва да яго маленняў.
Магчыма, Выліваху потым і ўдавалася ўсё так лёгка. Магчыма, менавіта таму.
Ён ніколі не думаў, што лёс верне яму яе. Прыгажэйшую, маладзейшую, лепшую, чым тыя, падступную, сціплую...
...Асуджаную. Дадзеную і вернутую толькі на адзін дзень.
І Выліваха зразумеў, які страшны жарт учыніла над ім Смерць, на што яна намякала, як незваротна прынізіла.
Цяпер ужо нічога нельга – і не трэба – было пачынаць.
І ў Гервасія хапіла розуму з самага пачатку адмовіцца ад удзелу ў гульні, у якой Смерць была катам, а ён – дурным мышаняткам.
– Лайцеся, калі трэба, – сказала дзяўчына. – Вы такі жывы. Без вас было так самотна. Я чакала ладдзі аж тры дні.
– Нічога не зробіш, – усміхнуўся Выліваха. – Смерць хадзіла за мной.
Яна глядзела на зыркую кветку.
– Няўжо так паспела расцвісці шыпшына?
– Там заўжды цвіце шыпшына.
– Мяне завуць Бярозкай, – з даверам сказала яна.
– Язычніца?
– Але. Царква не паспела дабрацца ў нашы балоты.
– Усё адно, – сказаў ён. – Унь у карме сядзіць з гузам на лбе існы хрысціянін. Ты – язычніца. Ці варта было лішні раз мачацца ў ваду, калі ўсім аднолькавая літасць... А мяне зваць Гервасій.
– Ты занадта смелы, Гервасій, – крыкнуў поп. – Слаба дбала святая інквізіцыя, калі ты так распусціў язык.
– На зямлі я, вядома, памоўкваў, – сказаў Выліваха. – І то не дужа. Але цяпер нават сам папа не зробіць з мяне той смажаніны, якую прывязваюць да лаўца, а не пякуць на ім.
Поп хацеў быў сказаць нешта, але ягоныя словы заглушыў крык несамавітага жаху.
Над іржавым, як запечаная кроў, морам з’явілася першая за ўвесь доўгі шлях жывая істота. Яна ляцела, цяжка махаючы перапончатымі крыламі, як вялізны кажан, і то ўзлятала ўгору, то апускалася ў ваду пад неймаверным цяжарам, падвешаным да яе ног. Здалёк гэты цяжар здаваўся нізкай серабрыстых рыб.
Калі істота падляцела бліжэй – крылы аказаліся рукавамі чорнай манашай расы, а рыбы – дзевяццю голымі жанчынамі, што чапляліся за старэчыя ногі пачвары.
І са страшнай нянавісцю да калегі Перавозчык сказаў:
– Адзін з тых, каму не далі забыцця.
Цяпер пачвара ляцела ўжо зусім блізка ад ладдзі. Стары з вар’яцкімі вачыма, клінападобнай барадою і галавой, падобнай на агурок.
Як прагны падлаед, што часам ухопіць занадта вялікую для сябе здабычу, як коршак, схоплены сомам, стары падлятаў і падаў, кранаючыся кіпцямі вады, падлятаў і падаў. А па ягонай спіне поўз, дабіраючыся да глоткі і сціскаючы яе, юнак з акрываўленай скроняй.
– Я ведаю гэтага чалавека, – сказаў Палачанін. – Ён выразаў ледзь не ўвесь мой горад...
– Ратуйце мяне, ратуйце! Я няшчасны цар Іван! – даляцела з вышыні.
– Дакуль ён будзе лётаць? – спытаў нехта.
– Пакуль такія, як ты, не кінуць яго хваліць, – сказаў Перавозчык.
– А хто гэтыя жанчыны? – спытаў Палачанін.
– Гэта яго жонкі... А той – ягоны сын.
Выліваха толькі рукамі развёў:
– Жонкі?
– Але.
– То мне будзе яшчэ горш. Шчаслівы, у яго было толькі дзевяць.
Перавозчык зірнуў на яго са шкадобаю:
– Ты іх труціў?
– Крый Божа. Я іх любіў.
Ладдзя зарагатала.
Усё далей і далей ад яе чыркаў нагамі ваду, і ўздымаўся, і зноў падаў чорны цень.
– Ал-ле, – сказаў Выліваха. – То ж бо, я гляджу, у яго ад такой работы задніца шылам. Спявайце асанну, хлопцы. Нас чакае толькі забыццё.
– Страшна, – сказала Бярозка.
– Ніч-чога страшнага, – сказаў Гервасій. – Мне так ужо было. Сасніў я сон. Нібыта забыў я сваё імя. І непамысна мне так. Не ўспомню імя – і ўсё. І думаю: вось чорт! Ва ўсіх ёсць імя, а ў мяне аднаго няма. Як жа так? А як спытаюць? Добра, як не спытаюць. А як спытаюць. А як, скажуць, хлопец, тваё імя?
Ладдзя рагатала. Выліваха глядзеў на ўсіх нахабнымі сінімі вачыма, і няўлоўная ўсмешка блукала на яго хітрых, добра расшчэпленых самой маці-натурай, вуснах.
– Святыя злодзеі, – сказаў Выліваха, – набожныя бабнікі. Гэй, браткі, вам кажу. Ці ж Бог даў беларусу дзюбу, каб ён пішчаў?
– А для чаго?
– Лушчыць гарэхі ды цалавацца... Ану, святыя, давай Вялікую Малітву!
Іржавае мора дрыжала вострымі зыбатымі хвалькамі. Чорнае сонца падземнай краіны ўставала над ім. А па хвалях ляцела да недалёкага ўжо берага смерці ладдзя Роспачы, і Перавозчык глядзеў на Гервасія зноў здабытымі вачыма з нянавісцю і страшнай зайздрасцю.
А над ладдзёй Роспачы ўзлятаў голас Вылівахі і грымелі, нібы падпіраючы яго, грубыя вясёлыя галасы.
Досыць ляжаць нам каменнаю крушняй!
Што мы, урэшце, як Марка, бядуем?
З тлустага панства збудуем свінюшні,
З дзевак старых – касцёлы збудуем.
Турмы для катаў – збудуем з суддзяў,
З уладароў – выбаровыя ямы...
Покуль жывём мы – датуль мы людзі,
А ў смерці будзем... людзьмі таксама.
Успёршыся падбароддзем на сплеценыя рукі, з сумнай надзеяй глядзела на Выліваху Бярозка. Вочы ясныя – нібыта нехта шухнуў крынічнай вадою на торн, – вялікія і прыгожыя, нібы ў кароўкі, і такія ж добрыя. І носік нехта злёгку таргануў угору, і раток прыадкрыты.
“А бадай табе, чортавай Смерці, халера ў жывот“, – думаў Гервасій і спяваў, каб не загаласіць ад крыўды. Таму што было гэта так, як раніцай успомніць тое, што ўчора ў гасцях недаеў і недапіў.
Любяць нас неба, віно і кабеты.
Сонцам чырвоным, сонцам прарочым
Люд наш упарта ўстае над светам
Нават пасля найцямнейшай начы.
Гэта наш гонар, шчасце і сіла:
Жыць насупор уварванням і ранам
Там, дзе даўно бы другім пакасілі
Радасць і сонца, песню й каханне.
Бераг адкрыўся нечакана. Пляскаты, як пінскае балота, але з суцэльнага каменя. Холадам і безнадзейным спакоем веяла стуль. І лягчэй было б, каб не палаў пажар шыпшынавай кветкі. Лягчэй было б сустрэць гэты бераг у цемрыве.
На беразе, відаць, таксама згадзіліся б з гэтым. Таму што, убачыўшы далёкае святло ў моры, на беразе замітусілася варта: белыя, нібы з нежывога парцалану злепленыя – людцы не людцы, а так, чорт ведае што, поскудзь з магутнымі мускуламі пад ліпучай скурай, з вялізнымі, нібы ў начных лемураў, вачыма, але затое з чарапамі, у якія наўрад ці ўлез бы хаця напарстак мазгоў.
Яны засланялі вочы далонямі, але святло мацнела, і тады яны ў паніцы кідаліся некуды ў глыб апошняга мацерыка.
На ладдзі гарлалі песню, а варта ўцякала, і гэта было так, быццам да берага, пенячы ваду, немінуча, як лёс, набліжаўся пірацкі карабель. Гэта было, як у час князя Вячкі, калі трыста хлопцаў на ладдзях паваявалі і разрабавалі ледзь не ўвесь захад балтыйскага ўзбярэжжа.
На беразе застаўся толькі адзін з лемураў, сляпы з залатымі ключамі ля пояса, вялікі канцлер падземнага царства, высахлы стары, твар якога даўно нагадваў чэрап.
Ладдзя з шоргатам узлезла на пясок.
– Пір вам і з духам свіным, – сказаў Выліваха.
Ён бы прыдумаў і яшчэ нешта, але ўсе былі скутыя калодкамі, і зрабіць нельга было нічога... Лемуры з’явіліся зноў, і гэта былі другія лемуры, зусім без вачэй, з гладкай скурай на іх месцы. Вязняў скулі папарна – рука Вылівахі была на руцэ дзяўчыны – і вывелі на бераг. Варта рабіла гэта спрытна, нават навобмацак: яна звыкла да цемры.
Упершыню ў жыцці Выліваха не скарыстаўся з такога выгоднага становішча, не сціснуў дзявочай рукі. Яны набліжаліся да лемураў, звонячы кайданамі.
– Мне страшна, – сказала яна. – У іх такія слізкія рукі.
Лемур-канцлер працягнуў лапу, каб абмацаць дзве чарговыя галавы і запісаць іх у рэестр. І раптам Выліваха гаркнуў на яго:
– Ты куды лапы цягнеш, крактавенне смярдзючае?! Ты што, не бачыш? Ты што, не бачыш? Тут паненка.
І ляснуў вольнай рукой па лапе Канцлера.
– За гарачы камень хапайся, а не за нашых дзяўчат. Не для цябе!
– Чаму? – пацепнуў плячыма Канцлер. – Менавіта для нас. Усе вы тут для нас. Усе вы тут для нас, а потым для забыцця... Ану, варта.
Лемуры навобмацак пайшлі да Вылівахі.
– Пастаўце яго на калені, – спакойна сказаў Канцлер.
Слепакі набліжаліся, мацаючы рукамі паветра. Дзяўчына ў жаху прыціснулася да Гервасія. Вязні ладдзі таксама ціснуліся да яго, каб быць разам. А ён з адчаем глядзеў на няўмольнае кола, якое ўсё сціскалася і сціскалася.
І раптам ён успомніў, як не выносіць самай маленькай гарачыні вечна халодная луска рыб. А ўспомніўшы, сарваў з грудзей зыркую, як жарынка, кветку шыпшыны і пачаў вадзіць ёю вакол сябе. Лемуры набліжаліся.
Але вось завагаўся адзін... другі... трэці. Чацвёрты раптам зрабіў крок назад... Пачалі адступаць і другія. І тады Выліваха зарагатаў:
– Што, хапілі, як сом гарачай кашы?! Куды ісці, хамаўё?
І сам рушыў на чале калоны праз варожы строй...
...Іх прывялі ў пакой з голымі сценамі, прыймовы пакой Смерці. Толькі двое дзвярэй было ў ім: тыя, праз якія яны прыйшлі, і другія, куды яны павінны былі пайсці і знікнуць. Канцлер падышоў да вартаўніка ля другіх дзвярэй і сказаў яму:
– Перадай, у моры ўзбунтавалася ладдзя Роспачы. Я загадаў арыштаваць Перавозчыка. Але гэтыя бандыты ўсё адно гарлаюць песні, як п’яныя, і лаюцца, як матросы, і, калі праходзілі праз браму Жаху, назнарок пачалі стрэламі апаганьваць святое месца.
– То чаму ў іх не адабралі гакаўніцы? – непаразумела спытаў вартаўнік.
– Гэтыя гакаўніцы ў нас можна адабраць толькі з жыццём, хлопец, – сказаў Выліваха.
Вязняў пакінулі адных. Яны чакалі гадзіну, і другую, і трэцюю і, напэўна, палі б духам, каб не Гервасій. А той толькі галавою хітаў:
– І тут не лепей, чым на зямлі.
З рук людзей раптоўна самі сабою пачалі звальвацца ланцугі, і ўсе зразумелі, што настаў судны час. А потым у дзвярах устаў вартавы і агаласіў:
– Выліваха Гервасій, жыцця – трыццаць тры гады.
Гервасій узняўся з лавы і абвёў вачыма свой мяцежны хаўрус.
– Смялей, хлопцы... Мне весела было з вамі.
– Я з табой, – сказала дзяўчына. – Мне страшна будзе без цябе.
– Чаго, дурная?.. Кінь... Гэта нядоўга... На вось, вазьмі кветку, каб не было так самотна, калі пойдзеш туды...
Ён пагладзіў яе па галаве і падумаў адно толькі слова – “шкада”. А потым падміргнуў людзям нахабным левым вокам і, бяззбройны, без кветкі, накіраваўся ў смяротны пакой.
Пакой быў высокі, як касцёл, і вострыя скляпенні губляліся ў цемры, а за стральчастымі вокнамі ляжала вечнае цямноцце. І пакой быў пусты – толькі стол, ды два крэслы, ды шахматная дошка на стале.
Сцены былі ўсе абцягнуты шэрым пыльным сукном. Проста перад Вылівахам, у дальнім муры, былі нізкія цёмныя дзверы, самыя апошнія, якія існавалі і ў свеце Памяці і ў свеце Забыцця. Усю тую сцяну і дзверы засноўвала павуцінне. Як чорныя бліскучыя праменні, беглі ва ўсе бакі ніці таўшчынёю з руку. І, як пачварнае чорнае сонца, сядзеў у збегу гэтых праменняў кашлаты велічэзны павук са срэбным крыжам на спіне – Арахна, якая тчэ павуцінне вечнасці.
А за сталом у адным з крэслаў сядзела і маўчала Смерць.
– Добры вечар у хату, – сказаў Выліваха.
– Ты што ж гэта, Гервасій? – сказала ўрэшце Смерць. – За ўсю маю дабрыню, за кветку, за апошні глыток віна, які я дазволіла табе, ты ўзбунтаваў ладдзю Роспачы.
Выліваху раптам стала смешна.
– Ты накшталт нашага вялікага Канцлера, – сказаў ён. – Здзірае апошнюю шкуру і яшчэ патрабуе, каб яму за гэта крычалі “дзякуй!“. Начальства, відаць, паўсюль аднолькавае.
– А ты што, не чытаў Эклезіяста? Што было, тое будзе, і няма нічога новага пад сонцам.
– Мяне ён неяк не цікавіў. У мяне не так многа было часу, каб выдаткаваць яго на розную лухту.
– А бунтаваць ладдзю? А ганьбіць Перавозчыка і Канцлера? А разганяць маю варту? А паганіць браму Жаху?
– Мы – людзі, – сказаў Выліваха.
Смерць усміхалася:
– Шмат ты цяпер паспееш са сваім людствам... Ну, як табе твая суседка? Бачыш, я назнарок не хацела табе перашкаджаць. Сама дабіралася да месца.
У нахабных і вясёлых вачах Вылівахі раптам з’явілася страшэнная пагарда.
– Дагэтуль я думаў, што здзекавацца можа толькі жыццё. І гэта было адзіным апраўданнем таго, што ты існуеш, Смерць.
– Бачыш, магу і я.
– Бачу. І таму ўспамінаю жыццё з яшчэ мацнейшай пяшчотай... Досыць. Кажы, куды ісці?
Смерць паказала вачыма на дзверы за павуціннем.
– Арахна, – паклікала яна.
Павук варухнуўся і стаў спускацца ніжэй.
– Яна вып’е з цябе жыццё і памяць. Не палохайся, гэта хутка.
– Калі гэта я чагосьці палохаўся?.. Толькі... я б на тваім месцы абнавіў сваю гаспадарку. Павука пакінуў бы для ўладароў, якія смокчуць кроў з народа і выступаюць за старыну. А для бедных людзей зрабіў бы молат і падвёў бы да яго латком ваду, як на млыне. Ім столькі разоў у жыцці даводзілася падстаўляць сваю галаву пад абух... Ну, бывай.
– Чакай, – сказала Смерць. – Ты і цяпер хацеў бы жыць? Ведаючы, што цябе чакае? Артымаўшы маленечкую адтэрміноўку?
– Нават на прэнгу, – сказаў Выліваха. – Паўсюль, дзе няма цябе.
Смерць сумна схіліла галаву, але адразу ўскінула яе так, што ляснулі зубы.
– Добра! Які ты дзіўны! Ты ігрок, але табе патрэбныя рабыні. То, можа, ты згуляеш у шахматы з найвялікшай уладаркай сусвету, ігрок? Стаўка – жыццё.
Выліваха паціснуў плячыма:
– Давай.
– Хочаш, я дам табе візіра наперад?
– Каб потым казалі, што я скарыстаўся са слабасці?
Дошка ляжала між імі. Гервасій узяў за белы шалом маленькага, але неверагодна цяжкага латніка і адкрыў дарогу свайму візіру... Арахна зацікаўлена дыхала над галавой... І раптам Смерць засмяялася:
– Ты зноў папаўся...
– Чаму? Я ведаю: ты ніколі не прайграеш.
– То нашто ты сеў, дурань рагачовец, слабенькі чалавечак?
– Якая ты, часам вартая жалю. Ніч-чога не разумееш. Я – чалавек... Я – ігрок. Няўжо ты думаеш, я, нават бяззбройны, нават калі на мяне напалі б упяцёх, на хвіліну задумаўся б: ужыць мне зубы ці не?
– Гляд-дзі, – сказала Смерць.
За нейкія дваццаць хвілін яна зрабіла брэш у абароне Гервасія, узламала яе і кінулася знішчаць раскіданыя астраўкі адчайдушнага супраціву.
І тут Выліваха ўбачыў, які нечалавечы розум гуляе з ім, якая разлічаная на сто хадоў наперад прадбачлівасць вяжа яго па руках і нагах, як нікому, ніколі не ўдасца выйграць у гэтай вышэйшай і халоднай істоты.
Латнікі ягоныя ішлі наперад і гінулі адзін за адным. Правы фланг касцянога белага войска прагінаўся пад несамавітым напорам чорных так няўхільна, як няўхільна ўлазяць у багну калені чалавека, што ўзняў непасільны цяжар.
З мужнасцю роспачы візір Вылівахі кінуўся наперад, збіў варожага латніка, што выходзіў на лінію “Візіраў трон”, скінуў баявога слана і адразу замітусіўся між дзвюма ладдзямі Смерці. Гуляй-гарады на спінах ладдзей драпежна выскалялі свае зубцы.
Візір збіў яшчэ аднаго латніка і налажыў галавою, аточаны чорным войскам.
І тады рука Смерці працягнулася і зняла з галавы караля карону.
– Аман, – сказала яна.
– Я магу ганарыцца, – сказаў Выліваха. – Не кожны грае са Смерцю.
– Ты нядрэнна біўся. Глядзі, амаль гадзіна. На іншых дастаткова і дзесяцёх хвілін.
– Нічога дзіўнага. Гэта была самая хвалюючая партыя ў маім жыцці.
– Усё скончана, бунтар. Вартавы, прывядзі астатніх.
У пакой увайшлі ўсе весляры з ладдзі. І на чале іх стаяла дзяўчына, а замыкаў шэсце – Перавозчык.
– Вось, – сказала Смерць. – Ён многа браў на сябе. Хацеў гуляць са мною. Глядзіце на яго прыніжэнне, хлопы.
– Прайграць не прыніжэнне, – сказала Бярозка. – Прыніжэнне – кпіць з таго, хто мужна прайграў.
Яна глядзела проста ў вачніцы Смерці.
– Многа ты разумееш, шэранькая курачка, – сказала Смерць. – Многа ты разумееш, слабенькае пыля.
Сустрэлася вачыма з Вылівахам і захінула на грудзях плашч, прыкрыла ім свае старыя жоўтыя косці. І толькі тады Выліваха зразумеў, што перад ім таксама жанчына, з нянавісцю да шчаслівейшых і зайздрасцю да іх.
– Што, Выліваха, можа, згуляем на кветку? – спытала яна.
– Я магу гуляць сабою. Але я не гуляю роднай зямлёй.
– Што ж, – ужо абыякава сказала Смерць, – тады ідзі да Арахны, дзяўчо.
– Але я не хачу туды, – непаразумела сказала Бярозка.
– Як я цябе ненавіджу, – сказаў Выліваха бязносай. – Зусім як нашых радцаў і князёў.
– А між тым я добрая, – сказала Смерць. – Хочаце, ідзіце ўдвох.
Дзяўчына нібы нават з палёгкаю кінулася да Вылівахі:
– Хадзем. Хай яна глядзіць.
– Я таксама была маладою, – паблажліва сказала Смерць. – Я помню свайго першага. Яго звалі Авель. А цяпер мне ўсё гэта ўжо непатрэбна. Я ведаю цану ўсім вам. Мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын... Што, Выліваха, не гуляла табою адзіная, каго ты сапраўды жадаў... больш за жыццё?
– Ну, – сказаў Выліваха.
– Подлічала, набівала сабе цану, мучыла тым больш, чым больш ты кахаў. І чым больш ты кахаў – тым менш паважала. Патрэбнае ёй было тваё бязмернае каханне? Пуга ёй была патрэбная. Пуга і кулак. Пагарда і рабства. Хоць у апошняй прадажнай дрэні, хоць у баязліўца і здрадніка – абы лізаць ногі. І ты яшчэ не хочаш забыцця? Ды дай вашаму подламу чалавечаму племю вось тут, зараз, уратавацца па адным, кінуўшы ўсіх астатніх Арахне, – хто не скарыстаецца з гэтага? Вось ты, курчанятка, ану... згуляй са мною на сваё вартае жалю жыццё.
– Я... не ўмею, – твар Бярозкі згаснуў.
– А каб умела – кінула б усіх і не пачухалася. А ты... Пе-ра-воз-чык? Ты, здраднік?.. А ты, хлуслівы поп? А вы ўсе? А ты, Выліваха, годны кавалер, ану, згуляй на яе жыццё.
– Чужым – не гуляю. Ніколі не гуляў на чужое майно.
– Ну і яшчэ на гэтых усіх. Ну! На дваццаць год гэтай дзяўчыны. На дваццаць год Перавозчыка, на дваццаць – усіх астатніх. На ўсіх, акрамя папа, бо ён марыў аб царстве пасмяротным. Ну?! Вартая жалю чалавечая слізь!
– Выліваха, – сказаў Палачанін. – Ці доўга яна тут будзе здзекавацца з нас?
– А пройгрыш?
– А гонар, – сказаў Палачанін.
– Згода, – сказаў Гервасій.
Смерць ускінула галаву:
– Ты? Табе ж усё адно нічога, нічога больш не дапаможа. Што табе?
Выліваха выстаўляў цяжкія фігуры. І кожны ўдар донцам аб дошку быў, як удар па вечку труны.
– Што табе да гэтага Палачаніна? Што табе да Перавозчыка?
Гервасій пахукаў на донца свайго візіра: ад сурокаў.
– Ты прайграеш. Ты ніколі-ніколі іх не сустрэнеш. Ніхто ніколі не даведаецца.
Выліваха раўняў шэраг латнікаў.
– Ты разумееш, на што ты падымаеш руку? На маю веліч!
“Гора і няшчасце Рагачова” працягнула руку і ўзяло ў дзяўчыны кветку.
– Ты помніш цара Івана? Я і табе не дам забыцця.
Гожыя вусны Вылівахі нахабна і дзёрзка ўсміхнуліся, і не было, здаецца, нічога прыгажэйшага за гэтую ўсмешку.
– Дзякуй, – сказаў ён.
– Тады – прападай, – сказала Смерць, – ты, што сееш у сэрцах гэтых... няшчасных нездзяйсняльныя надзеі.
– А што, хлопцы, – сказаў Выліваха. – Пяць хвілін надзеі – хіба мала?
Весляры ўсміхаліся.
– То прападай, – сказала Смерць.
Латнік яе візіра зрабіў два крокі наперад. Выліваха рушыў свайго.
Як застрэльшчыкі сечы, як Ракута і Койдан пад Крутагор’ем, латнікі стаялі пасярэдзіне поля. Твар у твар.
...Неадольна, як цемры цемраў, як крыжацкае мора на тры сотні вояў князя Давіда, як асманы на Косавым полі, як рыцары на Белай Гары, рухаліся воі Смерці. І зноў Выліваха адчуў, што ніхто ніколі не можа выйграць у сілы, якая сядзела насупраць.
Нечалавечая, вышэйшая, халодная і няўмольная разважлівасць, якая не памыляецца, ваявала з ім. Гэта было страшна, нібы ў сне. І Гервасій зразумеў, што ён сапраўды прапаў.
– Позна, Выліваха, – засмяялася, зарыпела Смерць. – Позна нават з гэтай дзеўкай. Позна. Гуляць трэба пры жыцці. Хе-хе. І маё шчасце, што вы, і асабліва дурныя бабы, не разумееце гэтага. З-за карысталюбства яны адмаўляюць бедным, але высакародным, нібы ў іх тры жыцці.
І неадольна, бы ў сне, Смерць зрэзала Вылівахавага слана.
– А вы, калі яны адмаўляюць вам, улешчваеце іх падарункамі. Нібыта вашы каралі вартыя магнацкіх палацаў, нібыта ваша танная біруза з дарагім пацалункам вартая карэты шасцерыком без пацалунка? Нібыта срэбнае таннае люстэрка, падоранае пяшчотным каханкам, мае ў вачах такой каштоўнасць, у параўнанні з вілай за горадам, якую даруе – усё адно, жарабец ці кастрат. Хе-хе.
Смерць глядзела то на Выліваху, то на Бярозку. Яна злавалася і тым не менш крышыла абарону Гервасія, як хацела. І той, нягледзячы на халодны спакой роспачы, бачыў: усё скончана. Ён зрэзаў слана Смерці і адразу страціў сваю ладдзю і латніка, які пагражаў шатру візіра. Выліваха зірнуў на дзяўчыну, убачыў яе твар і паціснуў плячыма.
– Дорыце ім срэбныя люстэркі, – рыпела Смерць. – А я дарыла б ім люстэркі будучага. Я б дарыла ім замест люстэрка – чэрап. “На, дурніца, глядзі. На, глядзі, якая ты будзеш заўтра. Не подлічай. Кахай, калі кахаюць цябе... Не слухае... Не паслухае... Хе-хе-хе...“
У Гервасія апусціліся рукі. Але ўголас ён сказаў:
– Думаеш ты над кожным ходам, як поп перад ютраню: выпіць яму ці не выпіць.
– На табе чару, – Смерць узяла чарговага латніка. Выліваха гойсаў вачыма па дошцы і меркаваў, што яму цяпер рабіць. Арахна дыхала яму ў спіну.
– Гэн! – крыкнуў ёй Выліваха, у роздуме водзячы рукой над фігурамі.
– Што яна табе, шкодзіць?
– Вядома. Як ікона ў спальні... Не магу я, калі глядзяць...
Арахна адпаўзла. Гервасій пахітаў галавою. Хітравата ўсміхнуўся:
– Ай, Палачанін, ай, лізунчык. Глядзі ты, перад канчынай, можна сказаць, куды ты глядзіш, каб табе так астатні раз.
Смерць пакасілася на Палачаніна. І ў гэты час Выліваха падставіў Смерці пятага свайго латніка, адначасова пасунуўшы рукавом пад бой яе ладдзю.
Бязвокая зірнула зноў на дошку, якая яўляла сабою выгляд страшэннага разгрому. Усміхнулася:
– Зараз табе мая ладдзя Роспачы... О, л-латнічак! Ану, галубок! Хадзі да змарлых, ёмісты ты мой.
Звонку было так, што ладдзя зараз варвецца і скончыць разгром. Латнік Гервасія зляцеў з дошкі... І тады рагачовец з грукатам зняў падстаўленую ім жа самім ладдзю.
– На.
Смерць засычэла.
– І унь табе яшчэ пагроза каралю. Гэта табе за “ласку” да мяне.
Кароль Смерці адступіў, адкрыўшы візіра за сваёй спіною, кінуўшы яго ў бядзе.
– На, – грукнуў па ім Выліваха, не даючы апамятацца. – Два шчыты перад адным мячом. Выбірай. Каню – слана або майму візіру – другую ладдзю.
І ён зняў ладдзю Роспачы. Апошнюю ладдзю, што была ў Смерці.
Людзі войкнулі. На дошцы літаральна за нейкую хвіліну ўсё змянілася. У сталёвым страі нападу зеўралі цяпер страшэнныя праломы. Войска Смерці сплывала крывёй. І, аднак, без абедзвюх ладдзей, без візіра і слана яна ўсё адно была мацнейшая за кожнага іграка на зямлі. Бо яна прадбачыла ўсе магчымыя палажэнні фігур на полі бою і ведала, як скончыцца і як можа развіцца кожны з хадоў ворага.
Выліваха, як кожны чалавек, мог сказаць толькі, што вось гэтая галінка дубка дасць за гэты год “пагон” даўжынёю ў дзесяць цаляў, а тая – у дваццаць, бо на яе трапляе больш сонца. Смерць нечалавечым сваім зрокам бачыла, які будзе гэты дуб у апошнюю хвіліну свайго існавання праз сто год, калі сякера ўдарыць яго ля камля. І яна бясстрасна, халодна пачала карыстацца гэтым веданнем. Яна сабрала ўсе сілы ў кулак і пачала ціснуць на правае крыло Вылівахавага войска.
...І ў гэты момант Гервасій пачаў разумець нешта такое, што пасяліла ў ягонай душы парасткі несамавітай радасці...
...Дзяцінства. Сябры ідуць у грыбы. Усе астатнія дзяруцца ў нетры, а ён спакойна ідзе лясной дарогай і праз кожныя некалькі крокаў зрывае баравік, што вылез якраз між каляін. Цвёрды, спадыспаду нібы абсыпаны мукою (ішоў дождж, і кроплі, падскокваючы ад зямлі, білі пад ягоны парасон, а потым высахлі), крамяны, як сыр.
А вось салоўка, які трэцяе лета спакойна жыў пад ягоным акном. А вось заяц, які дажыў да старасці адразу за гумнамі, таму што так не бывае.
Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на “спрадвечны” закон.
– Ты ваюеш не па правілах, Выліваха, – сказала Смерць. – Ты аддаў мне гэтага латніка і, значыцца, павінен быў замацавацца вось тут, а замест гэтага...
– Каму павінен?
– Беспамылковасці.
– Я павінен вось ім, гэтым людзям. І нікому больш.
Другі слон Смерці заракатаў бакамі па стале. Выліваха ўсміхнуўся... Што ведала гэтая бязвокая дрэнь аб арабіне, якая расце на яго камяніцы, няхай без належнага абшару зямлі, але затое недасяжная для коз? Што ведала яна аб зайцы ў глогавых агароджах, які цаною штодзённых драпін зберагаў у цэласці шкуру? Што ведала яна аб яго народзе, які жыў насупор і не так і ўзрошчваў шыпы на сваіх карэннях, а не на сцяблінах?
“Хай косіць твая каса. Што мне ў маіх гожых, але непатрэбных кветках, калі мае карэнні маўчаць, і разрастаюцца ў зямлі, і чакаюць свайго дня?”
– Выліваха, дзе сэнс у тваіх учынках?
– А ты што думала, я – абак[8]1? Чалавек – быдла непаслядоўнае. Таму ён і не быдла.
Ён лікаваў удушы. Яна, неадольная, не магла адолець толькі аднаго: Боскай непаслядоўнасці чалавечай думкі.
Нават не Боскай. Таму што чалавек часам са звычайнага падзення ігральных касцей робіць больш значныя высновы, чым Бог з бясспрэчнага закону аб тым, што двойчы два чатыры.
– Ты накшталт бацькоў нашай царквы, – сказаў Выліваха. – Вазьмі іх за ногі, стусані – адразу з іх рознае дзярмо пасыпецца. Тры ісціны – і больш няма... “Рабы, слухайцеся паноў вашых“, “Дух – галоўнае, а гнойная плоць – за ім“, “Ашчэ не будзеце, як дзеці – не трапіце ў царства нябеснае...“. Стваральнікі мудрасці для бедных... Чаканшчыкі баек для ўсіх.
І ён зняў каня Смерці.
Ён успамінаў зямлю і ўсміхаўся. Яго новая, непераможная, мудрасць была мудрасцю таму, што ў ёй не было нічога скутага. У ёй было натхненне, сардэчны боль, неасэнсаваная прыхільнасць да аднаго і агіда да другога. Шкада, што позна, позна прыйшла да яго мудрасць. Але ён падумаў, што як Смерць вось зараз не можа перамагчы яго, так ніколі не пераможа яго жывых братоў вялікае каралеўства, у якім уладарыў рагаты ягоным дбаннем Цыкмун. Ніколі, нават з дапамогай падлюг накшталт нясвіжскага Радзівіла, старобінскага Слуцкага або паланецкіх ці менскіх Хадкевічаў. Таму што ўсе яны рабілі “як належыць“.
– Мат! – сказаў ён.
Смерць сядзела моўчкі. Потым узняла вачніцы.
– Нечакана, – сказала яна, не расціскаючы зубоў. – З самай той хвіліны, калі я зяўнула ладдзю.
– Ты зяўнула яе раней, – сказаў Выліваха. – Яшчэ на моры.
– Перамог... Што ж, мяне суцяшае тое, што гэта апошняя твая перамога. Што ты – першы, але ты і апошні.
– І тое праўда, – сказаў Гервасій і ўстаў. – Хаця?.. Хто ведае... Цяперака пайшлі так-кія дзеці. І потым – чаго мне шкадаваць, калі я змог немагчымае, калі я знікну – пераможцаю?
– Развітайся з імі, – сказала Смерць.
– Нічога, хлопцы, – сказаў Выліваха. – Сустрэнемся ў казалупа на шастку, як сказаў наш добры кароль маскоўскаму цару.
– А я? – сказала Бярозка.
– Шумі даўжэй, – сказаў Выліваха. – Пастарайся там наконт дзяцей і за мяне... Жыві шчасліва, малая.
І ён, вельмі прамы, рушыў да дзвярэй, куды ўжо спускаўся з вышыні чорны павук.
– Гервасій, – пачуў ён за сабою.
Дзіўна, ён ішоў спіною да яе і, адначасова, мог бы пабажыцца, што бачыць яе вочы і разумее, разумее тое, што жыве ў гэтых вачах. Але ён ішоў.
Арахна падціснула бруха, рыхтуючыся да рыўка.
– Пані! Пані! Хай ён пачакае, я не хачу!
– Чаго ты не хочаш?
– Я не хачу... на зямлю.
– То ідзі з ім.
– Дзякуй... Дзякуй вам, пані Смерць.
– Ідзі, дзеўка.
...Выліваха ледзь паспеў адштурхнуць дзяўчыну ад павуціння:
– Дужа ты ведаеш жыццё, дурніца... Назад!
– Я і не ведала яго... Да самай ладдзі, – яна глядзела на яго, як на Бога. – То што мне ў тым няведанні?
– Дурная, дурная, – з болем сказаў ён. – Ты й не ведаеш, хто я. Брахун, п’янюга, бабнік, бязбожнік, ерэтык, злачынец, абжора, пудзіла ўсіх добрых людзей.
– Усё адно. Толькі... перад тым як пойдзем... пацалуй, калі ласка, мяне.
І раптам Палачанін грымнуў шахматнай дошкай аб каменныя пліты.
– Ты, – сказаў ён Смерці. – Гэта ўжо занадта. Або забівай адразу і разам са мной, або адпусці.
– Не магу, – сказала Смерць. – Хіба што... падзяліць між імі жыццё гэтай квактушкі. Замест дваццацёх для яе – кожнаму будзе па дзесяць год... Ты згодная памерці ў дваццаць сем год?
– Я згодная была і ў семнаццаць, – сказала Бярозка.
– А ты, Выліваха?
– Я хачу, каб яна жыла, колькі ёй належыць.
– Тады я пайду зараз, – павесіла галаву дзяўчына. – Ці не ўсё мне адно. Калі ты не хочаш мяне.
Выліваха задумаўся.
– Добра, – урэшце сказаў ён. – Паспрабуем нанава. Хаця ў нас і мала дзён, але, я думаю, помнячы гэта, мы будзем несці адзін аднаго асцярожна... як нясуць апошні гляк з гарэлкай на ксціны.
Нават тут ён быў непапраўны.
– Ну, што вы там шэпчацеся, як ракі? – спытаў ён у людзей.
– Слухай мяне, – сказаў Палачанін. – Мне цяжка пазбавіцца нават аднаго зноў прыдбанага дня. Тым больш цяпер, калі я ведаю, што такое смерць, і я не хачу яе, як... смерці. І ўсё ж, вазьміце два мае гады. Будзе несправядліва, калі я перажыву вас... на цэлыя дзесяць год, рагачовец.
Гервасій падумаў, што адмовіцца нельга.
– Мы бяром іх, – сказаў ён.
– І мае два гады... І мае... І мае, – загулі галасы.
Смерць лічыла па пальцах. І, налічыўшы чарговыя дзесяць, клала на стол адну фігурку. І паступова ў яе ўсё больш адвісала сківіца.
– Што вы робіце?! – спытала яна. – Вы, якія больш за ўсё баіцеся мяне, вы далі ім яшчэ па сорак год кожнаму. І гэты ерэтык і блюзнер пражыве на зямлі дзевяноста тры гады, а яна – семдзесят сем!.. Пабойцеся Арахны, людзі!!!
У гэты момант маленькі чалавечак, што хаваўся дагэтуль за спінамі другіх, рассунуў натоўп і, не звяртаючы ўвагі на старую, падышоў да Гервасія:
– Прабач, я не магу аддаць табе два свае гады.
Усмешка ў яго была вінаватая.
– Урэшце, – сказала Смерць. – Я яшчэ не зусім губляю на вас надзеі, людзі.
– Разумееш, – сказаў чалавечак, – мой горад паабяцалі выразаць стральцы. Да апошняга чалавека. Мы не маглі б пратрымацца больш чым да вечара, але я быў забіты раніцай, якраз на пачатку штурму. У мяне толькі адзін дзень жыцця. Магчыма, не варта было б і вяртацца, тым больш што ўсе мае загінулі, а вечарам ніхто ўжо не скажа мне па-свойму: “Здароў, Гальяш-медавар!” Але ж адзін гэты дзень я магу трымаць меч, шыбень ці нож. І мяне будзе мучыць думка, што я нібыта кінуў тых, і горад, і сваю зямлю, і мядоўню ля Перавесішча. Разумееш, ён быў прыгожы, горад, пакуль яны не прыйшлі. І нават пчала, у якой няма свайго слова, не шкадуе джала і жыцця, баронячы свепет. Мне сорамна, але... не пагрэбуй... вазьмі і дзве мае хвіліны, брат.
Выліваха маўчаў.
– Дзякуй за самы дарагі дар, – урэшце сказаў ён.
– Кінь, – сказала Смерць. – Што ты зробіш за іх?
– Вып’ю з ёю апошні кубак... Каб ты здохла і каб такія, як ён, не звяліся на нашай зямлі... Хадзем, людзі.
– А я?! – спытаў раптам поп.
– А ты заставайся ў сваім эдэме, хлус, – сказаў Палачанін.
– Не, – глуха сказаў поп. – Не... Не!
Людзі праходзілі паўз яго.
– Стойце, – сказаў Выліваха. – Грэх пакінуць тут жывую яшчэ душу. Ён дурань. Ён не будзе больш. Праўда ж, не будзеш?
– Не, – сказаў поп і агледзеўся. – Усё, што хочаце, толькі не гэта. Бедаваць, пісаць ерэтычныя вершы... Рабаваць багатых... каб потым крумкачы пілі твае вочы на коле... на Замкавай плошчы. Толькі вазьміце мяне з сабой.
– То што, – сказаў Гервасій. – Давайце зноў скідацца. Дальбог, нібы не апраметная, а карчма, калі ў прапойцаў ваўкі выюць у кішэні.
У цішыні, што легла пасля ягоных слоў, усе пачулі раптам глухія і цяжкія крокі па каменных плітах падлогі.
Перавозчык ішоў да апошніх дзвярэй.
Увесь абмяклы, увесь грузлы, ён ішоў... ішоў... ішоў і спыніўся толькі каля павуціння. Павярнуўся. Абвёў людзей сінімі вачыма.
– Не трэба, – сказаў ён. – Я дам. Я аддам. Бо я аднаго толькі прагну. Забыцця... Забыцця... Забыцця.
І ён прагна, са стогнам працягнуў рукі. Арахна кінулася ўніз і схапіла яго. У наступнае імгненне ён знік. Знік, быццам яго і не было. Пачуўся яшчэ толькі шолах, нібы вызвалены ўздых.
Смерць глядзела ў зямлю, хутаючы свае старыя косці.
– Да скорай сустрэчы, Выліваха, – урэшце сказала яна.
– Да скорай сустрэчы, – усміхнуўся ён і абняў плечы дзяўчыны.
...Праз некалькі хвілін вада выкінула іх на паверхню Святога возера, што непадалёк ад Рагачова. Мужык, які вёў паіць каня, раптам убачыў чатыры дзесяткі людзей, што купаліся ў поўнай вопратцы, і сярод іх аднаго папа, перажагнаўся, а потым узваліўся на каня і, ляпаючы яго чорнымі пяткамі, паскакаў так, нібы за ім гналіся падатныя начальнікі. Увечары ён бажыўся ў карчме, што рагачоўскія радцы зноў перапіліся і разам з духоўным айцом і ў поўным адзенні ці то асвяжаліся вадою, ці то хадзілі з брэднем.
Паколькі такое не было ў навіну – яму паверылі.
А былыя весляры ладдзі Роспачы тым часам ішлі ўсё далей і далей, і вопратка высыхала на гарачых іхніх грудзях, якія аж дымелі пад добрым сонцам.
Трапятаў на межах залаты баркун, залатыя пчолы гулі над свепетамі, а ў небе, у палючым святле, звінелі між аблокамі беларускія жаўрукі.
Людзей меншала і меншала, бо яны ішлі ўпрочкі і рабіліся ўрэшце толькі жывымі кропкамі на лоне зямным. І ўрэшце Выліваха з дзяўчынай і Палачанін засталіся ўтраіх.
– Чаму ты адказаў “да скорай сустрэчы“, а сам усміхаўся, Выліваха?
– Наўрад ці сустрэча апошняга майго нашчадка і яе адбудзецца скора.
– Твая праўда, – сказаў Палачанін. – Дый ці вымруць яны наогул, такія гарластыя?.. Дай кветку, брат.
Ён узяў трохі прывялую кветку і пасадзіў яе, як мятлушку, на шыпшынавыя хмызы. І дзіўна, астатнія кветкі адразу сталі цямнейшыя. І з таго самага часу над Дняпром расце цёмная шыпшына, якая цвіце ўсё лета, каб ніхто не застаўся без роднай кветкі, калі прыйдзе час адыходзіць з нашай добрай зямлі, каб у кожнага была кветка.
– Бывай, брат Палачанін.
– Бывай, лыцар, бывай, дзяўчына.
Трэці пайшоў на поўнач і скора знік у гарачым святле. А яны пайшлі сваёй дарогай і скора ўбачылі замчышча і Дняпро, а ўбаку – старую камяніцу Вылівахі.
Цвіла каля яе брызгліна; белыя аблокі глогавых агароджаў дурманілі зайца, што салодка спаў у іхніх нетрах, каліна выкінула свае пяшчотныя парасоны. А Выліваха ішоў, і рука ягоная лажала на дзявочым плячы.
Жыццё вярнула яму адзіную. І дзякаваць Богу, што не пакінула з ім той, а дало яму лепшую, чыстую і адданую, сапраўднае дзіця гэтай зямлі.
На паваротцы сцежкі, дзе шалеў сіні бэз, перад ім вывернулася шэсце. Наперадзе ішлі сумныя сябры на чале з Ірай Францічкам, а за імі подбегам неслі пустую труну людзі з прытча, спрачаліся аб нечым поп і пробашч, і крочылі з удавана-поснымі лычамі радцы і замкавыя людзі.
Выліваха чуў адны галасы:
– Гора, хлопцы.
– Памянём бедалагу.
– Такое ўпартае, такое моцнае жыццё. Прыдушанае – а жыццё.
Але чуў ён і іншае:
– Ці даруе яму вышэйшая сіла?
– Скажу я вам, чысцец наўрад ці адпусціць такую закаранелую душу.
– Які чысцец?! Усё гэта вашы рымскія выдыганні.
– А пан схізмат!
– Супакойцеся. Пагадзіцеся на тым, што гэта вы – добрыя людзі, а ён...
– І не месца яму сярод лепшых людзей.
– Вяд-дома. Ні грошай у яго не было, ні глыбокай пашаны да ўлад, ні надзейнасці. Ані дабрабыту. Ані маралі.
І тады Выліваха выйшаў на сцежку і адрэзаў сваёй постаццю адны галасы ад другіх.
– Вы можаце вярнуцца, – сказаў ён. – Вас ніхто не прасіў сюды.
У кашталяна адвісла ніжняя сківіца:
– Т-ты... ж-жывы?
– Вядома. І стану жыць я ёю. Пакуль не памру ў адзін з ёю час... Можаце ўзяць гэтую труну для кашталяна: па-мойму, ён ужо смярдзіць.
– Як жа...
– А вы што, думаеце, мы смяротныя і лёгка паміраем?.. Ідзіце, ідзіце. Пакіньце віно нам. Хлябчыце воцат і жоўць, перавозчыкі. У нас – свой эдэм. Не для вас.
І ён узяў дзяўчыну за руку, а сябры абнялі іх. І ўсе яны, кінуўшы на сцежцы людзей над пустою труной, пайшлі ў зарасці глогу і адвечнай, як гэтая зямля, шыпшыны.
І заяц з глогавых нетраў не кінуўся ўцякаць ад іх, а павараціўся задам да пакінутых і пачаў так рагатаць, што ў яго трэснула верхняя губа.
А глог цвіў над зямлёю, і гэта было сапраўды як эдэм, у якім гучаў ціхі і пяшчотны смех, ці то зайцаў, ці, можа, самога жыцця.
КАМЕНТАРЫІ:
Упершыню на рускай мове – “Неман”, 1968, № 2.
Упершыню на беларускай мове – у кнізе: Караткевіч У. З вякоў мінулых. – Мн.: Маст. літ, 1975. – С. 205 – 244.
Перакладзена на рускую мову (п.1). (?)
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. – Мн.: Маст. літ., 1988. С. 130 – 169.